Відавочны парадокс, што нацыяналізм квітнее ў эпоху інтэрнацыяналізму, прымушае нас ацаніць перспектывы на пераадоленне або адмаўленне ад нацыяналізму ў будучыні. Калі ўплыў бюракратычнага цыклу застаецца галоўнай «нутранай» перашкодай для пераадолення, то інтэрнацыяналізацыя нацыяналізму ўсё больш стаецца галоўнай «знешняй» перашкодай і, наадварот, менавіта падмуркам для кансалідацыі і адраджэння нацыяналізму.
«ЗАДАВОЛЕНЫЯ» НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНЫЯ РУХІ?
Прынамсі, на працягу стагоддзя ліберальныя касмапаліты марылі аб узаемазалежным свеце з адзінай шырокай цывілізацыяй і бесперашкодным перамяшчэннем па кантынентах. У нашым стагоддзі гэты ідэал быў узмоцнены спадзевамі на сусветны ўрад, які, як меркавалася, напачатку будзе ўвасабляць Ліга Нацыяў і, пазней, Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў. Як першы крок, касмапаліты спадзяваліся перайсці межы «вузкага нацыяналізму» праз рэгіянальна-кантынентальныя саюзы, такія як панэўрапейскі Агульны рынак, Арабская Ліга і Арганізацыя Афрыканскага Адзінства. Акрамя гэтага, спадзяваліся, што павелічэнне масавага турызму, распаўсюджванне навінаў і поглядаў праз сродкі масавай інфармацыі і, больш за ўсё, шматбаковы гандаль зробяць наяўнасць нацыяналізму, калі і не нацыянальных дзяржаваў, непатрэбным. Перагукаючыся з марксісцкім прадказаннем, што з многіх мясцовых культураў капіталізм і сацыялізм створаць «сусветную літаратуру», якая знішчыць нацыянальную аднабаковасць і «вузкі кругагляд», сучасныя касмапаліты ўбачылі ў культурных і студэнцкіх абменах і ў росце новых lіnguae francae аснову для новай сусветнай культуры[1].
Няма неабходнасці засяроджваць увагу на naіvete такіх спадзяванняў сёння, але карысна даследаваць прычыны іх расчаравання. Спачатку гэтых спадзяванняў прытрымліваліся адукаваныя лібералы ў старых заходніх краінах ці верхнія пласты сярэдніх класаў у дзвюх новых супердзяржавах, якія кантралявалі, непасрэдна ці эканамічна, лёсы шэрагу меншых нацыяў. Як зазначае Сэтан-Уотсан, як Амерыка, так і Савецкі Саюз былі вымушаны мець справу з нацыяналістычнымі рухамі ў межах і за межамі іх тэрыторыяў; і таксама можна дадаць, што старыя заходнія дзяржавы перажываюць гэткія ж цяжкасці[2]. У абодвух выпадках, аптымістычныя прагнозы лібералаў аб тым, што ўрбанізацыя, індустрыялізацыя і масавая адукацыя звядуць да мінімуму прывабнасць нацыяналізму, паказалі сябе памылковымі. Таму што, з другога боку, мадэрнізацыя сама па сабе пачынае жывіць нацыянальныя пачуцці, а не супакойваць іх. Гэта, безумоўна, часткова залежыць ад няроўнага працэсу індустрыяльнага і сацыяльнага развіцця, які ў розны час аддае перавагу адной тэрыторыі за кошт іншых, такім чынам параджаючы абурэнне і канкурэнцыю[3]. Гэтая няроўнасць, як сцвярджае Гелнер, з'яўляецца разбуральнай: яна параджае нестабільнасць, «а нестабільнасць у спалучэнні з нават адноснай беднасцю выхоўвае незадаволенасць, тады як значна большая беднасць у стабільных умовах - не» (курсіў арыгіналу)[4]. Але мадэрнізацыя з'яўляецца не толькі няроўнай; яна параджае спаборніцтва групаў за абмежаваныя гарадскія магчымасці[5]. Такім чынам, яна не толькі сутыкае разам раней ізаляваныя этнічныя групы, але таксама супрацьпастаўляе іх. Іх эканамічныя і культурныя ролі больш не з'яўляюцца дапаўняльнымі, але стаюцца канкуруючымі; яны дублююць дзеянні адзін аднаго, значна перабольшваючы дадзеныя ўзроўні неабходнасці[6]. Па-трэцяе, і падобна да гэтага, культурныя абмены, ідучы праз нацыянальныя межы, могуць спарадзіць патрабаванні нацыянальнага культурнага амаладжэння. Страхі культурнага імперыялізму сёння звычайна прымаюць форму адмаўлення ад «заходняй», «амерыканскай» ці «савецкай» гегемоніі і апекі (маючы на ўвазе ў паняцці «Захад» уплыў супердзяржаваў). Падобна да таго, як свабода перасоўвання ў гарады ў межах адной нацыянальнай адзінкі часта спрыяе этнічнай канкурэнцыі, праз стварэнне этнічных групаў, якія значна больш відавочныя і «пагражальныя», так і міжнародная свабода перасоўвання можа заахвоціць вяртанне да мясцовых прыкладаў творчай дзейнасці і заклапочанасць у гістарычнай і культурнай саматоеснасці, і сапраўды робіць гэта.
Калі сама мадэрнізацыя, насуперак спадзяванням лібералаў, фактычна спрыяе нацыянальнаму пачуццю, ці можа нацыяналізм увогуле быць задаволены? Ці праўда, што калі аднойчы патрабаванні нацыяналізму аб незалежнасці і аб'яднанні будуць задаволеныя і закончыцца балючы пераход да поўнай індустрыялізацыі і сучаснага развіцця, нацыяналізм знікне па сваім уласным жаданні? Таму што яго задачы будуць выкананы, а яго спадзяванні ажыццявяцца[7]. Гэты аргумент таксама існуе ў функцыяналісцкай форме. У адпаведнасці з гэтай версіяй, нацыяналізм з'яўляецца адной з некалькіх ідэалогіяў, якія першапачаткова падтрымліваюць рацыяналізацыю і сацыяльнае развіццё; але пасля сам іх поспех робіць іх непатрэбнымі для далейшага прагрэсу, г.зн. рацыяналізацыі, і яны нават стаюцца перашкодамі на яе шляху[8]. Такім чынам, яны павінны быць замененымі на новыя ідэалогіі ці стаць «дэідэалагізаванымі», чыста прагматычнымі і тэхнічнымі, ці, як сказаў бы Вэбер, руцінізаванымі.
Як гэта ні дзіўна, гэтая «руцінізацыя» ці «нармалізацыя» з'яўляецца якраз тым, да чаго многія нацыяналістычныя рухі імкнуцца, але ніколі канчаткова не дасягаюць. На прасцейшым узроўні, нацыяналісты жадаюць сусветнага прызнання свайго руху і сваёй нацыі; яны жадаюць мець права голасу ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. На больш глыбокім узроўні яны жадаюць збалансаванага падзялення працы і поўнай адпаведнасці сацыяльных пластоў і культурных ведаў таму, што назіраецца ў развітых заходніх нацыянальных дзяржавах. Яны таксама імкнуцца стварыць поўны арганізацыйны апарат сучаснай дзяржавы і, больш за ўсё, узмацніць пачуццё салідарнасці і ўнікальнасці, бо, як яны адчуваюць, толькі яно можа стаць падмуркам нацыянальнай структуры. Абарочваючы метафару марксістаў аб «базісе-надбудове», нацыяналісты патрабуюць культурную базу з гісторыі, саматоеснасці і мовы, на якой можна будаваць і падтрымліваць «адпаведныя» формы эканамічнай, класавай і бюракратычнай надбудовы. Усё гэта для нацыяналіста з'яўляецца «нармальнасцю».
Праблема ў тым, што нармальнасць увесь час становіцца насуперак культу ўнікальнасці і адметнасці, насуперак аўтэнтычнасці; а аўтэнтычнасць схіляецца да непрадказальнасці, неруцінізаванасці. Іншымі словамі, адзіныя сродкі нацыяналізму для дасягнення сваіх мэтаў няспынна знаходзяцца ў напружаных узаемаадносінах з гэтымі мэтамі. Каб стаць «нармальным», трэба быць унікальным; але ніколі нельга ведаць адразу, куды прывядзе імкненне да ўнікальнасці, калі яно пачне дзейнічаць актыўна і абуджальна.
Такім чынам, нацыянальнае пачуццё сілкуецца не толькі трываласцю масавага этнічнага пачуцця ці бюракратычным цыклам. У самім руху існуе нешта выпадковае і непрадказальнае. У свеце нацыянальных дзяржаваў нацыяналізм стаецца самааднаўляльным. Таму што калі свет вызначыў «нармальнасць» як нацыянальную салідарнасць і нацыянальную дзяржаўнасць, то кожная нацыя павінна быць чуйнай да прыкметаў культурнай асіміляцыі і павінна вылучаць нацыяналістаў, чыёй прызнанай задачай павінна быць узмацненне нацыянальнай саматоеснасці і ўнікальнасці з мэтай уздыму сацыяльнай згуртаванасці і салідарнасці. Нацыяналізм ніколі не можа быць канчаткова задаволены ў свеце нацыянальных дзяржаваў. Магчыма, поўная індустрыялізацыя і масавая адукацыя могуць зменшыць нацыянальную агрэсіўнасць; Гелнер прыводзіць прыклад Швайцарыі як «традыцыйнага грамадства, якое перанесла мадэрнізацыю» і таму можа трываць лінгвістычны плюралізм[9]. Але нават тут існуюць лінгвістычныя цяжкасці ў Юры; і для ўзмацнення глыбокага пачуцця чыста швайцарскай салідарнасці, якая часта здаецца выключнай і скіраванай у сябе, дзейнічаюць вельмі спецыфічныя фактары: моцна ўзброеная нейтральнасць і геапалітычная сітуацыя[10]. Як пазней прызнаваў Гелнер, поўная індустрыялізацыя і ажыццяўленне большасці нацыяналістычных мэтаў не зменшылі нацыянальную жорсткасць і агрэсію ў Японіі і Германіі, жорсткасць, якую быў здольны эксплуатаваць фашызм. Але гэта толькі скрайнія прыклады значна шырэйшага феномену[11]. Сутнасць пытання ў тым, што трываласць нацыяналізму, нават пасля задавальнення яго першапачатковых палітычных патрабаванняў і нават пасля дасягнення мадэрнізацыі, з'яўляецца функцыяй самой міжнароднай сістэмы. Магчыма, нацыяналізм першапачаткова дапамог стварэнню гэтай сістэмы; цяпер ён у сваю чаргу падтрымліваецца гэтай сістэмай, што падобна да таго, як індустрыйная машына сёння падтрымлівае капіталізм, які так многа зрабіў, каб падтрымаць індустрыялізацыю[12]. Умовы трываласці нацыяналізму адышлі ад тых, якія першапачаткова яго парадзілі, і цяпер вынікаюць з новых знешніх фактараў, якія дапамог генераваць сам нацыяналізм.
У СВЕЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ
Хаця прырода і ступень новай «сусветнай дзяржаўнай сістэмы» з'яўляюцца прадметам спрэчак, амаль няма сумніваў, што многія дзяржавы на сёння звязаныя шэрагамі амаль глабальных праектаў і ўзаемазалежнасцяў. Рэгіянальна ізалявана вельмі невялікая колькасць дзяржаваў, і даволі шмат дзяржаваў маюць важныя сувязі з іншымі краінамі, далёкімі ад іх культурнага асяроддзя. Гэта робіць традыцыйныя канцэпцыі, такія як «баланс улады», якія гралі такую важную ролю ў выпрабаваннях нацыяналізму ў Эўропе васемнаццатага стагоддзя, нават больш важнымі сёння. Сапраўды, гэты баланс не тычыцца выключна нацыянальных дзяржаваў, якія дзейнічаюць суверэнна і незалежна, як у Эўропе дзевятнаццатага стагоддзя. Гэта ў той жа ступені тычыцца рэгіянальных блокаў (НАТО, Варшаўскае Пагадненне, ААА і г.д.), як і нацыяў. Тым не менш на практыцы блокам рэдка прыходзіцца дзейнічаць самім па сабе, але толькі ў адносінах да нацыянальных канфліктаў, такіх, як паміж Індыяй і Пакістанам, Алжырам і Марока ці Эфіопіяй і Самалі. Нават у найбольш драматычным прыкладзе нутрырэгіянальнага канфлікту, які адбыўся паміж арабамі і ізраільцянамі, прымалі ўдзел не НАТО і Варшаўскі Пакт, але Расея і Амерыка як нацыянальныя звышдзяржавы, якія апякуюцца лакальнымі нацыямі. Такім чынам, распаўсюджванне нацыяналізму проста зрабіла глабальнымі традыцыйныя эўрапейскія канцэпцыі і сувязі «балансу ўлады», і яны ў сваю чаргу сёння ўзмацняюць нацыяналістычныя рухі. Таму што той факт, што існуе такі баланс улады, дае значна больш прасторы для нацыяналістычных агрэсіяў і нянавісці і больш надзеі для нацыянальных сепаратыстаў.
Безумоўна, чым больш уважліва сачыць за гісторыяй, тым больш здзіўляе падабенства паспяховых нацыяналістычных паўстанняў на «абцугі». Адна палова абцугоў з'яўляецца нутранай: нацыянальны партызанскі рух ці мясцовая партыйная арганізацыя, якія патрабуюць незалежнасці ці аддзялення. Іншая з'яўляецца знешняй, у форме падтрымкі ад адной ці больш вялікіх дзяржаваў, якія бачаць у нацыянальным руху магчымасць паслабіць сваіх канкурэнтаў. Падтрымцы вялікай дзяржавы можа судзейнічаць рух дыяспары, якая забяспечвае сваіх братоў на радзіме матэрыяльнымі і маральнымі рэсурсамі і аказвае ўплыў на вялікую дзяржаву. Вельмі рэдка нацыянальны рух можа стацца паспяховым без гэтай знешняй падтрымкі, што па сумным вопыце зразумелі грэцкія паўстанцы ў 1827 годзе, а таксама армяне і курды ў нашым стагоддзі[13]. Асаблівая геапалітычная сітуацыя павінна даваць дастаткова месца для манёўра, і павінна знайсціся адна з дзяржаваў, якая б падтрымала рух, інакш гэты рух не будзе мець шанцаў супраць вызначанай апазіцыі. Нават калі імперыяльная ці каланіяльная дзяржава хоча пазбавіцца ад сваіх надакучлівых уладанняў, павінен быць спрыяльны геапалітычны баланс; такім ён быў для Брытаніі ў 1947 годзе, паколькі Амерыка магла забяспечыць неабходную стабільнасць і баланс, які ў іншым выпадку мог бы быць парушаны паспешным адступленнем.
Мясцовыя нацыяналістычныя рухі хутка навучыліся інтэрнацыяналізаваць свой імідж і структуры. Яны ўжо добра разбіраюцца ў мастацтве прапаганды і выкарыстоўваюць сродкі масавай інфармацыі, каб звярнуцца да вялікай аўдыторыі ў краінах, урады якіх могуць схіліць баланс у іх накірунку. Міжнародны тэрарызм з'яўляецца яшчэ адной нацыяналістычнай зброяй; авалодваючы мовай і кантактамі міжнародных рэвалюцыйных сектаў, нацыяналістычныя партызаны нябачных і ігнараваных этнічных групаў могуць прыцягнуць грамадскую ўвагу да сваёй справы і аказаць некаторы ціск на недружалюбныя ўрады, каб яны зрабілі саступкі. Аднак, існуюць прыкметы таго, што менавіта такая тактыка можа даваць асечку; і акрамя таго, для яе таксама патрабуецца дапамога, прынамсі адной вялікай дзяржавы, каб гэтая тактыка была здольная на нешта большае, чым стварэнне беспарадкаў[14].
Акрамя сусветнага балансу моцных блокаў, некалькі іншых аспектаў сусветнай дзяржаўнай сістэмы дапамагаюць кансалідаваць і ўзмацніць нацыяналістычныя ідэі і нацыянальны запал. У адным са сваіх аспектаў сусветная сістэма параджае спаборніцтва паміж нацыянальнымі элітамі за сусветны прэстыж. Не дзіўна, што «сістэма замкоў», у якую нацыяналізм ператварыў свет, генеруе глыбокія пачуцці непаўнавартасці і прыніжанай годнасці сярод нацыянальных элітаў[15]. Пры каланіялізме гэтыя эліты часта выспяваюць у дамінуючых метраполіях, дзе яны авалодваюць многімі заходнімі каштоўнасцямі і асэнсоўваюць сваю ўласную бездапаможнасць і знявагу, а таксама заняпад сваіх супольнасцяў. Імкненне дасягнуць парытэту ці эквівалентнасці з Захадам было натуральным вынікам іх пачуццяў. З прычыны самой сітуацыі такія пачуцці нялёгка ўтаймаваць. Пры недахопе цэнтралізаванага планавання сусветнай уладай, сацыяльная і эканамічная мадэрнізацыя будзе і надалей праходзіць нераўнамерна і ў нацыянальных межах і спрыяць тым, хто ўжо наперадзе сярод сваёй расы. Акрамя таго, пры няроўным размеркаванні мінеральных і іншых рэсурсаў на зямной кулі, некаторыя нацыі абыходзяць іншых, тым самым абвастраючы напружанне паміж нацыянальнымі элітамі ў лакальных рэгіёнах. Гэта мае асаблівую важнасць там, дзе этнічныя групы ўжо маюць гісторыю ўзаемнага антаганізму, і дзе адна з іх, магчыма, атрымлівае дапамогу і пратэкцыю вялікай дзяржавы. Як эканамічныя, так і палітычныя аспекты міжнароднай сістэмы дзяржаўнае апекі, такім чынам, павінны абвастраць нацыяналістычнае напружанне ў краінах беднага Поўдня, нягледзячы на іх уяўнае недалучэнне.
Шчыльна звязана з гэтым спаборніцтвам элітаў трансфармацыя кіраўніцтва новых дзяржаваў. У апошнія дні каланіялізму нацыяналістычныя лідэры схіляліся да сбалансавання сваіх мясцовых інтарэсаў з больш універсальнымі падыходамі. У гэтым яны набліжаліся да тых касмапалітычных інтэлектуалаў, якія з часоў Асветніцтва прадбачылі надыход адзінай глабальнай цывілізацыі і лічылі сябе грамадзянамі свету. Невялікая колькасць гэтых інтэлектуалаў, якія прыбылі ў Эўропу і Амерыку, прагнучы такой поўнай асіміляцыі, была надта ідэалістычнай, каб перайсці межы яўна нацыяналістычных рэаліяў свайго новага асяроддзя. Большасць гэтых інтэлектуалаў вярнулася пазбаўленымі ілюзіяў і абуранымі падвойнай натурай Захаду. Тым не менш многія захавалі інтэлектуальны падмурак сваіх поглядаў і імкнуліся выкарыстаць першую ж магчымасць звязаць разам свае лакальныя нацыяналістычныя рухі з больш шырокім кантынентальным ідэалам, такім як панафрыканізм.
Сёння гэтае інтэлектуальнае кіраўніцтва паступова замяняецца мясцовымі інтэлігенцыямі, чыё знаёмства з заходнімі шляхамі і думкамі з'яўляецца больш павярхоўным і кароткім. У тае ступені, як нацыяналізм пранікае ў мясцовыя сацыяльныя структуры, ён імкнецца прыцягваць большасць інтэлігенцыі на сваю арбіту, людзей, чыё raіson d'etre і шанцы ў жыцці залежаць ад дыпломаў, якія сёння ўсё больш часта прадастаўляюцца нацыянальнымі ўстановамі ў адпаведнасці з мясцовымі патрабаваннямі і стандартамі. Безумоўна, у многіх краінах існуе значны заходні ўплыў ў выглядзе іншаземных акадэмікаў і тэхнічных работнікаў, прынамсі, у несацыялістычных краінах. Але нават тут гэты ўплыў часта праходзіць праз пасрэдніцтва мясцовай інтэлігенцыі, якая пераўзышла больш касмапалітычнае пакаленне інтэлектуалаў і чый светапогляд адпаведна больш абмежаваны і скіраваны ўсярэдіну.
Для гэтай інтэлігенцыі асноўным інтарэсам стаецца прадастаўленне адпаведных пастоў і нішаў для кар'еры, і, такім чынам, забеспячэнне дастатковага сацыяльнага і эканамічнага развіцця для задавальнення вялікай колькасці прэтэндэнтаў. Іх зацікаўленасць натуральна сфакусавана на ўрадавай і мясцовай бюракратыі і прафесіях, якія фармуюць структурную аснову сучаснай самадастатковай і жыццяздольнай дзяржавы. Адсюль і інтарэс у капіраванні бюракратычных структураў іншых дзяржаваў, каб даць месца для спаборніцтва за статус. І тэрытарыяльныя, і структурныя аспекты нацыянальнай дзяржавы ідэальна адказваюць патрэбам у статусе, прадастаўляючы лесвіцу ўздыму для амбіцыёзных, кваліфікаваных прафесіяналаў. Такімі сродкамі можа быць часткова забяспечана пачуццё міжнароднай эквівалентнасці: нават калі і немагчыма дагнаць Захад, можна развіць мясцовую сістэму статусу і апарат, які, верагодна, будзе пераўзыходзіць сістэму і апарат суседніх дзяржаваў.
Вось яшчэ адна з крыніцаў іншага вядомага патрабавання сучасных нацыяналістаў: эканамічная аўтаркія. Для падтрымкі бюракратычнага апарату, неабходнага для мясцовай сістэмы статусу, якая задавальняе новыя адукаваныя пласты насельніцтва, павінен быць дастаткова трывалы эканамічны рост і дастатковы мясцовы кантроль над рэсурсамі і дабрабытам. У іншым выпадку, карупцыя абясцэніць новую статусавую іерархію і паставіць пад пагрозу яе эфектыўнасць; альбо новыя эліты і іх інстытуты зноў стануць залежнымі ад той ці іншай вялікай дзяржавы. Паколькі абодва варыянты сустракаюцца даволі часта, нацыяналістычныя інтэлігенцыі асабліва зацікаўлены ў максімальным павелічэнні вытворчасці і разнастайванні сваёй эканомікі, пры наяўнасці ваганняў сусветных цэнаў і неспрыяльных гандлёвых балансаў. Пры гэтым іх заахвочваюць міжнародныя дарадчыкі з Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў і іншых сусветных арганізацыяў, якія падкрэсліваюць станоўчыя рысы самадапамогі і самазабеспячэння[16]. Ізноў жа, рэакцыя нацыянальных элітаў на ўзаемазалежную сусветную дзяржаўную сістэму ўзмацняе іх адднасць нацыяналістычным мэтам і іх жаданне мабілізаваць нацыянальнае пачуццё сярод насельніцтва.
Нацыяналізм лакальных элітаў узмацняецца парадамі міжнародных элітаў, што ў некаторай ступені парадаксальна. Апошнія маюць асаблівую вагу ў разнастайных міжнародных агенцтвах, такіх як Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў і яе агенцтвы, Сусветны Банк, МВФ, АЭСР і іншых. Міжнародны корпус дарадчыкаў - тэхнічных работнікаў, эканамістаў, аграномаў, педагогаў, экспертаў па ахове здароўя і дабрабыту - часта падбіраецца на нацыянальнай і рэгіянальнай аснове і часта выкарыстоўваецца для парадаў нацыянальным урадам па планах развіцця, якія ізноў жа з'яўляюцца нацыянальнымі па маштабу. Іх статыстычныя дадзеныя таксама збіраюцца на нацыянальнай аснове; і не толькі дадзеныя, але таксама прагнозы, якія стаяць за такімі дзеяннямі па збору інфармацыі, звязаны з нацыяналістычнай асновай, якая разглядае «грамадствы» як «натуральна» вызначаныя межамі і маёмасцю нацыянальных дзяржаваў[17]. Магчыма, у рэшце рэшт не так здзіўляе тое, што міжнародныя дарадчыкі, якія паходзяць з нацыянальнага асяроддзя, канцэптуалізуюць сучаснае развіццё ў кантэксце сукупнасці дзеянняў па «будаўніцтву нацыі», бо тое ж тычыцца і сумы праграмаў па нацыянальнаму развіццю. Але мы таксама павінны памятаць, што нават дарадчыкі з метраполіяў і элітаў вялікіх дзяржаваў у гэтых міжнародных арганізацыях схіляюцца да інтэрпрэтацыі развіцця як аўтаркіі; іншымі словамі, «развіццё» ёсць «самаразвіццё», якое выкарыстоўвае мясцовыя рэсурсы і навыкі[18].
Такія «нацыянальныя» інтэрпрэтацыі прагрэсу ў роўнай ступені тычацца і сферы тэорыі. Вывучэнне «грамадства» сёння, амаль без пытанняў, прыраўноўваецца да аналізу нацыянальных дзяржаваў; прынцып «метадалагічнага нацыяналізму» дзейнічае на любым узроўні ў сацыялогіі, палітыцы, эканоміцы і гісторыі чалавецтва ў сучаснай эпоcе[19]. Існуюць вельмі добрыя практычныя прычыны для прасоўвання ў гэтым напрамку, але тэарэтычны падмурак чэрпае значную частку сваёй моцы з прыняцця нацыяналістычных канцэпцыяў і праходзіць доўгі шлях да надання моцы гэтым канцэпцыям. У гэтым аспекце, сучасная сістэма нацыянальных дзяржаваў стала працяглым і стабільным кампанентам нашага светапогляду.
ВЫНІКІ МІЖНАРОДНЫХ КРАХАЎ
Да гэтага часу мэтай нашай аргументацыі было прадэманстраваць механізмы, праз якія сучасная міжнародная сістэма фактычна ўзмацняе нацыяналізм, які дапамог яе стварыць. Праз «глабалізацыю» балансу ўлады і праз зацікаўленасць нацыяналістычных інтэлігенцыяў у канкурэнтнай эканоміцы і грамадскім становішчы сусветная дзяржаўная сістэма абвастрае нацыяналістычнае напружанне, у той жа час пераўтвараючы нацыянальнае пачуццё і нацыяналістычныя ідэалы ў «нармальныя» і «натуральныя» своеасаблівасці гэтай сістэмы. Інтэрнацыяналізм узаконьвае нацыяналізм. Калі ён пакуль і не ўтаймаваў нацыяналізм, дык зрабіў яго рэспектабельным. Нават тэорыі і дзеянні міжнародных элітаў падтрымліваюць нацыянальныя меркаванні і нацыяналістычную дзейнасць.
Гэта, безумоўна, азначае, што больш немагчыма супрацьпастаўляць, як гэта часта робіцца, «інтэрнацыяналізм» і нацыяналізм. Касмапалітычнасць з'яўляецца сапраўдным ворагам нацыяналізму; інтэрнацыяналізм - гэта проста ўзаемнае прызнанне і ўзаконьванне нацыяналістычных рухаў іншых народаў, якія ўключаны ў глабальную сістэму.
Але разам з гэтым, «інтэрнацыяналізм» імкнецца падтрымліваць толькі некаторыя віды нацыяналізму, менавіта нацыяналізм, належным чынам узаконены і шырока прызнаны. Ён не можа прызнаць законнымі спадзяванні этнічных групаў ці нацыяналістычных рухаў, якія робяць выклік існуючым нацыянальным дзяржавам - элементам міжнароднага парадку. Інтэрнацыяналізм, такім чынам, існуе ў стане няспыннага напружання з новымі і сепаратысцкімі нацыяналістычнымі рухамі. Ненавідзячы сепаратызм, ён павінен трактаваць такія рухі як прыклады міжнароднага краху. Падобна да гэтага, тыя, хто падтрымлівае міжнародны парадак нацыянальных дзяржаваў, павінны з падазронасцю ставіцца да спробаў аб'яднаць дзяржавы ў панрухах, што дзейнічаюць на аснове крытэрыяў, далёкіх ад дзяржаўных прынцыпаў, якія забяспечваюць прыняцце ў міжнародную сістэму. Аб'ядноўчыя панрухі не толькі нясуць пагрозу існуючаму балансу ўлады, глабальнаму і рэгіянальнаму; яны таксама падрываюць гістарычную і законную аснову міжнароднага парадку. Такім чынам, міжнародны парадак як такі заўсёды выступае апірышчам нацыяналізму нацыянальных дзяржаваў супраць нацыяналізму недзяржаўных адзінак.
Аднак многія нацыянальныя дзяржавы сёння знаходзяцца пад пагрозай паглынання большымі адзінкамі ці распаду на меншыя адзінкі. Як мы бачылі, прынцып самавызначэння можа быць выкарыстаны групамі і саюзамі любога памеру і тыпу; не існуе агульнапрызнанага набору крытэрыяў для складання «нацыі», няма кансенсусу ў вызначэнні памераў нацый. Незаходні свет проста не падтрымаў Захад у гэтым аспекце. Ён адмовіўся ад прынцыпу «сярэдніх памераў» (сярэдняе паміж імперыямі і аўтаномнымі вёскамі і гарадамі), каб абараніць іншыя больш цэнтральныя запаветы нацыяналізму, трактуючы першыя як «знешні выгляд», а апошнія як «сутнасць». Памеры Англіі ці Францыі, якімі б ні былі зручнымі, у рэшце рэшт былі выпадковымі; не існуе добрай прычыны a prіorі, чаму меншыя ці большыя групы не могуць мець аўтаномію, салідарнасць і саматоеснасць[20].
Такім чынам, чым больш міжнародны парадак падтрымлівае патрабаванні нацыянальных дзяржаваў, тым больш ён разглядае іншыя патрабаванні як «разбуральныя», тым больш ён распальвае полымя этнічных і паннацыяналістычных рухаў; і тым большай стаецца спакуса сепаратысцкіх рухаў шукаць падтрымкі вялікай дзяржавы, каб часова разбурыць баланс улады, каб заваяваць допуск у клуб нацыянальных дзяржаваў, які свята шануецца інтэрнацыяналізмам. Такім чынам, тут таксама інтэрнацыяналізм ускосна заахвочвае нацыяналістычныя рухі, падтрымліваючы некаторыя нацыянальныя адзінкі за кошт іншых, тым самым спакушаючы тыя ці іншыя нацыянальныя элементы парушаць парадак.
Этнічныя рухі і панрухі ў сваю чаргу падтрымліваюць і ўзмацняюць нацыяналізм існуючых нацыянальных дзяржаваў. «Інтэграцыя» і «гамагенізацыя» стаюцца актуальнымі патрэбамі, а не толькі далёкімі ідэаламі для часта крохкіх нацыянальных дзяржаваў, як рэакцыя на пагрозу раздрабнення ці паглынання. Асабліва ў Афрыцы верагоднасць «племяннога» сепаратызму дае новую сілу і надзвычайнасць бюракратычным нацыяналістычным рухам субсахарыйскіх дзяржаваў[21]. Нават у Эўропе неанацыяналістычныя сепаратысцкія рухі пачынаюць узмацняць нацыянальныя пачуцці этнічных групаў большасці ў старых дзяржавах, такіх як Брытанія і Францыя, якія самі ўцягнуты ў рэгіянальнае і міжнароднае спаборніцтва за рынкі і прэстыж.
У выніку, нацыяналізм і інтэрнацыяналізм уцягнутыя ў заганнае кола ўзаемнага ўзмацнення, якое дзейнічае праз частыя лакальныя крахі міжнароднага парадку, а таксама спаборніцтва элітаў і баланс улады. Кожны лакальны крах такога парадку ўзмацняе гэтае заганнае кола; кожнае міжнароднае ўзаконьванне існуючых дзяржаваў дапамагае правакаваць лакальныя напады на гэты парадак і разладжвае баланс улады, які падтрымліваецца гэтым парадкам. І нарэшце, кожны крах міжнароднай сістэмы абвастрае нацыянальныя канфлікты як на мясцовым, так і на міжнародным узроўні, уздымаючы культ нацыянальнай свядомасці сярод насельніцтва, якое гэты крах закрануў.
НАДНАЦЫЯНАЛІЗМ
Калі нацыяналізм і інтэрнацыяналізм у сапраўднасці з'яўляюцца двума бакамі адной манеты, то, магчыма, касмапалітычныя спадзяванні аб знікненні нацыяналізму могуць быць лепш задаволены тэндэнцыяй да ўзнікнення наднацыяналізму ў некаторых тэрыторыях? Гэтае пытанне ў прыватнасці паўстае пры разглядзе развіцця Эўрапейскай Эканамічнай Супольнасці і яе відавочнага выкліку існуючым дзяржаўным нацыяналістычным рухам.
«Эўрапейскі» ідэал і яго ўвасабленне ў інстытутах ЭЭС з'яўляюцца прадуктам партнёрства паміж панэўрапейскімі ідэалістамі і нацыяналістычнымі эўрапейскімі тэхнакратамі. Вынікам з'яўляецца нялёгкі кампраміс паміж confederatіon des patrіes з цэнтрам у Савеце Міністраў і Эўрапейскім саюзам, стварэнне якога падтрымлівалі ідэалісты, і які факусуецца на Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскім парламенце. Калі тэхнакраты і нацыянальныя эліты знаходзяць у Эўропе зручнае месца захоўвання і ўзмацнення нацыянальнага прэстыжу і нацыянальных тавараў, то панэўрапейскія ідэалісты з самага пачатку свайго руху ў Гаазе ў 1948 г. імкнуліся да сапраўднага палітычнага саюзу і аўтэнтычнай эўрапейскай саматоеснасці, якая б замяніла існуючыя нацыянальныя адметныя рысы[22].
З пункту гледжання касмапалітычных спадзяванняў апошні тып панэўрапеізму расчароўвае. Ён вельмі цесна нагадвае нацыяналізм існуючых нацыянальных дзяржаваў. Існуе падобны стымул, страх перад замежнымі ворагамі, у гэтым выпадку перад канкуруючымі блокамі супердзяржаваў на Ўсходзе і Захадзе. Існуе гэткі ж набор мэтаў, агульнае імкненне да палітычнага аб'яднання і аўтаноміі, і гэткая ж зацікаўленасць у саматоеснасці, заснаванай на агульным хрысціянска-сярэднявечным мінулым. Існуюць тыя ж самыя нацыяналістычныя імкненні да сусветнага прэстыжу і эканамічнага самазабеспячэння і самаразвіцця. Шматмоўная сітуацыя Супольнасці не павінна стаць перашкодай; ці не праўда, што Швайцарыя добра абыходзіцца з чатырма мовамі? Агульныя палітычныя інстытуты з цягам часу створаць агульную палітычную культуру і агульную мэту і волю[23].
Наднацыяналізм, такім чынам, можа зменшыць колькасць канкуруючых нацыяналістычных рухаў у гэтым рэгіёне, але толькі за кошт стварэння новага «супернацыяналізму» значна больш моцнага і ўсеахопнага тыпу. Гэта таксама тычыцца і такіх туманных саюзаў, як Арабская Ліга, панафрыканская ААА і лацінаамерыканскія арганізацыі. Яны застаюцца «туманнымі», таму што патрабаванні існуючых нацыянальных дзяржаваў пазбавілі іх супольнай сілы, якая б дазволіла ім дзейнічаць гэткім жа чынам, як і існуючыя нацыянальныя адзінкі. Аднак, калі аб'яднанне будзе развівацца ў значна большай ступені, то хутчэй за ўсё такія супердзяржавы ці супернацыі будуць дзейнічаць у манеры, аналагічнай сучасным нацыянальным дзяржавам, і яны будуць мець такія ж ідэалы. Галоўны доказ такога сцвярджэння, безумоўна, можна знайсці ў паннацыяналістычнай аснове такіх існуючых палітычных саюзаў; афрыканскія і арабскія «нацыі» маглі б быць створаны на аснове нацыяналістычных пастулатаў і катэгорыяў, і яны ізноў жа будуць спаборнічаць у свеце кантынентальных нацыяў. Мог змяніцца маштаб, але не механізмы спаборніцтва элітаў ці балансу ўлады; і можна прадбачыць крахі новага кантынентальнага парадку, падобныя да тых, што назіраюцца сёння. Яшчэ адзін доказ можна знайсці ў практыцы замежнай палітыкі ЭЭС, практыцы, якая толькі ў ступені асцярожнасці (да гэтага часу) адрозніваецца ад палітыкі адасобленых дзяржаваў.
Існуе таксама магчымасць таго, што тэндэнцыя да развіцця наднацыяналізму паскорыць рост «субнацыянальных» і сапраўды нацыяналістычных рухаў праз рэакцыю на ўзрослую аддаленасць бюракратычнага кантролю. Нельга сцвярджаць гэта з поўнай упэўненасцю, але «перадача ўлады», якой хочуць перыферыйныя этнічныя групы і іх нацыяналістычныя рухі, можа стацца больш жыццяздольнай у кантэксце ўсеагульнай федэрацыі дзяржаваў у кантынентальным маштабе. Аднак, існуе такая ж магчымасць развіцця нацыяналістычнай рэакцыі з боку існуючых нацыянальных дзяржаваў і іх этнічных большасцяў, заціснутых паміж «абцугамі» лакальнага этнічнага сепаратызму і кантынентальнага бюракратычнага паглынання.
У чым можна быць збольшага ўпэўненым, дык гэта ў тым, што большая няўстойлівасць, якая прыносіцца як наднацыяналізмам, так і сепаратызмам, прадастаўляе большыя магчымасці для розных відаў канкуруючых нацыяналістычных рухаў і большыя шанцы для распальвання і паглыблення нацыянальных канфліктаў. Той факт, што людзі могуць мець больш, чым адну нацыянальную адданасць, калі мы ўявім, што колы адданасці ёсць канцэнтрычнымі, не мяняе патрэбы ў выбары аднаго з іх як дамінуючага кола ў часы крызісу прыняцця рашэнняў. Новая няўстойлівасць і шырыня выбару азначае, што індывідуумы будуць прыцягвацца ў розных накірунках, і павялічвае як магчымасці нацыянальных канфліктаў, так і ўзровень нацыянальных пачуццяў[24].
ВЫСНОВЫ
Ні інтэрнацыяналізм, ні наднацыяналізм, такім чынам, не апраўдваюць вялікіх спадзяванняў аб знікненні нацыяналізму, аб якім з такім запалам маліліся касмапалітычныя ўтапісты. Нацыяналізм, які так моцна ўкараніўся ў сацыяльны і палітычны ландшафт сучаснасці, падтрымліваецца і на лакальным «нутраным», і на міжнародным «знешнім» узроўні праз разнастайныя механізмы. На лакальным узроўні дзеянні бюракратычнага цыклу, што засноўваюцца на даўніх этнічных традыцыях сярод масаў насельніцтва, няспынна ажыўляюць дзейнасць нацыяналізму пасля яго закасцянення ў бюракратычнай машыне. На знешнім міжнародным узроўні сусветная ўзаемазалежнасць распаўсюдзіла меркаванні аб балансе ўлады і трансфармавала іх у баланс страху, пад парасонам якога і супердзяржавы, і іншыя нацыянальныя дзяржавы імкнуцца да мясцовай перавагі. Інтэрнацыяналізм таксама абвастрыў спаборніцтва паміж нацыянальнымі элітамі, якія ўсё часцей складаюцца з мясцовай інтэлігенцыі, што імкнецца забяспечыць свае прэтэнзіі на грамадскае становішча ў межах лакальных бюракратыяў на аснове мясцовага самазабеспячэння. Міжнародныя арганізацыі і іх міжнародныя корпусы дарадчыкаў фактычна ўзмацняюць гэтыя нацыяналістычныя мэты праз свае тэорыю і практыку, тады як сам міжнародны парадак, падтрымліваючы патрабаванні нацыянальных дзяржаваў, стымулюе апетыты і сепаратысцкіх этнічных нацыяналістычных рухаў, і аб'ядноўваючых панрухаў. Нарэшце, як высвятляецца, нават наднацыянальныя рухі, ідуць паралельна да мэтаў і дзейнасці нацыяналістычных рухаў. Яны імкнуцца спаборнічаць і перамагаць, і капіраваць існуючую дзяржаўную сістэму на кантынентальным узроўні.
Такім чынам, трэба зрабіць выснову, што сама спроба выкараніць нацыяналізм фактычна спрыяе яго далейшаму ўкараненню і правакуе яго перыядычнае адраджэнне, і было б больш сэнсоўна і зручна паспрабаваць жыць разам з ім, утаймоўваючы яго эксцэсы праз узаемнае прызнанне і ўзаконьванне. Яшчэ больш важна тое, што трываласць і прывабнасць нацыяналізму павінны разглядацца як вытворнае ад спалучэння трох сілаў, якія першапачаткова вызначылі яго форму: даўнія этнічныя традыцыі, нараджэнне новых свецкіх ідэалаў, а таксама своеасаблівыя характэрныя рысы мадэрнізацыі і яе сацыяльных вынікаў. Менавіта на гэтых трох узроўнях павінны быць сфакусаваны даследаванні, калі мы хочам зразумець разнастайнасць і працяглую прывабнасць нацыяналізму; толькі іх спалучэнне і ўзаемаўплыў могуць выявіць, чаму менавіта гэты ідэал і рух атрымалі такія вялікія пазіцыі ў галовах і сэрцах сучасных пакаленняў. Натуральна, спецыфічныя ўмовы, якія паскараюць развіццё нацыяналістычных рухаў, адрозніваюцца ў розныя гістарычныя перыяды і ў розных асяроддзях; але ўсюдыісная натура яго галоўных ідэяў падказвае, што трэба шукаць агульныя рысы ў агульным узоры.