epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Купрын

Паядынак

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
Х
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII


I

 

Вячэрнія заняткі ў шостай роце падыходзілі к канцу, і малодшыя афіцэры ўсё часцей і з большай нецярплівасцю паглядалі на гадзіннікі. Вывучаўся практычны статут гарнізоннай службы. Па ўсім пляцы салдаты стаялі хто дзе: каля таполяў, што раслі абапал шашы, каля гімнастычных машын, каля дзвярэй ротнай школы, ля прыцэльных станкоў. Усё гэта былі ўяўныя пасты, як, напрыклад, пост ля парахавога склепа, ля сцяга, у вартоўні, ля скрыні з грашыма. Паміж імі хадзілі разводнікі і ставілі вартавых; унтэр-афіцэры правяралі пасты і веды сваіх салдат, стараючыся то хітрасцю выманіць у вартавога яго вінтоўку, то прымусіць яго сысці з месца, то ўперці яму на захаванне якую-небудзь рэч, часцей за ўсё ўласную шапку. Больш спрактыкаваныя, якія добра ведалі гэтую цацачную казуістыку, адказвалі ў такіх выпадках празмерна суровым тонам: «Адыходзь! Не маю поўнага права нікому аддаваць стрэльбы, апроч як атрымаю загад ад самога гасудара імператара». А вось маладыя блыталіся. Яны яшчэ не ўмелі адрозніць жарту ад сапраўдных патрабаванняў службы і дапускалі то адну, то другую крайнасць.

- Хлебнікаў! Д'ябал крыварукі! - крычаў маленькі, тоўсты і спрытны яфрэйтар Шапаваленка, і ў ягоным голасе адчувалася начальніцкая пакута. - Я ж цябе вучыў-вучыў, дурня! Чый жа ты зараз загад выканаў? Арыштаванага? Ах, каб на цябе!.. Адказвай, для чаго цябе паставілі на пост?

У трэцім узводзе адбылося сур'ёзнае непаразуменне. Малады салдат Мухамеджынаў, татарын, які ледзьве разумеў і гаварыў па-расейску, канчаткова быў збіты з панталыку каверзамі свайго начальства - і сапраўднага і ўяўнага. Ён раптам раз'юшыўся, узяў стрэльбу на руку і на ўсе ўгаворы і загады адказваў адным рашучым словам:

- З-закалу!

- Ды пастой... ды дурань ты... - упрошваў яго унтэр-афіцэр Бабылёў. - Ты ж ведаеш, хто я? Я ж твой каравульны начальнік, а значыць...

- Закалу! - крычаў татарын спалохана і злосна і з вачамі, налітымі крывёю, нервова пагражаў штыком кожнаму, хто да яго набліжаўся. Вакол яго сабралася купка салдат, якія былі рады смешнаму здарэнню і хвіліннай перадышцы ў абрыдлым вучэнні.

Ротны камандзір, капітан Сліва, пайшоў разбіраць справу. Пакуль ён, згорбіўшыся, клыпаў кволаю хадою ў другі канец пляца, малодшыя афіцэры сабраліся разам, каб пагаварыць і папаліць. Іх было трое: паручнік Веткін - лысы, вусаты чалавек год трыццаці трох, весялун, гаварун, пяюн і п'яніца, падпаручнік Рамашоў, які служыў у палку ўсяго толькі другі год, і падпрапаршчык Лбоў, жвавы стройны хлапец з хітравата-ласкава-дурнаватымі вачамі і з нязменнай усмешкай на тоўстых наіўных губах, - увесь ён быў нібыта нашпігаваны старымі афіцэрскімі анекдотамі.

- Свінства, - сказаў Веткін, зірнуўшы на свой мельхіёравы гадзіннік і злосна шчоўкнуўшы вечкам. - На якое ліха ён трымае да гэтага часу роту? Эфіоп!

- А вы б яму гэта растлумачылі, Павел Паўлыч, - параіў з хітрым тварам Лбоў.

- Дзе там. Ідзіце, тлумачце самі. Галоўнае - што? Галоўнае тое, што ўсё гэта марна. Заўсёды яны перад аглядамі пораць гарачку. І заўсёды перасоляць. Затузаюць салдата, замардуюць, затуркаюць, а на аглядзе ён будзе стаяць як пень. Ведаеце вы пра выпадак, калі два ротныя камандзіры заспрачаліся, чый салдат болей хлеба з'есць? Выбралі яны абодва страшэнных абжор. Заклад быў вялікі - нешта каля ста рублёў. Вось адзін салдат з'еў сем фунтаў і здаўся, болей не можа. Ротны адразу ж на фельдфебеля: «Ты чаго ж гэта, ліха на цябе, падвёў мяне?» А фельдфебель толькі вачмі лыпае. «Так што не магу знаць, вашвыскароддзе, што з ім здарылася. Раніцай рабілі рэпетыцыю - восем фунтаў злыгаў адным захадам...» Гэтак вось і нашы... Рэпетуюць без толку, а на аглядзе сядуць у галёшу.

- Учора... - Лбоў раптам пырснуў са смеху. - Учора, ужо ва ўсіх ротах скончылі заняткі, іду гэта я дадому, гадзін ужо восем, бадай, цёмна зусім. Гляджу, у адзінаццатай роце сігналы вывучаюць хорам «Навядзі, да гру-дзей, па-па-дзі!» Я пытаюся ў паручніка Андрусевіча: «Чаму ў вас да гэтае пары ідзе такая музыка?» А ён кажа: «Гэта мы, як тыя сабакі, на месяц выем».

- Усё надакучыла, Кука! - сказаў Веткін і пазяхнуў. - Глядзіце, хто гэта едзе верхам? Здаецца, Бек?

- Так, Бек-Агамалаў, - вырашыў зоркі Лбоў. - Як прыгожа сядзіць.

- Вельмі прыгожа, - згадзіўся Рамашоў. - Мне здаецца, ён лепей за любога кавалерыста ездзіць. О-о-о! Заскакала. Какетнічае Бек.

Па шашы павольна ехаў верхам афіцэр у белых пальчатках і ў ад'ютанцкім мундзіры. Пад ім быў высокі доўгі конь залацістай масці з кароткім, па-ангельску, хвастом. Ён гарачыўся, нецярпліва матляў крутой, сабранай муштуком шыяй і часта перабіраў тонкімі нагамі.

- Павел Паўлыч, гэта праўда, што ён прыродны чаркес? - спытаў Рамашоў у Веткіна.

- Я лічу, што так. Іншы раз армяшкі сапраўды выдаюць сябе за чаркесаў і за лезгінаў, але Бек, здаецца, не хлусіць. Ды вы паглядзіце, які ён на кані!

- Чакайце, я яго гукну, - сказаў Лбоў.

Ён прыклаў рукі да рота і закрычаў прыдушаным голасам, так, каб не чуў ротны камандзір:

- Паручнік Агамалаў! Бек!

Афіцэр, які ехаў верхам, нацягнуў павады, прыпыніўся на хвіліну і паглядзеў управа. Затым, завярнуўшы каня ў гэты бок і злёгку сагнуўшыся ў сядле, ён прымусіў яго пругкім рухам пераскочыць цераз роў і стрыманым галопам падаўся да афіцэраў.

Ён быў ніжэй сярэдняга росту, хударлявы, жылісты, вельмі дужы. Ягоны твар, з пакатым ілбом, тонкім гарбатым носам і рашучымі, моцнымі губамі, быў мужны і прыгожы і яшчэ да гэтага часу не страціў характэрнай усходняй бледнасці - адначасова смуглявай і матавай.

- Прывітанне, Бек, - сказаў Веткін. - Ты перад кім гэта там фінціў? Дэўчыны?

Бек-Агамалаў ціскаў рукі афіцэрам, нізка і нядбайна схіляючыся з сядла. Ён усміхнуўся, і здавалася, што яго белыя сцятыя зубы кідалі адлюстраванае святло на ўвесь ніз яго твару і на маленькія чорныя, выпешчаныя вусікі...

- Хадзілі там дзве прыгожанькія жыдовачкі. Ды мне што? Я нуль увагі.

- Ведаем мы, як вы дрэнна ў шашкі гуляеце! - кіўнуў галавою Веткін.

- Паслухайце, панове, - загаварыў Лбоў і зноў раней часу засмяяўся. - Вы ведаеце, што сказаў генерал Дахтуроў пра пяхотных ад'ютантаў? Гэта цябе, Бек, датычыцца. Што яны самыя смелыя ездакі ва ўсім свеце...

- Не хлусі, фендрык! - кінуў Бек-Агамалаў.

Ён падштурхнуў каня шэнкелямі і зрабіў выгляд, што хоча наехаць на падпрапаршчыка.

- Далібог жа! У кожнага з іх, кажа, не коні, а нейкія гітары, шафы - з запалам, слепавокія, апоеныя. А дасі яму загад - так і смаліць куды папала, на ўсю сілу. Плот - дык плот, роў - дык роў. Праз кусты ляціць. Павады выпусціў, страмёны разгубіў, шапку далоў! Адважныя ездакі!

- Што чуваць новага, Бек? - спытаў Веткін.

- Што новага? Нічога новага. Зараз, вось толькі што, застаў палкавы камандзір на сходзе падпалкоўніка Леха. Раскрычаўся на яго так, што на саборнай плошчы было чуваць. А Лех п'яны, як змей, не можа таты-мамы вымавіць. Стаіць на месцы і хістаецца, рукі за спіну залажыў. А Шульговіч як гаркне на яго: «Калі размаўляеце з палкавым камандзірам, зрабіце ласку рукі на задніцы не трымаць!» І прыслуга тут жа была.

- Моцна закручана! - сказаў Веткін з усмешкаю - ці то іранічнай, ці то ўхвальнай. - У чацвертай роце ён учора, кажуць, крычаў: «Чаго вы мне статут пад нос сунеце? Я - для вас статут, і ніякіх больш размоў! Я тут цар і бог!»

Лбоў раптам зноў засмяяўся са сваіх думак.

- А вось яшчэ, панове, быў выпадак з ад'ютантам у N-скім палку...

- Ды сціхніце, Лбоў, - сур'ёзна заўважыў яму Веткін. - Вось дык прарвала вас сёння.

- Ёсць і яшчэ навіна, - гаварыў далей Бек-Агамалаў. Ён зноў павярнуў каня перадам да Лбова і, жартуючы, стаў наязджаць на яго. Конь матляў галавою і чмыхаў, раскідваючы вакол сябе пену. - Ёсць і яшчэ навіна. Камандзір ва ўсіх ротах патрабуе ад афіцэраў, каб яны секлі чучалы. У дзевятай роце такога холаду нагнаў, што проста жах. Епіфанава загнаў пад арышт за тое, што шашка была не навостраная... Чаго ты баішся, фендрык! - крыкнуў раптам Бек-Агамалаў на падпрапаршчыка. - Прывыкай. Сам жа будзеш калі-небудзь ад'ютантам. Будзеш сядзець на кані, як падсмажаны верабей на блюдзе.

- Ну, ты, азіят!.. Прэч адсюль, - адмахваўся Лбоў ад конскай морды. - Ты чуў, Бек, як у N-скім палку адзін ад'ютант купіў каня з цырка? Выехаў на ім на агляд, а ён раптам перад самім камандуючым войскамі пачаў гішпанскім крокам парадзіраваць. Ведаеш, так: ногі ўгору і гэтак з боку на бок. Заляцеў, нарэшце, у галаўную роту - мітусня, крык, бязладдзе. А конь - ніякай увагі, ходзіць сабе гішпанскім крокам, ды і ўсё тут. Тады Драгаміраў зрабіў рупар - вось гэтак - і крычыць: «Паручні-ік, тым жа самым алюрам на гаўптвахту, на дваццаць адзін дзень, ма-арш!..»

- Гэта дробязь, - зморшчыўся Веткін. - Слухай, Бек, ты нам з гэтай сечай сапраўдны сюрпрыз зрабіў. Што ж гэта значыць? Зусім вольнага часу не застанецца? Вось і нам учора гэтую пачварыну прынеслі.

Ён паказаў на сярэдзіну пляца, дзе стаяла зробленае з сырой гліны чучала, якое мела нейкае падабенства чалавечай постаці, толькі без рук і без ног.

- Ну а вы? Секлі? - спытаў з цікаўнасцю Бек-Агамалаў. - Рамашоў, вы не спрабавалі?

- Не.

- Вось яшчэ! Буду я глупствам займацца, - забурчаў Веткін. - Калі гэта ў мяне час, каб секчы? З дзевяці раніцы да шасці вечара толькі і ведаеш, што аціраешся тут. Ледзьве паспееш пажэрці і гарэлкі выпіць. Я ім, дзякуй богу, не хлапчуком даўся...

- Дзівак. Трэба ж афіцэру ўмець валодаць шашкаю.

- Цікава ведаць, навошта гэта? На вайне? Пры цяперашняй агнястрэльнай зброі цябе і на сто крокаў не падпусцяць. На якое ліха мне твая шашка? Я не кавалерыст. А спатрэбіцца, я ўжо лепш вазьму стрэльбу ды прыкладам - бац-бац па галовах. Гэта больш надзейна.

- Ну, добра, а ў мірны час? Ці мала можа быць выпадкаў. Бунт, абурэнне там якое, ці што...

- Ды што з таго? Навошта зноў-такі шашка? Не буду ж я займацца чорнай працай, секчы людзям галовы. «Ро-ота, плі» - і ўсё ў парадку...

Бек-Агамалаў зрабіў нездаволены выраз.

- Э, ты ўсё дураслівіш, Павел Паўлыч. Не, ты адказвай сур'ёзна. Вось ідзеш ты дзе-небудзь на гулянне або ў тэатры, або, мажліва, цябе ў рэстаране абразіў які-небудзь шпак... возьмем крайняе - дасць табе які-небудзь цывільны аплявуху. Што ты будзеш рабіць?

Веткін прыўзняў плечы і грэбліва сцяў вусны.

- Н-ну! Па-першае, мяне ніякі шпак не ўдарыць, таму што б'юць толькі таго, хто баіцца, што яго паб'юць. А па-другое... ну, што я буду рабіць? Бацну ў яго з рэвальвера.

- А калі рэвальвер дома пакінуў? - спытаў Лбоў.

- Ну, чорт... ну паеду па яго... Вось глупства. Быў жа выпадак, што абразілі аднаго карнета ў кафэшантане. І ён з'ездзіў дахаты на кані, прывёз рэвальвер і ўкакошыў двух нейкіх рабчыкаў. І ўсё!

Бек-Агамалаў з прыкрасцю паківаў галавою.

- Ведаю. Чуў. Аднак суд прызнаў, што ён дзейнічаў з загадзя абдуманым намерам, і прысудзіў яго. Што ж тут добрага? Не, ужо я, каб мяне хто абразіў або ўдарыў...

Ён не дагаварыў, але так моцна сціснуў у кулак сваю маленькую руку, якая трымала павады, што яна задрыжала. Лбоў раптам закалаціўся са смеху і пырснуў.

- Зноў! - строга заўважыў Веткін.

- Панове... калі ласка... Ха-ха-ха! У N-скім палку быў выпадак. Падпрапаршчык Краўзе ў Шляхетным сходзе ўчыніў скандал. Тады буфетчык схапіў яго за пагон і амаль адарваў. Тады Краўзе выхапіў рэвальвер і р-раз яму ў галаву! На месцы! Тут яму яшчэ нейкі адвакацік пад руку трапіў, ён і яго бах! Ну, вядома, усе разбегліся. А тады Краўзе спакойна пайшоў сабе ў лагер, на пярэднюю лінейку, да сцяга. Вартавы крычыць: «Хто ідзе?» - «Падпрапаршчык Краўзе, памерці пад сцягам!» Лёг і прастрэліў сабе руку. Потым суд яго апраўдаў.

- Малайчына! - сказаў Бек-Агамалаў.

 

Пачалася звычайная, любімая маладымі афіцэрамі размова пра выпадкі нечаканых крывавых распраў на месцы і пра тое, як гэтыя выпадкі праходзілі амаль заўсёды беспакарана. У адным маленькім гарадку бязвусы п'яны карнет уварваўся з шашкаю ў натоўп жыдоў, у якіх ён папярэдне «разнёс велікодную кучку». У Кіеве пяхотны падпаручнік засек у танцавальнай зале студэнта за тое, што той штурхнуў яго локцем ля буфета. У нейкім вялікім горадзе - ці то ў Маскве, ці то ў Пецярбурзе - афіцэр застрэліў, «як сабаку», цывільнага, які ў рэстаране зрабіў яму заўвагу, што прыстойныя людзі да незнаёмых дам не прыстаюць.

Рамашоў, які да гэтага часу маўчаў, раптам, чырванеючы ад збянтэжанасці, без патрэбы папраўляючы акуляры і кашляючы, умяшаўся ў размову:

- А вось, панове, што я скажу са свайго боку. Буфетчыка я, бадай, не лічу... так... Але калі цывільны... як бы гэта сказаць?.. Так... Ну, калі ён прыстойны чалавек, дваранін і гэтак далей... Навошта ж я буду на яго, бяззбройнага, нападаць з шашкаю? Чаму я не магу ў яго патрабаваць задавальнення? Усё ж мы людзі адукаваныя, як кажуць...

- Э, глупства вы гаворыце, Рамашоў, - перапыніў яго Веткін. - Вы захочаце задавальнення, а ён скажа: «Не... э-э-э... я, ведаеце, нэогул... э-э... не прызнаю дуэлі. Я праціўнік кровапраліцця... І апрача таго, э-э... у нас ёсць міравы суддзя...» Вось і хадзіце тады ўсё жыццё з пабітай мордай.

Бек-Агамалаў шырока ўсміхнуўся сваёй іскрыстай усмешкай.

- Што? Вось бачыш! Згаджаешся са мной? Я табе, Веткін, кажу: вучыся секчы. У нас на Каўказе ўсе з маленства вучацца. На прутах, на барановых тушах, на вадзе...

- А на людзях? - уставіў Лбоў.

- І на людзях, - спакойна адказаў Бек-Агамалаў. - Ды яшчэ як сякуць! Адным ударам рассякаюць чалавека ад пляча да бядра, наўскасяк. Вось гэта ўдар! А то не варта і пэцкацца.

- А ты, Бек, можаш так?

- Не, не магу... Авечку маладую напалам перасяку... спрабаваў нават цялячыя тушы... а чалавека, мусіць, не... не рассяку. Галаву знясу к чорту, у гэтым я ўпэўнены, а так, каб наўскасяк... не. Мой бацька гэта рабіў лёгка...

- Ану, панове, пойдзем паспрабуем, - сказаў Лбоў умольным тонам, і ў яго раптам заблішчалі вочы. - Бек, мілок, пойдзем, калі ласка...

Афіцэры падышлі да глінянага чучала. Першым секануў Веткін. Надаўшы азвярэлы выгляд свайму лагоднаму, прастакаватаму твару, ён з усяе сілы, з вялікім, няспрытным размахам, ударыў па гліне. У той жа час ён міжвольна абазваўся тым характэрным гукам, якім абзываюцца мяснікі, калі сякуць ялавічыну. Лязо ўвайшло ў гліну на чвэртку аршына, і Веткін цераз сілу выцягнуў яго адтуль.

- Дрэнна! - заўважыў, паківаўшы галавой, Бек-Агамалаў. - Вы, Рамашоў...

Рамашоў выцягнуў шашку з ножан і збянтэжана паправіў рукою акуляры. Ён быў сярэдняга росту, хударлявы, і хоць досыць дужы для свайго складу, але, ад вялікай сарамяжлівасці, няспрытны. Фехтаваць на эспадронах ён не ўмеў нават у вучылішчы, а за паўтара года службы і зусім забыў гэтае штукарства. Узняўшы высока над галавой зброю, ён у той жа час інстынктыўна выставіў наперад левую руку.

- Руку! - крыкнуў Бек-Агамалаў.

Але ўжо было позна. Канец шашкі толькі злёгку чыркануў па гліне. Рамашоў, які чакаў большага супраціўлення, страціў раўнавагу і пахіснуўся. Лязо шашкі, стукнуўшыся аб яго выцягнутую наперад руку, адхапіла кавалачак скуры з указальнага пальца. Палілася кроў.

- Эх! Вось бачыце! - усклікнуў злосна Бек-Агамалаў, злазячы з каня. - Так і руку лёгка адсячы. Хіба можна гэтак абыходзіцца са зброяй? Ды нічога, глупства, завяжыце хустачкай тужэй. Інстытутка. Патрымай каня, фендрык. Вось, глядзіце. Галоўная сутнасць удару не ў плячы і не ў локці, а вось тут, у згібе кісці. - Ён зрабіў некалькі хуткіх кругападобных рухаў кісцю правай рукі, і клінок шашкі ператварыўся над яго галавою ў адзін суцэльны зіхатлівы круг. - Цяпер глядзіце: левую руку я адводжу назад, за спіну. Калі вы наносіце ўдар, дык не біце і не сячыце рэч, а рэжце яе, як бы пілуйце, адхоплівайце шашку назад... Разумееце? І пры тым памятайце цвёрда: плоскасць шашкі павінна быць абавязкова нахілена да плоскасці ўдару, абавязкова. Ад гэтага вугал робіцца вастрэйшы. Вось, глядзіце.

Бек-Агамалаў адышоў крокі на два ад глінянага цурбана, упіўся ў яго вострым, пранізлівым позіркам і раптам, бліснуўшы шашкаю высока ў паветры, страшэнным, няўлоўным для вачэй рухам, падаўшыся наперад, нанёс маланкавы ўдар. Рамашоў чуў толькі, як прарэзліва свіснула разрэзанае паветра, і адразу ж верхняя палова чучала мякка і цяжка бразнулася на зямлю. Плоскасць адрэзу была гладкая, нібыта адпаліраваная.

- Ах, чорт! Вось гэта ўдар! - усклікнуў у захапленні Лбоў. - Бек, галубок, калі ласка, яшчэ раз.

- Ану, Бек, яшчэ, - папрасіў Веткін.

Але Бек-Агамалаў, нібы баючыся сапсаваць зроблоны эфект, усміхаючыся, засоўваў шашку ў ножны. Ён цяжка дыхаў, і ўвесь ён у гэтую хвіліну, з шырока расплюшчанымі лютымі вачамі, з гарбатым носам і з ашчэранымі зубамі, быў падобны да нейкай драпежнай, злоснай і гордай птушкі.

- Гэта што? Хіба так трэба секчы? - гаварыў ён з напускной пагардай. - Майму бацьку, на Каўказе, было шэсцьдзесят год, а ён каню перасякаў шыю. Напалам! Трэба, дзеці мае, увесь час практыкавацца. У нас вось як робяць: паставяць лазовы дубец у ціскі і сякуць або ваду пусцяць зверху тоненькім струменьчыкам і сякуць. Калі няма пырскаў, значыць, удар быў добры. Ну, Лбоў, цяпер ты.

Да Веткіна падбег са спалоханым выглядам унтэр-афіцэр Бабылёў.

- Ваша благароддзе... Камандзір палка едуць!

- Смі-ірррна! - строга і ўзбуджана закрычаў капітан Сліва з другога канца плошчы.

Афіцэры таропка разышліся па сваіх узводах. Вялікі нязграбны вазок павольна з'ехаў з шашы на пляц і спыніўся. З яго з аднаго боку цяжка вылез, нахіліўшы ўвесь кузаў набок, палкавы камандзір, а з другога лёгка саскочыў на зямлю палкавы ад'ютант, паручнік Федароўскі - высокі франтаваты афіцэр.

- Здарова, шостая! - пачуўся густы, спакойны голас палкоўніка.

Салдаты гучна і бязладна закрычалі з розных канцоў пляца:

- Добрага здароўя, ваш-а-а-а!

Афіцэры прыклалі рукі да брылёў шапак.

- Прашу працягваць заняткі, - сказаў камандзір палка і падышоў да бліжэйшага ўзвода.

Палкоўнік Шульговіч быў не ў гуморы. Ён абыходзіў узводы, прапаноўваў салдатам пытанні з гарнізоннай службы і час ад часу мацюгаўся з той асаблівай маладзецкай віртуознасцю, якая ў гэтых выпадках уласціва старым франтавым служакам. Салдат нібыта гіпнатызаваў пільны, упарты позірк яго старэчых, бледных, выцвілых, строгіх вачэй, і яны пазіралі на яго, не маргаючы, ледзьве дыхаючы, выпростваючыся ад жаху ўсім целам. Палкоўнік быў вялізны, тоўсты, самавіты стары. Яго мясісты твар, вельмі шырокі ў скулах, звужаўся ўверх, а ўнізе пераходзіў у густую сярэбраную бараду і такім чынам меў форму вялікага, цяжкага ромба. Бровы былі сівыя, касматыя, грозныя. Гаварыў ён амаль не павышаючы тону, але кожны гук яго незвычайнага, славутага ў дывізіі голасу - голасу, якім ён, дарэчы, зрабіў усю сваю службовую кар'еру, - быў добра чуцён у самых дальніх месцах вялізнага пляца і нават на шашы.

- Ты хто такі? - адрывіста спытаў палкоўнік, раптоўна спыніўшыся перад маладым салдатам Шарафутдзінавым, які стаяў ля гімнастычнага плота.

- Радавы шостай роты Шарафутдзінаў, ваша высокаблагароддзя! - старанна, хрыпла крыкнуў татарын.

- Дурань! Я ў цябе пытаюся, на які пост ты прызначаны?

Салдат, разгубіўшыся ад крыку і злоснага камандзірскага выгляду, маўчаў і толькі лыпаў вачамі.

- Н-ну? - павысіў голас Шульговіч.

- Які асоба вартавы... недатыкальная... - залапатаў абы-што татарын. - Не магу знаць, ваша высокаблагароддзя, - скончыў ён раптам ціха і рашуча.

Тоўсты твар камандзіра пачырванеў густым цагляным старэчым румянцам, а яго кусцістыя бровы гнеўна ссунуліся. Ён павярнуўся вакол сябе і рэзка спытаў:

- Хто тут малодшы афіцэр?

Рамашоў выйшаў наперад і прыклаў руку да фуражкі.

- Я, пан палкоўнік.

- А-а! Падпаручнік Рамашоў. Добра вы, мусіць, займаецеся з людзьмі. Калені разам! - гаркнуў раптам Шульговіч, вылупіўшы вочы. - Як стаіцё ў прысутнасці свайго палкавога камандзіра? Капітан Сліва, стаўлю вам на від, што ваш субалтэрн-афіцэр не ўмее трымаць сябе перад начальствам пры выкананні службовых абавязкаў... Ты, сабачая душа, - павярнуўся Шульговіч да Шарафутдзінава, - хто ў цябе палкавы камандзір?

- Не магу знаць, - паныла, але хутка і цвёрда адказаў татарын.

- У!..... Я ў цябе пытаюся, хто твой камандзір палка? Хто - я? Разумееш, я, я, я, я, я!.. - І Шульговіч некалькі разоў з усяе сілы стукнуў сябе далонню па грудзях.

- Не магу знаць...

- ....... - ... - вылаяўся палкоўнік доўгай, у дваццаць слоў, заблытанай і цынічнай фразай. - Капітан Сліва, зараз жа пастаўце гэтага сучынага сына пад ружжо з поўнай выкладкай. Няхай згніе, паскуда, пад ружжом. Вы, падпаручнік, больш пра бабскія хвасты думаеце, чым пра службу. Вальсы танцуеце? Поль дэ Кокаў чытаеце?.. Што гэта - салдат, па-вашаму? - тыцнуў ён пальцам у Шарафутдзінавы губы. - Гэта - сорам, ганьба, агіднасць, а не салдат. Прозвішча свайго палкавога камандзіра не ведае... З-дзі-ўляюся вам, падпаручнік!..

Рамашоў пазіраў на сівы, чырвоны, раззлаваны твар і адчуваў, як у яго ад крыўды і ад хвалявання калоціцца сэрца і цямнее ўсё перад вачамі... І раптам, амаль нечакана для самога сябе, ён сказаў глуха:

- Гэта - татарын, пан палкоўнік. Ён нічога не разумее па-расейску, і апрача таго...

У Шульговіча імгненна пабялеў твар, заскакалі старэчыя шчокі і вочы зрабіліся зусім пустыя і страшэнныя.

- Што?! - зароў ён такім аглушальным голасам, што жыдоўскія хлопчыкі, якія сядзелі каля шашы на плоце, рассыпаліся, як вераб'і, у розныя бакі. - Што? Размаўляць? Ма-аў-чаць! Блазнюк, прапаршчык дазваляе сабе... Паручнік Федароўскі, аб'явіце ў сённяшнім загадзе аб тым, што я аддаю падпаручніка Рамашова пад хатні арышт на чацвера сутак за неразуменне воінскай дысцыпліны. А капітану Сліве аб'яўляю строгую вымову за тое, што не ўмее навучыць сваіх малодшых афіцэраў па-сапраўднаму разумець службовы абавязак.

Ад'ютант з пачцівым і раўнадушным выглядам аддаў чэсць. Сліва, згорбіўшыся, стаяў з драўляным тварам і ўвесь час трымаў дрыготкую руку ля брыля фуражкі.

- Сорамна вам, капітан Сліва, - бурчэў Шульговіч, пакрысе супакойваючыся. - Адзін з лепшых афіцэраў у палку, стары служака - і так распускаеце моладзь. Падцягвайце іх, лайце іх без сораму. Няма чаго з імі валаводзіцца. Не паненкі, не размокнуць...

Ён крута павярнуўся і, у суправаджэнні ад'ютанта, пайшоў да вазка. І пакуль ён садзіўся, пакуль вазок павярнуў на шашу і схаваўся за будынкам ротнай школы, на пляцы стаяла палахлівая цішыня.

- Эх, бацюхна! - з пагардаю, суха і злосна сказаў Сліва праз колькі хвілін, калі афіцэры ўжо разыходзіліся па хатах. - І пацягнула ж вас на размовы. Стаялі б і маўчалі, калі ўжо бог забіў. Цяпер вось мне праз вас у загадзе вымова. І на якое ліха вас прыслалі да мяне ў роту? Патрэбны вы мне, як кашаль хваробе. Вам бы сусолку ссаць, а не...

Ён не дагаварыў, стомлена махнуў рукой і, павярнуўшыся спіною да маладога афіцэра, увесь згорбіўшыся, паклыпаў дахаты, у сваю брудную, старэчую, халастую кватэру. Рамашоў паглядзеў яму ўслед, на яго панылую, вузкую і доўгую спіну, і раптам адчуў, што ў яго ў сэрцы, праз горыч нядаўняй крыўды і публічнай ганьбы, шавеліцца спагада да гэтага адзінокага, агрубелага чалавека, якога ніхто не любіў і ў якога на ўсім свеце асталіся толькі дзве ўпадобы: страявая прыгажосць сваёй роты і ціхае, адлюднае штодзённае п'янства па вечарах - «да падушкі», як казалі ў палку старыя запойныя бурбоны.

І паколькі ў Рамашова была крышку смешная, наіўная прывычка, часта ўласцівая вельмі маладым людзям, думаць аб самім сабе ў трэцяй асобе, словамі шаблонных раманаў, дык і цяпер ён вымавіў унутрана:

«Яго добрыя, выразныя вочы затуманіліся воблакам смутку...»

 

II

 

Салдаты паўзводна разышліся па кватэрах. Пляц абязлюдзеў. Рамашоў нейкі час стаяў у нерашучасці на шашы. Ужо не ў першы раз за паўтара года сваёй афіцэрскай службы перажываў ён гэтае пакутлівае ўсведамленне сваёй адзіноты і загубленасці сярод чужых, варожых або абыякавых людзей, - гэтае самотнае пачуццё, калі не ведаеш, куды падзець сённяшні вечар. Думкі аб сваёй кватэры, аб афіцэрскім сходзе абрыдлі яму. У сходзе цяпер пуста; напэўна, два падпрапаршчыкі гуляюць на дрэнным, маленькім більярдзе, п'юць піва, кураць і над кожным шарам з зацятасцю прысягаюць і лаюцца; у пакоях стаіць застарэлы пах нясмачнага кухмістарскага абеду - сумна!..

«Пайду на вакзал, - сказаў сам сабе Рамашоў. - Усё роўна».

У бедным жыдоўскім мястэчку не было ніводнага рэстарана. Клубы, як ваенны, так і цывільны, былі ў самым убогім, запушчаным стане, і таму вакзал з'яўляўся адзіным месцам, куды звычайна часцяком ездзілі выпіць і развеяцца і нават пагуляць у карты. Ездзілі туды і дамы к прыходу пасажырскіх цягнікоў, што ўносіла маленькую разнастайнасць у глыбокую нудоту правінцыяльнага жыцця.

Рамашоў любіць хадзіць на вакзал па вечарах, к кур'ерскаму цягніку, які прыпыняўся тут у апошні раз перад прускай граніцай. З дзіўным зачараваннем, усхвалявана сачыў ён, як да станцыі, імкліва вылецеўшы з-за павароткі, пад'язджаў на ўсіх парах гэты цягнік усяго з пяці новенькіх, зіхатлівых вагонаў, як хутка раслі і разгараліся яго вогненныя вочы, што кідалі перад сабою на рэйкі светлыя плямы, і як ён, ужо гатовы праскочыць станцыю, імгненна, з сіпеннем і грукатам, прыпыняўся - «нібы волат, які ўхапіўся з разбегу за скалу», - думаў Рамашоў. З вагонаў, якія наскрозь ззялі вясёлымі святочнымі агнямі, выходзілі прыгожыя, багата апранутыя і выпешчаныя дамы ў дзівосных капялюшыках, у незвычайна зграбных касцюмах, выходзіла цывільнае панства, цудоўна апранутае, бесклапотна самаўпэўненае, з гучнымі галасамі, з французскай і нямецкай мовай, з вольнымі жэстамі, з лянівым смехам. Ніхто з іх ніколі, нават мелькам, не звяртаў увагі на Рамашова, але ён бачыў у іх кавалачак нейкага недасягальнага, вытанчанага, цудоўнага свету, дзе жыццё - вечнае свята і ўрачыстасць.

Праходзіла восем хвілін. Звінеў званок, свістаў паравоз, і зіхатлівы цягнік пакідаў станцыю. Таропка гасіліся агні на пероне і ў буфеце. Адразу надыходзіла цёмная будзённасць. І Рамашоў заўсёды падоўгу з ціхім, летуценным смуткам сачыў за чырвоным ліхтарыкам, які плаўна гойдаўся ззаду апошняга вагона, адыходзячы ў морак ночы і робячыся ледзь прыкметнай іскрынкай.

«Пайду на вакзал», - падумаў Рамашоў. Але адразу ж ён паглядзеў на свае галёшы і пачырванеў ад колкага сораму. Гэта былі цяжкія гумовыя галёшы ў паўтары чвэрткі глыбіні, аблепленыя даверху густой, як цеста, чорнай гразёй. Такія галёшы насілі ўсе афіцэры ў палку. Потым ён паглядзеў на свой шынель, абрэзаны, таксама дзеля гразі, да каленяў, з абвіслымі ўнізе махрамі, з зашмальцаванымі і расцягнутымі прарэшкамі, і ўздыхнуў. На мінулым тыдні, калі ён праходзіў па платформе каля таго самага кур'ерскага цягніка, ён прыкмеціў высокую, стройную, вельмі прыгожую даму ў чорнай сукенцы, якая стаяла ў дзвярах вагона першага класа. Яна была без капялюшыка, і Рамашоў хутка, але выразна паспеў разгледзець яе тонкі, правільны нос, цудоўныя маленькія і пухлыя губы і бліскучыя чорныя хвалістыя валасы, якія ад прамога прабора пасяродку галавы спускаліся ўніз да шчок, закрываючы скроні, канцы броваў і вушы. Ззаду яе, выглядаючы з-за яе пляча, стаяў рослы малады чалавек у светлым гарнітуры з ганарыстым тварам і з вусамі ўверх, як у імператара Вільгельма, нават крышку падобны да Вільгельма. Дама таксама паглядзела на Рамашова, і, як яму здалося, паглядзела пільна, з увагаю, і, праходзячы паўз яе, падпаручнік падумаў, як звычайна: «Вочы цудоўнай незнаёмкі з задавальненнем спыніліся на стройнай, хударлявай постаці маладога афіцэра». Але калі, прайшоўшы крокаў з дзесяць, Рамашоў раптам павярнуўся назад, каб яшчэ раз сустрэць позірк прыгожай дамы, ён угледзеў, што і яна і яе спадарожнік з захапленнем смяюцца, пазіраючы яму ўслед. Тады Рамашоў раптам з нечаканай яснасцю і як бы збоку ўявіў самога сябе, свае галёшы, шынель, бледны твар, блізарукасць, сваю звычайную разгубленасць і нязграбнасць, прыгадаў сваю толькі што прыдуманую прыгожую фразу і пачырванеў пакутліва, да вострага болю, ад нясцерпнага сораму. І нават цяпер, ідучы на адзіноце ў прыцемку вясенняга вечара, ён зноў яшчэ раз пачырванеў ад сораму за гэты ранейшы сорам.

- Не, куды ўжо на вакзал, - прашаптаў з горкай безнадзейнасцю Рамашоў. - Пахаджу крышку, а потым дадому...

Быў пачатак красавіка. Змрок ападаў непрыкметна для вока. Таполі, што раслі паабапал шашы, белыя, нізкія домікі з чарапічнымі дахамі па баках ад дарогі, постаці рэдкіх прахожых - усё счарнела, страціла фарбы і перспектыву; усе рэчы ператварыліся ў чорныя пляскатыя сілуэты, але абрысы іх з чароўнай акрэсленасцю стаялі ў смуглявым паветры. На захадзе за горадам гарэла зара. Быццам у жарало распаленага вулкана, які палаў вадкім золатам, падалі цяжкія шызыя воблакі і пунсавелі крывава-чырвонымі, і бурштынавымі, і фіялетавымі агнямі. А над вулканам узнімалася купалам угару, зелянеючы бірузою і аквамарынам, лагоднае вячэрняе вясенняе неба.

Павольна ідучы па шашы, з цяжкасцю перастаўляючы ногі ў вялікіх галёшах, Рамашоў неадступна глядзеў на гэты казачны пажар. Як і заўсёды, з самага маленства, яму мроілася за яркай вячэрняй зарой нейкае таямнічае, прамяністае жыццё. Быццам бы там, далёка-далёка за воблакамі і за небасхілам, гарэў пад нябачным адсюль сонцам чароўны, асляпляльна-цудоўны горад, схаваны ад вачэй хмарамі, поўнымі ўнутранага агню. Там зіхацеў нясцерпным бляскам брук з залатых плітак, узвышаліся дзівосныя купалы і вежы з пурпуровымі дахамі, зіхацелі брыльянты ў вокнах, трапяталі ў паветры яркія рознакаляровыя сцягі. І здавалася, што ў гэтым далёкім і казачным горадзе жывуць радасныя, вясёлыя людзі, усё жыццё якіх падобна да салодкай музыкі, у якіх нават задуменнасць, нават смутак - чароўна пяшчотныя і прыгожыя. Ходзяць яны па зыркіх плошчах, па цяністых садах, сярод кветак і фантанаў, ходзяць, богападобныя, светлыя, поўныя невыказнай радасці, яны не ведаюць перашкод у шчасці і жаданнях, не азмрочаны ні тугою, ні сорамам, ні клопатамі...

Нечакана прыгадалася Рамашову нядаўняя сцэнка на пляцы, грубыя крыкі палкавога камандзіра, адчуванне перажытай крыўды, адчуванне вострай і ў той жа час хлапчукоўскай няёмкасці перад салдатамі. Самым балючым для яго было тое, што на яго крычалі дакладна гэтак жа, як і ён іншы раз крычаў на маўклівых сведак яго сённяшняй ганьбы, і ў гэтым усведамленні было нешта такое, што згладжвала розніцу ў становішчы, нешта такое, што прыніжала яго афіцэрскую і, як ён думаў, чалавечую годнасць.

І ў ім адразу ж, нібы ў хлапчуку - у ім на самай справе асталося яшчэ шмат дзіцячага, - завіравалі помслівыя, фантастычныя, п'янкія мары. «Глупства! Усё жыццё перада мной! - разважаў Рамашоў, і, захоплены сваімі думкамі, ён глыбока ўздыхнуў і паскорыў хаду. - Вось, насуперак ім усім, заўтра ж з раніцы сяду за кнігі, падрыхтуюся і паступлю ў акадэмію. Праца! О, праца можа зрабіць усё, што захочаш. Узяць толькі сябе ў рукі. Буду зубрыць, як вар'ят... І вось, нечакана для ўсіх, я вытрымліваю бліскуча экзамен. І тады напэўна ўсе яны скажуць: «Што ж тут дзіўнага? Мы былі загадзя ў гэтым перакананы. Такі здольны, мілы, таленавіты малады чалавек».

І Рамашоў так яскрава ўбачыў сябе вучоным афіцэрам генеральнага штаба, які падае выключныя надзеі... Імя яго запісана ў акадэміі на залатой дошцы. Прафесары абяцаюць яму бліскучую будучыню, прапануюць застацца пры акадэміі, але - не - ён ідзе ў строй. Трэба адбываць тэрміны камандавання ротаю. І абавязкова ў сваім палку. Вось ён прыязджае сюды - элегантны, спагадліва-нядбайны, карэктны і дзёрзка-ветлівы, як тыя афіцэры генеральнага штаба, якіх ён бачыў на леташніх вялікіх манеўрах і на здымках. Афіцэрскай кампаніі ён пазбягае. Грубыя армейскія звычкі, фамільярнасць, карты, папойкі - не, гэта не для яго: ён памятае, што тут толькі этап на шляху яго далейшай кар'еры і славы.

Вось пачаліся манеўры. Вялікі двухбаковы бой. Палкоўнік Шульговіч не разумее дыспазіцыі, блытаецца, непакоіць людзей і сам мітусіцца - яму ўжо зрабіў два разы заўвагу праз ардынарцаў камандзір корпуса. «Ну, капітан, выручайце, - звяртаецца ён да Рамашова. - Ведаеце, па старой дружбе. Памятаеце, хе-хе-хе, як мы з вамі сварыліся? Ужо, калі ласка». Твар сканфужаны і ліслівы. Але Рамашоў, бездакорна аддаючы чэсць і падаўшыся наперад у сядле, адказвае са спакойна-ганарлівым выглядам: «Вінаваты, пан палкоўнік... Гэта ваш абавязак распараджацца перамяшчэннямі палка. Мая справа - прымаць загады і выконваць іх...» А ўжо ад камандзіра корпуса ляціць трэці ардынарац з новай вымовай.

Бліскучы афіцэр генеральнага штаба Рамашоў ідзе ўсё вышэй і вышэй па шляху службовай кар'еры... Вось успыхнула абурэнне рабочых на вялікім сталеліцейным заводзе. Тэрмінова выклікана рота Рамашова. Ноч, зарава пажару, вялізны ўзбуджаны натоўп, ляцяць каменні... Стройны, прыгожы капітан выходзіць наперад роты. Гэта - Рамашоў. «Браткі, - звяртаецца ён да рабочых, - трэці і апошні раз папярэджваю, што буду страляць!..» Крык, свіст, рогат... Камень б'е па плячы Рамашова, але яго мужны, адкрыты твар застаецца спакойны. Ён паварочваецца назад, да салдат, у якіх вочы гараць гневам, таму што пакрыўдзілі іх горача любімага начальніка. «Проста па натоўпе, агонь ротаю... Рота-а, плі!..» Сто выстралаў зліваюцца ў адзін... Жахлівы крык. Дзесяткі мёртвых і параненых валяцца ў кучу... Астатнія ўцякаюць у бязладдзі, некаторыя становяцца на калені, молячы аб літасці. Бунт уціхаміраны. Рамашова чакае наперадзе падзяка ад начальства і ўзнагарода за вялікую мужнасць.

А там вайна... Не, да вайны Рамашоў лепш паедзе ваенным шпіёнам у Германію. Вывучыць нямецкую мову да поўнай дасканаласці і паедзе. Якая адвага! Адзін, зусім адзін, з нямецкім пашпартам у кішэні, з катрынкаю за плячмі. Абавязкова з катрынкаю. Ходзіць з горада ў горад, круціць ручку катрынкі, збірае пфенігі, прыкідваецца дурнем і ў той жа час паціху здымае планы ўмацаванняў, складаў, казармаў, лагераў. Вакол пастаянная небяспека. Свой урад адступіўся ад яго, ён па-за законам. Удасца яму здабыць каштоўныя звесткі - у яго грошы, чыны, становішча, слава, не - яго расстраляюць без суда, без усякіх фармальнасцей, на золку ля якога-небудзь крывога капаніра. Вось яму спагадліва прапануюць завязаць вочы хусцінкай, але ён з пагардаю шпурляе яе на зямлю. «Хіба вы думаеце, што сапраўдны афіцэр баіцца зірнуць у вочы смерці?» Стары палкоўнік гаворыць са спачуваннем: «Паслухайце, вы маладыя, мой сын гэткіх жа гадоў, як і вы. Назавіце ваша прозвішча, назавіце толькі вашу нацыянальнасць, і мы заменім вам пакаранне смерцю зняволеннем». Але Рамашоў перапыняе яго з халоднай ветлівасцю: «Гэта марна, палкоўнік, дзякую вам. Рабіце сваю справу». Потым ён звяртаецца да ўзвода стралкоў. «Салдаты, - кажа ён цвёрдым голасам, вядома, па-нямецку, - прашу аб таварыскай паслузе: цаляйце ў сэрца!» Чулы лейтэнант, ледзьве стрымліваючы слёзы, махае белай хустачкай. Залп...

Гэтая ўяўная карціна атрымалася такая жывая і яскравая, што Рамашоў, які даўно ўжо ішоў шырокай ступой і глыбока дыхаў, раптам увесь закалаціўся і ў спалоху застыў на месцы з сутаргава сціснутымі кулакамі і ўсхваляваным сэрцам. Але адразу ж, слаба і вінавата ўсміхнуўшыся самому сабе ў цемры, ён уцягнуў галаву ў плечы і пайшоў далей.

Але неўзабаве шпаркія, як плынь, неадольныя мары зноў апанавалі яго. Пачалася страшэнная кровапралітная вайна з Прусіяй і Аўстрыяй. Вялізнае поле бітвы, трупы, гранаты, кроў, смерць! Гэта генеральны бой, які вырашае ўвесь лёс кампаніі. Падыходзяць апошнія рэзервы, з хвіліны на хвіліну чакаюць паяўлення ў тыле праціўніка абходнай расейскай калоны. Трэба стрымаць люты націск ворага, трэба вытрываць, чаго б гэта ні каштавала. І самы страшэнны агонь, самыя шалёныя намаганні ворага накіраваны на Керанскі полк. Салдаты б'юцца, як ільвы, яны ні разу не пахіснуліся, хоць шэрагі іх з кожнаю хвілінаю радзеюць пад градам варожых стрэлаў. Гістарычны момант! Пратрымацца б яшчэ хвіліну, дзве - і перамога будзе вырвана ў праціўніка. Але палкоўнік Шульговіч збянтэжаны; ён храбры - гэта бясспрэчна, аднак яго нервы не вытрымліваюць гэтага жаху. Ён заплюшчвае вочы, уздрыгвае, бляднее... Вось ён ужо зрабіў знак гарністу іграць адступленне, вось ужо салдат прыклаў ражок да губ, але ў гэты момант з-за пагорка на ўпараным арабскім кані вылятае начальнік дывізіённага штаба, палкоўнік Рамашоў. «Палкоўнік, не маеце права адступаць! Тут вырашаецца лёс Расеі!..» Шульговіч загараецца ў гневе: «Палкоўнік! Тут я камандую, і я адказваю перад богам і гасударом! Гарніст, адбой!» Але Рамашоў ужо выхапіў з рук у гарніста ражок. «Хлопцы, наперад! Цар і радзіма глядзяць на вас! Ура!» Шалёна, са страшэнным крыкам кінуліся салдаты наперад, за Рамашовым. Усё змяшалася, заплыло дымам, паляцела кудысьці ў прадонне. Варожыя рады завагаліся і адступаюць у бязладдзі. А ззаду іх, далёка за ўзгоркамі, ужо бліскаюць штыкі свежай, абходнай калоны.

«Ура, браткі, перамога!..»

Рамашоў, які цяпер ужо не ішоў, а бег, весела махаючы рукамі, раптам спыніўся, не разумеючы, што з ім робіцца. Па яго спіне, па руках і нагах, пад адзежай, па голым целе, здавалася, бегалі чыесьці халодныя пальцы, валасы на галаве варушыліся, уваччу пякло ад слёз захаплення. Ён і сам не заўважыў, як дайшоў да свайго дома, і цяпер, ачуўшыся ад палкіх мараў, са здзіўленнем пазіраў на добра знаёмыя яму вароты, на рэдкі пладовы сад за імі і на белы маленькі флігель у глыбіні саду.

- Якое, аднак, глупства лезе ў мазгаўню! - прашаптаў ён засаромлена. І яго галава баязліва ўцягнулася ў прыўзнятыя дагары плечы.

 

III

 

Супакоіўшыся, Рамашоў, як быў, у паліто, не зняўшы нават шашкі, лёг на ложак і доўга ляжаў нерухома, тупа і пільна пазіраючы ў столь. У яго балела галава і ламала спіну, а на душы была такая пустэча, нібы там ніколі не нараджалася ні думак, ні ўспамінаў, ні пачуццяў; не адчувалася нават ні раздражнення, ні нудоты, а проста ляжала штосьці вялікае, змрочнае і абыякавае.

За акном мякка слаўся самотны і пяшчотны зеленаваты красавіцкі прыцемак. У сенцах ціха корпаўся дзяншчык, асцярожна стукаючы чымсьці металічным.

«Вось дзіўна, - казаў сам сабе Рамашоў, - недзе я чытаў, што чалавек не можа ніводнай хвіліны не думаць. А я вось ляжу і ні аб чым не думаю. Ці так гэта? Не, я зараз думаю аб тым, што нічога не думаю, - значыць, усё ж нейкае кола ў мазгах круцілася. І вось зараз зноў правяраю сябе, выходзіць, зноў-такі думаю...»

І ён да таго часу разбіраўся ў гэтых нудных, заблытаных думках, пакуль яму раптам не зрабілася амаль фізічна агідна: як быццам у яго пад чэрапам расплылося шэрае, бруднае павуцінне, ад якога ніяк нельга было адкараскацца. Ён прыўзняў галаву над падушкаю і крыкнуў:

- Гайнан!..

У сенцах штосьці грукнула і пакацілася - мусіць, самаварная труба. У пакой уляцеў дзяншчык, так шпарка і з такім шумам адчыніўшы і зачыніўшы дзверы, нібыта за ім гналіся ззаду.

- Я, ваша благароддзе! - крыкнуў Гайнан спалоханым голасам.

- Ад падпаручніка Мікалаева нікога не было?

- Ніяк не, ваша благароддзе! - крыкнуў Гайнан.

Паміж афіцэрам і дзеншчыком даўно ўжо склаліся простыя, шчырыя, нават крышку любоўна-фамільярныя адносіны. Але калі справа даходзіла да казённых афіцыйных адказаў, накшталт «так точна», «ніяк не», «добрага здароўя», «я не магу знаць», дык Гайнан міжвольна выкрыкваў іх тым драўляным, прыдушаным, няўцямным крыкам, якім заўсёды гавораць салдаты з афіцэрамі ў страі. Гэта была неўсвядомленая прывычка, з якою ён ужыўся з першых дзён свайго навабранства і якая, напэўна, засела на ўсё жыццё.

Гайнан быў родам чараміс, а па рэлігіі - ідалапаклоннік. Апошняя акалічнасць чамусьці вельмі лесціла Рамашову. У палку паміж маладымі афіцэрамі была распаўсюджана даволі наіўная, хлапечая, смяхотная гульня: навучыць дзеншчыкоў дзівосным, незвычайным рэчам. Веткін, напрыклад, калі да яго прыходзілі ў госці таварышы, звычайна пытаўся ў свайго дзеншчыка-малдаваніна: «А што, Бузяскул, засталося ў нас у склепе яшчэ шампанскае?» Бузяскул адказваў на гэта зусім сур'ёзна: «Ніяк не, ваша благароддзе, учора мелі ласку выпіць апошні тузін». Другі афіцэр, падпаручнік Епіфанаў, любіў задаваць свайму дзеншчыку такія мудрагелістыя пытанні, якія наўрад ці былі зразумелыя яму самому. «Якой ты думкі, мой шаноўны, - пытаўся ён, - пра рэстаўрацыю манархіі ў сучаснай Францыі?» І дзяншчык, не маргнуўшы вокам, адказваў: «Дакладна так, ваша благароддзе, гэта атрымліваецца вельмі добра». Паручнік Бабяцінскі навучаў дзеншчыка катэхізісу, і той без запінкі адказваў на самыя дзіўныя, адарваныя ад усяго пытанні: «Чаму гэта важна па-трэцяе?» - «Гэта па-трэцяе не важна» або: «Якой думкі аб гэтым святая царква?» - «Святая царква пра гэта нічога не гаворыць». У яго ж дзяншчык дэкламаваў з недарэчнымі трагічнымі жэстамі Пімена з «Барыса Гадунова». Распаўсюджана была таксама манера прымушаць дзеншчыкоў гаварыць па-французску: банжур, мусьё; бон нюіт, мусьё; вуле ву дзю тэ, мусьё*, - і так далей. Усё гэта выдумлялася, як адцяжка, ад нудоты, ад вузкасці замкнёнага жыцця, ад адсутнасці другіх інтарэсаў, апрача службовых.

* Добры дзень, васпан; добрай ночы, васпан; хочаце гарбаты, васпан (франц.).

Рамашоў часта гутарыў з Гайнанам пра яго багоў, аб якіх, між іншым, сам чараміс меў даволі цьмянае ўяўленне, а таксама пра тое, як ён прымаў прысягу на вернасць трону і радзіме. А прымаў ён прысягу сапраўды вельмі арыгінальна. У той час, калі формулу прысягі чытаў праваслаўным - святар, католікам - ксёндз, жыдам - рабін, пратэстантам, праз адсутнасць пастара - штабс-капітан Дзіц, а магаметанам - паручнік Бек-Агамалаў, - з Гайнанам была зусім асобая гісторыя. Палкавы ад'ютант паднёс пачаргова яму і двум яго землякам і адзінаверцам па кавалку хлеба з соллю на вастрыі шашкі, і тыя, не дакранаючыся хлеба рукамі, узялі яго ротам і тут жа з'елі. Сімвалічны сэнс гэтага абраду быў, здаецца, такі: вось я з'еў хлеб і соль на службе ў новага гаспадара, - хай жа мяне пакарае жалеза, калі я буду няверны. Гайнан, мусіць, крышку ганарыўся гэтым выключным абрадам і ахвотна пра яго ўспамінаў. А паколькі з кожным новым разам ён дадаваў да свайго расказу ўсё новыя і новыя падрабязнасці, дык урэшце ў яго атрымалася нейкая фантастычная, неймаверна недарэчная і на самай справе смешная казка, якая надзвычай забаўляла Рамашова і падпаручнікаў, што прыходзілі да яго.

Гайнан і цяпер думаў, што паручнік зараз жа распачне з ім прывычную гаворку пра багоў і прысягу, і таму стаяў і хітра ўсміхаўся. Але Рамашоў сказаў абыякава:

- Ну, добра... ідзі сабе...

- Сурдут табе новы прыгатаваць, ваша благароддзе? - клапатліва спытаў Гайнан.

Рамашоў маўчаў і вагаўся. Яму хацелася сказаць - так... потым - не, потым зноў - так. Ён глыбока, па-дзіцячы, у некалькі прыёмаў, уздыхнуў і адказаў паныла:

- Не, Гайнан... навошта ўжо... бог з імі... Давай, браток, самавар, ды потым збегаеш у сход па вячэру. Што ўжо!

«Сёння наўмысна не пайду, - упарта, але бяссільна падумаў ён. - Немагчыма кожны дзень дакучаць людзям, ды і... зусім я там, здаецца, не даспадобы».

У галаве гэтае рашэнне здавалася цвёрдым, але дзесьці глыбака і патаемна ў душы, амаль не пранікаючы ў свядомасць, варушылася ўпэўненасць, што ён сёння, як і ўчора, як рабіў гэта амаль штодзённа ў апошнія тры месяцы, усё ж пойдзе да Мікалаевых. Кожны дзень, ідучы ад іх а дванаццатай гадзіне ўночы, ён, з сорамам і раздражненнем на ўласную бесхарактарнасць, даваў сабе слова прапусціць тыдзень або два, а то і зусім перастаць хадзіць да іх. І пакуль ён ішоў к сабе, пакуль клаўся спаць, пакуль засынаў, ён верыў у тое, што яму будзе лёгка стрымаць сваё слова. Але мінала ноч, марудна і гідасна цягнуўся дзень, надыходзіў вечар, і яго зноў нястрымна цягнула ў гэты чысты, светлы дом, у зацішныя пакоі, да гэтых спакойных і вясёлых людзей і, галоўнае, да мілай жаночай красы, ласкі і какецтва.

Рамашоў прысеў на ложку. Насоўваўся змрок, але ён яшчэ добра бачыў увесь свой пакой. О, як надакучыла яму бачыць кожны дзень усё тыя ж убогія нешматлікія рэчы яго «абсталявання»! Лямпа з ружовым каўпаком-цюльпанам на маленькім пісьмовым стале, побач з круглым, таропкім будзільнікам і чарніліцай у выглядзе мопса; на сцяне, уздоўж ложка, лямцавы дыван з намаляваным тыграм і верхавым арапам з кап'ём; невялічкая этажэрка з кнігамі ў адным куце, а ў другім фантастычны сілуэт віяланчэльнага футарала; над адзіным акном саламяная штора, згорнутая ў трубку; каля дзвярэй прасціна, якая закрывала вешалку з адзежаю. У кожнага халастога афіцэра, у кожнага падпрапаршчыка нязменна былі дакладна гэткія ж рэчы, за выключэннем, мабыць, толькі віяланчэлі; яе Рамашоў узяў з палкавога аркестра, дзе яна была зусім не патрэбна, але, не вывучыўшы нават мажорнай гамы, закінуў і яе і музыку яшчэ год таму назад.

Крышку больш года назад Рамашоў, толькі што скончыўшы ваеннае вучылішча, з асалодаю і гонарам набываў гэтыя пошлыя рэчы. Вядома - свая кватэра, уласныя рэчы, магчымасць купляць, выбіраць па сваім жаданні, уладкоўвацца па сваім гусце - усё гэта напаўняла самалюбным захапленнем душу дваццацігадовага хлопчыка, які ўчора толькі сядзеў за вучнёўскай лаўкай і хадзіў на гарбату і сняданак у страі, разам з таварышамі. І як многа было надзей і планаў у той час, калі купляліся гэтыя ўбогія рэчы!.. Якая строгая праграма жыцця намячалася! У першыя два гады - грунтоўнае знаёмства з класічнай літаратурай, сістэматычнае вывучэнне французскай і нямецкай мовы, заняткі музыкай. У апошні год - падрыхтоўка да акадэміі. Неабходна было сачыць за грамадскім жыццём, за літаратурай і навукай, і для гэтага Рамашоў падпісаўся на газету і на штомесячны папулярны часопіс. Для самаадукацыі былі набыты: «Псіхалогія» Вундта, «Фізіялогія» Льюіса, «Самадзейнасць» Смайльса...

І вось кнігі ляжаць ужо дзевяць месяцаў на этажэрцы, і Гайнан забывае змесці з іх пыл, газеты з неразарванымі бандэролямі валяюцца пад пісьмовым сталом, перасталі высылаць часопіс, бо не была ўнесена чарговая паўгадавая плата, а сам падпаручнік Рамашоў п'е шмат гарэлкі ў сходзе, мае доўгую, брудную і сумную сувязь з палкавой дамай, з якою разам ашуквае яе сухотнага і раўнівага мужа, гуляе ў штос і ўсё часцей і часцей адчувае агіднасць да службы, і да таварышаў, і да ўласнага жыцця.

- Вінаваты, ваша благароддзе! - крыкнуў дзяншчык, які раптоўна з грукатам вылецеў з сенцаў. Але адразу ж ён загаварыў зусім іншым, простым і лагодным тонам: - Забыўся сказаць. Табе ад пані Петэрсон пісьма прыйшла. Дзяншчык прынёс, загадаў табе адказ пісаць.

Рамашоў зморшчыўся, разадраў доўгі, вузкі ружовы канверт, на ражку якога ляцеў голуб з пісьмом у дзюбе.

- Запалі лямпу, Гайнан, - загадаў ён дзеншчыку.

«Любы, дарагі, вусаты Жоржык, - чытаў Рамашоў добра знаёмыя яму, неахайныя радкі. - Ты не быў у нас вось ужо цэлы тыдзень, і я так за табой засумавала, што ўсю мінулую ноч праплакала. Памятай адно, што калі ты хочаш з мяне смяяцца, дык я гэтай здрады не перанясу. Адзін глыток з бутэлечкі з морфіем, і я перастану навекі пакутаваць, а цябе згрызе сумленне. Прыходзь абавязкова сёння ў 7 1/2 гадзін вечара. Яго не будзе дома, ён будзе на тактычных занятках, і я цябе моцна, моцна, моцна расцалую, як толькі змагу. Прыходзь жа. Цалую цябе 1 000 000 000... разоў. Уся твая Раіса.

P.S. Помніш ты, любая, вербы плакучыя

Голле сплялі над ракой.

Ты пацалункі дарыла пякучыя,

Я падзяляў іх з табой*.

* Тут і далей вершы ў перакладзе Хв.Жычкі.

P.S. Вы абавязкова, абавязкова павінны быць у сходзе на вечары ў наступную суботу. Я вас загадзя запрашаю на 3-ю кадрыль. Па значэнню!!!!!!

R. P.».

І нарэшце ў самым нізе на чацвертай старонцы было намалявана наступнае:

Я

тут

пацалавала

Ад пісьма пахла знаёмымі духамі - персідскім бэзам; кроплі гэтых духоў плямамі засохлі там-сям на паперы, і пад імі шмат якія літары расплыліся ў розныя бакі. Гэты прытарны пах, разам з пошла-дураслівым тонам пісьма, разам з уяўным рыжавалосым, маленькім, хлуслівым тварам, раптам абудзіў у Рамашова нясцерпную агіду. Ён са злоснай асалодай разадраў пісьмо напалам, потым склаў і разадраў на чатыры часткі, і яшчэ, і яшчэ, і калі нарэшце рукі стаміліся, кінуў шматкі пад стол, моцна сцяўшы і ашчэрыўшы зубы. І ўсё ж Рамашоў у гэты момант паспеў па сваёй звычцы падумаць аб самім сабе ў трэцяй асобе:

«І ён рассмяяўся горкім, пагардлівым смехам».

Разам з тым ён адразу ж зразумеў, што абавязкова пойдзе да Мікалаевых. «Але гэта ўжо ў самы, самы апошні раз!» - спрабаваў ён ашукаць самога сябе. І яму адразу стала весела і спакойна.

- Гайнан, апранацца!

Ён з нецярплівасцю памыўся, надзеў новы сурдут, надушыў чыстую насоўку кветачным адэкалонам. Але калі ён ужо сабраўся быў выходзіць, яго нечакана спыніў Гайнан.

- Ваша благароддзе! - сказаў чараміс незвычайна мяккім і выбачлівым тонам і раптам заскакаў на месцы.

Ён заўсёды так скакаў, калі моцна хваляваўся ці бянтэжыўся: выстаўляў то адно, то другое калена наперад, пацепваў плячмі, выцягваў шыю і нервова варушыў пальцамі апушчаных рук.

- Чаго табе яшчэ?

- Ваша благароддзе, хачу табе, калі ласка, вельмі папрасіць. Падаруй мне белы пан.

- Што такое? Які белы пан?

- А які загадаў выкінуць. Вось гэты, вось...

Ён паказаў пальцам за печку, дзе стаяў на падлозе бюст Пушкіна, набыты неяк Рамашовым у зайшлага разносчыка. Гэты бюст, які, дарэчы, нагадваў, нягледзячы на надпіс на ім, старога жыдоўскага маклера, а не вялікага расейскага паэта, быў так агідна выкананы, так заседжаны мухамі і так намазоліў Рамашову вочы, што ён сапраўды загадаў Гайнану днямі выкінуць яго на вуліцу.

- Навошта ён табе? - спытаў падпаручнік, смеючыся. - Ды бяры, зрабі ласку, бяры. Я вельмі рады. Мне не патрэбны. Толькі навошта табе?

Гайнан маўчаў і пераступаў з нагі на нагу.

- Ну, як сабе хочаш, бог з табой, - сказаў Рамашоў. - Толькі ці ведаеш ты, хто гэта?

Гайнан ласкава і збянтэжана ўсміхнуўся і заскакаў з яшчэ большай заўзятасцю.

- Я не ведай... - І выцер рукавом губы.

- Не ведаеш - дык ведай. Гэта Пушкін. Аляксандар Сяргеевіч Пушкін. Зразумеў? Паўтары за мной: Аляксандар Сяргеевіч...

- Бясіеў, - паўтарыў рашуча Гайнан.

- Бясіеў? Ну, хай будзе Бясіеў, - згадзіўся Рамашоў. - Аднак я пайшоў. Калі прыйдуць ад Петэрсонаў, скажаш, што падпаручнік пайшоў, а куды - невядома. Зразумеў? А калі што-небудзь па службе, дык бяжы па мяне на кватэру да паручніка Мікалаева. Бывай, стары!.. Вазьмі са сходу маю вячэру і можаш яе есці.

Ён па-сяброўску ляпнуў па плячы чараміса, які ў адказ моўчкі ўсміхнуўся яму шырока, радасна і фамільярна.

 

IV

 

На вуліцы стаяла зусім чорная, непраглядная ноч, так што спачатку Рамашову трэба было, нібы сляпому, намацваць перад сабою дарогу. Ногі яго ў вялізных галёшах глыбока ўгрузалі ў густую, як рахат-лукум, гразь і вылазілі адтуль са свістам і чмяканнем. Іншы раз адзін з галёшаў засмоктвала так моцна, што з яго вылятала нага, і тады Рамашоў, балансуючы на адной назе, другой нагой упоцемках адшукваў згубу.

Мястэчка быццам вымерла, нават сабакі не брахалі. З вокан нізенькіх белых хацін там-сям бруілася туманнымі роўнымі палосамі святло і доўгімі касякамі клалася на жоўта-бурую бліскучую зямлю. Але ад мокрага і ліпучага штыкетніка, уздоўж якога ўвесь час ішоў Рамашоў, ад азызлай кары таполяў, ад дарожнай гразі патыхала чымсьці вясеннім, моцным, шчаслівым, чымсьці неўсвядомлена і весела раздражняльным. Нават пранізлівы вецер, які імкліва гойсаў па вуліцах, дзьмуў па-вясенняму няроўна, перарывіста, быццам уздрыгваючы, блытаючыся і сваволячы.

Перад домам, які займалі Мікалаевы, падпаручнік спыніўся, ахоплены хвіліннай слабасцю і ваганнем. Маленькія вокны былі пазакрываны шчыльнымі карычневымі фіранкамі, але за імі адчувалася роўнае зыркае святло. У адным месцы парцьера адхінулася, утварыўшы доўгую, вузкую шчыліну. Рамашоў прыпаў галавою да шыбы, ён хваляваўся і стараўся дыхаць як мага цішэй, нібы яго маглі пачуць у пакоі.

Ён угледзеў твар і плечы Аляксандры Пятроўны, якая сядзела, крышку згорбіўшыся, на знаёмай канапе з зялёнага рыпсу. Па гэтай паставе і па лёгкіх рухах цела, па нізка апушчанай галаве відаць было, што яна занята рукадзеллем.

Вось яна раптам выпрасталася, узняла галаву і глыбока ўздыхнула... Губы яе варушацца... «Што яна гаворыць? - думаў Рамашоў. - Вось усміхнулася. Як гэта дзіўна - глядзець праз шыбу на чалавека, які гаворыць, і не чуць яго!»

Усмешка нечакана сышла з твару ў Аляксандры Пятроўны, лоб нахмурыўся. Зноў хутка, з настойлівым выразам заварушыліся губы, і раптам зноў усмешка - гарэзлівая і насмешлівая. Вось паківала галавою павольна і адмоўна. «Мабыць, гэта пра мяне гавораць?» - нясмела падумаў Рамашоў. Чымсьці ціхім, чыстым, бесклапотна-спакойным павявала на яго ад гэтай маладой жанчыны, якую ён разглядаў цяпер, нібы намаляваную на нейкай жывой, мілай, даўно знаёмай карціне. «Шурачка!» - прашаптаў Рамашоў з пяшчотаю.

Аляксандра Пятроўна нечакана ўзняла твар ад работы і хутка, з трывожным выразам павярнула яго да акна. Рамашову здалося, што яна глядзіць проста яму ў вочы. У яго ад спалоху сціснулася і пахаладзела сэрца, і ён адразу ж адскочыў за выступ сцяны. На нейкі момант яму стала сорамна. Ён ужо амаль гатовы быў вярнуцца дахаты, але перадумаў і праз варотцы зайшоў на кухню.

У той час як дзяншчык Мікалаевых здымаў з яго брудныя галёшы і ачышчаў яму кухоннай анучай боты, а ён выціраў насоўкай запацелыя ў цяпле акуляры, падносячы іх да блізарукіх вачэй, з гасцінай пачуўся звонкі голас Аляксандры Пятроўны:

- Сцяпан, гэта загад прынеслі?

«Гэта яна знарок! - падумаў, нібы караючы сябе, падпаручнік. - Яна ж ведае, што я заўсёды ў такі час прыходжу».

- Не, гэта я, Аляксандра Пятроўна! - крыкнуў ён у дзверы фальшывым голасам.

- А! Ромачка! Ну, заходзьце, заходзьце. Чаго вы там затрымаліся? Валодзя, гэта Рамашоў прыйшоў.

Рамашоў зайшоў, сарамліва і няўмела згорбіўшыся і без патрэбы паціраючы рукі.

- Уяўляю, як я вам надакучыў, Аляксандра Пятроўна.

Ён сказаў гэта з надзеяй, што ўсё атрымаецца весела і проста, а выйшла няскладна і, як яму адразу ж здалося, страшэнна ненатуральна.

- Зноў глупства! - усклікнула Аляксандра Пятроўна. - Сядайце, будзем гарбату піць.

Пазіраючы яму ў вочы ўважліва і ясна, яна, як звычайна, энергічна паціснула сваёй маленькай, цёплай і мяккай рукой яго халодную руку.

Мікалаеў сядзеў спіной да іх, ля стала, загрувашчанага кнігамі, картамі і чарцяжамі. Ён у гэтым годзе павінен быў трымаць экзамен у акадэмію генеральнага штаба і ўвесь год упарта, без адпачынку, рыхтаваўся да яго. Гэта быў ужо трэці экзамен, таму што два гады запар ён правальваўся.

Не паварочваючыся назад, пазіраючы ў разгорнутую перад ім кнігу, Мікалаеў працягнуў Рамашову руку цераз плячо і сказаў спакойным, густым голасам:

- Добры дзень, Юрый Аляксеевіч. Навін няма? Шурачка! Дай яму гарбаты. Прабачце ўжо мне, я заняты.

«Вядома, я дарэмна прыйшоў, - зноў з адчаем падумаў Рамашоў. - О, я дурань!»

- Не, якія ж навіны... Цэнтаўр разнёс у сходзе падпалкоўніка Леха. Той быў зусім п'яны, кажуць. Усюды ў ротах патрабуюць, каб секлі чучалы... Епіфана загнаў пад арышт.

- Няўжо? - рассеяна перапытаў Мікалаеў. - Скажыце, калі ласка.

- Мне таксама хапіла - на чацвера сутак... Адным словам, навіны старыя.

Рамашову здавалася, што голас у яго нейкі чужы і такі здаўлены, быццам у горле штось захрасла. «Які я, напэўна, здаюся няшчасны!» - падумаў ён, але адразу ж супакоіў сябе тым звычайным прыёмам, якім часта карыстаюцца сарамлівыя людзі: «Гэта ж заўсёды калі канфузішся, дык думаеш, што ўсе гэта бачаць, а на самай справе толькі ты сам гэта прыкмячаеш, а другія зусім не».

Ён сеў на крэсла побач з Шурачкай, якая, шпарка перабіраючы кручком, вязала нейкія карункі. Яна ніколі не сядзела без справы, і ўсе абрусы, сурвэткі і фіранкі ў доме былі звязаны яе рукамі.

Рамашоў асцярожна ўзяў пальцамі нітку, што бегла ад клубка да яе рукі, і спытаў:

- Як называецца гэтае вязанне?

- Гіпюр. Вы ўжо разоў дзесяць пытаецеся.

Шурачка раптам хутка, уважліва зірнула на падпаручніка і гэтак жа хутка апусціла вочы на вязанне. Але зараз жа зноў узняла іх і засмяялася.

- Ды вы нічога, Юрый Аляксеевіч... вы пасядзіце і супакойцеся крышку. «Супакойсь!» - як у вас камандуюць.

Рамашоў уздыхнуў і скоса зірнуў на магутную шыю Мікалаева, якая рэзка бялела над каўняром шэрай тужуркі.

- Шчасліўчык Уладзімір Яфімыч, - сказаў ён. - Вось улетку ў Пецярбург паедзе... у акадэмію паступіць.

- Ну, гэта яшчэ трэба паглядзець! - з запалам выгукнула Шурачка. - Два разы з ганьбаю вярталіся ў полк. Цяпер ужо ў апошні.

Мікалаеў павярнуўся назад. Яго ваяўнічы і добры твар з пушыстымі вусамі пачырванеў, а вялікія, цёмныя, валовыя вочы сярдзіта бліснулі.

- Не кажы глупства, Шурачка! Я сказаў: вытрымаю - і вытрымаю. - Ён моцна стукнуў рабром далоні па стале. - Ты толькі сядзіш і канькаеш. Я сказаў!..

- Я сказаў! - перадражніла яго жонка і таксама, як і ён, стукнула маленькай смуглявай далонню па калене. - А ты вось лепей скажы мне, якім умовам павінен адпавядаць баявы парадак часці? Вы ведаеце, - бойка і хітравата засмяялася яна вачамі Рамашову, - я, як вядома, лепей за яго тактыку ведаю. Ану, ты, Валодзя, афіцэр генеральнага штаба, - якім умовам?

- Глупства, Шурачка, адчапіся, - нездаволена буркнуў Мікалаеў.

Але раптам ён разам з крэслам павярнуўся да жонкі, і ў яго шырока расплюшчаных прыгожых і дурнаватых вачах паказалася разгубленасць і недаўменне, амаль спалох.

- Чакай, дзяўчынка, а я і на самай справе не ўсё памятаю. Баявы парадак? Баявы парадак павінен быць так пастроены, каб ён як мага меншыя страты нёс ад агню, потым, каб было зручна камандаваць... Потым... стой...

- За пастой грошы плоцяць, - з пераможным выглядам перапыніла яго Шурачка.

І яна залапатала скорагаворкай, нібы першая вучаніца, апусціўшы павекі і хістаючыся:

- Баявы парадак павінен адпавядаць наступнаму: паваротлівасці, рухомасці, гібкасці, зручнасці камандавання, прыстасаванасці да мясцовых умоў; ён павінен як мага менш несці страт ад агню, лёгка згортвацца і разгортвацца і хутка пераходзіць у паходны парадак... Усё!..

Яна расплюшчыла вочы, цяжка ўздыхнула і, павярнуўшы да Рамашова вясёлы, рухомы твар, спытала:

- Добра?

- Чорт, якая памяць! - зайздросліва, але з захапленнем вымавіў Мікалаеў і зноў паглыбіўся ў свае сшыткі.

- Мы ж усё разам, - растлумачыла Шурачка. - Я хоць зараз вытрымала б экзамен. Самае галоўнае, - яна ўзмахнула ў паветры вязальным кручком, - самае галоўнае - сістэма. Наша сістэма - гэта мая вынаходка, мой гонар. Штодзённа мы праходзім кавалак з матэматыкі, кавалак з ваенных навук - вось артылерыя мне, праўда, не даецца: усё нейкія прыкрыя формулы, асабліва ў балістыцы, - потым кавалачак са статутаў. Потым праз дзень абедзве мовы і праз дзень геаграфія з гісторыяй.

- А расейская? - спытаў Рамашоў з ветлівасці.

- Расейская? Гэта - дробязь. Правапісанне па Гроту мы ўжо адолелі. А сачыненні ж вядома якія. Адны і тыя ж кожны год. «Para pacem, para bellum»*. «Характарыстыка Анегіна ў сувязі з яго эпохай»...

* «Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны» (лац.).

І раптам, уся ажывіўшыся, выхапіўшы з рук у падпаручніка нітку, як бы для таго, каб яго нішто не забаўляла, яна горача загаварыла аб тым, што было самае галоўнае і цікавае ў яе цяперашнім жыцці.

- Я не магу, не магу тут заставацца, Ромачка! Зразумейце мяне! Застацца тут - гэта значыць апусціцца, стаць палкавой дамай, хадзіць на вашы дзікія вечары, займацца плёткамі, інтрыгаваць і злавацца з прычыны розных сутачных і прагонных... нейкіх капеек!.. бррр... наладжваць пачаргова з сяброўкамі гэтыя пошлыя «балькі», гуляць у вінт... Вось вы кажаце, у нас утульна. Ды паглядзіце ж, калі ласка, на гэты мяшчанскі дабрабыт. Гэтыя філе і гіпюрчыкі - я іх сама звязала, гэтая сукенка, якую я сама перашывала, гэты агідны касматы дыван з кавалачкаў... усё гэта паскудства, паскудства! Зразумейце ж, любы Ромачка, што мне патрэбна кампанія, вялікая, сапраўдная кампанія, свет, музыка, пакланенне, тонкая ліслівасць, разумныя субяседнікі. Вы ведаеце, Валодзя пораху не выдумае, але ён сумленны, смелы, працавіты чалавек. Няхай ён толькі пройдзе ў генеральны штаб, і - клянуся - я яму зраблю бліскучую кар'еру. Я ведаю мовы, я змагу сябе трымаць у якой хочаце кампаніі, у мяне - я не ведаю, як гэта выказаць - у мяне ёсць такая гібкасць у душы, што я нідзе не разгублюся, да ўсяго змагу прыстасавацца... Нарэшце, Ромачка, паглядзіце на мяне, паглядзіце ўважліва. Няўжо я такая нецікавая як чалавек і непрыгожая як жанчына, каб мне ўсё жыццё гібець у гэтай трушчобе, у гэтым брыдкім мястэчку, якога няма ні на адной геаграфічнай карце!

І яна, хуценька прыкрыўшы твар хусткаю, раптам расплакалася злымі, самалюбнымі, ганарлівымі слязьмі.

Муж, занепакоены, з недаўменнем і разгубленым выглядам, адразу ж падбег да яе. Але Шурачка паспела ўжо супакоіцца і адняла хустку ад твару. Слёз болей не было, хоць вочы ў яе яшчэ паблісквалі злосным, гарачым агнём.

- Нічога, Валодзя, нічога, любы, - адхіліла яна яго рукою.

І, ужо са смехам звяртаючыся да Рамашова і зноў забіраючы ў яго з рук нітку, яна спытала з капрызным і какетлівым смехам:

- Адказвайце ж, няўклюдны Ромачка, прыгожая я ці не? Калі жанчына набіваецца на камплімент, дык не адказваць ёй - больш чым няветліва!

- Шурачка, ну як табе не сорамна, - разважліва вымавіў са свайго месца Мікалаеў.

Рамашоў з пакутлівай сарамлівасцю ўсміхнуўся, але раптам адказаў крышку не сваім голасам, сур'ёзна і сумна:

- Вельмі прыгожая!..

Шурачка моцна заплюшчыла вочы і гарэзліва затрэсла галавою, так што развітыя валасы рассыпаліся ў яе на лбе.

- Ро-омачка, які вы смешны-ы! - праспявала яна тоненькім дзіцячым галаском.

А падпаручнік, пачырванеўшы, падумаў сам сабе, як звычайна: «Яго сэрца было жорстка разбіта...»

Усе памаўчалі. Шурачка шпарка працавала кручком. Уладзімір Яфімавіч, які перакладаў на нямецкую мову фразы з самавучніка Тусена і Лангеншэйда, паціху мармытаў іх сабе пад нос. Чуваць было, як патрэскваў і шыпеў агонь у лямпе, якая была прыкрыта жоўтым шаўковым абажурам у выглядзе шатра. Рамашоў зноў завалодаў ніткаю і паціху, ледзьве прыкметна для самога сябе, цягнуў яе з рук у маладой жанчыны. Яму было прыемна адчуваць, як рукі Шурачкі неўсвядомлена супраціўляліся яго асцярожным намаганням. Здавалася, што нейкі патаемны ток струменіў па гэтай нітцы.

У той жа час ён збоку, непрыкметна, але неадступна глядзеў на яе схіленую долу галаву і думаў, ледзьве варушачы губамі і вымаўляючы маўклівым шэптам словы, быццам вёў з Шурачкай інтымную і пачуццёвую размову.

«Як яна смела спытала: ці прыгожая я? О! Ты цудоўная! Любая! Вось я сяджу і гляджу на цябе - якое шчасце! Слухай жа: я раскажу табе, якая ты прыгожая. Слухай. У цябе бледны і смуглявы твар. Страсны твар. І на ім чырвоныя, гарачыя губы - як яны павінны цалаваць! - і вочы, абкружаныя жаўтаватым ценем... Калі ты пазіраеш перад сабою, дык бялкі тваіх вачэй крышку блакітныя, а ў вялікіх зрэнках мутная, глыбокая сінь. Ты не чарняўка, але ў цябе ёсць штось цыганскае. Твае валасы такія чыстыя і тонкія і сабраны ззаду ў вузел з такім акуратным, наіўным і дзелавітым выглядам, што хочацца асцярожна дакрануцца да іх пальцамі. Ты маленькая, ты лёгкая, я падняў бы цябе на рукі, як дзіця. Але ты гібкая і дужая, у цябе грудзі, як у дзяўчыны, ты ўся - парывістая, рухомая. На левым вуху, унізе, у цябе маленькая радзімка, нібы след ад завушніцы - гэта цудоўна!..»

- Вы не чыталі ў газетах пра афіцэрскі паядынак? - спытала раптам Шурачка.

Рамашоў схамянуўся і з цяжкасцю адвёў ад яе вочы.

- Не, не чытаў. Але чуў. А што?

- Вядома, вы, як звычайна, нічога не чытаеце. Сапраўды, Юрый Аляксеевіч, вы апускаецеся. Мне здаецца, атрымалася штосьці недарэчнае. Я разумею: паядынкі паміж афіцэрамі - неабходная і разумная справа, - Шурачка моцна прытуліла вязанне да грудзей. - Але навошта такая нетактоўнасць? Падумайце: адзін паручнік абразіў другога. Абраза цяжкая, і група афіцэраў пастанаўляе паядынак. А далей ідзе бязглуздзіца, глупства. Умовы - проста накшталт пакарання смерцю: пятнаццаць крокаў дыстанцыі і біцца да цяжкай раны... Калі абодва праціўнікі стаяць на нагах, стрэлы паўтараюцца. Гэта ж бойня, гэта... я не ведаю што! Але, чакайце, гэта толькі кветачкі. На месца дуэлі прыязджаюць усе афіцэры палка, нават ледзь не палкавыя дамы, і нават дзесьці ў кустах знаходзіцца фатограф. Проста жах, Ромачка! І няшчасны падпаручнік, фендрык, як кажа Валодзя, накшталт вас, ды, апрача таго, яшчэ пакрыўджаны, а не крыўдзіцель, атрымлівае пасля трэцяга стрэлу страшэнную рану ў жывот і к вечару памірае ў пакутах. А ў яго, як вядома, была старэнькая маці і сястра, старая панна, якія з ім жылі, вось як у нашага Міхіна... Ды паслухайце ж: навошта, каму трэба было рабіць з паядынку такую крывавую буфанаду? І гэта, заўважце, на самай першай пары, адразу ж пасля дазволу на паядынкі. І вось паверце мне, паверце! - усклікнула Шурачка, бліскаючы вачамі. - Зараз жа сентыментальныя праціўнікі афіцэрскіх дуэляў, - о, я ведаю гэтых агідных ліберальных баязліўцаў! - зараз жа яны пачнуць крычаць: «Ах, варварства! Ах, перажыткі дзікіх часоў! Ах, братазабойства!»

- Аднак вы крыважэрныя, Аляксандра Пятроўна! - уставіў Рамашоў.

- Не, не крыважэрная! - рэзка запярэчыла яна. - Я жаласлівая. Я жучка, які мне казыча шыю, здыму і пастараюся не зрабіць яму балюча. Але паспрабуйце зразумець, Рамашоў, тут простая логіка. Навошта афіцэры? Для вайны. Што для вайны перш за ўсё патрабуецца? Смеласць, гонар, уменне не маргнуць перад смерцю. Дзе гэтыя якасці ярчэй за ўсё выяўляюцца ў мірны час? На дуэлях. Вось і ўсё. Здаецца, зразумела. Менавіта не французскім афіцэрам патрэбны паядынкі, - таму што паняцце гонару, ды яшчэ пераўвялічанае, у крыві ў кожнага француза, - не нямецкім, - таму што ад нараджэння ўсе немцы прыстойныя і дысцыплінаваныя, - а нам, нам, нам! Тады ў нас не будзе ў афіцэрскім асяроддзі картачных шулераў, як Арчакоўскі, або непрабудных п'яніц, накшталт вашага Назанскага; тады само па сабе знікне амікашонства, фамільярнае зубаскальства ў сходзе, у прысутнасці прыслугі, гэта ваша ўзаемная брыдкая лаянка, шпурлянне ў галаву адзін аднаму графінаў, з мэтаю, аднак, не пацэліць, а прамахнуцца. Тады вы не будзеце за вочы гэтак абражаць адзін аднаго. У афіцэра кожнае слова павінна быць узважана. Афіцэр - гэта ўзор карэктнасці. І потым, што за далікатнасць: боязь стрэлу! Ваша прафесія - рызыкаваць жыццём. Ах, ды што там!

Яна капрызна абарвала сваю гаворку і ўся шчыра захапілася працай. Зноў усталявалася цішыня.

- Шурачка, як перакласці па-нямецку - сапернік? - спытаў Мікалаеў, падымаючы галаву ад кнігі.

- Сапернік? - Шурачка задумліва дакранулася кручком да прабору сваіх мяккіх валасоў. - А скажы ўсю фразу.

- Тут сказана... зараз... зараз... Наш замежны сапернік...

- Unser audlandicher Nebenbuhler, - адразу ж пераклала Шурачка.

- Унзэр, - паўтарыў шэптам Рамашоў, летуценна заглядзеўшыся на агонь лямпы. «Калі яе што-небудзь усхвалюе, - падумаў ён, - дык словы ў яе вылятаюць так імкліва, звонка і выразна, нібы сыплецца шрот на сярэбраны паднос». Унзэр - якое смешнае слова... Унзэр, унзэр, унзэр.

- Што вы шэпчаце, Ромачка? - раптам строга спытала Аляксандра Пятроўна. - Вы не павінны блюзніць у маёй прысутнасці.

Ён усміхнуўся разгубленай усмешкай.

- Я не блюзню... Я ўсё паўтараў сам сабе: унзэр, унзэр, унзэр. Якое смешнае слова...

- Што за глупства... Унзэр? Чаму смешнае?

- Бачыце... - Яму было цяжка растлумачыць сваю думку. - Калі доўга паўтараць якое-небудзь адно слова і думаць аб ім, дык яно раптам страціць сэнс і зробіцца такім... як бы вам сказаць?..

- Ах, ведаю, ведаю! - таропка і радасна перапыніла яго Шурачка. - Але толькі гэта цяпер не так лёгка рабіць, а вось раней, у маленстве, - ах як гэта было цікава!..

- Так, так, менавіта ў маленстве. Так.

- Як жа, я вельмі добра памятаю. Нават памятаю слова, якое мяне асабліва здзіўляла: «мабыць». Я ўсё хісталася з заплюшчанымі вачамі і паўтарала: «Мабыць, мабыць...» І раптам зусім забывала, што яно азначае, потым старалася - і не магла ўспомніць. Мне ўсё здавалася, быццам гэта нейкая карычневая, чырванаватая пляма з двума хвосцікамі. Праўда?

Рамашоў з пяшчотаю паглядзеў на яе.

- Як гэта дзіўна, што ў нас адны і тыя ж думкі, - сказаў ён ціха. - А унзэр, разумееце, гэта штосьці высокае-высокае, штосьці хударлявае і з джалам. Накшталт доўгай, тонкай казяўкі, і вельмі злоснай.

- Унзэр? - Шурачка ўзняла галаву і, прыжмурыўшыся, паглядзела ў цёмны кут пакоя, стараючыся ўявіць сабе тое, аб чым гаварыў Рамашоў. - Не, чакайце: гэта штосьці зялёнае, вострае. Так, так, вядома ж - казяўка! Накшталт коніка, толькі больш агідная і злосная... Фэ, якія мы з вамі дурныя, Ромачка.

- А то вось яшчэ бывае, - пачаў таямніча Рамашоў, - і зноў-такі, у маленстве гэта было значна ярчэй. Вымаўляю я якое-небудзь слова і стараюся цягнуць яго як мага даўжэй. Расцягваю бясконца кожную літару. І раптам на нейкі момант мне зробіцца так дзіўна, дзіўна, як быццам усё вакол мяне знікла. І тады я здзіўляюся, што гэта я кажу, што я жыву, што я думаю.

- О, я таксама гэта ведаю! - весела падхапіла Шурачка. - Але толькі не так. Я, бывала, затойваю дыханне, пакуль хопіць сілы, і думаю: вось я не дыхаю, і цяпер яшчэ не дыхаю, і вось да гэтага часу, і да гэтага, і да гэтага... І тады надыходзіла гэтае дзіўнае. Я адчувала, як паўз мяне праходзіў час. Не, гэта не тое: магчыма, зусім часу не было. Гэта нельга растлумачыць.

Рамашоў глядзеў на яе вачамі, поўнымі захаплення, і паўтараў глухім, шчаслівым, ціхім голасам:

- Так, так... гэта нельга растлумачыць... Гэта дзіўна...

- Ну, аднак, паны псіхалогі, ці як вас там, ужо хопіць, пара вячэраць, - сказаў Мікалаеў, устаючы з крэсла.

Ад доўгага сядзення ў яго зацяклі ногі і заныла спіна. Выпрастаўшыся на ўвесь рост, ён моцна пацягнуўся ўверх рукамі і выгнуў грудзі, і ўсё яго вялізнае, мускулістае цела захрустала ў суставах ад гэтага магутнага руху.

У маленечкай, але ўтульнай сталовай, ярка асветленай фарфоравай матава-белай лямпай, была накрыта халодная закуска. Мікалаеў не піў, але для Рамашова быў пастаўлен графінчык з гарэлкай. Састроіўшы са свайго мілага твару грэблівую міну, Шурачка спытала нядбайна, як яна і часта пыталася:

- Вы, вядома, не можаце абысціся без гэтай брыдоты?

Рамашоў вінавата ўсміхнуўся і ад збянтэжанасці папярхнуўся гарэлкай і закашляўся.

- Як вам не сорамна! - павучальна заўважыла гаспадыня. - Яшчэ і піць не ўмееце, а таксама... Я разумею, вашаму ўлюбёнцу Назанскаму можна дараваць, ён прапашчы чалавек, а вам навошта? Такі малады, цудоўны, здольны хлопчык, а без гарэлкі не сядзеце за стол... Ну навошта? Гэта ўсё Назанскі вас псуе.

Яе муж, які чытаў у гэты час толькі што прынесены загад, раптам усклікнуў:

- Ах, дарэчы: Назанскі звальняецца ў адпачынак на адзін месяц па хатніх абставінах. Цю-цю-у! Гэта значыць - запіў. Вы, Юрый Аляксеевіч, мусіць, яго бачылі? Што ён, запаліў?

Рамашоў збянтэжана заморгаў вачмі.

- Не, я не заўважыў. Між іншым, здаецца, п'е...

- Ваш Назанскі - брыдкі! - са злосцю, стрыманым нізкім голасам сказала Шурачка. - Каб ад мяне залежала, я гэткіх бы людзей страляла, як шалёных сабак. Такія афіцэры - ганьба для палка, поскудзь!

Адразу ж пасля вячэры Мікалаеў, які еў гэтак жа многа і старанна, як і займаўся сваімі навукамі, стаў пазяхаць і, нарэшце, шчыра заўважыў:

- Панове, а што, каб хвілінку якую пайсці паспаць? «Падрамаць», як гаварылася ў старых, добрых раманах.

- Гэта зусім справядліва, Уладзімір Яфімавіч, - падхапіў Рамашоў з нейкай, як яму самому здалося, таропкай і дагодлівай вольнасцю. У той жа час, устаючы з-за стала, ён падумаў тужліва: «Так, са мной тут не цырымоняцца. І навошта толькі я лезу?»

У яго было такое ўражанне, як быццам Мікалаеў з радасцю гоніць яго з дому. Але тым не менш, развітваючыся з ім знарок раней, чым з Шурачкай, ён думаў з асалодаю, што вось зараз ён адчуе моцны і ласкавы поціск мілай жаночай рукі. Аб гэтым ён думаў кожны раз, калі пакідаў іх дом. І калі гэты момант надышоў, дык ён да такой ступені адчуў яе чароўны поціск, што не чуў, як Шурачка сказала яму:

- Вы, глядзіце, не забывайце пра нас. Тут вам заўсёды рады. Чым піць са сваім Назанскім, сядзіце лепш у нас. Толькі памятайце: мы з вамі не цырымонімся.

Ён пачуў гэтыя словы ў сваёй свядомасці і зразумеў іх толькі тады, калі выйшаў на вуліцу.

- Так, са мной не цырымоняцца, - прашаптаў ён з той горкай крыўдай, да якой так хваравіта схільны маладыя і самалюбныя людзі яго ўзросту.

 

V

 

Рамашоў выйшаў на ганак. Ноч зрабілася яшчэ гусцейшая, яшчэ больш чорная і цёплая. Падпаручнік вобмацкам ішоў уздоўж штыкетніка, трымаючыся за яго рукамі, і чакаў, пакуль яго вочы прывыкнуць да мораку. У гэты час дзверы, якія вялі на кухню Мікалаевых, раптам расчыніліся, кінуўшы на імгненне ў цемру вялікую паласу туманнага жоўтага святла. Нехта зашлёпаў па гразі, і Рамашоў пачуў злосны голас дзеншчыка Мікалаевых, Сцяпана:

- Ходзіць, ходзіць кожны дзень. І чаго ходзіць, чорт яго ведае!..

А другі салдацкі голас, незнаёмы падпаручніку, адказаў абыякава, разам з працяглым, лянівым позехам:

- Справы, браток ты мой... З раскошы гэта ўсё. Ну, аставайся здаровы, ці што, Сцяпан.

- Бывай, Баулін. Заходзь калі.

Рамашоў прытуліўся да штыкетніка. Ад вострага сораму ён пачырванеў, нягледзячы на цемру; усё цела яго пакрылася адразу потам, і быццам тысячы іголак закалолі яго скуру на нагах і на спіне. «Вядома! Нават дзеншчыкі смяюцца», - падумаў ён з адчаем. Адразу ж ён прыгадаў увесь сённяшні вечар, і ў розных словах, у тоне фраз, у позірках, якімі абменьваліся гаспадары, ён адразу ўгледзеў шмат не заўважаных ім раней дробязей, якія, як яму цяпер здавалася, сведчылі аб нядбайнасці і насмешцы, аб нецярплівым раздражненні супраць надакучлівага госця.

- Якая ганьба, якая ганьба! - шаптаў падпаручнік, не кратаючыся з месца. - Дайсці да таго, што цябе ледзьве церпяць, калі ты прыходзіш... Не, досыць. Цяпер я ўжо цвёрда ведаю, што досыць!

У гасцінай у Мікалаевых патух агонь. «Вось яны ўжо ў спальні», - падумаў Рамашоў і вельмі выразна ўявіў сабе, як Мікалаевы, кладучыся спаць, распранаюцца адно пры адным з прывычным раўнадушшам і бессаромнасцю даўно жанатых людзей і гавораць аб ім. Яна ў адной спадніцы прычосвае перад люстэркам на ноч валасы. Уладзімір Яфімавіч сядзіць у сподняй бялізне на ложку, сцягвае бот і, чырванеючы ад намагання, гаворыць злосна і сонна: «Мне, Шурачка, твой Рамашоў надакучыў, не ўяўляеш як. Здзіўляюся, чаго ты з ім так важдаешся?» А Шурачка, не выпускаючы з рота шпілек і не паварочваючыся, адказвае яму ў люстэрка нездаволеным тонам: «Ён зусім не мой, а твой!..»

Мінула яшчэ пяць хвілін, пакуль Рамашоў, які мучыўся ад гэтых пакутлівых і горкіх думак, адважыўся ісці далей. Міма ўсяго доўгага штыкетніка, які агароджваў дом Мікалаевых, ён прайшоў крадучыся, асцярожна выцягваючы ногі з гразі, нібыта яго маглі пачуць і злавіць на нечым нядобрым. Дахаты ісці яму не хацелася: нават было страшна і прыкра ўспамінаць пра свой вузкі і доўгі, з адным акном, пакой з усімі рэчамі, якія да агіды надакучылі яму. «Вось, на злосць ёй, пайду да Назанскага, - вырашыў ён нечакана і адразу адчуў у гэтым нейкае містычнае задавальненне. - Яна лаяла мяне за дружбу з Назанскім, дык вось я на злосць! І няхай!..»

Узняўшы вочы ў неба і моцна прыціснуўшы да грудзей руку, ён горача сказаў сам сабе: «Клянуся, клянуся, што я апошні раз прыходзіў да іх. Не хачу больш цярпець такога ўніжэння. Клянуся!»

І адразу ж, як і заўсёды, дадаў у думках:

«Яго прыгожыя чорныя вочы паблісквалі рашучасцю і пагардай!»

Хоць вочы ў яго былі зусім не чорныя, а самыя звычайныя - жаўтаватыя, з зялёным абадком.

Назанскі здымаў пакой у свайго таварыша, паручніка Зегржта. Гэты Зегржт быў, мусіць, самым старым паручнікам ва ўсёй расейскай арміі, нягледзячы на бездакорную службу і на ўдзел у турэцкай кампаніі. Нейкім фатальным і незразумелым чынам яму не шанцавала ў павышэнні па службе. Ён быў удаўцом з чатырма маленькімі дзецьмі і ўсё ж так-сяк выкручваўся са сваім саракавасьмірублёвым жалаваннем. Ён здымаў вялікія кватэры і здаваў іх па пакоях халастым афіцэрам, трымаў сталаўнікоў, разводзіў курэй і індычак, умеў неяк вельмі танна і своечасова купляць дровы. Дзяцей сваіх ён сам купаў у ночвах, сам лячыў іх хатняй аптэчкай і сам шыў ім на швейнай машыне ліфчыкі, штонікі і кашулькі. Яшчэ да жаніцьбы Зегржт, як і вельмі многія халастыя афіцэры, займаўся ручной жаночай працай, цяпер жа яго прымушала займацца гэтым вострая патрэба. Злыя языкі казалі пра яго, што ён цішком адсылае свае вырабы кудысьці на продаж.

Але ўсе гэтыя дробязныя гаспадарчыя хітрыкі дрэнна памагалі Зегржту. Хатняя птушка гінула ад павальных хвароб, пакоі пуставалі, нахлебнікі лаяліся з прычыны дрэннага харчу і не плацілі грошай, і перыядычна, разы чатыры на год, можна было бачыць, як худы, доўгі барадаты Зегржт з разгубленым выразам на потным твары лётаў па горадзе ў надзеі перахапіць дзе-небудзь грошай, прычым яго пляскатая, як блін, фуражка сядзела брылём на баку, а стары мікалаеўскі шынель, пашыты яшчэ да вайны, трапятаў і развяваўся ў яго за плячамі, быццам крылы.

Цяпер у яго ў пакоях свяціўся агонь, і, падышоўшы да акна, Рамашоў убачыў самога Зегржта. Ён сядзеў ля круглага стала пад лямпай і, нізка схіліўшы сваю лысую галаву з брудным, маршчакаватым і лагодным тварам, вышываў чырвонай паперай нейкую палатняную ўстаўку - відаць, для маларасейскай кашулі. Рамашоў пастукаў у шыбу. Зегржт уздрыгнуў, адклаў работу ўбок і падышоў да акна.

- Гэта я, Адам Іванавіч. Адчыніце на хвілінку, - сказаў Рамашоў.

Зегржт узлез на падаконнік і прасунуў у фортачку свой лысы лоб і злямчаную на адзін бок рэдкую бараду.

- Гэта вы, падпаручнік Рамашоў? А што?

- Назанскі дома?

- Дома, дома. Куды ж яму ісці? Ах, божачка, - барада ў Зегржта затрэслася ў фортачцы, - дурыць мне галаву ваш Назанскі. Другі месяц пасылаю яму абеды, а ён усё толькі абяцае заплаціць. Калі ён пераязджаў, я яго вельмі прасіў, каб пазбегнуць непаразуменняў...

- Так, так, так... гэта... на самай справе... - перапыніў разгублена Рамашоў. - А, скажыце, які ён? Ці можна яго бачыць?

- Думаю, што можна... Ходзіць усё па пакоі. - Зегржт на нейкі момант прыслухаўся. - Вось і зараз ходзіць. Вы разумееце, я ясна казаў: каб пазбегнуць непаразуменняў, дамовімся, каб плата...

- Прабачце, Адам Іванавіч, я зараз, - перапыніў яго Рамашоў. - Калі дазволіце, я зайду другім разам. Дужа спешная справа...

Ён прайшоў далей і завярнуў за вугал. У глыбіні агародчыка, у Назанскага гарэў агонь. Адно акно было расчынена насцеж. Сам Назанскі, без сурдута, у сподняй кашулі, расшпіленай ля каўняра, хадзіў туды і назад шпаркім крокам па пакоі; яго белая постаць і золатавалосая галава то мільгала ў прасветах паміж вокнамі, то хавалася за сцяною. Рамашоў пералез цераз плот агародчыка і гукнуў яго.

- Хто гэта? - спакойна, нібыта ён чакаў вокліку, спытаў Назанскі, высунуўшыся на вуліцу цераз падаконнік. - А, гэта вы, Георгій Аляксеевіч? Чакайце: праз дзверы вам будзе далёка і цёмна. Лезьце ў акно. Давайце вашу руку.

Пакой у Назанскага быў яшчэ больш убогі, як у Рамашова. Уздоўж сцяны ля акна стаяў вузенькі, нізкі, выгнуты дугою ложак, такі бедны, нібы на яго жалезках ляжала ўсяго толькі адна ружовая пікейная коўдра; ля другой сцяны - просты непафарбаваны стол і дзве грубыя табурэткі. У адным з куткоў пакоя была шчыльна прыгнана, на манер ківота, вузенькая драўляная шафка. У нагах ложка стаяў скураны рыжы чамадан, увесь заклеены чыгуначнымі паперкамі. Апрача гэтых рэчаў, не лічачы лямпы на стале, у пакоі больш нічога не было.

- Добры вечар, мой дарагі, - сказаў Назанскі, моцна паціскаючы руку Рамашова і пазіраючы яму проста ў вочы задумлівымі, цудоўнымі блакітнымі вачамі. - Сядайце вось тут, на ложак. Вы чулі, што я падаў рапарт аб хваробе?

- Так. Мне толькі што казаў пра гэта Мікалаеў.

Рамашоў зноў прыгадаў жахлівыя словы дзеншчыка Сцяпана, і твар у яго пакутліва зморшчыўся.

- А! Вы былі ў Мікалаевых? - раптам з яўнай цікаўнасцю спытаў Назанскі. - Вы часта бываеце ў іх?

Нейкі няясны інстынкт асцярожнасці, выкліканы незвычайным тонам гэтага запытання, прымусіў Рамашова схлусіць, і ён адказаў абыякава:

- Не, зусім не часта. Так проста, выпадкова зайшоў.

Назанскі, які хадзіў туды-сюды па пакоі, спыніўся каля шафкі і адчыніў яе. Там на палічцы стаяў графін з гарэлкай і ляжала яблыка, нарэзанае акуратнымі, тонкімі скрылёчкамі. Стоячы спіною да госця, ён спрытна наліў сабе чарку і выпіў. Рамашоў бачыў, як канвульсіўна ўздрыгнула яго спіна пад тонкай палатнянай кашуляй.

- Можа, хочаце? - прапанаваў Назанскі, паказваючы на шафку. - Закусь небагатая, але, калі галодныя, можна спячы яечню. Можна ўздзейнічаць на Адама, лядашчага чалавека.

- Дзякуй. Я потым.

Назанскі прайшоўся па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні. Зрабіў два канцы і загаварыў, нібы працягваючы толькі што перапыненую размову:

- Так. Я вось усё хаджу і ўсё думаю. І, ведаеце, Рамашоў, я шчаслівы. У палку заўтра ўсе скажуць, што ў мяне запой. А што, гэта, бадай, і так, толькі не зусім. Я цяпер шчаслівы, а не хворы і не пакутую. У звычайныя дні мой розум і мая воля прыгнечаныя. Я зліваюся тады з галоднай, палахлівай сярэдзінай і бываю пошлы, нудны самому сабе, разважлівы і разумны. Я ненавіджу, напрыклад, ваенную службу, але служу. Чаму я служу? Ды чорт яго ведае чаму! Таму што мне з маленства казалі і цяпер кажуць, што самае галоўнае ў жыцці - гэта служыць і быць сытым і добра апранутым. А філасофія, гавораць яны, гэта глупства, гэта добра таму, каму няма чаго рабіць, каму матуля пакінула спадчыну. І вось я раблю тое, да чаго ў мяне зусім не ляжыць душа, выконваю дзеля жывёльнага страху жыцця загады, якія мне здаюцца парою жорсткімі, а парою бязглуздымі. Маё існаванне аднастайнае, як плот, і шэрае, як салдацкае сукно. Я не магу задумацца, - не кажучы аб тым, каб разважаць уголас, - аб каханні, аб прыгажосці, аб маіх адносінах да чалавецтва, аб прыродзе, аб роўнасці і шчасці людзей, аб паэзіі, аб богу. Яны смяюцца: ха-ха-ха, гэта ўсё філасофія!.. Смешна, і дзіка, і недаравальна думаць афіцэру армейскай пяхоты аб узвышаных матэрыях. Гэта філасофія, значыць - глупства, пустая і недарэчная балбатня.

- Але гэта - галоўнае ў жыцці, - задуменна вымавіў Рамашоў.

- І вось надыходзіць для мяне гэты час, які яны называюць страшэнным імем, - працягваў, не слухаючы яго, Назанскі. Ён усё хадзіў узад і ўперад і час ад часу рабіў пераканальныя жэсты, звяртаючыся, між іншым, не да Рамашова, а да двух процілеглых кутоў, да якіх па чарзе падыходзіў. - Гэта час маёй свабоды, Рамашоў, свабоды духу, волі і розуму! Я жыву тады, магчыма, дзіўным, але глыбокім, цудоўным унутраным жыццём! Такім поўным жыццём! Усё, што я бачыў, пра што чытаў або чуў, - усё ажывае перада мной, усё набывае незвычайна яркае святло і глыбокі, бяздонны сэнс. Тады памяць мая - быццам музей рэдкіх адкрыццяў. Разумееце - я Ротшыльд! Бяру першае, што мне трапляецца, і разважаю аб ім, доўга, пранікнёна, з радасцю. Аб людзях, аб сустрэчах, аб характарах, аб кнігах, аб жанчынах - ах, асабліва аб жанчынах і аб жаночым каханні!.. Іншы раз я думаю аб вялікіх людзях, аб пакутніках навукі, аб мудрацах і героях і аб іх дзівосных словах. Я не веру ў бога, Рамашоў, але часам я думаю аб святых угодніках, падзвіжніках і пакутніках і аднаўляю ў памяці каноны і замілавальныя акафісты. Я, дарагі мой, як вядома, у бурсе вучыўся, і памяць у мяне незвычайная. Думаю я аб усім аб гэтым і, здараецца, іншы раз так моцна адчую чужую радасць, або чужы смутак, або бессмяротную прыгажосць якога-небудзь учынку, што хаджу вось так, адзін... і плачу, - страсна, горача плачу...

Рамашоў ціхенька ўстаў з ложка і сеў з нагамі на адчыненае акно, так што яго спіна і яго падэшвы ўпіраліся ў процілеглыя вушакі рамы. Адсюль, з асветленага пакоя, ноч здавалася яшчэ больш цёмная, глыбокая і таямнічая. Цёплы, парывісты, але бязгучны вецер варушыў унізе, пад акном, чорнае лісце нейкіх нізкіх кустоў. І ў гэтым мяккім паветры, поўным дзівотных вясенніх пахаў, у гэтай цішы, мораку, у гэтых пераўвялічана яркіх і быццам бы цёплых зорках - адчуваўся таямнічы і страсны неспакой, адчувалася прага мацярынства і марнатраўная сладастраснасць зямлі, раслін, дрэў - цэлага свету.

А Назанскі ўсё хадзіў па пакоі і гаварыў, не пазіраючы на Рамашова, як бы звяртаючыся да сцен і да кутоў пакоя:

- Думка ў гэтыя хвіліны бяжыць так капрызна, так страката і так нечакана. Розум робіцца востры і светлы - нібы струмень! Усе рэчы і твары, якія я выклікаю, стаяць перада мной так рэльефна і так ясна, быццам бы я бачу іх у камеры-абскуры. Я ведаю, я ведаю, мілы мой, што гэта абвастрэнне пачуццяў, усё гэта духоўнае прасвятленне - на жаль! - не што іншае, як фізіялагічнае ўздзеянне алкаголю на нервовую сістэму. Спачатку, калі я ўпершыню адчуў гэты цудоўны ўздым унутранага жыцця, я думаў, што гэта - само натхненне. Але не: у ім няма нічога творчага, няма нават нічога грунтоўнага. Гэта проста хваравіты працэс. Гэта проста раптоўныя прылівы, якія з кожным разам усё больш і больш раз'ядаюць дно. Так. Але ўсё ж гэтая безразважнасць прыемна мне, і... к чорту выратавальная беражлівасць і разам з ёю к чорту бязглуздая надзея пражыць да ста дзесяці гадоў і трапіць у газетную сумесь як рэдкі прыклад даўгавечнасці... Я шчаслівы - і ўсё тут!

Назанскі зноў падышоў да шафкі, выпіў і акуратна прычыніў дзверцы. Рамашоў ляніва, амаль неўсвядомлена, падняўся і зрабіў тое ж самае.

- Аб чым вы думалі перад маім прыходам, Васіль Нілыч? - спытаў ён, сядаючы па-ранейшаму на падаконнік.

Але Назанскі амаль не чуў яго пытання.

- Якая, напрыклад, асалода марыць пра жанчын! - усклікнуў ён, дайшоўшы да дальняга кута і звяртаючыся да гэтага кута з шырокім, пераканаўчым жэстам. - Не, не брыдка думаць. Чаму? Ніколі не трэба рабіць чалавека, нават у думках, удзельнікам зла, а тым больш бруду. Я часта думаю пра пяшчотных, чыстых, прыгожых жанчын, пра іх светлыя слёзы і чароўныя ўсмешкі, думаю пра маладых, нявінных матак, пра палюбоўніц, якія ідуць дзеля кахання на смерць, пра цудоўных і гордых дзяўчат з беласнежнай душой, якія ўсё ведаюць і нічога не баяцца. Такіх жанчын няма. Зрэшты, я не тое кажу. Напэўна, Рамашоў, такія жанчыны ёсць, але мы з вамі іх ніколі не ўбачым. Вы, мабыць, сустрэнеце, а я - не.

Ён стаяў цяпер перад Рамашовым і пазіраў яму проста ў твар, але па летуценным выразе яго вачэй і па неазначальнай усмешцы, якая блукала вакол яго губ, было відаць, што ён не бачыць свайго субяседніка. Ніколі яшчэ твар Назанскага, нават у яго лепшыя, цвярозыя хвіліны, не здаваўся Рамашову такім прыгожым і цікавым. Залатыя валасы спадалі буйнымі пасмамі вакол яго высокага, чыстага лба, густая, чатырохвугольнай формы, рыжая, невялікая барада ляжала правільнымі хвалямі, быццам нагафрыраваная, і ўся яго масіўная і прыгожая галава, з аголенай шыяй шляхетнага малюнка, была падобна да галавы аднаго з тых грэчаскіх герояў ці мудрацоў, цудоўныя бюсты якіх Рамашоў бачыў дзесьці на гравюрах. Ясныя, крышку вільготныя блакітныя вочы пазіралі весела, разумна і пакорліва. Нават колер гэтага прыгожага, правільнага твару здзіўляў сваім роўным, пяшчотным, ружовым тонам, і толькі вельмі вопытнае вока заўважыла б у гэтай свежасці, разам з некаторай апухласцю рысаў, вынік алкагольнага запалення крыві.

- Каханне! Да жанчыны! Якая бездань таямніцы! Якая радасць і якая вострая, салодкая пакута! - раптам з захапленнем усклікнуў Назанскі.

Ён усхвалявана схапіў сябе рукамі за валасы і зноў кінуўся ў кут, дайшоў да яго, спыніўся, павярнуўся тварам да Рамашова і весела зарагатаў. Падпаручнік з трывогаю сачыў за ім.

- Прыгадалася мне адна смешная гісторыя, - лагодна і проста загаварыў Назанскі. - Эх, і думкі ж у мяне скачуць!.. Сядзеў я аднойчы ў Разані на станцыі «Ака» і чакаў парахода. Чакаць даводзілася, мусіць, каля сутак, - гэта было ў часе вясенняй паводкі, - і я, вы, напэўна, разумееце - звіў сабе гняздзечка ў буфеце. А за буфетам стаяла дзяўчына, гадоў васемнаццаці, - такая, ведаеце, непрыгожая, васпаватая, але спрытная такая, чарнавокая, з цудоўнай усмешкай і наогул чароўная. І было нас толькі трое на станцыі: яна, я і маленькі бялявы тэлеграфіст. Між іншым, быў і яе бацька, ведаеце - такая чырвоная, тоўстая, сівая падрадчыцкая морда, накшталт старога і злоснага медзялянскага сабакі. Але бацька быў як бы за кулісамі. Выйдзе на дзве хвіліны за прылавак і ўсё пазяхае, і ўсё чухае пад камізэлькай чэрава, не можа ніяк вачэй расплюшчыць. Потым зноў ідзе спаць. Але тэлеграфістык прыходзіў пастаянна. Памятаю, узлакціцца ён на стойку і маўчыць. І яна маўчыць, пазірае ў акно, на разводдзе. А там раптам юнак заспявае:

 

          Лю-боў - што такое?

          Што тако-ое любоў?

          Адчуванне незямное,

          Што хвалюе нашу кроў!

 

І зноў маўчыць. А праз пяць хвілін яна замуркоча: «Любоў - што такое? Што такое любоў?..» Ведаеце, такі паскудны матыўчык. Мусіць, абое чулі яго дзе-небудзь у аперэтцы або з эстрады... нябось спецыяльна ў горад пешкам хадзілі. Так. Паспяваюць і зноў маўчаць. А потым яна, як бы неўпрыкмет, усё паглядаючы ў акенца, возьме - ды забудзе пра руку на стойцы, а ён возьме яе ў свае рукі і перабірае палец за пальцам. І зноў: «Любоў - што такое?..» На вуліцы - вясна, разводдзе, млявасць. І гэтак яны круглыя суткі. Тады гэтае «каханне» мне добра-такі надакучыла, а цяпер, ведаеце, люба ўспомніць. Відаць, такім манерам яны мілаваліся да мяне тыдні са два, а можа, і пасля мяне з месяц. І я толькі потым зразумеў, якое гэта шчасце, які прамень святла ў іх бедным вузкім-вузкім жыцці, абмежаваным яшчэ больш за наша недарэчнае жыццё - о, куды там! - у сто разоў больш!.. Аднак... Чакайце, Рамашоў. Думкі ў мяне блытаюцца. І чаго гэта я пачаў расказваць пра тэлеграфіста?

Назанскі зноў падышоў да шафкі. Але ён не піў, а, павярнуўшыся спіною да Рамашова, пакутліва цёр лоб і моцна сціскаў скроні пальцамі правай рукі. І ў гэтым нервовым руху было штосьці жаласлівае, слабае, прыніжанае.

- Вы гаварылі пра жаночае каханне - пра бездань, пра таямніцу, пра радасць, - нагадаў Рамашоў.

- Так, каханне! - усклікнуў Назанскі ў захапленні. Ён хуценька выпіў чарку, адвярнуўся з агністымі вачмі ад пасудніка і таропка выцер губы рукавом кашулі. - Каханне! Хто разумее яго? З яго зрабілі тэму для агідных, памыйных аперэтак, для бессаромных картак, для брыдкіх анекдотаў, для брыдкіх-брыдкіх вершыкаў. Гэта мы, афіцэры, зрабілі. Учора ў мяне быў Дзіц. Ён сядзеў на гэтым жа самым месцы, дзе цяпер седзіцё вы. Ён забаўляўся сваім залатым пенснэ і гаварыў пра жанчын. Рамашоў, шаноўны мой, каб жывёліны, напрыклад сабакі, разумелі чалавечую мову і каб адна з іх пачула ўчора Дзіца, далібог, яна ўцякла б з пакоя ад сораму. Вы ведаеце - Дзіц добры чалавек, ды і ўсе добрыя, Рамашоў: благіх людзей няма. Але ён саромеецца іначай гаварыць пра жанчын, саромеецца праз боязь страціць сваё рэнаме цыніка, распусніка і пераможца. Тут нейкі агульны падман, нейкае фальшывае мужчынскае маладзецтва, нейкая самахвальная пагарда да жанчыны. І ўсё гэта таму, што для большасці ў каханні, у валоданні жанчынай, разумееце, у канчатковым валоданні, - хаваецца штосьці груба-жывёльнае, штосьці эгаістычнае, толькі для сябе, штосьці запаветна-подлае, распуснае і ганебнае - чорт! - я не ўмею гэтага выказаць. І таму вось у большасці ўслед за валоданнем ідзе халоднасць, агіда, варожасць. Таму вось людзі і адвялі для кахання ноч, гэтак жа як для крадзяжу і для забойства... Тут, дарагі мой, прырода наладзіла для людзей нейкую засаду з прынадаю і з пятлёю.

- Гэта праўда, - ціха і самотна згадзіўся Рамашоў.

- Не, няпраўда! - гучна крыкнуў Назанскі. - А я вам кажу - няпраўда. Прырода, як і ва ўсім, распарадзілася геніяльна. У тым вось і справа, што для паручніка Дзіца ўслед за каханнем ідзе гідлівасць і перасыць, а для Дантэ ўсё каханне - пекната, зачараванне, вясна! Не, не, не думайце: я кажу пра каханне ў самым простым цялесным сэнсе. Але яно толькі для выбраннікаў. Вось вам прыклад: усе людзі маюць музыкальны слых, але ў мільёнаў ён, як у рыбы траскі або як у штабс-капітана Васільчанкі, а адзін з гэтага мільёна - Бетховен... І гэтак ва ўсім: у паэзіі, у мастацтве, у мудрасці... І каханне, кажу я вам, мае свае вяршыні, якія даступны толькі для адзінак з мільёнаў.

Ён падышоў да акна, прысланіўся лбом да сцяны побач з Рамашовым і, задуменна пазіраючы ў цёплы морак вясенняй ночы, загаварыў дрыготкім, глыбокім, пранікнёным голасам:

- О, як мы не ўмеем цаніць яго тонкай, няўлоўнай пекнаты, мы - грубыя, лянівыя, недальнабачныя. Ці разумееце вы, колькі разнастайнага шчасця і чароўных пакут нясе з сабою безнадзейнае каханне? Калі я быў крыху маладзейшы, я жыў адною мараю: закахацца ў недасягальную, незвычайную жанчыну, такую, ведаеце, з якою ў мяне ніколі і нічога не можа быць агульнага. Закахацца і ўсё жыццё, усе думкі прысвяціць ёй. Усё роўна: пайсці ў падзёншчыкі, наняцца лёкаем, фурманам - пераапранацца, хітраваць, каб толькі хоць раз за год выпадкова ўбачыць яе, пацалаваць сляды яе ног на лесвіцы, каб - о, якое вялікае шчасце! - раз за жыццё дакрануцца да яе сукенкі.

- І скончыць вар'яцтвам, - змрочна сказаў Рамашоў.

- Ах, любы мой, ці не ўсё роўна! - палка запярэчыў Назанскі і зноў нервова пачаў бегаць па пакоі. - Магчыма, - хто ведае? - вы тады і распачнеце радаснае казачнае жыццё? Ну, добра: вы звар'яцееце ад гэтага незвычайнага, неверагоднага кахання, а паручнік Дзіц звар'яцее ад прагрэсіўнага паралюшу і ад агідных хвароб. Што лепей? Аднак падумайце толькі, якое шчасце - стаяць усю ноч на другім баку вуліцы, у ценю, і пазіраць у акно любай жанчыны. Вось асвяцілася яно знутры, на фіранцы рухаецца цень. Ці не яна гэта? Што яна робіць? Што думае? Патухла святло. Спі мірна, мая радасць, спі, каханая мая!.. І дзень поўны ўжо - гэта перамога! Дні, месяцы, годы аддаваць усе сілы вынаходлівасці і настойлівасці, і вось - вялікая, незвычайная радасць: у цябе ў руках яе насоўка, абгортка з-пад цукеркі, згубленая афіша. Яна нічога не ведае пра цябе, ніколі не пачуе пра цябе, вочы яе слізгаюць па табе, нічога не бачачы, але ты тут, побач, заўсёды закаханы і заўсёды гатовы аддаць за яе - не, навошта за яе - за яе капрыз, за яе мужа, за палюбоўніка, за яе сабачку - аддаць і жыццё, і гонар, і ўсё, што толькі магчыма аддаць! Рамашоў, такой радасці не ведаюць прыгажуны і пераможцы.

- О, як гэта дакладна! Як хораша ўсё, што вы гаворыце! - усклікнуў усхваляваны Рамашоў. Ён ужо даўно злез з падаконніка і гэтак жа, як і Назанскі, хадзіў па вузкім, доўгім пакоі, штохвілінна сутыкаючыся з ім і спыняючыся. - Якія думкі прыходзяць вам у галаву! Я вам раскажу пра сябе. Я быў закаханы ў адну... жанчыну. Гэта было не тут, не тут... яшчэ ў Маскве... я быў... юнкерам. Але яна не ведала пра гэта. І для мяне было вялізнае шчасце сядзець каля яе і, калі яна што-небудзь рабіла, узяць нітку і паціху цягнуць к сабе. Толькі і ўсяго. Яна не прыкмячала гэтага, зусім не прыкмячала, а ў мяне ад шчасця круцілася ў галаве.

- Так, так, я разумею, - ківаў галавою Назанскі, весела і ласкава ўсміхаючыся. - Я разумею вас. Гэта - нібы дрот, нібы электрычны ток? Праўда? Нейкая тонкая, прыемная сувязь? Ах, любы мой, жыццё такое цудоўнае...

Назанскі змоўк, расчулены сваімі думкамі, і яго блакітныя вочы, поўныя слёз, заблішчалі.

Рамашова таксама апанаваў нейкі няпэўны, мяккі жаль і крышку істэрычнае замілаванне. Гэтыя пачуцці ў аднолькавай ступені ахапілі і Назанскага і яго самога.

- Васіль Нілыч, я здзіўляюся, - сказаў ён, узяўшы Назанскага за абедзве рукі і моцна сціскаючы іх. - Вы - такі таленавіты, чулы, спагадлівы чалавек, і вось... нібы наўмысна губіце сябе. О, не, не, я не маю права чытаць вам пошлай маралі... Я сам... Але што, каб вы сустрэлі ў сваім жыцці жанчыну, якая змагла б вас зразумець і была б вартая вас. Я часта аб гэтым думаю!..

Назанскі прыпыніўся і доўга глядзеў у расчыненае акно.

- Жанчына... - працягнуў ён у задуменні. - Так! Я вам раскажу! - усклікнуў ён раптам рашуча. - Я сустрэў толькі адзіны раз у жыцці чароўную, незвычайную жанчыну. Дзяўчыну... Але ведаеце, як гэта ў Гейнэ: «Яна была варта кахання, і ён кахаў яе, але ён быў няварты кахання, і яна не кахала яго». Яна разлюбіла мяне за тое, што я п'ю... Зрэшты, я не ведаю, можа, я і п'ю таму, што яна мяне разлюбіла. Яна... яе тут таксама няма... гэта было даўно. Вы ж ведаеце, я праслужыў спачатку тры гады, потым быў чатыры гады ў запасе, а потым тры гады назад зноў паступіў у полк. Паміж намі не было рамана. Усяго дзесяць - пятнаццаць сустрэч, пяць-шэсць інтымных размоў. Але - ці думалі вы калі-небудзь пра абаяльную, чароўную ўладу мінулага? Дык вось, у гэтых наіўных дробязях - усё маё багацце. Я кахаю яе да гэтага часу. Пачакайце, Рамашоў. Вы заслугоўваеце гэтага. Я вам прачытаю яе адзінае пісьмо - першае і апошняе, якое яна мне напісала.

Ён сеў на кукішкі перад чамаданам і стаў павольна перакладаць у ім нейкія паперы. І ў той жа час гаварыў далей:

- Мусіць, яна ніколі і нікога не кахала, апрача сябе. У яе процьма ўладалюбства, нейкай злой і гордай сілы. І ў той жа час яна - такая добрая, пяшчотная, бясконца мілая. Нібыта ў ёй два чалавекі: адзін - з сухім, эгаістычным розумам, другі - з мяккім і страсным сэрцам. Вось яно, чытайце, Рамашоў. Што зверху - гэта лішняе. - Назанскі загнуў некалькі радкоў зверху. - Вось адсюль. Чытайце.

Штосьці, здавалася, нябачнае стукнула Рамашова па галаве, і ўвесь пакой захістаўся перад яго вачамі. Пісьмо было напісана шырокім, нервовым, тонкім почыркам, які мог належаць толькі адной Аляксандры Пятроўне - такі ён быў характэрны, няправільны і зграбны. Рамашоў, які часцяком атрымліваў ад яе запіскі з запрашэннямі на абед і на партыю вінта, мог бы пазнаць гэты почырк сярод тысячы разнастайных пісем.

«...і горка і цяжка вымавіць яго, - чытаў ён з-пад рукі Назанскага. - Але вы самі зрабілі ўсё, каб прывесці наша знаёмства да такога сумнага канца. Больш за ўсё ў жыцці я саромеюся хлусні, якая заўсёды ідзе ад баязлівасці і ад слабасці, і таму не буду вам хлусіць. Я кахаю вас і да гэтага часу яшчэ кахаю, і ведаю, што мне няхутка і нялёгка будзе пазбавіцца гэтага пачуцця. Але нарэшце я ўсё ж атрымаю над ім перамогу. Што было б, каб я зрабіла іначай? У мяне, праўда, хапіла б сілы і самаахвярнасці быць важатым, нянькай, міласэрнай сястрой пры бязвольным, маральна спустошаным чалавеку, але я ненавіджу пачуцці жаласлівасці і пастаяннага ганебнага даравання і не хачу, каб вы іх абуджалі ўва мне. Я не хачу, каб вы жылі з міласціны спачування і сабачай адданасці. А іншым вы быць не можаце, нягледзячы на ваш розум і цудоўную душу. Скажыце сумленна, шчыра, вы ж не можаце? Ах, дарагі Васіль Нілыч, каб вы толькі маглі! Каб толькі! Да вас імкнецца ўсё маё сэрца, усе мае жаданні, я кахаю вас. Але вы самі не захацелі мяне. Для любага чалавека, як вядома, можна перавярнуць увесь свет, а я вас прасіла так мала. Вы не можаце?

Бывайце. У думках цалую вас у лоб... як нябожчыка, таму што вы памерлі для мяне. Раю гэтае пісьмо спаліць. Не таму, што я нечага баюся, а таму, што пазней яно будзе для вас крыніцаю смутку і пакутлівых успамінаў. Яшчэ раз паўтараю...»

- Далей вам не цікава, - сказаў Назанскі і ўзяў з рук у Рамашова пісьмо. - Гэта было яе адзінае пісьмо да мяне.

- Што ж было потым? - праз сілу спытаў Рамашоў.

- Потым? Потым мы не бачыліся болей. Яна... яна з'ехала кудысьці і, здаецца, пайшла замуж за... аднаго інжынера. Гэта другараднае.

- І вы ніколі не бываеце ў Аляксандры Пятроўны?

Гэтыя словы Рамашоў вымавіў зусім шэптам, але абодва афіцэры ўздрыгнулі ад іх і доўга не маглі адвесці вачэй адзін ад аднаго.

У гэтыя некалькі хвілін паміж імі рассунуліся ўсе перашкоды чалавечае хітрасці і прытворства, і яны лёгка чыталі думкі адзін аднаго. Яны адразу зразумелі сотню рэчаў, якія да гэтага ўтойвалі ад іншых, і ўся іх сённяшняя размова набыла раптам нейкі асаблівы, глыбокі, быццам трагічны сэнс.

- Як? І вы - таксама? - ціха, з выразам жахлівага страху ў вачах вымавіў нарэшце Назанскі.

Але ён адразу ж спахапіўся і з фальшывым смехам усклікнуў:

- Тфу, якое непаразуменне! Мы з вамі зусім аддаліліся ад тэмы. Пісьмо, якое я вам паказаў, напісана сто гадоў назад, і гэтая жанчына жыве цяпер недзе далёка, здаецца, у Закаўказзі... Значыцца, на чым мы спыніліся?

- Мне пара дадому, Васіль Нілыч. Позна, - сказаў Рамашоў, устаючы.

Назанскі не затрымліваў яго. Развіталіся яны не холадна і не суха, але нібы саромеючыся адзін аднаго. Рамашоў цяпер яшчэ больш быў упэўнены, што пісьмо напісана Шурачкай. Ідучы дадому, ён увесь час думаў пра гэтае пісьмо і сам не мог зразумець, якія пачуцці яно ў ім абуджала. Тут была і раўнівая зайздрасць да Назанскага - рэўнасць да мінулага, і нейкая ўрачыстая злая спагада да Мікалаева, аднак у той жа час была і нейкая новая надзея - няпэўная, туманная, але салодкая і прывабная. Быццам гэтае пісьмо і яму давала ў рукі нейкую патаемную, нябачную нітку, якая вяла ў будучыню.

Вецер сціх.

Ноч была поўная глыбокай цішыні, і цемра яе здавалася аксамітнай і цёплай. Але патаемнае творчае жыццё адчувалася ў чуйным паветры, у спакоі нябачных дрэў, у пахах зямлі. Рамашоў ішоў, не бачачы дарогі, і яму ўсё ўяўлялася, што вось-вось хтосьці магутны, уладны і ласкавы дыхне яму ў твар гарачым дыханнем. І была ў яго ў душы раўнівая туга па яго ранейшых, дзіцячых, такіх яскравых і непаўторных вёснах; была ціхая, незласлівая зайздрасць да свайго чыстага, светлага мінулага...

Вярнуўшыся дадому, ён знайшоў другую запіску ад Раісы Аляксандраўны Петэрсон. Яна недарэчным і напышлівым стылем пісала пра жахлівае ашуканства, пра тое, што яна ўсё разумее, і пра ўсе жудасці помсты, на якія здольна разбітае жаночае сэрца.

 

«Я ведаю, што мне цяпер рабіць! - гаварылася ў пісьме. - Калі толькі я не памру ад сухотаў праз вашы агідныя паводзіны, дык, паверце, я бязлітасна адпомшчу вам. Мабыць, вы думаеце, што ніхто не ведае, дзе вы бываеце кожны вечар? Сляпак! І сцены маюць вушы. Мне вядомы кожны ваш крок. Але ўсё роўна з вашай знешнасцю і красамоўствам вы там нічога не будзеце мець, апрача таго што N вас выкіне за дзверы, як сабаку. А са мной раю вам быць больш асцярожным. Я не з тых жанчын, якія даруюць крыўды.

 

          Владеть кинжалом я умею,

          Я близ Кавказа рождена!!!

 

Раней ваша, цяпер нічыя

Раіса

P.S. Абавязкова будзьце ў тую суботу ў сходзе. Нам трэба пагаварыць. Я для вас пакіну 3-ю кадрылю, але цяпер ужо не па значэнні.

Р.П.».

 

Глупствам, нікчэмнасцю, правінцыяльным балотам і злоснай плёткай пацягнула на Рамашова ад гэтага непісьменнага і тлумнага пісьма. І сам сабе ён здаўся з ног да галавы запэцканым цяжкай, нязмыўнай гразёй, якую на яго кінула гэтая сувязь з нялюбай жанчынай - сувязь, якая цягнулася амаль паўгода. Ён лёг у пасцель, прыгнечаны, нібы прыдушаны ўсім сённяшнім днём, і, ужо засынаючы, падумаў словамі, якія чуў увечары ад Назанскага:

«Яго думкі былі шэрыя, як салдацкае сукно».

Ён заснуў хутка, цяжкім сном. І, як гэта заўсёды бывала ў апошні час пасля вялікіх засмучэнняў, ён убачыў сябе ў сне хлопчыкам. Не было бруду, смутку, аднастайнага жыцця, у целе адчувалася бадзёрасць, душа была светлая і чыстая і поўнілася радасцю. І ўвесь свет быў светлы і чысты, а пасярод яго - прыгожыя, знаёмыя вуліцы Масквы зіхацелі тым чароўным ззяннем, якое можна бачыць толькі ў сне. Але дзесьці ў канцы гэтага радаснага свету, далёка на небасхіле, заставалася цёмная, злавесная пляма: там прытаіўся шэры, панылы гарадок з цяжкай і сумнай службай, з ротнымі школамі, з п'янкамі ў сходзе, з агіднай любоўнай сувяззю, са смуткам і адзінотаю. Усё жыццё звінела і ззяла радасцю, аднак цёмная варожая пляма цішком, як чорная здань, падпільноўвала Рамашова і чакала сваёй чаргі. І адзін маленькі Рамашоў - чысты, бесклапотны, бязвінны - горача плакаў па сваім страшэнным двайніку, які пакідаў яго і нібы расплываўся ў гэтай зласлівай цемры.

Сярод ночы ён прачнуўся і заўважыў, што яго падушка вільготная ад слёз. Ён не мог адразу стрымаць іх, і яны яшчэ доўга цяклі па яго шчоках цёплымі, мокрымі і жвавымі струменьчыкамі.

 

VI

 

За выключэннем нешматлікіх ганарліўцаў і кар'ерыстаў, усе афіцэры неслі службу як прымусовую і непрыемную паншчыну, знемагаючы ад яе. Малодшыя афіцэры, зусім па-школьнаму, спазняліся на заняткі і цішком уцякалі з іх, калі ведалі, што ім за гэта не пападзе. Ротныя камандзіры, большай часткай людзі шматсямейныя, занятыя хатнімі спрэчкамі і раманамі сваіх жонак, прыгнечаныя бязлітаснай нястачай і жыццём не па сродках, стагналі пад цяжарам празмерных выдаткаў і векселяў. Яны клалі лату на лаце, хапаючы грошы ў адным месцы, каб разлічыцца з доўгам у другім; многія з іх адважваліся - і часцей за ўсё пад націскам сваіх жонак - браць грошы з ротных сум або з платы, якая належала салдатам за вольныя работы; іншыя па месяцах і нават па гадах затрымлівалі грашовыя салдацкія пісьмы, якія яны, паводле правілаў, павінны былі чытаць. Некаторыя толькі і жылі з вінта, штоса і ландскнехта: той-сёй гуляў нячыста, - пра гэта ведалі, але глядзелі праз пальцы. Пры гэтым усе моцна пілі як у сходзе, так і ў гасцях адзін у аднаго, некаторыя ж, накшталт Слівы, - на адзіноце.

Такім чынам, афіцэрам нават не было калі сур'ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў. Звычайна ўвесь унутраны механізм роты прыводзіў у рух і рэгуляваў фельдфебель; ён жа вёў усе канцылярскія справы і трымаў ротнага камандзіра непрыкметна, але моцна, у сваіх жылаватых, шматвопытных руках. На службу ротныя хадзілі з такой жа пагардай, як і субалтэрн-афіцэры, і «падцягвалі фендрыкаў» нібы для захавання прэстыжу, а яшчэ радзей з уладалюбнага самадурства.

Батальённыя камандзіры зусім нічога не рабілі, асабліва ўзімку. Ёсць у арміі два такія прамежкавыя званні - батальённага і брыгаднага камандзіраў: начальнікі гэтыя заўсёды знаходзяцца ў самым няпэўным і бяздзейным становішчы. Улетку ім усё ж даводзілася праводзіць батальённыя вучэнні, удзельнічаць у палкавых і дывізіённых занятках і цярпець цяжкасці манеўраў. У вольны ж час яны сядзелі ў сходзе, уважліва чыталі «Інвалід» і спрачаліся аб павышэнні ў чынах, гулялі ў карты, ахвотна дазвалялі малодшым афіцэрам частаваць сябе, наладжвалі ў сябе на кватэрах вечарынкі і стараліся аддаць сваіх шматлікіх дачок замуж.

Аднак перад вялікімі аглядамі ўсе, ад малога да вялікага, падцягваліся і дапамагалі адзін аднаму. Тады ўжо не ведалі адпачынку, навёрствалі лішнімі гадзінамі заняткаў і напружанай, хоць і бязглуздай энергіяй тое, што было прапушчана. З салдатамі не лічыліся і даводзілі людзей да знясілення. Ротныя жорстка рэзалі і асаджвалі малодшых афіцэраў, малодшыя афіцэры лаяліся вельмі непрыстойна і агідна, унтэр-афіцэры, ахрыплыя ад лаянкі, страшэнна біліся. Зрэшты, біліся не адны толькі унтэр-афіцэры.

Такія дні былі сапраўднай гарачай парой, і пра нядзельны адпачынак з лішнімі гадзінамі сну марыў, як аб райскім шчасці, увесь полк, пачынаючы з камандзіра да апошняга затузанага і замурзанага дзеншчыка.

Гэтай вясной у палку ўзмоцнена рыхтаваліся да травеньскага параду. Стала дакладна вядома, што агляд будзе рабіць камандзір корпуса, патрабавальны баявы генерал, вядомы ў сусветнай ваеннай літаратуры сваімі запіскамі аб вайне карлістаў і аб франка-прускай кампаніі 1870 года, у якіх ён удзельнічаў у якасці валанцёра. Яшчэ больш шырокай вядомасцю карысталіся яго загады, напісаныя ў лапідарным сувораўскім стылі. Падначаленых, якія правініліся, ён распякаў у гэтых загадах з уласцівым яму вострым і грубым сарказмам, якога афіцэры баяліся больш за ўсякія дысцыплінарныя спагнанні. Таму ў ротах ішла, вось ужо два тыдні, паспешлівая праца, і нядзелю з аднолькавай нецярплівасцю чакалі як стомленыя афіцэры, так і змучаныя, ашалелыя салдаты.

Але для Рамашова, дзякуючы арышту, прапала ўся прывабнасць гэтага салодкага адпачынку. Устаў ён вельмі рана і, як ні стараўся, не мог потым заснуць. Ён вяла апранаўся, з агідаю піў гарбату і нават за нешта груба крыкнуў на Гайнана, які, як і заўсёды, быў вясёлы, рухавы і нязграбны, нібы малады шчанюк.

У шэрай расшпіленай тужурцы круціўся Рамашоў па сваім маленькім пакойчыку, чапляючыся нагамі за ножкі ложка, а локцямі за хісткую, пыльную этажэрку. Упершыню за паўтара года - і то дзякуючы няшчаснай і выпадковай акалічнасці - ён застаўся сам-насам. Раней гэтаму перашкаджала служба, дзяжурствы, вечары ў сходзе, картачная гульня, заляцанні да Петэрсон, вечары ў Мікалаевых. Іншы раз, калі і выпадаў вольны, нічым не заняты час, дык Рамашоў, знемагаючы ад тугі і гультайства, нібы баючыся самога сябе, таропка бег у клуб, або да знаёмых, або проста на вуліцу, на сустрэчу з кім-небудзь з халастых таварышаў, што заўсёды заканчвалася выпіўкай. Цяпер жа ён са смуткам думаў, што наперадзе - цэлы дзень адзіноты, і яму ў галаву лезлі нейкія дзіўныя і непатрэбныя думкі.

У горадзе зазванілі к позняй абедні. Праз другую, яшчэ не выстаўленую раму да Рамашова даляталі дрыготкія гукі званоў, гукі, якія нібыта нараджаліся адзін ад аднаго, па-вясенняму чароўна сумныя. Адразу ж за акном пачынаўся сад, дзе вельмі многа расло чарэшняў, белых ад кветак, круглых і кучаравых, быццам атара беласнежных авечак, быццам купка дзяўчынак у белых сукенках. Паміж імі там-сям узвышаліся стромкія, роўныя таполі з галінамі, малітоўна ўзнятымі ўгору, у неба, і шырока раскідвалі свае магутныя купалападобныя верхавіны старыя каштаны; дрэвы былі яшчэ пустыя і чарнелі голымі сукамі, але пачыналі ўжо, ледзь прыкметна для вока, жаўцець першай, пушыстай, радаснай зелянінай. Раніца выдалася ясная, яркая, вільготная. Дрэвы ціха ўздрыгвалі і злёгку пагойдваліся. Адчувалася, што паміж імі блукае ласкавы ветрык, і заляцаецца, і сваволіць, і, схіляючы кветкі долу, цалуе іх.

З акна направа была відаць праз вароты частка бруднай, чорнай вуліцы, з нечым плотам па той бок. Уздоўж гэтага плота, асцярожна ступаючы нагамі ў сухія месцы, не спяшаючыся праходзілі людзі. «У іх цэлы дзень яшчэ наперадзе, - думаў Рамашоў, зайздросліва сочачы за імі вачамі, - таму яны і не спяшаюцца. Цэлы вольны дзень!»

І яму раптам нецярпліва, страсна, да слёз захацелася зараз жа апрануцца і пайсці з пакоя. Яго пацягнула не ў сход, як заўсёды, а проста на вуліцу, на паветра. Ён як быццам не ведаў раней цаны свабодзе і цяпер сам здзіўляўся, якое шчасце можа быць у простай магчымасці ісці куды хочаш, звярнуць у любы завулак, выйсці на плошчу, зайсці ў царкву і рабіць гэта не баючыся, не думаючы пра вынікі. Гэтая магчымасць раптам уявілася яму як нейкае вялікае свята душы.

І разам з тым прыгадалася яму, як у маленстве, яшчэ да корпуса, маці карала яго тым, што прывязвала яго тоненькай ніткай за нагу да ложка і пакідала аднаго. І маленькі Рамашоў пакорліва сядзеў цэлымі гадзінамі. Другім часам ён ні на хвіліну не задумаўся б над тым, каб уцячы з дому на ўвесь дзень, хоць і давялося б спускацца па вадасцёку з акна другога паверха. Ён часцяком, вышмыгнуўшы такім чынам з дому, падаваўся ў другі канец Масквы за ваеннай музыкай або за пахаваннем; ён крадком браў у маці цукар, сочыва і папяросы для старэйшых таварышаў, але нітка аказвала на яго дзіўнае, гіпнатычнае дзеянне. Ён нават баяўся нацягваць яе крышку мацней, каб яна хоць не парвалася. Тут быў не страх перад пакараннем і, вядома, не добрасумленнасць і не раскаянне, а менавіта гіпноз, нешта накшталт забабоннага страху перад магутнымі і загадкавымі паводзінамі дарослых, нешта накшталт пачцівага жаху дзікуна перад магічным кругам шамана.

«І вось я цяпер сяджу, як школьнік, як хлапчук, прывязаны за нагу, - думаў Рамашоў, ходзячы па пакоі. - Дзверы расчынены, мне хочацца ісці куды хачу, рабіць што хачу, гаварыць, смяяцца - а я сяджу на нітцы. Гэта я сяджу. Я. Гэта ж - Я! Але гэта толькі ён вырашыў, што я павінен сядзець. Я не даваў сваёй згоды».

- Я! - Рамашоў спыніўся пасярод пакоя і з расстаўленымі нагамі, апусціўшы долу галаву, глыбока задумаўся. - Я! Я! Я! - раптам усклікнуў ён гучна, са здзіўленнем, нібы ўпершыню зразумеў гэтае кароткае слова. - Хто ж гэта стаіць тут і пазірае долу, на чорную шчыліну ў падлозе? Гэта - Я. О, як дзіўна!.. Я-а, - працягнуў ён марудна, усёй сваёй істотай прыслухоўваючыся да гэтага гуку.

Ён рассеяна і ніякавата ўсміхнуўся, але адразу ж насупіўся і пабялеў ад напружання думкі. Такое з ім здаралася досыць часта за апошнія пяць-шэсць гадоў, як яно бывае амаль з усімі маладымі людзьмі ў перыяд паспявання душы. Простая ісціна, прымаўка, агульнавядомае выслоўе, сэнс якога ён даўно ўжо механічна ведаў, раптам дзякуючы нейкаму неспадзяванаму ўнутранаму асвятленню набывалі глыбокае філасофскае значэнне, і тады яму здавалася, што ён упершыню іх чуе, амаль сам адкрыў іх. Ён нават памятаў, як гэта было з ім у першы раз. У корпусе, на ўроку закона божага, святар тлумачыў прытчу аб работніках, якія пераносілі каменне. Адзін насіў спачатку дробнае, а потым узяўся за цяжкое і апошніх камянёў ужо не мог дацягнуць; другі ж зрабіў наадварот і скончыў сваю працу паспяхова. Перад Рамашовым раптам адразу раскрылася цэлая бездань практычнай мудрасці, што была схавана ў гэтай бясхітраснай прытчы, якую ён ведаў і разумеў з тае пары, як навучыўся чытаць. Тое ж самае здарылася неўзабаве са знаёмай прымаўкай: «Сем разоў адмерай - адзін раз адрэж». У адзін нейкі шчаслівы момант ён зразумеў у ёй усё: разважнасць, дальнабачнасць, асцярожную беражлівасць, разлік. Вялізны жыццёвы вопыт хаваўся ў гэтых пяці-шасці словах. Так і цяпер, яго раптам ашаламіла і ўзрушыла нечакана яснае ўсведамленне сваёй індывідуальнасці...

«Я - гэта ўнутры, - думаў Рамашоў, - а ўсё астатняе - гэта пабочнае, гэта - не Я. Вось гэты пакой, вуліца, дрэвы, неба, палкавы камандзір, паручнік Андрусевіч, служба, сцяг, салдаты - усё гэта не Я. Вось мае рукі і ногі, - Рамашоў са здзіўленнем паглядаў на свае рукі, наблізіўшы іх да твару і нібыта ўпершыню разглядаючы іх, - не, гэта ўсё - не Я. А вось я ўшчыпну сябе за руку... так, вось так... гэта Я. Я бачу руку, падымаю яе дагары - гэта Я. Тое, што я цяпер думаю, гэта таксама Я. І калі я захачу пайсці - гэта Я. І вось я спыніўся - гэта Я.

О, як гэта дзіўна, як проста і як чароўна. Мабыць, у кожнага ёсць гэтае Я? А можа, і не ў кожнага? Можа, ні ў кога, апрача мяне? А што, калі ёсць? Вось - стаяць перада мной сто салдат, я крычу ім: «Вочы напра-ава!» - і сто чалавек, у кожнага з якіх ёсць сваё Я і якія ва мне бачаць штосьці чужое, пабочнае, не Я, - яны ўсе адразу паварочваюць галовы направа. Але я не адрозніваю іх, яны - маса. А для палкоўніка Шульговіча, мабыць, і я, і Веткін, і Лбоў, і ўсе паручнікі, і капітаны гэтак жа зліваюцца ў адну асобу, і мы для яго таксама чужыя, і ён не адрознівае нас?»

Бразнулі дзверы, і ў пакой прыбег Гайнан. Пераступаючы з нагі на нагу і пацепваючы плячмі, нібы прытанцоўваючы, ён крыкнуў:

- Ваша высакароддзя, буфенчык больш не даваіт папіросаў. Кажа, паручнік Скрабін не дазволіў табе ў доўг даваць.

- Ах, чорт! - вырвалася ў Рамашова. - Ну, ідзі, ідзі сабе... Як жа я буду без папярос?.. Ну, усё роўна, можаш ісці, Гайнан.

«Аб чым я зараз думаў? - спытаў у самога сябе Рамашоў, застаўшыся адзін. Ён згубіў ніць думак і без прывычкі разважаць паслядоўна не мог адразу адшукаць яе. - Аб чым я зараз думаў? Аб нечым важным і патрэбным... Чакай: трэба вярнуцца назад... сяджу пад арыштам... па вуліцы ходзяць людзі... у маленстве мама прывязвала... Мяне прывязвала... Так, так... У салдат таксама - Я... Палкоўнік Шульговіч... Успомніў... Ну, цяпер далей, далей...

Я сяджу ў пакоі. Не замкнёны. Хачу і не маю права выйсці з яго. Чаму не маю права? Ці зрабіў я якое-небудзь злачынства? Крадзеж? Забойства? Не; гаворачы з другім, пабочным мне чалавекам, я не трымаў ног разам і штосьці сказаў. Можа, я павінен быў трымаць ногі разам? Чаму? Няўжо гэта важна? Няўжо гэта - галоўнае ў жыцці? Вось міне яшчэ дваццаць - трыццаць гадоў - адно імгненне ў тым часе, які быў да мяне і будзе пасля мяне. Адно імгненне! Маё Я згасне, нібы лямпа, у якой прыкруцілі кнот. Але лямпу запаляць зноў, і зноў, і зноў, а Мяне ўжо не будзе. І не будзе ні гэтага пакоя, ні неба, ні палка, ні ўсяго войска, ні зорак, ні зямнога шара, ні маіх рук і ног... Таму што не будзе Мяне...

Так, так... гэта так... Ну, добра... пачакай... трэба паступова... ну, далей... Мяне не будзе. Было цёмна, хтосьці запаліў маё жыццё і адразу ж патушыў, і зноў запанавала цемра назаўсёды, на векі вякоў... Што ж я рабіў у гэтае кароткае імгненне? Я трымаў рукі па швах і абцасы разам, цягнуў насок уніз пры маршыроўцы, крычаў на ўсё горла: «На плячо!», лаяўся і злаваў праз «недацягнуты на сябе» прыклад, калаціўся перад сотнямі людзей... Навошта? Гэтыя здані, якія памруць з маім Я, прымушалі мяне рабіць сотні непатрэбных мне і непрыемных спраў і за гэта абражалі і прыніжалі Мяне. Мяне!!! Чаму ж маё Я падпарадкоўвалася зданям?»

Рамашоў сеў за стол, узлакціўся на яго і сціснуў галаву рукамі. Ён з цяжкасцю стрымліваў гэтыя палахлівыя, незвычайныя для яго думкі:

«Гм... а ты забыў? Айчыну? Калыску? Прах бацькоў? Алтары?.. А вайсковы гонар і дысцыпліна? Хто будзе абараняць тваю радзіму, калі на яе нападуць іншаземныя ворагі?.. Так, але я памру, і не будзе больш ні радзімы, ні ворагаў, ні гонару. Яны жывуць, пакуль жыве мая свядомасць. Але знікні радзіма, і гонар, і мундзір, і ўсе вялікія словы, - маё Я застанецца недатыкальным. Значыць, усё ж маё Я больш важнае за ўсе паняцці аб гонары, абавязку, каханні? Вось я служу... А раптам маё Я скажа: не хачу! Не - не маё Я, а больш... увесь мільён Я, якія складаюць армію, не - яшчэ больш - усе Я, якія насяляюць зямны шар, раптам скажуць: «Не хачу!» І адразу вайна стане немагчымай, і ўжо ніколі не будзе гэтых «рады падвой!» і «паўпаварот направа!» - таму што ў іх не будзе патрэбы. Так, так, так! Гэта слушна, гэта слушна! - закрычаў у душы Рамашова нейкі ўзрадаваны голас. - Уся гэта ваенная доблесць, і дысцыпліна, і чынашанаванне, і гонар мундзіра, і ўся ваенная навука, - усё трымаецца толькі на тым, што чалавецтва не хоча, або не ўмее, або не адважваецца сказаць «не хачу!».

Што ж уяўляе ўсё гэта хітра складзенае збудаванне ваеннага рамяства? Нішто. Пуф, збудаванне, якое вісіць у паветры і заснавана нават не на двух кароткіх словах «не хачу», а толькі на тым, што гэтыя словы чамусьці яшчэ не сказаны людзьмі. Маё Я ніколі не скажа: «не хачу есці, не хачу дыхаць, не хачу бачыць». Але калі яму прапануюць памерці, яно абавязкова, абавязкова скажа - «не хачу». Што ж уяўляе тады вайна з яе непазбежнымі смярцямі і ўсё ваеннае майстэрства, якое вывучае лепшыя спосабы забіваць? Сусветная памылка? Асляпленне?

Не, ты пачакай, пачакай... Мусіць, я сам памыляюся. Не можа быць, каб я не памыляўся, таму што гэтае «не хачу» - такое простае, такое звычайнае, што павінна было б прыйсці ў галаву кожнаму. Ну, добра; ну, разбярэмся. Дапусцім, заўтра, дапусцім, зараз гэтая думка прыйшла ў галаву ўсім: расейцам, немцам, ангельцам, японцам... І вось ужо няма больш вайны, няма афіцэраў і салдат, усе разышліся па хатах. Што ж будзе? Так, што будзе тады? Я ведаю, Шульговіч мне на гэта адкажа: «Тады прыйдуць да нас нечакана і адбяруць у нас зямлю і хаты, здрасуюць пашу, забяруць нашых жонак і сясцёр». А бунтаўшчыкі? Сацыялісты? Рэвалюцыянеры?.. Ды не, гэта няпраўда. Усё чалавецтва сказала: не хачу кровапраліцця. Хто ж тады пойдзе са зброяй і з гвалтам? Ніхто. Што ж будзе? А можа, тады ўсе памірацца? Саступяць адзін аднаму? Падзеляцца? Даруюць? Божа, божа, што ж будзе?»

Рамашоў не заўважыў, заняты сваімі думкамі, як Гайнан ціха падышоў да яго ззаду і раптам працягнуў цераз яго плячо руку. Ён уздрыгнуў і нягучна ўскрыкнуў ад спалоху:

- Што табе трэба, д'ябал!..

Гайнан паклаў на стол карычневы папяровы пачак.

- Табе! - сказаў ён фамільярна і лагодна, і Рамашоў адчуў, што ён па-сяброўску ўсміхаецца за яго спіною. - Табе папяросы. Палі!

Рамашоў паглядзеў на пачак. На ім было надрукавана: папяросы «Трубач», цана 3 кап. 20 шт.

- Што гэта? Навошта? - спытаў ён са здзіўленнем. - Дзе ты ўзяў?

- Бачу, табе папіросаў няма. Купіў за свае грошы. Палі, калі ляска, палі. Нічога. Дару табе.

Гайнан збянтэжыўся і стрымгалоў вылецеў з пакоя, аглушальна бразнуўшы дзвярмі. Падпаручнік запаліў папяросу. У пакоі запахла сургучом і падсмаленым пер'ем.

«О, мілы! - падумаў расчулены Рамашоў. - Я на яго злуюся, крычу, прымушаю яго па вечарах здымаць з мяне не толькі боты, але і шкарпэткі і штаны. А ён вось купіў мне папярос за свае мізэрныя, апошнія салдацкія капейкі. «Палі, калі ляска!» За што ж гэта?..»

Ён зноў устаў і, заклаўшы рукі за спіну, пачаў хадзіць па пакоі.

«Вось іх сто чалавек у нашай роце. І кожны з іх - чалавек з думкамі, з пачуццямі, са сваім непаўторным характарам, з жыццёвым вопытам, з асабістымі сімпатыямі і антыпатыямі. Ці ведаю я што-небудзь пра іх? Не, нічога, апрача іх фізіяномій. Вось яны з правага флангу: Солтыс, Рабашапка, Ведзянееў, Ягораў, Яшчышын... Шэрыя, аднастайныя твары. Што я зрабіў, каб дакрануцца душою да іх душ, сваім Я да іхняга Я? - Нічога».

Рамашову раптам прыгадаўся адзін дажджлівы вечар позняй восені. Некалькі афіцэраў, і разам з імі Рамашоў, сядзелі ў сходзе і пілі гарэлку, калі прыляцеў фельдфебель з дзевятай роты Гумянюк і, засопшыся, крыкнуў свайму ротнаму камандзіру:

- Ваша высакароддзе, маладых ужо прыгналі!..

Так, менавіта прыгналі. Яны стаялі на палкавым двары, збіўшыся ў кучу, пад дажджом, быццам статак напалоханых і пакорлівых жывёлін, пазіралі недаверліва, спадылба. Але ў кожнага быў адменны твар. Мабыць, гэта так здавалася ад разнастайнай вопраткі? «Гэты вось, напэўна, быў слесарам, - думаў тады Рамашоў, праходзячы міма і ўглядаючыся ў твары, - а гэты, мусіць, весялун і майстар іграць на гармоніку. Гэты - пісьменны, спрытны і жулікаваты, з хуткай, складнай гаворкай, - ці не быў ён раней за афіцыянта?» І відаць было таксама, што іх сапраўды прыгналі, што яшчэ колькі дзён таму іх з плачам і галашэннем праводзілі бабы і дзеці і што яны самі падбадзёрвалі сябе, каб не заплакаць у п'яным рэкруцкім чадзе... Але прайшоў год, і вось яны стаяць доўгай, мёртвай шарэнгай - шэрыя, абязлічаныя, драўляныя - салдаты! Яны не хацелі ісці. Іх Я не хацела. Божа, дзе ж прычына гэтага страшэннага непаразумення? Дзе пачатак гэтага вузла? Ці ўсё гэта - тое ж самае, што і вядомы вопыт з пеўнем? Нахіляюць пеўню галаву да стала - ён б'ецца. Але правядуць яму крэйдаю рысу па носе і потым далей па стале, ён ужо лічыць, што яго прывязалі, і сядзіць, не зварухнуўшыся, вылупіўшы вочы, у нейкім незвычайным жаху.

Рамашоў дайшоў да ложка і адразу паваліўся на яго.

«Што ж мне застаецца рабіць у такім разе? - сурова, амаль злосна спытаў ён у самога сябе. - Так, што мне рабіць? Пакінуць службу? Але што ты ведаеш? Што ўмееш рабіць? Спачатку пансіён, потым кадэцкі корпус, ваеннае вучылішча, невясёлае афіцэрскае жыццё... Ці ведаў ты барацьбу? Нястачу? Не, ты жыў на ўсім гатовым, разважаючы, як інстытутка, што французскія булкі растуць на дрэвах. Паспрабуй толькі пайсці. Цябе задзяўбуць, ты зап'еш, ты павалішся на першым кроку да самастойнага жыцця. Пачакай. Хто з афіцэраў, пра якіх ты ведаеш, сам пакінуў службу? Ды ніхто. Усе яны чапляюцца за сваё афіцэрства, бо нікому больш не патрэбны, нічога не ведаюць. А калі і пакідаюць, дык потым ходзяць у зацухмоленай фуражцы з аколышам: «Эйе ла бонтэ... высакародны расейскі афіцэр... компрэне ву...»* Ах, што ж мне рабіць! Што ж мне рабіць!..»

* «Будзьце ласкавы... вы разумееце...» (франц.).

- Арыштанцік, арыштанцік! - зазвінеў пад акном выразны жаночы голас.

Рамашоў усхапіўся з ложка і падбег да акна. На вуліцы стаяла Шурачка. Яна, закрываючы вочы з бакоў далонямі ад святла, блізка прыпала вясёлым свежым тварам да шыбы і гаварыла нараспеў:

- Пада-айце бе-еднаму вязню...

Рамашоў узяўся быў за ручку, але ўспомніў, што акно яшчэ не выстаўлена. Тады, ахоплены раптоўным парывам вясёлай рашучасці, ён з усяе сілы рвануў на сябе раму. Яна падалася і з трэскам расчынілася, абсыпаўшы галаву Рамашова кавалкамі вапны і сухога кіту. Халадок, напоўнены пяшчотнай, тонкай і радаснай духмянасцю белых кветак, струменем уварваўся ў пакой.

«Вось так! Вось так трэба шукаць выйсця!» - закрычаў у душы Рамашова вясёлы, радасны голас.

- Ромачка! Вар'ят! Што вы робіце?

Ён узяў яе працягнутую праз акно маленькую руку, моцна абцягнутую карычневай пальчаткай, і смела пацалаваў яе спачатку зверху, а потым знізу, ля згіба, у кругленькую дзірачку над гузікамі. Ён ніколі не рабіў гэтага, але яна неўсвядомлена, нібы падначальваючыся той хвалі палымянай адвагі, якая так раптоўна захапіла яго, не супраціўлялася яго пацалункам і толькі пазірала на яго са збянтэжаным здзіўленнем і ўсміхалася.

- Аляксандра Пятроўна! Як мне дзякаваць вам? Любая!

- Ромачка, ды што гэта з вамі? Чаго вы ўзрадаваліся? - сказала яна, смеючыся, але ўсё яшчэ пільна і з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Рамашова. - У вас вочы блішчаць. Чакайце, я вам калачык прынесла, як арыштаванаму. Сёння ў нас цудоўныя яблычныя піражкі, салодкія... Сцяпан, ды нясіце ж кошык.

Ён глядзеў на яе закаханымі вачамі, не выпускаючы яе рукі са сваёй, - яна зноў не супраціўлялася гэтаму, - і гаварыў паспешліва:

- Ах, каб вы ведалі, аб чым я думаў сёння ўсю раніцу... Каб вы толькі ведалі! Але гэта потым...

- Так, потым... Вось ідзе мой муж і валадар... Пусціце руку. Які ж вы сёння дзіўны, Юрый Аляксеевіч. Нават папрыгажэлі.

Да акна падышоў Мікалаеў. Ён хмурыўся і не зусім ветліва прывітаўся з Рамашовым.

- Ідзі, Шурачка, ідзі, - прыспешваў ён жонку. - Гэта ж бог ведае што такое. Вы, сапраўды, абое вар'яты. Дойдзе да камандзіра - што добрага! Ён жа пад арыштам. Бывайце, Рамашоў. Заходзьце.

- Заходзьце, Юрый Аляксеевіч, - паўтарыла і Шурачка.

Яна адышла ад акна, але адразу ж вярнулася і сказала хуткім шэптам:

- Слухайце, Ромачка: не, сапраўды, не забывайце пра нас. У мяне адзіны чалавек, з кім я, як з сябрам, - гэта вы. Чуеце? Толькі не глядзіце на мяне такімі тупымі вачамі. А то і бачыць вас не хачу. Калі ласка, Ромачка, не будзьце вельмі высокай думкі аб сабе. Вы і не мужчына зусім.

 

VII

 

А палове чацвертай да Рамашова заехаў палкавы ад'ютант, паручнік Федароўскі. Гэта быў высокі і, як казалі палкавыя дамы, паважны малады чалавек з халоднымі вачмі і з вусамі, прадоўжанымі да плеч густымі падвуснікамі. Ён трымаў сябе пераўвялічана-ветліва, але строга-афіцыйна з малодшымі афіцэрамі, ні з кім не сябраваў і быў высокай думкі аб сваім службовым становішчы. Ротныя камандзіры падлізваліся да яго.

Ён зайшоў у пакой і бегла абвёў прыжмуранымі вачмі ўсё ўбогае абсталяванне Рамашова. Падпаручнік, які ў гэты час ляжаў на ложку, хуценька ўсхапіўся і, чырванеючы, стаў таропка зашпільваць гузікі ў тужурцы.

- Я да вас па даручэнні камандзіра палка, - сказаў Федароўскі сухім тонам, - патурбуйцеся апрануцца і ехаць са мною.

- Даруйце... я зараз... форма адзежы звычайная? Я па-дамашняму.

- Калі ласка, не саромцеся. Сурдут. Калі вы дазволіце, я прысяду?

- Ах, прабачце. Прашу вас. Можа, гарбаты вам? - замітусіўся Рамашоў.

- Не, дзякую. Калі ласка, хутчэй.

Ён, не здымаючы паліто і пальчатак, сеў на крэсла і, пакуль Рамашоў апранаўся, хвалюючыся, без патрэбы бегаючы і саромеючыся за сваю не вельмі чыстую кашулю, сядзеў увесь час роўна і нерухома з каменным тварам, трымаючы рукі на эфесе шашкі.

- Вы не ведаеце, чаго мяне выклікаюць?

Ад'ютант паціснуў плячыма.

- Дзіўнае пытанне. Адкуль жа я магу ведаць? Вам гэта, напэўна, лепш за мяне вядома... Гатовы? Раю вам прасунуць партупею пад пагон, а не зверху. Вы ведаеце, як камандзір палка гэтага не любіць. Вось так... Ну, паедзем.

Ля варот стаяла брычка, запрэжаная параю рослых укормленых палкавых коней. Афіцэры селі і паехалі. Рамашоў з ветлівасці стараўся трымацца бокам, каб не замінаць ад'ютанту, а той нібы зусім не заўважаў гэтага. Па дарозе ім сустрэўся Веткін. Ён абмяняўся з ад'ютантам чэсцю, але адразу ж за спіной у яго зрабіў Рамашову асобы гумарыстычны жэст, які нібыта казаў: «Што, браце, пацягнулі цябе на расправу?» Сустракаліся і яшчэ афіцэры. Адны з іх уважліва, другія са здзіўленнем, а некаторыя быццам з насмешкай глядзелі на Рамашова, і ён міжвольна муляўся пад іх позіркамі.

Палкоўнік Шульговіч не адразу прыняў Рамашова: у яго быў нехта ў кабінеце. Давялося чакаць у паўцёмным пярэднім пакоі, дзе пахла яблыкамі, нафталінам, свежалакіраванай мэбляй і яшчэ нечым асаблівым, не непрыемным, чым пахне адзежа і рэчы ў багатых, акуратных нямецкіх сем'ях. Пераступаючы з нагі на нагу ў пярэднім пакоі, Рамашоў колькі разоў паглядзеў на сябе ў насценнае люстра, апраўленае ў светлую ясеневую раму, і кожны раз яго ўласны твар здаваўся яму прыкра-бледным, непрыгожым і нейкім незвычайным, сурдут - вельмі абшарпаным, а пагоны - дужа памятымі.

Спачатку з кабінета далятаў толькі глухі аднатонны гук нізкага камандзірскага басу. Слоў не было чуваць, але па злосных раскацістых інтанацыях можна было здагадацца, што палкоўнік некага распякае, з настойлівым і непахісным гневам. Гэта працягвалася хвілін пяць. Потым Шульговіч раптам змоўк; пачуўся чыйсьці дрыготкі ўмольны голас, і раптам, пасля кароткай паўзы, Рамашоў выразна, да апошняга адцення, пачуў словы, вымаўленыя са страшэннай ганарыстасцю, злосцю і пагардай:

- Што вы мне туман пускаеце? Дзеці? Жонка? Пляваць я хачу на вашых дзяцей! Перш чым нарабіць дзяцей, вы падумалі б, чым іх карміць. Што? Ага, цяпер - вінаваты, пан палкоўнік. Пан палкоўнік у вашай справе зусім не вінаваты. Вы, капітан, ведаеце, што калі пан палкоўнік цяпер не аддасць вас пад суд, дык я гэтым раблю злачынства па службе. Што-о-о? Зрабіце ласку маўчаць! Не памылка, а злачынства. Вам месца не ў палку, а вы самі ведаеце - дзе. Што?

Зноў затрымцеў палахлівы, умольны голас, такі жаласны, што ў ім, здавалася, не было нічога чалавечага. «Божа, што ж гэта? - падумаў Рамашоў, які нібы прыклеіўся каля люстра, пазіраючы на свой збялелы твар і не бачачы яго, адчуваючы, як у яго пакацілася і хваравіта забілася сэрца. - Божа, які жах!..»

Жаласлівы голас гаварыў даволі доўга. Калі ён скончыў, зноў пачуўся глыбокі бас камандзіра, але цяпер больш спакойны і мяккі, быццам Шульговіч паспеў ужо выліць свой гнеў крыкам і задаволіў сваю прагу ўлады выглядам чужога ўніжэння.

Ён гаварыў перарывіста:

- Добра. У апошні раз. Але па-мя-тай-це, гэта ў апошні раз. Чуеце? Зарубіце гэта на сваім чырвоным, п'яным носе. Калі да мяне яшчэ раз дойдуць чуткі, што вы п'янствуеце... Што? Добра, добра, ведаю я вашы абяцанні. Роту мне каб падрыхтавалі да агляду. Не рота, а б...! Праз тыдзень прыеду сам і пагляджу... Ну, а яшчэ вось вам мая парада: першым чынам навядзіце парадак з салдацкімі грашыма і са справаздачнасцю. Чуеце? Гэта каб заўтра ж было зроблена. Што? А мне што за справа? Хоць нарадзіце... Больш, капітан, я вас не затрымліваю. Маю гонар кланяцца.

Хтосьці нерашуча замітусіўся ў кабінеце і на дыбачках, рыпаючы ботамі, пайшоў да выхаду. Але яго адразу ж спыніў голас камандзіра, які зрабіўся раптам занадта суровы, каб не быць фальшывым:

- Пачакай, ідзі сюды, чортава перачніца... Нябось пабяжыш к жыдкам? А? Векселі пісаць? Эх ты, дурань, дурань, дурная ты галава... Ну, ужо на табе, д'ябал табе ў пячонку. Адна, дзве... раз, дзве, тры, чатыры... Трыста. Болей не магу. Аддасі, калі зможаш. Тфу, чорт, што за паскудства вы робіце, капітан! - закрычаў палкоўнік, павышаючы голас па ўзыходнай гаме. - Ніколі больш не рабіце гэтага! Гэта нізасць! Аднак марш, марш, марш! К чорту, к чорту, бывайце здаровы!..

У пярэдні пакой выйшаў, увесь чырвоны, з кроплямі поту на носе і на скронях, з перавернутым збянтэжаным тварам, маленькі капітан Светлавідаў. Правая рука ў яго была ў кішэні і сутаргава хрустала новенькімі паперкамі. Убачыўшы Рамашова, ён дробненька затупаў нагамі, па-блазенску захіхікаў і моцна ўчапіўся сваёй вільготнай, гарачай, дрыготкай рукой у руку падпаручніка. Вочы ў яго напружана і сарамліва бегалі і ў той жа час як бы мацалі Рамашова: чуў ён ці не?

- Люты! Акі тыгра! - развязна і прыніжана зашаптаў ён, ківаючы ў напрамку кабінета. - Але нічога! - Светлавідаў хутка і нервова перажагнаўся два разы. - Нічога. Слава табе, божа, слава табе, божа!

- Бан-да-рэн-ка! - крыкнуў з-за сцяны палкавы камандзір, і яго магутны голас адразу напоўніў усе закуткі дома і, здавалася, захістаў тонкія пераборкі пярэдняга пакоя. Ён ніколі не карыстаўся званком, спадзеючыся на сваё незвычайнае горла. - Бандарэнка! Хто там яшчэ ёсць? Прасі.

- Акі скімен! - шапнуў Светлавідаў з крывой усмешкай. - Бывайце, паручнік. Жадаю вам лёгкай пары.

З дзвярэй вышмыгнуў дзяншчык - тыповы камандзірскі дзяншчык, з паважна-нахабным тварам, з алейным праборам з боку галавы, у белых ніцяных пальчатках. Ён сказаў пачцівым тонам, але ў той жа час дзёрзка, нават крышку прыжмурыўшыся, пазіраючы проста ў вочы падпаручніку:

- Іх высокаблагароддзе просяць ваша благароддзе.

Ён адчыніў дзверы ў кабінет, стоячы бокам, і сам падаўся назад, саступаючы з дарогі. Рамашоў зайшоў.

Палкоўнік Шульговіч сядзеў за сталом, у левым куце ад увахода. Ён быў у шэрай тужурцы, з-пад якой відаць вельмі дарагая бліскучая бялізна. Мясістыя чырвоныя рукі ляжалі на падлакотніках драўлянага крэсла. Вялізны старэчы твар з сівой кароткай шчоткай валасоў на галаве і з сівой барадой клінам быў суровы і халодны. Выцвілыя светлыя вочы пазіралі варожа. На паклон падпаручніка ён коратка кіўнуў галавою. Рамашоў раптам заўважыў у яго ў вуху сярэбраную завушніцу ў выглядзе паўмесяца з крыжам і падумаў: «А я ж гэтай завушніцы раней не бачыў».

- Нядобра, - пачаў камандзір рыкаючым басам, які зыходзіў як бы з глыбіні яго жывата, і зрабіў доўгую паўзу. - Сорамна! - гаварыў ён далей, павышаючы голас. - Служыце без году тыдзень, а пачынаеце ўжо хвастом круціць. Маю шматлікія падставы быць вамі нездаволеным. Даруйце, што ж гэта такое? Камандзір палка робіць яму заўвагу, а ён, няшчасны прапаршчык, фендрык, - дазваляе сабе вярзці нейкае глупства. Што за агіднасць! - раптам закрычаў палкоўнік так аглушальна, што Рамашоў уздрыгнуў. - Немажліва! Распуста!

Рамашоў панура глядзеў убок, і яму здавалася, што ніякая сіла на свеце не можа прымусіць яго зазірнуць у твар палкоўніка. «Дзе маё Я! - раптам насмешліва пранеслася ў яго ў галаве. - Вось ты павінен стаяць навыцяжку і маўчаць».

- Якімі шляхамі да мяне дайшло, я ўжо гэтага не буду вам перадаваць, але мне вядома дакладна, што вы п'яце. Гэта агідна. Хлапчук, жаўтаротае птушаня, якое толькі што выйшла са школы, і напіваецца ў сходзе, як апошні шавецкі чаляднік. Я, любы мой, усё ведаю; ад мяне нічога не схаваеш. Мне вядома ўсё тое, аб чым вы нават і не здагадваецеся. Што ж, калі хочаце каціцца па нахіленай плоскасці - ваша воля. Але кажу вам у апошні раз: думайце над маімі словамі. Гэтак заўсёды бывае, мой шаноўны: пачынаюць з чарачкі, потым з другой, а потым, глядзіш, і канчаюць жыццё пад плотам. Зарубіце сабе на носе. А апрача таго, ведайце: мы цярплівыя, аднак жа і анёльская цярплівасць можа лопнуць... Глядзіце, не даводзьце нас да крайнасці. Вы адзін, а суполка афіцэраў - гэта цэлая сям'я. Значыць, заўсёды можна і гэтае... за хвост і з кампаніі прэч.

«Я стаю, я маўчу, - са смуткам думаў Рамашоў, увесь час пазіраючы на завушніцу палкоўніка, - а мне трэба было б сказаць, што я і сам не шаную гэтай сям'і і хоць зараз магу пакінуць яе і пайсці ў запас. Сказаць? Ці асмелюся я?»

Сэрца ў Рамашова зноў моцна забілася, ён нават зрабіў нейкі кволы рух губамі і каўтануў сліну, але па-ранейшаму аставаўся нерухомы.

- Ды і наогул вашы паводзіны... - гаварыў далей жалезным тонам Шульговіч. - Вось вы летась яшчэ не паспелі праслужыць і года, а прасіліся ўжо ў адпачынак. Гаварылі пра хваробу вашай маці, паказвалі нейкае пісьмо ад яе... Што ж, я не магу, разумееце - не магу не верыць свайму афіцэру. Калі вы кажаце - маці, няхай будзе маці. Што ж, рознае здараецца. Але ведаеце, усё гэта неяк адно да аднаго, і разумееце...

Рамашоў ужо даўно адчуваў, як у яго пачало спачатку ледзь прыкметна, а потым усё мацней і мацней дрыжаць калена правай нагі. Нарэшце гэты міжвольны нервовы рух стаў такі прыкметны, што ад яго закалацілася ўсё цела. Гэта было вельмі недарэчна і вельмі непрыемна, і Рамашоў з сорамам думаў, што Шульговіч можа зразумець гэта як праяўленне страху перад ім. Аднак калі палкоўнік загаварыў пра яго маці, кроў раптам гарачым струменем кінулася Рамашову ў галаву, і дрыжанне імгненна спынілася. Першы раз ён узняў вочы ўгору і паглядзеў проста ў пераноссе Шульговіча. З нянавісцю, з цвёрдым і - гэта ён сам адчуваў у сябе на твары - з дзёрзкім выразам, які адразу, здавалася б, знішчыў вялізную лесвіцу, што аддзяляла маленькага падначаленага ад грознага начальства. Увесь пакой раптоўна пазмрачнеў, нібы ў ім апусцілі фіранкі. Густы голас камандзіра знік у нейкай бязгучнай глыбіні. Надышоў час жудаснай цемры і цішыні - без думак, без волі, без усякіх знешніх уражанняў, амаль без памяці, апрача аднаго страшнага пераканання, што зараз, вось у гэтую хвіліну, адбудзецца штосьці недарэчнае, непапраўнае, жахлівае. Дзіўны, быццам чужы голас шапнуў раптам аднекуль у вуха Рамашову: «Зараз я яго стукну», - і Рамашоў павольна перавёў вочы на мясістую вялікую старэчую шчаку і на сярэбраную завушніцу з крыжам і паўмесяцам.

Пасля, як у сне, убачыў ён, яшчэ не разумеючы гэтага, што ў вачах у Шульговіча папераменна адбіліся здзіўленне, страх, трывога, літасць... Безразважная, непазбежная хваля, якая падхапіла так грозна і так стыхійна душу Рамашова, раптам апала, растала, адхлынула назад. Рамашоў, нібы прачынаючыся, глыбока і моцна ўздыхнуў. Усё адразу зрабілася простым і будзённым у яго ў вачах. Шульговіч мітусліва паказваў яму на крэсла і гаварыў з нечаканай, грубаватай ласкай:

- Тфу, чорт... які ж вы крыўдлівы... Ды сядайце ж, ліха на вас! Ну ды... усе вы вось гэтак. Гледзіцё на мяне, як на звера. Крычыць, маўляў, стары хрэн без толку, без сэнсу, чорт бы яго прыбраў. А я, - густы голас закалыхаўся цёплымі, усхваляванымі нотамі, - а я, далібог, мой мілы, люблю вас усіх, як сваіх дзяцей. Што ж, вы думаеце, не пакутую я за вас? Не хварэю? Эх, панове, панове, не разумееце вы мяне. Ну, добра, ну, пагарачыўся я, хапіў цераз край - хіба ж можна на старога крыўдаваць? Э-эх, моладзь. Ну, мір - скончана. Руку. І пойдзем абедаць.

Рамашоў моўчкі пакланіўся і паціснуў працягнутую яму руку, вялікую, пухлую і халодную руку. Пачуццё крыўды ў яго прайшло, але яму не было лягчэй. Пасля ранішніх важных і гордых думак ён адчуваў сябе цяпер маленькім, убогім, бледным школьнікам, нейкім нялюбым, палахлівым і забытым хлапчуком, і гэты пераход быў ганебны. І таму, ідучы ў сталовую ўслед за палкоўнікам, ён, як звычайна, падумаў пра сябе ў трэцяй асобе: «Змрочныя думкі баразнілі яго чало».

Шульговіч быў бяздзетны. Да стала падышла яго жонка, тоўстая, высокая, важная і маўклівая дама, без шыі, з некалькімі падбародкамі. Нягледзячы на пенснэ і на пагардлівы позірк, твар у яе быў даволі просты і пакідаў такое ўражанне, быццам яго спехам выпеклі з цеста, уваткнуўшы разынкі замест вачэй. Услед за ёю, дробна перабіраючы нагамі, прыклыпала старэнькая палкоўнікава маці, маленькая, глухая, але яшчэ бадзёрая, злосная і ўладная бабулька. Пільна і бесцырымонна разглядаючы Рамашова знізу ўверх, паўзверх акуляраў, яна працягнула яму і тыцнула проста ў губы сваю маленечкую, цёмную, усю ў змаршчаках руку, падобную да кавалка мошчаў. Потым звярнулася да палкоўніка і спытала такім тонам, як быццам апрача іх дваіх у сталовай нікога не было:

- Гэта хто ж такі? Не памятаю нешта?

Шульговіч трубкаю склаў далоні рук каля рота і закрычаў бабульцы ў самае вуха:

- Падпаручнік Рамашоў, матуля. Цудоўны афіцэр... франтавік і малайчына... з кадэцкага корпуса... Ах так, - спахапіўся ён раптам. - Вы ж падпаручнік, здаецца, наш, пензенскі?

- Так, пан палкоўнік, пензенскі.

- І сапраўды, так... Я цяпер успомніў. Мы з вамі землякі. Нараўчацкага павета, здаецца?

- Так точна. Нараўчацкага.

- І як гэта я забыў? Нараўчат, адны тычкі тырчаць. А мы - інсарскія. Матуля! - зноў затрубіў ён маці на вуха. - Падпаручнік Рамашоў - наш, пензенскі... З Нараўчата!.. Землякі!..

- А-а! - бабулька шматзначна павяла бровамі. - Так, так, так... А я ўсё думаю... Значыць, вы даводзіцеся сынком Сяргею Пятровічу Шышкіну?

- Матуля! Памыліліся! Падпаручніка прозвішча - Рамашоў, а зусім не Шышкін!..

- Вось, вось, вось... Я і кажу... Сяргея ж Пятровіча я не ведала... па чутках толькі. А вось Пятра Пятровіча - таго нават вельмі часта бачыла. Маёнткі, лічы, побач былі. Вельмі, в-вельмі прыемна, малады чалавек... Пахвальна з вашага боку.

- Ну, пайшла цяпер рыпець, старая шпакоўня, - сказаў палкоўнік напаўголаса, з грубым дабрадушшам. - Сядайце, падпаручнік... Паручнік Федароўскі! - крыкнуў ён у дзверы. - Канчайце там і ідзіце піць гарэлку!..

У сталовую жвава зайшоў ад'ютант, які, па заведзеным у многіх палках звычаі, абедаў заўсёды ў камандзіра. Мякка і развязна пазвоньваючы шпорамі, ён падышоў да асобнага маёлікавага століка з закуссю, наліў сабе гарэлкі і, не спяшаючыся, выпіў і закусіў. Рамашоў адчуў да яго зайздрасць і нейкую смешную, дробязную павагу.

- А вы гарэлкі? - спытаў Шульговіч.

- Не. Дзякую шчыра. Мне чамусьці не хочацца, - адказаў Рамашоў асіплым голасам і пракашляўся.

- І-і цу-доўна. Самае лепшае. Жадаю і ў далейшым гэтак жа.

Абед быў сытны і смачны. Было відаць, што бяздзетныя палкоўнік і палкоўніца прыляпіліся да нявіннай слабасці - добра паесці. Падавалі духмяны суп з маладых карэнняў і зяленіва, смажанага ляшча з кашаю, добра ўкормленую хатнюю качку і спаржу. На стале стаялі тры бутэлькі - з белым і чырвоным віном і з мадэраю, - праўда, пачатыя ўжо і закаркаваныя сярэбранымі фігурнымі коркамі, але дарагія, добрых замежных марак. Палкоўнік - быццам нядаўні гнеў спрыяў яго апетыту - еў з асаблівым смакам і гэтак прыгожа, што на яго прыемна было глядзець. Ён увесь час міла і груба жартаваў. Калі падалі спаржу, ён, глыбей засоўваючы за каўнерык тужуркі асляпляльна белую сурвэтку, сказаў весела:

- Каб я быў царом, заўсёды еў бы спаржу!

Але раней, за рыбай, ён не стрымаўся і закрычаў на Рамашова начальніцкім тонам:

- Падпаручнік! Майце ласку адкласці ножык убок. Рыбу і катлеты ядуць выключна відэльцам. Нядобра! Афіцэр павінен умець есці. Кожны афіцэр можа быць запрошаны да царскага стала. Памятайце пра гэта.

Рамашоў сядзеў за абедам збянтэжаны, сарамлівы, не ведаючы, куды падзець рукі, большаю часткаю трымаў іх пад сталом і заплятаў у коскі махры абруса. Ён даўно ўжо адвык ад сямейнай утульнасці, ад прыстойнай і камфартабельнай мэблі, ад парадку за сталом. І яго ўвесь час мучыла адна і тая ж думка: «Гэта ж агідна, гэта такая слабасць і баязлівасць з майго боку, што я не змог, не адважыўся адмовіцца ад гэтага ганебнага абеду. Ну вось я зараз устану, зраблю агульны паклон і пайду. Няхай думаюць, што хочуць. Урэшце, не з'есць жа ён мяне? Не адніме маёй душы, думак, розуму? Але ці пайду я?» І зноў з трапяткім сэрцам, бляднеючы ад унутранага хвалявання, крыўдуючы на самога сябе, ён адчуваў, што не можа гэтага зрабіць.

Надышоў ужо вечар, калі падалі каву. Чырвоныя, касыя праменні сонца ўварваліся ў вокны і зайгралі яркімі меднымі плямамі на цёмных шпалерах, на абрусе, на крышталі, на тварах у людзей. Усе сціхлі ў нейкай самотнай чароўнасці гэтай вячэрняй пары.

- Калі я быў яшчэ прапаршчыкам, - загаварыў раптам Шульговіч, - у нас быў камандзір брыгады, генерал Фафанаў. Такі цудоўны стары, баявы генерал, здаецца, ледзь не з кантаністаў. Памятаю, ён, бывала, падыдзе ў часе агляду да барабаншчыка, - страшэнна любіў барабан, - падыдзе і скажа: «Ану, браток, шыграй мне што-небудзь меланхалішнае». Вось так. Дык гэты генерал, калі ў яго збіраліся госці, заўсёды ішоў спаць дакладна ў адзінаццаць. Бывала, звернецца да гасцей і скажа: «Ну, панове, ешце, піце, вешаліцеся, а я пайду ў абдымкі да Нептуна». Яму кажуць: «Марфея, ваша правасхадзіцельства?» - «Э, ушо роўна: ш адной мінералогіі...» Гэтак і я цяпер, панове, - Шульговіч устаў і паклаў на спінку крэсла сурвэтку, - таксама іду ў абдымкі да Нептуна. Вы вольныя, паны афіцэры.

Афіцэры ўсталі і выпрасталіся.

«Іранічная, горкая ўсмешка паявілася на яго тонкіх губах», - падумаў Рамашоў, але толькі падумаў, бо твар у яго ў гэтую хвіліну быў варты жалю, бледны і непрыгожа-пачцівы.

Зноў ішоў Рамашоў дадому, адчуваючы сябе адзінокім, сумным, згубленым у нейкім чужым, цёмным і варожым месцы. Зноў гарэла на захадзе ў шызых цяжкіх хмарах чырвона-бурштынавая зара, і зноў Рамашову мроіўся далёка за небасхілам, за дамамі і палямі, цудоўны фантастычны горад з жыццём, поўным красы, велічы і шчасця.

На вуліцы ўсё гусцей і гусцей клаўся змрок. Па шашы з віскам бегалі жыдоўскія хлапчукі. Дзесьці на прызбах, ля варот, у садах звінеў жаночы смех, звінеў бесперапынна і ўзбуджана, з нейкім гарачым, жывёльным, радасным дрыжаннем, як звініць ён толькі ранняю вясною. І разам з ціхім, задуменным смуткам у душы ў Рамашова нараджаліся дзіўныя, няясныя ўспаміны аб шчасці, якога ніколі не было, і аб мінулых, яшчэ больш цудоўных вёснах, а ў сэрцы варушылася невыразнае і салодкае прадчуванне будучага кахання...

Калі ён прыйшоў дадому, дык застаў Гайнана ў яго змрочнай каморы перад бюстам Пушкіна. Вялікі паэт быў весь вымазаны алеем, а свечка, якая гарэла перад ім, кідала блішчастыя плямы на нос, на тоўстыя губы і на жылістую шыю. Сам жа Гайнан, седзячы па-турэцку на трох дошках, якія замянялі яму ложак, ківаўся ўзад і ўперад і мармытаў нараспеў штосьці цягучае і аднастайнае.

- Гайнан! - гукнуў яго Рамашоў.

Дзяншчык уздрыгнуў і, усхапіўшыся з ложка, выпрастаўся. На твары ў яго адбіўся спалох.

- Ала? - спытаў Рамашоў зычліва.

Бязвусы хлапчукоўскі рот чараміса ўвесь расплыўся ў доўгай усмешцы, ад якой пры агні свечкі забліскалі яго цудоўныя белыя зубы.

- Ала, ваша благароддзя!

- Ну, ну, ну... Сядзі сабе, сядзі. - Рамашоў ласкава пагладзіў дзеншчыка па плячы. - Усё роўна, Гайнан, у цябе ала, у мяне ала. Адзін, браце, ала ва ўсіх чалавекаў.

«Добры хлопец Гайнан, - падумаў падпаручнік, ідучы ў пакой. - А я вось не маю права паціснуць яму рукі. Так, не магу, не маю права. О, чорт! Трэба будзе з сённяшняга дня самому апранацца і распранацца. Непрыстойна прымушаць гэта рабіць за сябе другога чалавека».

У гэты вечар ён не пайшоў у сход, а дастаў з прыскрынка тоўсты разлінаваны сшытак, спісаны дробным няроўным почыркам, і пісаў да позняй ночы. Гэта была трэцяя, па ліку, аповесць, якую пісаў Рамашоў, - «Апошні фатальны дэбют». Падпаручнік сам саромеўся сваіх літаратурных заняткаў і нікому на свеце ніколі не сказаў бы пра іх.

 

VIII

 

Казармы для размяшчэння палка толькі што пачалі будаваць на ўскраіне мястэчка, за чыгункай, на так званым выгане, а да іх заканчэння полк з усімі сваімі ўстановамі быў раскватараваны па прыватных кватэрах. Афіцэрскі сход займаў невялічкі аднапавярховы дамок, які быў размешчаны глаголем: у даўжэйшай частцы, якая ішла ўдоўж вуліцы, знаходзіліся танцавальная зала і гасціная, а кароткую, якая цягнулася ў глыб бруднага двара, займалі - сталовая, кухня і «нумары» для прыезджых афіцэраў. Гэтыя дзве палавіны былі звязаны паміж сабою чымсьці накшталт заблытанага, вузкага, каленчатага калідора; кожнае калена злучалася з другім дзвярамі, і такім чынам атрымаўся рад маленечкіх пакойчыкаў, якія служылі - буфетам, більярднай, картачнай, перадпакоем і жаночай прыбіральняй. Паколькі ўсе гэтыя памяшканні, апрача сталовай, былі звычайна пустыя і ніколі не праветрываліся, дык у іх стаяла сырое, кіслае, нежылое паветра з прымессю асобага паху ад старой дывановай абіўкі, якая закрывала мэблю.

Рамашоў прыйшоў у сход у дзевяць гадзін. Пяць-шэсць халастых афіцэраў ужо сышліся на вечар, а дамы яшчэ не прыехалі. Паміж імі здаўна існавала дзіўнае спаборніцтва адносна добрага тону, а гэты тон лічыў ганебным для дамы з'яўляцца адной з першых на баль. Музыканты ўжо сядзелі на сваіх месцах у шкляной галерэі, якая злучалася з залам адным вялікім акном. У зале ўздоўж сцен паміж вокнамі гарэлі трохлапыя бра, а са столі спускалася люстра з крыштальнымі дрыготкімі падвескамі. Дзякуючы яркаму асвятленню гэты вялікі пакой з голымі сценамі, абклеенымі белымі шпалерамі, з венскімі крэсламі па баках, з цюлевымі фіранкамі на вокнах здаваўся асабліва пустым.

У більярднай два батальённыя ад'ютанты, паручнікі Бек-Агамалаў і Алізар, якога ўсе ў палку называлі графам Алізарам, гулялі ў пяць шароў на піва. Алізар - доўгі, тонкі, прылізаны, напамаджаны - малады стары, з голым, але маршчыністым тварам, увесь час сыпаў більярднымі прымаўкамі. Бек-Агамалаў прайграваў і злаваўся. На іх гульню глядзеў, седзячы на падаконніку, штабс-капітан Лешчанка, сумны чалавек сарака пяці гадоў, здольны адным сваім выглядам навесці нудоту; усё ў яго на твары і на постаці вісела ўніз з выглядам самай безнадзейнай меланхоліі: вісеў уніз, нібыта струк перцу, доўгі, мясісты, чырвоны і друзлы нос; звісалі да падбародка дзвюма тонкімі бурымі ніткамі вусы; бровы спускаліся ад пераносся ўніз да скроняў, надаючы яго вачам заўсёды плаксівы выраз; нават старэнькі сурдут матляўся на яго пакатых плячах і запалых грудзях, як на вешалцы. Лешчанка нічога не піў, не гуляў у карты і нават не паліў. Але яму прыносіла дзіўнае, незразумелае для іншых здавальненне тарчаць у картачным ці ў більярдным пакоі за спінамі ігракоў або ў сталовай, калі там асабліва моцна пілі. Па цэлых гадзінах ён праседжваў там, маўклівы і маркотны, не вымавіўшы ні слова. У палку да гэтага ўсе прывыклі, і нават гульня ды папойка неяк не клеіліся, калі ў сходзе не было маўклівага Лешчанкі.

Прывітаўшыся з трыма афіцэрамі, Рамашоў сеў побач з Лешчанкам, які папераджальна адсунуўся ўбок, уздыхнуў і паглядзеў на маладога афіцэра самотнымі і адданымі сабачымі вачмі.

- Як здароўе Мар'і Віктараўны? - спытаў Рамашоў тым развязным і знарок зычным голасам, якім гавораць з глухімі і прыдуркаватымі людзьмі і якім з Лешчанкам у палку гаварылі ўсе, нават прапаршчыкі.

- Дзякуй, галубок, - з цяжкім уздыхам адказаў Лешчанка. - Вядома, нервы ў яе... Такі час цяпер.

- А чаму ж вы не разам з жонкаю? Або, магчыма, Мар'я Віктараўна не збіраецца сёння?

- Не. Як жа. Будзе. Яна будзе, галубок. Толькі, бачыце, месца няма ў фаэтоне. Яны з Раісай Аляксандраўнай напалам узялі экіпаж, ну і, разумееце, галубок, гавораць мне: «У цябе, гавораць, боты ўсе ў гразі, ты нам сукенкі запэцкаеш».

- Краўзе ў сярэдзіну! Тонкая рэзь. Вымай шара з лузы, Бек! - крыкнуў Алізар.

- Ты спачатку зрабі шара, а потым я выну, - злосна адказаў Бек-Агамалаў.

Лешчанка забраў у рот бурыя кончыкі вусоў і засяроджана пажаваў іх.

- У мяне да вас просьба, галубок Юрый Аляксеевіч, - сказаў ён запінаючыся, - сёння ж вы за распарадчыка на танцах?

- Так. Халера на іх. Прызначылі. Я выкручваўся-выкручваўся перад палкавым ад'ютантам, хацеў нават напісаць рапарт аб хваробе. Але хіба з ім дамовішся? «Падайце, кажа, даведку ад лекара».

- Вось я вас і хачу папрасіць, галубок, - гаварыў далей Лешчанка дагодлівым тонам. - Бог ужо з ёй, зрабіце толькі, каб яна не вельмі сядзела. Ведаеце, прашу вас па-таварыску.

- Мар'я Віктараўна?

- Так, так. Калі ласка ўжо.

- Жоўты дуплет у кут, - заказаў Бек-Агамалаў. - Будзе як у аптэцы.

Яму было нязручна гуляць з прычыны яго невялікага росту, і ён павінен быў цягнуцца на жываце цераз більярд. Ад напружання яго твар пачырванеў і на лбе напяліся, быццам іжыца, дзве жылы, якія сыходзіліся к пераноссю.

- Жамаіс! - упэўнена дражніў яго Алізар. - Гэтага нават я не зраблю.

Кій Агамалава з сухім пошчакам слізгануў па шары, але шар не крануўся з месца.

- Кікс! - радасна закрычаў Алізар і заскакаў канкан вакол більярда. - Калі ты спыш - храпыш, дзюша мой?

Агамалаў стукнуў тоўстым канцом кія аб падлогу.

- А ты не маеш права пад руку гаварыць! - крыкнуў ён, бліскаючы чорнымі вачамі. - Я кіну гуляць.

- Нэ кіпятыся, дзюша мой, кроў сапсыеш. Мадыстку ў кут!..

Да Рамашова падляцеў адзін з веставых, прызначаных на дзяжурства ў пярэдні пакой, каб распранаць дам.

- Ваша благароддзе, вас пані просяць у залу.

Там прагульваліся ўжо тры дамы, якія толькі што прыехалі, усе тры - немаладыя. Самая старэйшая з іх, жонка загадчыка гаспадаркі, Ганна Іванаўна Мігунова, звярнулася да Рамашова строгім і манерным тонам, капрызна расцягваючы канцы слоў і са свецкай важнасцю ківаючы галавой:

- Падпаручнік Рамашо-оў, загадайце сыграць што-небудзь для слы-ыху. Калі ла-аска...

- Слухаю, - Рамашоў пакланіўся і падышоў да музыкальнага акна. - Зісерман, - крыкнуў ён старасце аркестра, - давай для слыху!

Праз расчыненае акно галерэі грымнулі першыя гукі ўверцюры з «Жыцця за цара», і ў такт ім захісталіся ўверх і ўніз языкі свечак.

Дамы пакрысе з'язджаліся. Раней, год таму назад, Рамашоў страшэнна любіў гэтыя хвіліны перад балем, калі, па сваіх дырыжорскіх абавязках, ён сустракаў у пярэднім пакоі дам. Якімі таямнічымі і чароўнымі здаваліся яны яму, калі, узбуджаныя святлом, музыкай і чаканнем танцаў, яны з вясёлай мітуснёй вызваляліся ад сваіх каптуроў, баа і футэрак. Разам з жаночым смехам і звонкай балбатнёй невялічкі пярэдні пакой раптам напаўняўся пахам марозу, духоў, пудры і лайкавых пальчатак - няўлоўным пахам па-святочнаму адзетых і прыгожых жанчын перад балем. Якімі бліскучымі і закаханымі здаваліся яму іх вочы ў люстрах, перад якімі яны на скорую руку папраўлялі свае прычоскі! Якой музыкай гучала шамаценне і шорхат іх спадніц! Якая ласка адчувалася ў дотыку іх маленькіх рук, іх шалікаў і веераў!..

Цяпер гэтае зачараванне прайшло, і Рамашоў ведаў, што назаўсёды. Ён не без пэўнага сораму разумеў цяпер, што многае ў тым зачараванні было ўзята з французскіх благіх раманаў, у якіх нязменна апісваецца, як Густаў і Арман прыехалі на баль у расейскае пасольства і праходзілі праз вестыбюль. Ён ведаў таксама, што палкавыя дамы гадамі носяць адну і тую ж «шыкоўную» сукенку, робячы ўбогія спробы паднаўляць яе да асабліва важных вечароў, а пальчаткі чысцяць бензінам. Яму смешным і прэтэнцыёзным здавалася іх агульная цяга да розных эгрэтак, шалікаў, вялізных фальшывых каменняў, да пёраў і багацця стужак; у гэтым выяўлялася нейкая дробязная, безгустоўная, хатняга вырабу раскоша. Яны ўжывалі тлустыя бялілы і румяны, але няўмела і груба да наіўнасці: у некаторых ад гэтых сродкаў твары набывалі злавеснае сіняватае адценне. Але больш за ўсё было непрыемным для Рамашова тое, што ён, як і ўсе ў палку, ведаў закулісныя гісторыі кожнага балю, кожнай сукенкі, ледзь не кожнай какетлівай фразы; хітрыкі, плёткі, узаемная нянавісць, бяссільная правінцыяльная гульня ў свецкасць і, нарэшце, сумныя, агідныя сувязі...

Прыехаў капітан Тальман з жонкаю: абое вельмі высокія, дзябёлыя; яна - пяшчотная, тоўстая, пульхная бландзінка, ён - са смуглявым, разбойніцкім тварам, з бесперапынным кашлем і хрыплым голасам. Рамашоў ужо загадзя ведаў, што зараз Тальман скажа сваю звычайную фразу, і ён сапраўды, бегаючы цыганскімі вачамі, прасіпеў:

- А што, падпаручнік, у картачнай ужо вінцяць?

- Не яшчэ. Усе ў сталовай.

- Не яшчэ? Ведаеш, Сонечка, я таго... пайду ў сталовую - «Інвалід» прагледзець. Вы, дарагі Рамашоў, папасіце яе... ну, там, якую-небудзь кадрыленцыю.

Потым у пярэдні пакой уляцела сямейства Лыкачовых - цэлы вывадак мілых, смяшлівых і картавых паненак на чале з маткаю - маленькай, жвавай жанчынай, якая ў сорак гадоў танцавала без стомы і пастаянна раджала дзяцей «паміж другой і трэцяй кадрыллю», як казаў пра яе палкавы жартаўнік Арчакоўскі.

Паненкі, па-рознаму картавячы, смеючыся і перапыняючы адна адну, накінуліся на Рамашова:

- Чаму вы да нас не п'іходзілі?

- Звой, звой, звой!

- Нехалосы, нехалосы, нехалосы!

- Звой, звой!

- Запласаю вас на пейсую кад'іль.

- Medames!.. Medames!.. - гаварыў Рамашоў, супроць волі стараючыся паказаць сябе як ветлівага кавалера і раскланьваючыся на ўсе бакі.

У гэты час ён выпадкова зірнуў на ўваходныя дзверы і ўбачыў за іх шклом хударлявы і губасты твар Раісы Аляксандраўны Петэрсон пад белай хусткай, надзетай паўзверх капелюша. Рамашоў хуценька, зусім па-хлапчукоўску, шмыгнуў у гасціную. Але які кароткі ні быў гэты момант і як ні стараўся падпаручнік пераканаць сябе, што Раіса яго не заўважыла, - усё ж ён адчуў трывогу; у маленькіх вачах яго палюбоўніцы яму здалося нешта новае і неспакойнае, нейкая жорсткая, злосная і ўпэўненая пагроза.

Ён пайшоў у сталовую. Там ужо сабралося шмат народу; амаль усе месцы за доўгім, накрытым цыратаю сталом былі заняты. Сіні тытунёвы дым вісеў у паветры. Патыхала гарэлым маслам з кухні. Дзве ці тры групы афіцэраў пачыналі ўжо выпіваць і закусваць. Некаторыя чыталі газеты. Густы і стракаты шум галасоў зліваўся з перазвонам нажэй, пошчакам більярдных шароў і бразганнем кухонных дзвярэй. Па нагах цягнула халадком з сенцаў.

Рамашоў адшукаў паручніка Бабяцінскага і падышоў да яго. Бабяцінскі стаяў каля стала, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, хістаючыся на насках і на абцасах і жмурачы вочы ад дыму папяросы. Рамашоў крануў яго за рукаў.

- Што? - павярнуўся ён і, выняўшы адну руку з кішэні, не перастаючы жмурыцца, з паважным выглядам пакруціў доўгі рыжы вус, скасавурыўшы на яго вочы і адставіўшы локаць убок. - А-а! Гэта вы? Вэльмі прээмна...

Ён заўсёды гаварыў такім ламаным вычварным тонам, падрабляючыся, як ён сам думаў, пад гвардзейскую залатую моладзь. Ён быў аб сабе высокай думкі, лічачы сябе знаўцам коней і жанчын, цудоўным танцорам і прытым прыгожым, велікасвецкім, але, нягледзячы на свае дваццаць чатыры гады, ужо сталым і расчараваным чалавекам. Таму ён заўсёды трымаў плечы да смешнага высока ўзнятымі, блага французіў, хадзіў расслабленай паходкай і, калі размаўляў, дык рабіў млявыя, нядбайныя жэсты.

- Пётр Фадзеевіч, мілы, калі ласка, падырыжыруйце сёння за мяне, - папрасіў Рамашоў.

- Мэ мон амі! - Бабяцінскі ўзняў угору плечы і бровы і зрабіў бязглуздыя вочы. - Але... мой сября, - пераклаў ён па-расейску. - З якой ласкі? Пуркуа?* Сапраўды, вы мяне... як гэта гаворыцца? Вы мяне здэўляеце!..

* Чаму? (франц.).

- Дарагі мой, зрабіце ласку...

- Чакайце... Па-першае, без фэ-міль-ярнасцей. Штэ гэта тэкое - шаноўны, тэкі-сякі з цэтэра?*

* І гэтак далей? (франц.).

- Ну прашу вас, Пётр Фадзеевіч... Галава баліць... і горла... зусім не магу.

Рамашоў доўга і пераканаўча ўпрошваў таварыша. Нарэшце ён нават вырашыў пусціць у ход ліслівасць.

- Ніхто ж у палку не ўмее так прыгожа і разнастайна весці танцы, як Пётр Фадзеевіч. І апрача таго, аб гэтым таксама прасіла адна дама...

- Дама?.. - Бабяцінскі зрабіў разгублены і меланхалічны твар. - Дама? Сябра мой, у мае гады... - Ён зарагатаў з фальшывай горыччу і расчараваннем. - Што такое жанчына? Ха-ха-ха... Юн енігм!* Ну, добра, я згодзен... Я згодзен.

* Загадка! (франц.).

І гэткім жа расчараваным голасам ён раптам дадаў:

- Мон шэр амі, а ці няма ў вас... як гэта кажуць... трох рюблёў?

- На жаль!.. - уздыхнуў Рамашоў.

- А рубля?

- Мм!..

- Дэзагрэабль...* Нічога не зробіш. Ну, тады пойдзем вып'ем гарэлкі.

* Якая прыкрасць... (франц.).

- Вось няшчасце! І крэдыту няма, Пётр Фадзеевіч.

- Так? О, поўр анфан!..* Усё роўна, пойдзем. - Бабяцінскі зрабіў шырокі жэст велікадушнасці. - Я вас вітаю.

* Беднае дзіця!.. (франц.).

У сталовай між тым гаворка чулася ўсё больш гучная і ў той жа час больш цікавая для ўсіх прысутных. Гаварылі пра афіцэрскія паядынкі, якія толькі нядаўна былі дазволены, і думкі разыходзіліся.

Больш за ўсіх актыўнічаў у часе гаворкі паручнік Арчакоўскі - асоба даволі цёмная, ледзь не шулер. Пра яго цішком расказвалі, што яшчэ да паступлення ў полк, у часе знаходжання ў запасе, ён служыў дазорцам на паштовай станцыі і быў аддадзены пад суд за тое, што ўдарам кулака забіў нейкага фурмана.

- Гэта добра - дуэль у гвардыі - для ўсякіх там абібокаў і фігель-мігляў, - гаварыў груба Арчакоўскі, - а ў нас... Ну, добра, я халасты... дапусцім, я з Васілём Васільевічам Ліпскім напіўся ў сходзе і ў п'яным выглядзе заляпіў яму аплявуху. Што ж нам рабіць? Калі ён не захоча са мною страляцца - прэч з палка; цікава ведаць, што яго дзеці будуць жэрці? А выйшаў ён на паядынак, я яму пушчу кулю ў жывот, і зноў дзецям кусаць няма чаго... Глупства ўсё.

- Гета... ты пачакай... ты не спяшайся, - перапыніў яго стары і п'яны падпалкоўнік Лех, трымаючы ў адной руцэ чарку, а кісцю другой рукі робячы слабыя рухі ў паветры, - ты разумееш, што такое гонар мундзіра?.. Гета, браце ты мой, та-акая штука... Гонар, ён... Вось, я памятаю, выпадак быў у нас у Цямрукскім палку ў тысяча восемсот шэсцьдзесят другім годзе.

- Ну, ведаеце, вашых выпадкаў не пераслухаеш, - бесцырымонна перапыніў яго Арчакоўскі, - раскажаце яшчэ што-небудзь, што было за царом Гарохам.

- Гета, браток... ах, які ж ты дзёрзкі... Ты яшчэ хлапчук, а я, гета... Быў, я кажу, такі выпадак...

- Толькі кроў можа змыць пляму ганьбы, - умяшаўся напышлівым тонам паручнік Бабяцінскі і, як певень, узняў угору плечы.

- Гета, быў у нас прапаршчык Салуха, - намагаўся гаварыць далей Лех.

Да стала ад буфета падышоў камандзір першай роты, капітан Асадчы.

- Я чую, што ў вас гаворка пра паядынкі. Цікава паслухаць, - сказаў ён густым, рэзкім басам, адразу перакрываючы ўсе галасы. - Добрага здароўя, пан палкоўнік. Добры дзень, панове.

- А, калос радоскі, - ласкава прывітаў яго Лех. - Гета... сядай ты каля мяне, помнік ты гэтакі... Гарэлачкі вып'еш са мной?

- І вельмі нават, - нізкай актавай адказаў Асадчы.

Гэты афіцэр заўсёды пакідаў дзіўнае і непрыемнае ўражанне на Рамашова, абуджаючы ў ім пачуццё, падобнае да страху і да цікаўнасці. Асадчы славіўся, як і палкоўнік Шульговіч, не толькі ў палку, а і ва ўсёй дывізіі сваім незвычайным па сіле і прыгажосці голасам, а таксама вялізным ростам і страшэннай фізічнай сілай. Быў ён вядомы таксама і сваімі глыбокімі ведамі страявой службы. Яго іншы раз, для карысці па службе, пераводзілі з адной роты ў другую, і на працягу паўгода ён умеў рабіць з самых распушчаных, заняпалых каманд нешта, падобнае па стройнасці і акуратнасці да вялізнай машыны, прасякнутай нечалавечым жахам перад сваім начальнікам. Яго прывабнасць і ўлада былі тым больш незразумелыя для таварышаў, што ён не толькі ніколі не біўся, але нават і лаяўся толькі ў рэдкіх, выключных выпадках. Рамашову заўсёды здавалася ў яго цудоўным змрочным твары, дзіўная бледнасць якога яшчэ мацней падкрэслівалася чорнымі, амаль сінімі валасамі, штосьці напружанае, стрыманае і жорсткае, штосьці ўласцівае не чалавеку, а вялізнаму, дужаму зверу. Часта, непрыкметна назіраючы за ім адкуль-небудзь здаля, Рамашоў уяўляў сабе, які павінен быць гэты чалавек у гневе, і, думаючы аб гэтым, бляднеў са страху і сціскаў пахаладзелыя пальцы. І цяпер ён не адрываючыся глядзеў, як гэты самаўпэўнены, моцны чалавек спакойна садзіўся ля сцяны на крэсла, якое папераджальна было яму падсунута.

Асадчы выпіў гарэлкі, разгрыз з хрумстам радыску і раўнадушна пацікавіўся:

- Ну, дык якое рэзюме паважанага сходу?

- Гета, браце ты мой, я зараз расказваю... Быў у нас выпадак, калі я служыў у Цямрукскім палку. Паручнік фон Зон, - яго салдаты называлі «Пад-Звон» - дык ён таксама аднойчы ў сходзе...

Але яго перапыніў Ліпскі, саракагадовы штабс-капітан, румяны і тоўсты, які, нягледзячы на свае гады, трымаў сябе ў афіцэрскай кампаніі блазнам і чамусьці засвоіў сабе дзіўны і смешны тон збалаванага, але любімага ўсімі камічнага хлапчука.

- Дазвольце, пан капітан, я кораценька. Вось паручнік Арчакоўскі кажа, што дуэль - глупства. «Трэба, кажэ, як у нас у бурсе - даў разоў колькі па потыліце, і квіт». Потым дэбатаваў паручнік Бабяцінскі, які патрабаваў крыві. Услед пан палкоўнік марна стараўся расказаць анекдот са свайго былога жыцця, але ўвесь час ім гэта, здаецца, не ўдавалася. Пасля, у самым пачатку расказу, падпаручнік Міхін заявілі пад шумок аб сваёй уласнай думцы, але з прычыны слабасці галасавых сродкаў і ўласцівай ім нявіннай сарамлівасці думка гэтая выслухана не была.

Падпаручнік Міхін, маленькі, кволы юнак, са смуглявым, рабым тварам, на якім нясмела, амаль палахліва глядзелі пяшчотныя цёмныя вочы, раптам пачырванеў да слёз.

- Я толькі, панове... Я, панове, магчыма, памыляюся, - загаварыў ён, заікаючыся і збянтэжана мнучы свой безбароды твар рукамі. - Але, мне здаецца, ці, дакладней кажучы, я гэтак думаю... трэба ў кожным паасобным выпадку разбірацца. Іншы раз дуэль карысная, гэта безумоўна, і кожны з нас, вядома, выйдзе к бар'еру. Безумоўна. Але часам, ведаеце, гэта... магчыма, вышэйшы гонар у тым, каб... гэта... безумоўна, дараваць... Ну, я не ведаю, якія яшчэ могуць быць выпадкі... вось...

- Эх вы, Дэкадэнт Іванавіч, - груба махнуў на яго рукой Арчакоўскі, - анучу вам смактаць.

- Гета, ды дайце ж мне, браткі, выказацца!

Адразу перакрываючы ўсе галасы магутным гукам свайго голасу, загаварыў Асадчы:

- Дуэль, панове, абавязкова павінна быць з цяжкім зыходам, іначай гэта абсурд! Іначай гэта будзе толькі бязглуздая жаласлівасць, уступка, спагадлівасць, камедыя. Пяцьдзесят крокаў дыстанцыі і па адным стрэле. Я вам кажу: з гэтага атрымаецца адно глупства, агіднасць, менавіта накшталт тых французскіх дуэляў, пра якія мы чытаем у газетах. Прыйшлі, пастралялі з пісталетаў, а потым у газетах паведамляюць пратакол паядынку: «Дуэль, на шчасце, скончылася шчасліва. Праціўнікі абмяняліся стрэламі, не нарабіўшы адзін аднаму шкоды, але выявілі пры гэтым выключную мужнасць. За снеданнем нядаўнія ворагі абмяняліся сяброўскім поціскам рук». Такая дуэль, панове, глупства. І ніякага ўдасканалення ў наша грамадства не прынясе.

Яму адразу адказала некалькі галасоў. Лех, які ў часе сваёй прамовы не раз рабіў спробу скончыць свой расказ, зноў пачаў: «А вось, гета, я, браткі мае... ды слухайце ж, жарэбчыкі вы». Але яго не слухалі, і ён пачаргова перабягаў вачмі ад аднаго афіцэра да другога, шукаючы спачувальнага позірку. Ад яго ўсе нядбайна адвярнуліся, захопленыя спрэчкаю, і ён са скрухаю махаў ацяжэлай галавой. Нарэшце ён злавіў вачмі вочы Рамашова. Малады афіцэр па вопыце ведаў, як цяжка перажываць падобныя хвіліны, калі словы, шмат разоў паўтораныя, як бы павісаюць без затрымкі ў паветры і калі нейкі калючы сорам прымушае ўпарта і безнадзейна да іх вяртацца. Таму ён і не ўхіліўся ад падпалкоўніка, і той, узрадаваны, пацягнуў яго за рукаў да стала.

- Гета... хоць ты мяне выслухай, прапар, - казаў Лех самотна, - сядай і выпі гарэлачкі. Яны, браток мой, усе - шалыганы. - Лех слаба махнуў на афіцэраў кісцю рукі. - Гаў, гаў, гаў, а вопыту ў іх няма. Я хацеў расказаць, які ў нас быў выпадак...

Трымаючы адной рукой чарку, а вольнай рукой размахваючы так, як быццам ён кіраваў хорам, і матляючы апушчанай галавой, Лех пачаў пераказваць адзін са сваіх шматлікіх расказаў, якімі ён быў нафаршыраваны, як кілбаса ліверам, і якіх ён ніколі не мог давесці да канца з прычыны вечных адступленняў, уставак, параўнанняў і загадак. Цяперашні яго анекдот заключаўся ў тым, што адзін афіцэр прапанаваў другому - гэта, вядома, было ў незапамятны час - амерыканскую дуэль, прычым у выглядзе жэрабя ім служыў цот або лішка на рублёвай паперцы. І вось нехта з іх, - цяжка было зразумець, хто менавіта, - Пад-Звон або Салуха, ужыў ашуканства: «Гета, браток ты мой, узяў ды і склеіў дзве паперкі разам, і атрымалася, што на адным баку цот, а на другім лішка. Пачалі яны, браток ты мой, цягнуць... Гэты і кажа таму...»

Але і на гэты раз палкоўнік не паспеў, як звычайна, скончыць свайго анекдота, таму што ў буфет дурасліва праслізнула Раіса Аляксандраўна Петэрсон. Стоячы ў дзвярах сталовай, але не заходзячы ў яе (што наогул было не прынята), яна крыкнула вясёлым і капрызным галаском, якім крычаць распешчаныя і любімыя ўсімі дзяўчаткі:

- Панове, ну што ж гэта такое! Дамы ўжо даўно прыехалі, а вы тут седзіцё і частуецеся. Мы хочам танцаваць!

Два-тры маладзенькія афіцэры ўсталі, каб ісці ў залу, другія працягвалі сядзець і паліць і размаўляць, не звяртаючы на какетлівую даму аніякай увагі; затое стары Лех дробнай хадой падышоў да яе і, склаўшы рукі крыжам і разліваючы сабе на грудзі з чаркі гарэлку, усклікнуў з п'яным замілаваннем:

- Чароўная! І як гэта начальства дазваляе ішнаваць гэткай красе! Рру-учку!.. Пцалаваць!..

- Юрый Аляксеевіч, - працягвала шчабятаць Петэрсон, - вы ж, здаецца, на сёння назначаны. Нішто сабе дырыжор!

- Міль пардон, мадам*. Се ма фот!.. Гэта мая віна! - усклікнуў Бабяцінскі, падлятаючы да яе. На хаду ён дробна перабіраў нагамі, прысядаў, балансаваў тулавам і махаў апушчанымі рукамі з такім выглядам, як быццам ён вырабляў падрыхтоўчыя па вясёлага балетнага танца. - Ваш-шу руку. Вотр мэн, мадам. Панове, у залу, у залу!

* Тысяча прабачэнняў, васпані (франц.).

Ён паляцеў пад руку з Петэрсон, ганарліва задраўшы ўверх галаву, і ўжо з другога пакоя чуўся яго голас - свецкага, як ён уяўляў сабе, дырыжора:

- Месьё, запрашайце дам на вальс. Музыканты, вальс!

- Прабачце, пан падпалкоўнік, мае абавязкі вымушаюць мяне, - сказаў Рамашоў.

- Эх, браток ты мой, - з засмучэннем апусціў галаву Лех. - І ты гэткі ж перац, як і яны ўсе... Гета... пачакай, пачакай, прапаршчык... Ты чуў пра Мольтке? Пра вялікага маўчальніка, фельдмаршала... гета... і стратэга Мольтке?

- Пан падпалкоўнік, сапраўды ж...

- А ты не выдыгай... Гэтая прытча кароткая... Вялікі маўчальнік наведваў афіцэрскія сходы і калі абедаў, дык... гета... клаў перад сабою на стол кашалёк, поўны, браток ты мой, золата. І вырашыў ён аддаць гэты кашалёк таму афіцэру, ад якога ён хоць раз пачуе ў сходзе разумнае слова. Але так і памёр стары, ён пражыў на свеце сто дзевяноста год, а кашалёк яго, браток ты мой, так і астаўся цэлы. Што? Раскусіў гэты арэшак? Ну, цяпер ідзі сабе, браток. Ідзі, ідзі, верабейка... паскачы...

 

IX

 

У зале, якая, здавалася, уся дрыжала ад аглушальных гукаў вальса, кружыліся дзве пары. Бабяцінскі, расставіўшы локці, нібы крылы, хутка перабіраў нагамі вакол высокай Тальман, якая танцавала з велічным спакоем каменнага манумента. Рослы, кудлаты Арчакоўскі круціў вакол сябе маленькую, ружовенькую малодшую Лыкачову, крышку прыгнуўшыся над ёю і пазіраючы ў яе прабор; не вырабляючы па, ён толькі лянотна і абыякава пераступаў нагамі, як танцуюць звычайна з дзецьмі. Пятнаццаць другіх дам сядзелі ўздоўж сцен у поўнай адзіноце і стараліся рабіць выгляд, што гэта для іх усё роўна. Як і заўсёды на палкавых сходах, кавалераў было разы ў чатыры менш, чым дам, і пачатак вечара абяцаў быць сумны.

Петэрсон, якая толькі-толькі адкрыла баль, што дамамі заўсёды ўспрымалася за асобы гонар, цяпер пайшла з тонкім, стройным Алізарам. Ён трымаў яе руку, нібыта прышпіленую да свайго левага клуба; яна ж млява абапіралася падбародкам на другую руку, якая ляжала ў яго на плячы, а галаву павярнула назад у манернай і штучнай паставе. Скончыўшы тур, яна знарок села непадалёку ад Рамашова, які стаяў каля дзвярэй дамскай прыбіральні. Яна абмахвалася веерам і, пазіраючы на схіленага перад ёю Алізара, гаварыла з напеўнай млявасцю:

- Не, ск'жы-ыце, граф, чаму мне заўсёды так горача? М'лю вас - ск'жы-ыце!..

Алізар злёгку пакланіўся, дзінькнуў шпорамі і правёў рукою па вусах у адзін і ў другі бок.

- Пані, гэтага нават Мартын Задэка не скажа.

І паколькі ў гэты час Алізар глядзеў на яе плоскае дэкальтэ, яна пачала часта і ненатуральна глыбока дыхаць.

- А ў мяне заўсёды ўзвышаная тэмпература! - гаварыла далей Раіса Аляксандраўна, намякаючы ўсмешкаю на тое, што за яе словамі хаваецца нейкі асобы, непрыстойны сэнс. - Такі ўжо ў мяне гарачы тэмперамент!..

Алізар каротка і няпэўна заржаў.

Рамашоў стаяў, пазіраў скоса на Петэрсон і думаў з агідаю: «О, якая яна праціўная!» І ад думкі пра ранейшую фізічную блізкасць з гэтай жанчынай у яго было такое адчуванне, быццам ён не мыўся некалькі месяцаў і не мяняў бялізны.

- Так, так, так, вы не смейцеся, граф. Вы не ведаеце, што мая маці грачанка!

«І гаворыць як агідна, - думаў Рамашоў. - Дзіўна, што я раней не заўважаў гэтага. Яна гаворыць так, як быццам у яе хранічны насмарк або паліп у носе: «бая баці грачадка».

У гэты час Петэрсон павярнулася да Рамашова і з выклікам паглядзела на яго прыжмуранымі вачамі.

Рамашоў па звычцы сказаў у думках сам сабе:

«Твар у яго зрабіўся глухі, як маска».

- Добры дзень, Юрый Аляксеевіч! Што ж гэта вы не падыдзеце прывітацца? - заспявала Раіса Аляксандраўна.

Рамашоў падышоў. Яна са злоснымі зрэнкамі, якія раптам зрабіліся вельмі маленькія і вострыя, моцна сціснула яго руку.

- Я па вашай просьбе пакінула вам трэцюю кадрылю. Спадзяюся, вы не забыліся?

Рамашоў пакланіўся.

- Які вы няветлівы, - працягвала крыўляцца Петэрсон. - Вам бы трэба было сказаць: аншантэ, мадам* («адшадтэ, бадаб» пачуў Рамашоў)! Граф, праўда, ён мяшок?

* Вельмі рады, васпані (франц.).

- Як жа... Я памятаю, - няўпэўнена замармытаў Рамашоў. - Дзякую за гонар.

Бабяцінскі мала садзейнічаў ажыўленню вечара. Ён дырыжыраваў з расчараваным і стомлена-паблажлівым выглядам, нібыта выконваў нейкі страшэнна непрыемны для яго, але дужа важны для ўсіх іншых абавязак. Аднак перад трэцяй кадрыляй ён пажвавеў і, праляцеўшы па зале, быццам на каньках па лёдзе, шпаркімі слізготнымі крокамі, асабліва гучна крыкнуў:

- Кадрылю-монстр! Кавалье, ангажэ во дам!*

* Кавалеры, запрашайце дам! (франц.).

Рамашоў з Раісай Аляксандраўнай сталі непадалёку ад музыкальнага акна, маючы vis-a-vis* Міхіна і жонку Лешчанкі, якая ледзь даставала да пляча свайго кавалера. К трэцяй кадрылі танцораў прыкметна пабольшала, і пары павінны былі размяшчацца і ўздоўж залы і ўпоперак. І тым і другім даводзілася танцаваць па чарзе, і таму кожную фігуру ігралі па два разы.

* Насупраць (франц.).

«Трэба пагаварыць, трэба пакласці канец, - думаў Рамашоў, аглушаны грукатам барабана і меднымі гукамі, якія рваліся з акна. - Досыць!» - «На яго твары ляжала несакрушальная рашучасць».

У палкавых дырыжораў здаўна склаліся пэўныя прыёмы і мілыя жарты. Так у трэцяй кадрылі заўсёды лічылася за неабходнае блытаць фігуры і рабіць, як бы ненаўмысна, вясёлыя памылкі, якія заўсёды выклікалі нязменную сумятню і рогат.

І Бабяцінскі, пачаўшы кадрылю-монстр нечакана з другой фігуры, то прымушаў кавалераў рабіць сола і адразу ж, нібы спахапіўшыся, вяртаў іх к дамам, то рабіў grand-rond* і, пераблытаўшы яго, прымушаў кавалераў расшукваць дам.

* Вялікі круг (франц.).

- Медам, авансе... вінаваты, рэкуле! Кавалье, сола! Пардон, назад, балянсе авек во дам!* Ды назад жа!

* Дамы, наперад... назад! Кавалеры, адны! Прабачце, накіроўвайце вашых дам! (франц.).

Раіса Аляксандраўна тым часам гаварыла з'едлівым тонам, задыхаючыся ад злосці, але рабіла такую ўсмешку, як быццам размова вялася пра нешта самае вясёлае і прыемнае:

- Я не дазволю так са мной абыходзіцца. Чуеце? Я вам не дзяўчынка. Так. Прыстойныя людзі гэтак не робяць. Так.

- Не будзем злаваць, Раіса Аляксандраўна, - пераканаўча і мякка папрасіў Рамашоў.

- О, дужа многа гонару - злаваць! Я магу толькі пагарджаць вамі. Але здзекавацца з мяне я не дазволю нікому. Чаму вы не знайшлі патрэбным адказаць на маё пісьмо?

- Але ваша пісьмо не застала мяне дома, клянуся вам.

- Ха! Вы мне дурыце галаву! Нібы я не ведаю, дзе вы бываеце... Але будзьце ўпэўнены...

- Кавалье, ан аван! Рон дэ кавалье*. А гош! Налева, налева! Ды налева ж, панове! Эх, нічога не разумеюць! Плю дэ ля ві, месьё!** - крычаў Бабяцінскі, скіроўваючы танцораў у шпаркі кругаварот і шалёна тупаючы нагамі.

* Кавалеры, наперад! Кавалеры, у круг (франц.).

** Больш жыцця, панове! (франц.).

- Я ведаю ўсе інтрыгі гэтай жанчыны, гэтай ліліпуткі, - гаварыла далей Раіса, калі Рамашоў вярнуўся на месца. - Толькі дарэмна яна так нос задзірае! Што яна дачка натарыуса, які прамантачыў чужыя грошы...

- Я прасіў бы ў маёй прысутнасці не гаварыць так пра маіх знаёмых, - сурова спыніў яе Рамашоў.

Тады адбылася грубая сцэна. Петэрсон са страшэннай агіднасцю пачала лаяць Шурачку. Яна ўжо забылася на свае фальшывыя ўсмешкі і, уся ў плямах, старалася перакрычаць музыку сваім насмарачным голасам. Рамашоў жа чырванеў да сапраўдных слёз ад свайго бяссілля і разгубленасці, і ад болю за абражаную Шурачку, і таму, што праз аглушальныя гукі кадрылі яму не ўдавалася ўставіць ніводнага слова, а галоўнае - таму, што на іх пачыналі ўжо звяртаць увагу.

- Так, так, у яе бацька прамантачыў чужыя грошы, ёй няма чаго задзіраць нос! - крычала Петэрсон. - Скажыце на ласку, яна нам негліжуе*. Мы і пра яе тое-сёе ведаем! Так!

* Пагарджае (ад франц. negliger).

- Я вас прашу, - лепятаў Рамашоў.

- Чакайце, вы з ёю яшчэ пабачыце мае кіпці. Я адкрыю вочы гэтаму дурню Мікалаеву, якога яна трэці год не можа прапхнуць у акадэмію. І хіба ён паступіць, гэты дурань, калі не бачыць, што ў яго пад носам робіцца. Ды і то сказаць - і паклоннік жа ў яе!..

- Мазурка жэнераль! Праменад! - крычаў Бабяцінскі, лётаючы ўздоўж залы, як архангел.

Падлога задрыжала і рытмічна загойдалася пад цяжкім тупатам ног, у такт мазурцы зазвінелі падвескі ў люстры, пераліваючыся разнаколернымі агеньчыкамі, і мерна загойдаліся цюлевыя фіранкі на вокнах.

- А чаму б нам не расстацца міралюбна? - лагодна спытаў Рамашоў. У душы ён адчуваў, што гэтая жанчына выклікае ў ім разам з пагардаю нейкую дробязную, ганебную, але неадольную баязлівасць. - Вы мяне не любіце больш... Развітаемся добрымі сябрамі.

- А-а! Вы мне хочаце зубы загаварыць? Не турбуйцеся, мой мілы, - яна вымавіла: «бой білы», - я не з тых, каго пакідаюць. Я сама пакідаю, калі захачу. Але я не магу ўволю надзівіцца з вашай подласці...

- Скончым жа хутчэй, - з нецярплівасцю, глухім голасам, сцяўшы зубы, вымавіў Рамашоў.

- Антракт пяць хвілін. Кавалье, акюпе во дам!* - крыкнуў дырыжор.

* Кавалеры, весяліце дам! (франц.).

- Так, калі я гэтага захачу. Вы подла ашуквалі мяне. Я ахвяравала для вас усім, аддала вам усё, што можа аддаць сумленная жанчына... Я не мела права зірнуць у вочы майму мужу, гэтаму ідэальнаму, цудоўнаму чалавеку. Праз вас я забылася на свае абавязкі жонкі і маці. О, чаму, чаму я не асталася адданая яму!

- Да-пу-сцім!

Рамашоў не мог стрымаць усмешкі. Яе шматлікія раманы з усімі маладымі афіцэрамі, якія прыязджалі на службу, былі добра вядомы ў палку, гэтак жа, між іншым, як і ўсе любоўныя гісторыі, што адбываліся паміж усімі сямюдзесяццю пяццю афіцэрамі і іх жонкамі і сваячкамі. Яму цяпер прыгадаліся выразы: «мой дурань», «гэты агідны чалавек», «гэты ёлупень, які заўсёды круціцца перад носам» і іншыя не менш моцныя выразы, якія рассыпала Раіса ў пісьмах і вусна пра свайго мужа.

- А! Вы яшчэ маеце нахабства смяяцца? Ну, добра! - узгарэлася Раіса. - Нам пачынаць! - спахапілася яна і, узяўшы за руку свайго кавалера, дробнаю хадою падалася наперад, грацыёзна ківаючыся ўсім тулавам і напружана ўсміхаючыся.

Калі яны скончылі фігуру, твар у яе зноў набыў сярдзіты выгляд, «нібы ў раззлаванага насякомага», - падумаў Рамашоў.

- Я гэтага не дарую вам. Чуеце, ніколі! Я ведаю, чаму вы так подла, так ганебна хочаце пакінуць мяне. Дык жа не будзе таго, што вы надумалі, не будзе, не будзе, не будзе! Замест таго каб шчыра і сумленна сказаць, што вы мяне больш не кахаеце, надумаліся ашукваць мяне і карыстацца мной як жанчынай, як самкай... на ўсякі выпадак, калі там не ўдасца. Ха-ха-ха!..

- Ну добра, будзем гаварыць шчыра, - са стрыманай лютасцю загаварыў Рамашоў. Ён усё больш бляднеў і кусаў губы. - Вы самі гэтага захацелі. Так, гэта праўда: я не кахаю вас.

- Ах, скажы-ыце, як мне гэта крыўдна!

- І не кахаў ніколі. Як і вы мяне, дарэчы. Мы абое гулялі ў нейкую агідную, хлуслівую і брудную гульню, нейкі пошлы аматарскі фарс. Я добра, вельмі добра зразумеў вас, Раіса Аляксандраўна. Вам не была патрэбна ні пяшчота, ні каханне, ні звычайная прыхільнасць. Вы надзвычай убогія і нікчэмныя для гэтага. Таму што, - Рамашову раптам прыгадаліся словы Назанскага, - таму што кахаць могуць толькі адзінкі, толькі вытанчаныя натуры!

- Ха, гэта, напэўна, вы - вытанчаная натура?

Зноў грымнула музыка. Рамашоў з нянавісцю паглядзеў у акно на бліскучае меднае жарало трамбона, які з шалёнай абыякавасцю нібы выплёўваў у залу зычныя і хрыплыя гукі. І салдат, які іграў на ім, надзьмуўшы шчокі, вылупіўшы вочы і ссінеўшы ад напружання, быў яму ненавісны.

- Не будзем спрачацца. Магчыма, я і не варты сапраўднага кахання, але не ў гэтым справа. Справа ў тым, што вам, з вашымі вузкімі правінцыяльнымі поглядамі і з правінцыяльнай ганарлівасцю, трэба абавязкова, каб вас хто-небудзь «акружаў» і каб іншыя бачылі гэта. Ці, вы думаеце, я не разумеў сэнсу гэтай вашай фамільярнасці са мной на вечарах, гэтых пяшчотных позіркаў, гэтага загаднага і інтымнага тону, у той час калі на нас глядзелі пабочныя людзі? Так, так, абавязкова, каб глядзелі. Інакш уся гэтая гульня для вас не мела сэнсу. Вам не кахання ад мяне трэба было, а таго, каб усе бачылі вас лішні раз скампраметаванай.

- Для гэтага я магла б выбраць каго-небудзь лепшага і больш цікавага за вас, - з напышлівым гонарам запярэчыла Петэрсон.

- Не хвалюйцеся, гэтым вы мяне не абразіце. Так, я паўтараю: вам трэба толькі аднаго, каб каго-небудзь лічылі за вашага нявольніка, за новага нявольніка вашай абаяльнасці. А час ідзе, і нявольнікаў усё меней і меней. І для таго, каб не страціць апошняга паклонніка, вы, халодная, бясстрасная, прыносіце ў ахвяру і вашы сямейныя абавязкі, і вашу адданасць сямейнаму алтару.

- Не, вы яшчэ пра мяне пачуеце! - злосна і шматзначна прашаптала Раіса.

Праз усю залу, адыходзячы задам і адскокваючы ад вясёлых пар, да іх падышоў муж Раісы, капітан Петэрсон. Гэта быў худы, сухотны чалавек, з лысым жоўтым чэрапам і чорнымі вачамі - вільготнымі і ласкавымі, але з затоеным злосным агеньчыкам. Пра яго казалі, што ён быў страшэнна закаханы ў сваю жонку, закаханы да такой ступені, што падтрымліваў пяшчотную, саладжавую і фальшывую дружбу з усімі яе паклоннікамі. Таксама было вядома, што ён плаціў ім нянавісцю, вераломнасцю і ўсялякімі службовымі каверзамі, як толькі яны з палёгкаю і радасцю пакідалі яго жонку.

Ён яшчэ здаля ненатуральна ўсміхаўся сваімі сінімі, абліплымі вакол рота губамі.

- Танцуеш, Раечка? Добры дзень, дарагі Жоржык. Чаго гэта вас так даўно не відаць? Мы так да вас прывыклі, што, сапраўды, ужо засумавалі без вас.

- Так... неяк... усё заняткі, - замармытаў Рамашоў.

- Ведаем мы вашы заняткі, - пагразіў пальцам Петэрсон і засмяяўся так, як быццам запішчаў. Але яго чорныя вочы з жоўтымі бялкамі дапытліва і неспакойна перабягалі з твару жонкі на твар Рамашова.

- А я, шчыра кажучы, думаў, што вы пасварыліся. Бачу, седзіцё і нечага спрачаецеся. Што ў вас?

Рамашоў маўчаў, збянтэжана пазіраючы на худую, цёмную і маршчыністую шыю Петэрсон. Але Раіса сказала з той нахабнай упэўненасцю, якую яна заўсёды выяўляла ў хлусні:

- Юрый Аляксеевіч усё філасофствуе. Кажа, што танцы аджылі свой век і што танцаваць смешна і неразумна.

- А сам скача, - з уедлівай дабрадушнасцю заўважыў Петэрсон. - Ну, танцуйце, дзеці мае, танцуйце, я вам не замінаю.

Толькі ён адышоў, як Раіса сказала з фальшывым пачуццём:

- І гэтага святога, незвычайнага чалавека я ашуквала!.. І дзеля каго! О, каб ён ведаў, каб ён толькі ведаў...

- Маз-зурка жэнераль! - закрычаў Бабяцінскі. - Кавалеры адбіваюць дам!

Ад доўгага руху разгарачаных целаў і ад пылу, які ўзнімаўся ад паркету, у зале зрабілася душна і агні свечак ператварыліся ў жоўтыя туманныя плямы. Цяпер танцавала шмат пар, і паколькі месц не хапала, дык кожная пара тапталася на абмежаванай плошчы: усе ціскаліся і штурхалі адзін аднаго. Фігура, якую прапанаваў дырыжор, зводзілася да таго, што вольны кавалер ганяўся за якой-небудзь парай. Круцячыся вакол яе і вырабляючы ў той жа час па мазуркі, што было вельмі смешна і недарэчна, ён стараўся выбраць момант, калі дама павернецца да яго тварам. Тады ён хутка пляскаў у далоні, што азначала, што ён адбіў даму. Аднак другі кавалер стараўся перашкодзіць яму зрабіць гэта і ўсяляк паварочваў і тузаў сваю даму з боку ў бок; а сам то адступаў назад і нават пускаў у ход левы вольны локаць, нацэльваючы яго ў грудзі праціўніку. Праз гэтую фігуру заўсёды адбывалася ў зале грубая і непрыгожая мітусня.

- Актрыса! - хрыпла зашаптаў Рамашоў, схіляючыся да Раісы. - Вас смешна слухаць.

- Вы, здаецца, п'яны! - з агідаю ўсклікнула Раіса і кінула на Рамашова той позірк, якім у раманах гераіні мераюць злачынцаў з галавы да ног.

- Не, скажыце, навошта вы ашукалі мяне? - злосна дапытваўся Рамашоў. - Вы аддаліся мне толькі дзеля таго, каб я не пакінуў вас. О, каб вы гэта зрабілі па каханні, ну, хоць бы не па каханні, а з адной толькі пажадлівасці. Я зразумеў бы гэта. Вы ж пайшлі на гэта праз сваю разбэшчанасць і нізкую пыхлівасць. Няўжо вас не прыводзіць у жах думка аб тым, якія мы абое з вамі былі брыдкія, калі аддаваліся адно аднаму без пачуцця, толькі дзеля пацехі, нават без цікаўнасці, а так... як пакаёўка па святах лузае семкі. Зразумейце ж: гэта горш за тое, калі жанчына аддаецца за грошы. Там нястача, спакуса... Зразумейце, мне сорамна, мне брыдка думаць аб гэтай халоднай, бяздумнай, аб гэтай недаравальнай распусце!

З халодным потам на лбе ён згаслымі, сумнымі вачмі глядзеў на танцораў. Вось праплыла, не пазіраючы на свайго кавалера, ледзьве перастаўляючы ногі, з нерухомымі плячамі і з пакрыўджаным выглядам суровай недаткнёны велічная Тальман і побач з ёю вясёлы, прыткі Епіфанаў. Вось маленькая Лыкачова, уся пунсовая, са ззяючымі вочкамі, з аголенай белай, нявіннай, дзявочай шыйкай... Вось Алізар на тонкіх нагах, роўных і стройных, быццам ножкі цыркуля. Рамашоў глядзеў і адчуваў галаўны боль і жаданне плакаць. А побач з ім Раіса, бледная ад злосці, гаварыла з пераўвялічаным тэатральным сарказмам:

- Цудоўна! Пяхотны афіцэр у ролі Іосіфа Прыгожага!

- Так, так, менавіта ў ролі... - загарэўся Рамашоў. - Сам ведаю, што гэта смешна і пошла... Аднак я не саромлюся тужыць па сваёй страчанай чысціні, па простай фізічнай чысціні. Мы абое па сваёй ахвоце залезлі ў памыйную яму, і я адчуваю, што цяпер я не адважуся ніколі пакахаць шчырым і свежым каханнем. І ў гэтым вінаваты вы, - чуеце: вы, вы, вы! Вы старэйшая і больш вопытная за мяне, вы ўжо спрактыкаваныя ў справе кахання.

Петэрсон з велічным абурэннем усхапілася з крэсла.

- Досыць! - сказала яна драматычным тонам. - Вы дабіліся, чаго хацелі. Я ненавіджу вас! Спадзяюся, што вы з гэтага дня перастанеце наведваць наш дом, дзе вас прымалі, як роднага, кармілі і паілі вас, а вы паказалі сябе такім нягоднікам. Як я шкадую, што не магу расказаць пра ўсё мужу. Гэта святы чалавек, я малюся на яго, і расказаць яму пра ўсё - значыць забіць яго. Але, паверце, ён змог бы адпомсціць за зняважаную безабаронную жанчыну.

Рамашоў стаяў насупраць яе і, хваравіта жмурачыся праз акуляры, глядзеў на яе вялікі, тонкі, завялы рот, скрыўлены ад злосці. З акна даляталі аглушальныя гукі музыкі, з упартай заўзятасцю кашляў ненавісны трамбон, а настойлівыя ўдары турэцкага барабана гулі нібыта ў самой галаве Рамашова. Ён чуў словы Раісы толькі ўрыўкамі і не разумеў іх. Але яму здавалася, што і яны, як і гукі барабана, б'юць яму проста па галаве і трасуць яго мазгі. Раіса з трэскам згарнула веер.

- О, подлы мярзотнік! - прашаптала яна трагічна і шпарка пайшла цераз залу ў прыбіральню.

Усё было скончана, але Рамашоў не адчуваў задавальнення, якога ён чакаў, і з ягонай душы не спаў, як ён раней уяўляў сабе, брудны і грубы цяжар. Не, цяпер ён адчуваў, што зрабіў нядобра, баязліва і няшчыра, зваліўшы ўсю маральную віну на абмежаваную і ўбогую жанчыну, і ўяўляў сабе яе горыч, разгубленасць і бяссільную злосць, уяўляў яе горкія слёзы і апухлыя чырвоныя вочы там, у прыбіральні.

«Я падаю, я падаю, - думаў ён з агідаю і са смуткам. - Што за жыццё! Штосьці цеснае, шэрае і бруднае... Гэтая распусная і непатрэбная сувязь, п'янства, туга, страшэнная аднастайнасць службы, і хоць бы адно жывое слова, хоць бы адзін момант чыстай радасці. Кнігі, музыка, навука - дзе ўсё гэта?»

Ён зноў пайшоў у сталовую. Там Асадчы і таварыш Рамашова па роце, Веткін, праводзілі пад рукі да выхадных дзвярэй зусім ап'янелага Леха, які бездапаможна круціў галавою і пераконваў, што ён архірэй. Асадчы з сур'ёзным тварам гаварыў зычнай актавай, як пратадыякан:

- Благослови, преосвященный владыка. Врр-ремя начатия служения...

Па меры таго як танцавальны вечар падыходзіў к канцу, у сталовай рабілася ўсё больш шумна. Паветра было так напоўнена тытунёвым дымам, што людзі, якія сядзелі на розных канцах стала, ледзьве маглі разгледзець адзін аднаго. У адным канцы спявалі, ля акна, сабраўшыся купкаю, расказвалі непрыстойныя анекдоты, якія былі звычайнай прыправай да ўсіх вячэр і абедаў.

- Не, не, панове... дазвольце, вось я вам раскажу! - крычаў Арчакоўскі. - Прыходзіць аднойчы салдат на пастой да хахла. А ў хахла пры-ыгожая жонка. Вось салдат і думае: як бы мне гэта...

Ён толькі канчаў, а яго перапыняў ужо Васіль Васільевіч Ліпскі, які з нецярплівасцю чакаў свае чаргі.

- Не, гэта што, панове... А вось я ведаю адзін анекдот.

Але і яго тут жа перапынялі, і ўжо наступны спяшаўся са сваім расказам.

- А вось яшчэ, панове. Справа была ў Адэсе, і прытым выпадак...

Усе анекдоты былі паскудныя, пахабныя, і, як гэта заўсёды бывае, абуджаў смех толькі адзін з расказчыкаў, самы ўпэўнены і цынічны.

Веткін, вярнуўшыся з вуліцы, дзе ён памагаў Леху сесці ў экіпаж, запрасіў да стала Рамашова.

- Сядай, Жоржык... Расціснем. Я сёння багаты, як жыд. Учора выйграў і сёння зноў буду кідаць банк.

Рамашова падбівала пагаварыць з усёй шчырасцю, расказаць каму-небудзь пра свой смутак і пагарду да жыцця. Выпіваючы чарку за чаркай, ён пазіраў на Веткіна ўмольнымі вачамі і гаварыў пераканаўчым, цёплым, дрыготкім голасам:

- Мы ўсе, Павел Паўлыч, усе забылі, што ёсць іншае жыццё. Дзесьці, я не ведаю дзе, жывуць зусім, зусім іншыя людзі, і жыццё ў іх такое радаснае, такое сапраўднае. Дзесьці людзі змагаюцца, пакутуюць, кахаюць шырока і моцна... Дружа мой, як мы жывём! Як мы жывём!

- Т-так, браце, што ўжо тут гаварыць, жыццё, - вяла адкаааў Павел Паўлавіч. - Але наогул... гэта, браце, адна натурфіласофія і энергетыка. Паслухай, галубок, што гэ-гэта за штука - энергетыка?

- О, што мы робім! - хваляваўся Рамашоў. - Сёння нап'ёмся п'яныя, заўтра ў роту - раз, два, левай, правай, - увечары зноў будзем піць, а паслязаўтра зноў у роту. Няўжо ўсё жыццё ў гэтым? Не, вы падумайце толькі - усё, усё жыццё!

Веткін паглядзеў на яго мутнымі вачамі, нібы праз нейкую плеўку, ікнуў і раптам заспяваў тоненькім, брынклівым тэнарком:

 

          Жыла ў цішы,

          У лясной глушы

          І верцяно круці-іла...

 

- Плюнь на ўсё, анёл, і беражы здароўе.

 

          І ад шчырае душы

          Калаўрот любіла.

 

Пойдзем гуляць, Рамашэвіч-Рамашоўскі, я табе пазычу чырвоненькую.

«Ніхто гэтага не зразумее. Няма ў мяне блізкага чалавека», - падумаў з горыччу Рамашоў. На імгненне прыгадалася яму Шурачка - такая дужая, такая гордая, прыгожая, - і штосьці млявае, салодкае і безнадзейнае заныла ў яго пад сэрцам.

Ён да світання аставаўся ў сходзе, глядзеў, як гуляюць у штос, і сам прымаў у гульні ўдзел, але без радасці і захаплення. Аднойчы ён угледзеў, як Арчакоўскі, які займаў асобны столік з двума бязвусымі падпрапаршчыкамі, даволі няўмела падтасаваў, выкінуўшы дзве карты адразу ў свой бок. Рамашоў хацеў быў умяшацца, зрабіць заўвагу, але адразу ж спыніўся і абыякава падумаў: «Эх, усё роўна. Нічога гэтым не папраўлю».

Веткін, які прайграў свае мільёны за пяць хвілін, сядзеў на крэсле і спаў, бледны, з разяўленым ротам. Побач з Рамашовым нудна пазіраў на гульню Лешчанка, і цяжка было зразумець, якая сіла прымушае яго сядзець тут гадзінамі з такім невясёлым выразам на твары. Развіднела. Аплыўшыя свечкі гарэлі жоўтымі доўгімі агнямі і мігцелі. Твары ў афіцэраў-ігракоў былі бледныя і здаваліся змучанымі. А Рамашоў усё пазіраў на карты, на кучы серабра і паперак, на зялёнае сукно, спісанае мелам, і ў яго цяжкой, затуманенай галаве вяла блукалі ўсё адны і тыя ж думкі: аб сваім падзенні і брудзе сумнага, аднастайнага жыцця.

 

Х

 

Была залатая, але халодная, сапраўдная вясенняя раніца. Цвіла чаромха.

Рамашоў да гэтага часу не прывык спраўляцца са сваім маладым сном, як звычайна, спазніўся на ранішнія заняткі і з непрыемным пачуццём сораму і трывогі падыходзіў да пляца, на якім вучылася яго рота. У гэтых знаёмых яму пачуццях заўсёды было шмат зняважлівага для маладога афіцэра, а ротны камандзір, капітан Сліва, умеў рабіць іх яшчэ больш вострымі і крыўднымі.

Гэты чалавек уяўляў з сябе грубы і цяжкі ашкепак ранейшай, забытай ужо, жорсткай дысцыпліны, з павальным біццём, дробязнай фармалістыкай, маршыроўкай у тры тэмпы і кулачнай расправай. Нават у палку, які дзякуючы ўмовам дзікага правінцыяльнага жыцця не вызначаўся асабліва гуманным напрамкам, ён з'яўляўся нейкім дзіўным помнікам гэтай лютай ваеннай старасветчыны, і пра яго расказвалася шмат кур'ёзных, амаль неверагодных анекдотаў. Усё, што выходзіла за межы строю, статута і роты і што ён пагардліва называў глупствам і мандрагорыяй, безумоўна, для яго не існавала. За ўсё сваё жыццё ён не прачытаў ніводнай кнігі і ніводнай газеты, апрача хіба толькі афіцыйнай часткі «Інваліда». Розныя забавы, накшталт танцаў, аматарскіх спектакляў і г. д., ён ненавідзеў усёй сваёй загрубелай душой, і не было такіх брудных і агідных слоў, якіх бы ён не дадаваў да іх са свайго салдацкага лексікону. Расказвалі пра яго, - і гэта, напэўна, было так, - што аднойчы, цудоўнай вясенняй ноччу, калі ён сядзеў ля расчыненага акна і правяраў ротную справаздачу, у кустах побач з ім заспяваў салавей. Сліва паслухаў-паслухаў і раптам крыкнуў дзеншчыку:

- З-захарчук! П-прагані гэтую п-тушку ка-менем. П-перашкаджае....

Гэты вялы, апушчаны на выгляд чалавек быў страшэнна суровы з салдатамі і не толькі дазваляў біцца унтэр-афіцэрам, але і сам біў жорстка, да крыві, да таго, што чалавек валіўся з ног пад яго ўдарамі. Затое да салдацкіх патрэб ён быў вельмі ўважлівы: грошай, якія прыходзілі з вёскі, не затрымліваў і кожны дзень сачыў асабіста за ротным катлом, хоць сумамі ад вольных работ распараджаўся як хацеў. Толькі ў адной пятай роце людзі выглядалі больш сытыя і вясёлыя, як у яго.

Але маладых афіцэраў Сліва дакараў і падцягваў, ужываючы вострыя і грубыя прыёмы, якім яго прыроджаны хахлацкі гумар надаваў асобую з'едлівасць. Калі, напрыклад, на вучэнні субалтэрн-афіцэр збіваўся з нагі, ён крычаў, крышку заікаючыся:

- Ось, гля-ядзіце! Уся рота, каб яе ч-чорт узяў, ідзе не ў нагу. Адзін п-падпаручнік ідзе ў нагу.

А іншы раз, злаяўшы ўсю роту мацюгамі, ён похапам, але з'едліва дадаваў:

- З-за выключэннем п-паноў афіцэраў і падпрапаршчыка.

Але асабліва ён быў жорсткі ў тых выпадках, калі малодшы афіцэр спазняўся ў роту, і гэта часцей за ўсё адчуваў на сабе Рамашоў. Яшчэ здалёку ўгледзеўшы падпаручніка, Сліва камандаваў роце «смірна», нібы наладжваў яму іранічна-ганаровую сустрэчу, а сам нерухома, з гадзіннікам у руках, сачыў, як Рамашоў, спатыкаючыся ад сораму, доўга не мог знайсці свайго месца. А часам ён з лютай ветлівасцю пытаўся, не саромеючыся таго, што гэта чулі салдаты: «Я думаю, падпаручнік, вы дазволіце працягваць?» У другі раз цікавіўся з паслужлівай клапатлівасцю, але знарок гучна, аб тым, як падпаручнік спаў і што бачыў у сне. І толькі выкінуўшы адну з гэтых штук, ён адводзіў Рамашова ўбок і, пазіраючы на яго круглымі, як у рыбы, вачамі, рабіў грубую вымову.

«Эх, усё роўна ўжо! - думаў у роспачы Рамашоў, падыходзячы да роты. - І тут блага і там блага, - адно да аднаго. Прапала маё жыццё!»

Ротны камандзір, паручнік Веткін, Лбоў і фельдфебель стаялі пасярод пляца і ўсе разам павярнуліся да Рамашова. Салдаты таксама павярнулі да яго галовы. У гэтую хвіліну Рамашоў уявіў сабе самога сябе - засаромленага, з нізка апушчанай галавой пад скіраванымі на яго позіркамі, і яму зрабілася яшчэ больш непрыемна.

«Але, можа, усё гэта не так ужо і ганебна? - спрабаваў ён у думках сябе суцешыць, па звычцы многіх сарамлівых людзей. - Можа, гэта толькі мне здаецца такім вострым, а іншым, сапраўды, усё роўна. Ну, вось, я ўяўляю сабе, што спазніўся не я, а Лбоў, а я стаю на месцы і гляджу, як ён падыходзіць. Ну, і нічога асаблівага: Лбоў - як Лбоў... Усё глупства, - вырашыў ён нарэшце і адразу супакоіўся. - Дапусцім, што сорамна... Аднак жа не месяц гэта будзе працягвацца, і нават не тыдзень, не дзень. Ды і жыццё наогул такое кароткае, што ўсё ў ім забываецца».

Супраць звычайнага Сліва амаль не звярнуў на яго ўвагі і не выкінуў ніводнай са сваіх штук. Толькі калі Рамашоў прыпыніўся за крок ад яго, з паважліва ўзнятай да брыля рукой і ссунутымі разам нагамі, ён сказаў, падаючы яму для поціску свае вялыя пальцы, падобныя да пяці халодных сасісак:

- Прашу памятаць, падпаручнік, што вы абавязаны быць у роце за пяць хвілін да прыходу старшага субалтэрн-афіцэра і за дзесяць да ротнага камандзіра.

- Вінаваты, пан капітан, - драўляным голасам адказаў Рамашоў.

- Ось, бачыце, - вінаваты!.. Усё спіцё. У сне футры не пашыеш. Прашу паноў афіцэраў ісці да сваіх узводаў.

Уся рота была па частках раскідана па пляцы. Рабілі паўзводна ранішнюю гімнастыку. Салдаты стаялі шарэнгамі, на крок адзін ад аднаго, з расшпіленымі, для палёгкі ў рухах, мундзірамі. Спрытны унтэр-афіцэр Бабылёў з паўроты Рамашова, пачціва косячыся на афіцэра, які падыходзіў да яго, камандаваў зычным голасам, выцягваючы наперад ніжнюю сківіцу і робячы касыя вочы:

- Падыманне на наскі і плаўнае прысяданне. Рук-і-і... у бокі!

І потым зацягнуў, нараспеў, нізкім голасам:

- Пачына-а-ай!

- Ра-аз! - заспявалі ва ўнісон салдаты і павольна прыселі на кукішкі, а Бабылёў, таксама седзячы на кукішках, абводзіў шарэнгу строгім зухаватым позіркам.

А побач маленькі спрытны яфрэйтар Сераштан выкрыкваў тонкім, рэзкім і перарывістым, як у маладога пеўніка, голасам:

- Выпад з левай і правай нагі, з выкідваннем адпаведнай рукі. - Тоўсь! Пачынай! Аць-два, аць-два! - І дзесяць маладых зычных галасоў крычалі адрывіста і старанна: - Гаў, гаў, гаў, гаў!

- Стой! - выкрыкнуў прарэзліва Сераштан. - Ла-апшын! Ты чаго гэта там семетрычна дурня строіш? Тыцкаеш кулакамі, нібы разанская баба відэльцамі: хоў, хоў!.. Рабі ў мяне рухі чыста, каб на цябе халера!

Потым унтэр-афіцэры беглым крокам развялі ўзводы па машынах, якія стаялі ў розных канцах пляца. Падпрапаршчык Лбоў, дужы, спрытны хлапец і добры гімнаст, хутка зняў з сябе шынель і мундзір і, астаўшыся ў адной блакітнай паркалёвай кашулі, першы падбег да паралельных брусоў. Паклаўшы рукі на іх канцы, ён за тры прыёмы разгушкаўся, і раптам, зрабіўшы ўсім целам поўны круг, так што на нейкі момант яго ногі знаходзіліся проста над галавой, ён з сілаю адштурхнуўся ад брусоў, праляцеў пругкаю дугою на паўтары сажні наперад, перакруціўся ў паветры і спрытна, як кот, прысеў на зямлю.

- Падпрапаршчык Лбоў! Зноў фокусы! - з няшчырай строгасцю крыкнуў на яго Сліва. Стары «бурбон» у глыбіні душы паважаў падпрапаршчыка як выдатнага франтавіка і тонкага знаўцу статута. - Паказвайце тое, што прадугледжана настаўленнем. Тут вам не балаган на святым тыдні.

- Слухаюся, пан капітан! - весела гаркнуў Лбоў. - Слухаюся, але не выконваю, - дадаў ён ціха, падміргнуўшы Рамашову.

Чацверты ўзвод практыкаваўся на нахільнай лесвіцы. Адзін за адным салдаты падыходзілі да яе, браліся за перакладзіну, падцягваліся на мускулах і лезлі на руках угору. Унтэр-афіцэр Шапаваленка стаяў унізе і рабіў заўвагі:

- Не матляй нагамі. Наскі дагары!

Чарга дайшла да левафланговага салдаціка Хлебнікава, які быў у роце за агульнае пасмешышча. Часта пазіраючы на яго, Рамашоў здзіўляўся, як маглі ўзяць на ваенную службу гэтага ўбогага, заморанага чалавека, амаль што карліка, з брудным бязвусым тварам з кулачок. І калі падпаручнік сустракаўся з яго бяздумнымі вачмі, у якіх, нібыта раз і назаўсёды, з самага дня нараджэння, застыў тупы, пакорлівы жах, дык у яго ў сэрцы варушылася нешта дзіўнае, падобнае да смутку і да згрызот сумлення.

Хлебнікаў вісеў на руках, агідны, няўклюдны, быццам вісельнік.

- Падцягвайся, сабачая морда, падцягвайся-а! - крычаў унтэр-афіцэр. - Ну, угору!

Хлебнікаў рабіў намаганні падняцца, але толькі бездапаможна дрыгаў нагамі і гушкаўся з боку на бок. На хвіліну ён павярнуў убок і ўніз свой шэры маленькі твар, на якім жаласна і недарэчна тарчаў кірпаты брудны нос. І раптам, адарваўшыся ад перакладзіны, зваліўся мехам на зямлю.

- А-а! Не хочаш рабіць емнастычныя практыкаванні! - зароў унтэр-афіцэр. - Ты, нягоднік, мне ўвесь узвод парушаеш! Я т-табе!!

- Шапаваленка, не маеш права біць! - крыкнуў Рамашоў, увесь загарэўшыся ад сораму і злосці. - Не маеш права гэтага рабіць! - крыкнуў ён, падбег да унтэр-афіцэра і схапіў яго за плячо.

Шапаваленка выцягнуўся ў струнку і прыклаў руку да брыля. У яго ў вачах, якія адразу зрабіліся па-салдацку бяздумнымі, дрыжала, аднак, ледзь прыкметная ўсмешка.

- Слухаюся, ваша благароддзе. Толькі дазвольце вам далажыць: ніякай магчымасці з ім няма.

Хлебнікаў стаяў побач, згорбіўшыся; ён тупа глядзеў на афіцэра і выціраў даланёю нос. З пачуццём вострай і марнай спагады Рамашоў адвярнуўся ад яго і пайшоў у трэці ўзвод.

Пасля гімнастыкі, калі людзям быў дадзены дзесяціхвілінны адпачынак, афіцэры зноў сышліся разам на сярэдзіне пляца, ля паралельных брусоў. Размова адразу ж зайшла аб травеньскім парадзе, які меўся адбыцца.

- От, паспрабуйце адгадаць, дзе паляціш! - гаварыў Сліва, разводзячы рукамі і вылупліваючы вадзяністыя вочы. - Па шчырасці скажу я вам: у кожнага генерала свая фантазія. Памятаю я, быў у нас генерал-лейтэнант Львовіч, камандзір корпуса. Ён з інжынераў да нас трапіў. Дык пры ім мы толькі і займаліся адным самаакопваннем. Статут, прыёмы, маршыроўка - усё к бісу. З раніцы да вечара будавалі розныя лажаменты, халера на іх! Улетку з зямлі, узімку са снегу. Увесь полк хадзіў перапэцканы з ног да галавы ў гліне. Камандзір дзесятай роты, капітан Алейнікаў, царства яму нябеснае, быў прадстаўлены да Ганны за тое, што за дзве гадзіны пабудаваў нейкі там люнет чы барбет.

- Спрытна! - уставіў Лбоў.

- Потым, гэта ўжо на вашай памяці, Павел Паўлыч, - стральба за генералам Арагонскім.

- А! Прымасцівся страляці? - засмяяўся Веткін.

- Што гэта? - пацікавіўся Рамашоў.

Сліва пагардліва махнуў рукой.

- А гэта тое, што тады ў нас толькі і было ў галаве, што настаўленні па стральбе вывучаць. Салдат адзін адказваў «Верую» на аглядзе, дык ён так і сказаў, замест «пры Панційстэм Пілацэ» - «прымасцівся страляці». Да таго галовы ўсім зачмурылі! Указальны палец называлі не ўказальным, а спускавым; а замест правага вока - было прыцэльнае вока.

- А памятаеце, Афанасій Кірылыч, як тэорыю зубрылі? - сказаў Веткін. - Траекторыя, дэрывацыя... Далібог, я сам нічога не разумеў. Бывала, скажаш салдату: вось табе стрэльба, глядзі ў дула. Што бачыш? «Бачу ўяўную лінію, якая завецца воссю ствала». Але затое ўжо стралялі. Памятаеце, Афанасій Кірылыч?

- Ну, а як жа. За стральбу наша дывізія трапіла ў замежныя газеты. Дзесяць працэнтаў звыш выдатнага - вось яно як. Аднак і махлявалі мы, бацюхны мае! З аднаго палка ў другі пазычалі добрых стралкоў. А то, бывала, рота страляе сама па сабе, а з бліндажа малодшыя афіцэры смаляць з рэвальвераў. Адна рота так вызначылася, што пачалі лічыць, а ў мішэні на пяць куль больш, чым выпусцілі. Сто пяць працэнтаў пападанняў. Добра, што фельдфебель паспеў клейстарам заляпіць.

- А за Слесаравым, памятаеце, шрэйбераўскую гімнастыку?

- Яшчэ б не памятаць! Вось яна ў мяне дзе сядзіць. Балеты танцавалі. Ды ці мала іх яшчэ было, генералаў гэтых, чорт бы іх усіх пабраў! Але ўсё гэта, скажу вам, панове, глупства і мандрагорыя ў параўнанні з цяперашнім. Гэта ўжо, як кажуць - прыходзьце, апошняе цалаванне. Раней дык хоць ведалі, што з цябе запатрабуюць, а цяпер? Ах, выбачайце, салдацік - бліжні, патрэбна гуманнасць. Лупц-цаваць яго трэба, нягодніка! Ах, развіццё разумовых здольнасцей, хуткасць і кемлівасць. Сувораўцы! Не ведаеш цяпер, як салдата вучыць. Ось глядзіце, выдумаў новую штуку, скразную атаку...

- Так, гэта не шакалад! - спачувальна кіўнуў галавою Веткін.

- Стаіш, як той дурань, а на цябе казачкі на ўвесь дух імчацца. І наскрозь! Вось і паспрабуй збочыць. Адразу ж загад: «У такога вось капітана слабыя нервы. Няхай памятае, што на службе яго ніхто сілком не трымае».

- Хітры стары, - сказаў Веткін. - Ён у К-ім палку якую штуку выкінуў. Завёў роту ў вялізную лужыну і загадвае ротнаму камандаваць: «Кладзіся!» Той збянтэжыўся спачатку, але скамандаваў: «Кладзіся!» Салдаты разгубіліся, думаюць, што недачулі. А генерал у прысутнасці ніжэйшых чыноў давай пушыць камандзіра: «Як ведзіцё роту? Беларучкі! Пестуны! Калі тут у лужыну баяцца легчы, дык як у ваенны час вы іх падымеце, калі яны пад агнём ворага трапяць куды-небудзь у роў? Не салдаты ў вас, а бабы, і камандзір - баба! На абвахту!»

- А якая карысць? На людзях сарамацяць камандзіра, а потым гавораць пра дысцыпліну. Якая тут можа быць дысцыпліна! А выцяць яго, шэльму, нельга. Не-е-е... Прабачце - ён асоба, ён чалавек! Не-е, раней ніякіх асобаў не было, і лупцавалі іх, нягоднікаў, як сідаравых козаў, а ў нас былі і Севастопаль, і італьянскі паход, і розныя там яшчэ рэчы. Ты мяне хоць са службы звальняй, а я ўсё ж, калі мярзотнік гэтага заслужыў, я зазірну яму куды трэба!

- Біць салдата ганебна, - глуха запярэчыў Рамашоў, які да гэтага ўвесь час маўчаў. - Нельга біць чалавека, які не толькі не можа табе адказаць, але нават не мае права паднесці рукі да твару, каб абараніцца ад удару. Не мае права нават адхіліць галавы. Гэта сорамна!

Сліва пагардліва прыжмурыўся і збоку, зверху ўніз, выпучыўшы ніжнюю губу пад кароткімі вусамі, якія пачыналі ўжо сівець, агледзеў з ног да галавы Рамашова.

- Што т-такое-ое? - працягнуў ён знішчальным тонам.

Рамашоў збялеў. У яго заняло ў грудзях і ў жываце, а сэрца забілася, нібыта ва ўсім целе адразу.

- Я сказаў, што гэта непрыстойна... Ды і паўтараю... вось што, - сказаў ён няскладна, але настойліва.

- Скажы-ыце, калі ласка! - тонка праспяваў Сліва. - Бачылі мы ўжо такіх міндальнікаў. Самі праз год, калі толькі вас не выпхнуць з палка, будзеце па мардасах пляскаць. На-айлепшым чынам. Не горш за мяне.

Рамашоў паглядзеў на яго з нянавісцю і сказаў амаль шэптам:

- Калі вы будзеце біць салдат, я на вас падам рапарт камандзіру палка.

- Што-о-о? - крыкнуў пагрозліва Сліва, але адразу ж схамянуўся. - Аднак хопіць ужо гэтага глупства, - сказаў ён суха. - Вы, падпаручнік, дужа малады, каб вучыць старых баявых афіцэраў, якія з гонарам праслужылі дваццаць пяць гадоў свайму гасудару. Прашу паноў афіцэраў ісці ў ротную школу, - скончыў ён злосна.

Ён рэзка павярнуўся да афіцэраў спіною.

- І трэба было вам умешвацца? - прымірэнча загаварыў Веткін, ідучы побач з Рамашовым. - Самі бачыце, што гэтая сліва не з салодкіх. Вы яшчэ не ведаеце яго так, як я ведаю. Ён вам такога нагаворыць, што не будзеце ведаць, куды падзецца. А запярэчыце - ён вас пад арышт заканапаціць.

- Ды паслухайце, Павел Паўлыч, гэта ж не служба, гэта - варварства нейкае! - са слязьмі гневу і крыўды ў голасе ўсклікнуў Рамашоў. - Гэтыя старыя барабанныя шкуры здзекуюцца з нас! Яны знарок стараюцца падтрымліваць у адносінах паміж афіцэрамі грубасць, салдафонства, нейкае цынічнае маладзецтва.

- Безумоўна, гэта так, - пацвердзіў Веткін і пазяхнуў.

А Рамашоў з гаркотаю гаварыў далей:

- Ну, каму патрэбна гэтае падцягванне, крык, грубая лаянка? Ах, я зусім, зусім не таго чакаў, калі стаў афіцэрам. Ніколі я не забуду першага ўражання. Я толькі тры дні быў у палку, і мяне абарваў гэты рыжы дзяк Арчакоўскі. Я ў сходзе ў часе размовы назваў яго паручнікам, таму што і ён мяне называў падпаручнікам. І ён, хоць сядзеў побач са мной і мы разам пілі піва, закрычаў на мяне: «Па-першае, я вам не паручнік, а пан паручнік, а па-другое... па-другое, майце ласку ўстаць, калі вам робіць заўвагу старэйшы па чыне!» І я ўстаў і стаяў перад ім, як апляваны, пакуль не асадзіў яго падпалкоўнік Лех. Не, не, не гаварыце нічога, Павел Паўлыч. Мне ўсё гэта да такой ступені абрыдла і надакучыла!..

 

XI

 

У ротнай школе займаліся «славеснасцю». У цесным пакоі, на лавах, састаўленых чатырохкутнікам, сядзелі тварамі ўсярэдзіну салдаты трэцяга ўзвода. Пасярод гэтага чатырохкутніка хадзіў узад і ўперад яфрэйтар Сераштан. Побач, у гэткім жа чатырохкутніку, гэтак жа хадзіў узад і ўперад другі унтэр-афіцэр паўроты - Шапаваленка.

- Бандарэнка! - выкрыкнуў зычным голасам Сераштан.

Бандарэнка, стукнуўшыся абедзвюма нагамі аб падлогу, усхапіўся так хутка, нібы драўляная лялька з заводам.

- Калі ты, напрыклад, Бандарэнка, стаіш у страі з ружжом, а да цябе падыходзіць начальства і пытаецца: «Што ў цябе ў руках, Бандарэнка?» Што ты павінен адказваць?

- Ружжо, дзядзечка? - здагадваецца Бандарэнка.

- Брэшаш. Хіба ж гэта ружжо? Ты б яшчэ сказаў па-вясковаму: рушніца. Дома гэта было ружжо, а на службе завецца проста: дробнакаліберная скарастрэльная пяхотная вінтоўка сістэмы Бердана, нумар другі, са слізготным затворам. Паўтары, чортаў сын!

Бандарэнка скорагаворкай паўтарае словы, якія ён ведаў, безумоўна, і раней.

- Сядай! - камандуе літасціва Сераштан. - А для чаго яна табе дадзена? На гэтае пытанне адкажа мне... - Ён абводзіць строгімі вачамі ўсіх падначаленых па чарзе: - Шаўчук!

Шаўчук падымаецца з панурым выглядам і адказвае глухім басам, марудна і ў нос і так адрывае фразы, быццам ставіць пасля іх кропкі:

- Вона міні дадзена для таго. Шчоб я ў мірны час рабіў з ёю ружэйныя прыёмы. А ў ваенны час. Абараняў трон і бацькаўшчыну ад ворагаў. - Ён памаўчаў, пацягнуў носам і змрочна дадаў: - Як унутраных, так і ўнешніх.

- Так. Ты добра ведаеш, Шаўчук, толькі мямліш. Салдат павінен мець у сабе весялосць, як арол. Сядай. Цяпер скажы, Авечкін: каго мы лічым за ворагаў унешніх?

Бойкі арловец Авечкін, у голасе якога адчуваецца саладжавая скорагаворка ў мінулым прыказчыка з крамы дробнага тавару, адказвае хутка і фарсіста, захлёбваючыся ад задавальнення:

- Знешнімі ворагамі мы лічым усе тыя дзяржавы, з якімі нам даводзіцца весці вайну. Францюзы, немцы, італьянцы, туркі, іўрапейцы, індзі...

- Годзе, - абрывае яго Сераштан, - гэтага ўжо ў статуце няма. Сядай, Авечкін. А цяпер скажы мне... Архіпаў! Каго мы лічым за ворагаў у-ну-траны-ых?

Апошнія два словы ён вымаўляе асабліва гучна і важка, быццам падкрэсліваючы іх, і кідае шматзначны позірк у бок вальнапісанага Маркусона.

Няўклюдны, рабы Архіпаў упарта маўчыць, пазіраючы ў акно ротнай школы. Дзелавіты, разумны і спрытны хлопец па-за службай, ён паводзіць сябе на занятках поўным ідыётам. Мусіць, гэта з тае прычыны, што яго здаровы розум, які прывык наглядаць і абдумваць простыя і зразумелыя з'явы вясковага побыту, ніяк не можа ўлавіць сувязі паміж «славеснасцю», якой яго навучаюць, і сапраўдным жыццём.

Таму ён не разумее і не можа завучыць самага простага, на вялікае здзіўленне і гнеў свайго ўзводнага начальніка.

- Н-ну! Доўга я цябе буду чакаць, пакуль ты збярэшся? - пачынае злавацца Сераштан.

- Нутранімі ворагамі... ворагамі...

- Не ведаеш? - пагрозліва ўсклікнуў Сераштан і падаўся быў да Архіпава, але, скоса зірнуўшы на афіцэра, толькі затрос галавою і зрабіў Архіпаву страшэнныя вочы. - Ну, слухай. За ўнутраных ворагаў мы лічым усіх, хто супраціўляецца закону. Напрыклад, каго?.. - Ён сустракае ліслівыя вочы Авечкіна. - Скажы хоць ты, Авечкін.

Авечкін усхопліваецца і радасна крычыць:

- Так што бунтаўшчыкі, сцюдэнты, канакрады, жыды і палякі!

Побач займаецца са сваім узводам Шапаваленка. Ходзячы паміж лавамі, ён пявучым тонкім голасам задае пытанні па салдацкай памятцы, якую трымае ў руках.

- Солтыс, што такое вартавы?

Солтыс, ліцвін, давячыся і вылупліваючы вочы ад старання, выкрыквае:

- Вартавы ёсць асоба недатыкальная.

- Так, так, а яшчэ?

- Вартавы ёсць салдат, пастаўлены на які-небудзь пост са зброяю ў руках.

- Правільна. Бачу, Солтыс, што ты пачынаеш ужо старацца. А для чаго ты пастаўлены на пост, Пахарукаў?

- Каб не спаў, не драмаў, не паліў і ні ад кога не прымаў ніякіх рэчаў і падарункаў.

- А чэсць?

- І каб аддаваў устаноўленую чэсць панам праезджым афіцэрам.

- Так. Сядай.

Шапаваленка даўно прыкмеціў ужо іранічную ўсмешку вальнапісанага Фокіна і таму выкрыквае з асаблівай строгасцю:

- Вольны пісаны! Хто гэта так устае? Калі начальства пытаецца, дык уставаць трэба швідка, як пружына. Што ёсць сцяг?

Вальнапісаны, з універсітэцкім значком на грудзях, стаіць перад унтэр-афіцэрам у паважнай паставе. Але яго маладыя шэрыя вочы свецяцца вясёлай усмешкай.

- Сцяг ёсць свяшчэнная воінская харугва, пад якой...

- Брэшаце! - злосна абрывае яго Шапаваленка і пляскае памяткай па далоні.

- Не, я кажу правільна, - упарта, але спакойна гаворыць Фокін.

- Што-о?! Калі начальства кажа - не, значыць - не!

- Паглядзіце самі ў статуце.

- Як я унтэр-афіцэр, дык я і статут ведаю лепш за вас. Скаж-жыце! Усякі вольны пісаны задаецца на макароны. А можа, я сам захачу падацца ў юнкерскае вучылішча на вучэнне? Чаму вы ведаеце? Што гэта за харугва? Хе-руг-ва! Аніяк не харугва. Свяшчэнная воінская херугва, нібы як абраз.

- Шапаваленка, не спрачайся, - умешваецца Рамашоў. - Працягвай заняткі.

- Слухаюся, ваша благароддзе! - выпростваецца Шапаваленка. - Толькі дазвольце вашаму благароддзю далажыць - усё гэты вольна пісаны разумнічаюць.

- Добра, добра, далей!

- Слухаюся, вашбродзь... Хлебнікаў! Хто ў нас камандзір корпуса?

Хлебнікаў разгубленымі вачмі пазірае на унтэр-афіцэра. З яго разяўленага рота вырываецца, нібы ў асіплай вароны, адзінокі шыпячы гук.

- Шавяліся! - злосна крычыць на яго унтэр-афіцэр.

- Яго...

- Ну, - яго... Ну, што ж будзе далей?

Рамашоў, які ў гэтую хвіліну павярнуўся ўбок, чуе, як Шапаваленка дадае ціхім голасам, хрыпла:

- Вось чакай, я табе пасля вучэння разгладжу морду!

І паколькі Рамашоў у гэтую хвіліну паварочваецца да яго, ён вымаўляе гучна і абыякава:

- Яго высакароддзе... Ну, чаго ты, Хлебнікаў, далей!..

- Яго... інфантэрыі... ленцінант, - спалохана і адрывіста мармыча Хлебнікаў.

- А-а-а! - хрыпіць, сцяўшы зубы, Шапаваленка. - Ну, што я з табою, Хлебнікаў, буду рабіць? Б'юся, б'юся я з табою, а ты зусім, як вярблюд, толькі рагоў у цябе няма. Ніякага старання. Стой гэтак да канца славеснасці слупом. А пасля абеду прыйдзеш да мяне, буду асобна з табою займацца. Грэчанка! Хто ў нас камандзір корпуса?

«Так сёння, так будзе заўтра і паслязаўтра. Усё адно і тое ж да самага канца майго жыцця, - думаў Рамашоў, ходзячы ад узвода да ўзвода. - Кінуць усё, пайсці? Нуда!..»

Пасля славеснасці людзі займаліся на дварэ падрыхтоўчымі да стральбы практыкаваннямі. У той час як у адной часці людзі цалялі ў люстэрка, а ў другой стралялі шрацінкамі ў мішэнь, - у трэцяй наводзілі вінтоўкі ў цэль на прыборы Ліўчака. У другім узводзе падпрапаршчык Лбоў заліваўся на ўвесь пляц вясёлым звонкім тэнарком:

- Прос-та... па калоне... па-льба ротаю... аць, два! Рота-а... - ён зацягваў апошні гук, рабіў паўзу і потым адрывіста кідаў: - Плі!

Шчоўкалі ўдарнікі. А Лбоў, радасна выхваляючыся голасам, зноў заліваўся:

- К на-а-а...іп!

Сліва хадзіў ад узвода да ўзвода, згорблены, вялы, папраўляў стойку і рабіў кароткія, грубыя заўвагі:

- Падцягні чэрава! Стаіш як цяжарная баба! Як стрэльбу трымаеш? Ты не дыякан са свечкаю! Чаго рот разявіў, Карташоў? Кашы захацеў? Фельдфебель, паставіць Карташова на гадзіну пасля вучэння пад ружжо. Ш-шэльма! Як шынель скруціў, Ведзянееў? Ні пачатку, ні канца, ні быцця свайго не мае. Ёлупень!

Пасля стральбы людзі саставілі стрэльбы і ляглі каля іх на маладой вясенняй траўцы, павыбітай ужо там-сям салдацкімі ботамі. Было цёпла і ясна. У паветры пахла маладымі лісточкамі таполяў, якія двума радамі раслі ўздоўж шашы. Веткін зноў падышоў да Рамашова.

- Плюньце, Юрый Аляксеевіч, - сказаў ён Рамашову, беручы яго пад руку. - Ці трэба? Вось скончым вучэнне, пойдзем у сход, перакулім па чарцы, і ўсё пройдзе. Праўда?

- Сумна мне, дарагі Павел Паўлыч, - тужліва вымавіў Рамашоў.

- Што і казаць, нявесела, - сказаў Веткін. - Але як жа іначай? Трэба ж людзей вучыць справе. А раптам вайна?

- Хіба што вайна, - маркотна згадзіўся Рамашоў. - А навошта вайна? Мабыць, усё гэта нейкая агульная памылка, нейкая сусветная недарэчнасць, вар'яцтва? Хіба можна забіваць?

- Э-э, развялі філасофію. На якое ліха! А калі на нас раптоўна нападуць немцы? Хто будзе Расею абараняць?

- Я ж нічога не ведаю і не кажу, Павел Паўлыч, - жаласліва і пакорліва запярэчыў Рамашоў, - я нічога, нічога не ведаю. Але вось, напрыклад, паўночнаамерыканская вайна ці вось вызваленне Італіі, а за Напалеонам - гверыльясы... і яшчэ шуаны ў часе рэвалюцыі... Біліся ж, калі трэба было! Простыя аратыя, пастухі...

- Дык жа гэта амерыканцы... Каго параўналі... Гэта справа дзесятая. А мне здаецца, калі гэтак думаць, дык ужо лепей не служыць. Ды і наогул у нашай справе разважаць не дазволена. Толькі адно цікава: куды ж мы з вамі падзенемся, калі не будзем служыць? Каму мы патрэбны, калі мы толькі і ведаем - левай, правай, а болей ні бэ, ні мэ, ні кукарэку. Паміраць мы ўмеем, гэта праўда. І памром, ліха на нас, калі трэба будзе. Ва ўсякім разе, недарма хлеб елі. Гэта так, пан філазоф. Дык пойдзем пасля вучэння са мной у сход?

- Што ж, пойдзем, - абыякава згадзіўся Рамашоў. - Уласна кажучы, гэта свінства так штодзённа марнаваць час. А вы праўду кажаце, што калі гэтак думаць, дык ужо лепей зусім не служыць.

Размаўляючы, яны хадзілі ўзад і ўперад па пляцы і спыніліся каля чацвертага ўзвода. Салдаты сядзелі і ляжалі на зямлі каля састаўленых стрэльбаў. Некаторыя елі хлеб, які салдаты ядуць цэлы дзень, з раніцы да вечара, і пры ўсіх абставінах: на аглядах, на прывалах у часе манеўраў, у царкве перад споведдзю і нават перад цялесным пакараннем.

Рамашоў пачуў, як чыйсьці абыякава-задзірысты голас гукнуў:

- Хлебнікаў, чуеш, Хлебнікаў!..

- Га? - панура ў нос адгукнуўся Хлебнікаў.

- Ты што дома рабіў?

- Рабіў, - сонна адказаў Хлебнікаў.

- Ды што рабіў, дурная галава?

- Усё. Зямлю араў, за скацінай хадзіў.

- Чаго ты да яго прычапіўся? - умешваецца стараслужывы салдат, дзядзька Шпынёў. - Вядома, што рабіў: рабят сіськай карміў.

Рамашоў мімаходам зірнуў на шэры, няшчасны, голы твар Хлебнікава. І зноў у ягонай душы заварушылася нейкае няёмкае хваравітае пачуццё.

- У ружжо! - крыкнуў з сярэдзіны пляца Сліва. - Панове афіцэры, па месцах!

Забразгалі стрэльбы, чапляючыся штыком за штык. Салдаты мітусліва прыводзілі сябе ў парадак, станавіліся на свае месцы.

- Рраўняйсь! - скамандаваў Сліва. - Смір-рна!

Затым падышоў бліжэй да роты і закрычаў нараспеў:

- Ружэйныя прыёмы, па раздзяленнях, лічэнне ўголас... Рота, ша-ай... на кра-ул!

- Рраз! - гаркнулі салдаты і рэзка ўскінулі стрэльбы ўгору.

Сліва павольна абышоў строй, кідаючы адрывістыя заўвагі: «давярні прыклад», «вышэй штык», «прыклад на сябе». Потым ён зноў вярнуўся на сваё месца і скамандаваў:

- Рабі-і... два!

- Два! - крыкнулі салдаты.

І зноў Сліва пайшоў па страі правяраць дакладнасць і правільнасць прыёмаў.

Пасля ружэйных прыёмаў па раздзяленнях ішлі прыёмы без раздзяленняў, потым павароты, уздвойванне радоў, прымыканне і размыканне і іншыя пастраенні. Рамашоў выконваў, як аўтамат, усё, што ад яго патрабавалася па статуце, але ў яго не выходзілі з галавы словы, нядбайна кінутыя Веткіным: «Калі гэтак думаць, дык няма чаго і служыць. Трэба кідаць службу». І ўсе гэтыя хітрыкі ваеннага статута: спрытнасць пры паваротах, зухаватасць ружэйных прыёмаў, моцная пастаноўка нагі пры маршыроўцы, а разам з імі ўсе гэтыя тактыкі і фартыфікацыі, на якія ён патраціў дзевяць лепшых гадоў свайго жыцця, якія павінны былі запоўніць і ўсё яго астатняе жыццё і якія яшчэ так нядаўна здаваліся яму такой важнай і мудрай справай, - усё гэта раптам уявілася яму чымсьці сумным, незвычайным, выдуманым, чымсьці бязмэтным і пустым, народжаным усеагульным сусветным самападманам, чымсьці падобным да недарэчнага трызнення.

Калі ж вучэнне скончылася, яны пайшлі з Веткіным у сход і ўдвух з ім выпілі вельмі многа гарэлкі. Рамашоў, амаль страціўшы прытомнасць, цалаваўся з Веткіным, плакаў у яго на плячы гучнымі істэрычнымі слязьмі, скардзячыся на пустэчу і нудоту жыцця, і на тое, што яго ніхто не разумее, і на тое, што яго не кахае «адна жанчына», а хто яна - пра гэта ніхто ніколі не дазнаецца; Веткін жа куляў чарку за чаркай і толькі час ад часу гаварыў з пагардлівым жалем:

- Адно блага, Рамашоў, не ўмееце вы піць. Выпілі чарку і раскіслі.

Потым нечакана ён грукаў кулаком па стале і крычаў пагрозліва:

- А скажуць памерці - памром!

- Памром, - жаласна адказваў Рамашоў. - Што - памерці? Гэта глупства - памерці... Душа баліць у мяне...

Рамашоў не памятаў, як ён дабраўся дадому і хто яго паклаў у пасцель, яму здавалася, што ён плавае ў густым сінім тумане, па якім рассыпаны мільярды мільярдаў мікраскапічных іскрынак. Гэты туман павольна зыбаўся ўверх і ўніз, падымаючы і апускаючы ў сваіх рухах цела Рамашова, і ад гэтай рытмічнай гайданкі падпаручнікава сэрца рабілася кволае, заходзілася і пакутавала ад агіднага адчування моташнасці. Галава здавалася распухлай да вялізных памераў, і ў ёй чыйсьці недарэчны, бязлітасны голас крычаў, наносячы Рамашову страшэнны боль:

- Рабі-і раз!.. Рабі-і два!

 

XII

 

Дзень 23 красавіка быў для Рамашова дужа клапатлівы і дужа дзіўны дзень. Гадзіне а дзесятай раніцы, калі падпаручнік ляжаў яшчэ ў пасцелі, прыйшоў Сцяпан, дзяншчык Мікалаевых, з запіскай ад Аляксандры Пятроўны.

«Любы Ромачка, - пісала яна, - я зусім бы не здзівілася, каб даведалася, што вы забылі пра тое, што сёння дзень нашых агульных імянін. Дык вось, нагадваю вам пра гэта. Нягледзячы ні на што, я ўсё ж хачу вас сёння бачыць! Толькі не прыходзьце віншаваць удзень, а проста к пяці гадзінам. Паедзем пікніком на Дубечную.

Ваша А.М.».

 

Пісьмо дрыжала ў руках у Рамашова, калі ён яго чытаў. Ужо цэлы тыдзень не бачыў ён мілага, то ласкавага, то насмешлівага, то па-сяброўску ўважлівага твару Шурачкі, не адчуваў на сабе яе пяшчотнай і ўладнай абаяльнасці. «Сёння!» - радасна сказаў унутры ў яго вясёлы шэпт.

- Сёння! - гучна крыкнуў Рамашоў і босы саскочыў з ложка на падлогу. - Гайнан, памыцца!

Зайшоў Гайнан.

- Ваша благароддзя, там дзяншчык стаіць. Пытаецца: будзеш пісаць адказ?

- Вось яно што! - Рамашоў вылупіў вочы і злёгку прысеў. - Ссс... Трэба было б яму гасцінца, а ў мяне нічога няма. - Ён з недаўменнем паглядзеў на дзеншчыка.

Гайнан шырока і радасна ўсміхнуўся.

- Міне таксама нічога няма!.. Табе няма, міне няма. Э, чаго там! Яна і так пойдзе.

Хутка прамільгнула ў памяці ў Рамашова чорная вясенняя ноч, гразь, азызлы, слізкі паркан, да якога ён прытуліўся, і раўнадушны голас Сцяпана з цемры: «Ходзіць, ходзіць кожны дзень...» Прыгадаўся яму і ўласны нясцерпны сорам. О, колькі будучых асалодаў аддаў бы цяпер падпаручнік за дзве грыўні, за адну грыўню!

Рамашоў сутаргава і моцна пацёр рукамі твар і нават крактануў ад хвалявання.

- Гайнан, - сказаў ён шэптам, баязліва касавурачыся на дзверы. - Гайнан, ты ідзі скажы яму, што падпаручнік увечары абавязкова дадуць яму гасцінца. Чуеш: абавязкова.

Рамашоў адчуваў цяпер вострую патрэбу ў грошах. Крэдыт быў спынены яму ўсюды: у буфеце, у афіцэрскай эканамічнай крамцы, у афіцэрскім капітале... Можна было браць толькі абед і вячэру ў сходзе, і то без гарэлкі і закусі. У яго нават не было ні гарбаты, ні цукру. Аставалася толькі, па нейкай насмешлівай, выпадковай гульні, вялізная бляшанка кавы. Рамашоў мужна піў яе раніцамі без цукру, а ўслед за ім, з гэтакай жа пакорлівасцю, дапіваў яе Гайнан.

І цяпер, з грымасамі агіды сёрбаючы чорную, моцную, горкую бурду, падпаручнік глыбока задумаўся над сваім становішчам. «Гм... па-першае, як прыйсці без падарунка? Цукеркі ці пальчаткі? Між іншым, невядома, які нумар яна носіць. Цукеркі? Лепш за ўсё, вядома, духі: цукеркі тут нясмачныя... Веер? Гм!.. Так, безумоўна, лепш духі. Яна любіць Эс-буке. Потым выдаткі на пікніку: рамізнік туды і назад, прыкладна - пяць, гасцінца Сцяпану - р-рубель. Так, пан падпаручнік Рамашоў, без дзесяці рублёў вам не абысціся».

І стаў перабіраць у галаве ўсе рэсурсы. Жалаванне? Але не далей як учора ён распісаўся ў ведамасці: «Разлік правільны. Падпаручнік Рамашоў». Усё яго жалаванне было акуратна разнесена па графах, у ліку якіх было і ўтрыманне па прыватных векселях; падпаручніку не давялося атрымаць ні капейкі. Можа, папрасіць наперад? Гэтым сродкам ён карыстаўся самае малое разоў з трыццаць, але заўсёды без поспеху. За казначэя быў штабс-капітан Дарашэнка - чалавек змрочны і суровы, асабліва да «фендрыкаў». У турэцкую вайну ён быў паранены, але ў самае нязручнае і неганаровае месца - у пятку. Пастаянныя кпіны і вострыя жарты з яго раны (якую ён, аднак, атрымаў не пры ўцёках, а ў той час, калі, павярнуўшыся да свайго ўзвода, камандаваў наступленне) зрабілі тое, што ён пайшоў на вайну жыццярадасным прапаршчыкам, а вярнуўся з яе злосным і нервовым іпахондрыкам. Не, Дарашэнка не дасць грошай, а тым больш падпаручніку, які ўжо трэці месяц піша: «Разлік правільны».

«Але не будзем нудзіцца! - казаў сам сабе Рамашоў. - Перабяром у памяці ўсіх афіцэраў. Пачнём з ротных. Па парадку. Першая рота - Асадчы».

Перад Рамашовым паўстаў незвычайны, прыгожы твар Асадчага, з яго цяжкім, звярыным позіркам. «Не, толькі не ён. Толькі не ён. Другая рота - Тальман. Мілы Тальман: ён заўсёды і ўсюды хапае рублі, нават у падпрапаршчыкаў. Хутынскі?»

Рамашоў задумаўся. Шалёная, блазенская думка мільганула ў ягонай галаве: пайсці і папрасіць у палкавога камандзіра: «Уяўляю! Напэўна, спачатку аслупянее ад жаху, потым задрыжыць у шаленстве, а потым грымне, як з мартыры: «Што-о? Маў-ча-аць! На чацвера сутак на гаўптвахту!»

Падпаручнік зарагатаў. Не, усё роўна, што-небудзь ды прыдумаецца! Дзень, які пачаўся гэтак радасна, не можа быць няўдалым. Гэта няўлоўна, гэта загадкава, але яно заўсёды беспамылкова адчуваецца дзесьці ўглыбіні, па-за свядомасцю.

«Капітан Дзювернуа? Яго салдаты смешна завуць: Давярні-нага. А яшчэ гавораць, што быў нейкі генерал Будберг фон Шаўфус, - дык салдаты далі яму мянушку: Вудка за цэхаўзам. Не, Дзювернуа скупы і не любіць мяне - я гэта ведаю...»

Гэтак перабраў ён усіх ротных камандзіраў ад першай роты да шаснаццатай і нават да нестраявой, потым з уздыхам перайшоў да малодшых афіцэраў. Ён яшчэ не траціў надзеі, але пачынаў ужо цьмяна непакоіцца, як раптам адно імя мільганула ў яго ў галаве: «Падпалкоўнік Рафальскі!»

- Рафальскі. А я ламаў галаву!.. Гайнан! Сурдут, пальчаткі, паліто - хутка!

Падпалкоўнік Рафальскі, камандзір чацвертага батальёна, быў стары дзівакаваты халасцяк, якога ў палку, жартам і, вядома, за вочы, звалі палкоўнікам Брэмам. Ён ні да кога з таварышаў не заходзіў, абмяжоўваючыся толькі афіцыйнымі візітамі на вялікдзень і на Новы год, а да службы ставіўся так нядбайна, што пастаянна атрымліваў вымовы ў загадах і страшэнныя разносы на вучэннях. Увесь свой час, увесь свой клопат і ўсю нескарыстаную здольнасць сэрца да любві і да замілавання ён аддаваў сваім мілым звярам - птушкам, рыбам і чатырохногім, якіх у яго быў цэлы вялікі і арыгінальны звярынец. Палкавыя дамы, якія ў глыбіні душы былі пакрыўджаны яго няўвагай да іх, казалі, што яны не разумеюць, як гэта можна заходзіць да Рафальскага: «Ах, гэта такі жах, гэтыя звяры! І потым, прабачце за слова - ссмурод! фу!»

Усе свае зберажэнні палкоўнік Брэм траціў на звярынец. Гэты дзівак абмежаваў свае патрэбы апошняй ступенню неабходнага: насіў шынель і мундзір невядома якога часу, спаў абы-як, еў з катла пятнаццатай роты, прычым уносіў у гэты кацёл суму для салдацкага прыварку больш чым значную. Але таварышам, асабліва малодшым афіцэрам, ён, калі меў грошы, рэдка адмаўляў у невялікіх пазыках. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што аддаваць яму даўгі лічылася як нешта непрынятае, нават смешнае - таму ён і лічыўся дзіваком палкоўнікам Брэмам.

Шалапутныя прапаршчыкі, накшталт Лбова, ідучы да яго пазычаць два рублі, так і гаварылі: «Іду глядзець звярынец». Гэта быў падыход да сэрца і кішэні старога халасцяка. «Іван Антонавіч, ці няма новенькіх звяркоў? Пакажыце, калі ласка. Вы так цікава пра ўсё гэта расказваеце...»

Рамашоў таксама часцяком наведваў яго, але пакуль што без карыслівых мэт: ён і на самай справе любіў жывёл нейкай асаблівай, пяшчотнай і пачуццёвай любоўю. У Маскве, як быў кадэтам, а потым юнкерам, ён куды больш ахвотна хадзіў у цырк, як у тэатр, а яшчэ ахвотней у заалагічны сад і ва ўсе звярынцы. Яго дзіцячай марай было набыць сенбернара; цяпер жа ён тайна марыў пра пасаду батальённага ад'ютанта, каб набыць каня. Але абедзвюм марам не суджана было ажыццявіцца: у маленстве - праз тую ж беднасць, у якой жыла яго сям'я, а ад'ютантам яго наўрад ці маглі б прызначыць, таму што ён не меў «самавітай знешнасці».

Ён выйшаў з дому. Цёплае вясенняе паветра з пяшчотнай ласкай гладзіла яго шчокі. Зямля, якая нядаўна толькі абсохла пасля дажджу, паддавалася пад нагамі з прыемнай пругкасцю. З-за парканаў густа і нізка звешваліся на вуліцу белыя шапкі чаромхі і ліловыя - бэзу. Штосьці раптам з незвычайнай сілай заварушылася ў грудзях у Рамашова, нібы ён збіраўся ляцець. Азірнуўшыся на бакі і ўбачыўшы, што на вуліцы нікога няма, ён выняў з кішэні Шурачкіна пісьмо, перачытаў яго і моцна пацалаваў яе подпіс.

- Мілае неба! Мілыя дрэвы! - прашаптаў ён з вільготнымі вачамі.

Палкоўнік Брэм жыў у глыбіні двара, абнесенага высокай зялёнай сеткай. На варотцах быў кароткі надпіс: «Без званка не заходзіць. Сабакі!!» Рамашоў пазваніў. З варотцаў выйшаў ускалмачаны, лянівы, заспаны дзяншчык.

- Палкоўнік дома?

- Калі ласка, ваша благароддзе.

- Ты ідзі, далажы спачатку.

- Нічога, калі ласка, так. - Дзяншчык сонна пачухаў ляжку. - Яны гэтага не любяць, каб, напрыклад, дакладваць.

Рамашоў пайшоў уздоўж цаглянай дарожкі к дому. З-за вугла выскачылі два вялізныя маладыя карнавухія догі мышастага колеру. Адзін з іх гучна, але дабрадушна забрахаў. Рамашоў папстрыкаў яму пальцамі, і дог пачаў кідацца пярэднімі нагамі то ўправа, то ўлева і яшчэ гучней брахаць. Яго ж таварыш ішоў па пятах за падпаручнікам і, выцягнуўшы пысу, з цікаўнасцю прынюхваўся да яго шыняля. У глыбіні двара, на зялёнай маладой траўцы, стаяў маленькі асёл. Ён мірна драмаў пад вясеннім сонцам, жмурачыся і варушачы вушамі ад задавальнення. Тут жа сноўдалі куры і разнаколерныя певуны, качкі і кітайскія гусі з наростамі на насах; страшэнна крычалі цацаркі, а прыгажун індык, распусціўшы хвост і драпаючы крыламі зямлю, ганарыста і юрліва круціўся вакол індычак з тонкімі шыйкамі. Ля карыта ляжала бокам на зямлі вялізная ружовая йоркшырская свіння.

Палкоўнік Брэм у скураной шведскай куртцы стаяў ля акна, спіною да дзвярэй, і не заўважыў, калі зайшоў госць. Ён корпаўся каля шклянога акварыума, засунуўшы туды руку да локця. Рамашоў павінен быў два разы гучна кашлянуць, перш чым Брэм павярнуў назад свой худы, барадаты, доўгі твар у чарапахавых акулярах.

- А-а, падпаручнік Рамашоў! Калі ласка, прашу вас... - сказаў Рафальскі прыветліва. - Прабачце, што не падаю рукі - мокрая. А я, бачыце, нейкім чынам, новы сіфон прымайстроўваю. Спрасціў ранейшы, і атрымалася цудоўна. Хочаце гарбаты?

- Шчыра дзякую. Піў ужо. Я, пан палкоўнік, прыйшоў...

- Вы чулі: ходзіць погаласка, што полк перавядуць у другі горад, - гаварыў Рафальскі, нібыта працягваючы толькі што перапыненую размову. - Вы разумееце, я, нейкім чынам, проста ў адчаі. Уявіце сабе, ну як я сваіх рыб буду перавозіць? Палова ж пэўна здохне. А акварыум? Шкло - зірніце самі - паўтары сажні даўжынёю. Ах, браток! - раптам пераскочыў ён на другую тэму, - які акварыум я бачыў у Севастопалі! Вадаёмы... нейкім чынам... далібог, вось з гэты пакой, каменныя, з праточнай марской вадой, электрычнасць! Стаіш і глядзіш зверху, як гэтая рыба жыве. Бялугі, акулы, скаты, марскія пеўні - ах, даражэнькія мае! Або, нейкім чынам, марскі кот: уявіце сабе гэтакі блін, аршыны на паўтара ў дыяметры, і варушыць краямі, разумееце, гэтак хваляпадобна, а ззаду хвост, як страла... Я гадзіны дзве стаяў... Чаго вы смеіцёся?

- Даруйце... Я толькі цяпер заўважыў, што ў вас на плячы сядзіць белая мыш...

- Ах ты, свавольніца, куды залезла! - Рафальскі павярнуў галаву і цмокнуў губамі, але надзвычай тонка, падобна да мышынага піску. Маленькі белы чырванавокі звярок спусціўся к самаму яго твару і, уздрыгваючы ўсім цельцам, стаў мітусліва тыцкацца лыскай у бараду і ў рот чалавека.

- Як яны вас ведаюць! - сказаў Рамашоў.

- Так... ведаюць. - Рафальскі ўздыхнуў і паківаў галавою. - А вось і бяда, што мы іх не ведаем. Людзі выдрэсіравалі сабаку, прывучылі, нейкім чынам, каня, прыручылі ката, а што гэта за істоты такія - гэтага мы нават ведаць не хочам. Другі вучоны іншы раз усё жыццё, ліха на яго, аддасць вывучэнню нейкага дапатопнага слова, і ўжо такая яму за гэта пашана, што пры жыцці за святога прымаюць. А тут... вазьміце вы хоць тых жа сабак. Жывуць з намі побач жывыя, разумныя жывёлы, і хоць бы адзін прыват-дацэнт надумаўся заняцца іх псіхалогіяй!

- Відаць, ёсць якія-небудзь працы, але мы іх не ведаем? - асцярожна выказаў свае меркаванні Рамашоў.

- Працы? Гм... вядома, ёсць, і самыя грунтоўныя. Вось зірніце, нават у мяне - цэлая бібліятэка. - Падпалкоўнік паказаў рукою на шафы ўздоўж сцен. - Разумна пішуць і пранікнёна. Веды багатыя! Якія прыборы, якія дасціпныя спосабы... Але не тое, зусім не тое, што я кажу! Ніхто з іх, нейкім чынам, не здагадаўся ўзяць сабе за мэту - ну хоць бы ўважліва прасачыць адзін толькі дзень сабакі або ката. Ты вось ідзі, панаглядай: як сабака жыве, што ён думае, як хітруе, як пакутуе, як радуецца. Паслухайце: я бачыў, чаго дабіваюцца ад жывёл клоўны. Дзіва!.. Уявіце сабе, гіпноз, нейкім чынам, сапраўдны гіпноз! Што мне адзін клоўн паказваў у Кіеве ў гатэлі - гэта незвычайна, проста неверагодна! Але вы падумайце - клоўн, клоўн! А што, каб за гэта ўзяўся сур'ёзны натураліст, узброены ведамі, з іх цудоўным умельствам абстаўляць вопыты, з іх навуковымі сродкамі. О, якія б незвычайныя рэчы мы пачулі пра разумовыя здольнасці сабакі, пра яго характар, пра веданне лічбаў, ды ці мала яшчэ пра што! Цэлы свет, вялізарны, цікавы свет. Ну, вось, як хочаце, а я перакананы, што ў сабак ёсць свая мова, і, нейкім чынам, багатая мова.

- Дык чаму ж яны за гэта па сённяшні дзень не ўзяліся, Іван Антонавіч? - спытаў Рамашоў. - Гэта ж так проста!

Рафальскі з'едліва засмяяўся.

- Менавіта таму, хе-хе-хе, што проста. Менавіта таму. Па-першае, што для яго сабака? Хрыбетнае, млекакормячае, драпежнае, з пароды сабакавых і гэтак далей. Усё гэта так. Не, ты падыдзі да сабакі, як да чалавека, як да дзіцяці, як да разумнай істоты. Сапраўды, яны са сваім навуковым гонарам не дужа далёка апярэдзілі мужыка, які лічыць, што ў сабакі, нейкім чынам, замест душы пара.

Ён змоўк і пачаў, злосна сапучы і крэкчучы, корпацца над гутаперчавай трубкай, якую ён прымайстроўваў да дна акварыума. Рамашоў сабраўся з духам.

- Іван Антонавіч, у мяне да вас вялікая, вялікая просьба...

- Грошай?

- Сапраўды, сорамна вас непакоіць. Ды мне няшмат, рублёў дзесяць. Хутка аддаць не абяцаю, але...

Іван Антонавіч выняў рукі з вады і стаў выціраць іх ручніком.

- Дзесяць магу. Больш не магу, а дзесяць з вялікай ахвотай. Вам, вядома, на глупства? Ну, ну, ну, я жартую. Пойдзем.

Ён павёў яго за сабою цераз усю кватэру, якая складалася з пяці-шасці пакояў. Не было ў іх ні мэблі, ні фіранак. Паветра было насычана вострым пахам, які ўласцівы жытлу невялікіх драпежнікаў. Падлога была забруджана так, што па ёй слізгалі ногі.

Ва ўсіх кутках былі зроблены норкі і логавы ў выглядзе будачак, пустых пнёў, бочак без дна. У двух пакоях стаялі разгалістыя дрэвы - адно для птушак, другое для куніц і вавёрак, са штучнымі дупламі і гнёздамі. У тым, як усё было прыстасавана для звяроў, адчувалася клапатлівая абдуманасць, любоў да жывёл і вялікая назіральнасць.

- Бачыце вы гэтага звера? - Рафальскі паказаў пальцам на маленькі заканурак, абкружаны густою загарадкаю з калючага дроту. З яго напаўкруглай адтуліны, велічынёю з донца шклянкі, бліскалі дзве чорныя кропачкі. - Гэта самая драпежная, самая, нейкім чынам, лютая жывёліна ва ўсім свеце. Шашок. Не, вы не думайце, перад ім усе гэтыя львы і пантэры - лагодныя цяляты. Леў з'еў свой пуд мяса і пайшоў сабе, - глядзіць спакойна, як даядаюць шакалы. А гэты маленькі прахвост, калі забярэцца ў куратнік, дык ніводнай курыцы не пакіне - абавязкова ў кожнай перакусіць вось тут, ззаду, мазжачок. Да таго часу не супакоіцца, нягоднік. І прытым самы дзікі, самы цяжкі да прыручэння з усіх звяроў. У, ты, ліхадзей!

Ён засунуў руку за загарадку. З круглых дзверцаў адразу ж высунулася маленькая раз'ятраная мордачка з разяўленай пашчай, у якой бліскалі белыя вострыя зубкі. Шашок то хуценька паказваўся, то хаваўся, суправаджаючы гэта гукамі, якія нагадвалі злосны кашаль.

- Бачыце, які ён? А я ж яго цэлы год кармлю...

Падпалкоўнік, мусіць, зусім забыўся на просьбу Рамашова. Ён вадзіў яго ад нары да нары і паказваў яму сваіх пестуноў, гаворачы пра іх з такім захапленнем і з такой пяшчотай, з такім веданнем іх нораваў і характараў, нібы справа тычылася яго добрых, мілых знаёмых. І сапраўды, для аматара, ды яшчэ такога, які жыве ў пазаштатным гарадку, у яго была даволі значная калекцыя: белыя мышы, трусы, марскія свінкі, вожыкі, суркі, некалькі гадаў у шкляных скрынках, некалькі гатункаў яшчарак, дзве малпы-мартышкі, чорны аўстралійскі заяц і рэдкі, цудоўны экземпляр ангорскага ката.

- Што? Прыгожы? - спытаў Рафальскі, паказваючы на ката. - Сапраўды, нейкім чынам, цуд? Але не паважаю. Самы дурны з усіх катоў. Вось зноў! - раптам ажывіўся ён. - Вось вам зноў доказ, якія мы нядбайныя ў адносінах да псіхікі нашых хатніх жывёл. Што мы ведаем пра ката? А пра каня? А пра карову? А пра свінню? Ведаеце, хто яшчэ надзвычай разумны? Гэта свіння. Так, так, вы не смейцеся, - Рамашоў і не думаў смяяцца, - свінні страшэнна разумныя. У мяне кабан летась якую штуку выдумаў. Прывозілі мне брагу з цукровага завода, нейкім чынам, для агарода і для свіней. Дык яму, бачыце, не хапала цярплівасці чакаць. Фурман пойдзе да майго дзеншчыка, а ён зубамі возьме і выцягне затычку з бочкі. Брага, ведаеце, ліецца, а ён сабе ўпіваецца шчасцем. Ды гэта што яшчэ: аднойчы, калі яго абвінавацілі ў гэтым злачынстве, дык ён не толькі выцягнуў затычку, а аднёс яе на агарод і закапаў у градцы. Вось вам і свіння. Прызнацца, - Рафальскі прыжмурыў адно вока і зрабіў хітры твар, - прызнацца, я пра сваіх свіней маленькі артыкульчык пішу... Толькі цсс!.. сакрэт... нікому. Неяк няёмка: падпалкоўнік вялікай расейскай арміі і раптам - пра свіней. Цяпер у мяне вось йоркшыры. Бачылі? Хочаце, пойдзем зірнем? Там у мяне на дварэ ёсць яшчэ барсучок маладзенькі, цудоўны барсучок... Пойдзем?

- Даруйце, Іван Антонавіч, - сумеўся Рамашоў. - Я б з радасцю. Але толькі, далібог, няма часу.

Рафальскі пляснуў сябе даланёю па лбе.

- Ах, бацюхны мае! Прабачце вы мне, калі ласка. Я, стары дзівак, зусім усхадзіўся... Ну, ну, ну, хадземце хутчэй.

Яны зайшлі ў маленькі голы пакой, дзе нічога не было, апрача нізкага паходнага ложка, палатно якога абвісала, быццам дно лодкі, ды начнога століка з услонам. Рафальскі выцягнуў шуфлядку і дастаў грошы.

- Вельмі рады зрабіць вам паслугу, падпаручнік, вельмі рады. Ну, вось... якая там удзячнасць! Глупства... Я рады... Заходзьце, калі будзе час. Пагаворым.

Рамашоў выйшаў на вуліцу і адразу ж сутыкнуўся з Веткіным. Вусы ў Паўла Паўлавіча былі па-заліхвацку растрапаны, а фуражка з прыплясканымі па баках, для форсу, палямі зухавата сядзела набакір.

- А-а! Прынц Гамлет! - крыкнуў радасна Веткін. - Адкуль і куды? Тфу, чорт, вы ззяеце, нібы імяніннік.

- А я і ёсць імяніннік, - усміхнуўся Рамашоў.

- Так? А і сапраўды: Георгій і Аляксандра. Цудоўна. Дазвольце горача абняць вас!

І яны тут жа, на вуліцы, моцна расцалаваліся.

- Можа, з гэтага выпадку зойдзем у сход? Перакулім па адной, як кажа наш велікасвецкі Арчакоўскі? - прапанаваў Веткін.

- Не магу, Павел Паўлыч. Спяшаюся. Між іншым, здаецца, вы сёння выпілі ўжо?

- О-о-о! - Веткін шматзначна кіўнуў падбародкам угору. - Я сёння прарабіў такую камбінацыю, што ў любога міністра фінансаў жывот бы забалеў ад зайздрасці.

- Якую менавіта?

Камбінацыя Веткіна была вельмі простая, але не пазбаўленая дасціпнасці, прычым галоўны ўдзел у ёй прымаў палкавы кравец Хаім. Ён узяў ад Веткіна распіску ў атрыманні мундзірнай пары, аднак на самай справе вынаходлівы Павел Паўлавіч атрымаў ад краўца не мундзір, а трыццаць рублёў наяўнымі грашыма.

- А ўрэшце абодва мы асталіся здаволеныя, - гаварыў радасны Веткін, - і жыд здаволены, таму што замест трыццаці рублёў атрымае з абмундзіравальнай касы сорак пяць, і я здаволены, таму што ўзгрэю сёння ў сходзе ўсіх гэтых іграчкоў. Што? Спрытна абладзіў?

- Спрытна! - згадзіўся Рамашоў. - Прыму да ведама на наступны раз. Аднак бывайце, Павел Паўлыч. Жадаю шчаслівай карты.

Яны разышліся. Але праз хвіліну Веткін аклікнуў таварыша. Рамашоў павярнуўся.

- Звярынец глядзелі? - хітра спытаў Веткін, паказваючы цераз плячо вялікім пальцам на дом Рафальскага.

Рамашоў кіўнуў галавой і сказаў з перакананнем:

- Брэм у нас цудоўны чалавек. Такі мілы!

- Што і казаць! - згадзіўся Веткін. - Толькі - псіх!

 

XIII

 

Пад'язджаючы а пятай гадзіне к дому, які займалі Мікалаевы, Рамашоў са здзіўленнем адчуў, што яго ранішняя вясёлая ўпэўненасць у поспеху сённяшняга дня саступіла месца нейкаму дзіўнаму, беспрычыннаму неспакою. Ён адчуў, што здарылася гэта не раптоўна, не зараз, а значна раней; мусіць, трывога расла ў ягонай душы паступова і неўпрыкмет, пачынаючы з нейкага няўлоўнага моманту. Што гэта магло быць? З ім адбываліся падобныя з'явы і раней, у маленстве, і ён ведаў, што для таго, каб супакоіцца, трэба адшукаць першапачатковую прычыну гэтай няяснай трывогі. Аднойчы, прамучыўшыся такім чынам цэлы дзень, ён толькі пад вечар успомніў, што ў поўдзень, пераходзячы на станцыі цераз рэйкі, быў аглушаны нечаканым свістком паравоза, спалохаўся і, сам гэтага не прыкмеціўшы, сапсаваў сабе настрой; але - успомніў, і яму адразу стала лёгка і нават весела.

І ён пачаў хуценька перабіраць у памяці ўсе ўражанні дня ў адваротным парадку. Крама Свідэрскага: духі, узяў рамізніка Лейбу - ён цудоўна ездзіць; цікавіўся на пошце, якая гадзіна; вельмі прыгожая раніца; Сцяпан... хіба на самай справе Сцяпан? Але не - для Сцяпана ляжыць асобна ў кішэні падрыхтаваны рубель. Што ж тады? Што?

Ля плота ўжо стаялі тры параконныя экіпажы. Два дзеншчыкі трымалі за павады аседланых коней: бурага старога мерына, якога нядаўна Алізар купіў з кавалерыйскага браку, і стройную, нецярплівую, са злосным вогненным вокам, залатую кабылу Бек-Агамалава.

«Ах - пісьмо! - раптам усплыло ў памяці Рамашова. - Гэта дзіўная фраза: нягледзячы ні на што... і падкрэслена... Значыць, нешта ёсць? Магчыма, Мікалаеў злуецца на мяне! Раўнуе? Магчыма, якая-небудзь плётка? Мікалаеў у апошнія дні такі сухі са мною. Не, не, праеду міма!»

- Далей! - закрычаў ён рамізніку.

Але ў гэтую ж хвіліну - не пачуў і не ўбачыў, а хутчэй адчуў, як дзверы ў доме адчыніліся, - адчуў па салодкім і гарачым тыхкаце свайго сэрца.

- Ромачка! Куды ж гэта вы? - пачуўся ззаду яго вясёлы, звонкі голас Аляксандры Пятроўны.

Ён схапіў Лейбу за папругу і выскачыў з экіпажа. Шурачка стаяла ў чорнай раме расчыненых дзвярэй. На ёй была белая гладкая сукенка з чырвонымі кветкамі за поясам, з правага боку; тыя ж кветкі ярка і цёпла палымнелі ў яе ў валасах. Дзіўна: Рамашоў беспамылкова ведаў, што гэта - яна, і ўсё ж да канца не пазнаваў яе. Адчувалася ў ёй штосьці новае, святочнае і радаснае.

У той час, калі Рамашоў мармытаў свае віншаванні яна, не выпускаючы ягонай рукі са сваёй, пяшчотным і фамільярным намаганнем прымусіла яго зайсці разам з ёю ў цёмны пярэдні пакой. І ў гэты час яна гаварыла хутка і напаўголаса:

- Дзякуй, Ромачка, што прыехалі. А я так баялася, што вы адмовіцеся. Слухайце, будзьце сёння добры і вясёлы. Не звяртайце ні на што ўвагі. Вы смешны: зачапі вас крышку, вы ўжо і завялі. Такая вы сарамлівая мімоза.

- Аляксандра Пятроўна... сёння ваша пісьмо так збянтэжыла мяне. Там ёсць адна фраза.

- Любы, любы, не трэба! - Яна ўзяла абедзве яго рукі і моцна сціскала іх, пазіраючы яму проста ў вочы. У гэтым позірку было зноў штосьці зусім незнаёмае Рамашову - нейкая мяккая пяшчота, і пільная ўвага, і неспакой, а яшчэ далей, у загадкавай глыбіні сініх зрэнак, хавалася нешта дзіўнае, незразумелае, якое размаўляе на самай патаемнай, цёмнай мове душы...

- Калі ласка, не трэба. Не думайце сёння пра гэта... Няўжо вам мала таго, што я ўвесь час чакала, калі вы будзеце ехаць. Я ж ведаю, які вы баязліўчык. Не глядзіце на мяне гэтак, прашу вас!

Яна збянтэжана засмяялася і паківала галавой.

- Ну, досыць... Ромачка непаваротлівы, зноў вы не цалуеце рук! Вось так. Цяпер другую. Так. Разумнік. Хадземце. Не забудзьце ж, - прамовіла яна таропкім, гарачым шэптам, - сёння наш дзень. Царыца Аляксандра і яе рыцар Георгій. Чуеце? Хадземце.

- Вось дазвольце вам... Сціплы падарунак...

- Што гэта? Духі? Якое вы глупства робіце! Не, не, я жартую. Дзякуй вам, любы Ромачка. Валодзя! - сказала яна зычна і проста, заходзячы ў гасціную. - Вось нам і яшчэ адзін кампаньён для пікніка. І яшчэ ў дадатак імяніннік.

У гасцінай было шумна і бязладна, як заўсёды бывае перад агульным ад'ездам. Густы тытунёвы дым здаваўся нябесна-блакітным у тых мясцінах, дзе яго прарэзвалі, выбіваючыся з вокан, касыя снапы вясенняга сонца. Пасярэдзіне гасцінай стаялі, гучна размаўляючы, сем ці восем афіцэраў, і з іх асабліва моцна крычаў сваім асіплым голасам, штохвілінна кашляючы, высокі Тальман. Тут былі: капітан Асадчы, і неразлучныя ад'ютанты Алізар з Бек-Агамалавым, і паручнік Андрусевіч, маленькі жвавы чалавек з вострым мышыным тварыкам, і яшчэ нехта, каго Рамашоў адразу не разгледзеў. Соф'я Паўлаўна Тальман, вясёлая, напудраная і падфарбаваная, падобная да вялікай прыгожай куклы, сядзела на канапе з дзвюма сёстрамі падпаручніка Міхіна. Абедзве паненкі былі ў аднолькавых просценькіх, сваёй работы, але мілых сукенках, белых з зялёнымі стужкамі; абедзве ружовыя, чорнавалосыя, цёмнавокія і з вяснушкамі; у абедзвюх былі асляпляльна белыя, але няправільна размешчаныя зубы, што, аднак, надавала іх свежым ртам своеасаблівую чароўнасць; абедзве прыгожыя і вясёлыя, вельмі падобныя адна да аднае і разам з тым да свайго вельмі непрыгожага брата. З палкавых дам была яшчэ запрошана жонка паручніка Андрусевіча, маленькая белатварая таўстуха, недалёкая і смяшлівая, ахвотніца да ўсякіх двухсэнсоўных і непрыстойных анекдотаў, а таксама мілыя з выгляду, гаваркія і картавыя паненкі Лыкачовы.

Як і заўсёды ў афіцэрскай кампаніі, дамы трымаліся купкай, асобна ад мужчын. Каля іх сядзеў, нядбайна і фатаўскі раскінуўшыся ў крэсле, адзін штабс-капітан Дзіц. Гэты афіцэр, падобны сваёй зацягнутай фігурай і тыпам свайго дачасна састарэлага і самаўпэўненага твару да прускіх афіцэраў, як іх малююць у нямецкіх карыкатурах, быў пераведзены ў пяхотны полк з гвардыі за нейкую цёмную, скандальную гісторыю. Ён вызначаўся непахісным апломбам у размовах з мужчынамі і нахабнай прадпрымальнасцю - з дамамі і вёў вялікую, заўсёды шчаслівую картачную гульню, але не ў афіцэрскім сходзе, а ў грамадзянскім клубе, у дамах гарадскіх чыноўнікаў і ў навакольных польскіх памешчыкаў. Яго ў палку не любілі, але пабойваліся і ўсё неяк трывожна чакалі ад яго ў будучым нейкага бруднага і агіднага выбрыку. Казалі, што ён знаходзіцца ў сувязі з маладою жонкаю лядашчага брыгаднага камандзіра, які жыў у тым жа горадзе. Было таксама дакладна вядома пра яго блізкасць з madame Тальман: дзеля яе яго і запрашалі вычайна ў госці - гэтага патрабавалі своеасаблівыя законы палкавой ветлівасці і ўвагі.

- Вельмі рады, вельмі рады, - гаварыў Мікалаеў, ідучы насустрач Рамашову, - тым лепей. Чаму ж вы раніцаю не прыехалі на пірог?

Ён гаварыў гэта гасцінна, з ветлівай усмешкай, але ў ягоным голасе і ў вачах Рамашоў добра ўлавіў тое ж самае адчужэнне, фальшывы і сухі выраз, якія ён амаль неўсвядомлена адчуваў, сустракаючыся з Мікалаевым увесь апошні час.

«Ён мяне не любіць, - хутка сказаў сам сабе Рамашоў. - Чаго ён? Злуецца? Раўнуе? Надакучыў я яму?»

- Ведаеце... у нас у роце правяраюць зараз зброю, - смела схлусіў Рамашоў. - Рыхтуемся да агляду, няма адпачынку нават па святах... Аднак я вельмі сканфужаны... Я ніяк не думаў, што ў вас пікнік, і атрымалася так, нібыта я напрасіўся. Сапраўды, мне сорамна...

Мікалаеў шырока ўсміхнуўся і са зняважлівай ветлівасцю паляпаў Рамашова па плячы.

- О, не, што вы, мой шаноўны... Больш народу - весялей... што гэта за кітайскія цырымоніі!.. Толькі вось не ведаю, як наконт месц у фаэтонах. Але я думаю, што як-небудзь рассядземся.

- У мяне экіпаж, - супакоіў яго Рамашоў, ледзь прыкметна адхіляючы плячо ад рукі Мікалаева. - Наадварот, я з ахвотаю гатовы аддаць яго ў ваша распараджэнне.

Ён азірнуўся і сустрэўся вачамі з Шурачкай.

«Дзякуй, любы!» - сказаў яе цёплы, па-ранейшаму дзіўнавата-ўважлівы позірк.

«Якая яна сёння незвычайная!» - падумаў Рамашоў.

- Ну вось і цудоўна. - Мікалаеў паглядзеў на гадзіннік. - Што ж, панове, - сказаў ён запытальна, - мусіць, ужо можна і ехаць?

- Ехаць дык ехаць, сказаў папугай, калі кот Васька цягнуў яго за хвост з клеткі! - жартаўліва ўсклікнуў Алізар.

Усе падняліся з шумам і смехам, дамы шукалі свае капялюшыкі і парасоны і надзявалі пальчаткі; Тальман, які пакутаваў ад бранхіту, крычаў на ўвесь пакой аб тым, каб не забылі цёплых хустак; узнялася ажыўленая мітусня.

Маленькі Міхін адвёў Рамашова ўбок.

- Юрый Аляксеевіч, у мяне да вас просьба, - сказаў ён. - Вельмі прашу вас аб гэтым. Едзьце, калі ласка, з маімі сёстрамі, інакш з імі сядзе Дзіц, а гэта для мяне вельмі непрыемна. Ён заўсёды такія агіднасці гаворыць дзяўчатам, што яны проста плакаць гатовы. Сапраўды, я вораг усякага гвалту, але, далібог, калі-небудзь дам яму аплявуху!..

Рамашову дужа хацелася ехаць разам з Шурачкай, але паколькі ён заўсёды паважаў Міхіна і паколькі чыстыя, ясныя вочы гэтага цудоўнага хлопчыка глядзелі на яго з умольнай просьбай, а таксама і таму, што душа Рамашова ў гэтую хвіліну была ўся перапоўнена вялікім радасным пачуццём, - ён не мог адмовіць і згадзіўся.

Ля ганка доўга і шумна рассаджваліся. Рамашоў сеў з дзвюма паненкамі Міхінымі. Паміж экіпажамі таптаўся са звычайна прыгнечаным, безнадзейна-маркотным выглядам штабс-капітан Лешчанка, якога раней Рамашоў не прыкмеціў і якога ніхто не хацеў браць з сабою ў фаэтон. Рамашоў гукнуў яго і прапанаваў яму месца побач з сабою на пярэдняй лаве. Лешчанка паглядзеў на падпаручніка сабачымі, адданымі, добрымі вачамі і з уздыхам палез у экіпаж.

Нарэшце ўсе расселіся. Дзесьці наперадзе Алізар, крыўляючыся на сваім старым, лянівым кані, заспяваў з аперэткі:

 

          Сядзем у паштовую карэту хутчэй,

          Сядзем у паштовую карэту хутчэ-э-э-эй.

 

- Рыссю ма-а-арррш! - скамандаваў грамавым голасам Асадчы.

Экіпажы крануліся.

 

XIV

 

Пікнік атрымаўся не столькі вясёлы, колькі гаманкі і бязладна завірушны. Прыехалі за тры вярсты ў Дубечную. Так называўся невялічкі, дзесяцін на пятнаццаць, гаёк, які раскінуўся на доўгім пакатым спадзе, падэшву якога агінала вузенькая светлая рачулка. У гайку раслі рэдкія, але вельмі прыгожыя, магутныя стогадовыя дубы. Ля іх камлёў кусціўся густы хмызняк, але там-сям аставаліся прасторныя цудоўныя палянкі, свежыя, вясёлыя, пакрытыя мяккай і яркай першай траўкай. На адной такой палянцы гасцей ужо чакалі дзеншчыкі, пасланыя наперад з самаварамі і кашамі.

Проста на зямлі разаслалі абрусы і сталі рассаджвацца. Дамы рыхтавалі закусь і талеркі, мужчыны памагалі ім з жартаўлівым падкрэслена-ветлівым выглядам. Алізар абвязаўся адной сурвэткай, як фартухом, а другую начапіў на галаву, у выглядзе каўпака, і строіў з сябе кухара Лукіча з афіцэрскага клуба. Доўга ператасоўвалі месцы, каб дамы сядзелі абавязкова ўпярэмежку з кавалерамі. Прыходзілася напаўляжаць, напаўсядзець у нязручных позах, гэта было цікава і займальна, і з гэтае прычыны маўклівы Лешчанка раптам, на агульнае здзіўленне і пацеху, сказаў з напышлівым і недарэчным выглядам:

- Мы цяпер ляжым, нібы старажытнарымскія грэкі.

Шурачка пасадзіла побач з сабою з аднаго боку Тальмана, а з другога - Рамашова. Яна была надзвычай гаваркая, вясёлая і такая ўзбуджаная, што гэта шмат каму кінулася ў вочы. Ніколі Рамашоў не бачыў яе такой чароўна-прыгожай. Ён бачыў, што ў ёй бруіць, б'ецца і просіцца вонкі нейкае вялікае, новае, ліхаманкавае пачуццё. Часам яна без слоў паварочвалася да Рамашова і моўчкі пазірала на яго, на паўсекунды болей, чым трэба было, крышку больш, чым заўсёды, але кожны раз у яе позірку ён адчуваў тую ж незразумелую яму, гарачую, прыцягальную сілу.

Асадчы, які сядзеў адзін у канцы стала, прыўзняўся і стаў на калені. Пастукаўшы нажом аб шклянку і дачакаўшыся цішыні, ён загаварыў нізкім грудным голасам, які сакавітымі хвалямі загайдаўся ў чыстым лясным паветры:

- Ну, панове... Вып'ем жа першую чарку за здароўе нашай чароўнай гаспадыні і дарагой імянінніцы. Хай дасць ёй бог усякага шчасця і чын генеральшы.

І, высока ўзняўшы вялікую чарку, ён зароў на ўсю сілу свайго страшэннага горла:

- Урра!

Здавалася, увесь гай ахнуў ад гэтага львінага крыку, і гулкае рэха пабегла паміж дрэвамі. Андрусевіч, які сядзеў побач з Асадчым, у камічным жаху паваліўся ніцма, прыкінуўшыся аглушаным. Астатнія дружна закрычалі. Мужчыны пайшлі да Шурачкі чокацца. Рамашоў знарок астаўся апошні, і яна прыкмеціла гэта. Павярнуўшыся да яго, яна, моўчкі і страсна ўсміхаючыся, працягнула сваю чарку з белым віном. Вочы яе ў гэты момант зрабіліся раптам вялікія, пацямнелі, а губы выразна, але бязгучна заварушыліся, вымаўляючы нейкае слова. Аднак яна адразу ж адвярнулася і, смеючыся, загаварыла з Тальманам. «Што яна сказала, - думаў Рамашоў, - ах, што ж яна сказала?» Гэта хвалявала і непакоіла яго. Ён непрыкметна закрыў твар рукамі і стараўся паўтарыць губамі тыя ж рухі, якія рабіла Шурачка; ён хацеў злавіць такім чынам гэтыя словы ў сваім уяўленні, але ў яго нічога не выходзіла. «Мой любы?» «Кахаю вас?» «Ромачка?» - Не, не тое. Аднак ён добра ведаў, што сказанае заключалася ў трох складах.

Пілі за здароўе Мікалаева і за поспех яго на будучай службе ў генеральным штабе, пілі ў такім сэнсе, нібыта ніколі і ніхто не сумняваўся, што яму сапраўды ўдасца, нарэшце, паступіць у акадэмію. Потым, па прапанове Шурачкі, выпілі досыць вяла за імянінніка Рамашова; пілі за прысутных дам і за ўсіх прысутных, і за ўсіх наогул дам, і за славу сцягоў роднага палка, і за непераможную расейскую армію...

Тальман, ужо даволі п'яны, устаў і закрычаў асіпла, але з пачуццём:

- Панове, прапаную выпіць тост за здароўе нашага горача любімага, нашага дарагога манарха, за якога кожны з нас гатоў праліць сваю кроў да апошняй кроплі крыві!

Апошнія словы ён выціснуў з сябе нечакана тонкім фальцэтам, таму што ў яго не хапіла ў грудзях паветра. Яго цыганскія, разбойныя чорныя вочы з жоўтымі бялкамі раптам бездапаможна і жаласна замаргалі, і слёзы пацяклі па смуглявых шчоках.

- Гімн, гімн! - у захапленні патрабавала маленькая таўстушка Андрусевіч.

Усе ўсталі. Афіцэры прыклалі рукі да брылёў. Бязладныя, але натхнёныя гукі паляцелі па гайку, і мацней за ўсіх і найбольш фальшыва, з тварам яшчэ больш самотным, як звычайна, спяваў сентыментальны штабс-капітан Лешчанка.

Наогул пілі вельмі многа, як і заўсёды, між іншым, пілі ў палку: у гасцях адзін у аднаго, у сходзе, на ўрачыстых абедах і пікніках. Гаварылі ўжо ўсе адразу, і паасобных галасоў нельга было разабраць. Шурачка, якая выпіла многа белага віна, уся расчырванелая, з вачамі, якія ад павялічаных зрэнак зрабіліся зусім чорныя, з вільготнымі чырвонымі губамі, раптам блізка нахілілася да Рамашова.

- Я не люблю гэтых правінцыяльных пікнікоў, у іх ёсць штосьці дробязнае і пошлае, - сказала яна. - Праўда, гэта трэба было зрабіць дзеля мужа, перад ад'ездам, але, божачка, як усё гэта недарэчна! Усё гэта можна было б зрабіць у нас дома, у садзе, - вы ведаеце, які ў нас цудоўны сад - стары, цяністы. І ўсё ж, не ведаю чаму, я сёння бязмежна шчаслівая. Божа, якая я шчаслівая! Не, Ромачка, любы, я ведаю чаму, і я вам гэта потым скажу, я вам потым скажу... Я скажу... Ах, не, не, Ромачка, я нічога, нічога не ведаю.

Павекі яе прыгожых вачэй напалову апусціліся, і на ўсім твары было нешта прывабнае і пакутліва-нецярплівае. Ён выглядаў бессаромна-цудоўным, і Рамашоў, яшчэ не разумеючы, тайным інстынктам адчуваў на сабе гарачае хваляванне, якое ахапіла Шурачку, адчуваў па тым прыемным дрыжанні, якое прабягала па яго руках і нагах і па яго грудзях.

- Вы сёння незвычайная. Што з вамі? - спытаў ён шэптам.

Яна раптам адказала з нейкім наіўным і пакорлівым здзіўленнем:

- Я вам кажу, што не ведаю. Я не ведаю. Зірніце: неба блакітнае, святло блакітнае... І ў мяне самой нейкі цудоўны блакітны настрой, нейкая блакітная радасць! Наліце мне яшчэ віна, Ромачка, мой мілы хлопчык...

На другім канцы абруса зайшла гаворка аб магчымай вайне з Германіяй, якую тады многія лічылі за справу вырашаную. Разгарэлася спрэчка, крыклівая, у некалькі ртоў, бязладная. Раптам пачуўся злосны рашучы голас Асадчага. Ён быў амаль п'яны, але гэта выяўлялася толькі ў тым, што ягоны прыгожы твар страшэнна пабялеў, а цяжкі позірк вялікіх чорных вачэй стаў яшчэ больш змрочны.

- Глупства! - усклікнуў ён зычна. - Я сцвярджаю, што ўсё гэта глупства. Вайна вырадзілася. Усё вырадзілася на свеце. Дзеці нараджаюцца ідыётамі, жанчыны парабіліся крывабокімі, у мужчын нервы. «Ах - кроў! Ах, я трачу прытомнасць!» - перадражніў ён некага гугнявым тонам. - І ўсё гэта таму, што мінуў час сапраўднай, лютай, бязлітаснай вайны. Хіба гэта вайна? За пятнаццаць вёрст па табе - бах! - і ты вяртаешся дадому героем. Божа ты мой, якое тут геройства! Узялі цябе ў палон. «Ах, любы, ах, галубок, ці не хочаш запаліць папяроску? Або, можа, чайку? Ці не холадна табе, няшчасны? Ці мякка табе?» У-у! - Асадчы грозна зарыкаў і апусціў галаву, нібы бык, які збіраецца нанесці ўдар. - У сярэднія вякі біліся - гэта я разумею. Начны штурм. Увесь горад у агні. «На тры дні аддаю горад салдатам на разграбленне!» Уварваліся. Кроў і агонь. У бочках з віном вылятаюць донцы. Кроў і віно на вуліцах. О, якія вясёлыя былі гэтыя балі на руінах! Жанчын - голых, прыгожых, са слязьмі на вачах - цягнулі за валасы. Спагады нікому не было. Яны былі салодкай здабычай адважных!..

- Аднак вы не дужа разыходзьцеся, - заўважыла жартаўлівая Соф'я Паўлаўна Тальман.

- Па начах гарэлі хаты, і дзьмуў вецер, і ад ветру гайдаліся чорныя целы на вісельнях, і над імі крычалі крумкачы. А пад вісельнямі гарэлі кастры і балявалі пераможцы. Палонных не было. Навошта палонныя? Навошта адрываць для іх лішнія сілы? А-ах! - злосна прастагнаў са сцятымі зубамі Асадчы. - Што гэта быў за смелы, што за цудоўны час! А бітвы! Калі сыходзіліся адзін з адным і біліся гадзінамі, спакойна і люта, з майстэрствам. Якія гэта былі людзі, якая страшэнная фізічная сіла! Панове! - Ён падняўся на ногі і выпрастаўся на ўвесь свой вялізны рост, і голас у яго зазвінеў захапленнем і дзёрзкасцю. - Панове, я ведаю, што вы з ваенных вучылішч вынеслі залатушныя, слабыя веды аб сучаснай гуманнай вайне. Але я п'ю... Калі нават ніхто не далучыцца да мяне, я п'ю адзін за радасць ранейшых войнаў, за вясёлую і крывавую жорсткасць!

Усе маўчалі, нібы прыглушаныя нечаканым экстазам гэтага заўсёды змрочнага, негаваркога чалавека, і пазіралі на яго з цікаўнасцю і са страхам. Але раптам усхапіўся са свайго месца Бек-Агамалаў. Ён зрабіў гэта так нечакана і так хутка, што многія ўздрыгнулі, а адна з жанчын ажно ўскрыкнула са спалоху. Вочы ў яго зрабіліся вялікія і дзіка бліскалі, моцна сцятыя белыя зубы былі драпежна ашчэраны. Ён задыхаўся і не знаходзіў слоў.

- О-о!.. Вось гэта... вось, я разумею! А! - Ён з сутаргавай сілай, нібыта са злосцю, сціснуў і страсянуў руку Асадчага. - К д'яблу гэтую кісляціну! К д'яблу жаласлівасць! А! С-сячы!

Яму трэба было адвесці на чым-небудзь сваю варварскую душу, у якой звычайна скрытна драмала старадаўняя, радавая крыважэрнасць. Ён, з вачамі, налітымі крывёю, азірнуўся на бакі і, раптам выхапіўшы з ножнаў шашку, з лютасцю паласнуў па дубовым кусце. Галінкі і маладое лісце паляцелі на абрус, абсыпаўшы, як дажджом, усіх гасцей.

- Бек! Вар'ят! Дзікун! - закрычалі дамы.

Бек-Агамалаў адразу нібы апрытомнеў і сеў. Ён выглядаў прыкметна засаромленым праз сваю шалёную выхадку, але яго тонкія ноздры, з якіх з шумам вылятала дыханне, надзімаліся і трапяталі, а чорныя вочы, згаджаныя гневам, спадылба, але з выклікам абводзілі прысутных.

Рамашоў слухаў і не слухаў Асадчага. Ён знаходзіўся ў дзіўным стане, падобным да сну, да салодкага ап'янення ад нейкага цудоўнага, не знаёмага на зямлі пітва. Яму здавалася, што цёплае, мяккае павуцінне ціха і лянотна аблытвае ўсё яго цела і пяшчотна казыча і напаўняе душу ўнутраным радасным смехам. Яго рука часта, як быццам неспадзявана для яго самога, дакраналася да рукі Шурачкі, але ні ён, ні яна больш не глядзелі адно на аднаго. Рамашоў нібы драмаў. Галасы Асадчага і Бек-Агамалава даляталі да яго з нейкага далёкага, фантастычнага туману і былі зразумелыя, але пустыя.

«Асадчы... Ён жорсткі чалавек, ён мяне не любіць, - думаў Рамашоў, і той, пра каго ён думаў, быў цяпер не ранейшы Асадчы, а новы, страшэнна далёкі; здавалася, нібы ён увесь час рухаўся на экране жывой фатаграфіі. - У Асадчага жонка маленькая, худая, убогая, заўсёды цяжарная... Ён яе нікуды не бярэ з сабою... У яго летась павесіўся малады салдат... Асадчы... Так... Што гэта за чалавек Асадчы? Вось зараз Бек крычыць... Што гэта за чалавек? Хіба я яго ведаю? Так, я яго ведаю, але чаму ж ён такі дзіўны, чужы, незразумелы для мяне? А вось нехта сядзіць са мною поруч... Хто ты? Ад цябе зыходзіць радасць, і я п'яны ад гэтай радасці. Блакітная радасць!.. Вунь насупраць ад мяне сядзіць Мікалаеў. Ён нездаволены. Ён усё маўчыць. Паглядае сюды мімаходам, быццам слізгае вачамі. Ах, няхай злуецца - усё роўна. О, блакітная радасць!»

Надыходзіў вечар. Ціхія ліловыя цені ад дрэў ляглі на палянку. Малодшая Міхіна раптам схамянулася:

- Панове, а што з фіялкамі? Тут, кажуць, процьма фіялак. Пойдзем збіраць.

- Позна, - заўважыў нехта. - Цяпер у траве нічога не ўбачыш.

- Цяпер у траве лягчэй згубіць, чым знайсці, - сказаў Дзіц, непрыстойна зарагатаўшы.

- Ну, тады давайце раскладзем агонь, - прапанаваў Андрусевіч.

Сабралі вялікую кучу галля і леташняга сухога лісця і падпалілі. Шырокі слуп вясёлага агню ўзняўся ў неба. Нібы спалоханыя, адразу зніклі апошнія рэшткі дня, саступіўшы месца цемры, якая, пакінуўшы гай, рушыла на агонь. Барвовыя плямы палахліва затрапяталі ў верхавінах дубоў, і здавалася, што дрэвы заварушыліся, загайдаліся, то выглядваючы ў чырвоную прастору святла, то хаваючыся назад у цемру.

Усе падняліся з-за стала. Дзеншчыкі запалілі свечкі ў шкляных каўпаках. Маладыя афіцэры гарэзавалі, як школьнікі. Алізар дужаўся з Міхіным, і, на здзіўленне ўсіх, маленькі, няспрытны Міхін два разы запар кідаў на зямлю свайго больш высокага і стройнага праціўніка. Потым пачалі скакаць цераз агонь. Андрусевіч паказваў, як б'ецца ў шыбу муха і як старая птушніца ловіць курыцу, пераймаў, схаваўшыся ў кустах, гук пілы і нажа на тачыле, - ён на гэта быў вялікі майстар. Нават і Дзіц досыць спрытна жангліраваў пустымі пляшкамі.

- Дазвольце, панове, вось я вам пакажу цікавы фокус! - закрычаў раптам Тальман. - Тут нэма ныякі цуда або чараўніцтва, а нэ што іншы як спрытнасць рук. Прашу паважны людзі звярнуць увагу, што ў мяне нэма ніякі рэч у рукаў. Пачынаю. Эйн, цвэйн, дрэй... алё гоп!..

Ён хутка, пры агульным рогаце, выняў з кішэні дзве новыя калоды карт і тут жа распячатаў іх адну за адной.

- Вінт, панове? - прапанаваў ён. - На свежым паветры? Га?

Асадчы, Мікалаеў і Андрусевіч селі за карты, Лешчанка з глыбокім уздыхам прымасціўся ззаду ў іх. Мікалаеў доўга з бурклівым нездавальненнем адмаўляўся, але яго ўсё ж угаварылі. Сядаючы, ён шмат разоў з неспакоем азіраўся вакол, шукаючы вачамі Шурачку, але святло ад агню перашкаджала яму, і кожны раз яго твар напружана моршчыўся і рабіўся ўбогі, пакутлівы і непрыгожы.

Астатнія пакрысе разбрыліся па палянцы, недалёка ад агню. Пачалі былі гуляць у гарэлкі, але гэты занятак неўзабаве кінулі, пасля таго як старэйшая Міхіна, якую злавіў Дзіц, раптам пачырванела да слёз і рашуча адмовілася гуляць. Калі яна гаварыла, яе голас дрыжаў ад абурэння і крыўды, але прычыны яна ўсё ж не растлумачыла.

Рамашоў пайшоў у глыб лесу па вузкай сцежцы. Ён сам не разумеў, чаго хоча, але сэрца ў яго соладка і млява ныла ад няяснага радаснага прадчування. Ён спыніўся. Ззаду ў яго пачуўся лёгкі трэск галінак, потым шпаркая хада і шорхат сподняй шаўковай спадніцы. Шурачка хуценька ішла да яго - лёгкая і стройная, мільгаючы, нібы светлы лясны дух, сваёй белай сукенкай паміж цёмнымі стваламі вялізных дрэў. Рамашоў падаўся ёй насустрач і без слоў абняў яе. Шурачка цяжка дыхала ад шпаркай хады. Яе дыханне горача і часта дакраналася шчакі і губ Рамашова, і ён адчуваў, як пад яго рукой б'ецца яе сэрца.

- Сядзем, - сказала Шурачка.

Яна села на траву і стала папраўляць абедзвюма рукамі валасы на патыліцы. Рамашоў лёг каля яе ног, і паколькі зямля на гэтым месцы прыкметна спускалася ўніз, дык ён, пазіраючы на яе, бачыў толькі далікатныя абрысы яе шыі і падбародка.

Раптам яна спытала ціхім, дрыготкім голасам:

- Ромачка, хораша вам?

- Хораша, - адказаў ён. Потым нейкую хвіліну падумаў, прыгадаў увесь сённяшні дзень і паўтарыў горача: - О так, мне сёння так хораша, так хораша! Скажыце, чаму вы сёння такая?

- Якая?

Яна нахілілася да яго бліжэй, углядаючыся ў яго вочы, і Рамашоў выразна ўбачыў увесь яе твар.

- Вы дзіўная, незвычайная. Такой чароўнай вы яшчэ ніколі не былі. Нешта ў вас спявае і свеціцца. У вас нешта новае, загадкавае, і я не разумею што... Але... вы не злуйцеся на мяне, Аляксандра Пятроўна... вы не баіцёся, што вас могуць шукаць?

Яна ціха засмяялася, і гэты нізкі, пяшчотны смех адгукнуўся ў грудзях Рамашова радасным дрыжаннем.

- Любы Ромачка! Мілы, харошы, баязлівы, любы Ромачка. Я ж вам сказала, што гэты дзень наш. Не думайце ні аб чым, Ромачка. Ведаеце, чаму я сёння такая смелая? Не? Не ведаеце? Я закахалася ў вас сёння. Не, не, вы не асабліва нос задзірайце, гэта заўтра ж пройдзе...

Рамашоў працягнуў да яе рукі, шукаючы яе цела.

- Аляксандра Пятроўна... Шурачка... Саша! - прашаптаў ён умольна.

- Не завіце мяне Шурачкай, я не хачу гэтага. Усё іншае, толькі не гэта... Дарэчы, - быццам успомніла яна, - якое ў вас цудоўнае імя - Георгій. Значна лепш, чым Юрый... Гео-р-гій! - працягнула яна, як бы ўслухоўваючыся ў гукі гэтага слова. - Гэта горда.

- О любая! - сказаў Рамашоў з пачуццём.

- Пачакайце... Ну, слухайце ж. Гэта самае важнае. Я вас сёння бачыла ў сне. Гэта было надзвычай цудоўна. Мне снілася, быццам мы з вамі танцуем вальс у нейкім незвычайным пакоі. О, я зараз жа пазнала б гэты пакой да самых драбніц. Шмат было дываноў, але гарэў толькі адзін чырвоны ліхтар, новае піяніна блішчэла, два акна з чырвонымі фіранкамі, - усё было чырвонае. Дзесьці іграла музыка, яе не было відаць, і мы з вамі танцавалі... Не, не, толькі ў сне можа быць такая салодкая, такая пачуццёвая блізкасць. Мы кружыліся хутка-хутка, не дакранаючыся нагамі да падлогі, і нібы плавалі ў паветры і кружыліся, кружыліся, кружыліся. Ах, гэта працягвалася так доўга і было так невыказна цудоўна-прыемна... Слухайце, Ромачка, вы лётаеце ў сне?

Рамашоў не адразу адказаў. Ён быццам бы ўступіў у дзіўную, спакуслівую, адначасова жывую і чароўную казку. Ды казкай і былі цеплыня і морак гэтай вясенняй ночы, і сцярожкія і прыціхлыя дрэвы вакол, і дзіўная, мілая жанчына ў белай сукенцы, якая сядзела побач, так блізка ад яго. І каб ачомацца ад гэтай абаяльнасці, ён павінен быў зрабіць над сабою намаганне.

- Вядома, лётаю, - адказаў ён. - Але толькі з кожным годам усё ніжэй і ніжэй. Раней, у маленстве, я лётаў пад столлю. Дужа смешна было глядзець на людзей зверху: як быццам яны ходзяць дагары нагамі. Яны мяне стараліся дастаць шчоткаю для падлогі, але не маглі. А я ўсё лётаю і ўсё смяюся. Цяпер ужо гэтага няма, цяпер я толькі скачу, - сказаў Рамашоў з уздыхам. - Адштурхнуся нагамі і лячу над зямлёй. Гэтак, крокаў дваццаць - і нізка, не вышэй за аршын.

Шурачка зусім апусцілася на зямлю і паклала на далонь галаву. Памаўчаўшы з хвіліну, яна задуменна гаварыла далей:

- І вось, пасля гэтага сну, раніцаю мне захацелася вас бачыць. Страшэнна, страшэнна захацелася. Каб вы не прыйшлі, я не ведаю, што б я зрабіла. Я, здаецца, сама прыбегла б да вас. Таму я і прасіла вас прыйсці не раней чатырох. Я баялася за сябе. Дарагі мой, ці разумееце вы мяне?

У паўаршыне ад твару Рамашова ляжалі яе ногі, скрыжаваныя адна на адну, дзве маленькія ножкі ў нізкіх туфліках і ў чорных панчохах з нейкім стрэльчатым белым узорам. З затуманенай галавой, з шумам у вушах, Рамашоў раптам моцна прыпаў зубамі да гэтага жывога, пругкага, халоднага, праз панчоху, цела.

- Ромачка... Не трэба, - пачуў ён над сабою яе слабы, працяжны і як бы лянівы голас.

Ён узняў галаву. І зноў усё яму здалося ў гэтае імгненне цудоўнай, таямнічай лясной казкай. Роўна падымаўся па схіле ўгору гай з цёмнай травой і з чорнымі, рэдкімі маўклівымі дрэвамі, якія нерухома і чуйна прыслухоўваліся да нечага праз дрымоту. А на самым версе, праз гушчар верхавін і дальніх ствалоў, над роўнай, высокай лініяй небасхілу пунсавела вузкая палоска зары - не чырвонага і не барвовага колеру, а цёмна-пурпуравага, незвычайнага, падобнага да вуголля, якое ўжо згасае, або полымя, пераломленага праз густое чырвонае віно. І на гэтай гары, паміж чорных дрэў, у цёмнай духмянай траве, ляжала, як лясная багіня, незразумелая, чароўная белая жанчына.

Рамашоў падсунуўся да яе бліжэй. Яму здавалася, што ад твару яе зыходзіць бледнае ззянне. Вачэй яе не было відаць - замест іх былі дзве вялікія цёмныя плямы, але Рамашоў адчуваў, што яна глядзіць на яго.

- Гэта казка! - прашаптаў ён ціха адным рухам губ.

- Так, любы, казка...

Ён стаў цалаваць яе сукенку, адшукаў яе руку і прыпаў тварам да вузкай, цёплай, духмянай далоні, і ў той жа час ён гаварыў, задыхаючыся, дрыготкім голасам:

- Саша... Я кахаю вас... Я кахаю...

Цяпер, падняўшыся вышэй, ён выразна бачыў яе вочы, якія зрабіліся вялізнымі, чорнымі і то звужваліся, то павялічваліся, і ад гэтага дзівосна мяняўся ў цемрыве ўвесь яе знаёма-незнаёмы твар. Ён прагнымі, перасохлымі губамі шукаў яе рота, але яна ўхілялася ад яго, ціха ківала галавою і паўтарала шэптам:

- Не, не, не... Мой любы... не...

- Дарагая мая... Якое шчасце!.. Я кахаю цябе... - гаварыў Рамашоў у нейкім шчаслівым трызненні. - Я кахаю цябе. Паглядзі: гэтая ноч, і цішыня, і нікога, апрача нас. О, шчасце маё, як я цябе кахаю!

Але яна гаварыла шэптам: «не, не», цяжка дыхаючы, лежачы ўсім целам на зямлі. Нарэшце яна загаварыла ледзь чутным голасам, нібыта праз сілу:

- Ромачка, чаму вы такі... слабы! Я не хачу ўтойваць, мяне цягне да вас, вы мне любы ўсім: сваёй нязграбнасцю, сваёй чысцінёй, сваёй пяшчотай. Я не скажу вам, што я вас кахаю, але я заўсёды пра вас думаю, я бачу вас у сне, я... адчуваю вас... Мяне хвалюе ваша блізкасць і ваш дотык. Але чаму вы выклікаеце пачуццё жалю! Гэтае пачуццё - сястра пагарды. Падумайце, я не магу паважаць вас. О, каб вы былі моцны! - Яна зняла з галавы ў Рамашова шапку і стала паціху гладзіць і перабіраць яго мяккія валасы. - Каб вы маглі заваяваць сабе вялікае імя, высокае палажэнне!..

- Я зраблю, я зраблю гэта! - ціха ўсклікнуў Рамашоў. - Будзьце толькі маёй. Ідзіце да мяне. Я ўсё жыццё...

Яна перапыніла яго ласкавай і сумнай усмешкай, якую ён адчуў у яе тоне:

- Веру, што вы хочаце, галубок, веру, але вы нічога не зробіце. Я ведаю, што не. О, каб я хоць крышку спадзявалася на вас, я кінула б усё і пайшла за вамі. Ах Ромачка, любы мой. Я чула, быццам нейкае паданне гаворыць, што бог стварыў спачатку ўсіх людзей цэлымі, а потым чамусьці разбіў кожнага на дзве часткі і параскідаў па свеце. І вось шукаюць на працягу стагоддзяў адна палавінка другую - і ўсё не знаходзяць. Дарагі мой, мы ж з вамі - гэтыя дзве палавінкі; у нас усё агульнае: і любае, нялюбае, і думкі, і сны, і жаданні. Мы разумеем адно аднаго з паўнамёку, з паўслова, нават без слоў, адной душой. І вось я павінна адмовіцца ад цябе. Ах, гэта ўжо другі раз у маім жыцці.

- Так, я ведаю.

- Ён казаў табе? - спытала Шурачка хутка.

- Не, гэта атрымалася выпадкова. Я ведаю.

Яны змоўклі. На небе дрыготкімі зялёнымі кропачкамі загараліся першыя зоркі. Справа ледзь-ледзь даляталі галасы, смех і нечы спеў.

Астатняя частка гаю, укрытая мяккім моракам, была поўна свяшчэннай, задумлівай цішыні. Агню адсюль не было відаць, але зрэдку на верхавінах бліжэйшых дубоў, нібы водбліск дальняй зарніцы, вокамгненна прабягала чырвонае трапяткое святло. Шурачка ціха гладзіла галаву і твар Рамашова; калі ж ён знаходзіў губамі яе руку, яна сама прыціскала далонь да яго рота.

- Я свайго мужа не люблю, - гаварыла яна як бы ў задуменні. - Ён грубы, ён неспагадлівы, недалікатны. Ах - пра гэта сорамна гаварыць, - але мы, жанчыны, ніколі не забываем першага насілля над намі. Потым ён страшэнна раўнівы. Ён да гэтае пары мучыць мяне праз гэтага няшчаснага Назанскага. Выпытвае пра кожную драбніцу, робіць такія жахлівыя здагадкі, тфу... Задае агідныя пытанні. Божачка! Гэта ж быў нявінны напаўдзіцячы раман! Але ён ад аднаго ягонага імя вар'яцее.

Калі яна гаварыла, яе голас штохвілінна ўздрыгваў, і ўздрыгвала яе рука, якой яна гладзіла яго галаву.

- Табе холадна? - спытаў Рамашоў.

- Не, любы, мне хораша, - сказала яна пакорліва.

І раптам з нечаканым, нястрымным запалам яна ўсклікнула:

- Ах, мне так хораша з табой, радасць мая!

Тады ён пачаў асцярожна, няўпэўненым тонам, узяўшы яе руку ў сваю і ціха дакранаючыся да яе тонкіх пальцаў:

- Скажы мне... Прашу цябе. Ты ж сама кажаш, што не любіш яго... Чаму вы разам?..

Але яна рэзка прыўзнялася з зямлі, села і нервова правяла рукамі па лбе і па шчоках, быццам прачынаючыся.

- Аднак позна. Пойдзем. Яшчэ пачнуць шукаць, - сказала яна другім, зусім спакойным голасам.

Яны падняліся і моўчкі стаялі побач, чуючы дыханне адно аднаго, пазіраючы ў вочы і не бачачы іх.

- Бывай! - раптам усклікнула яна звонкім голасам. - Бывай, маё шчасце, маё нядоўгае шчасце!

Яна абвілася рукамі вакол яго шыі і прыпала гарачым вільготным ротам да яго губ і са сцятымі зубамі, са страсным стогнам моцна закаханай жанчыны прытулілася да яго ўсім целам, з ног да грудзей. Рамашову здалося, што чорныя камлі дубоў пахіснуліся ў адзін бок, а зямля паплыла ў другі, і што час спыніўся.

Потым яна праз сілу вызвалілася з яго рук і сказала цвёрда:

- Бывай. Досыць. Цяпер пойдзем.

Рамашоў апусціўся перад ёю на траву, амаль лёг, абняў яе ногі і стаў цалаваць яе калені доўгімі, гарачымі пацалункамі.

- Саша, Сашанька! - лепятаў ён бяздумна. - Чаму ты не хочаш аддацца мне? Чаму? Аддайся мне!..

- Пойдзем, пойдзем, - прыспешвала яна яго. - Ды ўстаньце ж, Георгій Аляксеевіч. Нас могуць шукаць. Пойдзем!

Яны падаліся ў тым напрамку, дзе чуліся галасы. У Рамашова падгіналіся і дрыжалі ногі, стукала ў скронях. Ён хістаўся на хаду.

- Я не хачу ашуканства, - гаварыла таропка і задыхаючыся Шурачка, - зрэшты, не, я вышэй ашуканства, але я не хачу баязлівасці. У ашуканстве ж - заўсёды баязлівасць. Я табе скажу праўду: я мужу ніколі не здраджвала і не здраджу яму да таго часу, пакуль не кіну яго з якой прычыны. Але яго пяшчоты і пацалункі для мяне жахлівыя, яны выклікаюць у мяне пачуццё агіднасці. Паслухай, я толькі цяпер, - не, мусіць, яшчэ раней, калі думала пра цябе, пра твае губы, - я толькі цяпер зразумела, якая невыказная асалода, якое шчасце аддаць сябе любаму чалавеку. Але я не хачу баязлівасці, не хачу тайнага крадзяжу. І потым... чакай, нагніся да мяне, любы, я скажу табе на вуха, гэта сорамна... потым - я не хачу дзіцяці. Тфу, якая агіднасць! Обер-афіцэрыха, сорак восем рублёў жалавання, шасцёра дзяцей, пялёнкі, галеча... О, які жах!

Рамашоў з недаўменнем паглядзеў на яе.

- Але ж у вас муж... Гэта ж непазбежна, - сказаў ён нерашуча.

Шурачка гучна засмяялася. У гэтым яе смеху было штось інстынктыўна непрыемнае, ад чаго павеяла халадком у душу Рамашова.

- Ромачка... ой-ой-ой. Які ж вы нера-азумны! - працягнула яна знаёмым Рамашову тоненькім, дзіцячым голасам. - Няўжо вы гэтага не разумееце? Не, скажыце шчыра - не разумееце?

Ён разгублена павёў плячамі. Яму зрабілася неяк няёмка праз сваю наіўнасць.

- Прабачце... але я мушу прызнацца... шчыра кажу...

- Ну, і бог з вамі, і не трэба. Які вы чысты, любы Ромачка! Ну, дык вось, калі вы пасталееце, дык напэўна прыгадаеце мае словы: што магчыма з мужам, тое немагчыма з любым чалавекам. Ах, ды не думайце, калі ласка, пра гэта. Гэта брыдка - але што зробіш.

Яны падыходзілі ўжо к месцу пікніка. З-за дрэў быў відаць агонь. Каравыя ствалы, якія загароджвалі полымя, здаваліся адлітымі з чорнага металу, і на іх баках мігцела чырвонае трапяткое святло.

- Ну, а калі я вазьму сябе ў рукі? - спытаў Рамашоў. - Калі я даб'юся таго ж, чаго хоча твой муж, ці яшчэ большага? Тады?

Яна моцна прыпала шчакою да яго пляча і адказала парывіста:

- Тады - твая. Твая, твая, твая...

Яны ўжо выйшлі на паляну. Ужо добра відаць быў агонь і маленькія чорныя постаці людзей вакол яго.

- Ромачка, цяпер апошняе, - сказала Аляксандра Пятроўна таропка, але са смуткам і трывогаю ў голасе. - Я не хацела псаваць вам вечара і не гаварыла. Слухайце, вы не павінны болей нас наведваць.

Ён спыніўся, здзіўлены і разгублены.

- Чаму? О Саша!..

- Хадзем, хадзем... Я не ведаю, хто гэта робіць, але мужа засыпаюць ананімнымі пісьмамі. Ён мне не паказваў, але мімаходзь казаў пра іх. Пішуць нейкую брудную, непрыстойную агіднасць пра мяне і пра вас. Адным словам, прашу вас, не хадзіце да нас.

- Саша! - умольна прастагнаў Рамашоў, працягваючы да яе рукі.

- Ах, мне гэта самой балюча, мой любы, мой дарагі, мой пяшчотны! Але гэта неабходна. Апрача таго: я баюся, што ён сам будзе гаварыць з вамі пра гэта. Прашу вас, будзьце стрыманы. Абяцайце мне гэта.

- Добра, - вымавіў самотна Рамашоў.

- Ну, вось і ўсё. Бывайце, мой бедны. Небарака! Дайце вашу руку. Пацісніце моцна-моцна, так, каб мне зрабілася балюча. Вось так... Ой!.. Цяпер бывайце. Бывай, радасць мая!

Не даходзячы да агню, яны разышліся. Шурачка пайшла проста ўгору, а Рамашоў нізам, у абход, уздоўж ракі. Вінт яшчэ не скончыўся, але іх адсутнасць была заўважана. Ва ўсякім разе, Дзіц так нахабна паглядзеў на Рамашова, які падыходзіў да агню, і так фальшыва кашлянуў, што Рамашову захацелася запусціць у яго гарачай галавешкай.

Потым ён убачыў, як Мікалаеў устаў з-за карт, адвёў Шурачку ўбок і доўга нешта ёй гаварыў з гнеўнымі жэстамі і са злосным тварам. Яна раптам выпрасталася і сказала яму некалькі слоў з абурэннем і пагардаю. І гэты вялікі, дужы чалавек раптам пакорліва сагнуўся і адышоў ад яе з выглядам утаймаванай, але з прытоенай злосцю дзікай жывёліны.

Неўзабаве пікнік скончыўся. Ноч зрабілася халодная, і ад рэчкі павеяла вільгаццю. Запас весялосці даўно скончыўся, і ўсе раз'язджаліся стомленыя, нездаволеныя, не хаваючы позехаў. Рамашоў зноў сядзеў у экіпажы насупраць паненак Міхіных і ўсю дарогу маўчаў. У памяці яго стаялі чорныя спакойныя дрэвы, і цёмная гара, і крывавая палоска зары над яе вяршыняй, і белая постаць жанчыны, якая ляжала ў духмянай траве. Але ўсё ж праз шчыры, глыбокі і востры смутак ён час ад часу паэтычна думаў пра самога сябе:

«Яго прыгожы твар быў укрыты воблакам смутку».

 

XV

 

Першага мая полк выступіў у лагер, які з году ў год знаходзіўся на адным і тым жа месцы, за дзве вярсты ад горада, па той бок чыгуначнага палатна. Малодшыя афіцэры, паводле палажэння, павінны былі жыць у лагерны час каля сваіх рот у драўляных бараках, але Рамашоў астаўся на гарадской кватэры, бо афіцэрскае памяшканне шостай роты было зусім трухлявае і пагражала абвалам, а на рамонт яго не хапала патрэбных грошай. Даводзілася штодня рабіць лішнія чатыры канцы: на ранішняе вучэнне, потым назад у сход - на абед, затым на вячэрняе вучэнне і пасля яго зноў у горад. Гэта раздражняла і стамляла Рамашова. За першыя паўмесяца лагераў ён схуднеў, пачарнеў і вочы ў яго запалі.

Зрэшты, усім даводзілася нялёгка: і афіцэрам і салдатам. Рыхтаваліся да травеньскага агляду і не ведалі ні літасці, ні стомы. Ротныя камандзіры марылі свае роты па дзве і па тры лішнія гадзіны на пляцы. У часе вучэнняў з усіх бакоў, з усіх рот і ўзводаў чуваць былі гукі аплявух. Часта здалёку, крокаў за дзвесце, Рамашоў назіраў, як які-небудзь разлютаваны ротны пачынаў біць па тварах усіх сваіх салдат пачаргова, ад левага да правага фланга. Спачатку бязгучны ўзмах рукі, і - толькі праз нейкі момант - сухі трэск удару, і зноў, і зноў, і зноў... У гэтым было шмат жахлівага і агіднага. Унтэр-афіцэры жорстка білі сваіх падначаленых за самую малую памылку ў славеснасці, за страчаную нагу пры маршыроўцы, - білі да крыві, выбівалі зубы, разбівалі ўдарамі па вуху барабанныя перапонкі, валілі кулакамі на зямлю. Нікому не прыходзіла ў галаву скардзіцца: надышоў нейкі агульны жахлівы, злавесны кашмар; нейкі недарэчны гіпноз авалодаў палком. І ўсё гэта суправаджалася страшэннай спёкай. Травень сёлета быў вельмі гарачы.

У кожнага нервы былі напружаны да апошняй ступені. У афіцэрскім сходзе ў часе абедаў і вячэр усё часцей разгараліся недарэчныя спрэчкі, беспрычынныя крыўды, сваркі. Салдаты змарнелі і глядзелі ідыётамі. У рэдкія хвіліны адпачынку ў палатах не чуваць было ні жартаў, ні смеху. Аднак іх усё ж прымушалі па вечарах, пасля пераклічкі, весяліцца. І яны, сабраўшыся ў круг, з безудзельнымі тварамі абыякава гаркалі:

 

          Для расейскага салдата

          Кулі, бонбы - не бяда,

          З імі ён запанібрата,

          І яму ўсё - ярунда.

 

А потым ігралі на гармоніку танцы, і фельдфебель камандаваў:

- Грэгораш, Скварцоў, у круг! Скачы, чортавы дзеці!.. Весяліся!

Яны скакалі, але ў гэтых скоках, як і ў спевах, было штосьці драўлянае, мёртвае, ад чаго хацелася плакаць.

Адной толькі пятай роце жылося лёгка і вольна. Выходзіла яна на вучэнне на гадзіну пазней за іншыя, а канчала на гадзіну раней. Людзі ў ёй былі ўсе як на падбор, сытыя і бойкія. Яны смела і асэнсавана глядзелі ў вочы начальству; нават мундзіры і кашулі сядзелі на іх неяк больш фарсіста, як у другіх ротах. Камандаваў ёю капітан Сталькоўскі, дзівотны чалавек: халасты, даволі багаты для палка, - ён атрымліваў аднекуль штомесячна каля двухсот рублёў, - вельмі незалежнага характару; ён суха, замкнёна і адчужана трымаў сябе ў адносінах да таварышаў і ў дадатак быў распуснік. Ён браў к сабе ў якасці служанак маладзенькіх, часта непаўналетніх дзяўчат з простага люду і праз месяц адпускаў іх дадому, па-свойму шчодра надзяліўшы іх грашыма, і гэта вялося ў яго з году ў год з недаступнай для розуму дакладнасцю. У роце ў яго не біліся і нават не лаяліся, хоць і не асабліва далікатнічалі, і ўсё ж яго рота па цудоўным знешнім выглядзе і па вывучцы не ўступіла б любой гвардзейскай часці. У вышэйшай ступені валодаў ён цярплівай, спакойнай і ўпэўненай настойлівасцю і ўмеў перадаваць яе сваім унтэр-афіцэрам. Таго, чаго дабіваліся ў другіх ротах шляхам біцця, пакаранняў, крыку і мітусні за тыдзень, ён лёгка дабіваўся за адзін дзень. Прытым ён быў скупы на словы і рэдка павышаў голас, але калі гаварыў, дык салдаты камянелі. Таварышы ставіліся да яго з непрыязнасцю, салдаты ж любілі шчыра: прыклад, напэўна, адзіны ва ўсёй расейскай арміі.

 

Надышло, нарэшце, пятнаццатага мая, калі, па распараджэнні карпуснога камандзіра, павінен быў адбыцца агляд. У гэты дзень ва ўсіх ротах, апрача пятай, унтэр-афіцэры паднялі людзей у чатыры гадзіны. Нягледзячы на цёплую раніцу салдаты, якія не паспелі выспацца і ўвесь час пазяхалі, дрыжалі ў сваіх каламянкавых кашулях. У радасным святле ружовай бязвоблачнай раніцы іх твары здаваліся шэрыя, блішчастыя і ўбогія.

У шэсць гадзін прыйшлі ў свае роты афіцэры. Агульны збор палка быў прызначаны на дзесяць гадзін, але ніводнаму ротнаму камандзіру, за выключэннем Сталькоўскага, не прыйшла ў галаву думка даць людзям паспаць і адпачыць перад аглядам. Наадварот, у гэтую раніцу асабліва старанна і клопатна ўбівалі ім у галаву славеснасць і настаўленні да стральбы, асабліва густа вісела ў паветры брыдкая лаянка і часцей звычайнага сыпаліся штурхачы і аплявухі.

У дзевяць гадзін роты сабраліся на пляцы, крокаў за пяцьсот перад лагерам. Там ужо стаялі доўгай роўнай лініяй, расцягнуўшыся на паўвярсты, шаснаццаць ротных жаланёраў з рознакаляровымі сцяжкамі на стрэльбах. Жаланёрны афіцэр паручнік Кавака, адзін з галоўных герояў сённяшняга дня, верхам на кані лётаў туды і сюды ўздоўж гэтай лініі, выраўноўваючы яе, гойсаў з шалёным крыкам, распусціўшы павады, з шапкаю на патыліцы, увесь мокры і чырвоны ад старання. Яго шашка страшэнна біла па рэбрах каня, а белы худы конь, увесь усыпаны ад старасці грэчкаю і з бяльмом на правым воку, сутаргава круціў кароткім хвастом і абзываўся ў такт свайму брыдкаму галопу рэзкімі, кароткімі, як стрэлы, гукамі. Сёння ад паручніка Кавакі шмат што залежала: па яго жаланёрах павінны былі пастроіцца ў бездакорную нітку ўсе шаснаццаць рот палка.

Роўна без дзесяці хвілін дзесяць выйшла з лагера пятая рота. Цвёрдым, шырокім шпаркім крокам, ад якога ажно ўздрыгвала зямля, прайшлі на вачах у палка гэтыя сто чалавек, усе як на падбор, спрытныя, малайцаватыя, стройныя, усе са свежымі, чыста памытымі тварамі, з бесказыркамі, па-заліхвацку насунутымі на правае вуха. Капітан Сталькоўскі, маленькі, хударлявы чалавек у шырачэзных шараварах, ішоў нядбайна і не ў нагу, крокаў за пяць з боку правага фланга, і, весела жмурачыся, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок, прыглядаўся да раўнення. Батальённы камандзір, падпалкоўнік Лех, які, як і ўсе афіцэры, знаходзіўся ў нервовай і бесталковай узрушанасці, наляцеў быў на яго з крыкам за позні выхад на пляц, але Сталькоўскі спакойна выняў гадзіннік, паглядзеў на яго і адказаў суха, амаль пагардліва:

- У загадзе сказана сабрацца да дзесяці. Цяпер без трох хвілін дзесяць. Я лічу, што не маю права марыць людзей дарэмна.

- Не размаўля-я-аць! - закрычаў Лех, махаючы рукамі і стрымліваючы каня. - Прашу, гета, маўчаць, калі вам робяць заўвагу па службе-е!..

Але ён усё ж зразумеў, што праўда не яго, і таму адразу ж ад'ехаў і з лютасцю накінуўся на восьмую роту, у якой афіцэры правяралі выкладку ранцаў:

- Гет-та, што яшчэ значыць! Гета, што за кірмаш? Крама дробнага тавару? Гета, на паляванне ехаць - сабак карміць? А чым раней думалі! Адзявац-ца!

У чвэрць на адзінаццатую сталі выраўноўваць роты. Гэта быў доўгі, карпатлівы і пакутлівы занятак. Ад жаланёра да жаланёра туга нацягнулі на калкі доўгія вяроўчыны. Кожны салдат першай шарэнгі павінен быў абавязкова з матэматычнай дакладнасцю дакрануцца да вяроўчыны самымі кончыкамі наскоў - у гэтым быў асобы страявы шык. Але гэтага было яшчэ мала; патрабавалася, каб у створы расстаўленых наскоў змяшчаўся прыклад ад стрэльбы і каб нахіл усіх салдацкіх целаў быў аднолькавы. І ротныя камандзіры пачыналі крычаць: «Іваноў, падай корпус наперад! Бурчанка, правае плячо давярні ў поле! Левы насок назад! Яшчэ!..»

У палове адзінаццатай прыехаў палкавы камандзір. Пад ім быў вялізны, прыгожы гняды конь, увесь у цёмных яблыках, усе чатыры нагі белыя да каленяў. Палкоўнік Шульговіч меў на кані паважны, амаль велічны выгляд і сядзеў ёмка, хоць вельмі па-пяхотнаму, на дужа кароткіх страмёнах. Вітаючы полк, ён крыкнуў зухавата, са штучнай весялосцю:

- Здарова, прыгажуны-ы-а!..

Рамашоў успомніў свой чацверты ўзвод і асабліва кволую, дзіцячую постаць Хлебнікава і не мог стрымаць усмешкі: «Нічога не скажаш, нішто сабе прыгажуны!»

Пад гукі палкавой музыкі, якая грала сустрэчу, вынеслі сцягі. Пачалося нуднае чаканне. Далёка наперад, да самага вакзала, адкуль чакалі карпуснога камандзіра, цягнуўся ланцуг махальшчыкаў, якія павінны былі сігналамі папярэдзіць аб прыездзе начальства. Некалькі разоў падымалі памылковую трывогу. Хуценька выцягвалі калкі з вяроўчынамі, полк выраўноўваўся, застываў у чаканні, але праходзіла некалькі цяжкіх хвілін, і людзям зноў дазвалялі стаяць вольна, толькі не кратаць з месца ступней. Наперадзе, крокаў за трыста ад строю, яркімі рознакаляровымі плямамі стракацелі жаночыя сукенкі, парасоны і капялюшыкі: там стаялі палкавыя дамы, якія сабраліся паглядзець на парад. Рамашоў добра ведаў, што Шурачкі няма ў гэтай светлай, нібы святочнай групе, але калі ён глядзеў туды, дык кожны раз штосьці салодкае ныла ў яго пад сэрцам і хацелася часта дыхаць ад дзіўнага беспрычыннага хвалявання.

Раптам, быццам вецер, палахліва праляцела па радах адно кароткае слова: «Едзе, едзе!» Усе неяк адразу зразумелі, што настала сапраўдная, сур'ёзная хвіліна. Салдаты, якія з самае раніцы былі змучаны агульнай нервовасцю, самі, без загаду, мітусліва выраўноўваліся і неспакойна кашлялі.

- Сміррна! Жаланёры, па месца-ах! - скамандаваў Шульговіч.

Скасавурыўшы вочы направа, Рамашоў убачыў удалечыні, на самым ускрайку поля, невялічкую купку маленькіх коннікаў, якія ў лёгкіх клубах жоўтага пылу шпарка набліжаліся да строю. Шульговіч са строгім і натхнёным тварам ад'ехаў ад сярэдзіны палка на адлегласць, прыблізна ў чатыры разы большую, чым трэба было. Выхваляючыся цяжкою прыгажосцю прыёмаў, узняўшы ўгору сваю сярэбраную бараду, аглядаючы чорную нерухомую масу палка грозным, радасным і адчайным позіркам, ён зацягнуў магутным голасам на ўсё поле:

- По-олк, слуха-ай! На крра-а-а...

Ён знарок вытрымаў доўгую паўзу, як бы захапляючыся сваёй велізарнай уладай над гэтымі сотнямі людзей і жадаючы прадоўжыць гэтую хвілінную асалоду, і раптам, увесь зачырванеўшыся ад намагання, з напятымі на шыі жыламі, гаркнуў на ўсю сілу:

- ...ул!..

Раз-два. Пляснулі рукі аб ружэйныя рамяні, бразнулі затворы аб бляхі паясоў. З правага фланга зычна, весела і выразна паляцелі гукі сустрэчнага маршу. Нібы гарэзлівыя дзеці, пабеглі натоўпам жвавыя флейты і кларнеты, з пераможнай урачыстасцю ўскрыкнулі і заспявалі высокія медныя трубы, глухія ўдары барабана прыспешвалі іх шпаркі бег, і цяжкія трамбоны, якія не паспявалі за імі, ласкава бурчалі густымі, спакойнымі, аксамітавымі галасамі. На станцыі доўга, тонка і чыста засвістаў паравоз, і гэты новы мяккі гук, пераплёўшыся з урачыстымі меднымі гукамі аркестра, зліўся з ім у адну чароўную, радасную гармонію. Нейкая бадзёрая, смелая хваля раптам падхапіла Рамашова, лёгка і соладка падняўшы яго на сабе. З пранікнёнай і вясёлай выразнасцю ён адразу ўгледзеў і бледны ад спякоты блакіт неба, і залацістае сонечнае святло, якое дрыжала ў паветры, і цёплае зяленіва дальняга поля, - быццам ён не прыкмячаў іх раней, - і раптам адчуў сябе маладым, дужым, спрытным, гордым ад усведамлення, што і ён належыць да гэтай стройнай, нерухомай, магутнай масы людзей, таямніча скаваных адной нябачнай воляй...

Шульговіч, трымаючы аголеную шашку ля самага твару, цяжкім галопам паскакаў насустрач.

Праз груба-вясёлыя, ваяўнічыя гукі музыкі пачуўся спакойны, круглы голас генерала:

- Здарова, першая рота!

Салдаты дружна, старанна і гучна закрычалі. І зноў на станцыі свіснуў паравоз - на гэты раз адрывіста, коратка і нібы з запалам. Вітаючыся пачаргова з ротамі, карпусны камандзір павольна ехаў па фронце. Рамашоў ужо выразна бачыў яго цяжкую постаць з вялікімі папярэчнымі складкамі кіцеля пад грудзьмі і на тоўстым жываце, і вялікі квадратны твар, павернуты да салдат, і франтаваты з чырвонымі вензелямі вальтрап на прыгожым шэрым кані, і касцяныя колцы мартынгала, і маленькую нагу ў нізкім лакіраваным боце.

- Здарова, шостая!

Людзі закрычалі вакол Рамашова пераўвялічана гучна, нібы надрываючыся ад уласнага крыку. Генерал упэўнена і нядбайна сядзеў на кані, а конь, з налітымі крывёю лагоднымі вачамі, прыгожа выгнуўшы шыю, сакавіта пахрумстваючы жалезам муштука ў роце і раскідваючы з морды лёгкую белую пену, ішоў дробным гнуткім крокам. «У яго скроні сівыя, а вусы чорныя, мусіць, нафарбаваныя», - мільганула ў Рамашова хуткая думка.

Праз залатыя акуляры карпусны камандзір уважліва ўглядаўся сваімі цёмнымі, зусім маладымі, разумнымі і насмешлівымі вачмі ў кожную пару скіраваных на яго вачэй. Вось ён параўняўся з Рамашовым і прыклаў руку да брыля фуражкі. Рамашоў стаяў увесь выпрастаўшыся, з напружанымі мускуламі ног, моцна, да болю, сціснуўшы эфес апушчанай долу шашкі. Шчаслівае, адданае захапленне раптам халадком прабегла па яго руках і нагах, пакрыўшы іх цвёрдымі пухіркамі. І, пільна пазіраючы ў твар карпуснога камандзіра, ён падумаў сам сабе, па сваёй наіўнай дзіцячай звычцы: «Вочы баявога генерала са здавальненнем спыніліся на стройнай, хударлявай постаці маладога падпаручніка».

Карпусны камандзір аб'ехаў такім чынам адну за адной усе роты, вітаючыся з кожнай. Ззаду ў яго бязладнай групай рухалася світа: каля пятнаццаці штабных афіцэраў на цудоўных, гладкіх конях. Рамашоў і на іх пазіраў гэткімі ж адданымі вачамі, але ніхто са світы не глянуў на падпаручніка: усе гэтыя парады, сустрэчы з музыкай, гэтыя хваляванні маленькіх пяхотных афіцэраў даўно ўжо былі для іх прывычнай, надакучлівай справай. І Рамашоў з няяснай зайздрасцю і зласлівасцю адчуў, што гэтыя ганарыстыя людзі жывуць нейкім асобным, прыгожым, недасягальным для яго, вышэйшым жыццём.

Нехта здаля падаў музыкам знак, каб тыя перасталі іграць. Камандзір корпуса шпаркай рыссю ехаў ад левага фланга да правага ўздоўж лініі палка, і за ім стракатай, пышнай чарадою расцягнулася яго світа. Палкоўнік Шульговіч пад'ехаў да першай роты. Зацягваючы павады свайму гнядому каню, адкінуўшыся тоўстым тулавам назад, ён крыкнуў тым незвычайна лютым, спалоханым і хрыплым голасам, якім крычаць на пажарах брандмаёры:

- Капітан Асадчы! Выводзьце роту-у! Хутка!..

У палкавога камандзіра і ў Асадчага на ўсіх вучэннях было пастаяннае любоўнае спаборніцтва ў галасах. І цяпер нават у шаснаццатай роце была чуваць фарсістая металічная каманда Асадчага:

- Рота, на плячо! Раўненне на сярэдзіну, шагам марш!

У яго роце шляхам доўгіх, упартых намаганняў быў выпрацаваны пры маршыроўцы асобы, надзвычай рэдкі і цвёрды крок, прычым салдаты высока падымалі нагу ўгору і з сілаю кідалі яе на зямлю. Гэта атрымлівалася гучна і важна і выклікала зайздрасць ва ўсіх ротных камандзіраў.

Але не паспела першая рота зрабіць і пяцідзесяці крокаў, як пачуўся нецярплівы выкрык карпуснога камандзіра:

- Гэта што? Спыніце роту. Спыніце! Ротны камандзір, да мяне. Што вы тут паказваеце? Што гэта: пахавальная працэсія? Факельцуг? Раскладныя салдацікі? Маршыроўка ў тры тэмпы? Цяпер, капітан, не мікалаеўскія часы, калі служылі па дваццаць пяць гадоў. Колькі лішніх дзён у вас пайшло на гэты кардэбалет! Каштоўных дзён!

Асадчы стаяў перад ім, высокі, нерухомы, змрочны, з апушчанай долу аголенай шашкай. Генерал памаўчаў крышку і працягваў больш спакойна, з сумным і насмешлівым выразам:

- Відаць, людзей зусім затузалі маршыроўкаю? Эх вы, анікі-воіны. А спытай у вас... ды вось, дазвольце, як гэтага малойчыка прозвішча?

Генерал паказаў на другога ад правага фланга салдата.

- Ігнат Міхайлаў, ваша яснавяльможнасць, - безудзельным, салдацкім драўляным басам адказаў Асадчы.

- Добра. А што вы пра яго ведаеце? Халасты ён? Жанаты? Ёсць у яго дзеці? Можа, у яго ёсць там у вёсцы якое-небудзь гора? Бяда? Нястача? Што?

- Не магу знаць, ваша яснавяльможнасць. Сто чалавек. Цяжка запомніць.

- Цяжка запомніць! - з горыччу паўтарыў генерал. - Ах, панове, панове! Сказана ў пісанні: духа не гасіце, а вы што робіце? Гэтая ж святая, шэрая скацінка, калі справа дойдзе да бою, вас сваімі грудзьмі прыкрые, вынесе вас з агню на сваіх плячах, на холадзе вас сваім шыняльком укрые, а вы - не магу знаць.

І, моцна раззлаваўшыся, без патрэбы і нервова перабіраючы павады, генерал закрычаў цераз галаву Асадчага на палкавога камандзіра:

- Палкоўнік, забярыце гэтую роту. І глядзець не буду. Забярыце, забярыце, зараз жа! Пятрушкі! Кардонныя паяцы! Чугунныя мазгі!

З гэтага і пачаўся правал палка. Стомленасць і напалоханасць салдат, бяздумная жорсткасць унтэр-афіцэраў, бяздушныя і халатныя адносіны афіцэраў да службы - усё гэта выразна, але ганебна выявілася на аглядзе. У другой роце людзі не ведалі «Ойча нашага», у трэцяй самі афіцэры блыталіся пры рассыпным страі, у чацвертай нейкаму салдату ў часе ружэйных прыёмаў зрабілася млосна. А галоўнае - ні ў адной роце не мелі ніякага ўяўлення аб прыёмах супроць нечаканых кавалерыйскіх атак, хоць рыхтаваліся да іх і ведалі іх важнасць. Прыёмы гэтыя прыдумаў і ўвёў у практыку менавіта сам карпусны камандзір, і заключаліся яны ў хуткіх перастраеннях, якія кожны раз патрабавалі ад начальнікаў вынаходлівасці, кемлівасці і шырокай асабістай ініцыятывы. І на іх зрываліся па чарзе ўсе роты, апрача пятай.

Паглядзеўшы роту, генерал выдаляў са строю ўсіх афіцэраў і пытаўся ў людзей, ці ўсім здаволены, ці атрымліваюць усё, што ім належыць, ці няма скаргаў і прэтэнзій? Але салдаты дружна гаркалі, што яны «так точна, усім здаволены». Калі апытвалі першую роту, Рамашоў чуў, як ззаду ў яго фельдфебель ягонай роты, Рында, гаварыў шапялявым і пагрозлівым голасам:

- Вось няхай толькі мне хто-небудзь аб'явіць прэтэнзію! Я яму потым такую аб'яўлю прэтэнзію!

Затое тым лепш паказала сябе пятая рота. Малайцаватыя, свежыя людзі выконвалі ротнае вучэнне такім лёгкім, бадзёрым і жвавым крокам, з такім спрытам, што здавалася, агляд быў для іх не страшны экзамен, а нейкая вясёлая і зусім няцяжкая забава. Генерал усё яшчэ быў пануры, але ўжо кінуў ім: «Добра, хлопцы!» - гэта ўпершыню за ўвесь час агляду.

Прыёмамі супроць атак кавалерыі Сталькоўскі канчаткова заваяваў карпуснога камандзіра. Сам генерал паказаў яму праціўніка раптоўнымі хуткімі фразамі:»Кавалерыя справа, восемсот крокаў», і Сталькоўскі, ні на хвіліну не губляючыся, адразу ж дакладна і спакойна спыняў роту, паварочваў яе тварам да ўяўнага ворага, які імчаўся кар'ерам, змыкаў, эканомячы час, узводы - галаўны з калена, другі стоячы, - назначаў прыцэл, даваў два ці тры ўяўныя залпы і потым камандаваў: «На руку!» «Цудоўна, браткі! Дзякуй, малайцы!» - хваліў генерал.

Пасля апытання рота зноў пастроілася разгорнутым строем. Але генерал марудзіў яе адпускаць. Павольна праязджаючы ўздоўж фронту, ён дапытліва, з асобай цікаўнасцю, углядаўся ў салдацкія твары, і тонкая, здаволеная ўсмешка свяцілася праз акуляры ў яго разумных вачах пад цяжкімі апухлымі павекамі. Раптам ён спыніў каня і павярнуўся назад, да начальніка свайго штаба:

- Не, вы паглядзіце, палкоўнік, якія ў іх морды! Пірагамі вы іх, ці што, корміце, капітан? Паслухай, эй ты, таўстарожы, - паказаў ён рухам падбародка на аднаго салдата, - цябе Кавалём завуць?

- Точна так, ваша яснавяльможнасць, Міхайла Барыйчук! - весела, са здаволенай дзіцячай усмешкай крыкнуў салдат.

- Вось як, я думаў, Каваль. Ну, значыць, памыліўся, - пажартаваў генерал. - Нічога не зробіш. Не ўдалося... - дадаў ён вясёлую, цынічную фразу.

Твар салдата зусім расплыўся ў недарэчнай і радаснай усмешцы.

- Ніяк не, ваша яснавяльможнасць! - крыкнуў ён яшчэ мацней. - Так што ў сябе ў вёсцы займаўся кавальскім майстэрствам. Кавалём быў.

- А, вось бачыш! - генерал зычліва кіўнуў галавою. Ён ганарыўся сваім веданнем салдата. - Што, капітан, ён у вас добры салдат?

- Вельмі добры. У мяне ўсе яны добрыя, - адказаў Сталькоўскі сваім звычайным, самаўпэўненым тонам.

Бровы ў генерала злосна ўздрыгнулі, але губы ўсміхнуліся, і ад гэтага ўвесь ягоны твар зрабіўся лагодны і па-старыкоўскі мілы.

- Ну, гэта вы, капітан, здаецца, ужо... Ёсць жа аштрафаваныя?

- Ніводнага, ваша яснавяльможнасць. Пяты год ніводнага.

Генерал цяжка схіліўся з сядла і працягнуў Сталькоўскаму сваю пухлую руку ў белай незашпіленай пальчатцы.

- Вялікае вам дзякуй, родны мой, - сказаў ён дрыготкім голасам, і яго вочы раптам забліскалі слязьмі. Ён, як і многія іншыя дзівакаватыя баявыя генералы, любіў іншы раз паплакаць. - Дзякуй, суцешылі старога. Дзякуй, асілкі! - энергічна крыкнуў ён роце.

Дзякуючы добраму ўражанню, якое пакінуў Сталькоўскі, агляд і шостай роты прайшоў адносна шчасліва. Генерал не хваліў, але і не лаяўся. Аднак і шостая рота асарамацілася, калі салдаты пачалі калоць саламяныя чучалы, прымацаваныя да драўляных рам.

- Не так, не так, не так, не так! - гарачыўся карпусны камандзір, торгаючыся ў сядле. - Зусім не так! Браткі, слухай мяне! Калі ад сэрца ў самую сярэдзіну, штык да трубкі. Трэба раззлавацца! Ты не хлеб у печку стаўляеш, а ворага колеш...

Астатнія роты правальваліся адна за адной. Карпусны камандзір нават перастаў хвалявацца і рабіць свае характэрныя, вострыя заўвагі і сядзеў на кані маўклівы, згорблены, з сумным тварам. Пятнаццатую і шаснаццатую роты ён і зусім не стаў глядзець, а толькі кінуў з агідаю, стомлена махнуўшы рукою:

- Ну, гэта... неданоскі нейкія.

Заставаўся цырыманіяльны марш. Увесь полк сабралі ў цесную, самкнутую калону, па паўротна. Зноў выскачылі наперад жаланёры і выцягнуліся насупраць правага фланга, абазначаючы лінію руху. Стаяла спякота. Людзі знясільвалі ад духменю і ад цяжкіх выпарэнняў уласных целаў, скучаных на малой плошчы, ад смуроду ботаў, махоркі, бруднай чалавечай скуры і пераваранага страўнікам чорнага хлеба.

Але перад цырыманіяльным маршам усе падбадзёрыліся. Афіцэры амаль упрошвалі салдат: «Браткі, ужо вы пастарайцеся прайсці малайцамі перад карпусным. Не асаромце». І ў гэтым звароце начальнікаў да падначаленых прабівалася цяпер штосьці ліслівае, няўпэўненае і вінаватае. Як быццам гнеў такой недасягальна высокай асобы, як карпусны камандзір, раптам прыціснуў агульным цяжарам і афіцэра і салдата, абязлічваў і ўраўноўваў іх і рабіў у аднолькавай ступені спалоханымі, разгубленымі і нікчэмнымі.

- Полк, смірррна-а... Музыканты, на лінію-у! - Даляцела здалёку каманда Шульговіча.

І ўсе паўтары тысячы чалавек на хвіліну заварушыліся з глухім, таропкім шумам і раптам нерухома сціхлі, нервова і насцярожана выпрастаўшыся.

Шульговіча не відаць было. Зноў дакаціўся яго зычны, пераліўчаты голас:

- Полк, на плячо-о-о!..

Чатыры батальённыя камандзіры, павярнуўшыся на конях да сваіх часцей, скамандавалі ўразброд:

- Батальён, на пля... - і напружана ўтаропіліся вачмі ў палкавога камандзіра.

Дзесьці далёка наперадзе палка бліснула ў паветры і апусцілася долу шашка. Гэта быў сігнал да агульнай каманды, і чатыры батальённыя камандзіры разам крыкнулі:

- ...чо!

Полк з глухім шумам бязладна ўскінуў стрэльбы. Дзесьці забразгалі штыкі.

Тады Шульговіч, залішне расцягваючы словы, урачыста, сурова, радасна і гучна, на ўсю сілу сваіх вялізных лёгкіх, скамандаваў:

- Да цы-ры-ма-ні-яль-на-га маршу-у!..

Цяпер ужо ўсе шаснаццаць ротных камандзіраў бязладна і фальшыва, на розныя галасы заспявалі:

- Да цырыманіяльнага маршу!

І недзе, у хвасце калоны, адзін запознены ротны крыкнуў пазней за ўсіх астатніх дрыготкім і засаромленым голасам, не дагаворваючы каманды:

- Да цырыяльнага... - і адразу ж нясмела абарваўся.

- Па паў-аў-ротна-а! - выгукнуў Шульговіч.

- Па паўротна! - адразу ж падхапілі ротныя.

- На двух-узводную-ую дыстанцыю! - заліваўся Шульговіч.

- На двухузводную дыстанцыю!..

- Раўнен-не на-права-а!

- Раўненне направа! - паўтарыла шматгалосае пярэстае рэха.

Шульговіч счакаў нейкі момант і рэзка кінуў:

- Першая паўрота - шагам!

Глуха далятаючы праз шчыльныя шэрагі, нізка сцелючыся па самай зямлі, пачулася наперадзе густая каманда Асадчага:

- Перша-ая паўрота. Раўненне направа. Шагам... арш!

Дружна загрукаталі наперадзе палкавыя барабаншчыкі. Ззаду відаць было, як ад нахіленага лесу штыкоў аддзялілася роўная доўгая лінія і раўнамерна загайдалася ў паветры.

- Другая паўрота, проста! - пачуў Рамашоў высокі бабскі голас Арчакоўскага.

І другая лінія штыкоў, адыходзячы, загайдалася. Гук барабанаў рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, быццам ён апускаўся некуды ўніз, пад зямлю, і раптам на яго наляцела, паваліўшы і зламаўшы яго, вясёлая, ззяючая і прыгожая хваля аркестра. Гэта падхапіла тэмп палкавая музыка, і ўвесь полк адразу пажвавеў і падцягнуўся: галовы ўзняліся вышэй, выпрасталіся больш стройна целы, пасвятлелі шэрыя, змучаныя твары.

Адна за адной адыходзілі паўроты, і з кожным разам усё ярчэйшымі і больш радаснымі рабіліся гукі палкавога маршу. Вось адышла апошняя паўрота першага батальёна. Падпалкоўнік Лех у суправаджэнні Алізара рушыў наперад на худым вараным кані. У абодвух шашкі з кісцю рукі на ўзроўні твару. Чутна спакойная і, як заўсёды, нядбайная каманда Сталькоўскага. Высока над штыкамі плаўна загайдалася дрэўка сцяга. Капітан Сліва выйшаў наперад - згорблены, азызлы, аглядаючы строй вадзяністымі вылупленымі вачамі, даўгарукі, падобны да вялікай старой нуднай малпы.

- П-першая паўрота... п-проста!

Лёгкім і маладзецкім крокам выходзіць Рамашоў перад сярэдзінай сваёй паўроты. Штосьці радаснае, прыгожае і гордае расце ў ягонай душы. Хутка слізгае ён вачмі па тварах першай шарэнгі. «Стары рубака абвёў сваіх ветэранаў сакаліным позіркам», - мільганула ў яго галаве гучная фраза ў той час, калі ён сам зацягнуў па-заліхвацку, нараспеў:

- Дру-у-гая паўро-ота-а...

«Раз, два!» - лічыць Рамашоў у думках і трымае такт аднымі наскамі ботаў. «Трэба пад левую нагу. Левай, правай». І са шчаслівым тварам, адкінуўшы назад галаву, ён выкрыквае высокім тэнарам, які звініць на ўсё поле:

- Проста!

І, павярнуўшыся на адной назе, нібы на пружыне, ён, не азіраючыся назад, напеўна дадае двума тонамі ніжэй:

- Раў-анен-не направа-а!

Хараство моманту ап'яняе яго. На хвіліну яму здаецца, што гэтая музыка накрывае яго хвалямі пякучага, асляпляльнага святла і што медны, радасны крык падае зверху, з неба, з сонца. Як і надоечы, пры сустрэчы, - салодкі, дрыготкі халадок бяжыць па яго целе і робіць скуру цвёрдай і прыўзнімае і варушыць валасы на галаве.

Дружна, у такт музыцы, закрычала пятая рота, адказваючы на пахвалу генерала. Вызваленыя з жывой перашкоды з чалавечых целаў, як бы радуючыся свабодзе, гучней і весялей пабеглі насустрач Рамашову гукі маршу. Цяпер падпаручнік зусім выразна бачыць наперадзе і справа ад сябе тоўстую постаць генерала на шэрым кані, нерухомую світу ззаду ў яго, а яшчэ далей рознакаляровую групу жаночых сукенак, якія ў асляпляльным паўдзённым святле здаюцца нейкімі казачнымі кветкамі. А злева бліскаюць залатыя трубы аркестра, і Рамашоў адчувае, што паміж генералам і музыкай прабегла нябачная чароўная нітка, цераз якую і радасна і боязна пераступіць.

Але першая паўрота ўжо перайшла цераз гэтую мяжу.

- Добра, хлопцы! - чуваць здаволены голас карпуснога камандзіра.

- А-а-а-а! - падхопліваюць салдаты высокімі, шчаслівымі галасамі. Яшчэ гучней вырываюцца наперад гукі музыкі. «О любы, - з замілаванасцю думае Рамашоў пра генерала. - Разумнік!»

Цяпер Рамашоў адзін. Плаўна і пругка, ледзьве дакранаючыся нагамі да зямлі, набліжаецца ён да запаветнай рысы. Галава яго смела адкінута назад і з гордым выклікам павернута ўлева. Ва ўсім целе ў яго такое адчуванне лёгкасці і свабоды, нібы ён неспадзявана атрымаў здольнасць лётаць. І, уяўляючы сябе цудоўным цэнтрам усяго сусвету, ён гаворыць сам сабе ў нейкім ружовым, радасным сне:

«Паглядзіце, паглядзіце, - гэта ідзе Рамашоў». «Вочы дам былі поўны захаплення». Раз, два, левай!.. «Наперадзе паўроты грацыёзнаю хадою ішоў прыгожы малады падпаручнік». Левай, правай!.. «Палкоўнік Шульговіч, ваш Рамашоў адно хараство, - сказаў карпусны камандзір, - я хацеў бы мець яго за свайго ад'ютанта». Левай...

Яшчэ хвіліна, яшчэ імгненне - і Рамашоў пераступіць цераз зачараваную нітку. Музыка гучыць шалёнай, гераічнай, вогненнай урачыстасцю. «Зараз пахваліць», - думае Рамашоў, і ягоная душа поўна святочнага ззяння. Чуваць голас карпуснога камандзіра, вось голас Шульговіча, яшчэ нечыя галасы... «Вядома, генерал пахваліў, але чаму ж салдаты не адказвалі? Нехта крычыць ззаду, з радоў... Што здарылася?»

Рамашоў павярнуўся назад і збялеў. Уся яго паўрота замест дзвюх роўных, стройных ліній уяўляла з сябе брыдкі, паламаны ва ўсіх напрамках, збіты ў кучу, як чарада авечак, натоўп. Гэта здарылася праз тое, што падпаручнік, захоплены сваёй радасцю і сваімі палкімі марамі, сам не ўгледзеў таго, як крок за крокам пераходзіў ад сярэдзіны ўправа, насядаючы ў той жа час на паўроту, і нарэшце апынуўся на яе правым флангу, змяўшы і парушыўшы агульны рух. Усё гэта Рамашоў убачыў і зразумеў за адно кароткае, як думка, імгненне, гэтак жа як убачыў і радавога Хлебнікава, які клыпаў адзін, крокаў за дваццаць ад строю, якраз на вачах у генерала. Ён паваліўся на хаду і цяпер, увесь у пыле, даганяў сваю паўроту, нізка сагнуўшыся пад цяжарам амуніцыі, нібыта бег на карачках, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, другой рукой бездапаможна выціраючы нос.

Рамашову раптам здалося, што сонечны травеньскі дзень адразу пацямнеў, што на яго плечы абваліўся мёртвы, чужы цяжар, падобны да пясчанай гары, і што музыка зайграла нудна і глуха. І сам ён адчуў сябе маленькім, кволым, непрыгожым, з вялымі рухамі, з цяжкімі і непаслухмянымі нагамі.

Да яго ўжо ляцеў кар'ерам палкавы ад'ютант. Твар у Федароўскага быў чырвоны і скрыўлены ад злосці, ніжняя сківіца моцна дрыжала. Ён задыхаўся ад гневу і ад шпаркай язды. Яшчэ здалёку ён пачаў люта крычаць, захліпаючыся і давячыся словамі:

- Падпаручнік... Рамашоў... Камандзір палка аб'яўляе вам... строгую вымову... На сем дзён... на гаўптвахту... у штаб дывізіі. Агіднасць, скандал... Увесь полк а......і!.. Хлапчук!

Рамашоў не адказваў яму, нават не павярнуў да яго галавы. Што ж, вядома, ён мае права лаяцца! Вось і салдаты чулі, як ад'ютант крычаў на яго. «Ну, што ж, і няхай сабе чулі, гэтак мне і трэба, і няхай, - з вострай нянавісцю да самога сябе падумаў Рамашоў. - Усё цяпер загінула для мяне. Я застрэлюся. Я зганьбаваны навекі. Усё, усё загінула для мяне. Я смешны, я маленькі, у мяне бледны, непрыгожы твар, нейкі недарэчны твар, самы агідны на ўсім свеце. Усё загінула! Салдаты ідуць ззаду, пазіраюць мне ў спіну, і смяюцца, і штурхаюць адзін аднаго локцямі. А можа, шкадуюць мяне? Не, я абавязкова, абавязкова застрэлюся!»

Паўроты, адыходзячы даволі далёка ад карпуснога камандзіра, адна за адной паварочвалі цераз левае плячо і вярталіся на ранейшае месца, адкуль яны пачалі рух. Тут іх перастрайвалі ў разгорнуты ротны строй. Пакуль падыходзілі заднія часці, людзям дазволілі стаяць вольна, а афіцэры сышлі са сваіх месц, каб размяцца і папаліць з рукава. Адзін Рамашоў аставаўся ў сярэдзіне фронту, на правым флангу сваёй паўроты. Канцом аголенай шашкі ён засяроджана калупаў зямлю ля сваіх ног і хоць не ўзнімаў апушчанай галавы, але адчуваў, што з усіх бакоў на яго скіраваны цікаўныя, насмешлівыя і пагардлівыя позіркі.

Капітан Сліва прайшоў паўз Рамашова і, не прыпыняючыся, ні на кога не пазіраючы, быццам размаўляючы сам з сабою, прабурчаў хрыпла, са стрыманай злосцю, праз сцятыя зубы:

- С-сёння ж майце л-ласку падаць рапарт аб п-пераводзе ў другую роту.

Потым падышоў Веткін. У яго светлых, добрых вачах і ў кутках апушчаных губ Рамашоў прачытаў той грэблівы і жаласлівы выраз, з якім людзі пазіраюць на зарэзанага цягніком сабаку. І ў той жа час сам Рамашоў з агідаю адчуў у сябе на твары нейкую недарэчную, цьмяную ўсмешку.

- Пойдзем папалім, Юрый Аляксеевіч, - сказаў Веткін.

І, цмокнуўшы языком і кіўнуўшы галавой, ён дадаў з прыкрасцю:

- Эх, галубок!..

У Рамашова закалаціўся падбародак, а ў горле зрабілася горка і цесна. Ледзьве стрымліваючы рыданні, ён адказаў дрыготкім прыдушаным голасам пакрыўджанага дзіцяці:

- Не ўжо... што ўжо тут... я не хачу...

Веткін адышоў убок. «Вось вазьму зараз, падыду і плясну Сліве па шчацэ, - мільганула ў Рамашова зусім нечакана рызыкоўная думка. - Або падыду да карпуснога і скажу: «Сорамна табе, старому чалавеку, гуляць у салдацікі і мучыць людзей. Адпусці іх адпачыць. Праз цябе два тыдні білі салдат».

Але раптам яму прыгадаліся яго нядаўнія ганарлівыя мары аб стройным прыгажуне-падпаручніку, аб жаночым захапленні, аб радасці ў вачах баявога генерала, - і яму зрабілася так сорамна, што ён адразу ж пачырванеў не толькі тварам, але нават грудзьмі і спіной.

«Ты смешны, нікчэмны, благі чалавек! - крыкнуў ён у думках самому сабе. - Дык ведайце ўсе, што я сёння застрэлюся!»

Агляд падыходзіў к канцу. Роты яшчэ некалькі разоў прадэфіліравалі перад карпусным камандзірам: спачатку паротна крокам, потым бегма, затым самкнутай калонай са стрэльбамі наперавес. Генерал як быццам памякчэў крышку і некалькі разоў пахваліў салдат. Было ўжо каля чатырох гадзін. Нарэшце полк спынілі і загадалі людзям стаяць вольна. Штаб-гарніст затрубіў «выклік начальнікаў».

- Панове афіцэры, да карпуснога камандзіра! - праляцела па радах.

Афіцэры выйшлі са строю і шчыльным кругам абступілі карпуснога камандзіра. Ён сядзеў на кані, згорбіўшыся, апусціўшыся, напэўна, моцна стомлены, але яго разумныя, прыжмураныя, апухлыя вочы жвава і насмешліва пазіралі праз залатыя акуляры.

- Буду кароткі, - загаварыў ён адрывіста і важна. - Полк нікуды не варты. Салдат не лаю, абвінавачваю начальнікаў. Фурман дрэнны - і коні не вязуць. Не бачу ў вас сэрца, глыбокага разумення клопату аб людзях. Памятайце цвёрда: «Шчаслівы той, хто душу сваю аддасць за бліжняга свайго». А ў вас адна думка - як бы дагадзіць на аглядзе начальству. Людзей замучылі, як рамізніцкіх коней. Афіцэры маюць запушчаны і дзікі выгляд, нейкія дзячкі ў мундзірах. Між іншым, аб гэтым прачытаеце ў маім загадзе. Адзін прапаршчык, здаецца, шостай ці сёмай роты, парушыў раўненне і зрабіў з роты кашу. Сорамна! Не патрабую шагістыкі ў тры тэмпа, але вакамер і спакой перш за ўсё.

«Пра мяне!» - з жахам падумаў Рамашоў, і яму здалося, што ўсе прысутныя адначасова паглядзелі на яго. Аднак ніхто не зварухнуўся. Усе стаялі маўклівыя, панурыя і нерухомыя, не зводзячы вачэй з генеральскага твару.

- Камандзіру пятай роты маё шчырае дзякуй! - гаварыў далей карпусны камандзір. - Дзе вы, капітан? А, вось! - генерал крыху па-тэатральнаму, дзвюма рукамі ўзняў над галавой фуражку, адкрыў магутны лысы чэрап з гузам над ілбом і нізка схіліўся перад Сталькоўскім. - Яшчэ раз дзякую вам і з радасцю цісну вашу руку. Калі бог давядзе біцца майму корпусу пад маім начальствам, - вочы ў генерала замаргалі і засвяціліся слязьмі, - дык памятайце, капітан, першую небяспечную справу даручу вам. А зараз, панове, маё вам шанаванне. Вы вольныя, рады буду бачыць вас другім разам, але ў другім парадку. Дазвольце дарогу каню.

- Ваша яснавяльможнасць, - выступіў наперад Шульговіч, - асмелюся прапанаваць ад імя паноў афіцэраў паабедаць у нашым сходзе. Мы будзем...

- Не, ужо навошта! - суха перапыніў яго генерал. - Шчыра дзякуй вам, я запрошан сёння да графа Ледахоўскага.

Па шырокай дарозе, ачышчанай афіцэрамі, ён галопам паскакаў у полк.

Людзі самі, без загаду, страпянуліся, выпрасталіся і сціхлі.

- Дзякуй, N-цы! - цвёрда і прыветліва крыкнуў генерал. - Даю вам два дні адпачынку. А зараз... - ён весела павысіў голас, - па палатках бягом марш! Ура!

Здавалася, што гэтым кароткім крыкам ён адразу ўзняў увесь полк. З аглушальным радасным ровам кінуліся паўтары тысячы людзей у розныя бакі, і зямля закалацілася і загула ў іх пад нагамі.

 

Рамашоў аддзяліўся ад афіцэраў, якія натоўпам вярталіся ў горад, і пайшоў дальняю дарогаю, цераз лагер. Ён адчуваў сябе ў гэтыя хвіліны нейкім убогім адшчапенцам, выкінутым з палкавой сям'і, нейкім непрыемным, чужым для ўсіх чалавекам, і нават не дарослым чалавекам, а агідным, распусным і пачварным хлапчуком.

Калі ён праходзіў ззаду палатак сваёй роты, па афіцэрскай лініі, дык чыйсьці прыдушаны, але гнеўны крык прыцягнуў ягоную ўвагу. Ён прыпыніўся на хвіліну і ў прасвеце паміж палаткамі ўгледзеў свайго фельдфебеля Рынду, маленькага, чырванатварага, апаплектычнага асілка, які брыдка лаяўся, біў кулакамі па твары Хлебнікава. У Хлебнікава быў змрочны і разгублены твар, а ў бяздумных вачах свяціўся жывёльны страх. Галава ў яго бездапаможна матлялася з аднаго боку на другі, і чуваць было, як пры кожным удары гучна стукалі адна аб адну яго сківіцы.

Рамашоў таропка, амаль бегма, прайшоў міма. У яго не было сілы заступіцца за Хлебнікава. І ў той жа час ён хваравіта адчуў, што яго ўласны лёс і лёс гэтага няшчаснага, забітага, змардаванага салдаціка неяк па-дзіўнаму блізка і агідна перапляліся за сённяшні дзень. Нібыта яны абодва былі калекі, якія пакутуюць ад адной і той жа хваробы і абуджаюць у людзях адну і тую ж гідлівасць. І хоць гэтае ўсведямленне аднолькавасці становішча і выклікала ў Рамашова толькі сорам і агіду, але ў ім было штосьці незвычайнае, глыбокае, па-сапраўднаму чалавечае.

 

XVI

 

З лагера ў горад вяла толькі адна дарога - цераз чыгуначнае палатно, якое ў гэтым месцы праходзіла ў крутой і глыбокай выемцы. Рамашоў па вузкай, добра ўтаптанай, вельмі стромкай сцежцы хутка збег уніз і стаў з цяжкасцю падымацца па другім адхоне. Яшчэ з сярэдзіны пад'ёму ён заўважыў, што нехта стаіць наверсе ў кіцелі наапашкі.

Прыпыніўшыся на нейкі момант і прыжмурыўшыся, ён пазнаў Мікалаева.

«Зараз будзе самае непрыемнае!» - падумаў Рамашоў. Сэрца ў яго тужліва заныла ад трывожнага прадчування. Але ён усё ж пакорліва падымаўся ўгору.

Афіцэры не бачыліся каля пяці дзён, але цяпер яны чамусьці не прывіталіся пры сустрэчы, і чамусьці Рамашоў не ўбачыў у гэтым нічога незвычайнага, быццам іначай і не магло быць у гэты цяжкі, няшчасны дзень. Ні адзін з іх нават не дакрануўся рукою да фуражкі.

- Я знарок чакаў вас тут, Юрый Аляксеевіч, - сказаў Мікалаеў, пазіраючы кудысьці ўдалечыню, на лагер, цераз плячо Рамашова.

- Да вашых паслуг, Уладзімір Яфімыч, - адказаў Рамашоў з фальшывай развязнасцю, але дрыготкім голасам. Ён нагнуўся, сарваў леташнюю сухую карычневую былінку і стаў разгублена яе жаваць. У той жа час ён пільна прыглядаўся, як у гузіках на паліто Мікалаева адбівалася яго ўласная постаць, з вузкай, маленькай галавой і маленечкімі ножкамі, але да агіднасці шырокая ў баках.

- Я вас не затрымаю, мне толькі два словы, - сказаў Мікалаеў.

Ён гаварыў вельмі мякка, з падкрэсленай ветлівасцю гарачага і раззлаванага чалавека, які вырашыў быць стрыманым. Але паколькі размаўляць, пазбягаючы адзін аднаго вачмі, рабілася з кожнай хвілінай усё больш няёмка, дык Рамашоў прапанаваў запытальна:

- Дык пойдзем?

Пакручастая сцежка, пратаптаная пешаходамі, перасякала вялікае бураковае поле. Удалечыні відаць былі белыя домікі і чырвоныя чарапічныя дахі горада. Афіцэры пайшлі поруч, саступаючы адзін аднаму дарогу. Нейкі час абодва маўчалі. Нарэшце Мікалаеў гучна і глыбока, з прыкметнай цяжкасцю пераводзячы дыханне, загаварыў:

- Я перш за ўсё павінен паставіць пытанне: ці з належнай павагай ставіцеся вы да маёй жонкі... да Аляксандры Пятроўны?

- Я не разумею, Уладзімір Яфімавіч... - запярэчыў Рамашоў. - Я, са свайго боку, таксама павінен спытаць у вас...

- Дазвольце! - раптам загарачыўся Мікалаеў. - Будзем пытацца па чарзе, спачатку я, а потым вы. А іначай мы не дамовімся. Будзем гаварыць проста і шчыра. Адкажыце мне перш за ўсё: цікавіць вас хоць колькі-небудзь тое, што пра яе гавораць і разводзяць плёткі? Ну, адным словам... чорт!.. яе рэпутацыя? Не, не, чакайце, не перапыняйце мяне... Вы ж, спадзяюся, не будзеце адмаўляць таго, што вы ад яе і ад мяне не бачылі нічога, апрача дабра, і што вы былі ў нашым доме прыняты, як блізкі, свой чалавек, амаль як родны.

Рамашоў спатыкнуўся на рыхлай зямлі і прамармытаў засаромлена:

- Паверце, я заўсёды буду ўдзячны вам і Аляксандры Пятроўне...

- Ах, не, зусім не ў гэтым справа, зусім не ў гэтым. Я не шукаю вашай удзячнасці, - раззлаваўся Мікалаеў. - Я хачу сказаць толькі тое, што маю жонку закранула брудная, хлуслівая плётка, якая... ну, адным словам, якую... - Мікалаеў часта задыхаў і выцер хусцінкаю твар. - Ну, карацей кажучы, тут замешаны і вы. Мы абое - я і яна - мы атрымліваем ледзь не кожны дзень нейкія подлыя, нахабныя ананімныя пісьмы. Не буду вам іх паказваць... мне непрыемна гэта. І вось у гэтых пісьмах гаворыцца... - Мікалаеў сумеўся на хвіліну. - Ну, ды, чорт! - гаворыцца аб тым, што вы палюбоўнік Аляксандры Пятроўны і што... ух, якая подласць!.. Ну, і гэтак далей... што ў вас штодзённа адбываюцца нейкія патаемныя сустрэчы і быццам бы ўвесь полк пра гэтае ведае. Агіднасць!

Ён злосна заскрыгатаў зубамі і сплюнуў.

- Я ведаю, хто пісаў, - ціха сказаў Рамашоў, павярнуўшыся ўбок.

- Ведаеце?

Мікалаеў спыніўся і груба схапіў Рамашова за рукаў. Відаць было, што раптоўны выбух гневу адразу разбіў яго штучную стрыманасць. Яго бычыныя вочы зрабіліся вялікія, твар наліўся крывёю, у кутках губ выступіла густая сліна. Ён люта закрычаў, увесь схіляючыся наперад і набліжаючы свой твар да твару Рамашова:

- Дык як жа вы можаце маўчаць, калі ведаеце! У вашым становішчы абавязак кожнага больш-менш прыстойнага чалавека - заткнуць рот усякай погані. Чуеце вы... армейскі донжуан! Калі вы сумленны чалавек, а не якая-небудзь...

Рамашоў з нянавісцю паглядзеў у вочы Мікалаеву. Ногі і рукі ў яго раптам пацяжэлі, галава зрабілася лёгкая і нібы пустая, - а сэрца апала кудысьці глыбока ўніз і білася там магутнымі і балючымі штуршкамі, сатрасаючы ўсё цела.

- Я папрашу вас не крычаць на мяне, - глуха і працяжна вымавіў Рамашоў. - Гаварыце больш прыстойна, я не дазволю вам крычаць.

- Я зусім на вас і не крычу, - усё яшчэ груба, але сцішаючы тон, запярэчыў Мікалаеў. - Я вас толькі пераконваю, хоць маю права патрабаваць. Нашы ранейшыя адносіны даюць мне гэтае права. Калі вам хоць крышку дарагое чыстае, незаплямленае імя Аляксандры Пятроўны, дык вы павінны спыніць гэтае цкаванне.

- Добра, я зраблю ўсё, што магу, - суха адказаў Рамашоў.

Ён павярнуўся і сцежкаю пайшоў наперад. Мікалаеў адразу ж дагнаў яго.

- І потым... толькі вы, калі ласка, не злуйцеся... - загаварыў Мікалаеў больш мякка, з адценнем збянтэжанасці. - Калі мы пачалі ўжо гаварыць, дык лепш гаварыць усё да канца... Праўда?

- Так? - з запытаннем вымавіў Рамашоў.

- Вы самі бачылі, з якім пачуццём сімпатыі мы ставіліся да вас, гэта значыць, я і Аляксандра Пятроўна. І калі я цяпер вымушаны... Ах, ды вы самі ведаеце, што ў гэтым паршывым гарадку няма нічога больш страшнага за плёткі!

- Добра, - сумна адказаў Рамашоў. - Я перастану да вас хадзіць. Вы ж гэтага хацелі прасіць у мяне? Ну добра, я і сам вырашыў спыніць свае наведванні. Некалькі дзён таму назад я зайшоў усяго толькі на пяць хвілін, аддаць Аляксандры Пятроўне яе кнігі, і, шчыра кажу вам, гэта ў апошні раз.

- Так... дык вось... - сказаў няпэўна Мікалаеў і збянтэжана змоўк.

Афіцэры ў гэты час збочылі са сцежкі на шашу. Да горада заставалася яшчэ крокаў трыста, і паколькі гаварыць больш не было аб чым, дык абодва моўчкі ішлі поруч і не пазіралі адзін на аднаго. Ніводзін з іх не адважыўся - ні спыніцца, ні павярнуць назад. Становішча з кожнаю хвілінаю рабілася ўсё больш фальшывае і нацягнутае.

Нарэшце ля першых дамоў горада ім трапіўся насустрач рамізнік. Мікалаеў гукнуў яго.

- Так... дык вось... - зноў недарэчна вымавіў ён, звяртаючыся да Рамашова. - Такім чынам, да пабачэння, Юрый Аляксеевіч.

Яны не падалі адзін аднаму рук, а толькі дакрануліся да брылёў. Але калі Рамашоў глядзеў на белую моцную патыліцу Мікалаева, якая аддалялася ў клубах пылу, ён раптам адчуў сябе такім адзінокім, нібы ад яго жыцця толькі што адрэзалі самае вялікае, самае галоўнае.

Ён павольна пайшоў дахаты. Гайнан сустрэў яго на двары, яшчэ здалёку прыязна і весела скалячы зубы. Знімаючы з падпаручніка паліто, ён увесь час радасна ўсміхаўся і, як звычайна, прытанцоўваў на месцы.

- Твая не абедаў? - цікавіўся ён са спачувальнай фамільярнасцю. - Напэўна ж, галодны? Зараз пабяжу ў сход, прынясу табе абед.

- Прэч адсюль! - віскліва закрычаў на яго Рамашоў. - Прэч, прэч і не ўздумай заходзіць да мяне ў пакой. І, хто б ні пытаўся - мяне няма дома. Хоць бы сам гасудар імператар прыйшоў.

Ён лёг на пасцель і закрыў галаву падушкай, учапіўшыся ў яе зубамі. У яго гарэлі вочы, штосьці калючае, пабочнае раздзірала і ў той жа час сціскала горла, і хацелася плакаць. Ён прагна шукаў гэтых гарачых і прыемных слёз, гэтых доўгіх, горкіх рыданняў, якія прыносяць палёгку. І ён зноў і зноў свядома выклікаў у думках гэты дзень, згушчаючы сённяшнія крыўдныя і ганебныя здарэнні, уяўляючы самога сябе, нібы збоку, зняважаным, няшчасным і забытым усімі. Але слёзы не прыходзілі.

Потым здарылася штось дзіўнае. Рамашову здалося, што ён зусім не спаў, нават не задрамаў ні на хвіліну, а проста на працягу нейкага кароткага часу ляжаў без думак, заплюшчыўшы вочы. І раптам ён схамянуўся з ранейшым смуткам на душы. Але ў пакоі ўжо было цёмна. Выявілася, што ў гэтым стане разумовага здранцвення ён знаходзіўся больш пяці гадзін.

Яму захацелася есці. Ён устаў, прычапіў шашку, накінуў шынель на плечы і падаўся ў сход. Гэта было недалёка, ўсяго крокаў за дзвесце, і туды Рамашоў заўсёды хадзіў не з вуліцы, а праз чорны ход, нейкімі пусткамі, агародамі і пералазамі.

У сталовай, у більярднай і на кухні зырка гарэлі лямпы, і ад гэтага брудны, загрувашчаны двор афіцэрскага сходу выглядаў чорным, нібы залітым чарнілам. Вокны былі ўсюды расчынены насцеж. Чуваць былі гамонка, смех, песні, гулкія ўдары більярдных шароў. Рамашоў падняўся ўжо на задні ганак, але раптам спыніўся, пачуўшы ў сталовай раздражнёны і насмешлівы голас капітана Слівы. Акно было за два крокі, і, асцярожна зірнуўшы ў яго, Рамашоў угледзеў сутулаватую спіну свайго ротнага камандзіра.

- У-уся рота ідзе, як-к адзін ч-чалавек - аць! аць! аць! - гаварыў Сліва, плаўна ўзнімаючы і апускаючы працягнутую далонь, - а яно адно, быццам на смех - о! о! - як той казёл. - Ён мітусліва і брыдка тыцнуў некалькі разоў указальным пальцам угору. - Я яму я-сна сказаў б-без цырымоніі: ідзіце, п-паважаны, лепш у дру-гую роту. А лепш бы вам і зусім з п-палка пайсці. Які з вас к чорту афіцэр? Так, в-выклічнік нейкі, ды і толькі...

Рамашоў заплюшчыў вочы і ўцягнуў галаву ў плечы. Яму здавалася, што калі ён зараз зварухнецца, дык усе, хто быў у сталовай, заўважаць гэта і павысоўваюцца ў вокны. Гэтак прастаяў ён хвіліну ці дзве. Потым, стараючыся дыхаць як мага цішэй, згорбіўшыся, ён на дыбачках падаўся ўздоўж сцяны, прайшоў, усё паскараючы хаду, да варот, хуценька перабег цераз асветленую месяцам вуліцу і схаваўся ў густым ценю процілеглага плота.

Рамашоў доўга блукаў у гэты вечар па горадзе, трымаючыся ўвесь час цёмных бакоў і амаль не ўсведамляючы, па якіх вуліцах ён ідзе. Адзін раз ён спыніўся насупраць дома Мікалаевых, які быў добра відаць у святле месяца, холадна і дзіўна ззяючы сваім зялёным металічным дахам. Вуліца была зусім ціхая, бязлюдная і здавалася незнаёмай. Роўныя выразныя цені ад дамоў і плотаў рэзка дзялілі маставую напалам - адна палова была зусім чорная, а другая маслена бліскала гладкімі, круглымі камянямі.

За цёмна-чырвонымі шчыльнымі фіранкамі вялікай цёплай плямаю паблісквала святло лямпы. «Любая, няўжо не адчуваеш, як мне цяжка, як я пакутую, як я кахаю цябе!» - прашаптаў Рамашоў, робячы пакутлівы твар і моцна прыціскаючы абедзве рукі да грудзей.

Яму раптам прыйшло ў галаву прымусіць Шурачку, каб яна пачула і зразумела яго на адлегласці, праз сцены пакоя. Тады, сціснуўшы кулакі так моцна, што пад пазногцямі заныла ад болю, сцяўшы сутаргава сківіцы, з адчуваннем халодных дрыжыкаў па ўсім целе, ён стаў паўтараць сам сабе, страсна напружваючы ўсю сваю волю:

«Паглядзі ў акно... Падыдзі да фіранкі. Устань з канапы і падыдзі да фіранкі. Вызірні, вызірні, вызірні. Чуеш, я табе загадваю, зараз жа падыдзі да акна!»

Фіранкі заставаліся нерухомыя. «Ты не чуеш мяне! - з горкім папрокам прашаптаў Рамашоў. - Ты сядзіш цяпер з ім поруч, каля лямпы, спакойная, безуважная, прыгожая. Ах, божачка мой, божа, які я нешчаслівы!»

Ён уздыхнуў і стомленай хадою, нізка апусціўшы галаву, пабрыў далей.

Ён праходзіў і міма кватэры Назанскага, але там было цёмна. Рамашову, праўда, здалося, што нехта белы мільгаў па неасветленым пакоі каля вокан, але яго чамусьці апанаваў страх, і ён не адважыўся аклікнуць Назанскага.

Праз колькі дзён Рамашоў успомніў, як далёкі сон, гэтую фантастычную і недарэчную прагулку. Ён сам не мог бы сказаць, якім чынам апынуўся ён каля жыдоўскіх могілак. Яны знаходзіліся за гарадской рысай і падымаліся на гару, абгароджаныя нізкай белай сцяной, ціхія і таямнічыя. Са светлай соннай травы самотна тарчалі голыя, аднастайныя, халодныя камяні, якія кідалі на зямлю аднолькавыя тонкія цені. А над могілкамі маўкліва і строга панавала ўрачыстая зацішнасць.

Потым ён убачыў сябе на другім канцы горада. Мабыць, гэта і на самай справе было ў сне? Ён стаяў на сярэдзіне доўгай уезджанай, бліскучай плаціны, якая шырока перасякала Буг. Сонная вада густа і лянотна калыхалася ў яго пад нагамі, меладычна хлюпаючы аб бераг, а месяц адлюстроўваўся ў яе зыбкай паверхні дрыготкім слупом, і здавалася, што гэта мільёны сярэбраных рыбак плюхаюць па вадзе, адплываючы вузкай дарожкай к дальняму берагу, цёмнаму, маўкліваму і пустыннаму. І яшчэ запомніў Рамашоў, што ўсюды - і на вуліцах і за горадам - плыў за ім салодкі, пяшчотна-ліслівы водар кветак белай акацыі.

Дзіўныя думкі прыходзілі яму ў галаву ў гэтую ноч - адзінокія думкі, то самотныя, то страшныя, то дробязныя, па-дзіцячы смешныя. Часцей за ўсё яму, нібы нявопытнаму іграку, які прайграў за адзін вечар усё сваё багацце, раптам уяўляўся са спакуслівай выразнасцю, што зусім нічога не было непрыемнага, што прыгожы падпаручнік Рамашоў вельмі добра прайшоў у цырыманіяльным маршы перад генералам, заслужыў агульную пахвалу і што ён сам зараз сядзіць разам з таварышамі ў светлай сталовай афіцэрскага сходу і рагоча і п'е чырвонае віно. Але кожны раз гэтыя мары абрываліся ўспамінамі пра лаянку Федароўскага, пра з'едлівыя словы ротнага камандзіра, пра размову з Мікалаевым, і Рамашоў зноў адчуваў сябе непапраўна зганьбаваным і няшчасным.

Патаемны ўнутраны інстынкт прывёў яго на тое месца, дзе ён разышоўся сёння з Мікалаевым. Рамашоў у гэты час думаў пра самагубства, але думаў без рашучасці і без страху, з нейкім скрытым прыемна-самалюбным пачуццём. Звычайная, неўтаймаваная фантазія растварыла ўвесь жах гэтай думкі, упрыгожыўшы і расквеціўшы яе яркімі малюнкамі.

«Вось Гайнан выскачыў з пакоя Рамашова. Твар страшэнна спалоханы. Бледны ўлятае ў афіцэрскую сталовую, якая поўна людзей. Усе міжвольна ўстаюць са сваіх месц пры яго паяўленні. «Ваша высакароддзе... падпаручнік... застрэліўся!..» - з цяжкасцю вымаўляе Гайнан. Агульны пярэпалах. Твары бялеюць. Вочы поўны жаху. «Хто застрэліўся? Дзе? Які падпаручнік?» - «Панове, ды гэта ж дзяншчык Рамашова! - пазнае нехта Гайнана. - Гэта яго чараміс». Усе бягуць на кватэру, некаторыя без шапак. Рамашоў ляжыць на ложку. Лужа крыві на падлозе, і ў ёй валяецца рэвальвер Сміта і Весана, казённага ўзору... Праз натоўп афіцэраў, якія запоўнілі маленькі пакой, з цяжкасцю прабіраецца палкавы доктар Знайко. «У скроню! - вымаўляе ён ціха сярод агульнага маўчання. - Усё скончана». Нехта ціха гаворыць: «Панове, здыміце хоць шапкі!» Многія жагнаюцца. Веткін знаходзіць на стале запіску, цвёрда напісаную алоўкам, і чытае яе ўголас: «Дарую ўсім, паміраю па добрай волі, жыццё такое цяжкае і сумнае! Паведаміце як мага асцярожна маці пра маю смерць. Георгій Рамашоў». Усе пераглядаюцца, і ўсе чытаюць у вачах адзін аднаго адну і тую ж неспакойную, нявыказаную думку: «Гэта мы яго забойцы!»

Мерна пагойдваецца труна пад залатым парчовым пакрывалам на руках у васьмі таварышаў. Усе афіцэры ідуць следам. Ззаду іх - шостая рота. Капітан Сліва сурова хмурыцца. Лагодны твар Веткіна распух ад слёз, але цяпер, на вуліцы, ён стрымлівае сябе. Лбоў плача наўзрыд, не хаваючы і не саромеючыся свайго гора, - мілы, добры хлопец! Глыбокімі, цяжкімі рыданнямі лятуць у вясеннім паветры гукі пахавальнага маршу. Тут жа знаходзяцца і ўсе палкавыя дамы, і Шурачка. «Я яго цалавала! - думае яна ў роспачы. - Я яго кахала! Я магла б яго стрымаць, уратаваць!» «Вельмі позна!» - думае ў адказ ёй з горкай усмешкай Рамашоў.

Ціха размаўляюць паміж сабою афіцэры, якія ідуць за труною: «Эх, як шкада небаракі! А які ён быў добры таварыш, які цудоўны, здольны афіцэр!.. Так... не разумелі мы яго!» Яшчэ мацней рыдае пахавальны марш: гэта - музыка Бетховена «На смерць героя». А Рамашоў ляжыць у труне, нерухомы, халодны, з вечнай усмешкаю на вуснах. На грудзях у яго невялічкі букет фіялак - ніхто не ведае, чыя рука паклала гэтыя кветкі. Ён усім дараваў: і Шурачцы, і Сліву, і Федароўскаму, і карпусному камандзіру. Няхай жа не плачуць па ім. Ён быў занадта чысты і добры для гэтага жыцця! Яму будзе лепш там!

Слёзы наплылі на вочы, але Рамашоў не выціраў іх. Было так прыемна ўяўляць сябе нябожчыкам, несправядліва пакрыўджаным!

Ён ішоў цяпер уздоўж бураковага поля. Нізкае тоўстае бацвінне пярэсцілася пад нагамі белымі і чорнымі плямамі. Прастор поля, асветленага месяцам, нібы душыў Рамашова. Падпаручнік узышоў на невялікі земляны вал і спыніўся ля чыгуначнай выемкі.

Гэты бок быў увесь у чорным ценю, а на другі падала ярка-бледнае святло, і здавалася, што там можна было разгледзець кожную былінку. Выемка ішла ўніз, быццам цёмнае прадонне; на дне яго слаба бліскалі адпаліраваныя рэйкі. Далёка за выемкай бялелі сярод поля роўныя рады палатак.

Крышку ніжэй грэбеня выемкі, уздоўж палатна, ішла нешырокая прыступка. Рамашоў спусціўся да яе і сеў на траву. Ад голаду і стомленасці ён адчуваў, што яму робіцца моташна і слабнуць ногі. Вялікае пустыннае поле, унізе выемка - напалову ў ценю, напалову ў святле, цьмяна-празрыстае паветра, росная трава - усё было агорнута чуйнай, сцярожкай цішынёй, ад якой гулка шумела ў вушах. Толькі зрэдку на станцыі ўскрыквалі маняўровыя паравозы, і ў маўклівай гэтай дзівотнай ночы іх кароткія свісткі набывалі жывое, трывожнае і пагрозлівае гучанне.

Рамашоў лёг на спіну. Белыя, лёгкія воблакі стаялі нерухома, і над імі шпарка каціўся круглы месяц. Пуста, велічэзна і холадна было наверсе, і здавалася, што ўся прастора ад зямлі да неба запоўнена вечным жахам і вечнай журбой. «Там - бог!» - падумаў Рамашоў, і раптоўна, з наіўным парывам смутку, крыўды і жалю да самога сябе, ён загаварыў страсным і горкім шэптам:

- Бог! Чаму ты адвярнуўся ад мяне? Я маленькі, я кволы, я пясчынка, што я зрабіў табе благога, бог? Ты ж усё можаш, ты добры, ты ўсё бачыш, - чаму ж ты несправядлівы да мяне, бог?

Але яму зрабілася страшна, і ён горача зашаптаў:

- Не, не, добры, любы, даруй мне, даруй мне! Я не буду больш. - І ён дадаў з лагоднай пакорлівасцю: - Рабі са мною ўсё, што хочаш. Я ўсё выканаю з удзячнасцю.

Ён так гаварыў і ў той жа час у самых тайніках ягонай душы варушылася хітравата-нявінная думка, што яго цярплівая пакорлівасць расчуліць і кране ўсёвідушчага бога, і тады раптам здарыцца цуд, ад якога ўсё сённяшняе - цяжкае і непрыемнае - стане толькі благім сном.

«Дзе ты ту-ут?» - злосна і паспешна закрычаў паравоз.

А другі падхапіў нізкім тонам, працяжна і з пагрозай:

«Я - ва-ас!»

Штосьці зашурхацела і мільганула на тым баку выемкі, на самым версе асветленага адхону. Рамашоў прыўзняў галаву, каб лепей бачыць. Штосьці шэрае, бясформеннае, мала падобнае да чалавека, спускалася зверху ўніз, ледзьве адрозніваючыся ад колеру травы ў мутным святле месяца. Толькі па руху ценю ды па лёгкім шорхаце зямлі, што асыпалася, можна было ўсачыць за ім.

Вось яно перайшло цераз рэйкі. «Здаецца, салдат? - мільганула ў Рамашова трывожная здагадка. - Ва ўсякім разе, гэта чалавек. Але так дзіўна можа ісці толькі лунацік або п'яны. Хто гэта?»

Шэры чалавек пераступіў цераз рэйкі і ўвайшоў у цень. Цяпер стала зусім добра відаць, што гэта салдат. Ён павольна і нязграбна ўзбіраўся ўгору і на нейкі час знік з поля зроку Рамашова. Але прайшло дзве-тры хвіліны, і знізу стала павольна падымацца круглая стрыжаная галава без шапкі.

Мутнае святло падала на твар гэтага чалавека, і Рамашоў пазнаў левафланговага салдата сваёй паўроты - Хлебнікава. Ён ішоў з непакрытай галавой, трымаючы шапку ў руцэ, са змярцвелым позіркам, утаропленым кудысьці ўдалячынь. Здавалася, што ён рухаўся пад уздзеяннем нейкай чужой, унутранай, таямнічай сілы. Ён прайшоў так блізка каля афіцэра, што амаль зачапіў яго крысом свайго шыняля. У зрэнках ягоных вачэй яркімі, вострымі кропкамі адбівалася святло месяца.

- Хлебнікаў! Ты? - гукнуў яго Рамашоў.

- Ах! - ускрыкнуў салдат і раптам, спыніўшыся, увесь закалаціўся на адным месцы ад спалоху.

Рамашоў хутка ўстаў. Ён убачыў перад сабой мёртвы, змардаваны твар, з разбітымі, апухлымі, акрываўленымі губамі, з сіняком пад вокам. Пры начным святле сляды пабояў мелі злавесны выгляд. І, пазіраючы на Хлебнікава, Рамашоў падумаў: «Вось гэты самы чалавек разам са мною прынёс сёння няўдачу ўсяму палку. Мы аднолькава няшчасныя».

- Куды ты, галубок? Што гэта з табою? - ласкава спытаў Рамашоў і, сам не ведаючы чаму, паклаў абедзве рукі на плечы салдата.

Хлебнікаў паглядзеў на яго разгубленым, дзікім позіркам, але адразу ж адвярнуўся. Губы яго цмокнулі, павольна раскрыліся, і з іх сарвалася кароткае, незразумелае хрыпенне. Тупое, непрыемнае адчуванне, падобнае да таго, якое папярэднічае страце прытомнасці, падобнае да прыкрага козыту, цягуча заныла ў грудзях і ў жываце ў Рамашова.

- Цябе білі? Так? Ну, скажы ж. Так? Сядзь тут, сядзь са мною.

Ён пацягнуў Хлебнікава за рукаў уніз. Салдат, нібы складны манекен, неяк недарэчна-лёгка і паслухмяна паваліўся на мокрую траву, побач з падпаручнікам.

- Куды ты ішоў? - спытаў Рамашоў.

Хлебнікаў маўчаў, седзячы ў няёмкай паставе з ненатуральна выпрастанымі нагамі. Рамашоў бачыў, як яго галава павольна, ледзь прыкметнымі штуршкамі апускалася на грудзі. Зноў пачуўся падпаручніку кароткі хрыплы гук, і ў душы яго варухнуўся страшэнны жаль.

- Ты хацеў уцячы? Надзень жа шапку. Паслухай, Хлебнікаў, я цяпер табе не начальнік, я сам няшчасны, адзінокі, прыбіты чалавек. Табе цяжка? Балюча? Пагавары ж са мною шчыра. Можа, ты хацеў забіць сябе? - дапытваўся Рамашоў бязладным шэптам.

Нешта цмокнула і забурчала ў горле ў Хлебнікава, але ён па-ранейшаму маўчаў. У той жа час Рамашоў прыкмеціў, што салдат увесь калоціцца: дрыжала ў яго галава, дрыжалі з ціхім пошчакам сківіцы. На якую хвіліну афіцэру зрабілася страшна. Гэтая неспакойная ліхаманкавая ноч, пачуццё адзіноты, роўнае, матавае, нежывое святло месяца, чорная глыбіня выемкі пад нагамі, і побач з ім маўклівы, ашалелы ад пабояў салдат - усё, усё ўяўлялася яму нейкім недарэчным, пакутлівым сном, накшталт тых сноў, якія, мусіць, будуць сніцца людзям у самыя апошнія дні свету. Але раптам прыліў цёплай, шчырай, бязмежнай спагады ахапіў яго душу. І, адчуваючы сябе дарослым і разумным у параўнанні з гэтым забітым, зацкаваным чалавекам, ён пяшчотна і моцна абняў Хлебнікава за шыю, прытуліў да сябе і загаварыў горача, з палкай пераканаўчасцю:

- Хлебнікаў, табе блага? І мне нядобра, галубок, мне таксама нядобра, павер мне. Я нічога не разумею з таго, што робіцца на свеце. Усё - нейкае дзікае, бязглуздае, жорсткае глупства! Але трэба цярпець, шаноўны мой, трэба цярпець... Гэта трэба.

- Не магу болей... - бязладна лепятаў Хлебнікаў, - не магу я, пан, болей... Ох, божачка... Б'юць, смяюцца... узводны грошай просіць, аддзяленны крычыць... Дзе ўзяць? Жывот у мяне надарваны... яшчэ хлапчуком надарваў... Кіла ў мяне, пан... Ох, божачка, божачка!

Рамашоў нізка схіліўся над галавой, якая непрытомна білася ў яго на каленях. Ён пачуў пах бруднага, хворага цела і нямытых валасоў і пракіслы пах шыняля, якім укрываліся ў часе сну. Бясконцы смутак, жах і глыбокая, вінаватая жаласлівасць перапоўнілі сэрца афіцэра і да болю сціснулі яго. І, ціха схіляючыся да стрыжанай, калючай, бруднай галавы, ён прашаптаў ледзь чутно:

- Брат мой!

Хлебнікаў схапіў руку афіцэра, і Рамашоў адчуў на ёй разам з цёплымі кроплямі слёз халодны і ліпучы дотык чужых губ. Але ён не аднімаў сваёй рукі і гаварыў простыя, чуллівыя, супакойлівыя словы, якія гаворыць дарослы пакрыўджанаму дзіцяці.

Потым ён сам адвёў Хлебнікава ў лагер. Давялося выклікаць дзяжурнага па роце унтэр-афіцэра Шапаваленку. Той выйшаў у адной сподняй бялізне, пазяхаючы, жмурачыся і чухаючы сабе то спіну, то жывот.

Рамашоў загадаў яму неадкладна паставіць замест Хлебнікава другога днявальнага. Шапаваленка спрабаваў быў пярэчыць:

- Так што, ваша благароддзе, ім яшчэ не дайшла змена!..

- Не размаўляць! - крыкнуў на яго Рамашоў. - Скажаш заўтра ротнаму камандзіру, што я так загадаў. Дык ты прыйдзеш заўтра да мяне? - спытаў ён у Хлебнікава, і той моўчкі адказаў яму нясмелым, удзячным позіркам.

Павольна клыпаў Рамашоў уздоўж лагера, вяртаючыся дахаты. Шэпт у адной з палатак прымусіў яго спыніцца і прыслухацца. Нехта ціхім нудным цягучым голасам расказваў казку:

- Во-ось пасылае той самы чорт да таго салдата самага свайго галоўнага чараўніка. Вось прыходзіць чараўнік і кажа: «Салдат, чуеш, салдат, я цябе з'ем!» А салдат яму адказвае: «Ні, ты мяне не можаш з'есці, бо я і сам чараўнік!»

Рамашоў зноў падышоў да выемкі. Пачуццё недарэчнасці, бязладнасці і незразумеласці жыцця прыгнятала яго. Спыніўшыся на адхоне, ён узняў вочы ўгору, к небу. Там па-ранейшаму была халодная прастора і бясконцы жах. І амаль нечакана для самога сябе, узняўшы кулакі над галавою, Рамашоў страшэнна закрычаў:

- Ты! Стары хлус! Калі ты што-небудзь можаш, дык... ну вось: зрабі так, каб я зараз зламаў сабе нагу.

Ён стрымгалоў, заплюшчыўшы вочы, кінуўся ўніз са стромкага адхону, двума скачкамі перамахнуў цераз рэйкі і, не прыпыняючыся, адным духам узляцеў наверх. Ноздры ў яго надзьмуліся, грудзі парывіста дыхалі. Але ў душы раптоўна ўспыхнула гордая, смелая і злая адвага.

 

XVII

 

З гэтае ночы ў Рамашова адбыўся глыбокі душэўны пералом. Ён пачаў адасабляцца ад кампаніі афіцэраў, абедаў большаю часткаю дома, зусім не хадзіў на танцавальныя вечары ў сход і перастаў піць. Ён як бы пасталеў і пасур'ёзнеў за апошнія дні і сам заўважыў гэта па тым сумным і роўным спакоі, з якім ён цяпер ставіўся да людзей і з'яў. З гэтае прычыны прыгадваліся яму даўным-даўно чутыя або чытаныя ім смешныя словы, што чалавечае жыццё падзяляецца на нейкія «люстры» - у кожным люстры па сем гадоў - і што на працягу аднаго люстра зусім мяняецца ў чалавека састаў яго крыві і цела, яго думкі, пачуцці і характар. А Рамашову нядаўна скончыўся дваццаць першы год.

Салдат Хлебнікаў зайшоў да яго, але толькі пасля другога напамінку. Потым ён стаў заходзіць часцей.

Першы час ён нагадваў галоднага, паршывага, шмат разоў бітага сабаку, які палахліва адскокваў ад рукі, працягнутай з ласкаю. Але ўвага і ласка афіцэра пакрысе сагрэлі яго сэрца. Са шчырай і вінаватай спагадаю даведаўся Рамашоў пра падрабязнасці яго жыцця. Дома - маці з п'яніцам-бацькам, з паўідыётам-сынам і з чатырма малымі дзяўчаткамі; зямлю ў іх сілаю і несправядліва адабрала грамада; усе туляцца дзесьці ў вымарачнай хаціне з ласкі той жа самай грамады; старэйшыя працуюць у чужых людзей, малодшыя ходзяць жабраваць. Грошай з дому Хлебнікаў не атрымлівае, а на вольныя работы яго не бяруць, бо ён вельмі нядужы. Без грошай жа, нават самых малых, цяжка жыць у салдатах: няма ні гарбаты, ні цукру, няма на што купіць нават мыла, час ад часу трэба частаваць узводнага і аддзяленнага гарэлкай у салдацкім буфеце, усё салдацкае жалаванне - дваццаць дзве з паловай капейкі ў месяц - ідзе на падарункі гэтаму начальству. Б'юць яго кожны дзень, смяюцца з яго, здзекуюцца, пасылаюць без чаргі на самыя цяжкія і непрыемныя работы.

Са здзіўленнем, смуткам і жахам пачынаў Рамашоў разумець, што лёс штодзённа і цесна сутыкае яго з сотнямі гэтых шэрых Хлебнікавых, з якіх кожны хварэе на сваё гора і радуецца са сваіх радасцей, але што ўсе яны абязлічаны і прыціснуты ўласным невуцтвам, агульным рабствам, начальніцкай абыякавасцю, дэспатызмам і гвалтам. І страшней за ўсё была думка, што ні адзін з афіцэраў, як да гэтага часу і сам Рамашоў, нават і не падазрае, што шэрыя Хлебнікавы з іх аднастайна пакорлівымі і бяздумнымі тварамі - на самай справе жывыя людзі, а не механічныя велічыні, якія называюцца ротай, батальёнам, палком...

Рамашоў тое-сёе зрабіў для Хлебнікава, каб хоць крышку даць яму зарабіць. У роце заўважылі гэта незвычайнае апякунства афіцэра над салдатам. Часта Рамашоў прыкмячаў, што ў яго прысутнасці унтэр-афіцэры звярталіся да Хлебнікава з пераўвялічанай насмешлівай ветлівасцю і размаўлялі з ім знарок саладжавымі галасамі. Здаецца, пра гэта ведаў і капітан Сліва. Ва ўсякім разе ён часта бурчаў, звяртаючыся ў прастору:

- Во-ось вам, калі ласка. Лібералы п-пайшлі. Разбэшчваюць роту. Іх л-лупцаваць, нягоднікаў, трэба, а яны с-сюсюкаюць з імі.

Цяпер, калі ў Рамашова аставалася больш свабоды і спакою, усё часцей і часцей прыходзілі яму ў галаву непрывычныя, дзіўныя і складаныя думкі, накшталт тых, якія гэтак узрушылі яго месяц таму назад, у дзень яго арышту. Здаралася гэта звычайна пасля службы, адвячоркам, калі ён ціха хадзіў па садзе пад густымі соннымі дрэвамі і, адзінокі, самотны, прыслухоўваўся да гудзення вячэрніх жукоў і пазіраў на спакойнае ружовае неба.

Гэтае новае ўнутранае жыццё здзіўляла яго сваёй разнастайнасцю. Раней ён і не падазраваў, якія радасці, якая сіла і якая глыбокая цікавасць хаваюцца ў такой простай, звычайнай рэчы, як чалавечая думка.

Ён цяпер ужо ведаў пэўна, што не застанецца служыць у арміі і адразу пойдзе ў запас, як толькі мінуць тры абавязковыя гады, якія яму трэба было адбыць за навучанне ў ваенным вучылішчы. Але ён ніяк не мог сабе ўявіць, што ён будзе рабіць, як толькі стане цывільны. Ён перабіраў па чарзе: акцыз, чыгунку, камерцыю, думаў быць аканомам, паступіць у дэпартамент. І тут упершыню ён са здзіўленнем уявіў сабе ўсю разнастайнасць заняткаў і прафесій, якім аддаюцца людзі. «Адкуль бяруцца, - думаў ён, - розныя смешныя, недарэчныя, жахлівыя і брудныя спецыяльнасці? Якім, напрыклад, шляхам выпрацоўвае жыццё турэмшчыкаў, акрабатаў, мазольных аператараў, катаў, залатароў, сабачых цырульнікаў, жандараў, фокуснікаў, прастытутак, лазеншчыкаў, канавалаў, далакопаў, педаляў? Ці, можа, няма ніводнай нават самай пустой, выпадковай, капрызнай, гвалтоўнай або распуснай чалавечай выдумкі, якая не знайшла б адразу выканаўцы і слугі?»

Гэтак жа здзіўляла яго, - калі ён задумваўся глыбей, - тое, што вялізная большасць інтэлігентных прафесій заснавана выключна на недавер'і да чалавечай сумленнасці і такім чынам абслугоўвае чалавечыя заганы і недахопы. Іначай навошта патрэбны былі б усюды канторшчыкі, бухгалтары, чыноўнікі, паліцыя, таможня, кантралёры, інспектары і наглядчыкі, - каб чалавецтва было дасканалае?

Ён думаў таксама пра святароў, дактароў, настаўнікаў, адвакатаў і суддзяў - пра ўсіх гэтых людзей, якім, па характары іх заняткаў, даводзіцца заўжды мець дачыненне да думак, пакут і душ іншых людзей. І Рамашоў з недаўменнем прыходзіў да вываду, што людзі гэтай катэгорыі хутчэй за іншых чарсцвеюць і загрузаюць у халоднай і мёртвай фармалістыцы, у прывычнай і ганебнай раўнадушнасці. Ён ведаў, што існуе і яшчэ адна катэгорыя - арганізатараў знешняга, зямнога дабрабыту: інжынеры, архітэктары, вынаходцы, фабрыканты, заводчыкі. Але яны, якія маглі б агульнымі намаганнямі зрабіць чалавечае жыццё вельмі прыгожым і радасным, - яны служаць толькі багаццю. Над усімі імі пануе страх за сваю шкуру, жывёльная любоў да сваіх малых і да свайго логава, боязь жыцця і адсюль страшэнная цяга да грошай. Хто ж, нарэшце, наладзіць жыццё забітага Хлебнікава, накорміць, навучыць яго і скажа яму: «Дай мне тваю руку, брат»?

Такім чынам, Рамашоў няўпэўнена, дужа марудна, але ўсё глыбей і глыбей задумваўся над жыццёвымі з'явамі. Раней усё здавалася такое простае. Свет падзяляўся на дзве няроўныя часткі: адна - меншая - афіцэрства, якое акружаюць пашана, сіла, улада, чароўны гонар мундзіра і разам з мундзірам чамусьці і патэнтованая храбрасць, і фізічная сіла, і фанабэрыстая гордасць; другая - вялізная і безаблічная - цывільныя ці шпакі, штафіркі і рабчыкі; імі пагарджалі; лічылася за маладзецтва злаяць або пабіць без усякай на тое прычыны цывільнага чалавека, патушыць аб яго нос запаленую папяросу, насунуць яму на вушы цыліндр; пра такія подзвігі яшчэ ў вучылішчы расказвалі адзін аднаму з захапленнем жаўтаротыя юнкеры. І вось цяпер, як бы адыходзячы ў бок ад рэчаіснасці, пазіраючы на яе аднекуль, нібы з патаемнага кутка, са шчыліны, Рамашоў пачынаў пакрысе разумець, што ўся ваенная служба з яе ўяўнай доблесцю створана жорсткім, ганебным агульначалавечым непаразуменнем. «Якім чынам можа існаваць саслоўе, - дапытваўся сам у сябе Рамашоў, - якое ў мірны час, не прыносячы ніводнай кропелькі карысці, есць чужы хлеб і чужое мяса, апранаецца ў чужыя адзежы, жыве ў чужых дамах, а ў ваенны час ідзе бяздумна забіваць і калечыць гэткіх жа людзей, як яны самі? «

І ўсё больш яснай рабілася для яго думка, што існуюць толькі тры гордыя прызванні чалавека: навука, мастацтва і вольная фізічная праца. З новай сілай узгарэліся мары аб літаратурнай працы. Іншы раз, калі яму даводзілася чытаць добрую кнігу, прасякнутую сапраўдным натхненнем, ён пакутліва думаў: «Божачка мой, гэта ж так проста, я сам гэтак думаў і адчуваў. І я мог бы зрабіць тое ж самае!» Яго цягнула напісаць аповесць або вялікі раман, канвою да якога былі б жах і сум ваеннага жыцця. У галаве ўсё ішло найлепшым чынам, - карціны атрымліваліся яркія, фігуры жывыя, фабула развівалася і ўкладвалася ў мудрагеліста-правільны ўзор, і было незвычайна весела і цікава думаць пра гэта. Але калі ён пачынаў пісаць, выходзіла бледна, па-дзіцячы вяла, нязграбна, напышліва або шаблонна. Пакуль ён пісаў - з запалам і хутка, - ён сам не заўважаў гэтых недахопаў, але варта яму было побач са сваімі старонкамі прачытаць маленькі ўрывак з вялікіх расейскіх майстроў, як яго апаноўвала бяссільная роспач, сорам і пагарда да свайго мастацтва.

З такімі думкамі ён часта блукаў цяпер па горадзе ў цёплыя ночы канца мая. Непрыкметна для самога сябе ён выбіраў усё адну і тую ж дарогу - ад жыдоўскіх могілак да плаціны і потым да чыгуначнага насыпу. Часамі бывала, што, захоплены гэтай новай для яго страснай галаўной працай, ён не заўважаў пройдзенага шляху, і раптам спахапіўшыся і нібы прачынаючыся, ён са здзіўленнем бачыў, што знаходзіцца на другім канцы горада.

І кожную ноч ён праходзіў міма вокан Шурачкі, праходзіў па другім баку вуліцы, крадучыся, стрымліваючы дыханне, з трапяткім сэрцам, адчуваючы сябе так, нібыта ён робіць нейкую тайную, ганебную зладзейскую справу. Калі ў гасцінай у Мікалаевых тушылі лямпу і цьмяна бліскалі ад месяца чорныя шыбы вокан, ён прытойваўся каля плота, моцна прыціскаў да грудзей рукі і гаварыў умольным шэптам:

- Спі, мая чароўная, спі, шчасце маё. Я - побач, я сцерагу цябе!

У гэтыя хвіліны ён адчуваў у сябе на вачах слёзы, але ў душы ў яго разам з пяшчотаю, з замілаваннем і з самаахвярнай адданасцю варочалася сляпая, жывёльная рэўнасць дарослага самца.

Аднойчы Мікалаеў быў запрошаны да камандзіра палка на вінт. Рамашоў ведаў пра гэта. Уночы, ідучы па вуліцы, ён пачуў за нечым плотам, з кветніка, моцны і востры пах нарцысаў. Ён пераскочыў цераз плот і ў цемры нарваў з градкі, перапэцкаўшы рукі ў сырой зямлі, цэлы ахапак гэтых белых, пяшчотных, мокрых кветак.

Акно ў Шураччынай спальні было расчынена; яно выходзіла ў двор і не было асветлена. Са смеласцю, якой ён сам ад сябе не чакаў, Рамашоў праслізнуў у скрыпучыя варотцы, падышоў да сцяны і кінуў кветкі ў акно. Нішто не зварухнулася ў пакоі. Хвіліны тры Рамашоў стаяў і чакаў, і стук яго сэрца разлягаўся па ўсёй вуліцы. Потым, уцягнуўшы галаву ў плечы і чырванеючы ад сораму, ён на дыбачках выйшаў на вуліцу.

На другі дзень ён атрымаў ад Шурачкі кароткую сярдзітую запіску:

«Не смейце ніколі больш гэтага рабіць. Пяшчоты ў гусце Рамэо і Джульеты смешныя, асабліва калі яны маюць месца ў пяхотным армейскім палку».

Удзень Рамашоў стараўся хоць здаля ўбачыць яе на вуліцы, але гэтага чамусьці не выпадала яму. Часта, угледзеўшы здалёку жанчыну, якая постаццю, паходкай, капялюшыкам нагадвала яму Шурачку, ён бег за ёй з трапяткім сэрцам, з затоеным дыханнем, адчуваючы, як у яго рукі ад хвалявання робяцца халодныя і вільготныя. І кожны раз, заўважаючы сваю памылку, ён адчуваў у душы смутак, адзіноту і нейкую мёртвую пустэчу.

 

XVIII

 

У самым канцы мая ў роце капітана Асадчага павесіўся малады салдат, і, па дзіўным збегу абставін, павесіўся ў той жа самы дзень, у які летась здарыўся ў гэтай роце такі ж выпадак. Калі яго ўскрывалі, Рамашоў быў за памочніка дзяжурнага па палку і нехаця вымушаны быў прысутнічаць пры ўскрыцці. Салдат яшчэ не пачаў гнісці. Рамашоў чуў, як з яго разрэзанага цела ішоў густы пах сырога мяса, нібы ад туш, якія выстаўляюць пры ўваходзе ў мясныя лаўкі. Ён бачыў яго шэрыя і сінія аслізлыя глянцавітыя вантробы, бачыў змесціва яго страўніка, бачыў яго мазгі - шэра-жоўтыя, усе ў звілінах, якія ўздрыгвалі на стале ад крокаў, нібы жэле, выкінутае з формы. Усё гэта было новае, страшнае і агіднае і ў той жа час напаўняла яго нейкай грэблівай непавагай да чалавека.

Зрэдку, час ад часу, у палку надыходзілі дні нейкай агульнай, павальнай, брыдкай папойкі. Магчыма, гэта здаралася ў тыя страшныя моманты, калі людзі, выпадкова паміж сабою звязаныя, але ўсе разам асуджаныя на сумную бяздзейнасць і бяздумную жорсткасць, раптам пачыналі заўважаць адзін у аднаго, там, далёка, у заблытанай і прыгнечанай свядомасці, нейкую таямнічую іскру жаху, смутку і безразважнасці. І тады спакойнае, сытае, як у племянных быкоў, жыццё як бы пакідала сваё звычайнае рэчышча.

Так здарылася і пасля гэтага самагубства. Першы пачаў Асадчы. Якраз падышло некалькі святочных дзён запар, і ён у часе іх вёў у сходзе страшэнную гульню і дужа многа піў. Дзіўна: магутная воля гэтага вялікага, моцнага і драпежнага, як звер, чалавека ўцягнула за сабою ўвесь полк у нейкую вірлівую бездань, і ўвесь час гэтай стыхійнай, шалёнай папойкі Асадчы з цынізмам, з нахабным выклікам, быццам бы шукаючы адпору і пярэчання, лаяў брыдкімі словамі імя самазабойцы.

Было шэсць гадзін вечара. Рамашоў сядзеў з нагамі на падаконніку і ціха насвістваў вальс з «Фаўста». У садзе крычалі вераб'і і трашчалі сарокі. Вечар яшчэ не настаў, але паміж дрэвамі ўжо блукалі лёгкія задумлівыя цені.

Раптам ля ганка яго дома чыйсьці голас заспяваў гучна, з натхненнем, але фальшыва:

 

          Коні шалеюць і цуглямі звоняць,

          Пеняцца, рвуцца, хрыпя-а-аць...

 

З грукатам расчыніліся абедзве ўваходныя дзверы, і ў пакой уваліўся Веткін. З цяжкасцю стрымліваючы раўнавагу, ён спяваў далей:

 

          Пані, паненкі ўслед гэтай калоне

          Вельмі ўжо сумна глядзяць.

 

Ён быў п'яны, цяжка, чадна, з учарашняга. Павекі ад бяссоннай ночы ў яго пачырванелі і апухлі. Шапка з'ехала на патыліцу. Вусы, яшчэ мокрыя, пацямнелі і звісалі ўніз дзвюма густымі сусолкамі, нібы ў маржа.

- Р-рамуальд! Анахарэт сірыйскі, дай я цябе пацалую! - закрычаў ён на ўвесь пакой. - Ну, чаго ты кіснеш? Пойдзем, дружа. Там весела: гуляюць, спяваюць. Пойдзем!

Ён моцна і працягла пацалаваў Рамашова ў губы, намачыўшы яго твар сваімі вусамі.

- Ну, хопіць, хопіць, Павел Паўлавіч, - слаба супраціўляўся Рамашоў, - навошта цялячыя пяшчоты?

- Дружа, руку тваю! Інстытутка. Люблю ў цябе былыя пакуты і маладосць мінулую маю. Зараз Асадчы такую вечную памяць вывеў, што шыбы забрынчалі. Рамашэвіч, люблю я, браток, цябе! Дай я цябе пацалую, па-сапраўднаму, па-расейску, у самыя губы.

Рамашову быў агідны апухлы твар Веткіна з ашклянелымі вачамі, быў непрыемны пах, які ішоў з яго рота, дотык яго мокрых губ і вусоў. Але ён заўсёды быў у гэтых выпадках безабаронны і цяпер толькі фальшыва і вяла ўсміхаўся.

- Чакай, чаго я да цябе прыйшоў?.. - крычаў Веткін, ікаючы і хістаючыся. - Нешта было важнае... А, вось чаго. Ну, брат, і выставіў жа я Бабяцінскага. Разумееш - усё дарэшты, да апошняй капейкі. Дайшло да таго, што ён прасіў гуляць на запіс. Ну, я ўжо тут яму кажу: «Не, бацечка, гэта атандэ, ці не хочаце чаго-небудзь мякчэйшага?» Тады ён ставіць рэвальвер. На вось, Рамашэнка, паглядзі. - Веткін выняў са штаноў, вывернуўшы пры гэтым кішэню вонкі, маленькі зграбны рэвальвер у шэрым замшавым чахле. - Гэта, брат, сістэмы Мервіна. Я пытаюся: «На колькі ставіш?» - «Дваццаць пяць». - «Дзесяць!» - «Пятнаццаць». - «Ну, ліха з табой!» Паставіў ён рубель у колер і ў масць у круглую. Бац, бац, бац, бац! На пятым абцугу я яго даму - чык! До-обры дзень, сто гусей! За ім яшчэ нешта асталося. Цудоўны рэвальвер і набоі да яго. На табе, Рамашэвіч. У знак памяці і дружбы нашай даю табе мой новы рэвальвер, і ты глядзі, заўсёды памятай, які Веткін - храбры афіцэр. На! Гэта вершы.

- Навошта гэта, Павел Паўлавіч? Схавайце.

- Што, ты думаеш, дрэнны рэвальвер? Слана можна забіць. Чакай, мы зараз паспрабуем. Дзе ў цябе знаходзіцца твой раб? Я пайду, спытаю ў яго якую-небудзь дошку. Эй, р-р-раб! Зброяносец!

Няпэўным крокам ён выйшаў у сенцы, дзе звычайна сядзеў Гайнан, пакорпаўся там крыху і праз хвіліну вярнуўся, трымаючы пад правым локцем за галаву бюст Пушкіна.

- Навошта, Павел Паўлавіч, не трэба, - адгаворваў яго Рамашоў.

- Э, глупства! Нейкі шпак. Вось мы яго зараз паставім на зэдлік. Стой смірна, шэльма! - пагразіў Веткін пальцам на бюст. - Чуеш? Я табе зараз!

Ён адышоў убок, прысланіўся да падаконніка побач з Рамашовым і ўзвёў курок. Але пры гэтым ён недарэчна, такімі п'янымі рукамі размахваў рэвальверам у паветры, што Рамашоў толькі спалохана моршчыўся і часта моргаў вачмі, чакаючы неасцярожнага стрэлу.

Адлегласць была не болей васьмі крокаў. Веткін доўга цэліўся, круцячы дулам у розныя бакі. Нарэшце ён стрэліў, і на бюсце, на правай шчацэ, паявілася вялікая няроўная чорная дзірка. У вушах у Рамашова зазвінела ад выстралу.

- Ці бачыў ты? - закрычаў Веткін. - Ну, дык вось, на табе, беражы на ўспамін і памятай маю любоў. А цяпер надзявай кіцель і гайда ў сход. Кульнём за славу расейскай зброі.

- Павел Паўлавіч, сапраўды, не варта, сапраўды, лепш не трэба, - упрошваў яго Рамашоў.

Але ён не змог адмовіцца: не знаходзіў для гэтага ні рашучых слоў, ні моцных інтанацый у голасе. І, лаячы сябе ў думках за бязвольнасць, ён неахвотна паклыпаў за Веткіным, які няцвёрда, зігзагамі ішоў уздоўж агародных градак, па гурках і па капусце.

Гэта быў бязладны, шумны, чадны - сапраўды шалёны вечар. Спачатку пілі ў сходзе, потым паехалі на вакзал піць глінтвейн, зноў вярнуліся ў сход. Спачатку Рамашоў саромеўся, крыўдаваў на самога сябе за падатлівасць і перажываў тое нуднае пачуццё гідлівасці і няёмкасці, якое адчувае кожны новы чалавек у кампаніі п'яных. Смех здаваўся яму нейкі ненатуральны, жарты - тупыя, спевы - фальшывыя. Але чырвонае гарачае віно, выпітае ім на вакзале, раптам закруціла яму галаву і напоўніла яе шумнай і нейкай сутаргавай весялосцю. Перад вачмі стаяла шэрая заслона з мільёнаў трапяткіх пясчынак, і ўсё стала зручнае, смешнае і зразумелае.

Гадзіна за гадзінай прабягалі, як хвіліны, і толькі таму, што ў сталовай запалілі лямпы, Рамашоў цьмяна зразумеў, што мінула шмат часу і настала ноч.

- Панове, паедзем да дзяўчатак? - прапанаваў нехта. - Паедзем усе да Шлейфершы.

- Да Шлейфершы, да Шлейфершы. Ура!

І ўсе замітусіліся, загрукалі крэсламі, засмяяліся. У гэты вечар усё рабілася неяк само па сабе. Ля варот сходу ўжо стаялі параконныя фаэтоны, але ніхто не ведаў, адкуль яны ўзяліся. У свядомасці Рамашова ўжо даўно паявіліся чорныя сонныя правалы, якія чаргаваліся з хвілінамі асабліва яснага абвостранага разумення. Ён раптам убачыў сябе ў экіпажы побач з Веткіным. Наперадзе на лаўцы сядзеў нехта трэці, але твару яго Рамашоў ніяк не мог уночы разгледзець, хоць і нахіляўся да яго, бяссільна матляючыся тулавам улева і ўправа. Твар гэты здаваўся цёмным і то зморшчваўся ў кулачок, то расцягваўся ў касым напрамку і быў вельмі знаёмы. Рамашоў раптам засмяяўся і сам як бы збоку пачуў свой тупы, драўляны смех.

- Хлусіш, Веткін, я ведаю, браце, куды мы едзем, - сказаў ён з п'янай хітрасцю. - Ты, браце, мяне вязеш да жанчын. Я, браце, ведаю.

Іх перагнаў, аглушальна грукаючы па бруку, другі экіпаж. Шпарка і бязладна прамільгнулі ў святле ліхтароў гнядыя коні, якія імчаліся нястройным кар'ерам, фурман, які шалёна круціў над галавой пугай, і чатыры афіцэры, што з крыкам і свістам хісталіся на сваіх сядзеннях.

Свядомасць на хвіліну з незвычайнай выразнасцю і дакладнасцю вярнулася да Рамашова. Так, вось ён едзе ў тое месца, дзе некалькі жанчын аддаюць каму хочаш сваё цела, свае ласкі і вялікую таямніцу свайго кахання. За грошы? На хвіліну? Ах, ці не ўсё роўна! Жанчыны! Жанчыны! - крычаў усярэдзіне Рамашова нейкі дзікі і салодкі нецярплівы голас. Прымешвалася да яго, як далёкі, ледзь чутны гук, думка аб Шурачцы, але ў гэтым супадзенні не было нічога нізкага, абразлівага, а, наадварот, было штосьці радаснае, усхваляванае, ад чаго ціха і прыемна казытала ў сэрцы.

Вось ён зараз прыедзе да іх, яшчэ не вядомых, яшчэ ні разу не бачаных, да гэтых дзівотных, таямнічых, прывабных істот - да жанчын! І запаветная мара адразу стане яваю, і ён будзе глядзець на іх, браць іх за рукі, слухаць іх пяшчотны смех і песні, і гэта будзе незразумелая, але радасная ўцеха ў той палкай празе, з якою ён імкнецца да адзінай жанчыны ў свеце, да яе, да Шурачкі! Але ў думках у яго не было ніякай канкрэтна пажадлівай мэты, - яго, якога выраклася адна жанчына, уладна, стыхійна цягнула ў сферу гэтага непрыкрытага, спрошчанага кахання, як цягне ў халодную ноч на агонь маяка стомленых і азяблых пералётных птушак. І больш нічога.

Коні павярнулі направа. Адразу сціх грукат колаў і брынчанне гаек. Экіпаж моцна і мякка загайдаўся на каляінах і выбоінах, крута спускаючыся з гары. Рамашоў расплюшчыў вочы. Глыбока ўнізе ў яго пад нагамі шырока і ў беспарадку раскінуліся маленькія агеньчыкі. Яны то знікалі за дрэвамі і нябачнымі дамамі, то зноў паяўляліся, і здавалася, што там, у нізіне, блукае вялікі бязладны натоўп, нейкая фантастычная працэсія з паходнямі ў руках. На імгненне аднекуль павеяла цяплом і пахам палыну, вялікая цёмная галіна зашурхацела па галовах, і адразу ж пацягнула вільготным халадком, нібы дыханнем старога склепа.

- Куды мы едзем? - зноў спытаў Рамашоў.

- У Завалле! - крыкнуў той, што сядзеў наперадзе, і Рамашоў са здзіўленнем падумаў: «Ах, так, гэта ж паручнік Епіфанаў. Мы едзем да Шлейфершы».

- Няўжо вы ні разу не былі? - пацікавіўся Веткін.

- Ідзіце вы абодва к д'яблу! - крыкнуў Рамашоў.

Але Епіфанаў смяяўся і гаварыў:

- Паслухайце, Юрый Аляксеевіч, хочаце, мы шапнём, што вы першы раз у жыцці? А? Ну, мілы, ну, галубок. Яны гэта любяць. Чаму б вам так не зрабіць?

Зноў свядомасць Рамашова завалаклася густым, непраглядным моракам. Адразу, быццам бы без усякага перапынку, ён убачыў сябе ў вялікай зале з паркетнай падлогай і з венскімі крэсламі ўздоўж усіх сцен. Над уваходнымі дзвярамі і над трыма другімі дзвярамі, якія вялі ў змрочныя каморкі, віселі доўгія паркалёвыя парцьеры, чырвоныя, у жоўтых букетах. Гэткія ж фіранкі слаба надзімаліся і гайдаліся над вокнамі, расчыненымі ў чорную цемру двара. На сценах гарэлі лямпы. Было светла, дымна і патыхала вострай жыдоўскай кухняй, але часамі з вокан далятаў свежы пах мокрай зеляніны, белай акацыі і вясенняга паветра.

Афіцэраў прыехала каля дзесяці. Здавалася, што кожны з іх адначасова і спяваў, і крычаў, і смяяўся. Рамашоў, шчасліва і наіўна ўсміхаючыся, хадзіў ад аднаго да другога, пазнаючы, быццам бы ўпершыню, са здзіўленнем і радасцю, Бек-Агамалава, Лбова, Веткіна, Епіфанава, Арчакоўскага, Алізара і іншых. Тут жа быў і штабс-капітан Лешчанка; ён сядзеў са сваім звычайным пакорлівым і сумным выглядам. На стале, нібыта самі па сабе, як і ўсё было ў гэты вечар, паявіліся бутэлькі з півам і з густой вішнёвай наліўкай. Рамашоў піў з некім, чокаўся і цалаваўся і адчуваў, што рукі і губы ў яго сталі ліпучыя і салодкія.

Тут было пяць ці шэсць жанчын. Адна з іх, з выгляду дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, адзетая пажам, з нагамі ў ружовым трыко сядзела на каленях у Бек-Агамалава і гуляла са шнурамі яго аксельбантаў. Другая, высокая бландзінка, у чырвонай шаўковай кофце і цёмнай спадніцы, з вялікім прыгожым напудраным тварам і круглымі чорнымі шырокімі бровамі, падышла да Рамашова.

- Мужчына, чаго вы такі сумны? Хадземце ў пакой, - сказала яна нізкім голасам.

Яна бокам, бесцырымонна села на стол, паклаўшы нагу на нагу. Рамашоў убачыў, як пад спадніцай гладка акрэслілася яе круглая і магутная ляжка. У яго задрыжалі рукі і зрабілася холадна ў роце. Ён спытаў асцярожна:

- Як вас завуць?

- Мяне? Мальвіна. - Яна раўнадушна адвярнулася ад афіцэра і заматляла нагамі. - Пачастуйце папяроскай.

Аднекуль паявіліся два музыканты-жыды: адзін - са скрыпкаю, другі - з бубнам. Пад надакучлівы фальшывы матыў полькі, які суправаджаўся глухімі брынклівымі ўдарамі, Алізар і Арчакоўскі сталі танцаваць канкан. Яны скакалі адзін перад адным то на адной, то на другой назе, пстрыкаючы пальцамі выцягнутых рук, адступалі назад, расставіўшы сагнутыя калені і засунуўшы вялікія пальцы пад пахі, і з груба-цынічнымі жэстамі віхляючы клубамі, непрыстойна нахіляючы тулава то ўперад, то назад. Раптам Бек-Агамалаў усхапіўся з крэсла і закрычаў рэзкім, высокім, раз'юшаным голасам:

- К чорту шпакоў! Зараз жа прэч! Фіць!

У дзвярах стаялі два цывільныя - іх ведалі ўсе афіцэры ў палку, таму што яны бывалі на вечарах у сходзе: адзін - чыноўнік казначэйства, а другі - брат судовага прыстава, дробны памешчык, - абодва вельмі прыстойныя маладыя людзі.

У чыноўніка была на твары бледная ненатуральная ўсмешка, і ён гаварыў ліслівым тонам, але стараўся паводзіць сябе бесцырымонна:

- Дазвольце, панове... у вашу кампанію. Вы ж мяне ведаеце, панове... Я ж Дубецкі, панове... Мы, панове, вам не перашкодзім.

- У цеснаце, ды не ў крыўдзе, - сказаў брат судовага прыстава і вымушана зарагатаў.

- Прэ-эч! - зноў закрычаў Бек-Агамалаў. - Марш!

- Панове, ганіце шпакоў! - грымнуў Арчакоўскі.

Узнялася мітусня. Усё ў пакоі закруцілася клубком, застагнала, засмяялася, затупала. Заскакалі ўгору вогненныя язычкі лямп. Начны халадок уварваўся праз вокны і баязліва дыхнуў у твары. Галасы цывільных, ужо на вуліцы, крычалі з бяссільным і злым спалохам, жаласліва, гучна і слязліва:

- Я гэтага табе так не пакіну! Мы камандзіру палка будзем скардзіцца. Я губернатару напішу. Апрычнікі!

- У-лю-лю-лю-лю! Ату іх! - галасіў тонкім фальцэтам Веткін, высунуўшыся з акна.

Рамашову здавалася, што ўсе сённяшнія падзеі адбываюцца адна за адной бесперапынку і без усякай сувязі, нібы перад ім раскручвалася крыклівая і стракатая стужка з вычварнымі, недарэчнымі кашмарнымі малюнкамі. Зноў аднастайна запішчала скрыпка, загуў і задрыжаў бубен. Нехта без мундзіра, у адной белай кашулі, скакаў упрысядкі пасярод пакоя, штохвілінна падаючы назад і абапіраючыся рукою аб падлогу. Худзенькая прыгожая жанчына - яе Рамашоў раней не заўважыў - з распушчанымі чорнымі валасамі і вострымі ключыцамі на адкрытай шыі, абдымала голымі рукамі самотнага Лешчанку за шыю і, стараючыся перакрычаць музыку і гоман, віскліва спявала яму ў самае вуха:

 

          Калі цябе зваляць у пасцель сухоты,

          Станеш, як сцяна, ты бледны ад маркоты, -

          Вакол цябе дактары.

 

Бабяцінскі цераз перагародку са шклянкі плюхаў півам у адну з цёмных асобных каморак, а адтуль нездаволены, заспаны голас гаварыў буркліва:

- Ды, панове... ды хопіць жа. Хто гэта там? Што за свінства?

- Паслухайце, ці даўно вы тут? - спытаў Рамашоў у жанчыны ў чырвонай кофце і крадком, як быццам непрыкметна для сябе, паклаў далонь на яе моцную, цёплую нагу.

Яна нешта адказала, але ён недачуў. Яго ўвагу прыцягнула дзікая сцэна. Падпрапаршчык Лбоў лётаў па пакоі за адным з музыкантаў і з усяе сілы біў яго бубнам па галаве. Жыд крычаў нешта незразумелае і, азіраючыся са спалохам назад, мітусіўся з кута ў куток, падбіраючы доўгія фалды сурдута. Усе смяяліся. Арчакоўскі ад рогату паваліўся на падлогу і са слязьмі на вачах качаўся ва ўсе бакі. Потым пачулася дзікае галашэнне другога музыканта. Нехта выхапіў у яго з рук скрыпку і колькі было сілы бразнуў яе аб зямлю. Дэка яе разляцелася на кавалкі, з пявучым трэскам, які дзіўна зліўся са страшэнным крыкам жыда. Затым для Рамашова настала некалькі хвілін змрочнага забыцця. І раптам зноў ён убачыў, нібы ў трывожным сне, што ўсе, хто быў у пакоі, адразу закрычалі, замітусіліся, замахалі рукамі. Вакол Бек-Агамалава хутка і цесна самкнуліся людзі, але адразу ж яны шырока расступіліся і кінуліся хто куды.

- Усе прэч адсюль. Нікога не хачу! - раз'юшана крычаў Бек-Агамалаў.

Ён скрыгатаў зубамі, махаў перад сабою кулакамі і тупаў нагамі. Твар у яго зрабіўся малінавы, на лбе набраклі, нібы шнуры, дзве жылы, якія сыходзіліся к носу, галава была нізка і грозна апушчана, а ў вылупленых вачах страшэнна паблісквалі круглыя бялкі. Ён нібы забыўся на чалавечыя словы і роў, як ашалелы звер, жахлівым дрыготкім голасам:

- А-а-а-а!

Раптам ён, хутка і спрытна выгнуўшыся целам улева, выхапіў з ножнаў шашку. Яна з рэзкім свістам бліснула ў яго над галавою. І адразу ўсе, хто быў у пакоі, кінуліся да вокнаў і да дзвярэй. Жанчыны істэрычна вішчалі. Мужчыны штурхалі адзін аднаго. Рамашова імкліва пацягнулі да дзвярэй, і нехта, прадзіраючыся паўз яго, балюча, да крыві, драпнуў яго канцом пагона ці гузікам па шчацэ. І адразу ж на двары закрычалі, перабіваючы адзін аднаго, усхваляваныя, таропкія галасы. Рамашоў астаўся адзін у дзвярах. Сэрца ў яго шпарка і моцна білася, але разам з жахам ён перажываў нейкае салодкае, шалёнае і вясёлае прадчуванне.

- Засяку-у-у! - крычаў Бек-Агамалаў, скрыгочучы зубамі.

Выгляд агульнага страху зусім ап'яніў яго. Ён з прыпадачнай сілай некалькімі ўдарамі расшчапіў стол, потым шалёна ўдарыў шашкаю па люстры, і ашкепкі ад яе зіхатлівым вясёлкавым дажджом пырснулі на ўсе бакі. З другога стала ён адным ударам збіў усе бутэлькі і шклянкі, што стаялі на ім.

Але раптам пачуўся чыйсьці прарэзлівы, ненатуральна-нахабны крык:

- Дурань! Хам!

Гэта крычала тая самая проставалосая жанчына з голымі рукамі, якая толькі што абдымала Лешчанку. Рамашоў раней не бачыў яе. Яна стаяла ў нішы за грубкаю і, упіраючыся рукамі ў бокі, уся схіліўшыся наперад, крычала бесперастанку крыкам ашуканай рыначнай гандляркі:

- Дурань! Хам! Халуй! І ніхто цябе не баіцца! Дурань, дурань, дурань, дурань!..

Бек-Агамалаў нахмурыў бровы і, нібы разгубіўшыся, апусціў долу шашку. Рамашоў бачыў, як паступова бляднеў ягоны твар і як у вачах у яго разгараўся злавесны жоўты бляск. І ў той жа час ён усё ніжэй і ніжэй згінаў ногі, увесь скурчваўся і ўцягваў галаву ў плечы, нібы звер, які рыхтаваўся зрабіць скачок.

- Замаўчы! - крыкнуў ён хрыпла, быццам выплюнуў.

- Дурань! Боўдзіла! Армяшка! Не замаўчу! Дурань! Дурань! - крычала жанчына, калоцячыся ўсім целам.

Рамашоў ведаў, што і сам ён бляднее з кожнаю хвілінаю. У галаве ў яго зноў зрабілася бязважка, пуста і вольна. Дзіўная сумесь жаху і весялосці ўзняла раптоўна яго душу ўгору, нібы лёгкую п'яную пену. Ён убачыў, што Бек-Агамалаў, не зводзячы вачэй з жанчыны, павольна падымае над галавой шашку. І раптам гарачы струмень шалёнага захаплення, жаху, фізічнага холаду, смеху і адвагі нахлынуў на Рамашова. Кідаючыся наперад, ён яшчэ паспеў пачуць, як Бек-Агамалаў раз'юшана прахрыпеў:

- Ты не замаўчыш? Я цябе апошні...

Рамашоў моцна, з сілаю, якой ён сам ад сябе не чакаў, схапіў Бек-Агамалава за кісць рукі. На працягу некалькіх хвілін абодва афіцэры не маргаючы, пільна глядзелі адзін на аднаго, на адлегласці пяці або шасці вяршкоў. Рамашоў чуў цяжкае дыханне Бек-Агамалава, бачыў яго страшныя бялкі, і вострыя, бліскучыя зрэнкі вачэй, і белыя, рыплівыя рухомыя сківіцы, але ён ужо адчуваў, што шалёны агонь з кожнай хвілінай згасае ў гэтым скрыўленым твары. І было яму жудасна і вельмі радасна стаяць гэтак, паміж жыццём і смерцю, і ўжо ведаць, што ён выходзіць пераможцам з гэтай гульні. Мусіць, усе, хто зводдаль назіраў за гэтай сцэнай, зразумелі яе небяспечнае значэнне. На дварэ за вокнамі стала ціха, - так ціха, што дзесьці зусім блізка, у цемры, пачуўся раптам гучны і бесклапотны салаўіны пошчак.

- Пусці! - хрыпла выціснуў з цябе Бек-Агамалаў.

- Бек, ты не ўдарыш жанчыны, - сказаў Рамашоў спакойна. - Бек, табе ўсё жыццё будзе сорамна. Ты не ўдарыш.

Апошнія іскры шаленства згаслі ў вачах у Бек-Агамалава. Рамашоў хутка заморгаў павекамі і глыбока ўздыхнуў, нібы пасля страты прытомнасці. Сэрца ў яго закалацілася шпарка і бязладна, як у часе спалоху, а галава зноў зрабілася цяжкая і цёплая.

- Пусці! - яшчэ раз крыкнуў Бек-Агамалаў з нянавісцю і таргануў руку.

Цяпер Рамашоў адчуваў, што ён ужо не мае больш сілы супраціўляцца яму, аднак ён ужо не баяўся яго і гаварыў жаласліва і ласкава, дакранаючыся ледзь чутна да пляча таварыша:

- Прабачце мне... Але ж вы самі потым скажаце мне дзякуй.

Бек-Агамалаў рэзка, са стукам укінуў шашку ў ножны.

- Ну, добра! К чорту! - крыкнуў ён злосна, але ўжо з доляй прытворства і збянтэжанасці. - Мы з вамі яшчэ разлічымся. Вы не маеце права!..

Усе, хто бачыў гэтую сцэну з двара, зразумелі, што самае страшнае прамінула. З пераўвялічаным, напружаным рогатам натоўпам уваліліся яны ў дзверы. Цяпер усе яны пачалі з фамільярнай і сяброўскай бесцырымоннасцю супакойваць і ўгаворваць Бек-Агамалава. Але ён ужо сціх, знясілеў, і яго адразу ж пацямнелы твар меў стомлены і грэблівы выраз.

Прыбегла Шлейферша, тоўстая дама з зашмальцаванымі грудзьмі, са злосным выразам вачэй, акружаных цёмнымі мяшкамі, без веек. Яна кідалася то на аднаго, то на другога афіцэра, хапала іх за рукавы і за гузікі і жаласна крычала:

- Ну, панове, ну, хто мне заплаціць за ўсё: за люстра, за стол, за пітво і за дзяўчатак?

І зноў нехта невядомы застаўся разбірацца з ёю. Астатнія афіцэры гуртам выйшлі на вуліцу. Чыстае, мяккае паветра травеньскай ночы лёгка і прыемна лілося ў грудзі Рамашова і напоўніла ўсё яго цела свежым, радасным трапятаннем. Яму здавалася, што сляды сённяшняй п'янкі адразу сцерліся ў яго мазгах, нібы да іх дакрануліся мокрай губкай.

Да яго падышоў Бек-Агамалаў і ўзяў яго пад руку.

- Рамашоў, сядайце са мною, - прапанаваў ён, - добра?

І калі яны ўжо сядзелі побач і Рамашоў, нахіляючыся ўправа, глядзеў, як коні бязладным галопам, ускідваючы шырокія азадкі, вывозілі экіпаж на гару, Бек-Агамалаў вобмацкам знайшоў яго руку і моцна, балюча і доўга сціснуў яе. Больш яны нічога не сказалі адзін аднаму.

 

XIX

 

Але хваляванне, якое было толькі што перажыта ўсімі, выявілася ў агульнай нервовай, хаатычнай узрушанасці. Па дарозе ў сход афіцэры вельмі буянілі. Спынялі жыда, які праходзіў каля іх, падзывалі яго і, сарваўшы з яго шапку, гналі рамізніка наперад; потым кідалі гэтую шапку куды-небудзь за плот, на дрэва. Бабяцінскі пабіў рамізніка. Астатнія гучна спявалі і тлумна крычалі. Толькі Бек-Агамалаў, які сядзеў побач з Рамашовым, маўчаў усю дарогу, злосна і стрымана пасопваючы.

Сход, нягледзячы на позні час, быў ярка асветлены і поўніўся галасамі. У картачнай, сталовай, у буфеце і ў більярднай бездапаможна таўкліся ашалелыя ад віна, ад тытуню і ад азартнай гульні людзі ў расшпіленых кіцелях, з нерухомымі кіслымі вачмі і вялымі рухамі. Рамашоў, вітаючыся з некаторымі афіцэрамі, раптам угледзеў сярод іх, на сваё здзіўленне, Мікалаева. Ён сядзеў ля Асадчага і быў п'яны і чырвоны, але трымаўся цвёрда. Калі Рамашоў, абмінаючы стол, наблізіўся да яго, Мікалаеў хуценька зірнуў на яго і адразу ж адвярнуўся, каб не падаць рукі, і з пераўвялічанай цікавасцю загаварыў са сваім суседам.

- Веткін, ідзіце спяваць! - крыкнуў Асадчы цераз галовы таварышаў.

- Спя-я-ем што-не-будзь! - заспяваў Веткін на матыў царкоўнага антыфона.

- Спя-я-ем што-не-будзь. Спяем што-о-не-е-будзь! - падхапілі гучна астатнія.

- За паповым пералазам пабіліся трое разам, - выкрыкнуў Веткін царкоўнай скорагаворкаю, - поп, дзяк, панамар ды шчэ губернскі сакратар. Совайся, Нічыпарка, со-вайся.

- Совайся, Нічы-парка, со-о-вай-ся, - ціха, поўнымі акордамі адказаў яму хор, увесь стрыманы і як бы сагрэты мяккай актавай Асадчага.

Веткін дырыжыраваў спевамі, стоячы пасярод стала і распасціраючы над хорам рукі. Ён рабіў то страшныя, то ласкавыя і пахвальныя вочы, бурчаў на тых, хто спяваў фальшыва, і ледзь прыкметным трапятаннем працягнутай далоні стрымліваў дужа гарачых.

- Штабс-капітан Лешчанка, вы фальшывіце! Вам мядзведзь на вуха наступіў. Замаўчыце! - крыкнуў Асадчы. - Панове, ды замаўчыце ж! Не гаманіце, калі спяваюць.

- Як бага-ты мужык есць пунш гля-се... - працягваў выкрыкваць Веткін.

Ад тытунёвага дыму рэзала ў вачах. Цырата на стале была ліпучая, і Рамашоў успомніў, што ён не мыў сёння вечарам рук. Ён пайшоў цераз двор у пакой, які называлі «афіцэрскімі нумарамі», - там заўсёды стаяў рукамыйнік. Гэта была пустая халодная каморка з адным акном. Уздоўж сцен стаялі раздзеленыя шафкаю, на бальнічны манер, два ложкі. Бялізны на іх ніколі не мянялі, гэтак жа як ніколі не падмяталі ў гэтым пакоі і не адчынялі акна. Праз гэта ў нумарах заўсёды стаяў затхлы, брудны пах заношанай бялізны, застарэлага тытунёвага дыму і мазаных ботаў. Пакой гэты прызначаўся для часовага жытла афіцэраў, якія прыязджалі з далёкіх асобных стаянак у штаб палка. Але ў ім звычайна клалі ў часе вечароў на адзін ложак па два і нават па тры асабліва п'яных афіцэраў. Таму ён таксама насіў назву «трупярні» і «морга». У гэтых назвах хавалася неўсвядомленая, але страшная жыццёвая іронія, таму што з таго часу як полк асталяваўся ў горадзе, - у афіцэрскіх нумарах, менавіта на гэтых самых двух ложках, ужо застрэліліся некалькі афіцэраў і адзін дзяншчык. Дарэчы, не праходзіла і года, каб у N-скім палку не застрэліўся хто-небудзь з афіцэраў.

Калі Рамашоў зайшоў у трупярню, два чалавекі сядзелі ў галавах ложкаў, каля акна. Яны сядзелі без агню, у прыцемку, і толькі па ледзь чутнай мітусні Рамашоў заўважыў іх прысутнасць і з цяжкасцю пазнаў іх, падышоўшы ўшчыльную і нахіліўшыся над імі. Гэта былі штабс-капітан Клод, п'яніца і злодзей, адхілены ад камандавання ротаю, і падпрапаршчык Залатухін, цыбаты, пажылы і лысы ігрок, скандаліст, аматар на брыдкія словы і таксама п'яніца, з ліку вечных падпрапаршчыкаў. Перад імі цьмяна бліскаў на стале гарнец гарэлкі, стаяла пустая талерка з нейкай жыжкай і дзве поўныя шклянкі. Не было відаць ніякіх слядоў закускі. Сабутэльнікі маўчалі, нібыта хацелі схавацца ад свайго таварыша, і калі ён нахіліўся над імі, яны, хітра ўсміхаючыся ў прыцемку, пазіралі кудысьці ўніз.

- Божачка мой, што вы тут робіце? - спытаў Рамашоў спалохана.

- Ц-ссс! - Залатухін таямніча, з перасцерагальным выглядам узняў палец угору. - Пачакайце. Не перашкаджайце.

- Ціха! - кароткім шэптам сказаў Клод.

Раптам дзесьці ўдалечыні загрукаталі калёсы. Тады абодва таропка ўзнялі шклянкі, чокнуліся і разам выпілі.

- Ды што гэта, урэшце?! - усклікнуў занепакоены Рамашоў.

- А гэта, родны мой, - шматзначным шэптам адказаў Клод, - гэта ў нас такая закусь. Пад грукат калёсаў. Фендрык, - звярнуўся ён да Залатухіна, - ну, цяпер пад што вып'ем? Хочаш пад святло месяца?

- Пілі ўжо, - сур'ёзна запярэчыў Залатухін і зірнуў у акно на вузкі серп маладзіка, які нізка і сумна вісеў над горадам. - Пачакаем. Вось, можа, сабака забрэша. Памаўчы.

Яны шапталіся, нахіляючыся адзін да аднаго, ахопленыя змрочнай жартаўлівасцю п'янага шаленства. А са сталовай у гэты час даляталі мяккія, прыглушаныя сценамі і таму гарманічна-самотныя гукі царкоўнага напеву, падобнага да аддаленай пахавальнай песні.

Рамашоў пляснуў рукамі і схапіўся за галаву.

- Панове, далібог, пакіньце: гэта страшна, - сказаў ён з тугою.

- Ідзі к д'яблу! - залямантаваў раптам Залатухін. - Не, стой, браце! Куды? Раней выпіце з прыстойнымі панамі. Не-е, не перахітруеш, браце. Трымайце яго, штабс-капітан, а я замкну дзверы.

Яны абодва ўсхапіліся з ложкаў і пачалі з шалёным аблудным смехам лавіць Рамашова. І ўсё гэта разам - гэты змрочны смярдзючы пакой, гэтае тайнае фантастычнае п'янства сярод ночы, без агню, гэтыя два ашалелыя чалавекі, - усё раптам павеяла на Рамашова нясцерпным жахам смерці і вар'яцтва. Ён з пранізлівым крыкам адштурхнуў Залатухіна далёка ўбок і, увесь калоцячыся, вылецеў з трупярні.

Розум падказваў, што яму трэба ісці дахаты, але нейкае незразумелае пачуццё прымусіла яго вярнуцца ў сталовую. Там ужо многія драмалі, седзячы на крэслах і на падаконніках. Было страшэнна горача, і, нягледзячы на расчыненыя вокны, лямпы і свечы гарэлі, не мігаючы. Стомленая, збітая з ног прыслуга і салдаты-буфетчыкі драмалі стоячы і штохвілінна пазяхалі, не разнімаючы сківіц, аднымі ноздрамі. Але павальнае, цяжкое, агульнае п'янства не спынялася.

Веткін стаяў ужо на стале і спяваў высокім сентыментальным тэнарам:

 

          Ху-уткія, як хвалі-і,

          Дні-і на-аша-ага-а жыцця-я...

 

У палку было шмат афіцэраў з духоўных, і таму спявалі добра нават у часе п'янкі. Просты, журботны і сентыментальны матыў надаваў высакароднасці пошлым словам. І ўсім на нейкую хвіліну зрабілася сумна і цесна пад гэтай нізкай столлю ў прытхлым пакоі, сярод вузкага, глухога і сляпога жыцця.

 

          Памрэш, пахаваюць,

          Бы й не жыў на свеце... -

 

выразна спяваў Веткін, і ад гукаў уласнага высокага і расчуленага голасу, і ад фізічнага пачуцця агульнай гармоніі хору - у яго добрых, дурнаватых вачах стаялі слёзы. Арчакоўскі асцярожна падпяваў яму. Для таго каб прымусіць свой голас дрыжаць, ён двума пальцамі торгаў сябе за кадык. Асадчы густымі цягучымі нотамі акампаніраваў хору, і здавалася, што ўсе астатнія галасы быццам плавалі на цёмных хвалях, у гэтых нізкіх арганных гуках.

Праспявалі гэтую песню, памаўчалі крышку. На ўсіх найшла праз п'яны чад ціхая, задуменная хвіліна. Раптам Асадчы, пазіраючы ўніз на стол апушчанымі вачамі, ціха пачаў:

- «В путь узкий ходшие прискорбный вси - житие, яко ярем, вземшие...»

- Ды хопіць вам! - кінуў нехта самотным голасам. - Вось прычапіліся да гэтай паніхіды. Дзесяты раз.

Але астатнія падхапілі пахавальны напеў, і вось у запаскуджанай, запляванай, закуранай сталовай паплылі чыстыя ясныя акорды паніхіды Іаана Дамаскіна, прасякнутыя такім гарачым, такім шчырым смуткам і тугою па жыцці, якое адыходзіла.

«И мне наследовавшие верою приидите, насладитеся, яже уготовах вам почестей и венцов небесных...»

І адразу ж Арчакоўскі, які ведаў службу не горш за любога дзяка, падхапіў:

- Рцем вси от всея души...

Гэтак яны і праслужылі ўсю паніхіду. А калі чарга дайшла да апошняга закліку, дык Асадчы, схіліўшы долу галаву, напяўшы шыю, з дзіўнымі страшнымі, самотнымі і злымі вачамі загаварыў нараспеў нізкім голасам, які ракатаў, нібы струны кантрабаса:

«Во блаженном успении живот и вечный покой подаждь, господи усопшему рабу твоему Никифору... - Асадчы раптам кінуў страшэнную, непрыстойную лаянку, - и сотвори ему ве-е-еч-ную...»

Рамашоў усхапіўся і раз'юшана, з усяе сілы грукнуў кулаком па стале.

- Не дазволю! Маўчыце! - закрычаў ён пранізлівым, пакутніцкім голасам. - Навошта смяяцца? Капітан Асадчы, нам зусім не смешна, а вам балюча і страшна! Я бачу! Я ведаю, што вы адчуваеце ў душы!

Сярод агульнага імгненнага маўчання толькі адзін чыйсьці голас вымавіў з недаўменнем:

- Ён п'яны?

Але адразу ж, як і надоечы ў Шлейфершы, усё загуло, застагнала, усхапілася з месца і збілася ў нейкі стракаты, рухомы, крыклівы клубок. Веткін, саскокваючы са стала, зачапіў галавой за лямпу; яна загайдалася вялізнымі плаўнымі зігзагамі, і цені ад ашалелых людзей, то вырастаючы, як волаты, то знікаючы пад падлогу, злавесна зблыталіся і замітусіліся па белых сценах і па столі.

Усё, што цяпер рабілася ў сходзе з гэтымі расхлябанымі, узбуджанымі, п'янымі і няшчаснымі людзьмі, - чынілася хутка, недарэчна і непапраўна. Быццам нейкі ліхі, сумбурны, дурны, раз'юшана-насмешлівы дэман авалодаў людзьмі і прымушаў іх гаварыць брыдкія словы і рабіць агідныя, бязладныя рухі.

Сярод гэтага чаду Рамашоў раптоўна ўгледзеў зусім блізка каля сябе нечы твар са скрыўленым крыклівым ротам. Твару гэтага ён адразу нават не пазнаў, - такі ён быў страшэнны і крывы ад злосці. Гэта Мікалаеў крычаў яму, пырскаючы слінаю і нервова торгаючы мускуламі левай шчакі пад вокам:

- Самі ганьбіце полк! Не смейце нічога гаварыць. Вы - і розныя Назанскія! Без году тыдзень!..

Нехта асцярожна цягнуў Рамашова назад. Ён павярнуўся і пазнаў Бек-Агамалава, але, у тую ж хвіліну адвярнуўшыся, забыўся на яго. Бляднеючы ад таго, што зараз адбудзецца, ён сказаў ціха і хрыпла, з пакутніцкай і няшчаснай усмешкай:

- А пры чым тут Назанскі? Або ў вас ёсць асобыя, таемныя прычыны быць ім нездаволеным?

- Я вам па мордзе дам! Нягоднік, падлюга! - закрычаў Мікалаеў высокім, дрыготкім голасам. - Хам!

Ён рэзка замахнуўся на Рамашова кулаком і зрабіў грозныя вочы, але ўдарыць не адважыўся. Рамашоў у грудзях і ў жываце адчуў моташную, агідную млоснасць, такую, як пры страце прытомнасці. Да гэтага моманту ён зусім не заўважаў, нібыта забыў, што ў правай руцэ ў яго ўвесь час знаходзіцца нейкая пабочная рэч. І раптам хуткім, кароткім рыўком ён выплюхнуў у твар Мікалаеву рэштку піва са сваёй шклянкі.

У тую ж хвіліну разам з імгненным тупым болем белыя яркія маланкі пырснулі з яго левага вока. З дзікім, звярыным рыкам кінуўся ён на Мікалаева, і яны абодва грымнуліся долу, спляліся рукамі і нагамі і пакаціліся па падлозе, перакульваючы крэслы і глытаючы брудны, смярдзючы пыл. Яны з крыкам білі, душылі і кідалі адзін аднаго. Рамашоў памятаў, як выпадкова яго пальцы трапілі ў рот Мікалаева за шчаку і як ён намагаўся разадраць яму гэты слізкі, агідны, гарачы рот... І ён ужо не адчуваў ніякага болю, калі біўся галавой і локцямі аб падлогу ў гэтай зацятай барацьбе.

Ён не ведаў таксама, як усё гэта скончылася. Ён застаў сябе ў куце, куды яго адцяснілі, адарваўшы ад Мікалаева. Бек-Агамалаў паіў яго вадою, але зубы ў Рамашова сутаргава ляскалі аб шклянку, і ён баяўся, каб не адкусіць кавалак шкла. Кіцель на ім быў разадраны пад пахамі і на спіне, а адзін пагон матляўся на тасёмцы. Голасу ў Рамашова не было, і ён крычаў бязгучна, аднымі губамі:

- Я яму... яшчэ пакажу!.. Выклікаю яго!..

Стары Лех, які да гэтага часу соладка драмаў у канцы стала, цяпер ачуўся, цвярозы і сур'ёзны, і з непрывычнай суровай катэгарычнасцю заявіў:

- Як старэйшы, загадваю вам, панове, неадкладна разысціся. Чуеце, панове, зараз жа. Пра ўсё я раніцою падам рапарт камандзіру палка.

І ўсе разыходзіліся засаромленыя, прыгнечаныя, пазбягалі глядзець адзін на аднаго. Кожны баяўся прачытаць у чужых вачах свой уласны жах, свой рабскі, вінаваты смутак - жах і смутак маленькіх, лютых і брудных жывёлін, змрочны розум якіх раптам асвятліўся яркай чалавечай свядомасцю.

Блізілася світанне, з ясным, па-дзіцячы чыстым небам і нерухомым ранішнім халадком. Дрэвы, вільготныя, ахутаныя ледзьве бачнай парай, маўкліва прачыналіся ад сваіх цёмных, загадкавых начных сноў. І калі Рамашоў, ідучы дахаты, пазіраў на іх, і на неба, і на мокрую, сівую ад расы траву, дык адчуваў сябе малым, брыдкім, пачварным і бясконца чужым сярод гэтай нявіннай красы раніцы, якая ўсміхалася спрасонку.

 

XX

 

У той жа дзень - гэта было ў сераду - Рамашоў атрымаў кароткую афіцыйную запіску:

«Суд таварыства афіцэраў N-скага пяхотнага палка запрашае падпаручніка Рамашова з'явіцца а шостай гадзіне ў зал афіцэрскага сходу. Форма адзежы звычайная.

Старшыня суда падпалкоўнік Мігуноў».

Рамашоў не мог стрымаць міжвольнай сумнай усмешкі: гэта «форма адзежы звычайная» - мундзір з пагонамі і каляровым поясам - надзяецца менавіта ў самых незвычайных выпадках: на судзе, пры публічных вымовах і ў часе розных непрыемных сустрэч з начальствам.

А шостай гадзіне ён прыйшоў у сход і загадаў веставому далажыць аб сабе старшыні суда. Яго папрасілі пачакаць. Ён сеў у сталовай ля расчыненага акна, узяў газету і стаў чытаць яе, не разумеючы слоў, без усякай цікавасці, механічна прабягаючы вачамі па літарах. Тры афіцэры, якія былі ў сталовай, прывіталіся з ім суха і загаварылі паміж сабою так, каб ён іх не чуў. Толькі адзін падпаручнік Міхін доўга і моцна, з мокрымі вачамі, ціснуў яму руку, але нічога не сказаў, пачырванеў, таропка і няёмка апрануўся і пайшоў.

Неўзабаве ў сталовую цераз буфет выйшаў Мікалаеў. Ён быў бледны, павекі вачэй пацямнелі, левая шчака ўвесь час сутаргава торгалася, а над ёю ніжэй скроні сінела вялікая апухлая пляма. Рамашоў яскрава і пакутліва прыгадаў учарашнюю бойку і, увесь згорбіўшыся, зморшчыўшы твар, адчуваючы сябе раздушаным невыносным цяжарам гэтых ганебных успамінаў, схаваўся за газету і нават моцна заплюшчыў вочы.

Ён чуў, як Мікалаеў папрасіў у буфеце чарку каньяку і як ён развітваўся з кімсьці. Потым чуў міма сябе крокі Мікалаева. Бразнулі на блоку дзверы. І раптам праз нейкі момант ён пачуў з двара за сваёй спіной асцярожны шэпт:

- Не азірайцеся назад! Сядзіце спакойна. Слухайце.

Гэта гаварыў Мікалаеў. Газета задрыжала ў руках Рамашова.

- Я, уласна, не маю права размаўляць з вамі. Але на якое ліха ўсе гэтыя французскія тонкасці. Што здарылася, таго не паправіш. Але я вас усё ж лічу за чалавека прыстойнага. Прашу вас, ці чуеце мяне, я прашу вас: ні слова пра жонку і пра ананімныя пісьмы. Вы мяне зразумелі?

Рамашоў, закрываючыся газетаю ад таварышаў, павольна нахіліў галаву. Пясок на двары зашурхацеў пад нагамі. Толькі хвілін праз пяць Рамашоў павярнуўся і выглянуў на вуліцу. Мікалаева ўжо не было.

- Ваша благароддзе, - вырас раптам перад ім веставы, - іх высокаблагароддзе просяць вас зайсці.

У зале, уздоўж дальняй вузкай сцяны, былі састаўлены некалькі ломберных сталоў, пакрытых зялёным сукном. За імі сядзелі суддзі, спінамі да вокан; ад гэтага іх твары былі цёмныя. Пасярэдзіне ў крэсле сядзеў старшыня - падпалкоўнік Мігуноў, тоўсты фанабэрысты чалавек, без шыі, з узнятымі дагары круглымі плячамі; па баках ад яго - падпалкоўнікі Рафальскі і Лех, далей з правага боку - капітаны Асадчы і Петэрсон, а з левага - капітан Дзювернуа і штабс-капітан Дарашэнка, палкавы казначэй. Стол быў зусім пусты, толькі перад Дарашэнкам, справаводам суда, ляжаў стос паперы. У вялікай пустой зале было халаднавата і даволі змрочна, нягледзячы на тое, што на вуліцы стаяў спякотны сонечны дзень. Патыхала старым дрэвам, цвіллю і спарахнелай мэблевай абіўкай.

Старшыня паклаў абедзве вялікія белыя тоўстыя рукі далонямі дагары на сукно стала і, разглядаючы іх пачаргова, пачаў драўляным тонам:

- Падпаручнік Рамашоў, суд таварыства афіцэраў, які сабраўся па распараджэнні камандзіра палка, павінен высветліць абставіны той сумнай і недапушчальнай у афіцэрскім таварыстве сутычкі, якая мела месца ўчора паміж вамі і паручнікам Мікалаевым. Прашу вас расказаць пра гэта з усімі падрабязнасцямі.

Рамашоў стаяў перад імі, апусціўшы рукі і цярэбячы аколышак шапкі. Ён адчуваў сябе такім зацкаваным, нязграбным і разгубленым, як здаралася з ім толькі ў школьныя гады на экзаменах, калі ён не ведаў, што адказваць. Дрыготкім голасам, заблытанымі і бязладнымі фразамі, увесь час мармычучы і дадаючы недарэчныя выклічнікі, ён пачаў даваць паказанні. У той жа час, пераводзячы вочы з аднаго суддзі на другога, ён у думках ацэньваў іх адносіны да яго: «Мігуноў - абыякавы, ён нібы каменны, аднак яму даспадобы непрывычная роля галоўнага суддзі і тая страшэнная ўлада і адказнасць, якія звязаны з ёю. Падпалкоўнік Брэм пазірае жаласлівымі і нейкімі жаночымі вачамі, - ах, мой любы Брэм, ці памятаеш ты, як я пазычаў у цябе дзесяць рублёў? Стары Лех стараецца выглядаць сур'ёзным. Ён сёння цвярозы, і ў яго пад вачамі мяшкі, нібы глыбокія шрамы. Ён не вораг мне, аднак ён сам так многа натварыў у сходзе ў розныя часы, што цяпер яму будзе выгадна роля строгага і непахіснага рупліўца афіцэрскага гонару. А Асадчы і Петэрсон - гэта ўжо сапраўдныя ворагі. Паводле закону я, вядома, мог бы адвесці Асадчага - уся спрэчка распачалася праз яго паніхіду, - а між іншым, ці не ўсё роўна? Петэрсон ледзь прыкметна ўсміхаецца адным кутком рота - штосьці брыдкае, ганебнае, змяінае ва ўсмешцы. Няўжо ён ведае пра ананімныя пісьмы? У Дзювернуа - сонны твар, а вочы - як вялікія мутныя шары. Дзювернуа мяне не любіць. Ды і Дарашэнка таксама. Падпаручнік, які толькі распісваецца ў атрыманні жалавання і ніколі не атрымлівае яго. Дрэнныя вашы справы, дарагі мой Юрый Аляксеевіч».

- Прабачце, хвілінку, - раптам перапыніў яго Асадчы. - Пан палкоўнік, вы дазволіце мне прапанаваць пытанне?

- Калі ласка, - важна кіўнуў галавою Мігуноў.

- Скажыце нам, падпаручнік Рамашоў, - пачаў Асадчы паважна, з расцяжкаю, - дзе вы мелі ласку быць да таго, як прыехалі ў сход у такім немагчымым выглядзе?

Рамашоў пачырванеў і адчуў, як яго лоб адразу пакрыўся буйнымі кроплямі поту.

- Я быў... я быў... ну, у адным месцы, - і ён дадаў амаль шэптам: - Быў у публічным доме.

- Ага, вы былі ў публічным доме? - знарок гучна, з жорсткай выразнасцю падхапіў Асадчы. - І, напэўна, вы што-небудзь пілі ў гэтай установе?

- Але, піў, - адрывіста адказаў Рамашоў.

- Та-ак. Больш пытанняў не маю, - павярнуўся Асадчы да старшыні.

- Прашу далей даваць паказанні, - сказаў Мігуноў. - Вы спыніліся на тым, што выплюхнулі піва ў твар паручніку Мікалаеву... Далей?

Рамашоў бязладна, але шчыра і падрабязна расказаў пра ўчарашнюю гісторыю. Ён ужо быў пачаў нязграбна і сарамліва гаварыць аб тым раскаянні, якое ён перажывае за свае ўчарашнія паводзіны, але яго перапыніў капітан Петэрсон. Паціраючы, нібы пры мыцці, свае жоўтыя кастлявыя рукі з доўгімі мёртвымі пальцамі і сінімі пазногцямі, ён сказаў падкрэслена-ветліва, амаль ласкава, тонкім і ліслівым голасам:

- Ну так, усё гэта, безумоўна, робіць гонар вашым цудоўным пачуццям. Але скажыце нам, падпаручнік Рамашоў... вы да гэтай злашчаснай і сумнай гісторыі не былі ў доме ў паручніка Мікалаева?

Рамашоў насцярожыўся і, пазіраючы не на Петэрсона, а на старшыню, даволі груба адказаў:

- Так, быў, але я не разумею, якое гэта мае дачыненне да справы.

- Чакайце. Прашу адказваць толькі на пытанні, - спыніў яго Петэрсон. - Я хачу сказаць, ці не было ў вас з паручнікам Мікалаевым якой-небудзь асобай прычыны для ўзаемнай варожасці - прычыны не службовага характару, а хатняга, як кажуць, сямейнага?

Рамашоў выпрастаўся і проста, з адкрытай нянавісцю паглядзеў у цёмныя сухотныя вочы Петэрсона.

- Я заходзіў да Мікалаевых не часцей, як да іншых маіх знаёмых, - сказаў ён гучна і рэзка. - І з ім раней у мяне ніякіх неладоў не было. Усё адбылося выпадкова і нечакана, таму што мы абодва былі нецвярозыя.

- Хе-хе-хе, гэта мы ўжо чулі пра вашу нецвярозасць, - зноў перапыніў яго Петэрсон, - але я хачу толькі спытаць, ці не было ў вас з ім раней такой якой-небудзь сутычкі? Не, не сваркі, вы мяне зразумейце, а проста, як кажуць, непаразумення, нацягнутасці інтымнага характару. Ну, напрыклад, нязгода ў пераконаннях або там якая-небудзь інтрыжка. Га?

- Пан старшыня, я магу не адказваць на некаторыя з пытанняў, якія мне прапануюцца? - пацікавіўся раптам Рамашоў.

- Так, гэта вы можаце, - холадна адказаў Мігуноў. - Вы можаце, калі хочаце, зусім не даваць паказанняў або даваць іх пісьмова. Гэта ваша права.

- У такім разе заяўляю, што ні на адно з пытанняў капітана Петэрсона я адказваць не буду, - сказаў Рамашоў. - Гэта будзе лепш і для яго і для мяне.

У яго спыталі яшчэ пра некаторыя нязначныя падрабязнасці, і потым старшыня аб'явіў яму, што ён вольны. Аднак яго яшчэ два разы выклікалі для дачы дадатковых паказанняў, адзін раз у той жа дзень увечары, другі раз у чацвер раніцаю. Нават такі нявопытны ў практычных адносінах чалавек, як Рамашоў, разумеў, што суд вядзе справу вельмі няўмела і нядбайна, дапускаючы мноства памылак і нетактоўнасцей. І самай вялікай хібай было тое, што насуперак дакладнаму і яснаму сэнсу артыкула 149 дысцыплінарнага статута, які строга забараняў раскрываць усё, што адбываецца на судзе, члены суда гонару не ўстрымаліся ад пустой балбатні. Яны расказалі пра вынікі пасяджэння сваім жонкам, жонкі - знаёмым гарадскім дамам, а тыя - краўчыхам, акушэркам і нават служанкам. За адны суткі Рамашоў стаў казкай горада і героем дня. Калі ён праходзіў па вуліцы, на яго пазіралі з вокан, з варот, з кветнікаў, са шчылін у плоце. Жанчыны здаля паказвалі на яго пальцамі, і ён пастаянна чуў у сябе за спіною сваё прозвішча, якое вымаўлялася хуткім шэптам. Ніхто ў горадзе не сумняваўся, што паміж ім і Мікалаевым адбудзецца паядынак. Нават ішлі ў заклад аб яго зыходзе.

Раніцаю ў чацвер, ідучы ў сход міма дома Лыкачовых, ён раптам пачуў, што нехта кліча яго.

- Юрый Аляксеевіч, Юрый Аляксеевіч, ідзіце сюды!

Ён спыніўся і ўзняў галаву. Каця Лыкачова стаяла па той бок плота на садовай лавачцы. Яна была ў ранішнім лёгкім японскім халаціку, трохвугольны выраз якога пакідаў голай яе тонкую цудоўную дзявочую шыю. І ўся яна была такая ружовая, свежая, прывабная, што Рамашову на нейкі момант зрабілася весела.

Яна перагнулася цераз плот, каб падаць яму руку, яшчэ халодную і вільготную ад умывання. І ў той жа час яна картава тараторыла:

- Чаму да нас не заходзіце? Соямна на сяб'оў забывацца. Звы, звы, звы... Цссс, я ўсё, я ўсё, усё ведаю! - Яна раптам зрабіла вялікія спалоханыя вочы. - Вазьміце вось гэта і начапіце на шыю, абав'язкова, абав'язкова начапіце.

Яна выняла з-пад свайго керымона, проста ад грудзей, нейкую ладанку з сіняга шоўку на шнурку і таропка сунула яму ў руку. Ладанка была яшчэ цёплая ад яе цела.

- Дапамагае? - спытаў Рамашоў жартаўліва. - Што гэта?

- Гэта таямніца, перастаньце смяяцца. Бязбожнік! Звы.

«Аднак я зараз у модзе. Цудоўная дзяўчынка», - падумаў Рамашоў, развітаўшыся з Кацяю. Ён не мог стрымацца, каб і тут у апошні раз не падумаць аб сабе ў трэцяй асобе прыгожай фразай:

«Лагодная ўсмешка прабегла па суровым твары старога брэцёра».

Увечары таго ж дня яго зноў выклікалі ў суд, але ўжо разам з Мікалаевым. Абодва ворагі стаялі перад сталом амаль побач. Яны ні разу не зірнулі адзін на аднаго, але кожны з іх на адлегласці адчуваў настрой другога і напружана хваляваўся. Абодва яны пільна і нерухома глядзелі на старшыню, калі ён чытаў ім рашэнне суда:

«Суд таварыства афіцэраў N-скага пяхотнага палка, у складзе - ішлі чыны і прозвішчы суддзяў - пад старшынствам падпалкоўніка Мігунова, разгледзеўшы справу аб сутычцы ў памяшканні афіцэрскага сходу паручніка Мікалаева і падпаручніка Рамашова, знайшоў, што, у сувязі з цяжкасцю ўзаемных абраз, спрэчка гэтых обер-афіцэраў не можа быць скончана прымірэннем і што паядынак паміж імі з'яўляецца адзіным сродкам задавальнення абражанага гонару і афіцэрскай годнасці. Думка суда зацверджана камандзірам палка».

Скончыўшы чытаць, падпалкоўнік Мігуноў зняў акуляры і схаваў іх у футарал.

- Вам астаецца, панове, - сказаў ён з каменнай урачыстасцю, - выбраць сабе секундантаў, па два з кожнага боку, і прыслаць іх а дзевятай гадзіне ўвечары сюды, у сход, дзе яны сумесна з намі выпрацуюць умовы паядынку. Між іншым, - дадаў ён, устаючы і хаваючы футарал у заднюю кішэню, - між іншым, прачытаная зараз пастанова суда не мае для вас абавязковай сілы. За кожным з вас захоўваецца поўная свабода біцца на дуэлі або... - ён развёў рукамі і зрабіў паўзу, - або пакінуць службу. А цяпер, панове, вы вольныя... Яшчэ два словы. Ужо не як старшыня суда, а як старэйшы таварыш, раіў бы вам, панове афіцэры, устрымацца да паядынку ад наведвання сходу. Гэта можа прывесці да ўскладненняў... Да пабачэння.

Мікалаеў крута павярнуўся і шпаркім крокам выйшаў з залы. Павольна падаўся за ім і Рамашоў. Яму не было страшна, але ён раптам адчуў сябе незвычайна адзінокім, вельмі адасобленым, як бы адрэзаным ад усяго свету. Ён выйшаў на ганак сходу і з доўгім спакойным здзіўленнем пазіраў на неба, на дрэвы, на карову ля плота насупраць, на вераб'ёў, якія кешкаліся ў пыле пасярод дарогі. І думаў: «Вось - усё жыве, увіхаецца, мітусіцца, расце і ззяе, а мне ўжо болей нічога не трэба і не цікава. Я асуджаны. Я адзін».

Вяла, амаль са смуткам пайшоў ён шукаць Бек-Агамалава і Веткіна, якіх ён вырашыў прасіць за секундантаў. Яны ахвотна згадзіліся - Бек-Агамалаў са змрочнай стрыманасцю, Веткін з цёплым і шматзначным поціскам рукі.

Ісці дадому Рамашову не хацелася - там было жахліва і нудна. У гэтыя цяжкія хвіліны душэўнай слабасці, адзіноты і вялага неразумення жыцця яму трэба было бачыць блізкага, чуллівага сябра і ў той жа час тонкага, разумнага, з вялікім сэрцам чалавека.

І раптам ён успомніў пра Назанскага.

 

XXI

 

Назанскі быў, як звычайна, дома. Ён толькі прачнуўся ад цяжкага хмельнага сну і цяпер ляжаў на ложку ў адной сподняй бялізне, заклаўшы рукі пад галаву. У яго ў вачах была поўная абыякавасць да ўсяго, што рабілася навокал. Яго твар зусім не змяніў свайго соннага выразу, калі Рамашоў, схіляючыся над ім, загаварыў няўпэўнена і трывожна:

- Добры дзень, Васіль Нілыч, я не перашкодзіў вам?

- Добры дзень, - адказаў Назанскі асіплым слабым голасам. - Што добрага чуваць? Сядайце.

Ён працягнуў Рамашову гарачую вільготную руку, але глядзеў на яго так, нібыта перад ім быў не яго блізкі і дарагі таварыш, а нейкі прывід з даўняга нуднага сну.

- Вы блага сябе адчуваеце? - асцярожна спытаў Рамашоў, сядаючы на ложак ля яго ног. - Дык я не буду вам перашкаджаць. Я пайду.

Назанскі крышку прыўзняў галаву над падушкай і, увесь зморшчыўшыся, праз сілу паглядзеў на Рамашова.

- Не... Пачакайце. Ах, як галава баліць! Паслухайце, Георгій Аляксеевіч... у вас нешта ёсць... ёсць... нешта незвычайнае. Чакайце, я не магу сабрацца з думкамі. Што з вамі здарылася?

Рамашоў глядзеў на яго з маўклівым спачуваннем. Увесь твар Назанскага дзіўна змяніўся за той час, як абодва афіцэры не бачыліся. Вочы глыбока запалі і пачарнелі вакол, скроні пажаўцелі, а шчокі з няроўнай бруднай скурай апусціліся і азызлі і непрыгожа абраслі рэдкімі кучаравымі валасамі.

- Нічога асаблівага, проста мне захацелася пабачыць вас, - нядбайна адказаў Рамашоў. - Заўтра я б'юся на дуэлі з Мікалаевым. Мне вельмі не хочацца ісці дахаты. Ды гэта, між іншым, усё роўна. Да пабачэння. Мне, бачыце, проста не было з кім пагаварыць... Цяжка на душы.

Назанскі заплюшчыў вочы, і твар у яго пакутліва скрывіўся. Відаць было, што ён незвычайным напружаннем волі хоча ўсвядоміць сабе ўсё сказанае Рамашовым. Калі ж ён расплюшчыў вочы, дык у іх ужо свяціліся ўважлівыя цёплыя іскрынкі.

- Не, чакайце... мы зробім вось што. - Назанскі з цяжкасцю перавярнуўся на бок і прыўзняўся на локці. - Дастаньце там, з шафкі... вы ведаеце... Не, не трэба яблыка... Там ёсць мятныя таблеткі. Дзякуй, родны. Мы вось што зробім... Тфу, якая брыдота!.. Павязіце мяне куды-небудзь на паветра - тут агідна, і я тут баюся... Заўсёды такія страшэнныя галюцынацыі. Паедзем, пакатаемся на лодцы і пагутарым. Хочаце?

Ён з выглядам незвычайнай агіды піў чарку за чаркай, і Рамашоў бачыў, як паступова загараліся жыццём і бляскам і зноў рабіліся цудоўнымі яго блакітныя вочы.

Яны выйшлі з дому, узялі рамізніка і паехалі ў канец горада, да рэчкі. Там, на адным баку плаціны, стаяла жыдоўская турбінная мукамольня - вялізны чырвоны будынак, а на другім - знаходзіліся купальні, і там жа выдаваліся напракат лодкі. Рамашоў сеў на вёслы, а Назанскі прылёг на карме, укрыўшыся шынялём.

Рака, затрыманая плацінаю, была шырокая і нерухомая, як вялікая сажалка. Па абодва яе бакі берагі роўна і паката падымаліся ўгору. На іх трава была такая роўная, яркая і сакавітая, што здалёку хацелася дакрануцца да яе рукою. Пад берагамі ў вадзе зелянеў чарот і сярод густога, цёмнага, круглага лісця бялелі вялікія галоўкі гарлачыкаў.

Рамашоў падрабязна расказаў гісторыю сваёй сутычкі з Мікалаевым. Назанскі задуменна слухаў яго, схіліўшы галаву і пазіраючы ўніз на ваду, якая лянотнымі густымі струменьчыкамі, што пераліваліся, нібы вадкае шкло, разыходзілася на бакі ад носа лодкі.

- Скажыце, Рамашоў, шчыра, вы не баіцёся? - ціха спытаў Назанскі.

- Дуэлі? Не, не баюся, - хутка адказаў Рамашоў. Але адразу ж сціх і ў той жа момант выразна ўявіў сабе, як ён будзе зусім блізка насупраць Мікалаева і бачыць у яго выцягнутай руцэ чорнае дула рэвальвера. - Не, не, - дадаў Рамашоў паспешна, - я не буду хлусіць, што не баюся. Вядома, страшна. Але я ведаю, што не спалохаюся, не ўцяку, не папрашу прабачэння.

Назанскі апусціў канцы пальцаў у цёплую ваду і загаварыў павольна, слабым голасам, штохвілінна кашляючы:

- Ах, любы мой, любы Рамашоў, навошта вы хочаце гэта рабіць? Падумайце: калі вы добра ведаеце, што не збаіцёся, - калі зусім добра ведаеце, - дык наколькі тады будзе лягчэй узяць і адмовіцца.

- Ён мяне ўдарыў... па твары! - упарта сказаў Рамашоў, і зноў пякучая злосць цяжка заварушылася ў ім.

- Ну, так, ну, ударыў, - ласкава запярэчыў Назанскі і самотнымі, пяшчотнымі вачмі паглядзеў на Рамашова. - Ды хіба ў гэтым справа? Усё на свеце праходзіць, пройдзе і ваш боль, і ваша нянавісць. І вы самі забудзеце пра гэта. Але пра чалавека, якога вы забілі, вы ніколі не забудзеце. Ён будзе з вамі ў пасцелі, за сталом, на адзіноце і ў натоўпе. Пустазвоны, фільтраваныя дурні, медныя лбы, разнаколерныя папугаі сцвярджаюць, што забойства на дуэлі - не забойства. Якое глупства! Але яны ж сентыментальна вераць, што разбойнікам сняцца мазгі і кроў іх ахвяр. Не, забойства - заўсёды забойства. І важна тут не боль, не смерць, не гвалт, не гадлівыя адносіны да крыві і трупа, - не, самае жахлівае тое, што вы адбіраеце ў чалавека яго радасць жыцця. Вялікую радасць жыцця! - паўтарыў раптам Назанскі гучна, са слязьмі ў голасе. - Ніхто ж - ні вы, ні я, ах, ды проста-такі ніхто на свеце не верыць ні ў якое замагільнае жыццё. Таму ўсе баяцца смерці, але маладушныя дурні ашукваюць сябе перспектывамі прамяністых садоў і салодкіх песень кастратаў, а дужыя моўчкі пераступаюць цераз мяжу неабходнасці. Мы - не дужыя. Калі мы думаем, што будзе пасля нашае смерці, дык уяўляем сабе пусты, халодны і змрочны склеп. Не, галубок, усё гэта хлусня: склеп быў бы шчаслівым падманам, радаснай уцехай. Але ўявіце сабе жах думкі, што зусім, зусім нічога не будзе, ні цемры, ні пустаты, ні холаду... нават думкі пра гэта не будзе, нават страху не астанецца! Хоць бы страх!

Рамашоў кінуў вёслы ўздоўж бартоў. Лодка ледзьве рухалася па вадзе, і гэта было прыкметна толькі па тым, як ціха адплывалі ў другі бок зялёныя берагі.

- Так, нічога не будзе, - паўтарыў Рамашоў.

- А паглядзіце, не, паглядзіце толькі, якое цудоўнае, якое прывабнае жыццё! - усклікнуў Назанскі, шырока раскінуўшы рукі. - О, радасць, о, боская краса жыцця! Глядзіце: блакітнае неба, вячэрняе сонца, ціхая вада - увесь ажно дрыжыш ад захаплення, калі на іх пазіраеш, - вунь там, далёка, ветракі махаюць крыламі, зялёная рахманая траўка, вада ля берага - ружовая, ружовая на захадзе. Ах, як усё цудоўна, як усё радасна і шчасліва!..

Назанскі раптам закрыў вочы рукамі і заплакаў, але адразу ж авалодаў сабою і загаварыў, не саромеючыся сваіх слёз, пазіраючы на Рамашова мокрымі вачамі, якія ззялі ад слёз:

- Не, калі я траплю пад цягнік, і мне перарэжуць жывот, і мае вантробы змяшаюцца з пяском і наматаюцца на колы, і калі ў гэтае апошняе імгненне ў мяне спытаюць: «Ну што, і цяпер жыццё цудоўнае?» - я скажу з удзячным захапленнем: «Ах, якое яно цудоўнае!» Колькі радасці даюць нам толькі адны вочы! А ёсць яшчэ музыка, пах кветак, салодкае жаночае каханне! І ёсць непамерная асалода - залатое сонца жыцця, чалавечая думка! Родны мой Юрачка!.. Прабачце, што я вас гэтак назваў. - Назанскі, як бы просячы прабачэння, здаля працягнуў да яго дрыготкую руку. - Дапусцім, вас пасадзілі ў астрог на векі вякоў, і ўсё жыццё вы будзеце бачыць праз шчыліну толькі дзве старыя з'едзеныя цагліны... не, нават дапусцім, што ў вашым астрозе няма ніводнай іскаркі святла, ніводнага гуку - і нічога! І ўсё ж хіба гэта можна параўнаць са страшэнным жахам смерці? У вас застаюцца думка, уяўленне, памяць, творчасць - і з гэтым жа можна жыць. І ў вас нават могуць быць хвіліны захаплення ад радасці жыцця.

- Так, жыццё цудоўнае, - згадзіўся Рамашоў.

- Цудоўнае! - з запалам паўтарыў Назанскі. - І вось два чалавекі, праз тое, што адзін ударыў другога, або пацалаваў яго жонку, або проста, праходзячы міма яго і цярэбячы вусы, няветліва паглядзеў на яго, - гэтыя два чалавекі страляюць адзін у аднаго, забіваюць адзін аднаго. Ах, не, іх раны, іх пакуты, іх смерць - усё гэта к д'яблу! Ды хіба ён сябе забівае - убогі рухомы камочак, які завецца чалавекам? Ён забівае сонца, гарачае, мілае сонца, светлае неба, прыроду - усю разнастайную красу жыцця, забівае найвялікшую асалоду і гонар - чалавечую думку! Ён забівае тое, што ўжо ніколі, ніколі не вернецца. Вось дурні, дурні!

Назанскі самотна, з глыбокім уздыхам паківаў галавою і апусціў яе долу. Лодка зайшла ў чарот. Рамашоў зноў узяўся за вёслы. Высокія зялёныя пруткія чараціны, шапочучы ля бартоў, важна і павольна кланяліся. Тут было цямней і не так горача, як на адкрытай вадзе.

- Што ж мне рабіць? - спытаў Рамашоў змрочна і досыць груба. - Ісці ў запас? Куды я падзенуся?

Назанскі ўсміхнуўся пяшчотна і пакорліва.

- Чакайце, Рамашоў. Паглядзіце мне ў вочы. Вось гэтак. Не, вы не адварочвайцеся, глядзіце проста і адказвайце па ўсёй шчырасці! Хіба вы верыце ў тое, што служыце цікавай, добрай, карыснай справе? Я вас добра ведаю, лепш як усіх іншых, і я адчуваю вашу душу. Вы ж зусім не верыце ў гэта.

- Не, - цвёрда адказаў Рамашоў. - Але куды я пайду?

- Пачакайце, не спяшайцеся. Паглядзіце вы на нашых афіцэраў. О, я не кажу пра гвардзейцаў, якія танцуюць на балях, размаўляюць па-французску і жывуць на грошы сваіх бацькоў і законных жонак. Не, вы падумайце пра нас, няшчасных армеутаў, пра армейскую пяхоту, пра гэтае галоўнае ядро цудоўнага і храбрага расейскага войска. Усё гэта заваль, рызманы, адкіды. У лепшым выпадку - сыны скалечаных капітанаў. У большасці ж - напалоханыя вялікай мудрасцю гімназісты, рэалісты, нават незакончаныя семінарысты. Я вам прывяду ў прыклад наш полк. Хто ў нас служыць спраўна і доўга? Беднякі, абцяжараныя сем'ямі, жабракі, якія гатовы на ўсякую ўступку, на ўсякую жорсткасць, нават на забойства, на крадзеж салдацкіх капеек - і ўсё гэта праз сваю міску капусты. Яму загадваюць: страляй, і ён страляе - каго? За што? Можа, дарэмна? - Яму ўсё роўна, ён не разважае. Ён ведае, што дома крычаць яго брудныя, рахітычныя дзеці, і ён бяздумна, як дзяцел, вылупіўшы вочы, увесь час паўтарае адно слова: «Прысяга!» Усё, што ёсць таленавітае, здольнае, - співаецца. У нас семдзесят пяць працэнтаў афіцэрскага саставу хворыя на сіфіліс. Адзін шчасліўчык - і гэта за пяць год - паступае ў акадэмію, яго праводзяць з нянавісцю. Больш прылізаныя і з пратэкцыяй нязменна ідуць за жандараў або мараць пра месца паліцэйскага прыстава ў вялікім горадзе. Дваране і тыя, хто хоць з нейкімі грашыма, ідуць за земскіх начальнікаў. Дапусцім, астаюцца людзі чулыя, спагадлівыя, але што яны робяць? Для іх служба - гэта агіда, клопаты, ненавіснае ярмо. Кожны стараецца прыдумаць сабе які-небудзь пабочны занятак, які захапіў бы яго цалкам. Адзін займаецца калекцыянерствам, многія чакаюць не дачакаюцца вечара, калі можна сесці дома, ля лямпы, узяць іголку і вышываць па канве крыжыкамі які-небудзь паршывы непатрэбны дыванок або выпільваць лобзікам ажурную рамку для ўласнага партрэта. На службе яны мараць аб гэтым, як аб тайнай салодкай радасці. Карты, непрыстойнае спаборніцтва ў авалоданні жанчынамі - пра гэта я ўжо не кажу. І самае агіднае - прага славы, дробная, жорсткая прага славы. Гэта - Асадчы і кампанія, якія выбіваюць зубы і вочы сваім салдатам. Ведаеце, пры мне Арчакоўскі так біў свайго дзеншчыка, што я праз сілу адарваў яго. Потым кроў была не толькі на сценах, а і на столі. А чым гэта скончылася, хочаце ведаць? Тым, што дзяншчык пабег скардзіцца ротнаму камандзіру, а ротны камандзір паслаў яго з запіскай да фельдфебеля, а фельдфебель яшчэ з паўгадзіны біў яго па сінім, апухлым, крывавым твары. Гэты салдат двойчы скардзіўся на інспектарскім аглядзе, але без усякага выніку.

Назанскі змоўк і стаў нервова церці сабе скроні далонямі.

- Чакайце... Ах, як думкі лётаюць... - сказаў ён неспакойна. - Як гэта блага, калі не ты вядзеш думку, а яна цябе вядзе... Так, успомніў! Цяпер далей. Паглядзіце вы на астатніх афіцэраў. Ну, вось вам, для прыкладу, штабс-капітан Плаўскі. Харчуецца ён ліха ведае чым - сам сабе гатуе нейкую дрэнь на газніцы, носіць амаль лахманы, але са свайго саракавасьмірублёвага жалавання кожны месяц адкладвае дваццаць пяць. Ого-го! У яго ўжо ляжыць у банку каля дзвюх тысяч, і ён тайна аддае іх у рост таварышам пад страшэнныя працэнты. Вы думаеце, тут прыродная скупасць? Не, не, гэта толькі сродак пайсці куды-небудзь, схавацца ад цяжкай і незразумелай бяссэнсіцы ваеннай службы... Капітан Сталькоўскі - разумны, дужы, смелы чалавек. А што складае сутнасць яго жыцця? Ён спакушае нявопытных сялянскіх дзяўчат. Нарэшце, вазьміце вы падпалкоўніка Брэма. Мілы, дабрадушны дзівак, цудоўны чалавек, і вось ён таксама цалкам заняты клопатамі аб сваім звярынцы. Што яму служба, парады, сцяг, вымовы, гонар? Нікчэмныя, непатрэбныя дробязі ў жыцці.

- Брэм - цудоўны, я яго люблю, - уставіў Рамашоў.

- Яно гэтак, вядома, мілы, - вяла згадзіўся Назанскі. - А ці ведаеце, - загаварыў ён раптам, нахмурыўшыся, - ведаеце, якую штуку аднойчы я бачыў на манеўрах? Пасля начнога пераходу ішлі мы ў атаку. Збіліся мы ўсе тады з ног, стаміліся, расхваляваліся ўсе: і афіцэры, і салдаты. Брэм загадвае гарністу даць сігнал у атаку, а той, немаведама чаму, трубіць выклік рэзерву. І адзін раз, і другі, і трэці. І раптам гэты самы мілы, добры, цудоўны Брэм падлятае на кані да гарніста, які трымае ражок ля рота, і з усяе сілы трах кулаком па ражку! Так. І я сам бачыў, як гарніст разам з крывёю выплюнуў на зямлю раструшчаныя зубы.

- Ах, божачка мой! - з агідаю прастагнаў Рамашоў.

- Вось гэтак і ўсе яны, нават самыя лепшыя, самыя мяккія з іх, цудоўныя бацькі і ўважлівыя мужы, - усе яны на службе робяцца подлымі, баязлівымі, злоснымі, дурнымі звярамі. Вы спытаеце: чаму? Ды менавіта таму, што ніхто з іх у службу не верыць і нічога разумнага ў гэтай службе не бачыць. Вы ж ведаеце, як дзеці любяць гуляць у вайну? Быў час бурнага маленства і ў гісторыі, час буяных і вясёлых маладых пакаленняў. Тады людзі хадзілі вольнымі шайкамі і вайна была агульнай хмельнай радасцю, крывавай і доблеснай уцехай. За начальніка выбіраўся самы храбры, самы дужы і хітры, і яго ўлада, да тае пары, пакуль яго не забівалі падначаленыя, прымалася ўсімі безагаворачна як боская. Але вось чалавецтва вырасла і з кожным годам робіцца ўсё больш мудрае, і замест дзіцячых шумных гульняў яго думкі з кожным днём робяцца ўсё больш сур'ёзныя і глыбейшыя. Смелыя авантурысты парабіліся шулерамі. Салдат ужо не ідзе на вайсковую службу, як на вясёлы і драпежны занятак. Не, яго цягнуць на аркане за шыю, а ён упіраецца, праклінае і плача. І начальнікі з грозных, абаяльных, бязлітасных і горача любімых атаманаў ператварыліся ў чыноўнікаў, якія баязліва жывуць на сваё жабрацкае жалаванне. Іх адвага - падмочаная адвага. І воінская дысцыпліна - дысцыпліна за страх - сутыкаецца з узаемнай нянавісцю. Прыгожыя фазаны вылінялі. Толькі адзін падобны прыклад я ведаю ў гісторыі чалавецтва. Гэта манашаства. Пачатак яго быў пакорлівы, прыгожы і зварушлівы. Магчыма - адкуль ведаць - яно было выклікана сусветнай неабходнасцю? Але мінулі стагоддзі, і што ж мы бачым? Сотні тысяч лайдакоў, разбэшчаных, дужых абібокаў, якіх ненавідзяць нават тыя, хто ў іх час ад часу мае духоўную патрэбу. І ўсё гэта прыкрыта знешняй формай, шарлатанскімі знакамі касты, смешнымі і выветранымі ўжо абрадамі. Не, я недарэмна загаварыў пра манахаў, і я рады, што маё параўнанне лагічнае. Падумайце толькі, як шмат агульнага. Там - раса і кадзіла, тут - мундзір і зброя; там - паслухмянасць, крывадушныя ўздыхі, саладжавая гаворка, тут - фальшывая мужнасць, ганарыстасць, якая ўвесь час круціць вачамі: «А раптам мяне хто-небудзь пакрыўдзіць?» - выпятыя грудзі, вывернутыя локці, узнятыя плечы. Але і адны і другія жывуць паразітамі і ведаюць, ведаюць жа гэта вельмі добра, але баяцца пазнаць гэта розумам і, галоўнае, жыватом. І яны падобны да тлустых вошай, якія тым лепш ад'ядаюцца на чужым целе, чым яно больш гніе.

Назанскі злосна чмыхнуў носам і замаўчаў.

- Гаварыце, гаварыце, - умольна папрасіў Рамашоў.

- Так, настане час, і ён ужо ў парозе. Час вялікіх расчараванняў і страшэннай пераацэнкі. Памятаеце, я казаў вам неяк, што спрадвеку існуе нябачны і бязлітасны геній чалавецтва. Законы яго дакладныя і няўмольныя. І чым мудрэйшае робіцца чалавецтва, тым больш і глыбей яно пазнае іх. І вось я ўпэўнены, што па гэтых бясспрэчных законах усё на свеце рана ці позна прыходзіць у раўнавагу. Калі рабства цягнулася стагоддзямі, дык распад яго будзе жахлівы. Чым больш страшэнны быў гвалт, тым больш крывавая будзе расправа. І я глыбока, я цвёрда ўпэўнены, што настане час, калі нас, патэнтаваных прыгажуноў, непераможных спакушальнікаў, цудоўных франтаў, будуць саромецца жанчыны і, нарэшце, перастануць слухацца салдаты. І гэта будзе не за тое, што мы білі да крыві людзей, пазбаўленых магчымасці абараняцца, і не за тое, што нам, у імя гонару мундзіра, праходзіла беспакарана зняважанне жанчын, і не за тое, што мы, у п'яным выглядзе, секлі ў кабаках на кавалкі кожнага стрэчнага. Вядома, і за тое і за гэта, але ёсць у нас больш страшная і ўжо цяпер непапраўная віна. Гэта тое, што мы - сляпыя і глухія да ўсяго. Ужо даўно, дзесьці далёка ад нашых брудных, смярдзючых стаянак ідзе вялікае, новае, прамяністае жыццё. Паявіліся новыя, смелыя, гордыя людзі, у галовах у якіх загараюцца палымяныя вольныя думкі. Як у апошняй дзеі меладрамы, разбураюцца старыя вежы і падзямеллі, і з-за іх бачыцца ўжо асляпляльнае ззянне. А мы, надзьмуўшыся, як індыйскія пеўні, толькі лыпаем вачмі і ганарыста балбочам: «Што? Дзе? Маўчаць! Бунт! Застрэлю!» І вось гэтай індыкавай пагарды да свабоды чалавечага духу нам не даруюць - ніколі ў жыцці.

Лодка заехала ў ціхую, патаемную вадзяную прагаліну. Вакол цесна абступіў яе круглай зялёнай сцяной высокі і нерухомы чарот. Лодка была нібы адрэзана, схавана ад усяго свету. Над ёю з крыкам лёталі чайкі, іншы раз так блізка, што амаль дакраналіся крыламі да Рамашова, і ён адчуваў павеў ад іх шпаркага палёту. Мусіць, тут, дзе-небудзь у гушчары, у іх былі гнёзды. Назанскі лёг на карму тварам дагары і доўга пазіраў на неба, дзе залатыя нерухомыя воблакі ўжо афарбоўваліся ў ружовы колер.

Рамашоў асцярожна пацікавіўся:

- Вы не стаміліся? Гаварыце яшчэ.

І Назанскі, нібы працягваючы ўголас свае думкі, адразу ж загаварыў:

- Так, надыходзіць новы цудоўны час. Я, як вядома, шмат пражыў на волі і шмат чытаў, шмат перанёс і бачыў. Да гэтае пары старыя вароны і галкі дзяўблі нам з самай школьнай лаўкі: «Любі бліжняга, як самога сябе, і ведай, што пакорлівасць, паслухмянасць і боязь ёсць найлепшыя якасці чалавека». Больш сумленныя, больш моцныя, больш хіжыя казалі нам: «Пабярэмся за рукі, пойдзем і загінем, але будучым пакаленням падрыхтуем светлае і лёгкае жыццё». Але я ніколі не разумеў гэтага. Хто мне давядзе з усёй пераканаўчасцю, - што мяне звязвае з гэтым - ліха на яго! - маім бліжнім, з подлым рабом, з ідыётам? О, з усіх паданняў я больш за ўсё ненавіджу - усім сэрцам, усёй здольнасцю да пагарды - паданне пра Юліяна Міласцівага. Пракажоны кажа: «Я дрыжу, ляж побач са мною ў пасцель. Мне холадна, наблізь свае губы да майго смярдзючага рота і дыхай на мяне». Ух, ненавіджу! Ненавіджу пракажоных і не люблю бліжніх. Апрача таго, якая цікавасць прымушае мяне разбіваць сваю галаву дзеля шчасця людзей трыццаць другога стагоддзя? О, я ведаю гэтае курынае трызненне аб нейкай сусветнай душы, аб свяшчэнным абавязку. Але нават і тады, калі я яму верыў розумам, я ні разу не адчуваў яго сэрцам. Вы слухаеце мяне, Рамашоў?

Рамашоў з сарамлівай удзячнасцю паглядзеў на Назанскага.

- Я вас добра, вельмі добра разумею, - сказаў ён. - Калі мяне не стане, дык і ўвесь свет загіне? Вы ж пра гэта гаворыце?

- Пра гэта. І вось, кажу я, любоў да чалавецтва выгарала і вычадзілася з чалавечых сэрцаў. На змену ёй ідзе новая, цудоўная вера, якая астанецца неўміручай да скону свету. Гэта любоў да сябе, да свайго чароўнага цела, да свайго ўсемагутнага розуму, да бясконцага багацця сваіх пачуццяў. І сапраўды, падумайце, падумайце, Рамашоў: хто вам даражэй і бліжэй за сябе? Ніхто. Вы - цар свету, яго гонар і краса. Вы - бог усяго жывога. Усё, што вы бачыце, чуеце, адчуваеце, належыць толькі вам. Рабіце што хочаце. Бярыце ўсё, што вам падабаецца. Не бойцеся нікога ва ўсім сусвеце, таму што над вамі нікога няма і ніхто не можа ісці ў параўнанне з вамі. Настане час, і вялікая вера ў сваё Я асяніць, нібы вогненныя языкі святога духа, галовы ўсіх людзей, і тады ўжо не будзе ні рабоў, ні паноў, ні калек, ні жалю, ні распусты, ні злосці, ні зайздрасці. Тады людзі стануць багамі. І падумайце, як асмелюся я тады пакрыўдзіць, штурхнуць, ашукаць чалавека, у якім я адчуваю роўнага сабе, светлага бога? Тады жыццё будзе цудоўнае. На ўсёй зямлі будуць красавацца лёгкія светлыя будынкі, нішто вульгарнае, пошлае не пакрыўдзіць нашых вачэй, жыццё стане салодкай працай, вольнай навукай, чароўнай музыкай, вясёлым, вечным і лёгкім святам. Каханне, вызваленае ад змрочных ланцугоў уласнасці, стане светлай рэлігіяй свету, а не тайным ганебным грахом у цёмным закутку, з аглядкай і пагардаю. І целы нашыя стануць светлымі, моцнымі і прыгожымі, апранутымі ў яркія раскошныя адзежы. Гэтак жа, як веру ў гэтае вячэрняе неба нада мною, - усклікнуў Назанскі, урачыста ўзняўшы руку ўгору, - гэтак жа цвёрда веру я ў гэтае будучае богападобнае жыццё!

Рамашоў, усхваляваны і ўзрушаны, пралепятаў пабялелымі губамі:

- Назанскі, гэта мары, гэта фантазіі!

Назанскі ціха і спагадліва засмяяўся.

- Так, - вымавіў ён з усмешкаю ў голасе, - які-небудзь прафесар дагматычнага багаслоўя або класічнай філалогіі расставіць ногі, развядзе рукамі і скажа, схіліўшы набак галаву: «Але ж гэта праяўленне крайняга індывідуалізму!» Справа не ў страшных словах, мой любы хлопчык, справа ў тым, што няма на свеце нічога больш практычнага, чым тыя фантазіі, пра якія цяпер марыць яшчэ мала хто. Яны, гэтыя фантазіі, - самая верная і надзейная спайка для людзей. Забудзем, што мы - ваенныя. Мы - шпакі. Вось на вуліцы стаіць пачварына, вясёлая двухгаловая пачварына. Хто ні пройдзе міма яе, яна яго адразу па мордзе, адразу па мордзе. Яна мяне яшчэ не ўдарыла, але адна думка аб тым, што яна можа ўдарыць, зняважыць маю каханую, пазбавіць мяне без усякай на тое падставы свабоды, - гэтая думка страшэнна абурае ўвесь мой гонар. Адзін я не магу яе падужаць. Але побач са мною стаіць гэткі ж смелы і гэткі ж горды чалавек, як і я, і я кажу яму: «Пойдзем і зробім удвух так, каб яна ні цябе, ні мяне не ўдарыла». І мы ідзём. О, вядома, гэта грубы прыклад, гэта схема, але ў асобе гэтай двухгаловай пачварыны я бачу ўсё, што звязвае мой дух, гвалціць маю волю, пагарджае маёй павагай да сваёй асобы. І вось тады не цялячая літасць да бліжняга, а боская любоў да самога сябе аб'ядноўвае мае намаганні з намаганнямі іншых, роўных мне па духу людзей!

Назанскі змоўк. Мусіць, яго стаміла непрывычнае нервовае ўзрушанне. Праз колькі хвілін ён працягваў вяла, ціхім голасам:

- Вось яно як, дарагі мой Георгій Аляксеевіч. Міма нас плыве вялізнае, складанае, трапяткое жыццё, нараджаюцца дзівотныя, палымяныя думкі, разбураюцца старыя пазалочаныя ідалы. А мы стаім у нашых стойлах, упёршыся кулакамі ў бокі, і рагочам: «Ах вы, ідыёты! Шпакі! Дрраць вас!» І гэтага жыццё нам ніколі не даруе...

Ён прыўзняўся пад сваім паліто і сказаў стомлена:

- Холадна... Паедзем дадому...

Рамашоў пачаў выграбаць з чароту. Сонца села за дальнімі гарадскімі дахамі, і яны чорна і акрэслена вылучаліся ў чырвонай палосцы зары. Там-сям яркімі агнямі зіхацелі аконныя шыбы. Вада ў бок зары была ружовая, гладкая і вясёлая, але ззаду лодкі яна ўжо згусцілася, пасінела і зморшчылася.

Рамашоў сказаў раптоўна, адказваючы на свае думкі:

- Ваша праўда. Я пайду ў запас. Не ведаю сам, як гэта зраблю, але пра гэта я і раней думаў.

Назанскі хутаўся ў паліто і ўздрыгваў ад холаду.

- Ідзіце, ідзіце, - сказаў ён з ласкавым смуткам. - У вас нешта ёсць, нейкае ўнутранае святло... я не ведаю, як гэта назваць. Але ў нашай бярлозе яго патушаць. Проста плюнуць на яго і патушаць. Галоўнае - не бойцеся вы, не бойцеся жыцця: гэта вясёлая, цікавая, цудоўная штука. Ну, добра, не пашанцуе вам - апусціцеся вы да басяка, да п'яніцы, загінеце. Але ж, далібог, родны мой, кожны валацуга жыве ў дзесяць тысяч разоў цікавей за Адама Іванавіча Зегржта або капітана Сліву. Ходзіш па зямлі туды-сюды, бачыш гарады, вёскі, знаёмішся са мноствам дзівотных, бесклапотных, насмешлівых людзей, глядзіш, чуеш, спіш на роснай траве, мерзнеш на марозе, ні да чаго не прывязаны, нікога не баішся, усёй душой любіш вольнае жыццё...

Эх, як людзі наогул мала разумеюць! Ці не ўсё роўна: есці воблу альбо кульбаку дзікай казы з труфелямі, напівацца гарэлкі або шампанскага, памерці пад балдахінам або ў паліцэйскім участку. Усё гэта дэталі, маленькія выгоды, прывычкі, якія хутка праходзяць. Яны толькі зацяняюць, абясцэньваюць самы галоўны і вялізны сэнс жыцця. Вось часта гляджу я на пышныя пахаванні. Ляжыць у сярэбранай скрыні пад недарэчнымі султанамі здохлая малпа, а другія жывыя малпы ідуць за ёю следам, з выцягнутымі мордамі, паначапляўшы на сябе і спераду і ззаду смешныя зоркі і брындзікі... А ўсе гэтыя візіты, даклады, пасяджэнні... Не, мой родны, ёсць толькі адно бясспрэчнае, цудоўнае і незаменнае - вольная душа, а з ёю творчая думка і вясёлая прага жыцця! Труфелі могуць быць і не быць - гэта капрызная і выпадковая штука. Кандуктар, калі ён толькі не зусім дурны, праз год можа навучыцца някепска і не без гонару цараваць. Але ніколі адкормленая, важная і тупая малпа, якая сядзіць у карэце, з бразгулькамі на тоўстым пузе, не зразумее гордай красы свабоды, не адчуе радасці натхнення, не заплача салодкімі слязьмі захаплення, пазіраючы, як на вярбовай галінцы серабрацца пушыстыя коцікі.

Назанскі закашляўся і кашляў доўга. Потым, плюнуўшы за борт, гаварыў далей:

- Ідзіце са службы, Рамашоў. Кажу вам так таму, што я сам паспытаў волі, і калі вярнуўся назад, у забруджаную клетку, дык вінаваты ў гэтым... ну, хай сабе... усё роўна, вы разумееце. Смела кідайцеся ў жыццё, яно вас не ашукае. Яно падобна да вялізнага памяшкання з тысячамі пакояў, у якіх святло, песні, цудоўныя карціны, разумныя, прыгожыя людзі, смех, танцы, каханне - усё, што ёсць вялікага і грознага ў мастацтве. А вы ў гэтым палацы да апошняга часу бачылі адзін толькі змрочны, цесны закутак, поўны смецця і павуціння, - і вы баіцёся пакінуць яго.

Рамашоў прычаліў да прыстані і дапамог Назанскаму выйсці з лодкі. Ужо сцямнела, калі яны прыехалі на кватэру да Назанскага. Рамашоў палажыў таварыша на пасцель і сам накрыў яго зверху коўдраю і шынялём.

Назанскага так моцна калаціла, што ў яго зуб на зуб не пападаў. Скурчыўшыся і хаваючы галаву ў падушку, ён гаварыў няшчасным, бездапаможным, дзіцячым голасам:

- О, як я баюся свайго пакоя... Якія сны, якія сны!

- Хочаце, я астануся начаваць! - прапанаваў Рамашоў.

- Не, не, не трэба. Пашліце, калі ласка, па бром... і... крышку гарэлкі. Я без грошай...

Рамашоў праседзеў у яго да адзінаццаці гадзін. Пакрысе Назанскага перастала калаціць. Ён раптам расплюшчыў вялікія, бліскучыя, ліхаманкавыя вочы і сказаў рашуча, адрывіста:

- Цяпер ідзіце. Бывайце.

- Бывайце, - самотна сказаў Рамашоў.

Яму хацелася сказаць: «Бывайце, настаўнік», але ён пасаромеўся фразы і толькі дадаў з ненатуральным жартам:

- Чаму - бывайце? Чаму не да пабачэння?

Назанскі засмяяўся недарэчным, жудасным і нечаканым смехам.

- А чаму не да ўслышэння? - крыкнуў ён дзікім голасам вар'ята.

І Рамашоў адчуў на ўсім сваім целе дрыготкія хвалі жаху.

 

XXII

 

Падыходзячы да свайго дома, Рамашоў са здзіўленнем убачыў, што ў маленькім акне яго пакоя, сярод цёплага мораку летняй ночы, ідзе ледзь прыкметнае святло. «Што гэта значыць? - падумаў ён трывожна і міжвольна паскорыў хаду. - Магчыма, гэта вярнуліся мае секунданты з умовамі дуэлі?» У сенцах ён наляцеў на Гайнана, не заўважыў яго, спалохаўся, уздрыгнуў і ўсклікнуў сярдзіта:

- Што за ліха! Гэта ты, Гайнан? Хто тут?

Нягледзячы на цемру, ён адчуў, што Гайнан, па сваёй звычцы, заскакаў на адным месцы.

- Там цябе паня прыйшла. Сядзіць.

Рамашоў адчыніў дзверы. У лямпе ўжо даўно выйшла ўся газа, і цяпер яна, патрэскваючы, дагарала апошнімі чаднымі ўспышкамі. На ложку сядзела нерухомая жаночая постаць, невыразна акрэсліваючыся ў цяжкім дрыготкім прыцемку.

- Шурачка! - задыхаючыся, сказаў Рамашоў і чамусьці на пальчыках асцярожна падышоў да ложка. - Шурачка, гэта вы?

- Цішэй. Сядайце, - адказала яна хуткім шэптам. - Патушыце лямпу.

Ён дзьмухнуў зверху ў шкло. Палахлівы сіні агеньчык знік, і ў пакоі адразу зрабілася цёмна і ціха, і ў тую ж хвіліну таропка і гучна застукаў на стале не заўважаны дагэтуль будзільнік. Рамашоў сеў побач з Аляксандрай Пятроўнай, згорбіўшыся і не пазіраючы ў яе бок. Дзіўнае пачуццё боязі, хвалявання і нейкага замірання ў сэрцы авалодала ім і перашкаджала яму гаварыць.

- Хто ў вас побач, за сцяною? - спытала Шурачка. - Там чуваць?

- Не, там пусты пакой... старая мэбля... гаспадар - сталяр. Можна гаварыць уголас.

Аднак яны абое ўсё ж працягвалі гаварыць шэптам, і ў гэтых ціхіх, кароткіх словах, сярод цяжкага, густога мораку, было шмат палахлівага, збянтэжанага і патаемнага. Яны сядзелі, амаль дакранаючыся адно да аднаго. У Рамашова глухімі ўдарамі шумела кроў у вушах.

- Навошта, навошта вы гэта зрабілі? - раптам сказала яна ціха, але з гарачым папрокам.

Яна паклала яму на калена сваю руку. Рамашоў праз адзенне адчуў яе жывую, нервовую цеплыню і, глыбока ўздыхнуўшы, заплюшчыў вочы. Але ад гэтага не зрабілася цямней, толькі перад вачамі выплылі падобныя да казачных азёр чорныя авалы, абкружаныя блакітным ззяннем.

- Памятаеце, я прасіла вас быць з ім стрыманым. Не, не, я не папракаю. Вы не наўмысна шукалі сваркі - я ведаю гэта. Але няўжо ў той час, калі ў вас прачнуўся дзікі звер, вы не змаглі хоць бы на хвіліну ўспомніць пра мяне і спыніцца. Вы ніколі не кахалі мяне!

- Я кахаю вас, - ціха вымавіў Рамашоў і злёгку дакрануўся сваімі дрыготкімі пальцамі да яе рукі.

Шурачка адняла яе, але не адразу, а памалу, нібыта шкадуючы і баючыся яго пакрыўдзіць.

- Так, я ведаю, што ні вы, ні ён не назвалі майго імя, але ваша рыцарства загінула марна: усё роўна па горадзе ходзяць плёткі.

- Даруйце мне, я не валодаў сабою. Мяне асляпіла рэўнасць, - з цяжкасцю вымавіў Рамашоў.

Яна засмяялася доўгім і злым смехам.

- Рэўнасць? Няўжо вы думаеце, што мой муж быў такі велікадушны пасля вашай бойкі, што стрымаўся і не расказаў мне, адкуль вы прыехалі тады ў сход? Ён і пра Назанскага мне сказаў.

- Даруйце, - паўтараў Рамашоў. - Я там нічога благога не рабіў. Даруйце.

Яна раптам загаварыла гучней, рашучым і суровым шэптам:

- Слухайце, Георгій Аляксеевіч, для мяне дарагая кожная хвіліна. Я чакала вас каля гадзіны. Таму будзем гаварыць коратка і толькі аб справе. Вы ведаеце, што значыць для мяне Валодзя. Я яго не люблю, але ён забраў у мяне частку маёй душы. У мяне больш самалюбства, як у яго. Два разы ён правальваўся, трымаючы экзамен у акадэмію. Гэта прыносіла мне зкачна больш крыўды і засмучэння, як яму. Усе ягоныя думкі пра генеральны штаб належаць мне адной, цалкам мне. Я цягнула мужа з усяе сілы, падахвочвала яго, зубрыла разам з ім, рэпетыравала, узнімала яго гонар, падбадзёрвала яго ў цяжкія хвіліны. Гэта - мая ўласная, любімая, вялікая справа. Я не магу адарваць ад гэтай думкі свайго сэрца. Што б там ні было, але ён паступіць у акадэмію.

Рамашоў сядзеў, нізка схіліўшы галаву. Ён раптам адчуў, што Шурачка ціха і павольна правяла рукою па яго валасах. Ён спытаў з горкім недаўменнем:

- Што ж я магу зрабіць?

Яна абняла за шыю і пяшчотна прытуліла яго галаву да сваіх грудзей. Яна была без гарсэта. Рамашоў адчуў шчакою падатлівую пругкасць яе цела і пачуў яго цёплы, востры, сладастрасны пах. Калі яна загаварыла, ён адчуваў яе перарывістае дыханне на сваіх валасах.

- Ты памятаеш, тады... увечары... на пікніку. Я табе сказала ўсю праўду. Я не люблю яго. Але падумай: тры гады, цэлыя тры гады надзей, фантазій, планаў і гэткай упартай нецікавай працы! Ты ж ведаеш, я да дрыжыкаў ненавіджу гэтую абывацельскую, жабрацкую афіцэрскую кампанію. Я хачу заўсёды быць цудоўна апранутай, прыгожай, зграбнай, я хачу пакланення, улады! І раптам - недарэчная, п'яная бойка, афіцэрскі скандал - і ўсё скончана, усё пайшло прахам! О, як гэта дзіка! Я ніколі не была маткаю, але я ўяўляю сабе: вось у мяне расце малое - любае, пяшчотнае, на яго ўсе надзеі, яму аддадзены клопат, слёзы, бяссонныя ночы... і раптам - недарэчнасць, выпадак, жахлівы, стыхійны выпадак: ён гуляе на акне, нянька адышлася, ён падае на брук. Любы, толькі з гэтым мацярынскім адчаем я магу параўнаць сваё гора і злосць. Але я не абвінавачваю цябе.

Рамашову было нязручна сядзець перагнуўшыся, ён баяўся зрабіць ёй цяжка. Але ён рады быў бы сядзець гэтак цэлыя гадзіны і слухаць у нейкім дзіўным, душным ап'яненні частыя і дакладныя ўдары яе маленькага сэрца.

- Ты слухаеш мяне? - спытала яна, схіляючыся над ім.

- Так, так... Гавары... Калі я толькі змагу, я зраблю ўсё, што ты хочаш.

- Не, не. Выслухай мяне да канца. Калі ты яго заб'еш або калі яго не дапусцяць да экзамену - усё скончана! Я ў той жа дзень, калі даведаюся пра гэта, кідаю яго і еду - усё роўна куды - у Пецярбург, у Адэсу, у Кіеў. Не думай, гэта не фальшывая фраза з газетнага рамана. Я не хачу палохаць цябе такімі таннымі эфектамі. Але я ведаю, што я маладая, разумная, адукаваная. Непрыгожая. Але я змагу быць больш цікавай за многіх прыгажунь, якія на публічных балях набываюць у выглядзе прэміі за прыгажосць мельхіёравы паднос ці будзільнік з музыкаю. Я абняслаўлю сябе, але згару ў адно імгненне, і зырка, як феерверк!

Рамашоў глядзеў у акно. Цяпер яго вочы, якія прывыклі да цемры, адрознівалі невыразную, ледзь прыкметную аконную раму.

- Не кажы так... не трэба... мне балюча, - вымавіў ён самотна. - Ну, хочаш, я заўтра ж адмоўлюся ад паядынку, папрашу ў яго прабачэння? Зрабіць гэта?

Яна памаўчала з хвіліну. Будзільнік напаўняў сваёй металічнай балбатнёй усе закуткі цёмнага пакоя. Нарэшце яна вымавіла ледзь чутна, нібы ў роздуме, з выразам, якога Рамашоў не змог улавіць:

- Я так і ведала, што ты гэта прапануеш.

Ён узняў галаву і, хоць яна прытрымлівала яго за шыю рукой, выпрастаўся на ложку.

- Я не баюся! - сказаў ён гучна і глуха.

- Не, не, не, не, - загаварыла яна гарачым паспешлівым, умольным шэптам. - Ты мяне не зразумеў. Ідзі да мяне бліжэй... як раней... Ідзі ж!..

Яна абняла яго абедзвюма рукамі і зашаптала, казычучы твар сваімі тонкімі валасамі і горача дыхаючы яму ў шчаку:

- Ты мяне не зразумеў. У мяне зусім іншае. Але мне сорамна перад табою. Ты такі чысты, добры, і я саромеюся гаварыць табе пра гэта. Я разважлівая, я брыдкая...

- Не, гавары ўсё. Я цябе кахаю.

- Паслухай, - загаварыла яна, і ён хутчэй адгадваў яе словы, чым іх чуў. - Калі ты адмовішся, дык колькі крыўд, ганьбы і пакут абваліцца на цябе. Не, не, зноў не тое. Ах, божачка мой, у гэтую хвіліну я не буду хлусіць перад табою. Любы мой, я ж усё гэта даўно абдумала і ўзважыла. Дапусцім, ты адмовіўся. Гонар мужа рэабілітаваны. Але, зразумей, у дуэлі, якая скончылася прымірэннем, заўсёды астаецца штосьці... як бы табе сказаць?.. Ну, штосьці няпэўнае, падазронае, такое, што выклікае непаразуменне і расчараванне. Ці разумееш ты мяне? - спытала яна з сумнай пяшчотаю і асцярожна пацалавала яго ў валасы.

- Так. Дык што ж?

- Тое, што ў гэтым выпадку мужа, безумоўна, не дапусцяць да экзаменаў. Рэпутацыя афіцэра генеральнага штаба павінна быць без адзінай парушынкі. Між тым калі б вы на самай справе страляліся, дык тут было б нешта гераічнае, смелае. Людзям, якія ўмеюць трымаць сябе пад стрэлам з пачуццём уласнай годнасці, шмат што даруюць. Апрача таго... пасля дуэлі... ты мог бы, калі захацеў, і прабачэння папрасіць... Ну, гэта ўжо твая справа.

Моцна абняўшыся, яны шапталіся, як змоўшчыкі, узаемна дакранаючыся тварамі і рукамі, адчуваючы дыханне адно аднаго. Але Рамашоў адчуў, як паміж імі нябачна прапаўзло нешта тайнае, агіднае, слізкае, ад чаго павеяла холадам на яго душу. Ён зноў хацеў вызваліцца з яе рук, але яна яго не пускала. Стараючыся схаваць незразумелае, глухое раздражненне, ён сказаў суха:

- Богам прашу, гавары ўсё, што думаеш. Я ўсё табе абяцаю.

Тады яна ўладна загаварыла каля самага ягонага рота, і словы яе былі нібы хуткія, трапяткія пацалункі:

- Вы абавязкова павінны заўтра страляцца. Але ні адзін з вас не будзе паранены. О, зразумей мяне, не асуджай мяне! Я сама пагарджаю баязліўцамі, я жанчына. Але дзеля мяне зрабі гэта, Георгій! Не, не пытай пра мужа, ён ведае. Я ўсё, усё, усё зрабіла.

Цяпер яму ўдалося ўпартым рухам галавы вызваліцца з яе мяккіх і дужых рук. Ён устаў з ложка і сказаў цвёрда:

- Добра, няхай будзе так. Я згодзен.

Яна таксама ўстала. У цемры па яе руках ён не бачыў, а адчуваў, што яна таропка папраўляе валасы на галаве.

- Ты ідзеш? - спытаў Рамашоў.

- Бывай, - адказала яна слабым голасам. - Пацалуй мяне ў апошні раз.

Сэрца ў Рамашова моцна забілася ад жалю і кахання. Упоцемках, вобмацкам, ён знайшоў рукамі яе галаву і пачаў цалаваць яе шчокі і вочы. Увесь твар Шурачкі быў мокры ад ціхіх, нячутных слёз...

Гэта кранула і ўсхвалявала яго.

- Любая... не плач... Саша... любая... - паўтараў ён жаласна і шчыра.

Яна раптам хутка закінула рукі яму за шыю, млявым, палкім і моцным рухам уся прытулілася да яго і, не адрываючы сваіх гарачых вуснаў ад яго рота, зашаптала адрывіста, уся ўздрыгваючы і цяжка дыхаючы:

- Я не магу так з табою развітацца... Мы не ўбачымся болей. Дык не будзем нічога баяцца... Я хачу, хачу гэтага. Адзін раз... возьмем наша шчасце... Любы, ідзі ж да мяне, ідзі, ідзі...

І вось абое яны, і ўвесь пакой, і ўвесь свет адразу напоўніўся нейкім бязмежна шчаслівым, гарачым трызненнем. На нейкі момант на белай пляме падушкі Рамашоў з незвычайнай выразнасцю ўбачыў блізка-блізка каля сябе вочы Шурачкі, якія ззялі ўтрапёным шчасцем, і прагна прыпаў да яе вуснаў...

- Можа, мне праводзіць цябе? - пяшчотна спытаў ён, вывеўшы Шурачку праз дзверы на двор.

- Не, прашу цябе, любы, не трэба... Не рабі гэтага. Я і так не ведаю, як доўга я была ў цябе. Колькі зараз часу?

- Не ведаю, у мяне няма гадзінніка. Зусім не ведаю.

Яна ўсё не хацела ісці і стаяла, прытуліўшыся да дзвярэй. У паветры пахла ад зямлі і ад каменняў сухім, вострым пахам цёплай ночы. Было цёмна, але і ў цемры Рамашоў бачыў, як і тады, у часе пікніку, што твар Шурачкі свеціцца дзіўным белым святлом, нібы твар мармуровай статуі.

- Ну, бывай жа, мой дарагі, - сказала яна нарэшце стомленым голасам. - Бывай.

Яны пацалаваліся, і цяпер яе губы былі халодныя і нерухомыя. Яна шпарка пайшла да варот, і адразу яе праглынула густое цемрыва летняй ночы.

Рамашоў стаяў і слухаў да таго часу, пакуль не рыпнулі варотцы і не сціхлі Шурачкіны крокі. Тады ён вярнуўся ў пакой.

Моцная, але прыемная стома раптоўна авалодала ім. Ён ледзьве паспеў распрануцца - гэтак яму хацелася спаць. І апошнім жывым уражаннем перад сном быў лёгкі, прыемны пах, які ішоў ад падушкі - пах Шурачкіных валасоў, яе духоў і цудоўнага маладога цела.

 

XXIII

 

2-га чэрвеня 18**.

Горад Z.

Яго высокаблагароддзю камандзіру N-скага пяхотнага палка

Штабс-капітана таго ж палка Дзіц.

Р а п а р т

Гэтым маю гонар данесці Вашаму Высокаблагароддзю, што сёння, 2-га чэрвеня, згодна з умовамі, пра якія было даложана Вам учора, 1-га чэрвеня, адбыўся паядынак паміж паручнікам Мікалаевым і падпаручнікам Рамашовым. Праціўнікі сустрэліся без пяці хвілін у 6 гадзін раніцы, на лясной дзялянцы «Дубечная», якая знаходзіцца ў 3 1/2 вярстах ад горада. Працягласць паядынку, уключаючы сюды і час, адведзены на сігналы, была 1 хвіл. 10 сек. Месцы, занятыя дуэлянтамі, былі вызначаны жэрабем. Па камандзе «наперад» абодва праціўнікі пайшлі адзін аднаму насустрач, прычым стрэлам, які зрабіў паручнік Мікалаеў, падпаручнік Рамашоў паранены быў у правую верхнюю частку жывата. Для стрэлу паручнік Мікалаеў спыніўся, дакладна гэтак жа, як і заставаўся стаяць, чакаючы стрэлу ў адказ. Пасля таго, як прайшло паўхвіліны часу, вызначанага для стрэлу ў адказ, выявілася, што падпаручнік Рамашоў адказаць праціўніку не можа. У сувязі з гэтым секунданты падпаручніка Рамашова прапанавалі лічыць паядынак скончаным. З агульнай згоды гэта было зроблена. Калі падпаручніка Рамашова пераносілі ў брычку, апошні страціў прытомнасць і праз сем хвілін сканаў ад унутранага кровазліцця. Секундантамі з боку паручніка Мікалаева былі: я і паручнік Васін, з боку ж падпаручніка Рамашова: паручнікі Бек-Агамалаў і Веткін. Распараджэнне дуэллю, з агульнай згоды, было даручана мне. Паказанне малодшага лекара кал. ас. Знайко пры гэтым дадаю.

Штабс-капітан Дзіц.



Пераклад: Леў Салавей