Жорж Сімэнон

Першая справа Мэгрэ

Раман


Раздзел I
ФЛЕЙТЫСТ ДАЕ ПАКАЗАННІ

Чорны бар'ер падзяляў пакой на дзве часткі. На палове, прызначанай для наведвальнікаў, самотна тулілася каля пабеленай сцяны, спярэшчанай службовымі плакатамі і аб'явамі, чорная лава. Другую палову займалі пісьмовыя сталы з чарніліцамі, паліцы, напакаваныя разбухлымі папкамі, таксама чорнымі, так што ўсё тут было чорна-белае. Але найбольшую ўвагу звяртала на сябе печка, якая красавалася на лісце жалеза, чыгунная печка-«буржуйка» з тых, што можна ўбачыць хіба толькі на вакзале якога-небудзь захалуснага гарадка. Труба з яе спярша імкнулася ўгору, да самай столі, потым крута выгіналася ўбок цераз увесь пакой і, нарэшце, утыкалася ў сцяну.
Прыгажунчык паліцэйскі па прозвішчу Лякер сядзеў у пакоі, расшпіліўшы мундзір, і ледзьве адольваў дрымоту.
Насценны гадзіннік у чорным футарале паказваў дваццаць пяць хвілін другой гадзіны ночы. Раз-пораз патрэскваў адзіны ў пакоі газавы ражок. І ў печы таксама час ад часу гуло без дай прычыны.
Спакой ночы ўсё радзей і радзей парушаўся то пошчакам ляскоткі вартаўніка, то вясёлай песенькай запозненага гулякі, то грукатам фіякра па крутой вуліцы.
За сталом злева, уткнуўшыся ў невялікую новенькую брашуру «Курс апісальных прыкмет (славесны партрэт) для афіцэраў і інспектараў паліцыі», як школьнік, варушыў вуснамі сакратар камісарыята квартала Сэн-Жорж.
На форзацы кнігі было акуратна выведзена ад рукі фіялетавым чарнілам: Ж.МЭГРЭ.
Ужо трэці раз за гэту ноч Жуль Мэгрэ, малады сакратар паліцэйскага камісарыята, уставаў з-за стала паварушыць у печцы жар. Памяць аб гэтай печцы ён пранясе праз усё сваё жыццё; амаль гэткая ж будзе стаяць у яго на Набярэжнай Арфеўр, а пазней, калі ва ўсе памяшканні крымінальнага вышуку правядуць цэнтральнае ацяпленне, Мэгрэ - тады ён ужо будзе камісарам батальёна паліцыі ці начальнікам аператыўнай групы - здолее дабіцца дазволу захаваць такую печку ў сваім кабінеце.
Было 15 красавіка 1913 года. Тады вышукная паліцыя яшчэ называлася Сюртэ. Раніцай на Лангшанскі вакзал урачыста прыбыў адзін каранаваны чужаземец, сустракаць якога ездзіў сам прэзідэнт рэспублікі. Афіцыйныя ландо пад эскортам нацыянальнай гвардыі пры поўным парадзе паволі прадэфілявалі па авеню дзю Буа і Елісейскіх палях між дзвюма шарэнгамі натоўпу і сцягоў.
У Оперным тэатры адбыўся вялікі ўрачысты вечар, і толькі пад ноч аціх развясёлы людскі гоман і пагаслі агні феерверкаў.
Паліцыя знемагала. Нягледзячы на прынятыя меры засцярогі - загадзя праведзеныя арышты і тайную дамоўленасць з пэўнымі падазронымі асобамі, - усё ж трэба было апасацца, што ў любы момант можа мець месца якая-небудзь выхадка з боку анархістаў. Так і пільнуйся, каб па маршруту следавання высокага госця не ўзарвалася бомба.
У камісарыяце квартала Сэн-Жорж на ціхай вуліцы Лярошфуко дзяжурылі Мэгрэ і паліцэйскі Лякер. Роўна а палове другой ночы абодва разам натапырылі вушы, пачуўшы знадворку таропкія крокі. Дзверы расчыніліся. Задыханы малады чалавек, жмурачыся ад яркага святла, абвёў вачыма пакой.
- Месье камісар? - спытаў ён, з цяжкасцю пераводзячы дыханне.
- Я сакратар яго, - адказаў Мэгрэ, не скранаючыся з месца.
Ён яшчэ не ведаў, што гэта пачыналася яго першая самастойная справа.

* * *

Малады чалавек быў светлавалосы, шчуплы, блакітнавокі, з хваравітым румянцам на шчоках. Паверх фрака - прарызінены плашч. У адной руцэ юнак трымаў кацялок, другою раз-пораз мацаў свой распухлы нос.
- На вас напалі хуліганы?
- Не. Я спрабаваў прыйсці на помач жанчыне, якая клікала на ратунак.
- На вуліцы.
- У нейкім прыватным асабняку на вуліцы Шапталь. Вы павінны неадкладна пайсці туды. Яны выштурхнулі мяне за дзверы.
- Хто?
- Нейкі... Не то дварэцкі, не то канс'ерж.
- А ці не пачалі б вы з самага пачатку? Што вы рабілі на вуліцы Шапталь?
- Я вяртаўся з працы. Мяне завуць Жустэн Мінар. Я другая флейта ў эстрадным аркестры Лямуро, але вечарамі іграю ў рэстаранчыку «Клішы», што на бульвары Клішы. Жыву на вуліцы Анг'ен, якраз насупраць рэдакцыі «Пці Парыз'ен». Ішоў, як звычайна, спачатку па вуліцы Балю, затым па Шапталь.
Мэгрэ добрасумленна запісваў.
- Калі я аказаўся прыблізна на сярэдзіне вуліцы, - яна амаль заўсёды бязлюдная ў гэты час, - бачу: стаіць аўто «дыён-бутон», а матор працуе. За рулём мужчына ў шэрай тужурцы, твар амаль цалкам схаваны вялікімі цёмнымі акулярамі. Калі я падышоў трошкі бліжэй, на трэцім паверсе асабняка раптам расчынілася акно.
- Вы запомнілі нумар дома?
- Запомніў. Семнаццаць-біс. Гэта прыватны асабняк, з вялікім парадным пад'ездам. Святла не было нідзе ў доме. Толькі другое акно, калі лічыць злева, было асветлена, тое самае, што расчынілася. Я падняў галаву. І заўважыў постаць жанчыны. Яна выткнулася з акна і закрычала: «Ратуйце!..»
- Што зрабілі вы?
- Пачакайце... Нехта, відаць, тузануў яе назад. І ў той жа момант раздаўся стрэл. Я - зірк на легкавушку, якую толькі што абмінуў, але яна раптоўна сарвалася з месца - толькі яе і бачыў.
- Вы ўпэўнены, што гэта быў стрэл, а не трэск матора?
- Абсалютна ўпэўнены. Тады я кінуўся да дзвярэй і пазваніў.
- Вы былі адзін?
- Адзін.
- Узброены?
- Не.
- Што ж вы збіраліся рабіць?
- Але ж...
Пытанне настолькі збіла з толку флейтыста, што ён не знайшоўся, што адказаць. Калі б не светлыя вусы і рэдкая бародка, яму можна было б даць гадоў шаснаццаць, не болей.
- Суседзі нічога не чулі?
- Відаць, не.
- Вам адчынілі?
- Не адразу. Я званіў мо разы тры. Потым стаў грукаць у дзверы. Нарэшце пачуліся крокі: нехта зняў ланцужок, адкінуў засаўку. У парадным святла не было, але насупраць дома стаіць газавы ліхтар.
Гадзіна сорак сем. Флейтыст раз-пораз занепакоена паглядвае на насценны гадзіннік і працягвае:
- Здаравенны дзяціна ў фраку, мабыць, дварэцкі, спытаўся, што мне трэба.
- Вы кажаце, ён быў апрануты па ўсёй форме?
- Ну вядома!
- У манішцы і пры гальштуку?
- Канечне!
- А між тым у доме было цёмна?
- Апрача пакоя на трэцім паверсе.
- Што вы яму сказалі?
- Дакладна не памятаю. Я хацеў зайсці ў дом.
- Чаго?
- Паглядзець, што там адбываецца. Але ён заступіў мне дарогу. Тады я пачаў тлумачыць, што нейкая жанчына крычала праз акно, клікала ратаваць яе.
- Ён сумеўся?
- Ён змрочна глядзеў на мяне і моўчкі стараўся ўсім сваім корпусам выпхнуць мяне з дзвярэй.
- А потым?
- А потым ён нешта буркнуў. Я не зусім разабраў. Адным словам, нешта накшталт таго, што я трызню або што я п'яны. У цемры нечакана раздаўся яшчэ нечы голас - мне здалося, што крыкнулі з пляцоўкі на другім паверсе.
- Што менавіта?
- «Не марнуйце часу, Луі!»
- І што?
- Тады ён штурхнуў мяне, але я не паддаўся, і ён ударыў мяне кулаком проста ў твар. І я апынуўся на вуліцы перад замкнёнымі дзвярыма.
- На трэцім паверсе па-ранейшаму гарэла святло?
- Не.
- Аўтамабіль не вярнуўся?
- Не... А цяпер, можа, нам варта было б схадзіць туды?
- Нам? Вы гатовы суправаджаць мяне?
Гэты кантраст паміж жаноцкай кволасцю флейтыста і яго безразважнай рашучасцю адначасна і смяшыў, і кранаў.
- Хіба не мне з'ездзілі па фізіяноміі?! Дык вось, я падаю скаргу.
- Што ж, ваша права.
- Але было б найлепш, каб мы пайшлі туды неадкладна. Як вы думаеце?
- Які, вы сказалі, нумар дома?
- Семнаццаць-біс.
Мэгрэ звёў бровы: адрас яму нешта цьмяна прыгадаў. Ён дастаў з паліцы адну з папак, вычытаў нейкае прозвішча і яшчэ больш схмурнеў.
У той вечар Мэгрэ быў у мундзіры. Гэта быў, можна сказаць, першы мундзір у яго жыцці. За некалькі дзён да таго, пра што будзе расказана ў сувязі з візітам каранаванай асобы, усе службоўцы паліцыі абавязаны былі з'яўляцца на працу ў поўнай параднай форме - у любую хвіліну любы з іх мог быць далучаны да кола афіцыйных асоб.
Яго новенькі прарызінены плашч быў копіяй плашча Жустэна Мінара.
- Пайшлі! Калі будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся.
Мэгрэ быў трошкі ўсхваляваны. Прозвішча, якое ён толькі што вычытаў у папцы, было такое інтрыгуючае, што яму стала не па сабе.
Яму, сакратару камісарыята, было дваццаць шэсць гадоў, і мінула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажаніўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у паліцыі, яму прыходзілася выконваць самыя сціплыя абавязкі, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькі з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камісарыяце квартала Сэн-Жорж.
А ва ўсім квартале самае шаноўнае прозвішча было, безумоўна, прозвішча ўласнікаў дома 17-біс па вуліцы Шапталь.
Жандро-Бальтазар. Фірма па продажу кавы «Бальтазар». Гэтае прозвішча, выведзенае вялізнымі бурымі літарамі, красавалася на ўсіх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома «Бальтазар», запрэжаныя чацвёркай выдатных біцюгоў у раскошнай збруі, з'яўляліся як бы неад'емнай рысай аблічча Парыжа.
Сам Мэгрэ з задавальненнем піў каву «Бальтазар». А калі ішоў па авеню Опера, то ніколі не прамінаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, які даносіўся з вітрын крамаў фірмы «Бальтазар».
Ноч была светлая і золкая. На спадзістай вуліцы - ні душы, ніводнага фіякра паблізу. Мэгрэ ў тыя гады быў амаль гэткі ж хударлявы, як і ягоны спадарожнік-флейтыст, і калі яны крочылі поруч па вуліцы, іх можна было прыняць за двух падлеткаў.
- Спадзяюся, вы не «пад мухай»?
- Я ўвогуле не п'ю. Лекар забараніў.
- Вы ўпэўнены, што бачылі, як расчынілася акно?
- Абсалютна ўпэўнены.
Мэгрэ ўпершыню так спяшаўся - ляцеў як на крылах. Дагэтуль ён толькі суправаджаў свайго шэфа месье Лё Брэ, самага свецкага ва ўсім Парыжы камісара, у паасобных выездах паліцыі на месца здарэння і чатыры разы для ўстанаўлення факта адзюльтэра.
Вуліца Шапталь была гэткая ж пустынная, як і вуліца Лярошфуко. Ніводзін агеньчык не свяціўся ў асабняку Жандро-Бальтазараў, адным з найлепшых асабнякоў квартала.
- Вы казалі, што ля дома стаяў аўтамабіль.
- Не зусім ля дома. Хвіліначку... Во, якраз вось тут.
Сапраўды, не зусім ля дома. Трошкі прамінуўшы яго. Мэгрэ, галава якога была набіта апошнімі тэарэтычнымі выкладкамі адносна паказанняў сведак, запаліўшы васковую запалку, нагнуўся над брусчаткай.
- Вось бачыце! - пераможна ўсклікнуў музыкант, паказваючы пальцам на вялікую масляную пляму.
- Пайшлі. Хоць я і не зусім упэўнены, што раблю правільна, дазваляючы вам ісці са мной.
- Дык мяне ж ударылі!
І ўсё ж на душы ў Мэгрэ было трывожна. Паднімаючы руку да кнопкі званка, ён адчуў, як зашчымела сэрца, і стаў прыпамінаць, на які артыкул закона ён можа зараз спаслацца. Ордэра ён не меў. Апроч таго, цяпер глыбокая ноч. Ці мог ён абгрунтаваць матывы свайго ўрывання, калі адзіным рэчавым доказам злачынства быў распухлы нос флейтыста?
Як і флейтысту, яму давялося пазваніць тройчы, але грукаць нагой у дзверы ён не стаў. Нарэшце з-за дзвярэй пачуўся голас:
- Хто там?
- Паліцыя! - не зусім упэўнена адказаў Мэгрэ.
- Адну хвіліну, калі ласка. Пайду вазьму ключ.
У парадным шчоўкнула. У асабняку загарэлася святло. Прайшло яшчэ некалькі доўгіх хвілін чакання.
- Гэта ён, - пацвердзіў музыкант, пазнаўшы голас.
Нарэшце звякнуў ланцужок, стукнула засаўка, і перад імі ўзнік заспаны твар, і позірк, слізгануўшы па Мэгрэ, упёрся ў Жустэна Мінара.
- Злавілі-такі яго! - прамовіў мужчына. - Ён што, зноў недзе прыняўся за свае жартачкі?
- Дазвольце зайсці?
- Калі вы лічыце, што гэта неабходна. Я толькі папрашу вас не шумець, каб не ўзняць увесь дом на ногі. Прашу сюды.
Злева, над трыма мармуровымі прыступкамі, паблісквалі зашклёныя двухстворкавыя дзверы, якія вялі ў хол з калонамі. Упершыню ў жыцці Мэгрэ трапіў у дом, пышнасць і велічнасць якога нагадвала рэзідэнцыю па меншай меры міністра.
- Вас завуць Луі?
- Адкуль вы ведаеце?
Усё ж Луі расчыніў дзверы, але не ў салон, а ў пакой для слуг. Быў ён напаўраздзеты. Наспех надзетыя штаны, белая начная кашуля з чырвонай вышыўкай на каўняры, - здавалася, ён толькі што вылез з ложка.
- Месье Жандро-Бальтазар дома?
- Каторы? Бацька ці сын?
- Бацька.
- Месье Фелісьен яшчэ не вярнуўся. Што да месье Рышара, сына, то ён, мабыць, даўно спіць. Мо з паўгадзіны таму гэты п'яніца...
Луі быў рослы, плячысты мужчына гадоў пад пяцьдзесят. Падбародак яго быў выгалены да сінявы, над вачыма з вельмі цёмнымі зрэнкамі навіслі невераемна густыя чорныя бровы.
Мэгрэ зглытнуў сліну і рашуча, нібы кідаўся ў вір, прамовіў:
- Я хацеў бы пагаварыць з месье Рышарам.
- Загадаеце разбудзіць яго?
- Будзьце ласкавы.
- Пакажыце, калі ласка, вашы паперы.
Мэгрэ працягнуў сваё пасведчанне, выдадзенае паліцэйскай прэфектурай.
- Вы даўно працуеце ў нашым квартале?
- Дзесяць месяцаў.
- Служыце ў камісарыяце Сэн-Жорж?
- Так.
- Значыць, вы знаёмы з месье Лё Брэ?
- Гэта мой начальнік.
Тады Луі з уяўнай абыякавасцю, якая кепска маскавала пагрозу, прамовіў:
- Я таксама знаёмы з ім. Я маю гонар абслугоўваць яго, калі ён прыходзіць сюды снедаць ці абедаць.
Ён счакаў некалькі секунд, гледзячы ўбок.
- Вы ўсё яшчэ хочаце, каб я разбудзіў месье Рышара?
- Хачу.
- У вас ёсць ордэр?
- Няма.
- Цудоўна. Будзьце ласкавы пачакаць.
Ён падышоў да ўнутранай, у глыбіні сцяны, шафы, дэманстратыўна дастаў адтуль накрахмаленую манішку, каўнер, чорны гальштук. Затым апрануў мундзір, які вісеў там жа, і выйшаў.
У пакоі стаяў толькі адзін стул. Ні Мэгрэ, ні Жустэн Мінар не селі. Асабняк патанаў у цішыні і цемры. Усё выглядала неяк вельмі велічна і хвалююча.
Двойчы Мэгрэ вымаў гадзіннік з кішэні жылета. Прайшло дваццаць хвілін, перш чым Луі, усё гэткі ж стрыманы і афіцыйны, паказаўся зноў.
- Прашу за мной.
Мінар таксама памкнуўся ўслед за Мэгрэ, але дварэцкі спыніў яго:
- Не вы. Хіба толькі, калі вы таксама з паліцыі.
Нейкае незвычайнае пачуццё ахапіла Мэгрэ. Яму здалося здрадніцтвам пакінуць тут бездапаможнага флейтыста аднаго. Пакой для слуг, абліцаваны цёмнымі панелямі, на момант здаўся яму цямніцай, і ён выразна ўявіў сабе, як дварэцкі з сінім падбародкам вяртаецца сюды і з лютасцю накідваецца на сваю ахвяру.
Услед за Луі ён прайшоў праз хол з калонамі, і затым падымаўся па лесвіцы, усланай цёмна-чырвонай дывановай дарожкай.
Уздоўж лесвіцы гарэла толькі некалькі лямпачак, якія цьмяна асвятлялі прыступкі і сцены. Дзверы, што выходзілі на пляцоўку другога паверха, былі расчынены. У іх праёме стаяў мужчына ў халаце.
- Мне сказалі, што вы жадаеце пагаварыць са мной? Праходзьце, калі ласка. Пакіньце нас, Луі.
Пакой, сцены якога былі абшыты скурай і ў якім пахла гаванскімі сігарамі і невядомай Мэгрэ парфумай, служыў адначасова і гасцінай і кабінетам. Яшчэ адны дзверы, якія былі прыадчынены, вялі ў спальню, дзе пад балдахінам відаць быў рассцелены ложак.
З-пад халата Рышара Жандро-Бальтазара выглядвала піжама, на босых нагах - саф'янавыя пантофлі.
Яму было гадоў трыццаць. Смуглявы твар яго здаўся б зусім звычайным, калі б не крывы нос.
- Луі сказаў мне, што вы служыце ў нашым квартальным камісарыяце?
Ён адчыніў па-майстэрску аздобленую шкатулку з цыгарэтамі, працягнуў яе Мэгрэ, але той адмовіўся.
- Вы не паліце?
- Толькі люльку.
- Не прапаноўваю вам запаліць, бо не выношу паху люлечнага тытуню. Мяркую, перш чым прыйсці сюды, вы папярэдзілі майго сябра Лё Брэ?
- Не.
- Вось як! Прашу прабачэння, калі я не дужа дасведчаны ў паліцэйскіх парадках. Лё Брэ часты госць у гэтым доме, але, прызнацца, зусім не як паліцэйскі камісар. Дарэчы, ён так непадобны на паліцэйскага! Выдатны чалавек, і жонка ў яго чароўная. Але вернемся да справы. Якая гэта зараз гадзіна?
Ён зрабіў выгляд, што ніяк не знойдзе гадзіннік, і Мэгрэ дастаў з кішэні сваю пасярэбраную цыбуліну.
- Дзве гадзіны дваццаць пяць хвілін.
- А гэтай парой года днець пачынае, здаецца, гадзін у пяць, праўда? Я ведаю, бо часам мне выпадае прагульвацца конна па дзю Буа. Мне ўяўлялася, што хатні спакой грамадзян ад захаду да ўсходу сонца недатыкальны.
- Несумненна, але...
- Заўважце, я нагадаў пра гэта толькі для таго, каб і вы не забывалі пра існаванне законаў. Вы зусім малады і, відаць, яшчэ нявопытны. Вам пашчасціла, што вы трапілі да сябра вашага шэфа. Урэшце, спадзяюся, у вас дастаткова падстаў для таго, каб такім парадкам, як зараз, урывацца ў дом. Луі ў агульных рысах растлумачыў мне, у чым справа. Відаць, асоба, якую ён выштурхнуў за дзверы, даволі небяспечная? Нават у такім выпадку, дружа мой, вы павінны былі ўсё ж дачакацца ранку, як вы думаеце? Сядайце, калі ласка.
Сам ён не сеў, а мерна захадзіў па пакоі, пыхкаючы дымам эгіпецкай цыгарэты з пазалочаным муштуком.
- А цяпер, калі я даў вам гэты невялічкі ўрок, які вы заслужылі, скажыце, што вас цікавіць?
- Хто займае пакой над вамі, другое акно злева?
- Выбачайце?
- Прашу прабачэння. Вядома, вы не абавязаны адказваць мне, прынамсі, зараз.
- Абавязаны?.. - у вялікім здзіўленні перапытаў Рышар.
Кроў кінулася ў твар Мэгрэ, вушы запунцавелі.
- Гэтай ноччу ў пакоі над вамі нехта страляў.
- Выбачайце... Выбачайце... Вы не трызніце, спадзяюся?
«Народныя гулянні, маўляў, гэта, канешне, прычына, але ці не перабралі вы часам?»
На лесвіцы пачуліся крокі. Дзверы не былі зачынены, і Мэгрэ ўбачыў новую постаць, якая вырысавалася на пляцоўцы, постаць, якая, здавалася, сышла з вокладкі моднага часопіса. Мужчына быў у фраку, палярыне і цыліндры. Ён быў худы і стары, а яго тонкія вусы з ускінутымі ўгору кончыкамі былі відочна нафарбаваны.
Ён спыніўся ў парозе, нерашуча, здзіўлена, неяк нават баязліва.
- Заходзьце, бацька. Я думаю, зараз вы насмеяцеся ад душы. Вось гэты месье служыць у нашага сябра Лё Брэ...
Дзіўна, Фелісьен Жандро-Бальтазар-бацька не выглядаў п'яным, і ўсё ж трымаўся ён неяк хістка, нерашуча, няўпэўнена.
- Вы бачылі Луі? - прадаўжаў сын.
- Ён з нейкім унізе...
- Правільна. Нейкі п'яніца - калі толькі не вар'ят - нядаўна, перад вашым прыходам ледзь не разнёс наша параднае. Луі выйшаў і - як толькі ён яго адужаў? - не даў яму ўварвацца ў дом. А цяпер месье...
Ён змоўк, запытальна гледзячы на Мэгрэ.
- Мэгрэ.
- Месье Мэгрэ, сакратар нашага сябра Лё Брэ, прыйшоў сюды, каб запытаць у мяне... Дарэчы, а што вас, на самой справе, цікавіць?
- Хто жыве ў пакоі над вамі - другое акно злева?
Мэгрэ здалося, што бацька занепакоіўся і што занепакоенасць гэта выклікана нейкімі незвычайнымі абставінамі. Як толькі стары зайшоў у пакой, ён кінуў на сына погляд, поўны страху і пакоры. Ён не адважваўся раскрыць рот. Здавалася, што чакае на гэта дазволу Рышара.
- Мая сястра, - адказаў, нарэшце, Рышар. - Гэта ўсё?
- Яна зараз дома?
Мэгрэ звярнуўся не да сына, а да бацькі. Аднак і на гэты раз адказаў сын.
- Не. Яна ў Ансевалі.
- Выбачайце. Не зразумеў.
- У нашым замку, замку Ансеваль каля Пуійісюр-Луар, у дэпартаменце Ньеўр.
- Значыць, пакой яе пусты?
- Маю ўсе падставы меркаваць.
І дадаў іранічна:
- Здаецца, вы гарыце жаданнем пераканацца ў гэтым? Я правяду вас. А заўтра змагу павіншаваць нашага сябра Лё Брэ з надзвычайнай стараннасцю яго падначаленых. Прашу за мной.
На здзіўленне Мэгрэ, бацька таксама нерашуча паплёўся за імі.
- Вось той пакой, пра які вы пытаецеся. На шчасце, ён не замкнёны.
Ён шчоўкнуў выключальнікам. Спальня была абстаўлена светлай паліраванай мэбляй, сцены ўбраны блакітным шоўкам. Бакавыя дзверы вялі ў будуар, дзе панаваў ідэальны парадак, кожная рэч, здавалася, была на сваім месцы.
- Толькі ўважліва перагледзьце ўсё, малю вас! Сястра прыйдзе ў захапленне, калі даведаецца, што паліцыя поркалася ў яе рэчах.
Не даючы збіць сябе з панталыку, Мэгрэ падышоў да акна. Цяжкія шаўковыя шторы былі трошкі цямнейшага блакіту, чым драпіроўка. Ён расхінуў іх, убачыў цюлевую фіранку, прызначаную змякчаць дзённае святло, і заўважыў, што адзін край фіранкі прышчэмлены аконнай рамай.
- Ніхто не заходзіў сюды вечарам? - спытаў ён.
- Хіба што хто-небудзь з пакаёвак.
- Іх шмат у вас?
- А як вы думалі? - з сарказмам перапытаў Рышар. - Дзве, Жэрмена і Мары. Ёсць яшчэ жонка Луі, яна ў нас за кухарку. І кастэлянка, але яна замужам, раніцай прыходзіць, а вечарам ідзе дадому.
Фелісьен Жандро-бацька моўчкі глядзеў то на аднаго, то на другога.
- У чым справа? - нарэшце, адкашляўшыся, спытаў ён.
- Далібог, не ведаю. Спытайцеся ў месье Мэгрэ.
- Адзін чалавек, які праходзіў міма вашага дома прыблізна паўтары гадзіны таму, пачуў, як раптоўна расчынілася акно ў гэтым пакоі. Ён падняў галаву і заўважыў перапалоханую жанчыну, якая клікала на дапамогу.
Мэгрэ заўважыў, як рука бацькі з усёй сілы сціснула залатую булдавешку трысціны.
- А далей што? - запытаў Рышар.
- Жанчыну адцягнулі ад акна, і ў той жа момант раздаўся стрэл.
- Ды што вы кажаце?!
Жандро-малодшы, быццам зацікаўлены і ўстрывожаны, азірнуўся, прыкідваючыся, што шукае след кулі ў шоўку, якім былі задрапіраваны сцены.
- А ведаеце, што мяне асабліва здзіўляе, месье Мэгрэ, - прабачце, я не пераблытаў ваша прозвішча? Месье Мэгрэ? - Дык вось, мяне здзіўляе, што пры наяўнасці такога сур'ёзнага абвінавачвання вы не прынялі элементарных мер перасцярогі, не папярэдзілі сваё начальства. Па-мойму, вы дзейнічалі трошкі легкадумна, кінуўшыся адразу сюды. Вы хоць ведаеце гэтага прахожага з такім багатым уяўленнем?
- А ён унізе.
- Мне дужа прыемна, што ён знаходзіцца пад маім дахам. Адным словам, вы не толькі самі ўварваліся сюды ноч-апоўнач, насуперак законам, якія стаяць на варце свабоды грамадзян, а яшчэ і прывялі з сабою нейкую даволі падазроную - прынамсі, у маіх вачах - асобу. Аднак, раз вы ўжо тут, то, дзеля таго каб заўтра вы змаглі далажыць падрабязна пра ўсё нашаму сябру Лё Брэ, прашу вас прыступіць да неабходных фармальнасцей. Думаю, вам не пашкодзіць пераканацца, што пасцеллю маёй сястры сёння ноччу ніхто не карыстаўся?
Ён сарваў з ложка шаўковае пакрывала, пад якім аказаліся просціны без ніводнай зморшчынкі і бездакорна чыстая падушка.
- Шукайце, прашу вас! Абмацвайце ўсе закуткі. Вы, канешне, захапілі з сабой лупу?
- У ёй няма патрэбы.
- Прабачце. За выключэннем Лё Брэ, я не меў гонару быць знаёмым з паліцыяй, хіба што па раманах... Вы кажаце, стралялі? То, можа, дзе-небудзь ляжыць і труп? Давайце паходзім! Пашукаем яго разам! Мо ў гэтай шафе? Усяляк бывае!
Ён расчыніў створкі шафы, і Мэгрэ ўбачыў мноства сукенак, акуратна развешаных на вешалках.
- Можа, тут? Гэта абутак Эліз. Яна, як бачыце, не ведае ў ім ні ліку, ні меры. Прашу ў будуар...
У рэпліках яго ўсё болей і болей адчувалася з'едлівая насмешка.
- Ці не праз гэтыя дзверы? Праўда, яны забіты наглуха з таго часу, як памерла маман. Але ў пакой можна трапіць і з калідора. Хадзем. Ну хадзем жа! Прашу вас!..
Цэлых паўгадзіны цягнуўся гэты кашмар. Мэгрэ не заставалася нічога іншага, як падпарадкавацца. Рышар літаральна загадваў яму. А прысутнасць старога Жандро-Бальтазара, які хадзіў за імі след у след, у сваім цыліндры, з палярынай на плячах і трысцінай з залатой булдавешкай у руцэ, надавала іх блуканню па асабняку нешта тэатральна-жахлівае.
- Ну што вы! Яшчэ рана ўніз. Вы забыліся, што над намі ёсць яшчэ адзін паверх, мансардны, дзе начуе прыслуга.
Лямпачкі ў калідоры без абажураў. Пакатая столь. Рышар стукае ў дзверы.
- Адчыніце, Жэрмена. Ды адчыніце ж! Не мае значэння, што вы ў кашулі. Гэта паліцыя.
Пышная дзяўчына з заспаным тварам, пах віна, скамечаная пасцель, на туалетным століку грэбень са злямцаванымі валасамі.
- Вы чулі стрэл?
- Што?!
- Калі вы леглі спаць?
- Я паднялася сюды ў дзесяць.
- І вы нічога не чулі?
Пытанні задае Рышар.
- Пайшлі ў пакой!.. Адчыніце, Мары... Ды нічога, малышка, гэта не мае значэння.
Шаснаццацігадовае дзяўчо ў накінутым паверх кашулі зялёным паліто дрыжыць усім целам.
- Вы чулі стрэл?
Яна з непрытоеным жахам глядзіць на Рышара і Мэгрэ.
- Вы даўно спіце?
- Не ведаю.
- Вы чулі што-небудзь?
- Не. У чым справа? Што здарылася?
- У вас ёсць пытанні, месье Мэгрэ?
- Я хацеў бы запытацца ў яе, адкуль яна родам.
- Адкуль вы родам, Мары?
- З Ансеваля.
- А Жэрмена?
- Таксама з Ансеваля.
- А Луі?
- З Ансеваля, месье Мэгрэ, - адказвае Рышар, не тоячы насмешкі. - Я бачу, вам невядома, што ўладальнікі замкаў звычайна набіраюць слуг са сваіх маёнткаў.
- Што тут?
- Пакой мадам Луі.
- Муж яе таксама тут спіць?
- Ён спіць унізе, у швейцарскай.
Мадам Луі доўга не адчыняе. Маленькая, чарнавалосая і смуглая, залішне поўная жанчына з недаверлівымі вачыма.
- Вы яшчэ доўга будзеце чыніць гэты гармідар? Дзе Луі?
- Унізе. Скажыце, вы чулі стрэл?
Яна амаль выстаўляе іх за дзверы, голасна выказваючы сваё абурэнне. А Рышар усё адчыняе і адчыняе дзверы ў пустыя пакоі, каморы, мансарду. Не пазбавіў ён Мэгрэ і ад вышак, потым прымусіў спусціцца на другі паверх і агледзець апартаменты бацькі і сына.
- Цяпер гасціная. Хадзем, хадзем! Абавязкова! Для мяне гэта вельмі важна.
Рышар уключыў святло, і вялікая крышталёвая люстра зазіхацела, абазвалася мілагучным звонам.
- Прашу вас. Што, ніякіх трупаў? Ніякіх параненых? Вы ўсё агледзелі? Не жадаеце спусціцца ў склеп? Заўважце, зараз чвэрць чацвёртай.
Ён расчыніў дзверы ў пакой для слуг: Жустан Мінар сядзеў на стуле, непадалёк ад яго, у кутку, стаяў Луі - ён вартаваў яго, як арыштанта.
- Гэта і ёсць той самы малады чалавек, які чуў стрэл? Я проста шчаслівы, што маю магчымасць пазнаёміцца з такой надзвычайнай асобай. Мяркую, месье Мэгрэ, цяпер я маю падставу скласці скаргу наконт паклёпніцкага абвінавачвання і спробы парушыць недатыкальнасць жытла?
- Ваша права.
- Усяго найлепшага, Луі, правядзіце гэтых месье.
Стары Жандро адкрыў рот, але нічога не сказаў. Што да Мэгрэ, то ён яшчэ здолеў прамовіць:
- Дзякую вам.
Луі правёў іх да выхада і замкнуў за імі цяжкія дзверы.
Збітыя з панталыку, збянтэжаныя, трошкі ўстрывожаныя, яны самотна спыніліся на левым баку вуліцы Шапталь. Мэгрэ машынальна кінуў позірк на масляную пляму на брусчатцы, нібыта яна насуперак усяму магла рэальна падтрымаць яго.
- Паверце, я не піў, клянуся!
- Веру.
- І я не вар'ят.
- Само сабой...
- Як па-вашаму, гэта гісторыя можа вам нашкодзіць? Я ж чуў сёе-тое...
Вось так Мэгрэ абнавіў той ноччу свой першы мундзір, які трошкі ціснуў яму пад пахамі.

Раздзел II
РЫШАР ХЛУСІЎ

Без дзесяці дзевяць уранку ўсмешлівая мадам Мэгрэ, ад якой хораша пахла свежасцю і духмяным мылам, рассунула на акне шторы, даючы дарогу вясёламу сонцу. Прайшло не шмат часу, як яна выйшла замуж, і яшчэ не прывыкла бачыць, як спіць гэты ўскудлачаны пышнавалосы мужчына, як уздрыгваюць кончыкі яго русявых вусоў і наморшчваецца лоб, калі на твар сядзе муха. Яна засмяялася. Яна заўжды смяялася, калі раніцай падыходзіла да яго з кубачкам кавы ў руцэ, а ён глядзеў на яе затуманенымі сном і, як ёй здавалася, трошкі дзіцячымі вачыма.
Мадам Мэгрэ была маладзіца свежая і пухленькая як пампушка, - гэтакіх часта можна бачыць у булачнай ці за мармуровай стойкай у малочнай. Жыццярадаснасць ніколі не здраджвала ёй, і Мэгрэ мог на цэлыя дні пакідаць яе адну ў іх маленькай кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, не баючыся, што ёй хоць на хвіліну стане сумна.
- Пра што ты думаеш, Жуль?
У той час яна яшчэ не называла яго Мэгрэ, але і тады ўжо яна поўнілася да яго той глыбокай прыроднай павагай, якую адчувала да свайго бацькі і, несумненна, перанесла б і на свайго сына, калі б ён з'явіўся ў яе.
- Я думаю...
І ён працытаваў ёй радкі, якія прыйшлі яму на памяць у той момант, калі ён расплюшчыў вочы пасля толькі двухгадзіннага сну. Гэта была цытата з правіл унутранага распарадку паліцыі:
«Службоўцы Вышукной паліцыі абавязаны ўвесь свой час аддаваць службе.
Любое распачатае следства ці назіранне павінна быць праведзена ў самы сціслы тэрмін, і ў гэтыя гадзіны ці дні службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак».
Ён пакінуў камісарыят а шостай раніцы, калі на змену яму прыйшоў сакратар-асістэнт Альбер Люс. На дварэ паветра было такое свежае, вуліцы Парыжа поўніліся такой зялёнай сакавітасцю, што ён зрабіў ладны круг, каб прайсціся па Цэнтральнаму рынку, падыхаць водарам вясковай гародніны і садавіны.
Не адзін Мэгрэ не спаў у гэту ноч. Візіт замежнага правіцеля быў разлічаны ўсяго на тры дні, але паліцэйскія службы, асабліва тыя, што вялі нагляд за кватарантамі мэбляваных пакояў, вакзаламі, чужаземцамі, дробнымі правапарушальнікамі, не мелі спакою ўжо шмат тыдняў падрад. І ўжо знемагалі ад стомы.
Улады не давалі дыхнуць ні жыхарам, ні паліцэйскім камісарыятам. Маршруты сустрэчы і праводзін манарха сурова, да секунд разлічаныя загадзя, не закраналі квартал Сэн-Жорж, і незанятыя людзі былі пасланы ў распараджэнне камісарыята квартала Гранд-Опера.
Адны анархісты здольны былі пазбавіць паліцыю сну. А тут жа яшчэ і ўсялякія «псіхі», каго падобныя ўрачыстасці заўсёды выводзяць з раўнавагі, зладзеі-кішэннікі і нячыстыя на руку прастытуткі, якія бурна аддаваліся радасцям з правінцыяламі, прывабленымі парадам.
- Гэта кава ад «Бальтазара»? - запытаўся Мэгрэ ў жонкі.
- Чаму ты пытаешся? Яна табе не падабаецца?
- Проста хачу ведаць, чаму ты купляеш менавіта гэту каву, а не іншую. Хіба яна найлепшая?
- Ва ўсякім выпадку - не найгоршая, да таго ж - і з карцінкамі.
Ён зусім забыўся пра альбом, у які жонка старанна ўклейвала карцінкі, схаваныя ў кожным пачку кавы. На карцінках былі намаляваны кветкі з усяго свету.
- Калі назбіраць тры поўныя серыі, можна бясплатна атрымаць арэхавую спальню.
Мэгрэ прыняў душ - тады ў кватэры яшчэ не было ванны. Потым паеў супу: ён заўсёды еў суп раніцай у сябе ў вёсцы і захаваў гэту звычку ў горадзе.
- Ты, канешне, не ведаеш, калі вернешся?
- «...у гэтыя гадзіны ці дні службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак», - з усмешкай сказаў ён.
Мадам Мэгрэ вельмі добра ведала свайго мужа. На яе галаве ўжо красаваўся капялюшык. Яна любіла праводзіць мужа на работу, быццам дзіцё ў школу, але да самага камісарыята не даходзіла, бо ён бы адчуваў сябе няёмка пры сустрэчы з якім-небудзь сваім калегам.
Роўна а дзесятай на вуліцы Лярошфуко спыняўся кабрыялет камісара, запрэжаны няўрымсным стаеннікам, і фурман забіраў лейцы з рук гаспадара. Максім Лё Брэ быў, мусіць, адзіны паліцэйскі камісар ва ўсім Парыжы, які меў уласны экіпаж і жыў у Мансо ў адным з новых гмахаў па бульвары Курсэль.
Перш чым з такім форсам з'явіцца ў камісарыяце, ён паспяваў адведаць клуб Гоша, пафехтаваць там, паплаваць у басейне і пабываць у масажыста.
Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камісара, і Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над ім, сілячыся нічога не ўпусціць з зусім яшчэ свежых у памяці тэарэтычных выкладак.
Пасля падзей на вуліцы Шапталь флейтыст Жустэн Мінар так і не пакінуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камісарыята. Яны спыніліся ля ўвахода.
- Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ.
- Жанаты.
- Жонка, напэўна, непакоіцца.
- Гэта не мае значэння.
І Жустэн зайшоў у камісарыят. Мэгрэ занатаваў паказанні музыканта, даў яму падпісаць. Аднак флейтыст усё не ішоў дадому.
- Жонка ўчыніць вам скандал.
- Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн.
Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сілай справадзіў яго на золку. Развітваючыся, флейтыст нясмела і разам з тым настойліва запытаўся:
- Вы дазволіце мне прыйсці пабачыцца з вамі?
Ён падаў скаргу на дварэцкага Луі, у якой рашуча настойваў на ўмяшанні паліцыі. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалі цяпер на стале камісара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў.
Рэдка хто бачыў, як прыходзіў Максім Лё Брэ, таму што ішоў ён бакавым калідорам і трапляў проста ў свой кабінет, але прыход яго быў чуцён, і на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца.
На лаве ўжо месцілася з тузін звычайных кліентаў, у большасці бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклікаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства ці аб маёмасным становішчы, рэгістраваў згубленыя ці знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў ці гандляроў забароненымі таварамі.
Пад насценным гадзіннікам у чорным футарале цьмяна пабліскваў каўпак электрычнага званка, і калі гэты званок зазвініць...
Мэгрэ прыкінуў, што спатрэбіцца хвілін дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт і паказанні сведкі Мінара. Мінула дваццаць хвілін, а выкліку ўсё не было, і толькі лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасіў злучыць яго з некім па тэлефоне.
Абабітыя дзверы аддзялялі кабінет Лё Брэ ад залы камісарыята. Яны заглушалі нават самыя гучныя галасы.
Ці не з Рышарам Жандро, сваім частым сатрапезнікам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ?
Званка не было. Раптам дзверы прыадчыніліся.
- Мэгрэ!
«Добрая прыкмета? Ці кепская?»
- Зайдзіце, дружа.
Перш чым сесці за стол, камісар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькі разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамі, памаўчаў, нібы падбіраючы словы, уздыхнуў:
- Я прачытаў вашы цыдулкі.
- Слухаю, месье камісар.
- Вы зрабілі так, як былі абавязаны зрабіць. Ваш рапарт вельмі талковы, вельмі скрупулёзны.
- Дзякую, месье камісар.
- У ім нават пра мяне ідзе гаворка.
Ён жэстам спыніў Мэгрэ, які памкнуўся запярэчыць.
- Гэта зусім не папрок, наадварот.
- Я стараўся як мага дакладней запісаць усё бачанае і пачутае.
- І вы мелі магчымасць агледзець увесь дом?
- Мяне вадзілі з пакоя ў пакой.
- І вы маглі ўпэўніцца, што нічога надзвычайнага не аказалася?
- У пакоі, азначаным Жустэнам Мінарам, цюлевая фіранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмі спяшаўся.
- Але гэта магло быць зроблена невядома калі, ці ж не так? Дзе доказ, што фіранка прышчэмлена толькі што, а не шмат дзён назад?
- Бацька, месье Фелісьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмі ўсхваляваўся, калі ўбачыў мяне ў доме.
- Вы напісалі - «перапалохаўся».
- Такое маё ўражанне.
- Я асабіста ведаю Жандро, мы некалькі разоў на тыдзень сустракаемся з ім у клубе.
- Я ведаю гэта, месье камісар.
Камісара - сімпатычнага, пародзістага мужчыну - можна было бачыць на ўсіх свецкіх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемніц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойліва працаваць. Павекі яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўваліся глыбокія «гусіныя лапкі». Відаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, і большасцю папярэдніх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ.
- Паклічце да мяне Бесана.
Бесан быў той адзіны інспектар, якога пакінулі ў камісарыяце на час манаршага візіту.
- У мяне ёсць для вас адна работка, Бесан.
Ён вырваў з блакнота лісток, запісаў на ім прозвішча і адрас флейтыста Жустэна Мінара.
- Збярыце, калі ласка, усе звесткі пра гэтага чалавека, месье. І чым хутчэй, тым лепей.
Бесан зірнуў на адрас, узрадаваўся, што працаваць давядзецца ў самім Парыжы, і паабяцаў:
- Будзе зроблена, шэф.
Застаўшыся сам-насам з Мэгрэ, камісар ледзь прыкметна ўсміхнуўся і прамовіў:
- Вось так. Лічу, што гэта адзінае, што трэба зрабіць перш за ўсё.

* * *

Седзячы за сваім чорным сталом, Мэгрэ з невядомай яму дагэтуль раздражнёнасцю разбіраў зашмальцаваныя паперы, выслухоўваў скаргі канс'ержаў і тлумачэнні вулічных гандляроў.
Самыя крайнія рашэнні прыходзілі яму ў галаву: напрыклад, неадкладна падаць у адстаўку. Выходзіць, усё, што камісар, на яго думку, у сіле зрабіць - гэта сабраць звесткі аб флейтысце! Дык чаму б ужо і не арыштаваць яго дый не адлупцаваць заадно?!
Мэгрэ таксама мог бы пазваніць вышэйшаму начальству альбо нават пайсці да яго на прыём. Ён быў асабіста знаёмы з Ксаўе Гішарам, шэфам Вышукной паліцыі. Ксаўе Гішар даволі часта праводзіў свой адпачынак непадалёку ад іх вёскі ў Алье і колісь сябраваў з бацькам Мэгрэ.
Ён не тое што памагаў Мэгрэ, але непрыкметна ўвесь час сачыў за ім здалёку, ці, дакладней, зверху, і, відаць, менавіта пры яго садзейнічанні вось ужо чатыры гады Мэгрэ пастаянна пераводзілі з адной работы на другую, каб ён на ўласным вопыце пазнаёміўся з усімі спружынамі паліцэйскай службы.
«Мінар не вар'ят. І не быў п'яны. Ён сваімі вачыма бачыў, як расчынілася акно. І чуў стрэл. І я сам выдатна бачыў масляныя плямы на брусчатцы». Ён абурана выкажа ўсё гэта. І запатрабуе... Нечакана яго асяніла думка. Ён выйшаў з пакою, спусціўся па сходках з трох прыступак уніз і апынуўся ў дзяжурцы, дзе паліцэйскія рэзаліся ў карты.
- Скажыце, брыгадзір, ужо ўсе паставыя, якія дзяжурылі сёння ноччу, паздавалі рапарты?
- Не, не ўсе.
- Мне б хацелася, каб вы задалі ім адно пытанне. Я хацеў бы ведаць, ці не прыкмеціў хто-небудзь з вашых паміж апоўначчу і дзвюма гадзінамі ночы аўтамабіль маркі «дыён-бутон» у нашым квартале. Нам невядома: апрача шафёра, быў яшчэ хто-небудзь у машыне ці не?
Абыдземся без камісара! «Усялякае распачатае следства ці назіранне...»
Ён выдатна ведаў тэорыю. Бальтазар гэта ці не Бальтазар, а следства вядзе ён.
Гадзіне а дванаццатай яго апанавала дрымота, але яго чарга ісці на полудзень яшчэ не падышла. Павекі зліпаліся. Часам ён нават па два разы задаваў адно і тое ж пытанне сваім кліентам.
З'явіўся Бесан. Водар абсенту зыходзіў ад яго вусоў і нагадваў пра прахалоду «бістро» ці пра мяккае асвятленне ўтульнай тэрасы якой-небудзь кавярні на Вялікіх Бульварах.
- Шэф яшчэ тут?
Камісара на месцы ўжо не аказалася, і Бесан сеў за стол, каб скласці пісьмовы рапарт.
- Няшчасны чалавек! - уздыхнуў ён.
- Хто?
- Музыкант.
І Бесан, свежы, ружовашчокі здаравячок, працягваў:
- Па-першае, ён сухотнік. Аднаго гэтага аж занадта. Вось ужо два гады, як яго намагаюцца адправіць у горы, але ён і слухаць не хоча.
У бок плошчы Сэн-Жорж галопам праскакалі коні. Раніцай на плошчы Інвалідаў адбыўся парад, і цяпер вайсковыя часці вярталіся ў казармы. У горадзе ўсё яшчэ панавала ўзбуджанасць, усюды, куды ні глянь, калыхаліся сцягі, разгульвалі ваенныя ў параднай форме, грымелі аркестры, стракаты натоўп спяшаўся да Елісейскага палаца, дзе давалася афіцыйнае снеданне.
- Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры, вокнамі ў двор. Шосты паверх без ліфта.
- Вы хадзілі да іх?
- Я перакінуўся словам спярша з вугальшчыкам, які жыве ў тым жа доме, пасля з канс'ержкай, яна аказалася маёй зямлячкай. І зімой і летам кватаранты скардзяцца ёй на флейтыста, што ён дзень пры дні грае ля насцеж расчыненага акна. Канс'ержка вельмі добра адносіцца да яго. Вугальшчык таксама, хоць флейтыст і завінаваціўся яму за вугаль. Што да ягонай кабеты...
- Вы бачылі яе?..
- Яна якраз выйшла з дому, калі я сядзеў у канс'ержкі. Мажная пышная брунетка, а вочы так і сыплюць зоркі! Кармен, дый годзе! Вечна ў халаце і ў шлёпанцах шпацыруе па навакольных крамах. Толькі і занятку ў яе, што ходзіць па гадалках. Мужа грызе без адхлання. Канс'ержка божыцца, што яна нават б'е яго. Няшчасны чалавек!..
Бесан вымучыў некалькі радкоў: складаць рапарты было яму цяжка.
- Я сеў у метро і адправіўся ў рэстарацыю «Клішы», каб пагаварыць з начальствам флейтыста. Нічога благога мне пра яго не сказалі. Не п'е. На работу прыходзіць заўсёды на пяць хвілін раней. З усімі ветлівы, а касірка проста ў захапленні ад яго.
- А дзе ён сам?
- Не ведаю. Але дома не было. Канс'ержка сказала б.
Мэгрэ выйшаў з камісарыята і рушыў у невялічкі бар на плошчы Сэн-Жорж з'есці пару крутых яек ды выпіць куфаль піва. А калі вярнуўся, на яго стале ляжала запіска ад брыгадзіра.
«Паставы Жульян заўважыў, што а палове другой ночы ля дома № 23 на вуліцы Мансар спыняўся аўтамабіль маркі «дыён-бутон». Акрамя шафёра, прыкметы якога супадаюць з вашымі, у ім нікога не было. Машына хвілін дзесяць стаяла на вуліцы Мансар, потым рушыла ў напрамку вуліцы Бланш».
Пад насценным гадзіннікам зазвінеў званок, і Мэгрэ паспешліва падхапіўся, расчыніў абабітыя дзверы. Камісар ужо вярнуўся, і Мэгрэ ўбачыў на стале раскладзеныя лісткі свайго рапарта, спярэшчаныя чырвоным алоўкам.
- Заходзьце, калега. Сядайце.
Даволі рэдкая ласка: звычайна камісар ахвотней дазваляў сваім падначаленым стаяць перад ім навыцяжку.
- Вы, напэўна, увесь ранак пракліналі мяне?
Ён таксама быў у мундзіры, але яго мундзір быў пашыты ў найлепшага краўца з Вандомскай плошчы, а жылет, як заўсёды, быў самага моднага колеру.
- Я ўважліва перачытаў ваш рапарт. Цудоўны рапарт, дарэчы, - здаецца, я ўжо казаў вам гэта. Пагаварыў я і з Бесанам наконт вашага прыяцеля флейтыста.
Мэгрэ вырашыў дзейнічаць напралом.
- Жандро-Бальтазары не званілі вам?
- Званілі, але размова адбылася зусім не ў тым тоне, у якім вам здаецца. Рышар Жандро трымаўся цудоўна, хоць ён злёгку і кпіў з вас і з вашай заўзятасці! Вы, безумоўна, чакалі, што ён будзе скардзіцца? Аднак рэакцыя аказалася якраз адваротнай. Тое, што ён палічыў вас нявопытным і гарачым, гэта, спадзяюся, не крыўдзіць вас. Менавіта пагэтаму ён і не вытрымаў, дазволіўшы сабе мілы жарт - расчыніў перад вамі дзверы свайго дома.
Мэгрэ насупіўся. А начальнік глядзеў на яго з хітраватай усмешкай - з той усмешкай, якая так адметна аддзяляе ўсіх «сытых», ці, як цяпер можна сказаць, усіх «марнатраўцаў жыцця» ад рэшты шэрага люду.
- А цяпер скажыце, дарагі, што б на маім месцы зрабілі вы сёння раніцай.
Мэгрэ прамаўчаў. І ён прадоўжыў:
- Запатрабавалі б ордэр на вобыск? Па-першае, на якой падставе? Хіба нам падалі скаргу? Ва ўсякім выпадку, не на Жандро. Хіба перад намі сур'ёзнае правапарушэнне? Аніякага. Хіба маюцца параненыя ці забітыя? Наколькі нам вядома, няма. Сёння ноччу вы самі праверылі дом ад кутка да кутка, бачылі ўсіх яго насельнікаў, сяго-таго нават у негліжэ. Зразумейце мяне правільна. Можна толькі здагадвацца, што вы перадумалі за сённяшні ранак. Я прыяцель Жандро. Часта бываю ў іх. Належу да таго ж асяроддзя, што і яны. Прызнайцеся, што вы пракліналі мяне.
- Але ёсць сведкавае паказанне і скарга Мінара.
- Таго самага флейтыста, я помню. А палове другой гадзіны ночы ён спрабуе сілай уварвацца ў асабняк толькі таму, што яму памроіліся крыкі аб ратунку.
- Ён бачыў...
- Не забывайце, што ён адзіны, хто нешта бачыў. Не ўстрывожыўся аніводзін сусед. Пастаўце сябе на месца дварэцкага, разбуджанага грукатам у дзверы.
- Прабачце! Памянёны Луі быў у фраку, нават пры гальштуку, і гэта а палове другой ночы. А ў доме, калі Мінар пазваніў, не было ні агеньчыка.
- Ну, дапусцім. Але заўважце: гэта ўсё той жа ваш флейтыст заяўляе, што дварэцкі быў пры поўным парадзе. Ну дапусцім, што так яно і было. Дык хіба гэта правіннасць? Праўда, Мінара выставілі за дзверы занадта груба. Але як зрэагавалі б вы, калі б які-небудзь малойчык уварваўся ў ваш дом, даказваючы, што вы забіваеце ўласную жонку?
Ён працягнуў свой залаты партсігар Мэгрэ, які зноў вымушаны быў нагадаць яму, што цыгарэт ён не паліць. Проста такая была ў Лё Брэ прывычка - паблажлівы жэст арыстакрата.
- Цяпер разгледзім пытанне з чыста адміністрацыйнага боку. Вы склалі рапарт, і ён павінен будзе ўрэшце легчы на стол прэфекта паліцыі, які вырашыць, перадаваць яго ў пракуратуру ці не. Скарга флейтыста на дварэцкага таксама рушыць па адпаведных каналах.
Мэгрэ дапытліва паглядзеў на шэфа сярдзітымі вачамі і зноў падумаў пра адстаўку. Ён ужо здагадваўся, пра што пойдзе гаворка далей.
- Сям'я Жандро-Бальтазараў адна з самых відных у Парыжы. Любая бульварная газецінка аж падскочыць ад шчасця, калі намі будзе дапушчана хоць найдробязнейшая недалікатнасць.
- Я зразумеў вас, - суха прамовіў Мэгрэ.
- Вы ненавідзіце мяне, ці ж не так? Вы думаеце, што я прыкрываю гэтых людзей, таму што яны багацеі і мае сябры.
Мэгрэ памкнуўся згрэбці са стала паперы і парваць іх на шматкі - намёк камісара быў болей чым празрысты. Потым ён вернецца ў агульную залу і па магчымасці цвёрдым почыркам напіша заяву аб звальненні.
- А цяпер, мілы мой Мэгрэ, хачу вам нешта паведаміць.
Пацешна: насмешка набывала эфектную канцоўку.
- Раніцай, пакуль я чытаў ваш рапарт, пакуль размаўляў з вамі, штось такое ўвесь час не давала мне спакою. Штось такое турбавала і ніяк не магло ўспомніцца. З вамі такое здараецца? Ведаеш, што павінен - абавязкова! - павінен нешта ўспомніць, але чым больш намагаешся, тым меней удаецца. Я адчуваў, што гэта нешта вельмі важнае, што яно нават здольна змяніць усю справу. А высветлілася ўсё на снеданні. У піку сваёй звычцы, я пайшоў снедаць дадому, таму што ў нас былі госці. І вось, глянуўшы на жонку, я адразу ўзнавіў у памяці кончык згубленага ланцужка. Аказваецца, мяне ўсю раніцу непакоіла адна прамоўленая ёю фраза. Але што дакладна яна сказала? Раптам, у самы разгар снедання, успомніў. Учора, перад тым як паехаць з дому, я, як звычайна, запытаўся: «Што ты будзеш рабіць сёння вечарам?»
І жонка адказала:
- Паедзем з Эліз і Бернадэтай піць гарбату ў Сент-Анарэ.
Бернадэта - гэта графіня д'Эсціро. А Эліз - гэта Эліз Жандро-Бальтазар.
Ён змоўк і паглядзеў на Мэгрэ сваімі бліскучымі вачыма.
- Вось такія справы, калега. Мне заставалася толькі высветліць, ці сапраўды ўчора а семнаццатай гадзіне Эліз Жандро піла гарбату разам з маёй жонкай у адным з салонаў Піфана. Яна была там, жонка пацвердзіла гэта. І ні разу не ўпамянула пра тое, што Эліз едзе ў Ансеваль. Вярнуўшыся сюды, я старанна перачытаў ваш рапарт.
Твар Мэгрэ праясніўся, і ён ужо раскрыў рот, каб даць волю сваёй радасці, але...
- Хвілінку! Не надта спяшайцеся. Сёння ноччу вы бачылі, што пакой Эліз Жандро быў пусты. Яе брат заявіў, што яна ў Ньеўры.
- Значыць...
- Нічога не значыць. Рышар Жандро не пад прысягай казаў вам гэта. У вас не было ні ордэра, ні падстаў для допыту.
- Але цяпер...
- Цяпер не болей, чым учора. Вось чаму я раю вам...
Мэгрэ зусім разгубіўся. Быццам яго палівалі то варам, то ледзяной вадой, і ён канчаткова быў збіты з панталыку. Яму стала душна. Якое прыніжэнне: з ім абыходзіліся, як з дзіцем!
- Дзе і як вы збіраецеся адпачываць?
Пытанне было такое недарэчнае, што Мэгрэ праз сілу сказаў, як выдавіўшы з сябе:
- Не.
- Наколькі мне вядома, чыноўнікі маюць звычку загадзя рыхтавацца да адпускоў. Аднак, калі жадаеце, можаце ўзяць водпуск ужо цяпер, з сённяшняга дня. Я нават спадзяюся, што гэта ў нейкай ступені супакоіць мае сумненні. Тым болей, калі ў вас няма намеру пакідаць Парыж. Паліцэйскі ў водпуску - ужо не паліцэйскі, ён можа дазволіць сабе такія ўчынкі, за якія адміністрацыя не нясе адказнасці.
Зноў надзея. Але Мэгрэ ўсё яшчэ баяўся верыць. Чакаў ад камісара новага каленца.
- Спадзяюся, канешне, што скарга на вас ўсё ж не паступіць. Калі ж у вас узнікне часам неабходнасць нешта паведаміць мне ці проста параіцца, званіце на бульвар Курсэль. Нумар майго тэлефона знойдзеце ў тэлефонным даведніку.
Мэгрэ зноў памкнуўся штось сказаць - на гэты раз каб падзякаваць, але камісар ужо злёгку падштурхоўваў яго да дзвярэй. І раптам, нібыта ўспомніўшы нешта зусім дробязнае, прамовіў:
- Дарэчы, вось ужо шэсць ці сем гадоў, як Фелісьен Жандро-бацька знаходзіцца пад сямейнай апекай, нібы юны ветрагон. З таго часу як памерла маці, усе справы фактычна вядзе Рышар. Як здароўе вашай жонкі? Трошкі прывыкае да Парыжа, да сваёй новай кватэры?
Жылістая рука шэфа паціснула руку Мэгрэ, і ён апынуўся за абабітымі дзвярыма. Усё яшчэ разгублены і прыгнечаны, ён машынальна падаўся да свайго стала, і раптам яго позірк спыніўся на адной з постацей на лаве па той бок бар'ера.
Там сядзеў флейтыст Жустэн. У чорным, але на гэты раз ужо не ў вячэрнім, фраку і без плашча, ён пакорліва чакаў сваёй чаргі, прымасціўшыся паміж нейкім бадзягам і таўстухай у зялёнай шалі, якая карміла грудзьмі немаўля.
Музыкант глянуў на Мэгрэ, нібыта пытаючыся дазволу падысці да бар'ера. Мэгрэ прывітальна кіўнуў яму, сабраў паперы і перадаў справы аднаму з калег.
- Іду ў водпуск!
- У водпуск?! У красавіку, ды яшчэ калі ў нас на шыі яго вялікасць?!
- Уяві сабе, водпуск!
Тады другі саслужывец, ведаючы, шго Мэгрэ нядаўна ажаніўся, запытаў:
- Што, дзіця?
- Не.
- Захварэў?
- Не.
Гэта ўжо збівала з тропу, і саслужывец недаўменна пакруціў галавой:
- Ну што ж. Справа твая. Прыемнага адпачынку! Шанцуе ж людзям!
Мэгрэ ўзяў свой кацялок, надзеў манжэты - ён скідаў іх, прыходзячы на работу, - выйшаў за барь'ер, які аддзяляў службоўцаў ад наведвальнікаў. Жустэн Мінар таксама падняўся і вельмі натуральна моўчкі рушыў следам.
Ці не задала яму чосу зласлівая жонка, пра якую расказваў Бесан? Як бы там ні было, н быў тут. Светлавалосы, шчуплы, з румянымі скуламі і блакітнымі вачыма, ён не адставаў ад Мэгрэ, як прыблудны цюцька ад выпадковага прахожага.
Вуліцы былі заліты сонцам, над вокнамі развяваліся сцягі. Здавалася, аж паветра трымціць ад наярвання труб і пошчаку барабанаў. Людзі ішлі саяточна прыўзнятыя і вясёлыя, і ад таго, што то тут, то там на вочы трапляліся ваенныя, міжволі і цывільныя падцягваліся і распраўлялі плечы.
Калі Мінар нарэшце асмеліўся параўняцца з Мэгрэ, ён спагадліва запытаў:
- Вас звольнілі?
Ён, мабыць, лічыў, што паліцэйскага чыноўніка звольніць гэтак жа проста, як флейтыста з аркестра, і яму было невыносна ад думкі, што гэта здарылася па яго віне.
- Не звольнілі. Мне далі водпуск.
- Вось як!
Гэта «вось як!» вырвалася вельмі ўзрушана. У ім гучала занепакоенасць і прытоены папрок.
- Яны палічылі за лепшае часова адхіліць вас ад спраў, так? Выходзіць, яны намераны ўсё замяць? А як жа мая скарга?
Голас яго загучаў сушэй.
- Прынамсі, хоць маю скаргу яны не пакладуць пад сукно? Хачу адразу ж папярэдзіць вас, што гэтага я не дапушчу.
- Скарга разбіраецца ва ўстаноўленым парадку.
- Выдатна! Тым болей што ў мяне ёсць для вас сякія-такія навіны. Ва ўсякім разе, адна...
Яны ўжо дайшлі да правінцыяльна-ціхай плошчы Сэн-Жорж з невялічкім «бістро», дзе вечна пахла белым віном. Мэгрэ прывычна штурхнуў уваходныя дзверы. У гэтыя гадзіны пасля полудня ў паветры і сапраўды, здавалася, веяла адпачынкам. Цынкавая стойка была надраена да бляску, а налітае ў чаркі віно аж прамянілася зеленаватымі водбліскамі, наганяючы смагу.
- Вы сказалі, што бачылі ў доме Жандро дзвюх пакаёвак. Я правільна зразумеў вас?
- Жэрмену і Мары, - без запінкі пацвердзіў Мэгрэ. - Не лічачы мадам Луі, кухаркі.
- Дык вось: пакаёўка была толькі адна!
Вочы музыканта свяціліся дзіцячай радасцю, і сам ён, як ніколі, нагадваў цяпер вернага сабачку, які прынёс палачку свайму гаспадару.
- Я размаўляў з малочніцай, якая носіць малако ў асабняк Жандро. Яе крамка на вуліцы Фантэн, на рагу, якраз побач з тытунёвай крамкай.
Мэгрэ, трошкі збянтэжаны, са здзіўленнем глядзеў на флейтыста і ўсё не мог пазбавіцца ад чуткі пра лупцоўкі, якія ўсчыняла яму яго Кармэн.
- Старэйшая пакаёўка, Жэрмена, ад суботы ва Ўазе, у сваёй цяжарнай сястры... Дык вось, днём я звычайна вольны, вы разумееце?..
- А як ваша жонка?
- Гэта не мае значэння, - прамовіў ён даволі абыякава. - Я падумаў, што калі вы маеце намер прадаўжаць следства, то, можа, і я змагу быць вам карысны. Сам не ведаю, але людзі ўвогуле даволі прыязна адносяцца да мяне.
«Толькі не Кармэн!» - падумаў Мэгрэ.
- Чакайце. Сёння частую я. Так, так! І не пярэчце! Калі сам я п'ю толькі ліманад, гэта яшчэ не азначае, што я не магу пачаставаць вас чаркай віна. А што да водпуска, то вы, спадзяюся, проста пажартавалі?
Калі Мэгрэ і прамаўчаў, то няўжо ён гэтым выдаў службовую тайну?!
- Калі гэта быў не жарт, то вы мяне проста расчаравалі б, слова гонару! Я не ведаю гаспадароў гэтага асабняка. І асабіста да іх я нічога не маю, хоць іхні Луі і выглядае сапраўдным бандытам з вялікай дарогі і яны нахлусілі вам.
Маленькая дзяўчынка ў чырвонай сукенцы прадавала зусім свежую мімозу, прывезеную з Ніццы, і Мэгрэ купіў некалькі галінак для жонкі, якая ведала Лазурны бераг толькі па каляровых паштоўках з відам заліва Анёлаў.
- Вы толькі скажыце, што я павінен рабіць. І, калі ласка, не бойцеся, што я стану назаляць вам! Я прывык маўчаць!
Флейтыст умольна глядзеў на Мэгрэ. Яму так карцела прапанаваць сакратару яшчэ чарачку, - а можа, і ўдасца ўгаварыць яго! - але ён не пасмеў.
- У сходных дамах хапае ўсялякай дрэні. Але ж ад людзей нічога не ўтоіш. Прыслуга, звычайна, любіць памянташыць языком, дый пастаўшчыкі шмат што ведаюць.
Машынальна, не ўсведамляючы, што ён, па сутнасці, змацоўвае свой саюз з флейтыстам, Мэгрэ прамармытаў:
- Аказваецца, мадэмуазель Жандро не ў Ансевалі, як сцвярджаў яе брат.
- А дзе ж яна?
- Раз пакаёўка Жэрмена паехала ў вёску, то, відавочна, замест яе мне паказалі ў пакоі Жэрмены напаўраздзетую Эліз Жандро.
Гэтая новая акалічнасць прыводзіла Мэгрэ ў замяшанне. Яго юнацтва прайшло пад дахам замка, упраўляючым якога быў ягоны бацька. У ім міжволі ўкаранілася павага да слынных, да багатых. Самае цікавае, што і флейтыст падзяляў яго няёмкасць, даволі доўга маўчаў, апусціўшы вочы ў шклянку з ліманадам.
- Вы думаеце? - нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён.
- Ва ўсякім выпадку, у пакоі служанкі была нейкая таўстушка, ад якой пахла віном.
І гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемніц, чые прозвішчы вялікімі літарамі красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць віном, як ад вясковых дзевак.
Абодва, Мэгрэ і Жустэн, замоўклі і, седзячы са сваімі чаркамі, удыхаючы водар мімозы, белага віна і сітро, адчуваючы патыліцамі ласкавае цяпло сонечных промняў, задумаліся кожны пра сваё. І Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калі голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаіснасці:
- Дык што ж будзем рабіць?

Раздзел III
ПАЧОСТКА ТАТУЛІ ПАМЭЛЯ

«Інспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокінг і пінжак, без чаго доступ у пэўныя свецкія колы будзе ўскладнёны».
Ніводная з інструкцый яшчэ не выветрылася з памяці Мэгрэ. Але гэтыя інструкцыі былі складзены, відаць, вялікім аптымістам. Ва ўсякім разе, слова «пэўныя» варта было акрэсліць болей дакладна.
Напярэдадні вечарам Мэгрэ прымерваў свой фрак з намерам заўтра ж пранікнуць у тое асяроддзе, дзе бывалі Жандро: хоць бы ў клуб Гоша, да прыкладу, альбо ў клуб Гаўсмана, але хапіла і аднюсенькай заўвагі жонкі, каб вярнуць яму здольнасць зноў разважаць цвяроза.
- Ну і прыгажунчык ты, Жуль! - усклікнула яна, гледзячы, як ён любуецца сабой у люстры.
Яна і не думала кпіць з яго. Наадварот, жонка, несумненна, была зусім шчырая. Аднак у тым, як яна вымавіла гэтыя словы, ва ўсмешцы яе было нешта такое, што насцярожыла яго і дазволіла недвухсэнсоўна зразумець, што яму не варта і спрабаваць выдаваць сябе за юнага ветрагона.
На плошчы Бастыліі ігралі вячэрнюю зару. Мэгрэ стаяў ля расчыненага акна ўзбоч жонкі, спакойна перагаворваўся з ёю, але чым болей ядранела, тым меней упэўненасці заставалася ў ім.
- Разумееш, калі мне ўдасца давесці справу да канца, то я амаль напэўна траплю на Набярэжную Арфеўр. А калі ўжо траплю туды...
Пра што большае ён мог яшчэ марыць? Трапіць у Вышукную паліцыю, ды яшчэ ў славутую апергрупу шэфа, як тады называлася група па расследаванню забойства!..
А для гэтага дастаткова было з поспехам завяршыць распачатае ім следства - інакш кажучы, не прыцягваючы ўвагі, раскрыць глыбока захаваную тайну багатага асабняка на вуліцы Шапталь.
Спаў ён неспакойна, а калі ў шэсць гадзін раніцы падняўся, яшчэ адно з настаўленняў прымусіла яго з іроніяй прыгадаць свой падручнік.
«Кепкі, шыйнай хусцінкі, ношанага пінжака, як праверана практыкай, зусім дастаткова для маскіроўкі».
На гэты раз, калі ён аглядаў сябе ў люстэрку, мадам Мэгрэ і не думала смяяцца:
- З наступнай палучкі трэба будзе купіць табе гарнітур, - з пяшчотай сказала яна.
Якая тонкая хітрасць! Гэта азначала толькі адно: што яго стары пінжак выглядаў не лепей, чым тое, што іменавалася яго так званым парадным гарнітурам. Інакш кажучы, яму не было аніякай патрэбы ў маскіроўцы.
І ён толькі надзеў манішку, завязаў гальштук і прыхапіў кацялок.
Надвор'е стаяла цудоўнае, як па наўмыснаму заказу дзеля каранаванай асобы, якую сёння павязуць у Версаль. Сотні парыжан ужо рушылі да каралеўскай рэзідэнцыі, дзе да вечара ўсе лаўкі вакол палаца будуць закіданы бруднай паперай і парожнімі пляшкамі.
Жустэн Мінар павінен быў цягніком адправіцца ў Канфлан на пошукі славутай Жэрмены, пакаёўкі Жандро.
- Калі яна толькі трапіць у мае рукі, - сказаў ён з мяккасцю, якая заўсёды абяззбройвала, - я ўпэўнены, што яна мне ўсё раскажа. Я і сам не ведаю, у чым тут справа, але людзі заўсёды ахвотна дзеляцца са мной сваімі тайнамі.
Не пазней сямі гадзін ранку Мэгрэ, калі можна так сказаць, узяў пад сваю ўладу вуліцу Шапталь. І ён мысленна павіншаваў сябе, што не надзеў кепку, бо першым, каго ён сустрэў, аказаўся супрацоўнік з камісарыята, і той прывітаў Мэгрэ, назваўшы яго па імені.
Ёсць вуліцы, дзе вечна людна, дзе на кожным кроку крамы, кавярні - там лёгка займацца сочкай. Але вуліца Шапталь, кароткая і шырокая, без ніводнай крамы і амаль заўсёды бязлюдная не адносілася да іх ліку.
Усе шторы ў асабняку Жандро-Бальтазараў былі апушчаны. Мэгрэ пастаяў спачатку на адным рагу вуліцы, потым перайшоў на другі. Ён пачуваў сябе даволі няёмка, і першая ж служанка, што выйшла па малако на вуліцу Фантэн, як яму здалося, змерыла яго падазроным позіркам і прыспешыла крок.
Настаў самы нязручны для яго час дня. Сонца свяціла ўжо ярка, але было яшчэ халаднавата, а ён, выходзячы з дому, не апрануў плашч. На тратуарах - каб жывая душа. Толькі а палове восьмай адчынілася тытунёвая крамка на рагу, і Мэгрэ выпіў там шклянку такой кепскай кавы, што яго ледзь не званітавала.
Прайшла яшчэ адна служанка з малочным бітонам, затым другая. Мэгрэ здавалася, што яны толькі-толькі ўсталі з пасцелі і нават не паспелі ўмыцца. То тут, то там сталі расчыняцца аканіцы, жанчыны ў папільётках выглядвалі з акон і ўсе, як адна, дапытліва азіралі яго. А ў Жандро па-ранейшаму панавала мёртвая цішыня, і толькі ў восем з чвэрцю з вуліцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт з'явіўся шафёр у бездакорна пашытай чорнай куртцы і пазваніў ля брамы.
На шчасце, якраз адчыніўся бар «Стары Кальвадос» - адзіная мясцінка, дзе можна было схавацца ад старонніх вачэй. Бар гэты знаходзіўся на рагу вуліцы Энэр, трошкі ў баку ад асабняка Жандро. Мэгрэ паспешліва пераступіў парог «Старога Кальвадоса».
Луі ў паласатым жылеце адчыніў браму, перакінуўся некалькімі словамі з шафёрам. Брама заставалася расчыненай, праз яе відзён быў заліты сонцам двор, зялёныя газоны і гараж, а па цокату капытоў можна было здагадацца, што тут жа размешчана і стайня.
- Жадаеце перакусіць?
Мэгрэ ўздрыгнуў. На яго спакойна глядзеў тоўсты, чырвоны як рак мужчына з маленечкімі вочкамі.
- Як вы глядзіце на порцыю каўбасы і куфаль сідру? Лепей не прыдумаеш, каб замарыць чарвячка.
Так пачаўся гэты дзень, і сходных яму яшчэ нямала перападзе ў жыцці Мэгрэ, але гэты ўрэзаўся ў яго памяць, як нейкі кашмарны сон.
Ужо сам прытулак быў даволі незвычайны. На гэтай вуліцы, дзе размясціліся прыватныя асабнякі і даходныя дамы, «Стары Кальвадос» быў падобны на правінцыяльны шынок, які забыліся знесці, калі Парыж разросся, захапіў і гэту частку прыгарада. Будыначак быў нізкі, вузкі. Адна прыступка ўніз прыводзіла ў даволі цёмны, досыць такі халаднаваты паўпадвальчык з алавянай, да бляску надраенай стойкай. Да пляшак, якія стаялі на ёй, здавалася, стагоддзі ніхто не датыкаўся.
Пах таксама быў непаўторны. Ішоў ён, відаць, з люка ў падлозе, які вёў у склеп.
Адтуль кісла патыхала сідрам і кальвадосам, старымі бочкамі і цвіллю, а да гэтага букета прымешваўся яшчэ і кухонны чад. У глыбіні памяшкання мелася вінтавая лесвіца, якая вяла наверх, і ўсё разам узятае чамусьці выглядала, як тэатральная дэкарацыя, а гаспадар - камлюкаваты і каратканогі, з упартым ілбом і маленькімі бліскучымі вочкамі - сноўдаўся туды-сюды, як акцёр.
Хіба Мэгрэ мог адмовіцца ад прапановы гаспадара? Праўда, зранку яму яшчэ ніколі не даводзілася піць сідр. Гэта была яго першая практыка, і ён са здзіўленнем адчуў, як прыемная цеплыня разлілася ў грудзях.
- Таварыша чакаю! - абвясціў ён, адчуваючы патрэбу хоць нешта сказаць.
- А мне што! - адрэзаў гаспадар, пацепваючы шырознымі плячыма, і Мэгрэ стала ясна: ён не верыць ніводнаму яго слову. Ды і ў позірку яго таілася такая хітрынка, што Мэгрэ хацелася скрозь зямлю праваліцца.
Гаспадар таксама снедаў за прылаўкам, запіваючы тоўстыя скрылі каўбасы сідрам, і праз чвэрць гадзіны ягоны жбаночак, напоўнены з бочкі ў склепе, быў апарожнены.
А па двары Жандро няспешна пахаджваў шафёр. Скінуўшы куртку, ён мыў са шланга аўтамабіль, ад якога віднеліся толькі пярэднія колы. Але гэта быў не «дыён-бутон», а чорны лімузін з вялікімі меднымі фарамі.
На вуліцы зрэдку паяўляліся прахожыя: спяшаліся да метро чыноўнікі, да крам па вуліцы Фантэн праставалі служанкі або гаспадыні.
Ніхто не заходзіў у «Стары Кальвадос». Тым часам на вінтавой лесвіцы паказаліся ногі ў чырвоных пантофлях, потым узнікла кудлатая мадам, якая моўчкі, не сказаўшы ні слова, знікла на кухні.
«Паліцэйскі, якому даручана сочка, ужо не належыць сам сабе; яго паводзіны фактычна абумоўліваюцца ўчынкамі паднагляднай асобы».
У акне на другім паверсе рассунуліся шторы - гэта быў пакой Рышара Жандро. Было роўна дзевяць гадзін. Гаспадар «Старога Кальвадоса» сноўдаўся па пакоі з анучай у руцэ з такім выглядам, нібыта ён знарок робіць гэта, каб не завязваць размову з наведвальнікам.
- Нешта позніцца мой прыяцель, - сказаў Мэгрэ, каб парушыць няёмкае маўчанне.
«Стары Кальвадос» дакладней было б назваць не барам, а рэстарацыяй-сталоўкай. Сталы былі акрыты настольнікамі ў дробную чырвоную клетку, гэткія ж шторы віселі на вокнах. З дзвярэй у глыбіні пакоя паўзлі ўжо кухонныя пахі і было чуваць, як адна за адной плюхаліся ў вядро абабраныя бульбіны.
Чаму гаспадар і яго жонка не размаўляюць? З таго часу як жанчына сышла ўніз, абое яны, дакладней, усе трое - выглядалі так, нібыта разыгрывалі нейкую дзіўную пантаміму.
Гаспадар праціраў чаркі і пляшкі, ярасна цёр алавяную стойку, потым нерашуча прыпыніўся ля батарэі гліняных жбаночкаў, выбраў адзін. Затым рашуча напоўніў дзве чаркі і, паказваючы на гадзіннік, што вісеў на сцяне побач з календаром-рэкламай, прамовіў:
- Пара.
Яго маленькія вочы пільна прасачылі за тым, як Мэгрэ выпіў прапанаваную чарку кальвадосу; потым глынуў налітае сабе, прыцмокнуў і зноў узяўся за анучу, якую затыкаў за падцяжкі, калі не карыстаўся ёю.
А палове дзесятай паднаглядны шафёр апрануў куртку і праз хвіліну данёсся шум заведзенага матора. Аўтамабіль выехаў з варот і спыніўся ля параднага; праз некалькі хвілін з дома выйшаў Рышар Жандро ў шэрым гарнітуры з гваздзіком у пятліцы і сеў у чорны лімузін.
Няўжо гаспадар рэстарацыі гэткі разявяка? Ці, наадварот, ён даўно пра ўсё здагадаўся? Ён паглядзеў спярша ўслед аўтамабілю, які праехаў міма, затым перавёў позірк на Мэгрэ, потым злёгку ўздыхнуў і зноў узяўся за работу.
А палове дзесятай гаспадар зноў прайшоў за стойку, выбраў чарговы жбанок, наліў дзве невялікія чаркі і моўчкі пасунуў адну з іх свайму кліенту.
Толькі пазней, апоўдні, да Мэгрэ дайшло, што гэта своеасаблівы рытуал, ці, дакладней, манія таўстуна. Роўна праз кожныя паўгадзіны яму неабходна было кульнуць чарку кальвадосу - вось адкуль гэтыя барвовыя плямы на твары і вільготны бляск вачэй.
- Дзякуй вам, але...
Яшчэ чаго! Адмовіцца было немагчыма. Утаропіўся позіркам у Мэгрэ, і ў позірку было столькі ўлады, што ён палічыў за лепшае не адмаўляцца, хоць і адчуваў, што пачынае ўжо хмялець.
А дзесятай гадзіне ён спыніўся:
- У вас ёсць тэлефон?
- Наверсе, насупроць прыбіральні.
Мэгрэ падняўся па вінтавой лесвіцы і апынуўся ў невялікім пакойчыку з нізкай столлю. Тут стаялі толькі чатыры столікі, акрытыя клятчастымі абрусамі. Вокны пачыналіся амаль ад падлогі.
- Кававае аб'яднанне «Бальтазар»... Авеню дэль Опера... Склады... Набярэжная Вальмі... Дырэкцыя... Вуліца Абер...
Ён пазваніў на вуліцу Абер.
- Я хацеў бы пагаварыць з Рышарам Жандро.
- Хто пытаецца?
- Скажыце, што Луі.
Амаль адразу ж на другім канцы провада пачуўся знаёмы голас Жандро:
- Алё! Луі?
Голас быў занепакоены. Мэгрэ павесіў слухаўку. Праз акно яму відзён быў дварэцкі ў паласатым жылеце. Стаіць чалавек на вуліцы і спакойна паліць цыгарэту. Але неўзабаве чамусьці заспяшаўся ў дом. Відаць, пачуў тэлефонны званок.
Яму званіў з канцылярыі ўстрывожаны гаспадар.
Цудоўна! Значыцца, Рышар Жандро цяпер у сваім офісе, дзе звычайна праводзіў добрую палову дня. Луі не вяртаўся, але брама па-ранейшаму была расчынена.
У акне на трэцім паверсе рассунуліся шторы і паказаўся зусім юны тварык. Гэта была Мары, дробненькая вастраносенькая пакаёўка з тоненькай, як у абшчыпанага птушаняці, шыйкай, і ў прыгожым карункавым чэпчыку на пышных валасах. На дзяўчыне была чорная сукенка і фартушок пакаёўкі. Гэткіх дзяўчат Мэгрэ даводзілася бачыць толькі ў тэатры.
Каб не выклікаць насцярожанасці гаспадара, доўга бавіцца наверсе ён пабаяўся. Сышоў уніз - і якраз наспеў на трэцюю чарку кавальдосу, якая была прапанавана яму з той жа настойлівасцю, як і папярэднія. Разам з чаркай гаспадар падсунуў яму і сподачак, на якім ляжала некалькі скрылікаў каўбасы.
- Я з Панфарсі!
Ён прамовіў гэтыя словы з такой сур'ёзнасцю, нібыта яны змяшчалі ў сабе нейкі таемны сэнс. Што яны павінны былі растлумачыць? Шчодрасць на каўбасу? Ці мо людзі з Панфарсі маюць звычай кожныя паўгадзіны выпіваць чарку кальвадосу?
- Гэта каля Віра! - дадаў ён. - Дазвольце пазваніць яшчэ раз.
Было каля паловы адзінаццатай, і Мэгрэ, ужо асвойтаўшыся з абставінамі, пачынаў адчуваць сябе вальней і нават весялей. Відаць, даволі пацешна было глядзець з вуліцы ў гэтае высознае, ад падлогі да столі, акно, у якім віднеліся толькі ногі едакоў.
- Алё! Дом месье Жандро-Бальтазара?
На гэты раз азваўся голас злоснага Луі.
- Папрасіце, калі ласка, мадэмуазель Жандро.
- Мадэмуазель няма. Хто пытаецца?
Як і ў першы раз, Мэгрэ павесіў слухаўку і спусціўся ў залу на першы паверх, дзе гаспадар надзвычай засяроджана выводзіў на грыфельнай дошцы меню, доўга абдумваючы кожнае слова.
Цяпер шмат у якіх дамах былі расчынены вокны і з іх проста на вуліцу выпыльваліся дыванчыкі. Немаладая дама ў чорным, з ліловай вуалькай на твары, прагульвала шчанюка, які прыпыняўся ля кожнага парога і задзіраў заднюю ножку, але нічога не рабіў.
- Ці не забыўся, часам, мой прыяцель пра наша спатканне? - з вымушаным смяшком сказаў Мэгрэ.
Ці паверыў яму гаспадар? Ці здагадаўся, што Мэгрэ з паліцыі?
У адзінаццаць гадзін у двары Жандро з'явіўся фурман; ён там запрог у двухмесную карэту гнядога жарабка. Але ж фурман не заходзіў у браму! Наўрад ці жыў ён у асабняку. Значыць, дзесьці меўся яшчэ адзін уваход.
У чвэрць дванаццатай з'явіўся Фелісьен Жандро-бацька, - у пінжаку, у лайкавых пальчатках, светлым капелюшы і з трысцінай у руцэ. Якія ў яго адмыслова нафарбаваныя вусы! Фурман памог старому сесці ў карэту і скіраваў яе ў бок вуліцы Бланш. Несумненна, стары месье адправіўся на пагулянку ў Булонскі лес, а адтуль паедзе снедаць у свой клуб.
«... інспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокінг і пінжак...»
Мэгрэ агледзеў сябе ў люстра, прымацаванае на стойцы паміж пляшак, і горка пасміхнуўся. І лайкавыя пальчаткі, канешне? І трысціну з залатой булдавешкай?! І светлыя гетры да лакавых туфель!
Як для першай справы, дык яму дужа пашанцавала! Ён змог бы пранікнуць у любое асяроддзе - да дробных мяшчан, крамнікаў, бадзяг. І, як здавалася, яму зрабіць гэта было б няцяжка. Але гэты асабняк з параднымі дзвярыма, што здаюцца яшчэ больш унушальнымі, чым дзверы ў храм, гэты мармуровы цокаль, гэты двор, дзе, перш чым запрэгчы пародзістага жарабка для аднаго гаспадара, мылі лімузін для другога!
Кальвадос! Адступаць не было куды. Ён будзе трымацца да пераможнага канца. Прабудзе тут, у «Старым Кальвадосе», столькі часу, колькі спатрэбіцца!
Ён не заўважыў, каб мадам Луі выходзіла з двара. Відаць, яна не кожны дзень хадзіла за пакупкамі; у доме, мабыць, ёсць запасы. Да таго ж гэтыя арыстакраты, мусіць, снедаюць не дома.
Жустэну Мінару пашчасціла. Ён цяпер у вёсцы. Шукае Жэрмену Бабёф - яе прозвішча ён даведаўся ад малочніцы...
- Вы ж думаеце, што ваша жонка...
- Гэта не мае значэння.
А мадам Мэгрэ якраз сёння наважылася наводзіць у кватэры генеральны парадак!
- «І табе не шкада ўкладаць тут гэтулькі працы? - сказаў ён ёй перад адыходам. - Мы ж тут не зажывёмся! Знойдзем кватэру ў больш прыемным квартале».
Хто б мог падумаць, што і праз трыццаць год яны па-ранейшаму будуць жыць усё ў той жа кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, адно толькі, што жылплошча пабольшае на суседнюю кватэру.
А палове дванаццатай у «Старым Кальвадосе» з'явіліся нарэшце першыя кліенты - двое мастакоў у белых камізэльках, відаць, пастаяльцы гэтага бара, таму што адзін з іх па-свойску прывітаў гаспадара:
- Салют, Памэль!
Яны заказалі гарэлкі, стоячы, выпілі, адначасова вывучаючы меню, выпісанае на грыфельнай дошцы, і толькі пасля гэтага селі за столік ля акна.
Апоўдні ўсе столікі былі заняты, і мадам Памэль раз-пораз выплывала з кухні з падносам у руках, а яе муж у гэты час забяспечваў кліентаў пітвом, то знікаючы ў склепе, то паднімаючыся на антрэсолі. Большасць прысутных былі рабочыя з суседняй будоўлі, але трапляліся сярод іх і рамізнікі, чые фіякры стаялі каля тратуара.
Мэгрэ вельмі хацелася пазваніць месье Лё Брэ, параіцца з ім. Ён зашмат з'еў, зашмат выпіў і адчуваў сябе атупелым, і калі б ён быў цяпер ва Ўазе на месцы флейтыста, то напэўна паваліўся б проста на траву пад якім-небудзь дрэвам і, закрыўшы твар газетай, соладка падрамаў.
Ён пачынаў траціць веру ў сябе, дакладней, у сваю прафесію, якая часам здавалася яму проста нікчэмнай. Хіба гэта мужчынская работа - цэлы дзень прападаць у нейкім «бістро» і цікаваць за домам, дзе пануе поўны спакой? Усе яго насельнікі мелі пэўны занятак. Парыж кішма кішыць людзьмі, і большасць з іх ведае, навошта і куды яны спяшаюцца!
Ва ўсякім разе, ніхто з іх не быў змушаны праз кожныя паўгадзіны асушваць чарку кальвадосу з нейкім дзівакаватым тыпам, вочы якога ўсё больш і больш мутнелі, а ўхмылкі рабіліся занадта загадкавымі.
Мэгрэ быў перакананы, што Памэль здзекуецца з яго. А што яму заставалася рабіць? Пайсці і слупам стаяць пад адкрытым небам навідавоку ўсёй вуліцы?
Яму прыгадаўся адзін непрыемны выпадак, бязглуздая прыгода, якая ледзь не прывяла яго да ўцёкаў з паліцыі. Гэта здарылася гадоў два таму. Ён тады выконваў абавязкі паліцэйскага агента, якому было даручана сачыць галоўным чынам за зладзеямі-кішэннікамі, што арудавалі ў метро.
«Кепка, хусцінка-кашнэ на шыі, ношаная куртка...» У той час ён яшчэ свята верыў ва ўсе гэтыя ісціны. Па сутнасці, і дагэтуль верыў у іх. Дык вось, усё адбылося тады на станцыі метро, што якраз насупраць універсальнай крамы «Самарытэн». Ён паднімаўся па эскалатары. Проста перад ім нейкі тып у кацялку спрытным рухам зрэзаў рыдыкюль у нейкай немаладой дамы. Мэгрэ кінўўся на яго, выхапіў чорную аксамітавую сумачку і паспрабаваў затрымаць мужчыну, але той раптоўна залямантаваў:
- Злодзей! Злодзей! Трымайце злодзея!
І ўвесь натоўп накінуўся на Мэгрэ, а тып у кацялку тым часам непрыкметна знік.
Цяпер жа яго апаноўвалі сумненні наконт паказанняў свайго прыяцеля Жустэна Мінара.
На трэцім паверсе расчынілася акно. Ну і што? Кожны з нас мае права расчыніць акно ноч-апоўнач. Ці мала што?! Хіба няма на свеце лунатыкаў? Хіба людзі часам не крычаць у сне?..
«Стары Кальвадос» зноў пусцеў. Гаспадар і гаспадыня ад самага ранку так і не перакінуліся ні словам; кожны рабіў сваю справу маўчком, як у добра адрэпеціраванай пантаміме.
І вось нарэшце ў дзве гадзіны дваццаць хвілін сёе-тое адбылося. Па вуліцы, збаўляючы хуткасць, рухаўся легкавы аўтамабіль - шэры «дыён-бутон», за рулём якога сядзеў мужчына ў тужурцы і вялікіх акулярах.
Аўтамабіль не спыніўся ля дома Жандро, павольна праехаў міма, і Мэгрэ заўважыў, што пасажыраў у ім няма. Кінуўшыся да акна, ён паспеў разгледзець нумар: «Б.780».
Даганяць машыну, якая завярнула за рог вуліцы Фантэн, не мела сэнсу. Мэгрэ не скрануўся з месца, сэрца яго калацілася, -і меней чым праз пяць хвілін шэры «дыён-бутон» зноў гэтак жа паволі праехаў міма дома.
Павярнуўшыся да стойкі, Мэгрэ ўбачыў, што Памэль пільна глядзіць на яго, і немагчыма было зразумець, пра што ён думае. Памэль здаволіўся тым, што наліў дзве чаркі і падаў адну свайму кліенту.
«Дыён-бутон» больш не паказваўся. Недзе ў адным з версальскіх паркаў кардэбалет Оперы ў гэты час паказваў танец німфаў святочна ўбранаму натоўпу. Шматтысячны людскі мурашнік, дзеці на плячах бацькоў, чырвоныя шары, гандляры какосавымі арэхамі і папяровымі сцяжкамі - усё гэта там...
А вуліца Шапталь заціхала. Толькі самотны фіякр, праязджаючы па брусчатцы, зрэдку парушаў цішыню.
Без дзесяці чатыры з'явіўся Луі: чорная тужурка паверх паласатага жылета, на галаве - чорны кацялок. На момант прыпыніўся ў парадным, запаліў цыгарэту, самаздаволена любуючыся кольцамі дыму, і нетаропка рушыў у бок вуліцы Фантэн. Мэгрэ бачыў, як ён зайшоў у тытунёвую крамку на рагу.
Неўзабаве ён выйшаў адтуль і вярнуўся назад. На адзін міг яго погляд затрымаўся на шыльдзе «Старога Кальвадоса». Але на вуліцы было занадта сонечна, а ў бары занадта прыценена, так што ён наўрад ці змог бы пазнаць сакратара камісарыята квартала Сэн-Жорж.
Чакае некага? Ці проста не ведае, што рабіць?
Луі дайшоў да рога вуліцы Бланш, і па выразу яго твару можна было здагадацца, што там ён некага заўважыў, - каго іменна, Мэгрэ не мог угледзець, - а затым прыспешыў крок і знік.
Мэгрэ ледзь стрымаўся, каб не кінуцца следам. Але нешта не дазволіла яму зрабіць гэтага. Ён адчуў спіной, як прыкаваў яго да сябе мутны позірк гаспадара. Яму трэба было неяк абгрунтаваць свае паводзіны, спытаць, колькі ён вінен, расплаціцца, еле пакуль ён дойдзе да вуліцы Бланш, дварэцкі будзе, вядома, далёка.
У галаву прыйшоў інакшы план: спакойна аплаціць рахунак, скарыстаць момант адсутнасці Луі і забегчы ў дом Жандро, спытаўшы для прыклёпу мадэмуазель Жандро альбо Мары.
Ён не зрабіў ні таго, ні другога. І пакуль раздумваў, як быць, ад вуліцы Бланш паказаўся фіякр. Рамізнік у скураной кепцы ўважліва ўглядаўся ў нумары дамоў і спыніўся ля асабняка Жандро. Ён ціхамірна сядзеў на козлах і, здавалася, проста выконваў атрыманае распараджэнне. Лічыльнік яго быў выключаны.
Прайшло не болей дзвюх-трох хвілін. З параднага выглянула мышыная пысачка Мары, мільгануліся яе фартушок і карункавы чэпчык. Затым яна знікла, але неўзабаве вярнулася з сакваяжам у руках і, уважліва акінуўшы позіркам вуліцу, накіравалася да фіякра.
Мэгрэ не змог, разумеецца, пачуць, што яна сказала рамізніку. Той, не злазячы з сядзення, забраў сакваяж, які, відаць, быў не цяжкі, і паставіў побач з сабой.
Мары подбегам вярнулася ў дом. У яе была такая тоненькая - проста асіная - талія, і сама яна ў стане была такая дробненькая, што, здавалася, яе пышная чупрына гатова была перакуліць пакаёўку.
Мары знікла ў доме, а праз момант з'явілася новая постаць - высокая, мажная жанчына ці дзяўчына ў касцюме колеру марской хвалі і ў сінім капелюшы, з белай вуалеткай у буйныя гарошыны.
Чаму Мэгрэ пачырванеў? Ці не таму, што бачыў гэту асобу толькі ў кашулі ў непрыбраным пакоі служанкі?
Гэта, безумоўна, не пакаёўка. Гэта магла быць толькі Эліз Жандро, якая, нягледзячы на паспешлівасць, з вялікай годнасцю, злёгку павільваючы бёдрамі, шыбавала напрасткі да фіякра, у якім і заняла месца.
Мэгрэ так расхваляваўся, што ледзь не правароніў нумар экіпажа: «148». Але ён апамятаўся, запісаў нумар і зноў заліўся чырванню - на гэты раз пад дапытлівым позіркам Памэля.
- Вось такія справы! - уздыхнуў апошні, прымерваючыся, за які б гэта жбаночак узяцца цяпер.
- Якія іменна?
- Вось як бывае ў прыстойных шчаслівых сем'ях, як той казаў.
Ён выглядаў імяніннікам. Аднак не ўсміхнуўся і суха спытаў:
- Гэтага вы і чакалі, ці не так?
- Што вы маеце на ўвазе?
На твары гаспадара адбілася пагарда, ён насупіўся і падсунуў Мэгрэ новую чарку. Усё яго аблічча так і сведчыла: «Ён яшчэ скрытнічае!»
І Мэгрэ, спахапіўшыся і жадаючы зноў увайсці ў давер да тоўстага рэстаратара, спытаў:
- Гэта была мадэмуазель Жандро, калі не памыляюся?
- Абсалютна правільна, месье. Гэта і была «Кава «Бальтазар», і, як мне думаецца, цяпер мы не хутка ўбачым яе на нашай вуліцы.
- Вы думаеце, яна паехала надоўга?
Гаспадар кінуў на яго знішчальны погляд. І Мэгрэ адчуў сябе як у магіле пад цяжарам яго паўсотні гадоў, яго жыццёвага вопыту, той процьмы чарак кальвадосу, выпітых з самымі рознымі людзьмі, і яго глыбокім веданнем усіх таямніц квартала, у якім ён жыў.
- На каго вы працуеце? - раптам падазрона запытаўся Памэль.
- Ды... я ні на каго не працую...
У позірку субяседніка не было і ценю сумнення: «Хлусіш, мілок!»
Памэль паціснуў плячыма:
- Тым горш!
- Як вас разумець?
- Прызнайцеся, вы ўжо шнырылі па нашым квартале?
- Я? Клянуся...
Мэгрэ не маніў і адчуваў неабходнасць даказаць сваю шчырасць. А гаспадар спакойна азіраў яго, быццам не верыў ніводнаму яго слову, і нарэшце ўздыхнуў:
- Я прыняў вас за друга графа.
- Якога графа?
- Няважна якога, раз я памыліўся. У вас гэткія ж выхадкі, гэткая ж манера горбіць плечы.
- Вы думаеце, мадэмуазель Жандро паехала да графа?
Памэль не адказаў - ён глядзеў на Луі, які зноў узнік на рагу вуліцы Фантэн. Пайшоў ён перад гэтым па вуліцы Бланш, значыць, зрабіў круг вакол цэлага квартала. Цяпер ён выглядаў весялейшым, чым быў перад гэтым. Здавалася, ён проста бязмэтна прагульваецца, цешачыся веснавой сонечнай пагодай. Акінуўшы хуткім позіркам бязлюдную вуліцу, ён з выглядам чалавека, які не супраць кульнуць добра заробленую чарку белага віна, зайшоў у тытунёвую крамку.
- Ён і да вас заходзіць?
Сухое, катэгарычнае «не».
- Ён быццам расстроены нечым. Неважнецкі выгляд.
- Ці мала ў каго неважнецкі выгляд, ды паспрабуй памажы ўсім.
Ці не на Мэгрэ намякаў ён? З кухні далятала бразганне посуду, а Памэль ціха, быццам самому сабе, працягваў:
- Калі б усе людзі гаварылі праўду...
У Мэгрэ было такое адчуванне, што зусім нязначная драбніца аддзяляе яго ад вельмі важных адкрыццяў, але тая драбніца, на бяду, была даверам гэтага таўстуна, прапітанага кальвадосам. Няўжо няма надзеі заваяваць яго? Ён, канешне, дарэмна прызнаўся, што не мае ніякага дачынення да графа. Увесь гэты ранак Мэгрэ, здаецца, падсцерагалі адны няўдачы.
- Я супрацоўнік аднаго прыватнага вышукнога агенцтва, - прамовіў ён на ўсялякі выпадак.
- Вось як!
Што яшчэ мог ён сказаць, калі начальства папярэдзіла, каб ён не ўблытваў у гэту справу афіцыйную паліцыю!..
Ён зманіў, каб дазнацца праўды. Ён дорага заплаціў бы цяпер за тое, каб быць гадоў на дваццаць старэй і валодаць такой вагой і паставай, як яго субяседнік.
- Я быў упэўнены, што нічога не здарыцца!
- Аднак здарылася.
- Дык, па-вашаму, яна не вернецца?
Мэгрэ, мусіць, увесь час трапляў амаль у цэль, бо Памэль толькі адмоўчваўся і недвухсэнсоўна паціскаў плячыма. Тады Мэгрэ вырашыў скарыстаць іншы сродак.
- Цяпер частую я, - абвясціў ён, паказваючы на гліняны жбан з гарэлкай.
Няўжо гаспадар адмовіцца выпіць з ім? Але той зноў толькі паціснуў плячыма:
- Якраз цяпер і някепска было б раздавіць пляшачку, - буркнуў ён.
І адправіўся за пляшкай у склеп. Калі Мэгрэ пасля выпітага за дзень кальвадосу адчуваў сябе даволі няўстойліва, то Памэль ішоў як па нітачцы, яго не бянтэжыла нават лесвіца без парэнчаў, якая нагадвала звычайную драбінку.
- Знаеце, малады чалавек, трэба спачатку навучыцца хлусіць...
- Вы думаеце, я...
Гаспадар ужо наліваў чаркі.
- Хто ж гэта даручыць прыватнаму вышукному агенцтву такую справу? Не граф жа, як вы самі разумееце! Яшчэ меней верагодна, каб гэта зрабілі паны Жандро, бацька і сын. Што да месье Юберта...
- Якога Юберта?
- Вось бачыце! Вы нават не ведаеце ўсіх членаў іхняй сям'і.
- А што, ёсць яшчэ адзін сын?
- Колькі дамоў на гэтай вуліцы?
- Не ведаю... Сорак?.. Пяцьдзесят?..
- Дык вось, схадзіце палічыце... А потым пастукайцеся ў кожныя дзверы. Можа, і знойдзеце такога, хто дасць вам падрабязныя весткі. Што да мяне, то прашу прабачэння. Я не праганяю вас. Можаце сядзець тут колькі хочаце. Але вы ўжо мяне прабачце, у гэты час я заўсёды адпачываю, што б там ні было...
За стойкай стаяла саламянае крэсла. Памэль усеўся ў яго спіной да акна, скрыжаваў рукі на жываце, заплюшчыў вочы і, здалося, імгненна праваліўся ў сон.
Не чакаючы, відаць, болей кліентаў, гаспадыня з анучай у адной руцэ і з талеркай у другой высунула галаву з дзвярэй кухні і, пераканаўшыся, што ўсё спакойна, вярнулася да свайго посуду, нават не глянуўшы на Мэгрэ, які даволі збянтэжана зноў падсеў да акна.

Раздзел IV
СТАРЫ ПАН З АВЕНЮ ДЗЮ БУА

Мінар паабяцаў Мэгрэ, што, калі вернецца з Канфлана, ён прыйдзе на бульвар Рышар-Ленуар і раскажа свае навіны.
- Але гэта ж вам зусім не па дарозе! - запратэставаў Мэгрэ.
І атрымаў у адказ нязменнае:.
- Гэта не мае значэння.
Праводзячы Мінара, Мэгрэ асцярожна, каб не збянтэжыць флейтыста, папытаўся:
- І ў якасці каго вы з'явіцеся там? І што збіраецеся сказаць?
І толькі цяпер, калі сумятлівы дзень канчаўся і Мэгрэ вяртаўся дадому па залітых агнямі Вялікіх Бульварах, адказ музыканта запознена скалануў яго:
- Знайду што. Не хвалюйцеся.
Аднак пасля хвіліннай слабасці, якая апанавала яго ў «Старым Кальвадосе», - ці то прысутнасць гаспадара прыгнятала яго там, ці то таму, што ён проста перабраў тады меру выпіць, цяпер Мэгрэ зноў адчуваў сябе даволі бадзёра.
Адкуль што ўзялося - ён і сам не разумеў, але раптам у яго ўсялілася вера ў свае сілы. Нічога, сённяшняя асечка яшчэ саслужыць яму добрую службу і з цягам часу пра яго яшчэ і як загавораць на Набярэжнай Арфеўр!
Прыемная цеплыня ўсё яшчэ поўніла яго цела. А ў паходцы, у позірках, якімі ён абменьваўся з прахожымі, у тым, як ён назіраў за рухам трамваяў і фіякраў, праменілася невядомая яму дагэтуль упэўненасць.
Зусім нядаўна, седзячы ля акна рэстаранчыка на вуліцы Шапталь, ён адчуваў глыбокую крыўду на свайго камісара за тое, што шэф дазволіў яму заняцца гэтай справай. Мэгрэ ўжо гатовы быў нават думаць, што Лё Брэ наўмысна сыграў з ім злы жарт!
Хіба аднаму-адзінаму чалавеку пад сілу ўзяць такую крэпасць, як асабняк Бальтазараў? І хіба гэтак працуюць яны, «вялікія», з групы шэфа? У іх распараджэнні ўсё неабходнае - дасье і картатэкі, супрацоўнікі, памагатыя. Калі ім трэба высачыць дзесяць чалавек, яны без вагання пасылаюць па следзе дзесятак шпегаў.
Але цяпер Мэгрэ раптам адчуў задавальненне, што ён сам сабе гаспадар і можа ўласнаручна абмацаць усе закуткі.
Ён яшчэ і не падазраваў, што гэты метад з часам стане яго любімым метадам, што нават калі ён зойме месца шэфа спецыяльнай аператыўнай групы і будзе мець у сваім распараджэнні цэлую армію паліцэйскіх, яму давядзецца асабіста наладжваць сочку, хадзіць за падазроным па вуліцах, гадзінамі тырчаць у якім-небудзь «бістро»...
Перад тым як пакінуць «Стары Кальвадос», дзе Памэль толькі што выказваў да яго поўную абыякавасць, ён яшчэ двойчы патэлефанаваў. Спачатку набраў нумар Упраўлення гарадскім транспартам, бо фіякр, у які села Эліз Жандро, меў апазнавальны знак гэтай кампаніі. І вымушаны быў доўга чакаць ля апарата.
- Нумар сорак восем, - адказалі яму, - належыць парку Лявійет. Рамізніка завуць Эжэн Карні. Сёння ён выехаў пасля паўдня. Наўрад ці вернецца ў парк раней поўначы.
- Вы не маглі б сказаць, дзе я мог бы яшчэ сёння адшукаць яго?
- Звычайна ён спыняецца на плошчы Сент-Аўгусція, але гэта, канешне, залежыць ад маршрута. Недалёка ад плошчы маецца рэстаранчык, які называецца «На рандэву дзю Масіў Сантраль». Здаецца, ён заўсёды, як толькі мае такую магчымасць, менавіта туды і заходзіць перакусіць.
Другі званок быў у аўтамабільнае ўпраўленне прэфектуры. Тут яшчэ даўжэй не маглі адшукаць у даведніках нумар аўтамабіля. А так як Мэгрэ сказаў, што звоніць з камісарыята, то яму прапанавалі перазваніць.
- Я лепей пачакаю на провадзе.
Нарэшце яму паведамілі прозвішча і адрас: маркіз дэ Базанкур, авеню Габрыеля, дом 3.
Зноў багаты квартал, зноў, безумоўна, які-небудзь прыватны асабняк з відам на Елісейскія палі. Ён не пасмеў заявіцца туды асабіста, вырашыў лепей пазваніць з тытунёвай крамкі.
- Папрасіце, калі ласка, да тэлефона маркіза дэ Базанкура.
- Па асабістай справе? - данёсся хрыплы голас з другога канца провада.
І ў адказ на яго сцверджанне пачулася:
- Месье маркіз памёр тры месяцы назад.
- А... хто замест яго? - міжволі вырвалася ў Мэгрэ.
- Выбачайце! Не зразумеў. Уся маёмасць маркіза распрададзена, застаўся толькі асабняк.
- Скажыце, а вы часам не ведаеце, хто купіў «дыён-бутон»?
- Нейкі механік з вуліцы Акацый, што ў раёне авеню Гранд-Армэ. Запамятаваў яго прозвішча, але, калі не памыляюся, на той вуліцы толькі адзін гараж і маецца.
У пяць гадзін вечара Мэгрэ выйшаў з метро на плошчы Этуаль. На вуліцы, якую яму паказалі, ён сапраўды адшукаў гараж, але той быў на замку, а на шматку паперы, прымацаванай да дзвярэй, было напісана: «За даведкамі звяртацца побач».
Па адзін бок гаража стаяла майстэранька шаўца, па другі - «бістро». За даведкамі належала звяртацца ў «бістро». На жаль, гандляр віном не мог сказаць нічога пэўнага.
- Дэдэ сёння і не з'яўляўся тут. Мабыць, падзарабляе недзе. Ён падчас выконвае даручэнні сваіх кліентаў.
- А дзе ён жыве?
- У мэбляваных пакоях дзесьці каля плошчы Тэрн, дзе дакладна - не ведаю.
- Ён жанаты?
Мэгрэ не адважваўся працягваць доўгія роспыты, але ён, хоць і не дужа пэўны быў у сваіх меркаваннях, адчуваў, што Дэдэ - чалавек асаблівай пароды, што калі Дэдэ і меў сяброўку, то найболей шанцу на сустрэчу з ёю можна было мець на панелі ў раёне паміж плошчамі Этуаль і Тэрн.
Рэшту дня Мэгрэ правёў у пошуках рамізніка Карні. Урэшце ён адшукаў рэстаранчык «На рандэву дзю Масіў Сантраль»:
- Ён вельмі рэдка наведваецца сюды, - сказалі яму там.
На жаль, такое адбылося якраз сёння. Выпадковасць ні разу не наблізіла маршрут Карні да ягонага прыстанку на плошчы Сент-Аўгусцін.
Мэгрэ вяртаўся, нарэшце, дадому. Калі ён увайшоў у пад'езд, у фортку, умайстраваную ў зашклёныя дзверы, выглянула канс'ержка і аклікнула яго:
- Месье Мэгрэ!.. Месье Мэгрэ!.. Мне трэба перадаць вам нешта вельмі важнае...
Яна працягнула яму запіску, параіла прачытаць да таго, як паднімецца ў кватэру.
«Не заходзьце дадому. Спачатку нам абавязкова трэба перагаварыць. Чакаў Вас вельмі доўга - колькі мог. Прыходзьце ў рэстарацыю «Клішы» - я там. Мадэмуазель у Вас, з Вашай жонкай.
Адданы Вам
Жустэн Мінар».
На дварэ ўжо зусім сцямнела. Апынуўшыся на вуліцы, Мэгрэ ўзняў галаву, убачыў, што вокны ў яго кватэры заштораны, і ўявіў дзвюх жанчын у невялічкай сталовай, якая служыла і гасцінай. Пра што яны могуць размаўляць? Мадам Мэгрэ, наколькі ён яе ведаў, напэўна накрыла стол і частуе госцю вячэрай.
Ён спусціўся ў метро, даехаў да вуліцы Бланш, зайшоў у прасторную залу рэстаранчыка, прапахлую півам і кіслай капустай. У зале іграў аркестрык з пяці чалавек. Жустэн іграў не на флейце, а на кантрабасе, і, амаль закрыты агромністым інструмэнтам, здаваўся мізэрным і кволым.
Мэгрэ сеў за мармуровы столік, перачытаў меню, не ведаючы, што ж выбраць, і заказаў порцыю кіслай капусты і куфаль піва. Як толькі музыканты скончылі іграць, Мінар падышоў да яго стала.
- Прабачце, што я вымусіў вас прыйсці сюды, неабходна пагаварыць да таго, як вы яе пабачыце.
Ён быў вельмі ўзбуджаны, нават трошкі ўстрывожаны, і Мэгрэ міжволі адчуў, што таксама пачынае хвалявацца.
- Я і не падумаў, што ў яе замужняй сястры інакшае прозвішча, не такое, як у Жэрмены. Давялося пашукаць. Муж сястры працуе на чыгунцы. Ён праваднік і часта адсутнічае па два-тры дні. Жывуць яны ў невялікім доміку на схіле ўзгорка; за кветнікам - сад, агарод і белая каза пры калку на прывязі.
- Жэрмена была там?
- Калі я прыйшоў, яны абедзве сядзелі за сталом каля агромністай місы з крывянкай, ад якой страшэнна несла часнаком.
- Сястра яшчэ не нарадзіла?
- Яшчэ не. Чакаюць... Здаецца, гэта адбудзецца яшчэ няскора. Я прадставіўся як страхавы агент, кажу, быццам мне вядома, што маладая дама чакае дзіцяці, дык зараз самая пара падпісаць страхавы поліс.
Скрыпач - ён жа дырыжор - павесіў спецыяльную планку, на якой была пазначана назва чарговага эстраднага нумара, пастукаў па пюпітры дырыжорскай палачкай, і Жустэн, папрасіўшы прабачэння, пабег на эстраду. А калі вярнуўся, адразу паспяшаўся запэўніць:
- Вы толькі не палохайцеся. Вось пабачыце, усё ўладкуецца як найлепш. Я някепска разбіраюся ў пытаннях страхавання. А гэта яе канёк - я маю на ўвазе маю жонку. Яна ўсё прарочыць, што мне засталося жыць не болей трох гадоў і што... Але гэта не мае значэння! А тая Жэрмена - даволі прывабная дзяўчына, поўная, з высокай прычоскай, - толькі і ведае, што папраўляе яе. У яе такія дзіўныя вочы! Самі ўбачыце. Як утаропілася ў мяне!.. І адразу ж запыталася, ад якой кампаніі я працую. Я наўздагад выпаліў, што прыйшло ў галаву, і тады ёй зарупіла даведацца, як завуць майго начальніка. Яна літаральна закідала мяне пытаннямі і нарэшце заявіла: «Мой дружок - мы ўжо тры месяцы знаёмы - служыць у гэтай кампаніі». А потым без усялякай сувязі дадала: «Вас паслаў Луі?»
Ён вымушаны быў зноў падняцца на эстраду і ўвесь час, пакуль выконваўся венскі вальс, кідаў позіркі на Мэгрэ, нібыта стараючыся супакоіць яго. «Не палохайцеся! Пачакайце, я вам яшчэ не ўсё расказаў!» - чыталася ў гэтых позірках.
І працяг быў наступны:
- Я заверыў яе, што прыехаў зусім не ад Луі. «У такім разе і не ад графа!» - упарцілася яна.
- Не ад графа.
- «Што да месье Рышара... Паслухайце! А ці, часам, не месье Рышарам вы падасланы, га?» Вы бачыце, што за дзявуля?! Трэба было неадкладна прыняць нейкае рашэнне. Сястра шмат маладзей за яе. Яна ўсяго год як замужам. Была прыслугай. Жэрмене вельмі падабаецца ашаламляць яе сваёй дасведчанасцю і сваімі сувязямі. Калі хочаце ведаць, у гэтай дзяўчыны проста манія ашаламляць людзей. Ей карціць выглядаць значнай, цікавай асобай, чаго б там ні каштавала, вы разумееце? Яна, напэўна, марыла стаць артысткай... Паела, запаліла, а паліць жа зусім не ўмее...
У доме толькі адзін пакой з шырокім ложкам і павялічанай шлюбнай фотакарткай у авальнай рамцы на сцяне.
- «Гэта праўда, што вы не падасланы Рышарам?» - перапытвала зноў у мяне.
Вочы ў яе выкацістыя, і пры размове яна не адрывае іх ад субяседніка. Ад гэтага ажно не па сабе робіцца. Здаецца, яна зусім вас не слухае, але гэта толькі здаецца, таму што яна ніколі не губляе нітку размовы.
- «Ты бачыш, Вольга, - з засмучаным выглядам звярнулася яна да сястры, - якое складанае жыццё ў гэтым свеце? Я казала табе, што гэта дабром не скончыцца».
Я спытаўся, калі яна мяркуе вярнуцца на работу.
- Цяпер і нагі маёй там больш не будзе!
І ўсё дапытвалася ў мяне...
Музыка! Позірк флейтыста маліў Мэгрэ набрацца цярпення.
- Ну, вось! Тым горш, калі я схібіў. Але цяпер ужо нічога не паправіш. Я сказаў ёй усю праўду!
- Якую праўду?!
- Што паненка крычала з акна: «Ратуйце!», што Луі заехаў мне па фізіяноміі, што прыйшлі вы і вам паказалі нейкую дзяўчыну ў кашулі, даводзячы, што гэта Жэрмена. Яна страшэнна раззлавалася. Я, праўда, сказаў, што афіцыйна ніякага следства няма, што вы заняліся гэтым, так сказаць, прыватна, што вы будзеце шчаслівы сустрэцца з ёю, і, перш чым я дагаварыў, яна пачала збірацца ў дарогу. У адных панталонах з аборкамі і ў станіку, не саромячыся мяне, яна стала корпацца ў сваім чамадане, просячы прабачэння толькі ў сястры.
- «Разумееш, - кажа яна, - дзіця тваё ўсё роўна з'явіцца на свет божы, а я праз гэтую гісторыю магу ўліпнуць у такі пераплёт!..»
Я не ведаў, што рабіць, але падумаў, што вам будзе карысна выслухаць яе. Я не ведаў, куды яе весці. І прывёў да вас. Мне ўдалося перагаварыць з вашай жонкай на лесвічнай пляцоўцы. Божа мой! Якая мілая ў вас жонка! Я папрасіў яе прыгледзець за Жэрменай, каб яна не збегла. Вы злуяце на мяне?
Як можна было злаваць на яго? Але душа ў Мэгрэ была не на месцы.
- Можа, так яно і лепш, - уздыхнуў ён.
- Калі ж я пабачу вас зноў?
Мэгрэ ўспомніў, што апоўначы павінен сустрэцца з рамізнікам Карні.
- Магчыма, яшчэ сёння вечарам.
- Калі не пабачымся, то дазвольце мне прыйсці да вас заўтра раніцай, я ўжо ведаю, дзе вы жывяце. А! Яшчэ вось што...
Ён збянтэжыўся, не рашаючыся сказаць.
- Яна спыталася, хто аплоціць яе выдаткі, і я сказаў... Я не ведаў, што сказаць... Прасіў яе не хвалявацца... Але калі гэта наробіць вам турбот, то я...
Мэгрэ выйшаў з рэстаранчыка, не дачакаўшыся канца музычнага нумара, і заспяшаўся да метро.
Убачыўшы святло пад дзвярыма сваёй кватэры, яго ахапіла лёгкае хваляванне. Даставаць з кішэні ключ не было патрэбы: дзверы расчыніліся - мадам Мегр заўсёды пазнавала яго па кроках.
Яна дасведчана паглядзела на яго і весела кіўнула:
- Цябе чакае чароўная дзяўчына.
Слаўная мадам Мэгрэ! Яна не іранізавала. Ёй проста хацелася быць прыязнай. Жэрмена сядзела, аблакаціўшыся на стол, з цыгарэтай у зубах; перад ёю стаялі талеркі з рэшткамі ежы. Яе вялікія вочы ўпіліся ў Мэгрэ, быццам яна намервалася праглынуць яго. Было відно, што яна яшчэ не давярала яму.
- Гэта праўда, што вы з паліцыі?
Ён палічыў за лепшае паказаць ёй сваё пасведчанне, і з таго моманту яна ўжо не зводзіла з яго вачэй. Перад ёй стаяў кілішак: мадам Мэгрэ дастала-такі вішнёвую наліўку, якую зберагала для большай урачыстаці.
- Ты яшчэ не вячэраў?
- Дзякуй, перакусіў ужо трошкі.
- У такім разе, я пакідаю вас. Трэба памыць пасуду.
Яна прыбрала са стала, выйшла на кухню, але дзверы за сабою ўсё ж не зачыніла.
- Ваш сябар таксама з паліцыі?
- Не. Не зусім. Ён выпадкова...
- Ён жанаты?..
- Жанаты. Здаецца.
Яму было трошкі няёмка ў сямейнай абстаноўцы з гэтай цікаўнай дзяўчынай, а яна трымалася, як у сябе дома, устала, паправіла перад люстэркам на каміне прычоску.
- Можна? - дзеля прыліку амаль давяральна запытала яна і ўселася ў крэсла мадам Мэгрэ.
- Вы даўно знаёмы з мадэмуазэль Жандро? - запытаўся Мэгрэ.
- Мы разам вучыліся ў школе.
- Мне здаецца, вы з ансеваля, калі не памыляюся? У Ансевалі вы і вучыліся разам?
Яго здзівіла, што наследніца Жандро-Бальтазараў атрымала адукацыю ў невялічкай правінцыяльнай школе.
- Я хачу сказаць, што мы аднагодкі, розніца ўсяго некалькі месяцаў. У будучым месяцы ёй стукне дваццаць адзін год, а мне гэтулькі ж споўнілася два тыдні назад.
- І вы абедзве хадзілі ў адну школуў Ансевалі? - перапытаў Мэгрэ.
- Яна - не. Яна жыла ў манастыры ў Ньеўры. Але мы вучыліся ў адзін і той жа час.
Цяпер ён усё зразумеў. І з гэтага моманту зрабіўся недаверлівы, стаў уважліва размяжоўваць ману ад праўды, праўду ад амаль праўды ці ад праўдападобнасці.
- Вы чакалі нейкіх непрыемных падзей на вуліцы Шапталь?
- Я заўсёды лічыла, што гэта дабром не скончыцца.
- Чаму?
- Таму, што яны ненавідзяць адно аднаго.
- Хто?
- Мадэмуазель і яе брат. Я ўжо чатыры гады служу ў іх. Прыйшла адразу пасля смерці мадам. Вы ж ведаеце, што яна загінула пры крушэнні на чыгунцы, калі ехала на воды ў Вітэль? Які жах!
Яна сказала гэта так, быццам сама прысутнічала пры тым, калі з-пад друзу вагонаў выцягвалі ахвяр.
- Пакуль мадам была жывая, самі разумееце, завяшчанне не мела значэння.
- Вы добра дасведчаны ў сямейных справах.
- Я ўраджэнка Ансеваля. І бацька мой там нарадзіўся. А дзед быў фермерам у графа і гуляў у більярд з самім дзедам.
- Якім дзедам?
- Так яго звалі ў нас. Вы нічога не ведаеце? Я думала, што паліцыя ведае ўсё на свеце.
- Вы, несумненна, маеце на ўвазе старога месье Бальтазара?
- Ну, так, месье Гектора. Яго бацька быў рымарам у нашай вёсцы. А яшчэ і званаром. У дванаццаць год месье Гектор стаў карабейнікам. Хадзіў ад фермы да фермы з корабам за плячыма.
- Гэта ён заснаваў кававае аб'яднанне «Бальтазар»?
- Ён, але гэта не замінала майму дзеду да самай смерці гаварыць яму «ты». Ён доўга не паяўляўся ў Ансевалі, а калі зноў з'явіўся, то быў ужо багаты. І купіў замак.
- Каму належаў замак?
- Графу д'Ансеваль, чорт вазьмі!
- Хто-небудзь з гэтай сям'і яшчэ жывы?
- Сын жывы. Дружок нашай мадэмуазель. Вы не пачастуеце мяне кілішкам наліўкі? Ці не з дому прыслалі?
- Не, жонка зрабіла.
- Як падумаю, што гэта карга - я не пра вашу жонку - набралася нахабства выдаць сябе за мяне і спаць у маёй пасцелі!.. Вы сапраўды бачылі яе ў адной кашулі? Яна куды таўсцейшая за мяне. Калі б я толькі захацела - такое б расказала пра яе!..
- Такім чынам, стары Бальтазар, гаспадар фірмы «Кава Бальтазар», адкупіў замак у д'Ансеваля. Ён быў жанаты?
- Быў, але жонка да таго часу памерла ўжо. У яго была дачка, не столькі прыгожая, колькі ганарыстая, і яшчэ сынок, месье Юберт, які за ўсё жыццё нічога талковага не зрабіў. Сястра яго - сапраўдная ведзьма, а ён - дабрун, ласкавы як цялё. І ўсё падарожнічаў па свеце.
- Вас тады яшчэ і на свеце не было?
- Канешне. Але там і цяпер нічагуткі не змянілася!
Мэгрэ машынальна дастаў з кішэні запісную кніжку і пачаў занатоўваць прозвішчы па парадку, як бы малюючы генеалагічнае дрэва Бальтазараў. Ён адчуваў, што з такой дзяўчынай, як Жэрмена, неабходна пастаяннае ўдакладненне.
- Такім чынам, спачатку быў Гектор Бальтазар, якога вы называеце дзедам. Калі ён памёр?
- Пяць год назад. Роўна за год да смерці дачкі.
Мэгрэ, прыгадаўшы Фелісьена Жандро, які сам быў ужо далёка не малады, здзівіўся:
- Ён, відаць, быў тады вельмі стары?
- Дзіва што! Яму восемдзесят восем было. Жыў адзін як сыч у агромністым асабняку на авеню дзю Буа. І яшчэ ўласнаручна вёў усе справы, памагала толькі дачка.
- А не сын?
- Божа барані! Яго сын не меў права нават нагой ступіць у офіс. Ён выдзяляў яму грошы на пражытак. Цяпер сынок жыве на набярэжнай непадалёк ад Пон-Нёфа. Шалапут!
- Хвілінку... Авеню дзю Буа... Дачка замужам за Фелісьенам Жандро?
- Была. Але месье Фелісьен - той таксама не смеў і носа сунуць у справы.
- Чаму?
- Кажуць, аднойчы яму паспрабавалі даручыць сёе-тое... А ён закляты ігрок... Яшчэ і сёння штодня прападае на скачках... Ходзяць чуткі, што ён нешта нядобрае ўтварыў з чэкамі ці вэксалямі, я там знаю?.. Дык цесць перастаў нават размаўляць з ім.
Пазней Мэгрэ давялося адведаць асабняк на авеню дзю Буа, адзін з самых пачварных у Парыжы будынкаў з сярэдневечнымі вежамі і вітражамі. Пабачыў ён і партрэт старога - васковы твар з выразна акрэсленымі рысамі, доўгія сівыя бакенбарды, наглуха зашпілены сурдут, з-пад якога па абодва бакі чорнага гальштука выглядвалі палоскі жылета.
Калі б ён быў болей дасведчаны ў жыцці парыжскага свету, ён ведаў бы, што стары Бальтазар завяшчаў свой асабняк з усімі карцінамі, якія ён сабраў там, дзяржаве. Ён хацеў, каб дом яго быў ператвораны ў музей. У свой час гэта выклікала шмат плётак. Болей года эксперты вялі заўзятыя спрэчкі... і справа скончылася тым, што ў рэшце рэшт урад адмовіўся ад завешчанай маёмасці, таму што большасць палотнаў аказаліся падробленыя.
Настане час, Мэгрэ пабачыць і партрэт дачкі - сівыя валасы, сабраныя ў вузел на патыліцы, профіль «а ля імператрыца Яўгенія», твар, гэткі ж ледзяны, як і ў заснавальніка кававай дынастыі.
Што да Фелісьена Жандро, то Мэгрэ ўжо меў магчымасць бачыць яго нафарбаваныя вусы, гетры і трысціну з залатой булдавешкай.
- Кажуць, стары ненавідзеў усю сваю сям'ю - і сына, і зяця, і месье Рышара, якога цудоўна раскусіў. Ён прызнаваў толькі дачку і ўнучку. Дзед убіў сабе ў галаву, што толькі гэтыя дзве асобы належаць да яго роду, і пакінуў завяшчанне, у якім сам чорт шыю зверне. Месье Бракеман не дасць схлусіць.
- Хто такі месье Бракеман?
- Яго натарыус. Яму таксама гадоў пад восемдзесят. Яго ўсе баяцца, бо аднаму яму ўсё вядома.
- Што іменна?
- А я скуль знаю? Усё павінна высветліцца, калі мадэмуазель Эліз споўніцца дваццаць адзін год. Таму яны і вар'яцеюць, жмінды. Асабіста мне ўсё роўна, я ні за таго, ні за другога. Калі б я толькі захацела...
Яму раптам прыйшло ў галаву:
- Месье Рышар?.. - сказаў Мэгрэ, уступаючы ў гульню.
- Папавіўся ён каля маёй спадніцы. А я секанула яму проста ў вочы, што не на тую натрапіў, і параіла лепш пайсці да Мары. «Я не такая дурніца, як яна, каб дазволіць пакарыстацца сабой», - так вось і заявіла яму.
- І ён паслухаўся вашай парады?
- Скуль я ведаю? Што ён - шкляны, ці што? Калі хочаце ведаць, што я пра іх думаю - а я іх наскрозь бачу! - то ва ўсіх гэтых Бальтазараў не ўсе дома.
Жэрмена была ўзбуджана. Вочы яе зусім скруглелі, а позірк зрабіўся такі дапытлівы, што Мэгрэ стала не па сабе. А яна ажно падалася да Мэгрэ - здавалася, яшчэ міг - і яна ўхопіць яго за калені.
- А Луі таксама родам з Ансеваля?
- Ён сын нашага былога настаўніка. Сёй-той, праўда, лічыць, што ў сапраўднасці ён сын папа, а не настаўніка.
- Ён падтрымлівае месье Рышара?
- Ды што вы?! Ён усё жыццё ходзіць за паненкай. Ён не пакідаў старога да самай смерці, на руках насіў яго, калі той занядужаў, і ўжо хто-хто, а ён павінен ведаць, бадай, больш за ўсіх, больш, можа, нават за самога Бракемена.
- А Луі ніколі не заляцаўся да вас?
- Луі?
Яна разрагаталася.
- Ды куды яму! З яго парахна ўжо сыплецца! Па-першае, ён шмат старэйшы, чым можна падумаць. Прынамсі, яму не меней пяцідзесяці пяці. І ўвогуле, капейчына цана яму ў базарны дзень, разумееце? Вось чаму мадам Луі і Альбер...
- Выбачайце, хто такі Альбер?
- Лёкай. Таксама з Ансеваля. Да дваццаці аднаго года быў жакеем.
- Выбачайце... Мяне вадзілі па ўсім доме, але я не бачыў пакоя, у якім...
- Таму што Альбер начуе над стайняй, разам з Жэромам.
- З Жэромам?
- Вазаком месье Фелісьена. Адзін толькі Арсен, шафёр - ён жанаты і мае дзіцёнка - начуе дома.
Мэгрэ ў рэшце рэшт старанна занатаваў усе імёны ў сваю запісную кніжку.
- Калі хто і стрэліў у паненку, - а мяне гэта не здзівіць, - то хутчэй за ўсё сам месье Рышар. Калі яны ўсчынаюць сварку...
- Яны часта сварацца?
- Каб не зманіць - штодня. Аднойчы ён гэтак сціснуў ёй рукі, што яна цэлы тыдзень хадзіла з сінякамі. Але і яна не промах, і яму таксама дастаецца будзь здароў. Але я гатова біцца аб заклад, што стралялі не ў паненку.
- У каго ж тады?
- У графа!
- Якога графа?
- Вы ўсё яшчэ нічога не цяміце? У графа д'Ансеваля!
- Сапраўды! Ёсць жа яшчэ адзін граф д'Ансеваль!
- Унук таго, што прадаў замак старому Бальтазару. Мадэмуазель сама няведама дзе адкапала яго.
- Ён багаты?
- Ён? Ды ў яго ні капейчыны за душой!
- І ён бывае ў доме?
- Ён... Я хачу сказаць...
- Вас цікавіць, ці ён спіць з ёю? Не думаю, што ён прагне гэтага. Цяпер вы разумееце? У іх ва ўсіх шарыкаў не хапае. Грызуцца як сабакі. Адзін месье Юберт у баку ад усяго, а гэтыя двое, брат і сястра, вылузваюцца са скуры, каб уцягнуць і яго ў сваю калатню, заручыцца яго падтрымкай.
- Вы гаворыце пра Юберта Бальтазара, сына старога? Колькі яму год?
- Ды гадоў з пяцьдзесят. А мо трошкі больш? Ён такі далікатны, так добра выхаваны. Як толькі прыйдзе да нас, дык заўсёды трошкі пагаворыць і са мной. Паслухайце! Цяпер ужо позна, цягнікоў на Канфлан няма, а дзе ж я пераначую! У вас знойдзецца для мяне ложак?
Яе позірк быў настолькі красамоўна правакацыйны, што Мэгрэ аж папярхнуўся і міжволі глянуў на кухонныя дзверы.
- На жаль, у нас няма пакоя для гасцей. Мы зусім нядаўна ўладкаваліся тут.
- Вы нядаўна пажаніліся?
І гэтыя словы ў яе вуснах мелі амаль непрыстойны сэнс.
- Я ўладкую вас у гатэль.
- Вы ўжо будзеце ўкладвацца спаць?
- У мяне яшчэ сустрэча ў горадзе.
- Гэта праўда, што шпегам не часта даводзіцца начаваць ва ўласнай пасцелі? Пацеха, вы зусім непадобны на паліцэйскага. Я ведала аднаго такога - ён быў сержантам, такое боўдзіла, высачэзны, смуглы-смуглы, Леанардам звалі.
Але Мэгрэ не цікавіў Леанард.
- Я вам яшчэ буду патрэбна? А можа, мне вярнуцца да іх, нібыта нічога не здарылася? Тады я змагу кожны вечар расказваць вам, што там адбылося за дзень.
З кухні данёсся грукат каструль, але зусім не пагэтаму Мэгрэ адхіліў зробленую яму прапанову. Жэрмена прыводзіла яго літаральна ў жах.
- Мы ўбачымся з вамі заўтра, - сказаў ён. - Хадзем, калі ласка...
Перш чым надзець свой капялюшык і паліто, яна зноў паправіла валасы перад люстэркам і схапіла пляшку з наліўкай.
- Можна? Я столькі гаварыла, столькі перадумала! А вы не вып'еце?
Не мела сэнсу расказваць ёй пра тое, колькі чарак кальвадосу, па сваёй ахвоце ці пад прымусам, выпіў ён за гэты дзень.
- Я магу вам цэлую процьму ўсяго нарасказваць. Ёсць людзі, якія пішуць раманы, а не перажылі і чвэрці таго, што перажыла я. Калі б я ўзялася пісаць...
Мэгрэ зайшоў на кухню, пацалаваў жонку ў лоб. Яна весела глянула на яго, і ў яе вачах прамільгнуў гарэзны агеньчык.
- Я, магчыма, вярнуся позна.
- Не спяшайся, Жуль! - з вясёлай падколінкай адказала мадам Мэгрэ.
Гатэль знаходзіўся ўсяго цераз некалькі дамоў, непадалёк ад бульвара Вальтэра. На вуліцы Жэрмена рашуча ўзяла свайго спадарожніка пад руку.
- У мяне высокія абцасы...
Чорт пабяры! Звычайна ж яна хадзіла ў драўляных башмаках!
- У вас вельмі мілая жонка, скажу я вам. І гаспадыня яна цудоўная.
Мэгрэ не адважыўся даць ёй грошы, каб яна сама заплаціла за нумар. Ён сам зайшоў у адміністратарскую і пачырванеў ад пытання адміністратара:
- Пакой на ноч ці часова?
- На ноч. Толькі для мадэмуазель...
Пакуль адміністратар выбіраў на стэндзе ключы, Жэрмена зусім павісла на руцэ Мэгрэ, цяпер ужо і не просячы прабачэння.
- Васемнаццаты нумар, трэці паверх, налева. Хвіліначку, зараз дам бялізну.
Мэгрэ не любіў успамінаць, як ён развітаўся з ёю. Лесвіца была ўслана чырвонай дывановай дарожкай. Жэрмена ў адной руцэ трымала прасціны, у другой ключ, прычэплены да меднай бляшкі. Адміністратар зноў уткнуўся ў газету.
- У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?
Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрываліся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, які пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...
- Не... На сёння ўсё... - прамармытаў ён.
- Ах, праўда ж, я і забылася, што ў вас спатканне. - Яе сакавітыя вусны склаліся ў іранічную ўсмешку. - Тады да заўтра?
- Да заўтра.
Што ж, гэтага і трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кінуўся ў метро. Шчоўкнулі аўтаматычныя дзверы, і ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкі, машынальна назіраючы за познімі пасажырамі, па тварах якіх прабягалі мудрагелістыя цені.
Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вуліцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявійет і не адшукаў нарэшце вялікую стадолу, забітую парожнімі, з узнятымі ўгору, аглоблямі. У глыбіні двара патыхала цеплынёй стайняў.
- Карні? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калі хочаце.
Толькі а палове першай ночы з'явіўся п'янюткі рамізнік. Асавелым позіркам ён утаропіўся ў Мэгрэ:
- Дама з вуліцы Шапталь? Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцінца. А высокі брунет...
- Які высокі брунет?
- Той, што спыніў мяне на вуліцы Бланш, чорт пабяры, і загадаў мне пад'ехаць на вуліцу Шапталь і пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я ніколі не запамінаю лічбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...
- Вы адвезлі яе на вакзал?
- На вакзал? На які вакзал?
Рамізнік пахістваўся. Доўгім цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэліўшы на штаны Мэгрэ.
- Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...
Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.
- Яна ў гатэлі насупраць Цюільры, на невялічкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавіна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавіны... Во «Атэль дзю Луўр»! Но, малота! - таргануў рамізнік свайго каня.
Метро ўжо не працавала, трамваі і аўтобусы не хадзілі, і Мэгрэ мусіў тупаць пешкі па бясконца доўгай вуліцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.
Рэстарацыя «Клішы» была, канешне, даўно зачыненая, і Жустэн Мінар вярнуўся ў сваё жытло на вуліцы Ангіен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.

Раздзел V
ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКІ МЭГРЭ

Мэгрэ галіўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкі аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную раніцу хадзіць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - і для іх абаіх гэта былі самыя светлыя хвіліны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так і ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялі вокны, з асалодай дыхалі свежым паветрам. Да іх даносіўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузні, тарахценне вазоў, іржанне коней і нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайні.
- Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?
- Калі б яна засталася ў сваім сяле, выйшла замуж і нарадзіла дзесяцера дзяцей - ніхто гэтага, магчыма, і не заўважыў бы. Можа, проста дзеці былі б не ад аднаго бацькі, толькі і ўсяго.
- Зірні, зірні, Мэгрэ! Часам ці не твой гэта прыяцель топчацца ў нас пад вокнамі?
Мэгрэ з намыленай шчакой высунуўся ў акно і пазнаў Жустэна Мінара, які цярпліва чакаў яго на вуліцы.
- Ты не хочаш запрасіць яго да нас?
- Навошта? Я праз пяць хвілін буду гатовы. А ты не збіраешся пагуляць сёння?
Мэгрэ рэдка пытаўся ў жонкі, чым яна будзе займацца цэлы дзень, і яна адразу здагадалася, што ён мае на ўвазе.
- Ты хочаш, каб я папільнавала паненку?
- Магчыма, мне сапраўды прыйдзецца прасіць цябе зрабіць гэта. Калі я прамаргаю яе ў Парыжы, а ёй, сама бачыш, проста няўцерп памалоць языком, дык адзін бог ведае, што яна каму набалбоча.
- Ты зараз да яе?
- Неадкладна.
- Яна будзе яшчэ ў пасцелі.
- Магчыма.
- Магу прысягнуць, ты апынешся ў пікантным становішчы.
Як толькі Мэгрэ выйшаў з пад'езда, да яго падышоў Мінар, пакрочыў побач і запытаў:
- Што робім сёння, шэф?
Шмат гадоў пазней Мэгрэ прыпомніць, што менавіта той нядэшлы флейтыст быў першы, хто назваў яго шэфам.
- Вы бачылі яе? Даведаліся што-небудзь? Я амаль не спаў. Толькі сабраўся легчы, як адно пытанне збіла ўвесь мой сон.
Іх крокі гулка раздаваліся ў ранішняй цішыні. Ідучы, яны назіралі, як воддаль паволі ажыўляецца бульвар Вальтэра.
- Раз стралялі, значыцца, стралялі ж у некага. І вось я задаюся пытаннем: а ў каго пацэлілі?.. Я вам не дужа надакучыў?
Надакучыў? Якраз гэтае пытанне без канца задаваў сам сабе і Мэгрэ.
- Дапусцім, куля ні ў каго не трапіла... Канешне, цяжка паставіць сябе на месца гэтых людзей... І ўсё ж, мне чамусьці здаецца, што калі б не было ні параненага, ні забітага, то навошта б ім вычвараць такую трагікамедыю?.. Вы мяне разумееце? Як толькі мяне вышпурнулі за дзверы, яны кінуліся прыводзіць у парадак пакой, каб пераканаць, што нічыёй там і нагі не было... І яшчэ адна дэталь: помніце, калі дварэцкі намагаўся выпхнуць мяне, нехта на другім паверсе перасцярог Луі не марнаваць часу? А чаму яны замкнулі паненку ў пакоі служанкі? Безумоўна, таму, што яна была надта ўсхвалявана і, на іх думку, магла праваліць сваю ролю ў ігры...
- Я цэлы дзень вольны, - дадаў Мінар без усялякай сувязі. - Можаце распараджацца мною, як вам трэба.
Каля гатэля, у якім начавала Жэрмена, была кавярня з тэрасай і круглымі столікамі з белага мармуру. Гарсон з бакенбардамі, здавалася, сышоў са старонкі рэкламнага календара. Узабраўшыся на драбінкі, ён чысціў крэйдай шыбы.
- Пачакайце мяне тут.
Мэгрэ вагаўся. А можа, паслаць наверх Мінара? Калі б хто запытаўся ў Мэгрэ, чаму яму захацелася зноў пабачыць пакаёўку, ён наўрад ці адказаў бы. Гэтым ранкам ён адчуваў дзіўную патрэбу быць адначасова ўсюды. Ён амаль нудзіўся па «Старому Кальвадосу», яму не цярпелася хутчэй сесці там ля акна і назіраць за ўсім, што адбываецца на вуліцы Шапталь. Цяпер, калі ён ведаў трошкі больш пра насельнікаў асабняка, яму здавалася, што ўсе гэтыя воблікі - Рышара Жандро, які садзіцца ў машыну, яго бацькі, які прастуе да карэты, Луі, які выходзіць на тратуар падыхаць свежым паветрам, - набылі б цяпер у ягоных вачах зусім іншы сэнс.
Яму хацелася быць і ў «Атэлі дзю Луўр», і на авеню дзю Буа, і нават у Ансевалі.
Але з усіх людзей, з якімі звязаў яго выпадак за два дні перад гэтым, толькі адзін чалавек быў даступны яму, і ён інстынктыўна чапляўся за яго.
Цікавая рэч! Пачуццё, якое валодае ім, каранілася ў ім яшчэ з дзяцінства. Праўда, смерць бацькі перапыніла яго заняткі медыцынай на трэцім годзе навучання, але калі на тое пайшло, то ён ніколі не прагнуў стаць доктарам, лячыць хворых.
Па праўдзе кажучы, ён ніколі не ведаў, якім рамяством хацеў бы заняцца. Яшчэ падлеткам, калі жыў у вёсцы, у яго склалася ўражанне, што большасць людзей знаходзяцца не на сваім месцы, брыдуць чужой дарогай толькі таму, што не ведаюць, якая ж дарога іхняя.
І вось, уяўлялася яму, з'яўляецца разумны, кемлівы чалавек, нехта падобны на доктара і на пастара адначасова, які з першага погляду можа вызначыць прызначэнне другога чалавека.
Да таго празарліўца прыходзілі б за парадай, як да лекара. Ён быў бы накшталт нейкага ўпарадчыка лёсаў. І не толькі таму, што ён разумны. Мусіць, няма патрэбы валодаць выключным розумам. Проста ён павінен умець глядзець на свет вачыма таго чалавека, з якім яму прыйдзецца сутыкнуцца.
Мэгрэ ніколі не размаўляў пра гэта, ён не асмельваўся нават занадта глыбока раздумваць над падобным, каб нават самому сабе не здавацца смешным. Не маючы магчымасці закончыць вучобу ў медыцынскім, ён выпадкова пайшоў служыць у паліцыю. Але калі сказаць папраўдзе, дык ці абсалютна выпадкова атрымалася так? Хіба і паліцэйскім, калі разабрацца, не прыходзіцца часам быць упарадчыкам лёсаў?
Усю папярэднюю ноч, то дрэмлючы, то выбіваючыся са сну, ён жыў жыццём людзей, якіх мала ведаў альбо амаль не ведаў - узяць хоць бы старога Бальтазара, што памёр пяць гадоў назад. Цяпер Мэгрэ ішоў да Жэрмены, каб пазнаёміцца з імі бліжэй. Ён пастукаўся ў дзверы.
- Заходзьце! - данёсся ў адказ млявы голас.
І адразу ж дадаў:
- Хвіліначку! Я забылася, што дзверы замкнёныя.
Пачулася шлэпанне босых ног па ходніку. Дзверы расчыніліся. Жэрмена была ў кашулі, якая мякка ахінала яе пышныя тугія грудзі, распушчаныя валасы спадалі аж да пояса. Прачнулася ж яна, відаць, даўнавата, бо на начным століку стаяла талерка з рэштай шакаладкі і крошкамі здобы.
- Вы па мяне? Мне трэба апранацца?
- Можаце сабе адпачываць, а можаце і апрануцца. Мне хацелася б трошкі пагаварыць з вамі.
- А вам не смешна быць пры поўным парадзе, калі я - у адной кашулі?
- Ніколькі.
- Ваша жонка не раўнівая?
- Не. Я хацеў бы, каб вы расказалі мне пра графа д'Ансеваля. Ці лепей... Вы ж ведаеце дом і ўсіх, хто там жыве і хто ў іх бывае... Уявіце сабе на хвілінку, што зараз гадзіна ночы... Гадзіна ночы... У пакоі мадэмуазель Жандро ўсчынаецца сварка... Прашу вас слухаць мяне ўважліва... Хто, па-вашаму, мог у гэты час знаходзіцца ў пакоі паненкі?
Жэрмена прынялася расчэсвацца перад люстэркам, бліскаючы русым лямцам пад пахамі і ружавізнай цела, што прасвечвалася праз кашулю. Яна, як здалося, намагалася зразумець, чаго ён хоча.
- Луі? - падказаў Мэгрэ, жадаючы дапамагчы ёй.
- Не. Луі не зайшоў бы так позна.
- Хвілінку. Адна дэталь, пра якую я зусім забыў. Луі быў парадна апрануты, у фраку, у белай манішцы, пры чорным гальштуку. Скажыце, ён заўсёды так позна кладзецца спаць?
- Бывае. Але тады ён не застаецца пры парадзе. Толькі калі ў доме чужыя людзі.
- А вось Юберт Бальтазар, да прыкладу, дзядзька мадэмуазель Жандро, мог знаходзіцца ў пакоі сваёй пляменніцы?
- Дзядзька! Ды што б ён рабіў у яе пакоі ў гадзіну ночы?!
- А калі б ён усё-такі прыйшоў, дзе яна прыняла б яго? У адным з салонаў на першым паверсе, так?
- Вядома, не. На вуліцы Шапталь свае парадкі. Хто што хоча, тое і робіць. Салоны толькі для прыёмаў. А звычайна кожны зашываецца ў свой куток.
- А Рышар Жандро мог зайсці да сястры?
- Канешне. Ён гэта часта робіць. Асабліва калі гневаецца.
- Ён носіць пры сабе рэвальвер? Вы калі-небудзь бачылі ў яго руках рэвальвер?
- Не.
- А мадэмуазель Жандро?
- Хвіліначку! У месье Рышара ёсць рэвальверы, ажно два, вялікі і маленькі, але яны ляжаць у ягоным стале. Мадэмуазель таксама мае адзін, з перламутравай ручкай, ён у шуфлядцы ў яе начным століку. Кожны вечар яна вымае яго наверх на столік.
- Яна чаго-небудзь баіцца?
- Такую не напалохаеш. Проста на ўсякі выпадак. Ёй, як усім ведзьмам, здаецца, што ўсе навокал толькі і думаюць, каб зрабіць ёй якое паскудства. Каб вы толькі ведалі, якая яна скупая, і гэта ў яе ўзросце! Знарок пакіне навідавоку грошы, пералічыўшы спачатку, а потым цікуе, абкрадаюць яе ці не. Пакаёўка, якая была да Мары, спакусілася, узяла, дык адразу ж была разлічана.
- Ёй даводзілася прымаць графа ў сваёй спальні?
- Можа, у самой спальні і не, а вось у будуары, што побач са спальняй, прымала.
- А гадзіне ночы?
- А што? Я чытала кнігу пра Лізавету, каралеву Ангельскую... Не чыталі? Раман, а відаць, усё праўда... Дык яна, аказваецца, была халодная жанчына, разумееце?.. Па-мойму, і мадэмуазель Жандро гэткая ж ягадка.
Жэрмена ўсё расчэсвалася, раз-пораз аглядваючы Мэгрэ ў люстра. Грэбень ціха патрэскваў у валасах.
- На шчасце, я зусім не такая!
- Пачуўшы на трэцім паверсе шум, месье Рышар мог прыбегчы туды з рэвальверам?
Яна паціснула плячыма.
- Чаго яму там?
- Каб застаць знянацку палюбоўніка сястры...
- От ужо на што яму сапраўды напляваць! Для гэткіх людзей значэнне маюць адны грошы!
Яна не пераставала круціцца вакол Мэгрэ, не сумняваючыся, што ён быў далёка, што ён быў там, у пакоі, на вуліцы Шапталь, спрабуючы расставіць людзей на адпаведныя месцы, як на сцэне.
- Граф д'Ансеваль прыходзіў калі-небудзь са сваім прыяцелем?
- Магчыма. Але ў такім выпадку яго прымалі ўнізе, а я спускаюся ўніз рэдка.
- Мадэмуазэль Эліз тэлефанавала графу калі-небудзь?
- Не думаю, каб у яго быў тэлефон. Яна яму не званіла; сам ён дык тэлефанаваў гады ў рады, хутчэй за ўсё з якой-небудзь забягалаўкі.
- Як яна яго называла?
- Жакам, як жа яшчэ.
- Колькі яму год?
- Ды гадоў дваццаць пяць. Красун, але даволі нахабны з выгляду. Так і гатовы, здаецца, пакпіць з каго-небудзь.
- Гэткі чалавек можа насіць зброю ў кішэні, як вы думаеце?
- Безумоўна.
- Чаму вы так упэўнены?
- Таму, што гэта якраз такі суб'ект! Вы чыталі «Фантамаса»?
- Месье Фелісьен, бацька, на баку дачкі ці на баку сына?
- Ні на чыім ён баку. А калі хочаце ведаць, дык на маім. Ён часам заходзць да мяне ў пакой. Гузік, кажа, прышыць трэба. У доме не дужа рупяцца пра яго. Слугі абзываюць яго старым хрычом альбо вусачом. Што да Альбера, ягонага лакея, дык той больш языком меле, чым робіць. Бо ўсе ведаюць, што стары - пустое месца! Аднойчы я заявіла яму проста ў вочы: «Калі вы будзеце гэтак распальвацца, паралюш вам забяспечаны. Зусім мала засталося!» Ды на яго няма ўпыну. Цяпер на чарзе Мары, і от ужо не ведаю, ці выкруцілася яна... Скажыце, вас не бянтэжыць назіраць, як жанчына наводзіць свой марафет?
Мэгрэ ўстаў, пацягнуўся за кацялком.
- Куды гэта вы? Няўжо так і пакінеце мяне адну?
- У мяне важныя сустрэчы. Праз хвіліну да вас прыйдзе мой сябар, той, які прывёз вас, ён пабудзе з вамі.
- А дзе ён?
- Унізе.
- Чаму ж вы адразу не прывялі яго? Прызнайцеся, вы ўсё-такі нешта мелі наўме! Каго вы баіцеся? Жонкі?
Яна ўжо наліла ў тазік вады, каб памыцца, і Мэгрэ ажно ўявіў, як яна зараз скіне кашулю, шлеечкі якой пры кожным яе руху ўсё болей апаўзалі з плячэй.
- Я яшчэ сустрэнуся з вамі днём, спадзяюся, - адчыняючы дзверы, сказаў ён.
Жустэн Мінар сядзеў на залітай сонцам тэрасе і піў каву са смятанкай.
- Толькі што тут была ваша жонка, - сказаў ён.
- Чаго?
- Адразу па вашым адыходзе з дому прынеслі вось гэта тэрміновае пісьмо. Яна пабегла ўслед за вамі, хацела дагнаць.
Мэгрэ сеў і, не падумаўшы, што яшчэ зусім рана для гэтага, заказаў куфаль піва. Потым разарваў канверт. Запіска была падпісана Максімам Лё Брэ.
«Прашу вас зайсці раніцай у камісарыят. Сардэчна ваш».
Відаць, пісьмо пісалася дома, на бульвары Курсэль, бо ў камісарыяце Лё Брэ скарыстаў бы службовы бланк. Ён быў вельмі педантычны адносна формы. У яго былі ў запасе гатункі чатырох візітных картак на ўсе выпадкі жыцця: месье і мадам Лё Брэ дэ Плуінак, Максім Лё Брэ дэ Плуінак, Максім Лё Брэ, камісар паліцыі...
Запісачка, напісаная яго рукой, сведчыла пра пэўную блізкасць паміж ім і яго сакратаром. Ён, відаць, доўга ламаў галаву, як пачаць яе: «Мой дарагі Мэгрэ»? «Дарагі месье»? «Месье»? У рэшце рэшт, знайшоў выйсце: абышоўся ўвогуле без звароту.
- Скажыце, Мінар, у вас сапраўды ёсць час?
- Канешне. І ён належыць вам.
- Паненка наверсе. Я не ведаю, калі вызвалюся. Адну ж яе пакідаць боязна, каб часам не пайшла на вуліцу Шапталь ды не растрапала ім пра ўсё.
- Ясна.
- Калі вы пойдзеце з ёю куды-небудзь, пакіньце мне запіску, дзе вас шукаць. Калі захочаце пазбавіцца ад яе, адвядзіце да маёй жонкі.
Праз чвэрць гадзіны ён быў ужо ў камісарыяце, і саслужыўцы глядзелі на яго з зайздрослівым захапленнем, як глядзяць звычайна на тых, хто адпраўляецца ў водпуск альбо ў спецыяльную камандзіроўку, ці на тых, хто нейкім цудам аказаўся збаўлены ад паўсядзённай службовай сумоты.
- Камісар тут?
- Даўно.
У інтанацыі, з якой Лё Брэ прывітаў Мэгрэ, свяцілася тое ж адценне, што і ў запісцы. Ён нават падаў яму руку, чаго звычайна ніколі не рабіў.
- Не пытаюся, на якой ступені знаходзіцца следства, бо лічу, што яшчэ ранавата пытацца пра гэта. А папрасіў я вас прыйсці... Мне хацелася б, каб вы правільна зразумелі мяне, бо склалася даволі далікатная сітуацыя. Само сабой зразумела, тое, што я даведаўся на бульвары Курсель, абсалютна не тычыцца службовых спраў камісара паліцыі. З другога ж боку...
Твар яго быў свежы, відно было, што чалавек выспаўся. Лё Брэ хадзіў па кабінеце. Бадзёры і энергічны, ён з яўным задавальненнем пацягваў цыгарэту з залатым муштуком.
- Я не магу дапусціць, каб вы тапталіся на месцы з-за адсутнасці неабходных звестак. Учора вечарам мадэмуазель Жандро званіла маёй жонцы.
- Яна званіла з «Атэль дзю Луўр»?
- Вы ўжо ведаеце пра гэта?
- Яна паехала туды на рамізніку ў другой палове дня.
- У такім выпадку... У мяне ўсё... Я разумею, як цяжка выведаць, што адбываецца ў пэўных дамах...
Здавалася, ён нават устрывожаны, і цяпер мучыцца пытаннем: а што яшчэ вядома Мэгрэ па гэтай справе?
- Яна не збіраецца вяртацца на вуліцу Шапталь, а мяркуе прывесці ў парадак асабняк свайго дзеда.
- На авеню дзю Буа?
- Там. Я бачу, вы ўжо шмат у чым дасведчаны.
- Дазвольце задаць вам пытанне, - асмялеў Мэгрэ. - Вы знаёмы з графам д'Ансевалем?
Лё Брэ, уражаны, нахмурыў бровы, як чалавек, які спрабуе зразумець, што тут да чаго. Маўчаў ён даволі доўга.
- Ага! Ну, ясна. Бальтазары купілі замак д'Ансеваль. Вы гэта мелі на ўвазе? Але я не бачу ніякай сувязі.
- Мадэмуазель Жандро і граф д'Ансеваль часта сустракаюцца.
- Вы ўпэўнены? Цікава, цікава.
- Вы знаёмы з графам?
- Асабіста не, і не шкадую. Але шмат чуў пра яго. Што мяне здзіўляе. Хіба, магчыма, яны зналіся яшчэ дзецьмі... Альбо яна не ведае... Ці бачыце, Боб Д'Ансеваль пайшоў па дурной дарожцы. Яго нідзе не прымаюць, ён не бывае ў свеце, і, калі я не памыляюся, Аддзел правапарушэнняў свецкімі асобамі неаднойчы ўдастойваў яго сваёй увагай.
- Вы не ведаеце яго адраса?
- Кажуць, ён бывае ў пэўных сумніцельных барах на авеню дэ Ваграм і ў квартале Тэрн. Магчыма, у гэтым аддзеле ведаюць пра яго падрабязней.
- Вы не будзеце супраць, калі я звярнуся туды за даведкамі?
- Пры ўмове, што вы не будзеце ўпамінаць Жандро-Бальтазараў.
Ён быў яўна азадачаны. Некалькі разоў, быццам разважаючы сам з сабой, буркнуў сабе пад нос:
- Цікава! Цікава!
А Мэгрэ распытваў з усё большай адвагай:
- Скажыце, мадэмуазель Жандро, па-вашаму, нармальная асоба?
На гэты раз Лё Брэ падскочыў, і ў першае імгненне ягоны позірк, кінуты на сакратара, быў міжволі суровы.
- Выбачайце! Я не разумею вас.
- Прашу прабачэння, я, магчыма, не так паставіў пытанне. Цяпер я абсалютна ўпэўнены, што ў тую, вядомую вам ноч у пакоі служанкі я бачыў менавіта Эліз Жандро. Значыць, у яе ўласным пакоі нешта адбылося, і нешта даволі сур'ёзнае, раз узнікла неабходнасць у такіх выкрутасах. Што да паказанняў музыканта, які ў той час праходзіў па вуліцы і чуў стрэл, то ў мяне няма ніякіх падстаў сумнявацца ў іх праўдзівасці.
- Прадаўжайце.
- Верагодна, што мадэмуазель Жандро была не адна з братам у сваім пакоі.
- Што вы хочаце сказаць?
- Па ўсіх даных, трэцім чалавекам быў граф д'Ансеваль. Калі стралялі, калі ў пакоі сапраўды мелася трое чалавек, калі ў некага пацэлілі...
Мэгрэ ў глыбіні душы ганарыўся, што выклікаў такое здзіўленне ў позірку ягонага шэфа.
- Якія факты яшчэ ў вашым распараджэнні?
- Нешматлікія.
- Мне думалася, што ў тую ноч вы агледзелі ўвесь дом.
- За выключэннем пакояў, якія размешчаны над стайняй і гаражом.
Упершыню драма, што разыгралася ў асабняку на вуліцы Шапталь, паўстала перад Лё Брэ ва ўсёй сваёй відавочнасці. Цяпер камісар не мог не прызнаць: сапраўды там магло адбыцца крывавае здарэнне - забойства, злачынства. І яно адбылося ў свеце, да якога належаў і ён, адбылося між людзей, да якіх ён хадзіў у госці, з якімі сустракаўся ў сваім клубе, - у доме дзяўчыны, блізкай прыяцелькі яго ўласнай жонкі!
Цікава ўсё-такі бачыць свайго шэфа ўсхваляваным. Цяпер Мэгрэ канчаткова пераканаўся, што напаў на след злачынства. Гэта была ўжо не проста задача, якую неабходна вырашыць. Справа тычылася чалавечага жыцця, а магчыма, і не аднаго.
- Мадэмуазель Жандро вельмі багатая, - урэшце з жалем уздыхнуў камісар. - Яна, магчыма, адзіная спадчынніца адной з самых буйных скарбонак Парыжа.
- Магчыма?
Шэф ведаў яўна болей, чым гаварыў, але Лё Брэ, свецкаму чалавеку, было відочна гідка прыйсці на дапамогу Лё Брэ - камісару паліцыі.
- Ці бачыце, Мэгрэ, на карту пастаўлена надта многае. З самага маленства Эліз Жандро ўводзілі ў вушы, што яна пуп зямлі. Яна ніколі не была звычайнай дзяўчынкай, як усе. Яна заўсёды адчувала сябе спадчынніцай «Кавы «Бальтазар», больш таго, духоўнай спадчынніцай Гектора Бальтазара.
І ён з жалем дадаў:
- Няшчасная дзяўчына.
І працягваў з непрытоенай зацікаўленасцю:
- Вы ўпэўнены ў тым, што сказалі мне наконт графа д'Ансеваля?
Ён быў свецкі чалавек, і гэтае пытанне вельмі цікавіла яго, хоць да канца паверыць расказанаму ён не мог.
- Яму часта даводзілася бываць у мадэмуазель Жандро позна ўвечары, калі не ў яе спальні, то, прынамсі, у будуары, які размешчаны побач.
- Ну, гэта зусім іншая справа.
Няўжо розніцы паміж спальняй і будуарам дастаткова, каб ён адчуў пэўную палёгку?
- Калі дазволіце, месье камісар, я хацеў бы задаць яшчэ адно пытанне. Ці мадэмуазель Жандро калі-небудзь раней ужо мела намер выйсці замуж? Яе цікавяць мужчыны? Ці, магчыма, гэта ёй і не ў галаве?
Лё Брэ не мог апамятацца. Ён са здзіўленнем глядзеў на свайго сакратарыка, які раптам завёў з ім такую размову, ды яшчэ пра людзей, пра якіх і ўяўлення не меў. У позірку шэфа адбілася адначасова і міжвольнае захапленне, і пэўная насцярожанасць, нібыта ён раптам твар у твар сутыкнуўся з фокуснікам.
- Ды людзі шмат чаго гавораць на гэты конт. Яна сапраўды адхіліла некалькі бліскучых партый.
- У яе былі якія-небудзь любоўныя прыгоды?
Камісар яўна зманіў, калі адказаў:
- Не ведаю.
І трошкі сушэй дадаў:
- Мушу прызнацца, што я не дазваляю задаваць мне такія пытанні пра сяброў маёй жонкі. Ці бачыце, юны мой дружа...
Ён ледзьве не загаварыў зноў пагардлівым тонам, якім, відаць, прывык размаўляць на бульвары Курсэль, але своечасова спахапіўся:
- ...наша прафесія патрабуе бясконцай асцярожнасці і такту. Я нават пачынаю сумнявацца...
Мэгрэ адчуў, як яго спіну абдало халадком. Зараз яму скажуць, што следства спыняецца, што яму пара заняць сваё месца за чорным сталом і каратаць дні за рэгістрацыяй розных паперак, выдаваць даведкі аб месцы жыхарства.
На некалькі секунд канец фразы быццам павіс у паветры. На шчасце, дзяржаўны чыноўнік Лё Брэ ўзяў верх над свецкім чалавекам, і ён закончыў:
- Мая вам парада: будзьце вельмі і вельмі асцярожныя. У выпадку, калі вас нешта збянтэжыць, званіце мне дадому. Здаецца, я вам ужо казаў гэта. У вас ёсць нумар майго тэлефона?
І ён запісаў лічбу ўласнаручна на шматку паперы.
- Калі я прасіў вас зайсці сюды сёння, дык толькі таму, што я не хацеў, каб вы тапталіся на месцы. Я не мог уявіць сабе, што вы ўжо так далёка прасунуліся.
Тым не меней, ён не падаў яму рукі на развітанне. Мэгрэ зноў застаўся звычайным паліцэйскім, ды яшчэ паліцэйскім, які пасмеў груба ўварвацца ў той свет, куды дае доступ адзіна візітная картка «Месье і Мадам Лё Брэ дэ Плуінак».

* * *

Амаль апоўдні Мэгрэ пераступіў парог будынка Галоўнай паліцыі на Набярэжнай Арфеўр. На левым баку калідора праз расчыненыя дзверы ён убачыў пакой, сцены якога былі цалкам завешаны адрасамі мэбляваных кватэр. Упершыню ён паднімаўся па гэтай шырокай запыленай лесвіцы не па даручэнню камісарыята, як яму неаднойчы даводзілася рабіць, а ў пэўнай ступені выконваючы сваё ўласнае заданне.
Уздоўж доўгага калідора цягнуліся дзверы з шыльдачкамі, на якіх былі ўказаны прозвішчы камісараў, далей ішла зашклёная зала чакання. Міма Мэгрэ прайшоў інспектар, ведучы мужчыну ў наручніках.
Нарэшце Мэгрэ апынуўся ў кабінеце, расчыненыя вокны якога выходзілі на Сену. Пакой гэты нічым не нагадваў той, у якім працаваў Мэгрэ. Тут людзі тэлефанавалі ці разбіралі зводкі і рапарты; нейкі інспектар, прысеўшы на стол, спакойна пакурваў люльку; у гэтым пакоі, дзе пульсавала жыццё, панавала атмасфера бесцырымоннай таварыскасці.
- Ну што, хлопча, можна, канешне, пакапацца ў Сам'е, ды я не думаю, каб мелася дасье на графа. Ва ўсякім выпадку, не прыпомню, каб ён быў асуджаны калі-небудзь.
Брыгадзір, плячысты мужчына гадоў сарака, дабрадушна глядзеў на Мэгрэ. Гэта адбывалася ў аддзеле правапарушэнняў свецкімі асобамі. Тутэйшыя работнікі як свае ўласныя кішэні ведалі асярод