Эрык СігалГісторыя кахання
Сільвіі Хэрсчэр і Джону Флэксмэну
1
Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў?
Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце?
На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы.
Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.
— У вас ёсць «Схіл сярэднявечча»? — спытаўся я.
Яна кінула на мяне хуткі позірк:
— У вас жа ёсць свая бібліятэка.
— Паслухайце, гарвардцы маюць права карыстацца Рэдкліфскай бібліятэкай.
— Я кажу не аб праве, падрыхтунчык, я кажу пра этыку. У вас, хлопчыкі, пяць мільёнаў тамоў. А ў нас толькі некалькі тысяч.
Божа, нарваўся! Адна з тых кабетак, якія думаюць, што раз у Рэдкліфе ў пяць разоў болей студэнтак, чым у Гарвардзе, дык яны ў пяць разоў разумнейшыя. Звычайна я сціраў такіх у парашок, але цяпер мне пазарэз трэба была гэтая клятая кніжка.
— Паслухай, мне трэба гэта кніжка!
— Падбірай словы, падрыхтунчык.
— З чаго ты ўзяла, што я хаджу на падрыхтоўку?
— А ў цябе на твары напісана — багаты і не дужа разумны, — сказала яна, здымаючы акуляры.
— Памылілася, дзетка, — парыраваў я. — Я разумны і бедны.
— Э, не, падрыхтунчык. Гэта я бедная і разумная.
Яна так і ўтупілася ў мяне. Вочы ў яе былі карыя. Няхай, можа, з выгляду я і багацей, але я не дазволю нейкай нахабе, нават калі ў яе прыгожыя вочы, называць мяне дурнем.
— А з чаго гэта відаць, што ты такая разумная? — спытаўся я.
— Ды хоць бы з таго, што я ніколі не пайшла б з табою ў кавярню.
— Паслухай: я цябе туды ніколі і не запрасіў бы.
— А вось з гэтага, — адказала яна, — якраз і відаць, што ты не дужа разумны.
Зараз растлумачу, чаму я ўсё-такі запрасіў яе ў кавярню. Хітрамудра капітуляваўшы ў крытычны момант — прытварыўшыся, што мне раптам захацелася выпіць з ёю кавы, — я атрымаў сваю кнігу. А паколькі яна не магла пайсці да закрыцця бібліятэкі, я меў дастаткова часу, каб засвоіць некалькі важкіх фраз аб перамяшчэнні апоры каралеўскае ўлады з духавенства на законнікаў у канцы адзінаццатага стагоддзя. На іспыце я атрымаў «А»* з мінусам — якраз тую адзнаку, што даў я нагам Джэні, калі яна ўпершыню выйшла з-за стойкі.
* Найвышэйшая адзнака ў амерыканскіх універсітэтах.
Не магу сказаць, што я гэтаксама высока ацаніў яе касцюм — задужа кідкі, як на мой густ. Асабліва не спадабалася сумка — нейкая торба ў індзейскім стылі. На шчасце, я не сказаў ёй пра гэта — потым я даведаўся, што торба была яе ўласнай прыдумкаю.
Мы пайшлі ў «Гном» — маленькую кавярню-бутэрбродную, куды, нягледзячы на назву, пускалі і людзей звычайнага росту. Я замовіў дзве кавы, а ёй яшчэ і шакаладнае пірожнае з марозівам.
— Мяне завуць Джэніфэр Кавілеры, — сказала яна. — Я амерыканка італійскага паходжання.
Усё роўна як я сам не здагадаўся б.
— Я займаюся музыкай, — дадала яна.
— Мяне завуць Олівэр, — сказаў я.
— Гэта імя ці прозвішча? — папыталася яна.
— Імя, — адказаў я, а потым прызнаўся, што маё поўнае імя — дакладней, большая яго частка — Олівэр Барэт.
— О, — усклікнула яна, — Барэт!.. Як у паэткі*?
* Элізабет Барэт Браўнінг (1806—1861) — ангельская паэтка.
— Як у паэткі, — пацвердзіў я. — Але мы не радня.
Я парадаваўся ў душы, што яна не задала звыклага і вельмі непрыемнага мне пытання: «Барэт? Як Барэт-хол?» Я ж цярпець не мог, калі мне нагадвалі, што я з радні «чувака», які пабудаваў Барэт-хол — сама вялікі і сама брыдкі будынак у Гарвардскім універсітэцкім гарадку, каласальны помнік нашаму сямейнаму багаццю, фанабэрыстасці і нязноснаму гарвардызму.
Запала маўчанне. Няўжо мы так хутка вычарпалі тэмы для размовы? Ці яна страціла цікавасць да мяне, даведаўшыся, што я не даводжуся паэтцы раднёю? Што ж здарылася? Яна проста сядзела і з ледзь прыкметнай усмешкаю глядзела на мяне. Каб чым-небудзь заняцца, я пачаў гартаць яе сшыткі. У яе быў дзіўны почырк — дробны, завостраны, без загалоўных літараў (кім яна сябе ўяўляе — можа, Камінгсам*?).
* Амерыканскі паэт XX стагоддзя, які адмовіўся ў сваіх вершах ад ужывання загалоўных літараў.
Сярод курсаў, на якія яна хадзіла, былі даволі арыгінальныя: «Гіст. сусв. літры-105», «Музыка-150», «Музыка-201»...
— «Музыка-201»? Хіба гэта не аспіранцкі курс?
Яна з відавочным гонарам кіўнула:
— Поліфанія эпохі Рэнесансу.
— Што такое поліфанія?
— Нічога сексуальнага, падрыхтунчык.
І чаго гэта я ўсё цярплю? Яна што, «Крымсан» не чытае? Не ведае, хто я такі?
— Эй, ты што, не ведаеш, хто я такі?
— Ведаю. Ты той маладзён, якому належыць Барэт-хол, — сказала яна без аніякай пашаны.
Яна сапраўды не ведала, хто я.
— Мне не належыць Барэт-хол, — паспрабаваў пажартаваць я. — Здарылася так, што мой вялікі прадзед падарыў яго Гарварду.
— Каб ягонага не такога вялікага праўнука прынялі туды без праблем!
Гэта ўжо занадта!
— Паслухай, Джэні, калі ты такая ўпэўненая ў маёй нявартасці, дык навошта ж тады напрасілася пайсці са мною ў кавярню?
Яна паглядзела мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:
— Мне спадабалася твая фігура.
Калі хочаш перамагаць — павінен умець прайграваць. І гэта не заблытаны парадокс. Гэта тыпова гарвардская рыса — здольнасць ператварыць у перамогу любое паражэнне.
«Не пашанцавала вам, Барэт. Але гулялі вы файна!»
«Дальбог, я рады, што вы не раскіслі, хлопцы. Вы ж так не любіце прайграваць!»
Вядома, чыстая перамога — прыямнейшая. Асабліва калі вырвеш яе на апошняй хвілі... Словам, праводзячы Джэні да інтэрната, я ўсё яшчэ не траціў надзеі перамагчы гэтую рэдкліфскую калючку.
— Паслухай, калючка, у пятніцу ўвечары хакейны матч у Дартмуце.
— І што з таго?
— Я хачу, каб ты яго паглядзела.
Яна адказала са звычайнай для Рэдкліфа пашанаю да спорту:
— А чаму я павінна глядзець нейкі няшчасны хакейны матч?
— Таму што я буду гуляць, — нібы абыякава адказаў я.
Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.
— А за каго? — папыталася яна.
2
Олівэр Барэт IV,
Іпсвіч, Масачусэтс
Узрост: 20 гадоў
Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў
Каледж: Філіпс Эксэтэр
Курс: выпускны
Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі
Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя
У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.
Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.
— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!
— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!
На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?
У сярэдзіне другога перыяду мы выйгравалі ў Дартмута 0:0. Гэта значыць, Дэйві Джонстан і я павінны былі вось-вось распячатаць іхнюю брамку. Зялёныя казлы (у Дартмута зялёная форма) гэта адчулі і пачалі валіць нас. Яны маглі б пераламаць нам косці, перш чым мы пераломім іхнюю абарону. Фаны лямантавалі, прагнучы крыві. У хакеі гэта азначае кроў у прамым сэнсе альбо, як з крывёю не атрымаецца, — гол. Як кажуць, lа nоblesse oblige*, і я ніколі не прымушаў доўга заўзятараў чакаць ні таго, ні другога.
* Lа nоblesse oblige (фр.) — становішча абавязвае.
Дартмуцкі нападнік-цэнтравік ірвануўся ў нашую зону, але я ўрэзаўся ў яго, адабраў шайбу і кінуўся наперад. Фаны зараўлі. Я ўбачыў злева ад сябе Дэйві Джонстана, але вырашыў забіваць сам: памятаў, што варатар у іх баязлівы — я нагнаў на яго страху, калі ён яшчэ гуляў за «Дырфілд». Але кінуць я не паспеў: на мяне наскочылі абодва дартмуцкія абаронцы, і, каб не страціць шайбу, я мусіў праехаць за брамку. Утрох мы сышліся за спінаю ў варатара і ўпячаталі адзін аднаго да борта. Мая звычайная тактыка ў такіх заварушках — уклейваць з усяе сілы па ўсім, што ў колеры праціўніка. Недзе ў нас пад канькамі мільгала шайба, але нам было не да яе — мы зацята выбівалі адзін з аднаго духі.
Рэферы засвістаў:
— Дзве хвіліны штрафу!
Я ўзняў вочы. Паказваў ён на мяне. Я? Што я такога зрабіў, каб мяне выдаляць?
— Што я зрабіў, рэф?
Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.
Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.
— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.
Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:
— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!
— Чым ты правініўся?
Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.
— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.
— Гэта ганьба табе?
— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.
— Сабрацца?
— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.
— Ты любіш брудную гульню?
Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:
— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?
— Зараз жа, калі не змоўкнеш.
— Вось як? Бывай.
Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.
Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?
Але дзе ж яна!..
Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.
У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»
Што яна там думае?!
Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.
— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.
Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!
Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет...
У выніку мы размалацілі іх — 7:0.
Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.
Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзілан з гульні: здымаеш з сябе мокрую ад поту амуніцыю і тупаеш голы да століка з чыстымі ручнікамі.
— Ну як табе сёння, Олі?
— Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымі.
Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кім і колькі разоў зрабіў у гэтую вечаровую суботу: «Ну, як мы абулі гэтых дзятлаў?..» Я быў лідэрам, і ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзін і падумаць. Лёс блаславіў мяне хворым каленам (але, блаславіў: вы бачылі мой вайсковы білет?), і пасля кожнае гульні мне прыходзілася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краі ванны і назіраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералічваў сінякі і раны (я рады ім своеасабліва) і думаў пра што ні ўздумаецца ці ні пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забілі другі, і пра тое, што фактычна закончыўся мой трэці запар сезон у зборнай універсітэта.
— Палошчаш каленца, Олі?
Гэта гаворыць Джэкі Фэлт, наш трэнер і самазваны духоўны настаўнік.
— Палашчу, Джэкі, калі збоку гэта не выдае на штось іншае.
Фэлт хмыкае і па-ідыёцку ўхмыляецца:
— Сказаць табе, чаму цябе падводзіць каленца, Олі? Хочаш ведаць?
Я аб'ехаў ужо ўсіх артапедаў на Ўсходнім узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.
— Харчуешся няправільна, во што.
Мне гэта цікавым не здалося.
— Мала солі ясі.
Можа, калі прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?
— О'кэй, Джэк. Буду есці болей солі.
Божа літасцівы, які ж задаволены ён быў! Калі адыходзіў, дык ягоная ідыёцкая пыса так і ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзін. Саслізнуў усім целам у бурлівую ваду, заплюшчыў вочы і акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!
Божа! Джэні ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькі ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплыні, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставіў новы рэкорд хуткасці. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзілан я расчыніў яшчэ не абсохлы.
У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну і калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў — сама стойкіх, у бальшыні сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якія ў душы так і не развіталіся з клюшкамі. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, які не прапускае аніводнае гульні Гарварда — ні дома, ні ў гасцях. І як ён толькі ўхітраецца гэта рабіць? Ён жа буйны банкір. І навошта яму гэта трэба?
— Дасталося табе сёння, Олівэр!
— Было, містэр Джэнкс. Самі бачылі, у які хакей яны гуляюць.
Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэні. Няўжо яна вярнулася ў інтэрнат і ўсю дарогу да Рэдкліфа прайшла адна?
— Джэні! — паклікаў я і ступіў колькі крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.
Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалік, адны вочы былі відаць.
— Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.
Як я быў рады бачыць яе! Усклікнуўшы: «Джэні!» — падбег да яе і дакрануўся вуснамі да яе халоднага лба.
— Хіба я табе дазволіла? — спыталася яна.
— Што?
— Хіба я дазволіла табе пацалаваць мяне?
— Прабач. Захапіўся.
— А я не.
Мы засталіся зусім адны. Было цёмна, халодна і позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб — і моцна. Пацалунак быў доўгі.
— Мне гэта не падабаецца, — прамармытала Джэні; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.
— Што?
— Што мне гэта падабаецца.
Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэні захацела ісці пешкі) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта і растлумачыць. Ля дзвярэй інтэрната цалаваць яе на развітанне я не стаў.
— Ведаеш, Джэні, мажліва, я не буду тэлефанаваць табе некалькі месяцаў.
Нейкі час яна маўчала. Нарэшце папыталася:
— Чаму?
— А можа, пазваню, як толькі ўвайду ў свой пакой. — Я павярнуўся і хутка пайшоў.
— Ніколі не думала, што ты такі, — прашаптала яна ўслед з крыўдаю.
Я зноў павярнуўся і зрабіў пераможны кідок па брамцы:
— Што, не даспадобы? А сама дык з іншымі гэта любіш!
Мне страшна хацелася азірнуцца яшчэ раз і паглядзець, які ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабіў гэтага з тактычных меркаванняў.
Калі я ўвайшоў у наш інтэрнацкі нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамі з ягонай футбольнай каманды.
— Прывітанне, бегемоты!
Мне штосьці мыкнулі ў адказ. Потым:
— З чым цябе сёння павіншаваць, Олі?
— Гол і перадача.
— Мы наконт Кавілеры.
— Не ваша справа, — адрэзаў я.
— Хто такая? — запытаўся адзін з гіпапатамаў.
— Джэні Кавілеры, — растлумачыў яму Рэй, — худзенькая такая музыкантка.
— А, ведаю, — сказаў трэці. — Апетытненькая.
Не зважаючы на гэтых мужланістых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур і панёс апарат у сваю спальню.
— Яна грае на фартэпіяна ў Бахаўскім таварыстве, — сказаў астатнім Стратан.
— А ў што яна грае з Барэтам?
— Цяжка ўгадаць!
Ухмылкі, рохканне, рогат.
— Джэнтльмены! — аб'явіў я, выходзячы. — Я вас меў!
Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скінуў чаравікі, узлез на ложак і набраў нумар Джэні.
Размаўлялі мы шэптам:
— Эй, Джэн...
— Алё?
— Мне трэба нешта табе сказаць...
Я завагаўся. Яна чакала.
— Мне здаецца... Я кахаю цябе.
Маўчанне. Потым яна адказала вельмі ціха:
— Ідзі ты... ведаеш куды!.. — І павесіла слухаўку.
Я не пакрыўдзіўся. І нават не здзівіўся.
3
У гульні з Корнэлам мне намялі бакі.
Увогуле, я сам быў вінаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў іх нападніка-цэнтравіка «смярдзючым канадцам», зусім забыўшыся на тое, што канадцаў у іхняй камандзе чацвёра... А ўсе чацвёра былі гарачымі патрыётамі і дужымі хлопцамі, ды яшчэ і на слых не скардзіліся. Мала таго што мяне як след нагрэлі, дык яшчэ і выдалілі. І не проста выдалілі, а ўляпілі за бойку аж пяць хвілін. Чулі б вы, як мяне асвісталі корнэлскія фаны, пачуўшы аб'яву аб маім выдаленні! Нашых небагата прыцягнулася ў такую яміну, як Ітака, Ню-Ёрк, хоць гэта і быў вырашальны матч на першынство ўніверсітэтаў Новай Англіі. Пяць хвілін! Калі я сядаў на лаўку штрафнікоў, дык добра бачыў, як ірве на сабе валасы наш трэнер.
Джэкі Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькі тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месіва. «Божа, — мала не стагнаў Джэкі, водзячы па ім кроваспыняльным алоўкам. — Божа, Олі!»
Я сядзеў моўчкі і тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджваліся найгоршыя мае чаканні: Корнэл закінуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлі, завылі, заўлюлюкалі. Лік зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з ім і першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькі палову штрафу!
На процілеглай трыбуне, дзе сядзелі нешматлікія гарвардцы, панавала цяжкае маўчанне. На мяне ўжо забыліся і свае, і чужыя заўзятары. Толькі адзін глядач па-ранейшаму не адрываў вачэй ад лаўкі штрафнікоў. Але, ён быў тут. «Калі нарада перапыніцца своечасова, я пастараюся прыехаць у Корнэл». Сярод гарвардскіх фанаў сядзеў — вядома, паважна — Олівэр Барэт III.
Цераз ледзяны правал Стары Стод моўчкі і абыякава назіраў, як заклейваюць пластырам апошнюю крывавую рану на твары яго адзінага сына. Цікава, што ён думаў у гэтую хвіліну? «Тш, тш, лягчэй!» — што-небудзь такое? «Олівэр, калі ты так любіш біцца, дык чаму табе не заняцца боксам?» — «У Эксэтэры няма баксёрскай каманды, бацька». — «Бадай, мне не варта хадзіць на твае гульні». — «Ты думаеш, я б'юся, каб задаволіць цябе?» — «Ну, я не сказаў бы — задаволіць».
Але хто-небудзь можа ўгадаць, пра што ён думае? Олівэр Барэт III — гэта хадзячая гара, якая часам загаворвае. Стод.
Зусім верагодна, што мой бацька аддаваўся цяпер свайму любімаму занятку — самалюбаванню. Глядзіце на мяне, тут так мала сёння гарвардскіх заўзятараў, і тым не менш адзін з іх — я! Я, Олівэр Барэт III, выключна заняты чалавек, у мяне столькі банкаў, і ўсімі трэба кіраваць, і чаго толькі яшчэ не трэба мне рабіць, і ўсё ж такі я знайшоў час прыехаць у Корнэл на нейкі нікчэмны хакейны матч. Ну хіба гэта вас не ўражвае? (Каго?)
Трыбуны зноў зараўлі, гэты раз яшчэ з большым шалам. Нам зноў забілі. А мне адпачываць тут яшчэ дзве хвіліны. З чырвоным ад злосці тварам Дэйві Джонстан пакаціўся да нашае брамкі. Ён праехаў зусім побач, але нават не зірнуў на мяне. У вачах у яго былі слёзы! Ну, добра, я разумею, рашучы матч і ўсё такое, але, Божа ты мой, — слёзы? І тут я ўспомніў пра неверагодную серыю Дэйві, нашага капітана: сем гадоў на пляцоўцы — і аніводнага прайгранага матча — за каледж, за ўніверсітэт! Ён стаў ужо паданнем. А цяпер ён вучыўся на апошнім курсе. І для яго гэта была апошняя важная гульня.
Якую мы прайгралі 3:6.
Пасля матча мяне прасвяцілі рэнтгенам. Усе косці былі цэлыя. Потым доктар наклаў на маю правую скулу дванаццаць швоў. Пакуль ён гэта рабіў, Джэкі Фэлт хадзіў па кабінеце, расказваючы корнэлскаму хірургу, як няправільна я харчуюся і што сённяшняй траўмы магло б і не быць, калі б я рэгулярна глытаў саляныя пілюлі. Доктар яго праігнараваў, а мяне строга папярэдзіў, што я ледзь не пашкодзіў «сценку арбіты» (ох ужо гэтыя медычныя тэрміны!) і што сама лепшае для мяне — не выходзіць на лёд не меней як тыдзень. Я падзякаваў за параду. Доктар пайшоў. Яго пераследаваў Фэлт, спрабаваў разгаварыць наконт дыеталогіі. Я быў рады, што застаўся адзін.
Я нетаропка прыняў душ, стараючыся не мачыць твару. Дзеянне навакаіну пачало слабець, але адчуванне болю было мне нават прыемнае. Я хачу сказаць: я ж сапсаваў усю справу. Першынство мы завалілі, нашую бяспройгрышную серыю — таксама (усе, хто быў цяпер на апошнім курсе, не прайгравалі ніколі), не кажучы ўжо пра сямігадовую серыю Джонстана. Мажліва, не толькі я быў у гэтым вінаваты, але цяпер мне здавалася: толькі я.
Раздзявальня была пустая. Хлопцы, мабыць, ужо ў матэлі. Мяркуючы па ўсім, ніхто не хацеў мяне бачыць або размаўляць са мною. З гаркатою ў роце — мне было так пагана, што я нават адчуваў гэта на смак — я запхнуў свае шмоткі ў валізку і выйшаў на двор. Жменька гарвардскіх заўзятараў мерзла на ледзяным ветры, які прадзімаў пустэльны завулак.
— Як скула, Барэт?
— Дзякуй, нічога, містэр Джэнкс.
— Табе, бадай, не зашкодзіў бы цяпер сыры біфштэкс, — сказаў другі знаёмы голас.
Так мовіў Олівэр Барэт III. Наколькі гэта ў ягоным стылі — прапанаваць бабулін сродак ад сіняка пад вокам.
— Дзякуй, бацька, — сказаў я. — Доктар ужо пра ўсё паклапаціўся. — Я паказаў на марлевую нашлёпку, пад якой была схаваная доктарава работа.
— Я хацеў сказаць, табе трэба падсілкавацца, сын.
За абедам паміж намі адбылася адна з нашых звычайных «антыразмоў», як я іх называю. Усе яны пачынаюцца тым самым пытаннем: «Ну, як ты, сын?» — і тым самым пытаннем заканчваюцца: «Я магу для цябе што-небудзь зрабіць?»
— Ну, як ты, сын?
— Выдатна, сэр.
— Што, баліць? — кіўнуў ён на маю разбітую шчаку.
— Не, сэр.
Боль рабіўся пякельным.
— Я скажу Джэку Ўэлсу, каб ён паглядзеў цябе ў панядзелак.
— Не трэба, бацька.
— Ён добры спецыяліст...
— Корнэлскі доктар таксама не ветэрынар, — заўважыў я, спрабуючы прыцішыць снабісцкі энтузіязм, з якім бацька заўсёды гаварыў пра ўсялякіх спецыялістаў, экспертаў ды іншых «найлепшых людзей».
— Шкада, — сказаў Олівэр Барэт III, спрабуючы, як я спачатку падумаў, пажартаваць. — Рана ў цябе проста зверская.
— Маеце рацыю, сэр. — (Можа, тут трэба было засмяяцца?)
І раптам мне прыйшла ў галаву думка: ці не хацеў ён сваім квазіжартам перадаць мне сваю незадаволенасць маімі дзеяннямі на лёдзе?
— Ці ты хацеў сказаць, што я паводзіў сябе сёння як звер?
На твары ў яго адбілася нешта накшталт задавальнення з прычыны таго, што я пацікавіўся ягонай думкаю на гэты конт. Аднак ён проста сказаў:
— Ты сам загаварыў пра ветэрынараў.
Тут я вырашыў заняцца вывучэннем меню. Калі прынеслі гарачае, Стод пачаў адно з сваіх даўно ўжо абрыдлых мне казанняў: гэтым разам, калі я правільна памятаю (а запамінаць я не стараўся), адносна перамог і паражэнняў. Ён зазначыў, што мы страцілі чэмпіёнскі тытул (брава, тата, глыбокае назіранне!), аднак галоўнае ў спорце — не выйгрыш, а сама гульня. Апошняе меркаванне падазрона нагадала перафразаваны алімпійскі дэвіз, і я адчуў, што гэта толькі ўверцюра і што зараз ён пусціцца разважаць пра тое, якое, па сутнасці, смяхоцце — гэтае ўніверсітэцкае першынство. Аднак я не збіраўся пракладваць яму сцяжынкі да алімпійскіх успамінаў. Выдаўшы належную партыю маіх: «Але, сэр» — я змоўк.
Потым мы прайшліся па ўсім дыяпазоне ўлюбёнай Стодавай антытэмы, якая называецца «мае планы».
— Скажы мне, Олівэр, што ў цябе з юрыдычнай школаю?
— Пакуль яшчэ, бацька, я цвёрда не вырашыў наконт юрыдычнай школы.
— Я хацеў бы ведаць іншае: ці вырашыла юрыдычная школа наконт цябе?
Яшчэ адзін досціп? Можа, мне трэба ўсміхнуцца ў адказ на гэтыя рытарычныя практыкаванні?
— Пакуль што не ведаю, сэр.
— Я мог бы патэлефанаваць Прайсу Цымерману...
— Не трэба! — перапыніў я, падпарадкоўваючыся імгненнаму рэфлексу. — Прашу, не трэба, сэр.
— Не дзеля таго, каб паўплываць на некага, — з годнасцю сказаў О.Б.III. — Проста навесці даведкі.
— Бацька, я хачу, каб мне адказалі лістом, як усім астатнім. Калі ласка.
— Але. Натуральна. Выдатна.
— Дзякуй, сэр.
— І яшчэ, цябе ж амаль напэўна прымуць і так, — дадаў ён.
Не ведаю, як гэта атрымліваецца, але О.Б.III умее прынізіць мяне, нават калі не шкадуе ўхвальных слоў.
— Хто ведае, — адказаў я. — У рэшце рэшт, хакейнай каманды ў іх там няма.
Не ведаю, чаму я пачаў прыніжаць сябе сам? Можа, таму, што ён пра мяне ўсё-такі высокае думкі?
— У цябе ёсць іншыя вартасці, — заявіў Олівэр Барэт III, але развіць гэтую тэму не пажадаў. (Зрэшты, не думаю, што гэта ў яго выйшла б.)
Ежа ў рэстарацыі была не лепшая ад нашае размовы, з адной хіба што розніцай: што булачкі будуць чэрствыя, я мог сказаць яшчэ да таго, як іх прынеслі, а вось угадаць, якую тэму будзе мець ласку прапанаваць мне бацька, мне ніколі не ўдаецца.
— Апрача таго, ты заўсёды можаш уступіць у Корпус Міру, — сказаў ён раптам ні з таго ні з сяго.
— Сэр? — Я не зусім зразумеў, што гэта — пытанне ці сцвярджэнне?
— Па-мойму, Корпус Міру — выдатная рэч. А ты як думаеш?
— Ну, — адказаў я, — ва ўсякім разе, гэта лепш за Корпус вайны.
Нічыя. Я не ведаў, што хацеў сказаць ён, і наадварот. Ці азначала гэта, што тэма вычарпаная і што зараз мы пяройдзем да абмеркавання іншых важных, сапраўды ўрадавых праграм? Не. Я зусім забыўся, што найгалоўнейшая наша тэма — гэта заўсёды мае планы.
— Я быў бы зусім не супраць, каб ты ўступіў у Корпус Міру, Олівэр.
— Я таксама, — сказаў я, не жадаючы ўступаць яму ў велікадушнасці.
Я ўпэўнены, што Стод ніколі мяне не слухае, і таму не здзівіўся, што ён ніяк не адрэагаваў на мой тонкі сарказм.
— А твае аднакашнікі, — прадоўжыў ён, — як да гэтага ставяцца?
— Сэр?
— Ці лічаць яны, што Корпус Міру мае нейкае значэнне ў іх жыцці?
Здаецца, слухаць фразу «але, сэр» майму бацьку гэтаксама неабходна, як рыбе знаходзіцца ў вадзе.