Дык будзьце патрыётам, а не шавіністам. Быць патрыётам - гэта азначае жадаць усімі сіламі сваёй душы стварэньня людзкага, дзяржаўнага і палітычнага сужыцьця людзей, што жывуць на Ўкраінскай зямле, а не мроіць пра патапленьне ў Дняпры большасьці сваіх жа ўласных землякоў. Быць патрыётам - гэта азначае шукаць задавальненьня ня ў тым, «каб быць украінцам», а ў тым, каб было гонарам насіць імя ўкраінца. Быць патрыётам - гэта азначае перш за ўсё патрабаваць прыгожых і добрых учынкаў ад сябе, як ад украінца, а ня перш за ўсё ненавідзець іншых таму, што яны «не ўкраінцы». Урэшце, быць патрыётам, гэта азначае, будучы ўкраінцам, выхоўваць у сабе перш за ўсё грамадзкія, палітычныя, дзяржаватворчыя прыкметы: веру ў Бога і паслухмянасьць яго законам, гэта значыць духоўныя вартасьці; далей вернасьць, цьвёрдасьць, сільнавольнасьць, дысцыпліну, пашану да сваёй традыцыйнай улады (манархізм), наогул кажучы, рыцарскасьць - гэта значыць палітычныя вартасьці. Быць жа шавіністам - гэта азначае прыкрываць сваю духоўную пустку (безрэлігійнасьць) і сваю руіннасьць: здрадніцтва, кар'ерызм, здэклясаванасьць - фанатычнымі выгукамі пра «маці-Ўкраіну», пра «родную мову», пра «мы - украінцы!», пра клятых «маскалёў ды ляхаў» і да т.п. Барані Божа Вас ад такога роду «нацыяналізму», які можа прынесьці толькі тое, што ўжо прынес: руіну Ўкраіны.
12 сьнежня 1925 г.
Пераклад: Алесь Хмара
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com