epub
 
падключыць
слоўнікі

Аксана Бязлепкіна

Забойства ў студэнцкім інтэрнаце

Пажылы міліцыянер стомлена ішоў да машыны, калі яго схапіла за рукаў дзяўчына:

- Скажыце, калі ласка, як гэта здарылася... на вашу думку?

- Піць трэба меней і пад ногі глядзець!

- Ён не мог сам!

- Мог, даражэнькая, мог! У мяне вы, студэнты, во дзе сядзіце! - свае словы ён суправадзіў красамоўным жэстам. - На мінулым тыдні аднаго з ракі выцягнулі, з моста зваліўся п'яны. А ўчора вось тут студэнтка пад машыну трапіла, я не ведаю, як у яе стане ўвогуле можна было ногі перасоўваць. А ці даўно ў вашым жа інтэрнаце шчэ адзін з балкона выпаў, абкураны? А вы кажаце - не мог ён сам зваліцца ў люк! У мяне сын-студэнт на платным, я з апошніх грошай яго вучу, а як гэтыя алкаголікі самі паступілі, я не разумею! Ды адпусці ты маю руку! - міліцыянер узлаваўся да такой ступені, што, сядаючы ў машыну, забыўся пра фуражку, якая, вядома ж, зляцела з галавы. Мужчына высунуўся і падняў яе. Гэтая недарэчнасць, як яму здалося, пахіснула ягоны аўтарытэт, таму ён злосна ляпнуў дзверцамі «форда».

Дзяўчына, як аглушаная, глядзела ўслед машыне, у вачах яе стаялі слёзы.

Таццяна вярталася ў інтэрнат як у тумане. Яна нічога ўжо не адчувала, не разумела, не думала. Хацелася прачнуцца ад гэтага жахлівага сну. І ўсведамленне, што гэта не сон, забівала яе. Вярнуцца б у дзяцінства, да мамы на ручкі! Але яна сама хутка стане мамай, і таму павінна быць моцнай, вельмі моцнай.

Яна заўсёды была моцнай, менавіта таму плейбою філфакаўскага інтэрната Стасу Зварыну закарцела авалодаць ёю. Моцны цягнуўся да моцнага? Усе сяброўкі казалі ёй: «Што ты робіш, ён жа кіне цябе праз тыдзень». «Тыдзень» зацягнуўся на адзінаццаць з паловай месяцаў страснага і пакутлівага кахання. Яны так і не адсвяткавалі гадавіну сваіх адносінаў. Стас банальна здрадзіў па п'янцы, а Таня банальна гэтага не даравала.

Яны былі зусім розныя. Стас з дзіўнай рэгулярнасцю напіваўся да бяспамяцтва, і ў такія моманты займаўся сексам з любой асобай процілеглага полу. Праўда, з часам ён стаў налізвацца так, што ні на што ўжо не быў здатны. Было б натуральна абвінаваціць яго ў алкагалізме, але ва ўмовах студэнцкага жыцця гэта была з'ява дастаткова нармальная, і ніхто не зважаў на гэта.

Таня да блізкага знаёмства са Стасам вяла амаль святое жыццё: пасля заняткаў, якія яна акуратна наведвала, дзяўчына гадзінамі праседжвала ў чыталцы, нешта вывучаючы і канспектуючы. Таня ні разу не напілася, што неаднойчы рабіла Веранічка, яе суседка па пакою.

Усе лічылі ненатуральным каханне Тані і Стаса. Але яны прыцягнуліся не толькі як моцны да моцнага, тут сутыкнуліся процілегласці. Стаса пасля кожнай сесіі намагаліся выкінуць з універсітэта, а Таня атрымоўвала максімальную стыпендыю.

Пасля той п'янай здрады Таня сабрала моцны характар у кулак і паставіла тлусты крыж на сваім каханні да Стаса. Потым, ужо на цвярозую галаву, Стас на каленях стаяў перад ёй, вымольваў дараванне. Ды не вымаліў. Пайшоў у запой (з якога ён не паспеў выйсці, бо загінуў) і пачаў жыць з Веранічкай, якая і піла, і курыла, і спала ледзь не з усім інтэрнатам. У яго пакоі гулі дзень і ноч: усе паэты-празаікі збіраліся там, зачытвалі сваё мроіва, блявалі ў прыбіральні, а ўвогуле, былі цалкам задаволеныя сабой і жыццём.

Таня даведалася пра сваю цяжарнасць яшчэ да Стасавай здрады. Менавіта таму яна яму не даравала: з яго быў нядрэнны каханак, але бацькам яна яго не ўяўляла.

Для Тані каханне было нечаканым, як маланка, і гэткім жа разбуральным. Усё радзей яна наведвала бібліятэкі і ўсё часцей трапляла ў кампаніі, куды яе запрашалі разам са Стасам.

І аднойчы яна зразумела, што ягоная прысутнасць стала для яе неабходнай. Так сорамна і прыемна было прызнацца, што яна закахалася ў Стаса Зварына, прыгажуна і донжуана. А раней жа яна любіла жартаваць, што яе крэда «цнатлівая назаўсёды». Неяк у размове з Ірынай, суседкай па пакою, Таня выдала жалезабетонныя аргументы:

- Ці вартая асалода ад 10-хвіліннага сексу таго, каб потым паўгода лячыцца ад венерычнай хваробы ці нарадзіць дзіця ад выпадковага чалавека? А ўвогуле, дзе мяжа паміж каханнем і закаханасцю? Падхопіш ад яго СНІД, а потым зразумееш, што не кахала яго, што прафукала сваё жыццё дзеля невядома каго. Я зусім не для таго захоўваю дзявоцкасць, каб муж з замілаваннем разглядаў прасціну пасля першай шлюбнай ночы. Проста цнатлівай жыць прасцей, мне хапае іншых клопатаў. Ёсць больш цікавыя рэчы, чым трывожнае чаканне крытычных дзён.

Калі Таня і Стас высветлілі, што кахаюць адно аднаго, яна яшчэ доўга адмаўлялася займацца з ім сексам. А Стас і не прыспешваў. І калі пачуццё дасягнула сваёй кульмінацыі, пачало спапяляць іхнія цнатлівыя адносіны, калі яны штохвіліны думалі пра адно і тое ж, яны зблізіліся. Усё гэта адбылося, калі Таня забылася на свае страхі падхапіць якую-небудзь хваробу або зацяжарыць. Канешне, яны засцерагаліся. Здаровы сэнс і рэклама зрабілі сваю справу: яны не ўяўлялі секс без прэзерватыва.

Яна памятала тую паслянавагоднюю раніцу. Усё было яшчэ добра. То быў, як яны думалі, першы, а як сталася - адзіны безалкагольны Новы год Стаса. Іх адносіны станавіліся ўсё больш сур'ёзнымі. Без аніякіх намёкаў з боку Тані Стас падумваў пра жаніцьбу. У тую раніцу яна прачнулася ад адчування, што на яе нехта глядзіць. І Стас глядзеў. Ён спачатку пацалаваў яе мяккімі вуснамі ў шыю, злёгку ўкусіў яе за вуха, палажыў яе на спіну і пачаў, задыхваючыся, цалаваць у вусны, падбародак, шыю, грудзі, жывот... Цалаваць ненатолена, як быццам у апошні раз. Ён быў такім пяшчотным, ласкавым, чуллівым. Іхнія целы рухаліся ў прасторы, дзе былі толькі яны, і нікога, акрамя іх...

Той раніцай яны не засцерагаліся. І вось яна цяжарная, а Стас па-дурному загінуў. Яе маленькі Нехта Станіслававіч Зварын ці Зварына ніколі не пабачыць бацькі.

Пад дзвярыма пакоя яе чакаў Данік, паэт і сябар. Яму першаму Таня расказала пра сваю цяжарнасць. Ён выслухоўваў яе скаргі, яна - яго вершы.

- Данік, яны думаюць, што гэта ён сам зваліўся.

- А ты так упэўнена, што гэта забойства? Я ведаю, як ты яго кахала і, магчыма, кахаеш зараз. Даруй, але ён атрымаў тое, чаго заслугоўваў. Ён быў гаўном і ў гаўне ўтапіўся. Таня, ты абстрагуйся ад асоб. У час рамонту дарог адкрылі два люкі: каналізацыі і цепласетак. Калі ён ужо так павінен быў загінуць, дык мог бы зваліцца ў люк цепласетак і шчасліва зварыцца, ушанаваўшы такім чынам сваё прозвішча - Зварын. Дык не, ён захлынуўся ў каналізацыі. Ну хто мог яго забіць? Нават ты яго не ненавідзіш, а каго ён мог пакрыўдзіць больш, чым цябе?

- Данік, ён жа ніколі не хадзіў той дарогай!

- А ты не думала, што з той пары Стас крыху змяніў свае звычкі?

- За два тыдні?! ... магчыма... але чаму ў мяне адчуванне, што нехта яго забіў, што ён не сам? У цяжарных ёсць інтуіцыя!

- Інтуіцыя ці беспрычынныя жахі? - Данік спачувальна зазірнуў Тані ў вочы.

- Не ведаю, Данік, я ўжо нічога не ведаю, я толькі адчуваю... але гэтага мала, - яна ўткнулася яму ў плячо і заплакала. А мужчыны ж так баяцца жаночых слёз, хлопец разгубіўся і толькі моўчкі гладзіў яе па спіне.

Спаслаўшыся на тэрміновыя справы, ён выйшаў, і толькі зараз Таня пачула музыку і ўспомніла пра дыскатэку. Значыць, Ірына са сваім Аспірантам, а Веранічка пераначуе ў якога-небудзь хлопца, прыйдзе пад раніцу, а потым будзе залівацца слязьмі, вяртаючыся ад гінеколага...

Але Веранічка прыйшла ў дванаццаць, дакладней, яе прывёў хлопец. Сама дзяўчына не магла ні ісці, ні стаяць. Выгляд у яе быў экзатычны: джынсавы камбінезон па баках быў расшпілены і ледзь трымаўся на плячах, світэр пад ім быў задраны і было відаць голыя грудзі, бюстгальтар ужо недзе згубіўся, калі ўвогуле быў. Хлопец спытаў, ці тут жыве Вераніка, і, атрымаўшы станоўчы адказ, палажыў яе на ложак настолькі асцярожна, наколькі гэта дазваляў ягоны стан. Дзяўчыне было дрэнна, і Таня пайшла ў суседні пакой па якія-небудзь лекі. Як толькі яна выйшла, хлопец падхапіў Вераніку пад пахі, пацягнуў у прыбіральню і зачыніўся...

Калі Таццяна вярнулася, то знайшла Веранічку на падлозе ў прыбіральне абсалютна голай. Хлопца, канешне, не было. Вераніку званітавала, і яна ляжала ў лужыне. Таня перацягнула яе ў пакой і пабегла па Даніка. Праўда, апрануць сяброўку яна не даўмелася.

Данік быў спецыялістам па вывядзенню чалавека са стану алкагольнага ап'янення і часта дапамагаў свайму сябру Саньку, паэту Божай міласцю. Ён змог прымусіць яе выпіць два літры вады, ён змог спакойна глядзець, як Вераніка адрыгвае ў таз, але бачыць так блізка голую дзяўчыну было вышэй ягоных сіл. Па ўласным жаданні дзяўчаты перад ім не распраналіся, бо за хлопца не лічылі. Таму ён пісаў вершы па матывах таго, што яму расказваў ягоны сябар Санька, паспяховы паэт і каханак.

А тут голая! Побач! Данік углядаўся як мог, каб запомніць і ўзнавіць у вершах. Калі ж Веранічку званітавала міма тазіка, які трымаў хлопец, захоплены сваімі назіраннямі, Таня накінула на Веранічку коўдру. Але першы смяротны грэх ужо адбыўся: Данік зведаў спакусу.

Той ноччу ён спаў дрэнна. Раз-пораз ускокваў, уключаў лямпу і запісваў радкі, што спускаліся ў яго ўжо грэшную галаву. Ён быў так уражаны, што нават забыў расказаць пра здарэнне Саньку, ад якога ў яго раней не было сакрэтаў. Санька, пабыўшы на дыскатэцы, прыйшоў дамоў п'яны і з нейкай дзяўчынай, нават не з іхняга інтэрната. Упершыню ў сваім жыцці Данік парушыў правілы гасціннасці, выставіўшы дзяўчыну. Ён, захоплены завірухай уласных пачуццяў, не мог бачыць яе адсутнасці ў іншых: як можна кахацца з дзяўчынай, якую бачыш першы і апошні раз у жыцці, як можна пасля гэтага пісаць вершы пра сапраўднае каханне?! Якое каханне? Няўжо гадоў праз пяцьдзесят нашчадкі ацэняць Санькавы вершы і пачнуць шукаць ягоную Лауру і Дульцынею?! Прафанацыя мастацтва! Успрыманне жанчыны як сродку для натхнення, а не чароўнейшага стварэння ў свеце!!!

...Данік безнадзейна закахаўся. Веранічка ж вяла ранейшы лад жыцця, і няшчаснае каханне да яе было ёй нецікава. Праўда, яна пачала ставіцца да Даніка з невялічкай, але павагай: ён вельмі дапамог ёй пасля таго перапою.

«Лаура» Санькі больш не наведвала іхны інтэрнат, таму ён часова быў пазбаўлены музы. Гледзячы, як Данік не адрывае азадка ад крэсла, пішучы вершы, Санька захлынаўся ад зайздрасці і вінаваціў сябра ў сваім бяздзеянні.

На наступны дзень Таня не пайшла ва ўніверсітэт: быў пачатак семестра, практычных яшчэ не ставілі, а сама яна ўпершыню за тры гады мела справу, важнейшую за вучобу. Яна пайшла да таго люка, дзе захлынуўся Стас, накрыўка люка ўжо была на месцы. «Божа мой, чаму ж яны не закрылі яго хаця б на дзень раней!» Гледзячы на пухкі снег паабапал пратаптанай студэнтамі сцяжынкі, хацелася жыць, марыць пра лепшае, але Таня ўсведамляла, што яе «лепшае» ўжо незваротна прайшло. І калі б Стас быў жывым, яна калі-небудзь яму даравала б, а да таго часу жыла б надзеямі, ды ягоная смерць забрала ўсе мары, усе надзеі, усё шчасце. Яна вінаваціла сябе ў тым, што здарылася: калі б яна даравала яму, Стас не піў бы, не ішоў бы гэтай дарогай, не загінуў бы.

У дзень смерці Стаса быў моцны снегапад, сляды людзей і машын знікалі, ледзь з'явіўшыся. Снег ішоў і ўсю ноч.

«Учора ў гэты час ён быў жывы! Жывы! Жывы!» - пульсавала ў думках.

Гэтай раніцай ніхто з жыхароў інтэрната не пайшоў гэтай сцяжынай: нашто напамінаць пра тое, што і так нельга забыць. Але сляды ўсё ж былі. Чалавек, які прайшоў там, не быў выпадковым прахожым. Нехта хадзіў вакол люка, спыняўся. Зноў хадзіў, пакрываючы снег ланцужкамі слядоў.

«Па падэшве сучасных ботаў немагчыма вызначыць полавую прыналежнасць іх гаспадароў. На жаль», - са шкадаваннем падумала Таня. Яна вярнулася ў інтэрнат, зайшла ў Стасаў пакой, былы Стасаў пакой. Папрасіла хлопцаў пакінуць яе на хвіліначку адну. Яна лягла на яго ложак і абняла падушку. Яна ўжо не плакала і не ўспамінала, гэтыя плач і ўспаміны былі недзе глыбока ў ёй самой. Не хацелася думаць, ці, дакладней, хацелася не думаць.

Вочы яе спыніліся на Стасавым заплечніку, які ляжаў на крэсле побач з ложкам. Стас і ягоны заплечнік здаваліся непадзельнымі, заўсёды разам ва ўніверсітэт, дадому, на дыскатэку. І зноў жа заўсёды ў патаемнай кішэні заплечніка ляжаў яе фотаздымак. Яе! Такіх фотаздымкаў было толькі два: адзін у яе, адзін у Стаса. Таня пацягнулася рукой, расшпіліла «маланку», пашукала і... не знайшла.

Ёй успомнілася адно здарэнне. Веранічка прыцягнула п'янага Стаса ў іх агульны з Таняй пакой. Пакуль дзяўчына паіла яго гарбатай, Таня ціхенька намацала свой фотаздымак у кішэньцы заплечніка і выйшла з пакоя з горда ўзнятай галавой, упэўненая, што Стас усё яшчэ яе кахае.

Так што Таня ведала, што і ў той дзень Стас меў фота пры сабе. Фатаграфія не магла вываліцца выпадкова. Стас мог выняць яе сам, у пакоі ён не пакідаў гэта фота (яго рэчы былі ўжо складзены, і там не было Танінага фотаздымка). Значыць, ён выняў фатаграфію там, каля люка. І не проста выцягнуў, каб палюбавацца, нехта вельмі раззлаваў яго, калі ён асмеліўся паказаць сваё патаемнае.

Хісткае падазрэнне Тані расло і мацнела. Калі б не гэты фотаздымак, можна было б паверыць, што Стас загінуў па п'янцы, але цяжка зрабіць гэта зараз, калі відавочна, што там быў нехта яшчэ.

І перад вачыма Тані нібы паўстаў той дзень: Стас сварыцца з некім з-за яе, выцягвае з заплечніка яе фота і выкідае. Той «нехта», мабыць, угаворваў Стаса вярнуцца да Тані ці наадварот - не тлуміць ёй галавы. Стас раз'юшыўся, выкінуў фотаздымак, магчыма, пачаў лаяцца, нечым абразіў, за што і быў скінуты ў люк. Дык, значыць, яе падазрэнні не дарэмныя?

Да іхняга разрыву адмоўна паставіўся ўвесь інтэрнат, ва ўсім вінавацілі Стаса, а шкадавалі яе. Але найбольш перажывалі іхнія агульныя сябры, хлопцы смела выказалі Стасу сваё стаўленне да здарэння, і сяброўства іх стала менш шчырым. Стас, які тры гады быў каралём, не мог аддаць свой трон без барацьбы. Яму патрэбна была світа, акружэнне, якое захаплялася б яго жартамі і ім самім. І вось кола гэтых людзей пачало паволі распадацца. Але нават не з-за здрады, здрада была толькі штуршком. Хлопцам проста надакучыла, што Стас пачаў штоночы прыводзіць Веранічку, а іх вымушаў начаваць дзе прыйдзецца. Ім надакучыў пах гарэлкі і перагару ў іхнім пакоі, абрыдлі чужыя людзі (новая світа Стаса), што панавалі днём у іх пакоі. Яны стаміліся ад ягоных выбрыкаў. У гарэлачнай ліхаманцы Стас гэтага не адчуваў, але нават у цвярозым стане ён не зразумеў бы гэтага з-за свайго беспрасветнага эгаізму.

З усіх былых сяброў Стаса Таня найбольш давярала таўсцяку Валіку. Ён заўсёды мог паспачуваць, зразумець і дапамагчы.

Валік уважліва выслухаў гісторыю пра нязнойдзены фотаздымак, на яго бязбровым твары намалявалася здзіўленне, і ён, пяшчотна зазірнуўшы Тані ў вочы, спытаў сваім паўжаночым голасам:

- Танюля, што ты хочаш гэтым сказаць?

Яна расказала хлопцу, як ёй уяўлялася сцэна смерці Стаса. Але Валік паспяшаўся выказаць сваё меркаванне:

- Танюля, ён апошнім часам моцна перажываў, можа, ён напаследак зірнуў на любімы твар і скінуўся сам?

- Валік, не смяшы! Стас? З-за мяне? Гэты эгаіст? Ты хоць сам у такое верыш? І куды ён падзеў фота? Па кавалках утапіў у каналізацыі? Ты кажаш, ён сам! А ты хацеў бы сабе такой «геройскай» смерці? У каналізацыі!

- Я толькі версію прапанаваў, - заспяшаўся выправіцца Валік. - Але ж ты не будзеш звяртацца ў міліцыю?

- Не буду! Як я ім патлумачу? Хочаш, каб з мяне вар'ятку зрабілі? - пакрыўдзілася Таццяна. - Я сама, Валік, я сама ўсё знайду і зразумею.

Начамі яна глядзела ў столь, дзе адбівалася святло ад фараў машын і думала пра Стаса, на лекцыях яна пісала канспект, не зважаючы на яго змест. Яна не думала пра Стаса столькі, нават калі яны сустракаліся. Ёй здавалася, што, загінуўшы, ён засяліўся ў яе цела, пацясніўшы яе душу. Ён запаўняў яе, а яна не магла і не хацела змагацца.

Таня прыйшла да высновы, што Стаса магла спіхнуць нават дзяўчына. Ён жа не быў джэнтльменам і мог дазволіць сабе брудна лаяцца ці біцца з дзяўчатамі. Колькі разоў Веранічка прыходзіла з сінякамі! Ён усведамляў, што так нельга паводзіць сябе, і ад гэтага яшчэ болей вар'яцеў. Калі ён злаваўся, то не падпарадкоўваўся ўжо свайму розуму. А потым саромеўся сваёй слабасці і хаваў яе за выключнай нахабнасцю.

Таня ж была заўсёды мяккай і добрай. Яна не магла крыўдзіцца на Веранічку, якая пачала сустракацца са Стасам пасля ўсяго. Наадварот, Таня яе шкадавала, бо ўсе, нават сама Веранічка, разумелі, што Стас ёю карыстаецца без аніякага кахання ці хаця б сімпатыі. Ён хацеў зрабіць Тані балюча і інструментам абраў Веранічку. Іра, што таксама жыла з імі ў пакоі, абуралася і не магла зразумець ні Веранічку (маўляў, нічога сабе сяброўка), ні Таню. А Стас хацеў мець фармальнае права прыходзіць у іх пакой, нібыта да Веранічкі, ён хацеў увесь час напамінаць пра сябе, бачыць Таню, але гэтым толькі вярэдзіў рану і сабе, і ёй. Яны ведалі, што кахаюць адно аднаго, але разумелі, што ўжо перайшлі тую мяжу, калі шчэ можна было нешта аднавіць. І калі Веранічка сказала Ірыне, што Стас «у час гэтага, ну, ты разумееш, гэтага» назваў яе Таняй, Іра абурылася: «Заглохні!»

Вераніка, такая павярхоўная, легкадумная, жыла сённяшнім днём і намагалася не думаць пра Стаса, каб не сасніць яго ноччу. Дзяўчына і без таго мела вялікія праблемы. Амаль штоночы яна хадзіла па пакоі і размаўляла, але раніцай нічога не памятала. Дзяўчаты для смеху запісвалі за ёй, таму Веранічка яшчэ больш хвалявалася перад сном, баючыся выдаць штось вельмі асабістае. І таму вечарам, каб прыцягнуць добрыя сны, яна ўспамінала сваю адзіную ўцеху, сваё адзінае захапленне - тэатр. Ён быў для яе нейкім паралельным жыццём. Праўда, не тэатр у звычайным разуменні гэтага слова, хоць яна сапраўды хадзіла на ўсе новыя спектаклі, на памяць ведала ўсе старыя пастаноўкі. Галоўнае ў тэатры для яе - акцёры, мужчыны. Яна заходзіла да іх у грымёркі, і веданне рэпертуару было ёй патрэбна, толькі каб падтрымаць дыялог.

Ах, якія цудоўныя асобы трапляліся сярод непрызнаных геніяў тэатра! Аднойчы Таня мела магчымасць назіраць цудоўную карціну: на Вераніччыным ложку сядзеў п'яны барадаты мужык, ён трымаў у адной руцэ кубачак кавы, а другой актыўна жэстыкуляваў у такт сваім выказванням. Веранічка сядзела ля яго на падлозе, як Магдалена ля Хрыста, гатовая сваімі валасамі выціраць яму ногі.

Таня толькі адкрыла рот, каб «выказацца па праблеме», як Веранічка падхапілася, трымаючы ўказальны палец ля вуснаў.

- Цішэй! Ён гаворыць! Ах, Божа мой, Таня, ты нічога не разумееш. Ён - геній! Ты бачыла б яго ў ролі...

Далей ішоў бясконцы пералік усіх ягоных выключна эпізадычных роляў, уключаючы ягоныя ўвасабленні ў мяшок з падарункамі на нейкім дзіцячым свяце. І ў кожнай ролі, па яе меркаванню, ён іграў бліскуча. Таня не ведала, ці сапраўды ён бліскуча выконваў ролю мяшка з падарункамі, але роля мяшка з бульбай у яго дакладна атрымалася (менавіта на гэтую празаічную рэч ён паходзіў, калі сядзеў на ложку, падкурчыўшы ногі).

- Ох, Таня, не гані яго! А сёмай гадзіне будзе спектакль, хай ён трохі адпачне! Ну калі ласка!

- Чым ты захапляешся?! Гэтай бруднай жывёлінай?!

- У чалавеку галоўнае - не знешні выгляд, а ўнутраны змест.

- І няўжо ты не можаш здагадацца, што ёсць унутраным зместам ягоных кішак? Ён не чалавек, а прыстасаванне для перапрацоўкі ежы і піва ў сама ведаеш што.

- Ты не чула, як ён разважае пра жыццё!

- Гэта ў маналогу Гамлета?

- Таня! Ён ніколі не граў Гамлета. Гэтая роля яшчэ чакае яго!

- Вераніка! Ты звар'яцела? Ты не разумееш, што я здзекуюся?!

- Здзекуешся? А... А навошта ты здзекуешся? Садыстка!

- Вераніка, выйдзі на хвіліначку, трэба пагаварыць.

Вераніка даліла кавы ў кубачак акцёру і папрасіла дазволу выйсці, гледзячы на яго вачыма вернага сабакі. Акцёр доўга вагаўся, ці варта дазволіць ёй. Нарэшце ён кіўнуў, але занадта энергічна, таму кульнуўся з ложка на падлогу разам з кубачкам, ужо пустым. Веранічка падняла свайго «генія» і паспяшалася да Тані, якая заўважыла, што сяброўка п'яная не больш і не менш, чым звычайна. Таму яшчэ больш дзівілі ейныя паводзіны.

- Вераніка, як ён у такім стане будзе працаваць, засталося толькі паўгадзіны!

- Я зараз душ яму арганізую.

Пры гэтых словах у калідор выпаўзлі суседкі па блоку:

- У наш душ?! Гэтага бамжа?!

- Ён не бомж! - крычала са слязьмі Веранічка, але было ўжо позна. Дзяўчаты сцягнулі яго з ложка і выкінулі ў калідор. Ледзь паспеўшы прабубнець «дзякуй за гасціннасць!», ён умазаўся ў супрацьлеглую сцяну, дзе яго падхапіла Вераніка.

Яна падставіла яму сваё моцнае жаночае плячо, і ён пачаў павольна перастаўляць ногі.

- І пайшлі яны, сонцам спалёныя! - прадэкламавала Ірына. - Трэба ёй неяк патлумачыць, што мы не хочам цярпець ейных геніяў! Асабліва ў такім стане.

- Ды і сама яна не ў лепшым, - з жалем заўважыла Таня.

- Ну, да яе мы ўжо прывыклі! - засмяяліся дзяўчаты.

Выгнаным ісці не было куды. І хоць было холадна, яны вымушаны былі зазірнуць у сквер каля тэатра. Ён гаварыў, яна слухала - ідылія! Потым ён замаўчаў, уважлівей зірнуў на дзяўчыну і пачаў філасофстваваць:

- Разумееш... Прырода - гэта... Не... лепей так... У прыродзе існуе кругазварот! Во!

Яна ківала галавой, цалкам згодная, што кругазварот існуе. Ён працягваў:

- Кругазварот... рэчываў... вады...

І ён зірнуў на яе, як бы нечага чакаючы. Не дачакаўшыся, хацеў распавядаць далей, але яна млява спыніла:

- Якой вады? Кажы канкрэтна!

- Не вады, піва! Я ў прыбіральню хачу!!!

- Так бы адразу і казаў, а то кру-га-зва-рот! Схадзі. Ці ты мяне саромеешся?

Ужо дастаткова сцямнела, каб схадзіць адразу ў скверы. Хоць можна было зайсці ў тэатр, куды яны накіраваліся праз дзесяць хвілін. Яна, выглядаючы, каб не сустрэць рэжысёра ці яшчэ каго ўплывовага, прывяла «генія» ў грымёрку. Пераапранула, прычасала, тым больш што з-за шпацыру па свежым паветры ён ужо акрыяў ды ірваўся на сцэну. Яго вочы блішчэлі, ён засяродзіўся на сваёй ролі маўклівага слугі і не зважаў на Вераніку. Потым яна праседзела дзве гадзіны ў грымёрцы, чакаючы яго. Калі спектакль скончыўся, яна правяла яго дадому. Па дарозе дамоў яны пілі піва ў тралейбусе, потым у пад'ездзе. Выцягнуўшы з ліфта свайго акцёра, знясіленага півам і эмоцыямі, дзяўчына прыхіліла яго да дзвярэй і пазваніла, а сама збегла па лесвіцы паверхам ніжэй. Яна чула, як ён павольна з'ехаў на падлогу, а жонка, адчыніўшы дзверы, сказала:

- Ну што, зноў? Шчэ дзіўлюся, як ты змог пазваніць! Упаўзай, я цябе цягнуць не буду!

Веранічка сумна ішла па начным горадзе. А ў гэты момант дзяўчаты за вячэрай абмяркоўвалі падзеі дня:

- Ужо дзесяць, а Веранікі няма. Мабыць, пайшла праважаць.

- Як можа ставіцца мужчына да жанчыны, якая яго праважае?

- Як да грамадскага транспарту!

- І ведаеце, што самае дзіўнае? Яна з сваімі акцёрамі не спіць, платанічныя адносіны ў чыстым выглядзе.

- Даруйце, але з такімі бамжамі нават яна грэбуе!

- Закрылі тэму! Лепей уключыце тэлевізар!

Па тэлебачанні ішоў нейкі фільм, слязлівы, жаночы, які пад гучнае незадавальненне дзяўчат перарываўся рэкламай.

- Я люблю рэкламу! Але якасную! Прыгожую! А нашы як зацягнуць, заснуць можна.

- Глядзіце, глядзіце! Бомж Вераніччын, сённяшні! У рэкламе!

- Дык ён сапраўды акцёр?! Ну, калі яго пагаліць, як ён тут, апрануць, закадзіраваць...

- Дзяўчаты! А ён прыгажун, аказваецца! Ха-ха!

Што ж, Вераніка заўсёды выбірала прыгажуноў...

...Так непрыемна, так сорамна было падазраваць усіх навокал. Таню супакойвала толькі, што забойцамі не маглі быць яе сяброўкі. Веранічка зусім не патрабавала Стасавай душы, ёй хапала цела. Яна не прэтэндавала заняць Таніна месца. І нішто ў свеце не магло яе давесці да такой ступені гневу, каб яна некага забіла. У правакацыйных выпадках яна лічыла за лепшае саступіць, адысці ўбок. Для яе зусім не было праблемай знайсці сабе іншага хлопца. Ірына ж Стаса проста ігнаравала: не віталася, не размаўляла з ім, гаварыла пра яго ў трэцяй асобе нават у ягонай прысутнасці. Так што ў гэтых дзяўчат натуральна не магло ўзнікнуць ніякай сваркі са Стасам.

З хлопцамі было цяжэй, амаль кожны з іх меў у стасунках са Стасам падводныя камяні. Зварын быў неабходны ў кампаніі, у застоллі, але жыць з ім было нясцерпна. А будзённых дзён было больш, чым святочных...

Развагі Тані перарваў Марэк, хлопец-паляк, што прыехаў у Беларусь вывучаць беларускую літаратуру XX стагоддзя. Калі ён нешта не разумеў, то заўсёды прасіў Таню перакласці яму. Марэк не рызыкаваў ісці да іншых дзяўчат, бо на яго было абвешчана неафіцыйнае паляванне, надта шмат паненак марылі пераехаць у Польшчу. Спачатку Марэк радаваўся, што карыстаецца вялікай папулярнасцю, і беспакарана карыстаўся ёю, пакуль адна з дзяўчат, з якімі ён кахаўся, не паведаміла Марэку пра сваю цяжарнасць. Вядома ж, ад яго. Марэк ад шчасця ўсё расказаў Стасу, ды той патлумачыў наіўнаму паляку, што ягоная шаноўная паненка даўно ўжо шукае, на каго б павесіць сваю незапланаваную цяжарнасць. Стас потым смяяўся, паказваючы Тані, якім стаў твар расчараванага, зняважанага Марэка. Стас жа гісторыю з няпэўным бацькоўствам проста прыдумаў, сваім жартам вымусіўшы дзяўчыну зрабіць аборт. Магчыма, Марэк сапраўды не быў бацькам таго дзіцяці, але калі ён даведаўся, як Стас пажартаваў, іхняе сяброўства адразу ж скончылася. Паляк казаў, што ён ужо дарослы, каб самастойна прымаць рашэнні, і дастаткова багаты, каб у выпадку чаго выхаваць чужых і сваіх дзяцей. Стас апраўдваўся, што Марэка як замежніка дзяўчаты трымаюць за лопуха і паспрабуюць навесіць на яго шчэ не адно «аўтарства». Марэк іранічна падзякаваў за клопат, але стаў пазбягаць Стасавага апекавання і перастаў прыводзіць дзяўчат, дакладней, перастаў прыводзіць іх масава, затаварыўся прэзерватывамі і болей ужо не баяўся нічога.

Хоць Марэк спыніў усялякія стасункі з Таніным хлопцам, ён па-ранейшаму сябраваў з ёй. Бо яна не прагла польскага жыцця і дужа добра перакладала і тлумачыла беларускія тэксты. Ёй жа падабалася дапамагаць яму, бо яна вывучала польскую мову і любіла яе, кожная сустрэча з Марэкам нешта дадавала да яе ведаў.

Паляк стаяў на парозе, трымаючы ў руцэ кнігу і сшытак, ён не ведаў, як сябе трэба паводзіць у новых абставінах. Ці трэба спачуваць Тані ў сувязі са смерцю Стаса? Яна ж кахала яго. А можа, не? Яны ж разышліся. Ніхто не лічыў патрэбным патлумачыць яму сітуацыю, а сам ён не мог зразумець іх адносінаў.

- Цо хцэш, Марэк? Тшэба цось пшэтвумачычь? - ветліва запытала Таня.

- Так! - Марэк быў удзячны, што Таня пачала размову першай, узяўшы ініцыятыву на сябе і тым пазбавіўшы яго неабходнасці закранаць сумную тэму.

З таго часу, як загінуў Стас, Таня лічыла сябе вінаватай ва ўсіх ягоных грахах і, бачачы перад сабой Марэка, успамінала тую жахлівую гісторыю з цяжарнасцю і абортам і саромелася, нібыта сама ўсё ўтварыла. Але атмасфера няёмкасці хутка прайшла, і Марэк прыклаў усе намаганні, каб развесяліць дзяўчыну, яна недаравальна гучна і шчыра смяялася, калі ў пакой зазірнула суседка па блоку (кожныя два пакоі аб'ядноўваліся ў блок з агульнымі ванным і прыбіральняй). Алена павольна падышла да стала і, вітаючыся, зазірнула ў кнігу і сшытак, не знайшоўшы там нічога смешнага, недаверліва паглядзела на Марэка і Таню.

Яе погляд абразіў Таню, і яна груба запытала:

- Алена, я спадзяюся, табе нешта тэрмінова патрэбна і ты прыйшла не проста так.

- Канешне, канешне, а Веранічкі няма?

- Ёсць, яна ад цябе пад сваім ложкам хаваецца! - іранічна адказала Таццяна.

- Я хацела ўзяць яе спадніцу, ружовую.

- Калі яна табе дазволіла, бяры!

- А... Дазволіла! - пераможна дагаварыла Алена і нахабна схапіла з крэсла спадніцу. Таня, канешне, разумела, што Веранічка нічога не ведае пра спадніцу, але чамусьці не хацелася бараніць чужое. Трэба мець такіх сябровак, якія не папросяць тваіх рэчаў.

У тую ноч Веранічка не прыйшла начаваць, Ірына з Аспірантам бавіліся ў пакоі хлопцаў, а Марэк, атрымаўшы дасканалы пераклад, шчэ трохі пасядзеў з Таняй і пайшоў, бо дамовіўся з Ірай і Аспірантам пайсці разам на дыскатэку. Таня засталася адна, але зараз яна і не прагла кампаніі. Хацелася ў адзіноце падумаць пра сябе, пра дзіця, пра жыццё. Бацькі нармальна паставіліся да яе цяжарнасці, хоць нельга сказаць, што жахліва абрадаваліся. Ім болей спадабалася б спачатку пазнаёміцца з зяцем, але, у рэшце, яны не збіраліся выганяць дачку з дому ці схіляць да аборту. Так што надзейныя тылы ёй былі забяспечаны, бацька нават абяцаў зняць ёй кватэру ў Менску, пакуль дзіця будзе малое, бо Таня не збіралася кідаць вучобу. Нараджэнне дзіцяці планавалася недзе ў верасні, так што можна было лета жыць пад маміным наглядам, пару месяцаў не хадзіць на заняткі, а потым усё як-небудзь само сабой усталюецца.

Іра і Аспірант былі ўпэўненыя, што Марэку цяжка будзе на дыскатэцы, бо ён не ведае ніводнай з тутэйшых моў: ні беларускай, ні расейскай, ні трасянкі. Марэк жа лічыў, што каму трэба, той зразумее і па-польску. Ён хутка знайшоў сабе дзяўчыну, якая была п'янай да такой ступені, што зразумела б і арабскую мову. На хвіліну яны зніклі з поля зроку Іры і Аспіранта, а калі з'явіліся зноў, то ўжо і Марэк быў пад добрым кайфам. Выхаванасць Марэка некуды знікла, рухаючыся ў такт музыцы, ён бессаромна задзіраў дзяўчыне спадніцу. Аспірант з нейкім недаверам назіраў за ім, і калі яны з Ірынай пабачылі белыя майткі дзеўкі, спытаў:

- Яны што, абкурыліся?

- Максім, на гэтай дыскатэцы нюхаюць.

А Марэк ужо падсадзіў дзеўку сабе на шыю. Яе спадніца задралася недаравальна высока, панчохі (гэта былі менавіла панчохі, як заўважыў Аспірант) спаўзалі. Нейкі хлопец, падышоўшы, скатаў іх да пятак і са смехам адбег.

- Можа, іх трэба спыніць? Марэку заўтра будзе непрыемна ўспамінаць, - Аспірант хваляваўся, бы Марэк быў ягоным сынам.

- Па-першае, Марэк ужо дарослы, а па-другое, заўтра ён нічога не будзе памятаць. І па-трэцяе, можаш ты глядзець на мяне, а не на яго? - раззлавалася Іра і адцягнула Аспіранта падалей ад вясёлай парачкі. Менавіта таму яны не чулі, як Марэк галантна запытаў сваю паненку:

- Хцэш кохачь се зэ мнон?

Дзяўчына адказала на польска-беларускай трасянцы:

- Хцу!..

І яны тэрмінова пакінулі танцавальную залу.

З дыскатэкі Іра і Аспірант вярталіся позна. У вушах гудзела, целы наліваліся стомай, і калі ў ліфце ён націснуў кнопку свайго паверха, яна не стала пярэчыць. Ён прыціснуў яе да сценкі і пачаў цалаваць у шыю, залез пад майку, яна смяялася і не супраціўлялася. Калі зайшлі ў пакой, ён зачыніўся і пачаў распранацца. Яна адступіла да акна і паглядала на яго так, як лічыла патрэбным паглядаць: ганарліва, але запрашальна, нібы выпрабоўваючы. Ён еў яе позіркам, бо ведаў, што гэта ёй падабаецца, самому ж яму хацелася хутчэй апынуцца з ёй у ложку.

Яна ўпёрлася спінай ў падаконнік. Ён падыходзіў усё бліжэй і бліжэй. Нарэшце сустрэліся іхнія рукі, потым вусны. Ён расшпіліў на ёй станік, але не зняў, падняў яе, яна абхапіла нагамі ягоную талію. Ён цалаваў грудзі, шчэ крыху прыхаваныя, але ўжо свабодныя. Як быццам бы ўжо можна, але яшчэ нельга. І раптам яна спытала:

- А твае хлопцы не здзівяцца, што дзверы зачынены, не пачнуць ламацца?

- Яны сёння не начуюць тут, - на секунду адарваўся ён ад грудзей.

Яна пачала вырывацца:

- Ты з самага пачатку планаваў прывесці мяне сюды?! Гад!

- Іра, Іра! Я нічога не планаваў! Так само атрымалася, Валера сёння з вашай Аленай, Валік паехаў дадому, а Марэк да ранку на дыскатэцы. І я падумаў... Прабач...

- Ты правільна ўсё падумаў, адным словам - Аспірант!

- Ты можаш хаця б зараз называць мяне па імені?

- Не магу! Ас-пі-рант! Ас-пі-рант! - яна ўскочыла на чыйсьці ложак, завалены кнігамі, параўнялася з ім ростам і кінулася на яго. Ён ледзь устаяў:

- Ну што ты скачаш, як малпа!

Яна была ў ягоных руках, і ён не збіраўся губляць такі шанс, а то праз хвіліну ёй стрэльне што-небудзь у галаву і яна збяжыць.

Не было часу расшпільваць ейную спаднічку, ды і навошта, але калготкі трэба было зняць, не будзеш жа займацца сексам праз іх. Іра завішчала:

- Не нарабі зацяжак, Аспірант!

- Як ты можаш думаць пра зацяжкі ў такі момант?! Сама здымай!

Яна хуценька зняла калготкі і нават расшпіліла цяжкую засцёжку спадніцы, пра якую ён казаў:

- У цябе не спадніца, а пояс вернасці!

Яна, абсалютна голая, стала пасярод пакоя і загадала:

- Распранайся, Аспірант! Поўнасцю!!!

Пад ягонымі штанамі аказаліся даволі прыстойныя майткі і тонкія валасатыя ногі, якія псавалі ўсё відовішча.

- Далей! - амаль што крыкнула яна.

- Далей? - ён чамусьці спужаўся. Калі б яна не глядзела на ягоныя ногі з такой пагардай, ён зняў бы майткі без разваг. Ён адчуў, што калі яна гэтак жа гляне на яго аголенае «гаспадарства» - знікне ўсякае жаданне, у яго нічога не атрымаецца, і тады яна будзе так зневажальна глядзець на яго кожны дзень. Ён намаляваў на сваім твары ўсмешку, хутка (пакуль яна не паспела ачомацца) схапіў яе за руку і зваліўся разам з ёй у ложак, дзе пад коўдрай ён распрануўся поўнасцю, не баючыся асаромецца.

- У цябе ногі халодныя, Асс-пі-рант! - прашыпела яна.

- Сагрэй! - ён прашаптаў ёй на вуха, а сам незаўважна падціснуў іх, каб не дакранацца да яе халоднымі ступакамі.

Яна падсоўвалася да сцяны, ён - за ёй. І раптам яна застагнала. Максім сеў на ложку і незадаволена спытаў:

- Ну, што яшчэ? Іра, колькі можна цягнуць? Не хочаш - так і скажы. Я ж не прымушаю!

Яна вінавата выцягнула з-пад сябе тлумачальны слоўнік беларускай мовы, на якім скотчам была прыклеена запіска - «Не перашкодзілі?».

- Я іх заб'ю!!!

- Максім, гэта ж класна! Толькі вось на спіне сіняк застанецца.

Ён пачаў цалаваць той будучы сіняк.

- Максім! Максім!..

... Яны ляжалі моўчкі, абняўшыся, бо ложак быў вузкі. Іра прыціснулася галавой да ягоных грудзей, яшчэ ўзрушаная, поўная эмоцый. Ёй было прыемна, што ён не спіць, адчувае яе перажыванні, разумее яе. Прыблізна так яна ўсё малявала сабе ў думках і вельмі баялася расчаравання. А ён аказаўся яшчэ больш пяшчотным, мяккім, блізкім. Яна ляжала і старанна гнала ўспаміны пра іншы вечар у гэтым жа пакоі.

Ён глядзеў у столь і раптам запытаў:

- Хочаш, верш пачытаю? - і прадэкламаваў, не чакаючы адказу: «Арцюр Рэмбо «П'яны карабель». У арыгінале выконвае Аспірант».

І яна пачула гэтую боскую мову, якая заўсёды была і будзе мовай кахання, нават калі на ёй гучаць вар'яцкія трызненні Рэмбо. Своеасаблівае французскае «р», якое павінна было б казытаць і лашчыць слых, гырчэла і раздражняла Іру.

Яна даслухала дасканалы твор сусветнай класікі, але падумала: «Божа мой, нават у ложку ён не можа забыцца пра свой паганы сімвалізм і сваю паганую французскую мову! Як жа я яе ненавіджу!!!»

- Табе спадабалася? - спытаў ён, патрабуючы станоўчага адказу.

- Канешне! - іранічна ўсміхнулася ў цемры Ірына. - Я так люблю слухаць французскую мову! А можна і я табе пачытаю?

 

Я крочыла павольна і няспешна,

Табе ўжо не патрэбная зусім.

А памятаеш, я казала: «Вечна

З табою будзем разам мы, Максім!»

 

Забудзь, Максім, што я казала тое,

Я іншую знайду сабе мішэнь.

З твайго цішком выходжу я пакоя,

Засунуўшы бюстгальтар у кішэнь.

 

- Не Рэмбо, канешне, але няблага, - засмяяўся ён. - Сама сачыніла?

- Гэта Данік напісаў для цябе ад мяне.

- Данік? Іра, я прашу цябе больш ніколі не называць пры мне імені гэтай бясполай істоты і не чытаць ягоных «геніяльных» вершаў. Я не прашу цябе перакрэсліць вашае сяброўства, але чуць пра яго не хачу!

Настрой быў сапсаваны, ён адчуў, што яна свядома гэта зрабіла, значыць, ён недзе памыліўся ці зрабіў ёй нешта непрыемнае, а сам не заўважыў. Спытаць было няёмка, і ён устаў з ложка, апрануўся, узяў джэзву і пайшоў на кухню рабіць каву. Іра яшчэ хвілінку паляжала, потым завярнулася ў коўдру і прайшлася па пакоі, чытаючы наклееныя на сцяну паперкі.

Над ложкам Валеры, зацятага футбаліста і найапошняга студэнта, вісеў аркуш «Сеанс самаўнушэння»:

1. Я вельмі люблю вучыцца! (Што?)

2. Я абажаю сесію! (У час семестра.)

3. Я атрымоўваю асалоду ад наведвання лекцый і практычных заняткаў! (Як і ад мыцця падлогі.)

4. Нашы выкладчыкі - цудоўныя людзі! (Толькі не ў час сесіі.)

5. Вучоба - гэта лепш, чым секс! (Кажуць тыя, хто ніколі не займаўся сексам.)

6. Я - геніяльны! (Трэба сказаць гэта выкладчыкам.)

7. Я люблю рыхтавацца да экзаменаў! (Трэба сказаць гэта мне.)

8. Што можа быць прыемней рыхтавання да экзаменаў?! (З'есці жабу прыемней!!!)

9. Заўтра я прачнуся і пайду на заняткі. (А як жа!!! Канешне!!!)

10. Я люблю атрымоўваць стыпендыю! (Дык чаму ж я яе не атрымоўваю?!)

Іра засмяялася, уявіўшы, як кожную раніцу ці вечар Валера чытае гэта і ўсё адно не ходзіць на лекцыі, з рыпам здае сесію і з першага курса не атрымлівае стыпендыі.

Над ложкам таўсцяка Валіка вісеў фотаздымак, дзе яго вялікая галава была дапасавана да цела нейкага культурыста. Знізу быў прышпілены «Спіс маіх каханых жанчын». Да вялікага спісу з дванаццаці кіназорак і спявачак почыркам Стаса Зварына было дапісана трынаццатае прозвішча - Дэвід Духоўны.

Валік увогуле быў незвычайным, калі не ўдакладніць, што дзіўным, хлопцам. Ягоная нестандартная знешнасць кідалася ў вочы: высачэзны, крыху паўнаваты, з доўгімі светлымі валасамі, ён так быў падобны да дзяўчыны. Стас быў прыблізна аднаго з ім росту, але нашмат худзейшы, побач з ім Валік быў сапраўды таўсцяком, чым Стас не прамінуў скарыстацца. На Валіка была пастаўлена «пячатка бегемота», а з часам ён пачаў адпавядаць сваёй мянушцы. Паходка ў яго была павольная і пяшчотная, калі так можна сказаць пра хаду. Густыя светлыя валасы, нібы сцяг, вянчалі ягоную постаць.

Калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што адно вока ў яго было блакітным, другое - зялёным, і хоць гэтая яго асаблівасць была малазаўважнай, хлопец насіў акуляры са звычайнымі шкельцамі. І выгляд быў разумнейшы, і Валік пачуваў сябе ўпэўнена.

Ён павінен быў бы нарадзіцца дзяўчынай. Хлапечы пакой стаў такім утульным менавіта яго намаганнямі: на падаконніку кветкі, якія ён ніколі не забываўся паліваць, на тумбачках вышываныя сурвэткі, заўсёды чыстая падлога, якую Валік мыў двойчы на тыдзень. А вечарамі ён цыраваў сабе і сябрам шкарпэткі - занятак даволі дзіўны для хлопца. І зноў жа ніхто не звярнуў бы на гэта ўвагі, калі б не Стас. А горш за ўсё - Валікаў дзявочы твар са слабай расліннасцю. Але нават вусы ці барада не ўратавалі б яго - яшчэ недарэчней глядзеліся б бясколерна-саламяныя вусы на яго пяшчотным твары.

Калі хлопцы яшчэ вучыліся на першым курсе, да іх у госці завітала Валерава мама. Стасу ў тыя часы не далі яшчэ месца ў інтэрнаце, і ён жыў «зайцам» і начаваў у адным ложку з добрым Валікам. Жанчына, увайшоўшы раніцой у пакой, была непрыемна здзіўлена распуснымі норавамі. Як можна прыводзіць дзяўчыну ў пакой, дзе спяць яшчэ два хлопцы?! А Валік бесклапотна спаў, уткнуўшы ў падушку вузкі твар з далікатнай скурай. Пасля таго выпадку Стас, якога пашкадаваў Валік, павёў сябе нахабна і жорстка, дазваляючы і правакуючы жарты наконт іхніх адносінаў. Тады ён і дапісаў у спіс Дэвіда Духоўнага.

Іра гучна разрагаталася, уявіўшы разам пяшчотнага Дэвіда і Валіка з гомасексуальнымі замашкамі. У гэты момант у пакой увайшоў Аспірант, несучы паднос з кубачкамі кавы. Іра вінавата сціхла.

- З чаго смяешся?

- З Валікавага «Спіса»! Гэта Стас дапісаў?

- Стас. Мы ўсе заўважалі незвычайную пяшчоту Валіка, але толькі Стас не пасаромеўся выказацца ўголас. А далей ведаеш жа: на каго Бог, на таго і людзі. Вось Стас і быў такім богам.

- А ён быў жорсткім, ваш Стас!

- Іра, ты сама зараз смяялася! Стас ведаў людзей, ён ведаў, з чаго яны будуць смяяцца. І калі ён ведаў, што смяяцца будзе шмат людзей, то ён не баяўся пакрыўдзіць аднаго. І гора таму, каго ён абіраў сваёй ахвярай.

- А ты яго баяўся?

- Ну што значыць баяўся? Я асцерагаўся! Але ён усё ж здолеў згуляць са мной.

- Раскажы, - папрасіла Іра і паклала цукар у каву.

- Табе гэта будзе непрыемна. Але калі ты хочаш... Аднойчы, два гады таму, у інтэрнаце з'явілася ваша Таня, такая сціплая, ціхая, і я закахаўся ўмомант. Ды меў неасцярожнасць сказаць пра гэта Стасу. Ох, як ён яе ганіў: і завучка, і дура, і апранецца, як было модна ў беларускай вёсцы мінулага стагоддзя... Ну, ты ж ведала Стаса. Я раскахаўся гэтаксама ўмомант. Я не ведаю, чаму. Магчыма, гэта не было сапраўдным каханнем, таму яно так хутка растала. А Стас закахаўся сам. Канешне, Таня моцна змянілася, папрыгажэла, а язык які востры мае! Мне ж да гэтага часу сорамна за сваю тагачасную слабасць.

- Ты так закахана пра яе расказваеш!

- Да ну цябе! Я кахаю іншую дзяўчыну!

- Я яе ведаю?

- Магчыма! - выразна прагаварыў ён, набліжаючыся да Ірыны.

І яны зноў бухнуліся ў ложак...

Праўда, не надоўга, бо было ўжо шэсць гадзін раніцы, а ў сем ў дзверы гучна пагрукалі. Гэта быў Валера:

- Шчэ спіце?! А надвор'е зараз такое, што чэлес сам стаіць!

- Ты што, з вуліцы? - Максім трымаў Валерку ў калідоры, каб даць Ірыне час апрануцца.

- Загуляліся мы з Аленкай. Інтэрнат быў ужо закрыты. Ну мы і пасядзелі па-студэнцку ў скверы.

- Па-студэнцку гэта як? - цягнуў час Аспірант.

- Па-студэнцку - гэта лежачы! - зарагатаў хлопец. - Хутка твая апранецца? А то ноччу ў інтэрнат не пускаюць, днём - ва ўласны пакой.

У гэты момант выйшла Ірына з такім выглядам, нібыта яна забягала толькі на хвіліну. І кінула на развітанне:

- Да пабачэння, Ас-пі-рант! Кава была дужа смачнай!

- Во гадаўка! - вымавіў у захапленні Валера.

- А зараз ты мне скажаш, чыя гэта была ідэя - падкінуць у мой ложак слоўнік, га?

- Мы разлічылі так, што іншым спосабам нам не даведацца, ці не будзеце вы валяцца ў нашых ложках. Можа, табе ў тваім кахацца сумна, га?

- Ну, то вы ўсё зрабілі, каб было смешна!

- Спадзяюся, што самай адказнай часткай ты на яго не напароўся? - зацікаўлена спытаў Валера.

- Калі будзе твая чарга начаваць, я табе ў ложак вожыка вашывага падкладу. Будзеш з Аленай усю ноч вошак давіць! - раззлаваўся Аспірант.

- З-за чаго, хлопцы, сварыцеся? - матэрыялізаваўся з паветра сусед па блоку Юра-Трасянка. - Паненку не падзялілі? Ці пана?

- Йдзі, як ішоў, - Аспірант не мог настроіцца на жартаўлівы лад веселуна.

- Стоп, стоп, Аспірант! Ноч была няўдалая?

Хлопец зразумеў, што ягоныя сум і злосць могуць сапсаваць ягоную мужчынскую рэпутацыю, і як мага гучней адказаў:

- Так, ноч была няўдалая... у Валеры. І не таму, што Аленка кастлявая, а таму, што лаўка рабрыстая.

Хлопцы разрагаталіся і пачалі жартаўліва апісваць ноч і пакуты Валеры, які бессаромна дадаваў падрабязнасці.

Ірына хуценька збегла паверхам ніжэй і ўляцела ў свой пакой. Таня заўважыла:

- Бачу, дыскатэка атрымалася, калі прыходзіш раніцой.

- Таня, я сёння ў яго ноч правяла, у яго пакоі. Божа мой, як ён падобны да твайго Стаса!

- Да Стаса? - Таня не змагла схаваць здзіўлення.

Ірыніна заўвага была нечаканай, асабліва калі памятаць, як халодна ставілася яна да Стаса пры жыцці. Адкуль жа такое незвычайнае ўзрушэнне ад падобнасці Стаса і Аспіранта? Іра зразумела, што ляпнула нешта не тое, і крыху змяніла тэму:

- Ведаеш, я зноў не змагла прызнацца Максіму, што не цярплю французскую мову.

- Трэба альбо сказаць пра такое сваё стаўленне, альбо прымусіць сябе палюбіць тое, што любіць ён, - тонам вопытнага псіхолага параіла Таня.

- Я ніколі не змагу прызнацца, бо для яго гэта вельмі істотна. Я нават думаю, што мая нянавісць з-за таго, што ён трызніць Францыяй, а не мной.

- А табе мала кахання, табе абавязкова патрэбна трызненне?

- Хацелася б.

Калі б Таня распытвала, цікавілася падзеямі мінулай ночы, Іра дыпламатычна выкруцілася б, але знешняя Таццяніна абыякавасць падштурхнула дзяўчыну да падрабязнасцяў, а можа, яна расказвала менавіта таму, што хацела сваім нібыта шчасцем падкрэсліць становішча і стан сяброўкі.

Іра са смехам пераказала эпізод з Данікавым вершам, але Таня такі жарт не ўхваліла:

- Нашто ты зводзіш іх, і без гэтага хлопцы цкуюць Данілу. А яму самому не абараніцца. Яны жорсткія, а ён чуйны, ён занадта адчувае жыццё, і тое, што не пакрыўдзіць футбаліста Валеру ці твайго Аспіранта, можа давесці Даніка да дэпрэсіі.

- Данік твой прызвычаіўся, што ты яго абараняеш, і выяўляе з сябе Шклянога-Прынца-Ткні-Разаб'юся. А ягоны Санька штоночы новую дзеўку цягне, каб паэтычныя пачуцці былі заўсёды свежымі, а дзяўчат сваіх ён так і называе - свежына. А ты кажаш: чуйны! паэт!

Таня не сказала Ірыне пра фотаздымак, ды і не збіралася гаварыць, сама для сябе яна дзяўчат апраўдала. Гэты сакрэт ведалі толькі яна, Валік і, магчыма, забойца. Але Таня забылася, што пяшчотны і ласкавы Валік языком менціць не горш за любую дзяўчыну.

Валік прыпёр з дому дзве вялізныя торбы з бульбай, салёнымі агуркамі, морквай, капустай. Валера і Юра-Трасянка з радасцю кінуліся разбіраць прывезенае. А Валік як бы між іншым спытаў, ці не знайшла Таня забойцу. Калі хлопцы здзіўлена паднялі галовы, Валік уздыхнуў з палёгкай: не ведаюць, значыць, можна даваць сваю інтэрпрэтацыю. Але як ён ні намагаўся выставіць Таніна падазрэнне як прымхі цяжарнай, хлопцы зразумелі, што нешта не так у гэтай выпадковай смерці. Валік пакрыўджана змоўк, калі зразумеў, што хлопцы не падтрымліваюць ягонай пазіцыі.

Валера, стоячы пасярод пакоя з банкай салёных гуркоў, якую ён нават забыўся паставіць, ціха сказаў:

- Але ўсё будуецца на нейкіх фантазіях, хісткіх уліках. Стас мог з тыдзень таму выкінуць той фотаздымак... А магчыма, мы, як звычайна ў такіх выпадках, не верым у смерць сябра, не хочам яго адпускаць і таму чапляемся за розную дробязь. Хутчэй за ўсё так.

Юра-Трасянка свайго меркавання не меў, але ён заўсёды адчуваў, што трэба сказаць у пэўнай сітуацыі, таму ён сказаў Валіку:

- Канешне, ты нікому, акрамя нас, гэта не расказваў і не раскажаш?

Валік баязліва пасунуўся ад яго і спытаў сваім высокім голасам:

- Як жа так, хлопцы... І Аспіранту не скажам?

- Я бачыў, як ён да люка таго на наступны дзень хадзіў. Ён начэй не спіць з-за Стасавай смерці, ды я і сам, калі вочы заплюшчу, Стаса бачу, жывога. А здавалася б, што мне Стас? Ні брат, ні сябра, ні сваяк, - дадаў Валера.

Жартаўлівы, няпэўны, неканкрэтны ў кожным штодзённым слове, Валера ў цяжкіх сітуацыях ператвараўся ў камень, валодаў сітуацыяй і заўсёды быў упэўнены, што ўсё робіць правільна. І зараз ён разумеў, што Аспірант, як і Таццяна, кінецца шукаць забойцу. Гэта толькі ў кіно ўсе дэтэктыўныя гісторыі маюць happy-end. А ў жыцці забойца часта бывае разумнейшым за іншых, - і Валера хітра ўсміхнуўся сваім думкам.

- Не, хлопцы, Таня, калі трэба, сама Аспіранту скажа. Мы тут ні пры чым. Мне здаецца, Таня зразумее, што ўсё гэта лухта... Валік, а яна не збіралася пайсці ў міліцыю і расказаць пра фотку? - як бы між іншым спытаў Валера.

- Не, яна сказала, што не хоча, каб з яе рабілі вар'ятку, - паслужліва паведаміў Валік.

- Першая прыкмета розуму! Яна сама бачыць, што міліцыя наплюе на такую ўліку, і збіраецца паціху вар'яцець у адзіноце. Бо Аспіранта мы ёй не аддадзім. А Тане трэба прапанаваць культурную праграму прыкладна на пару тыдняў, а потым пачнуцца практычныя заняткі, і наша любімая «завучка» будзе больш улягаць у навуку, чым у свае фантазіі.

Юра-Трасянка быў уражаны гэтым маналогам да такой ступені, што нават выказаў уласнае меркаванне:

- Валера, а калі там сапраўды нешта было? Можа, хай шукае?

- Ці шмат адшукае цяжарная дзяўчына, якая цяжка перажывае смерць свайго каханага? А калі забойца даведаецца, заб'е і Таню таксама? Стас загінуў, дык давайце хоць выратуем яго дзіця! Згодны, Юрык?

- Ну...

- Што «ну», Юрык? Я ж цябе не прымушаю, ідзі і скажы Аспіранту! Ён спачатку дасць табе добра за тое, што адразу яму не расказаў. А потым будзе кожнага з нас падазраваць! Вось глядзі, ты ўчора казаў, што калі Данік пра цябе яшчэ адзін верш напіша, ты яго заб'еш.

- Казаў, але ж я не меў на ўвазе... - пачаў апраўдвацца Юра.

- Гэта ў міліцыі раскажаш, што менавіта ты не меў на ўвазе, калі паэт выпадкам паслізнецца і загіне! - пераможна выдаў Валера.

Юра-Трасянка вырашыў у гэтыя справы больш не мяшацца, спаслаўся на нейкае спатканне і выйшаў з пакоя. Валіку не хацелася заставацца там з Валерам, і ён выйшаў, адзначыўшы, што хоць сам ён паводзіць сябе дзіўна, але паводзіны Валеры насцярожваюць яшчэ болей.

Агульная тайна, якую незразумела чаму яны вырашылі захаваць, раз'яднала іх. Хлопцы баяліся, што застаўшыся сам-насам, яны зноў пачнуць закранаць тую балючую тэму. Разважыўшы, кожны вырашыў, што сапраўды, лепш трымаць язык за зубамі. Гэты цяжар ціснуў, і хлопцы стрымліваліся з апошніх сіл. Нават Юра-Трасянка, які не змог бы не тое што чалавека забіць, а нават слова супраць сказаць, і той адчуваў сябе забойцам.

Але яны не маглі пазбягаць адзін аднаго: жылі разам, наведвалі адныя і тыя ж лекцыі, хадзілі на адныя і тыя ж дыскатэкі.

Валік, нягледзячы на сваю фігуру, вельмі любіў танчыць, вага не дазваляла яму рухацца па вертыкалі, і таму ўсю душу ён укладаў у гарызантальнае перамяшчэнне. Цела яго калыхалася, усё на ім уздрыгвала, але хлопец нічога не заўважаў і не саромеўся. Ірына заўсёды станавілася ў кола насупраць яго, каб потым вечарам у сваім пакоі перадражніваць ягоныя скокі. Вераніка нават у лютым апранала на дыскатэкі самы мінімум адзення. Валера жартаваў, маўляў, што ж ты на факультэцкую дыскатэку адзяваешся, як на працу? На што Веранічка агрызалася:

- Вось кіне цябе Аленка, я шчэ пагляжу, у чый ложак ты прасіцца будзеш!

І Валера больш дзяўчыну не чапляў, бо гэткую сітуацыю яму было страшна ўявіць. Такім ультыматумам Веранічка паставіла б яго на адзін узровень з Данікам. Увесь інтэрнат ведаў, што толькі Данік - персона non grata ў яе ложку. Валера не спадзяваўся ўсе студэнцкія гады пражыць з Аленкай, таму раней ці пазней прыйшлося б пасябраваць з Веранічкай ізноў.

Рознакаляровыя агеньчыкі выхоплівалі з цемры твары, фігуры, і ў гэтай мітусні Веранічка выпадкова заўважыла Даніка і паказала на яго Ірыне. Данік не танцаваў, ён прыхіліўся да сцяны і моўчкі назіраў. Дзяўчаты пачалі шаптацца:

- Іра, я яго запрашу на наступны танец!

- Веранічка, не трэба!

- Можа, й не трэба, бо ён адразу скончыць.

- Таня цябе заб'е, калі даведаецца.

- Яна ж у нас абаронца братоў нашых меншых.

- А ў рэшце рэшт, запрашай, ён закахаецца, ажэніцца з табой. І ты станеш жонкай вядомага паэта! Ён не будзе табе здраджваць, бо вольны час будзе ахвяраваць вершам.

- Іра, ён мне і так здраджваць не будзе, але і са мной спаць не зможа. Так што лепей я запрашу твайго Аспіранта.

- Ну! Рызыкні здароўем! - адначасова ваяўніча і жартаўліва прамовіла Іра.

Яны забыліся на Даніка, а ён, адшукаўшы вачамі Вераніку, пільна ўглядаўся ў яе фігуру. Пасля таго выпадку, калі ён ратаваў яе ад перапою і пабачыў яе голай, ён нібы захварэў. І нельга, канешне, сказаць, што ў той момант яна была дужа эратычнай, але Данік зацыкліўся і нічога не мог з сабой зрабіць. Санька смяяўся з гэтага сляпога кахання і спрабаваў расказваць пра Веранічку брудныя гісторыі. Але дарма, бо Данік сам ведаў іх на памяць. Яму нават падабалася, калі ён чуў пра яе ўсё горшыя і непрыстойнейшыя аповеды. І Санька, каб не падтрымліваць ягоны мазахізм, вырашыў больш Вераніку не ўспамінаць.

У апошняй спробе задушыць гэтае ненармальнае пачуццё Санька ўсё расказаў Таццяне, каб яна неяк паўплывала. Яна паназірала і заўважыла, што Даніку проста патрэбна дзяўчына, якой ён будзе прысвячаць вершы, якую ён будзе нібыта кахаць. Але ў вершах найбольш прывабна выглядае няшчаснае каханне, і Данік, мабыць, быў упэўнены, што пачуццё да Веранічкі, якая грэбавала ім, будзе дакладна няшчасным. Паспрабуй зразумей гэтых паэтаў!

Калі дзяўчаты ўжо ішлі дадому, Ірына заўважыла, што Данік быў на дыскатэцы п'яны. Наступнай раніцай Веранічка зазірнула ў пакой да хлопцаў. Данік спаў, а Санька і Юра-Трасянка ўжо ігралі ў карты. Дзяўчына падміргнула хлопцам, села на Данікаў ложак і пяшчотна разбудзіла яго пацалункам у шчаку. Убачыўшы Веранічку, Данік аж падскочыў у ложку. Яна шчыра ўсміхнулася, правяла рукой па яго валасах і ласкава запытала:

- Данік, памятаеш, як ты да мяне ўчора чапляўся?

- Я?! - жахнуўся Данік і азірнуўся на хлопцаў у пошуках падтрымкі.

- Болей не рабі так, пакуль я сама не дазволю, - кажучы гэта, Вераніка нахілілася так, што Данік меў магчымасць зазірнуць у ейнае дэкальтэ. Малады ўразлівы паэт быў у паўпрытомным стане, калі Вераніка, віхляючы клубамі, выйшла з пакою.

- Данік, няўжо ты думаеш, што мы не заўважаем тваіх «сардэчных» пакут?! - сыграў заклапочанасць Санька.

Ён выняў нешта са сваёй шуфлядкі, схаваў за спінай і ўрачыстым крокам падышоў да сябравага ложка.

- Я для цябе кніжачку набыў. «Майстэрства сексу». У цябе ж ніколі нічога не атрымаецца, - нібы гіпнатызаваў Санька. - Ніколі й нічога! Таму я табе заклаў параграф «Аральны секс». Парадуеш Веранічку. Языком ты добра мянціць ўмееш!

Хлопцы разрагаталіся. Юра-Трасянка ад смеху захлынуўся ўласнай слінай, і Санька доўга ляпаў яго па спіне. Данік, нацягнуўшы коўдру па самую шыю, абурана назіраў за іх рэакцыяй. А потым яму стала ўсё адно. Хай смяюцца. Галоўнае, што яна прыйшла да яго. Прыйшла сама. Ён дакладна памятаў, што ўчора нават не гаварыў з ёй, не тое што прыставаў. Значыць, яна прыйшла пажартаваць. А гэта ўжо добрая прыкмета, ён не ведаў для каго добрая, але было жахліва прыемна, і нават хлопцы не змаглі сапсаваць яму настрой.

Данік нацягнуў спартовыя штаны і сеў за пісьмовы стол.

- І не паснедаеш, паэт? - зайздросна вымавіў над Данікавым вухам Санька.

- Адзін толькі верш, пачакай, - папрасіў хлопец. І Санька са шкадаваннем зразумеў, што ад паперы Даніка не адцягнеш.

А Юра-Трасянка адзначыў сабе: «Паэты, як жанчыны, гатовы псаваць настрой адзін аднаму дзеля якой-небудзь дробязі, гатовы ганіць выдатны верш толькі за тое, што яго напісаў лепшы сябар, і гатовы плакаць з-за крывога позірка і сваёй недаацэненасці». Але, як заўсёды, разумныя думкі Юра пакідаў сабе, а лухту з задавальненнем агучваў. І самае дзіўнае, што два тонкіх, адчувальных паэта, што жылі з ім у адным пакоі, не раскусілі суседа, а захлыналіся ў сваім суперніцтве і сваім эгаізме.

Чуйныя? Якія ж яны чуйныя? - Ірына ўсё ўспамінала словы Таццяны наконт паэтаў, - Стас загінуў, а Санька нейкі галімы верш яму прысвяціў, які ён напісаў толькі таму, што ведаў: усе прачытаюць. Данік хоць не кан'юнктурыў. Мала хто любіў Стаса да згубы прытомнасці, можа, адна толькі Таня, але нармальная рэакцыя на яго смерць павінна быць у кожнага, хто яго ведаў. Кожны павінен быў падумаць, што на месцы Стаса мог апынуцца ён сам. Людзі эгаісты, ім шкада сябе больш, чым іншых, свая дробязь прыносіць больш перажыванняў, чым чужое гора. І плакаць павінны былі ўсе, шкадуючы сябе, успамінаючы самае лепшае, што было звязана са Стасам. А Санька паспрабаваў узняцца на хвалі гэтага жаху.

Ірына ўспомніла сваю рэакцыю на смерць аднакласніка, з якім у яе была «халодная вайна». Першае, што яна падумала, было адчуванне свабоды ад яго надакучлівых чаплянняў, ад крыўд. А потым яна зразумела, што гэта такое, і была б гатова цярпець яго абразы ўсё жыццё, абы ён толькі быў жывы. Як заўважыла Ірына, такой жа была першая рэакцыя Даніка: спачатку ён уздыхнуў з палёгкай, што не дакранецца больш да яго атрутнае джала Стасавай іроніі, а потым зразумеў, якое гора гэта для Тані, для таго ж Аспіранта і хлопцаў. І ўжо ніколі дзяўчаты не чулі, каб ён сказаў нешта дрэннае пра Стаса, ды ён ужо і не памятаў нічога дрэннага.

За такімі думкамі застала Ірыну Веранічка, вяртаючыся з чарговага спаткання. Яна плюхнулася на свой не прыбраны з раніцы ложак і задаволена пацягнулася да трэску касцей.

- Ну, што? Пазбавіла цнатлівасці чарговага хлопца? - іранічна запытала Іра.

- Мне здаецца, што я ў яго не першая... Але хацелася б! - летуценна прамовіла Веранічка.

- Хацелася б ёй! Вераніка, прыбяры на ложку і на палічцы. А то прыйдзе твой «цнатліўчык», пабачыць гэткі развал і ...

- Знайду новага! - спыніла яе дзяўчына.

- Ага! А потым яшчэ аднаго, а потым яшчэ... Чым гэта ўсё скончыцца, га? - не стрывала Ірына.

- Ты што, мая мама? Што хачу, тое й раблю! - раззлавалася Вераніка.

- Ніка, а ты сапраўды гэтага хочаш? Гэтага? Знайдзі сабе нармальнага хлопца, а не гэтых...

- Абавязкова! Як мяркуеш, Аспірант мне падыдзе? Ці пакінуць табе?

- Прабач, канешне, але калі Аспірант захоча з табой сустракацца, сам захоча, то я не буду перашкаджаць. Бо ён ужо не будзе Аспірантам, а стане, як усе твае хлопцы. І пасля цябе, зноў прабач, з пункту гледжання гігіены і ўсяго астатняга, ён не будзе вабіць ніякую дзяўчыну...

- Усё сказала? - кпліва прамовіла Вераніка і ўстала, каб выйсці з пакоя.

У гэты момант у пакой зазірнуў Валера, ён заўважыў непрыбраны ложак і грэбліва прамовіў:

- Ну й бардак у вас!

- Ідзі й прыбяры! - агрызнулася Вераніка і выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.

- Яна звар'яцела? - Валера сеў на ложак Ірыны і глянуў на яе знізу ўверх.

- У яе, як звычайна, праблемы з хлопцамі.

- Іра, у яе ніколі не было праблем з хлопцамі, - засмяяўся Валера.

- Валерка, ты прыйшоў, каб гэта сказаць? - заўважыла Ірына, як заўсёды, іранічна.

- Не, я прыйшоў паведаміць, што сёння ты можаш пераначаваць у нашым пакоі.

- Ведаеш, мне мінулы раз было так сорамна перад Таняй, яна пра Стаса ўспомніла, - з падкрэсленым сумам прамовіла дзяўчына і села побач з Валерам.

- І ты гатова ахвяраваць сваімі адносінамі з Аспірантам з-за гэтага?

- Не, канешне... Бедная Таня, - уздыхнула Іра.

- Бедная Таня, - паспяшаўся згадзіцца Валера. - Дык ты пойдзеш сёння да Аспіранта?

- А ён сам не можа пра гэта спытаць?

- Ён рыхтуецца! Слухай, упершыню такога хлопца бачу. Звычайна дзяўчаты ладзяць вячэры са свечкамі, а твой Аспірант або дурак, або вельмі цябе кахае.

- Эх, Валерка, Валерка... - уздыхнула Іра і выгнала яго, каб апрануцца для спаткання.

... Яна павольна ўвайшла ў пакой хлопцаў. Пачуўшы крокі, Аспірант азірнуўся і амаль што спалохаўся:

- Іра?! Я не падрыхтаваўся яшчэ! Гэта ўсё Валерка наблытаў з часам! Я на кухню за «шарлоткай». Пачакаеш?

- Канешне, - засмяялася яна з яго спалоху і падышла да акна. І адразу ўспомніўся іншы вечар, што знік у нябыт паўгода таму. Яна і Стас у гэтым жа пакоі.

Светлым жнівеньскім вечарам яна зайшла сюды. Стас толькі што прыехаў і раскладаў свае рэчы. Іра падышла да яго ззаду і абняла. Ён развёў яе рукі і азірнуўся.

- Іра, - ён амаль не здзівіўся, - не думаў, што прывітаеш мяне такім чынам.

- Кінь яе! - прашаптала яна.

Фраза павісла ў паветры, не дачакаўшыся адказу. Іра са злосці села на кашулі, што былі раскладзены па ўсім ложку.

- Я кахаю яе, - сказаў хлопец з націскам на апошнім слове. І ўсміхнуўся тонкай і прыемнай усмешкай, якая не пакрыўдзіла Ірыну. Яна глядзела ў яго чорныя вочы, прыгожыя да такой ступені, што было балюча ў іх глядзець.

- Табе гэта толькі здаецца! - страсна сказала Ірына і кінулася да яго, каб абняць. Ён спыніў яе, схапіўшы за рукі:

- Іра, табе не сорамна? Таня твая сяброўка.

- У каханні няма сяброў! - выгукнула яна, спрабуючы выблытацца з яго рук. Ён адпусціў яе і зноў пачаў распакоўваць сваё адзенне. Яна хадзіла па пакоі, раздражнёная. Стас краем вока назіраў за ёй. На нейкі момант у галаве мільганула думка: зараз распрану яе і... Але ўспомніў Таню, яе закаханыя шчаслівыя вочы, і стала сорамна.

- Паглядзі на мяне, - амаль крыкнула Іра, ведаючы, што жыхары суседніх пакояў яшчэ не з'ехаліся. - Я прыгажэйшая за яе. Хочаш параўнаць?

І яна пачала расшпільваць блузку. Стас толькі пакруціў галавой, маўляў, не трэба. Яна, абражаная гэтым рухам, кінулася на яго ложак, абняла падушку, але не заплакала, як чакаў Стас. Яму здавалася, што трэба неяк яе супакоіць, так, каб яна зразумела, што ён нікому нічога не раскажа. Ён падышоў і сеў на ложак. Яна рэзка павярнулася і запытальна паглядзела на яго. Ён міжволі глянуў у расшпіленую блузку, і яна, перахапіўшы позірк, прашаптала, нібы малітву:

- Я кахаю цябе, толькі цябе, я сапраўды цябе кахаю. Навошта табе яна? Яна не цэніць тое, што мае! - і дзяўчына пацалавала яго, ён не стрымаўся і адказаў на пацалунак, і закапаўся з галавой у выраз блузкі, а яна, шчаслівая, высока і пераможна падняла галаву. Яна ж ведала Стаса, які не мог прапусціць паўз сябе ніводнай спадніцы. І цяпер Стас будзе належаць ёй!!!

Але праз секунду Стас падняў галаву і са шкадаваннем, паглынаючы вачыма яе грудзі, дрыжачымі пальцамі зашпільваў яе блузку.

- Я заб'ю яе! - са слязамі ў голасе прашаптала Іра.

- І нават тады я буду кахаць яе. Я буду ўспамінаць яе. Я буду даставаць яе фотаздымак, - ён узяў свой заплечнік і дастаў яе фота. - Такіх фатаграфій толькі дзве: адна ў мяне, другая - у яе. І я буду глядзець... глядзець... І гэтага будзе дастаткова.

- Тады я заб'ю цябе! - выбухнула Іра.

- А казала, што кахаеш. Ці ж забіваюць у такіх выпадках? - Стас уважліва глядзеў ёй у вочы і зрэдку дакранаўся пальцамі да свайго тонкага носа.

- Я дачакаюся... Стас! Я адпомшчу! Не смейся, шчэ плакаць будзеш! Нават калі міне 20 год, я адпомшчу табе. А фотаздымак гэты можаш выкінуць зараз, каб праз 20 год мне не прыйшлося ірваць яго на кавалкі!

Вось з таго часу Ірына Стаса проста ігнаравала: не віталася, не размаўляла з ім, гаварыла пра яго ў трэцяй асобе нават у ягонай прысутнасці, а Таня-дурніца думала, што Стас нечым Іру пакрыўдзіў, і ўсё спрабавала памірыць іх.

Ірына задуменна глядзела ў акно, калі над яе вухам зашаптаў Аспірант:

- Я кахаю цябе, Ірка! Я сапраўды цябе кахаю! - ён глядзеў на яе сваімі чорнымі вачыма, прыгожымі да такой ступені, што было балюча глядзець. Не дачакаўшыся адказу, ён няўпэўнена дакрануўся да свайго тонкага носа, і толькі тады заўважыў слёзы, што стаялі ў вачах Іры.

- Я таксама кахаю цябе, ты проста не ўяўляеш, як я цябе кахаю.

- Ірка, дурная, што ж ты плачаш? - засмяяўся ён, а яна сцялася як ад удара і прашаптала:

- Табе ніколі не зразумець...

- Ір, давай вячэраць, няўжо я дарма стараўся? - запрасіў Аспірант. І яна паслухмяна села за стол...

Раніцой Вераніка ўчыніла скандал, маўляў, дзе мая ружовая спаднічка. Таня шчыра прызналася, што яе ўзяла Аленка, і згадзілася пайсці забраць яе. Зайшоўшы ў суседні пакой, яна аслупянела: на двух састаўленых ложках спалі Аленка і Валера, і ў гэтым не было б нічога дзіўнага, калі б на суседнім ложку не спала дзіцячым сном Ліля-першакурсніца. Таня ад здзіўлення гучна пракаўтнула сліну і ўжо збіралася выйсці, як падняў галаву Валера і падміргнуў Тані. Яна кіўнула галавой на Лілю, маўляў, не саромеешся? Ён толькі бязгучна засмяяўся.

Таня вырашыла забраць спадніцу ў другі раз. А на кухні, калі прыйшла гатаваць снеданне Ліля, спытала яе:

- Як вы так спіце? А яны, нахабнікі, не саромеюцца!

- Дык я лягла і заснула, - спакойна адказала Ліля.

- Як заснула? Ну, Ліля, я ў такой сітуацыі прынцыпова б не заснула! - засмяялася Таня, зразумеўшы Валеру. Неэмацыянальная, павольная і нетаропкая, як чарапаха, Ліля сапраўды спала, не звяртаючы ўвагу на шум.

Валера потым прыйшоў да Тані, каб пасмяяцца з Лілі.

- Я саромеўся, хоць гэта не мая ўласцівасць. Думаю, групавуха нейкая атрымоўваецца: двое робяць, трэцяя глядзіць ці слухае. Я пачаў сумнявацца, можа, яны скажэнкі якіясь. Шчэ прымусяць з дзвюма... - Валерка задаволена засмяяўся. - А яна спіць, Аленка нават кніжку спецыяльна на падлогу ўраніла, а Ліля сапе, як сапла. А можа, мне яе спакусіць? А то як ні знайду сабе дзеўку, а вяршкі ўжо Стас зняў...

Валера развіваў далей гэту тэму, не заўважаючы, як пачалі дрыжэць Таніны вусны і ў вачах пачаў адлюстроўвацца пакой.

Раптам расчыніліся дзверы і, як бы ад некага хаваючыся, уціснуўся Валік, ён толькі паспеў сказаць сваё адвечнае: «Танюля!», як заўважыў Валеру, які запытальна на яго паглядзеў. І Валік са словамі: «А... не буду вам перашкаджаць» падаўся назад.

Таня памкнулася за Валікам, але Валера пяшчотна ўзяў яе за руку: «Танечка, ты цяжарная, што ж ты скачаш, як каза? Калі б было нешта тэрміновае, ён бы сказаў. З драбязой нейкай прыцёгся, як заўсёды». А пра сябе адзначыў: «Шасцёрка Валік!»

- Эх, Таня, як было б добра, калі б ты прыйшла на спаборніцтва заўтра. Табе нельга хвалявацца, але заўтра ты і не будзеш хвалявацца. Мы стопудова пераможам! А станоўчыя эмоцыі табе не пашкодзяць, можа, у тваім жываце расце футбаліст. Таня, футбол для мяне - усё. Сама бачыш, як я вучуся. Калі б не футбол, я памёр бы. Не думай, што я ідыёт, які не можа асвоіць праграмы і таму ўлягае ў спорт. Проста адчуванне ад забітага гола, ды нават ад знаходжання на пляцоўцы - гэта нешта боскае. Тое, дзеля чаго варта жыць і мучыцца. Я жыву толькі на пляцоўцы, а ўсё астатняе - нерэальна, у іншым вымярэнні, - ён гаварыў гэта так узнёсла, так шчыра, а потым як бы прачнуўся, адчуў, што сказаў нешта залішняе, і паспрабаваў пажартаваць: - Нават у ложку з Аленкай я не такі шчаслівы, як там. А можа, мне проста не пашанцавала з Аленкай, - рассмяяўся хлопец.

- Валера, - раптам успомніла дзяўчына, - раней Стас быў капітанам, а зараз хто?

Валера замёр, вочы пачалі бегаць, ён злаваў на сябе, ніхто ж не прасіў расказваць пра футбол, і калі ўжо далей маўчаць стала непрыстойна, ён выдавіў:

- Я.

- Ты? Валера! Як жа так! - не ведала што сказаць Таня.

- Але не бывае каманды без капітана, - паспрабаваў ён апраўдацца.

- Канешне, канешне, - прамовіла Таня, ледзь стрымліваючыся. «Футбол для яго самае важнае, тое, дзеля чаго варта жыць... Інакш смерць? Значыць, увесь той час, пакуль Стас быў капітанам, Валера яму зайздросціў? І наколькі далёка ён зайшоў у сваёй зайздрасці? Настолькі, каб...»

- Валера, лепш выйдзі, я прашу цябе! - Таня не хацела падмацоўваць сваё падазрэнне ўсё новымі і новымі дробязямі і выбегла першай.

Валера абапёрся галавой на рукі: «Вось так заўсёды, якая-небудзь драбната выдае з галавой... Не, ніколі немагчыма ўлічыць усё».

У гэты момант увайшла Веранічка і здзіўлена паглядзела на Валеру, які сядзеў у пустым пакоі. І хлопец паспяшаўся выйсці.

Веранічка лягла на ложак, закінула ногі на палічку для кніг. У дзверы нехта пастукаў і, пачуўшы запрашэнне, няўпэўнена ўвайшоў. Мужчына, высокі і цёмнавалосы, у тым узросце, калі чалавеку можна даць і 40 гадоў, і 60, няёмка пераступаў на парозе. Веранічка з цікавасцю глядзела на яго, нават не паспрабаваўшы прыняць прыстойную паставу. Мужчына грэбліва прыўзняў густыя бровы і стараўся не глядзець на задраныя ногі дзяўчыны.

- Я шукаю Таню Захарэвіч, - яму было няёмка і непрыемна звяртацца да гэтага нявыхаванага дзіцёнка.

- І што вам ад мяне трэба? - нечакана для самой сябе сказала Веранічка.

- Таня?! - жахнуўся мужчына і ўжо ўважлівей абгледзеў яе спакушальную паставу. - Канешне, канешне, ведаючы Стаса, як мог я спадзявацца... - ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але, глянуўшы на ногі дзяўчыны, перадумаў.

Веранічка раптам адчула, што гэта дрэнна - выдаваць сябе за іншую, але было ўжо сорамна прызнацца, і таму палічыла за выратаванне, калі ў пакой ўляцела Іра і загаварыла:

- Веранічка, бяжы хутчэй на кухню. Я не ведаю, што далей рабіць!

Веранічка з выглядам шэф-повара прадэфілявала паўз мужчыну і нясціпла так яму падміргнула.

- Веранічка? Дык гэта не Таня? - ён паціху адыходзіў ад шоку.

Ірына засмяялася, папрасіла яго пачакаць і пабегла шукаць Таню.

І калі тая ўвайшла ў пакой, сціплая і безабаронная, мужчына расплыўся ва ўсмешцы:

- Спадзяюся, што вы дакладна Таня!

- Мне ўжо сказалі, як пажартавала Веранічка, - дзяўчына не ведала, што трэба далей гаварыць гэтаму чалавеку, якога яна ўпершыцю бачыла і які не спяшаўся называць сваё імя. Нарэшце ён зразумеў сваю памылку:

- Я бацька Стаса, Сяргей Антонавіч.

- Стаса? - Тані чамусьці захацелася збегчы, знікнуць.

- Мне Максім расказаў, што вы цяжарная.

- Максім? А, Аспірант, мы клічам яго Аспірант, - Таня гаварыла абы гаварыць. Яна не ведала, што мог ёй паведаміць у такой сітуацыі бацька Стаса, і яна страшэнна баялася, што ён зараз пачне дапытвацца, ці сапраўды гэта Стасава дзіця. Яна не хацела адчуць сябе аўтаматам па вырабу немаўлятак. І яна хацела пазбегчы гэтай размовы.

- Я быў дрэнным бацькам Стасу, але ён мой адзіны сын, у мяне ёсць яшчэ дачка ад другога шлюбу. Я не змог наладзіць з ім кантакт, і ён вырас такім, якім вырас. І я не хачу паўтараць сваіх памылак. Я лічу, што ў дзіцяці павінна быць сям'я. Вы ж не пазбавіце сваё дзіця сям'і? - прасіў мужчына, ад якога яна чакала абразы.

Таня ўздыхнула з палёгкай:

- А я так баялася гэткай сустрэчы... я была вырашыла для сябе, што ніколі нічога ў вас не папрашу, не буду дабівацца прызнання дзіцяці... што я ўсё зраблю сама. І мне ... мне вельмі прыемна, што вы прымаеце нас... мяне і ... - Таня ўжо плакала.

- Ну, не трэба, не трэба, - Сяргей Антонавіч няўмела спрабаваў супакоіць дзяўчыну.

- Не хвалюйцеся. Гэта я ад радасці, - Таня смяялася і плакала адначасова.

- Таня, ты не павінна жыць у інтэрнаце ў такім стане.

- Засталося здаць сесію, а потым я на лета дадому. А пасля нараджэння малога бацькі абяцалі здымаць мне кватэру.

- Гэта не спатрэбіцца, кватэру мы ўжо купілі.

Таніны слёзы імгненна высахлі. Значыць, ён прыйшоў, прасіў прыняць сям'ю, казаў пра высокія матэрыі, пра дрэнныя адносіны са Стасам, а сам ўжо купіў кватэру. Падкупіць яе хоча, нават калі ў гэтым няма патрэбы. А потым будзе папракаць. Ці дзіця забяруць. Але, з іншага боку, яна ў любы момант зможа адмовіцца ад усяго. А пакуль што кватэра ёй не зашкодзіць. Як непрыемна ў такія справы блытаць матэрыяльныя інтарэсы.

- Табе будзе цяжка жыць адной. У Менску вучыцца адна з маіх пляменніц, калі захочаш, яна будзе дапамагаць. Ну, і канешне, Максім абяцаў, калі трэба, дапамагаць і зрабіць усё дзеля твайго камфорту.

- Ну, Сяргей Антонавіч, я сказаў бы тое самае, але больш красамоўна, - на парозе стаяў Аспірант і па-змоўніцку ўсміхаўся.

Сяргей Антонавіч зірнуў на гадзіннік і паспяшаўся развітацца. Аспірант нахіліў галаву на бок і па-бацькоўску глядзеў на дзяўчыну.

- Максім, дзякуй, што ты вырашыў адну з самых важных для мяне праблем.

- Сказаць шчыра, я думаў не толькі пра цябе. Калі бацькі згубілі Стаса, яны не павінны згубіць для сябе ўнука.

- Ці ўнучку! - выгукнула Таня.

- Нават лепей унучку, бо жанчыны ў сям'і Сяргея Антонавіча нашмат прыемнейшыя за мужчын. І я спадзяюся, дзіця возьме ад ўсіх самае лепшае.

- Максім, ты сапраўдны сябра, - прашаптала Таня, а ў вачах яе свяцілася нешта большае за звычайную ўдзячнасць.

Аспірант нахіліўся, абняў Таню, якая не даставала яму нават да пляча, і сказаў ёй на вуха: «Усё будзе найлепшым чынам, я табе абяцаю».

Ён вярнуўся ў свой пакой і стомлена лёг на ложак, стома была не фізічная, ад якой так лёгка пазбавіцца, а эмацыянальная. У галаве круцілася калейдаскопам: маленькая Таня, Стас, Сяргей Антонавіч, зноў Таня, зноў Стас, вось яны разам, вось Стас робіць апошні крок у люк. Аспірант міжволі застагнаў, уткнуўся галавой у падушку, каб не заплакаць. Ён сеў на ложку, дацягнуўся рукой да тумбачкі, узяў фотаздымак, дзе побач стаялі ён і Стас. Ён і Стас.

- Зноў сабе сэрца надрываеш? - пісклявы голас Веранічкі, як камарыны звон, парушыў цішыню.

Аспірант павольна схаваў фота ў шуфлядку і запытальна паглядзеў на дзяўчыну. Яна залезла на яго ложак з нагамі, закінула галаву і, гледзячы ў столь, з горкай усмешкай сказала:

- Я таксама хацела б плакаць па ім. І плакала б... калі б не была для яго ўсяго толькі анучай для выцірання ботаў.

- Ну што ты, Вераніка, - Аспірант механічна вымавіў тое, чаго чакала ад яго дзяўчына.

- Я ведаю, як вы, хлопцы, да мяне ставіцеся. Як да... якойсьці. Я ведаю. Я не ведаю, чаму я так жыву, але я так жыву. Хлопцы думаюць, што яны мной карыстаюцца, а на самай справе ўсё наадварот.

Такі нестандартны падыход зацікавіў Аспіранта, ён адарваўся ад сваіх думак і пачаў слухаць.

- Я прыходжу са спаткання і распавядаю дзяўчатам розныя інтымныя падрабязнасці. Лёгка быць цнатлівымі, калі самае цікавае я ім ужо расказала. Я, калі хочаш, заканадаўца мод. Заўважыў, як дзяўчаты Данікам грэбуюць, а ўсё з-за мяне.

- Ніка, калі мяне яшчэ склероз не замучыў, са мной ты не кахалася. А я не магу паскардзіцца на недахоп жаночай увагі.

- Выключэнне толькі пацвярджае правіла! - выратавала сваю фемінісцкую тэорыю Веранічка. - Проста ты на два гады старэйшы і з дзецьмі не водзішся.

- Калі не лічыць Іру, - засмяяўся хлопец.

- Іра - гэта часовая з'ява, павер мне, - прашаптала яна і паклала далонь на калена Аспіранта.

- Эх, Ніка-Вераніка, хочаш пазбавіць правіла выключэння, - намагаючыся не пакрыўдзіць дзяўчыну, сказаў Аспірант і ўзяў яе руку ў сваю.

Вераніка ўздыхнула:

- Зноў пракол, можа, я старэю, га?

- Значыць, самы час пісаць мемуары, - пажартаваў Максім.

- Ну, то да пабачэння, пайду пісаць мемуары! - сумна згадзілася дзяўчына.

Адкрываючы дзверы ўласнага пакоя, яна пачула гучны смех і паспяшалася далучыцца да кампаніі.

У госці прыйшоў Данік, і хоць як мужчыну яго не ўспрымалі, у якасці паэта ён захапляў усіх дзяўчат. І спецыяльна для іх ён пісаў свае эратычныя вершы.

Убачыўшы Веранічку, ён не разгубіўся, як звычайна, а прадэкламаваў:

 

Як падаюць зоры -

Жаданне сваё загадаю.

Прачнуцца б з табою!

Я большага шчасця не маю.

 

- Данік, ты са мной не прачнешся, бо ты са мной не заснеш! - смяялася да слёз дзяўчына.

- Ніка, што ж ты перапыняеш, я ж яшчэ не скончыў.

- Ну, даражэнькі, ад вершаў і я не скончу! - словы Веранічкі паглынуў выбух смеху. І хоць яна здзеквалася з кожнага сказа, ёй была прыемная такая ўвага.

- Веранічка, я напісаў такія вершы, што нават ты скончыш, - пачырванеў Данік.

 

Не снілася замежным рэжысёрам,

І порназоркам, й порнагледачам,

Як мы з табой свой забывалі сорам,

Як мы з табой свой выяўлялі нораў.

 

- Данік, гэта сапраўды не снілася замежным рэжысёрам. Гэта снілася табе, Данік!!! - Вераніка ўжо трымалася за жывот, бо болей не было моцы смяяцца. - Данік, яшчэ адзін такі верш - і я памру.

Данік, нібы вампір, сілкаваўся гэтым смехам, гэтай увагай.

- А вось яшчэ верш!

- І каму ты яго прысвяціў? Мне, канешне, - здагадалася дзяўчына.

 

Згарае ноч пад ранкам,

Як нехта пад табой.

А ты сядзіш на ганку,

Мяне ж там не было.

 

- Ну, хоць у адным вершы не схлусіў, - падзякавала Веранічка і пацалавала паэта.

- Ну, Ніка, ты сама справакавала, - загарэўся паэт.

 

Я вазьму аберуч твае рукі.

Ты смяешся - смяюся і я.

І на целе, вільготным і пругкім,

Застаецца пяшчота мая.

 

- Данік, гэта ўжо нахабства! А ну, сцірай сваю пяшчоту з майго цела! - жартоўна загадала «запэцканая». - Э! Э! Рукі прыбяры!!! Лепш бруднай хадзіць!

Таня шчыра радавалася поспеху Даніка і ў захапленні выдала амаль афарызм:

- Гэта святыя людзі, хто ў 19 год шчэ піша вершы. Усе мы спрабавалі, але ў час зразумелі, што гэта не для нас.

- Данік, дай німб памацаю, - павалілася ад смеху Веранічка.

- Я быў бы не супраць, каб ты што іншае памацала.

Дзяўчына павольна падняла галаву і паглядзела на яго, яна была ўпэўнена, што і гэты яе жарт ён сцерпіць і стрывае безліч зняваг ад яе, а ён...

- Данік, у цябе пераходны ўзрост скончыўся ці толькі пачынаецца?

- Хадзем праверыш! - надзвычай самаўпэўнена прамовіў хлопец, душа ж яго на самай справе трэслася, як заечы хвосцік.

Веранічка дэманстратыўна занепакоілася:

- Данік, я лічыла, што сваю цнатлівасць ты страціш са мной. Але ж ты таксама, як бачу, у шапку не спаў.

- Я насамрэч спаў не ў шапку, праз шапку нязручна, - трыумфаваў паэт. Галоўнае, перагаварыць Веранічку, добра яе падкузьміць. І не будуць больш па ім таптацца. А то любы слабак, каб вылучыцца, на ім у славесным двубоі трэніруецца.

- Тайм-аўт! - спыніла іх Таня. - Людзі, хочаце сварыцца? Мы можам выйсці. Лепш пачытай што-небудзь яшчэ, Данік!

- А Данік вам штось чытаў? - зазірнуў у пакой Санька. - Штосьці з новенькага? Ён са сваім запорам усю туалетную паперу вершамі спісаў. А потым «Не снілася замежным рэжысёрам...», канешне, не снілася, яны ад запораў не пакутуюць!

Данік збялеў, а Санька загадкава на яго паглядзеў, маўляў, паспрабуй дакажы, што запор быў не ў цябе, а ў Юры-Трасянкі. Дзяўчаты абурыліся і выгналі Саньку, найбольш у гэтым працэсе шчыравала Веранічка, ды кульгавы аўтарытэт Даніка зноў кульнуўся з хісткага п'едэстала. Хлопец усё зразумеў і хутка развітаўся.

Дзяўчаты ўладкоўваліся на ноч, калі Веранічка стала сярод пакоя і абвясціла:

- Таня, я табе зайздрошчу!!!

- Чаму мне? - Таня ад здзіўлення не магла прыдумаць нічога разумнейшага.

- Цяжарнасць жанчыну ўпрыгожвае. У цябе жывоцік ужо ёсць, і ты стала такой пяшчотнай, круглай. Па ўсім відаць, для цябе самае важнае зараз - ты сама, а ўсё вакол хай праваліцца, зруйнуецца, цябе нішто не вытрусіць з тваёй раўнавагі. Напэўна, прырода такім чынам ахоўвае маці і дзіця, вы ў такой абалонцы эмацыянальнага спакою...

- Звар'яцела? - груба спыніла яе Іра.

- Іра, ну навошта ты так? - Таня абурылася за Веранічку, бо тая стаяла ў сваіх развагах, бы статуя. Таццяна звярнулася да свайго жывоціка:

- А мы з табой самыя шчаслівыя насуперак усяму. І сказала нам пра гэта цёця Вераніка.

- Вы мне надакучылі са сваімі хворымі фантазіямі! - крыкнула Ірына і захуталася ў коўдру з галавой.

- Толькі б мне Стас не прысніўся, - ледзь чутно прашаптала Вераніка, гэтую фразу як замову яна паўтарала кожны вечар з дня гібелі хлопца.

Усе заснулі, адна толькі Таня ўспамінала, якім прыемным быў для яе дзень. Веранічка пачала куёўчыцца ў ложку, стагнаць, і Таня падумала: «Зараз галёкаць будзе!» Яна ціхенька адшукала нагамі тапкі і падышла да ложка суседкі:

- Ш-ш-ш-ш! Спі, Веранічка! Ш-ш-ш-ш...

Веранічка стагнала і плакала ад сну-ўспаміну. Яна зноў перажывала тую гісторыю.

Стас ўжо не кантраляваў сябе, у шаленстве ён нічога вакол сябе не бачыў:

- Я прасіў цябе? Не ўблытвайся ў маё жыццё! Ты - дзеўка! Якой я карыстаюся, калі захачу! Я ... цябе, але не кахаю! І ср... я хацеў на твае пачуцці! У цябе няма пачуццяў!

А ўсё распачалося толькі з-за таго, што Веранічка паставіла на тумбачку Стаса свой фотаздымак у рамцы.

- Але фатаграфію Тані ты носіш з сабой! - абаранялася дзяўчына.

- Таня - не ты! Адчуй розніцу, шлюндра! - пырскаў слінай Стас.

- Захоўваеш яе фота, выдатна, яна твае - даўно ўжо скарыстала па прызначэнню! - бясконцыя абразы раз'юшылі нават Вераніку.

- Рухай капытамі, кабыла! - расчыніў дзверы Стас. - А фота Тані я зраблю постэрам!

Стас палез у заплечнік, але не знайшоў фатаграфіі.

- Сука! Ты ўзяла! - ён абрынуў на яе стопку кніг са стала. Яна ўпала, а Стас пачаў пінаць яе нагамі, найчасцей трапляючы па кнігах, робячы балюча сабе і ад гэтага яшчэ болей шалеючы.

І тут у пакой убег Аспірант:

- Стас, супакойся! Што ж ты за звер такі! Веранічка, Веранічка!

Дзяўчына, захліпваючыся, паўтарала: «Гэта не я зрабіла! Гэта не я! Стас! Гэта не я! Не я!». Аспірант паклаў яе на свой ложак, раз'ятрана запытаў у Стаса: «Што яна такога зрабіла?» і, сцяўшы сківіцы, чакаў адказу. Стас, задыхваючыся, расказаў. Аспірант схапіў заплечнік, памацаў рукой у кішэні і выцягнуў фотаздымак, што забіўся глыбока сярод папер. Стас з палёгкай выдыхнуў, пяшчотна ўзяў фота і нібыта забыўся на здарэнне. А Вераніка разрыдалася: «Я ж казала! Гэта не я!»

Таня стаяла наўколенцах перад ложкам дзяўчыны, Вераніка плакала і крычала: «Гэта не я! Гэта не я зрабіла! Ста-ас!» Таня спачатку хацела разбудзіць яе, але счакала колькі часу, каб паслухаць, што яшчэ тая скажа. Але Вераніка бясконца паўтарала адно і тое ж і сцякала слязьмі. Таня пашкадавала яе і выратавала ад жахлівага сну. Вераніка падхапілася, пачала выціраць твар. Яна спужана паглядзела на Таню і, запыняючыся, патлумачыла: «Дрэнны сон!» Яна нічога больш не сказала, а Тані ўсю ноч снілася, як Ніка крычала.

Іра цяжка прачнулася:

- Я сёння нейкая разбітая. Адчуванне, што мяне праз мясарубку прапусцілі.

- Ніка дрэнна спала, крычала ноччу, - расказала Таня.

- Ёй прыснілася, што яна цяжарная? - падкалола Іра.

- Не, ёй прысніўся Стас, - Таня не вытрымала. - А што ты маеш супраць цяжарнасці?

- А тое, што я таксама цяжарная! - ужо крычала дзяўчына.

- Аспірант будзе ад шчасця на сёмым небе, - з лёгкім сумам выказала меркаванне Таццяна.

- Ах! Ён будзе на сёмым небе! Цудоўна! Выдатна!.. Я рада за яго. А пра мяне ты падумала? Ён праз пару месяцаў скончыць універ і, калі не паступіць у аспірантуру, паедзе дадому вучыць дзетак у школцы, а я застануся тут цяжарная?! А калі Аспірант сапраўды стане аспірантам, я што, буду жыць у інтэрнаце ўсё жыццё? Не смяшы мяне!

- Ты можаш жыць са мной, бацькі Стаса купілі кватэру...

- Я не такая разумная, як ты! Трэба было ад Стаса зацяжарыць, а не ад гэтага... А ты святая, Стасу бацькі кватэру не купілі, бо шлюх вадзіў бы штоночы, а ты во як атрымала. А мой Аспірант, цьфу! Цюха-мацюха! Сёння я іду рабіць аборт! Я ўжо даўно ўсё вырашыла! І не збіраюся гэта абмяркоўваць!

Тані стала непрыемна выслухоўваць ўсё гэта, і яна пакінула Ірыну сам-насам з яе незапланаванай і непажаданай цяжарнасцю.

Па калідоры насустрач ішоў Аспірант, ён быў надзвычай вясёлы і ледзь стрымліваўся, каб не спяваць на ўвесь інтэрнат.

- Танюш, які сёння дзень? - гучна і ўрачыста спытаў хлопец.

- 27 чэрвеня. У мяне заўтра ў 14.00 апошні экзамен, а я ўжо ўсе білеты ведаю! - Таня падладзілася пад яго настрой.

- А сёння што? - пакрыўджана вымавіў Аспірант.

- Ма-аксім! Прабач, сёння твой дзень нараджэння! Шчасця, здароўя!

Таня ўспомніла пра Ірыну і дадала:

- І калі нешта дрэннае будзе адбывацца ў тваім жыцці, лепей, каб ты пра гэта не ведаў.

- Дзіўнае пажаданне... Але... Вы, паненка Таццяна, і ваша шаноўнае дзіця, спадзяюся, дзяўчынка, запрошаны сёння на святкаванне майго дня народзінаў. Прабачце, што не ў пісьмовай форме паклікаў. А яшчэ... Ты Іру не бачыла? Яна дома? - спытаў ён, ужо адчыняючы дзверы.

Ірына сядзела на ложку неапранутая, заплаканая, і кожны, хто б пабачыў яе ў гэты момант, зразумеў бы, што лепей ёй на вочы не трапляцца. Але Аспірант, захоплены ўласным святам, заўважыў яе стан занадта позна.

- Пайшоў прэч! - Іра нават не глянула на яго, а зноў легла і адвярнулася тварам да сцяны. Хлопец, пакрыўджаны няўвагай, пачаў дапытвацца, чым ён заслужыў такое стаўленне.

- Ах, ты хочаш ведаць, чым ты заслужыў? Вось гэтым органам! - Іра недвухсэнсоўна паказала рукой.

Але калі галава шчэ хвіліну таму была занятая рыхтаваннем да застолля, то цяжка скеміць, што мае на ўвазе твая дзяўчына.

- Ідыёт! Я цяжарная! Але не радуйся, я не збіраюся нікога нараджаць! - крыкнула Іра і ад лішку эмоцый выскачыла з ложку, амаль кідаючыся на Аспіранта.

- Іра, выходзь за мяне замуж! - экспромтам выдаў хлопец, забараніўшы сабе думаць пра наступствы гэтай прапановы. Ён разумеў, што яму няма куды прывесці жонку і дзіця, але ён ведаў, чым усё скончыцца, калі не паспрабаваць.

- Не, ты невылечны! Ты разумееш, што я не хачу ні цябе, ні твайго дзіцёнка! - ужо смяялася Ірына. - І не кажы мне пра Таню! Яна гэткая ж хворая на галаву, як і ты! Праўда, ёй пашанцавала ў апошні момант! Кватэра з неба звалілася!

- Не хочаш дзіця ад мяне? Ты ад некага іншага хацела б? Хопіць, Іра! - Максім паспрабаваў абняць яе, але яна не далася. - Я разумею: ты хочаш рабіць аборт. Ты ведаеш усе вынікі гэтага рашэння, не мне табе тлумачыць. Але пачакай яшчэ дзень! Адзін дзень! Прыходзь сёння на мой дзень нараджэння. Заўтра мы з табой сядзем і ўсё ўзважым. Ніколі не позна зрабіць апошні крок. Я прашу цябе сёння пра гэта не думаць, заўтра, мы ўсё абмяркуем заўтра! Іра! Калі ласка!

- Максім, мы ўжо ўсё абмеркавалі. Але сёння я нічога і не збіралася рабіць, усё будзе заўтра, заўтра, - схлусіла дзяўчына і выйшла ў калідор, не зважаючы на занадта інтымны выгляд сваіх піжамных штонікаў.

Максім застаўся стаяць пасярод пакоя, стрымліваючы слёзы. Ён разумеў, што нічога не змяніць.

Аспірант вярнуўся ў свой пакой, дзе хлопцы - дрэнныя кухары - раскладалі па талерках гатовыя стравы. Імяніннік падышоў да акна і толькі тут, крыху супакоіўшыся, ён зразумеў сэнс Танінага пажадання. Калі нават яна такое сказала, значыць, справа сапраўды безнадзейная.

- Хлопцы, піва хочаце? - пачуў Аспірант уласны голас.

Хлопцы піва хацелі. Што зробіцца цэлай скрыні ад недахопу чатырох бутэлек?! Валера расставіў стаканы, Юра дастаў піва, а пяшчотны Валік прагна пазіраў на кілбасу.

- Валік! Сапраўдныя мужыкі не закусваюць піва! Яны півам закусваюць! - скаламбурыў Максім.

Хлопцы з раніцы амаль нічога не елі, і таму іх вочкі хутка сталі пазіраць на кончык носа. Але праз тры гадзіны, калі ўсё пачалося, іх стан быў ўжо мала заўважны.

У пакоі хлопцы ссунулі сталы, недзе пазычылі абрус, прынеслі талеркі, і свята павінна было б пачацца. І толькі Валера заўважыў:

- Людзі, а пачакаць сяброўку імянінніка? Святая справа!

Таня заўважыла, як перасмыкнула твар Аспіранта, і зразумела, што ён ведае пра рашэнне Ірыны. Ёй было непрыемна, што яна нібыта ўцягнутая ў гэтую гісторыю. Такія рэчы - справа інтымная, а Іра ўсё расказала ёй, не хаваючы і сваіх адносінаў да Максіма.

Ірына крыху спазнілася, яна з'явілася ў выглядзе жанчыны-вамп. І Таня зразумела, што гэтую «вампіршу» цяжка ўявіць цяжарнай. Тое самае адчуў і Аспірант. Іра падышла да яго і прысмакталася такім доўгім пацалункам, што Максіму не хапіла паветра. Ён аддыхаўся і запытальна паглядзеў на дзяўчыну, яна адмоўна пахітала галавой. Гэтую пантаміму зразумела толькі Таня. А Валера, прапанаваўшы Ірыне месца побач з Аспірантам на канцы стала, пажартваў:

- Нешта мне гэта нагадвае! Вяселле! Ха!

І пайшлі тост за тостам, чарка за чаркай. Таня не піла і са здзіўленнем заўважыла, як «дзіцячае» застолле падобна да «дарослага». Напэўна, традыцыя святочнага стала - адзіная традыцыя, што перадаюць бацькі дзецям. Ніхто ўжо не ведае калыханак, а тосты ўсе з адной кніжкі. І замест студэнтаў можна было пасадзіць пенсіянераў - і былі б тыя ж жарты, тыя ж песні, тыя ж твары ў салатніцах. Толькі Аспірант не піў, але ён заўсёды піў мала, і гэта нікога не здзіўляла. Таня падумала, што ў такой сітуацыі яму трэба было б напіцца, каб забыць. А вось Ірына жлукціла моцныя напоі, як ваду, і ўвесь час ліпла да Юры-Трасянкі.

Тосты скончыліся - і над сталом павісла цішыня.

- Хлопцы, не маўчыце, кожную хвіліну маўчання мент нараджаецца! - загадала Ірына.

- Стас не даў бы засумаваць! - п'яна заўважыла Веранічка.

- Ох, ты і развесяліла нас, Ніка! - спыніў яе Валера. - Людзі, у нас амаль ва ўсіх заўтра апошні экзамен. Апошняя наша сустрэча за сталом у гэтым навучальным годзе! Вып'ем! За сустрэчу!

- І за апошні экзамен! - дадала Таня, трымаючы стакан з сокам.

- Ох, казаў жа Стас, што ты завучка! - Юра-Трасянка, толькі выпіўшы, казаў праўду. - Стас быў майстра даць мянушку! Вось спытаеце, чаму я - Юра-Трасянка? Я зараз на любой мове добра размаўляю, а прыклеілася! О-па! Вось так!

Аспірант бачыў, як непрымна Тані чуць усё гэта, як ёй увогуле брыдка быць у гэтай п'янай кампаніі. Ён паставіў дыск, абвясціў танцы, а сам выйшаў з Таняй, краем вока заўважыўшы, што Іра-вамп таньчыць з Юрам-Трасянкам.

Яны прыйшлі ў Танін пакой.

- Таня, мне трэба з табой пагаварыць.

- Максім, я цябе слухаю.

- Ты ведаеш, пра што я хачу з табой пагаварыць. Пра Іру.

- Максім, прабач мяне.

І хлопец не вытрымаў:

- Няма за што табе прабачаць. А вось ёй я не дарую. Ну я разумею, калі б я адмовіўся жаніцца... А я ж быў на ўсё згодны... Гэта было і маё дзіця! Не толькі яе! Яна не мела права!.. Я разумею, як гэта цяжка: дзевяць месяцаў не належаць сабе, абмяжоўваць, цярпець нязручнасці розныя, боль... Але скажы мне, ці ж дзіця не вартае гэтага?! Я насіў бы яе на руках усё жыццё, а не толькі дзевяць месяцаў!.. Таня! Як яна магла! Ты разумееш, чаго яна мяне пазбавіла! Шчасце бацькоўства не меншае за шчасце мацярынства! А можа, нават мацнейшае, бо жанчына побач з дзіцем, яны адно цэлае, а мужчына не можа зносіцца з ім «без пасярэднікаў» у такія важныя для дзіцяці моманты... Калі б яна нават мне не сказала, я адчуў бы... У мужчын таксама ёсць інтуіцыя... Божа мой!

- Максім, можна я табе раскажу?.. Чаму я аборт не зрабіла... Я прыйшла да ўрача, мне падалося, я цяжарная. Так і было. Але, ведаеш, пакуль яны запаўнялі паперы, я сядзела на кушэтцы каля гінекалагічнага крэсла. Я не ведаю, наколькі ты ўяўляеш сабе гэтае прыстасаванне, але гэта рэч, побач з якой шкадуеш, што нарадзілася дзяўчынай. Там стаяла вядро з нейкімі інструментамі, жахлівымі крукамі. Як робіцца аборт - я ўяўляю толькі тэарэтычна. Мне стала млосна: я ўявіла, як мяне будуць вышкрабаць тымі крукамі.

Я яшчэ не ведала, ці я цяжарная, але стопрацэнтна ведала, што ніколі не аддам сябе і сваё дзіця на здзек аборту. Не ведаю, як каму, але мне прасцей нарадзіць і выхаваць дзіця, гэта прасцей для маёй псіхікі. Я, магчыма, не нашмат перажыла б сваё ненароджанае дзіця. Не магу шукаць апраўданняў Ірыне, бо сама я не зрабіла гэтак жа. Яна спужалася будучыні, неўладкаванасці жыцця... Вось бачыш, я ўжо пачынаю яе апраўдваць. Максім, я не ведаю, што я павінна сказаць, каб табе дапамагчы.

Максім сеў на ложак і закрыў твар рукамі. Таня села побач, яна не магла нахіліцца да яго - перашкаджаў круглы жывот. Але яна змагла заўважыць, як па ягоных руках сцякалі слёзы. Мужчынскія слёзы... Калі плача мужчына, то немагчыма ўявіць, якая невылечная крыўда яму нанесена. Калі мужчына бездапаможны, значыць, нешта не так у гэтым сусвеце.

Нарэшце ён падняў галаву і зірнуў на Танін жывот позіркам параненага звера, і ёй на сотую долю секунды стала страшна.

- Таня, прабач мне, прабач... - шаптаў ён.

- Максім, за што? - не зразумела дзяўчына.

- Я толькі зараз зразумеў, што ты робіш подзвіг. Самы вялікі подзвіг, які можа здзейсніць чалавек, ты ахвяруеш сваім жыццём, каб выгадаваць дзіця Стаса, - словы гучалі б занадта пафасна, калі б не былі такімі шчырымі.

- Ты забываеш, што гэта яшчэ і маё дзіця, - крыху абурылася Таня.

- Не, я памятаю... Таня, а можа, гэта лёс? - Максім павольна павярнуў твар да дзяўчыны ў пошуках згоды і падтрымкі.

- Што - лёс? - няўцямна паўтарыла Таццяна.

- Лёс дае нам шанц! Я згубіў сваё ненароджанае дзіця, а тваё ненароджанае дзіця згубіла бацьку, - хутка гаварыў Аспірант, каб яна не паспела запярэчыць.

- Не, не. Максім, гэта гавораць твае эмоцыі, - Таня нават усміхнулася, бо не ўяўляла сабе такога простага вырашэння ўсіх праблем механічнай заменай асоб.

- Урэшце, гэтае дзіця мне не чужое. Стас быў маім братам, хай мы не дужа сябравалі, але ўсё ж... Буду я дзядзькам яму ці татам, якая розніца? - Максім канчаткова вырашыў спрычыніцца да выхавання дзіцяці.

- Ну, Максім, нездарма далі табе мянушку Аспірант, гаворыш, бы доктарскую дысертацыю абараняеш! - Таня ўжо і не ведала, як яго спыніць.

- Я не пачуў адказу. Так ці не? - Максім пяшчотна ўзяў яе за руку.

- Максім, ты забываеш пра мяне. Я таксама чалавек. Я не магу выйсці за цябе замуж не кахаючы. Я нават за Стаса замуж не пайшла, - нагадала Таня.

- Ты кахала Стаса? - раптам спытаў Максім.

- Кахала. А ты кахаеш Іру? - у адказ пацікавілася Таццяна.

- Ты лічыш, у такой сітуацыі могуць захавацца нейкія пачуцці? Нават Стас цяжарную - цябе - за Дзеву Марыю лічыў, нават Стас.

«За Дзеву Марыю?» - у думках спытала сябе Таня. Напэўна, так і было. Ён уляцеў у пакой не пастукаўшыся, трасянуў яе за плечы і раззлавана спытаў: «Гэта праўда, што ты цяжарная?» Таня скінула ягоныя рукі і годна кіўнула. А ён усміхнуўся, задаволена пашкроб патыліцу і радасна прапанаваў: «Дык, можа, ажэнімся?» Яму, напэўна, здавалася, што зараз яны прымірацца, яна ўсё даруе і жыццё пачнецца наноў, але Таня стомлена адказала: «З Веранічкай ажаніся!» Пасля яна тысячу разоў успамінала гэтую дурную адмову. Калі б яна тады згадзілася, невядома, як бы склалася жыццё, але, вядома ж, горш быць не магло б. У памяці часта ўсплываў Стас, злосны ў самым пачатку і пад канец такі амаль безабаронны са сваёй прапановай. Відавочна, што ажаніцца ён наважыўся адразу, як даведаўся пра яе цяжарнасць, але тады адкуль злосць?

- А гэта ж быў Стас! Дык няўжо ж я бяздушны?! Ты павінна зразумець: мы са Стасам браты, мы вельмі падобныя.

- Ага, проста блізняты, - аджартавалася Таня.

- Ты не зразумела. Знешне мы розныя, толькі што рост «агульны». Але я чамусьці думаю, што ты кахала не ягоныя прыгожыя вочкі і галівудскую ўсмешку, - сказаў Максім, усміхаючыся.

- У цябе таксама нядрэнная, - Таня зразумела, што ён напрошваўся на камплімент.

- Вось бачыш, а ты казала: непадобныя. Стас нічога не гаварыў пра нашу сям'ю? - спытаў Максім, каб расказаць нарэшце ўсё, што так хваляваля яго брата.

- Вельмі мала. А што? - крыху занепакоілася Таня, якая сапраўды ведала толькі пра двух мужоў іх маці.

- Ну, то я раскажу. Як ты ведаеш, мы браты па маці, у нас розныя бацькі. Як ты разумеееш, я старэйшы. Мама зацяжарыла і мела няшчасце пасварыцца з маім бацькам, якога вельмі кахала. Але яна не зрабіла аборту! Ёй было 19 год, узрост вельмі легкадумны, і яна выйшла замуж за лепшага сябра майго бацькі. Той ведаў пра цяжарнасць і ўсё адно жаніўся. Што было з маім бацькам, калі ён даведаўся! Ён быў хлопец настойлівы, і чакаў зорнай хвіліны. Маці нарадзіла мяне, праз два гады - Стаса. Я дакладна не ведаю, што там адбылося, але яна сабрала свае рэчы, узяла пад пахі дваіх дзяцей і пайшла жыць да майго бацькі.

Вось так мы і жылі, у нядзелю прыязджаў Сяргей Антонавіч, браў Стаса, тата даставаў санкі ці велік (у залежнасці ад пары года), браў мяне, і мы ўчатырох ішлі гуляць. Нейкая шведская сям'я. На святы мы збіраліся разам, Сяргей Антонавіч прывозіў жонку і дачку. Было весела, але...

Горш за ўсіх было Стасу. Мама не разумела, што разбіла нам жыццё. Стас не разумеў, чаму я магу жыць з мамай і татам, а ён - не. Мне ж было няёмка, што мой тата заўсёды побач. Напэўна, таму мы сталіся рознымі. Аднолькавая энергія, здавалася б, але да чаго яна давяла Стаса і як выкарыстаў яе я? Чаму я Максім-Аспірант, а мой брат Станіслаў не Слава, а Стас? Вось я і кажу, што мы аднолькавыя і адначасова розныя.

- Чаму ён мне не казаў пра свае перажыванні? - Таня заўсёды бачыла Стаса вельмі самаўпэўненым, хлопцам, у якога не было ніякіх праблем.

- Яму была непрыемная гэтая гісторыя. Ён помсціў усім за тое сваё гора і помсціў да апошняга дня. Таму ён быў такім калючым, - даў сваю версію Аспірант.

- Тым больш! Калі яго нешта непакоіла, ён проста павінен быў мне гэта сказаць! - Таня з сумам падумала, што Стас так ніколі не даверыўся ёй, каб не шкадавала, калі яны былі разам, і каб не скарыстала, калі разыдуцца.

- Не хвалюйся так, а то я ўжо шкадую, што сказаў табе, - Максім занепакоена зірнуў на яе жывот.

- Не, не. Усё правільна, - Таня скрывіла твар, бо дзіцятка чуйна рэагавала на маміныя перажыванні.

- Я не пра Стаса хацеў гаварыць, а пра нас, - Максім вярнуўся да пачатку размовы.

- А? Што? - Таня так задумалася пра свае адносіны са Стасам, што прапусціла яго словы.

- Ты мяне нават не слухаеш! Таня! Ты згодна быць маёй жонкай? - з усмешкай спытаў Максім, упэўнены, што Таня адразу пагодзіцца.

- Дай тры гады падумаць, га? - паспрабавала выкруціцца Таня.

- Даю! - хлопец не паказаў, што адказ яго здзівіў.

- Цудоўна! Праз тры гады прыходзь, - Таня з задавальненнем адзначыла, што ўдала выкруцілася з няёмкай сітуацыі.

- Я прыду раней! - паабяцаў Максім.

- Прыходзь, калі хочаш, толькі зараз мы павінны вярнуцца да тваіх гасцей, імяніннік!

Яны павольна ішлі па калідоры, Максім маўчаў, і Таня думала: «Дарма я сябе цешыла! Стас не кахаў мяне, калі не расказаў пра самае галоўнае ў яго жыцці».

- Максім, я не знайшла нідзе свайго фотаздымка. Ты ведаеш, Стас яго заўсёды ў заплечніку насіў. Значыць, там быў нехта яшчэ. Яны хутчэй за ўсё пасварыліся. Максім, я шмат думала і я ведаю, дакладней, мне здаецца, што я ведаю, хто гэта зрабіў.

- Хто? Скажы мне? - Аспірант сам бы, здаецца, забіў, калі б Таня назвала імя.

- Прабач, я не маю права! А раптам я памыляюся?! Пачакай крыху.

Калі яны ўвайшлі ў пакой, Юра-Трасянка ўспамінаў жарты Стаса наконт Валіка:

- Валік выклікаў у Стаса вялікае пачуццё. І гэта не на шчасце нашаму «тлушчавіку»! Ха! Гэта слова таксама Стас прыдумаў.

Валік няўмела рабіў выгляд, што яму таксама смешна. Яго белыя броўкі рухаліся, змагаючыся з крыўдаю, імітуючы смех.

- Калі ласка, панове! Другая мянушка Валіка - «На табе булачку»! Але гэта так, драбяза! - Юра пахітаў рукой перад тварам, нібы ён нешта хоча спыніць.

- Стас рабіў Валіку цудоўны камплімент! О-о, болей не магу! Ён хваліў, маўляў, цябе, Валік, даіць можна! А яшчэ шыкоўна... Пачакайце... Як жа... А! «Валік, калі я стану старым і на мяне дзеўкі глядзець не будуць, я цябе паклічу, каб хоць за грудзі патрымацца!» - спарадзіраваў Юра.

Усе разрагаталіся, а ў Валіка на вейках павісла слязінка, якую ніхто, акрамя Тані, не заўважыў. А Юра ўсё не сунімаўся:

- А вось сапраўдны шэдэўр Стасавай думкі! Ён называў Валіка, нашага надзвычай пяшчотнага Валіка (ад сораму і крыўды Валік моцна заплюшчыў вочы, нібы чакаючы ўдару, і ён дачакаўся), Стас называў яго Валечка! Наша Валечка!

Таня ніколі не бачыла такога прылюднага катавання, і яна разумела, чаму Валік не гарэў сяброўствам да Стаса і чаму ён так акрыяў пасля смерці свайго ворага. Але колькі такіх ворагаў шчэ будзе! Усе ж не загінуць.

У гэты момант Ірына, на якой вамп-макіяж ператварыўся ў вамп-маску (чырвоныя вочкі, чорныя вусны, размазаная туш), выцягнула Таню ў калідор, не даўшы даслухаць.

- Што гаварыў пра мяне гэты слімак? - горда ўзняла галаву дзяўчына.

- Мы гаварылі пра Стаса! - абурылася Таня за «слімака». Яна мела дзіўную звычку абурацца за іншых, калі некага крыўдзілі пры ёй. Яна крыху памаўчала і не ў тэму дадала:

- Ты не кахаеш Максіма.

- Ён такое ж быдла, як і твой Стас!

- Ты проста яго не кахаеш! - шчасліва паўтарыла Таня.

- Чым я сябе выдала, пан дэтэктыў? Стаса ж забілі, мне Валера расказаў пра твае пошукі! Ох, Ста-ас! Не адна ты, Танюша, была ў палоне яго чорных вачэй, паўінтэрната млела ад яго. І да цябе, і пры табе, і пасля цябе! - пакпіла Ірына.

- Я кажу зараз не пра Стаса, - паспрабавала павярнуць размову Таня.

- А за што яго, Аспіранта, кахаць? Ён мяне цікавіць толькі як бляклая копія Стаса! Яны падобныя, але Стас быў прыгажун, а Максім - звычайны, прапанову мне сёння рабіў, ледзь не плакаў, - Іра ўжо бессаромна выдавала свае таямніцы.

- А ты можаш кахаць не толькі за знешнасць? - абурылася Таня.

- Ты прапануеш мне кахаць яго за розум? - п'яна разрагаталася Ірына. - За розум кахаюць толькі тыя, каго кахаюць за розум, цябе, напрыклад. Толькі вось не ведаю, нашто Стасу спатрэбіўся твой розум! - Іра ўжо плакала. Не столькі ад успамінаў, колькі ад болю: вакуум-аборт аказаўся не такім бяскрыўдным, як яна сабе ўяўляла. Лекі перасталі дзейнічаць, і цяпер у яе было адчуванне, што яна памірае.

Каб не працягваць гэты пачуццёвы стрыптыз далей, Таня прывяла Іру ў іх пакой і паклала спаць не распранаючы.

Калі Таня вярнулася ў пакой Аспіранта, яе пяшчотна прыціснуў да сцяны Валера-футбаліст і пачаў спавядацца:

- Тань, я не забіваў Стаса! Клянуся!

- Ды я ведаю! - дзяўчына не ўяўляла, як выслізнуць з гэтых абдымкаў, якія Валера разлічыў для цяжарнай.

- Не, я скажу! Я баяўся, што ты матыў знойдзеш, а для мяне футбол - усё. Большага матыва знайсці нельга, таму я і не хацеў, каб ты шукала. Хлопцаў падгаварыў... А Валік шасцёрка! Не крыўдуй, Тань. Ты ж усё адно не знайшла... А так бы да мяне прычапілася.

- Валерка, гэта ты да мяне прычапіўся! Пусці!

Таня адпіхнула хлопца і зайшла ў пакой. Аспірант стомлена пазіраў на сваіх гасцей, лежачы на ложку. Імяніннік патрэбны толькі на пачатку свята. А далей можна самім. Хлопец запытальна паглядзеў на Таню, але яна паціснула плячыма, маўляў, яшчэ не ўпэўненая.

Юра-Трасянка расказваў ужо каторую гісторыю з жыцця Стаса. Нечакана ён спыніўся і папрасіў Веранічку прынесці яму вады, простай вады. А сам працягваў расказваць. Героямі наступнага жаху былі Стас Зварын і Даніла Ручка.

- Вось узнагародзіў бацька прозвішчам! Ручка! Ножка! А Стасу толькі дай да чаго прычапіцца. Дарэчы, з Даніка прыемней здзеквацца, бо ён крыўдзіцца. Валік нармальна да ўсяго ставіцца. А Данік віруе, злуецца. А нічога зрабіць не можа. Толькі пасквілі, паэмкі пісаў, але і Стас не зломак. Слухайце, што ён напісаў:

 

Ішоў паэт

Даніла Ручка.

Ён склаў санет

«Кабель і сучка».

 

І быў яшчэ такі мужчынскі жарт, прабачце, дзяўчаты. Стас казаў: «Данік, ты пры мне штаны шырынкай назад не апранай!»

Сэрца Тані сцялася ад болю і шкадавання да Даніка. Якім жа жорсткім быў Стас! Як праз туман да яе даляцеў голас Юры:

- Але мне найбольш падабаецца Стасава фраза: «Я - active, Валік - passive, а Данік - universal».

Тані здалося, што яна зараз кіне ў Юрыка талерку ці што-небудзь іншае з посуду, але нават гэта не спыніла б гаваркога хлопца.

За вадой для Юры-Трасянкі Веранічка пабегла чамусьці на кухню. Там ўжо нікога не было, толькі галодны Данік варыў бульбу і пісаў чарговы верш. І тут з'явілася Веранічка. Данік не змог ацаніць, была яна апранута добра ці дрэнна, ён бачыў толькі, што мала. Яна села на ягоныя паперы:

- Што піша паэт?

- Верш, - задрыжэў Данікаў голас.

- Пра мяне? - яна падсунулася бліжэй. Данік ліхаманкава ўспамінаў усё, што расказваў яму пра секс Санька, бо разумеў, што прыйшоў час яму страціць цнатлівасць. Ягоная нявіннасць вісела над ім дамоклавым мячом, але ён гэтак жа баяўся сексу, як і чакаў яго.

Спадніца была занадта кароткай, Данік спрабаваў адвесці вочы і не мог. «Дык вось як гэта выглядае!»

Ён падняў руку і хацеў пакласці ёй на калена, нечага спужаўся і адвёў. Але Веранічка сама злавіла ягоную далонь і паклала пад спадніцу. І тут Данік падумаў, што яшчэ хвіліна - і ён згубіць прытомнасць ці памрэ ад разрыву сэрца. А бацькам скажуць, што памёр ад сексуальнага напружання. Сорам! Ганьба!

Ён разумеў, з якой мэтай прыйшла Веранічка і баяўся, што яна ўсяго толькі выпрабоўвае яго. Яму зусім не хацелася сексу на кухні, куды ў любы момант маглі зайсці, хоць дзяўчына і прычыніла дзверы. Яму па-іншаму ўяўляўся гэты дзень пачатку яго мужчынскага жыцця. Сказаць пра гэта Веранічцы? Засмяе!

Ён не ведаў, з чаго пачаць, якім трэба быць: нахабным ці пяшчотным? На шчасце, яму хапіла розуму застацца самім сабой. Данік узяў яе руку і пацалаваў. Веранічка чакала чаго заўгодна, але толькі не гэткага рыцарства. Яна зразумела, што зараз будзе мець магчымасць удзельнічаць у «класічнай любоўнай сцэне з цнатлівага савецкага фільма». І яна ўспомніла, што ніводзін з яе шматлікіх хлопцаў не цалаваў ёй рукі.

Данік разумеў, што трэба пацалаваць яе, але проста не ўяўляў, як гэта зрабіць. І яна сама пацалавала яго. З Данікавага рота пахла малаком, як пахне з рота ў немаўлятак. Гэтае параўнанне здалося ёй вельмі смешным, але не хацелася крыўдзіць паэта смехам.

Яны цалаваліся, ён няўмела абдымаў Ніку. І Веранічка нарэшце зразумела, што прайшло паўз яе ў гэтым жыцці. Але яна гэтак жа разумела, што ніколі ўжо не зможа стаць іншай. Пацалункі-абдыманкі яна прайшла шчэ ў восьмым класе, а Данік лічыў немагчымым дакрануцца да яе грудзей. Бульба падгарэла, і Веранічка першая гэта ўчула, яна паказала Даніку на каструлю, жартоўна пацалавала ў нос і выйшла з кухні, сутыкнуўшыся ў дзвярах з Таняй. Данік задуменна стаяў каля пліты, вячэра не атрымалася, кішкі гралі марш, галава кружылася, было не да вершаў і жахліва хацелася ў прыбіральню... Голас Тані вярнуў яго з эратычных трызненняў:

- Віншую, Данік, з Веранічкай.

- Ты падглядала? - чамусьці спужаўся хлопец.

- Данік, нам трэба сур'ёзна пагаварыць! - сумна сказала дзяўчына. - Данік, гэта ты забіў Стаса, і не апраўдвайся.

- Я не забіваў яго! - скрывіў твар паэт.

- Не перапыняй мяне. Спачатку я скажу, чаму я так думаю. Данік, ты не можаш адмаўляць, што ты не любіў Стаса. Ты яго ненавідзеў. Стас, дзе мог, заўсёды абражаў цябе, здзекваўся, а ты, маючы тонкую душэўную арганізацыю, - Таня не ўтрымалася ад іроніі, - ледзь стрымліваўся, каб не пабіць яго. Але было б смешна накінуцца на яго, ён утрамбаваў бы табой сцяжынку, па якой хадзіў ва ўнівер. І ты вырашыў узяць яго ў аблогу! А я была інструментам! Я верыла толькі табе, бо лічыла, што няма большага ворага, чым лепшая сяброўка. І менавіта табе я скардзілася на Стаса, толькі табе. Ты ведаў тое пра Стаса, чаго не ведаў сам Стас, тое, што расказала табе я. І твае вершы, якія даводзілі Стаса да вар'яцтва, грунтаваліся менавіта на тым, што не змагла схаваць я. Я занадта позна зразумела ўсё гэта, а Стас зразумеў рана, ды не ў час. Я правільна кажу?

- Я не забіваў яго! - амаль плакаў Данік.

- Не смяшы! Ты прыходзіў да мяне кожны дзень, пакуль я была са Стасам. Пасля яго смерці ты за чатыры месяцы прыйшоў два разы: у дзень смерці Стаса і вось нядаўна вершы чытаў. Мне яшчэ цікава, адкуль Стас даведаўся, што я цяжарная. Па вачах здагадаўся? І можа, менавіта таму ён і не так моцна абрадаваўся, бо пачуў гэтую навіну ад некага, вельмі непрыемнага яму? Але, Данік, не толькі ты скарыстаўся нашым з табой сяброўствам. Памятаеш, ты мне паказаў, як ты ў матрац хаваеш свой сшытак з вершамі? Прабач, але я заглянула туды ўчора. Ты не хочаш даведацца, што я там знайшла? Фотаздымак, Данік! Мой фотаздымак! Які заўсёды быў у Стаса! Вось зараз можаш гаварыць, Данік!

- Я не забіваў яго, Таня! Ты не паверыш! Мы сустрэліся выпадкова. Ты ведаеш Стаса... Прычапіўся да нечага... Слова за слова... Ён жа быў, няйнакш, хворы на галаву... Калі раззлуецца, гатовы забіць ні за што... Даруй, я яго табой папракнуў. А ён крычыць, каб увесь свет чуў, бегае, мітусіцца па снезе... Фатаграфію тваю дастаў, лаяўся на цябе, што ты ўсё мне расказвала. Гэта ён сапраўды рана зразумеў. Фатаграфію ён кінуў мне ў твар, я падняў і запіхнуў у кішэню. Стас яшчэ больш пачаў крычаць... А там люк быў... Стас не на мяне кідаўся, ён ад мяне... Спінай.. Я не забіваў яго! Я толькі не спыніў яго, не папярэдзіў... Ён быў такі высокі, дужы. Я быў упэўнены, што праз хвіліну ён вылезе адтуль і прыб'е мяне за тое, што я бачыў яго ганьбу... І калі ён зваліўся, я пабег... Мне трэба было крыкнуць, што за яго спінай люк. А я не крыкнуў... Даруй мне... - заплакаў Данік і схапіў Таніны рукі.

- Пусці! - бяссільна папрасіла Таня.

Ад дзвярэй кухні нячутна адышоў Аспірант. Праз некалькі хвілін Таня адшукала яго.

- Я думала на Даніка. Ён быў там, але ён не вінаваты! - з трывогай яна зазірала ў вочы Аспіранту, бо лёс Даніка залежаў цяпер ад яго.

- Таня, я чуў, я ўсё чуў. Я веру Даніку, не хвалюйся. Ужо нічога не зробіш. Стаса не вернеш. Я толькі пра адно думаў, раскажаш ты мне ці не! Таня, што ты скажаш наконт маёй прапановы?

- Мне ці Ірыне? Дзве прапановы за адзін дзень! Ці не зашмат? - усміхнулася Таня і адмоўна пахітала галавой.

...І яны раз'ехаліся на лета. Аспірант пабыў тры дні з бацькамі, а потым узяў білет і праз некалькі гадзін стаяў перад Танінай кватэрай. Яе мама здзіўлена адчыніла дзверы незнаёмаму хлопцу.

А суседка, заўважыўшы праз акно, як Таня і Максім ідуць, трымаючыся за рукі, сказала мужу:

- Адумаўся, гад, прыехаў за ёй. А то хлусілі: загінуў, загінуў!

 

СПРОБА НАПІСАЦЬ ДЭТЭКТЫЎ

(Апраўданне грэшнага чалавека)

 

Менавіта спроба. Бо дэтэктыва ў чыстым выглядзе не атрымалася. Можна нават сказаць, што дэтэктыўная лінія ў «Забойстве ў студэнцкім інтэрнаце» слабая, невыразная і распадаецца пры чытанні. Як банальна я прыпляла гэты фотаздымак! Як шмат розных недарэчнасцяў!

І, самае галоўнае, я парушыла адзін з запаветаў для аўтара дэтэктыва: абавязкова павінна быць забойства. А ў мяне атрымалася, што фактычна Стас сам уваліўся ў каналізацыю. На першы погляд. На самай жа справе, забойства было. Калі ўявіць, што Стас быў там не з Данікам, а з любым іншым жыхаром інтэрната, то відавочна, што ён не загінуў бы.

Данік - вельмі эмацыянальны чалавек, але ягоныя пачуцці не знаходзяць іншага выйсця, акрамя твораў. А гэтага, відавочна, недастаткова. Даніку хапала пакутаў і без Стасавых здзекаў. Зварын жа проста стварыў дадатковы ціск на псіхіку Данілы.

Данік забіў. Бо ён быў адзіным чалавекам у інтэрнаце, хто не папярэдзіў бы (і не папярэдзіў) Стаса пра люк за спінай.

Пакрыўджаны Стасам Валік крыкнуў бы пра люк, нягледзячы на ўсе абразы, бо вызначальная рыса яго характару - дабрыня і цярплівасць. Ён гатовы плакаць ад жорсткіх жартаў, але ў яго галаву не прыходзіць думка, што можна неяк адпомсціць ці хаця б супраціўляцца такому гвалту.

Ірына таксама б не змаўчала, бо выратаваць Стаса хаця б ад купання ў каналізацыі - значыць, паказаць ягоную слабасць. І гэта таксама помста.

Астатнія героі і гераіні папярэдзілі б Стаса, ды яшчэ такім чынам, каб ён не пакрыўдзіўся. Як я ўжо напісала, толькі Ірына падкрэсліла б, што робіць ласку.

Чужая душа - загадка, нават калі гэта душа прыдуманага мною героя. Але я ўпэўненая, што ў нейкую сотую долю секунды Данік пажадаў Стасу смерці. Людзі, здараецца, крычаць ці думаюць «Я яго заб'ю!», а на самай справе не жадаюць ні забойства, ні яго наступстваў (маюцца на ўвазе не судовыя, а эмацыянальныя).

Данік жа быў даведзены да такой ступені пакрыўджанасці і абражанасці (на яго думку), што заставалася толькі чакаць выбуху. Калі б не люк, Данік ляснуў бы Стаса цаглінай па галаве, ці спіхнуў бы з балкона, ці... Магчыма безліч варыянтаў.

 

Прага крыві

 

Чаму людзі пішуць дэтэктывы? Ім альбо ёсць, што сказаць (калі пішуць міліцыянеры), альбо ёсць, каго забіць. Напрыклад, маецца вораг ці проста непрыемная асоба. Аўтар забівае свайго героя, потым шкадуе яго і пераносіць такія свае пачуцці на прататып. Так што я нікога не збіраюся біць цаглінай па галаве... Я проста напішу пра тое, як нехта быў стукнуты цаглінай.

Данік не пісаў дэтэктываў, таму прамаўчаў, калі Стас рабіў апошні крок да люка. Апраўданне Даніка перад Таняй - ненатуральнае, штучнае, хлусня. Гэта тыя словы, якія хацела пачуць Таня і я, бо, у рэшце рэшт, мне бязмежна шкада Даніка. Менавіта таму ў апошні момант я зрабіла яго крыху невінаватым. Я страшэнна пакутую ад неабходнасці кагосьці забіць, таму мой герой Стас Зварын нібыта заслугоўвае гэтай кары. Але за што пакутваць Даніку?

Данік збег не таму, што чакаў, што Стас вылезе з люка і прыб'е яго, а каб не чуць крыкаў (калі яны будуць) і каб жыць свабодна (калі б Стас выжыў, сумняваюся, што ён абражаў бы каго-небудзь. Кожны мог бы напомніць яму пра каналізацыйныя прыгоды) і з чыстым сумленнем (нічога не чуў, не бачыў і ўвогуле, мяне там не было).

Чамусьці мне думаецца яшчэ, што не змагла б Таня здагадацца пра злачынства Даніка па ягоных паводзінах. Такія людзі выдумляюць сабе легенду здарэння і шчыра вераць у яе. Але гэта толькі маё меркаванне. Праяўленні чалавечага характару нельга ўкласці ні ў якія схемы.

Я не ведаю, да якой ступені гневу ці крыўды трэба дайсці, каб забіць чалавека. Хутчэй за ўсё гэта справа індывідуальная. Але, каб перастрахавацца, каб стварыць умовы для падазрэння кожнага з герояў, каб завочна апраўдаць Даніка, я перагрувасціла твор рознымі Стасавымі грахамі, каб чытач падумаў, што такога і трэба было забіць. Але Стас - чалавек, значыць акрамя людзей, якія яго ненавідзяць, ёсць людзі, якія яго любяць ці шкадуюць: Таня, Аспірант, Веранічка, Валік, Валера...

 

Падман

 

Я даволі нядрэнна малюю, па маіх малюнках відаць, што намалявала іх я, а не хто-небудзь іншы. Значыць, маю ўласны почырк. Спадзяюся, што з літаратурнымі спробамі станецца тое самае. Але я нездарма пачала гаворку пра маляванне.

Я малюю толькі людзей. Магу нават удакладніць, толькі дзяўчат. Але гэта неістотна. Проста іх цікавей маляваць. У фігуры жанчыны больш разнастайнасці, чым у мужчынскай, як мне здаецца. Такім чынам, для мяне істотна форма. Пры адпаведным творчым падыходзе нават ненатуральна перакручаныя целы з надзвычайнай плаўнасцю ліній здаюцца настолькі прыгожымі, што не зважаеш на штучнасць. Так што дэтэктыў для мяне толькі форма, якой я прытрымліваюся настолькі, наколькі мне гэта зручна. А мне гэта зусім нязручна, і я падманваю чытача, абяцаючы назвай інтрыгу і не даючы яе. Ці даючы не ў такой ступені, як гэта пажадана.

Канешне, было б натуральна паказаць, як усё разблытвае міліцыя, але я не ведаю яе працы. Значыць, мне трэба было абысціся без яе. Ды мы жывем не ў сярэдневякоўі, і без міліцыі немагчыма. Тады мне трэба было неяк выключыць яе з разблытвання сітуацыі. І ў мяне гэта амаль атрымалася. Але трэба было даць Тані нейкі намёк на невыпадковасць смерці Стаса. І я прыпляла гэты фотаздымак. Гэта была адна з апошніх сцэн, якія я напісала, хоць у тэксце яна адна з першых.

Чаму ж я малюю толькі жаночыя постаці? Таму што мужчынская фігура не дазволіць мне такога багацця колераў! А колер - яшчэ больш важны для мяне, чым форма. Таму ў маіх малюнках найвялікшая ахвяра - змест. І ўвогуле, я найчасцей малюю кавалкі: ножкі, ручкі, боты на абцасах... Я не маю патрэбы ў цэласным малюнку. З літаратурным творам такія эксперыменты недазваляльныя. Але сябе не пераробіш, і найперш я напісала сцэны пра Веранічку і акцёра, Таніна апраўданне, чаму яна не зрабіла аборт (спачатку я планавала, што ў мяне ўсё ж будзе міліцыя, якая абвінаваціць у забойстве Таню, і яна тлумачыць міліцыянерам, што не змагла забіць нябачанае ёю дзіцянятка, дык як жа яна магла забіць свайго каханага чалавека), потым інтымную сцэну між Аспірантам і Ірынай, да якой я затым дапісала пачатак пра дыскатэку, потым сцэна плачу Аспіранта з нагоды Ірынага аборту... І раптам аказалася, што я не магу злучыць гэтыя асобныя кавалкі (пра прычыны чытайце ў частцы «Не вінаватая я»).

У чым жа падман? У любым дэтэктыве аўтар крыху падманвае чытача. Дэтэктыў - гэта падман. Я ж падманваю двойчы. Калі я ўжо напісала свой дэтэктыў (хоць я ўжо патлумачыла, што гэта не зусім дэтэктыў, а хутчэй твор з дэтэктыўнымі элементамі, не магу адмовіцца ад гэтага жанравага азначэння, бо не прыдумала нічога іншага) і перачытала яго, я зразумела, што знешняга раскрыцця забойства ў мяне няма. Я даручаю чытачу самому ва ўсім разабрацца, з гэтай мэтай я «падстаўляю» яму кожнага з герояў праз сны, успаміны, праз аповеды іншых асоб. І я спужалася, што ў мяне ў тэксце так мала фігуруе Таня, якая і павінна была ўсё разблытаць. Я зразумела, што ўвесь твор чытач будзе адзінокі ў сваіх падазрэннях. І што Таня ў якасці дэтэктыва зноў з'яўляецца ў самым канцы. Але я ўжо не магла дапісаць Таню прывідам у кожны эпізод. І тады я, ужо моцна запалоханая сваімі страхамі, успомніла два дэтэктывы, дзе няма знешняга разгортвання следства, аўтары Элеры Куін і Джой Дэксанкар. Комплекс творчай непаўнацэннасці адразу знік. Я падкрэсліваю, што я не брала чужых ідэй. Я імі скарысталася, каб апраўдацца. І яшчэ хачу адзначыць, што мой твор як дэтэктыў пісаўся сам сабой, асаблівую ўвагу я надавала дробязным сітуацыям, якія нічога нават не дадавалі да разблытвання.

 

Проста дэтэктыў

 

Дэтэктыў як жанр, на маю думку, мае другое дно. Самае важнае ў дэтэктыве - галоўная інтрыга. Менавіта таму ў дэтэктыве (жанры масавай літаратуры) зусім не істотныя мастацкія вартасці. Усе сродкі, якія так цэняцца ў высокай літаратуры, тут толькі служкі. Мова, вобразы - усё дробязі (хоць, канешне, і іх дасканалая распрацоўка не зашкодзіць). Там не патрэбны аніякія складанасці і разважанні агульначалавечага характару. Можа, у гэтым сакрэт папулярнасці? Любы чалавек, хай ён нават асоба найразумнейшая ці філосаф у восьмым пакаленні, не зможа адарвацца ад добра змайстраванага дэтэктыва. А творы гэтага жанру менавіта майструюцца. Аўтару трэба ўсё ўлічыць, бо калі ягоны pazzl не складзецца і чытач не ўбачыць правільна злучаную мазаіку, ягонае абурэнне не будзе мець межаў.

І мне будзе вельмі шкада, калі ў чытача народзіцца такое адчуванне пасля прачытання майго дэтэктыва. Вось я нарэшце магу казаць пра другое дно дэтэктыва (першае - сама разблытаная інтрыга).

Чытач, калі ён не ставіць за мэту аддзяліць дэтэктыўнае мяса ад дэтэктыўных касцей, звычайна моцна захоплены вонкавымі падзеямі. І пісьменнік можа гэтым ўдала скарыстаццца. Любая, нават самая крамольная думка праглынецца пад такі акампанемент. Праглынецца і будзе засвоена па-за свядомасцю. Праглынецца незаўважаная. У гэтым небяспека для чытача, але я па іншы бок барыкады. Гэтак жа самую жахлівую ідэю можна схаваць у інтымную сцэну, пажадана, каб яна была вельмі падрабязнай і натуралістычнай. Эстэтычнае і маральнае абурэнне не дазволяць чытачу глядзець на змест аб'ектыўна.

І ў гэтае другое дно я ўклала ўвесь жах інтэрнацкага жыцця. Канешне, «інтэрнатаўцы» са мной не пагодзяцца. Я ніколі не жыла ў такіх умовах, на момант напісання твора я толькі тройчы была ў інтэрнаце і ведаю яго больш па аповедам сябровак. А расказваліся, вядома ж, самыя экзатычныя, уражальныя эпізоды, адпаведна падрыхтаваныя і яшчэ больш расфарбаваныя маім уяўленнем.

 

Збор плётак, або Сметніца

 

Першыя мае чытачы, знаёмыя з жыццём студэнцкага інтэрната, абвінавацілі мяне ў тым, што твор поўнасцю (!) складаецца з рэальных гісторый і што яны нават пазнаюць прататыпаў. Сапраўды, некаторыя гісторыі адбываліся ў рэальным жыцці, але кожную з іх я перапрацавала так, што зараз сама не ведаю, што я прыдумала, а што было на самай справе.

Каб пазбегнуць новых абвінавачванняў, я прыводжу спіс нявыдуманых мной сітуацый:

- хлопец зваліўся ў люк (праўда, гэта быў люк цепласетак, чалавек зварыўся);

- выпадак з Веранічкай, калі яе, п'яную, зацягнулі ў прыбіральню. (Дакладна ведаю, што тазік перад яе тварам трымалі, вось толькі не памятаю, ці званітавала яна ў прыбіральні.)

- Веранічка і акцёр. (Я толькі дадала падрабязнасцей.)

- Аборт нейкай дзяўчыны ад Марэка. (Расказвалі, як дзяўчына зацяжарыла ад іншаземца і зрабіла аборт.)

- Гісторыя пра тое, як Валера кахаўся з Аленкай, калі ў пакоі спала Ліля. (Дзяўчына-прататып сапраўды спала дзіцячым сном.)

Адзін мой аднакурснік паведаміў мне:

- Ведаю я, хто хлопцаў у прыбіральню водзіць! Алена***.

І немагчыма было даказаць, што я не ведаю гэтай Алены***. І што я мела іншых прататыпаў. Але аказалася, што цалкам прыдуманыя мною гісторыі таксама адбываліся, што маюцца ў інтэрнаце паненкі, якія аддаюць перавагу сексу на кухні. А мне сцэна з Данікам і Веранічкай здавалася ці не адкрыццём. Знайшоўся і «прататып» Стаса, пра якога я ніколі нічога не чула.

 

Я і яны (героі)

 

Амаль усе хлопцы мелі прататыпаў. Але часта пры напісанні твора я так змяняла вобраз, што пазнаць рэальнага чалавека стала немагчыма. Мне неабавязкова было браць гатовыя характары, я магла б іх проста прыдумаць, як я зрабіла гэта з гераінямі. Але мне падалося вельмі смешным выкарыстанне характараў хлопцаў, якія былі побач. Тым больш што характары прыдаліся вельмі дарэчы. Калі б іх не было, я выдумала б іх такімі. А вось дзяўчат такіх я не ведала, таму мне прыйшлося цалкам ствараць іх, запазычваючы пэўныя рысы ад маіх знаёмых. Так што я магу гарантаваць іх «эксклюзіўнасць». Але я нездарма назвала гэты раздзел «Я і яны». Наколькі ж яны - я, а наколькі я - яны?

Мае сяброўкі былі ўпэўненыя, што прататып Тані - я, маўляў, гераіня выказвае ідэі і меркаванні, якія вызнаю я сама. На гэта я адказала, што ўсе ідэі, якія выказваюцца кожным з герояў - мае. І нельга так суадносіць, а калі б я выказала пэўныя свае думкі праз Даніка, няўжо яны сказалі б, што я забойца?

Пісала я недзе месяц, але «жыла» ў гэтым інтэрнаце нашмат даўжэй. І калі я скончыла твор, я амаль паверыла, што ўсе героі існавалі.

Ёсць пэўныя праблемы з вобразам Тані: урэшце, дзяўчына атрымалася занадта плоскай, невыразнай, бляклай у сваёй правільнасці. З асаблівай увагай трэба было размясціць усе падзеі ў часе, каб Таня паспела зацяжарыць і каб у мяне было некалькі месяцаў на само расследванне. Я вылічвала ўсё ледзь не па днях. А потым злавіла сябе на думцы, як смешна выглядае збоку вылічванне месяцаў чужой цяжарнасці.

Аспірант - вобраз цалкам прыдуманы, калі не лічыць інтымнай сцэны з Ірынай, дзе ён чытае вершы Арцюра Рэмбо па-французску. Мае сяброўкі і я неяк у размове выйшлі на жарт наконт аднаго з нашых выкладчыкаў, маўляў, ён так добра ведае сімвалізм і французскую мову, што нават у ложку са сваёй дзяўчынай будзе чытаць вершы Рэмбо. Напэўна б, я не расказвала тут пра гэта, але ўсё адно ўсе яго пазналі. Таму я падкрэсліваю, што ўсе астатнія рысы Аспіранта ніяк не звязаны з гэтым выкладчыкам.

Мне ўказвалі, што чытанне вершаў Рэмбо ў ложку - «сентыментальныя соплі», так уласцівыя жаночай прозе. Але праблема нашмат шырэйшая, чым простае чытанне вершаў. У гэтай нячуласці Аспіранта да Ірыны і ў яе няшчырасці з ім вымалёўваецца іх разрыў. Аспірант гэткі ж правільны, як і Таццяна.

Веранічка. У гэты вобраз, як у сметніцу, я запіхвала ўсе самыя пікантныя падрабязнасці інтымнага жыцця інтэрната.

Валік - вобраз, якім я, магчыма, пакрыўдзіла ўсіх нехудых хлопцаў. Гэтак жа сама, як і вобраз Веранічкі, Валік створаны з рысаў вялікай колькасці людзей. Я плакала, калі пісала пра тое, як Стас абражаў Валіка. Зараз гэта гучыць смешна, але так было на самай справе. Мне здавалася, што я здзіраю скуру са сваёй спіны. Не ведаю чаму, але адчуванне было менавіта такое. Валік як вобраз вельмі мне падабаўся, але я з самага пачатку ведала, як ён будзе пакрыўджаны.

Стасаў прататып адзін час мне вельмі не падабаўся, я прыдумала дэтэктыў і нарэшце пачала спакойна вітацца з тым хлопцам.

Былі свае прататыпы ў Даніка і Санькі. Але здаецца, што мае героі з цягам часу аказаліся зусім іншымі.

 

Не вінаватая я

 

Звычайна пісьменнікі адзначаюць, што праз пэўны час героі пачынаюць жыць сваім жыццём і застаецца толькі запісваць за імі. Умберта Эка, аўтар рамана «Імя ружы», лічыць, што на самай справе ўсё не зусім так. Героі могуць жыць сваім жыццём, але яны не выходзяць за межы рэчышча, што адведзена ім пісьменнікам, ім зададзены накірунак.

Я не планавала, што Ірына зробіць аборт. Але, па Ўмберта Эка, можна сказаць, што я стварыла яе такой, што яна аказалася здольнай на гэта. Гэтаксама я не збіралася зводзіць Аспіранта з Таняй. Так атрымалася само сабой. А гэта тыя ж самыя «сентыментальныя соплі» і адвечнае жаданне happy end'а.

Гэты рух да шчаслівай канцоўкі можна прасачыць па чарнавіках. Спачатку я напісала сцэну, дзе Ірына захоплена расказвае Тані пра ноч з Аспірантам, а потым само атрымалася, што кахае Іра не яго, а Стаса. Значыць, не можа быць аніякага захаплення, а магчымыя толькі нешматлікія двухсэнсоўныя выказванні. Сцэну прыйшлося выразаць.

Я была таксама абвінавачана ў залішняй натуралістычнасці і пошласці.

Тая ж Веранічка ў прыбіральні. Усе адзначаюць, што сцэна жахлівая і ўвогуле як можна так пісаць. Але, калі я пішу, я іншы чалавек, для мяне няма нічога добрага ці дрэннага, прыгожага альбо непрыгожага, ёсць мэта і ёсць словы.

А калі сказаць шчыра, то, пішучы сцэну з Веранічкай, я не ўяўляла сабе, як яна там ляжыць, званітаваўшы, і чытачам сваім не раю.

А наконт пошласці... Адзін мой аднакурснік раіў па-сяброўску, што трэба так пражыць студэнцкія гады, каб потым усё жыццё ўспамінаць. Трэба жыць, трэба піць і г. д. Але, прачытаўшы твор, ён быў жахліва абураны маёй «пошласцю». Ён прызнаваў, што ўсё, апісанае мной, існуе, але: «Навошта пра гэта пісаць? Гэта бульварнае чытво! Збор плётак!»

Так я даведалася, што лепш усё гэта рабіць, чым пра ўсё гэта пісаць.

 

Напішы інтымную сцэну

 

Самы вялікі камплімент, які я атрымала за «Забойства ў студэнцкім інтэрнаце», было абвінавачванне ў тым, што інтымную сцэну Аспіранта з Ірынай я аднекуль спісала. І аргумент быў «жалезны», маўляў, я такое напісаць не магла.

На што я адказала, што магу сесці і напісаць дваццаць разнастайных інтымных сцэн, і для гэтага зусім не абавязкова ўсе гэтыя дваццаць сцэн перажыць.

А яшчэ мне паведамілі, што «хто пра што, а я пра секс», што апісваць інтымныя сцэны анамальна, бо трэба сябе ўяўляць на месцы сваіх герояў. Хлусня!!! Зусім не трэба сябе ўяўляць. Калі б я ўяўляла сябе, я не напісала б такіх інтымных сцэн. Калі ўспомніць момант, дзе Ірына скочыла на Аспіранта, а потым уявіць на яе месцы мяне, то стане відавочна, што кампрэсійны пералом пазваночніка быў бы таму Аспіранту забяспечаны.

Такім чынам, рукапіс...

А рукапісу не было. І ў гэтым я бачу вялікі свой недахоп. Адна справа пісаць, прапускаючы праз руку кожны радок, а другая - не задумваючыся, ляпаць па клавіятуры. Не магу пісаць ад рукі, бо праз хвіліну пачынаю маляваць між сказаў і ў рэшце рэшт не напішу нічога. Калі я пішу ад рукі, я страшэнна доўга абдумваю кожны сказ, бо лянота заядае сто разоў перапісваць, а на камп'ютэры: захацела - напісала, захацела - знішчыла.

А знішчыла я даволі шмат. Быў цікавы эпізод інтымнай сцэны Даніка з Веранічкай. Данік нібыта па матывах кніжкі, якую даў яму сябар, займаўся з Веранічкай аральным сексам. Мае сяброўкі пачыталі, абмеркавалі і вырашылі, што не мог Данік такога зрабіць. І ў апошнім варыянце Данік цалуе Веранічцы руку. А тая першая сцэна не прападзе, устаўлю ў які-небудзь іншы твор, бо я, як Плюшкін, нічога не выкідаю, а перапісваю ў іншы файл.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Бязлепкіна А. Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні / Аксана Бязлепкіна. - Мн. : МГА "Бел. кнігазбор", 2002. - 349 с.