Жорж СімэнонПад страхам смерціАповесць
I
Першае пасланне, паштоўка з каляровай выяваю палаца Негуса* ў Адыс-Абебе і эфіопскай маркаю, было, як, зрэшты, і ўсе наступныя, лаканічнае:
«Вось я цябе і знайшоў, сабака. Пад страхам смерці, прыгадваеш?
Твой даўні знаёмы Жуль».
* Негус — тытул імператара ў Эфіопіі да скасавання манархіі.
Аскар Лябро атрымаў гэтую паштоўку праз колькі тыдняў пасля вяселля дачкі. У той час ён уставаў штодня ў пяць гадзін раніцы і выходзіў на сваёй лодцы ў мора лавіць рыбу. Вяртаўся ён зазвычай гадзін у адзінаццаць, амаль заўсёды акурат пасля таго, як у дом да яго прыносілі пошту.
Пакідалі яе на століку ў калідоры.
У гэты самы час пані Лябро прыбірала пакоі на другім паверсе.
Ці спускалася яна тады ўніз, ці заўважыла гэтую надта ўжо маляўнічую паштоўку? Ва ўсякім выпадку, мужу, калі ён вярнуўся, яна не сказала нічога. І твар у яе быў спакойны — дарэмна пан Лябро падоўгу прыглядаўся да жонкі.
А ці прачыталі, думаў Лябро, гэтае больш чым дзіўнае паведамленне сам паштальён і сарціроўшчыца пошты панна Марта?
Пан Лябро яшчэ выйшаў у мора некалькі разоў, але вяртаўся цяпер ужо раней, а дзесятай гадзіне, і сам заходзіў на пошту — якраз тады, калі панна Марта заканчвала сарціраваць карэспандэнцыю.
— Мне што-небудзь ёсць? — пытаўся ён, пільна ўглядаючыся ў дзяўчыну.
— Газеты і праспекты, пан Лябро. Ліст ад вашай дачкі...
Выдавала на тое, думаў з хваляваннем Лябро, што за работаю яна ўсё ж такі паспявала разгледзець як след канверты, прачытаць, што на іх напісана.
Нарэшце праз два тыдні прыйшла новая паштоўка. Падаючы яе пану Лябро, дзяўчына ўсміхнулася.
— А гэта ад таго самага дзівака...
Значыцца, Марта прачытала і першую паштоўку.
Другая паштоўка, з выяваю залітага сонцам марскога вакзала, была даслана ўжо з Джыбуці.
«Чакай, свіное рыла. Неяк сустрэнемся. Пад страхам смерці, будзь упэўнены.
Прывітанне ад Жуля».
— Ён сябар ваш, што так жартуе?
— Не надта ён дасціпна гэта робіць, — адказаў пан Лябро.
Але так ці інакш, гэты Жуль наблізіўся да яго...
Праз месяц прыйшла трэцяя паштоўка — з выяваю порта. Гэтая была з Порт-Саіда — у сваёй вандроўцы Жуль пасоўваўся на поўнач, спакваля падбіраючыся да адрасата.
«Бачыш, я цябе не забываю. Пад страхам смерці, прыяцель. У самы раз цяпер табе гэта сказаць, га?
Твой кончаны Жуль».
З гэтага дня пан Лябро зусім перастаў выходзіць у мора. Плыць ад Порт-Саіда да Марселя ўсяго толькі чатыры ці пяць дзён, а ўжо адтуль да Паркэроля, астраўка, на якім жыў пан Лябро, дабірацца некалькі гадзін.
Цяпер кожны дзень у восем гадзін раніцы можна было ўбачыць, як пан Лябро выходзіў з дому ў накінутым на піжаму халаце і ў пантофлях на босую нагу. Калі Паркэрольская плошча з яе чысцюткімі рознакаляровымі домікамі — адна з сама прыгожых у свеце, дык дом пана Лябро, які пазнавалі здалёк па вялікай верандзе ў чырвонай герані, — сама пекны на гэтай плошчы.
Выпальваючы першую люльку, пан Лабро павольна ішоў да порта. Дарогі было сама больш метраў сто — адразу ж за партовым гатэлем «Ноеў каўчэг» пачыналася мора.
Выгляд у пана Лябро ў час гэтага шпацыру быў сама што ні ёсць спакойны: шчаслівы буржуа на пенсіі дыхае свежым марскім паветрам.
Гэтаю парою каля мола можна было сустрэць і некаторых іншых паркэрольцаў. Рыбакі, што вярнуліся з мора, перабіралі рыбу або рапаравалі сеткі. Стаяў непадалёк ад іх са сваёй каляскаю грузчык з кааператыўнай крамы. Побач спыняў свой запрэжаны аслом вазок дзядзька з гатэля «Лавец лангустаў», што на другім канцы выспы.
На Паркэролі, дзе жыхароў было ўсяго толькі чатырыста чалавек, усе ведалі адно аднаго і кожны называў пры сустрэчы або па імені, або па прозвішчы. Лябро быў адзін, каго называлі панам: ён нідзе не рабіў, меў грошы, а раней чатыры гады быў на выспе мэрам.
— Вы яшчэ не на рыбалцы, пан Лябро? — пыталіся ў яго.
Два-тры словы ў адказ — абы адчапіліся.
Якраз у гэты самы час «Баклан», невялікі карабель, які паўгадзіны назад выйшаў з Паркэроля, ужо прычальваў да Ж'янскай касы, што віднелася на тым баку зіхоткага праліва, які аддзяляў выспу ад мацерыка. Ад Францыі, як казалі самі жыхары Паркэроля. Удалечыні была бачная маленькая белая кропка — гэта і быў «Баклан». У залежнасці ад часу можна было меркаваць, ці вернецца яно поўнае пасажыраў і грузу ці амаль зусім пустое.
Сто шэсцьдзесят восем разоў, дзень у дзень выходзіў пан Лябро сустракаць невядомага госця, назіраў, як заліты сонцам «Баклан» адплываў ад Ж'янскай касы і ішоў да Паркэроля.
Белая кропка спакваля павялічвалася. Неўзабаве можна было разгледзець пасажыраў на палубе, яшчэ праз нейкі час іх твары. Нарэшце судна прычальвала, і людзі на беразе і на палубе «Баклана» перагукаліся між сабою ў час манеўру слоўцам-другім.
Грузчык падымаўся на судна, выцягваў на бераг скрыні, бочкі, паштальён звальваў на свой вазок мяшкі з поштаю, турысты фатаграфаваліся сем'ямі і ішлі ў гатэль услед за прысланым адтуль хлопчыкам.
Сто шэсцьдзесят восем разоў! Пад страхам смерці, як пісаў Жуль.
Акурат побач з месцам, адведзеным для стаянкі «Баклана», пагойдвалася на вадзе лодка пана Лябро, зробленая па яго спецыяльным заказе на мацерыку. Гэта было сама прыгожае на выспе рыбацкае судна. Яно так зіхацела шклом і меддзю, адпаліраваным дрэвам і начышчаным да бляску металам, што астраўляне назвалі яго «Люстраной шафаю».
Пан Лябро няспынна ўдасканальваў лодку, аздабляў яе і рабіў усё больш камфартабельнай. І хоць даўжыня ў яе была толькі пяць метраў, уладальнік абсталяваў на ёй даволі прасторную, у свой рост, шкляную кабіну — так што судна выдавала больш на які-небудзь буфет, а не шафа.
І вось цяпер пан Лябро ўжо сто шэсцьдзесят восем дзён не карыстаўся лодкаю, хадзіў кожнае раніцы да прычала ў піжаме і пантофлях, пасля ўслед за паштальёнам на пошту — і першы на выспе атрымліваў карэспандэнцыю.
Але чацвёртай паштоўкі прыйшлося чакаць каля шасці месяцаў — і прыйшла яна з Александрыі.
«Не адчайвайся, старая порхаўка! Пад страхам смерці — цяпер як ніколі! А тут горача.
Жуль».
Ад Александрыі да Порт-Саіда, адкуль прыйшла папярэдняя паштоўка, — як плыць морам, дык амаль рукою падаць, варта адно на карту зірнуць. А прайшло ажно паўгода...
Чым мог ён займацца ў дарозе?.. І ўвогуле, чым ён займаўся ў жыцці? Які быў з выгляду? Якога ўзросту? Мусіць, яму не менш за пяцьдзесят, бо столькі ж было і Лябро.
Паштоўка з Неапаля. Праз некалькі тыдняў — з Генуі.
Можа, ён перасаджваецца з судна на судна?.. Але навошта так доўга затрымлівацца ў кожным порце?
Паштоўка сёмая.
«Я прыбываю, гарэза! Пад страхам смерці — ты зразумеў?
Жуль».
Марка на ёй — партугальская. Ну і ну!.. Значыцца, ён не спыніўся ў Марселі. Рабіў круг. Аддаляўся.
І раптам — паштоўка з Бардо!.. Ён зноў набліжаўся. Адтуль да порта насупраць Паркэроля — ноч дарогі чыгункаю.
Але наступная паштоўка прыйшла ўжо з Булоні.
Дзесятая была даслана з Антверпена.
«Пачакай яшчэ крыху, міленькі. Час не прыспешвае. Пад страхам смерці.
Жуль».
— А ён усё-ткі жартаўнік, ваш сябра, — сказала панна Марта, перадаючы Лябро гэтае паведамленне.
«Ці расказвала яна пра гэтыя паштоўкі каму-небудзь?» — узіраўся Лябро ў вочы дзяўчыне.
І вось, нарэшце, цудоўным лагодным ранкам — на моры быў поўны штыль, пад шчодрым сонцам вада так і зіхацела — незнаёмы з'явіўся.
Жуль быў на судне!
Лябро ўпэўніўся ў гэтым ужо тады, калі «Баклан» быў яшчэ толькі за мілю ад паркэрольскага берага. Удалечыні бялела маленькае судна, на палубе якога стаяў адзеты ў цёмнае чалавек — усё адно як невялічкая лялька на дзіцячым карабліку. Але ўжо і з такой адлегласці было відаць, што пасажыр гэты — вельмі высокі.
Чаму Лябро заўсёды здавалася, што незнаёмы — чалавек высокага росту?..
Цяпер ён буйнеў на вачах, з кожнай хвілінаю. Застаючыся ўвесь час нерухомым, ён стаяў каля самага носа, які рассякаў ваду, уздымаючы па абодвух баках судна пышныя срэбраныя вусы марскога шуму.
Аскар Лябро зняў свае чорныя акуляры, з якімі расставаўся, толькі кладучыся спаць. Пакуль ён выціраў запацелыя шкельцы, можна было разгледзець ягоныя вочы: адно — жывое, другое — напалову заплюшчанае, даўно мёртвае.
Нарэшце ён павольна, быццам прысутнічаў на якойсьці ўрачыстасці, надзеў акуляры і машынальна зацягнуўся люлькаю, але тая патухла.
Ён, Лябро, і сам быў высокі і шырокі ў плячах, нават дужы, праўда, трохі ўжо азызлы. Але чалавек на носе «Баклана» ўсё роўна быў вышэйшы, мажнейшы. Ягоная прасторная адзежа — карычневыя палатняныя штаны, чорная люстрынавая куртка, шырокі саламяны капялюш — рабілі яго яшчэ больш вялізным. Дый тое, што ён дагэтуль не зварухнуўся яшчэ са свайго месца, толькі надавалі ягонай постаці важнасці.
Калі «Баклан» досыць наблізіўся і чалавека можна было ўжо ўбачыць у твар, ён нарэшце ступіў па палубе некалькі крокаў. Уражанне было такое, нібыта манумент аддзяліўся ад пастамента.
Лябро прыкмеціў, што незнаёмы высока ўзнімае правае плячо.
Незнаёмы падышоў да капітана «Баклана» Батыста, які стаяў у сваёй шкляной кабіне, загаварыў з ім. Лябро здалося, што ён ужо чуў некалі гэты голас. Пасажыр кіўнуў галавою на людзей, што сабраліся на прычале, і капітан, выцягнуўшы руку, тыцнуў пальцам якраз у Лябро.
— Гэта вунь той, — мусіць, дадаў Батыст.
Пасля ён паказаў тым самым пальцам на лодку Лябро і зноў нешта сказаў. Відаць, растлумачыў, чыя гэта лодка.
Людзі на судне і беразе жэстыкулявалі, абменьваліся звычайнымі ў гэтых выпадках словамі. З «Баклана» кінулі трос, які адзін з рыбакоў прымацаваў да кнехта. Судна дало задні ход, прычаліла, але незнаёмы, які, здавалася, зноў прырос да таго месца, на якім спыніўся, заставаўся настолькі спакойны, што можна было ўпэўнена сказаць, нішто на беразе не цікавіла яго.
Каб сысці з судна, ён вымушаны быў высока ўзняць правую нагу — і ўсе адразу зразумелі, што яна ў яго драўляная. Павярнуўшыся тварам да «Баклана», ён пачакаў, пакуль матросы спусцяць па сходах яго старую валізу, вельмі цяжкую на выгляд і абвязаную вяроўкамі, — пэўна, за доўгае яе жыццё абыходзіліся з ёю не надта далікатна.
Пан Лябро так і застыў на месцы, усё адно як загіпнатызаваны ўдавам трус. Цяпер яны стаялі за колькі метраў адзін ад аднаго. Постаці ў іх на самай справе былі вельмі падобныя: прыкладна адзін рост, адной шырыні плечы, адна і тая ж сіла людзей аднолькавага ўзросту.
Жуль ступіў яшчэ некалькі крокаў — паходка ў яго з-за драўлянай нагі была вельмі адметная.
Каля прычала стаяла прыблізна чалавек сорак: рыбакі ў сваіх лодках, грузчык з кааператыўнай крамы, Марыс — уладальнік «Ноевага каўчэга», які прыйшоў забраць з судна правізію ў гатэльную рэстарацыю. Некалькі чалавек апынуліся тут проста так — не было чаго рабіць. Бегала сярод дарослых малое дзяўчо ў чырвонай сукенцы.
Спыніўшыся, Жуль дастаў з кішэні вялізны складны нож. Бліснула лязо. Нейкі час чалавек нібы лашчыў яго сваім позіркам. Пасля нахіліўся. Мабыць, нагу яму адрэзалі да самага сцягна, бо сагнуўся ён папалам, усё роўна як нейкая марыянетка.
Лябро збянтэжана, нічога не разумеючы, глядзеў на яго праз свае чорныя акуляры. Раніца ж была такая светлая, такая зусім звычайная...
«Пад страхам смерці!» — прыгадалася раптам...
Швартоў «Люстраной шафы» быў прымацаваны да пірса. Адным ударам нажа з жудасна шырокім лязом чалавек перарэзаў трос, лодка, падскочыўшы, скранулася з месца — і павольна паплыла па ціхай вадзе.
Людзі на прычале ўтаропіліся вачыма ў свайго былога мэра і аднаногага. Нельга было не здагадацца, што паміж імі былі нейкія асабістыя рахункі.
Выбрык незнаёмага быў да таго нечаканы і недарэчны, што ў натоўпе запанавала цішыня. Адна толькі дзяўчынка ў чырвонай сукенцы залівіста зарагатала, але і яна адразу ж змоўкла.
Аднаногі выпрастаўся, задаволена агледзеў натоўп, нетаропка паклаў нож у кішэню. Калі ж адзін рыбак сабраўся быў зачапіць лодку бусаком, ён ляніва вымавіў:
— Кінь гэта, галубок...
Не было ў гэтых словах ні злосці, ні асаблівай цвёрдасці, але разам з тым адчуваўся ў іх настолькі ўладны загад, што рыбак скарыўся і ніхто больш і не думаў спыніць судна, якое само па сабе выплывала ў мора.
А тут яшчэ і сам Лябро сказаў рыбаку:
— Кінь, Віяль?..
Усе зразумелі: на іх вачах адбываецца нешта дужа незвычайнае.
Дарэчы, і Лябро, і аднаногі гаварылі прыблізна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, і ў абодвух быў відавочны паўднёвы акцэнт.
Нават сам Лябро, лоб у якога пакрыўся кропелькамі поту, прыкмеціў у госця гэты акцэнт — і адкрыццё вельмі яго ўразіла.
Жуль рушыў да Лябро.
Тры крокі... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагі — увесь правы бок ягонай фігуры неяк дзіўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...
— Прывітанне, Аскар! — зноў пачуўся ягоны голас, які можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.
Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькі.
— Ты бачыш, я тут! — усміхаўся Жуль.
— Хадземце да мяне, — ледзь вымавіў у адказ Лябро.
— Ты не хочаш быць са мною на «ты»?
Ні слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.
Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканіну піжамы, кіўнуў на пантофлі.
— А ты, я гляджу, позна ўстаеш! Яшчэ не адзеўся як след...
Здавалася, Лябро пачне зараз прасіць прабачэння.
— Нічога!.. Нічога!.. Гэй ты, карантыш! Але, ты, кухар! — крыкнуў аднаногі Марысу, гаспадару «Ноевага каўчэга», які і праўда быў нізкі ростам і хадзіў у белым кухарскім халаце. — Скажы, каб мой куфар аднеслі да вас!.. І падрыхтуй мне найлепшы пакой!
Марыс зірнуў на Лябро. Той кіўнуў галавою.
— Слухаю, пане...
— Жуль.
— Прабачце.
— Я сказаў, што мяне завуць Жуль... Скажы яму, Аскар, што мяне завуць Жуль.
— Яго завуць Жуль, — паслухмяна паўтарыў Лябро.
— Ідзеш, Аскар?
— Іду.
— У цябе, напэўна, вока не ў парадку? Ану, здымі на хвілінку акуляры, каб я мог паглядзець!
Лябро зняў акуляры, праўда, не адразу. Разгледзеўшы выбітае вока, Жуль прысвіснуў, усё роўна як выказаў гэтым сваё захапленне ўбачаным:
— Нішто сабе, га?.. У цябе адно вока, а ў мяне адна нага. Добрая кампанія!
Ён узяў Лябро за руку, быццам старога сябра, і павёў яго, падскокваючы, да гатэля. Пры кожным кроку Лябро адчуваў рывок драўлянай нагі.
— Ведаеш, я спыніўся б лепш не ў цябе, а ў «Ноевым каўчэзе». Не люблю замінаць людзям. Дый жонка ў цябе не надта памяркоўная. — Ягоны гучны голас быў адначасна і злы і насмешлівы. — Я распытаў пра цябе на «Баклане»... Гэтая старая малпа расказала мне ўсё, што трэба...
Старою малпаю быў капітан судна Батыст — Жуль празваў марака так, напэўна, таму, што яго загарэлы твар парос сівым шчаціннем. Батыст нешта незадаволена буркнуў. Зірнуць на яго Лябро не асмеліўся.
— Калі хочаш, можаш ім сказаць, каб яны паставілі лодку на месца... Яна яшчэ нам спатрэбіцца... Палаўлю і я рыбку... Скажы ім! Ну, чаго ты чакаеш, га?
— Віяль! — крыкнуў Лябро рыбаку. — Злаві лодку і пастаў на месца!
Па твары ў Лябро цёк пот. Акуляры ссунуліся ўніз і блішчалі на мокрым пераноссі.
— Трэба трошкі перакусіць, га?.. — запытаўся Жуль. — А мясціны тут прыгожыя, нічога не скажаш...
Дарога ішла ўгару — яны ўзбіраліся ўверх павольна і важка, бы надавалі гэтай хвіліне ўрачысты характар.
Плошча. Рады эўкаліптаў з пяшчотнай лістотаю. Маленькая жоўтая царква, падобная на цацачны дамок.
— Дзе тут твая хацінка?.. Вось гэтая?.. Ты, я бачу, любіш герань... Паслухай, гэта не твая кабета на нас пазірае?..
Пані Лябро, у бігудзі, развешвала на другім паверсе бялізну.
— Дык праўда гэта, што яна ў цябе не надта памяркоўная?.. Будзе злаваць, калі мы замочым нашу сустрэчу шкляначкай беленькага?
У гэты момант пану Лябро, нягледзячы на яго пяцьдзесят гадоў, вялікі рост і вагу, аўтарытэт багатага чалавека і былога мэра выспы, захацелася ўпасці прылюдна на калені і ўголас маліць: «Пашкадуйце!..»
Больш таго, ён ледзь не зрабіў яшчэ горш. Бо гатовы ўжо быў завыць: «Забіце мяне адразу ж!»
І не таму не зрабіў ён гэтага, што баяўся страціць павагу людзей. Проста пан Лябро не ведаў ужо больш, дзе ён знаходзіцца, не валодаў ні целам сваім, ні думкамі, проста госць трымаў яго за руку, абапіраўся на яго і паволі і ўладна цягнуў да чырвона-зялёнай тэрасы «Ноевага каўчэга».
— Ты, мабыць, часта сюды заходзіш, га?
Лябро адказваў, бы вучань настаўніку:
— Некалькі разоў на дзень.
— Выпіваеш?
— Не... Трохі...
— Але зрэдку хоць напіваешся?
— Ніколі...
— А ў мяне бывае... Убачыш яшчэ... Толькі не бойся... Гэй, там ёсць хто-небудзь?
З гэтымі словамі Жуль падштурхнуў Лябро ў залу кавярні, да бара, які зіхацеў у змроку нікелем.
З кухні выйшла маладзенькая афіцыянтка. Яна яшчэ, мусіць, нічога не ведала пра прыезд такога дзіўнага госця.
— Дзень добры, пан Лябро...
— А мяне завуць Жуль... Дай нам, крошка, пляшку беленькага... І што-небудзь паесці...
Дзяўчына зірнула на Лябро.
— Анчоўсы? — спыталася яна.
— Няхай будуць анчоўсы, — адказаў за Лябро Жуль. — Я бачу, Аскар іх любіць. Анчоўсы дык анчоўсы... Падай нам на тэрасу.
Ён сеў, ці, хутчэй, упаў у лазовае крэсла, выцягнуў драўляную нагу, выцер твар вялікай чырвонай насоўкаю — горача было і яму.
Пасля доўга пляваўся, харкаў. Урэшце паднёс шклянку з віном да вуснаў, паглядзеў яе на святло, уздыхнуў.
— Цяпер ужо лепш!.. За тваё здароўе, Аскар!.. Я заўсёды казаў, што калі-небудзь усё роўна знайду цябе... Пад страхам смерці, памятаеш?.. А дзіўна ўсё ж такі... Я ж зусім не ведаў, які ты...
Ён зноў паглядзеў на Лябро — задаволены, нават шчаслівы.
— А ты тлусцейшы за мяне... У мяне адны мускулы... — Ён напружыў біцэпсы. — Памацай... Ну, не бойся... Я ж толькі і ведаў, што твае імя ды прозвішча, якія ты напісаў на шчытку. А ты не з тых людзей, пра якіх пішуць газеты... Адзін з сарака мільёнаў французаў... Адгадай, як я цябе знайшоў. Ну, адгадай!..
— Не ведаю...
Хочучы ўлашчыць госця, Лябро змушана ўсміхнуўся.
— Гэта ўсё твая дачка Івона...
Лябро занепакоіўся яшчэ больш: як магла яго дачка...
— Я напаў на твой след якраз тады, калі ты выдаваў яе замуж, дзевяць месяцаў назад... Слухай, дзіцяці ў іх яшчэ няма?.. Дык ты, значыць, такое закаціў вяселле, што пісалі пра яго ажно на першай старонцы «Вара»*... Газета выходзіць у Тулоне, га?.. Уяўляеш, мне сустрэўся ў Адыс-Абебе, адкуль ты і атрымаў першую паштоўку, тып з гэтых мясцін, які пражыў у Афрыцы дваццаць гадоў і ўсё яшчэ падпісваецца на вашу газету... Вось у адным з яе нумароў я і напаткаў тваё імя... Тут і ўспомніўся шчыточак...
* Вар — дэпартамент на паўднёвым усходзе Францыі.
Ён нахмурыў бровы. Твар у яго пасуравеў. Ён глядзеў Лябро ў самыя вочы — позірк у яго быў і люты, і адначасна насмешлівы.
— Прыгадваеш, га?..
Памаўчаўшы крыху, Жуль, хоць і груба, ды ўсё ж зычліва дадаў:
— Давай пі віно... Пад страхам смерці, чуеш?.. Я ад гэтых слоў не адракуся... Пі, я табе кажу!.. Гэта, браток, усяго толькі віно, а будзе яшчэ і ром... Як яе зваць, афіцыянтачку?..
— Жажо...
— Жажо?.. Хадзі сюды, прыгажуня... І прынясі нам другую бутэльку... У Аскара вельмі ўжо ў горле сушыць...
II
Кожныя пяць хвілін аднаногі выпіваў адным глытком шкляначку віна і загадваў Лябро такім тонам, што пярэчыць ніяк было нельга:
— Дапівай, Аскар!
І Лябро піў. Пасля трэцяй бутэлькі ён ужо ледзь бачыў стрэлкі гадзінніка на званіцы царквы: было ці то дзесяць гадзін, ці то адзінаццаць. А Жуль, адкінуўшыся ў крэсле, паліў і паліў да самага канца цыгаркі, якія ён сам скручваў, і буркліва дапытваў Лябро:
— Адкуль ты?
— З Пон-дзю-Ляса... Гэта непадалёк ад Тулона...
— Ведаю! А я з Марселя, з квартала Сэн-Шарль, — радасна ўсміхнуўся Жуль. Але ў радасці гэтай, як, зрэшты, і ва ўсіх астатніх праявах ягоных пачуццяў, было і нешта жахлівае. Нават калі ён прыкметна мякчэў у гаворцы, то ўсё роўна глядзеў на Лябро, бы на мураша, якога збіраўся вось-вось раздушыць.
— Бацькі багатыя?
— Бедныя... Так сабе... Не, хутчэй бедныя...
— Як і ў мяне. Вучыўся ты дрэнна — іду ў заклад. З матэматыкай заўсёды было кепска. Зноў жа — як і ў мяне!.. Дапівай! Кажу табе, ну!.. Як ты трапіў у Габон?
— З адной марсельскай фірмы, пасля службы ў арміі.
Жуль спытаўся ў Лябро і пра ўзрост. Выявілася, што Лябро быў на год старэйшы — і гэта вельмі ўзрадавала аднаногага.
— Урэшце, мы маглі сустрэцца на якім-небудзь параходзе, а яшчэ раней у арміі... Весела было б, га?.. Яшчэ пляшку, міленькая...
Лябро ўжо дрыжаў ад адной думкі, што яму яшчэ прыйдзецца піць.
— Не бойся! — засмяяўся Жуль. — У мяне норма. Дый табе лепш, калі я набяруся: убачыш тады, які я чуллівы...
І ўсё гэта было на вачах у людзей: адны заходзілі да Марыса выпіць, другія гулялі на вуліцы ў шары. Усе ведалі свайго былога мэра, але дапамагчы яму не мог ніхто. Лябро махалі рукою, клікалі яго, але адзінае, што мог ён зрабіць, — гэта вымушана ўсміхнуцца.
— Значыцца, калі ты так брыдка абышоўся са мною, табе было дваццаць два гады... Як ты апынуўся ў балотах Мбале?
— Фірма даручыла наладзіць у тамтэйшых селішчах збор пальмавага алею.
— Такой спякоты, як там, я больш нідзе не сустракаў... Сама малярыйны экватарыяльны лес... Але ж ты не адзін там быў?..
— Са мною былі яшчэ кухар і два весляры.
— І ты згубіў сваю пірогу?.. Адказвай?.. Чакай... Выпі спачатку... Выпі, або раструшчу табе галаву!
Лябро цераз сілу піў. Усё яго цела пакрывалася потам, як некалі ў час службы ў Габоне, але гэты пот быў халодны. Аднак зманіць смеласці не хапіла. Ён шмат думаў з таго часу пра гэты выпадак з Жулем — і ўдзень, і ўначы, калі не спалася. Каб не гэтая афрыканская гісторыя, ён мог бы лічыць сябе сумленным чалавекам, нават шчаслівым чалавекам. Успамін аб ёй прыходзіў кожныя два-тры месяцы, працінаў душу знянацку і стаў ягоным сапраўдным кашмарам.
— Я не губляў пірогі, — прызнаўся Лябро.
Жуль глядзеў на яго, нахмурыўшы бровы, і не мог паверыць таму, што пачуў.
— Дык што ж ты тады?..
— Была страшэнная задуха... Мне здалося, што ў мяне ліхаманка... Тры дні ледзь паспявалі адмахвацца ад камароў...
— Я таксама...
— Мне было дваццаць два гады...
— Мне таксама... Яшчэ менш: дваццаць адзін...
— Я не ведаў Афрыкі...
— А я?.. Пі!.. Пі, я табе сказаў!.. У цябе была пірога, і, нягледзячы на гэта...
Цяпер, праз многія гады, пан Лябро, былы мэр Паркэроля, і сам не мог зразумець свой колішні ўчынак.
— У мяне быў мурын, вясляр з племені пагу... Ён сядзеў зусім блізка ад мяне, і ад яго нясцерпна смярдзела...
Гэта і была сапраўдная прычына ягонага злачынства. Бо Лябро ўсведамляў, што зрабіў злачынства, і не шукаў сабе апраўдання. Калі б трыццаць гадоў назад ён проста забіў чалавека, то, мажліва, і не пакутаваў бы гэтак праз тое цяпер. Але ягоны ўчынак быў горшы за забойства — і Лябро разумеў гэта.
— Расказвай далей, — утаропіўся ў яго Жуль. — Значыцца, ты, паскуда, не любіш, як пахнуць пагу...
Лябро ўспамінаў.
Балоты Мбале... На паверхні мутнай вады лопаюцца велізарныя бурбалкі... Усё кішма кішыць кракадзіламі, змеямі і ўсялякай іншай брыдотаю... І нідзе ні купінкі цвёрдай зямлі — толькі балота, такое зарослае дрэвамі і кустоўем, што ледзь удавалася прадзірацца скрозь гэты гушчар... І ўдзень і ўначы камары, а кусаліся яны так балюча і небяспечна, што ён не здымаў з твару маскітнай сеткі, пад якой проста задыхаўся...
Можна было плыць цэлымі тыднямі і не сустрэць ніводнай халупы, ніводнага чалавека... І тут ён убачыў раптам схаваную паміж карэннямі мангля* пірогу, а на ёй — маленькі шчыток з надпісам:
«Лодку не браць — пад страхам смерці.
Жуль».
* Мангль — трапічнае дрэва, якое расце на ілістых берагах і мае спецыфічныя паветраныя карані, што ідуць ад ствала і галін у глебу.
Словы «пад страхам смерці» былі двойчы падкрэсленыя. Гэта і выклікала ў Лябро смех.
Тут, у гушчары экватарыяльнага лесу, за сотні кіламетраў ад усякай цывілізацыі, ад бліжэйшага жандарскага паста, гэтае папярэджанне, напісанае друкаванымі літарамі, здавалася вар'яцкім. Вось яму і прыйшла ў галаву не менш вар'яцкая думка, якая магла нарадзіцца хіба што ў гэтай саракапяціградуснай спякоце. Ногі ў яго зацяклі, бо ў цемнаце ён вымушаны быў падкурчваць іх пад сябе. Ад мурына нясцерпна смярдзела — той невядома калі апошні раз мыўся... А калі ён возьме гэтую пірогу і прывяжа яе да сваёй, то застанецца ў лодцы зусім адзін да самага канца падарожжа і не будзе больш чуць, як смярдзіць ягоны вясляр...
«Пад страхам смерці?» Вось і добра! Якраз таму і вазьму, што пад страхам смерці!
— І ты яе ўзяў?
— Я прашу ў вас прабачэння...
— Я ўжо сказаў табе, каб ты быў са мною на «ты»... Паміж намі гэта больш натуральна... А я якраз у той самы момант пайшоў раздабыць што-небудзь паесці, бо здыхаў ужо з голаду некалькі дзён... І вось, вярнуўшыся назад да пірогі, апынуўся раптам у становішчы вязня на выспе...
— Я не ведаў...
Але гэта было яшчэ не ўсё. Лябро не толькі ўзяў чужую пірогу, але і дадумаўся нават брыдка адказаць яе невядомаму гаспадару. Узяў і напісаў на тым самым шчытку, які пакінуў на месцы ўкрадзенай пірогі:
«С... я на цябе!»
І, смеючыся, падпісаўся: «Аскар Лябро».
— Я прашу ў вас прабачэння, — паўтарыў цяпер ужо пяцідзесяцігадовы Жулеў злоснік.
— Адзін, у балоце, — узіраўся ў Лябро Жуль, — сярод кракадзілаў... Што б, цікава, рабіў на маім месцы ты?.. Га?..
Лябро не ведаў, куды і дзецца.
— Адзін, — працінаў яго сваім позіркам Жуль, — сярод змей і велізарных ядавітых павукоў... Я быў там зусім адзін, ты разумееш?.. Мурыны-насільшчыкі кінулі мяне яшчэ за некалькі дзён да таго... Ты сволач, Аскар...
— Але...
— Сволач жудасная, якіх пашукаць... Аднак, гляджу, цяпер ты шчаслівы...
Сказаўшы гэта, Жуль паглядзеў на прыгожы ружовы дом у герані, на пані Лябро, якая час ад часу падыходзіла да акна — выглядала, ці не вяртаецца муж дамоў.
Лябро не было чаго сказаць у адказ. Не стане ж ён сцвярджаць адваротнае: гэта была б няпраўда.
Пастукаўшы па драўлянай назе, Жуль сказаў:
— Там я нагу і пакінуў...
Лябро не асмеліўся нават спытацца, як гэта здарылася: ці яе адкусіў кракадзіл, ці гэта вынік якойсьці інфекцыі.
— З таго часу што толькі я ні рабіў, каб не здохнуць з голаду... Ты не думаў, чаму я не выправіўся да цябе напрасткі адразу ж пасля першай паштоўкі?.. Да цябе з Адыс-Абебы не так ужо і доўга дабірацца... А таму, што ў кішэні ў мяне не было ніводнай манеты, і я павінен быў увесь час адкладваць нашу сустрэчу, каб зарабіць на хлеб і дарогу... З гэтым паленам, ты разумееш? — зноў дакрануўся Жуль да драўлянай нагі.
Але цяпер позірк у яго не быў ужо такі пагрозлівы, як гадзіну назад. Часам, гледзячы на іх, можна было сказаць, што гэта сядзяць старыя сябры.
Раптам Жуль прыўзняўся, нагнуўся над Лябро і, схапіўшы яго за каўнер халата, прахрыпеў:
— Яшчэ пляшку!.. Але, я п'ю... І ты будзеш піць са мною кожны раз, як я таго захачу... Не так ужо і шмат я патрабую, га?.. А што ў цябе з вокам?
— Няшчасны выпадак, — адказаў Лябро, усё роўна як саромеючыся таго, што не страціў гэтае вока ў тым самым лесе, у якім Жуль страціў нагу.
— Які выпадак?
— Адкаркоўваў бутэльку... Бутэльку з воцатам, жонка папрасіла... Рыльца адскочыла, і асколак шкла трапіў у вока...
— Ну і ну!.. А ты доўга яшчэ заставаўся ў Афрыцы?
— Дзевяць гадоў... Усяго тры кантрактныя тэрміны па тры гады, разам з адпачынкам. Пасля мяне перавялі ў Марсель.
— Тут ты і стаў вялікім начальнікам? Дырэктарам, здаецца?
— Намеснікам дырэктара... Пяць гадоў назад я пайшоў на пенсію, з-за вока...
— Багаты, мусіць?.. Грошы, відаць, не лічыш...
У Лябро з'явілася надзея. А што, калі адкупіцца грошамі? Чаму не? Нават пасля суда, калі выносяць смяротны прысуд, і то не заўсёды вядуць на гільяціну. Ёсць катарга, турма, штраф, нарэшце.
Чаму б не заплаціць штраф?
Але адначасна з надзеяй прыйшла і трывога. Лябро не ведаў апетытаў гэтага аднаногага і баяўся назваць першы суму, на якой яны маглі б пагадзіцца.
— Жыву няблага, — адказаў асцярожна Лябро.
— Рэнту ж маеш! Які пасаг даў ты за Івонаю?
— Хацінку ў Гіеры.
— А ў цябе яшчэ ёсць такія хацінкі?
— Ёсць... Дзве. Невялікія...
— Ты, напэўна, скупы?
— Не ведаю...
— Зрэшты, гэта не мае значэння, бо нічога не мяняе...
Што ён хацеў гэтым сказаць? Што яму не патрэбныя грошы? Што прагне выканаць свой колішні прысуд?
— Ты разумееш, Аскар, я, калі ўжо што вырашыў, ніколі не перадумваю. Слова даю адзін толькі раз! Хіба што цяпер у мяне ёсць час...
Але, думаў Лябро, гэта не сон, а праўда. І плошча — хоць і цьмяна ён яе бачыў цяпер — стаіць на месцы. І галасы ў кавярне і на тэрасе былі знаёмыя.
Праходзячы міма кавярні па вуліцы, Віяль, босы, з сеткаю на спіне, спыніўся і крыкнуў:
— Пан Лябро! Лодка ў парадку!
— Дзякуй, Віяль, — адказаў машынальна Лябро.