Джані Радары

Прыгоды Чыпаліна


«Buon giorno!»

Ну, вось, мой Чыпаліна прывёў сваіх сяброў аж у вашу Беларусь, невядомую ні яму, хлапчуку Поўдня, ні самому аўтару. Глядзі ты, як ён далёка сігануў! Мне думаецца, што Чыпаліна наўрад ці марыў аб гэтым, калі гаварыў толькі па-італьянску.
«Buon giorno!» - гаворыць ён вам, а перакладчык павінен растлумачыць, што «Buon giorno!» - гэта па-вашаму «Добры дзень!» Мне думаецца, што вы добра зразумееце адзін другога і нават станеце добрымі сябрамі.
Чыпаліна (Цыбулька) - італьянец, таксама як і яго бацькі - Чыпала-бацька і Чыпала-маці, яго сябар Вішанька і яго вораг сін'ёр Памідор. Смешныя гэта людзі, ці не так? Вам, напэўна, цікава, як яны атрымалі гэтыя агародныя і садовыя мянушкі?
Скажу вам шчыра, што ўпершыню мне прыйшла ў галаву думка апісаць усе прыгоды Чыпаліна на рынку. Быў я тады газетным работнікам у Мілане і часта наведваў рынак: то паглядзець на цэны, то пагаварыць з хатнімі гаспадынямі, а галоўнае, паслухаць, аб чым яны самі гавораць. Там я і наслухаўся ўсялякіх гісторый: і пра бедных людзей, у якіх зусім няма чаго есці (такіх у Італіі яшчэ ўга колькі!), і пра гаротнікаў, што не маюць працы. А колькі там расказвалі гісторый аб розных несправядлівасцях і самавольствах!
Усе гэтыя гісторыі жывуць у нас, у Італіі, дзе працоўныя змагаюцца за свой надзённы хлеб, за працу, за свае правы і шчасце, супраць тых, якія самі не працуюць, а пануюць над усімі.
Дык вось, паколькі я быў частым госцем на рынку і па сваёй прафесіі журналіста раз'язджаў з канца ў канец па маёй радзіме, я добра пазнаёміўся з горам і нястачамі народа і сам прымаў удзел у яго барацьбе. Разам з тым у маёй пісьменніцкай фантазіі яскрава маляваліся і іншыя карціны, карціны хараства маёй айчыны, жвавасці і таленавітасці майго народа - карціны надзвычай маляўнічыя, сакавітыя па сваіх фарбах, як вялізныя рыначныя кошыкі, поўныя спелай садавіны і гародніны.
І калі я вырашыў расказаць аб прыгодах мужнага хлапчука, гатовага распачаць барацьбу, каб дапамагчы прыгнечаным і гаротным, гэты хлопчык сам падказаў мне (вядома, у маёй фантазіі) назваць яго Чыпаліна (Цыбулькай).
Цяпер вам зразумела: хлопчык, які так завецца, павінен быў мець і таварышаў, падобных да сябе, павінен быў жыць у асаблівых, адпаведных яго паходжанню, абставінах, так сказаць, у сваім асаблівым свеце, трапляць у такія абставіны, якіх у сапраўднасці ніколі не бывае. Ну, скажам, здаралася вам, напрыклад, калі-небудзь чуць, як гаворыць крот або мядзведзь? Вядома, не. Мне - таксама. А вось у «Прыгодах Чыпаліна» гавораць не толькі краты і мядзведзі, а нават і вусені...
Я не мог зрабіць інакш: у казцы сапраўднасць і выдумка заўсёды цесна пераплятаюцца, арганічна ўваходзяць адна ў другую.
Даравальна гэта, вядома, і майму Чыпаліна-Цыбульцы.
І вось я задаю сабе пытанне: што скажаце на гэта вы, беларускія дзеці, такія дасціпныя і кемлівыя - дзеці, якія на сваёй роднай мове гавораць з самага малку, у той час як я, аўтар, толькі-толькі пачынаю адольваць з вашай мовы першыя словы. Што вы скажаце пра такія незвычайныя гісторыі, у якіх героі агароднага і садовага паходжання гавораць і дзейнічаюць, дзе жывёлы размаўляюць, як людзі?
Сказаць праўду, я пабойваюся, што вы запытаеце ў мяне: «Няўжо ў Італіі сапраўды могуць адбывацца такія рэчы?» Мы ж добра ведаем, скажаце вы, што Італія - гэта краіна лімонаў і апельсінаў, краіна вясёлых неапалітанскіх песень, і ні ў адной з гэтых песень не гаворыцца аб тым, аб чым вы расказваеце!..
Скажу вам у адказ, што я хацеў напісаць такую аповесць-казку, якая была б падобна да народных казак, яшчэ і цяпер вядомых вашым дзядам і бабулям. А ў казках, як вядома, усё магчыма і ўсё праўдзіва. І ў маёй аповосці-казцы я імкнуўся паказаць сапраўдныя пачуцці народа, сынам якога я з'яўляюся, мары і надзеі яго сыноў і дачок.
Чыпаліна змагаецца па-свойму - забаўна і бесклапотна - і па-свойму, пры дапамозе розных выдумак, падтрымлівае барацьбу майго народа за справядлівую справу.
Чыпаліна хацеў бы зрабіць свет такім, у якім ніхто б не пакутаваў ад голаду, і бедны не пакараўся багатым. Гэтага ж хочуць і італьянскія працоўныя. І хто ведае, магчыма вы, чытаючы «Прыгоды Чыпаліна», хоць крыху пазнаёміцеся з намі, італьянцамі, уявіце, якія мы, што думаем, што церпім і за што змагаемся!
А ўявіць нас вам будзе зусім няцяжка. Мы адрозніваемся ад вас толькі тым, што замест «Добры дзень!» гаворым «Buon giorno!» А хочам мы таго ж, чаго і вы: свабоды і міру. І ненавідзім мы тое ж самае, што і вы: несправядлівасць і вайну.
Ну, што ж, я спадзяюся, што вы добра прымеце, прывеціце маё пацешнае прыёмнае дзіцё - Цыбульку. І мне вельмі хочацца, каб яго вясёлыя і забаўныя прыгоды захаплялі не толькі вашу фантазію, але і вашы сэрцы.
Ну, ідзі, Чыпаліна, ідзі ў Менск, ідзі ў Гомель і Віцебск, Берасце і Магілеў, ідзі ў такі зялёны на карце Барысаў, мабыць лясны, ідзі да ўсіх беларускіх дзяцей - гараджан і вяскоўцаў! Паводзь сябе добра, і ты пабратаешся з тысячамі новых сяброў!

Джані Радары
г. Рым, 4 сакавіка 1956


Раздзел першы,
у якім Чыпалоне адціснуў нагу прынцу Лімону

Чыпаліна быў сынам Чыпалоне. І было ў яго сем братоў: Чыпалета, Чыпалота, Чыпалоча, Чыпалуча і гэтак далей - самыя добрыя імёны для сумленнай цыбульнай сям'і. Людзі яны былі добрыя, трэба прама сказаць, ды толькі не шанцавала ім у жыцці.
Нічога не зробіш: дзе цыбуля, там і слёзы.
Чыпалоне, яго жонка і сыны жылі ў драўлянай халупе, крыху большай, чым скрыначка для агароднай расады. Калі багацеям здаралася трапляць у гэтыя месцы, яны нездаволена моршчылі насы, бурчэлі: «Фэ, як пахне цыбуляй!» - і загадвалі фурману праязджаць гэтае месца хутчэй.
Аднойчы бедную ўскраіну сабраўся наведаць сам правіцель краіны, прынц Лімон. Прыдворныя страшэнна хваляваліся, ці не ўдарыць пах цыбулі ў нос яго высокасці.
- Што скажа прынц, калі адчуе гэты пах беднасці?
- Можна апырскаць беднякоў духамі! - прапанаваў Старшы Камергер.
На ўскраіну зараз жа адправілі тузін салдат-Лімончыкаў, каб надушыць тых, хто пахне цыбуляй. На гэты раз салдаты пакінулі ў казармах свае шаблі і гарматы і ўзвалілі на плечы велізарныя бітоны з апырсквальнікамі. У бітонах былі: кветачны адэкалон, фіялкавая эсенцыя і нават самая лепшая ружавая вада.
Камандзір загадаў Чыпалоне, яго сынам і ўсім сваякам выйсці з хацінак. Салдаты пашыхтавалі іх і старанна апырскалі з галавы да ног адэкалонам. Ад гэтага духмянага дажджу ў Чыпаліна з непрывычкі зрабіўся моцны насмарк. Ён пачаў гучна чхаць і не пачуў, як здалёку даляцеў працяглы гук трубы.
Гэта на ўскраіну прыехаў сам правіцель з світай Лімонаў, Лімончыкаў і Лімончычкаў. Прынц Лімон быў апрануты ва ўсё жоўтае з ног да галавы, а на жоўтай шапачцы ў яго бразгаў залаты званочак. У прыдворных Лімонаў званочкі былі срэбраныя, а ў салдат-Лімончыкаў - бронзавыя. Усе гэтыя званочкі звінелі, не сціхаючы, так што ўзнікала цудоўная музыка. Паслухаць яе збеглася ўся вуліца. Народ парашыў, што гэта прыйшоў вандроўны аркестр.
Чыпалоне і Чыпаліна аказаліся ў першым шэрагу. Ім абодвум дасталася нямала штуршкоў і выспяткаў ад тых, хто напіраў ззаду. Нарэшце бедны стары Чыпалоне не вытрымаў і закрычаў:
- Назад! Асадзі назад!..
Прынц Лімон насцярожыўся. Гэта што такое?
Ён падышоў да Чыпалоне, велічна пераступаючы сваімі кароткімі, крывымі ножкамі, і строга паглядзеў на старога:
- Чаму гэта ты крычыш «назад»? Мае вернападданыя так прагнуць убачыць мяне, што рвуцца наперад, а табе гэта не падабаецца, так?
- Ваша высокасць, - прашаптаў на вуха прынцу Старшы Камергер, - мне здаецца, што гэты чалавек - небяспечны мяцежнік. Яго трэба ўзяць пад асобы нагляд.
Адразу ж адзін з салдат-Лімончыкаў накіраваў на Чыпалоне падзорную трубу, якою карысталіся для назірання за парушальнікамі спакою. У кожнага Лімончыка была такая труба.
Чыпалоне пазелянеў ад страху.
- Ваша вялікаспь, - прамармытаў ён, - дык яны ж мяне заштурхаюць!
- І добра зробяць, - загрымеў прынц Лімон. - Так табе і трэба!
Тут Старшы Камергер звярнуўся да натоўпу з прамовай.
- Любыя нашы падданыя, - сказаў ён, - яго высокасць дзякуе вам за выказаную адданасць і за старанныя штуршкі, якімі вы частуеце адзін аднаго. Штурхайцеся мацней, напірайце з усёй моцы!
- Але ж яны і вас саміх, чаго добрага, з ног саб'юць, - паспрабаваў запярэчыць Чыпаліна.
Але другі Лімончык зараз жа накіраваў на хлопчыка падзорную трубу, і Чыпаліна палічыў за лепшае схавацца ў натоўпе.
Спачатку заднія шыхты напіралі на пярэднія не вельмі моцна. Але Старшы Камергер так люта паглядваў на нядбайных, што ўрэшце натоўп захваляваўся, як вада ў кадушцы. Не стрымаўшы напору, стары Чыпалоне закруціўся кулём і неспадзявана наступіў на нагу самому прынцу Лімону. Яго высокасць, на нагах у якога былі ладныя мазалі, адразу ўбачыў усе зоркі на небе без дапамогі прыдворнага астранома. Дзесяць салдат-Лімончыкаў кінуліся з усіх бакоў на няшчаснага Чыпалоне і надзелі на яго кайданкі.
- Чыпаліна, Чыпаліна, сынок! - клікаў, разгублена азіраючыся вакол, бедны стары, калі яго адводзілі салдаты.
Чыпаліна ў гэтую хвіліну знаходзіўся вельмі далёка ад месца здарэння і нічога не падазраваў, але разявакі, якія блукалі навокал, ужо ўсё ведалі і, як бывае ў падобных выпадках, ведалі нават больш, чым адбылося ва самай справе.
- Добра, што яго своечасова схапілі, - казалі пустыя балбатуны. - Вы толькі падумайце, ён хацеў закалоць яго высокасць кінжалам!
- Няпраўда, у ліхадзея кулямёт у кішэні!
- Кулямёт? У кішэні? Ды гэтага не можа быць!
- А хіба вы не чуеце страляніны?
На самай справе гэта была зусім не страляніна, а трэск святочнага феерверка, наладжанага ў гонар прынца Лімона. Але натоўп так перапалохаўся, што ўроссып кінуўся ўцякаць ад салдат-Лімончыкаў.
Чыпаліна хацеў быў крыкнуць усім гэтым людзям, што ў кішэні ў яго бацькі не кулямёт, а толькі невялікі акурак цыгары, але, падумаўшы, парашыў, што балбатуноў усё роўна не перагаворыш, і разважна замоўк.
Бедны Чыпаліна! Яму раптам здалося, што ён стаў дрэнна бачыць, - гэта таму, што ў яго на вочы навярнулася вялізная сляза.
- Назад, дурная! - закрычаў на яе Чыпаліна і сціснуў зубы, каб не зараўці.
Сляза спалохалася, адступіла і больш ужо не паказвалася.

* * *

Карацей кажучы, старога Чыпалоне прыгаварылі да турэмнага зняволення не толькі на ўсё жыццё, але і на многа-многа год пасля смерці, таму што пры турмах прынца Лімона былі і могілкі.
Чыпаліна дабіўся спаткання з старым і моцна абняў яго:
- Бедны ты мой бацька! Цябе пасадзілі ў каталажку, як злачынца, разам з бандытамі і зладзеямі!
- Што ты, што ты, сынок, - ласкава перабіў яго бацька, - ды ў турме ж паўнюсенька сумленных людзей!
- А за што ж яны сядзяць? Што яны зрабілі дрэннага?
- Зусім нічога, сынок. Вось за гэта іх і пасадзілі. Прынцу Лімону добрыя людзі не па нутру.
Чыпаліна задумаўся.
- Значыць, трапіць у турму - гэта вялікі гонар? - спытаў ён.
- Выходзіць, што так. Турмы пабудаваны для тых, хто крадзе і забівае, але ў прынца Лімона ўсё наадварот: зладзеі і забойцы ў яго ў палацы, а ў турме сядзяць сумленныя людзі.
- Я таксама хачу быць сумленным чалавекам, - заявіў Чыпаліна, - але толькі ў турму трапляць не жадаю. Пацярпі крыху, я вярнуся сюды і ўсіх вас вызвалю!
- Ці не вельмі ты на сябе спадзяешся? - усміхнуўся стары. - Гэта справа нялёгкая!
- А вось пабачыш. Я свайго даб'юся.
У гэты час з'явіўся нейкі Лімончык з варты і абвясціў, што спатканне скончылася.
- Чыпаліна, - сказаў на развітанне бацька, - цяпер ты ўжо вялікі і можаш сам аб сабе падумаць. Аб тваёй маме і браціках паклапоціцца дзядзька Чыпала, а ты ідзі павандруй па беламу свету, павучыся, розуму набярыся.
- Як жа я буду вучыцца? Кніжак у мяне няма, ды і купіць іх няма за што.
- Гэта не бяда, жыццё навучыць. Толькі пільна глядзі - старайся бачыць наскрозь усякіх круцялёў і ашуканцаў, асабліва тых, што маюць уладу.
- А потым? Што мне потым рабіць?
- Сам зразумееш, калі прыйдзе час.
- Ну ідзі, ідзі, - закрычаў Лімончык, - хопіць балбатаць! А ты, абадранец, не вельмі тут круціся, калі сам не хочаш трапіць за краты.
Чыпаліна адказаў бы Лімончыку насмешлівай песенькай, ды падумаў, што не варта трапляць за краты, пакуль не паспеў як след узяцца за справу.
Ён моцна пацалаваў бацьку і пабег.
На другі дзень ён папрасіў добрага дзядзьку Чыпала, каб ён паклапаціўся аб яго маці і семярых братах. Дзядзьку пашанцавала ў жыцці крыху больш, чым астатнім сваякам, - ён служыў недзе брамнікам.
Развітаўшыся з дзядзькам, маці і братамі, Чыпаліна звязаў свае рэчы ў клуначак і, пачапіўшы яго на палку, рушыў у дарогу.
Ён пайшоў куды вочы глядзяць і, мусіць, выбраў правільны шлях.
Праз некалькі гадзін дабраўся ён да маленькай вёсачкі - такой маленькай, што ніхто нават не паклапаціўся напісаць яе назву на слупе ці на першым доме. Ды і дом гэты быў, уласна кажучы, не дом, а нейкая малюсенькая будка, прыгодная хіба толькі для сабакі. Каля акенца сядзеў стары з рудаватай бародкай; ён сумна пазіраў на вуліцу і, здавалася, быў нечым вельмі заклапочаны.


Далей будзе...



Пераклад: Пятро Рунец

Беларуская Палічка: http://knihi.com

[an error occurred while processing this directive]