«Я проста чароўны ў гэтым анёльскім гарнітурчыку». Гэта пані Парцье так сказала маме: «Ваш сынуля сапраўдны цуд! Ён проста чароўны ў гэтым анёльскім гарнітурчыку». Пан Буфардзье падцягнуў Люсьена да сябе і, паставіўшы між каленяў, палашчыў за плечы. «Ды гэта ж дзяўчынка, — з усмешкай прамовіў ён. — Ану, як цябе зваць? Жакліна, Люсьена, Марго?» Люсьен густа пачырванеў і буркнуў: «Мяне зваць Люсьен». Ён быў і сам ужо не вельмі ўпэўнены, што ён не дзяўчынка: вельмі многія абдымалі і цалавалі яго, называючы пры гэтым паненкай, і ўсе лічылі, што ён вельмі прыгожанькі ў гэтай доўгай блакітнай сукенцы з празрыстымі крылцамі, з голымі да плечаў ручкамі і такімі бялявымі кудзеркамі. Люсьен баяўся, каб людзі раптам не вырашылі, што ён болей не хлопчык, бо тады пярэч — не пярэч, ніхто цябе слухаць не будзе, І яму ніколі ўжо не дазволяць расставацца з сукенкай, хіба што перад сном, а раніцай, прачынаючыся, ён зноў будзе бачыць яе ў нагах каля ложка. А калі днём ён захоча піпі, яму трэба будзе яе задзіраць, як Нанеце, і садзіцца на кукішкі. І ўсе будуць казаць яму: «Мілая мая любачка». «А можа, ужо так і ёсць, можа, я ўжо дзяўчынка?» Усярэдзіне ён адчуваў такую млявасць і слодыч, што яму рабілася нават крыху млосна; словы зляталі з яго губ, прамоўленыя вельмі мяккім, вельмі пяшчотным голасам, і, абыходзячы госцяў, ён раздорваў кветкі вельмі зграбнымі, плаўнымі рухамі; яму так і карцела пацалаваць сябе ў згін рукі каля локця. Ён падумаў: усё гэта не па-сапраўднаму, гэта быццам. Яму вельмі падабалася, калі штось было быццам, а больш за ўсё ён навесяліўся ў апошні дзень перад вялікім постам; яго прыбралі тады ў П'еро, і яны з Рыры лёталі, гарлалі, скакалі паўсюль і хаваліся пад сталамі. А мама дала яму лёгенькага плескача ларнетам і сказала: «Я ганаруся сваім сынулькам». Яна была самавітая і прыгожая — сярод усіх паняў яна была сама высокая і найтаўсцейшая. Калі Люсьен прабягаў каля доўгага, пакрытага белай сурвэткай буфета, тата, які стаяў якраз побач і піў з келіха шампанскае, ухапіў яго і, падняўшы на рукі, сказаў: «Ну што, паночку!» Люсьену захацелася заплакаць і сказаць: «Ну!» І ён папрасіў апельсінавага напітку, бо той быў вельмі халодны і яму заўсёды забаранялі яго піць. Яму налілі ўсяго на два пальцы ў зусім маленькую шкляначку. Смак у напітку быў дзіўны і ліпкі, але ён быў зусім не такі ўжо халодны. Люсьен раптам прыгадаў, як яму, калі ён быў хворы, давалі піць з апельсінавым напіткам рыцыну. Ён загаласіў і супакоіўся толькі тады, калі апынуўся ў машыне, між мамай і татам. Мама прыціскала Люсьена да сябе, яна была цёплая і духмяная, і мяккая ў сваёй ядвабнай сукенцы. Час ад часу ў машыне ўсё рабілася белае, нібы крэйда, Люсьен пачынаў лыпаць вачыма, браткі на мамінай кофце вынырвалі з прыцемку, і ён раптам адчуваў іх водар. Ён трошкі яшчэ ўсхліпваў, але ўсярэдзіне адчуваў прыемную вынегу, і казытанне, і нейкую ледзь прыкметную ліпкую слодыч, як у апельсінавага напітку; яму хацелася паплюхацца ў сваіх маленькіх начоўках, і каб мама мыла яго гумовай вяхоткай. Яму дазволілі легчы ў мамінай і татавай спальні, як тады, калі ён яшчэ быў немаўлятка; ён смяяўся, рыпеў спружынамі на маленечкім ложку, і тата сказаў: «Ён вельмі ўзбудзіўся». Яму далі трошкі вады, настоенай на апельсінавых кветках, і ён убачыў тату без пінжака.
Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў. Ён выдатна памятаў сон, які яму сніўся: тата і мама былі ў анёльскім адзенні. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата і мама ляталі вакол — гэта быў нейкі кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, відаць, прачынаўся. І калі ён стараўся ўспомніць, то бачыў доўгі чорны тунель, асветлены маленькай сіняю лямпачкай, вельмі падобнай да начніка, што кожны вечар запальвалі ў бацькоўскім пакоі. І недзе ў самай глыбіні гэтага чорна-сіняга змроку нешта адбывалася — нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы і ўзяў бубен. Мама сказала: «Золатка маё, ты чаго глядзіш на мяне такімі вочкамі?» Люсьен апусціў вочы і, ударыўшы ў бубен, крыкнуў: «Бом-бом-тарабом!» А калі мама адвярнула галаву, пачаў пільна яе разглядаць, нібы бачыў упершыню. Вядома, ён пазнаваў і сінюю сукенку з палатнянаю ружай, і твар. Але цяпер нешта было трошкі іначай. Раптам яму падумалася, што — вось-вось, ён крыху яшчэ пра гэта падумае і знойдзе, чаго шукаў. Тунель асвяціўся бледна-шэрым агнём, стала відаць, як там нешта варушыцца. Люсьен спалохаўся і закрычаў: тунель знік.
— Што з табой, мілая мая ясачка? — спытала мама. Яна апусцілася побач на калені і глядзела занепакоена.
— Я дурэю, — сказаў Люсьен.
Ад мамы добра пахла, але ён баяўся, каб яна да яго не дакранулася: яна здавалася яму нейкай дзіўнай. Зрэшты, і тата — таксама. Ён вырашыў, што болей ніколі не будзе спаць у іхнім пакоі.
Наступнымі днямі мама нічога не заўважала. Як і звычайна, Люсьен як хвосцік бегаў паўсюль за ёю, трымаючыся за спадніцу, балбатаў, як сапраўдны маленькі мужчына, і аднойчы папрасіў расказаць пра Чырвонага Каптурка. Мама ўзяла яго на калені і, падняўшы палец, з усмешкаю пачала сур'ёзна распавядаць пра воўка і старую бабульку. Люсьен глядзеў на маму, паўтараючы: «А што тады?» — і час ад часу кратаў кудзеры, што звісалі маме на шыю; але слухаць яе не слухаў, ён думаў — ці сапраўдная гэта яго мама? Калі яна скончыла казку, ён папрасіў:
— Мама, раскажы, як ты была дзяўчынка.
І мама пачала расказваць. Але можа быць, яна хлусіла. Можа быць, раней яна была хлопчык, і на яе ўвесь час надзявалі сукенкі — як на Люсьена тым вечарам, — і яна іх так і пачала насіць, прыкідваючыся дзяўчынкай. Ён ціхутка памацаў прыгожыя маміны рукі, якія пад ядвабам здаваліся мяккімі, нібы масла. А што будзе, калі з мамы здымуць сукенку і яна надзене татавы штаны? Можа быць, у яе адразу пачнуць расці чорныя-чорныя вусы? Ён з усяе сілы сціснуў маміны рукі; у яго было такое ўражанне, што зараз проста ў яго на вачах яна ператворыцца ў якога страшнага звера ці, можа, абярнецца ў тую барадатую цётку, што ён бачыў на кірмашы. Мама засмяялася, шырока разявіўшы рот, і Люсьен убачыў яе ружовы язык і глыбокую глотку: там было слізка і брыдка, і яму захацелася плюнуць.
— Ха-ха-ха! — смяялася мама. — Як ты мяне ціснеш, маленькі ты мой чалавечак. Ану, сцісні яшчэ мацней. Так моцна, як любіш.
Люсьен узяў прыгожую маміну руку, унізаную сярэбранымі пярсцёнкамі, і пакрыў яе дробнымі буськамі. Але назаўтра, калі мама сядзела побач і, трымаючы яго за рукі, каб ён не ўпаў з гаршка, сказала: «А-а-а, Люсьен, а-а-а, патужся, маё золатка, прашу цябе», — ён раптам перастаў тужыцца і, пераводзячы дых, спытаў: «А ты напраўду мая сапраўдная мама?» Яна адказала: «Дурненькі», — і запыталася, ці хутка ў яго што-небудзь выйдзе. З гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што мама з ім грае камедыю, і ўжо ніколі больш не казаў, што ажэніцца з ёй, калі вырасце. Зрэшты, у яго не было ніякага ўяўлення, у чым была гэта камедыя: можа быць, той ноччу з тунелем прыйшлі зладзеі і проста з ложка ўкралі яго маму і тату, а замест іх падклалі вось гэтых? Ці, можа, тата і мама былі сапраўдныя, але ўдзень яны выконвалі ролю, а ўначы рабіліся зусім іншыя? Ён мала здзівіўся, калі раптам, прачнуўшыся ў калядную ноч, убачыў, як яны хаваюць у каміне цацкі. Назаўтра яны гаварылі пра Каляднага дзеда, і Люсьен рабіў выгляд, што верыць, але думаў, што гэта таксама ўваходзіць у ролю: гэтыя цацкі яны, напэўна, укралі. У лютым у яго пачалася шкарлятына, і ён вельмі весела бавіў час.
Калі Люсьен ачуняў, у яго ўзнікла прывычка гуляць у сірату. Ён сядаў пад каштанам, пасярод парослай траўкай палянкі, набіраў поўныя жмені зямлі і думаў: «Быццам я сірата, і мяне завуць Луі. І быццам я не еў ужо цэлых шэсць дзён». Пакаёўка Жэрмена клікала яго снедаць, і тады ён гуляў далей за сталом; тата і мама нічога не заўважалі. Яны былі быццам зладзеі, якія ўкралі яго, каб зрабіць сабе памагатага, такога ж зладзюжку. Але ён, як толькі паснедае, уцячэ і ўсіх іх выдасць. Ён еў і піў вельмі мала: некалі ў кніжцы «Прытулак Анёла-Заступніка» ён прачытаў, што, калі вельмі згаладалы чалавек есць першы раз, ён павінен з'есці зусім трошкі. Яго забаўляла, што ўсе вакол таксама гуляюць. Мама і тата гулялі, быццам яны мама і тата; мама гуляла, быццам вельмі хвалюецца, што яе золатка так мала есць, а тата гуляў, быццам чытае газету і часам круціць перад носам у Люсьена пальцам і кажа: «Балябом, паночку!» І Люсьен таксама гуляў, але ўрэшце ўжо сам не ведаў у што. У сірату? Ці ў тое, што ён Люсьен? Ён зірнуў на графін. Усярэдзіне зіхацеў маленькі чырвоны зайчык, які скакаў у вадзе, і здавалася, што туды, у ваду, трапіла татава рука: яна была вялізная і святлівая, з маленькімі чорнымі валасінкамі на пальцах. У Люсьена раптам узнікла ўражанне, што графін таксама гуляе, быццам ён графін. За ўсё снеданне ён так амаль і не дакрануўся да ежы і адвячоркам быў настолькі галодны, што ўкраў добры тузін сліў, ад якіх ледзь не захварэў на нестраўленне. Тады ён падумаў, што яму надакучыла гуляць у Люсьена.
Зрэшты, перашкодзіць сабе ў гэтым ён быў няздольны, і яму ўвесь час здавалася, што ён гуляе. Яму хацелася быць такім, як пан Буфардзье — такім жа сур'ёзным і непрыгожым. Калі пан Буфардзье прыходзіў да іх на абед і, схіляючыся да мамінай рукі, казаў: «Маё шанаванне, мілая пані», — Люсьен стаяў пасярод гасцінай і глядзеў на яго вачыма, поўнымі захаплення. Але ўсё, што адбывалася з Люсьенам, было несур'ёзна. Калі ён падаў і набіваў гузак, ён нават часам пераставаў плакаць і думаў: «Ці мне сапраўды такая ўжо вава?» Тады яму рабілася яшчэ сумней, і ён яшчэ мацней плакаў. Аднойчы, калі ён пацалаваў маму ў руку і прамовіў: «Маё шанаванне, мілая пані», — мама ўскудлаціла яму валасы і сказала: «Гэта нядобра, маё мышанё, нельга смяяцца з дарослых». Люсьен быў зусім збіты з панталыку. Трошкі важнасці яму ўдавалася набыць толькі ў першую і трэцюю пятніцу месяца. Гэтымі днямі да мамы ў госці прыходзіла шмат розных паняў, сярод якіх дзве ці тры заўсёды былі ў жалобе: Люсьену падабаліся гэтыя пані ў жалобе, асабліва калі ў іх былі вялікія ступакі. Дый увогуле ён любіў быць сярод дарослых: яны былі такія паважныя — з імі ніколі не ўзнікала думкі, што яны могуць забыцца ў ложку за такімі рэчамі, якія робяць маленькія хлопчыкі; на іх заўсёды надзета столькі і такога цёмнага, што нават немагчыма ўявіць, што ў іх пад усім гэтым ёсць. Калі яны збіраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, і нават смех у іх такі важны; і ўсё так прыгожа, як на імшы. Яны ставіліся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Пані Куфэн садзіла яго сабе на калені і, мацаючы за лыткі, абвяшчала: «Гэта найчароўнейшы красунчык, якога я калі-небудзь бачыла». Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго і пыталася, што ён хоча рабіць, калі вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялікім генералам, як Жана д'Арк, і забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгію, то хацеў быць місіянерам. І кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Пані Бэс была высокая і дужая кабета з маленькімі вусікамі. Яна куляла Люсье на на спіну і, лашчачы, прымаўляла: «Вось мая маленькая лялечка». Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся і курчыўся пад казытлівымі ласкамі і ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб пані Бэс распранула яго, памыла і паклала спаткі ў маленькай калысцы, як гумовага галышыка. І часам пані Бэс казала: «А лялечка ў нас размаўляе?» — і раптам націскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкідваўся завадной лялькай і сціснутым голасам прамаўляў: «Піп», — і яны абое смяяліся.
Аднойчы кюрэ, які кожную суботу прыходзіў да іх на сняданак, спытаў, ці любіць ён сваю маму. Люсьен абажаў сваю прыгожую мамачку і свайго татулю, які быў такі дужы і добры. Ён зірнуў свяшчэнніку ў вочы і адказаў: «Люблю!» — з такім надзьмутым і ўпартым выглядам, што ўсе разам засмяяліся. Галава ў свяшчэнніка была падобная да маліны — уся чырвоная і бародаўчатая, і на кожнай бародаўцы расло па адной валасіне. Ён сказаў Люсьену, што гэта добра і што заўсёды трэба любіць сваю маму, а потым спытаў, каго Люсьен любіць болей — маму ці Пана Бога. Люсьен не змог здагадацца адразу, які трэба даць адказ, ён затрос бялявымі кудзеркамі, забрыкаў нагамі і закрычаў: «Бом-тарарара-бом!» А дарослыя адразу пачалі гаманіць пра сваё, нібыта яго не было. Тады ён схапіў свой трысняговы кіёк, кінуўся ў сад і праз заднюю фортку выбег за агароджу.
Натуральна, Люсьен ніколі не павінен быў выходзіць з саду, гэта было забаронена, і звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволіць. Ён задзірліва зірнуў на вялікі куст крапівы; адразу было відаць, што тут — забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапіва — злая і шкодная, і пад самым кустом крапівы нагадзіў сабака; вакол пахла раслінамі, сабачым калам і цёплым віном. Люсьен пачаў сцябаць крапіву кіёчкам і закрычаў:
— Я люблю маю маму, я люблю маю маму!
Ён бачыў, як у крапівы ламаюцца і мізэрна панікаюць сцябліны і як іх белаватыя, пакрытыя пушыстымі валосікамі шыйкі раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкі тонкі і самотны галасок крычыць: «Я люблю маю маму, я люблю маю маму». Побач лётала і гудзела тоўстая сіняя муха: муха была гнаявая, і Люсьен вельмі яе баяўся; ноздры яму распіраў моцны, забаронны, гнілосны і спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:
— Я люблю сваю маму!
Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся і без аглядкі кінуўся назад у гасціную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любіць мамы. Ён адчуваў сябе вінаватым і таму зрабіўся яшчэ больш ласкавы, ён лічыў, што трэба ўсё жыццё рабіць выгляд, быццам любіш сваіх бацькоў, іначай усе будуць цябе лічыць злосным вісусам. Пані Флёр'е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў біцца на фронце, і мама ў сваёй журбе была шчаслівая ўжо тым, што Люсьен зрабіўся такі ўважлівы. Надвячоркам, калі яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, ці пакрываў капаю ногі, а яна, адбіваючыся, смяялася: «Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, які ж ты клапатлівы!» Тады ён, ледзь пераводзячы дых, імпэтна цалаваў яе і казаў: «Мая мамачка! Мая!» — і потым бег пад каштан. Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: «Каштан!» — і счакаў. Але нічога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусім маленькаю ў цяжкай, задушлівай цішыні. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожніка, які апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знікла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымі плямамі на зямлі і на руках у Люсьена.
— Каштан!
Было вельмі дзіўна: калі Люсьен казаў маме: «Мая прыгожая мамачка! Мая!» — мама ўсміхалася; калі ён аднойчы назваў Жэрмену «дурында», Жэрмена заплакала і паскардзілася яго маме. А калі ён казаў: «Каштан», — абсалютна нічога не адбывалася. Ён прамармытаў цераз зубы:
— Гадкае дрэва! — і не трацячы надзеі, счакаў зноў.
Але ўбачыўшы, што дрэва не варухнулася, паўтарыў гучней:
— Гадкае дрэва, гадкі каштан, чакай, я табе пакажу!
І ён ударыў яго некалькі разоў нагамі. Але дрэва стаяла спакойна — так, нібыта было драўлянае. За абедам Люсьен сказаў маме:
— А ведаеш, мама, дрэвы, аказваецца, драўляныя.
У той дзень пані Флёр'е не атрымала ліста з паўдзённаю поштай і суха адказала сыну:
— Не строй з сябе дурня.
Люсьен абярнуўся ў бядовага шкодніка. Ён ламаў усе цацкі, каб паглядзець, як яны зроблены, скрэмзаў на фатэлі падлакотнік татавым лязом і ў гасцёўні скінуў на падлогу старажытную грэчаскую статуэтку, бо яму карцела даведацца, што ў яе ўсярэдзіне; на прагулцы ён ссякаў кійком галоўкі ў раслін і кветак і кожны раз быў вельмі расчараваны: усе рэчы здаваліся яму бязглуздымі, яны ў сапраўднасці нібыта не існавалі. Мама часта пыталася ў яго, паказваючы на кветку ці дрэва:
— А гэта як называецца?
Але Люсьен адно круціў галавой і адказваў:
— Ніяк гэта не называецца, гэта наогул — нішто.
Рэчы былі зусім не вартыя ўвагі. Намнога цікавей было выдзіраць ножкі ў коніка: тады ён пачынаў дрыжаць у пальцах, нібы ваўчок, а калі яму націснуць на брушка, адтуль вылазіла жоўтая вадкасць. Але ўсё роўна: конікі не крычалі. Люсьену вельмі хацелася памучыць якога-небудзь звярка, які б крычаў, калі яму зробіш балюча, — курыцу, напрыклад; але ён не адважваўся да іх падыходзіць.
У сакавіку вярнуўся з вайны тата: ён быў начальнік, і таму генерал сказаў, што пан Флёр'е будзе намнога карыснейшы на чале завода, чым у акопе, як немаведама хто. Пан Флёр'е заўважыў, што Люсьен вельмі змяніўся, і аб'явіў, што не пазнае свайго паночка. Люсьен нібыта ўпаў у дрымоту, ён адказваў млява і марудна, заўсёды трымаў палец у носе ці дыхаў сабе на далонь і потым пачынаў яе нюхаць. Кожны раз яго трэба было маліць, каб ён справіў патрэбы. Цяпер у прыбіральню ён хадзіў сам, але павінен быў пакідаць дзверы трошкі адчыненыя, каб мама ці Жэрмена падыходзілі час ад часу яму памагчы. Ён цэлымі гадзінамі сядзеў на троне і аднойчы настолькі засумаваў, што заснуў. Доктар сказаў, што хлопчык вельмі хутка расце, і выпісаў умацавальнага. Мама хацела была навучыць Люсьена новым гульням, але Люсьен лічыў, што і так іх ужо досыць ведае і што ўсе яны ўрэшце аднолькавыя і вартыя адна другой. Ён часта хадзіў надзьмуты, і гэта таксама была гульня, але даволі забаўная. У ёй трэба было прымушаць хвалявацца маму і адчуваць сябе заўсёды самотным і нейкім пакрыўджаным, трэба было не надта добра чуць, што табе кажуць, хадзіць нібыта з зашытым ротам і глядзець вакол мутным позіркам. Усярэдзіне тады рабілася так цёпла і мякка, як увечары, калі залазіш пад коўдру, і адчуваеш пах свайго цела, і думаеш, што ты ва ўсім свеце — адзін. Нарэшце Люсьен ужо не мог не дзьмуцца, і калі тата кплівым тонам казаў яму: «Ну-у, якія ў нас бэбахі-мэмахі!» — ён качаўся па падлозе і рыдаў. Ён нярэдка яшчэ круціўся ў гасцёўні, калі да мамы прыходзілі госці, але цяпер, калі яму падстрыглі бялявыя кудзеркі, дарослыя ўжо не звярталі на яго столькі ўвагі, а калі і звярталі, то каб прачытаць мараль ці расказаць павучальную гісторыю. Таму, калі да іх у Фероль, уцякаючы ад бамбёжак, прыехалі яго стрыечны брат Рыры са сваёй прыгожаю мамай, цёткаю Бертай, Люсьен быў вельмі рады і паспрабаваў навучыць Рыры таксама гуляць у бэбу. Але той быў вельмі заклапочаны сваёю нянавісцю да бошаў, і апроч таго — у ім яшчэ адчувалася дзіцё, хоць ён на цэлыя шэсць месяцаў быў старэйшы за Люсьена. Увесь твар у Рыры быў у рабацінні, і яму не заўсёды ўдавалася ўсё як след зразумець. Але менавіта яму Люсьен даверыў, што ён — самнамбул. Ёсць людзі, якія ўстаюць сярод ночы, і размаўляюць, і гуляюць, не прачынаючыся; Люсьен прачытаў гэта ў кніжцы «Маленькі ўсёзнайка» і тады ж падумаў, што, напэўна, ёсць нейкі сапраўдны Люсьен, які ходзіць, гаворыць і па-сапраўднаму любіць сваіх бацькоў уначы, а калі настае раніца, усё забывае і зноў пачынае прыкідвацца, што ён Люсьен. Спачатку ён сам верыў у гэтую выдумку толькі напалову, але аднойчы яны пайшлі да зарасніку крапівы, і Рыры паказаў там Люсьену свой піцэк і сказаў:
— Паглядзі, які ён у мяне вялікі, я ўжо дарослы хлопчык, а калі ён зусім вырасце, я буду мужчына і пайду біцца з бошамі, у акопах.
Рыры здаўся Люсьену вельмі пацешным, і ён аж пакаціўся ад смеху.
— Ану, пакажы свой, — сказаў Рыры.
Яны параўналі, і Люсьенаў аказаўся меншы. Але Рыры махляваў: ён трошкі адцягваў свой, каб зрабіць яго крыху даўжэйшым.
— У мяне большы, — сказаў Рыры.
— Ну і што, — спакойна адказаў Люсьен, — а я затое самнамбул.
Рыры не ведаў, што такое самнамбул, і Люсьен вымушаны быў яму растлумачыць. Скончыўшы тлумачэнні, ён падумаў: «Значыць, я такі сапраўды самнамбул», — і яму жудасна захацелася заплакаць. Яны спалі ў адным ложку і дамовіліся, што гэтаю ноччу Рыры спаць не будзе, каб сачыць за Люсьенам, а калі той устане, Рыры запомніць усё, што ён будзе казаць.
— А пасля ты мяне пабудзіш, і мы паглядзім, ці буду я што-небудзь памятаць.
Увечары Люсьен доўга не мог заснуць, і калі пачуў побач сапенне, вымушаны быў сам будзіць свайго брата.
— Адчапіся, — буркнуў Рыры.
— Прачынайся! Рыры, ты ж павінен глядзець, як я ўстану.
— Дай паспаць, — прамовіў Рыры, ледзь варочаючы языком.
Люсьен пачаў яго трэсці і шчыкаць праз начную сарочку. Рыры дрыгнуў нагамі, прачнуўся і так застаўся ляжаць, шырока расплюшчыўшы вочы, з дзіўленай застылай усмешкай. Люсьен пачаў марыць пра ровар, які яму абяцаў купіць тата, пачуў свіст цягніка, і потым раптам увайшла пакаёўка і рассунула фіранкі, было восем гадзін раніцы. Люсьен так і не даведаўся, што ён робіць уначы. Гэта было вядома аднаму Богу, бо Бог бачыў усё. Люсьен укленчваў у царкве на малітоўнай лавачцы і стараўся быць паслухмяны, каб мама пасля імшы пахваліла яго; але Бога ён ненавідзеў; Бог ведаў пра Люсьена болей, чым сам Люсьен. Ён ведаў, што Люсьен не любіць ні мамы, ні таты і што ён толькі прыкідваецца паслухмяным, а сам па вечарах мацае ў ложку піцэк. На шчасце, Бог не мог усяго памятаць, бо на свеце ёсць столькі маленькіх хлопчыкаў. І калі Люсьен стукаўся лбом і казаў: «Тако-так», — Бог адразу забываў усё, што бачыў. Апроч таго, Люсьен стараўся запэўніць Бога, што любіць маму, і часам паўтараў у думках: «Як я люблю сваю мілую мамачку!» Але ўсё роўна нейкі куточак у ім заўжды заставаўся не вельмі ў гэтым упэўнены, і пан Бог, натуральна, бачыў гэты куточак. У такім выпадку выйграваў Ён. Але часам у тое, што кажаш, удавалася паглыбіцца цалкам. Трэба было, добра артыкулюючы, вельмі хутка прамовіць: «О! Як я люблю сваю мамачку!» — і ўбачыць маміна аблічча, і адчуць сябе такім расчуленым, і цьмяна-цьмяна думаць, што пан Бог на цябе глядзіць, а пасля пра гэта ўжо нават зусім не думаць, і тады ў вушах пачыналі скакаць словы: мама, мама, МАМА. Вядома, усё гэта доўжылася ўсяго толькі імгненне, — амаль гэтаксама, як тады, калі Люсьен стараўся ўтрымаць крэсла ў раўнавазе, паставіўшы яго на дзве ножкі. Але калі якраз у гэты момант сказаць: «Така-тук», — пан Бог быў абдураны: ён бачыў усё толькі добрае і гэта заставалася ў яго памяці назаўжды. Але хутка такая гульня надакучыла Люсьену: яна патрабавала вялікага намагання, і ўрэшце ніколі немагчыма было цалкам упэўніцца, выйграў пан Бог ці прайграў. Пасля першай Люсьенавай прычасці кюрэ сказаў пра яго, што гэта сама пабожны хлопчык усяго катэхізіса. Люсьен хутка ўсё цяміў і меў добрую памяць, але ў галаве ў яго заўсёды стаяў туман.
Прасвятленне прыходзіла па нядзелях. Туманная смуга развейвалася, калі Люсьен з татам ішлі прагуляцца па Парыжскай дарозе. На Люсьене быў прыгожы марацкі гарнітур, яны сустракалі татавых рабочых, і тыя віталіся з татам і сынам, а тата падыходзіў да іх, і яны казалі: «Дзень добры, пане Флёр'е», — і: «Дзень добры, маленькі пане». Люсьену рабочыя падабаліся: яны былі ўсе дарослыя, але не такія, як іншыя. Перш за ўсё, яны называлі яго панам. І апроч таго — заўсёды хадзілі ў картузах. У іх былі вялікія рукі з коратка падстрыжанымі пазногцямі, і Люсьену здавалася, што яны ў іх патрэсканыя і вельмі баляць. У рабочых быў адказны і паважны выгляд. Дзядзьку Буліго, напрыклад, нельга было б пацягаць за вус: тата пасварыўся б тады на Люсьена. Але калі дзядзька Буліго гутарыў з татам, то заўсёды здымаў картуз, а тата і Люсьен стаялі ў шапках, і тата казаў густым, усмешлівым голасам:
— Ну што, куме Буліго, чакаем сыночка? І калі яму будзе дазволена паказацца на свет?
— У канцы месяца, пане Флёр'е, дзякуй, пане Флёр'е.
Дзядзька Буліго ўвесь свяціўся ад радасці, ён ніколі б сабе не дазволіў даць Люсьену плескача па азадку ці назваць жабянём, як гэта рабіў пан Буфардзье. Люсьен ненавідзеў пана Буфардзье — за тое, што той быў такі брыдкі. А калі бачыў дзядзьку Буліго, на душы ў яго рабілася так пяшчотна і яму хацелася быць добрым. Аднойчы, калі яны вярталіся са шпацыра, тата ўзяў Люсьена сабе на калені і растлумачыў, што такое начальнік. Люсьену было цікава, як тата размаўляе з рабочымі на заводзе, і тата паказаў. Голас у яго вельмі змяніўся.
— А я таксама буду начальнік? — спытаўся Люсьен.
— Вядома, дзеля гэтага я цябе і зрабіў.
— А кім я буду кіраваць?
— Ну, калі я памру, ты зробішся гаспадаром майго завода і будзеш кіраваць маімі рабочымі.
— Але ж яны таксама памруць.
— Ну, значыць, ты будзеш кіраваць іх дзецьмі, і табе трэба будзе навучыцца рабіць гэта так, каб яны цябе слухаліся і любілі.
— Тата, а што трэба рабіць, каб мяне любілі?
Тата крыху задумаўся і сказаў:
— Перш за ўсё ты павінен ведаць усіх на імя.
Люсьен быў гэтым глыбока ўсхваляваны, і калі да іх у дом прыбег сын майстра Марэля, каб паведаміць, што яго бацьку адсекла два пальцы, Люсьен гутарыў з ім сур'ёзным спагадлівым голасам і глядзеў проста ў вочы, называючы хлопца па прозвішчы. Мама сказала, што ганарыцца сваім сынулькам, бо ён такі добры і чулы.
Потым быў падпісаны мір, тата кожны вечар уголас чытаў газету, усе гаманілі пра расейцаў, нямецкі ўрад і перадзелы, і тата паказваў Люсьену на карце краіны; Люсьен правёў сама нудны год у сваім жыцці — яму больш падабалася, калі была вайна; цяпер жа ва ўсіх быў бесклапотны выгляд, і агеньчыкі, што гарэлі ў вачах у пані Кафэн, пагаслі. У кастрычніку 1919 года пані Флёр'е аддала Люсьена ў школу св. Ёзэфа, дзе ён меў вучыцца экстэрнам.
У кабінеце абата Жэрамэ было цёпла, Люсьен стаяў побач з абатавым крэслам, трымаў рукі за спінай і мужна нудзіўся. «Хутка ўжо мама пойдзе?» — думаў ён. Але пані Флёр'е не збіралася пакуль што ісці. Яна сядзела на самым краёчку зялёнага фатэля, наставіўшы на абата ёмістыя грудзі, і гаманіла тым спешлівым і меладычным галасочкам, які ўзнікаў у яе заўсёды, калі яна злавалася і не хацела гэтага паказаць. Абат гаварыў марудна, прамоўленыя ім словы здаваліся намнога даўжэйшымі, чым у другіх людзей, нібыта раней, чым іх вымавіць, ён абсмоктваў іх, як цукровыя ледзяшы. Ён тлумачыў маме, што Люсьен добры, ветлівы і працавіты хлопчык, але страшэнна да ўсяго абыякавы, і пані Флёр'е адказвала, што гэта вельмі яе засмучае, бо яна спадзявалася, што перамена ў асяроддзі пойдзе на карысць яе сыну. Яна спытала, ці гуляе ён, прынамсі, на перапынках.
— На жаль, пані, не, — адказаў абат, — нават гульні, здаецца, яго не цікавяць.
Люсьен падумаў: «Яны гутараць пра мяне». Яны — гэта былі дзве дарослыя асобы, і ён складаў прадмет іх гамонкі, як вайна, нямецкі ўрад ці Пуанкарэ; яны гаманілі важнымі галасамі і выказвалі наконт яго розныя меркаванні. Але нават гэтая думка не парадавала Люсьена. Яго вушы гудзелі ад пявучых маміных слоў і ліпкіх, абсмоктаных слоў абата, і яму хацелася плакаць. На шчасце, пачуўся званок, і яго адпусцілі. Але на ўроку геаграфіі ён адчуваў сябе яшчэ ўзбуджана і папрасіўся ў абата Жакена схадзіць у прыбіральню: яму вельмі карцела парухацца.
Свежасць, самота і добры пах прыбіральні адразу яго супакоілі. І хоць яму зусім не хацелася, ён сеў дзеля ачысткі сумлення на кукішкі і, падняўшы голаў, пачаў чытаць надпісы, якімі былі скрэмзаны дзверы. Сінім алоўкам нехта на іх напісаў: «Барато — клоп». Люсьен усміхнуўся: сапраўды, Барато клоп, ён такі малюпасенькі, і кажуць, зусім ужо болей не вырасце ці вельмі трошкі, бо бацька ў яго карантыш, ледзь не карлік. Люсьен падумаў, ці чытаў гэты надпіс Барато, і вырашыў, што яшчэ не: іначай ён быў бы выцерты. Барато наслініў бы палец і цёр, цёр бы словы, пакуль бы яны не зніклі. Люсьен павесялеў, уявіўшы, як а чацвёртай гадзіне Барато прыйдзе ў прыбіральню, спусціць свае маленькія аксамітныя майткі і прачытае: «Барато — клоп». Можа, ён ніколі раней не задумваўся, што ён такі маленькі. Люсьен даў сабе слова з першага ж перапынку заўтрашнім ранкам называць Барато клапом. Ён устаў і на правай сцяне прачытаў другі надпіс, зроблены тым самым сінім алоўкам: «Люсьен Флёр'е — шардзіна». Ён старанна выцер яго і вярнуўся ў клас. «Сапраўды, — падумаў ён, азіраючы прыяцеляў, — яны ўсе ніжэйшыя за мяне». І яму зрабілася няёмка.
«Шардзіна».
Люсьен сядзеў за сваім маленькім пісьмовым столікам з чырвонага дрэва. Жэрмена была ў кухні, мама яшчэ не вярнулася. Каб выправіць арфаграфію, ён напісаў на чыстай паперы: «Жардзіна». Але слова здалося надта знаёмым і не выклікала ніякага ўражання. Ён клікнуў:
— Жэрмена, Жэрмена, дарагая!
— Ну што вам яшчэ? — спытала Жэрмена.
— Жэрмена, я хачу, каб вы напісалі на гэтай паперы: «Люсьен Флёр'е — жардзіна».
— Ды вы здурнелі, пане Люсьен?
Люсьен абняў яе за шыю рукамі.
— Ну, Жэрмена, Жэрменачка, ну, калі ласка.
Жэрмена засмяялася і выцерла зашмальцаваныя пальцы аб фартух. Пакуль яна пісала, Люсьен стараўся на яе не глядзець, а потым адразу схапіў ліст, панёс яго ў спальню і доўга там разглядаў. Почырк у Жэрмены быў востры, і Люсьену здавалася, што нечый сухі голас кажа яму ў самае вуха: «Жардзіна». Ён падумаў: «Я высокі». Яго душыў сорам: ён быў гэткі ж высокі, як Барато — карапуз, і іншыя з гэтага кпілі ў яго за спінай. Перад ім нібыта раскрылі лёс: дагэтуль ён лічыў натуральным, што яму даводзіцца глядзець на сяброў зверху ўніз. Але цяпер раптам ён быў нібыта асуджаны на ўсю рэшту жыцця — быць высокім. Увечары ён запытаўся ў таты, ці можна паменшаць, калі захочаш гэтага з усяе сілы. Але пан Флёр'е адказаў, што не: у іх сям'і ўсе былі высокія і дужыя і Люсьен яшчэ падрасце. Люсьен быў у роспачы.
Калі маці паклала яго ў ложак і падаткнула коўдрай, ён пачакаў, пакуль яна выйдзе, устаў і падышоў да люстра. «Я высокі», — падумаў ён. Але глядзецца ў люстра было дарэмна: там нічога было не відно, ён быў ні высокі, ні нізкі. Ён прыўзняў крыху начную сарочку і зірнуў на свае ногі; яму ўявілася, як Касціль кажа Эбрару: «Ты глянь, якія ў жардзіны даўжэзныя ногі». Гэта яго рассмяшыла. Але ў пакоі было холадна, і Люсьена перасмыкнула. І адразу нехта сказаў: «У жардзіны гусіная скура!» Тады Люсьен высока задраў падол, і яны ўбачылі яго пуп і ўсе прычындалы, а ён хутка пабег да ложка і шмыгнуў пад коўдру. Сунуўшы руку пад сарочку, ён падумаў, што Касціль яго бачыць і кажа: «Гэй, вы паглядзіце, што робіць гэтая жардзіна!» Ён круціўся і варочаўся ў ложку і мармытаў пад нос: «Жардзіна, жардзіна», — пакуль пад пальцамі не пачало трошкі свярбець і пячы.
Наступнымі днямі яму ўвесь час рупіла папрасіцца ў абата перасесці на заднюю парту. Гэтае жаданне яго мучыла праз Касціля, Вінкельмана і Буасэ, якія сядзелі ззаду і зырыліся яму ў карак. Люсьен добра адчуваў свой карак, але бачыць яго не мог і часта зусім забываў. І калі ён, стараючыся як мага лепш адказаць абату, чытаў на памяць маналог Дона Дыегі, іншыя, седзячы ззаду, глядзелі яму ў карак і маглі ціха хіхікаць, думаючы: «Які ён у яго худы, аж дзве жыліны тырчаць». Люсьен высільваўся, напаўняючы свой голас пачуццем, каб выказаць Дона Дыегава абурэнне, — са сваім голасам ён рабіў усё, што хацеў, — але карак тым часам заставаўся на месцы, спакойны і невыразны, як у таго, хто адпачывае, і Басэ яго бачыў. Перасесці Люсьен усё ж не рашыўся, бо апошняя лава прызначалася лайдакам, але лапаткі і патыліца яму ўвесь час свярбелі, і ён безупынку чухаўся.
Люсьен прыдумаў новую гульню: раніцай, адзін, як дарослы, падмываючыся ў прыбіральні, ён любіў уяўляць, што за ім хто-небудзь падглядае ў замочную шчыліну: Касціль, ці Жэрмена, ці дзядзька Буліго. Тады ён нібы незнарок пачынаў паварочвацца то так, то сяк, каб яго ўбачылі з усіх бакоў, а часам ставаў на карачкі і, павярнуўшыся да дзвярэй задам, выпінаў яго, каб ён зрабіўся круглы і смешны; а пан Буфардзье быццам па-воўчы падкрадваўся, каб прыставіць яму клізму-анэму. Аднойчы, седзячы ў прыбіральні, Люсьен пачуў нейкае шорганне: гэта Жэрмена вашчыла ў калідоры буфет. Сэрца ў яго спынілася, ён ціха адчыніў дзверы і выйшаў са спушчанымі на пяты штанамі і задранаю да паясніцы кашуляй. Каб не страціць раўнавагі, ён вымушаны быў рухацца невялікімі скачкамі. Жэрмена зірнула на яго безудзельным вокам.
— Вы чаго гэта — бегаеце ў мяху? — спытала яна.
Люсьен гнеўна падцягнуў штаны, кінуўся ў спальню і ўпаў на ложак.
Пані Флёр'е была глыбока засмучаная, яна часта казала мужу:
— Ён жа быў такі мілы, такі зграбненькі, калі быў маленькі, а цяпер, ты толькі зірні, які няўклюда. Ну ці ж гэта не прыкра!
Пан Флёр'е кідаў на Люсьена няўцямны позірк і адказваў:
— Гэта ўзроставае.
Люсьен не ведаў, куды падзець сваё цела: што б ён ні рабіў, у яго ўвесь час было ўражанне, што цела сунецца адразу ва ўсе бакі, прычым абсалютна насуперак яго волі.
Люсьену падабалася ўяўляць, што ён нябачны, і ўрэшце ён займеў звычку падглядаць у замочныя шчыліны — каб адпомсціць іншым і каб пабачыць цішком, як яны складзены. Аднойчы ён убачыў маці, калі яна падмывалася. Яна сядзела на бідэ і нібыта спала; вядома, яна зусім не думала ў гэты час ні пра сваё цела, ні нават пра выраз аблічча; яна і не здагадвалася, што за ёй назіраюць. Вяхотка сама па сабе гуляла па гэтым забытым целе, рухі былі марудныя, млявыя, і здавалася, яна вось-вось зараз спыніцца. Маці нацерла вяхотку мылам, і яе рука знікла між ног. Твар у яе быў спакойны, амаль журботны; вядома, яна думала пра нешта зусім іншае — можа быць, пра выхаванне Люсьна ці пра пана Пуанкарэ. Але ў той самы час яна была гэтай грузнай ружовай масай, гэтым вялізным целам, што грувасцілася на фаянсавым бідэ.
Другі раз, зняўшы пантофлі, Люсьен паціху ўзышоў да паддашка, дзе жыла Жэрмена. Ён убачыў служанку ў доўгай зялёнай сарочцы, што спадала да самых пят; Жэрмена прычэсвалася перад маленькім люстэркам і млява ўсміхалася свайму адбітку. Люсьена разабраў такі жудасны смех, што ён ледзь паспеў подбегам спусціцца назад. У салоне ён таксама пачаў усміхацца і курчыць грымасы перад вялікім люстрам, але ўрэшце яго апанаваў нечуваны страх.
Неўзабаве Люсьен ужо цалкам пагрузіўся ў дрымоту. Праўда, гэтага ніхто не заўважыў, апроч пані Кафэн, якая цяпер называла яго сваім «спячым прыгажуном». Нейкі вялікі паветравы камяк, які Люсьен не мог ні праглынуць, ані выплюнуць, безупынку распінаў яму рот: гэта быў яго позех. Калі ён заставаўся адзін, камяк рос усярэдзіне і прыязна лашчыў гартань і язык, рот разяўляўся шырока-шырока, і слёзы цяклі па шчоках: гэта былі вельмі прыемныя хвіліны. І хоць цяпер яго ўжо не так забаўляла, калі ён сядзеў у прыбіральні, затое яму вельмі падабалася чхаць — гэта яго абуджала: нейкае імгненне ён глядзеў вакол усмешлівым позіркам і потым зноў засынаў. Люсьен навучыўся распазнаваць розныя віды сну: узімку ён садзіўся каля каміна і нахіляўся галавой да агню; калі галава чырванела і добра падпражвалася — з яе раптам усё вылятала; ён называў гэта «засынаць галавой». А раніцай у нядзелю ён залазіў у ванну і, наадварот, — засынаў праз ногі: ён паволі апускаўся ў ваду, і сон ціхім плёхкатам падымаўся па яго нагах і сцёгнах. Цела засынала і здавалася пад вадой зусім белым, надзьмутым, нібы паветравы шар, і было падобнае да варанай курыцы, а над ім плавала бялявая галава, поўная вучоных словаў: тэмп, тэмпера, тампліер, сейсміка, іканаборац. На ўроку сон быў празрысты і рассечаны маланкамі: «А што, па-вашаму, ён мог зрабіць супраць трох?» Першы: Люсьен Флёр'е. «Што такое трэцяе саслоўе: нішто». Першы: Люсьен Флёр'е, другі: Вінкельман. Па алгебры першы быў Пэльро, у яго было толькі адно яйцо, другое не апусцілася; ён браў па два су за пагляд і дзесяць — каб дакрануцца. Люсьен даў дзесяць, пасля завагаўся, нерашуча працягнуў руку, але так і пайшоў, не памацаўшы. Потым яго мучыў такі жорсткі дакор, што ён часам не мог заснуць больш за гадзіну. Геалогія ў яго ішла горш за гісторыю: першы Вінкельман, другі Флёр'е. Па нядзелях ён разам з Касцілем і Вінкельманам выпраўляўся на шпацыр на роварах. Ровары кацілі па мучным пыле сярод рудых палёў, што стагналі ад спёкі; дужыя Люсьенавы ногі жвава круцілі педалі, але санлівы дарожны пах удараў у галаву, ён прыпадаў да руля, і вочы ў яго рабіліся зусім ружовыя і самі заплюшчваліся. Тройчы Люсьен даставаў першы прыз за руплівасць. Яго ўзнагароджвалі «Фабіолай, або Рэлігіяй катакомбаў», «Духам хрысціянства» і «Жыццём кардынала Лавіжры». Пасля летніх канікулаў Касціль навучыў усіх дзвюм выдатным песням — «Мецскі артылерыст» і «De Profundis Morpionihus». Люсьен вырашыў яго пераплюнуць і, прачытаўшы ў бацькавай Медыцынскай энцыклапедыі артыкул пра «Матку», падрабязна растлумачыў таварышам, як у жанчын усё зроблена, зрабіўшы нават на дошцы малюнак; Касціль заявіў, што гэта паскудства, але пасля яны не маглі без рогату чуць пра трубы, і Люсьен з задавальненнем думаў, што ва ўсёй Францыі не знайсці вучня другога класа ці нават класа рыторыкі, які гэтак жа добра, як ён, ведаў бы жаночыя органы.
Пераезд Флёр'е ў Парыж быў успышкаю магнію. Кінатэатры, аўтамабілі, вуліцы не давалі Люсьену заснуць. Ён навучыўся адрозніваць «вуазэн» ад «пакарда», «хіспана-сюіза» ад «ролс-ройса» і пры выпадку любіў гаманіць пра машыны з нізкай пасадкай; ужо болей за год ён хадзіў у доўгіх штанах. Каб узнагародзіць сына за паспяховае заканчэнне першай паловы цыкла на ступень бакалаўра, бацька паслаў яго ў Англію; Люсьен убачыў разбухлыя ад вады лугі і белыя скалы, пазаймаўся боксам з Джонам Латымерам і навучыўся плаваць на адным баку, але аднойчы ранкам ён прачнуўся ў былой дрымоце, і ўсё пачалося зноў: у Парыж ён вярнуўся заснулы. У падрыхтоўчым класе матэматыкі ў ліцэі Кандрасэ было трыццаць сем вучняў. Восем сярод іх лічылі, што паспелі ўжо набрацца розуму, былі сапраўдныя вісусы і да астатніх ставіліся звысоку, як да малявак. Вісусы пагарджалі Люсьенам да першага лістапада, але ў дзень Усіх Святых Люсьен пайшоў на шпацыр з сама вялікім вісусам, Гары, і неяк між іншым падзяліўся з ім сваімі шырокімі анатамічнымі ведамі. Гары быў ашаломлены. У банду вісусаў Люсьен не ўвайшоў, таму што бацькі не дазвалялі яму гуляць па вечарах, але цяпер яго адносіны з імі былі як у роўнага з роўнымі.
Кожны чацвер да іх на вуліду Райнуар прыходзіла снедаць цётка Берта з сынам. Яна вельмі растаўсцела, зрабілася сумная і ўвесь час уздыхала, але рукі і твар у яе па-ранейшаму заставаліся гладкія, белыя, і Люсьену хацелася ўбачыць яе распранутаю. Кладучыся спаць, ён уяўляў, што гэта было быццам зімнім вечарам у Булонскім лесе і быццам яе знайшлі голую на якой-небудзь прасецы, яна дрыжала, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і ў яе была гусіная скура, а нейкі падслепаваты прахожы кратаў яе кійком і казаў: «Што гэта яшчэ тут такое?» Са сваім стрыечным братам Люсьен не заўсёды ладзіў: Рыры быў цяпер прыгожы і нават крыху занадта зграбны малады чалавек, ён вывучаў філасофію ў Лаканалі, але нічога не разумеў у матэматыцы. Люсьен не мог пазбавіцца ад думкі, што Рыры, якому мінула сем гадоў, усё яшчэ клаў у штаны, а потым хадзіў, шырока, як качка, раскірэчыўшы ногі, і гэтак бязвінна казаў, пазіраючы светлымі вачыма на маму: «Ды ну, мама, нічога я не зрабіў, ну праўда». Люсьену было брыдка браць Рыры за руку. Але ён стараўся быць з братам прыязны і тлумачыў яму свае заданні па матэматыцы; яму часта даводзілася перамагаць сябе, каб не раззлавацца, бо Рыры быў надта няцямлівы. Але Люсьен ніколі не даваў сабе волі і захоўваў роўны і вельмі спакойны тон. Пані Флёр'е лічыла, што ў Люсьена шмат далікатнасці, але цётка Берта ніякай удзячнасці яму не выказвала. Калі ён прапаноўваў растлумачыць Рыры які-небудзь урок, яна чырванела і, ёрзаючы на крэсле, адказвала:
— Ды не, не, ты вельмі добры, мілы Люсьен, але Рыры ўжо вялікі. Ён і сам усё можа, калі захоча; не трэба, каб ён прывыкаў разлічваць на іншых.
Аднойчы пані Флёр'е нечакана сказала Люсьену:
— Можа быць, ты думаеш, што Рыры табе ўдзячны за ўсё, што ты робіш? Дык вось, мой маленькі, — не; ён кажа, што ты задзіраеш нос, Мне гэта твая цётка Берта сказала.
Маці гаварыла вельмі мілагучным тонам і з вельмі лагодным выглядам, і Люсьен зразумеў, што яна шалее ад гневу. Гэта яго цьмяна заінтрыгавала, але ён не знайшоў, што адказаць. Назаўтра і паслязаўтра ён быў вельмі заняты ўрокамі, і гэта гісторыя вылецела ў яго з галавы.
Але ў нядзелю раніцай ён раптам адклаў пяро і падумаў: «Хіба я задзіраю нос?» Была адзінаццатая гадзіна, Люсьен сядзеў за сталом і глядзеў на ружовых чалавечкаў на крэтоне, якімі былі абабітыя сцены; ён адчуваў на левай шчацэ сухую, запыленую цеплыню першага красавіцкага сонца і на правай — густое, цяжкае цяпло радыятара. «Хіба я задзіраю нос?» Адказаць было цяжка. Люсьен пастараўся прыгадаць сваю апошнюю сустрэчу з Рыры і бесстаронне ацаніць свае паводзіны. Ён схіліўся тады да Рыры і з усмешкай прамовіў: «Цяміш? Калі не цяміш, стары, дык не бойся, так і скажы, — мы зараз усё ўладзім». Крыху пазней, зрабіўшы памылку ў нейкіх надта ўжо далікатных разважаннях, ён хмыкнуў: «Часам і са мною здараецца». Гэты выраз ён наследаваў ад свайго бацькі і лічыў яго вельмі забаўным. Але ўвогуле ўсё гэта было не варта трох грошаў. Люсьен зноў падумаў: «Хіба я задзіраў нос, калі казаў яму гэта?» Ён так доўга шукаў адказу, што раптам перад ім узнікла нешта белае, круглае і мяккае, як абрывак воблака: гэта была тая думка, што ўзнікла ў яго ў той дзень, — ён сказаў: «Цяміш?» — і яна сядзела ў яго ў галаве, хоць ён не мог ні ўсвядоміць яе, ні апісаць. Ён зрабіў адчайнае намаганне ўбачыць гэтае воблака, але нечакана адчуў, як некуды падае ўніз галавой, і апынуўся ў густым тумане; ён нават сам быў гэтым туманам, гэтым белым, вільготным, гарачым мроівам, ад якога пахнула пральняй. Яму хацелася вырвацца з воблака, адступіць назад, але смуга не адпускала. Ён падумаў: «Гэта я, Люсьен Флёр'е, я ў сваім пакоі, я раблю задачу па фізіцы, сёння нядзеля». Але думкі раставалі ў мроіве і рабіліся такія ж самыя белыя. Ён схамянуўся і пачаў пільна разглядаць чалавечкаў на шпалерах: дзве пастушкі, два пастухі і Амур. Потым знянацку сказаў сам сабе: «Я... я...» — нешта ледзь чутна шчоўкнула, і ён прачнуўся ад доўгага сну.
Нічога прыемнага ў гэтым не было: пастухі адразу адскочылі назад, і Люсьену здалося, што ён глядзіць на іх у перакулены бінокль. Замест былога млявага здзіўлення, якое было такім мяккім і так салодка хуталася ў свае ж складкі, цяпер узнікла вельмі бадзёранькая, няўпэўненасць, якая пыталася: «Хто я?»
«Хто я? Я гляджу на стол, гляджу на сшытак. Мяне зваць Люсьен Флёр'е, але гэта толькі імя. Я задзіраю нос. Ці не задзіраю носа. Чорт, у гэтым няма ніякага сэнсу.
Я добры вучань. Не. Гэта прытворства: добры вучань любіць працаваць, а я — не. Я не тое што адчуваю да працы агіду, але мне на яе начхаць. Мне начхаць на ўсё. Я ніколі не буду начальнікам». Ён з трывогай падумаў: «Але хто ж я тады буду?» Прайшоў пэўны час; ён пачухаў шчаку і міргнуў левым вокам, бо яго асляпляла сонца: «Што я такое, што я?» Вакол быў толькі туман, ён закручваўся слупам і не хацеў раскрывацца. «Я!» Ён зірнуў удалечыню; слова звінела ў яго ў галаве, і потым здалося, быццам там нешта ўгадваецца, накшталт цёмнага спічака піраміды, грані якой знікаюць з вачэй, нешта там было ўдалечыні, у тумане. Люсьена перасмыкнула, рукі ў яго дрыжалі: «Так і ёсць, — падумаў ён, — так і ёсць! Я быў у гэтым упэўнены: я не існую».
Наступнымі месяцамі Люсьен часта стараўся зноўку заснуць, але яму не ўдалося. Ён спраўна спаў уначы па дзевяць гадзін у суткі, але рэшту часу быў жвавы і ўсё болей і болей няўпэўнены. Бацькі казалі, што ён ніколі так добра не выглядаў. А ён, часам прыгадваючы, што нічога начальніцкага ў ім няма, адчуваў сябе рамантычна, і яму хацелася гадзінамі гуляць пад месяцам, але бацькі ўсё яшчэ не дазвалялі яму выходзіць увечары. Тады ён клаўся ў ложак і мераў тэмпературу: тэрмометр паказваў 37,5 ці 37,6, і Люсьен з горкаю радасцю думаў, што бацькі лічаць яго здаровым. «Я не існую». Ён заплюшчваў вочы і даваў волю ўяўленню: «Існаванне толькі ілюзія; і калі я ведаю, што не існую, значыць, мне досыць заткнуць вушы, ні пра што не думаць, і я перайду ў нябыт». Але ілюзія была вельмі моцная.
Як бы там ні было, Люсьен цяпер меў над людзьмі прыхаваную перавагу — ён ведаў сакрэт. Той жа Гары, напрыклад, існаваў не больш за Люсьена, але досыць было паглядзець, як ён фыркае і сапе перад сваімі паклоннікамі, каб адразу зрабілася ясна, што ён верыць у сваё існаванне цвёрда, як сталь. І пан Флёр'е таксама не існаваў, ні Рыры, наогул — ніхто: увесь свет быў толькі камедыяй без актораў. Атрымаўшы адзнаку 15* за даклад «Мараль і навука», Люсьен задумаў напісаць «Трактат пра нябыт».
* У Францыі дваццацібальная сістэма адзнак.
Ён уяўляў, што людзі, прачытаўшы яго, пачнуць знікаць адзін за адным, як ваўкалакі за першымі пеўнямі. Але раней чым пачаць трактат, ён хацеў ведаць думку свайго настаўніка філасофіі — Павіяна.
— Прабачце, пане, — спытаў Люсьен, калі ўрокі скончыліся, — ці можна даказаць, што мы не існуем?
Павіян адказаў, што не.
— Гогіта, — сказаў ён, — эрга сум. Вы існуяце ўжо таму, што сумняваецеся ў сваім існаванні.
Люсьена гэта не пераканала, але пісаць трактат ён перадумаў. У ліпені ён без асаблівага бляску здаў экзамен на ступень бакалаўра і вярнуўся з бацькамі ў Фероль. Няўпэўненасць яго так і не пакінула, заняўшы месца былой любові чхаць.
Дзядзька Буліго памёр, і настрой думак у рабочых пана Флёр'е вельмі змяніўся. Яны атрымлівалі цяпер вялікі заробак, і іх жонкі куплялі сабе ядвабныя панчохі. Пані Буфардзье расказвала пані Флёр'е жудасныя навіны:
— Мая пакаёўка казала, што бачыла ўчора ў мясной лаўцы малую Ансіому, дачку аднаго рабочага вашага мужа. Памятаеце, мы яшчэ ёй дапамагалі, калі ў яе памерла маці. Цяпер яна пабралася з наладчыкам Баперцюі. Дык вось, уяўляеце, яна брала курыцу за дваццаць франкаў! І якім тонам! Ім усяго ўжо мала, яны хочуць, каб у іх было ўсё, як у нас.
Цяпер, калі Люсьен хадзіў з бацькам на шпацыр, рабочыя, заўважыўшы іх, толькі ледзь дакраналіся да картузаў, а некаторыя, каб не вітацца, наогул пераходзілі вуліцу. Аднойчы Люсьен сустрэў сына Буліго, Жуля, але той нават выгляду не падаў, што яго пазнае. Люсьен быў трошкі абражаны. Гэта быў добры выпадак, каб даказаць, што ты — начальнік. Ён уперыўся ў Жуля арліным позіркам і рушыў на яго, заклаўшы рукі за спіну. Але Буліго гэта зусім не збянтэжыла: ён зірнуў на Люсьена пустымі вачыма і, свішчучы, прайшоў міма. «Ён мяне не пазнаў», — вырашыў Люсьен. Але гэта яго вельмі расчаравала, і наступнымі днямі ён яшчэ больш, чым раней, думаў, што свет не існуе.
Маленькі рэвальвер пані Флёр'е ляжаў у левай шуфлядзе камода. Ёй падарыў яго муж у кастрычніку 1914-га перад тым, як пайсці на фронт. Люсьен узяў яго і доўга круціў у руках: ён быў падобны да цацкі — залачоная руля, дзяржанне з маціцовымі бляшкамі. Каб пераканаць людзей, што яны не існуюць, разлічваць на філасофскі трактат немагчыма. Тут патрэбен учынак, і ўчынак сапраўды адчайны, які мог бы развеяць усякую двухсэнсоўнасць і паказаць у яркім святле рэальны нябыт гэтага свету. Гучны выбух, на дыване — маладое цела ў крыві, некалькі словаў, накрэмзаных на лісточку паперы: «Я забіваю сябе, таму што не існую. І вы, браты мае, вы таксама — нішто!» Людзі прачытаюць у ранішніх газетах — і ўбачаць: «Падлетак адважыўся!» Усе будуць страшэнна збянтэжаныя, і кожны спытае ў сябе: «А я? Ці я існую?» У гісторыі ўжо вядомы — напрыклад, пасля публікацыі «Вертэра» — падобныя эпідэміі самазабойстваў: Люсьен падумаў, што французскае слова «martyr»* па-грэчаску азначае «сведка».
* Маrtyr (франц.) — пакутнік.
Няхай ён быў занадта чуллівы, каб зрабіцца начальнікам, але не настолькі, каб з яго не выйшаў пакутнік. Цяпер ён часта заходзіў у будуар сваёй маці і разглядаў рэвальвер, нібыта ўпадаючы ў агонію. Часам ён нават закусваў залачоную рулю і моцна сціскаў у пальцах дзяржанне. Але ўвогуле ён быў даволі вясёлы і думаў, што ўсе сапраўдныя начальнікі адчувалі спакусу самазабойства. Напрыклад, Напалеон. Люсьен не хаваў ад сябе, што дайшоў да астатняй ступені роспачы, але спадзяваўся, што выйдзе з гэтага крызісу з загартаванай душой, і з цікаўнасцю прачытаў «Мемарандум св. Елены». Тым не менш трэба было прыняць рашэнне: апошні тэрмін сваім ваганням Люсьен прызначыў на 30 верасня. Дні, якія набліжалі яго да гэтае даты, былі неймаверна цяжкія; безумоўна, пералом мусіў быць дабратворны, але патрабаваў ад Люсьена такога напружання волі, што часам ён пачынаў баяцца, што аднойчы не вытрывае і зламаецца, як шкляны. Ён ужо не адважваўся дакранацца да рэвальвера; ён толькі выцягваў шуфляду, трошкі падымаў матчыну камбінацыю і доўга глядзеў на маленькага халоднага і настырнага монстра, што патанаў у ружовым ядвабе. На шчасце, шматлікія клопаты, звязаныя з пачаткам навучальнага года, адцягнулі яго ўвагу: бацькі паслалі яго ў ліцэй св. Луі, дзе ён мусіў вучыцца на падрыхтоўчых курсах у Цэнтральную школу. Ён хадзіў у прыгожай пілотцы з чырвоным шляком і значком і спяваў:
Поршань рухае магутныя машыны,
Поршань рухае вагоны й цягнікі...
Такое новае «поршневае» званне напаўняла Люсьена гордасцю; апроч таго, іх клас быў непадобны да іншых: у ім былі свае традыцыі, свой цырыманіял, і гэта была сіла. Напрыклад, быў такі звычай, калі за пятнаццаць хвілін да канца заняткаў па французскай мове чый-небудзь голас пытаўся: «Хто такі сірар?» І ўсе глуха адказвалі: «Казёл!» На што той жа голас пытаўся зноў: «Хто такі агрон?» І ўсе адказвалі крыху гучней: «Казёл!»*
* Поршань, сірар, агрон — мянушкі студэнтаў Вышэйшых навучальных устаноў, адпаведна: Цэнтральнай школы (цывільная інжынерыя), Школы Сэн-Сіра (вайсковая інжынерыя) і Вышэйшай сельскагаспадарчай школы.
Тады пан Бэцюн, які быў амаль сляпы і насіў чорныя акуляры, паварочваўся і стомлена прамаўляў: «Панове, прашу вас!» Колькі хвілін панавала поўная цішыня, вучні пераглядваліся са змоўніцкімі ўсмешкамі, і потым хто-небудзь крычаў: «А хто такі поршань?» — і ўсе хорам гарлалі: «Гэта файны тып!» У падобныя моманты Люсьен адчуваў сябе як наэлектрызаваны. Кожны вечар ён падрабязна паведамляў бацькам пра падзеі дня, і калі казаў: «І тады ўвесь клас зарагатаў» ці: «Увесь клас вырашыў аб'явіць Мейрынезу байкот», — словы апальвалі яму рот, як глыток гарэлкі. Тым не менш першыя месяцы былі цяжкія: Люсьен праваліўся на кантрольных па фізіцы і матэматыцы, і прыяцелі ў яго, калі браць у асабістым плане, былі ўвогуле не надта прыязныя: усе яны жылі на стыпендыю і ў большасці сваёй былі зубрылы і несумленныя хлусы з благімі манерамі.
— Сярод іх няма ніводнага, з кім бы мне хацелася сябраваць, — прызнаўся Люсьен бацькам.
— Тыя, хто вучыцца на стыпендыю, — задуменна адказаў пан Флёр'е, — складаюць пасля інтэлектуальную эліту, але начальнікі з іх выходзяць кепскія, бо яны прапускаюць адзін важны этап.
Пачуўшы пра «кепскіх начальнікаў», Люсьен раптам адчуў, як яму непрыемна кальнула ў сэрцы, і наступнымі днямі ён зноў пачаў думаць пра самазабойства. Але запалу цяпер у яго было менш, чым на канікулах.
У студзені клас быў узбударажаны з'яўленнем новага вучня, якога звалі Берліяк: ён хадзіў у зялёных ці бэзавых пінжаках з закругленымі па апошняй модзе плячыма, у кашулях з кругленькімі каўнерыкамі і штанах, якія можна было пабачыць толькі на кравецкіх малюнках, — такіх вузкіх, што было незразумела, як ён іх надзяе. З самага пачатку ён вызначыўся як найгоршы па матэматыцы.
— А мне напляваць, — заявіў ён, — я літаратар і матэматыкай займаюся дзеля самазмярцвення.
Праз месяц ён пакарыў усіх: ён раздаваў кантрабандныя цыгарэты, паведаміў, што мае жанчын, і паказваў лісты, якія яны яму прысылалі. Увесь клас вырашыў, што гэта шыкоўны тып і што з яго не трэба смяяцца. Люсьена захаплялі Берліякавы манеры і элегантнасць, але той ставіўся да Люсьена з пагардай і называў «багацейскім сынком».
— Урэшце, — сказаў аднойчы Люсьен, — гэта лепш, чым каб я быў сынок бядняцкі.
— А ты, хлопча, і цынік, — адказаў Берліяк і назаўтра прынёс яму пачытаць адну сваю паэму:
«Штовечар Каруза лавіў сваім ротам сырыя салёныя вочы, у астатнім жа ён быў сціплы, нібыта вярблюд. А нейкая дама, зрабіўшы букет з вачэй сваіх крэўных, закінула вочы на сцэну. Усе прыхіляюцца перад гэтым узорным учынкам. Але не забудзьце, што час яе славы прадоўжыўся трыццаць сем хвілін: ад першага «брава» і якраз да імгнення, калі ў Оперы згасла вялікая люстра (а потым ёй давялося на павадку весці свайго аслеплага мужа, лаўрэата шматлікіх турніраў, і той замяніў баявымі крыжамі ружовыя дзіркі арбіт). Запомніце ж вось што: усе тыя з нас, хто з'есць надта многа чалавечага мяса ў кансервах, — памруць ад цынгі».
— Выдатна, — разгублена прамовіў Люсьен.
— Я раблю іх па новай тэхніцы, — абыякавым тонам сказаў Берліяк, — «аўтаматычнае напісанне».
Праз некалькі дзён пасля гэтага ў Люсьена ўзнікла жгучае жаданне памерці, і ён вырашыў параіцца з Берліякам.
— Што мне рабіць, — спытаў ён, выклаўшы ўсе абставіны.
Берліяк слухаў вельмі ўважліва; у яго была паскудная звычка абсмоктваць палец і мазаць слінаю скулле на твары — так, што аблічча нарэшце пачынала блішчаць там і сям, як дарога пасля дажджу.
— Рабі як хочаш, — урэшце адказаў ён, — гэта не мае ніякага значэння, — потым падумаў яшчэ і дадаў, націскаючы на кожнае слова: —Нічога ніколі не мае ніякага значэння.
Люсьен быў крыху расчараваны, але зразумеў, што Берліяк глыбока ўзрушаны, бо ў наступны чацвер той запрасіў яго павячэраць да сваёй маці. Пані Берліяк была вельмі ласкавая, на левай шчацэ ў яе было колькі бародавак і сініх радзімак.
— Разумееш, — сказаў Берліяк, — сапраўдныя ахвяры вайны — гэта мы.
Люсьен падзяляў яго думку, і яны пагадзіліся, што належаць да пакутніцкага пакалення. Дзень пагасаў, Берліяк, падаткнуўшы пад голаў скрыжаваныя рукі, ляжаў на канапе. Яны палілі ангельскія цыгарэты і круцілі на грамафоне пласцінкі. Люсьен пачуў песні Софі Такер і Ола Джонсана. Іх агарнула мяккая меланхолія, і Люсьен падумаў, што Берліяк яго найлепшы сябар. Раптам Берліяк спытаў, ці ведае ён штось пра псіхааналіз, голас у яго гучаў вельмі сур'ёзна, і ў поглядзе адчувалася важнасць.
— Пакуль мне не споўнілася пятнаццаць, я жадаў сваю маці.
Люсьен адчуў сябе ніякавата; ён баяўся пачырванець, і яму чамусьці прыгадаліся бародаўкі на твары ў пані Берліяк; ён ніяк не мог зразумець, як можна было яе пажадаць. Але калі яна прынесла ім бутэрброды, Люсьен быў цьмяна ўсхваляваны і паспрабаваў уявіць пад жоўтым швэдарам яе грудзі. Калі яна выйшла, Берліяк прамовіў сцвярджальным голасам:
— Табе, натуральна, таксама хацелася пераспаць са сваёй маці.
Ён не пытаўся, ён канстатаваў. Люсьен паціснуў плячыма і буркнуў:
— Натуральна.
Назаўтра яму пачувалася неспакойна — ён баяўся, каб Берліяк не пачаў зноў гэтай размовы. Але ўрэшце яму ўдалося сябе супакоіць. «Як бы там ні было, — падумаў ён, — Берліяк скампраметаваў сябе болей, чым я». Яго вельмі вабіла тая навуковасць, якую набылі цяпер іх адносіны. У наступны чацвер ён пайшоў у бібліятэку св. Жэнеўевы і прачытаў працу Фрэйда пра сон. Гэта было сапраўднае адкрыццё. «Дык, значыць, вось яно што, — паўтараў сам сабе Люсьен, ходзячы наманы па вуліцах, — вось, значыць, што». Ён купіў «Уводзіны ў псіхааналіз» і «Псіхапаталогію паўсядзённага жыцця», і яму ўсё зрабілася ясна. Гэтае дзіўнае ўражанне, што ён не існуе, і гэтая пустата, што так доўга трывала ў яго свядомасці, яго вечная санлівасць, і яго няўпэўненасць, і бясплённыя намаганні пазнаць сябе, якія нязменна натыкаліся на заслону туману... «Д'ябал, — падумаў ён, — у мяне ж комплекс». Ён расказаў Берліяку, што ў дзяцінстве ўяўляў сябе самнамбулам і што рэчы заўсёды здаваліся яму не зусім рэальнымі.
— Напэўна, — вырашыў ён, — у мяне комплекс дамашняй замкнёнасці.
— Штых у штых як у мяне, — адказаў Берліяк, — у нас хатні комплекс.
Яны завялі звычку тлумачыць усе свае сны і нават сама нязначныя ўчынкі, але Берліяк расказваў заўсёды столькі гісторый, што Люсьен нават трошкі падазраваў, што ён іх выдумляе ці, прынамсі, прыхарошвае. Тым не менш яны добра разумелі адзін аднаго і з абсалютнаю аб'ектыўнасцю разбіралі сама далікатныя сітуацыі; яны прыйшлі да агульнай думкі, што носяць вясёлую маску, каб ашукваць іншых, але ўсярэдзіне іх душа жорстка пакутуе. Люсьен пазбыўся нарэшце разгубленасці. Ён з прагнасцю накінуўся на псіхааналіз, бо лічыў, што гэта якраз тое, што яму падыходзіць, і цяпер адчуваў сябе болей упэўнена. Яму ўжо не трэба было хвалявацца і безупынна шукаць у свядомасці прыкметных праяваў свайго характару. Сапраўдны Люсьен быў глыбока схаваны ў падсвядомым, пра яго можна было толькі гадаць і думаць, без магчымасці ўбачыць, — як пра каго-небудзь дарагога, але непрысутнага. Люсьен цэлымі днямі разважаў пра свае комплексы і з пэўнай гордасцю ўяўляў той змрочны, жорсткі і бязлітасны свет, які панаваў пад полагам яго свядомасці.
— Разумееш, — казаў ён Берліяку, — звонку я быў нібыта звычайны, сонны і абыякавы да ўсяго хлапчук, які нічога асаблівага сабой не ўяўляе. І нават усярэдзіне, ведаеш, усё было настолькі да гэтага падобна, што я сам ужо ледзь не паверыў. Але ўсё-такі я адчуваў, што ёсць нешта іншае.
— Заўсёды ёсць нешта іншае, — адказаў Берліяк.
І яны ганарыста ўсміхнуліся адзін аднаму. Люсьен склаў паэму пад назваю «Калі развеецца туман», і Берліяк прызнаў яе файнай, але папракнуў Люсьена за тое, што ён напісаў яе правільным вершам. Тым не менш яны вывучылі паэму на памяць, і калі хацелі намякнуць на свае палавыя інстынкты, казалі: «Крабы, што схаваліся пад полагам туману», — а потым проста: «Крабы», — і падміргвалі адзін другому. Але ўрэшце Люсьену, калі ён заставаўся адзін і асабліва ўвечары, усё гэта пачало здавацца крыху страшнаватым. Ён ужо не адважваўся зірнуць сваёй маці ў твар, і калі цалаваў яе перад сном, баяўся, каб нейкая цёмная сіла не перавяла яго пацалунак і не накіравала яго пані Флёр'е ў вусны. Ён нібыта адчуваў усярэдзіне прыхаваны вулкан і цяпер пачаў ставіцца да сябе з асцярогай, каб не растрывожыць той ліхой і змрочнай душы, што адкрылася яму так нечакана. Ён ведаў усё, на што яна здольная, і баяўся яе жудаснага абуджэння. «Я баюся сам сябе», — думаў ён. Шэсць месяцаў назад ён адмовіўся ад сваіх інтымных уцех — яны прыгняталі яго, і апроч таго, ён быў вельмі загружаны працай, — але ўрэшце зноў вярнуўся да іх: кожны мусіць каціцца па сваім адхоне; ва ўсіх Фрэйдавых кнігах было шмат гісторый пра няшчасных юнакоў, у якіх пачаліся нервовыя прыступы ад таго, што яны надта рэзка парвалі са сваімі прывычкамі. «Ці не звар'яцеем мы так нарэшце?» — пытаўся ён у Берліяка. І сапраўды, часам, сустракаючыся па чацвяргах, яны адчувалі сябе крыху ненармальна: у Берліякаў пакой нібы неўпрыкмет запаўзаў хітры прыцемак, яны цэлымі пачкамі палілі цыгарэты з дамешкам опіуму, і рукі ў іх пачыналі дрыжаць. Тады нехта адзін моўчкі ўставаў, па-воўчы крадучыся, ішоў да дзвярэй і паварочваў выключальнік. Жоўтае святло напаўняла пакой, і яны падазрона ўзіраліся адзін у аднаго.
Хутка Люсьен заўважыў, што яго сяброўства з Берліякам грунтуецца на нейкім непаразуменні: ніхто, вядома, не адчуваў так, як ён, усяго патэтычнага хараства Эдыпава комплексу, але перш за ўсё ён бачыў у ім адзнаку магутнай страсці, якую спадзяваўся пазней накіраваць на іншыя мэты. А Берліяку, здавалася, наадварот — падабаўся такі яго стан, і ён не хацеў яго пазбывацца. «Гамон нам з табой, — з гордасцю казаў ён, — марнікі мы, нічога з нас ніколі не выйдзе». «Ніколі нічога», — рэхам азываўся Люсьен. Але ўсярэдзіне ў яго ўсё кіпела.
Вярнуўшыся з велікодных канікул, Берліяк расказаў Люсьену, што ў Дыжоне яны з маці жылі ў гатэлі ў адным пакоі: аднойчы ён устаў вельмі рана і падышоў да матчынага ложка; маці яшчэ спала, і ён прыўзняў яе коўдру. «Начная сарочка ў яе задзерлася», — хіхікаючы, паведаміў Берліяк. Пачуўшы такое, Люсьен не змог перамагчы пэўнай пагарды да свайго сябра, і яму зрабілася вельмі самотна. Вядома, нічога кепскага ў тым, што ў цябе ёсць комплексы, няма, але трэба ўмець своечасова ад іх пазбаўляцца: як можа дарослы ўжо чалавек браць на сябе адказнасць і кіраваць людзьмі, калі ў яго яшчэ захавалася дзіцячае стаўленне да палавых адносін? Люсьен пачаў усур'ёз хвалявацца: яму хацелася папытаць парады ў якой кампетэнтнай у падобных пытаннях асобы, але ён не ведаў, да каго звярнуцца. Берліяк часта казаў яму пра нейкага сюррэаліста, якога звалі Вержэр, той быў вельмі дасведчаны ў праблемах псіхааналізу і, здаецца, меў на Берліяка вялікі ўплыў, але пазнаёміцца з ім Берліяк Люсьену ніколі не прапаноўваў. Люсьен быў таксама вельмі расчараваны, бо разлічваў, што Берліяк звядзе яго са сваімі знаёмымі дзеўкамі: ён спадзяваўся, што, калі ў яго будзе прыгожанькая каханка, гэта натуральна і само сабой памяняе хаду яго думак, але Берліяк цяпер больш не аказваўся пра сябровак. Часам яны хадзілі гуляць па Вялікіх бульварах і забаўляліся, праследуючы некаторых дзяўчат, але гаманіць з імі не адважваліся. «Што ты хочаш, стары, — казаў Берліяк, — мы не з той пароды, каб ім падабацца. Бабы чуюць у нас нешта, што іх палохае». Люсьен не адказваў; Берліяк пачынаў яму назаляць. Ён часта адпускаў вельмі непрыстойныя жарты ў адрас Люсьенавых бацькоў, называючы іх панам і пані Даўгалыжскімі. Люсьен выдатна разумеў, што ўвогуле сюррэаліст павінен пагарджаць буржуазіяй, але пані Флёр'е неаднойчы запрашала Берліяка ў госці і заўсёды ставілася да яго з даверам і дружалюбнасцю; нават калі гэта і не выклікала ў Берліяка ўдзячнасці, то хоць бы звычайны клопат захоўваць прыстойнасць павінен быў забараніць яму гаварыць пра яе такім тонам. Апроч таго, Берліяк быў проста невыносны са сваёю маніяй пазычаць грошы, якія ніколі не аддаваў: у аўтобусе ў яго ніколі не аказвалася дробязі, а ў кавярні за выпітае і з'едзенае ён браўся фундаваць толькі адзін раз з пяці. Аднойчы Люсьен адкрыта яму заявіў, што не разумее гэтага: на яго думку, прыяцелі павінны падзяляць выдаткі, калі выходзяць у горад разам. Берліяк глыбакадумна зірнуў на яго і прамовіў: «Я так і думаў: ты яшчэ на анальнай стадыі», — ён растлумачыў Люсьену фрэйдысцкае ўраўненне «экскрэменты=золата» і фрэйдысцкую тэорыю скупасці. «Мяне вось што цікавіць, — сказаў ён, — да якога ўзросту мамка цябе падцірала?» Яны ледзьве не пасварыліся.
У маі Берліяк пачаў прагульваць заняткі ў ліцэі, і Люсьен пасля ўрокаў сустракаўся з ім у бары на вуліцы Пцішан, дзе яны частаваліся вермутам «Круцыфікс». Аднойчы ў аўторак, прыйшоўшы ў бар у другой палове дня, Люсьен заспеў Берліяка за столікам, на якім стаяў ужо апарожнены келіх.
— А, прыйшоў, — сказаў Берліяк. — Слухай, мне трэба чухаць, а пятай гадзіне я мушу быць у зубнога. Ты мяне пачакай, ён тут побач, мне ўсяго на паўгадзінкі.
— О'кэй, — адказаў Люсьен, апускаючыся на крэсла. — Франсуа, дайце мне белага вермуту.
У гэты момант у бар увайшоў чалавек, які, заўважыўшы іх, неяк дзіўна ўсміхнуўся. Берліяк пачырванеў і паспешліва ўстаў. «Хто б гэта мог быць?» — падумаў Люсьен. Паціскаючы незнаёмаму руку, Берліяк стаяў так, каб загарадзіць ад яго Люсьена; ён гаварыў хуткім і трошкі прыглушаным голасам, але мужчына адказаў вельмі выразна:
— Ды ну, хлопча, не, не, ты так і застанешся, відаць, вечным блазнам.
Адначасова ён прыўстаў на дыбачкі і са спакойнай упэўненасцю пачаў разглядаць Люсьена паверх Берліякавай галавы. На выгляд яму было гадоў трыццаць пяць, у яго быў крыху бледны твар і чароўная бялявая шавялюра. «Несумненна, гэта Бержэр, — падумаў Люсьен, і сэрца ў яго забілася, — Які ж ён прыгожы!»
Нясмела настойлівым жэстам Берліяк паспрабаваў узяць незнаёмца за локаць.
— Хадземце са мной, — сказаў ён, — мне зараз трэба да зубніка, гэта зусім побач.
— Але ты, па-мойму, з сябрам, — адказаў той, не зводзячы з Люсьена вачэй, — і табе, напэўна, трэба нас пазнаёміць.
Люсьен устаў і шырока ўсміхнуўся. «Дастаў!» — падумаў ён; шчокі ў яго гарэлі. Берліякава шыя раптам правалілася ў плечы, і на нейкае імгненне Люсьену здалося, што зараз той адмовіцца іх знаёміць.
— Ну дык што, назаві ж мяне пану, — сказаў Люсьен вясёлым голасам.
Але не паспеў ён закончыць фразы, як кроў прыліла яму да скроняў, і яму захацелася праваліцца скрозь зямлю, Берліяк крута павярнуўся і, не гледзячы ні на каго, прабалбатаў:
Бержэр узяў яго руку ў свае доўгія і тонкія далоні і прымусіў сесці. Запанавала маўчанне; Бержэр ахунаў Люсьена цёплым ласкавым позіркам і ўсё не выпускаў рукі.
— Вы нечым усхваляваны? — мякка спытаўся ён.
Люсьен прачысціў голас і, зірнуўшы Бержэру ў вочы, выразна прамовіў:
— Я ўсхваляваны!
У яго было ўражанне, нібы толькі што ён прайшоў іспыт нейкага таемнага пасвячэння. Пэўную хвіліну Берліяк яшчэ нерашуча стаяў, але потым са злосцю зноў сеў на месца і кінуў шапку на стол. Люсьену карцела расказаць Бержэру пра сваю спробу самазабойства; гэта быў той чалавек, з якім трэба было гаварыць адкрыта і без падрыхтоўкі. Але пры Берліяку ён не адважваўся і ўжо адчуваў да сябра нянавісць.
— У вас ёсць ракі*? — спытаў Бержэр у гарсона.
* Ракі — рысавая гарэлка.
— Не, няма ў іх, — паспешліва адказаў Берліяк. — Карчомка нішто, але са спіртнога адзін толькі вермут.
— А што гэта там у вас такое жоўтае, у тым вунь графіне? — з вольнай і мляваю самаўпэўненасцю спытаўся Бержэр.
— Гэта белы «Круцыфікс», — адказаў гарсон.
— Ну што ж, наліце мне гэтага.
Берліяк увесь час ёрзаў на крэсле: здавалася, яго раздзірала дваістае пачуццё — жаданне пахваліцца сваімі сябрамі і, адначасова, боязь прыўзнесці Люсьена сабе ж на шкоду. Нарэшце ён усё-такі прамовіў змрочным і гордым голасам:
— Ён хацеў пакончыць жыццё самагубствам.
— Ды ну! — сказаў Бержэр. — Я разумею.
Зноў запанавала маўчанне: Люсьен сціпла апусціў вочы і толькі і думаў, ці хутка зматаецца Берліяк.
Бержэр раптам зірнуў на гадзіннік.
— А што твой зубнік? — спытаў ён.
Берліяк нехаця ўстаў.
— Схадзіце са мной, Бержэр, — умольна папрасіў ён, — гэта зусім побач.
— Навошта, ты ж вернешся. А я пакуль пасяджу з тваім сябрам.
Берліяк замуляўся, пераступаючы з нагі на нагу.
— Давай-давай, бяжы, — уладна сказаў Бержэр, — мы цябе тут пачакаем.
Калі Берліяк пайшоў, Бержэр устаў і бесцырымонна сеў побач з Люсьенам. Люсьен доўга расказваў яму пра самагубства, паведаміў, што жадаў сваю маці і што зацыкліўся на садысцка-анальнай стадыі, што ў душы яму нічога не міла і ўсё ў ім — адна камедыя. Берліяк слухаў моўчкі, глыбакадумна пазіраючы на Люсьена, і той адчуваў асалоду ад таго, што яго разумеюць. Калі ён скончыў, Бержэр па-сяброўску абняў яго рукою за плечы, і Люсьен адчуў водар адэкалону і ангельскага тытуню.
— Ведаеце, Люсьен, як я называю ваш стан?
Люсьен з надзеяй зірнуў на Бержэра; і не ашукаўся ў сваіх спадзяваннях.
— Я называю яго Збянтэжанасцю, — сказаў Бержэр.
Збянтэжанасць: слова пачыналася ласкава і бела, як месячнае святло, і толькі канечнае «асць» адлівала меддзю барабанных талерак.
— Збянтэжанасць... — прамовіў Люсьен.
Ён адчуваў сябе важна і ўсхвалявана, як тады, калі паведаміў Рыры, што ён — самнамбул. У бары было цёмна, і толькі дзверы шырока адчыняліся на вуліцу, у бялявы і святлівы вясенні туман; скрозь далікатны водар, што ішоў ад Бержэра, да Люсьена далятаў цяжкі пах змрочнае залы, пах віна і сырога дрэва. «Збянтэжанасць... — думаў ён. — Што мне цяпер рабіць?» Ён яшчэ добра не разумеў, што перад ім адкрылі — добрую якасць ці нейкую новую хваробу; ён толькі бачыў перад самымі сваімі вачыма спрытныя Бержэравы вусны, за якімі то хаваўся, то зноў узнікаў бліскучы залаты зуб.
— Мне падабаюцца людзі, якія жывуць у збянтэжанасці, — казаў Бержэр, — і па-мойму, вам выпала незвычайная ўдача. Бо вам гэта, урэшце, дадзена. А вы зірніце на гэтых парсюкоў. Якія яны ўпэўненыя, непахісныя. Іх трэба было б кінуць да чырвоных мурашак, каб тыя іх крыху пацвялілі. Вы ведаеце, што робяць гэтыя руплівыя казявачкі?
— Ядуць чалавечыну, — адказаў Люсьен.
— Менавіта! Яны вызваляюць шкілет ад чалавечага мяса.
— Зразумела, — сказаў Люсьен. І дадаў: — А я? Што рабіць мне?
— Нічога, дзеля ўсяго святога, — з камічным спалохам адказаў Бержэр. — І галоўнае — не сядзець так непахісна, як гэтыя. Прынамсі, — смеючыся, дадаў ён, — калі не патрапіце на паль. Вы чыталі Рэмбо?
— Н-не, — прызнаўся Люсьен.
— Я пазычу вам «Азарэнні». Слухайце, нам трэба яшчэ абавязкова сустрэцца. Калі вы не заняты ў чацвер, заходзьце да мяне гадзіне а трэцяй, я жыву на Манпарнасе, на вуліцы Кампань-Прэмьер, дом 9.
У наступны чацвер Люсьен быў у Бержэра, а ў маі ўжо пачаў хадзіць да яго ледзь не кожны дзень. Берліяку яны дамовіліся казаць, што бачацца раз на тыдзень: яны хацелі быць з ім і шчырыя, і не надта яго засмучаць. Але Берліяк усё роўна быў не ў сабе; аднойчы ён, хіхікаючы, сказаў Люсьену:
— Ну што, завялі ўжо шуры-муры? Ён табе пра занепакоенасць, ты яму пра самагубства, і пайшло: выдатна, чаго там!
Люсьен незалюбіў.
— Папрашу заўважыць, — чырванеючы, сказаў ён, — што пра маё самагубства першы сказаў якраз ты.
— О-хо-хо! — адказаў Берліяк. — Ды гэта толькі, каб табе пасля сорамна не было, што ты сам расказаў.
Яны пачалі сустракацца радзей.
— Усё, што мне падабалася ў ім, — прызнаўся аднойчы Люсьен Бержэру, — усё гэта ён пазычаў у вас. Цяпер я гэта выдатна бачу.
— Берліяк — малпа, — смеючыся, сказаў Бержэр, — гэта мяне да яго і вабіла. Вы, дарэчы, ведаеце, што яго бабка па маці жыдоўка? Гэта шмат чаго праясняе.
— Вядома, — пагадзіўся Люсьен і потым дадаў: — Зрэшты, ён файны хлопец.
Бержэрава кватэра была поўная розных пацешных рэчаў: тут стаялі фарбаваныя драўляныя зэдлікі ў выглядзе жаночых ног з сядзеннямі з чырвонага аксаміту, красаваліся мурынскія статуэткі, ашчацінены шыпамі пояс цноты з каванага жалеза, гіпсавыя грудзі, утырканыя маленькімі лыжкамі, а на пісьмовым стале ляжалі гіганцкая бронзавая блыха і ўкрадзены з касцярні ў Містры манаскі чэрап, якім гаспадар карыстаўся, як прэс-папье. Сцены замест шпалераў былі спрэс абклееныя лістамі, у якіх паведамлялася пра смерць сюррэаліста Бержэра. Нягледзячы на гэта, кватэра пакідала ўражанне разумнага камфорту, і Люсьену падабалася часам паляжаць на мяккай канапе ў палільным пакоі. Але больш за ўсё яго здзіўляла мноства фацэцій з падвохам, якія былі сабраны ў Бержэра на адной этажэрцы; сярод іх былі замерзлая вадкасць, чхальны парашок, зудлівая шчэць, нятонучы цукар, д'ябальскае дзярмо, нявесціны падвязкі. Размаўляючы з Люсьенам, Бержэр браў дзярмо двума пальцамі і доўга, сур'ёзна яго разглядаў.
— Гэтыя жарты, — казаў ён, — маюць рэвалюцыйную сутнасць; яны хвалююць. У іх больш зруйнавальнай сілы, чым у Поўным зборы твораў Леніна.
Люсьен здзіўлена і зачаравана глядзеў то на яго прыгожы і неспакойны твар з запалымі вачыма, то на доўгія і тонкія пальцы, якія так грацыёзна трымалі беззаганна зымітаваны кал. Бержэр часта гутарыў з ім пра Рэмбо і пра «пастаяннае парушэнне пачуццяў».
— Калі вы, праходзячы па плошчы Згоды, здолееце выразна і ў любы час убачыць мурынку, якая, укленчыўшы, ссе абеліск, — вы зможаце нарэшце сказаць, што вам удалося разбурыць знешні дэкор і вы — уратаваны.
Ён пазычыў яму пачытаць «Азарэнні», «Песні Мальдарора» і творы маркіза дэ Сада. Люсьен шчыра стараўся ўсё ўразумець, але многае яшчэ не паддавалася яго ўсведамленню. Ён быў вельмі шакаваны, што Рэмбо, як аказалася, педэраст, і прызнаўся ў гэтым Бержэру. Але той рассмяяўся: «Ну і што? Хлопча?» Люсьену зрабілася вельмі няёмка, ён пачырванеў і на нейкае імгненне нават адчуў да Бержэра нянавісць. Але ўрэшце перамог сябе і, падняўшы галаву, са шчыраю прастатой прызнаў:
— Я сказаў глупства.
Бержэр палашчыў яго па валасах; здавалася, Люсьенавы словы яго расчулілі.
— Гэтыя вялікія, палахлівыя вочы, — сказаў ён, — вочы маленькай козачкі... Сапраўды, Люсьен, вы сказалі глупства. Педэрастыя ў Рэмбо — якраз і ёсць найпершае і геніяльнае парушэнне яго пачуццяў. Менавіта гэтаму мы і абавязаныя, што чытаем яго паэмы. Верыць, што ёсць нейкія спецыфічныя аб'екты сексуальнай прыхільнасці і што гэтыя аб'екты — жанчыны, толькі таму што ў іх паміж ног ёсць дзірка, — гэта гнюсная і наўмысная памылка ўсіх непахісных. Вось, зірніце!
Ён выняў з шуфляды ў стале тузін зжаўцелых здымкаў і кінуў іх на калені Люсьену. Люсьен убачыў жудасных голых шлюх, якія смяяліся шчарбатымі ратамі і рассоўвалі свае падобныя да разбухлых губ ляжкі, выстаўляючы паміж ног нешта накшталт парослага імхом языка.
— Я купіў гэты наборчык у Бу-Саадзе, за тры франкі, — сказаў Бержэр. — Дык вось, калі вы будзеце цалаваць гэтым бабам у задніцу, вас усё роўна будуць лічыць сынком з добрай сям'і і проста скажуць, што вы жывяце па-халасцяцку. Бо гэта — жанчыны, разумееце? А я вам кажу, што першае, што трэба зрабіць, — гэта пераканаць сябе, што аб'ектам сексуальнага пачуцця можа быць усё: швацкая машынка, прабірка, конь ці чаравік. Вось я, — сказаў ён з усмешкай, — я кахаўся з мухамі. А яшчэ ведаў аднаго марскога пехацінца, які спаў з качкамі. Браў, заціскаў ім галаву ў шуфлядзе, потым моцна трымаў за лапы — і давай!
Бержэр нібы незнарок ушчыкнуў Люсьена за вуха і завяршыў:
— Качкі ад гэтага дохлі, і іх потым з'ядаў батальён.
Пасля падобных размоў галава ў Люсьена нібыта гарэла полымем, і ён думаў, што Бержэр — геній, але часам, прачынаючыся ўначы мокры ад поту, ён бачыў перад вачыма пачварныя, гнюсныя прывіды і пытаўся ў сябе, ці добры ўплыў робіць на яго гэты чалавек. «Я зусім адзін! — стагнаў ён, выкручваючы сабе рукі. — Нікога, нікога, хто б мог мне параіць, падказаць, ці на правільным я шляху!» Калі ён дойдзе так да канца, калі ён сапраўды дойдзе да парушэння ўсіх пачуццяў, ці не страціць ён пад нагамі грунт, ці не ўпадзе! Аднойчы, калі Бержэр доўга гаманіў з ім пра Андрэ Брэтона, Люсьен прашаптаў, як у сне:
— Так, але што, калі потым я ўжо не здолею павярнуць назад?
Ад нечаканасці Бержэр скалануўся.
— Павярнуць назад? Але хто кажа, што трэба вяртацца? Калі вы звар'яцееце — тым лепш. Потым, як кажа Рэмбо, «прыйдзе жудасны натоўп другіх працавікоў».
— Я так і думаў, — сумна прамовіў Люсьен.
Ён заўважыў, што іх доўгія размовы прыносяць зусім іншы вынік, чым той, на які спадзяваўся Бержэр: як толькі Люсьен лавіў у сабе нейкае надта далікатнае пачуццё, нейкае незвычайнае ўражанне, яго пачынала трэсці. «Ну ўсё, пачынаецца», — думаў ён. Ён з задавальненнем бы пагадзіўся, каб у яго засталіся толькі сама ардынарныя, сама грубыя адчуванні; цяпер на душы яму рабілася вольна толькі ўвечары, калі ён быў дома, з бацькамі: гэта было яго адзінае сховішча. Яны гутарылі пра Брыяна, пра варожасць немцаў і кошт жыцця, пра тое, як прайшлі роды ў кузіны Жаны, і Люсьен з асалодай абменьваўся з імі думкамі сама банальнага разумнага сэнсу. Аднойчы, вярнуўшыся пасля сустрэчы з Бержэрам, ён машынальна зачыніў дзверы ў сваім пакоі на ключ і засунуў зашчапку. Заўважыўшы за сабой гэты рух, ён хацеў быў спачатку пасмяяцца, але ўрэшце не здолеў заснуць усю ноч: ён зразумеў, што яму страшна.
І ўсё-такі ні за што на свеце ён не перастаў бы хадзіць да Бержэра. «Ён гіпнатызуе мяне», — думаў Люсьен. Ён бязмежна цаніў той далікатны і такі своеасаблівы дух таварыскасці, які Бержэр здолеў стварыць і падтрымліваць паміж імі. Захоўваючы заўсёды мужчынскі і амаль грубаваты тон, Бержэр умеў даць Люсьену адчуць і нават, калі так можна сказаць, — убачыць дотыкам сваю ласку: ён, напрыклад, часта перавязваў яму гальштукі і ўшчуваў пры гэтым за неахайства ці прычосваў прывезеным з Камбоджы залатым грабянцом. Ён раскрыў Люсьену прыгажосць яго цела і растлумачыў няскладнае, але такое замілавальнае хараство юнацтва.
— Вы — Рэмбо, — казаў ён Люсьену. — Калі ён прыехаў у Парыж, каб сустрэцца з Верленам, у яго былі вашы вялікія рукі, і такі ж здаровы, румяны твар, як у сялянскага хлопца, і такое ж зграбнае, кволае цельца бялявай дзяўчынкі.
Ён загадаў Люсьену расшпіліць каўнер, раскрыць кашулю і, падвёўшы сканфужанага юнака да люстра, прымусіў яго любавацца чароўным спалучэннем чырвані шчок з беласцю шыі; потым, лёгкай рукою правёўшы Люсьену па сцёгнах, ён з сумам сказаў:
— Трэба было б канчаць жыццё ў дваццаць год.
Люсьен часта цяпер разглядаў сябе ў люстры і вучыўся радавацца сваёй юнай і такой яшчэ няскладнай зграбнасці. «Я Рэмбо», — думаў ён па вечарах, млява распранаючыся перад сном. І яму пачынала верыцца, што жыццё ў яго будзе кароткае і трагічнае, як у занадта прыгожай кветкі. У такія хвіліны яму здавалася, што некалі вельмі даўно ў яго ўжо былі падобныя думкі, і з падсвядомасці ў яго ўсплывала нейкая бязглуздая карціна: ён, зусім маленькі, у доўгай блакітнай сукенцы з анёльскімі крылцамі раздае кветкі на ліцытацыі ў дапамогу бедным. Ён глядзеў на свае даўгія ногі і з усмешкаю думаў: «Няўжо ў мяне сапраўды такая пяшчотная скура?» І аднойчы ён не стрымаўся і правёў губамі ад запясця да ямкі на згіне локця, уздоўж такой чароўнай, тонкай блакітнай жылкі.
Калі ён наступны раз прыйшоў да Бержэра, яго чакаў непрыемны сюрпрыз: у Бержэра быў Берліяк. Ён займаўся тым, што адкройваў кавалачкі ад нейкага чарнаватага камяка, падобнага на грудку зямлі. Хлопцы не бачыліся ўжо дзесяць дзён і цяпер холадна паціснулі адзін аднаму рукі.
— Бачыў, што ёсць, — сказаў Берліяк. — Гэта гашыш. Зараз перасыплем яго тытуньком і ў люлечкі: пачуцце — цымус. Табе таксама знойдзецца.
— Дзякуй, — сказаў Люсьен, — вялікай ахвоты не маю.
Два яго сябры засмяяліся, і Берліяк, скінуўшы на Люсьена злым вокам, прамовіў з настойлівасцю ў голасе:
— Ды ты здурнеў, стары. Пакаштуй, ты ўяўлення не маеш, як гэта прыемна.
— Я табе сказаў, што не, — паўтарыў Люсьен.
Гэты раз Берліяк змаўчаў і толькі ўсміхнуўся з выглядам перавагі. Люсьен заўважыў, што Бержэр таксама ўсміхаецца, і, тупнуўшы нагой, заявіў:
— Я не хачу, не хачу марнаваць сам сябе і лічу ідыёцтвам нашпігоўвацца розным смеццем, ад якога толькі тупееш!
Словы зляцелі ў яго мімаволі, і калі да яго дайшоў сэнс сказанага і ён уявіў, што можа падумаць пра яго Бержэр, яму захацелася забіць Берліяка, і ён ледзь не заплакаў.
— Ты проста буржуйскі сынок, — паціснуўшы плячыма, працадзіў Берліяк, — ты толькі робіш выгляд, быццам умееш плаваць, а сам увесь час баішся страціць дно пад нагамі.
— Я не хачу прывыкаць да наркоцікаў, — ужо спакайней прамовіў Люсьен, — гэта таксама рабства, а я хачу быць свабодны.
— Скажы лепш, што баішся адказнасці, — рэзка сказаў Берліяк.
Люсьен ужо збіраўся ўляпіць яму добрую поўху, калі пачуў уладны Бержэраў голас, які звяртаўся да Берліяка:
— Адчапіся ад яго, Шарль, ён мае рацыю. Яго боязь адказнасці — гэта таксама праява збянтэжанасці.
Яны прывольна расселіся на канапе і запалілі. Па пакоі разліўся водар армянскай паперы. Люсьен, прымасціўшыся на чырвоным зэдліку, назіраў за прыяцелямі. Праз пэўны час Берліяк адкінуў голаў назад і з млявай усмешкай апусціў павекі. Люсьен адчуў злую зайздрасць, яму чамусьці здавалася, што яго зняважылі. Берліяк раптам устаў і няпэўнай хадой выйшаў з пакоя, на яго вуснах была ранейшая дзіўная і салодкая ўсмешка.
— Дайце мне піпку, — сказаў Люсьен хрыплым голасам.
Бержэр засмяяўся.
— Не варта, — адказаў ён. — І не бяры сабе ў галаву гэтага Берліяка. Ты ж нават не ведаеш, што ён там цяпер робіць.
— Мне да дупы, — буркнуў Люсьен.
— Дык хай табе гэта будзе вядома: ён ванітуе, — спакойна паведаміў Бержэр. — Гэта адзінае, што ў яго заўжды выклікаў гашыш. А астатняе ўсё — камедыя. Часам я, праўда, даю яму папаліць, бо яму вельмі хочацца мяне ўразіць. Мяне гэта забаўляе.
Назаўтра, сустрэўшыся з Люсьенам у ліцэі, Берліяк паспрабаваў загаварыць з ім звысоку.
— Ты сядаеш у цягнік, — сказаў ён, — але рупліва выбіраеш такі, які не ад'едзе з вакзала.
Але, як аказалася, ён не на таго напаў.
— Трапло, — адказаў Люсьен. — Ты, можа, думаеш, я не ведаю, што ты ўчора рабіў у ванне? Ты бляваў, мой даражэнькі, бляваў!