epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Для дальніх берагоў айчыны...»

Для дальніх берагоў айчыны

Ты пакідала край чужы;

У векапомную хвіліну

Я доўга плакаў і тужыў.

Мае знясіленыя рукі

Цябе хацелі затрымаць;

Мучэння страшнага разлукі

Мой стогн прасіў не супыняць.

Але ад горкіх цалаванняў

Ты вусны адняла свае;

З краіны сумнага выгнання

Ты звала ў іншы край мяне.

Казала ты: «У дзень спаткання

Сярод аліўкавых дуброў

Свайго гарачага кахання

Мы пацалункі злучым зноў».

Ды там, на жаль, дзе неба далі

Гараць у сонцы залатым,

Дзе лёг аліваў цень на хвалі,

Апошнім сном заснула ты.

Твая краса і нараканні

Схаваліся ў зямлі сырой -

І пацалунак знік спаткання...

Ды веру я: ён за табой...

 

1830

 

 

Каментары

 

Пераклад друкаваўся:

Бел. летапіс. 1937, № 4; пад назвай «Для родных берагоў».

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

На зорных шляхах: Пераклады М.Танка. Мн., 1991.

 



Пераклад: Максім Танк