epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да М***

"Прэч з маіх воч!" І я знікну без следу,

"Прэч з майго сэрца!" І сэрца скарыцца.

"Прэч з маёй памяці!" З гэтым, ты ведай,

Век наша памяць не зможа згадзіцца.

 

Быццам той дзень, чым далейшы, тым большы,

Кіне на шлях свой цямнейшыя крылы,

Так мая постаць, далей адыйшоўшы,

Памяць тваю большым крэпам акрые.

 

Там, дзе страчаліся шчаснай парою,

Дзе расставаліся сумнай хвілінай,

Буду заўжды неразлучным з табою,

Бо ўсюды частку душы я пакінуў.

 

Ці ты ў задуме у час вечаровы

Арфу рукою кранеш, як бывала,

Пэўна згадаеш: "Вось гэтыя словы

Гэткай парою яму я спявала".

 

Ці, калі ў шахматы будзеш гуляць ты

І твой кароль апынецца пад боем,

Пэўна, згадаеш: "У дзень той астатні

Выбыў кароль гэтаксама са строю".

 

Ці на балу ты спачыць на хвіліну

Сядзеш і, ўбачыўшы месца пустое,

Пэўна, падумаеш: "Тут, ля каміна,

Некалі разам сядзеў ён са мною".

 

Ці, часам возьмеш ты вершы паэта

Пра нешчаслівых каханкаў, і з жалем,

Кнігу закрыўшы, падумаеш: "Гэта

Праўду аб нашым жыцці напісалі".

 

А калі аўтар злучыў маладую

Пару, шчаслівае даў ім каханне,

Свечку пагасіш ты і пашкадуеш:

"Не, ўсё не так, як у нашым рамане!"

 

Раптам прарэжа імглу бліскавіца,

З ветрам зашэпчацца груша сухая,

Грукне ў акно тваё птушка-начніца,

Пэўна, падумаеш - я тут лунаю.

 

Там, дзе страчаліся шчаснай парою,

Дзе расставаліся сумнай хвілінай,

Буду заўжды неразлучным з табою,

Бо ўсюды частку душы я пакінуў.


1822-1823?

Пераклад: Максім Танк
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://svyatavit.iatp.by/bibliatec/Mitchkevich/DaM/m.html