epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Страшны Суд

Было ці не было?

Класічнае пытанне ўсіх шызафрэнікаў...

З нядаўняга часу яно займае і мяне. І не проста займае, а зводзіць, мучыць, спапяляе, заглушыўшы ўсе мае іншыя памкненні і думкі, не дае супакою ні днём, ні ноччу. Зводзіць з той самай хвіліны, як здарыўся ўвесь гэты страшэнны кашмар...

«Калі гэта было? - стаўлю перад сабою немудрагелістае пытанне. - Але ж такое і ўявіць цяжка. Тым больш у канцы дваццатага стагоддзя?! У эру росквіту навукова-тэхнічнага прагрэсу? Нейкія там Рай, Пекла, Страшны Суд...»

Бабуліны казкі, скажа чытач. І тысячу разоў будзе мець рацыю!

І ўсё ж. Калі нічога не было, калі ўсё гэта сон, як той казаў, спараджэнне маёй падсвядомасці, тады чаму яно такое яснае і выразнае да самых што ні ёсць драбніц і дэталяў? І пасля гэтае пачуццё... Гэтае кашмарнае адчуванне явы ўбачанага, якое я штораз зазнаю, як толькі вяртаюся ў памяці да тых страшных хвілін...

Але, зрэшты, аб усім па парадку. Бо без ведання ўсіх драбніц мною бачанага чытачу, баюся, будзе цяжка паверыць у яго праўдападобнасць.

Здарылася гэта з месяц таму, адразу пасля праведзенага мною аднаго эксперымента. І паколькі апошні мае да нашай гісторыі самае непасрэднае дачыненне, ёсць сэнс затрымацца на ім больш падрабязна.

Адразу зазначу, эксперымент быў даволі няпросты, таму што патрабаваў ад мяне пэўнай рашучасці і, калі хочаце, сілы духу. І вось чаму. Ён быў звязаны з фінальнай сцэнай майго новага апавядання, над якім я ў той час старанна працаваў. Яе сутнасць заключалася ў тым, што з адным маладым чалавекам, які, моцна пакахаўшы, вырашыў парваць са сваім крымінальным мінулым і з'явіцца ў адпаведныя органы з пакаяннем, распраўляюцца яго былыя сябрукі-злачынцы. Дык вось, гэтая сцэна катавання, нягледзячы на ўсе мае старанні, ніяк не выпісвалася. Не, чыста вонкава яна глядзелася: і форма падачы матэрыялу, і мова, і дыялогі - усё як быццам было на месцы. Але, як казаў шаноўны стары паэт, галоўнае ў нашай справе - патрэбна больш жыцця. Вось гэтага самага жыцця ў канцоўцы апавядання і не адчувалася. Яно атрымлівалася нейкім напышліва надуманым. Пачуцці і перажыванні герояў выглядалі бляклымі і сухімі, а таму не зусім натуральнымі. Тады я і вырашыў правесці эксперымент, пракруціць сцэну не толькі ў галаве, а хоць часткова ў рэальнасці, як бы паставіць сябе на месца героя.

Счакаўшы, калі звечарэе, я апрануўся і паехаў да аднаго нашага сталічнага парку, аб якім хадзіла нядобрая слава. Мой план быў зусім просты. Прагуляцца, пашвэндацца па зацемненых сцежках і прысадах, нагнаць на сябе крышачку жаху, а далей, як кажуць, справа ўяўлення. Канешне, мой так званы «шпацыр» не быў бяспечны. Час позні. Навокал цемра. Можна на нешта натрапіць, падраць паліто ці штаны або, што яшчэ горш, спаткацца з начнымі гаспадарамі падобных месцаў. Іх сёння развялося нямала. Перспектыва апошняга штосьці зусім не вабіла. Але, як той казаў, хто не рызыкуе, той не выйграе.

На жаль, горшае праз паўгадзіны майго бадзяння па парку і здарылася. Калі казаць праўду, перапалохаўся я добра. І не дзіва - адзін супраць тузіна адкормленых бамбізаў. Ужо і не памятаю, як апынуўся дома. Бадай, за некалькі хвілін пераадолеў добрыя тры-чатыры кіламетры. Але, як кажуць, дабро і ліха крочаць побач. Цяпер я меў процьму ўражанняў. Яны клекаталі, трапяталі, перапаўнялі мяне. Я схапіўся за аловак і тут жа выпісаў фінальную сцэну. З вялікай асалодай некалькі разоў запар я прачытаў напісанае. Потым, адкінуўшыся ў крэсле, я дазволіў сабе крыху памарыць, уявіў, як тоўсты знакаміты карантыш-рэдактар зачытваецца маім рукапісам, узнёсла ўздыхаючы і ахаючы:

- Які талент! Які майстар! Якая глыбіня!..

Вось тут усё і пачалося.

Спачатку да мяне даляцеў ціхі працяжна-пісклявы гук, якому я не надаў асаблівага значэння. Дом наш панельны, а ўсім вядома, якая ў такіх шэдэўрах сучаснай архітэктуры гукаізаляцыя. Ці мала што можа рабіцца ў суседзяў? Але праз нейкі час гук стаў нарастаць, назаляючы, гнясці слых. І раптам пакой заліло зыркае чырвона-барвовае святло. За маёй спінай грукнулі дзверы балкона. Я міжволі азірнуўся і... Ногі, рукі мае здранцвелі, па спіне прабеглі мурашкі.

Перада мной стаяла велізарнае, амаль да самай столі, стварэнне: нешта сярэдняе паміж малпай і чалавекам з трыма вялікімі вокамі на лбе. Ззаду ж за ім, у акне, вісеў вялікі вогненны шар.

«Іншапланецянін, ці што? - усхвалявана падумаў я пасля таго, як крыху ачуняў. - Ды не, глупства нейкае...»

Трэба сказаць, што я чытаў у нашым друку розныя там «споведзі» і «сведчанні» відавочцаў так званых НЛА. Але хіба можна разважліваму чалавеку верыць ва ўсю гэтую лухту, якая не вытрымлівае нават элементарнай логікі? Ну, скажыце, каму гэта так засмылела раз за разам лятаць на нашу, Богам забытую, матухну Зямлю? Вывучаць нас? Ды высокаарганізаванай цывілізацыі досыць і пяці хвілін, каб зразумець усё наша гніллё. Заваяваць хочуць? Дык і для гэтага ім дастаткова ўсё тых жа пяці хвілін. Бо мы для іх - гнаявыя чарвякі або аслы бязмозглыя, і не больш. Бяры голымі рукамі...

Таму наступная мая думка была: а мо я выпадкова заснуў? Сядзеў, пісаў, перапрацаваўся і бачу цяпер дзіўны сон? Я паспрабаваў заплюшчыць вочы. Істота і шар зніклі. Расплюшчыў. Зноў з'явіліся. Тады я ўшчыкнуў сябе. Боль у баку тут жа азваўся.

Пачвара тым часам талопіла на мяне свае вялізныя, па яблыку, вочы і грэбліва ўсміхалася, хоць адначасова ў яе твары было і штосьці такое, ад чаго рабілася жахліва і брыдка. Заўважыўшы, што я крыху ачомаўся, яна прамовіла на чысцюткай, без ніякіх акцэнтаў, мове маіх прашчураў:

- Калі не памыляюся, пісьменнік...

Мова істоты канчаткова развеяла ўсе сумненні: бачу тое, што ёсць. Значыць, газетчыкі не хлусілі наконт гэтых чортавых НЛА! І цяпер перада мной адзін з тых гасцей. Але што яму ад мяне трэба? Хоча ўступіць у кантакт? І гэта а першай гадзіне ночы? Бог мой, толькі гэтага мне сёння яшчэ не хапала...

Прышэлец тут жа, перабіваючы мае сумненні і думкі, гучна загадаў:

- Збірайцеся. І хутчэй. У нас мала часу. Я павінен вас даставіць... Зрэшты, аб усім даведаецеся на месцы.

Ад такой нахабнасці ў мяне ўсярэдзіне ўсё закіпела. Нічога сабе кантакт! Урываюцца апоўначы да цябе ў кватэру ды яшчэ загадваюць збірацца чорт ведае куды. Хоць бы растлумачылі ў двух словах, каму і навошта я патрэбен? Я ўсё ж такі чалавек, а не... Ці гэта для іх толькі пусты гук?

- Прабачце, а вы, уласна, хто будзеце? - кінуў я незадаволена.

- Гэта не мае значэння. Мой абавязак толькі забраць і даставіць вас, - бліснуўшы вачыма, суха прамовіў прышэлец. - Таму збірайцеся.

Усё. Мяркуючы па гнеўным позірку, распытваць яго далей, а тым больш аб нечым прасіць ужо было небяспечна. Я ўстаў з крэсла. Вось дык уліп! Хто ведае, што ў гэтай нахабнай асобы ў галаве. Завязе яшчэ, чаго добрага, на які-небудзь свой астэроід ці камету, зачыняць, як малпу, у клетцы і будуць паказваць сваім суродзічам, як іншародную пачвару. Што ж рабіць? Кінуцца да дзвярэй, паспрабаваць уцячы? Схопіць. Лапы ж вунь якія, метры са тры будуць. І піскнуць не паспееш, як зацягне ў свой шар. Закрычаць? А што гэта дасць? Суседзі, пэўна, дзесяты сон бачаць. Ды і дзверы на замку. Толькі гвалту наробіш.

«Што будзе, тое будзе», - пасля нялёгкага роздуму вырашыў я і ступіў да балкона, аддаючы сябе на волю і ласку Ўсявышняга.

Як толькі я ўвайшоў следам за прышэльцам у шар, люк зачыніўся, і лятальны апарат, зароўшы нябачнымі рухавікамі, скіраваўся ў начное неба. Ад змрочных думак і пакутлівых хваляванняў, якія не пакідалі мяне ні на хвіліну, мне падалося, што ляцелі мы надзвычай доўга. Я паспеў разоў дваццаць перабраць вачыма ўсе сістэмы і прыборы касмічнага апарата, у якіх нічога не кеміў, перш чым начная сінь у адзіным ілюмінатары паблякла. Шар, зменшыўшы хуткасць, плаўна апусціўся на нейкі нябачны пастамент, на момант уздрыгнуў і замоўк. Па ўздыху палёгкі прышэльца я зразумеў, што мы прыбылі ў прызначаны пункт. Толькі вось які? І што тут мяне чакае? Істота не дала мне і хвіліны на роздум, моўчкі падпіхнула да адчыненага люка.

Таропка сышоўшы па трапе, я апынуўся ў шырокім прасторным, залітым ярка-блакітным святлом холе, акруглены велічны купал якога цягнуўся ў самае неба. Ва ўсе бакі ад яго разыходзіліся тунелі і калідоры: шырокія і вузкія, квадратныя і круглыя, асветленыя і зацемненыя. Сцены іх былі размаляваныя нейкімі мудрагелістымі іерогліфамі і ўзорамі.

«Нейкая станцыя ці база», - вырашыў я і азірнуўся. Ззаду нікога не было: ні шара, ні прышэльца. Быццам праз зямлю праваліліся, бо ніякага шуму ці свісту не было чуваць.

Вось дык страхоцце трохвокае! Ну і вычварыў, паразіт. Завёз невядома куды, а сам дзёру. Каб яму...

Я нерашуча абвёў вачыма хол. Становішча маё было незайздроснае. Адзін на невядомым аб'екце, сярод голых сцюдзёных сцен... Што ж рабіць? Можа, прайсціся па адным з гэтых тунеляў? Але хто ведае, куды яны вядуць? Патрапіш яшчэ ў якую-небудзь апраметную.

У гэты момант за маёй спінай штосьці загрукатала, і наваколле страсянуў гучны басісты голас:

- Раб Божы Алесь!

Здрыгануўшыся, я міжволі азірнуўся. Ззаду як быццам нікога не было.

«Ну вось, ужо і блюзніцца пачынае, - устрывожана падумаў я. - Ды і з якой гэта нагоды іншапланецяне мяне рабом Божым будуць называць?»

Але голас праз некалькі хвілін паўтарыўся ўжо з большай пагрозай:

- Раб Божы Алесь! Я да цябе звяртаюся!

Ды што ж гэта за насланнё! Павярнуўшыся, я яшчэ раз уважліва агледзеў праёмы бліжэйшых тунеляў і калідораў і ў адным з іх, амаль насупраць сябе, заўважыў спачатку цень, а потым і таго, хто падаваў голас. Быў ён невялічкага росту, у блакітным, звісаючым вялікімі складкамі халаце, які зліваўся з навакольным святлом - таму і не прыкмеціў я яго за першым разам. Галаву незнаёмца ўвенчваў нейкі мудрагелісты васьмікутны капялюш. Але што было для мяне зусім нечаканым, дык гэта тое, што рысы твару ён меў чалавечыя.

- Вы хто? - вырвалася ў мяне міжволі.

- Слуга Божы, Данііл, - прамовіў ён працяжна, набліжаючыся.

«Хоча сказаць, што ён вядомы біблейскі прарок, - падумаў я ўзлавана. - Ну і ночка! Тут месца сабе не знаходзіш, а яны камедыю разыгрываюць! Зараз яшчэ скажа, што я ў царстве Божым і выкліканы на Страшны Суд».

Нібы прачытаўшы мае думкі, самазваны Данііл грубавата прамовіў:

- Ты не памыляешся ў сваіх меркаваннях, раб Божы. Прашу ісці за мною. І без усялякіх вашых чалавечых жартачак!

Ён узмахнуў рукою. У адно імгненне па абодва ад мяне бакі нібы з-пад зямлі выраслі два мускулістыя гіганты. Сэрца маё як абарвалася. Дык вось, значыцца, якія НЛА штогод наведваюць нашу бедную Зямлю-матулю! Я, быццам нашпігаваны дурманам, пагойдваючыся з боку ў бок, пасунуўся следам за павадырамі. У галаве ўсё блыталася, мазгі адмаўляліся штосьці аналізаваць і ўзважваць. Я знаходзіўся на мяжы шоку: не адчуваў ні часу, ні прасторы, не бачыў ні тунеля, па якім крочылі, ні сваіх правадыроў. На шчасце, у гэтым стане я прабыў нядоўга. Паступова туман перад вачыма рассеяўся, цела зноў налілося пругкасцю, думкі набылі выразнасць.

Я паспрабаваў прааналізаваць сваё становішча. Чаго я ўжо так панікую? Ну хай сабе я і на Нябёсах, няхай Суд... Якія на мне асаблівыя грахі? Забіваць я, барані божа, нікога не забіваў. Амаль ні з кім не хадзіў у блуд. Ніколі не краў, ілжыва не сведчыў. Блізкіх сваіх любіў і паважаў... Што яшчэ? Безумоўна, чаго таіцца, сёе-тое было. Можа, кагосьці ненаўмысна пакрыўдзіў словам ці ўчынкам неабдуманым. Ды хто бязгрэшны, хай кіне ў мяне камень. І калі я грэшнік, дык што казаць пра іншых? Вунь усю дзяржаву раскралі, расцягнулі па сваіх норах. Ну няхай дадуць якіх-небудзь пару гадоў папраўчых работ ці нешта падобнае ім, дык што гэта ў параўнанні з вечнасцю? Перажыву!

Ад гэтых думак на душы крыху палягчэла, хоць трывога па-ранейшаму не сціхала. Галава ў мяне ўсё яшчэ кружылася - ды і жартачкі сказаць - трапіць у «госці» на самыя Нябёсы! - і ўсё перад вачыма вярцелася. Мяне вялі крыштальнымі калідорамі, асветленымі і поўнасцю агорнутымі змрокам, нейкія нябачныя перапоны расхіналіся з меладычным подыхам, але вось наперадзе бліснула яркае святло.

Мы ўвайшлі ў доўгі, паўкруглы, абліцаваны мармурам хол з мноствам бакавых дзвярэй: масіўных, шырачэзных, абабітых дыхтоўным карычневым дэрмацінам. На кожных вісела шыльда. Надпісы на апошніх былі зроблены па-стараславянску. У свой час я вывучаў гэтую мову. Ды і тэкст быў немудрагелісты: «Расейскае аддзяленне пісьменнікаў, Летувіскае, Украінскае...»

А вось і маё роднае - Беларускае.

Мой праважаты падаў сігнал спыніцца. Асілкі, што былі прыстаўлены да мяне, адышлі ўбок. Мне паказалі на дзверы.

Перахрысціўшыся - дзякуй матулі, што навучыла ў дзяцінстве, - я ступіў за парог і ад нечаканасці збянтэжыўся. Даволі вялікая зала, якая паўстала перад вачыма, была запоўнена людзьмі, звычайнымі маімі супляменнікамі. Некаторыя з іх стаялі групамі і па адным, іншыя праходжваліся, астатнія расселіся на лавах, што стаялі ўздоўж сцен.

Я ўважліва ўгледзеўся ў іх - штосьці ў абліччах людзей мяне як бы бянтэжыла.

Га! Дык гэта ж - знаёмыя ўсе асобы! Ну і ночка! І ў сне такое не прысніцца! Усяго чакаў, але каб вось тут, на Нябёсах, сваіх братоў па пяру сустрэць! Ды не тых, хто ўжо зямлю парыць, а жывых і здаровых? І ў такой колькасці!

Я яшчэ раз агледзеў залу. Ды, лічы, добрага паўсаюза... Нават сам першы ўласнай персонай... Вунь маячыць сваім гузаком у натоўпе. Таксама, значыць, грэшны. Што ж, усім, як гаворыцца, статкам яно весялей, нават у пекле, калі ўжо суджана будзе туды трапіць.

Адчуваючы такую-сякую палёгку, я ўвайшоў у залу.

Тут я, відаць, не буду стамляць чытача апісаннем звычайнага рытуалу прывітання, які мы выконваем штодня пры сустрэчы з сябрамі. Да таго ж наш брат пісьменнік - ахвочы на слоўца. Агідна ў яго на сэрцы ці, наадварот, радасна, у любым выпадку ён, калі напаткаў цябе, не адпусціць, пакуль не вылье ўсю душу, нават калі гэта і будзе лухта несусветная. І нічога тут не папішаш. Гэта ўжо прафесійная хвароба. Як казалі некалі грэкі, філосафу патрэбен слухач. Ролю апошняга мне і прыйшлося сыграць перад добрым тузінам знаёмых.

На жаль, з іх палкіх прамоў мне ўдалося высветліць не больш, чым я ўжо ведаў. Ува ўсіх атрымлівалася аднолькава: кватэра - трохвокае страхоцце - палёт - і вось гэта зала. Што датычыцца нашай непасрэднай будучыні, то пакуль выказвалі толькі здагадкі, якія наганялі холад і жах. Зразумелым і выразным было толькі адно - наперадзе ўсіх чакае зусім не радасная Сустрэча. Што на ёй нам паставяць у віну і што пасля гэтага з намі будзе? Не ведаў ніхто.

Невядомасць прыгнятала. Праўда, чыста знешне гэта пакуль мала ў чым праяўлялася. Наш брат пісьменнік - чалавек біты, пабачыў на сваім вяку ўсялякага. Таму трымаўся бадзёра, быццам прысутнічаў на нейкай нарадзе або сходзе. Але ўсё ж заклапочанасць і трывога, пры ўважлівым позірку, угадваліся ў кожным. Ды і гэта не жартачкі - паўстаць з хвіліны на хвіліну перад самім Усявышнім!

Праўда, у хуткім часе па зале прайшла чутка, што Ён дзесьці ў адлучцы і намі зоймецца Яго бліжэйшы памочнік апостал Пётр. Але ў гэтым суцяшэнне было малое. Апроч таго, неўзабаве прайшла новая чутка. Маўляў, падобная замена яшчэ горш для нас, грэшных. Сам-то Ён - літасцівы, а Пётр, што ў перакладзе азначае «камень», дык той чысцюткі зануда, спуску не дасць нікому. Як гаворыцца, час ад часу было не лягчэй.

Нарэшце велізарныя дзверы ў канцы залы расчыніліся, у праёме паказаўся адзін з асілкаў. Узмахам рукі ён запатрабаваў цішыні, і, калі яна ўсталявалася, мы пачулі голас - цягучы, грамафонны. Зрэшты, вымавіў ён адну фразу: загадаў заходзіць першай шасцёрцы. І тут жа схаваўся за дзвярыма. Народ нейкі час глядзеў яму ўтрапёна ўслед, потым захваляваўся, падаўся назад. Ніхто не хацеў быць піянерам. Усе з чаканнем зірнулі на першага. Што зробіш, звычка чарады - заўсёды і ўва ўсім раўняцца на важака. Той жа, ці то разгубіўся, а мо так перапужаўся, што страціў усялякі арыенцір, але раптам, заікаючыся, ляпнуў:

- Т-та-варышы, к-калі ласка, давайце адпаведна заслуг...

Гэта значыць заходзіць у парадку займаемых у саюзе пасад. Сказаў і тут жа збялеў: сцяміў, гаротнік, што за гэтыя дзверы не варта спяшацца, тым больш у першую чаргу. Гэта ж не родная выдавецкая матуля-карміцелька...

І ўсё ж першы не быў бы ён першым, калі б не змог выкруціцца і з гэтай сітуацыі. Хмыкнуў, кашлянуў і выдаў ужо больш спакойна:

- Заходзіць у тым парадку, як хто прыбываў сюды...

Словы паўплывалі на залу. Што-што, а паслушэнства з дзяцінства ўсмактана намі з малаком маці. Усе пасталі ў калейку, падпіхнуўшы тых, хто быў спераду, да дзвярэй...

Я, на шчасце, апынуўся ў канцы доўгай чаргі. З палёгкай уздыхнуў. Заставаўся нейкі час, каб прыкінуць, як паводзіць сябе на Судзе. Праўда, была ад гэтага і пэўная нязручнасць, бо ў залу час ад часу прыбывалі ўсё новыя і новыя людзі. І мне даводзілася адказваць на іх роспыты. Не абышлося і без ляпсуса.

Да мяне падышоў адзін знаёмы рэдактар у начным халаце, з прыпухлымі ад сну вачыма.

- А што даваць будуць? - спытаўся ён заспаным голасам.

- Салёныя агуркі з селядцом у нагрузку да дзесяці кругоў пекла, - з'яхіднічаў нехта.

Гаротніка, відаць, з ложка паднялі, і ён яшчэ не зарыентаваўся, куды трапіў. Вось і падалося - народу-то шмат, і ўсе ў чарзе - што ў саюзаўскі стол заказаў. Давялося растлумачыць.

Тым часам у злашчасных дзвярах паказаўся першы з запіхнутых туды небаракаў.

Гэта быў адзін з «падаючых» надзеі маладых празаікаў - вось ужо дзе спрацаваў славуты кліч: «Маладым паўсюль у нас дарога». Так жа тым, гаротным творцам, стукайся ў любую рэдакцыю, што аб сцяну лбом, нізашто не праб'еш, а тут, на табе, адразу ўважылі. Праўда, гэты паспеў ужо надрукаваць нейкім чынам з добры тузін апавяданняў і нават аповесць аб самым што ні ёсць цудоўным сялянскім жыцці. Яму б так хоць дзянёк пажыць...

Ягоны твар быў шэры, вочы запалі ледзь не да патыліцы. На роспыты не адказваў, прашаптаў толькі ледзь чутна: «Шэсць». І, апусціўшы галаву, пайшоў з залы.

Народ нейкі час глядзеў на яго атарапела. Чаго «шэсць»? Грахоў? Апосталаў? Ці гэта тэрмін такі? Хоць бы растлумачыў што, а то пратупаў, нібы на ўласным пахаванні пабываў.

Не паспелі мы пераглянуцца, як з-за дзвярэй паказаўся наступны бядак, а ўслед за ім - яшчэ. Абодва - даволі вядомыя паэты. Выгляд у іх быў страшнейшы, чым у папярэдніка. У першага вушы зіхцелі, як распаленая патэльня, твар з аднаго боку быў сіні, з другога - жоўты. У другога - вочы вялікія, як у савы, жывот дрыжэў, што той кісель. Відаць, усыпалі па самую завязку.

Зрэшты, і добра. А то бач ты іх, захапілі кожны сабе па часопісе і друкуюць па чарзе адзін аднаго. Ды яшчэ і ўсю радню ў рэдакцыі пасадзілі: братоў, сватоў, нявестак і іншых прыхвасняў. Вырашылі, што ім закон не пісаны. А вось не. Знайшлася і на іх, гультаёў, управа...

Яны таксама, нібы здані, прасунуліся каля нас, прашапталі ўсё тую ж дзіўную лічбу - «6». Яна падзейнічала на залу магічна - народ правёў іх аслупянелымі позіркамі. Было зразумела, што за ёй хаваецца штосьці жудаснае. Але што, ніхто не ведаў.

Калі з'явіўся ў дзвярах чарговы брат-небарака, мы ўжо амаль не сумняваліся, што і ён прамовіць гэту лічбу.

Але мы памыліліся.

Гэта быў адзін з самых ганаровых нашых празаікаў, кнігі якога выходзілі з зайздроснай хуткасцю і пастаянствам. Амаль што кожны год. І самае дзіўнае: адна і тая ж аповесць ці раман - адразу ў некалькіх выданнях і выдавецтвах. Вось ужо дзе сапраўды талент! Тут адно мікраскапічнае апавяданне ледзь прасунеш куды за два-тры гады. Праўда, кніжкі яго звычайна дадаюць да класікі. Але тут не яго віна. Што зробіш, калі народ у нас яшчэ «малакультурны», не разумее, якога аўтара пазбаўляе сябе.

Ён нічога не прашаптаў, толькі расплюшчыў вочы, і, зірнуўшы ў іх, усе замерлі. Там быў такі жах, які цяжка і ўявіць. Асілкі, што выйшлі следам за ім, падхапілі «класіка» пад пахі і павалаклі, нібы мокрую курыцу.

Прыкладна такі ж выгляд быў і ў пятага выпхнутага з-за дзвярэй не менш паважанага паэта, які жыве, праўда, цяпер за мяжой і адтуль шкадуе свой бедны народ. Сам жа, відаць, у адрозненне ад яго, як сыр у масле качаецца.

Бядак нават і кроку не мог зрабіць сам. Яго таксама, як апруцянелую свінню, пацягнулі да выхаду. Ля дзвярэй ён прыўзняў галаву і ледзьве чутна прамармытаў: «Шэсць»...

Збялелыя, усе з трывогай чакалі шостага небараку, вядомага пісьменніка-універсала, талента, якіх мала. Празаік, паэт, драматург, перакладчык, рэдактар, крытык... - і ўсё ў адной асобе! Мала таго, дык яшчэ і выдатны грамадскі дзеяч - адразу ў цэлых шасці таварыствах «цягне» лямку. Старшыня, намеснік старшыні, памочнік старшыні... Чорт заблытаецца ў адных толькі рэгаліях і пасадах.

Але ён так і не з'явіўся. І калі ўсякаму цярпенню надышоў канец, па зале прайшла чутка, нібыта ён так угнявіў Пятра, што той адразу адправіў яго ў вядомае месца. Хабар, разумееце, таму прапанаваў; прывык, відаць, на Зямлі направа і налева раздаваць, думаў і тут адкупіцца.

Ад гэтай весткі зала зусім зніякавела. Той-сёй акамянеў, іншыя стаялі ні жывыя ні мёртвыя.

Я зірнуў на першага - наступная ж чарга яго. Вочы вылупленыя, твар - як чырвоная мяшанка. Гаротнік цяжка соп, імкнуўся адсунуцца як мага далей ад злашчасных дзвярэй. Але паэт Падлізаў, які стаяў за ім і заўсёды хадзіў перад першым на дыбачках, нечакана грудзьмі, быццам амбразуру дота, закрыў яму дарогу: «Куды?!» Што ж - свая кашуля бліжэй да цела.

Ужо і не ведаю, што ў гэта імгненне са мною здарылася, ці то стала шкада першага, ці не было мо больш сілы пазіраць на гэта тароканне, але мае ногі самі пакрочылі да страшных дзвярэй.

Так нечакана я і паўстаў перад Святым Прастолам.

Спачатку я не адчуваў ні жаху, ні нервовага трымцення. Стаяў я пасярэдзіне вялікага светлага пакоя і з цікавасцю глядзеў на служак нябеснай Феміды, якія важна ўссядалі на невялічкім узвышэнні. Іх было шасцёра. Усе - у серабрыста-белых туніках і ў блакітных шапачках на галовах. Былі гэта, як я пазней даведаўся, апосталы Павел, Фама, Матфей, Іакаў і Варфаламей. Старшыня Суда Сімон-Пятро сядзеў у цэнтры на высокім пазалочаным крэсле. Абкладзены гарой папер, ён, не звяртаючы на мяне ўвагі, штосьці старанна ў іх вышукваў.

Быў ён плюгавы на выгляд: маленькі, хударлявенькі, з друзлым і азызлым тварам. У мяне нават закралася сумненне - ці славуты гэта Божы апостал перада мною? Няўжо гэты кволы старац мог нагнаць такі смяртэльны жах на маіх сяброў па пяру, што пабывалі ўжо тут?

Служакі нябеснай Феміды тут прыкмецілі мяне, пачалі насцярожана перашэптвацца, потым усхвалявана замахалі рукамі.

Адзін з іх выкрыкнуў:

- Бачу-бачу антыхрыста! Прэч з воч маіх, бязбожнік!

Другі яму падтакнуў:

- Ды вы паглядзіце на гэтага злодзея! Ён нават і не збіраецца схіліць галавы перад Святым Судом!

Трэці наогул ускочыў з месца:

- Ану, кажы, ірад, за колькі душу прадаў д'яблу? І колькі праз гэта чэснага люду са шляху правільнага звёў?

Нейкі час я пазіраў на іх ачмурэла. Які д'ябал? Які люд і куды яго я звёў? Вядома, я чакаў, што сустрэнуць тут мяне не ласкава - не на гулянку ж прыбыў, - але каб так?!

Тут з крэсла падняўся сам Сімон-Пятро. Ад былой старэчай абыякавасці на яго твары не засталося і следу. Шчокі і нос яго гарэлі, бровы і валасы стаялі дыбком, а вочы злосна блішчалі, не абяцаючы мне нічога добрага. Так яно і атрымалася.

- Ды не тужыся ты ўспомніць свае грахі, богаадступнік, - выгукнуў ён магутным басам. - Яны ў нас усе на ўліку. А самы галоўны грэх твой, што ты пісьменнік. Бо кожны з вас ёсць пасланец дэманічнай сферы. За гэта мы і судзім цябе. Ану адказвай - колькі душ загубіў?

Зразумела, што пасля такіх слоў у мяне затрэсліся калені, спіна пахаладзела, а язык адзеравянеў, як быццам яго замарозілі. Трэба сказаць, калі ішоў у гэты пакой, то ў душы я спадзяваўся, што мяне выклікалі на Нябёсы па непаразуменні і, калі разбяруцца, тут жа выправяць памылку. І вось усе мае надзеі разбіліся, як каляровае шкельца.

Я паспрабаваў штосьці запярэчыць, але з маіх вуснаў вылецелі толькі незразумелыя гукі:

- Я... ні... я... а...

Сімон-Пятро ўспрыняў гэта па-свойму.

- Глядзіце, Нікадзіма з сябе строіць! - вымавіў ён усё тым жа грымучым голасам. - Нібыта нічога не бачыў і не ведае. Быццам зусім бязгрэшны. Проста - агнец Божы. - Ён павярнуўся да сяброў: - Ану, калі ласка, браты, нагадайце гэтаму адшчапенцу ўсе ягоныя грахі.

Усе зларадна зашумелі, паўскоквалі са сваіх месцаў.

Далейшае, хай ужо чытач даруе, мне цяжка згадаць і пераказаць. Усё было як у вычварным сне. Служкі нябеснай Феміды заскоквалі адзін за адным на пастаўленую крыху з боку ад мяне высокую трыбуну. Я ж стаяў і не ведаў, куды падзець вочы: чырванеў, бялеў, жаўцеў, сінеў і зелянеў. Розум мой раз-пораз мутнеў. Я быццам знаходзіўся ў непрытомнасці, настолькі страшнымі былі іх прамовы.

Першы ўзяў слова апостал Павел: нізенькі, тоўсты, з маленькімі едкімі вачыма. Прамова ягоная была доўгая і напышлівая, але праймала, як джала асы.

- Высокі Суд! Шаноўныя браты! (Ён тут пералічыў усіх сваіх сяброў пайменна.) Усе мы зараз бачым перад сабой д'яблавага служку ў чалавечым абліччы. І нават гэта будзе мякка сказана ў адносінах да тых цяжкіх грахоў, што здзейсніў гэты вераадступнік, якому выпадкова, з-за сваёй забыўлівасці, святы айцец Лука, пераблытаўшы прабіркі ў даравальным пакоі, пры нараджэнні ўплюхнуў кроплю «Божай іскрынкі». (Ах, вось як, значыць, мой талент дастаўся мне?) Гэты ж грахаводнік Алесь, замест таго каб накіраваць пасланы яму з Нябёсаў дар на служэнне нашаму Госпаду-Збавіцелю і сваім зямным братам, скарыстаў яго ў мэтах самых брыдкіх і агідных, якія толькі можна ўявіць. Скажу больш, кашчунства яго дайшло да таго, што ён зрабіў замах на само Вялікае Гасподняе Вучэнне, у якім, як вы ведаеце, гаворыцца, што за ўсялякае злое дзеянне ды адплаціцца.

І каб не здавацца вам, шаноўныя браты, галаслоўным, у пацвярджэнне прыводжу адзін з ілжывых апокрыфаў гэтага цемрашальца. У ягоным опусе зусім малады юнак забівае свайго таварыша, проста так, за нішто, і пасля спрабуе знайсці апраўданне падобнаму дзеянню. І гром нябесны яго не спапяляе! Знаходзіцца нават добрай душы пракурор, які за невялікую плату вышуквае ў законе артыкул, па якім той грэшнік застаецца на волі. Праўда, асуджаны ўмоўна.

Але я пытаюся ў сябе, што значыць - адбываць тэрмін умоўна? Гэта не адбываць яго зусім. Вось так, шаноўныя браты! Я таксама пытаюся, а колькі душ, прачытаўшы гэты трактат і паверыўшы пісаку-цемрашалу, стануць на шлях забойства і рабаўніцтва з верай ва ўмоўнае пакаранне? А яго якраз і няма! Бо ўсе яны рана ці позна трапяць да д'ябла ў пекла! І адказваю: 666 загубленых душ толькі ў ягоным маленькім краі!

Другі з высокай трыбуны гаварыў апостал Іакаў, сын Зеведзеяў, сухі, высокі, як жэрдка. І прамова яго была такой жа сухой і спапяляючай.

- Высокі Суд! Шаноўныя браты! Я не буду стамляць вас пералічэннем усіх вядомых мне грахоў, што ўчыніў гэты нячысцік. (Ён тут кінуў на мяне гнеўны позірк.) Падобнае заняло б вельмі шмат часу. Таму спынюся на адным ганебным яго ўчынку, які, на мой погляд, дастаткова поўна адлюстроўвае ўсё ўбоства ягонага духоўнага аблічча. А менавіта - аб парушэнні ім адной з самых галоўных запаведзяў нашага Збавіцеля: аб недапушчальнасці ўсялякага пралюбадзейства. Гэты ж нахабнік мала таго што сам пазначаны сувяззю са сваёй маладзенькай сакратаркай (тут ён зноў кінуў на мяне асуджальны позірк), дык яшчэ пры дапамозе сваіх брыдкіх пасквіляў разбэшчвае і іншыя душы.

Вось вам прыклады. (Ён дастаў з кішэні тонкі ліст паперы, паклаў яго перад сабою.) Так, гэты спакуснік надрукаваў тоўсты апокрыф, які чамусьці завецца цяпер на зямлі раманам. У ім маладая гераіня аддаецца першаму сустрэчнаму, што ўжо само па сабе недапушчальна, калі ведаць, што ён чалавек жанаты, мае трох дзяцей. Гэты жанацік кідае сям'ю, пазбаўляецца работы, сяброў, выгаднай пасады, бяжыць са сваёй каханкай з горада ў далёкую вёску... Але ж гэта нахабная хлусня, шаноўныя браты! Бо на справе нікуды ён не пабяжыць. Спалохаецца парткома! А з апошняй будзе падтрымліваць брудныя і агідныя сувязі. Гэтым пісака прыхавана заклікае да падобнага грэхападзення іншых.

Яшчэ горш, у наступным сваім апокрыфе ён здзяйсняе гэта ўжо ў адкрытую! Не адчуваючы ні сораму, ні страху, размалёўвае распуснае жыццё нейкай маладой пралюбадзейкі. Іх цяпер на Зямлі называюць прастытуткамі. І робіць гэта не ў надрыўна-трагедыйным плане, каб паказаць усю збедненасць і ўбоства яе душы, а наадварот, на ўвесь белы свет усхваляе лярву - хоць бы пасаромеўся сваёй малой дачкі. Ён паказвае, як праз распусту сладастрастка жыве прыпяваючы: модна апранаецца, раз'язджае ў вялікіх чорных машынах, вячэрае ў самых дарагіх рэстаранах, як цяпер завуцца ўсім вам добра памятныя харчэўні. Быццам лепшай няма прафесіі. І ўсё гэта аўтар абстаўляе папойкай, дурманным зеллем і іншымі д'ябальскімі оргіямі...

І я таксама, як брат Павел, пытаюся ў сябе - колькі душ, прачытаўшы гэтыя амаральныя пасквілі, стане на шлях распусты? І адказваю. На сумленні гэтага пісакі - 6666 разбэшчаных душ. Іх дарога таксама ляжыць да д'ябла ў пекла.

Услед за ім на трыбуну падняўся апостал Варфаламей, грузны, з хітра, як у хамелеона, пабліскваючымі вачыма, у сваю бытнасць на Зямлі, калі верыць Бібліі, чалавек няпэўных заняткаў. Змест ягонай прамовы быў мне гарчэйшы за параную рэдзьку.

- Я хачу, паважаныя браты, больш падрабязна спыніцца на прапаведаванні гэтым багахульнікам алкаголю, бо ўсе вы добра ведаеце, што большасць грэхападзенняў учыняецца пры дапамозе «зялёнага змея». Гэтаму вылюдку, што стаіць перад намі, мала таго што алкагольная зараза і так авалодала амаль трэццю яго супляменнікаў, абрынула іх у бяздонне цемрашальства і бяздушнасці, ператвараючы, падобна статку свіней, у паслухмяных выканаўцаў д'яблавай волі і памкненняў. Ён яшчэ наважыўся сваімі багахульнымі трактатамі спакусіць гарэлачнай атрутай і астатнія дзве трэці! У ягоным опусе галоўны герой, нейкі ціхі свецкі алкаш, налізаўшыся без меры гэтага д'яблавага зелля, так, без усялякай на тое прычыны, праходзіць праз цэлы ланцуг усёмагчымых забаў, якія цяпер на Зямлі называюць прыгодамі. І акаляючыя яго цвярозыя грамадзяне не асуджаюць падобнае дзеянне, не спыняюць і не змяшчаюць гэтага прапойцу туды, дзе яму належыць у такі момант знаходзіцца - у выцярэзнік, а, наадварот, праяўляюць да яго любоў, як да малога дзіцяці. Пад канец трактата ў яго яшчэ і ўлюбляецца адна бялявая маладая асоба, якая пакутуе па добрым прынцу-прыгажуне. (Ён тут перавёў дыханне, загаварыў яшчэ з большым сарказмам.)

Тут гэтаму пісаку прыпыніцца, абдумаць усё як мае быць, пакаяцца ў непрыстойных учынках сваіх герояў, ён жа выстройвае цэлую тэорыю ў іх апраўданне. Так, у адной са сваіх апошніх публікацый у моладзевым часопісе гэты нячысцік піша, што, бач, выпіўка выпіўцы «рознь», што ў яго беларускага народа ёсць свае звычаі і, маўляў, нішто чалавечае яму не чужое! Вы толькі ўдумайцеся, шаноўныя браты, у гэтыя байкі! Віно, бачыце ж, у гэтага нехрысця чалавечае харчаванне, так бы мовіць, лёгкая асалода, а не нацыянальная трагедыя, д'яблаў сродак масавага збэшчвання душ! Нібыта і не ведае невук, што Гасподзь-Збавіцель невыпадкова забараніў гэтае дурманнае зелле. Бо калі б ягоны край быў цвярозы, то і лёс людскі быў бы куды шчаслівейшы, а не такі жабрацкі, як цяпер. Але ж, як бачыце, на Зямлі паверылі не Мудраму Божаму Слову, а слову п'янчужкі.

І я таксама, як браты Павел і Іакаў, задаю сабе пытанне: а колькі тым самым, прапаведуючы алкаголь, ён загубіў душ людскіх? І адказваю. На сумленні гэтага нячысціка па дадзеным пункце - 66 666 загубленых душ!

Чацвёрты слова трымаў апостал Матфей, якога, калі верыць усё той жа Бібліі, Ісус Хрыстос знайшоў у падаткавай канторы. Невысокі, прысадзісты, з вялікімі вачыма, якія з'едліва пазіралі з-пад густых насупленых броваў. І гаварыў ён таксама з'едліва і пякуча, быццам ліставое жалеза рэзаў:

- Калі Высокі Суд не пярэчыць, я коратка спынюся на грахах гэтага д'яблавага служкі ў галіне жорсткасці і насілля. З гэтай нагоды я хацеў бы задаць яму наступнае пытанне. Чаму ён вось ужо 48 гадоў «смакуе» тэму вайны? Няўжо яму іншых тэм не хапае? Хаця, зрэшты, і аб вайне таксама можна пісаць, але без прапаганды насілля. І героя можна пакінуць жывым. Навошта ён чалавека забівае? Той сам, калі прыйдзе час, памрэ. Чаму ён, напрыклад, не напіша аб прыгожым каханні ўсё, як было? Амаль жа ў кожнага камбата была ППЖ - так званая паходна-палявая жонка. Што? Гэта не надрукуюць? Забароненая тэма? Значыць, аб жорсткасці і насіллі можна, а аб каханні нельга? Цэнзар не прапусціў? Дык яны ж, цэнзары вашыя, усе адстаўнікі. У іх саміх ППЖ былі.

А насілле малалетніх?.. (Тут яго вялікія вочы яшчэ больш акругліліся.) Аб гэтым у старыя добрыя часы нават думаць баяліся, не тое каб... Ён жа ў сваіх акаянных апокрыфах гэтыя жахлівыя сцэны выносіць на агульны паказ, распісваючы іх да самых што ні ёсць драбніц. Ці не кіруе ім напрамую сам д'ябал, калі ён смакуе тыя агідныя сцэны? Мала таго, дык гэты нячысцік даходзіць яшчэ да большага: расплюшчаныя галовы, адарваныя рукі і ногі ў купе з самымі пачварнымі і вар'яцкімі прыладамі катаванняў. Паўсюль кроў ды кроў. Нават вераадступнік Дастаеўскі і той недалугае дзіця ў параўнанні з гэтым паганцам. Таму канстатую, што па дадзеным пункце на яго сумленні - 666 666 загубленых душ!

Адсюль (тут ён павярнуўся да Пятра) прашу Высокага Суддзю назначыць яму вышэйшую меру пакарання - адправіць ягоную душу і цела з усёй акаяннай вантробаю ў д'ябальскі вечны агонь! Няхай здзейсніцца справядлівасць! - заключыў ён нечакана ў канцы прамовы.

Пры гэтых словах сківіца ў мяне абвісла, вочы заслаў туман, бо іх краем я прыкмеціў, як Сімон-Пятро рашуча падняўся са свайго троннага крэсла, і ягоны папялюшчы позірк не пакідаў аніякай надзеі.

Адчуваючы, што падлога правальваецца пада мною, я, нібы тапелец за саломінку, схапіўся за пільчак. Але, на маё шчасце, тут сказаў слова, выйшаўшы да трыбуны, апошні са святых мужоў - Фама.

- Высокі Суд! Шаноўныя браты! - пачаў ён расцяжна. - Я папрасіў бы Вас не спяшацца з вынясеннем прысуду. Бо спешка не заўсёды лепшы дарадчык у складаных справах. Хачу, каб мяне вы зразумелі правільна, я не маю намеру абяліць гэтага грэхатворцу - ягоная віна бясспрэчная і цалкам даказаная. Але... Я хацеў бы засяродзіць вашу ўвагу на адной акалічнасці, якую ўжо агаворваў у сваёй бліскучай прамове брат Павел. А менавіта - як гэтаму нехрысцю дастаўся дар бытапісца, які ён, на жаль, выкарыстаў у непатрэбных справах. А атрымалася гэта, як вы ведаеце, выпадкова з-за промаху святога айца Лукі, які ўплюхнуў «Божую іскрынку» не ў тую прабірку. У сувязі з гэтым я пытаю ў сябе - а што было б, каб тая памылка не мела месца? І атрымаў дар той, каму ён сапраўды прызначаўся? І адказваю. Гэты б адступнік не стаяў цяпер перад намі, паважаныя браты, бо не ўчыніў бы ўсіх пералічаных вамі злых дзеянняў, што, безумоўна, павінна для яго паслужыць змякчальнай акалічнасцю...

Далей ён Святому Суду напомніў аб вялікай літасці Збавіцеля, з чаго павінны браць прыклад і яны, ягоныя пакорныя служкі. І ўнёс прапанову - не выносіць канчатковага прысуду. Яшчэ раз даць шанц шчыра пакаяцца мне ў сваіх цяжкіх грахах і выкупіць іх добрымі справамі.

Як толькі ён закончыў, я з затоеным дыханнем перавёў позірк на старшыню Суда Сімона-Пятра. Усё цяпер вырашала ягонае слова: ці быць мне памілаваным, ці, як паважанаму Фёдару Міхайлавічу, з веку ў век... І выгаварыць тое страшна.

Лыткі ў мяне дрыжэлі, у жываце нядобра буркатала. Здавалася, ногі вось-вось падкосяцца і я ляснуся на падлогу.

Пётр жа ўпарта маўчаў. У яго старэчых вачах, праўда, ужо не было ранейшай злосці, у іх усё больш і больш выступала задуменнасць. Відаць, прамова брата Фамы зрабіла на яго моцнае ўражанне. І ён зараз вагаўся. Але вось нарэшце ён апусціўся ў крэсла, неяк адразу абмяк і праз імгненне сказаў спакойна і лісліва:

- А што, думка слушная, брат Фама. Усё роўна гэтаму прайдзісвету Суда не мінуць.

Ён зірнуў на мяне, ягоныя вочы зноў акругліліся, зласліва бліснулі, і я міжволі скурчыўся пад яго строгім позіркам.

- Што ж, багахульнік, так і быць, - выгукнуў ён магутным басам, - карыстайся нашай нябеснай міласцю. Даём табе роўна шэсць гадоў, шэсць месяцаў і шэсць дзён на скупленне грахоў! І не дай Бог нам пасля гэтага тэрміну зноў сустрэцца! А зараз прэч з воч нашых, бязбожнік!

Ужо і не памятаю, як я выбраўся з пакоя, з якім тварам прамовіў у зале сабратам, якія чакалі сваёй чаргі, усё тую ж незразумелую ім лічбу «6», як прайшоў да выхаду, як, спусціўшыся ў хол, расцалаваў мілае трохвокае страхоцце, што чакала мяне, як увайшоў у лятальны апарат - ён засвяціўся, зароў рухавікамі і...

А палове чацвёртай ночы я прачнуўся ў высокім крэсле ў сваёй цёплай утульнай кватэры.

Я быў у шэрым паношаным касцюме, у такіх жа старых шэрых туфлях.

На пісьмовым стале блякла гарэла невялічкая ажурная лямпа, каля яе сіратліва ляжаў закончаны гадзіны тры таму мой новы рукапіс...

Навокал было нязвыкла ціха: ні гуку, ні шолаху. У шырокім балконным акне мерна пакоілася ясная летняя ноч. Ціхая, цёплая, зорная...

Быццам і не было нічога: ні трохвокага страшыдлы, ні ягонага вялікага шара, ні Страшнага Суда...

А ці было?..

Ці было?..

Вось ужо роўна месяц, як я задаюся гэтым пытаннем і адказу не знаходжу.

Часам мне здаецца, што гэта не што іншае, як чысты сон. Звычайная гісторыя: сядзеў, працаваў, непрыкметна стаміўся і...

Часам - наадварот, што ўсё адбывалася са мною ў тую злашчасную ноч на самай справе...

Хаця, зрэшты, я, як гаворыцца, душу ачысціў, расказаў вам пра ўсё, як на споведзі. А ўжо што праўда і дзе тут выдумка, вырашайце самі.

Я ж у канцы той страшнай ночы ўстаў з-за стала, узяў рукапіс новага апавядання, занёс яго на балкон і там аркуш за аркушам спаліў.

Хто ж ведае, што сёння здаецца выдумкай, заўтра мо стане явай. І як ведаць, ці не здарыцца, шаноўныя чытачы, што-небудзь падобнае адной яснай летняй ноччу і з вамі. Усе ж мы не без граху на гэтай Зямлі...


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая