epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Мальдзіс

Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі

Некалькі ўступных тлумачэнняў
Так разам з часам змяняўся жанр
  Эпоха
  Падзейнасць
  Незвычайныя прыгоды Турчыноўскага
  «Авантуры» Пільштыновай
  Брэсцкі Кашталян і яго жыццяпіс
  Аб’ектыўнае і суб’ектыўнае
  З’яўленне самакрытыцызму
  Праявы «эратызму»
  Аўтарская матывіроўка
А так змяняўся чалавек
  Рэлігійны фанатызм
  Забабоннасць
  Амаральнасць
  Жорсткасць
  Прыніжанасць
  «Чалавек разумны»
  Крытыцызм
«Касмапаліт» ці патрыёт?
  Вынікі паланізацыі
  Пошукі ўласнага імя
  Веданне беларускай мовы
  «Краёвы патрыятызм»
  Ідэалізацыя мінулага
Сацыяльны партрэт: магнаты
  Агульнае і адметнае
  Радзівілы
  Нясвіжскі Фальстаф
Сацыяльны партрэт: сярэдняя і дробная шляхта
  Напышлівасць і прыніжанасць
  Паміж двух агнёў
  Браты Валадковічы
Сацыяльны партрэт: «простыя» саслоўі
  Горад і гараджане
  Корчмы і карчмары
  Вёска і сяляне
Грамадскае жыццё: анархія і прадажнасць
  Ступені іерархічнай лесвіцы
  Суды і трыбуналы
  Шляхецкія «наезды»
Сямейнае жыццё: крывадушнасць і марнатраўства
  Нараджэнне дзіцяці
  Выхаванне, школа
  Каханне, вяселле
  Баўленне вольнага часу
  Смерць, пахаванне
  Культура матэрыяльная
Сядзіба, жылы дом
  Унутраны выгляд пакояў, мэбля
  Адзенне, абутак, упрыгожанні, зброя
  Посуд, ежа, пітво
Культура духоўная
  Мастацкая літаратура
  Тэатр
  Музычнае і выяўленчае мастацтва
Замест заключэння


 

Некалькі ўступных тлумачэнняў

На рубяжы XIX і ХХ стагоддзяў, калі ў беларусаў ужо былі Кастусь Каліноўскі і Францішак Багушэвіч, калі вось-вось павінны былі з’явіцца Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі, вядомая польская пісьменніца Марыя Радзевіч, якая жыла на Піншчыне і якую ніяк нельга залічыць да рэакцыянераў, стварыла вось такі абагульнены партрэт беларуса-палешука: «Называецца Грыц, але прозвішча яго легіён, і сустрэць яго можна ў кожнай шэрай вёсцы на вялікай прасторы краю, што абмываецца соннымі водамі Стыры, Прыпяці, Гарыні, Случы, Ясельды, Мухаўца. Грыц не ведае, якая вялізная ў яго радзіма і якая шматлікая ў яго радня, як не ведаюць пра гэта дажджавы чарвяк, палявая мыш, крот, карась і вераб’і, што адначасова з ім на гэтай зямлі нараджаюцца, жывуць і знікаюць»1.

Так, дажджавы чарвяк сапраўды не ведае пра сваё існаванне. У яго няма індывідуальнага імя. Ён не пераймае ніякай гістарычнай спадчыны, не памнажае яе і не перадае наступным пакаленням. Ён вегетуе.

Але хіба можна параўнаць з ім, сляпым чарвяком, што толькі пасля дажджу выпаўзае на паверхню зямлі, беларуса — няхай сабе і пачатку ХХ стагоддзя? Няўжо і ён — істота негістарычная? Няўжо і ён не ўсведамляў, што мае імя, род?

А можа, і праўда, што гады, стагоддзі сацыяльнага і нацыянальнага зняволення канчаткова «забілі» беларуса, прымусілі яго забыць сваё імя, лічыць сябе ў лепшым выпадку «тутэйшым»? Можа, і праўда, што адзінай рысай, якая вылучала гэтага «тутэйшага» сярод іншых народаў, быў каўтун на цёмнай галаве?

Можа, так яно і было, што гісторыю тут тварылі толькі польскія шляхціцы ды царскія чыноўнікі? І Ірынамсі, так сцвярджалі і ў XIX і нават у ХХ стагоддзі многія пісьменнікі, вучоныя, падарожнікі. Адны з іх — і тут усё зразумела — былі проста рэакцыянерамі, недругамі беларускага народа. Другія — людзьмі абмежаванымі, недальнабачнымі. Яны толькі паўтаралі сказанае іншымі. Трэція... З трэцімі, шчырымі нарадалюбцамі, больш складаная справа. Той жа Францішак Багушэвіч усклікаў: «Дурны мужык, як варона!» Той жа Янка Купала смуткаваў: «Беларусы нічога ж не маюць». Той жа Максім Гарэцкі ўклаў у вусны Лявона, героя сваёй аповесці «Меланхолія», словы аб тым, што адзіная спадчына беларусаў — «куча хатак, як куча гною»... І толькі ўчытаўшыся глыбей у цытаваныя тэксты, мы зразумеем, што ўсё гэта пісалася з горкім болем або з іроніяй — каб выклікаць нязгоду, каб у палеміцы сцвярджалася адваротнае.

«Забіты»? «Негістарычны»? А няўжо бываюць, няўжо могуць быць «негістарычныя» народы? У дачыненні да беларусаў тут адным з першых выказаўся Мікалай Дабралюбаў. Яшчэ ў 1860 годзе ў артыкуле «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выказаў надзею, што самі беларусы «скажуць» сваё важкае слова, самі дадуць сабе справядлівую характарыстыку2.

І беларусы сказалі! У годзе 1905 і годзе 1917. 1 студзеня 1919 года, калі была абвешчана БССР. У часы Вялікай Айчыннай вайны. Сказалі, даўшы свету Купалу і Коласа, Чорнага і Мележа, Танка і Быкава, Бунніцкага і Савіцкага, паслаўшы ў космас Клімука і Кавалёнка, стварыўшы шматтонныя самазвалы і надзейныя трактары «Беларус»...

Але ж, можа тут запярэчыць чытач, калі Марыя Радзевіч пісала свайго «Грыца», усяго гэтага яшчэ не было. І амаль не прадбачылася (адзін толькі Янка Лучына цвёрда верыў, што «плуг прагрэсу» пройдзе па тым жа Палессі). Беларусы тады сапраўды яшчэ не ўсведамлялі сябе адзінай нацыяй. А жыццё беларускага селяніна сапраўды нагадвала вегетацыю. Вонкава ўсё ў ім ішло па спрадвечных кругах: нараджэнне — вяселле — хаўтуры; сяўба — жніво — малацьба... І кругі гэтыя здаваліся замкнутымі.

На першы погляд усё гэта сапраўды так. І тым не менш усё тое, што мы маем сёння, чаго дасягнулі за апошнія дзесяцігоддзі, не магло з’явіцца раптоўна, на пустым месцы. Цудаў не бывае. І рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя, і літаратурныя ўзрывы «нашаніўскай» і «маладнякоўскай» пары былі падрыхтаваны ўсім папярэднім развіццём. Няхай развіццём эвалюцыйным, але ж, як вучаць нас філосафы, рэвалюцыя немагчыма без папярэдняй эвалюцыі, новая якасць не можа нарадзіцца без папярэдняга назапашвання колькасці.

«Забіты»? «Негістарычны»? Але хто ж тады разворваў ляды і ўзводзіў гарады? Чыімі рукамі пабудаваны Полацкая Сафія і замак у Нясвіжы, вытканы слуцкія паясы і карэліцкія габелены, выразаны гравюры для магілёўскіх старадрукаў, нанесены малюнкі на ўрэцкае і налібоцкае шкло? Хто іграў у прыдворных капэлах і танцаваў у прыгонных тэатрах? І адкуль з’явіліся Францыск Скарына і Сімяон Полацкі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч? А калі ўлічваць ураджэнцаў Беларусі — Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлю, Станіслава Манюшку і Валенція Ваньковіча? Праўда, зноў з’яўляецца сумненне, яны ж выйшлі не з сялянства, а пераважна з шляхты. Але што такое шляхта? Тут непазбежна ўзнікае мноства новых пытанняў. Была гэта шляхта прышлая, польская? Ці пераважна беларуская, але толькі апалячаная? І ў якой ступені яе дзейнасць — грамадскую, навуковую, літаратурна-мастацкую — можна аднесці да беларускай гісторыі? А калі не ўсю дзейнасць, то якія яе праяўленні? Толькі беларускія на мове ці таксама іншамоўныя? І ці магла б гэта шляхта дзейнічаць, ствараць духоўныя каштоўнасці, проста існаваць, калі б не існаваў «негістарычны» беларускі селянін, калі б ён не карміў і не апранаў тую ж шляхту? А можа, для таго часу такое «раздзяленне» дзейнасці — гістарычная непазбежнасць, неабходнасць? І хіба не ўласціва яно суседнім народам?

Пытанні, пытанні... Каб хоць часткова, прыблізна адказаць на іх, трэба больш уважліва прыгледзецца да беларусаў і Беларусі, якімі былі яны напярэдадні нашага часу, у XVIII і XIX стагоддзях.

Толькі дзе знайсці такое люстэрка, каб, глянуўшы ў яго, убачыць больш або менш праўдзівае, не скажонае наўмыснай тэндэнцыяй адлюстраванне мінулага?

Гістарычныя дакументы? Так, яны многа, вельмі многа расказваюць нам пра ранейшыя часы. Дзякуючы ім мы ведаем, як разгортваліся гістарычныя падзеі, як на беларускую зямлю прыходзілі і бясслаўна з яе адступалі іншаземныя заваёўнікі, як народ паўставаў супраць прымусу і як сялянскія паўстанні і бунты тапіліся ў крыві. Дакументы скажуць нам, колькі зямлі было ў прыгонніка і колькі ў прыгоннага, колькі дзён хадзіў селянін на паншчыну і колькі гадзін у дзень працаваў рабочы на прамыслоўца.

Гістарычныя дакументы дазваляюць нам узнавіць касцяк далёкага мінулага.

Але толькі касцяк. Без плоці, без крыві, без румянцаў жыцця. Скрозь прызму гістарычных дакументаў, за рэдкім выключэннем, мы не ўбачым чалавечую асобу, яе індывідуальны лёс. Не даведаемся, што нашы продкі думалі, як любілі і ненавідзелі, як паводзілі сябе ў паўсядзённым жыцці. У дакуменце чалавек, яго думкі і пачуцці падпарадкаваны вонкавым падзеям, фактам, лічбам.

Тады, можа, мастацкая літаратура? Для яе ж галоўнае — чалавек, чалавечая душа...

Аднак мастацкія творы даюць нам вельмі суб’ектыўны вобраз мінулага. Рэчаіснасць тут адлюстроўваецца апасродкавана, праз уяўленне аўтара. Адны з’явы гіпербалізуюцца, другія здрабняюцца або зусім абыходзяцца. Вобразна кажучы, у наша распараджэнне трапляе тут не люстэрка, а павелічальнае ці памяншальнае шкло, якое выбарачна факусіруе факты.

Ды і твораў беларускай мастацкай літаратуры ад XVIII—XIX стагоддзяў захавалася да крыўднага мала. Усе іх можна змясціць у адным, няхай і ёмістым, томе. Тагачасных беларускіх пісьменнікаў можна пералічыць на пальцах. Многае не захавалася, загінула ў рукапісах. Амаль цалкам адсутнічае найбольш каштоўная ў гэтым плане мастацкая проза. Такім чынам, беларуская літаратура XVIII—XIX стагоддзяў дазваляе прыблізна «рэканструяваць» толькі фрагменты мінулага. Праўда, больш багатая шматмоўная літаратура Беларусі. Але і ў ёй былі працяглыя перыяды заняпаду.

Дык дзе ж тады знайсці такое люстэрка, у якім удачна спалучаліся б аб’ектыўнасць гістарычнага дакумента і суб’ектыўнасць мастацкага твора? Відаць, толькі на іх сумежжы, паграніччы. У «дакументальнай прозе». У творах мемуарнай літаратуры — розных дыярыушах і ўспамінах.

Дазвольце, спытае чытач, а хіба ў XVIII—XIX стагоддзях існавала беларуская мемуарная літаратура? Адзінае ж выключэнне — «З папераў» Альгерда Абуховіча — яшчэ нельга назваць літаратурай...

Так, у XVIII—XIX стагоддзях традыцыі, якія ішлі ад папярэдніх часоў, ад «Дыярыуша» Афанасія Філіповіча і «Дзённіка» Фёдара Еўлашоўскага, былі ў мемуарыстыцы перапынены. Той, хто тады ў Беларусі хацеў зафіксаваць для нашчадкаў свае асабістыя перыпетыі, карыстаўся іншымі мовамі. Польскай, рускай, лацінскай, французскай, нямецкай. Толькі не беларускай...

Але ж, з другога боку, гэта іншамоўная мемуарыстыка таксама мае самае непасрэднае дачыненне да Беларусі. Яна ўзрасла на беларускім грунце, адлюстравала беларускую рэчаіснасць. Яна ўвайшла састаўной часткай у тагачасную шматмоўную літаратуру Беларусі. Праўда, моўная апратка ў яе запазычана ў суседзяў. І таму гэта мемуарыстыка адначасова належыць і шматмоўнай літаратуры Беларусі, і суседнім славянскім літаратурам — рускай, польскай, украінскай. З’яўляючыся агульным здабыткам, яна збліжае гэтыя літаратуры, дае дадатковыя сведчанні аб іх плённым узаемадзеянні ў мінулым.

Тое мемуарнае «люстэрка», якое дайшло да нас ад XVIII—XIX стагоддзяў, мы не можам, не маем права лічыць выключна сваім, уласным. Аўтары выкарыстаных тут успамінаў глядзелі на беларусаў, на беларускага селяніна пераважна «збоку», рэдка прызнаваліся ў этнічнай роднасці з ім. І тым не менш славянская мемуарыстыка адлюстравала самыя істотныя бакі жыцця тагачаснай Беларусі. Яна часткова запаўняе прагал, утвораны адсутнасцю ўласна беларускай «дакументальнай прозы». Яна дае нам дваісты, «стэрэаскапічны», дыялектычна супярэчлівы пункт гледжання на мінулае — калі мы бачым сябе нібы звонку, збоку, праз «прысутнасць» суседзяў (і такім чынам, гаворачы словамі Алеся Адамовіча, «пазнаем» сябе праз успрыняцце іншых3 і адначасова не можам пазбавіцца ад дзіўнага ўражання, што гэта якраз і ёсць уласны погляд на саміх сябе, толькі нязвычна трансфармаваны.

Што ж дае нам «люстэрка», якое можна лічыць агульнай уласнасцю, супольнай спадчынай беларусаў і іх славянскіх суседзяў?

Па-першае, славянская мемуарыстыка з’яўляецца вельмі багатай і каштоўнай крыніцай па гісторыі дарэвалюцыйнай Беларусі. Феадальны і капіталістычны прыгнёт, шляхецкая анархія часоў Рэчы Паспалітай, далучэнне Беларусі да Расіі, вайна 1812 года, паўстанні 1831 і 1863 гадоў — усё гэта з большай або меншай паўнатой і аб’ектыўнасцю знайшло адлюстраванне ў тагачаснай «дакументальнай прозе». Перад яе чытачом паўстае безліч вядомых і невядомых фактаў, падзей. Праўда, «падзейны» бок мемуарыстыкі павінен цікавіць літаратуразнаўства куды менш, чым яе герой, тагачасны чалавек. Фактамі гісторыі няхай у першую чаргу займаецца сама гістарычная навука. У гэтай жа працы яны выкарыстоўваюцца пераважна тады, калі ў падзеях, праз падзеі праяўляюцца індывідуальнасць нашага продка, яго мысленне, яго быццё.

Славянская мемуарыстыка дазваляе нам стварыць галерэю «сацыяльных партрэтаў» прадстаўнікоў розных класаў і слаёў тагачаснай Беларусі — магнацтва (асабліва Радзівілаў), сярэдняй і дробнай шляхты, у меншай ступені — мяшчанства, разначыннай інтэлігенцыі, яшчэ ў меншай — сялянства. Першыя ўспаміны, расказаныя селянінам і запісаныя яго слухачом, адносяцца толькі да сярэдзіны XIX стагоддзя (Я. Чабодзька), напісаныя самім селянінам — да канца XIX стагоддзя (І. Сініцкі). Амаль зусім у мемуарных крыніцах адсутнічае рабочы клас (тут можна прыгадаць толькі дзённік ураджэнкі Беларусі вядомай польскай рэвалюцыянеркі М. Багушэвіч).

Па-другое, з’яўляецца мажлівасць прасачыць, як з цягам часу змянялася сама мемуарыстыка, яе жанравыя разнавіднасці. Колішнія бясстрасныя «дыярыушы», якія адлюстроўвалі пераважна вонкавыя падзеі (прыгадаем тут хаця б дзённікі, якія вёў у XVII стагоддзі віцебскі ваявода Ян Храпавіцкі), паступова ўступалі месца ўспамінам, дзе ўвага засяроджваецца на асабістых перажываннях аўтара. З гадамі мемуарыстыка станавілася ўсё больш мастацкай — размываліся яе межы з мастацкай прозай. Ужо ў XVIII стагоддзі некаторыя ўспаміны наблізіліся па сваёй форме да рамана (М. Матушэвіч, С. Пільштынова). Гэты працэс «белетрызацыі» мемуарыстыкі працягваўся і ў XIX стагоддзі (Э. Фялінская, С. Акрэйц, Г. Пузыніна, Э. Паўловіч і інш.).

Па-трэцяе, мы пабачым, што эвалюцыя жанру была вынікам змен, якія адбываліся ў самім чалавеку, яго светаўспрыманні, яго псіхіцы. «Зборны» чалавек паступова станавіўся асобай, індывідуальнасцю. Ён вызваляўся ад грузу Сярэднявечча і контррэфармацыі — ад забабоннасці, пакорлівасці, набожнасці, жорсткасці, набываў рысы чалавека Новага часу — гуманнага, адукаванага, рацыяналістычнага. Паступова жыхар Беларусі рабіўся патрыётам (няхай сабе толькі «краёвым») роднай старонкі, усё больш дакладна акрэсліваў сваю нацыянальную належнасць. Выяўляецца, што стэрэатып нашага продка складваўся пад уздзеяннем розных літаратурна-мастацкіх густаў — ад барока да рамантызму і рэалізму.

Славянская мемуарыстыка дае нам багаты матэрыял для характарыстыкі быту і нораваў тагачаснай Беларусі — якраз тую «плоць», якую не ў стане даць іншыя крыніцы. Дзякуючы «дакументальнай прозе» мы можам прасачыць жыццёвы шлях нашых продкаў — ад калыскі да магілы. Можам рэальна гаварыць пра іх матэрыяльную культуру. Вызначыць, які быў вонкавы і ўнутраны выгляд жылля, як апранаўся і абуваўся колішні чалавек, што ён еў і піў, як бавіў вольны час, як перамяшчаўся... Без такіх звестак раманіст не можа напісаць гістарычны раман, мастак — стварыць гістарычнае палатно, рэжысёр тэатра ці кіно — паставіць гістарычны спектакль або кінафільм. Вядома, вывучаць быт і норавы нашых продкаў у першую чаргу павінны этнографы. Але паколькі гэтым яны ў нас займаюцца мала, то прыходзіцца тую ж задачу «на сумежжы» рашаць літаратуразнаўцам.

І, урэшце, вывучэнне мемуарыстыкі дае багаты плён для самога літаратуразнаўства. Дзённікі і ўспаміны нашых продкаў захоўваюць шмат цікавага і часта зусім невядомага матэрыялу па гісторыі як уласна беларускай літаратуры, так і шматмоўнай літаратуры Беларусі. Часам у польскіх або рускіх мемуарах (І. Яцкоўскі, Э. Паўловіч і інш.) сустракаюцца беларускія мастацкія тэксты. Горы-горацкае асяроддзе, у якім, відаць, узнікла паэма «Тарас на Парнасе», падрабязна апісана ва ўспамінах М. Багалюбава, С. Акуліча, Ф. Сурына. Літаратурнаму жыццю Беларусі прысвечаны многія старонкі ў Г. Дабрыніна, Ю. Гарайна, А. Кіркора, М. Матушэвіча і іншых мемуарыстаў. Без тых жа крыніц не могуць абысціся гісторыкі беларускага тэатра (асабліва прыгоннага і школьнага), музыкі, выяўленчага мастацтва, кнігавыдавецкай, бібліятэчнай і музейнай справы. Адным словам, славянская мемуарыстыка вельмі карысна даследчыкам гісторыі як матэрыяльнай, так і духоўнай культуры Беларусі. Яна ў многім знаходзіцца ля вытокаў новай беларускай літаратуры (асабліва прозы), якая тут з’яўляецца яшчэ «інкогніта», «у чужым моўным адзенні»4.

У прадмове прынята акрэсліваць прадмет гаворкі. У гэтай працы ім з’яўляецца мемуарная літаратура XVIII—XIX стагоддзяў, якая датычыцца Беларусі. Пад мемуарнай літаратурай разумеюцца творы, у цэнтры якіх знаходзіцца асоба аўтара. Грамадскія падзеі ў іх паказаны не ўвогуле, а ў сувязі з гэтай асобай, праз яе суб’ектыўнае ўспрыняцце. Сувязь можа быць большай або меншай. Даўняя мемуарыстыка (XVII — першая палавіна XVIII стагоддзя) ведала два (даволі адасобленыя) тэматычныя тыпы твораў — «Otia Publica» і «Otia domestica» — «Грамадскія забавы» і «Хатнія забавы». У першых пераважалі «публічныя» справы — рабіліся справаздачы з пасяджэнняў сеймаў, сеймікаў і трыбуналаў, расказвалася аб палітычных навінах, ваенных бітвах, дынастычных міжусобіцах і г. д. І калі пры гэтым не гаворыцца аб асабістым удзеле аўтара, не чуваць яго асабістага голасу, то такі твор трэба аднесці ўжо не да мемуарнай, а да чыста гістарычнай літаратуры. Да тыпу «Otia domestica» належаць дзённікі і ўспаміны, у якіх уся ўвага засяроджана на прыватным, сямейным, асабістым жыцці. У другой палавіне XVIII — першай палавіне XIX стагоддзя гэты падзел, вельмі выразны раней, знікае, «размываецца» ў сувязі з тым, што грамадскае ўсё цясней звязваецца і пераплятаецца з асабістым.

Мемуарная літаратура XVIII—XIX стагоддзяў багата на жанравыя разнавіднасці, мастацкія формы. Прынцыпова яны дзеляцца зноў жа на два асноўныя тыпы (толькі ўжо не па тэматычнаму, а па фармальнаму прынцыпу): дзённікі (дыярыушы), якія пісаліся аўтарам адразу пасля падзей (кожны дзень або нерэгулярна), і ўспаміны (мемуары — ад фр. memoires або лац. memoriale), якія ствараліся пасля нейкага прамежку часу. Успамінам уласцівы рэтраспектыўны погляд на падзеі, што дае падставы для іх глыбейшага асэнсавання. Апавядальная плынь ачышчаецца ад усяго дробязнага, неістотнага. Але адначасова губляюцца дэталі, знікаюць нюансы. Крыніца становіцца менш дакладнай, аўтарытэтнай.

Такім чынам, і дзённікі, і ўспаміны маюць як свае перавагі, так і недахопы. Таму найбольш ідэальнымі ў мемуарнай літаратуры з’яўляюцца творы, у якіх дзённікавая дакладнасць спалучаецца з сінтэтычнасцю, уласцівай успамінам. Класічным прыкладам такога спалучэння могуць служыць «Успаміны» брэсцкага кашталяна Марціна Матушэвіча5. Яны пісаліся з рэтраспекцыяй, у сталыя гады. Але аўтар пры гэтым карыстаўся сваімі ранейшымі дзённікавымі нататкамі і нават нататкамі бацькі, уключаў у апавяданне розныя гістарычныя дакументы (свае і чужыя прамовы і пасланні). Да такога сінтэзу імкнуўся і жыхар Лідчыны Міхал Залескі, які ў сваіх «Успамінах»6 часта смуткаваў, што яго бягучыя запісы дзесьці (здаецца, у вайну 1812 года) прапалі. Таму яму вельмі цяжка было ўзнаўляць падзеі па памяці, таму былі непазбежны памылкі (недакладнасцей у Залескага сапраўды шмат).

Калі гаварыць пра жанравыя разнавіднасці мемуарыстыкі, то найбольш пераканаўчым мне здаецца яе падзел, прапанаваны сучасным польскім даследчыкам Алойзым Сайкоўскім7. Паўторым у сціслым выглядзе яго схему з «карэкціроўкай» на беларускі матэрыял.

Бягучыя нататкі («раптуляры», «штогоднікі», «календары», «мемарыялы», «справы, вартыя памяці», «каляндарныя зборы дзён» і інш.) нагадваюць падручныя запісныя кніжкі «для памяці», куды заносілася літаральна ўсё — і даты нараджэння сваякоў, і цэны на віно, і ўмалот збожжа, і грашовыя расходы, і кулінарныя парады, і знахарскія рэцэпты, і палітычныя навіны... Сувязь паміж асобнымі запісамі амаль адсутнічае. Аўтарская асоба — таксама. Таму для нас такія раптуляры маюць вельмі нязначную пазнавальную і мастацкую каштоўнасць. У гэтай працы яны амаль не выкарыстоўваюцца.

Памятныя кніжкі з’яўляліся своеасаблівымі мясцовымі або сямейнымі хронікамі. У адрозненне ад бягучых нататак і тым больш літаратурных зборнікаў «Усялякай усялячыны» (тады былі пашыраны «Silva rerum» і «Vorago rerum» — «Лес твораў» і «Мяшок твораў», куды заносілася ўсё, што трапіла пад руку — ад казання да эратычнага вершыка, ад пагаворкі да эпітафіі) матэрыял у памятных кніжках падлягаў пэўнаму адбору. Запісвалася толькі тое, што было звязана з гісторыяй мясцовасці, роду, сям’і. Асоба аўтара і тут заставалася пераважна ў ценю.

«Справаздачныя пісьмы» або «прыватныя газеткі» былі асабліва пашыраны пры дварах буйной шляхты. У свой час, калі адсутнічалі ці амаль адсутнічалі газеты, магнаты трымалі ў сталіцах або ў месцах, дзе адбываліся значныя падзеі, так званых рэзідэнтаў (інфарматараў). Іх пісьмы-справаздачы, складзеныя разам, нагадваюць дзённік. Пры двары Радзівілаў на рубяжы XVII і XVIII стагоддзяў такімі інфарматарамі былі віцебскі стольнік Казімір Сарнэцкі8, Войцех Улашкевіч, Казімір Златоўскі. У іх рэляцыях ёсць лакальныя звесткі (скажам, аб паляваннях у Налібоцкай пушчы). Пра клопаты і ўпадак гродзенскага саноўніка А. Тызенгаўза часта гаворыцца ў «газетах» Тэадора Астроўскага (1782)9.

Потым эпісталярнай формай сталі карыстацца літаратары, расказваючы аб сваіх уражаннях чытачам газет і часопісаў («Літоўскія пісьмы» Ю. Нямцэвіча, пісьмы з Беларусі А. Плуга) або блізкім і знаёмым (пісьмо аб праездзе праз Беларусь Д. Фанвізіна).

Дзённікі, або дыярыушы, найбольш характэрны для XVII — першай палавіны XVIII стагоддзя. Падзяляюцца яны на рэгулярныя (класічныя) і нерэгулярныя. Тыповымі прыкладамі першых з’яўляюцца «метэаралагічна-палітычныя» дыярыушы жыхароў Беларусі XVII стагоддзя Я. Храпавіцкага ці С. Незабытоўскага. Восем вялікіх тамоў займаюць штодзённыя запісы нясвіжскага магната Міхала Радзівіла Рыбанькі (першая палавіна стагоддзя). На Піншчыне тады ж вёў (праўда, нерэгулярна) дыярыуш Францішак Шырма. У паўсядзённыя запісы часта ўключаліся «пабочныя» матэрыялы. Так, у дзённік правіцеля Полацкага намесніцтва А. Луніна ўнесены прадпісанні і павучанні лакеям, кухарам, гувернёру, развагі аб тым, як выхоўваць дзяцей.

З сярэдзіны XVIII стагоддзя дзённікі ўсё больш рашуча выцясняліся ўспамінамі (гэтым словам мы перакладаем і польскую назву «Pamiętniki»), заснаванымі на рэтраспектыўнай рэляцыі. Багаты беларускі матэрыял ёсць, напрыклад, ва ўспамінах М. Матушэвіча, С. Тучкова і інш. У гэтай жанравай разнавіднасці таксама назіраецца вялікая разнастайнасць форм: Сайкоўскі вычляняе ўспаміны-дзённікі, успаміны-раманы (сюды адносяцца творы ўраджэнцаў Беларусі С. Пільштыновай, С. Акрэйца, К. Буйніцкага і інш.), успаміны-аўтабіяграфіі, успаміны-генеалогіі (І. Храптовіч) і інш.

Зразумела, увесь гэты падзел даволі ўмоўны. Жывая практыка куды багацей за схему. Вельмі часта адбывалася кантамінацыя розных форм (напрыклад, ва ўспамінах М. Залескага).

Прыступаючы да разгляду мемуарнай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў, якая нарадзілася на беларускай зямлі або звязана з ёю, мы павінны загадзя агаварыцца, што па розных прычынах будуць абыдзены ўвагай цэлыя пласты тагачаснай «дакументальнай прозы».

Па-першае, у працы выкарыстаны толькі творы славянскай літаратуры. Па гэтай прычыне прыйшлося адмовіцца ад крыніц, напісаных на іншых (неславянскіх) мовах. Напрыклад, ад цікавых апісанняў Беларусі, зробленых заходнееўрапейскімі падарожнікамі У. Коксам, І. Бернулі, Ж. Жыліберам, Г. Форстарам, І. Франкам, К. Гейкінгам, А. Сегюрам, К. Феерабэндам, Р. Пінкертонам, П. Кампенгаўзенам, К. Джонстанам, Г. Рэйнбекам і іншых, ад французскіх мемуараў вядомага кампазітара М. Агінскага і магілёўскага архіепіскапа (дарэчы, дзядзькі В. Дуніна-Марцінкевіча) С. Богуша-Сестранцэвіча. Выключэнне тут зроблена для аўтабіяграфічных нататак ураджэнцаў Беларусі вядомага філосафа С. Маймона, дзяржаўнага дзеяча С. Панятоўскага і іншых, якія напісаны на французскай або нямецкай мовах, але потым былі перакладзены на славянскія мовы, сталі з’явай славянскіх літаратур.

Па-другое, з разгляду выключаны дзённікі і ўспаміны ўраджэнцаў Беларусі, напісаныя на славянскіх мовах, але тэматычна не звязаныя або мала звязаныя з беларускай рэчаіснасцю. Вядома, яны маюць для нас цікавасць як доказ таго, што інтэлектуальны ўзровень тагачаснай Беларусі быў досыць высокі. Яны сведчаць, што выхадцы з заняволенай Беларусі са спагадай адносіліся да іншых прыгнечаных народаў, дапамагалі ім па меры сваіх сціплых магчымасцей. У дзённіках і ўспамінах Ю. Копаця, Ф. Цяцерскага, Б. Дыбоўскага, Э. Фялінскай падрабязна і з сімпатыяй расказваецца пра жыхароў Сібіры, А. Янушкевіча — пра кіргізаў і казахаў, І. Дамейкі і К. Ельскага — пра насельніцтва Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі. Але гэтыя творы тэматычна выходзяць за межы працы. Як і забытыя сёння дыярыушы падарожжаў бабруйскага старасты Яна Сапегі10 і мінскага пісара Яна Комара11 ў Пецярбург, жыхара Быхава Людвіка Сяніцкага — у сібірскую ссылку12 і інш.

Па-трэцяе, у працы не выкарыстаны дзённікі і ўспаміны тых славянскіх пісьменнікаў, вучоных, падарожнікаў, якія ў Беларусі былі вельмі кароткі час, толькі праездам. Тут можна прыгадаць прозвішчы рускіх аўтараў XVIII—XIX стагоддзяў К. Арсеньева, А. Башняка, В. Бранеўскага, М. Быхавец, М. Гадавіна, М. Жданава. Б. Куракіна, І. Лажэчнікава, С. Лашкарова, П. Леўшына, Д. Мацкевіча, А. Нікіценкі, B. Севергіна, А. Целяпнёвай, Б. Цэлінскага, С. Шавырова. А. Шышкінай, невядомага па прозвішчу рускага двараніна, які ў 1797 годзе ехаў з Масквы ў Гродна13, палякаў Э. Хлапіцкага, К. Контрыма, Я. Маяркевіча, Т. Трышліна, Я. Вейсангофа, чэха Б. Танера, славака Д. Крмана і інш. У іх запісках багата звестак аб прыродзе Беларусі, вонкавым выглядзе яе гарадоў і вёсак, мясцовых славутасцях. Але амаль няма чалавека, беларуса. Кароткае прабыванне на беларускай зямлі не дазволіла аўтарам зрабіць глыбокія назіранні і вывады. Таму ў аснову гаворкі тут пакладзены творы тых славянскіх мемуарыстаў, якія былі больш цесна звязаны з Беларуссю, адчувалі тут сябе не падарожнікамі, не часовымі гасцямі, а гаспадарамі14 Што ж датычыцца нататак славянскіх (і неславянскіх) вандроўнікаў, то яны разгледжаны ў іншай нашай працы15.

Урэшце, тут свядома абыдзены ўвагай мемуары, якія, здавалася б, адпавядаюць усім пералічаным вышэй патрабаванням: напісаны яны на славянскіх мовах, беларускія па тэматыцы... Але па розных прычынах іх аўтары абмежаваліся толькі палітычнымі падзеямі, цікавымі пераважна для гісторыкаў. Я маю на ўвазе шматлікія творы пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі, пра размяшчэнні і перамяшчэнні войск — «Мае ўспаміны» М. Ляонцьева16 (паход у Віцебск у 1806 г.), «З успамінаў» А. Міхайлоўскага-Данілеўскага17 (служба ў Бабруйску ў 1824— 1825 гг.), «Рысы з жыцця імператара Мікалая Паўлавіча» М. Нагорнава18 (вучэнні 1835 г. пад Брэстам), «Шэсцьдзесят год назад» М. Рэпніна19 (паходы палка па Беларусі ў 1855—1856 гг.), «Расказы старога воіна пра Суворава» Я. Старкова20 (баі пад Крупчыцамі і Брэстам), «Успаміны...» У. Юрлова21 (служба ў Брэсце ў 1849 г.). Тое ж трэба сказаць аб крыніцах, якія асвятляюць пераважна рэлігійныя праблемы, — успамінах віцебскага губернскага пракурора Гартынскага22, выкладчыка Гродзенскага духоўнага вучылішча Засімовіча23 і інш. Няма таксама падстаў для грунтоўнага разгляду дзённікаў, якія індывідуальна або калектыўна вяліся ў розных (свецкіх і духоўных) навучальных установах — дамініканскай школе ва Ушачах24, піярскай школе ў Лідзе25. Толькі як кур’ёз можа быць згаданы лацінскі «Дзённік»26, які з 1717-га на 1813 год запаўняўся ў Віцебскай езуіцкай калегіі апісаннямі мясцовых «цудаў» — як пазбавілася ад бесперапыннай слязлівасці дзіця, як парвала злачынную сувязь з д’яблам жанчына, як была выгнана «нячыстая сіла» з цэлага статка жывёлы, узбуджанай пасля ночы...

Але калі нават адкінуць усё тое, што напісана не на славянскіх мовах і што вельмі слаба звязана з Беларуссю, яе матэрыяльнай і духоўнай культурай, у нашым распараджэнні застаецца каля двухсот мемуарных крыніц XVIII—XIX стст., многія з якіх (успаміны С. Шантыра, А. Луніна, М. Вержбаловіча, І. Сініцкага і інш.) яшчэ не публікаваліся і тут упершыню ўводзяцца ў літаратуразнаўчы ўжытак. Уласна кажучы, і большасць друкаваных твораў, якія тут выкарыстаны, таксама не разглядаліся ні беларускімі літаратуразнаўцамі, ні гісторыкамі, ні этнографамі.

Гаворачы пра цяжкасці, якія ўзнікалі пры напісанні гэтай працы, трэба падкрэсліць, што разнамоўная мемуарыстыка, якая развівалася ў дакастрычніцкай Беларусі або была тэматычна з ён звязана, раней зусім не прыцягвала ўвагі даследчыкаў. Больш-менш распрацавана ў гэтым аспекце толькі XVII стагоддзе. Я маю на ўвазе працы А. Коршунава пра дыярыуш Афанасія Філіповіча27, Багуслава Казіміра Маскевіча28, Адама Каменскага Длужыка29, «Успаміны» Яна Цадроўскага30. Гэты перыяд больш цікавіць і польскіх даследчыкаў — таго ж А. Сайкоўскага, а таксама Б. Крулікоўскага31, А. Пшыбося32 і інш. Што ж датычыцца XVIII—XIX стагоддзяў, то мемуарыстыка гэтага часу беларускай гуманітарнай навукай амаль не даследавалася. Як выключэнне можна назваць толькі раздзел у кнізе А. Біралы, дзе разгледжаны філасофскія погляды М. Матушэвіча33, артыкул В. Грыцкевіча пра С. Пільштынову34 і зроблены А. Чарняевай агляд мемуарных крыніц, якія захоўваюцца ў Фундаментальнай бібліятэцы АН БССР35.

Прыкметнай перашкодай з’явілася адсутнасць адпаведных бібліяграфічных даведнікаў. Праўда, рускія мемуары ўлічаны ў даведніках, падрыхтаваных беларускімі гісторыкамі, але толькі часткова — тыя, што выдадзены ў XIX стагоддзі асобнымі кніжкамі36.

Шматтомная руская бібліяграфія мемуарнай літаратуры37 выйшла яшчэ не поўнасцю. Польская бібліяграфія Э. Малішэўскага38 ў многім устарэла. Да таго ж беларускі матэрыял у ёй не выдзелены, апісанні крыніц празмерна сціслыя.

Часам звесткі, прыведзеныя ў розных бібліяграфічных крыніцах, аказваліся недакладнымі, не пацвярджаліся. Многа часу мне прыйшлося, напрыклад, затраціць на пошукі ўспамінаў ураджэнца Браслаўшчыны, паплечніка Тадэвуша Касцюшкі Тамаша Ваўжэцкага, на існаванне якіх указваецца ў БелСЭ (т. 2, с. 623). Потым высветлілася, што ў гэтага вядомага грамадскага дзеяча ўвогуле няма ніякіх мемуараў39. Ёсць толькі ўспаміны пра яго40. Тая ж гісторыя паўтарылася з указанымі ў розных аўтарытэтных крыніцах успамінамі прафесара Віленскага ўніверсітэта Тамаша Гусажэўскага. Яны аказаліся... прамовай памяці Гусажэўскага, сказанай прафесарам Галянскім41.

На вялікі жаль, плён бібліятэчных і архіўных пошукаў пакуль што больш сціплы, чым хацелася б. Многія дзённікі і ўспаміны, існаванне якіх зафіксавана ў розных крыніцах, з цягам часу бясследна загінулі, многія аказаліся практычна недаступнымі. А сярод жа іх — такія каштоўныя творы, як «Успаміны» беларускага пісьменніка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, пісаныя ў 1864—1866 гадах у сібірскай ссылцы...

Асобна трэба сказаць пра унікальны дзённік, які вёўся дзесьці ў 1783—1784 гадах пры нязвычных абставінах. Стараннем пінскага шляхціца М. Бутрымовіча тады толькі што быў пракапаны Каралеўскі канал, што злучаў Прыпяць з Бугам. Па ім адправілі ў Варшаву дзесяць чаўноў-абіянікаў, гружаных «сапраўднымі пінскімі таварамі, а менавіта: мёдам прэсным, воскам, лоем, грыбамі, рыбай вяленай, уюнамі сушанымі, крупамі ячменнымі і іншымі краю тутэйшага прадуктамі»42. На кожны човен падабралі «па трох плытагонаў, дрымучых пінчукоў, апранутых так, як хадзілі пінчукі больш ста год таму назад». Шкіперам быў прызначаны Стафан Стацкоўскі. Яму ж Бутрымовіч загадаў весці «дыярыуш свайго падарожжа». Калі караван прыбыў у Варшаву, польскі кароль Станіслаў Аўгуст зацікавіўся тым дыярыушам і ўзяў яго ў свой архіў. На гэтым сляды рукапісу губляюцца.

Калі б скласці спіс усіх тых мемуарных твораў, якія раней існавалі, упаміналіся, але да нас не дайшлі або яшчэ не знойдзены, пералік атрымаўся б да крыўднага вялікі... Пры напісанні гэтай працы прыйшлося задавальняцца тым, што ёсць. Адсюль і пэўныя тэматычныя прагалы, і эскізнасць асобных раздзелаў.

Складанасці ўзнікалі і ў тых выпадках, калі крыніца аказвалася даступнай. Часам нялёгка было вызначыць аўтарства. У XVIII і асабліва ў XIX стагоддзі мемуарысты па розных прычынах (палітычных, асабістых) прыкрываліся часта псеўданімамі, зашыфроўвалі свае імёны. Патрэбны былі дадатковыя намаганні, каб высветліць, скажам, што ў «Літоўскіх абразках» пад псеўданімам Сабары хаваецца добра нам вядомы А. Кіркор, а за літарамі В. І. К. у антыцарскіх «Успамінах аб Слуцку» — слуцкі «галава» барон Сталь... У некаторых выпадках аўтарства засталося нерасшыфраваным. Так, у 1882 годзе была выдадзена кніжка нейкага Г. Б. П. «Апошні полацкі ваявода, апавяданне пана Якуба»43. У прадмове да яе сказана, што ўспаміны атрыманы ад стогадовага пана Якуба, якога «выдавец» выпадкова сустрэў у Вільні, на Антокалі. Мемуары каларытныя, багатыя бытавымі дэталямі. Але мы так і не ведаем, рэальная ці міфічная асоба гэты пан Якуб, ад чыйго імя вядзецца апавяданне. Можа, невядомы нам аўтар проста выкарыстаў форму ўспамінаў?!

У XIX стагоддзі мемуарны жанр стаў так папулярны, што пачалі з’яўляцца шматлікія літаратурныя падробкі, містыфікацыі і фальсіфікацыі. Класічным прыкладам тут могуць служыць «Успаміны старога літоўскага шляхціца», першае выданне якіх убачыла свет у Вільні ў 1844 годзе. Потым яны сталі вядомы пад назвай «Успаміны Сапліцы»44. Апавяданне ў іх вядзецца ад імя ўвішнага шляхціца, які служыць юрыстам у Навагрудку. «Успаміны...» чытаюцца з вялікай цікавасцю. Аўтар ведае быт і норавы XVIII стагоддзя, каларытна апісвае людзей, асабліва Кароля Радзівіла па мянушцы Пане Каханку (праўда, кідаюцца ў вочы і недакладнасці, анахранізмы). Рукапіс «Успамінаў...», гаворыцца ў пасляслоўі, быў знойдзены ў Нясвіжы і выдадзены з арыгінала... У свой час выхад кніжкі выклікаў гарачую палеміку. Вяліся спрэчкі вакол асобы аўтара. Польскі крытык М. Грабоўскі, напрыклад, лічыў, што ўспаміны напісаў К. Сянкевіч. І толькі потым высветлілася, што гэта падробка, стварыў жа яе сын віцебскага кашталяна польскі пісьменнік Генрык Жавускі, чыё дзяцінства прайшло на беларускай зямлі, у Валамечне каля Івянца. У юнацтве ён сустракаўся з Адамам Міцкевічам, расказваў яму розныя цікавыя выпадкі з мінулага Беларусі, і той параіў яму запісаць свае «гутаркі». Так узніклі «Успаміны Сапліцы», асобы выдуманай, далёка не аўтабіяграфічнай. Пры гэтым аўтар, дакладны ў рэаліях, сказіў агульную карціну жыцця ў шляхецкай Рэчы Паспалітай. Будучы чалавекам кансерватыўных поглядаў, Жавускі паставіў перад сабой мэту апаэтызаваць былую «шляхецкую вольнасць», ідэалізаваў Кароля Радзівіла (дарэчы, свайго родзіча). Такая зададзенасць пашкодзіла твору, напісанаму ў цэлым таленавіта (цяпер ён перавыдаецца ў вольнай Польшчы). Хаця пры напісанні «Успамінаў Сапліцы» Жавускі абапіраўся на гістарычныя крыніцы з нясвіжскага архіва, карыстаўся сапраўднымі мемуарамі, яго твор мы павінны прызнаць недастаткова аўтарытэтнай крыніцай — ён дае нам толькі дадатковы, дапаможны матэрыял, які «падсвечвае» іншыя крыніцы.

Прыкладна такая ж творчая задума «Успамінаў квестара», якія напісаў ураджэнец Беларусі Ігнацы Ходзька. У свой час яны вытрымалі больш дзесяці выданняў, лічыліся «сапраўдным шэдэўрам» польскай літаратуры45. Апавядальнік Ходзькі, нясвіжскі квестар (зборшчык ахвяраванняў для кляштара) ездзіць ад маёнтка да маёнтка, ад засценка да засценка, сустракаецца з каларытнымі тыпамі, слухае і сам расказвае анекдатычныя гісторыі. Тонкі псіхолаг, ён да кожнага знаходзіць ключ, ад кожнага выцыганіць пару бараноў... Аўтар увесь час намагаецца пераканаць чытача, што перад ім — гістарычная асоба, аўтэнтычныя ўспаміны, якія падзялялі авантурыстычны лёс самога апавядальніка. Уцякаючы ад праследавання ваяводы, будучы квестар узяў з сабой і свой «раптуляр», папярэдне вырваўшы з яго некалькі старонак (каб яны выпадкам не трапілі ў рукі таго ж ваяводы). Канчаткова сумненні чытача ў тым, існаваў ці не існаваў «раптуляр», павінна была развеяць такая падрабязнасць. У час вайны 1812 года апавядальнік едзе разам з сваімі запісамі ў Беніцу; па дарозе на яго нападаюць французы, яны ж шкуматаюць яго дзённік, падкладваюць яго старонкі ў вогнішча, каб яно лепш гарэла... «Успаміны квестара» сапраўды абрываюцца нечакана, па сутнасці, не маюць канца. Ілюзія аўтэнтычнасці поўная! І тым не менш (сёння гэта ўжо не выклікае ніякага сумнення) перад намі — літаратурная «падробка» пад мемуары. Прытым — таксама тэндэнцыйная. Чалавек умераных поглядаў, Ходзька хацеў пераканаць чытача, што ў прыгнёце сялян вінавата не шляхта, а «дарабкевічы», выхадцы з нязнатных слаёў грамадства. Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, «Успаміны квестара» выкарыстаны тут таксама як «дапаможная» крыніца.

Найбольш падробак пад успаміны, літаратурных містыфікацый звязана з Радзівіламі. Вядомы польскі раманіст Ю. Крашэўскі, спасылаючыся на паперы міфічнага радзівілаўскага прыдворнага Глінкі, напісаў свой гістарычны раман «Кароль у Нясвіжы», заснаваны ў цэлым на рэальных падзеях46. На сумніцельныя ўспаміны старога слугі свайго бацькі абапіраецца Яўстафій (Эўстахы) Тышкевіч у гістарычным апавяданні пра дзікія норавы Гераніма Радзівіла47. Урэшце, у Нясвіжы ўзніклі ананімныя «Успаміны пра князя Кароля Радзівіла»48. У падзагалоўку да іх сказана, што «пісаны яны паводле нясвіжскага архіва». Дакументальная аснова гэтых «Успамінаў...», багатых канкрэтнымі рэаліямі, не выклікае сумнення. Але адначасова кідаецца ў вочы і другое. Мемуары, відаць, былі спецыяльна напісаны з ведама і за грошы самога Кароля Радзівіла. Клапоцячыся пра тое, як яго ўспрымуць нашчадкі, ён, мусіць, даў нейкаму здольнаму літаратару заданне сфабрыкаваць успаміны. Інакш чым вытлумачыць, што злавесны Пане Каханку паказаны тут ледзь не анёлам: ва ўсім краі яго, маўляў, усе «любяць, шануюць, паважаюць» за шчырасць і адкрытасць як выявіцеля «нацыянальнага духу». Ён, маўляў, прысвячаў «увесь маёнтак, жыццё і асобу толькі для чалавецтва», пісаў цнатлівыя вершы і нават мыў ногі жабракам. Праўда, сцвярджае невядомы аўтар, свае жабракі ва ўладаннях Радзівіла не вадзіліся, і калі ён хацеў справіць для іх баль, «то пасылаў за імі некалькі фурманак у суседнія ўладанні», а потым даваў ім добры кавалак хлеба, магчымасць стаць гаспадарамі... Адным словам, не прыгонніцкая дамінія, а сапраўдны сацыяльны рай! Мы, мусіць, ніколі не даведаемся, чыім пяром ён створаны, хто так прыхарошваў магутнага феадала. Але гэты прыклад яшчэ раз пераконвае, што «дакументальная проза» заўсёды лічылася вялікай сілай, здольнай фарміраваць грамадскую думку. Дзеля гэтай думкі нашы продкі не шкадавалі ні грошай, ні часу, ні таленту. І затраты «акупляліся». «Успаміны пра князя Кароля Радзівіла», падкінутыя ў архіў графа В. Бавароўскага ў Тарнове і знойдзеныя там, былі апублікаваны ў 1864 годзе як «аўтэнтык», успрымаліся тагачасным чытачом як аўтарытэтная крыніца. На нясвіжскага магната сталі глядзець як на ўвасабленне «старапольскай цнатлівасці», як на нацыянальнага героя!

Выкарыстоўваючы мемуарныя крыніцы, увесь час прыходзіцца мець на ўвазе, што іх «аўтарытэтнасць» вельмі розная. Адным (М. Матушэвіч, С. Пільштынова, Э. Фялінская, М. Маркс, М. Багалюбаў, М. Залескі) мы можам давяраць больш. Інфармацыю тут мы атрымоўваем, як кажуць, з першых рук, ад саміх аўтараў, якія да таго ж падкрэсліваюць, што галоўнае для іх — шчырая праўда, аб'ектыўнасць (хаця цалкам аб'ектыўнымі яны не былі і не маглі быць: той жа Матушэвіч ідэалізаваў сваіх патронаў Радзівілаў і ўсяляк шальмаваў супрацьлеглую шляхецкую «партыю»). Другія аўтары самі прызнаваліся ў недакладнасці, сумбурнасці (Ю. Нямцэвіч), свядомай тэндэнцыйнасці (Ф. Булгарын), выбарачным падыходзе да рэчаіснасці. Вельмі часта ўспаміны запісваліся іншымі асобамі — знаёмымі (Г. Герычова), нашчадкамі (JI. Галамбёўскі, Я. Чабодзька), істотна імі правіліся пры падрыхтоўцы да друку (публікацыі З. Кавалеўскай). Па словах А. Сайкоўскага, выданні мемуараў, зробленыя ў XIX стагоддзі, не могуць лічыцца навуковымі — у іх многа недакладнасцей, пропускаў, скарачэнняў, абумоўленых цэнзурай. Яшчэ менш мы можам давяраць успамінам, адвольна белетрызаваным праз іншыя асобы, заснаваным на цьмяных крыніцах («Перуны князя ваяводы», выдадзеныя К. Крашэўскім49 запісаны ад неакрэсленага дакладней шамбеляна). Розныя мемуарныя творы маюць розную ступень дакументальнасці.

Урэшце, не ўсе дзённікі і ўспаміны дакладна датаваны, не заўсёды лёгка вызначыць час, да якога адносяцца падзеі, апісаныя аўтарам. Гэта стварае пэўныя цяжкасці пры перыядызацыі. Скажам, вядомы рускі літаратар Ф. Булгарын пісаў свае «Успаміны» ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Аднак пачынаюцца яны з таго, што адбывалася ў Беларусі ў канцы XVIII стагоддзя. Таму яны, як і мемуары С. Шантыра, Г. Герычовай, Г. Жавускага і іншых, разглядаюцца ў той частцы працы, якая прысвечана XVIII стагоддзю. Вядома, прыходзіцца рабіць «папраўкі» на час, калі твор быў напісаны. Але асноўным крытэрыем у гэтай рабоце выбрана не дата, калі ўспаміны былі зафіксаваны на паперы, а гады, да якіх адносяцца апісаныя ў іх падзеі.

Храналагічна ўвесь матэрыял падзелены на дзве часткі: славянскай мемуарыстыцы XVIII стагоддзя прысвечана гэта кніга, а пра стагоддзе будзе расказана ў наступным выданні. Падзел гэты не механічны. У XVIII стагоддзі Беларусь знаходзілася ў асноўным у складзе шляхецкай Рэчы Паспалітай, што наклала выразны адбітак і на змест, і на форму мемуарнай літаратуры. У канцы XVIII стагоддзя Беларусь увайшла ў склад Расіі. Наступіў крызіс прыгонніцтва, абвастрыліся сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, што прывяло да рэформы 1861-га і паўстання 1863 года, а потым да капіталістычных пераўтварэнняў і да рэвалюцый 1905, 1917 гадоў.

У гэтай працы аўтар імкнуўся зыходзіць перш за ўсё з самой славянскай мемуарнай літаратуры. Закраналася ў ёй тая ці іншая праблематыка — значыць, знайшла яна адлюстраванне і ў даследаванні. Іншыя крыніцы выкарыстаны ў рэдкіх выпадках, як «будаўнічыя рыштаванні»50.

 

1 Rodziewiczówna Маrуа. Нrус. — W ks.: Z nad Wilii i Niemna. Wilno, 1906. S. 98.

2 Добролюбов Н. А. Избр. филос. произ. М., 1963. Т. 2. С. 360-361.

3 Адамович А. «Экран» общего процесса...— Дружба народов, 1976, № 3. С. 253; Адамовіч А. Літаратура ў святле параўнальнага вывучэння.— Літаратура і мастацтва, 1978, 14 ліп.

4 Адамович А. «Мы — до Владивостока».— Вопросы литературы, № 2. С. 102.

5 Matuszewicz Marcin. Pamiętniki. Warszawa, 1876. У далейшым спасылкі на гэта выданне робяцца ў дужках у тэксце (Матушэвіч, том, старонка).

6 Zaleski Michał. Pamiętniki. Poznań, 1879. У далейшым спасылкі ў тэксце (Залескі, старонка).

7 Sajkowski Alojzy. Nad staropolskimi pamiętnikami. Poznań, 1964.

8 Sarnecki Kazimierz. Pamiętniki z czasów Jana Sobieskiego. Wrocław, 1958.

9 Ostrowski Teodor. Poufne wieści z oświeconej Warszawy: Gazetki pisane z roku 1782. Wrocław etc., 1972.

10 Dyaryusz drogi z Wilna do Petersburga Sapiehi starosty Bobruyskiego. B. m. i r. (1725).

11 Komar Jan. Dyaryusz podróży petersburskiej. 1793 r.

12 Sienicki Ludwik. Dokument osobliwego miłosierdzia boskiego. Wilno, 1754.

13 Дорожные записки 1797 года.— У кн.: Щукинский сборник. М., 1903. Вып. 2. С. 216—227.

14 Выключэнне зроблена толькі для польскіх успамінаў Енджэя Кітовіча. Іх аўтар, здаецца, увогуле не быў у Беларусі. Але ён каларытна, з веданнем справы апісаў норавы ўсёй Рэчы Паспалітай, у тым ліку і Беларусі (Kitowicz Jędrzej. Opis obyczajów za panowania Augusta III. Wrocław, 1970). У далейшым спасылкі ў тэксце (Кітовіч, старонка).

15 Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн. 1980.

16 Леонтьев М. П. Мои воспоминания, или События в моей жизни. - Русский архив, 1913, кн.3, № 9, 10, 11, 12.

17 Михайловский-Данилевский А. М. Из воспоминаний. - Руский вестник (шэраг нумароў у 1889-1900 гг.)

18 Нагорнов М. Черты из жизни императора Николая Павловича. - Русская старина, 1877, т. 18, № 1.

19 Репнин Н. В. Шестьдесят лет назад. - Вестник общества ревнителей истории, 1915, вып. 2.

20 Старков Я. М. Рассказы старого воина о Суворове. М., 1848.

21 Юрлов В. П. Воспоминания старинного офицера лейб-гвардии Волынского полка. - Волынский архив, 1909, кн. 2, вып. 5.

22 Гортынский Н. Обращение к единоверию старообрядческого наставника. - Могилевские епархиальные ведомости, 1883, № 11.

23 Засимович. Воспоминания преосвященного Игнатия. - Исторический вестник, 1886, т. 25, № 9.

24 Kuściński Michał. Z dziennika szkoły uszackiej. - Kwartalnik historyczny, 1903, S. 29-39.

25 Wojszwiłło Jozafat. Wspomnienie domku pijzrów Lidzkich. Аддзел рукап. б-кі "Асалінэум" у Вроцлаве, рукап. № 3667.

26 Плоды духовные (Fructus spirituales). - У кн.: Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской... Витебск, 1889, вып. XIX

27 Коршунов А. Ф. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. Мн., 1965.

28 Коршунаў А. Ф. "Дыярыуш" Багуслава Казіміра Маскевіча. - У зб.: Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн. 1975, вып. 3.

29 Коршунаў А. Ф. "Дыярыуш" Адама Каменскага Длужыка. - У зб.: Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн. 1974, вып. 2.

30 Коршунаў А. Ф. "Дыярыуш" Успаміны Яна Цадроўскага. - У зб.: Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн. 1977, вып. 5.

31 Królikowski Bohdan. Pamiętnikarstwo polskie w wieku pamiętników. Pamiętnikarstwo polskie, 1977, nr. 1 - 4.

32 Przyboś A. Dwa pamiętniki z XVII wieku. Wrocław, 1954.

33 Бирало А. А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII - середине XVIII вв. Мн., 1971.

34 Грицкевич В. П. Птешествия наших земляков. Мн., 1968.

35 Черняева А. Н. Мемуарные издания в Фундаментальной библиотеке АН БССР. - У кн.: Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977.

36 Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии. Мн., 1976; Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм. Мн., 1969.

37 История дореволюционной России в дневниках и воспоминаниях. - М., 1976, т. 1; М., 1977, т. 2, ч. 1; М., 1978, т. 2, ч. 2; М., 1979, т. 3, ч. 1; М., 1980, т. 3, ч. 2; М., 1981, т. 3., ч. 3.

38 Maliszewski Edward. Biblografia pamiętników polskih i Polski dotyczącyh. Warszawa, 1928.

39 Szyndler Bartolomiej. Tomasz Wawrzecki. Warszawa, 1976.

40 Wspomnienia o Tomaszu Wawrzeckim. Wilno, 1829.

41 Mowa... Wilno, 1808.

42 Diariusz bytności...Stanislawa Augusta w Pińsku i Krystynowie...- Biblioteka Warszawska, 1860, T. III. S. 255.

43 G. B. P. Ostatni wojewoda Polocki, opawiadanie Pana Jakuba. Warszawa, 1882.

44 Rzewuski Henryk. Pamątki Soplicy. Warszawa, 1978. У далейшым спаылкі ў тэксце (Жавускі, старонка).

45 Chodźko Ignacy. Pamiętniki kwestarza. Kraków, 1898, cz. I. s. 420.

46 Kraszewski Kajetan. Wybór pism. Kraków, 1892, t. І. У далейшым спасылкі ў тэксце (Крашэўскі, том, старонка).

47 (T)yshkiewicz E(ustachy). Fryderyk Bachstrom: Ustęp z życia księcia Hieronima Floriana Radziwiłła. - Kurier Wileński, 1862. S. 702, 711, 718-719.

48 Dziennik literacki, 1864, szereg numerów.

49 Kraszewski Kajetan. Wybór pism. Kraków, 1892, t. 1. У далейшым спасылкі ў тэксце (Крашэўскі, том, старонка)

50 Сярод такіх крыніц асабліва трэба адзначыць: Bystroń Jan Stanisław. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. Warszawa, 1976, tt. 1—2; Historia kultury materialnej Polski w zarysie. Wrocław etc., 1978, t. IV; Kuchowicz Zbigniew. Obyczaje staropolskie XVII—XVIII wieku. Lodź, 1975.

Так разам з часам змяняўся жанр

 

Эпоха

У XVIII стагоддзе Беларусь уступала ў стане крайняга заняпаду — палітычнага, эканамічнага, культурнага, маральнага. Бясконцыя войны і асабліва шведскае нашэсце абяскровілі край. Ляжалі ў руінах гарады і вёскі, дзірванелі палі. Напалавіну зменшылася насельніцтва. Разам з усёй Рэччу Паспалітай Беларусь перажывала глыбокі грамадскі крызіс. Вонкава тут усё выглядала добра — настолькі добра, што нават Вальтэр, нават Русо, гледзячы з аддаленасці, лічылі «шляхецкую рэспубліку» ўзорам для іншых краін. Фармальна тут кожны бедны шляхціц быў роўны магнату, саноўніку, меў аднолькавы з ім голас на сейме ці сейміку, мог адным сваім голасам сарваць пасяджэнне. На практыцы ж усё гэта вяло да анархіі, крывавых міжусобіц. Беларуская шляхта была разбіта на дзве варожыя «партыі»: Радзівілаў і тых магнатаў, што ім супрацьстаялі (Чартарыскія, Масальскія). У краіне гаспадарылі суседзі. Іх войскі бясконца праходзілі праз Беларусь, абцяжарвалі і без таго цяжкае жыццё прыгоннага селяніна. Сялянства бунтавала, паўставала, але народныя выступленні (прыгадаем Крычаўскае паўстанне) жорстка падаўляліся.

Пасля прасвету Рэнесансу і Рэфармацыі на краіну спусцілася цёмная ноч контррэфармацыі. Адраджалася і насаджалася ўсё сярэднявечнае. Уладарамі чалавечых душ сталі езуіты. Ім належалі школы, друкарні, тэатры. Праваслаўе і нават уніяцтва праследаваліся, выцясняліся каталіцызмам. Адукаваная шляхта лічыла сваім гонарам гаварыць і пісаць не па-беларуску і нават не папольску, а на лацінскай мове (або на макаранічнай). У мастацтве, у шматмоўнай літаратуры Беларусі панавала вытанчанае барока.

У польскіх, лацінскіх і стараславянскіх одах і панегірыках паэты праслаўлялі магнатаў.

Аднак ноч контррэфармацыі не магла працягвацца бясконца. XVIII стагоддзе было рубяжом Старога і Новага часу. Рэцыдывы Сярэднявечча ўступалі пазіцыі Асветніцтву. З сярэдзіны стагоддзя ў Беларусі пачынаецца эканамічнае і культурнае ажыўленне, праводзяцца частковыя рэформы. Езуіты становяцца аб’ектам крытыкі, насмешак. Мяняюцца грамадскія ідэалы. Раней ім быў «сармат» (далёкі нашчадак міфічных сарматаў) — чалавек набожны, забабонны, суровы, традыцыйны (калі не кансерватыўны), дамасед і ненавіснік усяго чужога. Цяпер на змену яму прыходзіў homo sapiens — разумны, адукаваны, рацыяналістычны, гуманны ў адносінах з сялянамі, але адначасова і касмапаліт, скептык. Пытанне аб адмене прыгону яшчэ амаль не ўзнімалася; прыгонніцтва яшчэ крытыкавалася з маральна-этычных пазіцый (селянін, маўляў, таксама чалавек). Але найбольш дальнабачныя феадалы (І. Храптовіч у Шчорсах і Вішневе) ужо вызвалялі сялян ад асабістай залежнасці, уводзілі элементы капіталістычнай гаспадаркі.

У другой палавіне XVIII стагоддзя ў Беларусі прарастаюць першыя буйныя парасткі Асветніцтва. Пашыраецца сетка школ (у тым ліку свецкіх), адчыняюцца новыя друкарні, з’яўляюцца прыдворныя (прыгонныя) тэатры. Барока ўступае месца класіцызму і сентыменталізму. У шматмоўную літаратуру Беларусі прыходзяць новыя аўтары. Цікавыя з’явы назіраюцца і ва ўласна беларускай літаратуры (нараджэнне на інтэрмедыйнай аснове камедыі, парадыйна-сатырычнае вершаскладанне). Але на іх не будзем тут спыняцца, паколькі яны спецыяльна разгледжаны ў іншай працы1.

Амаль усе гэтыя складаныя грамадскія і культурныя працэсы знайшлі адлюстраванне ў славянскай мемуарыстыцы — у дзённіках і ўспамінах рускіх, польскіх, украінскіх і нават сербскіх (А. Пішчэвіч) аўтараў, якія або нарадзіліся і жылі тут (М. Матушэвіч, С. Пільштынова, І. Лапацінскі), або правялі прыкметны час (Ф. Карпінскі, Г. Дзяржавін, А. Лунін, Г. Дабрынін, М. Энгельгарт). Праяўляючы ўвагу да Беларусі, славянскія мемуарысты XVIII стагоддзя працягвалі традыцыі сваіх папярэднікаў. Прыгадаем, што беларускай рэчаіснасці прысвечаны многія старонкі ў дзённіках і ўспамінах папярэдняга стагоддзя. Тут можна згадаць дыярыушы жыхароў Беларусі П. Бжастоўскага2, Я. Храпавіцкага3, П., К., Г. і М. Абуховічаў4, С. Незабытоўскага5, «Аўтабіяграфічную запіску» І Іеўлевіча6, успаміны невядомага аўтара пра «казацкія войны»7 і інш. Сваё прабыванне ў Мінску, Барысаве, Магілёве, Бешанковічах («Бесянковічах»), Чашніках («Часніку»), Талачыне, Дзівіне, над возерам Нарач вобразна апісаў выдатны польскі празаік Ян Хрызостам Пасак (цікава, што ў яго мемуарах ёсць беларусізмы: «А южаш такі скінула Літва, все прэпадлі»)8. Беларускія ўражанні адлюстраваліся ў «Падарожжы» рускага стольніка П. Талстога9, «Дыярыушы» вядомага ўкраінскага царкоўнага дзеяча і пісьменніка Д. Тупталы (Дзмітрыя Растоўскага)10, які ў 1678—1679 гадах знаходзіўся ў Слуцку. Гэты пералік можна было б прадоўжыць.

Аднак у параўнанні з XVII стагоддзем у XVIII стагоддзі колькасць помнікаў мемуарнай літаратуры, звязанай з Беларуссю, прыкметна ўзрасла. У гэтай літаратуры адбыліся прынцыповыя змены. «Дакументальная проза» рабілася ўсё больш суб’ектыўнай, мастацкай. Стала цяжка, часам немагчыма правесці рысу паміж «дакументам у літаратуры і літаратурай як дакументам»11.

У XVIII стагоддзі працягвалі сваё існаванне ўсе тыя тыпы мемуарнай літаратуры, якія склаліся раней. У яе патоку мы зможам знайсці і традыцыйныя дыярыушы, летапісныя хронікі, і ўспаміны-аўтабіяграфіі, успаміны-дзённікі. Выразна намячаюцца новыя тэндэнцыі: дыярыушы ўступаюць месца ўспамінам, голы пералік падзей — іх суб’ектыўнаму асэнсаванню. Сціраюцца адрозненні паміж асобнымі жанравымі разнавіднасцямі, назіраецца іх сінтэз, узаемапранікненне. Мемуарыстыка ўсё больш белетрызуецца.

 

1 Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII—XVIII ст.). Мн., 1980.

2 Бжостовский П. К. Дневник дороги на комиссию в Вильну 1656 года / Пер. по рукописи с пол. Д. А. Подгурского. - У кн.: Сборник Муханова, изд-е 2-е. Спб., 1866.

3 Chrapowicki Jan Antoni. Dyaryusz woewody witepskiego... Warszawa, 1845; Jego ż Diariusz. Warszawa, 1978, cz. 1.

4 Baliński Michał (wyd.). Pamiętniki historyczne do wyjasnienia spraw publicznych w Polsce XVII wieku. Wilno, 1859/

5 Аддзел рукап. Нацыянальнай б-кі ў Варшаве, рукап. № 911.

6 Иевлевич Н. Автобиографическая записка...- У кн.: Голубев С. История Киевской духовной академии. Киев, 1866, вып. I.

7 Pamętniki o wojnach kazackich za Chmielnickiego. Wrocław, 1982.

8 Rytlówna Jadwiga. «Pamiętniki» Paska na tle pamiętnikarstwa staropolskiego. Warszawa, 1962.

9 Толстой П. А. Путешествие... М., 1888.

10 Диариуш грешного иеромонаха Димитрия...— Душеполезное чтение. 1909, ч. 3, № 9, 10.

11 Янская Н., Кардин В. Человеческий документ и документальная литература.— Вопросы литературы, 1979, № 8. С. 8.

Падзейнасць

Для мемуарыстаў XVII стагоддзя галоўным была падзея — палітычная, сямейная, «метэаралагічная». Аўтарская асоба, аўтарскае ўспрыняцце свету, унутраны стан выяўляліся крайне рэдка. Прыгадаем «дыярыушы дзеянняў» тых жа П. Бжастоўскага і Я. Храпавіцкага. Першы з іх па днях фіксуе, які беларускі горад праехаў, з кім сустракаўся, абедаў, як ішлі перагаворы з рускімі пасламі. І толькі адзін-адзіны раз у яго прабілася хоць крыху асабістае: «Кастрычніка 14-га. Адпачынак і сум». У «Дыярыушы» віцебскага ваяводы Храпавіцкага таксама пераважаюць запісы тыпу: «Ноччу мароз вялікі, белы, з раніцы і вечарам холадна, вецер востры, паўночны, дзень прыгожы вельмі». І зноў жа толькі ў адным месцы: «Рука мне забалела». Бясстрасна рэгістраваў нават самыя драматычныя падзеі Ян Цадроўскі. У 1657 годзе ў Беларусі ўспыхнуў страшэнны голад. Мемуарыст быў сведкам жудасных сцэн. Аднак у сваёй «сямейнай хроніцы» ён не выказаў асаблівых эмоцый: «Галодныя людзі елі катоў, сабак і ўсякую здыхляціну, а пад канец рэзалі людзей і елі іх целы; не давалі нават чалавечым целам адляжацца ў трунах»1.

Метэаралагічныя назіранні, глабальныя і лакальныя «катаклізмы», вядома, не праходзілі міма ўвагі і мемуарыстаў XVIII стагоддзя. Але іх апісанні набываюць эмацыянальную афарбоўку, абрастаюць каларытнымі дэталямі. Аўтар выказвае свае адносіны да падзей.

Х. Багінскі (пра 1748 год): «Вякамі нябачаная і — каб ніколі яна не паўтарылася — вынесеная з арабскіх краін імпэтам гвалтоўных вятроў саранча дабралася аж да Літвы, дзе ўчыніла жыхарам нязмерныя шкоды на палях, у збожжы. Мноства яе было такое жахлівае, што, узняўшыся з зямлі ў паветра, яна зацямняла яснасць сонца, а дзе толькі пала, каб здабываць харч, займала чвэрць мілі і так выядала збожжа, што і саломы не пакідала. Існавала яна ў Літоўскім краі аж да каляд, потым снягі і моцныя марозы яе выгубілі. Па маёнтках розныя прыдумвалі спосабы, каб сагнаць саранчу са сваіх палёў. Давалі агонь з гармат і ручных стрэльбаў, прыганялі статкі свіней, ідучы шэрагамі, залівалі кіпетнем, але ўсё гэта давала малыя вынікі, бо калі такім шумам яе крыху і зрушылі з месца — адразу ж яна спускалася на іншае. Мусілі тады яравое збожжа, хаця і няспелае, раптам жаць»2.

М. Залескі (8 кастрычніка неакрэсленага года): «Ад дня 10-га жніўня дагэтуль усе чакалі дажджу. Сухасць у жніўні і на пачатку верасня трывала бесперапынна, пазней марозныя ночы і светлыя, пагодлівыя дні хаця і спрыялі ўборцы збожжа і сена, аднак так гвалтоўна высушылі зямлю, што ў многіх мясцінах нельга было весці ворыва пад азімыя, а дзе былі пасеяны жыта і пшаніца, там прарасла ледзь чацвёртая частка зярнят. Многія дворныя і сялянскія палі пакуль што не толькі не засеяны, але нават узараны быць не могуць» (Залескі, 339).

Тое ж самае можна сказаць пра адлюстраванне грамадскапалітычных падзей. Усё часцей яны паказваюцца ў сувязі з асобай аўтара, праз яго ўспрыняцце. Вось запіс, зроблены ў 1709 годзе мінскім ваяводам К. Завішам у сувязі з прабываннем у Беларусі Пятра І: «Ягомасць цар, праязджаючы праз Рагнету, быў у маю адсутнасць з візітам у маёй жонкі: быў вясёлы, піў і танцаваў, задаволены добрым прыёмам і гаворкай; ласкі досыць сведчыў і сведчыць абяцаў. У Літве сурова прадпісаў для ўсіх бяспеку жылля і ахову дабра»3.

Ад XVIII стагоддзя да нас дайшло нямала летапісаў, дзённікаў, успамінаў, у якіх усё ж пераважае «голая» падзейнасць, ніяк не праявілася індывідуальнае «я» аўтара. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць перапісаную ў 1768 годзе «калектыўную» хроніку горада Віцебска, якую вялі Гаўрыла і Сцяпан Аверкі, Міхаіл Панцырны і Іван Чарноўскі4. У яе занесены прызначэнні на розныя пасады, даты смерці імянітых гараджан, стыхійныя бедствы, нябесныя з’явы (26 сакавіка 1704 года: «Тры сонцы віднеліся ранкам»). Пераважна палітычным падзеям прысвечаны беларускія старонкі рускіх і польскіх успамінаў Э. Атвіноўскага5, І. Безбароды6, М. Крачэтнікава7, Б. Куракіна8, С. Няплюева9, Ф. Лубяноўскага10, А. Трамбіцкага11, невядомага аўтара, які расказаў пра арышт у Віцебску Васілія Качубея12. Творы гэтыя маюць цікавасць пераважна для гістарычнай навукі. Указаны ж яны тут для таго, каб звярнуць на іх увагу гісторыкаў.

 

Аўтара ў першую чаргу прывабліваюць мемуары, у якіх, гаворачы словамі А. Сайкоўскага, захоўваецца раўнавага паміж «гісторыяй агульнай і гісторыяй уласнай», у якіх грамадскія падзеі не выцясняюць «асабістых прызнанняў аўтара». Па свайму жанру такія творы набліжаюцца да «прыгодніцкага» рамана. Тагачасная рэчаіснасць (войны, рэлігійная варожасць, шляхецкія «наезды») давала багаты матэрыял. Трэба падкрэсліць, што чалавек тады ўяўляўся паслухмянай забаўкай сляпога лёсу, аколенай варожымі, незразумелымі сіламі. А само жыццё здавалася суцэльнай пасмай нечаканых прыгод. Такая ірацыянальная мадэль рэчаіснасці ўзнікла на скрыжаванні ідэй контррэфармацыі і эстэтыкі барока.

Разгледзім жа гэта агульнае палажэнне на канкрэтных прыкладах — успамінах І. Турчыноўскага, С. Пільштыновай і М. Матушэвіча. Агульнае для іх — дух прыгодніцтва, «несіметрычнасць» лёсу, парадаксальнасць, так характэрныя для стылю барока.

 

1 Коршунаў А. Ф. Успаміны Яна Цадроўскага. С. 161.

2 Bagiński Х. Rękopism (1747—1784). Wilno, 1854. s. 9.

3 Zawisza Krzysztof. Pamiętniki. Warszawa, 1862. s. 147. У далейшым спасылкі ў тэксце (Завіша, старонка).

4 Витебская летопись, составленная витебскими мещанами..— У кн.: Сборник летописей, относящихся к истории южной и западной Руси... Киев, 1888. Тое ж: Витебская старина. Витебск, 1883, т. І.

5 Otwinowski Erazm (?). Pamiętniki do panowania Augusta ІІ. Poznań, 1838.

6 Безбородко Н. А. Журнал пребывання eгo величества короля польского Станислава-Августа в Гродне 1795—1796 годов.— Чтения в Обществе истории и древностей российских, 1870, кн. 3, отд. 2.

7 Кречетников М. Н. Дневные записки...— ЧтОИДР, 1863, кн. 4, отд. 2.

8 Куракин Б. Н. Дневник и путевые заметки.— У кн.: Архив кн. Ф. А. Куракина. СПб., 1890, кн. І.

9 Неплюев С. П. Бой со шведами у местечка Клецка.— Русская старина, 1891, т. 72, № 10.

10 Лубяновский Ф. П. Воспоминания. М., 1872.

11 Trębicki Antoni. Opisanie sejmu ekstraordynaryjnego podziałowego roku 1793 w Grodnie. Warszawa, 1967.

12 Василий Леонтьевич Кочубей в рассказе ero современннка.— Русская старина, 1883, т. 40, № 12.

Незвычайныя прыгоды Турчыноўскага

Па прозвішчу мяркуюць, што Ілья Міхайлавіч Турчыноўскі (1695 — каля 1746) быў нашчадкам турэцкага палоннага і ад яго атрымаў у спадчыну гарачы тэмперамент. Нарадзіўся на Украіне — у Беразані каля Пераяслаўля. Паспрачаўшыся з бацькам, адправіўся пеша ў Кіеў, дзе крыху правучыўся ў ніжэйшых класах духоўнай акадэміі. Працаваць у царкве асаблівай схільнасці не меў. Таму стаў вандраваць па Украіне і Беларусі. Пераяслаўль, Чарнігаў, Гомель, Магілёў, Шклоў... Маючы добры голас, Турчыноўскі арганізоўваў хоры і тэатральныя прадстаўленні. Адным словам, перад намі — тыповы вандроўны шкаляр, «разначынец» свайго часу.

Нягледзячы на вучобу ў духоўнай акадэміі Турчыноўскі быў усё ж чалавекам малапісьменным. У яго аўтабіяграфіі, спісанай у Беразані «ў памяць дзецям сваім, і ўнукам, і ўсяму патомству», мноства памылак, амаль няма знакаў прыпынку. Цяжка вызначыць мову, на якой яна напісана. Публікатар не наважыўся назваць яе «ні народнай, ні кніжнай». Адзначыў толькі, што яна набліжаецца «да канцылярскай мовы таго часу пры відавочным уплыве рускай мовы і са значнай схільнасцю да славянізмаў»1. Ад сябе да гэтага дабавім, што ў Турчыноўскага, які доўга жыў у Магілёве і Шклове, многа беларусізмаў. Яго «Жыццё і пакуты» напісана на ўкpaінска-беларускай мове, якая не патрабуе перакладу.

Як відаць з успамінаў, жыццё Турчыноўскага было багата на прыгоды. Усюды вандроўнага шкаляра падсцерагалі нядобразычліўцы, ворагі. Мяркуйце самі. Вось Турчыноўскі разам з «двома молодчикам болшими», Сямёнам і Іванам, пайшоў з Кіева ў «литовское княжение» — у Магілёў. Па дарозе ў лесе сябры яго абрабавалі і збілі. Потым пачалі раіцца: ці лепш дабіць яго, ці, можа, прывязаць да дрэва, каб заелі камары. Тут Турчыноўскі ўсхапіўся і ў адной кашулі кінуўся ўцякаць. Сямён і Іван, тоўстыя і п’яныя (аўтар не забывае падкрэсліць гэта некалькі разоў), не змаглі яго дагнаць. Таму сталі абяцаць яму, што ўсё аддадуць назад. Юнак паверыў ім і вярнуўся. Тут сябры зноў сталі яго біць. Турчыноўскі ўзмаліўся: бярыце грошы, нікому, маўляў, нічога не скажу... Пайшлі далей. У Паповай Гары, выпадкова напаткаўшы казакаў, Сямён і Іван агаварылі Ілью: зладзюга і бандыт. Сотнікі звязалі яго, адабралі адзенне і кніжкі, аддалі іх шынкарцы за цэбар мёду. Але тут абудзіўся стары сотнік, які (зноў выпадковасць!) быў у доме Турчыноўскіх у 1710 годзе, у час паходу Пятра І. Ілья расказаў яму ўсю праўду — і фартуна перамянілася: «супастатаў» закавалі і пакаралі розгамі. А Турчыноўскі стаў у казакаў пісарам.

Ды юнаку карцела ісці далей, шукаць навукі: «Будучи же в него немалое число в правление писарском, понудило мя первое желание отойти в Полшу, в Могилев, для обучения языка латинского и провидения по свету людского обхождения» (Турчыноўскі, 325).

І вось разам з купцом Іванам Ронам Ілья прыбыў у Магілёў. Спярша быў прыняты ў школу пры Святапакроўскай царкве на Падоле, потым — «до школ латинских язовитских». Быў заўважаны праваслаўным архірэем Чацвярцінскім, залічаны ў яго хор. Але і тут Турчыноўскага падсцерагала небяспека. Рэгент па злосці «ахнуў» яго «из хор чрез железные баляки». Аўтар «ис хор на дол летел вишене у пяти человек, и ежелн бы не потрапил на женские главы, то бы о камень мармуру разбился. И многим женам повреждени были главы, а единой старусе и вся глава сломилась, якая у три дни и умерла» (Турчыноўскі, 326).

Давялося Турчыноўскаму ўцякаць з Магілёва. Па прапанове купцоў Іяана Мазуровіча і Міхайлы Касябуцкага паехаў ён у Шклоў, у манастыр Блаславення Божага. «И там я чрез четыри года при том монастыри был реентом и от оных мешан так и от игумена имел довольствие. Но и там враг, искатель мне зла и гонения, завидя моему добру, воста на мя... Не малую себе римляне болезнь и безчестие принявши, умыслили, яко бы мя выгнать из города Шклова...» (Турчыноўскі, 326).

Першапачаткова шклоўскія манахі-дамініканцы хацелі перавабіць Турчыноўскага на свой бок, угаворвалі яго спяваць у іх хоры. Але юнак адмовіўся. Тады лёс паслаў яму чарговыя жорсткія выпрабаванні: «Но и пачей оние римляне опечалились и наславши едной нощи в монастир на спеварню, яко бы нечаянно, з лихтарнями, арганеста з драгунами замковими, и начали бить всех певчих и тих студентов, а меня с чулана вытягши, безмилосердне били и шаблямн рубили, где главу мою у двох месцех до мозгу прорубали, а несли мене у Днепр реку утопить. Но я, мало ощутився, просил онаго арганести, яко он исперва добр был ко мне, помилования: який объявил мне, что послан от замку убить мене и у Днепр уволокти. Однак божия помощь и матерь божия заступиста мя: случившиесь того града мещане ехали в городи з крамами и наехав на тое, отняли мене и мало в живых унесли у спеварню и объявили игумену. От якого я порубания много страдал и все свое имущество врачам раздал; но ничтоже не успел бы, ежели бы не едина вдова, женщина Евдокия Мащиха, излечила: ибо оние римляне, ощутивши, якие врачи до мене ходят, яко там более жидов не имеется никого, намовляли, чтобы мя умертвить. Когда ж я от той старухи уврачеван и стал по прежнему спевать, то извещенно мне от добрых приятелей, что хотят мене, в нощи напавши, извязать и воскори у Днепр укинуть. Я, видя и там гонение и что уже укрытись от папиштаков (прыхільнікаў папы — аўт.) невозможно, а случилось таким же способом, в ночное время в едином месцу того органисту самаго застать в шинку, то там з моими певчими також ему отреванжевал (адплаціў — аўт.) киями и шаблями, и забравши всех певчих, дубом по реке Днепру пустился винз» (Турчыноўскі, 327).

На гэтым прыгоды юнака не скончыліся. Ніжэй «Гомля» судна наткнулася на дрэва, перакулілася. Усе рэчы патапіліся. Далей Турчыноўскі і яго сябры пайшлі пеша. Праз нейкі час вандроўнік дабраўся да роднай Беразані, ажаніўся, стаў свяшчэннікам. Але спакойнае жыццё не наступіла. Украінскае духавенства даведалася аб прыгодах Турчыноўскага ў Беларусі. Яго судзілі за тое, што ён гаварыў там «дерзкие речи» супраць архірэя і кансісторыі, што... хадзіў на паляванні на мядзведзяў, ваўкоў і зайцоў. За ўсё гэта на тры месяцы заключылі ў манастыр — на цяжкія работы ў аковах. А яшчэ далі сто розаг за «буянства» ў час арышту... Аўтабіяграфія заканчваецца, дакладней, абрываецца, апісаннем таго, як п’яныя стражнікі ўпалі ў роў, а закаванага Ілью коні панеслі насустрач новым прыгодам...

 

1 Турчиновскмй Н. М. Житие и страдание...— Киевская старина, 1885, т. ІІ, № 2. с.318. У далейшым спасылкі ў тэксце (Турчыноўскі, старонка).

«Авантуры» Пільштыновай

І па форме, і па зместу яшчэ больш набліжаюцца да прыгодніцкага рамана ўспаміны ўраджэнкі Беларусі Саламеі Пільштыновай, чыя біяграфія па сваёй «несіметрычнасці» нагадвае біяграфію Турчыноўскага. Напісаныя на польскай мове ў 1760 годзе і выдадзеныя С. Полякам у 1957 годзе1, гэтыя ўспаміны маюць па-барочнаму доўгую і ўскладнёную назву: «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў на чэсць і хвалу п. Богу, у святой тройцы адзінаму, і самой святой маці Хрыста пана майго і ўсім святым».

Як сцвярджае даследчык польскай прозы XVIII стагоддзя А. Ліпатаў, твор Пільштыновай «вылучаецца на фоне багатай мемуарна-эпісталярнай спадчыны свайго часу жывасцю і непасрэднасцю размоўнага стылю апавядання, як правіла свабоднага ад рытарычных нагрувашчанняў і утрыраванага выкарыстання паэтычных сродкаў і прыёмаў, што было так характэрна для эпохі сармацкага барока. Непадробная шчырасць спалучаецца з драматызмам асобных сцэн, яркасцю жанравых замалёвак, гумарам і лірычнасцю. Апісанні падзей, фактаў, рознага роду з’яў не засланяюць тут — у адрозненне ад большасці іншых вядомых мемуараў — вобраз і асобу самога аўтара — яго перажыванні, думкі і намеры, урэшце, асабістую драму»2. Тым самым у творы сціраецца грань «паміж рэгістрацыяй фактаў, падзей, выпадкаў і выпадковасцей з жыцця і ўзнаўленнем чалавечага лёсу, дзе гэтыя факты, падзеі, выпадкі і выпадковасці — фон, кантэкст, прычына жыццёвых перыпетый і духоўнай драмы асобы. У гэтым манера апавядання Русецкай-Пільштыновай збліжаецца з мастацкім тыпам узнаўлення, уласцівым раману».

А цяпер пяройдзем да характарыстыкі «Рэха».

Саламея Рэгіна Іяахімаўна Русецкая-Пільштынова (1718 — пасля 1760) пра месца свайго-нараджэння піша так: «У маладым маім веку выдалі мяне бацькі (Іяахім Русецкі) замуж з Літвы, Навагрудскага ваяводства за доктара Якуба Гальпіра, з якім у той жа год я паехала ў Стамбул». Мы не ведаем, была наша аўтарка шляхцянкай ці, як дапускае З. Куховіч, мела «плебейскае паходжанне»3. Не ведаем таксама, ці атрымала яна хаця б пачатковую адукацыю. (Вядома толькі з яе ж слоў, што ў маладосці яна «любіла страляць і заўсёды ў дарозе, у калясцы мела пісталеты і ружжы»). І ўсё ж была яна жанчына назіральная, адважная, кемлівая, разумная. Лёгка вывучыла турэцкую, рускую, нямецкую мовы. Апынуўшыся ў чатырнаццаць гадоў у Стамбуле, яна прыглядалася да акулісцкай практыкі свайго мужа. Потым яе вучыў нейкі турак з Вавілона. Палонны італьянец паказаў ёй, як пішуцца рэцэпты, падарыў некалькі медыцынскіх кніг. І тады сама ўзялася за лячэнне. Спярша баялася пацыентаў, ішла да іх пад прымусам. Потым стала давяраць інтуіцыі, вопыту народнай медыцыны (у цяжкія хвіліны ёй згадваліся адмысловыя прыёмы павітухі з Навагрудчыны). Рэкамендавала хворым захоўваць правілы гігіены, больш рухацца. Паступова набывалася практыка. Пільштынова запісвала спосабы курацыі сваіх пацыентаў у спецыяльнай кнізе, якую збіралася выдаць. Сябе называла «доктарам медыцыны і акулісткай».

Прага прыгод і нажывы гнала Пільштынову з горада ў горад, з краіны ў краіну. Гальпір неўзабаве памёр, пакінуўшы яе з маленькай дачкой. За маладой жанчынай стаў цікаваць князь Ракачы, але яна з прыгодамі ўцякла ад яго. Сустрэўшы пяцярых палонных, выкупіла іх з турэцкай няволі. І сярод іх — свайго будучага другога мужа афіцэра Пільштына. Разам з ім у 1739 годзе вярнулася на радзіму, паступіла на службу да князя Міхала Радзівіла. У Нясвіжы паспяхова працягвала медыцынскую практыку. Адным словам, стала першай жанчынай, якая «афіцыйна» жыла з лекарства.

Жыццё не задавальняла няўрымслівую жанчыну. З Беларусі яна надумала паехаць у Пецярбург, да царыцы Ганны Іванаўны, каб па яе пратэкцыі вярнуць некалькі «сваіх людзей», выкупленых ёю з турэцкага палону, але перахопленых па дарозе рускімі салдатамі. Спачатку былі цяжкасці з пашпартам. Аднак раптам памог выпадак (о гэты ўсёмагутны, наканаваны лёсам выпадак!): «На другім начлегу начавала я пад Навагрудкам у карчме, у маёмасці ягамосці п. Лопата, бабруйскага старасты, а ў той час навагрудскага пісара, які моцна хварэў на боль галавы і зубоў. Даведаўшыся, што я дакторка, ягамосць п. Лопат прыслаў па мяне, каб я прыбыла экіпажам з маімі людзьмі, гэта значыць Бенядзіктам Скалубовічам, сумленным і годным шляхціцам з Літвы, а другі чалавек да коней Юзаф Бяліцкі. Значыць, я толькі што ў двор ягамосця п. Лопата прыехала і лякарства ад зубоў дала, як праз дзве гадзіны прыязджаюць госці, двое годных маскаляў (у сэнсе: рускіх — аўт.), родных братоў Лівенаў. Адзін генерал, а малодшы палкоўнік. Знаходзілася таксама там я(сна) а(свечаная) княгіня еймасць Радзівілова, ваяводзіха навагрудская. Тут таксама дапамаглі ягамосцю п. Лопату ад зубоў мае медыкаменты, таму прасілі гэтыя паны за мной, каб мне гэты в(яльможны) ягамосць пан генерал Лівен даў пашпарт у Пецярбург, што гэты генерал з вялікай ахвотай учыніў. Даў мне пашпарт і рэкамендацыі да многіх паноў і генералаў лістоўна, а в(яльможны) ягамосць Лопат забяспечыў мяне гойна на дарогу, і я шчасліва выехала ў Вільню» (Пільштынова, 84).

З Вільні праз Рыгу падарожніца дабралася (вядома, не без прыгод) да Пецярбурга. Там лёгка пранікла ў царскі палац, заваявала давер імператрыцы, якая называла яе не інакш як «мой дружок». Пільштынова ўвайшла ў курс усіх прыдворных падзей і інтрыг, усіх плётак. Яны пераказаны ва ўстаўных раздзелах-навелах «Авантура князёў Далгарукіх», «Гісторыя панавання Ганны Іванаўны», «Авантура пра Мазепу» і інш.

Паўночная сталіца прыйшлася Пільштыновай даспадобы. Наша зямлячка захаплялася тварэннем Пятра І, аддавала належнае яго рэфарматарскай дзейнасці. Прывядзём адпаведную вытрымку (а заадно дадзім, наколькі магчыма ў перакладзе, узор стылю, якім напісана «Рэха»): «Гэты цар Пятро Аляксевіч (!) пры жыцці сваім край свой вельмі прыгожа і пахвальна сфармаваў. Першае: разбойнікаў і злых людзей так вынішчыў, што не тое што старых і маладых на адну шыбеніцу па некалькі соцень вешаць загадаў, але жонкі і дзеці прэч выразаць, каб злога зародку ў яго краіне не было, бо раней нельга было ні купцу, ні пану, ані якому чалавеку праехаць. Другое: даў колеры войску свайму і муштру ім загадаў вучыць, наняў дзеля моваў розных і полеру сваёй краіны розных мэтраў, а менавіта французаў, немцаў, італьянцаў і лаціннікаў, як я сама бачыла ў Пецярбургу, амаль у кожнага афіцэра або купца ёсць розныя мэтры і танцмайстры, амаль у кожным доме, а асабліва штабс-афіцэраў або ў міністраў. Розныя фабрыкі: сама я купляла аксаміт, градатур (цяжкая шоўкавая тканіна — аўт.), залатыя галуны, залатыя кампанкі (фрэнзлі — аўт.) з пецярбургскай фабрыкі, і там, дзе былі балоты, дрыгва, што за масты, каменныя і драўляныя, і пяском роўна высыпаныя, на адной мілі пяць слупоў маляваных з надпісам па-маскоўску, па-нямецку і па-латыні, дзе ехаць і як далёка. Па дарозе частыя аўстэрыі (корчмы — аўт.) з вялікімі выгодамі, і ўсё танна, нельга дорага прадаваць, бо цана напісана на дзвярах, а мера праверана, а для бедных падарожных і дарма есць і піць даюць. Пецярбург такі прыгожы, такі цудоўны выставіў над рэчкай Нівай (!), што больш прыгожы і мілы, як Стамбул і Вена ў Аўстрыі, бо Стамбул хаця вялікі, пышны бязмерна, але стары горад: тут палац за тысячу кашалькоў грошай, а тут кузня, дзе коней куюць, а тут бакал, што агуркі і гарбузы прадае. І Вена, дзе кесар хрысціянскі рэзідуе, тое самае: тут кляштар пышны, тут халупка аднаго рамесніка або бакалара, адным словам: тут стары дом, тут новы палац. Але Пецярбург, ах, які прыгожы і акуратны, такія доўгія вуліцы, што некалькі соцень камяніц або палацаў, усе аднолькавыя па вышыні і каля сябе роўна стаяць, што здаецца — адна сцяна. Некаторыя палацы меднай бляхай пабітыя (!), каля кожнай камяніцы розныя дрэвы, ліпы; каб найбольшы дождж, то чалавек не замочыцца, ідучы пад дахамі. Так вуліцы шырокія, што шэсць карэт размінуцца могуць. Нідзе драбніцы смецця або балота не відаць, бо як просты мужык з горада выязджае, то мусіць даць дзве капейкі, а калі смецце або гной возьме, хаця б адну горсць, то ўжо двух капеек не дае; а як у горад мужык уязджае, то мусіць дрэва або камень прывезці, а не прывязе, мусіць даць дзве капейкі. Гэта дрэва і камень — на паправу мастоў па малых вуліцах. Хлеб, мяса, рыба, сыр, масла вельмі танныя, з фруктамі трохі скупей. Вялікая вольнасць і спакой для добрых людзей хадзіць, ездзіць, паказваць сябе паводле магчымасці. Людзі прыемныя, чалавечныя» (Пільштынова, 121—122).

Характэрна, што потым, адправіўшыся ў Аўстрыю, на радзіму мужа, Пільштынова не раз вярталася ў думках у Расію, параўноўвала ўражанні. І параўнанне заўсёды было на карысць рускіх: «О, не так, як у Маскве (маецца на ўвазе руская дзяржава — аўт.). Ніхто мяне на абед не просіць. Немцы не маюць той манеры, што палякі або маскалі, калі да каго кубкам п’юць за здароўе, а потым таксама і таму даюць, да каго п’юць. А ў немцаў не так: будзе мяне пільна шукаць, дзе я сяджу, знайшоўшы, п’е той кавалер маё здароўе... сам немец вып’е, а мне не дасць» (Пільштынова, 155). І далей: «У корчмах, калі ўбогі чалавек на ноч прыйдзе, то мусіць сабе за апошняе купіць есці, а саломы паслацца не дадуць дарма, толькі трэба даць два грошы за салому. Гэту салому зноў у кучу звяжуць, а на другую ноч другому прадаюць. Напрыклад, сённяшні чысты, а ўчарашні, што на саломе спаў, быў вашывы, то ўчарашнія вошы да беднага чыстага чалавека напаўзуць; адзін сноп саломы трыццаць разоў прадасць» (Пільштынова, 156).

Аднак вернемся да таго моманту, калі Пільштынова пакідае Пецярбург. Аказваецца, руская імператрыца загадала вярнуць ёй выкупленых палонных (не тых самых, дык іншых), выдаць «са сваёй казны 1000 рублёў, тканін, кубкаў вялікіх 12 і кубкаў малых 12 сярэбраных, нават тузін сурвэт з царскімі гербамі». А каб па дарозе не абрабавалі разбойнікі, да жанчыны прыставілі канвой. Вярталася яна з верай у сваю шчаслівую зорку.

У Нясвіжы выявілася, што яе муж прагуляў некалькі тысяч злотых, «зламаў шлюбную веру». Да таго ж ад няшчаснай жанчыны зноў адабралі яе палонных «туркаў». У хвіліну адчаю выспявае план новай «авантуры»: паехаць у Нямеччыну, знайсці сваякоў мужа і спагнаць з іх грошы, заплачаныя за яго выкуп з палону. Пільштынова, хворая і цяжарная, рашуча скіроўваецца ў далёкую дарогу. Праўдай і няпраўдай пранікае праз кардоны, у каралеўскія палацы, знаходзіць агульную мову з «моцнымі свету гэтага». «Фартунка» зноў нібы ўсміхаецца жанчыне. Купіўшы мужу дарагое адзенне, яна спяшаецца дамоў.

Як вядома, літаратура і мастацтва барока былі заснаваны на рэзкіх кантрастах, дысанансах, нечаканых пераходах ад святла да ценю. Тое ж — і ў жыцці Пільштыновай, у яе дзённіку: ад шчасця да няшчасця і наадварот — заўсёды толькі адзін крок... Муж, вядома, адказаў на яе падарункі чорнай няўдзячнасцю: выкраў яе дачку, падгаварыў слугу падсыпаць у жончыну талерку атруту, ад чаго ледзь не наступіла смерць. «Потым, — піша Пільштынова, — пан Езус мяне цудоўна вылечыў, але ў мяне павывальваліся зубы, вылезлі валасы, сталі ломкія ногці, нават уся скура з мяне злупілася». Аднак жанчына цярпліва пераносіць чарговае боскае наканаванне. Больш таго, пабачыўшы Радзівіла, слёзна просіць, каб ён усё ж выпусціў з турмы яе мужа...

Зноў некалькі дзён бязвоблачнага сямейнага шчасця... Але пасля іх Пільштынова рашыла канчаткова развесціся з мужам, цішком паехаць у Хоцім і Рушчук, каб яшчэ раз адшукаць чатырох сваіх «туркаў» (Радзівіл загадаў адаслаць іх назад у Турцыю). Ды Пільштын нагнаў яе ў Львове і зноў пачаў праследаванне. Адкрываецца новая старонка «прыгодніцкага рамана»: «Уцякла я адразу з экіпажа, пайшла ў касцёл, а з касцёла ў кляштар матак бернардзінак, а муж мой каханы цапнуў з экіпажа мой куфар з сукнямі, з грашыма і г. д., што там было, і потым фурыі і сваркі чыніў з паннамі бернардзінкамі, што я ўжо таго шуму выцерпець не магла і сама да яго выйшла да брамкі і казала: «Відаць, гэта воля п. Бога. На, вазьмі мяне і з’еш». І так мяне схапіў, пацягнуў да адных рускіх могілак, дзе меў нанятую сваю халупу, і там я з маім мужам некалькі тыдняў пражыла, і тое, што я здаўна ў паненак бернардзінак мела, таксама ад іх выцягнуў і растраціў, так што ў мяне зноў нічога не было». На ўсе жаночыя скаргі і слёзы муж нязменна адказваў: «Параю табе, жонка мая: усіх бедаў і нястач адразу пазбудзешся. Купі сабе за тры грошы мыш’яку і атруціся...»

Нарэшце аматарка прыгод канчаткова парвала з другім мужам, адправілася ў Турэччыну. Зноў лячыла пацыентаў. Зноў пераконвала ворагаў, што ў яе не «заечае сэрца» і заўсёды ёсць з сабой «пара зараджаных круціц». Завяла слуг, чацвёрку коней, дарагое ўбранне. І раптам — новае падзенне, новая змена святла і ценю. Вось яна, зусім убогая, сядзіць у кляштары і горка плача, успамінаючы нядаўняе мінулае: «На такрочныя святы я была ў спакоі, у багатых сукенках, футрах, каштоўных каменнях, жэмчугу і г. д., а цяпер дрыжу з холаду, не маючы нават футарка». З жалю жанчына так расхварэлася, што з ложка ўпала і тры дні на голай зямлі ляжала, трызнячы.

Цяжка пераказаць усе далейшыя прыгоды Пільштыновай. Расстаўшыся з другім мужам і рашыўшы далей жыць «у сепарацыі», яна тым не менш прыняла заляцанні новага каханка — маладзейшага на сем гадоў «пана І. М. Ц. З.», які аказаўся не лепшы за Пільштына. Некалькі гадоў ён жыў на ўсім гатовым. Пільштынова «заўсёды купляла яму кунтушы і жупаны, добрыя паясы, шаблі, пісталеты і коней». А ён піў, здраджваў — «толькі той талент меў, што быў вялікай цярплівасці». Баючыся лішняга сведкі, у час чарговага ад’езду Пільштыновай ён замыкаў яе дзевяцігадовага сына «ў цёмны склеп праз тры месяцы і забываў пра яго — так, што ледзь яму тры дні хлеба даваў, і так гэта дзіця на голай зямлі ляжала, перапалохалася, спухла і з гэтага памерла». «Гультай» яшчэ некалькі разоў ашукваў даверлівую жанчыну, выцягваў ад яе грошы. Тады яна рашыла, пераапрануўшыся сялянкай, уцячы ад яго ў Расію. Ды каханак праследаваў яе і там. Таму Пільштынова ў трэці раз скіравалася ў Турцыю, дзе выкупляла (дзеля асабістай выгады) палонных, гандлявала віном, карэннямі, літымі паясамі. Урэшце стала прыдворнай лекаркай-акулісткай у стамбульскім гарэме султана Мустафы, паспяхова выкарыстоўвала там прыёмы «псіхатэрапіі».

Жывучы ў Стамбуле, Пільштынова ўважліва прыглядалася да быту і нораваў туркаў. Яе апісанні здзіўляюць назіральнасцю, рэалістычнасцю. У свае ўспаміны аўтар уключыла і ўласныя разважанні аб розных рэлігіях, аб непазбежнасці прадвызначэння, а таксама гісторыі, расказаныя іншымі людзьмі. Аддаючы даніну густам барока, Пільштынова, дзіця свайго парадаксальнага веку, звычайна выбірала з чужых расказаў нязвыклае, цудоўнае. Гіпербалізавала пачутае. Любавалася жорсткасцю. Вось адзін з характэрных прыкладаў яе манеры пісьма: «Тады кесар загадаў тых людзей, што хрысціянамі быць прызнаваліся, пасадзіць у цяжкую турму, а пасля вялікія пасудзіны паасобку наліваць растопленым воскам, некаторыя — лоем, маслам, серай, смалой, і ў гэтыя поўныя начынні ўстаўлялі людзей і галовы ім тлустасцю палівалі і з галавы запальвалі. І гарэў так чалавек, нібы кнот у лямпе, а аднак ніводзін з гэтай лямпы не хацеў выйсці і адступіцца ад пана бога. І так палац рымскага кесара быў запоўнены гэтымі лямпамі, увесь Рым і вуліцы рымскія, а кесар цэлымі начамі ездзіў па Рыме і цешыўся сваім глупствам і подлым тыранствам...»

Такім чынам, успаміны Пільштыновай з’яўляюцца унікальным дакументам свайго часу. Да іх цалкам стасуюцца словы аб тым, што часам «сам дакумент можа стаць літаратурай дзякуючы дзівоснай верагоднасці, выключным фактам, выдатнай асобе аўтара, нязвычнаму яго лёсу»4. Па сутнасці, «Рэха» — гэта раман-аўтабіяграфія, раман прыгод, дзе свабодная, «стыхійная» плынь апавядання перапыняецца ўстаўнымі навеламі. Сама Пільштынова была неардынарнай індывідуальнасцю. Яе духоўны свет даволі багаты, пачуцці — тонкія. У ёй змагаліся розныя супярэчлівыя пачаткі: цікавасць да свету і людзей, вынаходлівасць, актыўнасць — і вера ў фатальнасць лёсу; спачуванне да чужога гора — і жорсткасць; прага ціхага сямейнага шчасця — і прыроджанае імкненне да бурных прыгод, змены месца і абставін (з Турцыі падарожніца збіралася адбыць, а можа, нават і адбыла паломніцтва ў Іерусалім, падарожжа ў Егіпет).

Пільштынова даволі крытычна ставілася да тагачаснай рэчаіснасці, да «шляхецкай вольнасці» ў Рэчы Паспалітай. «Ах, мой Божа, — усклікала яна, — як мяне гэты свет прыгнятаў і залатая вольнасць польская» (Пільштынова, 193).

Крытыцызм нярэдка пераходзіў у самакрытыцызм. Пільштынова прызнавалася чытачу ў сваіх сапраўдных і ўяўных грахах, у пазашлюбнай сувязі з «амаратам», нібы кідаючы тым самым выклік тагачаснаму крывадушнаму грамадству. Зыходзячы з гэтага, польскі гісторык і медык канца XIX стагоддзя І. Глятман назваў Пільштынову прататыпам «сапсаваных эмансіпантак». Але, мусіць, больш рацыі мае З. Куховіч, які бачыць тут пошукі «новай мадэлі жаночага шчасця».

Непаўторныя ўспаміны і па сваёй мове. Як ужо гаварылася, Пільштынова не атрымала асаблівай адукацыі. Мусіць, таму мова яе не засмечана лацінізмамі. Затое ў ёй многа «русізмаў». Як адзначае польскі даследчык Р. Поляк, Пільштынова прытрымлівалася ў правапісе фанетычнага прынцыпу, не цуралася «правінцыялізмаў», пашыраных «на ўсходніх абшарах тагачаснай Рэчы Паспалітай»5.

Урэшце, трэба падкрэсліць такую выключную акалічнасць. У адрозненне ад іншых мемуарыстаў (асабліва XVII стагоддзя) свае ўспаміны Пільштынова прызначала ўжо не для дзяцей і ўнукаў, не для «хатняга чытання», а для друку. У спецыяльнай прадмове «Да ласкавага чытача» недвухсэнсоўна сказана: «На чэсць і хвалу Пану Богу, у Святой Тройцы адзінаму, ахвярую ўсё дрэннае і добрае, што я мела і выцерпела, маю мець і буду, усё гэта для заслугі неба ахвярую, як таксама гэту дрэнную кніжачку надумала я маёй уласнай рукой выпісаць і маім уласным коштам падаць да друку...» (Пільштынова, 35). Аўтар «Рэха» ўжо ўсведамляла літаратурнае значэнне свайго твора, адрасавала яго грамадскасці.

 

1 Pilsztynowa Regina Salomea z Rusieckich. Proceder podróży i życia mego awantur. Kraków, 1957. У далейшым спасылкі ў тэксце (Пільштынова, старонка).

2 Липатов А. В. Формирование польского романа и европейская литература. - У кн.: Средневековье, Возрождение, Барокко. М. 1977. С. 228.

3 Kuchowicz Zbigniew. Wizerunki niepospolitych niewiast staropolskich XVI-XVIII wieku. Łódż, 1972. S. 299.

4 Янская Н., Кардин В. Человеческий документ и документальная литература. с. 6.

5 Pollak Roman. Od Renesansu do baroku. Warszawa, 1977. S. 293.

Брэсцкі Кашталян і яго жыццяпіс

У параўнанні з успамінамі І. Турчыноўскага і С. Пільштыновай апавядальная плынь чатырохтомных мемуараў М. Матушэвіча больш ураўнаважаная. Па-першае, яны пісаліся пазней, у сярэдзіне 60-х гадоў, калі жыццё прыкметна стабілізавалася. Па-другое, сам аўтар быў чалавек спакойны, разважлівы. Да асаблівых прыгод не імкнуўся. Далей Варшавы і Коўна з Беларусі, са свайго маёнтка Расна на Брэстчыне, нікуды не адлучаўся. Праўда, па Беларусі ездзіў бесперапынна. І прыгодніцкі элемент ва «Успамінах» Матушэвіча таксама прысутнічае. Але гэта не асабістыя «авантуры», а хутчэй палітычныя «прыгоды», абумоўленыя барацьбой за ўладу розных шляхецкіх груповак.

Марцін Матушэвіч (Матусевіч, Матушэвіц, Матусэвіч) быў выхадцам з беларускага шляхецкага роду, здаўна аселага на Міншчыне. Бацька яго Ежы вядомы тым, што ездзіў за граніцу разам з бабруйскім старастам Янам Сапегам. Марцін Матушэвіч нарадзіўся ў 1714 годзе ў вёсцы Ельна непадалёку ад Камянца. Спачатку (з пяці гадоў) вучыўся ў Камянцы, потым — у Драгічыне і ў брэсцкіх езуітаў. Рана пачаў займацца грамадскай дзейнасцю. У 1739 годзе за ўзятку ў шэсцьсот дукатаў стаў брэсцкім гарадскім пісарам, у 1740-м (здаецца, ужо без узяткі) — брэсцка-літоўскім падстолім, у 1752-м — стольнікам, у 1765-м — земскім суддзёй. Памёр у 1773 годзе, будучы брэсцка-літоўскім кашталянам.

У сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці Матушэвіч рабіў пераважна стаўку на Радзівілаў — спачатку на Міхала, а потым — на яго сына Кароля. Ворагі Радзівілаў (асабліва Чартарыскія, якія жылі побач з Раснай, у Волчыне) былі яго смяротнымі ворагамі, шкодзілі яму ў кар’еры чым толькі маглі. Але Матушэвіч не зважаў на перашкоды. Маючы дыпламатычнае чуццё, прамоўніцкі дар, спойваючы і падкупляючы шляхту, ён лёгка заваёўваў яе прыхільнасць і галасы, за што Радзівілы не заставаліся ў даўгу. Сціплы брэсцкі чыноўнік быў важнай, хоць і непрыкметнай спружынай многіх палітычных акцый. Ад яго цягнуліся ніткі да гетмана Браніцкага, на каралеўскі двор, да французскага пасла ў Варшаве. На пасяджэннях сеймаў, сеймікаў і трыбуналаў Матушэвіч сам выступаў з палымянымі прамовамі і забяспечваў імі іншых. Пасля смерці караля Аўгуста ІІІ горача ўключыўся ў барацьбу за тое, каб карона не дасталася стаўленіку Чартарыскіх Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (дарэчы, ураджэнцу таго ж Волчына). Але калі з дапамогай Кацярыны ІІ той усё ж перамог, адным з першых кінуўся яго віншаваць, лёгка адступіўся ад Кароля Радзівіла, які быў вымушаны ўцякаць за граніцу. Як відаць з «Успамінаў», Матушэвіч меў яўнае або патаемнае дачыненне амаль да ўсіх грамадскапалітычных падзей, якія адбываліся ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Беларусі, Літве і нават у Польшчы.

Па творах Турчыноўскага, Пільштыновай і Матушэвіча мы можам прасачыць, як у XVIII стагоддзі паступова фарміравалася пісьменніцкая свядомасць мемуарыстаў. Турчыноўскі яшчэ не лічыў сябе пісьменнікам, не думаў пра выданне сваіх успамінаў, фіксуючы іх, ён ставіў перад сабой не мастацкія, а утылітарна-дыдактычныя мэты. Пільштынова ўжо адрасавала сваё «Рэха» чытачу, апрача прозы пісала і вершы («Песні маёй кампазіцыі»). У асобе ж Матушэвіча мы ўжо маем пісьменніцкую індывідуальнасць. Ён перакладаў з лацінскай на польскую мову сатыры Гарацыя, у чым яму дапамагаў расненскі «рэзідэнт» Анупрэй Карытынскі. Уласна кажучы, гэта быў не літаральны пераклад, а творчая перапрацоўка. У арыгінале другая сатыра з другой кнігі займае 136 радкоў, у перакладзе — 534... Да некаторых сатыр Гарацыя прыкладзены арыгінальныя «Дадаткі» Матушэвіча. Аўтар баяўся іх друкаваць (выйшлі яны ў Вільні толькі пасля яго смерці, у 1784 годзе), бо, як сам прызнаецца ў празаічнай прадмове да чытача, «мог бы абразіць вялікіх людзей; у Рыме была большая свабода гаварыць праўду — абы толькі не абражалі кесара. Неяк там паэты ашчаджалі толькі адну пануючую асобу; у нас жа ў Польшчы, хоць пры свабодзе, але ўяўнай, колькі мы мусім цярпець ад больш багатых і знатных людзей, што маюць уладу, а да таго ж помсцяць» (Матушэвіч, І, XXXVII).

Матушэвічаўскія «Дадаткі» да перакладаў сатыр Гарацыя ўзнімалі набалелыя пытанні тагачаснай рэчаіснасці. У іх асуджаліся тыранія, шляхецкія міжусобіцы, жаночая распуста. Як сцвярджае польскі даследчык Б. Крулікоўскі1, «Дадаткі» могуць служыць «асабістым каментарыем» да «Успамінаў» Матушэвіча. У апошніх аўтар, баючыся, што яго запісы трапяць у непажаданыя рукі, не даваў ацэнак палітычным падзеям, не выказваў асаблівых эмоцый (як бачым, для мемуарыстыкі заўсёды была характэрна аўтацэнзура). Акрамя «Дадаткаў» да сатыр Гарацыя Матушэвіч пісаў польскія і лацінскія оды з выпадку розных урачыстасцей. Дарэчы, пісьменнікам быў і сын Марціна — Тадэвуш Матушэвіч (каля 1765—1819), які нарадзіўся і жыў у той жа Расце. У польскай літаратуры ён вядомы як паэт, публіцыст, перакладчык і тэатральны крытык.

Аднак вернемся да галоўнага твора М. Матушэвіча — яго «Успамінаў», напісаных (ці перапісаных з ранейшых нататак) каля 1765 года. У іх рэтраспектыўна расказваецца аб падзеях 1714—1764 гадоў. Пра дзіцячы і юнацкі перыяды гаворка вядзецца больш лаканічна, але затое вобразна і каларытна. Апошнія раздзелы больш дакладныя, падрабязныя. Аднак асабістае ўступае тут месца грамадска-палітычнаму. У тэкст уключаюцца прамовы, розныя дакументы, навелістычныя ўстаўкі (гісторыі ў гісторыях).

«Успаміны» Матушэвіча — цікавы дакумент «саксонскай» эпохі. На яго абапіраліся многія даследчыкі польскай гісторыі — Ю. Барташэвіч, У. Спасовіч, Ш. Ашкеназы, В. Канапчынскі. Нельга не пагадзіцца з ацэнкай беларускага філосафа А. Біралы, што ў «Успамінах» намалявана «сапраўдная панарама грамадскага і палітычнага жыцця, адлюстравана грамадская псіхалогія пануючага класа феадалаў, выражаны некаторыя бакі ідэалогіі сярэдняй шляхты»2.

Аднак «Успаміны» Матушэвіча — не толькі дакумент, але і мастацкі вобраз тагачаснай рэчаіснасці. Б. Крулікоўскі, А. Сайкоўскі, А. Павінскі і іншыя даследчыкі спадчыны Матушэвіча акцэнтуюць увагу на раманнай форме яго апавядання. Сайкоўскі называе галоўны твор брэсцкага кашталяна «ўспамінамі-ракой», дзе апавядальная плынь ахоплівае «прасторы ўспамінаў, біяграфіі, чужых прыгод. Чэрпае іх аўтар з уласных назіранняў, другасных рэляцыі... Перасіліўшы першыя ўражанні, мы не адарвемся ад захапляючага чытання, адзінага ў сваім родзе»3. Праўда, дабавім ад сябе, чытанне гэта не з лёгкіх. Матушэвіч злоўжываў лацінізмамі, прыёмамі прамоўніцкага стылю. Яго мова часта па-барочнаму напышлівая і ўскладненая.

І ўсё ж нельга не пагадзіцца з Сайкоўскім, што «Успаміны» Матушэвіча чытаюцца з цікавасцю — як проза мастацкая.

Асабліва там, дзе аўтар прапускае падзеі праз прызму свайго суб’ектыўнага ўспрыняцця. Матушэвіч быў, безумоўна, чалавекам разумным, дасціпным, начытаным, хоць і супярэчлівым, як і яго эпоха. Унутраны свет яго даволі багаты.

 

1 Królikowski Bohdan. Marcin Matuszewicz, zapomniany satyryrk wczesnego Oświecenia. - Przegląd humanistyczny. 1969, nr.5. S. 120.

2 Бирало А. А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в., с. 162.

3 Sajkowski Alojzy. Nad staropolskimi pamiętnikami. s. 72.

Аб’ектыўнае і суб’ектыўнае

«Успаміны» Матушэвіча сведчаць аб прыкметным кроку наперад у выяўленні асабістага пачатку. Як ужо гаварылася, у XVII стагоддзі суб’ектыўнае яшчэ амаль адсутнічала. Калі ў віцебскага ваяводы І. Храпавіцкага захварэла жонка, ён толькі падрабязна зафіксаваў, якія даваў ёй лекі. Калі ў яго ж у 1669 годзе памёр маленькі сынок, у дыярыушы з’явіўся бясстрасны, але дакладны запіс аб тым, што пахавалі хлопчыка «ў труначцы, белай кітайкай абабітай», перад абразам маці божай1. Расказваючы пра свае бурныя прыгоды, Турчыноўскі таксама асабліва не выказваў эмоцый. Пільштынова, прадстаўніца наступнага пакалення, ужо лічыла асабістыя, сямейныя справы не менш важнымі, чым грамадскія. Як гаварылася раней, мемуарыстка шчыра апавядала пра свае ўзаемаадносіны з другім мужам і «амаратам», хаця выглядала тут далёка не ідэальна (непераборлівасць у каханні, прыніжанасць, усёдаравальнасць, мацярынская бесклапотнасць). Пільштынова асмельвалася прызнацца чытачу ў тым, у чым прызналася б далёка не кожная сучасная жанчына.

Яшчэ смялей прапускаў чытача ў сваё ўнутранае «я» Марцін Матушэвіч. Праўда, яго прызнанні маюць іншы характар. Брэсцкі кашталян, відаць, бездакорна паводзіў сябе ў сямейным жыцці: жонку ён узяў па сімпатыі (хоць і пасаг тут сыграў сваю ролю), дзеці ў іх нараджаліся амаль кожны год, іншыя жанчыны мемуарыста, здаецца, не цікавілі. Але, як відаць з «Успамінаў», тагачасная рэчаіснасць часта прымушала Матушэвіча ісці на кампрамісы

з сумленнем: даваць узяткі, самому іх браць, галасаваць і сведчыць наперакор праўдзе... Ён разумеў, што рабіць гэта брыдка, грэшна, чырванеў пры гэтым, але ўсё роўна рабіў. І шчыра прызнаваўся.

Вось ён схлусіў на пасяджэнні трыбунала, «крыва прысягнуў». Але тут жа яму стала сорамна, тым больш што хлусня выйшла наверх, «дрэнна скончылася». Адсюль мараль: «Жадаю заўсёды кожнаму ў кожнай сітуацыі быць сумленным і пазбягаць няпраўды» (Матушэвіч, І, 157).

Матушэвіч пісаў праўду (да таго ж з гумарам) нават у тых выпадках, калі гэта магло яго прынізіць у вачах нашчадкаў, чытачоў. Вось ён кідаецца на калені перад магнатам (зусім не паважаючы яго), цалуе яго ў рукі, ногі, жывот... Вось на нейкі там дзень пасля вяселля сябры частуюць яго «добрым півам». І Матушэвіч не пасаромеўся прызнацца, што ў яго надоўга зацягнулася «ферментацыя страўніка»...

Ва «Успамінах» Матушэвіча ўжо адлюстравалася тое, што мы сёння называем унутранай барацьбой. Вось Радзівілы навязваюць яму несправядлівую справу. На пасяджэнні трыбунала трэба выказаць сваю думку, аддаць голас. За каго? Абразіць бога (сумленне) ці абразіць Радзівілаў? Матушэвіч згадвае, што калі ён прымаў тое рашэнне, хоць і ў адпаведнасці з сумленнем, то, як яму казалі прысутныя, ажно ў твары змяніўся... Чым не пачаткі сучаснага псіхааналізу?!

Больш таго, у Матушэвіча мы знаходзім нават элементы падсвядомага. Рэальнае ў яго пераплятаецца з нерэальным (тут несумненны ўплыў і ідэалогіі контррэфармацыі, і эстэтыкі барока). Брэсцкі кашталян быў, бадай, першым у мемуарыстыцы Беларусі, хто апісаў свае сны. Яны ў яго, зразумела, «цудоўныя»: прадвяшчаюць рэальныя падзеі, уплываюць на іх. І адначасова яны апісаны з такой дэталёвасцю і канкрэтнасцю, што хочацца ўжыць слова «рэалістычна». Вось Матушэвіч пачынае ў Мінску судзіцца з Чартарыскімі за знявагу шляхецкага гонару (падрабязней пра гэта будзе пасля). І, натуральна, яму загадзя сніцца «вешчы» сон: «За два тыдні перад пачаткам маёй справы снілася мне, нібы я на добрым чоўне плыў па нейкаму шырокаму і глыбокаму каналу, па вельмі быстрай вадзе, і нібы ў мяне былі пад пахамі два вяслы. Адно прыгожае, вішнёвага колеру, такія бываюць эбенавыя смычкі, другое вясло дубовае, белае, новае. Раптам нібы мне нешта абодва вёслы з-пад пахаў вырвала, і ўжо я без вёслаў плыў. Потым нібы прыплыло маршальскае жазло, але вельмі мізэрнае і пакрыўленае, тонкае, сукаватае, сасновае; узяўшы гэта жазло, я пачаў ім як вяслом вырабляць і прыбіўся да берага, які быў высокі і палісадай акружаны. Тым часам той мой човен, новы і добры, зрабіўся стары і пачаў цячы, ды так, што тапіцца пачаў; бачу, што я ў небяспецы, аж трымаючыся той палісады і пасоўваючы човен тым, што браўся за балясіны, натрапіў на палісаду, аплеценую хворастам. Кінуўшы тады човен, я нібы пачаў тым плотам вылазіць уверх, ды раптам той хвораст у плоце пачаў у мяне ў руках і пад нагамі ламацца, ды так, што, не могучы ўтрымацца, я ўпаў у канал. Плыву нібы тады і ўжо сапраўды таплюся; але святая Багародзіца схапіла мяне за левае плячо і, выцягнуўшы з вады, пасадзіла на нейкім пекным лугу, над берагам таго канала, які ўжо там канчаўся, аднак я бачыў сябе ў нейкім жабрацкім цёмна-сінім адзенні» (Матушэвіч, ІІ, 149). Потым гэты сон, працягвае аўтар, ва ўсім спраўдзіўся, «бо як з пачатку я шчасліва плыў і выйграў справу ў Мінску, так потым жазло кн. мечніка маршалка трыбунальскага для мяне аказалася слабым, тапіўся я, і сама Багародзіца нас выратавала» (там жа).

Пішучы ўспаміны, Матушэвіч імкнуўся быць справядлівым і праўдзівым, ганарыўся гэтым імкненнем. Але адначасова баяўся, што «праўда» можа зашкодзіць яму, асабліва ў вачах сучаснікаў, якія не прызвычаіліся шчыра выказваць свае думкі і пачуцці. Адсюль — боязь адрасаваць успаміны шырокаму чытачу, жаданне неяк «аб’ектывізаваць» іх, «ачысціць» ад асабістых сімпатый і антыпатый. Мемуары завяршаюцца такім красамоўным прызнаннем: «У гэтым дыярыушы заключана праўда, занадта шчыра апісаная і для многіх асоб крыўдная, таму я не жадаў бы, каб яго хтосьці чытаў. Калі б у мяне быў час, я выправіў бы і выправіць прагну, калі мне пан бог захоча дазволіць доўгае жыццё, а калі папраўкі зроблены не будуць — ва ўсіх пакорліва прашу прабачэння і даравання...» (Матушэвіч, IV, 318).

Тое ж імкненне (яўнае або стрыманае) да шчырасці і праўдзівасці адчуваецца і ў іншых мемуарыстаў XVIII стагоддзя. Матушэвіч (з ім яшчэ не раз мы сустрэнемся ў далейшым апавяданні) быў тут не «белай варонай», а выражэннем агульнай тэндэнцыі часу.

 

1 Chrapowicki Jan Antoni. Diariusz. s. 198.

З’яўленне самакрытыцызму

Вельмі характэрныя па сваёй шчырасці «Успаміны» войскага Вялікага княства Літоўскага Міхала Залеская. З ходам гадоў ён усё часцей задумваўся над сэнсам свайго быцця, сутнасцю шчасця. Бадай, у яго першага з ураджэнцаў Беларусі знаходзім разважанні аб самаўдасканаленні.

Міхал Залескі нарадзіўся ў 1744 годзе на Лідчыне ў збяднелай шляхецкай сям’і. Жыў пераважна ў Сяхновічах каля Брэста. Калі Матушэвіч амаль усё жыццё змагаўся з Чартарыскімі, то Залескі — з рэфарматарам А. Тызенгаўзам. Аднак, нягледзячы на гэта, быў чалавекам даволі перадавых поглядаў, патрыётам «Літвы», абараняў ад прымусу сялян, падтрымаў паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Памёр пасля 1813 года.

«Успаміны» Залескага, напісаныя даволі цяжкай і манатоннай мовай, складаюцца з дзвюх частак. Першая — рэтраспектыўная; другая — дзённік, які вёўся ў апошнія гады жыцця. Якраз тут сустракаюцца найбольш суб’ектыўныя запісы, у якіх аўтар, азіраючыся назад, даволі песімістычна асэнсоўвае ўвесь свой жыццёвы шлях: «Шчасце, пра якое так даўно і часта чую паўторы, ніколі не было для мяне вядома. Мне не трэба ні тужыць па ім, ні цешыцца дасягнутым, ні шкадаваць аб страчаным. Шчасцем лічыў я ўдзел у грамадскіх справах і дружбу. Да іх імкнуўся...» (Залескі, 363—364).

Залескі крытычна ставіўся да самога сябе. Яго запісы сведчаць аб унутранай барацьбе, імкненні да духоўнай гармоніі: «Год 64 веку майго збліжаецца да канца. Дасканаласць мая яшчэ далёка ад мяне; трэба над сабой рабіць прымус, каб пазбегнуць недахопаў. Чаму ж перамога над сабой не даецца з лёгкасцю? Але як жа можна заслужыць нешта, калі не пераадольваць цяжкасці?» (Залескі, 319). У гэтых радках ужо, безумоўна, ёсць самааналіз (хаця і далёкі ад бязлітаснага самааналізу Талстога), ёсць спроба ацаніць сваю асабістую вартасць.

Своеасаблівае спалучэнне аб’ектыўнага і суб’ектыўнага пачаткаў характэрна для «Запіскі...» правіцеля Полацкага намесніцтва Аляксандра Луніна, знойдзенай мною ў аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У. І. Леніна1. Першапачаткова гэты твор быў задуманы як збор розных інструкцый для слуг (напрыклад, колькі і якога віна ім падаваць да стала, хто павінен адказваць за яго запасы, за талеркі ў буфеце, за свечкі, карты і г. д.). Але паступова аўтар усё больш і больш расказваў пра сябе, паглыбляўся ў свае перажыванні.

Аляксандр Міхайлавіч Лунін (1745—1816) быў ураджэнцам Пецярбурга, але доўгі час пражыў у Беларусі, з 1785 года ўзначальваў Полацкае намесніцтва. Чалавек ён быў, мяркуючы па ўсяму, сумленны, сціплы, беражлівы (рэшткі віна загадваў зліваць у паўбутэлькі, агаркі свечак аддаваць у пераплаўку або «ў заднія пакоі»), 15 красавіка 1792 года Лунін пакідаў Полацк «у крайняй нястачы», з валасамі, пасівелымі ад «сардэчнай уражлівасці».

Трохтомная «Запіска...» Луніна, распачатая ў Полацку ў 1790 годзе, нібы напісана двума рознымі аўтарамі. Адзін — строгі, суровы гаспадар, правіцель, здольны аддаваць толькі распараджэнні. Другі — звычайны чалавек, сентыментальны, няшчасны, абыдзены пецярбургскімі саноўнікамі. Гэты другі Лунін радаваўся нараджэнню дзяцей, павучаў іх («мілыя дзеці, бярыце прыклад з мяне»), пакутаваў, калі яны хварэлі і паміралі («плакаў я, нібы дзіця»). Як і Залескаму, Луніну было вядома, што такое ўнутраная барацьба. Вось у Віцебск прыязджае ўсёмагутны фаварыт Кацярыны ІІ князь Пацёмкін. Ілюмінацыя, баль за кошт горада... Усе весяляцца, а Луніна мучае сумненне: папрасіць аб адстаўцы ці не папрасіць? І за гэтай вонкавай дылемай стаіць больш глыбокае і істотнае: патрэбны ён «у тутэйшым месцы» (г. зн. у Беларусі) ці не патрэбны? Сумленне падказала: пакуль што патрэбны. Таму Пацёмкіну прашэнне так і не было ўручана.

У рукапіснай лунінскай «Запісцы...» ёсць сляды нейкай сямейнай трагедыі. Полацкага правіцеля нешта глыбока трывожыла (свая здрада? здрада жонкі?). На чатырнаццаці старонках рукапісу ён выклаў сваю пазіцыю, потым выразаў іх, што было акуратна агаворана («выразаны лісты: ёсць мною самім»). Зрэшты, завяршэнне «споведзі» ў рукапісе засталося. Гучыць яно так: «У заключэнне яшчэ раз прашу і, так сказаць, сілаю майго да цябе кахання заклінаю тлумачэнне гэта чытаць без прыкрасці, смутку, слёз і з такім духам увагі, нібы ты была пасрэдніцай» (Лунін, 84). Далей аўтар палічыў патрэбным растлумачыць дзецям, чым было выклікана пасланне да іх маці: «Жывучы ў грамадстве і жадаючы быць у павазе, мы павінны прыстасоўвацца да нораваў, характэрных для нашага кола. Сям’я будзе шчаслівая і ў згодзе, калі жонка будзе прыстасоўвацца да нораву мужа», а муж з-за любві і павагі стане ёй дагаджаць. Тлумачэнне завяршаецца парадай: «Не падвяргайце сябе такой маўклівай пакуце, якая давяла мяне да найвялікшай сардэчнай цяжкасці» (Лунін, 86).

Чатырнаццаць лістоў, выразаных з рукапісу, былі пасланы ў Маскву, наўздагон жонцы. Лунін з нецярплівасцю чакаў адказу. І вось у Полацк адначасова прыйшлі дзве добрыя весткі. З поўдня паведамлялі, што падпісаны мір з туркамі («спыненне вайны ёсць, вядома, прычына для сапраўднага ўзрадавання ўсіх увогуле»). Атрымаўшы ж адказ жонкі, Лунін запісаў: «Прыемна яе жаданне ўзгадніцца са мною». Цяпер ён абяцае весці сябе ў сямейным жыцці так, як вопытны капітан карабля, што «пры супрацьлеглым ветры паварочвае свой карабель з вялікай асцярожнасцю і назіральнасцю, каб не папсаваць снасці» (Лунін, 88). Неўзабаве з Масквы прыйшла яшчэ адна вестка: нарадзілася дачка Алёна...

Мы, відаць, ніколі не даведаемся пра сутнасць сямейнага канфлікту Луніных. Ды сёння гэта і не істотна. Куды важней, што асабістая драма знайшла такое своеасаблівае адлюстраванне ў дзённіку (у XVII стагоддзі гэта было немагчыма), што яна выклікала філасофскі роздум аўтара аб сэнсе быцця. Вядома, разважае Лунін, чалавечыя жаданні неабмежаваныя, а жыццё кароткае. Але трэба жыць сумленна. Думкі аб смерці не павінны «абцяжарваць» настолькі, каб з-за іх забываць аб паўсядзённых справах. Не трэба слухаць філосафаў-эгаістаў: ад іх свяцільнік розуму «не асвятляецца, а гасіцца». І не варта гнацца за чынамі. «Сапраўднае шчасце — не ў іх, а ў душэўным спакоі, які вынікае з добрых спраў, сумленных паводзін і дбайнага выканання ўскладзеных абавязкаў» (Лунін, 113 адв.).

Перадаючы справы свайму пераемніку, генерал-маёру Няклюдаву, Лунін меў права з годнасцю запісаць: так, пасля сямі гадоў і двух месяцаў службы ў Полацку яго вызваляюць без пенсіёну; так, ён грэшны перад Богам. Але перад «законам чалавечым», здаецца, не зграшыў. Як правіцель і як член Вольнага эканамічнага таварыства ён зрабіў многа карыснага для беларускага краю. Пераклаў з польскай на рускую мову кнігу пра абпальванне цэглы, выдадзеную ў тым жа Полацку, і сам зрабіў мадэль гэтай печы. І, галоўнае, мог заявіць: «Я не поўзаў дзеля моцнага заступніцтва!»

Чытаючы «Запіску...» Луніна, адчуваеш, што яе аўтар быў асобай, чалавекам Новага часу.

 

1 Лунин А. М. Записка своим обстоятельствам и примечаниям для себя и детей моих. Аддзел рукап. Дзярж. б-кі СССР імя У. І. Леніна, ф. 153, адз. зах. 919, а, б, в. У далейшым спасылкі ў тэксце (Лунін, ліст).

Праявы «эратызму»

Калі чытаеш мемуары XVIII стагоддзя, узнікае ўражанне, што дзверы ў свет асабістага, інтымнага прыадчыняліся тады часам занадта шырока. Не спадзеючыся, што калі-небудзь іх творы зацікавяць пабочнага чытача, з’явяцца ў друку, асобныя аўтары ў сваёй шчырасці даходзілі да таго, што складала «табу» і ў пазнейшыя, больш «сапсаваныя» часы.

Уявіце сабе такую парадаксальную сітуацыю. 1714 год. У краіне пануе рэлігійны фанатызм. Езуіты павучаюць, што ўсё плоцевае ёсць грахоўнае, ідзе ад д’ябла. А дакладна невядомы нам шляхціц з Ашмяншчыны (Сайкоўскі мяркуе, што ім мог быць Ян Бяганскі), едучы разам з суддзёй Ашмянскага павета Кшыштафам Камінскім у Варшаву на сустрэчу з каралём, уздыхае па «дзяўчынцы», будучы бацькам дарослай дачкі. Імкнецца выклікаць на пастоях, у сне вобраз сваёй каханай. З’явіцца яна ў галюцынацыі, атрымае ён ад яе «доказы афектаў» — тады прыходзіць супакаенне. Не з’явіцца — тады падарожнік будзіцца, пакутуе, усю ноч чытае кніжкі або піша лісты. Заносіць у дыярыуш «мукі свайго сэрца», найбольш яркія сны. Вось шляхціц прыбыў у Гродна, спыніўся ва ўласным доміку. «Сам я доўга хадзіў пры сяброўскім святле, у глыбокім роздуме, што ж на сэрцы дзеецца, і лёгка прыйшоў да вываду, што гэта для чалавека цяжкая справа: кахаць і быць далёка. Паслаў сігнал прадмету маіх уздыханняў, каб яна дала дабранач майму сэрцу, і сам таксама ўклаўся спаць»1. На наступны дзень аўтар «смачна заснуў не без асаблівай схільнасці, калі ў сне бачыў партрэт свайго кахання»2.

Паступова экзальтацыя ўзмацняецца, ператвараецца ў нешта паталагічнае. Рэальнае пераплятаецца з падсвядомым. Аўтар ужо не ў стане адрозніць, дзе канчаецца рэчаіснасць і пачынаецца сон. Трызненне для яго даражэй за яву. Любоўныя пакуты ўводзяць шляхціца ў роспач: «Пасля абеду такая са мной здарылася дэпрэсія сэрца з незвычайнай нейкай меланхоліяй, што я сам пра сябе не ведаў бо наступіла нешта накшталт адчаю; падумаў я ўрэшце, што гэта не чыё іншае, а маё сэрца пакутуе праз сімпатыю да майго кахання. Прынеслі мне мёду — не змог больш трох шклянак выпіць»3. Далей — яшчэ горш: «Пасля няшчаснага дня (бо ў мяне чацвер няшчасны) не менш і ноч была непрыязная, бо меў я сон вельмі цяжкі і дрэнны і свайго кахання ўсю ноч... не бачыў».

I далей — па-беларуску: «Ох, невяліка напасць, спатанькі не дасць4». Шляхціц і днём і ноччу трызніў аб прадмеце свайго кахання. Усё ж астатняе яго не хвалявала.

«Дыярыуш» ашмянскага летуценніка — з’ява своеасаблівая ў мемуарыстыцы XVIII стагоддзя. Аб’ектыўны свет у ім нібы не існуе, усё зведзена да суб’ектыўных, глыбока інтымных, нават хваравітых пачуццяў.

Куды з меншай экзальтацыяй, разважліва, а часам нават і вульгарна ставіўся да аб’екта сваіх пачуццяў князь Міхал Радзівіл па мянушцы Рыбанька. У адрозненне ад ашмянскага шляхціца ён не быў адналюбам, лёгка перабіраў шматлікіх прэтэндэнтак у гаспадыні нясвіжскага замка. У 1725 годзе яму хтосьці расказаў пра дачку кракаўскага ваяводы Францішку Урсулу Вісьнявецкую (дарэчы, будучую пісьменніцу, аўтара шматлікіх польскіх п’ес, пастаўленых у Нясвіжы). Наперакор волі істэрычнай і дэспатычнай маці Рыбанька адправіўся ў ваяж, каб недзе на Палессі пабачыць сваю завочную выбранніцу. Першае ўражанне ад сустрэчы было не асаблівае. За вячэрай Радзівіл крытычна агледзеў маладую Вісьнявецкую і са скепсісам запісаў у дзённіку: «Стол незвычайна вялікі, і хаця свечак была моц, я і там прыгледзецца не мог, князёўну пасадзілі на адным канцы стала, а мяне на другім — што мог праз свечкі пабачыць, то мне твар прыгожым здаўся, але вочы косыя. Па вячэры мы заселі каля ложка ў пакоі князёўны, там досыць цёмна было. Князёўна мала гаварыла, толькі другія дамы. У гэты вечар я зусім не меў выпадку пабачыць яе твар, адчуць яе розум. Мы пайшлі на начлег, і я ўсю ноч не спаў, шкадуючы, што сюды прыбыў»5.

Потым гісторыкі сцвердзяць, што хітрая князёўна пасадзіла ў той вечар за сталом замест сябе сваю непрыгожую сяброўку — каб мацней і прыемней было ўражанне на заўтра ад непасрэднай сустрэчы... Раніцай пачуцці князя сапраўды рэзка змяніліся. Хтосьці з прыдворных параіў Рыбаньку адведаць дзяўчыну ў яе спальні. Зайшоўшы, ён пабачыў (сцэна, мусіць, была загадзя падрыхтавана), як яна кленчыць каля ложка і моліцца па французскай кніжцы. Узяўшы малітоўнік, Радзівіл адкрыў яго на «прарочай» фразе: «Завяршы тое, што пачаў, я дапамагу табе». І тут на змену абыякавасці раптоўна прыйшло каханне. У «Дыярыушы» пра гэта сказана так: «Я руку пацалаваў і з гэтага моманту кахаць страшэнна пачаў. Розныя гаворкі вялі мы з сабой. Пайшлі на абед, я не дужа еў, толькі сыціўся мілай асобай князёўны... Пасля абеду танец пачаўся. Мы з князёўнай нямнога танцавалі, толькі седзячы з сабой гаварылі, пасля вячэры зноў танцавалі. Усё больш унутры пашыралася сімпатыя да князёўны. Адным словам, з поўным задавальненнем пайшоў я на месца начлегу і прызнаў, што калі боская воля чым дырыжыруе, то ад яе выкруціцца нельга. Учарашнюю ноч я не спаў ад клопатаў, сёння ж ад задавальнення не ведаю, ці спаць буду»6.

Праз два дні адбыліся заручыны. Рыбанька не прамінуў адзначыць такі дужа асабісты факт: «Пасля абеду ўжо з большай фамільярнасцю даў я свой пярсцёнак князёўне, а яе зняў з пальца і ўчыніў ёй першы гвалт, бо пацалаваў яе ў куце ля акна, мяняючы пярсцёнкі»7.

А яшчэ праз некалькі месяцаў Радзівіл справіў пышнае вяселле. Цырымоніі і балі працягваліся некалькі дзён. Але ў вясельным тлуме Рыбанька не забываў пра дыярыуш. У сваіх запісах быў шчыры — аж да цынізму. 22 красавіка: «Была вельмі вялікая вячэра, пасля якой танцавалі цырыманіяльныя танцы. Быў прыгожы феерверк. Ледзь не днём пайшлі класціся; паколькі я ніякай жанчыны на сумленні не ведаў і жонка чыстая і нявінная была, то так жа ўсталі, як і паклаліся». 23 красавіка: «З той жа пышнасцю прайшоў увесь дзень. Ужо я стараўся раней пайсці спаць. Тут адразу ж пазбавіў дзявоцтва і адразу ж падзякаваў Богу, што мне чыстую даў дзяўчыну, якую хай Бог ахоўвае, каб мяне пахавала». 24 красавіка: «Цешыліся ўсёй кампаніяй». 25 красавіка: «Княгіня еймасць маці мая з усімі сваякамі выехала ў Алыку, запрасіўшы ўсіх на пераносіны, а я сабе з цудоўным целкам гуляў»8.

 

1 Sajkowski Alojzy. Nad staropolskimi pamiętnikami. s. 97. Рукапіс дыярыуша захоўваецца ў б-цы імя Рачынскіх у Познані (рукап. № 108).

2 Там жа.

3 Там жа. С. 98.

4 Там жа. С. 147.

5 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. Poznań, 1965. s. 146.

6 Там жа. С. 147.

7 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. s. 148.

8 Там жа. с. 149.

Аўтарская матывіроўка

Як бачым, у XVIII стагоддзі мемуарыстыка Беларусі істотна ўзбагацілася ў жанравых адносінах, пашырыла свае тэматычныя межы. Узмацнілася ўнутраная патрэбнасць фіксаваць свае ўражанні, што ўскосна сведчыла аб веданні літаратуры (у чалавека, зусім незнаёмага з мастацкай творчасцю, не з’явіцца жаданне весці дзённік). Аб’ектыўны свет ужо адлюстроўваўся праз суб’ектыўнае ўспрыняцце. Мемуарысты не саромеліся расказваць нават пра самыя асабістыя, інтымныя справы. Усё большая ўвага ўдзялялася мастацкай форме, стылю, мове. Сціраліся межы «дакументальнай прозы» з прозай мастацкай.

У мемуарыстаў XVIII стагоддзя ўзрасло пачуццё адказнасці за сваю справу, усведамленне яе грамадскай важнасці. У XVII стагоддзі дыярыушы прызначаліся для сябе (прыгадаем у С. Маскевіча: «Сам сабе гуду, сам вясёлы буду»), для дзяцей і ўнукаў, у крайнім выпадку — для абароны свайго шляхецкага гонару (успомнім тлумачэнні К. Абуховіча, чыя «здрада» выклікала вядомы «Ліст да Абуховіча»). Па традыцыі ў XVIII стагоддзі ўспаміны таксама яшчэ часта адрасаваліся сваякам, нашчадкам. Асабліва гэта падкрэсліваецца ў Залескага: «Бяру гэту паперу ў тую самую пару, калі мяне цяжкія слабасці перасцерагаюць, каб я пакінуў сям’і сваё апошняе пісанне, якое пасля мяне зможа растлумачыць стан сямейных спраў, што будуць пасля мяне абцяжарваць удаву і яе сірот» (Залескі, І). І далей: «Задума мая заключаецца ў тым, каб пакінуць дзецям мой жыццяпіс, каб, разважаючы на яго прыкладзе, якія былі заганы або недахопы ў цнатлівасці іх бацькі, умелі яны пазбегнуць недахопаў і ўзняць узровень дабрачыннасці» (Залескі, 29). Прыкладна такімі ж матывамі тлумачылі з’яўленне сваіх дзённікаў і ўспамінаў М. Матушэвіч, А. Лунін, С. Букар і іншыя сучаснікі Залескага. Але ў іх матывіроўках адчуваецца і пэўная поза: маўляў, я сціпла лічу, што мае мемуары патрэбны толькі дзецям, а вось вы, прачытаўшы, не пагадзіцеся са мной, выдайце...

На самай справе і Матушэвіч, і Залескі, і Лунін добра ўсведамлялі грамадскае значэнне сваіх запісаў, аб чым сведчыць тая ж «аўтацэнзура». З сярэдзіны XVIII стагоддзя, ад «Рэха» С. Пільштыновай, мемуары ўсё часцей пісаліся з думкай аб публікацыі. Як да літаратурных твораў ставіліся да сваіх успамінаў польскія пісьменнікі, што нарадзіліся або жылі ў Беларусі ў канцы XVIII стагоддзя (Ю. Нямцэвіч, Ф. Карпінскі, І. Быкоўскі). Характэрна, што ў рускіх аўтараў, якія пісалі пра Беларусь у канцы таго ж стагоддзя (Г. Дабрынін, Л. Энгельгарт, В. Марчанка, Ф. Лубяноўскі, С. Тучкоў і інш.), ужо амаль няма традыцыйных зваротаў да дзяцей і ўнукаў. Мемуарыстаў у першую чаргу турбуе і хвалюе чытач. І гэта ўжо родніць іх з мемуарыстамі наступнага, XIX стагоддзя.

 

А так змяняўся чалавек

Эвалюцыя мемуарыстыкі, яе суб’ектывізацыя і белетрызацыя, была ў першую чаргу выклікана тымі зменамі, якія адбываліся ў тагачасным чалавеку. З чалавека сярэднявечнага ён паступова ператвараўся ў чалавека Новага часу. Ідэі контррэфармацыі ў яго свядомасці ўступалі месца ідэям Асветніцтва. Як мы пераканаемся далей, на мысленне, паводзіны, пачуцці жыхара Беларусі XVIII стагоддзя істотна ўплывалі таксама літаратурна-мастацкія густы: барочныя, класіцысцкія і сентыменталісцкія.

Дык якім жа быў ён, чалавек XVIII стагоддзя? Якім паўстае ён перад намі ў люстэрку славянскай мемуарыстыкі?

Адразу ж трэба агаварыцца, што, адказваючы на гэтыя пытанні, мы вымушаны абмежаваць гаворку толькі дваранскім саслоўем, шляхтай. Сяляне і нават мяшчане ў тагачаснай мемуарыстыцы з’яўляюцца эпізадычна, пераважна ў сувязі са шляхтай. Іх «час» прыйдзе ў XIX стагоддзі.

Рэканструючы па помніках мемуарыстыкі стэрэатып чалавека XVIII стагоддзя, у першую чаргу адчуваеш яго ўнутраную супярэчлівасць, раздвоенасць. У адным і тым жа пакаленні, у адной і той жа асобе (яскравы прыклад тут Матушэвіч) ужываліся дыяметральна супрацьлеглыя рысы. Ад Сярэднявечча, контррэфармацыі ішлі рэлігійны фанатызм, забабоннасць, жорсткасць, прыніжанасць і, як гэта на першы погляд ні парадаксальна, разбэшчанасць, распуснасць; ад Асветніцтва — грамадзянскасць, рэлігійны скептыцызм, рацыяналізм, культ розуму. Чым бліжэй да канца стагоддзя, тым менш у характары чалавека старога, ідэалістычнага, кансерватыўнага, «масавага» і тым болей новага — матэрыялістычнага, свецкага, «індывідуальнага».

Спачатку спынімся на старым.

 

Рэлігійны фанатызм

У «езуіцкія часы» нават вонкавы выгляд Беларусі сведчыў, што яе жыхары былі людзі рэлігійныя, набожныя. У кожным горадзе ўзвышалася па некалькі касцёлаў, цэркваў, сінагог, кляштараў, у кожным мястэчку — парафіяльны храм, у маёнтках — капліцы са сваімі капеланамі, на могільніках, на скрыжаваннях дарог — статуі, крыжы. Гарады насяляліся набожнымі дэвоткамі, лясы — пустэльнікамі. Па дарогах вандравалі ў пошуках душ манахі-місіянеры: езуіты, піяры, марыявіты.

Ездзілі, збіраючы ахвяраванні, квестары ордэна бернардзінцаў. Вонкавая, сляпая набожнасць («Вер, не капайся!») ахапіла ўсе слаі, істотна ўплывала на быт, на норавы. Калі ў часы Сярэднявечча ідэалам быў рыцар, у часы Рэнесансу — вучоны, то цяпер — фанатык, кананізаваны Рымам блажэнны або святы.

Асаблівай пампезнасцю вызначаліся ў XVIII стагоддзі касцёлы. У адпаведнасці з эстэтыкай барока яны пышна ўпрыгожваліся звонку і ўнутры. Архітэктура, жывапіс, скульптура, музыка, спеў — усё было накіравана на тое, каб уразіць зрок і слых чалавека, уздзейнічаць на яго эмоцыі. Эфектныя набажэнствы нагадвалі тэатральныя прадстаўленні. Вакол касцёла ішлі шматлюдныя працэсіі. Фігуркі ў батлейцы імітавалі пастухоў, якія прынеслі падарункі нованароджанаму Хрысту. У кароне з саломы вадзілі па касцёле грэшнікаў (дзяўчат — разам з «плодам грахоўнай любві»). А злодзеяў закоўвалі каля дзвярэй у «куніцу» разам з украдзенымі імі мяшкамі збожжа або кавалкамі сыру. Ну як не прыйсці і не паглядзець на такое відовішча. А заадно — і не паказаць сябе, свае ўборы!

Многія тагачасныя касцёлы і цэрквы (Жыровічы, Мінск, Слуцк, Свержань) славіліся сваімі цудатворнымі абразамі, знойдзенымі пры загадкавых акалічнасцях на дрэве або ў зямлі. Вакол іх вешаліся «воты» — адлітыя ў серабры часткі цела, якія нібы былі вылечаны мясцовым «патронам». Кожная парафія імкнулася займець сабе «аўтарытэтнага» заступніка ў нябёсах, а то і ўласнага святога (Іясафат Кунцэвіч у Віцебску, Андрэй Баболя ў Пінску).

Тагачасная шляхта малілася часта, доўга, старанна і апантана. Знаёмы нам ужо Матушэвіч «не раз уставаў ноччу, укленчыўшы, біў сябе дысцыплінай, пацеры раніцай і ўвечары заўсёды доўга і набожна гаварыў» (Матушэвіч, ІІ, 24). Даведаўшыся аб смерці свайго брата, ён адразу ж адправіўся ў касцёл езуітаў і два дні там плакаў. На велікоднае свята, расказвае Завіша, «ад вялікага чацвярга аж да нядзелі праводзіў я на набажэнстве; Пану Богу на чэсць і на хвалу кленчылі мы па пары аж да заранкі каля гроба пана бога» (Завіша, 66).

Молячыся, найбольш фанатычныя католікі даходзілі да лютасці, у экстазе прычынялі сабе боль — біліся галовамі аб сцены і падлогу, абменьваліся аплявухамі, гасілі аб сваё цела агаркі свечак, «бічаваліся» крапівой. Брэсцкі кашталян Абрамовіч, замольваючы перад смерцю грахі, так моцна біў сябе ў грудзі, што на іх ажно засталіся знакі ад сыгнета (пярсцёнка з пячаткай — аўт.), які быў на пальцы» (Матушэвіч, IV, 94). У касцёлах набожныя людзі (у тым ліку жанчыны) секлі сябе рамянямі, да канца якіх былі прымацаваны — для рвання цела — металічныя зорачкі. Кроў пры гэтым пырскала на тых, хто знаходзіўся побач — кленчыў або сядзеў у лаўках. Польскі пісьменнік Ю. Нямцэвіч так згадвае гэта публічнае варварства:

«У страсную пятніцу мы ехалі ў Брэст, да ксяндзоў езуітаў на пасію (перадвелікоднае набажэнства — аўт.). Уваходзіла ў касцёл брацтва бічавальнікаў, апранутых з ног да галавы ў белыя палатняныя балахоны з каптурамі, у якіх былі выразаны толькі шчыліны на вочы. Да брацтва таго належалі першыя грамадзяне ваяводства. На чале брацтва быў старэйшына з палкай у руцэ; пасля пададзенага ім знаку пакутнікі адкрывалі свае голыя плечы і хвасталі сябе дысцыплінамі, некаторыя так жорстка, што кроў цякла па плячах. Паўторны стук палкі абазначаў, што пара перастаць. Паўтаралася гэта пяць разоў — у памяць пяці ран Хрыста»1. Паны прымушалі дысцыплінавацца сваіх слуг. Вось што піша Г. Жавускі пра навагрудскага падкаморыя Рэйтана: «Бывае, кожны месяц запрашае манахаў у Грошаўку, каб з імі спраўляць гавенне, і тады дысцыплінай хвошчацца так, нібы які злачынца, не толькі ён, але і ўся чэлядзь. «Мой хлеб ясцё, — кажа, — дык пакутуйце разам са мной». Жах ва ўсім двары, калі пакажацца які дамініканец або езуіт!» (Жавускі, 203).

У XVIII стагоддзі пануючай рэлігіяй у Беларусі з’яўляўся каталіцызм. Усе іншыя веравызнанні прыцясняліся. Знікала талеранцыя, характэрная для часоў Рэнесансу. Прыгадваючы Беларусь сярэдзіны XVIII стагоддзя, С. Маймон сцвярджаў, што, відаць, няма на свеце іншага краю, у якім «рэлігійная свабода і рэлігійная нянавісць спалучаліся б у такой аднолькавай ступені»2.

 

1 Niemcewicz Julian Ursyn. Pamiętniki czasów moich. Lipsk, 1868. t.I. s. 20. У далейшым спасылкі ў тэксце (Нямцэвіч, том, старонка).

2 Majmon Salomon. Autobiografia. Warszawa, 1913. t. І. s. 3. У далей­шым спасылкі ў тэксце (Маймон, том, старонка).

Забабоннасць

Рэлігійны фанатызм у тыя часы добра ўжываўся з забабоннасцю. Артадаксальнае духавенства мірылася ледзь не з язычаскай верай у розныя звышнагуральныя сілы і цуды. Тагачасны чалавек не мог матэрыялістычна вытлумачыць многія з’явы прыроды. Яму здавалася, што акаляючы яго свет алагічны, парадаксальны, незразумелы, падпарадкаваны добрым і злым духам. Кожная драбніца знаходзіла ідэалістычнае тлумачэнне.

Звышнатуральнае знаходзілі ўсюды — на небе, на зямлі, пад зямлёй.

«Сярэдні» чалавек XVIII стагоддзя слепа верыў, што нябесныя з’явы прама або ўскосна ўплываюць на прыроду. Асаблівы жах выклікалі розныя адхіленні ад «нормы» — нараджэнні монстраў, «пошасці», зацьменні сонца і месяца, каметы, аптычныя падманы. У 1721 годзе Завіша з трывогай пісаў аб трох сонцах і слупах на небе, якія «гучна змагаліся паміж сабой» (Завіша, 359). У 1744 годзе на небе з’явілася раздвоенае сонца і камета з доўгім хвастом. Усё гэта не магло не адбіцца на зямных справах. «З таго часу, — сцвярджаў Матушэвіч, — і да сённяшняга дня гіне жывёла, ды настолькі, што за апошняе дзесяцігоддзе зараза няспынна ўзнаўляецца, падзёж жывёлы паўтараецца на адным месцы па некалькі разоў» (Матушэвіч, І, 148). «Пошасці», заразныя хваробы тады літаральна тэрарызавалі насельніцтва, бо чалавек не мог іх вытлумачыць, лічыў праяўленнем «кары боскай».

Па нябесных знаках астролагі тады прадвызначалі будучыню, прадракалі лёс нованароджанаму дзіцяці. Шырме здалося вельмі істотным, што адзін яго сын нарадзіўся «пад знакам Цяльца, пад усімі чырвонымі аспектамі», другі ж — «пад Казярогам».

Забабонны чалавек страшэнна баяўся буры, маланкі, перуна. Яны здаваліся яму выражэннем, носьбітам нябеснай волі, якую трэба было задобрыць. Калі пачыналася бура, малых дзяцей выпраўлялі пад дождж, і яны, ходзячы вакол дома і звонячы «ларатанскім званочкам», адганялі перуны (Нямцэвіч, І, 4).

Часам вера ў звышнатуральную сілу маланкі даходзіла да кур’ёзаў, параджала анекдатычныя сітуацыі. Нехта аднойчы расказаў Каролю Радзівілу, што ў Варшаве з’явілася машына, якая «без ніякага паліва — дастаткова толькі яе пакруціць — сыпала іскры вельмі магутныя і нібы нават той самай прыроды, што маланкі і перуны». Князю не хацелася адставаць ад сталіцы. Неўзабаве такую ж «электрыку» прывезлі з Парыжа ў Нясвіж. Мясцовы выкладчык Рэкварт запрасіў публіку на «эксперыменты». Усе дзівіліся тымі «асаблівымі штукамі, іншыя нават хрысціліся ў сакрэце. Была там і нейкая табурэтка са шклянымі нагамі, на якую сядалі найбольш адважныя асобы, а калі да іх хто дакранаўся, іскры з іх сыпаліся — з рук, з ног і нават з твару» (Крашэўскі, І, 165). Потым прынеслі звязанага бычка і пусцілі яму «адну іскру ў лоб ці ў нос, ад чаго ён на месцы загінуў». «Белагаловыя» (жанчыны) тут паднялі крык. «А калі зарадзілі вялікую, з бутэлькамі батарэю, ляцелі з яе ламанымі зігзагамі струмені агню, нібы сапраўдныя перуны, аж тут раптам... сапраўды пачало грымець і на буру збірацца. Тады ўсе з страху кінуліся прэч ад той машыны і вокны пазамыкалі, бо і віхор узарваўся. Спалохаўся крыху нават і сам князь, таму хуценька паклікалі службу, і ваявода загадаў усе гэтыя прыборы імгненна вынесці і паставіць у падвале» (Крашэўскі, І, 166—167).

Самае анекдатычнае было, аднак, не ў гэтым выпадковым супадзенні доследаў і буры, а ў тым, што ініцыятар гэтых доследаў К. Радзівіл усур’ёз палічыў сябе адказным за нечаканыя «вынікі». Якраз у той жа дзень пярун ударыў у дом шляхціца Міхала Даманскага. І не ў Нясвіжы, а за сотню кіламетраў, пад Слуцкам.

Радзівіл лёгка згадзіўся, што толькі ён вінаваты ў тым пажары, і даў грошы на адбудову дома.

Аднак вернемся да звышнатуральных сіл. Яны насялялі не толькі нябёсы, але і падземныя нетры. Недзе там, у прадонні, мясціліся вогненная геена пекла, больш памяркоўны чысцец. У адрозненне ад нябесных сіл, увогуле спрыяльных чалавеку, асабліва бязгрэшнаму, прадонне запаўнялі варожыя, злыя духі — розныя чэрці, д’яблы, дэманы, шатаны, нячысцікі і ім падобныя. Па паходжанні гэта былі анёлы, скінутыя за грахі ў пекла. Часта яны паказваліся і на паверхні зямлі. Увогуле іх няцяжка было распазнаць: насілі яны нямецкае адзенне, смярдзелі серай, не мелі дзірак у носе... На зямлі чэрці шкодзілі людзям, куплялі ў іх за золата душы і нават усяляліся ў грэшнікаў (асабліва жаночага полу) або ў мёртвыя прадметы. Адтуль іх маглі выгнаць толькі спецыяльныя духоўнікі — экзарцысты. Даверліваму Міхалу Радзівілу аднойчы нават паказалі такога нячысціка ў ... звычайнай пляшцы. Нясвіжскі магнат запісаў у сваім дыярыушы, што гэта, маўляў, «святы экзарцыст закляў д’ябла і загадаў яму ператварыцца ў муху — і дагэтуль ён сядзіць у такім выглядзе»1. Часам экзарцысты, выганяючы д’яблаў, даводзілі людзей да смерці. Так, у 1712 годзе ў Барунах на Ашмяншчыне памёр, «апантаны пякельнай сілай», Кароль Хадкевіч (Завіша, 301).

 

З падземнага прадоння прыходзілі да людзей па начах розныя здані, прывіды, крывасмокі. Звычайна яны прасілі жывых маліцца за іх грэшныя душы, не шкадаваць ахвяраванняў на касцёлы і цэрквы. Увогуле ад нябожчыкаў нельга было чакаць нічога добрага. Пры пахаванні палкоўніка Залатарэнкі, які загінуў пад Шкловам, «труп пачаў рухацца, узнімацца, стагнаць і палохаць. Падняў з труны рукі, па якіх пачала цячы кроў, і крычаў: “Уцякайце!”» Паводле іншых запісаў, каля трупа таго ж нябожчыка дзеяліся яшчэ больш страшныя рэчы: «Агонь, як слуп, з алтара ўзняўшыся, ахапіў усіх, хто быў на набажэнстве, і папаліў, а царква з трупам згарэла»2.

Для таго каб крывасмокі не вылазілі па начах з магіл, існаваў цэлы набор сярэдневяковых сродкаў, часта проста агідных. Гэтыя сродкі выклікалі гнеўнае асуджэнне асветнікаў. Дадзім слова ўраджэнцу Віцебшчыны Яну Багамольцу, брату вядомага польскага драматурга Францішка Багамольца: «Не магу ўстрымацца ад гневу, калі чую, якія сродкі прыпісваюць супраць прывідаў! Першы: свінячы кал у вусны трупа ўкласці. Другі: цела адкапаць, галаву рыдлёўкай адсеч і паміж нагамі пакласці, сэрца вырваць або калом прабіць ці ўсё цела цалкам убіць на кол або спаліць. Трэці: кроў уяўнага прывіда з напіткам якім змяшаць і выпіць... Чацвёрты: цела ўніз тварам пакласці, а рукі звязаць... Не шкадую мёртвых, бо яны нічога не адчуваюць, але жывых, бо яны павінны адчуваць непрыстойнасць».3

Нячыстыя сілы мелі на зямлі сваіх верных памагатых — чараўнікоў, чарнакніжнікаў, ведзьмаў, шарлатанаў. Нашы продкі верылі, што ведзьмы лётаюць на лапатах, мётлах або ў ступах, адбіраюць ад кароў малако, наклікаюць сваркі ў сям’і, а часам нават і смерць. Тых, каго падазравалі ў зносінах з пеклам, лавілі і мучылі. Ведзьмаў спачатку звязвалі і кідалі ў ваду. Калі выплыве (дзякуючы доўгай і шырокай сукенцы) — значыць, ведзьма, і таму яе трэба спаліць, калі ж пойдзе на дно і не выплыве — значыць, нявінная... Пасля «плаўлення» ведзьмам прывязвалі рукі да ног, саджалі ў бочку і перадавалі гарадскому суду. Суддзі звычайна бывалі няўмольныя: спаліць на плошчы або на крыжавых дарогах! Само сабой зразумела, што ў вядзьмарстве звычайна падазравалі прыгонных сялянак, вандроўных жабрачак. За чары ў тыя часы звычайна падавалі ў суд. Нехта Качаноўскі, напрыклад, ажаніўся з багатай шляхцянкай. Сваякі жонкі судзіліся з ім за тое, што ён, маўляў, падбіў сэрца жанчыны з дапамогай нячыстай сілы (Завіша, 211). Каб абясшкодзіць чары, клікалі на дапамагу духавенства. Шырма ўспамінае сляпога францішканца, які на Палессі падпальваў грамнічнай свечкай жыта, дзе ведзьмы пакінулі заломы4. Аднак часта здаровы розум браў верх над забабонамі. І тады мемуарысты пачыналі сумнявацца ў іх. «Я ледзь не памёр, — скардзіўся Завіша, — ці то з перапою, ці то мяне сурочылі».

Экзальтаваная Марта Радзівіл была цвёрда пераканана, што чыстыя і нячыстыя сілы могуць усяляцца ў амулеты, каштоўныя каменні, карэнні дрэў, зелле. У сваім дзённіку чарнаўчыцкая княгіня запісала: «Камень гіяцынт, калі яго насіць на шыі, адганяе найгоршае паветра, у менш знатных людзей выклікае пашану, у манархах — памыснасць у задуманых справах»5. Ад каўтуна рэкамендаваліся водныя лілеі, ад «вялікай хваробы» — камень смарагд. Мемуарыстка сцвярджала, што нават існуюць сродкі (з-за непрыстойнасці называць іх тут не будзем), каб «супакоіць раўнівага мужа і ўзбудзіць у жанчыне каханне». Княгіня Радзівіл слепа давярала Каліёстра, вядомаму тады ў Еўропе шарлатану, які нібы меў «эліксір жыцця» і «філасофскі камень» для ператварэння ўсіх металаў у золата.

У адрозненне ад звычайных смяротных людзей чараўнікам, вешчунам, якія мелі сувязь са звышнатуральнымі сіламі, было дадзена прадбачыць будучыню, чалавечы лёс. Хіраманты варажылі з рукі. Цыганкі падказвалі, дзе закапаны скарбы, загадвалі ў тым месцы забіць дзіця або хаця б зарэзаць курыцу (Матушэвічк, ІІ, 15). Людзі ўсюды вышуквалі добрыя або злыя знакі (прагностыкі), асабліва напярэдадні бітвы, зыход якой магло вяшчаць з’яўленне арла або гапубіцы. Прарочым здаўся Матушэвічу выпадак, калі перад яго каляскай «ястраб гнаўся за жаваранкам — хаця яго і страшылі, ён дагнаў ахвяру і схапіў» (Матушэвіч, IV, 241). Распаўсюджанай была вера ў нешчаслівыя (феральныя, крытычныя) дні. 13 і 19 кожнага месяца Завіша не пачынаў ніякай справы, бо нібы якраз у гэтыя дні людзі лёгка сварыліся. Па перакананні Шырмы, у феральны дзень не варта было ісці на паляванне.

Урэшце, быў яшчэ адзін шлях, каб спасцігнуць будучыню. Яна прыадкрывалася людзям у снах. Асабліва пераканана верыў у іх Матушэвіч. Пра адзін з яго «вешчых» сноў гаворка ўжо ішла ў папярэднім раздзеле. Тут жа можна прывесці яшчэ два красамоўныя прыклады такога перапляцення рэальнага і ірэальнага ў свядомасці мемуарыста. Неяк яму снілася, што ён «злавіў голуба — вельмі вялікага, вельмі белага, але вельмі худога», што потым дакладна «выснілася». Праз нейкі час у Матушэвіча нарадзіўся «сыночак вельмі мізэрны, ледзь да жывога падобны, чорны і жоўты» (Матушэвіч, ІІІ, 16). Праўда, дзіця выжыла, бо маці (зноў характэрнае спалучэнне матэрыялістычнага і містычнага) ахвяравала яго небу і адначасова, не дужа давяраючы ахвяры, стала «зашываць яго ў свіное сала».

Часам падсвядомае станавілася рэальнасцю ажно праз год. Вось адзін з характэрных запісаў таго ж Матушэвіча: «Сніўся мне мой бацька, даў ён мне невялікі скрутак папераў старых дакументаў і абразок св. Антона, намаляваны пяром на чвэрці вялікага аркуша. Даючы тыя дакументы, бацька сказаў: бяры гэтыя паперы, будуць табе патрэбны. Збыўся мне праз год той сон, бо калі пачаўся працэс, тады я шукаў дакументы, што сведчылі ў карысць нашай сям’і, і, шукаючы тыя паперы, знайшоў я абразок св. Антона, пяром намаляваны, такі ж, які мне ў сне даваў бацька» (Матушэвіч, ІІ, 32). Псіхолагі сёння, безумоўна, могуць вытлумачыць такія вешчыя сны (што трывожыла, было ў падсвядомасці, тое і трызнілася). Нас жа такое «прадбачанне» будучыні цікавіць як яшчэ адно сведчанне містычнасці і забабоннасці тагачаснай шляхты.

 

1 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki, s. 142.

2 Smoleński Władysław. Wiara... s. 37—38.

3 Bystroń Jan Stanisław. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. t. I. s. 292.

4 Smoleński Władysław. Wiara..., s. 37.

5 Bartoszewicz Kazimierz. Radziwiłłowie. S. 189

Амаральнасць

Што ж, можа тут сказаць чытач, паколькі ў XVIII стагоддзі людзі былі такія набожныя і забабонныя, то, відаць, і тагачаснае грамадства было вельмі маральным. Калі чалавека з усіх бакоў акаляюць звышнатуральныя сілы, калі яны сочаць за кожным яго крокам, узнагароджваюць нябесным шчасцем за дабрачыннасць і караюць пеклам за распусту, то вывад напрошваецца адзін: не грашы, будзь цнатлівы і сумленны...

Ды аказваецца, што той жа артадаксальнай рэлігійнай дактрынай лёгка было апраўдаць і амаральнасць. Бо для таго, каб выратаваць душу, трэба пакаяцца, а каб пакаяцца, трэба награшыць. Можна было забіць чалавека, а потым фундаваць касцёл ці царкву, адбыць паломніцтва ў Святую зямлю, Рым ці Кіеў — і зноў мець чыстае сумленне. Не трэба ніякіх унутраных пакут, самабічавання. Ідзі да споведзі — і твой грэх можа быць дараваны. Усё гэта на першы погляд здаецца даволі аптымістычным, бо нібы пазбаўляе ад чорнай роспачы, дае праменьчык надзеі, аднак адначасова і вызваляе ў чалавеку звера, апраўдвае яго бесчалавечнасць зручненькай формулай: не зграшыш — не пакаешся. Для багатых увогуле не існавала дылема: грашыць ці не.

Набожнасць і забабоннасць шляхты спалучаліся ў XVIII стагоддзі з амаральнасцю, разбэшчанасцю.

Сёння нам па недасведчанасці часам здаецца, што раней, «калісьці» людзі былі больш цнатлівыя і справядлівыя, вялі прыкладнае жыццё, не ведалі п’янства і распусты. Прынамсі, часта такія скаргі чуваць, калі гаворка заходзіць пра дзяцей...

А між тым мемуарыстыка сведчыць аб іншым.

«Пакланенне Вакху», напрыклад, набыло ў XVIII стагоддзі пачварныя памеры. Шляхта (і буйная, і сярэдняя, і дробная) праводзіла час у баляванні. Пілі вялізнымі «куляўкамі» — келіхамі без ножкі, якія нельга было паставіць, венгерскае, бургундскае і іспанскае віно, крыху меншым посудам — «гданскую» водку, хатнія «лікворы» (лікёры, настойкі), шкляніцамі — піва і бражку. Знаходзіліся аматары, якія за гадзіну жартам праглыналі цэлы «кош шампанскага віна».

Як відаць з успамінаў Матушэвіча, асабліва славіўся п’янымі оргіямі Нясвіж. Сам мемуарыст быў прыхільнікам Радзівілаў, належаў да іх «партыі» — і тым не менш здолеў узняцца над асабістымі сімпатыямі, паказаў сваіх «патронаў» без прыхарошвання. Сярод іх найбольш памяркоўны і цвярозы быў Рыбанька. Але і ён пры сустрэчы з польскім каралём Аўгустам ІІ ахмялеў так моцна, што «не мог уседзець на кані». Куды больш часта і змрочна піў яго сын Кароль — славуты Пане Каханку. У п’яным чадзе ён быў здольны на любое свавольства, любую непрыстойнасць і жорсткасць.

У Кароля Радзівіла непаўторна спалучаліся п’янства і рэлігійнасць. Ахмялеўшы, ён ішоў маліцца, працверазеўшы на набажэнстве, зноў сядаў піць. Зрэшты, лепш дадзім слова самому мемуарысту: «Князь ваявода віленскі меў звычай, што ніколі малой шклянкай і паволі не піў, але меў вялікую шклянку, большую, чым кварта: яе заўсёды поўную віна адным продыхам выпіваў; а калі некалькі такіх шкляніц выпіў, то быў п’яны. Тады яго сябры і памочнікі адны другіх абвінавачвалі, а калі адкуль паступалі грошы, то, згаварыўшыся разам, гэтыя сумы паміж сабой дзялілі, а на больш пільную патрэбу, каб аддаць даўгі, новыя даўгі князю заводзілі. Брэсцкі ж кашталян, ксёндз Кучэўскі і я амаль са слязьмі на гэта глядзелі. Аднак у час майго пяцітыднёвага прабывання ў Нягневічах (каля Навагрудка — аўт.) князь ваявода віленскі ўсяго некалькі разоў моцна напіваўся і, напіўшыся, не лётаў на кані у тым, што, будучы вельмі п’яны, ён ні разу шыю сабе не скруціў, быў асаблівы цуд божага наканавання; але напіўшыся, ішоў у капліцу, там тады гадзіны з дзве або болей спяваў гадзінкі, ружанец і іншыя набожныя песні,— пакуль не загарлапаніў і не працверазеў. Віно, аднак, увесь час везлі з Нясвіжа ў Нягневічы. Віно было добрае, але салодкае і ўзбоўтанае, бо амаль адразу ж пасля прывозу яго пускалі ў расход. Піва не было, толькі ваду пілі...»

На двары ў Радзівілаў пілі літаральна ўсе, нават жанчыны. «Тое віно, — працягвае мемуарыст, — мы толькі зверху співалі, бо далей было мутнае; рэшту гайдукі і іншае паспольства выпівала. Маршалак Швяйкоўскі заўсёды быў п’яны. У князёўны (Тэафілі) Радзівіл, гетманаўны вялікай літоўскай, сястры князя ваяводы віленскага, таксама былі асаблівыя выдаткі на віно. Афіцэры князя і іншыя пілі, а калі аднойчы князь ваявода віленскі паехаў на паляванне, а князёўне не хацелі даць віна, кажучы, што яго няма, князёўна ж даведалася, што ў шафе ёсць дзве бутэлькі віна, тады, прыйшоўшы з сякерай, сама шафу разбіла і з трыумфам віно панесла. Падстолі Пац таксама напіваўся і аднойчы, бегаючы п’яны на кані, дабраўся да князёўны і халерычна прасіў яе, каб абяцала за яго пайсці (замуж), такога ж абяцання не атрымаўшы, яе брыдка аблаяў і зноў паехаў, лётаў на кані і страляў, тады князёўна спалохалася, пачала вельмі плакаць і млець» (Матушэвіч, IV, 81).

У п’яным стане магнаты распачыналі небяспечныя жарты. «Хаця гэта не пры мне было,— цытуем далей Матушэвіча, — аднак мне Камарыха, нягневіцкая аканомка, расказвала, што князь ваявода з Пацам, падстолім, напіўшыся, жарты з яе строілі, што стралялі да яе, і як была яна ў салопе, так тую салопу па ёй некалькі разоў прастрэлілі. Гаварыла мне, што п’яны князь хацеў загадаць, каб акавалі яго сястру князёўну. Цяжка ўсё апісаць, якія часам дзівацтвы п’яны князь рабіў; адным словам, калі князь з іншымі нап’ецца, тады там нібы ў пекле было» (Матушэвіч, IV, 82).

Разгульнае жыццё Кароля Радзівіла дасягнула свайго апагею ў 1764 годзе, калі нясвіжскі магнат пачаў адчуваць, што яго патаемная мара аб польскай кароне не мае шанцаў на здзяйсненне.

Пабачыўшы, як звужаецца вакол яго варожае кола, прадчуваючы сваё хуткае выгнанне на чужыну, ён імкнуўся «ўтапіць у віне згрызоты сумлення». Новы 1764 год пачаўся для Пане Каханку з чарговай п’янкі і авантуры: «Да вечара князь моцна ахмялеў Загадаў прывесці сабе каня, конна па дзядзінцы лётаў, з пісталетаў страляў. Спыніўся перад кватэрай генерала Макраноўскага, які выйшаў да князя, а бачачы яго п’янога і прыстасоўваючыся да яго, усеўся на каня княжага машталера (старшага конюха — аўт.). Абодва тады паехалі на аперэту каменнымі сходамі і праз мармурам высланыя палацавыя сені, дзе князь раптам скіраваў каня ўбок; хаця конь быў добра падкаваны, аднак пакаўзнуўся, і князь вельмі пабіўся б, але тут драгуны, што стаялі ў тых сенях на варце, падхапілі яго. Ехаў, аднак, князь далей і ўехаў па цёмных сходах уніз, у залу, на камедыйнае прадстаўленне. Злез потым з каня, але не хацеў, каб таго вывелі з залы. Пачалася тады аперэта; князь яе не слухаў, шумеў і, прысеўшы да палкоўнічыхі Вянгерскай, досыць прыгожай, гаварыў ёй дзівосныя і вельмі тлустыя рэчы». Пасля ж вячэры Радзівіл «паехаў у горад і там загадаў склікаць гарадскіх музыкаў з скрыпкамі і цымбаламі і, рэшту дапіўшы, там жа, у горадзе, заначаваў» (Матушэвіч, IV, 141—142).

Напіўшыся, Кароль Радзівіл «не даваў спуску» ні жанчынам, ні духавенству. У тым жа 1764 годзе, знаходзячыся ў Вільні, ён «пасля абеду на добрым падпітку паехаў да еймасці пані Тышкевічавай, кашталяншы мсціслаўскай, і там з вясёласці дзверы да яе пакоя, калі яна схавалася ад п’янага князя, павыстрэльваў. Віленскі біскуп, даведаўшыся пра тое, што п’яны князь ваявода робіць у мсціслаўскай кашталяншы, і не жадаючы, каб ён да яго прыехаў, загадаў замкнуць браму ў сваім палацы і сказаць, што яго няма. Пасля князь ваявода скіраваўся конна да віленскага біскупа, знайшоўшы ж браму перад яго палацам замкнутай, загадаў сілай браму адчыняць; а хаця адказалі, што ягамосця ксяндза біскупа няма ў палацы, аднак, не зважаючы на гэта, князь загадаў браму адчыніць, уехаў на дзядзінец палаца, увайшоў на лесвіцу і, пабачыўшы ягамосця ксяндза біскупа віленскага, які ішоў насустрач, пачаў найгоршымі словамі лаяць афіцэра, што на варце стаяў...» (Матушэвіч, IV, 199—200). Гэты выпадак віленскі біскуп выкарыстаў для таго, каб звесці з Радзівіламі асабістыя рахункі. Па парафіях абвясцілі, што князь хацеў забіць біскупа, шчо апошняга выратаваў ад смерці толькі цуд. З выпадку таго цуду па касцёлах удзячна спявалі гімн «Цябе, Божа, хвалім»...

Дзе п’янства — там і распуста. Пане Каханку ў васямнаццаць гадоў «у непрыстойнасцях пераўзыходзіў самых вопытных майстроў». Праўда, потым, пасля няўдачных «ажэнкаў», крыху супакоіўся і пабойваўся «белагаловых». Затое з ахвотай «сватаў» сяброў. Іншыя Радзівілы паводзілі сябе яшчэ больш бессаромна. Асабліва вызначыўся тут названы ўжо чарнаўчыцкі ўладар Марцін Радзівіл. Баючыся, што духавенства выкарыстае яго немаральнасць у асабістых мэтах, ён імкнуўся апярэдзіць магчымыя папрокі і абвінаваціў мясцовага плябана ў такой жа распусце. Вось што піша пра вялікага літоўскага крайчага Матушэвіч: «Ведучы свавольнае жыццё і маючы ў сябе шматлікі гарэм, ён заўсёды баяўся, каб яго за гэта не пакарала кансісторыя, і неяк часта адкупляўся ад той кансісторыі. Аднак праняўся падазрэннем да брэсцкага падкаморыча ксяндза Сузіна, свайго клецкага і чарнаўчыцкага плябана, які нават не думаў, што павінен пра ўсё даносіць у кансісторыю; а паколькі той жа плябан сам быў не крыштальны, дык князь крайчы надумаў яго раней у тым жа самым абвінаваціць і да біскупа адаслаць. Паклікаў тады таго ж ксяндза пад выглядам прымірэння і добрага сяброўства ў чарнаўчыцкі двор. Прагульваўся з ім па садзе, нарэшце завёў яго на фальварак, дзе чакалі падрыхтаваныя слугі. Увайшоўшы туды, хацеў князь Сузіна пакінуць, а сам выйсці, але калі ксёндз за ім хацеў выходзіць, тады яго, акружыўшы, узялі слугі. Хапаючы яго, адзенне на ім пашарпалі, а тым часам князь крайчы загадаў запрагаць карэту. У яе ўсадзілі, моцна зашнураваўшы з усіх бакоў, ксяндза. Адзін слуга сядзеў са зброяй у руках побач з ксяндзом Сузіным, а другі — спераду, з узведзеным пісталетам. Загадалі днём і ноччу спяшацца ў Вільню. Віленскаму біскупу напісалі ліст з пунктамі абвінавачання супраць Сузіна» (Матушэвіч, І, 191—192).

Аднак няпраўда выйшла наверх. Віленскі біскуп вызваліў Сузіна, і той, вярнуўшыся на Брэстчыну, пажаліўся ў сеймік. Асмеліўшыся, пачалі скардзіцца на крайчага таксама ўсе тыя, «чыіх сваякоў ён загадаў пазабіваць», «чые двары загадаў паліць». Успомнілі, што Марцін Радзівіл трымаў фаварыта Грабоўскага, які «з чэмераўскімі стральцамі пад Брэстам, у Трышынскай карчме забіў брэсцкага падсудка Збароўскага, айчыма княгіні крайчыны». Той жа фаварыт «па загаду князя задушыў метрэсу князя, выдадзеную за капітана Шатэрлёфа, што быў на службе ў таго ж князя» (Матушэвіч, І, 197). Праўда, сваяк крайчага, Міхал Радзівіл Рыбанька, стараўся неяк прыглушыць скандал, каб «не было шкоды імю». Але духавенства, чый гонар закрануў чарнаўчыцкі магнат, аказалася мацнейшае. Ды і чарнаўчыцкі маёнтак усім хацелася прыбраць да рук. З Брэста ў Варшаву, да караля, скіраваліся спецыяльныя паслы. Іх скаргі былі разгледжаны прыхільна.

І вось літоўскага крайчага рашылі ўзяць пад хатні арышт, перавезці з Чарнаўчыц у Слуцк. Дзеля гэтага са Слуцка прыбыў харунжы літоўскі Геранім Радзівіл, брат Міхала і сваяк Марціна. Тое, што ён тут пабачыў, нагадвала біблейскі Садом. Аказалася, што крайчы трымаў сваю жонку і дзяцей «у вялікай невыгодзе і смуродзе», сам жа завёў наложніц. «Потым князь харунжы спытаў пра метрэсы, якіх таксама выпусцілі з іншага замкнуцця. Пыталіся ў іх, колькі якая мела дзяцей з князем і як яна дасталася ў сераль. Кожная павінна была расказаць сваю гісторыю — як адных зманілі, другіх укралі і сілай схапілі, трэціх прадалі бацькі, гэта значыць маці. А адну ксёндз плябан з Давыд-Гарадка, украўшы ад бацькоў, за 200 дукатаў прадаў. Іншыя жахі пра яго (крайчага — аўт.) расказвалі: як забіваў свае дзеці ад метрэс і нейкія дыстыляцыі рабіў, як яўрэям давяраў і збіраўся ў Амстэрдам ехаць. Тады тым метрэсам каштоўнасці і больш дарагія рэчы адабралі, а ў адзенні, якое мелі, потым па сваяках іх развезлі. Апрача таго, былі на фальварку кадэткі, маладыя дзяўчаты з прыгожымі тварамі, рознага стану; іх бралі, а калі яны даходзілі да ўзросту, аддавалі князю. Тыя таксама ў вялікай невыгодзе, босыя і ў кашулях былі, усюды ж — голад вялікі, усё заўсёды пад замком. А паколькі князь усіх людзей баяўся, каб яго не атруцілі, дык у сенях палаца былі бровар і кухня і адданыя півавар з кухарам. Абед звычайна бываў а шостай гадзіне вечара, а вячэра — на світанні, але часта па некалькі дзён запар не было ні абеду, ні вячэры» (Матушэвіч, І, 201).

З магнацкіх палацаў распуста пашыралася на двары сярэдняй і дробнай шляхты. Матушэвіч расказвае гісторыю «пекнай, але свавольнай» Пяроўны. Спачатку яна была «метрэсай» у старосты Сямашкі. Той абяцаў ёй, што, калі памрэ яго старая жонка, ён возьме яе замуж, завяшчае ўсе багацці, але слова сваё не стрымаў і толькі сасватаў яе за шляхціца з Мінскага ваяводства нейкага Пішчалу. Муж аказаўся раўнівы, і маладзіца рашыла звесці яго са свету. Падгавораныя «аманты», браты Пятроўскія, забілі Пішчалу, калі ён еў вячэру. Злачынцаў прыгаварылі да чацвертавання. Галоўная ж віноўніца з дапамогай Сямашкі абышлася лёгкім страхам. «Яе пратэкцыяй была прыгажосць, а хаця моцна на яе сведчылі, што апрача гэтага забойства даўней труціла мужа, аднак толькі за свавольнае жыццё была на год і шэсць тыдняў асуджана на заключэнне ў вежы» (Матушэвіч, IV, 292).

Феадалы і іх слугі асабліва здзекаваліся з сялянак. Камісар з маёнтка Агінскіх, нехта Вялюнскі, быў выкліканы ў суд за тое, што пры сваёй уладзе абясчэсціў пяцьдзесят вясковых дзяўчат (Матушэвіч, І, 165).

Разбэшчанасць, якую ў часы контррэфармацыі стараліся вонкава прыкрыць, у другой палавіне XVIII стагоддзя і асабліва ў яго канцы стала яўнай, публічнай (тут адбіўся дваісты, супярэчлівы ўплыў Асветніцтва). Прыехаўшы з Украіны ў Беларусь, у Гродна, Ян Дуклан Ахоцкі быў здзіўлены свабодай нораваў і раскошай, якія панавалі ў гарадскіх салонах. Сёння мы звычайна ўяўляем жанчыну XVIII стагоддзя сціплай, сарамлівай, захутанай з ног да галавы, ледзь не манашкай. Валынскі ж мемуарыст пабачыў і апісаў зусім іншае. Вось ён, прыехаўшы ў Гродна, ідзе на «рэдуту» (баль) і сустракае там жонку свайго знаёмага: Франуся была «апранута са збыткоўнай модай. Я заўважыў, што ножкі ў яе босыя, а на ўсіх пальцах ног аздобленыя дарагімі камянямі пярсцёнкі — іх тады наўмысна рабілі раскладанымі, нібы кольчыкі; замест боцікаў былі трэпкі, падобныя да манашаскіх і прывязаныя белымі стужкамі, што абмотвалі нагу аж да калена... Азіраючыся ўважліва далей, заўважыў я таксама, што на ёй не было кашулі, толькі сукенка з нейкай вельмі лёгкай тканіны, паднятая на правай назе гірляндай вышэй калена, грудзі цалкам адкрытыя, зусім не аслоненыя. Калі я са здзіўленнем аглядаў тую апратку, яна ўстала, пакруцілася, дазволіла прыгледзецца адзенню: цудоўна было ёй у ім і прыгожа, бо рэдка каго натура так шчасліва абдорвае, але прыдбаўшы на прыгажосці, яна губляла сціпласць, самую вялікую аздобу жанчыны; год назад тая скромнасць рабіла яе куды больш сур’ёзнай»1.

Гродзенская «рэдута» збянтэжыла нават Ахоцкага, чалавека досыць фрывольнага, не мараліста: «Від быў сапраўды дзіўны, можна было сніць, што ты знаходзішся на Алімпе, перасоўваліся Венеры, Дыяны, Псіхеі; або зноў нібы ў Афінах праходзілі з усмешкай Аспазіі, нібы ў Рыме сноўдаліся весталкі, урэшце — нібы на Таіці, пад дзікункі апранутыя ці, хутчэй, распранутыя пані; найбольш, аднак, было грачанак, усе без кашуляў, у тоненькіх сукенках з доўгімі хвастамі — яны дазвалялі бачыць і любавацца ўсімі пекнасцямі, якімі іх абдарыла натура. У розны час мне даводзілася бачыць не адзін непрыемны выпадак, які здараўся з-за гэтага адзення, асабліва ў танцах, калі асобы, што ішлі ззаду ці танцавалі побач, наступалі на хвост лёгкай сукенкі; яна цалкам абрывалася і ўводзіла ў сорам неасцярожных прыхільніц моды; малявалі карыкатуры, што паказвалі такія сцэны... Гэты непрыстойны спосаб апранацца разышоўся і па правінцыі, але сціплыя і сур’ёзныя асобы яго высмейвалі, мода павінна была ўступіць» (Ахоцкі, ІІ, 326—327).

Аказваецца, новую моду ў Гродна завезла французская маркіза Люлі, адна з каханак караля Станіслава Аўгуста. Вонкавы выгляд яе сведчыў, што яе каханне было далёка не бескарыслівым: «Раптам бачу ў кадрылі цудоўную асобу, з ног да галавы ўсю пакрытую брыльянтамі, нават пальцы на нагах неслі іх на якіх пару тысяч чырвоных злотых» (Ахоцкі, ІІ, 327).

Так жа раскошна і непрыстойна апраналіся гродзенскія арыстакраткі дома, у сямейным коле. Неяк Франуся запрасіла Ахоцкага да сябе ў госці. Прыйшоў ён у адзінаццаць гадзін раніцы. Камердынер звыкла папрасіў яго прайсці ў гардэробны пакой, дзе гаспадыні якраз рабілі прычоску. Убачанае шакіравала валынскага шляхціца: «Мяне здзівілі дастатак, раскоша, густоўнасць усяго, што было навокал. Найбольш жа тое, што я пабачыў саму паню цалкам неапранутую, у адным толькі бледна-ружовым гарсэціку з тканіны, з маленькім фартушком спераду — такім, якіх у ложах ужываюць, батыставым, карункамі абшытым. Ногі — у трэпках, як і ўчора, пярсцёнкамі пакрытыя. Цырульнік тым часам скончыў прыбіраць галаву, а калі пані была ўжо гатова, накінуў на яе цянюсенькую сукенку без кашулі. Так яна выйшла ў пакой, дзе якраз рыхтавалі сняданак. Вялікі стол ужо быў застаўлены цудоўным сярэбраным сервізам і фарфорам, вырабленым не толькі ў еўрапейскіх, але і ў кітайскіх, і ў японскіх фабрыках» (Ахоцкі, ІІ, 328—329).

За сталом прыадкрылася і таямніца, адкуль у Франусі былі на ўсё гэта грошы. З ведама мужа яна стала каханкай рускага саноўніка Цыцыянава, які затраціў на яе каля 30 тысяч рублёў. Франуся і яе муж выдалі іх на каштоўнасці і дарагую мэблю. «Абодвум гаспадарам, — працягвае Ахоцкі, — я нанёс візіты ў іх кабінетах, дзе ложкі былі падобны да ложаў Перыкла, усе сталы — да сталоў Цыцэрона, крэслы — да курульскіх сядзенняў, фіранкі — да заслонаў Аспазіі, а пакоі былі мэбліраваны, як у найбольшых паноў» (Ахоцкі, ІІ, 330).

Цяжка пералічыць усе грахі, уласцівыя тагачаснай шляхце. Распуснае жыццё патрабавала грошай. І дзеля іх ішлі на любыя злачынствы. Падраблялі завяшчанні. К. Крашэўскі згадвае аднаго шляхціца з Брэстчыны, які «жыраваў» на нябожчыках. Пачуўшы аб чыёй-небудзь смерці, ён ішоў да нашчадкаў з фальшывымі дакументамі, судзіўся з імі, патрабуючы вярнуць уяўны доўг. Яго баяліся настолькі, што, паміраючы, спецыяльна агаворвалі ў тастамантах: вось такому я нічога не вінен... Па сквапнасці падраблялі і грошы. Матушэвіч піша, што яго сучаснікі не саромеліся пазычаць абрэзаныя залатыя манеты, патрабавалі ж вярнуць паўнацэнныя.

Квітнела прадажнасць. Куплялі ўсё: пасады, галасы выбаршчыкаў, трыбунальскія дэкрэты, шляхецкія гербы, само шляхецтва. Падрабязней сістэма тагачаснага «хабарніцтва» будзе разгледжана пазней, пры характарыстыцы грамадскага жыцця. Тут жа прывядзём, услед за Матушэвічам, толькі два пераканаўчыя прыклады. Дэпутат Пшэцескі ўзяў ад Радзівіла за памыснае вядзенне справы 200 чырвоных злотых, цуг коней, карэту і дзве бочкі віна, а ад яго праціўнікаў па той жа справе — 300 чырвоных злотых і права на трохгадовы збор мыта, што складала 900 чырвоных злотых (Матушэвіч, І, 51). Маршалкі двух трыбуналаў, вялікага і скарбовага, таксама бралі хабар ад супрацьлеглых бакоў. «Нарэшце, калі суперніцтва апрыкрала, сказаў адзін другому: чаго нам сварыцца — і ты бяр, і я бяр, а згодзімся з сабой» (Матушэвіч, Н, 220). Для подкупу магло згадзіцца ўсё: грошы, віно, залатая табакерка, карэта, стаеннік, павадок паляўнічых сабак і нават начная шапачка.

Духавенства, якое заклікала да цнатлівасці і павінна было паказваць прыклад веруючым, само часта паводзіла сябе амаральна. «Калі я быў у Вільні, — сведчыць Матушэвіч, — маці мая прыслала вестку, што ксёндз Яроцкі, стоклішскі плябан, загадаў ноччу падпаліць будынак, у якім спала мая маці, і вялікае шчасце, што сама яна не згарэла. Прыслала яна ў Вільню і таго пастуха дворскага, якога плябан падгаварыў і падпаіў, каб той уваткнуў у страху агонь, закручаны ў пакулле» (Матушэвіч, І, 130). Каб вымантачыць грошы, езуіты часам пераапраналіся прывідамі, ноччу прыходзілі ў дамы сваіх ахвяр і нават... пускаліся з імі ў макабрычныя танцы. У белае і чорнае духавенства нярэдка ішлі былыя злачынцы, асобы немаральныя. Паводле Шырмы, у 1730 годзе ў манахі ўступілі некалькі пінскіх шкаляроў, прыгавораных трыбунальскім дэкрэтам «на горла» за забойства гараднічага.

 

1 Ochocki Jan Duklan. Pamiętniki. Wilno, 1857. t 2. s. 325—326. У далейшым спасылкі ў тэксце (Ахоцкі, том, старонка).

Жорсткасць

Чытаючы тагачасныя мемуары, вельмі часта спатыкаешся на словах: «забойства», «разбой», «крывавае злачынства», «смяротная кара». XVIII стагоддзе (асабліва першая яго частка) было і ў Беларусі, і ў суседніх краях вельмі жорсткім. Можа, не ў такой ступені, як Сярэднявечча, калі за нязначную віну вылуплівалі вочы ці вырывалі язык, але ўсё ж пад вонкава прыстойнай маскай суровасці і строгасці па-ранейшаму скрываўся грубы або вытанчаны садызм. У чалавеку эпохі контррэфармацыі, традыцыйным «сармаце» часта прасыпаўся звер. Гэты чалавек любаваўся і цешыўся чужымі пакутамі. Публічная экзекуцыя была для яго жаданым відовішчам. Псіхічна неўраўнаважаны, ён кідаўся з адной эмацыянальнай крайнасці ў другую: забіўшы чалавека, станавіўся на калені і слязліва, прыніжана маліўся, каб яму адпусцілі грахі. У адной руцэ ён звычайна трымаў бізун, у другой — ружанец.

Само сабой зразумела, што жорстка, хоць і не з такоп вытанчанай, «цывілізаванай» жорсткасцю, як у ХХ стагоддзі, вяліся войны, асабліва захопніцкія. З палоннымі і з дэзерцірамі не цырымоніліся. У 1707 годзе Завішу ўразіў такі выпадак. «Тыя дэзерціры, Паткуль і Пейкуль, выдадзеныя ў адпаведнасці з трактатам ягамосці шведскаму каралю, абодва былі ганебна пакараны: другі чацвертаваны жыўцом, першаму ж спачатку абрэзалі вушы і нос, потым усе косці, пачынаючы ад ног, кат перабіў, урэшце быў ён плецены на коле» (Завіша, 257). Салдаты здзекаваліся з мясцовых сялян і гараджан, адбіралі ад іх апошні кавалак хлеба. З. Куховіч спасылаецца на факты, калі ў час Паўночнай вайны польскія ваякі, дапытваючыся, дзе схаваны грошы, распраналі сялян на марозе дагала, аблівалі іх салёнай вадой, а потым выпускалі з хлявоў кароў, каб тыя лізалі целы. У іншых выпадках сялян падвешвалі за ногі ў комін і знізу «падкурвалі» запаленай саломай.

Жорсткасці найперш садзейнічаў тагачасны прыгонніцкі лад. Паны глядзелі на сялян як на істоты «ніжэйшай крыві», «дзікіх звяроў». Наймацней білі тых, хто стаяў на самым нізе сацыяльнай іерархіі. Асаблівай бязлітаснасцю вызначаўся слуцкі князь Геранім Радзівіл, які паталагічна цешыўся пакутамі «салаўёў» (так ён называў вязняў сваіх падзямелляў). Не лепш пана былі і яго памагатыя. Лоўчы Вольскі «меў звычай па пяцьсот і болей розаг і пляг даваць людзям. Расказваюць, што калі на паляванні людзі не ўсцераглі звера, некалькі сялян адразу загадаў павесіць» (Матушэвіч, ІІІ, 85).

Жорсткім чалавека рабіла тагачасная сістэма выхавання. Дзяцей амаль штодзённа білі ў сям’і, білі ў школах, асабліва езуіцкіх. У выніку шляхціц вырастаў прызвычаеным да фізічных і маральных пакут. Абыякава глядзеў ён, як хвошчуць прыгонных і слуг.

Урэшце, вызваленню звярынага пачатку ў чалавеку садзейнічала таксама шляхецкая анархія, беспакаранасць. Родавыя міжусобіцы, «наезды» завяршаліся звычайна стралянінай, бойкай на шаблях, падпаламі, забойствамі. П’яная шляхта не ведала літасці. У 1717 годзе канфедэраты, на чале якіх стаялі Агінскі і Пацей, рашылі ў Ашмянах расправіцца з падкаморым Тызенгаўзам. «Ніякага працэсу ў канфедэрацкім судзе над ім не чынілі, але напоеная шляхта прагнала варту і, выцягнуўшы на рынак, пачала сячы ў некалькі чалавек падкаморага Тызенгаўза. Было гэта недалёка вакон камандзіра вайсковага атрада і канфедэрацкага маршалка. Глядзелі на гэта, і ніхто з божай волі не ратаваў. Тут паранены падкаморы затаіў у сабе дух, прыкінуўся мёртвым, тады прыйшлі дамініканцы і, як трупа, паклалі яго на пахавальныя насілкі і панеслі ў касцёл, але калі пры ўваходзе на могільнік зламаліся насілкі і падкаморы пачаў рухацца, тады яго зноў схапіла ашмянская шляхта і ўжо насмерць забіла» (Матушэвіч, І, 35).

Ахвярай міжусобіц стаў у 1755 годзе мінскі дэпутат Юзаф Валадковіч, дарэчы, вядомы скандаліст. Неяк ехаў ён міма палаца вялікага літоўскага падскарбія Флемінга, дзе якраз баляваў пінскі гарадскі падстароста Францкевіч. Шляхта запрасіла Валадковіча да сябе на баль, але «калі ён увайшоў у залу, да сяброў князя канцлера, адразу ж ззаду, схапіўшыся за шаблі, пачалі яго сеч і першнайперш жорстка секанулі ззаду ў галаву. Паколькі Валадковіч меў сілу, бараніўся доўга, але такому мноству не мог супраціўляцца. Сплываючы крывёю, упаў. Тады секлі яго лежачага, дваццаць і шэсць ран яму нанеслі» (Матушэвіч, ІІ, 140—141). Аднак пачуўшы, што да Валадковіча ідзе падмога, шляхта разбеглася. Паранены мінскі дэпутат неяк выжыў і на трэці дзень з’явіўся ў судзе, «увесь у плястрах». Францкевіча прысудзілі «да горла», але ён надзейна схаваўся ў францысканцаў, а потым уцёк у Волчын каля Брэста, у рэзідэнцыю канцлера Чартарыскага.

Жорстка катавалі сапраўдных і ўяўных злачынцаў, асабліва з простанароддзя, пры допытах. Як піша ў сваіх падрабязных мемуарах Енджэй Кітовіч, у кожным горадзе Рэчы Паспалітай было пад ратушай спецыяльнае падзямелле з прымацаванымі да сцен жалезнымі крукамі для падвешвання і расцягвання ахвяр. П'яны кат са сваім памочнікам («гіцлем») «з усёй сілы цягнуў за шнур: вязень напружваўся, нібы струна, рукі выкручваліся ззаду і выпрамляліся ў прамой лініі з целам над галавой, у грудзях рабілася глыбокая ўпадзіна, куды ўціскалася галава; увесь чалавек ужо вісеў у паветры, не кранаючыся табурэткі. Амаль усе жэбры, косці, сцёгны ў ім былі відаць, так што можна было іх палічыць, бо для катавання раздзявалі вінаватых абодвух полаў дагала, агарнуўшы якой хусцінай толькі самыя сарамлівыя месцы» (Кітовіч, 229). Ад такіх пакут прызнаваліся, «пачыналі спяваць» нават невінаватыя. У адваротным выпадку пасля першага і другога «трактаў» наступаў трэці, найбольш цяжкі. «Калі вязень упарта адмаўляў сваю віну, закладвалі яму на ногі жалеза, у якім былі вострыя выступы накшталт зубоў пілы; яно складалася з дзвюх частак, праз якія з абодвух канцоў праходзілі шрубы; гэтымі шрубамі гіцаль сцягваў зубатыя жалезы, закладзеныя зверху і знізу пішчэляў ног; усё болей ціснучы і калечачы ногі, яны задавалі расцягнутаму віноўніку невыносны боль. Майстры гэтыя жалезы — падобныя на дыбкі — па-свойму называлі іспанскімі ботамі; не ўсюды іх ужывалі, толькі па большых гарадах» (Кітовіч, 230).

У меншых гарадах, мястэчках і вёсках катаванні адбываліся прымітыўней. Пырскалі на цела гарачую серу, прыкладвалі да бакоў распаленыя бляхі. «Катавалі вязня ў якой хаціне або ў гумне, расцягвалі яго, прывязанага да лесвіцы, да першай і апошняй прыступкі, падкладвалі пад яго дошчачку, каб рукі аб прыступкі не чапляліся. Калі збіраліся катаваннямі выпрабоўваць чараўніцу або чараўніка, каты, вельмі забабонныя варажбіты, спачатку галілі ім валасы ўсюды, дзе людзям дала гэтыя прыкрыцці і аздобы прырода, сцвярджаючы, што ў валасы хаваецца д’ябал і не дазваляе чараўніцы або чараўніку прызнацца і што, схаваны ў валасах, бярэ на сябе яго або яе пакуты; такое перакананне грунтавалася на тым, што ахвяры, самлеўшы або растраціўшы сілы, ціха і спакойна паводзілі сябе ў час пералічаных вышэй катаванняў; д’ябал жа, здраднік і непрыяцель, ані думаў пакутаваць за чалавека. Галілі таксама і злодзеяў, якія не хацелі прызнацца» (Кітовіч, 231). Такія катаванні паўтараліся тры разы (паміж імі быў прамежак для адпачынку і «ўзмацнення сіл»). Пасля трэцяга «тракту» або прыгаворвалі да пакарання смерцю, або, радзей, адпускалі пакалечанага на волю.

Пакаранне смерцю ў той час было «дыферэнцыравана». Злодзеяў звычайна вешалі каля гарадскіх варот. Прытым целы (для жаху) не здымалі некалькі дзён, чакалі, пакуль іх знявечыць птаства. Разбойнікам спярша палілі рукі, здзіралі са спіны скураныя паскі, ірвалі цела распаленымі абцугамі, а потым адсякалі галаву. Жанчын, якія забівалі сваіх дзяцей, закопвалі жывымі ў зямлю і зверху прабівалі калом. Калі хто ўкраў мёд (гэта лічылася вялікім злачынствам), таму ўспорвалі жывот, выцягвалі кішкі і наматвалі іх на слуп або на дрэва, ганяючы вінаватага наўкола. Чараўніц і блюзнерцаў палілі на вогнішчы. Яшчэ больш жорстка каралі важакоў сялянскіх паўстанняў і бунтаў, змагароў за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ворагаў феадальнага ладу ўбівалі на кол, вешалі за жэбры на крук, ламалі колам, чацвертавалі, рассякаючы цела сякерай на чатыры часткі. Так, у 1744 годзе, пасля Крычаўскага паўстання, многія яго ўдзельнікі, у тым ліку Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер, былі жывымі пасаджаны на кол, іншыя павешаны, зацкаваны сабакамі.

Адным словам, з жорсткасцю тагачасны чалавек сустракаўся на кожным кроку. Ужо ў школе дзеці прывучаліся да таго, што можна здзекавацца з іншаверцаў, карчмароў, жывёлы. Абапіраючыся на ўспаміны дзяцінства, якое прайшло ў Брэсце, Юльян Нямцэвіч пісаў, што «ў страсную сераду, прыгадваючы, што ў гэты дзень Іуда выдаў Хрыста-пана, студэнты скідвалі з хораў касцельнага ката, нібы Іуду, іншыя чакалі яго ўнізе з палкамі, гналіся за ім і білі — пакуль не забілі» (Нямцэвіч, 20). Тагачасны чалавек пагардліва ставіўся да болю, чужога і свайго. Ігнацы Лапацінскі, ураджэнец маёнтка Лапацін у Мсціслаўскім павеце, у сваім «Дыярыушы» згадвае, што калі ў яго пачыналася на назе гангрэна, ён сам, выпіўшы шклянку гарэлкі, памагаў цырулікам выразаць «чорнае мяса» і заліваць рану той жа гарэлкай1.

Магнаты звычайна здзекаваліся з дробнай шляхты. Яе таксама білі розгамі, праўда, ужо не на голай зямлі, як сялян, а на дыване (прыгадаем тут «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча). Вядомыя на Міншчыне авантурысты Валадковічы не без ведама Радзівілаў загадвалі ў час судовага працэсу, каб сведак супрацьлеглага боку закопвалі ў зямлю (Матушэвіч, IV, 107). Розгамі ў шляхецкіх сем’ях прымушалі паненак выходзіць за нялюбага замуж, жонак — захоўваць «сямейную цнатлівасць».

 

1 Łopaciński Ignacy. Dyariusz życia.— Biblioteka Warszawska, 1855. t. 3. s. 421.

Прыніжанасць

Жорсткі ў дачыненні да слабейшых, тагачасны чалавек звычайна прыніжана адносіўся да тых, хто меў большую ўладу, фізічную і юрыдычную сілу. У феадальнай іерархіі заўсёды было каму падпарадкавацца, перад кім поўзаць на каленях. Усведамленне сваёй непаўнацэннасці, залежнасці параджала і жорсткае насілле, і рабскае пакланенне.

Гэта былі два бакі аднаго і таго ж медаля.

Асабліва мізэрным і маленькім адчуваў сябе тагачасны чалавек перад абліччам усёмагутных і таямнічых нябесных сіл. Звяртацца да іх належала, стоячы на каленях. Прапаведнік Аблачынскі, з якім мы ўжо сустракаліся, прымушаў усіх прысутных у касцёле ляжаць на падлозе крыжам. Такое ж пакланенне выклікалі зямныя прадстаўнікі нябесных сіл. Неяк да Нямцэвічаў у Скокі прыехаў той жа Аблачынскі, звычайны чалавек «сярэдняга ўзросту, хударлявы, бледны». Не захацеў жыць у палацы, спыніўся ў прыбудоўцы. «Калі ж паехаў, — згадвае мемуарыст, — вельмі набожная панна Хаенцкая, якая была пры маёй маці, укленчыла і на голых каленях сунулася ад палаца да афіцыны, дзе начаваў ксёндз Аблачынкі, цалуючы ўвесь час сцяжынку, па якой гэты святы служыцель праходзіў» (Нямцэвіч, І, 6). Неўзабаве мясцовы прарок памёр. І тут жа, зразумела, быў узяты на неба. «Слуга майго бацькі шляхціц Выжыкоўскі, — працягвае Нямцэвіч, — вярнуўшыся з Брэста, сказаў нам, што, выехаўшы адразу ж пасля смерці св. капелана за горад, здзіўлены быў надзвычайнай на небе карцінай: бачыў ён ці здавалася толькі, што бачыў, кс. Аблачынскага, які з зямлі ўзнімаўся ў неба, а Святая Дзева спускалася на воблаку да яго, узяла яго і знікла ў светласці паветра. Аб гэтым цудзе Выжыкоўскі прысягнуў у Брэсце ў канцылярыі» (Нямцэвіч, І, 6).

Духавенству прыніжана цалавалі рукі і ногі. Успамінаючы сваё дзяцінства, Нямцэвіч піша, што калі ў Скокі прыязджаў абат Рагалінскі, хлопчыка «апраналі ў новае адзенне, вучылі, каб як толькі ксёндз абат увойдзе ў пакой, адразу ж я блінам кідаўся яму ў ногі і цалаваў абутак, што я і рабіў» (Нямцэвіч, І, 4). Да прыезду госця рыхтавалі ў доме ўсё, «што магло быць найлепшага». Пасля ж сытнага абеду пачыналіся забавы: абат з ганка страляў на ляту ластаўкі, «ігралі ў шашкі, вечарам у мар’яша, панцаролю, контру, трышака, кашталян ужо не належаў да добрага тону» (Нямцэвіч, І, 4).

А як прыніжалася перад магнатамі дробная і сярэдняя шляхта! Матушэвіч быў даволі багатым і незалежным чалавекам, у многім падзяляў ідэі Асветніцтва, але, калі чытаеш яго «Успаміны», пераконваешся, што і яму часта даводзілася ахвяраваць пачуццём уласнай годнасці. Дзеля дасягнення мэты ён кідаўся на калені, цалаваў ногі, плакаў. Вось яму трэба вярнуць давер вялікага літоўскага канцлера Сапегі: «Прыйшоўшы, упаў я да ног канцлера, тлумачачы яму сваё няшчасце і пляткарскае абвінавачванне, і пачаў вельмі плакаць, ды так, што сама канцлерыха пачула мой плач. Ужо канцлер ад майго плачу памякчэў, ужо стаў ласкавым, але канцлерыха княгіня Сапяжына, яго жонка, уляцела ў пакой з вялікай фурыяй, а паколькі мела яна заўзятасць вялікую і манеры грубаватыя, пачала яна лаяць мяне апошнімі словамі, так верашчаць на мяне, што ў канцлера, які тады апранаўся і зашпіляў кунтуш, пачалі дрыжэць рукі, а я, бачачы гэта, выйшаў з пакоя і, адчуваючы яе заўзятасць, страціў усялякую надзею перапрасіць канцлера» (Матушэвіч, І, 161).

Так жа паводзіў сябе Матушэвіч і ў іншых сітуацыях. Горды ў дачыненні да роўных і ніжэйшых па становішчу, ён прыніжана цалаваў «у бруха» брэсцкага саноўніка Флемінга, якога ў глыбіні душы ціха ненавідзеў. Даведаўшыся, што праз Ваўкавыск павінен праязджаць вялікі каронны гетман Браніцкі, мемуарыст выехаў яму насустрач і пачаў ля карчмы частаваць усіх падарожных, прымушаючы іх «выпіць здароўе гетмана». Калі ж спынілася карэта Браніцкага, Матушэвіч, ужо добра падпіты, пачаў яго «цалаваць у ногі і прасіць, каб зайшоў у карчму, адведаў віна». У карчме ж «праз удзячнасць за ласкі князя гетмана пачаў плакаць, цалаваў у ногі, калі ён сядзеў за сталом, потым яшчэ мацней пачаў плакаць, тады ўсёй кампаніі, што сядзела за сталом, асабліва Ваўжэцкаму, які гучна плакаў, слёзы ў вачах стаялі» (Матушэвіч, ІІІ, 151). Гетман тут таксама расчуліўся, пачаў цалаваць мемуарыста і піць яго віно.

Часам проста здзіўляешся, наколькі тагачасны чалавек быў вонкава чуллівы, як жорсткасць у ім спалучалася са слязлівасцю, сентыментальнасцю. Паводле Ф. Булгарына, нават дарослыя дзеці цалавалі сваім бацькам і ўвогуле сваякам спачатку ў ногі, потым у рукі і плечы і толькі ў самую апошнюю чаргу — у шчокі і вусны. І жанчыны, і мужчыны часта гублялі прытомнасць. Калі маці не дазваляла Рыбаньку жаніцца, ён пачаў «млець страшна» і ўрэшце дабіўся свайго. Асабліва плакалі і млелі маладыя паненкі. Гэта лічылася добрым тонам, прыкметай стараннага выхавання.

Прыніжанасць накладвала адбітак на ўсё тагачаснае жыццё — грамадскае і сямейнае, на стыль мастацкай літаратуры, мемуарыстыкі, перапіскі. Нават горды Кароль Радзівіл называў сябе ў пісьмах не інакш як «нізенькім падножкам».

Адным словам, сярэдневяковага, традыцыйнага, бесчалавечнага ў тагачасным жыцці было шмат. Добра вядомы нам Ф. Булгарын, які з сентыментам ставіўся да Беларусі, дзе прайшло яго дзяцінства, пісаў пра Рэч Паспалітую канца XVIII стагоддзя: «У Варшаве і Вільні была вытанчанасць Парыжа, а ў правінцыях, асабліва ў Літве (так тады называлі і Беларусь.— Аўт.) і на Украіне панавалі фанатызм сярэдніх вякоў, свавольства Арабскіх стэпаў, п’янства і ненажэрнасць дзікуноў Амерыкі. Тут было ў поўным сэнсе: хто каго змога, той таго ў рогі!»1.

Аднак са сцвярджэннем Булгарына можна пагадзіцца толькі напалавіну. І вось чаму.

 

1 Булгарин Ф. В. Воспоминания: Отрывки из виденного, слышанного и испытанного в жизни. СПб. 1846. ч. І. с. 74. У далейшым спасылкі ў тэксце (Булгарын, частка, старонка).

«Чалавек разумны»

Той жа Булгарын, яўна супярэчачы сабе, прывёў сведчанні таму, што ў канцы XVIII стагоддзя ў Беларусі знаходзілі ўдзячную глебу ідэі Асветніцтва. Прыхільнікам сацыяльных рэформ быў і бацька рускага пісьменніка, чыя сям’я жыла ў Грыцэвічах Слуцкага павета, а пазней — у Макавішчы Бабруйскага павета. У адрозненне ад сына Фадзея, рэакцыянера і агента ІІІ аддзялення, Венядзікт Булгарын падзяляў перадавыя ідэі — актыўна ўдзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, стараўся аблегчыць становішча прыгонных сялян. І ён быў не адзінокі. Лагер асветнікаў-рэфарматараў з кожным годам шырыўся, асабліва ў сувязі з французскай буржуазнай рэвалюцыяй 1789 года. Той жа Ф. Булгарын мусіў прызнаць, што іскры гэтай рэвалюцыі траплялі ў Рэч Паспалітую нібы ў «парахавы склад» (Булгарын, І, 3). Праўда, «ашалелы пан», якім Булгарын выведзены ў беларускай паэме «Тарас на Парнасе», адмаўляў ідэі «вольнасці і роўнасці» — яны, маўляў, «не існавалі ў свеце і не будуць ніколі існаваць для масы народа» (Булгарын, І, 13—14).

Факт прыкметнага ўплыву на беларускую грамадскую думку французскага Асветніцтва прызнаваў у сваіх рукапісных «Успамінах» ураджэнец маёнтка Горсплі на Полаччыне слуцкі прэлат Станіслаў Шантыр. Ён згадваў, што ў другой палавіне XVIII стагоддзя «нязлічанае мноства кніг» Вальтэра, Русо і іншых вальнадумцаў трапіла ў Беларусь, «дзе іх прагна чыталі або ў арыгінале, або ў перакладзе (на польскую мову — аўт.) страсных прыхільнікаў французскай філасофіі; хутка пераходзілі яны з рук у рукі, апаноўвалі розумы пераважна моладзі, нават дам, а што яшчэ горш — духавенства. Усе кінуліся наследаваць разважанні навамоднага сафізму, які ў тую эпоху зусім сказіў польскую веру і прававерны характар продкаў»1. Як і Булгарын, Шантыр асуджаў ідэі Асветніцтва, але не мог адмаўляць сам факт іх пранікнення ў Беларусь.

Пашырэнне Асветніцтва на беларускай зямлі было, вядома, выклікана не толькі вонкавымі ўплывамі, але перш за ўсё ўнутранымі патрэбамі, заканамернасцямі гістарычнага развіцця. У другой палавіне XVIII стагоддзя актывізуюцца новыя, буржуазныя, вытворчыя адносіны. Узнікае ўсё большая патрэба ў людзях актыўных, адукаваных. Традыцыйны «сармат», фанатычны і цёмны, паступова сыходзіць з гістарычнай арэны. Ідэалам становіцца «homo sapiens» — «чалавек разумны», грамадзянін, асоба. Расце ўсведамленне, што грамадскі прагрэс, шчасце народа залежаць ад кожнага. «Гісторыя краіны,— пераканана сцвярджаў Залескі,— увогуле не з’яўляецца чым іншым, як толькі гісторыяй людзей; гэта людзі ўзносяць краіну на ступені славы, а народ — да шчасця; людзі з’яўляюцца прычынай упадку нацый і іх знявагі» (Залескі, 167).

Чалавек эпохі Асветніцтва цаніў веды, асабліва дакладныя, прыродазнаўчыя, практычны вопыт, займаўся вынаходніцтвам. Імкненне да паляпшэння, удасканальвання быцця ахоплівала нават магнатаў «Літоўскі канюшы, князь Радзівіл абвясціў аб стварэнні дзвюх машын уласнага свайго вынаходніцтва — адной для ачысткі ставоў ад трыснягу, другая ж вельмі карысна для забівання паляў»2. На жаль, іранізуе далей мемуарыст, вынаходніцтвы не былі рэалізаваны на практыцы: «У самога таго князя і ставы параслі, і стаў, які даваў 100 чырвоных злотых, разам з млыном вада знесла. Лепш бы той князь паказаў сваё майстэрства і сам узяў сякеру ці лапату ды папрацаваў, забіваючы палі і ачышчаючы ставы»3.

Асвета, пашырэнне ведаў абвяшчаліся адзінай панацэяй ад усіх сацыяльных хвароб, стымулятарам грамадскага прагрэсу. «Людзі, — сцвярджаў А. Лунін,— большай часткай ад прыроды лянівыя, і калі яны не адукаваны, то ні аб чым больш не думаюць, апрача сябе, а гэта і дрэнна» (Лунін, ІІ, 101 адв.). Безумоўна, Асветніцтва, рэфармісцкае па сваёй прыродзе, не магло ўказаць радыкальны спосаб перабудовы свету. Але ў параўнанні з ідэалогіяй контррэфармацыі гэта быў велізарны крок наперад.

У адрозненне ад кансерватыўных «сарматаў» асветнікі цанілі дабрачыннасці не ўяўныя, а сапраўдныя. «Культ розуму» ахопліваў усё шырэйшыя колы шляхты, мяшчанства. Лунін, наняўшы для выхавання свайго сына «дзядзьку» Хведара Каменскага, напісаў для яго ў 1788 годзе цэлае настаўленне з шаснаццаці пунктаў. У ім асабліва падкрэслівалася неабходнасць сістэматычна «займацца чытаннем кніг». «Дзядзька» павінен быў любіць даверанае дзіця, як самога сябе, «быць вельмі сумленным, дружалюбным, удзячным, не санлівым, не панурым, прыслужлівым, асцярожным, акуратным і стрыманым», «пазбягаць ляноты», не палохаць дзіця, не захвальваць залішне і ўвогуле весці сябе так, «нібы ўвесь свет з’яўляецца сведкам тваіх учынкаў» (Лунін, ІІ, 30, 30 адв.).

А ў настаўленні гувернёру Мілеру Лунін выкарыстаў некаторыя этычныя і педагагічныя палажэнні французскіх асветнікаў. Полацкі правіцель настойліва раіў настаўніку спалучаць гісторыю з геаграфіяй, «пачынаючы з месца цяперашняга знаходжання вучня»; пазбягаць строгасці, якая «нараджае прытворства»; гаварыць з хлопчыкам на нямецкай і французскай мовах. У настаўленні ўказаны канкрэтныя падручнікі, лепшыя для таго часу, рэкамендаваны творы для чытання.

У духу Асветніцтва, павагі да «цвярозага розуму» адбывалася выхаванне Лукаша Галамбёўскага, які нарадзіўся ў 1773 годзе ў Пагосце, у шасці мілях ад Пінска, і потым стаў вядомым польскім літаратуразнаўцам. У дзяцінстве ён добра навучыўся чытаць і пісаць па-польску, «па-руску», па-нямецку, а потым вывучыў латынь і французскую мову, добра ведаў матэматыку, геаграфію, гісторыю. Як гаворыцца ва ўспамінах, прадыктаваных Галамбёўскім аднаму з сыноў, бацькі вучонага клапаціліся пра сапраўдныя дабрачыннасці, імкнуліся выхоўваць на канкрэтных прыкладах. «Яны дужа дбалі пра тое, каб паступаць ані занадта востра, ані занадта паблажліва. Развіццё, фарміраванне здаровага розуму, фарміраванне сэрца было галоўнай іх мэтай»4. Асабліва строга бацькі патрабавалі праўдзівасці, павагі да старэйшых і да сялян. Аднойчы, калі Лукаш ішоў з маці, на іх напалі сабакі. Перапалоханы хлопчык уцёк. Гэты выпадак паслужыў бацьку повадам для выхаваўчай гутаркі: «Як можна ў небяспецы адступіцца ад маці? Ты ж мужчына, павінен бараніць маці, сястру, слабейшых. Урэшце, падзяляць іх няшчасці. Думаць толькі пра сябе, хавацца ў дрэннай сітуацыі, кідаць іншых — усё гэта з’яўляецца самалюбствам, баязлівасцю і таму ганебна» (Галамбёўскі, ІІ). Такія педагагічныя прыёмы давалі добрыя вынікі. «З таго часу, — прызнаецца Галамбёўскі, — я быў больш адважны». Як пабачым далей, бацькі здолелі выхаваць у будучага вучонага «лакальны патрыятызм», любоў да роднай «Літвы». У асобе Галамбёўскага мы ўжо маем чалавека Новага часу, свецкага, амаль вольнага ад забабонаў.

Дзякуючы рэформам, праведзеным пасля 1773 года Камісіяй нацыянальнай адукацыі, скасаванню ордэна езуітаў, а потым, у складзе Расіі, стварэнню народных вучылішчаў сістэма адукацыі набывала ў Беларусі ўсё больш свецкі характар. Разам з ёю змяніўся і сам выпускнік сярэдніх школ. Часта ён падзяляў ідэі рацыяналізму і антыклерыкалізму, адмаўляў фанатызм, забабоннасць, жорсткасць і прыніжанасць, выступаў за «натуральную роўнасць» усіх саслоўяў, ачыншаванне сялян, адмену публічных экзекуцый. К канцу XVIII стагоддзя ў Беларусі ўсё часцей трапляліся «вальтар’янцы» і «якабінцы».

 

1 Szantyr Stanistaw. Pamiętniki. Аддзел рукап. б-кі «Асалінэум» у Вроцлаве, рукап. № 6330. с. 61.

2 Bagiński Х. Rękopism. s. 36.

3 Там жа, с. 36—37.

4 Gołębiowski Łukasz. Pamiętnik о życiu. Warszawa, 1852. s 9. У далейшым спасылкі ў тэксце (Галамбёўскі, старонка).

Крытыцызм

У мемуарыстыцы другой палавіны XVIII стагоддзя заўважаецца яшчэ адна новая і характэрная рыса — крытычнае стаўленне да рэчаіснасці, жаданне перайначыць яе, палепшыць. Аўтары першай палавіны стагоддзя, напрыклад І. Турчыноўскі, скардзіліся на жыццёвыя нягоды, але ў іх нават не ўзнікала думка, што свет можна змяніць. Феадальны лад задавальняў і М. Матушэвіча. У лепшым выпадку ён заклікаў да прыватных рэформ, да больш гуманнага абыходжання з прыгоннымі сялянамі. У С. Пільштыновай ужо знаходзім адмаўленне шляхецкай «вольнасці». Але яе крытыка была яшчэ стыхійнай, непаслядоўнай.

У канцы XVIII стагоддзя ўзмацнілася барацьба кансерватыўнага і рэфармісцкага напрамкаў у грамадскай думцы Беларусі. У сувязі з гэтым крытыка існуючага ладу стала больш вострай, аргументаванай, наступальнай. Некаторыя мемуарысты (Ф. Цяцерскі, Ю. Копаць) актыўна ўключыліся ў барацьбу з царскім самаўладствам. С. Маймон адным з першых асудзіў з пазіцый Асветніцтва шляхту як клас. Народ у Беларусі, сцвярджаў ён у «Аўтабіяграфіі», «нібы асёл, стагнаў пад дзвюма ношамі — пад сваёй уласнай цемрай і забабоннасцю пануючых слаёў». Толькі нямногія з шляхты мелі магчымасць і жаданне далучыцца да Асветніцтва «шляхам выхавання, адукацыі і мэтанакіраваных падарожжаў і такім чынам атрымаць здольнасць дзеяння для свайго дабра і дабра сваіх падданых». Большасць жа феадалаў праводзіла «жыццё ў цемры і распусце, была забаўкай свайго збуялага азарту, які вёў да згубы тысячы іх падданых» (Маймон, і, 64). На думку філосафа, якраз такім прыгнятальнікам, неадукаваным, жорсткім і распусным, з’яўляўся нясвіжскі магнат Кароль Радзівіл. Аднойчы ён выклікаў цырульніка і, нібы жартам, сам пусціў яму кроў, цяжка пры гэтым параніўшы. Іншым разам прымусіў гусараў, каб яны неслі на руках яго карэту, якая не магла змясціцца на вузкім нясвіжскім вале. У касцёле «аддаў ваду» каля алтара і, каб ачысціць спрафанаваную святыню, загадаў мясцовым жыхарам ахвяраваць духавенству пяцьдзесят каменяў воску. У сінагозе сам выбіў вокны, выкінуў на падлогу скруткі Свяшчэннага Пісання, а калі адзін стары кінуўся іх падымаць, прашыў яго куляй. У корчмах наладжваў «на золаце» раскошныя балі для чужаземцаў. І ўсё гэта, канстатуе мемуарыст, рабілася на грошы, «выціснутыя з бедных прыгонных».

Страсны пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці выказаны ва «Урыўку жыцця» Васіля Пасека, напісаным у пецярбургскай гарадской турме1. Яго аўтар нарадзіўся на Украіне, але юнацтва правёў у Беларусі. Васіль Пасек быў пляменнікам Пятра Багданавіча Пасека, магілёўскага губернатара, а потым (з 1780 г.) — генерал-губернатара Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. Дзядзька ў трынаццаць гадоў узяў асірацелага аўтара, а заадно прыбраў да рук яго ўкраінскі маёнтак. Самога ж Васіля аддаў на службу ў Валагодскі «мушкацерскі» полк, які тады кватараваў у Магілёве. Служачы там, юнак зблізіўся з мясцовымі вальнадумцамі, ворагамі дэспатызму. Васіля Пасека пасадзілі ў турму. Яго ўспаміны, напісаныя там,— гэта крык збалелай душы бяспраўнага чалавека, пазбаўленага «здароўя і свабоды». У трыццаць два гады ён адчуваў сябе шасцідзесяцігадовым старым. Васіль Пасек, вораг дэспатызму і прыгонніцтва, у турме пісаў трактаты, адрасаваныя сенату. Зместу іх мы пакуль што не ведаем, але, несумненна, гэта былі творы, прасякнутыя духам свабодалюбства.

У канцы XVIII стагоддзя з’яўляюцца першыя змоўшчыкі, якія выношваюць планы канкрэтных дзеянняў, скіраваных на звяржэнне самаўладства. Пра аднаго з іх пакінуў скупыя звесткі М. Залескі. У 1795 годзе жыхар Гродна, былы камердынер Дзяконскіх, «складаў задуму рэвалюцыі, пачаткам якой павінна было стаць забойства князя Рэпніна і караля (Станіслава Аўгуста — аўт.). Выкрыты змоўшчык быў прыгавораны да пакарання смерцю. Памёр ён, калі з яго катаваннямі выцягвалі праўду» (Залескі, 228).

Як бачым, на працягу XVIII стагоддзя ў свядомасці, у характары жыхара Беларусі адбыліся вялікія змены. З бязвольнага фанатыка ён станавіўся чалавекам дзеяння, ворагам існуючага ладу. Дзякуючы Асветніцтву наступіў сапраўдны «пераварот у розумах». Зарадзілася шляхецкая (дваранская) рэвалюцыйнасць, якая асабліва выразна праявілася пазней, у першай палавіне XIX стагоддзя.

 

1 Отрывок жизни Василия Пассека, им самим сочиненный в Санкт-Петербургской градской тюрьме в 1803 году.— У кн.: Русский архив, изд. 2-е. М., 1866.

«Касмапаліт» ці патрыёт?

Характарыстыка нашага продка будзе няпоўнай, калі не высветліць, а як жа ён вызначаў сваю нацыянальную належнасць. Кім лічыў сябе тагачасны жыхар Беларусі: беларусам, палякам, літвінам? Ці была ў яго пэўная нацыянальная свядомасць? Ці ўласцівы яму патрыятызм? А калі так, то які? І якое імя даваў ён сваёй радзіме?

 

Вынікі паланізацыі

Творы мемуарыстыкі сведчаць, што ў XVIII стагоддзі мясцовая шляхта была ў значнай ступені паланізавана. У пагоні за прывілеямі і роўнымі правамі з палякамі яна прымала каталіцкую веру, забывала родную мову, свае традыцыі. Адсюль — і такая неакрэсленасць у вызначэннях. Жыхар Украіны Севярын Букар гаворыць пра віцэ-губернатара Грахольскага, спольшчанага ўраджэнца Беларусі, што «быў гэта паляк, беларус»1. Пра полацкага ваяводу Юзафа Сасноўскага пісалі, што ён паходзіў «са старажытнага рускага роду, рана спольшчанага»2.

 

Дэнацыяналізацыі шляхты садзейнічала таксама пашырэнне лацінскай, французскай і нямецкай моў. На слуцкім двары Гераніма Радзівіла амаль усе гаварылі па-нямецку3.

У другой палавіне XVIII стагоддзя, сцвярджае Шантыр, у Беларусі «пачаўся звычай ужываць французскую мову сярод людзей вышэйшага стану» (Шантыр, 57). На хвалі Асветніцтва, побач з пранікненнем перадавых філасофскіх ідэй, узмацнілася таксама перайманне, сляпое пакланенне ўсяму заходнееўрапейскаму. «Касмапалітычная» шляхта саромелася нават польскай мовы, традыцыйнага адзення і застолля, за што яе рэзка крытыкавалі патрыёты. «Людзі ў кунтушах і людзі ў фраках складалі нібы дзве асобныя нацыі», — згадвае тыя часы віцебскі кашталяніц Жавускі4.

Беларуская мова ў той час захоўвалася пераважна сярод прыгонных сялян і бяднейшых гараджан. На жаль, тагачасная мемуарыстыка нічога не гаворыць, як яны самі вызначалі сваю нацыянальнасць. У асяроддзі ж шляхты іх называлі «туземцамі» (Ф. Булгарын), «тутэйшымі», у лепшым выпадку — «русінамі». Лічылася, што гэта «сапсаванае» адгалінаванне суседніх народаў, вынік перакрыжавання розных уплываў. Рускі генерал-лейтэнант Сяргей Аляксеевіч Тучкоў пасля наведання Шклова запісаў: «Мы пакінулі Беларусь. Жыхары яе, асабліва чорны народ і земляробы, у правах і звычаях складаюць нейкую сумесь рускіх, палякаў, маларосаў і Літвы»5.

Неакрэслена вызначалася і сялянская мова. Яе характарызавалі як сумесь рускай і польскай моў або «горшы» дыялект адной з іх. Ураджэнка Навагрудчыны Ганна Герычова згадвала ў сваіх «Літоўскіх успамінах» розных сваякоў і прашчураў, у тым ліку і Багдановічыху з Доктаравіч — «для нас, унукаў, называлася яна бабулькай або бабуняй — ужо на больш цывілізаваным дыялекце»6. Бліжэй да ісціны быў толькі што згаданы Тучкоў. Ён падкрэсліў адметнасць беларускай мовы ад польскай і блізкасць яе да рускай: «Мова, якая ўжываецца простым народам і земляробамі або сялянамі, вельмі розніцца ад сапраўднай польскай, якая ўжываецца дваранствам. Яна бліжэй падыходзіць да рускай і не мае такога набору лацінскіх і нямецкіх слоў. Мужык, не слухаючы ніколі лацінскіх малітваў і богаслужэнняў, не ведае, што значаць словы суплікую, фатыгую, рэкамендую і інш.» (Тучкоў, 81). І толькі адзін С. Маймон спрабаваў даць назву «мужыцкай» мове. Мемуарыст згадвае яўрэя-пахтара з ваколіц Стоўбцаў, які не ведаў аніводнага яўрэйскага слова і «мог гаварыць толькі па-руску (гэта была звыклая мова мясцовых сялян)» (Маймон, 1, 120). Зазначым, што сапраўдную рускую мову тады звалі «расійскай» або «маскоўскай».

Што ж датычыцца шляхты, галоўнага тады носьбіта нацыянальнай свядомасці, то працэс яе дэнацыяналізацыі быў досыць глыбокі, але далёка не канчатковы. Знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, жыхары Беларусі ніколі не пачуваліся этнічна адзінымі з палякамі-«караняжамі». Больш таго, у XVIII стагоддзі ўзмацніліся сепаратысцкія імкненні, узрасло адчуванне адметнасці. Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага супрацьпастаўлялася Кароне. Гэта добра заўважыў «збоку» немец Вільгельм Шлемюлер. Прыехаўшы ў 1752 годзе ў Гродна, ён запісаў у сваім «Дзённіку падарожжа»: «Амаль заўсёды і пры кожным выпадку даецца заўважыць спаборніцтва паміж палякамі і літвінамі»7. Сваёй непрыхільнасці да палякаў не хаваў нават магнат Кароль Радзівіл. «Я люблю Карону, пане каханку, — казаў ён прыдворным,— але няма лепш, як наша Літва. У мяне і ў Кароне ёсць кавалак зямлі, але чорт бы там сядзеў» (Жавускі, 65). Не падабалася яму і на Украіне, дзе «шляхецтва смярдзіць». Таму згадаўшы, што яго «прабабка была літвінка», Кароль Радзівіл вярнуўся ў Нясвіж... Непрыхільнасць паміж «караняжамі» і «каўтунаватымі ліцвякамі», «бацвіннікамі» часта перарастала ў адкрытую варожасць. Спрэчкі на сеймах і сейміках завяршаліся крывавымі бойкамі.

 

1 Bukar Seweryn. Pamiętniki z końca XVIII i początku wieku XIX. Warszawa, b.d. s. 110.

2 Pismo zbiorowe. Pbq., 4859. t. I. s. 137.

3 Hieronim Radziwiłł, ustęp z opowiadania Stanisława Reytena.— Dziennik Literacki, 1856. nr 89. s. 273.

4 Wyjątki z pamiątek kasztelanica w(itebskiego). Dziennik Warszawski, 1851, 6 kwietnia.

5 Записки Сергея Алексеевича Тучкова. СПб., 1908. с.157. У далей­шым спасылкі ў тэксце (Тучкоў, старонка).

6 Geryczowa Anna z Reytanów. Z pamętników...Lwów, 1858, S.31. У далейшым спасылкі ў тэксце (Герычова, старонка)

7 Cudzoziemcy о Polsce. Kraków, 1971. t. 2. s. 31.

Пошукі ўласнага імя

Як відаць з твораў мемуарыстыкі, назва Беларусь тады ўжывалася рэдка, недакладна, пераважна ў дачыненні да Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Для доказу прывядзём некалькі вытрымак. Пабываўшы на Крычаўшчыне, Ян Дуклан Ахоцкі захапляўся гасціннасцю мясцовых жыхароў: «Усе беларускія грамадзяне, з якімі я тут пазнаёміўся, аказвалі мне многа спагады і сардэчнасці» (Ахоцкі, ІІІ, 57). Сваяк Яна Дуклана абат Іясафат Ахоцкі падкрэсліў: «Тракт, якім мы едзем на Беларусь, вядзе да Магілёва» (Ахоцкі, ІІ, 423). Да Беларусі С. Букар адносіў Віцебск, С. Тучкоў — Шклоў, А. Пішчэвіч — Уваравічы. І толькі ў адным выпадку, у таго ж С. Тучкова, назва Беларусь ужыта ў больш шырокім сэнсе — як землі на ўсход ад Вільні. У 1794 годзе ён згадаў дарогу, якая «вяла з Беларусі да так званай Вострай Брамы» (Тучкоў, 101). Успомнім, што праз гэту браму ўязджалі ў Вільню з мінскага і лідскага напрамкаў.

Заходнюю і цэнтральную часткі Беларусі мемуарысты XVIII стагоддзя называлі пераважна Літвой, а іх жыхароў — літвінамі або ліцвякамі. Прытым слова Літва, безумоўна, разумелася не ў этнічным, а ў гістарычным сэнсе — як тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага (за этнічнай Літвой часцей за ўсё захоўвалася назва Жмудзь). Літва ў Матушэвіча, Герычовай, Галамбёўскага, Пільштыновай, Жавускага, Булгарына — гэта Міншчына, Случчына, Брэстчына, Гродзеншчына, Навагрудчына. Аўтар «Успамінаў Сапліцы» рэкамендуе сябе так: «Нарадзіўся я літвінам, навагрудскім землеўласнікам» (Жавускі, 100). Польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі заяўляў: «Мы лічым сябе радавітым літвінам, бо нарадзіліся і прынялі святы хрост у Волчыне (каля Брэста — аўт.), а будучы ў рыцарскім стане, займалі пасаду літоўскага стольніка. Нават былі ў Лідзе на сейміку...» (Жавускі, 323). У «Успамінах пра князя Кароля Радзівіла» літвінам названы Мажэйка, ад’ютант князя, які паходзіў недзе з ваколіц Пінска.

 

Веданне беларускай мовы

Але, хоць гэта на першы погляд і дзіўна, «літвіны» і «ліцвякі», як правіла, добра ведалі беларускую мову — і старажытную, кніжную, і гутарковую, на якой размаўлялі сяляне. Ва ўсякім выпадку ў мемуарыстыцы нідзе не ўпамінаецца, каб шляхта не разумела сваіх прыгонных, каб ім у зносінах прыходзілася б карыстацца паслугамі перакладчыкаў...

Факты сведчаць, што паланізацыя не цалкам спыніла традыцыі, якія ішлі ад Скарыны і Буднага, статутаў і летапісаў Кірылічныя кнігі былі не толькі ў праваслаўных і уніятаў, але і ў католікаў, і ў пратэстантаў. Шляхце, мяшчанам, асабліва юрыстам часта даводзілася чытаць старыя «рускія» тэксты — юрыдычныя дакументы, прамовы, рэлігійную літаратуру. У Матушэвіча ёсць такія радкі: «Паколькі я быў выкліканы маім братам Вацлавам у брэсцкі гарадскі суд, каб сабраць і даставіць яго дакументы, дык паклікаў на дапамогу Фларыяна Лышчынскага, які пры маім пісарстве быў намеснікам брэсцкага гарадскога рэгента, і яшчэ аднаго, які ўмеў чытаць па-руску» (Матушэвіч, ІІІ, 104). У каталіцкай сям’і Герычовай ужываліся набожныя кніжкі, друкаваныя «славянскімі літарамі» (Герычова, 44). У сям’і Галамбёўскіх, таксама католікаў, дзяцей вучылі чытаць «па-руску».

Побач з польскай, лацінскай, французскай і іншымі мовамі тагачасная шляхта карысталася і гутарковай беларускай мовай. Яе ведалі не толькі ў засценках і дварах, але і ў магнацкіх палацах. Ва ўспамінах Я. Тышкевіча «Наша старонка» гаворыцца, што польскі кароль Станіслаў Аўгуст, прыехаўшы да Радзівілаў у Нясвіж, палічыў патрэбным выступіць з вершаваным тостам, які пачынаўся са слоў: «Пане гаспадару, каж віна даці, што б в твоей хаці ліха не знаці»1. У час паездкі таго ж караля па Піншчыне ўсюды яго віталі надпісамі на чатырох мовах — польскай, лацінскай, яўрэйскай і «рускай»2, а ў Дубоі — яшчэ і стылізаваным беларускім вершам, які быў напісаны мясцовым уніяцкім парохам і прадэкламаваны мясцовымі дзяўчатамі3.

«Беларусчына» часам была своеасаблівым сродкам зносін паміж мясцовымі магнатамі і рускімі саноўнікамі. Ва «Успамінах», выдадзеных у 1856 годзе ў Пецярбургу і Магілёве пад прозвішчам Бартламея Міхалоўскага (за ім хаваўся знаёмы нам ужо Г. Жавускі), расказваецца аб прыбыцці на Віцебшчыну намесніка Пасека (таксама ўжо нам знаёмага). «Беларускія паны» яго вельмі любілі бо нібыта — «у адпаведнасці з манаршай воляй ён цэлым краем так лагодна кіраваў, што не толькі прывязаў да новага ўрада дваран, якія там пражывалі, але нават былі прыклады, што шляхта, якая мела маёнткі ў Польшчы, пераносілася на Беларусь, напрыклад, граф Плятар і князь Ксаверы Любамірскі»4. І вось, каб аддзячыць за новыя прывілеі, якія ўраўнялі шляхту з рускім дваранствам, мясцовае панства сабралася ў Віцебску на баль. Французскую і рускую мовы яно ведала дрэнна, Пасек жа не гаварыў па-польску. Таму гаворка, якую ён вёў з панамі, была «па спосабу свайму досыць смешная: ён да іх гаварыў па-руску, а паны адказвалі на беларускім дыялекце, да якога былі прызвычаеныя, прабываючы сярод сваіх прыгонных»5.

Мемуарысты сцвярджаюць, што сярэдняя і дробная шляхта ў паўсядзённым быце часта карысталася беларускай мовай. У С. Шантыра апісаны такі напаўанекдатычны выпадак. На Полаччыне ў канцы XVIII стагоддзя жыў нехта Грабніцкі, дарэчы, прыхільнік французскай моды. Калі да яго прыбыў пасланец полацкага ваяводы Жабы, каб перадаць выклік на дуэль (адмовіцца ад яе тады не лічылася парушэннем гонару), Грабніцкі прыкінуўся глухім і на ўсе словы, звернутыя да яго, адказваў па-беларуску: «Не чую». Пасланец раззлаваўся і пачаў лаяць гаспадара: маўляў, пан Жаба кажа, што «ты нікчэмны, подлы, адным словам, к...». Грабніцкі на гэта спакойна парыраваў: «Скажы Жабе, што к... не вужака, не ўкусіць» (Шантыр, 60). Рускі мемуарыст Гаўрыіл Іванавіч Дабрынін, служачы на Магілёўшчыне, сустрэўся са шляхціцам Наркевічам, які расказваў аб закапаных на могілках скарбах. Гэтыя расказы нязменна заканчваліся беларускім заахвочаннем: «Треба шукаць»6. Многа беларусізмаў у С. Пільштыновай, М. Матушэвіча, К. Завішы («прынука», выпіць «на незабудзь»). Характэрна таксама, што І. Ходзька, стылізуючы свае «Успаміны квестара» пад аўтэнтычныя мемуары XVIII стагоддзя, шырока выкарыстоўваў беларускія фразы («Уставай, на плячах рабіць крыжа не буду»; «Хапай, Рэут, мяса»; «Стрэльчык вашэці настраляе» і інш.).

Усё гэта пацвярджае вывад сучаснага польскага даследчыка Януша Мацяёўскага аб тым, што «да канца XVIII стагоддзя існавалі сярод шляхты Вялікага княства Літоўскага групы, якія карысталіся выключна беларускай мовай, аднак шляхецтва іх ніколі не ставілася пад сумненне»7.

Сярод шляхты былі таксама пашыраны беларускія песні — як літаратурнага паходжання, так і народныя. Іх выконвалі нават у нясвіжскім замку Радзівілаў. Паміж прыдворных «рэзідэнтаў» там славіўся «князь Мірскі, стары, чуллівы кавалер, ён іграў на гітары, спяваючы тэксты і розныя песенькі, якіх умеў без ліку — польскія, жмудскія, беларускія — часцей за ўсё, калі быў крыху падхмелены» (Крашэўскі, І, 99). К. Завіта хваліўся: «Меў я добрую мінскую музыку з цымбаламі; добра рэзала яна старасвецкія танцы: «Альбо мене баршчу дайце», таксама: «Чэрнец чэрніцу завёв у півніцу», таксама: «Анусю, сэрдэнько, паліш мою душу» і г. д.» (Завіша, 152).

 

1 Tyszkiewicz Eustachy. Nasze strony. Kraków, 1871. s. 15.

2 Diariusz bytności...— Biblioteka Warszawska, 1860. t. III. s. 258—259.

3 Аддзел рукап. б-кі Чартарыскіх у Кракаве, рукап. № 959. С. 75.

4 Michałowski Bartłomiej. Pamiętniki. Pbg — Mohylew, 1856. t. ІІІ. s. 165.

5 Там жа. c. 170.

6 Добринин Гавриил. Истинное повествование... СПб., 1873. с. 277. У далейшым спасылкі ў тэксце (Дабрынін, старонка).

7 Problemy literatury polskiego Oświecenia, seria 2. Wrocław etc., 1977. S. 81.

«Краёвы патрыятызм»

Мемуарныя крыніцы даюць падставу для вываду, што ў XVIIІ стагоддзі, асабліва ў другой яго палавіне, больш выразна сталі акрэслівацца патрыятычныя пачуцці жыхароў Беларусі. Праўда, патрыятызм гэты яшчэ не мае «ўласнага імя». Ён то «літоўскі», то «рускі». Але ўжо супрацьпастаўлены «польскаму», «кароннаму». Узрастае ўсведамленне адметнасці беларускага краю, пачуццё любві да родных мясцін. Мемуарысты часта звяртаюцца ў думках да сваёй радзімы, клянуцца ёй у сыноўняй вернасці.

Характэрная ў гэтым сэнсе постаць Лукаша Галамбёўскага. Род яго паходзіў з Падляшша, а сам ён амаль усё творчае жыццё правёў у Польшчы. І тым не менш патрыятызм яго — не польскі, а «літоўскі». Рашаючы ўплыў аказала на Галамбёўскага дзяцінства, якое прайшло на Палессі, у ваколіцах Пінска. У польскага літаратуразнаўца была свая, беларуская «Арына Радзіёнаўна».

«Пры маці, — пісаў ён, — выхоўвала мяне вясковая бабулька, яна мяне любіла, і я да яе прывязаўся, хаця я, жадаючы чаго, быў патрабавальны і крычаў: баба, зараз жа дай! — мы, аднак, любіліся, і я заўсёды ёй са школы прывозіў гасцінец» (Галамбёўскі, 1—2).

Потым Галамбёўскі часта паэтызаваў роднае Палессе: «Успаміны маладосці, успаміны дзяцінства, колькі ж разоў на працягу гадоў вы прыходзілі мне ў галаву, як жа вы мілыя і старому! Пагост, радзімае гняздо маё, я мог бы цябе адмаляваць, дакладна адмаляваць такім, якім ты быў тады. Памятаю кожнае тваё дрэва, кожны лісток, кожную найменшую кветачку; мог бы цябе насяліць дакладна тымі ж самымі істотамі, якія цябе ажыўлялі, упрыгожвалі гэтай парой, а столькі год я вас не бачыў і не ўбачу болей. Гэту царкву з дзвюма вежамі, упрыгожанымі маляваннем на франтоне, гэтыя масты, на парэнчах якіх было нешта накшталт львіных пашчаў з доўгімі бародамі, гэтыя крамы, такія багатыя тады ў маіх вачах, бо ў іх мноства было абаранак, пернікаў, макароннікаў, арэхаў, яблыкаў, фінікаў і разынак нават, гэтыя домікі... усё гэта дакладна намалюю» (Галамбёўскі, 4). З асаблівай чуллівасцю вучоны ўспамінаў палескія лугі і касцоў, што званілі косамі.

Больш таго, Галамбёўскі, паляк па паходжанні і па месцу жыхарства, пад уплывам дзіцячых уражанняў пачаў сябе лічыць... літвінам (хаця літоўскай мовы не ведаў і ў этнічнай Літве, здаецца, не бываў). Калі яго сын Севярын вярнуўся на бацькаўшчыну, вучоны пераконваў яго: «Там літвіны, і ты ад літвіна паходзіш» (Галамбёўскі, 63). Патрыятызм нашага земляка актыўны, страсны: «Як мяне гэта цешыць, што ты маю радзімую старонку знайшоў такой жа, якой яна ў маіх успамінах, у маім сэрцы, бо калі ты кароняж (па месцу нараджэння — аўт.), то я літвін, да касцей літвін, а да таго ж пінчук. І на Бога бацькоў маіх спадзяюся, што пакуль свет будзе светам, там побач з вышэйшай адукацыяй захаваюцца нейкая высакародная прастата, нейкая сумленнасць, гасціннасць, ветлівасць, дабрадушнасць. Як жа не кахаць літвінак, сыне мой, — гэта немагчыма» (Галамбёўскі, 77).

Свой «літоўскі» (а па сутнасці, беларускі) патрыятызм Галамбёўскі імкнуўся перадаць дзецям. «Вітаем цябе на наваселлі! — звяртаўся ён з Варшавы да таго ж сына Севярына.— Няхай жа там табе будзе добра і ўсё лепш. Я быў бы рады, калі б табе там і вясна была мілей, і берагі Нёмана прыгажэй, і галасістыя літвінкі болей захаплялі, каб знайшоў там добразычлівых людзей і ласкавых да цябе начальнікаў. Пажадай толькі, а будзе ўсё гэта. О, напішы нам цяпер, мой сыне, што табе добра, што табе мілая тая краіна, дзе нарадзіўся твой бацька» (Галамбёўскі, 71). І далей: «Які ж вясною павінен быць прыгожы Нёман і яго берагі. Кожная рэчка мяне вабіць, прыцягвае, захапляе — ці то ў хвіліну самотнай прагулкі, ці з кніжкай у руцэ. Гэта рака (Нёман — аўт.) будзе мне цяпер мілей іншых. Буду і я там часта, заўсёды каля цябе, мой дарагі сыне. Пішы мне пра Нёман, пра яго берагі, аб салаўях, літвінках, сваяках» (Галамбёўскі, 72).

Такім жа перакананым «літоўскім» патрыётам стаў ураджэнец Валыні Генрык Жавускі. У дзяцінстве ён жыў каля Бярдзічава. Потым сур’ёзна захварэў, і бацькі адвезлі яго ў Варшаву. Сталічныя дактары не маглі даць рады. Параілі толькі, каб хлопчыка «адаслаць у жывічны край сасновых і яловых лясоў». Выбар паў на Міншчыну, на маёнтак Валамечка, дзе жыла бабуля мемуарыста. «Спосаб літоўскага жыцця,— згадвае ён,— у тыя часы не быў вытанчаны, стол быў гаспадарскі, мэблі простыя; дастатак і выгода, але раскошы яшчэ не ведалі»1. Бабуля гаварыла на «мове айчыннай» (не выключана, што беларускай).

Як і Галамбёўскі, Жавускі ў дзяцінстве сутыкнуўся з прыгоннай сялянкай, хавальніцай народных традыцый. На ўскраіне Валамечкі якраз жыла старая ўдава Янчэўская, якую лічылі знахаркай. Бабуля давярала гэтай жанчыне, паклікала яе ў двор. Янчэўская, агледзеўшы хлопчыка, парэкамендавала народныя лекі. «На снеданне і падвячорак, — успамінаў потым мемуарыст, — давалі мне паводле яе парады хлеб з маслам і рутай, свежа пакрышанай, а ідучы на супачынак, штовечар купаўся я ў ванне, напоўненай цёплай вадой з сасновай карой і нейкімі зёлкамі, якія яна сама прыносіла... Самыя славутыя лекары не ўмелі мне дапамагчы, а з ласкі простай бабы да мяне вярнулася здароўе»2.

Пасля прабывання ў Валамечцы Жавускі, сын украінскай зямлі, польскі пісьменнік, адчуў сябе «літвінам». Вось як ён апраўдвае сваё «ператварэнне». Па-першае, адсюль паходзіла яго маці. Па-другое, тут ён далучыўся да свету прыроды, адчуў сябе асобай. «Першапачатковыя ўражанні, атрыманыя ў дзіцячым узросце, аказваюць уплыў на ўсё жыццё... Самыя раннія мае думкі з’явіліся на літоўскай зямлі, калі мяне паўторна прывезлі ў Літву яна паўстала перада мною ў постаці айчыны. Пазнаў я тыя самыя елкі, якія толькі год назад ацянялі маю галаву, той касцёл бернардзінцаў у Івянцы... гэтыя прысады з ліп, дзе я столькі разоў сваволіў, гэты свіронак, каля якога я кідаў трусам капустку. Такім чынам вярнуўся я да старога спосабу быцця, да даўнейшых сяброў. І хаця лёс прымусіў мяне потым пасяліцца далёка ад святой Літвы, у духу ніколі не пераставаў адчуваць, што я літвін»3.

Патрыятызм Жавускага перакананы, актыўны. Пісьменнік хоча памнажаць славу «Літвы», звяртаецца да нашчадкаў з просьбай, нягледзячы ні на што, лічыць яго «літоўскім» пісьменнікам. «Маё разумовае жыццё,— працягвае Жавускі, — збудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне літвінам, той мяне пакрыўдзіў бы. Калі ў творах, апублікаваных у мае сталыя гады, ёсць нешта такое, што наступныя пакаленні хацелі б захаваць, няхай яны прымуць маю творчасць як плод той любві, якой я не перастану палаць дзеля дарагой Літвы. Большая частка сцэн у маіх раманах адбываецца ў Літве, мае героі часцей за ўсё літвіны. Ведаю пра тое, што нашчадкі не заўважаць мяне або хутка забудуць, але калі б я быў другім Гамерам, калі б прадчуваў, што калісьці гарады пачнуць з сабой спрачацца, жадаючы мець мяне сваім грамадзянінам, тады я смялей адазваўся б да літвінаў, просячы іх не дазволіць, каб па маёй смерці нейкая іншая зямля пераканала іх, што я не з’яўляюся дзіцём Літвы»4.

Вярнуўшыся на Украіну, Жавускі сумаваў па «любімай Літве». Яна здавалася яму асабліва прывабнай таму, што там захоўваліся адметнае аблічча, старыя традыцыі, што там менш адчуваліся ўлада грошай, пагоня за барышом. «Калі я пакінуў любімую Літву, Украіна здалася мне прывабнай краявідамі, прыгажосцю сваіх сёл, але ўсё ж спосаб існавання яе жыхароў не быў па сваёй натуры такім, каб я мог так хутка забыць Літву. У Літве была памяркоўнасць і ў жыллі, і ў сёлах, былі выгоды без раскошы, але была шчырасць, прастата звычаяў, клапатлівае захоўванне родных паданняў. Гэта не быў край, дзе лёгка ствараліся б вялікія маёнткі... Таму на Літве захаваўся мясцовы каларыт, нейкае лакальнае жыццё, нейкі маральны напрамак грамадскай думкі... Таму гэты край мае ў сваёй фізіяноміі вельмі выразныя рысы, а тым самым павінен быў пакінуць пасля сябе вялікае і трывалае ўражанне!»5

Прызнанні Жавускага вельмі сімптаматычныя. Сярод мемуарыстаў Беларусі ён адным з першых спрабаваў абгрунтаваць свой патрыятызм. «Літва» для яго ўжо нешта цэласнае, шматграннае — не толькі зямля, але і яе людзі, гісторыя, легенды. Жавускі выразна бачыў адметнасць «Літвы», яе «мясцовы каларыт». Аднак імя для сваёй «прыёмнай» радзімы ён браў не этнічнае, а гістарычнае. Міншчына для яго — толькі частка Вялікага княства Літоўскага. «Беларускі» патрыятызм пакуль што не выдзеліўся з больш агульнага — «літоўскага».

 

1 Wspomnienia z XVIII wieku.— Dziennik Warszawski, 1851, 31 sierpnia.

2 Там жа.

3 Wspomnienia z XVIII wieku.— Dziennik Warszawski, 1851, 31 sierpnia.

4 Там жа.

5 Wspomnienia z XVIII wieku.— Dziennik Warszawski, 1851, 30 grudnia.

Ідэалізацыя мінулага

У мемуарах Галамбёўскага і Жавускага ёсць яшчэ адна агульная рыса. Вяртаючыся ў думках у край свайго дзяцінства, абодва аўтары, як відаць з прыведзеных толькі што цытат, прыхарошваюць яго, паэтызуюць. «Літва» для іх — ледзь не зямны рай, «запаветная зямля».

Прырода такой ідэалізацыі, вядома, дваістая. Чалавек увогуле схільны лічыць, што раней, пры яго маладосці, усё было лепш. Ён увогуле з дзіцячых гадоў адбірае ў памяці пераважна добрае, светлае, радаснае, непадуладнае хуткаплыннаму часу, шукае ў беззваротным мінулым вытокі свайго быцця, яго апраўданне. Таму паэтызацыя дзіцячых успамінаў — няхай і мінорная — звычайна нясе ў сабе вялікі дадатны зарад, асабліва калі яна ідзе ў пары з выяўленнем патрыятычных пачуццяў.

Праслаўленне мінулага характэрна для многіх мемуарыстаў, асабліва польскіх, якія ў сярэдзіне XIX стагоддзя азіраліся назад, на сваё дзяцінства, што прыпала на канец XVIII стагоддзя. З аднаго боку, тут выявіўся ўплыў ідэалогіі польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якая заклікала да аднаўлення былой Рэчы Паспалітай. З другога боку, накладвала свой адбітак эстэтыка польскага рамантызму, генетычна звязанага з «крэсовымі», беларускімі, літоўскімі і ўкраінскімі землямі. У пошуках аргументаў рамантыкі таксама часта звярталіся да блізкага і больш далёкага мінулага. Абодва гэтыя фактары істотна ўздзейнічалі на творчасць і Галамбёўскага, і асабліва Жавускага, які свядома залічаў сябе да правага крыла рамантыкаў.

Трэба падкрэсліць, што апалагетызацыя мінулага ў розных аўтараў служыла розным мэтам. У радыкальна настроеных мемуарыстаў (характэрныя прыклады тут ужо адносяцца цалкам да XIX стагоддзя і таму ў гэтай кнізе не разглядаюцца) такая ідэалізацыя была сродкам (часта завуаляваным) адмаўлення сучаснасці — прыгонніцтва і самаўладства. Чытач нібы падводзіўся да думкі: несправядлівасць на свеце не вечная; быў час, калі яе не існавала (няхай толькі ва ўяўленні аўтара) — значыць, можа прыйсці час, калі яна зноў згіне... Зразумела, нельга прыкрываць вочы на тое, што ў прыхарошванні мінулага адначасова было закладзена і кансерватыўнае зерне. Нярэдка яно давала непажаданыя ўсходы. Нярэдка будучыня палохала аўтараў, і тады яны звярталі свой погляд выключна ў мінулае. Праслаўляўся патрыярхальны ўклад жыцця. Адмаўлялася ўсё, звязанае з прагрэсам краіны, развіццём новых, буржуазных, адносін.

Часам перадавыя і кансерватыўныя тэндэнцыі дыялектычна перапляталіся ў творчасці аднаго і таго ж аўтара. Зноў спашлёмся на Жавускага, на яго «Успаміны Сапліцы». У цэлым яны праслаўляюць старашляхецкую «вольнасць», патрыярхальныя традыцыі. Але адначасова аўтар выказвае надзею, што ў будучым адродзіцца і памножыцца ўсё лепшае, што было ўласціва мінуламу. Вось гэты супярэчлівы ўрывак: «Смяюцца з нас, старых, што мы заўсёды з прыемнасцю гаворым пра даўнейшыя часы і даўнейшых людзей. Але ж сапраўды і часы, і людзі былі лепшыя, чым цяпер... Відаць, што наш упадак толькі часовы, што гэта прыпыненне быцця, але не яго знішчэнне, страта прытомнасці, але не смерць; пасля ўсяго павінна абавязкова вярнуцца больш буйнае і светлае жыццё — як зерне, кінутае ў зямлю, перагнівае і замірае, каб потым ажывіць у дзесяць разоў багацейшы плён. Беднасць і прыгнёт часта бывалі прадвеснікамі вялікай памыснасці» (Жавускі, 202). Для «рэакцыянера» такое сцвярджэнне занадта патыхае аптымізмам.

Уяўнае любаванне мінулым, у тым ліку і яго кансерватыўнымі элементамі, нярэдка сустракаецца ў аўтараў, якія ў цэлым вызначаліся перадавымі поглядамі. Удзельнік паўстання 1794 года Ю. Нямцэвіч выкарыстоўваў гэты прыём ва «Успамінах маіх часоў» для таго, каб адмовіць дэмаралізацыю, якая, па яго перакананню, ішла ад буржуазнага Захаду. Вось адна з характэрных вытрымак. «Галоўныя рысы нораваў тых часоў былі: набожнасць, адданасць сельскай гаспадарцы, гасціннасць, ветлівасць. Пасля ранняга сняданку і малітвы гаспадар выязджаў у поле, каб агледзець земляробчыя заняткі. Абед заўсёды ў поўдзень; калі хто на яго прыехаў, таго абавязкова з удзячнасцю прымалі; пасля абеду ігралі ў мар'яша або ў шашкі, затым вяліся гутаркі. А сёмай гадзіне вячэра, а пасля дзевяці адпраўляліся спаць. Восенню і зімой многа часу займала паляванне. У бацькі майго былі вялікія лясы; памятаю, што часам у іх вадзіліся мядзведзі, але неўзабаве, калі пачалі пашыраць палі, карчаваць лясы. мядзведзі паўцякалі... Вялікія святы, імяніны, запусты абыходзілі з шчодрым дастаткам, урачыстасцю, вяселлем» (Нямцэвіч, І, 18).

З патрыярхальных пазіцый ідэалізаваў ваколіцы Бярэзіны Яўстафій Тышкевіч, чалавек умераных поглядаў. «У нашай старонцы, — пісаў ён аб пераломе XVIII і XIX стагоддзяў, — добрае калісьці было жыццё, вялікі дастатак, шчырая і прыяцельская гасціннасць, квітнелі гандаль і гаспадарка, усюды відаўся добры быт жыхароў, і, што самае важнае, мы тады самі былі маладыя»1.

Куды больш рэакцыйны характар мела ўсхваленне мінулага ў аўтараў такога тыпу, як вядомы нам ужо Ф. Булгарын. Ён таксама лічыў сябе патрыётам «Літвы», таксама паэтызаваў Міншчыну, дзе прайшло яго дзяцінства. «Прыемна ўспамінаць, — усклікаў ён у пачатку сваіх мемуараў, — першыя гады дзяцінства! Чалавеку ў гадах яны здаюцца прывабным сном». Але ў адрозненне ад Галамбёўскага, Жавускага і Нямцэвіча патрыятызм Булгарына пераходзіў у крайнюю апалагетызацыю ўсяго патрыярхальнага, захаваўчага. У «рускага Відока» няма ніякага станоўчага ідэалу (акрамя, можа, самога сябе). Сучаснасць ён асуджае выключна з пазіцыій мінулага. Булгарыну здаецца, што раней, у канцы XVIII стагоддзя, усё было лепш — людзі, рэкі, клімат. Зімы тады, маўляў, былі пастаянныя, вёсны — раннія: у сакавіку аралі, а ў красавіку ўсё цвіло. У колішні «дзелавы і вясёлы час» Міншчына, маўляў. лічылася «багатай і пладароднай». «Пшаніца расла ў рост чалавека, жыта і яравое збожжа заўсёды давалі багаты плён». У Булгарына сціраюцца класавыя супярэчнасці, ідэалізуецца жыццё прыгоннага сялянства. Пра канец XVIII стагоддзя наш зямляк безапеляцыйна сцвярджае: «Хлеб быў у запасе і ў пана, і ў добрага селяніна» (Булгарын, І, 128).

З прыведзеных ужо выказванняў Галамбёўскага, Жавускага і іншых аўтараў відаць, што ідэалізацыя мінулага ў іх мемуарах непарыўна спалучалася з паэтызацыяй роднай прыроды. У дыярыушах XVII — першай палавіны XVIII стагоддзя прырода прысутнічала тады, калі ў ёй адбыліся нейкія катаклізмы, нешта «звышнатуральнае». І толькі ў канцы XVIII стагоддзя, у цеснай сувязі з фарміраваннем «літоўскага» патрыятызму, мемуарысты пачынаюць адкрываць для сябе непаўторную прыгажосць навакольнага свету. Паэтызуецца не выключнае, а паўсядзённае: смалістыя бары, млын над рэчкай, мурожныя лугі, песні салаўя... У мемуарах з’яўляецца пейзаж. Успаміны аб роднай прыродзе натхняюць аўтараў, дапамагаюць ім жыць удалечыні ад родных мясцін. Знаходзячыся ў Парыжы, Г. Герычова з замілаваннем згадвала зімы на Навагрудчыне, «калі дрэвы завеяны снегам, калі пасля марозу іней на голлі, а сонца пакажацца іскрыстае... Вербы, абсыпаныя снегам, адбіваюць праменні сонца мільёнамі цудоўных зорачак. Ніводзін мастак, пейзажыст не перадаў яшчэ гэтага краявіду» (Герычова, 38—39). З такога вось канкрэтнага, амаль фізічнага адчування хараства прыроды і пачыналася любоў да радзімы. Каб такое пачуццё прыйшло, патрэбны былі стагоддзі папярэдняга развіцця, трэба было, каб чалавек усвядоміў сябе асобай, адчуў неабходнасць вызначыць сваё месца ў навакольным свеце. Неабходны былі новыя грамадскія ўмовы.

Такім чынам, адказ на пытанне, ці быў у XVIII стагоддзі (прынамсі, у яго канцы) у мясцовай шляхты «беларускі» патрыятызм, не можа быць адназначны. Такі патрыятызм нараджаўся. З’явілася ўсведамленне адметнасці роднай зямлі, захапленне яе прыгажосцю, імкненне прыхарошыць яе мінулае. Але гэты патрыятызм яшчэ не меў дакладнага «ўласнага імя», у пэўным сэнсе запазычваў яго, што, безумоўна, тармазіла фарміраванне нацыянальнай свядомасці. Шляхта любіла не «ўсю Беларусь», а толькі мясцовы край, частку колішняга Вялікага княства Літоўскага. Мемуарысты яшчэ не дужа ўсведамлялі этнічную адметнасць таго народа, сярод якога яны жылі, не ставілі пытанне пра сваю належнасць або неналежнасць да гэтага народа.

Фарміраванне патрыятычных пачуццяў у пэўным сэнсе стрымлівалася ўплывам Асветніцтва. Асветнікі ў многім арыентаваліся на Захад, імкнуліся быць «наднацыянальнымі», адмаўлялі айчынныя, «сармацкія» традыцыі. Галоўным абвяшчалася не «нацыя», а «народ», сацыяльныя рэформы, развіццё краіны па буржуазнаму шляху. Прадстаўнікі ж «захаваўчага» лагера, выступаючы супраць асветнікаў, якраз абапіраліся на старыя традыцыі, у імя любві да айчыны заклікалі да іх ажыўлення. Таму склалася на першы погляд парадаксальная сітуацыя: найбольшымі патрыётамі «Літвы» першапачаткова выступалі людзі ўмераных або нават кансерватыўных перакананняў — тыя ж Галамбёўскі, Герычова, Жавускі. Сваю любоў да радзімы яны палемічна супрацьпастаўлялі «амаральнаму касмапалітызму» асветнікаў.

Аднак пройдуць гады — і зерне, кінутае «захавальнікамі», прарасце ў іншых умовах, у іншым сацыяльным лагеры. З «краёвага», «літоўскага» патрыятызм стане беларускім. Паняцце «народ» перастане быць тоесным паняццю «шляхта». «Гістарычны» падыход уступіць месца этнічнаму. І тады, у другой палавіне XIX стагоддзя, М. Маркс і А. Абуховіч у мемуарыстыцы, В. Дунін-Марцінкевіч і Ф. Багушэвіч у паэзіі, К. Каліноўскі ў публіцыстыцы страсна заявяць аб сваёй непарыўнай лучнасці з тым народам, імя якому беларусы.

 

1 Tyszkiewicz Eustachy. Nasze strony. s 5.

Сацыяльны партрэт: магнаты

У Рэчы Паспалітай, дзяржаве феадальнай, уся ўлада, палітычная і эканамічная, належала шляхце. У адрозненне ад дваранства ў іншых еўрапейскіх краінах польская, беларуская, літоўская, украінская шляхта была больш шматлікай. Паводле вядомага гісторыка XIX стагоддзя Тадэвуша Корзана (дарэчы, ураджэнца Мінска), у 1791 годзе шляхта складала 8 працэнтаў жыхароў краіны (дваранства ў Заходняй Еўропе — каля двух працэнтаў).

У XVIII стагоддзі шляхта была паняццем саслоўным. Як слушна сцвярджае Анджэй Заянчкоўскі, яе нельга ідэнтыфікаваць з якім-небудзь адным класам, таму што ўнутры гэтага саслоўя існавала класавая барацьба1. У адрозненне ад рускага дваранства шляхта ў Рэчы Паспалітай маёмасна была вельмі дыферэнцыраванай. На адным полюсе — магнаты, уладальнікі вялікіх латыфундый. На другім — «шарачковая», «загонная» шляхта, якая жыла з працы сваіх рук або служыла магнатам, няшчадна імі эксплуатавалася (зарубежных падарожнікаў шакіравала шляхта, якая вазіла гной, уторкнуўшы ў яго свой абавязковы атрыбут — шаблю). Папулярная прымаўка казала, што ў ашмянскай шляхты адна нага абута ў бот, а другая ў лапаць... А паміж гэтымі полюсамі была сярэдняя шляхта — уладальнікі адной-дзвюх вёсак. Якраз яна найбольш ненавідзела дробных «шарачкоў», фармальна роўных з ёю.

1 Zajączkowski Andrzej. Główne elementy kultury szlacheckiej w Polsce. Wrocław, 1961. s. 35, 41.

Агульнае і адметнае

І ўсё ж, нягледзячы на значнае сацыяльнае расслаенне, шляхта была адзіным саслоўем. Аб’ядноўвалі яе агульныя правы, прывілеі. Перш за ўсё гэта выключнае права ўладаць зямлёй, прыгоннымі сялянамі (мяшчанства не мела яго). Шляхце быў таксама дадзены прывілей «недатыкальнасці жылля». Яе землі вызваляліся ад падаткаў, а тавары — ад мыту. Толькі шляхта мела права займаць дзяржаўныя пасады, а таксама... гнаць і прадаваць гарэлку. Аднаго не магла шляхта: гандляваць і займацца рамёствамі. Чалавек, які «спрафанаваў» сваё саслоўе такімі «подлымі» дзеяннямі, губляў шляхецтва і пераходзіў у мяшчанства.

Асабліва высока шляхта цаніла сваю «залатую вольнасць». Яна сапраўды была больш значная, чым у дваран суседніх краін. Удзел у сейме, сейміках і трыбуналах дазваляў шляхціцу істотна ўплываць на знешнюю і ўнутраную палітыку краіны. Шляхта падпарадкоўвалася толькі тым законам, якія сама прымала. Практычна яна была незалежная ад караля, цэнтральнай улады. Па словах польскага гісторыка культуры Аляксандра Брукнера, шляхціца звязвалі з каралём толькі падымны падатак ды абавязак удзельнічаць у «паспалітых» войнах. Лагічным вынікам такой «свабоды» было самавольства.

Шляхта ганарылася таксама сваёй «роўнасцю». Фармальна «шарачок» меў такія ж правы, што і магнат. «Шляхціц на сядзібе,— гаварыла прыказка,— роўны ваяводзе». Юрыдычна ў Рэчы Паспалітай не прызнаваліся княжацкія (апрача старадаўніх «рускіх» родаў) і графскія тытулы. Арыстакрат павінен быў называць беднага шляхціца «панам братам», «васпанам», «вашмосцем» або «дабрадзеем». Але на практыцы ўсё гэта выглядала іначай. Тытулы купляліся за граніцай. «Брат» замяняўся зняважлівым «брацікам», «аспанам» або «асанам». Каб падкрэсліць сваю адметнасць, выключнасць, багатая шляхта шырока карысталася «службовымі» тытуламі: стольнік, чэснік, мечнік, скарбнік, кашталян... У каго такога тытула не было, той купляў яго. Мемуарыст Я. Ахоцкі прызнаецца, што сваім сябрам ён «даставаў падкаморства, харунжанства, чэснікаўства і скарбніцтва» за 10—15 дукатаў. У крайнім выпадку можна было падкрэсліць, што такі тытул меў нехта з продкаў. Матушэвіч згадвае нейкага Русецкага, «праўнука мінскага кашталяна, які зваўся мінскім кашталяніцам».

Практычна магната і «шарачка» аддзяляла велізарная сацыяльная бездань. Бедная шляхта залежала ад сярэдняй і буйной, аддавала ёй «за хлеб і соль» свае галасы на сейміках. Магнаты сапраўды былі «свабодныя», бо мелі вялікія ўладанні (асабліва на Украіне і Беларусі). Да сваіх радавых маёнткаў яны далучалі каралеўскія староствы — спачатку бралі іх у арэнду, а потым не аддавалі назад. Магнацтва прыбірала да рук біскупскія кафедры (у XVIII стагоддзі іх мог заняць толькі той, хто меў добрую радаслоўную), сілай захоплівала фальваркі дробнай і сярэдняй шляхты. Арыстакраты станавіліся ўладарамі велізарных абшараў, фактычнымі гаспадарамі «Прынёманскага» краю.

Кароль Радзівіл, напрыклад, быў ардынатам нясвіжскім і алыцкім, уладальнікам Біржаў, Дубінкаў, Слуцкага княства, Кейдан, Койданава, Чарнаўчыцаў, Невеля, маёнткаў у Жоўкве і Злочаве, затым — вялікіх двароў на Валыні і Украіне, якія яму дасталіся па маці, апрача гэтага — арандатарам велізарных каралеўшчын. Паводле Нямцэвіча, у скарбніцы нясвіжскага магната захоўваліся «дванаццаць апосталаў вышынёй у дзве ступні, адлітыя з чыстага золата, сталы, літыя з серабра, і тысячы іншых каштоўных прадметаў» (Нямцэвіч, І, 34). Абапіраючыся на дакументы, Крашэўскі сцвярджаў, што нясвіжская скарбніца займала тры вялікія залы, напакаваныя ўсякай усячынай — «пачынаючы ад значнай колькасці карцін, габеленаў — аж да дванаццаці драўляных коней, аздобленых сёдламі і збруяй нябачанай прыгажосці. Панскае багацце рэпрэзентавалі каштоўныя каменні, галаўныя ўборы, запінкі, пярсцёнкі, гадзіннікі, нашыйнікі, кольчыкі. Апрача гэтага — маршалкаўскія жэзлы, булавы гетманаў, буздыганы (жалезныя дубіны — аўт.), каштоўныя сагайдакі і шчыты, шаблі ў залатых ножнах, залатая і пазалочаная зброя, акропленыя святой вадой мячы, шыццё, карункі, урэшце, егіпецкія муміі, зброя дзікіх індзейцаў — усяго гэтага хапала, каб прыемна і з карысцю заняць некалькі гадзін часу»1. Кароль Рэчы Паспалітай у параўнанні з Каролем Радзівілам выглядаў «бедненькім».

У магнацкіх дварах канцэнтравалася мноства службы — рэспектавай (ганаровай, з дваран) і платнай. Платная служба ў сваю чаргу дзялілася на чыноўнікаў-афіцыялістаў (маршалак, сакратар, падскарбі, канюшы, гардэробны, падчашы, камердынер, камісары, пленіпатэнты) і простых прыдворных, чыім абавязкам было прыйсці з раніцы ў панскія пакоі і чакаць далейшых загадаў. У ліку тых, хто звычайна быў пры двары, Кітовіч называе пакаёвых хлопцаў, лакеяў, гайдукоў, пахолікаў, паюкоў, венгрынкаў, гусараў, стральцоў, пажаў, турчанят, ляўфраў (пасыльных ганцоў), фурманоў, машталераў (даглядчыкаў коней), кухмайстраў, кухараў, кухцікаў, цукернікаў, буфетных. Некаторыя прыдворныя мелі сваіх слуг (пахолікаў, казачкоў), якіх мусілі ўтрымліваць уласным коштам (Кітовіч, 397, 403). У кожнага былі строга вызначаныя абавязкі. Гайдук, напрыклад, трымаў ля пана палаш, паюк стаяў за гаспадыняй, калі яна ў гасцях сядзела за сталом, трымаў яе малітоўнік у касцёле. Як піша Ахоцкі, у кожнага магната служба была апранута ў адзенне «свайго колеру», і злачынствам лічылася прысвойваць «чужыя колеры».

Урэшце, магнаты мелі ў сваіх дварах шматлікія арміі. Геранім Радзівіл «трымаў рэгулярнага войска шэсць тысяч рознай зброі, кавалерыю і пяхоту, старшых афіцэраў называў генераламі, палкоўнікамі, маёрамі» (Кітовіч, 377). Апрача таго, слуцкі ардынат меў яшчэ «шэсць тысяч нерэгулярнага войска — rазакаў і стральцоў». Муштравалі іх нямецкія афіцэры. З дапамогай такой арміі жорсткі магнат лёгка распраўляўся з сялянскімі бунтамі і паўстаннямі (напрыклад, з Крычаўскім паўстаннем). Усяго ж пры неабходнасці Радзівілы маглі паставіць пад ружжо да 50 тысяч кавалерыі і столькі ж пяхоты.

Дзякуючы сваім багаццям і арміям магнаты адчувалі сябе «пупком свету», «соллю зямлі». Радзівілы лічылі, што «на трубы» ў іхнім гербе звернут позірк «усяго свету». Нясвіжскія ардынаты часта не падпарадкоўваліся каралеўскай уладзе, больш таго, скрытна вялі інтрыгі, каб самім атрымаць каралеўскую карону. Сімвалам «пераемнасці» павінен быў служыць... ложак, які стаяў у радзівілаўскай спальні: у XVII стагоддзі ён належаў польскаму каралю Яну ІІІ Сабескаму, а да яго трапіў ад французскага караля Людовіка XIV.

Магнацкая пыха не ведала межаў. Ставіўся знак роўнасці паміж шляхтай і народам, нацыяй, дзяржавай. Узорам паўнацэннага чалавека стаў «bene natus et posessionaltus et catholicus» («высакародны землеўласнік і католік»). Сцвярджалася, што сяляне і мяшчане ніжэй шляхты ў фізічных і псіхічных адносінах, паколькі паходзяць яны не ад біблейскага Яфета, а ад «подлага Хама». Магнаты залічалі сябе ледзь не да святых, патрабавалі асаблівага, прыніжанага ўшанавання. У розных мемуарных крыніцах гаворыцца, што калі жонка Міхала Радзівіла спявала ў касцёле «гадзінкі», на яе словы: «Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло», хор прыдворных, кланяючыся, адказваў: «Пакорліва дзякуем вашай княжацкай мосці».

У XVIII стагоддзі выразна заўважаецца фізічнае і маральнае выраджэнне магнацтва. Раней лічылася гонарам мець многа дзяцей, цяпер арыстакраты (Геранім і Кароль Радзівілы) уміраюць беспатомна, а іх шматлікія жонкі шукаюць уцехі з другімі, уцякаюць са слугамі за граніцу. Распаўсюджанымі становяцца псіхічныя расстройствы, маньяцтва, садызм, распуста. У XVI і XVII стагоддзях магнаты яшчэ бралі ў рукі шаблю, займаліся дзяржаўнымі праблемамі. Тады яшчэ абавязвалі рыцарства, адвага, высакароднасць. Цяпер жа шляхецкая эліта бавіць час у бесперапынных баляваннях і паляваннях. У дзённіку Міхала Радзівіла вельмі часта сустракаюцца такія запісы: «Абед у замку, і дужа многа гасцей меў я. Пасля абеду адбылася карусель. Былі чатыры банды кавалераў: у кожнай бандзе шэф і чатыры кавалеры... Было зноў жа столькі ж банд дам на фаэтонах, запрэжаных адным канём... Пасля была цудоўная вячэра ў замку, і так нам весела прайшоў дзень»2. Нездарма А. Сайкоўскі робіць вывад, што дзённік Рыбанькі, чалавека набожнага і адначасова «драпежнага», пераканаўча сведчыць аб «упадку інтэлектуальнай культуры ў саксонскія часы»3.

Аднак нельга сказаць, што магнаты зусім не займаліся карыснай дзейнасцю. Сярод іх былі і людзі актыўныя, гаспадарлівыя (Ганна Радзівіл, Антон Тызенгаўз, Міхал Казімір Агінскі, Іяахім Храптовіч), якія дбалі пра развіццё рамёстваў і гандлю, засноўвалі мануфактуры, дзе вырабляліся сапраўдныя шэдэўры прыкладнога мастацтва (літыя паясы ў Слуцку, габелены ў Карэлічах, посуд і люстэркі ў Налібоках і Урэччы, тканіны ў Гродне і Ружанах). Больш адукаваных магнатаў ужо не задавальняла пустое баўленне часу. Нараджаецца мецэнацтва. З’яўляюцца прыдворныя друкарні (Нясвіж, Гродна, Слонім), прыгонныя тэатры з аркестрамі, опернымі, балетнымі і драматычнымі трупамі (Нясвіж, Слуцк, Ружаны, Слонім, Гродна, Шклоў). У іх рэпертуар уваходзяць не толькі заходнееўрапейскія творы, але і трагедыі, камедыі і оперы мясцовых аўтараў (Францішка Радзівіл, Мацей Радзівіл, Міхал Казімір Агінскі). Сярод маладой арыстакратыі (Чартарыскія, Храптовічы, Панятоўскія — цікава, што адзін з Панятоўскіх, дзед польскага караля Станіслава Аўгуста, прынцыпова пісаў сваё прозвішча праз у кароткае) распаўсюджваліся ідэі Асветніцтва, тэорыі французскіх фізіякратаў, творы Вальтэра і Русо. Шырыліся заклікі да рэформ, паляпшэння сялянскага быту, змяншэння шляхецкай анархіі і ўзмацнення цэнтральнай улады.

 

1 Kraszewski J. І. Król w Nieświeżu. s. 163.

2 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. s. 154—155.

3 Там жа, с. 154.

Радзівілы

У XVIII стагоддзі на Беларусі было нямала магнацкіх родаў — Сапегі, Агінскія, Масальскія, Чартарыскія, Пацы, Тышкевічы, Пацеі... Аднак першае месца сярод іх і па багаццю, і па дзяржаўных пасадах, безумоўна, займалі Радзівілы.

Імкнучыся яшчэ больш узвялічыць свой род, Радзівілы выводзілі яго ад старажытнай рымскай арыстакратыі. Пачынальнікам роду нібыта быў Дорспрунг, таварыш легендарнага Палямона, які з Рымскай імперыі дабраўся морам у Літву і заснаваў тут Рамнову (Новы Рым). Аднак у летапісных крыніцах імя Радзівіл (потым яно стала прозвішчам) упершыню сустракаецца толькі ў 1401 годзе. Магутнасць жа Радзівілаў пачынаецца з 1547 года, калі ім надалі тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі, а польскі кароль Зыгмунт Аўгуст ажаніўся з Барбарай Радзівілаўнай Гаштальдавай. Маладая і прывабная ўдава (легенда кажа, што з яе пісаўся абраз Маці Божай Астрабрамскай) пакарыла сэрца караля, таксама ўдаўца, пры дапамозе сваіх братоў Мікалая Рудога і Мікалая Чорнага, якія за гэта сталі высокімі літоўскімі саноўнікамі. Мікалай Чорны (дарэчы, заснавальнік друкарні ў Брэсце) неўзабаве стаў плесці інтрыгі супраць самога караля, прыняў пратэстанцтва, каб не падпарадкоўвацца ягонаму каталіцкаму двару. Гэты «грэх» бацькі замольваў яго сын, Мікалай Сіротка. Ён адбыў паломніцтва ў Іерусалім, якое каларытна апісаў у сваім «Падарожжы» (вытрымала некалькі выданняў, перакладзена на іншыя мовы). Сіротка пабудаваў у Нясвіжы замак і фарны касцёл, акружаў сябе вучонымі (Т. Макоўскі). Паступова Радзівілы сталі тытулаваць сябе «князямі з божай ласкі», падобна каралям, прыбаўлялі да свайго імя парадкавы нумар. Яшчэ ў пялёнках яны атрымоўвалі высокія званні, пасады і ордэны (Пане Каханку стаў паслом на сейм у... чатырнаццаць гадоў).

Пачынаючы з Сіроткі многія Радзівілы як беларускай (нясвіжскай), так і літоўскай (біржанскай) лініі пісалі дыярыушы. «Успаміны» пакінуў кардынал Ежы Радзівіл, брат Сіроткі1. Потым мемуарыстыкай займаліся Багуслаў2 і Альбрэхт3 Радзівілы. Гэта традыцыя працягвалася і ў XVIII стагоддзі. Вядомы «Збор каляндарных дзён» Кароля Станіслава Радзівіла, бацькі Рыбанькі і дзеда Пане Каханку4. Рыбанька таксама вёў штодзённа, на працягу трыццаці гадоў «Дыярыуш», рукапіс якога налічвае больш дзесяці тысяч старонак. «Вадэмекум» і дыярыушы пакінуў пасля сябе брат Рыбанькі слуцкі ардынат Геранім. Вялікая мемуарная літаратура звязана з імем Кароля Радзівіла Пане Каханку. Урэшце, дзённікі пісалі таксама жонкі Радзівілаў (напрыклад, жонка Марціна брэсцкая падчашанка Марта Трамбіцкая). Усе гэтыя крыніцы даюць багаты матэрыял для гісторыі быту і нораваў тагачаснай Беларусі.

Мемуары пераконваюць нас, што ўсіх Радзівілаў нельга мераць адной меркай. Прадстаўнікі гэтага роду розніліся не толькі характарамі, але і перакананнямі. Адны былі жорсткімі тыранамі, другія ж падзялялі ліберальна-асветніцкія погляды, выступалі за рэформы, супраць царскага самаўладства.

Найбольш радыкальнымі поглядамі вызначаўся Мацей Радзівіл. Ён горача падтрымаў канстытуцыю З мая, прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, на свае грошы ўзброіў некалькі атрадаў пяхоты і кавалерыі. Сялян, якія прымыкалі да паўстання, вызваляў ад прыгонніцтва. За ўсё гэта царскія ўлады праследавалі Мацея Радзівіла, адабралі ў яго права на апеку над малалетнім князем Дамінікам, якому пасля смерці Пане Каханку дасталіся ўсе агромністыя нясвіжскія ўладанні. Свае ліберальныя погляды Мацей Радзівіл выказаў у лібрэта оперы «Агатка», пастаўленай у Нясвіжы ў 1784 годзе (музыка Д. Голанда). У ёй даказвалася, што сяляне — таксама людзі, што яны, «карміцелі» свету, маюць права на «натуральнае шчасце». Потым, пры пастаноўцы ў Варшаве, аперэта істотна скарачалася цэнзурай.

Станоўчыя моманты можна знайсці ў дзейнасці Удальрыка (Ульрыка) Радзівіла. Ён цікавіўся механікай, астраноміяй, у 1761 годзе разам з афіцэрамі гарнізона ў Камянцы назіраў Венеру, якая пераходзіла якраз праз сонечны дыск. Пісаў вершы, перакладаў на польскую мову п’есы нямецкіх аўтараў, займаўся ўсеагульнай гісторыяй, заклікаў да рэформы «літоўскай» (?) граматыкі на фанетычнай аснове. Ёсць звесткі (А. Брукнер), што Удальрык Радзівіл рабіў таксама пераклады на беларускую мову. Увогуле ж ён лічыўся дзіваком і арыгіналам. Не разлічваючы на жаночую ўзаемнасць (сваім выглядам «палохаў жанчын»), загадаў мясцоваму мастаку намаляваць партрэт прыгожай дамы і цэлымі днямі іграў на флетраверсе «гімны ў гонар гэтага ідэалу». Маючы пад пяцьдзесят гадоў, ажаніўся з маладзенькай суседкай, чым выклікаў нянавісць усёй сям’і. Пад старасць Удальрык Радзівіл напісаў «даведнік» «Куншт кахання», дзе выкарыстаў як свой «вопыт», так і творы французскіх аўтараў. Зрэшты, некаторыя парады камянецкага магната гучаць упаўне разумна: каб спадабацца жанчыне, трэба «трэніравацца» ў літаратуры і мастацтве, не перабольшваць у пахвальбе, не расказваць аб «атрыманых фаворах».

Куды больш адхіленняў ад псіхічнай нормы, сведчанняў выраджэння было ў знаёмага ўжо нам уладальніка Чарнаўчыц Марціна Радзівіла. Праўда, у маладыя гады ён захапляўся прыродазнаўчымі навукамі, асабліва медыцынай і хіміяй. Падарожнічаў па Заходняй Еўропе, займаўся доследамі, збіраў розныя калекцыі, ахвотна музіцыраваў. Але потым захапіўся шарлатанствам, алхіміяй, пачаў шукаць «філасофскі камень», які ператвараў бы ў золата звычайныя металы. З гадамі чарнаўчыцкі магнат усё больш сходзіў з глузду. Матушэвіч, які добра ведаў князя Марціна, сцвярджае, што яго вар’яцтва праяўлялася ў трох «постацях»: сексуальнай распусце, расправах над людзьмі і «рэлігійных практыках». Як ужо гаварылася, у чарнаўчыцкім двары існаваў сапраўдны гарэм, «кадэткі» якога галадалі, хадзілі ў падраных кашулях. На сумленні князя і яго памочнікаў было некалькі змрочных забойстваў, грабяжы і падпалы. Замольваючы грахі, Марцін Радзівіл кінуўся ў іудаізм, пачаў верыць у «перасяленне душ» (маўляў, у будучым ён сам стане... сланом, а потым вярхоўным жрацом). Паводле Нямцэвіча, кожную пятніцу ў Чарнаўчыцах збіраліся прыхільнікі іудаізму на яўрэйскія стравы — «на барухі, локшын, шчупакоў і кугель». Урэшце, вар’яцтвы князя вывелі з цярпення яго родзічаў, і ён апынуўся «пад апекай» у слуцкім замку. Увесь парадокс заключаўся ў тым, што «апеку» даверылі Гераніму Радзівілу, чалавеку таксама псіхічна ненармальнаму, маньяку і садысту.

Радзівіл жорсткі

Злавесная постаць Гераніма Радзівіла варта таго, каб на ёй спыніцца падрабязней. Тым больш што мемуарная літаратура дае для гэтага багаты фактычны матэрыял.

Літоўскі харунжы, слуцкі і бяльскі ардынат Геранім Фларыян Радзівіл (1715—1760) — тыповы алігарх свайго часу. Нібы ў фокусе, у ім засяродзіліся, увасобіліся ўсе заганы позняга, загніваючага прыгонніцтва. Атрымаўшы ад бацькоў велізарную «фартуну», ён пяць гадоў прабываў за граніцай, пераважна ў Прусіі. Вярнуўшыся на радзіму, заводзіў у сябе прускія парадкі, нямецкую муштру. Адчыніў у Слуцку кірху, дзе слухаў казанні на нямецкай мове. Акружаў сябе прускімі і курляндскімі ваякамі. Камендантам слуцкага гарнізона быў прызначаны педант Карлінг. З Берліна і Вены ў Слуцк прыязджалі тэатральныя трупы (паколькі артысты, не вытрымліваючы цяжкіх умоў, часта ўцякалі, да іх прыстаўлялі салдат).

У бытнасць Гераніма Радзівіла Слуцк ператварыўся ў вялікую і добра ўмацаваную крэпасць. Станіслаў Рэйтан успамінаў, што верхні замак рускіх князёў Алелькавічаў к таму часу ўжо ляжаў у руінах. «Тырчала толькі высокая, у некалькі паверхаў вежа, ператвораная ў турму; ніжні замак, які знаходзіўся побач, быў акружаны валамі, равамі, пад’ёмнымі мастамі»5. Горад Слуцк таксама «ўвесь аколены высокімі валамі, глыбокімі равамі». У валах было зроблена пяць брам. Яшчэ адно ўмацаванне («цытадэль») узвышалася за горадам. Штодзённа там адбываліся вучэнні прыдворнага войска. Вечарам Карлінг абавязкова прыносіў ключы ад цытадэлі князю і тут жа атрымоўваў «план практыкаванняў і экзекуцыю) на наступны дзень.

У адрозненне ад свайго брата Рыбанькі, чалавека вонкава дабрадушнага (яго «дабратой» захапляўся Матушэвіч), Геранім Радзівіл не ўмеў і не хацеў іграць ролю «апекуна» навакольнай шляхты, ненавідзеў яе. У дзённіках князя, пісаных выразным «вострым» почыркам, пра ніжэйшых па знатнасці гаворыцца з пагардай: «смярдзючае гноем сяброўства», «галовы з калом пыхлівасці». «Навошта мне іх садзіць за стол, — здзекліва пытаўся харунжы, — калі я іх столькі, колькі захачу, магу мець ззаду свайго крэсла?»

Узаемаадносіны Гераніма Радзівіла з сярэдняй і бяднейшай шляхтай пераканаўча даводзяць, чаго ў сапраўднасці была варта яе хвалёная «залатая вольнасць». Аднойчы, пабачыўшы праз акно, што адзін з прыдворных бесперапынна круціцца ля брамы, князь паклікаў яго і, як заўсёды заікаючыся, спытаў: «Чаго ты ту... тут ходзіш?» Прыдворны лісліва адказаў: «Хачу заўсёды прыслужыцца вашай княжацкай мосці, таму стаю на віду». Князь раззлаваўся і загадаў яго павесіць: «Ця... цяпер вацьпан бу... будзеш у мяне заўсёды на ві... віду»6. Загад тут жа быў выкананы.

Або іншы выпадак. У 1750 годзе ад князя ўцяклі, не вытрымаўшы здзекаў, два курляндскія афіцэры — Лемкін і Каркош. Па наіўнасці яны шукалі прыстанку ў кляштары езуітаў, але тыя не хацелі губляць «фундатарскую ласку» і прагналі ўцекачоў. Разгневаны Радзівіл завочна прыгаварыў іх да павешання, абяцаў за іх галовы дзвесце злотых. Урэшце афіцэраў злавілі. Каб пакараць «здраднікаў» і запалохаць службу, харунжы задумаў такі агідны спектакль: «Воля мая, каб ваенны суд над шэльмамі Каркошам і Лемкіным... вырашыў справу наступным чынам. Найперш, каб да смерці зусім падрыхтаваліся. Павінен кат таму Лемкіну, узвёўшы яго на лесвіцу, пятлю на галаву надзець, а калі ўжо павінна наступіць павешанне — дараваць горлу. Але калі ўніз яго звядзе, няхай яму кат дасць у морду і нагой тры разы пад зад, кажучы: «Так шэльмам плацяць»... А Каркошу няхай яшчэ ўнізе надзенуць пятлю, а калі ён будзе на трэцяй прыступцы лесвіцы, крыкнуць яму: «Пардон. Але паколькі ты, шэльма, наважыўся на камандзіраў... руку сваю шальмоўскую ўзняць...» Сказаўшы гэтыя словы, кат павінен даць яму ў морду, каб заліўся крывёю, дадаць прытым: «Няхай з цябе цячэ, як з сабакі». Па гэтай цырымоніі аддаць іх да цяжкіх работ на тры гады — з той даты, як іх сюды прывялі»7. Але з радзівілаўскай турмы рэдка хто выходзіў на волю. Яшчэ ў маі 1754 года Каркош і Лемкін прасілі выдаць ім новае адзенне, бо старое збуцвела. Неўзабаве абодва памерлі ў турме.

Цямніцы ў Слуцку і Белай заўсёды былі перапоўнены вязнямі. Паводле мемуараў Францішка Карпінскага, Геранім Радзівіл «любіў слухаць у падзямеллях енкі ўяўных злачынцаў, якіх называў найлепшымі сваімі спевакамі»8. Пасля смерці харунжага некалькі вязняў, «выйшаўшы пасля доўгага заключэння на вецер, адразу памерлі» (Матушэвіч, ІІІ, 86).

Выключную жорсткасць Гераніма Радзівіла аднадушна падкрэсліваюць многія мемуарысты. Паводле Станіслава Рэйтана, «быў ён суровы да старасці, таксама гнеўны, як і помслівы, а таму бязлітасны. Твар у яго заўсёды быў хмурны, тужлівы, незычлівы, позірк пануры і пагрозлівы; вусны ж усміхаліся толькі тады, калі ён абдумваў помсту або кару»9. Матушэвіч, прыхільнік і прыслужнік Радзівілаў, таксама мусіў прызнаць: «Быў гэта пан слабага розуму, а вельмі хуткі на падазрэнні, дзеля людскога вока любіў прыкідвацца вялікім панам, хаця ў душы быў скупы; любіў ліслівасць і пахвалу, быў заўзяты паляўнічы; меў свайго войска некалькі тысяч, але ўнутрана быў баязлівы і таму да тых, хто яму служыў, строгі і жорсткі: загадваў арыштоўваць і доўга без суда трымаў пад стражай» (Матушэвіч, ІІІ, 85).

Слуцкі ардынат баяўся, што яго слугі адкажуць на здзекі «чорнай задумай», увесь час хваравіта падазраваў іх у жаданні атруціць або забіць свайго пана. І, відаць, гэта былі небеспадстаўныя падазрэнні. Некалькі разоў Геранім Радзівіл знаходзіў у страве, а потым дакладна замалёўваў у дзённіку доўгія іголкі, кавалкі бітага шкла. Асаблівы недавер выклікалі ў харунжага лекары. 5 сакавіка 1749 года ён запісаў у сваім дыярыушы: «Дайшоў да мяне з поштай ліст, ананімна пісаны некалькі дзён назад, дзе для мяне была перасцярога, што італьянец, адзін з маіх лекараў, павінен мне нешта падсунуць; не верачы гэтаму, памятаючы некалькі ранейшых перасцярог, пусціў усё міма вушэй»10. Аднак на наступны дзень, «не давяраючы д’ябальскім спакусам», князь усё ж загадаў арыштаваць доктара.

З такой жа падазронасцю ставіўся слуцкі ардынат да кожнай жанчыны. Складаючы парады для будучых дзетак (нашчадкаў у яго, аднак, не было), ён перасцерагаў: «З усёй перакананасцю жадаю, каб вы пазбягалі сядзець з дамамі, па-мойму ж, з кабетамі (слова «кабета» тады гучала зняважліва — аўт.), таму што ад таго сядзення часта з непазбежнай боскай абразай бываюць забойствы, якіх, заблытаўшыся ў такіх кампаніях, у каханні пазбегнуць цяжка». Цікава, што стыль харунжага, як толькі ён пачынаў пісаць пра жанчын, станавіўся па-барочнаму квяцісты і кунштоўны; раптам з’яўляліся досціп, вычварныя тропы.

Геранім Радзівіл паводзіў сябе з жанчынамі цынічна і нахабна. У маладосці, успамінаў адзін з княжацкіх слуг, яго захапленні зводзіліся да «непрыстойных сувязей з выбранымі сярод сялянства маладзіцамі; гвалт, выкраданне, прымус з дапамогай фізічных кар былі для яго нішто; яму здавалася, што свет для яго толькі створаны; усе ж самыя разнастайныя загады князя вызначаліся самай нястрыманай страснасцю»11.

Аднак час ішоў. Трэба было хаця б вонкава захоўваць прыстойнасць, падумаць пра нашчадкаў. Першы выбар харунжага паў на Тарэсу Сапяжанку, дачку надворнага літоўскага падскарбія. Спачатку маладая і прыгожая дзяўчына спадабалася князю. Згулялі пышнае вяселле. Ды неўзабаве, згадвае той жа радзівілаўскі слуга, слуцкі ардынат «астудзіў жанчыну сваім мёртвым характарам», абыякавасцю. Фактычна жыла яна ў заключэнні, не мела права нікога бачыць. На дапамогу княгіні прыйшоў прыдворны лекар Фрыдэрык Бахстром. Калі Геранім Радзівіл быў вымушаны паехаць разам з жонкай у Мінск, на пасяджэнне трыбунала, папярэджаны Сапега ўжо чакаў там сваю дачку. Узнік скандал, які скончыўся разводам. Баючыся княжацкай помсты, Бахстром схаваўся ў Шацку, у доме Аскеркаў. Тады харунжы паслаў у Шацк сваю армію на чале з Карлінгам. Але навакольная шляхта дала дастойны адпор свавольным «наезнікам».

Такі ж лёс напаткаў другую жонку Гераніма Радзівіла, Магдалену Чапскую. Хаця спачатку князь называў яе «сваёй душкай», абяцаў ёй «захоўваць вечную любоў», але потым стаў параўноўваць яе з «фарбаванай лісіцай». А калі Магдалена затрымалася на некалькі дзён у Варшаве, услед ёй паляцела грознае пісьмо, якое пачыналася такімі радкамі: «Маё сэрца. Пачынаеш, бачу, дзёрці са мною казла, бо паміж іншымі дзівацтвамі супраціўляешся выразнай маёй волі небыцця ў Варшаве. Маючы некалькі дарог абысці яе, на злосць туды шлях павяртаеш, дзе я не загадваў быць. Ведай жа пра тое, вашмосць пані, што ў наступны раз з вялікай і ўзаемнай злосцю вашмосць пані будзеш павінна туды ехаць, дзе мая воля, а не яе, бо фурман і людзі слухаць вашмосць паню не будуць, што княжацкім абяцаю словам, таму што блазенскім мужам і панам ніколі я не быў і не буду»12. Магдалене хутка апрыкралі такія пагрозы, і праз тры гады яна ўцякла да маці.

 

Навучаны вопытам, трэцюю жонку, Анжэліку Мянчынскую, Геранім Радзівіл трымаў пад замком. У госці і на паляванні ездзіў адзін, прыкрываючыся тым, што яго жонка зацяжарала. А калі з пратэстам з’явіўся брат Анжэлікі, загадаў службе схапіць яго. сілай пасадзіць у карэту і вывезці на «авальных колах» з Слуцка ў Белую. Але Мянчынскі прыдумаў, як дапамагчы сястры. Выехаўшы за горад на шпацыр, яна знайшла ў дамоўленым месцы фурманку і ўцякла на ёй ад тырана.

Лысы, заіклівы, плюгавы, грузны, Геранім Радзівіл тым не менш адносіў сябе да ідэальных мужчын. Аднак гэта быў закончаны эгаіст: усіх людзей ён лічыў дрэннымі і толькі сябе аднаго — цнатлівым і сумленным. Больш таго, да канца жыцця слуцкі ардынат спадзяваўся, што яго галаву па праву ўвянчае польская карона. Тым больш што гэта яму вешчавалі «прагностыкі», цвёрда абяцалі хіраманты... А пакуль тая карона, харунжы ставіў сабе конныя помнікі, акружаныя басейнамі. Фантазія ў князя была таксама «каралеўская». Калі паляванне — то каб у ім удзельнічалі тысячы людзей (у 1752 годзе Геранім хваліўся брату, што за два месяцы забіў 26 мядзведзяў, 17 дзікіх свіней, 15 ласёў і 106 ваўкоў). Калі новы замак — то каб быў ён пасярод возера Князь, на непрыступных драўляных палях (праўда, згадвае С. Рэйтан, будаўніцтва хутка закінулі, бо аказалася, што зімой будзе лёгка дабрацца да замка па лёдзе).

Пры ўсёй паблажлівасці да Гераніма Радзівіла і Матушэвіч, і Рэйтан змаглі выявіць у яго толькі дзве станоўчыя рысы: цвярозасць і «акуратнасць». Слуцкі ардынат сапраўды вылучаўся сярод сучаснікаў тым, што і сам не піў, і караў за п’янства іншых. Карлінгу быў дадзены загад біць нагайкай усіх салдат, якія маюць «свінячую звычку». «Акуратнасць» жа харунжага зводзілася да прускага педантызму ў гаспадарчых справах. Князь сам пісаў інструкцыі для сваіх аканомаў, сам падлічваў рахункі, нечакана правяраў фальваркі (фурман толькі за брамай даведваўся, куды яму прыйдзецца ехаць).

Вядома, ліслівыя сучаснікі, прыдворныя одапісцы знаходзілі ў Гераніма Радзівіла куды больш усякіх «дабрачыннасцей». Калі ў 1760 годзе князь памёр, у Вільні і Нясвіжы выйшлі з друку вершаваныя і празаічныя «Плачы», дзе жорсткі прыгоннік названы добрым грамадзянінам і адважным воінам. Але ў народнай памяці слуцкі ардынат застаўся тыранам, які падавіў Крычаўскае паўстанне. Нават «ліберал» Аляксандр Ельскі, прыехаўшы ў Слуцк і пабачыўшы ў фарным касцёле скрынку з сэрцам князя, надгрызеным мышамі, пісаў у сваіх успамінах, што Геранім Радзівіл «крывава здзекаваўся з народа», што ў яго «прыгонныя сяляне стагналі ў прыгнёце»13.

 

1 Radziwiłł Jerzy. Pamiętnik. Warszawa, 1899.

2 Wiedza i życie, 1978. Nr 2. S. 86—90.

3 Radziwiłł Albrecht. Pamiętniki. Poznan, 1839.

4 Захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (ф. Радзівілаў, аддзел VI).

5 Reyten Stanisław. Hieronim Radziwiłł. Dziennik Literacki, 1856, 6 grudnia.

6 Bartoszewicz Kazimierz. Radziwiłłowie. Kraków, 1928. s. 104.

7 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. s. 200.

8 Karpiński Franciszek. Pamiętniki. Warszawa, 1898. s. 62. У далейшым спасылкі ў тэксце (Карпінскі, старонка).

9 Dziennik Literacki, 1856, 6 grudnia.

10 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. s. 186.

11 T(yszkiewicz) E(ustachy). Fryderyk Bachstrom: Ustęp z życia księcia Hieronima Floriana Radziwiłła.— Kurier Wileński, 1862. s. 702.

12 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki. s. 185.

13 Jelski Aleksander. Wzmianka о bibliotece ś. р. Juliana Biergiela, pastora w Shicku. Warszawa, 1890. s. 229.

Нясвіжскі Фальстаф

І ўсё ж, мусіць, не Геранім Радзівіл быў самай злавеснай і жудаснай фігурай сярод беларускіх магнатаў XVIII стагоддзя. Зыходзячы з мемуарнай літаратуры, «пальму першынства» тут, безумоўна, трэба прысудзіць яго пляменніку Каролю Радзівілу, з якім мы ўжо крыху сустракаліся. Дэспат і п’яніца, распуснік і авантурыст, фантаст і дзівак, ён быў тыповым параджэннем свайго часу. Нездарма столькі ўвагі яму прысвяцілі самыя розныя мемуарысты. Сваёй сумніцельнай славай і папулярнасцю нясвіжскі пляменнік намнога зацьміў слуцкага дзядзьку.

Кароль ІІ Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (1734—1790) быў сынам гетмана Міхала Радзівіла Рыбанькі і Францішкі Урсулы, апошняй з князёў Вісьнявецкіх. Пасля ранняй смерці іншых дзяцей бацькі вельмі песцілі свайго адзінага сына і нашчадка, таму не адправілі яго за граніцу. У пятнаццаць гадоў, сцвярджае Г. Жавускі, Каролек яшчэ не ўмеў чытаць. І толькі нейкі Пішчала навучыў яго адрозніваць літары: спачатку пісаў іх крэйдай на табліцы, а потым казаў вучню цаляць у іх са стрэльбы. Рос Пане Каханку чалавекам малапісьменным, абмежаваным, таму баяўся і ненавідзеў людзей адукаваных, акружаў сябе невукамі, распуснікамі. Час бавіў на паляваннях, а потым і на «дзікіх свавольствах з дзяўчатамі». Грамадскія справы Кароля зусім не цікавілі. І тым не менш ён атрымоўваў чыны і ўзнагароды: у пяць гадоў — ордэн святога Губерта, у трынаццаць — маршалкаўства на віленскім сейміку, у шаснаццаць — дэпутацтва ў літоўскім трыбунале, у сямнаццаць — палкоўніцтва, у васямнаццаць — мечнікаўства Вялікага княства Літоўскага...

У1762 годзе, пасля смерці бацькі, Пане Каханку стаў яшчэ і віленскім ваяводам. А заадно — і самым багатым чалавекам у Рэчы Паспалітай. Нямцэвіч падлічвае, што нясвіжскаму ардынату належала каля пяці тысяч вёсак, больш тысячы гарадоў і мястэчак, якія давалі ў год сорак мільёнаў злотых даходу. Іншыя крыніцы ацэньваюць гэту суму ў дзвесце мільёнаў. Вядома, былі цяжкія гады, калі князь аказваўся ў выгнанні, у эміграцыі ў сувязі са сваім удзелам у антыкаралеўскіх канфедэрацыях, калі на яго маёнткі накладваўся секвестр. Тады даводзілася рабіць даўгі, закладваць залатыя статуі апосталаў, лічыць кожны талер. Але, безумоўна, да дзівацтваў трэба аднесці бесперапынныя скаргі ваяводы на сваю беднасць, ледзь не жабрацтва, бо толькі «на жабракоў» ён штодзённа браў з сабой нешта з дзесяць залатых дукатаў. Аднойчы, у час балю, князь крывадушна скардзіўся, што не можа сабе дазволіць есці з фарфоравых талерак, бо яны часта б’юцца, і таму карыстаецца танным алавяным посудам. І тут жа загадваў прынесці з падвалаў такую безліч віна, што на яго можна было купіць не адзін фарфоравы сервіз...

Вялікія багацці дазвалялі Каролю Радзівілу весці разгульнае, марнатраўнае жыццё. Калі вяселле — то тыдзень, калі пахаванне — то тры дні бесперапыннага п’янства. Гучна адзначаліся рэлігійныя святы, імяніны. Напрыклад, на Каляды 1780 года з Рыгі ў Нясвіж было дастаўлена 1500 бутэлек шампанскага, 300 рэйнскага віна, 200 бургундскага, 100 араку, З бочкі англійскага піва, 1000 фунтаў васковых свечак, 10 бочак пораху для феерверкаў, 15 бочак свежых і марынаваных вустрыц, цэнтнеры перцу, імберу, карэнняў, мяшкі разынак і лімонаў, урэшце, 100 галоў «цукругандыжброту» і 800 фунтаў кавы1.

А вось як у 1783 годзе адзначалі ў Нясвіжы імяніны аднаго з родзічаў гаспадара. Урачыстасці пачаліся залпамі з сотні гармат. Затым экскорт скіраваўся ў фарны касцёл. Уперадзе ехаў атрад кавалерыі. За ім вялі дванаццаць коней у збруі, якая ззяла жэмчугам, рубінамі і смарагдамі. Далей у дванаццаці парадных карэтах, запрэжаных шасцёркамі, ехалі члены сям’і. Наступныя пяцьдзесят карэт былі прызначаны для гасцей. За абедзеннымі сталамі ў тон дзень сядзела сто шэсцьдзесят чалавек! Пасля абеду паказалі оперу. Урачыстасці завяршыліся вячэрай, феерверкамі і балем.

Дорага Радзівілу каштавалі прадстаўленні сваіх і замежных труп. Ва ўспамінах Г. Герычовай расказваецца пра такі напаўанекдатычны выпадак. Аднойчы князь слухаў оперу ў выкананні італьянскіх артыстаў і, не разумеючы мовы, прыдрамаў крыху. І раптам у адной з арый некалькі разоў прагучала слова «багатэля» (па-польску дробязь). Абураны магнат гучна ўсклікнуў: «Што? Для іх гэта драбяза, калі я ім плачу 40 000 у месяц? Выгнаць іх заўтра!» (Герычова, 20).

Пышныя балі і прадстаўленні наладжваў Пане Каханку не толькі ў Нясвіжы, але і ў іншых гарадах, куды выязджаў па службовых і маёмасных справах. Першы магнат Рэчы Паспалітай імкнуўся зацьміць нават каралеўскі двор. І гэта яму ўдавалася. Ян Дуклан Ахоцкі быў сведкам, як у 1789 годзе Кароль Радзівіл «ад імя Літвы» даваў у Варшаве «прыём для Кароны». Усяго было запрошана (па ўваходных білетах) больш чатырох тысяч шляхты. Усе праходы і лесвіцы ў радзівілаўскім палацы былі выбіты пунсовым сукном. У ліхтарах ззяла каля дзвюх тысяч свечак. Талеркі і нажы на сталах былі з золата або пазалочаныя. Пасярод галоўнага стала «ўзвышалася кампазіцыя з мейсенскага фарфору, дзе паказваўся штурм Гібралтара». «Вячэра пачалася з вустрыц, якіх спецыяльна прывезлі поштай з Гамбурга на некалькіх фурманках. Прыслугоўвалі прыдворныя, апранутыя ў жоўтыя атласныя жупаны, блакітныя кунтушы з тоўстымі залатымі шнурамі, падпяразаныя аднолькавымі слуцкімі паясамі, за якія былі заткнуты ласёвыя рукавіцы. Увесь гэты баль каштаваў прыкладна два мільёны злотых» (Ахоцкі, І, 281—282). Кожны з іх быў, вядома, здабыты мазалямі і потам прыгонных.

Не менш, чым на варшаўскі баль, затраціў Пане Каханку на прыём польскага караля ў Нясвіжы (1784). Уся дарога ад Снова да радзівілаўскай рэзідэнцыі была ўпрыгожана трыумфальнымі брамамі, наўсцяж усёй дарогі стаялі сяляне і збяднелая шляхта.

Ваявода выехаў насустрач на турэцкім кані, у каўпаку з брыльянтамі, якія каштавалі некалькі дзесяткаў тысяч дукатаў. Пакоі ў замку былі абабіты каштоўнымі ўсходнімі тканінамі, упрыгожаны алегарычнымі фрэскамі. Балі, прадстаўленні, паляванні, феерверкі працягваліся некалькі дзён. Адначасова за сталы ў замку сядала некалькі тысяч чалавек. Яшчэ столькі ж — у кляштарах і шатрах за горадам. Пышныя стравы Станіславу Аўгусту так прыеліся, што, наведваючы бернардзінцаў, ён напрасіўся на «просты сняданак» — «каўбасу з так званай верашчакай». Двойчы кароль выязджаў у прыгарад Нясвіжа Альбу, дзе былі пабудаваны дзесяткі ідылічных сялянскіх хатак, выкапаны каналы і вадасховішчы. Па іх плавалі сапраўдныя лодкі і караблі (князь рыхтаваў флот... для Чорнага і Балтыйскага мораў). Альбу асвятляла каля васьмісот тысяч лампіёнаў. Кульмінацыяй урачыстасці быў «марскі бой, які інсцэніраваў штурм Гібралтара». Бой вёўся сапраўднымі снарадамі, таму былі забітыя і раненыя. Станіслаў Аўгуст дзякаваў Радзівілу, раздаваў направа і налева чыны, медалі, пярсцёнкі і табакеркі са сваім партрэтам. Але Нясвіж пакідаў прыніжаны: такой раскошы ён не мог сабе дазволіць. Сапраўдным каралём выглядаў не кароль, а Кароль Радзівіл!

Як жа паводзіў сябе ў паўсядзённым жыцці той, каго называлі каралём і ўладаром Літвы? Мемуарысты на гэты конт разыходзяцца. Тыя, хто залежаў ад Радзівілаў, хто давяраў легендам і анекдотам, ідэалізавалі Пане Каханку, усяляк праслаўлялі яго. Матушэвіч, напрыклад, прызнае, што князь страшэнна піў, але нічога не гаворыць аб яго жорсткасці, свавольствах. Да аб’ектыўнай ацэнкі ўзнімаліся нямногія.

Некаторым мемуарыстам імпанавала, што Пане Каханку слепа трымаўся старых шляхецкіх традыцый, не паддаваўся ўплыву заходнееўрапейскай моды. У 1788 годзе, калі яго пабачыў Нямцэвіч, «сенатары ўжо былі ў чужаземнай вопратцы, адзін толькі князь Кароль Радзівіл, віленскі ваявода, нагадваў пра даўнія вякі. Быў гэта мужчына прыгожы, глядзеў горда зверху. Меў ён на сабе пунсовы аксамітны плашч, зашпілены гузамі, а ўверсе — клямрай з брыльянтаў, сярод якіх ззяў каштоўны карбункул, сабаліны каўпак, карабеля (крывая шабля — аўт.) пры баку з золатам і брыльянтамі; абвіслыя вусы; задыхаўшыся, сядаў у крэсла» (Нямцэвіч, І, 98).

Прыкладна так жа апісваў нясвіжскага ардыната Ахоцкі: «Князь Кароль быў росту ніжэй сярэдняга, досыць поўны, апранаўся па-польску, часцей за ўсё ў мундзір віленскага ваяводства, якому старшынстваваў у сенатарскім крэсле; кунтуш цёмна-сіні, жупан і аклад пунсовыя, гузікі залатыя, палаш з фурдыментам (бляхай на ручцы — аўт.) пры баку, часам карабелька, у золата апраўленая і высыпаная вялікімі брыльянтамі, ласіныя рукавіцы за поясам, на галаве пунсовая шапка; вусы абвіслыя, чупрына выгаленая на цемені» (Ахоцкі, І, 282). Адным словам, любіў старыя традыцыі, «апранаўся паводле літоўскай моды».

Хавальнікам нацыянальных традыцый застаўся князь у памяці аднаго з прыдворных чыноўнікаў — невядомага па прозвішчу шамбеляна, на ўспаміны якога абапіраўся К. Крашэўскі: «Кароль Радзівіл, выбраўшы сталую рэзідэнцыю ў Нясвіжы, рашыў увесь свой уплыў скіраваць на тое, каб, прынамсі, у Літву не дапусціць той чужаземнай заразы і захоўваць у непарушнай цэласці ўсе старыя звычаі бацькоў». Таму, маўляў, князь стаў для літоўскай шляхты «нібы сапраўдным яе каралём» (Крашэўскі, I, 130).

Імкненне да неабмежаванай улады прымушала Пане Каханку займацца рознымі інтрыгамі, весці двайное жыццё. Таму «праз прымітыўную, вядомую ўсім абалонку ў яго часта прабіваўся незвычайны бляск таямнічага боку характару і дзеянняў» (Крашэўскі, І, 87). На вуснах князя заўсёды «іграла кплівая ўсмешка, якая пасавала да лёгка прыжмураных вачэй».

Ганна Герычова, якая асабіста Кароля Радзівіла не ведала і абапіралася толькі на мясцовыя паданні, сцвярджала нават, што быў ён ледзь не апекуном прыгонных сялян, што жыў сціпла і дабрачынна: «Асабліва мог князь ганарыцца тым, што ва ўсіх сваіх маёнтках дараваў сялянам палавіну паншчыны». Паводзіў, маўляў, ён сябе дэмакратычна, ніякага этыкету не захоўваў. «Хто хацеў, прыходзіў да яго стала, еў і піў тое ж, што і ён сам. Асобнага стала ў яго не было» (Герычова, 20, 24).

Яшчэ больш ідэалізаваны Пане Каханку ў тых творах мемуарнай і «калямемуарнай» літаратуры, якія пісаліся кансерватарамі, прыхільнікамі «сармацкіх» традыцый. Невядомы нам аўтар «Успамінаў пра Кароля Радзівіла» дагаварыўся да таго, што, маўляў, ваявода абараняў «бедных ад насілля магнатаў», працягваў «дабрачынную руку бедным, няшчасным». Нясвіжскі ардынат, маўляў, «хацеў даць свету ўзорны прыклад утаймавання і прыніжэння фанабэрлівай чалавечай пыхлівасці, наследавання сапраўднай хрысціянскай цнатлівасці, любві да бліжняга, чалавечнасці і дабрачыннасці — прытым імкнуўся палепшыць і ўзвысіць вясковае саслоўе, залічаючы найперш сябе да гэтага саслоўя, г. зн. класа вясковых людзей, а таксама дастойную сваю сям’ю і іншыя знакамітыя асобы»2. Суцэльным апафеозам Каролю Радзівілу з’яўляюцца «Успаміны Сапліцы». Праўда, Жавускі прызнае, што «князь не быў па-загранічнаму адукаваны». Але недахоп ведаў у яго нібы кампенсаваўся «вялікім і светлым прыроджаным розумам». Гэта, маўляў, няпраўда, што на сумленні ў князя многа чалавечых слёз, бо калі каго ён і пакрыўдзіў, то потым шчодра ўзнагароджваў. І ўвогуле «сэрца яго было далёка ад усякай подласці, нават ценю недалікатнасці ў пачуццях» (Жавускі, 121,122). Урэшце, у «Анекдатычных успамінах з часоў Станіслава Аўгуста», аўтарства якіх прыпісваецца Л. Цяшкоўскаму, аўтарытэтна сцвярджаецца, што Пане Каханку «памёр як добры католік, у жыцці нікога не скрыўдзіў»3. Такі погляд на нясвіжскага магната пашыраўся ў польскай літаратуры на працягу стагоддзяў.

«Нікога не скрыўдзіў»... Цяпер, пасля ўсіх тэндэнцыйных панегірыкаў, працытуем аб’ектыўную ацэнку Енджэя Кітовіча. Ад Радзівілаў ён не залежаў, таму мог дазволіць сабе гаварыць праўду. «Трэцім п’яніцам» Рэчы Паспалітай, пасля надворнага літоўскага маршалка Януша Сангушкі і кароннага крайчага Адама Малахоўскага, «быў віленскі ваявода князь Кароль Радзівіл, які па натуры мала адрозніваўся ад вар’ята, а п’яны зусім шалеў. Калі Малахоўскі нішчыў людзей віном, то Радзівіл забіваў зброяй. Нічога яму не каштавала стрэліць чалавеку ў лоб, нібы сабаку, такія здарэнні лічыліся ў доме і ў сям’і Радзівілаў нечым звычайным... Займаўся распустай, а таксама, выпіўшы, жорстка здзекаваўся з розных прыдворных. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцця ўбіць келіх у рот, каб аж захлынуўся чалавек, наліць ззаду за каўнер віна таму, хто марудна п’е, моцна стукнуць галовамі ў час размовы — каб аж выскачылі на лбах гузы, выкідваць розныя фіглі з абразай для жаночага сораму — вось самая прыемная забава Радзівіла. Рэдка хто ў яго кампаніі не пацярпеў ад такіх штук» (Кітовіч, 450).

Часта «выбрыкі» канчаліся вельмі трагічна. «Найбольш жудасна пажартаваў Радзівіл з Паца, вялікага літоўскага пісара, свайго фаварыта і нязменнага ўдзельніка ўсіх оргій. Аднойчы яму так надакучыў сваімі грубіянскімі здзекамі, што Пац не мог болей цярпець і прыгразіў дуэллю. Але Радзівіл, жадаючы не губляць з ім дружбу і адначасова напалохаць за тую пагрозу, прыкінуўся, нібы шалёна на Паца раззлаваўся, загадаў яго тут жа схапіць, закаваць у кайданы і кінуць у турму. Назаўтра загадаў адзець яго ў смяротную кашулю, вывесці на плошчу ў суправаджэнні ката і ксяндза і рыхтаваць да смерці. Усе сябры Паца і Радзівіла змярцвелі, пабачыўшы гэта, кінуліся Радзівілу да ног, Пац таксама слязьмі і лямантам прасіў аб літасці. Але Радзівіл, прыкідваючыся злосным і глухім на ўсякія просьбы, прыспяшаў Паца, каб той укленчыў пад меч, з якім кат стаяў над яго каркам. Урэшце, калі Пац папрасіў яшчэ хвіліну, каб выспавядацца, Радзівіл, насыціўшыся жартам, падскочыў да Паца з мілай усмешкай: «Вось бачыш! Я цябе больш напалохаў, чым ты сваёй дуэллю!» Павёў ён тады Паца ў пакоі ў смяротнай кашулі, так, як той стаяў на плошчы, там яму адразу ахвяраваў за гэты жарт вялікія падарункі, пачалася ўцеха вялікая і п’янка ў гонар такой задумы. Пац — безумоўна, смерцю напалоханы, а потым раптоўнай радасцю ўсцешаны — вымушаны быў піць пасля такога ўзбуджэння крыві, захварэў і на трэці дзень памёр» (Кітовіч, 451). Калі такое Радзівіл рабіў з сябрамі, са шляхтай, калі ён разганяў суды і трыбуналы, нападаў на палац віленскага біскупа і не раз пагражаў самому каралю, то што гаварыць пра мяшчан і сялян! Яны часта «трацілі жыццё ад рукі ці ласкі пана». І ў такім выпадку «не варта было звяртацца да правасуддзя, якое мужыцкую галаву цаніла не даражэй ста злотых» (Кітовіч, 452).

З асаблівым задавальненнем «жартаваў» князь з замежных гасцей: акцёраў, гувернёраў, нават паслоў. Аднойчы ён напалохаў папскага нунцыя Салузі: «Выбіраючыся на праменад (прагулку — аўт.), заехаў па яго не звычайным экіпажам, а карыёлькай (лёгкай павозкай на двух колах — аўт.), запрэжанай шасцёркай мядзведзяў; італьянец ледзь не самлеў ад страху» (Нямцэвіч, І, 93).

Увогуле Кароль Радзівіл быў вялікім пазёрам, свайго роду акцёрам. Дзеля папулярнасці сярод «братоў-шляхты» ішоў на ўсё: сядаў з ёй за адзін стол, абменьваўся шапкамі. Расказы, зафіксаваныя мемуарыстамі, сведчаць, што перад выбарамі князь выязджаў на бочцы на рынак і, седзячы на ёй, частаваў усіх віном. Позай было і бічаванне ў перадвелікодную пятніцу, і ўласнаручнае выточванне з дрэва розных табакерак, якія потым раздаваліся шляхце, і гульня ў сялянскія заняткі ў Альбе, дзе па загаду князя ўзвялі ідылічную драўляную вёску. Чаго не зробіш дзеля лішніх галасоў...

Многія мемуарысты аднадушна сцвярджаюць, што ў Пане Каханку было нешта ад блазна, клоуна, параўноўваюць яго з шэкспіраўскім Фальстафам. Усё жыццё ў Нясвіжы нагадвала аперэту ці буфанаду. Князь наўмысна ставіў сябе ў скандальныя і анекдатычныя сітуацыі: катаўся летам на санках, запрэжаных мядзведзямі, па дарозе, высыпанай соллю; конна ўязджаў на тэатральныя прадстаўленні; загадваў расстраляць казу, якая ноччу ўзабралася на вал і напалохала стражу; дражніў у звярынцы малпаў, называючы іх прозвішчамі нялюбых суседзяў; будучы п'яным, сам сябе саджаў у цямніцу. Аднойчы, зайшоўшы ў Варшаве ў краму з англійскімі таварамі, паказаў палкай: «Адгэтуль і дагэтуль — маё! Запакаваць і адаслаць».

Паводле Я. Ахоцкага і К. Крашэўскага, любімым заняткам Кароля было расказваць шляхце розныя «глупствы» і «бязглуздзіцы». Куды толькі не заносіла фантазія нясвіжскага Мюнхаўзена! То ён нібы разбагацеў, служачы кухарчыкам у нейкай пані Лазоўскай. То быццам бы варыў страву ў піратаў, ад якіх уцёк у арэхавай шкарлупіне. То аднойчы стрэліў у аленя персікавай костачкай, а потым з яе вырасла паміж рагамі жывёлы цэлае дрэва. То нібы ў яго быў раман з сірэнай, ад якога ў Каспійскім моры з’явіліся селядцы... Асабліва часта князь паўтараў анекдот аб тым, як ён, удзельнічаючы ў штурме Гібралтара, скочыў на вал на адной палавіне каня, бо другую адарвала гарматным снарадам. «Хіба не так было?» — пытаўся апавядальнік у сваіх прыдворных, Бароўскага або Валадковіча. «Не ведаю, — гучаў завучаны адказ, — я гэтага ўжо не мог бачыць, бо яшчэ раней быў забіты». Часам злёгку даставалася і езуітам. «Я, пане каханку, — расказваў князь, — у час майго паломніцтва, калі быў на Іанічных астравах, трапіў разам з Лапускім праз гару Этну ў пекла і бачыў там, пане каханку, мноства езуітаў, але ўсе сядзелі ў шкляных бутлях, шчыльна закаркаваных. Люцыпар загадаў яшчэ іх закрыць пячаткамі, бо баяўся, што яны яму д’яблаў у каталіцтва вернуць» (Крашэўскі, 1,132). Анекдоты пра двух нясвіжскіх сабак, што ад лютасці з’елі адзін другога — толькі хвасты іх засталіся, пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога давялося тры дні адмочваць у свянцонай вадзе, пра д’ябліцу. вымушаную гаварыць пацеры, калі ў яе ўкралі д’ябляня... На першы погляд усё гэта выглядала бяскрыўдна. Але на самай справе, сцвярджае Ахоцкі, забаўныя анекдоты расказваліся з загадзя прадуманай мэтай — каб узмацніць сваю папулярнасць сярод шляхты. «Кухарчык пані Лазоўскай і бацька мільёнаў селядцоў» неяк выклікаў большы давер, чым князь-ваявода...

Трэба прызнаць, што Кароль Радзівіл дасягнуў сваёй мэты. Бедная і сярэдняя шляхта яму давярала: аддавала за яго свае галасы на сейміках, пастаўляла ў Нясвіж прыдворных. Князь акружаў сябе вялікай світай. «Звычайна яго суправаджала, мяняючыся па чарзе, 600—800 чалавек узброенай коннай шляхты, так што, па сутнасці, гэта была падрыхтаваная армія» (Крашэўскі, І, 90). «Адной пяхоты ў князя было пяць атрадаў па сто пяцьдзесят чалавек, нясвіжская і слуцкая міліцыя пад кіраўніцтвам маёра Папіні, венгра, чатыры батальёны стралкоў пад камандай маёра Длужылоўскага, залаты ўланскі конны атрад, якім камандаваў ротмістр Янкоўскі, а таксама казакі Камінскага, драгуны і артылерыя» (Крашэўскі, І, 92). «Кадры» для гэтай арміі рыхтавала кадэцкая школа, дзе ваенныя навукі выкладалі маёр Дзюфор, Бэльмант і Маранці, а іншыя прадметы — нясвіжскія езуіты. Быў у радзівілаўскім войску і прывілеяваны атрад — так званая «альбанская банда». Туды прымалі толькі шляхту старадаўняга роду, пры згодзе большасці «банды».

Калі верыць Жавускаму, усё «ваенна-прыдворнае» акружэнне Пане Каханку складалася з «людзей выдатных, беззаганных у служэнні радзіме — для яе яны не шкадавалі ні крыві, ні працы, і таму ўсе варты, каб увайсці ў польскую гісторыю» (Жавускі, 122— 123). Аднак сцвярджэнне радзівілаўскага апалагета абвяргаецца іншымі творамі мемуарнай літаратуры. Напрыклад, войскам у Нясвіжы нейкі час камандаваў невук Штэйнбок. Потым аказалася, што ён падрабляў дакументы, рабаваў насельніцтва. Даведаўшыся аб усім, князь загадаў узяць яго пад стражу. Але з дапамогай езуітаў нягоднік уцёк (Матушэвіч, IV, 122—123). «Альбанская банда» складалася з адных распуснікаў і п’яніц. Ім нічога не каштавала забіць асочніка, які ўпусціў звера, украсці дзяўчыну, вырваць бараду ў карчмара або здратаваць сялянскія пасевы.

Не выклікае сімпатый (апрача Францішкі Урсулы Радзівіл) і жаночая палавіна нясвіжскага двара. Сястра Пане Каханку Тэафіля ў п’янстве не адставала ад мужчын. Першая жонка князя, Марыя Любамірская, уцякла ад мужа. Ад другой, Тарэсы Жавускай, ён сам хаваўся ў кляштары. Урэшце, пераканаўшыся ў яе нявернасці, развёўся і з ёю. Падазроныя адносіны звязвалі ваяводу з яго маладой мачахай Ганнай. Праз радзівілаўскі двор прайшлі дзве найвялікшыя авантурысткі XVIII стагоддзя — прэтэндэнтка на рускі трон княжна Тараканава (Цяшкоўскі сцвярджае, што Пане Каханку «быў ёй верны») і англічанка Кінгстон, асоба дужа падазроная і таямнічая. Застаюцца сёння невядомымі прозвішчы тых шматлікіх шляхцянак, якія браліся ў Нясвіж на выхаванне, а потым, у крытычны момант, выдаваліся з пасагам замуж за «шарачкоў». Тыя лічылі гонарам выхоўваць дзяцей, у жылах якіх цякла «блакітная кроў».

Аднак законных дзяцей у Кароля Радзівіла не было. Таму ўсю маёмасць ён завяшчаў пляменніку Дамініку, чалавеку «ніякаму». Пад старасць Пане Каханку аслеп і зусім здзівачэў. Паміраў ён з ілюзіяй, што «жыў для айчыны». Гісторыя, аднак, рассудзіла інакш. Сёння яго жыццё цікавіць нас як сведчанне фізічнай і маральнай дэградацыі магнацтва, разлажэння прыгонніцкай сістэмы. У польскай літаратуры Кароль Радзівіл даўно стаў папулярным героем. Праўда, ён там незаслужана акружаны арэолам патрыятызму і высакароднасці. Таму хацелася б, каб гэта трагікамічная асоба зацікавіла таксама беларускіх пісьменнікаў, каб, пазбавіўшы яе арэолу, яны паказалі яе ў правільнай гістарычнай перспектыве.

У апошняй трэці XVIII стагоддзя, калі ўсходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расіі, на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне з’явіўся новы тып магнатаў. Гэта былі высокія рускія саноўнікі, прыдворныя фаварыты, якім Кацярына ІІ падарыла былыя каралеўскія староствы і канфіскаваныя маёнткі тых польскіх арыстакратаў, якія не захацелі прысягаць на вернасць царскаму трону. Больш чатырнаццаці тысяч сялян атрымаў у беларускіх губернях Пацёмкін (Крычаўскае староства), больш адзінаццаці тысяч — Румянцаў-Задунайскі (Гомельскае староства). Вялікія маёнткі былі падараваны Дандукову, Кантгаўзену, Савінчукову, Ялагіну, удаве генерала Бібікава4.

Новая знаць многім адрознівалася ад старой (скажам, Радзівілаў). Яна не магла пахваліцца такім старажытным паходжаннем, але была больш энергічная і адукаваная, больш клапацілася пра мецэнацтва. І, што самае важнае, ва ўмовах абсалютнай манархіі яна не магла сабе дазваляць такой анархіі і такой сваволі, як магнаты ў Рэчы Паспалітай. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губерняў дрыжалі перад вядомым рускім паэтам Г. Дзяржавіным, які, будучы сенатарам, прыязджаў сюды разбірацца ў іх злоўжываннях.

Сярод фаварытаў імператрыцы, якія атрымалі ўладанні ў Беларусі, найбольш каларытнай фігурай быў граф Зорыч. Прозвішча яго згадваецца ў Адама Міцкевіча. Аднак некаторыя каментатары творчасці польскага генія абвясцілі Зорыча плодам... паэтычнай фантазіі. Мемуарная літаратура сведчыць, што гэта ўсё ж рэальная асоба.

Рускі чыноўнік Сямён Багданавіч Бранеўскі, які вучыўся ў Шклоўскім кадэцкім корпусе, сцвярджае, што Сямён Гаўрылавіч Зорыч быў сербам па паходжанні, а сапраўднае яго прозвішча Неранчыч5. У маладосці ён трапіў у палон да туркаў, распілаваўшы аковы, уцёк адтуль на грэчаскім караблі ў Расію. Узяўшы прозвішча свайго дзядзькі па мацярынскай лініі, папрасіўся ў рускую армію. Адвага новага салдата звярнула на сябе ўвагу Пацёмкіна, які даў яму чын ротмістра.

Зорыч быў высокі, прыгожы, вясёлы, дасціпны. І Пацёмкін рашыў выкарыстаць яго ў прыдворных інтрыгах, каб адцясніць ад імператрыцы Арлова. План удаўся. Зорыч стаў чарговым фаварытам Кацярыны ІІ. Ніхто да яго не атрымоўваў столькі «міласцей» на працягу аднаго дня! З ротмістра Зорыч адразу сягнуў у генерал-маёры і генерал-ад’ютанты. Яму былі ўручаны брыльянтавая зорка, аксельбанты, шабля, башмакі з каштоўнымі спражкамі, пярсцёнак і запінкі6.

Новы фаварыт хутка забыў пра тое, што з’яўляецца ўсяго толькі пешкай у хітрай чужой гульні, і пачаў іграць пры двары самастойную ролю. Бывалі выпадкі, што горача ўступаўся за пакрыўджаных. Пацёмкіну гэта не спадабалася. Паглыбляўся разлад. Нямцэвіч сцвярджае, што аднойчы Зорыч, гуляючы ў більярд, ударыў нават Пацёмкіна кіем. Імператрыца крыху вагалася. Урэшце рашыла выслаць «выскачку» з Пецярбурга. Зорычу не дазволілі нават развітацца. Але адзінаццаць месяцаў яго прабывання пры двары не прайшлі бясследна. Паводле ўспамінаў Тучкова, апрача грошай і каштоўных рэчаў экс-фаварыту ўсё ж далі «ў вечнае і спадчыннае карыстанне мястэчка Шклоў з належачымі да яго вёскамі, у якіх лічылася да 6 т(ысяч) душ, ды Сясвегенскі маёнтак у Ліфляндыі, 4 т(ысячы) душ, прыдворны экіпаж і ўсю прыслугу. Звыш таго, пасля прыбыцця ў Шклоў знайшоў ён там наяўнымі мільён рублёў сабраных з гэтага маёнтка даходаў» (Тучкоў, 151—152).

Такім чынам, у 1778 годзе генерал-ад’ютант Зорыч апынуўся ў Шклове, бедным яўрэйскім мястэчку, якое раней належала польскаму князю Адаму Чартарыскаму. Старая магнацкая рэзідэнцыя аказалася вялікай, але без асаблівых выгод. Таму Зорыч загадаў тут пабудаваць «новы драўляны дом добрага выгляду і размяшчэння, велізарную каменную агароджу і тэатр» (Тучкоў, 152). Неўзабаве ў Шклове з’явіліся оперная, балетная і драматычная трупы (пра іх будзе гаворка далей), кадэцкі корпус, у якім было да ста пяцідзесяці і нават да трохсот дваран. З усіх бакоў Расіі і свету сюды кінуліся аматары прыгод і лёгкай нажывы. Мясцовы чыноўнік Леў Мікалаевіч Энгельгарт здзіўляўся ў сваіх «Запісках», што Шклоў тады быў напоўнены самымі рознымі людзьмі — «шулерамі, авантурыстамі ўсякага роду, чужаземцамі — французамі, італьянцамі, немцамі, сербамі, грэкамі, малдаванамі, туркамі, словам, усякім збродам і валацугамі»7. Калі імператрыцы трэба было адшукаць якога злачынцу, то яна звычайна «загадвала паглядзець, ці няма яго ў Шклове» (Энгельгарт, 35).

Аднак у Зорыча знаходзілі прытулак не толькі авантурысты. Нейкі час у Шклове жылі сербскія пісьменнікі і вучоныя-асветнікі Дасіфей Абрадавіч, Эмануіл Янкавіч і Петар Негаш. У 1792 годзе тут хаваўся французскі якабінец граф дэ-Мантэгю. Мясцоваму поштмайстру здаліся падазронымі газеты, якія прыйшлі на яго імя праз Рыгу. У адным месцы выявіліся літары тайнапісу. Аказалася, што граф прыбыў у Расію з заданнем... спаліць Чарнаморскі флот. Француза арыштавалі, на эшафоце зламалі над ім шпагу і саслалі ў Сібір. За дапамогай у Шклоў прыязджаў князь Ізанбей, другі сын сястры турэцкага султана. Па існуючаму тады заканадаўству яго трэба было забіць яшчэ ў дзяцінстве... Зорыч апекаваўся выгнаннікам, навучыў яго па-руску гаварыць. А калі з Турцыі прыйшла вестка аб смерці яго брата, султан дазволіў князю вярнуцца на радзіму, даў яму чын з правам падаваць ваду для ўмывання рук.

Велізарныя багацці дазвалялі Зорычу весці раскошнае жыццё. У Шклове часта бывалі «балі, маскарады, каруселі, феерверкі», кадэты наладжвалі «ваенныя эвалюцыі, катанні ў шлюпках па вадзе. Адным словам, не было забаў, якімі гаспадар не прывабліваў бы сабе гасцей, і многа ад яго нажываліся гульнёй у карты» (Энгельгарт, 30). За адзін вечар ён мог прагуляць у карты да пяцідзесяці тысяч рублёў.

Асабліва пышна і ўрачыста Зорыч прымаў у 1780 годзе Кацярыну ІІ. Імператрыца мелася прабыць у Шклове сем дзён. Таму, успамінае Энгельгарт, Зорыч, рыхтуючыся да сустрэчы, «выпісаў з Пецярбурга прыдворную італьянскую оперу, а для канцэртаў — прыдворную музыку і лепшых артыстаў, а сярод іх — слаўную ў той час спявачку Банафіка; для ўрачыстасцей жа пабудаваў на свае грошы тэатр і прасторную залу — па плану і пры садзейнічанні славутага архітэктара Брыгонцыя» (Энгельгарт, 18). Чатыры тысячы чырвонцаў каштавала пераробка палаца. Шэсцьдзесят тысяч рублёў прыйшлося заплаціць за фарфор, выпісаны з Саксоніі.

І вось 27 мая, па дарозе ў Магілёў на сустрэчу з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ, Кацярына ІІ спыняецца ў Шклове. Не на сем дзён, як было дамоўлена раней, а ўсяго на адну ноч. Таму прыйшлося ламаць намечаную праграму. Прадстаўленні ішлі адначасова ў некалькіх памяшканнях. У «Дзённай запісцы падарожжа імператрыцы» быў зроблены такі запіс: «Бліжэй да вечара яе імператарская вялікасць дазволіла сабе забаўляцца ў карты і глядзець нямецкую камічную оперу, пастаўленую ў дамашнім тэатры шклоўскага памешчыка; пасля яе пачаўся баль, а потым была дадзена цудоўная вячэра для світы яе імператарскай вялікасці. Панскі дом і ўсё мястэчка былі ілюмінаваны»8. Пасля вячэры Зорыч падаў сваёй былой палюбоўніцы руку — і яна са здзіўленнем пабачыла, што будзе начаваць у спальні, якая да драбніц нагадвала яе пецярбургскую спальню,— «такія ж былі мэблі, фіранкі ля ложка» (Нямцэвіч, І, 191).

Назаўтра імператрыца скіроўваецца ў Магілёў. За тры вярсты ад горада, каля трыумфальнай брамы, яе сустракаюць намеснік Захар Чарнышоў, фельдмаршал Пётр Румянцаў-Задунайскі, князь Рыгор Пацёмкін, эскадрон кірасіраў, мяшчане са сваімі цэхавымі знакамі. Зорыч дзесьці хаваецца на заднім плане. Ля сабора Кацярыну ІІ бласлаўляе крыжам магілёўскі архіепіскап Георгій Каніскі, за што яму ўручаецца панагія. Вечарам разам з Іосіфам ІІ імператрыца слухае оперу. Праз пару дзён абодва самадзержцы ўрачыста закладваюць у Магілёве «царкву ў імя св. Іосіфа, на будынак якой ахвяруюць значныя сумы» (Энгельгарт, 24). Урэшце аўгусцейшая ўвага зноў спыняецца на былым фаварыце. Кацярына ІІ вяртаецца ў Шклоў, на гэты раз з Іосіфам ІІ.

Другі візіт імператрыцы мала чым адрозніваўся ад першага. Зноў балі, феерверкі, прадстаўленні. Паводле Энгельгарта, дваране тады «паказалі пантаміму ў тэатры, які быў у тым жа доме, з надзвычайнымі дэкарацыямі, якіх было да сямідзесяці; сачыніў яе, а таксама і музыку, касцюмы і дэкарацыі барон Ванжура, адстаўны ротмістр аўстрыйскай службы; імператар яго адразу пазнаў і выказаў шкадаванне, што ён пакінуў яго службу. Пасля вячэры быў спалены феерверк, які некалькі месяцаў рабіў генерал-маёр артылерыі Пётр Іванавіч Мелісіна; павільён з 50 000 ракет быў варты свайго майстра і каштаваў вельмі дорага» (Энгельгарт, 24). Кацярына ІІ засталася як быццам бы задаволеная, але больш са сваім фаварытам, здаецца, не сустракалася. Ды Зорыч і не думаў сумаваць. Ён «паводзіў сябе як паша, меў гарэм з балетных дзяўчат» (Бранеўскі, 503). Серб Аляксандр Пішчэвіч, які гасціў у Шклове, спачатку быў шакіраваны, а потым захоплены, сустрэўшы там «прыгожых жонак без мужоў, дочак без бацькоў». Прадстаўленні тут ператвараліся ў «зборышчы, зручныя для закаханых». «Тэатр скончыўся тым, — прызнаецца Пішчэвіч, — што я меў задавальненне апладзіраваць вялікай дурноце»9. Балетмайстры кінуліся за кулісы. Не адставалі ад іх і кадэты. Родзіч Пішчэвіча капітан Хорват «у арлекінскім адзенні весяліў публіку скаканнем балета ў першай пары з дачкой першага Зорычавага кухара», а аўтар адправіўся ў спальню з шаснаццацігадовай шляхцянкай, якую першы раз пабачыў.

Хаця Зорыч меў каля ста тысяч рублёў гадавога даходу, аднак, ведучы такое разгульнае жыццё, азартна гуляючы ў карты, хутка залез у даўгі, аказаўся на грані банкруцтва. І тады на шклоўскай арэне з’явіліся браты Ганібал і Марк Зановічы. Паходзілі яны з Далмацыі. Прабываючы да гэтага ў Галандыі, Зановічы пазычылі ад імя венецыянскага пасланніка трыста тысяч гульдэнаў, з-за чаго амаль не пачалася вайна Венецыі з Галандыяй. З Амстэрдама прыйшлося ўцякаць у Парыж, а адтуль — прама ў Шклоў. Авантурысты абяцалі Зорычу, што за арэнду яго маёнткаў будуць яму плаціць у год сто тысяч рублёў і пагасяць усе даўгі. Але грошай у Зановічаў не было, і яны пачалі патаемна рабіць сторублёвыя асігнацыі. Адну з іх шклоўскі карчмар паказаў князю Пацёмкіну. Пачалося следства; у час вобыску пад падлогай знайшлі прывезеныя з-за граніцы інструменты, а адзін з камердынераў аказаўся пераадзетай дзяўчынай-італьянкай. Малодшага Зановіча злавілі ажно ў Маскве з 700 000 рублёў фальшывых асігнацый. Авантурысты трапілі ў крэпасць. Іх жа апякун прыкметна прыціх, бо ніхто не пазычаў яму грошай. Неўзабаве маёнткі Зорыча былі, як гаворыцца ў «Запісцы» Дзяржавіна, прададзены «з публічнага торгу», каб аплаціць два мільёны даўгоў10. Апошнія дні вяльможы прайшлі ў адзіноцтве. Ён баяўся смерці, забараняў пра яе гаварыць (калі хто паміраў, яму гаварылі: адсутнічае па хваробе) і таму нават не склаў завяшчання.

Пасля смерці Зорыча шклоўскі палац, тэатральная зала, аранжарэя прыйшлі ў запусценне. Тучкоў, які тут зноў пабываў у пачатку XIX стагоддзя, адзначыў, што няшлюбных дзяцей царскага вяльможы бясплатна ўзяў на выхаванне мясцовы немец-аптэкар Матуш. Потым іх прыпісалі да грузінскага княжацкага роду Лорадзіевых. Зорка Зорыча хутка ўспыхнула, але хутка і пагасла.

 

1 Mycielski Jerzy. Książe Panie Kochanku w świetle własnej korespon­dencji. Pbq, 1891. s. 128.

2 Dziennik Literacki. 1864. nr 20. s. 249.

3 Pamiętnik anegdotyczny z czasów Stanisława Augusta. Poznań, 1867. s. 317.

4 Гісторыя БССР. т. І. с. 449.

5 Броневский С. Б. Отрывки из записок.— Исторический вестник, 1889. т. 38, № 12. с. 502—503. У далейшым спасылкі ў тэксце (Бранеўскі, старонка).

6 Барсуков А. Рассказы из русской истории XVIII века по архивным документам. СПб., 1885. с. 246.

7 Энгельгардт Л. Н. Записки. М., 1867. с. 29. У далейшым спасылкі ў тэксце (Энгельгарт, старонка).

8 Сборник русского исторического обшества. СПб., 1867, т. І, с. 404.

9 Жизнь А. С. Пищевича, им самим описанная. 1764 - 1805. М., 1885. С. 31. У далейшым спасылкі ў тэксце (Пішчэвіч, старонка).

10 Сочинения Державина, изд-е 2-е. Спб., 1876. Т. VI, C. 698. У далейшым спасылкі ў тэксце (Дзяржавін, том, старонка).

Сацыяльны партрэт: сярэдняя і дробная шляхта

Дзіўная справа: сярэдняя і дробная шляхта была ў XVIII стагоддзі куды больш шматлікай, чым магнацтва, з яе асяроддзя выйшла абсалютная большасць тагачасных мемуарыстаў, але іх творы ўсё ж не даюць нам падстаў уявіць і паказаць «пана на сядзібе» і «шарачка» з такой жа яркасцю і ўсебаковасцю, з якой усплываюць постаці Гераніма ці Кароля Радзівіла. Чаму? Мусіць, таму, што звычайнаму шляхціцу цяжка было сцвердзіць індывідуальнае «я» — яно падпарадкоўвалася магнату. Той жа Матушэвіч, чалавек разумны і даволі перадавы, ледзь не маліўся на Радзівілаў, фіксаваў ледзь не кожны іх крок, кожнае слова. Сябе ж пакідаў звычайна ў ценю. Брэсцкі кашталян істотна ўплываў на палітычныя падзеі ў краіне, але разумеў, што не ён «заказвае музыку», што ён толькі прылада ў барацьбе магутных «партый», толькі «вінцік» у складанай феадальнай махіне. «Успаміны» Матушэвіча не дазваляюць нам уявіць іх аўтара як цэласную асобу. Ён нейкі безаблічны, аморфны, «ніякі». Тое ж можна сказаць пра іншых мемуарыстаў (Залескі, Ахоцкі). І толькі абапіраючыся на сукупнасць іх твораў, можна стварыць «калектыўны» партрэт тагачаснага шляхціца.

 

Напышлівасць і прыніжанасць

Сацыяльная псіхалогія сярэдняй і беднай шляхты была вельмі складанай. У ёй ужываліся самыя супярэчлівыя і супрацьлеглыя пачаткі. З аднаго боку, шляхта ганарылася сваёй саслоўнай еднасцю з магнатамі, «залатой вольнасцю», правам вырашаць дзяржаўныя пытанні. З другога, прыніжана служыла тым жа магнатам, залежала ад іх эканамічна і палітычна.

Мемуарная і «калямемуарная» літаратура XVIII і XIX стагоддзяў свядома пашырала легенду аб роўнасці і адзінстве шляхты і магнатаў. Г. Жавускі, напрыклад, пераконваў што ў Рэчы Паспалітай «не было большага гонару, чым польскае шляхецтва, бо шляхціц, хоць найбяднейшы, быў роўны магнату і пры боскай дапамозе мог сам стаць магнатам, а гэтай роўнасці з магнатам не губляў нават, служачы ў яго... У нас пан быў шляхціцам багатым, а шляхціц — панам бедным, а паколькі пан заўсёды быў высокім слугой Рэчы Паспалітай, то шляхціц, служачы ў яго, адначасова служыў і айчыне» (Жавускі, 150).

Аднак фармальная шляхецкая роўнасць на практыцы аказвалася фікцыяй. Можна было за сталом піць з адной чаркі з магнатам, крычаць: «Любімося!» і нават цалавацца пры гэтым. Ды не дай бог за тым жа сталом сесці на неадпаведным месцы, у чымсьці запярэчыць гаспадару, не выканаць яго загад. Да дзясятага калена будуць тады памятаць нашчадкі яснавяльможную помсту. Дабрата і бяскрыўднасць магнатаў была вонкавай позай. Брэсцкі падкаморы Людвік Пацей любіў казаць: «Калі ў мяне каменем кінуць — я яго схаваю, кінуць другім і трэцім — я і іх схаваю, але калі прыйдзе час, то, кінуўшы адразу ўсе тры камяні, я абавязкова траплю ў свайго праціўніка» (Матушэвіч, І, 20—21).

З гадамі залежнасць сярэдняй і беднай шляхты ад магнатаў усё больш павялічвалася. Гэта было звязана з «размываннем», класавай дыферэнцыяцыяй шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай. Чым далей у ёй на ўсход, тым большая была палярызацыя: багатыя латыфундыі — і палоскі дробнай «загоннай» шляхты, пра якую казалі, што калі ў яе сабака сядзе на «шнюры», то хвост абавязкова будзе за мяжой... У XIX стагоддзі для дробнай шляхты (асабліва многа яе было на Палессі, Навагрудчыне, Ашмяншчыне) увогуле не аказалася месца паміж панам і селянінам.

У залежнасці ад эканамічнага становішча шляхта ў Беларусі дзялілася на прыдворную, чыншавую, фальварачную, «частковую», «шарачковую» («загонную»). Нягледзячы на значную агульнасць у сацыяльнай псіхалогіі кожная з гэтых груп мела сваё аблічча, свае інтарэсы, этычныя погляды.

Найбольшая залежнасць і маральная разбэшчанасць назіраліся ў асяроддзі шматлікай прыдворнай шляхты, розных рэзідэнтаў. Для адных служба пры двары была ненадзейным сродкам здабыць кавалак хлеба. Другія паходзілі з заможных сем’яў, але бацькі пасылалі іх да магнатаў, каб яны набраліся там «розуму і полеру». С. Шантыр успамінае, што ў яго дзеда было каля дзесяці такіх «кавалераў» (набіралі пераважна высокіх і прыгожых), у бацькі — ужо толькі два-тры. У абавязкі «кавалераў» уваходзіла на сваім кані развозіць пісьмы, выконваць іншыя канфідэнцыяльныя заданні, стаяць «пад рукой у пані». У выпадку, калі «рэспектавыя» слугі «псоцілі», асабліва «каля жаночага фартушка», гаспадар пасылаў маршалку двара запячатаны «білет», па якому ім адлічвалі некалькі дзесяткаў «корбачаў» (бізуноў) — вядома, на дыване...

Плата за службу залежала ад маёмаснага стану прыдворных. Маршалкі, канюшыя і іншыя высокія афіцыялісты атрымоўвалі ад тысячы да чатырох тысяч злотых у год, ніжэйшыя — тысячу і адзін злот. «Рэспектавым кавалерам» выдавалі толькі фураж для коней і «страўнае» на аднаго-двух слуг (Кітовіч, 409). Праўда, часам на свята або імяніны гаспадара літасціва ўручаліся падарункі — шапка, пісталет, абноскі з панскага пляча, за асабліва вялікія заслугі — слуцкі пояс. Пасля трох гадоў службы магнат даваў «кавалеру» гучную аплявуху, каб той помніў панскую ласку, прывязваў да яго бока шаблю і прапіваў у яго рукі келіх віна. Пасля гэтага «выпускнікі» або вярталіся дамоў і гаспадарылі на бацькоўскай сядзібе, або заставаліся пры двары камісарамі, пісарамі, атрымоўвалі ў арэнду фальваркі, за якія плацілі чынш. Памер чыншу залежаў ад панскага настрою, ад інтрыг. Таму сярод прыдворнай шляхты ішла бесперапынная грызня — за лепшае аканомства, багацейшы пасаг такой жа «рэспектавай паненкі», за смачнейшы кавалак і цалейшыя абноскі. «Для службы няма нічога святога!» — канстатаваў Кітовіч.

Тыя ж «кавалеры», што вярталіся ў свой фальварак, гаспадарыць не ўмелі і не хацелі, імкнуліся, хаця б вонкава, жыць «па-панску». Гэта не бяда, што няма бялізны, што ў доме бруд, а кухару не плачана за год. Абы толькі на кунтушы ззяў такі ж модны брыльянтавы «гуз», які нядаўна купіў хтосьці з магнатаў. Абы толькі ў зале віселі партрэты продкаў і турэцкія шаблі, а ў падвале знайшлася бутэлька бургундскага віна! Цягнуцца за магнацкай модай было цяжка. Таму сярэдняя шляхта залазіла ў даўгі, прадавала зямлю і прыгонных. Урэшце, згалелая, цалкам губляла сваю эканамічную і палітычную незалежнасць.

Найбольш цяжка жылося «частковай» шляхце, якая валодала некалькімі сялянскімі сем’ямі, і «шарачкам», што самі апрацоўвалі зямлю. Іх быт мала адрозніваўся ад быту прыгонных. С. Тучкоў, трапіўшы на Магілёўшчыну, са здзіўленнем пабачыў, што дробная шляхта «не мела тады амаль ніякага выхавання. Жыла яна, як і цяпер (у XIX ст.— аўт.), у чорных хатах, падобна да простых земляробаў — нярэдка разам са свойскай жывёлай» (Тучкоў, 74).

Эканамічная залежнасць сярэдняй і дробнай шляхты, вядома, нараджала залежнасць палітычную. Фармальна «шарачок» мог аддаць свой голас, за каго ён хацеў. Але ўся шляхта павета складала так званае «суседства», якое ішло за сваім «правадніком» — разам з ім прадавалася таму або іншаму магнату. Рэч Паспалітая ўяўляла сабой «федэрацыю суседстваў» (А. Заянчкоўскі), падзеленых паміж дзвюма асноўнымі «партыямі» — кансерватыўнай («сармацкай») і рэфармісцкай. Сярэдняя і дробная шляхта была сляпой зброяй у іх зацятай барацьбе.

Залежнасць і бяспраўнасць ішлі ў пары з прыніжанасцю, ліслівасцю, баязлівасцю. Згадваючы полацкага ваяводу Юзафа Сасноўскага, вядомы гісторык польскай літаратуры Юльян Барташэвіч пісаў, што ў XVIII стагоддзі «шляхціц баяўся кожнага кроку, бо лёгка мог кагосьці настроіць супраць сябе, але існаваў лёгкі сродак, каб дагадзіць усім па чарзе: можна было нават і не слухаць паноў, абы толькі да іх падлізвацца, абы толькі ісці за іх голасам наперакор святой справядлівасці. Пакутаваў тады нехта трэці, але хіба гэта шкодзіла акцёрам?1»

Непаслухмянага ж шляхціца заўсёды можна было пакараць: пазбавіць арэнды, учыніць на яго фальварак узброены «наезд», урэшце, збіць кіем або розгамі. Гродзенскі вяльможа Тызенгаўз моцна пабіў аднаго з трох братоў Сухадольцаў, здольных юнакоў са шляхты, якія былі ў яго на службе. Брат пакрыўджанага скардзіўся самому каралю (Залескі, 141). Жорстка абыходзілася з «шарачкамі» маці Матушэвіча. Яна загадала «хвастаць бізунамі» «шляхціца брэсцкага ваяводства» падстаросту Ластоўскага, які, «атрымаўшы некалькі соцень пляг па голым целе, праз пару дзён памёр» (Матушэвіч, І, 125). Ксёндз адмовіўся пахаваць нябожчыка. У справу мог умяшацца суд. І тады сябры параілі, каб Ластоўскага «зрабіць няшляхціцам». Матушэвіч паехаў у Ашмяны, узяў у знаёмага ксяндза «бланк» хроснай метрыкі і запоўніў яго па свайму ўгледжанню. Асмялеўшы, маці мемуарыста расправілася з сям’ёй нябожчыка: яго ўдаву схапілі і вывезлі ў невядомым кірунку.

Шляхецкія прывілеі пры ўсёй іх умоўнасці крыху і ахоўвалі ад «знявагі чынам і словам». Таму дробная шляхта асабліва баялася, каб нехта не ўсумніўся ў яе знатным паходжанні. Назапашваліся сапраўдныя і фіктыўныя дакументы. «Генеалагічнае дрэва» завучвалася на памяць яшчэ ў раннім дзяцінстве. Як ужо гаварылася, літоўская і беларуская шляхта выводзіла свой род ад легендарнага патрыцыя Палямона і дужа ганарылася гэтым, параўноўваючы сябе з польскім дваранствам. «Ляхове не была шляхта, але былі людзі простыі, ані мелі гербов своіх, але мы шляхта старая, рымская» — гаварылі праціўнікі уніі з Каронай яшчэ ў XVI стагоддзі2. Шляхецкае саслоўе было замкнутым. Але не цалкам. Найбольш энергічныя мяшчане і сяляне, нават карчмары за грошы здабывалі набілітацыю. Паколькі спецыяльнага дэпартамента герольдыі не існавала і праверкай радаслоўных ніхто не займаўся, можна было проста «прымазацца» да іншага шляхецкага роду, дадаць да свайго прозвішча «высакародны» канчатак — скі. Праўда, хадзіла з рук у рукі «Кніга хамаў», дзе пералічаліся ўсе «лжэшляхціцы». Але калі хто разбагацеў, не дужа на яе звяртаў увагу. Праз некалькі пакаленняў «неафіцтва» забывалася.

І ўсё ж «дамоклаў меч мужыцкасці» вельмі палохаў шляхту, нават багатую і знатную. Не было большай абразы гонару, чым калі хто называў «нобіля хлопам». Зведаў гэту абразу і Марцін Матушэвіч.

 

1 Pismo zbiorowe, 1. I, s. 151.

2 Bystroń Jan Stanistaw. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. t. I. s. 168—169.

Паміж двух агнёў

Брэсцкага мемуарыста можна лічыць тыповай фігурай сярэдняга шляхціца XVIII стагоддзя. У яго паводзінах і поглядах праявіліся розныя «комплексы» тагачаснай саслоўнай псіхалогіі. Нягледзячы на значны маёнтак, Матушэвіч усё жыццё быў «кліентам» розных магнацкіх груповак: спачатку прыніжана служыў Сапегам, пазней, пераканаўшыся ў хуткім росце папулярнасці Чартарыскіх, перайшоў у іх лагер. Гэта дало яму пасаду брэсцкага стольніка. Падканцлер, а потым канцлер Вялікага княства Літоўскага Міхал Чартарыскі нібы любіў свайго прыхільніка: «цалаваў яго ў галаву», «хваліў перад усімі». Але дастаткова было Матушэвічу адзін-другі раз праявіць незалежнасць — і панская ласка змянілася гневам. Як пабачым далей, Чартарыскія пусцілі ў ход усе сродкі, каб ашальмаваць свайго «кліента», адлучыць яго ад шляхецкага саслоўя. На нейкі час мемуарыст аказаўся ў адзіноцтве, адчуваў сябе, «нібы авечка ў воўчай пашчы» (Матушэвіч, ІІ, 282). Ды пасля кароткага роздуму перакінуўся да Радзівілаў, ворагаў Чартарыскіх. Міхал Радзівіл даваў яму самыя адказныя даручэнні, Кароль Радзівіл раіўся з ім, прымаючы сур’ёзныя рашэнні. Прыслужніцтва прыносіла новыя чыны і арэнды. І ўсё ж як толькі ў 1764 годзе на трон уступіў стаўленік Чартарыскіх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, як толькі Пане Каханку ўцёк на чужыну, Матушэвіч на нейкі час здрадзіў Радзівілам. Затым доўга вымольваў іх «ранейшую ласку»...

Характэрна, што такая беспрынцыповасць і прадажнасць нічуць не бянтэжыла Матушэвіча — гэта для яго быў звычайны, нармальны стан. У сваіх «Успамінах» ён не раз шчыра прызнаваўся, што галоўнае для яго — багацце, рух уверх па іерархічнай лесвіцы. Дзеля іх брэсцкі чыноўнік ішоў на ўсё, асабліва ў маладосці: «Маючы тады год 25 веку майго, я заўсёды цвяроза паводзіў сябе, але жадаючы заваяваць ласку і пачуцці жыхароў ваяводства, кланяўся і частаваў, колькі магло быць маёй мажлівасці; не менш частаваў я сяброў падстаросты і суддзі (сваіх ворагаў — аўт.), і так, дзякуючы божай літасцівасці, пачаў я мець у ваяводстве ласку і афекты» (Матушэвіч, І, 88). Галасы шляхты каштавалі дорага, таму даводзілася эканоміць на асабістых выгодах: «Задумаў я тады не фарсіць, ездзіць усюды саматрэць або і самаўтор, на багатыя строі не траціцца і нідзе не пазычаць вялікіх грошай, каб за іх не плаціць працэнтаў» (Матушэвіч, І, 91).

Здавалася б, Матушэвіч, навучаны горкім вопытам, не раз пакрыўджаны магнатамі, павінен быў спагадліва адносіцца да тых, хто па іерархіі стаяў ніжэй. Тым больш што ён у многім падзяляў асветніцкія ідэі Станіслава Канарскага... Дык не! Саслоўныя забабоны бралі верх над звычайнай чалавечнасцю, сумленнасцю. Матушэвіч арганічна ненавідзеў дробных «шарачкоў».

І жорстка за гэта паплаціўся.

Аднойчы на дробнага шляхціца Юзафа Вітаноўскага пала падазрэнне, што ён украў у Матушэвічаў два сярэбраныя падсвечнікі. Сапраўднаму ці ўяўнаму злодзею далі дзвесце розаг і адправілі са двара. Пакрыўджаны Вітаноўскі пусціў пагалоску, што адна з яго прыгонных, Ганна Гінчукова («Шымчыха») — родная цётка Матушэвіча, што яго дзед не шляхціц, а селянін Матус. Плётцы ніхто не даў бы веры, але яе падтрымалі сваім аўтарытэтам Чартарыскія. Каб адпомсціць Матушэвічу, які якраз здрадзіў ім, яны выкупілі ад Вітаноўскага Гінчукову і сталі яе ўсюды паказваць. З «волчынскай фабрыкі» Чартарыскіх ва ўсе канцы пасыпаліся «пашквілі» і «газеты» — нявесце Матушэвіча, сваякам. З-за гэтага ледзь не разладзілася адно вяселле, другое...

Абвінавачванні ў нешляхецтве балюча закранулі гонар Матушэвіча — больш, чым магчымая «страта ўсяго маёнтка». Выкрыццё паклёпу стала для яго справай жыцця і смерці. І шляхціц звярнуўся са скаргай у мінскі трыбунал, дзе якраз маршалкаваў ягоны апякун Кароль Радзівіл. У ход пайшлі ўсе сродкі. Былі мабілізаваны ўсе сілы — зямныя і нябесныя. У Мінску Матушэвіч спачатку адправіў набажэнства перад цудоўным абразам у кляштары базыльянаў, папрасіў маліцца за яго розных дам. Потым, прызнаецца мемуарыст, «я, колькі мог, князю гетману (бацьку Кароля Радзівіла — аўт.) прыслужваўся. Напрыклад, на дзень нараджэння яго дачкі, князёўны Веранікі, якая нарадзілася з другога шлюбу і якую князь вельмі любіў, я напісаў вершы, дзе як мага стараўся падкрэсліць усе сваяцтвы Радзівілаў з каралеўскімі сем’ямі, пахваліць яго і яго сына, князя маршалка трыбунальскага» (Матушэвіч, ІІ, 148). Урэшце за два тыдні да рашаючага пасяджэння Матушэвіч пачаў аб’язджаць кватэры трыбунальскіх дэпутатаў. З’яўляўся там нават а пятай гадзіне раніцы, «да ног крыжам падаў, плакаў і так навучыўся плакаць, што як толькі прыехаўшы да нейкага дэпутата, пачынаў гаварыць, слёзы адразу з вачэй сыпаліся» (Матушэвіч, ІІ, 150). Услед за слязьмі лілося віно. І не надарэмна. З дваццаці трыбунальскіх дэпутатаў дзесяць падалі «рыскі» за Матушэвіча. А паколькі адзін голас быў несапраўдны (напісаны збоку), трыбунал асудзіў паклёпніцу і патрабаваў яе выдачы.

Але Чартарыскія адразу апратэставалі рашэнне. Праўда, Гінчукову ўсё ж везлі ў Мінск, толькі ў Стоўбцах яна раптам «захварэла» і знікла ў невядомым кірунку. Справа цягнулася доўга, патрабавала многа грошай. Памірыць абодва бакі спрабаваў сам кароль. Ды Матушэвіч па-ранейшаму настойваў, каб паклёпніцу «білі ў Брэсце каля ганебнага слупа». А Чартарыскія схавалі жанчыну ў нейкім аддаленым маёнтку. І на гэтым усё скончылася. Будучы даволі багатым і ўплывовым чалавекам, маючы ўсёмагутных «патронаў» і знаёмствы на каралеўскім двары, Матушэвіч так і не змог дабіцца праўды і справядлівасці.

Брэсцкі кашталян быў тыповым параджэннем феадальнага ладу, «залатой вольнасці». Ён сам тварыў беззаконне і сам жа стаў яго ахвярай.

Як і браты Валадковічы, пра якіх многа гаворыцца ў «Успамінах» Матушэвіча, іншай мемуарнай літаратуры. Адзін з братоў, Юзаф, нам ужо крыху знаёмы. Гэта з ім жорстка абышлася шляхта, нанёсшы яму (і не без падстаў) дваццаць шэсць ран. Другі Валадковіч, Міхал, быў расстраляны ў Мінску па незаконнаму рашэнню трыбунала. Яго імя потым стала легендарным, выкарыстоўвалася рознымі групоўкамі ў барацьбе за ўладу.

 

Браты Валадковічы

Юзаф і Міхал Валадковічы жылі на Міншчыне. Іх род не належаў да багатых, але ўсё ж быў у сваяцтве з Радзівіламі. Міхал блізка сябраваў з Каролем Радзівілам, дапамагаў яму ў розных «выбрыках». Абодвух братоў ведалі «па вельмі бурнаму характару і шалёнай фантазіі» (Крашэўскі, І, 263). Адносіны мемуарыстаў да Валадковічаў дваістыя: тыя, хто служыў Радзівілам, ідэалізуюць братоў, захапляюцца іх сілай, мужнасцю (Міхал ішоў на мядзведзя з адной рагацінай), другія, больш аб’ектыўныя, асуджаюць іх за п’янства і «дзікасць паводзін». Па-рознаму ацэньваюцца трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Мінску ў лютым 1760 года. Калі верыць М. Матушэвічу ці І. Ходзьку, то Міхал Валадковіч стаў тады нявіннай ахвярай шляхецкай міжусобіцы; калі ж чытаеш К. Крашэўскага, то пераконваешся, што «баламут» варты быў трыбунальскай кары, хоць і не такой суровай. Высвятленне ісціны ўскладняецца тым, што акты трыбунала згарэлі ў час мінскага пажару 1762 года1. Таму сёння застаецца толькі адзін шлях да праўды — супастаўленне розных мемуарных крыніц.

Паводле К. Крашэўскага, абодва браты самі былі ў многім вінаваты ў тым, што іх напаткала. Суседзі не любілі Валадковічаў за крывадушнасць і пагарду да беднай шляхты. Юзаф, краснасельскі староста, хацеў пашырыць свае ўладанні коштам фальварка, які належаў Яцынічу. Маючы гонар, той не збіраўся ўступіць «бацькоўскі загон». Тады Валадковіч пачаў суседу вытоптваць збожжа, адбіраць жывёлу і рыбалоўныя сеткі. Бездапаможны Яцыніч «адпомсціўся» арыгінальным спосабам: «загадаў прыбраць у кунтуш сноп, ці, як на Літве кажуць, куль саломы, пакласці яго над берагам возера (Валадковічы жылі на супрацьлеглым беразе — аўт.), расцягнуць, нібы чалавека, і біць бізунамі.

А Яцыніч пытаў:

— Каго гэта б’еце?

— Пана Валадковіча, — адказвалі людзі.

— А за што?

— Бо нам шкоду робіць: абдзірае, грабіць і жывёлу забірае...

— Тады, — казаў шляхціц, — біце добра, каб розуму навучыць» (Крашэўскі, І, 273—274).

Даведаўшыся пра «тэатр», Валадковіч нібы супакоіўся: вярнуў жывёліну і нават запрасіў Яцыніча на абед. «Шарачок» пакаяўся: быў, маўляў, на падпітку... Але гаспадар тут жа «паклікаў людзей. Расцягнулі Яцыніча над возерам — і пасыпаліся частыя пугі.

— А каго ж гэта лупіце? — пытаў Валадковіч.

— Э, ды гэта, пане, куль саломы, — адказвалі людзі.

— Ну, дык малаціце добра! — заахвочваў староста».

Атрымаўшы сто і адзін удар, звычайную ў Валадковічаў порцыю, Яцыніч звярнуўся ў суд. За знявагу шляхецкага гонару старосту прыгаварылі да «шасці тыдняў цывільнай вежы і штрафу ў дзвесце коп грошаў». Яцынічу здалося, што гэтага мала, таму ён падаў апеляцыю на «рускую сесію» літоўскага трыбунала, якая адбывалася ў Мінску ў лютым 1760 года. Па іроніі лёсу дэпутатам гэтага трыбунала быў выбраны таксама брат Юзафа, Міхал — яго нават зрабілі скарбнікам... Але істотна ўплываць на рашэнне трыбунала ён не мог: па-першае, маршалак сесіі, Міхал Сапега, захоўваў нейтралітэт і на нейкі час увогуле з’ехаў у свой Быхаў, па-другое, віцэ-маршалкам сесіі стаў чужаземец Марыконі, асабісты вораг Валадковічаў. Ды і іншыя дэпутаты не дужа любілі абодвух братоў — хто за буйны нораў, хто за непавагу да «святога касцёла»...

Істотны ўплыў на далейшыя падзеі, відаць, меў таксама скандал, які Міхал Валадковіч учыніў у Мінску летам 1759 года. У кафедральным касцёле тады выступаў славуты прапаведнік з Нясвіжа дамініканец Аблачынскі (з ім ужо мы сустракаліся ў адным з папярэдніх раздзелаў). Аднойчы Валадковіч з цікавасці пайшоў на яго казанне аб п’янстве і — о жах! — пачуў, што з амбона расказваюць пра ўсё тое, што ён вытвараў. Тут жа пачаў выношвацца план помсты...

Прайшоў тыдзень. Ледзь у наступную нядзелю Аблачынскі ўвайшоў на амвон, як «пасярод усеагульнай цішыні раптам знадворку пачулася дзіўная музыка — нешта звінела, бубнела, мэкала, трубіла, пішчэла, смяялася самымі нязвычнымі галасамі» (Крашэўскі, І, 268). Усе людзі натуральна высыпалі з касцёла. Выйшаў і ксёндз з памочнікамі і званочкам. Аказалася, што ўся плошча забіта натоўпам. Пасярод яго танцавалі пад гукі музыкі «мядзведзі, малпы і асабліва прыбраныя цыганы». А над усімі імі ўзвышаўся на высокім возе Міхал Валадковіч. Ён «сядзеў на бочцы з віном, у акружэнні сваёй неадступнай дружыны, частаваў гледачоў і слухачоў, заахвочваючы да вясёлай гульні» (Крашэўскі, І, 270). Аблачынскі тут жа разагнаў натоўп і прыгразіў Валадковічу: «Прыйдзе на цябе час божай кары!»

Марцін Матушэвіч безумоўна ведаў і пра знявагу Яцыніча, і пра канфлікт на мінскай плошчы, але, відаць, свядома замоўчваў усе папярэднія падзеі, бо яны сведчылі не ў карысць сваякоў яго «патрона» Кароля Радзівіла. Ва «Успамінах» брэсцкага кашталяна ўвогуле не гаворыцца, што за справа разглядалася тады ў мінскім трыбунале, а Міхал Валадковіч паказваецца нявінным жартаўніком. У той няшчасны дзень, 1 лютага, ён «напіўся, частуючы гасцей, і п’яны паехаў у суд, дзе, застаўшы дэпутатаў у пакоі нарад, загадаў віно ў пакой насіць і сяброў частаваць. Трыбунальскі віцэ-маршалак (Марыконі — аўт.), пакуль рэгенты пісалі дэкрэт, гуляў у карты. А паколькі раней бывала, што барабаншчыкаў і трубачоў трыбунальскай пяхоты запрашалі ў пакой нарад, каб гучна абвяшчаць тосты ў час п’янкі, то Валадковіч і цяпер папрасіў віцэ-маршалка, каб загадаў прыйсці сюды трубачам і барабаншчыкам. Калі ж віцэ-маршалак груба адказаў п’янаму, што гэта гультайская манера, Валадковіч раззлаваўся, адказаў, што гуляць у карты больш выпадала б на тым свеце, і скінуў яму са стала грошы разам з картамі, а потым дастаў шаблю і, нікога не атакуючы, ссякаў запаленыя свечкі. І Длускага, аршанскага дэпутата, які ззаду стаяў, неасцярожна параніў у руку — так лёгка, што рана за 24 гадзіны загаілася. Потым усё супакоілася, зазванілі на зацікаўленыя бакі і абвясцілі дэкрэт» (Матушэвіч, ІІІ, 70—71).

Аднак «падсвецім» «Успаміны» Матушэвіча ўспамінамі старога шамбеляна, запісанымі К. Крашэўскім. Аказваецца, «кліент» Радзівілаў апусціў вельмі істотныя падрабязнасці. Дэпутаты ў той дзень выносілі якраз прысуд па справе Яцыніча. Па іх дэкрэту Юзаф Валадковіч павінен быў заплаціць ужо чатыры тысячы коп грошаў і адседзець у вежы тры месяцы. І паводзіў сябе Міхал Валадковіч зусім не бяскрыўдна: «Стаўшы шалёным, ён секануў шабляй у стол, каля самай рукі віцэ-маршалка і, як некаторыя даказваюць, пашкодзіў крыху распяцце, якое блізка стаяла; а калі Марыконі нахіліўся, сцягнуў сукно са стала і, накінуўшы яго на віцэ-маршалка, хацеў так яго, безабароннага, сячы. Але ў тое імгненне Валадковіча схапіў за палу Длускі, лідскі дэпутат, якога ягомасць пан Міхал секануў адразу па руцэ, калі ж Длускі пачаў уцякаць, гнаўся за ім і, ужо прыпёршы ў кут, забіў бы яго на месцы, калі б Марыконі ўзаемна не абараніў Длускага, схапіўшы Валадковіча за талію і вырваўшы з яго рук шаблю, якую адкінуў на сярэдзіну залы» (Крашэўскі, І, 279). Валадковіч на нейкі момант прыціх, пачаў прасіцца, каб яго не каралі. Але калі Длускі пачаў скардзіцца, што яму зусім нізавошта рассеклі да касці руку, дэбашыр даў яму кулаком у твар. Калі ж зачытвалі дэкрэт, пачаў усіх страшэнна лаяць. Пасля закрыцця пасяджэння зайшоў яшчэ на гаўптвахту, сілай прымусіў ісці за сабой трубачоў і барабаншчыкаў. Выйшаўшы на вуліцу, сустрэў дамініканцаў, якія ішлі з насілкамі за нябожчыкам. Валадковіч адабраў насілкі, разагнаў манахаў, музыкантам загадаў іграць пахавальны марш, а сам спяваў. Затым пайшоў на кватэру Длускага, не застаўшы яго, павыбіваў вокны. Нарэшце, у пісара Паца зусім зваліўся з ног і быў аднесены на кватэру... .

Ворагі Радзівілаў і Валадковічаў тым часам не драмалі. Ва ўсе канцы — у Варшаву і Быхаў, у Заслаўе, да рэферэндара Пшаздзецкага — былі адпраўлены тэрміновыя данясенні аб тым, што Валадковіч зняважыў трыбунал і святое распяцце. Вядома, у трыбуналах Рэчы Паспалітай бачылі і не такое. Пры іншых акалічнасцях дэбашыра прыгаварылі б, у адпаведнасці з законамі, да заключэння ў вежы, да грашовага штрафу. За пашкоджанае распяцце можна было б, як разважае Ходзька, пабудаваць касцёл, за параненую руку — адліць такую ж з серабра. Знаёмыя шапталі, што Валадковіч высеча сябе ў бернардзінцаў дысцыплінай, адбудзе пеша паломніцтва ў Рым — і на гэтым усё скончыцца.

Аднак Марыконі і яго сябры рашылі выкарыстаць скандал, каб адпомсціць Радзівілам, а заадно і прадэманстраваць сваю беспакаранасць. Валадковіча дагаварыліся судзіць «на горла». Віцебскі дэпутат Жаба, пайшоўшы да споведзі ў кляштар кармелітаў, прагаварыўся аб планах віцэ-маршалка. Валадковічу данеслі: рыхтуецца расправа, а таму ўцякай з Мінска ці, у крайнім выпадку, паведамі Каролю Радзівілу. Але 12 лютага, калі трыбунал разглядаў скаргу Длускага аб тым, што нібыта яму адсеклі руку, падсудны ўсё ж з’явіўся ў залу пасяджэння. Марыконі, груба парушыўшы працэдуру, не вывеў Валадковіча з ліку дэпутатаў, не даў яму нават адваката і адразу ж запатрабаваў для яго смяротнай кары. Палавіна дэпутатаў прагаласавала за гэту прапанову, іншыя ж заявілі пратэст. Калі пачалі пісаць дэкрэт, Валадковіч спачатку хацеў вырваць яго з кнігі, потым кінуўся ўцякаць праз акно. Але «тут жа натоўпам уварвалася трыбунальская пяхота, схапіла Валадковіча; адразу на рукі яму надзелі кайданы і пацягнулі ў цямніцу, дзе адразу ногі яму закавалі і ланцугом за талію прыкавалі да сцяны» (Матушэвіч, ІІІ, 77). Прыкладна так жа расказвае пра падзеі 12 лютага і Крашэўскі. Аднак ён удакладняе вельмі істотную дэталь, якая, відаць, сведчыць аб стыхійным атэізме Валадковіча. Калі яму не далі вырваць лісты з кнігі, ён схапіў са стала распяцце і ўсклікнуў: «Адракуся ад гэтага Пана Бога, а вас усіх чэрці возьмуць!» (Крашэўскі, І, 287).

Па закону належала, каб дэкрэт быў выкананы за тры дні. Але тут у Мінск прыйшлі весткі, што на дапамогу Валадковічу з Белай ідзе Кароль Радзівіл, што яго войска ўжо ў Койданаве. Таму праз некалькі гадзін пасля пасяджэння да вязня з’явіўся ксёндз Аблачынскі і пачаў угаворваць яго пакаяцца і выспавядацца. Валадковіч жа ўсё лічыў, што з ім дрэнна жартуюць. Урэшце каля дзвюх гадзін ночы ў кардэгардыю з’явіліся салдаты трыбунальскай пяхоты. З шасці куль чатыры трапілі Валадковічу ў грудзі, дзве адбіліся ад металічнага шкаплера, які ён насіў на шыі. Затым афіцэр выстралам у вуха дабіў ахвяру.

Вестка аб смерці Валадковіча разышлася па ўсёй краіне, трапіла ў зарубежныя газеты. Адны асуджалі нябожчыка, другія яго горача абаранялі. Сярод мінчан пайшоў па руках верш, нібыта напісаны самім Валадковічам (тэкст верша прыведзены ў І. Ходзькі). Але не мог жа ён сам пісаць пра сваю смерць, сам праслаўляць сябе з-за магілы:

 

Obacz, ojczyzno, jaka twoja strata.

Gdzie twa nadzieja? Kędy moje lata?

Ledwie ze światem zabieram przymierze,

Jeden mi życie cudzoziemiec bierze.

 

З расстрэлам Міхала Валадковіча справа не скончылася. Дзве варожыя групоўкі працягвалі барацьбу. Брат пакаранага, Юзаф, па-ранейшаму здзекаваўся з дробнай шляхты: аднойчы ён загадаў спляжыць Ратынскага, сябра літоўскага рэферэндара Пшаздзецкага, другім разам, «сустрэўшы ў Мінску на рынку Пуцяту, таварыша па Пяцігорскаму палку таго ж Пшаздзецкага, сказаў даць яму дзвесце нагаек» (Матушэвіч, IV, 18). Трыбунал рашыў злавіць Юзафа Валадковіча і паслаў дзеля гэтага «200 чалавек лепшай стражы». Але Матушэвіч перасцярог свавольніка, і той, навучаны вопытам, паспеў схавацца «да мінскіх базыльянаў, узяўшы з сабой досыць людзей і стрэльбаў».

Сёння браты Валадковічы выклікаюць у нас дваістыя пачуцці. Безумоўна, гэта былі людзі неардынарныя, вынаходлівыя, энергічныя. Але іх энергія ішла яўна не ў лепшым кірунку Яны сталі ахвярай той жа самай «шляхецкай вольнасці», якая іх нарадзіла, якой яны верай і праўдай служылі.

І міжвольна думаеш: калі так беззаконна і беспакарана можна было расстраляць багатага і ўплывовага шляхціца, сябра і сваяка ўсёмагутнага Кароля Радзівіла, то ў якім жа бяспраўі мусіў тады жыць чалавек, якога не ахоўвалі ніякія саслоўныя прывілеі!

 

1 Рубинштейн С. Ф. Казнь Володковича. Внльно, 1903. с. 5—9. 138.

Сацыяльны партрэт: «простыя» саслоўі

Калі расстрэльвалі Валадковіча, была хоць захавана бачымасць законнасці: збіраўся трыбунал, галасавалі дэпутаты, пісаўся дэкрэт. У дачыненні ж да простанароддзя не было нават гэтай бачымасці. Што там адна галава Валадковіча! Галовы тых, хто не мог пахваліцца гербамі, ляцелі сотнямі і тысячамі, асабліва ў час шляхецкіх канфедэрацый, міжусобіц. У Рэчы Паспалітай можна было (прынамсі, да пастановы сейма 1768 года) забіць селяніна, мешчаніна, купца і ў горшым выпадку заплаціць за гэта штраф, пасядзець крыху ў «вежы».

Паны сварыліся і мірыліся, а з плячэй ляцелі сялянскія галовы. У 1701 годзе, напрыклад, «пад Дуброўнай спачатку выразалі дзве з палавінай тысячы мужыкоў Сапегі, потым забралі ўсё нажытае, зжалі збожжа» (Завіша, 210). Пазней не раз сутыкаліся на Магілёўшчыне атрады Агінскага і Сасноўскага. Першы з іх «кружыў каля Крычава і Магілёва, судзіў і вешаў сялян, якія наводзілі ворага на канфедэратаў... Таму і Сасноўскі са свайго боку выціскаў з Белай Русі кантрыбуцыю, сваволіў і рабаваў больш багатых русінаў»1.

Паны не дзялілі нейкі кавалак поля, лесу, сенажаці. Захопліваць жа або адстойваць іх звычайна пасылалі прыгонных сялян, якія дзесяткамі гінулі ў такіх «наездах» і «тумультах» (беспарадках). У 1761 годзе на сялян Матушэвіча напалі са стрэльбамі, косамі і цапамі сяляне суседняга, церабунёўскага, маёнтка пана Талочкі. Пабачыўшы гэта, піша мемуарыст, «я загадаў спыніць карэту, хуценька высеў з яе, пабег туды, дзе стралялі, і крычаў, каб абодва бакі супакоіліся. Тут мужыцтва пачало ўцякаць, а хаця з таго боку агню было больш, аднак з нашага боку нікога не ранілі; з таго ж боку, як расказвалі, мой слуга Малахоўскі, якога наравісты конь занёс сярод церабунёўскае мужыцтва, забіў з пісталета аднаго хлопца, іншых мужыкоў патаптаў і першы прымусіў іх уцякаць. Тады людзі нашыя даганялі іх, тапталі і секлі» (Матушэвіч, ІІІ, 149). Нярэдка прыгонных сялян выкарыстоўвалі пры вырашэнні сямейных канфліктаў. Неяк брат Марціна Матушэвіча, Адольф, раззлаваўшыся, загадаў мінковіцкаму падстаросту Дамброўскаму, каб той з сялянамі напаў на вёску Чэрнева, якая належала мемуарысту. «Наезнікі» пачалі «з хлявоў быдла гвалтам забіраць, а калі ў вёсцы быдла свайго не давалі, тады Дамброўскі разам з другой дворняй пачаў да чэрнеўскіх сялян страляць. Падстрэліў тады шротам досыць небяспечна двух маіх сялян» (Матушэвіч, ІІ, 34).

Варожасць паноў часта перарастала ў зацятую, сляпую нянавісць паміж сялянамі. Аднойчы, едучы ў Высокае паўз сваю карчму ў Мікрыцы, Матушэвіч знайшоў там на дарозе труп свайго прыгоннага Данілы Кузьмічка, якога забілі сяляне высокаўскага пробашча ксяндза Бухавецкага, заклятага ворага мемуарыста. Затым высветлілася, што зрабілі гэта «трое мужыкоў-крыміналістаў, якія толькі са злосці жорстка закатавалі зусім невінаватага селяніна, што быў у карчме і слязліва прасіўся, каб яго не забівалі» (Матушэвіч, ІІІ, 150). Потым, праўда, за забойства Кузьмічка адзін з трох злачынцаў быў «на смерць асуджаны і абезгалоўлены», але затое другога (трэці ўцёк) выкупіў ад смерці славатыцкі аканом Жымоўскі, «заплаціўшы злотых пяцьсот — дык таго толькі ля ганебнага слупа розгамі білі» (Матушэвіч, IV, 13). «Калі не лічыць «паклёпніцы» Ганны Гінчуковай, Даніла Кузьмічок, здаецца, адзіны прыгонны селянін, названы ў Матушэвіча па прозвішчу. Астатнія прыгонныя для яго — бязлікая, аморфная маса. Паколькі тагачасная шляхта лічыла, што толькі яна прадстаўляе народ, нацыю, дзяржаву, то цікавасць да селяніна і мешчаніна з'яўлялася ў яе толькі ў выключным выпадку — калі ён кагосьці забіў або яго забілі, калі з ім звязаны нейкі кур’ёз (напрыклад, у нясвіжскай галерэі Радзівілаў вісеў партрэт прыгоннага з Чучавіч, які пражыў сто сорак гадоў). Таму жыццё «простых» саслоўяў слаба адлюстравана ў тагачаснай мемуарнай літаратуры, якая стваралася выключна шляхтай. Толькі адзін Енджэй Кітовіч збіраўся напісаць раздзел «Аб мужыцкіх звычаях», але, на жаль, абарваў яго на апісанні сялянскага адзення. У большасці ж дзённікаў і ўспамінаў гараджане, рамеснікі, купцы, прыгонныя сяляне, слугі з’яўляюцца толькі эпізадычна, недзе на заднім фоне і абавязкова ў сувязі і ўзаемадзеянні са шляхтай. Паміж «высакароднымі» і «негербавымі» жыхарамі краіны захоўвалася значная сацыяльная дыстанцыя.

 

1 Pismo zbiorowe, T. І. S. 141.

Горад і гараджане

Шляхта звысоку, пагардліва ставілася да рамёстваў і гандлю, часта адмаўляла «сапсаванае» гарадское жыццё, палемічна супрацьпастаўляла яго «вясковай ідыліі». Звычайны землеўласнік-дамасед ехаў у горад неахвотна, бо гэта патрабавала многа грошай. Прыехаўшы ў ваяводскі ці павятовы цэнтр, ён бавіў час у асяроддзі такой жа шляхты, а да рамеснага люду яму не было ніякай справы. Таму тагачасная мемуарыстыка дае нам толькі вельмі агульныя, сумарныя звесткі пра стан беларускіх гарадоў.

У XVIII стагоддзі, асабліва ў першай яго палавіне, гарады Рэчы Паспалітай перажывалі глыбокі ўпадак. У параўнанні з XVI стагоддзем прыкметна скарацілася насельніцтва, заняпалі рамесніцкія цэхі. Як сведчаць творы мемуарнай літаратуры, мяшчане знаходзіліся ў намнога горшым становішчы, чым шляхта: яны мусілі плаціць мноства падаткаў — пагалоўны, падымны, «гіберну» (ваенны), чопавы, паштовы, несці выдаткі на кватарунак войск, уносіць мыта пры вывазе тавараў за граніцу, не мелі права набываць зямлю і пасылаць (да 1791 года) паслоў на сейм. Фармальна горадам па-ранейшаму кіраваў магістрат — бургамістр, радцы, лаўнікі. Але фактычна ўсё залежала ад магнатаў і шляхты, ад каралеўскага старосты. Яны ўмешваліся ў рашэнні магістратаў, узаемаадносіны цэхаў, камандавалі, калі і дзе праводзіць кірмашы. Матушэвіч, напрыклад, скардзіўся, што раней у Расне «на святога Ілью рускага» былі добрыя кірмашы. На іх «маскоўскія купцы прывозілі футры, турэцкія з Хоціма — коней». Прыязджалі немцы

з Гданска і Уроцлава. Але вось ваявода самавольна рашыў перанесці кірмаш у Высокае і сілай стаў заварочваць туды купцоў, якія ехалі ў Расну (Матушэвіч, І, 39). Злоўжыванні шляхты (Занковіча ў Магілёве, старосты Іваноўскага ў Мінску) выклікалі ўзброенае супраціўленне мяшчан. З таго і з другога боку былі забітыя і параненыя.

Паводле мемуарных крыніц, тагачасныя беларускія гарады мелі даволі непрывабны выгляд. Смецце з вуліц не прыбіралася, а вуліцы не брукаваліся — хіба што каля ратушы і гандлёвых радоў (Магілёў, Віцебск). Рыначная плошча зарастала пустазеллем. Ваду дастаўлялі з рэчкі ваданосы і вадавозы. Вуліцы афіцыйных назваў не мелі. Замест шыльдаў рамеснікі вывешвалі розныя знакі (каваль — падкову, шавец — бот, кравец — нажніцы, цырульнік — таз). Ноччу горад не асвятляўся, таму прахожыя ўзбройваліся ліхтарамі і паходнямі. Затое ўсюды адчыняліся корчмы і шынкі, у якіх цяжка было пераначаваць, але лёгка дастаць гарнец ці кварту гарэлкі. Ну і, вядома, вакол корчмаў цікавалі зладзеі і распусніцы. Апошнія заклікалі публіку ў свае «замтузы». Праўда, прадстаўніц «першай старажытнай прафесіі» часам жорстка каралі. Калі верыць Жавускаму, у сярэдзіне XVIII стагоддзя падваявода Абуховіч загадаў абрэзаць вушы, нос і губы старой шляхцянцы, якая адчыніла ў Навагрудку «тракцірню» і садзейнічала там «сустрэчам». Ва «Успамінах» Матушэвіча ўжо сустракаецца тэрмін «незарэгістраваная» (г. зн. сумленная) жанчына...

У мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя амаль нічога не гаворыцца пра рамесніцкія цэхі, іх унутранае расслаенне, а таксама пра мануфактуры. Толькі пералічваюцца шматлікія мануфактуры — суконная, шаўковая, палатняная, карункавая, карэтная і іншыя, адкрытыя А. Тызенгаўзам у Гродне, ды Андрэй Мейер у сваім «Апісанні Крычаўскага графства» (гэты твор мяжуе з мемуарыстыкай) назваў прадукцыю, якую пастаўлялі на рынак невялікія заводы Падняпроўя і Пасожжа1. Крыху больш звестак прыводзіцца пра вотчынныя мануфактуры, дзе працавалі прыгонныя сяляне. Ф. Булгарын згадвае, што ў Русінавічах, у маёнтку Апюхоўскай, стогадовай сястры яго прадзеда, была майстэрня па вышыванню дываноў і шпалераў, у якой побач з вясковымі дзяўчатамі працавалі і шляхцянкі. На дыванах вышываліся батальныя і паляўнічыя сцэны з чалавечымі фігурамі ў натуральны рост. Прадукцыя русінавіцкай мануфактуры пасылалася нават на каралеўскі двор (Булгарын, І, 165). Зорыч у сваіх шклоўскіх маёнтках таксама завёў «розныя фабрыкі, а менавіта: шоўкавых тканін, палатняную, ветразяў, канатаў, суконную і скураную. Але гэтыя прадпрыемствы, апрача ўбыткаў, амаль нічога яму не прыносілі, таму што ён любіў дарыць свае вырабы ўсім, хто толькі з цікавасцю іх аглядаў» (Тучкоў, 155).

У мемуарах Е. Кітовіча, М. Матушэвіча, Г. Дабрыніна, С. Тучкова эпізадычна з’яўляюцца дробныя гарадскія чыноўнікі, палестранты, якія выконвалі чарнавую работу ў судах.

Уся гэта «галота» рэкрутавалася з дробнай шляхты і мяшчанства. «Юрысты з палестры» самі парушалі законы, не грэбавалі дробным грабяжом. Яны часта «забаўляліся», заступаючы дарогу падарожнікам, асабліва рамеснікам і купцам, «адбіраючы ад іх грошы, пояс, шапку, гадзіннік і шаблю». З «публічных жанчын» палестранты бралі штомесячную плату або патрабавалі паведамляць, калі ў іх будзе багаты кліент. «Так пад бокам святой справядлівасці адна несправядлівасць прыгняталася другой несправядлівасцю» (Кітовіч, 183). Любімым заняткам дробных чыноўнікаў была гульня ў пальцаты (а па сутнасці — бойка кіямі).

У свавольстве і гультайстве праходзілі таксама дні рускай «штацкай службы». Г. Дабрынін паказвае такую сцэнку з жыцця чыноўнікаў Магілёўскай губернскай канцылярыі: «Нямногія з іх пісалі, іншыя сядзелі без работы, а большай часткай сноўдаліся па рынку, шумелі, рагаталі, кідалі адзін у другога пяском з пясочніц, хапалі адзін другога за каўнер, за валасы, ганяліся за сябрамі, скакалі на лаўкі» (Дабрынін, 167). «Высокія матэрыі», думкі аб народным жыцці рэдка займалі галовы магілёўскіх і не толькі магілёўскіх канцылярыстаў.

 

1 Могилевская старина, вып. 2 (1901). с. 112—116.

Корчмы і карчмары

Асаблівай праслойкай сярод жыхароў тагачаснай Беларусі былі яўрэі-карчмары. З аднаго боку, іх няшчадна эксплуатавала шляхта, з другога — яны самі з такой жа няшчаднасцю абдзіралі сялян, значна павялічвалі феадальны прыгнёт у вёсцы.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя корчмы былі амаль у кожнай беларускай вёсцы. Густа стаялі яны і па лясах, на межах панскіх уладанняў. Тады ім давалі гучныя назвы: Астатні Грош, Рым, Воўчая Яма, Лавігуз, Пагулянка, Пачакай, Выгода, Радасць, Раскоша. Уцеха, Пекла, зрэдку — проста Ёхнава карчма...

Корчмы звычайна дзяліліся сенямі на дзве часткі. Злева жыў арандатар з сям’ёй. Там жа можна было выпіць куфаль піва ці кварту 25—35 градуснай «сівухі», закусіць яе селядцом. Справа спыняліся на начлег шляхта, купцы. Пасцель для іх (звычайна — куль саломы) сцялілі на глінабітнай падлозе, у лепшым выпадку — на лаве. Па нядзелях у карчму збіраліся сяляне: шукалі ў гарэлцы забыцця ад гора і крыўды, танцавалі пад гукі скрыпкі, цымбал і дуды. Карчма служыла прыгонным нечым накшталт сённяшняга клуба. Тут грамада на чале з войтам і лаўнікамі праводзіла свае сходкі, судзіла паводле старога звычаёвага права. Сюды прыходзілі весткі з навакольнага свету. Прыносілі іх і расказвалі «люзныя» людзі: пілігрымы, старцы, дзяды, сляпыя лірнікі, якія спецыяльна выколвалі сваім дзецям вочы, каб забяспечыць ім жабрачы кавалак хлеба. У корчмах выспяваў сацыяльны фермент, абдумваліся антыпрыгонніцкія выступленні і бунты.

Аднак у цэлым карчма была для вёскі сацыяльным злом. Праз арандатараў пан прымусова збываў тут сялянам прадукцыю свайго гарэлачнага бровара. Прыгонны меў права піць толькі ў сваёй карчме. Тых, хто піў, скажам, у мястэчку, білі розгамі або нават садзілі ў ледзяную палонку1. Цэны на гарэлку ўстанаўліваліся адвольна. Кожны селянін павінен быў выпіць за год акрэсленую колькасць «сівухі». А не вып’е — усё роўна заплаціць яе кошт, бо так патрабавала прапінацыя — няпісаны закон аб прымусовым спажыванні спіртных напіткаў. Даходы ад арэнды корчмаў дасягалі часам палавіны ўсіх панскіх прыбыткаў! Да таго ж карчмары, як на гэта скардзяцца мемуарысты, часта разбаўлялі гарэлку вадой, дабаўлялі да яе дурнап’яну, ашуквалі з мерай. Калі ж у сялян не было грошай, арандатар даваў ім у доўг, «запісваючы, як захоча, і потым, пры наступленні жніва, браў у іх апошні кавалак хлеба» (Тучкоў, 79). За паўцаны сяляне прыносілі ў карчму збожжа і воўну, ільняное палатно і курэй. Карчмарам здаваліся таксама ў арэнду млыны. Прыгонным забаранялася мець у сябе нават ручныя жорны, і за памол прыходзілася аддаваць па ўгледжанню арандатара «частку сваёй мукі або збожжа».

Такім чынам, карчмар быў кожны дзень патрэбны і шляхце, і сялянам. Ён пасрэднічаў у куплі і продажы, пастаўляў інфармацыю, выконваў канфідэнцыяльныя даручэнні. Ен ведаў усё і пра ўсіх. Ён нажываўся, дзе толькі мог. І таму яго, зразумела, не любілі ні ў двары, ні ў вёсцы. Прыезд шляхціца і тым больш магната не прадвяшчаў карчмару нічога добрага. У лепшым выпадку падарожны госць здзекаваўся з яго веры, угаворваў прыняць хрысціянства. У горшым — выганяў з дзецьмі прама на вуліцу, на дождж і снег. Саламону Маймону, чыё дзяцінства прайшло над берагам Нёмана, у Жукавым Барку, не раз даводзілася начаваць у кустах. Побач з карчмой Маймонаў быў стары мост, які ніхто не хацеў рамантаваць. За гэта бацьку будучага філосафа часта білі бізунамі. А аднойчы яго прымусілі выпіць цэбар вады, ад чаго ён захварэў ліхаманкай. Аднойчы ў карчму Маймонаў зайшоў поп і патрабаваў бясплатна гарэлкі, а калі яму адмовілі, падгаварыў селяніна-баброўніка падкінуць у карчму чалавечы труп. Арандатара-пахтара абвінавацілі «ў забойстве хрысціяніна». Пачаліся жорсткія допыты. Баброўнік прызнаўся, што гэта ён падкінуў тапельца. Збітага карчмара ўрэшце выпусцілі, селяніну далі розаг, аднак папа, які ўсё падстроіў, так і не пакаралі. Пра гэтыя перыпетыі бацька Саламона Маймона склаў «нешта накшталт эпапеі з лірычнымі спевамі» і часта яе зачытваў. Сям’я Маймонаў была досыць заможная. Дзеда філосафа называлі «самым бедным багатым чалавекам на свеце». Але эканоміў ён на ўсім (нават на свечках, замках у хляве). Таму ежа ў сям’і «складалася з кепскага хлеба, да якога дамешвалі гліну, малочных і мучных страў, радзей — мяса. Апраналіся ў дрэнныя льняныя тканіны і простае сукно» (Маймон, І, 8—9). Зрэшты, такая адносная (у параўнанні з сялянскай) беднасць часта была вонкавай шырмай, каб засцерагчыся ад грабіцеляў.

Ад здзекаў шляхты не былі застрахаваны нават самыя багатыя купцы і карчмары. Ф. Булгарын расказаў у сваіх «Успамінах» такую гісторыю. Неяк у Слуцку перад яго бацькам яўрэй-адкупшчык не зняў шапку. Абражаны шляхціц папрасіў Кароля Радзівіла («самага... добрага і высакароднага чалавека!») даць яму ў арэнду маленькі фальварак пад Слуцкам і стаў там прадаваць гарэлку па самай нізкай цане. Карчмару пагражала банкруцтва, таму ён прыбег да Булгарына прасіць прабачэння. Шляхціц нібы злітаваўся і нават прапанаваў яўрэю ўзяць «карчму» ў арэнду. Але як толькі адкупшчык падпісаў кантракт, выбеглі слугі, павалілі новага «арандатара» і ўсыпалі яму дзвесце ўдараў скуранымі пастронкамі. Яўрэі паскардзіліся ў Нясвіж. Але Булгарын з’явіўся туды і лёгка апраўдаўся: ён біў свайго арандатара і па сваёй частцы яго цела! Радзівілам нават гэта спадабалася.

Або другі выпадак, калі вінаваты былі, як кажуць, абодва бакі. Аднойчы багаты карчмар, які служыў арандатарам у генерала Завішы ў Уздзе, доўга не аддаваў аднаму шляхціцу грошай за коней. Завіша адмовіўся ўмешвацца ў канфлікт. Тады Булгарын-бацька падсцярог на дарозе жонку карчмара (апранутую ў атлас і аксаміт, з жэмчугам на шыі) і загадаў яе трымаць у хляве, на гноі да таго часу, пакуль муж не аддасць доўг. Завіша пакрыўдзіўся за свайго арандатара і падаў скаргу ў гродзенскі трыбунал. Булгарын падкупіў сведкаў і выйграў справу. Трыбунал спагнаў з Завішы штраф. Назаўтра аб’явы, расклееныя па Гродне, абвяшчалі, што на гэтыя грошы Булгарын дае гораду баль. Пад вечар на вуліцах паказалася дзіўная працэсія. Уперадзе ішлі і ігралі музыканты, сабраныя з усяго Гродна і наваколля. «За імі стральцы ў ліўрэі ехалі конна пад гербавымі сцягамі. Потым ехалі (конна ж) сам Булгарын, усе яго сваякі і сябры, а ззаду цягнуліся фурманкі, упрыгожаныя сцягамі, з ежай і бочкамі вінаграднага віна, водкі, піва і мёду. Прайшоўшы па галоўных вуліцах, працэсія спынілася на плошчы, і па дадзенаму знаку пачалося частаванне. Раздавалі кожнаму, хто што хацеў» (Булгарын, І, 100). Баль закончыўся бойкай. Але Булгарына пры гэтым ужо не было — ён конна знікнуў з горада. Зрэшты, потым ён памірыўся з Завішам і нават вярнуў яму атрыманыя праз суд грошы. Што значыла для багатага шляхціца некалькі тысяч злотых, заробленых чужой працай...

 

1 Baranowski Bohdan. Polska karczma. Restauracja. Kawiarnia. Wrocław etc., 1979. s. 13.

Вёска і сяляне

У Рэчы Паспалітай скардзіліся на беднасць і бяспраўе многія — дробная шляхта, мяшчане, чыноўнікі, купцы, арандатары. Нават Кароль Радзівіл плакаўся, што яго крыўдзіць кароль і што хутка прыйдзецца ісці з торбай і жабраваць... Але, безумоўна, жыццё ўсіх іншых саслоўяў і класаў не ішло ні ў якое параўнанне з жыццём сялян. Яны знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад шляхты. Панскай была зямля, якую яны абраблялі. За гэту зямлю яны павінны былі плаціць натуральны і грашовы чынш, хадзіць на паншчыну, адрабляць розныя шарваркі, старожы і дарэмшчыны. Эканамічная залежнасць спалучалася з асабістай. Пан уладарыў над душой і целам селяніна: мог яго абвянчаць з нялюбым чалавекам, прыгаварыць да балючай і зневажальнай кары. Напрыклад, у інструкцыі Тамаша Лапацінскага, які гаспадарыў у Сар’і Дзісненскага павета ў канцы XVIII стагоддзя, было спецыяльна агаворана, колькі розаг належыць даць селяніну за тое ці іншае «злачынства», колькі разоў і калі павінен прыгонны хадзіць у касцёл і спавядацца. І, урэшце, пан мог купіць і прадаць селяніна, разлучыць яго з сям’ёй. Мужчыну можна было «прадаць за 200 рублёў, а жанчыну ці дзяўчыну за 100, а часам і менш, тады як за сярэдняга каня плацілі 500» (Тучкоў, 80). Матушэвіч даў для падканцлера Сапегі, які без чаргі паставіў пячатку на нейкім акце, трыццаць чырвоных злотых і расненскага селяніна.

Польская шляхецкая мемуарыстыка і псеўдамемуарыстыка XIX стагоддзя пашырала легенды аб заможным і шчаслівым жыцці беларускага селяніна ў «мінулыя залатыя часы». Такая ідэалізацыя сацыяльных адносін у былой Рэчы Паспалітай асабліва адчуваецца ў І. Ходзькі. Зборшчык ахвяраванняў, ад чыйго імя вядзецца апавяданне ва «Успамінах квестара», едзе «па краіне ўрадлівай і вясёлай. Мужычкі на палях косяць сенка або жнуць жытка ці пшанічку... Нідзе не відаць — няхай хвала будзе Богу — ні вялікага прыгнёту, ні біцця бізуном, ні прымусовага згону на работу»1. І ўсё, маўляў, таму, што сюды, у гэты ідылічны рай пад

Нясвіжам, яшчэ разам з асветай, з уменнем чытаць не дайшлі «амаральнасць і малаверства»...

Аднак успаміны відавочцаў сведчаць, што жыццё беларускага селяніна нагадвала ў XVIII стагоддзі не рай, а сапраўднае пекла. Нават рэакцыянер Булгарын вымушаны быў прызнаць, што «пасяляне тады ўвогуле былі прыгнечаны, а ў Літве і Беларусі іх становішча было горш, чым неграў» (Булгарын, І, 16). Таму, маўляў, народныя масы засталіся «абыякавымі гледачамі» ў час паўстання Тадэвуша Касцюшкі...

А вось словы генерал-лейтэнанта С. Тучкова. Прыехаўшы ў «паўночную Польшчу» (так у яго «Запісках» называюцца Магілёўшчына і Віцебшчына), ён заўважыў, што мясцовыя сяляне — «самыя няшчасныя людзі», што тут пануе «крайняя беднасць і поўная непісьменнасць», а для паноў уласціва «гордасць і тыранскае абыходжанне з іх падданымі» (Тучкоў, 66). І далей: «Землеўласнік, які валодае адной або некалькімі дзесяцінамі, мае права прымушаць мужыкоў сваіх працаваць на яго па свайму ж угледжанню. Ёсць такія бесчалавечыя людзі, што прымушаюць мужыка працаваць на сябе па шэсць дзён у тыдзень, нічога не плацячы яму за гэта і прадастаўляючы яму толькі адны святочныя і нядзельныя дні. Не толькі мужчыны, але і ўсе жанчыны працуюць на пана, выключаючы старых і малалеткаў, якія жывяцца міласцінай. Я ведаю аднаго памешчыка, менавіта п. К., які мае даволі вялікі маёнтак і менавіта так абыходзіцца са сваімі людзьмі. Калі ж яго спытаць, як распараджаецца ён працай земляробаў у сваю і іх карысць? — тады адказвае ён: яны працуюць тры дні на мяне і тры дні ў сваю карысць. Але якія гэта тры дні, што прадстаўляюцца мужыкам? Вядома, што ў паўночнай Польшчы амаль шэсць месяцаў нельга працаваць, звыш таго ўсе карысныя работы маюць акрэслены час. Значыць, той час, у які трэба жаць, сеяць або збіраць, бярэ ён сабе, а астатні — ім; сабраўшы плён іх працы, прадае, зусім не клапоцячыся пра тое, што бедныя земляробы нярэдка паміраюць з голаду» (Тучкоў, 78). Кожны памешчык, працягваў мемуарыст, мае ў сябе «аднаго або некалькі аканомаў са шляхты, якія б’юць, мучаюць і караюць сялян самым нечалавечным чынам». Сялянская праца карміла цэлую феадальную іерархію. «Калі пералічыць усіх памешчыкаў, манахаў і манахінь, яўрэяў абодвух полаў, ваенна-грамадзянскіх чыноўнікаў, паноў з велізарнай іх прыслугай, старых з малалеткамі і іншых, хто не апрацоўваў зямлю, то выходзіла па меншай меры, што адзін чалавек мусіў забяспечыць харчаваннем 25 ці 30 душ, калі не больш» (Тучкоў, 79). Наўрад ці гэтыя красамоўныя прызнанні царскага саноўніка патрабуюць якіх-небудзь каментарыяў.

Непасрэдны вынік сацыяльнага прыгнёту — крайняя беднасць беларускай вёскі. Вядома, сялянства было неаднародным. Яго дыферэнцыяцыя з кожным годам паглыблялася. Інакш жылося «служыламу люду» — асочнікам, стральцам, зямянам. панцырным і путным баярам. Інакш — цяглым, кунічным, агароднікам, новікам, асаднікам. І зусім інакш — кутнікам, каморнікам, бабылям, у якіх не было ні сваёй хаты, ні цяглай сілы. Матэрыяльны стан селяніна ў многім залежаў ад таго, належаў ён рану, кляштару ці каралеўскаму староству (у апошнім выпадку ён мог хоць паскардзіцца ў суд). Залежаў ад нормы згону, велічыні чыншу, якасці зямлі. Урэшце ад таго, як гаспадарыў пан: рацыянальна або «пастарому», сам або праз аканома, які павялічваў абавязкі ў сваю карысць. Аднак «сярэдні» тагачасны селянін жыў у галечы: курная хатка з глінабітнай падлогай, зрэбнае адзенне, гліняны посуд, куль саломы замест пасцелі... І голад, сістэматычнае недаяданне, калі не лічыць восені ды калядных і велікодных свят, на якія пакідаліся апошнія запасы.

Гаўрыла Раманавіч Дзяржавін у 1800 годзе так апісаў стан сялянства ў Віцебскай губерні: «Заходзіў я ў бліжэйшыя ад вялікай дарогі некаторыя ўладальніцкія сяленні і бачыў знянацку ў бедных хацінах сапраўдны воблік жыцця пасялян. Лепшыя з іх ядуць пушны, або напалову з мякінай, хлеб, дастаючы і той пакупкай і пазычкай з дня ў дзень на дзённы харч, а іншыя ўжываюць пятую толькі долю жыта, змешваючы з чатырма часткамі мякіны, іншыя ж і гэтага не маюць, а ядуць варанае шчаўе або хлебчуць, як яны называюць, кісліцу, вараную з вотруб’я і жамерын, або самую вадкую кісельную сулу (?!). Ад такой стравы ўсе ўвогуле вялыя, худыя і бледныя, нібы мерцвякі. Параўноўваючы іх з самымі беднымі вялікарускімі сялянамі, я не ўсумніўся б сказаць, што яны знаходзяцца ў самым вартым жалю становішчы і церпяць такі голад, які хутка іх паморыць і якога прытым наўрад ці знойдуцца сродкі ў поўнай меры пазбегнуць, калі меркаваць па тым, што ў іх нідзе, ні ў гумнах, ні ў свірнах, няма ніякага хлеба, а таксама жывёлы і свойскай птушкі (выключаючы толькі самую нязначную колькасць коней і кароў)»2. І гэта, працягвае Дзяржавін, не рэдкасць. Так было на Віцебшчыне нават у самыя ўрадлівыя гады. А што было ў 1793 і 1794 гадах, калі здарыўся «недарод хлеба»! Рускі паэт не застаўся раўнадушным да галечы беларускага сялянства, зрабіў на месцы «такія распараджэнні, каб не ўміралі грамадзяне з голаду» (Дзяржавін, VI, 690). Панам было загадана, каб частку сваіх запасаў яны пазычылі сялянам, каб менш вывозілі збожжа за граніцу і пераганялі на гарэлку. У аднаго з Агінскіх, які зусім не клапаціўся пра сваіх сялян, Дзяржавін нават узяў пад апеку маёнткі. Пасля гэтага мясцовыя памешчыкі на чале з Заранкам скіравалі ў Пецярбург данос, што, маўляў, такімі сваімі дзеяннямі сенатар можа «падняць сялян на паноў» (Дзяржавін, VI, 693).

Найбольш гаспадарлівая шляхта, безумоўна, разумела, што фізічнае выміранне сялян ніяк не адпавядае іх інтарэсам. З галоднага прыгоннага на рабоце мала карысці. Да таго ж, калі неймаверна павялічваўся прыгнёт, сяляне масава ўцякалі, скажам, да казакаў на Украіну або да больш памяркоўнага пана... Таму ў неўрадлівыя гады шляхта аказвала пэўную дапамогу вёсцы, вядома, не забываючы пры гэтым і пра свае інтарэсы. У 1757 годзе Матушэвіч адзначыў: «Быў год цяжкі і вясна галодная, прыгонныя ўвесь час прыходзілі з мяшкамі ў двор... Тады надумаў я, каб той, хто хоча хлеба, наймаўся на работу, а за грошы, якія заробіць, купляў сабе жыта, дзе захоча,— ці ў мяне ў двары, ці ў Высокім на рынку» (Матушэвіч, ІІ, 295). Спачатку людзі недаверліва аднесліся да панскай задумы. Тады Матушэвіч «сілай прымусіў» працаваць двух чалавек у «італьянскім агародзе». Загадаў даць ім абед, вечарам — хлеба і «порцыю гарэлкі», а на дадатак — біты шастак. Заахвочаныя такім чынам сяляне расцерабілі пану сенажаць, прывялі ў парадак сад і агарод.

Не менш чым ад голаду, пакутавалі прыгонныя ад прыніжанасці, бяспраўя. Шляхта цвёрда верыла, што селянін створаны толькі «да цапа і сярпа», з’яўляецца ніжэйшай істотай. Аксіёмай лічылася, што мужык дурны (а хто ж яму даў асвету?), лянівы (а як жа ён мог зацікавіцца вынікамі сваёй працы?), амаральны (а хто ж яму паказваў прыклад?), схільны да гарэлкі (а хто ж яго прымушаў піць?) — такія сцвярджэнні перавандравалі і ў мемуарную літаратуру (напрыклад, у «Запіскі» С. Тучкова). Мужык параўноўваўся з дзікім зверам, якога трэба трымаць пад прымусам. Успамінаючы канец XVIII стагоддзя, Ф. Булгарын катэгарычна вяшчаў: «Лепш спусціць з ланцуга галоднага тыгра або гіену, чым зняць з народа вуздзечку паслушэнства ўладам і законам. Няма звера больш лютага, чым раз’ятраная чэрнь!» (Булгарын, І, 14). А паколькі селянін — не такі ж чалавек, як шляхціц, паколькі ў яго звярынае нутро, то яго можна біць, прадаваць, рабаваць. Завіша ўспамінаў, што неяк яму з Браслаўскага павета «дарма ад мужыкоў прывезлі рознага збожжа бочак 45, рыбы вазы два і курэй капы тры» (Завіша, 66). Ды што там збожжа і куры! Ад селяніна гвалтам адбіралі на панскі двор жонку, дачку, сына. Асабліва цяжкі быў лёс рэкрутаў. Іх гналі па этапах без хлеба, хворых. У дарозе юнакі часта паміралі (Залескі, 264). Але нават рэкрутчына здавалася прыгонным лепшай, чым галеча ў вёсцы. У Залескага згадваецца галодны селянін, які ў 1797 годзе згадзіўся за дваццаць рублёў пайсці за іншага на царскую службу.

І ўсё ж мемуарыстыка дае прыемныя падставы сцвярджаць, што Булгарын памыляўся. Гады сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту не ператварылі мужыка ў дзікага звера. У сялянскай грамадзе захоўваліся спрадвечныя пачаткі дабра і справядлівасці. Не скрываючы ўсіх заган тагачаснай беларускай вёскі, Андрэй Мейер тым не менш з усёй сваёй аб’ектыўнасцю канстатаваў, што мясцовыя сяляне «надзелены многімі добрымі якасцямі». Напрыклад, «нідзе менш не чуваць пра смяротныя забойствы і іншыя падобныя заганы, якія служаць прыніжэнню чалавечага роду, як у гэтым краі (на Крычаўшчыне — аўт.), што набыты грымучай рускай зброяй»3. Беларускія сяляне здаліся Мейеру сумленнымі, гасціннымі, сціплымі, хоць і «скрытнымі», «падлізлівымі».

Якімі б дрэннымі ні былі ў той час умовы народнага жыцця, скрозь усе перашкоды ўсё ж прабіваліся наверх здольныя, таленавітыя, кемлівыя самародкі, якія пры больш спрыяльных акалічнасцях, безумоўна, праславілі б сваю айчыну. Паводле ўспамінаў Станіслава Рэйтана, у Гераніма Радзівіла быў «селянін-рахункавод, які не ўмеў чытаць і пісаць, але меў такое дасведчанае вока і такую спраўнасць у матэматыцы, што, як казалі, да адзінага зернейка падлічваў пасеў, жніво і ўмалот. Цэлы год ён ездзіў з месца на месца і падаваў свае рапарты князю на мечаных палках. Памёр досыць у маладым узросце»4. У бацькоў Герычовай быў у доме здольны сялянскі хлапчук Каролек. Прывезлі яго «з Беразова, маёнтка Салагубаў на Белай Русі». У Варшаве Каролька навучылі чытаць, пісаць, лічыць, іграць на маленькай арфе (хлапчук быў невялікага росту) і прыгожа спяваць (Герычова, 17). У сталым узросце гэты прыгонны селянін выдатна спраўляўся з абавязкамі садоўніка і агародніка, добра разбіраўся ў народных леках. А ў свабодныя хвіліны Каролек любіў расказваць дзецям казкі «пра чараўніц, ведзьмаў, заклятых каралеўнаў, пра трох сыноў — двух разумных, а трэцім дурні» (Герычова, 26). Мемуарыстка прыводзіць адну з гэтых казак. Змест яе яўна антыпрыгонніцкі і ў пэўным сэнсе «аўтабіяграфічны»: багаты паніч едзе з бедным вясковым хлопцам у вялікі свет; распусны паніч марна бавіць час, хлопец жа прыкладваецца да навукі, таму ў рашаючую хвіліну, у чарадзейскім палацы, змог выбавіць паніча з кіпцюроў д’ябла, выйшаў пераможцам... Кароль Радзівіл хацеў купіць свайго цёзку, каб падарыць яго англійскай ледзі Кінгстон, але бацькі Герычовай не згадзіліся з такою прапановай. Дарэчы, потым пра сялянскага самародка расказвалі Адаму Міцкевічу.

Мемуарная літаратура дае падставы зрабіць вывад, што погляд на селяніна, адносіны да яго шляхты на працягу XVIII стагоддзя істотна змяніліся.

Раней, у XVII стагоддзі, селянін з’яўляўся ў дыярыушах вельмі эпізадычна. Храпавіцкі згадваў сваіх слуг і прыгонных толькі ў тым выпадку, калі яны неяк былі звязаны з яго матэрыяльнымі затратамі або стратамі. Працытуем некалькі характэрных запісаў. 28 кастрычніка 1656 года: «Ноччу снег пачаў ісці і днём выпаў спорны. Кухціку Крыську далі сярмягу. Якубу на розныя патрэбы выдалі пятнаццатую частку злотага, Андрэю — пятнаццатую частку». І верасня 1661 года: «У вёсцы Андрыянках дзеўка памерла Шэлестава ад паветра». 26 чэрвеня 1662 года: «Прызналася Растоцкая, што яна крала і жэмчуг, і лыжку маю, і каўнер, і іншыя рэчы мае ў розны час». 20 жніўня 1663 года: «Гэтай ноччу ўцёк хлопец Лагуна, падмануўшы з сабой Федарка, хлопчыка з Андрыянак; паслаў я за імі». 22 жніўня 1663 года: «Федарка, хлопчыка, які быў уцёк, прывялі, а Лагуну нельга дагнаць у лесе». І толькі адзін раз за доўгія гады з’явілася простая цікавасць калі не да селяніна, то, прынамсі, да таго, што ён расказаў: «Учора едучы з Эйсмантаў, перад Бераставіцай большай, за мілю, паказаў мне мужык дзіравы камень на ўзгорку, сцвярджаючы, што, калі хто шалёны тры разы праз гэту дзірку пралезе, кожны раз тройчы абходзячы камень, тады адразу шалець перастане, чаму мноства прыкладаў прыводзіў»5. Індывідуальны лёс, побыт сялянства Храпавіцкага, зразумела, не цікавілі.

У адрозненне ад віцебскага ваяводы мінскі ваявода Кшыштаф Завіша ўжо любаваўся народнымі абрадамі (хаця яны выклікалі толькі смех), аказваў пратэкцыю выбраным сялянам. На рубяжы XVII і XVIII стагоддзяў ён запісаў у дзённіку: «Справіў вяселле фурману Васілю з Ануськай, нянькай дзяцей маіх. У Раготнай (каля Дзятлава — аўт.) я загадаў адправіць перад сабой у пакоі ганебна смешныя і дзівосныя вясковыя цырымоніі, якія мяне рассмяшылі і ўцешылі. Паказалі сапраўдную інтэрмедыю» (Завіша, 62).

Наступны крок наперад у паказе селяніна — прызнанне, што ён таксама чалавек, што ён мае такое ж «натуральнае права» на шчасце, як і іншыя саслоўі. І гэты крок зрабілі мемуарысты-асветнікі другой палавіны XVIII стагоддзя. Яны даказвалі, што ўсе людзі нараджаюцца роўныя, маюць аднолькавае права карыстацца «пладамі прыроды», рашуча асуджалі сялянскую «няволю». «Бедны наш мужычок! — усклікаў ураджэнец Кобрыншчыны Антон Трамбіцкі. — У яго толькі жыццё, хаця дужа слаба, абараняецца правам; астатняе ж, маёмасць, свабода, шчасце або няшчасце, цалкам знаходзіцца ва ўладзе яго пана»6.

Пад уплывам ідэй Русо некаторыя мемуарысты рэалізавалі гэтыя думкі ў практычнай дзейнасці. Польскі сентыменталіст Францішак Карпінскі падрабязна расказвае ў сваіх «Успамінах», як, будучы арандатарам і ўладальнікам беларускіх фальваркаў каля Пружан і Гродна (Сухадаліна, Краснік, Хораўшчына), ён працаваў разам з сялянамі ў полі, вучыў грамаце вясковых дзяцей, паважаў і пашыраў нормы звычаёвага права (Карпінскі, 121).

У XIX стагоддзі мемуарыстыка сцвердзіць, што селянін роўны шляхце не толькі ў маральна-этычных, але і ў сацыяльных адносінах, што ён мае права на зямлю і волю.

 

1 Chodźko Ignacy. Pamiętniki kwestarza. cz. І. s. 75.

2 Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1979. Т. 4. С. 144

3 Могилевская старина. вып, 2, с. 92.

4 Dziennik Literacki, 1856, 9 grudnia. 157.

5 Chrapowicki Jan Antoni. Diariusz. s. 422.

6 Trębicki Antoni. Opisanie sejmu ekstraordynaryjnego..., s. 13.

Грамадскае жыццё: анархія і прадажнасць

На працягу стагоддзяў польская літаратура, асабліва кансерватыўнага напрамку, настойліва пашырала міф аб Рэчы Паспалітай як аб магутнай, вялікай («ад мора і да мора»), выключнай (населенай «выбраным сармацкім народам») — адным словам, ідэальнай на той час дзяржаве, дзе ўсе (пад усімі, вядома, разумелася адна шляхта) жылі вольна і шчасліва. Яшчэ б! Кожны шляхціц у гэтай «рэспубліцы» (а ў перакладзе з лацінскай мовы — у Рэчы Паспалітай) меў права ўдзельнічаць у выбранні самога караля! Адным голасам ён мог сарваць пасяджэнне сейма, адмяніць яго рашэнне! Гаворачы словамі польскага паэта Вацлава Патоцкага, кожны шляхціц тады быў каралём у сваіх уладаннях, а кароль — толькі першым сярод шляхты! І больш у Еўропе такога сапраўды нідзе не чувалася: ва ўсіх суседніх краінах тады мацнелі абсалютныя манархіі.

Дык чаму ж тады такая ідэальная дзяржава лёгка распалася, аказалася калосам на гліняных нагах?

Адказ на гэта пытанне мы знаходзім у Фрыдрыха Энгельса. Ён пісаў пра тагачасную Рэч Паспалітую, што «гэта заснаваная на рабунку і прыгнёце сялян дваранская рэспубліка знаходзілася ў стане поўнага расстройства, яе канстытуцыя рабіла немагчымым якое-небудзь агульнанацыянальнае дзеянне і ў сілу гэтага асуджала краіну на становішча лёгкай здабычы суседзяў. З пачатку васямнаццатага стагоддзя Польшча, па выражэнню саміх палякаў, трымалася беспарадкам»1. «Дваранская дэмакратыя» ў Рэчы Паспалітай з’яўлялася, па словах Ф. Энгельса, «адной з самых прымітыўных грамадскіх форм»2. Упадак, падзелы гэтай краіны былі «няўмольнай, жалезнай неабходнасцю». І вінаваціць у іх у першую чаргу трэба «ўнутраны лад Рэчы Паспалітай», «разлажэнне дваранскай дэмакратыі»3.

Значыць, у «залатой вольнасці» заключалася не сіла, а слабасць Рэчы Паспалітай. Гэта была яе зацяжная і невылечная хвароба. Як сведчыць мемуарыстыка, шляхецкая вольнасць і роўнасць на практыцы, у паўсядзённым жыцці абарочваліся анархіяй, самавольствам, беспарадкам.

 

1 Маркс К. и Энгельс Ф. Соч, т. 22. с. 18.

2 Там жа. т. 7, с. 394.

3 Маркс К. и Энгельс Ф. Соч, т. 22. с. 367.

Ступені іерархічнай лесвіцы

Рэч Паспалітая ўяўляла сабой велізарную феадальна-бюракратычную махіну, на чале якой стаяў кароль. Тытул у яго быў гучны: «З божай ласкі Кароль Польскі, Вялікі князь Літоўскі. Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жмудскі, Кіеўскі, Валынскі, Падольскі, Падляшскі, Інфлянцкі, Смаленскі, Северскі і Чарнігаўскі». Аднак, па сутнасці, гэта быў пажыццёвы выбарны чыноўнік, «самы высокі сярод іншых, але не самы магутны»1. Эканамічная і палітычная ўлада ў краіне належала магнатам; яны ж вырашалі, каго, свайго («пяста») або чужынца, зрабіць каралём. Шляхта, якая збіралася ў Варшаве на элекцыю (выбары) караля і «горлам» галасавала за выбранніка, толькі слепа выконвала волю алігархаў. Праўда, часам розныя магнацкія групоўкі вылучалі розных кандыдатаў. Тады галасы падзяляліся, пачыналася «дамашняя вайна», у якой перамагаў мацнейшы.

Магнаты ніколі не забывалі, што гэта яны ашчаслівілі электа (кандыдата), зрабіўшы яго каралём, і пры зручным выпадку падкрэслівалі перад ім свае «заслугі». Асабліва часта гэта рабілася ў дачыненні да Станіслава Аўгуста, род якога ўступаў па знатнасці іншым. Каралю можна было навязаць свае ўмовы, кінуць прама ў вочы зняважлівае слова (з асаблівай прыемнасцю — саксонцам Аўгусту ІІ і Аўгусту ІІІ, якія... не разумелі па-польску). Праўда, перад тым жа манархам шляхта слалася лістам, каб атрымаць пасады, тытулы, а ў XVIII стагоддзі — яшчэ і ордэны. Але тыя ж староствы і ордэн Белага Арла можна было проста купіць у Варшаве ці Гродне ў каралеўскіх прыдворных (асабліва ў Рыкса, камердынера Станіслава Аўгуста). Дзяржаўна-адміністрацыйная сістэма Рэчы Паспалітай вызначалася ўскладнёнасцю і нязладжанасцю. На чале Кароны (Польшчы) і Вялікага княства Літоўскага стаялі свае канцлеры і падканцлеры, маршалкі вялікія і надворныя, вялікія падскарбіі. Арміямі Польшчы і Літвы кіравалі асобныя гетманы — вялікія і польныя. Уся тэрыторыя краіны дзялілася на ваяводствы і паветы (тэрыторыя сучаснай Беларусі ўваходзіла ў склад Мінскага, Навагрудскага, Брэсцкага, Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага, Віленскага і Троцкага ваяводстваў).

Паводле падлікаў жыхара Міншчыны Івана Порая-Кошыца2, у Рэчы Паспалітай налічвалася ажно 87 розных званняў і пасад. Адны з іх былі дзяржаўныя (канцлер, ваявода, кашталян, гетман, пісар, рэферэндар, войскі), другія — прыдворныя (падкаморы, лоўчы, кухмістр, крайчы, шамбелян), трэція — земскія (староста, падстароста, павятовы маршалак, земскі суддзя, мастаўнічы, каморнік, гараднічы). Замыкаў гэту шарэнгу возны, дробны чыноўнік, які развозіў судовыя позвы. Сярод гэтых пасад было многа чыста ганаровых, тытулярных. Ваявода практычна ў ваяводстве нічога не вырашаў і нават акты не падпісваў. Нічога не рабілі розныя мечнікі, падчашыя, стольнікі, канюшыя, харунжыя. Але прызначаліся яны пераважна пажыццёва. Можна было дрэнна працаваць, увогуле нічога не рабіць або нават шкодзіць дзяржаве — а прывілеі захоўваліся.

І ўсе гэтыя пасады, малыя і вялікія, можна было купіць — за грошы, за галасы, за прыхільнасць сваёй жонкі або дачкі. Полацкі ваявода Аляксандр Сапега даў графу Брулю, правай руцэ караля Аўгуста ІІІ, дваццаць тысяч чырвоных злотых, каб той «выстараўся» для яго «булаву польнага літоўскага гетмана». Але гэтага аказалася мала. Тады «сама полацкая ваяводзіна, будучы прыгожай і маладой, ахвяравала графу Брулю свае фаворы, і кажуць, што сын Бруля, генерал кароннай артылерыі, выкарыстаў гэтыя фаворы» (Матушэвіч, ІІІ, 205). Адзін з Лапацінскіх набыў за сто дукатаў «капітанства ў палку кн. ваяводы навагрудскага»3.

Прыкладна такім жа шляхам атрымаў літоўскае пісарства гродзенскі гродскі падстароста Тызенгаўз. Даведаўшыся, што ў каралеўскага камердынера ёсць «метрэса», ён «даў ёй сто чырвоных злотых, каб яна свайго аманта... падгаварыла падсунуць каралю на подпіс прывілей на літоўскае пісарства, што камердынер хутка зрабіў» (Матушэвіч, IV, Ю). Доўга ніхто не ведаў, як усё гэта адбылося. «Мусіць, крумкач прынёс каралю на подпіс той прывілей у дзюбе», — жартавалі прыдворныя.

Асаблівая барацьба ішла вакол каралеўскіх старостваў, якія давалі вялікія пажыццёвыя даходы. Калі пасля смерці Валовіча стала вакантным Мсціслаўскае староства, атрымаць яго захацеў вялікі літоўскі стражнік Пацей. «Даўшы Брулю дзве тысячы чырвоных злотых, ён атрымаў абяцанне; але князь канцлер (Сапега — аўт.) больш грошай ахвяраваў Брулю і тэрмінова адправіў пасыльнога ў Пецярбург, просячы пратэкцыі для Сапегі, літоўскага падканцлера, зяця свайго; калі ж атрымаў ад царыцы пратэкцыю, тады выпрасіў Мсціслаўскае староства для літоўскага падканцлера, потым гэта староства падканцлер уступіў Лапацінскаму, інстыгатару (пракурору) літоўскаму» (Матушэвіч, ІІ, 265).

Найбольш характэрна, што ва ўсіх гэтых выпадках ніхто ні слова не сказаў, ці варты быў пасады той або іншы прэтэндэнт. Асабістыя якасці будучага чыноўніка, яго адукаванасць, розум, дзелавітасць, сумленнасць, нікога не цікавілі. Ад кандыдата на пасаду патрабавалася толькі, каб ён быў, як піша Порай-Кошыц, старажытным родавым дваранінам і меў зямельны маёнтак. Шлях уверх па іерархічнай лесвіцы быў закрыты толькі для «выскачакнобіляў» ды яшчэ людзей, якія мелі самастойную думку і пачуццё ўласнай годнасці, не хацелі кланяцца і прыстасоўвацца. Магнатам і высокім саноўнікам такое не падабалася. На ўсіх ніжэйшых рангам яны глядзелі, «як на тых званочкаў пры ашыйніку — калі ашыйнік паварушыцца, тады і яны звоняць» (Матушэвіч, IV, 243).

Асаблівую актыўнасць праяўляла шляхта ў час правядзення сеймаў і сеймікаў, дзе на практыцы рэалізавалася яе «залатая вольнасць». На гэтых зборнях стваралася бачымасць роўнасці і незалежнасці ўсіх удзельнікаў.

Пасяджэнні сеймаў і сеймікаў з’яўляліся значнай падзеяй у грамадскім жыцці тагачаснай шляхты, вызначалі яе ўзаемаадносіны, паводзіны. Да зборняў рыхтаваліся загадзя. Ехалі туды як на свята — разам са слугамі, «метрэсамі», запасамі правіянту. У прамежках паміж пасяджэннямі абмяркоўваліся палітычныя навіны, падпісваліся маёмасныя дакументы. Наладжваліся тэатральныя прадстаўленні, вячэры, рэдуты (балі). Адным словам, усё тое добрае і дрэннае, што існавала ў Рэчы Паспалітай, засяроджвалася на сеймах і сейміках.

Сейм з’яўляўся вышэйшым заканадаўчым органам Рэчы Паспалітай. На элекцыйны сейм, які выбіраў караля, мог ехаць кожны шляхціц. На звычайны ж выбіраліся паслы (дэпутаты) ад кожнага павета, ім жа даваліся «наказы», за якія рашэнні галасаваць, а за якія не. «Наказы» звычайна не супадалі. А паколькі ў рабоце сейма абавязвала адзінагалоснасць, яго лёгка было сарваць. Дастаткова было самай нязначнай прычыны, скажам, недакладна надрукаванага прозвішча ў спісе. Або і без прычыны, без ніякага тлумачэння выгукнуць: «Не дазваляю!» «Для зрыву сейма, — сцвярджае Кітовіч, — не ўжывалі людзей, надзеленых розумам і любоўю да грамадскага дабра, бо гэтага не патрабавалася. Дастаткова было, каб пасол, цёмны, нібы ноч, і спецыяльна наняты партыяй Чартарыскіх, не шукаючы ўяўных прычын, адазваўся ў пасольскай зале: «Няма згоды на сейм!» — і гэтага хапала, каб пазбавіць сейм сілы. А калі маршалак яго спытаў: «Якая ж прычына?» — адказваў коратка: «Я пасол, не дазваляю», — і, прамовіўшы гэта, сядаў, як немы д’ябал, на ўсе просьбы і патрабаванні іншых паслоў, каб назваў прычыну спынення сейма, адказваў толькі адно: «Я пасол» (Кітовіч, 578—579). Вось чаму з трынаццаці сеймаў пры Аўгусце ІІ адбыліся толькі чатыры, а пры Аўгусце ІІІ былі сарваны ўсе трынаццаць.

Асабліва неарганізавана праходзілі пасяджэнні сейма ў Гродне (каб падкрэсліць «роўнасць» Кароны і Літвы, тут праводзілі кожны трэці сейм). У адрозненне ад каралеўскага замка ў Варшаве гродзенскі быў цесны і нязручны. У рэляцыі 1784 года падкрэслівалася, што Гродна — горад «забалочаны, нездаровы і таму не падыходзіць для сеймаў, бо тут паслы і сенатары знаходзяць кватэры з найвялікшай цяжкасцю; купцы, што прыязджаюць з Варшавы, адчыняюць тут крамы толькі ў час сейма, таму кватэры і тавары вельмі дарагія»4. Аднак, нягледзячы на дарагоўлю, віно лілося ракою. Пілі нават на пасяджэннях. У прамоўцаў, асабліва калі яны гаварылі доўга і незразумела, публіка кідала з галёркі гнілымі грушкамі. Часта ўзнікалі скандалы, бойкі. Пасяджэнні цягнуліся некалькі тыдняў або зусім зрываліся. Віну за зрыў аднаго з гродзенскіх сеймаў ускладалі на прускага караля Фрыдрыха ІІ, які падкупіў некалькіх паслоў, у тым ліку земскага суддзю Рагалінскага. Атрымаўшы ноччу некалькі соцень чырвоных злотых, Рагалінскі назаўтра «публічна папрасіў слова, выявіў тое хабарніцтва і для доказу кінуў на сярэдзіну залы кашалёк з атрыманымі грашыма, называючы і іншых, што ўзялі, і просячы іх, каб зрабілі тое ж, што і ён. Але замест гэтага гераізму пачаўся вялікі вэрхал у зале, патрабавалі судзіць Рагалінскага нібы за паклёп. Жвавыя з таго і з другога боку сутычкі, блізкія да бойкі, спыніў маршалак, адклаўшы пасяджэнне. А назаўтра з’явіўся маніфест ад трох асоб, каб абвясціць сейм несапраўдным. Такім чынам, невядома, ці праўда тое, што сказаў Рагалінскі, ці спецыяльна ён выкінуў штуку, каб сапсаваць сейм, але сейм усё ж сарвалі» (Кітовіч, 582).

Паслоў падкуплялі як суседнія дзяржавы, так і свае саноўнікі. Па заданні адной з магнацкіх груповак ашмянскі мемуарыст Ежы Сарока аб’ездзіў перад сеймам Брэст, Ліду, Паставы, Мінск і ўсюды агітаваў за сваю «партыю». Потым жа, на сейме, некаторым «літоўскім паслам» бясплатна давалі «прыпынак, стол і экіпаж, іншым — месячную пенсію»5. Са шляхтай у час сеймаў заігрывалі настолькі, што кожны мог усесціся на балі за ганаровы стол, «адбіць у танцы першую пару — нават у караля».

Паколькі сеймы зрываліся на працягу дзесяцігоддзяў, новыя законы ў краіне не прымаліся, рэформы не праводзіліся. Шляхецкае права «liberum veto», канчаткова адмененае толькі ў 1791 годзе, адмоўна адбівалася на ўсім жыцці Рэчы Паспалітай, садзейнічала яе ўпадку.

Больш жыццяздольнымі аказваліся ваяводскія і павятовыя сеймікі, на якіх выбіралі паслоў на сейм, заслухоўвалі і зацвярджалі іх рэляцыі, абмяркоўвалі гаспадарчыя справы, запаўнялі вакантныя пасады. Удзельнічаць у сейміку мог кожны мясцовы шляхціц. Рашэнні прымаліся большасцю галасоў. Але галасы купляліся магнатамі.

Ва «Успамінах» Матушэвіча падрабязна апісваецца сістэма галасавання на брэсцкім сейміку. Тут звычайна спаборнічалі паміж сабой групоўкі Радзівілаў і Чартарыскіх. У барацьбе выкарыстоўваліся самыя розныя сродкі, сумленныя і несумленныя. У 1757 годзе Геранім Радзівіл «даў Пятру Пашкоўскаму, палкоўніку галаўной стражы вялікай літоўскай булавы, грошы на тое, каб на сейміку перацягнуць на свой бок сяброў. Выдзелілі тады з гэтых грошай Гераніму Дамброўскаму, ротмістру брэсцкага ваяводства, злотых тысячу, каб павёў за сабой шляхту». Дзве тысячы злотых узяў ад Пашкоўскага брэсцкі харунжы Верашчака. Але апошняга ўсё ж перавабіў на свой бок вораг Радзівілаў вялікі літоўскі падскарбі Флемінг. Верашчака амаль дарма ўзяў ад Флемінга ў арэнду «камендорыю стваловіцкую» і сто чырвоных злотых наяўнымі. Да таго ж падскарбі загадаў навесці парадак у маёнтку харунжага ў Бярозе — «адрамантаваць будынкі, пакапаць равы, працерабіць лугі, пашырыць ворныя землі» (Матушэвіч, ІІ, 282). Таму Верашчака, здрадзіўшы Радзівілам, сарваў пасяджэнне сейміка.

Матушэвіч не робіць ніякага сакрэту з таго, што і сам ён падкупляў шляхту на брэсцкім сейміку. У 1758 годзе мемуарыст «абавязаўся адаслаць каля пяці тысяч злотых на рукі палкоўніка Пашкоўскага паводле рэестра, колькі ён каму павінен даць, другі ж рэестр пры сабе пакінуў, колькі каму трэба даць грошай уласнай рукою... Апрача таго, паслаў 24 чырвонцы на дзве бочкі венгерскага віна, якое вытаргаваў у Брэсце Бажэнцкі, брэсцкі стражнік, па 22 чырвоныя злоты за бочку; адна з іх дасталася партыі Пашкоўскага і Бажэнцкага» (Матушэвіч, ІІІ, З). У 1760 годзе Геранім Радзівіл «нечакана» прыслаў Матушэвічу на правядзенне сейміка тысячу злотых. Да іх мемуарыст «дабавіў наяўнымі ўласных дзве тысячы тынфаў (тынф — 18 грошаў серабром — аўт.), якія, збіраючы сяброў на сейм, усюды разаслаў, апрача таго, назапасіў рознай закусі і віна» (Матушэвіч, ІІІ, 65).

Подкупы практыкаваліся ў самых розных выпадках: каб атрымаць большасць галасоў, каб прымусіць праціўніка зняць сваю кандыдатуру, каб выведаць намеры ворага і захаваць свае таямніцы (сакрэтная сеймікавая карэспандэнцыя перасылалася спецыяльнымі пасланцамі ў хлебных боханах). Або і проста так, на ўсякі выпадак. Літоўскі падчашы Патоцкі прапанаваў Матушэвічу «прыняць гадавую капітуляцыю ў чатыры тысячы злотых толькі дзеля аднаго сяброўства». Матушэвіч траціў грошы на брэсцкія сеймікі нават тады, калі выстаўляў сваю кандыдатуру ў Мінску. Ад’язджаючы туды, ён папрасіў брата пазычыць дзвесце чырвоных злотых і «перадаць па пяцьдзесят чырвоных злотых двум братам Дамброўскім, ротмістрам брэсцкага ваяводства, людзям папулярным, а астатнія сто раздаць рознай шляхце ў адпаведнасці са спісам. Апрача гэтага, было загадана, каб Навіцкі, мой аканом, віно, мёд і ўсё астатняе, што трэба для кухні, даставіў у Брэст у вялікай колькасці» (Матушэвіч, ІІ, 184). І ўсё гэта рабілася без асаблівай канкрэтнай мэты — «каб не забывалася папулярнасць прозвішча», каб згадзілася ў будучым.

Нават у тым выпадку, калі нейкая паслуга рабілася на сейміку з чыста сяброўскіх або сваяцкіх пачуццяў, потым трэба было за яе аддзячыць, часта зусім нечаканым, анекдатычным чынам. Польскі кароль Станіслаў Аўгуст згадваў у сваіх «Успамінах», як ён, маючы дваццаць гадоў, упершыню выбіраўся паслом ад Брэсцкага ваяводства. Хаця галасаванне прайшло памысна, уся працэдура, маральная атмасфера на сейміку маглі выклікаць толькі гідлівасць: «Трэба было перад сеймікам некалькі дзён падрад весці з ранку да ночы перагаворы з гэтым зборышчам, хваліць бязглуздзіцы, захапляцца дрэннымі жарцікамі, перш за ўсё браць у абдымкі брудныя, вашывыя постаці; для перадышкі трэба было дзесяць або дваццаць разоў раіцца з павятовымі важакамі, гэта значыць выслухоўваць акружаныя найвялікшай таямніцай падрабязнасці іх нікчэмных сямейных сварак, улічваць іх узаемную зайздрасць, хадайнічаць аб прызначэнні іх на павятовыя пасады, дагаворвацца з імі, колькі і каму з выбаршчыкаў вельмі шляхетнага роду трэба даць наяўнымі. Урэшце належала есці з імі снеданні, абеды, падвячоркі, вячэры за сталамі, аднолькава бруднымі, як і з дрэннай абслугай».

Аднак на гэтым пакуты будучага караля не скончыліся. Пан Глінка, які кіраваў усімі выбарчымі махінацыямі, рашыў адсвяткаваць перамогу і папрасіў Станіслава Панятоўскага аказаць яму «маленькую паслугу ўзамен» — паехаць разам за горад да блізкіх сяброў. «Гэта быў для мяне самы цяжкі з усіх дзён, — скардзіўся потым кароль. — Стары староста, хворы на падагру, нерухомы, існаваў яшчэ толькі дзеля таго, каб піць; жонка яго была аб’ектам самых чуллівых пажаданняў пана Глінкі, які, будучы ўдаўцом, спадзяваўся, што і яна хутка аўдавее. Тым часам жа прыстроіў да яе сваю дачку ад першага шлюбу, васемнаццацігадовую дзяўчыну, тоўстую, белую, сапраўдную Кунегунду, якая на дадатак у спякотны жнівеньскі дзень апранулася ў прыгожы чорны аксаміт, падшыты ружовым плюшам. Глінка прапанаваў баль гэтым двум паням, якія з ім і са мной склалі адзіную кадрылю, а стары муж прадстаўляў публіку. Месцам для танцаў служыў ганак з гнілаватай падлогай. Староста рассеўся ў адным куце, другі заняла адзіная расстроеная скрыпка, а Глінка і я, служачы на змену гэтым дамам, танцавалі ад шостай пасля абеду да шостай раніцы. Пры кожным танцы Глінка сумленна выхіляў келіх, страсаючы апошнюю кроплю на пазногаць, а стары староста верна яму адказваў. Усё — за маё здароўе, за што я, як непітушчы, ніжэйшымі аддзячваў паклонамі»6.

Увогуле ж трэба сказаць, што Станіслаў Панятоўскі, чые каларытныя ўспаміны тут працытаваны, быў нетыповай фігурай. У адрозненне ад яго большасць удзельнікаў сеймікаў піла, не адчуваючы ні гідлівасці, ні асаблівых пакут сумлення. Піла перад пасяджэннямі, на пасяджэннях і пасля іх. Балявала ардынарна, прымітыўна, з нейкім жывёльным экстазам. У раздзеле «Пра частаванні і сеймікавыя п’янкі» Кітовіч сцвярджае, што пасля сесіі выбаршчыкаў вялі на кухню, дзе «распачаты абед стыкаўся з вячэрай, тая ж працягвалася да поўначы або і белага дня, калі не могучы ўсе разам змясціцца за сталом, адны пасля другіх сядалі, часам па два і па тры разы, праспаўшыся або выгрузіўшы напакаваны страўнік; клалі кускі мяса не толькі ў пуза, але таксама і ў кішэні і торбы, колькі ўлезе. Гаспадар павінен быў бесперапынна падносіць закусь і пітво. Звычайна такую шляхту паілі віном, змяшаным з гарэлкай — каб хутчэй закруціла галаву — і півам дзеля наталення смагі. П’ючы тады на змену то тую мешаніну віна з гарэлкай, то піва, хутка і невялікім коштам п’янелі. Захмялеўшы, перакульваліся і адразу там, дзе хто ўпаў, спалі: пры стале, пад сталом, пад плотам, пасярэдзіне вуліцы, у канаве, у балоце, дзе каго данеслі і павалілі хісткія ногі» (Кітовіч, 463). Назаўтра многія аказваліся без шапкі, без шпагі, без адзення. Тады ішлі да «патрона» і патрабавалі «кампенсаваць ім шкоду».

Так, на кожным сейміку віно, гарэлка і піва ліліся ракою. Калі ж нейкую справу не ўдавалася вырашыць у застоллі, мірным шляхам, ракою лілася кроў. П’яная шляхта ўспыхвала, нібы порах. Бойкі ўзнікалі нават у касцёле, дзе звычайна праводзіліся сеймікі.

Вось вельмі характэрнае дэталёвае апісанне брэсцкага сейміка 1754 года, зробленае Матушэвічам, яго непасрэдным удзельнікам: «Пайшлі мы тады на сеймік у касцёл аўгусціянаў, а там ваявода, пачаўшы сесію, прапанаваў выбраць маршалкам Флемінга і адразу ўступіў яму крэсла. Флемінг хуценька ўсеўся на крэсла, але Пётр Пашкоўскі, палкоўнік галаўной стражы, не дазволіў на яго старшынства. Флемінг хацеў наперакор яму падзякаваць. Пашкоўскі ж тым больш супраціўляўся, а ўслед за ім амаль уся шляхта крыкнула, што не хоча Флемінга маршалкам. Разгубіўся тады Флемінг, пачаў кідацца, злавацца, а шляхта тым жвавей на яго шумела. Вырвала з-пад яго крэсла і разам з крэслам імпэтна і вельмі цесна яго да стала прыпірала. Хацеў ён выхапіць шпагу, але яго Быстры схапіў за руку. Як яму каторы шляхціц што прыкрае сказаў, ён пытаўся: «Як цябе зваць?» Жвава яму за гэта слова «ты» адказвалі. Потым Францішак Касцюшка, гродскі брэсцкі пісаравіч, чалавек смелы, таксама нешта сказаў. Флемінг збянтэжана сказаў яму: «Як ты завешся?» А пісаравіч адказаў яму: «А ты як завешся?» Потым пачаў пісаравіч расказваць гісторыю, як у час апошняга бескаралеўя прыехаў саксонец (Флемінг быў немцам — аўт.) у яго вёску і загадаў даць яму сыру і масла, паўтараў па-нямецку розныя выразы таго саксонца. Адны смяяліся, іншыя слухалі так ціха, нібы на казанні. А (пісаравіч працягваў, што) калі яму паведамілі, што саксонец у яго вёсцы так назаляецца, сеў на каня, паехаў у вёску і, убачыўшы саксонца, як разануў яму бізуном таўшчынёй у тры пальцы цераз галаву, дык саксонец упаў на зямлю. Тады ж, злезшы з каня, пачаў яго па плюдрах (штанах — аўт.) нагайкай біць, прыгаворваючы: «А ў Саксонію, ск... сыне, не ў нашым ваяводстве табе кіраваць». Давялося Флемінгу і больш слухаць, а тым часам шляхта ўсё больш абуралася. Нарэшце Флемінг, узняўшы булаву, стукнуў аб стол, толькі тое слова сказаў: «Развітваюся». А шляхта яму адказала: «Не развітвайся, бо не вітаў». Тут Флемінг пачаў з фурыяй кідацца на палкоўніка Пашкоўскага. Тады Пётр Талочка крыкнуў: «А да якога ж часу ты будзеш так абыходзіцца са шляхтай?» — і выхапіў шаблю. Адразу ўся шляхта схапілася за шаблі. Быстры і Крапінскі найперш ўцяклі, а за імі пасунуўся ўцякаць Флемінг. І тут шляхта, якая па лавах каля століка стаяла і да шабляў кінулася, разам з лавай перакулілася. Флемінг, уцякаючы ў закрыстыю, хацеў пераскочыць праз шляхту, што ляжала на зямлі, ды ўпаў. Калі ён ляжаў, малы хлапчук чатырнаццаці гадоў, Цімафей Ляскоўскі, сын нябожчыка гродскага рэгента, некалькі разоў спляжыў яго тупой шабляй па плячах. Тым часам гайдук Франц схапіў Флемінга пад пахі, падняў, і так Флемінг у нейкую келлю ўцёк. Гэта яго шчасце, што лава перакулілася, шляхта павалілася на зямлю і ніхто мацнейшы яго не секануў, бо забілі б яго. Флемінг схаваўся ў келлі, а тым часам, калі вэрхал супакоіўся, ваявода брэсцкі закрыў сеймік як сарваны» (Матушэвіч, ІІ, 4041).

Куды больш крывавыя падзеі адбыліся на брэсцкім сейміку ў наступным, 1755 годзе. Адна «партыя» пачала ў касцёле душыць за горла прадстаўнікоў другой «партыі». Затым пайшлі ў ход шаблі. Матушэвіч з задавальненнем канстатаваў: «Чатырнаццаць чалавек з таго боку пасеклі, а з нашага боку толькі аднаго Куяўскага, музыканта брата майго палкоўніка. Яго ў паясніцу вастрыём піхнулі. Але шабля, наткнуўшыся на пояс і ласіны каптан, ледзь крыху зачапіла скуру на жываце Куяўскага» (Матушэвіч, ІІ, 84).

Сеймікавыя скандалы і бойкі — характэрная з’ява XVIII стагоддзя. Яны адбываліся не толькі ў Брэсце, але і ў іншых гарадах Беларусі. Ураджэнец вёскі Лапацін Мсціслаўскага ваяводства Ігнат Лапацінскі, скарбовы пісар Вялікага княства Літоўскага і родны брат брэсцкага ваяводы, успамінаў у сваім «Дыярыушы жыцця», як ён у 1733 годзе адзінаццацігадовым хлопчыкам прыглядаўся з хораў касцёла чарговаму мсціслаўскаму сейміку: «Пан Лявон Ілініч, гродскі пісар з партыі Валовіча, маючы ў руках старасвецкую бляхмалёвую (выкладзеную залатымі і сярэбранымі бляшкамі — аўт.) сякерку тонкай работы, хацеў ёю ўдарыць у лоб падстаросту Шпілеўскаму, але той уцёк, а Станіслаў Валовіч ускочыў на стол і выхапіў шаблю; тады абедзве партыі не ленаваліся, асабліва калі два браты Завістоўскія перакулілі стол на партыю Валовічаў. Секаніна працягвалася каля гадзіны, пакуль ксяндзы не выйшлі з манстрацыяй (дараносіцай — аўт.). Тады члены валовічаўскай партыі ўцяклі з касцёла і сеймікавалі на вуліцы ля карчмы... У той секаніне ў абодвух партыях мноства было пасечаных, найбольш жа цяжка: Талпыга, Дубяга і Козел; двое ж ад цяжкіх ран адразу памерлі»7.

«Тумульты» на сейміках успрымаліся як нешта звычайнае, нават непазбежнае. Да іх рыхтаваліся загадзя: назапашвалі павуцінне з чорным хлебам для лячэння ран, падцягвалі войскі. Так, перад брэсцкім сеймікам 1755 года рашылі дзвесце гусараў дыслацыраваць паблізу ў Чарнаўчыцах, яшчэ некалькі соцень — у Кіяўцы і Горбаве. Загадзя пляліся інтрыгі, складаліся планы фізічнай расправы над канкурэнтамі. Канцлер Фрыдэрык Чартарыскі перад пачаткам сейміка ўпрошваў брэсцкіх чыноўнікаў, каб яны прыхільнікаў Радзівілаў «калі не пазабівалі, то, прынамсі, пакалечылі і з сейміка прагналі» (Матушэвіч, ІІІ, 4). У час дыскусіі з аднаго і з другога боку бесперапынна гучалі пагрозы накшталт: «Пане пісар! Падбіваеш шляхту на вэрхал, дык будзь жа ўпэўнены, што я ад цябе не адступлю ні на адзін крок, а калі вэрхал пачнецца, тады першым у тваёй лысіне палаш утаплю» (Матушэвіч, ІІ, 185). Варожасць супрацьлеглых бакоў узрастала ад пасяджэння да пасяджэння. Таму найбольш важныя пытанні вырашаліся паціху — у кулуарах, застоллі. Сеймікі ўсё больш ператвараліся ў небяспечную і заблытаную гульню, у якой шляхта, яе галасы цалкам залежалі ад магнатаў.

 

1 Bystroń Jan Stanistaw. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce, t. ІІ, s. 302.

2 Порай-Кошиц Иван. Историческнй рассказ о литовском дворянстве. СПб., 1858.

3 Podróż JW Jana і Ignacego Łopacińskich z JO księciem Sapieha, koadyutorem, za granicę odbyta.— Gazeta Codzienna, 1857, nr. 13, s. 3.

4 Bystroń Jan Stanisław. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce, t. ІІ, s. 292.

5 Pamiętnik Jerzego Soroki. Tygodnik ilustrowany, 1881, t. ХІI., s. 190.

6 Rostworowski Emanuel. Ostatni król Rzeczypospolitej. Warszawa, 1966, s. 20—21.

7 Biblioteka Warszawska, 1855, t. 3, s. 398.

Суды і трыбуналы

Пасля сеймаў і сеймікаў найбольш значнымі падзеямі ў жыцці шляхты былі пасяджэнні судоў і трыбуналаў. Не было такога шляхціца, які з нейкім не судзіўся б: за абразу гонару, перанесены межавы слуп, здратаванае паляўнічымі сабакамі поле. Працэсы цягнуліся дзесяцігоддзямі, завяшчаліся наступным пакаленням.

Сістэма правасуддзя ў Рэчы Паспалітай вызначалася ўскладнёнасцю. Прыгонных сялян (за выключэннем крымінальных спраў) звычайна караў пан. Яго рашэнні былі канчатковыя і не абскарджваліся (толькі ў каралеўскіх маёнтках прыгонныя маглі паскардзіцца старосце, а ў манастырскіх — біскупу). Шляхецкія ж справы разглядаліся ў земскіх, гродскіх і падкаморскіх судах, якія існавалі ў кожным павеце. Земскі суд збіраўся тры разы ў год на «рочкі» (сесіі) працягласцю па шэсць тыдняў. У яго кампентэнцыю ўваходзілі грамадзянскія справы. Крыміналістамі займаўся гродскі (замкавы) суд, якім кіраваў староста, а ў яго адсутнасць — «калегія» з трох чалавек (падстароста, суддзя і пісар). Гродскі суд звычайна прыгаворваў «да вежы» — «верхняй», дзе можна было жыць з усімі выгодамі, пад умоўнай стражай, і «ніжняй» (падзямелля), дзе сапраўды даводзілася мерзнуць і галадаць. Радзей злачынцаў асуджалі на выгнанне або «на горла» (у такім выпадку стораж адчыняў дзверы суду і абвяшчаў усім: «Сцішцеся перад смяротным прыгаворам!»). Падкаморскі ж суд разбіраў «пагранічыя» (межавыя) канфлікты. Вышэйшай інстанцыяй, куды шляхта магла апеляваць пасля рашэння павятовага суда, былі трыбуналы — каронны і літоўскі. Галоўны літоўскі трыбунал засядаў папераменна: год — у Вільні і Навагрудку, год — у Вільні і Мінску (з 1775 года — толькі ў Вільні і Гродне). Дэпутаты трыбунала выбіраліся шляхтай на павятовых сейміках. Рашэнні прымаліся большасцю галасоў. Апрача таго, існавалі яшчэ суды гарадскія, духоўныя, маршалкаўскія, яўрэйскіх кагалаў.

Гродскія суды і трыбуналы функцыяніравалі дрэнна. Іх рашэнні залежалі не ад літары закона, а ад таго, як гэту літару (раздзелы «Літоўскага статута», супярэчлівыя пастановы сейма) тлумачылі малапісьменныя кручкатворы. Дакументацыя вялася неахайна, судовыя справы нішчыліся. Матушэвіч прыйшоў у жах, пабачыўшы ў касцёле аўгусціянаў брэсцкія гарадскія акты. Яны знаходзіліся ў шафе, якая стаяла ў вільготнай нішы. «Пасля марознай зімы, а потым адлігі акты зрабіліся такія мокрыя, што ўнізе больш двухсот аркушаў зусім згнілі, расплыліся, калі растаяў лёд. Тады, узяўшы з нішы тыя, што былі больш сухія, мы перанеслі іх у вялікую келлю, якую выпрасілі ў езуітаў, пачалі рэгістраваць. Акты аказаліся пераблытаныя — трэба было спачатку год да года падбіраць» (Матушэвіч, І, 96).

Судовыя дэкрэты часта скажаліся, падрабляліся. Неяк навагрудскія езуіты і быценьскія базыльяне не падзялілі паміж сабой вёску. Іх справу разглядаў літоўскі трыбунал, дэпутатам якога быў выбраны Матушэвіч. Рацыю мелі базыльяне, але езуіты падкупілі трыбунальскага рэгента Шукевіча. Ён «інакш дэкрэт у гэтай справе напісаў, чым дэпутаты вырашылі. Інакш ён зборні духоўных асоб зачытаў, а інакш зацікаўленым бакам выклаў. І так добра пяром размахнуўся, што адрэзаў базыльянам адну вёску з землямі на палавіну мілі». Базыльяне натуральна запратэставалі. Шукевіча належала пазбавіць рэгенцтва. Але Матушэвіч пайшоў на кампраміс: «Памеркаваўшы, што калі я закрану такога чалавека, галаву варожай партыі, то мне самому давядзецца цяжка; калі я адсуджу Шукевіча ад рэгенцтва, то мяне ўзаемна адсудзяць ад абавязкаў дэпутата. Я прыдумаў такі спосаб: у судовым пратаколе мы тое месца паправілі, як трэба» (Матушэвіч, ІІІ, 178).

Як і на сеймах і сейміках, на зыход судовых і трыбунальскіх спраў уплывалі рознымі сродкамі: грашыма і сувязямі, шабляй і віном. Калі ў 1741 годзе трыбунал разбіраў справу аб маёнтку ў Друі, дэпутату Гарніцкаму спецыяльна далі парашок на паслабленне — і той не змог прыйсці на сесію. Дзякуючы гэтаму Сапегі большасцю ў адзін голас выйгралі працэс і завалодалі маёнткам (Матушэвіч, І, 117). Каб паўплываць на рашэнне трыбунала, Матушэвіч прыбыў на мінскую сесію з некалькімі вазамі віна, піва, прысмакаў, аўса, сена. Усе выдаткі на пачастунак склалі

каля дзвюх тысяч злотых (Матушэвіч, ІІІ, 215). Адклаўшы справу Рушчыцаў з Пацамі, дэпутаты «зарабілі» тысячу бітых талераў з аднаго боку і сто чырвоных злотых — з другога (Матушэвіч, IV, 12). Не грэбавалі нават дробяззю: земскі рэгент Богуш — «начной шапачкай», пісар Абрамовіч — «смычай хортаў» і санкамі. Калі ж не дапамагалі прэзенты і грошы, у інтрыгу ўключалі жанчын. Неяк пасля смерці Кароля Радзівіла, які ўсе свае багацці завяшчаў малалетняму пляменніку Дамініку, у судзе слухалася справа, каму ж быць апекуном хлопчыка — Міхалу ці Мацею Радзівілу. Абодва канкурэнты перацягвалі на свой бок дэпутатаў, адвакатаў. Кожны вечар наладжваліся балі. Слугі Феміды атрымалі па сто чырвоных злотых. Але сілы прыкладна ўраўнаважваліся. Тады мемуарыст Ян Дуклан Ахоцкі параіў Міхалу Радзівілу выкарыстаць прыгожую панну Марыконі. Дзяўчына пачала не без поспеху заляцацца да дэпутата Ясінскага. Не давяраючы яго абяцанням, Марыконі запатрабавала, каб для доказу ён прымацаваў у час галасавання да свайго шарыка кавалачак пунсовага воску... Міхал Радзівіл выйграў справу перавагай усяго ў адзін голас. Апякунства давала князю каля пяці мільёнаў даходу. З іх Ахоцкаму дасталося ўсяго каля трохсот злотых, чым «дарадчык» застаўся дужа незадаволены.

У магнатаў быў яшчэ адзін сродак уздзеяння на дэпутатаў трыбунала — запалохаць іх, тэрарызаваць. Тыя «забаўкі», што вытвараў у Мінску Кароль Радзівіл, з’яўляючыся трыбунальскім маршалкам, межавалі са злачынствам. Аднойчы, у 1755 годзе, ён «загадаў дванаццаці сваім драгунам увайсці ў пакой, дзе стаяў стол і пілі (дэпутаты), загадаў страляць у столь. Стаяў тады князь у двары Іваноўскага, мінскага старосты. Значыць, загадаў князь сваім драгунам даць агню, а карабіны былі кулямі набіты. Адразу тады са столі пясок пачаў сыпацца, а печка ад грукату развалілася. У пакой увайшлі янычарскія і венгерскія барабаншчыкі і трубачы. Пачалі ў бубны біць, трубіць, дудзець на дудачках. Гук, піск, пыл ад пяску, дым з разваленай печкі, галас ад п’янкі і сваркі — усё гэта ўяўляла сабой сцэну, падобную да пекла» (Матушэвіч, ІІ, 169—170). Затым пачалася бойка: пінскі дэпутат Валадковіч «даў у губу» навагрудскаму дэпутату Дамейку. Радзівіл зноў скамандаваў драгунам адкрыць агонь. Тады прадстаўнікі варожай «партыі» хацелі «ад страху праз вокны ўцякаць, але іх не пусцілі». Урэшце князь загадаў пасадзіць усіх недругаў у карэту, запрэжаную шасцёркай «злых жарабцоў». «Фурманы пачалі лупіць пугамі, пяхота і драгуны — зноў страляць». Коні сталі паміж сабой грызціся, паблыталі пастронкі і перакулілі карэту... Назаўтра віцэ-маршалак трыбунала павінен быў адмяніць сесію, што якраз адпавядала інтарэсам Радзівілаў.

Іншы раз, калі полацкі дэпутат Тадэвуш Пшасецкі здрадзіў Радзівілам, той жа трыбунальскі маршалак загадаў сваім людзям пераапрануцца ў манаскае адзенне і вечарам падсцерагчы «адступніка» ў цёмным завулку. Атрымаўшы трыста бізуноў, Пшасецкі доўга і цяжка адхварэў.

Як піша Матушэвіч, часты дэпутат і «кліент» трыбуналаў, справядлівыя дэкрэты выносіліся вельмі рэдка. Ажыццяўляліся ж яны яшчэ радзей. У злачынцаў былі дзясяткі спосабаў ухіліцца ад кары: уцячы за граніцу, змяніць прозвішча, падацца ў разбойнікі, стаць манахам. У 1718 годзе, паведамляе Завіша, паручніка Ліперта «за напад на Гомель» прыгаварылі да расстрэлу, але адпусцілі на волю, калі ён абяцаў уступіць у ордэн бернардзінцаў. Нават з-пад шыбеніцы можна было ўратавацца, калі знаходзілася падкупленая дзяўчына, якая гатова была выйсці за злачынцу замуж.

Знамянальна, што ў здзяйсненні справядлівых дэкрэтаў бяссільным уладам Рэчы Паспалітай часам дапамагалі... рускія войскі. Вось якая гісторыя здарылася ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Рэчыцкім павеце. Рэчыцкі земскі суддзя Юзаф Юдыцкі сябраваў з Каролем Радзівілам і хацеў кагосьці з яго сям’і ўтрымаць маршалкам павятовага каптурнага суда. Але «партыя» Чартарыскіх аказалася мацнейшай, і пад яе кіраўніцтвам у рэчыцкім замку сабраўся законны склад суда. Тады Юдыцкія, «сабраўшы людзей і маючы гарматы, атакавалі гэты каптурны суд. Абаранялася партыя кн. Чартарыскіх, аднак Юдыцкія ў той сутычцы атрымалі перамогу. Забілі некалькі шляхты з прыхільнікаў Чартарыскіх, больш дзесяці пакалечылі. Адабралі замак, разагналі ўсіх» (Матушэвіч, IV, 204). За гэта суд законна (нават Матушэвіч, сябар Радзівілаў, мусіў прызнаць, што справядліва) рашыў злавіць Юзафа Юдыцкага і пакараць «горлам». Але выканаць прысуд было цяжка: «азартны злачынца» падаўся са сваімі людзьмі ў Журовіцкія лясы. Тады вялікі канцлер літоўскі звярнуўся за дапамогай да рускай арміі. У Рэчыцкі павет прыбыў атрад у трыста коней. Даведаўшыся пра гэта, Юдыцкі схаваўся ў Журовіцы, у кляштар кармелітаў. «Акружыў тады рускі маёр журовіцкі кляштар і касцёл, потым, сілай узяўшы ключы ў ігумена, пайшоў у касцёл, затым, адчыніўшы пахавальны склеп, пабачыў Юдыцкага, які сядзеў на труне свайго бацькі. Угаварыў яго, каб надарэмна не абараняўся і здаўся; тады, аддаўшы пісталеты, здаўся Юдыцкі. Узялі яго і завялі на натурныя суды ў Рагачоў, дзе судзілі яго дэкрэтам на горла і расстралялі. І супраць гэтай справядлівасці нічога не скажаш» (Матушэвіч, IV, 204—205).

Аднак у пераважнай большасці выпадкаў рускія войскі ніхто на дапамогу не клікаў. Войскі ж Рэчы Паспалітай былі слабей, чым арміі іншых магнатаў, і ўвязвацца ў шляхецкія міжусобіцы не хацелі. Таму трыбунальскія дэкрэты не выконваліся дзесяцігоддзямі (справа Валадковіча — рэдкае выключэнне). І тады пакрыўджаным заставаўся апошні сродак — самасуд.

 

Шляхецкія «наезды»

Бяссілле і несправядлівасць адміністрацыйных органаў Рэчы Паспалітай адбіліся ў тагачасных прыказках і прымаўках: «Да Бога высока, а да караля далёка», «Трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл з мушкетам»... Не спадзеючыся на хуткі і аб’ектыўны разбор справы ў судзе, шляхта часта вырашала канфлікты сама. Пакрыўджаны ўзбройваў родзічаў, слуг, сяброў, прыгонных і нападаў на двор крыўдзіцеля, учыняў самасуд.

Г. Жавускі сцвярджае, што ў XVIII стагоддзі на «Літве» былі ўсяго тры выпадкі, калі сусед збройна «наехаў» на суседа. Але мемуарныя крыніцы сведчаць, што «наезды» («заезды») у той час здараліся часта. Адзін з іх апісаны ў «Дыярыушы жыцця» І. Лапацінскага. У «наездзе» на Зубаўшчыну каля Мсціслава, піша ён, «удзельнічала больш трыццаці стральцоў, а слуг — больш дзесятка, адным словам, былі разам пяцьдзесят два коннікі». Корсак, уладальнік Зубаўшчыны, таксама добра ўзброіўся. Пачалася страляніна, сяляне біліся цапамі. «З нашага боку,— працягвае мемуарыст, — былі параненыя кулямі і шаблямі і многа забітых, чалавек дванаццаць, а з супрацьлеглага боку — намнога больш»1. Куля трапіла і ў Корсака, аднак Лапацінскі сам зрабіў яму перавязку і нават шкадаваў, што яго «не ашчаджалі» (хаця быў такі загад). У час «наездаў» палілі хаты, раўнялі з зямлёй усе забудовы, заворвалі месца, дзе яны стаялі, плугам, а «ворагаў» бралі ў палон, каралі розгамі, іншымі прыніжэннямі.

Нярэдка самасуд тварылі над тым, хто, займаючы значную пасаду, сам не дбаў пра законы. Аднойчы, спыніўшыся каля дома полацкага ваяводы Юзафа Сасноўскага, шляхта «стала кругам і павыстрэльвала яму ўсе вокны з крыкамі: «Віват, Сасноўскі, кеп! Маршалак канфедэрацкі!»2 Пакрыўджаная шляхта часта помсціла трыбунальскім дэпутатам і гродскім суддзям.

Нярэдка крывавыя міжусобіцы ўзнікалі з-за жанчын. У Браславе доўгі час змагаліся паміж сабой дзве «партыі»: Струтынскіх і Цеханавецкіх (да апошніх прымыкалі Ваўжэцкія). Адной з прычын разладу быў шлюб Яна Цеханавецкага, старосты ў Опсе, і Ядвігі Струтынскай, прыгожай дачкі багатага сенатара. Спачатку бацька абяцаў ёй сто тысяч злотых, але потым зменшыў пасаг напалавіну. Да таго ж маладая жонка дрэнна сябе паводзіла. Цеханавецкаму прыйшлося ўзяць развод. Гэта ўзмацніла нянавісць паміж цесцем і зяцем. І вось неяк у 1756 годзе, калі ў Браславе адбываўся шляхецкі сеймік, браты Цеханавецкія ішлі паўз дом Струтынскіх на паляванне. Сенатар загадаў сваім людзям страляць па іх з вокнаў. Адзін з Цеханавецкіх паў трупам, другога паранілі ў нагу. «Пачаліся хваляванні, а тым часам Струтынскі ўцёк з Браслава; аднак жа староста з Опсы, натоўпам напаўшы на дом Струтынскага, забраў забойцаў і павязаў яго людзей. Потым, узяўшы людзей тых забойцаў і труп, амаль з усімі чыноўнікамі браслаўскага павета Цеханавецкі, староста з Опсы, паехаў у трыбунал у Вільню» (Матушэвіч, ІІ, 238—239). Але Чартарыскі быў за Струтынскага, таму справу ў трыбунале прайгралі. Ядвіга Струтынская, «цёмнавокая бландзінка», змагла зачараваць нават караля, які заказаў для сябе яе пастэльны партрэт... Дарэчы, потым яна выйшла замуж за італьянца Мануцці, пецярбургскага шпіёна ў Рэчы Паспалітай. Апошні ўзвёў над возерам Дрысвяты, у Бэльмонце палац з вялікім паркам і звярынцам3.

Аднак вернемся да «наездаў» і міжусобіц. Здавалася б, у такіх умовах, калі рашэнні суда не выконваліся, ганарлівая шляхта павінна была вырашаць канфлікты ў асабістых паядынках. Аднак дуэлі ў XVIII стагоддзі праводзіліся рэдка і, так сказаць, беспрынцыпна, несумленна, ператвараліся ў фізічную расправу над праціўнікам. Вось адна з дуэляў, якая адбылася ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Камянцы на Брэстчыне: «Пасля набажэнства Крапінскі выклікаў Сузіна, — згадвае Матушэвіч. — Пайшлі на плошчу. Калі я з імі ішоў, мяне пачалі Пашкоўскія ўгаворваць, каб не ішоў. Аднак я ішоў здалёку і наткнуўся на тых, што чакалі Сузіна. Прыйшоў Сузін з адным толькі стрыечным братам Міхалам Сузіным, капітанам драгунскага атрада, які кватараваўся ў Камянцы, брат жа Фаўстына (дуэлянта — аўт.) Людвік Сузін не пайшоў за ім. Хацеў я іх прымірыць, але не змог. І пачаў Крапінскі Сузіна брыдкімі словамі лаяць. Пачаўся паядынак. Добра схапіліся, і ў другой сутычцы раніў Крапінскі Сузіна лёгка ў правую руку. Сузін жа з разбегу Крапінскага ледзь скрозь не прабіў, аднак прамахнуўся. Кінуліся Пашкоўскія на Сузіна. Я тады, бачачы, што Сузін у небяспецы, хоць ён і мой непрыяцель, схапіў шаблю і загарадзіў Сузіна, супакойваючы ўсіх і просячы, каб гуртам не секлі. Неяк стрымаліся. Сузін пачаў уцякаць. Хацелі яго даганяць, але я тут яго стрымаў. Тады вярнуўся Сузін. Атрымаўшы задавальненне, абняліся. Еў я потым абед з Пашкоўскімі, а потым іх з усёй кампаніяй запрасіў у Чэмеры, дзе ім быў рады. Былі ў той жа кампаніі дамы. Музыкі я не меў, таму сам крыху іграў ім на флейце, а крыху спяваў. Танцавалі ўсю ноч» (Матушэвіч, І, 209).

Ва ўсім гэтым апісанні, як і ў іншых мемуарных апісаннях дуэляў, ёсць нешта фарсавае, трагікамічнае. Шляхта не ўмела і не хацела нават прыстойна біцца. Неяк у Нясвіжы полацкі ваявода Сасноўскі з шабляй у руцэ напаў на Старавольскага. «Бачачы ж, што супраць яго больш шляхты, пачаў абдымаць Старавольскага, загадаў падаць віна і сам піў здароўе Старавольскага»4. А калі брэсцкі шляхціц Багуслаўскі скіраваў Юдыцкаму пісьмовы выклік на дуэль, то апошні, успамінае Матушэвіч, загадаў даць пасланцу дзвесце бізуноў і адаслаў яго з такім «адказам» назад. Часам дуэлянты спецыяльна стваралі меладраматычныя абставіны — скажам, падпальвалі карчму і біліся ў ёй «да першай крыві». І толькі ў канцы XVIII стагоддзя, пад уплывам «французскай моды», дуэлі пачалі праводзіцца па ўсіх правілах.

Анархічнасць беларускай шляхты прызнавалі і асуджалі нават тыя мемуарысты, якія стаялі на кансерватыўных пазіцыях. Вяртаючыся ў думках у XVIII стагоддзе, Ф. Булгарын (дарэчы, яго сям’ю нейкі Дашкевіч «наездам» прагнаў з Макавішча пад Бабруйскам) прыходзіў да вываду, што ў Рэчы Паспалітай даўно і многа «гаварылі пра вольнасць і роўнасць, якімі ў сапраўднасці не карыстаўся ніхто. Толькі багатыя паны былі зусім незалежныя ад усіх улад, але гэта была не вольнасць, а сваволя» (Булгарын, 1,15). Вонкава шляхта выглядала зухавата. «Пабіцца на шаблях, — працягвае мемуарыст, — абазначала для яе амаль тое ж, што чокнуцца шклянкамі». Усе трапна стралялі: маглі куляй загасіць свечку, на ляту збіць ластаўку. Аднак гэта «зухаватасць» ішла не на карысць, а на шкоду грамадству.

Шляхецкая анархія нязвычна кідалася ў вочы рускім чыноўнікам, якія ў канцы XVIII стагоддзя прыехалі ў Беларусь на службу. Г. Дабрыніну здалося, што тут уладарыць «сто тысяч каралёў». І кожны з іх не дужа хацеў развітацца з «залатой вольнасцю», падпарадкавацца цэнтралізаванай самадзяржаўнай сістэме. У складзе Расіі шляхта спачатку «не магла быць задаволена новым урадам, і, праўду сказаць, граф (Чарнышоў — аўт.) узяўся крута ў тым краі, дзе была поўная анархія» (Энгельгарт, 16). Панам асабліва не падабалася, што рускія ўлады абмежавалі іх «вялікую сваволю», каралі за «наезды», прымушалі ўдзельнічаць у пракладцы дарог. Аднак потым паміж прыгоннікамі і самаўладствам наступіла ўзаемаразуменне.

Як бачым, славянская мемуарыстыка дае багаты ілюстрацыйны матэрыял пра тое, што грамадскае жыццё ў Рэчы Паспалітай «трымалася беспарадкам».

 

1 Biblioteka Warszawska, 1855, t. ІІІ, s. 421.

2 Pismo zbiorowe, t. І, s. 177.

3 Падрабязней пра гэта гл.: Dr. Antoni J. Wybór pism. Kraków, 1966, t. І.

4 Pismo zbiorowe, t. І, s. 170.

Сямейнае жыццё: крывадушнасць і марнатраўства

У XVIII стагоддзі часта гаварылі, што чалавек «праходзіць» два шляхі: «вертыкальны» — ад зямнога жыцця да нябеснага (або пякельнага) і «гарызантальны» — ад калыскі да магілы. У існаванні «вертыкальнага» шляху дужа сумняваліся нават у тыя вонкава набожныя часы. Матушэвіч, напрыклад, са скепсісам паставіўся да апавядання аб тым, што ксёндз Аблачынкі навідавоку людзей узнёсся на неба. Затое «гарызантальны» шлях, у рэальнасці якога сумняваліся хіба што крайнія містыкі, шматгранна адлюстраваўся ў тагачаснай мемуарнай літаратуры. Праўда, як і ў іншых выпадках, больш у ёй звестак пра сямейнае жыццё шляхты, менш — пра жыццё мяшчан і сялян. Часам гэтыя звесткі прыходзіцца збіраць па драбніцы з розных крыніц.

 

Нараджэнне дзіцяці

Нашчадка, прадаўжальніка роду, асабліва першага, чакалі з радасцю. З большай — у сялянскай сям’і, дзе з цягам часу дзіця станавілася памочнікам, «рабочай сілай». З меншай — у магнацкім асяроддзі, дзе не вельмі хацелі драбніць маёнткі, дзелячы іх на шматлікіх нашчадкаў. Наперакор патрабаванням царквы шляхта нават спрабавала неяк «рэгуляваць» колькасць дзяцей (рабілася гэта дзікунскім або ірацыянальным спосабам: напрыклад, клалі ў ложак... кавалак труны). І ўсё ж вялікія сем’і тады лічыліся нечым звычайным. У бацькоў Ю. Нямцэвіча было пятнаццаць дзяцей (з іх у жывых засталося сямёра).

Абрады, звязаныя з нараджэннем дзіцяці, абапіраліся пераважна на язычаскія традыцыі. Парадзіху адасаблялі ад навакольнага свету: не дазвалялі ёй бачыцца з чужымі людзьмі, хадзіць у касцёл. Адразу ж пасля нараджэння адбывалася «далучэнне» да зямлі, сям’і, грамадства: дзіцё клалі на падлогу, падносілі да печкі ці парога, узнімалі на руках, сімвалічна білі розгай. На дапамогу, у адведкі прыходзілі суседкі, якія прыносілі ежу, падарункі. Хрэсьбіны праводзілі з пышнасцю. Селянін стараўся забіць парсюка, купіць бочку піва. Шляхта запрашала ўсё наваколле. Магнаты ўстройвалі пышныя балі, у час якіх грымелі гарматныя салюты.

Імёны дзецям давалі пераважна «з календара» — паводле волі папа або ксяндза. Радзей называлі імем бацькі або дзеда. У канцы XVIII стагоддзя, калі ўзрастае ўплыў сентыменталізму, твораў Ж.-Ж. Русо і Ф. Карпінскага, з’яўляюцца першыя Эдуарды і Юліі, Філоны і Юстыны. Становяцца папулярнымі таксама старажытнаславянскія імёны.

У багатых сем’ях дзяцей з першых жа дзён давяралі мамкам або нянькам, часта з сялянскага асяроддзя. Сына нярэдка аддавалі «на дзядзькаванне», пра якое, дарэчы, гаворыцца ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Тады «пасля прыходу на свет дзіцяці адсылалі яго пад наглядам ахмістрыні ў нейкі з фальваркаў, на выхаванне аканому, у якога гэты абавязак быў агавораны ў кантракце»1. Калі дзіця потым памірала, не рабілі з гэтага асаблівай трагедыі. Казалі: «Бог даў — Бог узяў».

У сялянскай хаце дзіця даглядала сама маці або старэйшыя сёстры. «Адразу пасля нараджэння немаўлятка клалі ў калыску; калі хацелі, каб яно спала, калыхалі яго, днём жа, калышучы, спявалі, каб хутчэй заснула. Прывучанае так дзіця іначай не засынала, хіба што змарылася доўгім плачам, калі не было каму калыхаць, як гэта здаралася дзецям простага паходжання або бедных бацькоў, калі маці, пакарміўшы яго грудзьмі, мусіла сама працаваць, абы-дзе кідала дзіця, часам, у жніво, — у баразне на полі, засланіўшы снапком ад сонца» (Кітовіч, 63).

У адрозненне ад Польшчы, дзе калыску ставілі на падлозе, «на Русі і ў Літве» яе падвешвалі на вяроўках да столі. Такія калыскі, сведчыў Кітовіч, былі «больш зручныя, бо не рабілі ніякага шуму і, добра разгайдаўшыся, доўга калыхаліся самі, так што апякунка магла крыху падрамаць, пакуль калыска не спынялася, але затое немаўлятка цяжэй калечылася, калі выпадкам вывальвалася з разгайданай калыскі» (Кітовіч, 64).

Сялянскія дзеці раслі ў голадзе, холадзе і брудзе. «Бедныя маці і простыя мужычкі, — працягвае Кітовіч,— піхалі сваім дзецям у роцік тое ж, што самі елі: гарох, капусту, клёцкі — перажоўваючы перш у сваім роце і астуджваючы дзьмуханнем. Некаторыя маці, п’ючы гарэлку, давалі спрабаваць і дзіцяці, сцвярджаючы, што, калі і яно будзе каштаваць спіртное ў дзяцінстве, то потым, калі вырасце, стане ім брыдзіцца. Але гэта вялікая няпраўда: з такіх дзяцей вырасталі вялікія п’яніцы» (Кітовіч, 64—65).

Асабліва цяжка даводзілася няшлюбным дзецям («крапіўнікам»). Бывалі выпадкі, што маці іх забівалі (хаця за гэта пагражала смяротная кара), падкідвалі іншым сем’ям. І толькі зрэдку шляхта прызнавала іх, даючы сваё скарочанае або змененае прозвішча.

 

1 Kraszewski Kajetan. Ze wspomnień kasztelanica. Pbg, 1896, s. 19

Выхаванне, школа

У прыгоннай вёсцы дзяцінства было бязрадаснае і кароткае. У пяць гадоў дзеці пасвілі птаства, даглядалі малодшых. У сем — ішлі пастушкамі, падпаскамі. У дзесяць — баранавалі, ішлі «на згон». Хадзілі ў адной палатнянай кашулі, босыя. Цацак не ведалі. Найвялікшай марай быў ножык — каб нешта выразаць з дрэва. Існаванне парафіяльных школ залежала ад добрай волі феадала. А паколькі паны, як правіла, лічылі, што адукаваны селянін горш працуе, «свабоды хоча», то раслі сялянскія дзеці непісьменнымі. У лепшым выпадку ўмелі крыху чытаць і лічыць.

Шляхта таксама не дужа імкнулася пасылаць дзяцей у школу. Спачатку яны выхоўваліся пад апекай маці, мамак і нянек. Часам «жаночымі пяшчотамі» акружалі нават дарослых хлопцаў. Ф. Булгарын успамінаў старую Апюхоўскую, якая ўпарта не вучыла свайго сына Кароля, «каб не пашкодзіць яго здароўю», называла яго «мой кароль». З юнаком абыходзіліся, як з малалеткам. Кожны дзень для яго рыхтавалі па дзесяць страў у розных гаршчочках.

Лакеі і служанкі гулялі з ім у дзіцячыя гульні. Будучы ў Нясвіжы, польскі кароль Станіслаў Аўгуст зацікавіўся такім кур’ёзам і патрабаваў паказаць яму «свайго таварыша», а потым здзекліва вітаў яго «як роўнага». Праўда, юнак знайшоў, што адказаць: «Па шляхецтву мы роўныя і па смерці будзем, але цяпер я каралюю толькі ў сэрцы маці» (Булгарын, 1,147).

Аднак у большасці выпадкаў пад мацярынскай (або ахмістрынскай) апекай заставаліся толькі дзяўчаткі. Выхаваннем жа хлопчыкаў з сямі-васьмі гадоў займаліся бацькі, чыя ўлада ў сям’і была неабмежаванай. «Пану-бацьку» належала кідацца ў ногі, абдымаць калені. «У тыя часы, — згадвае Нямцэвіч, — вялікае было ўшанаванне бацькоў. Мой бацька, хаця яму лічылася звыш 30 гадоў, ніколі не смеў сесці ў прысутнасці свайго бацькі, пакуль той не сказаў: сядай, Марцэль» (Нямцэвіч, I, 12).

У адрозненне ад «жаночага» «мужчынскае» выхаванне было больш суровае, спартанскае. Бацька Булгарына «загартоўваў» будучага пісьменніка халоднай вадой, сялянскай стравай (чорны хлеб з цыбуляй ці з рэдзькай, капуста, каша, крынічная вада). Ноччу пасылаў аднаго ў гумно за пукам калоссяў (гумно стаяла ля могілак), раніцай будзіў выстралам з ружжа.

Хлопчыкаў рана прывучалі ездзіць конна, страляць з лука, бралі з сабой на паляванне. Дарылі зброю, коней. Забаўкі ў дзяцей таксама імітавалі тыя ж «рыцарскія» шаблі, стрэльбы ці коней. Зрэдку ў магнатаў з’яўляліся загранічныя «дзівосы». Так, полацкая кашталянша Генавэфа Бжастоўская прысылала дзецям з Дрэздэна механічныя забаўкі, якія накручваліся спружынай (салдаты-фехтавальшчыкі, балерыны)1. Звычайна ж хлопчыкі гулялі ў пальцаты (фехтаванне кіямі, акручанымі саломай), палянт (мяч з ануч, абшыты скурай), закладваліся на «зялёнае». Пакаёўцы патаемна вучылі панічоў іграць у карты (хапанка, трышак, мар'яш, рус, віст, цвік, фараон), «косці», «цот — лішак». Паволі ўваходзілі ў моду шахматы, шашкі, більярд.

Але вось хлопчык падрастаў, трэба было думаць пра вучобу. У шляхецкіх сем’ях часцей за ўсё наймалі дамоў «дарэктараў» (шкаляроў з манастырскіх калегій) або (у канцы стагоддзя) замежных гувернёраў. У Ф. Булгарына быў настаўнік, які вучыў яго арыфметыцы, польскай, французскай, нямецкай і лацінскай мовам. Да Ю. Нямцэвіча прывезлі з Брэста «дарэктара» Яшчалта, які ўжо «скончыў рыторыку і адзін год хадзіў на філасофію». «Пан Яшчалт, — піша мемуарыст, — пачаў мяне вучыць па Альвару (аўтар падручніка лацінскай мовы — аўт.) скланенню і спражэнню, прыдумваў для мяне арацыі на Новы год, усе большыя святы, на імяніны майго бацькі і маці. Завучваў я тыя арацыі на памяць: былі доўгія рэпетыцыі, як іх дэкламаваць, як кланяцца перад арацыяй і пасля яе» (Нямцэвіч, I, 14).

«Дарэктары» і гувернёры выкладалі таксама пачаткі складанага шляхецкага этыкету: каго як тытулаваць і цалаваць (жанчыну, напрыклад, дазвалялася цалаваць у напаўаголеныя грудзі, але нельга было, нават блізкую сваячку, пацалаваць у шчаку), каму як кланяцца («падаць да ног»), перад кім зняць шапку, а перад кім стаяць у галаўным уборы (нават у зале ці касцёле). Прывітанне суседа, сцвярджае Ахоцкі, залежала ад яго годнасці: «стольніку, чэсніку і т. п. трэба было толькі пацалаваць рукі, кашталяну, ваяводзе — праснаком да ног». Цалавалі ў руку нават... маленькіх дзяцей. Ва «Успамінах» Ф. Карпінскага гаворыцца, што сямігадовага Рамана Сангушку ўсе князем называлі, а дробная шляхта «прыкладалася да яго ручкі». Перад дзяўчынай можна было стаць на калені, хоць гэта і лічылася грэхам.

Хатняя адукацыя часам давала нядрэнныя вынікі. У Валамечцы на Міншчыне Г. Жавускі прачытаў у дзяцінстве нямала кніжак, у тым ліку творы Лівія, мадам дэ Жанліс. Усеагульную гісторыю яму тут сур’ёзна выкладаў француз Гарнье. Як ужо гаварылася, полацкі правіцель А. Лунін склаў для гувернёраў сваіх дзяцей спецыяльныя навучальныя праграмы і спісы літаратуры.

І ўсё ж у дзесяць-дванаццаць гадоў сыноў адпраўлялі «за добрымі манерамі» на магнацкі двор або «за цнатлівай навукай» у школу: спачатку — у парафіяльную, потым — у манастырскую калегію (езуіцкую, піярскую або базыльянскую). У адрозненне ад часоў Рэнесансу ў XVIII стагоддзі «моды» на універсітэты і акадэміі асаблівай не было. Не столькі цаніліся веды, колькі вонкавы полер, уменне «бліснуць» напышлівай арацыяй, квяцістым лацінскім афарызмам.

Гарадскія і сельскія парафіяльныя (пачатковыя) школы існавалі пры цэрквах, фарных касцёлах. Прымалі туды толькі хлопчыкаў (дзяўчынак вучылі выключна дома). Тэарэтычна ў парафіяльнай школе маглі вучыцца дзеці ўсіх саслоўяў, практычна пераважала шляхта. Выкладалі тут, як піша Кітовіч, перш за ўсё «катэхізіс або навуку рэлігіі». Затым зубрылі лемантар, пачаткі лацінскай мовы (па Альвару або Данату). Вучняў няшчадна білі. «Школьныя кары для тых, хто не хацеў вучыцца або ўчыніў свавольства, былі наступныя: не дазвалялі есці абед, прымушалі стаяць на каленях або білі. Інструменты пакарання: пляцэнта, гэта значыць круглая, тоўстая, у некалькі разоў складзеная, у далонь шырокая і на доўгую драўляную ручку насаджаная скура, якой — за памылкі пры чытанні або дэкламаванні таго, што зададзена было на памяць — білі ў руку. Калі хто зусім не вывучыў урок або сваволіў ці парушыў школьныя правілы, каралі бярозавай розгай або дысцыплінай, звычайна раменнай, а ў больш суровых настаўнікаў сплеценай туга з ніцяных вяровачак, на сем ці дзевяць адгалінаванняў — такой розгай або дысцыплінай білі па аголеным азадку, удараючы ў залежнасці ад віны, вынослівасці цела, суровасці або лагоднасці настаўнікаў ад трох да пятнаццаці разоў. На рослых хлапчукоў, якія мелі больш сямі гадоў, бралі бізун. Гэта быў цвёрды рэмень, другім рэменем туга аплецены, на драўляных тронках асаджаны, даўжынёй у локаць (каля 0,65 м — аўт.), да сялянскага цапа падобны» (Кітовіч, 69—69).

Фізічныя і маральныя кары шырока ўжываліся таксама ў езуіцкіх калегіях, якія былі ў многіх гарадах Беларусі. Горшых вучняў садзілі на «асліныя лаўкі» ля печкі, вадзілі па вуліцах у саламянай кароне. У кожным класе яўна або тайна прызначаўся «цэнзар», які даносіў настаўнікам аб розных «злачынствах» — хто аглядваўся або смяяўся ў касцёле, штурхануў кагосьці локцем або схапіў за чупрыну. Некаторыя вучні не вытрымлівалі бесперапынных здзекаў. У брэсцкай езуіцкай калегіі інспектар Вольскі давёў аднаго хлопца да таго, што той «наўмысна ўтапіўся» (Матушэвіч, І, 4). Яшчэ больш дзікія норавы панавалі ў яўрэйскіх школах. С. Маймон успамінаў мірскага настаўніка Ёселя, які біў вучняў, «абдзіраў ім вушы», праганяў каменнямі бацькоў. Вучні месціліся на лаўках або на голай зямлі. «Настаўнік жа сядзеў у бруднай кашулі на стале, трымаючы паміж ног міску, у якой вялікай геркулесавай дубінай цёр табаку, і адначасова кіраваў сваім атрадам» (Маймон, І, 28). Старэйшыя вучні адбіралі ежу ад малодшых. Старажытную яўрэйскую мову вывучалі без слоўніка, без граматыкі. Таму са школы выходзілі «або геніі, або вар’яты».

Навучанне ў калегіях пачыналася з ніжэйшага «класа» — «інфімы», дзе зубрылі лацінскія словы; затым, паводле Кітовіча, ішлі «граматыка», «сінтактыка», «паэтыка» і «рыторыка». Урэшце старэйшыя вучні, асабліва тыя, хто рыхтаваўся стаць манахам, штудзіравалі «філасофію» і «тэалогію». Знаёмства з філасофіяй абмяжоўвалася творамі двух мысліцеляў — Арыстоцеля і Фамы Аквінскага. Шкаляроў абавязвалі ўсюды, нават у горадзе, гаварыць толькі на лацінскай мове. Таму мяшчане, «пачаўшы ад кухарак і канчаючы шаўцом, вучыліся гаварыць на так званай кухоннай лаціне, каб разумець вучняў, якія наўмысна звярталіся да іх толькі на гэтай мове»2. Увесь горад «нібы ператвараўся ў рымскую калонію».

Вучні манастырскіх калегій жылі ў канвентах (інтэрнатах) пад пільным наглядам «дарэктараў» і «цэнзараў». Лепш паводзілася дзецям магнатаў, горш — дробным шляхціцам, якія і тут прыслужвалі «паняткам»: сцялілі ім пасцель, чысцілі боты, насілі ўслед кніжкі. Былі і такія шкаляры (звалі іх калефактарамі), якія зараблялі сабе на хлеб тым, што секлі дровы, палілі ў печках, білі розгамі непаслухмяных калег. Дзеля заробку вучні пісалі вясельныя і сеймікавыя арацыі, хадзілі з калядой. Беднякі ўвогуле вучыліся куды лепш, чым багатыя. Найбольш здольным студыёзусам прысвойваліся званні дыктатараў і імператараў, даручалася правяраць веды іншых. У Навагрудскай калегіі выдатнікам вучобы штогодна выдаваліся адзін залаты і чатыры сярэбраныя медалі (Жавускі, 315). Экзамены адбываліся публічна, у прысутнасці бацькоў і ганаровых гасцей. Пасля экзаменаў вучні паказвалі трагедыю, якую пісаў або «кампанаваў» з розных аўтараў мясцовы выкладчык. Дзеі трагедыі (лацінскай, польскай ці стараславянскай) перамежваліся беларускімі або польскімі інтэрмедыйнымі ўстаўкамі. Прадстаўленні суправаджаліся музыкай і спевамі. «Студэнты на сцэне толькі прыкідваліся на розных інструментах, у сапраўднасці ж за іх ігралі схаваныя музыканты. Таму калі студэнт не дамаўляўся знакам з музыкантам, здаралася, што інструмент яшчэ іграў, хаця яго даўно адклалі ўбок» (Кітовіч, 95).

Крыху звестак захавалася ў мемуарыстыцы пра Шклоўскі кадэцкі корпус, адкрыты на сродкі Зорыча. Дзяцей шляхты там вучылі добрыя выкладчыкі (у тым ліку серб Лазіч). У 1787 годзе ў Пецярбургу закупілі для корпуса вялікую бібліятэку нейкага Сойманава (за 8 тысяч рублёў). Месцілася яна, разам з фізічным кабінетам, у будынку шклоўскай ратушы3. Бывалі выпадкі, піша С. Бранеўскі, што кадэты біліся з Зорычам кулакамі, абараняючы прыгонных балерын. У 1799 годзе, пасля пажару, корпус быў пераведзены са Шклова ў Гродна, дзе размясціўся ў Новым каралеўскім замку. Кармілі тут проста, але затое сытна — «усё болей капустай ды кашай са свіным салам і аржанымі булкамі». Сваю злосць на дырэктара корпуса, немца Вільгельма Кетлера і іншых выкладчыкаў кадэты выяўлялі «ў пасквілях, карыкатурах і надпісах на сценах, якія паліцмайстар, бегаючы з калідора ў калідор, ледзь паспяваў счышчаць» (Бранеўскі, 504).

 

1 Historia kultury materialnej Polski w zarysie. T 4. S. 374

2 Kraszewski Kajetan. Ze wspomnień kasztelanka, s. 63.

3 Барсуков А. Рассказы из русской истории XVIII века..., с. 250.

Каханне, вяселле

І вось у васямнаццаць ці дваццаць гадоў неяк закончана вучоба. Юнак вяртаўся дамоў з наборам лацінскіх фраз у галаве ды з уменнем «плесці рыфмы» і гаварыць прамовы. Гаспадаркай займацца не хацелася, бо на гэта былі аканомы. Сеймікі адбываліся рэдка. «Мода на кніжкі» яшчэ не наступіла. Таму вольны час праходзіў у забавах. І, вядома, у заляцаннях да «гладкіх жанчын» і «белагаловых пекнай прыгажосці».

У XVIII стагоддзі існавала свая, барочная мадэль жаночай і мужчынскай прыгажосці. Дзяўчына павінна была быць бландзінкай, «залатавалосай», але з чорнымі вачыма. Абавязковае патрабаванне — тонкая талія. У каго яе не было, тыя насілі гарсэт. Ахоцкі так апісваў прадмет свайго чарговага захаплення: «Рысы твару мела цудоўныя, колер скуры алебастравы, ажыўлены чыста кармінавым румянцам, фігура гнуткая і тонкая, ручкі і ножкі дробненькія, у дадатак жа — голас і погляд, якія за сэрца хапалі». Некаторыя магнаты (Кароль Радзівіл) аддавалі перавагу таўстухам. Найвялікшай заганай у жанчыны лічыліся рабацінне і вусікі.

У мужчыне найбольш цанілася не прыгажосць твару, а постаць, фігура. Юнак павінен быў добра глядзецца на кані, мець доўгія вусы і бараду. Празмерная паўната не лічылася асаблівым недахопам.

Як і ва ўсе часы, у XVIII стагоддзі ведалі глыбокія і страсныя пачуцці. Дзеля сапраўднага кахання ахвяравалі маёнткам, становішчам у грамадстве. Тэафіля Радзівіл, сястра Пане Каханку, захапілася бедным карнетам Мараўскім. Спачатку яна кідалася да ног брату, просячы, каб ён дазволіў на шлюб. Але Кароль Радзівіл быў супраць такога мезальянсу. Тады Тэафіля ўцякла з выбраннікам у Львоў. «Гэты нешчаслівы момант, — пісаў ёй наўздагон брат,— заблытаў неабдумана пачуцці в. м. пані, апаганіў каштоўныя скарбы майго дома, прынёс такім подлым спалучэннем вечную ганьбу і пляму, якую ніколі не сцерці; кожны ўспамін пра яе выціскае мне з вачэй слёзы і суровай крыўдай сэрца з грудзей вырывае»1. У адказ на гэта князёўна намякнула на патаемныя захапленні брата: «Можна ж было в. к. мосці і мужчыне ісці за пачуццём і страсцю, загадваць даць сабе шлюб у Нясвіжы з адной маёй прыдворнай паненкай, а калі я, па натуры слабейшая дама. так горача і неабдумана паступіла, в. к. мосць у гэтым вялікае злачынства бачыш»2. Не выключана, што Тэафіля Радзівіл тут намякае на адну з сямі дачок уніяцкага папа Каятана Выгоўскага, які жыў непадалёку ад Нясвіжа. Як гаворыцца ва «Успамінах пра князя Кароля Радзівіла», Пане Каханку часта гасціў у Выгоўскага і яго «разумнай жонкі», а потым узяў іх дачок у нясвіжскі замак, загадаў іх вучыць музыцы і мовам, урэшце даў багаты пасаг, справіў пышныя вяселлі...

У сярэдзіне XVIII стагоддзя, піша Матушэвіч, многія кавалеры настойліва дабіваліся рукі пекнай панны ці пані Баркоўскай.

Нейкі Філіповіч так моцна ў яе закахаўся, што «ў сухоты ўвайшоў і памёр». Яго месца рашыў заняць багаты шляхціц Іваноўскі. Ён апісаў Баркоўскай увесь свой маёнтак і ўжо збіраўся з ёй жаніцца. Каб перашкодзіць гэтаму мезальянсу, радня Іваноўскага пусціла пагалоску, што маладыя знаходзяцца паміж сабой у сваяцтве. Жаніху прыйшлося звярнуцца за дазволам у Рым. «Перашкаджаў і там брат яго, а калі не давалі хутка дазволу, суддзя Іваноўскі засмуціўся і памёр ледзь не на руках Баркоўскай» (Матушэвіч, І, 111—112).

Узнёслае пачуццё зведаў у Беларусі Тадэвуш Касцюшка. Выхадзец з беднай шляхецкай сям’і, ён зарабляў у юнацтве гувернёрствам, выкладаў гісторыю і матэматыку дзецям полацкага ваяводы Юзафа Сасноўскага, які жыў тады ў Саснавіцы на Палессі. Нечакана прыйшло каханне да малодшай Людвікі (дарэчы, потым перакладчыцы). Сасноўскі не дазваляў і думаць пра такі няроўны шлюб, звычайна казаў: «Павы не для вераб’я, а магнацкія дочкі не для дробных шляхетак»3. Тады Касцюшка рашыў выкрасці Людвіку і даверліва падзяліўся сваімі планамі з каралём. Але той выдаў змоўшчыкаў... Касцюшка балюча перажыў гэту трагедыю, застаўся адналюбам на ўсё жыццё.

Узаемнасці ў каханні дабіваліся рознымі шляхамі. Дробная шляхта і сяляне выкарыстоўвалі зелле, магічныя сродкі і чары. Найбольш дзейснымі лічыліся любчык, галубіныя сэрцы, кроў з пальца. Асветнікі дасціпна высмейвалі гэта шарлатанства. «Хочаш якую асобу прывязаць да сябе каханнем? — іранічна пытаў Я. Багамолец, ураджэнец Віцебшчыны, у 1775 годзе. — Тады насі пры сабе мяса маладога жарабяці... высушанае ў новым паліваным гаршку ў печы, з якой толькі што хлеб вынялі — калі да якой асобы прыкласці, любіць цябе будзе. Або насі пры сабе валасы з канца воўчага хваста... Або, калі хлеб з печы вымуць, высушы ўласную кроў, выпушчаную вясной у пятніцу, разам з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы разатры на парашок і дай выпіць каханай асобе»4.

У адукаваным асяроддзі больш спадзяваліся на паэзію, музыку, песні. Матушэвіч пісаў вершы ў гонар будучай жонкі. Слонімскі магнат Міхал Казімір Агінскі, сам кампазітар і сваяк славутага кампазітара, перамог свайго суперніка, князя Сангушку, тым, што «вельмі дасканала ўмеў іграць на розных інструментах». «Калі пачаў іграць, падканцлерына (Сапега— аўт.) усё больш ласкава пачала на яго глядзець, а назаўтра ўжо Агінскі, пісар польны літоўскі, пачаў быць у роўным афекце з князем Сангушкам, старостам крамянецкім» (Матушэвіч, ІІІ, 142). Праз некалькі дзён канкурэнт знік са Слоніма. А шчаслівы пераможца неўзабаве згуляў вяселле.

Вяселле... Па-рознаму рыхтаваліся да яго ў вёсцы, у шляхецкім засценку, у палацы магната. Калі ў сялянскай сям’і была дзяўчына на выданні, у гародчыку садзіліся кветкі (мальва, рута), а хату бялілі светлай глінай. Першым вестуном вяселля быў сват. З’явіўшыся вечарам да бацькоў маладзіцы, ён пачынаў складаную славесную гульню — таргаваў «ялаўку», шукаў «гуску» або «лябёдку». У дзяўчыны згоды асабліва не пыталі — здараліся выпадкі, што да прыходу сватоў яна ўвогуле ніколі не бачыла жаніха. Рашэнне выносілі бацькі. Яны ж устанаўлівалі, які будзе пасаг — карова, цялушка, сувой палатна або грошы. А калі згоды бацькоў не было, свату не падавалі кілішка, каб распіць гарэлку, частавалі «шэрай поліўкай», уручалі гарохавы вянок або (на поўдні Беларусі) кавун.

Калі сватанне прайшло паспяхова, ішлі да пана, каб атрымаць дазвол на вяселле. Звычайна такі дазвол даваўся, бо землеўласнік быў зацікаўлены ў павелічэнні колькасці прыгонных. Да таго ж нежанатыя «дзецюкі» ўяўлялі сабой больш небяспечны сацыяльны фермент. Цяжэй было, калі хлопец або дзяўчына належалі іншаму феадалу. Паміж панамі тады заключалася суседскае пагадненне: «Ты мне цяпер душу — я табе потым душу». У іншым выпадку вяселле магло сарвацца.

Але дапусцім лепшы зыход. Атрымаўшы панскую згоду, маладая абыходзіла вёску, запрашала радню. Звычайна вяселлі праводзіліся восенню і зімой, калі ў сялянскай хаце быў адносны дастатак. Ва ўрачыстасці ўдзельнічала ўся вёска — хто ў ролі акцёраў-спевакоў, хто ў ролі статыстаў-гледачоў. Сяляне на нейкі час нібы забывалі пра гора, прыгнёт, весяліліся радасна і тлумна.

Вясельны абрад пачынаўся з традыцыйнага, язычаскага яшчэ «дзявочага вечара», дзе нявеста развітвалася з сваімі сяброўкамі, а сяброўкі, спяваючы песні, плялі вянкі. Назаўтра з’яўляўся разам з сябрамі жаніх. Перад ад’ездам да шлюбу маладыя атрымоўвалі блаславенне бацькоў. У вясельным абрадзе царкоўны або касцельны шлюб яшчэ не іграў такой значнай ролі, як у XIX стагоддзі. Пры шлюбе маладыя мяняліся пярсцёнкамі, якія толькі што ўваходзілі ў моду (характэрна, што заручальныя пярсцёнкі перш пашырыліся сярод сялян, шляхта ж даўжэй трымалася «карон» і «вянкоў»).

Вярнуўшыся ў дом нявесты, госці дзялілі каравай, уручалі падарункі, якія часткова кампенсавалі панесеныя затраты. Моладзь ішла танцаваць у карчму. Старэйшыя ж праводзілі з рознымі жартамі маладых на «пакладзіны» (на шляхецкім вяселлі нават раздзявалі іх), а потым елі «цукровую вячэру». У творах мастацкай літаратуры часам сцвярджаецца, што ў тагачаснай Беларусі дзейнічала «права першай ночы». Аднак мемуарыстыка дае падставы для вываду, што, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, Беларусь не ведала гэтага права.

Назаўтра замужнія жанчыны ўрачыста прымалі маладую ў сваё асяроддзе: саджалі яе на дзяжу (у XVIII стагоддзі гэта не мела яшчэ такога значэння, што ў пазнейшыя часы), абразалі косы, пакрывалі галаву чэпчыкам або наміткай. Затым наступала развітанне, пераезд маладой на новую гаспадарку, дзе на парозе яе сустракалі бацькі маладога. Адным словам, у XVIII стагоддзі ўжо склаліся ўсе асноўныя элементы традыцыйнага беларускага вяселля.

У параўнанні з сялянамі ў магнацкім і шляхецкім асяроддзі да шлюбу ставіліся больш камерцыйна, меркантыльна. Пачуцці падпарадкоўваліся маёмасным, прэстыжным меркаванням. У нявесце цаніліся не прыгажосць, не адукаванасць, не індывідуальнасць, а багацце, знатнасць. «Жадаючы ўзмацніцца праз сямейныя сувязі, рашыў я жаніцца», — шчыра прызнаваўся Марцін Матушэвіч. Шлюб нагадваў фінансавую здзелку. Той жа Матушэвіч узяў ад сваёй жонкі запіс на пяцьдзесят тысяч злотых пасагу, запісаў жа ёй сто тысяч злотых і «дажывоцце» на Расне і Рагачах.

Вельмі часта шляхта сватала сваіх дзяцей без іх ведама, а нявеста не бачыла жаніха да самага шлюбу. Аднойчы Кацярына Радзівіл паклікала да сябе сваячку Ганну Сангушку і загадала ёй вечарам апрануць белую сукенку. Дзяўчына падумала, што будзе прысутнічаць на шлюбнай цырымоніі адной з сябровак. Але вечарам Ганне сказалі, што ў парафіяльным касцёле сціпла адбудзецца... яе ўласны шлюб. Прозвішча выбранніка аднак не назвалі. І толькі каля алтара дзяўчына пабачыла, што ім з’яўляецца Кароль Станіслаў Радзівіл (бацька Рыбанькі і дзед Пане Каханку).

Нават у тым выпадку, калі хлопцу і дзяўчыне было дадзена нейкае права выбару, паводзілі яны сябе несур’ёзна, тэатральна. Выбар дыктаваўся не пачуццямі, а выпадковасцю, збегам акалічнасцей. Матушэвіч успамінае свайго сябра Салагуба, якога аднойчы ў гасцях дужа напаіў нехта Шамоўскі. Ад’язджаючы, «не хацеў піць Салагуб, нарэшце сказаў: калі да яго «прап’е» якая з дачок гаспадара, тады і ён будзе піць. Адна з іх узяла келіх і, паводле дамскага звычаю, крыху адпіўшы, аддала яму поўны келіх. Салагуб з ахвотай выпіў, а потым, паставіўшы келіх на галаве каня, расстраляў яго (келіх — аўт.) з пісталета, а потым, злезшы з каня, упаў даме і бацьку да ног, просячы абяцання. П’яны бацька, разумеючы, што гэта жарт, даў абяцанне, а дама шчыра абяцала. Гэты бацькаў жарт потым праўдай абвярнуўся, бо Салагуб і просьбамі і амаль узброенай пагрозай прымусіў бацьку, каб яму аддаў дачку» (Матушэвіч, І, 90).

Хрысціянская царква рашуча патрабавала дашлюбнай цнатлівасці. Шлях у алькову (спальню), гаварылі тады, ляжыць толькі праз «шлюбны дыван». Але ў магнацкім асяроддзі, здаецца, пра захаванне гэтага звычаю не дбалі. Мінскі ваявода Кшыштаф Завіша расказвае, як ён сватаў дачку князю Мікалаю Радзівілу: «Той бесперапынна налягаў на нас, каб мы аддалі дачку; нарэшце на св. Барбару, прыехаўшы да нас на імяніны ў госці, у той жа дзень нас прымусіў, каб мы далі яму вячэру і на выкананне яго жаданняў дазволілі, каб прыемную зведаў пасцель, у прысутнасці бліжэйшых паноў-суседзяў; хаця ўсё гэта з вялікай сталася цяжкасцю, бо нам не хацелася так неспадзявана выдаваць замуж і спраўляць вяселле, але паколькі ўжо так здарылася, хай Бог ім благаславіць» (Завіша, 150).

У адрозненне ад сялянскага ў шляхецкім і магнацкім вясельным абрадзе было менш народных, праславянскіх элементаў і больш запазычанага з Заходняй Еўропы. Абмен шлюбнымі пярсцёнкамі тут замяняўся ўручэннем нявесце «вянка» або «кароны», якія «сімвалізавалі вечнасць». Кароны рабіліся з серабра, золата, брыльянтаў. Ад Матушэвіча на вяселлі брата запатрабавалі, каб ён «уручаў нявесце шлюбную карону, упрыгожаную каштоўнымі каменнямі, і прамову сказаў». Потым гэта «карона» захоўвалася ў сям’і як рэліквія.

Калі сялянскае вяселле працягвалася сама больш два-тры дні, то магнацкае — не менш тыдня. Удзельнікі з’язджаліся з розных куткоў краіны. Урачыстасці абыходзіліся ў сотні тысяч і мільёны злотых. Для гасцей наладжваліся тэатральныя прадстаўленні, феерверкі. На вяселлях радзівілаўскіх рэзідэнтаў і рэзідэнтак звычайна бывалі «абед вялікі, асамблеі з танцамі, тэатр з балетам, а нават штучныя агні і пры тостах — залпы з замкавых гармат» (Крашэўскі, 1,195).

Аб тым, як выглядала тагачаснае магнацкае вяселле, сёння мы можам меркаваць па «Дыярыушу адбытага вяселля я. в. Станіслава Дэнгофа, полацкага ваяводы», напісаным Францішкам Пуласкім5. З гэтай крыніцы даведваемся, што толькі «ўезд» жаніха працягваўся тры гадзіны пры няспынных залпах з 23 гармат. Рэзідэнцыя была асветлена дзесяццю тысячамі лампад. Са спецыяльнага амфітэатра, абабітага сукном і ўпрыгожанага карцінамі, госці дзве гадзіны любаваліся феерверкам — «калонамі з агню», падпаленымі трыумфальнымі брамамі. Увесь вечар ігралі тры аркестры — «полацкага ваяводы, італьянскі і гетманскі». На другі дзень, пасля сігналу трубачоў, «у вадасточныя трубы, зробленыя на кожным рагу з белай бляхі, пачалі праз вокны шчодра ліць венгерскае віно, за якім ціснуўся розны люд з вёдрамі, конаўкамі, шапкамі і капелюшамі». Такое пышнае вяселле, безумоўна, патрабавала казачных затрат.

І вось узнікала новая сям’я... Пра тагачасныя ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай сёння вядома мала. Хрысціянская царква забараняла пісаць пра інтымнае жыццё, патрабавала ўстрымлівацца ад яго (асабліва ў посныя і святочныя дні). Жонка прыніжалася мужам, цалкам залежала ад яго, не дапускалася ў мужчынскую кампанію. Ад жанчыны патрабавалася, каб яна была «цвярозай, чыстай і цнатлівай», глядзела «дзяцей і кудзелі». Калі муж дзесьці на сейміку забавіўся з «куртызанкай» ці «дабрадзейкай», то гэта лічылася нармальным, жонцы ж пагражалі за здраду цяжкія кары. У выпадку бігаміі сялянак прыгаворвалі нават да смерці. У дачыненні да шляхцянак абмяжоўваліся розгамі, пакаяннем у царкве. Вядома, з агульнага правіла бывалі выключэнні. У мемуарнай літаратуры сустракаюцца «ірад-бабы», «крэсовыя ваўчыцы», якія не толькі не баяліся мужоў, але камандавалі імі, са зброяй у руках «наязджалі» на маёнткі суседзяў.

Тагачасная сям’я, заснаваная на разліку, відаць, рэдка была шчаслівай. Да таго ж часта адчувалася розніца ва ўзросце. Калі ў вёсцы гэта розніца была яшчэ невялікая, бо хлопцы жаніліся рана, то ў шляхецкім і магнацкім дварах давалі панічам час «вышумецца», а потым саракагадовыя кавалеры шукалі шаснаццацігадовых нарачоных. Бывалі таксама выпадкі, калі жаніліся літаральна дзеці. Саламона Маймона сасваталі ў... адзінаццаць гадоў. Мемуарыст скардзіўся, што цешча яго часта біла, што ўсё маладое жыццё яго «стала шэрагам розных няшчасцяў, бесперапынна не хапала сродкаў для нармальнага развіцця, увесь час бязмэтна губляліся сілы» (Маймон, І, 63).

Нешчаслівым, «недапасаваным» сем’ям заставалася толькі адно — цярпець. Свой пратэст супраць жончынага і цёшчынага «прымусу» Маймон мог выказаць толькі тым, што пераапранаўся прывідам, залазіў пад ложак цешчы і «прамаўляў да яе сумлення». Усе цэрквы аднагалосна адмаўлялі і асуджалі развод. У сялянскім і мяшчанскім асяроддзі развесціся было немагчыма. Шляхце таксама прыходзілася браць дазвол ажно ў Рыме. Але грошы рабілі ўсё. Матушэвіч апісвае некалькі выпадкаў (з Салагубамі, Радзівіламі), калі падкупленыя сведкі ўзводзілі паклёп на жонку, нібы яна была нецнатлівая да шлюбу, а каталіцкая кансісторыя, абапіраючыся на сведак, тут жа давала развод. Розныя кручкатворы, афармляючы шлюбныя акты, спецыяльна рабілі парушэнні, якія потым маглі б даць падставу для скасавання шлюбу. Некаторыя магнаты разводзіліся па два і тры разы.

Тагачаснае грамадства прымушала людзей крывадушнічаць. Баючыся грамадскага і царкоўнага асуджэння, многія шляхецкія сем’і вонкава захоўвалі бачымасць кахання, а на самай справе «жылі ў сепарацыі». Муж шукаў уцехі на фальварку, сярод прыгонных маладзіц, жонка — сярод рэзідэнтаў і слуг. Асабліва нізка палі норавы ў другой палавіне XVIII стагоддзя, калі на хвалі Асветніцтва пашыраліся «эпікурэізм і фемінізм»6. Грамадства тады быццам ахапіў «масавы псіхоз эратызму». Рэнесансны культ аголенага цела, які адмаўляўся контррэфарматарамі, вярнуўся ў лірыку, жывапіс, паўсядзённае жыццё. Дастаткова згадаць гродзенскія балі, апісаныя Я. Ахоцкім. Прыкрываючыся маскай, з іх лёгка было знікнуць у спецыяльныя наёмныя пакоі або карэты. Казімір Панятоўскі (бацька мемуарыста Станіслава і брат караля Станіслава Аўгуста) праславіўся тым, што вазіў у карэце артыстку тэатра Юзэфку ў касцюме Евы.

У часы Асветніцтва стала добрым тонам мець каханка або каханку. Сціпласць высмейвалася. Пазашлюбныя сувязі не скрывалі — наадварот, падкрэслена іх афішыравалі. Булгарына зусім не шакіравала, што стары рускі генерал Ферзен, кватаруючыся ў Нясвіжы, меў трох каханак з мясцовай шляхты, якія прысутнічалі на афіцыйных балях. Беларускі генерал-губернатар Пасек, прыехаўшы ў Магілёў, «прыняўшы першыя віншаванні, агледзеўшы дом і зазірнуўшы на службу, перш-найперш рашыў задаволіць патрабаванне прыроды па сардэчнай частцы. Ён адшукаў сваю каханку Марыю Сяргееўну Салтыкову і малалетняга сынка, які называўся па бацькоўскаму і па свайму імю Пятром, а па ласкавасці — Піпінком і Панушкам, — і некалькі манежных коней з канюшні смаленскіх яго вёсак. Гэта тры струны, якія былі самай прыемнай у жыцці музыкай для яго сэрца, і без іх ён жыць не мог» (Дабрынін, 233). Не адставаў ад Пасека і князь Гарчакоў, чыя рэзідэнцыя знаходзілася ў Рагачове. Дабрынін, які прысутнічаў у яго на абедах, потым згадваў: «За сталом сядзела нас чацвёра: гаспадар з намі і яго каханка Параша, дзеўка чарнабровая, нямецкай галіі, грэчаскага твару, ветранага, а значыць, і не грубага характару. Пасля абеду княжацкі слуга Пікашка зайграў на гуслях, а Параша пачала спяваць і спявала даволі добра» (Дабрынін, 163).

Прыгонная вёска да такой разбэшчанасці не даходзіла — яна працавала.

 

1 Bartoszewicz Kazimierz. Radziwiłłowie, s. 293.

2 Там жа, с. 294—295.

3 Pismo zbiorowe, t. І, s. 189.

4 Bohomolec Jan. Djabeł w swojej postaci. Warszawa, (1775), cz. I, s. 366—369.

5 Krótka annotacyja... zebrana przez Franciszka Pufaskiego. Lublin, 1740.

6 Brückner Aleksnder. Dzieje kultury polskiej. Kraków, 1931. T. III. S. 162.

Баўленне вольнага часу

Перад селянінам праблема вольнага часу (як мы сёння сказалі б) амаль не паўставала. Гэтага часу проста не было. Усе дарослыя члены сялянскай сям’і працавалі ад зары і да зары. У інструкцыях, складзеных А. Тызенгаўзам у 70-я гады XVIII стагоддзя, патрабавалася, каб прыгонны незалежна ад пары года ўставаў у чатыры гадзіны раніцы і працаваў чатырнаццаць гадзін у дзень. На сон адводзілася шэсць-сем гадзін. Такім чынам, вольнымі заставаліся (у лепшым выпадку) нядзелі. Тады сяляне па вечарах збіраліся ў карчме. Танцавалі пад гукі скрыпкі, дуды або цымбал (музыкаў аплачвалі танцоры). Пілі гарэлку і піва. С. Маймон піша, што ў карчме яго бацькі сяляне «сядзелі на голай зямлі (вышэй нельга было сядзець, бо душыў дым), пацягвалі гарэлачку і гаманілі». «У адным з кутоў, — працягвае філосаф, — месціліся члены нашай сям’і, а за печкай сядзеў я разам са сваімі бруднымі, напалову голымі вучнямі і нешта ім перакладаў па старой пашарпанай Бібліі са стараяўрэйскай мовы на руска-яўрэйскі жаргон» (Маймон, І, 121).

Аднак і ў прыгоннага селяніна былі свае светлыя дні. Сумесна, усёй вёскай адзначалі хрэсьбіны і вяселлі. Святкавалі святы — традыцыйныя і хрысціянскія. Нягледзячы на забарону царкоўнікаў, збіраліся на Купалле, калі, як піша Кітовіч, спявалі песні, загадвалі загадкі, скакалі праз агонь, пускалі па вадзе вянкі. На дажынках цешыліся працай сваіх рук. На Каляды і Вялікдзень хадзілі з песнямі і з «казой» ад хаты да хаты, наладжвалі цэлыя прадстаўленні (цікава, што навагодняе свята яшчэ амаль не адзначалася, а ёлку не ўбіралі нават на Каляды). Уся вёска дружна збіралася, калі ў карчму прыходзілі скамарохі, мядзведнікі, сляпыя лірнікі. А ў зімовыя вечары праводзіліся «папрадушкі». Зноў гучалі песні і казкі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Куды больш вольнага часу было ў шляхты і асабліва ў магнатаў. Рэдка хто траціў яго на кніжку, грамадскую дзейнасць або паляпшэнне гаспадаркі. Ва ўсёй тагачаснай мемуарнай літаратуры мы знаходзім бадай што адно-адзінае ўпамінанне аб сур’ёзным захапленні шляхты «гаспадарчымі рэформамі». Брат Ганны Герычовай, Тадэвуш Рэйтан, купіўшы «Слаўковічы з пушчай на Палессі», заводзіў «каровы галандскай пароды, выразаў там чарот, асушаў балоты», вывозіў у Кёнігсберг пшаніцу, а адтуль дастаўляў іншыя тавары, «выбудаваў дом з чатырма комінамі, дахоўкай крыты» (Герычова, 36). Але ў большасці шляхецкіх сем’яў такія «празаічныя» справы перадавяраліся аканомам і афіцыялістам. Вольны ж час, як і грошы, траціліся марна — на гасцяванне, баляванне і паляванне.

У шляхецкай Рэчы Паспалітай існаваў своеасаблівы культ госця. «Госць у дом — Бог у дом»,— гаварыла старая прымаўка. У шляхціца, пісаў Жавускі, «ледзь сэрца не выскоквала з радасці», калі ён пабачыў пыл на дарозе. Гасцей чакалі, сілай заварочвалі ў дом, віталі доўгімі прамовамі, а потым днямі не адпускалі — здымалі і хавалі колы, спойвалі фурмана. Праўда, некаторыя падарожнікі злоўжывалі звычаямі. Гэта пра іх тады склалі прымаўкі: «Госць не ў пару горш татарына», «Госць і рыба на трэці дзень смярдзяць».

Асабліва нахабна паводзілі сябе госці ў час «карнавала» — ад Каляд да Вялікага посту. Перад запустамі (Масленіцай) шляхта наладжвала так званыя кулігі. Іх удзельнікі рабілі вялікія спусташэнні, якія апісаны ў мемуарах Кітовіча. «Ніжэйшай заможнасці шляхта праводзіла кулігі. Яны выглядалі прыкладна так: два або тры суседы дамаўляліся паміж сабой, бралі з сабой жонак, дачок, сыноў, слуг — усіх дарослых, што былі ў доме, пакідалі ў ім толькі малых дзяцей пад наглядам якіх двух чалавек, мужчыны і жанчыны. Самі ж, напакаваўшыся ў санкі, калі ж саннай дарогі не было — у каляскі, карэты, вазочкі, а таксама на ездавых коней, як хто мог, кіраваліся да бліжэйшага суседа, які ані прасіў іх, ані папярэджваўся (бо мог скрыцца ці з’ехаць з хаты). Там, застаўшы яго знячэўку, загадвалі даваць ім есці, піць, коням і людзям, без ніякай цырымоніі — як салдаты ў час збору падаткаў. Да таго часу ў яго дэбашырылі, пакуль не апаражнілі ў яго склеп, камору, свіран. Калі ж ужо выелі і выпілі ўсё, што было, бралі таго небараку з сабой з цэлай яго сям’ёй і цягнуліся да іншага суседа, якому рабілі такое ж спусташэнне, затым ехалі далей, пакуль не даходзіла чарга да тых, хто пачаў куліг. Але ў іх дамах кампанія не доўга весялілася, бо ўжо стамілася дэбошамі ў іншых, больш багатых дамах, да таго ж незаможныя ініцыятары кулігаў, звычайна п’яніцы, не мелі ні запасаў спіртнога, ні залежаў у каморы» (Кітовіч, 536). Кулігі суправаджаліся пераапрананнямі. А калі пачынаўся Вялікі пост, дзяўчатам прычэплівалі драўляныя калоды, «курыныя ногі, шкарлупінне ад яек, індычыя шыі, валовыя кішкі і іншае плюгаўства», пасыпалі попелам галовы. У канцы ж посту аблівалі ўсіх халоднай вадой, кідалі ў рэчку.

На баляванні шляхта збіралася часта. Повад мог быць самы розны: рэлігійнае свята, хрэсьбіны, вяселле або хаўтуры, выбранне на нейкую пасаду, імяніны (радзей — дзень нараджэння) гаспадара і членаў яго сям’і. Імяніннікаў звычайна вязалі, спачатку ў прамым сэнсе, а потым у пераносным — «стрыножвалі сэрца падарункам» (канём, гончым сабакам, шабляй, дываном, пярсцёнкам, табакеркай, гадзіннікам). Мяняліся каштоўнымі падарункамі таксама ў рэлігійныя святы, на развітанне. Прытым мужчыны не саромеліся браць паднашэнні ад жанчын, каханак. Ахоцкі «ад каханкі падкаморыны дастаў на «незабудзь» прыгожы пярсцёнак брыльянтавы і два скруткі па сто дукатаў». «Паэт сэрца» Карпінскі ўзяў ад прыхільніцы свайго таленту пяць тысяч злотых.

Асноўнай часткай кожнага гасцявання з’яўлялася застолле. На яго траціліся грошы, прынесеныя чыншавымі сялянамі, заробленыя на сплаве збожжа і драўніны па Нёману, Дняпру. Кожны шляхціц імкнуўся пераўзысці суседзяў па колькасці і каштоўнасці выпітага і з’едзенага.

Калі чытаеш мемуары Завішы, Матушэвіча, Ахоцкага, Кітовіча, магнацкае і шляхецкае жыццё ўяўляецца як бесперапыннае баляванне. Вось некалькі запісаў, зробленых мінскім ваяводам Завішам. 1700 год: «Паўтара тыдня бесперапынна гуляў я ў Мінску на банкеціках. Аднойчы на вячэры ў нас цэлую ноч правялі ў танцах, пры добрым пітве, досыць шуму было ад тостаў за здароўе Сапегаў і іншых маіх сяброў, ад гукаў труб і стрэлаў драгунаў. У тую ноч, пры добрым гумары, падарыў я. п. Мацкевічу, капітану той драгоніі, якую даў мне для суправаджэння я. п. канюшы В. княства Літоўскага, добрага каня, за якога даў я. п. Рдултоўскаму тысячу злотых» (Завіша, 73). 1709 год: «Вялікдзень прайшоў весела, пры сумленных гасцях; пілі, танцавалі і весела гулялі тры дні, прыдумваючы розныя ўцехі; на чацвёрты ўсёй кампаніяй паехалі ў Дварэц, прыдумваючы новыя забавы. Таму Здзенцел (Дзятлава — аўт.) назвалі Венецыяй, бо там пачатак вясёласці і людзі заўсёды, нібы венецыянцы, мокнуць у віне і мёдзе. Раготну мы празвалі Парыжам — дзеля досціпу і вывучэння розных французскіх танцаў і манераў, асабліва ў застоллі, дзе весела спявалі французскія песенькі пра бутэлькі і кілішкі для піцця. Дварэц назвалі Іспаніяй — дзеля сваіх прычын. Здарылася потым быць у адным інтарэсе за Слонімам, у я. пана Быкоўскага, харунжага слонімскага..., паколькі нам не вельмі добра там паводзілася, бо гаспадар хаця багаты, але скупы, нібы карчмар, назвалі яго маёнтак Амстэрдамам, дзе купец багаты жыве» (Завіша, 148—149). І далей: «Рэзідэнцыя мая ў Смілавічах уся трымалася на хатніх забавах са сваякамі, на паляванні, прагулках, а калі ахвота брала — на танцах са сваёй дружынай і на кілішку» (Завіша, 153).

У XVIII стагоддзі шляхта выпрацавала багаты застольны рытуал. Тосты ішлі ў строга акрэсленай чарговасці, апісанай у Кітовіча. «Спачатку гаспадар, з’еўшы кавалак мяса, наліваў у маленькі кілішак віна і піў ім «здароўе» ўсіх, хто сядзеў за сталом,— пачынаючы ад самых паважаных і канчаючы астатнімі. Называючы кожную значную асобу, прытыкаў да вуснаў і адымаў кілішак. Скончыўшы ж са знакамітымі, астатніх застольнікаў называў аднаго за другім па прозвішчу або агульным: «Васпана здароўе»; калі каго не ведаў, скіроўваў толькі на яго позірк, не прытыкаў да губ кілішка, толькі трымаў яго ў руцэ; назваўшы ж апошняга, лыкнуў крыху або да дна піў, калі яму падабалася, і ставіў кілішак» (Кітовіч, 438—439). Калі гаспадар піў чыё «здароўе», той браў свой кілішак і адказваў тым жа. «Таму калі разам усе адны другіх здароўе пілі, рабіўся шум, да касцельнага падобны, калі людзі ўслед за плябанам разам спавядаюцца, так што адзін другога не чуў і не разумеў. Ані таксама хто зважаў на тое, ці быў названы ў гэтай літаніі, ці не быў, хіба хто гучна гаркнуў яго імя, тады даводзілася кланяцца».

Калі прыносілі гарачую страву, гаспадар браў вялікі келіх, напаўняў яго, стоячы піў «здароўе» самага знакамітага госця і перадаваў яму посуд. Той прымаў «здароўе» і адказваў сваім тостам. Так перабіралі ўсіх гасцей. За кожным тостам гучалі трубы, барабаны і гарматныя выстралы, а ўсё застолле дружна ўставала. «І была ў гэтым уставанні і сяданні такая цяжкасць, што іншыя слабелі, яшчэ не напіўшыся». Хто не хацеў п’янець, выліваў кілішак у талерку (дамам гэта дазвалялася) або пад стол. Але слугі з бутэлькамі стаялі ззаду і нават сядзелі з імі пад сталом. Кілішкі тут жа напаўняліся (сёе-тое перападала і слугам), баляванне працягвалася да глыбокай ночы. На «штэмпель» (каб прыпячатаць дружбу), «адыходнае», «страмянное» і «аглаблёвае» прыносілі дарагое віно. Яно пілося «пад прынукай».

Найбольш «сумленныя» госці заставаліся начаваць за сталом і пад сталом, валіліся з ног у сенцах. «Гаспадар задаволена лічыў, што пачастунак дасягнуў мэты, калі назаўтра даведваўся ад слуг, што ніводзін з гасцей не адышоў цвярозы; як адзін, перакуліўшыся, усю лесвіцу — клубком коцячыся — перамераў; як другога аднеслі на пасцель, нібы нежывога; як той збіў сабе аб сцяну галаву; як тыя, пасварыўшыся, морды сабе панабівалі; як урэшце той ягомасць, пахіснуўшыся, упаў у балота і да таго зуб сабе аб камень выбіў» (Кітовіч, 443). Назаўтра гаспадар збіраў «пакрыўджаных», лячыў іх галовы — усё пачыналася нанава.

Як успамінае Ахоцкі, асабліва пышныя балі праводзіліся ў Гродне ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай. Мясцовыя магнаты спаборнічалі ў грашовых затратах. Але ўсіх пераўзыходзіў рускі пасол, які спыніўся ў палацы Сапегаў. «Тры велізарныя салоны і некалькі крыху меншых пакояў — усе былі заняты гасцьмі. А колькі сталоў для гульні ў карты і колькі на іх золата — гэта толькі ў сне можна сабе ўявіць... Па салонах, па пакоях слугі бесперапынна нешта разносілі. Баль быў вельмі пышны. Унутры кожны найменшы закутак асвятляўся свечкамі, якіх гарэла некалькі тысяч. Знадворку палац і двор ззяў ад каляровых лямпаў. У трох салонах падавалі парадную вячэру» (Ахоцкі, І, 333). На гродзенскіх балях пілі з жаночых туфляў або з вялізных кулявак, а пусты посуд білі аб падлогу або аб сваю ж галаву.

Вядома, балі не зводзіліся да аднаго застолля. Пад гукі прыдворнай музыкі наладжваліся танцы. Найбольшай папулярнасцю цешыўся шматгадзінны паланез. Уваходзілі ў моду заходнееўрапейскія танцы — менуэт, кадрыля, англез, гавот. Крыху падпіўшы, ішлі казачка, успаміналі «старасветчыну» — «ходжанага» і «гоненага». У магнацкіх палацах наладжваліся тэатральныя прадстаўленні, ілюмінацыі і піратэхнічныя феерверкі. Моладзь гуляла ў фанты, «перапёлачку», «сляпую бабку» (жмуркі), строіла фіглі (найбольш дасціпнай лічылася «фінфа», калі п’янаму ў нос засоўвалі скручаную паперу, а затым падпальвалі). Старэйшыя аддавалі перавагу картам. Паводле Булгарына, увайшоўшы ў азарт, ігракі ставілі чырвонцы мераю — цэлымі шклянкамі, прагульвалі ўсе асабістыя рэчы. За картамі часта ўзнікалі бойкі, якія канчаліся «пераломамі і нават смерцю».

Зрэдку балі і гульні наладжваліся на ўлонні прыроды. Радзівілы тлумна выязджалі ў прыгарад Нясвіжа Альбу, дзе кожны з членаў сям’і і гасцей меў над каналам свой ідылічны домік і лодку. Пад уплывам моднага тады сентыменталізму арыстакраты гулялі «ў сялян», вырошчвалі гародніну і кветкі. У Альбе наладжваліся муштры шляхецкіх дзяцей, якія вучыліся тут «на матросаў». Кульмінацыяй вучэнняў быў «штурм Гібралтара». У ім удзельнічала да трыццаці караблёў, узброеных гарматамі і ракетамі. Восенню любілі фехтавацца «пальцатамі» (у Брэсце гэтая гульня часта завяршалася пагромамі мясцовага насельніцтва), зімой — катацца на каньках, якія рабіліся з касцей жывёл. Вясной гайдаліся на гушкалках, спаборнічалі ў хаджэнні на хадулях.

І ўсё ж з найбольшым задавальненнем шляхта бавіла вольны час на паляваннях (рыбалоўства лічылася «нізкім» заняткам). У XVIII стагоддзі на звера ішлі з агнястрэльнай зброяй або з пікай, гротам, сеткай. Лук ужо выходзіў з ужытку, як і «сакалінае паляванне». Замест сокалаў сталі браць з сабой гончых сабак — хортаў, выжлаў. Добрая псярня каштавала дорага, і не раз тады казалі пра якога шляхціца, што яго «сабакі з’елі».

Азартна і з жорсткасцю паляваў мінскі ваявода К. Завіша. 10 сакавіка 1711 года ён запісаў у дзённіку: «Пад Заполлем забіў на аблаве двух ласёў з вялікай уцехай, бо да аднаго я сам стрэліў і падстрэліў, апрача таго, я іх сам абодвух увагнаў у сетку і глядзеў, як іх кіямі і сякерамі сяляне дабівалі, а я жывым капыты абразаў. Паслаў я тую зверыну я. п. фельдмаршалу Шарамету (Шарамецеву — аўт.), які яе ў Мінску з удзячнасцю прыняў і прыслаў мне мноства бялуг, асятроў і сцерлядзі» (Завіша, 152). Іншым разам Завіша ўпаляваў «лісіц дванаццаць, зайцоў каля сарака, барсукоў».

На пачатку XVIII стагоддзя ў беларускіх лясах яшчэ вадзілася многа мядзведзяў. Яны заходзілі пад самы Мінск. Завіша аднойчы хваліўся: «Забіў я потым пад Караваевам сам, сваім стрэлам, дзівосна вялікую махіну, а за Пятровічамі сабакі закусалі вялікую ялавую мядзведзіцу. Таксама пад Клінком сабакі загрызлі. А за Дукорай, паміж Дукорай і Жураўкаўскай Слабадой, забілі мядзведзя. Тое ж — за мястэчкам у Жывіне. Апрача іх сын мой Ігнат забіў двух, калі выпаў першы снег. Разам жа ў гэту зіму забілі 11. Больш іх было б, калі б рускія салдаты, шукаючы для перавозкі грузаў пахаваных па лесе валоў, шумам сваім іх не павыганялі» (Завіша, 160).

Асаблівай відовішчнасцю і пампезнасцю вызначаліся паляванні Радзівілаў. З Пане Каханку ў лясы звычайна адпраўляліся «дзве тысячы пяхоты з княжацкай міліцыі, дзвесце стральцоў, два эскадроны уланаў, ад шасцісот да васьмісот коннай шляхты, звыш таго, вазы з сеткамі, для чаго былі асобныя мулы ў вельмі прыгожай, са званочкамі вупражы; з палаткамі ішлі больш дзесяці вярблюдаў. А яшчэ псярня, гончых сабак каля двухсот, апрача хортаў, да гэтага псары і служба. Урэшце, світа і сябры самога князя» (Крашэўскі, І, 191). У лесе разбіваўся вялікі лагер, будаваліся прасторныя дамы, якія ўпрыгожваліся ўнутры дыванамі і звярынымі шкурамі.

Паляванні Гераніма Радзівіла нагадвалі прымітыўную бойню дзікай і свойскай жывёлы. Да таго ж слуцкі ардынат любіў несамавітыя эфекты. Паляванні ў яго былі падобны на тэатральныя відовішчы і дапаўняліся імі. 1755 годам датуецца такі запіс М. Матушэвіча: «Прыехалі мы ў Слуцк, дзе князь харунжы брата свайго князя гетмана (Міхала — аўт.) вельмі ўрачыста і ахвотна гасціў. Назаўтра, жадаючы выслужыцца перад князем харунжым, напісаў яму вершы з імянінным віншаваннем, якія ён ласкава прыняў. Пасля абеду паехалі мы на паляванне за палавіну мілі ад Слуцка. Было яно асаблівае. Спецыяльна шпалерамі (алеямі-сценамі з густа пасаджаных дрэў — аўт.) вызначылі вуліцы, а пасярэдзіне быў шпалер вышынёй у некалькі капцоў, з «вокнамі»; каля таго шпалеру выкапалі роў і напоўнілі яго вадой. Ззаду гэтага шпалеру наганялі дзікіх свіней, якія праз тыя «вокны» ў шпалеры выскоквалі і падалі ў роў, а адтуль выбіраліся на прасторную плошчу, бар’ерамі акружаную. На тых жа дзікіх свіннях былі малыя балваны карчмароў у розным адзенні — нібы на конях яны сядзелі. Тады да гэтых свіней паны на ляту стралялі. Былі таксама дзікія качкі са шкла, маляваныя — яны плавалі па каналах, спецыяльна пракапаных; да іх паны таксама стралялі, а тыя падстрэленыя качкі паволі тапіліся. Было і многа іншых дзівосаў для забавы і ўцехі, але ўсё цяжка апісаць. Вярнуліся мы пасля гэтага палявання ў Слуцк на вельмі прыгожую італьянскую камедыю або на аперэту, спяваную і досыць доўгую. Потым пасля вячэры былі танцы, таксама выдатныя» (Матушэвіч, ІІ, 145—146).

Геранім Радзівіл загадваў адлоўліваць дзікіх звяроў і вывозіць іх на каралеўскія паляванні. У 1759 годзе з-пад Слуцка і Белай даставілі ў клетках пад Варшаву больш дзесяці велізарных мядзведзяў, некалькі дзесяткаў дзікіх кабаноў, «мноства вялікіх ваўкоў і незлічоную колькасць лісіц і сарнаў». Само паляванне тады перастала быць спаборніцтвам у сіле, мужнасці, спрытнасці. Галодныя сабакі і ваўкі лёгка даганялі замораных ласёў, а кароль і вяльможы дабівалі іх з бяспечнага ўкрыцця (Матушэвіч, ІІІ, 43).

У выніку варварскага знішчэння к канцу XVIII стагоддзя колькасць звяроў у беларускіх лясах прыкметна зменшылася. Зусім зніклі туры. Рэдка сустракаліся зубры і мядзведзі. Найбольш пашыраным стала паляванне на ваўкоў. Нямцэвічу помнілася, як пасля Каляд у доме яго бацькоў збіралася моладзь, а затым гуртам ехала ў пушчу. «Капалі ямы, злёгку прыкрывалі іх саломай, у сярэдзіне да жэрдкі прывязвалі гуску або качку. Калі снег прыцярушваў салому, а гуска пачынала крычаць, часта воўк, стараючыся да яе адным скокам дапасці, у яму правальваўся. Няма нічога больш пакорлівага, чым воўк у глыбокай яме, аднак верыць яму нельга — трэба зацкаваць сабакамі або забіць». «Больш небяспечнае, — працягвае Нямцэвіч, — было паляванне на ваўкоў з парасём. Маладыя хлопцы сядалі на санкі, бралі з сабой некалькі штуцараў і парася, круцілі парася за хвост, на яго прывабны «квік» збіраліся адусюль ваўкі. Тады моладзь страляла ў іх. але калі іх многа збіралася, то смелыя захопнікі сцягвалі часам стральцоў і пажыралі іх» (Нямцэвіч, І, 20).

Паляванне было не толькі забавай. Забітая зверына істотна папаўняла кухонныя запасы. З лісіных і бабровых скурак рабілі шапкі і каўняры. Ласіныя рогі і капыты, бабровы скром ішлі на «магічныя» лякарствы. Маладых мядзведзяў адлоўлівалі для дрэсіроўкі ў «акадэміях», якія існавалі ў Смарюні і Семежаве пад Слуцкам.

 

Смерць, пахаванне

У баляваннях і паляваннях бязмэтна і хутка праходзіла жыццё шляхты. Розныя злоўжыванні значна скарачалі век. Знамянальна, што прыгонныя, нягледзячы на цяжкія ўмовы, жылі ў цэлым даўжэй, чым шляхта. У мемуарах часта сустракаюцца ўпамінанні пра стогадовых сялян і сялянак. І толькі як выключэнне, «унікумы» згадваюцца дзве жанчыны-шляхцянкі, якія дасягнулі старэчага ўзросту, — Апюхоўская ў Булгарына і мінская манашка-базыльянка Твардоўская ў Багінскага.

Да смерці рыхтаваліся загадзя. Будавалі фамільныя скляпы. Завяшчалі грошы касцёлам і цэрквам. Заказвалі труны — драўляныя або металічныя, з дарагімі ўпрыгожаннямі. Труна гэта, напоўченая збожжам, стаяла дома на гарышчы або ў бліжэйшым кляштары. Дзед кашталяніца, чые ўспаміны выдаў К. Крашэўскі, «труну простую, дубовую меў у айцоў рэфарматаў: грошы на пахавальныя расходы ў яго ляжалі пад матрацам у ложку — запячатаныя і з надпісам: «На маё пахаванне». З такой развагай продкі нашы думалі калісьці аб смерці»1.

У магнатаў і шляхты пахаванне адбывалася пышна, працягвалася некалькі дзён. На цырымонію збіраліся сваякі, духавенства розных веравызнанняў. Характэрна, што, калі памерла маці мемуарыста С. Шантыра, хапалі яе «па рускаму абраду», аднак у прысутнасці езуітаў з Полацка і дамініканцаў з Забелаў, а з казаннем выступіў вядомы пісьменнік-езуіт Ю. Катэнбрынк. На пахаванне Міхала Радзівіла Рыбанькі з’ехалася «такое незлічонае мноства духавенства, манахаў, свецкіх ксяндзоў і рускіх уніяцкіх празбітараў, што ў Нясвіжы, такім вялікім горадзе, яны не маглі змясціцца. Тады загадаў князь ваявода віленскі свае шатры, якіх і мноства было і вялікіх, паразбіваць за горадам — яны напоўніліся духавенствам. Святыя імшы не маглі адпраўляцца ў адным езуіцкім касцёле, дзе было само пахаванне. Таму па ўсіх нясвіжскіх касцёлах яны адпраўляліся ад поўначы і да позняга абеду. Збыткоўныя сталы, каштоўныя і пышныя, стаялі ў замку, у кляштарных сталовых і ў шатрах; падавалі дастаткова віна, якога хто хацеў — венгерскага, шампанскага, бургундскага» (Матушэвіч, IV, Зб).

Вельмі часта пахаванне дзялілася на дзве часткі: вынас цела і складанне яго ў фамільны склеп ці падзямелле касцёла. Дзед Юльяна Нямцэвіча памёр восенню 1767 года. На трэці дзень яго цела, апранутае ў чорны атласны жупан і чорны суконны кунтуш, адвезлі ў Брэст, у езуіцкі касцёл. Само ж урачыстае пахаванне адклалі да вясны 1768 года. У жалобных прамовах духавенства і сваякі адзначалі сапраўдныя і ўяўныя заслугі нябожчыка, пералічалі ўсіх прашчураў роду. Калі паміраў саноўнік, каля катафалка ламалі аб падлогу коп’і, булавы і іншыя атрыбуты ўлады; калі ж нябожчык быў апошнім у родзе — крышылі ля труны герб. З царквы або касцёла ўсе адпраўляліся на памінкі. У Нямцэвічаў яны «пачаліся ў абед і скончыліся позна ноччу. Келіхамі пілі за памяць мёртвага, пілі і плакалі, плакалі і пілі, віно расчульвала сэрцы і зноў іх суцяшала» (Нямцэвіч, І, 16). У іншых выпадках на памінках менш плакалі і больш пілі. Тады пачыналіся скандалы, бойкі. Услед за нябожчыкам, як тады гаварылі, «адпраўлялі на той свет другога, каб расказаў першаму, што за людзі на памінках прысутнічалі».

У сялянскіх сем’ях пахаванні праходзілі куды больш сціпла. Нябожчыка клалі на лаве, пыталі ў яго, навошта ж ён памёр. Цела хавалі не ў склепе, не каля царквы, а на спрадвечных «кладах», у лесе або ў полі. На сціплых памінках абавязкова кідалі пад стол па лыжцы кожнай стравы. Шкадуючы нябожчыка, аплаквалі і сваё гаротнае жыццё.

У XVIII стагоддзі, асабліва ў сялянскіх сем’ях, жыццё ішло нібы па замкнутым крузе. Год быў падобны на год, а пакаленне на пакаленне. Змены ў матэрыяльнай і духоўнай культуры наступалі вельмі павольна. Здавалася, прынамсі вонкава, што час застыў, грамадскае развіццё спынілася на месцы.

 

1 Kraszewski Kajetan. Ze wspomnień kasztelanica, s. 106.

Культура матэрыяльная

І ўсё ж, нягледзячы на маруднасць, жыццё ішло наперад. Ліквідаваліся разбурэнні, нанесеныя працяглымі і спусташальнымі войнамі. У нетрах феадальнага ладу выспявалі новыя, капіталістычныя адносіны: адчыняліся мануфактуры з наёмнай рабочай сілай, пашыраўся ўнутраны і знешні гандаль. Узмацняліся сувязі з Расіяй, з Заходняй Еўропай, адкуль прыходзілі не толькі новыя ідэі, але і новыя моды. Усё гэта істотна паўп іывала на матэрыяльную культуру, на штодзённы побыт жыхароў Беларусі.

У XVIII стагоддзі часткова парушыўся патрыярхальны ўклад быцця, асабліва мяшчан і шляхты. На змену традыцыйнаму, «сармацкаму» жыллю, «дзедаўскай» мэблі, адзенню, посуду прыходзілі новыя ўзоры, запазычаныя ў саксонцаў і французаў. У першай палавіне XVIII стагоддзя, калі ў Рэчы Паспалітай панавалі саксонцы Аўгуст ІІ і Аўгуст ІІІ, рэзка ўзрасло «імкненне да раскошы» (Залескі. 79). Чалавечыя запатрабаванні, асабліва сярод магнатаў, сталі, па словах таго ж мемуарыста, «проста ненажэрнымі».

Спачатку шляхта задавальняла сваю «прагу збыткоўнасці», купляючы замежныя тавары. Але цэны на іх раслі разам з попытам. І тады дарагія тканіны, каштоўны посуд сталі вырабляць на ўласных мануфактурах. Прыклад тут падалі Радзівілы У 30—40-х гадах яны наладзілі вытворчасць шклянога посуду і люстэрак у Налібаках і Урэччы. Крыху пазней пачаўся выраб фарфоравага посуду ў Свержані, габеленаў — у Карэлічах, «літых» залатых і сярэбраных поясаў — у Слуцку. Прыгонныя і наёмныя майстры стваралі ў гэтых мануфактурах сапраўдныя шэдэўры, якія карысталіся попытам нават пры каралеўскіх дварах. У другой палавіне стагоддзя ва ўсёй Еўропе стала вядома прадукцыя шматлікіх майстэрняў, заснаваных А. Тызенгаўзам у Гродне.

Матэрыяльная культура Беларусі знаходзілася пад уплывам агульнаеўрапейскай «моды». У першай палавіне стагоддзя гэта было вытанчанае, вычварнае і дысгарманічнае барока. Якраз яно задавальняла густы магнатаў, адпавядала іх імкненню да раскошы, іх жаданню ўсюды падкрэсліць сваё багацце. З цягам часу барока вырадзілася ў прэтэнцыёзнае ракако. Аднак прыкладна з 60—70-х гадоў, у эпоху Асветніцтва, на змену і барока і ракако прыйшлі класіцысцкія тэндэнцыі. Модным стала ўсё, што адпавядала антычным традыцыям, было простым і гарманічным. Класіцызм найбольш праявіўся ў жыллі, у мэбліроўцы жылых і грамадскіх памяшканняў.

 

Сядзіба, жылы дом

Як вядома, тагачасная шляхта, у асяроддзі якой узнікла большасць твораў мемуарнай літаратуры, праводзіла час пераважна ў вёсцы. Горад, куды яна зрэдку выязджала на сеймікі, быў для яе чужым, незразумелым. Апісанні гарадскога жылля ў шляхецкіх дыярыушах сустракаюцца вельмі рэдка. Таму, ідучы за мемуарыстыкай, даводзіцца тут абмяжоўвацца толькі самымі агульнымі сцвярджэннямі. Жылыя дамы ў беларускіх гарадах будаваліся, асабліва ў першай палавіне стагоддзя, з дрэва. Будынкі ў два і тым больш у тры паверхі сустракаліся вельмі рэдка. Палацы магнатаў і багатых купцоў перамяжоўваліся з хацінамі беднаты. Крытае саломай жыллё рамеснікаў і чэлядзі амаль нічым не адрознівалася ад сялянскіх хат. Многія гараджане займаліся земляробствам, трымалі жывёлу, і таму побач з іх дамамі віднеліся хлявы і гумны. Рэгулярная забудова гарадоў пачалася ў Беларусі фактычна толькі ў другой палавіне стагоддзя. Тады ж па загаду А. Тызенгаўза ў Гродне і Паставах былі ўзведзены для рамеснага люду першыя тыпавыя камянічкі, спраектаваныя архітэктарамі-прафесіяналамі.

Ва ўсёй мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя мне натрапілася толькі адно «цэльнае» апісанне гарадскога жылля. Належыць яно пяру Станіслава Панятоўскага. Дзеля «рэпрэзентацыйнасці» Панятоўскія трымалі тады ў Гродне рэзідэнцыю, якая займала тэрыторыю, «не меншую, чым горад Вена». «Каб даць уяўленне пра форму і памеры маёй сядзібы,— выхваляўся пляменнік апошняга польскага караля, — варта дадаць, што на адным узроўні і ў адным блоку месціла яна тэатр і дзве вялікія рэдутныя залы, з якіх можна было перайсці ў бібліятэку, адкуль пачыналася жылая частка. Кнігі былі размешчаны ў зачыненых шафах, таму бібліятэка нагадвала прыгожы салон. За більярдам стаялі дзесяць сталоў для гульні ў фараона і латарэі, заснаванай на фантах, — яе дазволілі весці адной жанчыне. Побач месціліся пакоі для гасцей, вялікая бальная зала. З гэтых памяшканняў можна было перайсці ў іншыя, розных памераў, дзе адначасова маглі сесці за стол семсот асоб. Усё прадумалі так, што на шляху з тэатра ў салоны не было ніводнай прыступкі. Танцавалі тут, балявалі, зноў танцавалі і гэтак далей. Каля першай гадзіны ночы адчыняліся дзверы, усе пераходзілі ў рэдутныя залы, а астатні дом амаль пусцеў. З апісанага плана відаць, што тры будынкі, якія месцілі тэатр, рэдутныя залы і бібліятэку, былі злучаны і ўтваралі тры часткі. Чацвёртай быў зімовы сад, падзелены на тры кліматычныя прасторы, — там заўсёды цвілі кветкі. Пасярэдзіне, у прыўзнятай частцы, знаходзіліся расліны, якія найбольш патрабавалі цяпла. Асобная дзялянка была прызначана для ранняй садавіны. Будынак гэты злучаўся з іншым, вялікіх памераў, дзе размясцілі аддзел геаметрыі (відаць, каморніцтва — аўт.) і розныя гаспадарчыя аддзелы. Цяжка сабе ўявіць памеры тых будынкаў. У 1830 годзе, калі пішуцца гэтыя радкі, напэўна яны ўжо часткова або і поўнасцю ў руінах»1. Такія ж двары ў Гродне, працягвае мемуарыст, «утрымлівалі іншыя літоўскія магнаты».

Не багата ў шляхецкай мемуарыстыцы і апісанняў сялянскага жылля. Яно з’яўлялася найбольш «кансерватыўным», найменш паддавалася розным «модам». Наколькі можна меркаваць па мемуарных крыніцах, у XVIII стагоддзі сялянская сядзіба звычайна складалася з хаты, хлява (аборы) і гумна (стадолы). У больш заможных гаспадароў да іх дабаўляліся свіран на збожжа, павець для сельскагаспадарчага інвентару і дроў. Як правіла, пабудовы выцягваліся ў адзін рад, радзей утваралі нешта накшталт квадрата з панадворкам у цэнтры. Драўляныя хаты, крытыя саломай, дзеля «эканоміі» месца стаялі бокам да вуліцы. Ад вуліцы ж былі маленькія акенцы. Бяднейшыя сяляне іх не шклілі, у холад жа затыкалі анучамі, саломай або засоўвалі знутры драўлянай засаўкай. З сярэдзіны XVIII стагоддзя ў вокнах сялянскіх хат усё часцей з’яўляецца шкло — тоўстае і цьмянае. Коміна звычайна не было — дым выходзіў на двор праз адтуліну ў столі.

Хаты больш заможных сялян складаліся з трох памяшканняў — жылой «ізбы», сенцаў і каморы. У бяднейшых не было каморы або нават і сенцаў. Не было і ганка — у лепшым выпадку пад ногі каля дзвярэй клаўся пляскаты камень. Дзверы замыкаліся драўлянай засаўкай або завалай. Сцены ў хаце два разы ў год (да Каляд і Вялікадня) бялілі вапнай, але ад густога дыму яны хутка зноў чарнелі. Падлогай служыла выбітая зямля або глінянае «такавішча». Галоўнае месца ў хаце займала печ (калі яна была). Уздоўж сцен ішлі драўляныя лавы. На покуці, упрыгожаным абразамі, стаяў (далёка не заўсёды) стол. Ложкаў сяляне амаль не ведалі — спалі на саломе, разасланай на падлозе, на печы (запечку, палку), летам — на сене ў гумне. Шафаў таксама не было — найбольш каштоўныя рэчы (адзенне, упрыгожанні) складваліся ў драўляныя скрыні. Іх часта аздаблялі адмысловай разьбой, народным арнаментам. Асвятлялі сялянскія хаты лучынай, заткнутай у сцяну або ў жалезны лучнік.

Ад сялянскага жылля, сцвярджае Кітовіч, мала чым адрозніваліся сядзібы дробнай шляхты. «У тым толькі заключалася розніца, што перад шляхецкім домам абавязкова павінны былі быць высокія вароты, хаця ўвесь двор абгароджваўся толькі плотам з галля. І яшчэ: у доме шляхціца былі дзве жылыя ізбы па баках, а сені пасярэдзіне; у сялянскіх жа хацінах услед за сенцамі ішла адна ізба, а камора размяшчалася ззаду за сенцамі» (Кітовіч, 509—510).

Прыкладна такую ж хату «шарачковага» шляхціца апісвае і К. Крашэўскі. Даманскі, герой яго дакументальнай аповесці «Перуны князя ваяводы», едзе ў свой фальварак Шулякі каля Слуцка і бачыць там наступнае: «Сені з выхадам на другі бок раздзялялі дом на дзве роўныя часткі; з абодвух бакоў знаходзіліся два пакоі з перагародкамі для спання. Паміж імі была толькі тая розніца, што з правага боку ўмяшчалася яшчэ і кухонная печ...» (Крашэўскі, І, 126). У жылым зрубе часта з’яўлялася другое памяшканне — спальня (алькеж, алькова), а «пякарня» і «варыўня» выносіліся ў асобны будынак. Вокны шкліліся цьмяным шклом, апраўленым у волава або ў драўляную раму. Дым з кафляных печак выходзіў праз комін, які высока тырчэў над саламяным або гонтавым дахам.

Дробнашляхецкую сядзібу розніла ад сялянскай і большая колькасць нежылых будынкаў. Інвентар Драгічынскага графства, складзены ў 1778 годзе, сведчыць, што звычайна каля галоўнага ўвахода ў дом шляхціца (арандатара) «размяшчаліся стайні з вазоўнямі, лямусы, піўніцы, афіцыны. Цэнтр падвор’я займаў дом старасты з кухнямі, пякарнямі, свірнамі. Тут жа ўзвышаўся высокі слуп — «компас», да якога прывязвалі коней. Асобную групу складалі пабудовы гумнішча. З імі па суседству размяшчаліся хлявы і аборы. Непадалёку знаходзіўся бровар са студняй. За домам пачынаўся сад, які вёў да сажалак, дзе разводзілі рыбу. За межамі фальваркаў размяшчалі млыны і корчмы»2.

Яшчэ з большым размахам будаваліся рэзідэнцыі сярэдняй і буйной шляхты. Іх сядзібы — гэта цэлы комплекс будынкаў самых розных па сваім прызначэнні. Уязджалі ў двор праз мураваную браму, часам упрыгожаную ўверсе гербам уладальніка (Ружаны). Пасярэдзіне параднага дзядзінца расла ліпа або іншае старое дрэва, разбіваўся кветнік. Дарожкі, што паўкругамі вялі да палаца і ад палаца, пасыпаліся жвірам. Абавязковай часткай рэзідэнцыі быў парк, разбіты па італьянскаму (у пачатку стагоддзя), французскаму або англійскаму (у канцы стагоддзя) узору. Паркі ўпрыгожваліся альтанкамі і статуямі ў антычным стылі, штучнымі гротамі, каналамі, вадаспадамі. У засені старых дрэў віднелася каплічка. Асабліва славіўся парк у Альбе каля Нясвіжа, у якім па загаду Кароля Радзівіла пабудавалі некалькі дзесяткаў псеўдасялянскіх хатак, пракапалі «суднаходныя каналы».

Уяўленне аб тым, як у XVIII стагоддзі выглядала рэзідэнцыя багатага шляхціца, даюць нам успаміны С. Шантыра. Ён згадвае, што каля вялізнага драўлянага дома ў Горсплі стаялі прасторныя флігелі — «кухонны» (апрача кухні і кладоўкі знаходзіліся там пакоі для прыслугі — сваёй і гасцей) і «стаенны» — для коней, павозак, а таксама для даглядчыкаў коней і стоража. Побач узвышаўся «скарбец» з «падвойнымі сценамі». Раней у ім была «турма для прыгонных», пазней жа сталі складваць зброю. Крыху зводдаль знаходзіўся фальварак для аканома, хлеў, «квадратам пабудаваны», два гумны, адрына на салому і сена, свіран, птушнік. Патрэбы двара і карчмы ў гарэлцы задавальняў уласны бровар. Вада да яго паступала самацёкам з канала, які злучаў два азёры. На тым жа канале працаваў вадзяны млын. Увесь ансамбль дапаўняўся капліцай, упрыгожанай старымі абразамі.

Значную частку шляхецкай рэзідэнцыі займаў сад. У Горсплі ён пачынаўся адразу ж за домам. Тут раслі, акружаныя прысадамі з ліп, яблыні, грушы, вішні і слівы. Усе дрэвы «падстрыгаліся прама і высока». Вялікі і добры сад быў таксама ў Грушаўцы Навагрудскага павета. Цэнтральнае месца ў ім займала «аранжарэя для фінікаў» (Герычова, І).

Галоўнай дамінантай кожнай шляхецкай і магнацкай сядзібы з’яўляўся жылы дом. «Калі гмах быў вялікі, называўся палацам — усё роўна мураваны ці драўляны, абы толькі меў каля сябе флігелі. Калі ж не меў і да таго быў невялікага памеру, называўся дваром або дварком — у залежнасці ад сваёй велічыні. Калі ж быў мураваны і да таго пастаўлены на якім узвышэнні і вадой акружаны або равамі і валамі абведзены, набываў імя замка» (Кітовіч, 509). У XVIII стагоддзі такія «замкі», зразумела, ужо не мелі абароннага значэння. У старых жа, сапраўдных замках (Нясвіж, Мір, Любча) бакавыя вежы, высокія валы і глыбокія каналы, што акалялі рэзідэнцыю, сталі выконваць чыста дэкаратыўныя функцыі.

З сярэдзіны XVIII стагоддзя, у сувязі з пашырэннем класіцызму, шляхта і магнаты пачалі разбураць старыя палацы і будаваць новыя. У цэнтры фасада рабіўся портык або высокі ганак з калонамі-слупамі на антычны лад. Захоўвалася сіметрыя ў размяшчэнні вокнаў, флігеляў. Драўляныя будынкі «тынкаваліся пад цагляныя». Калоны таксама падрабляліся «пад мур»... Манія «перабудовы» захапіла ўсіх. «Калі паніч пасля смерці бацькі рабіўся ўладальнікам маёнтка — найперш ён імкнуўся перарабіць па новым фасоне або зусім разбурыць палац, замак ці двор, што застаўся ад прадзедаў, а паставіць новы — хаця менш трывалы, але прыгажэйшы па форме. З таго часу ва ўсёй краіне густа ўзраслі фабрыкі мураваных палацаў, якія па сваёй форме і аздобах спаборнічалі з замежнымі» (Кітовіч, 510).

У XVIII стагоддзі стала модным побач з новым палацам мець руіны старога. Зрэшты, новы, пабудаваны нядбалай рукой нанятага рамесніка (а часта, калі не ставала грошай, і недабудаваны), таксама хутка развальваўся, ператвараўся ў руіны. У новых палацах было няўтульна (Герычова скардзілася, што ў Грушаўцы дзверы замыкаліся дрэнна, таму вецер навяваў снегу ў сені, выстуджваў вялікія пакоі). Утрыманне пышных апартаментаў каштавала дорага. Таму практычна жылі ў старой будоўлі. Палац жа служыў для рэпрэзентацыі, для гасцей.

А цяпер, выкарыстоўваючы ўспаміны С. Шантыра, больш уважліва прыгледзімся да канкрэтнага шляхецкага жытла. Дом у Горсплі, сцвярджае мемуарыст, быў драўляны, але атынкаваны і пабелены. Дах, па тагачасным звычаі, памалявалі ў чырвоны колер. У высокіх вокнах ззяла «чыстае шкло».

Пасярэдзіне дома ў Горсплі красаваўся прасторны ганак «з балясінамі». Па абодва бакі яго «на тынку былі намаляваны рыцары». Летнім часам ганак станавіўся самым ажыўленым месцам шляхецкага дома. Тут аддавалі загады па гаспадарцы, выслухоўвалі сялян. Сюды, у прахалоду, выносілі стол, каб пачаставаць госця. Тут, як відаць з успамінаў С. Панятоўскага, нават танцавалі.

 

1 Poniatowski Stanisław. Pamiętniki synowca Stanisława Augusta. Warszawa, 1979, s. 69—70.

2 Якімовіч Ю. А. З гісторыі беларускага дойлідства XVIII ст. Весці АН БССР, серыя грамадскіх навук, 1980, № 5, c. 103.

Унутраны выгляд пакояў, мэбля

Аднак вернемся да дома ў Горсплі. З ганка масіўныя дзверы вялі ў прасторныя сені. «Там у абодвух кутах віднеліся вялікія шафы прыгожай работы — для адзення гасцей і ліўрэі гайдукоў, якіх там заўсёды некалькі круцілася, гатовых з’явіцца па першым панскім выкліку. У двух іншых кутах былі вымураваны нішы, карнізамі і дзвярыма аздобленыя, а за імі знаходзіліся сядзенні для сторажаў, што палілі ў печках і такім чынам адтуль абагравалі ўсе пакоі. У тыя часы яшчэ не ведалі «фізічных» печак, якія цяпер шведскімі называюцца. Былі гэта нібы вялізныя шафы, выкладзеныя кафлямі, з адным скляпеннем і комінам, сцены ў іх былі тоўстыя, цагляныя — такія печкі трэба было ўвесь час напальваць. Таму да гэтых мураваных перадпеччаў насілі бесперапынна альховыя, бярозавыя або сасновыя калоды і, не пасекшы іх, клалі прама на тлеючае вуголле — агонь падтрымліваўся ўвесь час. Вось чаму гарачыя сценкі такіх печак, трубамі званых, смярдзелі гарэлым і чад пашыралі, што вельмі шкодзіла здароўю» (Шантыр, 18 адв. — 19). Грубы абслугоўвалі прыгонныя сяляне, якія па чарзе прыходзілі з вёскі. У іх абавязкі ўваходзіла таксама вязанне сетак, званых «невадамі або падвалокамі».

Зімой у сенях, каля грубак канцэнтравалася «сяброўскае жыццё». Тут грэліся, прыйшоўшы з марозу. Тут танцавалі, калі збіраліся госці. У сенях дазвалялася дзецям павесяліцца, пабегаць, пашумець.

З абодвух бакоў сеняў, працягвае Шантыр, ішлі жылыя памяшканні. Справа быў прасторны пакой, каля дзвярэй якога стаяў двухпавярховы буфет або шафа на посуд. Пры буфеце тым заўсёды чакала пачастунку некалькі «рэзідэнтаў» з бліжэйшых ваколіц. Далей знаходзіліся «два гасціныя пакоі, трэцяя спальня і два пакоі для дзяўчат са службы і гардэробы». У цэнтры дома была «вялікая зала з пяццю вокнамі і галерэяй, што вяла ў сад». Злева ж размяшчаліся два дзіцячыя пакоі, а з залы можна было трапіць у «гасціныя і кабінеты».

Прыкладна такая ж планіроўка пакояў была ў іншых шляхецкіх рэзідэнцыях, напрыклад, у Кленіках на Брэстчыне, дзе прадзед Ю. Нямцэвіча «ўзвёў вялікі дом з лістоўніцы». Звычайна прасторныя сені дзялілі ўвесь будынак на дзве часткі: святочна-рэпрэзентацыйную («белую») і жылую («чорную», «гаспадарскую»). У сярэдзіне XVIII стагоддзя стала модным дзяліць яшчэ пакоі на «мужчынскія» і «жаночыя». «Жаночыя» (асабліва для маладых дзяўчат) размяшчаліся дзесьці на ўзбоччы, куды не заглядвала чужое вока. Гаспадар дома імкнуўся, каб побач з яго спальняй, «пад рукою», былі «кабінет» або «канцылярыя».

У мемуарах XVIII стагоддзя падрабязна апісваецца ўнутраны выгляд шляхецкага дома — яго сцены, падлога, стол, мэбліроўка, асвятленне.

Для пачатку — некалькі канкрэтных апісанняў і цытат, якія датычацца розных мясцін тагачаснай Беларусі. ...Поўнач. Полаччына. Дом у Горсплі. Паводле Шантыра, сцены яго ўнутры былі абабіты палатном, памаляваны алейнымі фарбамі: «першыя тры пакоі — у стылі арабеска, наступныя — віньетамі на казачныя сюжэты». Падлогі былі «элегантна выраблены і адпаліраваны. Тады ў Беларусі толькі ў некалькіх дамах рабілі васкаванне падлог» — у Горсплі, Дзярновічах, Каханавічах, Курылавічах, Лужках. Двор у Горсплі вызначаўся таксама сваімі мэблямі: усюды стаялі крэслы — разныя, маляваныя, пратраўленыя або «абабітыя пунсовым адамашкам». Сцены ўпрыгожвалі тры меншыя люстэркі «для адбіцця святла свечак» і тры гадзіннікі — з курантавым боем, зязюлямі (Шантыр, 23).

...Цэнтральная Беларусь. Навагрудчына. Двор у Грошаўцы. Герычова згадвае, што ў дзяцінстве яе ўразілі розныя каштоўныя і прыгожыя рэчы. Былі тут вялікія люстэркі, у золата апраўленыя, тонкай работы, вельмі прыгожыя — сёння яны таксама здаваліся б такімі. Купілі іх, калі распрадавалася дабро святой памяці князя Кароля Радзівіла. На каміне стаялі розныя фарфоравыя вырабы — ужо ў новым стылі. І яшчэ стаялі дзве фігуркі пад шклом — кавалер і паненка, а ўся іх апратка стракацела ракавінкамі, як гэта сёння часам можна пабачыць у крамах старасвеччыны. У другім пакоі былі карціны, маляваныя алейнымі фарбамі на міфалагічныя тэмы: Ікар, які падае ў мора, і т. п.» (Герычова, 2). Адна з карцін, падзеленая на «квадраты», мела такі сюжэт: бацька і сын спачатку вядуць асла, потым абодва едуць на ім, затым едзе адзін бацька, а сын вядзе асла, урэшце яны мяняюцца месцамі — аднак людзі іх усё роўна асуджаюць за дурноту. Такая алегорыя павінна была наводзіць гледача на думку, што «ўсім не дагодзіш».

...Поўдзень. Брэстчына. Кленікі. Прасторны дом, пабудаваны прадзедам Ю. Нямцэвіча з лістоўнічнага дрэва. Па правай руцэ ў ім была «сталовая і два пакоі для гасцей, па левай — вялікі пакой, абабіты друкаваным у кветкі палатном, з высокімі крэсламі, абабітымі скурай — на ёй, на глыбокім пазалочаным сядзенні, віднеліся выціснутыя папугаі, якія дзяўблі вінаград. Віселі два партрэты караля Яна (мусіць, Сабескага — аўт.) і жонкі яго, трэці партрэт — прашчура майго, Казіміра Нямцэвіча, вілкамірскага стольніка, дзеда майго дзеда; ён быў паказаны на каленях, са складзенымі рукамі, у пунсовым плашчы — маліўся перад распяццем, што стаяла на століку. З гэтага пакоя можна было перайсці ў іншы, таксама прасторны. Памятаю, што стаяў там гадзіннік з боем: на яго падстаўцы была намалявана немка, якая іграла на шпінеце (маленькім клавікордзе — аўт.), а за ёй малады немец, што ўторыў ёй на флетраверсе. Адсюль дзверы вялі ў спальню майго дзеда. Ложак вельмі вузкі, пунсовая коўдра з атласу, над ложкам — шабля, панцыр і шлем, у якіх мой дзед звычайна вырушваў з хаты, бо належаў да сапраўднай панцырнай харугвы. Над галавой — абраз Маці Божай Чанстахоўскай. На паліцы (як я пазней даведаўся) ляжалі наступныя кнігі: «Жыцці святых», «Казанні» Скаргі, Тацыт, Гарацый, «Новыя Афіны» (Хмялеўскага — аўт.), «Сто страў і вока», кантычкі, Каханоўскі, «Хронікі» Мехавіты і Бельскага» (Нямцэвіч, І, 11—12).

...І яшчэ адно апісанне з Брэстчыны. Вялізны, двухпавярховы палац у Волчыне, дзе нарадзіўся апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст. Нямцэвіч, які не раз бываў там, бачыў «багата мэбляваныя залы і пакоі». Сярод партрэтаў выдзяляліся «постаці ў натуральны рост двух каралёў Аўгустаў (саксонцаў — аўт.), жонкі Аўгуста ІІІ у каштоўнай, на кітовым вусе, сукенцы, на якой былі вышыты папугаі, што елі вінаград, а таксама партрэт Карла XII, партрэт маці караля, якая трымала за руку сямігадовага Станіслава Аўгуста, апранутага ў белы жупанік і пунсовы кунтушык. Сцены дзвюх залаў былі пакрыты мармурам і залатымі ліштвамі — адным словам, усё тут выглядала па-панску» (Нямцэвіч, І, 41—42).

Працытаваныя ўспаміны, а таксама іншыя мемуарныя крыніцы сведчаць, што на працягу XVIII стагоддзя ўнутраны выгляд шляхецкага жылля істотна змяніўся. Павялічвалася колькасць пакояў. У багатых палацах з’явіліся хоры для музычнай капэлы. Падвойнымі і прыкметна большымі сталі рабіць вокны. Калі ў XVII стагоддзі ў ваконных рамах звычайна нацягвалі балонкі са звярыных пухіроў, зашмальцаванае палатно або васкаваную паперу, то цяпер устаўляюць шкло, часта замежнае, «люстраное». Гладкую столь (раней яна «рэзалася» бэлькамі на чатырохвугольнікі) пачалі пакрываць алейнымі малюнкамі на антычныя тэмы. А Кароль Радзівіл рашыў здзівіць гасцей нясвіжскага палаца пакоямі, у якіх столь замянялі... акварыумы. На змену «старым падлогам з простых дошак ці, сама болей, з пліт (паркету.— Аўт.) сталярскай работы, якія ачышчаліся ад бруду і пылу анучай, прыйшлі падлогі з тых жа пліт, квадратамі ўкладзеных, але іх ужо не мылі, а васкавалі; ходзячы па іх, слізгаліся, нібы па лёдзе» (Кітовіч, 512). У гасціных пакоях падлогі высцілаліся кілімамі.

Той жа Кітовіч сцвярджае, што ў XVIII стагоддзі сцены, якія раней звычайна бялілі вапнай, пачалі пакрываць тканінамі і дыванамі. «Абіўка ў панскіх пакоях была або з габеленаў або з самаробных тканін, або з купленага адамашку — гэты лічыўся самым шыкоўным; сапраўды выглядаў ён прыгожа, асабліва калі сцены былі густа залатым галуном абшытыя. Колер адамашку быў розны: пунсовы, зялёны, жоўты, блакітны; якога колеру была абіўка, такія ж і фіранкі на вокнах, звычайна з тафты, і крэслы, і канапы, усё ў адным колеры, па якому называўся пакой, напрыклад: пакой жоўты, зялёны і г. д.» (Кітовіч, 508—509). Потым «увайшлі ў моду палатняныя шпалеры ў маляваныя кветкі і розныя фігуры — вясёленькія, хоць дрэнныя і нетрывалыя. Затым насталі папяровыя шпалеры, такія ж з выгляду, што і палатняныя, але больш танныя, бо цана аднаго локця (каля 65 см — аўт.) упала за панаванне гэтага караля (Аўгуста ІІІ.— аўт.) да аднаго злотага. Таму ўжо папяровымі шпалерамі былі абабіты ўсе дамы — не толькі адны панскія пакоі, але і меншай шляхты, і мяшчан, і ксяндзоў-плябанаў. Паны ж, заўсёды пагарджаючы тым, што стала ўсеагульным, і жадаючы заўсёды мець нешта новае, пачалі пакрываць сцены італьянскімі фрэскамі, маляванымі па свежай тынкоўцы; ацэньвалі іх паводле таго, якая рука іх рабіла — добрага мастака ці дрэннага. Колькі раней каштавала адамашкавая абіўка ўсяго палаца, якая да таго ж заставалася ўнукам, столькі цяпер каштавала маляванне аднаго пакоя; і паколькі такое малявідла нельга рабіць фарбамі, вадой разведзенымі, таму яно хутка сапсуецца, пасля некалькіх гадоў абрыдне для моднага пана. З’явіцца жаданне асвяжыць малюнкі, знішчыць ранейшыя і выдаць грошы на новыя. Да таго малявання яшчэ дадаюць аздобы з гіпсу, пазалочаныя ліштвы, карнізы і панелі або ніжнія абводы» (Кітовіч, 511).

Сцены ўпрыгожвалі таксама кілімамі, габеленамі, карцінамі (у Нясвіжы віселі нават палотны Рэмбранта), партрэтамі «прашчураў» (часта — «чужых», купленых разам з палацам). Над ложкамі прымацоўвалі зброю — шаблі, пісталеты. У куты затыкалі пасвенчанае зелле, вянкі, падвешвалі страусавыя яйкі, якія нібыта засцерагалі дом ад пажару. Самае віднае месца на сцяне займалі люстэркі, вырабленыя як у замежных, так і мясцовых мануфактурах (у Налібаках, Урэччы).

Чым жа асвятляліся пакоі? У бяднейшай шляхты — той жа лучынай, што і ў сялян. Толькі мацавалася яна не ў шчылінах і не на прыпечку, а ў спецыяльных металічных стаяках (лучніках) або на краце, падвешанай да столі. Рабіліся каганцы: топленым тлушчам запаўняўся гліняны ці металічны посуд, у цэнтры ж яго памяшчаўся кнот (радзей анучка). З лою ці воску адлівалі ў формах свечкі (з часам іх сталі таксама прадаваць у аптэках). Для свечак жа спатрэбіліся пераносныя ліхтары, шчыпчыкі для абразання кнатоў, сярэбраныя каптуркі, каб пагасіць полымя. Потым, сцвярджае мемуарыст, «прыйшлі люстры люстэркавыя — у бронзавых рамах, шчодра агнямі пазалочаных. Іх прыбівалі да сцен разам з крыштальнымі падсвечнікамі... Апрача насценных ужываліся таксама люстры, падвешаныя да столі,— велізарныя, з крышталю, на дзесяць і болей свечак — калі запальвалі іх, пакой, шчодра золатам аздоблены, літаральна гарэў ад святла» (Кітовіч, 311). Падвешаныя да столі падсвечнікі называліся павукамі або каронамі, мацаваліся яны часта на аленевых рагах.

«У мэблях, — працягвае Кітовіч, — таксама наступіла змена: прыдумалі крэслы і канапы з пазалочанай у розныя ўзоры скуры. Потым прыйшлі крэслы, плеценыя ў клетку з трысця, з драўлянымі парэнчамі і ножкамі; затым настала пара розных складаных сталоў, секрэтэраў і шафаў рознай велічыні і формы; адны былі лакіраваны кітайскай алівай, другія інкруставаны косцю або адметнай драўнінай, трэція змочваліся дзеля шкляной гладкасці і ззяння азотнай кіслатой, а потым націраліся сукном, хвашчом і сталярскімі стружкамі да таго часу, пакуль не станавіліся гарачымі і не набіралі бляску. Ручкі да такіх корпусаў і акуцці для замкоў рабілі са срэбра, з бронзы, з латуні, у агні пазалочанай. Калі шафа была вышынёй у рост чалавека і мела падоўжныя дзверы зверху ўніз, называлася шафай, калі была нізкай, у палавіну чалавечага росту або некалькі вышэй грудзей, і мела адну над другой папярэчныя шуфляды, накшталт паверхаў, з асобнымі замкамі да кожнай шуфляды, называлася пісьмовым сталом. Калі ж была падобная да стала на нагах, з адной шуфлядай, якая зверху замыкалася наўскасяк дзверцамі, калі дзверцы адчыняліся і апускаліся гарызантальна ўніз, на высуваную ножку, спецыяльна да гэтага дастасаваную, і служыла замест століка да пісання, называлася канторкам; старэйшыя людзі такія шафы і канторкі называлі пюпітрамі» (Кітовіч, 512—513).

Мэблюючы пакоі, асаблівую ўвагу ўдзялялі сталам і столікам. У багатай шляхты яны былі замежнай — нямецкай, французскай, італьянскай або нават турэцкай — работы. Вялікай папулярнасцю карысталася масіўная мэбля гданскіх майстроў. Сталы і столікі «засцілалі рознымі дыванамі: турэцкімі, персідскімі, касматымі, гладкімі, шаўковымі, шарсцянымі, вышыванымі золатам і срэбрам або без золата і срэбра; а таксама сукном, вышываным у розныя кветкі і фігуры, з шаўковымі кутасамі навакол» (Кітовіч, 509). Каб дыван або абрус не ўкралі, яго нярэдка прыбівалі да стала цвікамі.

У першай палавіне стагоддзя сядзелі звычайна на доўгіх лавах, прымацаваных да сцяны. Потым на змену ім прыйшлі гданскія канапы і крэслы. Але паколькі яны былі дарагія, то, паводле Кітовіча, паступова ўвайшлі ў моду табурэткі, «высціланыя конскім воласам, а зверху абабітыя спачатку грубым палатном, затым жа — нейкай іншай тканінай». Пашырыліся розныя лёгкія зэдлі. Прывілей сядзець у глыбокіх, мяккіх і аздобленых крэслах застаўся за самымі старымі і паважанымі асобамі — бывалі выпадкі, што іх у крэсле прыносілі за стол і ў крэсле адносілі.

У кутах сталовага пакоя стаялі буфеты («крэдансы», «шафы») на посуд. Яны звычайна складаліся з дзвюх частак: ніжняй (з шуфлядамі) і верхняй (адкрытай або зашклёнай). У багатых палацах посуд захоўваўся ў асобным памяшканні, пад аховай даверанага слугі. У час балявання ён жа пільнаваў, каб госці не пакралі фарфоравыя талеркі або крыштальныя келіхі (здаралася такое даволі часта). Адзенне захоўвалі (нават у дамах заможнай шляхты; у драўляных скрынях (куфрах). Адпраўляючыся ў падарожжа, іх зручна было ўзяць з сабой як багаж. У куфрах, акаваных жалезам і замкнутых адмысловымі ўнутранымі замкамі, хавалі грошы і каштоўныя ўпрыгожанні. Такія «касы» стаялі звычайна ў спальні гаспадара, пад яго пільным наглядам. Шафы для адзення пачалі ўваходзіць у моду толькі ў другой палавіне XVIII стагоддзя. Зноў жа асабліва цаніліся гданскія шафы, інкруставаныя кавалкамі каштоўнай драўніны, сярэбранымі бляшкамі; але з’яўляліся і мясцовыя падробкі пад «гданскі тавар».

Істотныя метамарфозы адбыліся з месцам для спання. У пачатку стагоддзя мужчынам слалі пасцель на лаве — знізу клалі мядзведжую або воўчую шкуру, прыкрываліся кажухом ці «апанчой». Жанчынам дазвалялася спаць на сенніках, набітых саломай або сенам. Падушкі былі рэдкасцю. Нават магнаты, згадвае Матушэвіч, любілі летам спаць на сене ў гумне. Але з 30—40-х гадоў пашырылася «саксонская мода» на выгодную, мяккую пасцель, падушкі і пярыны. Шырокія, «сямейныя» ложкі ставіліся ў асобным пакоі («алькове») «галавой да сценкі, а нагамі на сярэдзіну пакоя». Ложак акаляўся фіранкамі пад колер абіўкі на сценах, прыкрываўся балдахінам, упрыгожаным у верхнім «вузле» пуком страусавых пер’яў. Ідучы спаць, на галаву нацягвалі «духанку» — начную шапачку, вышытую залатымі або сярэбранымі ніткамі. Халодную пасцель загадзя награвалі «шкандэлямі» — металічнымі посудамі, напоўненымі гарачай вадой або вуголлямі.

Аднак і ў другой палавіне стагоддзя выгодныя ложкі былі далёка не ва ўсіх членаў сям’і. Моладзь па-ранейшаму спала «паспартанску», на цвёрдай лаве або тапчане (аднак ужо з падушкай). Калі ж з’язджалася шмат гасцей, «тады на начны супачынак месціліся некалькі сем’яў у адной зале, аддзяляючы кожную сям’ю шырмамі, асабліва чужых мужчын і жанчын — для ўсіх зносілі адусюль тапчаны; калі ж тапчаноў тых не хапала, тады ў зале рассцілалі салому і на ёй покатам клалі розную пасцель — аднаму каля другога, адной каля другой» (Кітовіч, 507—508).

Пры тагачасным абжорстве і п’янстве на той пасцелі здараліся розныя непрыемныя выпадкі (раніцай іх прыпісвалі розным «злым духам»). «Ставіць каля ложкаў начныя гаршкі звычаю тады не было. Хто быў сумленны, выходзіў, не баючыся схапіць катар, з патрэбай на двор, хаця там і трашчэў мароз, хто ж не хацеў задаваць сабе такую прыкрасць, той заліваў на каміне агонь, які звычайна трэскам будзіў гасцей і палохаў іх» (Кітовіч, 508). Каб пазбегнуць усіх непрыемнасцей, з сярэдзіны стагоддзя сталі вазіць з сабой не толькі складаныя ложкі, але і складаныя ўнітазы. Бралі з сабой у дарогу таксама металічныя тазы, каб было ў чым памыцца раніцай, паліваючы рукі вадой з рота. Ванны тады толькі ўваходзілі ў моду (усе, напрыклад, са здзіўленнем аглядалі радзівілаўскую ванну, адлітую з блакітнага шкла ў Налібаках). Мылася ж шляхта ў лазнях, якія розніліся ад сялянскіх хіба толькі тым, што дым з печкі ішоў не ў сярэдзіну, а праз комін ды на двор. Палілі ў печках спецыяльныя хлопцы («лазеннікі»), калі ж яны яшчэ і хвасталі паноў венікамі, то зваліся «веннікамі». У Беларусі і Літве, сцвярджаюць мемуарысты, тады існаваў сапраўдны «культ лазні». Пра яе ўпаміналі нават у завяшчаннях. Актам міласэрнасці лічылася «забеспячэнне жабракам магчымасці папарыцца ў лазні»1.

 

1 Bystoń Jan Stanislaw. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. T. 2. S. 432.

Адзенне, абутак, упрыгожанні, зброя

Ад вонкавага і ўнутранага выгляду жылля пяройдзем цяпер да выгляду яго насельнікаў — тагачасных людзей. У іх адзенні, абутку, аздобах, прычосцы ў XVIII стагоддзі адбыліся вельмі істотныя змены — сапраўдны пераварот.

Па-першае, самаробныя тканіны ўсё больш выцясняюцца крамнымі, у тым ліку з мясцовых мануфактур — шарсцяных, палатняных і шаўковых ткальняў у Гродне, Слоніме, Нясвіжы, Ружанах. Калі раней, пры натуральнай гаспадарцы, амаль уся апратка шылася на месцы, «сваімі рукамі», то цяпер пашыраецца і крамнае, завознае адзенне, у першую чаргу жаночае і дзіцячае. Сяляне купляюць шапкі, хусткі, пацеркі, зрэдку чаравікі, шляхта — капелюшы, панчохі, бялізну, рукавічкі, паясы. Для мясцовых моднікаў прызначалася, напрыклад, прадукцыя гродзенскіх мануфактур Тызенгаўза, якія выраблялі паясы, панчохі, карункі, запінкі, гузікі, стужкі, хусткі. Апрача таго, магнаты «выпісвалі» абноўкі з Варшавы і Парыжа. Але каштавалі яны дорага. Нават Кароль Радзівіл раіў свайму брату Гераніму, каб той тканіны на «шлюбны касцюм» заказаў — дзеля ашчаднасці — не ў Варшаве, а «ў Слоніме і Клецку», шыў жа адзенне ў Нясвіжы.

Па-другое, у XVIII стагоддзі ў Беларусі хутка пашыраецца заходнееўрапейская мода. Традыцыйнае мясцовае («сармацкае») адзенне ўступае месца «нямецкаму» і «французскаму» — гэты працэс, сцвярджае Кітовіч, асабліва ўзмацняецца з 30-х гадоў, з часу ўступлення на трон саксонца Аўгуста ІІІ. Мяняюцца «арыентацыі». Калі ў XVII стагоддзі, у час войнаў з туркамі, пераважалі «ўсходнія» ўплывы (удзельнікі паходаў прывозілі з сабой здабытае ў ворага адзенне, па ўзору якога шылася і мясцовае), то цяпер заканадаўцамі моды з’яўляюцца Дрэздэн і Парыж. У мужчын доўгія і шырокія кунтушы і жупаны ўступаюць месца куртатым еўрапейскім касцюмам — «тройкам», фракам. Знікаюць высокія боты. Мяняецца прычоска: калі ў XVII стагоддзі галаву, пакінуўшы чуб, мужчыны старанна галілі, але затое адпускалі доўгія вусы (радзей, у знак жалобы, бараду), то цяпер яны аддаюць перавагу доўгім валасам (іх адсутнасць прыкрываецца парыком), а нашэнне вусоў абвяшчаецца «дрэнным тонам». Вонкавы выгляд мужчыны становіцца ў XVIII стагоддзі яго своеасаблівай візітнай картачкай. Па адзенні тады меркавалі аб сацыяльна-палітычных поглядах чалавека, яго належнасці да кансерватараў-«сарматаў» або рэфарматараў-«касмапалітаў». Палітычны характар, напрыклад, мела ў час сейма 1788—1791 гадоў масавае вяртанне мужчын да традыцыйнай нацыянальнай вопраткі.

Яшчэ больш залежала ад капрызаў моды жаночае адзенне. Яго фасоны (асабліва чэпчыкаў і сукенак) мяняліся ледзь не кожны год. Таму сёння жаночай вопратцы XVIII стагоддзя будзе цяжка даць нейкую адзіную характарыстыку. Аднак усё ж можна гаварыць аб агульным накірунку развіцця — да «распрыгонення белагаловых». У XVII стагоддзі лічылася нетактоўным агаліць хаця б кавалак шыі, хаця б рукі. Цяпер жа прыхільніцы заходняй моды (згадаем тую ж Франусю з Гродна) адсланяюць нават плечы і грудзі. Дэкальтэ набывае такую «глыбіню», як ні ў які іншы перыяд. У жаночым адзенні пачынаюць пераважаць яркія, насычаныя, «карнавальныя» колеры — зялёны, жоўты, блакітны, пунсовы. Урэшце жаночае адзенне дапаўняецца ўпрыгожаннямі.

Раней, калі жонкі сядзелі ў хатняй адасобленасці, каштоўныя пярсцёнкі, ланцужкі і запінкі насілі пераважна мужчыны. Цяпер жа, «з выхадам жанчыны ў людзі», яна стала нагадваць «вітрыну ювелірнага магазіна».

Сялянскае адзенне, вядома, не залежала і не магло залежаць ад раптоўных павеваў моды. Яно заставалася традыцыйным. Больш таго, у XVIII стагоддзі сяляне апраналіся, па падліках спецыялістаў, нават горш, чым у XVI стагоддзі: у выніку працяглых войнаў на кожнага чалавека стала менш прыходзіцца палатна і скуры1. Прыгонная вёска амаль не ведала (за выключэннем хустак, пацеркаў, стужак) крамных, завозных вырабаў. Усё — і даматканыя сярмягі, і палатняная бялізна, і лыкавыя лапці, і шапкі з футра — рабілася ўласнымі рукамі. У адзенні пераважалі шэры, чорны і белы колеры. Аднак апісанні мемуарыстаў, у першую чаргу Кітовіча, пераконваюць нас, што сялянская вопратка не была такой беднай, як нам часта здаецца сёння. Апрача штодзённага, рабочага, было і святочнае, больш дарагое і яркае адзенне (шляхта амаль не ведала такога размежавання). На жаночых кашулях, спадніцах, гарсэціках, фартушках чырвонымі і чорнымі ніткамі вышываўся народны арнамент. Па святах мужчыны з больш заможных сем’яў насілі боты, а жанчыны — чаравікі. Касцюм дапаўняўся самаробнымі саламянымі капелюшамі і купленымі ўпрыгожаннямі — поясам, каралямі, меднымі кольцамі.

Гаворачы пра вясковае адзенне XVIII стагоддзя, Кітовіч падкрэсліваў, што ў розных «правінцыях» Рэчы Паспалітай яно мела свае асаблівасці. У адрозненне ад «кракаўскага» ці «мазавецкага» селяніна «рускі (украінскі і беларускі — аўт.) мужык насіў — як і сёння носіць — жупан, г. зн. сярмягу з простай белай воўны, у поясе шырокую, з шырокімі рукавамі, даўжынёй жа да палавіны галёнкі; пад сярмягай, г. зн. жупанам — кашуля тоўстая, доўгая, чорная, у штаны запраўленая, у далёкай дарозе казліным лоем вымазаная, каб паразітаў адстрашыць. Палатняныя штаны, затлушчаныя салам і дзёгцем ад колаў, вялікія, шырокія, як турэцкія шаравары — быццам торбы, яны абвісалі паміж нагамі. Зімою ж — суконныя, тоўстыя. На нагах — скураныя хадакі або лапці з лыка, падвязаныя аборамі да ног, якія абкручваліся анучамі; такім жа шнурком была нага па штанах перавязана ў палавіне лыткі. На сярмязе або на кашулі пад сярмягай — шарсцяны пояс хатняй работы, часцей за ўсё з чырвонай воўны. На галаве — высокая шапка, аколеная вузкай палоскай з чорнага баранчыка, з чырвоным верхам французскага сукна. Барада ў некаторых голена, у некаторых, асабліва пасечнікаў, адпушчаная доўга. Ідучы ў далёкую дарогу, бралі ў запас па некалькі пар лапцей з лыка і неслі іх звычайна, кожны свае, перавешаныя цераз плячо. Хадакоў у запас не бралі, замест жа падзёртых абувалі лапці з лыка, а калі русін дзе дарваўся да якой здыхляціны, то, выразаўшы з яе кавалак скуры, спрытна рабіў сабе хадакі, не патрабуючы для гэтага ні майстра, ні вучобы ў шаўца. Як у дарозе, так і дома адзяваліся аднолькава — з той толькі розніцай, што ў касцёл, на большае свята, ужывалі боты, апраналіся ў лепшае і чысцейшае адзенне. Летам — саламяны капялюх на галаве, у руках — тоненькі кіёчак для падпоры» (Кітовіч, 593—594).

Апрача сялянскага ў XVIII стагоддзі існавала і псеўдасялянскае адзенне. Насілі яго магнаты, якія пад уплывам французскіх сентыменталістаў, ідэй Русо забаўляліся «вясковай ідыліяй». Аднак апісанні такога псеўдаадзення таксама маюць для нас цікавасць, паколькі яно ў многім паўтарала сялянскія ўзоры.

Невядомы нам аўтар успамінаў пра Кароля Радзівіла паведамляе, што ў Альбе каля Нясвіжа «пейзанкі» ў «свята» былі апрануты ў палатняныя кашулі з доўгімі і шырокімі рукавамі і такія ж палатняныя чэпчыкі. «Пунсовая спадніца з калючай шарсцяной тканіны густа фалдавалася, знізу абшывалася вузкай залатой аблямоўкай. Паркалёвы фартушок у розныя, меншыя і большыя, кветкі абшываўся той жа аблямоўкай. Скураны чырвоны гарсэцік злёгку шнураваўся. Да гэтага — чырвоныя шнураваныя боцікі, капелюшы з іспанскай саломкі, па-вясковаму плеценыя». Штодзённая ж апратка «альбанскіх сялянак» была значна прасцей: «Звычайны палатняны чэпчык, кашуля з даматканага палатна, з шырокімі рукавамі, вышываная зялёнай вышыўкай, спадніца палатняная, без фартушка». Мужчыны ў Альбе хадзілі на «вясковую работу» ў зялёных жупанах, падпяразаных жоўтымі шарсцянымі паясамі, у шараварах, круглых саламяных капелюшах, скураных чорных ботах або «хадачках, шнураваных раменьчыкамі вышэй каленяў». Такі «строй» псеўдажыхары «альбанскай вёскі» насілі па прыкладу самога Кароля Радзівіла амаль усё лета. Суседзі дзіваваліся з такога дзівацтва нясвіжскага магната, але той адказваў, што ў «сялянскім» адзенні куды зручней, чым у «французскім».

Ну, а як апранаўся той жа Радзівіл, калі вяртаўся з Альбы ў замак, калі з’яўляўся на пасяджэнне сейма або на сталічны баль? Мемуарысты адзінагалосна сцвярджаюць, што яго адзенне было вельмі багатым, аздобленым каштоўнымі каменнямі, але традыцыйным, «сармацкім» — гэтым Пане Каханку хацеў падкрэсліць сваё адмоўнае стаўленне да ўсякіх рэформ. «Хаця князь у звычайныя дні апранаўся вельмі сціпла — у ахайны дымчаты кунтуш і такую ж зялёную куртку летам, у такое ж суконнае адзенне зімой, аднак перад гасцьмі ці на святы любіў выступаць багата і шыкоўна: або ў сваім альбанскім мундзіры (жупан блакітны, а кунтуш саламянага колеру), або ў мундзіры Віленскага ваяводства — менавіта такім ён і з’явіўся перад намі ў той момант. Быў на ім цёмна-сіні кунтуш з найлепшага галандскага фалендышу (тонкага сукна — аўт.) з пунсовымі адваротамі і таксама пунсовы жупан з альтамбасу (тоўстай шаўковай тканіны з золатам — аўт.) у залаты дробны ўзор; запінка і гузікі з рубінамі, а таксама багаты персідскі пояс, які ззяў усімі колерамі вясёлкі» (Крашэўскі, I, 114—115).

Прыкладна так жа выглядала адзенне сярэдняй і нават дробнай шляхты. Вядома, бедная, «шарачковая» (ад світак з шэрай воўны) не магла ўгнацца за магнатамі, якія нават у будзень насілі кунтушы і жупаны з пунсовых («кармазынавых») тканін, закупленых у Гданску, Каралеўцы ці Варшаве. Але кожны «шарачок» усё ж імкнуўся пераняць «вялікапанскую» моду, аддаваў на свае ўборы апошні грош. «Не ведалі паны, як ім стаць адметнымі ад шляхты; якую б моду яны ні прыдумалі, неўзабаве бачылі яе на шляхце.

Загадаў пан высадзіць сабе кунтуш навокал жэмчугам, шляхціц, хаця яму трэба было абдзерці з жэмчугу жонку і дачку, павінен быў таксама па-панску свой кунтуш аблямаваць або хаця б з серабра нарабіць гузічкаў, падобных да жэмчугу. Прышпіліў пан да кунтуша якую багатую аздобу з брыльянтаў і іншых каштоўных каменняў — сын заможнейшага шляхціца тут жа выцыганьваў у маці, сясцёр, цётак, сваячак завушніцы, бранзалеткі, пярсцёнкі, з якіх рабіў сабе падобную форму, хоць і менш каштоўную аздобу» (Кітовіч, 489). Па вонкавым выглядзе дробнага шляхціца часта нельга было адрозніць ад тых жа Радзівілаў ці Сапегаў. Генрыка Жавускага ў беларускім маёнтку яго бабкі вучыў чытаць далёкі збяднелы сваяк, «кожны дзень апрануты ў кунтуш пад колер рэвеню, блакітны жупан і сярэбраны літы пояс. Запінка ў яго была брыльянтавая і боты са штыльпамі (лакіраванымі паяскамі-аздобамі — аўт.). Двойчы ў дзень мяняў ён кашулі; ні халатаў, ні капотаў не прызнаваў і адразу ж, устаўшы з пасцелі, апранаўся, нібы на баль». «Шляхецкая мода» была адносна адзіная яшчэ і таму, што магнаты мелі звычай «са свайго пляча» дарыць «рэзідэнтам» адзенне, якое ўжо крыху абнасілася.

Традыцыйная шляхецкая апратка падрабязна апісана ў Кітовіча. Асноўнымі часткамі «мужчынскага гардэроба» да сярэдзіны XVIII стагоддзя з’яўляліся кунтуш, жупан і штаны («порткі»). Крой іх быў запазычаны пераважна з «усходняга» (турэцкага, венгерскага) адзення. Кунтуш — гэта нешта накшталт каптана або світкі, верхняя апратка з характэрнымі «разразнымі» рукавамі Даўжыня яе мянялася. У пачатку стагоддзя кунтушы насілі вузкія і доўгія — амаль да зямлі. Часам шарсцяная тканіна «падбівалася» футрам — і тады яны служылі нечым накшталт сённяшняга паліто. У 40—50-я гады кунтуш стаў карацейшым (да калена) і лягчэйшым — шылі яго нават з баваўняных і шаўковых тканін. Вялікае значэнне прыдавалася аздобам. Старэйшая шляхта, згадвае Кітовіч, «у будні дзень насіла суконныя пунсовыя жупаны, да якіх пад шыяй прышывалі маленькія сярэбраныя або пазалочаныя гузічкі з дробненькімі рубінамі, асаджанымі па баках. Насілі таксама суконныя кунтушы з шасціма вялікімі гузамі ў форме пладоў глогу — велічынёй з арэх; гэтыя гузы былі з тонкага вырабу белага серабра або пярэста пазалочаныя з маленькімі рубінамі...» (Кітовіч, 487). Бяднейшая шляхта замест каштоўных каменняў ужывала шкляныя падробкі, якія завозіліся з Чэхіі.

Пад кунтуш звычайна паддзяваўся жупан. На яго ішлі больш лёгкія тканіны — шоўк, паркаль, а невідочны зад рабіўся з суровага палатна. Даўжынёй ён быў такі ж, як і кунтуш. У тых выпадках, калі жупан насіўся наверх, без кунтуша, шыўся ён з шарсцяных тканін, падбіваўся ватай.

У XVIII стагоддзі існавалі шматлікія разнавіднасці кунтуша і жупана. Кунтуш без выразаў («адлётаў») на рукавах называлі чэхманам. У розны час уваходзілі ў моду чамары, кубракі; мяняліся тканіны і іх колеры.

Зверху кунтушы абавязкова падпяразваліся паясамі. Спярша яны былі «шаўковыя, вязаныя, з махрамі, з канцамі, кручанымі ў шнуркі, рознага колеру, але часцей за ўсё пунсовага». Потым на змену ім прыйшлі «турэцкія, персідскія і кітайскія паясы — апошнія рабіліся з такой тонкай воўны, што пояс, шырынёй у два локці (каля 1,3 м — аўт.), можна было перацягнуць праз пярсцёнак». Урэшце сталі моднымі «слуцкія паясы, якія па багацці і прыгажосці зусім не ўступалі персідскім і турэцкім. Кожны такі пояс, багаты або звычайны, меў на канцы вышытыя словы: «Тканы ў Слуцку», якімі розніўся ад персідскага і турэцкага» (Кітовіч, 473). У славутых слуцкіх вырабаў адзін бок быў звычайна святлейшы, другі — цямнейшы (на выпадак жалобы). А паколькі мода патрабавала, каб пояс быў не толькі доўгі, але і шырокі, то «скручвалі разам па два і па тры поясы, бяднейшыя ж моднікі ў сярэдзіну ўкладвалі ручнікі, прасцірадлы або пакулле». Спераду прывязваўся «гуз», які, «нібы бохан хлеба», абвісаў ледзь не да каленяў. Слуцкія паясы, тканыя з залатых і сярэбраных нітак, упрыгожаныя густоўным арнаментам, цаніліся вельмі дорага — ад 60 да 500 чырвоных злотых, столькі ж, што і пара татарскіх коней («бахматаў»).

«Споднім» адзеннем служылі мужчынам «порткі», шытыя ў шляхты і багацейшых мяшчан «з французскага пунсовага сукна або з блакітнага адамашку ці атласу». Па швах у кроку такія штаны часам упрыгожваліся «залатым або сярэбраным галуном». Трымаліся «порткі» на матузку («учкуры»), які завязваўся ў шляхты спераду, а ў сялян збоку. Потым увайшлі ў моду гузікі, што зашпіляліся нямецкім спосабам. Пад жупанам і «порткамі» насілі доўгія кашулі, завязаныя пад шыяй тасёмкай, і палатняныя «гаці».

Зімой на кунтуш «накідвалі падшытую пунсовым атласам ваўчуру, якая трымалася на тоўстым сярэбраным або залатым шнуры з кутасамі, пад шыяй завязанымі. Ваўчуры тыя, седзячы ў павозцы, уздзявалі ў рукавы, каб атуліцца імі; ходзячы ж пеша або едучы конна, завешвалі на сябе за той шнурок набакір, гэта значыць прыкрываючы адно плячо і бок, а другое выстаўляючы навідоку; калі ў тое плячо рабілася холадна, перакручвалі ваўчуру на застыглы бок» (Кітовіч, 483—484). Акрамя ваўчур, якія шыліся з воўчых і мядзведжых шкур, а часам з баранчыка, насілі суконныя бякешы (звычайна жоўтага колеру), па форме жупана прыталеныя і футрам падбітыя. Потым на змену бякешам прыйшлі кярэі (ужо непрыталеныя). У Беларусі і Літве, сведчыць Кітовіч, кярэі «падшывалі мядзведзямі, чорнымі або шэрымі». Летам і восенню падарожніка ахоўвала ад дажджу і пылу пунсовая апанча з каптурыкам ці плашч («апанча», «дэлія»). Як і кунтуш, усё, што апраналася зверху яго, упрыгожвалася «гузамі» з каштоўных каменняў або — калі не ставала грошай — шклянымі падробкамі.

Круглы год шляхта насіла футравыя або абшытыя футрам шапкі (каўпакі). Летам у іх было горача, таму хадзілі, трымаючы шапку ў руках ці «павесіўшы яе на вуха». Святочныя каўпакі шыліся з сабаліных шкурак, упрыгожваліся бліскучымі каменнямі і плюмажам («кітай») з чапліных пер’яў. Такая шапка каштавала дорага; заўсёды знаходзіліся аматары «памяняць яе на развітанне» або проста ўкрасці. Таму сабаліны каўпак не здымалі нават на балі, нават за сталом. На працягу XVIII стагоддзя форма шапак некалькі разоў мянялася. «Пасля канфедэратак прыйшлі казацкія шапкі з высокім верхам і вузкім баранчыкам, неглыбока высціланыя. Потым увайшлі ў моду шапкі з высокімі баранамі, з пляскатым верхам». Называлі іх кучкамі або крымкамі. Урэшце «пачалі летам ужываць шапкі з верхам з блакітнай шаўковай тканіны — для лёгкасці і прахалоды» (Кітовіч, 475). Саламяныя капелюхі, якія лічыліся тады выключна сялянскім строем, шляхта насіла крадком, толькі на ўласнай сядзібе.

Урэшце некалькі слоў пра мужчынскі абутак. Боты, паводле Кітовіча, шыліся тады «трох колераў: жоўтыя, чырвоныя і чорныя. Халява ў бота была кароткая, закрывала ззаду толькі лытку, спераду ж, даўжэйшым ад задняй часткі канцом, віхлярам званым, — палавіну калена. Прасторная халява, разлічаная так, каб змясціць шырокія нагавіцы портак, складалася нібы з дзвюх палавінак, сшытых па баках. Напятак у бота быў умацаваны драўляным лубам, засаджаным паміж скурамі, — каб не выкрыўляўся і не моршчыўся; пад напяткам — жалезная падкоўка таўшчынёй у тры пальцы, у паноў беленая або нават сярэбраная, у бедных жа слуг толькі напільнікам крышку выгладжаная. Потым, пры Аўгусце ІІІ, пашырыліся падкоўкі пляскатыя — накшталт конскіх — трыма цвікамі да падэшвы прыбітыя. Урэшце закінулі розныя падкоўкі, на іх месца прыйшлі скураныя абцасы — такія, як у нямецкіх ботах, або крыху ніжэйшыя...» (Кітовіч, 477). Дробная шляхта задавальнялася больш таннымі чорнымі ботамі — адсюль пайшла прымаўка: «Знаць пана па халявах». Зімой ступні ног абкручвалі анучкамі, боты ж высцілалі саламянымі «вехцямі». «Самыя вялікія паны, сенатары, гетманы, якія хадзілі ў нацыянальным адзенні, бралі для ботаў салому. Абавязкам хлопцаў, гайдукоў і паюкоў было кожны дзень класці пану ў боты свежыя вехці, настрыгаючы салому паводле меркі нажніцамі або пераціраючы яе ў руках па той жа мерцы» (Кітовіч, 481). У сярэдзіне стагоддзя, калі пачалі васкаваць падлогі, «анучкі, а потым і вехці былі скасаваны». Іх месца занялі ваўняныя шкарпэткі і лямцавыя вусцілкі. Тады ў пакоях стала чысцей, хаця, выказвае шкадаванне мемуарыст, «для цеплыні і здароўя лепшыя ад розных укладак былі саламяныя вехці, бо салома выцягвала вільгаць, ад лішку якой у многіх жахліва смярдзяць ногі».

Шкарпэткі і вусцілкі — не адзіная «чужаземная навацыя» сярэдзіны XVIII стагоддзя. Як ужо гаварылася, традыцыйны, «сармацкі», строй тады быў паступова заменены «саксонскім». З каралеўскага двара заходнееўрапейская мода пашыралася на магнацкія палацы, адтуль жа — на шляхецкія засценкі.

У новага адзення былі не толькі гарачыя прыхільнікі, але і зацятыя ворагі. Спачатку яно выклікала абурэнне і нават жах. Вось як апісвае Нямцэвіч свае дзіцячыя ўражанні ад першага чалавека, які прыехаў у Скокі, апрануты па замежнай модзе: «Калі вялася тая спрэчка, раптам заехала пад ганак карэта, два паюкі ўзялі пад пахі і высадзілі нейкага пана. Гэта быў пан Асалінскі, падляшскі падкаморы з Тапарова. Ніколі чалавечая постаць не здзівіла мяне болей; дагэтуль я бачыў толькі грамадзян, апранутых у айчыннае адзенне. Што ж тады бачу?! Невысокага росту фігуру з закругленым брушкам, у панчохах, у пунсовых плюдрах (штанах — аўт.) з залатымі стужачкамі ля калень, у кароткай зялёнай апратцы з залатымі пятліцамі, у белай камізэльцы з лямы (тканіны, ператыканай золатам — аўт.), у прыпудраным парыку, ад якога чорныя муаравыя стужкі звешваліся з абодвух бакоў на грудзі. Я аслупянеў і, памаўчаўшы доўга, гучна ўсклікнуў:

— Бацька, што ж гэта такое?

— Маўчы! — сказаў мне збянтэжана бацька.— Потым скажу табе» (Нямцэвіч, І, 9).

Аднак, нягледзячы на супрацьдзеянне сарматаў, праклёны ксяндзоў і насмешкі сатырыкаў, у другой палавіне XVIII стагоддзя новая мода стала пануючай. Фрак і камізэлька хутка выцеснілі і кунтуш, і жупан. У адным толькі ўсе яны былі падобныя да сябе — у каштоўных упрыгожаннях. Шляхта, якая насіла «нямецкі строй», «заўсёды перабольшвала ў шыкоўных галунах і вышыўцы, уздоўж кожнага шва ішлі галуны такой шырыні, што з-пад іх ледзь віднелася крышачку сукна. Потым пачалі багата вышываць зімовае адзенне, шоўкам — летняе. Завозілі тканіны з Францыі; вышыўка на іх была размешчана так, каб потым супала з належным месцам на адзенні. На манжэты рукавоў і торсы на грудзях куплялі да кашуль брабанцкія карункі. Пара іх, з торсам для адной кашулі, каштавала 50 чырвоных зл(отых). На вялікі баль вяльможныя паны апраналі адзенне з гузікамі, зробленымі з алмазаў, брыльянтаў і іншых самых дарагіх каменняў; у іншы ж час карысталіся гузікамі з серабра або золата...» (Кітовіч, 490—491).

Каштоўнымі каменнямі, золатам і серабром ззяў не толькі магнацкі фрак. З сярэдзіны XVIII стагоддзя «частымі сталі гадзіннікі, ланцужкі да іх, запінкі пад шыю з алмазаў або брыльянтаў і пярсцёнкі на пальцы» (Кітовіч, 483). Залатыя і сярэбраныя кішэнныя гадзіннікі («пектаралікі») насілі на відным месцы. Да такога ж ланцужка прывязвалі падвескі («дэвізкі») з рознымі фігуркамі на канцы. Існаваў нават звычай прычапляць гадзіннік да рукава. Залатымі і сярэбранымі ніткамі вышываліся замшавыя мяшэчкі на грошы. Брыльянтамі аздабляліся табакеркі, самыя розныя па форме. Паводле Кітовіча, вырабляліся яны з серабра, фарфору, чарапашага панцыра. Часам на табакеркі наносілся партрэты каралёў і вяльможаў.

Апісанне вонкавага выгляду тагачаснага мужчыны будзе няпоўным, калі абысці ўвагай зброю. Выходзячы з хаты, кожны шляхціц абавязкова падпяразваў цяжкую шаблю або лёгкую шпагу. Яна была сведчаннем належнасці да «выбранага» саслоўя (у Беларусі насіць шаблі забаранялася нават багатым мяшчанам). Яна з’яўлялася ўпрыгожаннем: шабля падвешвалася на «пазалочаным або пасярэбраным паяску», а на ручцы і похве ззялі каштоўныя каменні. Упрыгожаннем, дадамо, каштоўным: Матушэвічу, напрыклад, бацька падарыў «шаблю з чыстага золата». Яна ж служыла для абароны або нападу ў шляхецкіх міжусобіцах. Аднак у XVIII стагоддзі шабля ўсё менш і менш выконвала сваю непасрэдную функцыю. У якасці зброі выкарыстоўваўся абух, які яшчэ называлі падзякам, або чэканам. Кітовіч апісвае яго так: «Тоўстае дзяржальна даўжынёй ад зямлі да пояса; на тым канцы, які трымае рука,— авальная булдавешка з серабра або толькі пасярэбраная ці латунная; на другім канцы — моцна насаджаны на ручку жалезны, латунны або і сярэбраны малаток, падобны пляскатым канцом да шавецкага. Калі другі бок быў закляпаны сякерай, то зброю называлі чэканам, калі завостраны наўскасяк, то надзякам, калі ж быў закручаны ў колца, нібы абаранак, то звалі абухам. Страшная гэта была рэч у руках шляхціца, — працягвае Кітовіч. — Шабляй адзін другому адсякаў руку, пераразаў ляпу, раніў у галаву, але кроў, якая цякла з праціўніка, тут жа спыняла заўзятасць. Калі ж абухам хто наносіў рану, часта смяротную, крыві не бачыў і таму — не бачачы яе — не адразу астываў, біў яшчэ і яшчэ і — не перацінаючы скуры — ламаў рэбры і трушчыў косці. Шляхта, якая хадзіла з тымі абухамі, часта адбірала імі здароўе ў сваіх прыгонных, а часам і жыццё... Быў гэта сапраўды разбойніцкі інструмант, бо калі хто каго агрэў вострым канцом надзяка па завушку, то адразу заганяў навылет тое няўмольнае жалеза, забіваў насмерць» (Кітовіч, 467—468).

У адрозненне ад мужчын жанчыны зброі, вядома, не насілі — хіба які невялікі кінжал або пісталецік на выпадак, калі ў дарозе нападуць разбойнікі. Але якраз у XVIII стагоддзі «слабы раней пол» ператварыўся ў «пагрозу для мужчын». Выйшаўшы з «хатняга запечка», жанчыны сталі пускаць у ход «сваю самую небяспечную зброю — какецтва». Многія справы, дзяржаўныя і прыватныя, сталі залежаць ад жаночай усмешкі, глыбіні дэкальтэ (прыгадаем словы тагачаснага польскага паэта-сатырыка І. Красіцкага: «Мы кіруем светам, а намі — жанчыны»). Прыгажосць, да таго ўмела падкрэсленая, абяззбройвала мужчын, рабіла іх нясмелымі і паслухмянымі. Нават бывалы Францішак Карпінскі збянтэжыўся, пабачыўшы ў белавежскім зацішшы адну з прадстаўніц радзівілаўскага роду: «Застаўшы яе з цалкам адслоненымі грудзямі, якія закрыць пры маім уваходзе яна не захацела, я пачаў сумны камплімент, аднак закончыць яго не здолеў, бо ўся мая ўвага рассейвалася тымі прыгожымі грудзямі».

Такая смеласць у жаночым адзенні з’яўлялася, аднак, нават у канцы XVIII стагоддзя, не правілам, а, хутчэй, выключэннем з правіла. «Французская» мода карэкціравалася ў Беларусі патрыярхальнымі традыцыямі. Многія жанчыны, асабліва ў дробных засценках, па-ранейшаму хадзілі ў зашпіленых пад шыю каптанах і шырокіх спадніцах («амазонках»). Восенню і зімой на каптан надзявалі падбітую тонкім футрам юпку (з рукавамі або без іх), звужаны ў таліі казакін або жаночы кунтуш. Спадніца ж падбівалася ватай. Па старой яшчэ модзе апраналася, напрыклад, амаль стогадовая пані Анюхоўская з Русінавіч, родная сястра прадзеда Фадзея Булгарына. На ёй была «другая, да каленяў, белая кофта з фальбонамі і з вузкімі рукавамі, карсаж са шнуроўкай з чорнымі стужкамі накрыж». На галаве — высокі чэпчык з шырокай чорнай стужкай (на знак удоўства). На нагах — чорныя башмакі са спражкамі, высокімі чырвонымі абцасамі. У руках — палка з залатой булдавешкай. Услед за Анюхоўскай заўсёды хадзіла любімая пакаёўка з ключамі і мяшэчкам у руках (у мяшэчку тым былі «цукар, пернікі і дробныя грошы сіроткам»).

Старасвецкі жаночы каптан з 20-х гадоў XVIII стагоддзя ўсё часцей змяняўся кабатам (кабацікам). Ён «розніўся ад іншых доўгіх сукенак тым, што шнураваўся ззаду, а ўсе іншыя спераду, і не меў ззаду такіх складак, што ў шустах, рабронах і таму падобных сукенках ідуць праз усю спіну аж да нізу, які цягнецца па падлозе» (Кітовіч, 498).

У 30-х гадах кабацікі выйшлі з моды. На іх месцы з’явіліся раброны — доўгія сукенкі з цяжкай шарсцяной тканіны. «Зверху ў іх ішла шнуроўка, перашываная кітовым вусам (фішбінам), з выразным торсам, модна пераціснутым — часам аж да млоснасці — той шнуроўкай, каб падкрэсліць тонкасць постаці». Выраз, спачатку маленькі, паступова павялічыўся настолькі, што «ўсе плечы аж да лапатак і палавіна грудзей аж да сяродкаў не былі той сукенкай прыкрытыя; гэта стварала карціну, якая палохала вока сціплае і запальвала юрлівае; жанчыны, праўда, закрывалі тую спакусу сваімі хусцінкамі або страусавымі палятынкамі (пукамі пер’яў — аўт.), але былі гэта такія прыкрыцці, якія вузкай палоскай накладзенага ценю яшчэ больш дадавалі бляску голаму целу, што прасвечвалася, нібы праз сетку або праз краты» (Кітовіч, 498). У адрозненне ад кабацікаў рукавы ў рабронах сталі намнога карацейшыя. Праўда, да іх прышпіляліся доўгія манжэты з празрыстай «газы» або карункаў.

Цяжка нават пералічыць усе тыя змены, якія адбыліся з адзеннем беларускіх шляхцянак на працягу XVIII стагоддзя — з «правінцыяльным спазненнем» на некалькі гадоў у параўнанні з еўрапейскімі ўзорамі. Дзесьці ў 40 — 50-я гады традыцыйныя верхнія «накрыцці», юпкі і казакіны, былі выцеснены доўгімі, аж да пят, салопамі, шытымі з чорнай кітайкі і падшыванымі футрам або чырвоным атласам. Услед прыйшла чарга кароткіх, да пояса, паўсалопаў, лёгкіх мантылек. Потым стала моднай рагоўка — «спадніца з палатна, да якой падшываліся тры абручы з кітовага вуса — адзін у поясе, другі ў каленях, трэці ў палавіне лыткі. Абручы тыя былі не круглыя, як на бочцы, але прыплюшчаныя, падоўжаныя — накшталт авальнай ванны. Дамы, што насілі рагоўку, спачатку апраналі спадніцу з тканіны, лёгкую або падшытую — у залежнасці ад пары года; на яе ўздзявалі рагоўку, а на тую ўсцягвалі прасторную сукенку, якая была ў модзе». Насіць рагоўкі дазвалялася толькі шляхцянкам. Мяшчанкам жа, якія асмельваліся паказацца ў іх на вуліцы, «заўсёды рабілі прыкрасці». Хадзіць у рагоўках было нязручна, ездзіць — таксама, паколькі яны займалі ў карэтах занадта многа месца. Ад шырокага адзення, іранізуе Кітовіч, была толькі тая карысць, што пры нейкай небяспецы яна магла служыць надзейным сховішчам для мужчын. «Не адзін баязлівец, калі справа даходзіла да шабляў, хаваўся пад рагоўку; калі іншыя значылі сабе лбы, насы, шчокі, адсякалі рукі, ён у добрым здароўі пераседзеў пад рагоўкай завіруху, бо там ужо яго ніхто не смеў атакаваць, калі адна (жанчына) яго прыкрыла, а іншыя, збіўшыся ў кут, умацаваннямі з раговак не дазвалялі ісці на штурм» (Кітовіч, 504). Мода на рагоўкі трывала гадоў з пятнаццаць. Потым іх змяніла больш лёгкае адзенне — сарафаны і псеўдаантычныя сукенкі з лёгкай ці нават празрыстай тканіны (зноў успомнім тую ж Франусю). Галоўным стала не само адзенне, а розныя дадаткі да яго, каштоўныя ўпрыгожанні. Творы мемуарнай літаратуры даюць падставу для вываду, што на працягу XVIII стагоддзя жанчына з былой папялушкі ператварылася ў сапраўдную каралеву шляхецкіх пакояў. Калі раней мясцовы рынак пераважна задавальняў патрэбы мужчын, то цяпер і мануфактуры, і крамы перш за ўсё «працуюць на жанчыну». Для яе завозяцца розныя тканіны — муслін і тафта, атлас і аксаміт, кітайка і адамашак. Для яе прыдумваюцца самыя неверагодныя па форме чэпчыкі і гарсэцікі. Для яе шыюцца чаравікі — замшавыя і шаўковыя, вышываныя і маляваныя, упрыгожаныя спражкамі і каштоўнымі каменнямі, вырабляюцца футравыя муфты, «лосевыя» рукавічкі, белыя панчошкі, «кітайскія» вееры. І, галоўнае, жанчыне прызначаюцца самыя розныя ўпрыгожанні — ад дыядэмаў і карон на галаве, бранзалетак («манэляў») на руках да залатых і сярэбраных спражак пры падвязках на панчохах (кавалеры мелі звычку выпрошваць гэтыя спражкі на «незабудзь», а потым аздабляць імі сваю вупраж). Кітовіч, які, нягледзячы на свой духоўны сан, нядрэнна разбіраўся ў жаночых уборах, аўтарытэтна засведчыў: «Шыю ўпрыгожвалі спачатку пацеркамі, потым — уплеценым у пацеркі жэмчугам, потым — адным жэмчугам, потым — залатымі ланцужкамі, урэшце — вузкай чорнай аксаміткай, ад якой на грудзі звешваўся брыльянтавы крыжык тонкай работы, або нейкі адмысловы партрэцік, або — без аніякага профілю — бліскучы каштоўны камень. Падобнымі да таго, што насілася на шыі, павінны былі быць манэлі на руках; пярсцёнкаў жа чым больш было на пальцах, тым лепш лічылася ўпрыгожанай рука. Да вушэй спачатку прышпільвалі малыя жамчужныя або рубінавыя завушніцы, у золата апраўленыя, потым — большыя, у форме ружы з сапраўдных або чэшскіх брыльянтаў; гэтыя два віды ператыкалі праз мочку вуха, пераколатую за маладых год шпількай. Урэшце прыдумалі вялікія жамчужныя і брыльянтавыя завушніцы, якія звісалі, нібы вінаград; а паколькі яны пераразалі вушы, то іх не праз вуха, а за вуха закладвалі з мацнейшага боку» (Кітовіч, 498—499). Каб купіць такія аздобы, трэба было пакінуць у ювеліра «гадавы вынік працы сялян з некалькіх фальваркаў».

І яшчэ адна вельмі істотная змена ў вонкавым выглядзе шляхцянкі. У яе штодзённы ўжытак у XVIII стагоддзі шырока ўвайшлі розныя замежныя касметыкі — «бялілы, чарнілы, чырванілы і блакітнілы». «Бяліламі» (або малаком, яечным бялком) прыдавалі «далікатную бледнасць твару». «Чырваніламі» («барвічкай», «ружам») карысталіся, каб выклікаць румянец на шчоках (бяднейшыя шляхцянкі для гэтага шчыпалі шчокі, націралі іх бураком або, паводле Карпінскага, пілі гарэлку). «Чарніламі» падводзілі бровы, блакітным колерам «пазначалі далікатныя жылкі». Жанчыны (і нават мужчыны) сталі карыстацца пудрай, духамі («пахучай гарэлкай», «пахніламі»), мазямі, «масламі». Для кантрасту з белай скурай модніцы наклейвалі на твар «мушкі» — дробныя кавалачкі шаўковай тканіны. Выходзячы з хаты на адкрытае паветра, «карысталіся квэфамі (вуалькамі — аўт.) з чорнага крэпу або шаўковымі, вязанымі сеткай — з верху галавы яны спускаліся на ўвесь твар» (Кітовіч, 499).

З гадамі ўскладнялася жаночая прычоска. У пачатку стагоддзя маладыя шляхцяначкі яшчэ насілі косы, пераплеценыя стужкамі і аздобленыя жывымі або шаўковымі кветкамі. Потым дзяўчаты пачалі абкручваць косы вакол галавы, прышпіляць да іх капялюшыкі «велічынёй з напарстак», «розныя птушачкі з шоўку». Замужнія ж кабеты косы абразалі, прыкрывалі валасы каптурыкамі і чэпчыкамі («карнетамі»). З сярэдзіны стагоддзя тое ж пачалі рабіць і дзяўчаты. Урэшце адсутнасць валасоў або неахайнасць прычоскі сталі прыкрываць напудранымі парыкамі ці пышнымі шыньёнамі. Шыньёны, тлумачыць Кітовіч, «гэта страшэнна высокія шапкі, з палатна шытыя, ватай або і пакуллем выпханыя; яны рабілі галаву ўдвая вышэй, чым яна была на самай справе. Насадзіўшы тыя шыньёны на верх галавы, прыкрывалі іх навокал, спераду і ззаду, валасамі, гладка ўверх зачасанымі і прыпудранымі, а калі каму не хапала сваіх валасоў, падбіралі да іх чужыя такога ж колеру, які мелі ад нараджэння самі» (Кітовіч, 495).

Чытаючы гэтыя радкі, міжвольна ловіш сябе на думцы: ну чым не партрэт сучаснай экстравагантнай прыгажуні?! Як бачым, у модзе, асабліва ў жаночай, нішто не новае. Мусіць, меў рацыю той жа Кітовіч, калі сцвярджаў, што вонкавы выгляд чалавека не толькі змяняецца, але і паўтараецца: «Рэчы, прыходзячы ўслед за другімі, здаюцца новымі, хаця былі ўжо калісьці».

 

1 Historia kultury materialnej Polski w zarysie, t. IV, s. 337—338.

Посуд, ежа, пітво

Дзякуючы прадметам матэрыяльнай культуры мы сёння можам прасачыць за «штодзённым кругаваротам жыцця» нашых далёкіх прашчураў. Уявім сабе раніцу. Падняўшыся з ложка або лавы, чалавек XVIII стагоддзя злёгку апалоскваў рукі (радзей твар), сам або з дапамогай слуг накідваў на плечы хатнюю апратку, шаптаў пацеры. Займаўся тэрміновымі гаспадарчымі справамі. Гаспадыня тым часам пачынала завіхацца каля сняданка. Сама накрывала стол або толькі аддавала загады кухару, кухцікам, падвальнаму, ключніку, падстоляму, «буфетніку». На стале з’яўляўся посуд, над гарачай стравай узнімалася пара...

Зразумела, што зусім па-рознаму снедалі ў хаце прыгоннага селяніна і магнацкім палацы. І раэліі — посуд, прыборы, ежа, пітво — там былі зусім розныя.

Пачнём з посуду. Сяляне выраблялі яго з дрэва і гліны. Калі прыходзіла пара падсілкавацца, на стол або на лаву ставіўся гаршчок са зваранай стравай. Зрэдку яна пералівалася ў драўляную ці гліняную міску. Усе сядалі навокал і чэрпалі страву драўлянымі (радзей алавянымі) лыжкамі. Рабілі гэта, у адрозненне ад шляхты, якая прагна накідвалася на ежу, павольна, «з пачуццём уласнай годнасці». Кожны апускаў лыжку па чарзе, услед за гаспадаром. Пілі таксама па чарзе, з агульнай конаўкі або збанка. Калі ў хаце з’яўляўся госць, стол засцілалі ручніком, ставілі асобную міску. Посуд захоўваўся на паліцах («ліштвах») або на прыпечку Там жа, каля прыпечка, стаялі драўлянае вядро на ваду, хлебная дзяжа, ступа на крупы, валак для прасавання бялізны. Запасы прадуктаў захоўваліся ў драўляных бочках і саламяных лубках.

У адрозненне ад сялян шляхта ела пераважна з металічных талерак — алавяных, сярэбраных, пазалочаных, а ў Радзівілаў нават залатых. У дробных засценках карысталіся і гліняным посудам.

Ходзька, напрыклад, піша, што ў «шарачка» Бялевіча на стале стаялі талеркі «з цудоўнай слуцкай гліны, белай, як фарфор».

З 40—50 гадоў у моду ўвайшоў посуд з фарфору — саксонскага, галандскага, англійскага, кітайскага. Матушэвіч занатаваў, што ў 1762 годзе набор саксонскага фарфору быў у Мышы — ён застаўся цэлы нават пасля пажару («толькі фарбы пабляклі»). Бяднейшая ж шляхта мусіла задавальняцца фаянсам. Вось як пра ўсе гэтыя змены сказана ў энцыклапедычна дасведчанага Кітовіча: «З палавіны панавання Аўгуста ІІІ наступіла пара фаянсавых талерак, затым — фарфоравых; урэшце з фарфору стаў у магнатаў увесь сталовы посуд: вазы, сервізы, міскі, паўміскі, салатніцы, талеркі, сальнічкі, графіны, нават тронкі ў нажоў і відэльцаў; але гэтыя рэчы былі тады даражэй, чым сярэбраныя, а да таго хутка біліся, таму вельмі рэдка выстаўлялі іх на паказ, хіба ў вельмі ўрачыстыя дні» (Кітовіч, 419). Многія магнаты не прызналі фарфоравы посуд. У Кароля Радзівіла, напрыклад, «талеркі, паўміскі, вазы і ўсе сталовыя прыборы, акрамя шкла, былі заўсёды з серабра». Калі ж аднойчы пасол кракаўскага ваяводы сказаў нясвіжскаму феадалу, што ў Польшчы ўсе ядуць на фарфоры, Пане Каханку запярэчыў: «Гэта магнацкая штука». І тут жа выпусціў з рук сярэбраную талерку, якую падаваў гайдуку. Талерка, вядома, засталася цэлая. «Вось бачыш, васпан, — прамовіў Радзівіл, — упала — і цэлая, я, пане каханку, забедны, каб мог есці на гліняных фарфурках» (Крашэўскі, І, 95).

У другой палавіне стагоддзя адначасова ўжываўся і новы, і стары посуд. У шафах шантыраўскага палаца ў Горсплі «стаяў за шклом цудоўны сталовы пасудак — сярэбраны, фаянсавы, фарфоравы і шкляны». Але даставалі яго толькі ў святы. У штодзённым ужытку былі «алавяныя міскі, вялікія вазы і паўміскі, якія называліся рэтавымі» (Шантыр, 20 адв.).

У XVIII стагоддзі побач з лыжкамі на шляхецкіх сталах з’явіліся відэльцы («грабкі») і нажы. Даваліся яны толькі знакамітым гасцям. «Лыжкі для яды былі звычайна сярэбраныя; у некаторых жа дварах, недастаткова вытанчаных ці менш заможных, або ў тых паноў, якія трымалі адчыненымі дамы і таму часта не ведалі тых, хто ў іх абедаў, у цэнтры стала, дзе мелі сядзець важныя асобы, клалі сярэбраныя лыжкі і ставілі такія ж талеркі або за ўведзенай модай — фарфоравыя ці фаянсавыя, а па канцах, дзе тоўпіліся ўсе, хто толькі хацеў і мог змесціцца, давалі лыжкі бляшаныя або алавяныя і такія ж талеркі. Нажоў і відэльцаў у многіх паноў па канцах сталоў не давалі, бо пры панаванні Аўгуста ІІІ існаваў звычай, што прыдворныя і госці, а нават і свае дамаседы насілі за поясам нож — адны з відэльцам, іншыя без відэльца, іншыя ж апрача нажа і відэльца мелі прывязаную да пояса сярэбраную, рагавую або драўляную, вырабленую з цісу, самшыту або брызгліны, лыжку ў скураным чахле, у некаторых серабром вышытым; таму, пакуль трывала такая мода, дастаткова было забяспечыць лыжкамі, нажамі і відэльцамі сярэдзіну стала, бо ўсе ведалі, што засеўшыя ў канцах стала будуць на панскую смажаніну, боршч і іншыя стравы мець уласныя нажы і відэльцы. Калі ж хто не знайшоў на стале гаспадарскай лыжкі і сваёй не меў, пазычаў у суседа пасля таго, як той, рэдкае з’еўшы, да густога дабіраўся, або рабіў сабе лыжку з хлебнай скарынкі, утыкаў яе ў нож — у часы, яшчэ не зусім заражаныя французскай вытанчанасцю і полерам, усё гэта не лічылася непрыстойнасцю» (Кітовіч, 419—420). І толькі ў канцы стагоддзя нажы і відэльцы сталі класці перад кожным госцем.

Сталовы посуд мяняўся рэдка, мыўся неахайна. Брэсцкі ваявода Сапега ўвогуле забараняў мыць сярэбраныя талеркі, «каб не зменшылася іх вага». Пахолікі, што стаялі ззаду і павінны былі мяняць гасцям талеркі, за паслугу патрабавалі пакінуць ім мяса. Гаворачы пра гэта, Рулікоўскі ў сваіх мемуарах спасылаецца на ўспаміны бацькі, які часта бываў пры двары Кароля Радзівіла. Аказваецца, слугі паводзілі там сябе вельмі нахабна, шантажыравалі гасцей, нашэптваючы ім на вуха: «Калі бярэш для сябе, бяры і на мяне, бо я галодны»1. Потым жа, не пачакаўшы нават, пакуль госць пакаштуе страву, вырывалі талерку з-пад носа, замянялі іншай, часта нямытай. Даводзілася посуд пераціраць абрусам, рукавом ці поясам суседа, асабліва калі ён сядзеў ужо захмялелы. Аднойчы Міхал Радзівіл, пабачыўшы, што талерка нейкай дамы была не зусім чыстая, выцягнуў з штаноў падол кашулі і выцер ім посуд. І нікога гэта асабліва не шакіравала. Як і тое, што мяса накладвалі сабе прама рукамі, косці з талерак скідвалі ў кут або пад стол. Дбаць пра этыкет пачалі толькі ў часы Асветніцтва. Тады мясныя стравы сталі рэзаць на кавалкі загадзя, на кухні або ў «буфеце». Разносілі ж іх кожнаму госцю на асобнай талерцы аднолькава апранутыя хлопцы ці дзяўчаты (на Брэстчыне бывалі выпадкі, што гэту справу даручалі... выдрэсіраваным мядзведзям). Побач з талеркамі клаліся сурвэткі для выцірання рук, самшытавыя зубачысткі («зубадоўбы»).

Піла шляхта з самага рознага посуду — куфляў, кубкаў, конавак, шклянак, кілішкаў, келіхаў. Часам яны мелі вычварную форму. «Для піва ўжываліся доўгія шклявыя палкі з вялікай булдавешкай на канцы — туды лезла кварта піва, куфлі з трубкамі, праз якія трэба было смактаць пітво, трубы, валторны, паўгарцавыя шкляніцы з трыма абручыкамі. Палкі, кубкі, трубкі рабілі прыкрасць не так самім пітвом, бо нямнога ў іх месцілася піва, як прыкрым спосабам піцця; п’ючы з палкі або трубкі, трэба было ламацца і выгінацца ўзад. Калі ж хто хацеў адняць ад вуснаў куфаль, а не ведаў, як заткнуць языком трубку, каб перастала цячы піва, дык тут жа абліваўся. Калі ж хто ўзяўся выпіць шкляніцу з абручыкамі, павінен быў абвясціць усёй кампаніі, да якога абручыка адным глытком вып’е; калі недапіў або замнога выпіў, дык яму адразу далівалі» (Кітовіч, 460).

Для віна і гарэлкі ўжываліся крыштальныя і сярэбраныя чаркі, нярэдка ўпрыгожаныя гербамі і манаграмамі ўладальнікаў. Некаторыя з іх пераходзілі — як вялікая каштоўнасць — з пакалення ў пакаленне. «З аднаго келіха або з адной шклянкі пілі па чарзе, не адчуваючы гідлівасці да кропляў напітку, якія з вусоў аднаго сцякалі ў посуд, што перадаваўся другому. Жанчыны без агіды датыкаліся далікатнымі вуснамі да келіха, які, ідучы па кругу, вусамі пэцкаўся. Калі ж насталі шкляныя келіхі і кілішкі, пачалі брыдзіцца чужымі губамі. Той, хто выхіліў келіх, перш чым перадаць яго другому, выціраў яго чыстай сурвэтай, далей жа, па меры ўзрастання ахайнасці, пасля кожнага госця кілішак паласкалі вадой у буфеце; малыя ж кілішкі на віно ставілі перад кожным асобна, а таксама бутэльку з віном або вадой і шклянку да яе. Калі хто патрабаваў піва, то яму падавалі яго на падносе ў шклянках» (Кітовіч, 421). Кілішкі часам былі вялізныя па памеры. Калі ў Ружаны прыехаў Станіслаў Аўгуст, яму, сведчыць прыдворны летапісец, паднеслі «чару з гарнец па імю Іван і такую ж Іваніху»2.

Часта ў шляхецкім двары гасцей сабіралася мноства (у Шклове, напрыклад, накрывалі на «сто кувертаў»). Аднаго стала аказвалася мала. Тады на драўляных «казлах» збіваліся негабляваныя дошкі. Сталы расстаўляліся «падковай». У пачатку стагоддзя яны былі звычайна вузкія. Потым, калі ўвайшлі ў моду «сервізы», прыйшлося іх пашырыць. Тагачасныя «сервізы» не мелі нічога агульнага з сучаснымі. Гэта былі адмысловыя падстаўкі для ласункаў і спецый. «Сервіз, — тлумачыць Кітовіч, — уяўляў сабой сярэбраную махіну вышынёй у локаць (0,65 м — аўт.), шырынёй унізе ў тры чвэрці локця, уверсе вузейшую — яна складалася з чатырох прамых або пакручастых калон, якія паміж сабой звязваліся папярочнымі бэлечкамі ці выкрутасамі. На тых калонах быў асаджаны сярэбраны кош тонкай работы, куды клалі лімоны, або лодачка, якая служыла для той жа патрэбы. Над кашом або лодачкай узносіўся купал, на якім быў арол з распасцёртымі крыламі або нейкі геній...» Да калон прымацоўваліся сярэбраныя або крыштальныя слоікі («карафінкі») з воцатам, алеем, молатым цукрам, гарчыцай, соллю і перцам. Ставілася ўся прылада на падстаўку з люстранога шкла або дошку, «пакрытую сярэбранай бляхай». «Сервіз» упрыгожваўся рознымі алегарычнымі статуэткамі, запаўняўся «цукрамі», «італьянскімі лёдамі», якія ўтваралі палацы, паркі і гроты (прыгадаем, што менавіта такі «сервіз» апісаны ў паэме А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш»).

Побач з «сервізам» на стале ставілася сярэбраная спіртоўка («фаерка») для падагравання застыглых страў, конаўка з лёдам для ахаладжэння напіткаў. Тут жа ўзвышаліся «бутлікі» і «карафінкі» з віном і «лікворамі». Бывалі выпадкі, што віно «біла на стале з фантана». Паміж талеркамі са стравай віднеліся гіпсавыя статуэткі, жывыя і штучныя кветкі. Адзін прыбор ставіўся лішні — «для паноў Загорскіх».

Адарваўшы погляд ад сталовага пакоя, выпадае хаця б на хвіліну заглянуць у «буфет» і на кухню. Тагачасны кухонны посуд — гаршкі, патэльні, ступкі, квадратныя «брытваны» — быў пераважна металічны (алавяны, медны, жалезны). З жалеза рабіліся трыногі для варкі стравы, ражны і рыштаванні, на якіх смажылі дзічыну. У кухні, буфеце або каморы трымалі «аптэчку» з запасам сушанага зелля, мазяў (з жабаў, вужакаў, яшчарак), настоек (на маладых зайчыках, сабачках), тлушчаў (гусінага, барсуковага, воўчага, чалавечага — апошні куплялі ў катаў), «лячэбных водак». Там жа — у скрынях з перагародкамі, бочках, кадоўбчыках, карытах, калодах — перахоўвалі запасы прадуктаў. Соленае і вэнджанае мяса падвешвалі да столі на круках, каўбасы — на жэрдках.

А цяпер, высветліўшы, як выглядаў сталовы і кухонны посуд, зоймемся куды больш істотнымі праблемамі: што ж на гэты посуд клалі, што еў і піў тагачасны чалавек? Творы мемуарнай літаратуры даюць падставу сцвярджаць, што ў цэлым харчаваўся ён дрэнна; нават горш, чым у XVI стагоддзі. Пасля працяглых войнаў значна скарацілася плошча пад пасевамі, зменшылася пагалоўе жывёлы. Таму вельмі мала спажывалася мяса і малака. Асноўныя прадукты харчавання былі расліннага паходжання. Дбалі не пра якасць, не пра пажыўнасць і смак стравы, а пра яе колькасць.

Хранічна недаядала, а ў неўрадлівыя гады галадала прыгонная вёска. Праязджаючы праз Віцебшчыну, Дзяржавін убачыў тут «вялікі недахоп у пасялян у хлебе або, дакладней, самы моцны голад, бо харчаваліся амаль усе паранай травой з перасыпкаю самай малой колькасці мукі або круп» (Дзяржавін, VI. 690). Вясной, калі канчалася збожжа, сяляне елі шчаўе, крапіву, лебяду, асот. На Палессі збіралі на сіты зерне дзікарослых траў, якое звалася «маннай нябеснай». Летам рабілася крыху лягчэй: у лясах з’яўляліся ягады і грыбы, можна было напражыць у печы недаспелага жыта.

Найпершай сялянскай стравай быў хлеб. Выпякаючы яго, у неўрадлівыя гады да непрасеянай мукі дабаўлялі мякіну, тоўчаную драўняную кару. Хлеба не ставала, даставаўся ён цяжка, таму яго вельмі шанавалі. Калі луста выпадкова ўпала на зямлю, яе цалавалі, просячы прабачэння. Святатацтвам лічылася карміць хлебам жывёлу. Пры адсутнасці хлеба елі кашу. Бульбу «ў Літве і на Русі» пачалі, паводле Кітовіча, вырошчваць толькі з сярэдзіны XVIII стагоддзя — спачатку ў каралеўскіх аканоміях, а потым і ў астатніх вёсках.

Прыгонныя сяляне сілкаваліся звычайна тры разы ў дзень (шляхта — два: «снедала» ў дзесяць—дванаццаць гадзін і «абедала» ў шэсць, але затое ў перапынках «часта перакусвала»). Толькі летам, калі работа была асабліва цяжкая, бралі з сабой у поле падвячорак (хлеб з малаком або хлебным квасам). На снеданне, абед і вячэру абавязкова была вадкая страва — боршч, жур, крупеня, зацірка, вараная капуста, гарох, боб, рэпа, буракі. Мяса сяляне елі рэдка — толькі ў свята або на вяселлі. З «крамнага» ведалі адны селядцы. Запівалі ежу хлебным квасам, бярозавым сокам («бярозавай юшкай»). Зрэдку ў карчме пілі разбаўленае піва, гарэлку з півам.

А на другім сацыяльным полюсе, у магнацкіх палацах, елі і пілі, не ведаючы меры, асабліва ў святы. Абжорства лічылася ў шляхты добрым тонам. Нават праводзіліся спаборніцтвы, хто больш з’есць. Пасля застолля доўга хварэлі. Мінскі ваявода Завіша прызнаваўся ў сваім дзённіку: «У час таго вяселля, сапсаваўшы страўнік, я прапакутаваў пяць дзён». Пане Каханку «ад празмернай колькасці вустрыц» таксама часта хварэў, пасылаў у такіх выпадках за доктарам у Вільню. Асабліва аб’ядалася шляхта, калі ў Рэчы Паспалітай панавала саксонская дынастыя. Потым, пры Станіславе Аўгусце, застолле стала больш умераным. Шляхта пачала дбаць пра «вытанчаную лінію фігуры».

Аб усім гэтым афарыстычна сказана ў беларускай прымаўцы: «За караля саса было хлеба і мяса, а як настаў Панятоўскі, усё пайшло па-чартоўску».

У адрозненне ад сялянскай шляхецкая кухня больш залежала ад прывазных тавараў, замежных узораў. У Беларусі нібы скрыжоўваліся шляхі, якія вялі з розных краін. З магаметанскага Усходу тут перанялі звычай есці розныя слодычы («марцыпаны»), стравы з рысу і кукурузы. З Італіі прыйшла «мода на салат і макароны», з Саксоніі і Прусіі — на бульбу, фасолю, швейцарскі сыр, з Англіі — на чай і ром. З Расіі для шляхты завозілася ікра, сушаная рыба, з Рыгі — селядцы. У канцы стагоддзя ўзрос уплыў французскай кухні, ад якой былі запазычаны «цесты, фаршыраваныя мясам і гароднінай, розныя рагу і фрыкасэ». І тым не менш, наколькі можна меркаваць з мемуарнай літаратуры, беларуская шляхецкая кухня мела ў XVIII стагоддзі адметныя рысы. Найпершая з іх — празмерная тлустасць ежы (з маслам ужывалі нават гарэлку і чай). Наступная — захапленне ўсім салодкім, асабліва «салодкім цестам» (дарагі цукар замяняўся ў ім мёдам і макам). Урэшце, ад ежы патрабавалася «пікантнасць». У самыя розныя стравы дабаўлялі без меры соль, воцат, перац, гарчыцу, хрэн, «усходнія карэнні» (імбір, шафран, мускатны арэх) і нават, па сведчанні Булгарына, шпанскія мушкі і кашаніль. Мясцовая шляхта лічыла прыправы прыкметай заможнасці, добрага тону. Аднак зарубежным падарожнікам, якія праязджалі праз Беларусь, такая «пікантная кухня» не падабалася, і яны прасілі накарміць іх «нечым менш вострым».

У часы барока лічылася, што ежа павінна не толькі насыціць, але і ўразіць гасцей сваім смакам, колерам, формай, сумяшчэннем несумяшчальнага. Спалучалі салодкае і кіслае, салодкае і салёнае, салодкае і горкае, кіслае і салёнае. У торт саджалі жывых птушак, якія ўзляталі ў час «вівату». На стол падавалі цэлых дзікоў, напоўненых унутры каўбасамі, індыкамі, курапаткамі, або доўгіх шчупакоў, «засмажаных у галаве, звараных у сярэдзіне і печаных у хвасце». Традыцыйнай сенсацыяй застолля быў «цэлы» каплун, засаджаны ў «бутлік» (для гэтага з каплуна здымалі скуру, запіхалі яе ў бутэльку, напаўнялі праз лейку малаком і яечнымі жаўткамі, а потым усё разам варылі ў кіпетні). Рыбу фаршыравалі свінінай, свіней — індычацінай, індыкоў — рыбай. Птаству, піша Кітовіч, «выкрыўлялі дзівачна ногі, крылы, галовы, рабілі фігуры, да стварэння божага не падобныя, і такія стравы лічыліся самымі моднымі і густоўнымі».

А цяпер паглядзім, што ела шляхта ў розных мясцінах Беларусі.

Поўнач. Ушачы. На вячэру ўдзельнікам сейміка былі пададзены «кручаныя зразы, розная квашаніна, некалькі вазаў з расолам і такое мноства смажанай дзічыны, што аж стол прагінаўся... Была смажаная ласіна і сарніна, галовы і кумпякі дзікоў, мядзведжыя лапы — усё гэта займала сярэдзіну велізарнага стала; на шырокіх алавяных бляхах былі ўзведзены горы з зайцоў і рознага птаства, апрача таго, на асобных рантавых місах стаялі блінцы да зразаў і да расолу. Пакаштаваўшы па чарзе старой гарэлачкі, мы пачалі выдатна закусваць, запіваючы тлустыя кавалкі цудоўным трапным мёдам, якога поўныя пляшы стаялі на каміне»3.

Цэнтральная Беларусь. Нясвіж. У даволі сціплае меню «матросаў» радзівілаўскага флоту (а яны набіраліся са шляхты) уваходзілі наступныя стравы: «боршч, вараная капуста, тушаная капуста з мясам, грэцкая, ячменная і пшанічная кашы, грэцкія і пшанічныя клёцкі — часам з дабаўкай сыру; з гародніны ўжывалі рэпу і буракі; у нядзелю, чацвер і па святах давалі па паўфунта свежага смажанага мяса; у панядзелак і ў аўторак — па паўфунта вэнджанага або соленага мяса, а ў сераду пятніцу і суботу (посныя дні— аўт.) — салодкія стравы і гародніну з алеем; праз чатыры тыдні каляднага посту і ўвесь Вялікі пост матросы таксама елі ўсякую страву, запраўленую алеем»4. У тым жа Нясвіжы наведвальнікаў бернардзінскага кляштара частавалі «каўбасой, так званай верашчакай, з соусам падрыхтаванай».

Поўдзень Беларусі. Кленікі на Брэстчыне. У дзеда Нямцэвіча на абед былі «белены боршч з галёнкай, кавалак мяса з хрэнам, парасяціна на шэра і заяц смажаны; замест мельшпайсу (салодкай заварной стравы з мукі, малака і яек — аўт.) — грэцкая каша са шведамі (скваркамі — аўт.)» (Нямцэвіч, 1,12). На святы варылі «крупнік з паўгускамі, капусту з мясам і яблыкамі». На куццю ж абавязкова падаваліся «суп міндальны з разынкамі, боршч з вушкамі (разнавіднасць пельменей — аўт.), грыбамі і селядцом», «шчупак з шафранам, праснакі з макам і мёдам, акуні з алеем і дробна парэзаным яйкам» (Нямцэвіч, І, 19).

Традыцыйная шляхецкая кухня падрабязна і з веданнем справы апісана ў Кітовіча: «На пачатку панавання Аўгуста ІІІ, калі яшчэ пераважаў старасвецкі звычай, не было занадта вытанчаных страў. Расол, боршч, смажаніна, тушаная капуста з кавалкамі рознага мяса, каўбасы і саланіны — называлася яна гультайскім бігасам; затым — гусяціна, вараная са смятанай і з дробна парэзанымі сушанымі грыбамі, пярловай кашай засыпаная; чорная гусь, якую ў меншых паноў рыхтавалі так: кухар паліў на вугаль вехаць саломы, выцягнутай, калі не было чыстай, у поспеху з ботаў, дабаўляў да гэтага лыжку або больш свежага мёду, даліваў да ўсяго паводле патрэбы якога моцнага воцату, мяшаў з той спаленай саломай, засыпаў перцам і імбірам — і тады ўся гуска станавілася чорнай; гэту страву вельмі любілі і падавалі ў час самых пышных банкетаў» (Кітовіч, 422—423).

На першае часцей за ўсё елі «боршч літоўскі». Паводле тагачасных «зельнікаў», ён рабіўся або з адных буракоў, або «з каплунамі ці з іншымі прыправамі — з яйкам, смятанай, просам»5. Лічылася, што такі боршч лечыць ад гарачкі і наталяе смагу пасля перапою. Часта варыліся таксама грыбная поліўка, расол. У канцы стагоддзя з’явіліся булёны.

На другое ішло мяса — смажанае, печанае, варанае. «На стол ставіліся дзве або тры велізарныя місы з пірамідамі, укладзенымі з рознай смажаніны,— іх уносілі двое гайдукоў, бо адзін не ўзняў бы. У нізе той піраміды былі два вялікія кавалкі засмажанай ялавічыны, на іх ляжала адна і другая чвэртка цяляціны, затым — бараніна, потым — індыкі, гусі, каплуны, курчаты, курапаткі, бакасы — чым вышэй, тым меншае птаства. З тых пірамід, а таксама міс і паўміскаў госці, больш здатныя да рэзання, бралі па просьбе гаспадара смажаніну, рэзалі, частавалі ўсіх навокал і, не забыўшы пакінуць сабе самы лепшы кавалак, абыходзілі ўсіх і самі елі» (Кітовіч, 425). У пост падавалі на стол рыбу, бабровыя хвасты. Не грэбавалі і рознай «брыдотай» — слімакамі, жабамі, чарапахамі, вустрыцамі, курынымі грабянцамі, прыпяканымі над свечкай. У канцы стагоддзя пашырыўся французскі звычай рабіць фаршы.

На салодкае ў саксонскія часы елі пірагі, цвёрдыя пончыкі, якімі можна было, «трапіўшы ў вока, зрабіць сіняк». Потым — «торты і французскія цесты», зробленыя на старым, «пазелянелым» масле і «жоўтым цукры». Сярэдзіну стала займалі падносы з «навамоднымі цукрамі». Яны ўтваралі «доўгую галерэю або паркавую алею, або гарадскую вуліцу — у залежнасці ад фантазіі кандытара». Па берагах тых падносаў «у маленькіх карафінках былі розныя мокрыя варэнні: вішні, парэчкі, агрэст, слівы чорныя, слівы зялёныя, грэцкія арэхі, а пры падносах на фарфурках ставілі варэнні сухія: у цукры смажаныя грушкі, міндаль, паліваны белым цукрам, і аніс, такім жа спосабам падрыхтаваны; цукровае марожанае, гэта значыць маса з цукру, смятаны, малінавага або іншых сокаў, ад холаду зацвярдзелая і ўмелай рукой кандытара ў дыні і арбузы сфармаваная; урэшце — жэле з мяснога расолу і цукру, бісквіты, макароннікі, пернікі і свежая садавіна» (Кітовіч, 437—438). Зімой фрукты завозілі з Поўдня (асабліва цаніліся лімоны) або вырошчваліся ва ўласных аранжарэях, якія, паводле ўспамінаў Л. Патоцкага, былі тады ў Беларусі нават у «напаўразваленых дварах». З прысмакаў мемуарысты называюць яшчэ «гданскае малако» (смятана з міндалем), «малако рэзанае» і «яешню з віном». Салодкія стравы ўпрыгожваліся вершаванымі надпісамі — павучаннямі і тостамі, якія выходзілі з-пад пяра «хатніх паэтаў».

Як ужо гаварылася ў папярэдніх раздзелах, тагачасная шляхта піла часта і многа. У пачатку стагоддзя раскашаваліся традыцыйным «пітным мёдам» — простым «ліпцом», моцным «паўтараком», «вішнёўкамі» і «маліннікамі», для вырабу якіх бралі палавіну мёду і палавіну ягад. Потым на ўласных броварах сталі гнаць гарэлку. Жытнёвая, паводле Ходзькі, называлася «хлебам штодзённым», пшанічная — «хлебам святочным». Сырэц пераганялі ў кубах («алембіках») з рознымі карэннямі, травамі і ягадамі і такім чынам атрымоўвалі анісаўку, кмяноўку, палыноўку, цынамонаўку, настойку на персікавых костачках. З завозных гарэлак найбольш цанілі фруктовую ратафію і настоеную на карэннях крамбамбулю. Пілі іх маленькімі кілішкамі, закусваючы пернікамі або варэннем. Настойкамі, сцвярджае Кітовіч, захапляліся не толькі мужчыны, але і жанчыны. «Яны часта хадзілі ў аптэчку і там, заліваючы млосную поліўку гарэлкай, часта станавіліся рознымі ведзьмамі, дзівачкамі, хімерычкамі і агністымі п’яніцамі».

У мемуарах М. Залескага, Г. Герычовай, Г. Жавускага, Е. Кітовіча сустракаюцца таксама звесткі пра тагачасную сельскую гаспадарку — асушальныя работы, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам гідратэхніка Шульца на Палессі, развядзенне бульбы, даволі высокія ўраджаі жыта на Навагрудчыне, здабычу торфу. М. Матушэвіч, Л. Энгельгарт, Ф. Булгарын, Я. Ахоцкі, С. Тучкоў падрабязна апісалі стан дарог, транспартныя сродкі, выгляд корчмаў, у якіх спыняліся падарожнікі.

Мемуарныя крыніцы дазваляюць зрабіць вывад, што ў XVIII стагоддзі ўзровень матэрыяльнай культуры ў Беларусі быў даволі высокі. У шляхецкі быт уваходзілі дарагія рэчы, творы мастацтва. Але набываліся яны не ўласнай працай, а працай прыгонных сялян.

 

1 Kuchowicz Zbigniew. Obyczaje staropolskie XVII — XVIII wieku, s. 32.

2 Аддзел рукап. б-кі Чартарыскіх у Кракаве, рукап. 959, с. 103.

3 Chodźko Ignacy. Pamiętniki kwestarza, s. 39.

4 Dziennik Literacki, 1864, nr 20, s. 252.

5 Bojarska Natalja, Wieczorkiewicz Bronisław. Dobra wieść — niosajeśe. Warszawa, 1979, s. 142.

Культура духоўная

Мемуарыстыка з’яўляецца таксама каштоўнай крыніцай па гісторыі духоўнай культуры Беларусі — у першую чаргу літаратуры, тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтваў, бібліятэчнай і музейнай спраў. Дзякуючы гэтай крыніцы мы можам выявіць новыя імёны і тэксты мастацкіх твораў, удакладніць вядомыя факты.

Тагачасныя дзённікі і ўспаміны пацвярджаюць выказанае рознымі даследчыкамі меркаванне, што духоўная культура Беларусі вызначалася ў XVIII стагоддзі складанасцю, супярэчлівасцю. З аднаго боку, актыўна дзейнічалі сілы контррэфармацыі, якія насаджалі сярэдневяковую схаластыку, розных адценняў ідэалізм. Кансерватары ўсяляк супрацьдзейнічалі правядзенню грамадскіх рэформ, спыненню шляхецкай анархіі. Філалагічная навука зводзілася да ўмення «плесці вершы», астраномія — да астралогіі, матэматыка і геаметрыя — да вайсковай фартыфікацыі. Асаблівай папулярнасцю карысталіся псеўдадаведнікі тыпу «Новых Афін», дзе сур’ёзна сцвярджалася, нібы жыхары Індыі маюць сабачыя галовы і ядуць, пасыпаўшы соллю, уласныя языкі. З другога боку, на хвалі Асветніцтва пашырыліся рэлігійны скептыцызм, антыклерыкалізм, рацыяналізм, прыродазнаўчыя веды. У другой палавіне стагоддзя значны крок уперад зрабіла грамадска-палітычная і навукова-філасофская думка Беларусі, прадстаўленая імёнамі М. Пачобута-Адляніцкага, Б. Дабшэвіча, А. Доўгірда, К. Нарбута, М. Карповіча, І. Храптовіча і іншых асветнікаў (на жаль, самі ўспамінаў яны не пісалі, а звесткі пра іх у мемуарных крыніцах вельмі эпізадычныя). Пасля рэформы, праведзенай у 1773 годзе Камісіяй нацыянальнай адукацыі, у Беларусі пашырылася сетка свецкіх сярэдніх школ. Па ініцыятыве А. Тызенгаўза ў Гродне адкрылася медыцынская акадэмія (школа), аналагаў якой не было ў той час ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў Расійскай імперыі. Яе кіраўнік, вядомы даследчык прыроды Ж. Жылібер, арганізаваў пры акадэміі батанічны сад, анатамічны музей, бібліятэку, наладжваў з вучнямі навуковыя экспедыцыі, выдаў у Гродне два тамы «Літоўскай флоры». У Гродне ж выношваўся праект стварэння мясцовай акадэміі навук.

У другой палавіне XVIII стагоддзя ў Беларусі значна пашырылася сетка друкарняў (Гродна, Нясвіж, Мінск, Полацк, Магілёў, Слонім, Шклоў). У іх прадукцыі ўсё большую ўдзельную вагу займала свецкая літаратура, падручнікі, мастацкія творы мясцовых аўтараў. Побач з легальнымі выданнямі распаўсюджваліся і патаемныя. Аднойчы польскі кароль, даведаўшыся, што Гуроўскі з Жавускім без дазволу друкуюць у Нясвіжы розныя «дыярыушы і сеймавыя прамовы», загадаў забараніць іх, бо з гэтага маглі б вынікнуць «пашквільныя дзівосы»1. Дарэчы, пашквілі, друкаваныя і рукапісныя, тады былі ў модзе, асабліва ў час гродзенскіх пасяджэнняў сейма, розных канфедэрацый і трыбуналаў. Ахоцкі заўважыў, што калі адзін з дэпутатаў трыбунала стаў яўна браць узяткі, «усе месцы, дзе расклейваліся афішы, запоўніліся пашквілямі».

У часы Асветніцтва ўзрасла колькасць бібліятэк. Калі раней сярэдні шляхціц і нават магнат задавальняўся некалькімі малітоўнікамі, календарамі, «зельнікамі» і «астралагічнымі прагностыкамі», то цяпер узнікаюць кнігазборы ў некалькі тысяч і нават дзесяткаў тысяч тамоў (Нясвіж, Слонім, Ружаны, Гродна, Шчорсы). Побач з мясцовымі выданнямі ў іх сустракаюцца творы Ф. А. Вальтэра і Ж. Ж. Русо, славутая французская «Энцыклапедыя», для якой пісалі артыкулы таксама аўтары з Беларусі Адзін з Сапегаў паведамляў з Парыжа ў Беларусь, каб «прадалі на вагу старыя шпаргалы», бо ён купляе ў французскай сталіцы новыя кнігі для свайго збору. Ф. Карпінскі даставаў у Шарашове французскія кніжкі, якія перакладаў потым на польскую мову.

Кніжныя калекцыі спалучаліся з музейнымі, рукапіснымі. Многа старажытных беларускіх рукапісаў было ў шчорсаўскай бібліятэцы І. Храптовіча, які сам пісаў вершы на беларускай, лацінскай і польскай мовах. У Нясвіжы, у велізарных залах са скляпеннямі, захоўваўся архіў «Літоўскай метрыкі» — «храналагічна раскладзеныя пергаміны з прывешанымі пячаткамі, у сярэбраных, пазалочаных, бронзавых вокладках, у скураных футлярах, у багата аздобленых сувоях, што нагадвалі старажытныя папірусы; акрамя таго, цэлыя шэрагі тамоў, расстаўленыя на паліцах паводле дат і паходжання, утрымлівалі перапіску папаў, князёў, іншых дастойных і слаўных асоб»2. У нясвіжскім музеі прыцягвалі ўвагу старадаўняя зброя, косці дагістарычных і экзатычных жывёлін, трафеі, здабытыя Янам ІІІ Сабескім у перамозе над туркамі пад Венай (у тым ліку вялізны шацёр везіра).

У шляхецкіх дамах захоўвалася многа рукапісных кніг «усякай усячыны». Туды ўваходзіла філасофская і інтымная лірыка, гумарыстычныя і парадыйна-сатырычныя творы, панегірыкі, эпітафіі, сямейныя дыярыушы, а таксама медыцынскія і кулінарныя парады, фінансава-гаспадарчыя разлікі. Частка гэтых унікальных зборнікаў дайшла да сённяшніх дзён і істотна папоўніла нашы веды пра тагачаснае літаратурнае і мастацкае жыццё, частка ж бясследна загінула або яшчэ не знойдзена.

 

1 Korespondencja księcia Karola Stanisława Radziwiłła. Kraków, 1898. S. 240.

2 Kraszewski J. І. Król w Nieświeżu, s. 163, 248.

Мастацкая літаратура

Мемуарыстыка яшчэ раз пацвярджае выказаную мной раней думку, што літаратура Беларусі мела ў XVIII стагоддзі шматмоўны характар. Уласна беларускія творы займалі ў ёй нязначнае месца. Тагачасныя пісьменнікі, асабліва мемуарысты, якія нарадзіліся або жылі ў Беларусі, пісалі і друкаваліся на іншых мовах — польскай (Ю. Нямцэвіч, А. Нарушэвіч, М. Матушэвіч, Ф. Карпінскі, Ф. і Я. Багамольцы, Ф. Князьнін, Ф.-У. Радзівіл, І. Быкоўскі, Т. Глінская і інш.), рускай (І. Сакольскі, Г. Дабрынін), лацінскай (М. Карыцкі), стараславянскай (Г. Каніскі), французскай і іншых мовах. На гэтых мовах выдаваліся кнігі ў мясцовых друкарнях. Па-польску друкаваліся першая на тэрыторыі Беларусі газета («Gazeta Grodzieńska»), гродзенскія, полацкія і магілёўскія календары. Пераважна польскімі і рускімі творамі былі прадстаўлены барока, класіцызм і сентыменталізм. У беларускай літаратуры гэтыя напрамкі таксама знайшлі сваё развіццё1. Аднак у адрозненне ад пануючых тут «суседніх» літаратур беларуская літаратура заставалася тады пераважна «плябейскай» — рукапіснай і ананімнай. Пакуль што мы ведаем прозвішчы толькі трох аўтараў XVIII стагоддзя, якія пісалі на беларускай мове, — Каятана Марашэўскага, Міхала Цяцерскага і Дамініка Рудніцкага (апошні застаецца пад пытаннем). Да таго ж ніводзін з іх не пакінуў мемуараў (успаміны напісаў брат Міхала Цяцерскага Фаўстын, але яны пераважна прысвечаны прабыванню ў Сібіры).

На жаль, славянская мемуарыстыка слаба ўзбагачае гісторыю беларускай літаратуры XVIII стагоддзя. Дзякуючы ёй мы можам сёння назваць толькі адзін невядомы раней беларускі твор — верш 1784 года на прыезд у Дубою ля Пінска польскага караля Станіслава Аўгуста, змешчаны ў ананімным «Дыярыушы падарожжа»2. Некаторыя мемуарысты, безумоўна, ведалі ці нават мелі ў сваіх паперах беларускія паэтычныя тэксты (Ф. Карпінскі — вершы Ф. Рысінскага, К. Завіша — інтымную лірыку), але або не ўпаміналі пра іх увогуле, або толькі называлі творы (Завіша). З усіх разгледжаных у гэтай працы крыніц па сваёй мове набліжаецца да беларускай толькі адзін жыццяпіс І. Турчыноўскага.

Куды больш у славянскай мемуарыстыцы матэрыялаў па гісторыі шматмоўнай літаратуры Беларусі. Уласна кажучы, амаль кожны разгледжаны тут твор з’яўляецца помнікам гэтай літаратуры. Апрача таго, у дзённіках і ўспамінах мясцовых аўтараў характарызуецца тагачаснае творчае жыццё. З мемуараў Ф. Карпінскага і М. Матушэвіча вынікае, што дзейнічалі яны не ў «інтэлектуальным вакууме», а ў даволі ажыўленым літаратурным асяроддзі. Вакол іх канцэнтраваліся маладыя сілы. Так, у Ф. Карпінскага былі плённыя кантакты з А. Хадкевічам, І. Калакоўскім, С. Клакоцкім і іншымі аўтарамі, якія жылі на Гродзеншчыне і Брэстчыне. Знаходзячыся ў Беларусі, «паэт сэрца» напісаў нямала вершаў, трактат «Размовы Платона са сваімі вучнямі», які быў выдадзены ў Гродне. М. Матушэвіч падрабязна расказвае аб сваіх творчых кантактах, рабоце над перакладамі сатыр Гарацыя, арыгінальнымі творамі (адзін з вершаў быў ім падараваны польскаму каралю разам з... хортам, за якога аўтар заплаціў нейкаму Міхневічу «дзесяць чырвоных злотых і стог сена»). Пэўныя літаратурныя сілы канцэнтраваліся тады вакол І. Быкоўскага ў Мінску, С. БогушаСестранцэвіча ў Магілёве, І. Храптовіча і Т. Глінскай у Шчорсах, А. Нарушэвіча ў Пагосце на Палессі, на дварах Радзівілаў, Зорыча, Агінскага і Тызенгаўза.

Дзякуючы творам мемуарыстыкі сёння паўстаюць з небыцця невядомыя раней імёны, факты мясцовага літаратурнага жыцця. Васілій Пасек піша, што пры вобыску ў яго знайшлі акравершы, у якіх «ганьбілася гасударыня імператрыца Кацярына ІІ». Спачатку ўладальнік, «баючыся загубіць сачыніцеля», прызнаў іх сваімі, але потым па почырку пазналі сапраўднага аўтара — ім аказаўся Сімановіч, «былы сталаначальнік Магілёўскай казённай палаты». Даведаўшыся аб усім, Кацярына ІІ сказала: «Я даручаю часу знішчыць гэтыя акравершы». Але тым не менш аўтара ўсё ж саслалі на дваццаць гадоў у Сібір3. Г. Герычова ўспамінала свайго дзядзьку Станіслава Рэйтана, які «гладка і міла пісаў вершы, але ніколі не друкаваў іх. Можа, яшчэ дзе-небудзь ляжаць яны ў Грушаўцы» (Герычова, 10). Далей ва ўспамінах ідзе вялікая цытата з сентыменталісцкага верша невядомага сёння аўтара ў перакладзе... з французскай на польскую мову.

Прыехаўшы на Магілёўшчыну, Г. Дабрынін знайшоў там нямала людзей, якія спрабавалі свае сілы ў паэзіі. Сярод іх быў і другі сакратар рагачоўскай канцылярыі Шпынёў, «вучань слаўнага Ламаносава, чалавек з латынню, з нямецкай мовай і з вершатворствам». «Я хаця не быў знаёмы з вучонасцю,— прызнаецца Дабрынін, — аднак жа адрозніваў ямбы ад харэяў, харэі ад дактыляў і інш., спасцігаў педэсы або стопы, рыфмы доўгія, кароткія, багатыя, напаўбагатыя і інш. Да гэтага, можа быць, не ставала міфалогіі і шчаслівай прыроды.

Але мяне гэтыя дробязі не турбавалі... Мы далі волю нашым талентам. Рабілі ў доме князя (Гарчакова — аўт. ), для прыемнага правядзення часу, надпісы ў некалькі радкоў на кватэры некаторых жыхароў горада, якіх знаходзілі дастойнымі нашага любамудрага пяра, і лёгка выклікалі смех і рогат у нашага гаспадара, бо ён не ладзіў з некаторымі людзьмі, якім адрасавалі мы вершы... Мы не больш мелі асцярожнасці, чым наш князь развагі; ён часам чытаў нашы радкі адной або некалькім асобам, якія наведвалі яго, і ўсе аднолькава рагаталі, хаця не ўсе аднолькава мыслілі. Мне часам прыходзіла ў галаву што гэта нам дабра не прынясе, але, з другога боку, мой паэтычны геній і мая тагачасная развага ціхенька мне вешчавалі: «Якая табе справа да таго, што нехта абурыцца? Няхай тут выявяцца твае таленты, і ўсе даведаюцца, што ты майстар пісаць вершы» (Дабрынін, 169—170).

Як і трэба было чакаць, сатырычныя вершы вальнадумцаў выклікалі перапалох сярод мясцовых саноўнікаў. Першы сакратар канцылярыі Судзейкін данёс пра іх «ваяводзе» Малееву. Нават дабавіў «у сваім даносе», быццам бы абодва аўтары «не пашкадавалі ў эпіграмах і самога ваяводу». Малееў выклікаў Дабрыніна і моцна аблаяў яго, папракаў у тым, што ён падвёў І. Вязміцінава, рускага драматурга, які раней рэкамендаваў яму «пашквілянта» як «сумленнага чалавека».

У рэшце рэшт рагачоўскія саноўнікі, князь Гарчакоў і Малееў, пасварылі сяброў. Яны папрасілі Дабрыніна на «чырвоны пунш» і нібы паміж іншым сказалі яму, што Шпынёў пакрыўдзіўся на яго за эпіграму і нават падаў скаргу. А паколькі эпіграма была прыкладзена да скаргі, то прысутныя запатрабавалі, каб аўтар публічна яе зачытаў. З прыведзенага тэксту відаць, што пакрыўдзіцца сапраўды было за што:

 

Что чадна голова, глаза, лицо окисли,

Что брюхо на ноги, чело на нос обвисли,

В смердячей хижине гнилой свой труп скрывает,

С похмелья весь дрожит, свирепо ртом зевает.

То славной муж Шпынев, что всем чертит стихи,

Не зря на свой порок и пьяные грехи.

 

Крыху пазней, у 1795 —1799 гадах, у Магілёве «старшынём дэпартамента быў нехта Мурашэвіч, а сакратаром Хамкін, занятыя тым, што маглі пісаць вершы». В. Марчанка мяркуе, што ўзровень іх «не быў падз’ячы»4. На жаль, вершы Мурашэвіча і Хамкіна да нас не дайшлі.

Больш пашчасціла творам рускага пісьменніка Івана Сакольскага. Ён працаваў настаўнікам у Полацкім вышэйшым народным вучылішчы, пісаў класічныя оды. Да гэтага часу былі вядомы тры тэксты яго од. У «Запісцы» ж Аляксандра Луніна прыведзена чацвёртая. З гэтым творам полацкі паэт выступіў публічна, калі Лунін здаваў намесніцтва Няклюдаву. Ад’езд полацкага правіцеля супрацьпастаўляецца адбыццю іспанскіх заваёўнікаў з Амерыкі:

 

Правителей как пременяли

Колумбом в найденных странах,

С проклятием их провожали,

Притом весь оставляли страх.

 

Іншую памяць пакідае пасля сябе «мецэнат» Лунін. Злосць не можа выступіць супраць яго «сапраўдных спраў». «Разнародным» беларускім краем ён правіў справядліва. Таму і нажыў тут «няўдзячных» ворагаў. Але наперакор ім Сакольскі ўсклікае:

 

Места сих крайних стран оставя,

Живи счастлнво, меценат!

Живи как жил, страной сей правя.

Прожитых больше лет стократ!

 

Славянская мемуарыстыка дае дадатковы матэрыял пра сувязі шматмоўнай літаратуры Беларусі з тагачаснай заходнееўрапейскай літаратурай. С. Шантыр і Г. Жавускі пішуць (вядома, з асуджэннем) пра незвычайную папулярнасць сярод мясцовай шляхты твораў Ф.-А. Вальтэра. Выдатны французскі асветнік асабіста ведаў некаторых жыхароў Беларусі, у тым ліку саветніка магілёўскага намесніцкага праўлення Васіля Іпаціча Палянскага. Як відаць з цытаваных Дабрыніным урыўкаў з перапіскі Кацярыны ІІ, Палянскі сустракаўся ў Парыжы з Вальтэрам, многа расказваў яму пра Расію. З пісем да імператрыцы відаць, што Вальтэр «любіў і паважаў» Палянскага (Дабрынін, 231).

Як гаворыцца ва ўспамінах С. Мараўскага5 сур’ёзна падумваў аб пераездзе ў Беларусь Ж. Ж. Русо. Гродзенскі мецэнат А. Тызенгаўз абяцаў пабудаваць яму ў Белавежскай пушчы ідылічную хатку, адмежаваць яго ад «сапсаванай гарадской цывілізацыі», жыццёвых клопатаў. Аднак ажыццяўленню гэтага намеру перашкодзіў ураджэнец Беларусі Вяжэвіч. Выведаўшы сцежку, па якой любіў хадзіць Русо, ён усеўся зводдаль і пачаў горка плакаць, а потым расказаў пісьменніку прыдуманую сентыментальную легенду. Аўтар «Юліі» расчуліўся, узяў Вяжэвіча да сябе сакратаром, даручыў весці прыём наведвальнікаў. Многія з іх прыходзілі з падарункамі. Русо катэгарычна адмаўляўся ад іх, але ад імя свайго гаспадара іх стаў браць Вяжэвіч. Даведаўшыся пра гэта, пісьменнік прагнаў несумленнага сакратара і перастаў думаць пра перасяленне ў Беларусь, мяркуючы, што там усе такія ж ашуканцы, як Вяжэвіч.

Літаратурнае жыццё тагачаснай Беларусі ў пэўнай ступені характарызуюць таксама прыведзеныя ў мемуарыстыцы звесткі аб рэпертуары школьных, прыдворных і гарадскіх тэатраў. Гэты рэпертуар складаўся з твораў заходнееўрапейскіх (Мальер, Русо, Вальтэр) і мясцовых аўтараў. А са школьнай сцэны нярэдка гучала беларуская мова («Камедыя» К. Марашэўскага, пераробка Мальераўскага «Доктара па прымусу» Цяцерскага, «Вакханалія», інтэрмедыйныя ўстаўкі да драм-маралітэ).

 

1 Гл.: Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII—XVIII ст.). Мінск, 1980.

2 Аддзел рукап. б-кі Чартарыскіх у Кракаве, рукап. № 959, с. 75.

3 Русский архив, изд. 2-е, столб. 647.

4 Марченко В. Автобиографическая записка...— Русская старина. т. 85, № 3, с. 474.

5 Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie. Warszawa, 1924.

Тэатр

У XVIII стагоддзі ў Беларусі буйна расцвіло тэатральнае мастацтва. Гэтаму садзейнічалі эстэтычныя густы барока. У адпаведнасці з імі наладжваліся пышныя відовішчы, заснаваныя на кантраснасці, парадаксальнасці. У тэатральных прадстаўленнях сінтэзаваліся розныя віды і жанры мастацтва: з’явіліся оперы-балеты, камедыі-оперы, трагікамедыі. Слова і музыка, рух і колер усё было скіравана на тое, каб запаланіць зрок і слых, уздзеннічаць на пачуцці чалавека (у канцы XVIII стагоддзя — на розум).

У відовішчах выкарыстоўваліся складаныя тэхнічныя эфекты. У слонімскім тэатры Агінскага, разлічаным на дзве тысячы гледачоў, на сцэну магла ўязджаць конніца; у выпадку ж неабходнасці сцэна прыбіралася, размешчаны пад ёй басейн запаўняўся вадой, на ёй з’яўляліся сапраўдныя лодкі, якія імітавалі марскі бой. Дэкарацыі маляваліся на задніках і на слупах-чатырохгранніках, пры павароце якіх цалкам змяняўся від. Гром імітавалі, коцячы за сцэнай у мяшку каменні, вецер — выдзімаючы вялікія мяхі. Акцёры апраналіся ў багатыя касцюмы, якія пасля спектакля запіраліся ў інтэнданцкія шафы.

У XVII стагоддзі Беларусь ведала толькі адзін тып тэатральных відовішчаў — школьныя. Яны захоўваюцца і ў XVIII стагоддзі. Школьныя рэлігійныя драмы-маралітэ і камедыі ставіліся ў Нясвіжы, Навагрудку, Мінску, Брэсце, Забелах, Жыровіцах, Жодзішках і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У брэсцкай езуіцкай калегіі, успамінаў потым Нямцэвіч, «старэйшыя студэнты звычайна выконвалі дыялогі накшталт сённяшніх меладрам. У адным з іх паказваўся святы Францішак Ксаверы, які ў Індыі абараняў горад ад няверных. Вежы і муры былі намаляваны на кардоне. Індусы стралялі да іх з лукаў, падалі замкі і вежы, але калі сярод дэкарацый паказваўся св. Ксаверы, паваленыя муры зноў вяровачкамі ўзнімаліся ўверх. У другой п’есе выступаў святы Антоній з Падуі, які над берагам мора гаварыў казанне для рыб; карпы, шчупакі, акуні, ракі слухалі святога, высунуўшы з вады галовы з разяўленымі зяпамі. Прызнаюся, што і я слухаў, нібы малая плотачка, здзіўляўся і верыў» (Нямцэвіч, І, 19). На Каляды .брэсцкія шкаляры хадзілі з батлейкай і дыялогамі па навакольных вёсках. Іх выступленні захаплялі дзяцей больш, чым «пазнейшыя оперы Расіні».

Аднак з другой паловы XVIII стагоддзя пачынаецца ўпадак школьнага тэатра. Разам з закрыццём езуіцкіх калегій (1773) спыняюцца езуіцкія школьныя відовішчы. У бяднейшых піярскіх і базыльянскіх калегіях прадстаўленні наладжваліся рэдка. У канцы XVIII стагоддзя ў Беларусі існаваў толькі адзін школьны тэатр — у дамініканскай калегіі ў Забелах (на Полаччыне), дзе мясцовыя аўтары (К. Марашэўскі, М. Цяцерскі, І. Юрэвіч) пісалі для вучняў трагедыі, камедыі, аперэты і арацыі на польскай і беларускай мовах.

Затое з сярэдзіны стагоддзя, на хвалі Асветніцтва, пачынаюць бурна развівацца прыдворныя (прыгонныя) тэатры (Гродна, Нясвіж, Слуцк, Слонім, Ружаны, Шклоў, Чачэрск і інш.). На іх сцэнах выступалі як прафесійныя акцёры (французскія, італьянскія, польскія, нямецкія), так і мясцовыя аматары (з кадэтаў, слуг), дзеці прыгонных сялян, якія праходзілі грунтоўную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам замежных спецыялістаў (у гродзенскай тэатральна-мастацкай школе А. Тызенгаўза выкладаліся французская і італьянская мовы). Потым прыгонныя акцёры з поспехам выступалі на пецярбургскай, варшаўскай, гродзенскай і львоўскай сцэнах.

Мемуарныя крыніцы даволі падрабязна інфармуюць нас аб дзейнасці нясвіжскага, слуцкага і шклоўскага прыдворных тэатраў. Першае ўпамінанне аб прадстаўленні ў Нясвіжы датуецца 13 мая 1746 года, калі Міхал Радзівіл запісаў у сваім дыярыушы: «Пасля абеду я з усёй кампаніяй ездзіў у Альбу; там пад адкрытым небам адбылася вельмі прывабная камедыя, якую напісала мая жонка (Францішка Урсула — аўт.), ігралі ж мае дзеці, паненкі і прыдворныя, сумленныя людзі, пры адабрэнні ўсіх прысутных. Потым пад шатрамі была вячэра, за ёй пры цудоўнай ілюмінацыі феерверк адбыўся, урэшце вярнуліся мы начаваць у Нясвіж»1. Пазней аматараў змянілі прафесіяналы. Пры Пане Каханку «капэла, якая складалася з шасцідзесяці музыкантаў, іграла ў замку штодзённа, у час абеду і вячэры, у тэатры і на вячэрніх балях, ніколі часу вольнага не маючы. Капельмайстраў было чатырох: Галанд, Наркевіч, Кіпрыяні і Каселі. У тэатры ж, апрача акцёраў, князь трымаў дваццаць хлопцаў і дваццаць дзяўчат для балета, якім кіраваў італьянскі балетмайстар Пецінеці. Хаця досыць тоўсты і цяжкі вагой тым не менш ён ледзь не ў паветры лётаў, здаваўся лёгкім, як пух» (Крашэўскі К. І, 97—98). Сярод прыгонных балерын трапляліся «вельмі прыгожыя, стройныя і надзіва зграбныя танцоркі», а самай лепшай сярод іх лічылася Саплікевічаўна, якая потым разам з настаўнікам малявання Маранці патаемна ўцякла ў Пецярбург і паступіла на імператарскую сцэну.

Паводле «Успамінаў пра князя Кароля Радзівіла», у нясвіжскім прыдворным тэатры месцілася да дзвюх тысяч чалавек, асвятлялі яго шэсць тысяч свечак і трыста каляровых лямпаў, упрыгожвалі вялікія «памеранцы» (апельсінавыя дрэвы). Асабліва пышныя прадстаўленні адбыліся тут у 1784 годзе, у сувязі з прыездам польскага караля. З італьянскімі арыямі выступалі сапраністы Нікалін і Альберціні. На развітанне каралю «цудоўна рэпрэзентавалі балет «Пігмаліён», які зрабіў вялікую прыемнасць прысутным і на іх жаданне тройчы паўтараўся»2.

Больш прымітыўны характар мелі спектаклі слуцкага прыдворнага тэатра. Пры Гераніме Радзівіле ў ім уладарылі немцы. Прадстаўленні выглядалі нейкім дадаткам да паляванняў і вайсковых муштраў. Вось некалькі запісаў з дыярыуша Міхала Радзівіла, які часта гасціў у Слуцку: «22. VI (1755 года — аўт.). Вячэра і камедыя нямецкая». «24. VI. Абедалі ў замку... Потым ігралі камедыю Марынета». «26. VI. Вярнуўшыся былі мы на камедыі нямецкай». «6. Х. Пасля абеду мы стралялі дзікіх свіней і адзінаццаць забілі, потым была опера італьянская». «7. Х. Здужалі ў звярынцы аленя, вярнуўшыся, былі на камедыі нямецкай». «4. VIII (1756 года — аўт.). Пасля абеду паляваў на кабаноў, потым былі на нямецкай камедыі, якую мой брат трымае з вялікім коштам». «5. VIII. У звярынцы адолелі лася і там вячэралі, вярнуліся ў Слуцк на камедыю нямецкую». «2. IV (1757 года — аўт.). Прыехалі ў Слуцк, былі на камедыі нямецкай, вячэраць вярнуліся ў стары замак, дзе і начуем»3. Слуцкі аркестр і балет выязджалі на гастролі ў Нясвіж.

11 красавіка 1757 года Рыбанька занатаваў: «Танцы людзей брата майго ў тэатры пасля камедыі». 9 ліпеня 1759 года: «Пасля абеду былі мы на італьянскай аперэце, балетах, якія выканалі танцоры і танцоркі майго брата».

У 1759 годзе замест часовага памяшкання ў Слуцку быў пабудаваны сталы «камедыхаўз». Гаспадар, Геранім Радзівіл, ахарактарызаваў яго так: «Зала для оперы і камедыі ўзведзена з вялікай пышнасцю. У ёй поўна люстэрак, падвешаных і насценных, у партэры лаўкі мякка высланы і абабіты сукном, побач такія ж выгодныя ложы, для нас жа, больш дастойных, канапа, абабітая пунсовым аксамітам, багата ўпрыгожаная галунамі, фрэнзлямі і крэпам, каля яе апрача звычайнай варты стаяць узброеныя грандмушкецёры, якія ўтвараюць дужа выдатную фігуру. Тэатр таксама дужа прыгожы, мае мноства розных сцэн, якія ў дэкарацыях змяняюцца, прыстойнае месца для аркестра, у якім выгодна размяшчаюцца да 40 чужаземцаў розных народаў, каб цешыць вуха спектатараў зладжанай мелодыяй». Побач з тэатрам знаходзіліся флігелі, у якіх жылі «артысты оперы, камедыі і аркестра, з танцмайстрамі і танцоркамі, якіх вывучыў тут з маіх прыгонных пан Пуціні, італьянец». Апрача таго, у Слуцку быў «партатыўны, пераносны тэатр, у якім ігралі марыянеткі (лялькі — аўт.), але так натуральна, што выглядалі не лялькамі, а жывымі істотамі, вельмі багата апранутымі»4. У 1759 годзе ў «камедыхаўзе» наладжваліся каштоўныя прадстаўленні ў сувязі з прыездам польскага каралевіча. Аднак гэта былі апошнія дні слуцкага тэатра. У 1760 годзе яго абрабавалі, здзерлі нават аксаміт з лавак, а ў наступным годзе, пасля смерці князя, дэкарацыі («коні, львы, сланы, караблі і трон») перавезлі, прыкрыўшы дзяружкамі, у Нясвіж.

Шклоўскі тэатр Зорыча даволі падрабязна апісаны ў мемуарах С. Тучкова, С. Панятоўскага і А. Пішчэвіча. Першаму з іх здалося, што балеты тут «былі вельмі добрыя, а таксама музыка і спевакі. Ніводзін слаўны музыкант, спявак альбо спявачка не маглі прыехаць з Еўропы ў рускія сталіцы, не даўшы некалькі канцэртаў у Зорыча. Ён шчодра іх узнагароджваў і так добра з імі абыходзіўся, што многія жылі ў яго па некалькі месяцаў і з удзячнасці давалі настаўленні ўласным яго музыкантам» (Тучкоў, 153). Фактычна, шклоўскім тэатрам кіраваў Цімалеон Альфонс Галіен дэ Салмаран, вучань Вальтэра, адзін з рэдактараў «першых у Расіі французскіх ведамасцяў», якія выдаваліся Маскоўскім універсітэтам. Перавабліваючы Салмарана ў Шклоў, Зорыч абяцаў яму «гатовы стол, кватэру, чатырох слуг і тысячу рублёў зарплаты», але слова сваё не стрымаў. Нягледзячы на тое, што Салмаран многа працаваў: іграў з жонкай «камедыі і оперы, для якіх сам пісаў і вершы, і музыку», «для развесялення кампаніі» паказваў у ратушы розныя фізічныя доследы, перад ад’ездам са Шклова, пасля двух гадоў вернай службы, яму давялося патрабаваць ад Зорыча, каб ён заплаціў за сачыненне і ігру ў тых камедыях (да таго ж ва ўласным адзенні) 800 рублёў, а яго жонцы, якая таксама «спявала і грала на клавікордах», 2400 рублёў5.

Апрача прафесіяналаў і прыгонных акцёраў на шклоўскай сцэне выступалі аматары з мясцовага кадэцкага корпуса. Пішчэвіч сцвярджаў, што яны ігралі камедыі і скакалі балеты «з дваццаццю сялянскімі дзеўкамі, выбранымі з вёсак пана Зорыча, асобамі такімі займальнымі, што кадэты сапраўды ахвотна ішлі на прадстаўленне» (Пішчэвіч, 291). Зрэшты, тое, што ў «камедыях» удзельнічалі кадэты, шляхціцы па паходжанні, выклікала скептычныя адносіны для каранаваных асоб. Калі ў Шклоў прыехалі Кацярыны ІІ і Іосіф ІІ, і Зорыч запрапанаваў паглядзець п’есу ў выкананні аматараў, аўстрыйскі імператар іранічна заўважыў: «Я не ведаў, што трэба паходзіць са шляхты, каб быць добрым блазнам»6.

Значна менш звестак захавалася пра іншыя прыдворныя сцэны Беларусі. Паводле Л. Энгельгардта, у 1781 годзе граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў арганізаваў у Чачэрску, сваім мястэчку, «высакародны тэатр, у якім была пастаўлена опера «Святая сям’я», спецыяльна напісаная С. К. Вязміцінавым, які тады служыў палкоўнікам, а музыка яе — графскім ад’ютантам п. Фрэйліхам. Потым ішла французская камедыя «Англаманы». Спектакль завяршыўся пралогам, які іграўся дзецьмі і быў напісаны графскім сакратаром Фёдарам Пятровічам Ключаровым» (Энгельгардт, 25—26). У тым жа годзе «Святая сям’я», сюжэт якой быў узяты з «рускага прастанароднага жыцця», выйшла ў свет у Маскве, ва універсітэцкай друкарні.

На спектаклях слонімскага тэатра, арганізаванага вялікім літоўскім гетманам Агінскім, прысутнічалі М. Залескі і Ю. Касакоўскі. Паводле першага з іх, дзякуючы гэтаму тэатру Слонім паспяхова «спаборнічаў з каралеўскай сталіцай». На прыезд інфлянцкага біскупа Касакоўскага Агінскі загадаў спецыяльна іграць новую оперу»7. Бываючы ў Ружанах, рэзідэнцыі вялікага літоўскага канцлера Аляксандра Сапегі, Нямцэвіч глядзеў спектаклі французскай і польскай труп, дзе выступалі «сялянскія дзеці, выхаваныя ў яго ж школе. У тым невялікім, але вельмі прыгожым тэатры выконвалі аперэту Ж. Ж. Руссо «Вясковы вядзьмар» (Нямцэвіч, І, 67).

У канцы XVIII стагоддзя ў беларускіх гарадах пачынаюць гастраляваць першыя прафесіянальныя трупы. У Гродне некалькі разоў пабывалі польскія артысты пад кіраўніцтвам Войцеха Багуслаўскага. У 1799 годзе тут ужо дзейнічаў «вельмі прыстойны тэатр, у якім давалі драмы, камедыі, а часам і балет, куды кадэтаў пускалі бясплатна» (Бранеўскі, 502). У час зімовых кантрактаў у Мінску «кожны вечар бывалі тэатральныя прадстаўленні, канцэрты, прыватныя і публічныя балі» (Булгарын, І, 124). У 1797 годзе, прыехаўшы ў Віцебск, Дабрынін даведаўся, што «будзе іграцца камедыя на польскай мове прыезджымі акцёрамі» (Дабрынін, 319).

Урэшце, у XVIII стагоддзі існаваў і народны тэатр. Па гарадах, мястэчках і вёсках хадзілі батлеечнікі, скамарохі, мядзведнікі, фокуснікі. Відовішча для народа наладжвалі вандроўныя цыркачы. Пра адно такое прадстаўленне (бадай, ці не першае ў Беларусі) гаворыцца ў І. Турчыноўскага: «Прилучившися з Киева два студента желали у Орши или в Могилеви ходить до школ, но неприняти за тим, что благочестивые (праваслаўныя — аўт.). С ними я потрудился, и на Светлое Воскресение выправили (у Шклове — аўт.) диалог з интермедиею. На якия многолюдствие благочестивых собралось, и римлян (католікаў — аўт.), i самих езовитов, и доминикан, и жидов. И все тому удивлялись, яко там, в тих краях, той вещи не видали. Не малую себе римляне болезнь и бесчестие принявши, умыслили, яко бы мя выгнать из города Шклова» (Турчыноўскі, 326).

 

1 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki, s. 157.

2 «Dziennik Literacki», 1864, nr 26, s. 352.

3 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki, s. 194.

4 Sajkowski Alojzy. Od Sierotki do Rybeńki, s. 204.

5 Барсуков Александр. Рассказы из русской истории XVIII века..., с. 281.

6 Poniatowski Stanisław. Pamiętniki synowca Stanisława Augusta, s. 58.

7 Kossakowski Josef. Pamiętniki. Warszawa, 1891, s. 90.

Музычнае і выяўленчае мастацтва

У цеснай сувязі з тэатральным развівалася тагачаснае музычнае і выяўленчае мастацтва. Мясцовыя кампазітары (Я. Голанд, Р. Вардоцкі, М. Агінскі, Ц. дэ Салмаран і інш.) пісалі оперы і аперэты. Прыдворныя мастакі (бацька і сын Гескія, Скшыцкі, Мікалаеўскі ў Нясвіжы) стваралі дэкарацыі. Тэатральныя залы ўпрыгожваліся жывапіснымі палотнамі, алегарычнымі скульптурамі, дэкаратыўнай разьбой па дрэве.

Мемуарысты сведчаць, што пры дварах магнатаў у XVIII стагоддзі былі музычныя капэлы. Раней згадваліся нясвіжскі і шклоўскі аркестры. У іх іграла да шасцідзесяці музыкантаў, замежных і мясцовых. Трымалі капэлы і ў меншых маёнтках. Бацькі Булгарына прывозілі на балі «музыку графа Юдзіцкага з Глуску». У Халобліне, каля Крычава, маёнтку Галынскіх, Ахоцкі застаў «шматлікую прыдворную музыку».

Уменне іграць на музычных інструментах і нават пісаць музыку ў XVIII стагоддзі стала модай. Удава Міхала Радзівіла, якая жыла ў Міры ў акружэнні дваццаці прыдворных дам, «сама кампанавала ім розныя песні, бо досыць добра пісала польскія вершы. Ноты ім таксама кампанавала, якія, падабраўшы розныя галасы, загадвала досыць мілагучна спяваць» (Матушэвіч, IV, 4). Паводле Булгарына, амаль кожная шляхцянка тады ўмела іграць на сяміструннай гітары. Шырока ва ўжытку былі фартэп’яна, арфы, медныя гуслі. Малодшая сястра будучага пісьменніка таленавіта іграла на ўсіх гэтых інструментах. Старэйшая ж на музычных вечарах брала ў рукі кларнет. «Сёе-тое праспяваць і зайграць некалькі твораў» умеў ужо ў дзяцінстве Л. Галамбёўскі.

Зусім іншыя музычныя інструменты былі пашыраны ў вёсцы. Капэлы, якія ігралі ў корчмах, на вечарынках і сялянскіх вяселлях, складаліся з дудара, скрыпача і цымбаліста. Жабракі спявалі ў суправаджэнні ліры.

У магнацкіх і шляхецкіх маёнтках працавала нямала мастакоў — жывапісцаў і гравёраў. Серыю радзівілаўскіх партрэтаў стварыў у Нясвіжы Г. Лейбовіч. У Матушэвіча быў нехта Неміроўскі, які «вельмі добра розныя копіі з самых лепшых італьянскіх арыгіналаў у Раснай маляваў». Потым мемуарыст смуткаваў, што яго брат пааддаваў гэтыя копіі, а таксама арыгінальныя творы Неміроўскага гродзенскаму падкамораму Юндзілу, бо «такога добрага мастака і такога таннага цяжка знайсці» (Матушэвіч, ІІІ, 199). У Галамбёўскіх вісеў на сцяне «малюнак велікана, якога, як кажуць, адкапалі, калі ставілі палац. Гэта быў твор нейкага вясковага Рэмбранта. Паводле мяне — дакладны партрэт губернатара Чуліцкага, толькі той Галіяф больш смуглявы і ў зброі» (Галамбёўскі, 5). Дарэчы, пра Рэмбранта. Багатая калекцыя партрэтаў славутага мастака захоўвалася ў XVIII стагоддзі ў Нясвіжы. У час паўстання 1794 года рускія генералы падарылі калекцыю Зубаву, той — сваёй сястры Жарабцовай, ад апошняй жа партрэты набыў купец Сапожнікаў, які размясціў іх у сваёй рэзідэнцыі ў Волжску1.

У XVIII стагоддзі ў Беларусі адрадзіўся рэнесансны тып эрудыта, дасведчанага ў самых розных навуковых дысцыплінах і відах мастацтва. Уладальнік Шчорсаў І. Храбтовіч быў філосафам, эканамістам, пісаў вершы і трактаты па эстэтыцы, калекцыяніраваў кнігі, рукапісы, карціны, гравюры. Пяру слонімскага мецэната М. Агінскага належаць (ці прыпісваюцца) пяць опер («Сілы свету», «Елісейскія Палі» і інш.), два вершаваныя зборнікі на польскай мове. Ён жа маляваў партрэты, іграў на арфе, якую значна ўдасканаліў, супрацоўнічаў з французскай «Энцыклапедыяй». Эрудытам, усебакова адораным чалавекам быў бацька М. Матушэвіча: «Ён дасканала ведаў замежныя мовы: французскую, італьянскую, нямецкую і крыху іспанскую, лацінскую, валодаў прыгожым стылем і почыркам. Дасканала разбіраўся ў грамадзянскай архітэктуры і добра маляваў, умеў іграць па нотах на флейце» (Матушэвіч, ІІ, 24). Такія людзі прадстаўлялі ўжо Новы час.

Як бачым, духоўнае жыццё тагачаснай Беларусі было даволі актыўным і разнастайным. Пасля заняпаду другой паловы XVII — пачатку XVIII стагоддзя наступіла ажыўленне амаль ва ўсіх сферах культуры. Плённа развіваліся шматмоўная літаратура Беларусі, кнігадрукаванне, тэатральнае, музычнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Побач з феадальнай культурай існавала народная. Яны супрацьстаялі адна адной, і ўсё ж адначасова атычна ўзаемадзейнічалі, узаемаўплывалі — прыгадаем лірычную і парадыйна-сатырычную паэзію, прыгонны тэатр, слуцкія паясы, урэцкае і налібоцкае шкло, царкоўную архітэктуру.

 

1 Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie, s. 276

Замест заключэння

Вось і разгледжаны адзін з этапаў развіцця шматмоўнай мемуарыстыкі Беларусі дакастрычніцкага часу, яе «інфармацыйны багаж» і адначасова — праз яе прызму — этап у развіцці быту і звычаяў. Грунтоўныя вынікі разгляду падводзіць, аднак, рана. Яны будуць зроблены толькі ў канцы наступнай кнігі, прысвечанай стагоддзю, у якім значна ўзрасце колькасць твораў мемуарнай літаратуры, а яна сама рашуча павернецца да народнага, сялянскага жыцця. Тады і будуць дадзены адказы, хаця б частковыя, на тыя пытанні, што пастаўлены ва ўступе, у сувязі з «Грыцам» Марыі Радзевіч.

Тут жа падкрэслім, што XVIII стагоддзе было важным этапам у развіцці мемуарнай літаратуры Беларусі. Калі раней, у XVII стагоддзі, дыярыушы пераважна бясстрасна фіксавалі падзеі, то цяпер у дзённіках і ўспамінах з’яўляецца суб’ектыўнае «я» аўтара, адлюстроўваюцца яго думкі і пачуцці. Мемуарыстыка ўзбагачаецца ў жанравых адносінах, набліжаецца да мастацкай прозы — прыгодніцкага рамана (І. Турчыноўскі, С. Пільштынова), сентыменталісцкай аповесці-споведзі (Ф. Карпінскі). Дзённікавыя запісы спалучаюцца з рэтраспектыўнымі поглядамі на мінулае (М. Матушэвіч, М. Залескі). Усе гэтыя змены тлумачацца ўнутранымі зменамі ў тагачасным чалавеку, які ўсё больш усведамляў сябе асобай, індывідуальнасцю. Сярэдневяковыя, контррэфармацыйныя рысы (рэлігійны фанатызм, забабоннасць, пасіўнасць, жорсткасць, крывадушнасць) паступова змяняліся рысамі чалавека Новага часу (культ розуму, грамадзянскасць, актыўнасць, патрыятызм, крытыцызм). Разам з чалавекам мемуарная літаратура вызвалялася ад сярэдневяковай схаластыкі, рэлігійнага фаталізму, станавілася ўсё больш свецкай, дэмакратычнай.

З прыведзеных у кнізе матэрыялаў відаць, што мемуарыстыка XVIII стагоддзя з’яўляецца багатай крыніцай па гісторыі Беларусі, яе матэрыяльнай і духоўнай культурай. Яна дазваляе пранікнуць у тагачасныя грамадскія і сямейныя адносіны, уявіць жыццё розных саслоўяў. Яна дае «аб’ёмны» (аб’ектыўны і адначасова суб’ектыўны) вобраз далёкіх ад нас часоў. Дзякуючы мемуарыстыцы «шкілет» гістарычных падзей абрастае жывой «плоццю». Мы бачым тагачаснага чалавека, вучымся разумець матывіроўкі яго супярэчлівых учынкаў. Пранікаем ва ўнутраны свет.

Урэшце, «люстэрка» мемуарыстыкі дазваляе нам ахарактарызаваць тагачасныя быт і звычаі. XVIII стагоддзе было ў іх развіцці характэрным, этапным. У той час бурна ламаліся старыя патрыярхальныя традыцыі, ранейшая замкнутасць. У жыллі, адзенні, харчаванні ўсё больш абавязвалі агульнаеўрапейскія нормы. Узрасталі матэрыяльныя багацці. Аднак размяркоўваліся яны вельмі нераўнамерна. У тагачасным быце асабліва яскрава праявілася класавая дыферэнцыяцыя грамадства, паглыбленне супярэчнасцей паміж сялянствам і шляхтай, паміж магнатамі і «шарачкамі».

Мемуарная літаратура, зразумела, не дае і не можа нам даць «усю праўду» пра XVIII стагоддзе. У ёй ёсць велізарныя прагалы — слаба паказана жыццё сялянства, амаль адсутнічае горад. Таму дзённікі і ўспаміны патрабуюць супастаўлення і дапаўнення іншымі крыніцамі. Аднак мемуарыстыка набліжае нас да «ўсёй праўды», сведчыць, што да XVIII стагоддзя нельга ставіцца адназначна — толькі адмоўна або толькі станоўча. Быў сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, было цемрашальства, але існаваў народ, які не мог не нараджаць трывалыя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Жыццё ішло наперад!




Тэкст падаецца паводле выдання: Мальдзіс А.В. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі: эсэ; Восень пасярод вясны : аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. — 479 с.