epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Няньцы

Сяброўка дзён маіх суровых!

Даўно, даўно, наяве, ў сне,

Сярод глушы лясоў сасновых

Адна чакаеш ты мяне.

Ты пад акном сваёй хаціны

Гаруеш, быццам на часах,

Марудзяць з кожнаю хвілінай

Пруткі ў паморшчаных руках.

Глядзіш ты часта на вароты,

На чорны і далёкі шлях.

Сум, прадчуванні і клапоты

Ляглі цяжарам у грудзях.

 

1826

 

 

Каментары

 

Пераклад друкаваўся:

Полымя. 1949, № 6.

Бярозка. 1949, № 6; пад назвай «Няні».

Пушкін А. Выбр. тв. Мн., 1949.

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

На зорных шляхах: Пераклады М. Танка. Мн., 1991.

Пушкін А. С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 1. Мн., 1993.

 



Пераклад: Максім Танк