Панмангалізм! Хоць дзікае імя,
А слых яно заўсёды цешыць
Ул. Салаўёў
Мільёны — вас. Нас — процьма. Ні грамы,
Ні вы нас не застрашыце мячамі!
Так, скіфы — мы! Так, азіяты — мы, —
З раскосымі і прагнымі вачамі!
Для вас — вякі, гадзіна — дзеля нас.
Мы, быццам паслухмяныя халопы,
Трымалі шчыт паміж варожых рас —
Манголаў і Еўропы!
Ад веку ў век неўтаймаваны вал
Глушыў кавадламі грамоў лавіны,
І дзікай казкай быў для вас правал
І Лісабона, і Месіны!
Спрадвеку вы глядзелі на Усход,
Пераплаўлялі мятыя дукаты
І здзекліва лічылі — прыйдзе год,
Калі на нас нацэліце гарматы!
Вось — час настаў. Крывавы дзень бяды.
Агонь і крыўды — ўсё перад вачыма,
А прыйдзе дзень — сатруцца ў пыл сляды
Ад вашых Пестумаў, магчыма!
О, свет стары! Ты п’яўкаю прыліп
І цешышся яшчэ салодкай згадкай,
Апамятайся лепш, як мудры той Эдып
Прад Сфінксам з неразгаданай загадкай!..
Расія — Сфінкс. У шчасці і ў журбе,
Сплываючы счарнелаю крывёю,
Усё яна ўглядаецца ў цябе,
Кляне і захапляецца табою!..
А так любіць, як любіць наша кроў,
Спрадвеку з вас ужо ніхто не любіць!
Забылі вы, што ў свеце ёсць любоў,
Якая папяліць і губіць!
Мы любім і разлікі і прагрэс,
Разважлівасць і ўзнёслыя натхненні,
Нам зразумела ўсё — і востры гальскі сэнс,
І змрочны ваш германскі геній...
Нам помняцца парыжскія баі,
Венецыянскія каналы,
Далёкія лімонныя гаі
І Кёльна дымныя кварталы...
Мы любім плоць — і дух яе, і смак
У пісягах і ў сонечных накрапах.
Ці ж нас вініць, як хрусне ваш касцяк
У цяжкіх і пяшчотных нашых лапах?
Прывыклі мы за лейцы і гужы
Прытрымліваць стаеннікаў гарачых,
А непакорлівым ламаць крыжы
І сунімаць свавольніц і лайдачак.
З пякельнай бойні нашы трубачы
Вас клічуць — станьце побач з намі!
Пакуль не позна, выкіньце мячы,
Таварышы! Мы зробімся братамі!
А калі не, — няма чаго губляць,
І нас тады не спыніць вераломства!
Стагоддзямі вас будзе праклінаць
Нягеглае і позняе патомства!
Мы ў пушчах і ў палях у пэўны час
Расступімся перад Еўропай гордай
І першымі павернемся да вас
Сваёю азіяцкай мордай!
Ідзіце ўсе, ідзіце на Урал!
Мы ачышчаем месца бою
Стальных машын, дзе зліўся інтэграл
З мангольскай дзікаю ардою!
Цяпер мы вас не зможам засланіць,
Цяпер мы ў бойку не палезем самі!
Паглядзім, як смяротны бой кіпіць,
Сваімі вузкімі вачамі!
Не зрушымся, калі здзічэлы гук
Пачне трафеі з трупаў важыць,
Паліць дамы, гнаць у царкву табун
І нават мяса белых смажыць!
Апамятайся ўрэшце, свет стары!
На свята працы, роўнасці і міру,
На светлыя братэрскія піры
Склікае варварская ліра!
1918