Фрыдрых ДзюрэнматЮстыцыяРаман
Я пачаў пісаць «Юстыцыю» ў 1957 годзе і разлічваў закончыць раман за некалькі месяцаў. Але тут умяшалася іншая праца - «Франк V», а «Юстыцыя» засталася ляжаць. Далейшыя спробы вярнуцца да рамана закончыліся няўдачай, апошні раз - у 1980 годзе; ён павінен быў стаць трыццатым томам збору маіх твораў. Але выпала няўдача: спрабуючы прадоўжыць дзеянне, я ніяк не мог успомніць, як яно ў мяне было задумана. Увесну 1985 года Даніэль Кіль прапанаваў мне выдаць «Юстыцыю» ў выглядзе фрагмента. Я згадзіўся не без ваганняў, рашыў дапісаць яшчэ адзін асноўны раздзел, але пасля пачаў перапісваць і дапаўняць раман, змяніўшы пачатковую задуму. У завяршэнне хачу падзякаваць Шарлоце Кер, сваёй жонцы. Ёй я абавязаны каштоўнымі парадамі, як і нястомнай, крытычнай увагай да маёй працы.
* * *
Гэты раман не заснаваны на фактах. Імёны, асобы, месца, дзеянне прыдуманы аўтарам. Магчымае падабенства з сапраўднымі падзеямі, месцамі альбо асобамі, усё роўна - жывымі ці мёртвымі, мае чыста выпадковы характар.
I
Ну, вядома ж, пішу гэтую справаздачу толькі так, дзеля блізіру і парадку, з пэўнага педантызму, каб далучыць яе да справы. Я хачу прымусіць сябе яшчэ раз акінуць вокам увесь бег падзеяў, якія прывялі да апраўдання забойцы і смерці невінаватага. Хацелася б яшчэ раз прадумаць крокі, на якія мяне змусілі, а таксама меры, якія я прыняў, і ўпушчаныя магчымасці. Хачу яшчэ раз сумленна ўзважыць шанцы, якія, пэўна, яшчэ засталіся ў юстыцыі. Але перш за ўсё я пішу гэтую справаздачу таму, што маю час, шмат часу, два месяцы сама мала. Я толькі што вярнуўся з аэрапорта (бары, у якія я заскокваў па дарозе, не ў залік, мой цяперашні стан таксама значэння не мае. Я п'янюткі ў дрызіну, але да раніцы ачухаюся). Калі я вылез са свайго «фольксвагена» і зняў з засцерагальніка рэвальвер, велізарная машына з доктарам honoris causa Ісакам Колерам з ровам паднялася ў начное неба і ўзяла курс на Аўстралію. Гэта быў адзін з геніяльных трукаў старога, калі ён перад адлётам патэлефанаваў мне; яму хутчэй за ўсё было вядома, што я задумаў, як яно і ўсім было вядома, што ў мяне няма грошай, каб ляцець следам за ім.
Таму нічога іншага мне не застаецца, як толькі чакаць, калі ён вернецца, бадай што, недзе так месяцы ў чэрвені, а можа, у ліпені, піць, часта альбо зрэдзь, як на тое станецца маіх фінансаў, і пісаць, пісаць - адзіны занятак, які яшчэ можа сабе дазволіць збанкрутаваны адвакат.
Але ў адным кантанальны радца памыліўся: час не сатрэ ягонага злачынства, не змаліць яго і маё чаканне, маё п'янства яго не залье, не апраўдаюць і мае запісы. Калі я раскрываю ўсю праўду, дык замацоўваю яе ў сваёй памяці, раблю сам сябе здольным калі-небудзь, у чэрвені, як я ўжо сказаў, альбо ў ліпені, якая розніца, калі б ён ні вярнуўся (а ён такі вернецца), будзь я тады п'яны ці цвярозы, зрабіць свядома і пры поўнай памяці тое, што збіраўся зрабіць у стане афэкту. Маё паведамленне - не толькі абгрунтаванне, але і падрыхтоўка забойства. Забойства справядлівага.
Працверазеўшы ў сябе ў кабінеце, я рашыў: справядлівасць можна цяпер аднавіць толькі праз злачынства. І пасля яго ўжо будзе непазбежна - пакончыць з сабой. Я зусім не збіраюся такім чынам ухіляцца ад адказнасці, наадварот, - толькі так я і адкажу за свой учынак, хай сабе не юрыдычна, дык, прынамсі, па-людску. Ведаючы ўсю чыстую праўду, я даказаць яе не магу. У мяне няма сведкаў у галоўным. Але калі я па сваёй волі сыду з жыцця, мне павераць і без сведкаў. Я іду на смерць не як навуковец, які, зрабіўшы эксперымент на самім сабе, забівае сябе ў імя навукі, не, я паміраю таму, што прадумаў сваю справу да канца.
Месца злачынства: - што грае не абы-якую ролю, - рэстаран «Du Théâtre» з фасадам у стылі ракако, адзін з нямногіх архітэктурных помнікаў, ацалелых у нашым ушчэнт забудаваным горадзе. Рэстаран займае тры паверхі, што вядома далёка не кожнаму, бо большасць лічыць, нібыта іх толькі два. На першым паверсе раніцамі, занудліва бясконцымі - у нас устаюць позна - можна застаць нявыспаных студэнтаў, зрэдзь і дзелавых людзей таксама, - гэтыя часта заседжваюцца да полудня, а тое і за, а там пасля кавы з вішнёўкаю ўсё аціхае. Кельнеркі хаваюцца, і толькі недзе гадзіну пад чацвёртую паяўляюцца змардаваныя настаўнікі, стомленае чынавенства. Але асноўны наплыў прыпадае недзе на пад вячэру і потым яшчэ раз, пасля паловы адзінаццатай - палітычныя дзеячы, мэнэджэры і фінансісты, розныя прадстаўнікі вольных і звышвольных прафесіяў, зрэшты, і крыху прыпалошаныя іншаземцы, - горад наш любіць павыстаўляцца інтэрнацыянальна. Таму на другім паверсе страх як вытанчана. Страх як, трапна сказана - у дзвюх нізкіх з чырвонымі шпалерамі залах стаіць трапічная гарач, але госці трываюць, дамы - у вячэрніх туалетах, мужчыны - часта ў смокінгах. Паветра напоена потам, парфумай і, адпаведна профілю ўстановы, пахамі кулінарных вымудраў нашага горада - цялячымі выразкамі з пом-фры і чым толькі яшчэ не. Тут сыходзяцца (зрэшты, тое самае зборышча, што і паверхам ніжэй, толькі больш разнастайна касцюмаванае) пасля прэм'ераў і пасля буйных здзелак, але не дзеля таго, каб правярнуць гешэфт, а каб адсвяткаваць ужо правернутае. На трэцім паверсе характар «Du Théâtre» зноў мяняецца, і ты з нейкім подзівам заўважаеш пэўны налёт распусты. Тут пануе бесцырымоннасць. Залы трэцяга паверха высокія, светлыя, прасторныя, як бы нават кшталту таннай піўнухі - звычайныя драўляныя крэслы, на сталах абрусы ў клетку, паўсюль падстаўкі для куфляў, ля самай лесвіцы паўпустое кабарэ з пасрэднымі фокуснікамі і балаганным стрыптызам. Госці гуляюць у карты і ў більярд. У гэтай зале тусуюцца гарадскія зеляншчыкі, будаўнічыя падрадчыкі, маёмцы ўніверсальных крамаў, гаспадары вялікіх гаражоў, фахоўцы ў зносе дамоў, часам яны сядзяць тут гадзінамі, стаўкі тут фантастычныя, а вакол гульцоў шныпараць і нышкараць розныя раззявы, нехлямяжыя і падазроныя «сучаснікі», прастытуткі таксама сядзяць і чакаюць, часам па трое, часам па чацвёра, кожнага вечара за тым самым сталом каля акна, іх не проста трываюць, не, яны частка тутэйшай абстаноўкі па даступнай жа й цане. Адносна даступнай. Бо сапраўды багатыя людзі ўмеюць пералічваць кожны грош.
Першы раз я сустрэў кантанальнага радцу, калі сам толькі што здаў дзяржаўны экзамен, напісаў дысэртацыю, атрымаў званне доктара і ліцэнзію на адвакацкую практыку, але як і раней у студэнцтве працаваў у Штусі-Лойпіна спраўным хлопчыкам-пасыльным. Мой гаспадар паспеў на той час набыць вядомасць далёка за межамі нашай краіны дзякуючы апраўдальным прысудам, якіх здолеў дабіцца для асобаў, абскаржаных у забойстве братоў Эцці, Розы Пік, Дойбэльбайса і Амслера, і дзякуючы ўведзенаму ім парытэту паміж Дапаможнымі майстэрнямі «Трэг» і Злучанымі Штатамі (прычым вельмі нават на карысць трэгаўцам). Мне трэба было занесці Штусі-Лойпіну ў «Du Théâtre» заключэнне адносна адной з такіх сумніўніўных спраў, якія ён любіў. Я заспеў адваката-зорку на трэцім паверсе каля більярднага стала, дзе ён толькі што закончыў партыю з кантанальным радцам, а за суседнім сталом гуляў доктар Бэна з прафесарам Вінтэрам, і вось толькі цяпер, запісваючы гэта, мне, тагачаснаму, як бы наперад робіцца ясна, што там сабраліся ўсе галоўныя фігуранты дзейства, якое зноў жа яшчэ наперадзе, быццам у нейкім Пралогу. На дварэ стаялі халады, быў ці тое лістапад, ці тое снежань, дакладную дату ўстанавіць няцяжка, і я ўвесь перамерз, бо як звычайна хадзіў без паліто, а свой «фольксваген» запаркаваў за некалькі кварталаў ад «Du Théâtre».
- А закажыце сабе грогу, малады чалавек, - звярнуўся да мяне кантанальны радца. Ён уважліва агледзеў мяне і кіўнуў кельнеру.
Я міжволі паслухаўся, прынамсі, усё адно ж мне след было чакаць распарады Штусі-Лойпіна, які адышоўся з маім заключэннем убок і цяпер пералістваў яго за столікам.
У пярэдняй частцы залы гулялі зеляншчыкі, іх цёмныя постаці праступалі на фоне вокнаў. З вуліцы чуўся прыглушаны грукат трамвая. Кантанальны радца ўсё яшчэ разглядваў мяне, бесцырымонна, не хаваючы вачэй. З выгляду было яму пад семдзесят. Ён адзін з усіх не скінуў пінжак, але ж і не пацеў. Я нарэшце прадставіўся, здагадваючыся, што стаю перад чалавекам высокага стану, але імя ягонага не ведаў.
- А вы ці не сваяк палкоўніку Шпэту? - спытаўся ён, не назваўшыся, ці тое не надаючы гэтаму значэння, ці тое мяркуючы, што і без таго ён усім і мне вядомы. (Палкоўнік Шпэт: ваяўнічы аграрый, федэральны радца. Прыхільнік атамнага ўзбраення.)
- Сумняваюся, - адказаў я. (Каб ужо раз і назаўсёды пакончыць з гэтым пунктам: я нарадзіўся ў 1930 годзе. Сваёй маці, Ганны Шпэт, я ніколі не ведаў, бацька наогул хто і што - невядома. Я вырас у сірочым прытулку, які ўспамінаю з прыемнай цеплынёй, асабліва лес, што пачынаўся адразу за прытулкам і канца яму не было. Дырэкцыя і настаўніцтва там былі выдатныя, дзяцінства - шчаслівае, мець бацькоў - гэта не заўсёды «блага», часцей - проста без двухкосся. Мае няшчасці пачаліся з доктара h.c. Ісака Колера, а да таго ў мяне хоць і бывалі цяжкасці, але не безнадзейныя.)
- Вы збіраецеся ў кампаньёны да Штусі-Лойпіна? - спытаўся ён.
Я здзіўлена паглядзеў на яго.
- Не думаў пра гэта.
- Ён высока ставіць вас.
- Мне ён гэтага пакуль што ніколі не паказваў.
- Штусі-Лойпін усё ад усіх хавае, - суха зазначыў стары.
- Яго пралік, - бесклапотна адказаў я. - Мне хочацца самастойнасці.
- Вам гэта дасца нялёгка.
- Магчыма.
Стары засмяяўся.
- Усе вашы дзівосы яшчэ наперадзе. У нашай краіне аднаму цяжка прабіцца наверх. А на більярдзе вы ўмееце? - спытаўся раптам без ніякага пераходу.
Я адказаў адмоўна.
- Гэта ўжо ваш пралік, - сказаў ён і зноў задумліва пачаў глядзець на мяне з нейкім нават подзівам у шэрых вачах, але ўжо не пакепліва, як мне здалося, без іроніі, а строга, пасля чаго падвёў мяне да другога більярда, дзе гулялі доктар Бэна і прафесар Вінтэр, гэтых я ведаў: прафесара - з універсітэта, ён быў рэктар, калі я паступаў, доктара Бэна - з начнога жыцця нашага кіпучага горада, у тыя часы, праўда, не запоўнач, але затое даволі інтэнсіўнага. Бэна быў чалавек няпэўнага роду заняткаў. Калісьці ён быў алімпійскім чэмпіёнам у фехтаванні, за што і атрымаў мянушку Гайнц Алімпіец, калісьці ён стаў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, а знакамітым гальфістам быў і заставаўся дагэтуль; сваім часам ён яшчэ трымаў уласную карцінную галярэю, якая не акупалася, а цяпер, кажуць, больш запраўляў чужымі капіталамі.
Я павітаўся, яны кіўнулі.
- Вінтэр колькі жыцьме ў більярдзе застанецца навічком. - сказаў доктар h.с. Колер.
Я засмяяўся.
- Затое вы, пэўна, віртуоз.
- Вядома, - спакойна адказаў ён. - Більярд - маё захапленне. Дайце мне кій, прафесар, усё адно такі ўдар вы не асіліце.
Прафесар Адальф Вінтэр падаў яму кій. Вінтэр быў мужчына гадоў шасцідзесяці, грузлы, але невысокі ростам, блішчастая лысіна, залатыя акуляры без аправы, дагледжаная чорная з сівізнай барада, якую ён з годнасцю пагладжваў, заўсёды дбайна прадумана апрануты, хоць і кансерватыўна, але не без элеганцыі, адным словам, адзін з тых гуманітарных балбатуноў, якіх пропадзь у нашым універсітэце, сябар ПЭН-клуба і Фонду Устэры, аўтар двухтомнай цагліны пад назваю «Карл Шпітэлер і Гэсіёд, альбо Швейцарыя і Элада. Параўнаўчы аналіз», выд. «Artemis», 1940 (мне, юрысту, філасофскі факультэт заўсёды граў на нервах).
Кантанальны радца старанна націраў крэйдай скурацік. У яго былі спакойныя, упэўненыя рухі, і, як бы рэзка ні гучалі яго словы, рэзкасць не здавалася пыхай, хутчэй свядома прадуманай і стрыманай, усё ў ім сведчыла пра сілу і беспамылковасць. Крыху нахіліўшы галаву, ён акінуў вокам більярднае поле і ўдарыў, коратка і рашуча.
Я сачыў за рухам белых шароў, за іх сутыкненнем, адскокам.
- A la bande - толькі так можна пабіць Бэна, - сказаў кантанальны радца, аддаючы кій прафесару. - Уцямілі, малады чалавек?
- Я ў гэтым нічога не петру, - адказаў я і заняўся сваім грогам, які кельнер тым часам паставіў на столік.
- Нічога, калі-небудзь спетрыце. - Доктар h.с. Ісак Колер зарагатаў, зняў са сцяны скручаную газетную падшыўку і выйшаў.
Забойства: Тое, што адбылося праз тры гады, вядома ўсім, і пра гэта можна расказаць вокаўзам (і дзеля гэтага мне зусім не канечне быць цвярозым). Доктар h.с. Ісак Колер адмовіўся ад мандата, хоць ягоная партыя хацела вылучыць яго кандыдатуру на пасаду ўрадавага радцы (урадавага, не федэральнага, як пра тое пісалася ў замежных газетах), цалкам адышоў ад палітыкі (адвакацкую практыку ён закінуў яшчэ раней), узначаліў цагельны трэст, які набываў усё больш важкае міжнароднае значэнне, заадно (так бы мовіць - левай рукой), спраўляў абавязкі прэзідэнта ў шэрагу ўправаў, падхалтурваў таксама ў адной падкамісіі ЮНЕСКА і часам месяцамі яго не бачылі ў нашым горадзе аж да таго не па сезоне цёплага дня ў сакавіку 1955 года, калі ён правёз праз наш горад ангельскага міністра Б. Візіт міністра меў чыста прыватны характар - у адной прыватнай клініцы горада яго карысталі ад язвы страўніка; цяпер ён сядзеў поплеч з былым кантанальным радцам у «ролс-ройсе» гэтага радцы і без аніякай цікаўнасці знаёміўся напаследак з нашым горадам: цэлы месяц ён катэгарычна адмаўляўся ад такога знаёмства, каб нарэшце-такі здацца; пазяхаючы, кідаў вокам на выдатнасці, што праплывалі міма, - тэхнічны інстытут, універсітэт, кафедральны сабор, раманскі стыль (кантанальшчык наш пры патрэбе падкідваў кароткія рэмаркі), рака трымцела ў мяккім паветры (якраз садзілася сонца), набярэжная кішэла людзьмі. Міністр, усё яшчэ адчуваючы на вуснах смак бясконцых бульбяных таўканіц і аўсяных каш з сухафруктамі, якімі яго гадавалі ў прыватнай клініцы, але выношваючы мару пра неразведзены віскі, ківаў радцаваму як бы здалёку чутнаму голасу, а шум транспарту чуўся - як шум яшчэ больш далёкі, і пад гэты шум ён задрамаў; яго агарнула свінцовая стома, а можа, і прадчуванне, што пухліна ў страўніку - штука зусім не бяскрыўдная.
- Just a moment? - сказаў доктар h.c. Ісак Колер і загадаў шафёру Францу спыніцца перад «Du Théâtre», вылез, сказаў пачакаць хвілінку, паспеў яшчэ парасонам паказаць на фасад «васемнаццатага стагоддзя», але міністр Б. ніяк не зрэагаваў, ён драмаў і бачыў сны. Кантанальны радца скіраваў у рэстаран, праз круцёлку ў дзвярах дастаўся ў вялікую залу, дзе быў пачціва сустрэты мэтрдатэлем. Блізілася сёмая гадзіна, усе столікі былі занятыя, госці вячэралі, гармідар галасоў, плямканне храпаў, дзыньканне відэльцаў і нажоў. Былы радца разгледзеўся па баках, пасля рашуча прайшоў у цэнтр залы, дзе за маленькім столікам сядзеў прафесар Вінтэр, заняты філе а-ля Расіні і пляшкай шамбэртэна, дастаў рэвальвер і прыстрэліў сябра ПЭН-клуба, не забыўшыся папярэдне прыязна з ім павітацца (наогул уся сцэна разыгралася вельмі і вельмі прыстойна), пасля чаго гэтак сама спакойна і няўзрушна прайшоў міма аслупянелага мэтрдатэля, які моўчкі лупіў вочы, міма разгубленых, да смерці перапалоханых кельнерак, праз круцёлку ў дзвярах пад пяшчотнае сакавіцкае неба, зноў сеў у свой «ролс-ройс» да задраманага міністра, які так нічога і не заўважыў, які нават не ўсвядоміў, што машына спынялася, які, як ужо было сказана, проста драмаў, проста бачыў сны, ці тое яно пра віскі, ці пра палітыку (дарэчы, яго і праўда ж змыла хваля Суэцкага крызісу), ці тое пра нейкае прадчуванне што да сваёй пухліны (на тым тыдні газеты апублікавалі бюлетэнь пра яго смерць, з вельмі сціслым каментаром, прычым большасць газет дадумаліся пераблытаць арфаграфію ягонага імя).
- У аэрапорт, Франц, - загадаў д-р h.c. Ісак Колер.
Intermezzo яго арышту. Без пакепу пра гэта не раскажаш. За некалькі столікаў ад забітага якраз сталаваўся начальнік нашай кантанальнай паліцыі са сваім старым прыяцелем скульптарам Мокам, глухім, як пень, які, увесь у сабе, наогул не ўшалопаў анічога з таго, што адбылося, ні раней, ні потым. Абодва елі potaufeu - гатаванае мяса з прыправамі і да яго булён з гароднінай, Мок - са смакам, начальнік, зусім не шчыры заўсёднік «Du Théâtre», - не без агіды, нават з буркатою, усё яму не ў губу: і булён астылы, і мяса не пражаваць, і брусніцы засалодкія. Калі грымнуў стрэл, начальнік і галавы не падняў, што цалкам магчыма, прынамсі, так распавядаюць, бо як рыхтык у тую хвіліну ён сама-сама высмоктваў па ўсіх правілах мастацтва мархель з мазгавой косткі, пасля нарэшце ўсё-такі ўстаў, нават абярнуўшы пры гэтым крэсла, і, як чалавек строгіх правілаў, спярша падняў яго, пасля падышоў да Вінтэра, але той ужо ляжаў тварам у сваім філе а-ля Расіні, усё яшчэ сціскаючы рукою келіх з шамбэртэнам.
- А гэта тут быў часам ці не Колер? - спытаўся начальнік у па-ранейшаму непрытомнага, спалатнелага мэтрдатэля, які з жахам вытапырыўся на яго.
- Яволь. Яволечкі ж ён, - прамармытаў той.
Начальства задумліва разглядвала забітага германіста, пасля перавяло змрочны позірк на талерку са смажанай бульбай і бобам, слізганула вачыма па місцы з далікатнай зелянінай салаты, памідорамі і радыскай.
- Што ж, тут больш нічым не парадзіш, - сказаў ён.
- Яволь, нічым, нічым.
Госці, спярша скамянелыя, паўскоквалі са сваіх месцаў. З-за стойкі раззявілі вочы кухар і ўвесь кухонны персанал. Толькі Мок як бы нішто яму ніякага еў далей. Наперад праціснуўся худы чалавек.
- Я лекар.
- Нічога не чапайце, - спакойна распарадзіўся начальнік. - Нам яго спярша трэба сфатаграфаваць.
Лекар нахіліўся да прафесара, але загаду не парушыў.
- Праўда, - канстатаваў ён. - Забіты.
- Менавіта, - спакойна сказаў начальнік. - Вярніцеся на сваё месца.
Пасля ўзаў з крэсла бутэльку шамбэртэна.
- А гэта мы канфіскуем, - сказаў ён і працягнуў бутэльку мэтрдатэлю.
- Яволь. Ага, канфіскуем, - прамармытаў той.
Пасля начальнік пайшоў тэлефанаваць.
Вярнуўшыся, ён застаў над трупам пракурора Емэрліна. На ім быў цёмны святочны гарнітур. Ён збіраўся ў канцэртную залу на сімфанічны канцэрт і, калі пачуўся стрэл, якраз спажываў на другім паверсе ў французскім рэстаране амлет flambee на дэсерт. У горадзе Емэрліна не любілі і марылі пра той час, калі ён сыдзе на пенсію, марылі ўсе: шлюхі і іх канкурэнты з іншага лагера, злодзеі і грабежнікі, недацямныя пракурысты, дзелавыя людзі ў складанай сітуацыі, але ж і юрыдычны аппарат - ад паліцыі да адвакатаў, ды што там яны - нават свае калегі і тыя неабольвалі. Усе выдурніваліся ў недарэчных жартах на яго адрас: маўляў, дзіва што горад загінаецца, - тут жа Емэрлін, дзіва што юстыцыя кульгае - Емэрлін жа..., ну, і так далей. Пазіцыя ў пракурора была нікудышняя, аўтарытэт спляжаны, прысяжныя ўсё часцей у адкрытую аспрэчвалі яго заявы, а з імі заадно і суддзі, але больш за ўсіх даставаў яго аўтарытэтны начальнік паліцыі, казалі, быццам начальнік лічыць так званую крымінальную частку нашага насельніцтва яго найлепшай часткай. Зрэшты, Емэрлін быў юрыст высокага стылю, не заўсёды ён нёс паразы, ягоных запытаў і рэплік баялія, яго бескампраміснасць гэтак жа паважалі, як і ненавідзелі. Ён быў узорам пракурора старога замесу, якому кожны апраўдальны вырак - асабістая абраза, які аднолькава несправядлівы і з беднымі і з багатымі, нежанаты, недаступны ніякім спакусам, ні разу ў жыцці не дакрануўся да ніводнай жанчыны, што, зрэшты, і было яго галоўным прафесійным недахопам. Злачынцы былі яму чымсьці незразумелым, амаль сатанінскім, яны ўводзілі яго ў старазапаветную ятру, ён быў аджытым рэліктам непахіснай, але затое і непадкупнай маралі, даледніковы валун у «багне юстыцыі, якая ўсё чыста апраўдвае», казаў ён гэтак жа палымяна, як і зласліва. Вось і цяпер ён быў незвычайна ўзбуджаны, тым болей што асабіста ведаў і забітага, і забойцу.
- Гер каменданце! - абурана ўсклікнуў ён усё яшчэ з сурвэткай у руцэ. - Кажуць, нібыта забойства ўчыніў доктар Ісак Колер.
- Слушна кажуць, - буркнуў начальнік.
- Але ж гэта проста немагчыма.
- Колер, мусіць, з глузду з'ехаў, - адказаў начальнік, сеў на крэсла каля нябожчыка і запаліў адну са сваіх вечных «Баянас». Емэрлін прамакнуў сурвэткай лоб, падцягнуў крэсла ад суседняга стала і таксама сеў, так што грузлы нябожчык ляжаў галавой у талерцы акурат паміж абодвума буйнымі і масіўнымі дбальцамі парадку. Яны сядзелі і чакалі. У рэстаране мёртвая цішыня. Ніхто больш не еў. Усё глядзела на прывідную групу. Толькі калі ў рэстаран уварвалася гарластая гурма студэнтаў, узнікла замяшанне. Студэнты з песнямі пачалі расцякацца па зале, не адразу ўцяміўшы, што тут да чаго, гарлалі і толькі потым збянтэжана замоўклі. Нарэшце з'явіўся лейтэнант Хэрэн з іншымі сябрамі камісіі па расследаванні забойстваў. Паліцэйскі фатаграфаваў, судовы медык стаяў бездапаможна побач, а акруговы пракурор, які прыйшоў разам з усімі, перапрасіўся ў Емэрліна за свой прыход. Ціхія загады, распарады. Потым мёртвага паднялі, - твар у соўсе, гусіная вантробка і зялёны боб у барадзе, - паклалі на насілкі і эвакуавалі ў санітарную машыну. А залатыя без аправы акуляры Эла знайшла, калі ўжо ёй дазволілі прыбраць са стала, у смажанай бульбе. Пасля чаго акруговы пракурор прыступіўся да апытання першых сведкаў.
Магчымы варыянт першага апытання. Калі абслуга апрытомнела, калі госці паволі і нерашуча парассаджваліся на свае месцы, а некаторыя нават зноў пачалі есці, калі надбеглі першыя газетчыкі, пракурор разам з начальнікам паліцыі выйшлі параіцца ў кладоўку каля кухні, куды іх правялі. Пракурор хацеў нейкі час пабыць з ім сам-насам без сведкаў. Бо наперадзе быў гучны адкрыты працэс. Кароткае абмеркаванне сярод паліц з хлебам, кансервамі, мяхамі мукі, бутэлькамі алею прайшло няўдала. Згодна з дакладам, з якім начальнік паліцыі пазней выступіў перад парламентам, пракурор патрабаваў шырока задзейнічаць сілы паліцыі.
- Навошта? - спытаў начальнік. - Хто паводзіцца так, як Колер, той уцякаць не збіраецца. Мы можам спакойна арыштаваць яго дома.
Емэрліна панесла ў гарачку.
- Хацелася б спадзявацца, што з Колерам вы будзеце абыходзіцца як з любым іншым злачынцам?
Начальнік маўчаў.
- Гэты чалавек - адзін з самых багатых і самых вядомых жыхароў нашага горада, - сказаў Емэрлін. - Наш святы абавязак (страх як любіў гэты выраз!) - дзейнічаць з гранічнай строгасцю. Нават ценю падазрэння ўзнікнуць не павінна, быццам мы яму патураем.
- Наш святы абавязак, - спакойна патлумачыў начальнік, - абысціся без непатрэбных выдаткаў.
- Значыцца, агульнай трывогі не будзе?
- Значыцца, не будзе.
Пракурор утаропіўся на хлебарэзку, каля якое стаяў.
- Вы сябруеце з Колерам, - сказаў нарэшце, нават не злосна, а холадна, як бы па службовым абавязку. - Вам не здаецца, што такая акалічнасць можа паўплываць на вашу аб'ектыўнасць?
Маўчанне.
- Справу Колера будзе весці лейтэнант Хэрэн, - спакойна сказаў начальнік.
Так пачаўся скандал.
Хэрэн быў чалавек дзеяння, з гонарам, а таму ад самага пачатку паказаў неўтаймоўную руплівасць. Яму ўдалося ўсяго за некалькі хвілін не толькі падняць на ногі ўсю паліцыю, але і заалярмаваць насельніцтва, бо ён прапхнуў на радыё перад праграмай навінаў у сем трыццаць экстрэнае паведамленне кантанальнай паліцыі. Вэрхал усчаўся страшэнны. Віла Колера аказалася пустою (Колер быў удавец, яго дачка, сцюардэса кампаніі «Свісэйр», была якраз у палёце, кухарка - у кіно). У наяўнасці - спроба знікнуць. Патрульныя машыны прачэсвалі горад, памежнікі былі папярэджаны. Інтэрпол даведзены да ведама. З пункту гледжання тэхнічнага гэта заслугоўвала высокай пахвалы, упускалася толькі магчымасць, якую прадбачыў начальнік паліцыі: вышуквалі чалавека, які і не думаў хавацца. Няшчасце ўжо адбылося, калі на пачатку дзевятай з аэрапорта прыйшло паведамленне, што Колер правёў да самалёта аднаго ангельскага міністра, потым спакойненька сеў у свой «ролс-ройс» і загадаў везці сябе назад у горад. Найбольш спудлаваў у гэтай справе федэральны пракурор. Супакоены бездакорным функцыянаваннем магутнага дзяржаўнага механізму, яшчэ смакуючы сваю перамогу над праклятым начальнікам, ён якраз падрыхтаваўся слухаць уверцюру Моцарта да «Выкрадання з сэраля» і, загадзя смакуючы асалоду, ужо, пагладжваючы акуратную сівую бародку, адкінуўся ў крэсле, а Мондшайн якраз падняў дырыжорскую палачку, калі па праходзе вялікай канцэртнай залы разам з адной з найбагацейшых і наіўнейшых удоваў нашага горада, міма запоўненых слухачамі радоў праследаваў да першых радоў, вышукваны паліцыяй з ужываннем найноўшых тэхнічных сродкаў пераследу, цкаваны доктар h.c., спакойны і самаўпэўнены, як звычайна, з нявінным тварам, быццам нідзе нікому нічога ніякага, доктар h.c. заняў месца побач з Емэрлінам і нават патрос аслупянеламу пракурору руку. Ажыўленне, пярэшапт і - о, норавы! - хехекання цяжка было не змеціць, уверцюра яўна не ўдалася, бо аркестранты выдатна бачылі ўсё, што адбывалася, адзін габаіст нават крыху падвёўся з цікаўнасці, Мондшайну давялося пачынаць двойчы, а пракурор аж настолькі сумеўся, што слупам праседзеў не толькі ўверцюру, але і цалюткі Другі фарітэпіянны канцэрт Ёганэса Брамса. Праўда, ён здолеў ацаніць сітуацыю пад той момант, як сваю партыю пачаў піяніст, але перапыняць Брамса не рызыкнуў, надта ж бо вялікі быў ягоны піетэт перад культурай, ён пакутаваў ад усведамлення, што след было б умяшацца, але цяпер ужо было запозна, даводзілася чакаць антракту. Затое ў антракце ён пачаў дзейнічаць, праціснуўся праз натоўп, які з цікаўнасцю абступіў кантанальнага радцу, стрымгалоў паляцеў да аўтаматаў, мусіў аднак вярнуцца і папрасіць у гардэрэбшчыцы дробязі, патэлефанаваў у паліцэйскую ўправу, звязаўся з Хэрэнам і арганізаваў збор усіх паліцэйскіх часцей. Тым часам Колер строіў святую нявіннасць, ён выправіўся ў бар, дзе пачаставаў удаву шампанскім, гэтаму мярзотніку да таго ж яшчэ і куды к чорту як шанцавала, што нават другое аддзяленне канцэрта пачалося за некалькі хвілін да прыбыцця паліцыі. І давялося Емэрліну разам з Хэрэнам церціся пад зачыненымі дзвярмі, пакуль у зале давалі бясконцую Сёмую Брукнера. Пракурор узбуджана кідаўся туды-сюды, аж капэльдынэрам некалькі разоў прыйшлося заклікаць яго да парадку. І наогул з ім абыходзіліся як з дзікуном якім, без пачцівасці і рышпекту. Ён праклінаў усю рамантыку, праклінаў таго іхняга Брукнера, за дзявярыма ўсё яшчэ нудзілі першую частку - адыжыо, і калі нарэшце пасля чацвёртай грымнулі воплескі (дарэчы, таксама бясконца-бясконцыя), а публіка паміж шпалераў паліцэйскіх пачала пакідаць залу, доктар h.c. Ісак Колер адтуль наогул не выйшаў. Ён знік. Начальнік паліцыі правёў яго праз службовы выхад да сваёй машыны і завёз у паліцэйскую ўправу.
Магчымы варыянт другой гутаркі: ва ўправе начальнік правёў д-ра h.c. у свой кабінет. Дарогай яны не абмяняліся ні словам, цяпер начальнік ішоў першы па пустым, слаба асветленым калідоры. У кабінеце ён моўчкі кіўнуў на глыбокі скураны фатэль. Зачыніў дзверы на зашчапку і скінуў пінжак.
- Размяшчайся зручней.
- Дзякую, я ўжо размясціўся, - адказаў Колер, які тым часам ужо сеў.
Начальнік выставіў два келіхі на стол, які раздзяляў абодва крэслы, і дастаў з шафы бутэльку чырвонага віна.
- Шамбэртэн Вінтэра, - патлумачыў ён, наліў віна ў келіхі, таксама сеў, нейкі час глядзеў перад сабою, потым раптам пачаў старанна выціраць пот з лоба і шыі.
- Дарагі Ісак, - нарэшце загаварыў ён, - скажы мне, дзеля Бога, навошта ты ўкакошыў гэтага старога асла?
- Ты маеш на ўвазе... - неяк няўпэўнена пачаў кантанальны радца.
- Ты ўвогуле мікіціш, чаго начворыў? - перабіў яго начальнік.
Радца не без прыемнасці сербануў з келіха, але адказваць адразу не пачаў, а замест таго з нейкім здзіўленнем, хоць і не без лёгкага кепу зірнуў на субяседніка.
- Само сабою, - адказаў нарэшце, - само сабою, мікічу.
- Дык навошта ж ты прыстрэліў Вінтэра?
- Ах, вось ты пра што, - пацягнуў кантанальны радца і нібы нават задумаўся, пасля смеючыся: - Ах, вось ты пра што, няблага, няблага.
- А што ж няблага?
- Ды ўсё.
Начальнік не ведаў, як рэагаваць на гэта, ён быў збіты спаналыку і раззлаваны. А забойца наадварот - ажывіўся, развесяліўся, некалькі разоў ціха хехекнуў, яго яўна нешта распацешыла.
- Ну, годзе. Чаму ты забіў прафесара? - зноў упарта і настойліва падступіўся да яго начальнік, а сам ацёр пот з лоба і шыі.
- А так сабе, без прычыны, - прызнаўся кантанальны радца.
Цяпер начальнік з вялікім здзіўленнем вырачыўся на яго, падумаўшы нават, што недачуў, потым дапіў свой келіх, наліў яшчэ, але распляскаў віно.
- Без ніякай?
- Без ніякуткай.
- Але ж гэта лухта, ужо ж бо такі нейкая прычына ў цябе мелася быць, - нецярпліва ўскрыкнуў начальнік. - Гэта лухта.
- Прашу цябе, рабі тое, што табе прадпісвае твой абавязак, - сказаў Колер і дапіў віно.
- Мой абавязак патрабуе арыштаваць цябе.
- Дык так і рабі.
Начальнік быў у роспачы. Як цвярозы і разважлівы чалавек, ён любіў яснасць ва ўсіх справах. Забойства для яго было свайго роду няшчасным выпадкам, які не падпадае пад маральны суд. Але, як чалавеку парадку, яму патрабавалася відавочная прычына. Забойства без прычыны, з пункту гледжання начальніка, пляжыла не законы маральнасці, а законы логікі. А так не бывае.
- Найлепш было б замкнуць цябе ў вар'яцкі шпіталь на абследаванне, - раз'юшана выпаліў ён, - не бывае, каб без жоднай прычыны чалавек чалавека забіваў.
- Я абсалютна нармальны, - спакойна парыраваў Колер.
- Можа, патэлефанаваць Штусі-Лойпіну? - прапанаваў начальнік.
- Навошта?
- Чалавеча, табе ж патрэбен абаронца. Самы лепшы. А Штусі-Лойпін сама такі.
- Мяне задаволіць і назначаны.
Начальнік здаўся. Ён расшпіліў каўнер і глыбока ўздыхнуў.
- Ты, мабыць, звіхнуўся, - прахрыпеў ён. - Дай сюды рэвальвер.
- Які такі рэвальвер.
- З якога ты застрэліў прафесара.
- От чаго няма, таго няма, - сказаў доктар h.c. і падняўся з месца.
- Ісак, - заблагаў начальнік, - спадзяюся, ты вызваліш нас ад неабходнасці абшукваць цябе.
Ён хацеў зноў падліць сабе віна, але ў бутэльцы ўжо нічога не засталося.
- Гэта пракляты Вінтэр лішняга выпіў, - буркнуў начальнік.
- Загадай нарэшце вывесці мяне, - прапанаваў забойца.
- Будзь па-твойму, - адказаў начальнік, - але тады і мы цябе ні ад чога не выбавім.
Ён таксама ўстаў, зняў з дзвярэй зашчапку і пазваніў.
- Выведзіце гэтага чалавека, - загадаў ён. - Ён арыштаваны.
Запозненае падазрэнне. Калі я спрабую ўзнавіць гэтыя гутаркі, іх «магчымыя» варыянты, бо асабіста іх не чуў, дык зусім без намеру напісаць раман, а каб дакладна, наколькі гэта ўдасца, паказаць падзеі, зрэшты, і гэта не самае цяжкае. Хоць правасуддзе дзейнічае галоўным чынам у закуліссі, але і за кулісамі размываюцца з выгляду такія акрэсленыя сферы кампетэнцыі, мяняюцца альбо падупадаюць новаму размеркаванню ролі, вядуцца гутаркі паміж дзейнымі асобамі, якія ў вачах грамадскасці лічацца заклятымі ворагамі, і наогул пануе зусім іншы тон. Не ўсё там фіксуецца. Не ўсё падшываецца да справы. Інфармацыю можна зрабіць здабыткам публікі, а можна і ўтоіць. Дык вось пры мне начальнік заўсёды быў вельмі гаваркі і шчыры, ахвоча ўсё расказваў, дазваляў знаёміцца з важнымі дакументамі, часам нават дзеля мяне парушаючы інструкцыю, і наогул ён дагэтуль бажаволіць мне. Больш за тое, сам Штусі-Лойпін запабягаў мне ласкай, нават калі я быў у зусім іншым лагеры, вецер жа памяняўся толькі цяпер, ды і тое з прычыны зусім іншай. Вось чаму мне няма патрэбы прыдумляць гэтыя гутаркі, дастаткова простай іх рэканструкцыі. У горшым разе я іх проста магу пралічыць.
Не, мае «пісьменніцкія вымудры» зусім іншага ладу і складу. Хоць я ясна ўсведамляю, што нават прыдуманае забойства альбо самазабойства не могуць стацца апошнім доказам маёй рацыі, мяне, пакуль я апісваю падзеі, час ад часу наведвае ідыёцкая ў сваёй пацешнасці надзея даць-такі доказ, ну, скажам, калі я высветлю, куды падзеўся рэвальвер Колера. Рэвальвер той так ніколі і не знайшлі. Акалічнасць на першы покід вока мала істотная. На працэс яна ніяк не паўплывала. Забойца вядомы, сведкаў - касой касі: персанал і наведнікі «Du Théâtre». І калі на пачатку следства начальнік кінуў усе сілы на тое, каб знайсці рэвальвер, дык зусім не ад жадання знайсці яшчэ адзін доказ супроць Колера - на тое ніякай патрэбы не было, - а выключна з любові да парадку, адпаведна свайму крыміналістычнаму стылю. Аднак, як тое ні дзіўна, высілкі начальніка нічога не далі. Уся дарога доктара h.c. Ісака Колера з «Du Théâtre» да канцэртнай залы была вядомая і хранаметраваная да хвіліны. Пасля стрэлу ў спажыўца філе а-ля Расіні Колер, як нам добра вядома, адразу ж сеў у свой «ролс-ройс» каля міністра, якому снілася віскі. У аэрапорце забойца і міністр разам выйшлі з машыны, прытым шафёр, які яшчэ нічога не ведаў, не заўважыў ніякага рэвальвера, як не заўважыў яго і дырэктар кампаніі «Свісэйр», які падляцеў з вітаннем. У зале аэрапорта перакінуліся словам-другім пра тое пра сёе, ну, там яшчэ ўголас было выказана абавязковае захапленне будынкам, дакладней, яго ўнутраным афармленнем, пасля чаго Колер з міністрам нага ў нагу прадэфілявалі да аэраплана, прычым Колер лёгенька падтрымліваў міністра пад локцік. Цырымонія ўрачыстага развітання, вяртанне разам з дырэктарам у залу, яшчэ адзін мімалётны зірк на паветранае судна, якое бегла па ўзлётнай паласе, набыццё ў кіёску «Ное Цюрыхер Цайтунг» і «Нацыёналь-Цайтунг», праход праз усю залу, па-ранейшаму з дырэктарам, хоць гэтым разам ужо без захаплення інтэр'ерам, далей - у машыну, з аэрапорта на Цолікерштрасэ, двайны сігнал перад домам прастадушнай удавы, якая адразу ж і выйшла (часу было, як амаль што й не было), з Цолікерштрасэ напрасткі да Канцэртнай залы. І ніякай, ведаеце, зброі, удава таксама нічога не заўважыла. Рэвальвера як і не было ніякага. Начальнік загадаў як найуважлівей абшукаць «ролс-ройс», пасля прачасаць маршрут Колера, далей - вілу Колера, сад, кухарчын пакой, шафёрава жытло на Фраерштрасэ. Нічога. Начальнік яшчэ некалькі разоў наязджаў на Колера, нават накрычаў на яго і зладзіў яму доўгі допыт. Марна. Доктар h.c. перанёс гэта лёгка, затое следчы Хорнусэр, які прадоўжыў допыт пасля начальніка паліцыі, пад канец рухнуў знясілены. Тут ужо быў унесены пратэст федэральнага пракурора ў тым сэнсе, каб паліцыя і следства не надта занурваліся ў педантызм, ёсць рэвальвер, няма рэвальвера - не варта надаваць адсутнасці яго важнага значэння, працягваць пошукі - гэта проста выкідаць на вецер грошы падаткоўцаў, карацей, хай начальнік і следчы прыпыняць пошукі; прапалая зброя набыла значэнне толькі пазней, праз намогі Штусі-Лойпіна. Калі апошнім часам рэвальвер абуджае ўва мне новую надзею, дык гэта ўжо зусім іншая гісторыя, якая складае пэўную цяжкасць у маёй справе. Мая роля рыцара справядлівасці толькі нікчэмніць мяне, я ні на што больш не здатны, акрамя як пісаць: ледзь толькі перад мною з'явіцца якаясь прасветліна ў плане магчымага ўплыву на хаду падзей іншым спосабам, дзейнічаць інакш, я пакідаю сваю партатыўную «Гермесбэбі», лячу да машыны (гэта зноў «фольксваген»), даю газу і імчуся, як напрыклад, учора раніцай, да намесніка па кадрах кампаніі «Свісэйр». У мяне ўзнікла адна ідэя, адна геніяльная задума. Я ехаў, як учадзелы, і толькі дзівам прыехаў у аэрапорт жывы і цэлы, усе сустрэчныя таксама ацалелі. Але кадравік не захацеў даць мне патрэбнай даведкі, нават прыняць мяне адмовіўся. Вяртаўся я ў больш спакойным тэмпе, на скрыжаванні паставы нават прапанаваў мне дзеля хуткасці падпіхнуць машыну ззаду. Я зноў адчуў сябе бітай картай. Яшчэ раз даручыць вышук прыватнаму дэтэктыву Лінгарду я не мог, ён і браў дарагавата і ўдадатак пры тым становішчы, якое склалася, наўрад ці быў зацікаўлены ў маім даручэнні, бо яно ж які табе дурань самахоць будзе сячы сук, на якім сядзіць? Таму мне не заставалася іншага выйсця, апрача як самаму выйсці на Элен. Я патэлефанаваў. Няма дома. «У горадзе». Тады я выправіўся наўздогадзь, пехатою. Хацеў прамацаць некалькі рэстаранаў альбо кнігарань і знайшоў-такі, проста натыкнуўся на яе, але на жаль яна сядзела з Штусі-Лойпінам каля кавярні «Сэлект» за каваю з падбітымі вяршкамі. Я ўбачыў іх толькі ў апошні момант, калі ўжо сам стаяў перад імі, разгублены, як што шукаў толькі яе, і цяпер кіпеў ад злосці, бо з ёю сядзеў Штусі-Лойпін. Зрэшты, гэта нічога сутнасна не мяняла, яны, трэба думаць, і без таго даўным-даўно спяць разам, дочанька забойцы і ратаўнік яе таткі, яна - у мінулым мая ўлюбеніца, ён - у мінулым маё начальства.
- Даруйце, фройляйн Колер, - пачаў я, - мне хацелася б пагутарыць з вамі некалькі хвілін. Сам-насам.
Штусі-Лойпін прапанаваў ёй цыгарэту, сабе ў рот сунуў другую, падаў агню.
- Ты не супраць, Элен? - спытаўся ён.
Я быў гатовы забіць на месцы гэтага адваката-зорку.
- Супраць, - адказала яна, не падымаючы на мяне вачэй, хоць і адклала цыгарэту. - Зрэшты, хай гаворыць.
- Добра, - сказаў я, падсунуў крэсла і заказаў сабе чорнай кавы.
- Ну, дык чаго ж вам трэба ад нас, мой шаноўны геній юрыспрудэнцыі? - дабрадушліва спытаўся Штусі-Лойпін.
- Фройляйн Колер, - пачаў я з ледзь прыхаваным хваляваннем, - я павінен задаць вам адно пытанне.
- Слухаю. - Яна закурыла.
- Задавайце, - сказаў Штусі-Лойпін.
- Калі ваш бацька праводзіў ангельскага міністра да самалёта, вы яшчэ служылі сцюардэсай?
- Вядома.
- І вы таксама ляцелі тым самалётам, якім міністр вяртаўся ў Англію?
Яна патушыла цыгарэту.
- Магчыма.
- Дзякую вам, фройляйн Колер, - сказаў я, падняўся, адкланяўся і пайшоў, пакінуўшы недапітую каву.
Цяпер я ведаў, куды магла прапасці зброя. Усё вельмі проста. Крым смеху, проста. Колер сунуў рэвальвер міністру ў кішэню паліто, калі сядзеў поруч з ім у «ролс-ройсе», а яго дачка Элен дастала рэвальвер з кішэні пад час лёту. Сцюардэсе гэта было прасцей простага. Але цяпер, ведаючы гэта, я раптам адчуў стомленасць і пустату і доўга, бясконца доўга валокся па набярэжнай, а ідыёцкае возера з яго лебедзямі і паруснікамі ўвесь час заставалася справа ад мяне. Калі мае разважанні правільныя, а яны павінны быць правільныя, Элен ведала пра злачынства. І таму ўжо вінаватая, як і яе бацька. Але ў такім разе яна пракінула мяне, у такім разе яна ведае, што я маю рацыю, і ў такім разе яе бацька перамог. Ён мацнейшы за мяне. А барацьба з Элен не мела ніякага сэнсу, бо Элен ужо прыняла рашэнне, бо вынік барацьбы быў ужо наперад вызначаны. Я не мог прымусіць яе выдаць роднага бацьку. У імя чаго мне апеляваць да яе? У імя ідэалаў? Якіх такіх ідэалаў? У імя праўды? Дык жа яна яе ўтоіла. У імя кахання? Яна мяне прадала. У імя справядлівасці? Вось тут ужо яна магла спытацца: справядлівасці, а дзеля каго? Дзеля дзеяча культуры мясцовага значэння? Попел не стукае ў сэрца. Дзеля бесхарактарнага, працмыгі-бабніка? Ён таксама крэміраваны. Дзеля мяне, нарэшце? А хто я такі і ці варта. Справядлівасць не ёсць справа прыватная. І яшчэ магла б спытацца: справядлівасць, а навошта? Дзеля нашага грамадства? Адным скандалам, адной тэмай на пагудкі больш, а паслязаўтра новы парадак дня з новымі тэмамі. Вынік разумовага практыкавання: карыснасць справядлівасці не пераважвае ў вачах Элен яе таткі. Юрысту вынік - паляруш прасвятлення. Можа, увесці ў гульню самога Бога? Гэта, несумненна, вельмі зычлівы, але мала вядомы гер з сумніўнымі крыніцамі існавання. І яшчэ: яму і без мяне клопату хапае (дыяметр Сусвету, паводле дэ'Сітэра - састарэлыя дадзеныя, па самых сціслых падліках, - у сантыметрах: адзінка і дваццаць восем нулёў). Але трэба было выстаяць, выкараскацца, прыдушыць філасофію, змагацца далей з грамадствам, з Колерам, з Штусі-Лойпінам і пачаць барацьбу супроць Элен. Схільнасць да развагаў - рыса нігілістычная, яна спанявервае прызнаныя каштоўнасці, вось чаму я зноў заўзята ўчапіўся за рэальнае жыццё, падбадзёрыўся і, цяпер ужо маючы возера, лебедзяў і паруснікі з левга боку, вярнуўся ў Стары горад, міма пенсіянераў і міма парачак, шчасліва апраменены як бы касмічным ззяннем вечаровага сонца, потым цэлы вечар бесперастанку піў «клеўнэр» (якога проста трываць не магу), і, калі каля гадзіны ночы з адной, хоць і няважнай рэпутацыі дамай, але затое з выдатнай канстытуцыяй цела, наблізіўся да яе апартаментаў, у пад'ездзе мяне чакаў Штубер з паліцыі маральнасці, ён запісаў усе адрасы і ласкава пакланіўся, паклон быў задуманы ім як з'едлівая іронія, як жароўня з вугаллем, высыпаная на галаву наскрозь прапітага адваката. Пракол? Магчыма. (Затое дама аказалася вышэйшай пробы клас, яна нават сказала, што, як што яно гэта для яе вялікі гонар, дык заплаціць я магу іншым разам, у чым я дужа засумняваўся, шчыра прызнаўшыся, што іншым разам я наўрад ці буду плацёжаздольнейшы, пасля назваў ёй сваю прафесію, а яна запрасіла мяне ў свае давераныя.)
Краіна і людзі. Без некаторых звестак нам не абысціся. На забойства патрэбна як непасрэднае, так і аддаленае атачэнне, сярэдняя гадавая тэмпература, сярэдні адсотак землятрусаў і людскі клімат. Тут усё звязана адно з адным. Прадпрыемства, якое выступае пад назваю «наша дзяржава», а часам - «наша бацькаўшчына», было па грубых падліках заснавана больш як за дваццаць пакаленняў таму назад. Месца: спачатку ўсё адбывалася галоўным чынам сярод вапняку, граніту і маласы, пазней да гэтага далучыліся трацічныя адклады. Клімат: так сабе. Эпоха: спачатку не дужа, сярэдняя, сцвярджала сябе саматужная ўлада Габсбургаў, лішак кулачнага права, бо калі браць гвалтам, дык бралі гвалтам, узломвалі рыцараў, кляштары і замкі, як незгаральныя шафы, грандыёзныя рабункі, здабыча, палонных не бралі, перад бітвай - малебен, пасля бойкі - павальная п'янка, вайна сябе цалкам акупала, потым, на жаль, прыдумалі порах, вялікадзяржаўная палітыка напаролася на ўсё большы і большы супраціў, аматараў размахваць алебардай альбо кісцянём ціха мірылі, адэптаў блізкага бою прыхлопнулі на адлегласці, і не прайшло і васьмі пакаленняў, як ужо настала векапомнае адступленне, далей яшчэ сем пакаленняў адноснай дзікасці, цягам якіх часткова забівалі адно адных, прыгняталі сялян (свабоду тут ніколі не ўспрымалі надта літаральна) і біліся за рэлігію, часткова ж на шырокую нагу культывавалі ландскнехцтва, прадавалі сваю кроў таму, хто больш плаціў, баранілі князёў ад гараджанаў, усю Эўропу - ад свабоды. Пасля нарэшце грукнулі грымоты Французскай рэвалюцыі, у Парыжы перастралялі ненавісную гвардыю, якая стойка абараняла прайграную пазіцыю на службе ў прагнілай сістэмы, што кіравала з міласці Божай, а тым часам адзін гвардзейскі афіцэрык арыстакратычнага роду, між іншым седзячы ў мансардзе і тым самым у бяспецы, выдумляў сваю «Восеньскую песню». «Змоўкнуў бор шумлівы, пажаўцелі нівы, восень пачалася». Крыху пазней Напалеон са сваёй гайнёю і падданымі краінамі канчаткова ачысціўся ад літасцівых паноў. Паразы пайшлі нашай краіне на карысць. Праклюнуліся першыя парасткі дэмакратыі і новыя ідэі: Песталоцы, бедны, абадраны і палымяны, валачыўся па краіне ад аднаго няшчасця да другога. Намячаўся круты паварот да бізнэсу і рамяства, задрапіраваны ў адпаведныя ідэалы. Пачала расці прамысловасць, пракладваліся чыгункі. Праўда, зямля была бедная на карысныя выкапні, вугаль і руду даводзілася завозіць і перапрацоўваць, але паўсюль дбайнасць і рупнасць, усё большае багацце - без марнатраўства, хоць на жаль, і без бляску. Ашчадлівасць сцвярджалася як вышэйшая цнота, адчыняліся банкі, спачатку нясмела, пазыкі лічыліся нечым брыдкім, і калі раней важны пункт вывазу складалі ландскнэхты, дык цяпер - банкруты: хто банкрутаваў у нас, мог пашукаць шчасця па той бок акіяна. Усё павінна было акупацца, і ўсё акупалася, нават неабсяжныя груды камення, нават галька, языкі глетчараў і спадзістыя схілы, бо з таго часу, як была адкрыта прырода і любы басяк мог адчуць прыліў узвышаных пачуццяў у горным аддаленні ад свету, сталася магчымым і стварэнне індустрыі турызму: ідэалы краіны заўсёды мелі практычную аснову. У астатнім жылі так, што для кожнага меркаванага ворага было больш выгодна не совацца, - амаральная па сутнасці, але здаровая жыццёвая ўстаноўка, якая сведчыла калі не пра веліч, дык, прынамсі, пра палітычную рассудлівасць. Дык вось і прыстасоўваліся, удала прайшоўшы праз дзве сусветныя вайны, манеўравалі паміж драпежнікамі, але кожнага разу выходзілі цэлыя і здаровыя. На сцэну выйшла наша пакаленне.
Наш час (1957 год пасля нар. Хрыста). Большасць насельніцтва жыве амаль бесклапотна, бяспечна і забяспечана, царква, вучэбныя ўстановы і клінікі заўсёды гатовыя да паслугаў па даступнай цане, крэмацыя ж у выпадку патрэбы робіцца бясплатна. Жыццё ідзе па ўезджанай каляіне, але мінулае расхіствае будову і трасе падмурак. Хто мае многа, таму страшна многа страціць. Той нежывы падае з каня, калі небяспека засталася ззаду, як упаў коннік на лёдзе Бадэнскага возера; не хапае духу, каб прызнаць неабходнасць сваёй абачлівасці, чалавек не гатовы далей мірыцца з тым, што ніколі не быў героем, а быў проста надзелены здаровай кемнасцю, ён ціснецца ў рады герояў, ажыўляе паданне пра бацькоў-ваяроў, геаграфічныя міфы пагражаюць кароткім замыканнем, памяць жыве дагістарычнымі бітвамі, і вось ужо сёй-той сам сябе ўзводзіць у барацьбітоў Супраціўлення, а далей за справу бяруцца генштабісты, яны заклёнамі выклікаюць з нябыту свет Нібелунгаў, мрояць пра ядзерную зброю, пра гераічную знішчальную барацьбу ў выпадку агрэсіі, бо пагібель арміі павінна непазбежна весці да пагібелі нацыі, тым часам як народы, даўным-даўно прыгнечаныя і паняволеныя, умеюць унікаць гэтакай долі то адвагай, а тое і хітрасцю. Але меркаваная пагібель можа прыйсці ў іншым, больш вытанчаным выглядзе. Зямлю, якую нацыя збіралася абараняць да апошняй кроплі крыві, скупляюць іншаземцы, чужыя рукі садзейнічаюць росквіту гаспадаркі, а свае ў лепшым разе вядуць толькі агульнае кіраўніцтва, хоць наўрад ці кіруюць, грамадзяне дзяржавы ўтвараюць верхні пласт, а пад ім, стлуміўшыся ў жытлішчах, здадзеных за шалёныя грошы, гібеюць бедныя і працавітыя італьянцы, грэкі, гішпанцы, партугальцы і туркі, часта пагарджаныя, часта непісьменныя, ілоты, на думку многіх гаспадароў - істоты ніжэйшага гатунку, якія, папоўніўшы сабою шэрагі свядомага пралетарыяту і маючы перавагу як вынікам прывычкі да памяркоўнасці, могуць урэшце заявіць пра свае правы, раптам усвядоміўшы, што фірма, якая называе сябе нашай дзяржавай і ўжо напалавіну перакупленая замежным капіталам, залежыць ад іх цалкам. А насамрэч, як мы пра тое цьмяна здагадваемся, праціраючы вочы ад немага здзіўлення, наша маленькая дзяржаўка сышла з гістарычнай арэны як толькі дасталася да вялікага бізнэсу.
Рэакцыя грамадскасці. Вось на якім фоне рэзка акрэслена забойства, учыненае д-рам h.c. Колерам. Вынік можна было прадбачыць загадзя і наперад: як што мы дэпалітызавалі палітыку - вось дзе мы нацэлены на будучыню, вось дзе мы сучасныя, вось дзе выяўляецца наш першапраходчыцкі дух і свету наканавана альбо загінуць, альбо цалкам «ашвейцарыцца», - дык вось жа, як што яно ад палітыкі няма чаго больш чакаць ні дзівосаў, ні новага жыцця, хіба што - ды і тое толькі зрэдчасу - дарог з яшчэ лепшым пакрыццём, як што сама краіна з біялагічнага гледзішча паводзіцца досыць прыстойна і не залішне рупіцца што да дзетазачацця (тое, што нас няшмат, ёсць наша вялікая перавага, а тое, што дзякуючы замежным рабочым наша раса павалютку-памаленьку паляпшаецца, - наша найвялікшая перавага), любое парушэнне штодзённай марнасці выклікае прыліў удзячнасці, любая разнастайнасць пажаданая, балазе, штогадовае ўрачыстае шэсце гільдый з яго закасцянелым цырыманіялам ніяк не здольнае замяніць сабою адсутнасці карнавала. Таму дзеянні доктара h.c. Ісака Колера ўнеслі пэўную навізну, людзі атрымалі магчымасць неафіцыйна пасмяяцца з таго, чым афіцыйна абураліся, і ўжо ўвечары таго самага дня, як сканаў Вінтэр, з вуснаў у вусны перадаваліся словы, прыпісваныя ці тое аднаму высокаму службоўцу, ці тое наогул гарадскому галаве, што, бачыце, Колер яшчэ раз заслужыў званне доктара honoris causa, бо то ж ён перашкодзіў прафесару Вінтэру сказаць першага жніўня чарговую прамову. Ды і нягеглыя дзеянні паліцыі мала спрыялі росту грамадскага абурэння, аж такая вялікая была агульная злараднасць: адносіны жыхароў з паліцыяй у нас даволі нацягненыя, і наогул наш горад ужо даўно не адпавядае сваёй рэпутацыі. Зрабіўшыся неспадзявана для самога сябе мегаполісам, ён тым не меней сіліцца захаваць патрыярхальныя рысы - душэўнасць, дабрадзейнасць, мяшчанскую рупнасць, якія ён заўсёды прыпісваў сабе ды прыпісвае і дагэтуль, стараецца захаваць сваё арыгінальнае аблічча пры нечаканай безаблічнасці, звязаны трыдыцыяй, якая даўным-даўно ёю быць перастала. Час аказаўся мацнейшым за наш горад з усёй яго дбайнасцю; час робіць з горадам, што яму заўгодзіцца. Вось чаму мы не такія, якімі колісь былі, але і не такія, якімі павінны былі б быць, у нас няладзіца з цяперашняй сучаснасцю, мы не ахвочыя да таго, да чаго нас змушаюць акалічнасці, з нашай нязгодзіцы мы не даводзім да канца тое, што трэба, а робім толькі да палавіны, і тое толькі з гвалтам над сваёй воляй. Яркім праяўленнем гэтага ўбоства служыць неверагоднае разрастанне прэрагатываў паліцыі, бо кожны, хто не суладзіцца з сучаснасцю, павінен уводзіць абмежаванні. Наша абшчыннасць па сваёй сутнасці абярнулася паліцэйскай дзяржавай, якая тыча свой нос куды ўтачыцца хоча, у маральнасць і ў транспарт (прычым і тое і другое - поўны хаос). Паліцэйскі больш ніякі не сімвал абароны, хутчэй сімвал пераследу. Канчаю, канчаю, ужо годзе. П'яны да ўбогасці. Удадатак тая самая раней памянёная дама з мэбляваных апартаментаў удзерлася ў маю кантору (гэта па-ранейшаму мансарда на Шпігельгасэ), ёй спатрэбілася юрыдычная дапамога. Я параю ёй завесці сабаку. Тады яна зможа на законнай падставе выгульваць яго, а разам з ім і сябе самую два разы за ноч. (Рэкамендацыя Таварыства абароны жывёл, з зубоўным скрыгатам прынятая да ведаму пракурорам Емэрлінам.)
Цяпер пракурор Емэрлін. Ён ненавідзеў кантанальнага радцу. Ноншаланцыя таго рвала пракурору нервы. Ён не мог дараваць, што Колер яму, Емэрліну, публічна ў Канцэртнай зале паціснуў руку. Ён аж так ненавідзеў Колера, што раздвойваўся ад сваёй нянавісці. Напруга паміж ягонай нянавісцю і пачуццём справядлівасці даходзіла да нясцерпу. То ён узважваў, як заявіць сабе самаадвод за сваю прадузятасць, то разлічваў, што гэта зробіць яму кантанальны радца. Заблытаўшыся ў гэтых супярэчнасцях, ён падзяліўся сваімі трывогамі з кантанальным суддзёй Егерленэрам. Егерленэр прамацаў глебу ў следчага, а той сваёй калейкай у начальніка паліцыі, а начальнік, цяжка ўздыхнуўшы, загадаў прывесці кантанальнага радцу з акруговай турмы да сябе ў кабінет, дзеля большай нязмушанасці абстаноўкі. Доктар h.c. быў у выдатным настроі. Віскі «Белы конь» - найвыдатнейшы. Начальнік зноў павёў гаворку пра Штусі-Лойпіна, бо, сказаў, прызначаны абаронца добрага слова не варты. Колер адказаў, што гэта не мае значэння. Тады начальнік паведаміў пра Емэрлінавыя згрызоты. У адказ кантанальны радца запэўніў, што проста ўявіць сабе не можа больш бесстаронняга абвінаваўцы. Гэтыя словы, перададзеныя Емэрліну, выклікалі ў таго шалёны крык, што вось цяпер ён пакажа гэтаму кантанальнаму радцу і запраторыць яго пажыццёва, пасля чаго суддзя ўжо быў намерыўся сваёй уладай адхіліць Емэрліна, але перадумаў, баючыся, каб пракурора ад злосці не разбіў паляруш, са здароўем у таго і праўда ж не зусім ладзілася.
Сам працэс. Кантанальны суд у складзе судовай калегіі з пяці суддзяў адбыўся, паводле нашых рахубаў, хутка, можна сказаць з хуткасцю гуку, - усяго праз год пасля забойства, зноў жа ў сакавіку. Злачынства адбылося ўва ўсіх на вачах, не было патрэбы высвятляць, хто забойца. Вось толькі ўстанавіць матывы злачынства суд так і не здолеў. Выходзіла, быццам іх зусім і не было. З кантанальнага радцы нічога выдабыць таксама не ўдалося. Суд апынуўся перад невырашальнай мудзёрай загадкай. Падрабязны допыт абскарджанага не даў суддзям аніякай зачэпкі. Адносіны паміж забітым і забойцам былі настолькі карэктныя, як толькі іх сабе можна ўявіць. Дзелавых сувязяў паміж імі не было, рэўнасць выключалася цалкам, нават здагадак у гэтым напрамку ніхто не выказваў. Перад абліччам гэтага больш чым загадкавага факту ўзнікалі два тлумачэнні: альбо доктар h.c. Ісак Колер - хворы душэўна, альбо ж ён амаральная пачвара, забойца з любові да забойства. Першы пункт прадстаўляў афіцыйны абаронца Люці, другі - пракурор Емэрлін. Супроць першага сведчыў сам выгляд Колера, Колер рабіў уражанне цалкам нармальнага, супроць другога - славутае мінулае Колера, бо то ж быць палітычным дзеячам і прадпрымальнікам ужо само па сабе - найвышэйшая маральнасць. Удадатак грамадская апінія бог ведае з якіх часоў праслаўляла сацыяльныя (не блытаць з сацыялістычнымі) тэндэнцыі ў настроях Колера. Але гэта быў працэс, які найбольш закранаў славалюбныя струны Емэрліна. Нянавісць, ганьбаванне, здзеклівыя кпіны ў ягоны адрас акрылялі старога юрыстага, да яго фантастычнага ўзлёту іншыя высокія суддзі проста не дапялі, бясколерны Люці нічога не мог. Емэрлінаў тэзіс пра Колера-нелюдзя ўсім на здзіўленне прайшоў. Пяцёра высокіх суддзяў палічылі мусовым у навуку іншым асудзіць Колера, нават Егерленэр саступіў ім. Зноў было зроблена ўсё магчымае, каб выратаваць хоця ж бы фасад маралі. Народ, як гаварылася ў абгрунтаванні прысуду, мае права не толькі патрабаваць, каб фінансава і грамадскі добра забяспечаныя колы вялі маральна беспахібны лад жыцця, але і мае права на свае вочы сачыць за ім. Кантанальнага радцу засудзілі на дваццаць гадоў папраўчай турмы. Не пажыццёва, але практычна пажыццёва.
Паводзіны Колера. Кожны мог заўважыць годнасць, з якою трымаўся выкрыты злачынец. Уваходзячы ў залу, ён здзіўляў усіх свежым выглядам, нездарма ж ён выседжваў папярэдняе ўвязненне галоўным чынам у псіхіятрычнай клініцы на беразе Бодэнскага возера, хоць і быў абавязаны трымацца даволі, зрэшты, мяккіх прадпісанняў паліцыі, але затое пад наглядам прафесара Хабэрзака, свайго блізкага прыяцеля. У межах клінікі ён мог дазваляць сабе ўсе віды перамяшчэння, ягоным партнёрам у гольфе быў вясковы паліцэйскі. Нарэшце, паўстаўшы перад судом, Колер наадрэз адмовіўся ад якіх бы там ні было патуранняў і патрабаваў, каб да яго ставіліся як «да чалавека з народу». Варта звярнуць увагу на самы пачатак працэсу. Доктар h.c. крыху занямог, грып, слупок градусніка далез да трыццаці дзевяці, але ён усё-такі настояў, каб слухання не адкладвалі, і нават адмовіўся на час разгляду карыстацца бальнічным крэслам. Пяці суддзям ён заявіў (вытрымка з пратакола): «Я тут на тое, каб вы ў згодзе з вашым сумленнем і літарай закону судзілі мяне. Вам вядома, у чым мяне вінавацяць. Выдатна. Цяпер ваша справа судзіць, мая - падпарадкавацца вашаму прысуду. Які б ён ні быў, я палічу яго справядлівым». Калі вырак быў вынесены, Колер ад усёй душы падзякаваў высокаму суду, асабліва ўпіраючы на чалавечнасць, з якою да яго паставіліся, не забыў падзякаваць і Емэрліну. Публіка слухала гэтае словацечыва, хутчэй пацяшаючыся, чым расчулена, ува ўсіх склалася ўражанне, што ў асобе доктара Ісака Колера юстыцыі ўдалося здабыць унікальны экземпляр, і, калі яго вывелі, усім здалося, быццам нарэшце апушчана заслона над афёрай, хоць і не да канца высветленай, але ў кожным разе адназначнай.
Цяпер пра мяне, тадыташняга і цяперашняга. Такая ў агульных рысах папярэдняя гісторыя, яна можа расчараваць, разумею, гэта надзённая падзея, дзіўная толькі для непасрэдных яе ўдзельнікаў і для больш дасведчаных, прычына плётак, жартаў больш ці менш банальных і для некаторых маральных сентэнцый пра крызіс Захаду і дэмакратыі, крымінальная справа, сумленна асветленая судовымі рэпарцёрамі і пракаментаваная галоўным рэдактарам нашай сусветна вядомай гарадской газеты (між іншым таксама сябрам Колера) са звычайнай у нашай краіне годнасцю, на некалькі дзён тэма гаворак, якія наўрад ці сягнулі за межы нашага горада, скандал правінцыйнага маштабу, які з поўным правам быў бы забыты ў недалёкай будучыні, калі б за ім не крылася адна дужа пэўная задума. Калі ж мне наканавана было сыграць у гэтай задуме галоўную ролю, дык гэта ўжо мая асабістая бяда, хоць, мушу прызнацца, я з самага пачатку адчуваў нешта падступнае. Зрэшты, тут трэба крыху асвятліць мае шанцы пасля працэсу Колера. Ужо тады яны мала радавалі. Я паспрабаваў неяк устаць на ногі; на Шпігельгасэ, над малітоўнай залай пабожнай секты «Святыя з Ютлі», я пачаў сваю ўласную практыку, памяшкане з перакошанай знешняй сцяной на тры акны, з некалькімі крэсламі вакол пісьмовага стала ад Пфістэра, з вядомымі налепкамі з «Бэобахтэра» на сценах, прычым прамоўчу пра якасць шпалераў на сценах, і пакуль што з няспраўным тэлефонам, - закутак, які ўзнік таму, што ўладальнік дома загадаў знесці сцяну паміж двума мансардамі і, натуральна, забіць другія дзверы. У трэцяй мансардзе жыў прапаведнік, ён жа заснавальнік секты Сымон Бэргер, вонкава вельмі падобны на св. Мікалая Флюэнскага, з ім у нас была агульная прыбіральня. Праўда, размяшчэнне маёй канторы было вельмі рамантычнае, праўда, непадалёк сваім часам жылі Бюхнер і Ленін, выгляд на коміны і тэлеантэны Старога горада абуджаў захапленне, давяральнасць, пачуццё ўтульнасці роднага кута і жаданне разводзіць кактусы, але для адваката яно не гадзілася, і не толькі ад нязручнасці з транспартам, да мяне наогул было цяжка дабрацца: ліфта няма, крутыя рыпучыя лесвіцы, хаатычнае плеціва калідораў. (Дадам: гэта раней мая кантора была размешчана няўдала, калі ў мяне яшчэ былі нейкія рэшткі амбіцыі, калі я яшчэ цвёрда хацеў стаць на ногі, чагосьці дасягнуць, зрабіцца спраўным бюргерам, а прапітаму хадайніку па справах паненак лёгкіх паводзінаў, якім я ў выніку зрабіўся, мой закутак пасуе як найлепш, хоць цесната ад размешчанай у ім сафы набыла катастрафічныя памеры; тут я сплю адзін альбо з кім выпадзе, тут жыву і нават часам гатую, а ўначы «Святыя з Ютлі» ў мяне пад нагамі гарлаюць песні, тыпу «Цябе чакаем мы, наш друг і брат, цябе мы любім вельмі шмат», прынамсі, Луцкі, патрон і абаронца той самай дамы з вартай подзіву канстытуцыяй цела і няпэўнай прафесіяй, які крыху з цікаўнасці, крыху з дзелавога інтэрасу меў са мной гутарку і наогул зандзіраваў глебу, здаваўся ўсім гэтым цалкам задаволеным і нават па-прыяцельску зазаначыў, што толькі тут якраз і можна адпачыць душой). Карацей, кліентура і раней не лашчыла мяне, я быў амаль беспрацоўны адвакат, апрача некалькіх дробных лавачных крадзежыкаў, спагнанняў па выканаўчым лісце ды статутаў спартыўнага таварыства арыштантаў (з даручэння дэпартамента юстыцыі), мне не было ўвогуле чым займацца, я бавіў час альбо на зялёных лаўках уздоўж нябярэжнай, альбо каля кавярні «Сэлект», гуляючы ў шахматы (з Лесэрам, прычым мы абодва ўпарта разгортвалі гішпанскі дэбют, так што ў цэлым гэта ўвесь час была адна і тая самая партыя, і заканчвалася яна аднолькава, патам), у сталоўках жаночага аб'яднання я спажываў стравы хоць і не выштукаваныя фантазіяй, затое вельмі карысныя. У такіх акалічнасцях я наўрад ці мог адхіліць Колерава запрашэнне наведаць яго ў турме ў Р.; думка, што ў запрашэнні старога ёсць нейкая дзіўната, што абсалютна нельга зразумець, навошта яму спатрэбіўся невядомы, яшчэ нічым такім не адметны адвакацік, і ўдадатак страх перад ягонай вышэйшасцю - адным словам, усе мае цьмяныя прадчуванні я прагнаў, проста не мог не прагнаць. У імя маральнасці, якая ёсць прадукт нашай працоўнай маралі. Працуй, склаўшы рукі, дык выцягнеш ногі. Гультаю і Бог не паможа. Карацей, я паехаў у Р. (тады яшчэ ў «фольксвагене»).
Наша папраўчая турма. На машыне можна даехаць хвілін за дваццаць. Пляскатая даліна, прыгарадная вёска, панылая, шматбетонная, некалькі фабрык, на небакраі - лясы. Шчыра кажучы, было б перабольшаннем заяўляць, што нашая турма вядомая кожнаму жыхару горада. Бо чатырыста арыштантаў складаюць ад сілы нуль цэлых адну дзесятую працэнта яго насельніцтва. Зрэшты, гэтая ўстанова павінна быць вядомая аматарам нядзельных вылазак на прыроду насельніцтва, нават у тым выпадку, калі шмат хто прымае яе за бровар альбо за вар'яцкі шпіталь. А таму, хто прайшоў праз браму з аховай і стаіць перад галоўным будынкам, можа здацца, быццам перад ім няўдалае архітэктурнае выкананне кірхі альбо капліца з чырвонай цэглы. Гэтае цьмянае адчуванне рэлігійнай прыналежнасці ніякім чынам не парушаюць постаці ахоўнікаў: ветлыя, пабожныя фізіяноміі, ну, рыхтык табе Армія выратавання, паўсюль цішыня, дабрадайная для нерваў, у прахалодным змроку на чалавека міжволі нападае пазяхотка, да якое, аднак, дамешваецца душэўная сруха. Тут юстыцыя з'яўляецца перад божым светам з заспаным тварам, што і не дзіва, улічваючы вечна завязаныя вочы гэтай дамы. Ёсць і іншыя прыклады дабрахоцтва і клопату пра выратаванне душы, - насустрач табе выходзіць барадаты капелан, нястомны руплівец і дбалец, пасля турэмны пастар, далей дама-псіхолаг у акулярах, усё так і прамяніцца жаданнем ратаваць, мацаваць, настаўляць душы, толькі ў самым канцы даволі бязрадаснага калідора прасвечвае пагрозлівы свет, хоць праз закратаваныя шкляныя дзверы немагчыма разгледзець дэталі, ды і двое ў цывільным, што сядзяць на ўслончыку каля кабінета дырэктара і чакаюць, аддана і змрочна, абуджаюць нейкі лёгкі недавер, нейкае несамавітае прадчуванне. Але той, перад кім адчыняюць шкляныя дзверы, хто пераступае таямнічы парог і заходзіць усярэдзіну, малой бяды ў якасці каго - ці тое крыху разгубленых членаў нейкай камісіі, ці тое арыштантаў, пастаўкай якіх займаецца правасуддзе, апынаецца на сваё здзіўленне ў царстве па-бацькоўску строгага, але зусім не бесчалавечнага парадку, карацей, перад трыма магутнымі галярэямі ў пяць паверхаў, якія ўсе праглядваюцца з аднаго пэўнага месца, у царстве зусім не змрочным, а наадварот, прасякнутым святлом зверху данізу, у царстве кратаў і клетак, не пазбаўленым, аднак, ні свайго аблічча, ні прыветлівасці, бо тут праз адчыненыя дзверы камеры можна ўбачыць столь нябесна-блакітнага колеру і пяшчотную зеляніну пакаёвай ліпы, там - ветлівыя, задаволеныя фізіяноміі арыштантаў у карычневых турэмных робах, стан здароўя падапечных вышэй за ўсе пахвалы, манаскі, мерны лад жыцця, ранняе выключэнне святла, простая ежа - цуды твораць, у бібліятэцы ёсць побач з апісаннямі падарожжаў, побач з душарадным чытвом для арыштантаў абодвух веравызнанняў хай нават не самая новая літаратура, затое класіка, ад дырэкцыі раз на тыдзень - кінасеанс, на гэтым тыдні - «Мы вундэркінды», наведвальнасць нядзельнай казані прыкметна перавышае ў працэнтных адносінах аналагічную па той бок турэмнага мура, жыццё размотваецца паступова, марудліва і раўнамерна, людзей забаўляюць і захапляюць, яны атрымліваюць ацэнкі. Тут прыкладныя паводзіны маюць сэнс, яны палягчаюць становішча, гаворка ідзе, зразумела, толькі пра тых, каму адседжваць гадоў дзесяць ці меней, тут выхаваўчыя меры дарэчныя. І наадварот, там, дзе ніякай надзеі няма, ад пажыццёва асуджанага нікто не патрабуе выпраўлення з удзячнасці за паслабленні, нездарма ж яны - гонар установы, напрыклад Дросэль і Цэртліх, якія на волі сваімі зладзействамі ўвагналі ў трымценне мірных грамадзянаў; ахоўнікі ставяцца да іх з нясмелай пачцівасцю, яны - зоркі мясцовага кантынгенту і паводзяцца адпаведна. Нельга замоўчваць той акалічнасці, што ў звычайных крымінальнікаў гэта часам выклікае зайздрасць, і яны даюць сабе слова наступным разам падысці да справы з большай грунтоўнасцю; гэтак сама ж і медаль, заслужаны нашай турмой, мае свой другі бок, але, калі разглядаць пытанне сукупна, хто б не захацеў пры такіх умовах ступіць на сцежку дабрачынства, пазбаўленыя пасадаў і пастоў чыноўнікі здабудуць новую надзею, забойцы звяртаюцца да антрапасофіі, вычварэнцы і кровамесы шукаюць духоўных даброцяў, тут клеяць скрынкі, плятуць кашы, акладаюць кнігі, друкуюць брашуры, і нават урадавыя радцы замаўляюць сабе гарнітуры ў мясцовай швальні, удадатак будынак прапах цёплым хлебам, тутэйшая пякарня славіцца, яе булачкі на бутэрброды подзіву вартыя (каўбасу трэба замаўляць асобна), папугайчыкаў, галубоў, радыёпрымачы можна заслужыць прыкладнасцю і ветлівасцю, для ахвотнікаў прадоўжыць адукацыю ёсць вячэрнія класы, і не без тайнай зайздрасці міжволі закрадваецца подумка, а ёй на змену прыходзіць цвёрдая ўпэўненасць, што гэты свет у поўным парадку, не наш, а менавіта гэты.
Гутарка з дырэктарам папраўчай турмы. На вялікае маё здзіўленне мяне запрасілі да дырэктара Цэлера. Ён прыняў мяне ў сваім кабінеце - пакоі з вялікім сталом для пасяджэнняў, тэлефонам, папкамі. На сценах табліцы, чорныя дошкі з мноствам паперак, почарк амаль каліграфічны, сярод злачынцаў, як на жаль амаль усюды ў гэтай краіне, шмат настаўнікаў. Акно не закратаванае, выгляд на турэмны мур і невялікі газон, прычым гэта хутчэй нагадвала б школьны двор, калі б не абсалютная цішыня. Ні аўтамабільных гудкоў, ні шолахаў, як у доме для пярэстаркаў.
Дырэктар прывітаў мяне холадна і стрымана, пасля чаго мы селі.
- Гер Шпэт, - пачаў ён нашу гутарку, - увязьнены Ісак Колер пажадаў, каб вы яго наведалі. Я дазволіў, вы будзеце гутарыць з Колерам у прысутнасці ахоўніка.
- Ад Штусі-Лойпіна я чуў, што ён можа гутарыць са сваімі кліентамі без сведкаў.
- Штусі-Лойпін карыстаеццам нашым даверам, - адказаў дырэктар на маё пытанне. - Не хачу сказаць, што вы ім не карыстаецеся, проста мы вас яшчэ не ведаем.
- Ясна.
- І яшчэ адно, гер Шпэт, - ужо больш прыветлівым тонам, - перш чым вы пачняце гутарку з Колерам, я хацеў бы расказаць вам, якое думкі я пра гэтага вязьня. Магчыма, гэта вам спатрэбіцца. Не зразумейце мяне няправільна. У мае абавязкі не ўваходзіць высвятляць, чаму людзі, давераныя майму нагляду, апынуліся тут. Гэта мне не абыходзіць. Мая справа - выкананне выраку. І нічога больш. Вось чаму я не збіраюся разважаць і пра злачынства Колера. Але, прызнаюся вам шчыра, гэты чалавек выклікае ў мяне недаўмёнасць.
- У якім сэнсе?
Дырэктар злёгку замуляўся, потым сказаў:
- Ён здаецца абсалютна шчаслівым.
- Можна толькі парадавацца, - сказаў я.
- Не ведаю, не ведаю, - адказаў дырэктар.
- Зрэшты, у вас сапраўды ўзорная ўстанова.
- Стараюся, як магу, - уздыхнуў дырэктар. - І ўсё-такі згадзіцеся, калі мультымільянер шчаслівы, адседжваючы тэрмін, дык у гэтым ёсць нейкая непрыстойнасць.
Па турэмным муры прагульваўся вялікі ўкормлены дрозд. Прываблены спевамі, шчэбетам і свістам распанелых у сваіх клетках птушак, чые галасы часам даносіліся з закратаваных вокан, з яўнай надзеяй на тое, што яму дазволяць тут застацца. Дзень выдаўся гарачы, з усяго выходзіла, што лета вярнулася, над далёкімі лясамі збіраліся хмары, а з вёскі чуўся бой гадзінніка на званіцы кірхі. Роўна дзевяць.
Я запаліў цыгарэту. Дырэктар пасунуў мне попельніцу.
- Гер Шпэт, - сказаў ён, - уявіце сабе артыштанта, які проста з моста кажа вам у твар, што ў вас выдатная ўстанова, дзельныя ахоўнікі, што сам ён вельмі шчаслівы і нічога лепшага сабе не зычыць. У галаве не ўкладваецца. У мяне гэта выклікала агіду.
- Чаму ж гэта? - здзівіўся я. - Хіба ў вас ахоўнікі не дзельныя?
- Ну, зразумела, дзельныя, - адказаў дырэктар, - але меркаваць пра гэта належыць мне, а не арыштанту. Калі ўжо на тое, у пекле не скачуць.
- Ну але ж бо, - падтакнуў я.
- Я тады проста выйшаў з сябе, запатрабаваў найстражэйшага выканання ўсіх правілаў унутранага распарадку, хоць, згодна з указаннем дэпартамента юстыцыі, павінен быў бы паставіцца да яго з гранічнай лагодай і, хоць нідзе на свеце правіламі турэмнага парадку вязьню не забараняецца пачувацца абсалютна шчаслівым, я быў вельмі разгублены, чыста эмацыйна. Гер Шпэт, вы павінны зразумець мяне, Колер атрымаў звычайную адзіночку са строгім рэжымам, без асвятлення - увогуле, гэта забаронена, - але праз колькі там дзён заўважаю, што ахоўнікі яго любяць, я б нават сказаў - шануюць.
- А цяпер?
- А цяпер я змірыўся з ім, - буркнуў дырэктар.
- І таксама яго шануеце?
Дырэктар задумліва паглядзеў на мяне.
- Ведаеце, гер Шпэт, калі я сяджу ў Колера ў камеры і слухаю, як ён разважае, ад яго, чорт вазьмі, ідзе нейкая сіла, я б сказаў, надзея, можна самому паверыць у чалавецтва і ва ўсё добрае і прыгожае, ён і нашага пастара захапляе сваімі казанямі, гэта, скажу я вам, проста нейкая ліпкая зараза. Але, дзякаваць Богу, я цвярозы рэаліст і не веру, што бываюць абсалютна шчаслівыя людзі. І тым больш, калі яны сядзяць у турмах, як мы ні рупімся палегчыць жыццё нашым пацыентам. Мы ж не звяры, зрэштачкі. А злачынцы - яны і ёсць злачынцы. Вось чаму я яшчэ раз кажу вам: гэты чалавек можа быць вельмі небяспечным, павінен быць вельмі небяспечным. Вы робіце толькі першыя крокі на сваім прыпірышчы, таму будзьце двойчы асцярожлівы, каб не трапіць у ягоную пастку, а самае лепшае было б вам зусім з ім не звязвацца. Зразумела, я толькі раю, не больш; урэшце, вы самі адвакат, вам і рашаць. Калі б толькі чалавека не тузалі да такой ступені ў розныя бакі. Гэты Колер альбо святы, альбо сатана, я лічыў сваім абавязкам засцерагчы вас, што і раблю.
- Вельмі вам дзякую, гер дырэктар, - сказаў я.
- Добра, я распараджуся, каб вам прывялі Колера, - уздыхнуў дырэктар.
Даручэнне. Гутарка з абсалютна шчаслівым чалавекам праходзіла ў суседнім пакоі. Тая самая абстаноўка, той самы выгляд з акна. Я ўстаў, калі ахоўнік увёў доктара h.c. Ісака Колера. Стары быў у карычневай арыштанцкай робе, яго ахоўнік - у чорнай форме, вельмі падобны на паштальёна.
- Сядайце, Шпэт, - сказаў доктар h.c. Ісак Колер. Ён трымаўся як гаспадар, нязмушана і паблажліва. Я, уражаны, падзякаваў і сеў. Пасля прапанаваў арыштанту цыгарэту, але той адмовіўся.
- Я кінуў курыць, - патлумачыў ён, - не ўпускаю магчымасці спалучыць прыемнае з карысным.
- Гэта турму вы лічыце прыемнай, гер Колер? - спытаўся я.
Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
- А вы не?
- Я ў ёй не сяджу.
Ён аж ззяў.
- Па-мойму, тут цудоўна. Гэта спакой! Гэта цішыня! Я, мушу вам прызнацца, жыў дужа рассеяна, раней. Праз свой трэст.
- Магу сабе ўявіць, - згадзіўся я.
- Тэлефона тут няма, - працягваў Колер. - Здароўе ў мяне прыкметна паправілася. Вось, падзівіцеся. - І ён зрабіў некалькі прысядаў. - Месяц назад я б так не здолеў, - горда патлумачыў ён, - дарэчы, у нас тут ёсць спартыўны клуб.
- Ведаю.
За акном, па-ранейшаму поўны надзеяў, прагульваўся ўкормлены дрозд, але, магчыма, гэта ўжо быў іншы. Абсалютна шчаслівы чалавек задаволена разглядваў мяне.
- Мы з вамі сустракаліся.
- Ведаю.
- У рэстаране «Du Théâtre», які займае пэўнае месца ў маім жыцці. Вы, як я памятаю, назіралі, як я гуляю на більярдзе.
- Я нічога не глуздую ў більярдзе.
- Дагэтуль?
- Дагэтуль, гер Колер.
Арыштант засмяяўся і, павярнуўшыся да ахоўніка, сказаў:
- Мёзер, ці не ўчыніце ласкі падаць нашаму юнаму другу агню?
- Вядома, гер кантанальны радца, само сабою, гер кантанальны радца.
Ахоўнік таксама ззяў усім тварам.
Пасля ён зноў сеў, а я закурыў. Зычлівасць абодвух моцна мяне выматвала. Я з прыемнасцю адчыніў бы вялікае незакратаванае акно, але ў турме гэта, мабыць, не прынята.
- Ведаеце, Шпэт, - загаварыў Колер, - я нічым не адметны вязень, не больш, а Мёзер - адзін з маіх ахоўнікаў. Выдатны чалавек. Ён уводзіць мяне ў таямніцы пчалярства. Я ўжо амаль адчуваю сябе пчаляром, ахоўнік Брунэр - з ім вам таксама не лішне было б пазнаёміцца - вучыць мяне эсперанта. Мы стасункуемся выключна на гэтай мове. Можаце самі пераканацца: бадзёрасць духу, хатняя абстаноўка, сардэчнасць паўсюль, глыбокі мір і спакой. Я цяпер абсалютна шчаслівы чалавек. А раней? Госпадзе! Я чытаю Платона ў арыгінале, я пляту кашы, дарэчы, Шпэт, вам не патрэбен кош?
- На жаль, не.
- Кашы гера кантанальнага радцы - верх дасканаласці, - горда пацвердзіў ахоўнік са свайго кута. - Я асабіста навучыў яго плесці кашы, і ён ужо пакінуў далёка ззаду ўсіх нашых майстроў. Далібог, я не перабольшваю.
Я зноў выказаў шкадаванне.
- Вой не, мне не патрэбен кош.
- Шкада, а то я з прыемнасцю падарыў бы вам. На памяць.
- Нічога не парадзіш.
- Шкада. Да слёз.
Я пачаў траціць вытрымку.
- Ці не магу я даведацца, навошта мяне сюды запрасілі? - спытаўся я.
- Але ж вядома, можаце, - адказаў ён. - Несумненна, можаце. У мяне неяк з галавы выскачыла, што вы прыехалі з волі, што вам спех, што вы занятыя. Добра, пяройдзем да справы: тады, у «Du Théâtre», вы, памятаеце, расказвалі, што збіраецеся стаць самастойным.
- Я і самастойны.
- Так, мне дакладвалі. Ну, і як гандаль у лаўцы?
- Гер Колер, - сказаў я, - тут пра гэта, бадай што, гаварыць недарэчы.
- Значыцца, кепска, - кіўнуў ён, - так я і думаў. А кантора ваша ў мансардзе на Шпігельгасэ, праўда? Таксама кепска. Яшчэ горш нават.
Гэта ўжо перабірала край. Я ўстаў.
- Альбо вы скажаце мне, што вам ад мяне трэба, гер Колер, альбо я пайду, - груба сказаў я.
Абсалютна шчаслівы чалавек таксама ўстаў, раптам перад маімі вачыма зрабіўся магутным, непераможным і ўціснуў мяне назад у крэсла абедзвюма рукамі, апусціўшы іх, як гіры, на мае плечы.
- Сядзьце, - сказаў ён пагрозліва, амаль злосна.
Мне нічога не заставалася, як паслухацца.
- Добра, - сказаў я і прыціх.
Ахоўнік таксама. Колер зноў сеў.
- Вам патрэбны грошы, - канстатаваў ён.
- Гэтага мы абмяркоўваць не будзем, - адказаў я.
- Я мог бы даць вам даручэнне.
- Слухаю.
- Я хачу, каб вы нанава расследавалі маю справу.
Я разгубіўся.
- Інакш кажучы, гер Колер, вы хочаце дабіцца перагляду?
Ён кіўнуў.
- Калі б я хацеў перагляду, гэта азначала б, што вынесены мне вырак несправядлівы. Але ён больш чым справядлівы. Жыццё маё завершана і падшыта да справы. Я ведаю, тутэйшы дырэктар лічыць мяне крывадушнікам, і вы, Шпэт, здаецца, таксама. Магу зразумець. Але я не святы і не д'ябал, я ўсяго толькі чалавек, які прыйшоў да высновы, што, каб жыць, дастаткова турэмнай камеры, а каб памерці - ложка, пазней - труны, бо прызначэнне чалавека - мысліць, а не дзейнічаць. Дзейнічаць можа кожны асёл.
- Добра, - сказаў я, - вельмі пахвальныя высновы. Але цяпер дзейнічаць за вас павінен буду я. Яшчэ раз даследаваць вашу справу. А ці дазволена аслу папытацца, што вы намыслілі?
- Нічога я не намысліў, - коратка адказаў доктар h.c. Ісак Колер. - Я проста разважаю. Пра свет. Пра людзей. Магчыма, пра Бога. Але на развагі мне патрэбен матэрыял, інакш мае думкі пачынаюць круціцца ў пустаце. Ад вас мне не трэба нічога, апрача невялікай дапамогі ў маіх занятках, якія вы спакойна можаце разглядаць як хобі міліянера. Дарэчы, вы не адзіны, у каго я прашу нязначных паслугаў. Вы ведаеце старога Кнульпэ?
- Прафесара?
- Яго-яго.
- Я ў яго вучыўся.
- Ну, вось бачыце. Цяпер ён на пенсіі, і каб ён канчаткова не спарахнеў, я і яму даў даручэнне. Цяпер ён заняты даследаваннем. Вынікі аднаго забойства. Ён высвятляе наступствы, якія паследавалі і яшчэ паследуюць у выніку гвалтоўнага спынення жыцця аднаго калегі. Надзвычай цікава. Ён у захапленні. А задача ў тым, каб, даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку. А ваша задача, шаноўны, будзе іншага роду, і ў пэўнай ступені яна процілеглая таму, што робіць Кнульпэ.
- Якім жа чынам?
- Вы павінны нанава разгледзець мой выпадак, зыходзячы з дапушчэння, што забойца быў не я.
- Не разумею.
- Вам трэба скласці фіктыўнае дапушчэнне, толькі і ўсяго.
- Але ж раз вы забойца, дык усе мае дапушчэнні не маюць сэнсу, - запярэчыў я.
- Не, толькі так яны і набываюць сэнс, - адказаў Колер, - дарэчы, вас ніхто і не прымушае даследаваць рэчавасць, гэтым займаецца наш мілы Кнульпэ, вам трэба разгледзець адну з магчымасцяў, якія тояцца ў рэчаіснасці. Бачыце, дарагі Шпэт, рэчаіснасць нам і без таго вядомая, за яе я і сяджу тут і пляту кашы, а вось пра магчымае нам вядома якраз жа і мала. І гэта натуральна. Магчымае амаль бязмежнае, тым часам як рэчаіснае строга абмежавана, бо толькі адной з магчымасцяў дадзена ўвасобіцца ў існасць. Рэчаіснае - гэта проста асобны выпадак магчымага. А таму яго няцяжка ўявіць і ў іншым выглядзе. З чаго вынікае, што нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснае, каб пранікнуць у сферу магчымага.
Я засмяяўся.
- Не зусім звычайны лад разважанняў, гер Колер.
- Так, у тутэйшых мясцінах прынята разважаць, - адказаў Колер. - Ведаеце, гер Шпэт, начамі, гледзячы на зоркі праз аконныя краты, я часта задаю сабе пытанне: як бы выглядала рэчаіснасць, калі б забойца быў не я, а хто-небудзь іншы? Хто б ён тады быў, гэты іншы? Вось на якое пытанне я хацеў бы атрымаць ад вас адказ. Я кладу вам трыццаць тысяч ганарару, з іх пятнаццаць - авансам.
Я прамоўчаў.
- Ну, дык што? - спытаў ён.
- Падобна на пакт з д'яблам, - адказаў я.
- Я ж не патрабую ад вас душы.
- Хто ведае.
- Вы нічым не рызыкуеце.
- Магчыма. Але я не бачу сэнсу ў вашай задумцы.
Ён паківаў галавой, засмяяўся.