Ні ценю ў пустцы, ні травы.
На глебе, сонцам разагрэтай,
Анчар, як грозны вартавы,
Стаіць адзін пагрозай свету.
Прырода прагная палёў
Яго ў дзень гневу нарадзіла,
Камель, і мёртвае галлё,
І лет атрутай напаіла.
Цурком з-пад тоўстае кары
Атрута сочыцца ад спёкі
І застывае ўвечары
Слязінкамі густога соку.
Сюды і птушка не ляціць,
На завітае тыгр самотны,
А віхар чорны набяжыць
І ўдала імчыцца ўжо смяротны.
Ці хмара наплыве з далін —
І кожны сонны ліст заплача,
Атрутны дождж а яго галін
Сцякае на пясок гарачы.
Ды чалавека чалавек
Паслаў к анчару на пакуты,
І той пабрыў адзін на здзек,
І раніцой прынёс атруту.
Прынёс смяротную смалу,
Галінку з вялаю лістотай,
І па збялеламу чалу
Каціліся крупінкі поту.
Прынёс, асунуўся і лёг
Пад буданом на жвір прымяты,
І бедны раб сканаў ля ног
Уладара свайго і ката.
А цар атрутай напаіў
Каляных стрэл насечкі з медзі
І смерць у розныя краі
Паслаў няскораным суседзям.