epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

На чыгунцы

Марыі Паўлаўне Івановай

 

Пад насыпам, дзе роў някошаны,

Ляжыць яна, нібы жывая,

Хусцінкай косы залагоджаны,

Прыгожая і маладая.

 

Бывала, йдзе хадой прыстойнаю

На свіст і шум за лесам блізкім.

І, змерыўшы платформу, мройная,

Хвалюецца ля стрэшкі нізкай.

 

Агні трохвокія ўрываюцца –

Ярчэй румянец, вышай локан:

Магчыма хтось і паўзіраецца

Ў яе уважлівей праз вокны...

 

Ішлі вагоны звыклай лініяй,

Пагойдваліся і рыпелі;

Маўчалі жоўтыя і сінія,

Ў зялёных плакалі і пелі.

 

За шыбамі ўставалі сонныя,

Абводзілі вачыма вяла

Платформу, сад, кусты бяскроўныя,

Яе, і побач з ёй жандара...

 

Гусара толькі постаць казкаю

Аднойчы ў шкле прад ёй паўстала:

Ўсю абдаў усмешкай ласкавай...

І поезд міма паімчала.

 

Ляціць так маладосць дарэмная,

У марах марна знемагае...

Туга дарожная, жалезная

Са свістам сэрца раздзірае...

 

Ды што – даўно ўжо сэрца вынята!

Зашмат аддадзена паклонаў,

Зашмат паглядаў прагных кінута

Заштораным вачам вагонаў...

 

З пытаннямі не лезьце ў полымя

Ля акрываўленае кручы:

Каханнем, брудам або коламі

Загублена – усё балюча.



Пераклад: Пятро Макарэвіч