epub
 
падключыць
слоўнікі

Агата Крысьці

Выкраданне прэм'ер-міністра

Цяпер, калі вайна* і яе праблемы адышлі ў мінулае, я думаю, што магу без апаскі расказаць свету пра тую ролю, якую мой сябар Пуаро сыграў у час нацыянальнага крызісу. Таямніца добра ахоўвалася. Нават шэпт не дайшоў да прэсы. Цяпер патрэба ў сакрэтнасці прайшла, і, мне здаецца, будзе справядліва, калі Ангельшчына даведаецца пра свой доўг перад маім сябрам, дзівакаватым маленькім чалавечкам, чый незвычайны розум адвёў вялікую катастрофу.

* Першая сусветная вайна.

Аднойчы ўвечары - я не буду падаваць такіх падрабязнасцей, як дата - я і мой сябар сядзелі ў яго дома. Пасля таго як я па інваліднасці звольніўся з арміі, мне даручылі вербаваць навабранцаў, і ў мяне ўвайшло ў звычку вечарамі заходзіць да Пуаро і гаварыць з ім пра якія-небудзь цікавыя справы, якімі ён мог бы заняцца.

Тым вечарам я хацеў абмеркаваць з ім сенсацыю дня - не што іншае, як спробу забойства містэра Дэвіда Мак-Адама, прэм'ер-міністра Ангельшчыны. Матэрыял у газетах быў старанна падчышчаны цэнзураю. Не было ніякіх дэталяў, апроч таго што прэм'ер-міністр выратаваўся дзіўным чынам - куля крыху драпнула яму шчаку.

Я лічыў, што наша паліцыя была ганебна сляпая і глухая, калі змагла дапусціць такое насілле, і ў той жа час добра разумеў, што нямецкія агенты ў Ангельшчыне пойдуць на самую вялікую рызыку, каб дасягнуць мэты. «Мак-змагар», як яго празвалі ў партыі, вёў энергічную і паслядоўную барацьбу з пашыраным пацыфісцкім уплывам.

Ён быў больш чым прэм'ер-міністр Ангельшчыны, ён быў Ангельшчынай, і адхіленне яго са сферы ўплыву было б знішчальным ударам, які паралізаваў бы Ангельшчыну.

Пуаро чысціў шчоткаю шэры касцюм. Мусіць, нідзе не было такога франта, як Эркюль Пуаро. Ён любіў чысціню і парадак. І цяпер пахла бензінам, і ён зусім быў няздольны пераключыць усю сваю ўвагу на мяне.

- Яшчэ хвілінку, і я займуся вамі, мой дружа. Я ўжо амаль закончыў. Сальная пляма - гэта дрэнна. Я выводжу яе... Вось так! - Ён махнуў шчоткаю.

Я ўсміхнуўся, закурваючы яшчэ адну цыгарэту.

- Ёсць што-небудзь цікавае? - папытаўся я праз некалькі хвілін.

- Я памагаю адной - як гэта вы называеце? - «чарлэдзі»* знайсці яе мужа. Цяжкая справа, якая патрабуе такту. У мяне ёсць маленькая ўпэўненасць, што калі ён знойдзецца, дык не ўзрадуецца. А чаго вы хочаце? Я спачуваю яму. Гэты мужчына разбіраўся, што да чаго, калі вырашыў згубіцца.

* Служанка-падзёншчыца.

Я засмяяўся.

- Нарэшце! Плямы не відаць! Ну вось, я свабодны.

- Хачу папытацца ў вас, што вы думаеце пра гэты замах на прэм'ер-міністра Мак-Адама?

- Наіўна! - адразу адказаў Пуаро. - Наўрад ці можна прыняць яго сур'ёзна. Выстралам з вінтоўкі не дасягнеш мэты. Задума ўстарэлая.

- Але яна блізкая да мэты ў наш час, - напомніў я яму.

Пуаро нецярпліва паківаў галавою. Ён ужо быў гатовы адказаць, але ў гэты час гаспадыня ўсунула ў дзверы галаву і сказала, што ўнізе чакаюць два джэнтльмены і хочуць яго бачыць.

- Яны не назвалі сваіх прозвішчаў, сэр, кажуць, што па вельмі важнай справе.

- Хай заходзяць сюды, - сказаў Пуаро, акуратна складваючы свае шэрыя штаны.

Праз некалькі хвілін у пакой зайшлі два візіцёры. Маё сэрца ёкнула, таму што ў адным я пазнаў лорда Эстэра, спікера палаты абшчын, а яго кампаньён быў не хто іншы, як містэр Бернард Додж, сябра ваеннага кабінета і, як я ведаў, блізкі сябар прэм'ер-міністра.

- Пан Пуаро? - звярнуўся лорд Эстэр. Мой сябар пакланіўся. Лорд паглядзеў на мяне і сказаў з запінкаю: - Мая справа вельмі прыватная.

- Вы можаце адкрыта гаварыць перад капітанам Хасцінгсам, - адказаў мой сябар і кіўнуў мне, каб я застаўся. - Таленту сышчыка ў яго няма, але я ручаюся за яго асцярожнасць.

Лорд Эстэр яшчэ вагаўся, але нечакана ў размову ўмяшаўся містэр Додж.

- Гаварыце, не будзем гуляць у хованкі! Як я разумею, Ангельшчына даволі хутка даведаецца, у якую яму мы трапілі.

- Прашу вас, сядайце, панове, - ветліва сказаў Пуаро. - Вы, мілорд, вось у гэта вялікае крэсла.

Лорд Эстэр схамянуўся.

- Вы мяне ведаеце!

Пуаро ўсміхнуўся.

- Вядома. Я чытаю газеткі з малюнкамі. Дык як я магу не ведаць вас?

- Пан Пуаро, я прыйшоў параіцца па вельмі тэрміновай, жыццёва тэрміновай справе. Я буду прасіць у вас выключнай сакрэтнасці.

- Даю вам слова Эркюля Пуаро, большага абяцаць не магу! - ганарліва адказаў мой сябар.

- Гаворка пойдзе пра прэм'ер-міністра. Мы ў цяжкім становішчы.

- Мы трапілі ў цяжкае становішча! - паўтарыў і містэр Додж.

- Значыць, рана сур'ёзная? - папытаўся я.

- Якая рана?

- Рана ад кулі.

- Ах, гэта! - усклікнуў з пагардаю містэр Додж. - Старая гісторыя.

- Як сказаў мой калега, - вёў далей лорд Эстэр, - справа закончаная, і не трэба пра яе гаварыць. Усё абышлося. Як бы я хацеў сказаць тое самае і пра другі замах.

- Значыць, быў і другі замах?

- Ага, хоць і не такі, як першы. Пан Пуаро, прэм'ер-міністр знік.

- Што?

- Яго ўкралі!

- Немагчыма! - ускрыкнуў я і анямеў.

Пуаро глянуў на мяне так, што я зразумеў: трэба трымаць язык за зубамі.

- На няшчасце, тое, што здаецца немагчымым, на самай справе - праўда, - сказаў лорд.

Пуаро паглядзеў на містэра Доджа.

- Вы толькі што сказалі, панове, што часу мала. Што гэта значыць?

Візіцёры пераглянуліся, потым лорд Эстэр сказаў:

- Вы чулі, пан Пуаро, пра канферэнцыю саюзнікаў?

Мой сябар згодна кіўнуў галавою.

- Па даволі зразумелых прычынах не паведамлялася, дзе і калі яна адбудзецца. Але дата, хоць і не дапушчаная ў прэсу, вядомая ў дыпламатычных колах. Канферэнцыя павінна адкрыцца заўтра, у чацвер вечарам, у Версалі. Цяпер вы разумееце ўсю сур'ёзнасць становішча. Я не буду ўтойваць ад вас, што прысутнасць прэм'ер-міністра на канферэнцыі - гэта жыццёва важная неабходнасць. Пацыфісцкая прапаганда, пачатая нямецкімі агентамі і падтрыманая ў нас, стала вельмі актыўная. Існуе агульная думка, што паваротным пунктам канферэнцыі будзе выступленне прэм'ер-міністра. Яго адсутнасць можа мець самыя сур'ёзныя вынікі - магчыма, заўчасную пагібель. І ў нас няма каго паслаць замест яго. Ён адзін можа быць прадстаўніком ад Ангельшчыны.

Твары ва ўсіх былі вельмі заклапочаныя.

- Значыць, вы лічыце знікненне прэм'ер-міністра замахам, накіраваным на тое, каб перашкодзіць яму прысутнічаць на канферэнцыі?

- Вядома. Ён ужо быў у дарозе ў Францыю.

- І калі пачнецца канферэнцыя?

- Заўтра, а дзевятай гадзіне вечара.

Пуаро дастаў з кішэні вялікі гадзіннік.

- Цяпер без чвэрці дзевяць.

- Дваццаць чатыры гадзіны, - задумліва сказаў містэр Додж.

- І чвэрць гадзіны, - паправіў Пуаро. - Не забывайце пра чвэрць гадзіны, панове, - яны могуць быць патрэбныя. А цяпер удакладнім дэталі. Дзе адбылося выкраданне? Ці ў Ангельшчыне, ці ў Францыі?

- У Францыі. Містэр Мак-Адам прыехаў у Францыю сёння раніцаю. Ён павінен быў застацца на ноч у гасцях у Галоўнакамандуючага, а заўтра раніцаю прыехаць у Парыж. Яго пераправілі праз Ла-Манш на эскадраным мінаносцы. У Булоні яго сустрэлі аўтамабіль са Стаўкі і аўтамабіль з ад'ютантам Галоўнакамандуючага.

- Ну і што?

- Потым яны выехалі з Булоні... але нікуды не прыехалі.

- Што?

- Пан Пуаро, гэта быў несапраўдны аўтамабіль і несапраўдны ад'ютант. Сапраўдны аўтамабіль быў знойдзены ў баку ад дарогі; шафёр і ад'ютант былі моцна звязаныя і з кляпамі ў роце.

- А несапраўдны аўтамабіль?

- Да гэтага часу яго не знайшлі.

Пуаро зрабіў нецярплівы жэст.

- Неверагодна! Безумоўна, ён не можа знікнуць з поля зроку надоўга?

- Мы таксама так думалі. Здавалася, усё проста - добра пашукаць. Гэта частка Францыі на ваенным становішчы. Мы ўсе вырашылі, што аўтамабіль не мог ехаць так доўга непрыкметны. Французская паліцыя, нашы людзі са Скотланд-Ярда і вайскоўцы шукаюць з усіх сіл. Неверагодна, як вы кажаце, але нічога не знойдзена!

У гэту хвіліну ў дзверы пастукалі і ў пакой увайшоў малады афіцэр, трымаючы запячатаны канверт. Афіцэр перадаў канверт лорду Эстэру.

- Толькі што з Францыі, сэр. Я прынёс яго сюды, як вы загадалі.

Міністр нецярпліва распячатаў пакет і ўсклікнуў. Афіцэр выйшаў.

- Нарэшце ёсць звесткі! Гэта толькі што расшыфраваная тэлеграма. Знойдзены другі аўтамабіль і сакратар Даніэльс, якога ўсыпілі хлараформам, звязаны, з кляпам у роце, у закінутай ферме каля С. Ён нічога не памятае, апроч таго што нехта ззаду сціснуў яму рот і нос і што, калі ён ачуняў, пастараўся вызваліцца. Паліцыя верыць, што ён гаворыць праўду.

- І болей нічога не знайшлі?

- Не.

- Цела мёртвага прэм'ер-міністра няма? Значыць, ёсць надзея. Але вось што дзіўна. Чаму пасля спробы застрэліць яго сёння раніцаю яны робяць сабе такі клопат, каб трымаць яго жывога?

Додж паківаў галавою.

- Адно вельмі верагодна. Яны вырашылі чаго б гэта ні каштавала перашкодзіць яму ўдзельнічаць у канферэнцыі.

- Калі гэта ў межах чалавечых магчымасцей, прэм'ер-міністр будзе там. Цяпер, панове, раскажыце мне ўсё з самага пачатку. Я павінен ведаць і пра гэту справу з выстралам.

- Учора ўвечары прэм'ер-міністр разам са сваім сакратаром капітанам Даніэльсам...

- Тым самым, які суправаджаў яго ў Францыю?

- Ага. Дык вось, яны паехалі на аўтамабілі ў Віндзар, дзе прэм'ер-міністр быў дапушчаны на аўдыенцыю ў манарха. Сёння раніцаю ён вяртаўся ў горад, і па дарозе на яго быў зроблены замах.

- Прабачце, калі ласка. Хто гэты капітан Даніэльс? У вас ёсць на яго дасье?

Эстэр усміхнуўся.

- Я ведаў, што вы папытаеце ў мяне пра гэта. Пра яго вядома не вельмі многа. Ён са звычайнай сям'і. Служыў у ангельскай арміі, вельмі здольны сакратар і выдатны перакладчык. Па-мойму, ён ведае сем моў. Гэта было падставаю, чаму прэм'ер-міністр выбраў яго для суправаджэння ў Францыю.

- У яго ёсць якія-небудзь сваякі ў Ангельшчыне?

- Дзве цёткі. Місіс Эверард, якая жыве ў Хампстэдзе, і міс Даніэльс, якая жыве каля Аската.

- Аскат? Гэта недалёка ад Віндзара, праўда?

- Тут таксама шукалі. Але гэта не дало ніякіх вынікаў.

- Значыць, вы капітана Даніэльса ні ў чым не падазраяце?

З горыччу ў голасе лорд Эстэр адказаў:

- Не, пан Пуаро. У гэтыя дні я буду сумнявацца, перш чым скажу пра каго-небудзь, што ні ў чым яго не падазраю.

- Гэта добра. На маю думку, мілорд, у прэм'ер-міністра была, як і трэба, пільная паліцэйская ахова, якая абавязана не дапускаць магчымасці ніякага замаху на яго.

Лорд Эстэр нахіліў галаву.

- Гэта так. За аўтамабілем прэм'ер-міністра ехаў другі, у якім былі дэтэктывы ў цывільным адзенні. Містэр Мак-Адам нічога не ведаў пра гэтыя меры засцярогі. Смелы па натуры чалавек, ён не дазволіў бы гэтага. Ну, вядома, паліцыя прыняла свае меры. Шафер у прэм'ер-міністра, О'Мэрфі, у сапраўднасці чалавек з Сі-Ай-Дзі*.

* Дэпартамент крымінальнага вышуку.

- О'Мэрфі? Гэта ірландскае прозвішча, праўда?

- Ага, ён - ірландзец.

- З якой мясцовасці ў Ірландыі?

- З графства Клар, здаецца.

- Ага! Але расказвайце, мілорд.

- Прэм'ер-міністр паехаў у Лондан. Аўтамабіль быў закрыты. Ён і капітан Даніэльс сядзелі на заднім сядзенні. Другі аўтамабіль ехаў за імі як звычайна. Але, на няшчасце, аўтамабіль з прэм'ер-міністрам па нейкай невядомай прычыне з'ехаў з галоўнай дарогі.

- У тым месцы, дзе дарога паварочвае? - перабіў яго Пуаро.

- Ага... Але адкуль вы ведаеце?

- О, гэта відавочна! Расказвайце далей!

- Па нейкай невядомай прычыне аўтамабіль прэм'ер-міністра з'ехаў з галоўнай дарогі. Паліцэйскі аўтамабіль, у якім не заўважылі гэтага, ехаў па галоўнай дарозе. Крыху праехаўшы, аўтамабіль з прэм'ер-міністрам быў спынены на бязлюднай дарозе групаю людзей у масках. Шафёр...

- Гэты храбры О'Мэрфі! - у задуменні прамармытаў Пуаро.

- Шафёр, на імгненне разгубіўшыся, націснуў на тармазы. Прэм'ер-міністр выглянуў з акна. Адразу прагучаў стрэл, пасля другі. З першага яго ранілі ў шчаку, з другога, на шчасце, не пацэлілі. Шафёр адразу ацаніў усю небяспеку, даў газу і накіраваў машыну ўперад на бандытаў, якія разбягаліся.

- На валасок ад смерці! - усклікнуў я.

- Містэр Мак-Адам не хацеў вялікага шуму з-за той лёгкай раны. Ён сказаў, што гэта ўсяго толькі драпіна. Яны заехалі ў мясцовую вясковую бальніцу, дзе яму аказалі медыцынскую дапамогу; хто ён такі, вядома, утоіў. Потым ён паехаў, як і было запланавана, на станцыю Чарынг-Крос, дзе яго чакаў спецыяльны цягнік на Дуўр, і пасля кароткага даклада пра здарэнне, які даў капітан Даніэльс занепакоенай паліцыі, прэм'ер-міністр паехаў у Францыю. У Дуўры ён сеў на мінаносец, які яго там чакаў. У Булоні, як вы ведаеце, яго чакаў аўтамабіль пад ангельскім сцягам.

- Гэта ўсё, што вы хацелі расказаць мне?

- Ага.

- І няма ніякіх падрабязнасцей, пра якія вы не сказалі, мілорд?

- Ну, ёсць адна даволі дзіўная падрабязнасць.

- Якая?

- Аўтамабіль прэм'ер-міністра не вярнуўся дадому пасля таго, як містэр Мак-Адам выйшаў у Чарынг-Кросе. Паліцыі не цярпелася пагаварыць з О'Мэрфі, таму пошук пачаўся адразу. Аўтамабіль быў знойдзены каля аднаго агіднага рэстаранчыка ў Сахо*, які вядомы як месца сустрэч нямецкіх агентаў.

* Раён у цэнтры Лондана.

- А шафёр?

- Шафёра нідзе не знайшлі. Ён таксама знік.

- Значыць, - сказаў Пуаро, - цяпер у нас два знікненні: прэм'ер-міністра ў Францыі і О'Мэрфі ў Лондане.

Ён рэзка паглядзеў на лорда Эстэра, які зрабіў адчайны жэст.

- Я магу толькі сказаць вам, пан Пуаро, што, калі б хто-небудзь намякнуў мне ўчора, што О'Мэрфі - здраднік, я засмяяўся б яму ў вочы.

- А сёння?

- Сёння я не ведаю, што і думаць.

Пуаро з сур'ёзным выразам на твары кіўнуў галавою і зноў паглядзеў на свой вялікі круглы гадзіннік.

- Я так разумею, панове, што ў мяне поўная свабода дзеянняў, я маю на ўвазе - ва ўсім. Я павінен мець магчымасць ехаць куды хачу і на чым хачу.

- Вядома. У гадзіну ночы на Дуўр едзе спецыяльны цягнік з дадатковым кантынгентам са Скотланд-Ярда. З вамі будуць армейскі афіцэр і чалавек з Дэпартамента крымінальнага вышуку, яны будуць выконваць кожнае ваша распараджэнне. Гэтага дастаткова?

- Ага. І яшчэ адно пытанне перад тым, як вы пойдзеце, панове. Чаму вы прыйшлі менавіта да мяне? Я невядомы... малавядомы ў вышэйшым лонданскім свеце.

- Мы знайшлі вас тэрмінова па рэкамендацыі і па жаданні адной вельмі высокапастаўленай асобы ў вашай краіне.

- Як? Мой стары сябар прэфект?..

Лорд Эстэр адмоўна пакруціў галавою.

- Намнога вышэй, чым прэфект. Слова гэтай асобы было законам у Бельгіі - і будзе зноў! Гэтым Ангельшчына паклялася.

Пуаро рукою зрабіў рэзкі тэатральны жэст.

- Хай збудзецца гэта! Ах, мой гаспадар не забывае... Панове, я, Эркюль Пуаро, буду служыць вам вераю і праўдаю. Толькі б паспець своечасова. Але пакуль што вельмі шмат няясных акалічнасцей... Пакуль што я нічога не разумею.

- Ну, Пуаро, - усклікнуў я нецярпліва, як толькі дзверы зачыніліся за міністрамі, - што вы думаеце?

Мой сябар хуткімі, спрытнымі рухамі складваў рэчы ў дарожны чамаданчык. Ён паківаў галавою.

- Я не ведаю, пра што думаць. Мой розум нічога не падказвае.

- Чаму ж усё-такі, як вы сказалі, яго ўкралі, калі лепш было б прыстукнуць?

- Прабачце мне, мой друг, але гэта я сказаў не падумаўшы. Безумоўна, усё гаворыць за тое, што яго ўкралі.

- Але чаму?

- Таму што неакрэсленасць стварае паніку. Гэта - адзін доказ. Калі б прэм'ер-міністр быў мёртвы, гэта было б вялікім няшчасцем, але становішча праяснілася б. Цяпер жа вы паралізаваныя. Ці аб'явіцца прэм'ер-міністр зноў? Мёртвы ён ці жывы? Ніхто не ведае, а да той пары, пакуль не знойдуць, зрабіць што-небудзь канкрэтнае не могуць. І як я гаварыў, неакрэсленасць нараджае паніку, якая на руку бошам. Апроч таго, калі выкрадальнікі трымаюць яго дзе-небудзь, у іх ёсць перавага ў тым, што яны могуць дыктаваць любыя ўмовы абодвум бакам. Германскі ўрад як звычайна - не шчодры касір, але ў гэтым выпадку ён раскашэліцца. Па-трэцяе, ім не пагражае вяроўка ката. О, безумоўна, гэта - выкраданне.

- Тады чаму першы раз яго спрабавалі застрэліць?

Пуаро сярдзіта махнуў рукою.

- Ах, гэта якраз тое, чаго я не разумею! Гэтага нельга растлумачыць... недарэчна! Яны ўсё зрабілі - і вельмі добра зрабілі, - каб выкрасці яго, і, тым не меней, ставяць пад удар усю справу адным меладраматычным нападам, вартым кінематографа, але нерэальным. Нельга паверыць у гэту групу людзей у масках за нейкіх дваццаць міляў ад Лондана!

- Пэўна, гэта два зусім асобныя замахі, якія адбыліся незалежна адзін ад другога, - выказаў здагадку я.

- Ах не, гэта было б вельмі вялікім супадзеннем. Значыць, ідзём далей, хто здраднік? Здраднік быў, - у першай справе, ва ўсякім выпадку. Але хто - Даніэльс ці О'Мэрфі? Відаць, нехта з іх, інакш чаму аўтамабіль збочыў з галоўнай дарогі? Не можам жа мы падумаць, што прэм'ер-міністр хацеў, каб яго забілі. Ці збочыў О'Мэрфі сам, ці Даніэльс загадаў яму збочыць?

- Безумоўна, гэта справа рук О'Мэрфі.

- Ага, калі б загадаў Даніэльс, прэм'ер-міністр пачуў бы гэта і спытаў бы - чаму? Наогул, тут вельмі многа «чаму» і ўсе яны супярэчаць адно аднаму. Калі О'Мэрфі сумленны чалавек, чаму ён павярнуў з галоўнай дарогі? А калі ён несумленны, дык чаму ён не спыніў аўтамабіль, калі стралялі, і тым самым, відавочна, выратаваў жыццё прэм'ер-міністру? І далей, калі ён сумленны, чаму ён, пакінуўшы Чарынг-Крос, паехаў да вядомага месца сустрэчы нямецкіх шпіёнаў?

- Незразумела, - сказаў я.

- Давайце паглядзім на гэту справу па сістэме. Што мы маем «за» і што «супраць» гэтых людзей? Возьмем першага, О'Мэрфі. Супраць: што яго паводзіны, калі аўтамабіль павярнуў з дарогі, былі падазроныя, што ён - ірландзец з графства Клар; што ён знік у вышэйшай ступені падазрона. За: што яго жвавасць пры нападзе выратавала жыццё прэм'ер-міністру; што ён - чалавек са Скотланд-Ярда і, відаць, на гэту пасаду назначаюць даверанага дэтэктыва. Цяпер возьмем Даніэльса. Супраць яго мала фактаў, за выключэннем таго, што ніхто не ведае пра яго мінулае і што ён ведае вельмі многа моў для добрага ангельца! Прабачце, мой друг, але перакладчыкі з вас нікуды не вартыя! Ну, а за яго ў нас ёсць той факт, што яго знайшлі звязанага, з кляпам у роце і ўсыплёнага хлараформам. І гэты факт нібы сведчыць, што ён не мог удзельнічаць у гэтай справе.

- Ён мог быць звязаным і з кляпам у роце, каб адвесці падазрэнне.

Пуаро адмоўна пакруціў галавою.

- Французская паліцыя не магла памыліцца. Апроч таго, як толькі ён дамогся сваёй мэты і прэм'ер-міністра паспяхова выкралі, яму не было сэнсу тут заставацца. Вядома, яго саўдзельнікі маглі звязаць яго і ўсыпіць хлараформам, але я не магу зразумець, чаго яны дамагаліся. Ён, можа, ім карысны цяпер, каб, пакуль высвятляюцца абставіны, якія датычацца прэм'ер-міністра, уважліва сачыць за ўсімі гэтымі справамі.

- Пэўна, ён спадзяваўся навесці паліцыю на няправільны след?

- Тады чаму ён гэтага не зрабіў? Ён проста гаворыць, што нехта заціснуў яму нос і рот і што болей ён нічога не помніць. Тут няма няправільнага следу. Гэта вельмі падобна на праўду.

- Добра, - сказаў я, глянуўшы на гадзіннік. - Думаю, нам лепш паехаць на вакзал. Там больш магчымасці знайсці ключы да разгадкі выпадку ў Францыі.

- Магчыма, мой друг, але я не ўпэўнены ў гэтым. Нешта мне не верыцца, што можна знайсці прэм'ер-міністра ў такой абмежаванай зоне, дзе схаваць яго яшчэ цяжэй. Калі вайскоўцы і паліцыя дзвюх краін не знайшлі яго, як знайду яго я?

У Чарынг-Кросе нас сустрэў містэр Додж з двума мужчынамі.

- Гэта - дэтэктыў Барнс са Скотланд-Ярда і маёр Норман. Яны паступаюць у ваша распараджэнне. Жадаю вам поспеху! Кепскія справы, але я не трачу надзеі. Мне пара ісці.

І міністр пайшоў.

Мы з маёрам Норманам загаманілі. На платформе, у цэнтры невялікай групы людзей, я заўважыў маленькага з тхарыным тварам чалавека, які гаварыў з высокім светлавалосым мужчынам. Гэта быў стары знаёмы Пуаро, інспектар Джэп, адзін з самых талковых афіцэраў Скотланд-Ярда. Ён падышоў і бадзёра павітаўся з маім сябрам.

- Я чуў, вы таксама ўдзельнічаеце ў гэтай справе. Да гэтага часу яны паспяхова зніклі з таварам. Але я не веру, што ім удасца доўга хаваць яго. Нашы людзі прачэсваюць Францыю, нібы грэбенем. Французы - гэтаксама. У мяне такое адчуванне, што цяпер гэта справа некалькіх гадзін.

- Калі ён яшчэ жывы, - панура заўважыў высокі дэтэктыў.

Джэпаў твар выцягнуўся.

- Ага... Але ўсё-такі я адчуваю, што ён жывы і ўсё будзе добра.

Пуаро згодна кіўнуў.

- Ага, ага, ён жывы. Але ці своечасова ён будзе знойдзены? Я, як і вы, не веру, што яго змогуць доўга хаваць.

Пачуўся свісток, і мы гуртам зайшлі ў пульманаўскі вагон. Потым цягнік здрыгануўся і паволі, нібы нехаця, адышоў ад станцыі.

 

Цікавае было гэта падарожжа. Людзі са Скотланд-Ярда сабраліся ў гурток. Яны разаслалі карты Паўночнай Францыі і нецярпліва ўказальнымі пальцамі вадзілі па лініях дарог, спыняліся каля населеных пунктаў. Кожны меў сваю версію. Пуаро страціў сваю звычайную балбатлівасць; ён сядзеў і глядзеў перад сабою, нагадваючы мне збянтэжанае дзіця. Я гаманіў з Норманам, які аказаўся даволі цікавым чалавекам. Калі прыехалі ў Дуўр, мяне пацешылі паводзіны Пуаро. Гэты маленькі чалавек, ступіўшы на палубу судна, з адчаем ўчапіўся за маю руку. Дзьмуў моцны вецер.

- Божа мой! - мармытаў ён. - Гэта жахліва!

- Будзьце мужны, Пуаро, - сказаў я. - Вы дасягнеце мэты. Вы знойдзеце яго. Я ўпэўнены ў гэтым.

- Ах, мой друг, вы памыляецеся наконт майго хвалявання. Мяне непакоіць гэта праклятае мора! Марская хвароба - гэта страшныя пакуты!

- О! - усклікнуў я, ашаломлены.

Пачуўся гул матора, судна задрыжала, Пуаро застагнаў і заплюшчыў вочы.

- У маёра Нормана ёсць карта Паўночнай Францыі, ці не хочаце пазнаёміцца з ёю?

Пуаро адмоўна пакруціў галавою.

- Не, не! Пакіньце мяне, мой друг. Знаеце, каб думаць, страўнік і мазгі павінны быць у гармоніі. У Лавергюера ёсць выдатны метад супраць марской хваробы. Вы ўдыхаеце... і выдыхаеце... - паволі, так... - паварочваеце галаву злева направа і лічыце да шасці паміж кожным удыхам і выдыхам.

Я пакінуў яго разам з гімнастычнымі практыкаваннямі і выйшаў на палубу.

Калі судна запаволіла ход у Булонскай гавані, з'явіўся Пуаро, чысцюткі і з усмешкаю на твары і шапнуў мне, што Лавергюерава сістэма зрабіла «цуд»!

Джэпаў указальны палец яшчэ паказваў уяўны маршрут на карце.

- Глупства! Аўтамабіль выехаў з Булоні... Тут ён паехаў не па галоўнай дарозе. Я думаю, што прэм'ер-міністра перасадзілі на другі аўтамабіль. Разумееце?

- Ага, - сказаў высокі дэтэктыў. - Я займуся марскімі портамі. Дзесяць супраць аднаго, што яго ўпотай пераправілі на борт судна.

Джэп згодна кіўнуў галавою.

- Можа, і так. Адразу быў аддадзены загад закрыць усе порты.

Дзень толькі пачынаўся, калі мы сышлі на бераг. Маёр Норман крануў Пуаро за руку.

- Тут вас чакае ваенны аўтамабіль, сэр.

- Дзякую вам. Але ў гэту хвіліну я не збіраюся пакідаць Булонь.

- Што?

- Ага, зараз мы зойдзем у гэты гатэль, тут, на набярэжнай.

Ад слоў ён перайшоў да справы, папрасіў і атрымаў асобны пакоік. Нічога не разумеючы, мы ўтрох пайшлі за ім. Ён глянуў на нас.

- Не гэтак зрабіў бы добры дэтэктыў, га? Я разумею вашы думкі. Ён павінен быць напоўнены энергіяй. Ён павінен бегаць назад і ўперад. Ён павінен падаць ніцма на пыльную дарогу і шукаць праз лупу сляды шын. Ён павінен падымаць цыгарэтны акурак, згарэлую запалку. Так вы лічыце ці не? - ён глянуў на нас з выклікам. - Але я, Эркюль Пуаро, скажу вам, што гэта не так! Сапраўдныя ключы да разгадкі - тут. - Ён пастукаў сабе па лобе. - Знаеце, мне можна было не пакідаць Лондана. Дастаткова было спакойна сядзець у сваёй кватэры. Усё тут, у гэтых маленькіх шэрых клетачках. Патаемна і маўкліва яны робяць сваю справу; але надыдзе момант, калі я падыду да карты і пакажу пальцам на кропку - вось так - і скажу: «Прэм'ер-міністр - тут!» З метадам і і логікай не параўнаецца нішто! Гэта шалёная паспешнасць у Францыі была памылкаю, дзіцячай гульнёю ў хованкі. А цяпер, хоць гэта, можа, і позна, я накірую свае думкі на правільны шлях. Цішэй, сябры, прашу вас.

І пяць доўгіх гадзін гэты маленькі чалавечак сядзеў нерухома, жмурыўся, нібы кот; яго зялёныя вочы блішчалі і яшчэ больш зелянелі. Чалавек са Скотланд-Ярда з пагардай глядзеў на яго, маёр Норман маркоціўся і нерваваўся, і сам я заўважыў, што час цягнецца паволі і нудна. Урэшце я ўстаў і як мага цішэй падышоў да акна. Справа станавілася фарсам. Я ўпотай непакоіўся за майго сябра. Калі ён пацярпеў няўдачу, я хацеў бы, каб гэта выглядала не так смешна. З акна я няспешна назіраў за катэрам з салдатамі, які стаяў каля набярэжнай і пускаў клубы дыму.

Мяне абудзіў вельмі нечаканы голас Пуаро.

- Сябры мае! Мы едзем!

Я азірнуўся. Мой друг змяніўся незвычайна. Яго вочы блішчалі ад узбуджэння, грудзі ўздымаліся.

- Я быў ідыёт, сябры мае! Але нарэшце я ва ўсім разабраўся.

Маёр Норман паспешна пайшоў да дзвярэй.

- Я вызаву аўтамабіль.

- Не трэба. Мне ён не трэба. Дзякуй богу, вецер заціх.

- Вы хочаце прагуляцца?

- Не, мой юны друг! Я не святы Пётр. Я лічу за лепшае плаваць па моры на катэры.

- Плаваць па моры?

- Ага. Каб працаваць па сістэме, трэба пачаць з пачатку. А пачатак гэтай справы - у Ангельшчыне. Значыць, мы вяртаемся ў Ангельшчыну.

У тры гадзіны мы зноў стаялі на платформе ў Чарынг-Кросе. Да ўсіх нашых угавораў Пуаро заставаўся глухі, паўтараючы зноў і зноў, што пачатак - гэта не дарэмная трата часу, а адзіны правільны шлях. Па дарозе ў Ангельшчыну ён ціха параіўся з Норманам, і той адправіў з Дуўра стос тэлеграм.

Дзякуючы спецыяльным прапускам, якія былі ў Нормана, нас нідзе не затрымлівалі. У Лондане нас чакаў вялікі паліцэйскі аўтамабіль з людзьмі ў цывільным; адзін з іх падаў майму сябру ліст, надрукаваны на машынцы. На мой здзіўлены пагляд Пуаро адказаў:

- Спіс вясковых бальніц у заходнім раёне ад Лондана. Пра гэта я тэлеграфаваў з Дуўра.

Мы хутка праехалі па лонданскіх вуліцах за горад. Я пачаў разумець, куды мы едзем. Праз Віндзар на Аскат. Маё сэрца забілася мацней. У Аскаце жыла Даніэльсава цётка. Значыць, мы шукалі яго, а не О'Мэрфі.

Урэшце мы спыніліся каля варотаў акуратнай вілы. Пуаро скокнуў з машыны і пазваніў. Я заўважыў, як яго задаволены твар спахмурнеў і стаў разгублены. Відаць, Пуаро нешта не падабалася. На званок выйшаў гаспадар, павёў яго ў вілу. Праз некалькі хвілін мой сябар з'явіўся зноў і залез у аўтамабіль, незадаволена круцячы галавою. Мае надзеі пачалі раставаць. Ужо была пятая гадзіна. Нават калі ён знайшоў нейкія доказы Даніэльсавай віны, які ў гэтым сэнс, калі няма ў каго дазнацца пра дакладнае месца ў Францыі, дзе хаваюць прэм'ер-міністра?

Наша вяртанне ў Лондан перапынялася не раз. Не раз мы зварочвалі з галоўнай магістралі, спыняліся каля маленькіх будынкаў, у якіх я адразу пазнаваў вясковыя бальніцы. На такія прыпынкі Пуаро траціў толькі некалькі хвілін, але кожны раз рабіўся больш упэўненым.

Ён нешта шэптам спытаў у Нормана, і той адказаў:

- Ага, яны чакаюць нас каля моста. Трэба павярнуць налева.

Мы звярнулі з дарогі, і ў змрочным святле я ледзь убачыў другі аўтамабіль, які стаяў на ўзбочыне. У ім сядзелі двое цывільных. Пуаро выйшаў з машыны і перагаварыў з імі, пасля гэтага мы паехалі ў паўночным кірунку; другі аўтамабіль паехаў за намі.

Нейкі час мы ехалі ў адзін лонданскі паўночны прыгарад, куды, відаць, Пуаро і задумаў гэта падарожжа. Урэшце мы спыніліся каля парадных дзвярэй нейкага высокага дома, крыху воддаль ад дарогі.

Норман і я засталіся ў аўтамабілі. Пуаро і адзін дэтэктыў падышлі да дзвярэй і пазванілі. Дзверы адчыніла чыста апранутая служанка. Дэтэктыў сказаў ёй:

- Я - паліцэйскі афіцэр. Вось ордэр на вобыск у гэтым доме.

Дзяўчына войкнула, за ёй, у вестыбюлі, паказалася высокая прыгожая жанчына сярэдняга ўзросту.

- Зачыняй дзверы, Эдзіт. Гэта, пэўна, грабежнікі.

Але Пуаро імгненна паставіў нагу паміж прыадчыненымі дзвярамі і свіснуў у свісток. Другі дэтэктыў і некалькі паліцэйскіх у цывільным кінуліся на падмогу і ўварваліся ў дом.

Хвілін пяць мы з Норманам сядзелі ў адзіноце і нічога не рабілі. Урэшце дзверы зноў адчыніліся, і нашы людзі вывелі траіх арыштаваных - жанчыну і двух мужчын. Жанчыну і аднаго мужчыну пасадзілі ў другі аўтамабіль. Другога мужчыну сам Пуаро прывёў у нашу машыну.

- Я паеду з тымі, мой дружа. А вы паклапаціцеся пра гэтага джэнтльмена. Вы яго не ведаеце, не? Значыць, дазвольце мне прадставіць вам, пан О'Мэрфі!

О'Мэрфі! Мы паехалі ўжо, а я ўсё яшчэ глядзеў на яго з разяўленым ад здзіўлення ротам. На ім не было наручнікаў, але я і падумаць не мог, што ён паспрабуе ўцячы. Ён сядзеў нібы аглушаны, абыякавы. Ва ўсякім разе, Норман і я для яго не існавалі.

На маё здзіўленне, мы яшчэ паехалі далей у паўночным кірунку. Значыцца, мы не вярталіся ў Лондан! Я не разумеў. Раптам аўтамабіль збавіў хуткасць, і я ўбачыў, што мы пад'ехалі да Хенданскага аэрадрома. Адразу я зразумеў Пуаро. Ён хацеў даляцець у Францыю самалётам.

Гэта была ідэя добрая, але непрактычная. Тэлеграма была б тут лепш. Час ішоў. Пуаро павінен аддаць славу выратавання прэм'ер-міністра іншым.

Як толькі мы спыніліся, маёр Норман скокнуў з машыны, а яго месца заняў чалавек у цывільным. Норман некалькі хвілін раіўся з Пуаро, потым хутка пайшоў.

Я таксама выскачыў з машыны і ўзяў Пуаро за руку.

- Віншую вас, стары! Яны сказалі вам дакладнае месца? Але паслухайце, вы павінны тэлеграфаваць у Францыю. Вы спозніцеся, калі паедзеце самі.

Некалькі секунд Пуаро з цікаўнасцю глядзеў на мяне.

- На жаль, ёсць рэчы, якія нельга паслаць тэлеграмаю.

У гэту хвіліну вярнуўся маёр Норман з маладым афіцэрам у форме ВПС.

- Гэта капітан Лаел, які даставіць вас на самалёце ў Францыю. Ён гатовы ляцець неадкладна.

- Апраніцеся цяплей, сэр, - сказаў пілот. - Я магу вам даць паліто, калі хочаце.

Пуаро паглядзеў на свой круглы вялікі гадзіннік. Ціха сказаў: «Так, час яшчэ ёсць», паглядзеў на маладога афіцэра і ветліва пакланіўся.

- Дзякую, пан. Але не я - ваш пасажыр. Гэты джэнтльмен тут.

Сказаўшы гэта, ён адышоў крыху ўбок, і з цемры ступіла нейкая постаць. Гэта быў другі палонны - мужчына, які ехаў у другім аўтамабілі. Як толькі яго твар аказаўся ў святле, я траха не крыкнуў ад здзіўлення.

Гэта быў прэм'ер-міністр!

- Богам прашу, раскажыце мне ўсё пра гэта, - усклікнуў я нецярпліва, як толькі Пуаро, Норман і я паехалі зноў у Лондан. - Як яны ўхітрыліся пераправіць яго ў Ангельшчыну?

- Перапраўляць яго ў Ангельшчыну і не трэба было, - сказаў Пуаро. - Прэм'ер-міністр не пакідаў краіны. Яго выкралі па дарозе з Віндзара ў Лондан.

- Што?

- Я ўсё растлумачу. Прэм'ер-міністр быў у сваім аўтамабілі, яго сакратар сядзеў з ім ззаду. Раптам да прэм'ер-міністравага твару была прыціснута насоўка з хлараформам...

- Але хто гэта зрабіў?

- Таленавіты лінгвіст капітан Даніэльс. Як толькі прэм'ер-міністр страціў прытомнасць, Даніэльс загадаў О'Мэрфі, які нічога гэтага не заўважыў, звярнуць направа. Праз некалькі ярдаў на гэтай бязлюднай дарозе стаяў вялікі аўтамабіль, відаць, сапсаваны. Яго шафёр сігналіць О'Мэрфі. О'Мэрфі збаўляе хуткасць. Незнаёмы набліжаецца, Даніэльс высоўваецца з акна, і, мусіць, з дапамогаю анестэзіруючага рэчыва, якое дзейнічае імгненна, такога, як этылхларыд або хлараформ, трук паўтараецца. За некалькі секунд двух бездапаможных мужчын выцягваюць з аднаго аўтамабіля і пераносяць у другі, а іх месцы займае другая пара.

- Не можа быць!

- Яшчэ як! Вы глядзелі ў мюзік-холе нумары, у якіх з дзіўнай дакладнасцю капіруюць славутых людзей. Прэм'ер-міністра Ангельшчыны лягчэй прадубліраваць, чым, скажам, якога-небудзь містэра Сміта з Клапама*. Што да двайніка О'Мэрфі, дык на яго ніхто не звяртаў увагі, і яшчэ ён мог прыкінуцца напалоханым. З Чарынг-Кроса ён едзе на аўтамабілі на месца сустрэчы са сваімі сябрамі. Ён цяпер іграе дзве ролі - за сябе і за іншага чалавека. О'Мэрфі знік, пакінуўшы патрэбны падазроны след.

* Чыгуначны вузел у паўднёвым раёне Лондана.

- Але чалавека, які сыграў ролю прэм'ер-міністра, бачылі ўсе!

- Яго не бачыў ніхто з тых, хто ведаў прэм'ер-міністра асабіста або блізка. А Даніэльс, як толькі мог, абараняў яго ад кантактаў. Апроч таго, яго твар быў забінтаваны, і нешта незвычайнае ў яго паводзінах магло быць растлумачана як узрушэнне пасля замаху на яго. У містэра Мак-Адама слабы голас, і ён мала гаворыць перад якой-небудзь вялікай прамоваю. Падман вельмі лёгка прайшоў бы ў Францыі. А калі гэтага рабіць стала нельга, прэм'ер-міністр знікае. Ангельская паліцыя спяшаецца праз Ла-Манш, і ніхто не цікавіцца падрабязнасцямі першага нападу. Для стварэння бачнасці, што выкраданне адбылося ў Францыі, Даніэльсу ўстаўляюць у рот кляп, вяжуць яго і на самай справе ўсыпляюць хлараформам.

- А чалавек, які сыграў ролю прэм'ер-міністра?

- Скідае з сябе маску. Ён і падстаўны шафёр могуць быць арыштаваныя як падазроныя асобы, але ніхто не будзе падазраваць пра іх сапраўдную ролю ў гэтай драме, і ўрэшце іх адпусцяць за адсутнасцю доказаў.

- А сапраўдны прэм'ер-міністр?

- Яго і О'Мэрфі завезлі ў дом місіс Эверард, так званай Даніэльсавай «цёткі» ў Хампстэдзе. А напраўду яна - мадам Берта Эбенталь, і паліцыя ўжо сачыла за ёю. Гэта быў маленькі, але каштоўны прэзент, які я ім зрабіў, не кажучы ўжо пра Даніэльса. Ах, гэта была разумная задума, але яна не была разлічана на таленавітасць Эркюля Пуаро!

Я думаю, майго сябра можна было прабачыць за гэта самаўсхваленне.

- Калі вы ўпершыню пачалі падазраваць, як было ўсё на самай справе?

- Калі пачаў добра думаць! Мне ніяк не ўдавалася дастасаваць гэту справу да стральбы, але калі я даведаўся, што прэм'ер-міністр паехаў у Францыю з забінтаваным тварам, я пачаў разумець! І калі я наведаў усе вясковыя бальніцы паміж Віндзарам і Лонданам і даведаўся, што параненага прэм'ер-міністра там ніхто не бачыў, я пераканаўся канчаткова. Астатняе было дзіцячаю гульнёю для такога розуму як у мяне!

На другі дзень Пуаро паказаў мне тэлеграму, якую ён толькі што атрымаў. У ёй не было ні пачатку, ні подпісу. Было напісана адно слова: «Своечасова».

Пасля, у той самы дзень, вячэрнія газеты надрукавалі матэрыялы пра канферэнцыю саюзнікаў. Яны падкрэслівалі, што прамова містэра Мак-Адама зрабіла вялікае ўражанне і не раз перапынялася авацыямі.



Пераклад: Валерый Чудаў, Міхаіл Котаў