Нечы грымотны голас узвіўся раптоўна, як ракета: «Скончылася вада!» Суддзі з неверагоднай хуткасцю паўскоквалі і з крыкамі, з лаянкай, штурхаючыся, пабеглі да выхаду. Гэта быў не пажар і не землятрус. Яны беглі, штурхаючыся, налягаючы адзін на аднаго, каб паспець першым у касу і атрымаць свой заробак. Нават вяшчальнікі рынуліся да выхаду па тое ж самае, пакінуўшы Сакрата аднаго на трыбуне з горкай усмешкай на вуснах. А ён, са сваім заўсёдным спакоем на душы і на твары, сыходзячы з трыбуны, папрасіў Платона, які стаяў тут жа, зусім збянтэжаны, правесці яго да вязніцы. «Не ведаю, бедны мой сябра, ні дзе яна знаходзіцца, ні па якой дарозе туды ісці».
Пераклад: Мікола Бусел
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com