epub
 
падключыць
слоўнікі

Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Я вельмі люблю тэніс. Праўда, ужо васемнаццаць год не бяру ў рукі ракетку і не збіраюся яе браць. Я намагаўся забыць здарэнне, якое перакуліла маё жыццё, але ўчора гэтая гісторыя ажыла на экране майго тэлевізара. Сын досыць эмацыянальна сачыў за падзеямі чарговага тэніснага турніру і быў заўзятарам нейкай дзяўчыны-спартсменкі. І калі яна перамагла, сын кінуўся абдымаць маці, а пасля ад радасці збіў кулаком газету, якую я чытаў, і амаль што крыкнуў:

- Як ты можаш быць такім абыякавым? Беларуска перамагла!!!

- Беларусы шмат дзе перамагаюць, - я адказаў стрымана і, не маючы жадання падтрымліваць гэтую бессэнсоўную размову, пачаў распраўляць пакамечаную газету.

- Ты проста не бачыў, што там было... Гэтая амерыканка нават не спрабавала адбіваць мячы, яна ўцякала, круцілася, як на патэльні, каб у яе мяч не патрапіў. А Хрысціна - віртуоз! Яна як машына, ніякага хвалявання, бясконцая ўпэўненасць... О, зараз усе будуць ведаць, дзе на карце знаходзіцца Беларусь! Але самае галоўнае, што яе фоткі ва ўсіх часопісах. Я таксама купіў, - Валерка не вытрымаў, каб не пахваліцца, і разгарнуў нейкі глянцавы часопіс.

Што ж... Знаёмы твар... такія родныя вочы, усмешка... і рука... Гэта было як насланнё, як жывое ўвасабленне таго жаху, што я перажываў столькі год... Я нават жонцы ніколі не расказваў пра тое, што здарылася за год да нараджэння Хрысціны... Значыць, Міраслава стала трэнеркай уласнай дачкі... Малайчына, Міра! Хто б мог падумаць, што яна з дачушкай дасягне такіх вяршыняў.

Наступную гульню я глядзеў разам з сынам. Нястомныя рухі, вылітая, як з металу, фігура, рэкламная, зусім небеларуская ўсмешка... і рука. Хрысціна была ляўшой, але зараз гэтым нікога не здзівіш. Тэніс - адзінае поле чалавечай дзейнасці, дзе якраз ідзе дыскрымінацыя праварукіх людзей. Ляўшам усюды дрэнна: усе дзверы ў шматлікіх установах зроблены так, каб іх было зручна адчыняць правай рукой, у банках асадку прымацоўваюць з разлікам на правую руку, ляўшы мусяць пісаць злева направа, хоць для іх гэта ненатуральна, на лекцыях ва ўніверсітэце іх садзяць з краю, каб не піхалі суседа левай рукой, а калі ляўша навучыцца граць на гітары, то вымушаны насіць усюды з сабой менавіта сваю гітару, не будзеш жа струны перастаўляць... Ляўшам паўсюдна дрэнна: у малодшых класах, ва ўніверсітэтах, у офісах... Ім добра толькі ў тэнісе. Так што тэнісістка-ляўша сёння ўжо нікога не здзіўляе. І ўсё ж маю памяць на тым часопісным фотаздымку абудзіла менавіта яе левая рука... Калі гэткую руку яна зрабіла сваёй візітнай карткай, я магу яе толькі павіншаваць...

У мае развагі цвіком убіўся звонкі голас сына:

- Можа, і мне пазаймацца тэнісам? Як ты думаеш? - сын замахнуўся ўяўнай ракеткай.

- Не, - я не здолеў схаваць свой страх і, за секунду прыдушыўшы баязлівыя інтанацыі ў голасе, безуважна дадаў: - Гэтае пытанне не будзе нават абмяркоўвацца.

- Ну, тата! - узвіўся сын.

- «Тата, тата», - я заўжды ўдала пераймаў сынавыя інтанацыі, - не з тваімі адзнакамі! Скончы школу, тады пагаворым. У адзінаццатым класе раскідацца сваім часам? Гэта немагчыма! У твае гады я паспяхова вучыўся! - распачаў я заўсёдную гаворку.

- Ах, так? Ды я гэтую школу ўвогуле кіну! - Валерка звыкла і таму няшчыра шантажаваў мяне. - Мне там нецікава, ты разумееш? А тэніс... Можа, гэта мой лёс? А ты ўсё псуеш, сунешся са сваёй вучобай!

Валерка ўжо не першы раз нагадваў мне пра жаданне заняцца тэнісам. І я шматкроць адмаўляў яму, забараняў. Без аніякіх тлумачэнняў, калі не лічыць сталае ўпіканне зашмальцаваным дзённікам, дзе бацькоў ветліва, а пасля і не вельмі, запрашалі ў школу. Валерка адчуваў, што гэта звычайная адгаворка дарослых. Значыць, надышоў час. Я ведаў, што калісьці я буду пакутваць за сваё баязлівае маўчанне, падмацаванае шчырай сімпатыяй да Міраславы. Гэта было натуральна, і я не ўяўляю сабе мужчыну, які паставіўся б да яе непрыхільна.

О, яна была на ўсе густы: дасканалая фігурка - для эстэтаў, аматараў зрокавай асалоды, і незвычайная дасціпнасць - для інтэлектуалаў. Але насамрэч яна нікому не належала, нават здавалася, што яна свядома пазбягае больш блізкіх узаемаадносін з людзьмі, хоць гэта мала стасавалася з ейнай працай - яна была трэнеркай па тэнісу.

Міраслава была дзіўнай, і я не мог зразумець яе. Яна ахвотна размаўляла пра розныя адцягненыя рэчы, смяялася з нашых ідыёцкіх жартаў і недарэчных кампліментаў, але ўпарта адсякала ўсе спробы прыватных кантактаў. Ёсць корт, і ёсць яна. Па-за кортам яе не было. Я не ўяўляю, як можна было б спытаць, што яна робіць вечарам. Яе твар камянеў, яна высока падымала галаву і холадна адказвала, што мы плацім толькі за яе час на занятках, а ў вольныя гадзіны яна мае права на прыватнае жыццё. Гэта было смешна, нібыта я ці мой сябра хацелі прыдбаць Міраславу ва ўласнасць. Я грашыў на яе няўдалы любоўны досвед, а сябрук цынічна зазначаў, што Міраславу не цікавяць мужчыны. Але нашто майму сыну ведаць пра тыя брудныя гіпотэзы, і я пачаў здалёк.

- Валера, прынясі мой альбом, - я спадзяваўся заінтрыгаваць сына, які ведаў, што без патрэбы я фотаздымкі не разглядаю.

- Сынок, я раскажу табе казку, - млява расцягнуў словы Валера, але пыльны фаліянт усё ж прынёс. - Можа, гэта старасць? Я занадта часта чую ад цябе: «Калі мы былі маладымі...»

- Выбачай, я не скеміў, што гэта табе так надакучае, - я шукаў патрэбны фотаздымак. - Ты ведаеш, хто гэта? - я тыцнуў пальцам у малады твар.

- Ну, мабыць, нейкі твой сябар, вось вы на наступнай старонцы побач. Навошта ты мне ўсё гэта паказваеш, я на памяць усіх ведаю. Зрокава. Ты ж ніколі нічога не тлумачыш, не расказваеш, нібыта тваё жыццё незваротна засакрэчана і пыліцца ў архіве, - справядліва папракнуў мяне сын.

- Вось я і наважыўся выправіцца. Дык будзеш слухаць «казку», сынок? - паіранізаваў я.

Сын згодна кіўнуў, а сам кінуў вокам у тэлепраграму: праз гадзіну мусіў быць нейкі фільм. Што ж, трэба мірыцца з тым, што дзеці жывуць ад фільма да фільма і спатканні прызначаюць, зверыўшы час з праграмай.

- Я калісьці граў у тэніс... - Я чакаў, што Валера здзівіцца, і ён сапраўды зацікаўлена падняў галаву. - А гэты хлопец на фотаздымку - мой лепшы сябар. Зваць Табіян.

- Табіян? - здзекліва перапытаў Валерка. - У яго бацькі былі вычварэнцы? Так жыццё дзіцяці сапсаваць! Слухай, а як яго скарочана? Табу? А дзецям якая пакута: Табіянавіч ці Табіянаўна!

- Мы раслі разам, і для мяне ён быў проста Тобка. Мы былі як спарышы: заўжды разам. Я сябе без яго не памятаю. - Валерка памкнуўся нешта спытаць, але я рукой паказаў, маўляў, слухай. - Школа, універсітэт... Час быў зменлівы, бурны, выплывалі самыя кемлівыя, і ў ягонага бацькі ўсё атрымалася. Гэта быў, як мы зараз кажам, канец ХХ стагоддзя, але тады ніхто не ўсведамляў значнасці і незвычайнасці пераломнага моманту, мы проста жылі. Тобка запрасіў мяне ў бацькоўскую фірму. Ад ягонага невыноснага характару мяне ратавала толькі мая прывычка да ягоных выбрыкаў. У офісе ж усе стагналі: яго выключная памяць і гэткая ж выключная помслівасць вымушалі цярпець Тобкавыя здзекі, і насмешкі, і абразы... І калі я намагаўся стрымаць яго, ён спрабаваў пагражаць і мне ці то звальненнем, ці то помстай праз забойства. Ён ведаў, што я не пакрыўджуся.

- Ты яму быў як хлопчык для біцця? Ён табе ў лыч, а ты яму «дзякуй»? - Валерка відавочна абурыўся за маю негераічную маладосць.

- Ты можаш называць гэта як заўгодна, але я быў адзіным чалавекам, які мог сказаць Тобку праўду, мог хоць неяк паўплываць на яго. Так што, Валера, я не думаю, што ўсё было так дрэнна. Дрэнна стала пасля. Тобка вырашыў заняцца сваім жалезным здароўем. Як на мой тадышні погляд, гэта было нахабнае марнаванне грошай. Тэніс быў патрэбны Тобку, каб хваліцца, а не гуляць у яго. А каму? Нельга ж спыняць людзей на праспекце і выхваляцца. А каб нібыта прызнацца, як на споведзі, дык не было каму. Шчырых сяброў не было, яго выкідалі вонкі з любога сяброўскага кола. Напрыклад, нехта скардзіцца на жонку без спадзеву на нейкія парады. А Тобка перапыняў няшчаснага і сам пачынаў ганіць чужую жанчыну. Муж спрабаваў яе абараніць і Тобку больш ніколі не спавядаўся. Ды і ніводная дзяўчына вытрымаць яго не магла. Уяві, яны выправяцца ў госці, а ён дарогай пачынае дакалупвацца, а што гэта ў цябе за сукенка абы-якая, а нашто ногі выставіла альбо нашто схавала, а нашто нафарбавалася, як прастытутка, і з рота ў цябе ўчарашняй вячэрай тхне. Ну, якая дзяўчына стрывае? Ён, мабыць, хацеў з іх зомбі закамплексаваных зрабіць, але яны своечасова ўцякалі, - сёння гэта дзіўна і недарэчна, а тады мяне гэта не абыходзіла.

- Хворы быў хлопец, - вырвалася ў Валеркі.

- Ну, хворы ці не хворы, не табе меркаваць, - я лічу, што нельга дазваляць сыну ацэньваць дарослых, малы яшчэ. - Тобка тры разы на тыдзень ірваўся на корт і ўсё мяне запрашаў, а я адмаўляўся: у офісе толькі тады і можна было паспяхова працаваць, пакуль не было маладога шэфа. Карацей, клопату хапала і без тэнісу. Ну, і недзе праз месяц знясільваючых заняткаў ён прапанаваў мне прыйсці проста паглядзець. Калі ласка, я прыйшоў.

Валерка ўважліва слухаў мой зацягнуты расповед, а я адразу ўспомніў, як я ўпершыню пабачыў Міраславу. Яна ішла нам насустрач - і я зразумеў Тобкаву апантанасць тэнісам. Спартыўнай загарэлай фігуркай яе захацеў бы авалодаць кожны мужчына, ды, вылізаная нашымі позіркамі, Міраслава нікога не заўважала вакол сябе.

Я хацеў бы да яе дакрануцца, да яе моцных рук і спартыўных ножак, да яе шыі, да яе цела, якое нібыта само прасілася ў абдоймы. Мая прага дакрананняў прамільгнула як маланка. І за эфектнай знешнасцю я ўбачыў асобу. Міраслава была жвавай і смяшлівай, гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі я ўспамінаю Міру. Я мог бясконца глядзець, як яна смяецца, а яна - магла смяяцца бясконца: ніжняя губка па-дзіцячы адтапырвалася і аднекуль з грудзей вырываўся смех, вочы прымружваліся - яна цалкам аддавалася сваім эмоцыям. Але адзін смелы і выклікальны позірк - і яна хавалася ў свой «панцыр». Я не мог зразумець, чаго яна баіцца. Яна не хацела, каб яе ўспрымалі як жанчыну? У яе ж і прафесія крыху бясполая - трэнер. Не жанчына, не мужчына, а трэнер. Праўда, на тых жа кортах працавала трэнерка, на якую мужыкі сыходзіліся проста паглядзець. Міраслава ж была зусім іншай. У кожнай жанчыны павінна быць таямніца, але такая, каб яе можна было паспяхова выкрыць. Міраслава ж была ў палоне свайго сакрэту, здавалася, што менавіта ён дыктаваў Міры і схему паводзінаў, і манеру размовы, і адстароненасць дачыненняў. Мяне прыцягвала яе зачараванасць, але Валерку пра мае пачуцці да Міраславы ведаць, вядома ж, было не трэба.

- І я прыйшоў, - задумліва паўтарыў я. - Глядзець не было на што. Міраслава, яго трэнер, з лёгкасцю выйгравала сет за сетам, гейм за геймам. Тобка выціраў пот, чырванеў, але быў нязменна ветлівы і ўсмешлівы. А вось гэта мяне здзівіла: у офісе наш Табіян Казіміравіч лаяўся на сакратарку, кідаўся тэлефоннай трубкай, а аднойчы, калі ў самы непрыдатны момант у друкарцы скончыўся картрыдж, Тобка пхнуў яго нагой так, што толькі «пер'е» паляцела. Таму я не верыў, што яго магла стрымліваць прысутнасць дзяўчыны, джэнтльмен - гэта не пра Табіяна.

- Закахаўся! - выгукнуў Валерка з незразумелым мне зларадствам.

- Табе абы закахацца! Валер-кавалер! - не пагадзіўся я. - Не, я спачатку нават не мог сцяміць, у чым тут прычына. І ўсё - інакш і быць не магло - растлумачылася ягонай помслівасцю. Прайграўшы чарговую гульню, Табіян падышоў да сеткі і, калі Міраслава працягнула яму руку для поціску, пацалаваў яе мазолістую далоньку. Міраслава толькі рассмяялася. Я быў уражаны - не тэнісны корт, а школа этыкету. Я ўжо - быў грэх - падумаў, што Тобка перавыхаваўся, але я сам жа гэтую вар'яцкую думку і адпрэчыў. І правільна зрабіў! У тыя часы я мог бы кнігу напісаць «Правілы карыстання Табіянам Яўнутам».

- Ну і ў чым была фішка? - пацікавіўся Валерка.

- Усё вытлумачылася вельмі проста. Калі Табіян пайшоў пераапранацца, Міраслава падышла да мяне і прапанавала, каб я таксама заняўся тэнісам. «О, не, што вы, я зусім не спартовец!» - вымушаны быў прызнацца я. І яна, зразумеўшы, што голымі рукамі мяне ў тэніс не зацягнуць, расказала ўсё як ёсць. «Тут выйшла такая непрыемная гісторыя. Я ўпэўненая, што Табіян вам не расказваў, але... Ведаеце, ой, ну канешне ж, вы ведаеце, што ён па натуры пераможца, і я бачыла, што ён ледзь трывае. І на мінулым тыдні я паддалася, прайграла адзін гейм: адзін раз нібыта не дабегла да мяча, другі - адбіла мяч ў аўт. Ён бессаромна трыумфаваў. Але калі прайграў наступныя геймы, то ўсё зразумеў. Але выгляду не падаў! І гэта самае страшнае, калі б ён даў волю эмоцыям - гэта было б натуральна». Валерка, я адчуў, што яна яго баіцца... Ці нават не баіцца, а вінаваціць сябе за ягоныя перажыванні. Яна не хацела з ім сварыцца, - я шукаў вытлумачэння іхніх паводзінаў.

- Значыць, яна закахалася! - Валерка лічыў, што ўсе жаночыя дзеянні можна растлумачыць праз каханне.

- Не, я тады мог толькі канстатаваць факты, але не інтэрпрэтаваць. Міма нас нехта прайшоў, і Міраслава спужана зірнула ў бок раздзявальні, вінавата паглядзела на мяне і нарэшце прызналася, што Тобка нават ужо не мацюкаецца, калі мяч не адаб'е. Ён хлопец эмацыянальны і кожны пракол падмацоўваў адпаведнымі выразамі. І я згадзіўся выратаваць Міраславу.

Валерка толькі раскрыў рот, як я яго апярэдзіў:

- Не, Валерык, я не закахаўся.

- Ды я не тое хацеў сказаць, - выкруціўся мой падазроны сынок. - Я хацеў спытаць, доўга ты яшчэ? Ці ты хочаш серыял зрабіць: кожны вечар новая частка аповеду?

- Ну, калі табе нецікава, дык што ты маўчыш? А то я выглядаю як кат: прымушаю сына слухаць гісторыі сваёй маладосці! - Па майму голасу было чуваць, што я не крыўджуся.

- Я не пра тое... Ты, татусь, проста здзекуешся! Заінтрыгаваў, а нічога не раскрываеш, - Валера чакаў найхутчэйшага завяршэння гісторыі.

- Я расказваю, як расказваецца. Так што, калі пачнецца твой фільм, ціхенька вазьму свае газеты і сыду ў спальню, згода? - я здолеў крыху супакоіць Валеркаву нецярплівасць. - Вечарам таго ж дня за півам я нязмушана, як мне падалося, пажартаваў: «Тобка, ты, можа, закахаўся ў сваю трэнерку? Гелена-сакратарка ніколі не забудзе, што ты ёй сказаў на неадпраўлены факс. А тут ты проста сама выхаванасць!» А ён зусім абыякава назваў Міраславу машынай для забівання галоў і заглыбіўся ў куфаль з півам, каб не адказваць далей. І я згадзіўся гуляць разам з Тобкам у тэніс.

І я ўжо ведаў, што адкажа Тобка: «Я ж даўно табе казаў, трэба займацца сабой. А то дзяўчаты разбіраюць поўсць на тваіх дохлых грудзях!» - Ох, любіў Тобка пажартаваць з маёй валасатасці, ведаў, што мне гэта не падабаецца. «Лепш я буду з поўсцю, чым мая дзяўчына!» - звыкла адмахнуўся я. Валерку, напэўна, не спадабалася б такая наша размова, і таму я дыпламатычна абмінуў гэтыя падрабязнасці.

- Увесь час я падладжваўся пад Тобку. У дзяцінстве, калі мы былі суседзямі, ягоная мама прасіла, каб мы не крыўдзілі Табіяна, бо ён вельмі нервовы хлопчык. Яго нервовасць з гадамі не паменшала, а ў мяне выпрацавалася звычка ва ўсім яму саступаць. Уседазволенасць не сапсавала Тобку: не было ўжо куды псаваць. Як я ўжо казаў, Тобка быў жывёлай помслівай. Менавіта праз гэта я вырашыў дапамагчы Міраславе, бо яе шчырасць і даверлівасць схілялі мяне на яе бок.

Я мусіў заняцца тэнісам і не кідаў ненавісную ракетку толькі таму, што адчуваў адказнасць за Міраславу. Яна сачыла за кожнай нашай гульнёй, рабіла разбор палётаў і, самае галоўнае, калі ў мяне зусім не атрымлівалася падача, яна станавілася за мной, блізка-блізка, брала маю руку ў сваю і паказвала правільны рух. Я адчуваў спінай яе цеплыню і не думаў пра тэніс. Праз некалькі тыдняў цяжкіх заняткаў я пачаў усведамляць, што яна мне вельмі падабаецца.

Я, вядома ж, не мог выйграць у Тобкі, бо стаж навучання істотна розніўся, а гэты мсціўца крыху акрыяў пасля некалькіх чыстых перамог. І ўсё ж не пакідаў ён мары перамагчы саму Міраславу. Але, Валера, сам падумай, яна ж спецыяльна вучылася, столькі год трэніровак. Як можна было яе перамагчы?

- Ну, можна што-небудзь прыдумаць! Руку за спіну прывязаць! Дамовіцца з кімсьці, каб ёй перад самай падачай крычалі «га»! Спужаецца, і ўсё! - Валерка заўсёды быў добрым вынаходнікам розных несумленнасцяў.

- Ён прыдумаў прасцейшы варыянт. На корце перамагчы яе немагчыма, значыць, трэба біць у іншае месца, - услых разважаў я.

- У галаву, - засмяяўся Валерка.

- У сэрца! - выгукнуў я. - Тобка зацікавіўся яе таямніцай. Ён меркаваў, што трапіць у ейны ложак будзе добрым рэваншам. І ён лічыў, што гэта зрабіць прасцей, чым перамагчы яе на корце. У ложку з Міраславай! Я не верыў, што яе можна спакусіць, проста не верыў. А Тобка са звыклай заўзятасцю кінуўся ў новую авантуру.

- Атрымалася? - амаль шэптам спытаў Валерка, спадзеючыся на якуюсьці непрыстойную гісторыю.

- Лепш бы не атрымалася! - з болем вырвалася ў мяне. - Ён цалкам змяніў свае паводзіны. Ягоная напятая ветлівасць перакінулася ў сапраўднае, шчырае пакланенне, натуральную павагу і захапленне. Вітаючыся з Міраславай, ён моршчыў ва ўсмешцы свой пацучыны носік і маленькі рот. Гэта выглядала так... так... не ведаю, як сказаць... гэта было насамрэч. Я ведаў Тобку і таму здагадваўся, што гэта двайная гульня, але немагчыма было яго падлавіць. Я нават сам пачынаў сумнявацца ў яго няшчырасці. Тобка паводзіў сябе менавіта так, як трэба было ў гэтай сітуацыі. Ён ні разу не прынёс Міры кветак ў час сваіх заляцанняў. На 8 Сакавіка ён сарамліва прамовіў: «Віншую!» І калі ён здолеў падмануць мяне, то што казаць пра Міраславу? Яна маральна падрыхтавалася да нейкіх прапаноў і запрашэнняў, мабыць, меркавала, што ён захоча сустрэцца з ёй па-за кортам. А ён маўчаў. Ніякіх спробаў, ніякіх прыватных пытанняў, нічога.

- І праз месяц ён сарваў яе, як спелы яблык, - здагадаўся Валерка.

- Праз тры месяцы, - удакладніў я. - Ён не раскідваўся кампліментамі. Яна проста зразумела з ягоных паводзінаў, што яе ранейшае жыццё і нейкія праблемы яго не датычаць, што ён прыме яе любой, што яна ўжо нічога не зможа зрабіць, каб разбурыць ягонае каханне. Яна адчула, што ён надзейны. Для жанчын гэта вельмі важна.

- А ён яе ўсё адно не кахаў? - Валерка не верыў, што можна так удала жангляваць пачуццямі.

- Мне здаецца, яна зразумела, што сама вінавата ў тым, што яе баяцца мужчыны. І крыху палагоднела, пачала правакаваць нас на досыць... ну, такія... тэмы, - я не ведаў, як патлумачыць сыну ўсё гэта.

- Я ўжо дарослы і ведаю такія-сякія слоўцы для абазначэння такіх-сякіх тэм, - разрагатаўся сын. - І калі ты зараз пачнеш сюсюкаць альбо называць усё залішне апісальна... - падбухторыў сын, які ўжо адчуў, што ў мяне большая патрэба гэта расказваць, чым у яго слухаць.

Што ж, ён меў рацыю, я на некага павінен быў скінуць гэты цяжар, з кімсьці раздзяліць свае падазрэнні. Я давяраю жонцы, але не змог расказаць ёй, яна замітусілася б, перапужалася, а мне трэба было, каб нехта не паверыў мне і сказаў, што я ўсё гэта прыдумаў, што ўсё гэта няпраўда, хлусня і мае здагадкі. І вось я дажыў да таго часу, калі адшукаў патрэбныя мне спакой і надзейнасць у сваім сыне. А гэта вельмі важна - адчуць плячо сябра, які адначасова з'яўляецца тваім дзіцем. Выгадуй сабе самага надзейнагя сябра - вось быў бы добры лозунг для актывізавання нараджальнасці ў нашай краіне.

- Насамрэч! Буду шчырым. Яна пачала спакушаць яго. Разумееш, тая праблема, той комплекс, што атруціў ёй жыццё, здаваліся дробнымі ў параўнанні з той сарамлівасцю, якую выяўляў Тобка. Ён паказаў, што самы закамплексаваны чалавек у свеце - ён. І тым вымушаў яе ратаваць яго ад сябе самога... Валера, так ўжо сталася, што чыстага кахання не бывае. Гэта фікцыя і прыдумка рамантыкаў! Ты сам пасля адчуеш, - я зірнуў на сына і раптам зразумеў, што ён сапраўды ўжо дарослы. - Пасля адчуеш ці, можа, ужо адчуў, што да пачуццяў заўсёды прымешваецца нешта яшчэ. Ты нават і жадаць гэтага не будзеш, а так атрымаецца. Напачатку ты вар'яцееш: «А што ж яна пра мяне думае?» Пасля пачынаеш успамінаць размовы з ёй і ўзважваць кожнае слова, кожную думку. Ці можаш мімавольным жартам так яе пакрыўдзіць, што... У гэтай сферы нічога нельга растлумачыць рацыянальна. І ты будзеш яе шчыра кахаць, але ўсе спрэчкі, сваркі, сакрэты і недагавораныя фразы, усе крыўды, усе ўчынкі будуць атручваць вашыя пачуцці. І аднойчы ты апынешся ў такім стане, што не зможаш адназначна сказаць, кахаеш ты яе ці не. І самае крыўднае, што яна адчувае тое ж, - я сам спужаўся сваіх разваг. - А далей усё залежыць ад вашай далікатнасці і разумнасці. Можна разысціся і больш не сустракацца, а можна пачаць выпраўляць памылкі.

- Гэта ты пра Тобку з Міраславай ці пра сябе з мамай? - іранічна заўважыў Валерка.

- Дарма ты так пра нас з мамай! У нас, дзякуй Богу, было не так шмат крыўдаў! Я меў на ўвазе менавіта непазбежныя дадаткі да кахання. Насамрэч, Міра баялася блізкіх стасункаў з мужчынамі. І на тое ў яе была важкая прычына. Раптам - побач з ёй Тобка, які выяўляе абсалютную няўпэўненасць, баязлівасць. І яна падумала, што ён, як падлетак: калі баіцца - кусае. Відаць, так яна растлумачыла сабе яго колішняе нахабства. Не ведаю дакладна, як у іх там усё развівалася, але мяркую, што секс адбыўся па яе ініцыятыве.

- Ваў! Які мужчына не марыць, каб яго згвалціла жанчына! - Валерка відавочна некага цытаваў.

- Гвалту не было. Быў надзвычайна якасны разлік з боку Тобкі. Гэта талент бізнесмена - разлічыць свае і чужыя крокі на дзесяць дзеянняў наперад. Але ў офісе сядзяць розныя эксперты і аналітыкі, ад якіх патрабуюцца дакладныя прагнозы. А Тобкава сітуацыя вымагала яшчэ і акцёрскага таленту.

- А можа, яна проста стамілася ад сваёй адзіноты? - зусім па-даросламу запытаў сын.

- Зараз гэта неістотна. Галоўнае, што ў іх усё адбылося.

- Усё? - усміхнуўся Валерка.

- Ведаеш, я чакаў, што Тобка адразу кіне яе, як толькі дасягне мэты. Я, шчыра кажучы, быў упэўнены, што ён пачне выхваляцца ці што-небудзь такое... Не першы ж раз... А ён прыйшоў на наступны дзень у офіс і зачыніўся ў сваім кабінеце. Нетыповая была сітуацыя, і Гелена, яго сакратарка, паклікала мяне. Я як бы незнарок паднёс яму паперкі нейкія падпісаць, кавы з ім папіў... А ў яго вочы гарэлі так... Гэта былі вочы не пераможцы, а чалавека, у якога ёсць геніяльны і грандыёзны план. Звычайна гэта адухаўляе... Я нават на секунду падумаў, што мяне чакае нейкі сюрпрыз, кшталту жаніцьбы.

Валерка асуджана зірнуў на гадзіннік, цішком выцягнуў з-пад газет пульт ад відэамагнітафона і націснуў кнопку «запіс». Значыць, я ўсё ж яго заінтрыгаваў.

- А што было далей? - сын спадзяваўся падштурхнуць мяне да фіналу гісторыі. - Якая ў яе была таямніца?

- А гэта па сутнасці дробязь, галоўнае, што яна была. І Тобка яе ведаў. А калі мы прыйшлі на корты, Тобка прапанаваў Міраславе згуляць з ім. Яна закахана ўсміхнулася і пагадзілася, а Тобка глянуў ёй у вочы, як бы нешта перадаў тэлепатычна, і холадна дадаў: «Я перамагу!» Міраслава сцялася, зменшылася ад позірку і ад словаў... Гэта быў тонкі шантаж! І яна прайграла. Але мне здаецца, яна не паддавалася, проста з яе ўсе сілы сышлі, ногі не хацелі бегаць, і яна нагадвала параненае маленькае птушанятка, якому крылы падрэзалі...

- І ногі падпілілі... - недарэчы дадаў Валерка. - Ну што ты, адразу не можаш усё расказаць... Літаратуршчынай займаешся? Інтрыгоўны аповед!

- Усё, усё! Болей не інтрыгую. Карацей, нас запрасілі на адно надзвычай важнае мерапрыемства. Вельмі ўплывовай фірме споўнілася дзесяць гадоў. Сувязі з прэзідэнтам кампаніі Андрэем Рыгоравічам Мітчанкам былі наладжаны яшчэ Казімірам Яўнутам, Тобкавым бацькам, яны некалі разам у камсамоле працавалі. Стары Яўнута адыходзіў ад бізнесу і павінен быў пазнаёміць Тобку з Андрэем Рыгоравічам. Не так, як у дзяцінстве, - маўляў, гэта мой сын, бо не трэба шмат розуму, каб нарадзіць сына. Тобка быў не проста сын, ён быў спадкаемцам, ён прыняў кіраўніцтва нашай фірмай і быў насамрэч апантаны бізнесам. Ён любіў сваю працу - і яна ў яго спорылася. Стары Яўнута ганарыўся сынам! У Тобкі была яшчэ старэйшая сястра, якая рана выйшла замуж і хуценька зрабіла Яўнуту тройчы дзедам. Яўнута любіў яе жэўжыкаў, але Тобку любіў больш.

- Я ж прасіў пра Міраславу! - засупраціўляўся Валерка.

- А я да гэтага і вяду. Нас запрасілі, я павінен быў ісці з Геленай, а Тобка прапанаваў суправаджаць яго Міраславе. Ну, мужчынам добра - маеш тры касцюмы і можаш сто год пражыць. А кабеты сваю прыгажосць павінны штораз падмацоўваць новай сукенкай. Мне, праўда, усё адно, якая на маёй спадарожніцы вопратка, а вось Тобка быў кавалерам неабыякавым. Таму ён павёў Міраславу ў нейкі буцік, а я пайшоў з імі. Калі ў жанчыны фігура дасканалая, то няма чаго доўга выбіраць. Тобка пачаў прапаноўваць сукенкі. Прыклаў да Міры чырвоную... Я і зараз усё памятаю... Калі б умеў намаляваць, намаляваў бы! Але апісаць не магу: доўгая, дэкальтаваная... І раптам новы, ветлівы Тобка перакінуўся ў Тобку ранейшага, грубага, помслівага. Ён стаяў з сукенкай і вельмі здзіўлена прамовіў: «Дзіўна, што табе не пасуе чырвоны колер. Ён жа ўсім да твару». Сам разумееш, што сталася з радасным настроем Міраславы. Тобка перабіраў сукенкі з такой зацятасцю, нібыта для сябе. Чорныя ён абмінаў са словамі: «Большасць будзе ў чорным, а мы - меншасць!» Пасля была кароткая чорна-белая... Але Тобка паказаў пальцам на ногі Міры і ці не грэбліва запярэчыў: «Нашто выстаўляць свету твае залішне мускулістыя ногі». Але ж ногі ў яе былі бездакорныя! Тэніс увогуле выдатны від спорта: трэніруюцца ўсе мышцы, але няма іх ненатуральнай развітасці, як напрыклад, у плаванні ці бегу. Звычайна такія паскудствы жанчынам утвараюць няўпэўненыя ў сабе мужчыны. Але ж сам бачыш, Тобка выглядаў зусім нармальна. Не было ў ім той слінявай прыгажосці, як у хлопчыкаў-мадэляў з глянцавых часопісаў. Ды залішняя прыгажосць перашкаджала б у яго сур'ёзнай працы. У яго была натуральная мужчынская фігура. Вось у нашага камп'ютэршчыка быў жаночы віхлясты азадак ды Х-падобныя ножкі, але ён не рабіў з гэтага праблемы. У Тобкі нос трошкі вытанчаны, востранькі...

- Ты казаў ужо - пацучыны! - нагадаў Валерка, які відаць, слухаў уважліва.

- Хай пацучыны, як ні назаві - нос быў прыстойны, арыстакратычны рот, не якая-небудзь зяпа... Блакітныя вочы з цёмнымі вейкамі - гэта ва ўсе часы выглядае прывабна... Тобка заўсёды хадзіў са строгай стрыжкай - праца вымагала. Яго густыя валасы былі шорсткімі і калючымі, але я неяк раней заўважыў, з якой асалодай, амаль фізічным задавальненнем Міраслава праводзіла па іх рукой. Яна яго кахала, так, кахала... А Тобка? А Тобка выцягнуў цёмна-сінюю сукенку, такую блішчастую... з тонкімі шлейкамі... і на спіне так зроблена палоскамі тканіны... Ну, ты разумееш?

- Мгы, - няўпэўнена кіўнуў Валерка.

- А чорт з ім. Міраслава збялела і спужана адштурхнула руку Тобкі. А ён рассмяяўся, штучна, гучна, як д'ябал, - я не мог падабраць добрага азначэння.

- Зразумела, як Мефістофлік! - пажартаваў Валерка. - Слухай, ты дарма так напружваешся, я ўжо зразумеў, што ў Міраславы нейкія праблемы з целам ці там... са скурай. Давай, што там было? Наколка сінімі чарніламі «1937 год» ці шнары ад капытоў зубра?

- Радзімая пляма... - прызнаўся я.

- І ўсё? - расчаравана прамовіў Валерка. - Выбачай, але я чакаў нейкай экзотыкі. Напрыклад, пісягі ад кіпцяў усурыйскага тыгра ці... ну нават не ведаю... І ты мне столькі часу расказваў гісторыю пра закамплексаваную паненку?

- Не, я толькі падыходжу да кульмінацыі! Міраслава выбрала нейкі досыць закрыты строй і пайшла прымерыць. Мы чакалі каля кабінкі, і Тобка гучна, каб яна пачула, са смехам расказаў мне пра яе пляму. Міра рэзка адсунула шторку... Яна ўжо паспела зняць кашульку і стаяла ў джынсах і станіку. А ў кабінках жа люстэрка... і я ўбачыў... там адлюстравалася... Міра схапіла кашулю, насунула і выбегла з крамы. Усё, на вечарыне мы былі ўтрох: Казімір Яўнута, Тобка і я, мы нават і Гелену не ўзялі.

- І ўсё скончылася? Я думаў - будзе хэпі-энд! Кшталту... Ты-ды-ды-дынь. Аб'яўляю вас мужам і жонкай, - перадражніў Валерка.

- Не так усё скончылася! Тобка, як бы нічога і не было, заявіўся на трэніроўку. А я дык і саромеўся ёй у вочы глядзець. А яна, відаць, ужо супакоілася, прынамсі, мне так падалося. Яна ўсміхнулася Тобку ды іранічна запытала: «Згуляем? Ты ж мяне адной левай?» Тобка нечакана ўчапіўся за апошняе слова: «Дык, можа, левай?» І яны адначасова перакінулі ракеткі з правай рукі ў левую. Я сабе дараваць не магу... Як я не заўважыў, што яна занадта правільна і ўпэўнена трымае ракетку ў левай руцэ... Разумееш, калі ўжо ты прывучаны іграць правай рукой, то вось так адразу згуляць левай немагчыма! Ты не тое што не падасі, ты самы лёгкі мяч не адаб'еш! Некалькі гадзін трэніровак ішло толькі на тое, каб навучыцца правільна трымаць ракетку, і тут Тобку захацелася менавіта левай! Магчыма, ён вырашыў, што так яны будуць на роўных? - мне цяжка было здагадацца пра Тобкавыя думкі. - Яны ж і згуляць не паспелі. Яна падавала першая. Зірнула на Тобку з нянавісцю, падкінула мяч і - з усяе моцы! Мяч патрапіў яму ў шыю - і насмерць!

- Забіла? - не паверыў Валера.

- Забіла. З таго часу я ў тэніс не гуляю. Хачу жыць! - выгукнуў я.

- Пачакай, пачакай, дык яна што, спецыяльна? - дапытваўся сын.

- Не ве-да-ю! Я пасля праз стрыечнага дзядзьку, ты яго не ведаеш, пра яе крыху так... даведаўся. Калі яна толькі пачынала, яна іграла левай рукой. Разумееш, ёсць розныя ляўшы: адныя пішуць левай, а ўсё астатняе робяць правай, і другія - пішуць правай, а іншую работу - левай. Яна пісала правай, і таму мы не маглі здагадацца, што насамрэч яна ляўша. Ды і адкуль мы маглі ведаць, што яна вучылася граць у тэніс левай. Яна максімальна аслабіла свой удар, калі перавучылася на правую руку. Калі б яна працягвала гуляць левай, у яе партнёраў і вучняў не было б аніводнага шанцу на выйгрыш. І ўсё адно яна засталася лепшай. У свой час трэнер ускладаў на яе столькі надзей... Ён верыў, што гадуе зорку еўрапейскага тэнісу, а можа, увогуле зорку! Але яна кінула ўласную кар'еру, так і не распачаўшы яе, і пайшла працаваць.

- Я нават скажу, чаму яна кінула прафесійны спорт. Мабыць, умовы былі савецкія, і ёй трэба было раздзявацца пры іншых дзяўчатах. А яна саромелася, - здагадаўся Валерка. - Але тады гэта ідэя-фікс! Слухай, ну, немагчыма ж праз такую дробязь паламаць сабе жыццё. Можа, у яе быў яшчэ нехта як Тобка? Комплекс «узгадаваць» прасцей, чым выбітную тэнісістку.

Наступных навучэнцаў той спартыўнай школы выхоўвалі на легендах пра Міраславу. Дзецям паказвалі ўвагнутасці на сцяне ад яе магутных удараў. Ім давалі пагуляць з яе «лысым» тэнісным мячыкам. Ён вельмі хутка адскоквае, каб з ім гуляць, трэба было мець вокамгненную рэакцыю. Расказвалі, ейны трэнер клаў у кут пляцоўкі мячык, а другі падаваў Міры, і яна адбівала другі, каб ён патрапіў у першы! Тэнісны більярд!

- Дык яна спецыяльна ці не? - не мог даўмецца Валерка.

- Ну, глядзі. Калі спецыяльна, то яна павінна была занадта шмат улічыць... Трэба было справакаваць Тобку на гульню левай рукой, бо так ёй было больш зручна. І яна павінна была патрапіць у шыю... У яе быў вельмі моцны ўдар, значыць, можна было па галаве... ці куды-небудзь яшчэ... Але калі б Тобка зрабіў адзін крок убок - застаўся б жывы! Атрымліваецца, што гэта проста жахлівая выпадковасць. Уся сістэма абвінавачвання руйнуецца ад аднаго кроку! Я разумею, што нельга забараняць табе займацца тэнісам толькі таму, што мой сябра быў забіты тэнісным мячыкам. Я разумею, што можна закалоцца звычайным відэльцам альбо загінуць, разліўшы ваду на камп'ютэр. Але ніхто не пераходзіць на лыжкі ці кітайскія палачкі... І ўсе працуюць на камп'ютэрах... Я не магу табе забараніць, я табе раю, я прашу цябе кінуць гэтую мару пра тэніс. Менавіта таму, што ты мой сын. Мой. Я не хачу двойчы атрымаць такі ўдар...

- А што ёй было за забойства? - пацікавіўся сын.

- Нічога. Гэта ж не было забойства, гэта быў няшчасны выпадак. Я сам засведчыў, што Тобка першы прапанаваў гуляць левай рукой. Калі Міраславе сказалі, што ён забіты, яна страціла прытомнасць... Аказалася, што яна цяжарная! Далі ёй нешта ўмоўна, здаецца. Я нават дакладна не ведаю, - прызнаўся я.

- І што, Казімір Яўнута не захацеў, каб яе косткі спарахнелі ў турме? - здзівіўся Валерка.

- Дачка яго якраз тады распачала развод з мужам, і стары Яўнута спрабаваў уратаваць хаця б тое, што засталося. Забраў унукаў, памяняў ім прозвішчы на Яўнутаў і пачаў з дзяцінства рыхтаваць для працы ў фірме. Усіх трох хлопчыкаў.

- Ведаю: Ігнась, Юрка і Францішак, - назваў Валерка імёны хлопцаў, з якімі ён будзе працаваць пасля атрымання вышэйшай адукацыі. - А што з Міраславіным дзіцём?

- Гэта твая ўлюбёная Хрысціна! - выгукнуў я.

- Тэнісістка? Ляўша? - Валерка зноў разгарнуў часопіс і ўпіўся вачыма ў левую руку дзяўчыны.

На яе руцэ, як на Міраславінай спіне, была радзімая пляма. Міра відавочна выхоўвала дачку зусім па-іншаму: тое, што адрознівае мяне ад астатніх, - мая вартасць, а не недахоп. І калі яе фатаграфавалі, яна заўжды паварочвалася да аб'ектыву левым бокам. Тварык у яе быў шляхетны: вытанчаны носік, арыстакратычныя вусны і вельмі кранальная ўсмешка, нібыта яна прасіла прабачэння за сваю прыгажосць. Яна была выхавана як прыгажуня. Галоўнае ж, не быць прыгожай, а шчыра верыць у сваю прыгажосць! Калі Хрысціна ўжо стала вядомай, нехта заўважыў, што плямка на руцэ нагадвае лагатып адной з гадзіннікавых фірм. Так што Хрысціна працуе і на ніве рэкламы. А я так і не ведаю, ці была смерць Тобкі выпадковай...


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: Бязлепкіна А. Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні / Аксана Бязлепкіна. - Мн. : МГА "Бел. кнігазбор", 2002. - 349 с.