epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

Дванаццаць

1.

Чорны вечар.

Белы снег.

Вецер, вецер!

На нагах не стаіць чалавек.

Вецер, вецер –

На ўсім божым свеце.

Завівае вецер

Белы сняжок.

Пад сняжком – лядок.

Золь, імжака.

Кожны хадок

Коўзаецца – ах, небарака!

Ад дому да дому –

Над вуліцай канат.

На канаце плакат:

“Уся ўлада Устаноўчаму сойму!”

Бабулька заходзіцца-плача,

Ніяк не ўцяміць, што значыць,

Навошта гэткі плакат бліскучы,

Такі кавалак – назола?!

Колькі-б выйшла для дзетак анучаў,

А кожны – босы і голы…

Бабулька, як курыца,

Перакулілася праз снежны ком.

– Ох, маці божая, заступніца!

Не жыццё ад бальшавікоў! ..

Вецер трывожны,

Не адстае і мароз.

І буржуй на раздарожжы

Затуліў каўнерам нос.

А гэта хто? – Даўгія космы,

Мармыча ў паўголаса:

– Здраднікі!

– Згубілі Расію!

То, мабыць, пісьменнік –

Вітыя.

А вось і даўгаполы –

Пад ветрам зморшчыў лоб.

– Што сёння невясёлы,

Таварыш поп?

Помніш, як бывала

пузам пёр упярод,

І крыжом зіяла

Пуза на народ?...

Вось пані ў каракулі

Да другой падвярнулася:

– Мы ўжо плакалі, плакалі…

Паслізнулася

І – гоп – расцягнулася!

Ай, ай!

Цягні, падымай!

Вецер гуляе

Рады і злы.

Падалы ўзбівае,

Падарожных косіць,

Рве, мне і носіць

Плакат угары

“Уся улада Устаноўчаму сойму”…

І словы даносіць:

… і ў нас быў сход, вядома…

… Вось у гэтым доме…

…Абгаварылі –

Пастанавілі:

На раз – дзясятку, на ноч – дваццаць пяць…

…І меней не з каго не браць…

… Хадзем спаць…

Позні вечар.

Пусцее вуліца.

Адзін валацуга

Сутуліцца,

Ды свішча вецер…

Гэй, нябожа!

Падыходзь –

Пацалуемся…

Хлеба!

Што наперадзе?

Праходзь!

Чорнае, чорнае неба.

Полымя сумнай злосці.

У грудзях занялося…

Чорная злосць, святая злосць…

Таварыш! Глядзі

Востра!

 

2.

Гуляе вецер, мігціцца снег.

Ідуць дванаццаць чалавек.

Вінтовак чорныя рамні,

Наўкол – агні, агні, агні…

У зубах – цыгарка, стары картуз

На спіну-б трэба бубновы туз!

Свабода, свабода,

без крыжа святая!

Тра-та-та!

Халодна, таварыш, халодна!

– А Ванька з Кацькай у карчме…

– У панчосе керанкі ў яе!

– І Ванька грошаў мае шмат…

– Быў Ванька наш, а стаў салдат!

– Ну, Ванька, сукін сын, буржуй,

Маю пацалаваць спрабуй!

Свабода, свабода!

Бяз крыжа святая!

КацькаВаньку пацяшае –

Чым, чым пацяшае? …

Тра-та-та!

Наўкол – агні, агні, агні…

Аплеч ружэйныя рамні…

Рэвалюцыйны трымайце крок!

Не дрэмле вораг, пільнуе змрок!

Таварыш, стрэльбу ямчэй нясі!

Давай пальнём па святой Русі! –

Па ізбянай,

Па кандовай,

Ды па тоўстазадай!

Эх, эх, без крыжа!

 

3.

Як ўзяліся нашы хлопцы

Ў чырвон-гвардыі служыць,

Ў чырвон-гвардыі служыць –

Буйну голаву злажыць!

Эх ты, гора-горкае,

Салодкае жыццё!

Стрэльба аўстрыяцкая,

Падраны палітон!

Мы, на гора ўсім буржуям,

На ўвесь свет пажар раздуем,

На ўвесь свет пажар у крыві, –

Госпадзі, благаславі!

 

4.

Ўецца снег, ліхач крычыць,

Ванька з Кацькаю ляціць –

Елікстрычны ліхтарок

На аглобельцы…

Ах, ах, падай!...

У шынелі ён салдацкай,

Не салдат, а нейкі фацат!..

Завівае чорны вус,

Ды закручвае,

Ды выкручывае…

Вось дык Ванька – гэта зух!

Вось дык Ванька – смелы рух!

Кацьку-дуру абымае,

Загаварывае…

Кацька слухае яго,

Зубкі ззяюць жамчугом…

Ах ты, Каця, мая Каця,

Таўстамордзенькая…

 

5.

У цябе на шыі, Каця,

Ад нажа майго рубец.

У цябе пад грудзьмі, Каця,

Знак пакінуў маладзец!

Эх, эх, паскачы!

Дня вясёлыя злічы!

У панскіх вопратках хадзіла, –

Пакрасуйся, пахадзі!

З афіцэрамі блудзіла –

Дык пацешся, паблудзі!

Эх, эх, паблудзі!

Сэрца лёдам халадзіць.

Помніш, Каця, афіцэра –

Галавы ён не знасіў…

Ці не ўспомніла, халера?

Ці забылася зусім?

Эх, эх, успамяні,

Спаць з сабою памані!

Гетры шэрыя насіла,

Ела панскі шакалад,

З юнкерам гуляць хадзіла –

З салдаццём цяпер пйашла?

Эх, эх, саграшы!

Будзе лепей на душы!

 

6.

…Ізноў насустрач угрунь імчыць,

Ляціць ліхач, ляціць, крычыць…

– Стой, стой!... Андруха, пераймай!

Пятруха, ззаду забягай!

Трах-тарарах-тах-тах-тах-тах!

Узвіўся ў неба снежны гмах…

Ліхач – і з Ванькам – наўцёк…

Яшчэ разок! Узводзь курок!...

Трах-тарарах! Ты будзеш знаць

З чужою дзеўкай як гуляць! …

Уцёк, зладзюга! Уцякай!

Назаўтра помсты ты чакай!

А Кацька мёртвая ляжыць,

І з раны кроў на снег бяжыць.

– Што, Кацька, рада? Ні гу-гу…

Ляжы ты, падла, на снягу!

Рэвалюцыйны трымайце крок!

Не дрэмле вораг, пільнуе змрок.

 

7.

І ізноў ідуць дванаццаць –

Толькі стрэльбы бразгацяць.

Твар у беднага забойцы

Пабялеў, бы ў мертвяка…

Праз сувеі снегавыя

Разагнаў трывожны шаг.

Хустку звіў вузлом на шыі –

Не апомніцца ніяк…

– Ты чаго такі маркотны,

Невясёлы стаў такі, –

Ці без Кацькі той самота

Сэрца сціснула ў ціскі? …

– Эх, сябры мае, браточкі!...

Гэту дзеўку я кахаў…

Не адну хмельную ночку

З гэтай дзеўкай скаратаў…

З-за гарэзнасці бядовай

У палаючых вачах,

З-за радзімачкі пунсовай

Каля правага пляча.

Загубіў я, бесталковы,

Загубіў я згарача…ах!

– Ну, разнюніўся, разліўся…

Ці-ж не баба ты, Пятро!

Хочаш, Богу памаліся!

Хочаш вывернуць нутро?

– Гэй, Пятруха, схамяніся!

– Над сабой трымай кантроль!

– Час настаў цяпер інакшы –

Не для гора і тугі,

Трэба скончыць справу нашу

Нам, таварыш, дарагі! –

І Пятро свой бег спыняе,

Суцішае ён шагі…

Ён галоўку ўзнімае,

Ён ізноў павесялеў…

Эх, эх!

Пагуляць цяпер не грэх!

Сёння ты, буржуй, не спі –

Дзверы крукам зашчапі!

Склепы-сховы адчыняй,

Ды галоту сустракай!

 

8.

Ох, ты, гора горкае!

Доля нудная,

Сумная!

Я часіну тут

Правяду, правяду…

Я патыліцу

Пачашу, пачашу…

Я гарбузікі

Пагрызу, пагрызу…

Я ўжо ножычкам

Паласну, паласну!

Ты ляці, буржуй, зязюлькаю!

Вып’ю кроў я

За любоў маю,

Чорнабровую…

“Упокой, Господі, душу рабы твоея”…

Нудна!

 

9.

Не чутна шуму гарадскога,

Над неўскай вежай цішыня,

І больш няма гарадавога –

Гуляйце, хлопцы, без віна!

Стаіць буржуй на раздарожжы,

Схаваў у каўнер ссінелы нос.

А побач з ім спіну наёжыў

Сабака, падтуліўшы хвост.

Буржуй, як цюцька, стаў, галодны

І да зямлі нібы прырос.

І свет стары, як пёс бязродны,

Стаіць за ім, паджаўшы хвост.

 

10.

Загуляла завіруха,

Ой, ой, завіруха!..

Усё пад белай пацярухай

Захавалася кругом!

Снег узвіваецца слупом,

Рассыпаецца наўслонь.

– Ох, мяцель якая, Спасе!

– Гэй, Пятруха, не хістайся!

– Ад бяды цябе, мо’упас

Залаты іканастас?

Несвядомы ты, ты дзе там –

Сам падумай лепш пра гэта!

Хіба рук крывёй не спляміў

Цераз Кацькіна каханне?

– Шаг трымай рэвалюцыйны, –

Вораг шлях нам не зачыніць!

Упярод, упярод!

Рабочы народ!

 

11.

І ідуць без імені святога,

Усе дванаццаць – ўдаль.

Да ўсяго гатовы,

Ніпачым ім жаль…

Іх вінтоўкі гневам веюць

На варожыя сляды…

У завулкі, дзе завеі,

Дзе ўзлятае снег, як дым,

Дзе не вырвецца з сувеяў

Ні стары, ні малады. –

У вочы б’е

Чырвоны сцяг.

Раздаецца:

Мерны шаг.

Смерць снуе

Варожы шлях –

І пыліць завея ў вочы

Дні і ночы

напралёт…

Упярод, упярод,

Рабочы народ.

 

12.

…Удаль ідуць усеўладным шагам.

– На дарозе хто там устаў?

Гэта – вецер з чырвань-сцягам

Разгуляўся, зашугаў.

На шляху – сумёт халодны.

– Хто там? – Ноч і мітульга. –

Толькі ззаду пёс галодны,

Нібы злодзей, закульгаў.

– Адвяжыся, шалудзівы,

Я штыхом паласкачу!

Свет стары – брахун паршывы,

Адыдзі – пакалачу!

… скаліць зубы – воўк галодны, –

Хвост паджаў – не адстае –

Той сабака – злы, бязродны…

– Адгукнуліся, хто йдзе?

Хто махнуў чырвоным сцягам?

Цемра гэткая кругом!

Хто там ходзіць белым шагам?

Хто схаваўся за вуглом?

– Усё роўна пераможам,

Лепш здавайся мне жыўцом!

– Чуеш, горай стацца можа!

Гэй, выходзь, страляць пачнём!

Трах-тах-тах! – і толькі рэха

Адгукаецца – гу-гу!...

Ды завея доўгім смехам

Заліваецца ў снягу…

Трах-тах-тах! …

Трах-тах-тах! …

Так ідуць усеўладным шагам –

Ззаду – пёс, галодны пёс…

На чале з крывавым сцягам,

Праз завеі снежны гул,

Абаронены ад куль,

Над завейным крокам кволым,

Перлам белым снежных столак

У вяночку з белых роз –

На чале – Ісус Хрыстос.



Пераклад: Алесь Дудар