epub
 
падключыць
слоўнікі

А. Рухіна

Памяць з журбы і смутку

Ліст дачкі Андрэя Мрыя да С. Грахоўскага

 

11.ХІ. 1987 г.

Дарагі Сяргей Іванавіч!*

Прабачце, што затрымалася з адказам. Якраз у той дзень, калі атрымала Ваша пісьмо, памерла наша мама, Соф’я Андрэеўна Зыкава, чалавек, які больш падрабязна мог бы расказаць пра нашага бацьку. Тыя, хто яго цяпер памятае, былі тады дзецьмі.

Дарэчы, недзе ў канцы 60-х гадоў ці, можа, нават у 70-м да С. А. прыходзіў адзін немец (гэта было ў Гомелі) і прасіў дазволу перакласці бацькаў раман на нямецкую мову. Яна адмовіла, сказаўшы, што калі трэба будзе, то і ў нас надрукуюць.

Вы просіце расказаць пра сям’ю Шашалевічаў, пра бацьку.

На жаль, я ведаю не так многа, а фактаў біяграфіі і зусім мала. Мне было два гады, калі бацьку арыштавалі. Нашы сваякі адклікнуліся на просьбу мамы (нас тады было трое) і забралі мяне і брата. Такім чынам усе мы апынуліся ў розных месцах і бацькі амаль не бачылі.

Лепш за ўсіх яго ведаў старэйшы брат — Юра, але з той прычыны, што на яго вачах два разы арыштоўвалі яго любага бацьку, ён цяжка захварэў, і яго ўжо даўно няма.

Цяпер пра сям’ю.

Паводле слоў бацькавай сястры Ксені Антонаўны (яна ўзяла мяне ў Петразаводск, і яе я ўсё жыццё называла мамай), сям’я Шашалевічаў была вельмі дружнай. Іхні бацька, Антон Дзяменцьевіч, служыў валасным пісарам. Зусім нядаўна я пачула, што ён быў з сялян, грамаце навучыўся самавукам. Мяне гэта здзівіла таму, што такая ж якасць праявілася ў яго дзяцей, унукаў і праўнукаў. Ды і я сама задоўга да школы вывучылася, і спецыяльна ніхто мяне не вучыў, толькі бачыла, як дзеці гулялі ў школу.

Відаць, пакуль быў жывы галава сям’і, быў які-ніякі дастатак. Мама жартавала, што старэйшых дачок умывалі малаком, таму яны былі такія беласкурыя, а яе, малодшую, — толькі сывараткай, таму яна заўсёды была румянашчокай.

У 1902 годзе Антон Дзяменцьевіч памёр. Засталася ўдава з пяццю дзецьмі: Антаніна, Андрэй, Анастасія, Васіль і Ксеня. Малодшай два гады, старэйшай — ?, бацьку дзевяць гадоў, дзядзьку Васю, відаць, пяць гадоў.

Калі Антон Дзяменцьевіч паміраў, ён быццам бы казаў жонцы, каб яна дзяцей не вучыла: няхай гаспадараць на зямлі, сялянствуюць.

Аднак жонка яго, Ефрасіння Фамінічна, зрабіла наадварот.

Сама яна, здаецца, дачка псаломшчыка, была непісьменная, пісаць не ўмела, але мама казала, што ўмела чытаць і чытала нават раманы. Яна вырашыла вучыць дзяцей і для гэтага, прадаўшы дом, выправілася ў Магілёў. Яна хацела «даваць» абеды і гэтым зарабляць на вучобу дзяцей. Аднак нічога з гэтага не атрымалася. Недзе праз год давялося вярнуцца ў Палуж. Не было, відаць, у яе дзелавой хваткі. Нездарма муж пакінуў дзіўнае завяшчанне. Ведаючы шырокую натуру сваёй жонкі, ён паставіў умову: распараджацца пэўнай зямлёй, якая належала яму, яна зможа толькі тады, калі малодшай дачцэ споўніцца семнаццаць гадоў. Вось і давялося сям’і жыць амаль у галечы.

А дзеці ўсе былі здольныя, добра вучыліся.

Дзяўчат не заведзена было тады вучыць. Але старэйшая паступіла вучыцца насуперак волі маці. Яна выдатна здала экзамены ў гімназію. Нейкі «хросны» дапамагаў.

Другая дачка, Анастасія, вучылася недзе пры манастыры. Мама ўспамінала, што аскетычнае выхаванне падарвала яе здароўе. А была яна мастачкай-самавукам. Цудоўныя яе работы згарэлі ў час налёту банды «зялёных». Цёця Настулька рана памерла.

Хлопчыкаў маці аддала вучыцца спачатку ў духоўнае вучылішча, потым у семінарыю. Кажуць, што бацька нізашто не хацеў туды ісці, але маці настаяла. Вучыўся ён бліскуча, заўсёды быў першым вучнем. Мама ўспамінала, што ён адрозніваўся выключнай акуратнасцю.

Усе дзеці любілі музыку. Бацька неяк навучыўся іграць на віяланчэлі, а дзядзька Вася — на скрыпцы. На думку мамы, скрыпач ён быў выдатны. Пад вокнамі яго хаткі, калі ён іграў, збіраліся людзі, каб паслухаць. Ну, гэта не дзіва для таго часу, калі не было радыё.

Я чула яшчэ ад мамы і ад сваёй дваюраднай сястры, што ў дзядзькі Васі аказалася нават скрыпка Страдывары. Не ведаю, ці магло гэта быць? Бо гэта ж такая рэдкасць. Скрыпку нібы падарыла яму адна памешчыца. Мама называла прозвішча гэтай жанчыны, казала, што яна аддала ў школу, дзе працавалі Шашалевічы, не то піяніна, не то раяль. Гэта было ў час рэвалюцыі. А скрыпку яна аддала таму, што сын яе, які дружыў з дзядзькам Васем і гуляў з ім разам, памёр.

Але, магчыма, усё гэта і не так.

Ва ўсякім выпадку, Вы таксама пісалі пра тое, што дзядзька Вася іграў на скрыпцы. А мне яшчэ казалі, што ён мог і сам музыку сачыняць.

Цяжка жылося сям’і. Што толькі не рабіла маці, каб дзеці вучыліся.

З расказаў мамы я зразумела, што яны, дзеці, многае даведваліся адно ад аднаго. Так, мама чытала нейкія грэчаскія і лацінскія вершы, казала, што запомніла іх ад майго бацькі. Вельмі лёгка даваліся яму мовы. Стаўшы дарослым, ён вывучаў сам англійскую.

Вучыцца хацелі ўсе, але не заўсёды маглі хадзіць у школу. Мама пайшла адразу ў другі клас, потым год сядзела дома на печы і пайшла адразу ў чацвёрты. У гарадскім вучылішчы, куды паступіла, яна аказалася адзінай дзяўчынкай.

Як і многія дзеці з бедных сем’яў, браты і сёстры давалі ўрокі, гэтым зарабляючы на сваю адукацыю. Так, мама ўспамінала, што сястра Настулька зрабіла ёй «пратэкцыю» — уладкавала настаўніцай у сям’ю прыстава Бабіча ў Гомелі. (Мама мне паказвала дамы, якія належалі раней яму.) Гэты час яна ўспамінала як самы цяжкі ў яе жыцці.

Не ведаю, як мой бацька пасля семінарыі стаў прапаршчыкам у першую сусветную вайну. Мама казала нешта пра акадэмію: ці то яго туды рэкамендавалі, ці то ён паступіў і там вучыўся. На фотаздымку 1914 года ён у нейкім мундзірчыку, але што гэта за мундзір, не ведаю. Ва ўсякім выпадку, я добра ведаю, што ў час рэвалюцыі ў яго, відаць, не было праблемы, «куды ісці, у якім змагацца стане». У 1918 годзе ён уступіў у Чырвоную Армію і быў там кулямётчыкам. Вельмі цяжка хварэў на тыф. А потым стаў настаўнікам у Краснаполлі.

Гады жыцця пасля рэвалюцыі былі, відаць, самымі лепшымі ў біяграфіі бацькі, яго брата і сёстраў.

Матэрыяльна было цяжка, галодна, але затое ў адносінах духоўных вельмі здорава.

Мама ўспамінала, што было весела. Колькі яны смяяліся! Мой бацька ўмеў сам добра смяяцца, умеў і жартаваць. Нездарма, відаць, потым пісаў гумарыстычныя рэчы і лічыў сябе гумарыстам. Ды і не адзін ён там быў такі гумарыст. Мама казала, што любіў і ўмеў жартаваць Леанід Стратановіч, муж яе сястры Антаніны, і іншыя маладыя людзі. У гэты час там, у Краснаполлі, было шмат таленавітай моладзі.

Я думаю, што рэвалюцыя акрыліла гэтых юнакоў і дзяўчат. Людзі пацягнуліся да мастацтва, самі пачалі тварыць. Быў створаны народны тэатр. Уся сям’я (амаль усе яны сталі настаўнікамі) прымала ў ім самы актыўны ўдзел.

У сваім пісьме да Сталіна бацька пісаў, што з 1921 па 1926 год ён быў настаўнікам у школе другой ступені ў Краснаполлі. Потым захапіўся фальклорам, краязнаўчай работай. Трэба сказаць, што ў мяне наогул склалася ўражанне пра яго як пра чалавека захопленага, чалавека, які любіў усё новае, хоць, можа, яно і не заўсёды было такое ўжо і добрае. Так, мама ўспамінала, што ён вітаў нават гэты сумна вядомы комплексны метад выкладання, калі на ўсіх уроках вывучалі нейкае адно пытанне. Ён сказаў: «Як цікава!» — ці нешта падобнае. Зрэшты, гэта, мусіць, уласціва і іншым Шашалевічам. Яны былі рамантычныя, нездарма бацька выбраў такі псеўданім — Мрый (летуценнік ці рамантык, здаецца). Захапляліся людзьмі, навукамі.

(Мама паступіла ў Ленінградскі універсітэт і стала хімікам, бо ў гімназіі хімія не выкладалася. Пазней яна казала, што больш была здольная ў матэматыцы.)

Вяртаюся да бацькі. З 1926 да 1930 года ён працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства. Відаць, жыў у гэты час у Мінску. Потым пачаў працаваць у газеце «Звязда». Ён захапляўся беларускай мовай, як і яго брат, хоць добра ведаў рускую і, відаць, мог бы пісаць і на ёй, але пісаў па-беларуску. Я не ведаю, хто з братоў пачаў пісаць раней. Мусіць, малодшы. Ніякіх бацькавых твораў я не чытала, акрамя ўрыўкаў з рамана «Запіскі Самсона Самасуя», якія мне пераклала сястра Наташа (1939). (Яна брала часопіс з раманам у публічнай бібліятэцы ў Маскве. Наташа ведае беларускую мову, таму што вучылася да восьмага класа ў беларускай школе.) Наташа ўспамінае, што бацька пісаў, трымаючы яе, зусім маленькую, на руках. І сам ён піша, што, дзе б ні быў, ён сачыняў, аднак усё, што пісаў, відаць, было знішчана. Наогул бацьку я помню вельмі невыразна. Бачыла я яго толькі адзін раз у сваім «свядомым» жыцці. Гэта было ў 1937 годзе. Ён прыязджаў у Петразаводск са старэйшым сынам Юрам і быў, можа, дзень, можа, два. Мне тады было пяць гадоў, а наогул асобныя эпізоды жыцця я помню з двух гадоў, калі прыехала ў Петразаводск.

Помніцца, што калі мы жылі на Сянной Губе (бацьку арыштавалі ў 1937 годзе), то атрымалі ад бацькі пасылку — валёнкі, унутры якіх быў шакалад. Мне сказалі, што ў мяне нарадзілася сястрычка, якую я ўбачыла ўжо ў Петразаводску, куды мы вярнуліся ў 1940 годзе. У гэты час бацьку зноў арыштавалі, і наша маці зноў шукала для сябе прытулак з грудным дзіцем на руках.

Усё гэта тады да мяне не даходзіла, але пра што-нішто я здагадвалася. Добра помню, што мама, К. А., ездзіла на спатканне з бацькам у Мядзведжую Гару (сёння чатыры гадзіны язды ад Петразаводска). Яна казала (не мне, канечне, а камусьці з блізкіх), што бацька выглядае бадзёра, хоць у яго і выбіты пярэднія зубы (нібыта бервяном), верыць у перагляд справы. Ён даў ёй пісьмо да Сталіна, якое і да сённяшняга дня ў мяне захоўваецца...

Чаму мы яго не адаслалі?

Мама вырашыла ехаць у Маскву сама, каб было больш пэўна. Мы з ёю і паехалі, але ў 1941 годзе ў Ленінградзе нас застала вайна. Мы вярнуліся дахаты і эвакуіраваліся ў Іванаўскую вобласць. Дзе б мы ні былі, мама заўсёды падтрымлівала сувязь са сваімі братамі. Перапісвалася, пасылала ім пасылкі. Я помню, што ад дзядзькі Васі прыходзілі паштоўкі са станцыі з страшнай назвай — Сухабязводнае, здаецца, у Горкаўскай вобласці.

Бацька апынуўся дзесьці ў Комі АССР. Пісьмы станавіліся ўсё больш горкія. Відаць, ужо не спадзеючыся выжыць і не маючы звестак пра лёс жонкі (а яны апынуліся на акупіраванай тэрыторыі ў Бранскай вобласці), ён прыслаў нам нейкую паперу, на якой было аформлена маё ўсынаўленне (дакладней, удачарэнне). Я яе прачытала, будучы ў трэцім ці чацвёртым класе. Заадно прачытала і яго пісьмо да Сталіна, але маме нічога пра гэта не сказала.

Мы, жывучы на Волзе, у вёсцы Рэнема, чакалі бацьку вясной і летам 1943 года. Ён пісаў, што такі нядужы, што яго абяцаюць выпусціць. Мама спадзявалася, мы ўсе хадзілі на прыстань сустракаць параходы. Мама казала, што бацька ўсё ўмее рабіць. (Трэба было займацца агародам.) Наогул, браты і сёстры, па-мойму, не грэбавалі ніякай работай і смела браліся за любы занятак: вышываць, шыць абутак, рабіць мэблю і г. д.

Потым, калі перасталі прыходзіць пісьмы, мама пісала ў лагер, і адтуль, здаецца, адказалі, што ён выбыў у Кінешамскі раён Іванаўскай вобласці.

Аднак у пасведчанні аб смерці сказана, што ён памёр у кастрычніку 1943 года ад паралічу сэрца. Месца смерці не ўказана, але я думаю, што дзе-небудзь у лагеры. Было яму ўсяго пяцьдзесят гадоў, па сённяшніх уяўленнях — нямнога, а па тым часе — нямала.

Дзядзьку Васю я таксама бачыла. Мы прыязджалі ў Мінск і жылі ў яго на дачы ў нейкіх Тарабутах. Калі гэта было, не ведаю дакладна. Відаць, у 1936 годзе. Помню, што мяне там жахліва скусалі камары. Помню маленькага дваюраднага брата. Мама потым расказвала: у яе было страшнае прадчуванне, што брата Васю яна бачыць апошні іраз. Да яго ў яе былі асаблівыя адносіны. Яны былі блізкія па ўзросту і вельмі дружныя.

Ну вось і ўсё, што я магу расказаць. Бо ў свой час нашы блізкія многае замоўчвалі, стараліся не раніць дзіцячыя душы, а потым ім самім было балюча варушыць былое.

Я лічу, што ў лёсе сям’і братоў Шашалевічаў няма нічога выключнага. Колькі людзей, ды і якіх, трагічна загінула!

Дзякуй Вам за артыкул пра Васіля Антонавіча, за добрыя адносіны да нашага бацькі і яго творчасці.

Пасылаю Вам фотаздымкі, дзе ёсць Васіль і Андрэй Антонавічы. Здымкі не вельмі захаваліся, што зусім не дзіўна. З некаторых мама зняла копію. Некаторыя ў нас у адным экземпляры.

Яшчэ ўспамінаю такую рэч. Некалькі гадоў таму назад па тэлевізары ішоў фільм «Дом на Трубнай» — нямы. Я пачала глядзець не спачатку. Спадабаўся вельмі. Прыходжу на работу, а мне кажуць, што перад фільмам гаварылі пра аўтараў сцэнарыя і сярод іх назвалі прозвішча Шашалевіч.

Акрамя таго, дваюрадная сястра казала, што дзядзька Вася меў нейкія дачыненні да «Масфільма».

Цяпер, здаецца, усё.

З павагай А.Рухіна

 

* Грахоўскі Сяргей Іванавіч (рэд. ).


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 307-312
Крыніца: скан