Сэльма ЛагерлёфПярсцёнак Лёвеншольдаў
I
Ведаю, што жылі ў даўніну на свеце людзі, якія не зналі страху. Чула я і пра такіх, якія лічылі забавай прайсціся па першым тонкім лёдзе. І не было для іх большай радасці, як скакаць на неаб'езджаным кані. Так, былі сярод іх і такія, што не пагрэбавалі б згуляць у карты з самім юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалі, што гуляе ён мечанымі картамі і таму заўсёды выйграе. Ведала я і некалькі бясстрашных душ, што не пабаяліся б адправіцца ў дарогу ў пятніцу ці сесці за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. І ўсё ж сумняваюся, ці хапіла б у каго-небудзь з іх духу надзець на палец жахлівы пярсцёнак, які належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.
Гэта быў той самы стары генерал, які здабыў Лёвеншольдам і імя, і маёнтак, і дваранскую годнасць. І да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вісеў у параднай гасцінай на верхнім паверсе паміж вокнамі. Гэта была вялікая карціна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогі да столі. Здалёку здавалася, нібы гэта Карл XII* уласнай персонай, быццам гэта ён стаіць тут у сінім мундзіры, у вялікіх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпіраючы вялізнымі батфортамі стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы бліжэй, вы бачылі, што намаляваны быў чалавек зусім іншага роду.
* Карл ХІІ (1682-1718) - шведскі кароль (1697-1718). Падзеі, аб якіх упамінаецца далей, звязаны з тым перыядам яго ўладарання, калі Швецыя вяла супраць Даніі, Рэчы Паспалітай, Саксоніі і Расеі Паўночную вайну (1700-1721) за пануючае становішча на берагах Балтыйскага мора. Першы перыяд вайны складваўся для Швецыі ўдала, аднак ваенны паход Карла XII ў Расею закончыўся поўным разгромам шведскай арміі пад Палтавай (1709). Паводле слоў Ф.Энгельса, пасля паражэння ў Расеі Швецыя страціла сваю эканамічную і палітычную магутнасць і была адкінута на становішча другаразраднай краіны. Вярнуўшыся на радзіму, Карл XII арганізаваў ваенны паход у Нарвегію (1716-1718), дзе і загінуў каля сцяны нарвежскай крэпасці Фрэдрыстэн.
Над каўняром мундзіра ўзвышалася магутная і грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваіх дзён. Але пры ўсёй сваёй агіднасці чалавек гэты быў з выгляду разумны, і верны, і слаўны. Калі б ён з'явіўся на свет у нашы дні, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то і старшынёй муніцыпалітэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён і ў рыксдагу б засядаў*. Але паколькі жыў ён у часы вялікага, доблеснага караля, то адправіўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; і за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.
* Рыксдаг узнік у Швецыі ў 1617 г. і да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнікоў усіх саслоўяў, які выконваў ролю дарадчага органа пры каралі. Рыксдаг у сучасным значэнні - шведскі парламент.
Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалі партрэт, тым больш прыміраліся з абліччам генерала. Здавалася, вы пачыналі разумець - сапраўды такія і былі яны, тыя самыя воіны, што пад кіраўніцтвам караля Карла XII праклалі яму шлях у Польшчу і Расею*. Яго суправаджалі не толькі шукальнікі прыгод і прыдворныя кавалеры, але і такія простыя і адданыя людзі, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любілі караля, мяркуючы, што дзеля яго варта і жыць і памерці.
* Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалітую пачаўся ў студзені 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапіўшы Кракаў і Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалітай з антышведскай кааліцыі і падпісання мірнага пагаднення ў Варшаве (18 лістапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонію і вымусіўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкі мір 1706 г.), Карл XII арганізаваў ваенны паход у Расею (жнівень 1707 г.). Разлічваючы на дапамогу свайго тайнага саюзніка, украінскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армію цераз Украіну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскіх войск. Першае паражэнне шведскай арміі было нанесена ў бітве пры Лясной (28 верасня 1708 г.), а затым яна была поўнасцю разгромлена ў Палтаўскай бітве (27 чэрвеня 1709 г.) Пасля ўцёкаў Карла ХІІ у Турцыю рэшткі яго войска канчаткова капітулявалі 1 ліпеня 1709 г. Ф.Энгельс адзначаў, што сваёй спробай заваяваць Расею Карл XII загубіў Швецыю і паказаў усім непаражальнасць Расеі.
Калі вы разглядвалі вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусім не прыкмета ганарыстасці ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукі, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялікі пярсцёнак з пячаткай, які стары Лёвеншольд насіў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце існаваў толькі адзін-адзінюсенькі кароль. І пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара*! Адважваліся нават запэўніваць, быццам неразумнасцю сваёй і самавольствам ён давёў краіну ледзь не да пагібелі; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхільнікам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! І таму, хто быў блізкі да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае і вышэйшае за людскую славу і поспехі і дзеля чаго варта змагацца.
* Пасля паражэння шведскай арміі ў Расеі ў разоранай вайной Швецыі ўзнікла апазіцыя, якую ўзначальвала служылае дваранства і падтрымлівалі іншыя саслоўі, незадаволеныя нарастаючым цяжарам падаткаў і павіннасцей, настойлівым імкненнем караля працягваць вайну. Яго лічылі вінаватым ва ўсіх бедах, якія наваліліся на Швецыю. Разам з тым сярод часткі шведскага насельніцтва бытавала ідэалізаванае ўяўленне пра Карла XII як пра вялікага палкаводца і героя. Гэтыя дваістыя адносіны да Карла XII знайшлі сваё адлюстраванне і на старонках рамана С.Лагерлёф.
Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з ім на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой і ў магілу. І тут справа была зусім не ў ганарыстасці. У яго і ў думках не было выхваляцца тым, што ён носіць на пальцы пярсцёнак вялікага караля, калі з'явіцца перад госпадам Богам і мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькі ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзіць акружаны сваімі ўдалымі рубакамі Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што і пасля смерці яму давядзецца быць блізка ад таго чалавека, якому служыў і пакланяўся ўсё сваё жыццё.
Такім чынам, калі труну генерала апусцілі ў каменны склеп, які ён загадаў узвесці для сябе на могільніку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукі. Сярод тых, хто праводзіў генерала ў апошні шлях, знайшлося нямала такіх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знікне разам з нябожчыкам у магіле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такі ж слаўны і вядомы, як ён сам. Казалі, нібы золата ў ім столькі, што хапіла б купіць цэлы маёнтак і што пунсовы сердалік з выгравіраванымі на ім ініцыяламі караля каштаваў не менш. І ўсе лічылі, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагі за тое, што не пярэчылі бацькоўскай волі і пакінулі гэту дарагую рэч з ім.
Калі пярсцёнак генерала і на самай справе быў такі, якім ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмі нязграбная штучка, якую ў цяперашнія часы наўрад ці пажадаў бы хто насіць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмі высока цаніўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожанні і посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкім выключэннем здаваць у казну, што даводзілася змагацца з Гёртцавымі далерамі і з дзяржаўным банкруцтвам* і што для многіх золата было чымсьці такім, аб чым яны ведалі толькі па чутках і чаго ніколі ў вочы не бачылі. Так і здарылася, што ў народзе не маглі забыць пра залаты пярсцёнак, які быў пакладзены ў труну без усякай карысці для людзей. Многія былі гатовы лічыць нават несправядлівым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялікія грошы ў чужыя краіны і здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай і драўлянай карой.
* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацігадовай адсутнасці (1715), застаў краіну ў стане поўнага эканамічнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкі для працягу вайны. Наткнуўшыся на супраціўленне дзяржаўнага савета і рыксдага, ён адхіліў іх ад кіравання дзяржавай і перадаў усю паўнату ўлады ў рукі гальшэйнгаторпскага міністра Гёртца (1668-1718), які правёў шэраг эканамічных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельніцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У ліку гэтых мерапрыемстваў былі канфіскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе «Гёртцавымі далерамі». Перыяд уладарання ненавіснага чужаземнага міністра лічыцца адным з самых змрочных эпізодаў шведскай гісторыі і вядомы пад назвай «Гёртцавага часу».
Але хоць многія і жадалі завалодаць гэтай вялікай каштоўнасцю, не знайшлося нікога, хто б сапраўды падумваў прысвоіць яе. Пярсцёнак так і ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкімі каменнымі плітамі, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; і думалі, што так ён і застанецца там да сканчэння вякоў.
II
У сакавіку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькі месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмістра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, які жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалі яе ў нядзелю, адразу пасля службы, і ўсе малельшчыкі прама з царквы пайшлі за пахавальным шэсцем і праводзілі нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамільнай грабніцы, дзе абедзве вялізныя магільныя пліты былі зрушаны на самы край. У скляпенні пад плітамі муляр зрабіў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзіцяці можна было паставіць побач з дзядулінай.
Пакуль прыхаджане, якія сабраліся каля склепа, слухалі надмагільнае слова, мабыць, сёй-той і ўспомніў аб каралеўскім пярсцёнку і пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магіле без усякай карысці і радасці.
А магчыма, сёй-той і шапнуў суседу, што цяпер не так ужо і цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад ці замуруюць.
Сярод тых, каго трывожылі такія думкі, быў і нейкі селянін з сядзібы Маламстуга ў Ольсбю. Звалі яго Борд Бордсан. Ён быў зусім не з тых, хто гараваў бы да сівых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калі хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, і так добрая сядзіба і яму няма чаго зайздросціць генералу, калі б ён забраў з сабой у магілу хоць цэлы шэфель* золата.
* Шэфель - старадаўняя шведская мера ёмістасці для цвёрдых і сыпучых целаў, роўная 20,9 літра.
І вось цяпер, стоячы на могільніку, Борд Бордсан, як і многія іншыя, падумаў: «Дзіўна, што склеп застанецца адкрытым». Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоіўся. «Ротмістру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалі сягоння ж пасля паўдня, - падумаў ён. - Знойдуцца такія, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка».
Справа гэта яго зусім і не тычылася, але як бы там ні было, а ён усё больш і больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакідаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнівень, ночы былі цёмныя, і калі склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей і завалодаць скарбам.
Яго ахапіў такі страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, ці не пайсці яму да ротмістра, каб папярэдзіць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лічыцца дурнем, і яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. «У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, - падумаў ён, - але калі перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмістр маху не дасць і ўжо абавязкова распарадзіцца, каб замуравалі пралом».
Ён так паглыбіўся ў свае думкі, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, і працягваў стаяць каля магілы. І прастаяў бы яшчэ доўга, калі б жонка не падышла да яго і не тузанула за рукаў кафтана.
- Што гэта на цябе найшло? - запыталася яна. - Стаіш тут і вачэй не зводзіш, быццам кот каля мышынай норкі.
Селянін уздрыгнуў, узняў вочы і ўбачыў, што, апрача іх з жонкай, нікога на могільніку ўжо няма.
- Ды нічога, - адказаў ён. - Стаяў тут, і прыйшло мне ў галаву...
Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што іменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлівая за яго. І палічыла б толькі яго трывогі дарэмнымі. Сказала б, што замураваны склеп ці не - нікога гэта справа не тычыцца, апрача ротмістра Лёвеншольда.
Яны накіраваліся дамоў і вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спінай да могільніка, Борду Бордсану і выкінуць бы з галавы думкі аб генеральскай грабніцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаванні: аб труне і аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсіі і аб надмагільных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нічога не бачыць і не чуе. Жончын голас гучаў дзесьці далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круціліся адны і тыя ж думкі: «Сягоння ў нас нядзеля, і, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмістр мог бы даць далакопу далер, каб той папільнаваў магілу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабіць!»
Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:
- Што ні кажы, а трэба было мне пайсці да ротмістра! Так, трэба было! Такая важнасць, калі б людзі і паднялі мяне на смех!
Ён зусім забыўся, што побач з ім ішла жонка, і апамятаўся, толькі калі яна раптам спынілася і ўтаропілася ў яго.
- Ды нічога, - сказаў ён. - Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.
Яны зноў пакрочылі дадому і хутка апынуліся ў сябе ў Меламстузе.
Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавіцца ад трывожных думак, і так яно, можа, і было б, калі б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны.. Паабедаўшы, жыхары Меламстугі разышліся хто куды. Ён адзін застаўся сядзець у пакоі, і на яго зноў напаў ранейшы роздум.
Трохі счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор і пачысціў каня скрабніцай, намерваючыся з'ездзіць у Хедэбю і пагаварыць з ротмістрам. «Інакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу», - падумаў ён.
Аднак ажыццявіць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоіла, але сусед быў не адзін, і Борд па сваёй празмернай нясмеласці зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так і не сказаўшы ні слова.
Як толькі сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збіраючыся адразу ж заснуць. Але сон не ішоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, і ён усё круціўся ды варочаўся ў ложку.
Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, і хутка яна пачала распытваць, што з ім такое.
- Ды нічога, - па сваёй звычцы адказваў ён. - Вось толькі справа адна ў мяне з галавы не выходзіць.
- Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, - прамовіла жонка, - цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такія, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра іх мне расказаць.
Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявіў, што ён тут жа засне, калі раскажа жонцы.
- Ды вось ляжу я і ўсё думаю, - сказаў ён, - ці замуравалі генералаў склеп, ці ён усю ноч прастаіць адкрыты.
Жонка засмяялася.
- І я пра гэта думала, - сказала яна, - і здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спіцца?
Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блізка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, і ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.
Але як толькі ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усіх бакоў, з усіх хацін падкрадваюцца да яго чалавечыя цені. Усе яны выйшлі з адным і тым жа тайным намерам, усе накіроўваюцца да могільніка і да таго самага адкрытага склепа.
Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава і пот праняў. І нехаця ён пачаў круціцца і варочацца ў ложку.
Нарэшце ў жонкі цярплівасці не хапіла, і яна нібы жартам кінула яму:
- Далібог, мужычок, ці не лепей ужо табе самому схадзіць на могільнік ды паглядзець, ці ўсё добра з магілай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.
Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелі і пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзіны. Праз гадзіну ён вернецца дамоў і спакойна праспіць усю ноч напралёт.
Ды не паспеў ён выйсці за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могільніку, калі ён пойдзе туды адзін-адзінюсенькі. Яна жвава ўскочыла і гэтак жа быстра надзела сукенку.
Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокі, Борд зарагатаў.
- За мной пайшла, даведацца, ці не сцягну я генералаў пярсцёнак? - запытаўся ён.
- Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нічога такога ў цябе і ў думках няма. Я пайшла толькі каб быць з табой, калі прад табой з'явіцца могільнікавы дух ці конь-мярцвяк*.
* У Швецыі існуе паданне пра каня, які калісьці быў пахаваны на могілках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах і без галавы, бадзяецца па начах на могілках, прадракаючы пагібель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо іменна гэты конь перавозіць людзей пасля смерці ў царства мёртвых.
Яны паскорылі крок. Надышла ноч, і ў беспрасветнай цемры віднелася на захадзе толькі вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалі дарогу. Яны размаўлялі і былі ў добрым настроі. На могільнік жа яны ішлі толькі для таго, каб зірнуць, ці адкрыты склеп, і каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.
- Не, ніяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такія ратазеі, што не замуруюць пярсцёнак зноў.
- Ды ўжо хутка аб усім даведаемся, - сказала жонка. - А вось, здаецца, і могільнікавая агароджа!
Селянін спыніўся, падзівіўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накіравалася на могільнік з іншымі намерамі, чым ён.
- Перш чым увайсці на могільнік, - сказаў Борд, - нам, відаць, патрэбна б дамовіцца, што будзем рабіць, калі магіла адкрыта.
- Ужо і не ведаю, ці закрыта, ці адкрыта, а толькі наша справа - вярнуцца дамоў ды легчы спаць!
- І гэта слушна, твая праўда! - сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. - І не чакай, каб могілкавыя вароты былі ў гэты час не зачынены, - дадаў ён.
- Бадай, сапраўды, - падхапіла жонка. - Прыдзецца нам пералезці цераз сцяну, калі захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.
Муж зноў здзівіўся. Ён пачуў, як з лёгкім шумам пасыпаліся ўніз дробныя каменьчыкі, і тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскі на захадзе вырысоўваецца жончына фігура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, і нічога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая - усяго некалькі футаў. Дзіўным падалося яму толькі тое, што жонка праявіла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.
- Ну вось, - сказала яна. - Давай руку, я дапамагу табе ўзлезці!
Хутка сцяна засталася ззаду, і цяпер яны моўчкі і асцярожна прабіраліся сярод невысокіх магільных грудкоў.
Адзін раз Борд спатыкнуўся аб такі грудок і ледзь быў не паваліўся. Яму падалося, быццам хтосьці падставіў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў і загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякі зразумелі, з якімі намерамі ён прыйшоў на могільнік.
- Не хацеў бы я прыйсці сюды, калі б справа мая была несправядлівая.
- Яшчэ чаго скажаш, - запярэчыла жонка. - Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо і магіла віднеецца!
Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлі магільныя пліты.
Неўзабаве яны былі ўжо каля самай магілы і ўбачылі, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.
- Ну і няўклюды ж яны, - вылаяўся Борд. - Быццам знарок хочуць спакусіць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.
- Пэўна, спадзяюцца, што ніхто не адважыцца крануць нябожчыка, - сказала жонка.
- Ды і ўвогуле мала радасці лезці ў такую магілу, - зазначыў муж. - Саскочыць уніз, бадай, не цяжка, толькі потым сядзі там, як лісіца ў нары.
- Сягоння раніцай я бачыла, як яны апусцілі ў склеп лесвічку, - сказала жонка. - Але яе ўжо, відаць, прынялі.
- А дай пагляджу я і на самай справе, - сказаў муж і пачаў мацаць рукамі ў магільным праломе. - Не, глядзі ты! - усклікнуў ён. - Гэта ж трэба! Лесвічка ж яшчэ тут!
- Ну і расцяпы! - падтакнула жонка. - Толькі, па мне, ці тут лесвічка ці не - розніца невялікая. Той жа, хто там унізе, і сам можа за сваё дабро пастаяць.
- Каб жа гэта ведаць! - падхапіў муж. - Можа, хоць лесвічку прыняць?
- Нічога ў магіле чапаць не будзем, - сказала жонка. - Лепш будзе, калі магільшчык раніцай убачыць магілу якраз такой, якой пакінуў яе напярэдадні.
Разгубленыя і нерашучыя, стаялі яны, утаропіўшыся на чорны адкрыты пралом. Ім бы пайсці цяпер дамоў, але штосьці таямнічае, нешта такое, чаго ніхто з іх не асмельваўся назваць сваім імем, утрымлівала іх на могільніку.
- Ды можна было б пакінуць лесвічку і на месцы, - сказаў нарэшце Борд, - калі б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сіла ўтрымаць злодзеяў.
- Ты ж можаш спусціцца ўніз, у склеп, - параіла жонка, - вось тады сам убачыш, якая ў яго сіла.
Здавалася, нібы Борд толькі і чакаў ад жонкі гэтых слоў. Мігам апынуўся ён каля лесвічкі і пачаў спускацца ў пралом.
Але толькі ступіў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвічкі і ўбачыў, што ўслед за ім лезе і жонка.
- Вунь што, ты і сюды за мной цягнешся, - сказаў ён.
- Баюся я пакінуць цябе адзін на адзін з нябожчыкам.
- А не такі ўжо ён і страшны, - запярэчыў муж. - І не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць.
- Ды ўжо нічога ён нам, відаць, не зробіць, - падтрымала жонка. - Ён жа ведае, што ў нас і ў думках не было ўкрасці пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалі адкручваць века труны, тады іншая справа.
Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала і пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялікім крыжыкам на плешцы.
- Тут быццам бы знарок усё так і прыладжана для злодзея, - сказаў Борд, пачынаючы спрытна і асцярожна адкручваць шрубы труны.
- Чуеш што-небудзь? - запыталася жонка. - Ці не варушыцца ён у труне?
- Тут ціха, як у магіле, - адказаў муж.
- Ён жа, мусіць, не лічыць, што мы задумалі адняць у яго самае дарагое, - працягвала жонка. - Вось каб мы века труны паднялі, тады іншая справа.
- Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, - сказаў муж.
Яны паднялі века і цяпер ужо не ў сілах былі стрымацца ад сквапнасці. Ім не цярпелася авалодаць скарбам. Яны сарвалі пярсцёнак са струхлелай рукі, апусцілі века і, не сказаўшы ніводнага слова, цішком выбраліся з магілы. Ідучы цераз могільнік, яны ўзяліся за рукі, і толькі апынуўшыся па іншы бок нізкай шэракаменнай могільнікавай сцяны і спусціўшыся на прасёлак, адважыліся загаварыць.
- Думаецца мне, - сказала жонка, - што ён сам гэтага хацеў. Зразумеў, што нядобра нябожчыку берагчы такі скарб, вось і аддаў яго нам па добрай волі.
Муж зарагатаў.
- Так, ну і ну, няма чаго сказаць, - вымавіў ён. - Не ўжо, не прымусіш ты мяне паверыць выдумцы, быццам ён аддаў нам пярсцёнак па добрай волі; проста ў яго сілы не было нам перашкодзіць.
- Ведаеш што, - сказала жонка, - сягоння ноччу ты быў вельмі храбры. Мала такіх, хто адважыцца спусціцца ў магілу.
- А я зусім і не думаю, што паступіў нядобра. У жывога я б ніколі і далера не ўзяў, ну а што за бяда ўзяць у мёртвага тое, што яму ўжо не патрэбна.
Ішлі яны гордыя і задаволеныя і толькі здзіўляліся, што нікому, акрамя іх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегію і прадасць там пярсцёнак, як толькі выпадзе які-небудзь зручны выпадак. Ім здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмі многа грошай і ніколі больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнім днём.
- А гэта што? - раптам прыпыніўшыся, запытала жонка. - Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павінна світаць?
- Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзіць, - сказаў селянін. - Відаць, - пажар. І як быццам дзесьці каля Ольсбю. Ці не...
Яго перапыніў гучны жончын голас.
- Гэта ў нас гарыць! - крычала яна. - Меламстуга гарыць! Генерал падпаліў яе!
У панядзелак раніцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусім блізка ад царквы, прыбег магільшчык і, ледзь не задыхаючыся, выпаліў: ім з мулярам, які збіраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок і што шчыты з гербамі і ордэнскія стужкі, якімі яно прыбрана, ссунуты з месца.
Неадкладна людзі спусціліся ў склеп і заўважылі, што там пануе страшны беспарадак і што шрубы труны сарваны. Калі знялі века, то адразу ж убачылі, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукі пярсцёнка няма.
ІІІ
Я думаю пра караля Карла XII і спрабую ўявіць сабе, як людзі любілі яго і як баяліся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерці каралю надарылася аднойчы зайсці ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзін і нечакана; ведаючы, што ў царкве ідзе служба, ён спыніў каня каля царкоўнай брамы і ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанін.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, і, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхінуўшыся спінай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён і ўвайшоў непрыкметна і моўчкі стаяў у змроку пад царкоўнымі хорамі, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, які страціў руку ці нагу ў паходах і быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. І салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымі назад валасамі і арліным носам, мабыць, і ёсць сам кароль. І, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.
Суседзі на лаўцы, пэўна, здзівіліся, чаму ён устаў, і тады ён шапнуў ім, што сам кароль тут, у царкве. І ўслед за ім міжвольна ўсталі ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калі з алтара ці з кафедры абвяшчаліся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, імгненна разнеслася з гэтай лавы на іншыя, і ўсе як адзін - і старыя і маладыя, і багатыя і бедныя, і хворыя і здаровыя - падняліся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерці караля Карла, калі пачаліся няшчасці і беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, які не страціў бы дарагіх яго сэрцу сваякоў або не згубіў усяго свайго багацця, і ўсё па віне гэтага караля. І калі каму-небудзь нават і не даводзілася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краіна, колькі страчана заваяваных зямель, і аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамі*.
* У апошні перыяд вайны краіны - удзельніцы Паўночнага Саюза (Данія, Рэч Паспалітая, Расея) - узмацнілі ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскі трон, і шведскія войскі былі выгнаны з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дацкія войскі ўварваліся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фінляндыю, Эстляндыю, Ліфляндыю, Аландскія выспы.
І тым не менш, тым не менш... Як толькі людзі пачулі разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзіцца той самы чалавек, якога столькі разоў пракліналі, як усе адразу ўсталі.
Усталі і засталіся стаяць. Ніхто і не падумаў сесці зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, і пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усім. Калі б хтосьці сеў, то зняважыў бы караля.
Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нічога не паробіш, давядзецца пацярпець. Ніхто не хацеў зневажаць яго.
Ён быў салдацкім каралём і прывык да таго, што салдаты ахвотна ішлі за яго на смерць*. Але тут, у царкве, вакол яго былі простыя гараджане і рамеснікі, простыя шведскія мужчыны і жанчыны, якія ніколі ў жыцці не чулі каманды: «Узяць на каравул!» Аднак варта яму толькі паказацца сярод іх, і яны ўжо траплялі пад яго ўладу. Яны пайшлі б за ім у агонь і ў ваду, аддалі б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылі ў яго, абагаўлялі. Ва ўсёй царкве прыхаджане маліліся за гэтага незвычайнага чалавека, які быў каралём Швецыі.
* Карл XII быў вельмі папулярны сярод салдат свайго войска, якім імпанавалі яго асабістыя якасці - храбрасць, самавалоданне, сіла волі.
Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой і так глыбока ўкараніцца нават у самым суровым і панурым старым сэрцы, што ўсе людзі думалі - любоў гэта будзе спадарожнічаць яму і пасля смерці.
І таму, пасля таго як выявіўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзіўляліся, што ў кагосьці хапіла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, - тых, на думку прыхаджан, зладзеі маглі рабаваць без апаскі. Або ж калі якая-небудзь пяшчотная маці заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзіцяці, то яго бязбоязна маглі б вырваць у яе з рук. І калі б якога-небудзь пастара паклалі ў труну з Бібліяй у галавах, то і Біблію гэту, пэўна, можна было б украсці ў яго без усякай шкоды для ліхадзея. Але ўкрасці пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, які жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявіць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!
Зразумела, не раз пачыналі следства, але гэта ні да чаго не прывяло - ліхадзея так і не знайшлі. Злодзей прыйшоў і пайшоў у начным змроку, не пакінуўшы ніякіх доказаў, якія маглі б навесці на след.
І гэтаму зноў-такі дзівіліся. Бо хадзіла нямала чутак аб прывідах, якія з'яўляліся па начах, каб выкрыць злачынца, які ўчыніў куды меншае злачынства.
Але ўрэшце, калі стала вядома, што генерал зусім не кінуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявіў бы, калі б пярсцёнак укралі ў яго пры жыцці, ніводзін чалавек ніколькі гэтаму не здзівіўся. Ніхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё і было, бо нічога іншага ад генерала не чакалі.
IV
Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знік генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклікалі да беднага селяніна Борда Бордсана з аддаленага сэтара* ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы і абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самім пастарам. Пастар быў чалавек пажылы і, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, які жыў за многа міль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў - няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт**. Але дачка паміраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовілася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, ці ўвогуле нікога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся і загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькі пастару, а больш нікому на свеце.
* Сэтар - невялікае паселішча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах.
** Пастар-ад'юнкт - другі святар, якога прызначалі ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах.
Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяці. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калі разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнія сем гадоў селяніна даймалі розныя беды і няшчасці. Сядзіба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралі дзікія звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Іоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усіх гэтых бядот, што кінулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хаціну ў глухім лесе; гэта было адзінае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу ні сам ён, ні дзеці яго не хадзілі ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылі ў пастарскім маёнтку, не разумеючы, ці жывуць яшчэ Бордсаны ў іх прыходзе, ці не.
- Наколькі я ведаю твайго бацьку, ён не рабіў такога цяжкага граху, у якім не мог бы пакаяцца ад'юнкту, - сказаў пастар, гледзячы з добразычлівай усмешкай на дачку Борда Бордсана.
Для сваіх чатырнаццаці гадоў яна была не па ўзросту рослая і моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокі, рысы твару грубыя. Выгляд - крышачку праставаты, як у бацькі, але выраз дзіцячай бязвіннасці і шчырасці прыхарошваў яе твар.
- А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баіцеся Бенгта-асілка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? - запыталася дзяўчынка.
- Што такое ты кажаш, дзетка? - здзівіўся пастар. - Што гэта за Бенгг-асілак, аб якім ты гаворыш?
- А той самы, хто робіць так, што ўсё ў нас не ладзіцца.
- Вось як, - працягнуў пастар, - вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асілкам?
- А хіба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпаліў Меламстугу?
- Не, аб гэтым мне чуць не даводзілася, - адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца і ўзяў свой трэбнік і невялікі пацір, якія заўсёды вазіў з сабой, калі ездзіў па прыходзе.
- Гэта ён загнаў матулю ў возера, - працягвала дзяўчынка.
- Горшай бяды быць не можа! - усклікнуў пастар. - А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асілак? Ты бачыла яго?
- Не, бачыць я яго не бачыла, - адказала яна, - але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес і жыць сярод дзікіх скал. Там ён пакінуў нас у спакоі да мінулага тыдня, калі татка секануў сябе па назе.
- І ў гэтым таксама, па-твойму, вінаваты Бенгт-асілак? - зусім спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчыніў дзверы і крыкнуў работніку, каб той сядлаў каня.
- Татка сказаў, што Бенгт-асілак замовіў сякеру, а не то б яму ніколі не пашкодзіць нагу. Ды і рана ж была зусім не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асілак даканаў яго. Вось татка і паслаў мяне сюды і загадаў перадаць, каб вы самі да яго прыехалі, і як мага хутчэй.
- Добра, паеду, - сказаў пастар.
Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накінуў на сябе дарожны плашч і надзеў капялюш.
- Аднаго я не магу зразумець, - сказаў ён, - з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асілку так даймаць твайго татку? Ці не зачапіў яго калі-небудзь Борд за жывое?
- Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, - пацвердзіла дзяўчынка. - Толькі чым ён пакрыўдзіў яго, аб гэтым татка ні мне, ні брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён і хоча паведаміць вам, глыбокапаважаны пан пастар.
- Ну, калі так, - сказаў пастар, - трэба паспяшацца.
Нацягнуўшы пальчаткі з адваротамі, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому і сеў на каня.
За ўвесь час, пакуль яны ехалі да пастуховай хаціны ў лесе, пастар не сказаў ні слова. Ён сядзеў, думаючы аб усіх тых цудах, пра якія расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваім вяку сустракаў толькі аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асілкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусім пра іншага Бенгта.
Калі пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана - Інгільберт. Ён быў на некалькі гадоў старэйшы за сястру, такі ж рослы і бучны, як яна, і падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былі пасаджаны глыбей, а выгляд - зусім не такі дабрадушны і шчыры, як у яе.
- Далекавата вам было ехаць, пан пастар, - сказаў Інгільберт, дапамагаючы пастару злезці з каня.
- О, так, - сказаў стары, - але я прыехаў хутчэй, чым разлічваў.
- Мне самому б трэба было прывезці вас сюды, пан пастар, - сказаў Інгільберт, - але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькі вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькі ў назе антонаў агонь і што сястру паслалі па вас, пан пастар.
- Мэрта не ўступіць любому хлопцу, - сказаў пастар. - Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?
- Шчыра кажучы, яму зусім дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калі я сказаў яму, што вы ўжо выехалі з лесу.
Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селі на шырокія каменныя пліты каля хаціны і сталі чакаць. Настроены яны былі ўрачыста і размаўлялі пра бацьку, які быў добры з імі. Але шчаслівым не быў ніколі з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развітацца з такім няшчасным жыццём.
Раптам сястра сказала:
- У таткі, відаць, было нешта на сумленні!
- У таты? - адзівіўся брат. - Што ўжо ў яго магло быць на сумленні? Ды я ні разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу ці на чалавека.
- Але ж у нечым ён збіраўся пакаяцца пастару, і нікому больш.
- Ён так сказаў? - запытаўся Інгільберт. - Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьці пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклікаў яго сюды толькі для таго, каб прычасціцца.
- Калі ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар - адзіны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялікім і цяжкім граху.
Крыху падумаўшы, Інгільберт усклікнуў:
- Дзіўна! А ці не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзін? Як і небыліцы, якія, бывала, расказваў пра Бенгта-асілка. Усё гэта не інакш як пустая выдумка, і нічога больш.
- Пра Бенгта-асілка ён якраз і хацеў пагаварыць з пастарам, - сказала дзяўчынка.
- Тады можаш пайсці ў заклад, што гэта адны выдумкі, - сказаў Інгільберт.
З гэтымі словамі ён падняўся з месца і падышоў да акенца ў сцяне хаціны, якое было адчынена, каб крыху святла і паветра магло пранікнуць усярэдзіну. Ложак хворага стаяў так блізка ад акенца, што Інгільберт мог чуць кожнае слова. І сын пачаў прыслухоўвацца, ніколькі не пакутуючы мукамі сумлення. Магчыма, ніхто яму ніколі раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякім выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькі няма ніякіх страшных тайнаў, якія ён мог бы выдаць.
Пастаяўшы крыху каля акенца, Інгільберт зноў падышоў да сястры.
- Ну, што я казаў? - пачаў ён. - Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з маці ўкралі каралеўскі пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.
- Злітуйся, божа! - усклікнула сястра. - Ці не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.
- Зараз мы нічога не можам зрабіць, - запярэчыў Інгільберт. - Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.
Ён зноў падкраўся да акенца і пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусіў сястру доўга чакаць і неўзабаве зноў падышоў да яе.
- Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калі яны з маці пабывалі ў склепе і ўзялі пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпаліў двор.
- Па ўсім відаць, што гэта адна дурасць, - сказала сястра. - Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпаліў Бенгт-асілак.
Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як Інгільберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калі зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.
- Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусіць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што маці спалохалася і захацела пайсці разам з ім да ротмістра ў Хедэбю і аддаць пярсцёнак. Бацька і рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што іх абоіх павесяць, калі яны прызнаюцца, што абакралі нябожчыка. Але тут ужо маці не змагла перажыць гэтага, пайшла і ўтапілася.
Тут і твар сястры пацямнеў ад жаху.
- Але татка заўсёды казаў, - пачала была яна, - што гэта быў...
- Ну так! Ён толькі што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць ніводнай жывой душы, хто напусціў на яго ўсе гэтыя беды. Толькі нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асілак. Ён сказаў, што сяляне называлі генерала Бенгтам-асілкам.
Мэрта Бордсан так і абамлела.
- Значыць, гэта праўда, - прашаптала яна ціха, так ціха, нібы гэта былі яе перадсмяротныя словы.
Яна азірнулася па баках. Хаціна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышаліся змрочныя, пакрытыя лесам грабяні гор. Наколькі ахоплівала вока, не відаць было чалавечага жылля, не было нікога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзіноцтва.
І ёй падалося, што ў цені дрэў, у змроку падпільноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на іх новыя няшчасці.
Яна была яшчэ такім дзіцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу і знявагу наклікалі на сябе яе бацькі. Яна разумела адно - што іх даймае нейкі прывід, якаясьці бязлітасная, усемагутная істота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явіцца і яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.
Яна падумала пра бацьку, які вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такі ж самы жах. Ёй споўнілася нядаўна чатырнаццаць, і яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калі згарэла Меламстуга. І ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзіць за ім. Так, лепш яму тады памерці.
Інгільберт зноў падслухоўваў каля акенца хаціны, а потым вярнуўся да сястры.
- Ты ж не верыш у гэта, Інгільберт? - запыталася яна, нібы ў апошні раз спрабуючы пазбавіцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Інгільберта дрыжаць рукі, а вочы застылі ад жаху. Яму таксама было страшна, ніколькі не менш за яе.
- Чаму ж мне тады верыць? - прашаптаў Інгільберт. - Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегію - хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму ніяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломіць нагу, якраз калі патрэбна ад'язджаць.
- А што сказаў пастар? - запыталася дзяўчынка.
- Ён пацікавіўся ў бацькі, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калі так небяспечна было валодаць ім. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калі прызнаецца ў сваім злачынстве, то ротмістр загадае яго павесіць. Выбіраць не было з чаго, вось і давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, і хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалі генералу ў магілу, а мы б, дзеці, пазбавіліся ад праклёну і змаглі б зноў перабрацца ў прыход да людзей.
- Я рада, што пастар тут, - сказала дзяўчынка. - Не ведаю, што і рабіць, калі ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаіць вунь там, пад елкамі. Падумаць страшна, што ён хадзіў тут кожны дзень і падпільноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!
- Я думаю, што тата і сапраўды бачыў яго, - пагадзіўся Інгільберт.
Ён зноў падышоў да хаціны і пачаў прыслухоўвацца. Калі ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў іншы выраз.
- Я бачыў пярсцёнак, - сказаў ён. - Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так і зіхаціць! Пунсовы з золатам! Так і пераліваецца! Пастар зірнуў на пярсцёнак і сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты - генералаў. Падыйдзі да акенца, і ты ўбачыш яго!
- Лепш гадзюку ў рукі вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, - сказала дзяўчынка. - Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?
Інгільберт адвярнуўся.
- Ведаю, што ён - наш згубіцель, але ўсё роўна мне ён па душы.
Толькі ён сказаў гэтыя словы, як да брата і сястры данёсся моцны і зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.
Само сабой зразумела, што пастар не мог прымірыцца з усімі гэтымі вар'яцкімі размовамі аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селяніну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзіцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары ці насылаць хваробы на людзей і жывёлу. Не, беды, якія даймалі Борда, - гэта пакаранне божае, абранае каб вымусіць яго раскаяцца і вярнуць крадзенае яшчэ пры жыцці, пасля чаго грэх будзе дараваны, і ён зможа спакойна памерці.
Стары Борд Бордсан ціха ляжаў у ложку і слухаў пастара, той так і не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, і не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.
Але брат з сястрой, якія дрыжалі ад страху перад насланнём і прывідамі, адразу акрыялі.
- Чуеш? - запытаўся Інгільберт, схапіўшы за руку сястру. - Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусім не генерал.
- Так, - адказала сястра.
Яна сядзела, сціснуўшы рукі. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.
Інгільберт устаў. Парывіста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, які мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусім іншым чалавекам. Шпаркім крокам падышоў ён да хаціны, адчыніў дзверы і ўвайшоў.
- Што такое? - запытаўся пастар.
- Я хачу пагаварыць з татам!
- Ідзі адсюль! З тваім бацькам цяпер размаўляю я! - строга сказаў пастар.
Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з ім то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлівым.
Інгільберт, закрыўшы твар рукамі, усеўся на каменныя пліты. Ім авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хаціну, але яго і цяпер выгналі за дзверы.
Калі ўсё было скончана, настала чарга Інгільберта праводзіць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё ішло добра, але неўзабаве ім давялося ехаць па грэблі цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён раніцай пераязджаў гэта балота, і запытаўся, ці не збіўся Інгільберт з дарогі. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмінуць балота і што яна выведзе іх з лесу напрамкі.
Пастар пільна зірнуў на Інгільберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як і бацька, вельмі прагны да золата. Інгільберт жа некалькі разоў заходзіў у хаціну, быццам хацеў перашкодзіць бацьку аддаць пярсцёнак.
- Эх, Інгільберт! Гэта вузкая і небяспечная дарожка, - сказаў пастар. - Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слізкіх бярвёнах.
- А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, - сказаў Інгільберт і ў той жа міг схапіў пастарскага каня за павады.
Калі ж яны апынуліся пасярод балота, дзе з усіх бакоў іх акружала толькі зыбкая багна, Інгільберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусіць яго зваліцца з вузкай грэблі.
Конь стаў на дыбкі, а пастар, які з цяжкасцю ўтрымліваўся ў сядле, закрычаў правадніку, каб той пабаяўся бога, адпусціў павады. Але Інгільберт, здавалася, нічога не чуў, і пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спіхнуць яго ўніз у багну. І жывёліну і конніка чакала немінучая смерць.
Тады пастар выцягнуў з кішэні саф'янавую торбачку і шпурнуў яе прама ў твар Інгільберту.
Той адпусціў павады, каб злавіць торбачку, і адчуўшы свабоду, пастарскі конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблі. Інгільберт застыў на месцы, не зрабіўшы ніякай спробы дагнаць пастара.
V
Не прыходзіцца здзіўляцца, што пасля такога ўчынку Інгільберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хіліўся да вечара, калі яму ўдалося дабрацца да жылля. Нічога мудронага не было і ў тым, што з лесу ён патрапіў не на дарогу ў Ольсбю, якая была і лепшая і карацейшая за астатнія, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.
Блукаючы на кані ў лясным гушчары, ён толькі падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчасліва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана* і папрасіць яго накіравацца ў лес адабраць у Інгільберта пярсцёнак. Але, праязджаючы міма Хедэбю, ён задумаўся, а ці не павярнуць яму туды па дарозе і ці не расказаць ротмістру Лёвеншольду, хто адважыўся спусціцца ў склеп і ўкрасці каралеўскі пярсцёнак.
* Ленсман - службовая асоба, прадстаўнік каралеўскай улады на месцах.
Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмістр і яго бацька не вельмі ладзілі між сабой. Ротмістр быў настолькі ж міралюбівы, наколькі бацька яго - ваяўнічы. Ён паспяшаўся выйсці ў адстаўку, як толькі быў заключаны мір з расейцамі*, і з таго часу ўсе свае сілы аддаваў на аднаўленне росквіту краіны, літаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзінаўладдзя і вайсковых ушанаванняў і нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, і пра многае іншае, што так высока цаніў яго стары бацька. Для большай дакладнасці патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнічаў у рыксдагаўскіх спрэчках**, прычым заўсёды як сябра партыі прыхільнікаў міру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.
* 30 жніўня 1721 г. быў заключаны мірны дагавор паміж Расеяй і Швецыяй (Ніштацкі мір), згодна з якім да Расеі адышлі Інгерманландыя, Ліфляндыя, Эстляндыя, Выбарг і паўднёва-заходняя Карэлія.
** У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў скліканы рыксдаг, на якім разгарнуліся дэбаты наконт далейшага палітычнага курсу краіны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння міру.
Калі сем гадоў таму быў украдзены генеральскі пярсцёнак, пастар, ды і многія іншыя палічылі, што ротмістр не вельмі стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусіла цяпер пастара падумаць: «Якая карысць, калі я вазьму на сябе клопат злезці з каня тут, у Хедэбю. Ротмістр усё роўна не запытаецца, хто носіць сягоння каралеўскі пярсцёнак на пальцы - бацька ці Інгільберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведаміць аб крадзяжы ленсману Карэліусу».
Але пакуль пастар такім чынам раіўся з самім сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, ціхенька адчынілася, ды так і засталася адчыненай насцеж.
Гэта быў сапраўды цуд, але ці мала на свеце розных брам, якія такім жа чынам расчыняюцца самі па сабе, калі яны дрэнна зачынены. І пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымі абставінамі, але палічыў іх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.
Ротмістр прыняў яго гасцінна, куды больш ветліва, чым звычайна.
- Які гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазірнулі да нас. Я якраз вельмі хацеў сустрэцца з вамі і сягоння некалькі разоў намерваўся пайсці да вас у маёнтак і пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!
- Дарэмна б толькі схадзілі, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар. - Яшчэ на світанні я паехаў вярхом па прыхадскіх справах на сетэр у Ольсбю і вось толькі зараз вяртаюся назад. Ну і дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькі прыгод!
- Тое ж і са мной было, хоць я наўрад ці ўставаў сягоння з крэсла. Запэўніваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка міне пяцьдзесят і я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так і потым, цудаў, падобных сягонняшнім, мне сустракаць не даводзілася.
- А калі так, - прамовіў пастар, - першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмі цікавую гісторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзіўная з усіх, якія здараліся са мной у жыцці.
- Але, магчыма, - запярэчыў ротмістр, - вам, высокапаважаны брат, мая гісторыя зусім не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я і хачу запытацца: вы чулі, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма*?
* Гатэнйельм - Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689-1718) - вядомы шведскі марак. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, плаваў на шведскіх і замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганізаваў каперскую флатылію (гл. ніжэй). Нажыў вялікія багацці і часткова субсідзіраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскі тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалі ў сувязях з піратамі. Загінуў у марской бітве пры Гётэборгу.
- Пра гэтага жахлівага пірата і адчайнага капера*, якому кароль Карл надаў чын адмірала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!
* Капер - уладальнік судна ці флатыліі, які займаецца ў час вайны марскім разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад піратаў каперы нападалі толькі на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымліваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства існавала ў Эўропе да сярэдзіны XIX ст.
- Дык вось, - працягваў ротмістр, - сягоння ў абед размова зайшла пра даўнія ваенныя гады. Мае сыны і іхні гувернёр пачалі распытвацца ў мяне, як і што было ў даўніну; маладыя ж любяць слухаць пра мінулае. І заўважце сабе, брат мой, яны ніколі не пытаюцца пра тую гарачую і суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерці Карла, калі мы з-за вайны ды безграшоўя адсталі ва ўсім. Не, іх цікавяць толькі згубныя ваенныя гады! Далібог, і не паверыш: яны ж лічаць ні за што аднаўленне гарадоў, якія згарэлі дашчэнту, узвядзенне заводаў і мануфактур, выкарчоўку лесу і пад'ём цаліны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне і маіх сучаснікаў за тое, што мы пакончылі з ваеннымі паходамі і перасталі спусташаць чужыя землі. Відаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў і што нам здрадзіла былая магутнасць шведаў!
- Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, - сказаў пастар. - Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання.
- Ну вось я і выканаў іх жаданне, - працягваў ротмістр, - і раз яны захацелі пачуць пра якога-небудзь вялікага героя вайны, я і расказаў ім пра Гатэнйельма і пра яго жорсткае абыходжанне з купцамі і мірнымі падарожнікамі, жадаючы выклікаць сваім расказам жах і пагарду. І калі мне гэта ўдалося, я папрасіў сваіх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, і пацікавіўся, ці хацелася б ім, каб на зямлі жылі такія вылюдкі?
Але не паспелі мае сыны адказаць, як слова ўзяў іхні гувернёр і папрасіў дазволу расказаць яшчэ адну гісторыю пра Гатэнйельма. І паколькі ён запэўніў мяне, што гэта прыгода капера толькі падмацуе мае папярэднія выказванні пра жахлівыя зверствы і бясчынствы Гатэнйельма, я згадзіўся.
Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загінуў маладым і цела яго было пахавана ў ансальскай царкве* ў мармуровым саркафагу, які ён выкраў у дацкага караля**. Пасля гэтага ў царкве пачалі з'яўляцца такія страшныя прывіды, што ансальскія прыхаджане не ведалі паратунку. Яны не знайшлі іншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны і пахаваць яго ў зямлі на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мірна і спакойна. Але рыбакі, якім здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалі, што заўсёды чулі там шум і валтузню, і ў любое надвор'е марская пена бурна закіпала над злашчаснымі шхерамі. Рыбакі думалі, што ўсё гэта была справа рук карабельнікаў і гандляроў, якіх Гатэнйельм загадваў кідаць за борт з захопленых ім суднаў. І цяпер яны ўставалі са сваіх сырых марскіх магіл, каб катаваць пірата. А рыбакі ўсяляк асцерагаліся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з іх собіла апынуцца занадта блізка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вір, у твар пляснула марская пена, і чыйсьці грамавы голас звярнуўся да яго:
- Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале і скажы жонцы маёй: няхай прышле мне сем бярэмяў арэхавых прутоў ды дзве ядлоўцавыя паліцы!
* Царква ў прыходзе Ансала, дзе знаходзілася сядзіба Гата, якая належала бацькам Гатэнйельма.
** Недакладнае выкладанне гістарычнага факту. У сапраўднасці Гатэнйельм заўважыў на адным з захопленых дацкіх суднаў два мармуровыя саркафагі, якія прызначаліся для дацкага караля Фрэдэрыка IV і яго жонкі. Датчане прапанавалі за іх вялікі выкуп, але Гатэнйельм заявіў, што мае намер пакінуць іх для сябе і сваёй жонкі. Тады па загаду дацкага ўрада былі выраблены два якраз такія ж самыя саркафагі з імем і гербам Гатэнйельмаў, і шведскі капер пагадзіўся ўзяць іх у абмен на каралеўскія. Гэтыя саркафагі ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магільным склепе Гатэнйельмаў, і ў адным з іх пахаваны Ларс Гатэ.
Пастар, які моўчкі і цярпліва слухаў расказ субяседніка, улавіў цяпер, што гэта - звычайная гісторыя аб прывідах, і з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплівага жэсту. Аднак ротмістр не звярнуў на гэта ніякай увагі.
- Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нічога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго і яна, жонка Гатэнйельма. Былі сабраны самыя гнуткія арэхавыя пруты і самыя моцныя ядлоўцавыя паліцы, і работнік з Ансалы паплыў з імі ў мора.
Тут пастар зрабіў настолькі яўную спробу перапыніць свайго субяседніка, што ротмістр нарэшце заўважыў яго нецярплівасць.
- Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, - прамовіў ён, - тое ж падумаў і я, пачуўшы ў абед гэту гісторыю, але зараз, ва ўсякім выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такім чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнік з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны і да таго ж вельмі адданы свайму нябожчыку гаспадару. Інакш ён наўрад ці адважыўся б выканаць такі наказ. Калі ён падплыў бліжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пірата захліствалі такія высокія хвалі, нібы разгулялася страшная бура, а бразганне зброі і шум бітвы чутны былі далёка навокал. Аднак работнік падышоў на вёслах як мага бліжэй, і яму ўдалося закінуць на шхеры і ядлоўцавыя паліцы і бярэмі прутоў. Некалькі шпаркіх узмахаў вёсламі - і ён адплыў ад страшнага месца.
- Высокапаважаны брат мой... - пачаў быў пастар, але ротмістр непахісна працягваў.
- Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназіраць, ці не здарыцца што-небудзь незвычайнае. І чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамі паднялася раптам да аблок марская пена, шум змяніўся страшным грукатам, быццам на полі бітвы, і жахлівыя стогны разнесліся над морам. Так працягвалася нейкі час, паступова заціхаючы, а пад канец хвалі і зусім перасталі браць штурмам Гатэнйельмаву магілу. Неўзабаве тут стала гэтак жа ціха і спакойна, як і на ўсякіх іншых шхерах. Работнік хацеў ужо накіравацца ў зваротны шлях, але ў той жа міг да яго звярнуўся грамавы і ўрачысты голас:
«Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале, пакланіся маёй жонцы і перадай: ці жывы, ці мёртвы, Ласэ Гатэнйельм заўсёды перамагае сваіх ворагаў!»