epub
 
падключыць
слоўнікі

Агата Крысьці

Забойства ў Лабернэм-Катэджы

Міс Політ узяла ў руку дзвярны малаточак і далікатна пастукала ў дзверы катэджа. Крыху пачакаўшы, яна пастукала яшчэ раз. Пакунак у яе пад левай рукой ссунуўся, і яна паправіла яго. У гэтым пакунку была новая зялёная, прыгатаваная да прымеркі сукенка місіс Спэнлаў. На левай руцэ ў міс Політ вісела сумка з чорнага шоўку, у якой ляжалі швейная рулетка, падушачка са шпількамі і вялікія нажніцы.

Міс Політ - высокая худая жанчына з вострым носам, зморшчаным тварам, тонкімі губамі і рэдкімі прыгладжанымі валасамі.

Яна нерашуча пастаяла некалькі хвілін, потым стукнула ў дзверы трэці раз. Кінула позірк удоўж вуліцы і ўбачыла нейкую постаць, што набліжалася да яе. Міс Хартнел, прыемная жанчына гадоў сарака пяці, павіталася сваім звычайным нізкім басам:

- Дзень добры, міс Політ!

Швачка адказала ёй:

- Дзень добры, міс Хартнел.

У яе быў вельмі тонкі голас і правільнае вымаўленне. Сваё жыццё яна пачынала пакаёўкай у лэдзі.

- Прабачце, - сказала яна далей, - вы часам не ведаеце, калі можна застаць місіс Спэнлаў дома?

- Не, не ведаю, - адказала міс Хартнел.

- Бачыце, неяк няёмка выходзіць. На сёння была прызначана прымерка новай сукенкі місіс Спэнлаў. Яна прасіла прыйсці а палове чацвёртай.

Міс Хартнел паглядзела на свой гадзіннік на руцэ.

- Цяпер ужо больш за палову.

- Я стукалася тройчы, але ніхто не адказвае, і я ўжо вырашыла, што місіс Спэнлаў некуды пайшла і забылася пра прымерку. Звычайна яна не забываецца, калі прызначае, да таго ж яна хацела паслязаўтра надзець гэтую сукенку.

Міс Хартнел адчыніла брамку, прайшла з міс Політ па сцежачцы да катэджа і спынілася каля зачыненых дзвярэй Лабернэм-Катэджа.

- Чаму ж не выходзіць Глэдзіс? - пацікавілася яна. - Ах, ды сёння чацвер - выхадны дзень у Глэдзіс. Мусіць, місіс Спэнлаў заснула. Мне здаецца, вы ціха стукалі. - І, узяўшы малаток, яна пачала малаціць у дзверы, потым загрукала з усяе сілы кулакамі, выкрыкваючы: «Хто там? Адгукніцеся!»

Ніхто не азываўся.

Міс Політ прамармытала:

- Відаць, місіс Спэнлаў проста забылася і пайшла. Я выберу пазней хвілінку і падыду яшчэ.

Яна ступіла на сцежку і сабралася ўжо ісці.

- Глупства, - упэўнена перабіла яе міс Хартнел. - Яна не магла нікуды пайсці. Я б яе сустрэла. Трэба заглянуць у акно, ці ёсць там хто-небудзь жывы?

Яна засмяялася зычлівым смехам, паказваючы, што гэта жарт, і заглянула ў бліжняе акно, так, нядбайна кінула позірк, бо ведала, што ў пярэднім пакоі містэр і місіс Спэнлаў бываюць рэдка, яны больш любяць гасціны пакой.

Зірнула - і анямела: за акном на падлозе ляжала на дыване перад камінам, раскінуўшы рукі, мёртвая місіс Спэнлаў.

Канечне, успамінаючы потым гэтую гісторыю, міс Хартнел расказвала:

- Я не разгубілася, калі ўбачыла забітую місіс Спэнлаў. Політ ад хвалявання разгубілася і не ведала, што рабіць. «Вазьміце сябе ў рукі, - сказала я ёй. - Вы заставайцеся тут, а я пабягу да канстэбля Полка». Яна адмаўлялася, не хацела заставацца адна, але я не зважала на гэта. З людзьмі такога тыпу трэба заўсёды быць цвёрдай. У такія моманты яны залішне мітусяцца. Дык вось, у тую хвіліну, як я сабралася ўжо ісці, з-за дома выйшаў містэр Спэнлаў.

Тут міс Хартнел зрабіла паўзу. Нехта з слухачоў, выкарыстаўшы зручны момант, спытаўся:

- Скажыце, а як ён выглядаў?

Міс Хартнел уздыхнула і пачала гаварыць далей:

- Па праўдзе кажучы, я адразу зразумела, што тут нешта не так. Ён ішоў спакойны, ураўнаважаны. Прынамсі, яго гэта не здзівіла. І што хочаце кажыце, але гэта не ўласціва чалавеку - даведацца пра смерць жонкі і каб ніякіх эмоцый.

Усе згадзіліся.

Паліцыя таксама згадзілася з гэтым. І такой падазронай яны палічылі абыякавасць містэра Спэнлаў, што, не трацячы часу, адразу пачалі высвятляць, у якім становішчы апынуўся гэты джэнтльмен у выніку смерці жонкі. Выявілася, што місіс Спэнлаў была багатая партнёрка і што яе грошы згодна з завяшчаннем пасля яе смерці пераходзяць мужу. А тое, што завяшчанне было складзена адразу пасля вяселля, навяло на яго яшчэ большае падазрэнне.

 

Міс Марпл, гэтая прыемная з выгляду, ужо немаладая жанчына, вострая на язык, жыла па-суседску з прыходскім свяшчэннікам. Праз паўгадзіны пасля таго, як Канстэбль Полк пабываў на месцы здарэння, ён дапытаў міс Марпл:

- Калі вы не супраць, мэм, я задам вам некалькі пытанняў.

- Гэта звязана з забойствам місіс Спэнлаў? - у сваю чаргу спыталася міс Марпл.

Полк здзівіўся:

- Мадам, адкуль вы ведаеце пра гэта?..

- Рыба, - адказала міс Марпл.

Такі адказ быў зразумелы Полку. Ён правільна вырашыў, што гэтую навіну прынёс міс Марпл хлопчык - прадавец рыбы - разам з вячэрай.

Міс Марпл спакойна гаварыла:

- Гэту жанчыну, што ляжала ў гасцінай на падлозе, задушылі нечым - магчыма, вузкім рэменем. Але што б гэта ні было, яно прапала.

Твар Полка гарэў ад гневу і абурэння.

- Як гэты хлапчына Фрэд даведаўся пра ўсё?..

Міс Марпл коратка і спрытна перапыніла яго:

- У вашым кіцелі шпілька прышпілена.

Здзіўлены канстэбль Полк зірнуў уніз і вымавіў:

- Як кажуць: «Убачыш шпільку - падымі яе, каб цэлы дзень быў у цябе ўдачлівы».

- Спадзяюся, мне пашчасціць. Але што вы хацелі паведаміць?

Канстэбль Полк адкашляўся, важна паглядзеў на міс Марпл і зірнуў у сваю запісную кніжку.

- Містэр Спэнлаў, муж нябожчыцы, паведаміў мне, што ў дзве гадзіны трыццаць хвілін, калі не падводзіць памяць, яму пазваніла міс Марпл і спыталася, ці не зможа ён прыйсці да яе ў пятнаццаць хвілін чацвёртай, бо ёй трэба з ім аб нечым параіцца. Ну як, мэм, гэта праўда?

- Канечне, не, - сказала міс Марпл.

- Што, вы не званілі містэру Спэнлаў у дзве трыццаць?

- Ні ў дзве трыццаць, ні ў які іншы час.

- Вось як, - здзіўлена прамовіў канстэбль Полк і з задавальненнем пагладзіў свае вусы.

- Што яшчэ сказаў містэр Спэнлаў?

- Містэр Спэнлаў гаворыць, што, як яго і прасілі, ён пайшоў сюды, а з дому выйшаў, калі на гадзінніку было дзесяць хвілін чацвёртай. Але, калі ён прыйшоў, служанка паведаміла яму, што міс Марпл няма дома.

- А вось гэта так і было, праўда, - заявіла міс Марпл. - Ён прыходзіў сюды, але я была на сходзе ў «Жаночым інстытуце»*.

* Арганізацыя, якая аб'ядноўвае сельскіх жанчын. (Тут і далей заўвагі перакладчыкаў.)

- Дзіўна, - зноў сказаў канстэбль Полк.

- Скажыце мне, канстэбль, - усклікнула міс Марпл, - вы падазраяце містэра Спэнлаў?

- Я нічога не магу сказаць канкрэтна на гэтым этапе расследавання, але ў мяне такое ўражанне, быццам нехта, не будзем пакуль называць імя, спрабуе перахітрыць усіх.

- Містэр Спэнлаў? - задумліва прагаварыла міс Марпл.

Ёй падабаўся містэр Спэнлаў. Гэта быў невысокі хударлявы чалавек, нязграбны і ветлівы ў размове, што сведчыла аб яго прыстойнасці. Здавалася дзіўным, што ён прыехаў жыць у вёску, ён яўна ўсё жыццё пражыў у горадзе. А чаму пераехаў у вёску - прычыну ён растлумачыў толькі міс Марпл.

- З той пары, як я сябе помню, я заўсёды хацеў жыць у вёсцы і мець свой сад. Мне заўсёды падабаліся кветкі. Ведаеце, у маёй жонкі была невялічкая крама кветак. Там я ўпершыню і ўбачыў яе.

Скупыя словы, але яны раскрывалі яго рамантычную душу. Маладая прыгожая міс Спэнлаў на фоне кветак - як цікава.

Аднак містэр Спэнлаў у кветках нічога не разумеў. Ён не разбіраўся ў насенні, не меў ніякага ўяўлення пра расаду, пра пасадку, пра аднагадовыя і шматгадовыя расліны. У яго была толькі адна мара - мара мець агарод, засаджаны пахучымі кветкамі, побач з катэджам. Ён не раз распытваў міс Марпл пра пасадку расады, агарод і яе адказы на свае пытанні занатоўваў у запісную кніжачку.

Чалавек ён быў стрыманы. Магчыма, гэта рыса характару прыцягнула ўвагу паліцыі да яго, калі яго жонку знайшлі забітай. Цярпліва і настойліва яны патроху высвятлялі мінулае місіс Спэнлаў, і неўзабаве ўся вёска Сент-Мары-Мід таксама даведалася пра гэта.

Нябожчыца місіс Спэнлаў спачатку працавала служанкай у адным вялікім доме. Яна пакінула гэта месца, бо выйшла замуж за садоўніка і разам з ім адкрыла краму кветак у Лондане. Крама давала вялікі прыбытак. А садоўнік захварэў і памёр.

Удава вяла далей справу, пашырыла краму і славілася на ўвесь горад. Потым яна выгадна прадала краму і другі раз выйшла замуж за містэра Спэнлаў, ювеліра сярэдніх гадоў, які атрымаў у спадчыну выгадную справу. Праз некаторы час яны прадалі краму і пераехалі ў Сент-Мары-Мід.

Місіс Спэнлаў была багатая жанчына. Прыбытак ад сваёй кветкавай гаспадаркі яна ўкладала ў краму, «як ёй раілі духі з неба», - так яна тлумачыла ўсім і кожнаму.

Як ні дзіўна, а яе ўклады давалі прыбытак. Аднак яе вера ў спірытызм не памацнела, наадварот, яна раптам закінула медыумы і сеансы і хутка кінулася ў змрочную рэлігію, блізкую да індыйскай, якая грунтавалася на розных формах глыбокага дыхання. Але, пераехаўшы ў Сент-Мары-Мід, зноў вярнулася ў артадаксальную англіканскую веру. Яна часта бывала ў свяшчэнніка дома, рэгулярна хадзіла ў царкву. Яна апекавала вясковую царкву, цікавілася мясцовымі навінамі і гуляла ў брыдж. Сумнае штодзённае жыццё. І раптам - забойства.

Палкоўнік Мэлчэт, галоўны канстэбль, выклікаў інспектара Слэка. Слэк быў чалавек з вытрымкай, настойлівы, прынцыповы, адным словам, з цвёрдым характарам. Калі ён прымаў рашэнне, дык трымаўся яго. Цяпер ён быў зусім упэўнены.

- Муж зрабіў гэта, сэр.

- Вы так думаеце?

- Упэўнены. Вы толькі зірніце на яго. Па ім не відаць, каб ён бедаваў ці перажываў. Вярнуўся дахаты, ведаючы, што жонка забітая.

- Ён так і не паспрабаваў іграць ролю забітага горам мужа?

- Дзе яму, сэр? Занадта задаволены самім сабой. Некаторыя джэнтльмены не могуць іграць. Як я разумею, яна яму проста абрыдла. У яе былі грошы, і яна была дакучлівая жанчына - вечна займалася нейкімі «ізмамі» і ўсялякім іншым глупствам. Ён спакойна вырашыў прыбраць яе і зажыць, як душа жадае.

- І трэба было выбраць зручны момант.

- Праўда, ён чакаў зручнага моманту. Старанна распрацаваў план. Прыдумаў, каб яму пазванілі па тэлефоне і выклікалі спецыяльна з дому...

Мэлчэт перапыніў яго:

- А званок вы праверылі.

- Не, сэр. І дурню ясна, што або хлусіў, або званілі з тэлефона-аўтамата. У вёсцы толькі два тэлефоны-аўтаматы: на станцыі і на пошце. З пошты ніхто не званіў. Місіс Блад бачыць кожнага, хто ўваходзіць. А вось са станцыі мог быць званок. У дзве гадзіны двацаць сем хвілін прыходзіць цягнік, і ў гэты час тут такая мітусня. Але галоўнае ў тым, што ён запэўнівае нас, быццам яму званіла менавіта міс Марпл. Мы праверылі. З яе дома ніхто не званіў, і сама яна была ў інстытуце.

- Вы не дапускаеце магчымасці, што той, хто забіў місіс Спэнлаў, спецыяльна выклікаў мужа па тэлефоне, каб адвесці такім спосабам ад сябе падазрэнне?

- Вы маеце на ўвазе маладога Тэда Герарда, так, сэр? Я ўжо разбіраўся з ім, але ён тут ні пры чым. Ён нічога не выйграе.

- Хоць ён - фігура цёмная: вялікая растрата даручаных яму грошай.

- А я і не кажу, што ён бязгрэшны. Аднак ён прыйшоў да свайго боса і прызнаўся ў гэтай растраце. І яго работадаўцы не даведаліся пра гэта.

- Сябра «Оксфардскай групы»*, - сказаў Мэлчэт.

* Адна з рэакцыйных рэлігійных груп, што існавала ў 20-я гады. Яе крытэрыі: сумленнасць, чысціня душы, любоў да людзей, бескарыслівасць.

- Так, сэр. Прыняў другую веру і адразу апраўдаў свой учынак - прызнаўся, што ўкраў грошы. Заўважце, я не кажу, што гэта не магло быць хітрасцю, - здагадаўся, што яго падазраюць і вырашыў спекульнуць на шчырым раскаянні.

- У вас скептычны розум, Слэк, - сказаў палкоўнік Мэлчэт. - Між іншым, вы мелі гаворку з міс Марпл?

- Якое яна мае дачыненне да гэтай справы, сэр?

- Ніякага. Але ж яна чуе, што гавораць. Чаму б вам не пайсці і не пагаварыць з ёй? Яна вельмі назіральная жанчына.

Слэк перавёў гаворку на іншае.

- Хачу папытацца ў вас, сэр, вось пра што. Нябожчыца пачынала сваю працоўную кар'еру служанкай у доме сэра Роберта Аберкромбы. Там былі ўкрадзены каштоўныя камяні - смарагды - каштоўныя пацеркі. Іх так і не знайшлі. Я пацікавіўся гэтым, прапажа, відаць, здарылася, калі там працавала місіс Спэнлаў, у той час яна была яшчэ дзяўчына. Ці не думаеце вы, сэр, што яна замяшана ў гэтай справе? Спэнлаў, знаеце, быў адным з тых дробных ювеліраў, якія не грэбавалі скупкай крадзенага.

Мэлчэт паківаў галавой.

- Не думаю, што ў гэтым штосьці ёсць. Яна тады яшчэ не ведала Спэнлаў. Гэту справу я помню. У паліцыі палічылі, што тут замешаны сын гэтай сям'і - Джым Аберкромба - малады марнатраўца. У яго былі вялікія даўгі, і амаль адразу пасля крадзяжу іх пагасіла, казалі, нейкая багатая дама. Праўда, гэтага я не ведаю дакладна - стары Аберкромба не даў ходу гэтым чуткам, у паліцыю таксама не звяртаўся.

- Гэта толькі меркаванне, сэр, - сказаў Слэк.

 

Міс Марпл сустрэла інспектара Слэка ветліва, асабліва калі пачула, што яго прыслаў палкоўнік Мэлчэт.

- Сапраўды, гэта вельмі прыемна, калі цябе яшчэ помняць.

- Вядома, ён помніць вас. Сказаў мне, калі вы чаго не ведаеце пра тое, што робіцца ў Сент-Мары-Мід, дык і не варта ведаць.

- Вялікае дзякуй яму, але я сапраўды нічога не ведаю. Я маю на ўвазе гэта забойства.

- Як вы зразумелі, гаворка ідзе пра забойства.

- Канечне, інакш не варта было б марнаваць часу.

Слэк лагодна дадаў:

- Бачыце, гэта не афіцыйная размова, а, калі можна так сказаць, канфідэнцыяльная.

- Вы, відаць, хочаце ведаць, што людзі гавораць. І ці ёсць у гэтым хоць доля праўды?

- Менавіта.

- Канечне, многа розных размоў і плётак. Утварыліся як бы два лагеры. Адны лічаць, што гэта зрабіў муж. У такіх выпадках звычайна падазраюць мужа або жонку, праўда?

- Звычайна так, - асцярожна адказаў інспектар.

- Такія блізкія адносіны, ведаеце. Потым, часта яшчэ грашовы аспект. Я чула, што ў місіс Спэнлаў былі грошы, і, выходзіць, містэр Спэнлаў мае нейкую выгоду з яе смерці. У наш час, бывае, апраўдваюцца злосныя злачынствы.

- Ён атрымлівае ў спадчыну кругленькую суму, гэта без сумнення.

- Сапраўды. Здавалася б больш верагодным для яго - задушыць яе, пакінуць дом, выйсці з другога хода, прайсці полем да майго дома, спытаць мяне, прыкінуцца, быццам яму пазванілі па тэлефоне ад мяне, потым вярнуцца і знайсці сваю жонку забітую, спадзеючыся, канечне, што злачынства прыпішуць якому-небудзь злодзею ці валацугу.

Інспектар кіўнуў у знак згоды галавой.

- Калі вы лічыце, што гэта грашовы аспект... і яны былі ў дрэнных адносінах апошні час...

Міс Марпл перапыніла яго:

- Але яны былі ў добрых адносінах.

- Вы ўпэўнены ў гэтым?

- Калі б яны сварыліся, дык пра гэта ўсе б ведалі. Пакаёўка Глэдзіс Брэнт адразу раззваніла б па ўсёй акрузе.

- Яна магла і не ведаць, - слаба запярэчыў інспектар. І ў адказ атрымаў паблажлівую ўсмешку.

- І потым, тут ёсць яшчэ адзін аспект. Тэд Герард. Прыгожы малады чалавек. Ведаеце, я лічу, што прывабны выгляд больш уплывае на людзей, чым нам здаецца. Наш памочнік прыходскі свяшчэннік - ну проста магічнае ўздзеянне. Усе дзяўчаты хадзілі ў царкву як на вячэрню, так і на ютрань. І многія пажылыя жанчыны пачалі актыўней працаваць у прыходзе... А пантофлі і шалікі якія спецыяльна яму робяць! Вельмі няёмкае становішча для маладога чалавека. Але пачакайце, да чаго гэта я? Ага, гэты малады чалавек, Тэд Герард. Канечне, і пра яго гаварылі. Ён часцяком заходзіў да яе. Місіс Спэнлаў сама расказвала мне, што ён быў сябрам нейкай групы, здаецца, яе называлі Оксфардскай. Яны вельмі шчырыя і сур'ёзныя, і, я мяркую, місіс Спэнлаў усё гэта ўражвала.

Міс Марпл перадыхнула крыху.

- І я ўпэўнена, што няма прычыны лічыць, быццам у гэтым было нешта большае, але вы ведаеце, якія ёсць людзі. Большасць людзей лічаць, што місіс Спэнлаў ашукаў гэты малады чалавек, а яна яму пазычыла вялікую суму грошай. Праўда і тое, што яго бачылі ў той дзень на станцыі. У цягніку, які прыбывае ў дзве дваццаць сем. Ну, канечне, было б вельмі лёгка, праўда, - саскочыць з другога боку цягніка, пералезці цераз канаву і плот, прайсці ўздоўж плота і такім чынам незаўважана абысці ўваход на станцыю? Тады можна было і не заўважыць, як ён ідзе да катэджа. І канечне ж, людзі думаюць, што місіс Спэнлаў была апранута дзіўна.

- Дзіўна?

- Кімано. Не сукенка. - Міс Марпл пачырванела. - Гэта такі фасон, ведаеце, гэта як бы намёк на нешта непрыстойнае.

- Вы думаеце, што гэта непрыстойна?

- Ды не, я так не думаю. Мне здаецца, натуральна.

- Вы думаеце, гэта было натуральна?

- У такіх абставінах, канечне.

Пагляд у міс Марпл быў спакойны і задумлівы.

- Гэта дае нам яшчэ адзін матыў для мужа, - дадаў інспектар Слэк. - Рэўнасць.

- Ды не, містэр Спэнлаў ніколі не раўнаваў. Ён не з тых мужчын, якія заўважаюць падобнае. Калі б яго жонка пайшла і пакінула на падушцы запіску, тады б ён упершыню даведаўся, што гэта такое.

Праніклівым позіркам міс Марпл зірнула на інспектара Слэка, і ён чамусьці падумаў, што ўся гаворка намёкам на нешта іншае, чаго ён ніяк не мог зразумець.

- А вы, інспектар, не знайшлі ніякіх ключоў да разгадкі на тым месцы? - яна зрабіла націск на слове «месцы».

- У наш час не пакідаюць адбіткаў пальцаў і попелу ад цыгарак, міс Марпл.

- Мне здаецца, гэта маё асабістае меркаванне, што гэта было старамоднае злачынства.

- Што вы хочаце гэтым сказаць? - рэзкім голасам спытаўся Слэк.

- Я думаю, - не спяшаючыся пачала міс Марпл, - вам мог бы дапамагчы канстэбль Полк. Ён быў адным з першых, як кажуць, на... «месцы злачынства».

 

Містэр Спэнлаў сядзеў у крэсле. У яго быў збянтэжаны выгляд. Ён сказаў ціхім голасам:

- Можа, усё, што адбываецца, існуе толькі ў маім уяўленні. Можа, мой слых ужо не такі, як быў раней. Але мне здалося, што я добра чуў, як нейкае хлапчанё крыкнула мне наўздагон: «Тады хто Крыпен?*» І ў мяне склалася такое ўражанне, што ён думае, быццам я... забіў сваю дарагую жонку.

* Атруціў жонку, пасля сенсацыйнага працэсу ў Ангельшчыне ў 1910 годзе быў пакараны.

Міс Марпл акуратна абрэзала нажніцамі завялую ружу, потым звярнулася да містэра Спэнлаў:

- Безумоўна, вам гэта здалося, што ён так думае.

- Але як такая думка магла прыйсці ў дзіцячую галаву?

Міс Марпл кашлянула:

- Напэўна, падслухоўвае размовы старэйшых.

- Вы... вы хочаце сказаць, што іншыя думаюць гэтаксама?

- Палова людзей у Сент-Мары-Мід.

- Але, паважаная міс Марпл, хто мог такое прыдумаць? Я быў вельмі прывязаны да сваёй жонкі. На жаль, ёй не падабалася жыць у вёсцы, як я спадзяваўся, але поўная згода ў кожным пытанні - гэта немагчымы ідэал. Верыце, я вельмі перажываю сваё гора.

- Магчыма. Але, прабачце за мае словы, гэта гучыць непераканаўча.

Містэр Спэнлаў падхапіўся з крэсла.

- Паважаная міс Марпл, шмат гадоў таму назад я прачытаў пра аднаго кітайскага філосафа, які, калі памерла яго дарагая жонка, спакойна біў у гонг на вуліцы - звычайная кітайская гульня, - як быццам нічога не адбылося. Яго незвычайная сіла духу ўразіла жыхароў горада.

- Але, - запярэчыла міс Марпл, - жыхары нашай вёскі Сент-Мары-Мід рэагуюць зусім інакш. Іх не цікавіць кітайская філасофія.

- Але ж вы разумееце?

Міс Марпл кіўнула згодна галавой.

- Мой дзядзька, - растлумачыла яна, - ніколі не траціў самавалодання. У яго было прозвішча «Ніколі - ніякіх - эмоцый». Ён таксама вельмі любіў кветкі.

- Я думаю, - сказаў з запалам містэр Спэнлаў, - што на заходнім баку катэджа ў мяне будзе альтанка. Ружы і, магчыма, гліцынія. І яшчэ гэта белая кветка, падобная на зорку... цяпер не ўспомню, як яна называецца.

Міс Марпл лагодным голасам, якім звычайна размаўляе з трохгадовым пляменнікам, сказала містэру Спэнлаў:

- У мяне ёсць вельмі добры каталог з малюнкамі. Напэўна, вы хочаце паглядзець яго, а мне трэба схадзіць у вёску.

Містэр Спэнлаў застаўся сядзець у садзе з каталогам у руках. Гэты занятак яго крыху супакоіў. А міс Марпл прайшла ў дом, хуценька загарнула нейкую сукенку ў паперу, выйшла з хаты, накіравалася да пошты. Міс Політ, швачка, жыла ў пакоях над поштай.

Але міс Марпл адразу не ступіла на прыступкі і не адчыніла дзвярэй. Была палова трэцяй, і праз хвіліну каля пошты спыніўся аўтобус. Жанчына-паліцмайстар выскачыла з пакетамі, бо пры пошце была маленькая крама, дзе прадавалі цукеркі, танныя кніжкі і цацкі.

Амаль чатыры хвіліны міс Марпл была адна на пошце.

Пакуль жанчына-паліцмайстар вярнулася назад да аўтобуса, міс Марпл паднялася наверх і растлумачыла міс Політ, што яна хоча перашыць сваю крэпдэшынавую сукенку на маднейшую.

 

Галоўны канстэбль вельмі здзівіўся, калі да яго завітала міс Марпл.

- Прабачце, прабачце, калі ласка, што турбую вас. Я ведаю, што вы вельмі заняты, але я палічыла, што лепш звярнуцца да вас, палкоўнік Мэлчэт, чым да інспектара Слэка. Перш за ўсё мне б не хацелася, каб у канстэбля Полка былі якія-небудзь непрыемнасці. Правільней было б, я мяркую, каб ён нічога не чапаў.

Палкоўніка Мэлчэта візіт гэтай жанчыны азадачыў.

- Полк? Гэта канстэбль у Сент-Мары-Мід, так? Што ён натварыў?

- Ён падняў з падлогі шпільку і прышпіліў да свайго кіцеля. Яшчэ тады я падумала, што, можа, ён знайшоў яе ў доме місіс Спэнлаў.

- Цікава, цікава, дык, нарэшце, што такое шпілька? Сапраўды, ён падняў шпільку, якая ляжала каля забітай місіс Спэнлаў. Прыйшоў і сказаў пра гэта Слэку, учора, - я думаю, гэта вы яго навялі на такую думку. Ён не павінен быў чапаць яе, але я ўжо сказаў, што такое шпілька? Гэта толькі звычайная шпілька. Такімі шпількамі карыстаюцца звычайна ўсе жанчыны.

- Ды не, палкоўнік Мэлчэт, вы тут памыляецеся. Магчыма, калі паглядзець з мужчынскага боку - гэта звычайная шпілька, а на самай справе гэта не так. Гэта спецыяльная шпілька, вельмі тонкая, з тых, якія прадаюцца цэлым наборам, і імі карыстаюцца звычайна швачкі.

Мэлчэт здзіўлена паглядзеў на міс Марпл, цьмяна пачынаючы разумець, на што намякае гэта жанчына. Міс Марпл нецярпліва кіўнула некалькі разоў галавой.

- Пэўна ж, так. Мне здаецца гэта такім відавочным. Місіс Спэнлаў была ў кімано, таму што збіралася прымерваць сваю новую сукенку; яна зайшла ў пярэдні пакой, а міс Політ, відаць, сказала, што трэба памераць, і абкруціла вакол шыі... а потым ўсё, што ёй трэба было зрабіць - гэта перакрыжаваць канцы рулеткі і заціснуць... вельмі лёгка, як я чула. Зрабіўшы сваю чорную справу, яна выйшла з катэджа, зачыніла дзверы, спынілася на ганку, узяла ў руку малаточак, як быццам толькі што прыйшла. Але шпілька даказвае, што яна ўжо была ў гэтым доме.

- І гэта міс Політ званіла па тэлефоне Спэнлаў?

- Ага. З пошты ў дзве гадзіны трыццаць хвілін, якраз калі прыходзіць аўтобус і на пошце нікога няма.

- Але чаму, паважаная міс Марпл? Чаму? Ці ж можна забіваць чалавека без дай прычыны.

- Бачыце, палкоўнік Мэлчэт, з усяго пачутага мною я зрабіла вывад, што злачынства небеспадстаўнае, яно мае даўні пачатак. Ведаеце, яно нагадвае мне двух маіх кузенаў Энтані і Гордана. За што б ні ўзяўся Энтані, у яго ўсё заўсёды ішло добра, а ў небаракі Гордана - наадварот: скакавыя коні закульгалі, акцыі ўпалі, маёмасць абясцэнілася. Як я разумею, гэтыя дзве жанчыны разам удзельнічалі ў адной справе.

- У якой?

- Крадзяжы. Даўно. Вельмі каштоўныя камяні смарагды. Пакаёўка і служанка. Таму што адзін факт нельга растлумачыць: дзе служанка, калі выйшла замуж за садоўніка, узяла столькі грошай, каб адкрыць краму? Тут была ўкладзена яе частка здабычы, я лічу, такі выраз падыходзіць у дадзеным выпадку. Усё, што яна ні рабіла, канчалася ўдала. Грошы рабілі грошы. Але другой удзельніцы, пакаёўцы, не пашчасціла. Яна стала звычайнай сельскай швачкай. Мінула шмат гадоў, і яны зноў сустрэліся. Спачатку ўсё было нармальна, пакуль на сцэне не з'явіўся Тэд Герард. Разумееце, місіс Спэнлаў пачало мучыць сумленне, таму яна схілілася да рэлігіі. Гэты малады чалавек, безумоўна, угаворваў яе «адкрыцца» і «ачысціцца», і, відаць, яна б гэта зрабіла. Але міс Політ глядзела на ўсё інакш. Яна разумела, што можа сесці ў турму за крадзеж, які ўчыніла многа гадоў таму назад. Таму яна прыняла рашэнне: палажыць канец усяму гэтаму. Мяркую, яна заўсёды была разбэшчаная жанчына. Мне здаецца, яна б і вокам не маргнула, калі б павесілі гэтага слаўнага бязглуздага містэра Спэнлаў.

- Мы можам... праверыць вашу тэорыю, каб паставіць кропку, - паволі вымавіў палкоўнік Мэлчэт. - Ідэнтыфікацыя міс Політ з пакаёўкай у сям'і Аберкромба, але...

- Гэта будзе вельмі лёгка, - запэўніла яго міс Марпл. - Яна з тых людзей, якія прызнаюцца адразу, калі сутыкаюцца з праўдай. І потым, паглядзіце, у мяне яе рулетка. Я... украла яе, калі была на прымерцы. Выявіўшы прапажу, яна здагадаецца, што рулетка ў паліцыі.. Да таго ж яна вельмі неадукаваная жанчына і падумае, што рулетка - ёсць доказ у гэтай справе супраць яе.

Яна ўсміхнулася яму і бадзёра дадала:

- Магу запэўніць, што ў вас не будзе клопату.

Міс Марпл сказала яму такім тонам, якім аднойчы яго цудоўная цётка запэўніла яго, што ён не можа не здаць уступных экзаменаў у Сандхерст*.

* Сандхерсцкі ваенны каледж паблізу вёскі Сандхерст, графства Беркшыр.

І ён здаў.



Пераклад: Валерый Чудаў, Кацярына Дзмітрыенка