epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

Вершы

Гамаюн, прарочы птах
«Ночной туман застал меня в дороге…»
Перад навальніцай
«Когда толпа вокруг кумирам рукоплещет…»
«Последний пурпур догорал…»
«За городом в полях весною воздух дышит…»
«Ветер принес издалёка…»
«Встану я в утро туманное…»
«Жду я холодного дня…»
«За туманом, за лесами…»
Ноч на Новы Год
«Там — в улице стоял какой-то дом…»
«На весенний праздник света…»
«За темной далью городской...»
«Вхожу я в темные храмы…»
«Загляжусь ли я в ночь на метелицу…»
«Золотистою долиной…»
«Разгораются тайные знаки…»
«Еще бледные зори на небе...»
«Всё ли спокойно в народе?..»
«Мне снились веселые думы…»
«Когда я стал дряхлеть и стынуть...»
«По городу бегал черный человек...»
Світанне
Фабрыка
З газет
«Поднимались из тьмы погребов…»
Маёй маці
«Улица, улица...»
«Шли на приступ. Прямо в грудь»
Асенняя воля
Аповесць
«Девушка пела в церковном хоре...»
Сытыя
Скокі асеннія
Незнаёмка
«Вися над городом всемирным…»
«Милый брат! Завечерело…»
Купальская ноч
Сольвейг
Русь
«Ночь. Город угомонился...»
«Твоя гроза меня умчала...»
Пажар
«Я был смущенный и веселый…»
Снежнае віно
Яе песні
На снежным вогнішчы
«Тропами тайными, ночными ...»
«В этот серый летний вечер...»
«Сырое лето. Я лежу…»
Аб смерці
У паўночным моры
«Когда я создавал героя...»
Песня Фаіны
«В те ночи светлые, пустые…»
Закляцце агнём і змрокам
«Когда вы стоите на моем пути...»
«И я любил. И я изведал...»
«Она пришла с мороза, Раскрасневшаяся…»
Паэты
«О доблестях, о подвигах, о славе...»
На полі Куліковым
  «Река раскинулась. Течёт, грустит лениво…»
  «Мы, сам-друг, над степью в полночь стали…»
  «В ночь, когда Мамай залёг с ордою…»
  «Опять с вековою тоскою…»
  «Опять над полем Куликовым…»
«В голодной и больной неволе…»
«Русь моя, жизнь моя, вместе ль нам маяться…»
«Не спят, не помнят, не торгуют…»
«Какая дивная картина…»
Равена
«Поздней осенью из гавани…»
На чыгунцы
«О, я хочу безумно жить…»
«Я — Гамлет. Холодеет кровь…»
«Среди поклонников Кармен…»
«Ты — как отзвук забытого гимна…»
«Да. Так диктует вдохновенье…»
«Похоронят, зароют глубоко…»
«Милая девушка, что́ ты колдуешь…»
Каршун
«Дикий ветер…»
«Женщина, безумная гордячка...»
Дэман


Гамаюн, прарочы птах

(Карціна В. Васняцова)

 

На воднай гладзі пурпур растае,

Палае захад неастылы,

Ён і прарочыць і пяе,

А разгарнуць не можа крылы...

Прарочыць здзек ліхіх татар,

І землятрус, і кроў, і краты,

Ад злыдняў — голад, і пажар,

І смерць ні ў чым не вінаватых..

Жах прымушае замаўчаць,

Але гараць любоўю вочы,

Крывавяць вусны, а гучаць

Адзінай праўдаю прарочай.

 

1899

 

«Ночной туман застал меня в дороге…»

 

Начны туман заслаў маю дарогу,

Праз голле лесу выплыў маладзік,

Стамлёны конь біў капытом трывогу, —

Ён, ціхі днём, — да ночы не прывык.

Маўклівы змрочны лес даўно знаёмы

Здаваўся дзіўны ў пнях і каранях,

Па срэбраным прагале я дадому

Накіраваў трывожнага каня.

Туман балотны слаўся дымам горкім,

Але царква заззяла серабром,

Там — за далінай, гаем і за ўзгоркам

У змроку прытуліўся родны дом.

Стамлёны конь хутчэй бяжыць дахаты,

Мільгаюць вёскі, бачныя з гары,

І маякамі свецяць, як у святы,

Усцяж дарог начлежнікаў кастры.

 

1899

 

Перад навальніцай

 

Заход гарэў апошні раз,

Свяціла заплыло за хмары,

Іх беражкі у гэты час

Палалі полымем пажару.

 

А ў невядомай вышыні,

Дзе неба чорнае, як ноччу,

Грамы грымелі, і агні

Палалі зрэнкаю прарочай.

 

Усё знямела на зямлі,

Маланкі выбліснула джала,

А навальніцы ўсё гулі,

І дрэва кожнае дрыжала.

 

Здалося, свет ад навальніц

Агністыя расплюшчыў зрэнкі,

І вецер з-за начных граніц

Данёс і слёзы нам, і енкі.

 

1899

 

«Когда толпа вокруг кумирам рукоплещет…»

Дабро і зло ўспрымаем раўнадушна,

Душой марнеючы ў пачатку барацьбы.

М. Лермантаў

 

Калі натоўп пяе кумірам славу,

Скідае аднаго, другога узнясе,

І мне, сляпому, гэтае забавы

Святы агеньчык свеціць пакрысе!

Імкнуся да яго, шукаючы спакою,

Наколькі хопіць сіл, спяшаюся, цярплю,

Але ад смутку ўласнаю рукою

Я карабель сваіх надзей таплю!

У вір зацягнуты пагібелі сардэчнай,

Я — абыякавы, з туманам уваччу...

Натоўп крычыць — а я халодны вечна.

Натоўп гукае — я ў адказ маўчу.

 

1899

 

«Последний пурпур догорал…»

 

Апошні пурпур дагараў,

Апошні вецер плыў у змроку,

Ляцелі хмары, месяц стаў,

І песня чулася здалёку.

 

Надзеі ўсе мае якраз

Зноў ажылі, як напрадвесні,

Але журбой была ў адказ

Душа, замучаная песняй.

 

Старэнькі бог святло праліў,

Над бліскавіцай, як бядою,

Ляцелі з плачам жураўлі

У вырай доўгай чарадою.

 

1900

 

«За городом в полях весною воздух дышит…»

 

За горадам вясною пахне ціша,

Іду і ведаю — вось-вось агонь мільгне.

Там спераду — марскі прыбой калыша

Дыханне змрочнае — і мучае мяне.

 

Я ведаю: сталіца ў тлумнай гары,

Там змрок гарачы і людскі прыбой.

О, сэрцы кволыя! Без спадзявання твары!

Вясны не зведаўшы, бядуюць над сабой.

 

Тут памяць дзён вялікіх зноўку кліча,

З сівога золку — дзіўныя абліччы

Прарочаць лад жыцця і вечнасці агні...

 

Зямны забудзем тлум. Прыйдзі з агнём без гневу,

На сконе дня Загадкавая Дзева, —

Наступнае з мінулым парадні.

 

1901

 

«Ветер принес издалёка…»

 

Вецер прыносіў здалёку

Песні вясновай намёк.

Недзе свяціўся глыбока

Яснага неба шматок.

 

У гэтым зеніце пахмурым,

У прыцемках блізкай вясны

Плакалі снежныя буры,

Сніліся зорныя сны.

 

Ціха, нясмела, глыбока

Плакалі струны мае.

Вецер прыносіў здалёку

Гучныя песні твае.

 

1901

 

«Встану я в утро туманное…»

 

Устану я ў ранне туманнае,

Сонца мне шчокі кране.

Ці не сяброўка жаданая

Гэта ідзе да мяне?

 

Насцеж вароты дубовыя!

Вецер рвануўся ў акно!

Песні такія бядовыя

Тут не гучалі даўно!

 

З імі і ў ранне туманнае

Сонца мне шчокі кране!

Гэта сяброўка жаданая

З імі ідзе да мяне.

 

1901

 

«Жду я холодного дня…»

 

Чакаю сцюдзёнага дня

І месца ніяк не знайду.

У сэрцы звініць цішыня:

Ты абяцала: «Прыйду, —

 

На раздарожжы чакай,

Далей ад людных дарог,

Каб найвялікшы свой край

Кінуць ніколі не змог.

 

Ціха прыйду, не зманю,

Бо ў сэрцы звініць цішыня,

Дзверы табе адчыню

Ў змроку зімовага дня».

 

1901

 

«За туманом, за лесами…»

 

За туманам, за лясамі

Загарыцца — прападзе,

Еду роснымі палямі,

Блісне — і няма нідзе.

 

Так вандроўнымі агнямі

Позна ноччу, за ракой,

Над маркотнымі лугамі

Мы сустрэнемся з Табой.

 

І ўначы няма адказу.

Ты з трысця і туманоў

Часам свеціш не адразу

І здалёку вабіш зноў.

 

1901

 

Ноч на Новы Год

 

Ляжаць халодныя туманы,

Гараць барвовыя агні,

Душа марозная Святланы

У мроях дзіўнае гульні.

 

Рыпне снег — і сэрцы б’юцца,

Месяц выплыў, як знарок,

За варотамі смяюцца,

А ў завулках — змрок і змрок.

Дай зірну на свята смеху,

Твар закрыты і ў мяне,

Чырвань стужак — на пацеху,

Любы ганак не міне...

А туман плыве, віецца,

Дачакаюся пары.

Нехта шэпча і смяецца,

І гараць, гараць кастры...

Снег рыпіць, як на світанні,

Мільгануў агонь і згас.

«Як імя?» Імчацца сані,

Толькі — рогат у адказ.

Завіруха б’е ў вароты

І грукоча па сцяне...

Любы дотыкам пяшчоты

Закрывае шчокі мне.

 

Ляжаць халодныя туманы,

То знікне месяц, то плыве.

Душа задумлівай Святланы

Дзівоснай мараю жыве.

 

1901

 

«Там — в улице стоял какой-то дом…»

 

На вуліцы стаяў якісьці дом,

Крутая лесвіца у цемнаце знікала,

Рыпелі дзверы і звінелі шклом,

Святло ўрывалася — і цемра зноў блукала.

 

Бялела ў змроку страшна пры сцяне

Пад шыльдай «Кветкі» без адзінай плямкі,

Там крокаў гул цішэў, то зноў звінеў

На лесвіцы пры жоўтым бляску лямпы.

 

Там, з вышыні, акно глядзела ўніз,

Завешанае шторай нерухомай,

Нібыта лоб наморшчаны, карніз

Грымасу надаваў старому дому.

 

Дрыжала ў вокнах жоўтае святло,

Гучалі спевы, музыка і танцы,

А з вуліцы — ні гуку не было,

На шыбах толькі зіхацелі глянцы.

 

Па лесвіцы над сцішаным дваром

Хіснуўся цень, і лямпа ледзь міргала.

Рыпелі дзверы і звінелі шклом,

Святло ўрывалася — і цемра зноў блукала.

 

1902

 

«На весенний праздник света…»

 

На свята весняга святла

Я клічу родны цень.

Каб на світанні ты прыйшла,

Настаў бы ясны дзень!

 

Не той наступны дзень, што б’ецца

У вокны з ветрам па вясне!

Хай, не сціхаючы, смяецца

Дзень небывалы у акне!

 

Расчынім дзверы мы і рады,

Хоць і заплакаўшы ўздыхнём,

Што завірушнай сцюжы страты

Мы з лёгкім сэрцам панясём...

 

1902

 

«За темной далью городской...»

 

З дальняй цемрай гарадской

Бялеў і знік лядок.

Асвойтаўшыся з цемнатой,

Я замарудзіў крок.

Гуло, круціўся снег густы,

Сляпіў і шчокі сек.

А мне насустрач з цемнаты

Падняўся чалавек.

Ён, твар хаваючы знарок,

Ішоў, нібыта ўброд,

Туды, дзе быў бясконцы змрок

І дзе канчаўся лёд.

Зірнуў, прыбавіўшы хады,

Аж бліснуў вока круг.

І ў прорве чорнае вады

Агеньчык той патух.

Сышліся ўсе ў адзін кругі,

Струмень спакойна бег.

На шчокі, лёд, на берагі

Ляцеў халодны снег.

Не ведаў я, калі і дзе

Узнік і згінуў ён

І як адбіўся у вадзе

Нябёсаў сіні сон.

 

1902

 

«Вхожу я в темные храмы…»

 

Заходжу я ў цёмныя храмы,

Выконваю бедны абрад.

Чакаю Цудоўную Даму

Ў мігценні чырвоных лампад.

 

Стаю за высокай калонай,

Чакаю, а сіл не стае,

У вочы глядзіць мне натхнёны

Толькі вобраз і сон пра Яе.

 

Прывык я да гэтае рызы

Велічнай Жонкі з сівой даўніны.

Высока бягуць на карнізы

Казкі, усмешкі і сны.

 

О, Святая, твой вобраз чароўны,

Знічкі свечак і водар густы!

Больш не чую я гоман няроўны,

Толькі веру: Мілая — Ты.

 

1902

 

«Загляжусь ли я в ночь на метелицу…»

 

Я гляджу на мяцеліцу зорную,

Загараюся іскрамі воч.

Што у зрэнках Тваіх, непаўторная,

Нашаптала мне сіняя ноч.

 

Нашапталіся казкі калматыя,

Варажыў загавораны луг

Пра Цябе, летуценні крылатыя,

Пра Цябе, мой загадкавы друг.

 

Я затканы снягоў павуцінаю,

Пацалункі — як доўгія сны.

Чую сэрца тваё лебядзінае,

Чую палкае сэрца вясны.

 

Варажы мне, Мядзведзіца зорная,

Чарадзейка-зіма, напрароч,

Што у зрэнках тваіх, непаўторная,

На чале тваім, сіняя ноч.

 

1902

 

«Золотистою долиной…»

 

Залацістаю далінай

Ты, нямы і дзікі, знік,

Замаўкае жураўліны

У асеннім небе крык.

 

Растае, нібы ў зеніце,

Сумны голас, доўгі гук,

І бясконца цягне ніці

Заклапочаны павук.

 

Праз нябачныя валокны,

Не шкадуючы святла,

Сонца б’е ў сляпыя вокны

Апусцелага жытла.

 

За яскравыя адзенні

Восень сонцу аддала

Безнадзейныя надзеі,

Жар натхнёнага цяпла.

 

1902

 

«Разгораются тайные знаки…»

 

Разгараюцца тайныя знакі

На глухой непрасыпнай сцяне.

Залатыя, чырвоныя макі

Нада мною звісаюць у сне.

 

У начныя знікаю пячоры,

Забываецца прывідны лёс.

На світанні хімеры, як зоры,

Пазіраюць у люстра нябёс.

 

Уцякаю ў мінулыя мігі,

Страх усе заглушыў галасы,

На старонках застылае кнігі

След пшанічнай дзявочай касы.

 

Нада мной небасхіл ужо нізка,

Чорны сон, як балючы удар.

Мой канец прадчуваецца блізка,

А ў наступным — вайна і пажар.

 

1902

 

«Еще бледные зори на небе...»

Мроіцца нязбытнае ізноў

Фет

 

Яшчэ бледныя зоры ў зеніце,

Недзе певень спявае не ў час.

На палях у даспеленым жыце

Чарвячок засвяціўся і згас.

 

Пацямнела альховае голле,

За ракою агонь замільгаў.

Праз туман чарадзейны у поле

Непрыкметны табун паскакаў.

 

Я маркотнымі еду палямі,

Паўтараю тужлівы напеў.

Сон дзівосны праплыў за плячамі

І да чулай душы прыкіпеў.

 

Я складаю сугуччы паволі —

Хоць не здзейсніцца думам маім.

І гайдаецца шэрае голле,

Быццам рукі і твары у ім.

 

1902

 

«Всё ли спокойно в народе?..»

 

— Ці хоць спакойна ў народзе?

— Забілі цара уначы.

Гучна аб новай свабодзе

Нехта на плошчы крычыць.

 

— Ці хоць гатовы падняцца?

— Не, толькі ледзьве ўстаюць.

Хтось загадаў дачакацца:

Ходзяць і песні пяюць.

 

— Хто ж будзе правіць народам?

— Улады не любяць нідзе.

За грамадзянскім паходам,

Чуецца, — нехта ідзе.

 

— Хто ўціхамірнік народу?

— Злосны і цёмны, як склеп.

Юны манах ля ўваходу

Ўбачыў яго і — аслеп.

 

Ён у падземныя ходы

Гоніць жыўцом і сячэ

Прэнтам жалезным народы...

— Божа, ад Суду ўцячэм!

 

1903

 

«Мне снились веселые думы…»

 

Мне сніліся светлыя думы,

Мне снілася — я не адзін...

На золку прачнуся ад шуму

І трэску імклівых ільдзін.

 

Я думаў аб здзейсненым цудзе...

А там загулі тапары,

Чырвоныя статныя людзі

Са смехам палілі кастры.

 

Смалілі чаўны і спявалі...

І рэчка вясёлай была,

За крыгамі крыгі сплывалі,

Гайдаўся абломак вясла...

 

Разлівам і смеху і шуму

Душа захмялела спаўна...

Са мною вясновыя думы,

Я ведаю — Ты не адна...

 

1903

 

«Когда я стал дряхлеть и стынуть...»

 

Калі я стаў слабець і стынуць,

Паэт, зрабіўшыся сівым,

Я захацеў далей адрынуць

Усё, што суджана старым.

Я змоў, худы, нямоглы, хворы,

У снах старэчае тугі,

Шчаслівыя шукаю зоры

І бачу вобраз дарагі...

Магчыма, мары нахлусілі,

Ды я не веру ў гэты зман,

Нічога больш не разбудзілі

Ні зоркі, ні прыгожы стан.

Усе далёкія сустрэчы

Трывожылі юнацкі свет,

Ды старасць мне сагнула плечы,

І смешна мне, што я паэт...

Абрыдлі кніжныя стварэнні

Пустых ружовых дзівакоў!

Пракляцце снам і летуценням

Маіх няспраўджаных радкоў!

Адзін, не ведаю спакою,

Слабею, злосці не суняць,

І я схуднелаю рукою

Ледзь-ледзь здалею кій падняць…

Каму паверыць? З кім змірыцца?

Папы, паэты і ўрачы…

А можа, пошласці вучыцца

Натоўп мне зможа памагчы!

 

1903

 

«По городу бегал черный человек...»

 

Па горадзе бегаў чорны чалавек.

Тушыў ліхтарыкі, караскаўся на лесвіцу.

 

Белы світанак цемру паволі рассек

І з чалавекам узлазіў на лесвіцу.

 

Там, дзе ляжалі ціхія, мяккія цені, —

Жаўцелі палоскі вячэрніх ліхтароў, —

 

Ранішнія прыцемкі леглі на каменні,

Забіліся ў фіранкі і ў шчыліны муроў.

 

Ах, які бледны горад на зары!

Чорны чалавечак плача на двары.

 

1903

 

Світанне

 

Я ўстаў і ўзняў высока рукі.

А нада мною паплылі

Світання радасныя гукі

У барвах неба і зямлі.

 

Здалося мне — жанчына ўстала,

Малілася, ішла у храм,

Рукой ружоваю кідала

Зярняты свойскім галубам.

 

У вышыні ляцелі птахі,

Нібыта нітачка ляціць.

І галубы старыя дахі

Ўзяліся крыллем залаціць.

 

Гарэлі золатам карнізы,

Дамы і дахі ў вышыні,

Я зверху ўбачыў — шар вялізны

Плыве ў чырвонай цішыні.

 

1903

 

Фабрыка

 

У жоўтых вокнах ціха стала.

Па вечарах — па вечарах

Рыпаць марудныя завалы,

Людзей да брамы гоніць страх.

 

Глухая брама каля дому,

Чуваць, як бразгаюць ключы,

І нехта чорны, нерухомы

Людзей падлічвае ўначы.

 

Я з вышыні гляджу і стыну;

А ён мядзяны крывіць рот

І зноў загадвае, каб спіны

Сагнуў замучаны народ.

 

Яны увойдуць, разбрыдуцца

Цягаць кулі з усіх бакоў.

І ў жоўтых вокнах засмяюцца,

Што ашукалі жабракоў.

 

1903

 

З газет

 

У ззянні ўставала, жагнала дзяцей,

І дзеці пабачылі радасны сон.

Адбіла, схіліўшыся галавой,

Апошні зямны паклон.

 

Коля прачнуўся. Бадзёра ўздыхнуў,

Блакітнаму сну і наяве паверыў.

Нехта часамі пазвоньваў і гуў,

А гэта ўнізе бразгалі дзверы.

 

Міналі гадзіны. Прыходзіў чалавек

У шапцы з бляхаю, змрочны, вусаты.

У дзверы грукаў, чакаў чалавек,

Не адчынілі — гульнёю заняты.

 

Мароз. Пачаліся калядныя Святы.

 

Чырвоную маміну хустку схавалі.

Яна ў ёй уранні хадзіла заўжды,

А сёння пакінула. Дзеці гулялі,

Хаваючы хустку туды, то сюды.

 

Пры святле ліхтароў толькі цені дзяцей

Скакалі па сценах у прыцемках шэрых,

Нехта па лесвіцы тупаў часцей і часцей,

Прыступкі падлічваў. Заплакаў. Пастукаў у дзверы.

 

Дзеці пусцілі А гэта суседка прынесла

Капусты, за іхнюю трохі гусцей.

«Ешце», — сказала, укленчыла, галавою патрэсла

І, схіліўшыся, як мама, жагнала дзяцей.

 

Мамачцы больш не баліць. Заплюшчыла мама павекі,

Мамачка сама на рэйкі лягла.

Тоўстай суседцы, добраму чалавеку,

Вялікі дзякуй. Мама інакш не магла...

 

Мамачцы добра. Мама жыццё аддала.

 

1903

 

«Поднимались из тьмы погребов…»

 

Уставалі з падвалаў у змроку,

Угіналіся ў плечы галовы,

Ціха шаркалі цяжкія крокі,

Незнаёмыя чуліся словы.

 

Неслі нечыя чорныя рукі

І ламы і рыдлёўкі на працу.

Распаўзліся натоўпы па бруку

І з зямлі узнімалі палацы.

 

Вуліц шэрыя цені ўставалі

За густой павучынаю пражай,

Наганяючы хвалі на хвалі,

Замаруджвалі плынь экіпажаў.

 

Хутка дзень адступіўся глыбока,

У нябёсах рассыпаўшы зоры.

Незаўважаны шолах патоку

Уліваўся ў наш горад, як мора.

 

Забыцця ў варажбе не шукалі:

Хай заменяць нас новыя людзі!

Іх пакутліва маці раджалі

І пяшчотна давалі ім грудзі...

 

Адыходзілі тыдні ў сутонне:

Доля кожнага нам зразумела...

Нам паўнеба ірдзела на сконе

І раскідвала плямы нясмела.

 

Не былі пад уладай дракона,

Не палала пад намі геена,

Хвалі часу змываюць штодзённа,

І была паша доля імгненнай.

 

1904

 

Маёй маці

 

Помніш думы? Ад іх — ані следу.

Адцвілі завіткі гіяцынту.

Мы прадбачылі светлую мэту

У далёкіх краях лабірынту.

Нам здалося: мы ледзь паблукалі.

Не, выходзіць, жылі неаднойчы,

А вярнуліся, — нас не пазналі,

Не зірнула айчына у вочы.

І ніхто не спытаў аб Планеце,

Дзе юнацтва здавалася вечным...

Хай загінуць бяздумныя дзеці

За сцяжынкай празрыстасці млечнай!

Але нам у бязмэтным імкненні,

Як абраннікам тым без уцехі,

Зноў прыпала вярнуцца з сумненнем

Пад адзіныя родныя стрэхі...

Толькі змен не чакай безразважна,

Ў забыцці не пакутуй ад суму.

Да цябе аб краях недасяжных

Хай не дойдуць спакойныя думы.

Сэрца рада былому заўсёды, —

Сэрцу з будучым не разлучыцца.

Будзе, ведаю я, ўзнагарода:

Светлы Коннік усё ж прыімчыцца.

 

1904

 

«Улица, улица...»

 

Вуліца, вуліца...

Маўкліва спяшаюцца цені

Цела прадаць,

І купіць забыццё,

І зноў апынуцца

У возеры соннага гораду — зімовага холаду...

 

Спіце, каб словы забыць прамяністых.

О, каб у вокнах

Мігцення святла не было!

Штораў і кветак пунсовых!

Схіленых твараў над нуднай работай!

 

Ціха усё.

Узнімаецца месяц.

І пер’і воблачных крылаў

Разляцеліся ўдалеч.

 

1905

 

«Шли на приступ. Прямо в грудь»

 

Ішлі на прыступ. Проста ў грудзі

Востры штых накіраваны.

Нехта крыкнуў: «Будзь адданы!»

Нехта шэпча: «Не забудзем!»

 

Нехта ўскінуўся рукамі,

І над ім сышлася раць,

Нехта б'ецца пад нагамі,

Хто — не час успамінаць...

 

Толькі ў памяці глыбокай

Свечачку не патушыць.

І пайшлі цяжкія крокі

Цела цёплае крышыць...

 

Старасці не прычакаюць —

Смерць наўкол спраўляе баль...

Злосць і гнеў агнём палаюць,

У крыві пустая даль...

 

Што ж! Выразней будзе скрогат,

Будуць боль і смерць ярчэй!

І зямля аж да знямогі

З гора зробіцца мякчэй.

 

1905

 

Асенняя воля

 

Я іду ў дарогу, а ў прасторы

Вецер хіліць пруткія кусты,

Біты камень лёг на касагоры,

Жоўтай гліны цягнуцца пласты.

 

Восень разгулялася наўкола,

Агаліла могільнік зямлі,

Ад густых рабін у стрэчных сёлах

Чырканню світанні праплылі.

 

Весялосць ляціць аж пад аблокі

І сціхае між кустоў і траў!

І махае, клічучы здалёку,

Вышыты квяцісты твой рукаў.

 

Хто мяне ў дарогу вабіць з дому,

Хто ўсміхнуўся мне з акна турмы?

Ці жабрак на сцежцы невядомы

Заспяваў маркотныя псалмы?

 

Не, іду я ў шлях, нікім не званы.

Да зямлі прытуліцца шчака. —

Буду слухаць голас Русі п’янай,

Спачываць пад стрэхамі шынка.

 

Праспяваю пра сваю удачу,

Як згубіў у хмелі маладосць...

Над журбою ніў тваіх заплачу,

Палюблю прастор такі, як ёсць...

 

Нас багата — юных і нястрымных —

Гіне без кахання у гульбе...

Прытулі ў прасторах неабдымных!

Як і жыць і плакаць без цябе!

 

1905

 

Аповесць

Г. Чулкову

 

У акне, затканым мокрай сеткай пылу,

Цёмны твар жаночы нахіліўся ўніз.

Шэрыя прахожыя неслі цераз сілу

Груз вячэрніх плётак, свежых, як сюрпрыз.

 

Проста перад вокнамі зырка, непакорна

Асляплялі стрэчным вочы ліхтары

У дажджлівай сетцы — ні белай, ні чорнай,

Не пазнаць адразу — хто юны, хто стары.

 

У ледзь жывой сталіцы прывіды, як хмары,

Выплывалі часам пад тугі прамень, —

Прападалі спіны, узнікалі твары,

Дрогкія, пакорлівыя, сумныя, як цень.

 

Але тут пачуліся рэзкія праклёны

І рассеклі лівень праз увесь прасцяг:

Нехта без хусцінкі, з касніком чырвоным,

Над сабой высока паднімаў дзіця.

 

Светлы і упарты біў прамень нязменна,

І тады ахвяра брыдкага жыцця

Апантана білася галавой аб сцены,

І ў начную цемрадзь падала дзіця.

 

Абступалі прывіды — відавочцы мукі,

Нехта гучна войкаў, быццам сам не свой.

А яна ляжала, распластаўшы рукі,

У чырвоным плацці на крывавай маставой.

 

Ды з вачэй расплюшчаных погляд непакорны

Ўсё вышэй, у вокнах, некага шукаў,

Пазіраў у вочы той жанчыне чорнай,

Што хавала позірк за карункавы рукаў.

 

Стрэўся погляд, поўны болю і дакору,

На адно імгненне. Горад як аглух...

Там, наверсе, спешна апусцілі штору,

А на бруку ў зрэнках слабы бляск патух.

 

Так, сканала. Дожджык зашумеў па бруку,

Галасы ў сутонні чуліся званчэй.

Нехта ўзяў дзіцятка горкае на рукі

І хрысціўся, слёзы выцершы з вачэй...

 

Зверху пазіралі моўчкі шыбы вокан.

З-за фіранкі шчыльнай хтосьці ўсё сачыў.

У дзіцяці нехта гладзіў мокры локан,

Адыходзіў ціха. І плакаў ідучы.

 

1905

 

«Девушка пела в церковном хоре...»

 

Дзеўчына пела ў царкоўным хоры

Пра ўсіх на чужыне змарнелых людзей,

Пра ўсе караблі, адышоўшыя ў мора,

Пра тых, што без радасці і надзей.

 

Так голас яе узлятаў аж пад купал,

І промень гарэў на плячы у яе,

І слухалі ў храме, асветленым скупа,

Як белае плацце у промні пяе.

 

І кожны паверыў, што радасць будзе,

Што ў ціхіх затоках усе караблі,

Што на чужыне змарнелыя людзі

Светла і добра ужо зажылі.

 

Салодкі быў голас, і цемра прамень не згасіла.

Высока, ля царскіх варот і лампад,

Тайну пазнаўшы, дзіця галасіла

Аб тым, што ніхто не прыйдзе назад.

 

1905

 

Сытыя

 

Яны даўно мяне стамлялі,

Калі і ў росквіце былі,

Яны маркотна існавалі,

Тапталі кветкі на зямлі.

І вось — у залах, рэстаранах,

Над бляскам чарак і галоў,

У час абеду нечакана

Патухла зыркае святло.

Разносяць свечкі па сталовых,

На тварах — жоўтыя кругі,

Сухія сыкаюць прамовы,

І ледзь варушацца мазгі.

Тут гневаецца ўсё, што сыта,

Сумуе той, хто недаеў,

Бо перавернута карыта,

Асунуўся струхлелы хлеў!

Цяпер у іх ліхая доля,

І цемра абступіла іх,

Баяцца тых, што хлеба моляць,

І чырвань б’е сцягоў чужых.

Хай дажывуць свой век спакойна, —

Шкада іх сытасць варушыць,

І толькі дзецям — непрыстойна,

Як іх бацькі, маркотна жыць.

 

1905

Скокі асеннія

 

Хваляваць мяне будзе нанова

Таямнічая воля твая,

Радасць прагне адзінага слова,

Залатая тканіна гатова,

Каб душа весялела мая.

 

Усміхаецца восень праз слёзы,

Шле у неба малітвы свае,

За карункамі тонкай бярозы

Зноў труба залатая пяе.

 

Так хвалююць празрыстыя гукі,

Быццам голас твой у цішыні,

Ты, ў зеніт узнімаючы рукі,

Прагна цягнешся да вышыні.

 

Пакруглелыя рукі ўсхвалююць,

І струмень па плячах запяе.

У ярах Асяніцы балююць,

Рассцілаючы ўборы свае.

 

Ты касою вільготнай і звонкай

Распусціла праменні святла.

Карагодаў зіхоткіх пярсцёнкі

У глыбокіх ярах развіла.

 

Заварожваюць музыкі чары —

Не магу ні скакаць, ні спяваць,

І не могуць лугі, крутаяры

Пад тваёю нагой не палаць.

 

Маладосць нашы крылы разводзіць,

Наша доля — ў празрыстасці дня.

І адкуль толькі радасць прыходзіць,

Прыплывае адкуль цішыня?

 

Цішыня паміраючых злакаў —

Гэта светлая ў свеце пара:

Сон, чаканых і здзейсненых знакаў,

Праміне, як увосень зара,

 

Што палёты часоў і жаданняў —

Толькі локця дзявочага рух —

На зямлі, на зялёнай паляне,

Неразлучны і радасны круг.

 

І спакойнае сонца не будзе

Парушаць і гнявіць цішыню,

І лясная трава не забудзе,

Не забудзе ніколі вясну.

 

І сняжынкі яры замяцеляць

І сцяжынкі ў знаёмых краях,

Ручаі і крыніцы пабеляць

Там, дзе скокі, дзе воля твая.

 

1905

 

Незнаёмка

 

Увечары над рэстаранамі,

Калі спякотны дзень патух,

Кіруе воклічамі п'янымі

Вясновы і атрутны дух.

 

Здалёк над мітуснёй завулачнай,

Над смуткам загарадных дач,

Ледзь залаціцца крэндзель булачнай,

І чуецца дзіцячы плач.

 

І кожны вечар за шлагбаумамі,

Заломваючы кацялкі,

Паміж канаў гуляюць з дамамі

Дасціпныя жартаўнікі.

 

Над возерам рыпяць уключыны,

І чуецца жаночы піск,

А ў небе, да ўсяго прывучаны,

Скрывіўся адзінокі дыск.

 

І кожны вечар, як па звычаю,

Мой друг у шклянцы прамільгне

І пеннай, даўкай, таямнічаю

Аглушыць вадкасцю мяне.

 

А каля столікаў гадзінамі

Лакеі сонныя тырчаць,

І п’яныя з вачмі трусінымі

«In vino veritas» крычаць.

 

У пэўны час, якога прагнуў так

(Ці гэта толькі сніцца мне?),

Дзявочы стан, у шоўк зацягнуты,

Плыве ў задымленым акне.

 

Павольна пройдзе паміж п’янымі,

Як і раней, заўжды адна,

Дыхне духамі і туманамі

І сядзе зноў каля акна.

 

Павеюць колішняй аздобаю

Яе пярсцёнкі, і шаўкі,

Капелюшок, пяро з жалобаю,

Празрыстасць вузкае рукі.

 

Прыкуты, як да самай блізкае,

За вэлюмам лаўлю пагляд,

Чароўны бераг тонкай рыскаю

За дзіўны вабіць далягляд.

 

Мне таямніцы ўсе даручаны,

Належыць сонца мне даўно.

Сваёй душой, да болю змучанай,

Я зведаў горкае віно.

 

Зноў пёры страуса замглёныя

У памяці маёй плывуць,

І вочы, сінія, бяздонныя,

На дальнім беразе цвітуць.

 

Ад скарбаў, што ў душы схаваныя,

Ключы належаць толькі мне.

Сцвярджае зноў пачвара п’яная:

Я знаю. ісціна ў віне.

 

1906

 

«Вися над городом всемирным…»

 

Навіс над горадам сусветным,

У пыле старасвецкіх дзён,

І хіліць раніцаю светлай

Манарха самаўладны сон.

 

І продак царственна-чыгунны

Дагэтуль трызніць на змяі,

І неўскай чэрні гул шматструнны

Крануў яшчэ не ўсе краі.

 

На дахах флагі залуналі,

Гатовы новыя байцы,

А на Няве прыціхлі хвалі,

Аслеплі цёмныя дварцы,

 

Калі відно аблічча волі,

Перш джала вытыркне змяя,

І ні адзін сустаў ніколі

Яна не сцісне удвая.

 

1905

 

«Милый брат! Завечерело…»

 

Любы брат! Завечарэла.

Ледзь званіца загула.

Над раўнінай пабялела —

Соннавокая прайшла.

 

Праплыла яна — і стала

Непрыкметна для вачэй.

Змоў здалося, як бывала,

Ношка цяжкая лягчэй.

 

На дарозе паміж бору

Рэдкі падае сняжок.

Перад намі — семафора

Зелянее аганёк.

 

Неба — ў зарыве ліловым,

Снег ліловы і лясы,

Быццам мы ў прасторы новым,

Быццам — новыя часы.

 

Крыкне птах на елцы нейкі,

Крыллем вецце атрасе,

Замяцеліць нашы вейкі,

Шчокі снегам занясе...

 

Цяжкага лакаматыва

Поступ чуецца здаля...

Хутка Фінскага заліва

Нам адкрыецца зямля.

 

Зразумееш: каля мора

Стане лёгка на душы,

І якія тухнуць зоры

За чаротам, у глушы.

 

Вернемся. Ля грубкі ляжам

На дыван ужо стары

І паціху перакажам

Ўсё, што бачылі, — сястры...

 

Скончым. Скажа ціха, квола,

З ценем колішняй тугі:

«Кожны будзь заўжды вясёлы.

За акном ляжаць снягі».

 

1906

 

Купальская ноч

 

У сад увойдзем мы з табою,

Адны у змрочнай цішыні,

Ты будзеш за густой травою

Шукаць купальскія агні.

 

Пачну чакаць з глыбокай верай

Дзівосаў, што натхняюць жыць.

Няхай на папараці шэрай

Жывы агеньчык задрыжыць.

 

Успыхне ноч святлом зялёным,

Успыхнеш разам з ёю ты,

Напоеная сном чароўным —

Двайной атрутай пекнаты!

 

Чакаючы у змроку ночы,

Парыў стрымаю пачуцця:

І чысціні твае дзявочай

Я не спалохаю, дзіця!

 

Калі ж нябачнымі ключамі

Ноч неба адамкне знарок,

Я зазірну ў цябе вачамі,

Туманнымі, як гэты змрок.

 

Надыдзе час, і ты зазначыш,

Што неба іншае ўстае,

Дзве зоркі ты на ім убачыш,

Пагнаўшы вочы ў іх мае.

 

Імгненне! Вочы ў небе свецяць,

Як у чароўным ліхтары,

Ты ў іх адбілася, а вецце

Жыве таемнасцю зары.

 

1906

 

Сольвейг

Сяргею Гарадзецкаму

 

Сольвейг прыбегла на лыжах.

Ібсен. «Пер Гюнт»

 

Сольвейг! Ты на лыжах прыбегла тады да мяне,

Усміхнуўшыся ранняй вясне!

 

Жыў я ў беднай хацінцы адзін многа дзён,

Між вяленняў, дзе нават агонь не відзён.

 

Мне зялёны і ясны твой погляд мільгнуў, —

Тапаром я шырэй размахнуў!

 

Смеючыся, валю векавую сасну,

Сустракаю нявесту — вясну!

Каб над новай хацінай

Вышыня заставалася сіняй,

Каб не засцілі сосны блакіт угары!

 

Гэта неба — тваё!

Гэта неба — маё!

Лічаць гордым мяне аж да гэтай пары!

 

Жыў я ў лесе, нібыта у сне,

І маліўся заўсёды сасне,

Што ў дзівоснай красе узрасла!

 

Ты прынесла святло.

Сну нібы не было,

І па лесе вясна загула!

 

Чуеш звонкі тапор? Бачыш, зрэнкамі зор

На цябе пазіраю ва ўпор?

 

Чуеш песню маю? Я крышу і пяю

Пра вясновую Сольвейг маю!

 

Пад маім тапаром ад натхнёнай хвалы

Разгайдаліся ў небе ствалы!

 

Голас твой, весялейшы за песні старое сасны!

Сольвейг! Песня зялёнай вясны!

 

1906

 

Русь

 

Ты мне і снішся незвычайнай,

Ты ўся — ў адзенні пекнаты.

Дрымлю, — а за дрымотай тайна,

І, Русь, у гэтай тайне ты.

 

Русь развінулася палямі,

У пушчах — за ракой — рака,

З балотамі і жураўлямі,

З пустым паглядам ведзьмака,

 

Дзе разнамоўныя народы,

Дзе з краю ў край, дзе з долу ў дол

Начныя водзяць карагоды

Пад зарывам далёкіх сёл,

 

Дзе знахары з варажбітамі

Заломы ставяць у палях,

Дзе ведзьмы пры шляхах з чарцямі

У снежных круцяцца слупах.

 

Дзе завіруха вые ў танцы

І плача стылаю слязой,

І дзеўчына на ашуканца

Пад снегам вывастрыць лязо.

 

Дзе ўсе дарогі з растанцамі

Нядолі ўслалі валуны,

Дзе вецер голымі дубцамі

Пяе паданні даўніны.

 

Так, я пабачыў паміж снамі

З жабрацкім кіем старану.

Акраўкамі і лахманамі

Сваю душу я захіну.

 

Сцяжынку сумную, начную

Я да пагоста пратаптаў

І там пад крыжам заначую,

Дзе песні некалі складаў.

 

Не зразумеў я і не змераў,

Каму я песні прысвячаў,

Якому богу прагна верыў,

Якую дзеўчыну кахаў.

 

Душу загойдвае вятрамі

Русь у бязмежнай цішыні,

І ні адной не будзе плямы

Ў яе адвечнай чысціні.

 

Дрымлю — і за дрымотай тайна,

І ў гэтай тайне — Русь заўжды,

Яна мне сніцца незвычайнай,

Яна ў адзенні пекнаты.

 

1906.

 

«Ночь. Город угомонился...»

 

Ноч. Горад сцішыўся.

Зя вялікім акном

Ціха і ўрачыста,

Нібы памірае чалавек.

 

Але там стаіць проста маркотны,

Засмучаны няўдачай,

З расхлістаным каўняром

І ўглядаецца ў зоры.

 

«Зоры, зоры,

Раскажыце прычыну смутку!»

І на зоры глядзіць.

 

«Зоры, зоры,

Адкуль такая туга?»

 

І зоры расказваюць.

Усе расказваюць зоры.

 

1906

 

«Твоя гроза меня умчала...»

 

Мяне твая аднесла бура,

І ахінула цішыня,

І сінь зрабілася пахмурай

Ужо на самым склоне дня.

 

Я, навальніцай распластаны,

Бяссільна на зямлі ляжу,

Пачуўшы грукат апантаны,

Вясёлкі ўбачыўшы мяжу.

 

Пайду па ёй, сямікалёрнай

Сцяжынцы, на блакітны дах,

Табе ўсміхнуцца, непаўторнай,

Маланку ўбачыўшы ў вачах.

 

1906

 

Пажар

 

Паляцелі слепяць вочы

Вогненныя языкі.

Залатыя пырскі ночы,

Гарадскія матылькі.

 

Сцены дымам зацягнула,

І натоўпы пацяклі...

А здалёк з няроўным гулам

Бляск гарцуе па зямлі.

 

Нарастае крык імклівы,

Звонка сыплецца згары,

І над пенай конскай грывы

Чырванеюць ліхтары.

 

Круцяцца жывыя спіцы

Нестрыманай калясніцы,

Спераду, нібы ліхач,

Праз натоўп ляціць трубач.

 

Па каменні — цокат звонкі,

Гук хрыпатай медзі тонкі,

Разлілася з раўчука

Гулкай вуліцы рака.

 

З цемры падаюць на шлемы

Кроплі снежнае расы...

Дзеці чорнай ночы, — дзе мы?

І чые тут галасы?

 

Згасне полымя, і зданню

Знікне зноў на месцы тым

Воблік блізкага паўстання,

Гул яго, агонь і дым…

 

1906

 

«Я был смущенный и веселый…»

 

Я сціплы быў і быў вясёлы.

Мяне дражніў твой цёмны шоўк,

Калі заслоны цяжкі полаг

Раздаўся — і тэатр замоўк.

 

З табой нас рампа разлучыла,

Рассыпаўшы дугою жар,

І музыка зусім змяніла

І апякла твой светлы твар.

 

Палаюць свечкі. Пры сустрэчы

Душу аслеплы боль дзяўбе...

Твае хвалюючыя плечы,

Натоўп сп’янелы ад цябе...

 

Ты зоркаю ў бязмежнай шыры

Плывеш і свецішся ў рацэ...

Дрыжыць сярэбраная ліра

Ў тваёй працягнутай руцэ.

 

1906

 

Снежнае віно

 

Ізноў мільгануўшы з нашы віннай,

Ты пасаліла ў серцы страх

Сваёй усмешкаю нявіннай

У цяжказмейных валасах.

 

Сябе пазнаўшы ў цёмных трунках,

Не любячы, ўдыхаю зноў

Забыты сон аб пацалунках,

Аб замеці тваіх снягоў.

 

Смяешся ты, ўся ў снежнай пудры,

Змяішся ў чары залатой,

І над тваім блакітным футрам

Вятры гуляюць чарадой.

 

І як не ўбачыць у струмені

Сябе ў вянцы, руку ў руцэ?

І пацалункі ў захапленні

На ледзь адкінутай шчацэ?

 

1906

 

Яе песні

 

Не ў зямной няволі чорнай

Я гублю.

Лодцы давярай прасторнай —

Караблю.

Зразумей душой пакорнай,

Што люблю.

Прагна ў зорныя вышыні

Паглядзі.

Меч жалезны, звонка-сіні

Апусці,

Сэрца хай крыху астыне

У біцці.

Завірухі ў снежнай стыні

Закруці.

 

Рукавом маіх мяцеліц

Задушу.

Срэбным рогатам аселіц

Аглушу.

Гулкім ветрам каруселі

Закружу.

Пражай зблытанай кудзелі

Абаўю.

Брагай снежнаю і хмелем

Напаю.

 

1907

 

На снежным вогнішчы

 

Узляцеў агонь высокі

Над распятым на крыжы.

Раўнадушна, як аблокі,

Ходзяць ноччу міражы.

 

Сёстры-праллі снежнай ночы

Ходзяць крокам маладым

І глядзяць, адкрыўшы вочы,

Завіваюць белы дым.

 

І крылатымі вачамі

З вышыні глядзіць імжа,

Б’ецца полымя начамі

І кіпіць вакол крыжа!

 

Ў снежнай масцы, рыцар мілы,

Ў снежнай масцы ты гары!

Ці ж не пела, не любіла,

Пацалункаў не дарыла

Я з зары і да зары?

 

Я цябе люблю бязмежна

І ў палон цябе ўзяла.

Любы мой, крывёю снежнай

Вернай я табе была.

 

Вернаю была тры ночы,

Клікала і, як магла,

Пазіраць дала мне ў вочы,

Крылы лёгкія дала…

 

Дык згарай да дробных рысак,

Я ж нябачнаю рукой

Размяту твой лёгкі прысак

Па раўніне снегавой.

 

1907

 

«Тропами тайными, ночными ...»

 

Таемна, сцежкамі начнымі,

У золкавую каламуць,

Замучаныя прыйдуць імі,

І крывасмокі прылятуць.

Абвеюць прывіды начныя

Намеры іх і справы іх,

Занадта сытыя, жывыя,

Згніюць яны сярод жывых.

І караблі ўраган развее,

Сарве замкі з усіх дзвярэй,

І адыходнай не паспее

Спець чараваты іярэй!

Багатых сытае аблічча

Схавае цёмная труна!

Так час загадвае і кліча,

Так лёс наканаваў здаўна.

Свабодны, скінь уласнай сілай

Цвіль дамавінную з плячэй!

Усё, усё хай знікне пылам

Пад сонцам, што гарыць ярчэй.

 

1907

 

«В этот серый летний вечер...»

 

У ліпнёвы шэры вечар

Хатка бедная ўдвая.

Па табе бядуе вецер,

Чарнавокая мая!

 

Ты ў якіх лугах гуляла

Да світання, як заўжды,

Ў адзіноце абдымала

Вецце вербаў ля вады?

 

Ашукаў цябе і кінуў,

І паўслова не стрымаў,

Над вадою вёслы ўскінуў,

Знік і больш не заспяваў...

 

Доўга песню ты чакала,

Не пачуўшы пляск вясла,

Як ты вір той адшукала,

Дзе душу ты аддала?

 

1907

 

«Сырое лето. Я лежу…»

 

Макрэча ўлетку. Я ляжу

У ложку — хворы. Нешта да грудзей

Гарачае балюча падступае.

А па маёнтку ў ценях яснай ночы

Сабакі з брэхам носяцца ўкруг дома.

Сярод сваіх я сам не свой. Між крэўных

Бяскроўны — і не маю пачуцця радства,

І людзі мне абрыдлі крышку меней,

Чым некалі забіты мной камар.

І свечкаю асветлена даўно

У кніжцы тое месца, дзе прафесар нудны,

Як надакучлівы камар, пяе мне ў вушы,

Што нашая прыгнечана жанчына,

Таму падобна лёсам на рабочых.

Чакай! Вось і партрэт: сівы прафесар —

Прылізаны, намыты, трыццаць пяць

Выданняў кнігі выпусціў! — Чакай!

Даводзіш ты, што ў нас прыгнечаны рабочы?

Чакай! Увесну я рабочага сустрэў,

Адважнага, гатовага на смерць

Пайсці, а з ім — сябры. І згаснуць горны,

І ўсе адразу спыняцца работы

На фабрыках. І тлусты фабрыкант

У ногі будзе кланяцца рабочым. — Чакай!

Ты кажаш, што раба —- жанчына?

Я ведаю жанчыну. У яе душы

Быў сноп агню, у кожным кроку — вецер,

У зрэнках — мора смутку і запалу,

І ўся яна саткана з лёгкай плоці —

Дрыготкая і гнуткая. Дык вось,

Прафесар, саюз аж чатырох стыхій

У ёй адной змясціўся. Яма магла забіць,

І ўваскрасіць магла. А ты? Ты паспрабуй

Забіць, а потым ажывіць. На можаш?

А вось жанчына і рабочы могуць.

 

1907

 

Аб смерці

 

Я ўсе часцей па горадзе блукаю,

І часта бачу смерць, і на яе

З разважлівай усмешкаю гляджу.

Я так хачу. Мне уласціва ведаць,

Што і мяне яна не абміне.

 

Праходзіў я ўздоўж скачак па шашы.

Дзень залаты драмаў на кучах шчэбня,

А за глухім парканам — іпадром

Пад сонцам зелянеў. Сцябліны злакаў

І адуванчыкі, раздзьмутыя вясною,

Драмалі пад пяшчотаю праменняў,

Трыбуна прыціскала роўным дахам

Натоўпы разявак і модніц. Розныя сцяжкі

Стракацелі і там і тут. А на паркане

Прахожыя сядзелі і глядзелі.

 

Ішоў і слухаў я імклівых коней гон

Па лёгкім грунце і капытоў няспынны

Тупат. Пасля раптоўны крык:

«Упаў! Упаў!» — крычалі на паркане,

І ўскочыў я на нізенькі пянёк.

Мне ўсё адкрылася адразу. Праляталі

Стракатыя жакеі — да тонкага слупка.

За імі ўслед без седака імчаўся конь,

І толькі біліся страмёны

А за лістотай маладых бярозак,

Так блізка ад мяне — ляжаў жакей,

Увесь у жоўтым, на зялёных травах,

Упаў ён дагары, падставіўшы аблічча

Блакіту неабсяжнаму нябёсаў,

Нібыта так заўсёды і ляжаў:

Раскінуў рукі і нагу падкурчыў.

А да яго ўжо беглі. І здалёку,

Пабліскваючы спіцамі, кацілася ландо.

Падбеглі людзі. Паднялі яго...

 

І вось павісла

Бездапаможная пажоўклая нага

Ў абцягнутай рэйтузе. А на плечы

Звалілася кудысьці галава...

Пад’ехала ландо. І да падушак

Паціху, далікатна прытулілі

Пажоўклага, як кураня, жакея. А чалавек

Ускочыў на падножку, каб падтрымаць

Непаслухмяную нагу і галаву.

І важны кучар павярнуў назад.

Як і раней, раскручваліся спіцы,

Блішчалі восі, козлы і закрылкі...

 

Так добра і так вольна паміраць.

Ён гарцаваў усё жыццё з адным жаданнем,

Каб першым даскакаць. І на ляту

Запараны стаеннік спатыкнуўся.

Ужо нагамі не стрымаць сядла.

Не ўратавалі слабыя страмёны,

І паляцеў, адкінуты штуршком...

І грымнуўся патыліцай аб родную

Вясновую і ветлую зямлю.

У гэтае імгненне думкі праляцелі,

Адзіныя, патрэбныя. Мільгнулі,

І згаслі, і памерлі вочы,

І труп, як летуценнік, пазіраў угору.

 

Так добра і так вольна.

 

Блукаў аднойчы па ўзбярэжжы я.

Рабочыя вазілі ў тачках з барак

Цагліны, вугаль, дровы. І рака

Была яшчэ сінейшаю ад белай пены.

Праз каўняры расхлістаных кашуляў

Глядзелі потныя і бронзавыя целы,

І вочы светлыя прывольнай Ру́сі

Блішчалі на абліччах учарнелых.

І тут жа дзеці голымі нагамі

Мясілі груды жоўтага пяску,

Цягалі — то цагліну, то палена,

То бервянцо. Хаваліся. А там

Ужо іх чорныя мільгалі пяткі,

Іх мацяркі з адвіслымі грудзямі

Пад бруднымі сукенкамі — чакалі

І, надаваўшы кухталёў, паадбіралі

Бярвенні, дровы і цагліны. Далей

Цягнулі, увагнуўшыся пад ношкай,

І зноў, вярнуўшыся гурмой вясёлай,

Малыя дзеці красці пачыналі:

Той бервянцо, другі — цагліну...

Пачуліся вады пялёсканне і крыкі:

«Упаў? Упаў!» — ізноў крычалі з баркі.

Рабочы, прытрымаўшы тачку,

Рукой паказваў некуды ў ваду,

І бег натоўп кашуль стракатых

Туды, дзе на траве паміж каменняў,

На самым беразе — ляжала сотка.

Адзін цягнуў бусак.

 

А паміж паляў,

Забітых каля берага ў вадзе,

Гайдаўся лёгка чалавек

У портках разадраных і ў кашулі.

Адзін схапіў яго, а нехта дапамог,

І доўгае расцягнутае цела,

З якога ручаём вада лілася,

На бераг усцягнулі і паклалі.

Гарадавы грымеў па бруку шабляй,

Прыклаў шчаку чамусьці да грудзей

Намоклых і старанна слухаў.

Напэўна, сэрца. Народ сабраўся,

І кожны, хто прыходзіў, задаваў

Аднолькава бязглуздыя пытанні:

Калі зваліўся, колькі праляжаў

На дне і колькі выпіў?

Пасля ўсе разыходзіліся ціха,

І я пайшоў сваёй дарогаю і слухаў,

Як ледзь падпіты, стомлены рабочы

Аўтарытэтна некаму даводзіў,

Што губіць кожны дзень людзей віно.

Пайду яшчэ блукаць. Пакуль не змеркла,

Пакуль гарачыня і галава тупая

І ў думках вяласць...

 

Сэрца!

Ты будзь маім павадыром. І смерць

З усмешкай назірай. Ты зморышся

Ад гэткага вясёлага жыцця,

Якое я вяду Такой любові

І нянавісці не зносяць людзі,

Якую я ў сабе нашу.

 

Хачу,

Заўжды хачу глядзець у вочы людзям,

І піць віно, і цалаваць жанчын,

Раз’юшаным жаданнем поўніць вечар,

Калі спякота замінае марыць

І песні пець. І ў свеце слухаць вецер.

 

1907

 

У паўночным моры

 

Ну, што зрабілі з берага марскога,

Гуляючы тут, модніцы і франты?

Наставілі сталоў, дымяць, жуюць,

П’юць ліманад. Пасля брыдуць па пляжы,

Нявесела рагочуць, труцяць чадам

І плёткамі салёнае паветра,

Пасля вязуць іх фурманы ў кібітках,

Какетліва запнутых парусінай,

На мелкаводдзе. І змяніўшы там

Пацешныя тальеры і мундзіры

На лёгкія купальныя касцюмы,

Адкрыўшы звялыя і мускулы і грудзі,

Яны ступаюць з віскам у ваду,

Нязграбна дно намацваюць нагамі, крычаць,

Каб паказаць, што надта ж весяляцца.

 

А там — заход ужо стварыў з нябёсаў

Глыбокі шматкалёрны кубак. Рукі

Адна зара закінула другой,

І сёстры двух нябёсаў дапрадаюць адзін

Туман, то ружаваты, то блакітны,

І хмара, патанаючы у моры,

У прадсмяротным гневе шле з вачніцаў

Чырвоныя, то сінія агні.

 

І з доўгага, працягнутага ў мора,

Збуцвелага і шэранькага молу,

Чытаючы за надпісамі надпіс:

«Заўжды з табой», «Былі тут Коля з Кацяй»,

«Іераманах Дзіодар і паслушнік Сідар

Былі тут. Дзіўны боскі свет»,

Мы, дачытаўшы надпісы, ідзём у мора

На смешнай і пузаценькай маторцы.

 

Бензін і пыхкае і пахне. Два крылы

Бягуць за намі. Быстры след віецца.

Мы, абмінуўшы пляжнікаў маркотных,

Рыбацкія чаўны, маяк на мысе,

Ляцім па зіхатлівым рабацінні

Ў прасторную, як у абдымкі, соль.

 

На небасхіле, за спіной, далёка,

Маўклівым зарывам стаіць пажар.

Рыбацкі «Вольны» востраў распластаны

Ў вадзе, нібы спіна жывёліны

Марское. А спераду, удалечы, — свіцяцца

Ілюмінатары, блукае сноп праменняў

Пражэктара таможаннага судна.

 

І мы ў туман блакітны адплываем.

Тырчаць над морам схіленыя тычкі,

Адзначыўшы мяцёлкамі фарватэр,

І ўдалечы — ад тычкі і да тычкі

Рыбацкіх шхунаў ветразі маячаць...

 

Над морам штыль. Пад ветразямі ўсімі

Стаіць марская яхта-прыгажуня,

Маленечкі ліхтар — на тонкай мачце.

Нібы каштоўны камень фераньеры,

Гарыць пад матавым калом нябёсаў.

 

На вастрагрудай, у глыбокай цішы,

Сярод мярэжаў незвычайных снасцяў,

Сядзяць маўкліва, склаўшы рукі, людзі,

Панамы ссунуўшы на змрочныя абліччы,

А пасярэдзіне, кала высокай мачты,

Стаіць матрос у чорным і глядзіць.

 

Мы агінаем яхту. Так прыстойна

І далікатна з нас адзін гаворыць:

«Калі захочаце, мы возьмем на буксір».

Адказвае спакойна і пыхліва

Суровы голас: «Дзякую. Не трэба!»

 

І, абагнуўшы зноў іх, мы глядзім

З напоўненай душою, малітоўнай,

Як ціха адыходзіць сілуэт

Пад ветразямі белай прыгажуні...

І, як каштоўны камень фераньеры,

Гарыць у змрочных прыцемках чала.

 

1907

 

«Когда я создавал героя...»

 

Калі і я ствараў героя,

Б’ючы каменні спакваля,

Якой лагодай і спакоем

Заўсёды дыхала зямля!

А ўверсе, між святлом і змрокам,

Змаганне грознае ішло,

І бура, як прыпол шырокі,

Хвастала сіняе крыло...

Блішчасты шчыт прымаў удары,

Высвечваў і азмрочваў дзень,

Меч рассякаў густыя хмары

І рэзаў, як тугі прамень...

Яшчэ свой твар адкрыць не хоча,

А я прадбачу ў ім зару

І, гледзячы маланцы ў вочы,

Дзівосным полымем гару.

 

1907

 

Песня Фаіны

 

Нічога ў зрэнках не таі.

Гляджу я поглядам змяі,

Кахаючы ў журбе.

Гэй, сцеражыся! Я — змяя!

Тваёй была імгненне я

І кінула цябе!

Ты мне абрыдзеў. Знікні прэч!

З другім чакаю я сустрэч!

Ідзі да жонкі ў дом!

Няхай суцешыць хоць яна,

Няхай цалуе давідна,

Бо ўдару бізуном!

Хто смелы, зазірні ў мой сад,

А чорны вузкі мой пагляд

У садзе спапяліць!

Я ўся — вясна! Я ўся ў агні!

Не падыходзь, не закрані,

Мне любага — любіць!

Юнак ці пасівелы дзед,

Хто болей звонкіх дасць манет,

Прыходзь на звонкі кліч!

Над прыгажосцю, сівізной,

Над вашай цьмянай галавой —

Свішчы, мой тонкі біч!

 

1907

 

«В те ночи светлые, пустые…»

 

У ночы светлыя, пустыя,

Калі ў Няву глядзяць масты,

Яны сышліся, як чужыя,

Забыўшыся пра слова ты.

 

Прыгожы кожны быў і дужы,

У апярэнні пустаты

Яна таіла подых сцюжы

У рысах дзікай пекнаты.

 

Усё ён мераў жорсткай мерай,

Таму не ўмеў, не мог кахаць,

У ім яна любіла звера

То падражніць, то ўтаймаваць.

 

Чужы чужой шаптаў употай,

А сам, нібы паўночны цень,

Каханне замяняў сумотай,

Ператварыўшы ноч у дзень.

 

Там, у святле начной пустыні,

Ноч прамінула, як імша,

Глядзела ў купал светла-сіні

Іх безнадзейная душа.

 

1907

 

Закляцце агнём і змрокам

За ўсё падзякую, не просячы ратунку:

За тайныя пакуты вечароў,

За горыч слёз, атруту пацалунку,

За помсту ворагаў і за паклёп сяброў,

За жар душы, растрачаны ў пустэльні.

Лермантаў

 

О, вясна, без канца і без краю, —

Летуценняў маіх паўната!

Я жыццё пазнаю і прымаю,

Сустракаючы звонам шчыта!

 

Без трывогі прымаю няўдачу

І удачу вітаю заўжды,

Не саромлюся горкага плачу,

Ў тайне смеху — не бачу бяды!

 

Я прымаю бяссонныя спрэчкі

І світанне ў фіранках акна,

Калі ў зрэнках запальвае свечкі

І разгойдвае хмелем вясна!

 

Я прымаю пустэльныя сёлы,

Студні, воблакі і гарады,

І прастор паднябесся вясёлы,

Боль і рабскае працы сляды!

 

Сустракаю цябе ля парога

З буйным ветрам у змеях валос,

З невядомаю назваю бога

На губах, схаладзелых ад слёз...

 

Перад гэтай варожай сустрэчай

Я ніколі не кіну шчыта...

Больш твае не адкрыюцца плечы,

Хоць лятункаў п’яніць пекната.

 

І кахаю, варожасцю скуты,

Ненавіджу, кляну ў барацьбе:

За пагібель, за боль і пакуты

Я ўсё роўна: прымаю цябе!

 

1907

 

«Когда вы стоите на моем пути...»

 

Калі вы стаіце на маім шляху,

Талая жвавая, прыгожая такая,

Але замардаваная зусім,

І ўсе гаворыце аб сумным,

Аб смерці думаеце.

Не любіце нікога

І пагражаеце сваёю прыгажосцю.

Што ж? Хіба ж я вас пакрыўджу?

 

О, не! Я ж не гвалтоўнік.

Не ашуканец і не ганарлівец,

Хоць ведаю і многа,

Занадта многа думаю з маленства

І вельмі шмат заняты сам сабой.

Бо я — пісьменнік,

Чалавек, што ўсё уласнымі імёнамі заве,

Што адымае водар у жывое кветкі.

 

Колькі не гаварыце аб маркотным,

Колькі не разважайце пра канцы і пачаткі,

Усё ж я думаю,

Што вам не болей як пятнаццаць год.

І вось таму хацеў бы я,

Каб закахаліся вы ў простага чалавека,

Які зямлю і неба любіць

Болей за рыфмаваныя і нерыфмаваныя

Размовы пра зямлю і неба.

Дальбог, за вас я буду рады,

Таму, што толькі закаханы

Мае права звацца чалавекам.

 

1908

 

«И я любил. И я изведал...»

 

І я кахаў, я зведаў многа —

Кахання хмель і горыч мук,

Была за стратай перамога,

За словам: вораг – слова: друг.

Іх шмат было... Што памятаю?

Што сніцца з успамінаў тых?..

Я толькі дзіўна паўтараю

Імёны залатыя іх.

Іх шмат было. Ды ўсіх адною

Я тонкай рыскаю звязаў,

Адной шалёнай пекнатою

Жыццё і страсці пранізаў.

Я зведаў таямніцы ночы

І паднімаўся над зямлёй,

Убачыў, як другая крочыць

На ложак страсці ракавой...

Пяшчоты тыя ж пры сустрэчы

І вусны прагныя былі,

Такія ж збрыдзелыя плечы...

Не! Ўсё ж прыстойней на зямлі.

І я ў вясёлыя хвіліны

На снежных кручах не стрываў, –

Абвалы ў тыя шлю цясніны,

Дзе я кахаў і цалаваў.

 

1908

 

«Она пришла с мороза, Раскрасневшаяся…»

 

Яна прыйшла расчырванелая

З марозу,

Напоўніла пакой

Водарам паветра і духоў,

Звонкім голасам

І зусім непатрэбнай для заняткаў

Балбатнёй.

Яна адразу упусціла на падлогу

Мастацкага часопіса таўшчэнны том,

І тут жа пачало здавацца,

Што у маім вялізазным пакоі

Занадта мала месца.

Ад гэтага ўсяго было даволі прыкра

І досыць недарэчна.

Яна, між іншым, пажадала,

Каб я чытаў уголас ёй Макбета.

Дайшоўшы ледзь да пухіроў зямлі,

Аб якіх я не магу без хвалявання гаварыць,

Заўважыў я, што і яна хвалюецца таксама

І ўважліва ўзіраецца ў акно.

А выявілася, што дужы і стракаты кот

Ледзь-ледзь ліпіць на беражочку даху,

Цікуючы занятых пацалункам галубоў!

Я раззлаваўся больш за ўсё за тое,

Што цалаваліся не мы, а галубы

І што прайшла пара Паола і Франчэскі.

 

1908

 

Паэты

 

На ўскраіне вырас даўгі, як рукаў,

Новы квартал за балотнаю сцежкай.

Жылі там паэты, – і ўсіх сустракаў

З іх кожны зласлівай усмешкай.

 

І дзень прамяністы дарэмна ўставаў

Над гэтым самотным балотам;

Ягоны жыхар кожны дзень аддаваў

Віну і старанным работам.

 

Тут кляўся ў адданасці кожны п’яны,

Плявузгалі нешта цынічна і груба.

На золку іх рвала, а потым яны

Ізноў працавалі зацята і тупа.

 

Пасля з катухоў выпаўзалі, як псы,

Глядзелі на мора у бляску аправы,

І золатам кожнай сустрэчнай касы

Яны захапляліся з веданнем справы.

 

Расчулена верылі ў век залаты,

Клялі выдаўцоў сваіх дружна

І плакалі доўга і горка заўжды

Над кветкай і хмаркай жамчужнай.

 

Жылі так паэты, шаноўны чытач!

Ты думаеш горай, мой дружа,

За безліч тваіх і патуг, і няўдач,

Тваёй абывацельскай лужы?

 

Не, мілы чытач і мой крытык сляпы!

Усё ж такі есць у паэта

І косы, і хмаркі, і век халаты,

Табе ж недаступна ўсё гэта!..

 

Ты будзеш здаволены жонкай, сабой,

Сваёй канстытуцыяй куцай,

А вось у паэта — сусветны запой,

І мала яму канстытуцый.

 

Няхай я сканаю пад плотам, як пёс,

Няхай мяне доля ў балота ўтаптала, —

Я веру, — што бог мяне снегам занёс,

Што замець мяне цалавала!

 

1908

 

«О доблестях, о подвигах, о славе...»

 

Аб доблесцях, аб подзвігах, аб славе

Я на зямлі пакутнай забываў,

Калі твой твар у просценькай аправе

Перада мной на століку заззяў.

 

Час надышоў, ты раптам знікла з дому.

Я ў ноч пярсцёнак кінуў свой хутчэй.

Ты лес дзяліла з некім невядомым,

І я забыў святло тваіх вачэй.

 

Ляцелі дні, мільгалі клятым роем...

Віно душу нявечыла маю...

І ўспомніў я цябе прад аналоем,

Шукаў цябе, як маладосць сваю.

 

Цябе я клікаў, — ты не паглядзела,

Я слёзы ліў, — няўмольнай ты была,

Ты сіні плашч, самотная, надзела

І з дому ў ноч вільготную пайшла.

 

Не ведаю, дзеля сваёй гардыні

Дзе ты прытулак, любая, знайшла.

Я моцна сплю, мне сніцца плашч твой сіні,

Калі ты ў ноч вільготную пайшла...

 

Не пяру аб пяшчотах і аб славе,

Усё мінула, маладосць прайшла!

Тваё аблічча ў просценькай аправе

Сваёй рукой прыняў я са стала.

 

1908

 

На полі Куліковым

«Река раскинулась. Течёт, грустит лениво…»

 

1

Рака раскінулася. Сумна і ляніва

Палошча берагі.

Над чэзлай глінай жоўтага абрыву

У стэпе журацца стагі.

О, Русь мая! Ты жонка мне! Да болю

Наш доўгі шлях!

Ён, як страла татарскай дзікай волі,

Калоціцца ў грудзях.

Гасцінец наш, о, Русь, зажураны, бязмежны,

Туга не абміне,

І нават змрок — начны і зарубежны

Не страшны мне.

Хай ноч. Паспеем. Полымя ўгарыцца —

Азорыць даль,

Заззяе сцяг святы, як бліскавіца,

І ханскай шаблі сталь.

І вечны бой! Спакой нам толькі сніцца,

Праз кроў і пыл,

Мнучы кавыль, кабыла ў стэп імчыцца

З апошніх сіл...

Канца няма! Мільгаюць вёрсты, гоні...

Трымай, лаві!

Спалоханыя хмары вецер гоніць,

І захад у крыві.

Заход барвовы! З сэрца кроў струменіць!

Плач, сэрца, плач...

Няма спакою! Толькі коні ў пене

Ляцяць наўскач!

 

7 чэрвеня 1908

 

«Мы, сам-друг, над степью в полночь стали…»

 

2

Мы як ёсць у стэпе ў поўнач сталі:

Коні нас дамоў не даімчаць,

За Няпрадвай лебедзі крычалі,

І крычаць яны, ізноў крычаць...

 

На шляху — гаручы белы камень.

За ракою — дзікі крык арды.

Светлы сцяг над нашымі палкамі

Апусціўся, мабыць, назаўжды.

 

Да зямлі прыпаўшы галавою,

Мне гаворыць друг: «Вастры мячы,

Каб за волю ў бойцы з татарвою

Легчы ў дол або перамагчы!»

 

Воін я адданы, хоць сярэдні.

Доўга будзе край мой у агні.

Жонка мая светлая, ў абедню

Дарагога друга памяні.

 

8 чэрвеня 1908

 

«В ночь, когда Мамай залёг с ордою…»

 

3

Ноччу аблажыў Мамай ардою

Стэпы і масты,

Мы ж у полі тым былі з Табою, —

Ці адчула Ты?

 

Перад Донам, цёмным і трывожным,

У палях, у стэпах і ў лясах

Чуўся сэрцам голас твой прыгожы

Ў лебядзіных галасах.

 

З поўначы палкі князеўскай раці

Хмараю імкнуць,

А ўдалечыні на стрэмя маці

Горка слёзы льюць.

 

Недзе крылы чорныя да ранку

З вечара гулі,

А над Руссю ціхія заранкі

Князя сцераглі.

 

Клёкатам арліным, рэхам здрады

Гуў татарскі стан,

Вэлюмам князёўны над Няпрадвай

Плыў туман.

 

Над Няпрадвай конь у белай пене

Цуглямі звінеў,

Ты ішла у вопратцы праменнай

Проста да мяне.

 

Срэбнай хваляй заблішчала другу

На стальным мячы.

Асвяжыла пыльную кальчугу

На маім плячы.

 

І калі на золку хмарай чорнай

Рушыў шквал арды,

На шчыце гарэў нерукатворны

Воблік Твой заўжды.

 

14 чэрвеня 1908

 

«Опять с вековою тоскою…»

 

4

Ізноў кавылі з асакою

Вятрыска і круціць, і гне.

Ізноў за туманнай ракою

Здалёку Ты клічаш мяне...

 

Паспелі без весткі прапасці

Табун за ліхім табуном,

Развязаны дзікія страсці

Пад месяца плыткім святлом.

 

І я з непазбыўнай журбою

Пад месяцам воўкам брыду,

Куды мне ляцець за Табою,

Калі я збавенне знайду?

 

Мне чуюцца стогны і клёкат,

І трубныя крыкі татар,

Я бачу над Руссю здалёку

Шырокі і ціхі пажар.

 

Даносяцца бітвы удары,

Лячу я на белым кані...

Насустрач спяшаюцца хмары

У шэрай начной вышыні.

 

Мне сэрца, скаванае сумам,

Усцешвае думак прыліў,

Ды гэтыя светлыя думы

Мне цёмны агонь спапяліў…

 

«З’явіся мне, дзіўнае дзіва!

Быць светлым мяне навучы!»

Гайдаецца конская грыва...

За ветрам галосяць мячы.

 

31 ліпеня 1908

 

«Опять над полем Куликовым…»

 

5

Імглою бедаў неадступных

Зацягнуты наступны дзень.

Ул. Салаўёў

 

Ізноў над полем Куліковым

Густой імглы звісае цень,

І, быццам воблакам суровым,

Зацягнуты наступны дзень.

 

За цішынёй — спакой і стома,

І за бясконцаю імглой

Не чутна дзіўнай бітвы грому,

Няма маланкі баявой.

 

Мяцежных дзён далёкі ранак

Я пазнаю ў свае часы!

Як некалі, над дзікім станам

Чуваць лябёдак галасы.

 

Не маямі сэрца жыць спакоем,

Зноў хмары сунуцца на нас,

Даспех цяжкі, як перад боем,

Маліся — надышоў твой час.

 

1908

 

«В голодной и больной неволе…»

У згаладалай, змучанай няволі

І дзень не ў дзень, і год не ў год.

Калі ж закаласіцца поле,

Ўздыхне зняважаны народ?

 

У мроку шапацяць улетку,

Схіляюцца і зноўку шапацяць

Пад ціхім ветрыкам палеткі

І пачынаюць красаваць.

 

Народ — вянец зямнога цвету,

Аздоба кветкам і палям, —

Святога прычакае лета,

Так неабходнага і нам.

 

1909

 

«Русь моя, жизнь моя, вместе ль нам маяться…»

 

Русь мая, доля мая неадольная,

Цар, ды Сібір, ды Ярмак, ды турма!

Ці ж не пара разлучыцца, каб вольнае

Сэрца адчула, што цемры няма?

 

Ведала ты? Ці ты богу паверыла?

Што там пачуеш у песнях тваіх?

Чудзь начудзіла, ды Мера намерала

Грэбляў, дарог ды слупоў верставых...

 

Лодкі ды зрубы на рэках рубіла ты,

Хоць да святыні ў Царград не дайшла...

Сокалаў, лебедзяў скрозь распусціла ты, —

Слалася чорная ў стэпах імгла...

 

За Чорнае мора і нават за Белае

Ў чорныя ночы і ў белыя дні

Дзіка глядзіцца аблічча знямелае,

Вочы татарскія, быццам агні...

 

Цягнецца ціха чырвонае зарыва

Кожнаю ноччу над станам тваім...

Што ж ты маячыш, санлівае марыва?

Цешышся духам раскутым маім?

 

1910

 

«Не спят, не помнят, не торгуют…»

 

Не спяць, не помняць, не гандлююць.

Над чорным горадам, як стогн,

Стаіць і мучыць ноч глухую

Ўрачысты велікодны звон.

 

ЁН паланёную асобу

Да самае зямлі прыгнёў,

Над смерцю, горам і хваробай

Трызвоняць тысячы званоў…

 

І над сусветнаю лухтою,

Чаму ўжо нельга памагчы,

Званы гайдаюць футра тое,

Што ты накінула ўначы.

 

1909

 

«Какая дивная картина…»

Што за дзівосная карціна

Твая, паўночны край, твая!

Заўжды бясплодная раўніна,

Як мара марная мая!

 

Тут дух мой, злосны, непакорны,

Трывожыць смехам даўніну:

Крумкач крылом тугім і чорным,

Гайдае мёртвую саску.

 

Граніт пілуюць вадаспады

Струменем вострым і тугім,

На камянях пяюць наяды

Дзявоцкасці бясплодны гімн.

 

І ў гэтым гуле хваль халодных

Крумкач парушыў забыццё,

Пад поглядам наяд бясплодных

Ледзь-ледзь ліпіць маё жыццё.

 

1909

 

Равена

 

Усё часовае імгненна

Ты пахавала у вяках,

Ты спіш, нібы дзіця, Равена,

У соннай вечнасці ў руках.

 

Рабы праз рымскія вароты

Больш не правозяць мазаік.

І дагарае пазалота

На стылых сценах базілік.

 

Павольна аплываюць рагі

На склепы грубыя грабніц,

Дзе зелянеюць саркафагі

Святых манахаў і царыц.

 

Жалобныя знямелі залы,

Парог халодны, як рышток,

Каб чорны зрок блажэннай Галы,

Ажыўшы, камень не прапёк.

 

Не захавалі нават пліты

Баёў крывавыя сляды,

Каб голас не ўваскрос Плакіды

Спяваць пра даўнія гады.

 

Далёка адступіла мора,

І ружы абвілі прасцяг.

Каб у грабніцы Тэадорых

Не ўспомніў бурнага жыцця.

 

Дамы, і людзі, і пустыні, ―

Ўсё ў дамавінах растае,

І толькі медны лад латыні

На плітах, як труба, пяе.

 

І толькі ў поглядах, як морак,

Дзяўчат у гэтай старане

Журба аб незваротным моры

Нясмелым ценем прамільгне.

 

Начамі ў глыбіні даліны,

Стагоддзі лічачы свае,

Цень Дантэ з профілем арліным

Пра Новае Жыццё пяе.

 

1909

 

«Поздней осенью из гавани…»

 

Позняю восенню з гавані

Ад замеценай снегамі зямлі

Ў прадвызначанае плаванне

Ідуць цяжкія караблі.

 

У чорным небе вылучаецца

Над вадой пад’ёмны кран,

І адзін ліхтар гайдаецца,

Рэжа снежную пургу.

 

Матрос, на судна не прызначаны,

Ступае хістка праз буран.

Даўно ўсё выпіта і страчана!

Даволі — болей не магу.

 

А бераг апусцелай гавані

Ўжо лёгкі першы снег занёс...

У самым чыстым, у самым светлым саване

Ці добра спаць табе, матрос?

 

1909

 

На чыгунцы

Марыі Паўлаўне Івановай

 

Ляжыць пад насыпам, за пусткаю,

Глядзіць у неба, як жывая,

Накрытая квяцістай хусткаю,

Прыгожая і маладая.

 

Даўней ішла хадой імкліваю,

Пачуўшы свіст і горкі вецер,

І хвалявалася, шчаслівая,

Каля чыгуначнай павеці.

 

Тры зыркія агні каціліся, —

Палалі шчокі, віўся локан:

Каб пасажыры ёй дзівіліся

І ўважліва глядзелі з вокан...

 

Ішлі вагоны роўнай лініяй,

Пагойдваліся і рыпелі;

Маўчалі жоўтыя і сінія,

Ў зялёных плакалі і пелі.

 

За шыбамі стаялі, сонныя,

І добра бачылі з вагона

Яе, кусты, дажджом замглёныя,

Жандара на канцы перона.

 

Гусар аднойчы, з жоўтай цэшкаю,

За аксаміт рукой трымаўся,

Ёй ветлай адказаў усмешкаю,

І далай поезд паімчаўся.

 

Так і юнацтва праімчалася

У летуценнях і навалах,

Туга жалезнаю здавалася

І болем сэрца надрывала...

 

Ды што — даўно ўжо сарца вынята!

Адбіта шмат зямных паклонаў,

Паглядаў многа прагных кінута

У пустату начных вагонаў...

 

Не падыходзьце к ёй вясёлымі

На страшнай здзірванелай кручы:

Каханнем, брудам або коламі

Яна раструшчана — балюча!

 

1910

 

«О, я хочу безумно жить…»

 

О, я жадаю прагна жыць:

Усё жывое ўвекавечыць,

Бяздушнае — ачалавечыць,

Нязбытнае — ажыццявіць.

 

Няхай жыццёвы сон назолай

Гняце, хай задыхнуся ў сне, —

Магчыма, што юнак вясёлы

Калісьці скажа пра мяне:

 

Даруем змрочнасць, — не за тое

Яму нялёгка так было.

Увесь ён зліўся з дабратою,

Увесь ён — воля і святло.

 

1914

 

«Я — Гамлет. Холодеет кровь…»

 

Я — Гамлет. Халадзее кроў,

Калі каварства тчэ мярэжы,

І ў сэрцы першая любоў

Жыве — адна на ўсё бязмежжа.

 

Цябе, Афелію маю,

Жыццёвы холад дноў аблытаў.

Я кроў да кроплі аддаю,

Клінком атручаным прабіты.

 

1914

 

«Среди поклонников Кармен…»

 

Сярод прыхільнікаў Кармэн

Мільгаюць розныя абліччы,

Яе кудысьці кожны кліча,

Але адзін ля шэрых сцен

Начной таверны Лілас-Пасцця

Глядзіць пахмура і маўчыць,

Ён не чакае, быццам шчасця,

Калі ж той бубен загучыць

І глуха зазвіняць запясці, —

Прыгадвае ён дні вясны,

Сярод раз’юшаных сугуччаў

Глядзіць на стан яе пявучы,

І творчыя прыходзяць сны.

 

1914

 

«Ты — как отзвук забытого гимна…»

 

Ты, як водгук забытага гімна,

І ў нягодах маіх, і ў журбе.

О, Кармэн, мне і сумна, і дзіўна,

Што прымроіўся сон пра цябе.

Шум вясновы, і сэрца удары,

Беспрасыпныя, дзікія сны,

І твае адзічэлыя чары, —

Як гітара, як бубен вясны!

Ты ў лятунках заўсёды са мною,

Як царыца шчаслівейшых дзён,

Ты ўся ў ружах зімой і вясною

Патанаеш у казачны сон.

Ты здаешся змяёю імклівай,

Калі спіш і прымроіцца ў сне

Далеч мора і бераг шчаслівы

З марай, больш недаступнаю мне.

Бачыш сонечны дзень напрадвесні,

Бачыш родны і любы свой край,

Сіні, сіні, дзе светлыя песні

Нерухома нагадваюць рай.

Гэта рай, цішынёю скаваны,

Толькі ў засені вецця і скал

Голас нізкі твой і ўсхваляваны

Славіць бурны цыганскі запал.

 

1914

 

«Да. Так диктует вдохновенье…»

 

Дыктуюць і натхненне і адвага:

І думка вольная вядзе

Туды заўсёды, дзе знявага,

Дзе бруд, дзе курчацца ў бядзе.

Туды, туды, дзе змрок праніжа

Пагляд неўтаймаваны мой…

Ці бачыў ты дзяцей Парыжа?

Ці бачыў жабракоў зімой?

На беспрасветны жах жыццёвы

Зірні праменнямі вачніц,

Пакуль грымоты навальніц

Пакутаў не змялі асновы.

Дай гневу першаму даспець,

Прынаджвай рукі да работы...

Не можаш — смутак і турботы

Павінны у табе гарэць...

З жыцця хлуслівага бясконца

Румяны тлустыя сатры,

Як палахлівы крот, ад сонца

Ў зямлю зарыйся і — замры,

І, ненавідзячы сурова

Жыццё ў няшчаснай старане,

Няхай ты свет не бачыш новы,

А гэтым дням адказвай: НЕ!

 

1914

 

«Похоронят, зароют глубоко…»

 

Пахаваюць, засыплюць глыбока,

На магіле трава парасце,

І пачуем: далёка, высока

На зямлі недзе дожджык ідзе.

 

Мы нічога ужо не папросім,

Ачуняўшы ад цяжкага сну,

Зразумеем: паціху — там восень,

Бурна — там сустракаюць вясну.

 

Гэта добра, што ў сонныя гукі

Не ўрываецца больш даўніна,

Што ад гора, кахання, разлукі

Назаўжды засланіла труна.

 

Не патрэбна спяшацца бяздумна,

Тут адказ пашанцуе знайсці,

Што разумныя лічаць разумным,

Што распустай завуць у жыцці.

 

1915

 

«Милая девушка, что́ ты колдуешь…»

 

Мілая дзеўчына, што ты чаруеш

Чорнаю зрэнкай, пушком на плячы?

Так і мяне ты, бадай, расхвалюеш,

Толькі я тут ні пры чым.

 

Ведаю, гэтай гульнёй небяспечнай

Ты заварожваеш да нематы,

Толькі такою ты будзеш не вечна, —

Маці пяшчотнаю станеш і ты.

 

Лёс наканоўвае страты і змены, —

Зведаеш радасць і гора, павер!

Зноў ты узнікнеш з ружовае пены

Толькі такой, як цяпер.

 

1915

 

Каршун

 

За кругам круг, за кругам круг

Каршун над сонным лугам кружыць,

Глядзіць на апусцелы луг, —

Над сынам маці ў хаце тужыць:

«На хлеба, на грудзей пассі,

Расці пакорны, крыж насі».

 

Ідуць вякі, шуміць вайна,

Гудзе мяцеж, палаюць сёлы,

Мак ж дагэтуль старана

Ў красе спрадвеку невясёлай.

Ці доўга мацяркам тужыць?

Ці доўга каршуну кружыць?

 

1916

 

«Дикий ветер…»

 

Дзікі вецер

Шыбы гне,

Аканіцу

Як рване!

На світанні велікодным

Звон далёкі, звон маркотны,

Глухата і чарната.

Вецер, быццам госць галодны,

Б’ецца ў браму з-пад маста.

 

За акном у змроку пуста,

Ноччу поўна крокаў, хрусту,

Крыга крыгу не міне,

Кліча любая мяне...

 

Як прагнаць дрымоту з дому,

Як мне госця адагнаць?

Як абрыдламу, чужому

Мне каханай не аддаць?

 

Як не збыць усё на свеце,

Як забыць пакуты ўсе,

Калі ў госці ходзіць вецер,

Толькі дзікі чорны вецер

Мой самотны дом трасе?

Што ж ты, вецер,

Шыбы гнеш?

Аканіцы

Дзіка рвеш?

 

1916

 

«Женщина, безумная гордячка...»

 

Жанчына, ганарыстая дзівачка!

Я разумею кожны ваш намёк.

Веснавая белая гарачка,

Поўны гневу кожны ваш радок!

 

Словы, як раздвоеныя джалы,

Словы, як адточаная сталь!

І лязо атрутнага кінжала

Я цалую, гледзячы удаль.

 

А ўдалечыні я бачу — мора

І дзіўлюся новым берагам,

Голас ваш не чутны ў грозным хоры,

Дзе гудне і вые ураган!

 

Соладка, і ўсё ж, як па загаду,

Кідацца мне ў віратлівы вал,

Вам —- зеленавокаю наядай

Плёскацца каля ірландскіх скал.

 

Высака — над хвалямі, над намі,

Над скалою, прорвамі, вірамі —

Рэе сцяг — Інтэрнацыянал!

 

1918

Дэман

 

Ідзі за мной, ідзі пакорнай,

Адданаю маёй рабой.

На зіхатлівы грэбень горны

Я ўпэўнена ўзлячу з табой.

 

Мы праляцім над прорвай пухам,

Я глыбінёй пачну дражніць.

Дарэмны жах твой а чорнай скрухай

Мяне усцешыць і натхніць.

 

Я ад дажджу з эфірным пылам

І ад кружэння засланю,

Усёю сілай дужых крылаў

Табе адкрыю вышыню.

 

Над горамі у бляску белым,

Дзе цнотны луг абняў раку,

Сваім святым цудоўным целам

Цябе я дзіўна апяку.

 

Ты ведаеш — хлусня і дробязь,

З якімі поруч ты жывеш, —

Зямная сумная хвароба,

Што дзікай страсцю ты завеш?

 

У цішыні лагоднай ночы

Ты, заварожаная мной,

Яшчэ вышэй ляцець захочаш

Пустэльняй неба агнявой.

 

Пад намі горы, як узгоркі,

І кожны з нас туды ляціць,

Дзе зіхаціць зямля, як зорка,

Зямлёю зорка зіхаціць.

 

І, анямеўшы ад здзіўлення,

Ты ўбачыш цуд у вышыні —

І задыхнешся ў захапленні

Ад дзіўнае маёй гульні...

 

Калоцячыся ад бяссілля,

Ты ціха скажаш мне: пусці...

Павольна разгарнуўшы крылле,

Табе ўсміхнуся я: ляці.

 

І пад чароўнаю усмешкай

Амаль растаўшы на ляту,

Нібыта камень або снежка,

Ты паляціш у пустату.

 

1916



Пераклад: Сяргей Грахоўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com