epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Я помню дзіўнае імгненне...» (Да *** (Керн))

Я помню дзіўнае імгненне:

Узнікла ты перада мной,

Як прыгажосці чыстай геній,

Лятунак мроі незямной.

 

У безнадзейнасці журботнай,

У хвалях шумнай мітусні

Мне чуўся голас твой пяшчотны,

Я доўга воблік мілы сніў.

 

Ды час мяцежны, час грымотны

Рассеяў рэха даўніх мрой,

Забыў я голас твой пяшчотны,

Падобны небу воблік твой.

 

Быў у глушы няволі ценем

Азмрочан дзён маіх працяг,

Без святасці і без натхнення,

Без слёз, кахання і жыцця.

 

Ды наступіла абуджэнне.

І вось ты зноў перада мной,

Як прыгажосці чыстай геній,

Лятунак мроі незямной.

 

І сэрца б’ецца ў захапленні,

Зноў расхінаюць небыццё

Былыя святасць і натхненне,

Каханне, слёзы і жыццё.



Пераклад: Васіль Зуёнак