epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Чорная дзірка

Калі ўведалі, што разам з камісіяй прыехаў акадэмік і захацеў паглядзець, «якой лухтой забіваюць галовы вучням на ўроках астраноміі», калі яшчэ даведаліся, што ў першы ж дзень і гадзіну праверкі высокі госць непазбежна трапіць на самы арыгінальны ўрок самага арыгінальнага настаўніка Мікалая Мікалаевіча і што ўслед за акадэмікам у клас пацягнуцца амаль усе члены камісіі, дырэктар школы падумаў: «Праўду кажуць: закон подласці спрацоўвае бездакорна». Завуч, бліснуўшы сваімі вялікімі блакітнымі вачыма, падумала сваё: «Я ж папярэджвала М. М., што трыццаць другая тэма - для дадатковага чытання. Тры разы паўтарыла: «Для дадаткова-ага!» Але з ім няма толку спрачацца». Сам жа Мікалай Мікалаевіч амаль узрадаваўся: «Вось яна, зорная гадзіна!»

- Не вельмі захапляйцеся! - ледзьве паспеў прашаптаць дырэктар, прапускаючы членаў камісіі ў прасторны кабінет астраноміі.

Мікалай Мікалаевіч, якога перасцерагалі, усіх слоў дырэктара не пачуў, ды ў гэтым, у рэшце рэшт, не было патрэбы - настаўнік умеў адгадваць думкі людзей на адлегласці. Праўда, не так, як славутыя тэлепаты, ён адгадваў іх не цалкам, а нібы скарочана - саму існасць.

Унутраны голас нашэптваў яму зусім адваротнае ад дырэктарскай перасцярогі: «Пастарайся! Ты пастарайся!» У гэтым была сутнасць, амаль адзіны жыццёвы шанец.

Урок пачаўся, і адразу ж пабеглі ручкі высокай камісіі. Твар загадчыка райана пабарвянеў. У завуча вочы зрабіліся яшчэ большыя: «Першы ляпсус! Ён жа не замацаваў матэрыял мінулага ўрока! Я папярэджвала, неаднойчы папярэджвала!»

Але Мікалай Мікалаевіч не зважаў на гэтыя нюансы. Ён з захапленнем расказваў пра тое, як нараджаліся зоркі з газава-пылавых туманнасцяў, як ішла іх эвалюцыя да белых карлікаў і таямнічых чорных дзірак. «Толькі б паспець», - думаў ён і бачыў перад сабой шаснаццаць пар даверлівых вачэй сваіх вучняў, вачэй, яшчэ не азмрочаных усёведаннем. А над усімі - сівую бетховенскую галаву вялікага вучонага.

Ну а астатняя аўдыторыя ўспрымала яго як быццам бы нармальна.

У вачах у вучняў было захапленне, бо яны даўно пераканаліся, што лепш за Мікалая Мікалаевіча астраномію не ведае ніхто на свеце.

Акадэмік ілба не нахмурваў, у блакнот нічога не пісаў і нават, як здалося Мікалаю Мікалаевічу, зычліва ўсміхаўся.

Так яно і было.

У далёкім даваенным годзе будучы акадэмік пакінуў родны край, а вярнуўся назад, ды і то не назаўсёды, больш як праз сорак гадоў. Цяпер, слухаючы мілыя напаўзабытыя словы «малюсенькія», «вельмі слабыя» разам з дзівосным па сваёй прастаце словам «зоркі», акадэмік раптам убачыў сябе басаногім трынаццацігадовым хлапчуком. Убачыў і Яе - сваё першае і апошняе каханне.

«Няўжо апошняе?»

Геніяльная памяць за нейкія долі імгнення высвеціла той няблізкі час.

А Мікалай Мікалаевіч збіраўся расказваць пра сваё самае запаветнае. Найперш пра ўнікальнасць зямной цывілізацыі і наіўныя класічныя канцэпцыі пра мноства населеных светаў.

І раптам змоўк. Бо зусім выразна прачытаў жахлівую думку, што мільганула ў галаве ў акадэміка: «Чалавек, несумненна, самы цікавы дурань, якога толькі можна ўявіць, і самы эксцэнтрычны... Унікальнасць? А ўсе гэтыя модныя, «цалкам матэрыялістычныя» гіпотэзы разляцяцца ўшчэнт, калі на глыбіні адзінаццаці тысяч семсот дваццаці трох метраў пад паверхняй Марса будзе знойдзены звычайны начны гаршчок».

Мікалай Мікалаевіч утрапёна маўчаў. Акадэміка ж не пакідала думка, што апанавала яго: «Чалавек, несумненна, самы цікавы дурань, якога стварыла прырода. І самы эксцэнтрычны... Каму з нас прыйшла некалі гэтая вар'яцкая ідэя, якая ледзьве не стала фатальнай?»

Як тапелец за саломінку, Мікалай Мікалаевіч ухапіўся за позірк вучонага, які на момант зрабіўся адсутным. Заадно расказваў далей пра тое, як шмат пазналі тайнаў светабудовы. Праўда, ранейшай бадзёрасці ўжо не было.

У гэты час акадэмік успамінаў.

Тое, што зямное жыццё незвычайнае, яму і яго зеленавокай Зорцы адкрылася ў той памятны майскі вечар. Яны вярталіся з запозненай рэпетыцыі школьнага драмгуртка. Кароцячы шлях, ён і Ева пайшлі па сцежцы на беразе Нёмана.

Яны выйшлі на круты бераг і зачаравана замерлі. Бяздонны зіхоткі свет абступаў іх. Панавала маўклівасць. І толькі ўнізе, пад берагам, ціха пялёхала вада па пяску. Ён амаль па-змоўніцку сказаў:

- Ева, хочаш, я скажу, пра што ты думаеш?

- Пра што?

- Пра тое, што недзе на іншай планеце ў гэты ж час гуляюць падобныя на нас і думаюць пра нас, як мы пра іх.

- Ага, - прамовіла яна і як бы спалохалася. - Як ты пра гэта даведаўся? - Яна страсянула сваімі пышнымі валасамі. - Але гэтага не можа быць. Мы - адны! Такія, як мы, - адны! І зараз мы з табой нешта зробім, чаго нідзе і ніхто не зможа паўтарыць. Мы будзем купацца. Ага, спалохаўся!

Вада, чорная, як смала, стаяла ціхая, халодная. І нечым страшная... Але тут пачуўся моцны ўсплёск і радасны Евін голас:

- Я ўжо плыву!

Узвіўся юначы гонар, нейкае падсвядомае, уладнае пачуццё ахапіла яго. Ён хутка распрануўся і кінуўся ў ваду.

Яны з Евай праплылі моўчкі да сярэдзіны ракі і вярнуліся - было сапраўды страшна. Ева першая вылезла з вады і пачала ўзбірацца па крутым беразе наверх. Ухапілася за тонкае дрэўца. А яно раптам з вялікай глыжай адарвалася і рынулася ўніз. Ева ўпала ў ваду, войкнула і пачала тануць.

Пахопкам ён выскачыў з вады. Прабег, спатыкаючыся і цяжка дыхаючы, некалькі крокаў па беразе, кінуўся ёй на дапамогу.

Пасля яны, звесіўшы ногі, доўга аддыхваліся. Сядзелі побач на крутым беразе. Іх білі дрыжыкі. Яны маўчалі, перажывалі тое, што нядаўна адбылося.

Збоку ён узіраўся ў яе твар.

Спачатку на ім былі толькі спалохі перажытага страху. Але цень трывогі згас, і неўзабаве твар азарыўся ўжо жаноцкай тайнай, якая заўсёды была загадкавай і зачараванай. І такую першародную чысціню праменіла яе яшчэ мокрае цела, такая даверлівасць і нясмеласць былі ў яе вялікіх пацямнелых вачах, што нельга было пакрыўдзіць гэтую цнатлівасць не толькі што дотыкам, а нават думкай.

Яна сама дакранулася да яго...

Мяккая ўсмешка прабегла па твары акадэміка, а Мікалай Мікалаевіч зразумеў, што акадэмік усміхаецца яму, і смела пачаў даказваць, што існуюць таямнічыя касмічныя аб'екты, так званыя «чорныя дзіркі». Помнячы, што інспектары патрабуюць «міжпрадметных сувязей», ён з усмешкай пераможцы абвясціў:

- Яны нагадваюць гётаўскі выраз: «Замры, імгненне, ты - цудоўнае!»

«Яно замерла, тое цудоўнае імгненне», - падумаў акадэмік.

«Буду верная табе да самай смерці», - яна з нявіннай любасцю і ласкай прыхілілася да яго. Пад золатам рассыпаных валасоў яе голыя грудзі, уздымаючыся, прыхіналіся да яго грудзей, а ён, захоплены яе пяшчотнай пакорай, увесь час паўтараў у думках сваё: «Я абавязкова вярнуся!»

Ні ён, ні яна не адчувалі ні прыліву маладой пажадлівасці, ні трапятання, ні страху пераступіць рысу забароненага або адпудзіць адно аднаго сваёй галізной.

Чаму ж на ўсё жыццё ён запомніў гэты цнатлівы дотык дзявочых грудак, стук яе сэрца і лёгкае дыханне, і цеплыню, і дзіўнае свячэнне, што ішло ад яе затуманенага твару?

Ева моўчкі плакала.

Але хіба гэтак жа не плакаў і ён тыдзень таму, калі бацька, чалавек круты і шалапутны, вырашыў раптам прадаць хату і ўсё набытае за дваццаць паслярэвалюцыйных гадоў і падацца вопрамеццю да брата на Кубань.

Што ён мог сказаць на суцяшэнне Еве, што?!

У цішыні пачулася ржанне каня, што блізка прыблудзіў да іх, яны спахапіліся, нібы прабудзіўшыся, хутка апрануліся і пайшлі дахаты, пабраўшыся за рукі. Ева ўжо не плакала. Яна схілілася галавой да яго плечука, прашаптала: «Я буду вернай табе да самай смерці».

«Я вярнуся да цябе, Ева!»

Акадэмік ціха ўздыхнуў і сказаў сабе ў думках: «Пасмяёмся ж праз слёзы, мой Кеплер, з вялікага глупства людзей!»

Мікалай Мікалаевіч не ведаў студэнцкай мянушкі акадэміка, але добра ведаў, чые гэта словы: «Пасмяёмся ж, мой Кеплер, з вялікага глупства людзей!» Яму падалося, што не ўнутраны голас, а сам аўтар слоў, вялікі Галілео Галілей, дапамог пачуць іх на адлегласці.

Спіна настаўніка пахаладзела. Ён зразумеў, што спасылка на Кеплера нездарма. Іаган Кеплер - адзін з любімых герояў Маркса, і справа не толькі ў гэтым. Кеплер - гэта дакладны разлік! Разлік, але чаму менавіта цяпер? А ў мяне?

Мікалай Мікалаевіч азірнуўся на дошку і абамлеў. У вядомым ураўненні Хаўкінга, якое паказвала час выпарэння чорнай дзіркі зорнай масы: 1066/М Мс/3 гадоў (дзе М - маса чорнай дзіркі, Мс - маса сонца), у яго замест дзесяці ў шэсцьдзесят шостай ступені было напісана дзесяць у шэсцьсот шэсцьдзесят шостай ступені - 10666!

Во гэта быў ляпсус! Праўда, яго не заўважылі ні старшыня праверачнай камісіі, ні заграйана, ні дырэктар, але несумненна заўважыў акадэмік! Вось калі б пасмяяліся і Галілей і Кеплер! Што ж рабіць?

Мікалай Мікалаевіч бокам-бокам пачаў падступаць да дошкі, трымаючы за спінай анучку. Цярнуў наўздагад. Павярнуўся. Здрадлівая лічба 666 заставалася на месцы. Зноў павярнуўся да дошкі, каб ужо сцерці дакладна. Азірнуўся і ледзь не завыў ад роспачы.

«Чаму гэта ён трэ край дошкі?» - непрыязна падумаў заграйана.

«Не ведае, куды падзець рукі», - зларадна ўсміхнулася завуч.

«Ён забыўся, што вядзе ўрок, - вырашыў дырэктар. - Што цяпер будзе?» - і з апаскаю зірнуў на акадэміка.

Акадэмік жа, які ведаў не толькі формулу, але і ўсё фантастычна складанае рашэнне, надзіва, памылкі не заўважыў. «Чаго ён спыніўся? Няхай працягвае!»

І Мікалай Мікалаевіч, адгадаўшы і гэтую думку, расказваў далей пра жудасныя сілы гравітацыі, што прыводзяць да скрыўлення прасторы і поўнага спынення часу.

Час спыніўся не тады, калі Ева паклялася яму ў вернасці да самай смерці, а тады, калі стрымала сваю клятву.

Улетку 1941 года амаль на тым самым месцы на беразе Нёмана яе падпільнаваў прышчаваты цыбаты немец, што хадзіў на раку па ваду. Дзяўчына адчайна супраціўлялася, таму ён стрэліў са свайго «шмайсера» ёй у грудзі, а пасля ўжо згвалціў.

Але парушэннем клятвы гэта не лічылася, бо яна ўжо была мёртвая.

А ён вярнуўся. 2 ліпеня 1944 года разам з казакамі ён уварваўся ў роднае сяло, пасля схадзіў на яе магілу.

Час спыніўся. Ён стаяў і чорнай прапыленай кубанкай, паднесенай да рота, стрымліваў плач. І тады яго конь, нібы зразумеўшы, што гаспадару трэба ісці ад гэтага страшнага месца, прызыўна заіржаў. Пачуўся хрыплы голас эскадроннага: «Пара, браток. Трэба ісці дабіваць фрыцаў».

Сярод суцэльнага грукату вайны запомнілася нягучнае ржанне каня і яшчэ больш ціхія словы старога артылерыста, беларуса дзядзькі Юзіка, пра якога было вядома, што ён верыць у Бога.

Дзядзька Юзік усіх называў на «вы». Даведаўшыся пра няшчасце свайго маладога таварыша, ён сказаў: «Трэба было б паставіць памінальную свечку па вашай нявесце». І выканаў свой намер у той жа вечар.

А было так.

Немцы ўдарылі па флангу. Першым жа снарадам галаўны «тыгр» знішчыў разлік гарматы, камандзіра і старшага афіцэра батарэі. Жывы застаўся дзядзька Юзік.

Спакойна і нетаропка, як заўсёды, злёгку пакашліваючы, ён сам зарадзіў васьмідзесяціпятку, паспеў добра прыцэліцца і ўдарыў пад вежу. Танк спыніўся і задыміў. Другі паспрабаваў абысці яго злева, але дзядзька Юзік другім снарадам пад зрэз вежы асадзіў і яго. І ўсё ж старому салдату нечага не хапала. Ён перазарадзіў гармату і зноў стрэліў у галоўны танк. Калі над ім свечкай ускінулася полымя, дзядзька Юзік неяк адразу абмяк і асунуўся на зямлю. Санітар, які падбег да яго, ледзьве разабраў апошнія словы старога: «Ну, дзякуй Богу. Цяпер яна можа спаць спакойна».

Толькі кавалерысты слоў тых не чулі і смерці яго не бачылі. А бачылі блізка перад сабой брудна-шэрыя мундзіры. Чулі хрыплы голас эскадроннага, якому хапіла кароткай хвіліны, што падарыў дзядзька Юзік, каб пасадзіць эскадрон на коней. Астатняе было ўжо іхняе: фрыцы, што паспрабавалі контратакаваць, убачылі шалёных коней, што лавай імчалі на іх, і ўзнесеныя ўгару шаблі, якія пагрозліва блішчалі ў заходзячым сонцы.

- Як востры клінок, - заканчваў сваю думку Мікалай Мікалаевіч, - гэты прамень разразае прастору і, падаючы на чорную дзірку, цалкам траціць сваю страшэнную энергію і ператвараецца ў нішто.

«Калі ты зусім страціш розум і начыста забудзеш усё, чаму цябе некалі самога вучылі, ідзі выкладаць», - любіў гаварыць дзядуля Шоў і казаў праўду», - раптам зусім безадносна да ўрока падумаў акадэмік. Настаўнік яму нават падабаўся, і акадэмік не пабаяўся прызнацца сабе, што трохі зайздросціць паэтам і вось такім апантаным людзям, якія захавалі дзіцячае ўспрыняцце свету і вечнасці.

Была тут і нейкая тайна.

Сам акадэмік усё сваё пасляваеннае жыццё вывучаў сонечны магнетызм. Але вучні наўрад ці слухалі б яго з такой увагай, як свайго настаўніка.

Праўда, дырэктар з завучам пра вучняў, што сядзелі ў класе, думалі трохі інакш: «Якія цудоўныя дзеці! Пры камісіі нават на такім, з дазволу сказаць, уроку паводзяць сябе ўважліва і зацікаўлена... Вось бачыце, ён зноў змоўк. А да канца ўрока яшчэ цэлых дзесяць хвілін!»

Маўчаў Мікалай Мікалаевіч. Маўчаў клас.

Акадэмік у сваю чаргу маўкліва думаў пра тое, як было б добра зусім аднаму схадзіць на Нёман у той ранні час, калі пачынае ледзь-ледзь радзець над вадою туман. «Як гэта ва Ўладзіміра Ільіча? «Бязлюднасць і безрабоцце для мяне лепш за ўсё». Так можна было напісаць толькі дарагой мамачцы Марыі», - падумаў акадэмік, і перад ім зноў пачалі з'яўляцца невыразныя прывіды з дзяцінства і юнацтва, і ён усміхнуўся ім. Падумаў яшчэ: «Маю маму таксама звалі Марыя».

А Мікалая Мікалаевіча ахапіла простая і таму геніяльная думка: «Нават калі ён вырашыць, што я закончаны ідыёт, то і тады пры ўсіх мяне не прынізіць. Між намі павінна ж быць астранамічная салідарнасць». І смела рынуўся ў бой. У свой апошні.

- Дзеці, - прадоўжыў ён, - на мінулым уроку мы пазнаёміліся з мадэллю Сонечнай сістэмы. Пасля паспрабавалі змадэліраваць нашу Галактыку. Большасць з вас правільна ўяўляе яе: як вельмі сплюснуты па баках гіганцкі дыск. Да канца ўрока паспрабуйце намаляваць, а хто паспее, і патлумачыць мадэль Метагалактыкі. Гэта значыць усяго даступнага нашаму назіранню Сусвету, зыходзячы з таго, што ён замкнуты... Вы ўжо ведаеце, што думка пра канечнасць Сусвету зусім не пярэчыць навуковаму матэрыялізму... Такім чынам, падрыхтуйце лісточкі і ручкі. У вас яшчэ ёсць час - да канца ўрока амаль дзесяць хвілін. Метагалактыка. Сусвет, што ўзнік з кроплі звышшчыльнага рэчыва. Якім ён можа быць? Пачынайце!

Шэлест сшыткаў зліўся з уздыхам палёгкі і тых, хто правяраў, і тых, каго правяралі. Уздыхнуць-то ўздыхнулі, але думкі, асабліва ў тых, хто правяраў, былі сумнаватыя.

«Яго даўно трэба было адправіць на «заслужаны адпачынак». Пры правяраючых дае не прадугледжаную ніякімі канонамі пісьмовую работу, - думаў заграйана, - яны тут, у школе, відаць, наогул не чытаюць кіруючых дакументаў».

«Каб толькі не пачалі правяраць, што там намалююць гэтыя небаракі», - думаў дырэктар.

«Трэба неяк яго выручаць. Ён жа забыў нават даць хатняе заданне, а такі крымінал яму не даруюць», - вырашыла завуч.

І толькі сам настаўнік быў зусім спакойны.

Усе шаснаццаць дзесяцікласнікаў дружна працавалі - штосьці засяроджана малявалі.

«А ўвогуле гэта цікавая думка!» - вырашыў акадэмік і зазірнуў праз плячо вучаніцы, што сядзела наперадзе.

Тая малявала нейкае сплюснутае па баках утварэнне, а яе суседка - нешта падобнае на выбух нямецкай супрацьпяхотнай міны.

Зялёныя, як жабы, яны падскоквалі над зямлёй і, аглушальна лопаючыся, раскідвалі ва ўсе бакі свой смяротны зарад.

«Нам трэба прапанаваць замест «выбуху» нейкае іншае слова. Выбух - гэта смерць, а пашырэнне Сусвету - гэта жыццё».

Насуперак боязі ўсе вучні паспелі намаляваць мадэль замкнутага Сусвету за сем хвілін. За хвіліну былі сабраны лісткі. За дзве хвіліны Мікалай Мікалаевіч даў хатняе заданне, параіў тое-сёе пачытаць і разам са званком бадзёра сказаў:

- Урок закончаны.

Усе ўсталі. Чакалі, што будзе рабіць акадэмік. А ён зрабіў тое, чаго баяліся ўсе прысутныя. Ён рашуча прайшоў да кафедры, дзе ляжалі сабраныя работы, і ўзяў верхні лісток.

Туман заслаў вочы Мікалаю Мікалаевічу.

На лістку, што быў спісаны зялёным чарнілам, у левым кутку была намалявана мадэль Сусвету ў выглядзе пясочнага гадзінніка, а ўся астатняя прастора і адваротны бок, які разглядаў акадэмік, былі спярэшчаны лічбамі і нейкімі складанымі разлікамі, дзе сам Мікалай Мікалаевіч з цяжкасцю распазнаў любімую літару грэчаскага алфавіта «сігму».

Члены камісіі і мясцовае начальства зачаравана пазіралі на засяроджаны твар вучонага і чакалі.

Нарэшце акадэмік узняў галаву, і ўсе ўпершыню пачулі яго голас:

- Каб не пакрыўдзіць нас, вучоных, пра такія рэчы, - ён узняў над галавой лісток, - гавораць, што, маўляў, прафесар Эн прапанаваў у вышэйшай ступені арыгінальную канцэпцыю, якая не мае, на жаль, дастатковага фізічнага абгрунтавання. Гэта даволі празрысты намёк, што гэтаму прафесару тэрмінова трэба заканчваць займацца навукай і пераходзіць у пісьменнікі-фантасты... Я ніяк не хачу пакрыўдзіць аўтара запіскі. Магчыма, ён ці яна і сапраўды жадае стаць пісьменнікам-фантастам. Гэта справа нядрэнная... - Акадэмік агледзеў прысутных і працягваў далей: - Калі ж гаворка ідзе пра сур'ёзныя рэчы, то ўлічыце, мае юныя сябры, што добры астраном, выкарыстоўваючы ўсе навейшыя дасягненні сумежных навук, можа даказаць, што да Вялікага Выбуху ўвесь звышшчыльны Сусвет трымаўся на трох велізарных сланах, якія, у сваю чаргу, стаялі на трох кітах, што плавалі ў бязмежным плазменным акіяне. Затым раўнавага парушылася, усё ўзарвалася і ляціць, ляціць... Такая думка, дарэчы, лёгка вытлумачвае пакуль яшчэ не разгаданы навукай феномен узнікнення жывой матэрыі.

Дзве апошнія фразы акадэмік сказаў на беларускай мове. І ці то сам гэты факт, ці малады задзірысты гумар, што быў прыхаваны ў кожным слове, зрабілі сваё. Спачатку пырснула смехам высокая бялявая прыгажуня Дана, а за ёй засмяяўся і ўвесь клас.

Акадэмік таксама смяяўся, па-дзіцячы шчыра і нестрымана. Пасля ён, усё яшчэ ўсміхаючыся, сказаў Мікалаю Мікалаевічу:

- Аднак матэматычная частка ды і раскаванасць думкі робяць вам гонар. Ну а праца - я забяру яе з сабой - у любым выпадку заслугоўвае вышэйшай адзнакі.

Акадэмік моцна паціснуў настаўніку руку, выйшаў, сеў у вялікую чорную машыну і паехаў.

Напружанне спала. Госці заўсміхаліся, хоць і неяк змушана.

Заграйана, кісла перасмыкнуўшыся, падумаў: «Добра мець наватара, але не ў сябе, а дзе-небудзь на Ўкраіне, у Данбасе...»

Дырэктар, не хаваючы радасці, амаль не выгукнуў: «Слава табе, Божа, пранесла!»

А завуч, апусціўшы свае вялікія блакітныя вочы, падумала: «Гэтыя мужчыны, нават вучоныя мужы, - як дзеці. Абвесці іх вакол пальца - як плюнуць. Падобныя штучкі мы выраблялі ва ўніверсітэце. Падсунем нашаму матэматычнаму дзядку на пачатку лекцыі якую-небудзь хітрую задачку і сядзім сабе, нічога не робім. А ён, бядак, сапе, рашае. Дзе толькі Яшка іх даставаў, гэтыя дзікія задачкі?»

Яна ўспомніла свайго кучаравага аднакурсніка і загадкава ўсміхнулася.

Мікалай Мікалаевіч заўважыў гэтую ўсмешку і вырашыў па-свойму: «Вось і яна, здаецца, нарэшце задаволена». І быў шчаслівы.


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая