epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Казка пра залатога пеўніка

Недзе ў царстве дрыдзевятым,

У дзяржаве трыдзесятай,

Жыў-быў нейкі цар Дадон.

З маладых яшчэ гадоў

Ён суседзям раз за разам

Чыніў крыўды і абразы;

Ды пад старасць пажадаў

Адпачыць ад ратных спраў,

Мець спакой хоць перад смерцю.

А тады ужо суседзі

Сталі з войнамі хадзіць,

Шкоду страшную рабіць.

Каб мяжу сваёй улады

Бараніць ад іх нападаў,

Натуральна, мусіў ён

Войска мець аж легіён.

Ваяводы не драмалі,

Але кепска паспявалі.

З поўдня ворагаў чакаюць,

А з усходу напаўзаюць

Нечаканыя. Адбіцца

Не паспеюць — на сталіцу

З мора йдуць ліхія госці!

Што рабіць? Ужо са злосці

Ледзь не плакаў цар Дадон,

Забываўся і на сон.

Як і жыць ў такіх трывогах.

І тады па дапамогу

Цар паслаў да мудраца,

Зор лічыльніка-скапца,

Царскага ганца з паклонам…

 

Вось мудрэц перад Дадонам

Стаў і выцягнуў з мяшка

Залатога пеўніка.

"Пасадзі златога птаха

На пруток. Пруток на даху

Замацуй. І мой пеўнік

Будзе лепшы вартаўнік.

Як наўкола ўсё спакойна,

Дык і ён сядзіць прыстойна.

А як з нейкай стараны

Мусіш ты чакаць вайны,

Ці суседзей ўсім кагалам,

Ці яшчэ якой навалы,

Ў той жа момант певень мой

Тупне леваю нагой,

Закрычыць, устрапянецца,

Ў тое месца абярнецца."

Цар у прўным захапленні:

Лёгка знойдзена збавенне!

"Я за ласку за такую

Абяцаю… (не жартуюю)

Волю першую тваю

Споўніць нібыта сваю."

 

Пеўнік на прутку сядзіць

І за межамі глядзіць.

Ледзьве бачыць небяспеку,

Страпянецца:"Ку-ка-рэ-ку!"

Павярнецца у той бок

І на месцы скок-паскок!

Трохі сцішылісь суседзі,

Ўжо з вайной ніхто не едзе:

Бо Дадон, хто б ні напаў,

Кожнаму адпор даваў.

 

Год, другі прайшоў без войнаў.

Пеўнік той сядзіць спакойна.

Ды аднойчы цар Дадон

Сярод ночы чуе звон.

Ваяводу выклікае:

"Што? Пажар? Бяда якая?"

Ваявода аж збялеў:

"Пеўнік зноўку закрычэў!

Ўся сталіца поўна жаху!"

Цар — да вокнаў. Так, на даху,

Павярнуўшыся на ўсход,

Пеўнік кліча у паход.

Тут няма чаго марудзіць.

"Гэй! Хутчэй па конях, людзі!"

На усход цар войска шле

З першым сынам начале.

Пеўнічак угаманіўся,

Сон на горад апусціўся.

 

Вось мінула восем дзён.

І не ведае Дадон:

Была бітва, не была?

А была — чыя ўзяла?

Пеўнік б'е трывогу зноў.

Цар склікае ваяроў.

Сына меншага паслаў,

Брата каб уратаваў.

Зноў без вестак восем дзён.

Што там — смерць? Альбо палон?

Певень зноў крычыць-спявае.

Войска цар Дадон склікае.

Сам на ўсход вядзе яго.

Ды ці будзе плён з таго?

 

Крочаць шпарка, без прывала.

Ні стаянкі, ні кургана

Не знаходзіць цар Дадон.

Ажно стаў дзівіцца ён.

Восьмы дзень амаль што згас.

Войска падыйшло як раз

Да высокіх чорных гор.

Бачаць: паміж гор — шацёр.

Ўсё ў бязмоўнасці цудоўнай

Ля шатра; ў цясніне поўна

Мёртвых цел. І сярод іх

Пазнае Дадон сваіх

Двух сыноў. Ляжаць без броні.

Сярод луга ходзяць коні.

Бачыць цар благую рэч:

Брата кончыў братаў меч…

Ўзняў ён лямант: "Ой, заўчасна

Вы патрапілі у пастку,

Два сыночка, два арла…

Гора! смерць мая прыйшла".

Ўсе ўзвылі за Дадонам,

Застагнала цяжкім стогнам

Глыб зямлі, вяршыні гор

Страсянуліся… Шацёр

Распахнуўся, і — дзівіцца!

Шамаханская царыца,

Ўся у ззянні, бы зара,

Іх спаткала ля шатра,

Як пад сонцам птушка ночы.

Змоўк Дадон, глядзеў у вочы

Ёй, і забываў, бы сон,

Смерць дваіх сваіх сыноў.

А яна перад Дадонам

Пасміхнулася, з паклонам

За руку яго ўзяла

І ў шацёр свай завяла.

Там за стол яго саджала,

Прысмакамі частавала,

І уклала на дываны

У царскі ложак злататканы.

І на цэлы тыдзень роўна,

Ёй скарыўшыся бязмоўна,

Баляваў ў шатры Дадон,

Ўзяты чарамі ў палон.

 

Ды нарэшце ў шлях зваротны

З тою дзеўкай бестурботнай

І з кагортай ваяроў

Рушыў цар Дадон дамоў.

Перад ім ляцелі чуткі

быццам бы на крылах хуткіх.

Пад сталіцай, ля варот

Шумна іх спаткаў народ.

Ўсе пабеглі за каляскай,

За царыцай шамаханскай.

Ўсіх вітае цар Дадон.

Ды ў натоўпе бачыць ён:

Ў сарацынскай шапке белай,

Нібы лунь увесь ссівелы,

Той скапец. "Здароў, стары!" -

Цар гукнуў. — "Ну, гавары!"

"Цар! — мудрэц той адказаў. -

Разлічыцца час настаў.

Як паслугай скарыстаўся,

Ты тады мне абяцаўся

Волю першую маю

Споўніць нібыта сваю.

Не адмоўся падарыць мне

Шамаханскую царыцу…"

"Ці ты звар'яцеў, стары, -

Гэтак цар загаварыў. -

Што ты ў галаву набраў?

Я-та, праўда, абяцаў,

Але ж, пэўна, ёсць мяжа!

Ты цара не абражай!

Ведаешь, хто я, ці не?

Папрасі ты ад мяне

Ці каня, ці срэбра-злата,

Ці дзяржаўную пасаду -

Шчодрасць ты маю пабачыш…"

"Не, прашу мяне прабачыць.

Не адмоўся падарыць мне

Шамаханскую царыцу." -

Адказаў яму мудрэц.

"Дык цярплівасці канец!

Я не дам табе нічога! -

Крыкнуў цар. — Ідзі, нябога,

Прэч з вачэй маіх!"

 

Стары

Зноў хацеў загаварыць,

Ды раз'юшаны Дадон

Кіем трэсь… Душа і вон.

Ўся сталіца скаланулась.

А царыца пасміхнулась:

Не бяды, маўляў, Дадон.

Хоць узрушаны быў ён,

Пасміхнуўся й сам царыцы.

Уваходзіць у сталіцу.

Толькі чуе лёгкі звон.

Галаву узняў Дадон…

На вачох сталіцы ўсёй

Певень пост пакінуў свой,

Да каляскі падляцеў,

Проста на карону сеў,

Страпянуўся, дзёўбануў

І у неба сігануў.

Толькі войкнуў цар Дадон

І абсунуўся на дол.

А царыца з дробным смехам

Знікла… Вось і ўся пацеха.

А ты казку вывучай

Ды сабе на вус матай!



Пераклад: Алена Церашкова