РАЗДЗЕЛ 5
Камуністычныя нацыяналістычныя рухі

    Безумоўна, справядліва для кожнай нацыі, што нацыяналістычныя пачуцці сёння могуць назірацца толькі сярод буржуазіі і яе пісьменнікаў.

    Маркс і Энгельс, «Нямецкая ідэалогія», с.518.

    У той ступені, як развівалася сучасная эканоміка, расла патрэба ўсіх, хто гаварыў на адной мове, да аб'яднання ў адной дзяржаве.

    Карл Каўцкі, «Dіe Moderne Natіonalіtaet»,
    Neue Zeіtung V, 1887, с.402-5.

З усіх ідэалогіяў, якія спараджаюцца крызісам мадэрнізацыі, ні адна так не крытыкавала нацыяналізм і не была ў той жа ступені ягоным канкурэнтам, як марксізм. Тым не менш, ні адна іншая ідэалогія не была так цесна пераплеценая з гэтым самым нацыяналізмам. У перадваеннай Эўропе інспіраваныя марксізмам рухі горача асуджалі «аджылыя нацыянальныя перадсуды», нават калі ў моманты ваеннай ліхаманкі яны вымушана мірыліся з імі[1]. Аднак пасля вайны ў краінах Трэцяга свету мясцовыя марксісцкія рухі часта падтрымлівалі нацыянальна-буржуазную рэвалюцыю, выдаючы ў сябе тое самае «настойванне на нацыяналістычных пачуццях», якое заснавальнікі навуковага сацыялізму прыпісвалі толькі сваім буржуазным ворагам.

Фактычна мы з'яўляемся сведкамі распаўсюджвання марксісцка-нацыяналістычных і нацыяналістычна-марксісцкіх рухаў, якія, калі іх уважліва разглядаць, аказваюцца сумессю асобных прынцыпаў і падыходаў як нацыяналізму, так і марксізму. Незалежна ад таго, называць вынік гэтага «сацыялістычным нацыяналізмам» ці «нацыяналістычным камунізмам», няма сумненняў у тым, што гэтая сумесь марксізму з эмацыйна афарбаваным антыкаланіяльным ці антыфашысцкім нацыяналізмам нарадзіла значны сацыяльны энтузіязм і мела шырокае распаўсюджванне. У Кітаі, Югаславіі, В'етнаме, Алжыры, Кубе, Анголе, Мазамбіку і Самалі гэты сінтэз стварыў моцны і пераважна мясцовы рух, здольны перамагчы канкурэнтаў, узяць і ўтрымаць уладу. І гэта нягледзячы на тое, што ідэі і тэорыі гэтых двух ідэалогіяў радыкальна адрозніваюцца і заўсёды ёсць спакуса альянсу з вялікімі дзяржавамі, якія гатовыя парушыць гэтае ўнікальнае спалучэнне. Прымаючы пад ўвагу прывабнасць такога «марксісцкага нацыяналізму», для нас важна зразумець прынцыпы альянсу паміж двума канкурэнтнымі «выратавальнымі рухамі» мадэрнізацыі. Гэта таксама дазволіць нам асэнсаваць некаторыя супярэчнасці ў гэтым сімбіёзе. Спачатку мы прааналізуем ідэалагічныя паралелі і пераходы паміж марксізмам і нацыяналізмам, якія робяць магчымым такі альянс. Пасля гэтага будзе неабходна выявіць сацыяльныя і палітычныя ўмовы, якія паскараюць гэты адметны рух. Толькі пасля гэтага можна вызначыць, наколькі сапраўдным і працяглым можа быць такі сінтэз, і ў якой ступені ён пярэчыць сам сабе.

ІДЭАЛАГІЧНЫЯ ПЕРАХОДЫ

Спосабы адчужэння

Нерэлігійныя сістэмы вераванняў або ідэалогіі маюць у сваёй аснове фармальную структуру, якая складаецца з:
(1) сацыяльнага і палітычнага аналізу сучасных дылемаў і праблемаў, якія маюцца ў існуючых сацыяльных структурах;
(2) набору ідэалаў і мэтаў, за якія павінны змагацца ўсе, з утапічным бачаннем будучага «залатога веку»;
(3) аналізу механізмаў пераходу ад несапраўдных сучасных структураў да «сапраўднага і натуральнага» стану рэчаў, разам з рэцэптамі дзеянняў для яго паскарэння.

Як нацыяналізм, так і марксізм маюць распрацаваныя варыянты ўсіх трох кампанентаў гэтага асноўнага ўзору: мадэль скажэнняў у сучасных сацыяльных структурах, бачанне новай залатой эры і аналіз маршруту, які трэба выбраць, каб дайсці да гэтай эры. Нацыяналістычны варыянт з'яўляецца ў некаторых аспектах прасцейшым і больш неакрэсленым, але можна паказаць, што ён мае некаторыя агульныя рысы з марксісцкай версіяй, і, такім чынам, мы маем дастатковыя падставы для параўнаўчага разгляду гэтых двух ідэалогіяў.

Па-першае, нацыяналізм, як і марксізм, падзяляе ўсю гісторыю на тры эпохі: эпоху «перадгісторыі», якая ўключае сучаснасць; эпоху рэвалюцыйнага пераходу; эпоху «гісторыі» як такой. Іншымі словамі, існуе ўзгадненне ў іх стаўленні да гісторыі і часу. Абодва рухі прытрымліваюцца лінейнай канцэпцыі гісторыі, і абодва маюць міф аб фінальнай выніковай эры справядлівасці і свабоды.

Па-другое, абедзве ідэалогіі згодныя ў вызначэнні непасрэднага сённяшняга ворага як найбольшага прыгнятальніка, а сучасных структураў як найбольш адчужаючых. Безумоўна, прыгнёт і адчужэнне пераследавалі чалавека, пачынаючы са світанку «перадгісторыі»; але толькі цяпер, у апошнія два стагоддзі была выяўлена рэальная прырода тыраніі і эксплуатацыі, таму што толькі цяпер яны сталі ўніверсальнымі і бязмежнымі. Для нацыяналізму ворагам з'яўляецца «імперыялізм», замежны каланізатар, вораг-захопнік, драпежны чужынец; у марксізме буржуазны капіталіст увасабляе ўсё зло эксплуататарскай эканамічнай сістэмы. Такім чынам, імперыялізм прынёс шэрую аднастайнасць і рабскую рэгламентацыю цела і душы; гэтаксама і капіталізм непазбежна вядзе да рабства і адчужэння працаўніка: адсюль

    усе сродкі развіцця вытворчасці трансфармуюцца ў сродкі дамінацыі і эксплуатацыі вытворцаў; яны калечаць працаўніка і пераўтвараюць яго адно ў частку чалавека, які дэградуе да ўзроўню прыдатка машыны, яны знішчаюць усе рэшткі зачаравання ў ягонай працы і пераўтвараюць яе ў ненавідную працу...[2]

Абедзве ідэалогіі прадстаўляюць існуючыя сацыяльныя і палітычныя структуры як палярызаваныя вакол канфліктных інтарэсаў і каштоўнасцяў; з аднаго боку, гэта чужынец-акупант і яго памагатыя, якія змагаюцца з барацьбітамі за свабоду прыгнечанай нацыі; з іншага боку, класавы канфлікт заможных капіталістаў і безмаёмасных пралетарыяў. Паміж абранымі і іх прыгнятальнікамі няма месца для сярэдняга пласта, для пасіўнага гледача ці нават калабарацыяніста.

Акрамя гэтых знешніх, непасрэдных ворагаў, нацыяналізм і марксізм звяртаюць сваю ўвагу на нутраны, прыхаваны распад. Для нацыяналіста, менавіта нутраны заняпад і дэградацыя распускаюць сувязі, што аб'ядноўвалі сябраў калектыву; такім чынам, як зазначыў Банэрджы, маральнае аднаўленне праз вывучэнне гісторыі і абарону мовы становіцца «апошнім суцяшэннем, якое застаецца для заняпалага і здэградаванага народу»[3]. Вораг унутры нас - гэта страта саматоеснасці, самазабыццё, канец аўтэнтычнасці, - усё, што псуе супольнасць, падзяляючы і паслабляючы яе сябраў і спакушаючы іх культурнай імітацыяй і палітычнай залежнасцю. Няма неабходнасці мець непасрэдную акупацыю для абуджэння і «аднаўлення» нацыяналізму; у Японіі эпохі Мэйдзі і рэвалюцыйнай Францыі знешні вораг быў толькі каталізатарам альбо канкурэнтам з-за мора, але сапраўдны вораг адчуваўся як нутраны распад, страта скіраванасці і саматоеснасці, што дазволіла карумпаванай тыраніі нямногіх душыць аўтэнтычнае самавыражэнне і свабоды ў межах самой супольнасці[4].

У той час як для нацыяналіста класавы падзел, месніцтва, этнічная разнароднасць, дынастыйная прыналежнасць ці канфесійныя адрозненні падмываюць сапраўдную салідарнасць супольнасці, для марксіста паходжанне нутранага прыгнёту гістарычна звязанае з падзелам працы. Таму што падзел працы ўпершыню дазволіў вырабіць дадатковы прадукт, які ў сваю чаргу мог быць экспрапрыяваны кіраўнічым класам. Пры гэтым кіруючыя колы асноўвалі свой прыгнёт на абароне маёмасці і прывілеяў, што стала базісам усіх наступных класавых сістэмаў і, адсюль, палітычнай улады. Такім чынам, Маркс і Энгельс сцвярджаюць, што

    Розныя ступені падзелу працы з'яўляюцца проста рознымі формамі ўласнасці; [і што] з падзелам працы адначасова з'явілася размеркаванне, і, безумоўна, няроўнае размеркаванне (як колькасна, так і якасна) працы і яе прадуктаў, а значыць і ўласнасці[5].

Што тычыцца вынікаў гэтага падвойнага скажэння, марксізм і нацыяналізм выяўляюць некалькі істотных паралеляў. Абодва рухі апісваюць розныя аспекты агульнага адчужэння ў дзіўна падобных тэрмінах. Выгнанне ёсць канчатковая ступень дэградацыі для нацыяналіста, але таксама існуе і нутранае выгнанне, якое можа адчувацца на сваёй «уласнай зямлі», як у многіх чорных нацыяналістаў на іх амерыканскай радзіме. Псіхалагічнае самаадчужэнне назіраецца ў літаратуры Negrіtude і дакладна выказана ў вядомых радках паэмы МакКэя (McKay) «Выгнаннік»:

    Я вярнуўся б назад да цемры і спакою.
    Але вялікі заходні свет трымае мяне ў кабале,
    І я ніколі не магу спадзявацца на поўнае вызваленне,
    Пакуль перад чужымі багамі схіляю калені.
    Нешта страчана ўва мне, і назаўжды,
    Нешта жыццёва важнае згублена ў маім сэрцы,
    І павінен я ісці дарогай ценю,
    Сярод сыноў зямлі, як выключэнне.
    Бо нарадзіўся я далёка ад роднага краю,
    Пад пагрозай белага чалавека, не ў час[6].

Нутранае выгнанне таксама з'яўляецца тэмай аднаго з сама адпаведных выказванняў сіянісцкай пазіцыі, «Аўтаэмансіпацыі» Пінскера (Pіnsker). Тут гэбраі характарызуюцца як людзі-«прывіды», «нацыя пасля смерці», якія тым не менш «выжылі як духоўнасць нацыі», але паўсюль разглядаюцца як чужынцы:

    Мы павінны прызнаць, што перад тым, як усіх народаў зямлі аб'яднае вялікая ідэя чалавечага братэрства, павінны прайсці тысячагоддзі; і да таго часу народ, які дома паўсюль і нідзе, павінен усюды разглядацца як чужынец[7].

Дэградацыя ляжыць унутры. Знешні прыгнёт адлюстроўвае нутраны заняпад людзей, ці то яны фізічныя выгнаннікі, ці то грамадзяне другога гатунку на сваёй уласнай тэрыторыі.

Марксізм, гэтаксама, разглядае адчужэнне ў двух аспектах: канкрэтным і філасофскім. Эмпірычна, адчужэнне ёсць лёс пралетарыя ў яго працоўнай сітуацыі. Вялікая сістэма завадской вытворчасці з яе жорсткай, дэперсаналізаванай дысцыплінай і вялікай канцэнтрацыяй працы, яе паўтаральным, фрагментарным характарам і адсутнасцю сувязі паміж рабочым і прадуктам непазбежна нараджае глыбокую незадаволенасць і адчужэнне. Маркс лічыць, што прадукт чалавечай працы «супрацьпастаўлены ёй як чужая рэч, як сіла, незалежная ад вытворцы... Гэтая «аб'ектывацыя працы», вядзе, такім чынам, да таго, што «чым больш здзяйсняе сябе рабочы, тым мацнейшым становіцца чужы аб'ектыўны свет, які ён творыць супраць сябе, і тым бяднейшым становіцца ён сам і яго нутраны свет, тым менш яму належыць»[8].

Але па-за гэтым канкрэтным адчужэннем рабочага месца, існуе больш агульнае адчужэнне, якое ўключае кожную праекцыю чалавечай думкі і дзейнасці, якая ад яго аддзяляецца і становіцца знешняй, пры якой «рэчаіснасць успрымаецца не сама па сабе, але як іншая рэчаіснасць. Агульны досвед не падпарадкоўваецца закону свайго ўласнага духу, але чужога духу»[9].

Грошы гэтаксама ёсць форма адчужэння, нешта знешняе для чалавека. «Аб'ектывуючы гэтую апасродкаваную дзейнасць, - гаворыць Маркс, - чалавек дзейсны толькі тады, калі ён згублены ці дэгуманізаваны»[10]. І асабліва пры капіталізме дзейнасць чалавека непазбежна аб'ектывуецца - у рэчы ці тавары, якія занявольваюць чалавека і адчужаюць яго ад самога сябе.

Маркс, паслядоўнік Феербаха, падыходзіў да сутнасці чалавека, яго «відавога існавання», што было скажонае адчужэннем, шмат у чым гэтак жа, як нацыяналізм падыходзіць да ідэі сапраўднага і чыстага грамадства або «нацыі». Для Маркса ўласная дзейнасць чалавека, яго штодзённая праца стала «чужым, варожым і ўладным аб'ектам, незалежным ад яго», які паставіў яго «пад панаванне, прыгнёт і прымус іншага чалавека», «уладара працы»[11]. «Духоўная натура» чалавека была дэфармавана і дэгуманізавана. Гэтаксама і нацыяналісты аплакваюць страту пачуцця прыналежнасці да нацыі, да яе нутранай гармоніі, што ёсць вынікам не адчужэння працы, але разрыву супольнасці са сваім мінулым. Там, дзе парваўся «ланцуг», людзі становяцца адасобленымі, неўкаранёнымі і несвабоднымі. Іх духоўны рост слабы, іх фізічнае жыццё фрагментаванае. Людзі становяцца самаадчужанымі індывідуумамі ў чужым акіяне асіміляцыі, што вядзе да поўнага знішчэння, становяцца безабароннай ахвярай любога захопніка і любой моды. Нутраны вораг - адсутнасць або заняпад саматоеснасці - падрыхтаваў глебу для знешняга занявольвання і падтачыў волю да годнасці і свабоды[12].

Механізмы пераходу

Як чалавек можа вырвацца з гэтага стану залежнасці і адчужэння? Тое, што ён можа гэта зрабіць, ніколі не было пад сумненнем ні для марксістаў, ні для нацыяналістаў. Усе яны вераць у справядлівасць гістарычных законаў, разглядаючы вызваленне чалавека як гістарычную неабходнасць. Усе яны прэтэндуюць на веданне законаў сацыяльнай эвалюцыі. Нацыяналіст спадзяецца на непазбежны рост самасвядомасці супольнасці, што абудзіць яе сябраў ад доўгага сну і адродзіць нацыю. Пераход ад бяздомнасці да нацыянальнай дзяржаўнасці - гэта працэс самаадкрыцця і самарэалізацыі. Гэта з'яўляецца мэтай кожнай супольнасці. Мадзіні быў упэўнены, што «ні адзін народ ніколі не памірае і ніколі не спыняецца раптоўна на сваім шляху, перш чым ён не дасягне канчатковай гістарычнай мэты свайго існавання, перш чым ён не ажыццявіць сваю місію»[13]. Італійцы мелі такую гістарычную місію і «ідэю супольнага развіцця»; ім, такім чынам, была патрэбная ўнітарная дзяржава. Мадзіні ніколі не сумняваўся ў тым, што «народ, якому наканавана дасягнуць вялікіх здзяйсненняў на карысць усяго чалавецтва, павінен аднойчы стаць нацыяй. І пакрысе, ад эпохі да эпохі, наш народ набліжаўся да гэтай мэты»[14]. Усе перашкоды, заяўляў ён, будуць змеценыя паўстаннем людзей, дзеяннямі сакрэтных суполак, «крывёю, пралітай пакутнікамі з кожнай правінцыі Італіі». Эвалюцыя будзе паскорана рэвалюцыяй, паступовае абуджэнне - вывучэннем нацыянальнай гісторыі, здзяйсненне лёсу Італіі - жаданнямі і дэмакратычнымі інстынктамі людзей.

Погляды Мадзіні ўяўляюць сабой памяркоўную інтэрпрэтацыю эвалюцыянісцкай дактрыны, якую нацыяналізм спалучае з актывісцкай этыкай. Пераход да нацыянальнай дзяржавы ўвогуле непазбежны; тым не менш, такі пераход патрабуе ад народа мабілізацыі і актыўнага ўдзелу ў нацыянальным руху. Але нацыянальнае абуджэнне прадугледжвае таксама нутранае ачышчэнне. Трэба пазбавіцца ад замежных культурных уплываў, каб аднавіць сапраўдную саматоеснасць супольнасці. Адукацыя і прапаганда ўпэўніць сябраў супольнасці ў іх агульнай саматоеснасці і адновіць страчаную салідарнасць. Трэба наноў выкаваць ланцуг, што звязвае розныя пакаленні і, такім чынам, узнавіць годнасць і каштоўнасці мінулага. Такую задачу паставіў Дуглас Хайд (Douglas Hyde) перад слухачамі Нацыянальнага літаратурнага таварыства ў Дубліне ў 1892 годзе:

    Нарэшце мы разарвалі пасіўную плынь ірландскага жыцця. І якраз у той момант, калі кельцкая раса мае магчымасць ізноў стаць гаспадаром сваёй уласнай краіны, яна сутыкаецца з тым, што амаль начыста страціла свае нацыянальныя рысы, адмежавалася ад мінулага і пры гэтым ледзьве судакранаецца з сучаснасцю...

    Якраз цяпер, калі мы павінны пачаць будаваць наноў ірландскую расу і гэльскую нацыю - гэтаксама як на нашай памяці наноў была пабудаваная Грэцыя - мы абрабаваныя, пазбаўленыя цаглінаў нацыянальнасці. Старая цэгла, якая стаяла васемнаццаць стагоддзяў, ужо разбураная; сёння мы павінны ўсталявацца, выпаліць новыя цагліны - і калі зможам, то на іншай зямлі і з іншай гліны...

    Адным словам, мы павінны змагацца за культывацыю ўсяго найбольш расавага, таго, што мае сапраўдны смак зямлі, найбольш гэльскага, найбольш ірландскага, бо нягледзячы на невялікі дамешак саксонскай крыві на паўночным усходзе, нашая выспа кельцкая ў сваёй аснове і заўсёды такой застанецца[15].

Безумоўна, рух Шын Фэйн, як і іншыя нацыяналістычныя рухі, не задаволіўся адукацыйнай прапагандай; ён быў дастаткова падрыхтаваны распачаць пры неабходнасці барацьбу сілай. Нацыяналісты часта разглядалі вайну як сродак вырашэння праблемы адыёзнай тыраніі і спарахлеласці грамадства: Фіхтэ - супраць напалеонаўскіх захопнікаў, Атацюрк - супраць грэкаў, Мао - супраць японцаў. Нацыянальная вайна за вызваленне можа толькі паскорыць непазбежны пераход да нацыянальнай дзяржавы; яна, і толькі яна, можа выкаваць сапраўды аб'яднаную і самасвядомую нацыю пасля заваявання незалежнасці[16].

Падобны сплаў эвалюцыйнай гістарычнасці з ваяўнічай барацьбой мы бачым у марксісцкіх тэорыях і рухах. Для Маркса рухавік усяго сацыяльнага развіцця ляжыць у супярэчнасцях паміж «сіламі» чалавечай вытворчасці і «адносінамі» класаў і маёмасці, у рамках якіх ажыццяўляецца гэтая вытворчасць. Сінхроннага развіцця паміж сіламі і адносінамі ніколі не назіраецца, паколькі чалавечыя сілы ў выніку рацыяналізацыі вытворчасці праз новыя тэхналогіі заўсёды пераганяюць сацыяльныя структуры. З цягам часу напружанне пераходзіць у сацыяльную рэвалюцыю, старыя маёмасныя і класавыя структуры звяргаюцца і замяняюцца на новыя. Тэхналагічны прагрэс, які вынікае з неабходнасці задавальняць усё большы аб'ём чалавечых патрэбаў найменшымі рэсурсамі, павінен разбурыць капіталізм:

    Цэнтралізацыя сродкаў вытворчасці і сацыялізацыя працы нарэшце дасягаюць такога пункту, калі яны ўжо не адпавядаюць сваёй капіталістычнай абалонцы. Гэтая абалонка разрываецца на кавалкі. Гучыць пахавальны звон па капіталістычнай прыватнай маёмасці. Экспрапрыююць экспрапрыятараў. ...Капіталістычная вытворчасць спараджае, з бязлітаснасцю законаў прыроды, сваё ўласнае адмаўленне. Гэта адмаўленне адмаўлення[17].

Тут, як і ўсюды, Маркс і яго паслядоўнікі падкрэсліваюць непазбежнасць «натуральных законаў капіталістычнай вытворчасці» і «матэрыяльных умоваў», якія вызначаюць наша жыццё. Рэвалюцыя патрабуе выспявання гэтых матэрыяльных умоваў да пэўнага эфектыўнага стану: ні адзін рух пралетарыяту не можа быць паспяховым, пакуль матэрыяльныя ўмовы вытворчасці не зробяць такую рэвалюцыю непазбежнай[18].

І тым не менш, толькі чалавек, толькі пралетарыят можа ажыццявіць пераход да сацыялізму. Толькі клас, які ўвасабляе адчужэнне, можа знішчыць свой адчужаны стан і аднавіць чалавека для сябе і для прыроды. Чалавек з'яўляецца, у рэшце рэшт, самасвядомым вытворцам жыцця і сродкаў жыцця. Ён з'яўляецца homo faber, і для сацыяліста «уся гэтак званая сусветная гісторыя ёсць толькі стварэнне чалавека праз чалавечую працу і развіццё прыроды для чалавека»[19]. Пры адпаведных матэрыяльных умовах творчы чалавек можа пераадолець свае абмежаванні шляхам актыўнай дзейнасці і рэвалюцыі; вызваляючы грамадства, чалавек вызваляе і аднаўляе самога сябе. Шляхам разрывання «ланцугоў» існуючых класавых сістэм чалавек перамагае сваё ўласнае самаадчужэнне.

На практыцы гэтая выразнасць марксісцкай думкі абвастрыла супярэчнасці паміж памяркоўнымі марксістамі і актывістамі, паміж тымі, хто прытрымліваўся больш эвалюцыйнага падыходу да гісторыі, як Бебель і Каўцкі, і такімі, як Ленін, якія рабілі націск на рэвалюцыйную практыку чалавека і актыўнасць авангарднай эліты. У гэтым сэнсе большая «туманнасць» і непаслядоўнасць нацыяналізму саслужыла яму добрую службу.

Камунізм і нацыянальная дзяржаўнасць

На першы погляд, адрозненні паміж нацыяналістычным і марксісцкім ідэаламі новага грамадства занадта вялікія, каб пракласці паміж імі мост. Але і тут можна заўважыць істотныя супадзенні і ўзаемадапаўняльнасць.

Паколькі падзел працы разглядаецца марксістамі як першапачатковая прычына сацыяльных хваробаў, пераадоленне гэтага падзелу і, адпаведна, адмаўленне грамадства, заснаванага на маёмасных і класавых адрозненнях, займаюць цэнтральнае месца ў камуністычным светапоглядзе. Калі аднойчы чалавек перастане быць «спецыялізаваным», ягоная дзейнасць ужо больш не будзе адчужаць чалавека ад самога сябе, ад суседа ці ад прыроды. У камуністычным грамадстве, дзе

    ніхто не мае выключнага поля дзейнасці і кожны можа вучыцца ў галіне, якую выбярэ, грамадства рэгулюе агульную вытворчасць, дазваляючы мне рабіць адну справу сёння і іншую заўтра, паляваць зранку, лавіць рыбу ўдзень, гадаваць жывёлу ўвечары, пісаць крытыку пасля вячэры, як я таго хачу, і пры гэтым не прымушаючы мяне станавіцца паляўнічым, рыбаком, пастухом ці крытыкам[20].

З філасофскага пункту погляду Маркс апісвае камунізм як працэс, як

    пазітыўнае пераадоленне прыватнай уласнасці (прычыны чалавечага самаадчужэння) і такім чынам як узнаўленне сапраўднай чалавечай сутнасці праз і для чалавека; як поўнае і свядомае адраджэнне чалавека для самога сябе ў межах агульнага дабрабыту папярэдняга развіцця, аднаўленне чалавека як сацыяльнай, што значыць чалавечай, істоты. Гэты камунізм як скончаны натуралізм - ёсць гуманізм, як скончаны гуманізм - ёсць натуралізм. Гэта сапраўднае вырашэнне антаганізму паміж чалавекам і прыродай і паміж чалавекам і чалавекам, гэта сапраўднае вырашэнне канфлікту паміж існаваннем і сутнасцю, аб'ектывацыяй і самасцвярджэннем, свабодай і неабходнасцю, асобай і відамі. Камунізм вырашае галаваломку гісторыі і ўсведамляе сябе як такое вырашэнне[21].

Толькі ў камуністычным грамадстве, дзе пераадолены падзел працы і рабства чалавека, праца стаецца «не толькі сродкам жыцця, але першай патрэбай жыцця», і толькі ў гэтую эру супольнага дабрабыту грамадства можа «напісаць на сваіх сцягах: ад кожнага - у адпаведнасці з яго здольнасцямі, кожнаму - у адпаведнасці з яго патрэбамі!»[22].

Апісваючы камунізм як працэс сацыяльнай рэінтэграцыі і аднаўлення сапраўднага «родавага жыцця» чалавека, марксісты падыходзяць да некаторых паняццяў, з якімі нацыяналіст звязвае канцэпцыю «нацыянальнай дзяржаўнасці». Таму што толькі пры сапраўднай нацыянальнай дзяржаўнасці чалавек-асоба можа зноў знайсці сваю аўтэнтычную саматоеснасць у межах супольнасці, паяднаць пачуцці братэрства і аўтаноміі. Толькі ў нацыі чалавек можа знайсці поўную свабоду і гармонію і зычыць дабра ўсім, а не імкнуцца да сваіх эгаістычных мэтаў. Нацыя ёсць адзінае сапраўднае быццё. Для Адама Мюлера дзяржава ўвасабляе «глыбокую еднасць усіх фізічных і духоўных патрэбаў», а нацыю ён разглядае як «вялікае, энергічнае, бясконца актыўнае і жывое цэлае», якое злучае ўсе часткі грамадства ў нябачнае адзінства[23].

Акрамя адзінства, нацыяналісты вылучаюць шэраг іншых жыццёва важных элементаў канцэпцыі нацыянальнай дзяржаўнасці. Па-першае, нацыя з'яўляецца «натуральнай». Яна, як сям'я або мова, ёсць часткай натуральнага парадку, не вынайдзенага і не створанага чалавекам. Так, Русо сцвярджае: «Карсіканцы дагэтуль знаходзяцца ў амаль натуральным і здаровым стане», а Гердэр лічыць, што нацыянальная разнастайнасць - частка Божай задумы, і ставіць абмежаванага дзікуна вышэй за адукаванага касмапаліта[24]. Па-другое, нацыя разглядаецца як выключна культурная рэальнасць. Русо ўхваляе Майсея, Нуму і Лікурга - заснавальнікаў сваіх нацыяў, таму што «ўсе яны шукалі сувязі, якія маглі б прывязаць грамадзян да іх радзімы і адзін да аднаго, і знаходзілі іх у адметных звычаях, у рэлігійных рытуалах, якія па сваёй прыродзе заўсёды былі выключнымі і нацыянальнымі...[25]» Гэтаксама і Бурке лічыў, што адзінства Англіі і рост яе велічы забяспечваліся яе апрычонай канстытуцыяй, гісторыяй і традыцыямі; разам яны падтрымлівалі ўзаемадзеянне «паміж тымі, хто жыве, тымі, хто памёр, і тымі, хто павінен нарадзіцца»[26]. Паводле Мадзіні, нацыя - гэта

    асацыяцыя ўсіх людзей, якія складаюць адзіную групу на падставе мовы, вызначаных геаграфічных умоваў ці праз ролю, нададзеную ім гісторыяй, людзей, якія вызнаюць адзіныя прынцыпы, паводзяць сябе ў адпаведнасці з адзінымі законамі і працуюць на ажыццяўленне адной мэты... Нацыянальнасць ёсць роля, вызначаная Богам кожнаму народу ў жыцці чалавецтва. Гэта місія і задача, якую народ павінен выканаць, каб ажыццявілася Боская воля ў свеце[27].

Па-трэцяе, асобы могуць рэалізаваць сваю сапраўдную свабоду толькі праз нацыю. Працуючы на нацыю, прыносячы ёй ахвяры, чалавек адраджае сваю страчаную саматоеснасць і дасягае аўтаноміі ў сваіх дзеяннях. На гэтым шляху ён уздымаецца над штучнасцю і тыраніяй, эгаізмам і прыгнётам, нутранай разбэшчанасцю і знешнім ворагам.

Па-чацвёртае, нацыі самадастатковыя. Яны ўвасабляюць сапраўднае жыццё, таму што яны простыя і ўніверсальныя. Нацыі ідэальна выяўляюць патэнцыяльныя магчымасці чалавека сялянскай працы. Маркс фактычна паўтарае гэтую аграрную ідылію ў «Нямецкай ідэалогіі»; хоць на практыцы, як і большасць нацыяналістаў, ён падтрымліваў ідэал аўтаркіі праз індустрыялізацыю. І, нарэшце, нацыя з'яўляецца тэрытарыяльнай адзінкай, якой уласціва моцнае пачуццё адзінства. Яе самастойнасць паўстае з глыбокіх каранёў у глебе, з кампактнасці рассялення і з надзейнага геапалітычнага прытулку. Але больш важным за геапалітычнае адзінства з'яўляецца тое, што валоданне вызначанай і прызнанай тэрыторыяй ёсць пэўным сацыяльным ідэалам: барацьбой за практычную салідарнасць у межах дадзенай сацыяльнай прасторы. Бо толькі калі дасягаецца такая салідарнасць, можна сказаць пра чалавека, што ён сапраўды «вярнуўся» дадому з нутранага выгнання[28].

Нягледзячы на значныя адрозненні ў змесце дактрынаў і іх гістарычным кантэксце, можна разглядаць марксістаў і нацыяналістаў як аднолькава заклапочаных адчужэннем чалавека, яго адраджэннем і вяртаннем да аўтэнтычнага існавання. Абедзве ідэалогіі схіляюцца ў бок халістычнага, натуралістычнага і вызваленчага падыходу да чалавека і ягонага лёсу. Яны таксама глыбока гістарычныя і эвалюцыйныя ў сваіх канцэпцыях і поглядах. Гісторыя раскрывае сапраўдную родавую прыроду чалавека - прыроду, якая настолькі чалавечая, наколькі яна сацыяльная і калектыўная, і настолькі сацыяльная, наколькі чалавечая. Чалавек можа «знайсці сябе» толькі праз супольнасць і ў межах яе. Чалавек можа зрабіць сябе цэласнай асобай і аб'яднаць элементы сваёй натуры, толькі стаўшыся сапраўды сацыяльнай і калектыўнай істотай, усвядоміўшы калектыўную сутнасць свайго існавання, жывучы ў гармоніі са сваім суседам у самадастатковай супольнасці. Гэтаксама яднанне з прыродай, гармонія з асяроддзем патрабуе ад чалавека пазбаўлення ад усіх наростаў, скажэнняў і разбэшчанасці, якія навязала яму своекарыслівая цывілізацыя, заснаваная на сквапнасці і эгаізме. Неабходны акт рэвалюцыйнага самасцвярджэння і самапераадолення, каб вырвацца на волю і зноў адкрыць аўтэнтычнае існаванне. Свабода і аўтаномія складаюцца з рэалізацыі аўтэнтычнасці, а аўтэнтычнасць у сваю чаргу можа быць дасягнута толькі ў межах супольнасці роўных.

Такім чынам, нацыяналізм, як і марксізм, адназначна бачыць свой залаты век у будучыні, а не ў мінулым, як часам сцвярджаюць. Мінулае служыць нацыяналісту апірышчам і мадэллю, нават мерай горкага разладу і недахопаў сучаснай эры. Але яно ніколі не можа даць план на будучыню. Нават найбольш кансерватыўныя нацыяналісты ў глыбіні душы ведаюць, што яны выкарыстоўваюць і падтрымліваюць мінулае, каб пабудаваць лепшую і больш стабільную будучыню. Але, з іншага боку, марксісты таксама не ігнаруюць мінулае. Хіба не зыходзіць іх эвалюцыйная схема з пастулату аб прымітыўным камунізме, заснаваным на нізкім узроўні вытворчасці? Пытанне ў тым, як увасобіць сацыяльныя вартасці таго ладу ў сучасных умовах, як дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту, які дазволіць пабудаваць сацыялізм. Бо сацыялізм можа быць пабудаваны толькі на аснове «агульнага дабрабыту папярэдняга развіцця» і стацца кульмінацыяй папярэдніх ступеняў чалавечай перадгісторыі. Сацыялізм можа быць пабудаваны, паўтарае Маркс, толькі на аснове капіталізму і дасягненняў буржуазіі. Абагуленне вытворчасці, якое было на ранняй ступені, перад падзелам працы, «натуральным» станам чалавека, мае на мэце вяртанне да таго ж натуралізму, але ў больш высокай, больш гуманізаванай форме. Такім чынам, марксізм не адмаўляе мінулага, а імкнецца пераўзысці яго.

САЦЫЯЛЬНЫЯ КАРАНІ

Запозненае развіццё і залежнасць

Як у агульнай структуры, так і ў спецыфічных механізмах марксізм і нацыяналізм, нягледзячы на ўсе антаганізмы, маюць шмат агульнага. Гэтыя пункты ўзаемапранікнення дазваляюць так званы дактрынальны сінкрэтызм. У сучасных сацыяльна-палітычных умовах абедзве ідэалогіі непазбежна развіваюцца ў адным напрамку, што прыводзіць да іх сімбіёзу.

Няма сумневу, схільныя да марксізму нацыяналістычныя рухі і нацыяналістычныя камуністычныя рухі сёння існуюць на ўсіх кантынентах. Некаторыя з іх былі навязаны і падтрымліваліся звонку; іншыя, як у Югаславіі, Кітаі, В'етнаме, Кубе, Анголе і Мазамбіку, у сутнасці сваёй з'яўляюцца мясцовымі рухамі, хоць нават у гэтых выпадках знешняя дапамога і агульная сітуацыя ў свеце адыгралі большую ролю, чым можа падацца на першы погляд. Канечне, гэтыя і іншыя прыклады «нацыяналістычнага камунізму» надзвычай разнастайныя па мэтах і сродках, яны не адпавядаюць ніводнаму канкрэтнаму адгалінаванню марксізму - возьмем мы марксізм Маркса-Энгельса, Леніна або Мао. Усе яны запазычылі ідэі з марксісцкага канону, але адаптавалі іх да сваіх мясцовых умоваў, дадаўшы немалую долю нацыяналізму. Гэтаксама і іх нацыяналістычныя погляды мала чым абавязаныя фармулёўкам Русо, Гердэра ці Мадзіні. Сучасны нацыяналізм моцна змяніўся, каб адпавядаць спецыфічным абставінам. Але ў кожным выпадку нацыяналістычная дактрына заўсёды была шырэйшай у параўнанні з марксісцкай.

Такім чынам, усе рухі левага нацыяналізму вельмі блізкія, іх лозунгі, мэты і тактыку не цяжка распазнаць. Таму, нягледзячы на культурныя і геаграфічныя бар'еры, ва ўсіх кутках свету гэтыя рухі здолелі выпрацаваць агульную мову.

Прычынаю такой блізкасці стала, па-першае, агульная спадчына - усе гэтыя краіны або тэрыторыі доўгі час былі ва ўмовах вымушанай адсталасці і неразвітасці. Менавіта гістарычная неразвітасць (у большай ступені, чым сучасныя ўмовы) з'яўляецца асноўнай прычынай звароту да марксісцкага нацыяналізму. Іншыя краіны Трэцяга свету, як Кенія, Малайзія ці Венесуэла, таксама пакутуюць ад «сіндрому неразвітасці». Яны пакуль не прынялі ніякай канкрэтнай версіі левага нацыяналізму, але тым не менш могуць гэта зрабіць, бо ім трэба стымуляваць эканамічны рост, павялічыць зберажэнні, мабілізаваць энергію людзей і забяспечыць шырокамаштабныя інвестыцыі для развіцця інфраструктуры. Да апошняга часу ўрадам гэтых краін хапала сілаў, каб стрымаць далейшы заняпад. У краінах і тэрыторыях, дзе ўрад быў залішне слабы і раз'яднаны, каб супрацьстаяць стагнацыі і заняпаду, мы назіраем левы ўхіл - да сацыялістычнага або нават камуністычнага нацыяналізму. У такіх выпадках ранні артадаксальна-ліберальны ці кансерватыўны нацыяналізм не меў поспеху. Неэфектыўнасць рэформаў, карупцыя і сацыяльная інэртнасць прыводзілі да страты ілюзіяў і нараджалі нецярплівасць у грамадстве, асабліва сярод больш вестэрнізаваных групаў. Гэта абумоўлівала тэндэнцыю больш радыкальнай версіі нацыяналізму. Такім чынам, нацыяналістычныя рухі марксісцкага тыпу не ўзнікаюць на глебе неразвітасці як такой. Яны маюць прычынай значную затрымку ў развіцці, што ў сваю чаргу з'яўляецца вынікам слабасці кіраўніцтва. Адставанне ў развіцці не проста выяўляе слабасць кіравання, але таксама сведчыць пра працяглую залежнасць супольнасці ад іншых. Нават праз доўгі час пасля заваявання незалежнасці, пра якую з такім гонарам абвясцілі нацыяналістычныя айцы-заснавальнікі, нутраная разбэшчанасць і ілжывасць, сапраўдны недахоп аўтаноміі супольнасці становяцца неаспрэчнымі. І чым больш грамадства залежыць ад іншых, тым больш верагодна, што ў ім пераможа радыкальны марксісцкі нацыяналізм. Чым больш перыферыйнай і занядбанай з'яўляецца тэрыторыя, тым большыя шанцы марксісцкага нацыяналізму пусціць там карані.

Такім чынам, поспех марксісцкага нацыяналізму абумоўліваюць наступныя фактары: пачуццё затрымкі ў развіцці; успрыманне супольнасці або тэрыторыі як перыферыйнай у сэнсе дабрабыту і сілы; слабы і неэфектыўны ўрад пасля атрымання незалежнасці; знешняя экспансія - эканамічная або ваенная, фактычная або патэнцыйная. Марксісцкія нацыяналістычныя рухі ўвогуле маюць тэндэнцыю быць рухамі «другой хвалі». Пры гэтым яны рухаюцца да ўлады на карках ранейшых рухаў за незалежнасць, у якіх людзі расчараваліся. Так камуністы Мао замянілі Гаміндан, а партызаны Кастра выкарысталі ідэі рэвалюцыі 1933 года, якія доўгі час заставаліся нерэалізаванымі[29]. Прычына поспеху простая: расло разуменне таго, што неразвітасць штучна падтрымліваецца з-за мяжы, што краіна знаходзіцца на ўзбоччы цывілізацыі, што яна бяссільная. А пераадолець гэта ўсё можа толькі марксізм, які абапіраецца на супольную працу, індустрыялізацыю і цэнтралізаванае планаванне. Такім чынам, марксісцкія нацыяналістычныя рухі прывабліваюць да сябе не толькі ідэяй дзяржаўнага будаўніцтва, але і абяцаннем сацыяльнага развіцця[30].

Два тыпы «залежнасці» асабліва маюць дачыненне да ўздыму марксісцкіх нацыяналістычных рухаў. Першы выпадак - незалежнасць надоўга затрыманая, каланіялісты захоўваюць свае пазіцыі вельмі доўга, як партугальцы ў Афрыцы, або намагаюцца вярнуцца на часова пакінутыя тэрыторыі, як французы ў Індакітаі. У такой сітуацыі затрымка развіцця толькі дапамагае ўсведамленню залежнасці і дэградацыі на стратэгічным узроўні - і якраз у той момант, калі суседнія вызваленыя тэрыторыі пачынаюць разгортваць свае праграмы нацыянальнага развіцця. Другі тып залежнасці можа быць гэткім жа абразлівым. Краіна фармальна незалежная, але эканамічна, а ў некаторых выпадках і ў ваенным сэнсе, залежыць ад суседніх ці далёкіх дзяржаваў. Такім чынам кубінцы на працягу ўсяго дваццатага стагоддзя адчувалі прысутнасць Злучаных Штатаў як эканамічную пагрозу; Эфіопія да апошняга часу цярпела вайсковую залежнасць ад гэтай жа вялікай дзяржавы, а Кітай перад трыумфам Мао адчуваў сябе абражаным і залежным ад шэрагу заходніх дзяржаваў. Больш таго, калі нутраны этнічны канфлікт накладаецца на знешнюю пагрозу ці на адкрытую інтэрвенцыю, як у Эфіопіі або Югаславіі, ствараюцца праблемы, якія ні ліберальны, ні вайсковы нацыяналізм вырашыць у прынцыпе не могуць, і тады толькі марксісцкая цэнтралізаванасць здаецца вызваленнем ад абразы працяглай залежнасці і нутранай раз'яднанасці.

Такім чынам, сітуацыя, якая спрыяе марксісцкаму нацыяналізму, мае аднолькавыя па важнасці палітычны і эканамічны элементы. Яна прымушае звяртацца і да мабілізацыйнага патэнцыялу партыі, і да сілы дзяржавы. У гэтым сэнсе відавочная прыцягальнасць савецкай мадэлі. Савецкі Саюз, як часта зазначалася, разглядаецца не толькі як крыніца рэцэптаў, але і як мадэль, узор вайсковага, палітычнага і сацыяльнага развіцця, як генератар вялізных рэсурсаў чалавечай волі і энергіі праз эфектыўную элітную арганізацыю, якая выконвае абавязкі перад народам. Гэта тыя рэсурсы, якія зрабілі краіну фактычна незалежнай ад любой знешняй улады. Савецкі марксізм разглядаецца не як шлях да пераадолення чалавечага самаадчужэння праз свядомую рэвалюцыйную працу, а як метадалогія выхаду са стану палітычнай і вайсковай залежнасці і дасягнення сапраўднага парытэту з Захадам[31].

Нават тыя сацыялістычныя нацыяналістычныя рухі, якія выступалі супраць савецкага віду камунізму, маюць выразную палітычную матывацыю. На Сярэднім Усходзе, напрыклад, некаторыя рэжымы прынялі «арабскі сацыялізм», які атаясамлівае нацыянальную барацьбу з глабальнай формай антыімперыялістычнага «класавага канфлікту» і з мабілізацыяй рэсурсаў для абнаўлення грамадства. У вырашэнні абедзвюх задач вырашальную ролю адыгрывалі партыя і дзяржава. Так, пры рэжыме Насэра эгіпецкая прэса, радыё і школьная сістэма поўнасцю падпарадкоўваліся дзяржаве, якая значна павялічыла падкантрольныя ёй армію і бюракратыю. Вялікія сектары эканомікі - многія банкі і страхавыя кампаніі, цэлыя галіны прамысловасці - былі нацыяналізаваныя[32]. І наадварот, пачынаючы з 1970 года, калі дзяржаўны і партыйны кантроль у Эгіпце паслабіўся, адразу пачала зніжацца цікавасць да «арабскага сацыялізму» і савецкай мадэлі. У Сірыі і Іраку, з іншага боку, дзе захоўвалася партыйная ўлада груповак Ба'ас, дзяржава працягвала кантраляваць значную частку эканомікі і выяўляла моцную цікавасць да савецкай арганізацыйнай мадэлі[33].

Гэтаксама і ў Афрыцы моцны дзяржаўніцкі нацыяналізм левага крыла ўкараніўся ў некаторых новых дзяржавах, пачынаючы з Гвінеі і Малі. Аднапартыйныя рэжымы спрабавалі будаваць моцныя дзяржаўныя інстытуты, асабліва ў тых краінах, дзе слабая стратэгічная пазіцыя і працяглая залежнасць ускладняліся жорсткімі праблемамі затрыманага развіцця. Але і там пераймаліся толькі асобныя аспекты эўрапейскага марксізму. Зусім не заўважаецца кардынальная марксісцкая канцэпцыя класавай барацьбы, пра якую Секу Турэ (Sekou Toure), напрыклад, казаў, што яна «не адпавядае афрыканскай сцэне»[34]. Эўрапейскія паняцці «феадалізму» і «дыктатуры пралетарыяту» таксама мала што значаць на кантыненце, які не ведаў ні васалаў, ні феадалаў і дзе толькі-толькі пачаў развівацца пралетарыят. У Афрыцы ідэі «племяннога ладу» і мабілізацыя сялянства павінны заняць месца эўрапейскіх канцэпцыяў, яны павінны здабыць сілу, выкарыстоўваючы рэальны падзел і найбольш моцны канфлікт - паміж каланізатарамі або «неакаланіялістамі» і каланізаванымі. Такім чынам, за некаторымі выключэннямі кшталту Самалі, нават на арганізацыйную мадэль Савецкага Саюзу ў Афрыцы глядзяць насцярожана, «сацыялістычныя» нацыяналістычныя рухі Сенегала, Танзаніі і Алжыра шукаюць свае шляхі і чэрпаюць натхненне з іншых крыніцаў[35].

Марксісцкія нацыяналістычныя рухі, такім чынам, узнікаюць там, дзе склалася сітуацыя працяглай залежнасці і раз'яднанасці, і маюць на мэце вызваліць людзей найперш ад гэтых хваробаў, нібы робячы прэлюдыю да вырашэння праблемаў затрыманага развіцця. Такія марксісцкія рэжымы не трэба блытаць з эўрапейскімі. Іх цікавасць да марксізму не абумоўленая ні філасофіяй, ні эканомікай. Левых нацыяналістаў цікавіць адно - марксісцкі ці, хутчэй, ленінскі etatіsme і партыйны апарат, які сам па сабе здольны аб'яднаць мабілізаванае насельніцтва адсталай краіны ў стабільныя і эфектыўныя арганізацыйныя рамкі[36]. Толькі такая палітычная машына дае супольнасці надзею выблытацца з сітуацыі залежнасці і эканамічнай стагнацыі або нават заняпаду - сітуацыі, якая асабліва раздражняе інтэлігенцыю і кваліфікаваных спецыялістаў.

Папулізм і інтэлектуалы

У 1882 годзе Энгельс пісаў Карлу Каўцкаму па праблеме польскай незалежнасці:

    Гістарычна немагчыма вялікаму народу сур'ёзна абмяркоўваць любое нутранае пытанне, пакуль няма нацыянальнай незалежнасці... Міжнародны рух пралетарыяту ўвогуле магчымы толькі сярод незалежных нацыяў. ...Пазбаўленне ад нацыянальнага прыгнёту з'яўляецца асноўнай умовай усяго свабоднага і здаровага развіцця[37].

Заява Энгельса дакладна адлюстроўвае погляды кіраўніцтва ў сённяшніх маладых краінах. Не можа быць пытання аб «здаровым і свабодным развіцці», пакуль не заваявана сапраўдная незалежнасць - не проста палітычны суверэнітэт, які так часта бывае толькі намінальным, але фундаментальная эканамічная і вайсковая аўтаркія. Наступ на неакаланіялізм і «неаімперыялізм» паўночных уладаў апраўдвае «поліцэнтрызм» нацыяналістычных марксісцкіх рухаў, а таксама марксізм радыкальных нацыяналістычных рухаў. Шляхі да сацыялістычнай нацыі і нацыянальнага камунізму шматлікія і разнастайныя. Як існуе мноства відаў і крыніцаў залежнасці, так ёсць і шмат тыпаў «вызвалення». І ні адзін рух не можа раз і назаўсёды вызначыць шлях для іншых, і ні адзін рэжым не можа даць універсальную мадэль. Кожная нацыя павінна знайсці свой уласны шлях да вызвалення, і толькі так яна зможа зрабіць унёсак у сацыяльнае развіццё ўсяго чалавецтва[38].

Найбольш востра адчувае абразу адсталасці і палітычнай залежнасці інтэлігенцыя - вайсковая і цывільная. Сапраўды, нараджэнне і поспех марксісцкіх нацыяналістычных рухаў у вялікай ступені залежыць ад адноснай моцы, становішча і адзінства інтэлігенцыі. У грамадствах, дзе нацыянальныя буржуазія і пралетарыят вельмі маленькія і слабыя, кіраўніцтва сярэдніх класаў, звязанае з каланіяльным і імперыяльным умяшальніцтвам, натуральна пераходзіць да інтэлігенцыі і кваліфікаваных спецыялістаў, асабліва да юрыстаў, лекараў, настаўнікаў, журналістаў і тэхнічных работнікаў усіх відаў. Менавіта гэтыя сацыяльныя групы знаходзяцца ў авангардзе нацыянальнага паўстання супраць каланіяльнай улады, і менавіта яны найбольш выйграюць ад яго поспеху.

Аднак нават у час кампаніі за незалежнасць у шэрагах інтэлігенцыі пачалі ўзнікаць разыходжанні, якія тычыліся не толькі тактыкі кампаніі, але і агульных ідэяў і мэтаў. Рэвалюцыянеры, якія падтрымлівалі ваяўнічыя метады, сталі ўсё больш схіляцца да калектывісцкіх канцэпцый нацыянальнай дзяржаўнасці; яны пачалі выступаць за моцны кантроль з боку дзяржавы і за цэнтральнае планаванне, бачачы ў гэтым шлях да хутчэйшага дасягнення аўтаркіі. Заходнія і савецкая камуністычныя партыі - ці то як рэальная сіла, ці то як прыклад - безумоўна, адыгралі сваю ролю ў радыкалізацыі мясцовых нацыяналістычных рухаў. Але не менш важным быў абраны курс барацьбы за незалежнасць. Так, партызаны Кастра ў гарах С'ера Маэстра сталі яшчэ большымі прыхільнікамі агульных камуністычных мэтаў як адзінага спосабу выпраўлення тых шматлікіх заганаў грамадства, якія асабліва праявіліся ў час барацьбы[39]. Такім чынам, яны пачалі адмаўляцца ад ранейшай сацыял-дэмакратычнай і папулісцкай платформы на карысць больш бескампраміснага марксісцкага нацыяналізму. Безумоўна, партызанскія войны часта былі моцным сродкам нацыянальнай мабілізацыі і аб'яднання мабілізаваных на марксісцкай платформе[40].

Аднак карані такога пераходу да марксісцкага нацыяналізму трэба шукаць найперш у пазіцыі самой інтэлігенцыі. Увогуле гэтая пазіцыя звычайна характарызуецца моцнай ізаляцыяй. У некаторых выпадках сапраўды існуе адносна спакойны і хуткі пераход улады ад традыцыйных сілаў да нацыяналістычнай інтэлігенцыі, які дазваляе дасягнуць згоды з традыцыяй і старымі ўладамі. Такі быў прыклад Японіі. Але звычайна такой згоды дасягнуць нельга. Пераход улады зацягваецца, інтэлігенцыяй пагарджаюць, і барацьба за незалежнасць ператвараецца ва ўзброенае, часам вельмі жорсткае змаганне. Улады звычайна пагарджаюць вестэрнізаванай інтэлігенцыяй, і таму яна спрабуе вырвацца з ізаляцыі праз альянс з «народам». Лідэры інтэлігенцыі распрацоўваюць папулісцкую платформу, якая спалучае нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі з радыкальнымі праграмамі сацыяльнай мадэрнізацыі. Яны ўхваляюць каштоўнасці простага жыцця, годнасць селяніна і ягоныя звычаі. Аднак робяць яны гэта не толькі каб спрасціць сваю вестэрнізаваную свядомасць ці заваяваць мацнейшыя палітычныя пазіцыі. Яны адчуваюць: мясцовыя звычаі і каштоўнасці, калі іх адпаведна арганізаваць і прадставіць, могуць пэўным чынам кампенсаваць залежнасць і адсталасць. Рэжымы, падобныя да будысцкага марксізму У Ну (U Nu) ці хрысціянскага сацыялізму Ньерэрэ (Nyerere), мелі (і маюць) на мэце мабілізацыю сялянскіх масаў на вырашэнне задач «будаўніцтва нацыі», сацыяльнага развіцця і аўтаркіі, выкарыстоўваючы іх уласныя духоўныя сілы і мясцовыя рэсурсы як супрацьвагу заходняму дабрабыту і тэхніцы. Гэта вельмі добра адпавядае прынцыпам амбівалентных прыхільнікаў Захаду, якія пры гэтым нібыта адмаўляюць Захад: «заходняе мастацтва, усходняя маральнасць». Сучасныя папулісцкія нацыяналістычныя рухі такога кшталту паходзяць ад рамантычных народнікаў. Яны адмаўляюць гарадскі і індустрыяльны стылі жыцця - і гэта частка іхняй праграмы выхаду з залежнасці ад індустрыяльных дзяржаваў. Іх папулізм быў народжаны фрустраваным нацыяналізмам і пераўзыходзіць яго толькі сваёй ваяўнічасцю і заклікамі да сялян, у якіх ён бачыць «сапраўдную нацыю». Радыкалізаваная інтэлігенцыя нібыта ўвабрала ў сябе два светы і дзве традыцыі - заходнюю і мясцовую. Але ў сапраўднасці яна ні да аднаго з іх не належыць і таму адчувае неабходнасць «вярнуцца да народа», служыць сялянскім масам больш аддана і годна, чым мог бы спадзявацца бюракратычны заможны каланіялізм. Такім чынам інтэлігенцыя пазбягае ізаляцыі[41].

Зыходзячы са сказанага, папулізм можна разглядаць як непасрэдную сацыяльную і эмацыйную матрыцу марксісцкіх нацыяналістычных рухаў у тых краінах, дзе яны не былі навязаныя звонку. Нават там, дзе, як на Кубе, Савецкая Расея забяспечыла магутную дапамогу і дала арганізацыйную мадэль, марксісцка-нацыяналістычны рух прыйшоў да ўлады на хвалі мясцовага папулізму, які, у сваю чаргу, нарадзіўся ў асяроддзі нацыяналістычнай інтэлігенцыі, якую мясцовыя дыктатарскія клікі або каланіяльныя рухі выключалі з грамадскага жыцця. У іншых выпадках беспаспяховасць намаганняў аб'яднаць насельніцтва супраць каланіялізму ці замежнай экспансіі з боку ліберальных ці вайсковых нацыяналістычных рухаў давала магчымасць марксісцкім нацыяналістам заняць іхняе месца. Менавіта так адбылося ў Кітаі, Югаславіі і Анголе. У астатніх выпадках знешняя прысутнасць была дастаткова аддаленай, хоць і не слабейшай. Так, вайсковы рэжым у Эфіопіі, які выцесніў Хайле Селасіе (Haіle Selassіe), стаўся яшчэ больш залежным ад зброі Злучаных Штатаў пасля таго, як паглыбілася нутраная раз'яднанасць і абвастрыліся праблемы. Ваенныя няўдачы на некалькіх франтах паскорылі прасавецкі марксісцкі путч у Дэргуэ. Але рэакцыя на савецкія прапановы аб тэрытарыяльным федэралізме сведчыць пра моцную нацыяналістычную арыентацыю нават марксісцкага крыла Дэргуэ. Ягонае нежаданне вырашаць праблемы, звязаныя з эрытрэйскімі марксісцкімі сепаратыстамі або з патрабаваннямі з боку Самалі, паказвае, наколькі моцна марксісцкая арыентацыя рэжыму з'яўляецца вынікам палітычнай і ваеннай прыгнечанасці.

Першапачатковай прычынай кубінскага марксізму таксама было пачуццё залежнасці ад эканамічных інтарэсаў Злучаных Штатаў, якія падтрымліваў карумпаваны мясцовы рэжым. Нацыяналістычная інтэлігенцыя была цалкам ізаляваная пасля рэвалюцыі 1933 года, а сацыял-дэмакратычная канстытуцыя была фактычна пахаваная яшчэ нават да абвяшчэння Батыстам персанальнай улады. Мэты і погляды Кастра на пачатку ягонай кар'еры былі ў аснове сацыял-дэмакратычнымі і папулісцкімі, гэта добра паказала яго прамова на судзе пасля няўдалай атакі на казармы Манкады. Толькі падчас партызанскай кампаніі ў правінцыі Ар'ентэ яго папулізм аформіўся і пераўтварыўся ў марксісцкі нацыяналізм, які бачыў у землеўладанні і гандлёвых інтарэсах Злучаных Штатаў асноўную прычыну доўгачасовай палітычнай залежнасці і сацыяльнай стагнацыі Кубы[42]. Менавіта карумпаванасць і нацыяналістычны правал намінальна незалежнага палітычнага кіраўніцтва стварыў умовы для развіцця «кастраізму»[43].

Кітайскі рух даволі выразна паказвае, якім чынам камунізм і нацыяналізм звязаныя паміж сабой папулісцкімі тэндэнцыямі. Мао сцвярджаў, што «ў рэшце рэшт нацыянальная барацьба з'яўляецца часткай класавай барацьбы». Але ягонае разуменне класавага змагання было відавочна не эўрапейскім. Пасля няўдачы 1927 года яго партыя была гатова пазбавіцца свайго апірышча ў асяроддзі гарадскога пралетарыяту на карысць шмат шырэйшай і глыбейшай базы - ксенафабічнага сялянства. Для пачатку камуністы прынялі стандартную папулісцкую платформу і заклікалі да зямельнай рэформы ў паўднёвым і цэнтральным Кітаі. Але ўсё ж гэта не здолела аб'яднаць сялян і прадухіліць аблогу рэфармаваных тэрыторыяў сіламі Гаміндана. Толькі пасля 1934 года, і асабліва пасля японскага ўварвання 1937 года, камуністы выкарысталі нацыянальнае пытанне як аб'яднальную сілу, якая змагла мабілізаваць сялян паўночнага захаду і ўліць іх у камуністычную арганізацыйную структуру[44]. Пачынаючы з таго часу і мааізм як тэорыя, і кітайская партыя ў сваёй практыцы асаблівае значэнне надавалі тэрытарыяльнай непадзельнасці Кітая і кітайскай нацыянальнай саматоеснасці.

Гэткая паслядоўнасць - ад папулізму да нацыяналізму - назіралася ў іншых сацыялістычных і марксісцкіх рухах, напрыклад, у алжырскім і в'етнамскім, дзе шырокая і глыбокая нацыяналістычная нянавісць да чужынца-эксплуататара перакрывала нутраныя супярэчнасці ў сялянскім асяроддзі і паміж вясковым і гарадскім насельніцтвам. Нават у Эўропе папулізм даў моцны штуршок да камуністычных нацыяналістычных рухаў. Гэта добра ілюструе югаслаўскі прыклад, дзе, пачынаючы ад свайго стварэння ў 1919 годзе, камуністычная партыя мела асабліва моцную падтрымку ў адсталых Чарнагорыі і Македоніі і сярод несербскіх нацыянальнасцяў, якія супраціўляліся дыктатарскаму сербскаму рэжыму караля Аляксандра[45]. Аднак толькі пасля інтэрвенцыі нацыстаў у 1941 годзе камуністы Ціта здолелі знайсці аб'яднальную платформу, якая змагла спыніць цэнтрабежныя тэндэнцыі этнічнага сепаратызму. Ціта звярнуўся да рабочых і сялян усіх этнічных групаў з заклікам працаваць на панюгаслаўскую «федэральную» нацыянальную дзяржаву. Сацыяльныя і эканамічныя рэформы пасля 1945 года, часткова абумоўленыя вопытам партызанскай вайны, праводзіліся ў цеснай сувязі з «югаславізмам», які грунтаваўся на павазе да нацыянальнага характару і вызначанай этнічнай тэрыторыі сямі нацыянальнасцяў у складзе краіны. Цэментам такога спалучэння дзяржаўнага цэнтралізму з культурным федэралізмам было слабое стратэгічнае становішча Югаславіі і ідэалагічныя адрозненні ад Савецкага Саюза. Па меры таго, як камуністы ўсё мацней зліваліся з нацыянальным супраціўленнем (спачатку нямецкаму нацызму, пасля расейскаму камунізму), а Ціта праводзіў нацыянальна арыентаваную знешнюю палітыку недалучэння, ранні папулізм камуністаў зацвярдзеў і ператварыўся ў марксісцкі панюгаслаўскі нацыяналізм. Бо нацыяналізм ўсё больш разглядаецца як адзіны спосаб пазбегнуць палітычнай і вайсковай залежнасці, якая вынікае з нутранай сепаратысцкай падзеленасці і сацыяльнай стагнацыі[46].

Папулісцка-камуністычныя рухі выкарысталі слабасць і неэфектыўнасць ранніх нацыяналістычных рэжымаў. Але яны таксама павінны быць удзячныя неаслабнай сіле нацыяналістычных пачуццяў. Безумоўна, толькі пасля таго, як яны асэнсавалі важнасць такіх пачуццяў, развязаўшы «народную вайну», яны сталі рэальнай сілай. Адзінай магчымасцю перамагчы захопнікаў, якія пераўзыходзілі іх і колькасна, і тэхнічна, была палітычная мабілізацыя ксенафабічнага сялянства. Стрыжнёвая марксісцка-ленінісцкая ідэя пралетарскай класавай барацьбы, такім чынам, саступіла месца дактрыне Мао аб «масавай лініі», «аб'яднанні намаганняў кіраўніцтва і масаў» у народнай вайне, якая выкарыстоўвае партызанскую тактыку ў сельскай мясцовасці і якую падтрымліваюць сяляне, натхнёныя нацыяналістычнымі заклікамі[47]. Акрамя Мао, гэтую стратэгію прынялі Ціта, Хо Шы Мін і Кастра, якія ўсе сацыяльныя праблемы грамадства і саміх сялян разглядалі скрозь прызму іхняга пачуцця нацыянальнага пратэсту супраць чужынца-эксплуататара[48]. Камуністычныя нацыяналісты прапанавалі ўніверсальныя лекі супраць усіх сацыяльных хваробаў - стварэнне моцнай, цэнтралізаванай дзяржавы, заснаванай на нацыянальным падмурку, у тым ліку на актыўным удзеле поўных энтузіязму «шырокіх масаў» пад партыйнай апекай. Ідучы па гэтым шляху, камуністычныя нацыяналістычныя рухі непазбежна пазбаўляюцца ў многім першапачатковага класічнага марксісцкага духу, прымаючы папулісцкі нацыяналізм, які можа аб'яднаць інтэлігенцыю з сялянствам.

СУЧАСНЫЯ СУВЯЗІ

Прывабнасць марксісцкай «самарэалізацыі»

Нягледзячы на тое, што і марксізм, і нацыяналізм звяртаюцца да розных пластоў насельніцтва, па-сутнасці яны з'яўляюцца ідэалогіямі найперш інтэлігенцыі. У першую чаргу яны выкарыстоўваюць крызіс саматоеснасці і пачуццё ізаляцыі, якія ахопліваюць вестэрнізаваную інтэлігенцыю, кваліфікаваных спецыялістаў і тэхнічных работнікаў, што разрываюцца паміж чужым, нязвыклым, але прывабным светам мадэрнізацыі і цёплымі, але застойнымі традыцыямі сваіх родных супольнасцяў. Паколькі інтэлігенцыя займае лідэрскія пазіцыі ў новых дзяржавах, камуністычная версія нацыяналізму вымушаная канкураваць з раннімі рамантычнымі версіямі нацыяналізму, з папулізмам, а таксама з іншымі, рэлігійна афарбаванымі ідэалогіямі. Існуе перакананне, што поспех гэтай версіі абумоўлены папярэднімі няўдачамі канкурэнтных ідэалогіяў і яе ўласнай здольнасцю ахопліваць асноўныя тэмы і мэты ўласна нацыяналістычных рухаў.

Дык наколькі марксісцкі нацыяналізм здолеў паказаць сябе законным спадкаемцам артадаксальных ліберальных нацыяналістычных рухаў і ў чым яго спецыфічныя прывабныя рысы? Калі разглядаць спачатку другое пытанне, можна ўпэўнена сказаць: ключ да поспеху марксізму ляжыць у тым, што ён цесна ўвязвае ізаляванасць і слабасць інтэлігенцыі з палітычнай і эканамічнай прыгнечанасцю супольнасці ў свеце індустрыяльных гігантаў. Ізаляваных, падаўленых прафесіяналаў ён прываблівае яснасцю вырашэння сітуацыі: хуткая індустрыялізацыя, строгая эканомія і інвестыцыі павінны пераадолець эканамічную і, адпаведна, палітычную залежнасць, што ў выніку разняволіць інтэлігенцыю. Яе крызіс саматоеснасці будзе пераадолены праз адраджэнне грамадства, што ў сваю чаргу можа быць дасягнута толькі шляхам паскоранага індустрыяльнага развіцця ў моцна цэнтралізаванай монапалітычнай дзяржаве. Марксісты ў развіваючыхся краінах разглядаюць эканоміку як неабходны інструмент дасягнення нацыянальных мэтаў, бо яны імкнуцца вылечыць палітычныя і псіхалагічныя хваробы не менш, чым эканамічную адсталасць.

Важна асэнсаваць, што ў развіваючыхся грамадствах, дзе адукаваная эліта мае моцнае пачуццё непаўнавартасці і залежнасці, масавая індустрыялізацыя разглядаецца, нават марксістамі, перш за ўсё са «знешняга пункту гледжання». Іншымі словамі, калі Маркс бачыў у індустрыялізацыі адзіную нутраную перадумову сацыялізму, то тут яна хутчэй становіцца перадумовай палітычнай і ваеннай улады ў больш узаемазалежнай сусветнай сістэме. Безумоўна, некаторыя марксісцкія нацыяналісты ўсё яшчэ зацікаўленыя ў сацыяльным развіцці дзеля яго самога. Але ўзор такога развіцця ўсё больш стаецца знешнім - г.зн. заходнім альбо савецкім. Для інтэлігенцыі Захад застаецца крытэрыем «развіцця», таму індустрыялізацыя і мадэрнізацыя ўсё больш разглядаюцца як сродак дасягнення міжнароднага аўтарытэту і знешняй улады. Марксізм спрыяе гэтай тэндэнцыі. Як радыкальнае заходняе вучэнне з глабальным светапоглядам, ён асабліва прывабны. Ён прапануе агульнае бачанне прагрэсу чалавецтва, тэорыю, якая адначасова аптымістычная, «навуковая» і мае дачыненне да кожнай супольнасці, да любой інтэлігенцыі.

Марксісцкі нацыяналізм прываблівае інтэлігенцыю іншым. Робячы акцэнт на дзяржаўным кантролі над прамысловасцю, ён прапануе гатовую нішу для кадраў бюракратычнай інтэлігенцыі, якіх ён ператварае ў планіроўшчыкаў і адміністратараў. Выкарыстоўваючы вайну і партызанскую тактыку для мабілізацыі і ідэалагізацыі сялян, ён стварае шырокае поле дзейнасці для тэхнічнага вопыту і нерэалізаваных амбіцыяў, якія мае інтэлігенцыя. Яшчэ важней тое, што марксісцкая ідэя цэнтралізаванай партыі забяспечвае моцную арганізацыю «таварышаў» у той час, калі традыцыйныя сувязі паслабляюцца, як з прычыны сацыяльнай мабільнасці людзей, так і ў выніку свецкай адукацыі.

Партыйны прынцып даў марксісцкім нацыяналістам яўную перавагу над канкурэнтамі. Многія немарксісцкія нацыяналістычныя арганізацыі неразваротлівыя і нават неразвітыя. Сапраўды, нацыяналістычны рух можа на самой справе складацца з шэрагу адвольна звязаных камітэтаў, партыяў і таварыстваў, падзеленых у сваю чаргу на фракцыі. Марксісты, з іншага боку, ганарацца сваёй шчыльна звязанай арганізацыяй з высока цэнтралізаванай каманднай структурай, якая згрупаваная вакол маленькага, але моцнага Палітбюро і большага, але строга арганізаванага Цэнтральнага Камітэту. Абодва, у сваю чаргу, могуць баць падпарадкаваныя пэўнай групоўцы ўнутры Палітбюро ці нават аднаму лідэру. Дыскусіі і «крытыка» дазваляюцца да прыняцця рашэнняў, але не пасля. Такім чынам, партыйны «дэмакратычны цэнтралізм» у вачах інтэлігенцыі спалучае дзве станоўчыя рысы: выкарыстанне ідэяў і талентаў для калектыўных мэтаў і іх перавод у эфектыўныя дзеянні, у інструменты ўлады.

У гэтым заключаецца вялікая перавага марксізму над яго папярэднікам - папулізмам, які заўсёды хутка расчароўвае. Марксізм дае інтэлігенцыі схему, ясную «лінію маршу» да адзінства з народам. Ён не толькі пракладае мост паміж ізаляванай інтэлігенцыяй і іншымі пластамі насельніцтва, але і ставіць яе наперадзе калоны. Аддаючы партыі ўладу і сваю адукаванасць, інтэлігенцыя становіцца лідэрскай праслойкай новай камуністычнай нацыі і такім чынам аднаўляе страчаную нутраную гармонію і саматоеснасць. Здаецца, што камунізм канчаткова вырашае нацыяналістычныя праблемы каранёў і самарэалізацыі, надаючы ім канкрэтнае значэнне і ставячы знак роўнасці паміж індывідуальным пошукам сапраўднай саматоеснасці і імкненнем супольнасці да індустрыяльнай моцы і аўтаркіі.

Нацыяналізм таксама з'яўляецца ідэалогіяй сацыяльнага адраджэння і самарэалізацыі індывідуума. Спалучыўшы і рэінтэрпрэтаваўшы гэтыя нацыяналістычныя матывы, марксізм у развіваючыхся краінах здолеў стаць пераемнікам ранніх ліберальных ці папулісцкіх нацыяналістычных рухаў. Марксізм, як і нацыяналізм, з'яўляецца ідэалогіяй мадэрнізацыі і самаабнаўлення і мае справу з сацыяльнай рэвалюцыяй. Абодва рухі глыбока актыўныя. Яны абапіраюцца на мабілізацыю народа і прадугледжваюць партнёрства паміж вестэрнізаванымі элітамі і традыцыйнымі сялянскімі масамі, хоць камуністычныя нацыяналістычныя рухі ажыццявілі гэтыя сувязі ў значна больш радыкальнай манеры. Абедзве ідэалогіі з'яўляюцца таксама ў сваіх выніках etatіste - дзяржаўніцкімі. Што б яны ні дэкларавалі, іх рэальныя дзеянні скіраваны на ўзмацненне дзяржавы да таго часу, пакуль яна не пачынае дамінаваць у грамадстве. Хоць і прадказваецца «адміранне» дзяржавы пры сацыялізме, на практыцы камунізм пабудаваў разгалінаваныя дзяржаўныя інстытуты, маючы схільнасць да бюракратычнага планавання і цэнтралізаванага кантролю. Падобным парадоксам характарызуюцца адносіны абедзвюх ідэалогіяў да вайсковай справы, пры гэтым партызанская тактыка і вайсковы індустрыялізм камунізму павялічваюць моц арміяў нават у большай ступені, чым гэта прадугледжваюць нацыяналісты. Увогуле, хоць і нацыяналісты, і камуністы прапаведавалі мірнае братэрства народаў, іх практычная дзейнасць амаль заўсёды пашырала сферу ваенных дзеянняў і павышала значэнне мілітарызму.

Ва ўсіх гэтых аспектах марксізм можа справядліва заявіць, што ён ажыццяўляе нацыяналістычныя ідэалы і праграмы больш эфектыўна, чым самі нацыяналісты. Паколькі мэты нацыяналістычных рухаў былі ўключаны ў марксісцкія праграмы, гэтыя рухі сталі непатрэбнымі. Камунізм не толькі абараняе нацыю і яе культурныя межы; ён ўзмацняе нацыю, нівелюе нутраныя этнічныя і сацыяльныя адрозненні, будуе свой абарончы панцыр у форме бюракратычнай дзяржавы, выкарыстоўвае сацыяльна адроджанае грамадства, каб пазбавіцца ад знешняй залежнасці і пераадолець пачуццё пакінутасці ў інтэлігенцыі. Гэта законны спадкаемца нацыяналізму ў развіваючыхся краінах.

Няпросты сімбіёз

Тым не менш, узаемныя падазрэнні і антаганізм паміж нацыяналістамі і камуністамі не слабеюць. Нацыяналісты лічаць, што камунізм запазычыў іх ідэалы і мэты, сказіўшы іх. Камуністам заўсёды здаецца, што нацыяналісты хочуць нечага большага, чым яны прапануюць, дамагаюцца здрадніцкага буржуазнага адхілення, якое спакусіць грамадства сысці са светлага камуністычнага шляху да самарэалізацыі. Маючы вялікую патрэбу адзін у адным, нацыяналізм і камунізм застаюцца нялёгкімі кампаньёнамі, а іх сімбіёз - няпэўным і крохкім.

Гістарычныя карані гэтага антаганізму ляжаць у неадназначным стаўленні Маркса і Энгельса да нацыяналізму, які яны маглі назіраць у Эўропе ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя. Яны абодва прадбачылі росквіт нацыяў і нацыянальных культураў у сацыялістычную эру, але адвяргалі існуючую буржуазную нацыянальную дзяржаву і яе шавінізм. З аднаго боку, яны гаварылі пра тагачасныя нацыянальныя дзяржавы: «Працоўныя не маюць краіны. Мы не можам забраць у іх тое, чаго яны не маюць». З іншага боку, яны заяўлялі, што

    Паколькі пралетарыят павінен перш за ўсё атрымаць палітычную перавагу, павінен узняцца, каб быць вядучым класам нацыі, павінен сам стаць нацыяй, ён з'яўляецца ў наш час сам нацыянальным, хоць і не ў буржуазным сэнсе слова.

Маркс і Энгельс зноў-такі недаацэньваюць нацыянальную дзяржаўнасць, калі сцвярджаюць, што пралетарыят з'яўляецца «паказчыкам растварэння ўсіх класаў, нацыянальнасцяў і г.д. у сучасным грамадстве». Маніфест Камуністычнай партыі таксама абвяшчае:

    Стварэнні інтэлекту асобных нацыяў стаюцца агульным здабыткам. Нацыянальная аднабаковасць і вузкі кругагляд стаюцца ўсё больш немагчымымі, і са шматлікіх нацыянальных і мясцовых літаратураў уздымаецца сусветная літаратура.

Такім чынам, нацыя і нацыянальнае - чыста буржуазны феномен, асабліва каштоўны для буржуазных пісьменнікаў[49]. Але ж і сяляне, і нават пралетарыят таксама не пазбаўленыя нацыянальных пачуццяў. Так, у артыкуле для New York Trіbune ў 1855 годзе Маркс пісаў: «І французскія, і ангельскія пралетарыі напоўненыя пачуццём нацыянальнай годнасці, хоць яны больш-менш свабодныя ад састарэлых нацыянальных перадсудаў, агульных для сялянства абедзвюх краін»[50]. Безумоўна, менавіта гэтыя «састарэлыя перадсуды» так абцяжарваюць марксізм у развіваючыхся грамадствах, і спроба адрозніць іх ад «духу нацыянальнай годнасці» сталася залішне цяжкою[51]. Гэтыя марксісцкія стэрэатыпы з'яўляюцца прадуктам тэорыі, а не практыкі, прычым той тэорыі, якая трактуе феномены нацыі і нацыянальнага пачуцця пераважна ў інструментальных тэрмінах. Па сутнасці, Маркс і Энгельс не маюць нічога супраць нацыяў ці нацыяналізму да таго часу, пакуль яны служаць гістарычнаму прагрэсу і яго сацыялістычнай кульмінацыі. Сапраўды, у адной працы Маркс паказвае, што ставіць нацыянальныя адносіны на ўзровень «натуральных» і лічыць іх «чалавечымі»[52]. Энгельс, як мы бачылі, разглядаў нацыянальнае вызваленне як «асноўную ўмову ўсяго здаровага і свабоднага развіцця». У «Po und Rheіn» ён пайшоў нават далей, развіваючы гегелеўскі тэзіс аб далучэнні малых этнічных груп да буйных і больш жыццяздольных эўрапейскіх нацыяў, якія, як ён лічыў, павінны заняць «свае сапраўдныя нацыянальныя межы, вызначаныя мовай і сімпатыямі»[53].

Тым не менш, хоць Энгельс і Маркс прадбачылі, што пасля адмірання дзяржавы пры сацыялізме застанецца свет нацыяў, стаўленне абодвух да нацыі заставалася ў асноўным інструментальным. Нацыянальная дзяржава разглядаецца як адпаведная арэна для пралетарскай барацьбы:

    Хоць і не па змесце, тым не менш па форме барацьба пралетарыяту з буржуазіяй ёсць у першую чаргу нацыянальная барацьба. Пралетарыят кожнай краіны павінен, безумоўна, перш за ўсё высветліць адносіны са сваёй уласнай буржуазіяй[54].

Мэтай гэтай барацьбы з'яўляецца адмена класавай эксплуатацыі, і, як вынік, рэінтэграцыя сацыялізаванага чалавецтва з самім сабой. З канцом класавай эксплуатацыі будзе таксама ліквідавана міжнародная эксплуатацыя:

    Як толькі скончыцца эксплуатацыя аднаго чалавека другім, скончыцца таксама эксплуатацыя адной нацыі другой... Наколькі будзе знікаць антаганізм паміж класамі адной нацыі, настолькі будзе надыходзіць канец варожасці адной нацыі да другой[55].

Націск заўсёды падае на класавыя кафлікты і ліквідацыю класаў. Нацыянальныя канфлікты і іх вырашэнне з'яўляюцца другаснымі і залежнымі з'явамі; у лепшым выпадку яны забяспечваюць фармальныя рамкі для класавай драмы, у горшым - буржуазны інструмент і зброю, каб адцягнуць увагу ад гэтай драмы. Магчымасць таго, што гэтыя рамкі або зброя могуць адыграць вызначальную ролю, незалежную і роўную класавым вымярэнням, ніколі сур'ёзна не разглядалася ні Марксам, ні Энгельсам[56].

З прычыны гэтага эмацыйна неадназначнага стаўлення да нацыяналізму пазіцыя марксізму па нацыянальным пытанні засталася на ўзроўні тэарэтычных установак яго заснавальнікаў. І наадварот, нацыяналістычная крытыка марксізму абапіралася на лагічна паслядоўныя і ясныя палажэнні. Найбольш фундаментальны аспект закранае вызначэнне сацыяльных інтарэсаў. Для Маркса і Энгельса, як і для большасці іх паслядоўнікаў, гэтыя інтарэсы канчаткова вызначаюцца ў эканамічных тэрмінах. Для нацыяналіста такое вызначэнне занадта абмежаванае: пытанні статусу, улады і «крэўнасці» ўваходзяць у любое поўнае вызначэнне «інтарэсу». Такім чынам, нацыяналісты абвінавачваюць марксізм у ігнараванні або недаацэнцы культурных і духоўных вымярэнняў і крытыкуюць Маркса за тое, што ён асаблівае значэнне надае «матэрыяльным умовам» жыцця, якія ствараюць аснову для ідэалагічных, палітычных і заканадаўчых «надбудоваў» і якія даюць ключ да тлумачэння сацыяльных зменаў[57]. Маркс прызнаваў, што свядомасць чалавека і яго культура могуць аказваць зваротнае ўздзеянне на эканамічныя ўмовы вытворчасці, аднак няма сумненняў, што ў тэарэтычных выказваннях Маркс імкнуўся прывязваць кожны феномен, у тым ліку феномен нацыі, да эканамічных каранёў і матэрыяльных умоваў чалавека. Гэтаксама Сталін у 1913 годзе звязваў рост нацыяў перш за ўсё з ранняй капіталістычнай дзейнасцю, нягледзячы на тое, што ён уключыў у сваю дэфініцыю нацыі іншыя, неэканамічныя элементы[58].

Нацыяналісты не прымаюць такой пазіцыі - тэндэнцыі абмяжоўваць тлумачэнне і вызначэнне нацыянальных феноменаў пераважна эканамічнымі прычынамі. Для іх матэрыяльныя сілы не вызначаюць сацыяльнага жыцця чалавека і не з'яўляюцца яго ўмовамі. Наадварот, матэрыяльныя сілы могуць быць падкантрольнымі волі і мэтам чалавека. Канечне, Маркс таксама прызнаваў стваральны патэнцыял чалавечых звычаяў у фармаванні абставінаў, але заўсёды толькі ў абумоўленых гэтымі абставінамі межах. Нацыяналіст адрозніваецца ад марксіста менавіта выбарам тлумачальных катэгорыяў, культуралагічнай тэорыяй фармавання калектыўнай волі і чалавечых мэтаў.

На першы погляд можа падацца, што для нацыяналістаў чалавечая воля і мэты з'яўляюцца першаснымі, што яны маюць універсальны характар. Воля да нацыяналізму забяспечвае нацыям існаванне. Герой, які мае

здольнасць прадбачыць і сілу волі, можа стварыць шляхам навучання і прыкладу сапраўдную нацыянальную свядомасць. Усё гэта, безумоўна, з'яўляецца часткай нацыяналістычнай рыторыкі - ад Русо і Фіхтэ да Мадзіні і Нкрумы. Але за гэтай рыторыкай ляжыць іншая тэорыя. Герой не можа стварыць нацыю ex nіhіlo. Яму патрэбны не толькі адданыя паслядоўнікі і арганізацыя, але таксама сімпатыі народа. Яго задачай з'яўляецца «абуджэнне» гэтых сімпатыяў. З чаго нараджаюцца такія сімпатыі? З рэлігійных сувязяў, мовы, звычаяў, агульных міфаў аб паходжанні, агульнай гісторыі, адным словам, з агульнай этнічнасці і агульнай культуры. Чым мацнейшае пачуццё прыналежнасці да адасобленай этнічнай групы з унікальнай культурай, тым мацнейшай і больш трывалай з'яўляецца калектыўная воля і мэта паўстаць у гісторыі як нацыя. Іншымі словамі, калектыўную волю фармуе «нацыянальны характар», які ў сваю чаргу фармуецца праз многія пакаленні пачуццём агульнага паходжання, супольнай памяццю і арганізацыямі. Палітычныя дзеянні могуць уплываць на эканамічныя ўмовы, але яны, у сваю чаргу, залежаць ад этнічных і культурных сувязяў.

З гэтых сутнасных адрозненняў у вытлумачэнні сацыяльнага дзеяння паўстаюць усе спецыфічныя кантрасты паміж марксісцкай і нацыяналістычнай канцэпцыямі. Гаворачы пра «нацыянальныя інтарэсы», напрыклад, нацыяналіст імкнецца больш падкрэсліць «годнасць» і аўтарытэт нацыі, чым яе пазіцыю ў міжнародным падзеле працы і вытворчасці. Ён таксама імкнецца ўбачыць прычыны прыніжанай годнасці ў палітычным і культурным, а не ў сацыяльным або эканамічным аспектах. Ён разглядае нацыю не як катэгорыю «інтарэсу», але як катэгорыю «прэстыжу», ці ў некаторых выпадках як катэгорыю «сілы»[59]. Паняцце ворага таксама зусім рознае. Для марксістаў «антыклас» - гэта тыя, чые матэрыяльныя інтарэсы абавязкова супрацьпастаўленыя інтарэсам пралетарыяту, г.зн. капіталісты-эксплуататары. Для нацыяналістаў «антынацыя» - гэта тыя, хто падрывае і падаўляе годнасць і свабоду нацыі, г.зн. чужаземны тыран ці неасіміляваная меншасць, якія пагаршаюць культурнае адзінства і аўтэнтычнасць нацыі.

Апора нацыяналізму на культуру і этнічную чысціню прыводзіць да далейшых адхіленняў ад марксізму. Ідэалагічна яны адрозніваюцца сваім стаўленнем да часу і мінулага. Абодва рухі падтрымліваюць лінейны падыход да гісторыі і абодва арыентуюцца на будучыню. Іх «залатыя эпохі» - наперадзе, калі іх пабудуе нацыя ці пралетарыят. Але калі камунізм проста прымае мінулае, каб пераўзысці яго, дык нацыяналіст шукае ў мінуўшчыне натхнення, каб звязаць разам мінулае, сучаснасць і будучыню. Мінулае для нацыяналіста - даведнік будаўніка сённяшняга дня, але ў той жа час яно з'яўляецца «звяном у ланцугу» нацыянальнай саматоеснасці. З гэтай прычыны нацыяналісты надаюць большае значэнне традыцыям і імкнуцца да большай пераемнасці ў нацыянальнай рэвалюцыі.

У сацыялагічным аспекце, пераважна культурніцкія інтарэсы нацыяналізму і адсутнасць прызнаных мэтраў-заснавальнікаў ці свяшчэнных тэкстаў абумовілі большую гнуткасць і свабоду яго арганізацыяў. У стрэсавых сітуацыях нацыяналісты маглі сфармаваць моцна цэнтралізаваныя элітныя арганізацыі, як гэта зрабілі якабінцы ў 1793-1794 гадах, у часы ваеннай пагрозы. Але нацыяналісты ніколі не прытрымліваліся ідэі Леніна аб адданай і прафесійнай авангарднай эліце. Яны ніколі не шукалі падтрымкі ў спецыфічных «цэнтрах», якімі камуністы лічаць Расею ці Кітай. Наадварот, нацыяналістычныя рухі звяртаюцца да народных традыцыяў і мясцовых каштоўнасцяў; яны імкнуцца далучыць да сябе, а не разбурыць існуючыя інстытуты; яны не адмаўляюць сямейных сувязяў, толькі вучаць, што нават сямейны дабрабыт павінен быць падпарадкаваны дабрабыту нацыі, як у антычных герояў Брута ці Цынцыната[60]. Нацыяналіст не звязаны дактрынальнымі разважаннямі, якія час ад часу паглынаюць марксіста; яму таксама няма патрэбы азірацца на кіраўніцтва якога-небудзь іншага нацыянальнага цэнтра.

Яшчэ ў адным аспекце гнуткасць нацыяналізму дапускае значнае адхіленне ад камуністычных ідэалаў. Тэорыя нідзе не замыкае нацыяналізм на масавай індустрыялізацыі або на ўвядзенні нейкага спецыфічнага «спосабу вытворчасці». Ідэалагічна нацыяналізм мае схільнасць да «натуральнай гаспадаркі», і калі ў пэўных абставінах сельскагаспадарчае развіццё пачынае разглядацца як вырашальны фактар мадэрнізацыі, дык нацыяналізм мае пэўную перавагу. Гэтыя ідэалагічныя меркаванні, аднак, не перашкаджалі нацыяналістам пазітыўна ставіцца да індустрыялізацыі, калі гэта адпавядала «нацыянальным інтарэсам» у іхнім бачанні. Але паколькі эканамічны сектар разглядаецца нацыяналістамі інструментальна, г.зн. як сродак дасягнення нацыянальнай годнасці і саматоеснасці, а не як неад'емная частка гістарычнага працэсу, дык такая відавочная непаслядоўнасць і гнуткасць не з'яўляецца ні цынічнай, ні апартунісцкай, але дае больш рэалістычны падыход да мясцовых магчымасцяў.

У рэшце рэшт, малюнак узаемасувязяў паміж марксізмам і нацыяналізмам у развіваючыхся грамадствах вельмі неаднародны. З аднаго боку, існуе значнае дактрынальнае і сацыялагічнае перакрыжаванне; з іншага - глыбокія разыходжанні. У вачах марксістаў нацыяналізм мае і прагрэсіўную, і рэакцыйную моц. Сталін бачыў яго вызваленчы і прагрэсіўны аспект у эпоху ранняга капіталізму, але ён таксама бачыў, як лёгка можа нацыяналізм ператварыцца ў зброю рэакцыйнай буржуазіі, калі капіталізм дасягне развітай стадыі[61]. Такім чынам, камуніст павінен навучыцца «ездзіць на нацыяналістычным тыгры», прыйсці да ўлады на яго карку, а потым утаймаваць яго, выкарыстоўваючы перавагі ўласнай ідэалогіі і арганізаванасці, пакуль нацыяналізм не стаў новым опіумам для народа, новай формай буржуазнага «ідэалізму», які адхіляе людзей ад прызнання сваіх сапраўдных матэрыяльных інтарэсаў і пакрывае класавую вайну туманнай рыторыкай нацыянальнага адзінства.

Таксама і нацыяналіст знаходзіць у марксізме два твары - агента народнай мабілізацыі і новай тыраніі, якая падзяляе супольнасць. Так, з аднаго боку, марксізм дапамагае зрабіць актыўнымі і вызваліць селяніна і працоўнага, робіць іх свядомымі ў дачыненні да палітычных правоў; з іншага, ён аддзяляе пралетарыяў ад іншых групаў супольнасці і накладае на іх новую таталітарную форму прыгнёту. Сярэдні пласт стаецца падпарадкаваным ці спустошаным, і партыя імкнецца цесна кантраляваць кожную арганізацыю і сферу дзейнасці. Такім чынам, сёння нацыяналісты падазраюць камуністаў у падрыве нацыянальнага адзінства і нацыянальных правоў, сродкамі папулісцкага дыктатарства, якое камуфлюе глыбінныя камуністычныя мэты. У гэтым працэсе культурная нацыя страчвае сваю свабоду і ператвараецца ў простую эканамічную катэгорыю без духоўнае саматоеснасці і спадчыны.

Нацыяналізацыя марксізму

Тэарэтычна нацыяналісты, магчыма, і справядлівыя ў сваіх перасцярогах аб канчатковых марксісцкіх мэтах. Аднак на практыцы «марксізм» камуністычных кадраў у развіваючыхся дзяржавах сёння перажыў такія вялікія трансфармацыі, што сёння ён мае слабую сувязь з марксізмам Маркса ці савецкага кіраўніцтва. Акрамя таго, артадаксальны нацыяналізм сам па сабе застаецца моцным магнітам для многіх пластоў грамадства ў гэтых дзяржавах як у камуністычных шэрагах, так і па-за імі, - часта дастаткова моцным, каб кампенсаваць ці нават нейтралізаваць марксісцкія элементы ў асяроддзі леванацыяналістычных рэжымаў і перажыць камуністычны рух. У выніку гэтага, хоць як дактрына марксізм часта варожа ставіцца да нацыяналізму (і наадварот), камуністычная практыка па-за межамі савецкага блоку стала ўсё больш распаўсюджвацца разам з нацыяналістычнымі пачуццямі і ідэаламі.

Гэтая выснова патрабуе некаторай прапрацоўкі. Яна падтрымліваецца двума аргументамі.

Першы сцвярджае, што марксісцкія нацыяналістычныя рухі ў развіваючыхся краінах усё больш нацыяналізаваліся і такім чынам змянілі натуральныя характарыстыкі класічнага марксізму ў параўнанні з тым, як ён развіваўся на Захадзе. Таму што, як мы бачылі, сучасныя ўмовы незаходніх грамадстваў - іх затрыманае развіццё і адносная залежнасць - прымусілі перагледзець марксісцкія канцэпцыі і катэгорыі. Кожная з традыцыйных марксісцкіх катэгорыяў была перайначана і рэінтэрпрэтавана. Можна падсумаваць некаторыя выніковыя змены:
(1) Традыцыйнае дамінаванне гарадскога пралетарыяту ў класавай вайне сённяшнія камуністычныя нацыяналісты замянілі сялянствам ці кааліцыяй рабочых, вайскоўцаў і сялян[62].
(2) Сучасныя камуністычныя нацыяналісты ў асноўным замянілі традыцыйнага класавага ворага - буржуазію - на чужаземных «імперыялістаў» ці на «неакаланізатараў», якія знаходзяцца па-за межамі нацыі.
(3) «Класавая вайна» стала «вайной народнага вызвалення», а «клас» быў прыроўнены да ўсяго «народу», які выступае супраць іншага народа-класу чужынскага прыгнятальніка.
(4) Эвалюцыйныя пастулаты і догмы саступілі месца рэвалюцыйнай палітычнай дзейнасці нацыянальнай эліты і «дынамізму» «гераічных» нацыянальных элементаў.
(5) Гістарычныя рухі і падзеі пачалі ўсё больш выводзіцца з палітычных і культурных фактараў, а чыста эканамічныя тлумачэнні былі адкінуты.
(6) Нават марксісцкі ідэал пераадолення падзелу працы адышоў на другі план перад нацыяналістычнай верай у самаахвярнасць і служэнне супольнасці.
(7) Нягледзячы на Бандунг* і «пазітыўнае недалучэнне», сацыялістычны інтэрнацыяналізм саступіў месца новай зацікаўленасці ў развіцці нацыянальных каранёў і этнічнаму самасцвярджэнню.

    * Горад у Інданэзіі, у якім адбылася канферэнцыя Руху недалучэння (заўв. рэд.)

Што ж тады застаецца ад марксізму ў сённяшніх камуністычных нацыяналістычных рухах? Сёння галоўны ўнёсак марксізму - у асноўным арганізацыйны і тактычны. Ён уключае партызанскую вайну (а не гарадское паўстанне), падтрымку хуткай індустрыялізацыі, партыйную арганізацыю, а больш за ўсё - таталітарную цэнтралізацыю бюракратычнай дзяржаўнай улады. Такія кампаненты тактыкі і паводзін, тым не менш, могуць быць прынятыя некамуністамі, бо кіраўнічая інтэлігенцыя і нацыяналісты добра ўмеюць ацаніць і выкарыстаць нягнуткасць камуністаў. Да таго ж дактрынальны характар марксізму моцна трансфармаваўся і страціў першапачатковыя рысы ў барацьбе за ўладу.

Другі аргумент нават яшчэ больш важны. Нават калі марксізм у развіваючыхся дзяржавах захоўвае сваю дактрынальную чысціню, нацыяналізм тым не менш паказвае сябе больш прывабным, таму што ён адначасова і больш гнуткі, і лепш адпавядае інтарэсам розных груп насельніцтва. Менавіта дваістасць і неакрэсленасць нацыяналістычных канцэпцыяў і пачуццяў уяўляюць найбольшую каштоўнасць. Яны дапускаюць тонкую інтэрпрэтацыю і таму ў многіх аспектах могуць аб'яднаць непадобныя погляды і інтарэсы ў агульным памкненні. Там, дзе пачуцці і мэты ў грамадстве вельмі разнастайныя, «хамелеонная» ідэалогія нацыяналізму мае значную перавагу над высока інтэлектуалізаванай і жорсткай марксісцкай дактрынай, якую трэба спачатку пазбавіць натуральных рысаў, каб паставіць на службу ў спецыфічным сацыяльным асяроддзі.

З іншага боку, дзякуючы сваёй прастаце нацыяналізм дасягае непасрэднага ўплыву і хутчэйшага водгуку, асабліва сярод інтэлігенцыі, якая адчувае крызіс саматоеснасці. Нацыяналістычнае вырашэнне гэтага крызісу яснае і эфектыўнае. Чалавек можа зноў здабыць саматоеснасць толькі праз салідарнасць з супольнасцю. Ён павінен убачыць у сабе глыбокія карані, адчуць сваю «нацыянальную» натуру. Ён павінен іх прызнаць, калі хоча дасягнуць нутранай гармоніі. Толькі тады ён можа знайсці сапраўдную саматоеснасць і ўзняць галаву сярод сваіх суайчыннікаў. Марксізм не мае ніякага адпаведніка такой яснасці і непасрэднасці. Сапраўды, сучасныя камуністычныя нацыяналістычныя рухі паставілі інтэлігенцыю наперадзе «лініі маршу». Але гэта адбылося за кошт марксісцкай дактрыны, і яе далейшая эфектыўнасць залежыць ад таго, ці змогуць камуністы прыняць нацыяналістычныя лекі.

Больш за тое, нацыяналістычным рухам уласцівы значна большы эмацыянальны змест і індывідуальны падыход да спецыфічных супольнасцяў. Нягледзячы на ранні гуманізм самога Маркса, многія марксісцкія фармулёўкі здаюцца нежывой абстракцыяй і малазначнымі калектывісцкімі катэгорыямі, звязанымі малазразумелым абгрунтаваннем. Існуе пэўная тэарэтычная паслядоўнасць, але вельмі часта марксізм няздольны разварушыць статычную сітуацыю або ўскалыхнуць эмацыянальны запал асобы ці групы. Менавіта ў гэтым мае перавагу рамантызм нацыяналістычнага руху. Яго багатыя вобразы і канкрэтныя светапоглядныя катэгорыі - зямля малака і мёду, любоў да зямлі і хатняга агменю, чысціня мовы, братэрства сапраўдных патрыётаў, самавызначэнне і г.д. - увасоблены ў жыццяздольных сімвалах і лозунгах, чым рэдка можа пахваліцца марксізм. Марксісцкія лозунгі прывабныя толькі тады, калі абвяшчаюць рэвалюцыю ці пазбаўленне ад капіталістычнай эксплуатацыі, ідэнтыфікаванай з імперыялізмам. Пасля заваявання незалежнасці і ажыццяўлення рэвалюцыі марксісцкая ўтопія стаецца далёкай, залаты век - няясным і абстрактным у параўнанні з пачуццямі радасці і цеплыні братэрства ў адроджанай нацыі.

Акрамя таго, аб'ектыўны інтэрнацыяналізм нашай эры ўзмацняе прывабнасць нацыяналізму. Паколькі нацыянальныя дзяржавы стаюцца больш узаемазалежнымі, эліты імкнуцца шукаць стандарты паводзінаў і палітыкі па-за межамі сваіх краінаў. Сама ідэя «нацыянальнай годнасці» робіцца знешняй і інтэрнацыяналізаванай. У спаборніцтве з лепшымі нацыямі і перайманні іх прыкладу, у яднанні з іншымі саматоеснасць і самасцвярджэнне гэтых элітаў увесь час узмацняецца знешнім уплывам і падзеямі ў свеце. У адрозненне ад марксізму нацыяналізм будуе сваю дактрыну на пастулаце, што свет «натуральна» і справядліва падзелены на нацыі, што спаборнічаюць паміж сабой. Для марксізму ягоная ідэя «пралетарскага інтэрнацыяналізму» (які, між тым, не павінен прымацца за безнацыянальны касмапалітызм) з'яўляецца даволі халодным і другасным інтарэсам, а нацыяналіст засноўвае ўвесь светапогляд і raіson d'etre на існаванні і святасці міжнародных межаў і «свету нацыяў»[63].

Нарэшце, гнуткасць нацыяналізму дазваляе яму адначасова выступаць і ў якасці рэвалюцыйнай дактрыны, і ў абліччы сапраўднага спадкаемцы рэлігійнай традыцыі. Паколькі сялянства і многія прадстаўнікі ніжэйшых гарадскіх класаў усё яшчэ вельмі трымаюцца гэтых традыцыяў, адносіны да іх з боку сучасных ідэалогіяў мусяць быць вырашальнымі. У адрозненне ад марксізму, для якога гэтыя традыцыі з'яўляюцца даіндустрыйным опіумам, які трэба адмяніць ці абмежаваць пасля дасягнення сацыялізму, нацыяналізм імкнецца выкарыстаць для сваіх свецкіх мэтаў пачуцці і сувязі, увасобленыя ў гэтых гістарычных традыцыях. Такім чынам, ён ставіцца да традыцыяў з павагай, бо хоча маніпуляваць імі. Нацыяналізм вымушаны паважаць народныя традыцыі, бо яны фармуюць «ланцуг» гісторыі і пакаленняў, нягледзячы на тое, што ён спрабуе накіраваць звыклыя эмоцыі ў новае, нацыянальнае рэчышча. Такім чынам ён будзе падтрымліваць тыя рэлігійныя традыцыі, якія могуць праз рэінтэрпрэтацыю і змену акцэнтаў паслужыць яго свецкім мэтам. Пры гэтым нацыяналізм запэўнівае людзей, што хуткія змены не закрануць іх улюбёных эмацыйных арыенціраў і што нацыянальная рэвалюцыя імкнецца абапірацца на старадаўнія паважаныя асновы. Гэта адзін з сама моцных сродкаў у барацьбе за прыхільнасць людзей[64].

Далей мы прывядзем некаторыя аргументы, што нацыяналізм сёння сапраўды мае большую жыццяздольнасць і стабільнасць, чым яго найбольш сур'ёзны канкурэнт, і што ён застаецца непераадольнай сілай у развіваючыхся грамадствах як у марксісцкім лагеры, так і ў межах уласнага ўплыву. Большая міжнародная ўзаемазалежнасць і не заўсёды паспяховая мадэрнізацыя могуць толькі ўзмацніць прывабнасць радыкальнага і папулісцкага нацыяналістычных рухаў у параўнанні з іншымі ідэалогіямі, уключаючы заходнюю і савецкую разнавіднасці марксізму.


 Далей   Назад   Крыніцы   Зьмест   БПалічка