epub
 
падключыць
слоўнікі

Аксана Бязлепкіна

Нястрымнае жаданне

Жартаўлівы дэтэктыўчык

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26


1

 

Невысокі хлопец у строгім гарнітуры цырымонна крочыў па тратуары і гэтак жа паважна завярнуў у пад'езд доўгага шэрага дома. Дзед-алкаш, што сядзеў на лаўцы каля пад'езда, затуманенай свядомасцю змог адзначыць толькі сам факт уваходу хлопца ў пад'езд.

Юнак выклікаў ліфт і аўтаматычна паглядзеў на гадзіннік. Без дваццаці пяць. Зноў прыехаў занадта рана. А ўсё гэтая боязь спазніцца. Ужо год сустракаюцца, а ён хвалюецца, як першы раз.

Ён увайшоў у ліфт, засцаны тым самым дзедам-алкашом і абмаляваны хлопчыкамі з сёмага паверха, пра гэта хлопец ведаў гэтак жа дакладна, як і пра тое, што яго звалі Кірыл Андруховіч.

Кірыл сумна глянуў на столь ліфта, потым паправіў трусы, што намулялі яму. «Толькі ў ліфце можна не баяцца, што нехта цябе ўбачыць», - падумаў сарамлівы Кірыл. Ён выйшаў на восьмым паверсе і ўладкаваўся чакаць дваццаць хвілін. За суседнімі дзвярыма зазвінелі ключамі, і з кватэры выйшла суседка, цётка Наташа, маленькая таўстуха з грудзямі наперавес і дзвюма велізарнымі торбамі, адкуль патыхала катлетамі і піражкамі.

- Што, Кірыл, зноў чакаеш? - заўважыла яна сваім высокім металічным голасам.

- Так, а вы, цётка Наташа, мабыць, да ўнука? - паказаў Кірыл на яе торбы.

- Кірылка, а хто ж яго яшчэ дагледзіць? Ох, рана мой сынок ажаніўся! Але ты, відаць, таксама збіраешся? - цётка зарагатала баском. Яе пытанне было рытарычным, яна зачыніла дзверы і моцным салдацкім крокам рушыла да ліфта.

 

2

 

Баба Люся выключыла пультам тэлевізар. Чырвоная кнопка на пульце была адзінай, чыю функцыю баба Люся здолела запомніць. Яна паглядзела ў акно, потым прыслухалася да ўнутраных органаў, цяжка ўздыхнула і, цягнучы ногі па падлозе, паклыпала ў прыбіральню. Перад дзвярыма бабка спынілася, зноў прыслухалася - і рашуча ўвайшла ў пакойчык, адкуль праз секунду пачуліся гукі, якія сведчылі пра актыўную працу арганізма.

Вера круцілася перад люстэркам у новым бюстгальтары, а яе малодшая сястра давала парады:

- Верка, надзень іншы, у гэтым у цябе нейкія цыцкі абвіслыя.

- А так? - запытала Вера і выгнула спіну.

- А так спіна абвіслая! Апранай іншы! - безапеляцыйна загадала сястра.

- А раптам Кірыл... ну... ты разумееш, - Вера, якая са смехам магла абмяркоўваць чужыя адносіны, пра сваё інтымнае жыццё словамі гаварыць не магла.

- Думаеш, ён цябе лапаць будзе? І не спадзявайся! Ды ў любым выпадку ён жа не будзе цябе пры людзях распранаць, а праз кофту - дык любы станік падыдзе, лепш нават без станіка! - яна разрагаталася і плюхнулася на ложак.

- Каця! Не камячы! - Вера выхапіла з-пад сястры чырвоную спаднічку.

- Верка! Без пяці хвілін, Кіра твой ужо, мабыць, пад дзвярыма стаіць. Я пабягу паглядзець у «вочка»! - Каця пацерла рукі ад задавальнення.

- Стой! Ён жа пачуе, што нехта за дзвярыма! Сядзі! - Вера схапіла сястру за руку і штурхнула на ложак.

- Сцерва! - закрычала Каця і дала сястры добрага выспятка.

- Ты мне проста зайздросціш! - Вера крыкнула так гучна, што аж сарвала голас.

- Было б чаму зайздросціць! Знайшла сабе не то бабу не то хлопца і ганарыцца! - Каця зымітавала смех і села на стол, пасунуўшы азадкам лямпу.

Сёстры яшчэ шмат чаго прыпомнілі б адна адной, але пачуўся званок. Перапужаная Вера дала сястры інструктаж:

- Адчыняй дзверы і вядзі яго ў залу, чуеш, у залу! Я - у туалет.

- Угу! - хітра бліснула маленькімі вочкамі Каця. - Толькі там баба Люся, на яе зноў дрысня напала! - зарагатала яна ўслед сястры.

Вера пабегла да прыбіральні, паторгала за ручку, а ў гэты момант Каця адчыняла дзверы Кірылу. Вера нырнула ў ванны пакой, села на край ванны і ліхаманкава вырашала, што ж рабіць далей: «Баба Люся з прыбіральні выйдзе не скора, і Кірыла прымушаць чакаць непрыгожа, ну што... можа... у ванну?»

Лёгенькай хадой шчаслівага чалавека Вера выйшла з ваннага і ўвайшла ў свой пакой, каб апрануцца. Яна адчыніла дзверы - і ўбачыла Кірыла, які сядзеў на яе ложку побач з Кацяй і трымаў на каленях альбом з фотаздымкамі. Ён глядзеў на яе, амаль голую, і не мог адвесці вачэй, не яе надзвычайная прыгажосць пазбавіла яго волі, а сама сітуацыя. Вера ж застыла і не магла ступіць ні кроку.

Першым апрытомнеў Кірыл, ён падняў фотаальбом, закрыў ім твар і выйшаў з пакоя, услед за ім рушыла Каця, якая, праходзячы міма Веры, паказала сястры язык.

Пакуль Вера апраналася, Кацька сядзела з Кірылам у зале і паказвала яму фатаграфіі. А ён быў такі задуменны, што Каця выкарыстала шокавую тэрапію:

- А гэта Верчын першы мужчына! - сказала яна, тыцнуўшы пальцам у твар стрыечнага брата, які на здымку абдымаў Веру.

Кірыл угледзеўся ў фота, неяк разгублена паглядзеў на Кацю: «Першы мужчына? Дык яна... А я думаў... Каця, а мне яна казала, што гэта ваш стрыечны брат Жэня!»

- Так сказала?! Мабыць, гэта зараз так называецца. Кірыл, а як яна павінна была табе сказаць, га? - Каця баялася, што праз хвіліну не вытрымае і рассмяецца.

- Вядома, вядома, - Кірыл сам не ведаў, да чаго гэтае «вядома». Тут у пакой увайшла Вера, уся такая прыгожая, але Кірыл паглядзеў на яе неяк незвычайна, яна заўважыла гэта і спужана зірнула на Кацю. Сястра ж падняла на яе па-дзіцячы чыстыя вочкі.

 

3

 

Калі парачка выйшла з кватэры, Кірылава рука занадта нахабна спусцілася ніжэй Верынай таліі, і дзяўчына спачатку не паверыла сама сабе. Раней Кірыл такога сабе не дазваляў, яна не забараняла, але ў іх нават размовы пра гэта не было. І таму Вера не ведала, як сябе паводзіць: папрасіць прыбраць руку ці зрабіць выгляд, што нічога не здарылася. Лепш другое. А Кірылава рука ўжо палезла пад майку. «Нічога, мы ўсё адно збіраеся пажаніцца».

У Кірыла дрыжэлі рукі, раней ён не зрабіў бы так. «Божа! Іншыя яго сябры ўжо колькі дзяўчат «пакаштавалі», а ён цэлы год з адной валаводзўся, цнатліва і чыста. Ён жа думаў, што яна... А так заўсёды! Калі адзін святы, другі - абавязкова грэшны. Ну, можа, ён і не святы, дык хлопец і не павінен быць святым. А для дзяўчыны гэта абавязкова. Калі зараз яна скажа «прымі руку», я не вытрымаю і выкажу ёй усё. Што мне рабіць? Што мне рабіць? Кінуць яе? Але я кахаю яе, мы ж збіраемся пажаніцца. Застацца з ёй? Але я не першы яе мужчына! Так не павінна быць! Мне патрэбна шлюбная ноч з усімі наступствамі. А з другога боку, галоўнае, каб яна не здраджвала, а Вера не будзе, я ведаю, ведаю...»

А рука ўсё ляжала на тым самым месцы. У Кірыла ўжо змакрэла спіна, яму здавалася, што для прыстойнай дзяўчыны такія паводзіны павінны быць абразай, што чыстая дзяўчына павінна пляснуць яму па твары, накрычаць і кінуць. Але нічога не адбылося. Яму хацелася справакаваць яе. «Ну, добра, пакуль счакаю. Завяду куды-небудзь, і паглядзім, хто каго».

 

4

 

У бары было мала людзей. Ціхая музыка разнявольвала, давала адчуванне калі не палёту, дык абсалютнай свабоды. Але Кірылу было мала гэтай свабоды. Усе жанчыны дзяліліся для яго на дзве катэгорыі: адны - для кахання, другія - для жаніцьбы. І Вера ў яго ўяўленні была раней дзяўчынай для жаніцьбы, якую трэба паставіць на п'едэстал, далей ад бруду жыцця. А зараз яна, аказваецца, і ёсць той бруд жыцця.

Яны селі за столік у цёмным кутку. Вера заняла месца насупраць Кірыла, павесіла парасон і маленькую сумку на крэсла, раптам Кірыл перасеў да яе. Дзяўчына, здаецца, зразумела яго намеры. Кірыл лічыў, што па ўсіх законах прыстойнасці яна павінна была б пасунуцца ад яго, але Вера так даўно марыла пра цнатлівую блізкасць, так хацела адчуць сябе каханай, што ёй у галаву нават не прыходзіла такая думка.

Кірыл піў піва і вар'яцеў ад бездапаможнасці. Хацелася абазваць яе шлюндрай, паказаць ёй яе месца і... жаніцца. Куфаль запацеў ад халоднага піва, таму правая рука была халоднай і мокрай. І вось такую руку Кірыл паклаў ёй на калена. Вера ўздрыгнула ад холаду, не ад жарсці, але ці растлумачыш гэта мужчыну. Кірыл глядзеў на свой куфаль, а рукой рушыў далей. Вера стуліла ногі, дастала яго руку з-пад спадніцы і паклала на стол.

«Жанюся!» - вырашыў Кірыл.

 

5

 

Каця сядзела ў крэсле ў святочнай сукенцы. Залітая лакам прычоска магла б зрабіць яе гадоў на пяць старэйшай, але зялёная пасмачка на скроні адназначна паказвала і на сапраўдны ўзрост дзяўчыны, і на яе несфармаваны густ. Побач мама прасавала бацьку кашулю. Каця сядзела моўчкі і нерухома, Вікторыя Іванаўна паглядзела на дачку і запытала:

- Кацечка, ты рада, што Вера замуж выходзіць? А што ж ты такая сумная сядзіш? Кацечка!

- Мам, а мяне хто-небудзь замуж возьме? - дзяўчына ўяўляла сабой стопрацэнтную ахвяру комплексу непаўнацэннасці.

Мама засмяялася, паставіла прас і падышла да дачкі:

- Знойдзеш і ты свайго Кірыла!

- Не хачу Кірыла, мне такі непатрэбны! Слабак!

- Каця, нельга так казаць пра жаніха сваёй сястры. Праз дзве гадзіны мы будзем адной сям'ёй, - Вікторыя Іванаўна пацалавала Кацю ў лоб і зноў ўзялася за прас.

У пакой віхорчыкам уляцеў маленькі мужчына, бацька сваіх дачок і муж сваёй жонкі. Ён пляснуў Вікторыю Іванаўну па азадку, пацалаваў яе ў глыбокі выраз, праз шыю дабраўся да вуснаў, а потым гучна цмокнуў у нос. Ён пацягнуўся да дачкі і са смяшком сказаў:

- Прабач, Кацечка, не стрымаўся.

- Цалуйцеся на здароўе, Фёдар Дзянісавіч! Зусім ужо ты, бацька, разбэсціўся. Нават дачкі не саромеешся! - Каця ўстала і выйшла з пакоя.

- Што з ёй, Віка? - спытаў Фёдар Дзянісавіч, прыціскаючы жонку да сябе.

- Ёй цікава, ці возьмуць яе замуж. Федзя! Федзя! О-ой! А калі хто загляне?

- Ну хто сюды загляне! - абачлівы Фёдар Дзянісавіч зачыніў дзверы на замок.

 

6

 

Праз дзве гадзіны вясельны картэж пад'ехаў да рэстарана. Фёдар Дзянісавіч дапамог жонцы выйсці з машыны і прашаптаў ёй на вуха:

- Забыўся табе сказаць, я Галавачова з жонкай запрасіў. Разумееш, нам яшчэ наконт банка трэба пагаварыць. Я тут і паперку прыхапіў, - Фёдар Дзянісавіч дастаў з кішэні лісток з надрукаванымі лічбамі і разлікамі.

- Федзя, ты вяселле дачкі пераўтвараеш у офіснае пасяджэнне, - бясстрасна прамовіла Вікторыя Іванаўна.

Фёдар Дзянісавіч удзячна паглядзеў на жонку, і кінуўся адчыняць дзверы бабе Люсі, сваёй маці. Баба Люся ў яркай хустцы, новай кофце, квяцістай спадніцы і зручных шлёпках свяцілася гонарам за сваю ўнучку. Вось, да вяселля дажыла, а там можна і праўнукаў прычакаць. Адчуванне поўнага шчасця асвятляла яе шырокі твар, доўгі нос падкараціўся, слязлівыя вочкі свяціліся, і нават хворыя калені не балелі.

Фёдар Дзянісавіч пакінуў бабу Люсю на жонку, а сам пабег да машыны, якая толькі што пад'ехала. «Галавачоў!» - паспеў крыкнуць ён Вікторыі Іванаўне. А з «таёты-каролы» ўжо вылазіў зграбны мужчына з выразнымі вачамі і цвёрдым падбароддзем. Ён павітаўся за руку з Фёдарам Дзянісавічам і пазнаёміў яго з жонкай, маленькай жанчынай з мяккімі вуснамі:

- А гэта мая Марына Канстанцінаўна.

- Вялікі гонар для нас, што Вы прыехалі, - па голасу Фёдара Дзянісавіча адчувалася, што «Вы» сапраўды з вялікай літары. Ён схіліў галаву і пацалаваў Марыне Канстанцінаўне руку. - Дазвольце пазнаёміць вас з маёй жонкай. Ёй будзе вельмі прыемна. Вікто-о-рыя-а!

Вікторыя Іванаўна пакінула бабу Люсю на Кацю, а сама накіравалася да гасцей і яшчэ здаля заўважыла, як дзіўна Марына Канстанцінаўна глядзіць на яе мужа. І нейкая непрыхільнасць да мужа захліснула яе. «Гэтыя справы з банкам можна было вырашыць у іншы дзень, навошта было цягнуць сюды гэтую бабу з тоўстымі вуснамі, кабыла размаляваная, што яна да Фёдара клеіцца? І пры мужу... Ці гэта спецыяльна... у кожнага ж свой стыль весці справы...»

 

7

 

Зала рэстарана складалася з дзвюх частак: адна з П-падобным сталом, другая - танцпляцоўка. Насупраць была гэткая ж зала, толькі, відаць, ніхто не замовіў яе на той дзень. Доўгі хвост віншавальнікаў пацягнуўся да маладых, якія сталі каля невялікага століка, куды сведкі пачалі складваць кветкі і падарункі. Мішка Мігно, найлепшы сябра Кірыла і сведка на вяселлі, звычайна вясёлы і гаваркі, безуважна прымаў букеты. Кірыл штурхануў яго локцем і шэптам спытаўся:

- Мішка, ты чаго?

- І ўсё-ткі, ты дзе такую «прыгажуню» адшукаў? - кіўнуў Мішка на Вольгу, сведку з боку маладой. - І мне з ёй што, цалавацца прыйдзецца? - з жахам прамовіў хлопец, які ў свой час перацалаваў палову аднакурсніц.

Нельга сказаць, што Вольга была непрыгожай, зусім не. Стройная, з прыемным тварыкам і доўгімі чорнымі валасамі, яна была вельмі эфектнай. Пагарэла яна на акулярах... якія пакінула дома. Ёй так хацелася быць прыгажэйшай, што яна была гатова ахвяраваць уласнымі ўражаннямі. Ну што ўбачыць чалавек са зрокам «мінус шэсць»? А вось пакінуць дома з акулярамі сваю цікаўнасць Вольга не здолела: калі хтосьці з гасцей клаў канверт з доларамі на столік, дзяўчына ледзь не нахілялася, нібыта там можна было нешта ўгледзець.

Ейны залаты ланцужок з крыжыкам увесь час правальваўся ў занадта глыбокі выраз цёмна-блакітнай сукенкі. Вольга выцягвала крыжык і ўважліва разглядала сваё дэкальтэ. А Мішку зусім не здавалася прывабнай дзяўчына, што так пільна ўглядаецца ва ўласныя грудзі. Пасля кожнай акцыі па выцягванню ланцужка Вольга крадком паглядала на Мішку.

- Божа мой, Кірыл, дзе ты яе адкапаў!!! - застагнаў хлопец.

У гэты момант Кірылаў дзед Іларыён падышоў да маладых. Ён ціха, азіраючыся на сваю жонку бабу Просю, пажадаў унукам шчасця. Нязграбнымі сялянскімі рукамі ён абняў Кірыла, а потым абхапіў галаву Веры, крыху сцягнуўшы вэлюм набок.

Пакуль маладыя прымалі віншаванні, Фёдар Дзянісавіч завёў Галавачова ў суседнюю залу, разгарнуў свой лісток і толькі пачаў гаварыць, як Галавачоў паблажліва рассмяяўся:

- Фёдар Дзянісавіч, дазвольце мне павіншаваць вашу дачку. А справы нікуды ад нас не ўцякуць, - дадаў ён. Фёдар Дзянісавіч захітаў галавой, згаджаючыся, хоць было відаць, як яму карціць запярэчыць. Але ён толькі моўчкі глядзеў у свой лісток.

Раптам у залу зазірнула рыжавалосая жанчына з хітраватымі вочкамі, яе ад прыроды выразна акрэсленыя вусны расплыліся ў прыязнай усмешцы. Яна лёгка падышла да мужчын і ўзяла Фёдара Дзянісавіча пад руку, ён неахвотна прамовіў:

- Інга Іванаўна, сястра маёй жонкі.

Незамужняя Інга Іванаўна з цікавасцю паглядзела на Галавачова і з меншай увагай глянула ў паперку. Фёдар Дзянісавіч міжволі перавярнуў лісток другім бокам. Інга Іванаўна амаль што праспявала ў адказ:

- Усё сакрэты, Фёдар? Не буду вам перашкаджаць! Толькі хутчэй да нас далучайцеся!

Яны дачакаліся, пакуль жанчына выйдзе, і Фёдар Дзянісавіч зноў хацеў паўтарыць сваю прапанову. Галавачоў здагадаўся без слоў і зноў рассмяяўся, узяў паперку з рук Фёдара Дзянісавіча, паклаў яе на столік і прыціснуў далоняй:

- Фёдар Дзянісавіч, я не менш за вас хачу пагаварыць пра банк, але ў гэтай сітуацыі прыстойнасць важнейшая за жаданне, нават самае нястрымнае. Сёння ж свята! У час першага перапынку мы зможам усё абмеркаваць! Згода?

- Згода! - уздыхнуў Фёдар Дзянісавіч.

Галавачоў па-сяброўску паклаў руку яму на плячо, і яны накіраваліся ў «сваю» залу. На выхадзе яны сутыкнуліся з высачэзным хлопцам. Фёдар Дзянісавіч перасмыкнуў плячыма і даволі няветліва запытаў:

- А вы што тут робіце?

- Я - аператар! - з годнасцю адказаў хлопец.

Толькі тут Фёдар Дзянісавіч заўважыў камеру, і ягонай галаве ўзнавіліся падзеі сённяшняй раніцы, калі замоўлены аператар трапіў у аварыю (як спецыяльна!) і тэрмінова прыйшлося шукаць яму замену. Фёдар Дзянісавіч са шкадаваннем падумаў, што з загса застануцца толькі фотаздымкі, а тут яшчэ гэты незнаёмы аператар. Фёдар Дзянісавіч нахмурыў лоб і строга запытаў:

- А ваша імя...

- Ваня! - неяк па-дзіцячы адказаў хлопец.

- Ваня, - паўтарыў Фёдар Дзянісавіч. - А тут што вы шукаеце?

- Я аглядаў тэрыторыю, дзе мне прыйдзецца здымаць, - здзіўлена апраўдваўся аператар.

- Не думаю, што вам прыйдзецца тут здымаць, - раздражнёна прасіпеў Фёдар Дзянісавіч.

А лісток з лічбамі і разлікамі застаўся ляжаць на століку ў пустой зале.

 

8

 

Сяргей Іларыёнавіч, бацька жаніха, зацягнуў сваю жонку Валянціну Пятроўну ў залу насупраць, адкуль толькі што выйшлі Фёдар Дзянісавіч і Галавачоў. Сяргей Іларыёнавіч кіпеў, як імбрык са свістулькай. Паветра цяжка выходзіла праз яго зламаны калісьці нос. Твар быў чырвоны, а рукі без патрэбы сноўдалі па патыліцы. Па гэтых прыкметах Валянціна Пятроўна здагадалася, што мужа нешта вельмі непакоіць:

- Сяргей, ну што здарылася?

- Я быў упэўнены, я вас папярэджваў! О-ох, папомніце вы мае словы! А я ж казаў! Казаў! - выпускаў пару Сяргей Іларыёнавіч.

- Сяргей, - тонам маці супакойвала мужа Валянціна Пятроўна. - Сяргей, пра што ты папярэджваў?

- Ты ведаеш, што я падслухаў? Выпадкова, вядома ж. Верчын бацька, куркуль гэты недабіты... - Сяргей Іларыёнавіч аж захліпнуўся ад злосці.

- Сяргей, як ты свайго свата называеш?! - Валянціна Пятроўна спужана азірнулася на дзверы і адцягнула мужа ўглыб залы. - Ну, што ты там пачуў?

- Куркуль гэты недабіты, - знарок паўтарыў Сяргей Іларыёнавіч, - размаўляў з нейкай рыжай бабай.

- Рыжая? У сінім гарнітуры? Інга Іванаўна. Сястра жонкі Фёдара Дзянісавіча. І што ты такое важнае змог падслухаць? - намагалася не паказваць сваёй зацікаўленасці Валянціна Пятроўна.

- Дзеўцы кватэру купілі, а Кіру нашага туды прапісваць не збіраюцца!!! - выдаў таямніцу Сяргей Іларыёнавіч.

- Фу ты! І праз нейкую дробязь ты так распыхкаўся? - засмяялася Валянціна Пятроўна.

- Баба - дура! Слухай далей. А калі наш Кіра захоча да яе прапісацца, ён павінен падпісаць шлюбную дамову, маўляў, пры разводзе на жылплошчу не прэтэндую! - узвіваўся Сяргей Іларыёнавіч.

- А ты, ведама, спаў і марыў пра гэтую жылплошчу! - раззлавалася Валянціна Пятроўна. - А калі б гэта ты сыну кватэру купіў, ты б не шкадаваў? Сяргей, толькі жабракі не сквапныя. Гэта ж натуральнае жаданне бацькоў абараніць сваё дзіця.

- А тваё дзіця хто абароніць? Валя! Ты мяне дзівіш! Трэба спыніць вяселле! - амаль ускрыкнуў Сяргей Іларыёнавіч.

- Ідыёт! - яна заціснула мужу рот. - Ты разумееш, што кажаш? Яны ж ужо пажаніліся. Яны ўжо муж і жонка. Навошта псаваць усім свята? Падумай урэшце пра сваіх бацькоў. У дзеда Іларыёна адна мара была: да Кірылавага вяселля дажыць. Баба Прося сядзіць і плача ад шчасця. Хочаш бацькам жыццё падкараціць? - Валянціна Пятроўна выкарыстала апошні аргумент.

- Мужыка ў хаце павінны паважаць! А ці будзе жонка гэтая нашага Кіру паважаць пры такіх умовах?! - стаў у ваяўнічую паставу Сяргей Іларыёнавіч.

- Думай, што хочаш! Гавары, што хочаш! Але толькі не сёння! Не псуй дзецям свята! - Валянціна Пятроўна апусцілася на крэсла і закрыла твар рукамі, бо яна ведала, што толькі так можна паўплываць на мужа.

- Валя! Валечка! Толькі не плач! Я не буду, не буду! - ён прысеў каля жонкі. І дадаў аднымі вуснамі, каб яна не пачула: - Я знайду, як іх паставіць на месца.

 

9

 

Вера была ў прыгожай вясельнай сукенцы: шырокія белыя шлейкі ярка кантраставалі з загарэлымі плячамі і шыяй, доўгія пальчаткі надавалі туалету закончаны выгляд. Веры вельмі пасавала высокая прычоска з выпушчанымі пасмачкамі і доўгім вэлюмам. Мінімум касметыкі і ўпрыгожанняў.

А Веры і не трэба было ніякіх упрыгожанняў, яна проста свяцілася радасцю. Кожным крокам, кожнай усмешкай яна паказвала сваё нечалавечае шчасце. Некаторыя госці спадылба касіліся на Веру: ну шлюб, ну вяселле, але так выстаўляць свае пачуцці проста непрыстойна.

Кірылу ж уся мітусня з гасцямі была непатрэбная. Эх, каб пасля рэгістрацыі адразу шлюбная ноч! Але ён трымаўся, ветліва адказваў на пытанні і воклічы шматлікіх цётак, цвёрда паціскаў рукі мужчынам.

Усе селі за стол, і тамада, высокі прыгожы мужчына са знешнасцю кінаакцёра, па чарзе даваў слова бацькам, сябрам, крэўным.

Валянціна Пятроўна, маці Кірыла, выйшла віншаваць дзяцей з насовачкай. Было відаць, што яна вельмі перажывае за маладых. Дзед Іларыён не вытрымаў:

- Валюха, ты што, сына замуж аддаеш? Гэта хай Верчына мамка плача!

Вікторыя Іванаўна, мама Веры, ветліва ўсміхнулася.

Сведка з боку маладой Вольга ўсе гэтыя прамовы не слухала, яна пільна ўглядалася ў талерку з салатай, якая стаяла занадта далёка ад яе падслепаватых вочак. Мішка заўважыў, як яна выцягвае шыю, каб лепей разгледзець страву, і пхнуў Кірыла. Вольга падцяла вусны, сціснула ў руцэ відэлец і ўжо сабралася пакласці сабе трохі, але ўсё ж не наважылася. Кірыл з іранічнай усмешкай запытаў:

- Вольця, праблемы?

- Э-э. Не... Ммм... Дарэчы, што гэта за салата? - спытала яна, не гледзячы на Кірыла.

- Смачная, напэўна, ты не глядзі, што так паскудна выглядае, - пажартаваў Кірыл. - Я ж не повар, каб ведаць кожны інгрэдыент, - адкруціўся хлопец ад прамога адказу і паслужліва перадаў Вользе талерку. Дзяўчыне не было куды адступаць.

Баба Прося сказала тост і ад свайго імя, і ад імя дзеда Іларыёна, сам жа дзед выявіў жаданне паспяваць:

 

Я любіў спяваць прыпеўкі,

І любілі мяне дзеўкі,

Ажаніўся з бабай Просяй,

А яна не песень просіць.

 

10

 

Калі пачаўся перапынак, Фёдар Дзянісавіч адразу накіраваўся да Галавачова, але той з першымі акордамі музыкі нечакана падхапіў жонку ды рвануў на танцавальную пляцоўку. Марына Канстанцінаўна прыгожа выгінала спіну, яе рукі былі счэплены за шыяй мужа. Іхнія ногі рухаліся выверана і лёгка, целы плылі нібы склееныя. Марына Канстанцінаўна шчыра ўсміхалася мужу, ягоны ж выраз твару заставаўся нязменным. Галавачоў не любіў выяўляць свае пачуцці. Ён кінуў на Фёдара Дзянісавіча толькі адзін позірк, і няўрымслівы камерсант адразу зразумеў, што совацца з паперкай было б верхам недыпламатычнасці. Пляменнік Жэнька пацягнуў Фёдара Дзянісавіча за рукаво:

- Дзядзя Фёдар!

- Жэнька! Як справы, хлапчына? Як мама, як Танька, як мой любімы брат? Шкада, што яны не змаглі прыехаць! Дзякуй, што хоць ты сёння з намі! - Фёдар Дзянісавіч ляпаў хлопца па плячы, трос яго і тармасіў за патыліцу. - Ах, які ты ўжо кавалер! Муж-жык! Мужык! А сам жаніцца не збіраешся?

- Дзядзя Фёдар! Я? Жаніцца? Вось выйшла Танька замуж, то яны сварацца, то разыходзяцца, а зараз вось уся сям'я сядзіць над ёй у раддоме. Гэта шчасце? Нервы! - скончыў свае хлапечыя развагі Жэнька.

- Не хочаш мець пляменніка? - жартаўліва запытаў Фёдар Дзянісавіч.

- Пляменніцу, дзядзя Фёдар, пляменніцу, - уздыхнуў Жэнька.

Тут да іх падскочыла Каця, пацалавала бацьку і пацягнула ад яго стрыечнага брата. Фёдар Дзянісавіч абраў наступную ахвяру сваёй увагі - Ігара Леанідавіча, свайго намесніка. Хлопцу было 28 год, ён быў усё яшчэ нежанаты і, як жартавалі на фірме, мабыць, ніколі ўжо не зменіць свайго грамадзянскага статусу.

У адносінах з людзьмі Ігар Леанідавіч быў надзвычай неэмацыянальны, халодны, флегматычны, але ён паводзіў сябе так, нібы ягоная ўраўнаважанасць - норма і, хутчэй, гэта ты перад ім блазан: тлумачыш яму нешта, а ён гэта і без цябе ведае. Ідзеш побач з ім і мусіш сінхранізавацца з яго няспешнай хадой. А паходзіш маленькімі, амаль дзіцячымі крокамі - і адчуеш сябе бясплатным дадаткам да гэтага заўжды спакойнага волата.

Фёдар Дзянісавіч заўважыў, якім здзіўленым стаў твар Ігара, калі той заўважыў Галавачова. Хлопец, мабыць, адразу здагадаўся пра ўсё. «Не хапала толькі, каб ён рот ад нечаканасці раскрыў», - падумаў Фёдар Дзянісавіч. Раптам у Ігара Леанідавіча зазваніў сотавы. Пачуўшы голас суразмоўцы, ён спуджана азірнуўся на гасцей. «Ого, - заўважыў Фёдар Дзянісавіч, - за адзін дзень дзве бурныя эмацыянальныя рэакцыі. Цуд!» Але потым ён уважлівей прыгледзеўся: відавочна было, што Ігар Леанідавіч кагосьці аб чымсьці прасіў, ён выціраў пот з ілба, а бакавым зрокам сачыў за Фёдарам Дзянісавічам.

Нечакана фігуру Ігара Леанідавіча засланіла дзяўчына. Яна хісталася на высокіх абцасах і набліжалася да Фёдара Дзянісавіча.

- Я Веранічка! Універсітэцкая сяброўка Веры! - сказала яна, аблізваючы вусны.

- Вельмі прыемна! - аўтаматычна вырвалася ў Фёдара Дзянісавіча, ягоны позірк перабягаў з Веранічкі на Ігара Леанідавіча.

- Вам сапраўды вельмі прыемна? - запытала Веранічка, кладучы руку з доўгімі яркімі пазногцямі на плячо Фёдару Дзянісавічу. - Можа, патанчым? - яна пацягнула яго на танцпляцоўку, не чакаючы адказу. Усё яшчэ не зводзячы позірку з Ігара Леанідавіча, Фёдар Дзянісавіч механічна паклаў руку на Вераніччыну талію.

- Ніжэй, калі ласка! Мне так больш зручна! - прашаптала яму на вуха Веранічка ды апусціла ягоныя рукі крыху ніжэй, і Фёдар Дзянісавіч нарэшце адарваў позірк ад Ігара Леанідавіча. Ён адчуваў, як пад доўгай сукенкай яе цела рухалася, нібы хацела выслізнуць з непатрэбнай абалонкі. Далоні чамусьці ўзмакрэлі. Да таго ж дзяўчына маўчала і толькі зрэдку пакусвала свае вусны.

А тамада, адпрацоўваючы свой заробак, ладзіў конкурсы. Ён паставіў пяць крэслаў і запрасіў прысесці ахвотнікаў: жаніха, Мішку Мігно, Жэньку, Ігара Леанідавіча і суседа дзядзьку Жору. Вера, мацаючы іхнія вушы, павінна была з завязанымі вачамі пазнаць свайго мужа. Тамада, ведучы дзяўчыну першы раз, жаніховы вушы абмінуў. Вера пагнула Мішкавы «лакатары» і адмоўна пахітала галавой.

- Не твае вушы? - перапытаў тамада.

Вера нічога не адказала, толькі рукамі паказала, што не.

Даўгаватыя Жэнькавы валасы, пасмачкамі закладзеныя за вушы, адразу выдалі ягоную асобу. Вера паказала рукамі «наступны». Наступным сядзеў Ігар Леанідавіч. Вера доўга круціла ягоныя класічныя вушы і паспрабавала памацаць падбароддзе. «Стоп!» - перахапіў тамада яе руку.

Калі Вера дакранулася да валасатых вушэй дзядзькі Жоры, адразу сказала: «Гэта не Кірыл! Вушы валасатыя».

- Паглядзім, якія вушы будуць у твайго Кірыла ў маім узросце, - пакрыўджана падаў голас дзядзька Жора.

Вера ніяк не магла выбраць між Ігарам Леанідавічам і Кірылам. І тамада прапанаваў:

- Выбірай, якія табе больш падабаюцца!

І Вера паказала на Ігара Леанідавіча. Калі з ейных вачэй знялі хустачку і дзяўчына ўбачыла, што гэта не Кірыл, яна асцярожна зірнула на мужа. Кірыл амаль не засмуціўся.

Калі тамада запрасіў на гэтыя пяць крэслаў дзяўчат, першай уселася цётка Наташа. Выганяць яе не мела сэнсу, і тамада сумна завязаў вочы Кірылу. Веру трэба было пазнаць па нагах. Цётка Наташа параўнала свае слупападобныя ножкі з нагамі дзяўчат, цішком злезла з крэсла і пасадзіла на сваё месца Вікторыю Іванаўну. Кірыл доўга мацаў прыгожыя ногі сваёй цешчы, дайшоў ад пальцаў да калена, і тамада быў вымушаны спыніць хлопца. Потым Кірыл узяў тонкую ножку Каці, дзяўчына назірала, як моцнымі мужчынскімі рукамі Кірыл амаль што масажыраваў яе нагу і раптам заўважыла на калготках дарожку спушчаных вочкаў.

- Ой, калготкі паехалі! - выгукнула Каця, і Кірыл, пазнаўшы яе па голасу, перайшоў да Веранічкі. Малады муж можа б і хацеў пакратаць доўгія ногі жончынай сяброўкі, але, у адрозненне ад Веры, Веранічка была ўвогуле без калготак, і Кірыл перайшоў да Вольгі. Каб лепей разгледзець, як будуць мацаць яе нагу, падслепаватая паненка нахілілася наперад. Па гэтым характэрным руху Кірыл здагадаўся, што гэта таксама не жонка. Калі ён пайшоў другі раз і памацаў нагу Веры, яна падалася яму вельмі знаёмай. Ён ляпнуў рукой па вясельнай сукенцы і радасна выгукнуў:

- Гэта Вера!

 

11

 

Фёдар Дзянісавіч сеў на сваё месца, выцер сурвэткай лоб і глытнуў мінералкі. Побач села жонка і паклала на стол мужаў сотавы тэлефон.

- Я брала твой сотавы. Ты не супраць? - задала Вікторыя Іванаўна рытарычнае пытанне. - Ну, пагаварыў ты са сваім Галавачовым? - дадала яна з іроніяй.

- Віка! Хоць ты памаўчы! - рука Фёдара Дзянісавіча звычна пацягнулася да ўнутранай кішэні і, вядома ж, не адшукала ліст, ён памацаў яшчэ раз і рэзка павярнуўся да жонкі:

- Вікторыя, не жартуй! Паперку ўзяла ты?

- Яна знікла? - занепакоілася Вікторыя Іванаўна. - Фёдар, я не магу жартаваць тым, што для цябе вельмі важна.

- Божа мой! - ён закрыў твар рукамі. - Лепш бы яе ўзяла ты! Фёдар Дзянісавіч успомніў, дзе ён мог пакінуць каштоўны ліст. У суседняй зале! «Як я мог яе там пакінуць?! А калі хто-небудзь возьме!» І раптам праз адчыненыя дзверы ён заўважыў, як у тую залу ўвайшла Веранічка. Хутчэй туды! Ён падхапіўся і пабег. Люстры там былі выключаныя, але месяцавага святла было дастаткова, каб Фёдар Дзянісавіч адразу адшукаў той столік, каля якога ён размаўляў з Галавачовым. Але ліста там не было!

 

12

 

Фёдар Дзянісавіч ведаў, што Веранічка недзе тут. Ён нахіліўся, каб яго нельга было заўважыць, і перасоўваўся прысеўшы. Між столікамі ён заўважыў камеру. «Ох, нездарма мне так не спадабаўся гэты аператар. Што ён тут робіць? Хаваецца, ці што?» - са злосцю падумаў Фёдар Дзянісавіч.

Але Ваня не хаваўся, ён даволі недвухсэнсоўна ляжаў на Веранічцы. Перш чым убачыць гэтую карціну, Фёдар Дзянісавіч паспеў паслізнуцца на яе сукенцы. Ён падняў тканіну да святла, пазнаў, чыя гэта рэч, сумная здагадка працяла яго: «Дык яна ўсё ж такі выслізнула са сваёй абалонкі!»

Фёдар Дзянісавіч бязвольна апусціўся на падлогу і выцер лоб абрусам, які звісаў з суседняга століка. Падмануты нечаканай развязкай, Фёдар Дзянісавіч стомлена глядзеў на парачку. Аператар Ваня быў апрануты, толькі крыху прыспусціў джынсы, а вось Веранічка была поўнасцю голая. Фёдар Дзянісавіч падумаў, што прасцей было б задраць сукенку, а не здымаць яе.

Веранічка выгіналася і, напэўна б, гучна стагнала, але Ваня заціснуў ёй рот рукой. Раптам Веранічка адвяла ягоную руку і нахабна запытала:

- Падабаецца глядзець, Фёдар Дзянісавіч?

Фёдар Дзянісавіч нібы прачнуўся, сумеўся і хуценька папоўз да выхада. Веранічка бязгучна рассмяялася і спіхнула з сябе Ваню:

- Хопіць! Ён ужо адпоўз, хоць навошта паўзці, можна было ўжо не хавацца. Смешны ён. Як ты думаеш, паверыў?

- Ды я сам паверыў! - крыху незадаволена адказаў Ваня, зазіраючы ў свае джынсы.

- Эх, Ваня, лежачы на голай дзяўчыне, часам трэба стрымліваць сябе, - яна выцягнула з-пад спіны нешта светлае, паклала ў сваю сумачку і адразу ўстала.

А Ваня ўсё сядзеў і не зашпільваў джынсаў. Раптам ён схапіў дзяўчыну за руку і пацягнуў да сябе, але яна вырвалася. Ваня злосна прашаптаў:

- Паслуга за паслугу! Я дапамог табе, цяпер твая чарга. Давай кладзіся!

- Мілы мой Ваня, ты не быў асабліва пяшчотным, калі імітаваў секс. Сумняваюся, што ў рэальнасці ты будзеш лепшым! - сказала Вераніка, нацягваючы на сябе сукенку.

- Думаю, што зараз пайду да гэтага Фёдара Дзянісавіча і патлумачу яму сітуацыю... - стрымана паведаміў Ваня, зашпільваючы джынсы.

- Ваня, хлопчык ты мой маленькі, а што ты сам ведаеш пра гэта? Ты ведаеш толькі тое, што я табе сказала. Ты быў так захоплены маёй просьбай, што нават не звяртаў ніякай увагі на мае словы. Ты так хацеў паляжаць на мне, што ў цябе мазгі адключыліся. Ты хворы! Ты думаеш толькі пра секс. Але менавіта таму з усіх гасцей я выбрала цябе, - кінула на развітанне Вераніка.

- А я думаў, ты абрала мяне таму, што я апынуўся ў гэтай зале! - Ваня знайшоў у сабе сілы паіранізаваць.

- Фёдару Дзянісавічу будзе вельмі карысна ведаць, што ты тут вышукваў адзін. А вось што ты рабіў са мной, ён сам бачыў. Мне цікава, ты што-небудзь паспеў зняць, аператар? - падкузьміла Веранічка.

- Ты шлюха! - выдаў свой апошні аргумент Ваня.

 

13

 

На ўваходзе ў залу Фёдара Дзянісавіча чакала ўсхваляваная Вікторыя Іванаўна, яна тут жа запрасіла мужа танцаваць. Ён быў такім разгубленым, што калі б яго запрасілі скокнуць з парашутам, ён згадзіўся б. Сваімі чуллівымі рукамі ён трымаў цела жонкі, але яно не хацела выслізваць з сукенкі. Фёдар Дзянісавіч не ўяўляў сваёй Вікторыі Іванаўны голай на халоднай падлозе ў пустой зале.

Але жонка - гэта найперш сябар і паплечнік. Фёдар Дзянісавіч прыхінуўся да сваёй Вікторыі і расказаў ёй на вуха пра здарэнне ў суседняй зале, абмінаючы некаторыя дэталі.

Раптам ён заўважыў зусім побач Веранічку, якая закруціла пляменніка Жэньку ў ашаламляльным танцы. Жэнькавыя рукі ляжалі на яе клубах, ды ён проста ўчапіўся ў цела дзяўчыны. Веранічка была аднолькавага росту з Жэнькам, але абцасы зрабілі сваю эратычную справу, і Жэнька не міргаючы глядзеў у глыбокае дэкальтэ партнёркі.

Знаёмая Фёдару Дзянісавічу рука з доўгімі пазногцямі лашчыла Жэнькаву шчаку і вуха. Потым указальным пальцам Веранічка правяла па вуснах хлопца і пацягнула яго да выхада. Каля самых дзвярэй яны спыніліся, дзяўчына дастала з сумачкі нешта светлае, і пакуль Жэнька здагадваўся, што ж гэта такое, Веранічка паспела перахапіць погляд Фёдара Дзянісавіча і паказаць Жэньку на пільнага дзядзьку. Пляменнік спужаўся, адвёў вочы і схаваў светлае ў сваю кішэню. І парачка знікла ў цемрадзі суседняй залы.

Фёдар Дзянісавіч не змог больш нічога заўважыць, і толькі потым усе сутыкнуліся з апошняй помстай аператара Вані. Ён цішком прашмыгнуў услед. Прамень святла ад камеры на некалькі секунд выхапіў з цемры ненавісныя постаці. І потым усе змаглі ўбачыць на касеце распранутую Веранічку і спужанага Жэньку з голай дупай.

Але пра такую несур'ёзнасць іхніх адносінаў Фёдар Дзянісавіч даведаўся праз два дні, а пакуль што ён ледзь дачакаўся вяртання Жэнькі і адразу палез да хлопца ў кішэню без аніякіх тлумачэнняў. Пяшчотна-бялюткая рэч аказалася зусім не паперкай, як чакаў Фёдар Дзянісавіч, а ўсяго толькі трусікамі Веранічкі. Фёдар Дзянісавіч разгублена разглядаў трусікі (паперкі ў іх не было), пакуль да яго не падышла Вікторыя Іванаўна. Яна здіўлена паглядзела на мужа і спытала:

- Гэта чые?

- Жэнькавы! - упэўнена адказаў Фёдар Дзянісавіч і спяшаючыся запхаў бялюткае павуцінне ў Жэнькаву кішэню. Для Вікторыі Іванаўны было відавочна, што ўсё Жэнькава гаспадарства не ўлезла б у такія трусяняты.

- А Жэня заўсёды трусы ў кішэні носіць? - стрымліваючыся, спыталася Вікторыя Іванаўна, паглядзела на мужа, павярнулася і пайшла.

Фёдар Дзянісавіч пабег услед, спрабуючы ўсё растлумачыць, але Вікторыя не разумела, як можна пераблытаць трусы з паперкай. Гэта меўся быць самы страшны дзень у жыцці Фёдара Дзянісавіча: згубіў паперку, аддаў дачку і вось-вось страціць жонку. А тут яшчэ пляменнік нейкі перапужаны стаіць, слова не можа сказаць у абарону дзядзькі.

Фёдар Дзянісавіч сеў на крэсла і ліхаманкава аналізаваў сітуацыю. Праблему з жонкай ён пакінуў на заўтра, у яго ўсё жыццё наперадзе, каб апраўдацца. А вось што рабіць з Галавачовым? Фёдар Дзянісавіч адшукаў у натоўпе гасцей знаёмую фігуру.

Заўсёды стрыманы, Галавачоў гучна смяяўся разам з Інгай Іванаўнай. Яны танчылі і размаўлялі. Іх целы зліваліся, і Фёдар Дзянісавіч у чарговы раз падзівіўся камунікабельнасці Галавачова, той размаўляў з Інгай, нібы яны знаёмыя сто год. Цікава, як да такой гармоніі ставіцца Марына Канстанцінаўна? Фёдар Дзянісавіч пашукаў яе вачыма і не знайшоў. Толькі побач знаёмы голас запытаў:

- Вы некага шукаеце?

- Марына Канстанцінаўна?! Вы не паверыце, я вас шукаў! - з захапленнем усклікнуў Фёдар Дзянісавіч.

- Калі так... Можа, вы мяне запросіце? - з нейкім болем у голасе папрасіла Марына Канстанцінаўна. Жанчына перабірала рукамі тонкі бліскучы шалік і відавочна нервавалася. Яна з такой надзеяй глядзела ў вочы Фёдару Дзянісавічу, што яму аж няёмка стала. Ён імпэтна ўскочыў і галантна прапанаваў жанчыне руку. Яна не чакала такой абыходлівасці і нават збянтэжылася.

 

14

 

Пачаўся вальс. Марына Канстанцінаўна трапятала, як хваля, у такт музыкі. «Такую жанчыну прыемна нават проста ў руках патрымаць», - падумаў Фёдар Дзянісавіч. Яна не была тоненькай ці кволай з выгляду, але яе лёгкія крокі рабілі яе падобнай да ветрыку.

Марына Канстанцінаўна даволі шчыльна прыціскалася да Фёдара Дзянісавіча, але не глядзела яму ў вочы. Крыху ўсхваляваная танцам, Марына Канстанцінаўна нібыта не заўважала, што з кожным уздыхам яна дакранаецца грудзямі да Фёдара Дзянісавіча, які, нягледзячы на заклапочанасць, гэтыя рытмічныя дотыкі адчуваў.

Здавалася, што Марына Канстанцінаўна нешта хоча сказаць, але баіцца ці саромеецца. Яна расцягвала мяккія, крыху бясформенныя вусны ў вінаватай усмешцы. «Калі б яна яшчэ хвастом віляла - была б як пабіты сабака», - адзначыў Фёдар Дзянісавіч.

- Я непрыгожа зрабіла, - жанчына нарэшце асмелілася. - Пад уздзеяннем нейкіх імгненных пачуццяў! Як васьмікласніца!

Фёдар Дзянісавіч насцярожыўся. Канешне! Яна ж ведала пра паперку! Гэта яна ўзяла, але пра якія імгненныя пачуцці яна гаворыць?

- Вы бачыце, які ў мяне муж, - працягвала Марына Канстанцінаўна, - усё справы, справы. І ні хвіліны для мяне.

О, дык нездарма спрактыкаваныя рукі Фёдара Дзянісавіча адчувалі, што перад ім няворанае поле.

- Жанчыну, як кветку, трэба паліваць, - непрыстойна пажартаваў Фёдар Дзянісавіч. Але Марына Канстанцінаўна не чула ягоных слоў.

- Я не патрабую каштоўнасцей і ўпрыгожанняў. Мне прыемней увага, ласкавае слова, пацалунак! - спавядалася яна далей. Ейны кавалер спагадліва хітаў галавой, лацвей абдымаючы яе талію. «Птушка ў клетцы! Можна і слёзы яе паслухаць!» - звінела ў галаве Фёдара Дзянісавіча.

- Вы так добра слухаеце! Такі ўважлівы да мяне толькі мой псіхатэрапеўт! - засмяялася Марына Канстанцінаўна.

«Цікава, куды яна схавала паперку? У сумку? Ці ў бялізну? Кішэняў жа няма!»

- Ой, тут так тлумна! Можа, выйдзем на свежае паветра? - прашаптала Марына Канстанцінаўна.

Яны спускаліся па лесвіцы, і яна трымала яго за руку.

«Ах, якую прычыну зручную прыдумала! Зараз аддасць мне маю паперку! Хоць у такой просьбе ёсць нешта інтымнае!»

Раптам на апошняй прыступцы жанчыну падвярнула нагу, пахіснулася, і Фёдар Дзянісавіч быў вымушаны падхапіць яе. Марына Канстанцінаўна сціснула пальцы ў яго на плячы, а яе мяккія вусны аказаліся так блізка...

Фёдар Дзянісавіч хуценька нахіліўся, каб паглядзець яе нагу. А яна занадта высока падняла сукенку. І зараз Фёдар Дзянісавіч быў упэўнены, што ў панчохах і ніжняй бялізне паперкі няма. Заставаўся бюстгальтар. Фёдар Дзянісавіч падняўся і, намагаючыся не глядзець ёй у вочы, прапанаваў:

- Я давяду вас да крэсла. Здаецца, гэта не вывіх!

«Канешне, не вывіх!» - пасмяялася ў думках сімулянтка.

Ён падхапіў яе за талію і паступова дасягнуў бюстгальтара. «Так, злева паперкі няма» - «Неяк дзіўна ён мацае. Пад пахамі!» - здзівілася жанчына.

Галава Фёдара Дзянісавіча працавала не горш за камп'ютэр: «Сама яна не аддасць. А то даўно б ужо сказала. Яна проста хоча задаволіць свае інстынкты. Але дзе ж паперка?»

Марына Канстанцінаўна схапілася за галаву:

- Прабачце, мне неяк млосна! Не хапае паветра! Расшпіліце мне замок! - і яна вокамгненна павярнулася да Фёдара Дзянісавіча спінай. Дрыготкімі рукамі ён расшпіліў замок на сукенцы і таропка прапанаваў: «Збегаю, валідол прынясу!» - і, пакуль яна не паспела запярэчыць, ірвануў у залу.

У зале ён хуценька адшукаў яе месца (як ганаровыя госці Галавачовы сядзелі каля бацькоў маладых), з трыумфам схапіў яе сумку, адчыніў і толькі запусціў руку, як пачуў нізкі недаўменны голас Галавачова:

- Фёдар Дзянісавіч?

Злодзея-небараку ажно кінула ў пот. На ватных нагах ён павярнуўся і заклапочана прамармытаў:

- Там Марыне Канстанцінаўне дрэнна стала. Яна спачатку нагу падвярнула, а потым задыхацца пачала.

- Нагу падвярнула? - разрагатаўся Галавачоў. - Задыхалася? А расшпіліць замок не прасіла?

Сумка выпала з рук Фёдара Дзянісавіча. І толькі тут ён заўважыў, што за Галавачовым стаіць Інга. Рука Галавачова павольна спусцілася з яе таліі. Сама Інга загадкава паглядзела на Фёдара Дзянісавіча, а ў яго толькі і хапіла моцы, каб падумаць: «Садом і Гамора! Распуснікі!»

Ён паклаў сумку на месца, паперкі там не было. «Яна сказала, што нешта дрэннае зрабіла. Што яна мела на ўвазе?» - губляўся ў здагадках Фёдар Дзянісавіч.

 

15

 

Аператар Ваня павольна падышоў да Марыны Канстанцінаўны. Ён уключыў камеру і гучна спытаў:

- Можа, вы хочаце яшчэ нешта пажадаць маладым?

Яна зрабіла яму знак, каб ён выключыў камеру, і папрасіла:

- Дайце хвілінку падумаць!

Яна паправіла прычоску, усміхнулася і ўзяла чужы бакал з шампанскім, які стаяў на століку каля крэсла.

- Вера і Кірыл! Гэта вялікая ўдача, што вы здолелі адшукаць адзін аднаго ў гэтым мітуслівым натоўпе. Хай ваша шчасце расце з кожным днём, хай ваша каханне мацнее з кожным пацалункам!

Марына Канстанцінаўна шчыра гаварыла ў камеру, а Ваня адчуў, як яе нага дакранаецца да яго, ідзе ўверх і нарэшце дасягае таго месца, дзе сшываюцца чатыры часткі джынсаў. Ваня сціснуў свае ногі, каб не пусціць далей (хоць куды ўжо далей!), а Марына Канстанцінаўна асцярожна выняла нагу, пакінуўшы туфлік на высокім абцасе між ног абамлелага аператара. Так яму і прыйшлося стаяць, звёўшы ногі, бо інакш бы туфлік выпаў і на відэакасеце гэта было б чутно.

Марына Канстанцінаўна з мацярынскай слязой працягвала:

- Будзьце цярплівымі адно да аднаго. Памятайце, муж і жонка не проста каханкі, яны найперш сябры! Горка! - узмахнула яна чужым бакалам.

Яна нахілілася, каб забраць свой чаравік, і Ваня заўважыў, што ў яе сукенка расшпілена. Яна надзела туфлік і падняла галаву. Яны паразумеліся з першага позірку, і Ваня кіўнуў галавой на дзверы з надпісам «Службовы ўваход»...

Фёдар Дзянісавіч стаяў на лесвіцы і бачыў, як хлопец паказаў на дзверы і як нязмушанай хадой Марына Канстанцінаўна прадэфілявала да «Службовага ўвахода». «Ахвотна веру, што ў яе ёсць уласны псіхатэрапеўт. Дзіўлюся, што няма ўласнага венеролага!» - падумаў Фёдар Дзянісавіч, апускаючыся на прыступкі. Ён прыціснуў гарачы лоб да халодных парэнчаў.

Бакавым зрокам Фёдар Дзянісавіч заўважыў, як з прыбіральні выходзіла Інга, нешта хаваючы ў бюстгальтар. Інстынкт паляўнічага прымусіў мабілізаваць усю энергію. Такім чынам, энергія яшчэ была, а далікатнасці ўжо не хапала.

- Інга, што ў цябе там? - амаль выкрыкнуў Фёдар Дзянісавіч.

- Федзя! Нешта здарылася? - ёй відавочна хацелася перавесці размову на іншую тэму. Але Фёдар Дзянісавіч ужо схапіў яе за рукі і быў гатовы забіць за любое прамаруджванне.

- Фёдар! Адпусці! Я ўсё растлумачу! - ціха папрасіла Інга. А калі ён адпусціў, яна з усіх ног кінулася ў залу да гасцей.

- Ку-ды, ссссс... - недагаварыў Фёдар Дзянісавіч, кінуўся за ёй, але паслізнуўся і ўпаў на мармуровую падлогу. Ён бяссільна ўдарыў кулакамі па падлозе і ўзвыў ад болю:

- А-а-а-а! Сцервы!!! Не магу больш!

Вікторыя Іванаўна схапіла мужа за рукі і прысела побач:

- Фёдар! Федзечка! Ды што ж гэта такое! Федзя!

Фёдар Дзянісавіч амаль плакаў:

- Паперку маю Інга ўзяла!

- Ну што ты такое вярзеш! Навошта ёй? Фё-о-одар! - Вікторыя, абураная за сястру, трэсла мужа за плечы.

 

16

 

Цётка Наташа ціхенька сабрала вакол сябе невялікую купку гасцей і пачала падбухторваць:

- Ну што гэта за вяселле без выкрадання маладой, без выкупу?! Верку за шкірку - і хаваем куды-небудзь. Вось толькі куды?

Веранічка прапанавала вывесці маладую на двор. Жэнька - у гардэроб, Кацька - на кухню. І калі госці, не дамовіўшыся, заціхлі пасля доўгай спрэчкі, з-за відэакамеры высунуў галаву аператар Ваня і прапанаваў памяшканне з таблічкай на дзвярах: «Службовы ўваход». І пакуль Кірыл танчыў з сябрамі нешта джыгіцкае, Жэнька схапіў Веру за талію і выцягнуў з кола танцораў. Кола крыху звузілася, ды ніхто не заўважыў знікнення маладой. Кірыл скакаў, паклаўшы руку на плячо Мішкі Мігно. Мішка выкрыкваў «ас-са, ас-са» і выпісваў нагамі несусветныя фігуры. Кірыл намагаўся не адставаць ад сябра. Падгавораныя цёткай Наташай госці заахвочвальна ляпалі ў далоні. Раптам Міша заўважыў, як каля ўвахода ў залу мільганула нешта ярка-белае, ён не ўпершыню быў на вяселлі, і таму адразу здагадаўся, што да чаго.

- Трыма-ай! Кіра-а-а! Нявесту скралі!!! - не кантраляваў сябе Мішка.

Хлопцы выбеглі з кола і праз секунду імчалі па калідоры, у канцы якога свяцілася вясельная сукенка. Але дзяўчына на высокіх абцасах не магла ды і не хацела бегчы так хутка, як два раз'юшаныя хлопцы, якія падганялі сябе індзейскімі воклічамі. Міша выхапіў Веру з Жэнькавых рук, нібы гэта была не дзяўчына, а лялька. Кірыл жа ўтаропіўся на Жэньку і злосна запытаўся ў Веры:

- А ён тут што робіць?

- Мяне крадзе! - засмяялася Вера і абняла Жэньку за шыю. - Кірыл, памятаеш, я табе фотку паказвала. Гэта ж мой стрыечны брат, Жэнька!

- Стрыечны брат? Гэта зараз так называецца? - пырскаў слінай Кірыл. Мішка на ўсялякі выпадак трымаў яго за руку. Кірыл намагаўся нешта спытаць, але саромеўся і Мішкі, і самога Жэнькі. Пытанне, якое яго так даўно хвалявала, трэба было вырашыць раней, а не ўсчынаць сварку на вяселлі. Яму хацелася, каб зараз усе разышліся, нібы нічога не было, але ўсе стаялі і чакалі, што ён скажа. А што гаварыць? Што нельга прыцягваць на сваё вяселле былога хлопца?

Маўчанне зацягнулася, Мішка супакоіўся і адпусціў руку Кірыла. Да іх падышла Веранічка:

- Прывітанне, народ! Хоць мы ўжо віталіся! Нешта здарылася? - яна адчула нацягнутасць і прыхаваную буру эмоцый. Яна бачыла, што Кірыл невядома за што вызверыўся на Жэньку. - Хлопцы, трэба быць прасцей! - засмяялася Веранічка і ўшчыкнула Кірыла за ягадзіцу. Кірыл здзіўлена павярнуўся да яе, яна ж цмокнула языком і казытнула Кірыла за чэлес. «Ну, блін! І Веркі не саромеецца!» - падумаў Кірыл і паглядзеў на жонку. Але Вера так прызвычаілася да выбрыкаў сваёй сяброўкі, што не звярнула ўвагі і зараз. А Веранічка ўжо падышла да Жэнькі, абхапіла шчодра нафарбаванымі вуснамі ягоныя вусны. Калі яна нарэшце ад яго адляпілася, то ўсе заўважылі, што Жэнькаў твар ад носа да падбароддзя запэцкаўся памадай.

- Які ты, Жэнька, парсючок! Пойдзем, зліжу з цябе памаду, брудненькі ты мой! - Веранічка абхапіла Жэньку за талію, і яны пакінулі анямелых маладых.

У іншай сітуацыі Вера запытала б, што гэта Веранічка збіраецца рабіць з яе братам, але беспадстаўная рэўнасць Кірыла прымушала стрымлівацца.

- У цябе не сяброўка, а секс-бомба! - пакрыўджана сказаў Мішка. - Толькі чаму яна мяне не заўважае? Жанатага - памацала, брата твайго даўганогага-даўгарогага - пацалавала, а мяне, прыгажуна халастога, абмінула! Ну не курва, га?

Кірылу ад гэтых слоў стала непрыемна: даўганогі-даўгарогі не Жэнька, а ён сам, Кірыл. Трэба было прыцягнуць сваіх «стрыечных сясцёр», каб не выглядаць так па-дурному. Хопіць нервавацца, усё можна будзе высветліць потым! - падумаў Кірыл, а ўголас сказаў:

- Пойдзем да гасцей! І ўвогуле, давай дамовімся не псаваць сённяшняга свята!

- Канешне, я і не збіралася нічога псаваць! - пакрыўджана адказала Вера.

 

17

 

Галавачоў танчыў з Інгай. Яна разумела, што такія мужчыны сваіх жонак не кідаюць, але не магла адмовіцца ад гэтага шчаслівага імгнення. Вечарам яна будзе сядзець у любімым крэсле, без касметыкі, з толькі што памытымі валасамі. Такая самотная і няшчасная. І дзеля вось гэтага танца, дзеля таго, што яшчэ магло між імі адбыцца, яна была гатовая выціснуць з сябе апошнія кроплі абаяльнасці, грацыёзнасці, жаночай вабнасці.

Узрост не мог сапсаваць прыгажосці гэтага мужчыны. Упэўнены, стрыманы, з тонкім пачуццём гумару - такія заўсёды падабаюцца жанчынам. Дай яму ў рукі меч ці калькулятар - ён застанецца Мужчынам.

Галавачоў не заўважаў пакут сумлення сваёй партнёркі. Раптам ён злавіў яе позірк, змоўк і мацней прыціснуў да сябе, нібы гаворачы: «Не бойся! Я абараню цябе!» Ці не зашмат для людзей, якія бачыліся першы раз?

Марына Канстанцінаўна крыху паназірала за мужам і, узяўшы сумачку, рашуча выйшла з залы. Яна спусцілася на першы паверх, паазіралася, стала каля люстэрка і дастала з футарала сотавы тэлэфон. З гэтага ж футарала выпала паперка, складзеная ў восем столак. Марына Канстанцінаўна разгарнула паперку, доўга глядзела ў яе, потым зірнула на сваё адлюстраванне, прашаптала: «Ён сам вінаваты!» - і набрала нумар:

- Алё! Макс? Гэта я!.. Нам трэба сустрэцца!.. Шмат работы? Макс! Гэта будзе бомба! І гэтую інфармацыю я аддаю тваёй газеце, ты разумееш. У рэшце рэшт ты зможаш сказаць сабе, што недарма спаў са мной... Не перапыняй. Я ведаю, ты шкадуеш. Толькі ёсць адна праблема... О-о, ты здагадлівы. Сустрэнемся заўтра ў дванаццаць на нашым месцы.

 

18

 

Цётка Наташа вельмі засмуцілася, што выкрадання маладой не адбылося. Але можна было яшчэ сцягнуць туфлік з нагі маладой. І цётка Наташа жвава накіравалася да Веранічкі, каб дамовіцца пра новую спробу вясельнага злачынства. Самой цётцы Наташы да Веры нельга было падыходзіць: у Кірыла была на цётку «алергія». Як толькі ён бачыў недзе паблізу яе ярка-ружовы пінжак, рэфлексійна мацаў, ці побач жонка. А вось Веранічка магла хадзіць, дзе захоча. Яна прашаптала ўсё Веры на вуха і хацела хуценька зняць туфлік. Але той маленькім раменьчыкам прымацоўваўся да шчыкалаткі. І замочак не паддаваўся. Веранічка прысела, каб было зручней расшпіліць. Раптам падышоў Кірыл і спакойным тонам запытаўся:

- Дапамагчы?

Веранічка, не паднімаючы галавы, адказала:

- Ага, тут нешта не атрымоўваецца. Ой, Кірыл!.. Э-э-э, прабач... Я тут...

Кірыл нічога не сказаў, толькі прыязна ўсміхнуўся і адвёў жонку ад сяброўкі. Кампанія выкрадальнікаў зразумела, што маладая ахоўваецца надзейна. Але «генератар ідэй», цётка Наташа, знайшла выйсце і тут. Яна прапанавала падаслаць свайго ўнука Алежку. Ён залез бы пад сукенку і зняў чаравік, ніхто б не заўважыў, што там хтосьці сядзіць.

Малы Алежка з радасцю залез пад сукенку маладой. А цётка Наташа займала ўвагу Кірыла. Хлопец нешта западозрыў і азірнуўся, ці няма паблізу выкрадальнікаў. Раптам Вера пачырванела і даволі гучна запытала:

- Цётка Наташа, колькі год вашаму ўнуку?

- Шэсць! - з гонарам адказала шчаслівая бабуля.

- Шэсць?! - закрычала Вера. - Забярыце гэтага маленькага маньяка.

- Сапраўды, а я думаю, што ён там так доўга сядзіць? - Цётка Наташа выцягнула хлопчыка з-пад сукенкі.

Кірыл проста разрагатаўся, назіраючы за гэтай сітуацыяй. Вера стаяла ўся чырвоная і механічна папраўляла прычоску. У кутку залы цётка Наташа сварылася на свайго любімага ўнука. Да маладых падбег Фёдар Дзянісавіч і пацікавіўся пра здарэнне. Кірыл усё вельмі смешна пераказаў, і Фёдар Дзянісавіч слухаў з усмешкай і ўжо збіраўся разрагатацца ад душы, як за спінамі маладых узнікла Веранічка і падміргнула Фёдару Дзянісавічу. Яму адразу расхацелася смяяцца. Ён успомніў пра Ваню і здарэнне ў суседняй зале, адразу прыдумаў нейкія справы і пакінуў маладых. Кірыл з недаверам паглядзеў на таропкую хаду свайго цесця, але, убачыўшы Веранічку, зразумеў, хто Фёдара Дзянісавіча справакаваў.

Ад няўдалых выкраданняў стаміліся ўсе: і «злачынцы», і назіральнікі, і сама нявеста. Кірыл прашаптаў Веры за сталом:

- Што занадта, то не добра! Хопіць выкраданняў. Гэта ўжо не смешна. Ты са мной згодная, любая?

Вера кіўнула галавой, але пакуль Кірыл дзякаваў гасцям за чарговае пажаданне, высунула з-пад сукенкі нагу і расшпіліла замочак. Калі ўсе зноў выйшлі з-за сталоў, Вера папрасіла Кірыла суправаджаць яе на першы паверх. Кірыл на секунду задумаўся і незадаволена запытаў:

- Гэта абавязкова?

Вера здзіўлена паглядзела на мужа, абедзвюма рукамі адтапырыла яму вушы і ўсміхнулася:

- Я магу пайсці адна, калі ты мне давяраеш.

Каб пазбегнуць розных правакацый, Кірыл зрабіў знак Мішку, і той прывязаўся да іх як хвосцік.

Цётка Наташа стаяла з мужам на першым паверсе. Дзядзька Жора кахаў сваю жонку гэтак жа моцна, як і ў першы год сумеснага жыцця. У яе тады яшчэ не было такіх неабдымных грудзей, яна была мініяцюрнай і безабароннай. Дзядзька Жора паклаў руку жонцы на плячо і запытаў:

- Наташа, а ты памятаеш, як жаніліся мы?

Твар цёткі Наташы пасвятлеў і памаладзеў, яна паправіла завушніцу і какетліва зірнула на мужа:

- Ты быў такі смешны, з доўгай шыяй. І страшэнна баяўся першай ночы.

- Хто? Я? - жартоўна абурыўся дзядзька Жора. - Галоўнае, што ў мяне ўсё атрымалася, нягледзячы на тое, што пад дзвярыма сядзела твая мама і прыслухоўвалася.

У гэты момант міма пажылай парачкі прайшла тройца: Кірыл, Вера і Мішка. Яны крыху пастаялі, Вера ў гэты час асцярожна выняла нагу з туфліка і пакінула яго. Цётка Наташа і дзядзька Жора былі так захоплены сваімі ўспамінамі і пачуццямі, што не заўважылі паваленага набок белага туфліка. А вось інтуіцыя прымусіла Мішку азірнуцца, з дзікім крыкам хлопец кінуўся да туфліка і, вядома ж, паспеў першым. Кірыл з дакорам паглядзеў на Веру, яна вінавата ўсміхалася. Мішка з трыумфам прынёс туфлік і пяшчотна сказаў:

- Яшчэ што-небудзь падобнае зробіш - шыю зламаю.

І Вера ўжо не супраціўлялася, калі ён задраў сукенку і пачаў насоўваць туфлік. Але Кірыл спыніў яго, узяў за абцас ненавісную рэч і пайшоў да цёткі Наташы.

- Бярыце і рабіце, што трэба. Інакш гэта ніколі не скончыцца, - ветліва сказаў Кірыл. - А мяне гэта ўжо за-дзяў-бло!!! - дадаў ён крыкам.

Ён падхапіў Веру і панёс у рэстаранную залу, за імі дробным крокам бегла цётка Наташа. У зале яна напоўніла чарку Кірыла, паставіла яе ў Верын туфлік і працягнула Кірылу. Ён выняў чарку, а цётка Наташа з віскам спыніла яго:

- Трэба з чаравіка.

- Я ведаю, што раблю, - Кірыл падняў на цётку цяжкі позірк. Цётка замоўкла на паўслове, а Кірыл выліў змесціва чаркі ў чаравік. Усе ахнулі. А Вера адразу ўявіла, як яна будзе хадзіць у мокрым абутку.

Кірыл абвёў позіркам усіх прысутных і сказаў выразна, амаль па складах:

- Гэта мая жонка. І я буду піць з яе туфліка.

І выпіў.

 

19

 

Ігар Леанідавіч, намеснік Фёдара Дзянісавіча, стаяў на першым паверсе. Ён відавочна нерваваўся. Раз-пораз ён даставаў сотавы і глядзеў на яго з надзеяй. Ён мераў крокамі падлогу, лічыў пліткі, з падазрэннем азіраўся на людзей.

Нарэшце ён не вытрымаў, сеў у крэсла і ўзяў са століка рэкламныя праспекты. Да яго падсела дзяўчына:

- Вы некага чакаеце?

Ігар Леанідавіч падскочыў ад нечаканасці, рэкламкі выпалі ў яго з рук, і ён з нянавісцю паглядзеў на дзяўчыну. Тая скрывілася і, ганарліва перасмыкнуўшы вуснамі, пайшла знаёміцца з іншымі. Ігар Леанідавіч абхапіў твар рукамі і ўткнуўся ў калені. Калі ён падняў галаву, перад ім стаяла Каця.

- Ты з мяне параноіка зробіш! - жаласна прамовіў Ігар Леанідавіч.

- Я? А можа, тая прастытутка, што да цябе лезла? - пажартавала Каця і села побач.

- Прастытутка? Ды не? - Ігар Леанідавіч пашукаў вачыма тую дзеўку. - А ты што, тут сядзець збіраешся? А калі бацька твой убачыць? Фёдар Дзянісавіч мяне заб'е!

- Ігар, я не веру, што табе няма чаго яму адказаць! - безапеляцыйна адказала Каця і пасунулася, каб яго пацалаваць.

- О-о-о, толькі не тут!!! Хто-небудзь убачыць! - спыніў яе Ігар.

- Ах, так? - раззлавалася дзяўчына, схапіла Ігара за руку і пацягнула яго ў дальні кут, адкуль нават лесвіцы не было відаць.

- Стой! Ты вар'ятка! - выдыхнуў Ігар. - Мне ўсё гэта непрыемна з-за таго, што ты дачка майго шэфа. Ты патэлефанавала мне ў пачатку вечара і прызначыла спатканне на 21.00. І званіла менавіта ў той момант, калі твой бацька накіроўваўся да мяне. Я ўвесь вечар ад яго, як заяц, бегаю. Жах!

- Добра, што ён яшчэ не ведае, што я з яго сотавага званіла. Я сама ўзяць тэлефон пабаялася, я маму папрасіла. І прабач, я занадта позна ўбачыла, што бацька якраз ідзе да цябе. Але я падаслала да яго Вераніку. Яна яго нават у суседнюю залу заманіла. Уяўляеш, ён туды прыйшоў, а яна з аператарам нібыта сексам займаюцца. Во смех! - Каця па-дзіцячы разрагаталася.

Ігар глядзеў, як яна смяецца, і ўсё, акрамя яе, проста сцёрлася з ягонай памяці! Існавала толькі дзяўчына, якая смяецца. Яна заўважыла дзіўны выраз яго твару і паторгала яго за рукаў:

- Ігар, што? Што такое?

- Я цябе кахаю! - прашаптаў ён.

Яна нічога не адказала, а толькі падышла і пачала цалаваць яго. Спачатку павольна і пяшчотна, а потым усё агрэсіўней і мацней.

- Гэй, што вы тут робіце? - матэрыялізаваўся з паветра Фёдар Дзянісавіч. Ігар і Каця спыніліся і павольна павярнулі галовы ў яго бок. Ад такога палкага пацалунку паміж іх вуснамі працягнулася нітачка сліны, яна лопнула каля Каці і апала на Ігараў твар. Каця ўсміхнулася бацьку і злізнула з Ігара сліну. Бацька ўскіпеў:

- Каця, ідзі да мамы! Нам трэба з Ігарам Леанідавічам па-мужчынску пагаварыць.

Каця моўчкі пайшла, за спінай бацькі яна павярнулася і зрабіла непрыстойны жэст. Ігар заўважыў і ледзь не рассмяяўся.

- Што ж ты, паскуднік, робіш? - перарывістым голасам спытаў Фёдар Дзянісавіч. - Ёй толькі 18 год. А табе, кабялю, хутка 29!

- У мяне ў дачыненні да вашай дачкі сур'ёзныя намеры, - цвёрда адказаў Ігар Леанідавіч.

- Толькі што прыдумаў? - іранічна запытаў Фёдар Дзянісавіч.

- Так, - шчыра прызнаўся Ігар. - Я яе кахаю.

- Кахай каго-небудзь іншага! З сённяшняга дня мы ўжо толькі калегі, не сябры, - раз'юшыўся Фёдар Дзянісавіч, павярнуўся і пайшоў.

- У адрозненне ад Галавачова! - крыкнуў яму ўслед Ігар.

Фёдар Дзянісавіч спыніўся, секунду пастаяў спінай да Ігара, і, калі павярнуўся, на яго твары свяцілася найпрыемнейшая ўсмешка:

- Дык гэта ты, Ігар Леанідавіч? - спытаў пра згубленую паперку Фёдар Дзянісавіч.

- Гэта, - паказаў на сябе рукамі Ігар, - я! А што, ёсць сумненні?

- Ты ведаеш, пра што я! - ледзь трываў Фёдар Дзянісавіч. Яго проста запаўняла нястрымнае жаданне максімальна зблізіць твар Ігара і мармуровую сцяну.

- Я не разумею, пра што вы кажаце. Але вашых слоў дастаткова, каб я ў агульных рысах пра ўсё здагадаўся. Кінуць нас хочаце, як апошніх... - не дагаварыў Ігар.

- Ігар, Ігар, як ты можаш такое нават падумаць! - даволі натуральна абурыўся Фёдар Дзянісавіч.

- У мяне толькі адна просьба! Калі будзеце гаварыць з Галавачовым, не забывайце пра свайго будучага зяця! - цвёрда прамовіў Ігар яму ўслед.

Маленькі Алежка пацягнуў Ігара за штаніну:

- Ты самалёцікі рабіць умееш? А то мае дрэнна лятаюць.

Ігар усміхнуўся хлопчыку, і малы выцягнуў з кішэні безліч матэрыялу: папяровыя сурвэткі, аркуш з віншаваннем цёткі Наташы і нават візітоўку Фёдара Дзянісавіча...

 

20

 

Інга Іванаўна і Галавачоў сядзелі ў суседняй зале. Уключаная люстра давала цьмянае святло. Яны дакрануліся каленямі, ён узяў яе руку, калі іх інтымную адасобленасць парушыў Фёдар Дзянісавіч. Інга ўздрыгнула, ускочыла, падбегла да Фёдара Дзянісавіча і адвяла яго ўбок:

- Федзя! Толькі зараз не ўсчынай вэрхал. Прабач, што я ад цябе збегла там, ля прыбіральні, - Інга азірнулася на Галавачова, які ў гэты ж момант адвёў зацікаўлены позірк. - Федзя, у мяне алергія на ўсялякія антыперспіранты, ты ж ведаеш. Я проста пот сурвэткай выцірала, - мітусліва спавядалася Інга.

- Інга! Я не да цябе! А да твайго кавалера! - Фёдар Дзянісавіч амаль што адпіхнуў жанчыну. Галавачоў падняўся і падышоў да іх.

- Я больш не магу, - лапатаў Фёдар Дзянісавіч. - Гэта проста навала нейкая. Маю паперку... тую, з якой я да вас падыходзіў... яе сцягнулі... у самым пачатку! І я ўвесь вечар ганяюся за нейкім фантомам, чапляюся да ні ў чым не вінаватых людзей. Я вар'яцею. А зараз у мяне і акуляры зніклі. Я так рыхтаваўся да вяселля, знаёмаму паэту верш замовіў - і нехта сцягнуў акуляры. Я зараз як з жыцця выкрэслены, ні чытаць, ні пісаць не змагу. Гэта зрабіла тая ж самая асоба, што скрала паперку, я ўпэўнены.

- Пачакайце! - спыніў яго Галавачоў. - Знікла паперка і акуляры? У мяне ёсць ідэя.

Фёдар Дзянісавіч паглядзеў на яго з надзеяй. На твары Галавачова не адбілася ніводная эмоцыя, і толькі было відаць, як ён зрэдку сціскае сківіцы. Фёдар Дзянісавіч у чаканні памацаў позіркам вуглы і завуголлі.

- Ёсць ідэя, - паўтарыў Галавачоў. - Але вы пачакайце мяне тут. Я зараз буду.

Ён выйшаў з залы і на калідоры, дзе яго ніхто не бачыў, моцна заплюшчыў вочы. Калі ён адкрыў іх, гэта быў іншы чалавек, чалавек-камень. З выпрацаванай усмешкай ён прайшоў скрозь натоўп вясёлых гасцей да сваёй жонкі.

Марына Канстанцінаўна з іроніяй запытала:

- Сумуеш без мяне?

- А ты? - ён шматзначна паглядзеў ёй у вочы. - Марына, дай мне твой сотавы, я свой перазарадзіць забыў, - схлусіў Галавачоў.

- І ўсё? Толькі з-за сотавага? - яна нібы знайшла пацверджанне нейкім сваім патаемным думкам. - Бяры! - з болем сказала яна.

Галавачоў узяў сотавы, уважліва паглядзеў на жонку і націснуў кнопку паўторнага выкліку. Марына Канстанцінаўна кінулася, каб выхапіць сотавы. Муж глянуў на нумар і сам аддаў жонцы тэлефон. Яна хутка націснула любую кнопку, каб збіць нумар, хоць гэта ўжо нічога не змяніла б.

- Зноў сустракаешся са сваім папарацы? - стрымана спытаў ён. - Мне здавалася, што вы пасварыліся? Ці зараз у яго да цябе прафесійная цікавасць?

- Не твой клопат! - з выклікам прамовіла жанчына.

- Усё, што датычыць майго банка, - мой клопат! Хочаш пра гэта пагаварыць? - з езуіцкай клапатлівасцю запытаў Галавачоў і вывеў жонку з залы ў калідор.

- Я цябе ненавіджу! - плакала Марына Канстанцінаўна. - Я толькі падумаю, а ты ўжо ведаеш. Я ў цябе як на далоні! Ты не лічыш мяне за чалавека! Божа мой, я не ведаю, за што я цябе кахаю! - яна прыціснулася тварам да халоднай сцяны.

Галавачоў выглядаў як доктар, які спакойна назірае за пакутамі пацыента.

- Аддай паперу! - ён працягнуў руку.

- Якую паперу? - спужана павярнулася Марына Канстанцінаўна. - Я нічога не брала! Я папярэдзіла Макса, што ў мяне пакуль няма доказаў. А яму і не патрэбны твае паперкі. Макс даў бы намёк, падняў хвалю, вы не звярталіся б у суд. Я ведаю. Макс верыць мне! - шчыра выгукнула Марына Канстанцінаўна.

- Не сумняваюся, - скрывіў вусны яе муж. - Ты калі-небудзь думала, што такая здрада страшнейшая за фізічную? - спытаў ён, гледзячы ёй у вочы.

- А ты калі-небудзь думаў, што гэта ты ва ўсім вінаваты? - плачучы, адказала яна.

 

21

 

Галавачоў прынёс дзве бутэлькі гарэлкі і тры чаркі ў суседнюю залу, дзе яго чакалі Фёдар Дзянісавіч і Інга Іванаўна.

- Яна сказала, што гэта я ва ўсім вінаваты! - прашаптаў Галавачоў, наліваючы сабе першую чарку.

- Хто «яна»? Ваша жонка? - спытала Інга Іванаўна, але Галавачоў не звярнуў на яе пытанне ніякай увагі.

- Няўжо я вінаваты? - ён паглядзеў на Фёдара Дзянісавіча і наліў яшчэ па адной чарцы ўсім. - А можа, я і вінаваты, - ён выпіў чарку. - Я калісьці прапанаваў свабодныя адносіны: яе не цікавяць мае каханкі, мяне - яе палюбоўнікі. Яна ж згадзілася. Што я не так зрабіў? Наша жыццё было пазбаўлена непатрэбных скандалаў. Усё шчыра і адкрыта. А зараз яна збіраецца здаць мяне свайму сябру-журналісту. Ну, хай не мяне персанальна. Я ва ўсім гэтым не першая скрыпка. Але адчуванне паскуднае. Так падставіць роднага мужа! - шчыра абураўся Галавачоў, інтэлігентна куляючы наступную чарку.

- Але ты сапраўды вінаваты! - Інгу Іванаўну ахапіла нястрымнае жаданне абараніць няшчасную жанчыну. - Ты сам падштурхнуў яе да розных інтрыжак і здрадаў. А ты спытаў, ці хацела гэтага яна? Не падумай, я не абараняю яе, я проста кажу, што яе можна зразумець.

І пакуль яны гаварылі, Фёдар Дзянісавіч піў, не звяртаючы на іх увагі. І калі Інга сказала, што Марыну Канстанцінаўну можна зразумець, ён шморгнуў носам і загаварыў:

- Не слухайце нікога. Яна вас нявартая!!! Я ўпершыню сустракаю такога чалавека, як вы. Чалавека з вялікай літары!

- Узаемна, Фёдар Дзянісавіч! На брудэршафт? - Галавачоў выцягнуў руку з чаркай.

- На брудэршафт! - падскочыў да яго зусім ужо п'яны Фёдар Дзянісавіч.

Яны пацалаваліся, абняліся, зацягнулі нейкую песню з часоў іх камсамольскай маладосці. Потым спявалі адзін аднаму дыфірамбы і млелі ад гэтай няшчырай пахвальбы, як малыя дзеці. Інга Іванаўна не ведала, што рабіць: ці пакінуць іх сам-насам, ці яшчэ застацца. Раптам у залу зазірнула Вікторыя Іванаўна:

- О, Фёдар! А я цябе ўсюды шукала. Госці цікавяцца, а дзе бацька нявесты. Божа мой, у якім ты стане! І ўсё з-за нейкай паперкі. Фёдар! Мне здаецца, што ўсё вырашыцца проста і лёгка. Так што больш не пі, га? - угаворвала мужа Вікторыя Іванаўна.

- А ты вядзі Галавачова! - загадала яна сястры.

- А можа, лепш жонку яго паклікаць? - няўпэўнена запытала Інга.

- Марына Канстанцінаўна развіталася, узяла таксі і паехала дадому. Так што давай цягні! - рассмяялася Вікторыя Іванаўна.

Фёдара Дзянісавіча пасадзілі на ягонае месца за сталом. Маладая збіралася кідаць букет. Інга Іванаўна спачатку завяла Галавачова ў залу, але вырашыла, што лепш яго пасадзіць у таксі, пакуль ён яшчэ памятае свой адрас. Незамужнія дзяўчаты прыгатаваліся лавіць букет. Каця стала апошняй і крыкнула сястры:

- Кідай далей!

Маладая павярнулася спінай, размахнулася і шпурнула кветкі. Букет куляўся ў паветры, абмінаючы мноства рук. Каця падскочыла, як баскетбалістка, каб злавіць букет, але ён выслізнуў з яе рук і павіс на залакіраванай галаве Інгі Іванаўны, зачапіўшыся моцнай зялёнай сцяблінкай. Галавачоў кінуўся выблытваць букет, але зрабіў яшчэ горш. Інга Іванаўна сама адчапіла букет і сунула яго ў рукі Галавачову. Яна так і пасадзіла яго ў таксі з гэтым букетам. «Жонцы падорыце», - хацела пажартаваць Інга Іванаўна, але стрымалася.

 

22

 

Каці было крыху крыўдна, што яна не злавіла букета, але ў рэшце рэшт яго не атрымаў ніхто, і гэта радавала. Заставалася яшчэ адна справа. Каця адшукала Вераніку, тая размаўляла з Жэнькам.

- Веранічка, дай мне свае трусікі! - папрасіла Каця.

Жэнька здзіўлена падняў бровы, а Вераніка спытала:

- Якія трусікі?

- Твае! Твае! Ну не прыкідвайся! Ты ж заўсёды носіш у сумцы маленькія, амаль лялечныя трусікі, яны ні на якую нармальную жанчыну не налезуць. Ты ж іх хлопцу ў кішэню кладзеш - і ён твой. Ну, дай мне!

Вераніка стаяла з каменным тварам. А Жэнька разрагатаўся, выцягнуў з кішэні бялюткае павуцінне і працягнуў Каці. Дзяўчына ўсё зразумела, ёй было крыху сорамна, што яна так падставіла сяброўку сястры, але трусікі ўзяла.

На вуліцы стаяў Ігар Леанідавіч у чаканні таксі. Каця выбегла з будынка і кінулася ў ягоныя абдымкі. Яны стаялі каля вулічнага ліхтара, і Ігар добра бачыў, што Каця паклала яму ў кішэню. Яна ўсміхнулася і паабяцала:

- Я прыеду да цябе сёння! Чакай!

У таксі ён цішком дастаў бялюткае павуцінне, насычанае тонкім водарам распусты. Ігар прыціснуў бязважкую рэч да твару, удыхнуў, як яму падалося, Кацін пах і расцягнуў вусны ў шматзначнай усмешцы.

 

23

 

Фёдар Дзянісавіч самастойна падаўся ў прыбіральню. На ўсялякі выпадак ён ішоў каля сценкі, раз-пораз дакранаючыся да яе рукой. Дзверы жаночай і мужчынскай прыбіральняў былі адчыненыя, і Фёдар Дзянісавіч зайшоў у тую, што бліжэй. Ён зачыніўся ў кабінцы, дачакаўся раўнавагі і расшпіліў штаны. Занятак быў прывычны, і Фёдар Дзянісавіч тупа глядзеў у падлогу. Каля сметніцы ляжаў кавалачак ЯГО паперкі. Фёдар Дзянісавіч так і застыў з занятымі рукамі. Праз пэўны час ён ачомаўся, прыродная гідлівасць не дазволіла яму калупацца ў сметніцы, але шчасце ад таго, што паперка не трапіла ў чужыя рукі, захлынула яго. Ён, радасны, выскачыў з прыбіральні і ледзь не паваліў цётку Наташу.

- І-і-і-к, Фёдар Дзянісавіч! - ікнула яна ўслед суседу. Яна секунду пастаяла, потым на дыбачках выйшла з прыбіральні і ўважліва паглядзела на намаляваную на дзвярах жаночую фігуру.

А Фёдар Дзянісавіч хутчэй пабег шукаць жонку, хмель як рукой зняло, і ён быў у стане больш-менш нармальна перасоўвацца.

- Віка! Ты ж казала, што ўсё вырашыцца вельмі проста! Так і ёсць! - толькі што не падскокваў ад прыемных перажыванняў Фёдар Дзянісавіч. - А што можа быць прасцей? Паперкай проста нехта падцёрся!!! - трыумфаваў Фёдар Дзянісавіч.

Вікторыя Іванаўна доўга глядзела на мужа, потым штурхнула яго ў крэсла і села побач:

- Нешта я не разумею, Фёдар! Ты казаў, што паперка вельмі важная, а зараз радуешся, што ёю нехта падцёрся?

Фёдар Дзянісавіч у знак згоды міргнуў вачыма, спачатку левым, потым правым.

- Фёдар! Я чакаю тлумачэнняў! - пакуль яшчэ спакойна запатрабавала Вікторыя Іванаўна. - З-за гэтай паперкі цябе, можна сказаць, не было на вяселлі дачкі. Калі б не бацькі Кірыла, я не ведаю, што рабіла б. Такім чынам, я слухаю!

- Банк надаваў крэдытаў са стопрацэнтнай рызыкай. Ну, разумееш, ты ім пяць штук баксаў на лапу, яны табе ў крэдыт сто штук баксаў. Але ты не хвалюйся, Галавачоў тут ні пры чым. - Фёдар Дзянісавіч няўдала паспрабаваў супакоіць жонку.

- Пляваць мне на Галавачова, якое дачыненне да гэтага маеш ты? - не вытрымала перапужаная жонка.

- Ніякага! - усміхнуўся ў два рады зубоў муж. - Вічка! Я спаць хачу.

- Фёдар! - Вікторыя схапіла мужа за гальштук. - Я цябе ўважліва слухаю!

- Ох, Віка, дзіцяці зразумела, што пасля такіх крэдытаў банк гакнецца, як варона аб самалёт. А там жа ўсе грошы нашай фірмы. Галавачоў з-за нашага шчырага сяброўства і невялічкай матэрыяльнай дапамогі згадзіўся выцягнуць грошы, мае, фірмы, пакуль банк яшчэ не аб'яўлены банкрутам. Ну, і зараз прыйдзецца ратаваць грошы Ігара Леанідавіча, бо ён шантажыст! - прашаптаў Фёдар Дзянісавіч і заснуў.

- Вар'яцкі дом, я вам кажу... - сказала сама сабе Вікторыя Іванаўна.

 

24

 

Бацькі Кірыла чакалі таксі. Сяргей Іларыёнавіч круціў у руках акуляры. Валянціна Пятроўна адразу здагадалася, чые яны:

- Сяргей, што ж ты нарабіў?

- Нічога я не нарабіў! Сцягнуў у індыка гэтага акуляры. Хай ён не хоча Кіру нашага прапісваць! Нам і не трэба! Затое ён, як моладзь кажа, абламаўся сёння з гэтым вершам. Усё на відэакасеце будзе! А ўсяго толькі ручкамі трэба было папрацаваць.

- Але ж трэба аддаць! Вунь яны ўжо ідуць! - прашаптала Валянціна Пятроўна, беручы акуляры. - Вікторыя Іванаўна, якое ў нас добрае вяселле атрымалася. А столькі хваляванняў было.

- У Фёдара адна паперчына важная знікла, - хлусіла, апраўдваючы мужа, Вікторыя Іванаўна. - Ён разнерваваўся - і вось вынік.

Валянціна Пятроўна дапамагла пакласці Фёдара Дзянісавіча ў таксі і ціхенька ўкінула акуляры ў адкрытую сумку Вікторыі Іванаўны. Таксі паехала. Валянціна Пятроўна падышла да мужа і сказала:

- А ўсяго толькі трэба было ручкамі папрацаваць!

І яны разам разрагаталіся.

 

25

 

Калі Кірыл зайшоў у спальню, Вера сядзела на ложку ў прыгожым новым пеньюары і адрывала этыкетку. Кірыл зняў пінжак і сеў на сваю палову ложка.

- Я зусім не баюся! - дрыготкім голасам прашаптала Вера.

- А чаго табе баяцца, я не кусаюся! - сказаў Кірыл, здымаючы шкарпэткі.

Вера ўстала, падышла да акна, панюхала герань. Кірыл распранаўся, педантычна складаючы вопратку на стуле. А яго жонка збегала ў ванны, наліла вады ў лейку, каб паліць падсохлую кветку. Вера ішла міма ложка, калі Кірыл раптоўна паклікаў яе, дзяўчына ўздрыгнула і выліла крыху вады з лейкі. Вера пераступіла цераз лужыну і пайшла да герані.

- Верка! Кідай сваю герань! - незадаволена загадаў Кірыл.

Вера павярнулася да яго. Ёй здавалася, што ён павінен быць больш пяшчотным. Яна безумоўна яго кахала, яна безумоўна хацела пражыць з ім усё жыццё, але зараз хацелася кінуць у яго чым-небудзь. Урэшце, злосць - гэта таксама элемент жарсці. Але злосць не спатрэбілася. Кірыл сам устаў і нецярпліва рушыў да Веры. Калі ён ступіў босай нагой у лужыну, то з усёй сваёй нецярплівасцю грымнуўся на падлогу. За непяшчоту Вера адпомсціла - яна разрагаталася.

- Ну, трымайся, Вера! - сказаў Кірыл, паціраючы калена.

Вера наліла вады з лейкі ў далоньку і пырснула на мужа. Кірыл падскочыў і падхапіў Веру, паказытаў ёй носам жывот, Вера пачала вырывацца, Кірыл яе не ўтрымаў, і дзяўчына цюкнулася галавой аб тумбачку. Яна села на ложак, трымаючыся за патыліцу. Кірыл сеў побач, узяў яе руку і, гледзячы ў падлогу перад сабой, прамовіў:

- Вера, яшчэ дваццаць хвілін такіх змаганняў - і мы станем інвалідамі! Ты хочаш сустрэць наш першы ранак у гіпсе?

Жонка павярнулася да Кірыла і абхапіла рукамі за шыю...

 

26

 

У дванаццаць гадзін Каця сядзела ў скураным крэсле ў кватэры Ігара Леанідавіча і піла моцную каву. Было горача, сукенка прыліпла да азадка, і Каця думала, як бы не забыцца адляпіць сукенку, калі яна ўстане.

- Бацька што-небудзь пра мяне казаў? - як бы між іншым запытаў Ігар.

- Канешне! Хрр-хррр-хррр! - дзяўчына зымітавала бацькаў храп.

Ігар дастаў цыгарэты і пачаў шукаць запальнічку. Ён высоўваў шуфляды, выварочваў кішэні.

- Ігар, ты ж кінуў паліць! - сказала Каця, аблізваючы лыжку. Ёй здавалася, што гэта вельмі эратычна, але Ігар не звярнуў ніякай увагі на такое спакушэнне. Ён згадзіўся, што кінуў паліць і схаваў цыгарэты ў пінжак.

- Нервуешся? - засмяялася Каця.

- Я проста павінен табе нешта сказаць. Мы крыху паспрачаліся з Фёдарам Дзянісавічам. Ён сказаў, што не ўхваляе нашых адносін. І я сказаў твайму бацьку, што збіраюся з табой ажаніцца. - Ігар зноў пачаў шукаць запальнічку.

- А я думала, чаго ён так напіўся! - Каця, смеючыся, узмахнула рукой і перакуліла на сябе каву. Для прыстойнасці яна ўзвізгнула, а потым зняла сукенку. Ігар нерухома сядзеў на падлакотніку крэсла і глядзеў на яе без аніякай страсці.

- Я спецыяльна для цябе прыняла дома ванну і пераапранулася. Што табе не падабаецца? Ці я нешта павінна сказаць? Як у фільмах? Вазьмі мяне? - нервова выгукнула Каця.

- Я чакаю адказу на сваё пытанне! Ты станеш маёй жонкай? - абсалютна спакойна запытаў Ігар.

- Канешне, стану, - умомант супакоілася дзяўчына, - мы закажам такі ж торт, добра? - яна абняла яго. - І ўвогуле меню можна поўнасцю пакінуць, - яна зноў села на крэсла, - толькі не будзем такой рыбы замаўляць. Ты яе каштаваў? З душком! Ад яе ў мяне нейкі панос пачаўся. Ледзь паперку знайшла, - па-дзіцячы шчыра паведаміла Каця і засмяялася. А потым з надзеяй запытала: - Дык я ў цябе застаюся?

Менавіта за гэтую шакіруючую непасрэднасць Ігар Леанідавіч, чалавек гальштукаў і строгіх гарнітураў, закахаўся ў Кацю. Намаганнямі сваёй жалезнай волі ён душыў гэтае кволае пачуццё, і толькі калі два гады таму Фёдар Дзянісавіч спрабаваў звесці свайго намесніка са старэйшай дачкой Верай, Ігар Леанідавіч нарэшце з жахам прызнаўся сам сабе, што кахае Кацечку, гэтае малое нахабнае дзяўчо.

Распісанае па секундах жыццё ўпартага халасцяка Каця штодзённа разбурала сваімі непатрэбнымі, нават бруднымі прызнаннямі. Здавалася, яна проста не ведала сораму і нормаў паводзінаў.

Каця падняла сваю сукенку, узяла сумачку і пайшла ў спальню, Ігар паклыпаў за ёй. Яна села на ложак і пазяхнула:

- Так спаць хочацца, нават кава не дапамагае.

Ігар рассцяліў ложак, Каця калупнула пальчыкам кветачку на зялёнай прасціне і засмяялася:

- Ты такі сур'ёзны, а бялізна - такая вясёленькая.

Яна выцягнула з сумкі блакітнага зайчыка, залезла пад коўдру і скруцілася ў колца. Ігар глянуў на яе зайчыка, і ўсё ягонае мужчынскае жаданне перарасло ў бацькоўскую пяшчоту.

- Каця, я так сёння стаміўся... - толькі пачаў Ігар.

- Стаміўся! - радасна выгукнула Каця. - Я таксама. Так спаць хочацца, - вінавата сказала яна і пацёрла кулачком вока.

Ігар хутка распрануўся і лёг побач з дзяўчынай, яна даверліва паклала сваю галаву яму на грудзі, запіхнула між сваім і Ігаравым целам блакітнага зайчыка і сцішана засапла.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Бязлепкіна А. Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні / Аксана Бязлепкіна. - Мн. : МГА "Бел. кнігазбор", 2002. - 349 с.