epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Глёбус

Дамавікамерон

I. ДАМАВІК-1
II. КАДРАВІК
III. ВАДЗЯНІК
IV. ДАМАВІК-2
V. ЛЯСУН
VI. РУСАЛКА-1
VII. МАСАВІК
VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК
IХ. ДАМАВІК-3
X. СУПРАЦОЎНІК
XI. ДАМАВІК-4
XII. ЧАРАЎНІК
XIII. ШРЫФТАВІК
XIV. ТУМАННІК
XV. КАДУК
XVI. ЦЕЛААХОЎНІК
XVII. ЭМІГРАНТ
XVІІІ. БОЖАЯ МАЦІ
XIХ. БУТЛЕГЕР
XХ. ГАЗАВІК
XXІ. НАТУРШЧЫЦА
XXІІ. РАБАЎНІК
XXІІІ. МАНЕКЕНШЧЫЦА
XXІV. САДОЎНІК
XХV. ЦІКАЎНІК
XXVІ. ГОСЦЬ
XXVІІ. НЯБОЖЧЫК
XXVІІІ. ТУСОЎШЧЫК
XXІX. АСВЯТЛЯЛЬНІК
XХХ. АНАРХІСТ
XХХI. ПАЛЯВІК
XXXІІ. ПАСТУХ
XXXІІІ. КАРЭСПАНДЭНТКА
XХХIV. ДАМАВІК-5
XXXV. ХУТ
XXXVІ. ДВАРАВІК
XXXVІІ. СПЯВАЧКА
XXXVІІІ. ЭКСКУРСАНТКА
XXXІX. ЧОРНАЯ ДАМА
XL. ФРАНТАВІК
XLI. ЛІФТАВІК
XLII. ПАЖАДНІК
XLIII. ПАЖАРНІК
XLIV. ЦЕНЯВІК
XLV. ПАЭТ
XLVI. СУТАРЭННІК
XLVII. ГВАЛТАЎНІК
XLVIII. ГРЭШНІК
XLIX. ВЫНАХОДНІК
L. МАЛЯВАЛЬШЧЫК
LI. ПРЫБІРАЛЬНІК
LII. АДПАЧЫННІК
LIII. МЯРЗОТНІК
LIV. ГРЫБНІК
LV. ЛІРЫК
LVI. ДЭПУТАТ
LVII. ПРЫТУЛЯЛЬНІК
LVIII. МАЛЫ РЫБНІК
LIX. РУСАЛКА-2
LX. ДАМАВІК-6
LXI. ГАСЦЯВІК
LXII. ВАНІТНІЦА
LXIII. СОЧНІК
LXIV. ЗАЛЁТНІК
LXV. ГОМІК
LXVI. ДАМАВІК-7


I. ДАМАВІК-1

 

Маладая жанчына засталася ў доме адна.

Увечары настойліва пазванілі ў дзверы. Жанчына падумала, што прыйшла суседка, і адчыніла. На парозе стаяў незнаёмы барадаты мужчына ў чорным скураным паліто і ў капелюшы, насунутым на вочы. Жанчына памкнулася зачыніць дзверы, але госць спыніў яе выразным жэстам рукі ў бліскучай пальчатцы.

- Хто вы? Што вам трэба? - ледзь чутна прашаптала гаспадыня пустой кватэры.

- Я - Дамавік. Усё, што ў гэтым доме, належыць мне. Ты таксама належыш мне, - мужчына зайшоў у дом. - Распранайся.

Жанчына скінула чырвоны з белымі ружамі халат і засталася ў чорнай шаўковай бялізне.

- Усё здымаць? - спытала яна ў вастраносых ботаў.

- Усё, - прагучала з-пад цёмнага капелюша.

Гаспадыня скінула бялізну.

- Павярніся да мяне спінаю і нахіліся.

Жанчына паслухмяна, сама не ведаючы чаму, выконвала загады Дамавіка. Яна павярнулася да яго спінаю і нахілілася. Ён не здымаў нават пальчатак, калі рабіў тое, што людзі звычайна называюць актам.

Акрамя халоднага страху жанчына не адчула нічога.

Калі маладая жанчына ў чырвоным з белымі ружамі халаце паліла тонкую цыгарэту, яна была ўпэўненая, што Дамавік - плён яе фантазіі.

 

II. КАДРАВІК

 

Жанчына прайшла доўгім калідорам і спынілася каля дзвярэй з шыльдаю «Аддзел кадраў». Пастукала. «Калі ласка», - пачулася з-за абабітых дэрмацінам дзвярэй. Зайшла. За сталом сядзеў худы чалавек у «тройцы» і пры гальштуку - Кадравік.

- Ёсць пытанні? - ён паправіў вузел на гальштуку.

- Я па аб'яве, што была ў «Вечаровым Менску».

- Дакументы?

Жанчына выняла з рыдыкюля пакет і расклала на стале: пашпарт, працоўную кніжку, стужку фотакартак 3x4 і заяву, напісаную круглым почыркам. Кадравік зірнуў на дакументы, зазначыў, што карткі няякасныя - у жыцці прыгажэй, устаў і апусціў шторы на акне. Ён запаліў верхняе святло і доўгім важкім ключом замкнуў дзверы. Ключ ён паклаў на высокі размаляваны пад мармур сейф. І толькі тады сказаў:

- Можна.

- Тут? - жанчына агледзела кабінет.

- Так, - Кадравік паправіў гальштук.

- Сорамна...

Ён кароткім ключом адчыніў сейф, дастаў адтуль бутэльку каньяку і чарку.

- Выпіце, калі ласка.

- А вы?

- Служба. Пры выкананні, скажам так.

Жанчына выпіла каньяк. Распраналася яна павольна і акуратна. Кадравік зазначыў, што бялізна зусім новая. Сарамлівая жанчына схавала бялізну пад сукенку, павярнулася да Кадравіка і сказала:

- Сорамна.

- Звыкнеце, - Кадравік ніколі не гаварыў з жанчынамі на ты, - прайдзіце колькі разоў па кіліму, я павінен паглядзець вас, ацаніць, скажам так.

Статная жанчына няспешна пайшла па кіліму. Кадравік з прыемнасцю глядзеў на яе вабныя формы і сам сабе зазначыў, што не разумее, чаму такая жанчына павінна працаваць.

- Можаце апрануцца, - ён апусціў вочы.

Жанчына бессаромна глядзела на Кадравіка.

- Неабавязкова, - сказаў ён.

- Але я не супраць, - жанчына падышла да Кадравіка і распусціла вузел ягонага гальштука.

- Вы атрымаеце накіраванне ў лепшую групу.

Натуршчыцай жанчына працавала нядоўга, яна выйшла замуж за выкладчыка тэхнікі жывапісу, і той забараніў ёй працаваць наогул.

Кадравік працягвае наліваць сарамлівым жанчынам каньяк.

 

III. ВАДЗЯНІК

 

Легкавая машына афіцыйнага колеру мінула мост, праехала праз лес, заехала на тэрыторыю закінутага кляштара, абмінула званіцу і цагляныя выгбы разбуранага сабора, спынілася каля паруйнаванага палаца і пасігналіла.

Праз імгненне з-за рага з'явіўся хлопец у джутавым строі. Ён адчыніў дзверцы афіцыйнай машыны, з якой выйшлі на някошаную траву дзве маладыя асобы, бландзінка ды брунетка, а за імі кіраўнік.

- Знаёмцеся, выгукнуў кіраўнік і ўзяў хлопца пад локаць, - Вадзянік: гаспадар закінутага, забытага Богам і людзьмі кляштара і святой вады. А гэта - мае брунетка і бландзінка. Імёны і прозвішчы яны пакінулі ў лесе пад мостам.

- Пайшлі да святой вады, - прапанаваў гаспадар закінутага кляштара.

- Чакай, - кіраўнік адчыніў багажнік, дзе хавалася вялікая кардонная скрыня.

Вадзянік прыхапіў скрыню, і госці пайшлі па высокай траве за джутавай спінаю Вадзяніка.

За палацам, у лагчыне, стаяла на святой крыніцы лазня, збудаваная паводле праекта кіраўніка. Лазня была падрыхтаваная да ачышчэння ці забруджвання, бо ўсё залежыць ад светапогляду і веравызнання.

Даведка

Кляштар, заснаваны ў ХV стагоддзі на цыганскай святой крыніцы. Некалькі разоў ён пераходзіў ад каталікоў да праваслаўных і наадварот. Доўгі час у кляштары мясціўся сірочы інтэрнат. У 50-х гадах нашага стагоддзя інтэрнат перавялі ў райцэнтр і кляштар канчаткова заняпаў. З 80-х на тэрыторыі кляштара жыве мужчына, прозвішча - Вадзянік.

Бландзінка і брунетка распакавалі скрыню, сабралі на стол, распрануліся. Яны пакінулі на сабе толькі ўпрыгожанні: бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, каралі, кулоны, залатыя ланцугі, крыжы, грабеньчыкі, заколкі...

Калі жанчыны разлілі па фужэрах густы каньяк, Вадзянік сказаў:

- Не п'ю.

- Ха-ха, - мовіла аголеная бландзінка і паправіла бранзалет.

- Хі-хі, - мовіла аголеная брунетка і паправіла пярсцёнак.

- Што праўда, тое праўда. Не п'е, - падсумаваў кіраўнік.

Госці выпілі каньяк.

- Музыка, - сказаў кіраўнік.

Уключыўся магнітафон.

Вадзянік сядзеў у кутку і са смакам еў сакавітыя скрылікі кансерваванага гарбуза. Ён еў відэльцам са слоіка.

- Горача, - кіраўнік расшпіліў верхні гузік сваёй афіцыйна-крухмальнай кашулі. - Распраніце мяне.

Жанчыны спрытна распранулі кіраўніка.

- Танцы, танцы, танцы! - лазню запоўнілі кіраўніковыя воплескі.

Жанчыны таленавіта затанчылі на жоўтай падлозе ў сакрэтнай лазні. Яны спакушальна пагойдвалі клубамі, плаўна выгіналі станы, сарамліва закрывалі далонямі твары... Кіраўнік змрочна піў каньяк з лімо-нам. А Вадзянік, абыякавы да падзей, піў са слоіка гарбузовы марынад.

- Карціны, - загадаў кіраўнік.

Жанчыны спыніліся, абняліся і старанна пачалі разыгрываць сцэны лесбіянства. Яны амаль натуралёва цалаваліся і пяшчотна лашчыліся, калі Вадзянік неўпрыкмет знік са свайго ўтульнага кутка. На крэсле застаўся парожні слоік з-пад кансерваванага гарбуза ды відэлец у ім.

Дзверы ў лазню засталіся прачыненыя. На вуліцы крулявала лета. Шаравая маланка магла заляцець у лазню і спаліць яе разам з «карцінамі». Так і здарылася.

На папялішчы знайшлі відэлец, легкавую машыну афіцыйнага колеру знайшлі толькі праз тыдзень на беразе возера Свіцязь, а Вадзяніка дагэтуль небеспадстаўна шукаюць, бо дзверы трэба зачыняць.

 

IV. ДАМАВІК-2

 

Муж спаў, жонка чытала, калі ў дзверы пагрукалі. Яна паспрабавала пабудзіць мужа, але той не прачынаўся, ён спаў мёртвым сном. Пагрукалі зноў. Жонка крадком зірнула ў дзвярное вочка. На пляцоўцы стаяў і глядзеў на яе Дамавік. У Дамавіка быў твар добра знаёмага чалавека, чыё імя яна ніяк не магла прыгадаць. Жанчына ўскрыкнула, але муж так і не прачнуўся.

Дамавік дастаў з глыбокай кішэні свайго скуранога паліто вялізную маністу рознакаліберных ключоў, выбраў патрэбныя, адчыніў замкі і зайшоў у перадпакой, дзе сядзела на падлозе перапалоханая жанчына.

- Муж прачнецца, - яна баранілася, як магла.

- Не прачнецца, ён спіць мёртвым сном, і можаш думаць, што ты ўдава.

У перадпакоі моцна запахла вільготнай скурай. На вуліцы, пэўна, ліло як з вядра, бо Дамавік быў ушчэнт мокры. Са скуранога крыса падалі на падлогу буйныя кроплі.

Дамавік зняў капялюш, сцягнуў пальчаткі, скінуў паліто... Вастраносыя боты ён паставіў побач з наваксаванымі чаравікамі мужа.

- Толькі не тут, - папрасіла жанчына.

- Тут, - сказаў Дамавік.

Калі б у падручніку па біялогіі быў параграф «Дамавік», дык, напэўна, можна было б прачытаць такі сказ: «Аднаўленне патомства ў Дамавікоў адбываецца праз палавы акт». Але ў падручніку такога параграфа няма, і таму тое, што адбывалася ў вітальні, назваць палавым актам нельга. Калі для жанчыны гэта і быў акт, дык для Дамавіка - форма дыпламатычных зносін. Ён сам так лічыў.

Калі жанчына адчула задавальненне, Дамавік адхінуў яе, апрануўся па-вайсковаму хутка і знік.

Да самай раніцы муж праспаў, як забіты.

Калі муж з жонкай снедалі, тая хацела расказаць пра Дамавіка і падаць гэтае здарэнне як жахлівы сон, але перадумала, бо рэўнасць можа ўзнікнуць і з-за апавядання пра сон.

 

V. ЛЯСУН

 

На каталіцкі Вялікдзень студэнт і навучэнец са студэнткай паехалі ў лес.

Студэнт і навучэнец неслі ў рукавох кожны па дзве сямісотграмовыя пляшкі віна «Прамяністае», а студэнтка несла пакет з хлебам і салодкімі пліткамі.

У лесе ляжаў снег, і яны доўга ішлі да паляны, дзе, як сцвярджаў навучэнец, снегу не павінна быць.

На доўгашуканай паляне снегу не было, яе засцілала леташняя трава, высушаная велікодным сонцам.

Першы тост выпілі за ўваскрашэнне Ісуса Хрыста. Другі - за Збавіцеля. Трэці - за любоў да бліжняга. Чацвёрты - за каханне...

Пакуль студэнт адкаркоўваў апошнюю пляшку, навучэнец заснуў. Студэнты выпілі па глытку і заелі таннае віно салодкімі пліткамі.

- Быр-р-р! - пакруціў галавою студэнт.

- Больш не хачу, ху-у, - прашаптала студэнтка.

- Пройдземся? - прапанаваў ён.

Яны ішлі па лесе, пакуль не выйшлі на паляну, дзе, як і на першай, не было снегу.

Ён заступіў ёй дарогу і спытаўся:

- Можна, я цябе пацалую?

Студэнтка дазволіла.

Ён пацалаваў яе вельмі доўгім пацалункам і спытаўся:

- Падабаецца?

Калі тая сказала, што падабаецца, студэнт спытаўся:

- Можна, я буду цалаваць твае грудзі?

Яна пачырванела, як ранет, і сказала:

- Можна, толькі грудзі ў мяне вельмі вялікія, пад кофтамі і курткамі не відаць, а так вельмі ўжо вялікія, проста жах.

Студэнт расшпіліў куртку і кофту і пацалаваў сапраўды вельмі вялікія грудзі.

Потым студэнт і студэнтка леглі на прагрэтую велікодным сонцам траву.

- Не так, - сказала яна.

- А як? - спытаўся ён.

Студэнтка стала на калені, схілілася і сказала:

- А ты ззаду. Мне так больш падабаецца, бо ў мяне бліжэй да зада.

Ён сказаў ёй шмат ласкавых і пяшчотных словаў, і яна сказала яму многа добрых слоў.

Потым яны вярнуліся на паляну, дзе спаў прытручаны благім віном навучэнец.

Студэнты дапілі «Прамяністае» і даелі хлеб з салодкімі пліткамі. Яна заснула. Ён палюбаваўся, як прыгожа, не раўнуючы тыя анёлы, спяць навучэнец і студэнтка. Палюбаваўся, засумаваў і пайшоў з лесу ў горад.

Навучэнец прачнуўся і ўбачыў студэнтку, што спала на траве. Ён падпоўз да яе і пацалаваў. Студэнтка прачнулася, але дзеля цікаўнасці зрабіла выгляд, што яшчэ спіць. Навучэнец зразумеў, што студэнтка ўдае, быццам не прачнулася. Але дзеля цікаўнасці пачаў распранаць яе. Калі ён цалкам распрануў яе і распрануўся сам, студэнтка зрабіла выгляд, што прачнулася, і сказала:

- Не так.

- А я люблю так, - сказаў навучэнец, калі яны пачулі чужы, не студэнтаў, голас:

- Так нельга рабіць!

Ён сеў, і яна села. Яны сядзелі на траве і глядзелі на таго, хто перапыніў гульню.

Перапыняльнік быў вусаты, у фрэнчы, з партупеяю, у ботах і фуражцы з лакіраваным брылём.

- Так нельга рабіць! - паўтарыў ён і дадаў: - Я - Лясун, сачу за парадкам у лесе. Вы папілі і паелі... А хто фанцікі ад салодкіх плітак будзе прыбіраць? Спачатку прыбярыце, а потым мілуйцеся.

Студэнтка і навучэнец пад наглядам Лесуна прыбралі смецце.

На праваслаўны Вялікдзень студэнтка і навучэнец згулялі вяселле, а студэнта не запрасілі, бо ён не прыбіраў фанцікі.

 

VI. РУСАЛКА-1

 

Муж вярнуўся з доўгае камандзіроўкі. У доме ва ўсіх пакоях гарэла святло і па-святочнаму пахла печывам. «Прыемна вяртацца, калі цябе чакаюць. Цудоўна, калі ў доме водар печыва. Добра, калі жонка цябе сустракае», - падумаў ён і гучна паклікаў:

- Рабуня!

У лазніцы шумела вада.

Муж пастукаў па вушаку:

- Рабуня!

Ніхто не адгукнуўся. Тады ён выключыў святло.

- Ой! Хто тут?! - пачулася праз шум вады. - Запаліце святло!

Муж засмяяўся, уключыў святло. Дзверы ў лазніцу адчыніліся. На кафлянай падлозе стаяла бліскуча-іскрыстая жанчына.

- Ты мяне напалохаў, - сказала яна. - Я табе гэтага не дарую. Я чакала цябе, а потым ледзь не заснула. Каб зусім не заснуць, вырашыла ўзяць душ.

- А я чую: вада шуміць, паклікаў цябе раз-другі, ты не адгукаешся, вось і выключыў святло, - муж стаяў з вялікім чамаданам у руцэ.

- Распранайся. Вазьмі душ. Як я сумавала без цябе!...

Ён паставіў валізу на кафляную падлогу, зняў паліто і капялюш. Кашулю ён паклаў у скрыню для бруднае бялізны.

- Хутчэй, - паклікала яна. - Я так сумавала без цябе, ты сабе не ўяўляеш.

Жанчына абняла і пацалавала яго.

- Няўжо нельга пачакаць? - здзівіўся мужчына.

- Нельга. Я і так доўга чакала.

- Стоячы нязручна.

- Зручна.

Іскрыстыя пырскі ляцелі на чамадан, паліто, капялюш...

Мужчына расцёрся шорсткім ручніком, накінуў халат і выйшаў у перадпакой. Ён прычэсваўся, калі пачуў, як паварочваецца ключ у замку ўваходных дзвярэй.

Калі жонка з боханам хлеба ў руках зайшла ў дом і ўбачыла знябожаны мужаў твар, яна здзівілася і сказала:

- Няўжо я цябе так моцна напалохала? - яна скінула паліто. - Ведаеш, я тут усё падрыхтавала і раптам спахапілася, што ў доме хлеба няма. Недарэчна выйшла...

- Чаму недарэчна? Нармальна, - муж вярнуўся ў лазніцу, паглядзеў, як хутка правальваецца вада ў закрыжаваную адтуліну, закруціў кран, паглядзеў на сябе ў люстра, паціснуў плячыма і ціха, каб не бачыла жонка, вынес у перадпакой капялюш, паліто і валізу.

 

VII. МАСАВІК

 

Масавік агледзеў пустую залю і застаўся незадаволены. Ішла рэпетыцыя, а яму хацелася ў лес ці ў парк, дзе можна пасядзець каля фантана, а не кіраваць бяздарнымі твараробамі.

- Калі ласка, - дазволіў Масавік.

Актор раскінуў доўгія рукі і магнітафонным голасам сказаў:

- Ты мая далігойла.

Акторка стала на дыбачкі, выструнілася і прашаптала гучна, на ўсю залю, як і належыць, каб нават студэнты на балконе пачулі, вядома, калі прыйдуць:

- Ты мой абізгал.

Абняліся актор з акторкаю нязмушана, так, што нават Масавіку спадабалася. Актору было прыемна абдымаць акторку, яна падабалася яму. А вось ён, чамусьці, ёй зусім не падабаўся.

- Ласкава, - карэкціраваў Масавік.

- Твае вусны, як лулы, - пайшла рэпліка акторкі.

- Твае вочы, як жырдагоны, - актор не патрапіў у танальнасць, і замест «ласкава» ў яго атрымалася «сентыментальна і са слязою».

- Мы з табою нібыта бусайлы, - у адзін голас вымавілі акторы і пацалаваліся. Яму было, вядома, салодка, а ёй, пэўна ж, горка.

- Тэмперамент! Дзе ваш тэмперамент? - абурыўся Масавік, нібыта яго хвалявала рэпетыцыя.

У п'есе была рэмарка - яны кусаюцца. Замест таго, каб сыграць укус, актор моцна пацалаваў акторку, а яна па-сапраўднаму ўкусіла актора за шчаку і крыкнула:

- Каб на цябе жырандоля грымнула!

- Каб ты кроўю смяялася, - млява адказаў той і пацёр кулаком пакусаную шчаку.

- Выразнасць! - Масавік ударыў даланёю па мяккім крэсле.

Акторы разбегліся ў розныя куткі сцэны.

- А каб ты астыў, ты! - з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкі, бо яна кахала Масавіка.

- А каб тваю труну зямля выкінула! - з расейскім акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькі першы год іграў у беларускім тэатры і калі хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.

- Жорстка трэба, жорстка і без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, - зазлаваў Масавік.

- Ты, кіж-лун, - саркастычна кінула акторка.

- А ты гла-ма-зда! - адсек актор.

Яны склалі фігуры з пальцаў.

- Нюхай!

- Цалуй!

- Бэ-э-э, - яна свідравала пальцам скронь.

- Э-э-э, - ён вываліў язык.

Потым ён ускінуў кулак і рушыў на яе. Яна зазваніла зубамі.

- Стоп! Стоп! Стоп! - замахаў рукамі Масавік.

Акторы павярнуліся да яго і ў адзін голас сказалі: «Кадук!»

Масавік зніякавеў.

- Ты мая далігойла, - магнітафонным голасам сказаў актор і шырока раскінуў рукі.

- Ты мой абізгал, - акторка стала на дыбачкі і выструнілася.

І ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцілася заслона.

 

VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК

 

Афарміцель быў у гуморы. Раніцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборніка паданняў. Удзень вярнуў пазыкі, а ўвечары гуляў па праспекце - спадзяваўся сустрэць знаёмага і адзначыць падзею. Ганарар, як-ніяк. Вядома, можна было затэлефанаваць ці зайсці да сяброў, але тады страчвалася шчаслівая доўгачаканасць, у якую верыў афарміцель. Ён начытаўся паданняў і быў упэўнены, што лесуны, дамавікі і русалкі павінны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборніку.

Афарміцель праходзіў каля рэстарана, калі пачуў тонкі голас:

- Ідзі ў рэстаран.

Афарміцель азірнуўся, але нікога не заўважыў і пайшоў паўз рэстаранны партал.

- Вярніся і зайдзі ў рэстаран, - загадаў тонкі голас.

Афарміцель глянуў пад ногі і ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велічынёю з сярэдняга ката, калі таго паставіць на заднія лапы. На ім быў спартовы строй, а за плячыма - рэчмяшок. Падабенства з катом надавалі вусы і вочы бутэлечнага колеру.

- Я Малы чалавек, - ён падміргнуў каціным вокам. - Мне даручылі арганізаваць свята ўдзячнасці. Звычайна я гэткім часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзі. Але, калі трэба дапамагчы зрабіць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Ідзі ў рэстаран.

Афарміцель не стаў спрачацца, шчаслівая доўгачаканасць здарылася, і цяпер можна выпіць за яе.

- Хо-о, каго мы бачым! Няўжо геніі ходзяць у рэстарацыі? - да афарміцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснік. - Давай да нас! Штрафную яму!

Афарміцель прайшоў да стала. Застолле было на добрым падпітку, але з'яўленне новага кампаньёна ўспрыняло з насцярогаю. Хто іх ведае, гэтых цвярозых?

- Да дна! І закускі, - шумеў аднакурснік. - Дзень варэння ў мяне, чацвёрты дзясятак размяняў. Гуляю, як магу. Паглядзі, якія жанчыны.

Тыя апусцілі вочы.

«Няблага атрымліваецца ў Малога чалавека, - падумаў афарміцель. - Праўда, жанчыны маглі б быць і маладзейшыя, бо пасля другой чаркі я сябе адчую лішнім».

- За твае трыццаць гадоў, - афарміцель падняў поўную, як вока, чарку.

- За мяне тут пілі-перапілі. Прапаную выпіць за генія, які не грэбуе нашым сталом, а потым патанчыць.

Мужчыны выпілі, жанчыны зрабілі па глытку і пайшлі танчыць, афарміцель застаўся адзін. Аркестр іграў без напругі.

Праз хвіліну афарміцель курыў на ганку.

- Як? - спытаўся Малы чалавек.

Афарміцель глянуў на неба.

- Ідзі да рэчкі, там будзе лодка - пераедзеш на другі бераг. Тут два крокі да рэчкі, а там два крокі да гатэля. У гатэлі лепш, там бар і рэстаран.

Афарміцель праз сквер спусціўся да Свіслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек і намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен і сказаў да афарміцеля:

- Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат і не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нібыта ў дзяцінстве.

Ён зайшоў у ваду па грудзі і нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афарміцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. І мыла ў яго адкуль?

- А мыла ўзяў у рэстараннай прыбіральні, - крыкнуў чалавек з сярэдзіны Свіслачы. - Сто гадоў не краў, а тут не вытрымаў.

«Колькі ж ты жывеш на зямлі, калі апошні раз купаўся ажно сто гадоў таму?» - падумаў афарміцель. Ён спадзяваўся пачуць адказ, але чалавек выйшаў з вады і загаварыў пра іншае:

- Заўсёды, заўсёды так - спачатку адно захочацца, потым другое, потым трэцяе, і ні канца ні краю... У мяне так. А ў цябе?

- На другі бераг хачу пераехаць.

- А як пераедзеш, што будзеш рабіць?

- Пайду ў рэстаран.

- Дык і на гэтым беразе ёсць рэстаран.

Афарміцель засумняваўся. Ці варта было казаць праўду гэтаму чалавеку (і ці чалавек гэта?), які сто гадоў не краў мыла ў рэстаранных прыбіральнях?

- Захацелася ў другі рэстаран.

- Вось і кажу, спачатку ў адзін, потым у другі, і ні канца ні краю... Сядай.

Яны пераехалі на другі бераг хутка.

- Дзякуй, - сказаў афарміцель.

- Няма за што. Сто гадоў не даваў нырца, а тут, - адказаў чалавек і нырнуў з чоўна ў Свіслач.

«Вольных месц няма! Выбачайце», - паведамляла лямпавая шыльда.

«Прыплылі», - расчараваўся афарміцель.

- Тут твой аднакласнік у рэстаранным гурце на сола-гітары грае, - суцешыў расчараванага Малы чалавек і назваў імя разам з тэлефонным нумарам.

- Хто? - здзівіўся гітарыст, калі пачуў голас і прозвішча афарміцеля.

Той паўтарыў.

- А? Не чакаў, прабач. Зараз іду.

Гітарыст правёў афарміцеля ў залу і пасадзіў за маленькі столік на два месцы, каля самай эстрады.

- Прабач, мне трэба граць. Блюз любіш?

- Люблю.

- Мы табе зараз сыграем сапраўдны блюз.

Блюз быў выдатны. У адрозненне ад папярэдняга рэстарана, тут ігралі прафесійна, з густам і сваё, як пазней растлумачыў афарміцелю гітарыст.

Афарміцель заказаў каньяк. Пітво было духмянае, афіцыянт ненавязлівы, музыка... Карацей, усё было такое, як і павінна быць.

Публіка танчыла. Афарміцель пашукаў вачыма, каго б запрасіць на павольны танец, і не знайшоў. Рэстаран быў дарагі, і, адпаведна, публіка мела як мінімум па трыццаць рублёў і гадоў на кожнага.

- У бар схадзі, там знойдзеш, - параіў у перапынку паміж кампазіцыямі гітарыст.

У бары працавалі кандыцыянеры і дазвалялася курыць. Афарміцель замовіў каву з каньяком і сеў за столік. Наведнікаў было мала, і ён адразу знайшоў тое, дзеля чаго прыйшоў у бар.

Яна сядзела за столікам адна і піла праз саломінку трунак.

Афарміцель папрасіў дазволу сесці побач. Ён пачаставаў яе каваю з каньяком, а потым яны пайшлі ў рэстаран і доўга танчылі.

Яна была немка і зусім не ведала нашай мовы.

Калі афарміцелю надакучыла танчыць, ён прапанаваў яшчэ выпіць, яна згодна кіўнула.

Афарміцель падышоў да гітарыста, які пераносіў апаратуру ды інструменты з эстрады ў кладоўку, і папрасіў, каб той дастаў дзве пляшкі сухога віна.

Гітарыст пайшоў да афіцыянта і ўзяў дзве пляшкі кабернэ. Калі афарміцель вярнуўся да століка, за якім пакінуў немку, яе там не было. Яна падумала, што ён з ёй развітаўся, і пайшла да сябе ў нумар. Афарміцель не ведаў, як яе зваць, і не ведаў, у якім нумары яе шукаць. Заставалася вярнуцца да гітарыста.

Яны загарнулі пляшкі ў плакаты і разам выйшлі з гатэля. Афарміцель і гітарыст ішлі з яркімі рулонамі ўздоўж рэчкі. Афарміцель прапанаваў адкаркаваць пляшку. Яны выпілі яе на беразе Свіслачы. Афарміцель прапанаваў адкаркаваць і другую пляшку кабернэ, гітарыст адмовіўся. Яны пайшлі да праспекта, дзе і развіталіся.

Афарміцель стаяў на прыпынку, калі да яго падбег Малы чалавек:

- Як пагуляў?

Афарміцель схіліў голаў набок і нічога не сказаў.

- Яшчэ не вечар. Ідзі дамоў пешкі спачатку па праспекце, а потым праз сквер на бульвар, не пашкадуеш. Толькі зрабі адну фармальнасць. - Малы чалавек дастаў з рэчмяшка бланк і ручку. - Напішы тут: «Малы чалавек сваё заданне выканаў». Яшчэ пастаў дату і роспіс. Разумееш, паўсюль бухгалтэрыі і начальнікі, іерархія і адпаведная залежнасць.

Афарміцель зрабіў усё, што прасіў Малы чалавек, і пайшоў дадому пешкі. Праз хвіліну яго абагнаў зусім пусты аўтобус.

Афарміцель не паслухаў Малога чалавека і не пайшоў праз сквер. Калі ён звярнуў у завулак, яму насустрач выйшлі з двара дзве дзяўчыны.

- Добры вечар, - павіталася дзяўчына ў малінавай сукенцы.

- Добры вечар, - паўтарыла сяброўка ў сініх сандалях.

- Вечар добры, - афарміцель спыніўся.

- Прабачце, нам вельмі няёмка, але, можа, вы нас пачастуеце цыгарэтаю?

- Калі ласка, - афарміцель прапанаваў цыгарэты.

- Дзякуй вам, - сказала тая, што была ў сукенцы.

Тая, што была ў сініх сандалях, толькі кіўнула.

- У мяне ёсць віно, - афарміцель пстрыкнуў па рулоне.

Дзяўчаты запытальна глянулі адна на адну.

- Мы не супраць, - сказала адна з іх.

- Можна пайсці да нас, - прапанавала другая.

У дзяўчат была двухпакаёвая кватэра, але віно пілі на кухні. Іграў магнітафон. Афарміцель танчыў з дзяўчатамі. Калі скончылася кабернэ, ён пайшоў на вуліцу, спыніў таксі і набыў у шафёра бутэльку сталічнай. Піць афарміцелю больш не хацелася, ён і не піў, а дзяўчаты пілі з задавальненнем.

Потым дзяўчына ў сініх сандалях сказала, што стамілася, і пайшла класціся спаць.

Афарміцель танчыў з другой дзяўчынай, пакуль не ўгаварыў яе легчы спаць разам.

Яны па чарзе прынялі душ. Пакуль афарміцель чаргаваў гарачую і халодную ваду, каб пад кантрастным душам вярнуць сабе цвярозасць і бадзёрасць, дзяўчына разабрала ложак і схавалася пад коўдраю.

У яе была выдатная фігура і ненавязлівы тэмперамент.

Прачнуўся афарміцель на золку.

На развітанне ён пацалаваў дзяўчыну, якая спала.

 

IХ. ДАМАВІК-3

 

Жонка ўзяла ключ ад паштовае скрыні і пайшла па газеты. Разам з газетамі яна прынесла ў кватэру ліст. На канверце друкаванымі літарамі было выведзена «Ад Дамавіка». У лісце было напісана наступнае:

Паважаныя муж і жонка, ці партнёры!

Не дзівіцеся, калі прачытаеце гэты ліст. Больш за год назіраю за вамі, дакладней, за вашым інтымным жыццём. Таму лічу сваім абавязкам даць ці прапанаваць вам колькі парадаў.

Праз акно спальнага пакоя мне было цудоўна відаць мноства вашых палавых актаў. Мне спадабаўся сваім тэмпераментам партнёр, і чэлес у яго нармальных памераў. Партнёрка больш стрыманая, але таксама любіць гэты занятак. Параю вам перад тым, як непасрэдна займацца актам, паболей расцягваць эратычную гульню. Мне здаецца, што ты замала ўзбуджаеш сваю партнёрку. Да прыкладу: пачні з таго, што распрані яе да бялізны, потым пачынай распранацца сам, а станік і майткі здымай з партнёркі падчас свайго распранання. І не спяшайся. Потым цалуй партнёрку і пальцам ласкава-ласкава ўзбуджай секель... Потым цалуй грудзі... Партнёрка таксама не павінна ляжаць без удзелу, а рукою браць твой чэлес, цалаваць яго, браць у рот... Дарэчы, мне вельмі не падабаюцца вашыя позы. Звычайна адна і тая ж. Трэба позы мяняць: партнёрка зверху; яна стаіць на каленях, а ты - ззаду; лежачы - ты ззаду... Бо, звычайна, яна ногі ўздымае, потым выпроствае і кладзе на ложак, а ты ў гэты час «працуеш», пэўна ж, нязручна, бо партнёрка худая, ногі яна павінна трымаць і вышэй і шырэй...

Спадабаўся мне адзін ваш акт, у мінулую сераду. Вы забаўляліся пад кружэлку «Бітлз». Тады ты ўсё рабіў добра, але крыху зацягнуў узбуджэнне секеля языком, трэба таксама рабіць гэта больш разнастайна. Але вось ногі ты ёй задраў ну проста выдатна, я нават крыху спалохаўся, крый бог, парвеш ёй похву. Затое яна была ў экстазе і нават стагнала, чаго-чаго, а гэтага раней не заўважаў. І яшчэ, партнёрка павінна спаць у начной кашулі, гэта ўзбуджае значна лепш. Мне на яе аголеную глядзець надакучыла.

Зрэшты, усяго вам найлепшага.

Забаўляйцеся часцей, бо ў мінулым годзе вы рабілі гэта ледзь не штодня, а цяпер толькі раз ці два на тыдзень.

Развітваюся.

Дамавік.

Жонка паказала ліст мужу. Той прачытаў, парваў яго на дробныя кавалкі і выкінуў у сметніцу.

Цяпер яны завешваюць шторы на вокнах так, каб не заставалася ніводнай шчыліны.

 

X. СУПРАЦОЎНІК

 

- Што ты робіш увечары? - спыталася сакратарка.

- Не ведаю яшчэ, - адказаў супрацоўнік.

- Ты мог бы да мяне прыйсці?

- А хто яшчэ пойдзе?

- Цішэй. Нашто крычаць? Ніхто не прыйдзе.

- ...

- Няўжо ты не верыш, што можна вось так, раптоўна закахацца і прапанаваць сябе?

- ...

- Дык што, прыйдзеш?

- Заўтра прыйду.

Яна паклала яму ў кішэню каталожную картку, дзе зграбным почыркам быў напісаны адрас і тэлефон.

Ён вярнуўся ў кабінет, дзе над паперамі схіліўся калега.

- Жанчыны пашалелі, - сказаў супрацоўнік.

- Пашалелі. Ты пра што? - калега ўзняў галаву.

- Падыходзяць і прапануюць сябе.

- За грошы ці так, з-за кахання?

- Так, без кахання і грошай.

- Ты адмовіўся?

- Не. Але ведаеш, у гэтым нешта не тое.

- Жанчына просіць, трэба ісці, - калега схіліўся над сталом.

Супрацоўнік затэлефанаваў да сакратаркі з метро.

- Гэта я, - сказаў ён, - праз паўгадзіны буду.

- Чакаю, - сказала яна.

Калі ён здымаў куртку, яна пацалавала яго і прашаптала:

- Не палохайся, тут у мяне госці, але яны хутка сыдуць.

Госці сядзелі на канапе і глядзелі тэлевізар. Іх было двое. Ён - худы, з акулярамі «ровар» на гарбаносым твары. Яна - зграбная славянка з папяловай фрызурай і ласкавай паставаю.

Транслявалі футбол.

- Хутка скончыцца, і мы пойдзем, - госць глядзеў на экран.

- Мы з табой былі ў кіно, глядзелі «Кінг-Конг», - сказала госця да гаспадыні.

- Пра што фільм? - спыталася тая.

- Пра каханне малпы і жанчыны.

У тэлевізары зафуркаў свісток арбітра, і матч скончыўся. Госць падышоў да акна і сказаў:

- Дождж пачаўся. Можа, перачакаем?

- Трэба ісці. Калі б мы выйшлі пасля сеанса, мы б не чакалі, а ішлі б, нават беглі б.

Супрацоўнік падумаў, што ён з большым задавальненнем пераспаў бы з госцяй, чым з гаспадыняю, але гэта цалкам нерэальна.

Госці зашпіліліся і сышлі ў вечаровы дождж.

Сакратарка села на калені супрацоўніку. Ён досыць пяшчотна пагладзіў яе па спіне. Пацалункі былі даволі прыстойныя.

- Так светла яшчэ... Не ведаю, што рабіць? - сказала сакратарка.

- А мне ўсё адно, светла ці цёмна.

- Тады я зараз прыйду.

Яна вярнулася ў кароткай кашулі, што ледзь-ледзь прыкрывала клубы.

- Я люблю на падлозе, - жанчына дастала з шафы крухмальную прасціну і раскінула яе на кіліме.

Супрацоўнік раптам падумаў, што ў яго можа нічога не атрымацца, і спытаўся:

- Ты любіш спаць на падлозе, каб нельга было сказаць, што мы ўсе спім у адным ложку?

- Распранайся. Ці давай я цябе распрану. Мне будзе прыемна.

Яна распранула яго асцярожна і нетаропка. Ён падумаў, што яна распранае яго, як нябожчыка. Яна скінула праз галаву кароткую кашулю і легла на спіну. Ён думаў, што хадзіць у публічны дом значна горш, чым рабіць тое, што ён робіць цяпер. Акт атрымаўся рацыянальны, з наборам стандартных паставаў, разрэкламаваных айчынным тэле-кінематографам.

На працы супрацоўнік і сакратарка рабілі выгляд, што нічога не здарылася, і мелі рацыю, бо рацыянальны акт - гэта гігіена, і толькі.

 

XI. ДАМАВІК-4

 

Мужчына прывёў дадому каханку. Яны пілі віно і займаліся эратычнымі гульнямі да знямогі.

Раптам дзверы ў кватэру адчыніліся.

Мужчына ўскочыў з ложка і памкнуўся да дзвярэй, але на паўдарозе спыніўся і закрычаў:

- Хто тут? Што трэба?

У пад'ездзе адгукнулася рэха. Мужчына выглянуў з кватэры. На пляцоўцы нікога не было.

- Напэўна, забыўся замок зачыніць. Вось скразняк і расхінуў дзверы.

- Які скразняк, калі ўсе вокны зачыненыя? - засумнявалася каханка.

- Тады я не разумею, што адбылося, - сказаў ён, калі надзяваў нагавіцы.

- А можа, нам падалося, што дзверы адчыніліся, а на самай справе яны і не адчыняліся зусім? - разважала яна, калі стаяла на адной назе і нацягвала калготкі.

Мужчына запаліў цыгарэту.

- А можа, гэта быў Дамавік? - спытала каханка.

- Сапраўды, Да-ма-вік, - мужчына выпусціў струмень дыму ў столь.

- А чаму ён не зайшоў? - усміхнулася каханка.

- Ты яму не спадабалася.

Каханка пакрыўдзілася, сабралася і сышла.

Мужчына зачыніў замок ды засаўку.

 

XII. ЧАРАЎНІК

 

На местачковай вуліцы хлопцы здзекаваліся з неразумнага Антака.

- Антак, Антак, бяжы за намі! - крычалі яны і рабілі выгляд, што бягуць.

Той спрабаваў бегчы, але скалечаныя хваробаю ногі чапляліся за зямлю, і ён падаў у пыл. Хлопцы рагаталі, падымалі нябогу і крычалі:

- Антак, Антак, бяжы! Давай вучыся. Глядзі, як мы робім.

Неразумны спачатку ішоў. Галаву ён прытрымліваў рукою, бо тая не трымалася на шыі, падала на плячо. Потым Антак, раптоўна ўцяміўшы, што ад яго патрабуюць, адпускаў галаву, размахваў рукамі і, высока ўскідваючы ногі, бег. Прабягаў Антак тры-чатыры крокі і нібыта развальваўся на кавалкі - галава адкідвалася на спіну, рукі разляталіся, ногі падкурчваліся... Хлопец спыніўся і закрычаў:

- Хлопцы! Не трэба! Спыніцеся! Ён жа заб'ецца!

Хлопец крычаў, Антак з астатнімі рагатаў. І ў гэты момант выскачыла на вуліцу Антакава маці.

- Што ж вы робіце? Ці ж вы людзі, ці не?

Кабета падняла з зямлі свайго сына і пачала абтрасаць пыл. Хлопцы ўцяклі, толькі той, што прыдумаў вучыць нябогу бегаць, стаяў пасярод вуліцы.

- Дзякуй, што заступіўся. А то бачыш, што панавыдумлялі?! Хадзі сюды, нешта скажу.

Хлопец падышоў. Кабета ўзняла руку і дакранулася да хлопцавай стрыжанай патыліцы:

- Табе баліць галава. Ты чуеш, як табе моцна забалела галава?

Хлопец адчуў, як у яго забалела ў скронях.

- Чуеш?

- Так, - ледзь выціснуў з сябе перапалоханы хлопец.

Кабета паклала далонь на хлопцаву патыліцу і сказала:

- А цяпер не баліць.

І сапраўды, перапалоханы адчуў прахалодную далонь і боль у скронях знік.

- А цяпер слухай, і ты так можаш рабіць. Калі ў каго забаліць галава, дык прыкладзі хвораму да патыліцы, і боль праз цябе пройдзе ў зямлю. Гэта самае моцнае, што я табе аддаю. А яшчэ ты так можаш лячыць маркоту. І будзеш ты Чараўніком. Гэта табе мая падзяка. Але Чараўніком ты будзеш нядоўга, пакуль з Дзеўкаю не пагуляеш.

Кабета павяла свайго Антака ў адзін канец вуліцы, а Чараўнік пайшоў у другі.

Праз тры гады пасля таго вулічнага здарэння Чараўнік скончыў школу і паехаў у расейскі горад паступаць ва ўніверсітэт. Ехала паступаць шмат местачкоўцаў, а паступілі толькі ўдваіх - Чараўнік ды ягоная аднакласніца - габрэйка.

Па дарозе ў расейскі горад з аднакласніцаю адбылося пераўтварэнне, з Ірмы Розенкранц яна зрабілася Ірынаю Стрыжонак. Пра гэты цуд ва ўніверсітэце ведаў толькі Чараўнік. У інтэрнацкім калідоры габрэйка папрасіла Чараўніка, каб ён нікому нічога не казаў пра яе паходжанне. Чараўнік паабяцаў, што, вядома, не скажа, і, каб запэўніць яе, дакрануўся да патыліцы. Габрэйка змянілася з твару - з заклапочанай яна стала вясёлаю і нечакана прапанавала пайсці пагуляць у горад.

Габрэйка вяла Чараўніка старымі вулкамі, пакуль не звярнула ў цёмны пад'езд. Яны ўзняліся на другі паверх і прайшлі доўгім калідорам. Яна адчыніла дзверы, і Чараўнік зайшоў у вялікі пакой.

- Ты ведаеш, дзе мы?

- Не, я тут ніколі не быў. Пэўна, інтэрнат нейкі?

- Інтэрнат, - габрэйка засмяялася, - публічны дом. Ты ведаеш, я не хачу жыць у інтэрнаце, не хачу вяртацца ў нашае мястэчка, я хачу застацца жыць у гэтым горадзе, знайсці сабе расейца, прыгожага і разумнага, спакусіць яго, выйсці за яго замуж, нарадзіць дзіця... Я шмат чаго хачу. І яшчэ я не хачу быць габрэйкай.

- Але ж ты габрэйка.

- Пра гэта ў гэтым горадзе ведаеш толькі ты.

- А ты што, не ведаеш?

- Я?! - яна засмяялася і пачала распранацца. - Я не ведаю.

Чараўнік адвярнуўся і падышоў да акна, якое глядзела ў двор на памыйніцу з кантэйнерамі і бачкамі.

- Ты што, саромеешся?

Чараўнік адчуў, што чырванее.

- Я не магу, - сказаў ён да бачкоў і кантэйнераў.

- Ты проста не ўмееш, я навучу, - габрэйка падышла і абняла яго.

Чараўнік страціў свае здольнасці і стаў звычайным студэнтам універсітэта. Габрэйка вельмі ўдала выйшла замуж за супрацоўніка КДБ. Калі экс-чараўнік пасля заканчэння вучобы прыехаў у сваё мястэчка, каб наведаць бацькоў, тыя расказалі, што неразумны Антак памёр, а ягоная маці з'ехала невядома куды.

 

XIII. ШРЫФТАВІК

 

Шрыфтавік выконваў адказнае даручэнне, рабіў памятныя граматы. Работа ішла шпарка, і майстар быў упэўнены, што хутка скончыць заказ. Але калі ён узяў літрасет, дык убачыў, што патрэбных літараў на ім не хапае. Шрыфтавік шэптам вылаяўся, апрануўся і выйшаў з дома. Ён абышоў усе, што ведаў, крамы, дзе раней набываў літрасеты, - марна. Калі Шрыфтавік выйшаў з універмага «Беларусь», дык вылаяўся ўголас і гучна. А калі з яго вылятала апошняе брыдкае слова, ён раптам знайшоў вырашэнне праблемы.

Шрыфтавік вярнуўся ў аддзел канцылярскіх тавараў. Размаляваная гандлярка глядзела на майстра, як мінімум, цынічна.

- Прабачце, калі ласка, - дзеравяным языком пачаў той. - Я мастак і працую над афортамі. А тут раптам бачу вас і... Нават паверыць сабе не магу. Вы якраз той вобраз, які доўга шукаў. Можа, калі вы не супраць, я намалюю ваш партрэт.

- Гэта ты сур'ёзна? - цынізм змяніўся на недавер.

- Вядома, сур'ёзна. Дык вы не супраць. Я спадзяюся...

- А што я буду за гэта мець? - недавер змяніўся на цікаўнасць.

- Звычайна натуршчыцам плацяць грошы. Магу падарыць вам афорт ці акварэль.

- Добра, потым пагаворым. А пятай чакаю на трамвайным прыпынку.

Шрыфтавік вярнуўся ў майстэрню. Прыбраў. На сцены ён павесіў некалькі старых, яшчэ студэнцкіх эцюдаў з аголенымі жанчынамі.

А пятай Шрыфтавік сустрэў на прыпынку гандлярку. Тая пацікавілася, ці далёка ехаць, а калі даведалася, што далёка, дык узяла мастака пад руку і павяла на таксовую стаянку.

У майстэрні гандлярка з вульгарнай цікаўнасцю разглядала і нават кранала старыя эцюды.

- І гэтыя старыя бэ не саромеліся трэсці абвіслымі жыватамі перад такімі, як ты? - здзіўлялася яна.

- У Парыжы прафесія натуршчыцы адна з самых прэстыжных, - Шрыфтавік дастаў з лядоўні бутэльку венгерскага «Рыслінгу».

- Мы ж не ў Парыжы, дый наўрад ці гэтыя тоўстыя бэ змаглі б там уладкавацца на добрае месца. Акрамя воцату ў цябе нічога няма?

- «Рыслінг» - добрае віно, але ёсць яшчэ паўпляшкі гарэлкі.

- Сам пі воцат, а мне гарэлкі налі.

Шрыфтавік пашкадаваў, што запрасіў гандлярку. Пасля трэцяй чаркі яна пачала расказваць брыдкі эпізод са свайго працоўнага жыцця. Пасля заканчэння гандлярскае школы яе накіравалі ў прамтаварную крамку, а яна, каб не працаваць, зламала сабе ўказальны палец на правай руцэ. Пальчык, гандлярка казала менавіта «пальчык», яна засунула ў дзверы і з усяе моцы ўдарыла па іх нагою. Два тыдні не хадзіла на працу. А потым яе сяброўка з універмага «Беларусь» прапанавала з'ездзіць у лазню з адным вялікім начальнікам. Цяпер раз на два тыдні яна ездзіць з тым начальнікам у загарадны спарткомплекс і працуе ў самым вялікім універмагу.

- Маю ўсё, што захачу, - скончыла гандлярка сваю прыпавесць.

- А што вы хочаце?

- Ты ўсё роўна не ведаеш, таму з табой нецікава гаварыць. Лепш скажы, што табе трэба. Думаеш, я поўная ідыётка і не прасякла, на што ты мяне прывалок?

- Вы мне спадабаліся, - схлусіў Шрыфтавік.

- Так і паверыла, з разгону, спадабалася. Кажы, што трэба, а не, дык дапіваю і сыходжу, - гандлярка выліла рэшткі гарэлкі з пляшкі ў Шрыфтавікову шклянку.

- Я хацеў намаляваць вас, - не здаваўся ён.

- Ну, тады чао-о, - яна выпіла паўшклянкі адным глытком і ўстала.

- Чакайце! А нашто вы сюды прыйшлі? Пэўна ж, не з-за таго, каб спытаць, чаго мне не хапае?

- Цікава было паглядзець, як жывуць мастакі ў сапраўднасці, бо нядаўна бачыла іх у кіно.

- Ну, і як жывуць мастакі?

- Бедна. Як усе звычайныя «саўкі», бедна.

Шрыфтавік засмяяўся пасля гэтага кароткага вызначэння.

- А што? Можа, няпраўда? Паглядзі ў люстэрка. Цябе нібыта з памыйніцы выцягнулі. Нават у камісухах можна лепей апрануцца. А мэбля? На якім сметніку ты яе адшукаў? І такія ствараюць прыгажосць? Смешна! Гэта я з цябе павінна смяяцца, а не ты з мяне. Сонейка.

- А вы жывяце багата?

- Ды мой станік каштуе больш, чым усё, што на табе ёсць разам з тваім будзільнікам фірмы «Прамень».

- Няўжо ваш станік з Парыжа?

Гандлярка схапіла за рыльца пляшку з-пад гарэлкі і ўзняла над галавою.

- Маўчаць! Сонейка.

- Спакойна. А цяпер я пералічу, што мне з-пад вас трэба. Вы ж самі хацелі. Так?

- Давай! - гандлярка апусціла пляшку.

- Кітайская туш, набор галандскіх пэндзляў і венгерскія фламастэры...

- Усё? - гандлярка пазяхнула.

- Не, не ўсё, яшчэ эстонскія літрасеты.

- Заўтра прыйдзеш а дзясятай раніцы, кошт падвойны.

- Няма пытанняў, - Шрыфтавік наліў сабе «Рыслінгу» і спытаўся: - Будзеш?

- Буду! І нефіг было ламацца, вобраз ён шукаў... Ёханы манэ.

Адказнае даручэнне Шрыфтавік выканаў у прызначаны тэрмін.

 

XIV. ТУМАННІК

 

Каханкі вярталіся з возера ў горад.

- Туман, - сказала яна.

- Табе халодна? - спытаўся ён.

- Нічога не відаць...

- Вазьмі маю куртку.

- А мы слушна ідзем?

- Калі праз хвілінаў пяць выйдзем на асфальт, - слушна.

- Праваруч павінен быць завод. Калі мы ішлі на возера, я яго добра разгледзела.

- І што ты ўбачыла?

- Звычайны вайсковы завод, я не бачыла ніводнага чалавека.

- Якая драма?! Нават калі падыдзем да завода, дык нічога не зможам даведацца. І пільны вартавы нас можа забіць. У такім тумане ён нас заўважыць у самы апошні момант і адразу, без усялякіх папярэджанняў, стрэліць. Нехта з нас, хай гэта буду я, загіне першы... Заўсёды нехта памірае першы...

- Можна пайсці ў другі бок.

- Лепш пачакай.

- Ты хочаш проста на сцежцы?

- Я хачу не проста, а на сцежцы.

- Як толькі мы пачнем, адразу нехта з'явіцца.

- Гэта будзе матэрыялізацыя страху.

- Я не баюся, толькі лепш сысці са сцежкі.

Каханкі пайшлі па высокай жнівеньскай траве.

- Тут балота, - расчараваўся ён.

- Давай пяройдзем на другі бок, - прапанавала яна.

- А чаму ты голіш валасы пад пахамі і на жаночым месцы?

- Каб табе спадабацца.

- Ціха. Нешта жалезнае ўпала на асфальт.

- Нічога не чую.

- Цішэй. Слухай. Чуеш? Крокі... Набліжаюцца... - каханак перайшоў на шэпт. - Нехта ідзе па сцежцы.

Крокі набліжаліся. Каханкі выразна чулі, як нехта прайшоў зусім побач, здаецца, працягні руку - і схопіш, але яны нікога не ўбачылі. Над высокай жнівеньскай травою стаяў туман.

- У мяне такое адчуванне, што гэта не чалавек і што ён не сышоў, а стаіць і назірае. І ён нас бачыць, а мы яго не.

- А хочаш ведаць, хто гэта быў?

- Зноў пра пільнага вартавога?

- З вартавым ясна, а тут... Ёсць паданне, нібыта ў тутэйшых мясцінах жыве Туманнік. Раз на год ён забірае чалавечыя душы да сябе ў балотнае царства. Робіць злачынствы... Ішоў п'яны, упаў з моста і ўтапіўся. Машына ўрэзалася ў дрэва, і шафёр загінуў... Але кажуць, што робіць ён гэта толькі раз на год.

- І ты верыш?

- Веру, не веру. Але цікава.

- Давай забудзем пра гэтага Туманніка, я ўжо забыла.

- І я забыў. У цябе такія прывабныя калені, - каханак пацалаваў калена сваёй каханкі.

- А чым табе падабаюцца мае калені?

- Яны такія круглыя і акуратныя. А яшчэ мне падабаюцца твае сцёгны і... - каханак пацалаваў каханку крыху вышэй калена.

- А чым табе падабаюцца мае сцёгны?

- Яны светлыя. А яшчэ мне падабаецца тваё жаночае месца, якое ты так чыста пагаліла...

Праз туман да каханкаў даляцеў віск машынных тармазоў і рэзкі ўдар жалеза аб камень.

- А я забыла, што дарога зусім побач. Давай падыдзем паглядзім, можа, трэба дапамагчы.

- Каму дапамагчы? Туманніку?

- Вар'ят.

- Ідзі, дапамагай. Ты што, доктарка? Як ты зможаш дапамагчы?

- Адна не пайду.

- Разумна. Пабудзь тут, я схаджу.

- Чакай. Я не хачу заставацца адна ў гэтым праклятым тумане.

- Глядзі, асфальт, значыць - мы слушна ішлі. Вунь і машына. «Хуткая дапамога». Чакай. Я адзін. Не падыходзь.

- Што там?

- Мяне зараз выверне.

- Яны мёртвыя? Я пайду пагляджу.

- Лепей не хадзі.

- Давай разам падыдзем.

Каханкі падышлі да скарабачанай машыны.

- Які жах! А шафёр да цябе падобны. Паглядзі. І профіль, і валасы, і нават рукі...

- Лепш пойдзем адсюль. Ты адчуваеш пах крыві? Цяжка, як на бойні, праўда?

- Слухай, а чаму гэта дарогу бетонным плотам перагарадзілі?

- Давай я цябе падыму, і паглядзіш, што за плотам.

- Нічога не відаць. Трава, дарога і туман.

- А цяпер пайшлі адсюль. Гэты пах крыві становіцца нясцерпны. Калі ісці шпарка, праз паўгадзіны будзем у горадзе.

Каханкі ледзь не беглі.

- А доктарка ў машыне была падобная да цябе.

- Гэта ты гаворыш, каб аспрэчыць сваё падабенства да шафёра.

- Глядзі, нехта знак «аб'езд» паваліў.

- Давай паставім.

- Не чапай, хай ляжыць, хай усё застанецца, як было. Нібыта нас тут няма.

- Можа, твой Туманнік і знак паваліў?

- Вядома, Туманнік. І да машыны не трэба было падыходзіць. Усё роўна не дапамаглі б. Ведаеш, у маіх суседзяў на мінулым тыдні захварэла дзіця. Яно пачало плакаць сярод ночы. Яго суцяшаюць, а яно плача і плача. А я ляжу і слухаю, як плача дзіця і як маці з бацькам яго суцяшаюць. Я магу толькі слухаць плач за сцяной.

- І чым скончылася?

- Дзіця супакоілася, я заснуў.

- Бачыш мост, за ім бензакалонка і тэлефон-аўтамат.

Каханкі накіраваліся пад мост. Туман зрабіўся густы, што цэмент.

 

XV. КАДУК

 

Кухарка з руднянскай школы гнала самагон. Яе нават штрафавалі, ажно на чатырыста рублёў. І давялося прадаць усіх качак і гусакоў, каб заплаціць той штраф. Але і пасля гэткіх цяжкасцяў кухарка не пакінула свой занятак. Гнала яшчэ больш, толькі прадавала праз знаёмых ці калі папярэдне дамаўляліся. А не так, што прыйшоў пад акно, пастукаў і табе вынесуць.

А ў вёсцы суседняй якраз раскватаравалі дрэнажнікі. Балотаў у нас - мора, куды вокам ні кінь - балота. І дрыгва ёсць, і «чортавыя вочы». А дрэнажнікі вядома што за людзі. На такую работу бяруць - нават пашпарта не пытаюцца. Вось яны і дамовіліся з кухаркаю, што тая ў самую глухасць ночы будзе прыносіць ім па пяць літраў самагону, трохлітровы і двухлітровы слоікі. За што плацілі ёй ажно 15 рублёў. Гэта ж калі было.

Аднойчы спакавала кухарка слоікі ў валізкі, газетамі абклала і пайшла да пакупнікоў. Ішла яна сцежкаю каля самай рэчкі, спатыкнулася і сказала: «А каб цябе Кадук узяў», ну і пайшла далей паўз Вяллю, аж бачыць, нехта на мосце стаіць. А трэба ж на другі бок перайсці. «Можа, які дрэнажнік выйшаў сустракаць?» - падумала ды на мост выйшла. Аж бачыць, што перад ёю не чалавек, не звер, а нешта страшнае з вялізнай калматай галавою, маленькімі свінымі вочкамі і шырокім горлам. А адзежа на тым страшыдле звычайная, што і ў дрэнажнікаў - фуфайка, нагавіцы брызентавыя ды боты гумовыя з закасанымі халявамі. Хацела кухарка абмінуць тое страшыдла, а яно дарогу заступае. Спужалася цётка, але выгляду не падае, кажа:

- Што гэта вы, мужчына, тут робіце такою парою?

А страшыдла як разявіць сваю пашчу, поўную тонкіх крывых зубоў, што ў шчупака, і як зараве. У беднай цёткі ўсё нутро пахаладзела і голас задрыжэў:

- Можа, вы, мужчына, самагону хочаце? Дык у мяне ёсць.

Паставіла кухарка свае валізкі на мост, дастала двухлітровы слоік і страшыдлу падала. Той зубамі накрыўку капронавую сарваў, самагон выжлукціў, слоік у рэчку кінуў, вусны языком аблізаў, нібыта ён не самагон піў, а хлебны квас.

- Ну, то я ўжо, можа, пайду? - папытала кухарка і хацела ўжо ісці, і валізкі ў рукі ўзяла, і павярнулася да пачвары спінаю, як чуе, што рука-лапа ёй на плячо лягла. А пазногці на той лапішчы вострыя, доўгія і блішчаць, што жалезныя.

- Што гэта вы надумаліся, мужчына? Мы ж з вамі не знаёмыя зусім, - азірнулася яна і ўбачыла пашчу разяўленую, дзе замест языка полымя гарыць.

- Ну, калі вы надта ўжо хочаце, дык можаце і гэта зрабіць. Толькі я сама ўсё скіну, каб вы сваімі кіпцямі мне сукенку не падралі.

Падрыхтавалася цётка, і страшыдла падрыхтаваўся. А як пабачыла кухарка чэлес тае пачвары, дык ледзь прытомнасць не страціла, бо падумала, што не зможа прыняць у сябе такі вялізны орган, не раўнуючы конскі. Але другі страх, што страшыдла жыццё забярэ, перасіліў першы спалох. Узяла кухарка ў рукі пачварны чэлес і, як магла, акуратна пачала ў сябе запраўляць. І неяк заправіла, ад жаху нават болю не пачула.

Больш як гадзіну трывала цётка тую любоў, а потым сілы пакінулі яе, цела абмякла, свядомасць затуманілася. А як мёртвы сон агарнуў цётку, дык разявіў той звер пашчу на ўсё шырокае горла і праглынуў пакутніцу.

Па Рудні доўга хадзілі розныя плёткі. Казалі і на дрэнажнікаў, што гэта яны абрабавалі, згвалцілі і забілі кухарку. Казалі і па-іншаму, нібыта кухарка ўцякла з бухгалтарам, які дрэнажнікам зарплату прывозіў. Адна зусім старая баба расказвала якраз тое, што я запісаў:

- Кадук яе ўзяў, распусніцу. Гэтая пачвара пахапала б усіх людзей, каб ёй было вольна на гэты свет з'яўляцца, але Бог так зрабіў, што яна сама не мае ўлады над сабою, а чакае, пакуль паклічуць. Не кліч Кадука!

 

XVI. ЦЕЛААХОЎНІК

 

О'kay! Значыць - да сталіцы. А я дарогі люблю. Сядзеш - едзеш. У мяне ўсё жыццё - дарога. Толькі гэта не для газеты. Я адной табе належу, як спяваюць цяпер, Беларусь мая. І больш ні-ні.

Маё жыццё - гэта маё жыццё!

Вось каньяк, бяры адкаркоўвай. Дай сюды. Бачу, не ўмееш. Вось так. Загад - выкананне. Намёк - выкананне. Ён падумаў, а я ўжо раблю. Хто ён? Хто я? Ціха! Не для газеты.

Вось едзем, ні ты мяне не ведаеш, ні я цябе не ведаю. Любата. І знаёміцца не будзем. Суседзі, спадарожнікі мы, і дастаткова. Давай, сусед, па маленькай. Як кажуць, «за знаёмства». Ху-у-ух! Лады!

Гэта ж я з памінак. Брат у мяне быў. Жыў, жыў і памёр. Двое нас было. Я ды ён, і больш нікога - ні маці, ні бацькі, ні цёткі, ні дзядзькі. Толькі родны інтэрнат пад Мсціславам. Аднаму яму належым, як цяпер спяваюць.

Да войска я за братам глядзеў, я ў салдаты, ён у турму. А ў войску - красата. No problem. Спорт люблю. Ведаеш, як страляю? Восем з дзесяці. Фірма! Толькі ідыёт будзе выхваляцца, што зможа дзесяць з дзесяці зрабіць. А мы не, мы бяром свае восем, і нам больш не трэба. А брат мой узяў у вясковай храме свае пяць гадоў турмы. А я ў войску адхапіў тое, што маю. Целаахоўнік я. Толькі не для газеты. Папярэджваю!

Мне цяпер што? Я адзін. І хто сказаў, што ў полі ён не воюш? Ён воюш у полі, нават і адзін, як раней спявалі.

А з братам мы дамовіліся, яшчэ як я ў салдаты сыходзіў. Калі хто чырвоную пляму на Месяцы ўбачыць, значыцца - няма ў яго больш брата, адзін ён застаўся, як вока ў ілбе.

Вось пазаўчора выйшаў я з ціра, галаву ўзняў, а на небе поўня, а на поўні кроў. На раніцу выклікаюць і кажуць, што трымай камандзіроўку і грошы, едзь і хавай па-людску брата свайго. Паехаў і пахаваў. У домакіраўніцтве выпіў я пляшку каньяку з сантэхнікамі, яны ж сёе-тое дапамаглі на могілках. Здаў ключ ад кватэры; ён жа адзін жыў.

І вось еду. А тут ты. Так што drіnk за брата майго. І забыліся.

Лепш пра другое.

Пра што два мужыкі павінны гаварыць? Слушна, пра жанчын. Раскажу пра Пантэру. Пра манекеншчыцу. Фірмовая дзеўка. На часопісных вокладках яе face класна глядзіцца. Ды што face? Там такія ногі - атам. Глянуць і памерці. А пастава гнуткая, што ў пантэры.

Пазнаёміліся мы ў Румыніі. Паехалі з візітам, а каб не сумаваць на ўрачыстых вячэрах - прыхапілі калекцыю нацыянальных строяў. А хто гарсэты ды наміткі будзе дэманстраваць? Ясна хто - дзяўчаткі, прыгажуні нашыя. І ўсе пры справе і ўдзень і ўначы. І ўсе смяюцца. І Пантэра смяялася ўдзень, а ўначы я да яе, а яна мне - no. Тады я ёй ціха-ціха кажу, што болей за мяжу не паедзе. Сказаў і пайшоў у свой нумар. А праз пяць хвілін тукі-тукі. І цэлую ноч быў fuck art. Як яна прагінае спіну, як дапамагае. Талент! Геній. Я пяць разоў адлятаў.

Назаўтра яна шампанскае Чаушэску падносіла. Такое жыццё, брат. А Чаушэску - інтэлігентны чалавек. Сціплы. Мне дык вельмі спадабаўся. Эўрапеец. Толькі не трэба параўнанняў! А яго забілі. Дзікунства! Ён у Пантэры келіх узяў. Па ўсім было відаць, што спадабалася прыгажуня. Гэта ж яна думала, што праз fuck ёй шампанскае насіць даручылі. А на самай справе з-за твару, ног, ну, і за art, вядома. І было ў мяне з Пантэрай румынскае каханне.

А вярнуўся, і адразу выклікаюць і пытанне задаюць: «Хто гэта за мяжу больш не паедзе?» І смяюцца. Заклала мяне Пантэра, вось табе і маеш.

Ведаеш, я прыдумаў - будзеш братам маім. О'kay! А як убачыш кроў на Месяцы, ведай - мяне больш няма.

А цяпер bye-bye.

 

XVII. ЭМІГРАНТ

 

У пятніцу Эмігрант вярнуўся з Варшавы ў Менск на светлым «Мерседэсе», які падаравала яму заможная жонка, палячка.

Знаёмыя наляцелі, як восы на цукар. Абдымкі. Пацалункі. Балбатня. Захапленне машынаю і апранахамі. Жарцікі. Развітанні. Нарэшце - пустата і самота.

Эмігрант затэлефанаваў даўняму сябруку, які з радасцю пагадзіўся пабыць за рулём «Мерседэса».

Суботу і нядзелю Эмігрант прасядзеў у сваёй менскай каханкі разам з сябруком і ягонай чарговай «нявестаю».

У панядзелак усе чацвёра наведалі выставу, дзе каханка і «нявеста» дэманстравалі прывабнасць ажно з семнаццаці фотаплакатаў. Эмігрант засумаваў, развітаўся і пайшоў пешкі да бацькоў.

У аўторак ён выклікаў сябрука ўвечары. Той завёз Эмігранта ў «Глінтвейню», што ў дварах Траецкага прадмесця. Народу ў «Глінтвейні» было шмат, і Эмігрант з сябруком падселі за стол да чалавека з пераламаным носам. Той весяліў дзвюх маладзіц.

Эмігрант выпіў сто грамаў пасольскай гарэлкі, і яму захацелася пазнаёміцца з суседзямі па стале; тым больш, што твар з пашкоджаным носам быў знаёмы, а маладзіцы былі, пэўна ж, з тых, хто не прымушае доўга ўгаворваць.

- Я вось толькі што прыехаў з Варшавы, - пачаў Эмігрант, - і магу вам сказаць, што тут лепш, чым там.

Маладзіцы натапырыліся, не раўнуючы вераб'і на марозе.

- Ведаю, - сказаў чалавек з перабітым носам. - Я нават ведаю, хто ты такі.

- Я таксама цябе недзе бачыў, - Эмігрант спрабаваў успомніць, але не здолеў.

- На «Ратушы», у хіповыя часы. Ты на «Ратушы» быў каралём. І нават мянушка твая - Князь.

- Гэта ў мяне ад прозвішча - Князькоў. Толькі я цябе ніяк не ўспомню.

- Пэўна, з-за носа, - меркаваў чалавек са шнарам на пераноссі.

- А што такое «Ратуша»? - уставіла адна з маладзіц.

- Сквер насупраць Дома ўрада, - адказаў Эмігрант.

- А чаму тут лепш, чым там? - пацікавілася другая.

- Тут мама, тата і... каханне, - ціха адказаў Эмігрант.

- А мы вось выставу фотаплаката адзначаем, - паведаміла тая, што пыталася пра «Ратушу».

- А ш-ш-што г-г-гэта твае плакаты на выставе? - Эмігрант пачаў заікацца, калі звярнуўся да суседа па стале.

- Мае.

- Усе?

- Усе.

Эмігрант памаўчаў, супакоіўся і спытаўся:

- А ты змог бы зрабіць мой партрэт, толькі каб я на ім быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такі, як на «Ратушы» - кароль хіпі. Я далярамі заплачу.

Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмігранта, успомніў, што ў таго былі доўгія, да плеч, валасы, і сказаў:

- Магу.

- Дамовіліся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым «Мерседэсе». Вядома ж, калі фотамайстра не будзе супраць.

- Буду толькі рады, калі ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.

«Мерседэс» плаўна адкаціўся ад ганка «Глінтвейні», на якім прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала задні ход. Эмігрант высунуўся з акна:

- Т-т-толькі не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.

Ён зноў заікаўся.

У сераду Эмігрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваімі новымі сяброўкамі з «Глінтвейні».

У чацвер раніцай ён развітаўся з бацькамі. Мама плакала. А ўначы Эмігрант перасек мяжу.

 

XVІІІ. БОЖАЯ МАЦІ

 

Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысціянскім саборы. Касцёл асвятлялі жаўтлявыя лямпачкі. Начны вецер напінаў тоўсты поліэтылен, якім былі зацягнуты вокны.

Другі дзень рэстаўратар адпрацаваў адзін у вялікай баракальнай пабудове. Ён здымаў копіі з фрэсак. Вочы балелі. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але ісці ў брудны і сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесіўшы ногі, і глядзеў «у нікуды».

Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзіну касцёла выйшаў атрамантавы кот.

- Кыцы-кыцы-кыцы, - паклікаў рэстаўратар.

Кот выгнуў шыю. Колка бліснулі вочы.

- Хадзі сюды. Чуеш? Хадзі... пагаворым.

Кот бясшумна наблізіўся да весніц і пачаў узбірацца на другі ярус. Гладкая поўсць цьмяна зіхацела. Калі жывёла падышла зусім блізка да рэстаўратара, працягні руку - схопіш, той сказаў:

- Стой!

Кот скамянеў. Рэстаўратару зрабілася млосна. Ён захацеў загаварыць і не змог.

- Мга-а-аў, - жывёліна прагнулася нібыта каб скокнуць.

- Пай-пайшоў прэ-эч, чорт хвастаты, - рэстаўратар замахнуўся.

Кот падаўся назад, завярнуўся і пайшоў да весніц. Рэстаўратар неадрыўна сачыў за атрамантавай спінай, пакуль тая не схавалася за рыштаваннямі.

- Ой, рана на Йвана, - заспяваў рэстаўратар.

Моцны голас запоўніў саборную прастору.

- На Купалу ночка мала. Ой, рана на Йвана...

Рэстаўратар нечакана абарваў спевы - убачыў, як аблокі, намаляваныя на сцяне, зрушыліся і паплылі скрозь рыштаванні. Анёл з белаю лілеяю ў руцэ ўзмахнуў крыламі і плаўна ўзняўся пад купал. Мастак пабачыў ранішні краявід, які ляжаў за саборам. Тое самае мястэчка, тая самая асмужаная лёгкім рачным туманам даліна... З неба па белых аблоках ішла жанчына.

«Божая Маці, - мастак пачуў свой голас. - Гэта - Божая Маці».

- Слухай, - загаварыла жанчына. - Яны прыйдуць і прагоняць цябе. Яны прагоняць, і ты паслухаешся і сыдзеш. Сыдзеш і вернешся, але яны не адчыняць дзверы. Зноў і зноў ты будзеш вяртацца. Цябе чакаюць.

Жаночая постаць растала ў аблоках.

Рэстаўратар прахапіўся. Бляклыя лямпачкі ледзь асвятлялі напаўразбураны інтэр'ер сабора Ўспення Дзевы Марыі.

Праз колькі тыдняў рэстаўратара звольнілі, бо ў нерабочы час ён пачаў пісаць пано «Страшны суд», якое выклікала пратэст у кіраўнікоў.

Калі рэстаўратар збіраў па рыштаваннях свой рыштунак, дык прыклаў далонь да намаляванага анёлавага пляча - сцяна была цёплая.

Праз год рэстаўратар, які працаваў маляром, наведаў мястэчка, дзе высіўся былы кармеліцкі сабор Успення Дзевы Марыі. Касцёл быў замкнёны.

Гаварыць пра бачанае чалавек баіцца.

 

XIХ. БУТЛЕГЕР

 

Суседу было гадоў пад восемдзесят, і жыў ён зусім адзін. Ягоная аднапакаёўка была паверхам вышэй за нашую. Яшчэ ў яго быў буфет, пэўна, старэйшы за гаспадара. Запомнілася, як сусед стаяў каля буфета, мусоліў у руцэ тры рублі і гаварыў:

- Яна памерла...

Гэта пра жонку. Я забраў у яго грошы, адлічыў рэшту і сышоў.

Я прыносіў яму малако і хлеб. Пасля інсульту ён блага гаварыў і амаль не мог хадзіць. Ад ложка да буфета, ад буфета да прыбіральні, ад прыбіральні да ложка, і ўсё з адпачынкамі, усё каля сцяны. А я ў свае дзесяць гадоў выконваў абавязкі перасоўнае крамы.

- Яна памерла, - казаў сусед кожнага разу, калі я перадаваў яму прадукты.

За тое, што хадзіў у краму, я браў з яго пяцьдзесят капеек. Як сусед еў, я ніколі не бачыў. Прадукты заставаліся на буфеце. Мы развітваліся. Дзверы ён ніколі не зачыняў, яно і зразумела.

Яшчэ ў мае абавязкі ўваходзіла здаванне пустых бутэлек. Грошы за іх я пакідаў сабе.

Сусед памёр на кухні, укленчыў каля буфета і сканаў.

На пахаванні я плакаў і ўсё не мог адвесці вачэй ад сіняга вуха нябожчыка.

Як усе з'ехалі на могілкі, я аднёс у прыёмны пункт сем бутэлек. Атрымаў за іх рубель і пяць капеек. Рубель быў жалезны, пятак таксама бліскучы. Таму і запомніў, што бутэлек было якраз сем.

Маці ў мяне добрая. Яна заўсёды суседзям дапамагае, проста так. Яе ўсе любяць і гавораць мне: «Якая ў цябе цудоўная мама». А я зусім да яе не падобны. Знешне, маю на ўвазе.

Жыў у маім доме яшчэ адзін чалавек, якому я насіў бутэлькі. Ягоная кватэра была ў суседнім пад'ездзе на першым паверсе. Я нярэдка бачыў, як ён вечарамі піша за сталом пад настольнай лямпаю. Ён быў літаратарам. Жыў з маці і жонкаю. Ягоныя маці і жонка памерлі ў адзін год.

«Маці доўга хварэла, а жонку рак з'еў за месяц», - так гаварылі ў двары.

Літаратар сперажываўся і пачаў піць. Па гарэлку ён пасылаў мяне. Я падыходзіў пад краму і прасіў мужчын, каб узялі мне бутэльку. Я прыносіў гарэлку да літаратара, ён садзіў мяне за стол і казаў:

- Яны чакаюць. Жонка і маці. Павесіцца я не магу. Лепей спіцца. Мне знаёмы фельчар казаў, што, калі мужчына вешаецца, у яго чэлес устае. Я хацеў пра гэта напісаць, а так і не напісаў. Трэба піць. Гэта не самы горшы шлях да іх, можа, не самы кароткі, але не горшы...

Літаратар піў «па-чорнаму».

Ён плаціў мне па рублю за пляшку. Звычайна я прыносіў гарэлку, калі яе не было, браў каньяк. Віна літаратар не піў.

Пустыя бутэлькі здаваў я. Назбіраецца штук трыццаць - занясу ў прыёмны пункт. Грошы мне.

А памёр ён раптоўна. Сам выклікаў «хуткую дапамогу». А калі тая прыехала, ён быў ужо нежывы.

«Хавалі яго з пыхаю. Труна ў Палацы прафсаюзаў стаяла, і хор спяваў», - так гаварылі ў двары.

Аднойчы я расказаў сваёй жонцы пра гульню ў перасоўную краму.

- А я і не ведала, што ты ў дзяцінстве быў такі паганец, - падсумавала яна.

А мне падумалася, што яшчэ паглядзім, хто здасць бутэлькі пасля вашай смерці.

 

XХ. ГАЗАВІК

 

У кватэру зайшоў Газавік са стажорам.

Напярэдадні яны паставілі ў гэтай кватэры новую польскую пліту, але ў гаспадыні не знайшлося тады патрэбных грошай, каб разлічыцца. Яна папрасіла зайсці праз тыдзень і паабяцала акрамя грошай бутэльку віна.

Газавіку было гадоў пад сорак, але, як і ўсе людзі сантэхнічнага занятку, ён меў такі выгляд, што адразу сказаць, колькі яму - 25 ці 50, - было немагчыма. Высокі, але крыху сутулаваты, хударлявы, з цёмным ад алкаголю тварам, ён і ўзімку і ўлетку насіў цёмна-сінюю балонневую куртку. У правай руцэ ён трымаў парэпаную, але важкую валізку з рыштункам. У адрозненне ад кучаравага стажора, Газавік менш за ўсё паходзіў на Дон Жуана.

Гаспадыня заўсміхалася і, замест таго каб схадзіць па грошы і віно, запрасіла Газавіка прайсці ў пакой. Той скінуў боты і ў тоўстых ваўняных шкарпэтках пайшоў за жанчынаю. Дзверы за сабой Газавік не зачыніў.

Стажор пачуў настойлівы шэпт, потым смех. Калі наступіла цішыня, ён крадком наблізіўся да дзвярэй, але ўбачыў толькі пустую частку пакоя. Зазірнуць ён не наважыўся, затое пачуў шапаценне сукенкі і шорах балонневай курткі. Пра тое, што дзеецца ў нябачнай частцы пакоя, стажор, вядома, здагадаўся. Ён раптам адчуў, як наліваецца гарачынёю твар.

Газавік выйшаў з пакоя ўвесь чырвоны. Куртку ён зашпіляў на хаду. Дзверы засталіся шырока адчыненыя. Стажор убачыў жанчыну, што ляжала на стале, шырока раскінуўшы ногі. Яна глядзела на хлопца і ўсміхалася. Той сумеўся і не адразу ўцяміў, што жанчына знарок засталася ў такой недвухсэнсоўнай позе.

- Э-эй, - жанчына ўзмахнула рукою. - А ты хіба не хочаш атрымаць свой заробак?

Стажор зрабіў крок, але ўспомніў, што не зняў чаравікі, і спыніўся.

- А можа, ты імпатэнт? - кватэру запоўніў смех. - Ці ты не хочаш? - жанчына села на стале. - А я вось, была б толькі магчымасць, з раніцы да самага вечара займалася б толькі сексам!

Стажор, не зняўшы чаравікі, падышоў да стала і, стоячы, зрабіў тое, чым так хацела займацца жанчына з самай раніцы і ажно да вечара.

Калі Газавік са стажорам выйшаў з кватэры, дык закурыў папяросу і сказаў:

- Адразу відаць, што ў хаце няма гаспадара.

- Лепш бы мы грошы і віно ўзялі, - у тон працягнуў стажор.

- Слімак! - сказаў Газавік і ўдарыў стажора кулаком у патыліцу.

 

XXІ. НАТУРШЧЫЦА

 

Два жывапісцы, калматы і рудабароды, накіроўваліся да мансарды ў майстэрню з бутэлькай кубінскага рому «Havana Club», калі сустрэлі Натуршчыцу.

- Вы куды? - спыталася яна.

Мастакі паказалі «Havana Club».

- Я з вамі, - узрадавалася Натуршчыца.

Калі рому ў бутэльцы паменшала недзе напалову, жанчына ўстала і заявіла:

- Хачу танчыць!

Калматы і рудабароды прамаўчалі.

- Буду танчыць аголеная, а вы будзеце мяне жывапісаць...

Мужчыны нічога не адказалі.

Натуршчыца зайшла за шырму, дзе распранулася цалкам. Потым выйшла на сярэдзіну пакоя і пачала скакаць. Вялікае белае цела хвілін пяць лётала па майстэрні, ажно пакуль не заскавытаў дзвярны замок. Жанчына войкнула і заляцела за шырму. Рудабароды адчыніў дзверы. На парозе стаяла суседка:

- Што тут у вас творыцца? Вы што, каня сюды прывалаклі? У мяне жырандоля ледзь-ледзь не абарвалася. А як абарвецца - то ўжо будзеце плаціць. А вы хоць ведаеце, колькі яна каштуе?

Рудабароды сцепануў плячыма.

- Вось-вось, не ведаеце, таму і скачаце. 1200 рублёў яна каштуе! І калі толькі што - давядзецца заплаціць...

- Скакаць больш не будзем, - рудабароды спыніў суседку.

- Я папярэдзіла, каб потым не казалі, што не ведалі. 1200 рублёў!

- Заплацім! - мастак зачыніў дзверы.

Натуршчыца выйшла з-за шырмы і запрапанавала выпіць. Калматы разліў па шклянках ром. Натуршчыца выпіла стоячы, паставіла шклянку на стол і села на калені да рудабародага. Той высока ўзняў поўную шклянку і ўсклікнуў:

- Карціна Рэмбранта «Аўтапартрэт з Саскіяй»!

- На Саскію яна не цягне, як і ты на Рэмбранта, - з'едліва зазначыў калматы мастак, было відаць, што ён пакрыўдзіўся на жанчыну, бо тая села на калені не да яго.

- Затое ў пана Рэмбранта Харменса ван Рэйна не было... - рудабароды са смакам выпіў свой ром.

- А ў мяне лепшая фігура, чым у тваёй Саскіі. Ты толькі ўспомні тую карову: жывот вісіць, грудзі вісяць і яшчэ складкі тлушчу на спіне.

- Не было ў Саскіі ніякіхскладак сала. Ты пераблытала Рэмбранта з Рубенсам, - бараніўся калматы.

- І нічога я не паблытала. Вялікі альбом, на супервокладцы партрэт Яна Сікса, які нацягвае пальчаткі. Ёсць такі альбом? Ёсць! І яшчэ там быў смешны афорт. Жанчына спраўляе патрэбы. Таўсценная карова, задраўшы спадніцу, сядзіць на кукішках і спаражняецца праз дзве адтуліны. Вось табе галандская эстэтыка. Так што не блытаю я Рубенса і Рэмбранта, а складкі тлушчу былі, менавіта ў Саскіі.

- Не было, - не здаваўся калматы.

- Дарэчы, літовец, які абліў кіслатою Саскію, добра зрабіў, бо ўсе карціны Рэмбранта антыэстэтычныя, - Натуршчыца пацалавала рудабародага жывапісца. - Слушна я кажу?

- Слушна, - кіўнуў той.

- Не слушна, - калматы жывапісец устаў. - Літовец абліў кіслатою не Саскію, а Данаю, і не па эстэтычных, а па палітычных матывах.

- Палітыка, палітыка, - скрывілася Натуршчыца. - А чаму тэрарыст выбраў Рэмбранта? Чаму Данаю? Чаму не Тыцыяна ці Рафаэля? Я адкажу сама. Даная - антыэстэтычны твор, як і Саскія, дарэчы. Што, можа, не так?

Калматы адно толькі махнуў рукою.

- А я хачу танчыць, - узрадавалася аголеная Натуршчыца.

Рудабароды ціха зашаптаў ёй у вуха.

- Ты што, думаеш - я шлюха, - абурылася тая.

- Тады пайшлі за шырму, - спакойна прапанаваў рудабароды.

- Занясі мяне...

Рудабароды панёс жанчыну за шырму. Калматы выліў рэшткі рому ў шклянку і спустошыў яе адным вялікім глытком. З-за шырмы чулася парыпванне канапы. Калматы запаліў цыгарэту. Калі рудабароды жывапісец выйшаў з-за шырмы, ягоны калега дапальваў ужо трэцюю цыгарэту.

- Ты што, увесь ром выжлукціў?

- А ты думаў, я буду адно сядзець і слухаць, як вы маркітуецеся?

- Можаш і ты схадзіць за шырму.

Калматы згасіў недапалак і пайшоў за шырму. Рудабароды ўзняў бутэльку «Havana Club» і паглядзеў на святло. На донцы сабралася грамаў дзесяць - пятнаццаць. Мужчына вытрас рэшткі рому з рыльца проста ў рот.

- Толькі не ў мяне, - пачуўся з-за шырмы голас Натуршчыцы.

Рудабароды прыслухаўся, але ў майстэрні было ціха. Тады ён устаў, саставіў тры крэслы ў шнур і лёг на іх. І тут цішыню ўзарваў грукат. Рудабароды ўскочыў са свайго лежбішча. Шырма ляжала на падлозе. Калматы стаяў на адной назе і нацягваў нагавіцы. Натуршчыца паднялася з канапы і закрычала:

- Гэты ідыёт усё выліў мне ўсярэдзіну. Я ж сказала, што сягоння спускаць нельга. Скаціна кудлатая...

Калматы засмяяўся:

- Я ад тваёй пяшчоты забыў усё на свеце. І яшчэ я не прывык падманваць свае яйцаклеткі.

Калі жывапісцы з Натуршчыцай стаялі на тралейбусным прыпынку, дык тая сказала:

- З вас 50 рублёў, па 25 з кожнага, на аборт.

Калматы склаў дулю і паднёс да сур'ёзнага твару Натуршчыцы. Тая размахнулася, каб ударыць нахабніка па шчацэ, але рудабароды перахапіў агрэсіўную руку.

- Супакойся, заўтра прыйдзеш, і я дам грошы. Ты ж нас ведаеш і любіш. А ён перабраў.

Калматы жывапісец адышоў на колькі крокаў і гучна сказаў:

- А ў Саскіі не было складак тлушчу на спіне.

 

XXІІ. РАБАЎНІК

 

У Рабаўніка было хобі - джаз. Ён збіраў фірмовыя кружэлкі, наведваў канцэрты і нават меў свой уласны інструмент. Калі да яго прыходзіла жаданне, дык Рабаўнік браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымі лямпачкамі плыве па начной Місісіпі, і доўга натхнёна імправізаваў. Гадзінамі Рабаўнік мог заставацца сам-насам з каштоўным інструментам і ўсяго толькі дзеля ўласнага задавальнення.

На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнік ездзіў у Маскву.

«Раз у жыцці можна пачуць і ўбачыць Бога», - падумалася Рабаўніку, калі ён браў квіток на самалёт.

Пасля канцэрта Рабаўнік паліў на ганку філармоніі. Побач з ім палілі дзве маладыя піяністкі.

- Ён - Бог! - ціха гаварыла адна. - Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, і кожны настаўнік лічыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэні пра джаз. Але калі слухаеш Бога, усе настаўнікі робяцца ліліпутамі...

«Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?» - падумалася Рабаўніку, і ён сказаў уголас:

- Цалкам з вамі згодны. Ён - Бог! І я не жартую.

Піяністкі пераглянуліся, і тая, што казала пра Бога, знізаўшы вострымі плячыма, спыталася:

- А, зрэшты, хто вы такі?

- Я? - Рабаўнік зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, і ледзь не назваў сваё сапраўднае імя, - Раман, я - рэстарацыйны саксафаніст з Гомеля. Правінцыял, які мае толькі адну загану, люблю джаз...

Піяністкі, было відаць па тварах, страцілі цікаўнасць да асобы правінцыяла, але на развітанне адна з іх, што была ў зялёнай сукні, вырашыла ўсё ж паставіць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.

- Скажыце, а ў Гомелі ўсім супрацоўнікам рэстарацый выдаюць ангельскія гарнітуры ці толькі тым, што крадуць мяса?

Рабаўнік зазлаваў, але выгляду не падаў:

- Прабачце за нясціпласць, але на мне фінскі гарнітур, а не ангельскі. Мяса я, на жаль, не магу красці, бо яно размяркоўваецца паміж кухарамі. Я краду, даруй мне Божа, толькі каньяк, і калі вы не супраць, дык у гатэлі «Расея» ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпіць за джазмена.

- А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? - спыталася піяністка ў чырвонай сукні.

- З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму «Радыеактыўны блюз».

- Тады паехалі ў «Расею». Удзвюх мы як-небудзь з вамі справімся.

«Паглядзім», - падумаў помслівы Рабаўнік.

Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволіла яму перайграць сітуацыю, і ў выніку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыі «Прага». Пасля выпітага каньяку піяністкі ледзь не ўгаварылі Рабаўніка выйсці на эстраду, пазычыць саксафон і сыграць «Радыеактыўны блюз».

- Калі будзеце так даставаць, дык я прадам свой фінскі пінжак, але ўгавару лабухаў іграць тры разы запар «Сабачы вальс», і ад канцэрта чорнага Бога не застанецца ні знаку, ні следу.

«Сабачы вальс» піяністкі слухаць не захацелі, затое пагадзіліся ўзяць на вынас каньяк і шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як і разлічваў Рабаўнік, скончылася танцамі на кватэры ў адной з піяністак. Танцавалі дзяўчаты выдатна.

«Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, і пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго ці не хочаш», - зазначыў для сябе Рабаўнік.

Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухні дзве пігулькі сонных лекаў і высыпаў у келіх піяністкі, што была ў чырвонай сукні. Тая выпіла разам з усімі за чорнага Бога і нават не заўважыла, што смак напою змяніўся. Рабаўнік запрасіў яе на доўгі павольны танец.

- Спа-а-аць, - піяністка пазяхнула.

- Пайшлі, я правяду, - ён пацягнуў яе за руку.

- Не трэба, я сама, - сказала яна, але паслухмяна пайшла за Рабаўніком у спачывальню.

- Рабі што заўгодна, толькі хутчэй. Я проста паміраю, так хачу спаць.

Па ўсім Рабаўнік зазначыў, што пачуццё рытму ў піяністкі не знікае нават пасля каньяку, шампанскага і сонных лекаў.

Другая піяністка ціхамірна спала, седзячы ў глыбокім фатэлі.

Рабаўнік падрыхтаваў на кухні новы келіх з каньяком і сонным. План у яго быў даволі просты, але, каб здзейсніць, давялося аднаўляць сваю мужчынскую здатнасць з дапамогаю самага звычайнага масіравання. Калі чэлес меў станоўчы выгляд, Рабаўнік пабудзіў піяністку, што заснула ў фатэлі. Яны нават не клаліся на кілім, Рабаўнік здзяйсняў свой план, укленчыўшы каля фатэля.

Па ўсім піяністка засталася задаволеная. Рабаўнік прапанаваў выпіць, і яна праглынула сонны напой. Ён не пашкадаваў пяшчоты, каб дзяўчына хутчэй заснула.

Рабаўнік запэўніўся, што піяністкі спяць, прыняў душ, памыў посуд, старанна працёр усе паверхні, дзе маглі застацца адбіткі ягоных музычных пальцаў, і пачаў педантычнае, але хуткае абследаванне кватэры. Ён пакінуў абрабаванае жытло толькі тады, калі ў кішэнях фінскага гарнітура ляжала каштоўнасцяў тысяч на дваццаць пяць. У гатэль «Расея» Рабаўнік не паехаў, бо спыніўся ён у гатэлі «Украіна». Адтуль, вядома ж, разлічыўшыся, ён даехаў на таксоўцы ў аэрапорт і праз колькі гадзін быў у родным Менску.

Праз месяц Рабаўнік даволі выгодна прадаў саксафон і калекцыю фірмовых кружэлак, бо канчаткова пераканаўся, што з-за хобі - любові да джаза - можна атрымаць дыскваліфікацыю ў сваёй асноўнай гульні - кватэрных рабаваннях.

Рабаўнік клаў у кішэню грошы за інструмент, і яму падумалася, што Бог усё ж больш падобны да белабародага дзеда, чымся да потнага амерыканскага негра з трубою.

 

XXІІІ. МАНЕКЕНШЧЫЦА

 

- Ну, не плач, не плач, - сяброўка суцяшала Манекеншчыцу. Тая размазвала хустачкай сапсаваны слязьмі макіяж і ніяк не магла супакоіцца.

- Я ж думала, што ён сапраўды мяне любіць. А ён...

- Гад ён, - уставіла сяброўка.

- Ён не гад, ён добры... А сягоння, я нават не ведаю, што на яго найшло. Я з падарункам... У яго - дзень нараджэння. Я прынесла шалік доўгі белы шаўковы... Ведаеш, як прыгожа глядзяцца на высокіх мужчынах доўгія шалікі? Уяўляеш, у яго ёсць чорнае паліто, вось да яго і купляўся гэты шалік. Проста вымольвала ў Доме мадэляў, ледзь не ўкленчыла. Мне ж так хацелася, каб у Міколенькі быў такі падарунак, каб яму было прыемна... А ён выгнаў мяне і шалік кінуў у твар. Ненавіджу яго!

- Шалік? - здзівілася сяброўка.

- Пры чым тут шалік? Яго хто ні навяжа, адразу робіцца падобны да гомасексуаліста. Міколеньку я ненавіджу. Ён мне ўсё жыццё перакруціў, каб яго самога ў пятлю скруціла. У мяне быў муж, памятаеш? Абы-што, але муж. З-за Міколенькі мы развяліся. Ну, ды Бог з ім. Потым мне падалося, што Міколенька - нікчэмнасць, сквапны дробны хлус. Я папрасіла пазычыць мне 200 рублёў, а ён апусціў вочкі і сказаў, што ў яго іх няма. Як жа ж, няма! Я і завяла сабе немца. Памятаеш, таго тоўстага інжынера? Выдатны быў немец. І якая ж я была дурніца, калі з-за Міколенькі пакінула інжынера з маркамі. Я паверыла ў словы пра каханне, ідыётка. А сягоння прыйшла з падарункам, бо Міколенька паабяцаў нарэшце пазнаёміць мяне са сваімі бацькамі. А замест бацькоў ён мне паказаў часопіс...

- Часопіс? - сяброўка здзівілася.

- Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не відаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсім зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? І таму яго трэба хаваць у саўкоўскіх анучах?..

- Дый не павінна ты хаваць сваё цела, - пераканана сказала непрыгожая сяброўка.

- А, можа, Міколенька думае, што я была б супраць, каб і яму прапанавалі сфатаграфавацца на вокладку? Ды ні ў якім разе, фатаграфуйся, колькі заўгодна... Толькі ніхто не прапануе. На твары ж не напісана, што дзед пакінуў паўмільёна ў спадчыну? А Міколенька ўпэўнены, што ўсё гэта відавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай, калі ўвесь час пяткі каля вушэй, рукі невядома дзе, а рухацца зусім немагчыма, бо ці што-небудзь разаб'еш, ці то сам падзярэшся аб які-небудзь незакручаны вінт. У Міколенькі кватэра і дом за горадам... Але ж гэта для іншых, а для мяне - машына... Ты ведаеш, пра што я падумала?

- Не, - сказала сяброўка.

- Напэўна, у Міколенькі ўсе астатнія палюбоўніцы такія тоўстыя, што з імі нельга займацца сексам у машыне. А са мной можна, я ж такая гнуткая, што можна злавіць кайф нават у машыне. Але гэтага больш не будзе. Хай ён задавіцца сваімі грашыма разам са сваімі сытымі каханкамі. Абнаглеў, казёл. Я прыходжу, а ён мне часопіс паказвае і крычыць: «Ты - прастытутка!» І б'е мяне часопісам па твары... Казёл! Не дарую. Ніколі не дарую...

Манекеншчыца заплакала.

Сяброўка спачувальна захітала галавою:

- Ён не варты тваіх слёз. Не плач...

 

XXІV. САДОЎНІК

 

Садоўнік жыве на беразе мора, у вёсцы. Уяго маленькі дамок і палісаднік.

Штораніцы Садоўнік ідзе ўздоўж берага на працу. І можна ўбачыць на золку, як шырокім крокам абпалены сонцам і ветрам малады чалавек ідзе і нясе на плечыках белую накрухмаленую кашулю. На Садоўніку чорныя нагавіцы і чорныя паўчаравікі, ніякай іншай вопраткі ён не прызнае. А белую накрухмаленую кашулю ён ускладае толькі ўвечары. А пакуль ён кіруецца да шматпавярховага гатэля, пры якім адказвае за невялічкі батанічны сад.

Чаго толькі няма ў тым садзе. Даўгапёрыя грывы пампаснай травы паселі ўздоўж цэнтральнай алеі. А з другога боку прысады, зараснікі гонкага шапаткога бамбуку, які адгароджвае сад ад пляжа і марскога ветру. А ў самым цёмным кутку саду, каля сметніка, сядзіць алейна-зялёны куст - Юдава дрэва, дый навявае нядобрыя думкі. Але тое цёмны кут, а ў самым светлым - ружы, іх шмат, яны розныя: і барвовыя, і крэмавыя, і колеру сырадою. Разы два ці тры на тыдзень Садоўнік складае з тых ружаў букет, але пра букет крышачку пазней. Над разарыем узвышаюцца магутналістыя фінікавыя пальмы. Калі Садоўнік акуратна падразае магутныя лісты, дык пальмавы ствол робіцца падобны да вялікага ананаса. Можна бясконца захапляцца напалову рукатворным шэдэўрам Садоўніка, але... Але надыходзіць час, і на сад апускаецца ноч. Садоўнік ідзе да мора. Ён агаляецца і доўга плавае - змывае стому. Потым ён вяртаецца ў свой дашчаны садовы будан, дзе ўскладае хрумсткую ад крухмалу кашулю, бярэ букет ружаў і крадком падыходзіць да гатэля. Садоўнік грукае ў шыбу медпункта. Акно адчыняецца, і Садоўнік падае букет медсястры. На падаконне ён уздымаецца зусім нячутна. Медсястра зачыняе акно і апускае жалюзі, а толькі тады запальвае святло. Яна ладная ў белым халаце. У яе такія цёмныя смочкі, што нават праз халат і станік свецяцца дзве павабныя плямінкі. Медсястра кладзе букет на стол. Садоўнік здымае з сябе кашулю і кідае на падлогу, і ў гэтым руху ўся ягоная страсць. Ён жа для гэтага руху і прасуе кашулю і носіць яе на плечыках аж два кіламетры. Медсястра скідае халат і здымае станік. Чорныя смочкі клічуць Садоўніка. Ён ужо распрануўся і дапамагае жанчыне выслізнуць з вузкай спадніцы. Аголеную медсястру Садоўнік кладзе на белую вузкую канапу. Жаночыя ногі ўздымаюцца высока ўгору, калі мужчына накрывае грудзьмі тугія смочкі. Садоўнік не любіць ноч, таму ў медпункце гарыць святло. Жаночыя рукі кладуцца на клубы Садоўніка. Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы і ўскладае станік. Як і большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станік, а потым майткі. Як і ў большасці жанчын, у яе ёсць муж і дзеці, але толькі ў яе адной ёсць Садоўнік, які ўжо апрануўся і трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасіць святло. Садоўнік ніколі не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраіклаю апунцыяй, ён ідзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнік, дзе выкідае букет. Садоўнік не любіць ноч, бо ягоны любімы сад запоўнены адпачывальнікамі, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоікаў кіслае віно і кідаюць цыгарэтныя недапалкі ў разарый. Яны абрываюць лаўравішню, абломваюць галінкі найстаражытнага дрэўца гінка, набіваюць пакеты эўкаліптавым лісцем, а ў паштовыя канверты запіхваюць ружова-жоўтыя пэндзлікі-мяцёлачкі альбіцыі - яны нішчаць сад. І ўсё робіцца ўначы, калі Садоўнік ідзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю і дзеравяныя плечыкі.

А на золку ён будзе вяртацца, і кашуля вісецьме на плечыках і махацьме рукамі. А кабеты з сталовай знойдуць букет і па адной кветцы паставяць у вазы на сталы адпачывальнікаў. А той, каму не хопіць ружы, яшчэ і пазайздросціць астатнім.

 

XХV. ЦІКАЎНІК

 

- Займацца ананізмам шкодна?

- Затое прыемна.

- Дык шкодна ці не?

- Усё прыемнае - шкодна.

- Жанчына лепш за ананізм?

- Вядома лепш.

- А займацца з жанчынаю шкодна?

- Небяспечна.

- Гэта іншае.

- Не шкодна.

- А з жанчынаю прыемна?

- Прыемна.

- Вы казалі, што ўсё прыемнае - шкодна. Як быць?

- З жанчынаю небяспечна, а значыць і шкодна.

- Тады і ананізм такі ж шкодны, як і занятак з жанчынаю?

- Напэўна.

- А як лепш, з жанчынаю ці з мужчынам?

- Як каму.

- А вы спрабавалі з мужчынам?

- Спрабаваў. Не спадабалася.

- А мне варта паспрабаваць?

- Калі дзеля цікаўнасці, дык не варта.

- А з жывёлаю прыемна?

- Не спрабаваў.

- Але ёсць такія, што займаюцца з жывёламі. Вы іх не сустракалі?

- Сустракаў жанчыну, што займалася з сабакам.

- І ёй было прыемна?

- Напэўна, калі яна гэтым займалася.

- А з жывёламі шкодна?

- Небяспечна.

- А вы змаглі б паспрабаваць з жывёлаю?

- Напэўна, не змог бы.

- А чаму?

- Мне нават ад такой думкі робіцца непрыемна.

- Вы натурал?

- Так. І, дарэчы, табе не здаецца, што нашая гутарка чымсьці нагадвае ананізм?

- Затое цікава, прыемна і ніякай шкоды.

 

XXVІ. ГОСЦЬ

 

Госць уваліўся ў кватэру а дванаццатай ночы, дый не адзін, а з сябрам і сяброўкаю. Гаспадар пашкадаваў, што пусціў п'яную кампанію, бо сам быў з каханкаю. Тая засталася ў ложку, а гаспадар правёў начных наведнікаў на кухню. Госць запатрабаваў віна, закусак і цыгарэт. Гаспадар сабраў на стол. Госць схапіў бутэльку, разліў яе па шклянках адразу ўсю, выпіў сваю чвэрць, запаліў цыгарэту і папрасіў гаспадара выйсці «на два словы».

У вітальні Госць зашаптаў на вуха гаспадару:

- Гэта мае сябры. Ён - мент, але класны мужык, і баба яго класная. Хай яны застануцца ў цябе да раніцы...

- Не магу я іх пакінуць. У мяне адзін пакой, ложак ужо заняты, каханка ў мяне.

- А калі мы іх на кухні пакладзём? Ёсць у цябе які-небудзь стары матрац? - напіраў п'яны Госць.

- Няма ў мяне матраца, ні старога, ні новага.

- А коўдра ватная ёсць?

- Здаецца, ёсць...

- Чакай тут, зараз у іх спытаюся, - Госць хітнуўся ў бок кухні і ледзь устояў на нагах. - А зрэшты, што ў іх пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухні дык й-ййк.. Ікаўка напала. Пайшлі дап'ём.

На кухні Госць выпіў з гаспадаровай шклянкі, паклаў у кішэню пачак цыгарэт, развітаўся і сышоў.

Гаспадар прынёс з кладоўкі коўдру і падушку з прасцінамі, сябры нечаканага Госця пачалі ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкі. Тая прахапілася ад сну, села на ложку і запыталася:

- Сышлі?

- Цішэй ты! Леглі на кухні.

- Утраіх?

- Удваіх, адзін сышоў.

- А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?

- Ды цішэй гавары, - асцярог гаспадар. - Не мог я іх выгнаць.

- Тады будзем спаць, - каханка павярнулася тварам да сцяны.

Мужчына паклаў руку на жаночыя грудзі. Яму хацелася цеплыні і пяшчоты. Жанчына адкінула мужчынскую руку ад сваіх грудзей.

- Ты не хочаш?

- Будзем спаць.

- А чаму ты не хочаш? Ну, перапынілі нас, з кім не бывае...

- Непрыемна, калі побач чужыя людзі...

- Ну, хочаш, я пайду зараз і праганю іх.

- Не трэба, давай спаць.

Мужчына зноў паклаў руку на жаночыя грудзі. Яму нясцерпна хацелася пяшчоты. Жанчына ўзяла мужчынскую руку і павольна перасунула яе з грудзей сабе на жывот, потым ніжэй у самае гарачае месца.

Раніцай каханка пабудзіла гаспадара. Яна паспела апрануцца і стаяла каля ложка ў куртцы і ботах.

- Ты сыходзіш? - гаспадар соладка пазяхнуў.

- Мяне чакаюць на працы, - каханка нахілілася і пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.

Той ізноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны і апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулі ўваходныя дзверы.

«Сышлі. Нарэшце. Божа, які кайф! Можна і ўстаць».

Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставіць імбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця і з неапісальным здзіўленнем пазірала на аголенага засмучонага гаспадара, які спачатку засмуціўся, а толькі потым скеміў, чым так уразіў жанчыну.

- Прабач, - нарэшце сказаў ён і прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. - Я ж думаў, усе сышлі, і хацеў толькі імбрык на пліту паставіць.

- Нічога страшнага, я зараз устану і пастаўлю...

Гаспадар вярнуўся ў пакой і, калі пачаў апранацца, дык адчуў, што яму ізноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухні і паставіць імбрык.

- А я ложак не паспеў заслаць, - сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.

- Ты зараз ідзеш на працу? - спыталася жанчына.

- Не пайду, затэлефаную і вазьму бібліятэчны дзень.

- А ў мяне самы звычайны адгул.

«Загул, - падумаў гаспадар, - самы звычайны загул. І трэба, каб ён працягнуўся». Ён разліў кіпень па кубках.

- Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?

- А чаму ты пытаешся?

- Гэта праўда, што твой сябра з міністэрства ўнутраных спраў?

- А якое гэта мае значэнне?

- Калі ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак і паспаць.

- У тваёй прапанове эратычны падтэкст?

- Я не падумаў, але, калі мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.

- Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, - сяброўка начнога Госця памыла кубкі.

Мужчына і жанчына леглі ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго і прытулілася ўсім целам. Мужчына гладзіў жаночую спіну. Раптам у вітальні падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхінуў палюбоўніцу, устаў і на дыбачках прайшоў у вітальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.

«Колькі можна хадзіць? Ні канца, ні краю. Ну, колькі можна хадзіць і збіваць кайф? Не адчыню, і канец!» - падумаў гаспадар і вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.

 

XXVІІ. НЯБОЖЧЫК

 

На памінкі я патрапіў выпадкова. Ну, не зусім выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка - колькі разоў сядзелі і выпівалі за адным сталом. Але і памінкі былі не зусім памінкі, бо сабраліся толькі аднакурснікі Нябожчыка, ні маці, ні жонкі, ні каханкі не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...

За чатыры дні да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы і вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзіроўку, а сам пайшоў да каханкі. Там ён і сканаў. Сэрца спынілася. Каханка выклікала «хуткую дапамогу». Нябожчыка завезлі ў морг, дзе ва ўліковай кнізе зрабілі запіс наступнага зместу: такі і такі ўзяты па адрасу - горад Менск, вуліца Багдановіча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены і напісана, што Нябожчыка забралі з дому. А калі «з дому», дык у моргу ніхто і не хваляваўся, усе былі ўпэўненыя, што сваякі ведаюць пра смерць. Але ж і маці і жонка нічога не ведалі. А каханка маўчала. Потым пайшлі чуткі, але ўсе яны разбіваліся аб тэлефоннае «ў камандзіроўцы». Нарэшце адзін з аднакурснікаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалі прыехаць і апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў і ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснік працуе разам са мною, і адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я «дастаў» каньяк, бо цяпер на памінкі ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якім даведаўся, што Нябожчыка забралі ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вуліцы Багдановіча ў доме 55 і кватэра 200 знаходзіцца ў суседнім пад'ездзе.

З памінак я вярнуўся позна і адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё імя. Я расплюшчыў вочы і ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывісты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. «Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу», - даляцела з-за акна. Каб я жыў, як і раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якіх-небудзь падпітых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку і не мог нават варухнуцца, каб запаліць святло. «Падыдзі да акна», - сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў і ішоў да акна, цень знік. Я рэзка адкінуў штору і быў ужо ўпэўнены, што там нікога няма. Але я ўбачыў, што пад ліхтаром стаіць Нябожчык. На ім быў чорны гарнітур, белая кашуля і элегантны маленькі гальштук-мятлік. У мёртвым ліхтарным святле срэбнымі водбліскамі іскрылася сівая фрызура і падкручаныя цёмныя вусікі. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвіліну ён нахіліў голаў, маўляў, я з вамі развітваюся, і рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.

Адзінае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавіны мне хадзіць не варта, хай сабе і запрасілі.

Зямля - пухам.

 

XXVІІІ. ТУСОЎШЧЫК

 

Журналіст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помніш? Гурт «Эксгуматар», трэш, мэтал, я на басе. Успомніў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыцці зусім іншае. На сцэне - завод, кайф, лом... А ў жыцці - шаноўныя, набывайце фотаздымкі! Брус Лі! Шварцэнегер! Цой! Апошні здымак, за дзень да смерці! Рэмба! Ніндзя! Набывайце, кошт - адзін рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзін стаю ў сырым падземным пераходзе і гандлюю гэтай поганню, раблю бабкі, зарабляю на гітару - на музыку. І гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалі. Кабак ёсць кабак, туды толькі ўлезь, і назад дарогі няма. І які б ты моцны ні быў, а раз-другі злабаеш папсу кабацкую і ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я - рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасіць, я за трэш... І не трэба крывіцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краіна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды - «Бастыён», «Тарнада», «Радыяцыя»?.. Гэта ж магіла ўсім астатнім. Мы прымусім нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, і я гандлюю здымкамі, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так і напішы, журналіст, не памылішся.

Тусоўшчык прыпаліў цыгарэту.

А зрэшты, усё гэта - падман. І ты гэта бачыш, журналіст. Я зламаўся, патрапіў не ў сваю танальнасць і зламаўся. Іграў, іграў, а потым нібыта хто пульт абрубіў. Гасіце святло, прыехалі. І ведаеш, не ў мяне аднаго такое здарылася. Я ж тусуюся, з тым пагавару, з гэтым. Усе кажуць, што наш час прайшоў. І слушна, бо і сапраўды ўсёмагутная рука адключыла наш ток і забрала таленты. І цяпер хто куды... Адны напіваюцца да адключкі. Другія лётаюць па горадзе з думкаю: «Каго б яшчэ трахнуць?» Трэція прыфарцоўваюць, заняліся камерцыяй. На мяне ты не глядзі, гэта часова. Не магу я адразу пайсці ў рэстарацыю, можа, пайду ў пахавальную каманду, бо лепей ужо могілкавы Шапэн, чым п'яная ламбада. А ёсць яшчэ і чацвёртыя, яны ў рэлігію павалакліся. Яны кляпаюць тэксты пра Хрыста і Саборніка і ўпэўненыя, што робяць святую справу, а сапраўдныя вернікі чуць гэтага не могуць, абураюцца, кажуць, што ўсё гэта блюзнерства. І слушна кажуць, бо рыба павінна ведаць свой вір. Музыка - гэта споведзь, а не прамова ці заклік. Месца музыкі на хорах, а не на казальніцы. Для музыкі галоўнае што? Каб музыка вылілася, выйшла з яго, а пачуе хто ці не пачуе - справа дзесятая. Гэта ў папсавікоў колькасцю слухачоў вымяраецца якасць прадукцыі, а ў рокераў - кайфам. Але паэт памірае ў табе раней, чым ты гэта заўважаеш. Так і музыка, ты яшчэ перабіраеш струны сваімі хуткімі пальцамі і не чуеш, што ўласна музыкі няма. І трэба ўжо ісці прадаваць абразкі Бруса Лі, а ты ўсё яшчэ катуеш інструмент. Як адчуў я сваю няздатнасць, дык думаў - павешуся ад крыўды. Прайшло. У падземным пераходзе скразнякі, яны мяне крыху астудзілі. Магіла магілай, але не сапраўдная. Нашто Бога гнявіць, нават калі Яго нямашака? Астыў, стаю, гандлюю, на людзей гляджу, на піва зарабляю і, як дзіця, спадзяюся на заўтрашні дзень. Вось і ўсё, журналіст. А пісаць ці не, вырашай сам. Пішы, пакуль здатнасць не адабрала. Зрэшты, усе там будзем.

 

XXІX. АСВЯТЛЯЛЬНІК

 

Цемра. Чорна. Падаю. Чаму так цёмна? Дзе рубільнік? Нарэшце...

Дзед трымае сярнічку, агеньчык выхоплівае з чарноцця газоўку. Патрэсквае, запальваецца кнот. Дзед папраўляе яго і накрывае шклом. У хаце цёпла, пахне печкай і хлебным мякішам. Матылёк б'ецца ў тонкае шкло газоўкі. «Вось і ноч на дварэ», - голас у дзеда сапраўдны, ён не скажоны мікрафонам і ўзмацняльнікамі...

Які Дзед? Які кнот? Я стаяў на стадыёне, за сцэнаю, мне зрабілася блага... Падаю. Цемрадзь суцэльная.

Голас, нечы знаёмы, дзядзькі Антака... «Чакайце, чакайце, асцярожна! Зараз, зараз... Раз, два, тры!!!» Успышка. Рэзь уваччу. Адвярнуцца, схавацца, закрыць твар рукамі... «Вось і ў нашай хаце лямпы дзённага святла», - Антакаў голас. Асцярожна расплюшчыць вочы, спачатку левае... Антак стаіць на зэдліку і пакручвае малочна-белую трубку. «Асцярожна, не ўпадзі!» - голас дзеда. Зэдлік хістаецца, дзядзька падае...

Лямпа гасне...

Я падаю, гэта я падаю на стадыёне, за сцэнаю, я... Добра што на зямлю. Трава мяккая. Высока ў небе пражэктары халодныя, сцюдзёныя, стадыённыя... Твары, яны засланілі пражэктары. Контражур. Не пазнаць - хто. Нехта свой, напэўна.

Ціха, цёмна...

Антакаў голас: «Вось вам і лямпы дзённага святла...» «Пабіўся?» - гэта дзед. «Здаецца, не...»

Трава мяккая. Стадыён. Гук! 50 тысяч слухачоў крычаць на стадыёне. Канферансье вітае іх. Стадыён аціхае, каб узняць новую хвалю крыкаў, як толькі з'явіцца першы саліст. Шум, бубнач пачынае... Трэба расплюшчыць вочы. Трэба ўстаць. Боль. Ён леваруч. Сэрца. Вось так на стадыёне памерці, за сцэнаю, на зямлі... За што? Божа, за што такая сабачая смерць?

Удар па шчацэ! Не трэба...

Ноч, поле, я ляжу на саломе каля бурта з бульбаю. А нада мною вераснёвы Млечны Шлях. Яркі, святочны...

Удар па шчацэ! За што?

Ноч, лес, я - хлопчык, мне дзесяць гадоў, іду праз лес. Над вершалінамі жнівеньскі Млечны Шлях. Набліжаецца рокат матацыкла. Фара. Я ўправа, яна ўправа. Я ўлева, яна... Удар! Боль. Я на пяску лясной дарогі. Аціхае рокат матацыкла.

Рокат стадыёна. Іх тысячы і тысячы. Яны прыйшлі слухаць і глядзець на куміра. На свайго ўлюбёнага матылька, што будзе пырхаць у рознакаляровым святле, будзе трапятацца, пакуль не спаліць крылцы ў хуткаплыннай вядомасці. Матылькоў шмат, а лямпа адна. Фанатаў безліч. Кумір выбіваецца з натоўпу і ляціць на вясёлкавае святло, на сцэну і згарае. Колькі іх было і будзе? А натоўп не ведае, што за сцэнаю ў цемры стаіць войска, якое запальвае зоры, якое стварае зоры, якое стварае абразы, лепіць куміраў. Колькі зорак запаліў я?

Маё цела ляжыць за сцэнаю ў цемры, над ім схілілася доктарка. Цела памірае, я бачу яго, дзіўна. Яно выпрасталася на траве. Доктарка пасылае майго памочніка па «хуткую дапамогу»... А шоў-машына працуе, як адладжаны матор. Канферансье есць сала, ён закусвае свае сто спірытусавых грамаў. Саліст прычэсваецца перад люстэркам. Піратэхнік паліць. Целаахоўнік сочыць за ўзбуджаным стадыёнам. Журналіст... Журналіст ідзе да майго мёртвага, напэўна, ужо мёртвага цела. Ён спявае ціха сам сабе: «Отряд не заметил потери бойца...» Цынік, ён спявае на імперскай мове, ён жартуе, ён... Ён спалохаўся і хаваецца за цынізм. Нічога, згаснуць агні стадыёна, ён нап'ецца з цыцкастай прастытуткаю і забудзе пра маю смерць. Памочнік вяртаецца з двума санітарамі. Маё цела...

Цёмна.

Лямпа ў вочы. Голас чужы, зямны: «А мы ўжо падумалі, што аблом».

 

XХХ. АНАРХІСТ

 

Я - анархіст. Так, так, менавіта Анархіст. Вы не памыліліся, але яшчэ раз паўтару з велізарным задавальненнем і нават па складах - а-нар-хіст. Гэта найлепшае слова, якое ведаю. Яно для мяне як хары-крышна для крышнаітаў, як рама-рама, як мама-мама для дзяцей. Яно вызначае мяне, і я вызначаю яго. Я - мастак-анархіст. Мой лозунг: «Выбух зменіць свет!». Я працую ў стылі выбух-арт. Ну, напрыклад: збіраю старыя балончыкі з-пад аэразольных фарбаў, раскладаю вогнішча, закідваю ў яго балончыкі, чакаю... Выбух! Акт творчасці, па якім у мяне застаюцца сведкі - рэшткі ўзарваных балончыкаў. Выбітна выкананы твор: акт, хэпенінг, перформанс - усё разам. А каб я быў чалавеканелюбам, дык узрываў бы бомбы, гінулі б людзі... Але такое не па-мастацку, яно занадта пахне палітыкай. А палітыка, асабіста для мяне, патыхае гноем. Натуральна! А чым яна яшчэ можа патыхаць, калі ў выніку палітычных акцый з'яўляюцца палі, засланыя нябожчыкамі? А спалітызаваныя партыйныя творцы пачынаюць апяваць краявіды пасля бітвы. Гэта ж маральнае калецтва. Вам ясна, я - шызафрэнік. Маё месца ў псіхіятрычнай лякарні. А я і не адмаўляю тых фактаў, што быў там, і не адзін раз. Мастацтва (хай вам і банальна) вымагае ахвяраў. Адна з ахвяраў - наведванне псіхіятра. «Доктар, а калі ўзарваць лякарню?» Псіхіятр усміхаецца: «Выдатная ідэя ў цябе, Ражковіч. Нашая клініка мне абрыдла не менш, чым табе. Давай разам распрацуем план і прызначым дату...» І я думаю, хто з нас большы вар'ят. Толькі ў такім накірунку думаць няма сэнсу. Хто больш, хто менш, не вызначаецца, няма шаляў. Усе вар'яты, і хто больш, і хто менш. Але доктар не анархіст, ён... Пакінем за кадрам. Адзіны добры ўспамін пра лякарню - я знайшоў там Лабарантку. «І сапраўды, - падумаў, - чаму мне не завесці Лабарантку?

У доктара вунь колькі памочнікаў: медсёстры, санітары, практыканты... А ў мяне хоць бы Лабарантка, а то ж нікога». Я падумаў, калі сядзеў на складзе бялізны і глядзеў на маленькую жанчынку, што адлічвала мне прасціны дый ручнікі. Яе звалі Элеанора. Нават сугучча ёсць паміж «Лабарантка» і Элеанора. Ці, можа, мне так падаецца, напэўна, падаецца; але я падышоў да яе і абняў нязграбна, так няўдала атрымліваецца, калі ты доўга не абдымаў кабет. Яна паспрабавала адхінуцца, але я не пусціў і пацалаваў яе, і яна аціхла, і нічога не сказала, калі я распрануў яе. А тады Элеанора была зусім схуднелая - ключыцы тырчаць, грудзей дык зусім няма, жывот праваліўся... Жах. Але і я такі самы быў - ткні, павалюся. Паслалі мы коўдру на падлозе, леглі, прытуліліся, і тут... Похва ў Элеаноры зусім вузкая, як выявілася. Мая Лабарантка аж ускрыкнула, калі мы разам прыладжвалі мой, не такі ўжо і вялікі балончык. А потым пайшло лягчэй ды лягчэй, дый так пайшло, што я запар тры разы выбухнуў. Вось так і знайшоў сабе Лабарантку. А выпісалася яна раней за мяне і пачала штодня мне гасцінцы ў лякарню прыносіць. А ўжо як мяне адпусцілі, я і забраў яе да сябе ў майстэрню жыць.

Выбух уратуе свет! Выбух, гэта дакладна. І хай сабе гэта будзе выбух пачуццяў.

Вось я і жыву цяпер разам з Лабаранткаю і працую ўдвая-ўтрая больш, чым раней. А ўночы я з ёй катаюся на тралейбусах. Вы нас, пэўна, бачылі. Я ў доўгім шынялі, ботах і шапцы-вушанцы, адным словам - анархіст. А Лабарантка мая заўсёды букет у руцэ трымае - ці то лісця, ці то кветак, ці сухіх галінак. Ну, вядома, бачылі вы нас у тралейбусе, ноччу, з букетам. Вось, слушна, гэта ў мяне пад левым вокам намаляваная чырвоная пяціканцовая зорка.

 

XХХI. ПАЛЯВІК

 

Абітурыент і абітурыентка здалі перадапошні іспыт дый вырашылі адзначыць падзею. Прыдбалі пляшку празрыстай настойкі «Беларуская арыгінальная» і паехалі на электрычцы за горад. У лесе абітурыенты расклалі вогнішча. Яны пілі горкую настойку, салодка цалаваліся і не заўважылі, як прайшоў час. Каб хутчэй дабрацца да станцыі, абітурыенты пайшлі не па дарозе, а пашыбавалі праз жытнёвае поле - напрасткі. Пасярод поля абітурыенту да смерці захацелася зведаць жанчыну. Ён ніколі не меў жанчыны, таму засаромеўся самога сябе, але выпітая «Беларуская арыгінальная» і ўспамін пра пацалункі ля вогнішча падштурхнулі да наступу. Ён нязграбна блытаўся ў трох словах, пакуль прапанаваў спыніцца і адпачыць. Абітурыентка не адказала, але, калі той на зямлі разаслаў сваю марынарку, яна пакорліва апусцілася на калені. Хлопец і дзяўчына пажадалі зрабіць тое, што ім хацелася ўтварыць у лесе. Абітурыентка занервавала, бо сяброўкі папярэджвалі: як толькі мужчына ўвойдзе ў цела - з'явіцца боль, і ўсё адно ёй страшэнна жадалася, каб менавіта тут, на полі, зараз, неадкладна тое і здарылася. Дзяўчыну здзівілі памеры чэлеса ў эрэкцыі, яна раптам забаялася, што не зможа прыняць яго ў сябе, што ёй будзе страшна балюча. І разам з гэтым яна хацела падабацца хлопцу, які гэтаксама баяўся за сваю няўклюднасць і недасведчанасць у інтымных справах. Абітурыент з абітурыенткаю валтузіліся ў жыце, яны спрабавалі хутчэй здзейсніць наканаванае, але нічога ладнага не атрымлівалася. Яны не ўмелі мілавацца. Ні яго, ні яе ніхто не навучыў мастацтву цялеснае любові. Яны адно ведалі, што павінна адбыцца надзвычайная падзея, таму працягвалі валтузню на пакамечанай марынарцы. Нарэшце хлопец здагадаўся дапамагчы свайму чэлесу рукою і зрабіў рызыкоўны рэзкі рух дый пачуў, як праваліўся ў апякальную глыбіню. Жанчына выгнулася насустрач мужчынскай сіле. Мужчына адхінуўся ад жанчыны. Ад выгляду крывавых рагаў на жаночых сцёгнах і клубах яму зрабілася зімна.

- З мяне выцеча ўся кроў, - упэўнена прамовіла абітурыентка і пачала абцірацца хусткаю.

- Як ты пойдзеш? - пераадольваючы млосць, выціснуў з сябе абітурыент.

- Уздзену нагавіцы і пайду...

Яна ўжо зашпіляла гузік на джынсах, калі зусім побач зашамацела жыта і пачуўся гучны пранізлівы свіст. Абітурыенты павярнуліся на гук і пабачылі мужчыну ў белым шаўковым строі, зялёнай кашулі ды жоўтым саламяным канацье. Ён высока ўзняў тонкі драўляны кій, так дырыжор узнімае палачку за імгненне да ўверцюры, і сказаў:

- Вы, як бачым, ладны лапік жыта выкачалі. І трэба вас пакараць. Але ўлічваючы ўмовы, - пакаранне будзе няцяжкае. Каля вашых ног ляжыць камень. Вазьміце яго і вынесіце з поля дый кіньце каля дарогі. Я - Палявік і страшэнна не люблю камянёў, што ляжаць на палях.

Па гэтых словах Палявік упаў у жыта дагары тварам, і па полі разышліся хвалі, такія кругі ідуць па ціхай вадзе, калі кінеш камень.

Абітурыент узяў на рукі цяжкі, як падняць, валун і, пахістваючыся, рушыў да дарогі. Абітурыентка ішла следам і несла перапэцканую марынарку.

Апошні іспыт абітурыент здаў на «выдатна», а вось абітурыентцы не пашанцавала - паставілі «двойку». Радасць і гора яны адзначылі паасобку: яна глядзела штучную эротыку ў відэасалоне, а ён з сябрамі піў горкую настойку «Беларускую арыгінальную».

 

XXXІІ. ПАСТУХ

 

Ад самае раніцы сыпаў дождж. Пастух, хлопчык, ішоў за статкам і раз-пораз папраўляў велікаватую, бо дзедава, кепку. Ватоўка набрыняла вільгаццю і зрабілася цяжкаю. Дождж церусіў на люстраную гравійку, на пярэсты статак кароў, на груды, на прыдарожныя хмызы, на ўвесь Божы свет... Хлопчыка пакінулі на дарозе, каб якая з кароў не высунулася на гравійку і яе, крый Бог, не збіў самазвал.

У ватоўцы ляжаў пачак «Прымы» і запалкі. Пастуху закарцела папаліць, але ён саромеўся старых цётак, якія абавязкова скажуць ягонай бабе, калі ён толькі запаліць. Хлопчык быў якраз у тым узросце, калі пачынаюць паціху паліць у зацяг, але калі яшчэ год ці два саромеюцца рабіць гэта на вачах старэйшых.

Каровы скублі чэзлую траву на адхонах. Дождж патроху аціх. Халаднаваты вецер пагнаў па небе спачатку цёмныя, а потым святлейшыя і зусім белыя аблачынкі. У высокім блакіце паўстала сляпучае, да зялёнага, сонца. Пастухі пагналі кароў на поплаў. Хлопчыка паставілі запыняць ад рэчкі. Ён скінуў ватоўку і зняў кепку, бо высокае сонца ўжо добра прыпякала. Захацелася піць, але вада ў рэчцы плыла высокая і рудая пасля дажджу. Пастух пабег да старой, што пільнавала кароў збоку поля, каб не стапталі грэчкі. У старой знайшлася бутэлька малака, заткнутая газетным коркам. Хлопчык выпіў палову, падзякаваў і пайшоў было да рэчкі. Але праз колькі крокаў спыніўся, каб яшчэ раз сказаць «дзякуй за малако».

Старая кабета стаяла на ўскрайку чырвонага поля грэчкі, тварам да хлопчыка. З-пад доўгае чорнае спадніцы, паміж расстаўленых босых ног, на нізкую траву з шалёсткім шумам падаў іскрысты струмень. Хлопчык пачырванеў, як зачараваны, ён не мог адвесці вачэй ад зіхоткага струменя, што ляцеў на зямлю і рассыпаўся на дыяментавыя драбочкі.

- Чаго стаў? Ідзі. Старая ўжо я, - загаварыла кабета. - Ці ж ты сам так не робіш?

- Раблю, - адказаў Пастух і павярнуўся да яе спінаю.

Увечары зноў сабралася на дождж. І калі прыгналі статак у вёску, дык Пастух адразу пабег на балота да хлапцоў, што клалі вогнішча, каб паспець да дажджу расказаць пра тое, як старая рабіла стоячы і нават спадніцу не задзірала. Пачаў накрапваць дождж. Пастух дабег да вогнішча. Але так нікому і не распавёў - пасаромеўся.

 

XXXІІІ. КАРЭСПАНДЭНТКА

 

Прывітанне!

Адразу папрашу: абавязкова і неадкладна прачытайце мой ліст на тэлевізіі. Ён шмат каго папярэдзіць і прымусіць задумацца над уласнымі паводзінамі.

Справа ў тым, што я пастаянна займаюся мастурбацыяй - сексам сам-насам.

Першы раз я задаволіла сябе ў чатырнаццаць гадоў. Мяне заўсёды вабіла ўласнае цела. Я любіла стаяць перад люстэркам і разглядаць свой твар. Уключала музыку, рухалася і назірала за адбіткам. Прыдумала: распранацца і танчыць аголенай. Само па сабе атрымалася і гэта. Я нават спярша не зразумела, што адбываецца. Рукі самі песцілі грудзі, пальцы знаходзілі прыемныя зоны - пагладжвалі жывот і сцёгны, пакуль не трапілі ў патаемнае месца. Было невыказна добра.

Танцы перад люстэркам занялі ўсе думкі, усе мары, засланілі ўсе жаданні... Я танчыла - танчыла штодня.

Мне - шаснаццаць гадоў. Я даволі прывабная дзяўчына, і шмат хлопцаў выказваюць мне сімпатыі... У мяне больш чым дастаткова знаёмых мужчын, але, у адрозненне ад іншых дзяўчат, застаюся цнатліваю, калі толькі можна так гаварыць пра чалавека, які штодня з замілаваннем глядзіць у люстэрка... Здаралася безліч выпадкаў, калі я магла згубіць цноту, але... Ці патрэбна? Я задавальняю сябе цалкам. Больш таго, ніхто са знаёмых не вабіць мяне як уласна мужчына. Даволі дзіўна, праўда? Але пачуццё гідлівасці выклікаюць і дзяўчаты, асабліва тыя, што самазадавальняюцца з дапамогаю фотакартак з тварамі вядомых тэлевізійных актораў. Зусім незразумелае вычварэнне! Да думкі, што мне не падабаюцца ні жанчыны, ні мужчыны, я прыйшла нядаўна - мне зрабілася страшна. Мне жахліва, што ніколі не нараджу дзіця, нікому не стану мацеркаю... Пужаюся, так-так, менавіта пужаюся сексу з мужчынамі. Нават не столькі страшна, колькі гідка ад уяўлення сексу з мужчынамі. Ад адной думкі, што побач і ўва мне мужчына, - апаноўвае жудасць.

Можа, я ненармальная, і трэба лекавацца?

Але я не ведаю, да каго звярнуцца, бо мой любімы адбітак у люстэрку толькі задае пытанні. Дзе ж адказ?

Зрэшты, не трэба чытаць мой ліст па тэлевізіі, бо ведаю: секс сам-насам найпрыемнейшы ў свеце занятак. А калі хто супраць, дык толькі таму, што нічога не разумее ў асалодзе.

Бог з вамі.

Бывайце.

 

XХХIV. ДАМАВІК-5

 

Дамавік назіраў за жанчынаю з цёмнага кута. Тая сядзела за пісьмовым сталом і складала ліст у рэдакцыю папулярнага часопіса. Настольная лямпа ярка асвятляла аркушы, вырваныя са школьнага сшытка. Дамавік чытаў:

«Прывітанне, часопіс «АВС»!

Маё імя - Анжэліка. Мне дваццаць два гады. Працую сакратаркаю. Але асноўны занятак - прастытуцыя».

Жанчына спынілася, перачытала напісанае, закрэсліла імя «Анжэліка» і вывела «Ірына». Дамавік немаведама нашто падміргнуў. Жанчына пакусала тронак шарыкавай асадкі, закрэмзала «Ірына» і выпісала «Галіна». Але і «Галіна» не ўтрымалася на перапэцканым месцы, бо замест яе з'явілася грувасткае, як старажытны Рым, імя Кунігунда. Дамавік у непаразуменні паціснуў плячыма. Ліст пісаўся далей:

«Сваё дзявоцтва я страціла ў трынаццаць. Наш клас завезлі ў працоўны лагер. Тут і пазнаёмілася з дзяўчынаю са старэйшага класа. Яна гуляла з хлопцамі і не хавала гэтага, прынамсі, і ад мяне. Шмат разоў і мне прапаноўвалі пагуляць - заняцца сексам, але я ўсё адмаўлялася, пакуль старэйшая сяброўка не сказала, што я дэбілка, бо секс - гэта зусім не балюча, а наадварот - вельмі прыемны занятак, да якога раней ці пазней, а прыходзяць усе нармальныя людзі. Я пагадзілася пайсці з хлопцамі, іх было двое аднакласнікаў сяброўкі, і яны мелі вопыт у такіх справах. Пасля той прагулянкі мы ўтраіх уцякалі з лагера кожную ноч.

А калі я вярнулася ў горад, дык хлопцы з майго двара нейкім чынам даведаліся пра лагерныя прыгоды. Напэўна, нехта высачыў нас. Хлопцы пачалі падпільноўваць мяне ў пад'ездзе, некалькі разоў спрабавалі згвалціць, бо я адмаўлялася ісці, як кажуць, у ложак. Аднаго разу яны сказалі, што больш не будуць мяне дамагацца, і прапанавалі за гэта выпіць віна. У сутарэнні мы сядзелі на скрынях і пілі горка-салодкі «Вермут». Я напілася так, што страціла прытомнасць, як кажуць, да адключкі. Хлопцы мяне цалкам распранулі і згвалцілі, а яшчэ яны прынеслі фотаапарат і сфатаграфавалі мяне ў розных позах і нават з чэлесам у роце. А праз некалькі дзён, калі я зноў адмовілася ісці ў сутарэнні, яны паказалі фотакарткі і паабяцалі, што падораць іх дырэктару школы і маёй маці. Я выбрала сутарэнні. Туды і хадзіла амаль кожны дзень. Хлопцы прыводзілі знаёмых, якім за плату дазвалялі «паляжаць» са мной. Усе грошы ішлі на віно і цыгарэты. У рэшце рэшт я зацяжарала, бо ні пра якія процізачаткавыя сродкі нават размоў не было. Давялося рабіць аборт. Пакуль я хадзіла па гінеколагах, маё месца занялі іншыя дзяўчаты. Спачатку я страшэнна ўзрадавалася такой акалічнасці, але праз месяц - другі зразумела наступнае: я люблю секс, люблю аддавацца мужчынам, добра, калі іх некалькі, бо адзін, які б там ні быў, усё роўна не зможа мяне задаволіць...

Вечарамі я сядзела дома, пісала і перачытвала свой дзённік. Я ўсё не магла вырашыць, што ж мне рабіць.

Дзённік той і цяпер ёсць. І вось што там напісана...

«Вось і вярнулася з лякарні. Маці ні пра што не здагадалася. А праз мяне ўжо прайшло 46 хлопцаў, якім 16-18 гадоў, дый 28 мужчын, якім 19-25 гадоў. Былі і старэйшыя, але іх імёны я не занатоўвала».

Жанчына пачала перачытваць ліст ад самага пачатку. Яна шчыльна заштрыхавала «з чэлесам у роце» і напісала «з бутэлькай віна». Колькасць чалавек, што «прайшлі» да аборту, павялічвалася ўдвая.

Дамавік нячутна выйшаў з кватэры, сеў у пад'ездзе на парэнчы (дом стары - парэнчы шырокія, дубовыя, лакіраваныя) і запаліў цыгарэту.

А жанчына працягвала пісаць:

«Ад мужчын я адпачывала месяц, а потым пайшла на вакзал і пачала здымаць кліентаў. Ведала некалькі зручных месцаў - за гаражамі і на гарышчах. Кліенты звычайна спяшаліся і рабілі справы вельмі хутка. Дамаўлялася на пяць рублёў, але сустракаліся і такія, што зусім не хацелі плаціць. Так ці інакш, а за дзень атрымлівалася паўсотні. Дадому вярталася на таксоўцы. Сядала побач з шафёрам, закідала нагу на нагу... А працавала я на вакзале ў міні-спадніцы - зручна. Амаль усе таксавікі прапаноўвалі чырвонец, і што дзіўна - ніводзін не падмануў. Пэўна, баяліся, што непаўналетняя і запішу нумар, а потым заяўлю. Цяпер разумею, а тады над такімі дробязямі не задумвалася».

Жанчына адклала асадку, пацягнулася, як маладая котка, і пайшла ў гатавальню, дзе зварыла каву, дастала з лядоўні марозіва ды зрабіла глясэ. З высокай шклянкаю дзіцячага салодкага напою яна вярнулася за стол.

«Адзін з таксавікоў параіў папрацаваць на вялікіх магістралях. Ну і паспытала задавальнення. Выязджала за горад, выходзіла на трасу, дзе-небудзь за кіламетраў 5-6 ад кальцавой дарогі, і, калі бачыла вялікую фуру, расхінала куртку на голых грудзях ці задзірала спадніцу, пад якой, зразумела, нічога не было, акрамя маёй прыгажосці. Ехала з шафёрамі дзень ці два. Яны кармілі мяне і паілі. Я з імі разлічвалася. Калі шанцавала - давалі грошы на развітанне. Але дарогі хутка надакучылі. Улетку яшчэ можна трываць, а ўвосень-узімку - занятак для тых прастытутак, каму за пяцьдзесят».

Жанчына дапіла глясэ і занесла мутную шклянку ў гатавальню. У перадпакоі яна ледзь не сутыкнулася з Дамавіком, але той своечасова паспеў заняць месца ў выратавальным кутку.

«Трасы змяніла на бары. Звычайна ў барах працуюць школьніцы дый студэнткі-першакурсніцы. Аддаюцца ў мужчынскіх прыбіральнях. Стаўкі мізэрныя: вагінальны - 5 рублёў, аральны - 3 рублі. А ў адным бары непаўналеткі збілі цану так, што нават у вагіну каштавала рубель. Мужчыны баяцца ў такіх умовах лезці ў похву - хваробы, вошы... Даюць мінет. Задаволеныя ідыёткі бяруць і сціскаюць у кулаках зашмальцаваныя рублёвыя паперкі.

Працаваць у бары проста. Заходзіш, сядаеш за столік, робіш сумны выгляд. Кліент сам падыходзіць і прапаноўвае, застаецца адно ўдакладніць кошт. Ідзеш у прыбіральню.

Бывала і такое, што не паспявала апрануцца, а ў кабінку грукалі наступныя. Адчыняла, там чалавек з пяць. І нехта з усмешкаю казаў: «Ну што, кінем па траяку?» Я распраналася цалкам ці здымала толькі верх, як замовяць, укленчвала і брала мінет. Большасць мужчын прымушаюць глытаць сперму, а я не люблю, калі ў такія моманты на мяне глядзяць. А яны не толькі глядзелі, а і каментавалі бачанае. Заплацілі - глядзім і каментуем. Што сказаць?»

Жанчына падышла да акна і прытулілася лбом да шыбы. У цемры прабразгатаў асветлены трамвай з чорнымі постацямі самотных пасажыраў. Жанчына вярнулася да ліста:

«Працаваць у бары проста, але рызыкоўна.

Аднойчы малалетнія канкурэнткі мяне пакаралі. Працавала ў вузкай няўтульнай кабінцы. Раптам - дзверы зрываюцца з завесаў, мяне хапаюць за валасы, кліент некуды знікае. Мяне цягнуць праз пісуары да рукамыйнікаў і кідаюць на слізкую падлогу. Вакол тоўпяцца хлопцы і некалькі размаляваных дзевак рагочуць і крычаць. Я ў адных калготках сяджу на падлозе і не магу ўцяміць, што адбываецца. Мяне пачынаюць біць, як кажуць, «качаць нагамі». Потым гвалцяць. Я нават не крычу, баюся, што яшчэ горш будзе - заб'юць. Падлога мокрая, смярдзючая. А яны, каб не ўпэцкаць нагавіцы, падкладаюць сабе пад калені маю сукенку, сукі...»

Жанчына закрэсліла слова «сукі».

«Мяне выцягнулі на вуліцу і кінулі на тратуары. Аголеная з папарыванымі апранахамі пабегла да чэзлых хмызоў, дзе плакала і адзявалася ў мокрыя лахманы. Там і чакала ночы, каб дадому дайсці, каб людзі...»

Дамавік выйшаў з цёмнага кута на сярэдзіну пакоя і сказаў:

- Добры вечар, дзяўчыначка!

Жанчына здрыганулася, азірнуцца яна збаялася. Дамавік падышоў да стала, сабраў спісаныя аркушы, склаў іх у стос, які парваў на дробныя шматкі. Жанчына было памкнулася ратаваць паперы, але спалох не пусціў.

- Любіш мужчын? - спытаўся Дамавік, калі ўвесь стол быў засыпаны белым смеццем.

- Люблю, - прашаптала перапалоханая.

- Разбяры ложак, бо забыўся, калі апошні раз ужываў падушкі...

Жанчына паслухмяна выканала загад.

Такой ночы, як была з Дамавіком, жанчына не бачыла нават у снах. А ў снах яе любілі і мядзведзь, і конь, і нават слон, чым і выклікалася найвялікшая асалода.

Пад раніцу Дамавік сышоў. Жанчына бачыла праз акно, як ён сеў у пусты асветлены трамвай.

- Лісты ў рэдакцыю папулярнага часопіса «АВС» жанчына больш не складала.

 

XXXV. ХУТ

 

Хут? Увечары яго можна ўбачыць на небе, калі ён ляціць, вогненны чалавек-птах. Як за ім чырвоны след застаецца, дык ведайце - золата ён нясе гаспадарам, а як след на небе сіні - хлеб у яго руках.

Раней Хут у вёсках жыў, на гарышчах хаваўся, а цяпер і ў горад можа завітаць. Любіць Хут мастакоўскія мансарды. Вось адзін жывапісец расказваў такую гісторыю:

- Прыходжу я ў майстэрню, а на маім няскончаным палатне надпіс. Нібыта якое неразумнае дзіця пазабаўлялася. Я працаваў над краявідам, хацеў напісаць імжу, і ў мяне амаль атрымалася. Нават прахалодаю ад палатна павеяла. А тут узялі дый прымалявалі жоўтае сонца, брыдкае - з лупатымі вочкамі і шырозным ротам. А яшчэ і надпіс: «Занадта жмурна!!! Які ж ты мастак?» Я хацеў пайсці паскардзіцца ў пастарунак, а потым падумаў: можа, знаёмыя няўдала пажартавалі. Бог з імі, падумаў, і замазаў надпісы і сонца.

А калі на другі дзень у мяне з лядоўні ўсе яйкі ды брыкет масла зніклі, дык я расказаў знаёмаму і пра лядоўню, і пра малюнкі. Знаёмы сказаў, што гэта Хут, і параіў спячы яечню і паклікаць яго наступнымі словамі:

«Хут, Хут, хадзі сюды, пачастунак ёсць - яечня твая любімая!» Каб не крыўдзіць знаёмага, я паабяцаў, што так і зраблю. А сам падумаў: мой знаёмы - вар'ят, самы звычайны. Але і я не лепшы. Вярнуўся ў майстэрню, спёк сабе яечню і мяркую - вось вазьму зараз і клікну Хута. А што будзе? Ды нічога не будзе. Паставіў паніву з верашчакаю на стол і кажу: «Хут, Хут, хадзі сюды...» Не паспеў дагаварыць, як адчыніліся дзверы на гарышча.

Я ж там свае палотны хаваю, ну і розны рыштунак, каб у майстэрні вальней дыхалася. Выходзіць да мяне пачвара - чалавек не чалавек, птах не птах... Адразу не скажаш, хто такі. Галава чалавечая, толькі замест носа дзюба арліная. Рукі маленькія. За плячыма крылы вісяць. Уся пастава пёрамі парослая. А замест ног лапы курыныя, толькі вялікія, і кіпці не белыя, а чорныя. Грабануў Хут лапаю па падлозе, ажно трэскі пырснулі, і кажа: «Клікаў мяне?» - «Клікаў, - гавару, - клікаў», - «Яечню абяцаў?» - «Абяцаў, - гавару, - абяцаў». А сам думаю: вось заб'ю зараз Хута і чучала зраблю, во будзе чучала - усім чучалам чучала. Не паспеў пра тое падумаць, а Хут яечню з'еў і на гарышча ідзе. «Куды гэта ты?» - пытаюся. «Па справах трэба бегчы. А за пачастунак дзякуй». Зайшоў на гарышча і прычыніў за сабой дзверы. А я да стала падбег, у паніву паглядзеў - пустая. Звар'яцеў, сам сабе думаю, далібог, звар'яцеў. І раптам заўважаю: манета залатая на стале ляжыць. Хапануў манету і сышоў з майстэрні. Потым ювеліру паказаў, ён запэўніў, што самая сапраўдная царская. А цяпер у мяне з той манеты залаты зуб стаіць. Можаш паглядзець. Больш я Хута не бачыў і не клікаў, дзякуй Богу.

Ну, вядома, мастакі жыццё ўспрымаюць, як казку. У іх нават ад карціны прахалодаю павявае. Так што можна і не верыць. Але пра таго ж Хута мне і селянін расказваў, а селяніну я давяраю.

- Было так. Адзін мужчына пачуў, як жонка кліча Хута:

«Хут, Хут, хадзі сюды, дам табе яечаньку абарачаньку!» А калі жонка сышла, паніву пакінуўшы, дык мужчына з'еў яечню. А Хут раззлаваўся, бо падумаў, што знарок з яго здзекуюцца. Уночы падпаліў Хут дом і гумно. Людзі гасілі, але рады не далі. Стаяў пагарэлец пасярод двара і ўсё паверыць не мог, што пажар з-за яечні ўсчаўся. Стаяў, глядзеў на галавешкі і ўбачыў, што каля ганка ляжыць старое кола. Схапіў мужчына кола і кінуў яго на суседні гарод. Ён і ведаць не ведаў, што ягоны вораг Хут у кола перакінуўся. Дык адкуль што ўсё ўзялося ў суседа?! За які год стаў ён самы багаты ў вёсцы. А гэта Хут паспрыяў. Трэба ж шанаваць Хута. Паабяцаў яечню - частуй.

Так селянін расказваў. А сам я Хута не бачыў, але ж і не клікаў, бо хто яго ведае, а раптам не спадабаюся і ён спаліць дом ці наогул усё чыста агнём пусціць.

 

XXXVІ. ДВАРАВІК

 

У бары мужчына замовіў адно гарэлку. Ён сеў адзін і піў засяроджана, нібыта працаваў, таму і не заўважыў знаёмца, які ўзяў таксама гарэлку ды шукаў вольнае месца.

- Ты ўжо адзін п'еш? - знаёмец узрадаваўся, бо знайшоў вольнае крэсла.

- П'ю, - мужчына адказаў без імпэту.

- Можа, разам? - знаёмец сеў, наліў сабе поўную чарку і, не чокнуўшыся, выпіў, а потым дадаў:

- Ты з твару змяніўся... Можа што здарылася, а я і не ведаю? Можа, хто памёр?

- Ніхто не памёр, а шкада, лепш бы ён здох.

- Хто? - здзівіўся цікаўны знаёмец.

- Хто-хто? Конь у паліто! Вось хто. Сядзі пі.

- Ты перабраў. Можа, табе і піць не трэба? Га?

- Добра-добра, налівай. Вып'ем - раскажу. Мужчыны выпілі па поўнай чарцы.

- Бяда ў мяне. Тыдзень таму саджуся раніцай у свой «опель», і такое адчуванне, што на ім чужы паездзіў. Ты ж ведаеш, як я да свайго «опеля» стаўлюся, як да жонкі, а то й лепш. І не хаваю гэтага. Лялька ў мяне была, а не машына, а тут бачу - брудная і бензіну ледзь-ледзь да запраўкі даехаць засталося. Хто? Што? Невядома. Можа, падалося, думаю. І думаў так да наступнай раніцы, бо запісаў паказчык на спідометры, а назаўтра раніцай там тры сотні новых, не маіх кіламетраў. Што рабіць? Не ведаю! Колькі ні пільнаваў злодзея, не ўпільнаваў. Толькі аднаго разу бачыў падазронага тыпуса ў доўгім палітоне ды з кавенькаю. Я было да яго ісці, а ён за рог. Пакуль я за рог дома забег, там нікога няма, як скрозь зямлю праваліўся. Што цяпер рабіць? «Опеля» шкада. Гэта ж машына, да яе падыход адпаведны патрабуецца, а не так - сеў, паехаў.

- Не сумуй. Давай нальём, і скажу, што трэба рабіць з канём у паліто.

Мужчыны звонка чокнуліся і выпілі.

- Ты толькі не думай, што я чакануты, - пачаў знаёмец. - Бо гэта Дваравік катаецца на тваім «опелі».

- Ды мне хай сам чорт, абы ты навучыў, як гада ад машыны адагнаць.

Знаёмец навучыў мужчыну, як адагнаць Дваравіка. Той выслухаў, падзякаваў і сышоў з бара.

Дома ён узяў парафінавую (бо васковай не было) свечку, сярнічкі ды папяровы абразок. Паўночы мужчына праляжаў на падлозе свайго любімага «опеля». Ён ужо нават пачаў паціху клясці знаёмца з ягонай навукай, калі пачуў, як асцярожна адчыняюцца «опелевы» дзверцы. Мужчына раптам забыўся на ўсё доўгае навучанне і замест таго, каб запаліць свечку і асветленым абразком напужаць Дваравіка, схапіў таго за горла. І гэта было памылкаю, бо ўдар жахлівага цяжару забраў свядомасць. Дваравік не толькі збіў гаспадара дагледжанай машыны, а і саму яе знявечыў - кавенькаю разбіў ветравое шкло, нажом папрапорваў колы, пабіў фары, парэзаў крэслы, сапсаваў радыё, раструшчыў карбюратар, папарываў шлангі, выліў на зямлю масла і бензін - растрыбушыў «опель» за ўсю, як кажуць, мазуту.

Мужчына, як толькі ачомаўся, адразу заявіў у пастарунак, але злачынцу колькі ні шукалі, а так і не знайшлі. Так што рапараваўся «опель» за кошт гаспадара.

Больш той машыны ніхто не чапаў, таму можна сказаць, што спраўдзіліся словы знаёмца, які сказаў: «А Дваравік катаецца толькі на новых, дагледжаных, бліскучых, што тыя лялькі, машынах...»

 

XXXVІІ. СПЯВАЧКА

 

У Спявачкі быў слабы голас. Яна мела філасофскую адукацыю і густ. Выкшталцонасць дапамагала выбіраць тэксты песень, а густ маскаваў слабіну вакальных даных. Таму Спявачка даволі паспяхова запісвала кампазіцыі на радыё. Музыку яна прыдумвала сама, а вось іграць запрашала музыкаў з рок-гуртоў і кансерваторыі.

Музыкаў прыходзіла шмат - хто пайграць, хто паслухаць, а хто і папіць гарбаты. На адной з рэпетыцый адбылася сварка. Спявачка не пагадзілася з партыяй, што прапаноўвала віяланчэлістка. А тая, не - каб саступіць, пачала ўпірацца і настойваць на сваім варыянце. На бок віяланчэлісткі стала яшчэ і скрыпачка. Тады Спявачка папрасіла іх пайсці з кватэры. Калі віяланчэлістка са скрыпачкай сыходзілі, дык нагадалі ўсім, што ў Спявачкі слабы голас. І яшчэ запэўнілі, што больш рэпеціраваць і запісвацца на радыё ў такой падвязцы яны не будуць. Спявачка таксама нагаварыла шмат рознага на музыкантак, пакуль тыя чакалі ліфта.

Музычны крытык, які тым часам піў гарбату, вырашыў суцешыць пакрыўджаную. Ён дастаў з валізкі дый паставіў на стол бутэльку віна. Спявачка і крытык выпілі партвейн. Яна супакоілася, а ён узбудзіўся, бо захацеў перайсці ад тэарэтычнага суцяшэння да практычнага. Крытык пагладзіў сваё зарослае рыжай шчэццю падбароддзе і сказаў:

- У цябе выдатны густ.

- У мяне слабы і не пастаўлены голас, - сумна вымавіла Спявачка.

- У цябе выбітная пастава і доўгія ногі, ты цудоўна выглядаеш на сцэне.

- А ў жыцці я выглядаю блага? - іранічна пацікавілася яна.

- Калі ты побач, дык ногі мне падабаюцца ўдвая больш, чым на сцэне...

- А што табе падабаецца ў маіх нагах? - Спявачка пасунула спадніцу і агаліла калені.

Крытык укленчыў каля спяваччынага крэсла і зашаптаў:

- Мне падабаецца ўсё, што вышэй калень.

- Табе падабаюцца сцёгны? - удакладніла жанчына.

- Сцёгны і... - крытык пацалаваў спяваччына сцягно каля самага краю ўзнятае спадніцы.

- Які ты колкі! Чаму ты не пагаліўся?

Крытыкавы вушы пачырванелі, і ён пачаў апраўдвацца:

- У інтэрнаце другі дзень няма гарачай вады.

Раптам застракатаў дзвярны званок. Спявачка абсунула спадніцу і пабегла адчыняць. Крытык падняўся з калень і сеў за стол. Ягоны няголены твар азмрочвала расчараванне. У кватэру ўляцела запыханая круглавокая жанчына - менеджэр Спявачкі.

- Ты прагнала скрыпачку і віяланчэлістку?! Яны патэлефанавалі і заявілі, што не будуць выступаць з табой. Я месяц шукала іх, а ты парэпеціравала тыдзень і прагнала. Нават са мной не параілася. Дзе я новых знайду? - прагаварыла менеджэр на адным дыханні.

- Яны ўпартыя, тупыя і няздатныя да імправізацыі, - упэўнена баранілася Спявачка.

- У цябе ўсе тупыя і няздатныя ні на што. Але я табе дарую...

- Што ты даруеш? Хіба я нешта кепскае зрабіла?

- Праз тыдзень запіс, дзе мы возьмем музыкаў?

- Ты прынесла выпіць? - уклініўся ў спрэчку музычны крытык.

- Як ты здагадаўся? - здзівілася менеджэр.

- Убачыў у тваіх круглых вачах, - крытык падышоў да менеджэра, запусціў руку ў яе валізку і дастаў пляшку гарэлкі, не раўнуючы, як чараўнік дастае труса з цыліндра.

- Рыльца тырчала, - Спявачка сапсавала фокус.

Менеджэр, крытык і Спявачка пілі да дзвюх гадзін ночы. Бо як скончылася пітво, дык крытык схадзіў на таксовы прыпынак і прынёс яшчэ. Нарэшце Спявачка сказала, што хоча пайсці легчы. Музычны крытык шырока пазяхнуў і таксама выказаў жаданне паспаць. Менеджэр нічога не казала, адно хітнула галавою ў знак згоды. Леглі на канапе ўтраіх - менеджэр каля сцяны, крытык пасярэдзіне, а Спявачка ўладкавалася з краю.

- Не люблю мужчын, - гучна прашаптала менеджэр.

- І я не люблю, - азвалася Спявачка.

Музычны крытык хацеў быў сказаць, што і ён не любіць мужчын, але змаўчаў.

Спявачка выцягнула з-пад коўдры руку і пачала пяшчотна лашчыць валасы менеджэра. Крытык ляжаў нерухома і не ведаў, што казаць і што рабіць. Тым часам менеджэр прытулілася да яго ўсім целам, але толькі дзеля таго, каб зручней было лашчыць Спявачку.

- Можна палашчыць твой нос? - спыталася Спявачка ў менеджэра.

- Вядома. Табе падабаецца мой нос?

- І нос, і вочы, і спіна, і грудзі... Але я не магу дацягнуцца з-за гэтага крытыкана.

Музычны крытык скінуў з сябе жаночыя рукі і злез з канапы.

- Вычварэнкі, мачалкі, лесбіянкі, ідыёткі... - мармытаў ён.

- Пайшоў прэч! - надзіва цвяроза крыкнула Спявачка.

Крытык запаліў святло і пачаў апранацца. Жанчыны селі на канапе. Спяваччына рука ляжала паміж сцёгнаў менеджэра.

- Можа, і яго дарма выганяю? - пацікавілася Спявачка ў сваёй партнёркі.

- Ты ўсё правільна робіш, і я цябе люблю.

Музычны крытык гучна ляснуў дзвярыма.

Ён крочыў па пустых вуліцах і абдумваў зласлівы артыкул пра Спявачку. Крытык меў музычную адукацыю і абсалютны слых. Таму ён быў перакананы, што мае права напісаць пра слабы вакал. А ў падтэксце ён вырашыў адзначыць лесбіянскія схільнасці так званай зоркі сучаснай сцэны. Крытыку давялося доўга грукаць у замкнёныя інтэрнацкія дзверы, якія так і не адчыніліся. Тады ён намерыўся залезці ў свой пакой на пятым паверсе па балконах. Ён лез, як лазіў шмат разоў з балкона на балкон, і думаў пра артыкул.

Калі б ён сарваўся і ўпаў на асфальт, дык апошнія словы былі б такія: «У Спявачкі слабы голас!»

Бо менавіта так пачынаўся ягоны зласлівы артыкул: у Спявачкі...

 

XXXVІІІ. ЭКСКУРСАНТКА

 

Гід правёў групу ў двор Мірскага замка. Экскурсанты вышнураваліся паўколам. Гід пачаў дундзіць завучаны тэкст пра каштоўнасць старажытнага помніка дойлідства. Нават інтанацыйная амплітуда і акцэнтацыі ў гідавым дундзенні былі завучаныя. Адна з экскурсантак адышла ад групы і праз незачыненыя дзверы апынулася ў велізарнай залі. Экскурсантка азірнулася, а потым хуценька пашыбавала праз усю залю да цёмнага прагалу ў сцяне.

Замак стаяў на рэстаўрацыі, якая цягнулася больш за дзесяцігоддзе, і па стану помніка было відаць, што да заканчэння яшчэ далёка.

Праз прагал Экскурсантка трапіла ў невялікі пакой без вокнаў, з яго - у доўгі калідор, на які выходзіла шмат дзвярэй. Тут яна спынілася, нібыта выбірала, у які бок лепш пайсці. Выбар спыніўся на сходах у самым канцы калідора. Засыпаныя друзам сходы вывелі на другі паверх, у прасторную залю з растрыбушаным камінам. Па залі гулялі скразнякі - Экскурсантка знізала плячыма, яе пачала біць дрыготка. Раптам яна схапілася за жывот і скурчылася, нібыта лялька, зламаная напалам. Трымаючыся сцяны, Экскурсантка прасунулася з каміннае залі ў невялічкі светлы пакой, дзе спешкам зрабіла тое, што называюць малой і вялікай патрэбамі. Замест гігіенічных сурвэтак яна скарыстала навюткую насоўку. Экскурсантка таропка ўсцягнула майткі і калготкі, аправіла спадніцу, зірнула на зробленае, уздыхнула з палёгкаю і пакінула светлы пакой. З кожным крокам да Экскурсанткі вяртаўся яе заўсёды ўпэўнены і разам з тым крышачку меланхалічны выгляд.

Калі яна вярнулася да групы, гід якраз скончыў дундзенне і нехта з прысутных наважыўся вымавіць нясціплае пытанне:

- А дзе прыбіральня?

Гід бадзёра паведаміў, што Мірскі замак не адрапараваны і ў прыбіральню ўсе пойдуць на аўтастанцыі праз якіх паўгадзіны, бо экскурсія працягваецца.

- Няўжо нельга патрываць? - спыталася Экскурсантка адразу ва ўсёй групы і фанабэрыста ўскінула галаву.

 

XXXІX. ЧОРНАЯ ДАМА

 

Вяселле было сціплае, бо жаніх гуляў сваё вяселле другі раз. Ладзілі банкет у цеснай двухпакаёўцы, што мясцілася ў дзевяціпавярховіку на ўскрайку горада. Мужчын за сталом назбіралася ледзь не ўдвая больш, чымся жанчын. Таму самаму маладому хлопцу з кампаніі давялося пазавіхацца перад тым, як ён апынуўся на вуліцы з сястрою нявесты. Яна была значна старэйшая за хлопца, але яе прыгажосць проста ўражвала. Чорная сукня пасавала да вялікіх персіянскіх вачэй. Прыгажосць была д'ябальская. І таму канкрэтна сказаць, хто каго выбіраў на банкеце, ці ён яе, ці яна яго, немагчыма. Сам для сябе хлопец назваў жанчыну Чорная дама і не памыліўся, бо здарылася неспадзяванае...

Чорная дама прыняла запрашэнне «пакінуць банкет» з радасцю, чым і здзівіла хлопца. А калі ён пачаў цалаваць яе ў ліфце, дык адказала юрлівай непасрэднасцю. На вуліцы хлопец сказаў, што ведае выдатнае месца, і павёў Чорную даму за сабою. Па дарозе ён расказаў паданне пра Барбару Радзівіл, якую ў Нясвіжы называюць Чорная дама.

Паданне пра Чорную даму, якое расказаў малады чалавек:

Князёўна Барбара з Радзівілаў рана выйшла замуж, але рана і заўдавела, муж загінуў на вайне. Маладая ўдава-князёўна засталася жыць у Вільні ў палацы нябожчыка-мужа. На той час у Вільні жыў княжыч Жыгімонт, пляменнік вялікага князя. Ён убачыў Барбару і закахаўся. Разумная князёўна не была супраць таго, каб зрабіцца жонкаю будучага караля. Пачаліся патаемныя спатканні.

Пра такія сустрэчы шмат напісалі Бакачыо і Наварская.

Аднойчы месячнай ноччу княжыч пералез праз высокую сцяну ў сад да сваёй любай і натрапіў на варту. Узняўся вэрхал. Усхапілася чэлядзь...

Княжыч Жыгімонт змушаны быў ажаніцца з князёўнай Барбараю. Звянчалі іх патаемна ў касцёле. Неўзабаве Жыгімонт стаў-такі каралём. Але сойм не хацеў прызнаць за каралеву Барбару Радзівіл. Толькі Жыгімонт усё ж дамогся свайго, і ягоная жонка стала каралеваю. Аднак Барбара заставалася бяздзетнаю, нашчадка не было, а праз год яна раптоўна памерла. Гаварылі, што, нібыта, каралеву атруцілі. Караля вельмі засмуціла смерць любай. І жаніцца другі раз ён адмовіўся, бо моцна кахаў сваю Барбару. Прыдворныя запрасілі чарнакніжніка з Англіі, каб ён выклікаў дух каралеўны, які загадаў бы каралю ажаніцца. І вось аднойчы ўночы ў залю, дзе сядзеў Жыгімонт з гасцямі, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кінуўся да яе з крыкам: «Басенька, мая любая Басенька!» Ён схапіў яе за рукі, як стрэліў Пярун, і Чорная дама знікла.

Пасля дух Барбары ў выглядзе Чорнай дамы з'явіўся ў Нясвіжскім замку. Казалі і такое, што, калі ўзыдзе месяц, апоўначы ў замку з'яўляецца Чорная дама. Яна нібыта спрыяе закаханым і заступаецца за бяздзетных жанчын. А на каго Чорная дама зірне, таму выпадае шчасце.

Выдатным месцам, куды хлопец прывёў сваю Чорную даму, быў ельнік, што стаяў за кальцавой дарогай. Паміж ельнікам і полем была нешырокая паласа, парослая высокай і мяккай травою. Так што можна было легчы і адчуць рамантычную вусцішнасць. Напэўна, тое і адчувалі Чорная дама з маладым чалавекам пад месячным святлом. І раптам хлопец пачуў, што жанчына зусім не ў жарт пракусіла яму ніжнюю губу. Але ён імгненна забыўся на боль, бо быў заняты вызваленнем цяжкіх грудзей са станікавага палону. Акрываўленымі вуснамі ён цалаваў шыю Чорнай дамы і адначасна спрабаваў сцягнуць калготкі з жаночых клубоў. Жанчына адказала рэзкім супраціўленнем і паведаміла, што ёй нельга... Малады чалавек пачаў гарачым шэптам угаворваць даму. Ён абяцаў, што не будзе глыбока заходзіць, што зробіць усё акуратна, а калі яна не згодная ў першую адтуліну, дык ён не супраць паспрабаваць і ў другую. Чорная дама пагадзілася на варыянт з другой адтулінай. Малады чалавек задаволіў сябе цалкам. А жанчына стомленым голасам сказала, што ёй не вельмі падабаецца генітальны акт. Апраналася Чорная дама страшэнна павольна, і хлопец ужо збіраўся выказаць незадаволенасць, як здарылася неверагоднае...

Чорная дама хістанулася, і з вабнай намацальнай жанчыны ўтварылася клубчастая аблачынка, што атрутна патыхнула сераю. Аблачынка хутка ўзнялася ў зорнае неба і растала. Малады чалавек разгублена азіраўся, нібыта шукаў сведку. Але здзіўленне і разгубленасць яшчэ павялічыліся, бо ён убачыў, што стаіць пасярод пусткі, заваленай будаўнічым смеццем, што святочная адзежа парваная і ў гразі.

«Нельга столькі піць, - падумаў хлопец, каб нейкім чынам замацавацца ў рэальнасці, і ўголас паўтарыў: - Нельга напівацца на чужым вяселлі!»

 

XL. ФРАНТАВІК

 

Яны пілі ўтрох. Сядзелі за гастраномам на пластыкавых скрынях і разлівалі па шклянках моцны «Агдам». Хлопцы адзначалі вяртанне Франтавіка. Той адслужыў паўтара года ў Афганістане і вось вярнуўся цэлы і вясёлы. Чым не свята?!

- ...дваіх паклаў. Яны з нажамі, а я з пасам. - Франтавік выхваляўся. - І паклаў...

Гаварыў ён падоўгу з гонарам і амбітнасцю. Ягоныя сабутэльнікі не служылі ў войску, бо адзін хадзіў у студэнтах, а другі, як перакананы хіпі, паміж войскам і вар'ятняй выбраў вар'ятню. Таму Франтавік лічыў, што абавязаны выхваляцца.

- І траіх магу пакласці, - працягваў ён.

- Канчай заліваць, - студэнт перапыніў афганскага героя.

- Што ты там вякнуў, шчанюк? - Франтавіковы вочы заблішчалі дурным агнём.

- Не трэба, хлопцы, - вяла азваўся хіпі.

- Вы ўдвох, а я адзін! - Франтавік устаў са скрыні і выцягнуў з нагавіцаў пас.

- Я не буду, і вам не трэба, лепш выпіце віна, - хіпі са шкадаваннем зірнуў на студэнта.

Той устаў. Франтавік узняў складзены ўдвая і нацягнуты паміж чырвоных салдацкіх кулакоў скураны пас. Студэнт стаяў да яго бокам, таму Франтавік не бачыў, як быў расціснуты ў пальцах цыгарэтны недапалак.

- Нападай! - закамандаваў Франтавік.

Хіпі глядзеў у шклянку з віном.

- Конік! Чакай, зараз коніка злаўлю, - студэнт нахіліўся да травы і ўзняў сціснуты кулак.

- Злавіў? - пацікавіўся хіпі і папрасіў адпусціць жамярыну.

- Глянь, - студэнт падышоў да Франтавіка.

Той апусціў пас і ўтаропіўся на студэнтаў кулак. Пальцы расціснуліся. Студэнт здзьмуў тытунёвую пацяруху ў здзіўленыя вочы. Падмануты схапіўся за твар. Студэнт без размаху, але дакладна нанёс удар пад дыхаўку. Франтавік скурчыўся. Студэнт склаў рукі замком і абрынуў яго на Франтавікову шыю. Той упаў на зямлю. Студэнт сеў конна на пабітага і спытаўся:

- Усё?

Той застагнаў і паспрабаваў выкараскацца з-пад пераможцы, але не змог.

- Здаюся, злазь...

Студэнт з Франтавіком пачалі абтрасаць адзежу.

- Трэба яшчэ выпіць, - прапанаваў хіпі.

Яго паслалі па «Агдам».

Франтавік сеў на скрыню, запаліў цыгарэту і загаварыў:

- Да войска за такі вось жарт я б ніколі не дараваў. А цяпер мне без розніцы, прайграў ці выйграў. Звыкся не звяртаць увагі ні на што, нават на самога сябе. Абыякавасць - мой нармальны стан, нават калі запсіхую, дык толькі вонкава агрэсіўны, а ў душы ўсё роўна спакойны. Гэты спакой я адчуў у войску, калі даслужваў апошнія паўгода. І сон гэтыя паўгода мне сніўся той самы. Спакойны сон. Нібыта іду я ў краму, купляю бутэльку таннага мацаванага віна і плаўлены сырок, заходжу ў пад'езд, сядаю на падлогу каля батарэі, п'ю з рыльца і закусваю сырком. І ўсё. І найвышэйшы кайф - зайсці ў пад'езд і выпіць. Больш нічога не трэба.

Вярнуўся хіпі. Хлопцы разлілі па шклянках віно і чокнуліся.

 

XLI. ЛІФТАВІК

 

Жанчына зайшла ў ліфт і націснула кнопку з лічбаю 6.

«666 - знак д'ябла! Якое глупства, у нашае ліфтавае стагоддзе думаць пра д'ябла?» - разважала яна.

Ліфт спыніўся. Жанчына павярнулася тварам да дзвярэй, але тыя не рассунуліся.

«Засела... Ліфт зламаўся... Далібог, - мільганула ў жаночай свядомасці. - Што рабіць?»

- Чакаць! - пачула яна за спінаю і ўкамянела.

Схамянуўшыся, жанчына паспрабавала азірнуцца, але дужыя прахалодныя рукі не дазволілі.

- Закрычу! - папярэдзіла яна.

- Крычы! На крык збягуцца людзі, многа людзей... Яны ўзломяць дзверы. Ты плачучы пачнеш расказваць, што ў ліфце цябе спрабавалі згвалціць. Але кабіна будзе пустая. І ўсе падумаюць, што ты ўцякла з вар'ятні і трэба як мага хутчэй вярнуць лекарам іхнюю пацыентку. Цябе пачнуць супакойваць, але не са спачуваннем, а з апаслівасцю, са страхам у душы. Суседка з 345 кватэры, гэты цэнтнер жывое вагі са злосным сабачкам на руках, выкліча брыгаду санітараў. Ты паспрабуеш вырвацца, уцячы і зробіш яшчэ горш. Цябе прывяжуць да насілак. Ты назмагаешся на сорак дзён палону ў вар'ятні. Так што выбірай: або ты зараз зробіш усё, што я загадаю, або трапіш у лякарню.

- Гэ-э-эй! Хто там ліфт трымае?! - разляцелася па пад'ездзе.

Жанчына пазнала нахабны голас суседкі з кватэры 345.

- Пазнаеш голас? - пачула яна за спінаю задаволены шэпт.

- Пазнаю...

- А зараз я далічу да трох, і забрэша яе сабака. Раз... Два...

- Не трэба.

- Позна! Тры!

Злосны брэх разляцеўся на ўвесь пад'езд.

- Што Вам трэба? - вымавіла жанчына праз слёзы.

- Крышачку пяшчоты...

Прахалодныя дужыя рукі ўзляцелі па жаночых сцёгнах. Пераступаючы з нагі на нагу, жанчына зняла майткі. Яна падпарадкавалася ўпэўненым рукам, развяла ногі, нахілілася і ўбачыла, як мыскі яе пантофляў адрываюцца ад падлогі.

Ліфтавая кабіна хістанулася, заскрыгаталі тросы, рытмічны грукат заскакаў па пад'ездзе.

На першым паверсе каля сініх паштовых скрынак стаяла кабета з кватэры 345. У яе на руках сядзеў лупавокі сабачка. Побач, пры самых ліфтавых дзвярах, курыў мужчына з зямлістым тварам. Ён трымаў за руку дзяўчынку-школьніцу.

- Зноў Ліфтавік гуляе, - мужчына выкінуў цыгарэту.

- Пры дзецях мог бы і памаўчаць, - важна кіўнула кабета ў зямлісты твар.

Дзяўчынка-школьніца запытальна паглядзела на мужчыну, той схаваў вочы.

 

XLII. ПАЖАДНІК

 

Юнак стаяў на тралейбусным прыпынку пад ліхтаром. У шырокаадкрытых вачах плыла смуга алкагольнай асалоды.

З цемры да юнака наблізіўся Пажаднік у светлым плашчы.

- Прабачце, малады чалавек, ці не пачастуеце Вы мяне цыгарэтай?

Юнак са шкадаваннем дастаў пачак арабскіх цыгарэт «Клеапатра».

- І запалкі, калі Вам не цяжка...

Шчодры юнак затуліў далонямі агеньчык ад уяўнага ветру. Пажаднік прыпаліў цыгарэту і пяшчотна правёў рукою па юнаковаму сцягну. Той адхінуўся і натапырыўся.

- Што Вы так палохаецеся? - Пажаднік выпусціў дым праз ноздры, - у мяне ёсць цікавая прапанова. Пойдзем да мяне. У кватэры чакае жанчына. Гэта яна паслала мяне па цыгарэты. Ведаеце, так здараецца: ёсць жанчына, жаданне і няма цыгарэт. І даводзіцца ісці на вуліцу і прасіць. Я ўпэўнены, што яна ўзрадуецца, калі я прыйду з Вамі. І калі Вы дасце згоду, гэтая ноч абяцае быць прыемнай...

Халодны недавер бліснуў у асмужаных алкаголем вачах юнака.

- А можа Вы яшчэ не ведаеце, што такое жанчына?

- Ведаю, - паспешліва адказаў юнак.

- Тут зусім побач...

Пажаднік і юнак зайшлі ў цемнаваты пад'езд старога будынка.

- Другі паверх, - зусім ціха ўдакладніў Пажаднік.

На пляцоўцы паміж паверхамі ён злавіў у цемры юнакову руку. Той паспрабаваў вызваліцца, але намаганні былі марныя. Пажаднік моцна трымаў яго.

- Адну хвіліначку... Вы, як бачу, зусім не спрактыкаваны ў жаночым пытанні. І таму ў мяне ёсць прапанова. Трэба хуценька зняць напружанне, інакш Вы можаце патрапіць у малапрыемную сітуацыю, калі развітаецеся з патэнцыяй перад самым адказным момантам. Дазвольце Вам дапамагчы...

Пажаднікавы пальцы хутка расшпілілі гузікі на юнаковых нагавіцах.

- О, выдатна! Напятасць, як у струны. Даўно такога не бачыў. Выдатна...

Пажаднік укленчыў перад юнаком. Таму зрабілася млосна, і ён заплюшчыў вочы.

- А цяпер можна і да жанчыны пайсці, - Пажаднік выцер насоўкаю вусны.

Юнак пачаў было запраўляць кашулю і ў гэты момант атрымаў моцны ўдар кастэтам у падбароддзе.

Пажаднік зашпіліў светлы плашч, пераступіў праз непрытомнага юнака і выйшаў з пад'езда ў цёплую ноч.

 

XLIII. ПАЖАРНІК

 

Пажарнік хроп на раскірэку-тапчане. Поўня асвятляла сыты твар.

Фуражка з небліскучай кукардай ляжала побач з тэлефонным апаратам. Тэлефон раптоўна ўскінуўся траскучым звонам.

Пажарнік ускочыў так, нібыта яму ўсадзілі з размаху шыла ў бок.

- Пажарная! - пракашляўся ён у слухаўку.

- Я вячэру сабрала. Можна прынесці? - прапанаваў цёплы голас.

- Нясі! Магла б і не тэлефанаваць...

- А раптам ты на выездзе...

- Кінь, дурная. Яшчэ накаркаеш... Нясі хутчэй, а то кішкі марш іграюць.

На далёкім канцы паклалі слухаўку.

Пажарнік надзеў фуражку, запаліў настольную лямпу і прамармытаў у пракураныя вусны:

- Футы, нуты, чэрці гнуты...

Праз нізенькія дзверы ў пакой зайшоў Шафёр. На ім, як і на Пажарніку, спраўна сядзела гімнасцёрка і галіфэ. Толькі на цалкам лысай галаве не хапала фуражкі з кукардаю.

- Лахудра есці нясе? - Шафёр баднуў лысінаю паветра.

- Вядома, - меланхалічна адказаў Пажарнік.

- Кажуць, яна раней да салдатаў поўзала.

- А мне што з гэтага?

- Каб вошы не прынесла, а то потым не адцярэбімся, - Шафёр заваліўся на тапчан-раскірэку.

Пажарнік выняў з галіфэ калоду картаў і шпурнуў у круг святла пад лямпаю:

- Габлюй.

- Каб толькі трасцы не прыцягнула.

- Зубоў баяцца, у рот не даваць. Габлюй.

Шафёр з Пажарнікам згулялі ў «дурня» разоў з пяць, пакуль да іх не завітала жанчына ў сівым парыку. Проста на карты яна паставіла кайстру, з якой тырчала дзюба кітайскага тэрмаса.

- Казляты-рабяты, ваша мама прыйшла, малака прынясла, - праспявала жанчына з чорнай дзіркаю замест пярэдняга верхняга зуба.

Пажарнік пасунуў і згроб карты.

Шафёр высветліў, што ў тэрмасе замест гарбаты быў цукровы самагон.

Пажарнік кульнуў у сябе паўшклянкі і выхукнуў:

- Гарыць.

- Шэйсят градусаў, канешне, гарыць, - начная госця падаравала прысутным дзіравую ўсмешку.

Пасля другой порцыі самагону Пажарнік зняў фуражку, а пасля трэцяй расшпіліў гімнасцёрку і прапанаваў Шафёру пакінуць памяшканне.

Той не стаў спрачацца, а хуценька пайшоў за нізенькія дзверы.

Пажарнік з жанчынаю ў сівым курчавым парыку добра-ткі ўладкаваліся на тапчане, калі пачулі такое:

- Засунь ёй у дупу.

Над голымі каханкамі ўзвышаўся Шафёр у гімнасцёрцы, сваё галіфэ ён акуратна расклаў на стале.

Пажарнік з неахвотаю перапыніў распачаты занятак. Ён лёг на спіну і заклаў рукі за галаву. Жанчына села на яго і схілілася так, каб Шафёр змог зрабіць тое, што прапаноўваў Пажарніку.

Нацешыўшыся, Пажарнік, Шафёр і жанчына селі дапіваць самагон.

Кітайскі тэрмас хутка апаражніўся.

Шчарбатая начная госця сышла.

- Нутро гарыць, - паскардзіўся Пажарнік.

- Вадою патушы! - параіў Шафёр і бадануў паветра спатнелай лысінаю.

 

XLIV. ЦЕНЯВІК

 

У букіністычнай краме я гартаў «Беларуска-нямецкі слоўнік» і знайшоў спісаны аркуш паперы.

Вось што я прачытаў:

«Яго заўсёды прыніжалі.

Адразу, як мы сабраліся, каб стварыць клуб аматараў фантастыкі, і прычыкільдаў ён, па нявымаўленай нікім дамоўленасці з яго зрабілі апошняга чалавека, яго адсунулі, адпіхнулі, заштурхнулі ў цень. Ён паспрабаваў супраціўляцца і нават пасварыўся з клубным Старшынёю за свае фантастычныя абразкі, але супраць, на абарону Старшыні, паўсталі ўсе сябры клуба. Так атрымалася, што Ценевіку раз і назаўсёды адмовілі ў публікацыях. Ніхто не казаў, што я цябе ніколі не надрукую, усе казалі прасцей: ты - няздара, ты - плагіятар, ты - гідкі... Калі што і даручалася гэтаму нябогу, дык толькі самая няўдзячная праца: схадзіць на пошту, пасварыцца з электрыкам ці прыбіральшчыцаю... І нават малапрыемныя даручэнні давалі яму неахвотна. А калі на рахунку аматараў фантастыкі з'явіліся сямізначныя лічбы, а на прэзентацыю нашага часопіса былі запрошаны міністры культуры і фінансаў, дык Старшыня напярэдадні сказаў Ценевіку, што ягонае прозвішча не значыцца сярод сяброў клуба. Казалі: Ценявік заплакаў.

Ён кульгаў і хадзіў з кавенькаю. Ценевіка можна было пазнаць здалёк: шырокі, з цяжкай галавою ў цыратавай кепцы, падобны да акіянічнай пачвары, якую выкінулі на бераг. І гэтае няўклюднае прыпаданне на карацейшую нагу... Толькі вось спачування Ценявік не выклікаў. Нават калі яму даручылі прадаваць састарэлыя газеты, і ён сядзеў каля метро з пачкам пажоўклай макулатуры, ва ўсёй каржакаватай постаці Ценевіка прамалёўваўся нязломны каркас. Ён абапіраўся на самшытавую кавеньку, на рукаяці ў якой ашчэрвала пашчу львіная галава. Газеты ніхто не браў. У клубе ведалі, што так яно і будзе, але знарок паслалі Ценевіка гандляваць непатрэбшчынаю. Можна сказаць: запланаванае прыніжэнне. Але ён пагадзіўся. Ценявік, пэўна ж, не прадаў ніводнага асобніка, але здаў у бухгалтэрыю такую выручку, нібыта распрадаў усё да апошняга нумара.

Калі нехта з сяброў клуба аматараў фантастыкі скажа, што і думаць не думаў пра магчымасць такога жахлівага здарэння, дык тое няпраўда. Усе ведалі, усе бачылі прыніжэнне, усе спрыялі здзекам...

І тое, што Ценявік у рэшце рэшт выйшаў з ценю ды самшытавай кавенькаю праламаў чэрап Старшыні, - натуральны вынік з нашага да яго стаўлення. Ценявік у нечым...»

На гэтым запісы абрываліся.

Чарнавік тлумачальнае запіскі я забіраць не стаў. Я пакінуў яго ў слоўніку, які вярнуў на паліцу букіністычнае крамы.

 

XLV. ПАЭТ

 

Паэт у 33 гады нарэшце выдаў за ўласныя грошы зборнік вершаў.

Ён перавёз з друкарні дадому 20 пачкаў з танюткімі брашуркамі і склаў іх пад ложак.

З таўсценнай этнаграфічнай энцыклапедыі Беларусі ён дастаў прыхаваныя 500 рублёў і разгубіўся, бо зразумеў, што ён адзінокі чалавек, што сяброў няма, што жанчыны, з якімі зрэдку і сустракаўся, зусім не адпавядаюць урачыстаму моманту ягонага жыцця, што знаёмыя і суседзі проста не зразумеюць, з якой нагоды пасярод тыдня ладзіцца свята... Паэт ліхаманкава гартаў даведнік, пакуль не спыніўся на прозвішчы Журналісткі. Тэлефанаваць не хацелася, але і заставацца аднаму не хацелася таксама.

- У мяне свята. Выйшла з друку першая кніга. І я...

- Прабачце, але я вас не помню, - пачуў Паэт.

Ён змоўк і намерыўся пакласці слухаўку, але замест гэтага набраў поўныя грудзі паветра і працягваў:

- Паэт выдаў кнігу і мае права запрасіць жанчыну на свята...

Праз хвіліну яны дамовіліся, дзе і калі ўбачацца.

Паэт з Журналісткаю сустрэліся ў тэатральным скверыку.

- Мяне прывяла сюды прафесійная цікаўнасць, - паведаміла яна замест прывітання.

Ён падаў жанчыне танюткую брашурку сваіх вершаў.

- Віншую, - Журналістка зрабіла кніксен.

«Што ні раблю - адны памылкі спрэс», - Паэту згадаўся ўласны радок.

- І як будзем святкаваць? - Журналістка перахапіла ініцыятыву.

- Трэба ўзяць спіртное, - вяла прапанаваў аўтар кнігі.

У камісійнай крамцы яны ўзялі «NAPOLEON».

Журналістка затэлефанавала дамоў і папрасіла мужа, каб ён забраў сына з дзіцячага садка. А на пытанне, дзе піць каньяк, прапанавала сесці ў дваровай альтанцы, зрабіць па глытку і вырашыць, куды ісці далей.

Праз якія паўгадзіны парожняя бутэлька паляцела ў хмызы за альтанкаю.

«Ёсць дарога, няма ў той дарогі канца дый пачатку», - ап'янелы Паэт успомніў другі радок.

- Мне трэба ў прыбіральню, - Журналістка паднялася.

- Я правяду, - Паэт устаў.

Яны ўзяліся за рукі і пайшлі праз хмызы да гаражоў.

- Ідзі, а я пагляджу, каб ніхто не ішоў, - прапанаваў ён.

- Можам разам пайсці, - яна зазірнула ў Паэтавы вочы.

За гаражом Журналістка спрытна ўскінула спадніцу і прысела на кукішкі. Паэт стаў тварам да гаражнае сцяны. Узбуджанасць замінала яму, і �урналістцы давялося доўга чакаць Паэта. Яна ўжо зусім не з прафесійнай цікаўнасцю назірала за мужчынам, які спраўляў патрэбу на аблезлую сцяну.

Паэт зашпіліў нагавіцы і прапанаваў пайсці да яго дамоў. Журналістка апусціла вочы ў знак згоды. Яны селі ў тралейбус, дзе Паэт адчуў няёмкасць, бо ў нагавіцах меў больш плоці, чым звычайна, калі ездзіў грамадскім транспартам. Яму стала зусім ніякавата, калі сутыкнуўся твар у твар са знаёмым Тэлеаператарам. І каб выйсці з недарэчнай сітуацыі, Паэт не прыдумаў нічога лепшага, як запрасіць яго ў госці. Тэлеаператар узяў дый пагадзіўся.

Дома Паэт выставіў на кухонны стол прыхаваную на чорны дзень гарэлку. Пасля другой чаркі ён з сумам заўважыў, што Тэлеаператар спадабаўся Журналістцы.

Яна колькі разоў тэлефанавала дадому, і яе голас рабіўся падчас размоў з мужам лагодны да прыкрасці.

Ад выпітага Паэт заблажэў і пайшоў у прыбіральню ванітаваць, а калі вярнуўся на кухню, дык не ўбачыў удзельнікаў імправізаванага свята паэзіі.

Ён узяў са стала перапэцканы ў тлушч зборнічак і ледзь не заплакаў, пабачыўшы на вокладцы колца следу ад чаркі. З кніжкаю ў руцэ, трымаючыся за сцяну, Паэт пайшоў класціся спаць. Ва ўласным ложку ён убачыў аголеную жанчыну, у якой паміж раскінутых сцёгнаў цямнела мужчынская галава. Паэт нават не адразу пазнаў у каханках Тэлеаператара з Журналісткаю.

Ён не стаў спыняць эратычны занятак, а вярнуўся за непрыбраны стол і пачаў перачытваць свае вершы.

Паэт заснуў, седзячы за сталом.

А калі прачнуўся, убачыў хлопчыка, які сядзеў насупраць і з апетытам еў печыва.

Паэт быў амаль упэўнены, што сон працягваецца, але галасы ў перадпакоі вярнулі ў рэальнасць.

- Зараз пойдзем, - казаў прыкры жаночы голас.

- Гаварыць будзем дома, - голас незнаёмца меў незадаволеную афарбоўку.

Зусім недарэчна Паэт адчуў узбуджанасць, бо згадаў раскінутыя жаночыя сцёгны і мужчынскую галаву паміж імі.

- Тата! Дзядзька прачнуўся! - закрычаў хлопчык, крошкі пячэння пасыпаліся з поўнага рота.

«Дзверы грукнулі, бразнуў замок», - чарговы радок усплыў у Паэтавай памяці.

Ён абышоў пустую кватэру, вярнуўся на кухню і памыў посуд.

Спляжаны зборнік Паэт парваў напалам і выкінуў у смецце.

 

XLVI. СУТАРЭННІК

 

У горадзе пачынаўся голад і толькі штодня раслі чэргі па малако і хлеб.

Мужчына прывез з вёскі выменяны на механічны дрыль мех бульбы і паставіў яго ў сутарэннях. Жонцы раз на тыдзень даводзілася спускацца па бульбу. Яна не любіла тыя хвіліны, калі з ліхтаром ішла па цёмных лабірынтах.

Лямпачак у горадзе не прадавалі больш за год.

У чарговы раз яна ўзяла вядзерца з-пад гародніны і накіравалася ў сутарэнні.

Замок на ўваходных дзвярах добра-ткі саржавеў, і Жанчына з цяжкасцю павярнула ключ.

Авал ліхтарнага святла саскочыў з цаглянае сцяны на пыльныя сходы і пераламаўся. Жанчына асцярожна пераступіла парог. Вядзерца хіснулася, дзыгнула па цэгле, і цынкавы звон паляцеў у цемру.

Падлога ў сутарэннях была земляная, да непрыемнасці мяккаватая, нібыта знарок зробленая, каб праглынаць гукі. Густая ціша пахла сапрэлымі дошкамі і кацінымі сікунамі.

Жанчына ішла няспешна, асцярожна, невядома чаго баючыся.

Раптам наперадзе ў чарноцці гупнуўся з трубы на падлогу вялізны кот. Ліхтарны пыльны прамень замітусіўся ў сціснутай сценамі прасторы. Люстраным бляскам зіркнулі на Жанчыну каціныя вочы, і ў гэты момант яна пачула вісклівае рыпенне дзвярных завесаў. Жанчына згасіла ліхтар ды ўслухалася ў цішу, з якой выплыў грукат яе ўласнага сэрца.

Шчоўкнуў выключальнік, і круг святла на сцяне дазволіў прачытаць колькі брудных словаў і пабачыць маляванку аматара палавых асаблівасцяў чалавека. Святло сарамліва спаўзло на падлогу.

Жанчына зрабіла яшчэ адзін паварот, спынілася каля абабітых бляхаю дзвярэй і пачала адчыняць замок. Ледзь чутныя крокі паляцелі да яе. Жанчына стаілася і прыслухалася, але нічога не пачула, акрамя шуму сваёй крыві.

Мех з бульбаю стаяў у парозе.

Жанчына павесіла ліхтар на загадзя ўбіты мужам доўгі цвік.

Мех быў завязаны тоўстай вяроўкай на вялікі бант. Сухі і шорсткі пах бульбы прыемна хваляваў уяўленні галоднага чалавека. Асцярожна, каб не біць, Жанчына пачала перакладаць бульбіны ў вядзерца. Перад яе вачыма ўзнікла відовішча: на агні духмяна сквірчыць дый патрэсквае поўная паніва румянай смажанай на сале бульбы.

І таму Жанчына не магла заўважыць, як з цемрадзі падышоў да яе Сутарэннік.

Вялізны, у адных нагавіцах, босы, ён стаяў, схіліўшы набок цяжкую зарослую сівымі кудзерамі галаву.

Сутарэннік быў за крок ад Жанчыны, а тая спакойна перамешвала лыжкаю ўяўную бульбу на паніве.

- Бульбу набіраеш? - правуркатаў Сутарэннік, і ягонае ціхамірнае вуркатанне зрабіла выбуховы эфект.

Жанчына тузанулася ў глыб кладоўкі, цягнучы за сабою цяжкі мех. Яе вочы спачатку вылупіліся, зрэнкі закаціліся пад лоб, так што на твары засталіся адно невідушчыя бялкі. І, трацячы прытомнасць, Жанчына павалілася на мех.

Вядзерца перакулілася, і бульбіны пакаціліся да босых ступакоў Сутарэнніка. Той схіліўся, выбраў большую, абцёр аб нагавіцы, адкусіў і захрумстаў, як тым яблыкам. Сутарэннік амаль з'еў бульбіну, калі Жанчына апрытомнела і села на мех.

- Уставай, распранайся, глядзецьму, - Сутарэннік наблізіўся да спалоханай.

Яна паспрабавала расшпіліць халат, але пальцы здзервянелі і не слухаліся, гузік выслізгваў з іх.

Сутарэннік зняў з цвіка ліхтар.

Шаўковы станік упаў на пыльную мешкавіну.

Жанчына закрыла рукамі твар, паказаўшы пад пахамі густыя светлыя валасы.

Ліхтарны прамень ссунуўся з аголеных грудзей на жывот і сцёгны, між якіх рос кусцік такіх жа густых валасоў, як пад пахамі.

Сутарэннік задаволена завуркатаў, кінуў ліхтар, схапіў жанчыну і аддаў ёй усю сваю ласкавую сілу. Тая, каб не пабіцца аб сцяну, моцна абняла Сутарэннікаву шыю. У млява-запаволеным танцы пара растварылася ў цемры.

Ліхтар самотна ляжаў на станіку і высвечваў круг на бетоннай столі, пакуль ягоная лямпачка не ўспыхнула ярка-ярка перад сконам.

У кватэры Жанчына не магла ўспомніць: ні як знайшла ў суцэльным чарноцці свае апранахі, ні як дайшла да выхаду, ні як апынулася на кухні з вядзерцам бульбы ў руках...

Яна ціхамірна сядзела на зэдліку і вострым нажом абірала бульбіны, калі ў перадпакоі загаварыў Муж:

- Не паверыш! Лямпачкі я знайшоў, цэлую скрыню... Успомніў раптам, як у мінулым годзе ёлку каля завода ставілі. А скрынку з цацкамі я сам і хаваў на складзе запчастак. Пайшоў, штук дзесяць набраў. Цяпер у сутарэннях будзе Новы год. Лямпачкі ж розныя: жоўтыя, сінія, чырвоныя...

- У горадзе голад пачынаецца, - сказала Жонка ў рандэлю з абабранаю бульбаю і дадала ў вядро з шалупіннем. - Прынясі бульбу з сутарэнняў, а інакш украдуць.

 

XLVII. ГВАЛТАЎНІК

 

Ва ўніверсаме «Цэнтральны» гула вечаровая талкатнеча. Гвалтаўнік ішоў уздоўж паліц з кухоннымі прыладамі. Каля стэлажа са слоікамі ды гаршчэчкамі пад кветкі ён убачыў дзяўчыну. Стрункая, гнуткая, нібы пяро паўліна, яна засяроджана выбірала слоік. Твар Гвалтаўніка змяніўся, абыякавасць саступіла месца зацікаўленасці. Дзяўчына так і не здолела выбраць слоік. З пустымі рукамі яна накіравалася да выхаду. Хаваючыся за паліцамі і стэлажамі, Гвалтаўнік пайшоў следам. З універсама яна выйшла на праспект дый спусцілася ў метро. Гвалтаўнік ледзь паспеў сесці з ёй у адзін цягнік. З метро дзяўчына прайшла на аўтобусны прыпынак. Гвалтаўнік зрабіў выгляд, што ўважліва чытае аб'яўкі, налепленыя на ліхтарны слуп. У аўтобусе дзяўчына прайшла ў сярэдзіну салона, а Гвалтаўнік застаўся стаяць на задняй пляцоўцы. Аўтобус завярнуў з шырокае магістралі на вузкую вулку, праехаў пад чыгуначным мостам і загамаваў каля каштанавага сквера. Дзяўчына лёгка саскочыла з прыступкі на асфальт. Гвалтаўнік перачакаў на прыпынку, пакуль дзяўчына адыдзецца, каб, не выклікаючы падазрэнняў, рушыць следам. Дзяўчына кіравалася ў бок чыгункі. Яна перасякла сквер і падышла да вузкага тунеля, што ляжаў пад чыгуначным палатном. Яна ўжо ступіла на шахматную - у чорна-шарыя квадраты тунельную падлогу, калі Гвалтаўнікова рука легла ёй на плячо.

- Стой! - загад, як стрэл, паляцеў у тунель.

Дзяўчыну скаланула, як ад удару токам.

- Будзеш крычаць, перарэжу горла, - Гвалтаўнік паднёс нож да збялелых дзявочых вуснаў.

- Пайшлі! - ён пацягнуў дзяўчыну да сябе.

Яны ішлі ўздоўж высокага насыпу. Безаконныя сцены складоў ды парканы з калючым дротам цягнуліся з другога боку. Гвалтаўнік спыніўся толькі каля моста праз сонную начную Свіслач.

Дзяўчына трымцела ад сполаху і гідкасці, калі ён зрываў з яе сукенку. Яна падпарадкоўвалася Гвалтаўніку, як анучная лялька слухаецца дзіцячых рук. Ён паклаў яе на засыпаную чыгуначным пылам шорсткую траву. Гвалтаўнік увайшоў у дзяўчыну нечакана і рэзка. Але тая не ўскрыкнула і не застагнала, яна адно працяжна ўздыхнула. Жах панаваў у свядомасці, бо перад вачыма ўсё яшчэ стаяў бляск нечакана ўбачанага нажа. Яна не ўскрыкнула нават, калі Гвалтаўнік перавярнуў яе і, рассунуўшы рукамі клубы, увайшоў ззаду. Дзяўчына сціснула зубамі самы кончык уласнага языка і трывала. Яна так і засталася стаяць на каленях з тварам, прыціснутым да бруднай травы, калі Гвалтаўнік пачаў паднімацца на чыгуначны адхон. Насвістваючы, ён перайшоў мостам на другі бераг Свіслачы і знік за хісткімі галінамі вербаў.

 

* * *

 

У кінатэатр «Цэнтральны» Гвалтаўнік прыйшоў на апошні сеанс. Зала была запоўненая на трэць. Калі фільм скончыўся і запалілася святло, Гвалтаўнік убачыў шыкоўную жанчыну. Годная, як гатычны сабор святой Ганны ў Вільні, яна ішла між пустых крэслаў. Ад кінатэатра яна прайшла на тралейбусны прыпынак, дзе ад няма чаго рабіць разглядала газетны шапік, асветлены слабаю лямпачкай. У тралейбус жанчына зайшла праз сярэднія дзверы, а Гвалтаўнік - праз заднія. Наступны прыпынак быў якраз насупраць абутковага завода «Прамень». Тралейбусны салон вокамгненна бітма набіўся работніцамі, што ехалі з трэцяй змены. Над пасажырамі залунаў пах клею і гумы. Гвалтаўнік захваляваўся, бо збаяўся згубіць сваю абранніцу ў гэтым задушлівым цясноцці. Але нерваваўся ён дарма, большасць работніц сышла праз прыпынак, каля метро. Паўпусты тралейбус хутка ляцеў на ўскраіну горада. Годная абранніца Гвалтаўніка сышла насупраць Кальварыйскіх могілак. Ён паспяшаўся за ёю. Яна абмінула кветнік з соннымі ружамі і ўзнялася па лесвіцы да вялікага будынка, на першым паверсе якога пабліскваў цьмянымі вітрынамі «Гастраном». Праз гулкую арку жанчына выйшла ў двор, засаджаны нізка пастрыжанымі кустамі. Крадком, каб не было чуваць крокаў, Гвалтаўнік зайшоў у арку. Жанчына чакала ліфт, калі ў пад'езд зайшоў ён.

- Мне восьмы, - абыякава сказала яна ў кабіне.

- Вышэй, - пераканаўча запэўніў Гвалтаўнік.

Ліфт, уздрыгваючы і парыпваючы, пасунуўся ўгору. На сваім паверсе жанчына паспрабавала выйсці, але Гвалтаўнік не пусціў, наставіў дзюбу двухбаковавострага нажа ў перапужаны твар.

- Вышэй! - паўтарыў ён праз сціснутыя зубы.

- Адпусціце! Што я Вам зрабіла?! Можаце забраць грошы...

- Едзем вышэй, - вольнай рукою ён націснуў кнопку апошняга паверха, на якім выштурхнуў жанчыну да металёвай лесвіцы.

- Адпусціце, - у голасе ахвяры стаялі слёзы.

Ён моўчкі штурхануў ахвяру на прыступкі, звараныя з чорных прэнтаў. Жанчына паднялася на цёмную пляцоўку да дзвярэй, што вялі на гарышча.

- Заходзь, - лязо нажа бліснула ў цемры.

Жанчына зайшла на гарышча. Гвалтаўнік узяў яе за руку і ўпэўнена павёў да маленькага акенца, што слаба свяцілася ўдалечыні. Каля акенца ён прымусіў жанчыну выканаць усе свае пажаданні. Гвалтаўніка не спыняла і тое, што яна была ў неспрыяльным стане. Пах крыві яшчэ больш узрушыў ягоную пажаднасць. Па ўсім жанчына ўкленчыла і безгалоса зарыдала.

З дома, у якім на гарышчы засталася плакаць жанчына, Гвалтаўнік выйшаў у гуморы.

 

* * *

 

На прыгараднай станцыі «Менскае мора» Гвалтаўнік разглядаў жанчын. Яму прыглянулася дзяўчына з сумнымі, як у панядзелак раніцаю, вачыма. Сум прывабіў Гвалтаўніка. Ён як мага далей адышоў ад абранай ахвяры. На ёй была сакавіта-чырвоная сукенка, і можна было лёгка сачыць за жанчынай. Але, каб мець пэўнасць, Гвалтаўнік усё ж сеў у адзін вагон з абранніцаю. Дзяўчына выйшла з электрычкі праз адзін прыпынак на станцыі «Масюкоўшчына». Гвалтаўнік узрадаваўся такому хуткаму разгортванню падзей. Дзяўчына ішла ў бок мікрараёна. Гвалтаўнік няспешна крочыў следам. Яна абмінула дзевяціпавярховік і зайшла ў пад'езд старога двухпавярховага дамка. Небарака не паспела зачыніць кватэрныя дзверы, а ў перадпакоі ўжо ўсміхаўся неспадзяваны госць. Дзяўчына кінулася да яго і паспрабавала выпхнуць за парог. Марныя намаганні. Гвалтаўнік ударыў ахвяру. Кроў тонкім струменьчыкам пацякла з губы на падбароддзе, намаляваўшы вось сіметрыі. Ён падумаў, што кроў пасуе да чырвонае сукенкі. Эстэтычныя развагі парушыў крык:

- Ратуйце!

Дзяўчына наляцела на Гвалтаўніка з намерам разадраць пазногцямі ягоны халодны і гожы твар. Моцны ўдар адкінуў яе на сцяну.

- Заб'ю! - сыкнуў Гвалтаўнік і як доказ паказаў нож.

Дзяўчына звяла. Ён узяў яе двума пальцамі за акрываўленае падбароддзе і перавёў у пакой. Дзяўчына больш не пярэчыла, яна толькі адвярнула твар, калі ён абціраў сукенкаю яе перапэцканыя кроўю вусны. Асмужанымі вачыма дзяўчына глядзела ў столь. Гвалтаўніковы рухі былі таропкія і рэзкія. Яна так і засталася ляжаць аголеная на кіліме, калі ён выйшаў з кватэры. У пад'ездзе Гвалтаўнік уважліва і педантычна агледзеў вопратку. Ён выйшаў у двор з вясёлымі вачыма, якія бываюць у працаўнікоў па суботах пасля цяжкага тыдня. Ён не ўбачыў на гаўбцы другога паверха аголеную дзяўчыну з сумным поглядам, якая ўзняла над галавою цяжкі пяцілітровы слоік з мёдам і шпурнула ўніз. Слоік трапіў на гвалтаўнікову галаву з такой сілаю, што чэрап хруснуў. Сутарга скаланула цела, рукі ўзняліся ўгору, нібыта Гвалтаўнік хацеў папрасіць даравання ва ўсіх пакрыўджаных жанчын. Па зямлі рассыпаўся веерам мёд, перамяшаны са шклом і крывёю.

 

XLVIII. ГРЭШНІК

 

Грэшнік сядзеў на верандзе за светлым сталом і спрабаваў пералічыць сем смяротных грахоў:

- Пыха, блуд, лянота... Лютасць... Зайздрасць... Блуд.

Ён збіваўся і пачынаў наноў загінаць пальцы з дагледжанымі пазногцямі:

- Блуд, раз! Пыха, два! Лянота, тры! Ненажэрнасць! Так, выдатна, у той раз я не называў ненажэрнасць... Ненажэрнасць, чатыры! Трэба запісаць найменні ўсіх смяротных грахоў на аркушы дый павесіць на сцяну. Лютасць, пяць! Сквапнасць, шэсць! І яшчэ адзін, апошні... Зайздрасць, сем!

Грэшнік уздыхнуў так цяжка, нібыта камень закаціў на высокі груд. Як ні дзіўна, але і ў шэсцьдзесят гадоў вочы Грэшніка не страцілі блакітнай яснасці і глыбіні. І ён глядзеў удалеч, калі па абедзе на верандзе свайго загараднага дома разважаў пра мараль.

- Цікава, а ці мае значэнне паслядоўнасць у пералічэнні смяротных грахоў? Напэўна, не мае, бо ўсе яны караюцца смерцю, як вынікае з назову, а значыць усе яны роўныя.

Задаволены высноваю, Грэшнік прымружыў вочы.

- Вядома, я - грэшнік, як, дарэчы, і кожны смяротны. Вось возьмем, напрыклад, НЕНАЖЭРНАСЦЬ, не скажу, што ўсё жыццё я аб'ядаўся і напіваўся. Апошнія гадоў дзесяць я наогул абмяжоўваюся вельмі сціплай дыетаю, але было безадказнае дзяцінства, і я з'еў узапар два кіло спелых бананаў. Маці прытрымлівала іх на свой дзень нараджэння, яны ляжалі ў лядоўні. А я ўбачыў іх апетытна-васковую скуру і не вытрываў, схапіў спачатку адзін банан, адарваў ад гронкі, аблупіў і амаль цалкам запхаў у рот. Я быў упэўнены, што другі банан абавязкова спатоліць маю прагу, але так думаў пра кожны наступны, пакуль не з'еў усе пятнаццаць вялікіх бананаў. І мне не зрабілася блага, а стала страшна, што пакараюць. Я сабраў лупінне і загарнуў у старую газету. Пакунак я вынес ажно за горад і шпурнуў у кар'ер са смеццем. Бацькі так і не дазналіся, хто з дзяцей з'еў пачастунак.

Грэшнік прабарабаніў па стальніцы скаўцкі марш.

- А вось ЛЮТАСЦЬ у маёй біяграфіі не мае вартага прыкладу. Я не служыў у войску, не быў на вайне, не забіваў і не катаваў людзей. Зрэшты, не мне судзіць... Я засек кацяня. Улетку, калі вучыўся ва ўніверсітэце, дык працаваў на будоўлі. У мястэчку на ахвяраваныя знакамітым паэтам грошы мы будавалі школу. І ў гэтай непабудаванай школцы прыблудная котка нарадзіла кацянятаў. Хударлявыя, брыдкія, блыхастыя бегалі яны па двары. Праз колькі тыдняў з трох засталося толькі адно, бо двух нехта ўкінуў у яміну з недагашанай вапнаю. Аднаго дня я паклаў на стол у двары свой бутэрброд і пайшоў апаласнуць рукі. А калі вярнуўся, дык убачыў, як пад лаваю кацяня грызе мой хлеб з мясам. Я схапіў шуфель і адсек кацяняці галаву. Закапаў кацяня там жа ў двары разам з недаедзеным бутэрбродам.

Грэшнік набіў духмяным тытунём вішнёвую люльку.

- ЗАЙЗДРАСЦЬ! Яна таксама была ў маім жыцці. Не скажу, што я зайздроснік, але быў выпадак, калі давялося выбіраць, або я, або іншы мог заняць месца кіраўніка лабараторыі ў інстытуце. Мой канкурэнт быў, бясспрэчна, таленавіты чалавек. Але я не лічыў ягоныя здольнасці большымі за мае. І я склаў дакладную запіску ў рэктарат. Пісаў я досыць аб'ектыўна, толькі інтанацыя была вельмі жорсткая, а падбор фактаў тэндэнцыйны. Гэты опус атрымаўся хутчэй аўтапартрэтам, чым партрэтам майго канкурэнта, у якім я старанна пералічыў усіх ягоных каханак. А іх было тры. Лабарантка, якая ўяўляла сябе вучоным і пісала суцэльную лухту, а ён перапісваў за яе ўсю антынавуковую абракадабру дый вазіў лабарантку на фазэнду. Адміністратарка гатэля, да якой ён заходзіў з сябрамі раз на месяц, каб прыйсці назаўтра раніцай няголеным, стомленым, з сінімі паўкружкамі пад пагаслымі вачыма. І мантажорка з кінастудыі, якой карцела выйсці замуж, таму яна клалася ў ложак з кожным, хто ні прапануе. Мой опус пра Дон Жуана спрацаваў. Яго пераказвалі ў інстытуцкіх калідорах. І паціху мой канкурэнт сапраўды ператварыўся ў вачах выкладчыкаў у Дон Жуана, яму пачалі зайздросціць. А зайздрасць - магутная, хай і адмоўная, сіла. У выніку лабараторыю атрымаў я.

Грэшнік старанна вычысціў люльку.

- Калі апісваў чужыя прыгоды, вядома, скарыстаў уласны вопыт. А мой сціплы на той час вопыт склалі інтымныя кантакты з трыццаццю трыма жанчынамі. Няшмат, я так лічу, але і дастаткова, каб аздобіць выдуманае пераканаўчымі дэталямі. Мой БЛУД саслужыў-такі службу. Я ўзяў нататнік, дзе занатоўваў уражанні ад жанчын, выбраў самыя што ні на ёсць яркія і перапісаў іх.

Замест лабаранткі я ўзяў сваю каханку А.Ч., якая прасіла мяне перад блізкасцю галіць яе пад пахамі і вакол похвы, а таксама вырываць валаскі, што вырасталі вакол музкоў. У А.Ч. захоўвалася цэлая калекцыя лёзаў, пэндзлікаў, крэмаў для галення, духоў і адэкалонаў. Пакуль распраналася, яна сядала на канапу, уздымала і разводзіла сцёгны. Я ўзбіваў цнатліва-белы мыльны шум. А.Ч. эгаістычна наракла акт гульнёю ў цырульню. Праз некалькі гульняў я пакінуў А.Ч., бо яе мысок над вагінаю пачаў асацыіравацца ў мяне з мужчынскай шчакою. Такой чыста выгаленаю, блакітнай... А я пры ўсіх грахах яшчэ і натурал, не ўспрымаю бісексуальнасці.

На месца гатэльнай адміністратаркі была ўстаўлена В.Р. з яе жаданнем заціскаць мужчынскія чэлесы паміж вялікіх грудзей. Папярэдне грудзі намазваліся духмяным алеем, а мне, стоячы над ею на каленях, даводзілася рабіць неверагодную колькасць рухаў, каб упрыгожыць яе цела маціцовымі пацерамі. В.Р. з сумам прызнавалася, што ніякім іншым метадам не можа дасягнуць задавальнення. Пэўна, яна гаварыла праўду, бо такіх сакаўных грудзей, як мела В.Р., я не бачыў нават на телеэкране...

Вобраз кінамантажоркі я змаляваў з С.Т.У параўнанні з папярэднімі вакханкамі яна выстаўляла досыць сціплыя патрабаванні - С.Т. любіла ваду. Даводзілася кахацца ў ваннай, пад душам. Але і з гэтага трывіяльнага факта я выцягнуў максімум ненармальнасці. Аднойчы з душа - незнарок быў зачэплены кран - пасыпаўся жывы кіпень. Я хуценька закрыў кран, але было позна. Пяшчотна-белая скура С.Т. змяніла афарбоўку, на грудзях, жываце і сцёгнах ружовымі плямінамі прамаляваліся апёкі. Некалькі з іх нават ператварыліся ў пухіры. С.Т. смяялася і казала, што зусім не чуе болю, што ёй нават прыемна вострае, ні з чым не параўнальнае пачуццё. І мы працягнулі занятак, гвалтоўна перарваны кіпенем. А калі я выпадкова правёў рукою па абпаленай скуры, дык яна скруцілася на целе як тонкая вільготная папера. С.Т. адно мацней абняла мяне. Пэўны мазахізм каханкі вымагаў ад мяне садысцкіх схільнасцяў, а я іх не меў, мы разышліся.

Грэшнік згатаваў сабе кубачак кавы з мёдам і часнаком.

- Калі ўжо згадваць СКВАПНАСЦЬ, дык ледзь не кожны мой учынак можна разглядаць праз гэты грэх. Я, да прыкладу, ніколі не плаціў жанчынам. У маладосці я, наадварот, не саромеўся браць у іх грошы. Нават дробныя падарункі і кветкі я не прыносіў каханкам. А калі і замаўляў абед ці каньяк у бары ці рэстарацыі, дык толькі з разлікам, што выпітае ды з'едзенае паспрыяе гульням у ложку. У твар мне казалі - ашчадны, а за вочы - сквапны. Я не крыўдаваў.

Грэшнік апаласнуў кубачак з-пад кавы.

- ЛЯНОТА зусім не грэх. І тым больш не зразумела, чаму яе залічваюць у смяротныя грахі. Яшчэ і кажуць: хто рана ўстае, таму Бог дае. Я сплю па дзесяць-дванаццаць гадзінаў, кладуся позна, устаю ў гадзіну дня. Мне падабаецца ляжаць у ложку. Не прымаю і такіх вось развагаў з папрокамі: ты мог бы зрабіць больш, ты мог бы зрабіць лепш... Наогул, усе адкрыцці чалавек робіць дзякуючы ляноце. Ён лянуецца хадзіць, бегаць, насіць, цягаць і... вынаходзіць кола. Менавіта лянотнік вынайшаў кола. Трэба ставіць помнікі ляноце, а не працаўнікам. Упэўнены: вынаходнік - ён і ёсць лянотнік.

Грэшнік наліў сабе стопку гарэлкі.

- ПЫХА! Поўнае непаразуменне. Калі ты не блуднік, не лянотнік, не сквапнік, не зайздроснік, не п'яніца і ненажэра, не злыдзень, дык ты - самаўпэўнены, ганарысты, фанабэрысты, напышлівы жахлівы грэшнік. Так-так. І ўсе смяротныя грахі замыкаюцца, дзякуючы пысе, у зачараванае кола.

Грэшнік ударыў кулаком у сцяну, і ў гэты момант са сцяны выйшаў Белы анёл. Грэшнае чалавечае сэрца сціснулася і перастала біцца. Анёл разгарнуў крылы і ўзняўся ў чыстае неба.

 

XLIX. ВЫНАХОДНІК

 

Вынаходнік скінуў кашулю, а ягоная жанчына - сукенку. Ён наліў брэндзі ў келіхі. Яна піла маленькімі глыткамі. Каханкі загаралі, седзячы ў белых фатэлях на беразе спакойнага, як мармур, возера.

Каханка запусціла руку ў станік і паправіла адну са сваіх важкіх грудзей. Вынаходнік дакрануўся да яе загарэлага пляча. Тады яна завяла рукі за спіну і зняла станік. Каханак намаляваў уяўнае колца вакол тугога музка.

- Такія важкія грудзі... Табе яны не замінаюць хадзіць?

- Вядома, цяжка... Але ёсць лекі, што здымаюць стому.

З-за вялікіх люстраных акуляраў суразмоўцы не бачылі вачэй адно аднаго.

- І такіх лекаў шмат? - ён зняў акуляры.

- Многа, - яна паклала свае на станік.

- А ёсць такія варыянты, што мы з табою яшчэ і не паспрабавалі?

- Напэўна, іх не меней за пятнаццаць.

Бровы каханка ўзляцелі. Каханкавы веі апусціліся.

- Можа паспрабуем іх проста зараз? - спытаўся ён.

- Усе пятнаццаць? - пытаннем на пытанне адказала яна.

- Колькі зможам. Але я маю намер паспытаць з табою ўсё.

Вынаходнікава жанчына ўзнялася з фатэля і скінула ніжнюю палову бікіні.

- Пачнём?!

Каханка, расставіўшы ногі, упіралася рукамі ў свае круглыя калені.

Вынаходнік акуратна расклаў шорты на фатэлі і сказаў:

- Мы пачнём з французскага спосабу.

- Толькі французы называюць яго італьянскім, - удакладніла жанчына, калі мужчынскія рукі леглі на яе талію.

Па ўсім Вынаходнік ізноў разліў брэндзі па крышталёвых келіхах.

- Цікава, беларусы маюць уласны спосаб наталяць эратычную прагу? - спыталася аголеная жанчына, калі надзявала акуляры.

- Не ведаю, - Вынаходнік глытнуў моцнага напою і раптам узрушана дадаў: - Мы павінны вынайсці беларускі варыянт сексуальнай гульні. Я адчуваю ў сабе здатнасць на такое адкрыццё...

З-за далёкай азёрнай выспы лёгка выплыў трохкутны ветразь. Жанчына павярнулася да Вынаходніка, пэўна, яна хацела загаварыць з ім пра яхту і ветразь, але ён пацалаваў яе ў вусны, падняў і панёс у дом, каб на льняной прасціне вынайсці беларускі варыянт эратычнай гульні.

 

L. МАЛЯВАЛЬШЧЫК

 

Па майстэрні гулялі скразнякі. Малявальшчык унурыўшыся сядзеў на табурэтцы. Насупраць на старой канапе ляжала Экслібрыстка.

- Я - геній, - выказаўся п'яны Малявальшчык.

- Каб монстры мелі сілы на палюбоўніц, абавязкова легла б пад якога з іх, - Экслібрыстка паправіла сукенку на вострых каленях.

- Фармат фармуе форму. Таму маляваць трэба дзвюма рукамі, правай - форму, левай - фармат. Геніяльна. Здзейсніцца мара ідыёта. Адбудзецца фармаванне формы ў фармаце.

- Толькі стары Вэ-Вэ спрабаваў заляцацца. Запрасіў, нібыта збіраўся пісаць партрэт. І нават накіды рабіў вугалем. А потым выцер рукі аб халат і давай выцягваць свае старыя палотны. І на ўсіх, не паверыш, цяжарныя цёткі. На круглых жыватах тырчаць пупы, як абуджаныя музкі на цыцках. І замест жанчын бачыш толькі тры цыцкі: дзве маленькія і адну велізарную. Вэ-Вэ панастаўляў іх па ўсёй майстэрні. А потым апушчаным голасам папрасіў мяне распрануцца. А я маўчала, як зачараваная глядзела на цыцачны фэст, і ўзнікла такое адчуванне, што і мой жывот пачаў надзімацца, расці, поўніцца нейкай д'ябальскай арганікай... Вэ-Вэ схапіў мяне за грудзі. Я, пэўна, страціла б прытомнасць, каб не смурод. У Вэ-Вэ хворы страўнік. Мусіць, так смярдзелі трохгаловыя цмокі. Давялося вырывацца і ўцякаць.

- Форму фармуе фармат, - Малявальшчык замацаваў на мальберце цнатліва-белы планшэт.

Экслібрыстка скінула праз галаву сінюю сукенку. Яна засталася адно ў лімонных паўпразрыстых калготках.

- Фармуе форму фармат, - Малявальшчык узяў два алоўкі, адзін у левую, другі ў правую руку. З агрэсіўным напалам ён пачаў крэмзаць. З-пад левага вымалявалася нейкая рваная амёба, а з-пад правага - крывы торс без рук, без ног і без галавы.

- Фэ, фэ, фэ! - выгукнуў Малявальшчык, схапіў нож і выразаў папяровую амёбу. Ён шпурнуў малюнак на падлогу, скочыў на яго і разадраў напалам абцасамі.

- Я - бяздарны, - Малявальшчык сеў на канапу і па-п'яному апусціў галаву на грудзі.

Экслібрыстка ласкава пагладзіла апушчаную галаву.

Праз імгненне лімонныя калготкі ляжалі на табурэце, а спружыны старой канапы рыпелі так, што, здаецца, увесь свет чуў, чым займаюцца Малявальшчык з Экслібрысткаю.

- Глыбей! - прасіла яна.

- Фэ, фэ, фэ! - вылятала з яго.

 

LI. ПРЫБІРАЛЬНІК

 

Самотны адпачыннік няспешна спусціўся шырокай лесвіцаю на пляж. Ён прайшоў між роўных радоў блакітных лежакоў да цёмнага, аброслага слізкімі з зеленкаватымі водарасцямі хвалярэза. Паміж сівымі жалезабетоннымі блокамі на бруднай вадзе пагойдвалася смецце: расцягнуты і падраны прэзерватыў, памаранчыкавае лупінне, вострыя трэскі, цэлулоідная торба з расплывістым малюнкам, згарэлыя запалкі, цыгарэтныя фільтры і мутны аднаразовы шпрыц. У паветры стаяў гаркаваты ёдзісты пах настылага мора. Ад вострага паху і відовішча адкідаў, што ўздымаліся і апускаліся ў затоцы паміж блочных плоскасцяў, у жываце адпачынніка завуркатала. Пругкі камячок млосці папоўз ад страўніка да горла. Адпачыннік адчуў, што калі яшчэ раз зірне на раскіслы акрываўлены гігіенічны пакет, дык яго імгненна званітуе на сівыя прасоленыя пляжныя камяні. Па храбусткім засыпанам галькаю пляжы адпачыннік прайшоў на заасфальтаваны праменад. Выгляд вільготных адкідаў, што гайдаліся на вадзе, неадчэпна стаяў уваччу. Адпачыннік прыкурыў цыгарэту, але курыць не змог. Ванітны камячок заторгаўся каля ярэмнай лагчынкі, між ключыцамі. Засмажыла, захацелася глытнуць вады, любой, нават іржавай з-пад краніка ў грамадскай прыбіральні, толькі не марской. Адпачыннік ведаў, што метраў за трыццаць-сорак у сасняку хаваецца белы з сінімі дзвярыма дамок прыбіральні. Гучна цокаючы ангельскімі чаравікамі, адпачыннік прайшоў да дзвярэй з літараю «М». Ён моцна і ўпэўнена тузануў за аблезлую ручку. Дзверы жалобна войкнулі і не адчыніліся. І ў гэтае імгненне, як назло, адпачынніку захацелася ў прыбіральню. Да нуднасці ў страваводзе дадаўся ціск на сподзе мачавога пухіра. Другая прыбіральня, згадалася адпачынніку, была праз паўкіламетра. І ён шпарка пашыбаваў да яе. Яшчэ здалёк ён з радасцю і замілаваннем глядзеў на белую ратонду, што сарамліва хавалася за крываватымі камлямі і галінамі соснаў, выраслых на крупчастым марскім пяску. Дзверы ў прыбіральню былі забітыя дошкамі крыж-накрыж. Ціск у пухіры стаяў такі моцны і пякучы, што адпачыннік наважыўся знайсці палёгку за прыбіральняю. Але з-за соснаў выйшаў рабочы ў газетнай пілотцы. У руках пагойдвалася вядро з тлустай зялёнай фарбаю і квач на даўжэзным дзяржальне. Адпачыннік заспяшаўся праз сасоннік на гару. Пакручастымі, драўлянымі і гнілымі сходамі ён выйшаў на пустую шашу, уздож якой цягнуўся высозны, не ўзлезеш, паркан. Пякучы боль знізу жывата двума танюткімі струменьчыкамі перапоўз у ныркі. Адпачыннік сагнуўся і пабег уздоўж непералазнага паркана. Ён ужо збіраўся выпусціць непатрэбную вадкасць у порткі, як паркан скончыўся. За невысокім нахіленым плотам гурбілася купка прыватных дамкоў, побач з якімі ў бязлістым кустоўі зелянела прыбіральня на дзве кабіны. Дзверы ў адну з кабін былі прачыненыя, бо трымаліся толькі на верхняй завесе. Спакутаваны адпачыннік ірвануўся да выратавальнай чорнай шчыліны. У паўзмроку цеснаватае прыбіральні ён, прытанцоўваючы на абсіканых дошках, пачаў вызваляць з нагавіцаў набалелы адростак. У спешцы дрыготкія пальцы зашмаргнулі матузок у плаўках на вузел. І адпачынніку давялося скрыгатнуць зубамі і парваць ангельскі шаўковы матузок. І калі ён нарэшце сціскаў у руцэ вялы і зморшчаны чэлес, трэск і храбусценне ў цёмным кутку, за скарабачаным вядром, прымусілі пакутніка адхінуцца і ўперціся спінаю ў зачыненыя на перакручаны кручок дзверы. З-за вядра, поўнага перапэцканых чалавечымі непатрэбнасцямі паперчын і газет, узнялася змяіная барадатая галава на даўжэзнай танклявай шыі, а за ёю зусім ужо і чалавечае шыракаплечае тулава з кароткімі рукамі. У ружовенькіх, як дзявочыя, адманікюраных пальцах пачвара трымала паўлітровы слоік і пластыкавую аднаразовую талерку. Замест вопраткі на істоце паблісквала карункавая луска цёмна-зялёнай перасохлай алейнай фарбы. Змяіная галава павяла лупатымі вачыма і разявіла пашчу. Раздвоены танклявы язык прайшоўся па вострых, загнутых у сярэдзіну зубах. Разам з гнілым смуродам у бок адпачынніка паляцела гэткае:

- Танчыш? Грукочаш? А я тут з голаду паміраю. Пазачыняюць прыбіральні, дошкамі пазабіваюць, хлёркаю пазасыпаюць... А што Прыбіральнік без харчоў застанецца, нікога і не турбуе. Што закалаціўся, як авечы хвост? Чалавечыну не ўжываю, толькі гной і сікуны. Вось памачыся ў келіх, а то смага замучыла. Зірні ў дзірку... Суха і чыста. Усе запасы выйшлі.

Дагледжаная рука з сінімі пазногцямі працягнула адпачынніку трэснуты слоік. З перапуду той ледзь пацэліў струменем у келіх Прыбіральніка. Ад страху адпачыннік не адчуў доўгачаканай палёгкі. Ён вярнуў слоік гаспадару, які ўвобмільг заглынуў бурштынавую вадкасць.

- А што ў нас на другое? Га? Булёнчык люблю, але і ад другога не адмоўлюся, - смярдзюча загаварыў змяінагаловы Прыбіральнік і строс з рэдкай барады кроплі сікуноў.

- Па вялікаму... Я па... Па вялікаму хадзіў... Схадзіў раніцаю... Даруй... Даруйце...

- Да-арую! - Прыбіральнік выцягнуў з вядра вялікі шмат газеты з зялёнай кляксаю і як сурвэткаю абцёр вусны і прамакнуў бараду.

Не зводзячы вачэй з Прыбіральніка, адпачыннік завёў руку за спіну, адкінуў кручок і адступіў на яркі ад красавіцкага сонца двор. Пасля цемры ўсё навокал здалося яму асляпляльна-сінім. Не спыняючыся, адпачыннік прабег кіламетры са тры і толькі тады спыніўся, каб схаваць мужчынскую адзнаку і зашпіліць нагавіцы.

 

LII. АДПАЧЫННІК

 

Адпачынніку зрабілася млосна ў гэтым свеце. І ён узяў квіток на самалёт і прыляцеў на Поўдзень, да Чорнага мора.

Пачатак красавіка. Айва ў квецені.

Адпачыннік сядзеў у кавярні за белым сталом, на якім у празрыстай шклянцы стаялі брудныя сурвэткі. Ён глядзеў у фантан, у тонкія струмені і думаў, што яны занадта біялагічныя, чалавечыя, і яму зноў стала нудна і млосна.

Кава хутка астывала на скразняку. Адпачыннік не любіў піць каву з таўстасценных парцэлянавых кубкаў, тым больш, калі ў посудзе неставала вушка. Але напой быў выдатны - моцны з густым шумам. Мутарна - падумаў Адпачыннік. Яму захацелася пайсці ў парк і знайсці там лаўку са спінкаю, каб можна было адкінуцца і выцягнуць ногі, але ён не ўстаў і застаўся ў кавярні разглядаць жанчын. Яны пілі белае віно за суседнім столікам. У адной з іх пад непрыгожым тварам ляжаў на стале вялізны, абцягнуты тонкім швэдрам бюст. Другая, драбнейшая, з тонкімі цёмна-сінімі вуснамі імгненна заўважыла зацікаўлены позірк Адпачынніка. Той адвярнуўся і зноў стаў глядзець у фантан. Фантан тым часам ачах, нібыта ў яго раптоўна скончылася жаданне струменіць і забаўляць прысутных. Адпачыннік з сумам спыніў вочы на галіне айвы, што расла каля самага ўвахода ў кавярню. Ён шэптам лічыў ружовыя кветкі. Яму пагоршала. Давялося пакласці локаць на стол, каб падтрымліваць ацяжэлую галаву. У яго над страўнікам круціўся клубок гарачыні, такое бывае, калі нашча глынуць неразбаўленага спірту. Нечакана свет паяснеў. Адпачыннік зрабіў вялікі глыток прахалоднай і таму кіславатай кавы. Жанчына з блакітным тварам і сінімі вуснамі падсела да Адпачынніка.

- Табе блага? - пытанне нязмушана зляцела з яе экзатычных вуснаў.

- Не магу ўстаць...

- Трэба крышку выпіць, і ўсё пройдзе, - у жанчыны быў голас выхаванай медсястры.

Пра тое, што спіртное дапамагае ад усіх хваробаў, акрамя алкагалізму, Адпачыннік ведаў і без сінягубай жанчыны, але ісці да стойкі не хацелася. Ён дастаў грошы і паклаў на стол:

- Схадзі па лекі.

Блакітнатварая медсястра вярнулася наўздзіў хутка:

- А маю прыгожую сяброўку можна запрасіць за наш столік?

- На дзвюх у мяне не хопіць сілы, нават пасля лекаў.

Жанчына расцягнула цёмныя губы і пайшла казаць сяброўцы, што ў Адпачынніка нестае сілы на дзвюх. Можа, блакітнатварая гаварыла сваёй сяброўцы і што іншае. Адпачыннік не чуў, бо ў бары досыць гучна іграў магнітафон. Калі жанчына праносіла паўз фантан свой вялікі, прыўзняты тугім станікам бюст, настрой у Адпачынніка прыўзняўся. Настрой палепшаў і ад добрай порцыі каньяку, а можа і ад фантана, які ачуняў і заструменіў з пругкай сілаю і яркай прыгажосцю.

Блакітнатварая жанчына сядзела насупраць Адпачынніка, і яны пілі каньяк і гаварылі пра рознае глупства. Пра тое, што айва квітнее раней за ігрушу, а алыча - раней за сліву, што на платанах вось-вось патрэскаюцца пупышкі. У Адпачынніка прайшла млявасць і з'явілася лёгкасць ва ўсім целе. Ён больш не падтрымліваў рукою галаву.

Адпачыннік прапанаваў жанчыне прайсціся ў парк, дзе знайшлася лаўка са спінкаю, на якую можна было адкінуцца.

За чорнымі галінамі бязлістага платана стаяў белы скрылік маладзіка.

- Як ты сябе адчуваеш? - з блізкай цемры спыталася жанчына.

- Выдатна, - сказаў Адпачыннік халоднаму маладзіку.

- Дарма ты не запрасіў маю сяброўку...

- І сапраўды: у яе такі выдатны бюст, - Адпачыннік дастаў з кішэні прыхопленую ў кавярні сурвэтку і выцер сінюю памаду з жаночых вуснаў.

- Ты не пойдзеш да мяне?

- Мне будзе дастаткова тут, пад платанам.

Жанчына дастала з сумачкі бліскучы пачак з прэзерватывам.

Пад кароткай спадніцай у блакітнатварай нічога лішняга не было. Адпачыннік наталіўся значна хутчэй, чым меркаваў. Прэзерватыў ён кінуў у сметніцу, бо не любіў, калі расцягнутыя гумкі валяюцца пасярод вуліцы.

- А цяпер куды? - спыталася жанчына з цемры, што пахла айвовай квеценню.

- У аэрапорт.

Жанчына засталася ў парку, на лаўцы.

Адпачыннік ішоў пустым праспектам і думаў, што такое кароткае каханне бывае толькі ў амерыканцаў.

Млосць вярталася да яго.

 

LIII. МЯРЗОТНІК

 

Мярзотнік абрэзаў пазногці на руках і нагах. Ён не выкінуў іх, як робіць большасць звычайных людзей, а сабраў у гурбачку пасярод пісьмовага стала і доўга з замілаваннем разглядаў. Згарнуўшы далонь лодачкаю, Мярзотнік ссунуў пазногці на край стала і ссыпаў на глянцавы аркуш паперы, які склаў у некалькі столак і засунуў у кішэню шарага ангельскага пінжака. Паправіўшы перад люстэркам тугі вузел чорнага гальштука, ён выйшаў са сваёй кавалерскай кватэры. Пазвоньваючы ключамі, Мярзотнік накіраваўся ў Траецкае прадмесце, дзе доўга прастаяў у букіністычнай краме «Вянок», разглядаючы карэньчыкі дарагіх альбомаў па мастацтву. Некалі даўно, у пару сваёй перадвайсковай маладосці ён вучыўся на педагагічным аддзяленні мастацкай вучэльні. Але ў войску Мярзотніка палюбіў начальнік асобага аддзела. Ён і дапамог паступіць ва ўніверсітэт, на юрыдычны факультэт. Вучыцца давялося на вечаровым аддзяленні, бо ўдзень Мярзотнік хадзіў на службу ў Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі. Яму падабалася праца з яе таямнічасцю і правам насіць зброю. Акуратнасць і педантызм дапамагалі зрабіць кар'еру, невялікую, але дастатковую, каб цешыць уласнае самалюбства. І вось цяпер, стоячы ў краме «Вянок» і гледзячы на супервокладкі альбомаў Малевіча і Энгра, ён згадаў студэнцкую сталоўку, якую называлі «Бухенвальд». Успомніўся малапрыемны эпізод, калі, п'ючы гарбату, ён выкалупаў лыжачкай з кіслага тварагу рудое цельца мёртвага прусака. Злосць і жаданне адпомсціць з'явілася на шарым твары Мярзотніка. З кнігарні ён дайшоў да метро і праз якіх пятнаццаць хвілінаў шыбаваў па вуліцы Друкарскай у кірунку сталоўкі № 32, якую і дагэтуль студэнты называюць між сабою «Бухенвальд». У пустой таннай сталоўцы Мярзотнік выглядаў недарэчна ў сваім новым дарагім гарнітуры. Дзяўчаты ў марлевых каўпаках з цікавасцю сачылі за незвычайным наведнікам, які паставіў на спод адно сырнікі і гарбату. Пад пільнымі позіркамі Мярзотніку было цяжка здзейсніць задуманае, але, на ягонае шчасце, у нетрах кухні адбыўся выбух. Пэўна, нехта ўпусціў на падлогу пяцілітровы балон з кансерваванымі кабачкамі. Пакуль дзяўчаты войкалі і вохкалі, Мярзотнік паспеў прыправіць абрэзанымі пазногцямі свежую капусту, якая чакала ў сподачках галодных студэнтаў. Калі Мярзотнік паварочваў з Друкарскай на праспект Скарыны, ён думаў пра тое, што ў беларускай мове ангельскае слова сатысфакцыя ўспрымаецца хутчэй як помста, а не задавальненне.

 

LIV. ГРЫБНІК

 

У Грыбніка было запаветнае месца.

Уставаў Грыбнік рана, гадзіны ў тры, і з вялікім лазовым кашом выходзіў з цёмнага соннага мястэчка. Ён любіў адзіноту і ноч перад золкам, любіў ранішні цяжкі туман.

Аднаго разу ў тумане ён напаткаў сямейства дзікоў. Выйшаў на поле з хмызоў і ўбачыў, як з-за буртоў бульбы выбег вялізны дзік, за ім па раллі пабегла свіння з паласатымі кабанчыкамі. Грыбнік пашукаў вачыма якога дрэва, каб, калі што, узлезці і ўратавацца. Дрэваў не было: арэхавыя хмызы ды бясконцае бульбяное поле з нізкімі буртамі. Грыбнік хацеў быў уцякаць, але перадумаў, бо дзікі не заўважылі яго і мірна беглі па раллі.

Пасля сустрэчы з дзікамі Грыбніку прысніўся сон, у якім паўтаралася спатканне з дзікамі, толькі ў сне велізарны кныр заўважыў яго і, разявіўшы ікластую пашчу, пачаў нападаць. Ад сполаху Грыбнік прахапіўся і доўга не мог заснуць. Ён варочаўся на мулкім ложку ў пакамечаных прасцінах каля гарачай жончынай спіны і пераконваў сябе, што трэба набыць паляўнічую дубальтоўку і, калі якая звяруга сунецца, дык пекануць у лоб свінцовым жаканам.

Стрэльбу Грыбнік не прыдбаў, бо не захацеў выпрошваць дазвол у міліцыянтаў. І адзінай зброяй, якую ён браў у лес, па-ранейшаму быў стары сцізорык.

Грыбнік перайшоў чыгуначны пераезд і накіраваўся да балоцістае лагчыны, парослай чэзлым бярэзнікам, дзе паклаў у кош дзесятак вялікіх «бабак». За лагчынаю пачыналася гара і бярозавы гай, у якім на верасовых палянах Грыбнік нарэзаў «чырвонагаловікаў» і тых жа «бабак», толькі страйнейшых. З бярэзніку праз поле ён пайшоў у невялічкі ельнічак пашукаць лісічак. Грыбнік любіў лісічкі, бо растуць яны вялікімі сем'ямі дый не чарвівеюць. У ельніку лісічак не было, пэўна, ужо адышлі. Але Грыбнік не засумаваў, бо наперадзе чакала запаветнае месца з баравікамі. Месца тое - вузкая прычыгуначная лесапалоса. І трэба ж такому здарыцца, што менавіта ў ёй разраслася грыбніца. Крэпкія тоўстыя баравікі выходзілі ледзь не да самага адхону. Грыбнік не ведаў лепшага відовішча, чым высокі брунатны баравік у смарагдавай траве.

Ён прайшоў праз чыгуначны пераезд, на якім віскліва пазвоньваў апушчаны шлагбаўм. Каля пасястай дошкі стаяла жонка пуцявога абходчыка з жоўтым скручаным сцяжком. На галаве ў жанчыны нязграбна сядзела мужава чырвоная фуражка.

- Лёдзя, а дзе гэта мужык твой? - Грыбнік паставіў кош на шлагбаўм.

- А чорт яго ведае, павалокся некуды. А тут вось таварняк у 10.20 трэба сустракаць. А ты, Віталь, мусіць, грыбное месца недзе тут знайшоў, бо ўсё каля нашага пераезда круцішся?

Грыбнік зняў са шлагбаўма кош з грыбамі і незадаволена прамармытаў:

- Якія тут грыбы каля смярдзючых шпалаў? Мухаморы дый паганкі, ці трутавікі на дрэвах...

Каб не выдаць свайго запаветнага месца, яму давялося сунуцца ў другі бок, пераходзіць праз палатно і рабіць вялікі крук. Нарэшце ён дайшоў да купкі высокіх елак, пад якімі і пачыналася грыбніца баравікоў. Грыбнік так захапіўся зразаннем і складаннем у кош магутных, інакш не скажаш, грыбоў, што сам не заўважыў, як апынуўся каля яркай, жоўтай з чорным у крыжы, радзюжкі. На той, раскінутай на імху пад сасною радзюжцы задыхана стагнала жанчына. У яе паміж сцёгнаў хутка рухаліся ўверх-уніз мужчынскія клубы. Радзюжку Грыбнік пазнаў адразу, бо такая, жоўтая ў чорныя крыжы, была адна на ўсё мястэчка і выткала яе Грыбнікова маці. Каханкі не заўважылі напоўненага злой помслівасцю Грыбніка. Пуцявы абходчык смактаў белую шыю Грыбніковай жонкі і пакідаў на ёй свежыя ружовыя сінякі.

- Зараз я вам... - мармытнуў Грыбнік і схаваўся за елкаю.

У двары пуцявога абходчыка ён пагрукаў у акно зялёнага дагледжанага дамка. Неўзабаве на ганку з'явілася абходчыкава жонка.

- Лёдзька, я вось толькі што міліцыянта Савіча сустрэў, ён на матацыкле ў Стоўбцы ляцеў. А мяне ўбачыў, спыніўся і папрасіў, каб я табе перадаў... Толькі ты не перажывай надта...

Лёдзін твар стаў белы, як пясок каля пераезда.

- І не плач... Мужыка твайго машына збіла каля малаказавода. Ён яшчэ жывы. У бальніцы. Але Савіч сказаў, што, мусіць, не выжыве, бо галаву яму моцна пабіла.

Лёдзя заскуголіла тоненька, па-сабачы.

- Ты, Лёдзя, у бальніцу бяжы, а я пераезд павартую.

Абходчыкава жонка, як стаяла ў хатнім халаце, так і пабегла ў мястэчка.

Грыбнік зайшоў у дом. Ён ведаў, што ў абходчыка ёсць дубальтоўка. Яна вісела на сцяне ў спачывальні над шырокім, засцеленым стракатай, бурачковай і сіняй у квадраты, радзюжкай. Рэмень з патронамі Грыбнік зняў з цвіка ў кладоўцы. Узброены дубальтоўкаю ён рушыў у сваё запаветнае месца.

Спатоліўшы смагу кахання, абходчык і Грыбнікова жонка пілі самагон, заядаючы хлебам, салам і памідорамі. За гэтым мірным заняткам іх і заспеў Грыбнік. Правая руля дубальтоўкі выплюнула набой шроту ў твар абходчыка пуцей, а левая - у спіну жонкі-здрадніцы, якая спрабавала ўцячы. Перазарадзіўшы стрэльбу, Грыбнік два разы стрэліў у горла жончынага спакушальніка. Забіўшы яго, ён зноў жа два разы пусціў шрот пад жончыну патыліцу. Трупы каханкаў Грыбнік склаў побач і накрыў яркай, у крыжы радзюжкаю.

Паўпляшкі самагону ён выпіў з рыльца і са смакам закусіў чырвоным, як кроў, памідорам.

Захмялелы Грыбнік зняў чаравік, сеў пад сасну і націснуў на курок вялікім пальцам босай нагі. Толькі ніводная шраціна не трапіла ў сэрца. І праз якіх пятнаццаць хвілінаў Грыбніку давялося ўстаўляць у рот дзве рулі стрэльбы, каб назаўсёды развітацца з любай лесапалосай, поўнай крамяных баравікоў.

Стрэлаў ніхто не чуў, бо іх паглынуў грукат цягнікоў, таварняка і пасажырскага.

У турме скалечаны Грыбнік вельмі пакутаваў, асабліва напрыканцы жніўня і ў верасні. Ён любіў і мог гадзінамі расказваць сваім асуджаным на прымусовае зняволенне таварышам пра запаветныя месцы, пра лісічкі і чырвонагаловікі.

- Каб яны ў якім іншым месцы любіліся, далібог, не страляў бы, - казаў Грыбнік і плакаў, успамінаючы пакінуты каля шлагбаўма кош грыбоў.

 

LV. ЛІРЫК

 

Яны зайшлі ў пустую кватэру.

- Зараз прыгатую каву, - сказала жанчына, калі здымала капялюш.

Лірык моўчкі прайшоў у залю, дзе, цяжка ўздыхнуўшы, апусціўся ў чорны скураны фатэль.

Жанчына прынесла на срэбным сподзе каву і канапкі.

- Чорную ці з вяршкамі?

- Чорную, - ледзь чутна вымавіў Лірык.

Ён глядзеў на жанчыну халоднымі вачыма, як звычайна пазіраюць у тэлевізар. Яна сядзела, адкінуўшы плечы, каб лепш вылучаліся круглыя грудзі. Пад паўпразрыстай кашуляй чарнеў карункавы станік.

Лірык не хацеў блізкасці, на ягоным твары ляжала пячатка адчужэння. У жаночых вачах з'явілася прыкрасць. Ён выпіў каву, запаліў цыгарэту, прапанаваў запаліць жанчыне. Яна паліла і пажадліва ўсміхалася. Ён узняўся з фатэля і ўважліва, нібы лекар, агледзеў яе з галавы да ног. Жанчына імгненна зразумела мужчынскае памкненне.

- Мне распрануцца? - яна паклала цыгарэту на край крышталёвай папяльніцы.

- Станік можаш пакінуць, мне падабаецца ўсё чорнае: чорная кава, чорны станік, чорны настрой...

- Ты - рамантык?

- Так, як і кожны лірык.

Жанчына скінула спадніцу, пад якой былі адно чорныя карункавыя майткі.

- Табе прыемна глядзець, як я распранаюся?

- Мне прыемна думаць, што ты распранаешся.

Жанчына завяла рукі за спіну і расшпіліла станік. Яна стаяла перад ім цалкам аголеная.

- Пайшлі, - нарэшце сказаў Лірык і пагасіў недапаленую цыгарэту.

Яны зайшлі ў цёмную спачывальню.

Лірык падумаў, што ўчора ў гэтую спачывальню ён прыводзіў іншую жанчыну, зусім не падобную да гэтай, усмешлівай.

- Кладзіся, - загадаў Лірык і распусціў пас.

- А ты...

Ён павольна распрануўся, лёг побач з ёю і пяшчотна правёў рукою па яе плечуку.

- Колькі ў цябе было мужчын?

- Я іх не лічыла, гэта мужчыны займаюцца такімі глупствамі, як падлік спакушаных дзяўчат...

- А хто быў першы? Толькі не кажы, што ён загінуў у аўтакатастрофе і ты не можаш яго забыць.

- На жаль, усё было не так. Першы быў мой стрыечны брат, які прыйшоў з войска ў адпачынак... Мне было пятнаццаць... Хадзіла ў школу.

- А хто быў апошні?

- Прайшло больш за месяц...

Лірык прыгарнуў жанчыну і пацалаваў. У лоб, як на развітанне цалуюць дзяцей.

- Табе сумна са мною?

- Зусім не.

- У цябе сумныя вочы.

- Гэта толькі здаецца.

- Пацалуй мяне... Толькі не так, як цалуюць дзяцей.

У жанчыны была вельмі белая скура. Лірык ніколі ў жыцці не бачыў такой бялюткай і пяшчотнай скуры. Ён лашчыў яе ўсю кранальнымі дотыкамі вуснаў. Лірык авалодаў жанчынай асцярожна і запаволена. Яны доўга ляжалі злітыя ў непадзельнае цэлае.

Лірык устаў з ложка і адвярнуўся.

- Можна, я пайду ў лазніцу?

- Вядома, ідзі...

У глыбіні кватэры зашархацеў душ.

Лірык сядзеў у чорным скураным фатэлі. Ён апрануў адно белую свежую кашулю з накрухмаленым каўняром.

Калі жанчына вярнулася з лазніцы і пабачыла Лірыка, што спаў у пакоі, яна спалохалася, бо ён выглядаў як нежывы.

 

LVI. ДЭПУТАТ

 

Дэпутат запхаў гішпанскі берэт у кішэню плашча.

- Надвор'е цудоўнае, можна хадзіць і голай галавою.

Дэпутат глянуў праз акуляры на адбітак Аспіранта, які з'явіўся ў люстэрку з-за ягонага пляча:

- І ты ўцякаеш з другога аддзялення?

- Трэба набыць лямпачку з маленькім цокалем. Перагарэла. Увечары працаваць не магу.

- А я хачу пераапрануцца, каб на фуршэт да міністра пайсці ў строі. Ты ў які бок? - у інтанацыі Дэпутата прамацвалася жаданне пазбавіцца ад Аспіранта.

- Нам па дарозе, - здзекліва канстатаваў той.

З опернага тэатра яны накіраваліся ў бок скверыка, што не носіць імя піянера-героя Марата Казея, хоць помнік непаўналетняму немцабойцу там і стаіць.

- Ну і як вам у дэпутатах?

- Кепска, братка. У галаве замест паўшар'яў ляжаць кавалкі бетону. Калі пачынаю думаць, яны труцца адзін аб адзін, крышацца, крыгочуць. Кыхр-р-р, кыхр-р-р, - Дэпутат закашляўся.

- А «Гульню ў шкляныя перліны» Германа Гесэ больш не перакладаеце?

- Ты, братка, шмат помніш...

Яны перамінулі класічны будынак генеральнага штаба міністэрства абароны і моўчкі пашыбавалі па ўзбярэжжы Свіслачы.

Аспірант не стаў казаць Дэпутату, што памятае, як той у п'янай шчырасці прызнаўся, што толькі аднаго разу ў жыцці пачуваўся чалавекам.

- Аднойчы, братка, я быў чалавекам. Здарылася тое пад Гамбургам. Вечарэла. Турыстычны аўтобус спазняўся ў гатэль, але мужчыны пасля нямецкага чорнага піва запатрабавалі ў шафёра прыпынку. Я адышоўся ў высокую траву, прысеў і пачуў гудзенне вялікага горада. Гу-у-у... Трава казыча дупу, з мяне вывальваюцца шлакі, за небакраем гудзе Гамбург, і я адчуў сябе чалавекам.

Дэпутат з Аспірантам парукаліся каля станцыі метро «Пляц Перамогі», дзе гарэў Вечны агонь у гонар палеглых у барацьбе з фашысцкай Нямеччынай.

Лямпачку з маленькім цокалем Аспірант набыць не паспеў, крама зачынілася. Назаўтра раніцай давялося ісці па яе зноў. Па дарозе Аспірант набыў газету, у якой прачытаў паведамленне, што Дэпутат прызначаны паслом у Федэратыўную Рэспубліку Нямеччыну.

- Цікава, ці будзе Дэпутат ездзіць пад Гамбург у высокую траву, каб адчуць сябе чалавекам? - прамармытаў сабе пад нос Аспірант і выкінуў газету.

 

LVII. ПРЫТУЛЯЛЬНІК

 

Лета. Спёка. Тралейбус. Проймы.

Трынаццацігадовы Прытуляльнік стаяў на задняй пляцоўцы і пазіраў, расплюшчыўшы нос аб шыбу, у запыленае акно.

На прыпынку «Пратэзны завод» у салон узнялася пяцідзесяцігадовая мажная кабета. Яна ўпэўнена заняла месца побач з хударлявым вузкагрудым Прытуляльнікам. Ён адхінуўся ад шыбы і скасавурыўся на спадарожніцу - глыбокія зморшчынкі апускаліся ад трапятлівых крылцаў тонкага носа да куточкаў поўных падмаляваных пунсовай памадаю вуснаў. Фарбаваныя ў белыя, валасы былі завітыя ў дробныя-дробныя кудзеркі. Пагляд Прытуляльніка ссунуўся ніжэй - конусы ёмістых грудзей былі забраныя ў станік, не раўнуючы, як у рыцарскія латы, прахалода белай крухмальнай кашулі спынялася глыбокай чарнатой спадніцы, што туга абцягвала вялікі круглы жывот. Прытуляльнік зрабіў лёгкі, ледзь заўважны крок. Ягоны востры, яшчэ зусім дзіцячы локаць слізгануў па чорнай бавоўне жаночае спадніцы.

«Які тугі ў яе жывот?! - зазначыў Прытуляльнік. - Які ён пругкі і тугі! Ніколі б не падумаў, што ў такой старой кабеты можа быць такі тугі жывот».

Прытуляльнік адчуў, як у ягоных школьных нагавіцах за прарэхай, у якой не хапала гузіка, узнікла напружанасць, а потам пругкасць і напятасць. Прытуляльнік зрабіў яшчэ крок, але ўжо не лёгкі, а рэзкі і нахабны, так каб усёй рукой прыціснуцца да пукатага жывата пяцідзесяцігадовай спадарожніцы. Кабета адсунулася, падумаўшы, што дотыкі школьніка выпадковыя. Ён зноў прытуліўся і налёг на жанчыну так, каб плечуком датыкацца да ёмістай цыцкі. Кабета, нарэшце ўцяміўшы, што азначаюць прытулянні, павярнула да хлопца насаты твар.

- Ты што робіш? - тралейбусны салон запоўніў сухі шэпт, шорсткі і пыльны, як асфальт.

- Я чырванею! - адпрэчыў Прытуляльнік і саскочыў на прыпынку «Вячэрняя школа».

Ён сапраўды быў пунсовы, бо кроў з пахавіння ўдарыла ў галаву.

 

LVIII. МАЛЫ РЫБНІК

 

Малы Рыбнік уладкаваўся ў краму «Акіян».

Пэўна, ён быў адзіным юнаком у горадзе, каго не раздражняў пах гнілых селядцоў і смак перастаялай цвілой вады. Ён нават любіў ёдзістую мляўкасць марской капусты і гумовую саладжавасць кальмараў. Адным словам, Малы Рыбнік быў дробным вычварэнцам. Ён натуральна ўздымаўся на сёмае запаветнае неба, калі ўзлазіў на цыстэрну, поўную яшчэ варухлівых люстраных карпаў. З сапраўднай вынегаю Малы Рыбнік чэрпаў рыбін вялікім сачком і кідаў іх у ацынкаваныя балеі, растрасаючы кропелькі мілага водару.

Пасля чарговага завозу жывых карпаў у «Акіян» стомлены Рыбнік сядзеў на перакуленай балеі. Ён адчуваў такую палавую ўзбуджанасць, што не мог абысціся без дапамогі рук. Справа ў тым, што перад ягонымі вачыма стаяла і ніяк не жадала знікаць пікантная карціна: загадчыца аддзела кансерваў, даўганогая маладзіца з велізарнымі грудзьмі, схілілася над скрынкаю і пачала перакладаць бляшанкі са шпротамі ў валізу. Малы Рыбнік якраз сядзеў на кукішках і збіраў у вядро наплюханую карпамі лужыну. Маладзіца нахілілася так, што караткаваты халат узняўся ледзь не на плечы. Рыбніку адчынілася ашаламляльнае відовішча: у ямцы паміж сцёгнаў і клубоў чарнела рыбіна похвы. Кінуўшы анучу, ён схаваўся за скрыні з кансервамі і, счакаўшы, пакуль сыдзе загадчыца, расшпіліў нагавіцы ды пачаў масіраваць свой пругкі, нібыта мянтуз, стрыжань. Маціцовыя кроплі насення плытка ўпалі на падлогу якраз у той момант, калі за спінаю Малога Рыбніка загучаў голас загадчыцы аддзела кансерваў:

- Дык вось чым займаецца на адзіноце малы нягоднік!

Ад сполаху Рыбнікаў стрыжань сціснуўся і схаваўся ў кулаку, як той вінаградны вусень у ракавінку.

- Я за карпамі лужыны збіраў. Яны наплюхалі, не прайсці... Трэба ж было падмыць, - голас юнака дрыжаў, як хвост карпа, якому кухар адразае галаву.

- Падмываў, кажаш? Які ты старанны хлопчык, як ты любіш парадак і чысціню... А я і не ведала, што ты любіш падмываць за карпамі. Ты ж любіш падмываць, праўда? - загадчыца аддзела насоўвалася на Малога Рыбніка ўсім сваім высокім целам, усёй магутнасцю грудзей, падобных да кілаграмовых ананасаў.

- А я заўсёды мыю падлогу, - Рыбнік прыўстаў з балеі і нязграбна пачаў хаваць у прарэху слізкі чэлес.

- А ты ведаеш, малы мярзотнік, што ў мяне паміж сцёгнаў ёсць чорная рыбка і яе трэба таксама мыць. І зараз ты памыеш маю маленькую рыбку сваім маленечкім языком, - загадчыца націснула рукамі на юнаковы плечы, і той бязвольна апусціўся на калені.

Салодкі, прахалодны водар свежае рыбы ахутаў Малога Рыбніка цалкам: юнак апусціўся ў падводнае царства.

Наступным ранкам дырэкцыя крамы «Акіян» абвінаваціла Рыбніка ў крадзяжы кансерваваных шпротаў і звольніла.

 

LIX. РУСАЛКА-2

 

Русалка ўскочыла ў кватэру першая. Мужчына праслізнуў за ёю ў цемнаваты перадпакой. Яна прапанавала распрануцца тут жа, каля скрыні з абуткам і пачапельніка. Апранахі, ломячы рукавы і калашыны, пападалі на кілім. Ён са здзівам разглядаў рабацінне на шырокай Русалчынай спіне. Тая, ужо цалкам аголеная, азірнулася і спытала:

- Што? Шукаеш мой хвост? Не шукай. Русалчыны хвасты засталіся ў XІX стагоддзі.

Русалка пацягнула мужчыну ў лазніцу, дзе ўключыла душ са срабрыстым гафрыраваным шлангам.

- Шланг душа заўсёды нагадвае мне пра цмока, які і спакусіў Адама і Еву ў Боскім Раі... Як там было? - мужчына пацалаваў Русалчыну рабую лапатку. - Карацей, вогненна-чырвоны анёл выгнаў першых людзей з-пад райскіх шатаў... Не пашанцавала...

- У мяне такая глыбокая адтуліна, што ў ёй заўсёды застаецца вада, - стоячы ў ванне, паведаміла Русалка і паставіла адну нагу на край чарупіны. - Паглядзі, якая глыбіня. Засунь туды палец...

- А вада такая халодная, - ускрыкнуў мужчына, трапіўшы пад струмені. - Здаецца, так пісаў Камю ў сваім «Падзенні», калі дзяўчына-самагубца кінулася з моста ў рэчку.

- Зараз, зараз, зараз... Зробім табе цяплейшую... А ці-ці, а ці-ці... Здаецца, так прыгаворвае матка, калі кладзе ў начоўкі сваё немаўлятка, а яно разяўляе бяззубы рот, маўляў, радуецца, маўляў, смяецца... А ці-ці... У мяне ніколі не будзе дзяцей, я так вырашыла.

Вада пацяплела. Мужчына цалаваў млечны шлях рабаціння на Русалчыным хрыбетніку.

- Скажы мне, любая, а ці праўда, што Русалка можа зацяжараць ад тапельцавага насення?

- У XІX стагоддзі, любы, усе казкі засталіся ў мінулым... А можа ты хочаш, каб я ўтапіла цябе, зацягнула ў глыбіню, а потым яшчэ зацяжарала?

«І зусім у яе не глыбокая... Наадварот, - падумаў мужчына. - Вузкая і караткаватая дый поўная мяне... Стоячы нязручна».

Русалка трымала шланг-цмока за горла, каля самай галавы-распырсквальніка. Локцем яна паціху закручвала халодны кран. Вада пагарачэла.

- А ці-ці! - закрычала Русалка. - А ці-ці!

На каханкаў ляцеў кіпень. У густой пары патанула экстатычнае заканчэнне акта.

- Цікава, як хутка сыдуць з майго пляча пухіры апёкаў? - спыталася Русалка ў мужчыны, што выціраў голаў махровым ручніком.

- Думаю, праз тыдні два і следу не застанецца, - сказаў той, разглядаючы свае ружовыя апараныя пальцы.

 

LX. ДАМАВІК-6

 

Літаратар жыў каля інфекцыйнай бальніцы. Штодня даводзілася праходзіць каля яе. Вядома, ён не карыстаўся тэлефонным апаратам, што вісеў на вартаўніковым буданчыку каля металёвай механізаванай брамы. Можа, таму літаратар не баяўся падхапіць жаўтуху-гепатыт ці якую іншую трасцу з халераю. Да людзей у белых ды іншаколерных халатах ён ставіўся абыякава, без шкадобы і спачування. Ходзяць сабе за плотам і хай сабе ходзяць. Ёсць яны і ёсць я, і нішто нас не знітоўвае. Толькі нельга сказаць, быццам бы літаратара зусім не цікавіла бальніца. Яму вельмі падабаліся цагляныя дамкі, збудаваныя на пачатку стагоддзя ў казачным стылі мадэрн. Ён нават марыў займець, калі стане вядомы і адпаведна заможны, падобны вось такі акуратны дом пад чырвона-брунатнай дахоўкаю. Асабліва падабаўся дом з крыжыкам над уваходам.

Аднаго разу, шпацыруючы каля інфекцыйнай бальніцы разам з крытыкам, літаратар спытаўся:

- Бачыш дамок з пакручастым дахам?

- Звычайны мадэрн, - віславусы крытык знізаў сутулаватымі плячыма.

- Болей таго, - узбудзіўся віхрасты літаратар, - правінцыйны югендстыль... Але мне падабаецца... Гэта ж не дашчаная шпакоўня на лецішчы і не раскірэка будан экс-партыйца ці ньюкамерсанта... Гэта твор... Два асобныя ўваходы, вокны арачныя, канёк з флюгерам, падмурак высокі каменны, дзверы філянговыя, ганкі з каляровых цэментаў - чорны, чырвоны, блакітны, і асноўнае - белыя накрухмаленыя фіранкі. Усё-ўсё разумею, і бальнічны каларыт у іх, і элемент галечы прысутнічае, і халадок эфірны, лёгенькая пройма, скразнячок, ветрык, свежасць... стэрыльнасць мяне заўсёды вабіла...

- А мне ад такіх халерных баракаў тхне фармалінам. Не разумею, нашто табе морг? Ці ты вырашыў займацца некрафіліяй?

- Які морг? Вунь дом, жоўты... - літаратар асекся. - А я ніколі не думаў, што адбываецца ўсярэдзіне. Стаіць і стаіць. Дах, сцены, вокны...

- Сутарэнні, - утроп дадаў крытык. - Другі ўваход вядзе ў сутарэнні, дзе ў холадзе на лёдзе захоўвалі нябожчыкаў, а ў верхнім памяшканні іх анатаміравалі. Толькі давай пагаворым пра іншае...

І крытык распавёў літаратару пра тое, як у дзяцінстве яго паклалі на сорак дзён у гэтую інфекцыйную бальніцу. Маці крытыка, а тады трэцяклясніка, працавала ў піянерлагернай бібліятэцы. З-за гнілаватай перамёрзлай бульбы, якой кухар спрабаваў карміць дзяцей, яна перасварылася не толькі з кухарам і лыжкамыйнікамі, а і з загадчыцай медыцынскага пункта. У спрэчцы бібліятэкарка, вядома, атрымала перамогу, і ў лагер прывезлі два кодабы добрае бульбы. Адпрацаваўшы чэрвень і ліпень, яна з'ехала на цэлы жнівень адпачываць на Каўказ у Гагру, пакінуўшы сына ў тым жа лагеры. І ўсё было б добра, каб не дурніцы, што выспелі на калялагерным балотцы. Хлопец наеўся лясных ягад так, што страўнік узбунтаваўся, і давялося бегчы ў медпункт і прасіць лекі, каб спыніць панос. Вельмі лагодная загадчыца ўгаварыла трэцякласніка пераначаваць у ізалятары. А той, не бачачы пасткі, згадзіўся. Яна ж выклікала з Менска «хуткую дапамогу», сказаўшы, што ёсць падазрэнні на дызентэрыю. Спрачацца, бунтаваць хлопцу не выпадала, і яго соннага і вялага перавезлі ўночы з лагернага ізалятара ў рэспубліканскую інфекцыйную бальніцу. Дызентэрыйнай палачкі аналізы не выявілі, і «стул» быў нярэдкі. Толькі памяркоўныя дактары вырашылі не рызыкаваць. І, праляжаўшы з хворымі дзецьмі тры дні, будучы крытык быў як і ўсе - з рэдзенькім «стулам», тэмператураю і наяўнасцю палачкі. Хлопцу давялося праляжаць у мадэрновым дамку ажно ўсе сорак дзён. Праз закратаваныя вокны ён бачыў засаджаны бэзам двор, старую драўляную паветку і высозны паркан, над якім зрэдчас праплывалі сінія тралейбусныя дахі. Сум і аднастайнасць зняволення крышку ўпрыгожвала дзяўчынка аднагодка. Яна дазваляла будучаму крытыку прыходзіць да яе ў ложак і засоўваць пальцы ў пругкую міжножную цяплынь...

- Пасля выпіскі я ні разу яе не сустрэў, - са шкадобаю ў голасе скончыў свой аповед крытык.

Літаральна на другі дзень позна ўвечары літаратар вяртаўся дамоў і праходзіў каля бальніцы. У завулку ні душы. Святло высачэнных ліхтарняў цьмянае і мярцвянае. Нават у будынку вартаўніка вокны чорныя, як смала. Мёртва. А рэха крокаў такое гулкае і страшнае, нібыта ідзеш па дарозе ў пекла. І ў той момант, калі літаратар наблізіўся да морга, ліхтарні ўспыхнулі ярчэй, яны, нібыта маланка, асвяцілі нерухомы краявід і згаслі. Але не канчаткова. Над чорнымі шатамі клёнаў, у нябеснай сінечы, віселі крывава-гнілаватыя лямпачкі. Яны нагадвалі кавалкі яшчэ жывой, яшчэ гарачай плоці. Літаратар пабег па завулку пад ледзь жывымі лямпачкамі.

З таго часу ён імкнуўся не трапляць уначы на той завулак, дзе стаяў морг.

Але такая перасцярога не ўратавала літаратара ад здарэння.

Ідучы ўранні па хлеб, ён краем вока зірнуў на філянговыя дзверы некалі любімага дамка. Яны былі прачыненыя. З-за іх і пачулася меладычнае запрашэнне:

- Калі ласка, заходзьце... Яны стаміліся чакаючы... Заходзьце, калі ласка...

Літаратар укамянеў. Яго ахапіў транс. Дробненькімі крокамі ён прайшоў паўз вартаўніковы буданчык, у механізаваную браму і накіраваўся да морга. Цяжкія дзверы расхінуліся лёгка, нібыта фіранкі. У кутку беласценнага пакоя ўзвышалася шкляная шафа з хірургічнымі інструментамі. Побач стаялі беланогія стол і крэсла. Пасярэдзіне пакоя на двух шырокіх сталах ляжалі істоты: стары чорнабароды Дамавік у скураным плашчы і вастраносых ботах і белагаловая Русалачка ў белых гольфах з шаўковымі кутасікамі. Вочы абедзвюх істот былі заплюшчаныя, рукі складзеныя на грудзях, але ўсё казала, што і стары і дзіця жывыя.

- Ты пабачыў, - аднекуль здалёк учуўся лагодны голас, - старога Дамавіка, які яшчэ не памёр, і маленькую Русалачку, якая яшчэ не нарадзілася. А цяпер ідзі і раскажы ўсім пра тое, што чуў і бачыў.

Са здарэння і трансу літаратар выйшаў толькі ў хлебнай краме, пачуўшы раздражнёнае:

- Вось ваш хлеб, мужчына!

 

LXI. ГАСЦЯВІК

 

Гасцявік атрымаў ад свайго даўняга таварыша пісьмовае запрашэнне прыйсці на калядную вячэру. А так як у Гасцевіка не было сваякоў і ён не мог наладзіць сямейнае свята ў поўнай меры, дык прапанова адсвяткаваць Божае нараджэнне ў чужым доме была нават дарэчная.

Яшчэ за тыдзень да Калядаў Гасцявік замовіў у рэстарацыі ментолавы торт.

У Гасцевіка быў хворы страўнік, і таму, баючыся непрыемнага паху, які ішоў з рота, увесь час трымаў пад рукою мятныя таблеткі, жавальныя гумкі дый цукеркі-ледзянцы. Паступова мята і ментол перакачавалі ў розныя стравы, і рацыён Гасцевіка цалкам прапах «халадком». Дайшло і да вынаходніцтва - быў створаны новы прахаладжальны напой: мятная гарбата з дробна накрышаным лёдам.

Заказны торт выйшаў выдатны, за калядным сталом яго хвалілі ўсе.

- Я даўно не каштаваў нічога падобнага, - сказаў Гасцевікоў даўні таварыш, на круглым твары ў якога граў здаровы румянец.

- Ніколі не думала, што і сярод сучасных мужчын сустракаюцца гурманы, здатныя знаходзіць кулінарныя дзівосы, - выказалася таварышова жонка.

Тры дачкі пагодкі: 15-, 14- і, адпаведна, 13-гадовая вельмі шматслоўна гаварылі пра мятны торт.

- Кухар, які выпякаў торт, сапраўдны мастак. Яблыневыя лісцікі, вылепленыя з крэму, выглядаюць зусім як жывыя, ад іх павявае свежасцю ды вясной. Спадзяюся, тата абавязкова возьме адрас кухара і замовіць на мой дзень нараджэння такі ж самы шэдэўр, - сказала старэйшая з дачок.

- Пасля такіх слоў мне няёмка прасіць бацькоў заказваць торт і на свой дзень нараджэння, таму я вельмі ўзрадуюся, калі на свяце ў маёй старэйшай сястры ўрачыста прыбраны банкетны стол будзе ўпрыгожаны такім цудоўным тортам, - сярэдняя сястра манерна, адставіўшы мезенец, узяла срэбную лапатку і паклала на свой сподачак яшчэ адзін кавалак торта.

Пакуль жонка даўняга сябра разлівала гарбату, Гасцявік адчуў страўнікавы дыскамфорт, яму здалося, што пачаў расцякацца па пакоі малапрыемны пах. «Гэткі саладжава-цвілы дух у самотных мужчын. Пэўна, так патыхала ад пустэльнікаў. Мусіць, такі смурод сыходзіў ад святога Антонія. Жах у тым, што смурод ты глытаеш нават не хочучы. І нябожчыкі былі б не такія страшныя, калі б не даводзілася ўсмоктваць у сябе часцінкі раскладзенага цела. Як я разумею людзей, што ўліваюць у горла паўшклянкі гарэлкі перад тым, як ісці на пахаванне...» - падумалася Гасцевіку, і ён, не пытаючыся дазволу, наліў сабе поўную чарку каньяку.

- Прашу прабачэння, - занепакоілася гаспадыня. - Мы зусім забыліся на нашага шаноўнага госця. Трэба ўсім наліць па чарачцы і выпіць за цудоўны торт.

Жонка гаспадара першая пасля Гасцевіка адчула небяспеку. Яна не магла дапяць, адкуль сыходзіць бяда, але чула яе сэрцам. Ва ўсіх трох дачок уадначассе зрабілася цяжка на сэрцы, і яны хуценька, папрасіўшы прабачэння, пакінулі гасцёўню. Толькі стары прыяцель Гасцевіка са смакам даядаў індычыны смажаны кумпячок. Ружовы румянец заліваў усмешлівыя шчокі.

«Ён так цудоўна выглядае, так свежа, як ніколі за апошнія два гады», - падумалася жонцы гаспадара, і яна супакоілася.

А вось Гасцявік наадварот расхваляваўся. Ён не зводзіў вачэй з даўняга таварыша, які паядаў індычыну з воўчым апетытам. Гасцевіка пачала біць дрыготка, ён зразумеў, што прыяцель памрэ, калі не сёння, дык заўтра. Гасцявік пачуў ледзяністы дух смерці, ён быў падобны на водар першага снегу.

Праз тыдзень Гасцявік атрымаў тэлеграму, у якой паведамлялася, што таварыш памёр.

Гасцявік прынёс да труны букет калаў, цалаваць нябожчыка ён не стаў, бо бачыў у гэтым традыцыйным учынку прыхаваны акт канібалізму.

Удава і дочкі-сіроты, слухаючы Гасцевіковыя спачуванні, пераміргнуліся, бо пачулі лёгкі водар спірту з ментолам.

 

LXII. ВАНІТНІЦА

 

Ванітніца запрасіла мужчыну на Новы год. Нават лёгкага намёку на нейкую эротыку ў запрашэнні не было:

- У мяне збяруцца чалавек 10-12, і калі не будзе куды прыткнуцца, то прыходзь.

Мужчына ведаў пра сталага палюбоўніка, які абавязкова ўзнікне за навагоднім сталом, таму ўспрыняў запрашэнне як знак ветлівасці.

Праводзіны Старога года, як і сустрэча Новага ў Ванітніцы праходзілі феерычна - танцы на крэслах, пабіты посуд, сцэны рэўнасці, хапанне за нож і спроба гаспадыні выкінуцца з акна... Скончылася феерыя ўцёкамі сталага палюбоўніка і раз'ездам гасцей на страшэнна дарагіх таксоўках.

У выніку мужчына апынуўся пад адной коўдраю з гаспадыняй растрыбушанай кватэры.

У Ванітніцы былі доўгія цёмныя і прамыя валасы, круглы дагледжаны твар з круглымі чорнымі вачыма і доўгае, як у мадонны Парміджаніна, цела.

Мужчына, па ўсім вядомай прычыне, пачаў дамагацца пяшчоты ад вытанчанага, але халоднага, як маньерыстычны жывапіс таго ж Парміджаніна, цела. І калі круглатварая і доўгавалосая галава прыязна ўсміхалася, дык усё астатняе ляжала плазам. Мужчына рабіў усялякія вядомыя яму намаганні: лашчыў маленечкія вострыя грудзі, гладзіў сцёгны і гарачы ніз жывата, выводзіў пальцам спіралі ад лабка і да пупа. Але Ванітніца заставалася безуважная, толькі цьмяная ўсмешка ўсё ніяк не знікала з пабялелага твару.

Мужчына аказаўся чалавекам настойлівым, які не любіць кідаць справу на паўдарозе. Нават калі думка наконт некрафіліі прамільгнула ў ягонай свядомасці, ён не пакінуў намеру авалодаць гаспадыняю.

Мужчына ўстаў, скінуў на падлогу коўдру, рукамі шырока рассунуў жаночыя ногі, паспрабаваў быў крышачку сагнуць іх у каленях, але не змог, цела імгненна вярнулася ў стан плаза. Тады ён узлез на ложак, лёг на жанчыну і рукою заправіў свой стамбурок у яе глыбіню. Пасля чаго, цяжка ўздыхнуўшы, мужчына зрабіў першы магутны штуршок. І што тут усчалося! Жаночае цела, якое яшчэ імгненне таму было ледзь не мёртвае, раптоўна ажыло, нібыта ў яго зайшоў разрад току, а не звычайны чэлес невялікіх памераў. Спачатку жанчына змяніла тэмпературны стан, з прахалоднай яна зрабілася гарачая, а потым уся выгнулася насустрач мужчынскаму штуршку. Ашчаперыўшы каханка рукамі і нагамі, Ванітніца ўпала спачатку бокам на ложак, а з ложка кульнулася на коўдру, скінутую на падлогу. А там яна падмяла мужчыну пад сябе, села на яго конна і, схапіўшыся за жывот, выпусціла на волю даўжэзны струмень ванітаў. Мужчына не закрыў рукамі твар і нават вочы заплюшчыць не паспеў.

Пакуль ён мыўся, Ванітніца прыбірала. Цяжкі паслясвяточны дух лунаў у пакоях.

У цеснай лазніцы мужчына выдаіў з сябе ў рукамыйнік тое, што збіраўся падараваць жанчыне.

- Даруй! - прашаптала Ванітніца, калі мужчына вярнуўся.

- Бывае. Ты не перажывай. Бывае горш. - Мужчына вяла махнуў рукою.

- Не, горш не бывае. Але ты не крыўдуй, калі ласка.

- Я зусім не крыўдую, але бывае значна горш, павер мне.

- Ну што ты, я зусім не хачу цябе пакрыўдзіць. - Ванітніца ссыпала з саўка ў смеццевае вядро друз пабітых талерак. - Толькі што можа быць горш за вадаспад ванітаў, які хляпаецца табе на твар?

- Ты сапраўды хочаш пачуць пра горшае за чужыя ваніты ва ўласным роце?

- Так! Бо мне крыўдна за паводзіны ўласнага страўніка. Мне прыкра.

- Слухай, - госць уладкаваўся на ложак. - Была ў мяне сяброўка. Мы сустрэліся, крышку выпілі і нам захацелася выпіць яшчэ і яшчэ захацелася зліцца, як зліваюцца сябар з сяброўкаю. Толькі ў мяне было мала грошай, а ў яе зусім грошай не было. На ўвесь мой капітал мы ўзялі бутэльку віскі і пайшлі ў пад'езд высокага дома. Мы ўзняліся на апошні паверх, адтуль падняліся на гарышча, дзе пілі і займаліся зліццём. Мы выпілі цэлую бутэльку віскі і нацалаваліся да непрытомнасці. А тады мне захацелася выліць з сябе рэшткі насення і закарцела выштурхнуць яго не ў першую, а ў другую, заднюю дзірачку. Сяброўка не выказала захаплення, але я настаяў. Зліццё атрымалася кароткае і наўздзіў экспрэсіўнае. Сяброўка стаяла крышку вышэй за мяне, на драўлянай бэльцы. Я аберуч падтрымліваў яе сцёгны і накіроўваў наезды на стамбурок. Наталенне прыйшло хутка, я выйшаў з дзірачкі, і на мяне паляцела змесціва прамой кішкі. Спачатку я падумаў, што гэта сікуны, змесціва было рэдкае, але потым, калі нос адчуў водар, я ледзь з глузду не з'ехаў. Уяві яе і мае боты, яе і мае нагавіцы. Мы ж зліваліся, не здымаючы джынсаў.

- І сапраўды, калі збіраешся кахацца, пажадана распрануцца, - сказала Ванітніца і панесла вядро з друзам да смеццеправода.

 

LXIII. СОЧНІК

 

Ад прыгараднай аўтастанцыі Сочнік перайшоў вуліцу і трапіў у гастраном. Там ён кульнуў дзве шклянкі памідорнага соку і прыдбаў у дарогу трохлітровы слоік з салоным таматным напоем.

Сочнік збіраўся наведаць у мястэчку Фаніпаль сваю даўнюю сяброўку, што пасля заканчэння тэхнікума працавала аграномам у саўгасе «Фаніпальскі».

Цагляна-чырвоны трохлітровы балон уладкаваўся ў брызентавую валізку да раней купленага смажанага кураняці і пляшкі пшанічнай гарэліцы. Сакаўное сонечнае святло гэтыя пачастункі пабачылі толькі ў местачковым дамку, дзе іх павыстаўлялі на абклеены цыратаю стол у маленькім пакойчыку, які здымала маладая аграном у чапялападобнай старой за сімвалічную плату.

Старой гаспадыні з прывезеных пачастункаў перапала шклянка салонага, як чалавечая кроў, напою ды птушынае крылца. Ад гарэліцы яна адмовілася. Пляшку саракаградуснае вадкасці агоралі Сочнік і маладзіца. Шчокі сяброўкі зрабіліся малінавыя, на што Сочнік не прамінуў зрэагаваць:

- Ты стала падобная да сакаўнога яблыка. У даведніку па сексалогіі я вычытаў, што жанчыны падзяляюцца на яблыкаабрысных і грушападобных. Залежыць гэта ад формы ніжняе часткі торса. Ты, мой салодкі аграном, яскравы прыклад яблыкаабрыснасці, гэта дае падставы сказаць: зацяжараць табе будзе значна цяжэй, чым аграному з грушавіднай канструкцыяй.

- Не сумуй, мой салоны, - заўсміхалася румяная маладзіца. - Як толькі пажадаеш мець яблыка ад яблыні, я знайду шляхі ў абыход грушападобнасці.

Пасля трапезы Сочнік з аграномам выйшлі прагуляцца па ціхмяных вулках вечаровага Фаніпаля.

- Ціха ў цябе тут, - канстатаваў Сочнік.

- Як у труне, - аграном звесіла галаву.

У маркотным настроі яны прайшлі мястэчка і апынуліся ў рэдкім сасняку. Сочнік праявіў нецярплівасць, нетактоўнасць і неахайнасць. Эратычнае папіхванне адбылося проста на сцяжыне і стоячы. Добра яшчэ, што Сочнік здагадаўся падтрымліваць за сцягно прыўзнятую нагу маладзіцы.

- Які ж ты няспелы, - сказала яна, калі Сочнікава сцябліна канчаткова страціла пругкасць.

На што пачуўся наступны аргумент:

- Смажыць ад гарэліцы, вось я і вырашыў: як хутчэй каханне справіць і вярнуцца таматны сок піць.

У маленькім пакойчыку Сочнік з апетытам засмактаў вялізны кубак салонага напою, пасля чаго сыта завуркаваў і слізгануў на прасціны да сяброўкі.

- Цяпер не смажыць? - запыталася яна, калі адчула лашчанне на яблыкаабрысных клубах.

- Салоны, халера, занадта. Трэба было гатаванай вадою развесці, бо чым болей п'еш, тым болей смажыць.

- А цябе, мой салоны, акрамя соку, што-небудзь хвалюе ў жыцці?

- Вядома, хвалюе, - схлусіў Сочнік, - мяне хвалююць два слімачкі, што пахаваліся між тваімі сцёгнамі.

Падчас маркітавання ён двойчы перарываўся і хадзіў да засланага цыратаю стала, каб прыкласціся да балона і аднавіць сілы. Але гэта не дапамагло, калі маладзіца змагла задаволіцца ажно тройчы, дык Сочнік так і не дасягнуў разрадкі.

«Можа, з-за яблыкаабрыснасці? Ці, можа, я ўжо не здатны выпускаць насенне больш як раз на дзень? А хутчэй за ўсё, таматны напой быў кепскі - салоны, як чалавечая кроў, колькі яго ні пі, а смагу не натоліш», - маракаваў Сочнік, вяртаючыся з Фаніпаля ў Менск.

 

LXIV. ЗАЛЁТНІК

 

Залётнік гандляваў канцэнтраваным малаком. Купляў у мястэчку Глыбокае вялікую партыю і пераганяў фургонамі ў Маскву. Беларускі прадукт у расейскай сталіцы не вельмі шанавалі - баяліся радыяцыйнага бруду. Таму разам з малаком Залётнік прывозіў і цэлую скрынку новенькіх этыкетак, толькі з друкарні, толькі з варштата. На іх была вымалевана крутабокая карова, у якой пад вымем пісалася, што выдатнае малако зроблена ў Туле.

Залётнік ні ў якім разе не лічыў сябе падманшчыкам, калі ў сутарэннях былой пажарнай, пераробленай у рэкламнае агенцтва «Бегемот», пераклейваў этыкеткі. Момант неэтычнасці, а тым больш крымінальнасці, ён адмаўляў цалкам, нават на самым сподзе ягонай дробнай душы не ўзнікала сумнення.

Стаміўшыся ад манатоннай і нятворчай працы, ён падняўся на першы паверх і страшэнна здзівіўся, бо да адзінага акна ў даўжэзным калідоры прытулілася ноч.

- Якая цяпер гадзіна? - гукнуў Залётнік да лысагаловага вахцёра.

- Дванаццаць, дванаццаць, - адчаканіў той, нават не адрываючы вачэй ад таўсценнай кнігі, пэўна, пра вахцёраў.

- А рукамыйнік у вас дзе, а то забыўся? - Залётнік узняў перапэцканыя ў клей рукі.

- Калі трэба ў прыбіральню, - вахцёр узняў ветлівыя вочы, - дык спачатку пойдзеце направа, потым налева, а там па лесвіцы на другі паверх, дзе вернецеся крыху назад і адразу за рогам будзе, як вы казалі, - рукамыйнік. Толькі правесці Вас не змагу, - вахцёр вясёла паляпаў па колах інваліднай люлькі. - Святла ў будынку няма, але выключальнікі за кожным паваротам, на ўзроўні Вашых вачэй.

Залётнік рушыў да прыбіральні з высока ўзнятымі рукамі, перапэцканымі ў сталярны клей. З філянговых дзвярэй яму падміргвалі вясёлкавыя шыльдачкі рэкламнага агенцтва «Бегемот». Адны з дзвярэй аказаліся прачыненыя. У ярка асветленым памяшканні, дзе некалі стаяла адна, а можа і дзве пажарныя машыны, цяпер месцілася майстэрня па вытворчасці інфармацыйных шчытоў. Над квадратным планшэтам схілілася дзяўчына ў чорных нагавіцах, што шчыльна аблягалі выпуклыя клубы.

- Прабачце! - гукнуў Залётнік да мініяцюрнае дзяўчыны з малочнай, як кітайскі фарфор, скураю. Палова дзявочага твару хавалася за марлевай павязкаю. Ад «прабачце» дзяўчына ўздрыгнула і наставіла на чужынца аэрограф з такім выглядам, нібыта замест бліскучага пульверызатара ў яе руцэ чорны браўнінг.

- Яшчэ раз прабачце, я нікога не хацеў напалохаць, - замармытаў Залётнік. - Проста не трэба сядаць спінаю да адчыненых дзвярэй! - дыдактыка думкі надала ўпэўненасці бруднарукаму Залётніку. - Дарэчы, ад перапалоху лепей за ўсякія лекі дапамагае канцэнтраванае малако. І я абавязкова падару Вам некалькі бляшанак, калі Вы дапаможаце прайсці праз лабірынт калідораў да рукамыйніка.

- Зараз, - дзяўчына паклала пульверызатар на жывапісную, усю ў фарбавых крапках і разводах, падлогу.

Яны выйшлі ў калідор, дзе натапыранай птушкаю сядзеў вахцёр - інвалід у сінім фрэнчыку.

- Вось сюды, - дзяўчына махнула на чорны дзвярны прагал.

- Нават носа не відаць, - зайшоўшы ў чарноцце, зазначыў Залётнік.

- Недзе тут быў... Вой! - затрымцеў дзявочы галасок.

- Што? - Залётнік пачаў разводзіць чарноцце рукамі, нібыта збіраўся паплыць.

- Спатыкнулася аб прыступку!

Залётнік зазначыў, што голас сыходзіць аднекуль знізу, і прысеў на кукішкі.

- Дзе Вы? - Залётнік выставіў руку і заклэпаў дробным гусіным крокам.

Дзяўчына стаілася і не аказалася.

- Я паліць кінуў, шкада, а так бы з агнём у адно імгненне выключальнік знайшоў бы...

Раптам за спінаю ў Залётніка пачулася шархатанне. Азірнуўшыся, ён убачыў у каламутным прагале дзявочы сілуэт.

- А-а-а! - залямантавала яна і кінулася калідорам да вахцёра інваліда. Той, выехаўшы з-за стала, пусціў чатырохколавую люльку ёй насустрач.

Залётнік вылаяўся азіяцкім матам і нетаропка пакрочыў за крыклівай палахліўкаю.

- Вы што сабе дазваляеце? - інвалід крыху прыўзняўся ў люльцы. - Прывязуць бляшанку малака, а прэтэнзій, як у амерыканскага прэзідэнта.

- Вар'яцтва, - паўшчуваў сам сябе Залётнік. - Дурдом. Ты што, з глузду з'ехала? Каму ты трэба? Ні сіські, ні піські дый дупа з кулачок, а віску нарабіла на ўсю Маскальшчыну. Сціхні. А ты, - Залётнік узняў указальны палец, на якім паблісквала бурштынавая кропля духмянага клею, - ты, абаронца на колцах, выглядаеш яшчэ большым ідыётам, чым яна. Зрэшты, гадам буду, а ліхтарык у цябе ёсць, бо які ж ты інакш вахцёр.

- А адкуль вы-ты ведаеш, - словы заскакалі на вахцёрскім языку, як печкуры на патэльні.

- Давай, а то не ўтрываю і тут нараблю.

Вартаўнік крутнуў люльку і пакаціўся да свайго стала па кітайскі ліхтарык.

У прыбіральні, адчуўшы палёгку, Залётнік задаў сам сабе пытанне:

- А ці спакушу я сёння чарнаклубую палахліўку?

І, пачуўшы станоўчы адказ, заправіў вытрасены чэлес у нагавіцы.

Паўночы давялося яму ўгаворваць працавітую дзяўчыну не займацца інфармацыйным шчытом, а аддацца больш прыемным адчуванням. Тая нарэшце зразумела, што становішча крытычнае: або яна саступіць, а потым скончыць работу, або работа не скончыцца ніколі. Каб не лічыць сябе абдзеленай, яна запатрабавала 50 даляраў наперад. Залётнік сплаціў названую суму і авалодаў беласкурай баязліўкаю тут жа, у майстэрні рэкламнага агенцтва «Бегемот». Асаблівую асалоду ён атрымаў з пазіцыі, якая ў старажытным Кітаі мела наступны назоў: «Дзікія гусі, якія ляцяць на спіне». Праўда, у нашым варыянце гэты палёт выглядаў так: Залётнік ляжаў на спіне, а жанчына сядзела зверху спінаю да ягонага твару. Адзінае, што варта зазначыць, гэта найглыбейшасць фрыкцый. Пэўна, сума ў 50 даляраў цалкам задаволіла начную работніцу, і адпаведна яна задаволіла Залётніка цалкам.

Толькі асноўны пралёт Залётніка быў не ў самой пазіцыі «Дзікія гусі, што ляцяць на спіне», а ў яе наступнасці. Праз тры дні, калі ў мястэчку Глыбокае ён атрымліваў чарговую партыю канцэнтраванага малака, дык заўважыў, што прычынаю зудлівасці ў паху і пад пахамі з'яўляюцца лабковыя вошы. Залётніку давялося адкласці камандзіроўку ў Маскву на адзін дзень і схадзіць у спецыялізаваны душ, дзе з дапамогаю карбафосу змыліся казытлівыя непрыемнасці.

Стоячы пад гарачымі струменямі, Залётнік успомніў лысую галаву вахцёра і ўхмыльнуўся - на лысіне вошы не вядуцца.

 

LXV. ГОМІК

 

Юнак апынуўся ў травеньскім парку, дзе і знайшлася незанятая лаўка. Ён збіраўся рыхтавацца да ўступных іспытаў у педагагічную вучэльню. Трэба было вывучыць больш за дзесяць вершаў. Юнак старанна перапісаў хрэстаматыйныя творы ў нататнічак і кожныя заняткі пачынаў з паўтарэнняў. Вось і ў свежым парку, сеўшы на лаўку, ён замармытаў наступныя радкі Петруся Броўкі:

«Хіба ж на вечар той можна забыцца? / Сонца за борам жар-птушкай садзіцца.../ Дзеўчына ў светлай іскрыстай спадніцы, / Быццам аблітая промнямі, промнямі...»

З-за дзябёлай скульптуры жалезабетоннага аленя выйшаў пуцаценькі чалавечак у масіўных акулярах на глянцавым твары. Гладкі твар упрыгожвалі выгінастыя вусны. Чалавечак зацокаў высокімі абцасамі ў бок юнака.

«... промнямі зор / Пахне чабор. Пахне чабор...» - пра сябе паўтарыў будучы педагог.

Тым часам гладкатвары прыцокаў да юнаковае лаўкі:

- Выдатнае надвор'е, малады чалавек. Не часта бывае цёплая вясна. Трэба цаніць, калі пасярод траўня пачынаецца лета. Пагадзіцеся.

«Пахне чабор», - паўтарылася ў юначай свядомасці.

- Згодны, лета лепей за зіму.

- Бачу, Вас хвалююць вершы. Маладыя гады, маладое дыханне. Я таксама люблю паэзію, асабліва гішпанцаў. Ёсць у іх вершах агонь. «Бязмежна-пякучая, / лютая настальгія / па тым, / што ёсць!» Вось такі верш «Поўдзень» караля паэзіі Хуана Рамона Хіменаса. Як Вам, малады чалавек?

- А я паэзію зусім не люблю. Проста рыхтуюся да іспытаў у педагагічную вучэльню, вось і даводзіцца запамінаць розную дурноту: «Сонца за борам жар-птушкай садзіцца!» Лепей жа сказаць «за плотам» ці «за заборам» і не «садзіцца», а «сядае» і не «жар-птушкай», а «грыль-барам «Жар-птушка», дарэчы, ён тут побач.

- А Вы з'едлівы, малады чалавек. І ўсе ж, маё імя - Артур, - да юнака працягнулася пухнатая, ці то жаночая, ці то дзіцячая, ручка, - звычайнае каралеўскае імя - Артур.

- Лёнік, - юнак паціснуў ватную канечнасць.

- Можа, мая прапанова Вас здзівіць, але да справы... Вы спадабаліся мне. Я закахаўся! Травень, шаты, промні, прахалодны цень. І тут юнак чытае вершы. Відовішча ўразіла, і я не змог не падысці, не загаварыць, не прызнацца.

Юнак паглядзеў на ідэальна паголены твар гомасексуаліста, пачырванеў і схаваў у кішэнь нататнік з экзаменацыйнымі вершамі.

- Няёмка не толькі Вам, але і мне неверагодна цяжка. Не бойцеся, больш за ўсё на свеце я ненавіджу гвалт. Ну пагадзіцеся, з маімі фізічнымі данымі ні на якое насілле разлічваць не даводзіцца. - Гомік цяжка ўздыхнуў. - Жыву я з мамаю. Цяпер яна на працы. І мы маглі б завітаць да мяне. Ёсць цудоўныя парначасопісы. Шчыра-сумленна скажу, яны такія яскравыя, з самымі неверагоднымі здымкамі. Вы калі-небудзь бачылі аголенага гермафрадыта - жаночы твар, жаночыя грудзі, а паміж нагамі самы сапраўдны мужчынскі чэлес? Толькі невялічкі, сантыметраў пяць. Ці, да прыкладу, у мяне ёсць плакат - адна жанчына адначасна спрабуе задаволіць пяцёх мужчын: першы ляжыць на спіне, уставіўшы сцябліну ў похву; жанчына сядзіць на ім, выгнуўшыся так, што другі мужчына змог увагнаць стамбур у жаночую дупу; трэці кліент атрымлівае задавальненне праз мінет; а чацвёрты з пятым даверыліся пяшчотным рукам.

«Трэба ўцякаць ад глянцатварай гнюснасці», - вырашыў юнак.

- Ну дык пойдзем у госці?

- Добра, толькі па дарозе зойдзем на хвілінку ў педагагічную вучэльню, трэба ўдакладніць расклад іспытаў.

- Мая інтуіцыя не падвяла мяне!

Гомік з юнаком выйшлі з парку праз цэнтральную браму, упрыгожаную белай каланадай.

- Не турбуйцеся, я нядоўга, - кінуў юнак перад тым, як адчыніць дзверы вучэльні.

Самазадаволены Гомік застаўся чакаць каля срэбнабокай вазы, у якой красавалі жоўтыя нарцысы. Ён жа не ведаў, з якім намерам юнак завітаў у вучэльню. А прычына была не ў раскладзе іспытаў. Стрыечны брат юнака выкладаў там фізічную культуру, гэта ён і ўгаварыў хлопца сысці са школы ў вучэльню і паабяцаў усялякую падтрымку.

Свайго брата, карчакаватага стрыжанага пад нуль маладзёна, юнак знайшоў у спартовай зале, дзе той судзіў гульню ў баскетбол.

- Спадар Кружаль, можна Вас на хвілінку, - паклікаў юнак старэйшага брата.

Вісклівы свісток спыніў гульню.

- Ты што, не бачыш, я заняты? Нешта здарылася? - на калідоры спытаўся фізкультурнік.

- Да мяне прычапіўся Гомік.

- Дзе? - фізкультурнік, відавочна, зацікавіўся прыгодаю малодшага брата.

- У парку Чалюскінцаў.

- А цяпер ён дзе?

- Чакае каля вучэльні, круціцца каля вазы з нарцысамі.

- Што мяркуеш зрабіць?

- Я ў цябе, мой настаўнік, прыйшоў папытаць.

Старэйшы з братоў надзьмуў шчокі так, нібыта хацеў сказаць слова ды забыўся адчыніць рот, потым ён, каўтануўшы нясказанае, прамовіў наступнае:

- Біць такіх трэба! Згодны? Смяротным боем біць і забіваць! Ідзі прызнач Гоміку спатканне ў парку Чалюскінцаў гадзіне а восьмай, калі шарэць пачне.

Узбуджаны юнак падбег да Гоміка:

- Прабачце, Артур, тут якраз пачынаецца кансультацыя па літаратуры, і я мушу застацца, але калі Вы не супраць, дык давайце сустрэнемся ўвечары, у парку, каля скульптурнага аленя.

- А ў колькі? - На Гомікавым твары праявілася астуджанасць. - Ты ж ведаеш, я жыву з матуляю, а яна не любіць, калі позна затрымліваюся.

- Гадзіне а восьмай, я буду чакаць Вас, Артур, - юнак, знарок не слухаючы адказу, вярнуўся ў будучую alma mater.

Расчараваны Гомік падышоў да вазы і сарваў колькі нарцысаў, мусіць, для любай мамы.

У цёплым вечаровым парку людзей было наўздзіў шмат: шпацыравалі парачкі каханкаў, на лаўках вуркаталі пенсіянеры, бацькі гулялі з вазочкамі. Цяпло, робячы будзённую справу, між іншым зруйнавала жорсткі план стрыечных братоў.

- Усё ўскладняецца, - канстатаваў фізкультурнік.

- Ясна, не будзем жа мачыць на вачах у мамачак, дачушак і бабулек. Але чакай, ёсць варыянт. За аглядальным колам стаіць двухпавярховы дамок.

- Прыбіральня, - паспрабаваў удакладніць фізкультурнік.

- Ды не, я кажу двухпавярховы. Дзе ты бачыў у парках двухпавярховыя прыбіральні? Не перарывай. Гэты дамок - школа фігурнага катання, пры ім ёсць агароджаны плотам пляц. Узімку ён робіцца катком, а ўлетку ляжыць звычайная пустка. З трох бакоў яна мяжуе з паркам Чалюскінцаў, а з чацвёртага боку...

- З заводам імя Вавілава?

- Ізноў перарываеш, - юнак удаў на рабаціністым твары грымасу крыўды, - не з заводам, а з батанічным садам. Сягоння сад не працуе, наведнікаў няма. Я правяду Гоміка ў батанічны сад, і там, каля азярца з лебедзямі, мы яго адмудохаем і адмяцелім, казла дранага.

- Слухай, а батсад ахоўваецца мянтамі?

- Мусіць, ахоўваецца, адзін мент на дзесяць тысяч дрэўцаў.

Старэйшы з братоў накіраваўся да аглядальнага кола, а малодшы - да скульптурнага аленя, дзе яго ўжо добра-ткі зачакаўся добразычлівы Гомік.

- А я захваляваўся, што не прыйдзеш, - Гомікавы вусны заўсміхаліся адасоблена ад вачэй.

- Прабач, кансультацыі зацягнуліся, абітурыенты за адзін вечар вырашылі даведацца пра ўсё, што не вывучылі за год. Але забудзем будзённае. Куды ідзём, Артур?

- Куды-небудзь найдалей ад пенсіянераў з унукамі.

- Я ведаю зацішнае месца: вербы, стаў, лебедзі плаваюць...

- Як у Пікасо: лебедзь з адлюстраваннем у вадзе нагадвае скарпіёна...

Гомік з юнаком абмінулі доўгі стол, за якім атабарыліся шахматысты-аматары, і пайшлі тапалёвымі прысадамі да пляцоўкі з атракцыёнамі. Грукат, ляскат і віскат - музычныя карцінкі народнай весялосці.

«Пахне чабор, пахне чабор... А вось арэлі ствараліся дзеля таго, каб хлопец мог усё ж зазірнуць пад дзявочую спадніцу», - падумаў юнак, калі выводзіў Гоміка на пустку.

- Тут ёсць патаемныя весніцы для прыбіральшчыц, - юнак падвёў Гоміка да жалезнай брамкі, зачыненай на калок.

Па прысадах, абсаджаных маньчжурскімі гарэхамі, юнак завёў новага знаёмага да штучна выкапанага стаўка, пасярод якога плавала лебядзіная хатка. Побач з хаткаю плавалі і лебедзі.

- Ну як табе, Артур, лебедзі?

- Хатка прыгожая, райскі востраў, а самі птушкі закажанелыя, відаць, што паланёныя, - Гомік прысеў на лаўку, пастаўленую спецыяльна для любавання лебядзіным стаўком.

Юнак убачыў, як з-за кустоў шыпшыны выходзіць фізкультурнік, і стаў так, каб засланіць Гоміку птушыны дамок, і завішчаў гнюсным голасам:

- Што, падла, згвалціць мяне надумаў, асла ў парку знайшоў, я табе зараз кокі абарву, яечню падсмажу і з'есці загадаю.

Юнак верашчаў так гідка, што любы нармальны чалавек як мінімум адхіснуўся б ад слоўнага бруду. Але Гомік зрабіў іншы жэст, ён хітнуў галавою так, быццам уласным ілбом ламаў чужое пераноссе. Гомік прыўстаў з лаўкі і развёў рукі так, нібыта збіраўся зрабіць вертыкальны ўзлёт. Юнак адскочыў, бо ўбачыў у варожай руцэ вастрадзюбы шып сталёвага стылета.

- У яго швайка! - аселым голасам юнак папярэдзіў брата фізкультурніка, які ўжо пачаў раскручваць над галавою роварны ланцуг.

Гомік зрабіў рывок да юнака, паспрабаваў зачапіць стылетам ускінутую руку, але ўспароў адно паветра. Затое змяя ланцуга хвостка абвіла свой хвост на запясці, стылет праляцеў метраў з пяць і слізгануў у траву. Вольнай, не схопленай ланцугом, рукою Гомік зрабіў трапны ўдар па кадыку фізкультурніка. Той захапаў ротам паветра, не раўнуючы люстраны карп, нават вочы ў выкладчыка фізічных практыкаванняў пабялелі, як у дохлай рыбіны.

І тут здарылася непапраўнае, юнак, знайшоўшы ў траве зброю, падляцеў да байцоў і, укленчыўшы, увагнаў шып стылета ў Гомікава пахавінне.

- Ну як я яго трахнуў? - спытаўся атупелы юнак у пераляканага фізкультурніка.

- Гоміку ўсё адно... А што з намі будзе?

- Будзем жыць, як і раней жылі, - юнак выцягнуў з нябожчыка доўгі стылет.

 

LXVI. ДАМАВІК-7

 

Самотная жанчына вярталася з працы. Жыла яна ў шаснаццаціпавярховіку, на апошнім паверсе, у аднапакаёўцы. Як і вядзецца, лямпачкі ў пад'ездзе скралі і паразбівалі. Жанчыне давялося навобмацак шукаць ліфтавую кнопку. Нарэшце пластыкавы цыліндрык утапіўся ў адтуліну. У далёкай вышыні ляснула і заскрыгатала жалеззе. Цыліндрык наліўся сакаўным крывавым святлом.

«Невідушчае вока маленечкага цыклопа», - спаэтызавала жанчына.

- Можа быць і такое параўнанне, - з цямрэчы загучаў нізкі голас. - А можна інакш, маленькі святлафор, які забараняе дзецям уваход у свет жахлівых дарослых казак. І ты, самотная жанчына, яшчэ паспееш уцячы на вуліцу. - Голас насоўваўся і гучнеў. - Толькі з вуліцы, каб трапіць дамоў, давядзецца зноў вярнуцца ў пад'езд. А тут, у самым кутку, чакацьму я - Дамавік.

- Мужчына, перастаньце хуліганіць. Калі выпілі, дык лавіце сваю асалоду і ціхенька ідзіце прэч. Я не з палахлівых кабетак, - яна выхапіла з сумачкі газавы балонік.

- Дарэмныя намаганні, - пад шум рассоўвання ліфтавых дзвярэй паўшчуваў Дамавік.

Бляклае святло абліло дзве постаці: акуратную жаночую ў дэмісезонным палітончыку і велічную Дамавікову ў скураным плашчы і чорнай фуражцы з кароткім брыльком.

Жанчына ўскінула руку і наставіла слёзатачывы пульверызатар у густабароды твар.

- Нават такога маленькага Бога, як Дамавік, газ не бярэ, - ён стамлёна ўздыхнуў.

- Зараз пераканаемся, - непалахлівая жанчына пусціла газавы струмень у добразычлівы твар.

- Ну, што я казаў? Толькі балонік дарэмна скарыстала. Заходзь у ліфт. І без дурноты мне.

- Хто Вы? - ворашнасць ахапіла жанчыну, і мурашовыя натоўпы пабеглі па ахаладзелай спіне. - Газ! Ён павінен быў Вас спыніць!

Рукі, забраныя ў скураныя пальчаткі, падштурхнулі яе да ліфтавае кабіны. Жанчына ад перапалоху раптам звяла. Ногі зрабіліся не свае. Свет паплыў. Свядомасць выпарылася з цела і запырхала, замітусілася легкакрылым матыльком.

Дамавік падхапіў непрытомнае цела пад пахі і зацягнуў у ліфт. На шаснаццатым паверсе ён паклаў жанчыну на гумовы ходнік. Яна так і не ачуняла, пакуль Дамавік ваяваў новенькай адмычкай з французскім замком. Ён мог бы, вядома, дастаць сапраўдныя ключы з валізкі ў самлелай гаспадыні, але браць чужое без дазволу Дамавік не любіў. Нашто, зрэшты, праўдзівы ключ, калі маеш універсальную адмычку, зробленую ўласнаручна? Раней яму даводзілася насіць цэлую маністу рознакаліберных ключоў, але пасля стварэння суперадмычкі патрэба ў манісце адпала, як той хвост у паланёнай яшчаркі. Інструмент устаўляўся ў замочную адтуліну і сам прымаў патрэбную форму і адсоўваў засаўкі. Дамавік па праву ганарыўся сваім вынаходніцтвам, калі ўцягваў у кватэру непрытомную гаспадыню. Пакуль тая не вярнулася да памяці, ён зрабіў экскурсію па памяшканнях. Нічога асаблівага Дамавік не адзначыў, адно спыніўся каля палічкі з кнігамі. Побач з камбінатарычным дэ Садам там выструніўся пункцірны Батай, за ім раскірэчаная таміна «Кітайскага эрасу», да якой туліўся мілы Бунін са сваімі «Цёмнымі алеямі», асобнік Мілеравага «Тропіка Рака» выглядаў нечапаным, як і ангельскія папулярныя энцыклапедыі ў польскіх перакладах, фундаментальны «Дэкамерон» дэманстраваў перавагу перад «Гептамеронам». З паліцы Дамавік узяў родную, зразумелую, блізкую кнігу - «Легенды і паданні» з серыі «Народная Творчасць», з яе і прачытаў у сто адзінаццаты раз: «Жыў-быў у адной хаце вуж-Дамавік. Гаспадар ніколі не крыўдзіў яго. Гаспадыня, падаіўшы карову, не прамінала пачаставаць яго цёплым малаком. Ну а дзеці прымалі вужа-Дамавіка ў супольныя гульні...» «Трэба і мне перахапіць нечага».

Дамавік уважліва азнаёміўся са змесцівам трохпавярховай лядоўні.

Праз колькі хвілін на паніве сквірчэла яечня з тоўстымі лустамі бекону і важкімі скрылькамі памідораў. Пакінуўшы яечню даспяваць на маленькім агні, Дамавік вярнуўся ў залю да гаспадыні, якая ляжала на арабскай канапе. Свядомасць так і не прыйшла да яе. Таму нязванаму госцю давялося прынесці кубак вады і, набраўшы поўныя шчокі, пырснуць на белы тварык, як зазвычай пырскаюць на прывялыя кветкі. Жанчына расплюшчыла вочы і ўадначассе залямантавала:

- Ратуйце!

Дамавіку давялося накласці сваю шурпатую далонь на разяўлены рот, каб непатрэбны лямант сціх.

- Лепей устань, апаласні твар і прыходзь на кухню вячэраць.

Прастата і натуральнасць у паводзінах нязванага госця астудзілі напал непрыняцця ў ачарсцвелым сэрцы самотнай жанчыны. Яна выканала ўсе слушныя парады і сама запрапанавала ў гонар знаёмства адкаркаваць бутэльку віна.

Пасля пярэпалаху, супакаення і вячэры жанчына не пярэчыла Дамавіковаму жаданню разабраць канапу і легчы разам пад адной коўдрай.

Першая блізкасць не прынесла жанчыне чаканай асалоды, бо нерэгулярнае вядзенне палавога жыцця крыху прыгасіла прыродныя інстынкты. А вось Дамавік нацешыўся ўволю, пасля чаго сышоў прымаць душ. Вярнуўся ён зусім хутка і спрытна шуснуў пад коўдру з вярблюджае поўсці.

- Яшчэ? - здзівілася сонная жанчына, але ўзняла і рассунула свае доўгія ногі з напедыкюранымі пазногцікамі.

Дамавік распачаў новы сеанс захапляльнага папіхвання з такім імпэтам, нібыта і не займаўся гэтым штурханнем толькі што. Другое ўзаемапранікненне скончылася для абаіх яркім фіналам са стогнамі, ускрыкамі і дыфузіяй жыццедаравальных сокаў. Пасля чаго Дамавік рэзка ўстаў з канапы і накіраваўся ў лазніцу, адкуль не болей як праз хвіліну вярнуўся.

- Ізноў? - прастагнала жанчына, у якой неставала сілаў нават проста ахінуцца коўдраю.

- Так! Апошні раз, - зашаптаў Дамавік і перакуліў гарачае цела са спіны на жывот.

Калі трэцяе зліццё пачало набліжацца да кульмінацыйнае кропкі і супрацьлеглыя істоты былі ўжо гатовыя злучыцца ў адно непадзельнае цэлае, жанчына раптам усхвалявана закрычала:

- Чакай, чакай! Спыніся, інакш ты зараз памрэш!

- Не памром! - аднекуль здалёк даляцела да распаленай гаспадыні.

- Памрэш, - прахрыпела тая.

- Не памром! - азвалася траістае рэха.

Жанчына ўслухалася ў сваё ахопленае страсцю цела. Яна раптам уцяміла, што дзве рукі і адзін чэлес не здатныя на тую колькасць пяшчоты, якая вадаспадамі ліецца на яе. Жанчына ачнулася: у празолкавым паўзмроку над ёй навіслі ажно тры Дамавіковыя галавы.

- Ратуйце! - яна тузанулася, спрабуючы вырвацца з ланцугоў пяшчоты, але не здолела і сцішылася.

- Нашто ты вырывалася? Супакойся! - загаварыла барадатая галава. - Нам жа так добра, - яе падтрымала Дамавікова галава, якую ўпрыгожвалі не кудлы, а зграбны чубок і вусы. - Не часта здараецца, каб нехта чуў, бачыў, а тым больш меў Дамавіка ў трох ягоных абліччах: Бацькі, Сына і Дамавога Духа, - запэўніла трэцяя паголеная і пастрыжаная пад нуль галава.

Жанчына скарылася з лёсам, і яе асалодам не было канца-краю аж да раніцы.

А раніцаю Дамавік у выглядзе аднаго расхрыстанага мужчыны пакінуў шаснаццаціпавярховы будынак.

 

1994


1991-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Янка Труцень