Толькі Дэні зноў стаў ваўком, як адразу, прадзіраючыся праз гушчар да сваёй пячоры, пачаў са здзіўленнем думаць пра тое, што ён, такі мяккі, спакойны, быў гэтакі неўтаймаваны ў чалавечай шкуры. Чаму забыўся ён раптам на ўсе свае добрыя прынцыпы, куды падзелася яго лагоднасць? Адкуль з'явілася ў ім тая неверагодная раз'юшанасць, ахвярамі якой сталі сутэнёры (дарэчы, адзін з іх, мусім мы дадаць на апраўданне ўсіх іншых сутэнёраў, быў платным агентам паліцыі па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў)? Ды што там: успамін пра помсту хваляваў яго і цяпер! Дэні адно пакруціў галавою. Якая ж бяда - гэты ўкус Сіямскага Мага! На шчасце, падумаў воўк, ён будзе перакідацца ў чалавека толькі ў дні поўні, і за тое дзякуй лёсу. Але ж заставалася ўсё-такі ў ім ад перажытага і штосьці новае - і гэтая незразумелая злосць, прага рэваншу вымушалі яго непакоіцца.
Пераклад: А.Асташонак
Беларуская Палічка: http://knihi.com