epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Пляма

...і ўпала з неба вялікая зорка, што гарэла, нібы свяцільня,

і легла на трэцюю частку рэк і на крыніцы водаў.

Імя гэтай зорцы Палын. ...і шмат людзей памерлі ад водаў,

таму што яны зрабіліся горкімі.

Адкрыццё, 8:10-11

 

Лета ў забруджаныя радыеактыўным пылам Зарэчанцы прыйшло нечакана. Амаль усю вясну дзьмуў сцюдзёны парывісты вецер, ішоў дождж уперамешку з мокрым снегам. І вось у канцы траўня прыроду нібы падмянілі: неба праяснілася, з-за рэдкіх белых аблокаў вызірнула сонца, паветра зрабілася ружовым і цёплым.

Быў панядзелак. Адразу пасля ўрокаў Янка пайшоў у суседнюю вёску Запольцы да цёткі Тадоры - ён кожны тыдзень хадзіў да яе па лекі для бацькі, якога ўжо два гады даймаў раматус, - і цяпер хлопчык вяртаўся дахаты. Дзень быў сонечны, ціхі, бязветраны. Удалечыні суцэльнай сцяной цямнеўся лес - велічны, маўклівы. Перад ім шырокаю паласою, быццам густы зялёны дыван, ляжаў луг. Адразу за ім некалькі вёрстаў па-над рэчкай Расінкай цягнуліся Зарэчанцы. Выбягаючы з цяністага шатра за вёскай на волю, рэчка серабрыстай ніткай бегла далей, да гарызонту.

Але не цешыла Янку гэта прыгажосць. Таму што ўсё ў ёй хавала смерць - страшную, нябачную. І лес, у якім нельга было збіраць ягады і грыбы, і рэчка, у якой нельга купацца, і сонца, пад якім нельга загараць... Усё навокал было падманным і хавала смерць. Нават само лета. Таму Янка і не любіў яго з таго самага года, як надарылася ўсё гэта...

Чарнобыль... Чорна-крывавым зарывам уварваўся ён у Зарэчанцы, крута змяніў іх жыццё, што мерна і зладжана цякло вякамі. Ягоны радыеактыўны попел не толькі густа ўслаў зямлю, атруціў сады і рэчкі, але асеў і ў душах людзей...

Не дайшоўшы да лугу крокаў сорак, Янка прыпыніўся - далей дарога рэзка заварочвала ўлева, -кінуў позірк на невялічкі пагорак удалечыні, дзе ўзнімалася некалькі будынкаў. Там пачыналася вёска. Над ёй, быццам нерухома, павісла сонца. Нібы дапытлівы назіральнік, яно аглядала маўклівае наваколле. Але супакой гэты і цішыня былі трывожныя. Яны міжволі прымушалі Янку быць пільным і насцярожаным... Адгэтуль да вёскі было амаль рукой падаць - вярсты тры, не больш, калі ісці нацянькі. Але нацянькі нельга - наперадзе пляма. Яна пачыналася адразу за вёскай і цягнулася далёка ў глыб лесу. Некалі гэта было самае ўлюбёнае месца для гульняў у зарэчанскай дзятвы: з неглыбокім азярцом, якое акружалі стройныя бялявыя бярозкі, з жоўта-цукрыстым пясочкам па яго берагах... Цяпер ім палохалі малых дзяцей. Таму што там была радыяцыя - вялікая, страшная, казалі, амаль такая, як у самой зоне адчужэння, ад якой Зарэчанцы знаходзіліся ўсяго за нейкіх дваццаць кіламетраў.

Чарнобыль... Ён не толькі асмаліў зямлю і душы зарэчанцаў, але і ўнёс у іх звыклае жыццё новыя паняцці і значэнні, дагэтуль незнаёмыя ім і таму -неасэнсаваныя...

«А можа, рызыкнуць, пайсці праз луг?» - прамільгнула ў галаве ў Янкі, але ён тут жа адагнаў гэтую думку, успомніўшы, як даваў бацьку слова - ніколі не хадзіць праз пляму.

Збочыўшы ўлева, Янка абмінуў пагорак і выйшаў да багністага балотнага берага са змарнелым алешнікам. Далей дарога пераходзіла ў сцяжынку, што вілася ля самай багны. Балота цягнулася далёка на захад і дзесьці там упіралася ў хвойнік і рэчку. Яшчэ гады два-тры таму яно дыхала вялікай парай, што слалася над багнай густым туманам. Цяпер пары не было відаць. Мусіць, і на яе падзейнічала радыяцыя. Нават крумкачы - і тыя перасталі крычаць. Ля краю дрыгвы Янка міжволі прыпыніўся, кінуў позірк у глыб балота. Недзе там, у густым зарасніку асакі і хмызняку, хаваўся востраў - востраў ягонай хлапчуковай мары.

Пра гэты востраў, які невядома як заблукаў у самае сэрца балотнай багны, казалі рознае. Нібыта даўным-даўно, яшчэ за царом Гарохам, на яго збеглі ад пана двое прыгонных - хлопец і дзяўчына. І як ні спрабаваў той пан дабрацца да іх, не здолеў, бо не ведаў патаемнай сцяжынкі ў дрыгве. І быццам уцекачы пражылі ў шчасці і паразуменні на тым востраве ўсё жыццё. З тых часоў і замацавалася за ім назва - востраў Надзеі, ад імя яго першай гаспадыні. У апошнюю вайну тут хаваліся ад карнікаў партызаны. З той пары на востраве ніхто з зарэчанцаў больш не быў, і дарога да яго была забытая.

Але Янку востраў зацікавіў зусім па іншай прычыне. У замінулым годзе ў Зарэчанцах спыняліся дазіметрысты. Яны складалі карту радыеактыўнага забруджвання мясцовасці. Дык вось, адпачываць на верталёце яны ляталі менавіта туды, на востраў. І тлумачылі тое вельмі проста - гэта было амаль адзінае на ўсё наваколле месца, якое чамусьці не накрыў сваім злавесным чорным крылом Чарнобыль. Эх, каб адшукаць тую старую забытую сцяжынку! Янка б тады кожны дзень вадзіў бы на востраў сваю сястрычку і сяброў. Можа, нават зладзілі б сабе там невялічкі будан і жылі б у ім усё лета: смела, весела, без боязі спаткацца са страшнай нябачнай смерцю... Тыдзень таму Янка ўжо зрабіў такую спробу, але, на жаль, адшукаць дарогу не ўдалося...

Успомніўшы пра гэту няўдачу, Янка ўздыхнуў, пасунуўся да вёскі.

Ён прыйшоў дамоў, калі чырвона-ружовы дыск сонца ўжо крануўся на захадзе лесу. Хата іх стаяла ў канцы вёскі. Некалі яна была адна з найпрыгажэйшых у Зарэчанцах. Высокая, доўгая, афарбаваная ў жоўта-залацісты колер, з шырокімі ўзорыстымі вокнамі, з вялікай цаглянай верандай, цяпер была запушчаная: фарба на сценах выгарала, патрэскалася, падмурак даў трэшчыну, стары шыферны дах пазелянеў, аброс імхом. Не да хаты было цяпер бацьку. Ды і хто ведаў, што будзе з Зарэчанцамі праз год-два?

Янка знайшоў бацьку на гародзе, дзе той старанна палоў грады. Навошта ён гэта рабіў, хлопчык не разумеў. Усё роўна, калі ўсё вырасце - есці будзе нельга. Так ужо было летась. Агуркі, памідоры, капусту, моркву - усё пасля праверкі ў калгаснай лабараторыі давялося выкінуць на сметнік.

За апошні час бацька вельмі пастарэў і змяніўся. Галава ўся сівая, вочы глыбока запалі, пад імі частыя разоркі маршчын. А яму ж няма яшчэ і пяцідзесяці. Некалі бадзёры і вясёлы, ён зрабіўся пануры і сумны. Гэтыя змены адбыліся з ім адразу пасля аварыі. У той дзень, калі, быццам грукат грому, па Зарэчанцах пранеслася чутка пра страшную нечуваную бяду, бацька ўвесь вечар хадзіў разгублены з хаты ў двор, з двара ў хату, мармытаў сабе пад нос адно: «Вось нарабілася, вось нарабілася...» А калі два гады таму памерла Янкава маці, бацька зусім зацяўся, зрабіўся самотны і маўклівы...

Павярнуўшы галаву, ён патухлымі вачыма з-пад сівых броваў зірнуў на Янку:

- Ты, сынок, ужо прыйшоў?..

Марылька, якая побач гуляла ў пясочку, убачыўшы браціка, кінулася да яго:

- Янка, а што ты мне прынёс ад цёткі Тадоры?

Хлопчык адкрыў ранец, выцягнуў з яго невялічкі пернік.

- Вось толькі гэта, - падаў ён сястрычцы.

Быў час, цётка Тадора, бацькава сястра, прысылала ў гасцінец сваім пляменнікам сушаныя сланечнікі, мядовыя цукеркі, варэнне, усялякае мучное печыва, якое гатавала сама. Цяпер жа ў Запольцах, як і ў Зарэчанцах, нічога не сеюць і не жнуць.

Але Марылька ўзрадавалася і перніку. Яна была вялікая ласуха. А ў зарэчанскі магазін салодкага не завозілі ўжо больш як месяц. Тоненькімі пальцамі яна ў адно імгненне запіхала пернік за шчокі.

Абхапіўшы рукамі бокі, бацька паволі разагнуўся, атрос з рук пясок.

- Сынок, мне сёння ў ноч. А заўтра раніцай жывёлу на мясакамбінат везці - апошнюю аддаём, - прамовіў ён нягучна. - Так што давядзецца вам сёння адным начаваць. Заўтра завядзеш Марыльку ў садзік, а вечарам забярэш. Не забудзешся?

- Добра, тата. Я ўсё зраблю як трэба, - адказаў Янка.

Бацька пагладзіў па галоўцы свайго дзесяцігадовага сына, цяжка ўздыхнуў - рана, вельмі рана стаў дарослым яго Янка.

- Вячэра - на стале. Зробіш урокі, паешце - і спаць, - сказаў ён сумна. - Ну, а мне ўжо трэба на працу. Давай ранец, занясу ў хату.

Янка аддаў ранец бацьку.

- Лекі ў кішэні. Цётка Тадора казала, каб ты цяпер прымаў іх тры разы на дзень перад ежай па лыжцы, - перадаў ён бацьку цётчыныя словы.

Крыху пагуляўшы ў пясочку, Янка і Марылька пайшлі ў хату. Бацькі ў ёй ужо не было. Калі, як ён казаў, заб'юць апошнюю жывёлу ў калгасе, разважыў Янка, значыць, зачыняць і ферму. Але дзе тады будзе працаваць бацька?

На вячэру зноў былі рыбныя кансервы і канцэнтраванае малако, што давалі ў магазіне па картках. Янка панюхаў малако. Не, пахам яно мала нагадвала каровіна. А як хацелася сапраўднага малака! Але няма ўжо ў вёсцы кароў, два гады, як няма. І ўсё з-за гэтай праклятай радыяцыі... Янка ўспомніў, як пазалетась увесну - тады яшчэ жыла маці - бацька закалоў парася. Як жа тады яны чакалі пакаштаваць свежыны! Закалоўшы парася, бацька адрэзаў невялічкі кавалак мяса, панёс у лабараторыю. Вярнуўся адтуль пануры, моўчкі ўзяў рыдлёўку, выкапаў за гародам яму. Там цалкам парася і пахавалі...

Адсунуўшы ад сябе кубачак, Янка зірнуў на Марыльку. Яна таксама не дакраналася да малака, але па іншай прычыне. Хлопчык вызначыў гэта па бледным твары сястрычкі. Відаць, у яе зноў кружылася галава. У апошні час гэта адбывалася з Марылькай даволі часта. Бацька вадзіў яе да лекара. Той сказаў, што гэта ад недахопу вітамінаў. Але Янка адчуваў, што не толькі ў вітамінах справа, а і ў радыяцыі... Гэта ягоная здагадка яшчэ больш умацавалася, калі бацька прывёз Марыльцы з райцэнтра вялікія ружовыя таблеткі. Такія ж, калі хварэла, прымала маці - Янка бачыў гэта не раз.

- Кружыцца? - у трывозе дакрануўся ён да галавы сястрычкі.

- Трошкі, - ціха адказала тая.

Што азначае ў сястрычкі «трошкі», Янка ведаў, таму ўзяў таблетку, прымусіў Марыльку праглынуць яе. Пасля, калі сястрычцы зрабілася крыху лепш, ён улажыў яе ў ложак.

Але, відаць, Марылька ўжо выспалася ў садзіку, палезла да хлопчыка з роспытамі.

- Янка, а праўда, што смерць Радыяцыя ў пляме жыве? І што ў яе ёсць каса, вялікая такая, аж на два кіламетры. І ёю яна косіць людзей, якія блізка падыходзяць да плямы?

Янка ледзь не захлынуўся малаком, якое піў.

- Хто табе такое казаў? - спытаў ён, адкашляўшыся.

- У садзіку казалі. Наташка, Алеська і яшчэ Андрэйка. Ім гэта мамы гаварылі. Папярэджвалі, каб нават і блізка не падыходзілі да плямы, - напужана адказала Марылька.

- Ну, калі дарослыя казалі, тады праўда, - ціха прамовіў Янка.

Яму было непрыемна хлусіць. Але што ён можа яшчэ сказаць сястрычцы, якая так мала пакуль разумее ў жыцці? Расказаць пра нейкія зусім маленькія, нябачныя, але страшныя і злавесныя часцінкі, што сеюць вакол сябе смерць, якія і сам цяжка ўяўляў, хоць настаўніца ў школе і гаварыла пра іх амаль гадзіну. Дый хіба ж нейкія маленькія часцінкі адпудзяць дзяцей ад плямы - адаб'юць у іх спакусу пагуляць у яе жоўта-цукровым пясочку?

- Янка, - не сунімалася Марылька, - а да нас ноччу ў хату Радыяцыя не прыйдзе? Я так баюся. - Дзяўчынка схавалася пад коўдру.

- Не бойся... Яна па начах не ходзіць, - супакоіў Янка сястрычку. - І хопіць пра гэта. Давай лепш у гульню пагуляем.

- А ў якую? - высунуўшы галаву з-пад коўдры, зацікаўлена спытала Марылька.

Янка вылез з-за стала, падышоў да ложка, прылёг побач з сястрычкай. Спадзяваўся, што праз гульню стоміць і закалыша яе.

- Напрыклад, у гэтую. Я называю якуюсьці рэч, а ты падбіраеш колер, якім яна афарбавана. Напрыклад, я кажу: неба. Ты адказваеш: блакітнае. Разумееш?

- Угу, - кіўнула галавою Марылька.

- Тады я пачынаю, - сказаў Янка. - Лес?..

- Чорны, - хутка адказала Марылька.

Янка павярнуўся на бок, здзіўлена зірнуў на сястрычку.

- Чаму чорны? Лес жа зялёны.

- Гэта ён толькі з выгляду зялёны, - сур'ёзна сказала дзяўчынка. - А ўсярэдзіне ж чорны, што тая смала. Таму і хадзіць у яго нельга, бо запэцкаешся ўвесь.

- Ну добра, давай іншае слова, - не змог запярэчыць Янка. - Сонца?..

- Чорнае, - упэўнена адказала Марылька.

Янка збянтэжыўся:

- Марылька, ну хіба ж сонца чорнае?

- А чаму тады ў садзіку нам не дазваляюць гуляць на ім?

Янка і цяпер не даў рады нешта запярэчыць сястрычцы.

- Ну добра, - згадзіўся ён. - Давай лепш я табе верш пачытаю.

- Пачытай, - сказала ціха Марылька.

Янка пачаў дэкламаваць верш, што вучыў у школе:

 

Не сядзіцца ў хаце

Хлопчыку малому:

Кліча яго рэчка,

Цягнуць санкі з дому...

 

Але не паспеў ён расказаць і паловы, як нечакана, ужо заплюшчыўшы вочы, Марылька прашаптала:

- І ўсё ты хлусіш, Янка. Ну дзе гэта ты бачыў, каб дзеці на рэчку хадзілі?

Янка прытуліў сястрычку да сябе, цяжка ўздыхнуў - што нарабіла з дзіцячым сэрцам чортава радыяцыя... Калі малая суцішылася, ён асцярожна выцягнуў з-пад яе галавы руку, прыўзняўся. Да чаго ж Марылька была прыгожая. Чысты беласнежны тварык, вялікія блакітныя вочы з доўгімі густымі вейкамі, злёгку прыпухлыя, як у капрызулі, губкі... Прынцэса!

Не, ён проста павінен адшукаць дарогу на востраў, хаця б дзеля сястрычкі...

 

Марыльчын сон.

Дзяўчынка што было моцы бегла па выпаленым лузе. Над ёй у паветры з трывожным карканнем праносіліся вароны. Неба было зацягнута чорным дымам. Такі ж едкі чорны дым слаўся і па зямлі. Ён быў паўсюль: на пагорках, у лагчынах, нават у выпаленай траве. Ён лез у вочы, у вушы, у нос і горла, забіваў дых. Але дзяўчынка не зважала на гэта. Яна ведала, што варта ёй хоць на імгненне прыпыніцца, перавесці дыханне і... смерць Радыяцыя, што гналася за імі, яе схопіць. Яна была зусім блізка: вялікая, кашчавая, уся ў чорным, са страшнай крывавай металічнай касой - Марылька ўжо адчувала яе злавеснае дыханне за сваёй спінай. Побач бег Янка. Твар яго быў невыказна напужаны. Татка бег дзесьці збоку, але Марылька не бачыла яго з-за густога чорнага дыму. Яна ўзграблася на невялічкі пагорак, сілы ўжо амаль не было... «Толькі не спыняйся, чуеш, Марылька? Толькі не спыняйся», - нібы з-за якой сцяны, даляцелі да дзяўчынкі прыглушаныя словы Янкі. Памацаўшы ў дыме, яна схапіла брацікаву руку. Сэрца Марылькі яшчэ ніколі так не калацілася. Да мяжы плямы заставалася ўжо зусім нямнога. Там ужо не было чарнаты, і Радыяцыя не магла іх дастаць. Толькі некалькі крокаў, яшчэ некалькі апошніх крокаў... І раптам, здранцвеўшы, дзяўчынка ўбачыла, як перад ёю ўпала вялікая металічная чорна-крывавая каса...

 

Ускрыкнуўшы, дзяўчынка прачнулася. Жахлівая карцінка кудысьці знікла. Яна ўбачыла куток хаты, Янку, які схіліўся над ёй, мацаў яе спацелы лоб, пытаўся пра здароўе. Яна з палёгкай уздыхнула...

Раніцай Янка завёў Марыльку ў садок, потым пайшоў у школу, што стаяла крыху ў баку ад вёскі на невялічкім узгорку.

На пачатак лета белакаменны будынак школы - у мінулым панскі дом - даволі-такі пашарпаўся: пабел пачарнеў, месцамі асыпаўся, афарбаваныя ў цёмна-карычневы колер дзверы парыжэлі, перакасіліся, ледзь трымаліся на завесах. Усярэдзіне таксама не лепшы выгляд. Фарба на сценах, вокнах, столі выцвіла, парты ў класах абкрэмзаныя. Яно і не дзіва. Навучальны год канчаўся, і жвавая зарэчанская дзятва папрацавала як мае быць.

Янка любіў школу з яе невялічкімі, але светлымі і ўтульнымі класамі, з рухавай крыклівай малечай, з добрымі і крыху строгімі настаўнікамі, з таямнічымі ведамі... І яшчэ таму, што хоць на нейкі час прымушала забывацца на тую страшную рэчаіснасць, якая была на дварэ.

Праўда, сёлетні навучальны год не толькі падоўжыўся, але і выйшаў напружаным ды нервовым. І ўсё з-за блытаніны з настаўнікамі. У Зарэчанцах - дзевяцігодка. У ёй было заўсёды больш як дзесяць настаўнікаў. Сёлета ж на ўсю школу іх засталося толькі чацвёра. Таму і даводзілася вучыцца ў дзве змены і нават у нядзелю. А калі хто з настаўнікаў хварэў, заняткі наогул адмяняліся. З-за гэтага і падоўжыўся навучальны год аж на два тыдні. Але, на шчасце, уся гэта блытаніна сёння канчалася, заўтра пачыналіся канікулы.

Канікулы...

Янка прыслухаўся да сябе. Не, сёння гэтае слова нічога ў ім не выклікала: ні той жывой дзіцячай радасці, ні таго чароўнага захаплення, што апаноўвала яго ў мінулыя гады пры адным толькі напамінку. Сёння яно было нейкім халодным, бяссэнсавым і нават недарэчным, быццам раптам пазбавілася свайго ўнутранага зместу. І хіба ж не пазбавілася? Ну што гэта за канікулы, калі нікуды нельга: ні на рэчку, ні ў поле, ні ў лес... Толькі сядзі, як таўкач, дома. Эх, каб адшукаць тую забытую дарогу на востраў, што ў балоце! Кажуць, там ёсць нават невялічкае азярцо. Выкупацца, пакачацца па яго чыстым беразе... Колькі ж гэта ён, Янка, ужо не купаўся? Напэўна, тысячу дзён - з самага першага дня аварыі.

Непадалёк ад будынка школы Янка нечакана сутыкнуўся са сваім аднакласнікам Міхаськам Забалоцкім, які звычайна спазняўся на заняткі.

- Прывітанне, - кінуў той і пайшоў побач. - Чуў, кажуць, гэтымі днямі зноў да нас лекары прыедуць. Шмат. З самога Менска і нават з-за мяжы. Будуць зноў аглядаць усіх.

- Прыедуць і паедуць, - коратка адказаў Янка.

Навіна для яго была не надта цікавая. Тыя лекары цяпер наязджалі да іх у Зарэчанцы амаль кожнае лета і зіму. Толькі якая з іх карысць? Прыедуць, паслухаюць, абмацаюць цябе з ног да галавы, нешта запішуць у сваіх тоўстых кніжках, параяць як мага больш есці свежай садавіны, агародніны, піць сокі і паедуць. А дзе ж узяць тыя сокі, агародніну і садавіну, калі іх сёння ў Зарэчанцах і днём з агнём не знойдзеш? Вырошчваць з-за радыяцыі нельга, і ў магазіне як вымецена. І як кружыліся ў Марылькі ды іншых дзяцей галовы, так і кружацца.

- Гэта так, - згадзіўся Міхаська. - А яшчэ, чуў, пуцёўка на адпачынак у Германію ў школу прыйшла? Сёння вырашаць, каму даць. Ты ж у нас выдатнік, можа, пашанцуе? - не сціхаў ён.

Па твары Янкі прабегла мяккая ўсмешка. З гэтымі пуцёўкамі была цэлая гісторыя. Іх па адной кожны год прысылалі ў школу. Настаўнікі вырашылі даваць іх таму, хто лепш за ўсіх скончыць навучальны год. Летась такое права на пуцёўку атрымаў Янка. Але... паехаў адпачываць у Германію сын старшыні іхняга калгаса, які з першага дня аварыі жыве разам з маці ў Менску. Каб не паўтарылася ўсё і ў гэтым годзе.

- Пашанцуе, як таму кульгаваму каню, - з агідай кінуў Янка.

Яны ўвайшлі ў школу, падняліся па лесвіцы на другі паверх.

- Ну, а якія ў цябе думкі на канікулы? - не адчапляўся ад Янкі Міхаська. - Мы тут вось што надумалі. Мо далучышся? Чуў, што ў лесе новы звер з'явіўся? Дзядзька Фёдар яго бачыў, а яшчэ цётка Акуліна. Галава ў яго мядзведжая, тулава сабачае, ногі ж - як у каня, і ростам з яго. А калі зяпу сваю разявіць - ну быццам карова рыкае. Хочам злавіць для навукі. Мы нават ужо імя яму прыдумалі - Чармядзьсабконьму. Як, здорава?

Янка прыпыніўся каля класа, дапытліва зірнуў на Міхаську. Ставіўся да Забалоцкага ён амаль па-сяброўску. Просты, шчыры хлопец, зычлівы. Можна нават было б і пасябраваць з ім, калі б не Міхаськаў язык. Ну проста нічога не ўтрымае ў тайне, усё разбалбоча: і што было, і чаго не было. І хвіліны не можа пражыць Міхаська, каб не зманіць. Такі характар.

Але цяпер было падобна на тое, што ён казаў праўду. Хоць, як заўсёды, крыху і прыхлусіў. Сапраўды, па вёсцы ўжо даўно хадзілі чуткі пра нейкага дзіўнага звера, што з'явіўся ў лесе. Нават бацька Янкаў аднойчы пра гэта казаў. А ён ніколі не хлусіць. Толькі галава ў звера не мядзведжая, а кашэчая, і на велічыню ён не большы за сабаку. Тут Міхаська добра перавялічыў.

- А вы не баіцеся ісці ў лес? - спытаў Янка. - Там жа радыяцыя.

- А, - махнуў рукою Міхаська. - Якая розніца? Хіба ж яе тут, у вёсцы, няма? Ну, дык пойдзеш з намі?

- Рады быў бы, але не магу, - шчыра адказаў Янка. - Спраў шмат.

Вядома, яму хацелася схадзіць пабачыць таямнічага звера, але ён міжволі ўспомніў пра востраў і дарогу, якую павінен адшукаць.

- Ну, калі не можаш, дык не можаш, - спачувальна сказаў Міхаська. - Як зловім, тады пабачыш.

Хлопчыкі спынілі размову. Узяўшы ранцы, пайшлі ў клас: празвінеў званок...

Адразу пасля таго, як прадыктавала адзнакі за год, настаўніца адпусціла клас. Янка аддаў ранец Міхаську і, абышоўшы вёску, выганам накіраваўся да балота.

З пуцёўкай, як ён меркаваў, так і атрымалася. Настаўнікі змоўчалі пра яе. Мусіць, зноў пайшла кудысьці набок. Дый бог з ёю. Усё роўна Янка нікуды не паехаў бы. Як жа ён пакінуў бы адных бацьку і Марыльку?

Мінуўшы пагорак, хлопчык выйшаў да мокрага балотнага берага. Паклаў на зямлю доўгую тонкую жэрдку, што прадбачліва ўзяў на калгасным двары, прыслухаўся. Навокал была цішыня: незвычайная, магільная. Недзе там, пасярод багны, хаваўся востраў, але адсюль яго не было відаць з-за хмызняку, што густа парос на балоце. Янка агледзеўся па баках. Не. Здаецца, ён выйшаў дакладна. Злева ад яго быў алешнік, справа - сенажаць. Менавіта ў гэтым месцы мінулы раз ён рабіў пошукі, але, на жаль, дарогі тады не знайшоў. Гэта сведчыла пра тое, што яна ляжала дзесьці ўбаку. Прычым сцежка павінна быць даволі шырокая, бо, казалі, калі ў вайну на востраве хаваліся ад карнікаў партызаны, яны не толькі занеслі на яго параненых, а нават зацягнулі туды гармату. Па вузкай сцяжынцы яны б гэтага не зрабілі.

Зняўшы штаны, Янка скруціў іх, паклаў на куст. Пасля ўзяў у рукі жэрдку, ступіў у цёплую балотную жыжку. Рабіць пошукі ён сёння вырашыў уздоўж сенажаці. Абмацваючы жэрдкай шлях, ён пачаў паволі рухацца наўсцяж берага. Балота прымушала хлопчыка быць асцярожным - спеху і мітусні яно не даравала б. У кожны момант магла трапіцца прыхаваная ў жыжцы яма ці - што яшчэ горш - багна. І тады...

Янка пракорпаўся ў твані гадзін каля чатырох. Некалькі разоў ён выходзіў на бераг, перадыхаў і зноў лез у балота. Так няспешкі і асцярожна ён даследаваў метраў трыста балотнай твані, але пакуль яму не траплялася на вочы нават хоць штосьці, што нагадвала б дарогу. Пад нагамі былі толькі жыжка і купіны, якія пры націску на іх паволі асядалі ўніз. Змучаны і знясілены, Янка паваліўся на зямлю. Пошукі аказаліся марнымі і сёння. Ён доўга ляжаў на беразе, пасля апрануўся - трэба было паспець забраць з садка сястрычку.

Яшчэ здалёк да яго даляцелі гучныя дзіцячыя галасы, у якіх чулася трывога. Янка паскорыў хаду. Невялічкі двухпавярховы будынак садка стаяў у канцы вёскі, на месцы былой пустэчы. Ля яго - дзіцячая пляцоўка для гульняў. Там, сабраўшыся ў гурт, пра нешта неспакойна спрачаліся дзеці. Янка накіраваўся да іх. Гурт раптам заварушыўся, дзеці ад чагосьці ў страху рассыпаліся па пляцоўцы, пачуліся трывожныя галасы:

- Смерць, смерць, смерць...

У хваляванні Янка пераскочыў цераз невялічкую агароджу, кінуўся да Марылькі, якая ў сполаху, быццам шалёная, бегала па пляцоўцы. Праз хвіліну яго рукі моцна схапілі дзяўчынку. Марылька напужана павярнула галаву ў ягоны бок, з палёгкай уздыхнула:

- Фу... Гэта ты, Янка. А я ўжо думала, што гэта Андрэйка мяне злавіў.

- Што гэта ў вас тут... Чаго вы так гойсаеце? - трывожна кінуў Янка.

Убачыўшы ў вачах у брата моцнае хваляванне, Марылька неўразумела зірнула на яго.

- Ты гэта чаго, Янка? Мы ж у гульню гуляем, - растлумачыла яна, - смерць Радыяцыю. Каб менш баяцца яе. Вось толькі Радыяцыяй ніхто быць не хоча. Выкідваем на пальцах. А што, мы цябе моцна напалохалі? - усміхнулася дзяўчынка.

- Фу ты!.. Ну і гульня ж у вас, Марылька, - з палёгкай уздыхнуўшы, прамовіў Янка з дакорам у голасе. - Збірайся, пойдзем дахаты.

Марылька паспяшалася. Ёй дома было цікавей, чым у садку. Асабліва калі побач быў брацік. Ён жа ведаў так шмат розных казак і вершаў. Дый расказваў іх так, што заслухаешся.

Узяўшы сястрычку за руку, Янка патупаў з ёю дамоў, узіраючыся ў зарэчанскія двары і хаты, частка якіх была пакінутая і занядбаная. Так, з кожным днём усё больш пусцеюць іх родныя Зарэчанцы. Уцякаюць людзі ад радыяцыі, кідаюць нажытае гадамі, ад'язджаюць да родных ці знаёмых у чыстыя зоны. Была такая думка аднойчы і ў Янкавага бацькі. Але ж куды і да каго ехаць? Адна-адзіная сястра і тая побач - у Запольцах.

Яны былі яшчэ далёка ад хаты, калі Янка прыкмеціў дзядзьку Антося, які нервова тупаў каля іх веснічак. Паскорыўшы крок, хлопчык міжволі зірнуў на хату. На дзвярах вісеў замок. Значыць, бацька не вярнуўся яшчэ з работы. Але што тады робіць каля іх хаты дзядзька Антось? Янку апанавала трывожнае прадчуванне.

- А я вас чакаю, - загаварыў да іх нечаканы госць. - Слухай, сынок, што табе скажу... Ты толькі не палохайся. Ваш татка сёння на рабоце самлеў. Яго адвезлі ў Радзічы ў бальніцу.

Убачыўшы, як у хлопчыка пабялеў твар, дзядзька Антось дадаў як мага мякчэй:

- Ты не перажывай, Янок. Яму ўжо лепш. Мы тэлефанавалі ў бальніцу. Ужо размаўляе. Прасіў, каб ты глядзеў Марыльку. З тыдзень паляжыць і вернецца. Заўтра, калі хочаш, схадзі да яго.

Ён пагладзіў Марыльку па галоўцы.

- Ну, я пайшоў, на работу трэба. Не сумуйце тут...

Марылька здзіўлена праводзіла дзядзьку Антося вачыма. Яна мала што зразумела з яго блытаных слоў, бадай, толькі тое, што бацька, з якім яшчэ ўчора яна гуляла, раптам чагосьці трапіў у бальніцу.

- Янка, а што з таткам? - запытальна зірнула яна на браціка. - Чаму ён у бальніцы?

Голас сястрычкі вывеў Янку з анямення.

- Захварэў, таму і ў бальніцы, - уздыхнуў ён цяжка.

- А ён не памрэ, як мама? - напужана спыталася Марылька.

Яна хоць і была яшчэ зусім маленькая, калі маці цяжка хварэла, але ўсё памятала.

- Не, што ты... Чула, што сказаў дзядзька Антось?.. Паляжыць з тыдзень і вернецца да нас, - супакоіў Янка сястрычку.

Але ў самога на сэрцы было неспакойна.

«Што гэта азначае - самлеў, - разважаў ён. - Ці не з сэрцам што, барані божа, у бацькі? Заўтра трэба схадзіць у бальніцу».

Сумны і прыгнечаны, Янка пайшоў з Марылькай у хату...

 

Янкаў сон.

Абрысы жанчыны спачатку былі невыразныя. Хутчэй Янка адчуў, чым убачыў, што ў вялікім цёмным пакоі, у якім ён знаходзіўся, яшчэ нешта ці нехта ёсць, акрамя яго. Гэта нешта паволі дыхала ў кутку, пасля загарэлася маленькім ружовым агеньчыкам, які неўзабаве ператварыўся ў зыркі высокі промень. Доўга пазіраючы на яго, Янка ўжо збіраўся заплюшчыць вочы, як раптам у промні паўстала жанчына, бліскучая, маладая. Яе вялікія прыгожыя вочы пазіралі на Янку з цяплом і пяшчотай. Было штосьці вельмі знаёмае і роднае ў гэтым ласкавым, зычлівым позірку. Наблізіўшыся, жанчына прысела каля Янкі на край ложка, пяшчотна вымавіла:

- Ты не пазнаеш мяне, сынок?

Янка адчуў, як закалацілася ў грудзях ягонае сэрца. Відаць, яшчэ ніколі яно так моцна не білася.

- Мамка, ты? Родненькая, міленькая... Але ж ты...

- Не, не памерла я, сынок, - ціха перабіла яго тая. - Як бы гэта табе сказаць... Бачыш, маё дзіцятка, там, куды я пайшла, таксама ёсць жыццё. Толькі яно зусім не падобнае на зямное. Вось папрасілася на некалькі хвілінак, каб пабачыць цябе, Марыльку, татку.

- Дзякуй табе, мамка, што прыйшла. Можна, я цябе пацалую?

Янка паспрабаваў прыўзняцца, але маці запярэчыла:

- Не-не, ты ляжы, сынок, не ўставай, бо будзе балюча. З нашым жыццём можна размаўляць толькі тады, калі ляжыш.

Яна працягнула да галавы Янкі сваю маленькую празрыстую руку, але ніякага дотыку да свайго лоба хлопчык не адчуў, адно што на сэрцы зрабілася лёгка і спакойна.

- Мамка, а як жа жывецца табе там, у гэтым іншым жыцці? - ласкава спытаў ён.

- Добра, сынок, там вельмі добра. Толькі вось па вас моцна сумую, - ціха адказала тая. Твар яе на імгненне спахмурнеў. - Я вось чаго, сынок, прыйшла. Можа, пойдзеш са мною? І Марыльку таксама возьмем. Так цяжка і балюча глядзець, як вы тут, бедненькія, пакутуеце...

- Не, мамка, - як мага мякчэй прамовіў Янка. - Як жа мы татку аднаго тут пакінем. Ты ж, відаць, ужо ведаеш, што ён у бальніцы. Ён жа зусім хворы...

Працягнуўшы руку да твару маці, Янка адчуў на яе вачах вільгаць, хоць ніякіх слёз не было відаць.

- Ты што, плачаш, мамка?

Тая пацерла рукамі вочы.

- Не-не, ты не хвалюйся, сынок. Гэта я ад радасці, што пабачыла вас. Добра, заставайся пакуль з таткам, сынок. Беражы Марыльку, сябе, татку. Ты паварочвайся на бок, спі, маё сонейка...

- Мамка, а можна ў цябе яшчэ штосьці спытаць?

Павярнуўшы галаву, Янка ў здзіўленні азірнуў пакой. Маці ў ім ужо не было. Відаць, скончыўся час, што даравалі ёй. Эх, як шкада, што ён, Янка, не паспеў спытаць у яе пра дарогу на востраў. Можа, у тым іхнім жыцці пра яе штосьці ведаюць...

 

Раніцай Янка рушыў у Радзічы. Гэтае невялічкае мястэчка знаходзілася кіламетраў за восем ад Зарэчанцаў, калі ісці напрасткі - праз выган і поле. Кружная дарога была нашмат даўжэйшая.

Кароцячы шлях, Янка пайшоў уздоўж Расінкі. Было ціха і бязветрана, над ракою слаўся бледна-ружовы туман. З-за лесу паволі ўставаў вялікі круг сонца. Хлопчык прыспешыў крок. Трэба было паспець у бальніцу да паўдня, інакш у хворых надыдзе ціхі час і давядзецца чакаць яго канца, каб пабачыцца з бацькам.

Бацька... Усю дарогу да Радзічаў Янка думаў пра яго. Што з ім? Як доўга ён прабудзе ў бальніцы? Дзядзька Антось казаў - тыдзень. Але даверу да ягоных слоў у хлопчыка было няшмат. Не кладуць на такі кароткі тэрмін цяпер у бальніцу. Янка ўспомніў маці. Доўгія чатыры месяцы праляжала яна на бальнічным ложку. Потым яе прывезлі дахаты. Страшна было бачыць кожны дзень худы пакутны твар з патухлымі, поўнымі смутку вачыма, высахлыя рукі і ногі маці, якая хварэла невылечнай хваробай, і разумець, што ты нічым не можаш дапамагчы - дапамагчы самаму роднаму і дарагому чалавеку. Потым гэтыя жудасныя сцэны сніліся хлопчыку доўга, вельмі доўга пасля смерці маці...

Янка прыйшоў у Радзічы гадзін каля дванаццаці. Бальніцу ён адшукаў хутка - у ёй некалі ляжала маці. Яна знаходзілася на ўскрайку мястэчка - у невялічкім вузкім завулку. Бальніца ў Радзічах аднапавярховая, старая і панурая. Перш-наперш хлопчык накіраваўся ў рэгістратуру. Цярпліва чакаў, пакуль мажная медсястра шукала бацькава прозвішча ў спісах хворых. Нарэшце яна назвала палату, паказала вачыма на доўгі змрочны калідор наперадзе. Янка скіраваўся ў яго.

Ля дзвярэй палаты ён нечакана сутыкнуўся з цёткай Тадорай. Тая, убачыўшы пляменніка, заплакала.

- А дзіцятка ж ты маё родненькае!.. У такую далеч прыйшло...

Яна прытуліла Янку да сябе, пацалавала.

- Ну, пайшлі, праведаем бацьку, - адчыніла яна дзверы.

Янка нясмела ўвайшоў у палату. Пасля смерці маці ён не пераносіў бальніц з іх здушаным паветрам, што пахла лекамі, з сумнымі пакутнымі тварамі хворых, з панурымі, задуменнымі лекарамі...

Бацька ляжаў у глыбіні палаты каля невялікага, завешанага фіранкамі акна.

- Праходзь, сынок, сядай, - паказаў ён вачыма на драўляны табурэт, што стаяў побач з ягоным ложкам.

Голас яго быў ціхі, але бадзёры. І гэта надало Янку ўпэўненасці. Калі ў бацькі добры настрой, значыць, ягонае здароўе пайшло на папраўку. Пацалаваўшы бацьку, Янка прысеў на табурэт.

- Ну, расказвай, як вы там без мяне? - папрасіў той. - Марылька не плача?

- Не, у нас усё добра, тата, - адказаў Янка. - Марылька спачатку вельмі перажывала за цябе, але я супакоіў, сказаў, што хутка вернешся. Сёння завёў яе ў садок. Ну, а ў мяне канікулы.

- А я вось, бачыш, сынок, крыху прыхварэў, - уздыхнуў бацька. Вочы яго зрабіліся сумнымі, задуменнымі. - Можа, вы пакуль у цёткі Тадоры пажывяце? - спытаў ён ціха.

- Вядома ж, хай пажывуць, - азвалася цётка. - Хата ў мяне вялікая, месца ўсім хопіць. І Марыльку я дагледжу.

Янка ўмольна зірнуў на бацьку:

- Тата, а можна мы цябе дома дачакаемся?

Ён хоць і любіў сваю цётку, але ісці жыць да яе не хацеў. Запольцы - вёсачка зусім маленькая. Дзяцей амаль няма, адны дзяды ды бабулі засталіся. Не будзе з кім нават пагуляць. Ды і ад Радзічаў яны далёка, паспрабуй наведай бацьку.

- Добра, - сказаў той, - жывіце дома. Ты ў мяне ўжо вялікі, сынок. Ведаю, сястру не дасі ў крыўду. Есці што пакуль у вас ёсць, што трэба - схадзі ў магазін. Грошы ў шафе на паліцы. Галоўнае - у лес, на рэчку і ў пляму не хадзіце. Абяцаеш?

- Угу, - згодна кіўнуў Янка.

 

Дамоў хлопчык вяртаўся з цёткай Тадорай. У яе быў конь - узяла на калгаснай ферме. Янка, улёгшыся на возе, паспрабаваў заснуць. Але сон не ішоў. Думкі ўвесь час вярталіся да бацькі. Вельмі падазронай здалася Янку маркота ў ягоных вачах. Ды і вунь цётка Тадора, што сядзіць наперадзе, кіруе канём, цяжка ўздыхае. Нездарма ўсё гэта. Ці не замешана выпадкова ў бацькавым недамаганні радыяцыя? Востраў... Як было б добра яму, Марыльцы хоць колькі тыдняў пажыць на ім, набрацца моцы.

Апошнія думкі прымусілі Янку ўспомніць пра балота і дарогу, пра якую ён збіраўся распытаць у цёткі. А што, калі гэта зрабіць цяпер?

Хлопчык падхапіўся.

- Цётка Тадора! Можна ў вас штосьці спытацца?

Тая азірнулася.

- Вух ты, напалохаў як, - з палёгкай уздыхнула яна. - Ты ж, здаецца, спаў. Ну, пытайся, што ты там хочаш. Толькі не крычы. Я хоць і старая, але чую добра, - дадала цётка, паганяючы каня. - Ну пайшоў, родны!

- Тады скажыце... - Янка на імгненне задумаўся. - Вы часам не памятаеце дарогі, што ў нашым балоце?

- Гэта тая, што на востраў вядзе? - зноў азірнулася цётка і захітала галавою. - Не-а. Аднойчы ў вайну хадзіла са сваім Міколам на востраў, калі там хаваліся партызаны. Лекі параненым насілі. Толькі даўно гэта было, забылася ўжо ўсё. Ды і балота цяпер зрабілася шырэйшае. Вунь які кавалак адатнула ў лугу... А навошта табе гэта?

- Так, у школе цікавяцца, - няпэўна адказаў Янка.

Астатак шляху яны ехалі моўчкі. Каля моста праз Расінку цётка прыпыніла каня. Далей ёй было направа, Янку ж - праз мост на Зарэчанцы. Пацалаваўшы пляменніка, цётка падала яму торбу з прадуктамі.

- Вазьмі вось, Янок. Бацьку твайму везла, ды нельга яму пакуль нічога.

Развітаўшыся, Янка скочыў з воза, патупаў дахаты. Адразу за мостам пачаўся выган. Кароў на ім не пасвілі з вясны - трава вырасла па пояс, прыцішала хаду.

Ён ужо падыходзіў да вёскі, як раптоўна з-за лесу паказалася вялікая чорная хмара. Глуха ўздыхаючы перакатамі грому, яна паволі папаўзла да Расінкі. Па зямлі прабеглі апошнія цені, пачало хутка цямнець. Ледзь ён дабег да свайго двара, як з хмары лінуў дождж...

 

Пад вечар, калі лівень сцішыўся, Янка пайшоў у садок па сястрычку. Тая ўсю дарогу дахаты маўчала, пазірала на яго неяк трывожна і занепакоена.

Зварыўшы вячэру, Янка паклікаў Марыльку да стала. Яна толькі крыху пакаштавала аўсянай кашы і паклала лыжку.

- Што з табою, Марылька? - спытаўся ён устрывожана. - Чаму не ясі? Табе дрэнна?

- Не, - коратка кінула тая.

- Можа, цябе ў садку хто пакрыўдзіў? - дапытваўся Янка.

- Што ты, Янка, хто мяне там можа пакрыўдзіць?

- Тады чаго не ясі?

- Нешта не хочацца, - Марылька адсунула ад сябе міску. Позірк яе на хвіліну зрабіўся нібы адсутны, потым яна рашуча падняла вочы. - Янка, я ведаю, ад чаго памерла наша мамка, - сказала яна сумна.

Янка збянтэжана зірнуў на сястрычку - што яна там яшчэ ў садку надумала?

- Гэта яе Радыяцыя сваёй касой падкасіла, - дагаворвала дзяўчынка. - Аказваецца, каса ў яе не на два кіламетры, а на цэлыя дзесяць. І ад гэтай касы нідзе не схаваешся. Яна ўсюды цябе адшукае. І нас рана ці позна падкосіць, усіх-усіх: цябе, мяне, татку.

Спахмурнелы Янка паклаў лыжку на стол.

- Хто гэта табе сказаў? - зірнуў ён на сястрычку заклапочана.

- Андрэйка. А яму - тата, калі быў п'яны, - проста адказала тая.

- Выдумаў усё гэты твой Андрэйка. А ты і слухаеш, - у роспачы кінуў Янка.

Прымусіўшы сястрычку паесці, ён уклаў яе ў ложак. Але малая доўга не засынала, варушылася, чапала рукою галаву - відаць, тая зноў кружылася. Заплюшчыўшы вочы, Марылька ціха спыталася:

- Янка, а што з таткам? Ты быў сёння ў яго? Хутка ён вернецца да нас?

- Быў... Татку ўжо лепш, - адказаў Янка, - табе прывітанне перадаваў. Казаў, каб мяне слухалася. Так што - спі...

Калі Марылька заснула, ён доўга сядзеў побач на ложку, узіраўся ў сястрычку. Яго непакоіла яе здароўе. А што яно з кожным новым днём усё больш слабее, гэта было відаць па Марыльчыным твары - збялелым і стомленым.

«Востраў... Я проста абавязаны знайсці да яго дарогу», - падумаў хлопчык.

Накрыўшы сястрычку коўдрай, ён пайшоў прыбіраць са стала. Бледнае месячнае святло зазірнула ў акно. Янка выглянуў на вуліцу: ціхая, маўклівая, яна, здавалася, стаілася ў вялікім трывожным чаканні чагосьці невядомага, страшнага. На асмаленую зямлю паволі апускалася ноч...

 

Марыльчын сон.

Дзяўчынка ляжала ў невялічкім чорным яры. Неба па-ранейшаму было зацягнута дымам. Смерць Радыяцыя, якая перакрыла ёй дарогу, паволі набліжалася да дзяўчынкі. Міма беглі людзі, ашалелыя, спужаныя, спацелыя. Яны беглі, хоць за імі ніхто ўжо не гнаўся. Вось смерць Радыяцыя спынілася на ўскрайку яра, яе доўгая тонкая кашчавая рука пацягнулася да Марылькі. Дзяўчынка са страхам прыціснулася да халоднай зямлі. Здавалася, сэрца яе вось-вось выскачыць з грудзей, так моцна яно калацілася.

- Што, думала, уцячэш? - Па халодным зласлівым твары Радыяцыі прабегла зларадная ўсмешка. - Але ж ад мяне яшчэ ніхто ніколі не ўцякаў, ніводны чалавек... Я ўсіх падкошваю. Бачыш, якая ў мяне доўгая каса?

Дзяўчынка ў жаху зірнула на вялікую крывавую металічную касу, якая была зусім побач з яе нагамі. Нешта сказаць Радыяцыі ў яе не знайшлося сілы.

- Што, страшна? - дапытвалася тая. - Усе на зямлі мяне баяцца. Вось і ты таксама. Ану ідзі да мяне...

Страшная чорная кашчавая рука зноў пацягнулася да дзяўчынкі. Ускрыкнуўшы, Марылька прачнулася...

 

З раніцы, завёўшы сястрычку ў садок, Янка схадзіў у магазін, купіў патрэбных прадуктаў, якіх не хапала дома: сухога малака, макаронаў, хлеба. Пасля, склаўшы пакупкі ў камору, пераапрануўся, замкнуў хату і, мінуўшы вёску, выганам пайшоў да балота. Сонца ўжо ўзнялося над лесам. Было ціха і бязветрана. Дзень абяцаў быць сухім і гарачым.

Выйшаўшы да мокрага балотнага берага, Янка падкасаў штаны і, узброіўшыся жэрдкай, што заўчора прыхаваў у алешніку, ступіў у цёплую тарфяную жыжку. Пошукі дарогі сёння ён вырашыў рабіць там, дзе алешнік. Дзіўна, але ён быў чамусьці ўпэўнены, што дарога знаходзіцца недзе тут - пасярод шматлікіх купін і кустоў. Адкуль у яго ішла гэта ўпэўненасць, Янка не разумеў.

Рухаўся ён, як звычайна, паволі, уздоўж берага, абмацваючы дрэўкам спераду сябе шлях. Раптам жэрдка наткнулася на штосьці цвёрдае. Няўжо дарога? Ён у хваляванні скіраваў жэрдку крыху лявей. Не, яна паволі паплыла ўніз. Вылезшы на бераг, Янка ў роспачы апусціўся на траву. Няўжо ён ашукаўся ў сваіх спадзяваннях? Дзе ж цяпер шукаць гэтую злашчасную дарогу? Яшчэ лявей? Але на колькі: на сто, дзвесце, трыста крокаў?

У роздуме ён спачатку і не прыкмеціў, як раптам патухла сонца і пацямнела неба. Лісце на алешніку залапатала, вяршыні пахіліліся ў адзін бок. Над галавою быццам хтосьці цяжка ўздыхнуў, і адразу зрабілася нязвыкла ціха. Янка задраў галаву і ўбачыў вялікую калматую хмару з чорнай падпалінай. Знутры яна свяцілася ружовасцю, аблямоўка была ярка-залацістая. З хмары выпаўз тоўсты цёмны клубок, звузіўся і стаў паволі апускацца. Неўзабаве ён дакрануўся да тарфяной жыжкі.

Тугі гарачы камяк паветра заткнуў Янку нос, рот, вушы. Цёмны клубок яшчэ крыху паскакаў па жыжцы, утвараючы ў ёй вялікія лейкі, і, амаль нагала ачысціўшы ад лісця кусты, якія трапляліся яму на шляху, пачаў бялець, расплывацца, уцягвацца назад у воблака.

Усё здарылася за некалькі хвілін. Хмара, працягнуўшы па балоце змрочны цень, паволі пасунулася да лесу, і, як нічога не было, зноў засвяціла сонца. Янка ў здзіўленні правёў вачыма смерч, што здарыўся ў самы звычайны ціхі і бязветраны дзень. Відаць, і на прыроду паўплывала чортава радыяцыя. Але ў што гэта смерч як бы ўтыкаўся там, у глыбіні балота? А што, калі?..

Ад нечаканай здагадкі Янка аж падскочыў. Як жа гэта яму казала цётка, калі яны вярталіся ўчора ад бацькі?.. А казала, здаецца, так - балота цяпер зрабілася шырэйшае. Выходзіць, там, дзе ён нядаўна хадзіў, раней была сенажаць! А дарога?.. Яна павінна ляжаць недзе далей - у дрыгве. Значыць, вось у што ўтыкаўся смерч!

Падхапіўшы жэрдку, хлопчык у хваляванні ступіў у чорную жыжку. Прайшоўшы крокаў сто, ён прыпыніўся, агледзеўся. Далей пачыналася багна. І дзесьці ў ёй ляжала дарога, Янка цяпер не сумняваўся ў гэтым. Ён рашуча ступіў у балота. Адразу пачалася дрыгва. Ногі хлопчыка гразлі вышэй каленяў, штаны намоклі. Янка пачаў скакаць з адной купіны на другую. Ён разумеў, што варта яму прамахнуцца, не трапіць на купіну, і дрыгва засмокча. Ён скочыў і... праваліўся па пояс. Падняўшы руку з дрэўкам, Янка наваліўся ўсім целам уперад і праваліўся яшчэ глыбей. Цяпер ліпучая жыжка даходзіла амаль да грудзіны. Шпурнуўшы дрэўка на купіну, ён пачаў з усяе сілы заграбаць рукамі жыжку. Яму ўдалося легчы на жывот і выпрастаць ногі. Ён перастаў апускацца ў багну. Склаўшы рукі замком, Янка апусціў іх у жыжку і рэзка падцягнуў пад грудзі. Яшчэ ўзмах рукамі. Яшчэ і яшчэ... Раптам Янка адчуў, як ягоныя грудзі даткнуліся да чагосьці цвёрдага...

Хвілін пяць ён ляжаў нерухома, потым абмацаў пад сабой цвёрдасць, што хавалася пад тванню, пасля вакол сябе. Не, гэта была не падводная купіна. Яна проста не магла быць такой шырокай і пругкай. Значыць, ён знайшоў гэтую таямнічую невідзімку-дарогу. Знайшоў!

Быў ужо поўдзень, калі Янка, прадраўшыся скрозь густыя кусты алешніку, нарэшце ўбачыў востраў. Ён быў даволі вялікі - метраў трыста ўшыркі, парослы густой сакавітай травою, з невялічкім бярозавым гаем. Стомлены, але радасны і шчаслівы, Янка вылез на зялёны бераг. Навокал было нязвыкла ціха: ні гуку, ні шолаху. Але гэтая цішыня супакойвала і натхняла. Ён азірнуў стройны шэраг тоненькіх бярозак, што бялелі наперадзе. Дзесьці за імі хавалася возера. Як добра было б зараз акунуцца ў ягоныя чыстыя крынічныя воды.

Але што гэта? Перавёўшы позірк на невялічкі пясчаны грудок, Янка нібы спатыкнуўся вачыма аб невысокі кол з шыльдачкай, што быў убіты ў зямлю. Надпіс на апошняй быў зроблены вялікімі чорнымі літарамі. Ён холадна абвяшчаў:

«Увага! Небяспечна для жыцця! Высокая радыяцыя!»

Сумны і прыгнечаны, Янка вярнуўся ў вёску. Цяпер ён разумеў, навошта ляталі на востраў дазіметрысты. Толькі чаму яны хлусілі? Чаму?..

На выгане ён нечакана натрапіў на Андрэйку - таго самага малога, пра якога Марылька пратрубіла яму ўсе вушы. Што хлопчык тут робіць, Янка не разумеў - час яшчэ не позні, і ён павінен быў цяпер знаходзіцца ў садку. Таму пацікавіўся ў малога, які нагнуўся над травою:

- Ты што гэта тут шукаеш?

Андрэйка ўзняў галаву:

- Хіба ж не бачыш, гербарый збіраю. - Ён падняўся з каленяў, працягнуў Янку адну з раслін, што сціскаў у руках. - Вось скажы, што гэта?

Янка зірнуў на доўгі шырокі ліст з нейкімі мудрагелістымі брудна-шэрымі атожылкамі, паціснуў плячыма:

- Не ведаю.

- І я вось не ведаю, - сказаў Андрэйка. - І ніхто ў вёсцы не ведае. Нават дарослыя. Кажуць, мутан якісь. Але гэта што, вось каб у пляме паглядзець! Там, кажуць, гэтых штуковін безліч... Ды нельга туды - смерць Радыяцыя там жыве, - уздыхнуў хлопчык.

Янка са смуткам і спачуваннем зірнуў на Андрэйку - вось і ён так, як і Марылька, разважае, спытаўся:

- А чаму ты не ў садку?

- Быў з раніцы, - адказаў Андрэйка. - А пасля цётку Зосю ў бальніцу забралі. З сэрцам у яе нешта. Так лекары казалі. Вось мы і пайшлі хто куды...

Гэта навіна насцярожыла Янку.

- А Марылька куды пайшла?

- Не ведаю, - разглядваючы дзіўную расліну, абыякава адказаў Андрэйка. - Толькі ў садку нікога не засталося.

Наказаўшы Андрэйку, каб не адыходзіў далёка ад вёскі, Янка заспяшаўся дамоў. Хата ж на замку, і калі Марылька вярнулася, яна ніяк сама не адчыніць.

Па дарозе ён усё ж зазірнуў у садок. І сапраўды - там нікога не было. Не знайшоў Янка сястрычкі і дома - ні на двары, ні ў гародзе.

Ён у хваляванні абышоў усю вёску, зазірнуў нават у амбулаторыю і магазін. Марылькі нідзе не было. Ніхто яе не бачыў і з тых дзяцей, якія гулялі на вуліцы. Янку зрабілася нядобра - заставалася толькі адно месца, куды ён яшчэ не хадзіў: пляма. Няўжо Марылька туды пайшла? Ад трывожнага прадчування ў Янкі перахапіла дыханне.

...Ён убачыў сястрычку яшчэ здалёк, толькі ўзгробся на невялікі пагорак. З яго злашчасны луг быў відаць як на далоні. Марылька сядзела амаль у самым цэнтры плямы, крокаў за сорак ад возера, гуляла з пясочкам. Сэрца ў Янкі закалацілася. Ён кінуўся да сястрычкі.

Пачуўшы тупат, тая ўзняла галаву. Радасная ўсмешка асвяціла яе тварык.

- Янка, няма больш смерці! - усклікнула яна з захапленнем. - Бачыш, нідзе няма!

Янка спыніўся каля сястрычкі, аддыхаўся, вымавіў з дакорам у голасе:

- Марылька, што ты тут робіш? Ты ж ведаеш, сюды нельга хадзіць!

Але тая нібы не пачула ягоных слоў.

- Я прыйшла сказаць смерці Радыяцыі, што больш яе не баюся і каб яна не чапала мяне, цябе, татку, - дагаворвала яна. - І бачыш - яна спужалася, уцякла. Няма больш смерці, Янка. Ну, зірні ж навокал, нідзе яе няма!

Янка паволі апусціўся на зямлю, прытуліў да сябе Марыльку.

- Гора ты маё, - шаптаў ён пяшчотна, - якая ж ты ў мяне яшчэ някемлівая...

- Янка, гэта ж я прагнала Радыяцыю, праўда? - пыталася дзяўчынка. - Цяпер яна не забярэ ні нашага татку, ні цябе, ні мяне, нікога не забярэ, праўда? Бачыш, вунь нават сонейка змянілася. Якое яно жоўтае, ласкавае... Гэта ўсё ад таго, што я прагнала смерць Радыяцыю, праўда?

- Праўда-праўда, - ціха прамовіў Янка.

Марылька ўзняла галаву, зазірнула яму ў вочы.

- А што з тваім востравам, Янка? Ты адшукаў да яго дарогу?

- Адшукаў, - ціха ўздыхнуў Янка і, моцна прыціснуўшы да сябе сястрычку, задуменна зірнуў на халоднае чорнае чэрвеньскае сонца, што завісла над імі ў нямой маўклівасці, якое Марылька чамусьці назвала жоўтым, сонца, якое ўжо не несла цяпла і надзеі...

 

Пасляслоўе

 

Янка адчуваў на душы незвычайную лёгкасць. Ён назіраў за сваім целам, што ляжала на высокім металічным стале, як бы збоку, і не разумеў - чаго так мітусяцца каля яго лекары? Чаму так плача гэтая маладая прыгожая медсястра, якая стаіць каля невялічкай стойкі з медыцынскімі інструментамі? Няўжо яна не бачыць, што ён жывы?

Янка крануў жанчыну за плячо:

- Цётачка, чаго ты плачаш, я ж жывы. Вось жа я, побач, азірніся.

Не, не чуе яго жанчына. Не азіраецца. Тады Янка дакрануўся да тоўстага мужчыны ў белым халаце, які нервова ціскаў Янкавы грудзі.

- Дзядзечка, навошта ты гэта робіш? Мне ж нічога не баліць. Азірніся, вось жа я, побач. Я ніколі яшчэ не адчуваў сябе так добра, як цяпер.

Не, і гэты не чуе. Вата ў іх у вушах, ці што? Янка разгублена азірнуў пакой, у якім ён знаходзіўся. Да каго б гэта яшчэ звярнуцца? Можа, вось да гэтай старой мажной жанчыны ў вялікіх чорных акулярах, што набірае шпрыцам нейкую празрыстую вадкасць?

- Цётачка, спыніце, калі ласка, іх. Навошта яны тузаюць маё цела? Мне ж нічога не баліць...

Не, і гэтая не адзываецца.

«А, хай робяць, што хочуць, - махнуў Янка на лекараў рукою. - Схаджу я лепш да Марылькі ў палату, пагляджу, як яна там. Нешта ўжо другі тыдзень да мяне не прыходзіць».

Дзверы Марыльчынай палаты былі зачыненыя, але Янка на здзіўленне лёгка прайшоў праз іх. Азірнуўшы пакой, ён захваляваўся. Сястрычкі ў ім не было. Яе ложак быў акуратна прыбраны. Нават лялек, з якімі тая гуляла, не было відаць.

«Відаць, паправілася ўжо і збегла на вуліцу, - няпэўна разважыў Янка. - Вось ужо гэтыя дзяўчынкі! Ну зусім не слухаюцца! Ведае ж, што на вуліцу нельга, - абурана падумаў ён пра Марыльку, - там жа радыяцыя, а пайшла. Ну, як толькі злаўлю, адлупцую дык адлупцую...»

Выйшаўшы ў калідор, Янка агледзеўся. Навокал былі толькі белыя дзверы палат. Дзе той выхад з бальніцы? Мо во гэты зацемнены тунель, што бачыцца наперадзе, вядзе на вуліцу?

...Тунель не канчаўся доўга, вельмі доўга. Было надзвычай цяжка ісці ў поўнай цемры і нават крыху страшна. Янка пашкадаваў ужо, што нырнуў у гэты доўгі чорны ход, як раптам нарэшце наперадзе бліснула зыркае святло. Першае пачуццё, якое ён зведаў, калі выйшаў з тунеля, было здзіўленне. Перад ім ляжала вялікая блакітная рэчка. У яе чыстых празрыстых крынічных водах плёскаліся дзеці - радасныя, шчаслівыя. Яны зусім не баяліся радыяцыі. Перавёўшы позірк на другі бераг, Янка здрыгануўся. На ім, пабраўшыся за рукі, стаялі татка, мамка, Марылька. Яны зычліва ўсміхаліся яму, махалі рукамі, нібы запрашалі перайсці рэчку і далучыцца да іх.

«Значыць, вось куды пайшла Марылька, - радасна падумаў хлопчык. - Яна ўсё ж адшукала месца, дзе няма радыяцыі, дзе не трэба баяцца ні лесу, ні рэчкі, ні сонца...»

Замахаўшы сваёй маленькай празрыстай рукой, Янка ступіў у рэчку, каб рушыць да іх:

- Мамка, татка, Марылька!..


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая