epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Ізноў наведаў я...»

...Ізноў наведаў я

Той ціхі кут, дзе доўгіх два гады

Пустэльнікам прабавіў непрыкметна.

Ўжо дзесяць год мінула з той пары,

І шмат змянілася ў жыцці маім,

І сам, пакорны вечнаму закону,

Змяніўся я, але цяпер ізноў

Як бы вярнулася назад былое, —

Здаецца мне, яшчэ учора толькі

Хадзіў я гэтым гаем.

Вось і домік,

Дзе жыў я з беднай няняю маёй,

Сасланы ў глуш. Няма маёй старэнькай,

Не чую больш яе паважных крокаў:

Бывала, досвіткам на варту выйдзе

І тупае за сценкай...

А ўвечары пад завыванне буры

Мне кажа казкі — я іх добра помню,

Не прыядаліся яны ніколі.

А вось лясны узгорак, на якім

Сядзеў я часта моўчкі і глядзеў

На возера і, засмучоны, марыў

Аб іншых берагах, аб іншых хвалях...

Між залацістых ніў, лугоў зялёных,

Яно, сінеючы, лягло шырока,

І на люстранай, таямнічай гладзі

Плыве рыбак і цягне за сабою

Убогі невад. Берагам пакатым

Рассыпаліся вёскі, а за імі,

Чарнеючы як здань, крывы вятрак

Ледзь-ледзь махае крыллем...

На мяжы

Ўладанняў дзедаўскіх, на месцы тым,

Дзе ўгору падымаецца дарога,

Размытая дажджамі, тры сасны

Стаялі адна далей, а дзве другія

Амаль што побач. Тут, калі паўз іх

Я ехаў конна месячнаю ноччу,

Знаёмым шумам шолах іх вяршынь

Мяне вітаў. Дарогай тою самай

Ізноў паехаў я, і давялося

Мне бачыць іх яшчэ раз: дрэвы тыя ж

І той жа іх знаёмы вуху шолах,

Але пры каранях іх пастарэлых,

Дзе некалі было ўсё пуста, гола,

Цяпер разросся маладзенькі гай;

Зялёная сям’я, як дзетвара,

Іх абступіла цесна. А паводдаль

Стаіць адзін пахмурны іх таварыш,

Як халасцяк стары: вакол яго,

Ян і раней, пустэча.

Добры дзень,

Патомкі незнаёмыя! Не я

Пабачу ваш магутны позні век,

Калі абгоніце сяброў маіх

І кроны іх заслоніце сабой

Ад вока падарожнага. Няхай жа

Унук ці праўнук мой пачуе шум

Прыветны ваш, калі вяртацца будзе

З гасцей дадому, вольны і шчаслівы;

Ён пройдзе каля вас у змроку ночы

І ўспомніць пра мяне.

У розны час

З’яўляўся я пад ваш утульны цень,

Міхайлаўскія родныя дубровы.

Упершыню вы ўбачылі мяне,

Калі я быў вясёлым юнаком,

Адважна, прагна браўся толькі жыць.

А праз гады — вы прынялі мяне

Прысталага вандроўніка. Яшчэ

Я малады быў, але цяжкі лёс

Няроўнай барацьбой мяне стаміў;

Я жорсткім стаў. Маркотны і маўклівы,

Я часта думаў аб сваім юнацтве,

Загубленым у мітусні бясплоднай,

Аб строгасці заслужаных папрокаў,

Аб дружбе, што сплаціла шчырай крыўдай

За жар душы даверлівай і кволай, —

І горка-горка накіпала ў сэрцы...



Пераклад: Юрка Гаўрук