Марк Аўрэліюс

РОЗДУМЫ


КНІГА ПЕРШАЯ

1. Ад майго дзеда Вэруса я атрымаў далікатнасьць, незласьлівасьць і ўменьне кіраваць сваім характарам.

2. Ад славы майго роднага бацькі і ад пакінутай ім па сабе памяці - сьціпласьць і ўзмужнеласьць.

3. Ад мае маці - набожнасьць, шчодрасьць і ўстрыманьне ня толькі ад дрэнных учынкаў, але нават і ад дрэнных думак. А таксама і просты спосаб жыцьця, здаля ад усялякае раскошы.

4. Ад майго прадзеда - тое, што я не наведваў публічных школаў, карыстаўся паслугамі выдатных настаўнікаў дома, і зразумеў, што на гэта ня трэба шкадаваць сродкаў.

5. Ад выхавацеля - тое, што ня цікавіўся вынікам барацьбы паміж Зялёнымі і Блакітнымі або глядыятарамі ёракійскага і гальскага ўзбраеньня, што вытрывалы ў працы, здавальняюся малым, не даручаю свае справы іншаму, не хапаюся за шматлікія справы і астаюся непаддатным на паклёпы.

6. Ад Дыёгнэтоса - нялюбасьць займацца глупствамі і няверу ў байкі цудатворцаў і чараўнікоў пра заклінаньні, праганяньні нячысьцікаў і іншыя такія рэчы; што не разводзіў перапёлак і не захопліваўся падобным спортам, і тым, што мяне не раззлошчвала свабода слова; што я прысьвяціў сябе філязофіі; і, што быў слухачом спачатку Бакхэюса, пасьля Тандасіса і Маркіянуса; што пісаў я дыялёгі ў дзіцячых гадох; і адчуў цягу да простае пасьцелі, шкуры зьвера і іншых асаблівасьцяў грэцкага спосабу жыцьця.

7. Ад Русьцікуса - тое, што прыйшоў я да выснаву што да неабходнасьці папраўляць і крышталізаваць уласны характар; не прасякся духам сафістыкі, і не займаўся выдумваньнем тэорыяў, ня выступаў з павучальнымі прамовамі, ня выстаўляў напаказ ні заўзятага цярпліўца, ні чынаў дабрадзея, не захапляўся рэторыкаю, ані паэтыкаю, як і ніякім пышнаслоўем; і не спацыраваў дома ў столе і не рабіў нічога падобнага; дзякуючы яму, я пішу лісты проста, падобна да тых, якія ён сам пісаў да мае маці з Сінуэссы; і заўсёды гатовым быў пагадзіцца з тымі, што словам ці чынам зьневажаюць мяне ці крыўдзяць, як толькі яны праявяць азнаку згоды; усё, што даводзіцца чытаць, чытаю я ўважна і не здавальняюся толькі павярхоўнасьцю; не згаджаюся зараз-жа зь людзьмі, якія сыплюць словамі; і, дзякуючы яму-ж, я запазнаўся з разважаньнямі над думкамі, што пакінуў нам Эпіктэтус, якімі ён забясьпечыў мяне са свае бібліятэкі.

8. Ад Апольлёніюса - веду адносна свабоды волі і няўхільнае рашучасьці перад мэтаю; і тое, што зусім не гляджу ні на што, апрача як на розум; і заўсёды быць тым самым, пры жорсткай болі, пры ўтраце дзіцяці, у працяжнай хваробе; і бачыць ясна на жыцьцёвым прыкладзе, што адзін і той самы чалавек можа праяўляць найвялікшую настойлівасьць, як і ўжыцца, і з памяркоўнасьцю і без раздражненасьці працягваць сваё высьвятленьне; і мець перад сваімі вачыма чалавека, які ясна ўважаў сваё дасьведчаньне і сваю здольнасьць у пашырэньні філязафічных асноваў за найменшыя са сваіх заслугаў і годнасьці; і на ягоным прыкладзе я навучыўся, як атрымліваць ад сяброў тое, што зьяўляецца ўдзячнымі заслугамі і не астаючыся пры гэтым упакораным імі, або дазваляючы ім быць імі незаўважаным.

9. Ад Сэкстуса - дабразычлівасьць і наўзор дому, якім кіруе бацька, і ідэю жыць у сузгоднасьці з правам натуры; і шляхэтную шчырасьць; і клапатліва мець на ўвазе патрэбы сяброў, і праяўляць цярпеньне адносна някультурных людзей і тых, што судзяць зь імклівасьцю і неразважна, і здольнасьць з усімі гадзіцца; зносіны зь імі былі прыямнейшымі за ўсялякую лісьлівасьць, і адначасна ён карыстаўся сярод людзей найвялікшаю пашанаю; і ён меў дар гэтак выкрываць, як і ўладжваць інтэлігэнтным і мэтодалягічным спосабам неабходныя прынцыпы жыцьця; і ніколі не праяўляў гневу або якую-небудзь іншую пачуцьцёвую схільнасьць, але спалучаў паўніню любові і быў зусім вольным ад гэтакае-ж схільнасьці і карыстаўся добраю славаю; ня выклікваючы шмат шуму, і мець вялікія веды, не выстаўляючы іх напаказ.

10. Ад Аляксандра граматыка - паўстрыманасьць ад дакораў крыўдных заўвагаў пад адрысам людзей, якія абмовіліся якім-небудзь барбарскім, памылковым ці нямілагучным выражэньнем: у падобных выпадках я, ідучы за імі, стараюся ўжыць правільны выраз у форме адказу ці пацьверджаньня або сумеснага дасьледваньня самога прадмету, і не чапляцца да слова, або пры помачы іншага падобнага напамінаньня.

11. Ад Фронтона - пазнаў я, як зайздрасьць, падступнасьць і крывадушнасьць свомымі зьяўляюцца для тыраніі, і, што тым з-пасярод нас, каторых называюць арыстакратамі, баржджэй шматлікага ім не хапае з бацькаўскае годнасьці.

12. Ад Аляксандра Плятоністага - тое, што ня часта і ня без неабходнасьці кажу каму-небудзь або пішу ў лісьце, што я ня маю вольнага часу; ані бесперапынку прашу выбачэньня з прычыны занядбаньня абавязкаў, вымаганых нашымі суадносінамі да тых, з кім мы жывем, пад дайманом нібыта безадкладных справаў.

13. Ад Катульлюса - ня быць абыякасным, калі сябра знойдзецца ў памылцы, нават, калі і беспадстаўна, але пробаваць вярнуць яго назад у добры настрой; і быць гатовым гаварыць добра пра настаўнікаў, як гэта чуваць пра Доміціюса і Атэнодотуса; і любіць маіх дзяцей праўдзіва.

14. Ад брата майго Сэвэруса - любіць маіх хатніх, і любіць праўду, і любіць справядлівасьць; і празь яго я пазнаў Тразэя, Гэльвідзіюса, Катона, Брутуса; і празь яго я атрымаў уяўленьне адносна сутнасьці гаспадарства з роўнымі для ўсіх правамі, якое кіруецца пашанаю роўнасьці і роўнае свабоды слова для кажнага; і ўяўленьня ідэі адносна каралеўскага ўраду, які найвышэй за ўсё шануе свабоду тых, якімі ён кіруе; ад яго пазнаў я гэтаксама пасьлядоўнасьць і неадступную стойкасьць у маей пашане перад філязофіяю; і ахвочасьць тварыць дабро, і быць гатовым падзяліцца зь іншымі, і падтрымліваць добрую надзею, і веру ў любоў да мяне збоку маіх прыяцеляў; і ў ім спасьцярог я адсутнасьць укрываньня свае думкі перад тымі, каго ён ганіў, а ягоным прыяцелям не даводзілася здагадвацца, што ён жадае і чаго не жадае, і гэта было вельмі проста.

15. Ад Максімуса - самавалоданьне і быць стойкім у асягненьні кажнае рэчы, бадзёрасьць у кажных абставінах, гэтаксама, як і ў часе хваробы; і ўраўнаважанасьць з ветлівасьцю і годнасьцю, і наважанасьць у выкананьні спраў, пастаўленых перад сабою без нараканьня; і я спасьцярог, што кажны чалавек верыў, што ягоная думка пакрывалася зь ягоным словам і, што ўва ўсім тым, што-б ён ні рабіў, ён ніколі ня меў дрэнных замераў; і ён ніколі ня выклікваў подзіву да сябе ані зьдзіўленьня, і ніколі ня быў у пасьпешнасьці, як і ніколі не пакідаў пачатае рэчы, гэтак, як і ніколі ня быў усхвалёваным або прыгнобленым, гэтаксама, як і не сьмяяўся ніколі, каб зьіначыць сваё пачуцьцё няпрыемнасьці, ані, з другое стараны, ніколі ня быў ён запальчывы ці з выражэньнем падозранасьці. Ён быў абазнаным з праявамі дабрадзеяньня, і быў гатовым дараваць, і быў вольным ад усякае хвальшывасьці; і ён адсланіў воблік чалавека, увага якога ня можа быць адвернутаю ад таго, што ёсьць правільным баржджэй, чымся чалавека, які займеў паправу. Я і тое спасьцярог, яшчэ, што ніякі чалавек ня мог падумаць, што Максімус пагарджае ім, або ўпасьці на думку, што ёсьць лепшым за яго. Ён меў гэтаксама мастацтва быць дасціпным у манеры ўспрыймальнай.

16. Ад бацькі свайго - далікатнасьць характару і непахіснасьць у пастановах адносна рэчаў, якія ён прадпрыймаў пасьля абмеркаваньня; і адсутнасьць зацікаўленьня ў рэчах, якія людзі называюць гонарамі; і любасьць да працы і вытрываньне; і гатоўнасьць выслухаць кажнага з тых, хто меў што-небудзь прапанаваць дзеля агульнае памыснасьці; і няўхільную рашучасьць узнагародзіць кажнага паводля ягоных заслугаў, і веду, якая выток свой бярэ з дасьведчаньня энэргічнага чыну, прадпрынятага ў адпаведным часе, і адпачынку; і я спасьцярог, што ён перамог у сабе цягу да падросткаў; і ён не ўважаў самога сябе большым, чымся кажнага іншага грамадзяніна; і ён звольніў сваіх прыяцеляў ад абавязку прысутнічаньня на ягоных вячэрах і ня змушаў іх таварышыць яму ў падарожжах у іншыя краіны, і тыя, што зь якіх-небудзь меней важных прычынаў не маглі таварышыць яму, заўсёды пазьней знаходзілі яго ў той самай прыхільнасьці да іх. І тое я спасьцярог, што ў часе нарадаў ён дамагаўся, каб дакладна дасьледжанымі былі ўсе абставіны справы і ніколі не канчаў нарадаў, здавальняючыся першаю абыякою пастановаю; і, што ягоная прыхільнасьць да блізка пастаўленых не дазваляла зьменьваць іх паводля капрызу, але і не выяўлялася да іх сваею празьмернасьцю. Пэўнасьць сваіх сілаў і прысутная яму бадзёрасьць, былі ягонымі сталымі спадарожнікамі; і прадбачваў ён далёка надыходзячыя падзеі і прадугледжваў самыя малыя абставіны, не фанабэрачыся гэтым; улегласьць і наагул усялякая лісьлівасьць былі абрыдлымі для яго; ён заўсёды стаяў на стражы гаспадарсьцьвеных інтарэсаў і ашчадна выдаткаваў грамадзкія сродкі, не баючыся ўпіканьняў са стараны; і аднолькава далёкімі для яго былі гэтак прымхі адносна багоў, як і падлашчваньне і дагаджаньне людзям або падтакваньне натоўпу - наадварот, цьвярозасьць ўва ўсіх рэчах і непахіснасьць з вычуцьцём смаку і ніколі на поўдарозе думкі або чыну, ці ў пагоні за навінкамі. Што да рэчаў, якія ахарошваюць жыцьцё і якімі доля надарыла яго пад дастаткам, дык імі карыстаўся ён бяз пыхлівасьці, але і без перапрашаньня самога сябе; затым, калі ён меў іх, дык і карыстаўся імі без прэтэнсыянальнасьці, а калі чаго ня меў - таго і не патрабаваў. Ніхто і ніколі ня мог сказаць пра яго, што ён сафісты або дамарослы баўбатун ці пэдант; але кажны прызнаваў у ім чалавека дасьпелага, дасканалага, недаступнага падлізьніцтву, здольнага ўладзіць свае справы, як і чужыя. Апрача гэтага, ён з пашанаю адносіўся да тых, што былі праўдзівымі філёзафамі, і ён не пагарджаў тымі, каторыя прэтэндавалі на філёзафаў, як і не ставаўся лёгкім для іхных уплываў. Ён быў зраўнаважаным у гутарцы зь людзьмі, не без таго, каб пажартаваць часамі, без абразы для каго-небудзь. Ён рацыянальна клапаціўся адносна свайго цела, але не як чалавек, што хапаецца за жыцьцё, не імкнучыся да ўласнае вонкавае прыгожасьці, але і не пакідаў гэтае рэчы ў занядбаньні, сваею ўвагаю да сябе, ён вельмі рэдка знаходзіўся ў патрэбе лекарскага мастацтва або ў вонкавых ці ўнутраных лекаў. Але асабліва прыгожа выступала ў яго тая гатоўнасьць, зь якою ён прызнаваў перавагу людзей, якія здабылі асаблівую аўтарытэтнасьць у якой-небудзь галіне, напрыклад, у красамоўстве, пазнаньні правоў, маральнасьці, ці чаго-небудзь іншага; ён нават прыкладаў стараньні, каб кажны зь іх стаўся ведамым паводля свае здольнасьці; і ён заўсёды дзейнічаў у сузгоднасьці з інстытуцыямі свайго краю, бяз выражэньня, што ён імкнецца ў гэтым кірунку. І далей, ён быў далёкім ад незаўсёднасьці і непаседлівасьці, затым бо любіў ён аставацца ў тых самых мясцовасьцях і пры адных і тых самых занятках. Пасьля жорсткіх прыпадкаў галаўное болі, ён зараз-жа браўся за штодзенныя справы. Ягоныя сакрэты ня былі шматлікімі, было іх некалькі і вельмі рэдка, і толькі тыя, што адносіліся да грамадзкіх справаў. Ён выявіў разважнасьць і эканамічную памяркоўнасьць у наладжваньні публічных відовішчаў і ў пабудове грамадзкіх будынкаў, ягоных данацыяў для людзей і ў падобных рэчах, бо ён быў чалавекам, які кіраваў сваю ўвагу на тое, што павінна быць учыненым, а не на славу, якая ідзе ў пары з чынам чалавека. Ён не карыстаўся лазьнямі ў нявызначаным часе, не захапляўся пабудоваю будынкаў, быў непераборлівы ў пытаньні яды, тканіны ці колеру вопраткі або прыгожасьці сваіх нявольнікаў. Ягоная адзежа пастарчалася ў Рым зь ягонага дому ў Лёрыюм і пераважна зь Лянувіюм. Ведамым ёсьць, як ён аднёсься да зьбіральніка падаткаў у Тускулюме, які прасіў дараваць яму; і гэтакімі заўсёды былі ягоныя паводзіны. Нічога ў ім ня было жорсткага, ані няпрыстойнага, ці гвалтоўнага, або, як гэта кажацца, з таго, што кідае чалавека ў пот; наадварот, ён старанна абмяркоўваў усе рэчы, быццам меў ён даволі часу, супакойна, трымаючыся свомага для яго парадку, цярпліва, у вадпаведнасьці да дадзенае справы. Да яго зусім добра можна было-б прытарнаваць тое, што апавядаецца пра Сакратаса, пайменна, што апошні мог паўстрымацца і цешыцца тымі рэчамі, адносна якіх шматлікія зь людзей ня могуць паўстрымацца і ў карыстаньні ня ведаюць сабе меры. Але праяўляць у вадным выпадку цярплівасьць, у іншым - паўстрыманьне, а яшчэ ў іншым - цьвярозасьць думкі: усё гэта разам ёсьць годным чалавека, які мае дасканалую душу і характар непахіснасьці. Гэтакім якраз выявіў сябе ў часе хваробы Максімус.

17. Ад багоў атрымаў я і ўдзячны ім за тое, што ў мяне добрыя дзяды, добрыя бацькі, добрая сястра, добрыя настаўнікі, добрыя ўсе хатнія, сваякі, сябры і прыяцелі, амаль усе·навакольныя. І тое, што мне не давялося пакрыўдзіць каго-небудзь зь іх, хоць у мяне гэтакі характар, што пры нагодзе, я і мог учыніць што-небудзь падобнае; але з ласкі багоў, ня было гэтакага зьбегу абставінаў, які павінен быў-бы мяне дакарыць. Ім-жа ўдзячны я і за тое, што ня доўга ўзгадоўваўся ў наложніцы дзеда і, што захаваў у чысьціні сваю маладосьць, ня ўзмужнеў раней ад свае пары, а нават запазьніўся ў гэтым дачыненьні; што быў я падпарадкаваны валадару і бацьку, які быў здольным выкараніць ува мне ўсякую хванабэрыстасьць, і ўкараніць думкі, што, жывучы пры двары, можна абыходзіцца і без целаахоўнікаў, бяз пышнае вопраткі, бяз сьветачаў, статуяў і падобнае помпы; і што гэта ёсьць у межах магчымасьці гэтакага чалавека - весьці жыцьцё, збліжанае да жыцьця прыватнага чалавека, не стаючыся, з гэтае прычыны, ніжэйшым у думцы, ані слабейшым у чыне, з павагаю да рэчаў, якія маюць быць выкананымі дзеля грамадзкага дабра ў манеры, якая адказвае годнасьці валадара. Я дзякую багам за даньне мне брата, каторы, дзякуючы свайму маральнаму карактару, узьняў мяне на ўзровень чуйнасьці над самым сабою, і каторы, у тым самым часе радаваў мяне з прычыны свае пашаны для мяне і любові; што дзеці мае ня былі пакрыўджанымі ані ў сэнсе духовым, ані фізычным; што я не зрабіў большых посьпехаў ані ў рэторыцы, ані ў паэтыцы, як і ў іншых студыях, якім, магчыма, я прысьвяціў-бы самога сябе, калі-б меў за сабою пасьпяховасьць; што я неадкладна адудзячыўся сваім узгадаваўцам гонарамі, да якіх яны, здаецца, дабіваліся, ня цешачы іх толькі спадзеямі, што зраблю гэта пазьней, затым, што ў тым часе яны былі яшчэ маладымі; што я ведаў Апольлёніюса, Русьцікуса, Максімуса; што я атрымаў яснае і чыстае ўяўленьне адносна жыцьця, сузгоднага з натураю, і якім гэткае жыцьцё ёсьць самым у сабе, і, што, як далёка яно залежыць ад багоў, іхных дароў, дапамогі, і натхненьня, нічога ня станула для мяне перашкодаю жыць у сузгоднасьці з натураю, а калі я і не пасьпяваў дастаткова ў гэтым напрамку, дык сталася гэта з мае ўласнае прычыны, бо ня прытрымліваўся рады багоў, і, я магу бадай што сказаць, іхных простых да мяне павучэньняў; і, пры гэтакім спосабе жыцьця, маё цела не адмовілася служыць мне аж да гэтага часу; што я ніколі не датыкаўся Бэнэдыкты ані Тэодотуса, і, што пасьля любоўнае пасыі, я хутка выгаіўся; і за тое, далей, што, хоць я і быў часта ў астуджаных суадносінах з Русьцікусам, я ніколі ня ўчыніў нічога, адносна чаго меў-бы я прычыну шкадаваць; і за тое, што мая маці, каторай суджана было памерці маладою, апошнія гады свайго жыцьця правяла са мною; і, што я, каліколечы хацеў памагчы чалавеку ў ягонай патрэбе, або пры якой-небудзь іншай нагодзе, я ніколі не сказаў, што я ня маю сродкаў учыніць гэта; і што гэтакая патрэба ніколі не здарылася са мною, выключаючая неабходнасьць атрымаць што-небудзь ад іншага; што я меў гэтак паслухмяную жонку, поўную любові да мяне і шчырую; што я меў пад дастаткам добрых узгадаваўцаў для маіх дзяцей; і, што ў сьне я займеў відзежу добрых лекаў для мяне супроць крывахарканьня і галавакружэньня...; і, што, калі я меў схільнасьць да філязофіі, я ня ўпаў у рукі сафістых і, што я ня губіў свайго часу на пісаньне гісторыі або на аналіз сылёгізмаў, або заняўся вывучэньнем нябесных зьяваў. Таму што для ўсяго гэтага патрэбна дапамога багоў і шчасьце долі.

Краіна Квадаў у Грануі.

КНІГА ДРУГАЯ

1. Зранку трэба сказаць сабе: Сягоньня мне давядзецца сустрацца зь людзьмі назойлівымі, няўдзячнымі, хванабэрыстымі, падступнымі, зайздроснымі, хуткімі да сваркі. Усе гэтыя прыкметы ў іх узьніклі, дзякуючы няведаньню дабра і зла. Я-ж пасьля таго, як пазнаў натуру дабра - яно цудоўнае, і натуру зла - яно ганебнае, і натуру таго, хто памыляецца - ён зроднены са мною не паводля крыві і з прычыны паходжаньня, але паводля духу і боскага вызначэньня - я не магу дазнаць шкоды ад каго-небудзь зь іх - бо-ж ніхто ня можа ўцягнуць мяне ў што-небудзь ганебнае, ані гневацца на роднага, ані зьненавідзець яго. Таму, што мы створаны для супольнае дзейнасьці, як ногі, рукі, вейкі, верхняя і ніжняя сківіцы. Таму супроцьдзейнічаць адзін аднаму - гэта агідна натуры: бо гневацца на людзей і цурацца іх - гэта і ёсьць супроцьдзейнічаць.

2. Чым-бы я ня быў - я ўсё-ж толькі бездапаможнае цела, слабая праява жыцьцёвае сілы і кіруючы пачатак. - Пакінь кнігі, ня ўхіляйся ад справы, час не чакае. Адносься да свайго цела з такою пагардаю, быццам ты знаходзішся пры сьмерці; яно толькі кроў ды косьці, паддадзенае зьнішчэньню сьпляценьне із нэрваў, жылаў, артэрыяў. Разглядзі гэтаксама сутнасьць жыцьцёвае сілы: яна - павеў, пры тым такі, які не застаецца заўсёды сабе роўным, а імгненна раз выдыхаецца, а іншы раз удыхаецца. Значыць, застаецца толькі трэйці - кіруючы пачатак, і аб ім ты і мусіш падумаць: Ты ўжо стары чалавек; не дазваляй болей, каб стан гэты стаўся паняволеньнем, не дазваляй, каб папіхалі ім супроцьграмадзкія імкненьні, каб чалавек гэты наракаў на сваю цяперашнюю долю і ня прыходзіў у жах перад будучыняю.

3. Тое, што творыцца багамі, напэўна зьяўляецца боскім наканаваньнем. Тое, што прыпісваецца выпадку, так сама ўзьнікае не бяз удзелу натуры, ці бяз сувязі і спалучэньня з тым, чым кіруе боскае наканаваньне. Усё вяцякае з гэтае крыніцы; апрача гэтага існуе неабходнасьць, і тое, што ідзе на карысьць сусьвету, якога ты зьяўляешся складоваю часткаю. Для кажнае часткі натуры будзе добрым тое, што стварае натура Цэлага, і што спрыяе яе падтрыманьню. Але зьмены, як элямэнтаў, гэтак і складовых целаў, садзейнічаюць падтрыманьню сусьвету. Вось думкі, якія павінны даць табе задаваленьне; няхай-жа яны будуць тваімі аснаўнымі прынцыпамі. Супакой сваю спрагу да кніжак і, каб ты не паміраў наракаючы, але спакойна, праўдзіва і з усяго сэрца, дзякуючы багам.

4. Успомні, зь якое пары адкладваеш ты гэтыя разважаньні і колькі разоў ты, атрымаўшы ад багоў магчымасьць, ня выкарыстаў яе. Але ўсё-ж трэба табе нарэшце ўсьведаміць, да якога сьвету ты належыш, як частка, і вытокам якога валадара сусьвету ты зьяўляешся; ты павінен усьведаміць сабе, што існуе мяжа часу твайго жыцьця, і калі ты ня выкарыстаеш гэтага часу для свае асьветы, ён зьнікне, як зьнікнеш і ты, і болей ужо ня вернецца.

5. Заўсёды рупліва клапаціся пра тое, каб справу, якою ты ў дадзены момант заняты, выканаць так, каб была яна вартаю рымляніна і мужчыны, з поўнаю і шчыраю сур'ёзнасьцю, зь любасьцю да людзей, з волею і справядлівасьцю; і пра тое таксама, каб адхіліць ад сябе ўсе іншыя ўяўленьні. Апошняе ты асягнеш, калі кажную справу будзеш выконваць, як апошнюю ў сваім жыцьці, вольны ад усялякае безразважнасьці, ад абумоўленай заўзятасьцю пагарды да загадаў розуму, ад крывадушнасьці, сябелюбства і незадавальненьня сваім лёсам. Ты бачыш, якія гэта нешматлікія вымаганьні, выканаўшы якія, кажны можа жыць шчасьлівым і боскім жыцьцём. Дый багі ня будуць болей нічога жадаць ад таго, хто выконвае гэтыя вымаганьні.

6. Ну, што-ж пагарджай, пагарджай сабою душа! Бо аднесьціся да сябе з належнаю ўвагаю ты ўжо хутка ня зможаш. Жыцьцё наагул - імгненьне, а тваё жыцьцё ўжо на схіле, і ты не паважаеш сябе, але ставіш свой дабрабыт у залежнасьць ад душаў іншых людзей.

7. Няхай не расьцярушвае цябе тое, што прыходзіць звонку. Знайдзі для сябе вольны час, каб навучыцца чаму-небудзь іншаму і перастаць блукаць бяз мэты. Неабходна сьцерагчыся таксама і другое цяжкае памылкі. Адылі людзі неразумныя гэта тыя людзі, якія ўсё жыцьцё зьнясільваюцца справамі, і ня маюць мэты, зь якою яны ўзгоднілі-б цалкам усе імкненьні і ўяўленьні.

8. Ня лёгка паказаць на каго-небудзь, хто стаў-бы нешчасьлівым ад таго, што быў бязуважлівым да таго, што творыцца ў чужой душы. Але непазьбежна будзе нешчасьлівым той, хто ня сочыць за рухамі свае сабскае душы.

9. Заўсёды трэба памятаць пра тое, якая натура Цэлага, якая мая натура, якія адносіны другое да першае, і якою часткаю якога Цэлага яна зьяўляецца, а таксама пра тое, што ніхто ня можа перашкодзіць заўсёды дзейнічаць і гаварыць у сузгоднасьці з натураю, частку якое ты творыш.

10. Філёзаф Тэофрастос, расцэньваючы розныя дрэнныя чыны (расцэнка ў межах агульна прынятага сярод людзей стандарту), адцемлівае, як сапраўдны рэчазнаўца, што дрэнныя чыны, дакананыя з прычыны нахілу, болей цяжкімі зьяўляюцца, чымся падобныя чыны, дакананыя пад уплывам гневу. Бо той, хто гневаецца, не карыстаецца сілаю розуму і дзейнічае, праўдападобна, пад уплывам нейкага разгарычэньня; але той, хто дрэнна чыніць з прычыны нахілу, ня маючы сілы ўстрымацца перад звадам насалоды, выяўляе, відавочна, у сваіх праступках большую распушчанасьць і сьпешчанасьць. Справядліва, затым, і варта філязофіі, калі Тэофрастос вырашыў, што большага ганьбаваньня заслугоўвае дрэнны чын, зьвязаны з насалодаю, чымся той, што зьвязаны з горам. Наагул, адзін з гэтых людзей падобны баржджэй да таго, каго выклікала на гнеў пачуцьцё горычы, зьвязанае з прычыненаю яму раней несправядлівасьцю; другі-ж самахоць імкнецца да несправядлівасьці, захоплены сваею жадобаю да якога-небудзь дзеяньня.

11. Калі ўжо магчымасьцю стаецца, што ты можаш пакінуць гэтае жыцьцё ў любы мамэнт, тады ўпарадкуй адпаведна кажны чын і кажную думку. Але пакінуць людзей, калі багі існуюць, ня ёсьць рэчаю страшнаю, бо багі ня ўцягнуць цябе ў злыбяду; але, калі, фактычна, яны ня існуюць, або ня цікавяцца людзкімі справамі, дык які-ж сэнс для мяне жыць у сусьвеце, у якім няма багоў і божага Прадбачаньня? Але, фактычна, яны існуюць і цікавяцца людзкімі справамі. Яны гэтак уладзілі, што ўсё залежыць ад чалавека - трапіць ці ня трапіць у запраўдную бяду. А калі бядою і зьўляецца што-небудзь іншае, дык яны паклапаціліся гэтаксама, каб ад кажнага залежала ня трапіць у яе. Але ці можа тое, што ня чыніць горшым чалавека, зрабіць горшым жыцьцё чалавека? Натура Цэлага не магла памыліцца ані з прычыны няведаньня, ані з прычыны бездапаможнасьці папярэдзіць ці паправіць, у выпадку, калі яна валодае ўсяведаньнем; не магла-б яна гэтаксама ані з прычыны бездапаможнасьці, ані з прычыны няздольнасьці, дапусьціць такую памылку, як разьмеркаваньне дабра і зла паміж усімі людзьмі без разбору, гэтак паміж добрымі, як і паміж дрэннымі. Сьмерць і жыцьцё, слава і, ганьба, цярпеньне і насалода, багацьце і беднасьць - усё гэта аднолькава выпадае на долю як добрым людзям, гэтак і дрэнным, астаючыся рэчамі, якія ня чыняць нас ані лепшымі, ані горшымі. Затым яны зьяўляюцца ані добрымі, ані дрэннымі.

12. Як хутка ўсё зьнікае: самое цела ў сьвеце, і памяць аб ім у вечнасьці. Што гэта такое, што ўспрыймаецца пачуцьцямі, і ў вапрычонасьці тое, што вабіць нас насалодаю, або палохае цярпеньнем, або праслаўляецца пыхлівасьцю? І як усё гэта ёсьць без значэньня, агідным і нізкім, падпарадкавана спарахненьню і мёртвым. Вось на што трэба кіраваць здольнасьць думаньня. Што выяўляюць сабою тыя, перакананьні і галасы якіх родзяць славу? Што гэта такое сьмерць? Калі ўзяць яе самую, як гэткую і адхіліцца ад усяго таго, што пра яе выдумана, дык зараз-жа пераканаемся, што яна ня што іншае, як дзеяньне натуры. Баяцца-ж дзеяньня натуры - гэта дзяціннасьць; сьмерць ня толькі дзеяньне натуры, але дзеяньне карыснае ёй. Як і якою часткаю свае істоты датыкаецца чалавек боскасьці, і што стаецца з гэтаю часткаю пасьля яе аддзяленьня?

13. Няма нічога болей жалюгоднага, як чалавек, які вымервае ўсё ўздоўж і ўпоперак, сіліцца, як кажа паэт, пранікнуць у глыбіні падзямельныя і разгадаць тайніцу душаў акаляючых яго людзей, і ўсё-ж не разумеючы, што для яго зусім дастакова зносін з адным толькі ўнутраным гэніем і сумленнага служэньня яму. Апошняе-ж заключаецца ў тым, каб усьцерагчы яго ад заўзятасьці, безразважлівасьці, і незадавальненьня справамі багоў і людзей. Справы багоў паважныя сваею дасканаласьцю, справы людзей любыя нам з прычыны роднасьці зь імі. Але часам апошнія ўзбуджаюць нейкі жаль: калі, менавіта, у іх·праяўляецца няведаньне дабра і зла - дык калецтва ня меншае, чымся няздатнасьць адрозьніць белае ад чорнага.

14. Калі-б ты нават разьлічваў пражыць тры тысячы гадоў і яшчэ тры тысячы, дык усё-ж ты павінен памятаць, што ніхто не пазбаўляецца другога жыцьця, апрача таго, якое ён пражыве, і ніхто не пражыве другога жыцьця, апрача таго, якога пазбаўляецца. Таму, самае доўгае жыцьцё нічым не адрозьніваецца ад самага кароткага. Бо-ж сучаснае - для ўсіх зьяўляецца роўным, а, значыць, роўнымі зьяўляюцца і страты - і зводзяцца яны ўсе толькі да імгненьня. Ніхто ня можа пазбавіцца ні мінулага, ані прышлага. Бо хто мог-бы забраць у мяне тое, чаго я ня маю? Такім чынам, трэба памятаць пра дзьве праўды. Па-першае: усё спрадвеку роўнае самому сабе і знаходзіцца ў кругавароце, і таму зусім абыякасна, ці сачыць адно і тое самае сто гадоў, ці дзьвесьце, ці бязьмежны час. Па-другое: той, што найдаўжэй жыве і той, што найхутчэй памрэ (хоць і зьбіраўся жыць), - адно і тое самае. Сучаснае - вось усё, што чалавек можа страціць, бо толькі яе - сучаснасьць - ён і мае, і ніхто ня можа страціць тое, чаго ня мае.

15. Усё ёсьць перакананьне. Гэта бачна з выслоўя цыніка Монімоса. Але і карысьць ягоных словаў будзе зразумелаю для таго, хто зможа агарнуць сутнасьць праўды, якая знаходзіцца ў гэтых словах.

16. Найбольшаю ганьбаю пакрывае сябе душа чалавечая, калі абураецца супроць сьвету, становячыся (паколькі гэта залежыць ад яе) быццам балючым нарастам на ім. Бо нараканьне ў сувязі з чым-небудзь, што адбываецца, зьяўляецца абурэньнем супроць натуры Цэлага, якая ахоплівае ў сваей частцы ўсе іншыя істоты. Далей, калі яна цураецца якога-небудзь чалавека, ці імкнецца супраць яго з намерам спрычыніць яму шкоду, як гэта здараецца з разгневанымі? Па-трэйцяе, яна пакрывае сябе ганьбаю, калі губіць сілы стойкасьці супроць насалоды ці цярпеньня. Па-чацьвертае, калі яна праяўляе крывадушнасьць і хвальшыва і няшчыра робіць што-небудзь ці гаворыць. Па-пятае, калі яна не ўзгадняе свайго дзеяньня і імкненьня з мэтаю, але робіць што-небудзь марна і бяз толку, бо-ж і ў дробязях трэба лічыцца з мэтаю. А мэтаю разумных істотаў зьяўляецца падпарадкаваньне розуму і праву найболей старажытнага Места і ладу.

17. Час чалавечага жыцьця - імгненьне; ягоная сутнасьць - вечнае цячэньне; адчуваньне - сумнае; пабудова ўсяго цела - спарахнелая; душа - нястойкая; доля - затадковая; слава - няпэўная. Адным словам, усё, што датычыцца цела, падобна на струмень, усё, што адносіцца да душы - да сну і дыму. Жыцьцё - барацьба і падарожнічаньне па чужыне; слава пасьля сьмерці - забыцьцё. Але што можа вывесьці на шлях? Нішто, апрача філязофіі. А праводзіць філязофію ў жыцьцё, - азначае ахоўваць унутранага гэнія ад зьняслаўленьня і заганы, дабівацца таго, каб ён стаяў вышэй насалоды і цярпеньня, каб ня было ў ягоных дзеяньнях ні безразважнасьці, ні крывадушнасьці, каб не адносілася да яго тое, што робіць ягоны сусед, ці ня робіць, каб на ўсё, што адбываецца і што выпала на ягоную долю, ён глядзеў, як на выцякаючае адтуль, скуль прышоў і ён, а самае галоўнае - каб ён без нараканьня чакаў сьмерці, як простага раскладу тых элямэнтаў, зь якіх складаецца кажная жывая істота. Але, калі для самых элямэнтаў няма нічога страшнага ў іхным сталым пераходзе аднаго ў іншы, дык дзе аснова баяцца каму-небудзь іх агульнага зьіначаньня і раскладу? Бо апошняе адпавядае натуры, а тое, што адпавядае натуры, ня можа быць дрэнным.

Гэта ў Карнунтуме.

КНІГА ТРЭЙЦЯЯ

1. Патрэбна ўзяць пад увагу ня толькі тое, што жыцьцё зьменшваецца з кажным днём і застаецца ўсё меншая яго частка, але гэтаксама і тое, што, калі-б нават было забясьпечана каму-небудзь болей доўгае жыцьцё, дык і гэта застанецца невядомым, ці будзе, як і раней, дастаткова сілы ягонае думкі для разуменьня наяўных абставінаў і для агарненьня, якое-б асвоіла яго са справамі божымі і чалавечымі. Бо калі чалавек пачне тупець, дык гэта, вядома, не адаб'ецца яшчэ на дыханьні, страваварэньні, уяве, імкненьні і іншых падобных функцыях, але ўлада над самым сабою, дакладнае разуменьне сваіх абавязкаў, здольнасьць разабрацца ў тым, што адбываецца, і здаць сабе справаздачу з таго, ці ня час разьвітацца з гэтым жыцьцём, дык усё, што неабходна мяркуе вытанчанасьць розуму, будзе страчана беспаваротна. Затым, трэба сьпяшацца ня толькі таму, што з кажным днём мы ўсё болей набліжаемся да сьмерці, але і таму, што яшчэ пры жыцьці адмаўляецца служыць здольнасьць разуменьня і назіраньня рэчаў.

2. Патрэбна зьвярнуць увагу і на тое, што нават пабочнае да твораў натуры мае нейкую прываблівасьць і зманлівасьць. Напрыклад, на выпечаным хлебе там-сям маюцца патрэсканьні, і хоць гэтыя патрэсканьні да пэўнае ступені зьяўляюцца чужымі пякарскаму мастацтву, усё-ж яны неяк дарэчныя і асабліва выклікаюць апэтыт да яды. Гэтаксама і плады хвігавага дрэва лопаюцца, дасягнуўшы найбольшую сьпеласьць, а ў перасьпелых алівах сама блізкасьць загніваньня апавяшчае якуюсь асаблівую прывабнасьць плоду. Нізка пахіленыя каласы, пахмурнае чало льва, пена, што б'е ізь зяпы вепра, і шмат іншага, далёкага ад прывабнасьці, калі разглядаць яго, як гэткае, спадарожнічаючы таму, што створана натураю, стварае агульнае ўражаньне і вабіць да сябе; затым, таму, хто валодае ўспрыймальнасьцю і болей глыбейшым праніканьнем у тое, што адбываецца ў Цэлым, насілу ці што-небудзь і з спадарожнічаючага творам натуры ня выдасца да пэўнае ступені дарэчным. На зяпы зьвераў ён будзе ўглядацца зь ня меншым задавальненьнем, як на створаныя «пад натуру» мастацкімі скульптарамі; а сваімі разумнымі вачыма ён зможа ўбачыць як асаблівы расьцьвет і прыгожасьць у вобліку старое жанчыны, як і старога мужчыны, гэтаксама, як і прывабнасьць дзіцяці. І шмат ёсьць такога, што ведамым стаецца не для кажнага, але выяўляецца толькі таму, хто сапраўды зьблізіўся з натураю і яе справамі.

3. Гіппократэс, вылячыўшы шмат хваробаў, сам захварэў і памёр. Халдзейцы прадказвалі шмат каму сьмерць, а пасьля іх самых дагнала доля. Аляксандар, Помпэюс, Каюс Цэзар, абярнуўшы ў попел гэтулькі местаў і забіўшы ў баёх дзясяткі тысячаў коньнікаў і пяхотных, нарэшце і самыя разьвіталіся з жыцьцём. Гэраклітос, каторы гэтулькі разважаў пра сусьветны пажар, памёр ад вадзянкі; не дапамог яму і каровіны кал, якім ён быў намазаны. Дэмокрытоса заелі паразіты. Сакратаса ў пэўным сэнсе гэтаксама забілі сваеасаблівыя паразіты. І якія выснавы з усяго гэтага? Ты ўзышоў на вадаплаў, ты паплаваў, ты прыберазіўся, час табе ступіць на зямлю. Калі цябе чакае іншае жыцьцё, і багі ўсюдыпрысутныя, дык яны і там будуць. Калі-ж гэта будзе стан беспачуцьцёвасьці, дык табе не давядзецца болей дазнаваць цярпеньняў і насалоды, і служыць абалонцы, якая нагэтулькі горшая за таго, хто ў яе ў палоне. Бо-ж апошні ёсьць дух і гэній, тады як абалонка - пыл і парахня.

4. Не марнуй рэшты свайго жыцьця на думкі пра іншых, калі толькі справа ня тычыцца чаго-небудзь агульна-карыснага. Бо разважаючы аб тым, што хто робіць і дзеля чаго ён гэта робіць, што хто гаворыць, плянуе і распачынае, ты прапускаеш іншую справу: усё падобнае адхіляе тваю ўвагу ад собскага кіруючага пачатку. Трэба, затым, ухіліць са сваіх уяўленьняў усё бязмэтнае, бескарыснае і асабліва ўсё, што выклікана цікаўнасьцю і злосьцю. І далей, неабходна прывучаць сябе, толькі да гэтакіх думак, адносна якіх на неспадзяванае пытаньне: «Пра што ты цяперака думаеш?», ты змог-бы, бяз хістаньня і шчыра адказаць, што пра тое і гэтае, бо зь іх непасрэдна вынікае, што ўсе яны перапоўнены шчырасьцю і дабразычлівасьцю і варты агульнажьцьцёвае сутнасьці, якая пагарджае думкамі адносна пачуцьцёвага задаваленьня і нават наагул адносна насалоды ўсялякаю свавольнасьцю, зайздрасьцю, падазронасьцю і наагул усім тым, што прымусіць цябе пачырванець, калі ты прызнацімешся, што ўсё гэта было ў табе. Бо чалавек, які ніколі не занядбоўвае стараннасьці аб тым, каб быць у ліку найлепшых, ёсьць жрэц і пасобнік багоў. Ён сябруе і з боскасьцю, што жыве ўнутры яго і якая чыніць чалавека недасягальным для насалоды, няўразьлівым для якіх-небудзь цярпеньняў, чужым для кажнае ганаровасьці, беспачуцьцёвым да праяваў якойколечы злосьці, змагаром у найвялікшай барацьбе, у якой ён павінен супроцьставіцца ўсякай заўзятасьці, заахвочвае яго глыбока пераняцца справядлівасьцю і з паўніні душы вітаць усё, што адбываецца, і выпадае яму на долю, а пра тое, што думае, кажа ці робіць іншы чалавек, думаць ня часта, а толькі тады, калі гэтага дамагаецца вялікая і агульнакарысная справа. Ён заняты выключна сваімі асабістымі справамі, і сталым прадметам ягоных разважаньняў зьяўляецца лёс, падрыхтаваны яму пабудоваю Цэлага. Першыя ён імкнецца давесьці да дасканаласьці, а што тычыцца другога, дык ён спадзяецца на яго дабрату. Бо лёс, які выпадае на долю кажнага, і прыстасаваны да яго, і карысны яму. Ён памятае гэтаксама, што ўсё разумнае зроднена паміж сабою, што клапоціцца пра ўсіх людзей адпаведна да натуры чалавека і, што каштоўным зьяўляецца згода ня ўсіх людзей, але толькі тых, што жывуць у сузгоднасьці з натураю. Ён ніколі не застаецца бязуважным да таго, што ўяўляюць сабою тыя, што жывуць дома адным жыцьцём, а па-за домам - іншым, гэтаксама ноччу і на працягу дня, і з кім і якое маюць сяброўства. Ён нічога сабе ня робіць з пахвалаў ад гэтакіх людзей, бо яны не зьяўляюцца здаволенымі нават са сваіх уласных.

5. Ня ідзі ані супроць свае волі, ані ўразрэз з агульным дабром, ані як чалавек неразважлівы, ці які паддаецца ўплыву якой-небудзь заўзятасьці; не апранай сваю думку ў пыхлівую хворму, не захапляйся ані шматмоўнасьцю, ані шматрупнасьцю ў працы. Няхай боскасьць будзе ў табе кіраўніком істоты мужнае, сьпелае, аддадзенае інтарэсам гаспадарства, рымляніна, надзеленага ўладаю, які ўважае сябе стоячым на варце, падобнага чалавеку, які не патрабуе ні кляцьбы, ні паручыцеля, які зь лёгкім сэрцам чакае на кліч пакінуць жыцьцё. І сьветла будзе ў цябе на душы, табе не спатрэбяцца ні дапамога з боку, ні той супакой, які залежыць ад іншых. Чалавек, затым, мусіць стаяць проста, і ня быць стаўленым проста іншымі.

6. Калі ты знаходзіш у людзкім жыцьці што-небудзь лепшае за справядлівасьць, праўду, разважнасьць, мужнасьць, інакш кажучы, здаволенасьць твайго духа самым сабою, дзе ён можа паказаць табе шлях дзеяньня, які адпавядае маючаму рацыю розуму і свайго лёсу, дзе тое, што выпадае на долю не залежыць ад выбару, калі, кажу я, ты бачыш што-небудзь лепшае, як гэта, дык прылажы ўсю сваю душу на тое, каб зьведаць гэтае найлепшае. Калі табе нічога не здаецца лепшым за гэнія, што жыве ў табе і які падпарадкаваў сабе асобныя імкненьні і які дасьледуе свае ўяўленьні і ўчыніў сябе недасяжным для спакусы пачуцьцяў, як казаў Сакратас, які падпарадкаваў сябе багам і клапоціцца аб людзях, калі, у параўнаньні з гэтым, ты знаходзіш усё іншае драбязным і нікчэмным, дык не давай месца нечаму іншаму, што, раз спакусіўшы і схіліўшы цябе, ужо ня дасьць табе магчымасьці непадзельна аддацца служэньню выключна табе прыналежнаму дабру. Бо несаўмешчальным зьяўляецца побач з дабром розуму і грамадзкімі справамі ставіць што-небудзь чужароднае, накшталт адабрэньня натоўпу, улады, багацьця, жыцьця поўнага насалоды. Але ўсё гэта, калі ты прыпішаш яму хоць нязначную каштоўнасьць, нечакана авалодае табою і пацягне за сабою. Ты, кажу, сумленна і вольна выбірай лепшае і трымайся яго - Але лепшае - гэта карыснае. - Калі яно карыснае для цябе, як разумнае істоты, тады захоўвай яго; калі-ж для цябе, як жывёліны, - дык адрачыся ад яго. Ахоўвай здольнасьць разважаньня ад фанабэрыстасьці, каб мець магчымасьць асьцярожна рабіць дасьледваньне.

7.·Ніколі ня лічы для сябе тое, што калі-небудзь схіліць цябе не датрымаць прырачэньня, забыць сорам, ненавідзець каго-небудзь, падазраваць, клясьці, крывадушнічаць, жадаць чаго-небудзь такога, што хаваюць за сьценамі і пад замкамі. Бо той, хто аддаў перавагу свайму духу, гэнію і служэньню мужнасьці, не накладае трагічнае маскі, ня стогне, ня мае патрэбы ў самоце, ні ў шматлюднасьці. Ён будзе жыць - і гэта самае галоўнае - нічога не дабіваючыся і нічога не пазьбягаючы. Яго зусім ня трывожыць, ці на працягу большага, ці меншага часу душа ягоная будзе знаходзіцца ў балонцы цела, і, калі прыйдзе хвіліна разьвітаньня з жыцьцём, ён адыйдзе з такім-жа лёгкім сэрцам, зь якім ён распачаў-бы выконваць што-небудзь іншае з таго, што можа быць зроблена з годнасьцю і гонарам. Гэта-ж усё сваё жыцьцё ён толькі і думае пра тое, каб ня даць сваей душы апусьціцца да стану, нявартага разумнае і пакліканае да грамадзкага жыцьця істоты.

8. У душы шляхэтнага чалавека і выцярпеўшага ачышчэньне, ты ня знойдзеш ні сапсутасьці, ані брыдоты, ці схаванага звырадненьня. Каліколечы засьпела-б яго ягоная доля, ягонае жыцьцё ня будзе незакончаным, як кажуць пра трагічнага актора, што ён пакінуў падмосткі, не закончыўшы і не дагуляўшы свае ролі. У ім няма нічога нявольніцкага, вымушанага, няма назойлівасьці, адчужанасьці, няма нічога, што заслугоўвала-б на ганьбаваньне, і што баіцца сьвятла.

9. Адносься далікатна да здольнасьці ўрабляць сабе перакананьне. Ад яе суцэльна залежыць, каб ня ўзьнікла ў пачатку, якім ты кіруеш, ніякага перакананьня, нязгоднага з натураю і ладам разумнае істоты. Яна загадвае нам ня быць хуткімі да выснаваў, адносіцца з дабразычлівасьцю да людзей і слухацца багоў.

10. Адкінуўшы, затым, усе гэтыя рэчы, трымайся толькі тых нешматлікіх прынцыпаў. Памятай таксама, што кажны жыве толькі сучасным, вельмі кароткім момантам, усё іншае або ўжо перажыта, або заслонена няведамым. Кароткім ёсьць жыцьцё кажнага, і маленькім той кавалачак зямлі, на якім ён жыве, і кароткаю ёсьць гэтаксама найдаўжэйшая пасьмяротная слава, якая трывае толькі ў некалькіх кароткавечных пакаленьнях, якія ня ведаюць і самыя сябе, нічога ня кажучы ўжо пра тых, што даўно супачылі.

11. Апрача вышэйзгаданага трэба дабавіць яшчэ адно. Неабходна даваць азначэньне або апісаньне кажнага напатканага прадмету, каб без пакрыцьця і ў разьдзельнасьці ўсіх частак бачыць самую ягоную сутнасьць і называць яго і ўсё тое, з чаго ён складаецца, як і тое, на што ён раскладзецца, адпаведнымі імёнамі. Бо нічога гэтак не дапамагае высокаму настрою, як здольнасьць плянавага і сапраўднага пранікненьня ўва ўсё, што сустракаецца ў жыцьці, і ўменьне стануць адносна на такі пункт гледжаньня, каб адразу вырашыць, якому сьвету і якая ад яго карысьць, у чым ягоная каштоўнасьць, гэтак для Цэлага, як і для чалавека, грамадзяніна вышэйшага Места, у адносінах да каторага ўсе іншыя гаспадарствы толькі асобныя сем'і, што ёсьць, з чаго складаецца, і як доўга будзе працягвацца тое, што выклікае цяперака маё ўяўленьне, і якую добрасьць належыць да яго стасаваць, ці лагоднасьць, мужнасьць, праўдзівасьць, вернасьць, прастату, самазадаваленьне, а мо' яшчэ што-небудзь падобнае. Таму, у кажным паасобным выпадку чалавек павінен сказаць самому сабе: вось гэта выходзіць ад Бога, гэта адбываецца з прычыны сувязі, прадвызначанага зьяднаньня, гэтакага-ж спалучэньня і долі, гэта абавязана сваім існаваньнем майму аднапляменьніку, суродзічу і грамадзяніну, хоць ён і ня ведае, чаго дамагаецца ад яго натура. Але я ведаю і таму адношуся да яго дабразычліва і справядліва ў сузгоднасьці з натуральным правам. Адначасна я імкнуся вызначыць і адносную вартасьць кажнае рэчы ў вапрычонасьці.

12. Калі ты, ідучы за правільным розумам, будзеш старанна, рупліва і зь любасьцю адносіцца да справы, якою ты ў дадзены момант заняты, і, не разглядаючыся па бакох, будзеш ахоўваць чысьціню свайго гэнія, як быццам зь ім час ужо разьвітацца, калі ты будзеш паступаць гэтак, нічога не спадзяючыся і нічога ня ўхіляючыся, але задавальняючыся наяўнаю дзейнасьцю, згоднаю з натураю, і гэраічнаю праўдалюбасьцю ўва ўсім, што ты гаворыш і выказваеш - ты будзеш жыць шчасьліва. І ніхто ня будзе ў стане перашкодзіць гэтаму.

13. Як лекары заўсёды маюць пад рукою інстрыманты і прылады на выпадак неспадзяванае апэрацыі, гэтак і ты май напагатове аснаўныя прынцыпы дзеля таго, каб ведаць рэчы боскія і чалавечыя, і ўва ўсіх, нават самых нязначыных дзеяньнях, думай пра сувязь тых і другіх. Бяз узяцьця пад увагу боскага, ня зробіш добра нічога чалавечага; і наадварот.

14. Пара ўтаймавацца. Інакш табе не давядзецца прачытаць ані тваіх успамінаў, ані дзеяньняў старажытных рымлянаў і гэльленаў, ані выбраных месцаў з твораў пісьменьнікаў, якія ты адабраў сабе пад старасьць. Затым, сьпяшайся да мэты і, пакінуўшы пустыя надзеі, сам, пакуль яшчэ ня позна, ідзі сабе на дапамогу, калі толькі ты маеш у пашане самога сябе.

15. Людзі ня ведаюць, якімі шматзначнымі зьяўляюцца такія словы, як красьці, сеяць, купляць, аставацца бязьдзейным, бачыць тое, што мае быць учыненым, бо, каб ведаць гэта, патрэбны ня фізычныя вочы, але нейкі іншы ворган зроку.

16. Цела, душа, інтэлігэнцыя. Да цела належаць пачуцьці, да душы - імкненьні, да інтэлігэнцыі - прынцыпы. Здольнасьць атрымліваць уражаньні маюць і зьверы, імкненьні праяўляюцца бурна і ў дзікіх зьвераў, і сярод андрогінаў, і ў Фалярысе, і ў Нэроне; карыстацца-ж інтэлігэнцыяю для вонкавага выконваньня абавязкаў могуць і людзі, якія ня прызнаюць багоў, здраджваюць сваю бацькаўшчыну і, зачыніўшыся ў сабе, твораць усялякія агіднасьці. Калі ўсё гэта згодна са сказаным, агульным ёсьць для ўсіх, тады астаецца тое, што сваеасаблівым ёсьць для добрага чалавека, быць радасным і здаволеным з таго, што здараецца і з наступстваў, якія ўкладваюцца для яго; і не апаганьваць гэнія, што жыве ў ягоных грудзях, ня турбаваць і не засмучваць яго мноствам уяўленьняў, а захаваць яго чыстым, паслухмяным багам, якія ніколі ня кажуць таго, што не адказвае праўдзе і ня робяць нічога, што не адказвае справядлівасьці. Калі нават усе людзі адмовяцца паверыць, што ён жыве гэтак проста, сьціпла і шчасьліва, дык ён ня будзе злавацца на нікога зь іх і ня зыйдзе са шляху, які вядзе да мэты жыцьця, да якое трэба падыйсьці чыстым, спакойным, зь лёгкім сэрцам і з безнаракальнаю пакорлівасьцю перад сваею доляю.

КНІГА ЧАЦЬВЕРТАЯ

1. Калі ўнутраны пануючы пачатак усузгоднены з натураю, дык яго адносіны да ўсяго, што адбываецца, такія, што ён заўсёды можа лёгка прыспасобіцца да магчымага сучаснага. Ён не адчувае любові да якое-небудзь акрэсьленае матэрыі, але адбывае рух у напрамку свае мэты, аднак-жа пры захаваньні пэўных прадумовінаў; і ён ператварае матэрыял для сябе. Таго, што супроцьставіцца яму, падобна, як агонь, валадарыць тым, што ўпадзе ў яго, і праз што малы агонь можа быць патушаны: але, калі полымя сільнае, дык яно ахоплівае матэрыял, што трапіў у яго, зьядае яго і, дзякуючы гэтаму, яшчэ вышэй уздымаецца.

2. Няхай ніякі чын ня будзе выкананы бязмэтна, і ня інакш, як толькі ў сузгоднасьці з найлепшымі прынцыпамі мастацтва.

3. Людзі шукаюць самоту, імкнуцца да жыльля за местам, да морскіх узьбярэжжаў, у горы. І ты гэтаксама прызвычаіўся болей за ўсё жадаць гэтага. Усё гэта, аднак, гаворыць аб скрайнай недасьведчанасьці, бо ў любую хвіліну ты можаш замкнуцца ў самым сабе. Бо самае ціхае і бязбунтарнае месца, куды чалавек можа схавацца, - гэта ягоная душа. У васаблівасьці-ж чалавек, які знойдзе ўнутры сябе тое, углядзеўшыся ў што, ён зараз-жа напоўніцца супакоем; пад супакоем-жа я разумею ня што іншае, як сьведамасьць свае добраўпарадкаванае інтэлігэнцыі. Дык часьцей дазваляй сабе такую самоту і чэрпай зь яе новыя сілы для сябе; і няхай прынцыпы твае будуць кароткія і фундамэнтальныя, першага дачыненьня зь якімі будзе дастаткова, каб разагнаць увесь смутак і адаслаць цябе назад бяз гневу на тое, да чаго ты вяртаешся. Бо і, запраўды, на каго ты будзеш гневацца? На разбэшчанасьць людзей? Але, калі ты прыйдзеш да выснаву, што разумныя істоты нарадзіліся адзін для аднаго, што цярпеньне - ёсьць частка справядлівасьці, што людзі памыляюцца супроць свае волі, калі ты ўспомніш, што гэтулькі людзей, якія сварыліся, глядзелі на сябе з падозраньнем, падтрымлівалі ненавісьць да сябе, уваходзілі ў спаборніцтвы, паміралі і ператварыліся ў парахню, дык ты хутка супакоішся. - Але ці ня гневаешся ты на лёс, які выпаў на тваю долю ў выніку пабудовы Цэлага? Аднаві ў сваей памяці дылему: «провід ці атамы»? і тыя правы, якія даводзяць, што сусьвет падобны на Места. - Цябе засмучае стан цела? Падумай пра тое, што дух, які сканцэнтраваўся ў самым сабе і зьведаў сваю собскую магутнасьць, ня зьмешваецца з жыцьцёваю сілаю, што рухаецца ціха ці парывіста, і пра ўсё іншае, што ты чуў і згадзіўся адносна насалоды і цярпеньня. - Цябе маніць мроя пра славу? Зьвярні ўвагу на тое, як хутка ўсё забываецца, пра хаос часу, бязьмежнага ў той і другі бок, на пахвальбы марнасьці і безразважнасьці тых, што, бачна, цябе цэняць, на нязначнасьць прасторы, межамі якой слава абмежаваная. Бо ўся зямля толькі кропка. І які малюсенькі кусочак яе займае месца твайго знаходжаньня? А колькі тут тых, хто будзе праслаўляць цябе, і што яны сабою выяўляюць?

Успомні, нарэшце, пра твой адыход у тваё собскае жыльлё і, галоўнае, не раскідайся, ня мітусіся, але будзь вольным і глядзі на рэчы, як мужчына, грамадзянін, сьмяротны! Сярод праўдаў, якія заўсёды павінны быць пад рукою, заўваж асабліва дзьве. Па-першае: рэчы, якія не датыкаюцца душы, але знаходзяцца ў стане супачынку вонкі яе; але нашыя ўнутраныя ўсхваляваньні выток свой знаходзяць толькі ў думцы перакананьня. Па-другое: усё тое, што ты назіраеш, падлягае зьіначаньню і хутка зьнікае. Думай толькі і пра тое, колькі зьіначаньняў ты быў сьветкам. Сусьвет - гэта зьіначаньне, жыцьцё - перакананьне.

4. Калі духовы пачатак у нас агульны, дык агульным будзе і розум, дзякуючы якому мы зьяўляемся істотамі разумнымі. Калі гэтак, дык і розум, які загадвае што рабіць і што не рабіць, гэтаксама будзе агульным; калі так, дык і права агульным ёсьць, і калі так, дык мы грамадзяне. Значыць, мы маем дачыненьне зь якім-небудзь грамадзкім ладам; і сьвет падобны да Места. Бо хто-б мог паказаць на які-небудзь другі агульны лад, да якога меў-бы дачыненьне ўвесь род людзкі? Адсюль вось, з гэтага Места і духовы пачатак у нас, і разуменьне, і правы. Адкуль-жа інакш? Бо, як усё тое ўва мне, што мае свомасьць зямлі, ёсьць частка якой-небудзь зямлі, мокрае - частка іншага элямэнту, жыцьцёдайнае, цёплае і падобнае да агня - бяруць пачатак кажнае са свае крыніцы (бо ніякая рэч ня ўзьнікае зь нічога, як і не ператвараецца ў нішто), дакладна гэтак-жа і дух скуль-небудзь усё-ж паходзіць.

5. Сьмерць гэтаксама як і нараджэньне, зьяўляецца тайніцаю натуры; у адным, сучлененьне і разлажэньне тых самых элямэнтаў. Наагул, у іх няма нічога, што магло-б быць для каго-небудзь сорамным, бо нямашака тут нічога неадпаведнага для жывое істоты, або разумнасьць ягонае будовы.

6. Людзям гэтакага складу свома паступаць такім спосабам - гэта неабходнасьць. Не жадаць гэтагаўсё роўна, што не жадаць, каб хвігавае дрэва мела сок. Наагул, памятай, што пасьля вельмі нязначнага працягу часу вы абодва, і ты, і твой супраціўнік, памраце; і хутка пасьля гэтага не астанецца і ўспаміну пра вашыя імёны.

7. Ухілі набок упэўненасьці, а пазбавішся і скаргі, што «мне чыніцца крыўда». Ухілі набок скаргу: «мне чыніцца крыўда» і крыўда прападзе.

8. Тое, што ня робіць чалавека горшым, чымся ён ёсьць, гэтаксма ня робіць горшым і ягонае жыцьцё і ня шкодзіць яму ані звонку, ані знутры.

9. Натура таго, што зьяўляецца сусьветна карысным, была змушанаю ўчыніць яго гэткім.

10. Усё, што адбываецца, адбываецца ў сузгоднасьці са справядлівасьцю: калі будзеш сачыць уважна, дык пераканаешся ў гэтым. Усё адбываецца, кажу я, ня толькі ў сузгоднасьці з дакладным парадкам, але і ў сузгоднасьці са справядлівасьцю, быццам нехта разьмеркаваў усё адпаведна да годнасьці. Працягвай пачатае табою назіраньне і, што-б ты ні рабіў, рабі з тым замерам, каб стацца добрым у сапраўдным значэньні гэтага слова. Захоўвай гэтую думку ўва ўсіх тваіх пачынаньнях.

11. Не праймайся ні той упэўненасьцю, якое трымаецца крыўдзіцель, ані тым, што ён імкнецца навязаць табе, але ўсё разглядай, як рэч маецца ў запраўднасьці.

12. Заўсёды трэба быць гатовым да падвойнага. Па-першае, рабіць толькі тое, што наказвае розум, пануючае і правадаўчае ў табе часткі на карысьць людзей. Па-другое, зьмяніць сваю думку, калі хто-небудзь паправіць цябе і пераканае ў чым-небудзь. Але зьмяняць сваю думку належыць толькі, узгадняючы з чым-небудзь такім пераканаўчым, як справядлівае, агульнакарыснае і гэтак далей, але ні ў якім выпадку таму, што такое зьіначаньне здаецца прыемным, ці прыракае славу.

13. Ці маеш ты розум? - маю, - Чаму-ж ты не карыстаешся ім? Бо, калі ён будзе рабіць сваю справу, што застанецца табе жадаць?

14. Ты існаваў, як частка Цэлага. Табе давядзецца зьнікнуць у тым, што нарадзіла цябе, дакладней: з прычыны зьмяняльнасьці ты будзеш праглынуты семявым прынцыпам дарогаю трансмутацыі.

15. На ахвярніку шмат кавалачкаў ладана. Адзін трапіў сюды раней, іншы - пазьней. Розьніцы тутака няма ніякае.

16. Калі ты прасякнешся пэўнымі галоўнымі прынцыпамі і паставіш сябе на службу розуму, дык праз дзесяць дзён ты богам будзеш здавацца тым, каму цяперака здаешся зьверам і малпаю.

17. Жыві так, быццам у цябе наперадзе яшчэ дзесяць тысяч гадоў жыцьця. Час ужо блізка. Пакуль жывеш, пакуль ёсьць магчымасьць, старайся стацца добрым.

18. Ад якога вялікага клопату ўхіляецца той, хто не зьвяртае ўвагі на тое, што падумаў, сказаў ці зрабіў ягоны сусед, але толькі зьвяртае ўвагу на тое, што робіць ён сам, каб захаваць у сваіх дзеяньнях справядлівасьць і набожнасьць. Як кажа Агатон, ня вышукваць трэба заганы іншых людзей, а ісьці сваею простаю дарогаю, не адхіляючыся ўбок.

19. Той, хто мроіць аб славе пасьля сьмерці, не бярэ пад увагу, што кажны, хто пра яго памятае, сам хутка памрэ, за ім пойдзе і той, хто прыйшоў пасьля яго, і гэтак да таго часу, пакуль не пагасьне ўся памяць, прайшоўшы пакаленьні тых, што памяталі. Але возьмем пад увагу, што тыя, хто памятаюць цябе, зьяўляюцца несьмяротнымі, і памяць нязьнішчальная. І што табе да гэтага? Я не кажу ўжо, што гэта - нішто для нябожчыка. Але, што да пахвалаў жывому, апрача хіба-што маемасных выгадаў? Дык пакінь зараз-жа турбавацца пра гэты без значэньня гасьцінец, які залежыць выключна ад людзкага погаласу.

20. Кажная рэч, якая ў сваім родзе ёсьць прыгожаю, ёсьць прыгожаю сама ў сабе: пахвала не ўваходзіць у яе складовую частку. Таму, ад пахвалы на е стаецца ані горшаю, ані лепшаю. Я маю тут на ўвазе і тое, што завецца прыгожым са звычайнага пункту гледжаньня, напрыклад, матэрыяльныя рэчы і творы мастацтва. У якой пахвале магло-б мець патрэбу сапраўды прыгожае? Ня болей, чымся права, ня болей, чымся праўда, ня болей, чымся дабразычлівасьць, чымся прыстойнасьць. Што з усяго гэтага стаецца прыгожым у выніку пахвалаў, або брыдкім, дзякуючы ганьбаваньню? Ці-ж смарагд з прычыны адсутнасьці пахвалы для яго станецца горшым? А золата? слановая косьць, пурпур, мрамар, кветка, куст?

21. Калі душы існуюць далей, дык якім спосабам паветра спрадвеку зьмяшчае іх у сабе? - І якім спосабам зямля зьмяшчае ў сабе целы нябожчыкаў на працягу доўгіх вякоў? Падобна таму, як тут целы, пасьля некаторага часу прабываньня ў зямлі, зьіначваюцца, і гэтым даюць месца для іншых целаў, дык гэтакжа і душы, што знайшлі сабе прыпынак у паветры, нейкі час астаюцца ў ранейшай хворме, а пасьля пачынаюць зьіначвацца, расьцякаюцца, вяртаючыся гэтым назад да семяное інтэлігэнцыі Цэлага, і гэткім спосабам даюць месца новым душам. Вось як можна адказаць пры дапушчэньні, што душы існуюць далей. Неабходна затрымацца ня толькі над колькасьцю пахаваных нябожчыкаў, але і над колькасьцю жывых істотаў, якія штодзенна намі і драпежнымі жывёламі зьядаюцца. У якой колькасьці яны нішчацца і як знаходзяць сваю магілу ў целе тых, каму яны былі патрэбнымі? І ўсё-ж месца для іх хапае, бо яны ператвараюцца ў кроў і прымаюць элямэнты паветра, ці агню.

Што магло-б дапамагчы распазнаньню праўды ў гэтым пытаньні? - Распадзел на тое, што ёсьць матэрыяю і тое, што ёсьць прычынаю хвормы.

22. Ня трэба кідацца з боку ў бок, але пры кажным пытаньні ўзгадняцца з справядлівасьцю і пры кажным уяўленьні захаваць здольнасьць агарненьня.

23. Кажная рэч, якая гарманізуе са мною, каторы гарманізуе з табою, Сусьвет! Нічога для мяне ня ёсьць за рана, ані за позна, што ў вадпаведным часе здараецца са мною. Кажная рэч для мяне ёсьць плодам, які прыносіць пара году, о Натура! Зь цябе ўсе рэчы, у табе ўсе рэчы, і ўсе рэчы вяртаюцца да цябе. Паэта кажа: Дарагое места Кекропоса; ці-ж не скажаш і ты, Дарагое места Зэўса?

24. Калі жадаеш займець супакой, кажа філёзаф, дык абмяжуй сваю дзейнасьць нешматлікім. Але ці не ляпей сказаць «неабходным», і тым, што раіць розум чалавека, які зьяўляецца грамадзкім вымаганьнем, і гэтак, як ён вымагае? У падобным выпадку мы займеем ня толькі супакой душы, які абумоўліваецца прыгожымі ўчынкамі, але і тым, які абумоўліваецца іхнаю нешматлікасьцю. Бо большая частка таго, што мы кажам і чынім, не зьяўляецца неабходным; і калі-б хто-небудзь абыйшоўся бяз гэтага, дык быў-бы багацейшым на супакой і бяднейшым на турботы. Затым, у кажным асобным выпадку трэба пытацца самога сябе: Ці адносіцца гэта да ліку неабходнага? І адхіляць трэба ня толькі тое, што непатрэбнымі паступкамі зьяўляецца, але і неабходныя ўяўленьні, бо за імі надыходзяць непатрэбныя паступкі.

25. Паспрабуй, наколькі табе ўдасца, жыць жыцьцём добрага чалавека, які задавальняецца часткаю, атрыманаю з Цэлага, здаволенага справядлівасьцю свае собскае дзейнасьці і дабразычлівасьцю свайго настрою.

26. Ці агарнуў ты папярэдняе? Запазнайся, тады, і з наступным. Ня турбуй самога сябе, старайся быць простым. Чыніць хто-небудзь дрэнна? Гэта самому сабе чыніць ён дрэнна. Здарылася з табою што-небудзь? Добра. Усё, што здараецца з табою, было ад пачатку суджана табе і зьвязана з табою, дзякуючы канструкцыі Цэлага. Жыцьцё ёсьць кароткім. Трэба разумна і справядліва карыстацца сучасным. Не аддавайся празьмернасьцям і ў вольных гадзінах.

27. Сусьвет ёсьць або добра ўладжаным парадкам, або хаосам. Але бяспрэчна першым. Ці можа ў табе існаваць вядомы парадак, а ўва ўсім іншым павінен быць беспарадак? І гэта, калі ўсё разьлічана, разьдзелена і знаходзіцца ў сталай узаемадзейнасьці!

28. Ёсьць характары хмурыя, характары жаноцкія, упартыя, лютыя, дзіцячыя, жывёльныя, вялыя, хвальшывыя, недарэчныя, настырлівыя, тыранскія.

29. Калі чужы сусьвету той, хто ня ведае сутнасьці яго, дык ня меней чужы і той, хто ня ведае, што адбываецца ў ім. Уцекачом ёсьць той, хто ўхіляецца з прычынаў грамадзкіх; сьляпак - хто заплюшчвае духовыя вочы; жабрак - хто патрабуе помачы іншага і ня мае ў самым сабе ўсяго карыснага для жыцьця. Хто адыходзіць і аддаляецца ад розуму агульнае натуры, нездаволены тым, што адбываецца, адступнік ад сусьвету. Бо ўсё, што адбываецца, нараджае тая самая натура, якая нарадзіла і яго. Адрынутым ад Места зьяўляецца той, хто аддзяляе сваю душу ад душы ўсіх разумных істотаў - аднае для ўсіх.

30. Адзін зьяўляецца філёзафам бяз хітону, іншы бяз кнігі, а яшчэ іншы - паўголы. У мяне няма хлеба, кажа ён, і ўсё-ж, я верны розуму. І мяне навука ня корміць, але я застаюся верны ёй.

31. Любі ня хітрае мастацтва, якое ты вывучыў, і ў ім знаходзь для сябе задавольненьне. Рэшту жыцьця пражыві, як чалавек, які ўсёю душою аддаўся на волю багоў ува ўсім, што тычыцца яго, і не жадае быць нявольнікам, ані тыранам у адносінах да каго-небудзь зь людзей.

32. Ахіні ўзрокам разумнага чалавека хоць-бы часы Вэспазіяна, і ты ўбачыш усё тое, што і цяперака: людзі жэняцца, гадуюць дзяцей, хварэюць, паміраюць, ваююць, спраўляюць сьвяты, падарожнічаюць, абрабляюць зямлю, лісьлівяць, пагарджаюць, падазраюць, плянуюць зло, жадаюць сьмерці іншым, наракаюць на сучаснае жыцьцё, кахаюць, зьбіраюць скарбы, дабіваюцца ганаровых пасадаў і трону. Што сталася зь іхным жыцьцём? Яно загінула. Перанясіся да часоў Траяна: і там тое самае. Супачыла і гэтае жыцьцё. Паглядзі гэтаксама і на іншыя пэрыяды часу ў жыцьці цэлых народаў і зьвярні ўвагу на тое, колькі людзей памерла хутка пасьля дасягненьня жаданае мэты і расклаліся на элямэнты. Часьцей за ўсё трэба вяртацца да тых, якіх ты ведаў асабіста, як людзей, якія імкнуцца да нікчэмнага і пагарджаюць справаю, якая адпавядае іхнаму ўласнаму ладу, ня былі ёй вернымі і не здавальняліся ёю. Неабходна гэтаксама памятаць, што ўвага, якую мы ўдзяляем кажнай справе, ацэньваецца паводля самое справы і павінна быць суразьмернаю ёй. Такім чынам, калі ня будзеш займацца нязначнымі справамі болей, як гэтага вымагае прыстойнасьць, дык не давядзецца табе і расчароўвацца.

33. Словы, якія калісьці былі звычайнымі, цяперака патрабуюць тлумачэньня. Тое самае і зь імёнамі некалі праслаўленых людзей, як Камільлюс, Цэзон, Волезус, Леоннатус, неўзабаве гэтакі-ж лёс чакае і Сцыпіёна, і Катона, пасьля Аўгустуса, а пасьля чарга на Гадрыяна, і Антонінуса. Усё караткавечна і хутка ператвараецца ў міт, а пасьля і зусім забываецца. І я яшчэ кажу пра людзей, якія ў свой час былі акружаны нязвычайным арэолам. А што да рэшты, дык трэба ім толькі памерці, каб шчэзнуў пра іх і ўспамін. І што гэта такое - вечная слава? - Праўдзівая турбота. Але, ці існуе што-небудзь, да чаго трэба аднесьціся паважна? - Толькі адно: праведнае думаньне, агульнакарысная дзейнасьць, слова, няздольнае да маны, і ўнутраны настрой, які з радасьцю прыймае ўсё, што адбываецца, як прадбачанае, якое выцякае з агульнага пачатку і агульнае крыніцы.

34. Аддайся дабраахвотна Клёце, і няхай яна ставіць цябе ў тыя ўмовы, у якія хоча.

35. Усё хутка мінае: і той, хто памятае, і тое, пра што памятае.

36. Заўсёды думай пра тое, што ўсё, што ўзьнікае, узьнікае з прычыны зьіначаньня, і прывучай сябе да думкі, што нічога так ня любіць натура Цэлага, як зьіначваць існуючае і тварыць новае, падобнае. Затым, што ўсё існуючае ёсьць свайго роду сем'ем таго, што зь яго выйдзе. Ты ўважаеш сем'ем толькі тое, што пасеена ў зямлю, ці ў чэрава маці - і касьцянееш у невуцтве.

37. Твой канец ужо блізкі, а ты ўсё яшчэ ня выракся ўсяго штучнага, усё яшчэ ня вольны ад хваляваньня, усё яшчэ асьцерагаешся шкоды зьнекуль, не прасякнуты дабрасхільнасьцю да ўсіх, не разумееш, што мудрасьць - выключна ў справядлівай дзейнасьці.

38. Унікні ў кіруючы пачатак людзей, у тое, што іх турбуе, да чаго яны імкнуцца і ад чаго ўхіляюцца.

39. Зло караніцца для цябе ня ў кіруючым пачатку іншых людзей і не ў ператварэньнях і зьменах твайго цела. - Дзе, тады? - У той частцы самога цябе, у якой творыцца сіла хвармаваньня апініі адносна апініі зла. Няхай гэтая сіла замоўкне, і ўсё будзе добра. Няхай гэтая сіла знойдзецца ў супакоі нават тады, калі найболей ёй блізкае, яе цела, рэжуць, паляць, калі яно гноіцца і гіне, або няхай яна разважыць, што няма ні дабра, ані зла ў тым, што аднолькава можа здарыцца як зь нядобрым, гэтак і з добрым чалавекам. Бо тое, што ў аднолькавай меры здараецца з тым, што жыве супроць натуры, як і з тым, што жыве ў сузгоднасьці з натураю, яно нясузгоднае з натураю, як і згоднае·зь ёю.

40. Ты заўсёды павінен думаць пра сусьвет, як пра адзіную істоту, з адзінаю сутнасьцю і адзінаю душою. Падумай пра тое, як усё зводзіцца да яго-ж адзінага адчуваньня, як стварае ён усё адзіным імкненьнем, як усё задзейнічае ўзьніканьню ўсяго, якая ўва ўсім сувязь і адпаведнасьць.

41. Чалавек - гэта малая душа, якая абцяжаная трупам, казаў Эпіктэтус.

42. Няма нічога дрэннага ў тым, каб пратрываць зьіначаньне, як няма нічога добрага ў існаваньні, дзякуючы зьіначаньню.

43. Час ёсьць рэчка ўзьнікаючага і імклівы струмень. Хай толькі зьявіцца што-небудзь, як ужо праносіцца міма, але праносіцца і іншае, і зноўку бачыцца першае.

44. Усё, што адбываецца, - гэтакае-ж самае, звычайнае і ведамае, як ружа вясною і вінаград увосень. Гэтакія і хвароба, і сьмерць, і паклёп, і зламыснасьць, і ўсё тое, што радуе і засмучае глупых.

45. У чарговасьці рэчаў, тыя, якія сьледуюць, зроднена падходзяць да тых, што папярэдзілі іх; бо чарговасьць гэтая ня можа быць уважанаю толькі як пералік рознаякіх рэчаў, якія адно падпарадкаваны неабходнай чарговасьці, але зьяўляюцца рацыянальнаю сувязьзю: бо як усе існуючыя рэчы гарманічна ўпарадкаваныя разам, гэтаксама і рэчы, якія прыходзяць да існаваньня, адхіляюць ня простую чарговасьць, але поўнае цудоўнае ўзаемапавязаньне.

46. Заўсёды памятай тое, што казаў Гэраклітос: Для зямлі сьмерць - стацца вадою, для вады - паветрам, для паветра - агнём, і наадварот. Трэба мець на ўвазе: чалавек, які забыў, куды вядзе шлях і пра тое, што людзі адхіляюцца ад усёпранікаючага розуму Цэлага, ад розуму, зь якім яны знаходзяцца ў бесперапынных зносінах, і што чужым здаецца ім тое, з чым яны сутыкаюцца кажны дзень, і пра тое, што ня трэба казаць і рабіць, як у сьне (бо-ж і тады нам здаецца, быццам мы кажам і дзейнічаем), і што ня трэба ўпадабляцца дзецям, гэта значыць, сьлепа трымацца за прыклад бацькоў.

47. Калі-б хто-небудзь з багоў сказаў табе, што ты памрэш заўтра, ці ў найлепшым выпадку посьлязаўтра, дык насілу ці стаў-бы ты вельмі дабівацца, каб гэта здарылася посьлязаўтра, калі ты толькі не палохлівы да нізкасьці. Бо-ж розьніца тут вельмі нязначная. Гэтаксама не ўважай вельмі важным памрэш ты пасьля шматлікіх гадоў, ці заўтра.

48. Заўсёды думай аб тым, колькі памерла лекараў, якія часта хмурылі бровы над ложам хворага; колькі астралёгаў, што ганарыліся сваімі прадказаньнямі сьмерці іншым людзям; колькі філёзафаў, што вялі дыскусыі адносна сьмерці і несьмяротнасьці; колькі герояў, што паназабівалі гэтулькі людзей, колькі тыранаў, якія карысталіся сваею ўладаю над чужым жыцьцём з гэтакаю ганарыстасьцю, быццам яны самыя былі несьмяротнымі; колькі, калі можна сказаць, памерла цэлых местаў, як Гэлікія, Пампэі, Гэркулянэюм і нязьлічаная колькасьць іншых. Дадай аднаго за другім да пералічаных усіх ведамых табе людзей. Адзін чалавек, пасьля пахаваньня іншага, сам памірае, каб і яго пахаваў нехта іншы: і ўсё гэта ў адносна кароткім часе. Наагул, трэба заўважыць, як мінаючымі і бязвартаснымі людзкія рэчы ёсьць, і тое, што было яшчэ ўчора ў зачатку, заўтра ўжо мумія або парахня. Прайдзі, затым, гэтае малое прамежжа часу ў сузгоднасьці з натураю, і закончы яго ў здавальненьні, як падае пасьпелая аліва, дабраславячы натуру, якая радзіла яе, дзякуючы дрэву, на якім яна вырасла.

49. Будзь падобны да скалы, аб якую бесперапынку разьбіваюцца хвалі, але сама яна стаіць нярухома, і навакол яе заціхаюць усхвалёваныя воды.

Я нешчасьлівы затым, што са мною здарылася гэтае і тое. - Зусім не. Наадварот, я шчасьлівы таму, што, хоць гэта і здарылася са мною, я ўсё-ж ня турбуюся, ня зломлены я сучасным, ня дрыжу перад надыходзячым. Здарыцца гэта-ж магло з кажным, але ня кажны астаўся-б непахісным. Чаму, тады, першае, большае няшчасьце, чымся другое шчасьце? Ці-ж ты назавеш няшчасьцем для чалавека тое, што не перашкаджае чалавечай натуры асягнуць свае мэты? Але, ці здаецца табе гэтакаю перашкодаю тое, што ня мінаецца з вымаганьнямі людзкае натуры? У чым-жа заключаюцца гэтыя вымаганьні? Ты ведаеш волю натуры. Ці-ж тое, што здарылася, перашкаджае табе быць справядлівым, далікатным, асьцярожным, разважным, празорлівым у меркаваньнях, праўдзівым, сьціплым, і шчырым, і мець усе іншыя якасьці, пры наяўнасьці якіх выступае асаблівасьць людзкае натуры? Не забывайся і ў далейшым пры ўсякім здарэньні, якое прыводзіць цябе да смутку, карыстацца прынцыпам: ня гэта ёсьць няшчасьцем, але зьнесьці яго годна вось гэта і будзе шчасьце.

50. Просты, але сапраўдны сродак, каб навучыцца пагарджаць сьмерць - трэба будзіць у памяці тых, хто прагна чапляўся за жыцьцё. Чым ім ляпей, чымся тым, што памерлі перадчасна? Ляжаць дзе-небудзь у магілах і Кадзікіянус, і Фабіюс, і Юліянус, і Лепідус, і ім падобныя, якія шмат каго пахавалі, а пасьля пахавалі і іх. Розьніца ў часе зусім нязначная, дый пры якіх умовах, зь якімі людзьмі і ў якім жалюгодным целе давядзецца праводзіць гэты час! Дык вось, ня лічы ўсяго гэтага важным. Азірніся назад - там непамерная бездань часу, зірні наперад - там другая бязьмежнасьць. Якое-ж значэньне мае, у параўнаньні з гэтым, розьніца паміж тым, хто пражыў тры дні, і тым, хто пражыў тры чалавечыя жыцьці?

51. Заўсёды ідзі найкарацейшым шляхам. Найкарацейшы-ж шлях - гэта шлях, які адказвае натуры: ён у тым, каб трымацца праўды ўва ўсіх рэчах і паступаваньнях. Гэтакае рашэньне вызваліць цябе ад утомленасьці, барацьбы, прытворства і пыхлівасьці.

КНІГА ПЯТАЯ

1. Калі табе лянотна паднімацца надосьвітку, зараз-жа скажы сабе: Я ўстаю, каб узяцца за працу чалавечую. Дык няўжо-ж я пачну злавацца з тае прычыны, што іду да працы, дзеля якое створаны і накіраваны ў сьвет. Ці-ж маё прызначэньне - грэцца, расьцягнуўшыся на ложы? - Але апошняе прыемней. - Дык што, створаны ты для насалоды, а ня дзеля дзейнасьці і напружаньня сілаў? Чаму ты не глядзіш на расьліны, птушак, мурашак, павукоў, на пчолы, якія выконваюць сваю працу і, у меру сваіх магчымасьцяў, супрацуюць у напрамку прыгожасьці сусьвету? Ці не захацеў-бы ты, як людзкае існаваньне, выканаць сваю частку, і не сьпяшаешся выканаць таго, што знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю? - Але трэба-ж і адпачыць. - Так: але натура і для гэтага вызначыла свае межы, як вызначыла іх і для прыйманьня стравы, і для пітва. Але ты ўсё-ж ідзеш далей за мяжу і далей за тое, што дастаткова. У сваей-жа дзейнасьці ты не дасягаеш гэтае меры, не даходзіш да межаў магчымага, таму што ты ня любіш самога сябе. Калі-б ня так, дык ты любіў-бы сваю натуру, і яе вымаганьні. Тыя, што любяць сваё мастацтва, цалкам аддаюцца сваей справе, забываючы і памыцца, і паесьці. Ты меней цэніш сваю натуру, як гравёр - гравіраваньне, танцор - танцы, срэбралюб - грошы, славалюб - славу. Усе яны, калі захопяцца, уважаюць за лепшае для іх ня есьці і ня спаць, абы толькі павялічыць тое, да чаго схіляецца іхная душа. Няўжо-ж агульнакарысная дзейнасьць здаецца табе меней значнаю і меней вартаю натугаў?

2. Як лёгка, адкінуўшы і здушыўшы ў сабе ўсякае турботнае і часамі неадпаведнае ўяўленьне, каб зараз-жа займець поўны супакой душы.

3. Лічы сябе вартым усякага слова і справы, адпаведных натуры. Няхай не бянтэжаць цябе чые-небудзь будучыя ўліканьні і абгаворы, але, калі можаш зрабіць ці сказаць што-небудзь прыгожае, дык адважна бярыся за гэта. Бо людзі маюць свой кіруючы пачатак, і ідуць яны за сваім імкненьнем. Не глядзі на гэта, але ідзі нацянькі, слухаючы сваю натуру і натуру агульную; таму што абодва шляхі - адно.

4. Я буду ісьці, няўхільна трымаючыся натуры, пакуль не ўпаду, толькі тады я адпачну, аддаўшы сваё дыханьне таму, з чаго я чэрпаў яго штодзенна, і вярнуўшыся туды, адкуль зьявілася семя майго бацькі, кроў мае маці, малако карміцелькі, у тую зямлю, якая гэтулькі гадоў карміла і паіла мяне, якая носіць мяне, таго, хто топча яе і карыстаецца цераз меру яе дарункамі.

5. Ты ня можаш нікога зьдзівіць сваею хуткаю кемнасьцю. Няхай і гэтак. Але ёсьць шмат іншага, адносна чаго ты ня можаш сказаць: Я не нарадзіўся для гэтага. Дык выяўляй тыя свомасьці, якія цалкам залежаць ад цябе: чыстасардэчнасьць, паважнасьць, выносьлівасьць, абыякавасьць да насалоды, задаволенасьць сваею долею, нешматлікасьць вымаганьняў, адсутнасьць пустазвонства і заносьлівасьці. Ці ты ведаеш, з колькіх бакоў мог-бы ты паказаць сябе, адносна каторых нельга было-б спаслацца на натуральную няздатнасьць, і ўсё-ж дабраахвотна застаешся на ранейшым узроўні? Або да таго, каб наракаць, жадобнічаць, лісьлівіць, ува ўсім вінаваціць сваё беднае цела, патураць яму, узьвялічваць сябе і пераносіць падобныя душэўныя хваляваньні, таксама прымушае цябе якая-небудзь прыроджаная няздатнасьць? Не, запраўды, не! Наадварот, ты даўно ўжо мог-бы пазбыцца гэтага. Калі-ж ты сапраўды прызнаеш у сабе недастатковую хуткасьць разуменьня і кемлівасьці, дык гэты недахоп трэба зьнішчыць практыкаваньнем, а не патураць сваей ляноце, махнуўшы на яго рукою.

6. Адны людзі, зрабіўшы каму-небудзь паслугу, схільныя патрабаваць ад яго ўдзячнасьці. Іншыя ня схільныя да гэтага, але ўсё-ж у глыбіні душы лічаць яго сваім даўжніком і даюць сабе справаздачу з таго, што яны зрабілі. Ёсьць, нарэшце, і такія, якія нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны зрабілі, яны падобныя да лазы, якая прыносіць вінаград і нічога не дабіваецца пасьля таго, як вытварыць свой плод: так бегае конь, так высьледжвае сабака, так зьбірае мёд пчала. Чалавек-жа, які зрабіў дабро, ня крычыць аб гэтым, а пераходзіць да наступнае справы, як лаза, якая ў вызначаным часе павінна ізноў прынесьці вінаград. Такім чынам, трэба быць у ліку тых, якія, чынячы дабро, нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны робяць. - Так. - Але-ж дабро - гэта і ёсьць тое, аб чым неабходна даваць сабе справаздачу; бо чалавеку, аддадзенаму агульнаму дабру, і дапраўды, жадаць, каб і іншыя ведалі пра гэта. - Ты кажаш праўду. Але ты ня ловіш сэнсу сказанага і таму будзеш адным з тых, пра каго я згадаў раней. Бо і іх уводзіць у блуд бачнасьць разумных поглядаў. Але, калі ты жадаеш зразумець сказанае, дык ня бойся, што табе давядзецца дзеля гэтага страціць якую-небудзь карысную справу.

7. Малітва атэнцаў: Праліся, праліся дажджом, дабрадайны Зэўс, над ральлёю і полем атэнскім. Наагул, мы ня маем патрэбы маліцца, але, калі маліцца, дык гэтак проста і гэтак шляхэтна.

8. Сэнс выражэньня: Асклепіёс назначае некаму верхавую язду, або купацца ў вадзе, або хадзьбу босым. Або: Натура Цэлага назначае некаму хваробу, ці калецтва, ці пазбаўленьне чаго-небудзь - зусім супадае. Бо ў першым выпадку слова «назначае» значыць: ён вызначыў некаму тое і гэтае, як садзейнічаючае ягонаму здароўю, а ў другім - што тое, што выпадае на долю кажнага, вызначана яму, як садзейнічаючае ягонай долі. Таму мы і кажам, што нешта «прышлося» на долю нашую, накшталт таго, як будаўнікі кажуць пра чатырохкутныя камені ў сьценах, ці пірамідах, што яны «прышліся» адзін да аднаго, калі яны знаходзяцца ў якім-небудзь гарманічным спалучэньні. Бо адзіная гармонія прасякае ўсё. І накшталт таго, як з усіх целаў складаецца сусьвет, дасканалае цела, - гэтак і з усіх прычынаў складаецца доля - дасканалая прычына. Мае словы павінны быць зразумелымі і для людзей зусім простых. Яны-ж бо кажуць: Доля паслала яму гэта. Значыцца, некаму пасылаецца тое і гэтае, а іншаму вызначаецца гэтае і тое. Дык будзем адносіцца да гэтага падобна, як да таго, што вызначае Асклепіёс. Хоць у вапошнім выпадку шмат што з гэтага не падабаецца нам, але надзея на здароўе заахвочвае нас з радасьцю пайсьці на гэта. Няхай-жа зьдзейсьненьне і выкананьне задумы агульнае натуры здаецца табе нечым накшталт твайго здароўя. Таму прымай усё, што адбываецца, з радасьцю нават, калі яно здаецца табе цяжкім, таму што яно вядзе да вядомае мэты, да моцы сусьвету, дабрабыту Зэўса (сусьвету), і посьпеху ягоных пачынаньняў. Бо ён нікому не паслаў-бы гэтага, калі-б яно не садзейнічала дабру Цэлага. І натура кажнае рэчы не вытварае нічога, што ня было-б адпаведна падпарадкавана ёй. Такім чынам, трэба любіць усё, што адбываецца з табою з дзьвюх прычынаў. Па-першае, яно адбылося з табою, было прызначана табе, і быццам мела цябе на ўвазе, будучы зьвязаным з табою яшчэ сілаю першапрычыны. Па-другое, яно зьяўляецца прычынаю дабрапасьпешнасьці, дасканаласьці, і самога існаваньня сусьветнага валадара. Бо Цэлае будзе сапсавана, калі ты хоць у чым-небудзь нарушыш згоду і сувязь, як яго частак, так і прычынаў. Але ты гэта і робіш, паводля сваіх магчымасьцяў, калі выказваеш незадавальненьне чым-небудзь, і быццам ліквідуеш яго.

9. Ня трэба ані абурацца, ані зьнеахвочвацца, ні расчароўвацца, калі табе ня поўнасьцю ўдаецца ўва ўсім дзейнічаць у сузгоднасьці з правільным аснаўным прынцыпам. Хай сабе ты дазнаў няўдачу, усё-ж трэба ізноў вярнуцца і быць здаволеным, калі ў бальшыні выпадкаў тваё паступаваньне вартае чалавека, і любіць тое, да чаго ты вяртаешся. Да філязофіі трэба вяртацца, не як дзіця да свайго дзядзькі, але як чалавек, што церпіць на вочы да сваіх лекаў, губкі, ці яйца, іншыя - да гаючае мазі, ці вадзянога душу. Тады лёгка табе будзе падпарадкавацца розуму, і ты знойдзеш у ім сваё заспакаеньне. Памятай, што філязофія жадае таго самага, чаго і твая натура; а ты жадаеш і іншага, нязгоднага з натураю. Але, што болей прывабнейшае? Ці-ж насалода ня ўводзіць нас на шлях няпраўды, якраз затым, што выдаецца гэтакаю? Зьвярні, аднак, увагу, ці ня будзе болей прывабнаю вялікадушнасьць, воля, прастата, праўдзівасьць, набожнасьць. Бо што можа быць болей прывабным за само разуменьне, калі пад ім маеш на ўвазе здольнасьць кеміць, і веду, здольнасьць, якая шчасьліва перамагае ўсе перашкоды.

10. Быцьцё нагэтулькі сукрытае для нас, што шматлікім філёзафам, і нават ня звычайным яно вуяўляецца зусім нявыразным. І нават самыя стоікі прызнаюць яго цяжкадаступным. Наша згода з чым-небудзь ня ёсьць нешта нязьменнае. Запраўды, дзе ёсьць такі чалавек, які ня зьіначыў сваіх поглядаў? Зьвярні ўвагу на аб'екты навакол цябе і паўзірайся, як коратка яны існуюць і як бязвартаснымі зьяўляюцца, і як лёгка можна стацца здабыткам распусьніка, блудніцы, ці разбойніка. Прыглядзіся, далей, да нораву тваіх сучасьнікаў: зь цяжкасьцю можна ладзіць нават з самым ужыўчывым зь іх, каб не сказаць, што хто-небудзь зь іх насілу выносіць самога сябе. Я не магу зразумець, што ў гэтым змроку, у гэтым балоце, пры такой цякучасьці і матэрыі, і часу, і руху, і ўсяго рухомага, магло-б яшчэ нешта стацца прадметам павагі, ці - наагул, паважных пошукаў. Наадварот, трэба бадзёра чакаць свайго натуральнага канца, ня злуючыся на яго замаруджаньне і, пацяшаючы сябе двума наступнымі прынцыпамі: Першы: Нічога ня здарыцца са мною, што не адпавядала-б натуры Цэлага. Другі: У маей моцы не рабіць нічога супраць майго Бога і гэнія. Бо ніхто ня можа змусіць мяне да гэтага.

11. Як я выкарыстоўваю цяперака маю душу? Вось пытаньне, якое неабходна сабе ставіць пры кажнай нагодзе, і дасьледваць далей, што адбываецца з тэю часткаю мае істоты, якую называюць кіруючаю. Чыя душа цяпер ува мне? Ці ня дзіцяці? Ці ня юнака? Ці мо' слабое жанчыны, ці тырана, жывёліны, ці дзікага зьвера?

12. Што выяўляе сабою тое, што большасьці людзей здаецца дабром, ты можаш даведацца хоць-бы з наступнага: Калі хто-небудзь мае на ўвазе якое-небудзь сапраўднае дабро, як зразуменьне, разважнасьць, справядлівасьць, стойкасьць, дык, ён ня будзе ўсё яшчэ прыслухвацца ведамаму выслоўю: Пра дабро і г. д. - бо гэта ня будзе ў гармоніі з фактычным дабром. Але, калі хто затрымаецца над тым, што здаецца дабром для большасьці людзей, дык ён ня толькі што выслухае выслоўе камічнага паэты, але, і з ахвотаю згодзіцца зь ім, як з трапным словам. І большасьць людзей уяўляе сабе так гэтую розьніцу; інакш гэтае выказваньне ня было-б гэтакім абразьлівым і няпрыстойным. Бо, калі стасаваць яго да багацьця і да таго, што служыць роскашы і славе, дык мы цалкам згаджаемся зь ім, як з удачным і дасьціпным словам. Зрабі-ж наступны крок і спытай самога сябе, ці трэба шанаваць і лічыць дабром тое, пры думцы аб чым, зусім дарэчы выдасца заўвага: «Таму, набыў хто гэтае дабро ў вялікай колькасьці, ня будзе дзе і памачыцца».

13. Я складаюся з пачатку прычыннага матар'яльнага. Ані першае, ані другое не пяройдзе ў нябыцьцё, як і ня ўзьнікла яно зь нябыцьця. Таму, кажная частка мае істоты, пасьля зьіначаньня, станецца якою-небудзь часткаю сусьвету; апошняя, зьіначыўшыся ў сваю чаргу, станецца іншаю часткаю сусьвету, і гэтак у бесканцовасьць. Бо-ж і я ўзьнік, дзякуючы зьіначаньню, і тыя, што нарадзілі мяне і г. д. таксама ў бесканцовасьць. Усё гэта застаецца правільным і ў тым выпадку, калі сусьвет падпарадкуецца праву разьмераных пэрыядаў.

14. Розум і мастацтва разумнага жыцьця, - гэта адольнасьці, якія задавальняюцца сабою і справамі, згоднымі зь імі. Іх імкненьне накіроўваецца ўласьцівым ім пачаткам, шлях іх проста вядзе да патрэбнае ім мэты. Таму, згодныя зь імі дзеяньні завуцца правільнымі, што кажа аб правільнасьці шляху.

15. Нішто з таго, што належыць чалавеку, паколькі ён чалавек, ня можа быць названа ўласьцівым чалавеку. Усё гэта не складае вымаганьняў чалавека, не прапісваецца натураю чалавека, не зьяўляецца дасканаласьцю чалавечай натуры. Ня ў гэтым і мэта чалавека, а, значыць, завяршэньне мэты - дабро. Бо, калі-б, далей, што-небудзь з гэтага было ўласьціва чалавеку, дык ня ўласьціва было-б яму пагарджаньне і супроцьдзеяньне ў адносінах да гэтага, і ня быў-бы варты пахвалы той, хто імкнецца ня мець патрэбы ў гэтым; калі-б гэта было дабром, ня мог-бы быць добрым чалавек, які адмаўляе сабе ў чым-небудзь падобным. І запраўды, чалавек тым лепшы, чым паўнейшым зьяўляецца ягонае адрачэньне ад гэтага, ці чым лягчэй ён пераносіць нястачу чаго-небудзь такога.

16. Якія ў большай частцы твае ўяўленьні, такімі будуць і твае разважаньні. Таму, што душа прасякваецца гэтымі ўяўленьнямі. Дык няхай яна прасякнецца ў цябе ўяўленьнямі накшталт ніжэйпададзеных. Дзе ёсьць магчымасьць жыць, там можна і добра жыць: пры двары можна жыць, значыцца, там можна і добра жыць. І далей: кажная рэч імкнецца да таго, дзеля чаго яна была створана, а ў тым, да чаго яна імкнецца, - ляжыць яе мэта; але, дзе мэта кажнае рэчы, тамака-ж яе карысьць і дабро. А дабро разумнае істоты - гэта сувязь. І мы створаны для сувязі гэта даведзена даўно. А ці-ж не відавочна, што ніжэйшыя істоты створаны для ніжэйшых, а вышэйшыя адзін для аднаго. Жывыя - вышэй за няжывых, з жывых-жа вышэйшымі зьяўляюцца разумныя.

17. Імкнуцца да немагчымага - нямудрасьць. Але немагчыма, каб нямудрыя людзі рабілі інакш.

18. Ні з кім не здараецца нічога такога, чаго-б ён ня змог перанесьці. Здараецца тае самае і зь іншымі, і яны, ці таму, што не разумеюць, што зь імі здарылася, ці таму, што жадаюць пафранціць сваім узвышаным спосабам думаньня, застаюцца цьвёрдымі і непахіснымі. Было-б жудасна, калі-б невуцтва і ганарыстасьць сталіся мацнейшымі за разуменьне.

19. Самыя рэчы ні ў якім выпадку ня сутыкаюцца з душою. Ім няма доступу ў душы, яны ня могуць ні зьіначыць яе, ні прывесьці яе ў рух. Зьіначаньне-ж і рух у ёй залежаць толькі ад яе самой. І якая для яе будзе будучыня, - залежыць ад таго, якія меркаваньні яна палічыць сябе вартымі.

20. Чалавек зьяўляецца для нас істотаю найболей блізкаю, паколькі мы абавязаны рабіць людзям дабро і зносіць іх. Калі-ж хто-небудзь зь іх супрацьдзейнічае выкананьню маіх абавязкаў, тады ён стаецца для мяне ня меней абыякавым, як сонца, вецер, дзікі зьвер. Усё гэта можа перашкодзіць якой-небудзь дзейнасьці, але яны не зьяўляюцца перашкодамі для імкненьня і настрою, бо яны маюць сілу дзеяньня і здольнасьць ператварэньня: бо інтэлігэнцыя (ў чалавеку) ператварае і зьіначвае кажную перашкоду ў пажаданую дапамогу; затым, тое, што было перашкодаю для дадзенага дзеяньня, стаецца сродкам для іншага дзеяньня, а тое, што стаяла на шляху, як перашкода, само паказвае шлях.

21. Паважай найболей дасканалае з усяго, што існуе ў сусьвеце; ім будзе тое, што карыстаецца ўсімі рэчамі і кіруе ўсе рэчы. Гэтаксама паважай найболей дасканалае з існуючага ў табе: яно роднае першаму. Бо і ў табе яно зьяўляецца тым, што карыстаецца ўсім іншым, а тваё жыцьцё кіруецца ім.

22. Тое, што ня спрычыняе шкоды Месту, ня шкодзіць і грамадзяніну. Кажны раз, калі ўзьнікае ўяўленьне пра шкоду, тарнуй наступнае правіла: Калі гэта ня прыносіць шкоды Месту, дык ня прыносіць і мне. Калі-ж Месту спрычынена шкода, дык не злавацца трэба на вінаватага, а паказаць яму ягоную памылку.

23. Часьцей разважай пра хуткасьць, зь якою мінаюць усе рэчы і зьнікаюць, гэтак - рэчы, што існуюць як і рэчы, што прыходзяць да быцьця. Бо субстанцыя падобна, як рэчка, што цячэ няспынна, і дзеяньні бесперапынна зьмяняюць адно другое, а прычыны паддаюцца бязьлікім зьіначаньням. І няма, відавочна, нічога сталага, а побач з намі бязьмерная бездань мінулага і будучага, у якой усё зьнікае. Дык ці ня глупым будзе той, хто пачне ганарыцца чым-небудзь падобным, ці хвалюецца з гэтае прычыны, або скардзіцца, як быццам справа тычыцца цяжару, які павінен цягнуцца вякамі.

24. Успомнім пра сутнасьць у яе суцэльнасьці: якою маленькаю часткаю ты ўдзельнічаеш у ёй; пра ўнівэрсальны час, зь якога табе прыдзелена толькі кароткае і неспасьцярожнае трываньне; пра долю: якою нязначнаю часткаю ты яе зьяўляешся!

25. Хто-небудзь дрэнна адносіцца да мяне? Ну, што-ж, гэта ягоная справа. У яго гэтакая ўнутраная схільнасьць і свой спосаб дзеяньня. Я-ж такі, якім жадае, каб я быў, агульная натура, і раблю так, як жадае, каб я рабіў, мая ўласная натура.

26. Няхай частка твае душы, якая вядзе і кіруе, астанецца незакаламучанаю рухамі цела дарогаю прыемнасьці або цярпеньня; і няхай яна ня лучыцца зь імі, але няхай абмяжуе самую сябе і агранічыць вынікі да свомых для сябе частак. Але, калі гэтыя вынікі ўздымуцца да памеру мужнасьці тых іншых схільнасьцяў, якія, дзякуючы натуры, існуюць у целе, што твораць сабою суцэльнасьць, тады ты не павінен імкнуцца да супраціву адчуваньня, бо гэта натуральным ёсьць: але кіруючая частка не павінна сама дадаваць да адчуваньня пагляду, што гэта ёсьць або дабро, або зло.

27. Жыві з багамі. Той, хто жыве з багамі, хто заўсёды выяўляе ім сваю душу, якая задаволена сваею доляю, дзейнічае ў сузгоднасьці з жаданьнямі гэнія, якога Зэўс даў кажнаму чалавеку, як старожу і кіраўніка, які зьяўляецца часткаю яго самога. І гэта ёсьць кажнага чалавека і зразуменьне і розум.

28. Ці будзеш ты злавацца на чалавека, ад якога пахне потам, ці ў якога няпрыемна пахне з рота? Што яму рабіць? Гэтакі ўжо ў яго рот і гэтакія падпахі, што, наўсуперак яго волі, дыша ад яго такім запахам. Але-ж чалавеча, - засупярэчыць мне нехта, - ён-жа мае розум і можа, пры пэўнай увазе, зразумець у чым ягоны недахоп. - Так. Але ў такім выпадку і ты маеш розум. Няхай-жа разумная ўпэўненасьць у табе прывядзе ў дзейнасьць разумную ўпэўненасьць у другім. Даводзь, напамінай. Калі ён пачуе цябе, дык паправіцца, і ня будзе ўжо патрэбнасьці гневацца. Ані трагічны актар, ані блудніца. ...

29. Гэтак, як ты маеш замер, адыходзячы адсюль, ... гэтулькі ты маеш сілы жыць тут. Але, калі людзі не ствараюць гэтае магчымасьці, дык разьвітайся з жыцьцём, але як чалавек, які ня бачыць у гэтым ніякага зла. Хата поўная дыму і я выходжу зь яе. Ці-ж уважаеш ты гэта за асаблівую адвагу? Але пакуль нічога ня выганяе мяне, дык я застаюся вольным, і ніхто не перашкаджае мне рабіць тое, што я жадаю рабіць. І я выбраў рабіць тое, што астаецца ў сузгоднасьці з натураю разумнае грамадзкае істоты.

30. Розум Цэлага патрабуе супольнасьці. Таму, меней дасканалыя істоты ён стварыў дзеля болей дасканалых, а болей дасканалых прыстасаваў адзін да аднаго. Ты бачыш, якое ён усюды ўстанавіў падпарадкаваньне і сузалежнасьць, кажнаму даў у залежнасьці ад ягонае вартасьці і прывёў найболей дасканалыя істоты да аднадумнасьці.

31. Якую ты паставу займаў да сёньняшняга дня адносна багоў, бацькоў, братоў, дзяцей, настаўнікаў, узгадаваўцаў, сяброў, сваякоў, хатніх? Ці можаш ты сказаць сам сабе: Да гэтага часу нікога не пакраўдзіў ні словам, ні чынам?

Успомні, колькі такту ты праявіў і колькі меў мужнасьці сьцярпець, і што гісторыя твайго жыцьця дасягае ўжо да канца, і служэньне тваё канчаецца. Успомні, колькі бачыў ты прыгожага, і колькі рэчаў, якія прынята называць ганаровымі, ты адкінуў з пагардаю; і колькі разоў паказаў сябе справядлівым адносна несправядлівых.

32. Як могуць людзі без адукацыі і невукі парушаць супакой чалавека адукаванага і ведаючага?Каго трэба назваць адукаваным і ведаючым? Таго, хто ведае пачатак і канец, і розум, які пранікае ўсё існуючае, і які праз усенькія часы кіруе ўсімі пэрыядамі сусьвету.

33. Яшчэ крыху - і ты косьці або парахня; застанецца адно імя або і яго ня будзе. Імя-ж - гэта парожны гук і бяздушнае рэха. І рэчы, якія шмат цэняцца ў жыцьці, пустымі стануцца, гнілымі і падобнымі да шчанят, што кусаюць адзін аднаго; і да капрызных дзяцей, якія раз сьмяюцца, а іншым разам плачуць. Але вернасьць і пачуцьцё годнасьці, і справядлівасьць, і праўда адыйшлі з прасторнай зямлі на Олімпос.

Што, тады, ёсьць тым, што трымае цябе тут? Калі аб'екты, успрыйманыя пачуцьцямі, зьяўляюцца лёгказьменнымі і ніколі не знаходзяцца ў стане супачынку, і органы ўспрыйманьня зьяўляюцца нячулымі, і атрымліваюць зьіначаны вобраз; і сама бедная душа выдыхаецца з крыві. Згэтуль, мець добрую славу ў васяродзьдзі гэтакага сьвету, ёсьць парожнаю рэчаю. Чаму, тады, не пачакаць табе ў супакоі на свой канец, - будзе ім працяг, ці перасяленьне ў іншы стан? І пакуль гэты час надыйдзе, што-ж будзе дастатковасьцю? - Паважаць і славіць багоў, чыніць усякую добрую рэч для людзей, праяўляць талеранцыю і паўстрыманьне; што да рэчаў, якія знаходзяцца па-за межамі беднага цела і дыханьня, дык трэба памятаць, што гэта не зьяўляецца тваім, ані знаходзяцца ў тваей моцы.

34. Калі ты можаш выбраць правільны шлях і належным чынам складаць сваё перакананьне і дзейнічаць, дык можаш быць і шчасьлівым. Дзьве гэтыя рэчы зьяўляюцца агульнымі як для душы Бога, гэтак і для душы чалавека, і для душы кажнае разумнае істоты. І нічога ня можа стацца для яе перашкодаю; атрымаць сваё дабро заключаецца ў схільнасьці да справядлівасьці і выконваньні яе, і гэтым абмежаваць сваё імкненьне.

35. Калі гэта не зьяўляецца заганаю ўва мне, ані дзеяньнем заганы і адначасна не спрычыняе шкоды Цэламу, дык ці варта мне з гэтае прычыны непакоіцца? Але што магло-б спрычыніць шкоду Цэламу?

36. Не аддавайся цалкам палёту свае ўявы, але дапамагай іншым, па меры твае магчымасьці і наколькі гэта адпаведным ёсьць для іх; і калі ў іх адчуваецца недахоп у рэчах меншае важнасьці, не ўважай гэта за вялікую шкоду: бо гэта можа ўвайсьці ў звычай. Але, як той стары чалавек, адыходзячы, просіць свайго гадунца, аддаць яму круцёлку, ведаючы, што гэта толькі цацка, - гэтак і ты ў дадзеным выпадку, калі ты прамаўляеш з трыбуны! Ці ведаеш ты, чалавеча, пра што ты гаворыш? - Так; пра рэчы, да якіх усе людзі імкнуцца. - Няўжо-ж, на гэтай падставе, і ты хочаш стацца глупцом?

37. Усюды, дзе я жыву, я магу быць шчасьлівым. Шчасьлівы той, хто падрыхтаваў сабе добрую долю. Добрая доля - гэта добрыя схільнасьці душы, добрыя імкненьні, добрыя справы.

КНІГА ШОСТАЯ

1. Існасьць Цэлага падатлівая і паслухмяная. Розум-жа, які кіруе ёю, не хавае ў сабе ніякае прычыны, якая магла-б падахвоціць яго рабіць зло. Бо-ж у ім няма зла, ён нічога дрэннага ня робіць, і нішто не дазнае ад яго шкоды. Але ўсё ўзьнікае і адбываецца, дзякуючы яму.

2. Няхай для цябе будзе абыякава, ці ты церпіш, выконваючы свой абавязак, ад холаду ці сьпякоты; ці хіліць цябе да сну, ці ты ўжо выспаўся; дрэнна аб табе выражаюцца, ці добра; зьбіраешся ты паміраць, ці рабіць што-небудзь іншае. Бо сьмерць ёсьць адна з нашых жыцьцёвых задачаў, і для яе вырашэньня дастаткова сумленнага выкананьня бягучых справаў.

3. Не здавальняйся павярхоўным паглядам. Ад цябе не павінна ўцячы ні сваеасаблівасьць кажнае рэчы, ані яе каштоўнасьць.

4. Усе прадметы падлягаюць хуткаму зьіначаньню: ім трэба будзе або выпарыцца, калі сутнасьць усяго адзіная, або разьвеяцца.

5. Кіруючы розум ведае самога сябе, і зь якім матэрыялам мае дачыненьне.

6. Лепшы спосаб абараніцца ад крыўды - гэта не ўпадабняцца крыўдзіцелю.

7. У адным шукай радасьць і супакой: у тым, пайменна, каб ад аднае агульналюдзкае справы пераходзіць да другое, памятаючы пра Бога.

8. Кіруючы пачатак сам сябе прымушае і накіроўвае. Ён робіць сябе такім, якім жадае, і ад яго залежыць, рабіць так, каб усё здавалася яму такім, якім ён сам жадае.

9. У сузгоднасьці з натураю сусьвету кажная паасобная рэч знаходзіць сваё месца; напэўна не стаецца гэта ў сузгоднасьці зь іншаю натураю, што прыводзіць да завяршэньня, ці будзе гэта натура, якая агортвае яе звонку, або натура, якая тоіцца ў васяродзьдзі гэтае натуры, або адасобленая.

10. Сусьвет не зьяўляецца ані зьмяшаньнем, сьпляценьнем ці разьвейваньнем; або ёсьць ён зьяднаньне, парадак і прадбачаньне. Калі першае гэтым зьяўляецца, дык чаму я маю аставацца ў васяродзьдзі гэтакага прыпадкавага сьпляценьня і гэтакае зьбянтэжанасьці і адсутнасьці парадку? І чаму я маю клапаціцца адносна якое-небудзь рэчы, а не пра тое, што я, у вапошнім падсумаваньні, стануся зямлёю? І чаму я маю турбавацца пра тое, што мае складовыя элямэнты будуць расьцярушаныя, незалежна ад таго, што я раблю. Але, калі другое дапушчэньне ёсьць трапным, дык я напаўняюся пачуцьцём глыбокае пашаны, мужнасьці і давера да таго, хто кіруе.

11. Калі абставіны змусяць вывесьці цябе з духовае раўнавагі, дык пастарайся хутка засяродзіцца ў самым сабе і не адходзіць звыш неабхаднасьці ад празьмерных рухаў свае душы. Бо, чым часьцей будзеш ты вяртацца да гармоніі, тым болей і болей будзеш замацоўвацца ў ёй.

12. Калі-б у цябе былі адначасова і мачыха, і родная маці, дык, ведама, ты-ж адносіўся-б да першае з пашанаю, але цябе, аднак, заўсёды цягнула-б да маці. Гэтакімі для цябе зьяўляюцца двор і філязофія. Дык заўсёды вяртайся да філязофіі і шукай у ёй супакою; дзякуючы ёй, і жыцьцё пры двары ня будзе для цябе цяжкім, і сам ты ня будзеш цяжарам для іншых.

13. Адносна мясных страваў і наагул падобнае ежы можна прыйсьці да гэтакага пагляду: вось труп рыбы, гэта - труп птушкі ці парасяці. Гэтакім-жа спосабам, фалернскае віно - выціснуты сок вінаграду, пурпур - воўна аўцы, ахварбованая крывёю воднае куклінкі, зьліцьцё - церце ведамых ворганаў і выкіданьня семя, зьвязанае з асаблівымі спазмамі. Гэтакія ўяўленьні, даходзячы да самых рэчаў і пранікаючы іх, ствараюць магчымасьць бачыць, якія яны ў запраўднасьці. Гэтак трэба рабіць усё жыцьцё. Калі якія-небудзь рэчы выдаюцца нам бязумоўна заслугоўваючымі нашае ўвагі, трэба раскрыць іх, пранікнуць усю іх безвартаснасьць і сарваць зь іх арэол, які прыдаецца ім казкамі. Бо нішто ня здольнае гэтак уводзіць у блуд, як ганарыстасьць, і ашуквае яно цябе болей за ўсё тады, калі табе здаецца, што ты заняты самаю важнаю справаю. Паўзірайся, што кажа Кратэс пра самога Ксэнократэса.

14. Большасьць людзей захопліваецца звычайна самымі штодзеннымі рэчамі, якія адносяцца да сьціслае або расьліннае натуры, як напрыклад: каменямі, дошкамі, хвігавымі дрэвамі, вінаграднымі лозамі, аліўкамі. Крыху болей разьвітыя людзі займаюцца істотамі жывымі, як статкамі дробнае або буйнае жывёлы. Людзі, якія стаяць на наступнай ступені разьвіцьця - тым, чым належыцца разумнай душы, аднак ня маючы сусьветнага характару, яны хоць і валодаюць спэцыяльнымі ведамі, ці якім-небудзь іншым талентам, або нават і не адказваюць гэтым прадумовам - гэтыя валодаюць вялікім лікам нявольнікаў. Той-жа, хто бачыць вартасьць у разумнай душы, душы ўнівэрсальнай для палітычнага жыцьця, нічога іншага не ўважае, як толькі гэта. Ён найболей за ўсё засяроджвае сваю ўвагу на ўмовы і актыўнасьць, што адказвае розуму і грамадзкаму жыцьцю; і ён поўнасьцю супрацуе ў гэтым напрамку з тымі, хто зьяўляецца гэтакае самае думкі, што і ён.

15. Адно імкнецца да існаваньня, іншае імкнецца выйсьці зь яго, а з таго, што ўзьнікла, нейкая частка ўжо шчэзла. Рух і зьмена бесперапынна абнаўляюць сьвет, як нясупынны бег часу стала амалоджвае бязьмежную вечнасьць. Што магло-б стаць для каго-небудзь аб'ектам пашаны ў гэтым струмені бягучых зьяваў, на ні адной зь якіх няма магчымасьці затрымацца? Гэта выглядала-б на тое, каб хто-небудзь аблюбаваў адну з пралятаючых птушак, - а яна ўжо зьнікла з вачэй. Гэтакае-ж і жыцьцё кажнага з нас - выпарваньне крыві і ўдыханьне паветра. Бо няма розьніцы паміж аднаразовым набіраньнем і вяртаньнем паветра (што мы практыкуем кажнае імгненьне) і вяртаньнем самое здольнасьці дыханьня, атрыманае табою ўчора, ці пазаўчора, пры нараджэньні, туды, адкуль ты яе пачаткова атрымаў.

16. Каштоўным зьяўляецца не выдыханьне паветра, якое назіраем і ў сьвеце расьлінаў, і ня ўдыханьне яго, якім валодае і жывёла, зьвяры, ня здольнасьць атрымліваць звонку ўяўленьні і вызначацца імкненьнем, ня жыцьцё стада і не харчаваньне; усё гэта нічым ня лепшае за зваротнае выдзяляньне рэшткаў харчоў. Не. Значыцца, і ня выяў згоды пры дапамозе мовы; бо да гэтага якраз і зводзіцца тое добрае імя, якое можа даць натоўп. Прымем, што ты выркся таго, што агульна прынята называць славаю. Што, тады, застаецца каштоўным? Мне здаецца, астацца самому дзейным у гармоніі са свомаю для цябе натураю, якая зьяўляецца апошняю мэтаю ўсіх заняткаў і ўсіх мастацтваў. Бо кажнае мастацтва імкнецца да таго, каб яго творы адказвалі той справе, для якое яны былі пакліканы да жыцьця: да гэтага імкнецца і вінаградар, які клапоціцца пра вінаградную лазу, і ўтаймоўшчык коней, і той, хто трэніруе сабак. А да чаго імкнуцца ўзгадаваньне і навучаньне? Гэтае вось і зьяўляецца каштоўным. І калі ў гэтым дачыненьні ўсё ідзе добра, дык табе ўжо не спатрэбіцца болей нічога іншага. Але ты ня можаш адмовіцца і ад шматлікіх іншых вартасьцяў. У такім выпадку ты ня будзеш валодаць ні свабодаю, ні самазадавальненьнем, ні ціхамірнасьцю. Для цябе зайздрасьць ўжо станецца неабходнасьцю, і падазраваць тых, хто здольны адабраць ад цябе вартасныя для цябе рэчы, і дрэнныя ўкладаць замеры супроць тых, хто іх мае. Наагул, той, хто адчувае недахоп у чым-небудзь з гэтага, у сілу неабходнасьці мусіць прыйсьці ў зьбянтэжанасьць і пачаць ганьбіць багоў. Калі-ж ты будзеш асьцярожна абыходзіцца са сваею душою і цаніць яе, дык ты дазнацімеш здаволеньне ў сваей душы, будзеш жыць у сузгоднасьці зь людзьмі і ў гармоніі з багамі, гэта значыць, хваліць усё тое, што яны пашлюць і прызначаць табе.

17. Элямэнты нясуцца ўверх, уніз і ў кругаварот. Рух-жа мужнасьці ня ідзе ні за адным з гэтых кірункаў, але ёсьць нешта ў ім болей боскае: ён крочыць наперад верным, хоць і ня лёгкім для абазначэньня, але шчасьлівым шляхам.

18. Як дзіўна людзі праяўляюць самых сябе! Сваіх сучасьнікаў, што жывуць разам зь імі, яны праслаўляць ня хочуць. А самі, сярод іншага, надзвычый высака ўздымаюць славу сваіх папярэднікаў, якіх яны ніколі ня бачылі і ня ўбачаць. Дзіўна, гэта-ж амаль тое самае, што крыўдаваць на іх за тое, што яны не сьпявалі табе хвалы.

19. Калі што-небудзь выдасца табе цяжкім, каб выканаць, дык ня трэба думаць, што наагул яно нявыканальным ёсьць для чалавека. Але, калі што-небудзь магчымым ёсьць для чалавека і свомым для яго, дык уважай, што яно асягальным ёсьць і для цябе.

20. Прымем, што ў часе гімнастычных практыкаваньняў хто-небудзь абдзёр цябе кіпцем, ці ўдарам галавы выклікаў сіняк. Мы не прыдаем значэньня гэтаму, ня гневаемся і ў далейшым ня будзем глядзець на яго, як на злачынца, хоць і будзем яго высьцерагацца, але не як ворага, ці чалавека падазронага; мы, па-просту, будзем даваць яму дарогу. - Няхай будзе гэтак і ў іншых выпадках жыцьця: шмат чаго не павінны мы залічваць на рахунак тых, хто быццам практыкуецца разам з намі на жыцьцёвай арэне. Бо можна, як я і сказаў ужо, ухіліцца ад спатканьняў, не падазраваючы і не ненавідзячы.

21. Калі хто-небудзь можа з відавочнасьцю пераканаць мяне, што я няправільна думаю ці дзейнічаю, дык я з радасьцю зьмянюся. Таму, што шукаю праўду, ад якое яшчэ ніхто і ніколі не дазнаў шкоды. Дазнае, аднак, шкоду той, хто ўпіраецца ў сваей памылковасьці і невуцтве.

22. Я выконваю свой абавязак. Нішто іншае не адцягвае мае ўвагі: ці гэта, нешта ажыўленае, ці неразумнае, ці нешта, што заблудзілася або ня ведае свае дарогі.

23. Да істотаў неразумных, і наагул да ўсіх рэчаў і прадметаў, адносься зь вялікадушнасьцю і годнасьцю, як істота разумная, да таго, хто гэтага ня мае. Да людзей, як істотаў разумных, адносься, як да роўных. І заўсёды зьвяртайся да багоў. І няхай будзе для цябе абыякавым, колькі часу працягнецца такая дзейнасьць. Даволі і трох гэтакіх гадзінаў.

24. Сьмерць зраўняла Аляксандра Вялікага зь ягоным паганятым мулаў. Або яны былі ўспрынятымі назад у тыя самыя прынцыпы сусьвету, або былі аднолькава расьцярушанымі сярод атамаў.

25. Падумай пра тое, колькі зьяваў узьнікае ў душы і целе кажнага з нас на працягу аднаго моманту часу, і ты ня будзеш дзівіцца таму, калі непараўнальна болей, ці праўдзівей, усё існуе ў тым Адным Цэлым, якое мы называем сусьветам.

26. Калі хто-небудзь спытае цябе, як пішацца слова «Антонінус», дык няўжо-ж ты пачнеш зласьліва выкрыкваць кажную ягоную літару? І калі на цябе будуць гневацца, дык ці ты будзеш гэтаксама гневацца ў сваю чаргу? Ці-ж ты не пералічыш спакойна і па чарзе ўсе асобныя літары? Памятай, затым, што і кажны абавязак складаецца з асобных момантаў, якія можна пералічыць. Іх вось і неабходна сьцерагчы і бяз мітусьні, не адказваючы зласьлівасьцю на зласьлівасьць, належным чынам выконваць чарговую справу.

27. Ці-ж ня жорстка будзе не дазваляць людзям імкнуцца да таго, што ім здаецца прыстойным і карысным? Але, злуючыся на іхныя памылкі, ты да пэўнае ступені не дазваляеш ім чыніць гэтага. Бо яны заўсёды імкнуцца да таго, што ім здаецца прыстойным і карысным. - Але ў запраўднасьці гэта ня так. Тады, вучы іх і растлумачвай, але перастань злавацца.

28. Сьмерць ёсьць спыненьнем здольнасьці пачуцьцёвага ўспрыйманьня, і імпульсаў здольнасьці думаньня, і служэньня целу.

29. Вялікая шкода сталася-б, калі-б у тым самым жыцьці, у якім табе не адмаўляецца служыць цела, адмовілася-б служыць душа.

30. Уважай, каб ты ня стаўся Цэзарам, і ня дайся спакусе: бо-ж і гэтак здараецца. Старайся быць простым, захавай прыстойнасьць, несапсутасьць, паважнасьць, сьціпласьць, прыхільнасьць да справядлівасьці, набожнасьць, дабразычлівасьць, шчодралюбасьць, стойкасьць у выкананьні прадпрынятае справы. Ужыві ўсе намаганьні, каб стацца такім, якім цябе жадала ўчыніць філязофія. Шануй багоў і памагай людзям. Жыцьцё кароткае; адзіны плод зямнога жыцьця - гэта набожны настрой і дзейнасьць, згодная з агульным дабром. Ва ўсім будзь вучнем Антонінуса. Ідзі сьледам ягонае ўпорыстасьці ў дзейнасьці, згоднае з розумам, якая ніколі не здрадзіла ягоную ўраўнаважанасьць і набожнасьць, сьветласьць ягонага пагляду і запал у напрамку пазнаньня рэчаў. Ён ніколі ня мінаў чаго-небудзь, не разгледзіўшы яго ўважна і не зразумеўшы ясна. Як цярпліва пераносіў ён несправядлівыя ўпіканьні, не адказваючы на іх тым самым. Як нічога не рабіў ён у посьпеху; і як ухіляўся ад слуханьня паклёпаў. Якім дакладным быў ён дасьледнікам людзкіх манераў і чынаў, не папракаючы пры гэтым нікога, не ганьбячы і не астаючыся падозраным, ані пэдантычным, ані сафістым; якімі сьціплымі былі ягоныя жыцьцёвыя вымаганьні, калі ўздымалася пытаньне пра памешканьне ложа, вопратку, яду, паслугі; і які ён быў працаахвочы і цярплівы. Дзякуючы ягонаму простаму спосабу жыцьця, ён мог заставацца ў вадным месцы да вечара; з прычыны скромнае дыеты не патрабаваў нават займацца натуральнымі патрэбамі, апрача толькі як ў вызначаныя гадзіны. Які ён быў верны і роўны ў сваіх сяброўскіх адносінах. Як цярпліва выслухваў ён тых, што адчынена выказваліся супроць ягонае думкі, і радаваўся, калі хто-небудзь прапанаваў нешта лепшае! Які ён быў набожны і адначасна аставаўся беззабабонным. Насьлядуй яго ўва ўсім гэтым і ты зможаш займець добрае сумленьне, калі надыйдзе твая апошняя гадзіна.

31. Станься цьвярозым і думаючым чалавекам. Калі прачнешся і пераканаешся, што цябе мучылі толькі сны, дык яшчэ раз прабудзіся і паўзірайся на ўсё, што адбываецца, гэтаксама, як ты толькі што глядзеў на сонныя здані.

32. Я складаюся зь цела і душы. Для цела ўсё абыякава, таму што яно ня здольнае адрозьніваць. Для душы, аднак, абыякава ўсё тое, што не зьяўляецца яе дзеяньнем. А ўсе яе дзеяньні залежаць ад яе самое. Але і зь дзеяньняў - толькі тыя, якія маюць адносіны да сучаснага. Бо будучае і мінулае - ужо ня маюць значэньня.

33. Праца для рук і ног ня ёсьць супярэчнаю натуры, пакуль рука і нага робяць тое, што ім уласьціва. Падобна рэч маецца і з працаю для чалавека, як чалавека; яна ня супярэчыць натуры, пакуль ён выконвае тое, што ёсьць свомым для чалавека. Але, калі ён ня ідзе супроць натуры, дык ён і не зьяўляецца злом.

34. Колькі насалоды перажылі рабаўнікі, распусьнікі, бацьказабойцы, тыраны!

35. Ці не спасьцерагаеш ты, як рамесьнікі прытарноўваючыся ў пэўнай ступені да смаку невукаў, усё-ж тры маюцца розуму (прынцыпаў) свайго мастацтва і адмаўляюцца пакінуць яго? Ці ня дзіва гэта, што архітэктар або лекар павінен болей шанаваць розум (прынцыпы) свайго мастацтва, чымся чалавек свой уласны розум, які зьяўляецца супольным для яго і багоў?

36. Азыя, Эўропа - гэта толькі куточкі сусьвету; усё мора - кропля ў сусьвеце; гара Атос - груда зямлі ў сусьвеце; сучаснасьць - толькі пункт у вечнасьці. Усе рэчы зьяўляюцца малымі, зьменнымі, мінаючымі. Усе рэчы прыходзяць да быцьця з гэтае рухомае сілы, як беспасрэдняга або пасрэдняга наступства. Варта ўспомніць, што і зеў зубасты льва, і кажнае атрутнае рэчыва і ўсё шкоднае, як калючкі, або балотны мул, ёсьць часткава прыналежнасьцю дасканалага і прыгожага. Дык ня думай, што яно чужнае таму, што ты паважаеш, але заўсёды вяртайся ў душы да крыніцы ўсяго.

37. Хто бачыў сучаснае, той ужо бачыў усё, што было на працягу вечнасьці, і ўсё, што яшчэ будзе на працягу бязьмежнага часу. Таму, што ўсё аднароднае і аднолькавае.

38. Часьцей разважай пра ўзаемасувязь усіх рэчаў, што знаходзяцца ў сусьвеце. Бо ўсе яны быццам пераплецены паміж сабою, а таму ў сяброўстве з сабою знаходзяцца, ідуць адна за аднэю ў пэўным парадку. Гэта тлумачыцца непрарыўнасьці руху агульнаю ўзгодненасьцю і адзінствам існасьці.

39. Прытарноўвайся да абставінаў, якія выпалі табе на долю. І ад усяго сэрца любі людзей зь якімі выпала табе на долю жыць.

40. Усякая прылада, прыспасабленьне, пасуда будуць у добрым стане, калі будуць выконваць працу, дзеля якое яны зроблены, хоць той, хто стварыў, не знаходзіцца каля іх. Што да прадметаў, створаных натураю, дык творчая сіла знаходзіцца ў сярэдзіне іх і знаходзіцца зь імі. Таму яе неабходна асабліва шанаваць і быць упэўненым, што, калі твая пастава будзе ў сузгоднасьці зь ейнаю волею, дык усё ў табе знаходзіцца ў сузгоднасьці з інтэлігэнцыяю. Бо ў сусьвеце рэчы, якія належаць да яе, зьяўляюцца ў сузгоднасьці з інтэлігэнцыяю.

41. Калі ты ўважацімеш за дабро ці зло што-небудзь, што не залежыць ад твайго выбару, дык табе давядзецца за наяўнасьць такога зла ці адсутнасьць такога дабра зьвяртацца з упіканьнямі да багоў і ненавідзець людзей, якія сапраўды зьяўляюцца прычынаю наяўнасьці зла, ці адсутнасьці дабра, або толькі падазраюцца ў гэтым; пры такіх адносінах да падобных рэчаў нам давядзецца шмат у чым паступаць несправядліва. Калі-ж мы будзем лічыць дабром або злом толькі тое, што залежыць ад нас самых, дык ня будзе ўжо ніякае прычыны вінаваціць Бога, або апавяшчаць вайну людзям.

42. Усе мы супрацуем у напрамку адзінае агульнае мэты, адны з веданьнем і разуменьнем, іншыя - нясьведама. Дзеля гэтага, як мне здаецца, Гэраклітос і кажа, што і тыя, што сьпяць, гэтаксама дзейнічаюць і супрацуюць з тым, што адбываецца ў сусьвеце. Але кажны супрацуе па-свойму: і разбэшчаны паклёпнік, і той, хто спрабуе супрацьдзейнічаць таму, што адбываецца; бо сусьвет патрабуе і гэтакіх людзей. Затым, табе трэба вырашыць, да якіх людзей ты сябе залічаеш. Той, хто кіруе Цэлым, усё роўна выкарыстае цябе адпаведным спосабам і ўчыніць цябе адным з актыўных супрацоўнікаў. Але няхай твой удзел ня будзе падобны на таго благога і дурнога верша ў драме, пра які ўспамінае Хрызіппос.

43. Ці Сонца-бог бярэцца за выкананьне працы дажджу, або Асклепіёс за працу багіні Плоднасьці? І як тут рэч маецца з кажнаю з зорак? Ці-ж яны ня розьняцца паміж сабою і не супрацуюць адначасна?

44. Калі багі мелі які-небудзь замер адносна мяне і таго, што займела месца ў маім жыцьці, дык замер іхны цудоўны. Бо Бога, пазбаўленага замераў, цяжка ўявіць сабе. Дый зь якое прычыны павінны яны былі-б імкнуцца спрычыніць мне зло? Якая карысьць была-б ім згэтуль або Цэламу - прадмету іхнай большае ўвагі? Калі яны ня мелі ніякіх замераў адносна мяне асабіста, дык, што найменей, мелі адносна Цэлага наагул; але і ў гэтакім выпадку я павінен вітаць і любіць свой удзел, як выражэньне неабходнае сувязі з Цэлым. Калі-ж у багоў наагул няма ніякіх замераў - з чым трудна згадзіцца - тады ня будзем ані прыносіць ахвяраў, ані маліцца, ані клясьціся, - ня будзем, адным словам, рабіць нічога такога, што мы робім, як людзі перакананыя ў існаваньні багоў і ў іхную лучнасьць з намі. Але, калі нават багі і ня маюць ніякіх замераў адносна нас, дык усё-ж, я сам магу мець замер адносна самога сябе - і павінен разгледзець, што мне карысна, Для кажнага карысным ёсьць тое, што знаходзіцца ў гармоніі зь ягоным фізычным уладжаньнем і натураю. Мая натура ёсьць рацыянальнаю і грамадзкаю. Для мяне, Антонінуса, маё места і бацькаўшчына - ёсьць Рым, як для чалавека - сусьвет. І тое, што карысным ёсьць для гэтых двух местаў, карысным зьяўляецца і для мяне.

45. Штоколечы здараецца з кажным з нас, карысным ёсьць для Цэлага; і гэтага хопіць. Але пры ўважным назіраньні можна пераканацца і ў тым, што наагул усё, што карысным ёсьць для аднаго чалавека - карысным ёсьць для іншых людзей. Паняцьце карыснага тут трэба браць у болей агульным значэньні таго, што ляжыць паміж дабром і злом.

46. Гэтак, як паўтарэньне прадстаўленьняў у амфітэатры і іншых падобных мясцох можа нарэшце абрыдзець, і аднастайнасьць учыніць відовішча дакучлівым, падобнае спатыкаем на працягу ўсяго жыцьця. Бо кажная рэч наверсе і нанізе - гэта тое самае, і з таго самага. І калі-ж канец гэтага?

47. Заўсёды думай пра розных людзей, розных заняткаў і розных краінаў, і гэткім шляхам да Філісьціёна, Фойбоса, Орыганіёноса. Пасьля перайдзі ў думцы да іншых пакаленьняў. І нам давядзецца адправіцца туды, куды адыйшло гэтулькі вялікіх аратараў, гэтулькі слаўных філёзафаў, як Гэраклітос, Пітагорас, Сакратас, гэтулькі герояў старажытнасьці, а за імі гэтулькі стратэгаў і тыранаў; пасьля Эўдоксос, Гіппархос, Архімэдэс і іншыя людзі, таленавітыя, узвышанага спосабу думаньня, працаахвочыя, здольныя, упэўненыя ў свае сілы, і нават такія выкрывальнікі пустэчы і хуткасьці чалавечага жыцьця, як Меніппос і яму падобныя. Усе яны - памятай пра гэта - ужо даўно ляжаць у зямлі. Што ў гэтым жудаснага для іх? А што для тых, імёны якіх ужо зусім забытыя? Толькі адно, сапраўды, зьяўляецца каштоўным: пражыць жыцьцё, праяўляючы праўду, справядлівасьць і дабразычлівасьць нават да людзей хлусьлівых і несправядлівых.

48. Калі ты хочаш парадаваць сябе, дык падумай пра мужнасьць людзей, зь якімі ты жывеш. Адзін адзначаецца дзейнасьцю, іншы - сьціпласьцю, яшчэ іншы - шчодрасьцю, і яшчэ адзін добрымі якасьцямі. Нічога не спрычыняе гэтакае радасьці, як вобраз мужнасьцяў, якія праяўляюцца ў звычаях людзей, што жывуць з намі, і спатыкаюцца ў большых ці меншых групах. Таму заўсёды май іх на ўвазе.

49. Хіба-ж ты ня гневаешся з тае прычыны, што важыш меней, чымся трыста фунтаў? Гэтаксама ня гневайся і на тое, што калі табе наканавана пражыць дадзеную колькасьць гадоў, і ня болей; задавальняйся вызначаным табе часам, як ты задавальняешся вызначанаю табе сутнасьцю.

50. Паспрабуй пераканаць людзей, паступаць разумна. І дзейнічай нават наўсуперак іхнае волі, калі прынцыпы справядлівасьці вядуць у гэтым напрамку. Калі-ж нехта ўжывае гвалт супроць цябе, дык шукай сховішча ў здаваленьні самым сабою, у супакоі духу; адначасна выкарыстай перашкоду для іншае дабрадзейнасьці. І памятай, што тваё імкненьне заўсёды ўмоўнае, і ты не дабіваешся нічога немагчымага. Але што ты хочаш асягнуць? Толькі гэтакае імкненьне. Але ты ўжо асягнуў яго, нават калі тое, да чаго ты імкнешся, застанецца неасягальным.

51. Славалюб бачыць сваё дабро ў чужым дзеяньні. Аддадзены насалодзе - у зазнаным ім стане. Разумны-ж чалавек - у сваей дзейнасьці.

52. Зусім магчыма ня мець ніякага погляду адносна гэтага і вызваліць душу ад хваляваньняў. Бо-ж самі рэчы паводля свае натуры ня прымаюць дзейнага ўдзелу ў складаньні нашых меркаваньняў.

53. Прывучай сябе ўважліва адносіцца да словаў іншых людзей і старайся паводля магчымасьці пранікнуць у душу таго, хто гаворыць.

54. Тое, што ня прыносіць карысьці вульлю, ня прынясе яе і пчале.

55. Калі-б вадаплаўнікі ўздумалі лаяць стырнічага, а хворыя лекара, дык каго-б яны слухаліся? Ці мог-бы першы асягнуць уратаваньне тых, што плывуць, а другі - выздараўленьне хворых?

56. Колькі людзей, зь якімі я прышоў на сьвет, ужо пакінулі яго!

57. Таму, хто церпіць з прычыны разьліцьця жоўці, медзь здаецца горкаю; той, хто пакутуе ад шаленства, баіцца вады, а дзецям здаецца цудоўным мячык. І на што-ж я буду гневацца? Ці думаеш ты, што памылка менш здольная да такіх дзеяньняў, чым разьліцьцё жоўці ў хворага, ці атрута ў таго, хто пакутуе ад шаленства?

58. Ніхто ня можа табе перашкодзіць жыць у сузгоднасьці твае натуры, і нічога не адбываецца наўсуперак розуму агульнае натуры.

59. Што выяўляюць сабою тыя, якім людзі хочуць спадабацца, і дзеля якіх мэтаў, і з дапамогаю якіх дзеяньняў? Як хутка паглыне ўсё вечнасьць, і колькі ўжо яна праглынула.

КНІГА СЁМАЯ

1. Што гэта такое дрэннасьць? Тое самае, што ты ўжо нярэдка бачыў. І што-б ні здарылася, заўсёды май на ўвазе, што гэта нешта такое, што ты часта бачыш. Наагул, куды-б ты не павярнуўся, усюды ўбачыш адно і тое самае, чым напоўнена старажытная гісторыя, сярэдніх вякоў і новая, з паўтарэньнем тых самых рэчаў у нашых местах і нашых дамох. Тут няма нічога новага; усе рэчы ведамыя і хутка мінаюць.

2. Як могуць быць зьведзены ў нішто нашыя галоўныя прынцыпы, калі ўражаньні (думкі), якія, адказваюць ім, ня будуць зьнішчаны? Але ад цябе залежыць заўсёды ці ізноў паклікаць да жыцьця гэтыя ўражаньні. Я магу мець сваю думку адносна кажнае рэчы, якую толькі маю на ўвазе. Калі я магу, дык чаму-ж я маю турбавацца? Рэчы, якія знаходзяцца вонкі майго разважаньня, не патрабуюць мець ніякіх суадносінаў да майго думаньня. Зразумей гэта - і ты будзеш на правільным шляху. У тваей моцы вярнуць самога сябе да жыцьця, і паўзірацца ізноў на рэчы так, як ты глядзеў на іх раней, бо гэта прынясе табе новае жыцьцё.

3. Нічога нявартыя клопаты пра вонкавую бліскучасьць, сцэнічныя паказы, здабыцьце гуртоў дробнае ці буйнае жывёлы, змаганьні глядыятараў, барацьба шчанятаў за кінутую ім костку, і рыбаў за корм у сажалцы, карпатлівая праца мурашак, беганіна спалоханых мышэй, рухі лялек пры пацягваньні за шнурок - усё гэта зьявы ведамага парадку. Сярод усяго гэтага неабходна захоўваць дабразычлівасьць без ганарыстасьці, але мець на ўвазе, што вартасьць кажнага чалавека вызначаецца вартасьцю прадметаў ягоных натугаў.

4. У кажнай гутарцы неабходна зьвяртаць увагу на тое, што кажацца, і пры кажным чыне на тое, што здараецца. У першым выпадку, трэба сачыць за беспасярэднім аб'ектам гутаркі, у другім - перш за ўсё трэба ўважна глядзець на мэту і яе значэньне.

5. Ці хопіць майго зразуменьня для дадзенае справы? Калі хопіць, дык я скарыстаю яго для справы, як сродак, дадзены мне натураю Цэлага. Калі-ж ня хопіць, дык аддам гэтую справу таму, хто зможа яе ляпей выканаць, калі толькі яна не зьяўляецца маім абавязкам, або зраблю, што змагу, паклікаўшы на дапамогу таго, хто, скарыстаўшы і мой розум, зьдзейсьніць тое, што патрабуе ў дадзены момант агульнае дабро. Бо, раблю я што-небудзь сваімі сіламі, ці з дапамогаю іншага, імкнуцца неабходна толькі да таго, што патрабуецца агульным дабром і адпавядае яму.

6. Колькі людзей, калісьці праслаўленых, цяпер аддадзена забыцьцю. А колькі з тых, што, праслаўлялі іх, ужо даўно ў магіле?

7. Не саромейся зьвяртацца па дапамогу да іншых. Трэба выканаць сваю задачу, як таму войніку пры штурме сьценаў. Прымем, што ты кульгавы і і ня зможаш адзін узьлесьці на сьцяну; але з дапамогаю іншых, магчыма, удасца табе?

8. Няхай прышласьць не палохае цябе. Аанак ты дасягнеш яе, калі гэта будзе патрэбна, маючы той-жа розум, якім ты карыстаешся цяперака.

9. Усе рэчы зьяўляюцца суспольненымі між сабою; усюды боская зьвязанасьць, і насілу ці знойдзецца што-небудзь адчужанае ўсяму іншаму. Бо ўсё аб'еднана агульным парадкам і служыць упрыгожаньню аднаго і таго самага сусьвету. Бо з усіх рэчаў складаецца адзін сусьвет, і ўсё агортвае сабою адзін Бог, адзіная сутнасьць усяго, адно права, адзін і розум ува ўсіх жывых істотах, адна існасьць, калі толькі адзінаю зьяўляецца дасканаласьць для ўсіх істотаў аднаго і таго самага роду і прыналежных да аднаго і таго самага розуму.

10. Усё матэрыяльнае хутка зьнікае ў сусьветнай сутнасьці, кажны прычынны пачатак хутка праглынаецца сусьветным розумам. І памяць пра ўсё ня меней хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасьці.

11. Для разумнай істоты адно і тое самае дзеяньне будзе адпавядаць і натуры, і розуму.

12. Стой проста, або будзь пастаўленым проста іншымі.

13. Гэтак, як рэч маецца паміж часткамі аб'еднанага цела, гэтаксама рэч маецца паміж разьяднанымі прасторам разумнымі істотамі, створанымі для ўдзелу ў адзінай супрацы. Гэтая думка глыбей западзе ў цябе, калі ты будзеш часта казаць сабе: я зьяўляюся часткаю Цэлага, якое складаецца з разумных істотаў. - Калі ты назавеш сябе часткаю, дык ня будзеш яшчэ любіць людзей з усяго сэрца, і дзейнасьць для дабра іншых ня прынясе табе яшчэ канчатковага задавальненьня. У гэтай дзейнасьці ты будзеш бачыць толькі свой абавязак, але не сваё ўласнае дабро.

14. Няхай падае звонку ўсё, што хоча на часткі, якія могуць адчуваць пасьлядоўнасьць гэтага паданьня. Бо часткі, якія адчулі, будуць наракаць, калі яны захочуць. Але я, калі ня буду думаць, што тое, што здарылася, зьяўляецца злом, не дазнаціму ніякага гора. Ня думаць гэтак - зьяўляецца ў маей моцы.

15. Штоколечы нехта можа зрабіць або сказаць, маім абавязкам ёсьць застацца добрым, падобна, як золата, смарагд ці пурпур кажа: Штоколечы нехта іншы кажа ці чыніць, я павінен застацца смарагдам і захаваць свой колер.

16. Кіруючы пачатак не зьяўляецца прычынаю свае зьбянтэжанасьці; гэтым я хачу сказаць, што ён не палохаецца самога сябе, ані паддаецца цярпеньню. Калі-ж хто-небудзь іншы можа палохацца або цярпець, дык няхай ён чыніць гэта, бо сам ён абдумана ня створыць для сябе гэтакага стану.

Хай цела само паклапоціцца, калі можа, пра тое, каб не здарылася што-небудзь зь ім, і сказаць, калі што-небудзь здарыцца. Але душа, якая, фактычна, і баіцца, і церпіць, і творыць пагляд свой адносна ўсяго гэтага, ня будзе перажываць нічога, калі толькі з часам ня будзе змушанаю разьбірацца ўва ўсім гэтым.

Кіруючы пачатак сам у сабе ні ў чым ня мае недахопу, калі толькі сам не прабудзіць у сабе жаданьня. Затым, ён зьяўляецца свабодным ад зьбянтэжанасьці і перашкодаў, калі ня створыць іх для самога сябе.

17. Шчасьце - гэта мець добры гэній, або такі-ж кіруючы пачатак. Што-ж, затым, робіш ты тут, лятуценьне? Адыйдзі, дзеля багоў, гэтак-жа, як і прышло, я не патрабую цябе. Зьявілася ты з прычыны старога навыку. Я ня гневаюся на цябе, - адыйдзі толькі.

18. Баіцца хто-небудзь зьіначаньня? Але што можа прыйсьці да быцьця бяз зьіначаньня? Што можа быць болей любым або болей свомым для натуры Цэлага? Мог-бы ты карыстацца гарачаю вадою ў лазьні, калі-б дрэва ня было здольным да зьіначаньня? Мог-бы ты харчавацца, калі-б харчы ня былі здольнымі зьіначыцца? І што іншае із карыснага магло-б ажыцьцявіцца без працэсу зьіначаньня? Няўжо ты ня бачыш, што зьіначаньні, якія адбываюцца з табою, зусім нагадваюць сабою ўспомнутыя вышэй і, што таксама неабходнымі зьяўляюцца для Цэлага?

19. Усе целы хутка лятуць у сусьветнай субстанцыі, як у імклівай плыні, яны цесна зьвязаныя з Цэлым, дзейнічаючы супольна зь ім, падобна, як нашыя часткі ў іх зносінах адна да аднае.

Колькі Хрызіппосаў, колькі Сакратасаў, кодькі Эпіктэтусаў праглынуў ужо час? Няхай гэтая думка наведвае цябе ў адносінах да кажнага чалавека і кажнае рэчы.

20. Мяне турбуе толькі адно: каб не зрабіць чаго-небудзь такога, што не адказвае характару чалавека, або ў забароненай манеры і ў забароненым часе.

21. Неўзабаве ты забудзеш пра ўсё, і ўсё, у сваю чаргу, забудзе пра цябе.

22. Чалавеку свомым ёсьць любіць нават тых, каторыя крыўдзяць яго. Ты зразумееш гэта, калі пранікнешся думкаю, што яны блізкія табе і, што крыўдзяць яны цябе з прычыны несьведамасьці і супраць свае волі, і што хутка абодва вы памраце; і перад усім, што крыўдзіцель ня спрычыніў табе крыўды, бо ён ня ўчыніў характар твой горшым, чымся ён быў перад гэтым.

23. Для натуры Цэлага ўся сусьветная сутнасьць падобная да воску. Вось яна зьляпіла каня; тады ператоплівае яго і хвармуе дрэва, тады - чалавека, а пасьля яшчэ нешта іншае. І ўсё гэта ў вадным дню. Для скрынкі няма нічога жудаснага ў тым, каб раз быць разабранаю, як і ў тым, каб іншым разам быць зьбітаю ў цэласьць.

24. Твар перакрыўлены ад гневу, ёсьць нешта зусім ненармальнае. Калі такі выраз паўтараецца часта, ён быццам забівае чалавечы воблік, зусім гасіць яго, так што ніякім чынам нельга яго аднавіць. Із гэтага ўжо можна зразумець, што ён супярэчыць розуму.

Калі мы страцім і сьведамасьць памылкаў, дык дзеля чаго яшчэ жыць?

25. Натура, якая ўпраўляе цэласьцю, неўзабаве зьіначыць усё тое, што ты бачыш, і з субстанцыі ўсяго створыць іншыя рэчы і зноў іншыя рэчы зь іхнае субстанцыі, каб сусьвет вечна быў маладым.

26. Калі чалавек скрыўдзіў цябе, дык зараз-жа разваж, якая прычына адносна дабра і зла кіравала ім, а ня гневацца. Аднак, калі твой пагляд адносна дабра пакрываецца з ягоным ці зьяўляецца падобным да ягонага, дык ты павінен дараваць яму. Але, калі вашыя пагляды адносна дабра і зла разыходзяцца, дык табе будзе лягчэй захаваць дабразычлівасьць у адносінах да таго, хто памыляецца.

27. Ня думай пра тое, чаго ў цябе няма, як пра нешта, што ў цябе ёсьць; але з таго, што ў цябе ёсьць, выбяры найболей значнае і памяркуй адносна яго, колькі-б намаганьняў ты затраціў на тое, каб атрымаць яго, калі-б яго ня было. Але высьцерагайся адначасна, каб, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на гэтым, ты ня прывучыў сябе цаніць яго вельмі высока і, каб такім спосабам ня страціў-бы супакою духу, у выпадку, калі яго калі-небудзь ня будзе ў наяўнасьці.

28. Сканцэнтруйся ў самым сабе. Разумны і кіруючы пачатак паводля натуры гэтакі, што здавальняецца сабою ў сваей трапнай дзейнасьці і супакоем, які выцякае зь яе.

29. Выжані ўяву. Пакладзі канец нахілам. Ня выходзь за межы сучаснага. Зразумей тое, што адбываецца як з табою, гэтак і зь іншымі. Раскладзі і падзялі ўсе элямэнты на пачатак прычынны і пачатак матэрыяльны. Думай пра сваю апошнюю гадзіну. Пакінь чужыя памылкі там, дзе ім належыць быць.

30. Старайся пранікнуць душою ў зьмест таго, што гаворыцца. І няхай твой дух углыбляецца ў тое, што ўзьнікае і дзейнічае.

31. Радуйся ў шчырасьці, сьціпласьці і абыякавасьці таго, што ляжыць паміж мужнасьцю і заганаю. Любі род чалавечы. Слухайся Бога. Паэта кажа: Права кіруе ўсім. - І гэтага хопіць, каб памятаць, што Права кіруе ўсім.

32. Адносна сьмерці: Ці расьцярушаньне, ці распыленьне ў атамы або згасаньне - усё гэта ані зьнішчэньне, ані зьіначаньне.

33. Пра цярпеньне: Калі мы ня можам зьнесьці яго, яно забірае нас з жыцьця; калі-ж яно доўгатрываючае, дык яго можна зьнесьці; розум захоўвае свой уласны супакой сілаю ўпэўненасьці, і кіруючая здольнасьць ня станецца горшаю. Часткі-ж, пашкоджаныя цярпеньнем, калі яны могуць, няхай скажуць пра гэта.

34. Пра славу: Глядзі на мэнтальнасьць тых, што імкнуцца да славы; паўзірайся, што яны хочуць, і ад чаго ўхіляюцца, і куды ідуць. На беразе мора адзін пласт пяску наносіцца на другі і хавае яго пад сабою. Гэтак-жа сама і ў жыцьці: тое, што было раней, вельмі хутка зьнікла пад тым, што надыходзіць у сьлед за ім.

35. Словы Плятона:
- Ці думаеш ты, што для чалавека ўзьнёслае думкі, які агортвае сваім узрокам усе часы і ўсю субстанцыю, магчымым ёсьць уважаць, што людзкае жыцьцё зьяўляецца нечым вялікім?
- Гэта немагчыма, - сказаў ён.
- Дык гэтакі чалавек, тады, пачне думаць, што і сьмерць гэтаксама не зьяўляецца злом?
- Напэўна не.

36. Словы Антыстэнэса: Княжацкая гэта рэч - чыніць дабро і быць высьмейваным.

37. Ганьба, калі твар, паслухмяны жаданьням душы, прымае выгляд і выражэньне, свомыя ёй, а сама душа ня ў стане прыдаць сабе належны выгляд і выражэньне.

38. Карысьця якая гневацца на рэчы? Мала справы
Да пачуцьцяў нашых рэчам.

39. Безсьмяротным будзь богам, і нам, земнародным, уцехай.

40. Ня можна, каб у дзень свой ня зжатым было жыцьцё.
Як колас сьпелы, - гэты ня жыў, і той не памёр.

41. Хоць-бы мяне з двума дзяцьмі забылі вы,
Багі сусьвету - ўсё-ткі розум ёсьць і праўда ў тым.

42. Мне спадарожніца - Праўда; са мной дабро.

43. Няхай ня прыцягвае цябе ані чужы адчай, ні трыюмфаваньне.

44. Словы Плятона: Гэтакаму я адкажу справядліва: ты памыляешся, мой дружжа, калі ты думаеш, што чалавек з іскраю годнасьці ў ім павінен узважваць жыцьцё і сьмерць. Адзіная рэч, якую ён павінен браць пад увагу, дык гэта, ці паступае ён правільна ці няправільна.

45. І гэта праўдаю ёсьць, мужы атэнскія, дзеколечы чалавек паставіць самога сябе ў перакананьні, што гэта ёсьць найлепшае месца для яго, або дзеколечы ён быў пастаўлены ягоным старшынёю, там ён мусіць, як я думаю, стаяць і ня браць на сябе ніякае рызыкі, дарогаю выбару паміж сьмерцяю або чым-небудзь іншым, перад неславаю.

46. О добраслаўлены! Паўзірайся ўважна, магчыма, што шляхэтнасьць і дабро розьняцца ад таго, што мы называем ратаваць і быць выратаваным. Магчыма, праўдзівы чалавек ня будзе рупіцца пра тое, каб пражыць як найдаўжэй, але ён ведае, як жанчыны кажуць, што ніякі чалавек ня можа ўхіліцца ад свае долі і дзеля гэтага ён ня будзе хапацца за жыцьцё, але, пакідаючы ўсё Богу, будзе шукаць шляхоў, каб правесьці час свайго жыцьця ў як найболей годны спосаб.

47. Глядзі на рух зорак, быццам ты адбываеш гэты рух разам зь імі; заўсёды думай аб пераходзе элямэнтаў адзін у аднаго. Бо такія думкі ачышчаюць ад бруду зямнога жыцьця.

48. Гэта прыгожыя словы Плятона: Той, хто гаворыць пра людзей, павінен, быццам зь вяршыні гары, глядзець на ўсё зямное; на зграмаджэньні людзей, ваенныя выправы, зямляробскую працу, жанімствы, разводы, нараджэньні, сьмерці, на крыклівыя паседжаньні судоў, пустэльні, розныя плямёны барбараў, сьвяткаваньні, паховіны, кірмашы, зьмяшаньне разнаякіх і скамплікаваных супрацьлегласьцяў.

49. Паўзірайся на мінулае: колькі пераваротаў перажылі ўжо дзярхавы! Можна прадбачыць і прышласьць. Бо-ж яна будзе гэтакаю самаю і ня выйдзе з рытму таго, што адбываецца ў дадзеную хвіліну. Затым, ня мае значэньня, ці будзеш ты назіраць людзкае жыцьцё на працягу сарака гадоў, ці дзесяці тысяч гадоў. І што ўбачыш ты новага?

50. Усё назад прыцячэ: што жыве на зямлі.
Ня міне спарахнець;
А нябёсаў пасеў, прыўзьняты зь зямлі,
Расьцьвіце ў небе зноў.
Гэта - ці расклад сьплеценых паміж сабою атамаў, ці падобнае расьцярушаньне беспачуцьцёвых элямэнтаў.

51. Пітвом, ядой, чароўным зельлем марыць
Вусьце сьмерці ад рэчышча адвесьці.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі вецер багоў наляціць, мусім мы
Цяжар працы нясьці без папроку.

52. Ёсьць людзі лепшыя за цябе ў майстэрстве барацьбы. Але няхай ніхто ня стане лепшым за цябе ў адданасьці агульнаму дабру, у сьціпласьці, у пакорлівасьці таму, што адбываецца, у зразуменьні да памылак блізкіх табе людзей.

53. Дзе ёсьць магчымасьць дзейнічаць у адпаведнасьці з розумам, які зьяўляецца агульным для багоў і людзей, там няма чаго баяцца. Бо дзе можа быць асягнута карысьць шляхам правільна накіраванае і ў гармоніі з нашаю натураю дзейнасьці, там ня трэба баяцца якое-небудзь шкоды.

54. Усюды і заўсёды ў тваей моцы здавальняцца з пашанаю сваім сучасным станам, і адносіцца справядліва да людзей, што акружаюць цябе, і праяўляюць сваю здольнасьць у напрамку кантролі свае думкі, каб нічога неадпаведнага не пранікла ў яе.

55. Не азірайся на тое, чым людзі кіруюцца, але глядзі адважна туды, куды вядзе цябе натура - натура Цэлага тым, што здараецца з табою, і твая ўласная натура тым, што трэба табе рабіць. Кажнай істоце трэба рабіць тое, што вымагае ягоны стан. Але ўсе іншыя істоты, з прычыны свайго ўладжаньня, прызначаны для рацыянальных істотаў, гэтак, як і ўсюды - меней дасканалае для болей дасканалага; разумныя-ж істоты адзін для аднаго.

Затым, першае месца ў уладжаньні чалавека займае ягоная сьведамасьць грамадзкасьці. І другое - непадатлівасьць у адносінах да стану, у якім знаходзіцца цела; бо-ж руху разумнаму і духоваму свома адмяжоўвацца і ніколі не здавацца перад рухам пачуцьцяў і імкненьняў, - апошнія бо зьяўляюцца рухамі жывёльнымі, а духовае жадае пяршынства і ня быць пераможаным імі, што і справядліва, таму, што яно паводля натуры павінна карыстацца імі. Як на трэйцяе, у ладзе істоты, неабходна паказаць на адгароджваньне сябе ад непрадуманасьці і ашуканства. Заручыўшыся ўсім гэтым, кіруючы пачатак павінен ісьці сваім простым шляхам, валодаючы тым, што належыць да яго складу.

56. Уяві сабе, што ты ўжо памёр, што жыў толькі да гэтае хвіліны; і час жыцьця, які яшчэ астаецца табе, праводзь у згодзе з натураю.

57. Любі толькі тое, што здараецца з табою як і тое, што выткана зь нітак твайго прадвызначэньня. Бо, што болей адказвала-б тваім патрэбам?

58. Штоколечы-б з табою здарылася, май прад вачыма тых, зь якімі здарылася тое самае і, якія з гэтае прычыны гневаліся, дзівіліся, наракалі. Дзе яны цяперака? Нідзе. Добра, ці хочаш і ты ўпадобіцца ім? І чаму-б табе не пакінуць усе гэтыя хваляваньні, якія зьяўляюцца чужымі для твае натуры, тым, хто выклікаў іх, і церпіць з прычыны іх? Чаму ты не праяўляеш замеру выкарыстаць для сябе ўсе гэтыя здарэньні? Выкарыстаць-жа ты можаш выдатна, ня маючы недахопу ў матар'яле. Будзь толькі ўважным да самога сябе і праяві ахвочасьць быць выдатным ува ўсім, што ты робіш. І памятай, што тое, на чым чын абасноўваецца, астаецца абыякасным.

59. Узірайся ў самога сябе. У табе - крыніца дабра, якая ніколі ня вычарпаецца, калі ты заўсёды будзеш капаць.

60. І цела павінна мець самавітасьць, і не праяўляць нерэгулярнасьцяў у рухах, ані паставе. Бо-ж душа выяўляецца ў абліччы, прыдаючы яму разумнасьць і належны выгляд; падобнае можна вымагаць і ад цела. Але прытрымлівацца ўсяго гэтага трэба бяз вычварнасьці.

61. Мастацтва жыцьця болей нагадвае сабою мастацтва змаганьня барцоў, чымся танцу. І з увагі на гэта, павінна быць у сталай гатоўнасьці і стойкасьці, каб спаткаць і адбіць нечаканае і непрадбачанае.

62. Заўсёды думай пра людзей, што гэта за людзі, узнаньне якіх ты хочаш займець, і якімі матывамі яны кіруюцца. І ты ня будзеш ані вінаваціць іх за іхныя нясьведамыя памылкі, ані мець патрэбнасьці ў іхным узнаньні, і асабліва тады, калі ты зазірнеш у крыніцу іхных паглядаў і іхных імкненьняў.

63. Ніякая душа, - кажа філёзаф, - не пазбаўляе сябе дабраахвотна праўды або справядлівасьці, гэтаксама і разважлівасьці, і дабразычлівасьці, і кажнае іншае падобнае рэчы. Найболей неабходна заўсёды думаць пра гэта, бо тады ты будзеш болей лагодна адносіцца да іх.

64. У часе кажнага болю ўспомні зараз-жа аб тым, што зносіць боль не зьяўляецца сорамнаю рэчаю; што ён ня чыніць кіруючае душы горшаю, бо ён ня дзейнічае згубна на тваю кіруючую інтэлігэнцыю; ён ня спрычыняе шкоды ані ў галіне рацыянальнай, ані грамадзкай. У бальшыні выпадкаў пры адчуваньні болю ты можаш паклікаць на дапамогу словы Эпікуроса, што боль зьяўляецца ані нязносным, ані заўсёды-трываючым, калі толькі ты будзеш памятаць, што і ён мае свае межы і, калі ты нічога не дадасі са свае фантазыі. І гэта яшчэ памятай, што мы не разумеем, што шматлікія рэчы, якія дадаюцца, зьяўляюцца супярэчнымі для нас, гэтакімі самымі, як боль, санлівасьць, сьпякота, і адсутнасьць апэтыту. Калі ты нездаволены з прычыны гэтых рэчаў, дык скажы самому сабе, што я не перамог болю.

65. Старайся нават у адносінах да ніжэйшых існаваньняў ня мець тых пачуцьцяў, якія людзі часта маюць адзін да аднаго.

66. Скуль мы ведаем, што Тэляўгэс ня быў характарам вышэй за Сакратаса? Бо не зьяўляецца тое дастатковым, што Сакратас памер болей слаўнаю сьмерцяю, і з большым посьпехам дыскутаваў з сафістымі, што ён праявіў большую вытрываласьць, праводзячы ноч на марозе, і што, калі ён, атрымаўшы загад арыштаваць Лявонта з Салямісу, уважаў для сябе болей шляхэтным не падпарадкавацца загаду і выйшаў адважным крокам на вуліцу - хоць што да гэтага факту, некаторыя людзі сумняваюцца. Але мы мусім разгледзець, якую душу меў Сакратас, ці мог ён здавольвацца справядлівасьцю ў адносінах да людзей, і набожнасьцю да багоў, ці ня гневаўся ён на заганы людзей, ці не патураў чыёй-небудзь неадукаванасьці, ці не глядзеў на дар, дадзены яму натураю Цэлага, як на нешта чужнае, або, ці як на нейкі цяжар, як нешта нясьцерпнае, і ці не паддаўся ўплыву кволасьці цела.

67. Натура гэтак злучыла інтэлігэнцыю зь целам, што ты зьяўляешся ў стане сам вырашыць сваю ўласную справу. Вельмі магчыма стацца богападобным, застаючыся нікому ня ведамым. Заўсёды памятай аб гэтым; а гэтаксама і тое, што, каб быць шчасьлівым у жыцьці, вельмі мала патрэбна. І затым, што ты страціў надзею стацца дыялектыкам і чалавекам абазнаным з натураю, усё-ж не пакідай з гэтае прычыны надзеі астацца адначасна свабодным чалавекам, аддадзеным агульнаму дабру і паслухмяным Богу.

68. Жыві свабодна і без нараканьняў у вясельлі духа, які нічым не азмрочваецца нават і тады, калі ўсе людзі абсыпаюць цябе рознымі ўпіканьнямі, а дзікія зьверы растузваюць бездапаможныя часткі твайго цела. Бо што можа перашкодзіць інтэлігэнцыі захаваць, ня гледзячы на ўсё гэта, свой унутраны супакой, праўдзівы пагляд на ўсё навакольле і гатоўнасьць выкарыстаць тое, што выпала ёй на долю? Кемнасьць меркаваньня тут быццам зьвяртаецца з спасьцярогаю: Гэтакае ты наводля свае сутнасьці, хоць людзі і ўяўляюць цябе нечым іншым. Здольнасьць скарыстаньня можа зьвярнуцца да магчымасьці: Я шукала цябе; бо ўсё сучаснае заўсёды зьяўляецца для мяне матар'ялам разумнае і грамадзкае мужнасьці, а ўсё ў сваей суцэльнасьці - мастацтвам, якое належыць да чалавека або да Бога. Бо-ж усё, што адбываецца, мае свае суадносіны да Бога або чалавека - і адначасна не зьяўляецца чымсьці новым і нязручным, але знаёмым.

69. Маральная дасканаласьць характару выяўляецца ў тым, каб праводзіць кажны дзень, як апошні ў жыцьці, і быць ані гвалтоўным, ані нягеглым ці крывадушным.

70. Несьмяротныя багі ня гневаюцца за тое, што на працягу гэтак доўгага часу ім даводзіцца мець дачыненьне з гэтакімі людзьмі, якімі яны ёсьць і гэтакаю колькасьцю бязвартасных зь іх, і ўсё-ж, у розны спосаб яны апякуюцца імі. Але ты, катораму прадназначана памерці, чуешся ўтомленым з увагі на бязвартасных, і затым, што зьяўляешся адным зь іх?

71. Сьмешна, што чалавек, стараючыся ўхіліцца ад чужое сапсаванасьці - што немагчымым для яго, не стараецца ўхіліцца ад свае ўласнае, - што поўнасьцю магчымым яму.

72. Тое, што разумная і грамадзкая здольнасьць знаходзіць неразумным і шкодным для грамадзкасьці, тое яна слушна лічыць ніжэй свае годнасьці.

73. Калі ты зрабіў дабро, а іншы чалавек атрымаў дабро, дык чаго-ж ты, упадабляючыся да глупцоў, імкнешся яшчэ да чагосьці трэйцяга, накшталт славы добрага чалавека, ці нагароды?

74. Ніхто не адчувае змучанасьці пры атрымлі