epub
 
Падключыць
слоўнікі

Агнія Барто

Мурзачка неслухмяная

- Ах ты мурзачка неслухмяная!

Рукі брудныя, локці з плямамі!

А пазногці чыста

Як у трубачыста!

- Я на сонейку ляжала,

Рукі дагары трымала,

Вось яны і загарэлі.

 

- Ах ты мурзачка неслухмяная!

Шчокі брудныя, носік з плямамі!

Вушы - проста гора,

Быццам у шахцёра!

- Я на сонейку ляжала,

Тварык дагары трымала,

Вось ён і загарэў.

 

- Ах ты мурзачка неслухмяная!

Ногі брудныя, пяткі з плямамі!

Быццам не ў дзіцяці,

А у парасяці!

- Я на сонейку ляжала,

Пяткі дагары трымала,

Вось яны і загарэлі.

 

- Вой, а мы не верым,

Можа нахлусіла?

Бруд увесь адмыем,

Дзе там наша мыла?

 

Як убачыла вяхотку,

Выдзіралася, як котка:

- Ды няма тут бруду,

Пальцы мыць не буду!

Не будуць рукі белыя,

Бо рукі загарэлыя!

А рукі ўзялі ды адмыліся!

 

Тупала нагамі:

- Не сябрую з вамі!

Вой, мой носік мілы,

Ён не любіць мыла!

Не будзе тварык белы,

Бо тварык загарэлы!

А тварык узяў ды адмыўся!

 

Тата губкай пяткі цёр -

Плакала, як той бабёр:

- Вой, не казычыце,

Шчоткі прыбярыце!

Не будуць пяткі белыя,

Бо пяткі загарэлыя!

А пяткі ўзялі ды адмыліся!

 

- Вось цяпер ты белая,

Зусім не загарэлая.

Гэта ўсё быў бруд.

 

 

Разам з Паўлам Барто

 



Пераклад: Тацяна Папова

Беларуская Палічка: http://knihi.com