epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

***Ты кажаш, быццам я драмлю...

Ты кажаш, быццам я драмлю,

І так абразліва рагочаш.

І ты мяне прымусіць хочаш

Разоў мо сто сказаць: люблю.

 

Твой голас томіць да краёў,

А стан мне чымсь газель напомніў.

Я да цябе прыйшоў з краёў,

Дзе вые воўк уноч на поўню.

 

Мне дзіўны вальса лёгкі звон

І гэты воблак цеплакрылы.

Ты для мяне – чароўны сон,

Што снегавым іскрыцца пылам...

 

Баюся я цябе назваць

Па імені. Мо лепш без імяў?

Дай мне трывожна сузіраць

Вачыма прагнымі сваімі

 

Паўднёвы лік, забыты мной,

Што мне нагадвае няўмольна

Дзень прамінулы, дзень свавольны,

Забіты ноччу снегавой.



Пераклад: Мікола Шабовіч