epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

Муза

Ёсць у песнях тваіх, як стыхія,

ад пагібельных вестак агні...

Ёсць праклён запаветных святыняў

і знявага людской дабрыні.

 

Сіла ёсць у напевах і словах,

што сцвярджаю і я - сам не свой,

быццам ты спакушала анёлаў,

асляпляючы боскай красой.

 

І калі ты над верай смяешся,

над табою нядрэмна гарыць

той халодны і шэры, бы месяц,

цьмяны круг, вечны круг - угары!

 

Зло, спагада, таемная слава -

што, скажы, заручона з табой?

Для адных ты - і цуд, і забава,

для мяне ты - пакута і боль.

 

Хто мне раптам усё перайначыў,

бо чаму я, пазбаўлены сіл,

не загінуў, як лік твой убачыў,

а тваіх суцяшэнняў прасіў?

 

Я не быў ні каханым, ні другам.

Дык за што падарыла мне ты

зорны купал над кветкавым лугам -

цень пякельнай тваёй пекнаты?

 

Халадней за паўночныя ранкі,

гарачэй за хмяльное аі,

карацей за абдымкі цыганкі

твае страшныя ласкі былі.

 

І была над святыняй пацеха -

як знявага і брудная плынь,

і для сэрца няўцямная ўцеха -

гэта горкая страсць, як палын!

 



Пераклад: Мікола Федзюковіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com