epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Казка пра цара Салтана, пра яго сына славутага асілка князя Гвідона Салтанавіча і пра цудоўную прыгажуню царэўну Лебедзь

Тры сястрыцы пад акном

Пралі позна вечарком.

«Вось каб я была царыца, -

Кажа першая сястрыца, -

Дык адна на ўвесь бы свет

Я наладзіла банкет».

«А каб я была царыца, -

Адказала ёй сястрыца, -

Дык на ўвесь бы свет адна

Я наткала б палатна».

«А каб я была царыца, -

Кажа трэцяя сястрыца, -

Нарадзіла б для цара

Я асілка-змагара».

 

Толькі вымавіць паспела,

Дзверы ціха заскрыпелі,

Да сясцёр заходзіць цар -

Той краіны уладар.

Ён за плотам слова ў слова

Слухаў іхнюю размову,

І малодшая таму

Спадабалася яму.

«Добры дзень табе, дзяўчына,

Ты царыцай стаць павінна,

І да восені - глядзі! -

Мне асілка нарадзі.

Вы ж, галубачкі-сястрыцы,

Выбірайцеся з святліцы

Ды спяшайцеся за мной

І за вашаю сястрой.

Будзе з вас адна ткачыха,

А другая паварыха».

 

Пакідаючы свой дом,

Едуць госці за царом.

Цар не доўгі час збіраўся

І ў той вечар павянчаўся.

Ён гасцей усіх сабраў

І вялікі баль пачаў.

Потым госці і вяльможы

Палажылі спаць на ложак

Са слановай косці іх

І пакінулі адных.

Зліцца ў кухні паварыха,

А за кроснамі ткачыха,

Бо зайздросцяць бабы ёй -

Царскай жонцы маладой.

А царыца маладая

Абяцанак свой здзяйсняе -

Зацяжарала яна...

 

У той час была вайна.

На каня Салтан садзіцца

І наказ дае царыцы:

«Беражы, глядзі сябе,

Бо кахаю я цябе».

А між тым як ён дзесь з войскам

Б'ецца доўга, б'ецца жорстка,

Надыходзіць час радзін:

Сына даў ім бог з аршын.

Каля сына-немаўляці

Цэлы дзень шчыруе маці.

Шле ганца з пісьмом яна -

Бацьку радасць-навіна.

А ткачыха з паварыхай,

З бабай сваццяй Бабарыхай,

Хочуць мамку загубіць

І ганца не дапусціць.

Самі шлюць ганца другога,

Ліст стаў зместу ўжо такога:

Ноччу жонка нарадзіла

Не дачку, не сына - дзіва:

І не мышка, і не жабка,

Як звярок, тое дзіцятка.

 

Як пачуў цар навіну -

Злую чорную ману,

Спахмурнелі яго вочы -

Ён ганца павесіць хоча.

А пасля дабрэйшым стаў

І такі наказ паслаў:

«Пачакаць майго звароту,

Суд законны будзе потым».

 

Едзе з граматай ганец,

Вось дарозе і канец.

А ткачыха з паварыхай,

З бабай сваццяй Бабарыхай,

Абдурылі пасланца:

Даўшы чарачку вінца,

Хлопцу ў торбачку пустую

Кладуць грамату другую.

І прывёз ганец п'яны

Вось такія навіны:

«Цар загадвае баярам,

Каб не траціць часу дарам,

І царыцу і прыплод

Тайна кіньце ў бездань вод».

Што ж рабіць тут? Хоць баяры

Спачуваюць гасудару,

Да царыцы ўсё ж ідуць

І такі загад нясуць.

Абвясцілі яго волю -

Ёй і сыну злую долю.

Прачыталі ўслых наказ,

З сынам маму ў той жа час

Яны ў бочку пасадзілі,

Засмалілі, пакацілі

І спусцілі ў акіян, -

Загадаў так цар Салтан.

 

Зоркі ў сіні моры ззяюць,

Хвалі вольныя гуляюць.

Хмары золкія плывуць,

Хвалі ў бочку моцна б'юць.

І як бедная ўдавіца,

Плача горасна царыца;

А дзіця расце, як птах,

Па гадзінах - не па днях.

Дзень мінуў, яна галосіць...

А дзіцятка хвалю просіць:

«Хваля, хваля ты мая!

Воля буйная твая;

Ты плывеш куды захочаш,

Камяні марскія точыш,

Топіш бераг ты зямлі,

Падымаеш караблі -

Не губі ты нашу душу:

Выкаці ты нас на сушу!»

Хваля слухае яго

І да берага свайго

Падкаціла бочку хутка

І адхлынула ціхутка.

Маці з сынам на зямлі,

Небяспекі ўсе прайшлі.

Але з бочкі хто іх выне?

Бог, няўжо ён іх пакіне?

Сын на ножкі моцна стаў

І галоўкай ў дно наддаў,

Паднаціснуўшы каленцам:

«Як бы нам на двор акенца

Прарабіць?» - прамовіў ён,

Выпхнуў дно і выйшаў вон.

 

Сын і маці ўжо на волі.

Бачаць выспу ў чыстым полі,

Мора, сонца на двары,

Дуб зялёны на гары.

Сын падумаў: час вячэры,

Есці хочацца бязмеры.

Ломіць ён дубовы сук

І ў тугі згінае лук,

З крыжыка шнурок шаўковы

Нацягнуў на лук дубовы,

Чарацінку ён зламаў,

Стрэлку востра застругаў.

І пайшоў на ўскрай даліны

Пашукаць сабе дзічыны.

 

Падышоў да мора ён,

Чуе дзесьці енк і стогн...

Пэўна, ў моры там не ціха;

Глянуў - бачыць, што за ліха?

Лебядзіца сярод хваль,

І каршун над ёй амаль.

Тая крыламі лапоча,

Уцячы, напэўна, хоча,

Каршун кіпці распусціў,

Дзюбу востра навастрыў...

Ды якраз страла запела,

Ў шыі ў коршака засела.

Кроў у мора ён праліў,

Лук царэвіч апусціў;

Бачыць, коршак ужо тоне,

Не птушыным крыкам стогне,

Лебядзіца ў барацьбе

Злога коршака дзяўбе

І крыламі дабівае,

І пагібель паскарае.

А царэвічу вось так

Рускай мовай кажа птах:

«Ты, царэвіч, збаўца любы

Ад мае заўчаснай згубы,

Ты мяне не вінаваць,

Што галодны ляжаш спаць,

Што страла прапала ў моры;

Гэта гора - ды не гора,

Я за ласку - адкажу,

Табе добра паслужу.

Ты на свеце жыць пакінуў

Не лябёдку, а дзяўчыну.

Ты забіў не каршука,

А ўтапіў чараўніка.

Век цябе я не забуду,

Я з табою ўсюды буду,

Кінь, царэвіч, сумаваць,

Не бядуй, лажыся спаць».

 

Паляцела лебядзіца,

А царэвіч і царыца

Дзень галодныя былі

І не еўшы спаць ляглі...

Вось сынок расплюшчыў вочы

І, прагнаўшы прывід ночы,

Дзіву даўся: ці не сон?

Светлы горад бачыць ён.

Сцены з вострымі зубцамі,

За высокімі дамамі

Ззяннем макаўкі гараць

На царквах, манастырах.

Ён хутчэй царыцу будзіць:

Тая: «Ах...» «Ці гэта будзе! -

Сын ёй кажа: - Бачу я

Лебядзіца вунь мая».

Маці й сын ідуць у горад.

За сцяною ў гэту пору

Аглушальны гул званоў

Загудзеў з усіх бакоў.

Ім народ насустрач валіць,

Хор царкоўны бога хваліць;

У карэтах залатых

Пышны двор страчае іх;

Гучна ўсе іх велічаюць

І царэвіча вянчаюць

Княжай шапкай залатой,

Уладарцам над сабой.

І сярод свае сталіцы,

З добрай згодаю царыцы,

З дня таго стаў княжыць ён

І назваўся князь Гвідон.

 

Ціха вецер павявае

І караблік падганяе.

Ён на ветразях тугіх

Сярод хваль плыве крутых.

Карабельшчыкі сышліся,

Дзіву-дзіўнаму даліся:

На вядомай выспе тут

Яны бачаць нейкі цуд.

Горад новы златаглавы,

Прыстань з моцнаю заставай.

З прыстані гарматы б'юць,

Знак прычаліць падаюць.

Вось прычаліліся госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць, як сваіх,

Ды спытаўся ён у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі,

Шлях куды свой скіравалі?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

Гандлявалі сабалямі,

Чарнабурымі лісамі,

А плывем ужо дамоў,

Да радзімых берагоў.

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана».

Кажа князь тады купцам:

«Добры шлях, панове, вам,

Морам плыць і акіянам!

А славутаму Салтану

Перадайце вы паклон».

Госці едуць, князь Гвідон

З берага самотным зрокам

Іх правёў у шлях далёкі;

Бачыць ён, у сіняве

Лебядзіца там плыве.

«Добры дзень, мой князь чароўны!

Што ж ты сумны, неспакойны?

Зажурыўся ты чаго?» -

Запыталася ў яго.

Князь ёй так апавядае:

«Сум-журба мяне з'ядае,

Хоць сумую - ды маўчу.

Бацьку ўбачыць я хачу».

«Вось якое ў цябе гора!

Ну, дык слухай: можа, ў мора

Паляціш за караблём?

Будзь жа, князь, ты камаром».

Крыллем птушка замахала,

Воду з шумам распляскала

І апырскала ўсяго

З галавы да ног яго.

Тут ён кропкаю зрабіўся,

Камарочкам прытварыўся,

Паляцеў і запішчаў,

Карабель ураз дагнаў,

І паціху апусціўся,

Там у шчылінку зашыўся.

 

Вецер весела шуміць,

Судна весела бяжыць

Міма вострава Буяна

Да славутага Салтана,

Край жаданы - гэта ён

Ім ужо здалёк відзён.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці,

Наш камар як загудзеў

І ў палацы паляцеў.

Бачыць: ззяе ўвесь у злаце

Цар Салтан там у палаце,

Пад каронай залатой;

Сум на твары, неспакой.

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай, -

Пры цары яны сядзяць,

Пільна ў вочы ўсе глядзяць.

Цар Салтан гасцей саджае

За свой стол і ў іх пытае:

«Вы ў якой, скажыце мне,

Пабывалі старане?

Жыць за морам ці шчасліва?

І якое ў свеце дзіва?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

За марамі жыць шчасліва;

Поўны свет такога дзіва:

Там на востраве пустым,

Непрывальным, нежылым,

Сярод роўнядзі пустыннай

Толькі рос дубок адзіны;

А цяпер на ім стаяць

Светлы горад і палац.

З златаглавымі царквамі,

З церамамі ды садамі,

А жыве там князь Гвідон,

Ён прыслаў табе паклон».

Цар Салтан здзівіўся цуду:

«Калі жыў я толькі буду,

На той востраў паплыву,

У Гвідона пажыву».

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Змову тояць між сабой -

Не пусціць на востраў той:

«Вось знайшлі якое дзіва, -

Падміргнуўшы вокам хціва,

Паварыха кажа ім:

- Горад дзесь на моры тым.

Вось сапраўднае ёсць дзіва:

Што пад елкаю шумлівай

Там вавёрачка жыве

Ды арэшкі ўсё грызе;

Незвычайныя такія, -

Шалупінкі залатыя,

А зярняткі - ізумруд,

Вось сапраўдны гэта цуд».

Цар Салтан аж дзіву даўся;

А камар як раззлаваўся,

Па палацы залятаў,

Цётцы ў вока джала даў.

Паварыха пабялела

І аслепла - абамлела.

Слугі, свацця і сястра

З крыкам ловяць камара.

«Распраклятая ты мошка,

Мы цябе!» А ён патрошку

Сам у фортку пырхнуў зноў,

Паляцеў сабе дамоў.

 

Князь ля сіня-мора ходзіць

І вачэй з яго не зводзіць;

Глянь - па морскай сіняве

Лебядзіца зноў плыве.

«Добры дзень, мой князь чароўны!

Што ж ты сумны, неспакойны?

Зажурыўся ты чаго?» -

Запыталася ў яго.

Князь засмучана ўздыхае:

«Сум-журба мяне з'ядае:

Падкажы мне, што рабіць?

Дзіва тое як набыць?

Дзесьці ў лесе ёсць яліна,

На густых яе галінах

Там вавёрачка пяе

Ды арэшкі ўсё грызе,

Незвычайныя такія:

Шалупінкі залатыя,

А зярняткі - ізумруд,

Можа, хлусяць людзі тут?»

Адказала лебядзіца:

«Праўда, - ёсць чаму дзівіцца.

Годзе, князь, душа мая;

Тое дзіва знаю я.

Не сумуй, я рада службу

Адслужыць табе за дружбу».

Падбадзёраны пайшоў

Да сябе Гвідон дамоў.

Як ступіў на двор шырокі,

Глянь - пад елкаю высокай

Там вавёрка - смех ці грэх -

Залаты грызе арэх.

Шалупіначкі збірае,

Ізумруды ўсе вымае,

Роўна ў кучачкі кладзе,

Не мыляецца нідзе.

І пяе пры ўсім народзе:

«Ой у садзе, агародзе».

Дзіву даўся князь Гвідон:

«Ну і дзякуй, - кажа ён, -

Вось дык птушка - дай ёй божа

Жыць, як мне, вясёла, гожа».

І вавёрцы князь Гвідон

З крышталю будуе дом.

Варту ён прыставіць мусіў,

І дзяка свайго прымусіў,

Каб арэшкі падлічаў

І дабро ў казну здаваў.

 

Ціха ветрык павявае

І караблік падганяе.

Сярод хваль плыве крутых

Ён на ветразях сваіх.

Міма вострава на моры,

Дзе стаіць цудоўны горад,

З прыстані гарматы б'юць,

Знак прычаліць падаюць.

 

Вось прычальваюцца госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць, як сваіх,

Хоча выпытаць у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі?

Шлях куды свой скіравалі?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзіла не раз.

Мы там коньмі гандлявалі,

Жарабцоў мы прадавалі;

А нам тэрмін падышоў, -

Едзем мы цяпер дамоў

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана».

Кажа князь тады купцам:

«Добры шлях, панове, вам

Па прасторах акіяна

Да славутага Салтана.

Ды скажыце: князь Гвідон

Нізкі шле цару паклон».

 

Госці голавы схіляюць

І ў дарогу ад'язджаюць...

Князь да мора падышоў,

Лебядзіцу ўбачыў зноў.

Моліць князь: душа так прагне,

Парываецца і цягне.

Вось яна тады яго

Зноў апырскала ўсяго.

Князь тут мухаю зрабіўся,

Паляцеў і апусціўся

Паміж мора і нябёс,

На судне і ў шчэлку ўпоўз.

 

Вецер весела шуміць,

Судна борздзенька бяжыць

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана.

Край жаданы - гэта ён

Ім ужо здалёк відзён.

Вось на бераг выйшлі госці;

Цар Салтан іх кліча ў госці, -

Удалец наш загудзеў

І ў палацы паляцеў.

Перад ім увесь у злаце

У сваім Салтан палацы

Пад каронай залатой, -

Сум на твары, неспакой.

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Пры цару яны сядзяць,

Злосна жабамі глядзяць.

Цар Салтан гасцей саджае

За свой стол і ў іх пытае:

«Вы ў якой, скажыце мне,

Пабывалі старане?

Як за морам? Як жывецца?

Што чуваць на белым свеце?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

А жывуць там людзі дбала.

І дзівосаў ёсць нямала:

Выспа ў моры дзесь ляжыць,

На ёй горад зіхаціць

Златаглавымі царквамі,

Церамамі і садамі.

Там крыштальны дом стаіць,

Елачка над ім шуміць,

А вавёрачка ручная -

Весялушачка такая -

Толькі песенькі пяе

Ды арэшкі ўсё грызе.

Незвычайныя такія:

Шалупінкі залатыя,

А зярняткі - ізумруд.

Не вавёрка, проста цуд.

Служаць ёй усёю світай;

І прыстаўлен дзяк сярдзіты

Лік арэхаў весці той;

Салютуе войска ёй.

З шалупіння льюць манеты

Ды пускаюць па сусвеце.

Дзеўкі сыплюць ізумруд

У кладоўкі ды падспуд.

Шмат людзей жыве багатых,

Там палацы, а не хаты.

А сядзіць там князь Гвідон,

Ён прыслаў табе паклон».

Цар Салтан здзівіўся цуду:

«Калі жыў я толькі буду,

На той востраў паплыву,

У Гвідона пажыву».

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Князя хочуць абдурыць,

На той востраў не пусціць.

Усміхнуўшыся, паціху,

Кажа так цару ткачыха:

«Дзе ж тут дзіва тое, дзе?

Што каменьчыкі грызе

Там вавёрачка і ў груды

Падграбае ізумруды?

Гэтым цяжка нас здзівіць,

Трэба праўду гаварыць.

Ёсць яшчэ на свеце дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Закіпіць, узніме гнеў

Ды на бераг як шугне

Хваляй пругкай, хваляй свежай;

І пакіне на ўзбярэжжы

У лусцэ, як бляск зары,

Волатаў аж трыццаць тры.

Ды прыгожыя такія,

Веліканы маладыя,

Роўныя, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

Гэта дзіва ўжо, дык дзіва,

Людзі кажуць справядліва!»

Госці шумныя стаяць,

Не спрачаюцца - маўчаць.

Цар Салтан аж дзіву даўся,

А Гвідон як раззлаваўся...

Ён над цёткай загудзеў

І на левым воку сеў.

А ткачыха тут як войкне,

«Ай», - і стала аднавокай.

Закрычалі ўсе: «Лаві

І даві яго, даві...

Не ўцячэш, пачварнік ласы!

Вось табе...» А князь тым часам

Загудзеў праз фортку зноў, -

Паляцеў сабе дамоў.

 

Князь ля мора зноўку ходзіць,

З мора ён вачэй не зводзіць,

Дзе па морскай сіняве

Лебядзіца зноў плыве...

«Добры дзень, мой князь чароўны!

Што ж ты сумны, неспакойны?

Зажурыўся ты чаму?» -

Кажа так яна яму.

У Гвідона тыя ж рэчы:

«Сум-журба мяне нявечыць,

Дзіва-дзіўнае ў свой край

Перанесці як - парай?»

«А якое ж гэта дзіва?»

«Дзесьці ўспеніцца бурліва

Акіян і ўзніме гнеў

Ды на бераг як шугне

Ён марскою хваляй свежай;

І пакіне на ўзбярэжжы

У лусцэ, як бляск зары,

Волатаў - аж трыццаць тры.

Ды прыгожыя такія,

Веліканы маладыя,

Роўныя, як на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор».

Лебядзіца адказала:

«Вось чаму журба запала.

Не сумуй, душа мая,

Гэта дзіва знаю я.

Тыя воіны марскія

Мне браты ўсе дарагія,

Сум пакінь, ідзі дамоў,

Ды прымай сваіх братоў».

 

Князь пайшоў, забыўшы гора,

Сеў на вежу і на мора

Паглядаць стаў: мора ўраз

Загайдалася ў той час

Хваляй бурнай, хваляй свежай...

Ён убачыў на ўзбярэжжы,

У лусцэ, як бляск зары,

Волатаў аж трыццаць тры.

Віцязі ідуць па двое,

Са срабрыстай сівізною

Дзядзька спераду ідзе,

Іх да горада вядзе.

З вежы князь Гвідон збягае,

Дарагіх гасцей страчае;

Збегся ўвесь народ на двор,

Князю кажа Чарнамор:

«Лебядзіца нас паслала

І наказам загадала

Слаўны горад вартаваць

І дазоры расстаўляць.

І штодзённа мы ад сёння

З-пад глыбокага прадоння

Будзем разам выплываць,

Ля высокіх сцен стаяць.

А цяпер нам час у мора.

Пад вадою гэтак добра,

Цяжка дыхаць на зямлі».

І на дно ізноў пайшлі.

 

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе.

Ён на ветразях тугіх

Мкне па хвалях па крутых.

Міма выспы, што на моры,

Дзе вялікі ўзняўся горад;

З прыстані гарматы б'юць,

Знак прычаліць падаюць.

Вось прычаліліся госці;

Князь Гвідон іх кліча ў госці,

Корміць, поіць, як сваіх,

Ды спытаўся ён у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі,

Шлях куды свой скіравалі?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

Везлі мы цяпер з сабою

Срэбра, золата і зброю.

А ўжо тэрмін надышоў

Плысці ў шлях далёкі зноў;

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана».

Кажа князь тады купцам:

«Добры шлях, панове, вам,

Сінім морам-акіянам

Да славутага Салтана.

Ды скажыце ж: князь Гвідон

Нізкі шле цару паклон».

 

Госці голавы схіляюць

У дарогу адплываюць.

Князь пайшоў да мора й сам -

Лебядзіцу бачыць там.

Зноўку князь: душа так просіць...

Так і цягне, так і носіць...

Вось тады яна яго

Зноў апырскала ўсяго.

Князь малюсенькім зрабіўся

І ў чмяля ператварыўся,

Паляцеў-зажуркатаў,

Хутка судна ён дагнаў.

На яго і апусціўся,

Там у шчыліну зашыўся.

 

Вецер весела шуміць,

Судна весела бяжыць

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана.

Край жаданы - гэта ён

Ім ужо здалёк відзён.

Вось на бераг выйшлі госці.

Цар Салтан іх кліча ў госці.

Удалец наш загудзеў

І ў палацы паляцеў.

Бачыць, ззяе ўвесь у злаце

У сваім Салтан палацы

Пад каронай залатой, -

Сум на твары, неспакой.

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Пры цару яны сядзяць -

Чатырма ўсе тры глядзяць.

Цар Салтан гасцей саджае

За свой стол і ў іх пытае:

«Вы ў якой, скажыце мне,

Пабывалі старане?

Як за морам там жывецца?

Што чуваць на белым свеце?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

А жывуць за морам дбала

І навін у іх нямала.

Выспа ў моры там ляжыць,

Горад светлы зіхаціць.

Кожны дзень пабачыш дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Закіпіць, узніме гнеў

Ды на бераг як шугне,

Распляснецца хваляй свежай;

І пакіне на ўзбярэжжы

У лусцэ, як бляск зары,

Волатаў аж трыццаць тры.

Ды прыгожыя такія -

Веліканы маладыя,

Яны ўсе, як на падбор;

З імі дзядзька Чарнамор.

З мора разам ён выходзіць

І па двое іх выводзіць

Выспу тую пільнаваць

І дазоры выстаўляць.

Больш няма надзейнай варты

І харобрай, і упартай.

А сядзіць там князь Гвідон;

Ён прыслаў табе паклон».

Цар Салтан здзівіўся цуду:

«Калі жыў я толькі буду,

На той востраў паплыву,

У Гвідона пажыву».

Паварыха і ткачыха

Ні гу-гу, а Бабарыха

Усміхнулася ў адказ:

«Гэтым не - не здзівіш нас.

І сабе па двое ходзяць;

Людзі з мора там выходзяць

Можа, праўда, мо хлусня,

Дзіва тут не бачу я.

Ёсць яшчэ на свеце дзіва,

То не дзіва, а праўдзіва,

Ёсць царэўна, што й казаць,

Вочы нельга адарваць.

Днём свет божы зацямняе,

А сцямнее - сонцам ззяе,

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на ілбе гарыць.

І вялікасна, і жвава

Пахаджае, быццам пава;

А як стане гаварыць,

Нібы рэчанька цурчыць.

І кажу я справядліва,

Гэта дзіва ўжо, дык дзіва».

Госці кемныя маўчаць:

Што спрачацца, што крычаць?

Дзіву цар Салтан даецца,

А царэвіч хоць злуецца,

Ды вачэй шкадуе той -

У бабулечкі старой.

Ён загуў і закружыўся

Ды на нос ёй апусціўся.

Як уджаліў той чмель-зух,

Нос, як порхаўка, распух.

Млосна ёй, старэнькай, стала:

«Ой, ратуйце! - закрычала, -

Калавур! лаві, лаві!

Ды даві яго, даві!..

Досыць ты ўжо насваволіў,

Мы цябе!..» А чмель паволі

Праз акно ды морам зноў

Паляцеў сабе дамоў.

 

Князь ізноў ля мора ходзіць,

З мора ён вачэй не зводзіць;

Дзе па пеннай сіняве

Лебядзіца зноў плыве.

«Добры дзень, мой князь чароўны!

Што ж ты сумны, неспакойны?

Ты не радасны чаму?» -

Кажа так яна яму.

А хваліцца князю нечым:

«Сум-журба мяне нявечыць.

Людзі жэняцца; гляджу,

Нежанаты я хаджу».

«А каго ж ты на прыкмеце

Маеш, князь?» - «Ды вось на свеце

Ёсць царэўна, - што казаць?

Нельга вочы адарваць.

Днём свет божы зацямняе,

Ноччу землю асвятляе,

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на ілбе гарыць.

І вялікасна, і жвава

Пахаджае, быццам пава,

А як стане гаварыць,

Нібы рэчанька цурчыць.

Мо народ мне байкі бае?»

Князь стаіць, адказ чакае.

Змоўкла птушка. Ды, аднак,

Памаўчаўшы, кажа так:

«Ёсць такая чараўніца,

Жонка ўсё ж не рукавіца:

З белай ручкі не страсеш

Ды за пояс не заткнеш.

Услужыць табе я рада,

Толькі вось што: добра ладам

Каб адказ разумны даў

І пасля не наракаў».

Князь Гвідон пачаў бажыцца,

Што пара яму жаніцца.

Што аб гэтым аб усім

Добра думаў ён зусім.

Што з душой, каханнем поўнай,

За царэўнаю цудоўнай

Пеша пойдзе ён адзін

Хоць за трыдзевяць краін.

І, ўздыхнуўшы так глыбока,

Кажа птушка: «Недалёка

Доля шчасная твая,

Бо царэўна - гэта я».

Лебядзіца так сказала,

Белым крыллем замахала

Ды на бераг на круты

Апусцілася ў кусты.

Пёркі птушка абтрапала,

Як царэўна ў момант стала:

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на ілбе гарыць.

І вялікасна, і жвава

Пахаджае, быццам пава;

А як стане гаварыць,

Нібы рэчанька цурчыць.

Князь царэўну абдымае

І да сэрца прыціскае,

І вядзе хутчэй яе

Ён да матухны свае.

Стаў прасіць ён - упрашаці:

«Ты, царыца, мая маці!

Выбраў я дачку табе,

Жонку слушную сабе.

І мы просім дазвалення

І твайго благаславення,

Просім дзетак блаславіць

У каханні, згодзе жыць».

Потым маці па закону,

Зняўшы з покуці ікону,

Слёзна дзетак блаславіць:

«Дай жа, божа, ў шчасці жыць!»

Князь жа хуценька сабраўся

І ў той вечар павянчаўся;

Сталі жыць ды пажываць

І прыплод сабе чакаць.

 

Вецер ціха павявае

І караблік падганяе.

Ён па хвалях па крутых

Мчыць на ветразях сваіх.

Міма выспы, што на моры,

Дзе вялікі ўзняўся горад:

З прыстані гарматы б'юць,

Знак прычаліць падаюць.

Прыпыняюцца тут госці,

Князь Гвідон іх кліча ў госці.

Корміць, поіць, як сваіх,

Ды спытаўся ён у іх:

«Чым вы, госці, гандлявалі,

Шлях куды свой скіравалі?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

Гандлявалі мы не дарам

Недазволеным таварам,

А ўжо тэрмін надышоў

На далёкі Ўсход - дамоў.

Міма вострава Буяна,

Да славутага Салтана».

Кажа князь тады купцам:

«Добры шлях, панове, вам,

Сінім морам-акіянам

Да славутага Салтана;

Нагадайце вы яму -

Слаўнаму цару свайму:

Ён у госці абяцаўся

І дагэтуль не сабраўся.

Шлю яму я свой паклон».

Госці едуць, а Гвідон

Дома ў гэты час застаўся,

З жонкаю не развітаўся.

 

Вецер весела шуміць,

Судна лёгенька бяжыць,

Міма вострава Буяна,

Да цара свайго Салтана;

Край знаёмы - гэта ён

Ім ужо здалёк відзён.

Вось на бераг выйшлі госці,

Цар Салтан іх кліча ў госці.

У палац ідуць купцы, -

Цар сядзіць там у вянцы,

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Ля цара яны сядзяць,

Чатырма ўсе тры глядзяць.

Цар Салтан гасцей саджае

За свой стол і ў іх пытае:

«Госці вы стала майго,

Дзе вы ездзілі, чаго?

Там, за морам, як жывецца?

Што чуваць на белым свеце?»

Карабельшчыкі ў адказ:

«Свет аб'ездзілі не раз.

Людзі там жывуць шчасліва.

Ёсць яшчэ такое дзіва:

Выспа ў моры там ляжыць,

Светлы горад зіхаціць

Златаглавымі царквамі;

Між палацамі, садамі

Крышталёвы дом стаіць,

Елачка над ім шуміць.

І вавёрка там ручная,

Ды свавольніца такая!

Яна песенькі пяе,

Ды арэшкі ўсё грызе.

Незвычайныя такія;

Шалупінкі залатыя,

Зерне - чысты ізумруд,

А вавёрка - проста цуд!

Там яшчэ другое дзіва:

Мора ўспеніцца бурліва,

Закіпіць, узніме гнеў

Ды на бераг як шугне,

Разліецца хваляй свежай

І пакіне на ўзбярэжжы

Волатаў аж трыццаць тры,

У лусцэ, як бляск зары...

Ды прыгожыя такія, -

Веліканы маладыя,

Як пад мерку - на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

І няма больш пільнай варты,

Больш надзейнай, больш упартай.

Жонка ў князя, як сказаць, -

Нельга вочы адарваць.

Днём свет божы зацямняе,

Ноччу землю асвятляе,

Зорка на ілбе гарыць,

Месяц пад касой блішчыць.

Князь Гвідон там уладарыць,

Кожны шчыра яго славіць;

Ён прыслаў табе паклон,

На цябе злуецца ён.

Ты ж у госці абяцаўся.

І дагэтуль не сабраўся».

 

Цар ужо тут не стрымаў,

Флот падаць ён загадаў.

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай,

Змову здрадніцы плятуць, -

Не пусціць на востраў-цуд.

Ды Салтан і не зважае

І свавольніц суцішае:

«Што, я цар вам ці хлапчук?

Слухаць нават не хачу!»

Ён нагой са злосці тупнуў,

Выйшаў і дзвярамі грукнуў.

 

Ля акна Гвідон сядзіць

І на мора ўсё глядзіць.

Не шуміць яно бурліва,

Толькі плешчацца ляніва.

Ледзь прыкметна там плылі

У блакіце караблі.

Цераз роўнядзь Акіяна

Едзе флот цара Салтана.

Князь Гвідон раптоўна ўстаў,

Гучна-гучна закрычаў:

«Мая мамка дарагая!

Ты, князёўна маладая!

Паглядзіце вы туды:

Едзе бацька мой сюды».

Флот да выспы падыходзіць,

Князь Гвідон трубу наводзіць:

Цар на палубе стаіць

І ў трубу на іх глядзіць.

З ім ткачыха з паварыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай;

Іх здзіўляе надзвычай

Невядомы гэты край.

Вось з гарматаў запалілі,

На званіцах зазванілі;

Сам да мора йдзе Гвідон;

Там цара страчае ён.

З паварыхай і ткачыхай,

З сваццяй бабай Бабарыхай;

Князь у горад іх вядзе,

Моўчкі сам за імі йдзе

У палацы ён з гасцямі:

Там у латах каля брамы,

У лусцэ, як бляск зары,

Волатаў аж трыццаць тры.

Ды прыгожыя такія -

Веліканы маладыя,

Як пад мерку, на падбор,

З імі дзядзька Чарнамор.

Цар ступіў на двор шырокі:

Пад ялінаю высокай

Там вавёрачка спявае,

Залаты арэх лузгае.

Ізумрудзінкі вымае

І ў мяшочак апускае.

І засыпаны двор той

Шалупінкай залатой.

 

Госці ўсё тут аглядаюць.

Пра царэўну праўду баюць:

Месяц пад касой блішчыць,

Зорка на ілбе гарыць.

І вялікасна, і жвава

Пахаджае, быццам пава,

І свякроў сваю вядзе.

Цар глядзіць - і пазнае...

«Што я бачу? Ці здаецца?!

Можа, маніць маё сэрца?»

У грудзях заняўся дух,

Свет ад слёз яго патух.

Абдымае ён царыцу

І сынка, і маладзіцу.

Ён спраўляе пышны баль

На сусвет увесь амаль.

А ткачыха з паварыхай,

Сваццяй бабай Бабарыхай

Пахаваліся ў куткі;

Іх і там знайшлі-такі.

Давялося ім прызнацца,

Павініцца, разрыдацца.

З радасці Салтан траіх

Адпусціў дадому ўсіх.

Спаць вялі пасля Салтана,

Ён спяваў, хістаўся п'яны.

Я там быў: мёд, піва піў -

Толькі вусы абмачыў.



Пераклад: Мікола Хведаровіч