РАЗДЗЕЛ 7
Бюракратычны цыкл

Ад канца васемнаццатага стагоддзя да сённяшняга дня нацыянальная ідэя пашыралася і распаўсюджвалася, стаўшы сама моцнай і пластычнай з усіх сучасных ідэалогіяў. Яна пачала сваё жыццё ў выніку імкнення сярэдняга класу да сацыяльнай эмансіпацыі і згуртаванасці супраць жорсткага права дэспатаў. Хутка яна стала зброяй у абароне прывілеяў і пазней апраўданнем дзяржаўнай экспансіі і заморскага імперыялізму. У той жа час, яе ўзяла на ўзбраенне інтэлігенцыя этнічных меншасцяў, якія імкнуліся праз нацыянальнае самавызначэнне аддзяліцца ад вялікіх імперыяў і аб'яднаць усіх, хто належыць да іхняй культуры, у адзінай дзяржаве. Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя нацыяналізм аб'яднаўся з папулізмам, каб агітаваць нядаўна ўрбанізаванае і неўкаранёнае насельніцтва за неабходнасць вяртання да сваіх каранёў.

У нашым стагоддзі нацыянальная ідэя выкарыстоўвалася для разнастайных мэтаў і з'яўлялася ў розных абліччах. Па-першае, існуе вядомы антыкаланіяльны рух за мадэрнізацыю, які асацыюецца з вестэрнізаванымі інтэлігенцыямі маларазвітых краінаў у Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы і які пачаўся як пратэст у імя вызвалення, а сёння ператварыўся ў імкненне да аднастайнасці і інтэграцыі ў новых дзяржавах. Таксама існуе, і часта ў саюзе з антыкаланіяльнай інтэграцыяй, папулісцкая ідэя, якая імкнецца да новай салідарнасці інтэлігенцыі з сялянскім класам у гэтых новых дзяржавах і да падтрымкі іх індустрыяльнай мадэрнізацыі праз «нацыянальны камунізм». У Эўропе мы былі сведкамі адраджэння такой самай нацыянальнай ідэі ў наплыве этнічных «неанацыяналізмаў», якія ўзыходзяць да ранняга этнічнага сепаратызму, але дадаюць новыя аспекты і адлюстроўваюць іншую фазу палітычнага і эканамічнага цыклу[1]. І, нарэшце, існуюць «каляровыя» і «пан»нацыяналістычныя рухі, якія ўсё яшчэ жыццяздольныя ў некаторых частках свету і якія могуць разглядацца як механізмы адыходу ад расавай ці культурнай эксплуатацыі і аднаўлення страчанай годнасці і саматоеснасці.

Заклікі нацыянальнай ідэі сёння настолькі ж разнастайныя, як і ў мінулым стагоддзі. Але сама ідэя, хоць яна пашырылася ў маштабе, часткова паглыбілася і мадыфікавалася, мае пэўныя нязменныя лейтматывы: імкненне да аўтаноміі і самакіравання, да салідарнасці на супольнай «радзіме» і да саматоеснасці, якую можна вызначыць праз унікальную гісторыю і культуру. Натуральна паўстаюць пытанні: чаму гэтая ідэя застаецца такой моцнай і ўстойлівай? Што робіць яе прывабнай у такіх розных сацыяльных асяроддзях, нягледзячы на мясцовую спецыфіку? Ці ёсць агульны стрыжань у сённяшніх закліках нацыяналізму?

ДВА ПАНЯЦЦІ «НАЦЫІ»

Частка адказу палягае ў адрозненні паміж «нацыяй» як «натуральнай» адзінкай у гісторыі і «нацыяй» як гістарычна спецыфічнай і палітычнай мэтай ці ідэалам.

За «нацыянальнай ідэяй» нацыяналістычных ідэалогіяў стаіць вельмі старое і квазіарганічнае паняцце нацыі як культурнай і этнічнай арганізацыі. У гэтым сэнсе адрозненне паміж этнічнай групай ці народам і «нацыяй» тычыцца толькі ступені. Да таго ж існуе тэндэнцыя, часта палітычная па сваім змесце, пазначаць тэрмінам «нацыя» колькасна буйнейшыя і больш развітыя этнічныя групы. Гістарычна і этымалагічна тэрмін «natіo» часта датычыў далёкіх і варварскіх плямёнаў, якіх прызнавалі як адасобленыя этнічныя і культурныя адзінкі, што маюць унікальныя карані і вызначаную тэрыторыю. У гэтым сэнсе нацыя вяртаецца да яе этымалагічнай асацыяцыі з прыродай і месцам нараджэння і спалучае тое, што Дэбрэй (Debray) называе двума «свяшчэннымі» заснавальніцкімі працэсамі шырокамаштабнай чалавечай супольнасці: вызначэнне каранёў у часе і абмежаванне супольнасці ў пэўнай прасторы[2]. Безумоўна, развіццё паняццяў «natіo» і «нацыя» ілюструе няўстойлівасць разумення чалавецтвам сваёй культурнай арганізацыі, бо гэтыя тэрміны змянілі свой сэнс з далёкага на блізкае, з меншага на большае, ад простых да больш складаных асацыяцыяў, у адпаведнасці з ростам іх палітычнай важнасці. У класічным мінулым «natіo» магло тычыцца «сузор'я кланаў»; гэты тэрмін быў часта ўзаемазаменны з паняццем «gens»[3]. Сёння тэрмінам «нацыя» пазначаюцца толькі найбольш важныя і сама вялікія віды культурнай асацыяцыі, і мы спрачаемся, ці з'яўляюцца меншыя (і больш далёкія) культурныя групы «сапраўднымі» нацыямі.

Па сваёй сутнасці этнічная нацыя - старажытная гістарычная і культурная цэласнасць. Яна часта мае рэлігійнае паходжанне і заўсёды цесна звязаная з рытмамі «прыроды». Нярэдка гэта выклікае калектыўнае пачуццё этнацэнтрызму: укаранёнасць сялян у сваёй этнічна-племянной супольнасці, прывязанай да зямлі, прымаецца на веру, без доказаў і без пытанняў. Карані і паходжанне, з аднаго боку, і цесная сувязь з зямлёй і тэрыторыяй, з іншага, вызначаюць старэйшыя і асноўныя формы чалавечай асацыяцыі. Яны захаваліся ў сучасным свеце як культурная і гістарычная інфармацыя, якая працягвае выклікаць масавае пачуццё і з'яўляецца часта непарушным бар'ерам на шляху сучасных тэхналогіяў і ненацыянальных ідэалогіяў нашага часу.

Але існуе і іншае паняцце «нацыі», ім абазначаюць адзіны базіс для палітыкі ўрада і сапраўдны гістарычны шлях да сацыяльнай справядлівасці і прагрэсу. Гэта сучасная, рэвалюцыйная і спецыфічна нацыяналістычная канцэпцыя, палітычны ідэал, які належыць да эпохі вялікіх зменаў. У гэтай канцэпцыі нацыяналізм стаецца чымсьці большым, чым проста масавыя эмоцыі, заснаваныя на этнацэнтрызме, большым, чым «нацыянальнае пачуццё» ці «нацыянальная свядомасць». Ён сам стаецца ідэалогіяй, здольнай да канкурэнцыі з іншымі палітычнымі ідэалогіямі, і вылучаецца пры гэтым сваім цвёрдым апірышчам на «натуральныя» масавыя эмоцыі, якія заўсёды спадарожнічаюць этнічнай асацыяцыі. Ёсць нешта нацягнутае і штучнае ў «класавым», «дзяржаўным» і «расавым» базісе камунізму, фашызму і расізму, яны з'яўляюцца больш непасрэднымі прадуктамі спецыфічна сучасных індустрыяльных умоваў, і ім не стае здольнасці нацыяналізму выкарыстоўваць старыя канцэпцыі і эмоцыі. Нацыяналізм з'яўляецца натуральным спадкаемцам непарушнай традыцыі, якую ён імкнецца выкарыстоўваць і накіроўваць на дасягненне ўласных палітычных мэтаў. Нават расізм вымушаны вынаходзіць новыя шырокія катэгорыі кшталту «каўказец» або «альпіец» ці абапірацца на больш старажытныя рэлігійныя або этнічныя пачуцці нянавісці. Можна пайсці далей: як мы бачылі, большасць перамогаў камунізм і папулізм атрымалі праз альянс з нацыяналізмам, пры гэтым нацыяналізм быў дамінуючым партнёрам, а поспех фашызму ў Эўропе часткова быў абавязаны часоваму заняпаду нацыяналізму пасля 1918 года. І наадварот, паражэнне камунізму і фашызму часткова абумоўліваецца тым, што яны прыгняталі нацыянальныя эмоцыі і нацыяналізм. Нават у бальшавіцкай Расеі, першым вялікім прыкладзе міжнароднай камуністычнай рэвалюцыі, патрыятызм і нацыяналізм аднавіліся як жыццяздольная сіла ў абарончай барацьбе 1919-1922 г.г. і пры Сталіне.

Такім чынам, «нацыі» ў другім сэнсе гэтага паняцця не проста з'яўляюцца скарбніцай усяго свяшчэннага і «натуральнага» ці ўсяго, што сапраўды «ўкаранілася». Яны стаюцца шляхам самаахвярнасці, інструментам сацыяльнай мабілізацыі і арэнай рэвалюцыі. Нацыяналізм палітызуе нацыю. Ён ператварае культуру ў базіс і крытэрый палітыкі і дае асноўны палітычны каркас для сацыяльнага развіцця ў нашу эпоху. Ён ператварае нацыю ў нацыянальную дзяржаву. Нацыя з'яўляецца спецыфічна сучасным ідэалам, і на яго арыентуюцца ўсе сучасныя імкненні да аўтэнтычнасці, самарэалізацыі, аўтаноміі і прыналежнасці, якія паўстаюць, як здаецца, калі не хапае ўмоваў для іх дасягнення. Ідэалогія нацыяналізму выходзіць на святло ў той момант, калі сучасныя ўмовы падарвалі, але яшчэ не разбурылі старажытную культурную традыцыю і пачуццё этнічнай нацыі[4].

БЮРАКРАТЫЧНЫ НАЦЫЯНАЛІЗМ

Этнічная традыцыя і масавыя эмоцыі, на якія могуць абапірацца нацыяналісты, часткова тлумачаць шырыню і глыбіню распаўсюджання нацыяналізму ў сучасным свеце. Але гэта не тлумачыць поспеху і папулярнасці нацыяналізму як сучаснай палітычнай ідэалогіі нацыянальнай дзяржавы і нацыянальнага вызвалення. Каб зразумець яго трывалую прывабнасць, яго відавочнае адраджэнне сёння, мы павінны звярнуць увагу на спецыфічны сучасны цыкл працэсаў, якія падкрэсліваюць значэнне і важнасць этнічнай нацыі.

Нам часта гавораць, што мы жывём у пострамантычную эпоху. Мы больш не падзяляем празмерныя эмоцыі і індывідуалізм рамантычнага мастака ці паэта або яго наіўныя мары і бясконцую тугу. Наша эпоха практычная, нават прагматычная. Яе дамінантныя каштоўнасці ўтылітарныя, рацыяналістычныя і спажывецкія. Эфектыўнасць жыцця і матэрыяльны дабрабыт лічацца мэтамі самі па сабе, а не сродкамі дасягнення духоўнай экзальтацыі і пагружэння ў прыроду, да якіх імкнуліся рамантыкі. Этыка спаборніцтва і адданасць метаду замянілі ранейшы культ індывідуальнага генія і творчай фантазіі; да пачуццяў і цнотаў ставяцца з недаверам і спачуваннем; прагрэс у тэхніцы псіхалагічна падарваў індывідуальную самадастатковасць і стварыў пагрозу для аўтаноміі чалавека.

Гэтыя вядомыя антытэзы засноўваюцца на некаторых палажэннях аб сутнасці грамадства дваццатага стагоддзя. Як кажуць, мы жывем у «масавым грамадстве», у якім камунікацыі, распаўзанне гарадоў і дэмаграфічны выбух спарадзілі хваляванні і адчуванне небяспекі, якім няздольныя даць рады нашыя структуры па паляпшэнню дабрабыту, і якія не могуць быць выкарыстаны для канструктыўных мэтаў нашымі канстытуцыйнымі партыямі. Хуткая дэмакратызацыя і індустрыялізацыя разбурылі традыцыі, кінулі вялікую колькасць дэзарыентаваных асобаў у вялікія гарадскія віры і пахіснулі ўладу і прэстыж старых уладных элітаў[5]. У той жа час, нашыя грамадствы не з'яўляюцца бясформнымі масамі ці хаатычным наслаеннем немэтанакіраваных асобаў і арганізацыяў. Яны вызначаюцца вялікімі бюракратычнымі арганізацыямі, якія рэгулююць і кантралююць жыццё, прычым не толькі сваіх сябраў, але і вялікай колькасці іншых людзей. Сярод гэтых арганізацыяў, найбольш характэрнай ёсць вялікая карпарацыя, сёння часта шматнацыянальная, са сваімі вялікімі рэсурсамі, умелым персаналам і гіганцкім апаратам планавання. Але тыя ж рысы назіраюцца ў арганізацыях, у якіх дамінуе ўрад, накшталт арміяў вялікіх дзяржаваў ці вялікіх нацыяналізаваных або дзяржаўных прадпрыемстваў з мяшанай ці сацыялістычнай эканомікай. Найбольш усеахопная арганізацыя з усіх - дзяржава - уздымае гэткія бюракратычныя рысы да высокага ўзроўню. Яна арганізуе адказнасць на аснове ясна вызначаных пасадаў; яна патрабуе іерархічнай дысцыпліны, аддае перавагу ўсталяваным парадку і працэдурам, падтрымлівае шырокамаштабнае планаванне, і аб ёй мяркуюць адпаведна норме эфектыўнасці, да якой імкнуцца дзеля яе самой.

Падобна да іншых вялікіх арганізацыяў, бюракратычная дзяржава заўсёды ананімная і рацыяналістычная. Яна мае справу са статыстычнымі катэгорыямі і стратумамі, і яе raіson d'etat абыякавы да лёсу асобы. Асоба патрэбная толькі для прыкладу ці прэцэдэнту; для бюракрата яна павінна стаць ананімнай адзінкай. Узрослая залежнасць бюракратыі ад навуковага і тэхнічнага вопыту спрыяе гэтай ананімізуючай тэндэнцыі. Імкненне да эфектыўнасці выдаткаў патрабуе заўсёднага рацыяналізавання метадаў і арганізацыі, а таксама бясконцага ўкаранення апошніх ведаў і тэхналогіяў. Безумоўна, гэта ідэал, да якога імкнецца бюракратыя[6]. На практыцы многія адміністрацыі далёка адыходзяць ад гэтай мэты і стаюцца герметычнымі сеткамі правілаў і працэдураў, якія маюць малую сувязь з якімі-небудзь афіцыйнымі ці знешнімі мэтамі, як гэта было з шэрагам даваенных усходнеэўрапейскіх бюракратыяў. Як альтэрнатыва, яны могуць стацца карумпаванымі, што мы бачым у некаторых слабаразвітых краінах сёння; арганізацыя стала занадта вялікай, каб на нешта ўплываць без дзеяння сістэмы сувязяў і хабараў. Але ў больш эканамічна развітых дзяржавах спаборніцтва ўнутры дзяржавы і паміж карпарацыямі павінна ўсё больш прыводзіць да некаторых маргінальных перавагаў, якія можа прадаставіць толькі навуковы вопыт, і на якія могуць уплываць толькі тэхналагічныя рэсурсы. Нягледзячы на вялікае нутранае супраціўленне некаторых бюракратаў, тэндэнцыя да навуковай рацыяналізацыі працягвае павялічвацца.

Дзяржаўныя бюракратыі таксама адрозніваюцца ад іншых вялікіх арганізацыяў у некаторых важных аспектах. Іх маштаб, канечне, значна больш усеахопны. Тэарэтычна, аніводнае пытанне, якім бы трывіяльным яно ні было, не знаходзіцца па-за межамі іх сферы дзейнасці. Менавіта да дзяржавы кожны грамадзянін павінен звяртацца для атрымання адукацыі дзецьмі, за паслугамі па ахове здароўя і страхаванню, абаронай, падаткамі, судавытворчасцю, камунікацыямі, большасцю інфармацыі і асноўнымі магчымасцямі для адпачынку. Па-другое, дзяржаўныя бюракратыі маюць юрысдыкцыю на ясна вызначанай тэрыторыі. Менавіта гэтае вызначэнне тэрыторыі і ўлада дапамаглі дзяржаўным бюракратыям іграць такую жыццёва важную ролю ў стварэнні кампактнай арганізацыі «грамадзян» - людзей, якія маюць роўныя правы і абавязкі перад дзяржавай і вольныя перамяшчацца па сваім жаданні ў межах дзяржавы. Пры гэтым дзяржаўныя бюракратыі непазбежна ставяць сваіх грамадзян у патэнцыйную апазіцыю да сябраў аналагічных дзяржаўных адзінак. Праз выкарыстанне такіх метадаў, як пашпарты, памежныя мытні і кантроль над валютай, яны адгароджваюць грамадзян розных тэрытарыяльных адзінак адзін ад аднаго і такім чынам з цягам часу надаюць ім пачуццё адметнасці[7]. Па-трэцяе, бюракратычная дзяржава, у адрозненне ад іншых вялікіх арганізацыяў, лічыць больш неабходным інтэграваць сваіх сябраў у аднародную і нават аднастайную арганізацыю. Нягледзячы на палітычнае ўсведамленне вартасцяў культурнага плюралізму, тэндэнцыя бюракратызацыі ўнутры дзяржавы скіравана ў супрацьлеглым напрамку. Законы і ўказанні павінны быць добра зразумелымі для ўсіх і аднастайнымі; павінны справядліва прадастаўляцца паслугі па дабрабыту; інфармацыя павінна распаўсюджвацца паўсюль, а палітычныя правы і паслугі быць адкрытымі для ўсіх. Дзяржава павінна дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі ці навязанымі правіламі, якія ахопліваюць кожнага грамадзяніна на аснове агульных каштоўнасцяў. Дзеля гэтай мэты карысная агульная мова, ці, прынамсі, агульная «адміністратыўная мова»; ці павінна быць спецыяльнае ўрэгуляванне для шматмоўных супольнасцяў, такіх, як Канада і Швайцарыя[8]. Адсюль рост «палітычнай культуры», у якой агульны гістарычны вопыт адбіваецца ў фармаванні агульных каштоўнасцяў і арганізацый, якія дапамагаюць інтэграцыі розных сацыяльных і культурных групаў[9].

Рост палітычнай культуры хутка можа даць штуршок развіццю бюракратычнага нацыяналізму, галоўнай прывабнасцю якога з'яўляецца абяцанне парадку і стабільнасці ў перыяды хуткіх зменаў. Дзяржава разглядаецца як апірышча супраць занадта вялікіх і хуткіх зменаў і як інструмент для правядзення пажаданых зменаў. Гэтаксама дзяржава арганізуе абарону нацыі і выключае ўмяшальніцтва, пры гэтым адначасова развіваючы нутраныя рэсурсы і дабрабыт супольнасці. Іншымі словамі, бюракратычная дзяржава забяспечвае для нацыі задавальненне дзвюх яе спрадвечных патрэбаў: спыненне некантраляванага руху часу і вызначэнне ясна акрэсленай прасторы. Для ажыццяўлення гэтых і іншых задачаў нацыя мае патрэбу ў палітычнай сіле і навуковым вопыце бюракратычнай дзяржавы. Калі навуковая дзяржава пусціла карані і разглядаецца сваімі сябрамі як сапраўдная абарона супраць знешняй варожасці і нутранага разладу, калі яе пачынаюць цесна звязваць з нацыянальнай гісторыяй і тэрыторыяй, тады яна пераўтвараецца ў «нацыянальную дзяржаву» і etatіsme саступае месца бюракратычнаму нацыяналізму, як гэта назіраецца ў Англіі і Францыі на працягу стагоддзяў[10].

БЯЗДОМНАСЦЬ І АНАРХІЯ

Нягледзячы на ўсю папулярнасць дзяржаўных ці бюракратычных нацыяналістычных рухаў у нашу эпоху, яны складаюць прыблізна палову сучасных нацыяналістычных рухаў і толькі часткова тлумачаць прывабнасць нацыяналізму як сучаснай палітычнай ідэалогіі. Нацыяналізм сёння, як і раней, з'яўляецца таксама рухам нацыянальнага вызвалення і этнічнага адраджэння. Ён не толькі служыць старажытным і добра захаваўшымся этнічным нацыям; ён аб'ядноўвае і адраджае разрозненыя і раздробненыя этнічныя групы, а таксама злучае некалькі этнічных групаў у адну палітычную нацыю. Тут яго дзейнасць хутчэй рэвалюцыйная, чым стабілізуючая. Яна мабілізуе групы і гуртуе іх, нараджаючы новыя нацыі і вызначаючы новыя этнічныя тэрыторыі, асабліва ў субсахарыйскай Афрыцы[11]. У Заходняй Эўропе, з іншага боку, рух этнічнага адраджэння і аўтаноміі ў некаторых выпадках мае за мэту адасабленне вызначаных частак існуючых нацыянальных дзяржаваў ад вялікай супольнасці і стварэнне міні-дзяржаваў для гэтых этніяў. Як у барацьбе за антыкаланійнае вызваленне, так і ў сепаратызме, рух у першую чаргу быў скіраваны супраць існуючай дзяржавы і яе бюракратычнага апарату; і ніякім чынам нельга назваць такія рухі бюракратычнымі нацыяналістычнымі рухамі - яны з'яўляюцца вяртаннем да ранніх рамантычных нацыяналістычных рухаў.

Антыбюракратычныя нацыяналістычныя рухі часта трактуюцца як рэакцыя на дзяржаўныя нацыяналістычныя рухі і іх імітацыя. Сам поспех бюракратычнага нацыяналізму большасці правакуе рэакцыю не такой прывілеяванай меншасці, якая прымае форму жадання імітаваць яго поспех. Іншымі словамі, нацыяналістычныя рухі меншасці з'яўляюцца проста рухамі «другой хвалі», якія знаходзяць новую культурную аснову для сваіх палітычных патрабаванняў[12]. Поспех бельгійскага эксперыменту правакуе імітуючую рэакцыю пазбаўленых прывілеяў фламандцаў; а ў Пакістане забытыя бенгальцы знайшлі ў мове новую аснову для падтрымкі паўстання гэтай меншасці. Менавіта «дэманстрацыйны эфект» паспяховых прэтэнзій на незалежнасць сам па сабе распаўсюджвае жаданне атрымаць аўтаномію сярод любых групаў, якія маюць дастатковую культурную самасвядомасць і якія адчуваюць, што знаходзяцца ў непаўнавартаснай пазіцыі ў межах вялікай нацыянальнай дзяржавы.

Амаль няма сумненняў ў тым, што гэтае відовішча паспяховай спробы атрымання незалежнасці можа служыць імпульсам і ўзорам для інкарпараваных меншасцяў. Але трэба растлумачыць, чаму ў гэты перыяд часу яны адчуваюць сябе забытымі і пазбаўленымі прывілеяў і чаму яны звязваюць гэта са сваёй інкарпараванасцю ў існуючай палітычнай адзінцы. Што ж падтрымлівае іх новае культурнае самаўсведамленне і палітычнае абурэнне?

Вялікая частка адказу мусіць ляжаць у сацыяльных і культурных эфектах бюракратычнага кантролю і рэгламентацыі. Асабліва тры аспекты гэтага кантролю нараджаюць пратэст і супраціўленне з боку асобаў ці групаў. Найбольш відавочным з гэтых аспектаў з'яўляецца ананімнасць бюракратычнай машыны. Некалькі прыкладаў. На вялікіх індустрыяльных прадпрыемствах выявілі фармаванне маленькіх нефармальных групаў з сяброў і калегаў як рэакцыю на суцэльную дэперсаналізацыю і аднастайнасць вялікай фармальнай арганізацыі. Гэтыя маленькія групы сяброў супрацьстаяць пачуццям нязначнасці і небяспекі, якія часта ствараюцца вялікімі арганізацыямі. Новы досвед існавання ў якасці часткі гіганцкай машыны, якая кіруецца аднастайнымі працэдурамі і чыста вытворчымі сувязямі, спараджае ў шмат якіх людзях настальгію па маленькіх традыцыйных групах і новае ўсведамленне важнасці «прыналежнасці». Людзям няцяжка адчуваць сябе ў такіх вялікіх арганізацыях атамізаванымі, адасобленымі ад іх працэсаў і мэтаў, з цынічным стаўленнем да іх лідэраў і апатычнымі да іх сімвалаў і прынцыпаў. Усё больш няздольныя салідарызавацца з бюракратычнымі мэтамі, яны імкнуцца да супольнасцяў, у якіх асабістыя і эмацыйныя сувязі замяняюць правілы і працэдуры ў якасці звязваючай сілы грамадства. На найбольш высокім і агульным узроўні бюракратычнай дзяржавы менавіта нацыя здаецца шмат каму ўвасабленнем спадзеваў на сапраўды братэрскія сувязі і эмацыйную салідарнасць.

У той час, як дэперсаналізаванасць і яе адваротны бок, «жаданне належаць», з'яўляюцца важнымі агульнымі вынікамі бюракратызацыі, яны ўсё ж не тлумачаць, чаму бюракраты маюць тэндэнцыю да спараджэння такіх анархічных пратэстаў ці як яны падтрымліваюць новы рамантызм і нацыяналізм. Для таго, каб гэта растлумачыць, трэба ўзяць пад увагу два іншых аспекты бюракратыі: яе тэхналагічны рацыяналізм і яе цэнтралізаванае планаванне, абодва яны вельмі развітыя ў дзяржаве. Пачынаючы з васемнаццатага стагоддзя, асвечаныя дэспаты і адміністрацыі выкарыстоўвалі навуковыя метады і тэхналогіі, але ніколі ў такой высокай ступені і ў такім маштабе, як у нашым стагоддзі. Дзякуючы навукова-тэхнічнай рэвалюцыі канца дзевятнаццатага стагоддзя, заснаванай на электрычнасці і хімічных рэчывах, якая змяніла быт у нябачнай дагэтуль ступені, бюракратычныя карпарацыі і арганізацыі могуць умешвацца ў кожны сектар эканомікі і грамадства, дасягаць кожнага класа і рэгіёна і прапаноўваць тэхнічныя рашэнні па кожнай сацыяльнай праблеме[13]. Новая тэхналогія індустрыйнай і ўрадавай бюракратыі, альянс паміж навуковай тэхналогіяй і дзяржавай трансфармавалі шмат якія ў ранейшым асабістыя справы ў сацыяльныя праблемы з тэхнічным і калектыўным вырашэннем. У ступені развіцця гэтага, бюракратычная і навуковая дзяржава ўсё больш засноўвала сваю прывабнасць і прынцыпы на гэтай здольнасці звяртацца да інструментаў і вопыту, якія з'яўляюцца недасягальнымі для індывідуумаў ці маленькіх групаў. Для гэтага ёй трэба ісці поруч з мадэрнізацыяй, з ужываннем навуковага метаду і тэхналогіяў у сацыяльным жыцці. Сёння, напрыклад, яна абапіраецца на выкарыстанне кампутарнай тэхналогіі і электронікі ў шмат якіх сваіх аперацыях, а таксама выкарыстоўвае сістэмны аналіз для вырашэння многіх праблем.

Але, паколькі машына бюракратычнай дзяржавы абавязкова прыводзіцца ў дзеянне рухавіком мадэрнізацыі, яе аперацыі, і нават больш за гэта, яе падыход да праблемаў, павінны быць вельмі механізаванымі і тэхнічнымі. Аператары машыны бюракратычнай дзяржавы ўсё больш звязваюць прычыну і разуменне з тэхнікай, працэдурай і сістэмай. Пастаўленыя перад шырокамаштабнымі праблемамі з некалькімі варыянтамі вырашэнняў, бюракратычныя аператары імкнуцца разважаць у кантэксце статыстычных катэгорыяў і мадэляў ўводу-вываду, якія ў сваю чаргу пакідаюць мала месца для індывідуальнай адметнасці ці гістарычных адрозненняў і глыбіні. Безумоўна, разуменне паслядоўнасцяў і зменаў за пакаленні ці эфекту траўматычных падзеяў, што з'яўляецца такім важным у гістарычным аналізе, звычайна знаходзіцца па-за сферай высокамеханізаванай і рацыяналізаванай бюракратычнай арганізацыі, якой ёсць сучасная дзяржава. Навуковая дзяржава ў асноўным агістарычная па характару; яна можа амаль не мець пачуцця гістарычных кампрамісаў паміж класамі, рэгіёнамі і этнічнымі групамі, што адыгралі такую вялікую ролю ў фармаванні сучасных нацыянальных дзяржаваў.

Аднак сёння назіраецца моцная адмоўная рэакцыя на «мадэрнізацыю» ў некаторых сферах. Гэта справядліва незалежна ад таго, ці мы разумеем пад «мадэрнізацыяй» самадастатковы эканамічны рост, ці, больш агульна, узрастаючае сацыяльнае выкарыстанне навуковых метадаў машыннай тэхналогіі[14]. Невыпадкова экалагічныя рухі ўзняліся ў адзін час з этнічным адраджэннем, вызваленнем жанчын і неамарксізмам. Бо тое, што яны ўсе падзяляюць - гэта адмаўленне ад бюракратычнага падыходу з яго націскам на высокую механізацыю і сістэматычную мадэль. Насуперак гэтаму, усе рухі «меншасці» рабілі націск на больш адкрытыя, суб'ектыўныя падыходы, звязваючы разуменне з непасрэдным досведам і нават інтуіцыяй. Яны адмовіліся ад догмаў эканамічнага развіцця і сацыяльнага будаўніцтва, г.зн. ад большасці таго, што лічыцца мадэрнізацыяй, каб імкнуцца да аўтэнтычнага ўласнага вопыту, больш багатага ўдзелу ў сацыяльным жыцці і больш індывідуальнага самавыяўлення. У адмаўленні ад механічнага рацыяналізму, які ляжыць у падмурку бюракратычнай дзяржавы, яны таксама паставілі пад пытанне неабходнасць наяўнасці дзяржавы як такой і адчынілі дзверы для анархічных вырашэнняў і тэрарыстычных пратэстаў.

Калі тэхналагічны рацыяналізм правакуе суб'ектыўны адыход ад розуму, то высокацэнтралізаванае планаванне толькі павялічвае праблему. Якімі б адчувальнымі планавікі ні былі да лакальных праблем, сістэматычная мадэль і неабходнасць аднастайнасці і аднароднасці, чаго патрабуюць унутры краіны і за яе межамі, робіць вельмі складаным задавальненне рэгіянальных і гістарычных патрэбаў розных пластоў насельніцтва. Мадэрнізуючы шлях бюракратычнай машыны ўжо разбурыў крохкі баланс сілаў, што быў вынікам гістарычных кампрамісаў, на якіх была пабудаваная дзяржава, кампрамісаў накшталт саюзу Англіі і Шатландыі, ці ўключэння ў склад дзяржавы Брэтані, ці кампрамісу паміж гальскім, тыгрскім і амхарскім плямёнамі, якія сфармавалі аснову эфіопскай дзяржавы[15]. Планавы цэнтралізм разбурае традыцыйныя рэгіянальныя, пляменна-этнічныя ці лінгвістычныя групы, якія да апошняга часу былі здольнымі абараняць індывідуумаў ад найбольш жорсткіх вынікаў бюракратычнага ўмяшальніцтва. Бюракратычная машына з яе недахопам гістарычнага разумення і прыярытэтам агульнадзяржаўных праблемаў над мясцовымі, не звяртае ўвагі ці няправільна тлумачыць своеасаблівыя праблемы спецыфічных групаў з іх моцна адрознымі рэсурсамі, стадыямі развіцця, культурнымі рысамі і сацыяльнымі інстытутамі. Атрымліваецца яшчэ горш, калі яна пачынае «развіваць» гэтыя тэрыторыі і сутыкаецца з гэтымі групамі, бо яна распальвае і павялічвае існуючыя адрозненні, робячы няроўнасць больш бачнай і публічнай. Нягледзячы на ўсе свае клопаты аб «асаблівых патрэбах» мясцовых тэрыторыяў, высокацэнтралізаваная дзяржаўная ўлада непазбежна аддае цэнтру ўсе важныя рашэнні, што складаюць асноўную частку ўсяго яе плану развіцця.

Такім чынам, не выклікае здзіўлення, што негатыўная рэакцыя меншасці на тое, што лічыцца бяздушнай і экплуатуючай няўмольнай сілай, можа перарасці ў агульнае адмаўленне любога сацыяльнага парадку, які так моцна залежыць ад мадэрнізацыі і планавання. Таксама не дзіўна, што лозунг «маленькае ёсць прыгожае» гучыць так прывабна, калі сам факт памераў, здаецца, вынікае з няўвагі ад такога цэнтралізаванага развіцця. У такіх умовах пачуццё «бяздомнасці» і адмаўленне дзяржаўнай улады ідуць поруч і вядуць да беспаспяховага анархічнага тэрарызму - ці да нацыяналізму.

НОВЫ РАМАНТЫЗМ

Вядома, анархізм і нацыяналізм могуць быць цесна пераплеценыя, асабліва падчас тэрарыстычнай фазы, але па вялікім рахунку трэба рабіць выбар паміж хіліястычным культам рэвалюцыі і беспарадку і цвярозай прыхільнасцю да стварэння новага сацыяльнага і культурнага парадку ці «нацыі». Гэта выбар паміж абстрактным усеахопным ідэалам, які мае на мэце вандроўна-глабальнае існаванне, і больш практычным і абмежаваным падыходам, які засноўваецца на гістарычных адрозненнях і вызначанай тэрыторыі. Адыходзячы ад анархічнага і ўтапічнага пратэсту ў накірунку этнічнага нацыяналізму, новы рамантык адрываецца ад рэвалюцыйнага, але ў большасці элітнага інтэлектуальнага і касмапалітычнага ідэалу і паглыбляецца ў светагляд і рэальнасць масавага культурнага адзінства, у якое ён укладае сваю рэвалюцыйную апантанасць. У гэтым аспекце культурная і псіхалагічная адзінка - «нацыя» - здаецца значна больш важнай у параўнанні з чыста эканамічнай катэгорыяй «класа» ці занадта ідэалагізаванай «сектай» прафесійных рэвалюцыянераў. Нацыя прапаноўвае значна большыя магчымасці і для ірацыяналізму, і для мабілізацыі масаў.

Апошнім часам нам сталі вядомыя больш непасрэдныя формы анархічнага пратэсту супраць мадэрнізуючай бюракратыі. Але напады на ўрады і карпарацыі, а таксама выкраданні і забойствы іх прадстаўнікоў складаюць маленькую долю, хаця і ў экстрэмальнай і яўнай форме, у новым анархічным рамантызме. Не менш важнымі з'яўляюцца разнастайныя кампаніі ад імя меншасцяў - гомасексуалістаў, чорных, жанчын, кампаніі па абароне навакольнага асяроддзя. Магчыма, нават больш уплывовымі былі ўскосныя пратэсты супраць пазітывісцкага і рацыяналістычнага спосабаў мыслення, ад экстрасенсаў і акультызму да розных варыяцый неамарксізму, якія падкрэсліваюць гуманізм Маркса ў яго ранніх працах[16]. Рознымі шляхамі такія рухі сведчаць аб сучаснай папулярнасці адыходу ад розуму. Яны аднолькава апантаныя ў адмаўленні пазітывізму, эканамічных тлумачэнняў і тэхнічнай экспертызы, што граюць такую істотную ролю ў функцыянаванні бюракратычнай машыны. Замест гэтага, яны падкрэсліваюць важнасць аўтэнтычнасці, пошукаў і прытрымлівання свайго сапраўднага «я», самавыяўлення, атрымання ўласнага вопыту жыцця і зняцця ўсіх перашкодаў на шляху выкарыстання гэтага вопыту. Да аўтэнтычнасці і самавыяўлення яны дадаюць каштоўнасці аўтаноміі і патрэбу чалавека дзейнічаць у жыцці па сваёй волі і падпарадкоўвацца свайму нутранаму дыктату без парадаў ці прымусу звонку. Новыя рамантыкі з'яўляюцца бескампраміснымі суб'ектывістамі. Па іх меркаванню, кожная канцэпцыя і пазіцыя з'яўляецца ідэалагічнай і нагружанай каштоўнасцю. Яны змагаюцца супраць дамінуючых тэхналагічных і спажывецкіх каштоўнасцяў грамадства, якія, як яны заяўляюць, ёсць арэчаўленнем, што навязваецца індывідууму звонку, і якія душаць яго здольнасць да набыцця сапраўднага вопыту самавыяўлення.

У гэтым кантэксце адраджэнне рамантычнага тыпу этнічнага нацыяналізму стаецца больш зразумелым. Падобна да іншых формаў рамантызму, новы нацыяналізм скіраваны супраць тэхналагічнай і бюракратычнай дзяржавы і «фальшывага» бюракратычнага нацыяналізму, які яна спараджае. Этнічная нацыя стаецца новым носьбітам самавызвалення, таму што яна бачыцца ўвасабленнем пачуццяў масаў, незабруджаных меркаваннямі элітаў, што спрабуюць выкарыстаць дзяржаўную бюракратычную машыну для ўмацавання ўласнай пазіцыі і мадэрнізацыі грамадства. Што больш важна, этнічная нацыя дае пласту, на які найбольш уплывае разбуральнае дзеянне бюракратыі, - інтэлігенцыі, - спосаб аднаўлення салідарнасці з іншымі пластамі, ад якіх яна была адарвана праз свецкую адукацыю і прыхільнасць да рацыянальнай мадэрнізацыі. Больш цесны і працяглы кантакт з ананімнасцю, механістычным рацыяналізмам і цэнтралізаваным планаваннем бюракратычнай рэгламентацыі пераўтварыў многіх прафесіяналаў і інтэлектуалаў у адчужаных і пазбаўленых ілюзіяў антырацыяналістаў, чуйных да новага суб'ектыўнага рамантызму. Апошні абяцае аднавіць саматоеснасць, якую раскалола і рассеяла бюракратычная мадэрнізацыя. Не мае вялікага значэння, ці існавала ў сапраўднасці такая саматоеснасць перад пачаткам мадэрнізацыі. Цяпер яна стаецца аб'ектам вялікага імкнення, у тае ступені, як дзяржава прасоўваецца ў прасторы і глыбіні. Пошук новых адметных рысаў, які збольшага засноўваецца на першабытных каранях, дапамагае не толькі вярнуць супольнасць да яе мінулага, але таксама кантраляваць і даваць накірункі шляхам навуковай мадэрнізацыі. У этнічнай нацыі інтэлігенцыя бачыць інструмент для падпарадкавання і ўтаймавання мадэрнізуючай энергіі навуковай дзяржавы і яе бюракратычнага апарату[17]. Адсюль яе зварот да новай рамантыкі. Праз нацыю яна можа мабілізаваць і выкарыстаць крыніцы энергіі, якія пераўзыходзяць крыніцы энергіі навуковай дзяржавы, таму што карані нацыі абапіраюцца на значна старэйшыя і глыбокія фактары, чым нават сама моцная сістэма ці тэхніка, якую выкарыстоўвае дзяржава. Як мы бачылі, нацыя грунтуецца на першапачатковай патрэбе вызначыць месца знаходжання ва ўмовах хаосу ў часе і прасторы, патрэбе ў каранях і ў тэрытарыяльнай агароджы. Але такія патрэбы з'яўляюцца вызваляючымі не менш, чым стабілізуючымі, таму што яны з'яўляюцца не прадуктамі розуму і тэхнікі, але больш вадкіх, «натуральных» рытмаў, сфармаваных узаемасувязямі чалавека з яго натуральным асяроддзем. Безумоўна, менавіта да «прыроды» звяртаюцца неарамантыкі, як і іх папярэднікі; і тут таксама лёгка назіраецца роднасць паміж новым рамантызмам і этнічнымі неанацыяналізмамі ў Эўропе ці папулісцкімі нацыяналізмамі за яе межамі. Неарамантычныя нацыяналісты яшчэ раз могуць супрацьпаставіць «натуральную» культурную адзінку - нацыю - і жорсткую і штучную «жалезную сетку» навуковай дзяржавы: нацыя, якая мае карані ў зямлі, адновіць і памножыць усё, што дае жыццё, усё аўтэнтычнае, што бюракратычная дзяржава пагражае знішчыць і чаго яна хоча нас пазбавіць.

ФАШЫСЦКАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА

Добра зразумела, што мы не жывем у пострамантычным свеце; хутчэй у такім, у якім рамантычныя ідэі і дзеянні, такія як падарожжа па агляду выдатных мясцінаў, прыходзяць да нас у добрай упакоўцы і трывіяльным выглядзе. Рамантычны вопыт не загінуў і не згубіў сэнсу для многіх людзей. Але ён ужо лёгка не ўспрымаецца, асабліва ў паслабленай форме. Камерцыялізм і бюракратыя разбурылі натуральныя якасці рамантычнага вопыту, а навука паспрабавала даць яму тлумачэнне і пакончыць з ім. Тым не менш, нягледзячы на гэты ціск, рамантычныя тэндэнцыі захоўваюцца і знаходзяць новых прыхільнікаў сярод маладога пакалення.

Але сама цьмянасць і эмацыйнасць новага рамантызму ўяўляе сабой пагрозу нацыяналізму. Пошук новых адметных рысаў пад эгідай этнічнага адраджэння можа прымаць больш радыкальныя формы. Неафашысцкія арганізацыі могуць паспяхова выкарыстоўваць рамантычныя асновы для заахвочвання расісцкіх пачуццяў, якія атаясамліваюцца з нацыянальнай адданасцю. Нацыяналістычна-расісцкія рухі, як мы ўжо бачылі, выкарыстоўваюць нацыянальнае пачуццё ў імя расы. Для іх прыхільнікаў нацыя з'яўляецца менш важнай у параўнанні з расай, а культурныя адрозненні тлумачацца ў біялагічным кантэксце як вынік своеасаблівага «радаводу» ці «крыві». Але такія нацыяналістычныя расісцкія рухі залежаць у сваёй эфектыўнасці ад валодання і выкарыстоўвання эфектыўнай дзяржаўнай машыны, у якой парламенты і партыі могуць быць абвешчаны па-за законам, а нацыя можа быць арганізавана ў ваенныя шэрагі для падрыхтоўкі да магчымай вайны. Не ўсе нацыяналістычныя расісцкія рухі пераўтвараюцца ў фашысцкія і выкарыстоўваюць этыку беспадстаўнага гвалту, дарвінаву канцэпцыю сусветнай барацьбы за панаванне, а таксама культ лідэра і дзяржавы. Але верагоднасць гэтага захоўваецца. Менавіта радыкалізм расісцкай думкі, выключнасць і перавага, якую ён прапаведуе, спрыяюць пераходу да гвалту і вайны, а таксама падтрымліваюць веру ў непераможнасць дзяржавы і лідэра, які толькі адзін ведае сакрэты расы.

Небяспекі расавага фашызму для нацыяналізму падкрэсліваюцца эмацыянальнымі прыхільнасцямі нацыяналізму. Хаця ў сваёй сутнасці нацыянальная ідэя амаль што не звязаная з фашысцкімі ідэямі, у некаторых абставінах яна можа скажацца расізмам ці фашызмам, ці абодвума разам. Выяўленне ўмоваў для гэтага з'яўляецца важнай задачай для будучага даследавання. Несумненна, некаторыя версіі нацыяналізму маюць большую схільнасць да расавай матывацыі ці дзяржаўнага гвалту, чым іншыя; але гэта з'яўляецца толькі першым крокам у любым сацыяльным аналізе. Эканамічныя крызісы могуць значна заахвоціць пераход да больш радыкальных вырашэнняў крызісу саматоеснасці, але трэба шукаць карані трансфармацыі нацыяналізму ў фашызм у палітычных інстытутах, у тым, як яны і культурныя традыцыі ўплываюць адзін на аднаго. Як далёка гэтыя палітычныя інстытуты могуць даць рады крызісам мэтаў і саматоеснасці; як далёка культурныя традыцыі нацыі дапамагаюць ёй спраўляцца са знешнімі аспрэчваннямі яе саматоеснасці - вось пытанні, якія могуць праліць больш святла на вырашальны паварот да фашызму.

БЮРАКРАТЫЧНЫ ЦЫКЛ

Неабходнасць даць выйсце народным пачуццям робіць нацыяналізм успрымальным не толькі да расізму і фашызму, але і да папулісцкага анархізму. У іншых абставінах, ізноў жа, мы бачым, што народна-нацыянальныя пачуцці ўзмацняюць бюракратычную дзяржаву і сацыяльны парадак. Фактычна, ідэя нацыі вагаецца ў народных пачуццях паміж парывам да вызвалення, рамантычным пратэстам і бастыёнам грамадскага парадку і стабільнасці. Непасрэдная знешняя пагроза звычайна скіроўвае народны настрой на падтрымку дзяржавы; але больш доўгатэрміновае і нябачнае спаборніцтва замежных дзяржаваў разам з нутранай падзеленасцю ці стагнацыяй могуць узмацніць рамантычны антыдзяржаўны нацыяналістычны рух, які звяртаецца да містычнага паняцця этнічнай нацыі, што нібыта стаіць вышэй за існуючую ўладу.

Як ідэалогія, нацыяналізм звычайна балансуе паміж двума полюсамі: анархізмам і etatіsme. Ён пачынае як рамантычны пратэст супраць занадта вялікай бюракратыі і рацыяналізму, імкнецца вызваліць сапраўды культурную нацыю ад сеткаў бюракратычнай машыны, якая кіруецца непрадстаўнічай элітай у напрамку да цэнтралізацыі і мадэрнізацыі. Пры такіх абставінах нацыяналізм імкнецца забяспечыць аўтаномію і аўтэнтычнасць для культурнай адзінкі, якую ён вылучыў на гістарычных падставах. Пры гэтым ён спадзяецца быць здольным вярнуць «людзям» нацыі іх сапраўдную саматоеснасць і паўнавартасны «дом». Забяспечваючы міжнароднае прызнанне радзімы як тэрытарыяльнай адзінкі, ён спадзяецца палажыць канец нутранаму пачуццю адчужанасці і бяздомнасці сярод людзей.

На наступнай стадыі цыклу нацыяналісты забяспечылі гэтае прызнанне і ўзяліся за вырашэнне задач «будаўніцтва нацыі». Для будаўніцтва яны выкарыстоўваюць этнічныя і культурныя матэрыялы, каб правесці свае ідэалы ў «сапраўднай» нацыі. Сутнасную частку ў гэтым працэсе будаўніцтва займае забеспячэнне адэкватнай цэнтральнай улады дастатковымі сіламі і здольнасцямі, каб служыць сацыяльным і культурным патрэбам усяго насельніцтва. Іншымі словамі, павелічэнне маштабу і эфектыўнасці бюракратычнай машыны і яе сістэматычнага падыходу стаецца галоўным пунктам у «будаўніцтве нацыі». Гэта ў сваю чаргу азначае, што трэба ўтаймаваць першапачатковы вызваленчы парыў нацыяналізму. Не павінна дазваляцца, каб імкненне да аўтэнтычнасці і аўтаноміі ўмешвалася ў задачы бюракратычнай машыны па інтэграванню і фармаванню. Рамантычны нацыяналізм павінен саступіць дарогу больш прадказальнаму і руціннаму бюракратычнаму нацыяналізму. Акрамя таго, калі нацыя хоча выжыць у свеце жорстка канкуруючых нацыянальных дзяржаваў, трэба ўзмацняць і падтрымліваць любымі шляхамі ўладу і эфектыўнасць дзяржавы, а таксама яе здольнасць мадэрнізаваць і развіваць рэсурсы краіны. Уплывы і патрабаванні міжнароднага становішча даюць мала прасторы для свабоднага выказвання неабмежаваных рамантычных парываў у кантэксце нацыянальнай дзяржавы. Рамантычная энергія павінна быць утаймавана і рэгулявацца ў межах добра спланаваных праектаў дзяржаўнага будаўніцтва пад кіраўніцтвам цэнтра, каб прадухіліць надыход новага віду каланіялізму.

Гэта прыводзіць да трэцяй стадыі. Нацыя прыраўноўваецца да дзяржавы, да ўсталяванай і руціннай улады. Існуе пагроза, што нацыянальная адданасць пераўтворыцца ў прымальнасць бюракратычнага дыктату і кампетэнцыі, пры гэтым улада прадстаўнічых інстытутаў стаецца паслабленай і трывіяльнай. Пры адсутнасці непасрэднай знешняй пагрозы, такой як вайна, першапачатковыя нацыяналістычныя ідэі губляюць моц, а эмоцыі, якія іх натхнялі, стаюцца закасцянелымі. Аднак яны не гінуць. Па меры таго, як дзяржава ўсё больш абястварвае грамадства, большасць людзей становяцца апатычнымі і адчужанымі, а інтэлігенцыя пазбаўляецца ілюзіяў. Бюракратычная дзяржава стварае менавіта тыя сацыяльныя патрэбы і няспраўджаныя імкненні да атрымання сапраўднай саматоеснасці і менавіта тое паўстанне супраць навуковай мадэрнізацыі, што дало штуршок узнікненню першапачатковай нацыянальнай ідэі.

Такім чынам, мы ізноў вяртаемся да першай стадыі цыклу, калі частка інтэлігенцыі вырашае адысці ад анархічных пратэстаў і абстрактных інтэлектуальных ідэалаў, каб далучыцца да абмежаванай, але гістарычнай масавай адзінкі - нацыі. У свеце адасобленых і канкурыруючых дзяржаваў бюракратычны цыкл стаецца самаўзнаўляльным. Больш таго, калі нацыянальная дзяржава змяшчае больш за адну этнічную групу, існуе наяўная факусіроўка рамантычнага пратэсту супраць бюракратыі. Тут таксама не назіраецца якой-небудзь перспектывы спынення гэтага цыклу, пры якім этнічныя нацыяналістычныя рухі будуць задаволеныя. Часта сустракаецца і шырока распаўсюджваецца тое, што можа быць названа «шэтландскім эфектам», калі маленькая этнічная група ў межах большага этнічнага нацыяналізму высоўвае ўласныя патрабаванні, як гэта адбылося на Шэтландскіх астравах у Шатландыі[18].

Такім чынам, вялікая частка нацыяналізму сёння паходзіць з бюракратычнага цыклу, з яго натуральнай тэндэнцыі генераваць новыя вызваленчыя рухі. У сваім адыходзе ад празмернага рацыяналізму і бюракратыі неарамантызм інтэлігенцыі ў вялікай ступені сугучны з этнічнай традыцыяй і народнымі пачуццямі нацыі, да выкарыстання якіх схіляюцца нацыяналісты. Але вырашыўшы дапасаваць гэты рамантычны і суб'ектыўны светапогляд да нацыі, пратэстоўца, падабаецца яму гэта ці не, робіць рашучы крок назад на дарогу мадэрнізацыі. Пагружаючы сваё ўласнае вызваленне ў адраджэнне этнічнай супольнасці, імкнучыся да ўласнай саматоеснасці і самавыяўлення праз аднаўленне сваёй нацыі, рамантычны і ірацыяналістычны пратэстант уключаецца ў вырашэнне задачаў па калектыўнай мабілізацыі і развіццю, што патрабуе рацыянальных метадаў і навуковых працэдураў, а таксама арганізацыі, якія прадастаўляюцца дзяржавай. Такім чынам, ён павінен замяніць свой свет парываў і спантаннасці на свет, у якім рацыянальны кантроль, логіка і разлік стаюцца найбольш важнымі, на свет, які ўсё больш кіруецца раней непрымальнымі метадамі. Такім чынам нацыяналізм стаецца дзейснай сілай мадэрнізацыі, нягледзячы на свае першасна антымадэрнізуючыя крыніцы.

НАЦЫЯ ЯК БУФЕР

Я прапанаваў дзве прычыны сучаснага адраджэння нацыяналізму. Першая з'яўляецца прычынай агульнага характару: існаванне моцнай этнічнай традыцыі і глыбокіх, нават калі і маўклівых, народных пачуццяў нацыянальнасці, на якія могуць абаперціся нацыяналісты. Другая з'яўляецца гістарычна спецыфічнай: дзеянні бюракратычнага цыклу, якія сёння вылучаюць два віды нацыяналізму, дзяржаўнаарыентаваны нацыяналізм і, праз супраціўленне яму, рамантычны этнічны нацыяналізм. Безумоўна, абодва віды нацыяналізму бязмерна выйграюць ад падзеленасці свету, за апошнія два стагоддзі, на ўсё большую колькасць суверэнных нацыянальных дзяржаваў, а таксама ад відавочнага поспеху нацыяналістычных рухаў.

Пачуцці нацыянальнасці часта здаюцца туманнымі і нестабільнымі. Тым не менш існавала нешта трывалае ў звароце да «нацыі» як да пэўнага крытэрыю ў культуры і палітыцы. Прадстаўляецца, што нацыя спалучае і ўраўнаважвае канфліктуючыя сацыяльныя патрэбы і служыць буферам паміж Сцылай механістычнай бюракратыі і Харыбдай утапічнага і анархічнага ірацыяналізму. Хаця ідэалогія нацыяналізму час ад часу можа вагацца паміж гэтымі двума полюсамі, сама па сабе нацыя здаецца здольнай прымірыць антаганістычныя патрэбы ў парадку і ўладзе з патрэбамі ў аўтаноміі і самавыяўленні. Яе трывалае існаванне як асноўнай сацыяльнай катэгорыі ў вялікай ступені абавязана гэтай здольнасці абсарбаваць і прыміраць бакі ў супрацьстаянні. Да таго часу, пакуль бюракратызм і ірацыяналізм лічацца небяспечнымі для сацыяльнай тканіны, нацыя працягне служыць прытулкам і апеляцыйным судом. І з кожным абаротам бюракратычнага цыклу пазіцыі нацыяналізму павінны пашырацца і расці.

Нацыянальны ідэал абапіраецца на эмоцыі і сувязі, якія ўзыходзяць да антычнасці, але лепш за ўсё ён пачынае квітнець у сучасных умовах рацыяналізму, бюракратыі і сучаснай дзяржаўнай сістэмы, таму што яны ствараюць менавіта тыя патрэбы і спадзяванні, дзеля задавальнення якіх быў створаны нацыяналізм, і якія ён павінен перыядычна пацвярджаць.


 Далей   Назад   Крыніцы   Зьмест   БПалічка