Жорж Сімэнон

Чалавек на лаўцы

Аповесць


1. ЖОЎТЫЯ ЧАРАВІКІ

Забойства здарылася ў панядзелак, 19 кастрычніка — у швагеркі камісара Мэгрэ быў якраз дзень нараджэння. Дзіўна, але на набярэжнай Арфэўр даўно заўважылі, што ў панядзелак забойстваў бывае меней, чым у астатнія дні.
Гэта была першая восеньская справа, расследуючы якую Мэгрэ адчуў набліжэнне зімы.
Усю нядзелю ліў дождж, халодны і дробны. Дахі і асфальт заблішчалі, а потым узняўся жаўтаваты туман, які, здавалася, украдаўся ў жытло праз аконныя шчыліны.
Стала так холадна, што ў панядзелак раніцай пані Мэгрэ сказала:
— Трэба закласці шчыліны лямцам.
Камісар гадоў ужо пяць сама меней абяцаў жонцы кожную восень зрабіць гэта «ў наступную нядзелю».
Калі ён выйшаў з дому, першы раз надзеўшы гэтай восенню прапахлае нафталінам паліто — прапанавала жонка, — была ўжо палова дзевятай, але на вуліцы было так змрочна, што ў кватэры яшчэ гарэла святло.
Удзень дождж скончыўся, аднак асфальт не прасыхаў і рабіўся ўсё больш брудны. А гадзіны ў чатыры Парыж зноў ахутаў той самы жаўтаваты туман, у якім расплывалася святло ліхтароў і вітрын.
Калі зазваніў тэлефон, у бюро не было ні Люка, ні Жанв'е, ні нават маленькага Лапуэнта. Адказаў Сантоні, карсіканец, новы чалавек у брыгадзе — да гэтага ён працаваў у аддзеле азартных гульняў, потым — у аддзеле нораваў.
— Шэф, вас турбуе інспектар Нэвэ, з трэцяга раёна, — далажыў Сантоні камісару. — Хоча пагаварыць асабіста з вамі. Здаецца, справа тэрміновая.
Мэгрэ ўзяў слухаўку:
— Слухаю, даражэнькі.
— Званю з бістро на бульвары Сэн-Мартэн. Толькі што знайшлі аднаго тыпа. Зарэзаны.
— На самым бульвары?
— Не, не зусім. У адным тупічку.
Нэвэ, які ўжо даўно працаваў у паліцыі, ведаў, пра што адразу ж падумае Мэгрэ. Такое забойства, асабліва ў густанаселеных кварталах, — справа следчаму мала калі цікавая. Найчасцей гэта вынік п'яных сварак альбо звядзеяне рахункаў сярод шпаны, гішпанцаў, арабаў. Таму інспектар таропка дадаў:
— Справа здаецца мне няпростай. Лепей бы вы прыехалі. Гэта паміж вялікай ювелірнай крамай і крамкаю штучных кветак.
— Добра. Еду.
Камісар упершыню паехаў з Сантоні і цяпер ніяк не мог дачакацца, калі ж яны прыедуць на месца — так моцна наадэкалоніўся інспектар. Каб здацца вышэйшым, нізкарослы карсіканец насіў чаравікі на высокіх абцасах, валасы ў яго былі напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.
На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Іх стрымлівалі паліцэйскія ў накідках. Нэвэ, які чакаў камісара, адчыніў дзверцы машыны.
— Я папрасіў доктара пачакаць вас, — сказаў ён.
Быў той час, калі гэтая частка Вялікіх бульвараў робіцца найбольш шматлюднай. Вялікі святлісты гадзіннік над ювелірнай крамай паказваў дваццаць хвілін на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзіла на вуліцу толькі адной вітрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вітрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму ніхто ніколі і не заглядваў.
Паміж крамай і крамкаю — вузкі тупічок, дакладней, неасветлены, якіх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.
Нэвэ праціснуўся наперад, вызваляючы дарогу камісару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу іх чакалі ў цемрадзі нейкія людзі. У двух былі ліхтарыкі, але твары можна было разгледзець толькі зблізу.
Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары — дзьмуў скразны вецер. Паміж ног круціўся, колькі яго ні адштурхоўвалі, нейкі сабака.
На зямлі, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закінута за спіну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.
— Мёртвы?
Доктар кіўнуў:
— Смерць, відаць, наступіла імгненна.
Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло ліхтара прапаўзло па целе забітага і спынілася на нажы, усаджаным у спіну. Другі ліхтар асвяціў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камяні пры падзенні.
— Хто яго знайшоў?
Адзін з паліцэйскіх, які толькі гэтага і чакаў, выступіў наперад.
— Я рабіў абход. Я звычайна зазіраю ва ўсе закуткі, бо ў іх усё і здараецца. І тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.
— Ён быў ужо мёртвы?
— Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.
— Які гэта быў час?
— Без чвэрці пяць. Я засвістаў паставому і пабег званіць у аддзяленне.
— Слухаўку падняў я, — уступіў у размову Жэнэ. — І адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклікаць доктара. Паліцэйскае аддзяленне было паблізу.
— Ніхто нічога не чуў?
— Не ведаю.
Непадалёк віднеліся невялікія дзверы, над якімі гарэла слабенькая лямпачка.
— Што гэта?
— Дзверы ў кантору ювелірнай крамы. Імі рэдка карыстаюцца.
З'явіліся эксперты, якіх Мэгрэ выклікаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.
— А што там, у канцы двара? — спытаўся Мэгрэ.
— Нічога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вуліцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.
Было відавочна: чалавека забілі ўдарам нажа ў спіну, як толькі ён зайшоў у глыб тупічка. Нехта, праслізнуўшы ўслед за ім, ціха зрабіў сваю справу.
— Я праверыў кішэні і выняў кашалёк.
Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзін з экспертаў пасвяціў ліхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але і не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзіне — тры паперкі па тысячы франкаў і некалькі па сто, пасведчанне, выдадзенае на імя Луі Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувізі (вуліца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым іменем, шматок паперы, на якім напісаны алоўкам пяць-шэсць слоў, і старая фатаграфія маленькай дзяўчынкі.
— Ну што, прыступім? — спытаўся эксперт.
Мэгрэ кіўнуў. Зазіхацелі бліцы, зашчоўкалі фотаапараты. Эксперты рабілі свае вымярэнні спакойна, не задавалі ніякіх пытанняў, адчувалася адно, што ім трохі нязручна працаваць у такім вузкім праходзе. Натоўп з боку бульвара павялічваўся, і паліцэйскія з цяжкасцю стрымлівалі яго.
Эксперты асцярожна вынялі нож і паклалі яго ў скрыню. Перавярнулі цела на спіну. На твары ў забітага, чалавека гадоў сарака — пяцідзесяці, застыла здзіўленне. Было ў гэтым здзіўленні штосьці дзіцячае. Чалавек, напэўна, так і не зразумеў, што з ім здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хіхікнуў.
Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнітур і бэжавае дэмісезоннае паліто. Але вось на нагах былі жоўтыя чаравікі, зусім не па сезоне.
Каб не яны, то на вуліцы гэтага чалавека ніхто і не заўважыў бы, такі ён быў неадметны.
Аднак паліцэйскі, які знайшоў яго, сказаў:
— Мне здаецца, я яго недзе бачыў...
— Дзе?
— Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных і тых самых людзей, а твары неяк не запамінаюцца.
Нэвэ пацвердзіў:
— Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.
Але што магло спатрэбіцца нябозе ў гэтым тупіку?
Мэгрэ паглядзеў на Сантоні. Карсіканец доўга працаваў у паліцыі нораваў і мог запомніць яго, як аднаго з маньякаў — шукальнікаў адзіноты. Там іх ведаюць амаль усіх. Часам гэта значныя людзі. Зрэдку іх ловяць, але калі адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.
Аднак Сантоні пакруціў галавою.
— Ніколі не бачыў.
Тады Мэгрэ прыняў рашэнне:
— Працягвайце, панове. Калі завезяце яго ў Інстытут, не распранайце да майго загаду. А мы, Сантоні, паедзем. Паглядзім на яго сям'ю, калі такая ёсць.
Камісар быў заінтрыгаваны: забіты зусім звычайны, нічым не прыкметны чалавек...
— У Жувізі! — загадаў Мэгрэ шафёру.
Яны спыніліся на момант ля Італійскіх варотаў, каб выпіць па куфлі піва. А калі ў Жувізі, ля вакзала, пачалі распытваць пра вуліцу Таполяў, дык адказаў ім толькі пяты чалавек:
— Гэта вунь там, у недабудаваным раёне. Як даедзеце, дык глядзіце на шчыткі. Там кожная вуліца носіць назву якогасьці дрэва, а так яны ўсе аднолькавыя.
Спачатку доўга ехалі ўздоўж сарціровачнай станцыі, на якой лязгалі, пераязджаючы з аднаго пуці на другі, вагоны, свісталі і сіпелі, пускаючы клубы дыму, дзесяткі два паравозаў. Нарэшце дабраліся да патрэбнага раёна. Вузенькія вулкі і праўда зусім аднолькавыя, сотні, можа, тысячы досыць новых домікаў, пабудаваных па адной мадэлі. Дрэвы, пасадкі якіх давалі назвы вуліцам, яшчэ не паспелі вырасці, сям-там не было нават ходнікаў. За аднымі дамамі — пусткі, за іншымі — чэзлыя садкі, у якіх засыхалі апошнія восеньскія кветкі.
Дубовая вуліца... Бэзавая... Букавая... Магчыма, калі-небудзь гэты раён будзе падобны на парк, калі толькі ўсе гэтыя дрэнна пабудаваныя дамы не разваляцца, перш чым вырастуць як след дрэвы.
Жанчыны за вокнамі кухняў гатавалі вячэру. На вуліцах пуста. Дзе-нідзе — маленькія крамы, таксама даволі новыя з выгляду, аднак вітрыны іх нічым не вабілі.
— Налева.
Хвілін дзесяць кружылі, пакуль не прачыталі на шчытку патрэбную назву. Але дом праскочылі, бо трыццаць сёмы нумар ішоў чамусьці адразу ж за дваццаць першым.
Святло гарэла толькі на кухні, унізе. Было відаць, як за штораю ходзіць мажная жанчына.
— Хадзем, — уздыхнуў Мэгрэ, з цяжкасцю вылазячы з маленькай машыны, і выбіў люльку аб абцас.
Калі ён ступіў на ходнікі, штора зварухнулася і жанчына прыпала тварам да акна. Выдавала на тое, што прыезд машыны быў ёй падзеяй.
Мэгрэ ступіў на ганак і спыніўся перад пакрытымі лакам сасновымі дзвярыма, з жалезнай ручкаю і сінім акенцам. Ён пачаў шукаць кнопку званка, але перш чым знайшоў яе, пачуў голас з-за дзвярэй:
— Хто там?
— Пані Турэ?
— Я.
— Я хацеў бы пагаварыць з вамі.
Але жанчына не рашалася адчыніць дзверы.
— Паліцыя, — ціха дадаў Мэгрэ.
Гаспадыня зняла ланцужок, адсунула засаўку і, агледзеўшы мужчын праз шчыліну прыадчыненых дзвярэй, спыталася:
— А што вам трэба?
— Пагаварыць з вамі.
— Чым вы дакажаце, што вы з паліцыі?
Мэгрэ паказаў паліцэйскі жэтон.
— Добра. Спадзяюся, ён не фальшывы, — сказала пані Турэ, убачыўшы жэтон, і ўпусціла нечаканых гасцей.
Вузкі калідор, выбеленыя сцены, пакрытыя лакам дзверы і плінтусы. Дзверы на кухню заставаліся адчыненыя, жанчына правяла іх у суседні пакой і запаліла святло.
Мэгрэ разгледзеў гаспадыню. Сорак — сорак пяць гадоў, як і мужу, паўнейшая за яго, але не рыхлая, а шырокая ў касцях. Імпазантнай не назавеш. Шэрая сукенка і фартух, які яна машынальна церабіла, яшчэ больш спрошчвалі яе.
Спыніліся яны ў сталовай. Абсталюнак у вясковым стылі, кожная рэч на сваім месцы, як на вітрыне мэблевай крамы. Нідзе нічога лішняга — ні кінутай люлькі ці пачка цыгарэт, ні шытва ці нават газеты, нічога такога, што магло б даць хоць нейкае ўяўленне, чым тут людзі жывуць.
Сесці гаспадыня гасцей не запрасіла, але выразна паглядзела на іхнія ногі, перасцерагаючы ўсім сваім выглядам: «Не запэцкайце лінолеум!»
— Слухаю вас.
— Вашага мужа зваць Луі Турэ?
Нахмурыўшы бровы і спрабуючы здагадацца, што прывяло сюды паліцыю, яна кіўнула галавою.
— Ён працуе ў Парыжы?
— Памочнікам дырэктара фірмы «Каплан і Занэн», на вуліцы Бондзі.
— Ён працаваў калі-небудзь на складзе?
— Працаваў.
— Даўно?
— Некалькі гадоў таму назад. Але ўжо тады ён быў у дырэктара першым памагатым.
— У вас няма яго фатаграфіі?
— А нашто яна вам?
— Мне б хацелася ўпэўніцца...
— У чым? — Падазрона ўзіраючыся ў гасцей, пані Турэ запыталася: — Луі трапіў у аварыю?
Яна машынальна паглядзела на насценны гадзіннік, які вісеў на кухні, усё роўна як прыкідвала, дзе цяпер можа быць муж.
— Спярша я павінен упэўніцца, ці ён гэта.
— Гляньце на сервант, — сказала яна.
Падышоўшы да серванта, Мэгрэ ўбачыў некалькі фатаграфій: на адной — маладзенькая дзяўчына, на другой — чалавек, — зарэзаны ў тупіку, але маладзейшы, у чорным.
— Вы часам не ведаеце, ці ёсць у вашага мужа ворагі?
— Адкуль яны ў яго могуць быць?
Гаспадыня выйшла на хвілінку ў кухню і выключыла газавую гарэлку — на пліце нешта закіпела.
— А якой гадзіне вяртаецца ён звычайна дамоў?
— Ён выязджае з Ліёнскага вакзала ў шэсць дваццаць дзве. Дачка вяртаецца наступным цягніком, яна пазней заканчвае працаваць. У яе адказная пасада, і...
— Я вымушаны папрасіць вас праехаць з намі ў Парыж.
— Луі памёр? — Яна паглядзела на іх спадылба, позіркам жанчыны, якая не церпіць маны. — Скажыце мне праўду.
— Яго забілі.
— Дзе?
— У тупіку ля бульвара Сэн-Мартэн.
— Што яму там спатрэбілася?
— Не ведаю.
— Калі гэта здарылася?
— Мы мяркуем, недзе пасля паловы пятай.
— А палове пятай ён быў яшчэ ў Капланаў. Вы з імі гаварылі?
— Не, не паспелі. Ды мы й не ведаем яшчэ, дзе ён працуе.
— А хто ж яго забіў?
— Якраз гэта мы і спрабуем высветліць.
— Ён быў адзін?
Мэгрэ адчуў раздражненне.
— Ці не лепей вам апрануцца і паехаць разам з намі?
— Што вы з ім зрабілі?
— Цяпер ён у Інстытуце судова-медыцынскай экспертызы.
— Гэта морг?
Мэгрэ змаўчаў.
— Як мне папярэдзіць дачку?
— Можаце пакінуць цыдулку.
Гаспадыня задумалася.
— Не. Мы лепей заедзем да маёй сястры, і я перадам ёй ключ. Яна прыйдзе сюды і дачакаецца Монікі. Дачку вам таксама трэба ўбачыць?
— Пажадана.
— Дзе ёй лепш сустрэцца з намі?
— У маім бюро на набярэжнай Арфэўр. Гэта будзе найбольш аператыўна. Колькі ёй гадоў?
— Дваццаць два.
— А вы не маглі б папярэдзіць яе па тэлефоне?
— Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы і едзе на вакзал. Пачакайце мяне.
Яна паднялася наверх па лесвіцы, якая ўся рыпела пад ёю — дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, і дажыць да старасці яму наўрад ці было наканавана.
Уніз яна спусцілася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, пані Турэ спынілася, усё роўна як сумнявалася, ці памесціцца яна ў такім маленькім аўтамабілі. Нехта назіраў за імі з суседняга акна.
— Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вуліцу налева.
Домікі сясцёр здаваліся блізнятамі. Адрозніваліся яны хіба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.
— Я зараз вярнуся, — сказала пані Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвілін на пятнаццаць.
Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплі вады і таксама апранутай у чорнае.
— Сястра паедзе з намі. Я думаю, месца хопіць. Яе муж пойдзе да мяне і дачакаецца Монікі. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.
Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантоні ледзь уціснуўся на сядзенне побач з мажнымі жанчынамі. Па дарозе сёстры перашэптваліся.
Калі яны прыехалі ў Інстытут судмедэкспертызы, цела Луі Турэ ўжо ляжала на мармуровай пліце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналі. Камісар сам адкінуў з твару забітага прасціну.
Мэгрэ назіраў за сёстрамі. У цемнаце ён прыняў іх за блізнят. А цяпер, пры яркім святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.
— Вы яго пазнаяце?
Пані Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.
— Гэта Луі... Нябога... — уздыхнула ўдава. — Ці магла б я падумаць уранку... — Раптам яна заўважыла: — Яму ж ніхто не закрыў вочы...
— Можаце гэта зрабіць.
Сёстры пераглянуліся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, пані Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.
Прашаптаўшы: «Бедны Луі...» — яна звярнула ўвагу на чаравікі нябожчыка, бачныя з-пад прасціны, і адразу ж нахмурыла бровы.
— Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравікі?
— Яны былі на ім, калі мы яго знайшлі.
— Не можа быць. Луі ніколі не насіў жоўтых чаравікаў. Прынамсі, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылі. Ён ведаў: я такога колеру не дапусціла б. Жанна, ты бачыла?
Сястра згодна кіўнула.
— Вы ўсё-такі падумайце, — сказаў Мэгрэ, — ці былі ў яго такія адзежа і абутак... А можа, гэта не ён?
— А хто ж? Але чаравікі не ягоныя. Я ж чышчу іх кожны дзень. Магла я запомніць іх колер?.. Сёння ўранку на ім былі чорныя чаравікі на двайной падэшве, ён надзяваў іх ца працу.
Мэгрэ адкінуў прасціну да канца.
— Паліто ягонае?
— Ягонае.
— А гарнітур?
— Таксама. А гальштук — не. Ён ніколі не надзеў бы такога яркага гальштука. Гэты ж амаль чырвоны!
— Які лад жыцця быў у вашага мужа?
— Сама мерны. Сястра можа пацвердзіць. Уранку ён ад'язджаў на працу, сядаў у аўтобус, ехаў да вакзала на цягнік у восем семнаццаць. На Ліёнскім вакзале ён спускаўся ў метро і выходзіў на станцыі Сэн-Мартэн.
Супрацоўнік Інстытута зрабіў Мэгрэ знак, і камісар, зразумеўшы яго, падвёў сясцёр да другога стала, на якім былі раскладзены рэчы, знойдзеныя ў кішэнях у забітага.
— Спадзяюся, вы пазнаяце гэтыя рэчы?
На стале ляжалі срэбраны гадзіннік з ланцужком, насоўка без меткі, пачаты пачак цыгарэт, запальнічка, ключ і, побач з кашальком, два сінія білеты.
— Квіткі ў кіно, — адзначыла пані Турэ.
Мэгрэ дадаў, зірнуўшы на іх:
— Кінатэатр «Навіны дня», бульвар Бон-Нувэль. Калі я не памыляюся, квіткі сённяшнія.
— Не можа быць. Ты чуеш, Жанна?
— Цікава, — адказала сястра.
— Будзьце ласкавы, гляньце, што там у кашальку.
Праверыўшы кашалёк, пані Турэ зноў нахмурыла бровы.
— У Луі не было столькі грошай уранку.
— Вы ўпэўнены?
— Я ж кожную раніцу правяраю, ці ёсць у яго грошы. Ён ніколі не бярэ з сабою больш як тысячу дзвесце, тысячу трыста.
— Можа, ён сёння атрымаў грошы?
— Ды не, цяпер жа канец месяца.
— Калі ён вяртаўся ўвечары, у яго заўсёды заставаліся грошы?
— За вылікам тых, што ён плаціў за метро і цыгарэты. А на цягнік у яго праязны.
Яна не рашалася пакласці кашалёк сабе ў сумку.
— Напэўна, ён вам яшчэ патрэбны?
— Пакуль што патрэбны.
— Я ніяк не магу зразумець, чаму ў яго гэтыя гальштук і чаравікі. І чаму, калі ўсё гэта здарылася, ён не быў у сябе ў краме?..
Нічога не адказаўшы, Мэгрэ папрасіў яе распісацца на бланках.
— Вы паедзеце дамоў?
— Калі мы зможам забраць цела?
— Напэўна, праз дзень ці два.
— Яго будуць ускрываць?
— Магчыма. Але не абавязкова.
Пані Турэ паглядзела на гадзіннік.
— Праз дваццаць хвілін адыходзіць наш цягнік, — сказала яна сястры і звярнулася да Мэгрэ: — Ці не маглі б вы давезці нас да вакзала?
— Ты не будзеш чакаць Моніку? — запыталася ў пані Турэ сястра.
— Яна можа вярнуцца сама.
Вяртаючыся з Ліёнскага вакзала ў паліцыю, Мэгрэ і Сантоні яшчэ раз зірнулі з машыны сёстрам услед.
— Ведзьма! — прабурчаў Сантоні па дарозе з вакзала на набярэжную Арфэўр. — Нябозе, відаць, было не надта весела.
— Ва ўсякім разе, з ёю.
— Што вы думаеце пра гэтыя чаравікі? Калі б яны былі новыя, можна было б падумаць, што ён купіў іх сёння...
— Наўрад ці. Ён не пасмеў бы. А цікава, ці падобная на маці дачка?
Заехалі ў піўную перакусіць. Мэгрэ патэлефанаваў жонцы і сказаў, што не ведае, калі вернецца.
Калі яны пад'ехалі да камісарыята, вартавы-паліцэйскі паведаміў Мэгрэ:
— Вас пыталася нейкая дзяўчына. Кажа, што вы яе выклікалі. Я адправіў яе ў вашае бюро.
— Даўно?
— Хвілін дваццаць назад.
Туман зноў змяніўся дажджом, і пыльныя прыступкі лесвіцы стракацелі мокрымі слядамі. Большасць пакояў ужо апусцела. Але ў некаторых яшчэ гарэла святло.
— Мне застацца з вамі? — спытаўся Сантоні.
Мэгрэ кіўнуў. Раз ужо пачаў расследаванне з ім — будзе з ім і працягваць.
У чакальні сядзела дзяўчына ў блакітным капялюшыку. Твар з-за слабага святла разгледзець было цяжка. Дзяжурны, які чытаў вячэрнюю газету, далажыў:
— Гэта да вас, шэф.
— Я ведаю.
Звяртаючыся да дзяўчыны, Мэгрэ запытаўся:
— Панна Моніка? Хадземце, калі ласка, у мой кабінет.
Мэгрэ запаліў настольную лямпу. Святло ўпала на крэсла, і, калі камісар прапанаваў дзяўчыне сесці, то адразу заўважыў сляды слёз на яе твары.
— Дзядзька ўсё мне сказаў.
Мэгрэ загаварыў не адразу, прыгледзеўся да дзяўчыны. Яна, як і маці, трымала ў руцэ насоўку, але сціскала яе неяк па-дзіцячы, усё роўна як мяла камяк пластыліну.
— Я думала, што заспею маму ў вас.
— Яна паехала дадому.
— Як яна?..
Ён не ведаў, што адказаць.
— Ваша маці — мужная жанчына.
Моніка здалася камісару абаяльнай: непадобная да маці, праўда, таксама ў целе. На ёй быў вельмі элегантны гарнітур, што здзівіла Мэгрэ: пакупка, відавочна, была зроблена ў дарагой краме.
— Каму ж спатрэбілася ягонае жыццё? — Слёзы зноў з'явіліся ў яе на вачах.
Камісару чамусьці здавалася, што яна не зусім шчырая. Маці таксама трымалася насцярожана, аднак калі ўлічыць характар, у якім Мэгрэ паспеў сёе-тое ўгледзець, то яе можна было зразумець. Пані Турэ здавалася ганебным, што яе мужа зарэзалі ў нейкім цёмным тупіку. Яна заціснула жыццё, і сваё, і сваёй сям'і, у строгія рамкі, і гэтая смерць выходзіла з іх. Ды яшчэ гэтыя жоўтыя чаравікі і амаль што чырвоны гальштук!
А дачка нібыта баялася пытанняў.
— Вы добра ведалі бацьку?
— Ну... вядома...
— Вы, пэўна, ведалі яго так, як дзеці ведаюць сваіх бацькоў. А я пытаюся ў вас, ці давяраўся ён вам, ці гаварыў з вамі пра сваё асабістае жыццё...
— Ён быў добры бацька.
— Ён быў шчаслівы?
— Напэўна.
— Вы калі-небудзь сустракаліся ў Парыжы?
— Не разумею. Вы маеце на ўвазе на вуліцы?
— Я ведаю, што вы вярталіся дамоў рознымі цягнікамі. Але вы маглі калі-нікалі разам абедаць.
— Здаралася.
— Часта?
— Не. Рэдка.
— Вы заходзілі да яго ў краму?
Дзяўчына вагалася.
— Мы сустракаліся ў рэстарацыі.
— Вы тэлефанавалі яму?
— Ніколі.
— Калі вы абедалі з ім апошні раз?
— Некалькі месяцаў назад. Да адпачынку.
— Дзе?
— У «Эльзасе». Гэта рэстаранчык на Севастопальскім бульвары.
— Ваша маці ведала пра гэта?
— Не памятаю. Думаю, я ёй казала.
— Ваш бацька быў вясёлы чалавек?
— Вясёлы. Ва ўсякім разе, на маю думку.
— А здароўе ў яго было добрае?
— Ён ніколі не хварэў.
— Сябры ў яго былі?
— Мы бывалі пераважна ў маіх цётак і дзядзькоў.
— Яны жывуць у Жувізі?
— Так, непадалёк ад нас. Дзядзька Альбэр, муж цёткі Жанны, і сказаў мне, што бацьку забілі.
— І шмат іх у вас?
— Дзве цёткі і два дзядзькі. Цётка Сэліна з дзядзькам Жульенам жывуць трохі далей. Дзядзькі абодва чыгуначнікі.
— Панна Моніка, а ці сустракаецеся вы з якім-небудзь маладым чалавекам?
Дзяўчына сумелася.
— Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?
— Вы што маеце на ўвазе?
— Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.
— Ваша маці і цётка зрабілі ўжо гэта. Але, калі вы хочаце...
— Не. Я ўбачу яго дома.
— Пачакайце яшчэ трохі, панна Моніка. Вам прыходзілася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравіках?
— У жоўтых чаравіках? — паўтарыла яна задуменна.
— Не зусім жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такі колер называлі «дзіцячым паносам».
— Нешта не памятаю.
— А чырвонага гальштука на ім не заўважылі?
— Не.
— Вы даўно хадзілі ў кіно?
— Учора пасля абеду.
— У Парыжы?
— У Жувізі.
— Не буду вас больш затрымліваць. Думаю, вы зможаце сесці на цягнік...
— Праз трыццаць пяць хвілін.
Яна паглядзела на гадзіннік, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на імгненне.
— Да пабачэння, — сказала яна нарэшце.
— Да пабачэння, панна. Дзякую вам.
Мэгрэ праводзіў дзяўчыну і зачыніў за ёю дзверы.

2. ПАННА «ІЛЬВІЦА»

Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялікіх бульвараў паміж плошчаю Рэспублікі і Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кінатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупічка, дзе забілі Луі Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзіў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кінатэатра, была піўная, дзе ён любіў перакусіць сасіскамі з капустаю.
Далей, у накірунку да Оперы, бульвары рабіліся свабаднейшыя, але тут, паміж Сэн-Мартэн і плошчаю Рэспублікі, яны хутчэй нагадвалі нейкія змрочныя траншэі, у якіх, бы ў мурашніку, віруе жыццё — часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мітусні.
Раніца была шэрая і халодная, але не такая сырая, як напярэдадні. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай і за чвэрць гадзіны, не спяшаючы, дайшоў да вуліцы Бондзі. Недзе тут, у фірме «Каплан і Занэн», і працаваў Луі Турэ ўсё сваё жыццё, у тым ліку, мабыць, і ў дзень сваёй гібелі.
Пошукі патрэбнага нумара прывялі Мэгрэ да старой, занядбанай будыніны. Уваходныя дзверы былі адчынены насцеж, па абодвух баках віселі розныя шыльдачкі: «Урокі машынапісу», «Продаж пёраў», «Набіўка матрацаў», «Юрыдычны кансультант», «Дыпламаваная масажыстка».
Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.
— Дзе тут фірма «Каплан і Занэн»? — спытаўся Мэгрэ.
— Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фірма перастала існаваць.
— І вы ўвесь гэты час жылі тут?
— Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.
— А ці ведалі вы Луі Турэ?
— Яшчэ як! А што з ім здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзіў да мяне ўжо некалькі месяцаў.
— Ён памёр.
— Божа літасцівы... Такі здаровы мужчына! Што з ім здарылася? Сэрца, мабыць?..
— Яго забілі ўчора пад вечар ударам нажа ў спіну.
Кансьержка ажно здранцвела.
— Я яшчэ не чытала сёння газет...
Пра гібель Луі Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькіх радках, як пра банальнае здарэнне.
— І хто гэта мог забіць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзіў міма майго пакоя пад лесвіцай, праходзіў па чатыры разы на дзень і кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калі пан Каплан закрыў сваю фірму, пана Луі нібыта падкасіла...
Кансьержка выцерла слёзы і высмаркалася.
— Пан Каплан яшчэ жывы?
— Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусім іншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.
— Чым яны гандлявалі?
— Як, вы не ведаеце гэтай фірмы?!
Яна так здзівілася, што можна было падумаць, увесь свет павінен ведаць фірму «Каплан і Занэн».
— Я з паліцыі, — растлумачыў Мэгрэ. — Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.
— Для нас ён быў проста панам Луі. Усе яго так і звалі, многія нават не ведалі ягонага прозвішча. Пачакайце, калі ласка, хвілінку...
Яна таропка рассоўвала астатяія лісты па скрынях, прычыніла дзверцы ў грубцы і накінула на плечы шаль.
— Пан Луі забіты! Хто б мог падумаць! Такі чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павінны былі знесці яшчэ тры гады назад і пабудаваць на гэтым месцы кінатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзілі, я нават з'язджала да сваёй дачкі ў Ньеўр. Таму пан Каплан і закрыў сваю фірму. А можа, яшчэ і таму, што апошнія гады справы ў яго былі няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусім не так, як бацька... Хадземце сюды...
Яны прайшлі ў вялікі ўнутраны двор, і камісар убачыў павільён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькі літар на аблезлай шыльдзе «Каплан і Занэн».
— Калі я пасялілася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзеці на вуліцы спыняліся і глядзелі яму ўслед.
Замок на дзвярах у павільён быў вырваны. Усярэдзіне — рэзрух. Які быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луі Турэ, уявіць было цяжка.
Велізарная зала з разбітым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной — галерэі; прылаўкі і паліцы былі знятыя, але на сценах яшчэ заставаліся сляды ад іх.
— Кожны раз, калі пан Луі заходзіў да мяне...
— А ён часта гэта рабіў?
— Раз у два-тры месяцы. І заўсёды прыносіў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццаці ўкладчыц, а то і болей, перад святамі даводзілася працаваць і ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькі ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свістулькі, шары, карнавальны серпанцін, маскі, сувеніры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсці праз залу... Часта адзін толькі пан Луі і мог знайсці патрэбны тавар...
— Ён быў кладаўшчыком?
— Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзіў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзіў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Ніхто тады і не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. І вось аднаго дня, у кастрычніку ці ў лістападзе, не магу сказаць больш дакладна калі, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усіх і аб'явіў, што закрывае фірму і прадае тавар іншаму аптавіку. Усе тады думалі, што дом будзе знесены і тут пабудуюць кінатэатр. Усе жыльцы атрымалі паведамленне аб зносе. Многія выехалі. А іншыя не сталі спяшацца і не памыліліся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такі прададзены, і новыя ўладальнікі адмаўляюцца рабіць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з імі, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збірала рэчы...
— А вы знаёмы з пані Турэ?
— Ніколі не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувізі...
— Яна там і цяпер жыве.
— Вы яе бачылі? Якая яна?
Мэгрэ адно скрывіўся.
— Так я і думала. Пан Луі не меў дома шчасця. Толькі тут ён яго і знаходзіў. І ўдар ён перанёс цяжэй за іншых: ён ужо быў у такіх гадах, калі цяжка мяняць лад жыцця.
— Колькі яму было тады?
— Сорак пяць ці сорак шэсць.
— Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?
— Не. Ён ніколі мне пра гэта не казаў. Відаць, цяжка яму бывала. Доўгі час ён зусім не заходзіў. А аднойчы ўранку я ішла па бульвары — раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луі, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысці да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, і прайшла міма.
— Праз колькі часу пасля закрыцця фірмы гэта здарылася?
У павільёне было вельмі холадна, і кансьержка прапанавала:
— Хочаце зайсці да мяне пагрэцца?.. А колькі часу прайшло, цяжка сказаць. Відаць, гэта было ў канцы зімы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелі.
— А калі вы яго зноў убачылі?
— О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзівіла тое, што на ім былі чаравікі... колеру дзіцячага паносу... Чаму вы так глядзіце на мяне?
— Так проста. Працягвайце.
— Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на ім толькі чорныя чаравікі. Ён зайшоў да мяне і паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю — у ёй былі шакаладныя цукеркі. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму філіжанку кавы, потым збегала ў краму, купіла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.
— Што ён расказваў вам?
— Нічога асаблівага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.
— Так нічога і не сказаў пра сваё новае жыццё?
— Я запыталася, ці задаволены ён сваім цяперашнім жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякім разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была раніца, дзесяць-адзінаццаць гадзін. Другі раз ён прыйшоў пасля абеду, і на ім быў вельмі яркі гальштук. Я трохі пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзіцца, але ён зусім не пакрыўдзіўся — пан Луі мала калі сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку — я яе ніколі не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калі ёй было ўсяго некалькі месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, які так ганарыцца сваім дзіцём. Ён усім расказваў пра дачку і заўсёды насіў з сабою яе картку.
Мэгрэ згадаў: у кішэні ў Турэ ніякіх іншых фатаграфій Монікі, апроч здымка зусім маленькай дзяўчынкі, не знайшлі.
— Што вы яшчэ можаце пра яго сказаць?
— А я і не ведаю. Я ж тут з ранку да вечара, у гэтых мурах... Як Капланы закрыліся ды яшчэ цырульнік з другога паверха з'ехаў, дык тут зусім ціха стала. Жыльцы многія з'ехалі, суды гэтыя пачаліся, архітэктары сноўдаюцца з планамі іхняга кінатэатра, а дом патроху развальваецца — вось і ўсё маё тут жыццё...
Але вялікай горычы ў голасе ў кансьержкі не чулася. Мяркуючы па ўсім, яна збіралася з'ехаць з гэтага дома апошняя.
— Як гэта здарылася? — спыталася кансьержка. — Ён мучыўся?
Ні пані Турэ, ні Моніка не спыталіся пра гэта.
— Доктар кажа, што не, памёр імгненна.
— І дзе ж яго забілі, нябогу?
— Ды зусім побач. У тупічку на бульвары Сэн-Мартэн.
— Каля ювелірнага?
— Так. Нехта падлавіў яго там і ўсадзіў нож у спіну.
Наконт нажа Мэгрэ тэлефанаваў у экспертызу, і яму сказалі, што нож сама звычайны, шырока распаўсюджанай маркі, які можна купіць практычна ў любой краме. Ён быў новы, адбіткаў пальцаў на ім не выявілі.
— Бедны пан Луі! Ён так любіў жыццё!
— Ён быў вясёлы чалавек?
— Ва ўсякім разе, сумным яго назваць было нельга. Не ведаю, як вам растлумачыць. Ён з усімі быў ветлівы і ўважлівы, кожнаму стараўся сказаць што-небудзь прыемнае. І ніколі не імкнуўся набіць сабе цану.
— А жанчынамі ён цікавіўся?
— О не, што вы! Хоць мог іх мець колькі хацеў бы. За вылікам пана Макса і старога бухгалтара ён быў адзіны мужчына ў краме, а нашыя ўпакоўшчыцы дужа цнатлівымі не выдавалі.
— Ён піў?
— Шклянку віна ў дзень, як і ўсе мы. Зрэдку кілішак лікёру.
— А дзе ён абедаў у час перапынку?
— Ён заўсёды палуднаваў на працы. Пакладзе на край стала свой «тармазок», — ён яго ў кавалачак цыраты загортваў, я гэтую цырату як цяпер памятаю, — і есць стоячы. А потым ішоў на двор выпаліць люльку. І зноў за працу. Праўда, іншы раз некуды выходзіў, казаў тады, што ў яго спатканне з дачкою. Але гэта было вельмі рэдка, у самым канцы, калі дачка стала ўжо паненкаю і працавала ў Парыжы. Я пыталася ў яго: «Чаму вы яе ніколі нам не пакажаце? Я б так хацела зірнуць на яе!» Ён усё абяцаў, што неяк на днях пакажа. Але так і не паказаў. Не ведаю чаму.
— А вы ведаеце, дзе цяпер сакратарка, панна Леон?
— А як жа! У мяне ёсць яе адрас. Яна жыве са сваёй маці, у яе цяпер свая крамка на вуліцы Клін'янкур, на Манмартры. Яна, мабыць, зможа расказаць вам больш за мяне. Пан Луі заходзіў і да яе. Неяк мы загаварылі з ім пра яе, і ён сказаў, што яна прадае розныя рэчы для немаўлят. Смешна.
— Што смешна?
— Што яна, старая дзеўка, такое прадае.
Міма праходзілі жыльцы і, выбіраючы пошту са скрынак, падазрона пазіралі на Мэгрэ, мяркуючы, мабыць, што гэты таксама прыйшоў з нагоды іхняга высялення.
— Ну, дзякую. Я яшчэ зайду да вас.
— У вас ёсць якая-небудзь здагадка наконт забойцы?
— Ніякай, — прызнаўся камісар.
— Кашалёк у яго ўкралі?
— Не. І гадзіннік не ўзялі.
— Ну, тады яго, мабыць, пераблыталі з кімсьці іншым.
Каб трапіць на вуліцу Клін'янкур, Мэгрэ трэба было прайсці праз увесь горад. Ён зайшоў у бар і патэлефанаваў у камісарыят.
— Жанв'е слухае.
— Нічога новага?
— Хлопцы ўсе разышліся згодна з вашымі загадамі.
Уранку Мэгрэ загадаў сваім пяці інспектарам размеркаваць між сабою кварталы Парыжа і абысці ўсе крамы, каб высветліць, дзе забойца або ягоны памагаты мог купіць нож. Сантоні атрымаў заданне сабраць інфармацыю аб Моніцы Турэ.
Калі б у пані Турэ быў тэлефон, Мэгрэ неадкладна пазваніў бы ёй, каб даведацца, ці браў нябожчык з сабою апошнія тры гады абед, загорнуты ў цырату.
— Жанв'е, прышлі па мяне машыну. Я на вуліцы Бондзі. Буду чакаць насупраць кінатэатра «Адраджэнне».
Потым камісар даручыў Жанв'е распытаць у крамах на бульвары Сэн-Мартэн, ці ведаюць там Луі Турэ. Праўда, такое заданне ўжо атрымаў інспектар Нэвэ, але ў такіх справах, дзе прыходзіцца спадзявацца на шчаслівы выпадак, лішняя праверка ніколі не зашкодзіць.
— І дай фота ў газеты. Няхай яны і далей паведамляюць аб справе Турэ як аб сама банальным забойстве.
— Зразумеў. Высылаю машыну.
Было холадна, і, згадаўшы, як кансьержка з нагоды візіту Турэ бегала ў краму па кальвадос, Мэгрэ выпіў кілішак. Потым, засунуўшы рукі ў кішэні, перайшоў цераз бульвар і зазірнуў у тупік, дзе забілі Турэ.
Мабыць, ніхто не звярнуў асаблівай увагі на газетныя паведамленні аб забойстве: Мэгрэ вельмі доўга стаяў ля вітрын ювелірнай крамы, але ніводны чалавек так і не зазірнуў у тупічок пацікавіцца.
У краме працавалі пяць ці шэсць прадаўцоў. Надта дарагіх вырабаў не было. На большасці тавараў віселі этыкеткі «Рэкламная цана». Было багата брыльянтаў, пераважна фальшывых, сустракаліся, напэўна, і сапраўдныя. Заручальныя пярсцёнкі, будзільнікі, насценныя гадзіннікі, не вельмі густоўныя.
Звярнуўшы на камісара ўвагу, да дзвярэй з ветлівай усмешкаю падышоў прадавец, збіраючыся запрасіць нерашучага, як ён, напэўна, падумаў, пакупніка ў краму, але Мэгрэ рушыў далей.
Праз некалькі хвілін ён ужо ехаў у службовай машыне на вуліцу Клін'янкур.
Раён быў ціхі, небагаты. Крама панны Леон, пад шыльдаю «Усё для сама маленькіх», ледзь віднелася, заціснутая паміж мясной крамаю і шынком для шафёраў.
Увайшоўшы ў краму, Мэгрэ адразу ж сумеўся: ні тая старая жанчына, што сядзела ў фатэлі з кошкаю на каленях у суседнім з крамным пакоі, ні гэтая, маладзейшая, што ціха выслізнула насустрач яму, ніяк не адпавядалі ягонаму ўяўленню аб Капланавай сакратарцы, уяўленню, якое ён паспеў скласці, пагутарыўшы з кансьержкаю. Вядома, камісар разумеў, калі кіраваўся сюды, што сустрэне старую панну, аднак не настолькі ж ужо «кідкую» — сакратаркаю ўсё ж такі жанчына колісь была.
Але, канечне, гадаць не прыходзілася: панна Леон — гэтая, маладзейшая.
Яна дужа нагадвала мнішку. Вельмі ўжо строгая, як на любы погляд, чорная сукенка, твар і рукі здаваліся зусім бясколернымі, абяскроўленымі. Праўда, на тонкіх вуснах віднелася нешта накшталт слабенькай усмешкі, якая хоць трохі ажыўляла невыразны твар.
Рысы ўсе былі вельмі незаўважныя, так бы мовіць, нават нейкія сцёртыя, але за выняткам адной — тоўстага носа, які так і кідаўся ў вочы.
Як смешна, падумаў Мэгрэ, што яе завуць Леон*.
* Leonne — ільвіца (фр.).
Вялікі мясісты нос рабіў жанчыну і праўда падобнай да ільвіцы ў заапарку — у час сну. Але ж якая только гэта ільвіца...
З суседняга пакоя ішло цяпло ад грубкі. Адчувалася адразу, што палілі тут не шкадуючы. На прылаўку і на паліцах раскладзены пушыстыя распашонкі, пінеткі з ружовымі ці блакітнымі банцікамі, каптурыкі, сукеначкі...
— Што пану трэба?
— Камісар Мэгрэ, крымінальны вышук.
Жанчына сумелася.
— Учора забілі аднаго з вашых былых саслужыўцаў, Луі Турэ...
З усіх жанчын, з якімі камісар паспеў сустрэцца па справе Турэ, гэтую раптоўнае паведамленне ўразіла найбольш: яна знерухомела, вусны збялелі.
— Даруйце, што я так знянацку...
Панна Леон моўчкі пакруціла галавою, паказваючы, што камісару няма чаго прасіць прабачэння.
У суседнім пакоі рыпнуў фатэль.
— Каб знайсці злачынцу, нам трэба сабраць як мага больш звестак аб забітым...
Панна Леон зноў моўчкі кіўнула.
— Я думаю, вы добра ведалі нябожчыка.
Яе твар нібыта прасвятлеў.
— Як гэта здарылася? — спыталася яна нарэшце, з цяжкасцю выгаварыўшы словы. Зазірнуўшы ў суседні пакой, запыталася: — Не хочаце сесці?
— А мы не патрывожым вашу маці?
— Яна зусім глухая. Ёй будзе нават прыемна паглядзець на іншага чалавека.
Мэгрэ не стаў казаць, што яму не надта хочацца ў перагрэты пакой, і прыняў прапанову.
Цяжка было вызначыць узрост панны Леон. Напэўна, ёй было больш як пяцьдзесят. Маці выглядала гадоў на восемдзесят. Свой тоўсты нос дачка, напэўна, займела ад бацькі: на сцяне вісела фатаграфія мужчыны з такой самай «бульбінай». Жанчына, бадай, усведамляла сваю непрыгожасць з самага дзяцінства.
— Я толькі што быў у кансьержкі на вуліцы Бондзі.
— Яна, канечне, не магла паверыць?..
— Не магла. Відаць, што яна яго любіла.
— Яго ўсе любілі. — Панна Леон пачырванела. — Які ён быў добры! — таропка дадала яна.
— Вы яго часта бачылі?
— Ён прыходзіў да мяне... Нячаста, вядома. Я жыву далёка ад цэнтра, а ён чалавек заняты.
— Вы ведаеце, чым ён займаўся апошнім часам?
— Я ў яго пра гэта ніколі не пыталася. Па-мойму, ён жыў нябедна. Думаю, пан Луі меў уласную справу — ён мог заявіцца да мяне ў любы час дня.
— А ён не расказваў пра людзей, з якімі кантактваў?
— Мы пераважна ўспаміналі нашае жыццё ў Капланаў, пана Макса... А жонку яго вы бачылі? — неяк нерашуча запыталася яна.
— Учора ўвечары.
— І што яна вам сказала?
— Яна не разумее, чаму ў яго ў момант смерці былі нагах жоўтыя чаравікі. Яна лічыць, што іх надзеў забойца.
Але панна Леон, як і кансьержка, таксама бачыла яго ў жоўтых чаравіках.
— Ён іх часта надзяваў.
— Ужо тады, калі яшчэ працаваў у Каплана?
— Не, толькі пазней. Прайшло досыць шмат часу, як яго першы раз у іх убачыла.
— А колькі прыблізна, не скажаце?
— Прыблізна год.
— Вас здзівіла, што ён быў у жоўтых чаравіках?
— Здзівіла. Гэта было не ў яго стылі.
— Што вы тады падумалі?
— Што ён змяніўся.
— Ён і праўда змяніўся?
— Ва ўсякім разе, ён быў ужо не такі, як раней. Жартаваў інакш. Нават рагатаў.
— А раней ён смяяўся?
— Цішэй. У ягоным жыцці з'явілася штосьці новае.
— Жанчына?
Мэгрэ разумеў, што пытанне жорсткае, аднак яго трэба было задаць.
— Магчыма.
— Ён дзяліўся з вамі сваёй тайнай?
— Не.
— А за вамі ён ніколі...
— Ніколі! — пачырванеўшы, таропка перапыніла яна. — Клянуся! Я ўпэўнена, што яму гэта нават у галаву не прыйшло б.
Кошка, якая сядзела на каленях у старой, пераскочыла на калені да Мэгрэ.
— Няхай сядзіць, — сказаў ён панне Леон, калі тая хацела сагнаць кошку.
Старая расчаравана пазірала на яго. Камісару захацелася запаліць люльку, але дзе тут запаліш!
— Закрыццё фірмы Капланаў для вас усіх было цяжкім ударам?
— Вельмі цяжкім.
— А для пана Турэ асабліва?
— Пан Луі быў больш за ўсіх прывязаны да гэтага дома. Там яму ўсё было роднае. Ён жа, зразумейце, пачаў працаваць там кур'ерам з чатырнаццаці гадоў!
— Адкуль ён прыехаў?
— З Бэльвіля. Ён расказваў мне: калі памёр яго бацька, маці пераехала ў Парыж. Гэта яна прывяла яго да старога Каплана.
— Маці памерла?
— Даўно ўжо.
Мэгрэ чамусьці здавалася, што жанчына нешта ўтойвала. Яна глядзела яму ў самыя вочы, аднак камісар адчуваў у іх нейкі няўлоўны рух.
— Я чуў, што яму было цяжка знайсці новае месца.
— Хто гэта вам сказаў?
— Мне так здалося са слоў кансьержкі.
— Самі разумееце, як гэта цяжка — знайсці працу, калі табе ўжо за сорак і няма спецыяльнасці. Мне самой...
— Прыйшлося шукаць працу?
— Толькі некалькі тыдняў.
— А пан Луі як?
— Ён шукаў нашмат больш.
— Вы гэта дакладна ведаеце?
— Дакладна.
— Ён заходзіў да вас тады?
— Заходзіў.
— Вы яму чым-небудзь дапамаглі?
Цяпер камісар ужо не сумняваўся, што панна Леон сабрала на чорны дзень сякія-такія грошы.
— Чаму вы ў мяне пытаецеся пра гэта?
— Таму, што пакуль я не буду ведаць, які гэта быў чалавек у апошнія гады, у мяне няма аніякага шанцу натрапіць на след забойцы.
— Я раскажу вам усё, — сказала яна, падумаўшы. — Але прашу вас, каб усё засталося паміж намі. Галоўнае, каб пра гэта не даведалася жонка.
— Вы яе ведаеце?
— Ён расказваў мне пра яе. Яе швагры ўсе добра ўладкаваныя, у кожнага свой дом.
— У яго таксама.
— Гэта яна прымусіла яго купіць дом і пасяліцца ў Жувізі, побач з яе сёстрамі.
Голас у панны Леон задрыжаў.
— Ён баяўся сваёй жонкі?
— Проста ён нікому не мог зрабіць балюча. Калі за некалькі тыдняў да Новага года мы засталіся без працы, ён не захацеў псаваць сваім родным настрой пад канец года.
— І нічога ім не сказаў, каб яны па-ранейшаму думалі, што ён у Каплана?
— Ён спадзяваўся знайсці працу праз некалькі дзён, потым — праз некалькі тыдняў. Але ж гэты дом... Ён купіў яго ў крэдыт і павінен быў плаціць за яго штогод. Самі разумееце, у якое становішча трапіў бы ён, калі б не заплаціў тады.
— У каго ён пазычыў?
— У мяне і пана Сэмброна. Гэта наш бухгалтар. Ён ужо не працуе. Жыве адзін, на набярэжнай Межысэры.
— Як у яго з грашыма?
— Ён ледзьве зводзіць канцы з канцамі.
— Чаму пан Луі не звярнуўся да пана Каплана?
— Той нічога не даў бы. Такі ўжо ў яго характар. Дарэчы, у дзень закрыцця фірмы ён выдаў кожнаму канверт з трохмесячнай зарплатай, дык пан Луі пабаяўся з-за жонкі пакінуць гэтыя грошы пры сабе.
— Яна правярала яго кашалёк?
— Напэўна. Я захоўвала яго грошы ў сябе. Тры месяцы забіраў іх у мяне па частцы, усё роўна як зарплату. Калі гэтыя грошы кончыліся, тады і пазычыў у мяне. Але ён мне ўсё аддаў.
— Калі?
— Месяцаў праз восем-дзевяць.
— Вы доўга яго не бачылі пасля таго, як ён узяў у вас грошы?
— З лютага па жнівень.
— Вы тады не хваляваліся?
— Я ведала, што ён прыйдзе. Нават калі і не зможа іх аддаць...
— Ён сказаў вам, што знайшоў новую працу?
— Сказаў.
— Ён быў ужо ў жоўтых чаравіках?
— Угу. Потым ён зрэдку заходзіў да мяне. І кожны раз прыносіў які-небудзь падарунак, цукеркі маме.
Толькі цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госці, напэўна, прыносілі ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымі рукамі. Наступным разам трэба будзе прыйсці з цукеркамі, падумаў ён.
— Ён не гаварыў пра сваіх новых знаёмых?
— Якіх новых знаёмых?
— Па працы.
— Не.
— А не казаў, у якім квартале працуе?
— З усіх вуліц ён згадваў толькі адну — Бондзі. Ён туды часта заходзіў. Паглядзець, ці не разбурылі яшчэ наш дом. Дом стаяў, як і раней, і пан Луі ўсё шкадаваў: мы маглі б яшчэ й дагэтуль працаваць там.
Пазванілі. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.
— Не хачу вас болей затрымліваць, — узняўся Мэгрэ.
— Заўсёды буду вам радая.
— Дзякую.
Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш і выйшаў.
— Куды паедзем, шэф? — спытаўся вадзіцель.
— У бліжэйшы бар.
— Дык тут зусім побач, насупраць крамы.
Але Мэгрэ было б няёмка, калі б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.
— Праедзем куды-небудзь далей.
Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплан і знайсці па адраснай кнізе пана Сэмброна.
А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпіць яшчэ кілішак.

3. ЯНКА ЎСМЯТКУ

Мэгрэ паабедаў у піўной «Дэльфін», за сваім улюбёным кутнім столікам. У яго не было ніякай тэрміновай справы, і ён мог бы паесці дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалі аперытыў інспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазіралі на камісара, а ён глядзеў праз акно на Сену.
Інспектары моўчкі пераглянуліся. Яны былі з іншага аддзела, але добра ведалі камісара. Калі паходка ў Мэгрэ рабілася цяжкая, позірк — туманны, а выгляд — пануры, усе разумелі, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усміхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана ці позна злачынца будзе знойдзены і прызнае сваю віну.
— Цяляціна ў вас сёння добрая?
— Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце піва?
— Не. Паўбутэлькі чырвонага бардо.
Ён заказаў віно толькі таму, што прапанавалі піва. Калі б яму прапанавалі віно, ён пэўна папрасіў бы піва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.
А было ўсё так.
Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалі, што той паехаў у Анціб, на сваю прыморскую вілу, і калі вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ і накіраваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсці ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камісару прыйшлося праціснуцца паміж клеткамі з выстаўленымі на продаж птушкамі, што займалі амаль усе ходнікі.
— Дзе жыве пан Сэмброн? — запытаўся ён у кансьержкі.
— На самым версе. Вы не памыліцеся.
Дарэмна ён шукаў ліфт. Яго не было. Прыйшлося ўздымацца пешшу. Дом быў стары і брудны. На апошнім, сёмым паверсе слаба свяціла лямпачка. Побач з адзінымі на пляцоўцы дзвярыма вісеў шнур. Мэгрэ пацягнуў за яго, і з кватэры пачулася слабае дзіньканне званочка, потым — крокі. Дзверы адчыніліся, і камісар убачыў амаль прывідны твар — неверагодна худы і бледны, зарослы белым шчаціннем. Вочы ў старога слязіліся.
— Пан Сэмброн?
— Ён самы. Будзьце ласкавы, заходзьце.
Нават такую кароткую фразу ён не змог прамовіць як след: пачаўся прыступ кашлю, які глуха аддаваўся ў яго ў грудзях.
— Выбачайце. У мяне бранхіт...
У кватэры стаяў нейкі непрыемны саладжавы пах. Чулася, як шыпіць газавая гарэлка, кіпела вада.
— Камісар Мэгрэ. Крымінальны вышук.
— Я ведаў, што вы прыйдзеце да мяне. Вы ці хто-небудзь з вашых інспектараў.
Пасярод стала, накрытага стракатым абрусам, які цяпер можна было купіць хіба што ў барахольшчыка, ляжала газета, разгорнутая на той самай старонцы, дзе было кароткае паведамленне аб смерці Турэ. Побач з газетаю стаялі талерка, шклянка з вадою, трохі падфарбаванай віном, ляжаў невялікі кавалак хлеба.
— Вы, здаецца, збіраліся абедаць?
— Нічога, я не спяшаюся.
— Я вас прашу, не звяртайце на мяне ўвагі.
— Цяпер ужо ўсё роўна: маё яйка зварылася ўкрутую.
Усё ж стары пайшоў па яго на кухню. Гарэлка перастала шыпець.
— Сядайце, пан камісар. Толькі лепш распраніцеся. З-за свайго бранхіту, ён у мяне застарэлы, я мушу залішне паліць грубку.
Напэўна, ён быў таго ж узросту, што і маці панны Леон, да таго ж яго ніхто не даглядаў. Можа, сюды ніхто і не заходзіў. Адзінай радасцю старога ў гэтым жытле мусіў быць від з акна на Сену і на кветкавы базар.
З-за прыступаў кашлю, дый з-за таго нават, што стары еў сваё яйка неверагодна марудна, размова з ім доўжылася сама меней паўгадзіны.
Але пра што новае даведаўся ўрэшце Мэгрэ? Стары паўтарыў усё тое, што сказалі ўжо кансьержка і панна Леон.|
Закрыццё фірмы Капланаў для яго таксама стала катастрофаю, ён нават не стаў шукаць новае месца працы. Праўда, у яго былі сякія-такія грошы. Ён збіраў іх гадамі і думаў, гэтага хопіць, каб забяспечыць сабе адзінокую старасць. Але з-за інфляцыі яму іх цяпер хапала толькі на тое, каб не памерці з голаду.
— Добра яшчэ, — сказаў стары, — што ў мяне ёсць дах над галавою. Я жыву тут ужо сорак гадоў.
Ён быў удаўцом, дзяцей не меў, родных не засталося.
Яйка было, магчыма, падумаў Мэгрэ, ягонай адзінай штодзённай ежаю.
Аднак, калі пан Турэ прыйшоў да яго, ён не вагаючыся пазычыў яму грошы.
— Ён сказаў мне, што для яго гэта пытанне жыцця і смерці, і я зразумеў, што гэта сапраўды так. Праз некалькі месяцаў ён мне ўсё аддаў.
А калі б Турэ не вярнуўся? На якія грошы купляў бы тады стары сваё штодзённае яйка? Ці ж не баяўся ён гэтага?..
— Пан Луі да вас часта заходзіў?
— Два ці тры разы. Першы раз, калі прынёс грошы. Ён падарыў мне тады пенкавую люльку.
Стары ўзняўся, каб узяць люльку з паліцы і паказаць яе. Тытунь ён, мабыць, таксама эканоміў.
— А калі вы яго бачылі апошні раз?
— Тыдні тры назад, на лаўцы на бульвары Бон-Нувэль.
Мабыць, стары бухгалтар прыходзіў у гэты квартал таксама як паломнік — паўспамінаць мінулае.
— Вы з ім тады гаварылі?
— Я прысеў побач. Ён хацеў пачаставаць мяне шкляначкай у суседняй кавярне, але я адмовіўся. Памятаю, быў сонечны дзень. Мы пагаманілі з ім не ўстаючы.
— Скажыце, а на ім былі жоўтыя чаравікі?
— Не звярнуў увагі.
— Ён не казаў вам, чым займаецца?
Сэмброн пакруціў галавою. Мэгрэ адчуваў, што стары, як і панна Леон, меў да нябожчыка вельмі цёплае пачуццё. Сімпатычны, відаць, быў чалавек гэты Луі Турэ, — камісар міжволі пачынаў шчыра яго шкадаваць, нібыта ведаў раней, а бачыў жа толькі застылы твар, здзіўлены смерцю.
— Як жа вы развіталіся?
— Мне здалося, што нехта ходзіць вакол крамы і робіць пану Турэ нейкія знакі.
— Мужчына?
— Мужчына. Сярэдніх гадоў.
— Што ён з сябе ўяўляў?
— Такія звычайна сядзяць на бульварах на лаўках. Нарэшце ён падсеў да нас, але не загаварыў. Тады я пайшоў. Калі я азірнуўся, яны гаварылі.
— Па-сяброўску?
— Ва ўсякім разе, мне здалося, яны не спрачаліся.
Вось і ўсё, пра што даведаўся Мэгрэ.
Калі ён вярнуўся ў камісарыят, яму пазваніў суддзя Камельё:
— Сёння ўранку пракурор перадаў мне справу Турэ і сказаў, што расследаваннем займаецеся вы. За што-небудзь ужо зачапіліся? Рабаўніцтва, я мяркую?
— Магчыма.
— Сям'я патрабуе выдачы цела. Я не магу гэтага дазволіць без вашай згоды.
— Доктар Поль ужо агледзеў труп?
— Я толькі што гаварыў з ім. Нож прайшоў наскрозь і прабіў левы жалудачак сэрца. Смерць была імгненная.
— Ніякіх іншых раненняў ці слядоў ад удараў?
— Ніякіх.
— Не бачу неабходнасці замінаць таму, каб сям'я атрымала цела. Толькі няхай адзежу забітага адправяць у лабараторыю.
— Добра. Трымайце мяне ў курсе.
Камельё рэдка быў такі мяккі. Прэса амаль нічога не паведаміла пра забойства, і суддзя меркаваў, што гэта простае рабаўніцтва. Справа не выклікала ў яго цікавасці, як, відаць, не выклікала і ў іншых.
Мэгрэ падышоў да каміна, дастаў абцугамі вугалёк, запаліў люльку і з гадзіну займаўся нуднай канцыляршчынай: падпісваў акты, рабіў на іх заўвагі.
— Можна, шэф?
Гэта быў, як заўсёды расфранчаны, наадэкалонены, быццам толькі што выйшаў з цырульні, Сантоні. «Ад цябе парфумаю, як ад бабы нясе», — казалі яму таварышы.
Сантоні ззяў:
— Я, здаецца, напаў на след.
Мэгрэ паглядзеў на яго затуманенымі вачыма.
— Спачатку хачу далажыць вам, што кантора «Жэбер і Башэлье», дзе служыць наша панна, займаецца перапродажам акцый. Справы там дробязныя. Яны за бясцэнак скупляюць безнадзейныя акцыі, а потым прадаюць іх крыху даражэй. Уся іхняя праца — бадзяцца па дамах, шукаючы дурняў-пакупнікоў. Панна Турэ сядзіць у канторы толькі ўранку, а пасля абеду шукае кліентаў.
— Зразумела.
— Іх кліенты — пераважна дробныя службоўцы. Іх трэба чым-небудзь уразіць, і тады яны раскашэльваюцца. Сур'ёзных дзялкоў я не бачыў. У абедзенны перапынак я пачакаў, пакуль усе выйдуць, і непрыкметна падышоў да адной сакратаркі не першай маладосці. Я не памыліўся ў выбары: яна не любіць сваю маладую каляжанку і расказала мне ўсё.
— Ну і што?
— У Монікі ёсць сябар.
— Хто ён?
— Усё па парадку, шэф. Яны знаёмыя прыблізна чатыры месяцы. Штодня абедаюць разам у рэстаранчыку на Севастопальскім бульвары. Ён зусім малады, яму дзевятнаццаць гадоў, працуе прадаўцом у кнігарні на бульвары Сэн-Мішэль.
Мэгрэ перабіраў свае люлькі, раскладзеныя на стале. Не заўважыўшы, што адна з іх недапаленая, пачаў набіваць іншую.
— Хлопца завуць Альбэр Жарыс. Я вырашыў зірнуць на яго і пайшоў у рэстаранчык. Там была процьма народу. Нарэшце знайшоў Моніку, яна сядзела за столікам адна. Сам я сеў насупраць у куце і паабедаў, скажу шчыра, вельмі блага. Дзяўчына здалася мне ўзнерваванай, увесь час паглядала на дзверы.
— Ён так і не прыйшоў?
— Не. Яна расцягвала свой абед, як толькі магла. У такіх установах абслугоўваюць хутка і не любяць марудлівых наведнікаў. Урэшце яна выйшла і хвілін пятнаццаць чакала яго на вуліцы.
— А потым?
— Яна так выглядала сябра, што нават не заўважыла мяне. Потым пайшла да бульвара Сэн-Мішэль. Вы ведаеце вялікую кнігарню на рагу?
— Ведаю.
— Яна зайшла туды, загаварыла з прадаўцом, пасля падышла да касіра. Выгляд у яе быў расчараваны, і яна пайшла з крамы.
— Ты зноў пайшоў за ёю?
— Я вырашыў, што лепш заняцца яе сябрам. У кнігарні я спытаўся ў адміністратара, ці ведае ён пана Альбэра Жарыса. Ён адказаў, што ведае, але Жарыс працуе толькі да абеду. Я быў здзіўлены, і адміністратар растлумачыў мне, што ў іх працуюць пераважна студэнты, а яны не могуць стаяць за прылаўкам увесь дзень.
— Дык ён — студэнт?
— Чакайце. Я пацікавіўся, ці даўно працуе ён у кнігарні. Выявілася, трохі больш як год. Спачатку ён працаваў поўны дзень. А месяцы тры назад аб'явіў, што слухае лекцыі на юрыдычным факультэце, і перайшоў на паўдня.
— У цябе ёсць яго адрас?
— Ён жыве са сваімі бацькамі на вуліцы Шаціён, насупраць царквы Монруж. Але я яшчэ не кончыў. Сёння Жарыс не прыйшоў на працу. За ўвесь час, што ён працуе, гэта здарылася з ім два ці тры разы, і кожны раз ён папярэджваў па тэлефоне. А сёння — не.
— А ўчора ён працаваў?
— Працаваў. Я падумаў, што вас зацікавіць, дзе ён жыве, і паехаў на вуліцу Шаціён. Кватэра дагледжаная. Дома была маці. Вельмі прыстойная кабета.
— Ты сказаў ёй, што ты з паліцыі?
— Вядома, не. Я сказаў, што я ягоны сябра і што мне трэба тэрмінова яго знайсці.
— І яна адаслала цябе ў кнігарню?
— Угадалі. Яна ні аб чым не падазрае. Ён выйшаў з дому, як звычайна, у пачатку дзевятай. Яна паняцця не мае ні аб якім юрыдычным факультэце. Бацька працуе ў краме па продажу тканін. Яны не такія багатыя, каб іх сын вучыўся ва ўніверсітэце.
— Што ты зрабіў далей?
— Зрабіў выгляд, што памыліўся, што, напэўна, у яе сына тое самае прозвішча, што і ў майго сябра. А пасля папрасіў паказаць яго фатаграфію. Ёй нават у галаву не прыйшло ў чымсьці мяне западозрыць. Яна, калі я прыйшоў, якраз прасавала бялізну, дык больш думала пра тое, каб прас не прапёк прасціну. А я ўсё яе загаворваў...
Мэгрэ маўчаў, не выяўляючы аніякага захаплення. Па ўсім адчувалася, што Сантоні ў камісаравай брыгадзе — пачатковец. Усё, што ён расказваў, нават тон, усё гэта супярэчыла стылю Мэгрэ.
— Адыходзячы, шэф, я непрыкметна...
Мэгрэ працягнуў руку.
— Дай.
Камісар адразу зразумеў, што Сантоні ўкраў фатаграфію. Мяркуючы па здымку, Жарыс быў яшчэ зусім маладзён — худы, нервовы, валасы доўгія, як у дзяўчыны. Напэўна, падабаецца жанчынам і ведае пра гэта.
— Гэта ўсё?
— Паглядзім, ці вернецца сёння ўвечары галубок дамоў?
Мэгрэ ўздыхнуў:
— Паглядзім...
— Вы незадаволены?
Навошта яму нешта тлумачыць?.. Сантоні зрабіў усё так, як зрабіў бы любы пачатковец, чалавек з іншай брыгады. Калі-небудзь ён сам усё зразумее.
— Не думайце, што я ўпусціў дзяўчыну. Я ведаю, дзе яе знайсці. А палове шостай, сама позна без чвэрці шэсць яна вяртаецца ў кантору і здае выручаныя грошы і акцыі. Мне туды ісці?
Мэгрэ ледзь ужо не крыкнуў, каб ён не лез сам, куды не просяць — аднак стрымаўся. Гэта ўсё-такі было б несправядліва: інспектар стараўся як мог.
— Правер, ці вернецца яна на працу і ці паедзе на вакзал.
— Можа, і сябра з'явіцца?
— Можа. Калі ён зазвычай вяртаецца дамоў?
— У сем гадзін. На вячэру. Ён заўсёды прыходзіць у гэты час дамоў, нават калі пасля куды-небудзь сыходзіць.
— У іх, відаць, няма тэлефона?
— Няма.
— А ў кансьержкі ёсць?
— Не думаю. Не такі гэта дом, каб да яго правялі тэлефон. Але я праверу.
Ён пагартаў даведнік.
— Зазірні туды а палове восьмай і папытайся ў кансьержкі, ці вяртаўся ён. А фатаграфію пакінь мне.
Раз ужо Сантоні яе прыхапіў, лепш пакінуць яе тут. Можа, прыдасца.
— Вы застаяцеся тут?
— Не ведаю. Але ты сувязь з аддзяленнем падтрымлівай.
— Дык чым мне пакуль заняцца? У мяне ёсць яшчэ дзве гадзіны.
— Правер спісы мэбліраваных пакояў. Магчыма, які-небудзь запісаны на імя Луі Турэ.
— Думаеце, ён здымаў пакой у Парыжы?
— А дзе ж, ты думаеш, ён пакідаў свае жоўтые чаравікі і чырвоны гальштук перад тым, як вярнуцца дамоў?
— А сапраўды?..
Дзве гадзіны назад пачалі прадаваць вячэрнія газеты, у іх быў змешчаны маленькі фотаздымак Луі Турэ з кароткім, подпісам: «Луі Турэ, забіты ўчора пасля абеду ў тупіку ля бульвара Сэн-Мартэн. Паліцыя ідзе па магчымым следзе».
Па магчымым следзе... Гэта была няпраўда. Але газеты заўсёды дадаюць што-небудзь ад сябе. Цікава, зрэшты, што дагэтуль ніхто не патэлефанаваў камісару, каб атрымаць дадатковыя звесткі. Мэгрэ ўвесь час чакаў такога званка.
Амаль заўсёды ў такіх выпадках нехта заяўляе, што ведаў забітага або бачыў яго незадоўга да смерці, ці паведамляе, што заўважыў на месцы злачынства якога-небудзь падазронага чалавека. Звычайна большасць сведчанняў праверкаю не пацвярджаецца. Аднак іншым разам яны дапамагаюць натрапіць на след.
Тры гады Луі Турэ ад'язджаў з Жувізі адным і тым самым цягніком і вяртаўся дадому ў адзін і той самы час. Тры гады ён нязменна браў з сабою свой загорнуты ў кавалачак цыраты абед, як рабіў гэта ўсё сваё жыццё.
Але куды ж ён дзяваўся, прыехаўшы на Ліёнскі вакзал? Вось у чым была тайна.
Першыя месяцы ён хутчэй за ўсё шукаў новае месца. Стаяў, як і многія іншыя, у чарзе перад рэдакцыямі, каб потым імкліва кінуцца па ўказаным у свежым выпуску газеты адрасе. А можа, спрабаваў хадзіць па кватэрах, прадаючы што-небудзь накшталт пыласосаў?..
Але раз яму прыйшлося ўрэшце пазычыць грошы ў панны Леон і старога бухгалтара, то, відаць, нічога ён не знайшоў.
Потым ягоныя сляды губляюцца на многія месяцы. А яму ж трэба было не толькі штомесяц прыносіць дамоў сваю ранейшую зарплату, а яшчэ і аддаць пазыку.
А ён кожнага разу вяртаўся дамоў, як ні ў чым не бывала, з выглядам чалавека, які адпрацаваў увесь дзень.
Ні жонка ягоная нічога не падазравала, ні дачка, ні сёстры, ні швагры-чыгуначнікі.
Але вось аднаго разу ён раптам з'яўляецца на вуліцы Клін'янкур у панны Леон, вяртае пазыку і прыносіць маці цукеркі.
А на нагах у яго новыя і — чамусьці — жоўтыя чаравікі. Можа, менавіта ў гэтых жоўтых чаравіках і была адна з прычын, з якой Мэгрэ адчуваў сімпатыю да забітага?.. Ён сам у свой час марыў аб жоўтых чаравіках. У дні ягонай маладосці яны лічыліся апошнім крыкам моды.
Аднойчы, неяк неўзабаве пасля жаніцьбы, ён купіў сабе такія. Дарэчы, ён купляў іх якраз на бульвары Сэн-Мартэн, у краме насупраць тэатра Амбігю. Калі ён іх набыў, то не рашыўся надзець адразу ж. А калі дома разгарнуў скрутак, жонка засмяялася:
— Ты што, збіраешся іх насіць?
Так ён ніколі іх і не абуў. Жонка сама аднесла іх назад у краму, зманіўшы, што яны малыя.
Луі Турэ таксама купіў сабе незвычайныя чаравікі — і Мэгрэ надаваў гэтай акалічнасці асаблівы сэнс.
Напэўна, гэтая пакупка была для Турэ сімвалам ягонага вызвалення ад хатніх акоў. У жоўтых чаравіках ён адчуваў сябе вольным. Пакуль ён у іх, пакуль не абувае зноў чорных — ніхто, ні жонка, ні дачка, ні радня, не мае над ім ніякае ўлады.
І яшчэ. Таго дня, калі Мэгрэ купіў іх, яму аб'явілі аб надбаўцы — дзесяць франкаў у месяц. Тады франкі яшчэ былі франкамі, і ён адразу ж адчуў сябе багатым.
Мабыць, тое ж самае здарылася і з Турэ. Ён вярнуў пазыкі, зрабіў падарункі сваім былым саслужыўцам... Пасля таго пачаў наведваць панну Леон і кансьержку...
Але чаму ён ніколі не казаў нікому, чым займаецца?..
Кансьержка выпадкова ўбачыла яго ў адзінаццаць гадзін раніцы на лаўцы на бульвары Сэн-Мартэн.
Яна нават не загаварыла з ім, зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Ведама ж, такі чалавек, як пан Турэ, у ягоным узросце, у гэтакі час, калі ўсе, як мурашкі, завіхаюцца на працы, нібыта апошні абібок, разваліўся на лаўцы!
І Сэмброн таксама ўбачыў яго нядаўна на лаўцы. Праўда, гэтым разам у іншым месцы, на бульвары Бон-Нувэль, але ўсё ж — за два крокі ад бульвара Сэн-Мартэн.
Бухгалтар не быў такі далікатны, як кансьержка. А можа, Турэ яго сам першы прыкмеціў?
Ці меў ён з кім-небудзь на гэтай лаўцы спатканне?
І хто быў гэты чалавек, які хадзіў каля лаўкі, нібыта чакаў нейкага знака?
Сэмброн пра яго амаль нічога не сказаў. Але адно ягонае меркаванне было вельмі істотнае: «Ён быў падобны на чалавека, які прызвычаіўся сядзець на лаўках».
Мабыць, гэта быў чалавек без пэўнага занятку, які бавіў час на лаўках, разглядаючы ад няма чаго рабіць мінакоў.
У кожным парыжскім квартале — свой тып разяватых праціральнікаў штаноў. Можа, гэта быў пенсіянер? Але на бульвары Сэн-Мартэн пенсіянеры — нячастыя госці.
Дзве несумяшчальныя рэчы: з аднаго боку — жоўтыя чаравікі франта, з другога — баўленне часу на лаўцы, занятак чалавека старога або апушчанага.
А нарэшце прыйшоў дзень, калі нехта нячутна пракраўся ўслед за ім у тупічок і за дзесяць крокаў ад натоўпу на бульвары ўсадзіў яму ў спіну нож. І што, што магло спатрэбіцца Турэ ў гэтым тупіку?..
За акном цямнела, прыйшлося запаліць лямпу. Мэгрэ ўстаў і зняў паліто з вешалкі.
Выходзячы, ён сказаў інспектарам з суседняга пакоя:
— Я буду праз гадзіну-дзве.
Ён не паехаў на службовай машыне, а сеў у канцы вуліцы на аўтобус і, даехаўшы за некалькі хвілін да Севастопальскага бульвара, сышоў.
На вуліцах было людна. Яшчэ зусім нядаўна ў гэты час хадзіў па іх і Луі Турэ, не ведаючы, магчыма, чым заняцца, перш чым змяніць свае жоўтыя чаравікі на чорныя і адправіцца на Ліёнскі вакзал.
На другім баку бульвара Бон-Нувэль Мэгрэ прыкмеціў лаўку.
«Напэўна, гэтая», — падумаў ён.
На лаўцы ніхто не сядзеў.
На рагу Сэн-Мартэн чакалі кліентаў прастытуткі. Іншыя сядзелі ў маленькім бары, мужчыны побач гулялі ў карты.
І тут камісар убачыў інспектара Нэве і зрабіў яму знак. Адна прастытутка вырашыла, што Мэгрэ кліча яе, і ўстала, камісар спыніў яе маўклівым жэстам.
Раз ужо Нэвэ апынуўся тут, дык, пэўна, паспеў распытаць усіх: такіх кабетак у сваім квартале ён ведаў добра.
— Як жыццё? — спытаўся Мэгрэ ў Нэвэ.
— Прыйшлі зірнуць?
— Ды так, на хвілінку.
— А я ўжо з васьмі раніцы. Апытаў ужо чалавек пяцьсот.
— Даведаўся, дзе ён абедаў?
— Даведаўся.
— Я так і думаў.
— Чаму?
— Турэ быў чалавек звычкі, наўрад ці ён стаў бы кожнага дня хадзіць у іншае месца.
— Вось там, — паказаў Нэвэ рукою на сціплы рэстаранчык. — Там дагэтуль ляжыць ягоная сурвэтка з нумарам.
— І што табе там расказалі?
— Ён заўсёды сядаў за адзін і той самы столік у глыбіні залы, непадалёк ад стойкі. Яго зазвычай абслугоўвала адна афіцыянтка. Здаравенная такая кабыла, рыжая. Ведаеце, як яна яго называла?.. «Мой дружок...» Яна сама мне пра гэта сказала. Так і пыталася ў яго: «Ну што, мой дружок, будзем сёння есці?» Сцвярджае, што яму гэта падабалася. Яна часта загаворвала з ім, але ён ніколі да яе не заляцаўся. Яна не раз бачыла яго на бульвары на лаўцы, і кожны раз ён вітаў яе рукою. І заўсёды гэта было каля трох гадзін дня, у час яе перапынку. Аднойчы яна сказала яму: «Здаецца, мой дружок, вы працаю не струджаны!» А ён адказаў, што працуе ўначы.
— І яна паверыла?
— Ды яна, здаецца, проста малілася на яго.
— А газеты яна чытае?
— Я ёй сказаў, што яго забілі. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць і сціплы, але і не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькі марачнага віна.
— Ці ёсць яшчэ ў квартале людзі, якія б ведалі яго?
— Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесці яго да сябе, але ён пачціва адмовіўся. А потым, калі яна бачыла яго, то крычала: «Дык што, сёння?» Гэта ўвайшло ў іхнюю звычку і вельмі іх весяліла. Калі яна знікала з кліентам, ён падміргваў ёй.
— І ён ні разу не быў ні ў адной?
— Не.
— А з якой-небудзь іншай жанчынай яго бачылі?
— Яны — не. Але адзін з прадаўцоў ювелірнай крамы бачыў.
— Той самай крамы, каля якой яго забілі?
— Таго самага. Я там усім паказваў яго фатаграфію, і адзін яго прызнаў. «Ды гэта ж той, што купіў у нас пярсцёнак на тым тыдні!» — адразу ж усклікнуў ён.
— А жанчына была маладая?
— Не надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблівай увагі. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ён толькі заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага ліса, а на шыі вісеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлістнікам, рыхтык такія ж, што прадаюць у іхнай краме.
— Дарагі пярсцёнак?
— Пазалочаны, з падробленым каменем.
— Пра што ж яны гаварылі? Прадавец нічога не чуў?
— Ён не памятае. Кажа, гаварылі як муж з жонкаю. Нічога асаблівага.
— А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?
— Ён не ўпэўнены. Яна была ў чорным і ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вуліцы. Яна вышэйшая за яго. На вуліцы ўзяла яго пад руку, і яны пайшлі да станцыі метро «Рэспубліка».
— Больш нічога не ўведаў?
— І гэта з'ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нічога не ўведаў. За вылікам адной драбніцы. Ведаеце кіёск на вуліцы Акацый, дзе прадаюць пышкі?
— Ведаю. Іх пякуць там пад адкрытым небам, як на кірмашы.
— Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у іх, заўсёды па тры штукі і ніколі не еў на вуліцы, а забіраў з сабою. Гэтыя пышкі, як вам вядома, вельмі вялікія, ва ўсякім разе, рэклама сцвярджае, што яны сама вялікія ў Парыжы. Наўрад ці пасля сытнага абеду ў рэстарацыі Турэ еў бы іх адзін. Не еў бы ён іх і на лаўцы — не такі гэта чалавек. Відаць, ён браў іх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.
А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?
— Ну што, шэф, казаць далей?
— Вядома.
— Куды вы?
— Хачу зазірнуць у тупічок.
Тупічок быў зусім побач, і Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.
Час цяпер быў такі самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.
А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. Не, насупраць ёсць прыбіральня...
Нэвэ ўздыхнуў:
— Толькі б знайсці тую жанчыну...
А камісару хацелася знайсці таго чалавека, які на мігах прасіў у Турэ дазволу прысесці побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.
Камісар пачаў уважліва прыглядацца да людзей на лаўках. Ён ведаў, што ў кожнай лаўкі ёсць свае заўсёднікі, якія зазвычай прысаджваюцца ў адзін і той самы час. Праходжыя не зважаюць на іх. Але самі заўсёднікі добра ведаюць адно аднаго. Камісар згадаў, як аднойчы пані Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусім выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.
Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз відавочны заўсёднік: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай віна.
Трохі далей прымасцілася мажная жанчына, напэўна, правінцыялка. Чакаючы свайго чалавека, які зайшоў у прыбіральню, яна выпрастала, каб хоць трохі адпачылі, ногі — па ўсім відаць, апухлыя ад нязвыклае хаданіны па горадзе.
Але гэта, ведама ж, былі зусім не тыя людзі, якіх трэба было знайсці.
— На тваім месцы, — сказаў Мэгрэ, — я меней бы займаўся крамамі, а болей людзьмі на лаўках. Пасядзі, пазнаёмся з заўсёднікамі.
— Добра, шэф, — зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзіць цікавей, хоць і ногі ўжо балелі ад гэтых няспынных бадзянняў.
Ён ніколі не паверыў бы, што камісар з радасцю згадзіўся б апынуцца на ягоным месцы: і хадзіў бы, і сядзеў бы — Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калі служыў простым інспектарам.

4. ПАХАВАННЕ

Назаўтра камісар змарнаваў паўдня: яго выклікалі на судовае пасяджэнне. Некалькі гадзін ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэі, і спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калі радыятары нарэшце нагрэліся, стала невыносна спякотліва і засмярдзела потам і выпарэннямі мокрае адзежы.
Судзілі нейкага Рэнэ Лекэра, які сем месяцаў назад забіў ударам бутэлькі па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькі дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вінаватага школьніка.
І чаму толькі дагэтуль ніхто не дадумаўся хоць трохі палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, які і так быў — праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння — не ў гуморы.
Адвакат, яшчэ зусім малады, але ўжо вядомы — дзякуючы сваім пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усіх, што злачынца прызнаў сваю віну толькі ў выніку націску на яго і кепскага з ім абыходжання на допыце. Відавочная хлусня, і адвакат гэта добра ведаў.
— Можа, пан сведка скажа суддзям, колькі гадзін доўжыўся першы допыт майго падабароннага? — дэкламаваў ён.
Камісар чакаў менавіта гэтага пытання.
— Семнаццаць гадзін, — адказаў ён.
— Семнаццаць гадзін без ежы?!
— Лекэр адмовіўся ад бутэрбродаў, якія мы яму прапаноўвалі.
Усім сваім выглядам адвакат казаў прысяжным: «Глядзіце, панове! Семнаццаць гадзін у нябогі ў роце і хлебнай крошкі не было!»
Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з'еў толькі два бутэрбороды. А ён жа нікога не забіваў.
— Пан сведка, — па-ранейшаму надрываўся напорысты абаронца, — ці прызнаяце вы, што сёмага сакавіка, а трэцяй гадзіне раніцы, вы ўдарылі абвінавачанага без якіхсьці на тое падстаў — дзеянняў з яго боку, прычым тады, калі ў бедалагі былі кайданкі на руках?
— Не прызнаю.
— Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвінавачанага?
— Быў момант, калі я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.
Адвакат памыліўся — пачаў не з таго канца. Але ён, відаць, клапаціўся толькі пра тое, каб уразіць публіку ды журналістаў.
Потым, парушаючы ўсе правілы, ён з'едліва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:
— А ў вас ёсць сын, пан камісар?
— Не...
— У вас ніколі не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалі...
Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.
Вось і ўсё. Мэгрэ нарэшце пакінуў судовую залу і, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпіў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.
Прыйшоўшы ў аддзяленне, Мэгрэ адразу ж запытаўся ў Сантоні, які займаўся сябрам Монікі Турэ:
— Ніякіх навін пра Альбэра Жарыса?
— Ніякіх.
Хлопец так і не прыйшоў дадому. У кнігарню ён сёння таксама не прыходзіў, не быў і ў рэстарацыі, дзе звычайна абедаў з Монікай.
Цяпер Сантоні займаўся хлопцам разам з Люка, які закончыў учора працу па іншым расследаванні. Яны звязваліся з усімі паліцэйскімі пастамі. Жанв'е ўсё яшчэ шукаў краму, дзе быў набыты нож, якім забілі Турэ.
— Нэвэ не званіў?
— Паўгадзіны назад. Сказаў, што пазвоніць у шэсць.
Камісар стаміўся. Перад вачыма стаялі твары прысяжных, злачынцы, адваката. Навошта яму гэтая цяганіна?
— Лапуэнт нічога не знайшоў?
Маленькі Лапуэнт абегаў усе мэбляваныя пакоі раёна, каб даведацца, ці не здымаў адзін з іх Турэ. Павінен жа ён быў недзе пераабувацца!
Цяпер у кожнага быў свой участак працы.
Памаракаваўшы, Жарыса перадалі Люка, а за Сантоні засталася адна Моніка Турэ. Што, калі Жарыс стане шукаць яе ці захоча што-небудзь паведаміць ёй пра сябе?
Тым часам прыходзілася разглядаць розныя службовыя паперы, адказваць на непатрэбныя тэлефонныя званкі. Усё ж такі дзіўна: ніхто так і не пазваніў камісару ў сувязі з забойствам...
— Алё! Мэгрэ слухае.
Гаварыў Нэвэ. Відаць, з нейкага бістро, бо з слухаўкі чуліся гукі музыкі.
— Нічога асаблівага, шэф. Знайшоў на лаўках трох чалавек, якія памятаюць Турэ. Усе паўтараюць адно і тое ж: Турэ быў заўсёды ветлівы, ахвотна загаворваў з імі. Адна старая кажа, што зазвычай ён ішоў адсюль да метро «Рэспубліка».
— Яна яго бачыла з кім-небудзь?
— Яна — не. Але адзін бадзяга сказаў, што аднаго разу Турэ некага чакаў, а калі той чалавек падышоў, яны разам пайшлі адсюль. Але ён так і не змог апісаць гэтага чалавека, сказаў адно, што гэта тып, якіх багата...
Заставалася толькі ўздыхнуць.
Пахаванне Турэ было назначана на заўтра. Уранку цела нябожчыка забралі ў Жувізі.
Мэгрэ патэлефанаваў жонцы і сказаў, што вернецца позна.
Па дарозе ў Жувізі дзьмуў моцны вецер. Хмары нізка навіслі над зямлёю, збіралася навальніца. Шафёр з цяжкасцю знайшоў вуліцу Таполяў. Ва ўсіх вокнах дома Турэ гарэла святло.
Але званок не званіў. Яго, відаць, выключылі ў знак жалобы. Нехта ўбачыў, як да дома пад'ехала машына, і дзверы адчыніла жанчына, яшчэ не знаёмая камісару, гадоў на пяць старэйшая за пані Турэ і вельмі падобная да яе.
— Камісар Мэгрэ.
Жанчына паклікала сястру з кухні:
— Эмілія!
— Чую. Запрасі яго ў дом.
Мэгрэ прынялі на кухні, бо ў сталовай стаяла труна. У вузкім калідоры пахла кветкамі і свечкамі.
— Выбачайце, што я вас турбую...
— Пазнаёмцеся: пан Маньен, мой швагер. Кантралёр на чыгунцы.
— Вельмі прыемна.
— Вы ўжо знаёмыя з маёй сястрой Жаннай, а гэта Сэліна...
Адна Моніка не ўстала, каб павітацца з Мэгрэ. Яна пільна ўзіралася ў яго і, напэўна, думала, што камісар прыехаў дапытваць яе наконт Жарыса, і была скаваная страхам.
— Прысядзьце, калі ласка.
Мэгрэ пакруціў галавою.
— Хочаце глянуць на яго?
Удаве было прыемна паказаць камісару, што яна не паскупілася на аддзелку труны.
— Нібыта спіць...
Мэгрэ зрабіў усё належнае.
— Ён і зразумець не паспеў, што здарылася, — уздыхнула жанчына. — А як ён любіў жыццё!
Яны ціха выйшлі, і пані Турэ зачыніла дзверы.
— Вы будзеце на пахаванні, пан камісар?
— Буду. Таму і прыйшоў.
Моніка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камісар, яна адразу ж уздыхнула.
— Напэўна, вы і вашы сёстры знаёмыя з усімі, хто будзе на пахаванні, а я не ведаю нікога...
— Разумею! — усклікнуў Маньен, нібыта гэтая думка прыйшла і яму самому ў галаву адначасна.
Сваім пыхлівым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.
— Я проста папрасіў бы вас паказаць мне на пахаванні незнаёмых людзей, калі такія будуць.
— Вы думаеце, прыйдзе забойца?
— Неабавязкова. Але мой абавязак — нічога не ўпускаць.
— Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну? — спыталася пані Турэ.
І яе твар, і твары сясцёр адразу ж сталі аднолькава злыя.
— Я нічога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калі заўтра на пахаванні вы зробіце мне знак, я зразумею.
— Калі заўважым любога незнаёмага?
Мэгрэ кіўнуў, папрасіў прабачэння за клопаты і выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.
— Натрапілі на след? — спытаўся ён тонам, якім гавораць з доктарам пасля агляду хворага.
— Не.
— І не маеце ніякіх падазрэнняў?
— Ніякіх. Да пабачэння.
У машыне Мэгрэ ўспомніў, як дваццацігадовым юнаком ён трапіў упершыню ў сталіцу. Тады яго найбольш уразіў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з міжвольнай трывогаю назіраў за тымі, хто, страціўшы раўнавагу, кідаўся ў паток і плыў па цячэнні. Але асаблівае спачуванне выклікалі ў яго сціпла і чыста апранутыя людзі. Якіх толькі намаганняў яны не прыклалі, каб застацца на паверхні і стварыць ілюзію, што яны жывуць і што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!
Вось і Луі Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае раніцы ў адзін і той самы цягнік, бачыў адны і тыя ж твары, і пад пахаю ў яго быў адзін і той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках «домам трох сясцёр». Хоць сёстры і жылі на суседніх вуліцах, яны закрывалі нябожчыку далягляд, як вялізны мур.
— У камісарыят, шэф? — пытаўся шафёр.
— Не. Дамоў.
Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кінатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзіў і Луі Турэ. Яны двойчы прайшлі міма таго самага тупіка.
— У цябе кепскі настрой? — спыталася жонка.
— Не.
— Ты за ўвесь вечар і слова не сказаў.
— Ты што?.. А я і не заўважыў.
Уранку на горад абрынулася залева. Ліло як з вядра. Вецер вырываў з рук мінакоў парасоны.
— Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, — заўважыла пані Мэгрэ. — Багата сёння клопату?
— Яшчэ не ведаю.
— Надзень галёшы.
Мэгрэ так і зрабіў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесці ў таксоўку. Халодныя кроплі сцякалі з капелюша за каўнер.
— На набярэжную Арфэўр.
Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаванні?..
— Ёсць што новае? — спытаўся камісар у Сантоні. — Не?.. Складзі спіс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усіх, з кім ён сустракаўся апошнія гады.
— Я ўжо пачаў.
— Працягвай.
З'явіўся Нэвэ.
— Надвор'е пахавальнае, — буркнуў інспектар.
У дзесяць яны былі ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былі нацягнуты чорныя палотнішчы з серабрыстымі махрамі. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходніках стаялі людзі пад парасонамі. Усяго іх было чалавек пяцьдзесят. Многія заходзілі ў дом. Віднеліся людзі і ў суседніх дварах.
Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлі святар і хлопчык, які нёс крыж.
Нішто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.
— Нікога не пазнаеш? — запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калі працэсія рушыла.
Нэвэ пакруціў галавою.
Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лісіны каўнер, але камісар заўважыў яе яшчэ раней, калі яна выходзіла з дома насупраць і замыкала дзверы на ключ. І з прысутных мужчын нікога нельга было ўявіць заўсёднікам лавак на бульварах.
І ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаванні да канца. Камісар двойчы сустрэў позірк Монікі. І кожны раз адчуваў, як сціскаецца яна ад страху.
На могілках было па калена гразі: магілу выкапалі на новым участку, куды яшчэ не праклалі дарожкі.
Калі пані Турэ сустракалася позіркам з камісарам, яна кожны раз уважліва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калі ён падышоў да сям'і, якая выстраілася ў рад ля магілы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:
— Я нікога не заўважыла...
Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсіх пачырванелі насы.
Мэгрэ і Нэвэ пачакалі яшчэ хвілінку на могілках і прайшлі ў шынок насупраць. Камісар заказаў два грогі. А праз некалькі хвілін тут была ўжо добрая палова працэсіі. Каб сагрэцца, людзі пераступалі з нагі на нагу.
Мэгрэ пачуў абрывак размовы:
— А пенсію яна за яго атрымае?
— Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такім пенсіі не даюць. Гэта за шваграмі ягонымі жонкі файна жывуць — чыгуначнікі ўсё-такі. А пан Луі быў у іх увогуле кімсьці накшталт сваяка-бедалагі... Вось так вось...
— Дык што ж жонка з дачкою рабіцьмуць?
— Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...
— Ну што, Нэвэ, хадзем? — прапанаваў Мэгрэ інспектару.
З машыны сцякала брудная вада. Залева секла і секла.
У камісарыяце было сыра і холадна, на падлозе віднеліся брудныя сляды.
— Нічога новага, Люка?
— Званіў Лапуэнт. З бістро на плошчы Рэспублікі. Ён знайшоў пакой.
— Пакой Турэ?
— Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.
— Выклікалі яе сюды?
— Не. Можа, вы самі лепш туды сходзіце?
Мэгрэ і праўда думаў пайсці да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабінеце.
Калі Мэгрэ ўвайшоў у бістро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля каміна і піў каву.
— Адзін грог! — заказаў камісар.
— Дзе гэты пакой? — запытаўся ён у Лапуэнта.
— За два крокі адсюль. Знайшоў зусім выпадкова. Дом у спісах не значыцца.
— Ты не памыліўся?
— Не. На вуліцы Ангулем я ўбачыў аб'яву: «Здаецца пакой». Трохпавярховы дом, без кансьержкі. Я пазваніў і папрасіў паказаць пакой. Гаспадыня ў гадах, колісь, мусіць, была прыгажуня, але цяпер сівая, аблезлая, тоўстая. Выйшла да мяне ў халаце. Перш чым упусціць мяне, запыталася, ці здымаю я пакой сабе асабіста і ці адзін буду жыць. Пакуль яна са мною перагаворвалася, на другім паверсе прыадчыніліся дзверы, і я заўважыў вельмі вабную дзяўчыну.
— Бардэль?
— Не зусім. Але мне здалося, што гаспадыня з гэтымі справамі знаёмая. Пакуль падымаліся наверх, яна запыталася, як я збіраюся плаціць — штомесяц ці часцей, дзе я працую. Пакой — вокнамі на двор. Абсталюнак неблагі. Праўда, як на мой густ, дык зашмат таннага шоўку і аксаміту. Лялька на канапе. У пакоі пахла яшчэ, так бы мовіць, жанчынаю. Гаспадыня пацікавілася, хто мне даў адрас. Я ледзь не прагаварыўся, што даведаўся па аб'яве. Шчыра кажучы, мяне ўвесь час бянтэжыла адна з яе цыцак: яна ўсё выслізгвала з халата. Я сказаў, што паведаміў мне пра пакой адзін мой сябра. І што сябра гэты жыве ў яе. Яна запыталася хто. Калі я назваў Турэ, то адразу зразумеў, што яна яго ведае. Яна і з твару змянілася, і голас стаў іншы. «Не ведаю, кажа, такога!» Як адрэзала. А потым пытаецца, ці няма ў мяне звычкі позна вяртацца дамоў. Было ўжо відаць, што вырашыла пазбавіцца ад мяне. Але я прыкінуўся прасцячком. Кажу: «Можа, мой сябра яшчэ тут? Ён удзень не працуе і позна ўстае». Але яна мне: «Дык вы будзеце здымаць пакой ці не?» Буду, кажу. «Плата наперад». Я дастаў кашалёк і, нібыта выпадкова, выняў фота Турэ. «А, — кажу, — вось і фота майго сябра». Яна зірнула і кажа: «Не, мы, відаць, адно аднаму не падыдзем». І пайшла да дзвярэй. Я хацеў затрымаць яе, але яна папрасіла пакінуць яе ў спакоі, у яе, бачыце, абед на пліце можа згарэць. Так і развіталіся... Шэф, ды я проста ўпэўнены, што яна яго ведала! Калі я выйшаў на вуліцу, фіранка зварухнулася: яна назірала за мною.
— Едзем! — сказаў Мэгрэ.
Хаця дом быў за два крокі адсюль, пад'ехалі на машыне. Гаспадыня, якая выйшла адчыніць дзверы, і цяпер была ў халаце.
— Хто там?
— Паліцыя.
— Што вам трэба? — Зірнула коса на Лапуэнта. — Так і ведала, што нажыву сабе бяду з гэтым малакасосам.
— Думаю, нам будзе зручней перагаварыць у доме.
— А я і не збіраюся трымаць вас на ганку. Мне ад вас хаваць няма чаго.
— Чаму вы не прызналіся, што пан Турэ быў вашым жыльцом?
— Таму, што гэта яго не датычыцца, — зноў змерыла яна Лапуэнта нядобрым позіркам.
Яна ўвяла іх у невялікую гасцёўню. Грубка тут была напалена як след. Усюды ляжалі стракатыя падушкі з вышытымі на іх кошачкамі, сэрцамі і скрыпічнымі ключамі. Вокны былі занавешаны шчыльнымі шторамі, і гаспадыня запаліла святло.
— Дык што вам ад мяне трэба?
Мэгрэ выняў з кішэні фатаграфію Турэ.
— Гэта ён?
— Ён. Вы і без мяне ўсё ведаеце.
— Доўга ён у вас жыў?
— Прыкладна два гады. Можа, трохі болей.
— У вас шмат жыльцоў?
— Вядома. Мне адной дом задужа вялікі. А ў наш час кватэру знайсці нялёгка.
— Колькі ж іх у вас?
— Цяпер — тры.
— Але адзін пакой свабодны?
— Той самы, што я паказвала гэтаму малойчыку. І цяпер шкадую, што не была асцярожлівая.
— Што вы ведаеце пра пана Турэ?
— Ціхі і сціплы чалавек. Нікому не замінаў. Працаваў уначы...
— А вы ведаеце дзе?
— Я яго ні аб чым не распытвала. Ён сыходзіў увечары і вяртаўся ўранку. Спаў вельмі мала. Я яму часта казала, што трэба спаць болей. Але мне здаецца, што ўсе яны так, хто ўначы працуе, — мала спяць.
— Ён шмат зарабляў?
— А што вас, уласна, цікавіць?
— Вы ж чытаеце газеты?..
На століку ляжала разгорнутая ранішняя газета.
— Бачу, куды вы гняце. Але спярша паабяцайце, што ў мяне не будзе непрыемнасцей. Ведаю я паліцыю...
Мэгрэ падумаў, што кабета павінна быць у картатэцы аддзела нораваў.
— Я ж не рэкламую сваіх жыльцоў на кожным кроку. Не рэгістрырую іх. Гэта не злачынства. Але калі вы пачняце выкручваць мне нервы...
— Усё будзе залежаць ад вас.
— Вы абяцаеце?.. Дарэчы, у якім вы чыне?
— Камісар Мэгрэ.
— Ого! Зразумела. Гэта сур'ёзней, чым я думала. Мяне турбуюць вашы калегі з нораваў. — Яна адпусціла ў іхні адрас такое слоўца, што Мэгрэ з Лапуэнтам пераглянуліся.
— Ну, добра. Ведаю я, што яго забілі. Але больш — нічога.
— Як ён назваўся вам?
— Проста — пан Луі.
— Да яго прыходзіла жанчына? Чарнявая, сярэдніх гадоў?
— Прыходзіла. Прыгожая, гадоў сорак, умее сябе трымаць.
— Часта прыходзіла?
— На тыдзень тры ці чатыры разы.
— А прозвішча яе вы ведаеце?
— Я называла яе пані Антуанэт.
— Вы, я бачу, прывыклі называць людзей па імені.
— Я не цікаўная.
— Яна, калі прыходзіла, надоўга заставалася ў яго?
— На колькі трэба.
— На паўдня?
— Як калі. Іншым разам — на гадзіну-дзве.
— А ўранку прыходзіла?
— Можа, калі і прыходзіла, я не помню.
— Вы яе адрас ведаеце?
— Ніколі не пыталася.
— Іншыя вашы жыльцы — жанчыны?
— Пан Луі быў адзіны мужчына.
— Ён з імі меў зносіны?
— Любоўныя? Такіх не было. Мне здаецца, ён да гэтага не быў ахвотнік. Можа, калі б захацеў...
— Але ён заходзіў да іх?
— Яны, бывала, заходзілі да яго папрасіць запалак, цыгарэт ці газету.
— І ўсё?
— Ну, яны гаманілі пра сёе-тое. Часам ён нават гуляў у карты з Люсіль.
— Яна наверсе?
— Не. Бадзяецца недзе дні ўжо два. З ёй гэта здараецца. Мабыць, знайшла сабе некага. Але памятаеце, што вы мне абяцалі? Каб ні ў мяне, ні ў маіх жыльцоў не было ніякіх непрыемнасцей.
Мэгрэ хацеў быў сказаць, што нічога не абяцаў, але змаўчаў.
— А апрача гэтай кабеты, ніхто да яго не прыходзіў?
— Нядаўна нехта пра яго пытаўся, разы са два.
— Маладзіца?
— Ага. Яна не стала падымацца наверх. Папрасіла перадаць, што чакае ўнізе.
— Яна назвалася?
— Монікай. Яна засталася ў калідоры, нават у гасцёўню не прайшла.
— Ён спусціўся да яе?
— Першы раз пра нешта з ёю пашаптаўся, і яна пайшла. А другім разам і трэцім выйшаў з ёю.
— Не сказаў вам, калі вярнуўся, што за яна?
— Спытаўся толькі, ці спадабалася яна мне.
— І што вы адказалі?
— Сказала, што цікавая, як зазвычай у яе ўзросце, але што праз некалькі гадоў гэта будзе сапраўдная кабыла.
— А хто яшчэ прыходзіў?
— Вы не хочаце сесці?
— Дзякую. Не хачу пэцкаць вам падушкі — змок да ніткі. Надта ў вас ужо чыста.
— Стараюся як магу. Дык чакайце... Дайце ўспомніць... Прыходзіў адзін чалавек. Малады. Не назваўся. Я перадала пану Луі, што яго чакаюць унізе. Пан Луі, здалося, расхваляваўся і папрасіў мяне правесці госця наверх. Гэты маладзён прабыў у яго хвілін дзесяць.
— Даўно гэта было?
— У сярэдзіне жніўня. Памятаю, была спякота і процьма мух.
— Ён прыходзіў яшчэ калі-небудзь?
— Неяк разам прыходзілі, усё роўна як на вуліцы сустрэліся. Разам падняліся наверх, але хлопец хутка выйшаў.
— Усё?
— Мне здаецца, я і так нагаварыла пад самую завязку. Думаю, вам таксама цікава падняцца наверх?
— Вядома.
— Пан Луі займаў пакой насупраць таго, які я паказвала вашаму памочніку. Вокны выходзяць на вуліцу.
— Правядзіце нас, калі ласка.
Уздыхнуўшы, гаспадыня з цяжкасцю стала ўздымацца наверх.
— Не забывайцеся, што абяцалі.
Мэгрэ паціснуў плячыма.
— Калі пакрыўдзіце мяне, я заяўлю на судзе, што вы маніце.
Скрозь шчыліну прыадчыненых дзвярэй, міма якіх яны праходзілі, камісар заўважыў маладую жанчыну, зусім голую, з махнатым ручніком у руках.
Павярнуўшыся да яе, гаспадыня сказала:
— Не бойся, Івета, гэта не з нораваў!

5. СЯРЖАНТАВА ЎДАВА

Велізарная шафа з люстрам займала амаль увесь пакой. Гэтай масіўнай мэблі з арэхавага дрэва было, напэўна, гадоў пяцьдзесят сама меней. Яе куплялі няйначай як на аўкцыёне.
На стале, накрытым цыратаю, стаяла клетка з канарэйкаю. Можа, падумаў камісар, Турэ купіў яе на набярэжнай Межысэры, калі наведваў старога бухгалтара?..
— Гэта ягоная канарэйка?
— Ягоная. Ён прынёс яе з год назад. Але яго падманулі: падсунулі замест самца самку, яна не спявае.
— А хто тут прыбіраў?
— Я здаю пакоі з мэбляю і бялізнаю, але прыбіральшчыцы няма. Некалі былі пакаёўкі, але з імі шмат клопату. Дый жывуць у мяне пераважна жанчыны...
— Пан Луі сам прыбіраў?
— Ён запраўляў ложак, выціраў пыл. Раз на тыдзень, дзеля яго, я мыла тут падлогу.
Камісар адчуваў, што для Турэ гэты пакой быў прытулкам душы. Усё, што ён прыносіў сюды, мела не простае пабытовае прызначэнне — яно падбіралася з асабістым, нават патаемным густам.
У шафе не было гарнітура, але затое ў ім стаялі тры пары жоўтых чаравікаў. На століку ляжаў трохі экстравагантны, як для Турэ, капялюш, амаль новы, відаць, набыты ім з пратэсту. І, мабыць, з таго ж пратэсту куплены былі стракаты халат і чырвоныя пантофлі.
— А пан Турэ не хадзіў на скачкі?
— Не думаю. Пра гэта ён мне нічога не казаў.
— А ён часта з вамі гаварыў?
— Часцей на хаду. Але іншы раз заходзіў у гасцёўню і мы гаманілі.
— Ён быў вясёлы чалавек?
— Жыццю ён радаваўся.
Усё ў пакоі было на сваім месцы, нідзе ні пылінкі. У адной шафе Мэгрэ знайшоў пачатую бутэльку партвейну і два келіхі. На вешалцы вісеў плашч: натуральна, не мог жа Турэ вяртацца ў Жувізі мокры, калі ўдзень ішоў дождж?
Было нямала кніг. Яны стаялі ў рад на куфры: танныя выданні, раманы плашча і шпагі, два-тры дэтэктывы. Відаць, дэтэктывы яму не спадабаліся і ён перастаў іх чытаць.
Крэсла стаяла ля акна. Побач маленькі столік. На ім — фатаграфія жанчыны гадоў сарака з цёмнымі валасамі ў чорным. Напэўна, гэта быў здымак тае жанчыны, пра якую казаў прадавец з ювелірнай крамы. На ім яна — такая ж мажная. Такіх кабет у пэўным асяроддзі лічаць прыгожымі.
— Гэта яна прыходзіла?
— Яна.
У шуфлядзе стала камісар знайшоў яшчэ некалькі здымкаў. На адным з іх Турэ быў у сваім «экстравагантным» капелюшы.
Ніякіх іншых асабістых рэчаў, апрача дзвюх пар шкарпэтак і некалькіх гальштукаў, у пакоі не было — ні кашуль, ні трусоў, ні папер, ні лістоў — нічога.
Мэгрэ прыставіў крэсла да шафы і, зусім як у дзяцінстве, калі шукаў схаваныя ад яго бацькамі рэчы, стаў на яго, каб зазірнуць на самы верх шафы. Там быў густы слой пылу, які, аднак, не паспеў яшчэ асесці на квадраце памерам прыблізна з канверт. Відаць, на гэтым месцы зусім нядаўна нешта ляжала. Але камісар нічога не сказаў гаспадыні, якая ўважліва назірала за ім.
— У яго быў ключ ад пакоя?
— Не. Калі ён выходзіў, то пакідаў ключ мне.
— Іншыя жыльцы таксама пакідаюць вам ключ?
— Не. Але пан Луі казаў, што ён усё губляе і няхай лепш ключ застаецца ў мяне. Мне гэта зусім не замінала: ён жа ніколі не вяртаўся ні ўвечары, ні ўначы.
Мэгрэ выняў з рамкі фатаграфію жанчыны і паклаў яе ў кішэню. Потым напаіў канарэйку, пахадзіў яшчэ трохі па пакоі.
— Я, можа, яшчэ прыйду да вас.
— Не стану прапаноўваць вам шкляначку, — сказала гаспадыня ўнізе. — Вы, напэўна, спяшаецеся?
— У вас ёсць тэлефон? Дайце мне, калі ласка, нумар. Можа, мне прыйдзецца пазваніць, каб што-небудзь запытаць.
— Басцілія 22-51.
— Ваша імя?
— Марыета. Марыета Жыбон.
— Дзякуй.
— Усё?
— Пакуль што ўсё.
Лапуэнт і Мэгрэ нырнулі ў машыну. Дождж усё ліў і ліў.
— Збочвай за рог і спыніся, — загадаў камісар шафёру і дадаў — Лапуэнту: — Зараз ты вернешся да гэтай кабеткі. Я забыў у пакоі люльку.
Мэгрэ ніколі і нідзе не забываў люлькі. Да таго ж, у яго іх заўсёды было з сабою дзве.
— Наўмысна?
— Вядома. Пасакачы з гэтай Марыетай колькі хвілін і вяртайся сюды, — паказаў Мэгрэ на невялікі бар і, выйшаўшы з машыны, рушыў да тэлефоннай будкі.
— Люка, гэта ты?.. Аддай адразу ж загад, каб праслухоўвалі нумар Басцілія 22-51.
Прытуліўшыся да стойкі бара, Мэгрэ паціху пацягваў кальвадос і разглядваў фатаграфію жанчыны. Яго зусім не здзівіла, што каханкаю Турэ была жанчына таго ж тыпу, што і ягоная жонка. Але які ў яе характар? Можа, і ён такі?..
— Вось ваша люлька, шэф.
— Яна не гаварыла па тэлефоне, калі ты зайшоў?
— Не заўважыў. З ёю былі дзве жанчыны.
— Можаш ісці абедаць. Убачымся ў аддзяленні.
Мэгрэ назваў шафёру адрас панны Леон. Па дарозе спыніліся ў кандытарскай, дзе ён купіў скрыначку шакаладных цукерак.
Выйшаўшы перад крамаю панны Леон з машыны, Мэгрэ схаваў цукеркі пад паліто, каб не прамоклі — дождж усё ліў ды ліў.
Камісар адчуваў сябе ніякавата ў сваім грубым, змоклым паліто сярод лёгкіх, прыгожых, пушыстых дзіцячых строяў.
— Вашай маці, — сказаў ён панне Леон, сарамліва выцягваючы з-пад паліто скрыначку з цукеркамі.
— О, вы падумалі пра яе! Можа, вы ёй самі аддадзіце?
Аднак Мэгрэ палічыў лепшым застацца ў крамным пакоі, куды хоць трохі трапляла паветра з вуліцы: мо толькі таму, што ён апынуўся тут з дажджу, але яму здалося, што сёння грубка ў памяшканні напалена яшчэ больш.
— Прабачце, я да вас на хвілінку. Я толькі хацеў бы паказаць вам гэтую фатаграфію.
Ледзь зірнуўшы на яе, панна Леон усклікнула:
— Ды гэта ж пані Машэр!
Гэта быў ужо нейкі поспех!
Значыцца, гэтую жанчыну ведалі ў асяроддзі Луі Турэ. Так Мэгрэ думаў раней, і цяпер гэта пацвердзілася. Такі чалавек, як Турэ, не стаў бы заводзіць знаёмства з выпадковай жанчынаю.
— Адкуль вы яе ведаеце?
— Яна працавала ў Капланаў. Нядоўга. Недзе з паўгода. А чаму вы паказалі яе фатаграфію?
— Гэта была сяброўка пана Луі.
— А!..
Мэгрэ разумеў, што жанчыне гэта цяжка пачуць, але інакш нельга.
— У той час, калі яны абое працавалі ў Капланаў, вы нічога паміж імі не заўважылі?
— Магу паклясціся, што нічога паміж імі тады не было... Яна працавала на ўпакоўцы — там было дзесяць ці нават пятнаццаць жанчын... Ведаю, што яна была замужам за паліцэйскім.
— Чаму яна звольнілася?
— Здаецца, ёй прышлося аперыравацца.
— Вялікі вам дзякуй. Прабачце, што зноў вас патурбаваў.
— Што вы, зусім вы мяне не патурбавалі. Скажыце толькі, калі ласка... Пан Луі, ён што, сапраўды меў нешта з гэтай жанчынай?
— Яна прыходзіла да яго ў пакой, які ён здымаў у Парыжы.
— Я ўпэўнена, што паміж імі нічога не было. Яны проста сябравалі.
— Магчыма.
— Калі засталася дакументацыя фірмы, я дапамагу вам знайсці адрас гэтай жанчыны. Але ж я не ведаю, што з ёю стала, з дакументацыяй.
— Раз яна была жонкаю паліцэйскага, адрас мы знойдзем. Вы сказалі, яе прозвішча Машэр?
— А імя, калі я не памыляюся, — Антуанэта.
— Дзякую, панна Леон. Да пабачэння.
— Да пабачэння.
Мэгрэ спінаю адчуваў, што жанчына разгублена глядзела яму ўслед.
— У муніцыпальную паліцыю, — загадаў камісар шафёру.
У муніцыпальнай паліцыі Мэгрэ адразу ж накіраваўся ў аддзел кадраў. Праз некалькі хвілін яму паведамілі, што паліцэйскі па прозвішчы Машэр сапраўды служыў тут сяржантам, але яго забілі два гады назад у вулічнай бойцы. Пражываў у той час на вуліцы Даменіль. Удава атрымлівае пенсію. Дзяцей няма.
Мэгрэ запісаў адрас. І, пазваніўшы ў аддзяленне, выклікаў да тэлефона Люка.
— Ну як, гаспадыня нікому не званіла?
— Не яшчэ.
— А ёй?
— Ёй — не. Званілі адной з жанчын, Вользе, наконт прымеркі сукенкі.
Мэгрэ вырашыў паабедаць пазней. Ён выпіў у бары шклянку аперытыву і зноў сеў у машыну.
— На вуліцу Даменіль.
Ехаць прыйшлося доўга. Будынак быў бедны, стары.
— Скажыце, калі ласка, дзе жыве пані Машэр? — спытаўся ён у кансьержкі.
— На пятым паверсе, налева.
Ліфт падымаўся рыўкамі — здавалася, зараз спыніцца між паверхамі.
Вельмі чысты дыванчык перад дзвярыма, зіхоткая медная ручка. Мэгрэ пазваніў. Недзе ў глыбіні кватэры пачуліся крокі.
— Хвілінку! — Жанчына, мабыць, надзявала сукенку. Напэўна, гаспадыня была не з такіх, што сустракаюць гасцей у халаце.
Адчыніўшы дзверы, яна моўчкі паглядзела на Мэгрэ.
— Камісар Мэгрэ.
— Праходзьце.
Было відаць, што прыход такога госця ўсхваляваў жанчыну.
Яна была такая, якой і ўяўляў яе сабе Мэгрэ: высокая, мажная, спакойная. Акуратна прычасаныя валасы, строгая сукенка, усе гузікі зашпіленыя.
Паркет ззяў.
— Я вам тут напэцкаю...
— Нічога страшнага.
Абсталюнак прыкладна такі ж, што і ў доме Турэ. Амаль такія ж забаўкі на палічках. Фатаграфія паліцэйскага, да рамкі прымацаваны медаль.
— Я прыйшоў пагаварыць з вамі пра пана Луі.
— Я гэтага чакала.
Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.
— Сядайце, калі ласка.
— Дзякую. Вы былі блізкімі сябрамі, ці ж не так?
— Ён быў вельмі добры да мяне.
— І толькі?
— Магчыма, кахаў мяне. Ён жа ніколі не быў шчаслівы ў сям'і.
— Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалі ў Капланаў?
— Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.
— І Турэ нават не спрабаваў зблізіцца з вамі?
— Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як і на любую іншую жанчыну з нашага аддзела.
— Значыцца, вы сустрэліся зноў пасля закрыцця фірмы?
— Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерці мужа.
— Выпадкова?
— Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу — вы ж разумееце, на пенсію ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёміла мяне з дырэктарам кінатэатра, і я ўладкавалася білецёркаю. Пры жыцці мужа я не працавала, хіба што кароткі час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пісаць пра мяне?
— Не. Можаце не баяцца.
— Дырэктар такі строгі, я магу страціць месца... Дык вось, у кінатэатры мы з панам Луі і сустрэліся... Неяк на ранішнім сеансе. Ён прыйшоў на фільм «Вакол свету за восемдзесят дзён»... Я яго пазнала, калі паказвала, дзе сесці. Ён таксама пазнаў мяне. Ніякай асаблівай размовы тады паміж намі не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзіць да нас і заўсёды на ранішнія сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзіць з ім у кавярню. Я згадзілася.
— Ён тады ўжо здымаў пакой на вуліцы Ангулем?
— Думаю, здымаў.
— Ён казаў, што нідзе не працуе?
— Не. Сказаў толькі, што ўдзень заўсёды вольны.
— І вы так і не даведаліся, чым ён займаўся?
— Не. Я ніколі б не стала ў яго пра гэта пытацца.
— А пра жонку ці дачку ён расказваў?
— Шмат.
— Што менавіта?
— Ведаеце, цяжка перадаць... Калі чалавек няшчасны ў сям'і, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'і, пенсія... Яны ўсе папракалі Луі за тое, што ён не імкнецца знайсці што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...
— Куды ж вы, прабачце, хадзілі ўдваіх?
— Амаль заўсёды ў адну і тую ж кавярню на вуліцы Сэнт-Антуан. Мы маглі гаварыць гадзінамі.
— Вы любіце пышкі?
— Адкуль вы ведаеце?
— Я ведаю, што пан Луі купляў іх вам на вуліцы Акацый.
— Гэта было пазней, калі...
— Калі вы сталі хадзіць да яго ў пакой?
— Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваім закуткам... Вельмі ганарыўся ім...
— Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?
— Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькі гадзін у дзень.
— Ён купляў вам каштоўнасці?
— Пярсцёнак, зусім нядаўна. — Жанчына паказала пярсцёнак на руцэ. — Ён быў такі добры, такі чулы! Яму была патрэбная падтрымка. Я ведаю, што вы думаеце пра мяне, але перш за ўсё я была яму сябрам, адзіным сябрам.
— А сюды ён прыходзіў?
— Ніколі. З-за кансьержкі і суседзяў. Мяне б тады ўвесь дом абгаворваў.
— Вы бачылі яго ў панядзелак?
— Мы прабылі разам прыкладна гадзіну.
— У які час?
— Адразу пасля абеду. Я якраз хадзіла па крамах.
— А як вы сустрэліся?
— Я назначыла яму спатканне.
— Па тэлефоне?
— Не. Я яму ніколі не званіла. Мы, калі развітваліся, заўсёды дамаўляліся аб наступнай сустрэчы.
— Дык дзе ж вы сустрэліся ў панядзелак?
— Як звычайна, у нашай кавярне. Праўда, мы сустракаліся з ім і ў кавярне на рагу Сэн-Мартэн, і ў кавярне на Вялікіх бульварах, але рэдка.
— Ён прыйшоў своечасова?
— Ён ніколі не спазняўся. У той дзень было холадна, а ў мяне крыху балела горла, і мы вырашылі пайсці ў кіно.
— На бульвары Бон-Нувэль?
— Вы, я бачу, многае ведаеце.
— Калі вы развіталіся?
— Каля чатырох. За паўгадзіны да смерці.
— Ён павінен быў з кім-небудзь сустрэцца?
— Ён мне нічога не сказаў.
— Ён гаварыў з вамі пра людзей, з якімі бачыўся?
Яна пакруціла галавою і падышла да серванта.
— Можна, я прапаную вам шклянку? Праўда, у мяне толькі вермут. Даўно стаіць — я ж не п'ю.
Мэгрэ не змог адмовіць ёй. Вермут купляў, напэўна, яшчэ сяржант, такі быў на дне бутэлькі асадак.
— Калі я прачытала ў газеце, то адразу ледзь не пабегла да вас. Мой муж часта пра вас расказваў. Я і фатаграфію вашу часта бачыла. Так што адразу пазнала вас.
— Ці думаў ён развесціся, каб ажаніцца з вамі?
— Ён дужа баяўся жонкі.
— А дачкі?
— Яе ён вельмі любіў. Дзеля яе ён што хочаце зрабіў бы. Але мне здаецца, яна ў чымсьці расчаравала яго...
— Чаму вы так думаеце?
— Проста мне так здавалася. Ён часта быў сумны пасля сустрэч з ёю.
Але і сама яна была не надта вясёлая: гаварыла нейкім вялым, манатонным голасам. Можа, яна прыходзіла да Турэ больш, каб прыбраць у пакоі?.. Ва ўсякім разе, Мэгрэ ніяк не мог уявіць яе ў ложку з каханкам. Яна больш бачылася яму ў паўзмроку за столікам кавярні, у ціхай, лагоднай размове.
— Ён ашчаджаў грошы?
— Не надта. Як на разуменне простага чалавека, дык ён многае сабе дазваляў. Калі б я згадзілася, ён бы мне багата чаго накупіў.
— А вы як-небудзь сустракалі яго выпадкова, калі ён сядзеў на лаўцы?
— На лаўцы?.. — збянтэжылася жанчына. Памаўчаўшы, яна згадала: — Адзін раз, неяк уранку, калі ішла ў краму. Ён размаўляў з нейкім хударлявым чалавекам, дзівачлівым.
— А чым ён вас здзівіў?
— Ён быў падобны на клоўна, толькі без грыму. Праўда, я разгледзець яго не магла, але ўсё ж заўважыла: чаравікі на ім былі стаптаныя і штаны — абтрапаныя.
— Вы спыталіся потым у пана Луі, што гэта за чалавек?
— Канечне. Ён адказаў, што на лаўках якіх толькі тыпаў не сустрэнеш і што яму цікава пагаманіць з незвычайнымі людзьмі.
— Вам хацелася прыйсці на пахаванне?
— Я пабаялася. Праз дзень-два схаджу да яго на магілу...
Развітаўшыся з пані Машэр, Мэгрэ паехаў адразу дахаты, сказаўшы шафёру, каб той забраў яго праз гадзіну.
За абедам жонка прыглядалася да Мэгрэ пільней як зазвычай.
— Што з табою? — нарэшце спыталася яна.
— Нічога...
— Не ведаю... Нешта ты на сябе не падобны...
— А на каго ж тады?
— На каго хочаш, толькі не на Мэгрэ.
Камісар засмяяўся. І праўда, апошнім часам ён столькі думаў пра гэтага нябогу Луі Турэ, што непрыкметна для сябе пачаў нават трымаць сябе так, як мог бы трымаць сябе нябожчык. Нават выраз твару, міміка ў яго змяніліся.
— Змяні гарнітур, — прапанавала жонка.
— Навошта? Усё роўна змокну.
І ўсё ж камісар паслухаўся жонку...
Прыехаўшы ў камісарыят, Мэгрэ зайшоў у аддзел нораваў.
— Ты ведаеш такую Марыету, ці Мары Жыбон? — спытаўся ён у інспектара. — Не?.. Будзь ласкавы, правер па картатэцы.
— Маладая?
— Гадоў пяцьдзесят.
Інспектар узяў скрыначку з пажаўцелымі і запыленымі карткамі. Доўга шукаць не прыйшлося.
— Нарадзілася ў Сэн-Мало, у картатэцы ўжо адзінаццаць гадоў. Тры арышты. Усе да вайны*. Два — за абкраданне кліента.
* Аповесць напісана ў 1952 годзе.
— Сядзела?
— Адпусцілі. За адсутнасцю доказаў.
— Што яшчэ?
— Чакайце. Пагляджу ў другой скрыні...
Імя яе траплялася яшчэ на некалькіх картках, але ўсе яны былі даваенныя.
— Да вайны была масажысткаю ў салоне на вуліцы Марцір. Жыла з нейкім Наталі, асуджаным за забойства. Я згадваю гэтую справу. Іх было трое. Яны забілі хлопца з іншай банды каля тытунёвай будкі на вуліцы Фантэн. Так і не ўдалося разабрацца, хто парнуў нажом. Вось і далі ўсім траім па дзесяць гадоў.
— Гэты Наталі цяпер на волі?
— Памёр.
Гэтыя факты нічога не давалі Мэгрэ, адно пацвярджалі ягоныя здагадкі адносна мінулага пані Жыбон.
— А чым яна цяпер займаецца? — спытаўся камісар.
— Не ведаю. Можа, памерла.
— Не, жывая яшчэ.
— Значыцца, завязала. Вярнулася, можа, на радзіму і прыкінулася там самавітай дамаю.
— Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. І здае мэбліраваныя пакоі на вуліцы Ангулем. Неафіцыйна. І, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкі.
Інспектар зацікавіўся.
— Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.
— Мы б ведалі, — запэўніў інспектар.
— Паназірайце, галубкі, за гэтым домам. Можа, суседзі што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.
— Зробім усё як след.
Прыйшоўшы ў свой кабінет, Мэгрэ не паспеў і сесці, як увайшоў Люка.
— Што новага?
— Па тэлефоне яна не званіла нікому. Але сёння ўранку да нас звярнулася адна старая, якая жыве са сваім пляменнікам на вуліцы Гэй-Люсака. Яна выходзіла з дому, а калі вярнулася, дык выявіла, што з буфета знікла каўбаса, якая дзве гадзіны назад была яшчэ на месцы. Тады яна ўзяла стары рэвальвер мужа, з якім той ваяваў яшчэ ў першую сусветную, і абшукала кватэру. І знайшла пад пляменнікавым ложкам хлебныя крошкі і насоўку. Чужую, не пляменніка!
— Чым гэты пляменнік займаецца?
— Студэнт. Працуе рассыльным у кнігарні на бульвары Сэн-Мішэль.
— Цікава... Дык, значыцца, цётка выклікала паліцыю?
— Яна патэлефанавала нам, і я адразу паслаў Леруа ў кнігарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.
— Жарыс — ягоны сябра?
— Так. Жарыс папрасіў у яго прытулку.
— З якой прычыны?
— Ён нібыта пасварыўся з бацькамі, а бацька ў яго такі жорсткі, што нават забіць можа.
— І колькі гэта ён пражыў пад ложкам?
— Адзін дзень і адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсі, так ён расказваў сябру. Я папярэдзіў усе пасты. Відаць, зноў бадзяецца.
— Грошы ў яго ёсць?
— Гэты хлопец не ведае.
— Вакзальныя пасты напагатове?
— Вядома.
Цікава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувізі? Удава з дачкою і з сёстрамі са шваграмі, напэўна, паабедалі і разважаюць цяпер наконт будучыні пані Турэ і Монікі...
Швагры, глытнуўшы па кілішку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях і паляць цыгары. І ўдаве, бадай, чарачку паднеслі — каб узняць тонус.
Ці згадваюць яны нябожчыка? Наўрад ці. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылі ж, мусіць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Ці ўцямілі хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самі яны так зневажалі?..
Камісару хацелася б апынуцца цяпер там, асабліва ж — убачыць Моніку і шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..
І выклікаць яе афіцыйна ў паліцыю няварта было яшчэ.
Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монікі Турэ.
— Скажыце, калі ласка, панна Турэ сёння на працы?
— Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?
Мэгрэ павесіў слухаўку.
— Сантоні тут?
— Не бачыў з самае раніцы.
— Пакінь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькі яна прыйдзе ў сваю кантору, і прывёў да мяне. І каб зрабіў гэта далікатна!
— Прывёў сюды?
— Але, да мяне ў бюро.
— Што яшчэ?
— Больш нічога! Дайце папрацаваць.
Сыты ён ужо сёння па горла і Луі Турэ, і ягонай сям'ёю, і ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кінуў бы зараз жа ўсе свае справы і пайшоў бы ў кіно.
Ён працаваў да сямі гадзін з такім імпэтам, быццам ад ягонай працы залежаў лёс свету. Ён закончыў і давёў да ладу афармленне раней пачатых спраў, тых, што тыднямі, а некаторыя і месяцамі чакалі сваёй чаргі, і нават тых, што практычна не мелі ніякае важнасці.
Нарэшце ён пайшоў з бюро з пачырванелымі ад доўгага і напружанага чытання-пісання вачыма.
І тут яму здалося, нібыта нешта вакол яго перамянілася. Спачатку ён не мог зразумець, што менавіта. Нарэшце працягнуў руку — і зразумеў: перастаў ісці дождж.
Камісар адчуў, што яму ўжо яго не хапае.

6. ЖАБРАКІ

Моніка Турэ сядзела ў «клетцы» — так Мэгрэ называў прыёмную. Камісар даваў ёй «настояцца» — многія ў гэтай чакальні гублялі ўпэўненасць.
— Што яна там робіць? — спытаўся Мэгрэ ў Сантоні.
— Нічога.
— Як у яе настрой?
— Маўчыць. Змрочная.
Ідучы на ранішні рапарт, Мэгрэ мімаходзь зірнуў на дзяўчыну. Праз паўгадзіны, калі ён вяртаўся ў кабінет, яна сядзела ў той самай паставе.
З зашклёнай чакальні было добра відаць калідор аддзялення. Сноўдалі туды-назад інспектары з пульхнымі папкамі. Правялі арыштаванага ў кайданках, потым — нейкую заплаканую жанчыну. Аднак на дзяўчыну, здавалася, нішто не дзейнічала. Яна захоўвала поўны спакой, хоць за гэты час у кабінет да Мэгрэ выклікалі ўжо ўсіх наведнікаў.
Праслухоўванне тэлефона Марыеты Жыбон нічога не дало: аніводнага званка. Можа, яна што-небудзь западозрыла?
Назіраючы за домам, інспектар з аддзела нораваў таксама нічога не заўважыў.
— А Жарыса ўчора ў шэсць гадзін вечара бачыў на рагу плошчы Клішы і вуліцы Баціньёль адзін паліцэйскі. Жарыс выходзіў з бістро. Схапіць яго паліцэйскі не паспеў, Жарыс знік у натоўпе. Больш яго ў гэтым квартале не бачылі, колькі ні пільнавалі.
Як сказаў уладальнік бістро, гэты кліент нікому не тэлефанаваў, але з'еў пяць яек укрутую з булачкамі і выпіў тры кубкі кавы. Даўно, напэўна, нябога не еў як след.
Затым камісара запрасіў да сябе суддзя Камельё.
— Нічога новага? — спытаўся ён.
— Спадзяюся накрыць забойцу ў бліжэйшыя дні.
— Забойства з мэтаю абрабавання?
— Думаю, што так.
Нарэшце Мэгрэ атрымаў ліст з фірмы, дзе быў зроблены нож, якім забілі Турэ. Фірма паведамляла: па нумары на дзяржанні ўдалося высветліць, што нож — з вялікай партыі тавару, прададзенай аптавіку ў Марселі.
Выходзіць, марна пяць інспектараў ажно тры дні апытвалі ледзь не ўсіх парыжскіх гандляроў нажамі. Жанв'е мала не закалаціла.
— Нічога, — супакоіў яго камісар, — звяжыся з Марселем, няхай пашукаюць. Потым захапі Моэрса з лабараторыі і схадзі з ім на вуліцу Ангулем. Няхай Моэрс здыме ўсе адбіткі пальцаў, якія толькі знойдзе ў пакоі Турэ. Асабліва ўважліва трэба агледзець верх шафы.
А Моніка ўсё чакала. Час ад часу Мэгрэ пасылаў каго-небудзь зірнуць на яе. Дзяўчына па-ранейшаму сядзела моўчкі, нічога не рабіла і заставалася зусім спакойная. Камісар дзівіўся: пасядзеўшы гадзіну ў «клетцы», мала хто не пачынаў нервавацца.
Нарэшце, калі прайшло паўтары гадзіны, Мэгрэ загадаў запрасіць яе. Ён сустрэў дзяўчыну стоячы і папрасіў прабачэння.
— Мне хацелася б пагаварыць з вамі грунтоўна, і я быў вымушаны вырашыць спешныя справы. Сядайце, калі ласка.
Дзяўчына села, паправіла прычоску, акуратна паклала сумку на калені.
Мэгрэ сеў за стол, узяў у рот люльку, але перш чым чыркнуць запалкаю, запытаўся:
— Дазволіце?
— Дыму я не баюся, бацька паліў і дзядзькі таксама.
Мінулы раз яна была ўзнерваваная, устрывожаная.
— Панна Моніка, вы вельмі любіце сваю маці?
Мэгрэ збіраўся пачаць допыт «з музыкай»: паступова і непрыкметна завесці дзяўчыну ў тупік, каб змусіць сказаць праўду. Аднак першы ж яе адказ збянтэжыў камісара.
— Не, — сказала яна зусім спакойна.
— Вы хочаце сказаць, што не ладзіце з ёю?
— Я яе ненавіджу.
— А чаму, вы можаце сказаць?
Яна паціснула плячыма.
— Вы ж былі ў нас дома. Бачылі яе.
— Дакладней можна?
— Яна думае толькі пра сябе, пра сваё становішча ў грамадстве, пра сваю старасць. Злуецца, што выйшла замуж не так удала, як сёстры, і што ёй прыходзіцца рабіць выгляд, што яна жыве не горш.
— А бацьку вы любілі?
Яна маўчала, і Мэгрэ перапытаў.
— Я думаю, — адказала яна, — не вельмі прыемна гаварыць пра гэта цяпер.
— І яго вы не надта любілі?
— Яго можна было толькі пашкадаваць.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Ён нічога не рабіў, каб палепшыць сваё становішча.
— У чым палепшыць?
— Ва ўсім. — І тут яна загаварыла з імпэтам: — Я вось дык толькі і думаю пра тое, каб палепшыць нашае так званае жыццё. Мне яно абрыдла. У мяне адна мэта — з'ехаць.
— Выйсці замуж?
— Выйсці не выйсці, але з'ехаць.
— І вы гэта збіраліся зрабіць у бліжэйшым часе?
— На днях.
— А з бацькамі вы раіліся?
— А навошта?
— Значыцца, вы з'ехалі б, не сказаўшы ні слова?
— А чаму не? Што б гэта ў іхнім жыцці змяніла?
Мэгрэ было ўсё цікавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, і яму прыйшлося запальваць яе два разы.
— Скажыце, а калі вы даведаліся, што бацька не працуе болей у Капланаў? — спытаўся ён раптам.
Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, відаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Інакш растлумачыць яе поўны спакой ніяк было нельга.
— Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзені ці лютым.
Фірму, згадаў Мэгрэ, закрылі ў кастрычніку.
— А як вы даведаліся?
— Выпадкова. Неяк пад вечар я разносіла квіткі...
— Вы ўжо тады працавалі на вуліцы Рывалі?
— Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкі, у чым прычына, і тая сказала, што фірма Капланаў закрылася.
— І, вярнуўшыся дамоў, вы нічога не сказалі маці?
— Нічога.
— Чаму?
— Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачаліся б такія разборы...
— Ён баяўся маці?
— Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.
У голасе дзяўчыны чулася пагарда.
— А ў бацькі вы спыталіся, дзе ён цяпер робіць?
— Не.
— Дык вы высачылі яго?
— Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрміновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягніка. І пайшла ўслед за ім.
— Што ж ён рабіў у той дзень?
— Хадзіў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спыніўся каля дошкі аб'яў. І я ўсё зразумела: ён шукаў працу.
— Але ж ён кожны месяц, як і раней, прыносіў у дом зарплату?
— І мяне гэта вельмі дзівіла. Я ўсё чакала, калі ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явіў маці, што запатрабаваў у Каплана надбаўкі і той яе даў!
— Калі гэта было?
— Прыкладна праз паўгода. У жніўні.
— І вы вырашылі, што бацька знайшоў працу?
— Але мне ўсё-такі хацелася праверыць, і я зноў дзень сачыла за ім. А ён і не думаў ісці ні на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за ім. Тады ён і заўважыў мяне — на Вялікіх бульварах, калі сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.
— Ён зразумеў, што вы сачылі за ім?
— Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, і ён запрасіў мяне выпіць кавы з марожаным на тэрасе.
— Што ён вам сказаў?
— Што фірмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нічога маці, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.
— Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравіках?
— Не, я ўбачыла іх на ім пазней, калі ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем і ў яго багата вольнага часу.
— А чаму ён не сказаў пра гэта маці?
— Яна пагарджае людзьмі, якія, каб зарабіць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах і нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягі, жабракі. Калі б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. І ўсё праз сясцёр...
— Ваша маці, гляджу, дужа да іх прыслухоўваецца.
— Яна ні ў чым не хоча здацца горшай за іх.
— А вы яму паверылі?
— Спачатку.
— А потым?
— А потым засумнявалася.
— Чаму?
— Надта ўжо добра ён зарабляў.
— Надта?
— Не ведаю, што для вас — «надта». Праз некалькі месяцаў ён сказаў маці, што яму зноў павялічылі зарплату, бо прызначылі памочнікам дырэктара. Маці пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пісаўся больш у пашпарце кладаўшчыком — яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прыніжанасць праз тое, што ейны муж — кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мітусіцца з-за такой драбніцы, былі б адно грошы.
— У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянуліся?
— Ён заўсёды, калі быў упэўнены, што маці не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калі-нікалі.
— Каб заплаціць за вашае маўчанне?
— Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.
— Вы казалі, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.
— Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне і частаваў у рэстарацыі сама дарагімі стравамі. Ён мяне і ў кіно запрашаў.
— І ўвесь гэты час вы сустракалі яго ў Парыжы ў жоўтых чаравіках?
— Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, і ён сказаў, што здымае для сваіх спраў пакой у Парыжы.
— Ён вам даў адрас?
— Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.
— У вас ужо быў які-небудзь сябра?
— Не.
— А калі вы пазнаёміліся з Альбэрам Жарысам?
Яна не запнулася, не пачырванела. Відаць, яна і да гэтага пытання падрыхтавалася.
— Месяцаў пяць назад.
— Вы яго, прабачце, кахаеце?
— Мы павінны разам з'ехаць.
— Каб ажаніцца?
— Тады, калі можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькі дзевятнаццаць і ён не можа ажаніцца без згоды бацькоў.
— А бацькі яе не даюць?
— І не дадуць.
— Чаму?
— Дык у яго ж яшчэ нічога няма: ні працы нармальнай, ні адукацыі. Бацькі ж толькі пра гэта і думаюць. Як мая маці.
— І куды ж вы збіраецеся ехаць?
— У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на візу.
— У вас ёсць грошы?
— Трохі. Маці пакідае мне частку майго заробку.
— Калі вы першы раз папрасілі грошай у бацькі?
На нейкі момант яна пільна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.
— Дык вы і гэта ведаеце?
Але адразу ж перастала вагацца.
— Я так і думала, што ведаеце. Таму і кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлічаеце і перакажаце ўсё маці. Хіба толькі калі вы такі ж, як і яна.
— Я нічога не збіраюся расказваць вашай маці.
— Зрэшты, гэта нічога б і не змяніла.
— Вы хочаце сказаць, што з'едзеце нягледзячы ні на што?
— І вельмі хутка.
— Дык як вы ўведалі бацькаў парыжскі адрас?
Цяпер яна ўжо відавочна завагалася, але ўсё-такі сказала праўду:
— Альбэр знайшоў ягоны пакой.
— Высачыў?
— Высачыў. Мы ўсё гадалі, як гэта бацька так добра зарабляе. І вырашылі дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымі фінансавымі аперацыямі.
— А чаму гэта так вас цікавіла?
— Ён павінен быў шмат зарабляць.
— Вы разлічвалі, што ён дасць вам грошай?
— Толькі на аплату парахода ў Амерыку.
— А вы разумееце, як гэта называецца?.. Вымаганне.
— Я лічу, што гэта натуральна, калі бацька...
— Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...
— Толькі тры дні.
— І што ён выявіў?
— А вы што-небудзь таксама выявілі?
— Я ў вас пытаюся.
— Па-першае, ён выявіў, што бацька здымае пакой у доме на вуліцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся ніякім страхаваннем, а бавіў час пераважна на лаўках у скверах Вялікіх бульвараў. Па-трэцяе...
— Што — па-трэцяе?..
— Што бацька мае каханку.
— І як вы да гэтага паставіліся, да трэцяга?
— Я думала, што яна прыгожая і маладая. А яна была зусім не лепшая за маці, нават падобная на яе.
— Вы яе бачылі?
— Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракаліся.
— На вуліцы Сэнт-Антуан?
— Ага. У кавярне. Я прайшла міма нібыта выпадкова і толькі зірнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з маці.
— А потым вы пайшлі на вуліцу Ангулем?
— Потым туды.
— І бацька даў вам грошы?
— Даў.
— Вы пагражалі яму, што выдадзіце маці?
— Не. Я проста сказала, што згубіла канверт з укладамі кліентаў і што, калі я іх не знайду, мяне выганяць з працы і нават аддадуць пад суд.
— Як ён павёў сябе з вамі?
— Ён саромеўся. Я заўважыла на століку фатаграфію, узяла яе і спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцінства, якую ён выпадкова сустрэў.
— Вам не здаецца, што вы... — абурана пачаў Мэгрэ.
— Не. Не здаецца. Я змагаюся, — перапыніла яна.
— З кім?
— З усім светам. Я не хачу скончыць, як маці, у затхлым жабрацкім доме.
— Альбэр таксама заходзіў да вашага бацькі?
— Я пра гэта нічога не ведаю.
— Вы, мілая мая, маніце.
Яна ўгледзелася ў камісара, потым апусціла галаву ў знак згоды.
— Чаму вы, калі гаворка заходзіць пра Альбэра, хлусіце?
— Таму, што з тае пары, як забілі бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чыніць непрыемнасці.
— А вы ведаеце, што ён паспеў знікнуць?
— Ён мне званіў.
— Калі?
— Перад тым, як знік. Два дні назад.
— Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?
— Не. Ён быў вельмі ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвінавацяць у забойстве.
— Чаму?
— Таму што ён заходзіў на вуліцу Ангулем.
— Калі вы зразумелі, што мы напалі на ягоны след?
— Калі ваш інспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавідзіць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збіць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.
— Але ён не паслухаўся?
— Не. Ён быў такі напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.
— А якія ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забіў вашага бацьку?
— А навошта яму было яго забіваць?
Гэтым разам яна і праўда была зусім спакойная.
— Мы ж з Альбэрам пры жаданні маглі атрымаць ад яго любыя грошы.
— А калі б бацька адмовіўся?
— Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй маці. Я ведаю, кім вы мяне лічыце. Але калі б вы пражылі лепшыя гады ў Жувізі, ды яшчэ ў такім доме, як наш...
— Вы бачылі бацьку ў дзень смерці?
— Не.
— Альбэр таксама не?
— Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалі і пра бацьку нават не загаварылі.
— Вы ведалі, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькі я зразумеў, вашая маці мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.
— Яна заўсёды гэта рабіла.
— Чаму?
— Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, маці знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомніла гэты выпадак. Бацькі тады яшчэ не надта зважалі на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага і ён змачыў насоўку шкіпінарам і правёў ёй па вуснах, таму і сляды.
— Напэўна, ён казаў праўду.
— Але маці не паверыла.
— Выходзіць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кішэні грошай больш, чым магло быць, калі ён працаваў у Капланаў?
— Грошы ён хаваў у сваім пакоі на вуліцы Ангулем.
— На версе шафы?
— А вы адкуль гэта ведаеце?
— А вы?
— Аднаго разу, калі я прыйшла да яго папрасіць грошай, ён залез на крэсла і дастаў з шафы жоўты канверт. У ім былі тысячафранкавыя білеты.
— І шмат?
— Вялікі пачак.
— Альбэр пра гэта ведаў?
— Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забіў бацьку. Ды ён бы нажом і ўдарыць не мог.
— Адкуль такая ўпэўненасць?
— Неяк ён парэзаў сабе сцізорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.
— Вы, прабачце, жывяце з ім?
Яна паціснула плячыма.
— Няўжо вы думаеце, што ў наш час...
— Дзе вы сустракаецеся?
— А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што паліцыя пра гэта нічога не ведае?
— Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусім відавочна, што вы шантажыравалі бацьку. Згодны?
Яна змаўчала.
— Па-другое, колькі за ім ні сачылі, так і не ўведалі, як жа ён зарабляе грошы.
— А мы і не надта стараліся ўведаць.
— Разумею. Вас цікавіў вынік.
Моніка неяк спачувальна ўсміхнулася. Яна, канечне, лічыла Мэгрэ прасцяком.
— Цяпер вы ведаеце ўсё, — сказала яна, збіраючыся ўстаць. — Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.
Але нешта ўсё-такі ўтрымлівала яе.
— Вы нічога не раскажаце маці?
— Вам жа ўсё роўна, вы ж вырашылі з'ехаць.
— Па-першае, я ж не заўтра паеду, па-другое, я б не хацела сцэн.
— Разумею.
— Альбэр — непаўналетні, і бацькі могуць...
— Я хацеў бы пагаварыць з ім.
— Калі б гэта залежала ад мяне, то ён прыйшоў бы сюды сёння ж. Але ён дурань. Сядзіць цяпер у якой-небудзь бярлозе і калоціцца.
— Нешта вы не дужа захоплена пра яго гаворыце.
— А я нічым асабліва не захапляюся. Вы папярэдзілі маё начальства, што выклікалі мяне?
— Я патэлефанаваў да вас і сказаў, што трэба выканаць розныя фармальнасці.
— Калі яны мяне чакаюць?
— Я часу не ўдакладняў.
— Мне можна ісці?
— Я вас не затрымліваю.
— Але загадаеце якому-небудзь інспектару, каб ён пайшоў следам за мною?
Мэгрэ ледзь не засмяяўся, аднак сказаў сур'ёзна:
— Магчыма.
— Марная праца.
— Дзякую за папярэджанне.
Але, калі яна выйшла, Мэгрэ сапраўды аддаў Жанв'е на ўсякі выпадак загад прасачыць за ёю.
Неўзабаве Мэгрэ ўспомніў, што забыўся задаць Моніцы адно важнае пытанне: хто, ён ці яна, захоўваў у сябе грошы на параход у Амерыку? Калі Альбэр, дык у яго цяпер ёсць грошы і, адпаведна, больш магчымасцей знікнуць. Калі грошы ў Монікі, тады яму, можа, і паесці няма на што.
Мэгрэ пачакаў яшчэ нейкі час, потым патэлефанаваў Моніцы на працу:
— Я хацеў бы пагаварыць з паннай Монікай Турэ.
— Хвілінку. Яна толькі што вярнулася.
— Алё! — адгукнулася Моніка.
— Не радуйцеся. Гэта не Альбэр. Камісар Мэгрэ. Я забыўся задаць вам адно пытанне. Грошы ў вас ці ў яго?
Яна зразумела адразу.
— У мяне.
— Дзе?
— Тут. Адна шуфляда ў маім стале замыкаецца на ключ.
— У Альбэра ёсць з сабою грошы?
— Наўрад ці багата.
— Дзякую.
Не паспеў камісар пакласці слухаўку, як яму патэлефанаваў Лапуэнт.
— Ты з вуліцы Ангулем? — здзівіўся Мэгрэ.
— Не з дому, а з бістро на рагу.
— Ну што там?
— Уяўляеце, шэф, у пакоі Турэ дужа дбайна прыбралі: падлогу і ўсю мэблю так нацёрлі, што ажно зіхацяць, пыл усюды выцерты.
— А верх шафы?
— Таксама. Я так і чытаў у гаспадыніных вачах: «Што, з'елі?» Яна сказала, што ўчора прыходзіла прыбіральшчыца, а вы не аддалі ніякіх загадаў, так што яна вырашыла падрыхтаваць пакой да засялення новага жыльца.
Гэта быў добры шчаўчок па носе. Трэба было раней пра гэта падумаць.
— А дзе Моэрс?
— Ён яшчэ там. Шукае сляды, але нічога не можа знайсці. Прыбіральшчыца добра папрацавала. Мне вяртацца ў аддзяленне?
— Чакай. Высветлі імя і адрас прыбіральшчыцы і распытай яе, якія і ад каго яна атрымала ўказанні і хто быў у пакоі, калі яна прыбірала.
— Будзе зроблена.
— Моэрс можа вяртацца. А, яшчэ: хто дзяжурыць з нораваў?
— Дзюмансэль.
— Няхай папросіць, каб узмацнілі пост і прасачылі за тымі, хто выходзіць з дому.
— Яны не надта збіраюцца выходзіць. Адна гуляе ўвесь час голая па лесвіцы, а другая ўсё ніяк не намыецца: у ванну — з ванны, у ванну — з ванны... Ну а трэцяй ужо некалькі дзён як няма.
— Ну, зрабі што трэба і вяртайся.
Мэгрэ выйшаў да свайго начальніка, але па дарозе яго перанялі і вярнулі назад: Нэвэ прывёў нейкага чалавека і хоча неадкладна паказаць яго.
Нэвэ стаяў у прыёмнай. Ён быў вельмі ўзбуджаны. Побач з ім сядзеў на крэсле нейкі надзіва цікавы тып: маленькі, кволы, няпэўнага ўзросту, смешны. Мэгрэ адразу ж падумаў, што ён яго некалі бачыў і нават ведаў.
Камісар прапанаваў Нэвэ:
— Можа, ты спачатку мне ў кабінеце што-небудзь растлумачыш?
— Не мае сэнсу. Да таго ж яго і на момант аднаго пакінуць нельга: уцячэ.
Толькі цяпер Мэгрэ заўважыў, што на руках у чалавека кайданкі.
Камісар адчыніў дзверы кабінета і ўпусціў арыштаванага. Той трохі накульгваў. Ад яго несла спіртным. Нэвэ зачыніў кабінет на ключ і толькі тады зняў з чалавека кайданкі.
— Не пазнаяце, начальнік?
Рот у затрыманага расцягваўся ледзь не да вушэй. Гледзячы на яго, так і хацелася засмяяцца.
Сумненняў не было; чалавек гэты не быў яму незнаёмы. І тут мільганула: ды ён жа на клоўна падобны! А нехта казаў яму нядаўна пра чалавека, падобнага на клоўна, якога... Гэта ж пані Машэр бачыла яго з Турэ на лаўцы!
— Сядай.
Чалавек адказаў як заўсёднік паліцэйскіх аддзяленняў:
— Дзякую, начальнік.

7. КЛОЎН

Інспектар Нэвэ быў настолькі ўзбуджаны сваім поспехам, што прадстаўляў арыштаванага так, нібыта аб'яўляў нумар у цырку:
— Джэф Шрамэк уласнай персонаю, або Клоўн Фрэд, ці Акрабат, нарадзіўся ў Рыксвіры, у вярхоўі Рэйна, шэсцьдзесят тры гады назад.
— Згадваеце, начальнік?
Нават арыштаваны, ён не пераставаў крыўляцца. У яго быццам патрэба такая была: выклікаць сваім выглядам і гаворкаю смех.
Мэгрэ пазваніў па ўнутраным тэлефоне:
— Прынясіце мне, калі ласка, дасье Джэфа Шрамэка.
Камісар успомніў: гадоў пятнаццаць назад гэты смешны чалавечак прагрымеў на ўсю краіну.
Гэта здарылася на пачатку вясны, у канцы дня. На Вялікіх бульварах было людна, так што гледачоў тады ў гэтага клоўна-аматара хапіла.
Нехта заўважыў, што ў акне высокага дома насупраць перамяшчалася святло ліхтарыка. Паднялі трывогу, прымчалася паліцыя, людзі, як заўсёды, збіліся ў натоўп, хоць большасць, вядома, нават і не пачула яшчэ, што ж тут такое здарылася. А чакала іх між тым неверагоднае двухгадзіннае прадстаўленне з камічнымі і драматычнымі нумарамі ўперамешку. Сабралася столькі людзей, што паліцыя вымушана была паставіць загароды.
Калі злодзей зразумеў, што яго ловяць,