epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

Салаўіны сад

1

 

Я ламлю спластаваныя скалы

Ў час адліву на глеістым дне,

Іх кавалкі асёл перапалы

На калматай цягае спіне.

 

Данясем, пакладзем ля дарогі

I — да мора, за колішні мол

Нас вядуць валасатыя ногі,

I крычаць пачынае асёл.

 

Рады ён і крычыць галасіста,

Што вяртаецца ўлегцы назад.

Каля самай дарогі — цяністы

I заглухлы раскінуўся сад.

 

Праз паркан навісаюць галіны,

Нахіляюцца ружаў кусты,

Разліваецца спеў салаўіны,

Шапацяць ручаі і лісты.

 

Крык асла ўсё часцей раздаецца

Каля брамы садовай якраз,

Нехта там і пяе, і смяецца,

I знікае ў альтанцы не ў час.

 

Толькі слухаю голас пяшчотны,

Паганяю да мора асла

I гляджу, як на бераг спякотны

Асядае густая імгла.

 

2

 

Дзень гарачы знікае бясследна,

Цемра ночы паўзе праз кусты,

I асёл мой здзіўляецца бедны:

«Ну, чаго замаркоціўся ты?»

 

Розум мой пачынае муціцца,

Думкі блытае спеў салаўёў,

Мне жыццё невядомае сніцца,

I маё, і зусім не маё...

 

Ну чаго я ў хаціначцы цеснай

Памнажаю пакуты свае,

Паўтараю дзівосныя песні,

Што за брамаю нехта пяе?

 

Не даходзяць ні стогны, ні енкі

У той сад праз высокі паркан,

Дзе у змроку бялее сукенка

I мільгае, як воблачка, стан.

 

Кожны вечар у сінім тумане

Я іду да варот, як у сне.

Гэта вабіць яна на спатканне

I спявае, і кліча мяне.

 

У прываблівых тых парываннях

Я забытае нешта лаўлю,

Пачынаю любіць хваляванні.

І паркан недасяжны люблю.

 

3

 

Спачывае асёл змардаваны,

Лом ляжыць на пяску пад скалой,

А ўначы гаспадар закаханы

Зноў блукае за душнай імглой.

 

Шлях знаёмы, даўно пратаптаны,

Таямніча заблытвае крок,

Але ў змрочную засень паркана

Нешта цягне яго як знарок.

 

Ён ідзе учарнелы, нядужы,

Дзе звіняць салаўёў галасы

І звісаюць калючыя ружы

Пад іскрынкамі буйнай расы.

 

Што чакае, бяда ці спагада,

Калі іншую сцежку знайсці,

Каб у змрок салаўінага саду,

Ледзь пастукаўшы, ціха ўвайсці?

 

Перакрэслю былое старанна,

Скіну лямку з плячэй і нуду:

Сэрца чуе, што госцем жаданым

Я у сад салаўіны прыйду...

 

4

 

Праўду сэрца маё гаварыла,

І нестрашнай здалася сцяна,

Я не стукаў — сама адчыніла

Непрыступныя дзверы яна.

 

Паланілі лілеяў павевы,

Зачароўвалі слых ручаі,

І салодкім раскацістым спевам

Аглушылі мяне салаўі.

 

Прыгажосць невядомага свету

Разгарнула абдымкі тады,

Як спадалі званчэй бранзалеты,

Чым у марах, што песціў заўжды.

 

Апаліў мяне хмель залацісты.

Апаліў залацісты агонь.

Я забыўся пра шлях камяністы

І пра беднага друга свайго.

 

5

 

Засланіла ад смутку і гора

У шыпшынах і ружах сцяна, —

Салаўінаю песняю мора

Не заглушыш — вядома здаўна?

 

Уварвалася ў спевы трывога —

Рокат мора і ўсплёскі вясла...

Быццам прывід, узнікла дарога

І стамлёныя крокі асла...

 

Водар душнага змроку аблытаў,

І рукою яна абвіла;

«Што з табою, каханы, скажы ты?»

Дапытацца ніяк не магла.

 

Пазіраючы ў змрок сіратліва,

Я надыхацца шчасцем не мог,

І размераны рокат прыліву

Засланіў ад будзённых трывог.

 

6

 

Я прачнуўся. Імглістаю сцежкай

Першы промень прабіўся к сцяне.

Спіць яна, і з дзіцячай усмешкай

Нешта мроіць і сніць пра мяне.

 

Любы воблік у ранішніх чарах

Сэрца мне і душу апаліў.

Па далёкіх і роўных ударах

Я пазнаў, што находзіць прыліў.

 

Я акно расчыніў прад сабою,

І здавалася, недзе узнік

За далёкім рыканнем прыбою

Безнадзейны і жаласны крык.

 

Крык асла, быццам голас падранка,

Ўслед за мною ляцеў наўздагон.

Я паціху завесіў фіранку,

Каб чароўны не кончыўся сон.

 

Я ішоў камяністаю кручай,

Праз кусты, пакідаючы сад.

Быццам рукі, шыпшыннік калючы

Не даваў мне вярнуцца назад.

 

7

 

На дарозе з каменчыкаў шэрых

Стома з раніцы валіць на дол.

Я ступаю на стоптаны бераг,

Дзе астаўся мой дом і асёл.

 

Можа, сцежку заблыталі цені,

Што ў тумане бягуць чарадой?

Не, я помню абрысы каменняў,

Чэзлы куст, і скалу над вадой...

 

Дзе мой дом? — Я няцвёрдай нагою

Спатыкнуўся на кінуты лом,

Што пакрыўся іржой пад скалою

І зацягваўся мокрым пяском.

 

Размахнуўшыся рухам знаёмым,

(Ці наяве, ці гэта у сне?),

І ударыў заржаўленым ломам

Я па камені цвёрдым на дне...

 

З-пад яго толькі шэрыя спруты

Захісталіся з боку на бок,

Краб караскаўся, быццам прыкуты,

І прысеў на вільготны пясок.

 

Я наверсе паспеў адступіцца,

Ён спаўзаў па каменнях сцяны,

З нейкім другам паспелі пабіцца,

І ў расколіне зніклі яны...

 

Па сцяжынцы, з якое я збочыў,

Дае хацінка калісьці была,

Крочыў з кіркаю ношы рабочы

І прыспешваў чужога асла.

 

1915



Пераклад: Сяргей Грахоўскі