РАЗДЗЕЛ 1
Развіццё нацыянальнай ідэі

З усіх светапоглядаў і веравызнанняў, якія змагаюцца за душы людзей у сучасным свеце, найбольш распаўсюджанай і трывалай з'яўляецца нацыянальная ідэя. Іншыя ідэі дасягнулі больш значнага, але часовага поспеху ці знайшлі сабе апірышча ў адной пэўнай краіне. Іншыя светапоглядныя сістэмы ўздымалі людзей на больш гераічныя ці нават жахлівыя дзеянні. Але нішто не змагло так паспяхова ўсталявацца ў кожнай частцы свету, прывабіць столькі людзей рознага жыццёвага досведу і ў розных краінах, як нацыяналізм. Ні адна іншая ідэя не праяўлялася ў такіх разнастайных абліччах і не перажывала часовы заняпад толькі дзеля таго, каб пасля стаць яшчэ больш моцнай і трывалай. Ні адзін іншы светапогляд не пакінуў такога моцнага адбітку на мапе свету і на нашым пачуцці саматоеснасці. Перш за ўсё нас атаясамліваюць з нашай «нацыяй». Наша жыццё рэгулюецца перадусім нацыянальнай дзяржавай, у якой мы нарадзіліся. Вайна і мір, гандаль і падарожжы, адукацыя і дабрабыт вызначаецца для кожнага нацыянальнай дзяржавай, у якой мы жывем. З дзяцінства ў нас выхоўваюць любоў да краіны і вучаць цаніць асаблівыя вартасці нашай нацыі. І хоць у далейшым жыцці некаторыя з нас могуць адмовіцца ад патрыятычнага ідэалу, а некаторыя - стаць «здраднікамі», большасць грамадзян будзе захоўваць ціхую лаяльнасць да сваёй нацыі, што ў час крызісу можа ператварыцца ў палкую адданасць і гарачае падпарадкаванне грамадзянскаму абавязку.

Што ж такое нацыянальная ідэя, якая можа выклікаць гэткую адданасць у столькіх краінах? Адкуль яна пайшла? Гэта не было нешта натуральнае, уласцівае чалавеку, як фізічныя дадзеныя ці сям'я. Першае яснае фармуляванне гэтай ідэі адбываецца ў час Французскай рэвалюцыі. У тэкстах таго часу мы можам прачытаць, што толькі нацыя з'яўляецца сапраўдным суверэнам, што чалавек павінен быць адданы перадусім нацыі, і што толькі нацыя можа ўсталёўваць законы для сваіх грамадзян[1]. Тут таксама ўпершыню можна пачуць заклікі да зброі ў абарону Бацькаўшчыны (patrіe) і думку пра тое, што «грамадзянін» Францыі мае пэўныя правы і абавязкі перад сваёй нацыяй[2]. Хоць Французская рэвалюцыя была не першай праявай новай «нацыянальнай» эпохі, яна была першай гістарычнай падзеяй, падчас якой добраахвотна аб'яднаныя грамадзяне дзейнічалі разам на карысць «нацыі», а не дынастыі. І ўпершыню грамадзяне намагаліся распаўсюдзіць адзіную культуру і адзіную мову на ўсе рэгіёны сваёй краіны, зламаць усе бар'еры паміж гэтымі рэгіёнамі, стаць адзінай нацыяй, адданай адной ідэі[3].

Што ж было гэтай нацыянальнай ідэяй? Перш за ўсё, гэта было перакананне, што ўсе тыя, хто мае агульную гісторыю і культуру, павінны жыць разам, асобна ад іншых, на сваёй шанаванай і прызнанай радзіме. Але калі французы, як і ангельцы, маглі гаварыць у вялікай ступені пра агульную гісторыю і культуру, то для іншых гэта было досыць праблематычна. Французам не трэба было шукаць або ствараць сваю саматоеснасць. Яны маглі сканцэнтравацца на дасягненні самакіравання і адзінства, на звяржэнні абсалютысцкага ancіen regіme і на разбурэнні феадальных бар'ераў паміж рэгіёнамі. Але ў немцаў, італійцаў і грэкаў, якія ўспрынялі нацыянальную ідэю неўзабаве перад пачаткам напалеонаўскіх заваёваў, не было глыбокага адчування агульнай гісторыі ці культуры, - і нават таго мінімуму тэрытарыяльнага адзінства, якое мелі французы з іх амаль што «натуральнымі» межамі[4]. Яны, такім чынам, былі вымушаны надаваць значна больш увагі выхаванню ў сваіх суайчыннікаў пачуцця новай «нацыянальнай» сваеасаблівасці і саматоеснасці. Так што з самага пачатку «нацыянальная ідэя» пачала пашыраць свой змест, каб адпавядаць новым інтарэсам і рэгіянальным асаблівасцям.

Гісторыя развіцця нацыянальнай ідэі з'яўляецца гісторыяй яе бесперапыннага пашырэння і трансфармацыі - у адпаведнасці з разнастайнымі інтарэсамі і патрэбамі ўсё новых хваляў сваіх прыхільнікаў і служкаў. Але гэта таксама гісторыя пратэанскай здольнасці заставацца нязменнай праз усе трансфармацыі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з якімі ёй давялося сустрэцца.

У грунце «нацыянальнай ідэі» ляжыць пэўнае светаўспрыняцце і пэўны тып культуры. У адпаведнасці з гэтым успрыняццем, чалавецтва «рэальна» і «натуральна» падзяляецца паводле гісторыі і культуры на вызначаныя супольнасці, якія называюць нацыямі. Кожная нацыя своеасаблівая і ўнікальная. Кожная прыносіць нешта сваё, каштоўнае, у адзіную сям'ю нацыяў.

Кожная нацыя абумоўлівае самавызначэнне сваіх сябраў, таму што яе спецыфічная культура фармуе асобу. Ключом да гэтай культуры з'яўляецца гісторыя, пачуццё гістарычных архетыпаў, якія перадаюцца да новых і новых пакаленняў. Гістарычная культура, нібы ланцуг, звязвае сучасныя і будучыя пакаленні з усімі папярэднікамі і такім чынам фармуе характар і звычаі нацыі. Чалавек вызначае сябе, у адпаведнасці з нацыянальнай ідэяй, праз сваю сувязь з продкамі і папярэднікамі, а таксама з падзеямі, якія сфармавалі іх светаўспрыняцце. Нацыянальная ідэя, такім чынам, прадугледжвае як успрыняцце свету, падзеленага на паралельныя і вызначаныя нацыі, так і культуру, што паўстае на грунце ўнікальных гістарычных падзеяў.

Але нацыянальная ідэя патрабуе нечага большага, чым нават асаблівае светаўспрыняцце ці асаблівая культура. Яна таксама патрабуе пэўнага віду салідарнасці і палітычнай праграмы. Нацыянальная ідэя непазбежна вядзе да «нацыяналізму» - праграмы дзеянняў для падтрымкі гэтай ідэі і дасягнення яе мэтаў. Салідарнасць, пра якую мараць нацыяналісты, засноўваецца на валоданні зямлёй, зямлёй мінулых пакаленняў, зямлёй, якая бачыла росквіт нацыянальнага генія. Такім чынам, нацыяналіст хоча ізноў завалодаць зямлёй, зрабіць яе абароненай «радзімай» для нацыі і пабудаваць на ёй нацыю. Салідарнасць, да якой ён імкнецца, такім чынам, засноўваецца на тэрыторыі. Без тэрыторыі немагчыма пабудаваць братэрства і салідарнасць, якіх патрабуе нацыянальная ідэя. Нельга выхаваць у людзей пачуццё крэўнасці і братэрства без прылучэння іх да месца, якое яны адчуваюць сваім, да радзімы, якая належыць ім па праву гісторыі. Таксама не змогуць яны рэалізаваць сябе і сваю культуру ў будучыні, калі толькі не будуць мець шанаваную і прызнаную радзіму.

Але, каб гэта адбылося, радзіма павінна быць вольнай. Ёю не могуць кіраваць іншыя, людзі іншай культуры. Такім чынам, нацыяналісты ўцягваюцца ў палітыку, у барацьбу за самакіраванне і суверэнітэт у сваёй радзіме. Не ўсе нацыяналісты хочуць поўнага суверэнітэту. Некаторыя могуць аддаваць перавагу аўтаноміі «самакіравання» ці федэрацыі з іншай дзяржавай. Але ўсе патрабуюць прызнання іх права на радзіму і гарантыяў ад умяшання ў свае нутраныя, асабліва культурныя, справы. І паколькі такое прызнанне і такія гарантыі часцяком складана захоўваць у федэрацыі з больш моцнай дзяржавай, нацыяналісты звычайна аддаюць перавагу аддзяленню з мэтай стварэння ўласнай суверэннай дзяржавы, за бяспеку і адміністраванне якой яны будуць цалкам адказваць самі. У такой дзяржаве яны змогуць свабодна ствараць такія арганізацыі і праводзіць такія дзеянні, якія будуць найлепш адпавядаць асаблівым патрэбам іх нацыі і яе культуры.

Нацыяналізм, такім чынам, уключае чатыры элементы: светапогляд, культуру, салідарнасць і палітыку. Ён адказвае на ідэалагічныя, культурныя, сацыяльныя і палітычныя спадзяванні і патрэбы. Яго поспех на працягу двух стагоддзяў часткова залежаў ад шкалы патрэбаў, якія ён задавальняў. Але не менш істотныя спосабы, якімі нацыяналісты могуць адаптаваць светапогляд, культуру, салідарнасць і чыннасць да разнастайных сітуацыяў і інтарэсаў. Менавіта гэтая гнуткасць дазволіла нацыяналізму бесперапынна аднаўляцца і распаўсюджвацца, у тым ліку за кошт яго ідэалагічных канкурэнтаў, з 1789 года па сённяшні дзень.

Цэнтральнай тэмай гэтай кнігі з'яўляецца аднаўленне нацыяналізму ў дваццатым стагоддзі, нягледзячы на сур'ёзную канкурэнцыю з боку іншых ідэалогіяў. У наступных раздзелах я больш дэталёва разгледжу сутнасць і карані нацыянальнай ідэі, а таксама галоўныя выклікі яе першынству ў нашым стагоддзі. Нацыяналізм, безумоўна, меў часовыя заняпады ў Эўропе пасля абедзвюх сусветных войнаў, і нават сёння ён мае сур'ёзныя праблемы ў некаторых азіяцкіх, афрыканскіх і лацінаамерыканскіх краінах. Тым не менш, яму заўсёды ўдавалася ўтрымацца супраць іншых ідэалогіяў і аднавіцца ў новых абліччах і з іншымі акцэнтамі. Я паспрабую даць некалькі высноваў наконт адраджэння нацыяналізму і яго неаслабнай прывабнасці. Тым не менш, немагчыма асэнсаваць ролю нацыяналізму ў сучасным сутыкненні ідэалогіяў, не памясціўшы яго ў гістарычны кантэкст і не разгледзеўшы асноўных напрамкаў паходжання і развіцця нацыяналізму напрыканцы васемнаццатага і ў дзевятнаццатым стагоддзі. У наступным кароткім нарысе я, такім чынам, проста вызначу некаторыя галоўныя стадыі і накірункі ягонага развіцця.

АСВЕТНІКІ І РАМАНТЫКІ

Калі Русо і французскія рэвалюцыянеры пачалі свой шлях да нацыянальнай ідэі, яны працавалі не ў інтэлектуальным вакууме. Лютэраў пераклад Бібліі на нямецкую мову запачаткаваў цікавасць да мясцовых моваў (у процівагу лацінскай), а рэнесансны гуманізм пашырыў захапленне антычнай літаратурай і мастацтвам. Сітуацыя рэлігійнай талерантнасці напрыканцы семнаццатага стагоддзя разам з цікавасцю ранняга Асветніцтва да паганскай старажытнасці дала жыццё шэрагу важных культурных дэбатаў. Першы з іх, Спрэчка паміж Старажытнымі і Новымі, разгарнула параўнанне паміж пэўнымі каштоўнасцямі антычнасці і васемнаццатым стагоддзем і прывяла да аптымістычнай высновы, што магчыма пераўзысці старажытных у мастацтве і навуках. Другая спрэчка закруцілася вакол грэкаў і рымлянаў, асабліва пасля таго, як такія даследчыкі і мастакі, як Сцюарт (Stuart) і Рэвет (Revett) расплюшчылі эўрапейцам вочы на чысціню і годнасць грэцкага мастацтва[5]. Трэцяя спрэчка, якая перакрывала дзве папярэднія, падзяліла прыхільнікаў імперскага, або «аўгустаўскага» ідэалу антычнасці, што ўвасобіўся ў Рымскай імперыі, і тых, хто аддаваў перавагу «дарыйскай» прастаце і яснасці «рэспубліканскага» ідэалу, мадэлямі якога былі Спарта, ранні рэспубліканскі Рым і час ад часу Афіны.

Апошняя дыскусія мела, безумоўна, палітычную падаплёку, і можна заўважыць відавочны пераход ад культурнага і грамадскага рэспубліканскага нацыяналізму Русо ці Дыдро да больш вызначанага палітычнага нацыяналізму ў мастакоў, як Давід, і пісьменнікаў, як Сіес (Sіeyes)[6]. Светапогляд культурна вызначаных нацыяў, кожная з якіх патрабавала сацыяльнага адзінства, сфармаваў зародак «нацыянальнай» ідэі, і жырандзінцам з якабінцамі заставалася ўвасобіць гэтую ідэю ў палітычным ладзе. Для падтрымкі і апраўдання сваіх дзеянняў ім трэба было толькі звярнуцца да адмысловага прачытання старажытных мадэляў, якія сталі ўвасабленнем іх ідэалаў. Усім ім у Спарце і раннім Рыме падабаўся просты стыль жыцця Цынцыната, вайсковая мужнасць Леаніда і самаахвярнасць Брута ці Катона. Што іх моцна ўражвала ў гэтых грамадствах, дык гэта дух грамадзянскага саўдзелу і перавага супольнасці над яе асобнымі сябрамі, якія добраахвотна прымаюць гэтую субардынацыю. Са сваімі вызначанымі і прызнанымі тэрытарыяльнымі межамі, антычны polіs, здавалася, цалкам адпавядае ідэалам добраахвотнай супольнасці і сапраўды «нацыянальнаму» духу салідарнасці[7].

Вяртанне да антычнасці ў васемнаццатым стагоддзі, безумоўна, не абмяжоўвалася адной часткай насельніцтва. Каралі і бюракраты, шляхта і гандляры - усе яны падзялялі агульнаэўрапейскі энтузіязм у адносінах да антычнага свету, да «Grand Tour»*, да адкрыццяў Геркуланума, Пампеяў, Пальміры і Афінаў. Але пасля 1760 года больш сур'ёзнае стаўленне да антычных ідэяў пачало звяртаць на сябе ўвагу некаторых прадстаўнікоў інтэлігенцыі і сярэдніх класаў. У выніку «рэспубліканскія» ідэалы неакласіцызму былі скіраваныя супраць геданізму, цынізму і махінацыяў скарумпаваных алігархіяў і абсалютысцкіх рэжымаў ва ўсёй Заходняй Эўропе. На кантыненце неакласіцысты-рэспубліканцы паўсталі супраць валюнтарызму дэспатычнага права, штучнасці іерархіі і фрагментацыі грамадства, і па ўсіх гэтых напрамках яны знайшлі разуменне і падтрымку ў нядаўна паўсталых сярэдніх класах[8].

    * Grand Tour - традыцыйнае падарожжа брытанскіх арыстакратаў па Эўропе для агляду старажытнасцяў (заўв. рэд.)

У Францыі галоўным саюзнікам радыкальнай інтэлігенцыі былі прамыслоўцы і прадпрымальнікі, якія хацелі аб'яднанай рэспублікі, без нутраных бар'ераў і арыстакратычных прывілеяў. У Германіі напачатку інтэлігенцыя была больш ізаляваная і раздробленая, але тут таксама паступова з'яўляўся сярэдні клас і разам з ніжэйшым пластом духавенства пачынаў падтрымліваць ідэю канстытуцыйнай рэформы і вяртання да сваёй уласнай культуры[9]. На ўсходзе, у Польшчы і Вугоршчыне, безмаёмасныя або збяднелыя арыстакраты пасля 1800 года пачалі групавацца вакол нацыянальнай ідэі[10]. На Балканах да інтэлігенцыі ў выгнанні хутка далучыліся заможныя гандляры і перакупшчыкі, а таксама многія святары нізкага сану для барацьбы за незалежнасць ад Атаманскай імперыі[11]. Нацыянальная ідэя была нават перавезеная ў Лацінскую Амерыку, дзе вайна самой Гішпаніі за незалежнасць супраць Напалеона з 1808 года дазволіла Балівару і Сан-Марціну павесці больш заможных гарадскіх крэолаў на барацьбу супраць гішпанскага імперыяльнага праўлення[12].

Доступ такіх розных частак насельніцтва да нацыянальнай ідэі прывёў да таго, што яе змест пачаў пашырацца і трансфармавацца. У выніку пасля 1800 года неакласічны і радыкальны французскі варыянт перастаў быць адзінай мадэллю. Уплывовымі сталі менш дэмакратычныя і больш містычныя версіі нацыянальнай ідэі, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Звычайна мяркуюць, што такі больш «рамантычны» нацыяналізм быў выкліканы ў гэтых краінах недахопам моцнай і ўплывовай буржуазіі, якая магла б падтрымаць інтэлігенцыю[13]. Але на ўздым рамантычнага і «арганічнага» нацыяналізму аказалі не меншы ўплыў і іншыя фактары. У рэшце рэшт, у Англіі, краіне з найбольш развітай буржуазіяй, напрыканцы васемнаццатага стагоддзя таксама спачатку паўстаў моцны рамантычны рух[14]. Сярод іншых фактараў мы можам адзначыць супраціў не толькі напалеонаўскім уладам, але і ўсім рэвалюцыйным і рацыяналістычным навацыям, якія гэтыя ўлады паўводзілі. Акрамя таго, многія народы, якіх заваяваў Напалеон, былі падзеленыя і падробленыя, але пры гэтым іх інтэлігенцыя магла доказна гаварыць пра нацыянальную гісторыю, не карацейшую за французскую, і аб нацыянальных мовах, якія пачыналі паўставаць з літаратурнай цемры. Такім чынам, у Германіі, Польшчы, Італіі і на Балканах больш рамантычны падыход да гістарычнай культуры пачаў абуджаць цікавасць да этнічных звычаяў, прыхільнасць да роднай мовы, настальгію па язычніцкім і сярэднявечным бляску, рэлігійную прагу - шмат што з гэтага мы знаходзім на старонках Русо і Гердэра (Herder), адзначаючы да таго ж роднасныя сувязі паміж асветнікамі-неакласіцыстамі і рамантычнымі даследчыкамі сярэднявечча[15]. Сапраўды, гэтая першая стадыя, якая была сведкай нараджэння нацыянальнай ідэі і працягвалася ад 1750-х да свайго паступовага завяршэння пры Напалеоне, з'яўляецца адначасова «неакласічнай» і «перадрамантычнай»; неакласічная прага аскетычнай антычнасці ідзе поруч з раннім гатычным адраджэннем, і разам яны сінтэзуюцца ў моцны палітычны ідэал[16].

РАДЫКАЛЫ І ТРАДЫЦЫЯНАЛІСТЫ

Другая фаза пачынаецца з войнаў супраць Напалеона і працягваецца да 1848 года. Цяпер націск робіцца на патрабаванне адзінства і палітычнай незалежнасці. Вугорцы, немцы, палякі, італійцы, грэкі, сербы, аргентынцы і чылійцы патрабуюць пакласці канец уладзе чужынцаў, прагнуць тэрытарыяльнага аб'яднання - згодна з дэмакратычнымі правамі і гістарычнай неабходнасцю. У большасці выпадкаў нацыяналісты засноўваюць свае патрабаванні як на радыкальных, так і на кансерватыўных прынцыпах, хоць напачатку ў Лацінскай Амерыцы радыкальна-дэмакратычны рацыяналізм Асветніцтва і Французскай рэвалюцыі пераважаў у барацьбе супраць традыцыяналісцкай каталіцкай Гішпаніі[17]. Ва Ўсходняй Эўропе радыкальная інтэлігенцыя часта паглыналася такімі больш традыцыйна арыентаванымі часткамі грамадства, як арыстакраты і ніжэйшае духавенства. У барацьбе супраць «асвечаных дэспатаў» у Аўстра-Вугоршчыне, Расеі і Прусіі, яе нацыянальны радыкалізм хутка атрымаў містычную, нават месіянскую якасць. Так, мара пра адраджэнне Польшчы, як пра ўваскрасенне ўкрыжаванага Хрыста-збаўцы, натхняла Міцкевіча і ягоны асяродак у выгнанні пасля няўдалага паўстання 1830 года[18]. На Балканах ранняму класічнаму рамантызму Караіса (Koraіs) і Рыгаса (Rhіgas) неўзабаве былі супрацьпастаўленыя больш традыцыйныя «візантыйскія» ідэі, асабліва пасля таго, як святары і сялянскія лідэры ў Грэцыі і мясцовыя правадыры ў Сербіі заявілі правы на першынства ў барацьбе, якая была і рэлігійнай, і нацыянальнай, і ў якой праваслаўныя супрацьстаялі няверным мусульманам[19]. У Германіі пасля 1810 года таксама назіралася рэлігійнае адраджэнне. Такія нямецкія нацыяналісты, як Ян (Jahn), Арндт (Arndt), Мюлер (Mueller) сталі пераемнікамі рамантычнай веры ў сярэднявечча Тыка (Tіeck), Шлегеля (Schlegel) і Наваліса (Novalіs) і марылі аб аднаўленні сярэднявечнай нямецкай дзяржавы. Гэткі самы рамантычны падыход да нямецкай нацыі як да арганічнага хрысціянскага адзінства натхняў Вагнера (Wagner) і народніцкіх прапагандыстаў пасля 1848 года[20]. У Італіі жаданне выкарыстаць каталіцтва і папскую спадчыну ўзнікла ў такіх кансерватараў, як Джабэрці (Gіobertі). І нават такія радыкалы, як Мадзіні (Mazzіnі), надавалі сваім марам аб нацыянальнай незалежнасці рэлігійнае адценне. Па ўсёй Эўропе, ад Ірландыі да Расеі Карамзіна, нацыянальная ідэя пашыралася, убіраючы ў сябе традыцыяналісцкія матывы[21].

Тым не менш гэта таксама была эра ліберальных і радыкальных нацыяналістычных рухаў. Нягледзячы на сваю цьмянасць і непаслядоўнасць, Мадзіні і яго паслядоўнікі-карбанары стаялі за аб'яднаную дэмакратычную Італію з рэспубліканскай канстытуцыяй, усталяванай паводле французскіх мадэляў. Арганізацыя Мадзіні пад назвай «Маладая Эўропа» была палітычным увасабленнем веры Гердэра ў асаблівую якасць кожнай нацыі і захаплення Русо спецыфічнымі ўстановамі і звычаямі такіх народаў, як гэбраі, карсіканцы і палякі[22]. У самой Францыі ліберальную нацыяналістычную лінію праводзіў гісторык Мішле (Mіchelet), насуперак тэакратычным і контррэвалюцыйным паглядам такіх кансерватараў, як дэ Мэстр (de Maіstre) і Баналь (Bonald)[23]. У Германіі такія ліберальныя канстытуцыяналісты, як Ротэк (Rotteck) і Вэлькер (Welcker), сталі вядомымі аратарамі, што выказвалі ў сваіх прамовах нацыянальныя памкненні сярэдніх класаў Рэйнскіх земляў. Але пасля 1830 года французскія ліберальныя ўплывы былі выцесненыя больш кансерватыўнымі англа-саксонскімі мадэлямі, і такія гісторыкі, як Дальман (Dahlmann), пачалі падтрымліваць больш іерархічную і па-манархісцку арыентаваную нацыянальную ідэю[24]. Аднак да 1848 года ўздым нацыянальнае ідэі ў большасці эўрапейскіх краінаў быў у асноўным звязаны з лібералізмам.

ІМПЕРЫЯЛІЗМ І АДДЗЯЛЕННЕ

Рэакцыя, якая надышла пасля рэвалюцыяў 1848 году, разыходжанне паміж нацыяналізмам і лібералізмам, якое праявілася ў гэтым годзе, і, больш за ўсё, схільнасць да кансалідацыі ў сваёй краіне і анексіяў за межамі хутка падмылі ліберальна-нацыяналістычны ідэал. Як можна было чакаць, гэтыя падзеі ўзмацнілі традыцыяналісцкія версіі нацыяналізму, але яны таксама выявілі новы від імперыялістычнага нацыяналізму і сталі сведкамі найвышэйшага ўздыму рухаў за нацыянальнае адасабленне ва Ўсходняй Эўропе.

З 1848 па 1890-я гады традыцыяналісцкія нацыяналістычныя рухі мелі моцныя ўплывы на эўрапейскую палітыку і з'явіліся нават у далёкай Японіі. Кіруючы клас і манарх ушаноўваліся як увасабленне нацыі, пры гэтым іерархія і традыцыі выражалі сутнасць яе гістарычнай культуры і яе сацыяльнага адзінства. У той жа час, гэтыя нацыяналістычныя рухі мелі агрэсіўны мадэрнізуючы кампанент з моцнымі мілітарысцкімі адценнямі. Некаторыя з гэтых тэмаў з'яўляюцца ў працах расейскіх славянафілаў, але іх сапраўднай радзімай была Бісмаркаўская Германія, дзе Лагардэ (Lagarde) і больш за ўсіх Трайчке (Treіtschke) прапанавалі моцную абарончую ідэалогію нямецкай дзяржавы і нацыянальнага адзінства, што ўжо зусім не нагадвала ліберальны канстытуцыяналізм ранняга арганічнага нацыяналізму Бурке (Burke)[25].

У супрацьлегласць такому дынастыйнаму і мілітарысцкаму нацыяналізму, розныя падпарадкаваныя народы распрацоўвалі сваю ўласную версію нацыянальнай ідэі. У сваёй сутнасці яна грунтавалася на праве народаў з вызначанымі гістарычнымі культурамі адасобіцца ад імперыі і ўсталяваць уласныя нацыянальныя дзяржавы. Этнічны змест такога нацыянальнага адасаблення пайшоў значна далей усяго таго, што нёс у сабе прынцып Канта аб «самавызначэнні», нават пасля паправак, унесеных Фіхтэ і ягонымі паслядоўнікамі. Ён таксама не быў абмежаваны крытэрыем мовы, вылучаным нямецкім Рамантызмам. Сярод сербаў і харватаў, палякаў і чэхаў, вугорцаў, румынаў, балгараў, украінцаў і гэбраяў рэлігія, звычаі і больш за ўсё гістарычныя антаганізмы дапамагалі вызначыць змест нацыянальнай ідэі, дапасаванай да патрэбаў этнічных меншасцяў, замкнёных у складзе вялікіх імперыяў[26]. Этнічныя сепаратысты былі адначасова і дэмакратамі, і кансерватарамі. Яны змагаліся з прыгнятальнікамі і дэспатычнымі тыранамі ад імя і дзеля ўсяго народу; тым не менш сама неабходнасць абараняць свае карані і гістарычную саматоеснасць супраць уладцаў і прыгнятальнікаў непазбежна надавала містычныя і архаізаваныя адценні іхняму паўстанню. Адраджэнне гісторыі, звычаяў і мовы дапамагала мінуламу як вызначаць будучыню гэтых народаў, так і служыць іх надзённым патрэбам[27].

Паколькі такі этнічны сепаратызм часцяком разглядаўся як увасабленне ўсіх нацыяналістычных рухаў - і нават іх класічнае выяўленне, трэба нагадаць, што фактычна яны складаюць толькі адну версію нацыянальнае ідэі ў той ступені, як яна пашырылася ў дзевятнаццатым стагоддзі. Сама Эўропа распрацоўвала іншыя версіі. Адна з іх - новы імперыялістычны нацыяналізм - мела глабальныя вынікі. Асабліва пасля 1870 года, калі гэтая ідэя аб імперыяльным абавязку заваёўваць, вучыць і вестэрнізаваць чужыя народы, каб яны сталі сапраўднымі грамадзянамі краіны-метраполіі, заваявала гарачую падтрымку ў некаторых заходнеэўрапейскіх дзяржавах. Францыя можа разглядацца як класічны прыклад. У Афрыцы французская каланіяльная палітыка намагалася «асіміляваць» афрыканскую эліту ў такіх краінах, як Сенегал і Бераг Слановай Косці, і ператварыць іх у чорных французаў з гэткімі ж палітычнымі правамі, якія мелі французы ў метраполіі. Для гэтай мэты афрыканскіх evolues вучылі французскай гісторыі і прывівалі ім любоў да французскай літаратуры і мовы[28]. У больш жорсткай расейскай версіі ўладцы намагаліся русіфікаваць, а часцяком і хрысціянізаваць нярускія этнічныя групы, што былі далучаныя да імперыі ў выніку анексіяў у Цэнтральнай Азіі і на Каўказе ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя. Але тут і сродкі былі больш жорсткія. Яны прадугледжвалі масавы наплыў расейскіх каланістаў, прымусовае ўвядзенне расейскай мовы як lіngua franca і неўзабаве выклікалі сур'ёзную незадаволенасць сярод ісламскіх і цюркскіх народаў[29].

У пэўным сэнсе, імперыялістычныя нацыяналістычныя рухі супярэчылі самі сабе. Яны мелі на мэце свет паралельных нацыяў, кожная з якіх мае ўласную культуру, і тым не менш яны намагаліся сцерці гэтыя культуры, каб забяспечыць імперскую асіміляцыю і аднароднасць. Брытанцы, безумоўна, дэманстравалі разуменне праблемы. Ва ўсялякім выпадку яны намагаліся, хоць і беспаспяхова, пазбегнуць канфліктаў праз палітыку ўскоснага кіравання, выкарыстоўваючы мясцовых кіраўнікоў, асабліва ў Афрыцы. Нягледзячы на гэта, нацыянальная ідэя непазбежна скажалася, і ў эру расавага дарвінізму з яе паўстала расавая ідэя, якая пагражала падмыць усю канцэпцыю нацыяналізму[30].

ПАПУЛІЗМ І АНТЫКАЛАНІЯЛІЗМ

Пасля эканамічнага крызісу 1870-х і барацьбы за імперыю з'явіліся дзве новыя версіі нацыяналізму, якія сталі вельмі ўплывовымі ў наступным стагоддзі: папулізм і антыкаланіялізм.

Папулізм быў у асноўным рэакцыяй ніжэйшых стратумаў насельніцтва і некаторых незапатрабаваных інтэлектуалаў на рэаліі масавай індустрыялізацыі. Рост вялікіх гарадоў і трушчобаў, вялікі наплыў гарадскіх беспрацоўных, пашырэнне акадэмічнага пралетарыяту - усё гэта, звязанае з распаўсюджаннем індустрыяльнага капіталізму, было галоўнай пагрозай дабрабыту і статусу гэтых бескарэнных пластоў. Папулізм ідэалізаваў невялікіх прадпрымальнікаў і ўхваляў прыгажосць вясковага і местачковага жыцця, супрацьпастаўляючы яго вялікай індустрыі ў вялікіх гарадах. І калі інтэлектуалы пачалі атаясамліваць маленькага чалавека з «народам», а народ з «нацыяй», настойваючы на вяртанні да простага жыцця ў вёсцы або мястэчку, папулісцкі нацыяналізм знайшоў масавую падтрымку.

Існуюць, безумоўна, некалькі розных версіяў папулізму. Версія, якая расквітнела сярод дробных амерыканскіх фермераў, грунтавалася на іх сутнаснай варожасці да капіталізму, да жыцця ў вялікіх гарадах і выявілася ў форме дэмакратычнай ксенафобіі. Іншая версія - папулізм інтэлігенцыі, якая звяртаецца да сялянства і ўшаноўвае сялянскую абшчынную арганізацыю, з'явілася ў Расеі ў 1870-я гады і была пазычаная некаторымі камуністычна-нацыяналістычнымі рухамі ў слабаразвітых краінах у гэтым стагоддзі[31]. Нарэшце, існаваў папулісцкі нацыяналізм нядаўна ўрбанізаваных ніжэйшых сярэдніх класаў, асабліва на такіх этнічна неаднародных тэрыторыях, як Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа. У гэтым выпадку расісцкія дэмагогі хутка распалілі страхі перад беспрацоўнымі і неўкаранёнымі імігрантамі і звялі «сапраўдную» нацыю да народных і расавых элементаў, якія маюць карані ў роднай зямлі; і гэта ў той самы момант, калі мігранты адчувалі сябе найбольш пакінутымі. Тут ёсць пэўная сувязь паміж нацыяналізмам і расава арыентаваным фашызмам. Гэта шлях, які можа прывесці да поўнага скажэння нацыянальнай ідэі[32].

1870-я гады таксама засведчылі першыя водгукі азіятаў і афрыканцаў на эўрапейскія імперыяльна-нацыяналістычныя рухі. Пасля таго, як аслабеў першапачатковы супраціў каланіяльнай экспансіі, паўстаў новы від нацыяналізму сярод вестэрнізаваных элітаў. У Індыі, напрыклад, англізаваная інтэлігенцыя аб'ядналася з узмацнелым класам гандляроў і сфармавала Партыю Кангрэсу ў 1885 годзе. Напачатку іх патрабаванні былі ў большасці ліберальнымі і канстытуцыйнымі, яны спрабавалі дасягнуць большай прадстаўленасці і роўных правоў у межах імперыі. Толькі пазней, пад уплывам больш традыцыяналісцкага нацыяналізму, пад кіраўніцтвам Тылака (Tіlak), лібералы перайшлі да антыкаланіяльных лозунгаў і запатрабавалі суверэнітэту[33]. Брытанская Заходняя Афрыка перажыла падобныя падзеі. Напачатку новыя гарадскія эліты былі больш зацікаўленыя ў шырэйшым удзеле ў заканадаўчых установах ці каланіяльнай адміністрацыі ў С'ера-Леонэ, Залатым Беразе і Нігерыі. Пад уплывам Хортана (Horton) і Блайдэна (Blyden) яны хацелі прадэманстраваць парытэт афрыканскай нацыі з хрысціянскім Захадам; і толькі пазней, пасля Першай Сусветнай вайны, яны пачалі патрабаваць самакіравання і незалежнасці для калоніяў[34].

За частковым выключэннем Індыі, краіны Азіі і Афрыкі слаба адчулі на сабе індустрыялізацыю і прыход таварнага капіталізму ў дзевятнаццатым стагоддзі, і тая нацыянальная буржуазія, што нарадзілася ў гэтых краінах, была ў асноўным падпарадкаваная замежным інтарэсам[35]. У выніку, нацыянальная ідэя знайшла падтрымку толькі ў невялікіх колах інтэлектуалаў, студэнтаў і людзей вольных прафесіяў, чыя палітычная адукацыя грунтавалася ў асноўным на ліберальна-дэмакратычных і хрысціянскіх прынцыпах, распрацаваных у тэорыі іх імперыялістычнымі гаспадарамі. Такім чынам, іх нацыяналізм быў у аснове ліберальным і дэмакратычным па арыентацыі, яму не ставала глыбокага культурнага зместу і апоры на народ. Толькі праз альянс з традыцыяналісцкімі рэлігійнымі ці расавымі пачуццямі нацыянальная ідэя магла заваяваць масавую аўдыторыю і атрымаць гістарычную напоўненасць.

Такім чынам, тры тыпы нацыяналізму з'явіліся напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя па-за межамі Эўропы. Першы нагадваў эўрапейскую версію традыцыяналізму і пайшоў з Японіі, дзе імператары і іхнія дарадцы выкарыстоўвалі сучасныя метады і канцэпцыі для падтрымкі традыцыйнага зместу японскай нацыянальнай культуры, у адрозненне ад Кітая, дзе старая канцэпцыя дынастыйнай «цывілізацыі» яшчэ не была замененая новаю ідэяй «нацыі»[36]. Другі тып нацыяналізму ў асноўным назіраўся на Сярэднім Усходзе, дзе этнічны сепаратызм усходнеэўрапейскага тыпу быў падхоплены армянамі, грузінамі і, пазней, арабамі[37]. Нарэшце, вестэрнізаваныя інтэлігенцыі ў Індыі, Эгіпце і Заходняй Афрыцы пачалі ўваходзіць у першую, ліберальна-канстытуцыйную фазу антыкаланіяльнага нацыяналізму, якая добра суадносілася з іх пастулатам пра неабходнасць мадэрнізацыі перад надыходам эры незалежнасці[38].

АДЗІНСТВА НАЦЫЯНАЛІЗМУ

Нават з гэтага кароткага агляду відаць, як лёгка нацыянальная ідэя пашыралася і разнастаілася ў адпаведнасці з геапалітычнай сітуацыяй і сацыяльнымі патрэбамі. Фактычна, ніколі не было адзінай версіі нацыяналізму і няма сэнсу шукаць якую-небудзь «сапраўдную» дактрыну ці «праўдзівы» рух, каб ён стаў узорам ці крытэрыем для ўсіх наступных выпадкаў[39]. Пачынаючы з васемнаццатага стагоддзя, мы бачым розныя канцэптуальныя версіі гэтай ідэі ў працах Болінбрука (Bolіngbroke) і Бурке, Мантэск'ё (Montesquіeu), Русо і Сіеса, Джэферсана (Jefferson), Гердэра і Фіхтэ (Fіchte), Альфіеры (Alfіerі) і Мадзіні. Ужо ў 1930-х гадах Карлтан Хэйз (Carlton Hayes) прадэманстраваў гэтую ідэалагічную разнастайнасць і багацце[40]. І, такім чынам, не дзіўна, што ідэя, якой не хапала цэнтральнай традыцыі, адзінага прароцтва ці біблейскага канону, павінна была прайсці такія шматлікія трансфармацыі[41].

Нягледзячы на гэтую пратэанскую разнастайнасць, усе версіі нацыяналізму цесна ўзаемазвязаныя. Яны фармуюць розных сябраў адной ідэалагічнай сям'і з яе спецыфічным светапоглядам, культурай, салідарнасцю і чыннасцю. Хоць кожны нацыяналізм мае свае ўласныя матывы і тэорыі, ён заўсёды застаецца дактрынай гісторыі і лёсу «нацыі», яе цэласнасці і адзінства, і «нацыя» супрацьпастаўляецца такім важным сучасным з'явам, як «секта», «дзяржава», «раса» або «клас».

Наступныя раздзелы маюць на мэце разгледзець гэтую нацыянальную ідэю і адпаведныя дактрыны ў сувязі з ідэалагічнымі праблемамі, з якімі ім давялося сутыкнуцца на працягу гэтага стагоддзя. Нягледзячы на свае разнастайныя абліччы, нацыяналізм выяўляе сябе адзінствам з яснымі контурамі, калі сустракаецца з выклікамі хіліястычнага, фашысцкага, расісцкага і камуністычнага рухаў. Ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі нацыяналізму давялося сустрэцца з крытыкай артадаксальных рэлігійных лідэраў і некаторых ліберальных дэмакратаў. Пазней ён вытрымаў наступ марксісцкага сацыялізму. Але ў гэтым стагоддзі наступ стаў татальным. Нацыяналізму давялося супрацьстаяць спачатку расісцкаму фашызму, а потым эвалюцыйнаму камунізму. У абодвух выпадках ён прымаў выклік і пераадольваў крызіс, справакаваны гэтымі двума супрацьлеглымі рухамі «выратавання свету», - праз дапасаванне, пашырэнне і трансфармаванне сябе ў адпаведнасці з сітуацыяй. Пры гэтым ён нават быў гатовы прыняць лозунгі і міфы сваіх канкурэнтаў, а яны эксплуатавалі ягоныя. Тым не менш, ён заўсёды перамагаў іх, паказваючы сябе больш гнуткім, больш трывалым і больш прывабным для людзей, чым ягоныя канкурэнты.


 Далей   Назад   Крыніцы   Зьмест   БПалічка