Цар з царыцай развітаўся,
У далёкі шлях падаўся,
І царыца ля акна
Засмучоная адна
Дні і ночы каратае —
Друга мілага чакае.
Ды не едзе ён, не йдзе —
Не відаць яго нідзе!
Толькі бура-завіруха
Ўецца, круціць, вые глуха,
Засыпае снег палі,
Бела ўсюды на зямлі.
Дзевяць месяцаў праходзіць,
З поля воч яна не зводзіць.
Покуль цар там вандраваў,
Бог дачку царыцы даў,
Вось, нарэшце, госць жаданы,
Дні і ночы так чаканы,
З дальніх земляў, гарадоў
Прыязджае цар дамоў.
На яго яна зірнула,
Цяжка з радасці ўздыхнула,
Захісталася, як цень.
І памерла ў той-жа дзень.
Доўга цар быў несуцешны,
Але што-ж — і ён быў грэшны;
Год, як сон пусты, прайшоў.
Ажаніўся цар ізноў.
І вось гэта маладзіца
Сапраўды была царыца:
І прыгожасцю ўзяла,
І разумная была;
Ды затое ганарліва,
Фанабэрыста, раўніва.
У пасаг было дано
Ёй люстэрачка адно;
Уласцівасць яно мела:
Гаварыць само умела.
І царыца толькі з ім
Забаўлялася з адным;
З ім заўсёды жартавала
І, ўглядаўшыся, пытала:
«Гэй, люстэрачка! скажы,
Ды ўсю праўду далажы:
Ці-ж не я за ўсіх мілейша,
Румянейша і бялейша?»
І люстэрка кажа ёй:
«Так, не знойдзецца другой
На ўсім свеце больш мілейшай
Румянейшай і бялейшай».
І царыца рагатаць,
І плячыма паціскаць,
І падміргаваць вачамі,
І прытупываць нагамі,
І круціцца, як юла...
Так яна вось і жыла.
А царэўна маладая
Ўсё расце ды расцвітае;
Вось яна расла, расла,
Паднялася — й расцвіла.
Белы твар, чарнюткі бровы,
Нораў ціхі, несуровы.
К ёй пасватаўся хутчэй
Каралевіч Елісей.
Сват прыехаў, цар даў слова,
А пасаг то быў гатовы:
Сем гандлёвых гарадоў
Ды сто сорак церамоў.
Пачала была царыца
Да заручын харашыцца
Прад люстэрачкам сваім,
Перамовілася з ім:
«Ці-ж не я за ўсіх мілейша,
Румянейша і бялейша?»
І ў адказ пачула: «Што-ж,
Ты прыгожая, ды ўсё-ж
Прыгажэй цябе, будзь пэўна,
Наша юная царэўна».
Як адскочыцца яна:
«Гэта ўсё хлусня адна!»
Па люстэрачку як стукне,
Чаравічкам як прытупне!..
«Ах ты, гадкае ты шкло!
Гэта лжэш ты мне назло.
Як раўняцца ёй са мною?
Я ў ёй дурасць супакою.
Ды аб чым тут гаварыць!
Як ёй белаю не быць:
Маці. носячы, сядзела
Ды на белы снег глядзела!
Толькі-ж гэта ўсё мана:
Не мілей мяне яна!
Абыйдзі ўсё царства наша,
Ці ўвесь свет, дык ножны скажа,
Што, як я, — няма такой».
Кажа зноў люстэрка ёй:
«А царэўна усё-ж мілейша,
Румянейша і бялейша.
Гэта праўда, не мана».
З чорнай зайздрасці яна
Бразь! люстэрачка пад лаўку,
І, паклікаўшы Чарнаўку,
Загадала грозна ёй,
Сеннай* дзеўчыне сваёй.
Каб царэўну маладую
Завяла у глуш лясную
Ды пакінула каб там
На галодны зуб ваўкам.
Чорт не зладзіць з бабай гнеўнай!
Што спрачацца тут? З царэўнай
Вось Чарнаўка ў лес пайшла,
Так далёка завяла,
Што царэўна ўсё ўгадала
І прасіцца ў дзеўкі стала:
«Не губі, душа мая,
Як царыцай буду я,
Дык тваю успомню дружбу.
Адплачу табе за службу,
За ўсе клопаты твае».
Дзеўка, любячы яе,
Не забіла, не звязала,
А пусціла і сказала:
«Не журыся тут адна».
І дамоў пайшла яна.
«Што? — царыца яе стрэла. –
Дзе царэўну ты падзела?» –
«У глушы стаіць лясной, —
Адказала дзеўка ёй. —
Моцна звязаны ёй рукі,
Менш цярпець ёй будзе мукі
Ад драпежнікаў-звяроў...
Не вярнуцца ёй дамоў».
І трызвоніць чутка стала:
Дочка царская прапала!
Цар за хмару стаў цямней.
Каралевіч Елісей
Памаліўся шчыра богу
І падаўся у дарогу
За красуняю-душой,
За нявестай маладой
А нявеста маладая
У глушы ўсю ноч блукае
І, нарэшце, раніцой
Бачыць церам прад сабой.
Пёс яе тут сустракае,
Брэхам радасным вітае;
Вось на двор яна ідзе —
Не відаць людзей нідзе.
Пёс бяжыць за ёю збоку,
А царэўна ціхім крокам
Тут на ганак узышла,
За кальцо рукой ўзяла, —
Дзверы скрыпнулі ціхутка,
І царэўна наша хутка
Увайшла у светлы дом;
Дываны ляжаць кругом,
Пад святымі стол дубовы,
Печ з ляжанкай адмысловай.
Бачыць, тут не хто-нібудзь —
Людзі добрыя жывуць;
Значыць, крыўды ёй не будзе.
Толькі, дзе-ж тут тыя людзі?
Дом царэўна абышла,
Ўсё прыбрала, падмяла,
Засвяціла богу свечку,
Добра выпаліла печку
І лягла адпачываць, —
Захацела дужа спаць.
Час абеду набліжаўся,
За дзвярыма грук раздаўся:
Уваходзіць сем братоў.
Сем асілкаў-вусачоў.
«Дзіва! — брат старэйшы кажа: —
Аж блішчыць святліца наша.
Нехта церам прыбіраў
Ды, напэўна, нас чакаў.
Хто-ж ты? Выйдзі, пакажыся,
З наш чэсна падружыся.
Як стары ты чалавек,
Дзядзькам будзеш нам навек.
Калі хлопец ты румяны,
Братам будзеш нам названым.
Як бабуля, маткай будзь.
Так усе няхай завуць.
Як дзяўчына-маладзіца,
Будзь нам мілая сястрыца».
І царэўна к ім сышла,
«Добры дзень» братам дала;
Пакланіўшыся ўсім міла,
Выбачэння папрасіла,
Што у госці к ім зайшла,
Хоць і званай не была.
І па ўсім браты пазналі,
Што царэўну тут прымалі.
Пасадзілі у куток.
Падавалі піражок,
Чарку з верхам налівалі,
Як умелі, частавалі.
Ад зялёнага віна
Адмаўлялася яна,
Піражка кусочак з’ела,
Больш нічога не хацела,
Ды з дарогі спаць ізноў
Адпрасілася ў братоў.
Завялі браты дзяўчыну
У святліцу на пярыну.
«Сні спакойна свае сны!» —
Пажадалі ёй яны.
Дзень за днём ідзе, мінае,
А царэўна маладая
Тут жыве; не сумна ёй
У сямі братоў адной.
Перад ранішняй зарою
Сілачы усёй гурбою
Выязджаюць пагуляць,
Шэрых качак пастраляць,
Руку правую пацешыць,
Сарачына**
ў полі спешыць,
Ці башку з шырокіх плеч
У татарына адсеч,
Або сілай выгнаць з лесу
Пяцігорскага чаркеса.
Гаспадыняю-ж яна
У святліцы той адна
Прыбярэ і прыгатовіць,
Ім супроць слаўца не мовіць,
І яны таксама ёй.
Так жывуць адной сям’ёй.
Ўсім ад першае хвіліны
Спадабалася дзяўчына.
Вось аднойчы раніцой
Увайшлі асілкі к ёй.
Ля парога ўсе пасталі,
Пакланіўшыся, сказалі:
«Нас сямёра ўсіх, цябе
Мы кахаем, за сябе
Ўзяць цябе мы ўсе гатовы,
Мы твайго чакаем слова,
Хочам мы прысуд твой чуць:
Аднаму ты жонкай будзь,
Іншым ласкавай сястрою.
Што-ж ківаеш галавою
З засмучэннем у вачах?
Ці тавар не па купцах?»
«Ой вы, бравыя малойцы,
Ўсе вы любыя мне хлопцы, —
Адказала ім яна, —
Як ілгу, ад перуна
Хай загіну я за тое;
Ўжо заручана даўно я.
І скажу вам, як братам:
Не даю я ганьбы вам,
Вас я ўсіх люблю сардэчна;
Ды аддадзена навечна
Я другому. Мне мілей
Каралевіч Елісей».
Тут асілкі пастаялі,
Ад няўдачы паўздыхалі.
«Што-ж... Даруй ты нам, не знаў, —
Брат старэйшы адказаў, —
Калі так, не заікнуся
Больш аб тым». — «Я не злуюся,
Ціха мовіла яна, —
І адказ мой не віна».
Жаніхі паклон аддалі,
Больш аб тым не ўспаміналі,
Перасталі ўсе тужыць,
Сталі зноў у згодзе жыць.
А між тым царыца злая
Ўсё царэўну ўспамінае, —
Не магла спакойна спаць,
Не магла ёй дараваць;
На люстэрка ўсё злавала,
Ды, нарэшце, зноў дастала
І, забыўшы гнеў зусім,
Красавацца перад ім,
Як раней, царыца стала
І з усмешкаю сказала:
«Гэй, люстэрачка! скажы,
Ды ўсю праўду далажы:
Ці ж не я за ўсіх мілейша,
Румянейша і бялейша?»
І ў адказ пачула: «Што-ж,
Ты прыгожая, ды ўсё-ж
Дзесь жыве яшчэ без славы
У сямі асілкаў бравых
Тая, што цябе мілей
І бялей і румяней»
І царыца наляцела
На Чарнаўку: «Як ты смела
Падмануць мяне? І ў чым!..»
І Чарнаўка тут ва усім
Ёй прызналася. Царыца
З лютай злосці кіпяціцца
І ёй кажа — ці не жыць,
Ці царэўну загубіць.
Раз царэўна кужаль прала,
На абед братоў чакала.
Раптам пёс як завурчыць
За акном. Яна глядзіць:
На дварэ стаіць чарніца***
;
Пёс жа к ганку падступіцца
Не дае бабулі. К ёй
Рвецца ён. як звер. «Пастой,
Пачакай, бабулька, троху, —
Ёй крычыць яна з парогу, —
Прыгражу сама я псу
І акрайчык прынясу».
Адказала ёй старая:
«Ах, мая ты дарагая!
Пёс пракляты так напаў,
Ледзь мяне не пакусаў.
Паглядзі, як ён буркоча!
Выйдзь сюды». — Царэўна хоча
Выйсці к ёй і хлеб ўзяла,
Толькі-ж з ганку як сышла,
Пёс к царэўне падбягае —
Да жабрачкі не пускае;
Толькі ступіць баба к ёй,
Ён кідаецца стралой
На старую. «Што такое?
Нешта стала з ім благое, —
Тут царэўна кажа ёй. —
На-ж, лаві акрайчык мой!»
Хлеб старая падхапіла,
Пакланілася ёй міла:
«Бог цябе благаславі;
Вось за хлеб табе, лаві!»
Да царэўны сакавіты,
Чырвань-золатам наліты,
Спелы яблычак ляціць...
Пёс як скочыць, завішчыць...
Ды царэўна тут у рукі
Хоп — злавіла. «Ад дакукі
Еш ты яблычак, мой свет.
Шчыра дзякуй за абед...» —
Ёй бабулечка сказала,
Пакланілася й прапала.
За царэўнай пёс бяжыць
І так жаласна глядзіць
Ёй у вочы, грозна вые,
Нібы сэрца псова ные,
Нібы хоча ёй сказаць:
«Кінь!» — Яна яго ласкаць,
Гладзіць белаю рукою:
«Што, Саколка, што з табою?
Ляж!» — і ў хату увайшла,
Зноў кудзелю узяла.
Ля акна за пражу села,
Ды на яблычак глядзела.
Што за яблык! сакавіты,
Быццам мёдам ён наліты,
Гэткі свежы і душысты,
І румяны, залацісты,
Ўсе зярняткі ў ім відаць,
Проста воч не адарваць!
Пачакаць яна хацела
Да абеду; не сцярпела,
Спелы яблык узяла,
К чырвань-губкам паднясла,
Асцярожна раз куснула
І кусочак праглынула...
І царэўна раптам тут
Пахіснулася у кут.
Белы рукі апусціла,
Плод румяны ураніла
І, як сноп, у той-жа час
Галавою пад абраз
Каля прасніцы упала,
Нерухомай, ціхай стала...
Гэтым часам сам братоў
Едуць весела дамоў
З маладзецкага разбою.
Грозна выючы, стралою
Ім насустрач пёс бяжыць,
Проста ў вочы ўсім глядзіць,
«Быць бядзе!» — браты сказалі
І галопам паімчалі.
Дома ахнулі яны...
Пёс на яблык наліўны
Налятае з брэхам лютым,
Праглынуў і здох. Атрутным
Сокам ён наліты быў
І царэўну загубіў.
У журбоце у душэўнай
Перад мёртваю царэўнай
Ўсе паніклі галавой
І з малітваю святой
Паднялі яе, адзелі
І хаваць ужо хацелі,
Ды раздумалі. Яна,
Як пад крылейкам у сна,
Ціхай, свежаю ляжала,
Што. здаецца, нібы спала.
Пачакалі дзень-другі —
Не прачнулася. З тугі
Тут браты пабедавалі,
А пасля ў труну паклалі
І ў поўночную пару
У пустэльную гару,
Засмучоныя, з труною
Падаліся ўсёй гурбою;
Там труну паміж слупоў
Да жалезных ланцугоў
Асцярожна прывінцілі,
Агарожу ўстанавілі
І. укленчыўшы прад ёй,
Перад мёртваю сястрой,
Большы брат прамовіў гэтак:
«Спі, царэўна, у труне ты;
Знікла раптам, як раса,
На зямлі твая краса;
Мы цябе ўсе шанавалі,
Разам мілага чакалі,
Ды халодная труна
Узяла цябе адна».
Вось у той-жа дзень царыца
Прад люстэрачкам садзіцца:
«Гэй, люстэрачка! скажы,
Ды ўсю праўду далажы:
Ці-ж не я за ўсіх мілейша,
Румянейша і бялейша?»
І люстэрка кажа ёй:
«Так, не знойдзецца другой
На ўсім свеце больш мілейшай,
Румянейшай і бялейшай».
За нявестаю сваёй,
Зя царэўнай маладой
Елісей па свеце скача.
Ды — няма!.. Ён горка плача.
Запытаецца ў каго —
Кожны дзівіцца з яго;
Хто смяецца і жартуе,
А хто быццам і не чуе;
Вось у сонца Елісей
Запытаўся без надзей:
«Свет наш сонейка! ты ходзіш
Круглы год па небе, зводзіш
Зімку з цёплаю вясной,
Ўсіх нас бачыш пад сабой.
Не адмоў сваім адказам:
Ці не бачыла дзе часам
Ты царэўны маладой?
Я жаніх, бач, буду ёй». —
«Не, не бачыла царэўны, —
Адказала сонца, — пэўна
Не жыва яна, мой свет.
Хіба месяц, мой сусед,
Сустракаў царэўну. Можа,
Ён табе ў бядзе паможа».
Цёмнай ночкі Елісей
Дачакаўся і хутчэй —
Толькі месяц паказаўся —
З просьбай ён за ім пагнаўся:
«Месяц, месяц, мой дружок,
Пазалочаны ражок!
Ты ўстаеш у цьме глыбокай,
Круглатвары, светлавокі,
І высока над табой
Ззяе зорак светлы рой.
Не адмоў сваім адказам:
Ці не бачыў, дружа, часам
Ты царэўны маладой?
Я жаніх ёй». — «Братка мой, —
Кажа месяц, — не заўважыў
Я царэўны. Справа наша
Толькі ўночы вартаваць,
А удзень іду я спаць.
Без мяне прабегла пэўна
Гэта юная царэўна». —
«Як шкада!» — жаніх сказаў.
Ясны месяц тут дадаў:
«Пачакай; аб ёй, быць можа,
Вецер чуў што. Ён паможа.
Ты ў яго лепш запытай,
Не сумуй, браток, бывай».
Елісей не траціў часу,
К ветру кінуўся адразу:
«Вецер, неба уладар,
Ты ганяеш статкі хмар,
Ты хвалюеш сіпе мора,
Ўсюды вееш на прасторы.
А баішся ты ўсяго
Толькі бога аднаго.
Не адмоў сваім адказам:
Ці не бачыў, дружа, часам
Ты царэўны маладой?
Я жаніх, бач, буду ёй».
Адказаў тут вецер буйны:
«Там за рэчкай ціхабруйнай
Ёсць высокая гара,
Ў ёй глыбокая нара;
У нары, ў імгле журботнай,
Бачыў я, вісіць самотнай
Там труна паміж слупоў.
Не відаць нідзе слядоў
Ля таго пустога месца;
Там ляжыць твая нявеста».
Вецер далей паімчаў.
Каралевіч зарыдаў
І пайшоў з журбой душэўнай
На прыгожую царэўну
Паглядзець яшчэ хоць раз.
Вось ідзе; праз нейкі час
Бачыць ён гару крутую,
Камяністую, пустую;
Пад гару нара вядзе.
Ён туды хутчэй ідзе.
Перад ім, ў імгле журботнай,
Між шасці слупоў, самотнай
У хрустальнай у труне
Спіць царэўна у вечным сне.
Аб труну нявесты мілай
Ён ударыўся ўсей сілай
Раскалолася труна,
І — прачнулася яна,
У здзіўленні пазірае
І з трывогай уздыхае:
«Як-жа доўга спала я!
Дзе-ж то прасніца мая?»
І ўстае з труны памалу...
Ах!.. і тут жа зарыдала,
А за ёй — і Елісей.
Потым ён бярэ й нясе
На святло яе з цямніцы,
Ды стралой дамоў імчыцца.
І пра дзіва тата ўслед
Трубяць чуткі на ўвесь свет!
Дома седзячы, царыца
Стала ў гэты час круціцца
Прад люстэрачкам сваім
І размовы весці з ім:
«Ці-ж не я за ўсіх мілейша,
Румянейша і бялейша?»
І ў адказ пачула: «Што-ж,
Ты прыгожая, ды усё-ж
Прыгажэй цябе, будзь пэўна,
Наша юная царэўна». —
«Ашалела ты зусім!»
І царыца трах! па ім
Ды у дзверы паляцела.
Там царэўну яна стрэла.
Тут яе туга ўзяла,
І царыцы смерць прышла.
Толькі ў дол яе спусцілі,
Як вяселле учынілі,
І з царэўнаю хутчэй
Павянчаўся Елісей;
І такіх яшчэ вяселляў
У дзяржаве той не мелі;
Я там быў, мёд, піва піў,
Толькі вусы абмачыў.
* Сенная дзяўчына — служанка, якая жыла ў сенцах.
** Сарачын (сарацін) — арабскі коннік.
*** Чарніца — манашка