Гаўрыіл ТраяпольскіБелы Бім Чорнае вухаАповесць
Аляксандру Трыфанавічу Твардоўскаму
Раздзел 1ДВОЕ Ў АДНЫМ ПАКОІ
Жаласна і, здавалася, безнадзейна ён пачынаў раптам скуголіць, нязграбна перакочвацца з боку на бок, — шукаў маці. Тады гаспадар браў яго да сябе на калені і ўсоўваў у роцік соску з малаком.
А што ж заставалася рабіць месячнаму шчанюку, калі ён нізвання не ведаў яшчэ ў жыцці, а маці ўсё няма і няма, як ты ні жалься. Таму ён і спрабаваў першыя дні наладжваць сумныя канцэрты. Хаця ўрэшце засынаў на руках у гаспадара ў абдымкі з бутэлечкаю малака.
Але на чацвёрты дзень малы пачаў ужо прывыкаць да цеплыні чалавечых рук. Шчанюкі вельмі скора адзываюцца на ласкавасць.
Імя свайго ён яшчэ не ведаў, але праз тыдзень дакладна вызначыў, што ён — Бім.
У два месяцы ён здзіўлена ўбачыў рэчы: высокі — для шчанюка — пісьмовы стол, а на сцяне — стрэльба, паляўнічая сумка і твар чалавека з доўгімі валасамі. Да ўсяго гэтага ён хутка прывык. Не дзіва было і тое, што чалавек на сцяне не рухаецца: калі не варўшыцца — мала цікавага. Праўда, крыху пазней, пасля, ён не-не ды і паглядзіць: што гэта абазначае — твар вызірае з рамкі, быццам з акенца?
Другая сцяна была цікавейшая. Уся з розных брусочкаў, кожны з якіх гаспадар мог выняць і ўставіць назад. У чатыры месяцы Бім, стаўшы на заднія лапкі, сам дастаў да сцяны, выцягнуў зубамі брусочак і паспрабаваў яго даследаваць. Але той чамусьці зашамацеў і пакінуў у зубах у Біма аркушык. Так цікава было драць на невялічкія шматкі той аркушык.
— Гэта яшчэ што?! — прыкрыкнуў гаспадар. — Нельга! — І тыцкаў Біма носам у кнігу. — Бім, нельга. Нельга!
Пасля такога павучання нават чалавек не захоча чытаць, але Бім — не: ён доўга і ўважліва глядзеў на кнігі, нахіляючы галаву то ў адзін бок, то ў другі. І, мабыць, усё ж вырашыў: калі нельга гэту, вазьму другую. Ён ціхенька ўцяў за пераплёт і пацягнуў здабычу пад канапу; там аджаваў спачатку адзін вугал пераплёту, потым другі, загуляўшыся, вывалак няшчасную кнігу на сярэдзіну пакоя і пачаў ірваць лапамі, весела падскакваючы.
Тут ён і даведаўся ўпершыню, што такое «балюча» і што такое «нельга». Гаспадар устаў з-за стала і строга сказаў:
— Нельга! — І тузануў за вуха. — Ты ж мне, дурная твая галава, «Біблію для веруючых і няверуючых» парваў.
І зноў:
— Нельга! Кнігі — нельга! — ён яшчэ раз тузануў за вуха.
Бім віскнуў і падняў угору ўсе чатыры лапы. Лежачы на спіне, ён глядзеў на гаспадара і не мог зразумець, што ж гэта робіцца.
— Нельга! Нельга! — уталкоўваў знарок гаспадар, зноў і зноў тыцкаў кнігаю пад нос, але больш не біў. Пасля ўзяў шчанюка на рукі, гладзіў і гаварыў адно і тое ж самае: — Нельга, хлопчык, нельга, дурненькі. — І сеў. І пасадзіў сабе на калені.
Такім чынам, у маленстве Бім атрымаў ад гаспадара павучанне з-за «Бібліі для веруючых і няверуючых». Бім лізнуў яму руку і пільна паглядзеў у твар.
Ён ужо любіў, калі гаспадар гаварыў з ім, але разумеў пакуль што толькі два словы: «Бім» і «нельга». І ўсё ж вельмі, вельмі цікава было глядзець, як звісаюць на лоб белыя валасы, варушацца добрыя вусны і як кранаюць шарсцінкі цёплыя, ласкавыя пальцы. Затое Бім ужо зусім-зусім дакладна ведаў: вясёлы цяпер гаспадар ці сумны, сварыцца ці хваліць, кліча да сябе або праганяе.
А гаспадар быў часам і сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою і да Біма.
— Гэтак вось і жывём, дурненькі. Ты чаго глядзіш на яе? — паказваў ён на партрэт. — Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма... — Ён гладзіў Біма і зусім упэўнена гаварыў: — Дурненькі ты, мой Бімка. Нічога ты яшчэ не ведаеш.
Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бім разумеў, што гуляць цяпер з ім не будуць, ды і словы «дурненькі» і «хлопчык», ведаў, гаварыліся да яго. Таму, калі яго вялікі сябар называў яго дурненькім ці хлопчыкам, Бім ішоў адразу ж, як на клічку. А калі ён пачаў разумець інтанацыю голасу, то меўся вырасці ў разумнага сабаку.
Але ці толькі розум вызначае становішча сабакі сярод сваіх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Біма не ўсё было так добра.
Праўда, нарадзіўся ён у пародзістых бацькоў, сетэраў, якія мелі вялікую радаслоўную. У кожнага яго прародзіча быў асабісты лісцік, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькі да прадзеда і прабабкі Біма, але і ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда і прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бім пры ўсіх сваіх вартасцях меў і вялікі недахоп, які потым даў знаць і ў многім вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскіх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусім нетыповы — вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнічых сабак сетэр-гардон абавязкова павінен быць «чорны, з бліскучым сіняватым адсветам — колеру воранавага крыла — і абавязкова з вялікімі яркімі рыжавата-чырвонымі падпалінамі»; нават белыя значкі на нявызначаных стандартам мясцінах лічацца за вялікі недахоп у гардонаў. Бім жа вырадзіўся такі: тулава белае, але з рыжаватымі падпалінкамі і нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькі адно вуха і адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзіўная з'ява: па ўсяму — сетэр-гардон, а акрас — ніякага падабенства. Нейкі далёкі продак напомніў пра сябе Бімам: бацькі — гардоны, а ён — альбінос пароды.
А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй і з падпалінкамі пад вялікімі разумнымі цёмна-карымі вачыма пыса Біма здавалася сімпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. І, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей — тварам сабакі. Але па законах кіналогіі белы акрас у такім выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як ні глянь — прыгажун, а па стандарту гарнітура зусім-зусім чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Біма.
Вядома, Бім не адчуваў ніякае віны, таму што прырода нікому не дазваляе выбіраць сабе бацькоў. Біму нават і думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў і пакуль што радаваўся.
Але гаспадар турбаваўся: выдадуць ці не на Біма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзіць яго паўнапраўнасць між паляўнічых сабак, ці на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькі ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кіналогіі), калі шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзістым сабакам.
Гаспадар Бімавай маці вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапіць, але трапіўся дзівак, які пашкадаваў такога прыгажуна. Дзівак той і быў Бімаў гаспадар: ці бачыце, упадабаліся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз і думай: дадуць ці не дадуць радаслоўную?
Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалія ў Біма. Ён перабраў усе кнігі пра паляванне і сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду і потым даказаць, што Бім не вінаваты. Менавіта таму ён пачаў выпісваць у тоўсты сшытак з розных кніг усё, што магло пасведчыць за Біма як за раўнапраўнага прадстаўніка пароды сетэраў. Бім стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзіць Біму пераможцам на выстаўках, не звінець золатам медалёў на грудзях: які ты ні будзь залаты сабака на паляванні, з пародзістых ён будзе выключаны.
Якая ўсё ж несправядлівасць на белым свеце!
ЗАПІСКІ ГАСПАДАРА
За апошнія месяцы Бім непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё і трывала заняў у ім сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам і ласкавасцю — пачуццямі, якія заўсёды прывабліваюць, калі за імі не стаіць падхалімства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае — і дабрату, і давер, і ласку. Жудасна гэта — падхалімства. Не давядзі госпадзі! Але Бім пакуль што толькі малышаня і мілы сабачка. І ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.
Дзіўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калі бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калі ўбачу карціну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас і на пародзістасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць ці не дадуць пасведчанне?
Дзён колькі таму быў у музеі на мастацкай выстаўцы, і адразу ж кінулася ў вочы карціна Д.Бассано (XVI век) «Майсей здабывае ваду са скалы». Там на першым плане сабака — дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, задні кастрэц таксама чорны. Змучаны і худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай міскі.
Другі сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымі вушамі. Знясілены ад смагі, ён паклаў гаспадару на калені голаў і пакорліва чакае вады.
Побач — трус, певень, злева — два ягняці.
Што хацеў сказаць мастак, калі выставіў сабаку на пярэдні план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзі любілі сабак яшчэ спрадвеку, ніколі іх не пакідалі, нават у бядзе, нават на грані пагібелі народа, а сабакі заставаліся верныя і адданыя, гатовыя загінуць разам з чалавекам.
А за хвіліну да гэтага ва ўсіх быў адчай, ні ў кога не было ні кроплі надзеі. І яны гаварылі ў вочы Майсею, які выратаваў іх ад рабства:
«О, каб памерлі мы ад рукі госпада ў зямлі эгіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усіх, хто сабраўся, замарыць голадам».
Майсей з вялікаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмі дух рабства: уволю хлеба і катлы з мясам даражэй за волю. І вось ён здабыў ваду са скалы. І было на той час добра ўсім, хто ішоў за ім, і гэта адчуваецца ў карціне Бассано.
А магчыма, мастак і намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за іх маладушша на пару няшчасця, як сімвал вернасці, надзеі і адданасці? Усё магчыма. Гэта было даўно.
Карціне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Біма ідзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода.
Аднак наўрад ці гэта паможа чым-небудзь адвесці ад Біма абвінавачванне ў анамаліях расфарбоўкі цела і вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвінавацяць яго ў атавізме і непаўнавартасці.
Не, трэба шукаць нешта іншае. Калі нехта з кінолагаў напомніць мне пра карціну Д. Бассано, то можна, у крайнім выпадку, сказаць проста: а якія адносіны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано?
Пашукаем звестак, якія бліжэй да Біма ў часе.
Выпіска са стандарту паляўнічых сабак: «Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыі... Парода аформілася да пачатку другое палавіны XIX стагоддзя... Цяперашнія шатландскія сетэры, захаваўшы сваю моц і масіўнасць касцяка, набылі хутчэйшы ход. Сабакі спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя і незласлівыя, яны рана і лёгка бяруцца за работу, вельмі спраўныя на балоце і ў лесе... Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай ніжэй за загрывак...»
З двухтомніка «Сабакі» Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кніг — «Паляўнічы каляндар» і «Рыбы Расеі»:
«Калі мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнічых сабак, якая на працягу многіх стагоддзяў атрымоўвала, калі можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзівіцца таму, што сетэры ці не самая культурная і інтэлігентная парода».
Так! Бім, значыцца, сабака інтэлігентнай пароды. Гэта можа спатрэбіцца.
З тае самае кнігі Л.П.Сабанеева:
«У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былі прывезены, у падарунак Вялікаму Князю Міхаілу Паўлавічу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмі рэдкае пароды. Сабакі нават не прадаваліся і былі выменены за каня, які каштаваў 2000 рублёў...»
Вось табе і на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццаці прыгонных. Але ж ці вінаваты сабакі? І пры чым тут Бім? Гэта не гадзіцца.
З ліста вядомага ў свой час прыродалюба і сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева:
«У часе Крымскае кампаніі бачыў я вельмі прыгожага сетэра ў Сухава-Кабыліна, аўтара «Вяселля Крэчынскага», і жоўта-пярэстых у Разані ў мастака Пятра Сокалава».
Ага, гэта бліжэй да сутнасці. Цікава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака — жоўта-пярэсты. Ці не адтуль твая кроў, Бім? Вось бы! Але пры чым тады... чорнае вуха? Незразумела.
З таго ж ліста:
«Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскі прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Імператара Аляксандра Мікалаевіча. Якія нарадзіліся шчанюкі і куды яны падзеліся — не ведаю; ведаю толькі, што аднаго з іх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мікалаевіч Талстой».
Стой! Ці не тут? Калі твая нага і вуха чорныя ад сабакі Льва Мікалаевіча Талстога, ты шчаслівы сабака, Бім, нават без асабістага лісціка пароды, самы шчаслівы сабака на свеце. Вялікі пісьменнік любіў сабак.
Яшчэ з таго самага ліста:
«Імператарскага чорнага сабаку бачыў я ў Ільінскім пасля абеду, на які Гасудар запрасіў членаў праўлення Маскоўскага таварыства паляўнічых. Гэта быў вялікі і вельмі прыгожы пакаёвы сабака, з цудоўнаю галавою, добра апрануты, але ад сетэрскага тыпу ў ім было мала; да таго ж ногі меў занадта доўгія, а адна зіх зусім белая. Гавораць, гэты сетэр быў падараваны Імператару нейкім польскім панам, і хадзілі чуткі, што сабака быў не зусім чыстакроўны».
Выходзіць, польскі пан абдурыў імператара? Магчыма. Магчыма гэта і на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны імператарскі сабака! Між іншым, тут побач ідзе кроў жоўтае сучкі Берса, якая мела «чуццё незвычайнае і цудоўную кемлівасць». Значыць, калі нават нага твая, Бім, ад чорнага сабакі імператара, то ўвесь ты можаш быць далёкім сваяком сабакі найвялікшага пісьменніка... Але не, Бімка, дудкі! Пра імператарскага ні слова. Не было — і ўсё на гэтым. Яшчэ гэтага не хапала.
Што ж застаецца на выпадак магчымай спрэчкі ў абарону Біма?
Майсей адпадае зразумела чаму. Сухаў-Кабылін адпадае і з-за часу і па акрасу. Застаецца Леў Мікалаевіч Талстой: а) час не такі далёкі; б) бацька яго сабакі быў чорны, а маці чырвоная. Усё падыходзіць. Але бацька, чорны той, — імператарскі, во дзе загваздка.
З якога боку ні зірні, пра пошукі пародзістасці Біма даводзіцца маўчаць. Адпаведна, кінолагі будуць вызначаць толькі па радаслоўнай бацькі і маці Біма, як у іх заведзена: няма белага ў радаслоўнай — і амін. А Талстой тут ні пры чым. І яны правы. Ды і сапраўды, так кожны можа паходжанне свайго сабакі давесці да сабакі пісьменніка, а потым і самому не далёка да Л.М.Талстога! І праўда: колькі іх у нас, Талстых? Жах, так многа аб'явілася, аж галава кругам ідзе.
Як бы ні было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змірыцца з тым, што Біму быць чужаком сярод пародзістых сабак. Дрэнна. Застаецца толькі адно: Бім — сабака інтэлігентнай пароды. Але і гэта — не доказ (на тое і стандарты).
— Дрэнна, Бім, дрэнна, — уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку і ўсунуў у шуфляду агульны сшытак.
Бім, пачуўшы сваю клічку, устаў з лежака, сеў, нахіліў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькі жоўта-чырвоным.
І гэта было сімпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: «Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?»
Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бімавага пытання, сказаў:
— Маладзец ты, Бім! Будзем жыць разам, хоць ты і без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. — Ён узяў Біма на калені і пагладзіў па шэрсці, прыказваючы: — Добра. Усё роўна добра, хлопчык.
Біму было цёпла і ўтульна. І ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: «Добра» — гэта ласка, удзячнасць і сяброўства.
І Бім заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры і блізкі.
— Ах ты, чорнае вуха, імператарская нага, — ціха сказаў той і перанёс Біма на ляжак.
Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зірнуў на партрэт жанчыны і сказаў:
— Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзін. — Ён не прыкмячаў, што ад адзіноты незаўважна прывык гаварыць услых да «яе» ці да самога сябе, а цяпер — да Біма. — Вось я і не адзін, — паўтарыў ён да партрэта.
А Бім спаў.
Так яны і жылі ўдвух у адным пакоі. Бім рос мацаком. Вельмі скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Іван Іванавіч. Разумны шчанюк, хітры. Пакрысе ён зразумеў, што нічога нельга чапаць, можна толькі глядзець на рэчы і на людзей. І наогул, нічога нельга, пакуль не дазволіць ці не загадае гаспадар. Так слова «нельга» стала галоўным законам у Бімавым жыцці. А вочы Івана Іванавіча, інтанацыя, рухі, выразныя словы-загады і словы ласкі кіравалі яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэнні рабіць што-небудзь ніяк не павінны былі супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бім пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаіць ён ля акна і глядзіць, глядзіць удалячынь, думае. Тады Бім сам сядае побач і таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: «Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзіць крыху з кута ў кут і сядзе, і будзе вадзіць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з ім побач». Потым утуліцца носам у вялікую і цёплую далоню. А гаспадар скажа:
— Ну што, Бімка, будзем рабіць? — І сапраўды сядае.
А Бім абараначкам скручваецца ля ног ці, калі будзе сказана «На месца», пойдзе на свой ляжак у куток і там будзе чакаць. Будзе чакаць позірку, руху, слова. Дарэчы, праз колькі часу можна і самому сысці з месца, узяцца за круглую костку, угрызці якую немагчыма, а зубы вастрыць — калі ласка, толькі не перашкаджай.
Але Іван Іванавіч закрые твар рукамі, абапрэцца на стол, тады Бім ідзе да яго і кладзе разнавухую пысачку на калені. І стаіць. Ведае, што пагладзіць. Ведае, што сябру цяжка. А Іван Іванавіч падзякуе:
— Дзякуй, мілы мой, дзякуй, Бімка. — І зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.
Так было дома.
Але не так на лузе, дзе абодва забывалі пра ўсё. Тут можна бегаць, весяліцца, ганяцца за матылькамі, качацца ў траве — усё дазвалялася. Аднак і тут пасля васьмі месяцаў жыцця Біма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: «Пайшоў-пайшоў!» — можаш гуляць. «Назад!» — вельмі зразумела. «Ляжаць!» — таксама зразумела. «Ап!» — пераскаквай. «Шукай!» — найдзі кавалачак сыра. «Побач!» — ідзі побач, але толькі злева. «Да мяне!» — бягом да гаспадара — будзе кавалачак цукру. І многа іншых слоў уведаў Бім да года. Сябры ўсё болей і болей разумелі адзін аднаго, любілі і жылі, як роўныя, — чалавек і сабака.
Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Біма перайначылася жыццё, і ён пасталеў за некалькі дзён. Здарылася гэта таму, што Бім раптоўна выявіў у гаспадара вялікі, здзіўляючы недахоп.
А было гэта так. Дбайна і старанна ішоў Бім па лузе чаўнаком, шукаў кінуты сыр, і раптоўна між пахаў травы, кветак, самое зямлі і рэчкі ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, ніяк не падобнаю да тых, якіх ведаў Бім, — усякіх там вераб'ёў, вясёлых сініц, плісак і ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага і брацца (спрабавалі). Пахла чымсьці невядомым, што хвалявала кроў. Бім прыпыніўся і паглядзеў на Івана Іванавіча. А той збочыў, нічога не заўважыў. Бім быў здзіўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! І тады Бім вырашыў сам: паволі пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзіць да невядомага, ужо не гледзячы на Івана Іванавіча. Крокі запаволіліся, ён быццам выбіраў, куды паставіць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапіць за былінку.
Нарэшце пах стаў такі моцны, што ісці далей было немагчыма. І Бім так і не апусціў на зямлю правую пярэднюю лапу, прыкіпеў на месцы, нібыта ўкамянеў. Гэта была быццам скульптура сабакі, зробленая ўмелым скульптарам. Вось яна, першая стойка! Першае абуджэнне паляўнічага азарту, які забірае да самазабыцця.
Ды не, гаспадар ціха падыходзіць, ледзь-ледзь пагладжвае Біма, які лёгенька трымціць усім целам.
— Добра, добра, хлопчык. Добра, — і бярэцца за аброжак. — Пайшоў... Пайшоў...
А Бім не можа — нестае сілы.
— Пайшоў... Пайшоў... — цягне яго Іван Іванавіч.
І Бім пайшоў. Ціхенька-ціхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад:
— Наперад!!!
Бім скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бім кінуўся за ёю і-і-і... пагнаў, азартна, колькі ставала сілы.
— Наза-ад! — крыкнуў гаспадар.
Але Бім нічога не чуў, быццам не меў вушэй.
— Наза-ад! — І свісток. — Наза-ад! — І свісток.
Бім бег да таго часу, пакуль не згубіў з воч перапёлку, а потым, вясёлы і радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзіць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нічога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар... Бім неяк асцярожненька лізнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы і шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блізкае істоты. Гаспадар сказаў:
— Ды зусім ты пра іншае, дурненькі. — І весялей: — Ну, дык пачнём, Бім, па-сапраўднаму. — Ён зняў аброжак, адзеў другі (нязручны) і прышпіліў да яго доўгую папругу. — Шукай.
Цяпер Бім шукаў пах перапёлкі — болей нічога. А Іван Іванавіч накіроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Біму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагоні (чуць то не чуў, а бачыць — бачыў).
І вось той жа самы пах! Бім не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву і вядзе паверсе... Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзівосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала каму. З лёгкім трымценнем ад хвалявання, Іван Іванавіч узяў за канец повада, накруціў на руку і ціха загадаў:
— Наперад... Наперад...
Бім пайшоў на падводку. І яшчэ раз прыпыніўся.
— Наперад!!!
Бім кінуўся гэтаксама, як і першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бім зноў быў кінуўся бязглузда даганяць птушку, але... рывок за павадок вымусіў яго адскочыць назад.
— Назад!!! — крыкнуў гаспадар. — Нельга!!!
Бім адкінуўся, упаў. Ён не разумеў — завошта гэтак. І напінаў павадок, куды паляцела перапёлка.
— Ляжаць!
Бім лёг.
І яшчэ раз усё паўтарылася, толькі па новай перапёлцы. Але цяпер Бім адчуў рывок за повад раней, чым у мінулы раз, а пасля загаду лёг і толькі дрыжаў ад хвалявання, азарту і разам з тым панылы, сумны і маркотны: усё гэта было ў ягоным выглядзе ад носа да самага кончыка хваста. Так жа балюча! І не толькі ад жорсткае спрацівелае папругі, а яшчэ і ад калючак з сярэдзіны аброжка.
— Вось гэтак, Бімка. Нічога не зробіш — трэба так. — Іван Іванавіч лашчыў, пагладжваў Біма.
З гэтага дня і пачаўся сапраўдны паляўнічы сабака. З гэтага ж дня Бім зразумеў, што толькі ён, ён адзін можа ўведаць, дзе птушка, і што гаспадар-то бездапаможны, а нос у яго прыроблены толькі для блізіру. Пачалася сапраўдная служба, грунтавалася яна на словах: «Нельга», «Назад», «Добра».
А потым — ой! — потым стрэльба! Стрэл. Перапёлка падала, быццам ашпараная.
І даганяць яе, выходзіць, зусім не патрэбна, толькі знайсці, падняць на крыло і легчы, а ўсё астатняе зробіць сябар. Абое роўныя ў гэтай гульні: гаспадар без нюху, сабака без стрэльбы.
Такім чынам цёплае сяброўства і адданасць пакрысе рабіліся шчасцем, таму што кожны разумеў і не патрабаваў ад другога больш, чым той можа даць. Гэта аснова, соль сяброўства.
Да двух год Бім стаў сапраўдным паляўнічым сабакам, даверлівым і чэсным. Ён ведаў недзе каля сотні слоў, што датычыліся дамоўкі і палявання: хай скажа Іван Іванавіч «Падай» — зробіць; скажа ён «Падай пантофлі» — падасць, «Нясі міску» — прынясе, «На крэсла!» — сядзе на крэсла. Ды гэта што! У вачах чытаў: добра глядзіць гаспадар на чалавека, і Біму ён — знаёмы з гэтага часу; непрыязна зірне — і Бім, бывае, загырчыць; нават ліслівасць (ласкавую ліслівасць) ён лавіў у голасе чужога. Але нікога і ніколі Бім не ўкусіў — хоць ты на хвост наступі. Забрахаць мог ноччу, папярэдзіць, што да вогнішча ідзе чужы, — гэта, калі ласка, але кусацца — ніколі. Такая ўжо інтэлігентная парода.
Што датычыцца інтэлігенцыі, то Бім нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваім розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынілі. Здараецца, захварэе Іван Іванавіч і не ідзе з ім гуляць, а выпускае аднаго. Бім крыху пабегае, управіцца, як і належыць, і спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднія лапы, крышку паскуголіць, просячыся, і дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць і зноў кладзецца ў ложак. Гэта калі ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей і часцей, такога Бім не мог не заўважыць). Бім моцна засвоіў: падрапай за дзверы, і табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго і ёсць, каб кожны мог зайсці: папрасіся — і цябе ўпусцяць. На яго сабачы розум гэта было ўжо цвёрдае перакананне.
Толькі не ведаў Бім і не мог ведаць, колькі потым будзе расчаравання і бяды ад такое наіўнае даверлівасці, не ведаў і не мог ведаць, што ёсць дзверы, якія не адчыняюцца, колькі за іх не драпайся.
Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бім, сабака з выдатным чуццём, так і застаўся сумніцельным — пасведчанне на радаслоўную яму не выдалі. Двойчы Іван Іванавіч выводзіў яго на выстаўку: здымалі з рынга без адзнакі. Выходзіць, чужак.
І ўсё ж Бім не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмі месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.
Раздзел 2ВЯСНОВЫ ЛЕС
У другі сезон, гэта значыць на трэці год ад нараджэння Біма, Іван Іванавіч пазнаёміў яго з лесам. Гэта было надта цікава і сабаку, і гаспадару.
У лузе і на полі — там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навідавоку, снуй чаўнаком у шырокім пошуку, шукай, знайдзі, рабі стойку і чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусім-зусім не тое.
Была ранняя вясна.
Калі яны прыйшлі першы раз, змярканне толькі пачыналася, а між дрэў быў прыцемак, хаця лісця яшчэ не было. Знізу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лістота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубінавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зіму, здаваліся зярняткамі кавы.
Галінкі лёгенька шумелі пад слабым ветрыкам, рэдзенькія, голыя; яны быццам абмацвалі адна адну, то краналіся кончыкамі, то ледзь датыкаліся сярэдзінаю: ці жывыя? Вяршаліны слабенька пагойдваліся — дрэвы здаваліся жывымі нават і без лісця. Усё было таямніча-шапаткое і густа-пахучае: і дрэвы, і лісце пад нагамі, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлі, і крокі Івана Іванавіча, асцярожныя і ціхія. Яго чаравікі таксама шоргалі, а сляды пахлі куды мацней, чым у полі. За кожным дрэвам штосьці незнаёмае, таямнічае. Таму Бім і не адыходзіў ад Івана Іванавіча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад — налева, направа — і коціцца назад і глядзіць у твар, быццам пытаецца: «Чаго мы сюды трапілі?»
— Не разбярэшся што да чаго? — здагадаўся Іван Іванавіч. — Разбярэшся, Бімка, зразумееш. Пачакай крышку.
Так і ішлі, паглядваючы адзін на аднаго.
Але вось яны спыніліся на шырокай паляне, на перакрыжаванні двух прасек: дарогі ва ўсе чатыры бакі. Іван Іванавіч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, і глядзеў угору. Бім пазіраў туды, з усяе сілы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.
Уверсе было светла, а тут, унізе, рабілася ўсё цямней і цямней. Нехта прашамаў у лесе і сціх. Яшчэ пашамаў і сціх. Бім прытуліўся да нагі Івана Іванавіча — гэта так ён пытаўся: «Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзім?»
— Заяц, — ледзь чутна сказаў гаспадар. — Усё добра, Бім. Добра. Заяц. Хай яго...
Ну, калі «добра», значыць, усё ў парадку. «Заяц» — таксама зразумела: неаднойчы, калі Бім натыкаўся на след звярка, яму паўтаралі гэтае слова. А раз бачыў і самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне і быў пакараны. Нельга!
Такім чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?
Раптам уверсе нехта нябачны і незнаёмы захоркаў: «Хор-хор!.. Хор-хор... Хор-хор!..» Бім пачуў гэта першы і здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелі ўгору, толькі ўгору...
Нечакана на фоне барвова-сіняватага неба ўздоўж прасекі паказалася птушка. Яна ляцела проста на іх, толькі зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляціць і хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялікай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкі, курапаткі ці ў качкі). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары.
Іван Іванавіч падняў стрэльбу. Бім, быццам па загаду, лёг і не адводзіў вачэй ад птушкі... У лесе стрэл быў такі моцны і рэзкі, якога Бім раней ніколі не чуў. Рэха пракацілася па лесе і заціхла далёка-далёка.
Птушка ўпала ў кусты, але сябры яе скоранька адшукалі. Іван Іванавіч паклаў яе перад Бімам і сказаў:
— Знаёмся, браток, — слонка. — І яшчэ раз паўтарыў: — Слонка.
Бім абнюхваў, чапаў лапаю за доўгую дзюбу, потым сеў, уздрыгваючы і перабіраючы пярэднімі лапамі ад здзіўлення. Вядома ж, ён гэтым самым і гаварыў сам сабе: «Такіх насоў не бачыў. Вось гэта сапраўдны но-ос!»
А лес слабенька шумеў, усё цішэй і цішэй. Потым зусім раптам прыціх, адразу неяк, быццам хтосьці нябачны лёгенька махнуў шырокім крылом над дрэвамі апошні раз: хопіць шамацення. Галіны знерухомелі, дрэвы, здавалася, засыналі, хіба толькі зрэдку ўздрыгвалі ў прыцемках.
Праляцелі яшчэ тры слонкі, але Іван Іванавіч не страляў. Хаця апошняй яны ўжо не бачылі ў цемнаце, а толькі чулі яе голас, але Бім быў здзіўлены: чаму сябар не страляў нават у тых, якія добра былі відаць. Ад гэтага Бім хваляваўся. А Іван Іванавіч ці проста глядзеў угору, ці, панурыўшыся, слухаў цішыню. Абодва маўчалі.
Вось калі ўжо не патрэбны словы — ні чалавеку, ні тым болей сабаку!
Толькі напаследак, перад адыходам, Іван Іванавіч прамовіў:
— Добра, Бім! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна.
Па інтанацыі Бім зразумеў, што гаспадару прыемна. І ён таркануў носам у яго калена, павіляў хвастом: добра, маўляў, што і сказаць.
...Другі раз яны прыходзілі сюды позняю раніцаю, але ўжо без стрэльбы.
Духмяныя, тоненькія струменьчыкі ад храсткоў травы — усё гэта было наўздзіў новае і захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасонніку, ды і той мясцінамі быў спаласованы золатам праменняў. І была цішыня. Галоўнае — была цішыня. Якая ж яна прыгожая — вясновая ранішняя цішыня ў лесе!
Гэты раз Бім быў смялейшы: далёка было відаць (не тое, што тады ў прыцемкі). І ён лятаў па лесе ўволю, не спускаў, аднак, з вачэй гаспадара. Усё было цудоўна.
Нарэшце Бім набег на нітачку слончынага паху. І павёў. І зрабіў класічную стойку. Іван Іванавіч паслаў наперад, хоць страляць і не было з чаго. Ды яшчэ загадаў ляжаць як і трэба, калі ўзлятае птушка. Абсалютна незразумела, бачыць ці не гаспадар? Бім скоса паглядзеў на яго, пакуль не ўпэўніўся: бачыць.
Па другой слонцы ўсё было гэтаксама. Нешта накшталт крыўды паказваў Бім: насцярожаны позірк, прабежкі поруч, нават спробы не слухацца — адным словам — незадаволенасць расла і трэба было даць ёй выйсце. Менавіта таму Бім і пагнаўся за трэцяю слонкаю, як звычайны дварняга. Але за слонкаю далёка не пабяжыш: мільганула сярод галін — і няма яе. Бім вярнуўся незадаволены, ды яшчэ і зарабіў. Што ж, ён лёг збоч і ўздыхнуў (сабакі здорава ўмеюць рабіць гэта).
Усё гэта можна было стрываць, каб не яшчэ адна крыўда: Бім у гэты раз уведаў пра новы недахоп у гаспадара — сапсаванае чуццё: і без таго бясчутны, ды яшчэ... А было гэта так.
Спыніўся Іван Іванавіч, і глядзіць вакол, і нюхае (куды там!). Потым ступіў да дрэва, прысеў і ціхенька, адным пальцам, пагладзіў кветачку, малюсенькую такую (Івану Іванавічу яна амаль не пахне, а Біму такая смярдзючая). І навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усміхаўся. Бім, вядома, зрабіў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькі з-за павагі да гаспадара, а сам ён быў моцна здзіўлены.
— Ты паглядзі, паглядзі ж, Бім! — усклікнуў Іван Іванавіч і нахіліў сабаку носам да кветкі.
Такога Бім не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў і лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: «Ну і нюхай сваю кветачку!» Рознагалоссі патрабавалі высвятлення адносін неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Біму шчаслівым смехам. І гэта было крыўдна. «Яшчэ мне і рагоча!»
А той зноў да кветкі:
— Дзень добры, першанькая!
Бім зразумеў, што «дзень добры» сказана не яму.
Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калі можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькі дома адносіны быццам наладзіліся. Але дзень у Біма выйшаў няўдалы: была дзічына — не стралялі, пабег сам па птушку — пакаралі, ды яшчэ і кветка тая. Не, усё ж і ў сабакі бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загіпнатызаваны трыма словамі-«кітамі»: «Нельга», «Назад», «Добра».
Толькі не ведалі яны — ні Бім, ні Іван Іванавіч, — што некалі гэты дзень, калі б яны ўспомнілі яго, здаўся б ім вялікім шчасцем.
ЗАПІСКІ ГАСПАДАРА
У стомленым ад зімовага палону лесе, калі яшчэ не распусціліся пупышкі, але ўжо прачнуліся, калі горкія пні зімовае высечкі яшчэ не пусцілі пасынкаў, але заплакалі ўжо, калі мёртвы шэры ліст ляжыць навокал пластом, калі голае галлё яшчэ не шуміць, а толькі ціхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, і таму ён чулліва-радасны, хоць амаль і нячутны. Гляджу навокал — аказалася, яна побач. Стаіць на зямлі кветка, малюсенькая кропелька блакітнага неба, такая простая і шчырая вястуння радасці і шчасця, каму яно суджана і наканавана. Але для кожнага — і шчаслівага, і няшчаснага — зараз яна жыццёвая прыгажосць.
Вось так і сярод нас, чалавекаў: ёсць людзі сціплыя, з чыстым сэрцам, «непрыкметныя» і «маленькія», але з вялікай душою. Яны ж і ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькі мае чалавецтва, — дабрату, прастату, даверлівасць. Так і пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлі...
А праз некалькі дзён (учора) мы былі з Бімам на тым самым месцы. Неба пакрапіла лес ужо тысячамі блакітных кропелек. Шукаю, вызіраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна ці не? Не ведаю. Іх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубілася між астатніх, зраўнялася з імі. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая ціхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохаліся апошнія замаразкі, здаліся, вывесілі перад досвіткам белы сцяг апошняе шэрані на ўзлеску. Ідзе жыццё.
...А Біму нічога гэтага не зразумець. Нават пакрыўдзіўся першы раз, прыраўнаваў. Дарэчы, як было ўжо і многа кветак, ён і тады не зважаў на іх. Калі пачаў настаўляць яго, паводзіў сябе не вельмі: пакрыўдзіўся без стрэльбы. З ім мы на розным узроўні развіцця, але вельмі і вельмі блізкія. Прырода стварае па ўстойліваму закону: неабходнасці аднаго другому, пачынаючы ад самых прымітыўных і канчаючы самым высокаразвітым жыццём, усюды гэты закон... Хіба мог бы я перажыць такую жудасную адзіноту, каб не было Біма?
...Як яна была патрэбна мне! Яна таксама любіла пралескі. Мінулае, нібыта сон...
А ці не сон і цяперашняе? Ці не сон гэта, учарашні лес з блакітам на зямлі? Што ж: блакітныя сны — незямное гаючае лякарства, хоць і часовае. Вядома, часовае. Бо каб нават і пісьменнікі прапаведавалі толькі блакітныя сны, забываючы пра шэры колер, то чалавецтва перастала б клапаціцца пра будучыню, прыняло б цяперашняе за вечнае і ў будучым. Асуджанасць у часе і складаецца з таго, што цяперашняе павінна стаць толькі мінулым. Няма ў чалавека ўлады, каб загадаць: «Спыніся, сонца!» Час несупынны, нястрыманы і няўмольны. Усё — гэта час і рух. А той, хто шукае толькі вечна нязменнага блакітнага спакою, той ужо — мінулае, ці гэта малады і клапатлівы пра сябе ці састарэлы — гады не маюць значэння. Блакітнае мае свой голас, яно гучыць, як супакоенасць, забыццё, але толькі на часіну, каб толькі адпачыць; такія хвіліны нельга марнаваць.
Каб быў я пісьменнік, то я абавязкова сказаў бы так:
«О неспакойны Чалавек! За тое, што думаеш, пакутуеш дзеля будучыні, слава табе! Калі захочацца табе даць адпачынак душы, ідзі напрадвесні ў лес да пралесак, і ты ўбачыш цудоўны сон-яву. Ідзі хутчэй: праз некалькі дзён пралесак можа і не стаць, а ты не зможаш запомніць чароўнага відовішча, падараванага прыродаю. Ідзі, адпачні. Пралескі — на шчасце, гавораць людзі».
...А Бім храпе. І сніць: перабірае нагамі — бяжыць спрасонку. Яму пралескі як пятая нага: што блакітнае, тое бачыцца яму шэрым (такі ўжо бясколерны ў сабакі зрок). Прырода стварыла быццам ачарніцеля рэчаіснасці. Паспрабуй угавары яго, мілага сябра, каб ён паглядзеў вачыма чалавека. Хоць голаў яму адкруці, а будзе бачыць ён па-свойму. Зусім самастойны сабака.
Раздзел 3ПЕРШЫ ВОРАГ БІМА
Мінула лета, вясёлае Біму, радаснае, поўнае сяброўства з Іванам Іванавічам. Выхады на лугі і балоты (без стрэльбы), сонечныя дні, купанне, ціхія вечары на беразе рэчкі — што яшчэ патрэбна кожнаму сабаку? Нічога не трэба — гэта вядома.
На трэніроўках і настаўленні яны сустракаліся з паляўнічымі. З гэтымі знаёмства адбывалася адразу ж, таму што з кожным такім чалавекам быў сабака. Яшчэ да таго, як сыходзіліся гаспадары, сабакі беглі адзін да аднаго і коратка перагаворваліся сабачаю моваю рухаў і позіркаў:
«Ты хто: ён ці яна?» — пытаўся Бім, абнюхваў адпаведныя месцы (толькі для блізіру, вядома).
«Сам бачыш, чаго пытаешся», — адказвала яна.
«Як жывецца?» — весела пытаўся Бім.
«Працуем!» — віскнуўшы, адказвала субяседніца, гулліва падскочыўшы на ўсіх чатырох нагах.
Пасля гэтага яны курэлі да гаспадароў і то аднаму, то другому дакладвалі пра знаёмства. Калі абодва паляўнічыя садзіліся ў цень пад кусты ці дрэва, каб пагаварыць, сабакі нагульваліся так, што язык не ўлазіў у рот. Тады яны клаліся каля гаспадароў і слухалі ціхую шчырую гаворку.
Астатнія людзі, акрамя паляўнічых, мала цікавілі Біма: людзі, і ўсё там. Усе яны добрыя. Але ж не паляўнічыя!
А вось сабакі, гэтыя — розныя.
Аднойчы на лузе спаткаўся ён з кудлаценькім сабачкам, удвая меншым за яго, чорненькім такім. Павіталіся халаднавата, без гуллівасці. Ды якія там смешачкі, калі новенькі на звычайны ў такіх выпадках кодэкс пытанняў адказваў, ляніва махаючы хвастом.
«Я есці хачу».
Пахла ў яго з рота мышанём. І Бім спытаўся здзіўлена, абнюхаўшы яго губы:
«Ты з'еў мыш?»
«З'еў мыш, — адказаў той. — Я хачу есці». — І ўзяўся грызці белы вузлаваты корань чароту.
Бім хацеў таксама паспытаць чаротавага кораня, але Кудлатка запратэставаў, сказаў усё тое ж:
«Я есці хачу».
Бім пасядзеў, пачакаў, пакуль ён дагрыз усё, і запрасіў яго з сабою. Той пайшоў без пярэчанняў, патрухваючыся ўслед, ускудлачаны, але чысты: відаць, любіў купацца, як і большасць сабак, таму летам яны і не бываюць гразныя, нават валацугі. Бім прывёў яго да гаспадара, які здалёку сачыў за знаёмствам свайго сябра. Але Кудлатка не паверыў адразу чужому чалавеку, сеў наводдаль, не гледзячы на тое, што Бім увесь час бегаў ад гаспадара да яго і назад, клікаў, пераконваў. Іван Іванавіч зняў рукзак, дастаў адтуль каўбасу, адрэзаў маленькі кавалачак і кінуў Кудлатку:
— Ідзі ка мне, Кудлатка. Ідзі.
Кавалачак упаў за тры метры ад яго. Ён, асцярожна пераступаючы, дастаў да яго, з'еў адразу. Па другі кавалачак падышоў бліжэй. А пасля сеў ля самых ног чалавека, нават даўся пагладзіць сябе, хоць і з аглядкаю. Бім і Іван Іванавіч аддалі яму ўсё кольца каўбасы: гаспадар кідаў кавалачкі, а Бім не замінаў Кудлатку есці. Усё не новае: кінь кавалачак — падыдзе бліжэй, кінь другі — яшчэ бліжэй, разам з трэцім, чацвёртым — будзе ля самых ног і стане служыць вераю і праўдаю. Так думаў Іван Іванавіч. Ён абмацаў Кудлатку, паляпаў па загрыўку і сказаў:
— Нос халодны — здаровы. Гэта добра. — І загадаў абодвум: — Пайшлі, пайшлі!
Кудлатка не разумеў такіх слоў, але калі ўбачыў, як Бім заснаваў чаўнаком па траве, скеміў: трэба бегаць. І, вядома, яны загулялі зусім па-сабачы, так, што Бім нават забыўся, чаго ён тут. Іван Іванавіч не пярэчыў, а ішоў сабе, пасвістваў.
Да горада Кудлатка правёў без усяго, але на ўскраіне нечакана сеў збоч дарогі — і ні з месца. Клікалі, запрашалі — не ідзе. Так і застаўся сядзець, праводзіў іх вачыма. Памыліўся Іван Іванавіч — не кожнага сабаку можна купіць за хлеб.
Бім не ведаў і не мог ведаць, што ў Кудлаткі таксама былі гаспадары, што жылі яны ў сваім маленькім доміку, што тую вуліцу, дзе быў дамок, знеслі, а гаспадарам Кудлаткі далі кватэру на пятым паверсе, з выгодамі.
Адным словам, кінулі Кудлатку на волю бога. Але ён знайшоў і новы дом, і дзверы гаспадара, а там яго набілі і прагналі. Вось і жыве ён адзін. Ходзіць па горадзе толькі ноччу, як і многія бяздомныя сабакі. Іван Іванавіч дагадаўся пра ўсё, але расказаць Біму немагчыма. Бім проста не хацеў пакідаць яго: азіраўся, прыпыняўся і пазіраў на Івана Іванавіча. А той ішоў сабе.
Каб толькі ведаў ён, які горкі лёс звядзе Біма і Кудлатку, каб ведаў, дзе і калі сустрэнуцца яны, не ішоў бы цяпер так спакойна. Але будучыня невядома і чалавеку.
...Мінула трэцяе лета. Добрае Біму лета, нядрэннае і Івану Іванавічу. Аднае ночы гаспадар зачыніў акно і сказаў:
— Марозік, Бімка, першы марозік.
Бім не зразумеў. Ён устаў і тыцнуўся носам у калена Івану Іванавічу, быццам сказаў: «Не разумею».
Іван Іванавіч ведаў сабачую мову добра — мову вачэй і рухаў. Ён запаліў святло і спытаў:
— Не разумееш, дурненькі? — Потым растлумачыў дакладна: — На слонак заўтра. Слонка.
Во, гэта слова Бім ведаў! Ён падскочыў і ўсё-такі лізнуў свайго гаспадара ў падбародак.
— На паляванне заўтра, на паляванне, Бім!
Куды там! Бім закруціўся, як юла, ловячы свой хвост, віскнуў, потым сеў і ўпіўся вачыма ў твар Івана Іванавіча, уздрыгваючы ачосамі пярэдніх лап. Гэта чаруючае слова «паляванне» вядома Біму як сігнал на шчасце.
Але гаспадар загадаў:
— А пакуль што спаць. — Выключыў святло і лёг.
Да канца ночы Бім пралежаў ля ложка сябра. Які там сон! Ён і сам, Іван Іванавіч, то драмаў, то прачынаўся ў чаканні світання.
Раніцаю яны разам склалі рукзак, выцерлі ад масла ствалы стрэльбы, крыху пад'елі (на паляванне ісці нельга наеўшыся), праверылі патранташ, перакладваючы набоі з гнязда ў гняздо. Работы было многа на гэты кароткі час збораў: гаспадар на кухню — Бім на кухню, гаспадар у кладоўку — Бім туды, гаспадар вымае кансерву з рукзака (нядобра легла) — Бім бярэ яе і пхае назад, гаспадар правярае патроны — Бім сочыць (каб не памыліўся); і ў футарал ад стрэльбы трэба не раз тыцнуцца носам (ці тут?); а тут якраз свярбіць за вухам ад хвалявання — толькі і ведай, што падымай лапу і чухай, прападзі яно пропадам, калі без таго клопату — не прадыхнуць.
Ну, сабраліся. Бім быў у захапленні. Як жа! На гаспадару паляўнічая куртка, закінута за плечы паляўнічая сумка, знята стрэльба.
— На паляванне, Бім! На паляванне, — паўтарыў ён.
«На паляванне, на паляванне!» — гаварылі Бімавы вочы ад захаплення. Ён нават павіскваў, перапоўнены ўдзячнасцю і любоўю да свайго адзінага на свеце сябра.
У гэты момант і ўвайшоў чалавек. Бім ведаў яго — сустракаў на дварэ, — але лічыў нецікавым, які не заслугоўвае асаблівае ўвагі. Каратканогі, тоўсты, шыракаплечы, шыракатвары, ён сказаў чуць скрыпучым баском:
— Значыцца, прывітанне! — І сеў на крэсла, выціраючы твар хусцінкаю. — Та-ак... На паляванне, значыцца?
— На паляванне, — незадаволена буркнуў Іван Іванавіч, — на слонак. Ды вы заходзьце — будзеце госцем.
— Вось та-ак... на паляванне... Давядзецца адкласці, значыцца.
Бім перавёў позірк з гаспадара на госця, здзіўлена і ўважліва. Іван Іванавіч сказаў амаль сярдзіта:
— Я не разумею. Растлумачце.
І тут Бім, наш ласкавы Бім, спачатку чуць загырчаў і неспадзеўкі гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома — і на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.
— На месца! — гэтак жа сярдзіта загадаў Іван Іванавіч.
Бім пакарыўся: лёг на ляжак, паклаўшы галаву на лапы, і глядзеў на госця.
— Бач ты! Слухае, значыцца. Та-ак... Значыцца, ён і на жыхароў у пад'ездзе брэша, напрыклад, як на лісу?
— Ніколі. Ніколі і ні на кога. Гэта першы раз. Слова гонару! — хваляваўся Іван Іванавіч і сердаваў: — Дарэчы, да лісіц ён нічога не мае.
— Та-ак, — зноў завёў госць. — Давайце па парадку.
Іван Іванавіч скінуў куртку і сумку.
— Я слухаю вас.
— У вас, значыцца, сабака, — пачаў госць. — А ў мяне, — ён выняў з кішэні паперку, — скарга на яго. — І падаў гаспадару.
Іван Іванавіч чытаў і хваляваўся. Бім прыкмеціў гэта, самохаць сышоў са свайго месца і сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць і быў напагатове.
— Глупства ўсё, — сказаў Іван Іванавіч спакайней. — Глупства. Бім — ласкавы сабака, нікога не кусаў і не ўкусіць, нікога не пакрыўдзіць. Сабака інтэлігентны.
— Хэ-хэ-хэ! — пакалыхаў жыватом госць. І недарэчна чыхнуў. — О-о, скаціна! — бяскрыўдна сказаў ён да Біма.
Бім яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. І ўздыхнуў.
— Як гэта вы разбіраеце скаргі? — спытаў Іван Іванавіч ужо спакойна, усмешліва. — На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я і так паверыў бы вам, каб пераказалі.
Бім заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:
— Перш-наперш, так і патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзім... — І засмяяўся.
Гаспадар таксама слаба ўсміхнуўся. Бім нават і не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцяміць — вельмі ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Біма і сказаў:
— Сабаку звальняць трэба. — І махнуў рукою да дзвярэй.
Бім зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсці. Але ад гаспадара не адступіў і на сантыметр.
— А вы паклічце тую, што скардзіцца, — пагаворым, уладзім усё, магчыма, — папрасіў Іван Іванавіч.
Госць, зусім нечакана, пайшоў і скора вярнуўся з жанчынаю:
— Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.
Бім яе таксама ведаў: невялічкая, крыклівенькая і тлустая, яна, аднак, цэлыя дні сядзела на лаўцы на двары з іншымі вольнымі жанчынамі. Аднойчы Бім нават лізнуў яе ў руку (не ад залішняе павагі да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завішчала і пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бім не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру і задрапаў дома ў дзверы. Больш ён ні ў чым віны перад цёткаю не меў. І вось яна ўвайшла. Што з ім зрабілася! Ён пачаў туліцца да ног гаспадара, а калі той пагладзіў яго, то падціснуў хвост, пайшоў на ляжак і спадылба глядзеў на яе. Ён нічога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока і ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзітых позірках, Бім зразумеў: гэта за тое, што лізнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бім, таму і не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў і так: «Вінаваты, вядома, але што цяпер зробіш». Ва ўсякім выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.
Толькі няўцям было Біму, што вінавацяць яго несправядліва.
— Укусіць хацеў! Укусі-іць! Амаль што ўкусі-іў!
Іван Іванавіч, перабіўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Біма:
— Бім! А прынясі мне пантофлі.
Бім споўніў гэта з ахвотаю і лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнічыя чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.
— Цяпер занясі пастаў чаравікі.
Бім зрабіў і гэта: па аднаму занёс іх пад вешалку.
Цётка прымоўкла, вылупіла вочы. Госць сказаў з пахвалою:
— Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. — Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. — А яшчэ ўмее што-небудзь?
— Ды вы сядайце, сядайце, — запрасіў Іван Іванавіч цётку.
Яна села, схавала рукі пад фартух. Гаспадар паставіў Біму крэсла і загадаў:
— Бім! На крэсла!
Паўтараць Біму не трэба было. Цяпер усе сядзелі на крэслах. Цётка прыкусіла язык. Госць задаволена паківаў нагою, прыказваў:
— Добра выходзіць, добра, добра.
Гаспадар хітравата прыплюшчыў вочы да Біма:
— А ну дай лапу. — І падаў руку.