epub
 
падключыць
слоўнікі

Аксана Бязлепкіна

Моцарт і Моцарт

Старшакурснікі нас папярэдзілі: галоўнае ў гэтым семестры - перажыць залік па расейскай літаратуры. Маладая выкладчыца-«арыстакратка» цярпець не можа расфарбаваных студэнтак і меліраваных хлопцаў з завушніцамі. Калі гэтыя ж старшакурснікі зірнулі на наш рознакаляровы, нефармальна апрануты паток, яны гучна абвясцілі: «Даражэнькія, яна вас узненавідзіць!»

Я нічога не баялася: сціплая, ненафарбаваная і з адзеннем не эксперыментавала.

На першай лекцыі мы былі моцна ўражаныя: расейскую літаратуру нам выкладалі па-беларуску. Ірына Яўгенаўна лічыла, што беларускае аддзяленне не павінна навучацца ні на якой іншай мове. І ў гэтым я была з ёй згодная. Першыя лекцыі, праўда, былі крыху пуставатымі, поўнымі захаплення дзекабрыстамі. Мне вось дзіўна: дзекабрысты былі няўдачнікамі, але як імі захапляюцца, а ў бальшавікоў усё атрымалася - а паслухайце, што пра іх сёння кажуць! Любяць расейцы пакрыўджаных Богам!

З кожнай лекцыяй усё мацней заўважалася яе непрыхільнасць да нашага патоку. Аднойчы мая сяброўка Насця спазнілася на лекцыю, і трэба ж было ёй у той дзень скруціць высачэзны хвост на макаўцы, за што і атрымала ад выкладчыцы заўвагу:

- Як жа тут не спазніцца?! Гэта ж час патрэбны такую фрызуру зрабіць!

З таго часу нам было забаронена заходзіць у аўдыторыю пасля званка, маўляў, спачатку студэнт звяртае на сябе ўвагу ўсяго патоку, а пасля - пачынае расказваць суседзям пра здарэнне, у якое ён нібыта трапіў. Калі мая сяброўка спазнілася зноў (праўда, апранута яна была ўжо амаль класічна), выкладчыца спрачалася з ёй дзесяць хвілін і ўсё адно не пусціла. А з апошняга рада нехта падаў рэпліку:

- Гэта яшчэ пытанне, хто ў нас час адбірае!

Ірына Яўгенаўна павольна павярнулася і зірнула на нас, вочы яе злосна бліснулі. Усталявалася жахлівая цішыня, выкладчыца ўсміхнулася куточкамі вуснаў, і мы сцяліся ад гэтай яе ўсмешкі.

З таго моманту мы ўсе страшэнна баяліся рабіць іранічныя заўвагі ці спазняцца, і ўсе былі ўпэўненыя, што Насця здолее здаць залік толькі з Божай дапамогай і з чацвёртай спробы!

Здавалася, гэта быў цудоўны літаратурны перыяд, чытаць не так ужо і шмат: вершыкі дзекабрыстаў, усяго Пушкіна, Лермантава і Гогаля. Мая суседка па пакою ў інтэрнаце старшакурсніца Валя неяк спыталася:

- Вам Лермантаў спадабаўся?

Мы з Насцяй параіліся і вырашылі, што ён нам спадабаўся.

- Паспрабуйце сказаць гэта ёй на заліку, а потым хавайцеся ў бульбу! Яна яго цярпець не можа, ледзь стрымліваецца! Барані вас Бог, даражэнькія!

Я падумала: якая ў нас недасканалая сістэма адукацыі, калі здаць сесію з дапамогай адных толькі ведаў немагчыма і калі падтрымка Бога такая неабходная.

Выкладчыца па-ранейшаму не пускала на лекцыі тых, хто спазняўся, але часам любіла пагуляць у дэмакратыю. Аднойчы па каналу «Культура» паказвалі п'есу Грыбаедава «Горе от ума» ў вельмі позні час, і наша Яўгенаўна недаглядзела, а назаўтра спыталася, хто глядзеў. Падняла руку студэнтка з апошняга рада, прыгажуня з зялёнымі валасамі. Выкладчыца няўдала зрабіла выгляд, што нармальна ставіцца да зялёнавалосых і запрасіла дзяўчыну выступіць перад намі. Лена сціпла стала ля дошкі і пачала расказваць, што было зменена ў спектаклі ў параўнанні з п'есай, распавяла пра падрабязнасці ігры Алега Меншыкава, кажучы, што Чацкі яго - хлопец на сваёй хвалі. Але ў цэлым яе роўны расповед не пасаваў да яе экстравагантнай знешнасці. Выкладчыца даслухала з відавочным задавальненнем, для сябе, магчыма, адзначыўшы, што зялёнавалосыя таксама людзі. А мы сталі меней яе баяцца.

Было зусім зразумела, чаму яна не любіла расфарбаваных дзяўчат. Маючы ідэальную скуру, можна ненавідзець дзяўчат, якія прыкладалі ўсе намаганні, каб быць прыгожымі. Мы не маглі добра яе разгледзець, але старасты, якія пасля кожнай лекцыі падносілі ёй журнал для роспісу, распавядалі байкі пра доўгія чорныя вейкі Ірыны Яўгенаўны. Канешне, ёй зусім не трэба было фарбавацца. А на тую ж старшакурсніцу Валю, пакуль яна не зробіць макіяж, глядзець было балюча.

Выкладчыца аказалася асобай дзейснай, актыўнай і любіла хадзіць па тэатрах. (Хаця ў яе ўзросце і з яе знешнасцю самы час бегаць на спатканні, а не рабіць выгляд, што яна спазнала ўсе ісціны гэтага Сусвету). І сутыкнулася яна аднойчы ў фае нейкага тэатра з Насцяй, зацятай тэатралкай. Сказаць, што яна здзівілася, - значыць, нічога не сказаць, яна аслупянела і нават першая павіталася, ды з таго часу пачала паглядаць на Насцю з вялікай прыхільнасцю.

Мая сяброўка пасля гэткай сустрэчы паведаміла:

- Я зараз разумею, чаму яна такая злая. Паглядзі, вось ты, маючы мужа ці сябра, няўжо хадзіла б па тэатрах?

- На самай справе прычына яе лютасці зусім не ў тым, што ў яе няма мужчыны. Дарэчы, паглядзі, якая яна прыгожая, хутчэй за ўсё ў яе нехта ёсць, ён проста дома застаўся, можа, не любіць хадзіць па тэатрах. Яна проста маладая.

- І што ты на філфаку робіш?! Табе толькі па судах абараняць інтарэсы кліентаў! Ну, добра, суд улічыць змякчальныя абставіны - маладосць вашай кліенткі. Толькі хоць забі мяне, але я не ўяўляю, як здаць ёй залік.

Выкладчыца захоплена чытала лекцыі па Пушкіну, бясконца цытуючы ягоныя вершы, не забывалася на ўсе дробязі ягонага жыцця, загадваючы нам занатоўваць цяжкія прозвішчы любімых паэтаў шаноўнага Аляксандра Сяргеевіча - Парні і Мельваа, якія мы чулі першы і апошні раз. І на практычных мы праходзілі таго ж Пушкіна і яго маленькія трагедыі. Яна засяродзіла нашую ўвагу на адной з іх - «Моцарт і Сальеры». Як звычайна, я выратоўвала сваю групу (калі ніхто не ведае, пра што казаць, ахвярую сабой, неістотна, ведаю я адказ ці не). Асабліва мяне ўразіла, як Моцарт, несучы сваю чарговую геніяльную мелодыю, заслухаўся ігрой сляпога музыкі. Сальеры жахнуўся, маўляў, як можна, напісаўшы геніяльнае, яшчэ зважаць на нейкага музыку!

Я не ведаю, ці правільна я тое заўважыла, але выкладчыцы спадабалася, і ўсе жартавалі, што залік мне ўжо забяспечаны.

Пушкін, канешне, аказаўся любімым паэтам нашай выкладчыцы, і лекцыі па яго творчасці і біяграфіі займалі недзе палову канспекта, што, відавочна ж, не падабалася студэнтам, бо сшытак быў мала прыдатным для падрыхтоўкі да заліку. А яна ўсё вычытвала нам Пушкіна, кананізуючы, захапляючыся, праводзячы паралелі з вядомымі беларускімі і замежнымі творцамі. Паціху яна дабралася і да Вальтэра. Мабыць, нехта на яе ў той момант неяк не так зірнуў, і яна спыталася:

- Вы ж чыталі Вальтэра?

Я міжволі кіўнула галавой. Яна заўважыла і загадала:

- Падрыхтуйце да наступнай лекцыі маленькі даклад, можаце не карыстацца ніякай крытыкай, выкажыце свае думкі па тэме «Чаму Пушкіна мог вабіць Вальтэр».

Не карыстацца крытыкай? Якія яны дзіўныя, выкладчыкі, заўсёды думаюць, што студэнты не могуць абысціся без крытыкі. Яна тут зноў выявіла сваю дэмакратычнасць, маўляў, я дазваляю. Насамрэч жа яна была ўпэўнена, што без крытыкі не абысціся. А для мяне - чым менш крытыкі, тым лепей, я заўсёды маю сваё меркаванне па кожным пытанні. Адзінае, што мне спатрэбілася дадаткова, дык гэта гады жыцця Вальтэра, каб суаднесці іх з гадамі жыцця Пушкіна.

Я нібыта перасялілася ў асобу вялікага паэта, уяўна ўзяла ў рукі творы Вальтэра і пачала думаць, што ж мяне, Аляксандра Сяргеевіча, магло вабіць у тых паперах. Я сама сабе паставіла псіхалагічную загадку і адказ бачыла ў асобе расейскага класіка. Але што я ведала пра яго асобу? Шчаслівы каханак, геніяльны паэт, не суперактыўны, але і не пасіўны грамадзянін. Але, як заўважаў дзядуля Фрэйд, усё пачынаецца з дзяцінства. Маці не любіла будучага паэта, вось вам і глеба для першых комплексаў. А! Яшчэ ён быў мурынам. Я дакладна не ведаю, як гэта быць мурынам. Але разумею, як жыць непадобным да іншых. У нашую вёску невядома якім ветрам прынесла хлопца, ён ці то аварац які, ці то інгуш, меў імя - Рашыд. Прыгажэйшага хлопца не было ў радыусе ста кіламетраў! А як ён песні спяваў! Толькі спачатку гаварыў дрэнна, а потым асвоіў нашу трасянку. Працаваў у калгасе трактарыстам, не лайдачыў. Усе дзяўчаты былі ў яго закаханыя, а суседка мая, як вяртаецца ноччу ад яго, дык абавязкова мне ў акно пастукае, залезе ў пакой і паўночы спавядаецца: і з гэтага боку ён добры, і з таго - харошы, і ўсё ў ім выключна. А яна ўсё нейкія недахопы шукае. Я кажу:

- Кахаеш - ідзі за яго замуж, ён жа прапаноўваў.

- А ты ведаеш як яго хлопцы называюць? Цыган! Рашыд-Цыган! А ты кажаш «замуж»! Каб дзяцей цыганятамі клікалі?!

Што ж, Аляксандру Сяргеевічу пашанцавала, знайшоў сабе жонку. Праўда, прамаўчу, чым усё скончылася.

Я сабрала ўсе свае веды пра Пушкіна і Вальтэра на адзін лісток і рушыла ў бой.

Чаму Пушкіна мог вабіць Вальтэр? Адама Міцкевіча любілі жанчыны, Пушкіна - гусары. (Ад такога пачатку выкладчыцы стала блага, але мяне было ўжо не спыніць.) Чаму ж? Напіцца да ачмурэння і пайсці па бабах!

Ён быў мурынам, непрыгожым мурынам, і гэта было вызначальным ў ягоным жыцці. Ён жыў з комплексам непаўнавартасці! І ўсё жыццё ён паклаў на тое, каб самасцвердзіцца. Як маленькія дзеці дзеляцца цукеркамі, каб з імі сябравалі, так і Пушкін паіў гусараў, а яны яго любілі.

- Добра хоць, што любілі, а не кахалі! - выгукнулі хлопцы з апошняга рада.

- Падумайце, нават сёння, - працягвала я, не зважаючы на каменны выраз твару Ірыны Яўгенаўны, - нельга сказаць, што мы нармальна ставімся да мурынаў, успомніце розных скінхэдаў, якія могуць збіць чалавека да паўсмерці толькі за тое, што ён мае іншы колер скуры. Што ўжо казаць пра тыя часы, калі мурынаў было вельмі мала, ды і тое гэта былі мурынчыкі-слугі. Як павінен быў пачувацца Пушкін?!

Яму трэба было, каб яго баяліся, асабліва мужчыны. Калі яго папракнуць мурынам, ён мог бы адказаць: «Так, я - мурын, а ты... ты хто? Раганосец!!! Я быў з тваёй жонкай!!!», потым ён мог бы дастаць нататнік і назваць дакладную дату наведвання іхняга шаноўнага дома. Але ж якімі рызыкоўнымі павінны былі быць жанчыны, што кахаліся з Пушкіным: дзіця-мурын паважанай дамы ў Пецярбургу - дзіця Пушкіна, не будзе ж дама з вышэйшага свету мець каханкам слугу-мурына.

- А чаму б і не?! - зноў выгукнулі хлопцы. Аўдыторыя канчаткова разняволілася: нехта смяяўся з майго выступу, нехта - з рэакцыі Ірыны Яўгенаўны.

- Дарэчы, цёмнаскурага дзіцёнка на мужа не спішаш. А вось каханкам ён быў зручным - ноччу яго не бачна. Асабліва калі ён не ўсміхаецца і вочы заплюшчыць. Хаваць не трэба.

Але пачну з вытокаў. Дырэктар Царскасельскага ліцэя апраўдваўся: «...ён (Пушкін) прыйшоў у ліцэй распусным, і пайшоў з яго такім жа». Вось мы праходзім ліцэйскую лірыку Пушкіна, і я ўпэўнена: яны ў ліцэі пісалі з сябрамі акрамя прыстойных твораў яшчэ і такія вершыкі, што ў выкладчыкаў, калі б яны прачыталі, валасы дыбарам сталі б. Колькі сакрэтаў маем мы ад выкладчыкаў! Колькі нашых вершаў яны не чыталі! Дык ці ж ведаюць яны студэнтаў? Хоць зусім верагодна, што пісаў паэт такія вершы, каб чытаць іх потым сябрам, каб, зноў жа, заваяваць іх прыхільнасць, выпендзюрыцца, як мы сёння кажам.

І тут Пушкін сустракаецца з творамі Вальтэра. Мы ўсе чыталі тыя тэксты па праграме. І перадавалі адзін аднаму: маленькія і цікавыя, варта пачытаць. А Пушкін чытаў і разумеў, што можна быць геніем і распуснікам адначасова. Пушкіну ў ліцэйскія часы было недзе 12 год. У гэтым узросце ён бачыў тое, што было бачна, а не што трэба было ўбачыць. Мы ж таксама толькі з крытыкі даведваліся пра ідэі, якія мы павінны былі там заўважыць.

Дык чаму ж Пушкіна вабіў Вальтэр? І ў Пушкіне, і ў Вальтэры было нібы два чалавекі: сціплячок і распуснік. У Пушкіне гэта злучалася наступным чынам. Ён піша: «Я помню чудное мгновенье», а праз некаторы час занатоўвае ў дзённіку: «Вчера с Божьей помощью... Аннушку Керн». Гэта немагчыма патлумачыць нічым іншым, акрамя раздваення.

Калі б Пушкін меў звычайны колер скуры, ён сам быў бы звычайным.

- Ну ты скажаш! - абурыўся наш факультэцкі любімчык і паэт Лёшка, які меў самы звычайны колер скуры.

- Але Пушкін быў мурынам! У ім усё ўтрыравалася. Ён усё адчуваў на 200%. Ён адчуваў спапяляльны боль і наймацнейшае каханне, ён быў цнатлівым паэтам і распусным мужчынам адначасова. Ён стаў геніем, бо быў цёмнаскуры. І калі ўжо адрознівацца, то ўсім, чым можна!

Пушкіна вабіла ў Вальтэры гэткае ж, як і ў яго самога, раздваенне асобы. Цнатлівы і распусны. Два ў адным. І суіснаванне гэтых іпастасяў дало міру столькіх геніяў! Але як геній Пушкін дайшоў да Вальтэра і пераступіў праз яго, - паспрабавала я лінуць кроплю бальзаму на знерваванае за час майго выступлення сэрца выкладчыцы. Не дапамагло.

- Мяне дзівіць такі нелітаратурны падыход да праблемы! Я хацела, каб вы параўналі філасофію Вальтэра і філасофію Пушкіна. А гэта... ну тое, што вы нам расказалі... гэта ж жах нейкі... Канешне, вельмі добра, што вы так эмацыянальна расказвалі... але так ненавукова... на побытавым узроўні.

Хацелася нагадаць ёй, што яна дазволіла не карыстацца крытыкай. Няўжо я падобна да генія, які возьме з галавы матэрыял па філасофіях Пушкіна і Вальтэра? Я ж кажу, яна любіла гуляць у дэмакратыю.

- Але ў 12 год дзеці не разумеюць філасофіі! І дакладна не яна вабіла Пушкіна ў творах Вальтэра. І пры чым тут колер скуры?!

- Але нідзе не напісана, як уплываў на яго творчасць і ... філасофію колер скуры!

- А вы лічыце гэта істотным?

- Не проста істотным - вызначальным.

- Ну, гэта вашае меркаванне, - спакойна прамовіла яна і неяк дзіўна на мяне паглядзела. Уважліва, ці што?

Яна стала за кафедру, доўга стаяла, перабірала паперы. Ужо набірала паветра, каб пачаць чытаць лекцыю, але патрапляла позіркам на мяне і не знаходзіла слоў. Яна вырашыла не глядзець на аўдыторыю, і лекцыя пачалася. А мая сяброўка, зноў нафарбаваная да непрыстойнасці, шаптала: «Ты геній... так ёй і трэба... яна ўнутры сухар... яна таго Пушкіна толькі па крытыцы чытала... А Вальтэра ўвогуле не чытала». І хоць Насця казала глупства, мне стала лягчэй. Яна памаўчала колькі часу, каб не прыцягваць увагу Ірыны Яўгенаўны, і дадала: «Але залік ты таксама не здасі!»

... Я сядзела на сваім ложку, а дзяўчаты хадзілі па пакоі і супакойвалі мяне:

- Ты - асоба! Ты нестандартная! Яна не чакала, што ты закранеш гэтую праблему. Вы з ёй Моцарт і Сальеры! Ты - Моцарт! - Насця стаяла на суседнім ложку і актыўна жэстыкулявала.

- А Сальеры Моцарта атруціў! - Машка не магла слова сказаць, каб не пад'юдзіць.

- А я таксама Моцарт! - закрычала сяброўка і схапіла гітару. Іграць яна не ўмела да такой ступені, што ейнае брыньканне забіла б любога Моцарта.

- Бачыла б ты яе твар! Я думала, што яна прытомнасць згубіць. Ха-ха-ха! Прабач, але як толькі ўспомню, хочацца смяяцца да бясконцасці. Ох, які гэта для яе ўрок!!! Яна, такая прыгожая, правільная, бязгрэшная, шчыра верыць у тое, што Пушкін быў цнатлівым, ніколі не займаўся ананізмам і ўвогуле, калі заходзіў у прыбіральню, адварочваўся, каб не глядзець на свой орган.

- Але вочы не слухаліся яго! - пафасна дадала адна з жартаўніц.

- Вось я дурная, але нават я не дадумалася б да такога даклада, а калі б дадумалася, то мне не хапіла б смеласці выступіць з ім. А ты ведаеш, на чым Яўгенаўна пагарэла? У цябе знешнасць класічная, ты песціла ёй вочы, седзячы сярод нас. І яна падумаць, уявіць не магла, што ты такая!

Ад усяго гэтага мне хацелася плакаць, я ж зусім не збіралася даводзіць выкладчыцу да непрытомнага стану, я была ўпэўненая ў сказаным мной. Дзяўчаты-мярзотніцы курчыліся ад смеху, успамінаючы выраз твару Ірыны Яўгенаўны, а я абяцала сабе, што дакажу сваю правату.

Я прачытала ўсе 248 вершаў Пушкіна, што былі названы ў лекцыі. У іншай сітуацыі я абмежавалася б якім-небудзь дзесяткам, але гонар вымагаў абсалютнага ведання лірыкі майго «злога» генія. Я рыхтавалася да заліку, як ніколі не рыхтавалася да самага страшнага экзамена. Я ўжо не баялася самога заліку, бо я ведала ўсё дасканала, я прачытала ўсе вершы, усе драматычныя і празаічныя творы ўсіх аўтараў. Колькі разоў было, што да чарговага экзамена па літаратуры я магла не дачытаць аднаго-двух аўтараў, а да залікаў я чытала аднаго-двух толькі. Дзіва? Не! Бо я рыхтавалася не да заліку, а да апраўдання. Усе творы Пушкіна я чытала з пункту гледжання выказанай мною тэорыі. У «Арапе Петра Великого» я знайшла сцэну інтымных прыгод ў Парыжы мурына, што накіроўваўся да Пятра Вялікага. Там былі развагі пра адчуванні галоўнага героя ў модных салонах пад перакрыжаваннем позіркаў. Ці ж гэта не ўласныя назіранні апісаў аўтар?! Ці ж не тое самае ён перажыў?!

А любімыя паэты Пушкіна ў слоўніках пазначаліся як аўтары інтымнай, эратычнай лірыкі. Так што захапленні юнацтва ў генія былі адпаведныя.

Надышоў Судны дзень. Калі я прыйшла, нашы ўжо трэсліся пад дзвярыма аўдыторыі, перачытвалі канспект і падручнікі, нехта пераказваў змест «Мёртвых душ», а побач кола з чатырох чалавек паўтарала даты, што датычыліся паўстання на Сенацкай плошчы. Усе са шкадаванне зірнулі на мяне, і хоць па часе свайго прыходу я павінна была ісці дваццаць восьмай, мяне вырашылі прапусціць наперад, маўляў, усё адно будзе пераздача, нашто дарма дрыжаць. Я ішла дванаццатай. Мая сяброўка надзіва ўсім выйшла з «залікам». Нашы сціхлі, і нехта шэптам прамовіў:

- Значыць, на сёння абрана іншая ахвяра. Усе мы зараз пажадаем ёй «ні пуха ні пер'я».

І я зайшла.

Наша маладая, прыгожая выкладчыца была ў гуморы. Але твар яе адразу змяніўся, калі яна ўбачыла перад сабой мяне.

- Пазавіце наступнага, - нібы праспявала яна.

Сэрца маё абарвалася, рукі пачалі дрыжаць. Я выглянула ў калідор і запрасіла наступнага. Усе глядзелі на мяне запытальна, але я шчэ сама не ведала свайго лёсу.

Наступная студэнтка выцягнула білет і пайшла рыхтавацца. Нібыта здалёк я пачула пытанне:

- Якія артыкулы Бялінскага вы прачыталі?

- Другі - адзінаццаты, - упэўнена адказала я.

- Толькі два? - расчаравана працягнула яна.

- Другі, працяжнік, адзінаццаты, - я паспяшалася выправіцца.

- Сядайце, што ж вы стаіце, - яна палагаднела. - Ну, і як вам Бялінскі?

- Страшэнна спадабаўся! - шчыра прамовіла я, просячы Бога, каб яна не спытала, што ж менавіта я ўпадабала. Прыйшлося б зноў нарывацца на скандал, бо найлепшымі мне падаліся моманты, дзе вялікі крытык Бялінскі ганіў вялікіх творцаў Пушкіна, Гогаля і іншых.

Яна не спытала, а моўчкі запоўніла маю залікоўку і працягнула мне. Я аслупянела глядзела на яе, нічога не разумеючы, а Ірына Яўгенаўна ўсё яшчэ працягвала мне залікоўку. Нібы самнамбула, я ўзяла яе і выйшла з кабінета, нават не падзякаваўшы.

Усе кінуліся да мяне:

- Ну што?

- Залік... - толькі і здолела прашаптаць я, яшчэ не верачы самой сабе, мяне запоўніла нейкая млявасць і абыякавасць.

- Залік?!?! - мае аднагрупнікі аслупянелі.

- Людзі, яна сёння добрая!!! - пачаў працаваць студэнцкі тэлеграф.

Я ішла па вуліцы, сэрца, якое некалькі хвілін таму абрывалася, зараз калацілася ад шчасця, сапраўднага студэнцкага шчасця! Не, яна не Сальеры! Яна Моцарт! Яна таксама Моцарт! Моцарт і Моцарт!!! Яна падумала і зразумела мяне! Зразумела!!! Моцарт і Моцарт! - крычала сэрца.


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Бязлепкіна А. Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні / Аксана Бязлепкіна. - Мн. : МГА "Бел. кнігазбор", 2002. - 349 с.