Размова вялася пра нявыкрытыя і непакараныя злачынствы. Кожны па чарзе выказваў сваю думку: палкоўнік Бантры, яго таўсманая сімпатычная жонка, Джэйн Халіер, актрыса, доктар Лойд і нават старая міс Марпл. Быў яшчэ адзін чалавек, які сядзеў моўчкі, нічога не гаварыў, хоць быў тут самы дасведчаны ў гэтым пытанні. Сэр Генры Клітэрынг, былы камісар Скотланд-Ярда; сядзеў ціха, зрэдку пагладжваў вусы і ўсміхаўся. Збоку здавалася, што ён думае аб нечым забаўным.
- Сэр Генры, - сказала яму нарэшце місіс Бантры, - калі вы не раскажаце чаго-небудзь, я пакрыўджуся на вас. Ці так яшчэ многа непакараных злачынстваў?
- Вы, місіс Бантры, пачынаеце разважаць збітымі газетнымі фразамі: «Зноў Скотланд-Ярд памыліўся». І далей ідзе спіс неразгаданых таямніц.
- Які, папраўдзе, я думаю, складае вельмі малы працэнт ад усяго цэлага? - спытаўся доктар Лойд.
- Але, так яно і ёсць. Раскрываюцца сотні злачынстваў, а пра пакараных злачынцаў паведамляецца вельмі і вельмі рэдка. Але ж не пра гэта ідзе гаворка, праўда? Калі вы гаворыце пра нявыяўленыя і нявыкрытыя злачынствы, дык вы гаворыце пра два розныя паняцці. У першую катэгорыю ўваходзяць усе злачынствы, пра якія Скотланд-Ярд ніколі не чуў; тыя злачынствы, пра якія нават ніхто не ведае, што яны былі ўчынены.
- Але, я думаю, такіх злачынстваў не вельмі многа? - умяшалася ў гаворку місіс Бантры.
- Вы так думаеце?
- Сэр Генры! Ці не хочаце вы сказаць, што, наадварот, іх вельмі многа?
- Мне здаецца, - дадала міс Марпл, якая сядзела, паглыбленая ў свае разважанні, - іх павінна быць вельмі многа.
Гэта прыемная старамодная і ціхая з выгляду бабулька выказала сваю думку нізкім, амаль ціхамірным голасам.
- Паважаная міс Марпл... - звярнуўся да яе палкоўнік Бантры.
- Канечне, - гаварыла далей міс Марпл, - многа ёсць яшчэ дурных людзей. А дурных, што б яны ні натварылі, рана ці позна, усё роўна выкрыюць. Але трапляюцца сярод людзей і такія, якія ўздрыгваюць ад адной толькі думкі, што яны маглі б натварыць, калі б не іх жыццёвыя прынцыпы.
- Так, - сказаў сэр Генры, - многа ёсць недурных людзей. Вельмі часта злачынствы выкрываюцца з-за грубай, няўмелай работы, і кожны раз нехта задае сабе пытанне: «А ці было б выкрыта злачынства, калі б яго разумна прадумаць і ўмела правесці?»
- Але гэта вельмі несур'ёзна, - выказаўся палкоўнік Бантры. - Праўда, вельмі несур'ёзна.
- Ці так?
- Што вы хочаце сказаць? Канечне, гэта сур'ёзна.
- Вы гаворыце, што ёсць яшчэ непакараныя злачынствы, але ці так гэта? Магчыма, непакараныя законам, але прычына і вынік дзейнічаюць па-за законам. Гаварыць, што ўсялякае злачынства будзе пакарана - банальнасць, і тым не менш, па-мойму, нічога правільнейшага і быць не можа.
- Магчыма, магчыма, але гэта не так важна... Сур'ёзнасць... - Ён крыху замяшаўся.
Сэр Генры Клітэрынг усміхнуўся:
- Дзевяноста дзевяць чалавек з сотні, безумоўна, думаюць гэтаксама як і вы, - пачаў ён. - Але, ведаеце што, не такая важная на самай справе, у жыцці, вінаватасць, як важная невінаватасць. Вось гэтага ніхто не хоча разумець.
- Я не разумею, - уставіла сваё слова Джэйн Халіер.
- А я разумею, - сказала міс Марпл. - Калі місіс Трэнт заўважыла, што ў яе прапалі з сумачкі паўкроны, больш за ўсіх ад гэтага пацярпела служанка, місіс Артур, якая штодзённа прыходзіла прыбіраць. Канечне, Трэнты падумалі на яе, але яны былі людзі добрыя і, ведаючы, што ў служанкі вялікая сям'я і муж п'е, не захацелі ісці на крайнія меры. Аднак адносіны да яе змяніліся, і яны ўжо не пакідалі на яе дом, калі ехалі куды. Гэта вельмі абражала служанку, бо і іншыя ставіліся да яе гэтаксама. А потым раптам высветлілася, што вінаватая гувернантка. Місіс Трэнт убачыла праз адчыненыя дзверы ў люстэрку. Гэтую нечаканую з'яву, што абумоўлена непасрэднай прычынай, я назваў бы прадбачаннем. Вось што хацеў сказаць, мне здаецца, сэр Генры. Большасць людзей цікавіла толькі, хто ўзяў манету, і выявіўся чалавек, якога ніхто не падазраваў, - зусім як у дэтэктыўных гісторыях. Але для місіс Артур, якая нічога не натварыла, гэта было пытаннем жыцця або смерці. Вы гэта мелі на ўвазе, сэр Генры, ці не?
- Так, міс Марпл, вы вельмі дакладна перадалі маю думку. У вашым прыкладзе для той падзёншчыцы ўсё скончылася добра. Яе невінаватасць была даказана. Але некаторыя людзі могуць усё жыццё пражыць, прыдушаныя сапраўды неапраўданым падазрэннем.
- У вас ёсць які-небудзь канкрэтны прыклад, сэр Генры? - адразу перайшла да справы місіс Бантры.
- Па праўдзе кажучы, ёсць, місіс Бантры. Вельмі цікавы выпадак. У гэтай справе, як мы і меркавалі, было ўчынена злачыннае забойства, але даказаць гэта мы ніяк не маглі!
- Яд, мусіць, - выдыхнула Джэйн. - Нешта такое, што не пакідае слядоў.
Доктар Лойд ажывіўся, а сэр Генры адмоўна пахітаў галавою.
- Не, мілая. Не таямнічы яд для стрэл паўднёваамерыканскіх індзейцаў. Я б хацеў, каб гэта было нешта падобнае. Але мы сутыкнуліся з нечым больш празаічным - такім празаічным, што няма ніякай надзеі знайсці сляды злачынцы. Стары джэнтльмен упаў з лесвіцы і зламаў сабе карак: адзін з тых сумных няшчасных выпадкаў, якія здараюцца кожны дзень.
- А што было на самай справе?
- Хто ведае?.. - паціснуў плячыма сэр Генры. - Штуршок ззаду ў спіну? Кавалак аборкі ці вяроўкі, што нацягнулі пад ногі наверсе лесвіцы, а потым прадбачліва адвязалі? Пра гэта мы ніколі не даведаемся...
- Але ж вы лічыце, што гэта... не быў няшчасны выпадак? Чаму?.. - спытаўся доктар.
- Гэта даволі доўгая гісторыя, але... Ну, так, мы даволі ўпэўненыя. Як я ўжо сказаў, няма ніякіх шанцаў выявіць злачынцу - доказы слабыя, непераканаўчыя, і іх можна абвергнуць. Але ёсць і другі бок гэтай справы, і пра гэта я раскажу зараз вам. Бачыце, было чацвёра чалавек, якія маглі зрабіць гэты фокус. Адзін - вінаваты, але астатнія трое - невінаватыя. І калі не выявіцца праўда, дык тыя трое так і застануцца пад падазрэннем.
- Раскажыце лепш нам вашу доўгую гісторыю, - папрасіла місіс Бантры.
- Урэшце, няма ніякай патрэбы рабіць яе занадта доўгай, - сказаў сэр Генры. - Ва ўсякім разе, можна скараціць пачатак. Гаворка пойдзе пра нямецкае тайнае таварыства «Чорная рука», нешта накшталт італьянскай каморы*, ці як большасць людзей уяўляе сабе гэту камору. Сістэма шантажу і тэрарызму. Гэта арганізацыя ўтварылася адразу пасля вайны** і за кароткі час значна вырасла. Яна ўчыняла ганенні, праследавала мноства людзей, даймала і карала. Улады спрабавалі напасці на след мафіі, але тайны яе старанна ахоўваліся, і амаль немагчыма было знайсці такога чалавека, які мог выдаць яе.
* Тайная бандыцкая арганізацыя ў Паўднёвай Італіі, аналагічная мафія, якая дзейнічала ў XIX стагоддзі; спыніла сваё існаванне на пачатку XX стагоддзя. Рэштка камарыстаў стварыла шайку вымагальнікаў.
** Першая сусветная вайна.
У Ангельшчыне пра гэту арганізацыю нічога не ведалі, але ў Германіі яна мела велізарны паралітычны ўплыў. Урэшце, яна была разгромлена і рассеяна, у асноўным, намаганнямі нейкага доктара Розена, які пэўны час быў вельмі вядомы сваёй дзейнасцю ў сакрэтнай службе. Ён уступіў у гэтую арганізацыю, пранік у цэнтр і быў, як я ўжо сказаў, сродкам знішчэння бандыцкай арганізацыі.
Але доктар Розен быў ужо чалавек мечаны, і яго таварышы параілі яму асцерагацца, а лепей, хоць на кароткі час, выехаць з Германіі. Ён выехаў у Ангельшчыну, і мы атрымалі паведамленне пра яго з берлінскай паліцыі. І адразу ў першыя дні ў нас адбылася сустрэча. Ён выразна сфармуляваў свае адчуванні: калі ўжо ўсе гэтыя справы дайшлі да кульмінацыйнага пункта і, можна сказаць, катастрафічнага завяршэння, дык пакою не будзе.
«Яны дастануць мяне, сэр Генры, - сказаў ён. - Я ўпэўнены і не сумняваюся ў гэтым». Ён быў вельмі дужы, з прыгожым тварам і нізкім голасам. Толькі лёгкая гартанная інтанацыя выдавала яго нацыянальнасць. «Гэта ўжо зараней вырашана. Але няважна, я гатовы. Я ведаў, што рызыкую жыццём, але калі я ўзяўся за добрую справу, то лічу, што гэта разумная рызыка. І я зрабіў усё, што павінен быў зрабіць. Арганізацыя ніколі не зможа сабрацца зноў. Але многія з яе сяброў - на волі, і адпомсціць яны могуць толькі загубіўшы маё жыццё. Як бачыце, я збіраю і выдаю сякія-такія вельмі цікавыя матэрыялы - вынік работы на працягу ўсяго майго жыцця. Я буду рады, калі змагу выканаць сваю задачу».
Ён вымавіў апошнія словы проста, са своеасаблівай высакароднасцю, якой я не мог не захапіцца. Я сказаў яму, што мы прымем усе меры перасцярогі, але ён толькі махнуў рукой на мае словы.
«Рана ці позна, але яны ўсё роўна знойдуць мяне. Калі прыйдзе гэты дзень - не смуткуйце. Я не сумняваюся, вы зробіце ўсё, што ў вашых сілах», - скончыў ён.
Потым ён акрэсліў коратка свае планы на далейшае жыццё. Ён думаў наняць невялічкі катэдж у вёсцы, дзе ён змог бы жыць ціха і рабіць далей сваю работу. Урэшце ён выбраў вёску ў Сэмерсэце* - Кінгз Нэйтан - за сем міль ад чыгуначнай станцыі, амаль некранутую цывілізацыяй. Ён купіў прыгожы катэдж з рознымі выгодамі і, задаволены пастаянным прытулкам, асеў назаўсёды на новым месцы. Разам з ім у доме жылі: яго пляменніца Грэта; сакратар, старая служанка з Германіі, якая служыла яму верай і праўдай каля сарака гадоў, і садоўнік, родам з Кінгз Нэйтана, высокі, спрытны і здатны да работы хлапчына.
* Графства ў паўднёва-заходняй частцы Ангельшчыны.
- Чацвёра падазроных, - ціха прагаварыў доктар Лойд.
- Так. Чацвёра падазроных. І болей тут нічога не скажаш. Ціха і спакойна ішло жыццё ў Кінгз Нэйтане. Мінула пяць месяцаў, і раптам... - трагічнае падзенне. Доктар Розен упаў з прыступак раніцай, і знайшлі яго праз паўгадзіны. Ён быў ужо нежывы. Тады, як гэта здарылася, Гертруда была на кухні, дзверы якой былі зачынены, і таму яна нічога не чула - так яна гаворыць. Фройлян Грэта была ў садзе, садзіла цюльпаны - зноў-такі яна так гаворыць. Садоўнік Добс паведаміў, што ў гэты час ён снедаў у паветцы. Сакратар быў на прагулцы - і яшчэ раз толькі з ягоных слоў. Ніхто з іх не меў алібі, і ніхто з іх не мог пацвердзіць правільнасць слоў другога. Дле адно было зразумела, што ніхто чужы не мог гэта зрабіць, бо, калі б з'явіўся незнаёмы чалавек у такой маленькай вёсачцы, як Кінгз Нэйтан, яго б адразу прыкмецілі. Абое дзвярэй, пярэднія і заднія, былі зачыненыя, кожны жылец меў свае ключы. Як бачыце, усё сыходзіцца на гэтых чатырох. І ў той жа час кожны адводзіў ад сябе падазрэнне. Грэта - дачка яго роднага брата. Гертруда - аддана служыла яму сорак гадоў. Добс - ніколі не выязджаў з Кінгз Нэйтана. І Чарльз Тэмплтан, сакратар...
- Так... - сказаў палкоўнік Бантры. - Як наконт яго? Па-мойму, ён - падазроны чалавек. Што вы ведаеце пра яго?
- Тое, што я ведаў пра яго, цалкам адводзіла падазрэнне ад яго - ва ўсякім разе, у той час, - адказаў сэр Генры сур'ёзна. - Бо Чарльз Тэмплтан быў маім чалавекам.
- Ах, вось як! - вымавіў заспеты знянацку палкоўнік Бантры.
- Так, так. Я хацеў, каб хто-небудзь з маіх людзей быў побач з доктарам Розенам, і разам з тым я не хацеў ніякіх размоў у вёсцы. Розену сапраўды патрэбны быў сакратар. Я прапанаваў яму на гэту пасаду Тэмплтана. Ён - джэнтльмен, добра валодае нямецкай мовай і наогул вельмі здольны хлопец.
- Ну, тады каго ж вы падазраяце? - спыталася азадачана місіс Бантры. - Здаецца, што ніхто з іх не мог забіць чалавека?
- Але, так толькі здаецца. Ды можна паглядзець на ўсё гэта з другога боку. Фройлян Грэта - яго пляменніца і вельмі мілая дзяўчына, але вайна паказала нам, і няраз, што брат можа пайсці супраць сястры, бацька супраць сына і г. д. і што самыя ціхія дзяўчаты такое вытваралі, што не апраўдаеш ні іх характарам, ні выглядам. Тое самае можна сказаць і пра Гертруду, і хто ведае, якія яшчэ сілы дзейнічалі ў гэтым выпадку. Можа, сварка з гаспадаром, вялікая крыўда, што недаацэньваў яе верную службу. Жанчыны ў яе ўзросце бываюць вельмі злосныя. А Добс? Ці можна яго выключыць з кола падазроных толькі таму, што ён ніяк не быў звязаны з гэтай сям'ёй. Многае робяць грошы. Нейкім чынам маглі знайсці падыход і падкупіць.
І яшчэ я магу з упэўненасцю дадаць, што аднекуль звонку павінна было прыйсці распараджэнне ці загад. Інакш чаму яго пяць месяцаў не чапалі? Не, відаць, агенты абшчыны не сядзелі склаўшы рукі. Яны не былі ўпэўнены ў вераломстве Розена і адклалі пакаранне, пакуль не пераканаліся, што менавіта ён здрадзіў ім. А потым, калі не заставалася ніякіх сумненняў, яны павінны былі паслаць шпіёну, які жыў у гэтым катэджы, кароценькае пасланне: «Забіць!»
- Як гэта подла! - дрыготкім голасам прагаварыла Джэйн Хеліер.
- Але як прыйшло пасланне? Вось пытанне, якое я спрабаваў высветліць, - адзіная надзея вырашыць гэтую праблему. Адзін з гэтых чатырох павінен быў мець сувязі з навакольным светам. Не магло быць ніякай адтэрміноўкі - я ведаў дакладна гэта; бо як толькі прыйшоў загад, ён адразу ж быў выкананы. Гэта было адметнай асаблівасцю, характэрнай «Чорнай руцэ».
Я сам пачаў разбірацца з гэтым пытаннем, вам можа здацца нават дзіўным, але я разбіраўся са смехатворнай скрупулёзнасцю, дапытваў: «Хто прыходзіў раніцай у катэдж?» Я нікога не выключыў. Вось тут спіс.
Ён выняў з кішэні канверт і выцягнуў з яго ліст з запісамі:
Мяснік прыносіў бараніну. Праверыў, усё правільна. Памочнік прадаўца бакалейнай крамы прыносіў мяшочак пшанічнай мукі, два фунты цукру, фут масла і фунт кавы. Таксама праверыў, усё дакладна.
Паштальён прыносіў дзве карэспандэнцыі фройлян Розен, мясцовае пісьмо Гертрудзе, тры пісьмы доктару Розену, на адным з іх замежны штамп, і два пісьмы містэру Тэмплтану, адно таксама з замежным штампам.
Сэр Генры зрабіў паўзу і выняў з канверта пачак дакументаў.
- Можа, вам цікава будзе самім глянуць. Розныя людзі перадалі мне іх, яны дасталі гэтыя паперы з кашоў для непатрэбных папер. Я думаю, вам не трэба гаварыць, што эксперты праверылі ў іх наяўнасць нябачнага чарніла і г. д., але нічога цікавага ці вартага ўвагі не знайшлі.
Усе, хто хацеў паглядзець пісьмы, стоўпіліся вакол сэра Генры. Каталогі былі ад нейкага садоўніка з гадавальніка і са славутаы лонданскаы футравай крамы. З двух пасланняў, адрасаваных доктару Розену, адно было мясцовае і тычылася толькі насення для саду, другое з лонданскай фірмы, што гандлюе канцылярскімі прыладамі. Вось што гаварылася ў другім пісьме:
«Мой дарагі Розен. Толькі што вярнулася ад доктара Хельмута Шпатса. На днях бачыла Эдгара Джэксана. Ён і Амос Пэры некалькі дзён таму назад вярнуліся з Чынгтаў*. Са спакойным Сумленнем магу сказаць, што я не зайздрошчу іх паездцы. Пішыце пра сябе часцей. Як я ўжо і гаварыла вам раней, асцерагайцеся аднаго чалавека. Вы ведаеце, каго я маю на ўвазе, хоць і не згодны са мной.
Ваша Вяргіня».
* Кітай.
- Карэспандэнцыя містэра Тэмплтана, у якой, як вы бачыце, рахунак ад краўца і пісьмы ад яго сябра з Германіі, - працягваў сэр Генры. - Апошняе, на няшчасце, ён разарваў на прагулцы. Нарэшце, мы маем пісьмо, якое атрымала Гертруда.
«Паважаная місіс Шварц. Мы спадзяёмся, што вы зможаце прыйсці на сход у чацвер вечарам вікарый спадзяецца ўбачыць вас усе і кожны будуць рады. Рэцэпт для кумпяка выдатны і дзякуй вам за яго. Спадзяюся што ў вас усё добра і ўбачу вас у чацвер застаюся
Верная вам Эма Грын».
Доктар Лойд злёгку ўсміхнуўся, місіс Бантры таксама.
- Я лічу, апошняе пісьмо можна адразу адкласці.
- Я падумаў таксама, - сказаў сэр Генры. - Але ўсё ж я прыняў меры перасцярогі, праверыўшы, ці ёсць такая місіс Грын і ці быў царкоўны сход. Ведаеце, асцярожнасць не пашкодзіць.
- Вось што заўсёды гаворыць наш сябра, міс Марпл, - усміхаючыся, прагаварыў доктар Лойд. - Вы не спіце, міс Марпл? Што думаеце вы наконт гэтага?
- Даруйце мне маю дурноту, - пачала міс Марпл, - але мяне дзівіць, чаму слова «Сумленне» ў пісьме, адрасаваным доктару Розену, напісана з вялікай літары?
Місіс Бантры праверыла.
- Так яно і ёсць, - пацвердзіла яна. - О!
- Так, дарагая, - кінула міс Марпл. - Я думала, вы заўважылі!
- У гэтым пісьме ёсць прамая перасцярога, - уключыўся ў размову палкоўнік Бантры. - Гэта першае, што мне кінулася ў вочы. Я заўважаю болей, чым вы думаеце. Так, прамая перасцярога, але ад каго?
- Што датычыць гэтага пісьма, дык тут ёсць адзін даволі цікавы пункт, - сказаў сэр Генры. - Згодна з Тэмплтанавым паказаннем, доктар Розен распячатаў пісьмо, калі сеў снедаць, прачытаў яго і кінуў на стол, заявіўшы, што не мае ніякага ўяўлення, хто гэты хлопец.
- Але ж гэта не хлопец, - вырвалася ў Джэйн Хеліер. - Там падпісана «Вяргіня».
- Цяжка сказаць, што тут напісана, - адгукнуўся доктар Лойд, - але болей падобна на Вяргіню. Толькі мне здаецца, што почырк мужчынскі.
- Ведаеце, гэта цікава, - выказаў сваю думку палкоўнік Бантры. - Ён кідае пісьмо на стол і робіць выгляд, што нічога не ведае. Хацеў паназіраць за выразам твару, але чыйго: дзяўчыны? мужчыны?
- Ці нават кухаркі? - дадала місіс Бантры. - Яна магла быць у пакоі, бо прынесла снеданне. Але штосьці не разумею... Вельмі дзіўна...
Місіс Бантры спахмурнела, пазіраючы на пісьмо. Міс Марпл падсунулася бліжэй да яе. Міс Марпл пальцам дакранулася да ліста паперы, і яны з місіс Бантры зашапталіся пра нешта.
- А чаму сакратар парваў другое пісьмо? - спыталася раптам Джэйн Хеліер. - Гэта здаецца... я не ведаю... гэта здаецца дзіўным. І потым, чаго ён атрымліваў пісьмы з Германіі. Хоць, канечне, ён і не падазраецца, як вы гаворыце...
- Але сэр Генры гэтага не гаварыў, - хуценька перабіла міс Марпл, адарваўшыся ад размовы з місіс Бантры. - Ён сказаў, што падазраюцца чацвёра. Выходзіць, ён не выключае містэра Тэмплтана. Я праўду кажу, сэр Генры?
- Так, міс Марпл. Адно толькі магу сказаць са сваёй практыкі, ніколі нельга гаварыць, што хтосьці не выклікае падазрэння. Я прывёў вам дастаткова довадаў, чаму кожны з гэтых трох можа быць вінаваты, якія б яны ні прыводзілі доказы. І адначасова я стараўся не звяртаць увагі на Чарльза Тэмплтана. Але я прыйшоў да гэтага, прытрымліваючыся правіла, пра якое я раней упамінаў. Я вымушаны быў прызнаць, што ў кожнай арміі, кожным флоце і паліцыі ёсць здраднікі. І як бы нам ні хацелася ў гэта не верыць, але, на жаль, гэта так. Я праверыў усю доказную аргументацыю супраць Чарльза Тэмплтана.
Шмат разоў я задаваў сам сабе адны і тыя пытанні, якія толькі што задала міс Хеліер. Чаму ён, адзін у доме, не змог прад'явіць пісьмо, якое атрымаў напярэдадні, - пісьмо з нямецкім штампам. Чаму ён атрымліваў пісьмы з Германіі?
Апошняе пытанне даволі бяскрыўднае, і я яго яму задаў. Яго адказ быў даволі просты. Сястра яго маці выйшла замуж у Германіі. Пісьмо ён атрымаў з Германіі ад кузіны. Такім чынам я даведаўся пра тое, пра што раней не ведаў, - у Чарльза Тэмплтана былі сувязі з Германіяй. Таму, безумоўна, ён быў уключаны ў спіс падазроных. Ён мой чалавек - хлопец, які мне заўсёды падабаўся і якому я давяраў, але звычайная справядлівасць і прыстойнасць патрабавалі, каб я яго ўнёс у спіс.
Але вось дзе ён, у пачатку ці ў канцы спіса - я не ведаю! Не ведаю... І, як відаць, ніколі не даведаюся. Няма пытання, як пакараць забойцу. Засталося пытанне, як мне здаецца, у сто разоў важнейшае. Загінула кар'ера сумленнага чалавека... з-за падазрэння, - падазрэння, якога я не асмеліўся праігнараваць.
Міс Марпл кашлянула і ветліва спыталася:
- Выходзіць, сэр Генры, калі я вас правільна разумею, дык вы падазраеце гэтага маладога Тэмплтана?
- У нейкім сэнсе так. Тэарэтычна ўсе чацвёра ў аднолькавым становішчы, але на самай справе - не. Добс, напрыклад, - па-мойму, можа падазравацца, але гэта ніяк не паўплывае на яго далейшы занятак. Нікому ў вёсцы нават у галаву не прыйдзе, што смерць старога Розена - не няшчасны выпадак. Гертрудзе амаль усё роўна, якая будзе яе кар'ера потым. Што да фройлян Розен, дык, магчыма, узнікнуць калі-небудзь нейкія цяжкасці, але, мне здаецца, гэта не мае для яе асаблівага значэння.
Што датычыць Грэты Розен... ну, дык тут мы падыходзім да сутнасці справы. Грэта - вельмі мілая дзяўчына. Чарльз Тэмплтан - відны малады чалавек, і пяць месяцаў яны былі разам, пазбаўленыя ўсякіх забаў. І непазбежнае здарылася. Яны пакахалі адно аднаго, хоць і не падышлі да таго моманту, калі можна прызнацца ў гэтым.
А потым здарылася катастрофа. Тры месяцы таму назад, дзень ці два па звароце дахаты, да мяне прыйшла Грэта Розен. Яна прадала катэдж і вярталася ў Германію, каб давесці справы доктара Розена да канца. Яна прыйшла асабіста да мяне, хоць ведала, што я ўжо ў адстаўцы. Яна хацела бачыць мяне таму, што размова была сапраўды асабістая. Спачатку яна абыходзіла гэтую тэму, а потым усё вылажыла. Што я думаю пра тое пісьмо з нямецкім штампам? - яна так мучыцца, перажывае з-за таго пісьма, якое падраў Чарльз. Ці добрыя весткі былі ў ім? Безумоўна, яно павінна было быць добрае. Канечне, яна паверыла яго словам, але... о! калі б яна толькі ведала! Калі б яна ведала дакладна!
Вы разумееце? Тое самае пачуцце: жаданне паверыць - але гэта жахлівае, затоенае падазрэнне... Стараешся выкінуць яго з памяці, але яно, падазрэнне, застаецца. Я гаварыў з ёй шчыра і папрасіў яе таксама гаварыць са мной адкрыта, гаварыць праўду. Я спытаўся, ці кахае яна Чарльза і ён яе.
«Думаю, кахае, - адказала яна. - Я ведаю, што гэта так. Мы былі шчаслівыя. Кожны дзень праходзіў радасна. Мы ведалі, мы абое ведалі. Нам не трэба было спяшацца, увесь час быў наш. У адзін шчаслівы дзень ён скажа, што кахае мяне, і я скажу яму, што таксама кахаю яго! Ах! Але можна толькі здагадвацца. А цяпер усё перамянілася. Чорная бездань пралегла паміж намі. Адносіны ў нас цяпер нацягнутыя. Калі сустракаемся, мы не ведаем, што сказаць. З ім, відаць, тое самае, што і са мной... Кожны з нас гаворыць сам сабе: «Калі б я быў упэўнены!» Вось чаму, сэр Генры, я прашу вас сказаць мне: «Вы. можаце быць упэўненыя, Чарльз Тэмплтан не забіваў вашага дзядзькі!» Скажыце мне гэта! О, скажыце мне гэта! Я прашу... прашу!»
Я не мог ёй гэтага сказаць. Яны, гэтыя двое, будуць усё болей аддаляцца адно ад аднаго, з падазронасцю, якая як здань паміж імі, якая ўжо ніколі не знікне.
Ён адкінуўся на крэсле; шэры твар яго асунуўся. Ён кіўнуў некалькі разоў галавой.
- І нічога болей зрабіць нельга, калі... - ён расправіў плечы ў крэсле, і лёгкая мудрая ўсмешка асвятліла яго твар, - калі міс Марпл не дапаможа нам. Га, міс Марпл? Ведаеце, я адчуваю, што з пісьмом разабрацца можаце толькі вы. Тое самае і пра царкоўны сход. Ці не нагадвае яно што-небудзь або пра каго-небудзь? Ці не маглі б вы дапамагчы двум бездапаможным маладым людзям, якія хочуць быць шчаслівымі?
У яго просьбе, за вонкавай яе мудрагелістасцю, хавалася сур'ёзная нотка. Ён лічыў, што ў гэтай кволай старамоднай векавухі вялікі розум. Ён яшчэ раз глянуў на міс Марпл, і ў яго вачах мільганула нешта падобнае на надзею.
Міс Марпл кашлянула і правяла рукой па карунках.
- Гэта крыху нагадвае мне пра Анні Паўлтні, - прызналася яна. - Канечне, пісьмо зусім зразумелае, - і місіс Бантры, і мне. Я маю на ўвазе не тое пісьмо пра царкоўны сход, а другое. Вы доўга жылі ў Лондане і ніколі не былі садоўнікам, сэр Генры, таму і не змаглі заўважыць.
- Чаго заўважыць? - спытаўся зацікаўлены сэр Генры. Місіс Бантры працягнула руку і выбрала каталог. Яна разгарнула яго і пачала чытаць уголас, з імпэтам:
- «Доктар Хэльмут Шпац. Чысты бэз, надзвычай прыгожая кветка, трымаецца на выключна доўгім і цвёрдым сцябле. Лёгка адломваецца ў букет, які служыць для ўпрыгожвання кватэры. Цудоўнай прыгажосці кветка.
Эдгар Джэксан. Хрызантэма, кветка прыгожай формы, ярка-чырвонага колеру.
Амос Перы. Ярка-чырвоная кветка, вельмі ўпрыгожвае.
Чынгтаў. Пышная, яркая, чырвоная кветка, падобная на садовы цюльпан. Доўга захоўваецца пасля зразання.
Ханісты...*»
* Ноnеstу - сумленнасць (англ.).
- З вялікай літары... помніце? - ціха прамовіла міс Марпл.
- «Ханісты. Ружовае і белае адценне, вялікая кветка, правільнай формы».
Місіс Бантры паклала каталог і сказала:
- Вяргіні!
- Пачатковыя літары слоў «Доктар», «Эдгар», «Амос», «Чынгтаў», «Ханісты»* складаюць слова «СМЕРЦЬ»! - растлумачыла міс Марпл. - Усе гэтыя словы ёсць у пісьме.
* Пачатковыя літары ангельскіх слоў Dосtоr, Еdgаr, Аmоs, Тsіngtau, Ноnеstу складаюць ангельскае слова DЕАTH (СМЕРЦЬ).
- Але пісьмо прыйшло самому доктару Розену, - запярэчыў сэр Генры.
- Вось у гэтым і загваздка, - адказала міс Марпл. - У гэтым і ў перасцярозе. Што б вы зрабілі з пісьмом, атрыманым ад чалавека, якога не ведаеце, і поўным імёнаў, пра якія вы не маеце аніякага ўяўлення? Канечне ж, перадасце сакратару.
- Выходзіць, урэшце...
- Э, не! - рашуча запярэчыла міс Марпл. - Не сакратар. Бо якраз з гэтага робіцца зусім зразумела, што пісьмо было не яму. Калі б пісьмо было яму, ён ніколі б не дапусціў, каб яго знайшлі. Таксама ён ніколі б не знішчыў пісьма з нямецкім штампам, якое адрасавана яму. Ён не вінаваты і, - калі можна так сказаць, - «чысты як шкло».
- Тады хто?..
- Ну, гэта ўжо становіцца відавочным, - такім відавочным, як нічога больш на гэтым свеце. Разам з ім за сталом снедала і яшчэ адна асоба, і яна магла - зусім натуральна пры такіх абставінах - узяць пісьмо ў рукі і прачытаць. Хутчэй за ўсё так яно і было. Вы помніце, што з гэтай жа поштай яна атрымала каталог садовых раслін...
- Грэта Розен?! - паволі прамовіў сэр Генры. - Тады яе візіт да мяне...
- Джэнтльмены ніколі не заўважаюць такіх рэчаў, - гаварыла далей міс Марпл. - І баюся, яны часта думаюць, што мы, старыя жанчыны - ну, пляткаркі, калі такім чынам заўважаем розныя рэчы. Але так яно і ёсць. На няшчасце, мужчыны і жанчыны многа ведаюць пра свой пол. Я не сумняваюся, што паміж імі існаваў бар'ер. Малады чалавек адчуў раптам незразумелую антыпатыю. Ён западозрыў, інстынктыўна, і не змог утаіць гэтай падазронасці. І я думаю, што маладая асоба прыйшла да вас са злосці. Безумоўна, ёй нічога не пагражала, але яна вырашыла пайсці далей і замацаваць вашы падазрэнні наконт няшчаснага Тэмплтана. Пасля яе візіту вы не былі так упэўнены ў ім, як перад візітам.
- Я ўпэўнены, што ў сказаных ёю словах не было нічога... - пачаў сэр Генры.
- Джэнтльмены, - спакойна сказала міс Марпл, - ніколі не заўважаюць такіх рэчаў. І гэта дзяўчына...
- Яна ўчыніла злачыннае забойства і застаецца непакаранай.
- О, не, сэр Генры, - запэўніла міс Марпл. - Не застанецца. Ні вы, ні я не верым у гэта. Помніце, што вы нядаўна сказалі? Не, Грэта Розен не пазбегне пакарання. Па-першае, ёй давядзецца мець справы з вельмі падазронымі асобамі - шантажыстамі, тэрарыстамі, а сувязі гэтыя да дабра не прывядуць, і канец яе будзе варты жалю. Як вы сказалі, не будзем траціць слоў на вінаватых, зоймемся невінаватымі. Містэр Тэмплтан, напэўна, ажэніцца з нямецкай кузінай. Тое, што ён парваў пісьмо, выглядае... падазрона, - я ўжываю гэта слова не ў тым сэнсе, як мы выкарыстоўваем яго сёння. Ён быццам баяўся, што Грэта, убачыўшы пісьмо, папросіць паказаць яго. Так, мне здаецца, там быў невялікі раман. Далей у нас на чарзе Добс. Не варта марна траціць часу на яго. Яго кветкі - гэта, відаць, усё, што яму трэба. І, нарэшце, старая Гертруда, якраз яна напомніла мне пра Анні Паўлтні. Бедная Анні Паўлтні. Пяцьдзесят гадоў адданай службы, і раптам падазронасць і недавер гаспадароў. Знікла завяшчанне міс Лэмб, хоць служанка не была вінаватая, але нічога не магла даказаць. У небаракі не вытрымала сэрца. Ужо потым, як яна памёрла, паперу знайшлі ў патайной шуфлядцы з чайнай скрынкі, куды старая міс Лэмб сама яе паклала. Але для няшчаснай Анні ўжо было позна.
Вось чаму я так непакоюся за гэту старую немку. Ведаеце, калі людзі старэюць, ад незаслужанай крыўды яны робяцца злоснымі. Я больш перажываю за яе, чым за містэра Тэмплтана, які яшчэ малады, прыгожы і да якога заляцаюцца жанчыны. Вы напішыце ёй, сэр Генры, і абавязкова скажыце, што ўсе падазрэнні зняты і яна ні ў чым не вінаватая. Яе дарагі стары гаспадар памёр, і яна, канечне, думае і адчувае, што яе таксама падазраюць. Ах! Думаць пра гэта нясцерпна і балюча.
- Я напішу, міс Марпл, - сказаў сэр Генры. Ён зацікаўлена паглядзеў на яе. - Ведаеце, я, відаць, ніколі да канца не зразумею вас. Ваш пункт погляду заўсёды адрозніваецца ад майго.
- Баюся, што мае погляды вельмі абмежаваныя, - сціпла адказала міс Марпл. - Бо я амаль нікуды не выязджала з Сент-Мары-Мід.
- І ўсё-такі вы рашылі, калі можна так сказаць, задачу міжнароднага маштабу, - аб'явіў сэр Генры. - І толькі дзякуючы вам мы змаглі выявіць злачынцу.
Міс Марпл пачырванела.
- У свой час я атрымала добрае выхаванне. У нас з сястрой была гувернантка з Германіі, «фройлян». Вельмі сентыментальны, нават залішне чуллівы чалавек. Яна навучыла нас мове кветак - забыты ў наш час, але вельмі цікавы занятак. Жоўты цюльпан, напрыклад, азначае «безнадзейнае каханне», у той час як кітайская астра азначае «я паміраю ад рэўнасці каля вашых ног». Пісьмо было падпісана «Вяргіня», якое я чамусьці ўявіла як «dаhliа»* у Германіі, і тады, канечне, усё стала зразумела. Я хачу ўспомніць, што значыць вяргіня, але, на жаль, памяць падводзіць. Не тыя ўжо гады.
* Вяргіня (бат.).
- Ва ўсякім разе, яна не азначае «смерць»?
- Не, сапраўды. Проста жах. Бываюць жа на свеце сумныя здарэнні.
- Так, - уздыхнула міс Бантры. - На шчасце, ёсць на свеце кветкі і ёсць сябры.
- Вы заўважылі, яна ставіць нас на апошняе месца, - буркнуў доктар Лойд.
- Кожны вечар, у тэатры, нейкі мужчына пасылае мне пурпуровыя архідэі, - з загадкавай усмешкай на твары паведаміла Джэйн.
- «Я чакаю вашай прыхільнасці» - вось што гэта значыць, - весела адказала міс Марпл.
Сэр Генры неяк дзіўна кашлянуў і адвярнуўся.
Раптам міс Марпл усклікнула:
- Я ўспомніла. Вяргіні азначаюць: «Вераломства і падман».
- Дзіўна, - сказаў сэр Генры і ўздыхнуў.