У многіх працах па праблемах палітычных ідэалогіяў нацыяналізм класіфікуецца як кансерватыўны правы рух, як прыклад аўтарытарнага калектывізму. Многія даследчыкі нават разглядаюць яго як больш мяккую форму фашызму. Яны заяўляюць, што нацыяналізм - правы фланг у палітыцы, і хоць ён і падтрымлівае эканамічны індывідуалізм і рыначную канкурэнцыю, але пры гэтым ставіць інтарэсы групы - будзь гэта дзяржава, нацыя ці раса - над інтарэсамі асобы. Кансерватары і нацыяналісты, як прынята лічыць, па сутнасці нецярпімыя, агрэсіўныя і антыінтэлектуальныя. Наадварот, левае крыло і лібералы імкнуцца быць палітычнымі індывідуалістамі, хоць і дапускаюць пэўнае дзяржаўнае ўмяшанне ў эканоміку. У іхніх шэрагах больш прафесійных інтэлектуалаў, больш ідэалістаў і дактрынальных філосафаў, для якіх нацыянальныя прыхільнасці здаюцца залішне вузкімі дый проста племяннымі[1].
МЕНШАСЦІ І «МАСАВАЕ ГРАМАДСТВА»
Гэтая ліберальная версія займела найбольшы ўплыў у 1950-я гг. Шэраг аўтараў у Эўропе і Амерыцы заявілі, што скрайне правыя і левыя ідэалогіі могуць з'явіцца і атрымаць шырокае прызнанне толькі ў «масавым грамадстве», дзе вялікая колькасць людзей жыве ў буйных безаблічных гарадах і адчувае сябе раздробленай і безабароннай. Разрываюцца традыцыйныя сувязі, знікаюць звыклыя сацыяльныя ролі, і беспрацоўныя або дрэнна забяспечаныя працай рабочыя і інтэлектуалы страчваюць пачуццё саматоеснасці, не бачаць мэты жыцця, а таму стаюцца лёгкімі ахвярамі дэмагогаў, што абяцаюць разбурыць спарахнелае грамадства, замяніць яго арганічным і «натуральным», якое адновіць для кожнага індывідуума яго сапраўдную саматоеснасць. Гэтыя аўтары звязвалі згаданыя антыдэмакратычныя працэсы з псіхалагічным ціскам у вялікіх і складаных індустрыяльных грамадствах, дзе эліты і масы безабаронныя. Яны таксама прымалі многія фармулёўкі «псіхалогіі натоўпу», высунутыя Ле Бонам, Мак-Дугалам і пазней Фрэйдам: страх неадпаведнасці, страх апынуцца па-за межамі групы ўзмацняўся ў вялікім, безаблічным горадзе[2].
Папулярнасць тэорыі «масавага грамадства» шмат у чым тлумачыцца страхам перад наступам камунізму ў эпоху халоднай вайны і, нават у большай ступені, балючым вопытам чалавецтва - падзеннем Веймарскай рэспублікі, гішпанскай грамадзянскай вайной і Другой сусветнай вайной. Гэтая сацыялагічная тэорыя і палітычны аналіз, на якім яна грунтавалася, безумоўна адпавядалі абставінам эпохі, хоць і выклікалі вострую крытыку.
Аднак такі падыход сутыкаецца з праблемамі, якія робяць яго менш адпаведным для трактоўкі сучасных ідэалагічных падзеяў на Захадзе. Дзве з іх маюць дачыненне да тэмы маёй працы - ролі нацыяналізму сёння. Першая - класічная праблема любой дэмакратыі, праблема меншасцяў ці адасобленых групаў. Урад большасці павінен вырашаць задачу дасягнення сацыяльнага адзінства, асабліва калі існуюць меншасці, якія не падзяляюць тыя ідэалы і каштоўнасці, што ляжаць у падмурку палітычнай сістэмы. Другая - сучаснае адраджэнне нацыяналізму на Захадзе, прычым нацыяналізму, які часта мае сацыял-дэмакратычную скіраванасць і знаходзіць моцную падтрымку сярод інтэлігенцыі. Гэты нацыяналізм з'яўляецца рухам меншасці. Ён уяўляе сабой пратэст супраць status quo, супраць інстытутаў большасці, у імя свабоды і права на адметнасць. Такім чынам, яго нялёгка падвесці пад «лева-правую» класіфікацыю тэорыі «масавага грамадства».
У сапраўднасці гэтыя дзве праблемы могуць быць звязаныя. Я хацеў бы запярэчыць меркаванню, што сучаснае адраджэнне нацыяналізму на Захадзе павінна разглядацца як пратэст этнічных меншасцяў супраць няздольнасці даўно ўсталяваных дзяржаваў (многія з якіх дэмакратычныя і ліберальныя) прызнаць іх саматоеснасць і іхнія правы. Гэта пратэст супраць запозненай дэмакратыі, фальшывай дэмакратыі, няўдалай дэмакратыі. Яны нанова падхопліваюць спадзяванне французскай рэвалюцыі, што ўдзел этнічных рухаў у дэмакратычных працэсах можа адрадзіць грамадства і дзяржаву, якая відавочна перажывае заняпад. І ў гэтым фундаментальным аспекце яны звяртаюцца да сама ранніх нацыяналістычных рухаў, нават нягледзячы на тое, што палітычны стыль і спецыфіка сённяшніх рухаў зусім іншыя. У гэтым самым сэнсе сучасныя нацыяналістычныя рухі меншасцяў з'яўляюцца індывідуалісцкімі і дэмакратычнымі ў адносінах да ўсталяванай сістэмы большасці. Яны ставяць знак роўнасці паміж індывідуальнымі правамі і годнасцю, з аднаго боку, і аўтаноміяй і індывідуальнасцю ўнікальнай этнічнай супольнасці, з другога.
АДРАДЖЭННЕ НАЦЫЯНАЛІЗМУ
Няма сумневу, сёння нацыяналізм перажывае сапраўднае адраджэнне на сваёй Заходняй радзіме. Ужо ніхто не лічыць, што эпоха нацыяналізму мінула або ён скампраметаваў сябе. У грамадскай свядомасці паслабла сувязь паміж нацыяналізмам і фашызмам, сувязь, што была даволі моцная адразу пасля вайны, і атрымаў падтрымку «здаровы» дзяржаўны нацыяналізм[3]. Эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі Агульнага рынку ў пэўнай ступені зрабіла ўплыў на развіццё прыхаванага нацыянальнага пачуцця. Агульны рынак сам па сабе мог даць жыццё новаму нацыяналістычнаму руху на больш шырокім міждзяржаўным узроўні - а менавіта так званаму панэўрапеізму, пра які марыў не адзін прыхільнік эўрапейскага руху[4].
Такое развіццё падзеяў здзівіла многіх, хто прадказваў хуткі заняпад нацыяналізму. Шырока прызнавалася, што з надыходам поўнай індустрыялізацыі, дэмакратыі і масавай адукацыі смешная адданасць ужо не моднай ідэі нацыянальнай дзяржавы заменіцца на кантынентальную або нават глабальную самасвядомасць. Свет рабіўся залішне ўзаемазалежным, каб быць арэнай простага племяннога шавінізму[5].
Але сёння ясна, што так званы «заняпад нацыяналізму» ў Эўропе сярэдзіны стагоддзя быў больш уяўным, чым рэальным. Сапраўды, на некаторы час нацыяналістаў пераўзышлі, у рыторыцы і дзеяннях, фашысты, і нацыяналісты пакутавалі ад адчування віны за пэўную агульнасць дзвюх ідэалогіяў[6]. Але апошнія падзеі засведчылі арганізацыйную стабільнасць нацыянальнай дзяржавы, а таксама моц і трываласць нацыянальнай ідэі. Безумоўна, мы з'яўляемся сведкамі пашырэння нацыяналістычных рухаў па многіх напрамках.
У глабальным маштабе можна вылучыць чатыры асноўныя тыпы нацыяналістычных рухаў на сённяшнім этапе. Першы - антыкаланіяльная «вайна за вызваленне» - усё яшчэ назіраецца ў паўднёвай Афрыцы, а ў эканамічнай форме таксама і ў Лацінскай Амерыцы. Аднак больш распаўсюджанай формай нацыяналізму ў краінах Трэцяга свету сёння з'яўляецца «інтэграцыя» ў нядаўна ўсталяваных дзяржавах. Пры гэтым дзяржава спрабуе аб'яднаць сваё часта культурна разнароднае насельніцтва ў адну «нацыю» па эўрапейскай мадэлі. Даўно ўсталяваныя дзяржавы Захаду дэманструюць трэці тып нацыяналізму - нацыяналізм дзяржаўнага «адраджэння». Галізм, напрыклад, меў на мэце не толькі захаваць суверэнную дзяржаву, але і даць ёй новае жыццё шляхам умацавання народнай улады і сацыяльнай гармоніі. І, нарэшце, у супрацьвагу да інтэграцыйных і аднаўленчых нацыяналістычных рухаў, мы маем шматлікія прыклады этнічнага «сепаратызму» меншасцяў, што нас, уласна кажучы, і цікавіць[7].
Этнічныя сепаратысцкія рухі мы можам назіраць практычна паўсюль, але Эўропа стала сведкам надзвычайнага этнічнага адраджэння ў апошнія два дзесяцігоддзі. Акрамя Шатландыі, Уэльса і Ольстэра, толькі ў Брытаніі назіраліся этнічныя хваляванні ў Корнуэле, на востраве Мэн, Шэтландскіх і Аркнейскіх астравах. У Францыі падобна брэтонцам пачалі дзейнічаць карсіканцы, аксітанцы і эльзасцы. У Гішпаніі назіраюцца баскскі, каталонскі, галіцыйскі і андалузскі рухі, не гаворачы ўжо аб канарскім. У Галандыі фрызская агітацыя распаўсюдзілася ў Гронінгене і Гельдэрландзе. Бельгію ўзрушыла фламандска-валонская моўная праблема, у Швайцарыі дзейнічаюць юрасіянцы, а рабочыя-імігранты наносяць удары ў адказ. Італія павінна лічыцца з сіцылійскім сепаратызмам і тырольскай агітацыяй, а ў Паўночнай Амерыцы заможная Канада сутыкнулася з моцнай праблемай квебекскага сепаратызму. Нават рэгіянальна адзіная Германія павінна суцішваць штраўсаўскую Баварыю[8].
Натуральна, мэты і спецыфічны кантэкст кожнага з гэтых рухаў, іх маштаб і інтэнсіўнасць адрозніваюцца. Але ёсць у іх і агульнае: гэтыя аўтанамісцкія рухі адрадзіліся ў нашым стагоддзі ў палітычнай форме, прычым у трывала ўсталяваных дзяржавах, якія часта маюць доўгую гісторыю, вызначаныя, прызнаныя нацыянальныя межы і развітую эканоміку. Пры ўсіх адрозненнях, усе гэтыя дзяржавы даволі індустрыялізаваныя, большасць іх насельніцтва пісьменная і нават добра адукаваная. І тым не менш, нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, якія прывялі тэарэтыкаў да пастулату аб раннім знікненні нацыяналізму, этнічныя меншасці выказваюць большую незадаволенасць, чым раней, а некаторыя нават хочуць ісці далей сваім шляхам.
АЎТАНАМІСТЫ І СЕПАРАТЫСТЫ
Каб асэнсаваць прычыны такой парадаксальнай сітуацыі, нам неабходна задаць сабе тры пытанні. Першае: чаго дакладна хочуць гэтыя нацыяналісты меншасцяў і якое значэнне мае іх этнічнае адраджэнне? Другое: хто такія нацыяналісты, хто іх лідэры і паслядоўнікі і якая сацыяльная база гэтых рухаў? Нарэшце, чаму нацыяналістычныя рухі з'явіліся менавіта цяпер і менавіта ў гэтых заходніх краінах, як можна растлумачыць час і сферу пашырэння гэтых рухаў?
У пэўным сэнсе мэты і значэнне сучасных этнічных нацыяналістычных рухаў абсалютна ясныя і паслядоўныя. На агульным узроўні яны патрабуюць толькі таго, чаго патрабавалі нацыяналісты ўсіх часоў і народаў: аўтаноміі групы, адзінства групы і саматоеснасці групы. Па-першае, яны хочуць свабоды і самакіравання, роўных грамадзянскіх правоў і абавязкаў, магчымасці прытрымлівацца сваіх уласных законаў і традыцыяў без знешняга кіраўніцтва ці ўмяшальніцтва. Па-другое, яны хочуць адзінства. Яны імкнуцца стаць трывалым, кампактным, інтэграваным задзіночаннем і адчуваць сябе такімі. Іхняя апора - прызнаная радзіма і карані ў зямлі продкаў, што ў адказ на адданую працу і энтузіязм будзе жывіць і падтрымліваць цела і душу іх братэрскай супольнасці. І, нарэшце, яны хочуць быць прызнанымі, адметнымі і ўнікальнымі. Іх мэта - развіць сваю індывідуальнасць, вылучыцца з большасці, ісці сваім уласным шляхам, думаць уласныя думкі, мець уласныя ўспаміны, будаваць уласны лёс. На аснове агульнага мінулага яны ствараюць свой нутраны свет, у якім кожны чалавек можа адрадзіцца і аднавіцца.
На першы погляд, такія даволі агульныя ідэалы здаюцца занадта аддаленымі ад непасрэдных мэтаў сённяшніх сепаратыстаў. Іх аргументы звычайна палягаюць у сферы эканомікі або сацыяльнага кіравання. Але больш дэталёвае даследаванне паказвае, што яны ў сапраўднасці толькі прыстасоўваюць агульныя ідэалы да мясцовых умоваў. І нават калі эканоміка бярэ верх над мовай, дык гэта толькі таму, што ў канкрэтнай сітуацыі менавіта эканамічнае вымярэнне сацыяльнага адзінства здаецца больш надзённым. У Квебеку або Фландрыі мы назіраем адваротную карціну: на першы план выносіцца якраз моўная праблема, бо заняпад мовы пагражае разбурэннем культуры і размываннем пачуцця саматоеснасці. Той факт, што сучасныя сепаратысцкія рухі маюць пэўныя адрозненні ў фазах развіцця і канкрэтных аспектах дзейнасці, не павінен увесці нас у зман. Пры ўсёй разнастайнасці мы не можам адмаўляць іх нутраную суадноснасць і агульную логіку[9].
Сучасныя заходнія сепаратысты вылучаюць тры галоўныя аргументы для змены status quo.
Што тычыцца эканомікі, яны сцвярджаюць, што цэнтральны ўрад аддае перавагу больш развітым цэнтральным рэгіёнам за кошт бяднейшых перыферыйных тэрыторыяў або эксплуатуе рэсурсы больш заможных перыферыйных рэгіёнаў, каб карміць і падтрымліваць застойную цэнтральную тэрыторыю. Так, маніфест Плэйд Сімру (Plaіd Cymru) заяўляе:
Нішто не сведчыць пра бяздушнасць Лейбарысцкай партыі лепш, чым тое, што яна зусім не заклапочаная справамі вугальных і сланцавых тэрыторыяў Уэльса. Лейбарысцкая партыя прыйшла да ўлады менавіта на карках шахцёраў і рабочых-каменяроў. Пасля атрымання ўлады сярод яе прыярытэтаў не засталося месца для праблем дабрабыту гэтых тэрыторыяў[10].
А эканаміст Шатландскай Нацыянальнай Партыі (ШНП) звязвае эканамічную аргументацыю з тэзісам аб аўтаноміі:
Самакіраванне - гэта добра, і не толькі таму, што яно можа прывесці да большай эфектыўнасці ў кіраванні шатландскай эканомікай: самакіраванне - добрая мэта сама па сабе, бо яно азначае, што людзі вучацца на практыцы. Гэта значыць, што калі мы бярэм на сябе адказнасць за нашы ўласныя справы, то павінны атрымаць карысць ад гэтай адказнасці. Бо, беручы яе, мы вымушаны працаваць больш эфектыўна і таму можам лепш рабіць сваю справу...
Доўгі час мы вымушана цярпелі розныя выдаткі - падатак на працаўнікоў сферы паслуг, перыядычныя абмежаванні на банкаўскія крэдыты, якія, як бы добра ні стасаваліся яны да сітуацыі на паўднёвым усходзе Англіі, безумоўна, ніколі не адпавядалі шатландскай эканоміцы. Яны проста паскаралі тэндэнцыі да эміграцыі і беспрацоўя[11].
У такім самым плане брэтонцы заяўляюць, што дэпрэсія ў іх эканоміцы - вынік не аднаго дзесяцігоддзя безуважнага стаўлення французскіх планавікоў, а карсіканцы пратэстуюць супраць турыстычнай і стратэгічнай эксплуатацыі, супраць забруджвання мора і калонаў, якія займаюцца маштабным земляробствам і вінным гандлем[12]. У Гішпаніі, з іншага боку, баскі і каталонцы сцвярджаюць, што іх больш індустрыялізаваная і развітая эканоміка вязе на сваім карку збяднелую, эастойную гаспадарку правінцый Кастылія і Леон[13].
Па-другое, існуе палітычная аргументацыя супраць залішняй цэнтралізацыі. Сепаратысты заяўляюць, што сучасная дзяржава стала занадта рацыяналізаванай, занадта бюракратычнай, каб адпавядаць сацыяльным і палітычным патрэбам чалавека. Даць ім рады можа толькі невялікая супольнасць. Джон Османд (John Osmond) пісаў:
Шлях карпаратыўнай дзяржавы прыводзіць у тупік... Адзіная рацыянальная альтэрнатыва - гэта падыход, які дае перавагу канцэпцыі супольнасці... Першае патрабаванне супольнасці - увесці чалавечы маштаб, у якім людзі маглі б разумна імкнуцца да пачуцця мэты, адказнасці і саматоеснасці[14].
І ў сучасным вялікім даследаванні кельтскіх этнічных групаў у Брытаніі Майкл Хечтэр прыходзіць да падобнай высновы: «Самая апошняя крышталізацыя кельтскага нацыяналізму можа канчаткова разумецца як рэзкая крытыка прынцыпаў бюракратычнага цэнтралізму»[15].
Нарэшце, назіраецца культурная атака на асіміляцыю. Яна звычайна мае форму падтрымкі старажытнай ці адроджанай мовы. Але час ад часу ў фокус саматоеснасці трапляе рэлігія, як у Ольстэры ці Юры. Або гэта можа быць шэраг адметных, спецыфічных інстытуцыяў, як заканадаўчая, адукацыйная і царкоўная сістэмы Шатландыі. Усё гэта можа служыць сімвалам, які абуджае і падтрымлівае пачуццё агульнай гісторыі, увасабляе ўнікальны грамадскі вопыт і нацыянальную адметнасць. Прычым заўсёды здаецца, што менавіта гэтыя асаблівасці, уласны твар, або саматоеснасць, знаходзяцца пад пагрозай з боку вялікіх утварэнняў, якія ўмешваюцца ў святое святых. Вось чаму нешматлікасць, кампактнасць становяцца культурнай і палітычнай каштоўнасцю, а адметнасць пачынае атаясамлівацца са свабодай.
Існуюць, аднак, некаторыя асаблівасці, якія адрозніваюць сучасныя сепаратысцкія рухі ад ранніх нацыяналістычных. Нацыяналісты дзевятнаццатага стагоддзя хацелі мець уласныя суверэнныя дзяржавы, у той час як многія цяперашнія этнічныя рухі аддаюць перавагу федэральнаму ці аўтаномнаму статусу ў межах большага дзяржаўнага ўтварэння. У Гішпаніі, напрыклад, каталонскі і баскскі рухі ў большасці «аўтанамісцкія», яны імкнуцца да максімальнага «самакіравання» ў складзе федэральнай Гішпаніі, як у 1930-я гады[16]. Нягледзячы на даволі частыя заклікі да аб'яднання з Нідэрландамі або з франкафонамі ў іншых эўрапейскіх дзяржавах, большасць фламандскіх і валонскіх пачуццяў трывала ляжыць у межах бельгійскага патрыятызму. Працяглы моўны канфлікт, асабліва ў раёне Бруселя, мае характар барацьбы за гегемонію ў межах існуючай дзяржавы, хоць культурныя арыенціры - Гаага і Парыж. У Швайцарыі жыхары, якія гавораць на рэтрараманскім дыялекце, і юрасіянцы патрабавалі культурнага прызнання ў форме моўнага і адміністратыўнага (на ўзроўні кантонаў) адзінства. Тым часам фрызы і гронінгенцы хацелі, каб галандскі ўрад падтрымліваў іх мову і навучальныя ўстановы. Нават у Брэтані, Уэльсе і Шатландыі, нягледзячы на наяўнасць скрайніх сепаратысцкіх партый, асноўная плынь да гэтага часу застаецца аўтанамісцкай і федэралісцкай.
Другім адрозненнем сучасных аўтанамісцкіх рухаў ад ранніх нацыяналістычных з'яўляецца тэндэнцыя да планавання ў галіне эканомікі. Многія сучасныя этнічныя рухі маюць моцны сацыял-дэмакратычны ці сацыялістычны элемент, яны ўскладаюць вялікія спадзяванні на эканамічнае самазабеспячэнне, абгрунтоўваючы гэта ідэямі Ліста, нямецкага эканаміста 1840-х гадоў[17]. Нацыяналізм заўсёды падкрэсліваў неабходнасць кантролю над уласнымі рэсурсамі, пачынаючы яшчэ з Русо, які ідэалізаваў натуральнасць і сельскагаспадарчы геній карсіканцаў[18]. Але рэальна толькі ў дваццатым стагоддзі з'явіўся сацыяльны базіс для гэтага аспекту нацыяналістычнай дактрыны, надаючы яму значэнне, якога ён ніколі не меў у дзевятнаццатым стагоддзі. У гэтым сэнсе нацыяналістычныя рухі другой паловы дваццатага стагоддзя бліжэйшыя да сама ранніх нацыяналістычных рухаў канца васемнаццатага стагоддзя, а не да больш кансерватыўных сваіх папярэднікаў мінулага стагоддзя.
Нарэшце, як зазначана вышэй, сучасныя аўтанамісцкія рухі адрозніваюцца ад папярэдніх нацыяналістычных сваім кантэкстам. Больш няма пратэстаў супраць дынастыйных ці імперыяльных тыраніяў, а толькі супраць даўно ўсталяваных дэмакратычных дзяржаваў, якія сказілі свае дэмакратычныя ідэалы ці ўвогуле забыліся на іх. У гэтым сэнсе крыху ўбаку стаіць Гішпанія, хоць тут таксама імкненне да этнічнага прызнання ідзе поруч з пратэстам супраць затрымкі дэмакратызацыі. Аднак у цэлым новыя аўтанамісцкія рухі ўзняліся ў індустрыялізаваных і вольных нацыянальных дзяржавах у асяроддзі грамадзян, якія маюць усю паўнату палітычных правоў.
Тым не менш, нягледзячы на гэтыя адрозненні, сучасныя аўтанамісцкія рухі адпавядаюць асноўнаму ўзору нацыяналізму. Незалежна ад таго, датычацца іх праблемы нафты ці турызму, размяшчэння ўніверсітэтаў ці моўнай сітуацыі, міграцыі ці рэгіянальнай улады - ніколі няма сумнення ў канчатковых мэтах. Гэта заўсёды калектыўная аўтаномія, калектыўная салідарнасць і калектыўная саматоеснасць, якую шукаюць і знаходзяць у надзеі на этнічнае адраджэнне і братэрства, што ўвасабляецца ў канцэпцыі «нацыянальнай дзяржаўнасці».
НОВАЯ ТЭХНІЧНАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ
Калі звярнуцца да сацыяльнай базы новага аўтанамізму, можна знайсці значныя варыяцыі ў дэталях, але ў цэлым сітуацыя вядомая яшчэ з часоў ранніх нацыяналістычных рухаў. Нацыяналізм прываблівае многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі - інтэлектуальных і прафесійных пластоў, якія генеруюць і распаўсюджваюць ідэі і тэхналогіі, якія атрымліваюць прызнанне праз свае дыпломы. Іншыя групы «сярэдняга класу» - афіцэры, бюракраты, святары нізкага сану і прадпрымальнікі - могуць быць таксама далучаныя да справы. Калі рух і барацьба працягваюцца доўгі час і робяцца інтэнсіўнымі, удзел могуць браць і іншыя пласты. Але ў цэлым сяляне і гарадскія рабочыя значна менш нацыяналістычныя[19].
Нацыяналізм звычайна зараджаецца сярод больш рамантычных «літаратурных» колаў інтэлігенцыі - сярод паэтаў, раманістаў, мастакоў і выкладчыкаў.
На гэтай стадыі нацыяналізм у асноўным з'яўляецца культурным рухам. Каб стаць палітычнай сілай, ён павінен таксама прывабіць сябраў ліберальных прафесійных колаў - дактароў, юрыстаў, журналістаў, школьных настаўнікаў. Новыя нацыяналістычныя рухі маюць долю прадстаўнікоў гуманітарнай і тэхнічнай інтэлігенцыі - людзей з шырокімі, энцыклапедычнымі ведамі, якіх можна назваць сапраўднымі інтэлектуаламі. Напрыклад, у культурным грунце брэтонскага і шатландскага нацыяналістычных рухаў у мінулым стагоддзі або ўэльскага ці фламандскага рухаў нашага стагоддзя важную ролю адыгралі гісторыкі, філосафы і пісьменнікі. Каталонскі нацыяналізм на працягу двух стагоддзяў нязменна абапіраўся на здабыткі каталонскіх мастакоў і інтэлігенцыі, а разнастайныя моўныя рухі - рэтрараманскі, фрызскі ў Швайцарыі, гэльскі ў Ірландыі - шмат у чым абавязаны намаганням даследчыкаў. Акрамя таго, сама ідэалогія нацыяналізму была першапачаткова сфармулявана вядучымі інтэлектуаламі канца васемнаццатага стагоддзя - Русо, Монтэск'ё, Бурке, Гердэрам, Фіхтэ. Гэтыя вальнадумцы аспрэчылі касмапалітычныя дагматы ў імя новых ідэяў аўтэнтычнасці і грамадзянскіх вартасцяў[20].
Існуе, аднак, адно істотнае адрозненне ў сацыяльным складзе сучасных нацыяналістычных рухаў, прынамсі, найбольш развітых. Сёння мы можам бачыць сярод іх прыхільнікаў усё больш прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі. Тэхнічныя работнікі, планавікі, інжынеры-будаўнікі ад прарабаў да гарадскіх архітэктараў, аграномы - усе аб'ядналіся для падтрымкі нацыяналістычнай справы, і гэтым самым яны надалі руху больш практычны і прафесійны накірунак. Адсюль вынікае і імкненне да эўрапейскай версіі сацыялізму: нерэалізаваныя таленты інтэлігенцыі шукаюць выкарыстання, і лідэры руху павінны задавальняць гэтую патрэбу, плануючы больш «рацыянальныя» эканоміку і грамадства, якія добра адпавядалі б мясцовым умовам. Хочуць брэтонскія фермеры сельскагаспадарчых субсідый ці імкнуцца ўэльскія доны да прызнання іх арганізацый, шукаюць шатландскія бізнесмены новыя шляхі ў камерцыі ці абураюцца баскскія вытворцы абмежаваннямі цэнтральнага ўрада - ліберальная і тэхнічная інтэлігенцыя бачыць выйсце толькі ў радыкальным вырашэнні праблемы абмежаванай мабільнасці і неадпаведнага грамадскага статусу. Пры адсутнасці высокага статусу або стратэгічных пазіцыяў у шырокіх колах грамадства новыя аўтанамісцкія нацыяналісты - не мае значэння, у Квебеку ці Шатландыі, - становяцца больш тэхнакратычнымі і сацыялістычнымі, бо ў іх шэрагі прыходзіць усё больш тэхнічных работнікаў і спецыялістаў сярэдняга класа. І наадварот, чым слабейшы тэхнічна-прафесійны элемент, тым больш культурніцкім і рамантычным стаецца этнічны рух, як гэта было ва Ўэльсе, Фландрыі і Брэтані[21].
Такім чынам, большы эканамічны калектывізм з'яўляецца паказчыкам больш развітых сучасных рухаў за аўтаномію. Толькі ў нашым стагоддзі моцная тэхнічная інтэлігенцыя замяніла раннія «літаратурныя» групы і іх прыхільнікаў сярод буржуазіі. Нацыяналізм другой паловы дваццатага стагоддзя значна больш практычны, гэта - добра пралічанае імкненне да мабільнасці і эканамічнага самазабеспячэння. Нацыяналісты спадзяюцца, што, ствараючы ўласныя бюракратычныя і прафесійныя інстытуты, адасобленыя ад інстытутаў больш шырокага грамадства, яны змогуць задаволіць няспраўджаныя амбіцыі і нявыкарыстаныя таленты сябраў сваіх рухаў.
НЕДАРАЗВІТАСЦЬ І ГІСТАРЫЧНАСЦЬ
Трэцяе пытанне - чаму аўтанамісцкія рухі ўзняліся менавіта ў гэты час і ў такіх месцах - нарадзіла шмат тэорый, што спрабуюць на яго адказаць. У многіх аспектах гэтыя тлумачэнні перагукаюцца са спрэчкамі аб нацыяналізме і залішне падкрэсліваюць навізну этнічных рухаў. Не трэба забывацца, што большасць сучасных рухаў дзейнічалі яшчэ да апошняй вайны, а некаторыя бяруць пачатак у мінулым стагоддзі[22].
Прычыну этнічных аўтанамісцкіх рухаў часта бачаць у залішняй цэнтралізацыі. Так, Патрысія Майо (Patrіcіa Mayo) нядаўна заявіла, што брэтонскі, баскскі і ўэльскі рухі павінны разглядацца як пратэст супраць палітычнай хваробы, выкліканай бюракратычным апаратам сучаснай якабінскай дзяржавы. У прыватнасці, перыферыйныя тэрыторыі адчуваюць недахоп увагі з боку далёкай, але ўсемагутнай бюракратыі. Няясна, чаго больш баяцца - абыякавасці ці ўмяшальніцтва, але галоўная хіба такога кшталту аргументацыі - у няздольнасці растлумачыць, чаму пачуццё перыферыйнай хваравітасці павінна звязвацца з этнічнай супольнасцю ці нацыяй. У пэўным сэнсе мы ўсе адчуваем сябе бяссільнымі перад тварам вялікай ананімнай бюракратыі. Тым не менш аўтанамісцкія пачуцці развіваюцца ў спецыфічных этнічных групах, прычым часта сярод меншасці гэтых групаў. Акрамя таго, ці можам мы сказаць, што Канада, Бельгія або Швайцарыя - такія ж звышцэнтралізаваныя, якабінскія дзяржавы, як Францыя? Бюракратызм - важны аргумент у любым тлумачэнні, але не самадастатковы[23].
Адрозненні ў эканамічным развіцці таксама называюць прычынамі сучаснага аўтанамізму. Так, Каталонія і баскскі рэгіён больш развітыя за Кастылію, Ольстэр - у параўнанні з Ірландыяй... У той жа час Паўночны Ўэльс, Аксітанія, Фрызландыя, Брэтань ці Юра і Корсіка былі неразвітымі сялянскімі тэрыторыямі, якія эксплуатаваліся за кошт турызму і харчовых рэсурсаў[24]. Такая пазіцыя шмат у чым слушная: калі рэгіён мае моцнае пачуццё культурнай саматоеснасці, а таксама больш ці менш развіты ў параўнанні з цэнтрам дзяржавы - сапраўды ствараюцца моцныя перадумовы ўзнікнення радыкальнага сепаратызму. Але гэты падыход, няма сумневу, не тлумачыць ні арыгінальнага пачуцця саматоеснасці, ні таго факту, што некаторыя менш ці больш развітыя рэгіёны, як паўночны ўсход Англіі ці поўдзень Італіі, не здолелі выпрацаваць этнічнае (не кажучы ўжо пра сепаратысцкае) пачуццё, нягледзячы на моцную незадаволенасць. Больш за тое, некаторыя рэгіёны, напрыклад, Шатландыя з яе нафтавым патэнцыялам, апошнім часам узняліся ад недаразвітасці, дасягнулі парытэту з цэнтрам, аднак нацыянальныя пачуцці ад гэтага толькі ўзмацніліся, а не саслабелі, як можна было б чакаць.
Бюракратыя і нізкая ступень развіцця могуць узмацніць пачуццё этнічнай адметнасці, але само гэтае пачуццё павінна ўзнікнуць аб'ектыўна, з культурных супярэчнасцяў сярод насельніцтва. Рэлігія, традыцыі, арганізацыі, мова або гісторыя маглі служыць для некаторых пакаленняў бар'ерамі, што раздзяляюць людзей у межах вялікай дзяржавы. На суб'ектыўным узроўні гэтыя культурныя адрозненні ўвасабляюцца ў пачуцці розных этнічных каранёў і асобнай гісторыі. Менавіта гэтае этнічнае пачуццё абвастрае даўнія культурныя супярэчнасці ў трывала ўсталяваных дзяржавах. У той ці іншай ступені кожны аўтанамісцкі рух будуецца на веры ў адметныя этнічныя карані.
Некаторыя «субнацыі» з'яўляюцца больш «гістарычнымі». Так, Шатландыя і Каталонія могуць спаслацца на доўгія стагоддзі незалежнай дзяржаўнай гісторыі, у той час як Уэльс, Брэтань і Фрызландыя не маюць такіх успамінаў. Без сумнення, гэтае адрозненне дапамагае нам у пэўным сэнсе растлумачыць разнастайнасць этнічных рухаў. Аднак з яго не вынікае (зрэшты, і не можа вынікаць) адказ на пытанне, чаму гэтыя рухі сталі больш інтэнсіўнымі ў апошні час і чаму яны шырока распаўсюдзіліся. Мы павінны помніць, што толькі ў мінулым стагоддзі паэты і навукоўцы пачалі заўважаць старажытныя гістарычныя супярэчнасці ў старых дзяржавах. Да таго часу ніхто не парупіўся выкапаць першабытныя легенды ці адрадзіць паэтычныя мовы. Аднак сёння ўсе субнацыі адчуваюць сябе этнічна адасобленымі і культурна адметнымі - незалежна ад таго, «гістарычныя» яны нацыі ці не. Такім чынам, мы не можам выкарыстаць гэтыя культурныя разыходжанні, каб дастаткова поўна патлумачыць сённяшняе адраджэнне нацыяналізму на Захадзе[25].
РАСПАД ІМПЕРЫЯЎ І ПРАВАЛЫ ДЭМАКРАТЫІ
Для тлумачэння сучаснага адраджэння нацыяналізму неабходна звярнуць увагу на змены, якія адбываюцца з этнічнымі меншасцямі на фоне больш шырокіх міжнародных працэсаў у культуры і палітыцы.
Звернемся спачатку да культуры. З канца васемнаццатага стагоддзя на Захадзе адбыліся дзве галоўныя культурныя змены: тэхнічная і матэрыяльная. У плане тэхнікі адбыўся вялікі прагрэс у камунікацыях. Да сярэдзіны дваццатага стагоддзя насычаная сетка камунікацый ахапіла нават найбольш аддаленыя глыбінныя раёны. Квебек, Фландрыя, паўночны Ўэльс, Брэтань, Юра - тэрыторыі, якія раней заставаліся па-за межамі мадэрнізацыі, - цяпер усе яны трапілі пад уздзеянне заходняй культуры. Але што такое гэтая кантынентальная культура? Увогуле кажучы, гэта свецкая, рацыяналістычная, навуковая культура, якая разбурае рэлігійныя вераванні і традыцыі. У метраполіях працэс секулярызацыі пачаўся два стагоддзі таму, але тым не менш аддаленыя і эканамічна падаўленыя рэгіёны захоўвалі сваю сялянскую спадчыну. Цяпер, з заняпадам уплыву царквы нават у гэтых рэгіёнах, тэрыторыі «позняй секулярызацыі» пайшлі па шляху галоўных урбанізаваных цэнтраў, ствараючы ўласныя навуковыя і прафесійныя эліты, якія нярэдка атрымлівалі адукацыю за мяжой.
Свецкая культура, якую ўсмакталі гэтыя эліты, з'яўляецца наватарскай, эксперыментальнай і антытрадыцыйнай. Яна таксама гуманістычная і эгалітарная. Яна цесна звязана з дэмакратычным рухам, які яна падтрымлівае і развівае. Гэта галоўная крыніца сучаснага этнічнага радыкалізму.
У пошуках больш спецыфічных прычынаў сучаснага этнічнага радыкалізму нам трэба звярнуцца да міжнародных палітычных падзеяў і іх сацыяльных вынікаў. Адной з галоўных падзеяў пасляваеннай палітыкі быў крах імперыялізму на Захадзе. Даўно ўсталяваныя эўрапейскія дзяржавы былі пазбаўлены сваёй імперыяльнай ролі і атрымалі другасны статус, значна ніжэйшы, чым мелі супердзяржавы. У Англіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі гэта мела не толькі эканамічныя наступствы, але нават у большай ступені палітычныя і псіхалагічныя. Эўропа і Канада, якія былі адціснутыя супердзяржавамі на абодвух кантынентах, пакуль не змаглі выпрацаваць альтэрнатыўную саматоеснасць. У выніку нарадзіліся сумненні і сцвярджальныя памкненні, але расчараванне застаецца. Нечаканыя глабальныя зрухі ў дабрабыце і ўладзе прывялі да таго, што многія эўрапейцы, асабліва ў старых дзяржавах, пачалі адчуваць крызіс і заняпад сваіх культур[26].
Адным з важных сацыяльных вынікаў гэтых вялікіх геапалітычных зрухаў стала звужэнне магчымасцяў рэалізацыі нацыянальных амбіцыяў і талентаў. Раней шатландцы і карсіканцы маглі кіраваць і падтрымліваць парадак у Імперыі. Але цяпер, калі палітычныя арэны Брытаніі і Францыі значна паменшыліся, яны часцей за ўсё не могуць знайсці пазіцыі, якая адпавядала б іх папярэдняму статусу[27]. Колькасць прафесійна і тэхнічна адукаваных людзей вырасла, але сфера прымянення іх талентаў звузілася да межаў іх радзімы. Прыязджаючы з прыгнечаных тэрыторыяў у Брусель, Парыж або на ўсход Англіі, яны не маглі задаволіць свае амбіцыі і патрабаванні, бо непазбежна сутыкаліся з недахопам магчымасцяў і вакансій.
Такім чынам, сярод новых прафесійных элітаў, якія прыходзяць з аддаленых тэрыторыяў, наспявае «крызіс саматоеснасці». Запозненая секулярызацыя разбурыла іх рэлігійныя вераванні. Яны больш не могуць са шчырым сэрцам жыць сялянскімі традыцыямі, не могуць бачыць сябе вяскоўцамі, проста хрысціянамі ці католікамі, метадыстамі, прасвітэрыянцамі і г.д. На асноўны план выходзіць пытанне: хто яны такія і да чаго належаць? Прычым гэтая праблема самавызначэння становіцца яшчэ больш важнай, калі ў вялікіх гарадскіх цэнтрах яны ўступаюць у канкурэнцыю з іншымі людзьмі - з рознымі акцэнтамі, рэлігіямі, колерам, адзеннем і звычаямі. Як аднойчы трапна заўважыў Карл Каўцкі, «чыгункі з'яўляюцца галоўнай крыніцай нацыянальнай нянавісці»[28]. У вялікім горадзе этнічныя адрозненні стаюцца больш відавочнымі, а этнічныя антаганізмы, доўгі час прыхаваныя, разгараюцца ізноў. Акрамя таго, калі рабочых месцаў не хапае, так лёгка адбіраць людзей па этнічных крытэрыях, і любую адмову значна прасцей патлумачыць гэтымі самымі прычынамі.
Але існуе нешта такое, што абвастрае этнічную незадаволенасць мацней, чым гарадская дыскрымінацыя і канкурэнцыя. Чалавек з культурна адметнага рэгіёну, чые традыцыйныя вераванні пахіснуліся і чыя кар'ера заблакаваная, лічыць, што не можа быць салідарны з існуючай нацыянальнай дзяржавай у такой ступені, як яго сусед з цэнтра. Пастаўлены ў няроўныя ўмовы ў сацыяльнай канкурэнцыі, ён не можа мець вялікай прыхільнасці да саслабелай дзяржавы, якая заўсёды вымушана працаваць на культурную большасць. Тут сутыкаюцца дзве даволі адасобленыя сучасныя тэндэнцыі: позняя секулярызацыя аддаленых рэгіёнаў і нечаканы нядаўні скон імперыі з яе сацыяльным уціскам. Вынік такога сутыкнення можа быць драматычны: яно можа нарадзіць шырокамаштабную эміграцыю і этнічны радыкалізм[29].
Пэўная частка насельніцтва сапраўды эмігруе, прычым не толькі з этнічных меншасцяў. Але значна больш людзей па тых ці іншых прычынах не могуць гэтага зрабіць. Яна застаюцца ў краіне, незадаволеныя і нешчаслівыя, яны не маюць магчымасці знайсці адпаведную нішу ў цэнтры, а таму адчуваюць адчужанасць. Яны знаходзяцца ў цяжкім становішчы паміж нежыццяздольнымі народнымі традыцыямі і няспраўджаным абяцаннем рацыяналістычнай сучаснасці. Пры гэтым крызісе саматоеснасці і мэтанакіраванасці некаторыя варожа ўспрымаюць перспектыву асіміляцыі ў дамінантную супольнасць. Замест гэтага яны спрабуюць знайсці ўласныя карані і такім чынам узняць прэстыж і статус сваёй супольнасці. Яны звяртаюцца да народнай гісторыі, але з сучасных пазіцый. У гісторыі яны знаходзяць новую саматоеснасць, якая можа забяспечыць заснаванне новага грамадства і новай дзяржавы, дзе іх ніхто не паставіць у няроўныя ўмовы і дзе яны больш не будуць адчужанымі.
Той факт, што ўсё больш і больш сябраў рэгіянальных этнічных групаў выбіраюць шлях вяртання да сваіх гістарычных каранёў, сведчыць пра фундаментальную няўдачу старых дэмакратыяў. У многіх выпадках дэмакратычныя лідэры асэнсавалі гэта надта позна. «Перанараджэнне», якое яны са спазненнем прапаноўваюць, толькі распальвае апетыты сепаратыстаў. Фактычна этнічныя аўтанамісты адчуваюць, што дэмакратычныя сістэмы нічога не могуць ім прапанаваць, што іх не хвалююць патрэбы аўтанамістаў і яны зусім не салідарныя з этнічнай меншасцю. Партыйная сістэма была пабудавана на аснове класавай расстаноўкі сілаў, і канфлікт у асяроддзі большасцяў паміж ліберальна-дэмакратычным цэнтрам і так званымі экстрэмістамі правага і левага кшталту мае слабую сувязь з этнічнай меншасцю. Праблемы інфляцыі і індустрыйнага канфлікту, якія пераймаюць старыя дэмакратыі, толькі натхняюць радыкальных аўтанамістаў ісці сваёй уласнай дарогай. Для іх гэта стала прыкладам дэмакратычнага склерозу, сітуацыяй, пры якой знешне дэмакратычныя інстытуты з'яўляюцца такімі коснымі, што не могуць адпавядаць зменам і патрабаванням новых элітаў[30].
У той жа час гэтыя новыя эліты ўвабралі цалкам свецкую, рацыяналістычную культуру большасці з яе дэмакратычнымі і эгалітарнымі спадзяваннямі. Яны таксама, як мы можам назіраць гэта ў Квебеку, Каталоніі і Шатландыі, прасунуліся да мяккай формы эканамічнага калектывізму з націскам на дабрабыт і планавасць. Іх патрабаванне большага ўдзелу цяпер злілося са спадзяваннем на новы статус і годнасць, заснаванымі на вяртанні да сваіх каранёў. Этнічнае адраджэнне ўзняло лозунг усталявання больш рэальнай і асэнсаванай дэмакратыі з інстытутамі, якія адпавядаюць мясцовым патрэбам. У гэтым руху ёсць логіка. Для старой дэмакратыі нацыянальнай дзяржавы прызнанне справядлівасці этнічных патрабаванняў вельмі рызыкоўнае: гэта азначае, што за стагоддзі яна не здолела злучыць усіх грамадзян разам у кампактную супольнасць, якая вызнае агульную «грамадзянскую тэалогію» і мае агульныя пачуцці саматоеснасці[31].
ВЫСНОВЫ
Крызіс нацыянальнай згуртаванасці - сапраўднае выпрабаванне для сённяшняй дэмакратыі. Пакуль дэмакратыя мела ворага ў асобе глабальных імперыяў, гэтае цяжкое выпрабаванне адкладвалася. Пакуль секулярызацыя не дайшла да раёнаў, якія знаходзяцца далёка ад цэнтра краіны, там не было правінцыйнай інтэлігенцыі, здольнай узняць дэмакратычны сцяг барацьбы супраць закасцянелай дэмакратыі. Пасля краху імперыяў і пашырэння камунікацыяў сітуацыя рэзка змянілася. Новыя прафесійныя эліты з аддаленых рэгіёнаў аспрэчваюць перавагу старых элітаў метраполіі, прычым якраз у той час, калі апошнія перажываюць крызіс даверу. Новыя эліты асэнсавалі, што існуючыя дэмакратычныя інстытуты не могуць задаволіць іх уласныя патрэбы ці патрэбы рэгіёнаў, з якімі яны цяпер усё больш салідарызуюцца ў барацьбе супраць этнічнай большасці і яе нацыянальнай дзяржавы. У асобных выпадках, як у Фландрыі, дзе фламандцы складаюць фактычную большасць, яны здолелі дасягнуць пэўнага парытэту і ажыццявіць некаторыя свае мэты ў межах бельгійскай дзяржавы. Часамі, напрыклад, у Швайцарыі, дэмакратычная сістэма была дастаткова гнуткай і дэцэнтралізаванай, каб адпавядаць новым рэгіянальным этнічным патрабаванням. У іншых выпадках, калі дзяржава з'яўляецца больш унітарнай, барацьба за этнічнае прызнанне працягваецца. А ў Гішпаніі этнічная барацьба таксама з'яўляецца бітвай за моцна запозненую дэмакратыю.
Тым не менш ігнараваць этнічныя меншасці немагчыма ні ў якой дзяржаве. І чым больш дэмакратычны рэжым, тым больш інтэнсіўныя іх патрабаванні і тым больш сур'ёзна да іх павінны ставіцца ўлады.