epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Ці я хаджу уздоўж вуліц шумных...»

Ці я хаджу ўздоўж вуліц шумных,

Ці ў мнагалюдны храм іду,

Ці я — між юнакоў бяздумных

Люляю думак чараду.

 

Я гавару: гады, як цені,

Знікаюць, і любому з нас

Сысці пад вечныя скляпенні,

І ўжо чый-небудзь блізкі час.

 

Ці я гляджу на дуб самотны

І мыслю: патрыярх лясоў

Перажыве мой век гаротны,

Як перажыў ён век бацькоў,

 

Ці з ласкай немаўля кранаю,

Як перад ростанню ў жыцці...

Табе я месца саступаю:

Пара мне тлець, табе цвісці.

 

Дзень кожны, кожную часіну

Праводжу роем дум сваіх,

Наступнай смерці гадавіну

Спрабуючы ўгадаць між іх.

 

І дзе мяне спаткае доля?

Між хваль, у бітве, на кані?

Або ў даліне сярод поля

Засну ў жытнёвай цішыні.

 

Хоць у абдымках сну зямнога,

Дзе ні спачнеш, усюды тлець,

Бліжэй да мілага парога

Хацеў бы я прытулак мець.

 

Хай ля магільнага ўвахода

Жыццё зялёнае шуміць

І раўнадушная прырода

Красою вечнай зіхаціць.



Пераклад: Пятрусь Макаль